1989
Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна мы ў добрым сяброўскім коле ды старым звычаем адзначалі першы юбілей Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва – тады гэтаму абаяльнаму чалавеку было ўсяго, як звычайна гавораць у такім выпадку, пяцьдзесят. Але ж адразу варта сказаць тут і вось пра што: цяпер ён гэтакі ж няўрымслівы, а галоўнае – усё яшчэ бескампрамісны ў сваіх ацэнках літаратурных і грамадскіх з’яў.
Помніцца ён і зусім малады, калі ішоў у свой час у шэрагу тых літаратурных крытыкаў, якія ўзялі на сябе смеласць сказаць на ўвесь голас, што ёсць што ў паэзіі, у прозе, у драматургіі і хто ёсць хто наогул у нашай літаратуры. За доўгія гады, бадай, упершыню якраз пад уздзеяннем «асветных ідэй», калі можна сказаць так, гэтых крытыкаў мастацкія творы пачалі ўспрымацца ва ўяўленні шматлікіх чытачоў альбо як сапраўды мастацкія творы, альбо як творы шэрыя, пасрэдныя. Адбыўся такі працэс, вядома, не без супраціўлення. Было тады шмат і енку, і непаразуменняў, і нават помсты. Можна было б сёння нават назваць тых, хто арганізоўваў у газетах пісьмы, а ў часопісах дыскусіі, аднак усё-ткі хутчэй прыходзяць на памяць іншыя імёны, тым больш што далейшая наша літаратурна-крытычная практыка, асабліва ў апошнія гады, аднавіла ранейшую невыразнасць у ацэнках. Якраз з таго шэрагу, у якім стаяў Бугаёў, – гэта і У. Юрэвіч, і Р. Шкраба, і У. Калеснік, Н. Пашкевіч, А. Адамовіч, В. Каваленка, А. Лойка, Ю. Канэ, М. Стральцоў, В. Бечык, С. Андраюк.
Пісьменніку звычайна цяжка пісаць пра тых, хто ўвесь час апекаваў і апякуе яго творчасць. Прызнацца, мне таксама. У маім жыцці быў адзіны момант, калі Дзмітрый Якаўлевіч моцна падтрымаў мяне, здагадваўся я і пра тое, як даставалася яму пасля за гэта… Але сёння тое даўняе няйначай можна лічыць ужо за адзін з накладных выдаткаў літаратурнага жыцця, якое нават у самыя добрыя часы мала калі вызначалася справядлівасцю: прынамсі, не толькі наша, але, бадай, ніякая іншая літаратура не можа засцерагчыся ад гэтага. I адбываецца такое не таму, што ў літаратуры страсці таксама вызначаюцца адвечнай сваёй уласцівасцю – разгарацца і затухаюць. Відаць, пэўную ролю тут адыгрываюць, мякка кажучы, так званыя «калялітаратурныя» акалічнасці. Так, менавіта калялітаратурныя, дарма што іншы раз выдаюць іх за высокую прынцыповасць.
Ды я зноў пачну тым часам пра тыя гады, калі сапраўды навідавоку адбывалася размежаванне і ў літаратуры, і самой літаратуры. Маё пакаленне празаікаў і паэтаў знаходзілася пад вельмі моцным уплывам такіх крытыкаў, як Дзмітрый Бугаёў. Дакладней, у сілавым полі іх дзейнасці. Многа і не толькі добрага можна было б сказаць пра той час, але адно бясспрэчна – і пра гэта ўжо мне даводзілася гаварыць – тая наша літаратура з асаблівай, упартай і нейкай цяжкай сілай гаварыла пра самае глыбокае ў чалавеку; якраз вось гэтае – адкрываць у чалавеку самае глыбокае – склала тады галоўны пафас часу, выявіла яго духоўную атмасферу.
Бугаёў шмат працаваў тады, шмат працуе ён і цяпер. I ўсё з той жа адказнасцю і адданасцю. Відаць, тут не абысціся без пералічэння ягонага набытку. Зрабіць гэта можна нават паводле энцыклапедыі: «Друкуецца з 1957 года. Аўтар прац пра творчасць М. Лынькова («Шчодрае сэрца пісьменніка», 1963), М. Танка («Паэзія Максіма Танка», 1964), У. Дубоўкі («Уладзімір Дубоўка», 1965), М. Гарэцкага («Максім Гарэцкі», 1968), К. Крапівы («Зброяй сатыры, зброяй праўды», 1971), I. Мележа («Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа», 1977). Працы Бугаёва вызначаюцца ўвагай да фактаў грамадскага і творчага жыцця пісьменніка, аргументаванасцю вывадаў. Выступае ў друку па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу, мастацкага майстэрства, стылю (зборнік артыкулаў «Шматграннасць», 1970). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1–2. 1965–1966) і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981)».
Але энцыклапедыя не была б энцыклапедыяй, каб не адставала ад паступальнага руху наперад. Тым часам, як яна стваралася ды выходзіла з друку, Дзмітрый Якаўлевіч выдаў кнігі «Чалавечнасць», «Васіль Быкаў», «Арганічнасць таленту». За кнігу артыкулаў «Талент і праца» яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа. Зрэшты, назвы кніг, лічбы і даты і чытач здольны прыгадаць. Але мне хацелася таксама ўспомніць пра іх, каб такім вось чынам пацвердзіць яшчэ адну добрую якасць Бугаёва – яго вялікую працавітасць.
У нас мала хто з пісьменнікаў, у тым ліку і крытыкаў, акрамя, вядома, маладзейшых ды самых маладых, не надрукаваў свайго жыццяпісу ў тых трох кнігах аўтабіяграфій, што выйшлі ўжо; аўтабіяграфіі Бугаёва няма ў іх, здаецца, не будзе яе і ў чацвёртым томе, што збіраўся гэтыя гады ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». А я шмат ездзіў з Дзмітрыем Якаўлевічам, многа гаварыў – размоўшчык ён цікавы і шчодры; словам, давялося ў жыцці нам нямала пабыць адзін на адзін. Таму хацелася б што-кольвек згадаць з таго перагаворанага, асабліва што датычыць ягонага асабістага жыцця, пра якое ён усё яшчэ не збярэцца сам расказаць.
Помню, як мы вярталіся ўзімку з Дзмітрыем Якаўлевічам з Мсціслава, калі ездзілі на ўгодкі Максіма Гарэцкага. Насупраць вёскі Асавец, за якой чыгуначная станцыя з такой жа назвай, Дзмітрый Якаўлевіч папрасіў спыніцца. Вылезлі з машын. Якраз заходзіла сонца. Яно стаяла з правага боку ад нас. І вось Дзмітрый Якаўлевіч паказвае трохі лявей: «Там мая вёска, Сычык».– «То, можа, заедзем?» – «Другім разам». Што ж, другім дык другім. Але і другім разам, калі здарыўся выпадак, ён таксама не захацеў заглянуць туды. Праехалі міма. Тым не менш я сам наведаўся ў Сычык. Гэта было пазней, улетку. Я тады збіраў матэрыял пра Васіля Вашчылу. Ужо ведаў, што правадыр Крычаўскага паўстання – з Лобжы. А ад Лобжы да Сычыка – усяго, здаецца, пятнаццаць кіламетраў, не болей. Дык, рашыў, з’езджу. Думаў, гэта маленькая вёсачка, ну з тых, неперспектыўных, што пакутуюць і цяпер яшчэ на нашай зямлі. Дык не. Вёска як вёска. Цэнтр калгаса. Вядома, не стрымаўся я, каб не пацікавіцца ў тамтэйшых людзей. Але, як гэта цяпер бывае, даўніх жыхароў у Сычыку таксама не багата. I ўсё-такі адна старая на маё запытанне сказала: «А-а-а, ета Гапчын Міцька. Дык яны жылі вунь тама!..»
Цяпер гэта толькі месца, дзе «яны жылі». Вялікая сям’я Бугаёвых таксама раз’ехалася па ўсім свеце… Ды і радыяцыя…
Дзмітрый Якаўлевіч расказваў, як аднаго разу, здаецца, у трыццаць шостым годзе, прачнуўся ўранні і ўпершыню свядома ўбачыў бацьку. Той толькі што вярнуўся з турмы, куды трапіў на пачатку калектывізацыі. Якаў Якімавіч быў конюхам у калгасе, і хтосьці данёс у ДПУ, што ён нібыта насыпае на стайні ў карыта свайму каню больш аўса і кладзе ў яслі больш сена, чым іншым!.. А «свой» конь і «іншыя» коні былі ўжо калгасныя!.. Зразумеўшы з дапамогай маці, што гэта нарэшце вярнуўся з турмы ягоны бацька, малы хлопчык раптам кінуўся ад неспадзяванай радасці ў скокі, прыпяваючы: «Цяпер і ў нас ёсць бацька, цяпер і мы не без бацькі!» Толькі не дужа доўга панавала ў іхняй хаце радасць. У трыццаць сёмым Якава Якімавіча зноў арыштавалі. Цяпер ужо невядома з якой прычыны. Дамоў ён больш не вярнуўся…
З расказаў Дзмітрыя Якаўлевіча ведаю я і пра тое, як хадзіў ён тады з Сычыка за тры кіламетры ў Губіншчанскую школу. Стаяла яна на высокім узгорку былога панскага саду, які яшчэ быў моцны: грушава-яблыневы. З таго ўзгорка далёка быў відаць Воўчас – рака дзяцінства. Вучыўся Дзмітрый Якаўлевіч у гэтай школе і ў час нямецкай акупацыі, але ўсяго адну зіму – большыя хлопцы, седзячы ў класе на задніх партах, прайгралі ўсю тую вучобу ў карты. Дый не была ім залічана яна: у сорак чацвёртым годзе, пасля вызвалення, давялося зноў ісці ў шосты клас. I як адно з самых вялікіх уражанняў таго часу – савецкія лістоўкі аб перамозе пад Сталінградам, за якія паліцаі гразіліся «задаць» школьнікам (а тыя збіралі іх па шаране ў полі) шомпалаў.
Я і сам з акупацыі багата што вынес, дарма што быў па тым часе значна меншы: можа, таму заўсёды з цікавасцю слухаю таксама чужыя згадкі… Прыход Чырвонай Арміі Гапчыны дзеці сустрэлі ў лесе за вёскай, а перад тым бачылі, як гарэла, нібыта свечка, іхняя хата. Дзмітрый Якаўлевіч так і запомніў: «нібыта свечка». I яшчэ ён сцвярджае, што «было цікава глядзець, калі гарэла хата».
Зрэшты, усяго не перакажаш. I пачаў я прыводзіць тут запісы з расказаў Дзмітрыя Якаўлевіча хутчэй за ўсё таму, што сам ён яшчэ не падступаўся з пяром да іх.
Пасля вучобы ў педвучылішчы Дзмітрый Якаўлевіч настаўнічаў на Палессі. Пасля зноў вучыўся ў Магілёве, ужо ў педагагічным інстытуце. Аспірантуру канчаў у Мінску пры інстытуце імя А.М. Горкага. Затым працаваў выкладчыкам у Мазыры.
Словам, як бачыце, чалавек прайшоў ужо вялікую частку свайго жыцця, але пражыў плённа, бо не толькі жыў, а і багата працаваў – цяпер ён аўтар шматлікіх кніжак, прафесар і тройчы дзед.
Помню, як добра да яго ставіўся Мележ. З пісьменнікаў я апошні размаўляў з Іванам Паўлавічам, калі той паміраў у бальніцы на Чырвонаармейскай. Мы тады шмат гаварылі з ім пра жыццё, пра літаратуру. Яму цяжка гэта давалася. Аднак мяне ён не хацеў адпускаць ад сябе. Адпачне а пасля зноў пачне… Дык Мележ той часта згадваў Бугаёва. У дзявятым томе Збору твораў у яго ёсць такі запіс на 334-й старонцы: «За апошнія дн парадавала па-сапраўднаму адно: артыкулы (цэлых тры) – вялікая работа пра маю творчасць Д. Бугаёва. Даўно не чытаў пра творчасць такога добрага і галоўнае талковага слова. Здаецца, я недарэмна жыў і пакутаваў у літаратуры».
Гэта ўсё праўда ў Мележа – і пра артыкулы Бугаёва, і пра ўласныя пакуты ў літаратуры.
Словамі Мележа можна было б і скончыць своеасаблівае эсэ (прашу прабачыць за вольнае абыходжанне з жанрам) пра аднаго з лепшых нашых літаратурных крытыкаў, але вось гартаю запісы, а ўсё карціць нешта дадаць яшчэ. Дык тады хіба вось гэта. Дзмітрый Якаўлевіч неяк расказваў: «Калі забіралі другі раз бацьку ў турму, па яго хадзіў у лес – там бацька зноў пасвіў калгасныя коні – наш сусед; той і прывёў яго, нікому не сказаўшы пра небяспеку, у вёску, каб здаць міліцыянерам; а многа пазней, ужо ў вайну, маці наша ўзяла таго суседа хросным для меншага брата: і я ніколі не разумеў учынку яе; так і цяпер я не ведаю, чым кіравалася яна тады, а спытаць, пакуль была жывая, не адважыўся».
Што ж, Дзмітрый Якаўлевіч, можа, і добра ты зрабіў, што не спытаў: у нашых маці былі ў грудзях вялікія сэрцы, у якіх мясціўся свет з усім людскім!
1966
Генадзь Бураўкін сам даў прадмову да новай кнігі вершаў «Дыханне» (1966). Паэт піша: «У гэтай кнізе – вершы, напісаныя за апошнія тры гады. У іх – мой роздум, мае трывогі і пошукі, мая радасць, мой гнеў. Я хацеў перадаць дыханне часу, дыханне сэрца, сэрца грамадзяніна дваццатага веку». I таму пачынаеш чытаць з думкаю: ці выканаў паэт сваё абяцанне, ці ўдалося яму перадаць у кнізе тое дыханне часу і той роздум, аб якім гаварыў спачатку.
Паэт ужо склаўся, як кажуць, мае сваю тэму, якую можна назваць тэмай сувязі часаў, адметны голас. На гэты раз прызнаём адразу: Генадзь Бураўкін напісаў сталую кніжку паэзіі, дзе асабістае жыццё ўспрымаецца як працяг вялікага шляху бацькоў, як суладная хада сяброў і аднагодкаў. У кнізе паэт зрабіў новы крок і ў вырашэнні грамадзянскай тэмы і ў авалоданні паэтычным майстэрствам. У вершах Г. Бураўкіна пра Беларусь, пра яе людзей, прыроду, жыццё наогул голас аўтара па-ранейшаму гучыць горача і жыццесцвярджальна. Тэма Радзімы сплятаецца ў творах з тэмай асабістай адказнасці паэта за лёс краіны, народа.
Я веру поўдню,
Ён не памыляецца,
Бо ён не мае ў сабе
ані
Туманнасці яшчэ санлівай раніцы
I стомленай вячэрняй цішыні.
Здаецца, гэта адзін з лепшых вершаў у кнізе «Дыханне».
Некалі Дабралюбаў сказаў: «Галоўнае, сачыце за бесперапыннай, стройнай, магутнай, нічым не стрыманай плынню жыцця». У гэтым вялікі крытык бачыў заруку поспеху ў творачасці. I калі гаварыць дастасоўна да Г. Бураўкіна, то трэба адно пазайздросціць – у яго творчасці, дакладней, у новай кнізе, можа, больш чым у каго іншага, адчуваецца непарыўная сувязь мінулага і сучаснага, рэвалюцыйная пераемнасць пакаленняў і кожны раз – пачуццё адказнасці за ўсё. Дарэчы спаслацца тут на ягоны верш «Бацьку».
Былі калючы дрот і краты,
Магіл заўчасныя гарбы.
Ды ты ні ў чым не вінаваты.
Ты чэсным камуністам быў.
I раскулачваў, мёрз на фронце,
У сорак шостым галадаў…
Цябе я ні крыклівай фрондзе,
Ні культу, бацька, не аддам.
I галоўнае, падобныя вершы – не дэкларацыя. Гэта не што іншае, як імкненне паглыблена ўглядацца ў жыццё, бачыць складанае там, дзе некаторым здаецца ўсё простым. У вершах Г. Бураўкіна выявілася дарога пакаленняў.
Вось невялікі верш пра тых, хто адстаяў краіну ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі ў мінулую вайну:
Калі зямля спакойна засынае
I ў зорак нават сплюшчваюцца вейкі,
Тады здаецца, што на цэлым свеце
Не спяць адны вартаўнікі.
А інвалідам і тады не спіцца,
Смыляць незарубцованыя раны,
I нудна, аднастайна, раўнадушна
Пратэзы ў цішыні начной рыпяць.
На вуліцу выходзяць інваліды,
Каля прысад пахаладзелых
крочаць –
I быццам зноў ваенны вецер вее
I тысячы гаёў пад ім рыпіць.
Бяссонніцу прыносяць інваліды
На вуліцы дваццатага стагоддзя.
I ў іх вачах гарыць, не патухае
Ці то чырвонае густое сонца,
Ці бітваў незакончаных агонь.
I такія хвалюючыя радкі можна прачытаць шмат у якіх вершах паэта.
У зборніку «Дыханне» ёсць паэма «Чужая споведзь». Яна пачынаецца так:
Часамі цягне зноў прыйсці туды,
Дзе летуценні дрэмлюць каля весніц,
Дзе – верыцца – не выстылі сляды
Твайго дзяцінства і тваіх равесніц.
Але ёсць у гэтай паэме разам з сапраўдным лірызмам і глыбокая філасафічнасць, і палкая публіцыстычнасць.
Увесь трэці раздзел новай кнігі Г. Бураўкіна – лірычны. У вершах, якія Г. Бураўкін друкаваў апошнія два-тры гады, усё часцей адчувалася іх моцная знітаванасць з біяграфіяй паэта, яны былі неаддзельныя ад біяграфіі сэрца. Заканамерныя ўдачы чакаюць паэта там, дзе ён прасочвае самыя патаемныя рухі душы, раскрывае тонкія чалавечыя перажыванні. Такія вершы, як «Колькі я пражыву…», «Уваходжу ў лес, нібыта ў хату…», «Сон мой сіні, салодкі верад…», «Па той зямлі, дзе ўсё табою дыша…», належаць да лепшых у кніжцы.
Генадзю Бураўкіну даступна асаблівае адчуванне прыроды. Амаль ніколі прырода не ўваходзіць у яго вершы пейзажнымі замалёўкамі. Рэчкі, лясы, лугі, палі кожны раз успрымаюцца ў яго вершах як новыя рысы Радзімы, зямлі, на якой жыве паэт.
Вялікімі чалавечымі перажываннямі вызначаецца новая кніга паэзіі Генадзя Бураўкіна.
1986
Яшчэ на пачатку яго творчага шляху Максім Багдановіч назваў Змітрака Бядулю, стагоддзе з дня нараджэння якога сёння мы адзначаем, «пісьменнікам з душой чулай і паэтычнай».
У адзін час з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Максімам Гарэцкім Бядуля закладваў трывалы падмурак новай нацыянальнай літаратуры, узводзіў яе гмах.
