ЭРКІН НАСЫРАЎ
Пераклад з узбекскай мовы
Дырэктара Лазнятрэста падначаленыя звалі Кадыр-ата. Прозвішча чамусьці не прыжылося. Кадыр-ата і ўсё. Каротка, а самае галоўнае – з павагай.
Падначаленыя паважалі свайго дырэктара, хоць часам і крытыкавалі яго на сходах. Вось і сягоння загадчык лазні Хасанаў на вытворчай нарадзе папракнуў дырэктара за лёгкадумнасць у падборы кадраў.
– Ва ўсім добры наш паважаны Кадыр-ата, – гаварыў ён. – Але ёсць у яго адзін недахоп: лічыць, што ў лазнях, цырульнях, пральнях і іншых бытавых установах могуць працаваць усе, хто захоча. Прымае на работу выпадковых людзей.
– Што значыць – выпадковых? – не вытрымаў Кадыр-ата. – Чалавек піша заяву, падае працоўную кніжку і прафсаюзны білет… У нас не ракетадром, каб правяраць да сёмага калена.
– А вось і памыляецеся, паважаны Кадыр-ата! – горача запярэчыў настырны загадчык лазні. – Дзелавыя якасці трэба правяраць. Наш участак… Ды што тут доўга разважаць! Куды касманаўт ідзе перад стартам ракеты? Ён ідзе, таварышы, у лазню. Ён, таварышы, голіцца ў цырульні і надзявае чыстую бялізну, вымытую ў пральні.
– Чамусьці не бачыў я ў нашай лазні касманаўтаў, – пакпіў Кадыр-ата.
– Яшчэ невядома… Невядома, – развёў рукамі Хасанаў. – Голы чалавек – таямніца. На пупе ў яго не напісана – касманаўт ён ці чайханшчык. I наогул, таварышы, мы недаацэньваем значэння нашай працы. Узяць, напрыклад, лазню. Грамадзянін у лазні… Які, таварышы? Перш за ўсё, ён голы, безабаронны. У такім, прабачце, першабытным выглядзе яму цяжка і нават сорамна скардзіцца на дрэннае абслугоўванне. Да голых грамадзян мы павінны быць яшчэ больш уважлівыя. А ў нас што атрымліваецца? Прынялі нядаўна на работу аднаго хама. Не лазеншчык, а… На кліентаў воўкам глядзіць, крычыць: «Эй, маслаты, чаго перад люстрам крыўляешся, як гурыя?! Ану перавярні шайку дагары, каб прасохла. Ці табе напляваць на самаабслугоўванне?»
Хасанаў уздыхнуў, з дакорам паглядзеў на Кадыра-ата.
– Няўжо гэтак можна? Альбо другі прыклад. Прынялі ў трэцюю цырульню нейкага Камала. Кім ён толькі не працаваў!.. Латочнікам, у цырку шпагі глытаў, прадаваў латарэйныя білеты, «дражнілам» быў у сабачым гадавальніку… А цяпер цырульнікам стаў – з благаславення паважанага Кадыр-ата.
Кадыр-ата пачырванеў ад злосці:
– Чым не дагадзіў вам гэты… як яго… Камал? Стрыжэ, голіць, інвалід вайны.
– Стрыжэ, голіць? За два тыдні ў кнізе скаргаў месца не стала, каб на Камалу скаргі пісаць. А пра інваліда ён вам няпраўду сказаў. Нагу яму сябрукі па п’янцы палкай перабілі. Таму і кульгае.
Вельмі раззлаваўся на Хасанава Кадыр-ата. Нават думка з’явілася: «Ці не падкопваецца Хасанаў, можа, захацеў стаць дырэктарам? Трэба б яго… таго… па шапцы».
Але неўзабаве Кадыру-ата стала сорамна за свае думкі. Тым часам крыўда на Хасанава не праходзіла. Няўжо гэтак крытыкуюць! Дурнем выставіў перад падначаленымі!
З нядобрым настроем вярнуўся Кадыр-ата дамоў.
Жонка паставіла перад ім кісу з лагманам, усыпаным залатымі медалямі тлушчу.
– Чаму такі невясёлы, дарагі?
– Стаміўся.
– Да ўнучка ж хоць пойдзем? Два тыдні не бачыліся.
Кадыр-ата павесялеў. Ён захапляўся маленькім Латыфам.
