ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ПАЭМА

СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАЎ

Пераклад з рускай мовы. Ілюстрацыі У.А. Фаворскага і М.І. Пікава

Ці не лепей было б, каб нам, брацця, пачаць старадаўнімі словамі цяжкіх аповесцяў пра паход Ігараў, Ігара Святаслаўліча? Але не – пачацца гэтай песні па былінах нашага часу, а не па звычаю Баянаву.

Бо вешчы Баян, калі хацеў песню складаць, дык расцякаўся думкай па дрэве, а то й ваўком шэрым па зямлі, шызым арлом пад аблокамі, таму як помніў ён, кажуць, усобіцы першых часоў. Тады напускаў 10 сокалаў на стада лебедзяў, і якога лебедзя даганяў сокал – той спярша і пачынаў песню старому Яраславу, храбраму Мсціславу, што зарэзаў Радзедзю перад палкамі касожскімі, таксама Раману Святаслаўлічу. А Баян, брацця, не сокалаў 10 на стада лебедзяў напускаў, а свае вешчыя пальцы клаў на жывыя струны, і тыя ўжо самі славу князям пяялі.

Дык пачнем жа, брацця, аповесць гэту ад старога Уладзіміра да цяперашняга Ігара, што суладаў розум сілаю і навастрыў сэрца мужнасцю, набраўся барацьбянага духу ды павёў свае адважныя палкі на зямлю Палавецкую за зямлю Русскую.

О Баян, салавей старых часоў! Каб жа ты палкі гэтыя апеў, скачучы думкамі па дрэве, сягаючы розумам пад аблокі, ствараючы славу вакол нашага часу, узыходзячы па сцежцы Траянавай з палёў на горы!

Так бы пець песню Ігару, таго ўнука: «Не бура сокалаў занесла праз палі шырокія – чароды галак імкнуць к Дону вялікаму». Альбо гэтак вось апяваў бы ты, вешчы Баян, унук Вялесаў: «Коні ржуць за Сулой – звініць слава ў Кіеве!»

Трубяць трубы ў Нова-градзе, стаяць сцягі ў Пуціўлі; Ігар чакае мілага брата Усевалада. I сказаў яму Буй Тур Усевалад: «Адзін брат, адзін свет светлы – ты, Ігар! Абодва мы Святаслаўлічы! Сядлай жа, брат, свае борздыя коні, а мае гатовы, ужо асядланы наперад ля Курска. А мае куршчане бывалыя воі: пад трубамі ўзрошчаныя, пад шоламамі ўзгадаваныя, з канца кап’я ўскормленыя; шляхі ім вядомыя, стромы ім знаёмыя, лукі ў іх нацягнутыя, калчаны раскрытыя, шаблі навостраныя. Самі імчаць, як шэрыя ваўкі ў полі, шукаючы сабе чэсці, а князю – славы».

Тады Ігар глянуў на светлае сонца і ўбачыў, што ўсё войска пакрыта цемнатой ад яго. I сказаў Ігар дружыне: «Брацця і дружына! Лепей забітым быць. чым узятым у палон; дык сядзем, брацця, на свае борздыя коні ды паглядзім на сіні Дон». Страсць князю розум затлуміла, і жаданне зведаць Дону вялікага заступіда прыкмету. «Хачу, – сказаў, – кап’ё пераламаць на краі поля Палавецкага; з вамі, русіны, хачу альбо галаву палажыць, альбо шоламам вады напіцца з Дона».

Тады ўступіў Ігар-князь у залатыя страмёны, паехаў па чыстым полі. Сонца яму пацёмкамі шлях заступіла, ноч пагрозлівымі стогнамі птушак абудзілася, свіст звярыны пачуўся, страпянуўся Дзіў, кліча ўсіх на вяршаліны дрэў, хоча, каб прыслухаліся да чужых земляў: Волгі, і Памор’я, і Пасулля, і Суража, і Корсуня, і да цябе, Тмутараканскі ідал! А полаўцы негатовымі дарогамі пабеглі к Дону вялікаму: рыпяць вазы апоўначы, нібыта патрывожаныя лебедзі.

Ігар к Дону вояў вядзе. I ўжо яго пагібелі чакаюць птушкі на дрэвах, ваўкі ў тым жа чаканні выюць па ярах, арлы сваім клёкатам звяроў на косці клічуць, лісіцы брэшуць на бліскучыя шчыты.