Творчасць яго займае адметнае месца ў нашай літаратуры. Большасць твораў пісьменніка, напісаных шмат гадоў назад, і сёння працягваюць жыць паўнацэнным ідэйна-эстэтычным жыццём, бо яны кроўна звязаны з лёсам народа, з лёсам чалавека.
Талент пісьменніка не толькі значны, але ў высокай ступені самабытны і арыгінальны.
Нарадзіўшыся ў яўрэйскай сям’і, якая вяла ў асноўным сялянскі лад жыцця, і атрымаўшы адукацыю ў яўрэйскіх школах, Бядуля прыняў беларускую мову не проста як рабочую літаратурную мову, ён прыняў яе і як мову сваёй душы.
Брат пісьменніка ўспамінае: «Сям’я наша была працавітая… Маці нарадзіла дзевяцёра дзяцей, і жылі мы ў вечнай нястачы. Зямлі ў нас не было. Бацька займаўся вывазкай лесу, а часам і іншай работай – якая траплялася. Маці была швачка. Бацька добра іграў на скрыпцы… Купіў скрыпку і для Самуіла. Але брат не дужа займаўся ігрой… У сем гадоў брат пачаў вучыцца ў хедары (пачатковая школа), прабыў там пяць гадоў. Потым яшчэ тры гады вучыўся ў ешыбоце (духоўная семінарыя)… Ешыбот ён не скончыў, пакінуў. Пасля таго як з Самуіла не выйшаў рабін, бацька хацеў, каб ён стаў бухгалтарам. Купіў яму падручнік па бухгалтэрыі. Але не да гэтага сын імкнуўся».
Пачаліся гады самаадукацыі. Будучы наш выдатны празаік набіраўся грамаце па завочных лекцыях. Словам, яго спатыкае лёс многіх людзей таго часу, а найперш большасці беларускіх дарэвалюцыйных пісьменнікаў – лёс самавука.
Рана Бядуля спазнаўся з мастацкім словам. Але спярша пісаў па-руску, дасылаў свае творы ў часопіс «На берегах Невы», што выходзіў у Пецярбургу. I вось аднаго разу ў Даўгінаве ён сустрэў чалавека, які распаўсюджваў беларускую газету «Наша ніва». Набыў адзін нумар. Гэта і вырашыла далейшы лёс будучага пісьменніка. Неўзабаве ён пачаў друкавацца ў Вільні.
Той жа брат Мацвей тлумачыў пасля: «Знаходзячыся з маленства сярод беларусаў, а таксама працуючы разам з імі ў лясах і на сплаве, ён… вельмі любіў хадзіць па суседніх вёсках… I настолькі вывучыў беларускую мову, што яна для яго стала роднай».
Але не толькі мовай прывабіла маладога чалавека «Наша ніва». Беларуская газета да душы прыйшлася яму сваёй накіраванасцю, яму ўжо тады блізкай была тая пазіцыя, якой моцна трымалася наша нацыянальная газета, – бараніць людзей ад эксплуатацыі, нацыянальнага ўціску.
У першым жа друкаваным творы па-беларуску – а гэта быў абразок «Пяюць начлежнікі» – ён раздумліва і хвалююча напісаў:
«Пяюць начлежнікі…
Слоў не разбярэш – надта закацістая песня, але зірнеш, адкуль плыве яна, і ўбачыш чырвоны слуп з чорнай каронай над лесам – гэта вогнішча начлежнікаў…
…Пяюць начлежнікі…
Якая моцная падмога ідзе ад цябе, шчырая святая песня!..
Нудным і вясёлым часам ты заглядаеш у нашы душы. Ты лечыш наша беспатольнае гора, ты аблягчаеш нашу працу… даеш надзею і моц і, малюючы шэрае жыццё, цешыш надзеяй на лепшае. Чуе цябе душа наша і радуецца і лунае разам з табой да светлага неба…
…Пяюць начлежнікі…»
Мае рацыю Віктар Каваленка, гаворачы пра бядулеўскіх начлежнікаў: «Не, яшчэ не спяваў беларускі селянін у літаратуры такіх песень – такіх закацістых, поўнагалосных, зычных, думных, чуткіх не толькі зямлі, але і небу і зоркам. Гэта было паэтычнае сцвярджэнне права вясковага працаўніка на актыўнае ўнутранае жыццё, на далучэнне яго да ўсяго свету».
Народная песня заўсёды была выяўленнем духоўнай сілы народа.
Гэта ўвогуле цікавая з’ява – станаўленне эстэтычных поглядаў мастака. Шкада, што мы не маем магчымасці заняцца гэтакім даследаваннем сёння. Але, тым не менш, сказаць варта, што ў часы, калі быў надрукаваны артыкул Янкі Купалы «Чаму плача песня наша». Бядуля ўжо добра разумеў сваё прызначэнне як мастака. Трохі пазней у адным са сваіх вершаў ён звернецца пэўна ж да той дыскусіі на старонках «Нашай нівы», каб яшчэ раз пацвердзіць, што сайраўдны мастак мусіць ведаць не толькі тое,
Як рэчка спявае,
Як стогнуць сыр-боры.
Як зоркі мільгаюць,
Як родзіцца траўка…
але і тое
Як неба ў пажары
Мяцеж апранае,
Як плача дзяўчына
Па хлопцу па любым,
Як тужыць сіротка
Па матцы радзімай,
Як скачуць вяселле,
Спяваюць на полі…
У кожным разе мы можам сказаць: некаторы ўплыў літаратуры дэкадансу на раннюю творчасць Бядулі не перашкодзіў яму стаць на пазіцыі крытычнага рэалізму, на пазіцыі пісьменніка-дэмакрата.
Не трэба забываць, што прыходзіў ён у літаратуру пасля першай рускай рэвалюцыі, якая хоць і скончылася няўдачай, але паспела тады ўскалыхнуць, абудзіць народныя масы царскай Расіі на барацьбу супроць эканамічнага і палітычнага прыгнёту, за нацыянальнае разняволенне. Гэтага хапіла надоўга, як хапіла на многае і людзей, што пранікліся ідэямі рэвалюцыі 1905 года.
Даўно вядома, што рэвалюцыйныя падзеі нараджаюць волатаў, свядома моцных актыўнымі памкненнямі. Яны акрыляюць таксама мысліцеляў і паэтаў. Але так сталася, што нашым паэтам належыць асаблівая роля ў гістарычным развіцці свайго краю. А літаратуры ў цэлым, якая толькі нараджалася, выпала да таго ж вялікая місія – стаць не толькі выразнікам народных спадзяванняў, але і каталізатарам, калі можна сказаць так, нацыянальнай самасвядомасці народа, яго самаспасціжэння, вызначэння яго месца на зямлі і сярод другіх народаў. Нездарма ж пісьменнікі таго часу, як правіла, непазбежна станавіліся і культурнымі, грамадскімі дзеячамі, дакладней, змагарамі. Менавіта такімі былі нашы «пачынальнікі».
Мала вядома публіцыстычная дзейнасць Змітрака Бядулі часоў «Нашай нівы», у рэдакцыі якой ён працаваў сакратаром. А публіцыстычных артыкулаў, карэспандэнцый ён пісаў тады шмат. Пісьменнік ставіў на парадак дня надзённыя пытанні тагачаснага жыцця, падбадзёрваў усіх, хто станавіўся на шлях змагання: «Не вечна крыўдзе панаваць над праўдай! Працуйце, браты, з верай, што мы вам спагадаем і, чым сіл, паможам дзеля лепшай долі ўсіх нас».
Першая кніга Змітрака Бядулі выйшла ў Пецярбургу ў 1913 годзе. Гэта кніга прозы – «Абразкі». Пераважна кніга празаічных імпрэсій. Яна была, можна сказаць, цалкам «сялянскай кнігай». І заслугай аўтара яе з’яўляецца няйначай перш за ўсё тое, што ў ёй «унутранае жыццё» цёмнага і забітага беларускага селяніна было асветлена «ўсясветнымі страсцямі».
У гэты час Бядуля шмат працуе, калі гаварыць сённяшняй мовай, і ў жанры паэзіі. I калі ўжо мы згадалі пра гэта, раз ужо прыйшлося да слова, дык цікава будзе нагадаць і вось пра што: гэта мы цяпер усе, ці амаль усе, працуем у «пэўных жанрах»: проза, паэзія, драматургія, крытыка… Мала калі пераходзім межы літаратурных жанраў. Прыклад Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, дый не адных іх, гаворыць пра іншае. Ім даводзілася быць універсаламі. Клапаціцца не толькі пра тэматычнае ўзбагачэнне роднай літаратуры, але і пра жанравае; ім рупіла, каб усе жанры аднолькава поўніліся жывымі сокамі творчай думкі, аднолькава развіваліся.
У 1914 годзе выбухнула імперыялістычная вайна. У сувязі з набліжэннем фронту да Вільні «Наша ніва» перастала выдавацца. Змітрок Бядуля пераязджае ў Мінск. Разам з Янкам Купалам ён пасяліўся ў доме, дзе некалі адбываўся Першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Бядуля займаў правую палавіну гэтага дома, Купала – левую. У Бядулі, на яго палавіне, колькі часу жыў Максім Багдановіч.
У Мінску Бядуля сустрэў лютаўскую рэвалюцыю сямнаццатага года, затым – Кастрычніцкую.
Цяпер нам лёгка меркаваць, як пісьменнік прыняў падзеі таго часу. Да таго ж сваіх адносін да падзей ён не хаваў. Яны – у яго творах. Але ніхто не можа сёння адмаўляць, што Бядуля «быў сумленны ў пошуках праўды» і вельмі шчыры ў сваіх памылках.
Пасля выгнання акупантаў з Мінска пісьменнік шмат робіць па наладжванні культурна-асветных устаноў горада, уключаецца ў культурнае будаўніцтва. I яго клопатам мы абавязаны стварэнню нацыянальнага тэатра, газет і часопісаў. Ён рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі», затым краязнаўчы часопіс «Наш край». У 1922 годзе становіцца адным з заснавальнікаў часопіса «Полымя». Разам з Жылуновічам, Кудзелькам, Ігнатоўскім уваходзіць у першую рэдкалегію гэтага часопіса, які тады называўся часопісам «Літаратуры, палітыкі, эканомікі і гісторыі». У дэкларацыі, дакладней, у рэдакцыйным артыкуле, змешчаным у першым нумары часопіса, заснавальнікі яго гаварылі: «Вырашэнне пытанняў дзяржаўных мы не разумеем сабе ў асобку ад працаўнікоў усёй Расіі. Інтарэсы Беларусі, інтарэсы працоўных гушчаў Беларусі – гэта толькі часцінка інтарэсаў працаўнікоў усёй Беларусі».
Дарэчы, у першым нумары «Полымя» была змешчана паэма Змітрака Бядулі «Адплата пану», якая мела падзагаловак «З часоў паншчыны».
Праз два гады памёр Уладзімір Ільіч Ленін, і Змітрок Бядуля адклікаецца на гэту трагічную падзею паэмай «Чырвона-чорная жалоба».
Ён сам – з паэм паэма.
Не ў пергамінах,
Не ў фаліянтах,
Не ў маршах жалобных,
Не ў статуях,
Не ў фарбах, –
У жыцці.
Чытаючы сёння творы Бядулі, што напісаны ў дваццатыя гады, нельга не адчуць ў іх бадзёрасці і ўзнёсласці. Зноў да яго вярталася ранейшая рамантычнасць. Відаць, яна была стымулявана ўвогуле рамангычнай хваляй, якая ўзнімалася ў тагачаснай літаратуры, асабліва маладой, ці, можа, дакладней сказаць, у літаратуры, што стваралася маладымі пісьменнікамі, якія далучыліся да творчасці пасля рэвалюцыі. У кожным разе зусім нездарма Бядуля быў прыняты нават у члены літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Беручы пад увагу тагачасны літаратурны рух, трэба сказаць, што падобнай прывілеі былі ўдастоены нямногія са старэйшых пісьменнікаў.
Адзін за адным выходзілі з друку вершаваныя і празаічныя зборнікі Бядулі – «Буралом», «Апавяданні», «Дэлегатка».
Паказ складаных унутрана-псіхалагічных і светапоглядных перамен уяўляў нялёгкую справу для мастакоў слова.
У беларускай літаратуры пра гэта з’явіліся аповесці Я. Коласа, К. Чорнага. З іх шэрагу не выпадаюць і творы Змітрака Бядулі. Дастаткова ўспомніць яго апавяданне «Дэлегатка», таксама аповесці «Год за годам», «Тры пальцы», «Таварыш Мінкін»…
Думаецца, што аповесць «Салавей» таксама трэба разглядаць у рэчышчы пошукаў «новага героя», дарма што была напісана яна пра мінуўшчыну. I напісана яна была якраз тады, калі гістарычная тэма не вельмі заахвочвалася. Але сёння са зместу аповесці выразна відаць, што ён напоўнены тымі праблемамі, якія таксама хвалявалі людзей у дваццатыя гады. Тэатр і жыццё – такая тэма, такі змест гэтага твора Змітрака Бядулі. Можна сказаць, што «Салавей» – і наш першы гістарычны твор.
Да лепшых здабыткаў беларускай прозы належыць і першая частка рамана «Язэп Крушынскі», пабачыўшая свет напярэдадні трыццатых гадоў. Гэта раман пра беларускую вёску, якой наканавана было перажыць неўзабаве радасныя і трагічныя вынікі суцэльнай калектывізацыі.
Увогуле раман «Язэп Крушынскі» высока ацэнены крытыкай. Шкада, што ў другой частцы гэтага твора пісьменніку не ўдалося ўберагчыся ад сацыялагічных спрашчэнняў, якія к таму часу моцна распаўсюдзіліся ў літаратурным жыцці, у літаратурнай крытыцы. Праўда, не хацелася б усю віну за гэта ўскладаць на адных крытычных вульгарызатараў. Няйначай сам пісьменнік таксама не ў стане аказаўся справіцца з задумай, давесці свой раман да канца на высокім ідэйна-мастацкім узроўні. Можа, не хапіла яму ведання жыцця, а можа, проста – смеласці, ад недахопу якой у літаратуры загублена нямала твораў і многа нашых спадзяванняў!..
Больш за трыццаць гадоў працаваў Змітрок Бядуля ў беларускай літаратуры. Вядомы ён не толькі як празаік, паэт, публіцыст. Працаваў ён і ў жанры драматургіі, дапамагаў станаўленню нацыянальнага кінамастацтва; быў гісторыкам, этнографам, фалькларыстам.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны гэта быў ужо выдатны мастак слова, які багата паслужыў народу, літаратуры.
Аб вайне ён даведаўся на Палессі. Там ён меў творчыя справы, бо ўжо тады «праблема Палесся» станавілася нашай нацыянальнай тэмай. Праўда, само слова «праблема» яшчэ адсутнічала. Гэта ў наш час сталася так. Бо пасля паэмы Янкі Купалы «Над ракой Арэсай» будучае таго краю бачылася пакуль у светлай перспектыве.
З вялікімі цяжкасцямі, але з Хойнікаў пісьменнік дабраўся да Мінска. Сям’і тут яго ўжо не было, са старой і нямоглай маці пісьменнік з палаючага Мінска пехатой падаўся на ўсход. Ішлі да Барысава, а там пашчасціла ўладзіцца на цягнік. Сям’ю сваю знайшоў у Саратаўскай вобласці ў Новых Бурасах і то пасля таго, як нямала часу папрацаваў у газеце ў горадзе Піжма, што ў Горкаўскай вобласці.
З Новых Бурасоў цягніком Бядулева сям’я рушыла ў Алма-Ату. Гэта было восенню сорак першага года. Туды, у Алма-Ату, ад частых бамбёжак падаваліся многія людзі, што апынуліся ў эвакуацыі.
I вось непадалёку ад горада Уральска цягнік з бежанцамі спыніўся, здаецца, на перадапошняй станцыі. Бядуля выйшаў з вагона. Тады цягнікі не прытрымліваліся раскладу. Не цяжка і адстаць было. Якраз так яно і здарылася гэты раз. Цягнік раптам крануўся з месца. Бядуля пабег даганяць яго, каб ускочыць у вагон. Ён-такі і дагнаў цягнік, падцягнуўся на руках і, задыхаючыся, улез у таварны вагон.
– Дай мне апошнюю папяросу, – сказаў ён жонцы; тая паглядзела ў пачак – сапраўды, там была толькі адна папяроса.
Бядуля запаліў яе, удыхнуў у сябе дым і… паваліўся на падлогу. Папяроса сапраўды аказалася апошняй.
Так, у таварным вагоне, сярод бяскрайняга стэпу памёр адзін з выдатных празаікаў нашай новай літаратуры.
Пасля вайны да нас дайшоў апошні твор пісьменніка – алегарычная казка «Сярэбраная табакерка». Напісаў ён яе ў саракавым годзе. Гэта філасофскі твор. Але лёс яго складваўся нялёгка. Многія з нас помняць, з якімі цяжкасцямі друкавалася «Сярэбраная табакерка» першы раз. Дык ці не час вярнуць ёй нарэшце першародны, чысты змест?! Тым больш што пачата новае выданне Збору твораў пісьменніка.
Нарадзіўшыся «з душой чулай і паэтычнай», Змітрок Бядуля праз усё сваё жыццё захаваў яе «чулай і паэтычнай».
Ён пакінуў гэты свет у 55 гадоў. Мала пражыў, багата зрабіў.
Дзіўна, але лёс увогуле дужа няшчадны да нашай прозы – у 44-ы не стала Кузьмы Чорнага, на 56-м – Івана Мележа… А сюды ж трэба дадаць, вядома, і тых, каго зусім маладымі забраў некалі «чорны воран».
1991
Звычайная справа, калі з літаратурнымі творамі знаёмішся раней, чым з самімі пісьменнікамі, якія стваралі іх. Бывае, канечне, і наадварот. А здараецца ж і так, што праз усё жыццё пранясеш у сабе, у сваёй памяці і ў сваім сэрцы паэтычныя ці празаічныя радкі, якія моцна запалі табе ў душу, і нічога не даведаешся пра аўтара іх – прозвішча нанова хоць і сустрэнеш, аднак не ўспомніш… Са мной таксама штосьці падобнае выйшла. Але, як кажуць, шчасліва скончылася. Паэта я ўсё-такі сустрэў. Ён сам прачытаў у Дубултах, на беразе Рыжскага заліва, тыя вядомыя дзве страфы:
В блокадных днях
Мы так и не узнали,
Меж юностью и детством
Где черта?..
Нам в сорок третьем
Выдали медали
И только в сорок пятом
Паспорта.
Пасля былі новыя сустрэчы з Юрыем Воранавым – і з кнігамі ягоных вершаў, і з ім самім. Адна з іх – у час Дзён беларускай літаратуры ў Ленінградзе. У свой родны горад, дзе давялося перажыць усе дзевяцьсот дзён страшэннай блакады ў мінулую вайну, паэт прыехаў з Масквы.
Большая частка вершаў, напісаных Юрыем Воранавым, пра змагарны Ленінград. Адчуваецца, што там яго думкі, там яго сэрца. Нават адна з кніг так і называецца – «Блакада». Урэшце, з блакадных вершаў, з «блакадных запісаў» пачынаецца і паэтычны лёс чалавека, яго паэтычная вядомасць.
