– Як толькі бачу цябе, дык яшчэ ажно за дваццаць крокаў хочацца даць табе арышту.
Не ведаю чаму, але словы гэтыя не адзін раз гаварыў мне Іван Паўлавіч Мележ. Відаць, штосьці ў выглядзе маім было задзірлівае. Мы, можна сказаць, сябравалі з ім, дарма што ні ў адным з яго пісьмовых выступленняў прозвішча майго няма. Але тым не менш, рэкамендацыю для ўступлення ў саюз пісьменнікаў ён мне даў, прыслаў з Ялты, дзе тады адпачываў. Праўда, спасылаўся чамусьці не на апавяданні, якія адны друкаваў я напачатку свайго творчага шляху, а на кніжку пра нашага фалькларыста і этнографа Нікіфароўскага, дзе мной былі напісаны асобныя раздзелы. Прасіў я рэкамендаваць для паступлення ў саюз і ў Шамякіна, аднак Іван Пятровіч напісаў яе толькі пасля таго, як на агульным пісьменніцкім сходзе я нарэшце быў прыняты ў члены СП. Ну ды ладна. З усіх успамінаў пра Мележа найбольш жывымі і цяпер застаюцца ўспаміны з паездак. Асабліва ў Маскву.
Ішоў чарговы ўсесаюзны з’езд наш у Крамлі. Здаецца, па-за ўвагай літаратурнай грамадскасці не засталіся ні творчасць Мележа, ні ўвогуле беларуская літаратура. Георгій Маркаў не скупіўся на словы. Нарэшце справа на з’ездзе дайшла да выбараў кіруючых органаў. Як і заўсёды, партыйная група пасля апошняга пасяджэння абмеркавала кандыдатуры будучых членаў праўлення, затым членаў рэвізійнай камісіі. Пісьменніцкі сход, які адбыўся праз колькі часу, мала што змяніў у спісе прапанаваных кандыдатур. Мы прагаласавалі тайным шляхам, кінуўшы бюлетэні ў чырвоныя скрынкі, сталі чакаць вынікаў. I ў тыя хвіліны да мяне падышоў Мележ – нейкі вясёлы і мяккі.
– Хадзем са мною, паабедаем, – кажа ён.
– Дзякуй за ласку, – сказаў я, хоць толькі што паабедаў: тады кармілі дэлегатаў з’езда там жа, у Крамлі.
I мы пайшлі. Хоць Іван Паўлавіч і быў чалавек, можна сказаць, скупы, але той раз не шкадаваў грошай, балазе, іх не шмат трэба было плаціць тады за абед.
– Нешта мне трывожна сёння, – прызнаўся Іван Паўлавіч. – Якія будуць вынікі галасавання?
– А навошта вам хвалявацца? Масквічы няхай чубяцца, а мы…
Я і праўда так думаў, маўляў, уся калатэча на з’ездзе скончыцца тым, што некаторыя маскоўскія пісьменнікі, асабліва з кіраўнічага складу, атрымаюць па дзясятку-два адмоўных галасоў. На большае тады пісьменнікаў не ставала. I як жа здзіўлены быў, калі даведаўся, што Мележ не дарэмна турбаваўся: супраць яго прагаласавалі ажно шасцёра. Іван Паўлавіч выйшаў з Крамлёўскага палаца змрочны і нібыта вінаваты ўчымсьці. Хаваючы вочы, сказаў:
– Заўтра еду ў Ялту. Бывай.
Так і разышліся: ён паехаў у Ялту, у санаторый «Беларусь», я – у Мінск. I вось праз якога паўмесяца чую па тэлефоне жаночы голас:
– Іван Паўлавіч прасіў пазваніць вам. Ён у лячэбніцы.
Здалося, што яму зарана знаходзіцца ў Мінску.
– Дзе? – пытаюся.
– У лечкамісіі. У дзявятай палаце. Прасіў вас прыйсці да яго.
Сапраўды, Іван Паўлавіч ляжаў у палаце № 9. На другім паверсе. Насупраць дзвярэй стаяў дзяжурны столік, і дзяўчына ў белым халаце, якая сядзела за ім, здаецца, залішне доўга прыглядалася да мяне, нібыта я спрабаваў прынесці штосьці шкоднае.
