ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

У ЗВОНЕ ПАВЕТРА

Дзіўна, але я шмат разоў выбіраўся ў парламент. I пры ранейшым рэжыме, і цяпер. I кожны раз не дасягаў поспеху. Так было і ў Бабруйску, і ў Пухавічах… Толькі ў Аршанскай выбарчай акрузе, дакладней, у Арэхаўскай, дзе Асінторф, прагаласавалі за мяне амаль аднадушна. Наконт Бабруйска і Пухавіч былі распараджэнні. Тады, бадай, у аднапольнае становішча са мной трапіў і Ніл Гілевіч, бо першы сакратар ЦК КПБ сказаў на нейкай вузкай нарадзе: ніякай дапамогі пісьменнікам ані блізка, няхай пераканаюцца, як нам даводзіцца. Як кажуць, чыя б карова мычала… Хто не ведае, што ў панаванне таварыша Сакалова за адным гонзам наперадзе сорак кур’ераў імчала. У Пухавічах мяне таксама назнарок пакінулі без падтрымкі мае камуністы…

Але нездарма кажуць – век вучыся, а дурнем памрэш. Прафесар Шарэцкі ўгаварыў мяне і сёлета паспрабаваць прайсці ў парламент. Я тут жа спаслаўся на гады, на хваробы, якія спадарожнічаюць гэтым гадам, словам, даў зразумець, што ўжо мала наяды з мяне нават лютаму зверу. Але ж з яго боку быў ужыты самы пераканаўчы аргумент – які гэта парламент выйдзе, калі не будзе ў ім сапраўднай інтэлігенцыі? Прынамсі, у доўгай паездцы (а мы з Сямёнам Георгіевічам ездзілі ў Шчорсы наконт узвядзення помнікаў Адаму Міцкевічу і святому беларускаму князю Лаўрышу перад царквой у Лаўрышаве). Можам шмат разоў памяняць жаданне. Апошні доказ Шарэцкага пасяліў у маёй душы роздум. Урэшце рэшт хтосьці падказаў і акругу, маю малую радзіму Касцюкоўшчыну, дзе на сесіі гарадскога Савета ў 1992 годзе з пашанай, прылюдна мне было нададзена званне Ганаровага грамадзяніна. Карацей кажучы, пагналі чалавека па крузе, як таго зайца. Паехаў я ў Касцюковічы на разведку. Здаецца, адносіны прыстойныя – што ж, прыязджай, Іван Гаўрылавіч, усміхнуўся было першы сакратар райкама, а цяпер старшыня мясцовай грамадзянскай улады ў раёне. Як і належыць, прыкінуў я з намеснікам рэдактара раённай газеты, хто б згадзіўся стаць даверанымі асобамі, і падаўся ў Мінск рыхтаваць дакументы для рэгістрацыі ў акруговай выбарчай камісіі. Вяртаўся адтуль у той вясенні дзень, калі паўз мяжу мёртвага мора (так я заву радыяцыйную зону) пачаў ездзіць на паўднёвым усходзе прэзідэнт Лукашэнка. Здаецца, ён і паўплываў на далейшы мой выбарчы іплях. Ён тады і ў друку, і па тэлебачанні, і на розных сходах даводзіў, што кандыдатамі ў дэпутаты павінны стаць мясцовыя людзі. Няйначай, што і ў Касцюковічах штосьці падобнае было сказана – навошта вам чужыя? Выбірайце, маўляў, сваіх, каго добра ведаеце. Ну а свае заўсёды знойдуцца ў дастатковай колькасці – начальнік міліцыі хоча стаць дэпутатам, дырэктар сельгасхіміі яшчэ мацней, судцзя таксама… Тым больш што кіраўнік раённай вертыкалі не збіраецца выбірацца. Акрамя сваіх, чужым таксама няймецца. Беларускі народны фронт яшчэ ці не ўзімку накіраваў словы свайго кандыдата. У яго маці ў Касцюковічах, ён жыве ў яе доме, ходзіць па вуліцах горада, дзе я ганаровы грамадзянін, блазнуе, збірае галасы, пырскаючы бы чым на народнага пісьменніка… Нарэшце ажываюць і мясцовыя камуністы, якіх узначальвае ўсё той жа першы сакратар райкама. Першы ў атаку супроць мяне рынуўся старшыня акруговай выбарчай камісіі Аўдзееў. Раптам яму прыйшла ў галаву падазроная думка, што аграрная партыя, якая прагіанавала мне выбірацца, не на правілах была створана ў раёне. Пачалі варушыць справу. Уключаны ў яе аказаліся не толькі Касцюковічы, але Магілёў, Мінск… У кабінет старшыні райвыканкама пачалі запрашаць членаў аграрнай партыі. Тым абрыднула валтузня, сёй-той адмовіўся ад членства. Аднак парушэнні пры стварэнні партыйнай арганізацыі былі прызнаны выдумкай мясцовых камуністаў. Здавалася, можна супакоіцца. Толькі куды там! Выбарчая камісія на сваім пасяджэнні ўсё роўна адмаўляе мне ў рэгістрацыі. Тады бярэцца за высвятленне справы адзін з членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. У часе камандзіроўкі ён сустракаецца з дасведчанымі людзьмі, пераконваецца ў незразумелых прыдзірках і выносіць пытанне на пасяджэнне цэнтрвыбаркама. Такім чынам, рэгіструе мяне кандыдатам у дэпутаты па Касцюковіцкай выбарчай акрузе Цэнтральная камісія. I вось я прыцішваю гонар, еду на радзіму. Вязу апошнія даведкі. Бачу, на ганку райвыканкама стаіць старшыня раённай камісіі Аўдзеў. I я, як на тое, кінуўся яму ў вочы. Але каб не сустрэцца твар у твар, ён палахліва сігае ў нейкія дзверы, знікае. Так я і не ўбачыў больш яго той раз. Перамовіўся на хаду са старшынёй райвыканкама, перакінуўся словам з бэнээфаўцам. «Я пару вашых апавяданняў, здаецца, чытаў, – прызнаўся ён, каб прынізіць суперніка, – але ж нічога там асаблівага. Нават незразумела, адкуль ваша званне?» Што ж, з’ясі і не такое!