Армады крыжастыя
Шле далячынь.
За выбухам –
Кучы камення і лому.
Я выжыў –
Звіняць у кішэні ключы
Ад тога,
На друз перацёртага,
Дому.
(Пераклад Г. Пашкова)
У час паветранага налёту на Ленінград нямецкай авіяцыі ў дом на вуліцы Пятра Лаўрова трапіла бомба. Блакадная школа не далічылася аднаго з вучняў. Другі, Юрка Воранаў, які таксама жыў у гэтым доме, зусім выпадкова застаўся жывы, бо досвіткам бегаў у чаргу па нішчымны паёк блакаднага хлеба…
Пасля, сціскаючы пасінелымі ад холаду пальцамі аловак, юны паэт занатуе ў сшытак:
Нас немцы называюць: «Мёртвы горад».
Але хіба
Патрэбны мёртвым
Верш?
А тут глядзі –
Праз выбухі і холад
Ён славіць мёртвых,
Сведчыць,
Што жывеш!
(Пераклад Г. Пашкова)
Гэтыя радкі з першага паэтычнага сшытка. Пра кнігу «Блакада» выдатны рускі паэт Мікалай Ціханаў сказаў: «Калі мы чытаем сёння самотныя старонкі кнігі «Блакада», у нас жыве дзіўнае адчуванне – мы крочым скрозь усе жахі з нейкім прасветленым паглядам, быццам можам пераадолець усё, нас нішто не палохае, нават смерць, бо вера, народжаная мужнасцю, вядзе нас наперад, і мы бачым будучыню, якая з намі, якая за нас!»
Перад уваходам у Памятную залу манумента гераічным абаронцам Ленінграда, які знаходзіцца па дарозе з Пулкава, змешчаны радкі з верша Юрыя Воранава «Камні» – «О камні! Будзьце стойкімі, як людзі!»
У ваенным Ленінградзе аднолькава стойкімі былі і камні, і людзі. Юрый Воранаў стаў адным з таленавітых апавядальнікаў гэтай усеагульнай мужнасці. Цяпер ён аўтар шматлікіх кніг паэзіі – не кажучы пра «Блакаду», варта нагадаць зборнікі «Сіла жыцця». «Памяць», «Вуліца Росі», «Доўгае рэха», «Шалі», «Белыя ночы». Уражвае стрыманая прастата, у якой багата пачуцця і не меней паэзіі.
Творы паэта перакладзены на многія мовы, сярод якіх нямецкая, англійская, іспанская…
1973
Адзін рускі празаік, дарэчы, аўтар, якога мы ўсе, ці амаль усе, чыталі, сказаў: «Кожны вядомы пісьменнік павінен увесці ў літаратуру хаця б аднаго заўважанага ім маладога літаратара». Праўда, у газеце, дзе надрукаваны былі гэтыя радкі, ім папярэднічаў загаловак: «Майстар, думай пра вучняў». Не ведаю, ці думаў той пісьменнік якраз пра вучняў, гаворачы пра ганаровы абавязак кожнага сапраўднага паэта, празаіка. Справа нават не ў гэтым. Урэшце, не ўсе майстры мелі сабе вучняў ці паслядоўнікаў. Затое вельмі важна і высакародна – убачыць у чалавеку нераскрыты талент, адгадаць яго, памагчы расквітнець яму.
На шчасце, ёсць пісьменнікі, якія ўвялі ў літаратуру не аднаго і не двух пачаткоўцаў. На іх рахунку, калі можна выказвацца тут бухгалтарскай мовай, цэлыя чароды альбо паэтаў, альбо празаікаў. У Анатоля Вялюгіна іх таксама, як кажуць, лічы – не пералічыш.
Мне з Анатолем Сцяпанавічам выпала працаваць разам у часопісе «Полымя», бачыць ажно колькі гадоў, як амаль не зачыняюцца дзверы нашага кабінета ад тых, хто прыходзіў да яго…
Але ж сёння, гаворачы пра Вялюгіна, мы перш за ўсё маем на ўвазе яго як першакласнага нашага паэта.
Перагартайце нанава яго кніжкі, учытайцеся ў яго паэмы, вершы – вы адчуеце там водар сапраўднай паэзіі, паэзіі высокага гарту. У Вялюгіна бадай няма вершаў, якія, як кажуць рускія людзі, напісаны «понарошку». Усё ў яго выверана, зараней прадумана, пастаўлена на сваё месца з пачуццём суразмернасці і мэтазгоднасці – трывала, назаўсёды, туды ўжо ні дадаць нічога нельга, ні адняць адтуль. Разам з тым у яго паэзіі хуткі і праніклівы позірк, а думкі выразныя і поўныя высакароднасці і добразычлівасці.
Сумна пахне палын
на зарослых
гарбатых руінах.
I кавалкі цаглін пад нагамі…
Ідзеш, як па мінах.
Сэрца сцюжна ляціць
у праддоне ўспамінаў,
трывогі.
Дзесь ліхтарык блішчыць,
хтось у цемры
шукае дарогі.
Пра паэзію і паэтаў, вядома, трэба ўмець пісаць. Дарэчы, як і чытаць паэзію таксама трэба ўмець. Яшчэ ад Пушкіна вядома, што вельмі часта паэзія коўзае па вушах і душы не дасягае.
Тым часам варта сказаць яшчэ і вось пра што. Анатоль Вялюгін стварыў выразную мову беларускага дакументальнага кіно. Там зліліся ў адно і паэзія і проза. Аказваецца, у кіно натхненне патрэбна таксама, як і ў паэзіі. Тады звычайная проза набывае дасціпную бліскучасць і энергію.
1982
К 100-летию со дня рождения Якуба Коласа
Исполняется сто лет со дня рождения великого сына Белоруссии, замечательного поэта Якуба Коласа, который вместе с Янкой Купалой был одним из основоположников многонациональной советской литературы, внес большой вклад в развитие всей нашей культуры. Он так определил задачу поэта:
И ты, коль про горе
людское узнаешь,
Скорой отзовись, отвечай!
И ты, если кривду
людскую встречаешь,
Быстрее свой голос подай!
А радость увидишь –
надежды взовьются,
И птицей они полетят,
Пускай твои струны
тогда засмеются
И песнею счастья звучат.
Он плодотворно работал в литературе много лет, на протяжении целого полувека. И во всей творческой деятельности неизменно был верен благородному для художника принципу – сердцем отзываться на все. Правда, в начале нашего столетия, когда начиналась творческая биография Коласа, не часто освещало его страницы солнце. Редко «смеялись» струны поэта, редко «песнею счастья» звучали…
Положение белорусского народа тогда было невыносимо тяжелым. На фабриках и заводах царила невиданная эксплуатация. Деревню душили безземелье и налоги. Колас это видел, он это чувствовал. Недаром же на литературную тропу он ступил тогда, когда был уже не только свидетелем революционных событий, но и их участником.
А родился Якуб Колас (Константин Михайлович Мицкевич) 3 ноября 1882 года. Свое детство, как писал поэт много позже в автобиографии, он провел в семейном окружении. Семья жила в одиночестве, так как отец был лесником. С ранних лет, еще до поступления в начальную школу, будущий поэт научился писать. Завершив начальное образование, самостоятельно готовился к поступлению в учительскую семинарию.
Первое стихотворение Якуба Коласа появилось в печати в 1906 году. Прогрессивная критика называла Якуба Коласа одним из самых способных и плодовитых среди плеяды поэтов, разбуженных освободительным движением. Но 15 сентября 1908 года за спиною поэта тяжело закрылись двери тюрьмы. За участив в работе нелегального собрания учителей царский суд определил ему три года заключения. И это не было обычным явлением, ибо за решетку бросали не просто учителя сельской школы Константина Мицкевича, а уже весьма известного белорусского поэта, талант которого в 1910 году высоко оценил сам М. Горький.
Выйдя из заключения, Якуб Колас приступил к созданию поэмы «Сымон-музыка», которая затем стала одним из замечательных достижений белорусской эпической поэзии. Но вскоре началась первая мировая война. В душе поэта-гуманиста она вызвала гневный протест.
Наступил Октябрь 1917 года, и революционный народ, пролетариат в союзе с трудовым крестьянством создал первое в мире социалистическое государство. Жизнь оправдывала надежды поэта, во многом опережая их. И вполне естественно, даже закономерно, что творческая деятельность Якуба Коласа стала обретать новые черты, созвучные требованию времени. Нужно было показать процесс духовного обновления и становления белоруса, стремление народа к развитию самосознания. Поэт интенсивно работает над начатыми еще до революции эпическими поэмами «Сымон-музыка», «Новая зямля»…
«Сымон-музыка» – это поэма, в которой талантливо выражена духовная самоценность белорусского народа. В борьбе с враждебными социальными силами герой поэмы выходит победителем, хотя еще впереди ему предстоит тяжкий путь скитаний. Он избирает себе удел высокого духовного служения народу.
Мы не преувеличим, если скажем, что не во многих литературах есть такие произведения, как поэма «Новая зямля». Рукой большого мастера здесь образно и правдиво отражена жизнь деревни, опоэтизирован труд крестьянина. Это своеобразная энциклопедия жизни белорусского крестьянства в конце XIX века. Поэт предельно ясно утверждает, что творец всех богатств на земле – человек труда.
Много лет писал Якуб Колас свою трилогию «На ростанях», сыгравшую большую роль в становлении и развитии белорусского романа. В трилогии многопланово и достоверно отражена жизнь народных масс, путь демократической интеллигенции в революции.
Яку Колас, вышедший из народа и ставший певцом народа, разумом великого художника понимал, что революция принесла трудящимся Белоруссии настоящее освобождение от социального и национального гнета. И его стихотворения наполнены светлыми, радостными тонами.
Вы слышите гул
молодого прибоя?
Вглядитесь-ка: ясные дни
Встают из тумана
чредой золотою –
То нового мира огни.
Много рассказов, стихотворений написал Колас о гражданской войне. Особое место среди них занимает повесть «Дрыгва». Заслуга писателя в том, что он создал живой, убедительный, психологически глубокий образ своего современника – участника самоотверженной борьбы народа за завоевания Великого Октября, за Советскую власть.
Новое время создало новые условия для духовного роста человека, обретения им настоящего счастья. О мирном созидательном труде, социалистическом преображении жизни была написана повесть «На прасторах жыцця».
В статьях, в устных выступлениях Якуб Колас часто подчеркивал, что советский писатель обязан активно вторгаться в бурную жизнь эпохи. По горячим следам событий он пишет повесть «Адшчапенец», в которой показал поворот деревни к колхозному строительству.
…Якуб Колас находился в расцвете своих творческих сил. За большие заслуги в развитии национальной литературы ему было присвоено звание народного поэта Белоруссии. В 1935 году он участвует в работе Всемирного конгресса защитников культуры, состоявшегося в Париже. Накануне второй мировой войны средствами поэзии, публицистики Колас страстно защищает интересы мира. Однако творческие планы поэта, как и всю созидательную деятельность советского народа, прервало вероломное нападение на нашу страну фашистской Германии. Во время войны Колас работал в Подмосковье, затем в Ташкенте. Но все его мысли были обращены к родному краю, страдавшему под фашистской оккупацией. За стихотворения, написанные во время Великой Отечественной войны, поэту присуждена Государственная премия СССР.
Вторично Государственной премии СССР он был удостоен за поэму «Хата рыбака». Героями ее стали рабочие люди, крестьяне бывшей Западной Белоруссии, которые под руководством коммунистов боролись за воссоединение со своими кровными братьями. Главная мысль, проходящая через все произведения, написанные Якубом Коласом в послевоенное время, –это мысль о бессмертии народа и необоримости жизни. Поэт славит созидательную деятельность советских людей, устремленную в завтрашний день.
В течение многих лет имя Якуба Коласа было неразрывно связано с советской многонациональной литературой. Как вице-президент Академии наук республики, он во многом способствовал развитию науки. Как депутат Верховного Совета СССР и БССР, как член Коммунистической партии, Константин Михайлович принимал активное участие в общественной, экономической, культурной жизни Страны Советов. Вся его деятельность воплощена в бесценно мудрых и высокохудожественных книгах, которые и сегодня учат любить жизнь, бороться за ее расцвет.
Имя Якуба Коласа бессмертно. Оно стоит в ряду самых замечательных художников слова нашей эпохи.
1983
Некалі дужа даўно было сказана: «Велика польза от почитания книжного… се бо суть реки напояющие вселенную, се суть исходище мудрости».
I яшчэ было сказана, праўда, ужо трохі пазней: у добрых пісьменнікаў такое ж доўгае жыццё, як і ў добрых кніг…
Віліс Лаціс, латышскі пісьменнік, стаіць у шэрагу тых мастакоў слова, якія паказалі пераемную сувязь нашай эпохі – у яе мінулым і сучасным.
Наогул латышскія класікі ў гэтым сэнсе добра і пераканаўча папрацавалі на славу свайго народа. Ян Райніс, Андрэй Упіт, Віліс Лаціс… Чытаючы кнігі гэтых майстроў слова, мы вандруем разам з імі па ўхабістых гістарычных шляхах іхняга народа, уваскрашаем у памяці яго мужную барацьбу за нацыянальную незалежнасць, захапляемся яго рэвалюцыйнымі і культурнымі традыцыямі.
Творчасць Віліса Лаціса і сёння знаходзіцца на магістральных шляхах развіцця шматнацыянальнай літаратуры.
Мне як празаіку заўсёды імпанавалі актыўныя і творчыя адносіны гэтага выдатнага пісьменніка да жыццёвага матэрыялу. Асабліва яны прыкметны ў выніку супастаўлення розных рэдакцый яго апошніх раманаў. Імкненне даць шырокую, панарамную карціну свайго народа ў яго ніколі не ішло за кошт гранічнай увагі да лёсу канкрэтнага чалавека.
Раманы «Сын рыбака», «Да новага берага», «Бура» – вельмі чалавечныя. Гэтым яны і сучасныя.
Непрымірымы і чалавечны Аскар Клява. Ён не ведае мяжы паміж асабістымі і грамадскімі інтарэсамі. Імкнучыся з усёй рэвалюцыйнай страснасцю ачысціць грамадства ад спрадвечнага бруду і крывавага ідыятызму, ён выступае як чалавек вялікай душы, мэта і сэнс яго жыцця – шчасце людзей.
Рысамі новых людзей, якіх не ведала дасюль латышская літаратура, надзелены Андрэй Сіленіек, Жубур Айя, Петэр Спарэ, Юрыс Рубеніс, Аяр Снікер…
Пра значэнне станоўчых вобразаў сам Віліс Лаціс гаварыў так: «У сваіх кнігах мы ствараем станоўчыя вобразы дзеля таго, каб паказаць… якім павінен быць сапраўдны чалавек нашай эпохі. Пісьменнік мае права і абавязаны паказаць шляхі фарміравання гэтага чалавека, цяжкасці яго росту… але ён мае права і абавязак паказаць таксама ўзоры сапраўднага, цэльнага чалавека».
Натуральнае развіццё нацыянальнай літаратуры ў напрамку шырокіх палотнаў – адна з прыкмет яе сталасці. Як адзін з пачынальнікаў латышскай літаратуры, новай літаратуры, Віліс Лаціс дужа выразна гэта ўсведамляў.
Побач з Андрэем Упітам ён папрацаваў, каб латышскі раман сёння быў шырока вядомы за межамі рэспублікі.
Наша эпоха наэлектрызавана драматызмам учарашняй бітвы і сённяшняй барацьбы за ўстойлівасць у свеце. Таму сёння як ніколі клопат пра лёс чалавека павінен быць у цэнтры ўвагі літаратуры.
Чалавецтва – гэта не штосьці абстрактнае. Думаць пра лёс чалавецтва – значыць думаць пра рэальнага чалавека, пра таго чалавека, што побач, і пра таго, што далёка, больш таго – і, можа, самае галоўнае, што больш таго, – пра таго чалавека, якога ты ніколі не сустрэнеш у жыцці.
Выдатныя пісьменнікі, якіх мы называем класікамі, умелі менавіта так думаць. У тым і перавага іх, у тым і павага наша да іх і захапленне імі.
Я чытаў толькі раманы Віліса Лаціса. Не пазнаёміўся я з апавяданнямі яго. Аднак цалкам веру Андрэю Упіту, які назваў іх адной з самых прывабных з’яў у латышскай літаратуры.
Тым часам гэта сведчыць вось пра што – яшчэ доўга і з вялікай карысцю для сябе будзеш адкрываць новыя старонкі ў творчасці народнага пісьменніка Латвіі Віліса Лаціса.
1979
У Маскве ў адным з будынкаў, дзе часта збіраюцца пісьменнікі, давялося мне бачыць на сцяне партрэты лаўрэатаў розных літаратурных прэмій. Звычайная з’ява – мы таксама ў сябе часам захапляемся падобным. Але два партрэты сярод тых былі павялічанай формы, проста, яны былі трохі большыя за астатнія. Гэта партрэты Шолахава і Лявонава. Сапраўды, класікі.
З іх мне як пісьменніку бліжэй Міхаіл Аляксандравіч
Шолахаў, якога сёння чытае весь адукаваны свет. Дарэчы, мне даводзілася пісаць пра яго ўжо. Таму няма патрэбы паўтарацца тут.
Тым часам кожны з нас даўно звыкся з думкаю, што творы Леаніда Максімавіча Лявонава таксама сталі тымі «вялікімі караблямі», якія, выйшаўшы аднойчы ў акіянскія прасторы, і сёння не пакідаюць іх, не зважаючы нават на буры, якія ў такой справе не толькі непазбежныя, аднак, відаць, і карысныя. Ва ўсякім разе выпрабаванне на доўгае жыццё творы гэтыя вытрымалі. А самае галоўнае – яны бадай што не маюць патрэбы ні ў падрабязных тлумачэннях, ні тым больш у пахвале.
У жыцці склалася так, што ўсё ўзаемазвязана, усё паслядоўна ці, лепей сказаць, пераемна. У літаратуры, як ні дзіўна, таксама захоўваецца гэтая заканамернасць: прынамсі, мастакоў, якія б былі свабоднымі ад уплыву альбо вопыту папярэднікаў, няма. Гэта бясспрэчна. I, бясспрэчна, незалежна ад таго, прызнаёмся мы ў гэтым ці не.
Лявонаў уплываў і ўплывае на літаратуру заўсёды і моцна.
Ён з тых пісьменнікаў, якія пачыналі і стваралі яе, гэтую новую літаратуру.
«Як пачала стварацца савецкая літаратура? – успамінаў Аляксандр Фадзееў. – Яна стваралася людзьмі, як мы. Калі па сканчэнні грамадзянскай вайны мы пачалі сыходзіцца з розных канцоў нашай неабдымнай радзімы – партыйныя, а яшчэ больш беспартыйныя маладыя людзі, – мы былі ўражаны тым, наколькі агульныя нашы біяграфіі пры рознасці індывідуальных лёсаў…».
Пачынальнікі савецкай літаратуры ў пераважнай большасці сваёй равеснікі веку. Лявонаў таксама равеснік веку. I ўсё, што было ўжо з нашым векам, усё было і з ім. Паўналецце яго выпала якраз на тыя гады, калі рэспубліка працоўных сцвярджала сваё права на будучае ў бітвах грамадзянскай вайны. Іменна адсюль, з гэтага агнявога і цяжкага часу, бяруць вытокі першыя творы пісьменніка, такія, напрыклад, як «Барсукі».
