СУРЭН АЙВАЗЯН
Пераклад з армянскай мовы
Была восень. У садах рыхтавалі давільні, выносілі на сонца карасы[1], налівалі ваду ў рассохлыя бочкі. Дзед Авасап даўно ўжо навёў парадак у сваім садзе. Але сёння чамусьці быў злы. Задуманы, ён спыніўся пад інжырным дрэвам, паглядзеў трохі абыякава на яго, затым, залажыўшы рукі за спіну, падышоў да вінаградніку, агледзеў лозы і накіраваўся да давільні. Там ударыў нагой па чаротавым кошыку, і той пакаціўся.
– Каціся, каб гаспадару твайму трасца: «Авасап, напоўні гэты кошык інжырам і вінаградам, я зараз прыйду». Гэта ж не Авасапаў сад. Гэта агульны, а з агульнага каб што-небудзь узяць, патрэбна згода ўсіх. – Дзед звяртаўся да кошыка, як да жывой істоты; ён было ўжо сабраўся ступіць праз вузкія дзверы ў давільню, але пачуў шум машыны. Авасап выпрастаўся і, паднёсшы руку да брывей, азірнуўся.
Брамка адчынілася, і ў сад увайшоў плячысты, але нізкага росту чалавек у доўгай белай касаваротцы, перавязанай вузкім поясам. Ён убачыў дзеда і падышоў; дзед нездаволена падаў яму руку.
– Як ты жывеш, дзед Авасап? – спытаў незнаёмы.
Дзеду закарцела пазнаць чалавека, ён прыжмурыў вочы, доўга ўглядаўся так, пасля здзіўлена ўсміхнуўся. Твар быў знаёмы. Быццам дзед ужо шмат разоў бачыў гэтыя кучаравыя валасы, трохкутныя вусы і вочы – разумныя, з добрай усмешкай.
– Хачу пазнаць і не магу, га? Адно бачу – ты наш, адна ў нас кроў. – Дзед кончыкам указальнага пальца пакратаў зубы і апусціў галаву.
– Не, дзед, ты мяне не пазнаеш. Як сёлета сады, ураджай добры?
Дзед не адказаў. Ён узняў галаву, зноў паглядзеў на чалавека, нарэшце махнуў рукой.
– Ат, гэта ўсё старасць, што яна толькі не робіць з чалавекам? Гэта ж каб Авасап ды чаго-небудзь не памятаў… Як гэта ты мяне пазнаеш, а я не магу адгадаць цябе. Мусіць, так без штаноў і рос на маіх вачах. Але ж сонца… пячэ, хадзем у давільню.
Дзед Авасап крануўся з месца першы. У давільні ён пасцяліў кавалак лямцу на камень і рукой зрабіў знак, каб незнаёмы сеў, а сам паваліў на бок пляцёнку і ўладкаваўся насупраць госця; паклаў рукі сабе на калені, пасля раптам, як укушаны, ускочыў і сказаў:
– Ці не наш ты Агасі?.. Кажу ж я… Бачыш, які стаў… Ах ты, галубок мой…
Сакратар ЦК усміхнуўся, паклаў свае рукі на цвёрдыя, як зямля, рукі дзеда Авасапа і адразу ж стаў сур’ёзны.
Дзед уздыхнуў, адсунуўся разам з пляцёнкай і, зноў наблізіўшыся, паглядзеў шматзначна на Агасі.
– Гавары, дзед, усё як ёсць.
– Праўда, як іголка, ні ў якім мяшку яе не схаваеш, выйдзе. Дрэнна жывём, вось гэтая зямля няхай скажа, – дзед ляснуў далоняй па зямлі, якая пахла віном, – дрэнна жывём. Наш голас не даходзіць да вас. Так, не даходзіць, а часам вам няпраўду кажуць.
Горкая ўсмешка скрывіла вусны сакратара. Дзед гаварыў далей.