Звычайна ездзіў я ў выбарчую акругу за свае грошы. Дзяржаўных хапіла ўсяго на адну паездку туды і назад ды на гасцініцу. А тут якраз указ прэзідэнта аб выбарах з’явіўся. Амаль лагерны – ні транспарту, ні памяшканняў для агітацыі, ні лістовак. Дакладней, ступіш са строю налева – расстрэл, зробіш крок направа – таксама атрымаеш кулю. Значыць, на выездзе мала каму з кандыдатаў пашанцуе. Лягчэй тым, хто выбірацца будзе дома – ні табе транспарту не трэба, ні гасцініцы, ні сталоўкі; галоўнае, без вялікіх грашовых затратаў можна абысціся…

Яшчэ не час быў распачынаць агітацыйную кампанію, і я збіраўся ў Мінск, балазе машына спадарожная трапілася назаўтра. Мы выехалі з пасёлка цэментазавода рана, на траве яшчэ ляжаў марозны іней. Дзень тым часам адным небам, чыстым і высокім, абяцаў высвеціцца зусім. Сёлетняе надвор’е памарозіла ў сялянскіх садах яшчэ амаль у цвеце дробненькія яблычкі. У Беларусі сады звычайна пладаносяць праз год, і сёлетняя вясна павінна была пакінуць на дрэвах моцную завязь, але толькі ў зацішках маразы не кранулі ўраджай. Такім чынам, у большасці гаспадароў ялаваць сады засталіся і на другі год. Хаця шмат яблыкаў у гаспадарцы кожны год выклікае ў сялян незадаволенасць, іх няма дзе перапрацоўваць, бо саматугам увесь ураджай не гіерапрацуеш, патрэбны кааператыўныя альбо дзяржаўныя заводзікі. Але калі зусім няма ў тых жа садах яблыкаў, неяк становіцца самотна. Канечне, да самоты сёлета яшчэ заставалася далёка, бо толькі пад дрэвамі можна было бачыць засланую драбязой зямлю. Не ведаю, як для каго, а мне заўсёды ялавыя сады нагадваюць штосьці непаўнацэннае.