Я нездарма тут нагадаў пра Міхаіла Аляксандравіча Шолахава, нават нібыта аддаў перавагу любові сваёй гэтаму з найвялікшых пісьменнікаў. Але на самой справе – сутнасць не ў маёй любові. Урэшце, то прыватная рэч, наша любоў, тым больш што ў ёй мы не заўсёды бываем справядлівыя. Проста я хацеў такім чынам давесці, што ў гэтых двух класікаў савецкай літаратуры шмат агульнага. Мяркуйце самі. Раман «Соць», напісаны Лявонавым у 1930 годзе, меў такое ж этапнае значэнне, што і раман «Узнятая цаліна», які Шолахаў надрукаваў амаль адначасова з «Соццю». З поўнай падставай можна супастаўляць раман «Барсукі» з «Ціхім Донам». Гэтаксама, як і Шолахаў, у сваёй творчасці Лявонаў шырока і шматбакова паказаў рух краіны да камунізму, перабудову грамадства на новых пачатках, нараджэнне і станаўленне новага чалавека. Як і Шолахаў, Леанід Максімавіч, шчыльна звязаны з праўдай дня, не губляў з поля зроку і праўду веку. Дарэчы, адзнакі мастакоўскай магутнасці, уласцівыя абодвум пісьменнікам, можна знаходзіць і далей. Мне ж тым часам хацелася б звярнуць увагу вось на што.
Тады, у дваццатыя і трыццатыя гады, адной з найважнейшых праблем, з якой сутыкнуліся пісьменнікі, што стваралі маладую савецкую літаратуру, была праблема стварэння народнага характару, іменна народнага характару, які адпавядаў бы новаму часу. Руская літаратура наогул ужо мела багаты вопыт у гэтай справе, дакладней, яна глыбока распрацавала прынцыпы рэалістычнага паказу народнага характару. Тут Хор і Каліныч, тут Каратаеў і Ярошка… Шмат заклапочаны быў праблемай стварэння народнага характару Максім Горкі. «Калі пісьменнік робіць чалавека, – гаварыў ён, – які змяшчае ў сабе адны заганы альбо толькі дабрачыннасці, мы нездаволеныя гэтым, нас гэта не пераконвае, бо мы ведаем, што добрае і злое ці, вярней, індывідуальнае і сацыяльнае пераплецена ў псіхалогіі нашай».
Дык вось маладым пісьменнікам і належала ажыццявіць горкаўскі наказ, развіць традыцыі Тургенева, Талстога…
Лявонаў і Шолахаў – гэта найперш, гэта сапраўды ў першую чаргу іхняя заслуга – якраз і стварылі ў літаратуры новыя народныя тыпы, што склаліся ў часе разбурэння старых сацыяльных устояў; у іх класавыя якасці зусім не засланяюць агульначалавечых, нацыянальных.
Сам Лявонаў пісаў ў тыя гады: «Класічная літаратура ёсць тая, якая дала лепшае, незабыўнае пра чалавека, пра яго веру, яго шуканні, памылкі, радасці і расчараванні».
Кладучы ў аснову сваёй творчасці вось гэтыя, здавалася б, адносныя крытэрыі (і праўда, так да першага погляду можа здавацца, што адносныя), Лявонаў стварыў шмат аповесцей і раманаў, п’ес і публіцыстычных, літаратурна-крытычных артыкулаў, якія сталі ўзорам для ўсёй савецкай літаратуры. Але найчасцей мы згадваем сярод іх «Рускі лес». У ім героі рухаюцца ў вірлівым патоку гісторыі, дзейнічаюць у асяроддзі супярэчлівых сутыкненняў. Мінулае і будучае чалавека пісьменнік разглядае тут як прычыну і вынік. Для яго асабліва важныя духоўныя асобы. Культура, па вызначэнні Леаніда Максімавіча, гэта «памяць чалавека аб мінулым».
Некалі пры святкаванні стогадовага юбілею Лявонаў выступіў з прамовай, назваўшы яе «Словам пра Горкага». Я помню, як слухалі мы тады прамову, а пасія чыталі і перачытвалі, бо кожны раз адкрывалі для сябе нешта новае ў ёй, раней не заўважанае. У гісторыі рускай літаратуры зусім не багата падобных з’яў. Можа, артыкул Гогаля і прамова Дастаеўскага пра Пушкіна ды горкаўскі нарыс пра Льва Талстога. Уласна ў «Слове пра Горкага» Лявонаў выклаў філасофію літаратуры ў шматнацыянальных яе межах.
Нас не можа не захапляць сёння шчырасць і смеласць Леаніда Максімавіча Лявонава, яго жаданне быць выключна праўдзівым у адлюстраванні людзей і жыцця.
1985
Здавалася б, прадстаўляць чытачу такога пісьменніка няма аніякай патрэбы: двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, аўтар раманаў, якія шырока вядомы і ў нашай шматмільённай краіне, і за яе межамі.
Але традыцыю выдання трэба паважаць, тым больш што ў пісьменніка для пісьменніка, таксама як і ў чалавека для чалавека, сапраўды заўсёды знойдзецца запаветнае слова.
З Георгіем Макеевічам Маркавым, які вось ужо багата гадоў узначальвае ўсесаюзную пісьменніцкую арганізацыю, шмат каму з нас даводзілася сустракацца – і на пісьменніцкіх з’ездах, і на пленумах, і ў розных далёкіх і блізкіх паездках. Мне таксама нямала шчасціла ў гэтым. Асабліва чамусьці найчасцей прыгадваецца паездка ў вясенні Таджыкістан. Зразумела, што ў такіх паездках можна добра прыгледзецца да чалавека, балазе, ён увесь навідавоку.
Дык ужо з тае паездкі ў мяне склалася ўражанне пра гэтага чалавека, з якім жыву і цяпер: вакол яго заўсёды хапае паветранай прасторы, дзе лёгка дыхаць і другім. Адгадаў я і чым яна ствараецца, гэтая прастора – пісьменніцкай мудрасцю і чалавечай далікатнасцю.
Г. Маркаў – выдатны пісьменнік. Аб гэтым сведчаць раманы «Строгавы», «Соль зямлі», «Бацька і сын», «Сібір»… Па іх, бадай, больш чым па творах іншых пісьменнікаў, мы пазналі цэлы вялікі кантынент, вядомы над назвай «Сібір» у розных вымярэннях, пачынаючы з дзён мінулых і канчаючы будучым часам. Праз рэвалюцыю семнаццатага года, праз грамадзянскую вайну, праз калектывізацыю, нарэшце, праз Вялікую Айчынную правёў ён сваіх землякоў, каб зрабіць іх нашымі сучаснікамі.
Зрэшты, раманы Г. Маркава добра вядомы ўсім. Можа, меней знаёмы чытачы з творамі гэтага пісьменніка ў іншых празаічных жанрах.
А ў яго ёсць аповесці, сярод якіх «Зямля Івана Ягоравіча», «Запавет», «Мая ваенная пара», кніга апавяданняў… Таму зварот да апавядання «Смаленскі госць» варты пахвалы.
Між тым, хацелася б сказаць тут і яшчэ пра адну вельмі важную галіну дзейнасці Георгія Макеевіча. Знаходзячыся ў самым цэнтры літаратурнага працэсу, у самай гушчы літаратурна-грамадскага жыцця, ён актыўна выступае як публіцыст. Пры гэтым унутраная сувязь паміж яго празаічнымі творамі і публіцыстычнымі зусім арганічная. У абсягу яго ўвагі розныя праблемы – падзеі шырокага грамадскага, літаратурнага жыцця, кнігі таварышаў па пяру, успаміны аб сустрэчах з людзьмі… Прызнаюся, на стале ў мяне ўжо доўгі час ляжыць яго кніга «Гарызонты жыцця і праца пісьменніка», дзе можна прачытаць не толькі пра Сібір і Алтай, Чэхаславакію і Манголію, але знайсці глыбокія думкі пра Л. Талстога, I. Чаўчавадзе, В. Шышкова, К. Федзіна, Г. Канаватава і іншых выдатных пісьменнікаў. Мы ж, беларусы, удзячны Георгію Макеевічу за дружбу з нашым Іванам Паўлавічам Мележам.
1973
З гэтым чалавекам заўсёды прыемна сустрэцца.
Гэты чалавек абавязкова нешта цікавае скажа табе пры сустрэчы – усміхнецца загадкава, паводзіць адтапыраным пальцам і скажа, каб тое сказанае добрым словам лягло на душу і ў памяць.
I ўжо зусім будзь пэўны – калі ў цябе к гэтаму часу ды яшчэ твор недзе выйшаў (ці то ў выдавецтве, ці то ў часопісе), дык таксама не змоўчыць, скажа сваю думку, няйначай.
Карацей, ён заўсёды знойдзе прычыну, каб нешта сказаць. Вось і ўчора:
– Навошта ты хлопец носіш гэты? – і паказвае на фацэтны берэт з куртатым брыльком. – Капялюш насі. Капялюш пісьменніку больш пасуе, – зняў з галавы свой, паказаў. – От бачыш, хораша і прыстойна.
I гэта – самым сур’ёзным чынам, дасціпна і далікатна, як умее гаварыць толькі адзін Пестрак.
Ва ўяўленні майго пакалення Піліп Сямёнавіч ужо даўно як класік беларускай літаратуры. Па яго творах мы вучыліся ў школе, па яго раманах здавалі залікі і іспыты ў інстытутах. Нездарма таму самым належным чынам згадваеш Сент-Бёва: «Класік – гэта… аўтар, якому ўжо даўно плацяць даніну захаплення і які з’яўляецца ў сваёй галіне аўтарытэтам». Пры гэтым зусім сур’ёзна ўлічваеш розныя стасункі, якія ўвогуле адпавядаюць прыведзенаму вызначэнню: «Мудрасць, памяркоўнасць, лагічнасць, што падпарадкоўваюць сабе ўсё іншае».
Не хочацца зязюлі ды лічыць Пестракавы гады.
А яны ж былі. Яны ў яго за плячамі.
Гэта і тыя, дзе адно гаротнае дзяцінства, ад якога на ўсё жыццё засталася ў ім нянавісць да розных «фальваркоўцаў»…
I тыя, што былі праведзены ў турмах, адкуль пайшла бальшавіцкая нянавісць да «фашыстоўцаў»…
Гэта і…
Урэшце, самі бачыце – адну з умоў, якая павінна адпавядаць вызначэнню класіка, даводзіцца адкінуць: Піліп Сямёнавіч не заўсёды быў памяркоўным. Але мы з лёгкай душой даруем яму гэты «грэх».
Затое ў пералік да папярэдніх умоў можам дадаць яшчэ адну – пастаянства. У сваёй любові і нянавісці Піліп Сямёнавіч заўсёды пастаянны, нязменны.
1980
Калі я чую імя Пушкіна, то заўсёды на памяць мне прыходзіць выпадак, што адбыўся на кватэры прафесара Плятнёва, які атрымаў у спадчыну (па-руску кажучы – «унаследовал») часопіс «Современник». Апісаў той выпадак Іван Сяргеевіч Тургенеў. Ды і выпадкам наўрад ці можна гэта назваць. Тут штосьці іншае. Словам, на літаратурным вечары гаспадар прапанаваў паэту Аляксею Кальцову прачытаць што-небудзь са свайго, здаецца, думу «Божий мир». Але той збянтэжыўся і адмовіўся чытаць. Дакладней, не адмовіўся. Сарамяжлівы Кальцоў проста моцна разгубіўся, а прафесар, бачачы гэта, не стаў упрошваць. I вось пасля вечара Тургенеў, які запрасіў Кальцова ў свае сані, пытаецца ў паэта, чаму той не стаў чытаць думу. «Што ж гэта я стаў бы чытаць – адказваў ён (Кальцоў) з прыкрасцю, – тут Аляксандр Сяргеевіч толькі што выйшаў, а я б чытаць стаў! Даруйце-с!»
Аказваецца, перад тым як прыехаў на прафесарскую кватэру Тургенеў, адтуль выйшаў Пушкін.
Відаць, не адна толькі сарамяжлівасць «варонежскага прасала» з’явілася прычынай адмаўлення, каб чытаць пасля Пушкіна. У той час ужо ўсе, каму даступна было разуменне, напэўна, ведалі, што чалавек, які ўстанавіў, па выказванні таго ж Івана Сяргеевіча Тургенева, мову і стварыў літаратуру, заслужыў і павагу і глыбокую пашану. Ва ўсякім разе нам цяпер павінны быць зразумелыя паводзіны Аляксея Кальцова на кватэры Плятнёва. Хоць сам я міжволі іншы раз хачу ўявіць сабе: а што б мы сказалі яму жывому і што б мы зрабілі для яго?
Пра Пушкіна, бадай, напісана ўжо ўсё. I мы, хто бярэцца цяпер пры імені яго за пяро, па сутнасці, спаборнічаем у тым, хто пераважыць каго ў выяўленні пачуццяў і ў гучанні слоў. Аднак пры ўсім гэтым асабіста мяне заўсёды па-сапраўднаму займае наступная акалічнасуць: калі ў Пушкіна «паэзія дзіўным чынам» расцвітала «як бы сама сабою з самай цвярозай прозы», то з чаго ж вырастала яго геніяльная проза? Чамусьці хочацца думаць, што яна пайшла ў яго ад справядлівасці да чалавека, наогул ад справядлівасці да ўсяго, пачынаючы з прыроды, ад справядлівасці, якая пасля будзе ўласціва рускай прозе ў яе лепшым прадстаўніцтве. Дый не толькі рускай.
Пушкін – загадка ва ўсіх адносінах. I хвала творцы, што загадаў яе ўсім нам, таму што, спрабуючы зразумець яе, разгадаць, мы ўжо другое стагоддзе запар і моцнага розуму набіраемся, і цяжкімі пакутамі пакутуем.
Слава Пушкіна вялікая. Уласна гэта ўжо і не слава нават. Імем сваім, словам сваім ён абвалок нас і зачараваў назаўсёды. I няма ў нас другога такога імя ў літаратуры, вакол якога здольна ўтварыцца народная злітнасць і якое б так мацавала нашу маральную свядочасць.
Пушкін глыбока нацыянальны, а таму і інтэрнацыянальны.
1977
Белорусский прозаик Явген Радкевич принадлежит к числу тех молодых писателей, которые не дожидаются, пока события отойдут на определенное расстояние, остынут, отстоятся. Такие писатели не только пристально изучают повседневную жизнь, но и пытаются воздействовать на нее.
По-разному складываются писательские биографии. У Явгена Радкевича она тоже в своем роде примечательна. До того, как напечатать в журнале «Маладосць» в 1961 году свой первый рассказ «В жару», Радкевич в 1955 поехал на целину, где окончил училище механизации; работал там шофером, трактористом, комбайнером; довелось ему также гонять плоты по Иртышу… Жизнь и работа на целине, в Павлодарской области, и легли потом в основу прозаического дебюта молодого автора. Затем Радкевич был пионервожатым в детском доме. И эта сторона жизни нашла отражение в его творчестве. Особенно плодотворными для дальнейшего изучения жизни были годы странствий по родной земле, когда Радкевич работал в молодежной редакции Белорусского радио, куда он пришел после окончания университета.
Может быть, потому, что молодой писатель всегда принимал и принимает активное участие в жизни – биография его сама говорит об этом, – герои его как бы получили «монополию» рассказывать о происходящем от своего имени, и, может быть, именно поэтому (и это, пожалуй, самое главное) рассказ этот не превратился в повествование лично о себе, он – о поколении.
Познание жизни для героев прозы Явгена Радкевича стало главной школой.
Все как будто совсем обыденно в повестях «Зима на спасательной станции» и «Месяц межень» – кажется, не столь уж большими делами заняты их герои, однако во всем, что они делают каждый день, есть что-то праздничное. Писатель сознательно не упускает из поля зрения светлые стороны жизни, открывает в своих героях черты настоящих людей, даже тогда, когда они, эти черты, скрыты под разными напластованиями.
Следует отметить и еще одну особенность прозы Явгена Радкевича, которая, надо надеяться, получит дальнейшее развитие в его произведениях, – это стремление показывать события в столкновении глубинного и внешнего.
Радкевич в пути. На этом пути и будет зреть талант писателя, которому присуща постоянная творческая неудовлетворенность.
1978
Валянцін Распуцін – адзін з самых рускіх сучасных пісьменнікаў. Ён надзелены сапраўдным талентам. Без яго аповесцей, апавяданняў у наш час, бадай, нельга гаварыць пра рускую савецкую прозу.
Я ўспамінаю, як сустрэўся з ім. У Мінску ў тэатры нашай оперы ішла ўсесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў, прысвечаная 30-й гадавіне з Дня Перамогі. У гасцініцу «Юбілейная», дзе жылі ўдзельнікі нарады, прывёў мяне ўвечары Васіль Быкаў. У адным з пакояў там сядзелі знаёмыя мне Грыгорый Канавалаў, Віктар Астаф’еў, Сяргей Вікулаў. Быў сярод іх і маўклівы малады чалавек з разумнымі вачамі на смуглым і трошкі як не тутэйшым твары. Галоўны рэдактар «Нашего современника» назваў яго: «Распуцін».
Неўзабаве мы ў ахвоту разгаварыліся з Валянцінам, дзіва што – амаль аднагодкі! Ён надрукаваў тады аповесць «Жыві і помні». А месяцы праз два я атрымаў ад яго гэтую аповесць асобнай кніжкай з Іркуцка. Быў і ліст пры ёй: «Пасля таго, як прачытаў раман, мне захацелася паслаць табе сваю кніжку, каб пры выпадку, калі будзе на тое час, ты змог паглядзець, як гэта было ў нас, з нашага сібірскага боку. Літаратура – гэта, вядома, не «як было», але ўсё-такі…»
Сапраўды, вайна шматаблічная і страшная хоць з чыйго боку. Здаецца, гэтым ужо беларусаў не здзівіш. Але якая важкасць і сталасць пісьма ў Распуціна, які бясстрашны ракурс у падыходзе да жыццёвага матэрыялу. Думаючы пра Распуціна, так і ўяўляеш сабе адсюль дужага сібірскага мацака, які карчуе ляда ў далёкай тайзе!
Пісьменнік гэты паслядоўна працуе ў вельмі традыцыйным жанры для рускай літаратуры, у жанры аповесці, якая заўсёды ўступала ў складанае ўзаемадзеянне і з раманам, і з апавяданнем, і з нарысам, і з мемуарнымі жанрамі. Даволі прыгадаць аповесці «Грошы для Марыі», «Апошні тэрмін», «Жыві і помні». Наступны твор яго – таксама аповесць. Гэта – «Развітанне з Мацёрай». Пра яе цяпер многа пішуць крытыкі, спрачаюцца, даводзяць. I зусім слушна ў сувязі з гэтым сцвярджае Сяргей Паўлавіч Залыгін: «Пісьменнік… з кожнай сваёй новай аповесцю дасягае не толькі ўсё большай вастрыні зроку, а і ўсё большага мастацкага асэнсавання жыцця».
