ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ЧЫГРЫНАЎСКІЯ ЧЫТАННІ

Анастасія Плятнёва

НА ПУХАВІЧЧЫНЕ ПРАЙШЛІ ЧЫГРЫНАЎСКІЯ ЧЫТАННІ

З 1996 года ў нашым раёне ў снежні ладзяцца чыгрынаўскія чытанні. На гэты раз, яны прайшлі ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея і былі прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Чыгрынава.

З творчасцю Івана Гаўрылавіча супрацоўнікі музея знаёмяць вучняў школ і навучэнцаў Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Заўсёды прыходзяць на чыгрынаўскія чытанні і члены ветэранскай арганізацыі Мар’інай Горкі. На жаль, у гэтым годзе не змагла прыехаць жонка пісьменніка, Людміла  Прохараўна, але яна перадала падзяку і прывітанне ўсім прысутным праз дачку Алену.
– Апошнія гады жыцця Івана Чыгрынава былі звязаны з Пухавіцкім краем. Тут ён збіраўся набыць сабе лецішча, – расказаў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. – Мне пашанцавала сустрэцца з Іванам Гаўрылавічам, пабываць у яго рабочым кабінеце. Ён вельмі добра адчуваў і любіў родную мову.
Падчас сустрэчы малодшая дачка пісьменніка Алена падзялілася ўспамінамі пра бацьку. Яна расказала, што пісьменнік часта паўтараў: «Вайна – галоўная падзея майго жыцця». Іван Чыгрынаў сустрэў яе ў 7 гадоў і часта ўспамінаў і расказваў яе эпізоды. Пасля вайны яны выхоўваліся без бацькі. У школу зімой хадзілі па чарзе, бо не хапала абутку. Іван добра вучыўся ва ўніверсітэце, стыпендыю адпраўляў маці, якая гадавала малодшых дзяцей.
– Я памятаю бацьку ўвесь час задуменным. Ён шмат працаваў з дакументамі, сустракаўся з ветэранамі, – расказвала Алена Іванаўна. – Кожную раніцу садзіўся пісаць, а на работу ішоў пасля абеда. Праз свае раманы ён паказаў, як выжываў чалавек у гады акупацыі.
Бацька вельмі любіў збіраць ягады, грыбы. Самымі любімымі былі рыжыкі. Ён гатаваў іх вельмі смачна. Аднойчы, калі частаваў былых партызан, ім так спадабалася, што яны казалі: «Іван Гаўрылавіч, мы пад’елі тваіх рыжыкаў і атрымалі такую асалоду, быццам атрымалі пяць медалёў».
Яўген Сушко, які працаваў загадчыкам аддзела культуры райвыканкама, калі Іван Чыгрынаў вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад нашага раёна, расказваў:
– Мне пашчасціла сустракацца з Іванам Гаўрылавічам. Ён быў вельмі ўважлівы да людзей. Аднойчы, калі мы былі ў мяне на лецішчы, ён убачыў васількі, якія пасадзіла мая жонка, і не змог схаваць свайго захаплення: «Вось гэта кветкі! Яны – душа Беларусі».
У свой час Іван Чыгрынаў падпісаў Яўгену Аляксандравічу сваю кнігу, якую той зараз беражліва захоўвае.
Праблемы, якія закранаў пісьменнік у сваіх творах, актуальныя і сёння. Пра гэта сведчыла падчас сустрэчы цікавасць, якую праяўлялі не толькі людзі сталага пакалення, але і моладзь.

Наталля Пархомчык

ЖЫВЕ ТРАДЫЦЫЯ

У літаратурным календары Беларусі нямала значных дат. Адна з іх – дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, які адзначаецца 21 снежня. Менавіта да яго прымеркаваны традыцыйныя Чыгрынаўскія чытанні, што праводзяцца ў нашым раёне ўжо больш за дваццаць гадоў.

