Раман «Плач перапёлкі» быў надрукаваны ў часопісе «Маладосць» у бытнасць рэдактарам Алеся Асіпенкі. Зразумелая справа, што аднёс я свой першы буйны празаічны твор і ў выдавецтва. Тады яно ў нас было адно, называлася – дзяржаўным. Даўно ўжо ў краіне не засталося нічога прыватнага, а старыя назвы ўсё трымаліся – дзяржаўнае выдавецтва, дзяржаўны цырк… Тым часам у выдавецтвах была адпрацаваная практыка прасоўвання рукапісу да здачы ў набор, нават калі твор ужо і надрукаваны, атрымаў у друку станоўчыя водгукі; усё пачыналася нанава – і новы рэдактар, і новае рэцэнзаванне, і новае заключэнне… Дык вось, рэцэнзію для выдавецтва на «Плач перапёлкі» напісаў Тарас Хадкевіч. Вывад быў нядобры для мяне: друкаваць твор, маўляў, можна было б, калі аўтар напіша працяг! Бо адчуваецца незавершанасць рамана, якая, адзін бог ведае, да чаго можа прывесці! Але я не згадзіўся з прысудам Хадкевіча. Папрасіў, каб прызначылі рэдактара, які вынесе канчатковае рашэнне. Чамусьці мне верылася, што якраз рэдактар і рассудзіць аўтара з рэцэнзентам. Хто стане маім рэдактарам, мне не сказалі. Будзем чытаць, сказаў Хведар Жычка, які працаваў тады загадчыкам рэдакцыі мастацкай прозы. Але неўзабаве я быў надзвычай здзіўлены, калі пачуў з вуснаў загадчыка сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ цытаты з рэцэнзіі. Ну а той загадчык сектара і Хадкевіч былі вялікімі сябрамі. Можна было здагадвацца, што рэцэнзія для выдавецтва на мой раман з’явілася калі не ў сааўтарстве, то ўжо ў выніку паразумення паміж сябрамі. «Хто прызначаны рэдактарам?» – хваляваўся я. Жычка маўчаў. Астатнія ў рэдакцыі прозы глядзелі на мяне з жалем. Нарэшце аднаго дня пазваніў Алесь Масарэнка. Ад імя Хведара Жычкі, сказаў ён. Я прыехаў у выдавецтва, якое размяшчалася ў старым будынку Дома друку. На стале ў Жычкі ляжаў мой раман. Ён развязаў папку, паказаў першыя старонкі. Божа мой, там не засталося ад майго тэксту ніводнага жывога месца. Па рамане папрацавалі, як цапамі па расцярушаных снапах на таку. Ды ў дзве рукі. Найбольш вылучалася адна. Почырк яе мне знаёмы быў. Чалавек, які не пашкадаваў ні часу, ні працы на гэткае рэдагаванне, знаходзіўся тут жа, у выдавецкім пакоі, назіраючы, якое паследуе рэагаванне з майго боку. Даўно гэта было, але як цяпер помню, як пацямнела ў мяне ўваччу, калі ўбачыў рэдактарскі здзек, і закружылася ў галаве. У пакоі ўтварылася нямая сцэна. Аднак вось я ачомаўся, узяў у рукі папку з машынапісным тэкстам рамана, усё роўна як ватным языком сказаў: дазвольце, я пазнаёмлюся з заўвагамі дома. Так і сказаў – пазнаёмлюся, маўляў, не з праўкамі, а з заўвагамі. Жычка на здзіўленне мне дазволіў. I я падаўся, быццам здранцвелы, на Паркавую магістраль, дзе жыў тады.
Ніякай рады праўкам бабралова немагчыма было даць. Нічога майго ў рамане не засталося. Адны героі. Але можна ўявіць сабе, на каго падобныя яны сталі цяпер, калі падзеі гэтак перайначаны?
I я рашыўся. Можна сказаць, на вялікі адчай па тым часе, які межаваў з дзёрзкасцю! Папрасіў жонку, Людмілу Прохараўну, купіць у магазіне гумак, каб начыста сцерці вынікі рэдагавання. Менавіта вынікі. А яны былі жахлівыя!..
I вось з самага раным-рана сядаў я за пісьмовы стол, які ўжо к таму часу ў мяне быў, і шмараваў гумкай па машынапісных старонках, расквечаных двума почыркамі. На абед прыходзіла жонка, уключала пыласос, каб пачысціць стол ад гумовай трухі. Па абедзе я зноў з жахам садзіўся за стол, працягваў «працаваць». I так – кожнага дня, ажно пакуль не сцёр сляды «рэдагавання» з апошняй старонкі. Па начах у мяне балелі кончыкі пальцаў…
Нарэшце «знаёмства» з праўкамі было скончана. Я напісаў ліст да Хведара Жычкі. Кароткі. Маўляў, дзякуй за ўвагу, усё выпраўлена. Але сам не пайшоў у выдавецтва. Перадаў раман цераз людзей. Пасля мне расказвалі, як успрыняў Жычка, а з ім і той бабралоў, мае «праўкі». Зноў у рэдакцыі настала нямая сцэна. Жычка ўзяў раман і тут жа кудысьці адвёз. Доўга, сапраўды доўга «недзе» нанава чыталі «Плач перапёлкі». Але ўсяму настае канец. Нарэшце Жычка вярнуў у рэдакцыю раман, буркнуўшы: «Будзем выдаваць!..»
Рэдагаваць гэты раз «Плач перапёлкі» узяўся намеснік галоўнага рэдактара Антоненка. Небывалая рэч у практыцы выдавецтва нябожчыка Матузава! З таго часу яшчэ адна перапёлка пачала лётаць па Беларусі, нават па цэлым свеце.
Аказваецца, у пісьменнікаў таксама ёсць свае злыя і добрыя геніі. Шкада, што мы не заўсёды ведаем добрых.