– У нашым сэрцы адно, – ён паклаў руку на грудзі, – а язык другое кажа, – ён паклаў палец на кончык языка і доўга глядзеў сакратару ў вочы, у якіх адбілася заклапочанасць і цікаўнасць. – Мы дрэнна жывём, ну што ж, добра адразу не бывае. Да добрага цяжкімі дарогамі даходзяць і гавораць: па гэтым вузкім шляху мы павінны прайсці, каб дабрацца да добрага. Людзі пойдуць. Я табе вось што скажу. Бачыш, – дзед пальцам паказаў праз расчыненыя дзверы на чаротавы кошык, што ляжаў пад інжырным дрэвам. – Гэта Макараў: «Накладзі, дзед, таго-сяго, я зараз прыйду». Накласці можна, ад аднаго кошыка інжыру ці вінаграду гаспадарка не пабяднее. Але ж кожны раз, праязджаючы міма, ён прывозіць гэты кошык, ды і другія таксама, на яго гледзячы, прывозяць. Суддзя, пракурор…
Горкая ўсмешка, што з’явілася на вуснах сакратара, усё яшчэ не сыходзіла.
– Справа ў тым, дзед, – па-сяброўску пачаў сакратар, – што ў нас шмат ворагаў. Нашыя ворагі – адсталасць краіны, непісьменнасць. Нас і звонку ціснуць і знутры. А дзяржава маладая… Кадраў добрых не маем. Так здараецца, што і сухое разам з мокрым гарыць. Ёсць ворагі, пралезлі, кіруюць, скрыўляюць лінію партыі Леніна, выклікаюць злосць супраць дзяржавы. Але гэтага не будзе, дзед, ты ж добра сказаў – іголкі ў мяшку не схаваеш і справядлівасць аніякай сілай не задушыш.
Дзед шчасліва ўздыхнуў.
– А ад такіх, як Макар, дзед… ад іх нам трэба вызваліцца.
– Трэба, – падхапіў дзед, радуючыся выпадку пагаварыць з вялікім чалавекам. – Вам. кіруючым, сынок, неабходна зрабіць шмат чаго. Скажу… – дзед зрабіў такі выгляд, які бывае ў чалавека, што адчувае блізкую смерць і спяшаецца перадаць сыну свае запаветы, як пасля выхоўваць сям’ю.
– Няўжо цяжка часам прыязджаць сюды, пабачыць, як жыве народ? Слова трэба слухаць людское, сынок, па дарозе слова нявечыцца. Я зноў скажу пра Леніна. Ленін быў вялікі, вельмі вялікі, а жыў як просты чалавек. Цяжкія былі гады, шмат чаго не хапала, а ён кавалак хлеба дзяліў з таварышамі. Хай будзе светлая памяць аб табе, Ленін… Пра Леніна яшчэ другое чуў я, – дзед Авасап кашлянуў у кулак і, успамінаючы ўсё, што чуў, памаўчаў. – Кажуць, селянін адзін напісаў Леніну, маўляў, Уладзімір Ільіч, так і гэтак, вочы мае дрэнна бачаць, святла і цемры не адрозніваюць, калі можаш, памажы… Ленін дае загад, каб так і гэтак. I што ж, селянін атрымлівае… як яно завецца… акуляры. А цяпер паспрабуй у цяжкую хвіліну сказаць Макару, што баліць у цябе сэрца. Хто стане слухаць!.. Будзь ты, як Ленін, родны мой, і нам будзе добра, і табе.
Сакратар маўчаў і слухаў, а дзед гаварыў пра ўсё не спяшаючыся, падрабязна.
– Прыехаў ты, сынок, пабудзь колькі дзён, сваімі вачамі паглядзі, што і як. Шлях цяжкі, без вопытнага важака не выберамся…
Сакратар паабяцаў. Дзед выйшаў у сад і прынёс адтуль на лісцях вінаград і салодкі інжыр. Усё гэта ён памыў у халоднай вадзе, якая цякла са скалы, і паднёс сакратару. Той проста з дзедавых рук з’еў трохі інжыру і вінаграду, выцер пальцы аб лопух. Затым яны абышлі сад.
