БАРЫС КАЗАНАЎ
Пераклад з рускай мовы
Зверабойная шхуна «Аленіца» стаяла на якары ў маленькай бухце Непаразумення. Са шхуны відны былі рыбакамбінат, доўгія лабазы, баракі для сезоннікаў, драўляная электрастанцыя і транспарцёры, клуб, магазін, пошта і лазня.
Рыбакамбінат рыхтавалі да прыёму сялёдкі: падаўжалі пірсы для швартоўкі рыбалоўных суднаў, пракладвалі кабель, пераносілі мяшкі з соллю, бочкі і яшчэ рознае. У магазіне прадавалі літровыя банкі сухога малака і вялізныя боханы хлеба мясцовае выпечкі, у клубе пасля кіно маладыя салдаты стройбатаўцы з юбілейнымі медалямі (яны прыехалі сюды з Магадана ставіць маяк) наладжвалі танцы пад радыёлу. З рыбакамбіната чуліся гартанныя крыкі карэйцаў, што разгружалі плашкоўты; грымеў рэпрадуктар на пошце; прастуджанымі галасамі перагаворваліся работніцы, якія зграбалі трэскі і смецце па ўсёй тэрыторыі; патыхала пратухлай яшчэ ў мінулым годзе рыбай, і горка пахла горнай вольхаю, і хлебам, і новымі бочкамі.
А на шхуне былі свае пахі, свая работа.
Раніцай матросы апраналі паверх робаў курткі з жоўтай цыраты, нацягвалі вялізныя штаны і выходзілі на коўзкую, пакрытую тлушчам палубу. На палубе грудамі ляжала харавіна – цюленевыя скуры з салам. Начальнік тлушчавага цэха спяшаўся да сябе ў адсек і ўключаў перагонную ўстаноўку, а матросы моўчкі дасмоктвалі цыгаркі, разыходзіліся па сваіх месцах. Ужо тарахцела мяздрылка, да яе лябёдкай падавалі скуры. Матрос-мяздрыльшчык браў цяжкую брудную скуру з двухдзюймовым пластам жоўтага сала і кідаў яе ў шырокую пашчу машыны, паміж валікамі, пасля націскаў нагой на педаль, валікі ўгрызаліся ў сала, гарачы тлушч дыміў і пеніўся, сцякаў па жолабу ў танкі; мяздрыльшчык варочаў скуру, а затым выцягваў яе – лёгкую, з рубчастым следам машыны знутры – і падаваў падсобніку. Скуры мылі ўжо ў другой машыне, салілі і ўкладвалі ў бочкі. Вішчаў дрыль, прабіваючы дзіркі ў абручах, бочкі пламбіравалі, да іх прыкладвалі трафарэты, а на трафарэтах былі назвы нарвежскіх і японскіх фірмаў.
Уначы матросы скідалі з сябе прапахлае тлушчам адзенне, вытрасалі жоўтую соль з ботаў і валіліся на ложкі, як забітыя. Але вось наставала субота, матросы садзіліся ў лодку, ехалі на бераг у лазню.
Лазня была невысокая, зрубленая з тонкага бярвення. Яна была чорная знутры ад дыму, пад набухлай столлю блішчаў ліхтар – кідаў слабае святло на абодва бакі дашчанай перагародкі, што падзяляла мужчынскую і жаночую палавіны.