О руская зямля! Ужо за пагоркам ты!

Доўга цёмная ноч ляжала ў мроку. Але вось пачаўся світанак, туман над палямі паплыў, салаўіны спеў заціх, а гоман галак прачнуўся. Русіны шырокія палі чырвонымі шчытамі перагарадзілі, шукаючы сабе чэсці, а князю – славы.

Спазаранку ў пятніцу, патаптаўшы паганыя палкі палавецкія і рассыпаўшыся стрэламі па полі, памчалі прыгожых дзяўчат, а з імі золата і папоны, і дарагія аксаміты. Плашчамі, і апоньчамі, і кажухамі, і ўсялякімі ўборамі палавецкімі сталі масты масціць на балотах і гразіўцах. Чырвоны сцяг, харугва белая, чырвоны бунчук, срэбранае кап’ё – храбраму Святаслаўлічу!

Дрэмле ў полі Алегава харобрае гняздо. Далёка заляцела! Не было яно на крыўду народжана ні сокалу, ні крэчату, ні табе, чорны груган, паганы палаўчанін! Гзак імкне шэрым ваўком, Канчак яму след пазначае к Дону вялікаму.

На другі дзень дужа рана крывавыя зоры світанак абуджаюць, чорныя хмары з мора ідуць, хочуць засланіць 4 сонцы, а ў іх трапечуцца сінія маланкі. Быць грому вялікаму, ісці дажджу стрэламі з Дона вялікага! Тут коп’ям паламацца, тут шаблям затупіцца аб шоламы палавецкія, на рацэ на Каяле, ля Дона вялікага.

О Руская зямля, ужо за пагоркам ты!

І вось ужо вятры, Стрыбогавы ўнукі, павеялі з мора стрэламі на адважныя палкі Ігаравы. Зямля гудзе, рэкі мутна цякуць, пыл палі засцілае, сцягі папярэджваюць: «Полаўцы ідуць!»; ад Дона, і ад мора, і з усіх бакоў рускія палкі яны абступілі. Дзеці нечысцівых крыкам палі перагарадзілі, а адважныя русіны чырвонымі шчытамі.

Яр-Тур Усевалад! Стаіш ты са зброяй наперадзе, пасылаеш на вояў стрэлы, грыміш па шоламах мячамі сталёвымі. Куды, Тур, ні кінешся, сваім залатым шоламам свецячы, – там ляжаць паганыя галовы палавецкія, пашчапаны шаблямі гартаванымі шоламы аварскія ад тваёй рукі, Яр-Тур Усевалад! Якая рана ўтрымае, брацця, таго, хто забыўся пра пашану і багацце, забыўся і на бацькаўскі стол у Чарнігаве, і сваёй мілай жонкі, прыгожай Глебаўны, каханне і ласку!

Былі вякі Траянавы, мінуліся гады Яраслава, былі і войны Алегавы, Алега Святаслаўліча. Той жа Алег мячом крамолу каваў і стрэлы па зямлі сеяў. Ступае ў залатое стрэмя ў горадзе Тмутаракані, звон жа той даўны чуе вялікі Яраславаў сын Усевалад, а Уладзімір кожнага ранку вушы затыкаў у Чарнігаве. Барыса ж Вячаслаўліча прага славы на смерць прывяла, і на Каніну зялёную пасцель паслала за крыўду Алегаву, храбрага і маладога князя. З тае ж Каялы Святаполк беражліва павёз бацьку свайго паміж угорскімі інаходцамі да Сафіі святой у Кіеў. Тады пры Алегу Гарыслаўлічу сеяліся і ўзрасталі ўсобіцы, гінуў дабрабыт Даждж-Божавых унукаў, у княскіх крамолах век чалавечы скарачаўся. Тады на Рускай зямлі рэдка аратаі голас свой падавалі, затое часта вараннё крумкала, дзелячы трупы паміж сабой, а галкі сваё гаварылі, на ежу ляцець збіраючыся.