1987
Месца К. Сіманава ў савецкай літаратуры вызначылася яшчэ пры жыцці яго ўкладам у мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Адным з першых ён пачаў ствараць эпас гераізму і падзвіжніцтва савецкага воіна, у выніку мы сёння маем раманы «Таварышы па зброі», «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца». Дасведчанаму чытачу відаць, што ён пісаў трылогію пад уздзеяннем «Вайны і міру» Талстога, але гэта была творчая вучоба ў вялікага майстра. Не баючыся знарочыстага збліжэння пісьменнікаў розных, не саграшу супраць ісціны, калі скажу, што і многія з нас, тых, хто з пакалення, «абпаленага ў дзяцінстве вайной», успрымалі эпапею Талстога ў галоўнай яго творчай сутнасці ў нечым праз раманы Сіманава, успрымалі яго «максімальнае адчуванне максімальнай праўдзівасці», як любіў паўтараць Канстанцін Міхайлавіч.
Унутранае развіццё раманаў К. Сіманава ідзе не па лініі храналогіі падзей, а праз раскрыццё героікі вайны, яе суровага драматызму і філасофскага сэнсу праз чалавечыя лёсы. Сваю трылогію Сіманаў даводзіць не да Перамогі, а толькі да сорак чацвёртага года; так ён і задумваў (ён мне сам гаварыў) – закончыць раманы падзейна там, дзе вайна пачыналася, у Беларусі. Напэўна, у дадзеным канкрэтным выпадку гэта зусім зразумела, таму што менавіта сюды ў гарачыя ліпеньскія дні сорак першага прыбыў толькі што мабілізаваны журналіст Канстанцін Сіманаў.
У нумары «Известий» за 20 ліпеня 1941 года быў надрукаваны першы сіманаўскі рэпартаж з вайны, названы «Гарачы дзень». З таго часу Канстанцін Міхайлавіч перажыў шмат гарачых дзён і начэй на фронце, але не забываў ні пра той першы рэпартаж, ні пра Беларусь. Таму што тут, на беларускай зямлі, дакладней, на палях роднай мне Магілёўшчыны, ён убачыў не толькі, як лавіны танкаў Гудэрыяна рваліся да Смаленска, да Масквы, а і як здзяйсняўся подзвіг. Магілёў абараняўся гераічна, тут разгортваліся падзеі, падобныя на абарону Мадрыда.
У сваіх творах Сіманаў быў уважлівы да радавога працаўніка вайны – салдата не менш, чым да генерала, якіх – і тых, і другіх – на франтавых дарогах сустрэў нямала, і выяўляў радавых і начальнікаў заўсёды не губляючы пачуцця цэлага. У гэтым своеасаблівасць сіманаўскага таленту.
Вайна выявіла ў чалавеку ўсё – і добрае, і дрэннае. Сіманаў не ўтойвае ад чытача нічога. Яго праўда – не паўпраўда, а мужная праўда, якая напрамкі б’е ў цэль.
I яшчэ – ён адчуваў сціплую, непаказную любоў да літаратуры, у тым ліку і да беларускай. Калі ў нас з’явілася дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі…», першым, хто адгукнуўся на яе і па-справядліваму ацаніў, быў К. Сіманаў. У адным з інтэрв’ю таго часу ён гаварыў: «Найглыбокай павагі заслугоўвае работа яе аўтараў… я ясна ўяўляю, як цяжка было рабіць гэтую кнігу, якіх велізарных намаганняў, вытрымкі і, нарэшце, мужнасці, небаязлівай рашучасці глядзець гору ў вочы патрабавала гэтая работа».
Сіманаў увогуле высока цаніў публіцыстычны талент у мастаку, бо сам адчуваў штодзённую патрэбнасць у дакументальным «абследаванні» вайны, калі яно не пазбаўлена паглыблення ў духоўны свет радавых яе ўдзельнікаў і на фронце, і ў тыле. Яго работа над фільмам «Ішоў салдат» даказала, што пісьменнік меў рацыю, калі на пачатку вугла сваёй творчасці ставіў гэтае дакументальнае «абследаванне» чалавека на вайне. Ён здолеў з расказаў дзясяткаў, соцень удзельнікаў вайны здабыць той магічны крышталь душы савецкага чалавека, які асвятляе моцным святлом усю яго сутнасць.
Майстэрства Сіманава-дакументаліста, Сіманава-публіцыста выяўлена шматразова на ўсім шляху яго творчай дзейнасці, але асабліва ярка ў кнізе «Розныя дні вайны». Ён прызнаваўся, што «ўсю вайну ў ім змагаліся два пачуцці – жаданне ўсё ўбачыць сваімі вачамі і боязь быць забітым, боязь таму, што немагчыма будзе напісаць пра ўбачанае».
Як асоба, Канстанцін Сіманаў быў вельмі таварыскім, сапраўды дэмакратычным чалавекам. Менавіта пра гэта ўспамінаюць у нас усе, каму давялося з ім сустракацца. А бываў ён часта і сустракаўся з многімі. Не толькі сустракаўся, а і сябраваў. Нягледзячы на вялікую розніцу ў гадах, напрыклад, сябраваў з Якубам Коласам, сваім цёзкам па імені і па бацьку.
Прафесійнай, чалавечай шчырасцю і сумленнасцю напоўнены кнігі К. Сіманава. I тлумачэнне гэтаму можна знайсці ў яго ж словах: «Хоць я ніколі за вайну не служыў у адной часці ні з кім, акрамя маіх таварышаў па «Красной Звезде», аднак людзі, сустрэтыя хоць бы мімалёт і часам аднойчы за вайну, але якія запалі ў душу па тых ці па іншых прычынах, заставаліся ў памяці, у нейкія мінуты вайны для мяне былі аднапалчанамі».
Калі чытаеш кнігі Сіманава, адчуваеш, як многа было ў яго не толькі аднапалчан, але і аднадумцаў, як ашчадна ставіўся ён да свайго жыццёвага вопыту, спяшаўся выкарыстаць яго і ў вуснай гутарцы, і ў даручаным яму дакладзе, а галоўнае – у сваіх творах. Ён мог пісаць і на досвітку, ледзь першыя промні сонца пранікалі ў яго жытло, і ў вагоне цягніка пад перастук колаў і знаёмае стракатанне пішучай машынкі… I ўсё гэта не дзеля таго, каб звярнуць увагу, а каб паспець, паспець да таго, як будзе «забіты»…
Нават кароткая дружба з ім незабыўная.
Кожны раз, калі даводзіцца бываць у Прыдняпроўі, стараюся не абмінуць Буйніцкае поле, якое стала вечнай магілай для герояў Куцепаўскага палка з дывізіі генерала Раманава і іх летапісца Канстанціна Міхайлавіча Сіманава – своеасаблівага мастака. Там помнікам яму – сціплы валун з узноўленым на пярэднім баку аўтографам, а на адвароце – з напісанымі словамі: «Всю жизнь он помнил это поле боя 1941 года и завешал развеять здесь свой прах». Незабыўная магіла і незабыўны помнік, які ва ўраджайным полі…
Пра аповесць І. Скарынкіна «Права пасылаць у бой»
Іван Скарынкін напісаў аповесць «Права пасылаць у бой».
Аўтар – ваенны журналіст, да нядаўняга часу працаваў у акруговай газеце. У выдавецтве «Беларусь» выйшаў яго зборнік нарысаў аб танкістах сучаснай арміі – «Завешчана бацькамі». Часопіс «Полымя» надрукаваў дакументальную аповесць гэтага аўтара «Мацней за сталь», што прысвечана двойчы Герою Савецкага Саюза генералу арміі I.I. Гусакоўскаму.
Аповесць «Права пасылаць у бой» – гэта больш буйны і глыбейшы па зместу твор Скарынкіна. У ім таксама расказваецца пра людзей на вайне. I ў аснове аповесці – дакументальныя факты. Тут няма выдуманых баявых эпізодаў. Усе падзеі сапраўдныя, за выключэннем таго, што па зразумелых прычынах аўтар замяніў прозвішчы некаторых, вельмі нямногіх герояў, нешта ў іх жыцці падаў крыху інакш, чым было на самой справе.
У цэнтры ўвагі аўтара генерал Барыс Сяргеевіч Бахараў. Яго жыццё цесна звязана з Беларуссю. Тут ён у трыццатыя гады прайшоў шлях камандзірскага станаўлення, затым у сорак першым годзе абараняў рэспубліку ад фашысцкіх захопнікаў, а ў сорак чацвёртым у складзе Першага Беларускага фронту вызваляў яе.
У адным з цяжкіх баёў на тэрыторыі Беларусі ён і загінуў.
Пахаваны ў Бабруйску, дзе генералу паставілі помнік – танк на п’едэстале.
Аповесць сваю I. Скарынкін пабудаваў своеасабліва. Пачаў ён яе не з апісання дзяцінства, юнацтва ці ваенных поспехаў генерала, а з яго сур’ёзнай няўдачы ў сорак трэцім годзе. Камандуючы 18-м танкавым корпусам, які ўваходзіў у склад арміі П.А. Ротмістрава, Б.С. Бахараў вытрымаў самы цяжкі экзамен у танкавай бітве пад Прохараўкай. Яму здавалася, што наступіць спакой, а тут спатрэбілася яшчэ большае напружанне: неабходна было яшчэ больш энергічна працягваць пачаты контрудар, каб на плячах адыходзячага праціўніка захапіць раней занятыя ім рубяжы ў раёне Белгарада.
Маршал Г.К. Жукаў у сваёй кнізе «Воспоминания и размышления» падрабязна піша пра абстаноўку, якая склалася там. Палкі і дывізіі нашых армій вельмі стаміліся. Некаторыя з іх з 4 ліпеня не мелі ні сну, ні адпачынку. «Патрэбны былі дадатковыя сілы, каб перашкодзіць планаваму адыходу галоўных сіл ворага. Для гэтага давялося ўвесці ў справу танкавыя корпусы Б.С. Бахарава, I.Ф. Кірычэнкі і частку войск 53-й арміі I.М. Манагарава».
Але і корпус Б.С. Бахарава к гэтаму часу быў моцна паслаблены, панёс вялікія страты. Якімі валявымі якасцямі, якой сілай духу, якім розумам павінен быў валодаць камандзір, каб у такіх умовах не разгубіцца, сабраць корпус у кулак і паслаць яго наперад, пераадолець агонь і перашкоды праціўніка. Але Б.С. Бахараў не справіўся з такой задачай. Ён прамарудзіў, не змог ахапіць усёй складанасці, знайсці ў баявым парадку ворага слабае звяно. Акрамя таго, уступіў у спрэчку з вышэйшым начальствам. За ўсё гэта генерал быў строга пакараны: паніжаны ў пасадзе.
Яго прызначылі намеснікам камандзіра 9-га танкавага корпуса.
З аповесці «Права пасылаць у бой» мы бачым, як Б.С. Бахараў перажываў сваю няўдачу. Генералу ўспомнілася даваенная служба. Яна ішла ў яго паспяхова. Камандзір хутка падымаўся па службовых прыступках. Пасля акадэміі – батальён, брыгада. Перад вайной ён ужо на чале танкавай дывізіі. Працаваў, як кажуць, не пакладаючы рук. Вучэнні, стрэльбы, тэарэтычныя семінары. Разважаў ён, як яму здавалася, шырока, па-сучаснаму. I яго хвалілі, ставілі ў прыклад.
А цяпер – паніжэнне. Праўда, да гэтага «цяпер» была палова вайны.
Аповесць «Права пасылаць у бой» будуецца на супастаўленні мінулага і сучаснага. З яе старонак бачна, як герой глыбока, усебакова ўзважвае кожны факт са свайго жыцця.
«Бахараву не сядзелася на ўцісцутым сядзенні «эмкі», ён уздыхаў, паціраў падбародак. У душы пераварочвалася нешта цяжкае, быццам усё перажытае і недадуманае тады, у сорак першым, дажывала сваё жыццё цяпер. Магчыма, і быў ён тады, як сляпы, тыцкаўся туды-сюды, не мог цвёрда ўзяць у рукі кіраванне часцямі, адчуць сябе паўнаўладным гаспадаром на полі бою. I разменьваўся па дробязях, больш прытрымліваўся дзеяння асобнымі атрадамі, спадзяваўся на энтузіязм байцоў, на тое, што неяк само сабой уладзіцца, дастаткова толькі мабілізаваць, натхніць».
Але вось Б.С. Бахарава прызначаюць камандзірам 9-га танкавага корпуса. Цяпер ён прымае ўдзел у важных бітвах, вядзе баі за Гомель, наступае на Рагачоўска-Бабруйскім напрамку, замыкае варожы «кацёл» ля Бярэзіны. Ад бою да бою генерал набіраецца вопыту, мужнее, вырастае ў таленавітага ваеначальніка.
Скарынкін паказвае свайго героя ў шмат якіх сітуацыях: у адносінах з начальнікам штаба, начальнікам палітаддзела, палітработнікамі, у роздуме аб палітычнай сутнасці падзей, нарэшце – у адносінах з радавымі байцамі.
Нас кранае яго чуласць, прастата, чалавечнасць і боль за тых, каго вайна ўцягнула ў свой крывавы вадаварот,
Не склаліся, напрыклад, спачатку адносіны ў камкора з начальнікам палітаддзела, «старажылам» у 9-м танкавым корпусе. Той сустрэў новага камандзіра з нейкай нядобразычлівай насцярожанасцю, увесь час рабіў акцэнт на былых подзвігах і заслугах злучэння.
Канфлікт гэты зацягнуўся. Раскрываючы яго, аўтар паказвае станоўчыя якасці таго і другога, іх непакой за галоўную справу. Паступова, у ходзе падрыхтоўкі да баёў яны збліжаюцца, сябруюць, у цесным кантакце вырашаючы пытанні, якія ставіліся перад корпусам.
«…Праз дзень-другі вызваляць Васілевічы… Але ён са сваёй гаспадаркай на перафарміраванні. Вядома ўжо няма чым ваяваць, многія танкі ці падбіты, ці спалены. Мала іх засталося. I ўсё ж такое адчуванне, быццам нешта недагледзелі.
Вярнуўся Бахараў у свой штаб, убачыў Хрышчанку, сумна паглядзеў на яго.
– Ну, што, камісар, адваяваліся?
Той зразумеў яго.
– Таак, шкада, што ў такі гарачы момант адвялі нас.
Яны пасядзелі моўчкі.
– Якія ж новыя справы чакаюць нас? – Барыс Сяргеевіч пабарабаніў пальцамі па планшэтцы.
– А спраў яшчэ шмат. Недзе на Віцебшчыне мае старыя ў няволі. Ды не толькі мае…
– Гэта ўжо наступная аперацыя: твае старыя.
Абодва яны ведалі, што ім належала выканаць яшчэ адну вельмі важную работу, і яны ўзяліся за яе. Перад Бахаравым і Хрышчанкам з’явіўся стос узнагародных лістоў на салдат і афіцэраў, што прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза за подзвігі, здзейсненыя пры расшырэнні плацдарма…»
З цікавасцю чытаюцца старонкі, дзе Б.С. Бахараў рыхтуе да блізкіх баёў свой корпус, які адведзены на адпачынак, у рэзерв.
I ўвогуле перад чытачом паўстае складаная і шматгранная дзейнасць савецкага военачальніка.
Пераканаўча напісаны танкавыя бітвы, дакладна перададзены іх размах, магутнасць і своеасаблівасць. Асабліва запамінаюцца раздзелы, якія расказваюць аб наступленні нашых войск на Бабруйск. Корпус на чале з Б.С. Бахаравым першым ішоў да Бярэзіны, на дзве часткі разрэзаў баявыя парадкі праціўніка, завяршыў утварэнне бабруйскага «катла». Гэтыя баі ў літаратуры яшчэ мала асветлены. I. Скарынкін пра іх піша падрабязна, цікава, паказвае цяжкасці, з якімі сутыкнуліся нашы войскі, што перакрылі шлях да адыходу шасці нямецкім дывізіям.
У аповесці ідзе гаворка не толькі пра баявыя дзеянні камандзіраў, палітработнікаў, штабоў, але і радавых. «Рака» бою ў аповесці дзеліцца на асобныя ручайкі, а з асобных подзвігаў (з іх запамінаюцца па-сапраўднаму гераічныя дзеянні Скрыпкіна і Нікалаева пад Прохараўкай, танкіста Махоты і пехацінца Костычава каля Лоева, маёра Сцепаненкі, капітана Калашнікава, старшыны Давыдава і іншых на Бабруйскім напрамку) вырастае подзвіг калектыўны. I пра ўзнагароджанне корпуса ордэнам Чырвонага Сцяга за Бабруйск аўтар справядліва піша: «Гэтая ўзнагарода і камандзіру злучэння, і кожнаму афіцэру, салдату. Узнагарода за напружаныя дні, бяссонныя ночы, узнагарода за калектыўны вялікі подзвіг. У ім выявіліся і намаганні тых, хто пацеў над картамі, абдумваў новыя рашэнні, і тых, хто абгарэў і аслеп у першых атаках, і тых, хто замкнуў «кацёл» каля Бабруйска».
Цікава ў аповесці расказваецца аб партыйнай рабоце, якая вялася ў корпусе, аб ролі камуністаў у баявых аперацыях. Запамінаецца эпізод з прыёмам у партыю старшыны Давыдава і яшчэ двух Герояў Савецкага Саюза.
Цёпла, усхвалявана апавядаецца аб сувязях такістаў корпуса, самога Б.С. Бахарава з мясцовым насельніцтвам, працоўнымі Беларусі.
Побач з Б.С. Бахаравым «жывуць і дзейнічаюць» у аповесці вобразы іншых военачальнікаў – К.К. Ракасоўскага, П.I. Батава, А.В. Гарбатава.
Але мне здаецца, што задужа грувасткімі атрымаліся ў аповесці I. Скарынкіна асобныя батальныя сцэны.
Можна было б карацей гаварыць аб бітве пад Прохараўкай, зрабіць больш лаканічнымі апісанні баёў у раёне Лоева, Гомеля. Расцягнута ў аповесці Бабруйская аперацыя.
Некаторыя танкавыя баі падобныя, напрыклад, пад Прохараўкай і ля Гомеля.
Трэба было падумаць аўтару над пераходамі ў тэксце. Не ўсюды яны лагічныя. Узяць, напрыклад, тыя мясціны, дзе гаворыцца, што корпус атрымаў загад Чарняхоўскага ажыццявіць імклівы начны манеўр. Чакаеш, як жа корпус будзе выконваць гэты загад. Але з наступных радкоў даведваемся, што корпус ужо ў рэзерве. Калі аўтар вырашыў не паказваць гэты бой, тады ўсё гэта трэба было падаць неяк інакш.
Увогуле ж аповесць «Права пасылаць у бой» напісана вельмі цікава і па тэме, і па матэрыялу. Зразумела, што і па чалавечых характарах.
1973
Даўно вядома, што самы цяжкі і адказны род літаратуры – гэта творы для падрастаючага пакалення, ці, як іх называюць, творы для дзяцей і юнацтва. Таму вельмі дзіўна, што найбольш і часцей людзі, якія выбіраюць для сябе ў жыцці пісьменніцкае рамяство, «без страху і сумнення» пачынаюць пісаць якраз такія творы.