Пухавіччына не была радзімай Івана Гаўрылавіча. Яго родныя мясціны на Магілёўшчыне: вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Дарога туды абарвалася пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС: вёска Вялікі Бор апынулася ў зоне радыёактыўнага забруджвання і перастала існаваць. Але лёс склаўся так, што Іван Гаўрылавіч пазнаёміўся з Пухавіччынай, знайшоў тут аднадумцаў і нярэдка наведваў нашы мясціны. Нават задумаўся аб тым, каб набыць тут сабе лецішча. Але здзейсніць гэтую мару не паспеў.
Чыгрынаўскія чытанні пачалі ладзіцца яшчэ пры жыцці народнага пісьменніка. Гэтую традыцыю працягвае раённы краязнаўчы музей. Яго дырэктар Аляксандр Прановіч запрашае на сустрэчу з моладдзю родных пісьменніка, яго калег па літаратурным цэху. Амаль увесь гэты час у мерапрыемствах прымала ўдзел жонка і верны сябра Івана Гаўрылавіча Людміла Прохараўна. Але ўзрост бярэ сваё: у гэтым годзе па стане здароўя яна прыехаць не змагла. Эстафету прынялі ўжо дзеці: сваімі ўспамінамі з навучэнцамі сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка і Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа падзялілася малодшая дачка народнага пісьменніка Алена Іванаўна.
Для сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка Чыгрынаўскія чытанні – мерапрыемства традыцыйнае. Упершыню яны прайшлі тут у 2001 годзе. На сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі прыязджалі народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая выконвала ролі ў п’есах Івана Чыгрынава, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Скарынкін і іншыя. У школьнай бібліятэцы захоўваюцца кнігі, падараваныя Людмілай Чыгрынавай.
Да кожнай сустрэчы вучні і настаўнікі сур’ёзна рыхтуюцца. І ў гэты раз размаўлялі пра значныя падзеі з жыцця і творчасці Івана Чыгрынава, прачыталі ўрыўкі з апавяданняў «Бульба», «Коні», «Ішоў на вайну чалавек», рамана «Плач перапёлкі».
Алена Іванаўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра бацьку і выказала вялікую падзяку ад родных за тое, што на Пухавіччыне захоўваюць памяць пра Івана Чыгрынава.

Наталля Васільева

У ПУХАВІЦКІМ РАЁНЕ ПРАЙШЛІ ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ЧЫГРЫНАЎСКІЯ ЧЫТАННІ

У літаратурным календары Беларусі нямала значных дат. Адна з іх – дзень нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, які адзначаецца 21 снежня. Менавіта да яго прымеркаваны традыцыйныя Чыгрынаўскія чытанні, што праводзяцца ў нашым раёне ўжо больш за дваццаць гадоў.

Пухавіччына не была радзімай Івана Гаўрылавіча. Яго родныя мясціны на Магілёўшчыне: вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Дарога туды абарвалася пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС: вёска Вялікі Бор апынулася ў зоне радыяактыўнага забруджвання і перастала існаваць. Але лёс склаўся так, што Іван Гаўрылавіч пазнаёміўся з Пухавіччынай, знайшоў тут аднадумцаў і нярэдка наведваў нашы мясціны. Нават задумаўся аб тым, каб набыць тут сабе лецішча. Але здзейсніць гэтую мару не паспеў.
Чыгрынаўскія чытанні пачалі ладзіцца яшчэ пры жыцці народнага пісьменніка. Гэтую традыцыю працягвае раённы краязнаўчы музей. Яго дырэктар Аляксандр Прановіч запрашае на сустрэчу з моладдзю родных пісьменніка, яго калег па літаратурным цэху. Амаль увесь гэты час у мерапрыемствах прымала ўдзел жонка і верны сябра Івана Гаўрылавіча Людміла Прохараўна. Але ўзрост бярэ сваё: у гэтым годзе па стане здароўя яна прыехаць не змагла. Эстафету прынялі ўжо дзеці: сваімі ўспамінамі з навучэнцамі сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка і Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа падзялілася малодшая дачка народнага пісьменніка Алена Іванаўна.
Для сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка Чыгрынаўскія чытанні – мерапрыемства традыцыйнае. Упершыню яны прайшлі тут у 2001 годзе. На сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі прыязджалі народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая выконвала ролі ў п’есах Івана Чыгрынава, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Скарынкін і іншыя. У школьнай бібліятэцы захоўваюцца кнігі, падараваныя Людмілай Чыгрынавай.
Да кожнай сустрэчы вучні і настаўнікі сур’ёзна рыхтуюцца. І ў гэты раз размаўлялі пра значныя падзеі з жыцця і творчасці Івана Чыгрынава, прачыталі ўрыўкі з апавяданняў «Бульба», «Коні», «Ішоў на вайну чалавек», рамана «Плач перапёлкі».
Алена Іванаўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра бацьку і выказала вялікую падзяку ад родных за тое, што на Пухавіччыне захоўваюць памяць пра Івана Чыгрынава.