Гэта было ў тыя бітвы і ў тыя паходы, а пра такую бітву і слыхам не чулі! Ад рання да вечара, з вечара да світанку стрэлы ляцяць загартаваныя, грымяць шаблі аб шоламы, трашчаць коп’і сталёвыя ў полі чужым сярод зямлі Палавецкай. Чорная зямля пад капытамі касцямі пасеяна, а крывёй паліта; тугой узышлі яны па Рускай зямлі.

Што шуміць, што звініць у гэты час рана на світанку. Ігар палкі павяртае, бо шкада яму мілага брата Усевалада. Біліся дзень, біліся другі, на трэці дзень к палудню рухнулі сцягі Ігаравы. Тут рассталіся браты на беразе хуткай Каялы; тут крывавага віна не хапіла, тут пір скончылі адважныя русіны: сватоў напаілі, а самі палеглі за зямлю Рускую. Нікне зямля ад жаласці, а дрэва ад смутку да зямлі прыхілілася.

Вось ужо, брацця, невясёлы час настаў, пустыня ўжо сілу прыкрыла. Паднялася крыўда сярод Даждж-Божавых унукаў, дзевай узышла на зямлю Траянаву, узмахнула лебядзінымі крыламі на сінім моры ля Дона, плескам спалохала добрыя часы, заціхла бітва князёў з паганымі, бо сказаў брат брату: «Гэта маё, і тое ж маё». I сталі князі пра малое «гэта вялікае» гаварыць і самі сабе на сябе загубства рыхтаваць, а паганыя з усіх бакоў прыходзілі з перамогамі на зямлю Рускую.

О, далёка заляцеў сокал, забіваючы птушак, – к мору. А Ігаравы адважныя палкі не ўваскрасіць! Услед яму закрычала Каня, і Жэля памчала па Рускай зямлі, сеючы гора людзям з вогненнага рога. Заплакалі рускія жоны, галосячы, прымаўляючы: «Ужо на сваіх мілых мужоў ні ў мыслях памысліць, ні думаю здумаць, ні вачамі не ўбачыць, а золата і срэбра і ў руках не патрымаць!» I застагнаў, брацця, Кіеў у горы, а Чарнігаў ад бедаў. Туга разлілася па Рускай зямлі, жальба хвалямі пацякла па зямлі Рускай. А князі самі сабе нягоды кавалі, а паганыя самі ў пераможных набегах на Рускую зямлю бралі даніну па вавёрцы з двара.

Бо тыя адважныя два Святаслаўлічы, Ігар і Усевалад, непакорлівасцю зло прабудзілі, якое ўсыпіў быў бацька іхні, – Святаслаў грозны вялікі Кіеўскі, – гразою сваёй, уціхамірыў сваімі моцнымі палкамі і сталёвымі мячамі; уступіў на зямлю Палавецкую, прытаптаў пагоркі і яры, узмуціў рэкі і азёры, высушыў крыніцы і балоты. А паганага Кабяка з Лукамор’я, з жалезных палкоў пала- вецкіх, быццам віхурай вырваў. I павержаны быў Кабяк у горадзе Кіеве, у грыдніцы Святаслава. Тут немцы і венецыянцы, тут грэкі і маравы пяюць славу Святаславу, дакараюць князя Ігара, які затапіў багацце ў Каяле, на дне ракі палавецкай – рускае золата рассыпаў. Тады Ігар-князь перасеў з залатога сядла ў сядло нявольніка. Панурыліся гарадскія сцены, і весялосць панікла.

А Святаслаў трывожны сон бачыў на горах у Кіеве. «Гэтай ноччу звечара апраналі мяне, – казаў, – чорнай коўдрай на ложку з цісу, налівалі мне сіняе віно, з горам змяшанае, асыпалі мяне буйным жэмчугам з пустых калчаноў паганых і суцяшалі. Ужо дошкі без вільчака на маім цераме златаверхім. Усю ноч з вечара вароны гракалі каля Плеснеска на лузе, і з нетры Кіянавай паляцелі яны да сіняга мора».