Цяпер у Касцюковічах у свет ездзяць па дзвюх дарогах – скрозь па чарнобыльскіх землях на Краснаполле, а тады – на Чэрыкаў, дзе супроць Вепрына, ужо амаль на беразе Сажа, стаіць міліцэйскі пост з шлагбаумам пасярод шашы; другая дарога – праз Клімавічы, Крычаў, тады зноў на Чэрыкаў. Можна і карацей праехаць, аднак тады ўжо не прамінеш Чудзяны, Малінаўку, дзе самая высокая ў Беларусі радыяцыя. Мы ж на сёння падаліся на Гарбавічы, каб патрапіць па чарнобыльскай зоне ў Краснаполле. Сонца яіпчэ не ўзыходзіла, стаяла такая глухая цішыня, што нават здавалася, што ў паветры чуваць нейкія шолахі, быццам хтосьці махае крыламі; тым часам вушы напаўняе звон, які невядома адкуль сыходзіць; словам, ні даць, ні ўзяць, звініць само паветра…

Між тым, абапал шашы цяжка было глядзець: як бачыць вока, паўсюды чарнелі выгаралыя палеткі. Цяпер яшчэ пакуль драмаў вецер, таму сажа ціхмана заставалася на зямлі, не забіла дыханне, не ператварала белых людзей у эфіопаў. Цяжка сказаць, хто браў на сябе ролю падпальшчыкаў летняга быльніку, які скрозь буяў на пустой зямлі, аднак рабіў ён гэта не дужа асцярожна – пажары на зямлі дапаўзалі да вёсак, загараліся хаты; здаралася, што пераселеныя вёскі шугалі полымем ледзь не кожнага дня; можна ўявіць сабе, як і куды распаўсюджваецца па паветры радыяцыя і дзе толькі яе цяпер няма. Сёння яшчэ ж было рана, аднак пажары навокал ужо шугалі. Некалі мне даводзілася бачыць у вайну, як гарэлі забесядскія мястэчкі і вёскі. Штосьці падобнае адбывалася і цяпер. Прытым дым чамусьці не засціў полымя, і яно вольна мітусілася па вялікіх плошчах, спальваючы разам з сухой травой узлескі, а то і так званыя бярозавыя калкі. Пажары ў сельскай мясцовасці ўвогуле выклікалі ў людзей разгубленасць – калі наносішся вёдрамі вады з сажалкі; цяпер нават блізкае полымя не бянтэжыла; затое шкада было птушак ды зайцоў, якія ў тым жа быльніку ці ў толькі што вытыркнулым бярэзніку выводзілі патомства. Пажар нікога не шкадаваў. Нездарма ж у радыяцыйных лясах цяжка пачуць у нашы дні птушыную гаману, дарослы заяц таксама рэдка калі выскачыць на дарогу наперад машыны, нават калі едзеш з запаленымі фарамі.

Мяне да душы ўразіла ранішняя цішыня з яе звонам паветра. I я папрасіў шафёра спыніцца недзе паміж Касцюковіцкім і Краснапольскім раёнамі. Навокал ляжаў аблог, зеўралі праламанымі вокнамі пакінутыя сялянскія хаты, калгасныя пабудовы. На жывёлагадоўчых фермах ні рыку, ні ранняга варання. Не дай бог бачыць падобнае!.. З такой дарогі часцей прыязджаеш хворы!.. I таму дзівішся, як гэта некаторыя спрытнягі рашаюцца вывезці з пакінутых паселішчаў усё, што прыдатна недзе для продажу ці нават для ўласнага будаўніцтва!..

Зразумела, што без шчымлівага пачуцця тут не абышлося. Я сказаў, але быццам самахоць:

– Надоўга заснула наша зямля!..

– Можа, навекі, – азваўся з кабіны шафёр, той чалавек, што прапанаваў учора ехаць на яго машыне ў Мінск. – Але не хвалюйся, неўзабаве зноў загудуць на гэтых палетках трактары, закуржавее пыл. Сёй-той са старшыняў калгасаў употай і так засяваў на забруджаных участках збожжавыя, а цяпер тым больш – прэзідэнт учора дазволіў, ну, не зусім, каб дазвол даў, аднак падахвоціў, маўляў, нічога не стане з чалавекам, калі раптам лішнія мілірэнгены з’есці.