Матросы развешвалі на кручках адзенне і бразгалі тазікамі, зачэрпваючы ў чыгунным чане гарачую ваду, садзіліся на лаўцы, нягучна перамаўляліся. У паўзмроку бялелі іх сутулыя постаці. За перагародкай тым часам моўчкі раздзяваліся работніцы вячэрняй змены. Матросы і работніцы яшчэ не адчувалі ўзаемнай прысутнасці – не паспелі забыць ні дажджу, які абрыд, ні смецця, ні таго ж бруднага адзення… Але паступова хвалюючая радасць, якая рабіла нібыта п’янымі людзей, ужо ўзнікала пад шумныя ўздыхі пары і сіпенне камення, пад шум вады спіны разгіналіся, мацнелі галасы, работніцы крычалі: «Паддай духу, мужыкі!» – і зацята лупілі сябе альховымі векікамі, якія пакідалі на целе дробныя зерні, і шпурлялі мокрыя венікі матросам у вузкую шчыліну, пад столлю, матросы лупілі сябе, і венікі ляцелі зноў; падлога хадзіла ходырам, дрыжала перагародка, звінеў ліхтар ад крыку, у паветры стаяў пах здаровага свежага цела, змешваліся дыханні, зліваліся галасы, матросы і работніцы станавіліся на лаўкі па абодва бакі перагародкі, вялі размовы і даставалі ў цемры адно аднаго.
– Любка, – гаварыў маленькі Памагаеў работніцы і, каб дацягнуцца да яе, станавіўся на дыбачкі, – зноў смецце мяла?
– Цяпер на разгрузцы буду, – адказвала Любка грудным голасам. – А ў цябе – усё тлушч?
– Тлушч, – гаварыў Памагаеў, уздыхаючы, – тлушч, гары ён гарам…
– Вялікія рублі выганяеш?
– Рублі, рублі…
– Многа яшчэ засталося?
– Бадай, на тыдзень, а там – на промысел пойдзем, на Шантарскія астравы.
– А што, – пытала Любка, – мусіць, ёсць у цябе і дзеўка нейкая ва Уладзівастоку?
– Не шанцуе мне з вамі, – прызнаваўся Памагаеў. – Падыходу няма ў мяне.
– Не разумеюць твае знаёмыя нічога ў мужыках, – казала раптам Любка. – Табе ж, як мужыку, цаны няма…
– Адкуль ты ведаеш? – здзіўляўся Памагаеў. – Проста хоць стой, хоць валіся…
– Я? – смяялася Любка. – Навучылася, хвала богу…
– Я наогул заўзяты, – згаджаўся Памагаеў. – Я ўсякае глупства магу зрабіць.
– Ну, хадзі сюды, – гаварыла Любка і мацала па яго твары шорсткай распаранай далоняй, а ён дацягваўся да яе мокрых плячэй; Любка не адхіналася, бліжэй пасоўвалася да перагародкі. – Не баішся мяне?
– Ну што ты!
– Так мужыка хачу, – прызнавалася Любка, – проста месца сабе не знаходжу… А ўсё трапляюцца прэсныя нейкія. Вось бы такога, як ты!..
– А не хлусіш? – смяяўся Памагаеў: яму проста дзіўна было чуць такое.
– А чаго мне хлусіць?
I праўда, хлусіць не было патрэбы: гэта ж была такая гульня… Любка расказала, што прыехала сюды з Краснадара, што ёй хочацца знайсці тут вольнага чалавека, ціхманага і ахайнага, раджаць хочацца і нікуды не ездзіць, а тут яшчэ гэты дождж і смецце, хутчэй бы работа пачалася сапраўдная, а то авансу не адробіш, далібог… А Памагаеў ёй пра сваё: як усё лета сярод ільдоў звера біў, як хоча на беразе ўладкавацца: мора яму абрыдла, але ніяк не можа пакінуць яго. У горадзе ў Памагаева кватэра, але туды толькі на зіму трапіш, а гэты тлушч ён проста ненавідзіць – не марская гэта работа, ды і месца тут гнілое, і выпіць няма калі…
– Кватэра ў цябе добрая? – пытаецца Любка.
– Два пакоі, душ гарачы…
– Жаніцца табе трэба, Мікола, – пераконвае яго Любка. – Ты не палохайся, за цябе пойдзе хоць якая…
– Сына хочацца мець, – прызнаваўся ён.
– Бяры мяне, – смяялася Любка. – Я табе колькі хочаш нараджаю!
– Добра, згодны, – адказваў Памагаеў.
А праз тыдзень яна спытала:
– Адыходзіш?
– Заўтра знімемся.
– Прыйдзеш да пантона?
– Добра.