Кастусь Ладуцька

ДВА ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ З ІВАНАМ ЧЫГРЫНАВЫМ

Усім, хто шануе беларускае мастацкае слова, добра вядомы раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Вяртанне да віны» ды іншыя творы народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. Нараджэннем з Магілёўшчыны, з Касцюковіцкага раёна, у апошнія гады свайго жыцця ён прыкіпеў да Пухавіцкай старонкі. Балатаваўся ў дэпутаты парламента ў гэтым раёне. Меркаваў пабудаваць тут, у Блужы, на памежжы Пухавіцкага і Асіповіцкага раёнаў, на памежжы Міншчыны і Магілёўшчыны, уласнае лецішча. Як старшыня праўлення Беларускага фонду культуры шмат дапамогі, шмат парад даў у арганізацыі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў вёсцы Блонь. Дзякуючы ініцыятывам Івана Гаўрылавіча ў фонды музея патрапілі многія мастацкія работы знакамітых жывапісцаў.
І калі ў самым пачатку 1996 года Іван Чыгрынаў пайшоў з жыцця, пухавіччане вырашылі штогод ладзіць чытанні ў знак памяці народнага пісьменніка. Ініцыяваў гэты праект тагачасны старшыня Пухавіцкага райвыканкама Фёдар Супрун. Чалавек неабыякавы да літаратуры, нацыянальнай культуры, ён і сам піша вершы, іграе на музычных інструментах. Фёдар Уладзіміравіч сябраваў таксама з публіцыстам і празаікам Валянцінам Мысліўцам, які родам з Пухавіччыны, з вёскі Хазянінкі. А Валянцін Мыслівец якраз і працаваў з Іванам Гаўрылавічам у Беларускім фондзе культуры. Такі вось штрышок у сувязь Чыгрынава з Пухавіччынай, пухавіччанамі.
Першая сустрэча прыхільнікаў творчасці Івана Чыгрынава адбылася яшчэ ў 1996 годзе. Тады з расповедам пра І. Чыгрынава ў раён прыехалі яго жонка Людміла Прохараўна, народныя артысты Беларусі Валянцін Белахвосцік (ён, між іншым, вучыўся ў свой час у Рудзенскай СШ, непадалёку ад Мар’інай Горкі), Марыя Захарэвіч, паэт Алесь Пісьмянкоў.
– За два дзесяцігоддзі мы шмат зрабілі для ўшанавання памяці Івана Чыгрынава, – распавядае дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. – У літаратурна-краязнаўчай экспазіцыі змясцілі добрую падборку матэрыялаў, розных экспанатаў пра пісьменніка. Неаднойчы раённая бібліятэка выдавала адмысловыя буклеты, звязаныя з тэмай «Іван Чыгрынаў і Пухавіччына». Артыкулы пра славутага празаіка штогод з’яўляюцца ў раённай газеце «Пухавіцкія навіны». У Чыгрынаўскіх чытаннях за гэты час прынялі ўдзел (і неаднойчы!) Анатоль Бутэвіч, Анатоль Вярцінскі, Навум Гальпяровіч, Леанід Дранько-Майсюк і шмат хто яшчэ.
Трэба заўважыць, што Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей – сапраўдны цэнтр у арганізацыі літаратурна-краязнаўчай работы ў Пухавіцкім краі, найперш – у школах раёна. Дзякуючы руплівасці менавіта Аляксандра Аляксандравіча Прановіча беларускія пісьменнікі – частыя госці ў самых розных паселішчах. У свой час на Пухавіччыну наведваліся Анатоль Сульянаў, Генрых Далідовіч, Алесь Марціновіч, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Рыгор Барадулін, Віктар Жыбуль, Валерый Пазнякевіч, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, Ганад Чарказян і многія іншыя паэты, празаікі. У музеі сабрана багатая калекцыя кніг з аўтографамі. Асобна вылучаны ў яго экспазіцыі пакоі, прысвечаныя народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, Алесю Бачылу (аўтар слоў да песні «Радзіма мая дарагая» нарадзіўся ў пухавіцкай вёсачцы Лешніца).