I сказалі баяры князю: «Ужо, князь, гора розум нам засціць. Вось жа зляцелі два сокалы з бацькаўскага залатога пасаду здабыць горад Тмутаракань альбо выпіць шоламам з Дона. Ужо сокалам крылы падрэзалі шаблямі паганыя, а саміх іх павуцінай жалезнай апуталі». Цёмна стала на з дзень: два сонцы патухлі, абодва чырвоныя слупы згаслі і ў мора апусціліся, і з імі два маладыя месяцы, Алег і Святаслаў, цемрай завалакліся. На рацэ на Каяле цемната святло прыкрыла; па Рускай зямлі рассыпаліся полаўцы, акурат вывадак гепардаў, і вялікую радасць абудзілі ў хінаве. Ужо ўзнялася хула на хвалу, ужо ўдарыла насілле па волі, ужо кінуўся Дзіў на зямлю. Вось ужо гоцкія прыгожыя дзяўчаты запелі на беразе сіняга мора, звонячы рускім золатам, пяюць яны пра час Бусаў, помнячы пра помсту за Шарукана. А мы, дружына, ужо не знаем весялосці.

Тады вялікі Святаслаў пачаў залатое слова, змешанае са слязьмі, і сказаў: «О сыноўцы мае, Ігар і Усевалад! Рана пачалі Палавецкую зямлю ваяваць, а сабе шукаць славы. Але не па чэсці перамаглі, не па чэсці кроў паганых пралілі. Вашы адважныя сэрцы з нязломнай сталі скаваныя і ў дзёрзкасці загартаваныя. Што ж вы зрабілі маёй срэбранай сівізне!

Ужо не бачу ўлады моцнага і багатага брата майго Яраслава, з воямі многімі, з чарнігаўскімі баярамі, з магутамі, і з татранамі, і з шальбірамі, і з тапчакамі, і з равугамі, і з альберамі. Усе яны і без шчытоў, з захаляўнымі нажамі, крыкам палкі перамаглі, звонячы даўняй славай. Але сказалі вы: «Падужаемся самі: ранейшую славу самі ўкрадзем, а цяперашнюю самі падзелім». Але не дзіва, брацця, старому памаладзець! Калі сокал узмужнее, высока птушак забівае, не дае гнязда свайго ў крыўду. Ды вось мне бяда – княская непакорлівасць назад часы павярнула. Каля Рымава зноў крычаць пад шаблямі палавецкімі. А Уладзімір паранены. Гора і бяда сыну Глебаву!»

Вялікі князь Усевалад! Ці не надумаеш ты прыляцець здалёку, бацькаўскі залаты пасад аберагчы? Ты ж можаш Волгу вёсламі распляскаць, а Дон шоламамі вычарпаць. Калі б ты быў тут, то была б па нагаце нявольніца, а нявольнік па рэзані. Ты ж можаш шарашырамі страляць – удалымі сынамі Глебавымі.

Ты, буй-Рурык і Давыд! Ці ж не вашы воі з пазалочанымі шоламамі ў крыві плавалі? Ці не ваша адважная дружына рыкае, як туры, параненая шаблямі гартаванымі ў полі чужым? Ступіце ж, гаспадары, у залатыя страмёны за крыўду нашага часу, за зямлю Рускую, за раны Ігара, адважнага Святаслаўліча!

Галіцкі Асмамысле Яраслаў! Высока сядзіш ты на сваім залатакованым стале, падпёр горы Угорскія сваімі жалезнымі палкамі, заступіўшы каралю шлях, зачыніўшы Дунаю вароты, кідаючы бярэмі цераз аблокі, да Дуная суды судзячы. Пагрозы твае па землях цякуць, адчыняючы Кіеву вароты, страляеш з бацькаўскага залатога пасаду ў султанаў за землямі. Страляй жа, гаспадар, у Канчака, паганага палаўчаніна, за зямлю Рускую, за раны Ігаравы, адважнага Святаслаўліча!

А ты, буй-Раман, і Мсціслаў! Храбрыя замыслы накіроўваюць ваш розум да подзвігаў. Высока ляціш ты на справу ў адвазе, нібыта сокал, на вятрах лунаючы, маеш намер птушку ў дзёрзкасці адолець. Бо ў вашых вояў жалезныя наперснікі пад шоламамі лацінскімі. Таму і здрыганулася зямля, і многія народы – Хінава, Літва, Ятвязі, Дзерамела, і полаўцы коп’і свае пакідалі і галовы свае схілілі пад тыя сталёвыя мячы. Але ўжо, князь Ігару, пагасла сонечнае святло, а дрэва не на добрае скінула лістоту: па Росі і па Суле гарады падзялілі. А Ігаравага адважнага палка не ўваскрасіць! Дон цябе, княжа, кліча і заве князёў на перамогу. Ольгавічы, храбрыя князі, ужо гатовы да барацьбы.