– Тое, што створана за тысячу гадоў, можна разбурыць за адзін дзень, разбураць вельмі лёгка, – паказваючы сад, сказаў дзед. – Вось у гэтай цясніне былі тысячагадовыя сады, іх цяпер няма. Быццам ніколі і не было… У чалавеку ж і звер сядзіць, – дзед сунуў рукі за пояс Агасі і заплюшчыў вочы, збіраючыся найлепш выказаць гэту вельмі складаную, як ён лічыў, думку. – Так, – расплюшчыў ён вочы, – у чалавеку знаходзіцца сапраўдны звер. Ён спіць, а калі закранеш – прачнецца той звер, прападзе чалавек у чалавеку, і тады ён на ўсё здольны. Мы сказалі – у арцелі няма майго, твайго, ёсць нашае. Чалавек, які прывык да ўласнасці, – не зразумеў гэтага. Мы яму як след не растлумачылі. Звер прачнуўся, звер распусціўся… разбурыў, перабіў чалавек усё, што было ягоным, і сказаў: «Ну, цяпер давайце створым нашае». Вось што зрабіла неасцярожнасць. Народ не дурны, сынок, у народа трэба вучыцца. Калі б правільна зрабілі, людзі не знішчылі б столькі садоў, не перабілі б столькі жывёлы.
Сакратар з цікавасцю слухаў дзеда, быццам гэта ён чуў голас цэлага народа.
– Ну, я пабачыў, што псуюць усё, – гаварыў далей дзед, – папрасіў старшыню маю частку саду выдзеліць. Даглядаю і буду даглядаць, пакуль жыву, а памру, бог вялікі, пераменіцца чалавек, не будзе псаваць таго, што створана ягонай рукой.
– З цяжкасцю, але чалавек абавязкова пераменіцца, – пацвердзіў сакратар, – жыццё так палепшыцца… можа тады ўжо ні мяне, дзед, не будзе, ні цябе, але людзі будуць жыць добра і шчасліва.
– Не будзе нас, нас успомняць, – усміхнуўся дзед, – успомняць… нялёгка ж было ствараць – як каменем дуб секчы.
– Правільна, мяняць чалавека – гэта як каменем дуб секчы, але як добра робіцца на душы, як супакойваецца яна, калі бачыш гэтую перамену. – I Агасі паглядзеў у вочы дзеду. Дзед па-дзіцячаму ўсміхнуўся, разгладзіў вусы, нічога не сказаў, толькі падумаў: «Новы чалавек павінен быць сціплы».
Нарэшце Агасі развітаўся з Авасапам. Дзед доўга махаў рукою ўслед, аж пакуль не схавалася машына.
* * *
У цясніне згушчаецца змрок. Булькоча ручай, крычыць сава, шалясціць крыламі арол, трывожна пішчыць нейкая птушка. Дзед ляжыць на тахце, якая стаіць ля давільні, і да слыху яго, які можа адрозніць ледзь чутны гук, нічога не далятае. Ён успамінае сакратара. Да сустрэчы з ім стары думаў, што справядлівыя людзі толькі ў Маскве, і калі ў вёсцы што робіцца не так, то адно праз Маскву можна выправіць, а калі і Масква не даведаецца, то ўсё па-ранейшаму і пойдзе, і справядлівасць будзе парушана. Гэта вельмі засмучала дзеда. Нельга па кожнай справе звяртацца ў Маскву. Але калі ён пабачыў Агасі, то думку сваю змяніў.
– Вось табе ленінскі чалавек, – уголас думаў пра сакратара дзед, – са мною размаўляў, як з роўным. А чаму не павінен быў размаўляць? На тое ж і змянілі парадкі, каб зраўняць, – сам на сябе злаваўся дзед, – ці я благія парады даваў? Падабалася яму тое, што я гаварыў. Ён зрабіў вывады. I як пасля ўсяго гэтага верыць Макару, што ён урадавы чалавек? З ім жа гаварыць нельга. Нахрапісты чалавек. Вылучылі яго, ён узрадаваўся. А цяпер гэтага месца яму замала, хоча вышэй падняцца. Дурань… Не разумее, што калі-небудзь зляціць, а калі з вельмі вялікай вьппыні зляціць, дык разаб’ецца… Добра, але чаму ж Агасі не быў злы на яго, столькі я яму тут нагаварыў. Не сказаў: «Дзед, я з яго душу выму, выкіну». Э, хай, неяк жа будзе. – Дзед змоўкнуў. У гэты момант стала чуваць, як булькоча ў рэчцы вада, потым усё сціхла…
Месяц усміхнуўся з-за скалы, заліў святлом наўколле. Дзед спаў на тахце спакойным сном стомленага чалавека.