Наталля Пархомчык

У РАЁНЕ ПА ТРАДЫЦЫІ ПРАЙШЛІ ЧЫГРЫНАЎСКІЯ ЧЫТАННІ

Пухавіччына – край для творчых людзей прыцягальны. У свой час стала нашая зямля другой радзімай для Якуба Коласа, любіў бываць тут Янка Маўр. Звязаў лёс з Пухавіччынай і Івана Чыгрынава. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя народны пісьменнік Беларусі абраў месцам для свайго адпачынку лецішча ў Блужы. А бываючы ў раёне, часта сустракаўся з яго жыхарамі. 
У снежні ў дзень нараджэння Івана Гаўрылавіча ў раёне традыцыйна праходзяць Чыгрынаўскія чытанні. Галоўным ініцыятарам іх правядзення з’яўляецца раённы краязнаўчы музей, у стварэнні якога народны пісьменнік аказаў значную дапамогу. Ужо дваццаць два гады на гэта мерапрыемства прыязджае жонка пісьменніка Людміла Чыгрынава разам з роднымі і сябрамі. У гэтым годзе чытанні прайшлі ў сярэдняй школе № 2 горада Мар’іна Горка. І разам з Людмілай Прохараўнай да вучняў і настаўнікаў прыехалі яе дачка Алена і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Прысутнічаў на сустрэчы і дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.
Вучні школы да гэтай сустрэчы рыхтаваліся. Яны арганізавалі літаратурную вечарыну, пад час якой успомнілі пра жыццёвы шлях Івана Чыгрынава, прачыталі ўрыўкі з яго рамана “Плач перапёлкі”, апавяданняў “Бульба” і “Коні”, перакладзенага ім на беларускую мову “Слова аб палку Ігараве”.
Людміла Прохараўна ўспомніла, што ўпершыню ў гэтай школе пабывала ў 2001 годзе. А потым было яшчэ некалькі візітаў. І кожны раз адчувала тут шчырую зацікаўленасць, жаданне даведацца нешта новае пра жыццё і творчасць Івана Гаўрылавіча. Людміла Прохараўна ведае ўсе творы свайго знакамітага супруга, бо таксама працавала над імі: была першым чытачом, рэдактарам, крытыкам. Таму з вялікім задавальненнем слухала, як чыталі ўрыўкі з іх Аляксандр Зіневіч, Паліна Аўсянік, Аляксандр Сітнік і іншыя школьнікі.
Алена Іванаўна, дачка пісьменніка, гаварыла пра тое, што проза Івана Чыгрынава ў асноўным для дарослых. Але ёсць у яго нямала твораў, якія захапляюць і дзяцей. Яна нагадала апавяданне “За сто кіламетраў на абед”, у якім расказваецца пра малых з пасляваеннай вёскі, якія так згаладаліся, што вырашылі паехаць у дзіцячы дом за сто кіламетраў, каб там удоваль наесціся. Алена Іванаўна прызналася, што ў падлеткавым узросце, толькі прачытаўшы гэтае апавяданне, яна канчаткова ўсвядоміла, наколькі сур’ёзны пісьменнік яе бацька.
Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч з Іванам Чыгрынавым сустракалася не раз. Ёй даводзілася іграць у тэатральных і кінапастаноўках паводле яго твораў. “Ён быў вельмі маўклівы і мудры”, – так успамінала пра Чыгрынава як пра чалавека Марыя Георгіеўна. А як пісьменнік ён быў праўдзівы і глыбокі. Яна адзначыла, што сустрэчы з Іванам Гаўрылавічам з’яўляюцца яркімі старонкамі яе творчага жыцця.
Сустрэча атрымалася вельмі шчырай. На памяць аб ёй застануцца не толькі добрыя ўспаміны, але і фотаздымкі, і аўтографы гасцей.

