Між тым, сказаць, што ўсё маё дзяцінства прыпала на вайну, нельга. Хапіла яго яшчэ і на пасляваенны час. Але яго, той час, чамусьці ўспамінаеш цяпер куды радзей, дарма што падзеі з вайны, як правіла, асмужаны трагічнасцю. Адным часам самай сапраўднай, другім – акурат камічнай. Вось паслухайце.
Вайна па нашым краі на ўсход, а дакладней, на паўднёвы ўсход, пракацілася ў сярэдзіне жніўня сорак першага года, і нейкі час, мусіць, месяца паўтара не было відаць ні немцаў, ні чырвоных. Аднак затым зноў пачаліся вайсковыя пераходы праз нашу вёску, бо зрушыліся франты і ў цэнтральнай Расіі, і на Украіне. Нямецкія калоны, пешыя і грузавыя, усё роўна як знарок снавалі па галоўнай вуліцы ўдзень і ўначы. Зразумела, што некаторыя спыняліся, часцей, каб абначыцца ў хатах. Здаралася, што і ўдзень дымілі кухні паміж вясковых гумнаў, калі наставаў час абеду ці сняданку. Цяпер можа здасца каму неверагодным, але немцы з франтавых часцей, бывала, кармілі нас, дзяцей, недаедкамі, балазе, у паходных кухнях заўсёды заставалася рэшта якога-небудзь варыва. Асабліва смачная ў іх выходзіла прасяная каша, да якой і ў нашай вёсцы людзі былі прывучаны, бо сеялі гэты злак і ў полі, і на лядах. Праўда, дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў тую, першую ваенную восень, мы яшчэ не галадалі, – падзяліўшы калгас, жылі аднаасобна і, можна сказаць, заможна, дарма што не ставала солі, газы, запалак, таму ад немцаў іхнюю ежу бралі, як чужыя прысмакі. Помню, аднойчы мне асабіста нямецкі салдат на іхнім прывале ў нашай вёсцы даў галанскага сыру пакаштаваць, якога дагэтуль нават не бачыў, не тое што еў. Таму мне падалося, што частуе ён мяне мылам… Узяў я ў рот ягоны сыр і тут жа выплюнуў. Зразумелая справа, што немец абразіўся і доўга крычаў на сваёй незразумелай мне мове…
У першую ваенную восень вяскоўцы мае шмат працавалі. Здаецца, ні да таго, ні пасля гэтакай зацятасці ў працы не назіралася больш, прынамсі, на маёй памяці. Гумны стаялі поўныя збожжа ў снапах, яго належала сушыць ды малаціць, а на вёску ні адной малатарні. Сушылі снапы ў ёўнях, малацілі на таках, што былі ў кожным гумне. У часе малацьбы хаты абязлюдзьвалі, нават зусім старым знаходзіўся занятак на гумнах, хоць бы падтрымліваць агонь пад ёўнямі. Дома заставаліся адны дзеці. Але бацькі імкнуліся і нас неяк уладкаваць. У нашым канцы вёскі, напрыклад, зводзілі дзяцей у нашу хату, акурат у дзіцячы сад. Вядома, не грудных, а тых, што ўжо маглі самі стаяць і рухацца на нагах. Больш за ўсё збіралася да нас маіх аднагодкаў і аднагодкаў маіх сёстраў і малодшага брата. Двох старэйшых братоў маці заўсёды вадзіла на гумно, дзе ім таксама была праца. Вяскоўцы ў нашым канцы вёскі нават жартавалі – у Гаўрылішыхі адкрылі новы дзіцячы сад, балазе, стары, што быў да вайны ў калгасе, даўно не дзейнічаў. Ну а я ў тым новым дзіцячым садзе з’яўляўся адным часам і дырэктарам, і выхавальнікам, і ахоўнікам. Словам, увесь клопат ляжаў на мне, няйначай, суседзі сапраўды спадзяваліся на мяне. Але не адным гэтым тлумачыўся мой аўтарытэт. Справа ў тым, што ў нашай хаце вісеў на сцяне партрэт Гітлера. Прывёз яго нам наш кум паліцай Хвадзей. «Паколькі твой мужык камуніст, – сказаў ён нашай маці, – то хутчэй за ўсё немцы пачнуць расправу з вас. Таму вешай гэты партрэт у сябе ў хаце, можа, ён калі ўратуе вас». Маці паслухалася паліцая, узяла партрэт, а мы прыклеілі яго на сцяну. Дзіўна, але суседзі таксама, відаць, ускладвалі надзеі на партрэт – не могуць жа немцы пры відзе свайго правадыра штосьці рабіць благое. Так яны і спадзяваліся то на мяне, то на партрэт Гітлера. I вось аднойчы заходзіць у хату нямецкі афіцэр. Убачыў на сцяне свайго правадыра, кліча пальцам да сябе Мішку Бычыхіна, пытае па-расейску – хто гэта? А той ці то разгубіўся, ці то зразумець не мог, што ад яго чакае афіцэр, пачаў чамусьці рагатаць у адказ. Ды так нядобра, быццам спрабаваў паздзекавацца і з запьггання адным часам, і з партрэта. Немец раззлаваўся раптам, пачаў тупаць ботамі, крычаць. Ужо не помню, якія словы ён выкрыкваў, аднак тады я спалохаўся. Выйшаў наперад, загарадзіў Мішку і сказаў, як вучыла маці: «Гэта наш аслабаніцель Адольф Гітлер». Заступніцтва маё, а злашча, няйначай, хлапчукоўская кемлівасць мая падзейнічалі на немца. Ён тут жа адпусціўся душой, заўсміхаўся, болып за тое, пачаў раздаваць дзецям цукеркі, якія ляжалі ў яго ў кішэні.
Вяскоўцы мае пасля доўга хвалілі мяне:
– Каб не Гаўрылішын Іван, то яшчэ невядома, што было б з нашымі дзецьмі!