Мала хто з выдатных пісьменнікаў у мінулым стагоддзі ўстрымаўся, каб не напісаць для дзяцей. Пушкін, той жа Гарын-Міхайлоўскі, Мамін-Сібірак, Караленка, нарэшце – Л. Талстой…
I тым не менш, вось што гаварыў іхні сучаснік: «Руская літаратура, якую зусім нельга назваць беднай і якая з кожным годам заваёўвае ўсё больш і больш ганаровае становішча на сусветным рынку, амаль нічога не дала для дзяцей і юнацтва… Праўда, спроб даволі багата, аднак усе яны… уяўляюць з сябе альбо вартыя жалю неспрактыкаваныя кампіляцыі з замежнага, альбо нехлямяжыя дамарошчаныя творы, у якіх нават дзіцячы розум, нягледзячы на сваю непатрабавальнасць… і лёгкую прыстасаванасць… міжволі адчувае фальшывае заігрыванне, падробку і шматслоўнае сюсюканне».
Бачыце, якая патрабавальнасць?
З аднаго боку – высокамастацкія творы Пушкіна, Яршова, Маміна-Сібірака, Караленкі, Талстога… З другога – неспрактыкаваныя кампіляцыі і нехлямяжыя дамарошчаныя кнігі.
Калі руская дзіцячая літаратура можа налічыць сабе каля двухсот гадоў, то наша, беларуская, не мае такой магчымасці.
Звычайна чалавек расстаецца з дзіцячымі кнігамі тады, калі расстаецца наогул з дзяцінствам. Здаецца, да старога, а дакладней – да былога, ужо звароту няма і не будзе. Але вось ён становіцца зусім дарослым і ў яго з’яўляюцца свае дзеці. Тады як бы зноў вяртаецца ў хату дзяцінства, але цяпер ужо з клопатам і захапленнем ягоных дзяцей – аказваецца, на гэтым свеце ўсё паўтараецца, калі і не цалкам, то багата ў чым. I галоўнае, твае дзеці чытаюць тыя кніжкі, якімі некалі захапляўся ты.
Таму вельмі ўсцешаны бываеш, калі раптам даведваешся, што твае дзеці разам з кнігамі Жуля Верна і Гарына-Міхайлоўскага, Маміна-Сібірака і Талстога па-ранейшаму чытаюць кнігі Янкі Маўра і Міхася Лынькова, Алеся Якімовіча і Паўла Кавалёва, Васіля Віткі і ўсё тую ж «дзіцячую ваенную эпапею» з прадмовай Якуба Коласа «Ніколі не забудзем».
Ну, а калі ўжо неабыякава табе, што чытаюць цяпер твае дзеці, дык ты пачынаеш і далей цікавіцца: а ці ёсць што новае ў беларускай дзіцячай літаратуры?
Аказваецца, ёсць. Сярод новых кніг, якімі цяпер захапляецца ў нас падрастаючае пакаленне, кнігі Алены Васілевіч, Васіля Хомчанкі, Івана Сяркова…
Да таго ж і з боку крытыкі да літаратуры для дзяцей і юнакоў адносіны не зусім сур’ёзныя. Праўда, ёсць асобныя кнігі ды артыкулы ў перыядычным друку. Нядаўна, напрыклад, у часопісе «Полымя» быў надрукаваны цікавы артыкул У. Гніламёдава. Добрыя рэцэнзіі на творы нашых дзіцячых пісьменнікаў піша Рыгор Шкраба. Дастаткова ўспомніць яго рэцэнзію на першую аповесць таго ж Івана Сяркова. А то ж некаторыя аўтары ў нас пішуць і так: «Георгій Шыловіч у аповесці «Туман ідзе па следзе» добра паказаў магчымасці сабакі». Няйначай меў рацыю Самуіл Маршак, які жартаваў: некаторыя аўтары кніг для дзяцей умеюць выклікаць у чытачоў страўнікавы сок, а накарміць іх не могуць. Дык вось многія нашы рэцэнзенты і аўтары асобных артыкулаў аб літаратуры для дзяцей таксама выклікаюць часам страўнікавы сок, а есці пасля гэтага не даюць. Ці знойдзецца, напрыклад, у нас добрае абагульняючае даследаванне, з якога б, нарэшце, стала зразумела, ці гэта сапраўды ўжо зусім аўтаномная з’ява, наша беларуская дзіцячая літаратура, ці яна ўсё яшчэ не можа існаваць асобна, нават калі б штучна, я паўтараю – хоць бы штучна паспрабаваў хто вылучыць яе з агульнай літаратуры? I гэта нягледзячы на тое, што ўжо выдадзена ў нас «Хрэстаматыя па беларускай дзіцячай літаратуры»; і гэта нягледзячы на тое, што ёсць агульная «Беларуская дзіцячая літаратура», і, нарэшце, нягледзячы на тое, што ёсць у нас некалькі рэкамендацыйных паказальнікаў і метадычных дапаможнікаў. Справа ў тым, што ў гэтых працах, акрамя сістэматызацыі матэрыялу, у наяўнасці толькі імкненне «засяродзіць увагу на некаторых важных пытаннях гісторыі літаратуры для дзяцей».
Я ўжо сказаў, што імя Івана Сяркова знаходзіцца сёння ў пераліку тых таленавітых пісьменнікаў нашых, дарэчы, зусім нямногіх, хто працягвае лепшыя традыцыі беларускай дзіцячай літаратуры.
Напісаў ён пакуль дзве аповесці: «Мы з Санькам у тыле ворага» і «Мы – хлопцы жывучыя».
Мусіць, трохі дзіўна зрабілася б, каб хто пачаў раптам: «Вобраз Санькі, таксама як і вобраз Міколкі…» Тым не менш у літаратуры нашай такія вобразы ёсць: і вобраз Міколкі з аповесці Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», і вобраз Санькі з названых твораў Івана Сяркова. Вобраз Міколкі даўно, а вобраз Санькі з’явіўся нядаўна.
Параўнанні наогул, а ў літаратурнай справе найбольш заўсёды небяспечныя. Але ж існуюць больш-менш бясспрэчныя з’явы, якія можна параўноўваць. Таму не трэба здзіўляцца, што мы свядома ставім сёння побач з Міколкам Саньку, бо ніхто не будзе адмаўляць, што раптам і тут, у аповесцях Сяркова, праз многа гадоў пасля аповесці нашага старэйшага пісьменніка выбухнуў той жа непасрэдны і шчыры гумар, а ў трагічных умовах з’явілася аптымістычнае ўспрыняцце навакольнага свету.
Калі размова ідзе пра твор для дзяцей, то звычайна не гавораць – падзеі, а гавораць – прыгоды. Іх у аповесцях Івана Сяркова, гэтых прыгод, шмат. Асабліва ўдала карыстаецца пісьменнік дэталлю як прыёмам. Гэта і бабчын клуначак, што падрыхтаваны на выпадак смерці, і бочка, якую нібыта коцяць у часе бою ад аднаго агнявога рубяжа да другога то нашы, то немцы…
Поспех аповесцей Івана Сяркова ў маладога чытача абумоўлены жыццёвасцю вобразаў. Гэта выдатна, што ні адзін з герояў Сяркова ў сваіх паводзінах, учынках не перарастае межаў свайго ўзросту.
1983
Да 100-годдзя з дня нараджэння Аляксея Талстога
Пісьменнікі прыходзяць да нас па-рознаму. Вось і да мяне Аляксей Талстой прыйшоў колісь своеасабліва. Напрыклад, раней, чым з «Дзяцінствам Мікіты», я пазнаёміўся з «Рускім характарам». Гэтае апавяданне ў сорак трэцім годзе мы чыталі ў класе калектыўна, з маленькай кніжачкі чырвонаармейскага выдання пад звон асколкаў, што разрываліся над вясковай школай, і зенітных снарадаў, якія падалі на бляшаны дах: нашы артылерысты, якія ахоўвалі чыгуначную станцыю, спрабавалі дастаць у высокім зімовым небе нямецкі самалёт.
Мне цяпер здаецца чамусьці, што разумець пісьменніка Аляксея Талстога я пачаў з гэтага апавядання. Ва ўсякім разе, у маёй свядомасці ён замацаваўся першым у тым шэрагу, які потым быў працягнуты «Лёсам чалавека» М. Шолахава.
Аднак размову пра творчасць Талстога трэба пачаць усё ж з сямнаццатага года, таксама з зімы, калі вядомы пісьменнік прыехаў на Беларусь у якасці ўпаўнаважанага Усерасійскага земскага саюза гарадоў на Заходнім фронце. Губернскі Мінск у той час быў прыфрантавым горадам. Не так ужо і шмат засталося сведчанняў аб знаходжанні Талстога ў нас, але адно застаецца без сумненняў: паездка вельмі дапамагла пісьменніку «адкрыць» імперыялістычную вайну, адчуць набліжэнне рэвалюцыйных падзей.
Так атрымалася, што свой першы раман аб рэвалюцыі Талстой пачаў пісаць за мяжой…
Не бяруся сцвярджаць катэгарычна, аднак у чытацкім уяўленні створаная ім трылогія «Блуканне па пакутах» з’яўляецца першай спробай эпічнага асваення новай рэчаіснасці. Гэта пазней ужо з’явяцца іншыя творы такога ж характару, якія найбольш магутна раскрываюць тэму «чалавек і радзіма», даследуюць прыход чалавека да ўсведамлення неабходнасці рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця.
Рэвалюцыя ўлівала самую сябе, як пісаў Луначарскі, «у стройныя творчыя каналы, усё больш і больш гарманічныя». Каб раскрыць стваральны пафас рэвалюцыі, агаліць яе гарманічны, строга заканамерны характар, мастакам трэба было звярнуцца таксама да гісторыі, трэба было сфарміраваць у сабе гістарычны лад мыслення, авалодаць маштабнасцю мастацкага апавядання. Аўтар аднаго э лепшых у сусветнай літаратуры гістарычнага рамана «Пётр I», лічыў, што «сённяшні дзень у яго закончанай характарыстыцы зразумелы толькі тады, калі ён становіцца звяном складанага гістарычнага працэсу». Прыклад з яго бяруць лепшыя прадстаўнікі нацыянальных культур.
На Беларусі, напрыклад, Якубам Коласам ствараецца трылогія «На ростанях» як эпапея прыходу перадавой беларускай інтэлігенцыі праз напружаныя духоўныя пошукі да народа. Трылогія Я. Коласа роднасная трылогіі «Блуканне па пакутах». Роднасная не толькі па творчай пераемнасці, але і паводле тыпу сінхроннага імкнення буйнамаштабна адлюстраваць час бурных падзей і вялікіх здзяйсненняў. Гэтае імкненне прымушала не толькі Якуба Коласа, але і іншых пісьменнікаў стаць адначасова гісторыкамі і мысліцелямі і абавязвала іх звярнуцца да эпапейных жанраў, што дазваляе ўзнавіць не толькі па-мастацку ярка, але і гістарычна праўдзіва ўсю паўнату імкнення народаў, якія прачнуліся, стаць на шлях вялікага рэвалюцыйнага пералому.
I пазней у беларускай літаратуры яе творцы, як і А. Талстой, неаднойчы, па прычыне гістарызму свайго мыслення, будуць звяртацца да эпапейна разгорнутых палотнаў, каб незвычайна агромністы матэрыял жыцця рэалізаваць у цэласную сюжэтную еднасць. Так зрабіў Іван Мележ, які стварыў тры раманы з задуманай ім «Палескай хронікі» як мастацкага даследавання чалавека ў пераломны для жыцця нашага грамадства перыяд – у гады калектывізацыі.
У гісторыі А. Талстой шукаў «разгадку рускага чалавека», рускага характару. Так, у першы год вайны ён інтэнсіўна пачаў збіраць канкрэтны матэрыял пра подзвіг салдат і камандзіраў, які потым пераліўся ў яркія, хвалюючыя вобразы цыкла апавяданняў Івана Сударава. Мне здаецца, што гэта была спроба стварыць па гарачых слядах вайны новую эпапею аб рускім воінстве, якое абараняла да апошняга дыхання сваю радзіму.
Сёння мы наогул з поўнай падставай на тое можам казаць аб традыцыях Аляксея Талстога ў эпічным асваенні шматнацыянальнай савецкай літаратурай жыцця народа ў яго цяперашнім і мінулым вымярэннях. Для пацвярджэння гэтага дастаткова ўспомніць імёны такіх вядомых у краіне пісьменнікаў, як Г. Маркаў, Р. Канавалаў, Ф. Абрамаў, А. Чакоўскі, П. Праскурын, А. Іваноў, М. Стэльмах, А. Хінт, Ё. Авіжус, А. Нурпеісаў… Арганічная ўраўнаважанасць умоў і характараў, свету вонкавага і ўнутранага, узнаўленне жыцця ў той паўнаце і цэласнасці, калі Прырода і Чалавек, Час і Гісторыя адзіныя, набліжаюць лепшых савецкіх празаікаў да Аляксея Талстога, які, паводле ягоных слоў, раманам трымаў экзамен на Чалавека.
Самай галоўнай задачай літаратуры ён лічыў яе ўздзеянне на жыццё. Ён лічыў, што сучаснасць – самы цяжкі, але затое і самы неабходны матэрыял для мастака. Пра што б ні пісаў А. Талстой, ён адчуваў адказнасць пісьменніка перад народам, перад партыяй. Для савецкага пісьменніка, лічыў ён, немагчымая бясстрасная, халаднаватая пазіцыя пабочнага назіральніка. Ён гнеўна накідваўся на тых, хто піша «без дзёрзкасці, без рызыкі, шэра, нівелявана, сумнавата і галоўнае – каля жыцця, не сунучы нос у гэты кіпень, у жыццё». Аляксей Талстой заўсёды спрачаўся з тымі, хто заклікаў чакаць «адстою эпохі», хто падмяняў рэалістычнае ўвасабленне жыцця натуралістычнымі замалёўкамі. Пісьменнік абавязаны стаць гісторыкам і мысліцелем, каб, заўважаў ён, «па локаць засунуць рукі ў цеста жыцця, але – як відушчы і дасведчаны, дзеля чаго».
Аляксей Талстой валодаў талентам светлым і мудрым, быў мастаком тонкага слыху і дакладнага зроку. Усёй сваёй творчасцю, якая праходзіла ў самых цяжкіх пошуках і несумненных перамогах, ён даказаў, што быў пісьменнікам рускай душы, палкага творчага натхнення: нарэшце, ён стаў класікам літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Да яго творчай спадчыны, як да невычарпальнай крыніцы ідэйна-эстэтычнага вопыту, далучаюцца і будуць далучацца ўсё новыя і новыя пакаленні пісьменнікаў.
1981
«– А мост мы ўзялі, лейтэнант… Глядзі…
Але ўжо густая імгла зноў пакрыла і Доўгава, і мост, і яснае, вясёлае неба…
…Да канца вайны заставалася роўна дзесяць дзён».
Так пранесліся апошнія імгненні жыцця дзевятнаццацігадовага лейтэнанта Ахцяма Кадырава, героя аповесці «Мост». «Да канца вайны заставалася роўна дзесяць дзён» – гэтыя словы можна і трэба прачытаць не толькі літаральна – да канца вайны, але як адлегласць у тысячы жыццяў, таму што той трагічны і гераічны час мог зрушыцца наперад, а не назад.
У кнізе башкірскага пісьменніка Ахіяра Хакімава «Сполахі» (М., 1978), у якой ва ўсёй сваёй грознай сіле зноў паўстала вайна з фашызмам, асаблівыя адносіны з часам. Камандзір роты, капітан Васільеў з той самай аповесці «Мост», запісвае ў дзённік думкі, якія можна назваць пэўным вызначэннем паэтыкі часу самога пісьменніка: «Сярожа Быкаў: прыбыў у роту аўтаматчыкаў 8.1.45. Загінуў – 13.3.45. Атрымліваецца, камандаваў ён узводам два месяцы. Усяго два месяцы… У мірны час два месяцы жыцця праляцяць – і не заўважыш. Я таго часу не магу ўспомніць, калі Быкава не ведаў. Як гэта – не ведаць Сярожу?!»
Рамазан Іргалін, салдат дзевятнаццаці гадоў (аповесць «Кульгавая ваўчыца»), пытае зязюлю, колькі яму засталося жыць, і «лясная вяшчуння» не паскупілася, «шчодра» адлічыла юнаку «немагчыма доўгіх пятнаццаць гадоў». Эпітэт «немагчыма» ў спалучэнні з тэрмінам «пятнаццаць гадоў» стварае здзіўляюча насычаны вобраз часу, выкліканы бесчалавечным законам вайны.
Скандэнсаваны, насычаны час у аповесцях Хакімава імчыцца, як той конь на байзе* (конных спаборніцтвах), толькі ўспышкі смяртэльнага агню выхопліваюць на імгненне з ваенных падзей твары людзей, іх размовы, лёсы, подзвігі і смерці… Мабыць, таму пісьменнік даў сваёй кнізе назву «Сполахі». I ўсё ж слова гэтае, вынесенае ў загаловак (як і назва аднайменнай аповесці), мае і другі, надваенны сэнс, таму што ва ўспрыняцці пісьменніка «сполахі» – не толькі сімвал небяспекі, але і сімвал надзеі, гэта «летнія, на паўнеба, сполахі, што прадказваюць хуткае паспяванне збажыны…». У аповесцях Хакімава адбываецца дыялог двух самых крайніх станаў чалавечага быцця – вайны і міру, які ні на хвіліну не спыняецца. Гэты ідэйна-тэматычны дыялог і з’яўляецца асновай, зыходным пунктам сюжэтна-кампазіцыйнай сістэмы твораў, дзе галоўную, вызначальную ролю выконваюць такія мастацкія прыёмы, як парушэнне храналогіі, успаміны, сны. Дзеянне ўсіх аповесцей (за выключэннем адной – «Байга») адбываецца ў час вайны («Кульгавая ваўчыца» – 1941, «Сполахі» – 1943, «Мост» – 1945), але адначасова яно адбываецца і рэтраспектыўна – у мірныя даваенныя гады. Больш таго, яно мае і футуралагічны эфект – мары герояў звернуты да будучыні, якая заваёўваецца сёння.
У пераломных і катастрафічных сітуацыях вайны раскрываюцца і фарміруюцца характары маладых герояў кнігі Ахіяра Хакімава. Усе яны сапраўды вельмі маладыя. Карыму Азнабаеву («Сполахі»), радысту дэсантнай брыгады, што збег з дому на фронт, каб адпомсціць за загінуўшых бацькоў, толькі што споўнілася шаснаццаць. А яго камандзіру, сяржанту Фёдару Талкунову – дваццаць чатыры. Аднак вайна прызнае адзіны ўзрост – узрост мужнасці.