– А не падманеш?
– Вось табе марское слова…
На наступны дзень матросы скончылі работу да абеду, капітан выдаў камандзе «адыходныя», наладзілі «пір», а пра работніц забылі. Прачнуўся Памагаеў ужо ў моры.
Ён выйшаў на палубу і, з цяжкасцю трымаючы галаву, глядзеў на высокі бераг, што зялёнай палосай віднеўся злева, на брудныя ветразі, якія вывесілі сушыць, на смярдзючую мяздрылку і шматкі сала, зачэпленыя за ванты, – пуста і халодна было ў Памагаева на душы.
«Трэба кідаць гэтую работу», – неспадзявана прыйшло яму ў галаву, і ён падаўся ў рубку.
– Куды мы плывём? – незадаволена спытаў ён рулявога.
– У Магадан.
– Чаго?
– Скуры выгрузім, тлушч выльем у танкер…
– А пасля што?
Рулявы здзіўлена паглядзеў на яго.
– На Шантары, – адказаў рулявы, – звера біць… Ты што, не выспаўея?
– I зноў тлушч?
– А то што ж?!
– А ты ўсё руль круціш? – спытаў Памагаеў; усё яму не па душы было.
– Адыдзі ты, – сказаў рулявы.
Памагаеў адвярнуўся ад яго, дастаў з кішэні пакамечаную папяроску і з агідаю закурыў.
«Кінуць, кінуць гэтую работу! – падумаў ён. – Што ж выходзіць: дамаўляўся з ёй на вечар, і вось глядзі ты… Ведаў бы прозвішча, напісаў бы з Магадана, а так што? Што мне трэба ў Магадане? Нечага мне там рабіць!»
– Плюнь ты на гэтую справу, – сказаў ён сабе. – Плюнь і растапчы!
– На якую справу? – спытаў рулявы.
– Гэтак усё жыццё пройдзе, – разважаў Памагаеў. – Калі цябе тут чакае дзеўка з кветкамі, дык навошта тады Магадан, праўду кажу?
Ён пайшоў у сталоўку, дзе на дэрмацінавых канапах храплі хлопцы, і пачаў штурхаць свайго сябра І’енку Дзюжыкава. Генка не адплюшчваў вачэй і брыкаўся. Памагаеў сказаў яму:
– Чаму ты мяне не разбудзіў? Я можа з бабай не паспеў развітацца…
– З якой бабай?
– Той, што ў лазні была… Ух, і ўрэзалася яна ў мяне!
– Вось я табе ўрэжу зараз! – паабяцаў Генка.
– Эх, – сказаў Памагаеў. – Я ж чалавек вольны…
Ён дастаў з шафы паўбохана хлеба, парэзаў на лусты і рассоваў па кішэнях, пасля зайшоў у каюту, узяў кажушок і аварыйную ракету.
Зноў узышоў на мосцік.
Там ляжала перавернутая лодка-лядзянка. Памагаеў, выцягнуў з-пад яе фал і, натужваючыся, спусціў лодку за борт. Лядзянку матляла ў кільватарным струмені. Памагаеў замацаваў фал наверсе, спусціўся па фале ў лодку і адрэзаў яго нажом. Ён сядзеў у лодцы, расставіўшы ногі, і бачыў магутную круглую карму з аблупленымі літарамі – шхуна адплывала ад яго – і раптам падумаў: «Трэба новы трафарэт ставіць». Потым дастаў хлеб і пачаў кусаць яго. Хлеб быў смачны на паветры, і Памагаеў хутка апустошыў кішэні, а крошкі выкінуў за борт.
– Паплылі, – сказаў ён сабе і ўзяўся за вёслы.
Ён веславаў хвілін сорак, не перастаючы, убачыў мыс Астраўны, што выходзіў на траверз яго лодкі, і ў галаве прыкінуў, колькі яшчэ плысці. «Да ночы даплыву», – падумаў ён і паглядзеў проста перад сабой – шхуна ўжо знікла за даляглядам. Памагаеў уявіў сабе, які там цяпер пачнецца перапалох, і засмяяўся. «Спішуць са шхуны», – падумаў ён.