– Так і сказаў?

– Ну, не зусім даслоўна, але сэнс быў такі.

– I ніхто не запярэчыў?

– Нашы, мясцовыя, не. Яны чагосьці падобнага толькі чакалі, каб атрымаць вышэйшыя валавыя ўраджаі, вядома, не паказваючы ў справаздачах засеяныя плошчы на забруджаных землях. Зрэшты, ты сам хутка разгадаеш гэтую механіку, калі канчаткова вырашыш выбірацца. А вось ці набярэшся адвагі, каб выступіць супроць падобнай практыкі?

– А што людзі?

– Здаецца, нават з ахвотаю ездзяць з новых пасёлкаў на аўтобусах у свае ранейшыя вёскі. Усё-ткі работа, дарма што не- бяспечная. Але ўжо пра небяспеку ўсё роўна як і не думаюць. Маўляў, на наш век жыцця нашага хопіць.

– Дажываць па-ўсякаму можна. Але скарачаць жыццё людзям ці варта? Я ўсё думаю, хто гэта нацэліў, каб трапіць чарнобыльскай зоркай прама ў сэрца трох вялікіх славянскіх народаў? Няйначай, яны правініліся перад вышэйшай сілай?

– А тут думай, як хочаш.

– Вось я і думаю. Нават выбірацца падаўся ў гэты абяздолены край.

– Але ты не дужа распаўсюджвайся з гэтым, бо людзі апошні час чамусьці не любяць, калі хто лішні раз нагадвае ім пра радыяцыю. Гэта спярша быў ажыятаж, бо існавалі неіікія ільготы, грошы ў дадатак да ўсяго давалі. Грабавымі іх называлі. Цяпер рэдка дзе іх плацяць.

Ад «грабавых» у размове з прыяцелем перайшлі да перадвыбарчай абстаноўкі ў мясцовай акрузе. Ні яму, ні мне не падабаліся адносіны ў гэтым сэнсе да Ганаровага грамадзяніна. Яшчэ не пачалася агітацыйная кампанія, а ўжо відаць было, што касцюковіцкія і хоцімскія камуністы паспрабуюць узяць рэванш над дэмакратамі і рознымі іншымі прэтэндэнтамі. Маўляў, мы самі з вусамі, і ў нас хопіць спецыялістаў ва ўсе парламенцкія кампаніі. Ужо былі пушчаны чуткі на радыё, што Чыгрынаў дрэнна выказваецца пра камуністаў, а заключэнне блока з аграпартыяй і інпіымі левымі рэч зусім не абавязковая. Тым больш, што другія партыі таксама заюшыліся к гэтаму часу. Чамусьці ўсім мроілася лёгкая перамога пасля брыдкага заканчэння XII сесіі Вярхоўнага Савета. Ну а кандыдатаў у адной узятай акрузе лічыць не перал ічыць. Відаць, лёгкім здалося па тэлевізары сядзенне на дэпутацкіх лаўках, балазе, што сёе-тое і ўрваць яшчэ можна. Некаторым жа з папярэдняга складу парламента і ў сне не снілася, што можна неяк перабрацца на жыццё ў сталіцу, а тут… пажывеш трохі ў гасцінічным нумары, нарэшце і кватэру ўласную атрымаеш у прэстыжным доме. Раней пра балыпавіцкіх дэпутатаў усё можна было гаварыць, робячы розныя здагадкі, маўляў, яны і паслухмяныя да смешнага, і кнопкі націскаюць па першым жа сігнале, і смачна ядуць у часе сесіі, і лекі, не даступныя іншым, маюць магчымасць набыць, але ў суцэльным ірвацтве іх нельга было абвінаваціць.

