ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

РАМАН ІВАНЫЧУК

ПАБІ МЯНЕ

Пераклад з украінскай мовы

Гонар быў у Штэфана – калі не багацце, дык хоць пах багаты. Чаго толькі не меў некалі чалавек, а цяпер адну Марыльку-прыблуду. Але гэта нічога, што бедную дзеўку ўзяў, такая мода, а для гонару – самы раз.
Ото ж шанаваў Штэфан Марыльку, так шчыра шанаваў, што нават дзяцей не хацеў мець, глядзіш – дый растаўсцее, зробіцца нязграбная пасля дзіцяці і зайздросныя людзі смяяцца будуць таксама, як і тады, калі без дзедаўскага надзелу на Зацінцы астаўся.

А сёння па сяле пайшла чутка, што пабіў Штэфан Марыльку.

Што гаварыць – не ведалі, але дзівіліся. То глядзеў на яе, як на ікону, усё дапытваўся, ці ела; ішоў з абходу – нёс ёй суніцы, маліну, карміў і твар раіў імі мазаць, каб якая маршчынка не паявілася пад вачамі; кожную раніцу нашча падаваў ёй казінае малако, а яна не магла таго малака і ў рот узяць, ды мусіла… Вельмі клапаціўся пра Марыльку Штэфан, нават уначы рэдка дакранаўся да яе, каб сінякоў пад вачамі не было, а яна хадзіла як чужая па Штэфанавай хаце, спала нібы госця на чужых падушках, як чужая сярод маладзіц стаяла ў царкве каля кліраса або ў клубе на выстаўцы і не звяртала ўвагі, калі шапталіся бабы за яе спіною: «Божа, якая прыгожая!», – бо і прыгажосць тая належала не ёй – Штэфану.

Марылька не працавала, дзе ж гэта ёй – прыгажосцю плаціць за працадзень. Штэфан рабіў за дваіх. Цэлыя дні, а то і ночы на абходах прападаў – лесніком быў у лясніцтве. Сядзела Марылька адна ў Штэфанавых пакоях і моўчкі пазірала сваімі здзіўленымі, як у аляняці, вачамі на стомленага Штэфана, калі ён вяртаўся з лесу. Чакала нечага ад яго. А ён, як заўсёды, адно турбаваўся – ці не змарнела яна за гэты час.

Сказала неяк Штэфану:

– Ты нібыта прадаваць мяне збіраешся.

– На людзі хаджу з табою – гожаю павінна быць.

– Толькі й таго, што водзіш мяне на людзі, як на кірмаш.

Нахмурыўся Штэфан, натапырыліся вусы, вочы, як цяжкія камяні, ляглі на духмяны, нецалаваны Марыльчын твар.

– Усё за мною маеш, хіба толькі зязюльчынага малака…

– Маю, Штэфан. Ажно па самае гэтае маю…

– Ой, пагнаў бы я цябе, нябога, – сцяў Штэфан свае жоўтыя зубы, – ой, пагнаў бы, каб яшчэ пашвэндалася, як калісьці!..

Змоўкла Марылька – збаялася. Нічога не было ў яе акрамя прыгажосці ды страху перад вялікім светам, а той свет пазнавала яна з дзяцінства да дзявоцтва, з папялішча бацькавай хаты да Штэфанавых пакояў; ад самай вайны да нядаўняга часу хадзіла яна з сяла ў сяло і ўсё пагубляла па дарозе, нават вобраз расстралянага мадзьярамі дзеда. Усё пагубляла…

Маўчала, бо баялася вялікага свету.

А ў сяле так: не паспеў спатыкнуцца, скажуць, – нагу зламаў. Пайшла чутка па сяле, што Штэфан пабіў Марыльку, а ён адно ж замахнуўся.

Не, не ўдарыў…

Калі пачало світаць і над Жанкою заклубіўся сівы туман, вярнуўся Штэфан дамоў – сена на Зацінцы глядзеў – і спыніўся збянтэжаны ля варот. Па двары, крадучыся, як злодзей, уцякаў Карпа Гануляк – ён пералез цераз паркан і сігануў у лапухі.

А Марылька стаяла каля дрывотні – уцякаць ёй не было куды; трывожнае неба адбілася ў яе вачах, ружовыя шчокі раптам пабялелі; стаяла яна – расчэсаная Карпавымі пальцамі, нацалаваная за ўсе гады свайго жыцця, спалоханая і прывабная.

Штэфан кінуўся ад варот, быццам сарваўся з ланцуга, замахнуўся.

Марылька чакала, што Штэфан будзе біць яе. Калацілася ад страхі але стаяла – яна ведала, што ёй будзе балюча, і гэта яна ўспрымала як божую кару.

Але Штэфан не ўдарыў… Пашкадаваў… Пашкадаваў?! Чаму пашкадаваў?

Бліснулі халодныя Марыльчыны вочы, і промень ад іх зайчыкам упаў на сцятыя Штэфанавы вусны…

Ён апусціў рукі – чырвань сплыла з яго твару – і сказаў спакойна, як гаспадар:

– Ідзі ў хату, праспіся. Увечары госці прыйдуць.

Страпянулася Марылька, як падсечаная асінка, знік зайчык са Штэфанавых вуснаў.

– Штэфане…

– Ідзі ў хату.

– Штэфане! Пабі… Чуеш, кажу табе: пабі!

Штэфан азірнуўся і – за вароты.

– К абеду прыйду. На Паляніцу мне трэба…

Пабегла за ім. Але спатыкнулася па дарозе, крыкнула:

– Вярніся, Штэфане!

Азірнуўся.

– Што табе?

– Пабі, Штэфанку. I худобіну б’юць, хоць на зарэз і продаж трымаюць…

Пайшоў, не азіраючыся.

А калі знік за алешнікам, сказала Марылька ціха:

– Каб цябе бог пабіў…

На другі дзень гаманілі бабы над крыніцаю:

– Марылька Штэфанава з Ганулякам уцякла.

– Няпраўда, Карпа дома. Сёння бачыла.

– Дык што – адна? Чаму?

Ніхто не ведаў, чаму.

I раптам хлапчукі прынеслі з вуліцы жахлівую навіну:

– Штэфан застрэліўся! У сваёй хаце, з ружжа.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”