* * *
Як заўсёды, дзед прачнуўся з першымі пеўнямі. Ён звесіў босыя ногі з тахты, пачухаў грудзі, паглядзеў удалячынь. Ранішні ветрык прынёс водар гніючых раслін, лісцяў і пладоў.
– Памірае прырода, – падумаў дзед, і яму зрабілася сумна. Ён падышоў да кошыка, што ўсё яшчэ ляжаў пад інжырным дрэвам, падумаў: – Зараз прыйдзе той. Не скажу ж я: «Макар, хопіць, колькі ўжо ўзяў, тысячы ж вачэй гэта бачылі». Няхай бярэ. Сам сакратар не сказаў: «Не давай, дзед, я яму вочы выкалю». Відаць, не змяніўся парадак харчавання начальнікаў, – і, узяўшы кошык, рушыў да кустоў. Напоўніў кошык вінаградам і інжырам.
Дзень мінуў, Макар не з’явіўся. Дзед падумаў: «Напэўна, з сакратаром у другое сяло паехалі, а адтуль у раён». Рашыў з першым жа чалавекам паслаць кошык на дом да яго. Але выпадку ўсё не надаралася. Мінула пяць дзён. I дзед у цясніне сустрэў Галуста. Той ехаў з раёна. Дзед спытаў пра навіны. Галуст сказаў, што Макара прагналі з работы. Дзед здзівіўся, пагладзіў вус і хітра паглядзеў на Галуста.
– Чаму ж гэта?
– Не ведаю, але праўду кажу, знялі яго.
– А тое, што Макар столькі год быў партыйцам, яго бядняцкае паходжанне, тое, што ён не служыў цару, як, не дапамагло? Ён жа занёс ужо нагу, каб ступіць на вышэйшую ступеньку, а ты кажаш – знялі. А? – I дзед зноў паглядзеў на Галуста. Той маўчаў. Тады дзед спытаў: – А ты пра чэснасць Макара што скажаш, Галуст? Сумленне ж болын патрэбная рэч, чым бядняцкае паходжанне.
– Я нічога не магу сказаць, Авасап.
– Чаму?
– Не трэба спяшацца. Можа, зноў паставяць яго на сваё месца.
– Няхай ставяць. Чорт з ім, але я тваёй думкі пытаюся.
– Аб кіруючых людзях не нам выказваць думкі, – асцярожна сказаў Галуст і паехаў.
Дзед нездаволена паківаў галавой і падняўся на вяршыню гары. Адтуль відаць было горла цясніны, адкрытае, як зяпа, і заўсёды цёмнае, унізе – сады, у садах – тысячы фарбаў.
Кожны раз, калі дзед злаваўся, хваляваўся, ён узыходзіў на гэтую гару, глядзеў на сіні небасхіл, на вузкія дарогі, што бягуць па гарах, і адчуваў заўсёды палёгку. Так і гэты раз. Паднёсшы руку да брывей, ён паглядзеў на дарогу, жадаючы ўбачыць якога-небудзь чалавека, нават незнаёмага, усё роўна, куды ён ідзе і адкуль, абы чалавек быў на дарозе. Дзесьці падняўся пыл, промні сонца ўпалі на штосьці, – загарэлася, патухла. Дзед уздыхнуў: «Хто ведае, можа гэта быў Агасі. Паехаў. Ці пакажацца яшчэ раз у нашых краях? «Справядлівасць ні на агні не згарыць, ні ў вадзе не патане»… Як добра ён сказаў», – пачаў гаварыць дзед сам з сабою і зноў паглядзеў на дарогу. Глядзеў доўга-доўга. Па гэтай дарозе ён сам аддаляўся ад сябе і зноў вяртаўся.
[1] Вялікі гліняны збан.