* * *

У Мінску трохі набралася, усё роўна як у запас, часу. Горад якраз рыхтаваўся да пяцідзесяцігоддзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Панаехала гасцей. Нягледзячы на цяжкасці з перамяшчэннем з аднае незалежнай краіны (былой саюзнай рэспублікі) у другую, былыя ўдзельнікі баёў на Беларусі, найбольш партызаны, выступалі ў калектывах, на радыё, на тэлебачанні. У цэлым сёлета народ успрымаў іх душэўна, але ўжо выразней, чым раней, выяўлялася нялюбасць да былых вызваліцеляў. Сёй-той выступаў з артыкуламі, дзе абгрунтоўваў свой погляд на мінулую вайну, на Перамогу і г. д. Гучней пачалі раздавацца галасы калабарантаў (чамусьці не хочацца называць сёння былых паліцаяў і службоўцаў розных устаноў пры немцах здраднікамі). Мы ж і цяпер не адважваемся сказаць, што паліцаяўу нас налічвалася на акупіраванай тэрыторыі болей, чым падпольшчыкаў і партызанаў. Не ўсе яны падаліся ў эміграцыю, затое мала хто памяняў свае адносіны да ўсяго, з чым змагаліся тады. А дзеці іх, якія хоць і атрымалі ад савецкай улады магчымасць жыць, вучыцца і працаваць (вось ужо праўда, што сын за бацьку не адказвае), таксама да разбурэння вялікай краіны цікавалі з-пад калоды. А далей – розныя родзічы, унукі… Хоць у адносінах да ўсіх падобныя абвінавачванні не толькі несправядлівыя, але і няправільныя. Узяўшыся разважаць па гэтай праблеме, я хацеў сказаць найперш, што ўдзел калабарантаў на баку немцаў прымушаў дрыжаць пасля шмат каго, дарма што ў паперах дзяржаўнай бяспекі нішто не было бясследна страчана.

Мяне таксама клікалі на розныя сустрэчы. Аднак пайшоў я на адну канферэнцыю, у якой бралі ўдзел вядомыя савецкія генералы і касманаўты. Не ведаю, хваліць арганізатараў канферэнцыі альбо не, але на ёй зноў можна было пачуць нязмен- ную пераконанасць знакамітых людзей у правільнасці сацыяльных ідэй, якія наўрад ці патрабуюць нават тынкоўкі.

Рэдактар «Советской Белорусии», пачуўшы мае скаргі пра выбары ў Касцюковіцкай акрузе, прапанаваў зайсці ў рэдакцыю, расказаць гэта ж самае карэспандэнту. Што я і зрабіў у той жа дзень. Інтэрв’ю выйшла ў газеце, калі я ўжо знаходзіўся ў акрузе. I якое было здзіўленне маё ад таго, што амаль ніхто не чытаўяго. Пасля гэтага з’явілася ўражанне, што зусім нічога не адбылося, калі б і прачыталі газету, як раней.

Начальства, у тым ліку і старшыня выбарчай акруговай камісіі, пазбягалі мяне. Далей пачалося і зусім неверагоднае. Куды ні сунешся выступаць, паўсюль адмаўляюцца склікаць выбаршчыкаў. Галоўны доказ – у абедзенны перапынак нельга непакоіць людзей, ну а перад работай і пасля, калі ласка. Толькі хто гэта прыйдзе перад работай на гадзіну раней, нават на паўгадзіны, а пасля работы трэба спяшацца на дачы, на садовыя ўчасткі, маўляў, адзін вясновы дзень корміць год. Ды і памяшканне забаранілі даваць. «Хто?» – пытаюцца мае давераныя асобы. «Начальства», – адказваюць кіраўнікі заводаў, фабрык, а то і проста прафсаюзныя работнікі, адказныя за выбары. Так выйшла з маім выступленнем, напрыклад, на цэмзаводзе. Дырэктар паабяцаў даць магчымасць выступіць перад рабочымі, а прафсаюзная цётачка стала супроць – маўляў, званілі з акруговай камісіі, параілі строга прытрымлівацца ўказу прэзідэнта.

Недзе на трэці дзень надзея выбрацца ў дэпутаты ў мяне прапала. I тым не менш рашыліся выступіць у прадуктовым магазіне, проста ў чарзе. Але дастаткова было назвацца, як выйшаў казус. Раптам падыходзіць нейкая нехлямяжая жанчына і просіць: «Тут прывезлі для ветэранаў таннай гарэлкі, вазьмі мне бутэльку, а я папрацую ў інтэрнаце за вас». Давялося купіць бедалазе бутэльку, а самому пакінуць ад сораму магазін.