Інгвар і Усевалад, і ўсе тры Мсціславічы, – не благога гнязда шастакрылцы! Не па праву перамогі раскралі сабе ўладанні! Дзе ж вашы залатыя шоламы, і польскія дзіды, і шчыты? Загарадзіце полю вароты сваімі вострымі стрэламі, за зямлю Рускую, за раны Ігаравы, храбрага Святаслаўліча!

Бо Сула ўжо не цячэ срэбнымі ручаямі к гораду Пераяславу, і Дзвіна балотам цячэ ў тых грозных палачанаў пад крыкі паганых. Адзін толькі Ізяслаў, сын Васількаў, празвінеў сваімі вострымі мячамі па галовах літоўскіх, падтрымаў славу дзеда свайго Усяслава, а сам пад чырвонымі сцягамі на крывавай траве літоўскімі мячамі пасечаны. Лілася юначая кроў, а ты сказаў: «Дружыну тваю, князь, птахі крыламі апранулі, а звяры кроў палізалі». Не было тут ні брата Брачыслава, ні другога – Усевалада, так ён адзін выпусціў жамчужную душу з храбрага цела праз залатыя каралі. Панылыя галасы, няма весялосці. Трубы трубяць гарадзенскія.

Яраслаў і ўсе ўнукі Усяслававы! Прыспусціце ўжо сцягі свае, уторкніце свае мячы пашчарбаныя, бо пазбавіліся ўжо дзедавай славы. У сваіх нязгодах пачалі вы наводзіць паганых на зямлю Русскую, на здабытак Усяславаў. Праз усобіцы ж пачаўся гвалт ад зямлі Палавецкай!

У сёмы Траянавы век кінуў Усяслаў жэрабя аб дзяўчыне мілай яму. Той клюкамі падпёрся на конях, скочыў да горада Кіева і дакрануўся кап’ём да залатога пасаду кіеўскага. Ад іх уцёк, быццам дзікі звер, апоўначы з Бела-града, ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу здабыў тры перамогі: адчыніў вароты Нову- граду, разбіў славу Яраслававу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак.

На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, на таку жыццё кладуць, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны касцямі рускіх сыноў.

Усяслаў-князь людзям суд чыніў, князям парады (гарады. – М. Б.) раздаваў, а сам уначы ваўком рыскаў: з Кіева да світанку дабягаў да Тмутаракані, вялікаму Хорсу такім жа чынам шлях пераймаў. Яму ў Полацку пазвоняць рана ў святой Сафіі званы, а ён у Кіеве звон той чуе. Хоць і вешчая душа была ў ягоным дзёрзкім целе, але часта ад бедаў пакутваў. Яму першаму вешчы Баян і дасціпную прыпеўку склаў, кажучы: «Ні хітраму, ні борздкаму, ні хуткаму птаху суда божага не пазбегнуць!»

О, журботнай заставацца Рускай зямлі, прыгадваючы першыя часы і першых князёў! Таго старога Уладзіміра нельга было прыкаваць да гор Кіеўскіх; а цяпер адны сцягі Рурыкавы, а другія – Давыдавы, і паасобку іхнія харугвы калышуцца. Коп’і пяюць.

На Дунаі Яраслаўны голас чуецца, чайкай нябачнай раным-рана яна галосіць: «Паляту, – кажа, – чайкаю па Дунаі, абмачу бабровае рукаво ў Каяле-рацэ, абатру князю крывавыя яго раны на яго магутным целе».

Яраслаўна рана плача ў Пуціўлі на гарадской сцяне, галосячы: «О вецер, вятрыла! Навошта, гаспадар мой, гэтак моцна вееш? Чаму імчыш хінаўскія стрэлы на сваіх лёгкіх крылах на вояў майго мужа? Ці ж мала табе шугаць пад аблокамі, калышучы караблі на сінім моры? Чаму, гаспадар, маю весялосць па кавылі развеяў?»