Аповесці «Сполахі» папярэднічае такі аўтарскі каментарый: «Падзеі, аб якіх пойдзе гаворка, надзіва звычайныя, нават будзённыя для вайны, а персанажы – людзі простыя, ва ўсякім разе не з тых, пра каго слава ідзе па свету і чый подзвіг увекавечылі помнікі на гарадскіх плошчах. Гэта непрыкметныя працаўнікі крывавай чатырохгадовай вайны». У гэтым прызнанні важна пачуць лейтматыў – звычайныя для вайны гэтыя падзеі звыш незвычайныя для сённяшняга ўспрыняцця, таму што за імі – дваццаць мільёнаў загінуўшых людзей, з чым ніколі не можа прымірыцца розум чалавецтва. Менавіта на памяці народа, што крывавіць, і нараджаецца вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў наша ваенная літаратура, якая пакарыла чытачоў усёй планеты.
Прастата герояў ні ў якім разе не падмяняе іх чалавечай велічы.
Бачанне чалавека на вайне ў Ахіяра Хакімава індывідуальнае і своеасаблівае. Пісьменніка цікавіць не ўвесь шлях персанажа, а асобныя, найбольш драматычныя яго моманты, у якіх чалавек раскрываецца ўвесь і адразу. Адмаўленне ад эвалюцыйнага развіцця сюжэта прыводзіць аўтара да фрагментарнасці пабудовы аповесцей на нейкіх пэўных вузлавых сітуацыях, што ў сваю чаргу стварае адчуванне агульнай цэласнасці малюнка. Асабліва завостраны гэты прыём у аповесцях «Байга» і «Кульгавая ваўчыца».
Структура апошняга твора ўскладняецца яшчэ і ўвядзеннем у расказ метафарычна прыроднага фону. У «Кульгавай ваўчыцы» развіваюцца паралельна (але і пастаянна скрыжоўваючыся, як у неэўклідавай геаметрыі) дзве лініі: лёс ваўчыцы, страціўшай пры бамбёжцы сваіх дзяцей, і лёс чалавечы – трох салдат: лейтэнанта Фядотава, камандзіра аддзялення Рамазана Іргаліна і кулямётчыка Сумінава. Сітуацыя незвычайна напружаная: канец лета сорак першага года, адступленне Чырвонай Арміі, Фядотаў, Іргалін і Сумінаў аказваюцца адрэзанымі ад дзеючай арміі. Становішча ўскладняецца яшчэ і тым, што Фядотаў, пасланы на сувязь з падполлем, ранены. Як павядуць сябе гэтыя людзі ў такіх варожых для іх абставінах? Гэтае пытанне з’яўляецца цэнтральным нервам аповесці. Адзін з іх – Сумінаў – становіцца здраднікам.
Псіхалогія здрадніцтва даследуецца аўтарам глыбока і скрупулёзна. У крытыцы (гл. рэцэнзію на кнігу «Сполахі» Рафаэля Мустафіна ў «Литературной России», 9 лістапада 1979 года) ужо было адзначана некаторае падабенства творчай манеры А. Хакімава і В. Быкава. Узнікаюць пэўныя асацыяцыі з гісторыяй Рыбака з аповесці «Сотнікаў» і пры чытанні тых старонак «Кульгавай ваўчыцы», дзе расказваецца аб пераўтварэнні кулямётчыка Сумінава ў паліцая. I беларускага, і башкірскага празаікаў глыбока хвалюе адна і тая ж праблема – дзе мяжа, што вызначае звычайны і натуральны страх перад смерцю ад здрады, ад чорнай і недаравальнай здрады? Аўтар «Кульгавай ваўчыцы» ўмее надзіва дакладна завастраць сітуацыі. Ён ставіць Сумінава перад апошнім парогам – Сумінаў павінен расстраляць партызана, і гэтым партызанам аказваецца не хто іншы, як Рамазан Іргалін, яго нядаўні таварыш. «Лёс насмешлівы і жорсткі. Хто мог падумаць, што ім давядзецца сустрэцца вось тут, на смяротнай рысе?! Раптам Сумінаў зразумеў, што ненавідзіць Іргаліна. Ненавідзіць за ўсё – за вайну, за блуканні па лесе, за кульгавую ваўчыцу, за тое, што ён цяпер павінен забіць яго. I без яго, Сумінава, немцы прыкончылі б іх, але справа не ў гэтым, зусім не ў гэтым…» Тут выключная сітуацыя псіхалагічна апраўдана – аўтар ставіць мэтай паказаць глыбіню маральнага падзення чалавека на самым напружаным узроўні выбару – смерць «мая» ці «яго». Але пісьменніку не ўдалося ўтрымацца на дасягнутай ім мастацкай вышыні, пра што сведчыць сцэна сустрэчы Сумінава з расстраляным ім Іргаліным (апошні цудам застаўся жыць, што бачыцца ўжо непатрэбным сентыментальным дабаўленнем да сапраўды трагічнага вырашэння канфлікту).
Праўда, патрэбна заўважыць, што аўтар крыху кампенсуе свой эстэтычны пралік асэнсаваннем лёсу Сумінава ў агульнапрыродным кантэксце. Здрада Сумінава адлюстравана ў аповесці як здрада жыццю ўвогуле – здрада таварышам, Радзіме, самой жывой прыродзе. Невыпадкова ў думках паліцая прамільгнуў вобраз кульгавай ваўчыцы. Адзін з персанажаў аповесці гаворыць: «Адкуль тут ваўчыца з’явілася – бок абпалены, адна лапа напалавіну адарвана. Людзей амаль што не баіцца, наадварот, да іх цягнецца. А немцаў, уяві сабе, не пераносіць. Блукае-блукае – і як завые! Страшна так робіцца, як быццам чалавек плача. Старыя гавораць: гэта наша зямля ад гора стогне. Душа яе спакутаваная». Сімвалічна гэтае супрацьпастаўленне: «людзі» і «немцы». Сумінаву некалькі разоў даводзілася сустракацца з кульгавай ваўчыцай, і ў гэтых сустрэчах ён быў не чалавекам, а «немцам». Аўтар стварае пры дапамозе прыроднай асацыяцыі выразны і бязлітасны вобраз – здрадніцтва выкідвае Сумінава не толькі з роду чалавечага, але і з жыцця прыроднага ўвогуле. Нават люты звер, што блукае па лясах у пошуку сваіх загінуўшых «круглалобых ваўчанят», аказваецца маральна вышэй Юды – сама прырода выцясняе адступніка за мяжу быцця.
У гэтай складанай метафарычнай лініі башкірскі празаік цалкам арыгінальны. Мабыць, арыгінальнасць вырасла на глебе спецыфічнага нацыянальна-фальклорнага мыслення, у якім чалавечы і прыродны свет зліты ў адной непарыўнай жыццесцвярджальнай аснове.
Наогул нацыянальная стыхія, не адрываючыся ад агульначалавечай, а ўносячы ў яе свой непаўторны каларыт, пранізвае ўсю кнігу А. Хакімава. Сінтэтычнасць характэрна як сістэме герояў, адлюстраваных у аповесцях, так і стылістыцы твораў. Поруч з маладымі салдатамі-башкірцамі аўтар паказвае яшчэ некалькі яркіх персанажаў, сярод якіх асабліва запамінаюцца разбітны ў час адпачынку і мужны ў баі яфрэйтар Далгоў (аповесць «Мост»), знешне суровы і ўнутрана мяккі сяржант Фёдар Талкуноў, не па гадах мудры кіргіз Махмуд Жаніеў, сямнаццацігадовы партызан – украінец Максім (аповесць «Сполахі»).
I ўсе гэтыя персанажы – рускія, украінцы, башкіры, кіргізы – змешчаны ў атмасферу складанага слоўнага апавядання, дзе руская гаворка натуральна пераклікаецца з кіргізскай ці башкірскай прымаўкай, дзе перакрыжоўваюцца, не супярэчачы адзін аднаму, нацыянальныя рухі, характары.
Усё гэта разам узятае і стварае тое ўнутранае адчуванне, якое мы вызначаем паняццем – народ.
«Хто з канём пачцівы, таго і бог не забудзе» – гаворыць башкірская прымаўка. Узнікшая на матэрыяле спецыфічнага быту (конь для башкіраў, гаворыць Рафаэль Мустафін ва ўжо названай вышэй рэцэнзіі, – «яго лёс, яго гонар, яго баявы сябар і таварыш»), гэтая прымаўка мае больш шырокі, можна сказаць, філасофскі сэнс, звязаны з праблемамі дабра і зла, сілы і чысціні, праўды і няпраўды. Кола гэтых пытанняў і хвалюе аўтара ў аповесці «Байга», якая адкрывае кнігу. Па сваёй кампазіцыі аповесць уяўляе ўспаміны пяцідзесяцігадовага калгасніка, заатэхніка Ягафара Юлдыбаева аб сваім нялёгкім жыцці. Як заўсёды ў А. Хакімава, успаміны гэтыя маюць фрагментарны характар: у памяці Ягафара ўсплываюць найбольш драматычныя эпізоды з яго жыцця, але ўсе гэтыя даволі-такі разрозненыя карціны аб’яднаны агульнасцю філасофскай праблематыкі аповесці, звязанай перш за ўсё з катэгорыяй «дабра». «Дабро, – думае Ягафар, – простае слова, у рукі яго не возьмеш… Вагі няма, ды мера ёсць; плоці няма, ды сэрца ёсць».
Галоўны апанент і ідэйны праціўнік Ягафара – былы ветфельчар Куштыракскага калгаса Сатаеў. Пазіцыя Сатаева – жорсткасць, сцвярджэнне сваёй праўды любымі самымі бесчалавечнымі сродкамі; пазіцыя Сатаева – гэта пазіцыя сілы, якая, на яго думку, заўсёды правільная. Крах Сатаева, яго маральна-філасофскае фіяска ў аповесці паказана не толькі ў дыялогах ці прамых сутыкненнях яго з Ягафарам; яно выражана і ўскосна – праз лёсы іншых людзей, здавалася б, знешне (фабульнымі ніцямі) нічым не звязаных з бязлітасным ветфельчарам, але апасродкавана, праз асацыятыўныя сувязі; тут выконваюць сваю ролю і паэтычная, адухоўленая бязмежнасцю кахання Айхыма, жонка Ягафара, і гордая, чыстая душой Галія, і няшчасная Фарыда, страціўшая на вайне мужа, але не страціўшая чалавечнасці і любові да дзяцей, да людзей, і нават зусім «не ідэальны», балбатлівы Талха, што выратаваў у час вайны свайго сябра Ягафара ад немінучай смерці, а ў мірны час поўны мараў толькі аб адным – пабудаваць сваёй сям’і цагляны дом.
Башкірскае слова «байга» вырастае ў гэтай аповесці да сімвала: «Байга, байга… I не толькі конныя скачкі на сабантуі гэта. Усё жыццё наша байга. I час, у якім ты жывеш, – самая вялікая байга».
Глыбокі гуманістычны сэнс укладвае ў гэтае слова пісьменнік. Першая і адзіная ўмова байгі – дабрачыннасць, што адольвае зло і смерць. Невыпадкова ва ўспаміны Ягафара ўплятаецца трагічны эпізод з яго ваеннай біяграфіі – прыручаны ім у свой час «крылаты» конь Сокал, прыручаны любоўю і дабром, не пакідае яго ў час небяспекі. «Чаму табе болын другіх трэба?» – са злым неразуменнем пытае Сатаеў Ягафара пасля вайны ўжо. Адказ на гэтае пытанне – уся кніга А. Хакімава. Героі яе, жывыя і загінуўшыя, паспелі праявіць сябе, сваю грамадзянскую і чалавечую мужнасць. А для тых, хто ўцалеў, байга не скончылася па сённяшні дзень.
Бітва за праўду, за чысціню і чалавечнасць працягваецца.
1992
Пяру Мікалая Іванавіча Чаргінца належаць кнігі «Чацвёрты след», «Трывожная служба», «Следства працягваецца», «Фінал Краба», шэраг аповесцей, надрукаваных у часопісе «Нёман». Трэба адразу сказаць, у чытача яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю.
Цяпер перад намі кніга пісьменніка, якая ўпершыню выходзіць у свет на беларускай мове. Яе склалі аповесці «Тайнік у ціхім завулку», «З наганам у цемры», «Вяселля не будзе» і «Не ўсе людзі ўначы спяць».
Калі зацікаўлена знаёмішся з творамі М. Чаргінца, адчуваеш іх праўдзівасць і гранічную, калі можна так сказаць, натуральнасць аповяду. Гэта не дэтэктыўны жанр у звыклым сэнсе яго разумення. Як мне здаецца, гэта сапраўдная проза, якая вобразнай сістэмаю сваёй заклікана аказваць дабратворны ўплыў на чытача. Хоць, вядома, той «асаблівы зрэз рэальнага жыцця», які вызначае дэтэктыўны жанр, тут таксама відочна прысутнічае. I дэтэктыўны сюжэтны стрыжань – у наяўнасці – таямніца злачынства і рух падзей да разгадкі яе.
I яшчэ адну асаблівасць прозы Мікалая Чаргінца хацелася б адзначыць – у ёй заўсёды адчуваюцца гуманныя адносіны да чалавека. А што значыць разумець чалавека? Гэта значыць ведаць ягоны характар і тыя варункі, якія штурхаюць яго на пэўныя дзеянні. Адсюль выцякае і разуменне сацыяльна-псіхалагічнай сутнасці канфлікту.
Адкуль жа непадробленасць, праўдзівасць аповесцей М. Чаргінца? Мабыць, у вялікай ступені ад ведання таго, пра што ён піша: жыццё і дзейнасць міліцыі, крымінальнага вышуку. Гэта ўсё не па чутках, нават не вынік вывучэння і даследавання. Гэта – жывая практыка. Мікалай Іванавіч Чаргінец – генерал-маёр міліцыі, кандыдат юрыдычных навук. Нядаўна за кнігу «Сыны» яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аляксандра Фадзеева.
Мабыць, нялёгка сумяшчаць М. Чаргінцу працу, дакладней, службу ў міліцыі, і пісьменніцтва. Але ён гэта робіць. I, як відаць, з поспехам. Кнігі ягоныя – не толькі займальнае чытанне, яны здольныя многаму навучыць, паказаць хараство і складанасць сумленнага, асэнсаванага жыцця.
Не сумняваюся, што і на беларускай мове кніга Мікалая Чаргінца «Тайнік у ціхім завулку» знойдзе шырокую дарогу да чытача.
1981
Перу Николая Ивановича Чергинца принадлежат книги «Четвертый след», «Тревожная служба», «Следствие продолжается», «Финал Краба», ряд повестей, опубликованных в журнале «Неман». Надо сразу сказать, у читателей они пользуются успехом.
Теперь перед вами новая книга писателя – сборник, в который вошли повести «Последний приезд», «Однажды в марте», «Свадьбы не будет», «По божьей воле». С многими героями этого сборника вы уже встречались в книге «Тревожная служба».
Когда заинтересованно знакомишься с произведениями Н. Чергинца, чувствуешь их подлинность и предельную, если можно так сказать, естественность повествования. Это не детективный жанр в обычном смысле его понимания. Как мне кажется, это настоящая проза, которая образной системой своей призвана оказывать благотворное воздействие на читателя. Хотя, конечно, тот «особый срез реальной жизни», который определяет детективный жанр, здесь также открыто присутствует. И детективный сюжетный стержень налицо – тайна преступления и движение событий к разгадке ее.
И еще одну особенность прозы Николая Чергинца хотелось бы отметить – в ней всегда ощутимо гуманное отношение к человеку. Писатель хорошо понимает человека. А что значит понимать человека? Это значит знать его характер и те обстоятельства, которые толкают его на определенные действия. Отсюда вытекает и понимание социально-нравственной сущности конфликта.
Откуда же неподдельность, подлинность книг Н. Чергинца? Наверное, в большой степени от знания того, о чем он пишет. Жизнь и деятельность советской милиции, уголовного розыска. Это все не понаслышке, даже не результат изучения, исследования. Это – живая практика. Н. Чергинец – полковник милиции, кандидат юридических наук.
Наверное, нелегко совмещать Николаю Чергинцу работу, точнее, службу в милиции, и писательство. Но он это делает. И, кажется, с успехом. Книги его не только увлекательны, они способны многому научить, показать красоту и непреходящее великолепие честной, осмысленной жизни.
1980
Ён быў толькі слугой гістарычнай неабходнасці – так некалі сказаў М.Г.Чарнышэўскі пра В.Р. Бялінскага.
У мітусні жыццёвай мы часта карыстаемся выслоўямі, якія належаць вялікім, але не заўсёды ўнікаем у іх сэнс.
Таму не хочацца каб і гэта выслоўе засталося не раскрытым да канца. Справа ў тым, што «гістарычная неабходнасць – па вызначэнні таго ж Чарнышэўскага – выклікае да дзейнасці людзей і дае сілу іх дзейнасці, а сама не падпарадкоўваецца нікому, не мяняецца нікому ва ўгоду».
Класік беларускай прозы Кузьма Чорны няйначай добра разумеў сутнасць «гістарычнай неабходнасці», бо і ён быў сапраўдны слуга яе.
Чорны – літаратар. I ўсякія вызначэнні, зразумела, датычаць яго як літаратара.
У той час калі пачынаў Кузьма Чорны, пераробка людзей станавілася праблемай, якая выносілася на парадак дня ўсяго грамадства ў нашай краіне. Каб будаваць новае жыццё, людзям неабходна было ведаць духоўнае і эмацыянальнае жыццё асобы, залежнасць індывідуальных чалавечых якасцей, лёсу чалавека ад грамадскіх умоў.
Цяпер мы добра ведаем гісторыю нашай літаратуры. Ведаем і пра тое, што адразу пасля рэвалюцыі творы літаратуры часцей былі ва ўладзе адцягненай, ахвярнай героікі і дэкламацыйна-прыўзнятыя па тоне; у большасці твораў наогул не было «герояў», а была «маса»; і хоць гэтая маса-стыхія пад пяром таленавітых аўтараў уваходзіла ў «я» арганічна, але яна не магла замяніць у літаратуры героя ўжо нават таму, што новаму грамадству патрэбны быў новы чалавек, які б не толькі стаў свядомым будаўніком яго, але таксама асэнсаваў шмат якія з’явы ў гэтым грамадстве; літаратура павінна была вылучыць «чалавека з масы», надзяліць яго новымі рысамі, даць яму новую псіхалогію.
У нашай, беларускай прозе ў стварэнні новага героя, у распрацоўцы нацыянальнага характару Чорнаму належыць асаблівае месца. Іменна гэты пісьменнік, можа, раней чым хто іншы адчуў і зразумеў, што азначае наогул новы сучасны чалавек. I не толькі адчуў і зразумеў, а сваёй мастацкай практыкай даказаў гэта; новы сучасны чалавек, новы герой літаратуры мусіў паявіцца з нетраў старога свету ў барацьбе за новыя ідэалы, у барацьбе з уласнай адсталасцю.
«Чалавеку цяжка перарабіцца адразу, – пісаў Чорны ў «Лявоне Бушмару». – Можна думаць і гаварыць іначай, а сам чалавек доўга будзе ранейшым. Так, як ляцяць кожны год, абы толькі замакрэе веснавы снег, гусі… так, як адлятаюць яны над гэтымі ж лясамі назад, абы толькі пацямнее ад старасці на ржышчы белае павуцінне, – гэтак сваімі дарогамі будзе хадзіць чалавек, пакуль увесь узыдзе на дарогі іншыя».