Тым часам на перыферыі (аказваецца, свая перыферыя паўсюды існуе) таксама жылі мае выбаршчыкі. Таму найперш мы рашылі з даверанымі асобамі праскочыць па тых вёсках, дзе была зафіксавана павышаная радыяцыя і дзе заставалася, амаль хаваючыся, яшчэ нямала народу. Але перад тым раным-рана наведалі новыя пасёлкі, куды перамясцілі Саматэвічы, Зялёнкавічы, Вусаўку, Вялікі Бор, Зарэчча, Вараноўку, Кавычачы, Мокрае… У малой Крапіўне жыло цяпер насельніцтва з майго былога сельскага савета, насустрач выйшаў толькі адзін чалавек, сказаў з усмешкаю – яшчэ ўсе спяць. У Ліпаўцы, дзе патрохі ўжо абжываліся саматэвіцкія мужыкі, старшыня калгаса, які чакаў аўтобуса, каб накіраваць калгаснікаў на работу на былыя калгасныя землі, замахаў на нас рукамі: «Якія выступленні, якая агітацыя? Ды з мяне галаву сарвуць, калі збяру для вас аўдыторыю!» – «То, можа, дазволіш пагаварыць з людзьмі ў аўтобусе, гіакуль збіраюцца людзі?» – «Дзіўныя вы людзі, у тым ліку і ваш кандыдат: з раёна ўвогуле паступіла каманда, каб не пускаць вас і блізка да калгаснікаў».

Тое ж, ці амаль тое, адбылося ў Бароньках, дарма што старшыня калгаса ўмеў загаворваць зубы. Праўда, у сельсавеце былі два мужыкі – адзін з Гаўрыленкі, другі, здаецца, са Смольскай Буды. Гэтыя з ахвотай узялі па лістоўцы, паабяцаўшы, што павесяць на магазіне. Але калі мы прыехалі ў Гаўрыленку і не ўбачылі наклеенай лістоўкі, прадаўшчыца растлумачыла, акурат па самым вялікім знаёмстве: у гаргандлі забаранілі нам мець лістоўкі кандыдатаў. «Тады чаму лістоўкі двох іншых кандыдатаў павешаны – суддзі і дырэктара сельгастэхнікі?» – «Дык гэта раней зроблена, – адказала прадаўшчыца. – А на вас і на народафронтаўца выйшла забарона».

За Гаўрыленкай, ужо амаль паўз расейскую граніцу, дарога паварочвала на Машавую, тады ішла па радыяцыі і паміж Вараноўкай і Кавычачамі вывозіла на засыпаную гравіем грэблю, за якой відаць былі на ўзгорку цагляныя дамы майго Вялікага Бору. Жахлівае гэта ўражанне – глядзець на разбураныя будынкі, у якіх зусім нядаўна знаходзіліся людзі!.. Ацалела пакуль былая саўгасная кантора ды яшчэ не страціў выгляду машынны двор. Па-ранейшаму тут ляскае жалеза, гурчаць, а потым сціхаюць маторы. З кузні чуюцца ўдары вялікага молата.

Зайшоў я на машынны двор. Знаёмы трактарыст, убачыўшы, пажартаваў: «Саўсім не тое, што было, Гаўрылавіч. Помніш, раней? Ты на двор сюды, а мы за цябе ды ў магазін. Гарэлку мужыкам скрынямі станавіў, балазе, у кукурузе можна было схавацца. Нават кукурузу больш не сеем, дарма што ферма для кароў засталася. – Падумаў, тады сказаў ужо зусім сур’ёзна. – Значыць, да нас у дэпутаты надумаў? Што ж, мы рады. Але навошта ты матляешся па гэтых радыяцыйных дарогах? Ну, няхай мы, дык тут не свая воля. Прымушаюць. А табе якая пільнасць? Выбары? Дык прагаласуем мы за цябе і так. Не ведаю, як ва ўсім раёне, а мы за цябе!»