Уладзімір Гілеп

ЧЫГРЫНАЎСКІЯ ЧЫТАННІ ПРАЙШЛІ Ў МАР’ІНАЙ ГОРЦЫ

17 снежня 2015 г. у Мар’інай Горцы адбыліся XIX літаратурныя чытанні, прысвечаныя творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. Штогод пасля заўчаснай смерці Івана Гаўрылавіча ў 1996 годзе адбываюцца сустрэчы пісьменнікаў, родных творцы з чытачамі бібліятэк, з навучэнцамі школаў і каледжа Мар’інай Горкі. Яны арганізаваныя Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеем, грамадскім аб’яднаннем «Беларускі фонд культуры», жонкай пісьменніка Людмілай Прохараўнай.
У 1987 г. I. Чыгрынаў быў абраны старшынёй Беларускага фонду культуры. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да канца сваіх дзён, шмат зрабіў для адраджэння культурнай спадчыны Беларусі. Асаблівую ўвагу надаваў развіццю бібліятэк на сяле. Пры ім была распачатая праграма (спачатку фонду, а затым і Міністэрства культуры) «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», якая працуе і сёння. ІІІкада толькі, што са згоды (а можа, маўклівасці) Міністэрства культуры пачалі знікаць вясковыя бібліятэкі. Асаблівы маштаб гэты «рух» мае менавіта ў Мінскай вобласці. Уперад – «да хаты-чытальні 1920-х гадоў мінулага стагоддзя» – так ахарактарызавалі гэты «рух» бібліятэкары на сустрэчах з мінскімі гасцямі пад час правядзення сёлетніх Чыгрынаўскіх чытанняў.
А яшчэ ў гэты дзень госці з Мінска правялі тры сустрэчы, на якіх добрым словам згадалі аднаго з самых таленавітых пісьменнікаў Беларусі, выдатнага грамадскага дзеяча і дбайнага сем’яніна I. Чыгрынава. Гэтаму паспрыяла біяграфічная прэзентацыя аб жыцці і творчасці пісьменніка, падрыхтаваная цэнтральнай бібліятэкай раёна, а таксама шматгадовая руплівасць і зацікаўленасць Чыгрынаўскімі чытаннямі дырэктара мясцовага музея Аляксандра Прановіча, выкладчыкаў і настаўнікаў каледжа і школ раённага цэытра,

Аляксандр Прановіч

ІВАН ЧЫГРЫНАЎ І ПУХАВІЧЧЫНА

У 1987 годзе Іван Чыгрынаў быў абраны старшынёй Беларускага фонду культуры. Знаходзячыся на гэтай пасадзе да канца свайго жыцця, ён многа зрабіў па адраджэнні культурнай спадчыны Беларусі. Беларускі фонд культуры пад яго кіраўніцтвам удзяляў вялікую ўвагу бібліятэкам. Пісьменнік лічыў, што кожная бібліятэка, асабліва ў вёсцы, з’яўляецца асяродкам нацыянальнай культуры. Таму і недаравальна, што сельскія бібліятэкі зараз хутка знікаюць.

Упершыню з Пухавіччынай у 1988 годзе I. Чыгрынава пазнаёміў наш зямляк, пісьменнік Валянцін Мыслівец, які ў той час працаваў у Беларускім фондзе культуры. Яны наведалі гарадскі пасёлак Рудзенск, калгасы «Барацьба», імя ЦК КПБ (цяпер СВК «Зазерка», «Голацк»). Правялі там шэраг цікавых мерапрыемстваў. Іван Гаўрылавіч пасябраваў тады са старшынёй калгаса імя ЦК КПБ Фёдарам Уладзіміравічам Супруном. Сяброўства іх працягвалася да апошніх дзён жыцця пісьменніка.
Больш часта наш край I. Чыгрынаў пачаў наведваць у 1990 годзе, калі выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання па Мар’інагорскай выбарчай акрузе.
З многімі пісьменнікамі, якія прыязджалі разам з ім, ён пабываў амаль што ва ўсіх населеных пунктах акругі. Выступаў перад рабочымі, калгаснікамі, інтэлігенцыяй. Складаны быў той час. Вялікая краіна СССР дажывала свае апошнія гады. За дэпутацкі мандат змагаліся ўсе хто мог. Кандыдатаў на месца дэпутата было больш за дзясятак. Пры правядзенні выбарчай кампаніі выкарыстоўваўся вялікі адміністрацыйны націск на карысць мясцовага кандыдата.
Аднак не стаўшы дэпутатам, I. Чыгрынаў не пакрыўдзіўся. Ён часта наведваў раён, сустракаўся з настаўнікамі, бібліятэкарамі. Аказаў дапамогу ў станаўленні раённага краязнаўчага музея, які ў той час пераехаў з Дукоры ў Блонь. Набыў сабе лецішча ў прыгожым месцы паблізу вёскі Блужа. Але цяжкая хвароба і потым смерць не дала здзейсніць шматлікія яго планы.
Штогод у раёне ў снежні пасля смерці I. Чыгрынава праводзяцца літаратурныя чытанні. У іх актыўны ўдзел прымае жонка пісьменніка Людміла Прохараўна. Удзельнічаў кожны год у чытаннях і зямляк пісьменніка, паэт Алесь Пісьмянкоў, які заўчасна пайшоў з жыцця.
Сёлета ў Чыгрынаўскіх чытаннях прынялі ўдзел паэт Анатоль Вярцінскі, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч і нязменны арганізатар чытанняў Людміла Прохараўна Чыгрынава. 23 снежня сустрэчы з месцічамі адбыліся ў раеннай бібліятэцы, а таксама з навучэнцамі найстарэйшага каледжа нашай краіны, які падрыхтоўвае спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