– Да ўнучка? Разумная ты ў мяне жонка. Міністэрская ў цябе галава! Вось толькі падсілкуемся, дагледжу сябе, куплю гасцінцаў… Майлі?
– Майлі, згода.
Кадыр-ата паеў лагман і выйшаў на вуліцу, каб купіць там ласункаў. Праходзячы паўз цырульню, раптам нібы спахапіўся: «Адным разам і пагалюся. Навошта дома важдацца».
У цырульні гаспадарыў шчуплы чалавечак у брудным халаце. Рысіная галава яго, убачыўшы Кадыра-ата, зрабілася круглая.
– Э-э-э! Калі ласка! Ассалям алейкум, таксыр!
«Чаму ён назваў мяне таксырам!» – абурыўся дырэктар Лазнятрэста.
А цырульнік тым часам сыпаў як з мяшка:
– Як здароўе таксырава? Як пачувае таксыр? Як здароўе жонкі, дзяцей, унукаў, праўнукаў?..
Мне б галаву пагаліць, – сурова сказаў Кадыр-ата, а сам падумаў: «Дзе я гэтага тыпа бачыў?.. Кульгае. Няўжо Камал?»
– Я хутка! – пляснуў рукамі жвавы чалавечак. – Уста-Шырын Камал зробіць усё як найлепш…
«Ён!» – уздыхнуў дырэктар і чамусьці сцепануўся. Але сказаў:
– Працуеце ў брудным халаце. Саромцеся!
Уста-Шырын аж падскочыў:
– Брудны халат? Няўжо ён брудны?! Ха! Вы яшчэ не бачылі бруднага халата. Халат зусім чысты, дырэктар-ата. А калі вам пагаліцца, то я ўмомант. Нездарма ж народ заве мяне – Уста-Шырын. Калі абслугоўваю кліентаў, яны перажываюць салодкія, незямныя пачуцці… Як у раі. Сядайце! Не, не на крэсла, таксыр, адпачніце трохі. Паспеем пагаліцца. Жывіце шмат гадоў, паважаны. Што?.. Лаббай, таксыр! Вось піяла чаю…
Камал наліў у шчарбатую піялу мутнай вадкасці.
– Калі я не завару чай сам… А гэта якія ў вас пакеты? Ого, ласункі!..
Камал скоранька высыпаў на стол цукеркі, пячэнне.
– Жывіце тысячу гадоў, дырэктар-ата! Бярыце цукеркі, частуйцеся.
«Аднак ты, паважаны, нахабнік», – падумаў Кадыр-ата, але сказаў:
– Я спяшаюся.
– Спяшаецеся? Я зараз жа. Сядайце. Так. Падбародак вышэй. Цудоўна.
Уста-Шырын Камал закасаў рукавы і раптам стаў падобны на мясніка, які збіраецца забіць вала.
– Пагаліць галаву? Гэта я зараз. Спярша валасы трэба добранька намачыць. Намылім іх пасля. Я зараз.
Цырульнік пайшоў па ваду – і нібы праваліўся. Хвілін праз дваццаць ён нарэшце з’язіўся з бляшанкай.
– Вось. Ёсць вада.
Колькі хвілін Камал шчыра мяў і расціраў дырэктараву галаву, затым пачаў намыльваць яе. Кадыр-ата адчуваў сябе вязнем, які трапіў у старабухарскі зіндан і якога аддалі на вытанчанае катаванне.
Але галоўныя пакуты былі наперадзе: пакуль яшчэ цырульнік толькі мяў цемя і пырскаў у вочы мыльнай пенай.
Нарэшце Уста-Шырын дастаў з задняй кішэні штаноў тачыльны брусок і брытву.
– Паглядзіце на брытву, таксыр, – лісліва сказаў Камал. – Яна перайшла да мяне па спадчыне ад майго выдатнага настаўніка Салі-Кары. Ну як, нядрэнная?
Брытва была пакрыта іржавымі плямамі і нагадвала зброю ката.
Нейкі час цырульнік тачыў брытву на бруску і ўсё хваліў яе:
– Гэтая брытва па галаве ходзіць лёгка, як нож па масле, яна коўзае па скуры, як лыжы па снезе. Вы ніколі не каталіся на лыжах? Шкада. А мне даводзілася. Помню як цяпер, гэта калі я на Калыме быў…
Уста-Шырын раптам махнуў брытвай, і Кадыр-ата заплюшчыў вочы.