Гэтак жа запэўнівалі мяне і на машынным двары ў Саматэвічах, у Відуйцах…

Але ж як гэта наведацца ў родную вёску ды не пастаяць на сваім дварышчы? Паехалі туды. Хата наша стаяла на другім канцы вёскі, пад лесам і там жа была школа, куды мы бегалі яшчэ па праталінах босыя. Дворышча шчыльна зарасло палыном і быльнікам, а яблыні, якія садзілі перад вайной, пачалі дзічэць, першай адзнакай чаго з’яўляецца здрабненне іх. Я помню ўсе пабудовы нашы на гэтым дворышчы – пасля нейкая часовая хацінка, падобная на лазню, пасля добрая, амаль лепшая на ўсю вёску, хата – пяцісценка; затым, ужо за пажарам у вайну, зямлянка, ну а пасля вайны, бадай, самыя апошнія з вялікаборцаў мы зноў узбіліся на хату. I вось ад усяго застаўся толькі ўспамін!..

Некалі крокаў за дваццаць ад ніжняга нашага гароду бруяла з-пад зямлі мноства ключоў і была студня, з якой вялікабораўцы любілі браць ваду. Вада была смачная, ёдзістая, ад яе ажно заходзіліся зубы. I як адзнака чысціні, на дне яе паміж ключамі і ўзімку, і ўлетку перабіралі ножкамі ваду жабкі-жарлянкі. Недзе ўжо думалася, што і дзедава студня збуцвела, ператварылася ў смуродную лужыну. Але не. Першыя венцы на зрубе сапраўды струхнелі, аднак усе астатнія, тыя, што патаналі ў вадзе, заставаліся яшчэ моцныя, з іх не пабраўся нават мох. Як і ў дзяцінстве маім, вада ў крыніцы праглядвалася да самага дна, быццам і не ляжала ўнізе цэлая тоўшча. Радыяцыя атруціла не толькі зямлю, аднак і ваду, асабліва такую вось адкры- тую, як у гэтым калодзежы. Але чым даўжэй стаяў я над ім, тым мацней хацелася напіцца яе ці хоць бы ўзяць з сабой у дарогу.

Людзей у той дзень не багата было ў Вялікім Бары. Сустрэчныя казалі, што дасяваюць ярыну за чыгункай, вакол Малой Крапіўкі. Ну і пустыя ж землі дасталіся маім землякам! Як помніцца мне, там заўсёды буялі адны так званыя дзяды!..

Але нядаўнія парады прэзідэнта сапраўды падахвоцілі мясцовае начальства – на забруджаных радыяцыяй палетках абапал дарог поўным ходам ішла сяўба. Найболып шчыра- валі трактары з сеялкамі, але сям-там траплялі людзі. Балюча было глядзець на гэта. Хіба ж дапушчальна свядомая шкода? Толькі з кім ні стаў гаварыць, людзі неяк адразу натапырваліся, робячы выгляд, маўляў, што да ўсяго да гэтага табе, чалавеча? Нам жа таксама патрэбна зарабіць тут капейку, калі ўжо не выехалі ў іншае месца! Ну а што рабіць з ураджаем, дык таксама няхай думае начальства». – «Хіба давер такі да кіраўнікоў?» – пытаюся. – «Даверу яшчэ менш, чым раней, але ж цяпер і жыць горай, чым даўней. Так што які давер? Звычайны прыгон, толькі ў іншай форме».

– Колькі ж зямлі засяваецца цяпер на забруджанай тэрыторыі? – пацікавіўся я ў чалавека, які, здавалася б, быў дасведчаны ў махінацыі.

Той паціснуў плячамі, аднак стала зразумела, што ён такім чынам проста аднекваецца.

Між тым, скрозь пажарышча за гэты час, як тут не быў я, прабілася трава. Усё навокал квола зазелянела. Нават на абгарэлых бярозах-самасейках адскочылі маленькія клейкія лісточкі. Але па-ранейшаму ні птушынага спеву, ні заячых скокаў. Няйначай, што сапраўды ўсё жывое зжэрла полымя.

Там, дзе хата цераз хату засталося жыць хоць дваццаць чалавек, працавалі магазіны. Упартым мужыкам, а найперш кабетам, прывозілі з раённага цэнтра хлеб па пэўных днях, гарэ- лку, кансервы з гародніны… На ганках такіх магазінаў цалюткі дзянёк прастойвалі тыя ж мужыкі ды бабы, прапівалі апошнія грошы, крычалі пра нешта сваё, ажно не было як пагаварыць з кім. «Кандыдату дэпутаты?.. – часам прабівалася праз п’яны тлум думка. – Дык навошта нам твой партрэт? Мы ўвогуле ні за каго не збіраемся галасаваць».