ЖЫЦЦЁВАСЦЬ ЯГО ПРОЗЫ

65-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава стала яшчэ адной магчымасцю для прыхільнікаў яго яркага, самабытнага таленту асэнсаваць значнасць здзейсненага Майстрам, разгледзець творчасць I. Чыгрынава не толькі ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры, а і ў нядаўняй шматнацыянальнай савецкай, асабліва той часткі яе, што тычыцца подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У многіх месцах адбыліся канферэнцыі па кнігах Івана Гаўрылавіча, у бібліятэках былі арганізаваны выставы выданняў яго твораў – як у арыгінале, так і ў перакладах на іншыя мовы.
У Магілёўскай абласной бібліятэцы прайшлі «Чыгрынаўскія чытанні», ініцыятарамі правядзення якіх выступілі супрацоўнікі гэтай культурна-асветнай установы. У гаворцы аб творчасці I. Чыгрынава прынялі ўдзел дэкан філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова пісьменнік Яраслаў Клімуць, работнікі бібліятэкі, чытачы. А яшчэ госці з Мінска – старшыня праўлення Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Навум Гальпяровіч, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Сяргей Законнікаў, старшыня камісіі па творчай спадчыне I. Чыгрынава Алесь Пісьмянкоў, паэт Уладзімір Скарынкін. Выступленні ўсіх іх былі выслуханы з вялікай цікавасцю. Але з асаблівай прыемнасцю прысутныя сустрэліся з жонкай I. Чыгрынава Людмілай Прохараўнай. Менавіта яна лепш за іншых ведае яго як чалавека, прытым воблік гэты не «класічны», не «хрэстаматыйны».
«Чыгрынаўскія чытанні» – гэта вызначэнне ў той ці іншай ступені патрапляе і пад іншыя мерапрыемствы, звязаныя з юбілеем слыннага празаіка і выдатнага грамадскага дзеяча. Іншая справа, што, у залежнасці ад аўдыторыі, яны набывалі пэўную адметнасць. У прыватнасці, у бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў гэта быў чыгрынаўскі ўрок, на які прыйшлі вучні сталічнай школы № 4. Правядзенне ўрока стала не столькі юбілейным мерапрыемствам, колькі магчымасцю адкрыць школьнікам найбольш яркія старонкі творчасці I. Чыгрынава, бо, на жаль, на ўроках беларускай літаратуры сёння дзеці не заўсёды могуць гэта зрабіць. Знайшліся «разумнікі», якія многія творы I. Чыгрынава выкінулі са школьнай праграмы. Тым з большай цікавасцю слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі Дзмітрыя Бугаёва, Анатоля Кудраўца, якія добра ведалі Івана Гаўрылавіча, а ў выніку дзеці даведаліся нямала цікавага пра яго жыццё і творчасць.
А на Пухаўшчыне правядзенне чыгрынаўскіх мерапрыемстваў стала штогадовай традыцыяй. I хоць нарадзіўся пісьменнік, як вядома, у Касцюковіцкім раёне, пухаўчане таксама лічаць яго сваім, бо апошнім часам Іван Гаўрылавіч меў у гэтых мясцінах дачу, а таму часта наведваўся туды. Гэтым разам цэнтрам «чыгрыўнаўскай сустрэчы» стала сярэдняя школа № 1 у Пухавічах. Перад вучнямі і настаўнікамі выступілі Анатоль Вярцінскі, загадчык аддзела культуры Пухавіцкага райвыканкама Яўген Сушко, дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч і іншыя. Адзначалася повязь I. Чыгрынава з пухаўскай зямлёй, гаварылася аб высокай праўдзівасці і жыццёвасці яго прозы.
Мерапрыемствы, падобныя юбілейным чыгрынаўскім, яшчэ адна мажлівасць, а прымаючы пад увагу цяперашнія рэаліі, вельмі важная мажлівасць, далучыць чытача да лепшых набыткаў нацыянальнай літаратуры, засведчыць, наколькі яна багатая на яркія мастакоўскія індывідуальнасці. I будзе няблага, калі творчы саюз і ў далейшым будзе практыкаваць іх як мага больш частае правядзенне.

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”