– Навошта мне Магадан, калі мяне чакаюць на востраве Непаразумення, – павесялеў ён і расшпіліў кажушок. Сонца лілося яму на твар і на рукі. Задаволены, ён глядзеў проста перад сабой.
Цямнела, і ўжо цяжка было адрозніць вясло ў вадзе. Да берагу ляцелі бакланы, важна несучы тоўстыя доўгія дзюбы, – здавалася, бакланы трымаюць цыгары. Ён памахаў бакланам, птушкі зрабілі над лодкай круг. Памагаеў засмяяўся.
– Дурні, – сказаў ён. – Што мне да вас?
Хмель выветрываўся з галавы, і Памагаеў разумеў цяпер, што нарабіў глупства: праз жанчыну, якую і ў вочы не бачыў, пакінуў хлопцаў і ўцёк; яго будуць шукаць, промысел затрымаецца, ніхто гэтага не даруе… Але ўспомніў сваю ванючую работу, дождж, мяздрылку і Любчыны словы. Вядома, нядобра, што праз яе… А калі па-сапраўднаму падысці, то абрыдла яму работа, захацелася хоць адзін раз паваляцца ўлетку на пляжы, а Любка тут ні пры чым. А можа і пры чым? Жонкай стане, паедуць у горад, будуць грэцца там, колькі захочуць… I сын у яго будзе… Дзеля такой справы ён можа цэлае судна ўкрасці, не тое што адну лядзянку!
Ён веславаў рыўкамі, і бераг, што расплываўся ў паўзмроку, цямнеў справа. Свежасцю падзьмула Памагаеву ў твар. Гэта быў выпадковы парыў ветру, але Памагаеў насцярожыўся, зашпіліў кажушок і накрыў лодку ад кармы да носа брызентам. Настала глыбокая цішыня, бераг знік; неспадзявана здалёку пачуўся роў накату і свіст ветру, які апярэджваў накат. Памагаеў налёг на вёслы, але грэбсці стала нязручна, вёслы правальваліся і пырскалі. Ён убачыў, як наўскось пайшоў на лодку першы вал. А потым усё прапала, бо лодка пачала з’язджаць уніз, у глыбокае прадонне паміж хвалямі, у вушах забалела ад сціснутага паветра, белы грэбень узняўся над галавой, і Памагаеў паставіў лядзянку супроць хвалі. Вада абрынулася на Памагаева і паваліла яго. Але ён падхапіўся, узяўся за коўзкія ручкі вёслаў, зноў выраўняў лодку і паспешліва пачаў грэбсці, бачачы, як коціцца на яго другі вал. Гэты раз удалося адхіліць лодку. Вал прайшоў справа, і лодка рушыла наперад, быццам дэльфін выскокваючы з вады. Памагаеў намацаў за пазухай ракету, сплюнуў за борт.
Трэці вал узнік занадта далёка і не дасягнуў яго, чацвёрты – занадта блізка і не набраў хуткасці, а пяты ўдарыў дакладна і выкінуў Памагаева за борт і толькі цудам не перавярнуў лодкі. Памагаеў плаваў за бортам, трымаючыся за фал, а пасля ўскараскаўся ў лодку і зноў намацаў ракету. Скінуўшы з кармы плывучы якар – той падтрымліваў лодку на хвалях, – ён пачаў выліваць ваду, якой шмат нацякло пад брызент. Потым узняў галаву і ўбачыў невысокае неба. Побач ужо была бухта і рэдкія агні рыбакамбіната. Міма яго праплыў рэйсавы параходзік з асветленымі ілюмінатарамі каля самай вады.
Памагаеў хацеў выпусціць ракету, каб параходзік падабраў яго, але перадумаў – яму шкада было траціць ракету дзеля такой справы.
– Дабярэшся сам, – сказаў ён сабе. – Плюнь ты на гэта.