Яраслаўна з ранку плача на сцяне ў Пуціўлі, наракаючы: «О Дняпро Славуціч! Ты прасек каменныя горы скрозь зямлю Палавецкую. Ты лашчыў на сабе чаўны Святаслававы да войска Кабяковага. Вярні, гаспадар, майго мужа ка мне, каб не пасылала я спазаранку да яго слёзы па моры».

Яраслаўна зранку плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы: «Светлае-прасветлае сонца! Усім ад цябе і светла і хораша! Чаму ж ты распасцёрла гарачыя свае промні на вояў мужа? На полі бязводным ім смагаю лукі звяло, горам ім калчаны пазатыкала».

Усхадзілася мора апоўначы, у хмарах зварухнуліся смерчы. Ігару-князю Бог паказвае шлях з зямлі Палавецкай на зямлю Рускую, к бацькаўскаму залатому пасаду. Патухла вячэрняя зорка. Ігар спіць, Ігар пільнуецца, Ігар у думках палі мерае ад вялікага Дона да малога Данца. Апоўначы свіснуў Аўлур, паклікаў каня за ракой – падае князю знак: а князя Ігара ўсё няма! Паклікаў зноў, адгукнулася зямля, зашумела трава, насцярожыліся шатры палавецкія. Тады Ігар-князь гарнастаем памчаў у трыснягі, белым гогалем сеў на ваду, ускочыў на борздага каня, саскочыў з яго босым ваўком і панёсся па лузе да Данца, паляцеў сокалам пад аблокамі, забіваючы гусей-лебедзяў на сняданак, і на абед, і на вячэру. Калі Ігар сокалам паляцеў, тады Аўлур ваўком пабег, страсаючы з сябе халодную расу: стамілі яны сваіх быстраногіх коней.

Данец спытаў: «Князь Ігар! Хіба ж мала табе славы, а Канчаку нялюбасці, а Рускай зямлі весялосці!» Ігар адказаў: «О Донча! Ці ж мала табе велічы, што калыхаў князя на хвалях, падсцілаў яму зялёную траву на сваіх срэбных берагах, укрываў цёплымі туманамі пад ценем зялёнага дрэва, сцярог яго гогалем на вадзе, чайкамі на ручаях, чарнедзямі на вятрах». Не такая, кажуць, рака Стугна: бедная вадой, але, праглынуўшы чужыя ручаі і крыніцы, пашырэла ў вусці і маладога князя Расціслава схавала на дне каля цёмнага берага. Плачацца маці Расціславава аб маладым князю Расціславу. Панылі кветкі ад жальбы, а дрэва ў самоце да зямлі прыхілілася.

Гэта не сарокі застракаталі – па следзе Ігара ўжо імчаць наўздагон Гзак з Канчаком. Вароны таксама перасталі каркаць, галкі змоўклі, адны полазы поўзалі. Дзятлы тукатам дарогу да рэчкі паказваюць, салаўі вясёлымі песнямі світанак клічуць. Гаворыць Гзак Канчаку: «Калі сокал да гнязда ляціць – застрэлім саколіча сваімі пазлачанымі стрэламі». А Канчак да Гзака гаворыць так: «Калі сокал да гнязда ляціць, дык апутаем сакольца прыгожай дзяўчынай». I гаворыць Гзак Канчаку: «Калі апутаем яго прыгожай дзяўчынай, не будзе ў нас ні саколіча, ні прыгожай дзяўчыны і пачнуць нас птушкі ў полі Палавецкім зноў біць».

I сказалі Баян з Хадынам Святаслававым, песняры далёкага часу Яраслававага: «О жонка когана Алега! Цяжка, калі галава без плячэй, гора і целу без галавы», – Рускай зямлі без Ігара.

Сонца свеціць на небе – Ігар-князь на Рускай зямлі. Дзяўчаты пяюць на Дунаі – лунаюць галасы цераз мора да Кіева. Ігар едзе па Барычаву да святой Багародзіцы Пірагошчай. Рады староны, веселы гарады.

Спеўшы песню старым князям, а потым маладым спяваць! Слава Ігару Святаслаўлічу, Буй-Тур Усеваладу, Уладзіміру Ігаравічу! Здароўя вам, князі і дружына, што выступаюць за хрысціян супроць паганых палкоў. Князям слава і дружыне!

Амінь.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”