I так вось ад шлагбаума да шлагбаума.

Нарэшце 9-га мая, на дзень Перамогі, на гарадскім мітынгу старыя камуністы абвясцілі гараджанам і ўсім іншым, хто прымаў удзел у свяце: галасаваць трэба толькі за камуністаў. Чужак нам тут непатрэбны. Так рашыла партарганізацыя і таварыш Агееў. А ў нас камуністаў хапае… У нас усе раённыя структуры складаюцца з камуністаў. I мы гэтым ганарымся. Мы не саступілі сваіх пазіцыяў нікому. Дык навошта сасіупаць іх у парламенце?»

Будучыя выбаршчыкі ўзнакухвалы запляскалі ўдалоні. Мясцоваму кіраўніцтву засталося толькі даць участковым камісіям, таксама як і старшыням калгасаў пэўныя інструкцыі з даволі катэгарычнымі патрабаваннямі. Цяпер ужо вакол райвыканкама, дзе размяшчалася і выбарчая камісія, усё больш збіралася газікаў з далёкіх і блізкіх вёсак. Таварыш Агееў адкрыта раіў галасаваць альбо за суддзю, альбо за дырэктара сельгасхіміі, мець свайго прадстаўніка ў парламенце заўсёды не лішне. На адной падобнай нарадзе нейкі дзівак спытаў: «Ну, а Чыгрынаў? Ён жа таксама наш. Ганаровы грамадзянін горада?» – «Наш ды не зусім наш», – адказаў старшыня гарвыканкама.

Пасля паездкі на перыферыю паспрабаваў я зноў пахадзіць у гарадскія калектывы. У сярэдняй школе мне сказалі: «Як пісьменніку мы вам дадзім магчымасць выступіць. А пра дэпутацтва і не ўспамінайце. Вельмі сочыць мясцовае начальства за тым, каб вас не пускалі з выбарчымі справамі ў гарадскія памяшканні».

Цяжка было адмовіцца выступіць перад вучнямі старэйшых класаў, аднак я абмінуў рыфы, каб не нашкодзіць настаўнікам. Да таго ж мне моцна дапамог Алесь Пісьмянкоў, які апынуўся на той час на Касцюкоўшчыне, дзе ў Бялынкавічах на беразе Бесядзі жылі ягоныя бацькі.

Нарэшце цярплівасць мая скончылася, тым больш, што к гэтаму часу не далічыўся я і некаторых давераных асоб, нават кіраўнік групы перастаў наведваць, усё часцей знікаючы на два, тры дні. Да таго ж усім знаёмым ужо зразумела стала, што Ганаровага грамадзяніна горада выжываюць з выбарчай акругі. I склаў свае рэчы ў партфель, купіў білет на цягнік Унеча – Гродна, сеў у купэ, балазе адзін у ім апынуўся, і з крыўдай пачаў глядзець на краявіды ў акно. Вясна імкліва набірала моц. Тут, на паўднёвым усходзе Беларусі, яна выяўляе свае здольнасці хутчэй, чым у цэнтры ці на поўначы. Але дзіва, чым далей ад’язджаў ад станцыі Камунары, тым большай хімерай здавалася мая спроба каторы раз ужо кінуцца ў зусім непатрэбную для пісьменніка справу. Не ведаю, можа, вінаватай была ў маім новым адчуванні вясна і тая казуля, што выскачыла аднекуль па вадзе з-за ракітавых кустоў і спынілася крокаў за колькі ад рэек, па якіх пагруквалі колы цягніка.

Усе мы імкнемся кудысьці, ды мала думаем, ці чакаюць нас там. Між тым сілаю любы не будзеш. Але ж я нарэшце пераканаўся – камуністы, мае камуністы, ні ў чым пакуль не змяніліся. Застаецца ранейшая жорсткасць у дасягненні мэты. А за жорсткасцю можа паследаваць і чорт ведама што!..

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”