Але, на вялікае здзіўленне, нічога жахлівага не здарылася. Кадыр-ата сапраўды не пачуў болю. «Добрая брытва, – падумаў дырэктар, – зусім не чуваць».
Тады Кадыр-ата расплюшчыў вочы – і пахаладзеў ад жаху: цырульнік стаяў, усё яшчэ трымаючы брытву над яго галавой. У рысіных вачах Камала бліскалі небяспечныя агеньчыкі.
– Вы-вы… што хочаце р-рабіць? – ледзь выдыхнуў дырэктар.
Уста-Шырын ласкава ўсміхнуўся:
– Давядзецца яшчэ раз намыліць. Мыла паспела засохнуць.
Камал зноў пачаў гойсаць па галаве пэндзалем. З высунутым языком ён падобны быў на маніяка, які ўвесь аддаўся свайму любімаму занятку. Пры гэтым ён цяжка дыхаў і абдаваў кліента часночным смуродам.
«Гм, – падумаў Кадыр-ата,– гэты грубіян Хасанаў… Сапраўды, трэба больш вывучаць кадры… Ану-тка прыгледжуся хоць да гэтага тыпу…»
– Уста-Шырын? – быццам незнарок спытаў ён.
– Лаб-бай!
– Дзе вы працавалі да нашага трэста?
– Я?.. Працаваў? Быў гідам у заапарку. А ў жніўні давялося звольніцца. Я не паладзіў з адным львом. Ён не хацеў падзяліцца са мной мясам. Тады я рашыў сам узяць мяса, але нягоднік-леў, скарыстаўшы маю памылку, выскачыў з клеткі…
– З клеткі?!
– Ага… Добра яшчэ, што я паспеў ускочыць на высокае дрэва.
– Які жах! Аднак… Гэта ж было ў жніўні. А цяпер студзень. Чым вы займаліся астатнія месяцы?
Цырульнік засаромеўся:
– Чым?.. Два тыдні я сядзеў на дрэве, пасля быў у вар’яцкім доме.
Кадыр-ата збянтэжана заёрзаў на крэсле.
– Не варушыцеся, паважаны. Пачынаю. Не турбуйцеся, пачну галіць – не заўважыце, можаце нават заснуць.
«Заснуць, – з жахам падумаў Кадыр-ата, абліваючыся халодным потам. – Каб не заснуць тут назаўсёды!..»
I раптам дырэктару здалося, што з яго знялі скальп.
– А-а-а! – заенчыў ён.
– Лаб-бай! – пакланіўся Уста-Шырын. – Трохі непакоіць? Але ж надта добрая брытва. Толькі дакранешся – адразу ўсё рэжа… Хвіліначку, яшчэ намылю… Вось так. Цяпер брытва стане сама галіць.
– О-у-у, – заенчыў зноў дырэктар.
– Лаб-бай… Ага… Дробязь. Адзін кавалачак вуха.
Цэлых пятнаццаць хвілін Кадыр-ата пакутаваў на крэсле. Ён быў падобны на грэшніка, які трапіў у пекла, – выў, маліў, прасіў аб літасці.
I ўсё ж дырэктару пашчасціла. Выбраўшы зручны момант, ён адпіхнуў цырульніка і выскачыў з цырульні. У вушах у яго свістаў вецер – гэтак хутка ён бег, – а ззаду чуліся крыкі:
– Куды вы, дырэктар-ата?.. Вы раззлаваліся? Не трэба. Бо сказаў мудрэц: дзе пануе злосць, там няма розуму… Вярніцеся. У мяне для вас знойдзецца і другая брытва.
…Убачыўшы Кадыра-ата, жонка яго схапілася за сэрца і села на тахту.
Кадыр-ата тым часам глянуў у люстра: перад ім стаяла страшэнная істота і хісталася… галава была ў крывавых сіняках і засохлай пене, на цемені і скронях – кусцікі валасоў, быццам усё астатняе паеў стрыгучы лішай.
«Прайдоха! – падумаў Кадыр-ата, поўнячыся свінцовай злосцю. – Нягоднік! Вось напішу на цябе скаргу ў Лазнятрэст».
Кадыр-ата нават забыў, што сам узначальвае гасцінічна-лазневае аб’яднанне…
Нарэшце Кадыр-ата ачомаўся і пачаў супакойваць жонку:
Не хвалюйся, дарагая… Зараз я дагледжу сябе як мае быць, і мы пойдзем да ўнука ў госці. А ласункі… Ласункі мы яму купім па дарозе.