Ложак, на якім ляжаў Іван Паўлавіч, стаяў па левы бок, супраць акна, але ў палаце адчувалася нейкая запушчанасць; нават пасцельная бялізна пад хворым мела брудны выгляд. Мележ расплюшчыў вочы, усміхнуўся.
– А-а, прыйшоў?.. – усё роўна як няветліва сказаў ён. – Бачыш, хутка памру.
Ён паказаў на крэсла і сам звесіў ногі ў шкарпэтках да падлогі. «Нядобра пачынаецца сустрэча», – падумаў я, марудзячы са словамі ў адказ.
У Мележа з вачэй па шчоках пацяклі слёзы. Ён іх не чапаў, быццам і зусім не адчуваў на сабе. Нарэшце зноў усміхнуўся. Нягледзячы на слёзы, лёгка і светла.
– Я гэта пазваў цябе, – казаў Іван Паўлавіч далей, – што не паспеў давесці тады ў Маскве…
– Што ж?
– А тое, што я ўсіх вас люблю. – I ён пачаў пералічваць маладых празаікаў пайменна, здзівіўшы мяне, можа, тым, што не назваў пры гэтым прозвішча чалавека, што найбольш цёрся каля яго. – I мне шкада вас. Шкада таксама нашу прозу. Гэтыя людзі, што застаюцца над вамі, малая радасць для вас. Наадварот. Трэба апасацца іх, каб на свой капыл не павярнулі.
Што гаварыць у такім разе? Збянтэжаны, я сядзеў, маўчаў, а калі і вымаўляў слоўца, то неяк блазнуючы ў душы, дарма што не паказваў гэтага.
Нарэшце ён спытаў увогуле пра літаратуру, пацікавіўся, што новае надрукавана ў часопісах.
– Дзённікі Ісакоўскага ў «Дружбе народов», – сказаў я.
– Прынясі заўтра, пачытай мне. А то баляць мае вочы.
Вядома, я паабяцаў. З гэтай ягонай просьбай я і выйшаў з палаты, адчуваючы, што Івану Паўлавічу нялёгка доўга размаўляць. Тым часам вочы ягоныя высахлі ад слёзаў, і сам ён выглядаў прыстойна. У бальнічным калідоры стаяў Браніслаў Спрынчан, мы пагаварылі трохі і разышліся. На рагу Купалаўскага сквера мне трапіўся Дзмітрый Бугаёў.
– Мележ памірае, – кажу я яму.
Але Дзмітрый Якаўлевіч са сваім неўтаймаваным характарам не хоча слухаць – што ты, дзівак?
Назаўтра давялося ехаць на дачу да Шамякіна.
– Нешта ўсю ноч сёння скуголіў Мележаў сабака, – сказаў ён найперш.
Я стаў расказваць, як хадзіў учора ў лячэбніцу да Івана Паўлавіча, якое ўражанне вынес адтуль.
– Трэба неяк памагчы яму, – сказаў я. – Бо нават пасцельная бялізна на ягоным ложку брудная. Можа, у лепшую бальніцу перавезці?
– Усе яны ў нас аднолькавыя, гэтыя бальніцы, – паморшчыўся Іван Пятровіч. – Але я пазваню Кузьміну. Няхай у ЦэКа падумаюць.
I тады я нарэшце пачуў, што зусім блізка за плотам сапраўды енчыў Мележаў пёс. Дамоў я вярнуўся якраз к абеду, ужо гатовы быў сесці за стол, як пачуўся тэлефонны званок.
– Гэта з саюза пісьменнікаў. Мележ памёр!.. – сказаў у трубку нейчы голас.
Я здрыгануўся.
Пра Іван Паўлавіча пасля шмат хто пісаў. У нас увогуле абы хто любіць «навязвацца» вялікім нябожчыкам у сябры!..
Напісаў і Шамякін успаміны пра свайго сябра, у канцы якіх раптам згадаў, усё роўна, як паміж іншым, маўляў, казалі, што ў Мележа перад тым нібыта быў… Чыгрынаў. Прачытаўшы такое, я падумаў сабе: «Э-э, Іван Пятровіч, ды ты, аказваецца, вельмі кароткую памяць маеш?..» Няйначай, як на што!..