Ён забаўляўся з морам і прагна ўдыхаў яго моцны пах; цяпер ён быў спрытны і моцны хлопец, і ён дайшоў да пірса і зачапіўся за яго. Пасля выбраўся па скобах наверх. Па прычале маленькія карэйцы каталі пустыя бочкі. Памагаеў спусціўся на параходзік і папрасіў папяросу ў міліцыянера, які канфіскоўваў кантрабандную гарэлку. Затым скочыў на пантон і ўбачыў Любку. Яна падлічвала бочкі і запісвала нешта ў тонкі сшытак.
– Добры дзень, – сказаў Памагаеў.
– Будзь здароў, – адказала яна, не ўзнімаючы галавы.
– Вось як пабачыліся… – працягваў усміхацца Памагаеў.
– Кальпус! – закрычала Любка камусьці ўгары. – Ты на абруч глядзі: калі шырокі, значыць – двухсоткі…
– Ледзь даплыў сюды, – гаварыў Памагаеў. – Хваля – вышэй сельсавета.
– Не перашкаджай, – зазлавала яна. – Так… Трыста дзесяць, трыста дзесяць… Зноў зблытала…
I незадаволена паглядзела на яго:
– Ну, што табе?
– Хлопцы прывітанне перадавалі, – разгубіўся Памагаеў.
– Якое яшчэ прывітанне?
– Са шхуны… У лазні разам мыліся…
– А-а! – засмяялася Любка. – А ты са шхуны? Дык вы ўжо адплылі?
– Хлопцы мяне прасілі, – гаварыў Памагаеў сваё.
– Чаму ж гэты не прыйшоў: ну, высокі такі, гарбаносы, з вусікамі?
– Генка мусіць?
– А гаварыў – Міколам зваць, жаніцца абяцаў, – засмяялася яна.
– Ён хлопец добры, – гаварыў Памагаеў: ён быў проста збянтэжаны. – Вось табе падарунак ад яго, – і выцягнуў з-за пазухі ракету.
– А што з ёю рабіць?
– Напрыклад, калі за колца пацягнуць, адразу відно стане…
– Лепей бы ікры перадаў – дужа хочацца ікры, – сказала яна і сунула ракету ў кішэнь мокрай ватоўкі. – Скажы, дождж гэты нарэшце скончыцца?
– Дык адсюль жа крокі за два сонца пражыць, – усміхнуўся Памагаеў. – Я пакуль даплыў, проста згарэў.
– Яно і відаць! – засмяялася яна.
– Праўду кажу.
– Як і твой дружок!.. Паслухай, а голас мне твой аднекуль знаёмы!
– Паехалі да нас, – сказаў ён. – Генка прасіў…
– Ці ж ты давязеш?
– Любка, – закрычаў зверху Кальпус. – Хадзі сама, а то я не спраўлюся…
– На, перадай Генку ад мяне, – сказала Любка і падала букецік рамонкаў. – Нарвала ў тайзе, думала, прыйдзе… – і засмяялася раптам.
– Ты чаго? – спалохаўся ён.
– Пра смешнае падумала… – адказала яна і дадала ціха, пазіраючы ўважліва на яго: – А голас мне твой сапраўды знаёмы…
«Генка, – думаў Памагаеў, калі садзіўся ў лодку. – Зноў на дарозе стаў… Мінулы раз ледзь ужо не жаніўся, а ён узяў ды адбіў, і цяпер вось… Адно непаразуменне. Хрэна яму, а не рамонкаў. Мае гэта рамонкі!»
I ён паклаў букецік за пазуху, дзе да гэтага ляжала ракета.
– Ну што, паплылі? – спытаў ён лодку і пагладзіў яе мокры пласцікавы бок. Ён успомніў, як дабіраўся сюды, і ўявіў, як будзе плысці назад – можа да самага Магадана, калі хлопцы не павернуць за ім, – і адчуў вялікае хваляванне.
– Зараз мы дадзім мору копаці! – гаварыў ён з дзіцячай радасцю ў голасе. – Нам яго палохацца няма чаго!