Яшчэ ў пачатку сваёй творчасці Чорны паставіў сабе задачай «раскрыць чалавечыя сацыяльныя характары як вынік гістарычнага руху жыцця».
Станаўленне Чорнага як пісьменніка – гэта станаўленне гуманіста і рэаліста ў беларускай прозе.
Але для Чорнага гістарычная неабходнасць была не толькі ў стварэнні ў літаратуры, канкрэтна ў прозе, новага чалавека. Задача ўскладнялася тым, што неабходна было наогул ствараць нацыянальную прозу, вартую свайго народа і свайго часу; прывесці яе не толькі да ідэйна-мастацкага ўзбагачэння, аднак і да жанравай сталасці.
Скажам сёння шчыра, задача была вельмі няпростая, да такой ступені няпростая, што прыходзіш ажно ва ўтрапенне ад аднаго звычайнага ўсведамлення яе.
На шчасце, Чорны быў не адзін. У нас ужо былі Колас-празаік, Бядуля, Гарэцкі, Гартны…
Цікава адзначыць – але гэта ўжо няйначай толькі дзеля адной смешнай цікаўнасці: Чорны браўся за стварэнне сваіх аповесцей і раманаў якраз тады, калі асобныя «наватары» спрабавалі давесці, што жанр рамана – буржуазная з’ява, а таму ён зжыў сябе, таксама як зжыла сябе буржуазія.
Чорны шмат напісаў, але, здаецца, яшчэ больш пачаў… Засталіся незавершанымі раманы «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп’ёўскі лес». Багата, вельмі багата што ў яго засталося няскончаным!.. I перш за ўсё ваенныя творы.
Чорны не дажыў да канца Вялікай Айчыннай, але прадчуваннем перамогі былі цалкам напоўнены апошнія старонкі, напісаныя яго рукой. «Акно з гэтай бакоўкі было якраз на захад, і хворы (Прыбыткоўскі) бачыў, як разаслаліся на небе над дрэвамі ружовыя палосы. Гэтае вечнае хараство ўціхамірыла яго душу. Ён перасіліў боль і свой неспакой і пачаў думаць пра тое, як ён ачуняе і рушыць у вялікую дарогу, туды, дзе барацьба і смерць, і нараджэнне новага жыцця…» («Скіп’ёўскі лес»).
Сёння мы лёгка гаворым сабе – проза Чорнага, раман Чорнага, стыль Чорнага…
Гэта ўсё так. Бо Чорны бясспрэчна першы з беларускіх пісьменнікаў дасягнуў у сваёй прозе сапраўды глыбокага псіхалагізму, шырокай маштабнасці, пранік у філасофскія пласты.
Да таго ж Чорны пісаў пра цэлы народ. Больш таго, пісьменнік наогул выношваў дзёрзкую, але пасільную для яго задачу: стварыць шырокую эпічную карціну развіцця беларускага народа. У «Аўтабіяграфіі», пакінутай нам за год да мінулай вайны, ён марыў напісаць «цыкл раманаў», каб у мастацкіх вобразах прасачыць гісторыю свайго народа ад часоў дзікай паншчыны да нашых дзён. Раманы «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Люба Лук’янская», «Трыццаць год» ужо былі, сталі асновай вялікай задумы.
Чорны народны ў кожным сваім слове.
Але нельга зводзіць стыль гэтага выдатнага майстра да адных фразеалагічных багаццяў жывой беларускай мовы. Для Чорнага стыль быў перш за ўсё сам чалавек. Для яго важна было аналітычна раскрыць псіхалогію героя. Дакладней, псіхалогію чалавека, высвеціць яе з самага дна: а для гэтага, як паказвае практыка вялікай літаратуры, фраза патрэбна не столькі нагружаная, нібыта човен, рознымі тропамі ды метафарамі, а то і проста звычайнымі дыялектызмамі, колькі дакладная.
Не трэба забываць, што ў мастацтве памяншэнне сродкаў пры той жа паўнаце дасягненняў заўсёды звязана з вялікімі цяжкасцямі.
Вядома, кожнаму прыемна слыць за паслядоўніка і вучня Чорнага, аднак жа даўно не сакрэт, што не кожны здольны гэтак проста і празрыста расказваць аб вялікім і глыбокім.
Стыль пісьменніка – гэта як тая восеньская вада ў рацэ, калі даўно сплылі цвіль і пеннае шумавінне, калі праз вялікую тоўшчу празрыста стала відаць і дно, і ўсё тое, што ляжыць на тым дне.
У гісторыі кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць свае вышыні. У нашай літаратуры следам за Купалам і Коласам стаіць Кузьма Чорны. Вялікае значэнне творчасці Чорнага ўжо сёння бясспрэчнае. Але ў будучыя дзесяцігоддзі, трэба спадзявацца, яшчэ больш грунтоўна і больш дакладна будзе прааналізавана і ацэнена ўсё, што напісаў за кароткае жыццё гэты выдатны мастак слова.
Чорнага не стала ў сорак чатыры гады.
Дужа крыўдна ўсведамляць гэта, бо ён мог быць кожнаму з нас сучаснікам. Што ж датычыць неажыццёўленых яго задум, то няхай нам уцехай будзе наступнае – здаецца ж, пакуль ніхто з пісьменнікаў, якіх мы паважаем цяпер за вялікіх, не здолеў цалкам увасобіць іх. Вядома, уцеха слабая, але тым не менш.
* * *
Неяк у дзень нараджэння яго вялікая група беларускіх пісьменнікаў паехала за сто сорак кіламетраў ад Мінска ў мястэчка Цімкавічы, дзе пражыў маладыя гады пісьменнік. Народу ў той дзень туды сабралася многа, акурат у кірмашовы час. Былі мясцовая інтэлігенцыя, рабочыя саўгаса, калгаснікі з суседніх арцелей. Разам з пісьменнікамі яны хадзілі па тых мясцінах, што звязаны не толькі з жыццём, але і з творчасцю земляка. Наведалі музей празаіка.
На вечары ў школе, што носіць імя Кузьмы Чорнага, дырэктар яе, заслужаная настаўніца рэспублікі З.I. Раманенка, прыгадала нам дзённікавы запіс, зроблены пісьменнікам у ліпені 1944 года. «Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі… Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае».
Пісьменнік тады яшчэ не ведаў, што родныя сёстры яго жывуць у Цімкавічах на пажарышчы, а на тых палетках, на якіх красавала звычайнае жыта, вырас палын; кругом панавала пустэча.
Дырэктар мясцовага саўгаса з добрай усмешкай гаварыў гасцям, што прыехалі на свята ў мястэчка:
– Не пазнаў бы цяпер Чорны сваіх Цімкавіч!
Сапраўды, багата што перайначылася на радзіме пісьменніка за пасляваенныя гады.
У наваколлі Цімкавіч – новы пасёлак цэнтра саўгаса. Вакол Скіп’ёўскага лесу, які апісаны пісьменнікам у аднайменнай аповесці, неўзабаве разальецца новае вадасховішча.
На радзіме Чорнага, як і па ўсёй Беларусі, свята ўшаноўваюць памяць выдатнага пісьменніка.
1984
Што б ні казалі, а людзі заўсёды адыходзяць з жыцця раптоўна. Ва ўсякім разе, у нашым уяўленні, дарма што кожны раз на гэта ёсць прычыны, пра якія можна нават ведаць наперад. Але ніколі не думалася, што класікі таксама паміраюць раптоўна. Здавалася, ніякай нечаканасці ў гэтай справе не павінна быць, бо само слова «класік» нібыта ўжо мае нейкую магічную сілу, дакладней, звышсілу над звычайным паняццем – «жыццё».
Вось і гэтая вестка, што памёр Міхаіл Аляксандравіч Шолахаў, аддалася ў душы балючай раптоўнасцю. Таму пакуль не хочацца яшчэ думаць, што гэта пазваніла ў звон сама вечнасць. Пазваніла найбольш настойліва, чым звычайна, моцна, найбольш гучна.
Мы многа пісалі пра яго пры жыцці. Многа гаварылі.
Пашана і любоў да яго былі непадробныя.
Я, напрыклад, таксама прыгадваю сёння не толькі яго творы, але і што сам калі пісаў пра Міхаіла Аляксандравіча, гаварыў. Аказваецца, ёсць і такая патрэба – перачытаць, прыгадаць, няхай нават дужа асабістае.
Сапраўды, пра творчасць Шолахава разважаць цяжка, бо яна дужа глыбокая і зусім бяскрайняя; яе нельга вымяраць адной назвай – «Ціхі Дон», «Узнятая цаліна», «Яны змагаліся за Радзіму», «Лёс чалавека»…
Але сёння, у хвіліны вялікай жальбы, нельга таксама не сказаць і вось аб чым: усё-такі мы заўсёды ведалі, што з намі ў адзін час жыў вялікі чалавек, жыццё і вечнасць якога фарміравалі «маральныя прынцылы нашай цывілізацыі».
З усіх урокаў, якія даў сваёй творчасцю гэты геніяльны пісьменнік літаратуры, хацелася б зноў на першае месца вынесці яго галоўны ўрок – урок праўды, сацыяльнай праўды. У праўдзе сіла літаратуры, у ёй апраўданне яе.
Некалі ён напісаў аднаму свайму карэспандэнту: «Усе мы дужа марудна расцём у творчасці, таму ўсім нам трэба жыць удвая даўжэй, чым пражыў Леў Талстой».
Сам Міхаіл Аляксандравіч ледзьве не дажыў да ўзросту Талстога. Неўзабаве яму было б восемдзесят гадоў, а там, глядзіш, і болей… Але мяне чамусьці часта дзівіла, як гэта ён наракаў… «усе мы дужа марудна расцём у творчасці…» Да ўсіх сапраўды гэтыя словы справядлівыя. А да яго самога? Напісаў у зусім маладыя гады «Ціхі Дон» і стаў вялікі, далучыўся да вечнасці. Дарэчы, дадаўшы да яе і сваіх герояў – Аксінню Астахаву і Грыгорыя Мелехава, Штокмана і Панцялея Мелехава… А от жа, няйначай. думалася яму і пра сябе так, як і пра ўсіх.
Шолахаў любіў літаратуру. Любіў маладых у літаратуры.
Бязмежная і любоў літаратуры да яго.
1975
Пра творчасць Міхаіла Аляксандравіча Шолахава гаварыць цяжка, бо яна, ягоная мастацкая творчасць, па-сапраўднаму глыбокая і шматгранная. Здавалася б, павінна быць наадварот – тут што ні скажы, усё выйдзе да ладу, будзе адпавядаць сапраўднай сутнасці. Але гэта не так: тэма сама – Шолахаў – такая вялікая, што нават вельмі і вельмі няпроста выбраць у ёй галоўнае.
Шолахаў – вялікі пісьменнік.
Шолахаў – класік.
Мы даўно ўжо ведаем, што з намі ў адзін час жыве геніяльны чалавек, жыццё і дзейнасць якога «фарміруе маральныя прынцыпы нашай цывілізацыі».
Шолахаў – наватар. I гэта праўда.
Але для пісьменнікаў Шолахаў найперш вялікі настаўнік.
З мноства ўрокаў, якія даў нам гэты мудры мастак, самы першы і самы галоўны ўрок – урок праўды.
Шолахаў – пісьменнік сацыяльнай праўды.
Я прыгадваю сабе словы Анны Зэгерс, якая пісала: «Калі савецкая дзяржава была маладая, мы таксама былі маладыя… Мы хацелі зразумець гэты свет да канца… Нашы сігналы: «Пакажыцеся, пакажыце нам, якія вы на самай справе! Дайце нам глянуць, як у вас ўсё выглядае!» – гэтыя сігналы былі прыняты пісьменнікамі Савецкага Саюза. I яны расказалі пра сваю рэчаіснасць… Адзін добры таварыш… прывёз у Германію першыя тамы «Ціхага Дона». Калі мы чыталі… пераклад, мы зразумелі, што адбывалася са старым народам у новай краіне. Мы праглынулі вялізны кавалак жыцця, які Шолахаў кінуў нам, страшэнна галодным да праўды…»
Чаго толькі не пісалі пра Грыгорыя Мелехава з самага пачатку з’яўлення «Ціхага Дона»: ён, шолахаўскі герой, і прадукт самай зацятай рэакцыйнай часткі данскога казацтва, ён і перараджэнец, які здрадзіў інтарэсам рэвалюцыйнага народа, ён і проста абмежаваны чалавек, які заблытаўся ў сваім жыцці…
Між тым ніводнае з тых вызначэнняў не адпавядала сапраўднай сутнасці, маральна-філасофскаму зместу яго характару.
Гэта самы трагедыйны вобраз у савецкай літаратуры. I тлумачыць яго патрэбна, зыходзячы з разумення катэгорыі трагічнасці.
Замена аднаго грамадства другім – надзвычай складаны, поўны жорсткай барацьбы працэс. Што ж датычыць такой найвялікшай падзеі, як Кастрычніцкая рэвалюцыя, то яна ўскрыла да глыбокага дна ўсе непрымірымыя канфлікты тагачаснага класавага грамадства. Ніводны чалавек у краіне не мог заставацца па-за ўплывам рэвалюцыйных працэсаў – ці то селянін, ці то рабочы, ці то прадстаўнік буржуазна-памешчыцкай фармацыі.
Зусім па другі бок барыкады, у другім стане ваюючых хацелася б бачыць Грыгорыя Мелехава, гэтага абаяльнага данскога казака з яго ўнутранай маральнай сілай, з яго здольнасцю парываць старыя сувязі; казака, які пакончыў ужо з царысцкімі ілюзіямі, адкінуў традыцыі патрыярхальшчыны.
Але, будучы мастаком сацыяльнай праўды, Шолахаў не мог адвольна ставіццца да сваіх герояў, у тым ліку (а можа, найперш) да Мелехава, бо лёс іх бачыўся яму абумоўленым канкрэтнымі сацыяльна-класавымі працэсамі: Грыгорый да канца прайшоў сваю эвалюцыю ў рамках старой сацыяльнай формы, а новую форму прыняць супраціўляўся.
Сапраўды народнае мастацтва жыве праўдай. Адлюстраванне ўсёй складанасці грамадскіх адносін, чалавечых характараў, грамадскіх прычын тых альбо іншых учынкаў людзей, раскрыццё тых ідэй, якімі жыве грамадства, з’яўляецца яго асноўным зместам. Вопыт літаратуры паказвае. што мастак тым свабодней у творчасці, у тым ліку і ў выбары мастацкіх сродкаў, чым мацней над ім улада праўды.
Спробы адлюстраваць з’явы такімі, якімі б іх хацелася бачыць, а не такімі, якімі ў сапраўднасці яны былі, часта наносяць вялікую шкоду літаратуры.
Вядомы такі факт. Калі з’явілася камедыя А. Астроўскага «Свае людзі – памяркуемся», тагачасны міністр асветы прапанаваў зрабіць аўтару п’есы «внушение», маўляў, нібыта «высакародная і карысная мэта таленту павінна быць не толькі ў жывым адлюстраванні смешнага і паганага, але і ў справядлівым яго ганьбаванні, не толькі ў карыкатуры, але і ў распаўсюджванні вышэйшага маральнага пачуцця… нарэшце, у сцвярджэнні той надзвычай важнай для грамадскага і прыватнага жыцця веры, што злачынства знаходзіць належнае пакаранне яшчэ на зямлі.
Можна падумаць, што міністр царскай асветы заклікаў драматурга ствараць станоўчыя вобразы, паказаць станоўчых герояў. У дадзеным выпадку князь-міністр патрабаваў ні больш ні менш, як аднаго – каб пісьменнік выяўляў дабрачыннасці ў тых, хто зусім не меў іх, шукаў «дум высокае імкненне» ў тых, хто сваім жыццём абураў сумленных людзей.
Зусім іншыя патрабаванні мелі да пісьменнікаў рэвалюцыйныя дэмакраты.
Калі той жа Астроўскі падпаў пад уплыў славянафільскіх ідэй, М.Г. Чарнышэўскі выступіў з крытыкай яго, гаворачы, што драматург пачаў «прытарнае прыхарошванне таго, што не можа і не павінна быць прыхарошана». Далейшае развіццё пісьменніцкага таленту крытык бачыў у вяртанні да праўды: «У праўдзе сіла таленту, памылковы кірунак губіць самы моцны талент».
Ідэальным для літаратуры з’яўляецца такое становішча, калі мастацкае бачанне прадметаў і разуменне з’яў супадае з тым, якія яны ёсць на самай справе. а тэндэнцыя пісьменніка – з сапраўднымі тэндэнцыямі жыцця. Дакладней кажучы, патрэбна, каб былі пераадолены супярэчнасці паміж мастацкім ідэалам і рэчаіснасцю.
Новая рэчаіснасць патрабавала і новага падыходу да творчасці. Ужо не хапала абстрактнага адлюстравання рэвалюцыі і яе герояў.
У той час, калі у літаратуры вяліся гарачыя спрэчкі аб новым героі, калі тэарэтыкі губляліся ў здагадках, што гэта за «новы герой», што азначае наогул сучасны «новы чалавек», адкуль ён вырастае, з чаго складаецца і якімі адметнымі якасцямі павінен валодаць, у станіцы Вёшанскай, на беразе Дона, зачыніўшыся ледзь не на гарышчы у каморы і, можа, нават не прыслухоўваючыся да тых спрэчак, дваццацігадовы чалавек, адзначаны пячаткай генія, абдумвае і піша кнігу, якой суджана пракласці рэчышча новай літаратуры.
Героі Шолахава, ці ўзяць каго з «Макавага стэпу», з «Ціхага Дона» альбо з «Узнятай цаліны», – гэта зусім як жывыя людзі, якія выяўляюць у сабе рысы пад уздзеяннем рэвалюцыі, пад уздзеяннем рэвалюцыйнай масы, яны і самі, у сваю чаргу, моцна ўздзейнічаюць на гэтую масу; Падцёлкаў, Крывашлыкаў, Бунчук, Штокман, Анна Пагудка, Абрамсон, Лагуцін, Кашавой. Сілай свайго магутнага таленту Шолахаў раптам зрабіў, здаецца, неверагоднае: простага чалавека, чалавека з народа, самага звычайнага селяніна-працаўніка, якімі, напрыклад, з’яўляюцца Аксіння Астахава і Грыгорый Мелехаў, паставіў на п’едэстал, на якім датуль у рускай літаратуры знаходзіліся толькі Андрэй Балконскі і Наташа Растова… Тое, што ў сапраўдным жыцці зрабіла рэвалюцыя, у мастацтве ажыццявіў Шолахаў.
Нібыта вылепленыя з жывога матэрыялу, быццам сатканыя з жывых нітак паўстаюць перад намі са сваімі непаўторнымі характарамі Давыдаў, Нагульнаў, Размётнаў…
Шолахаў у «Ціхім Доне» падышоў да вайны не толькі з пункту гледжання мінулага і сучаснага, але і будучага. Як мастак, які валодае глыбокім разуменнем гісторыі, будучае ён бачыў у фарміраванні новага чалавека, які прайшоў цяжкі шлях ад вайны да рэвалюцыі.
Гэта асабліва хацелася б падкрэсліць у сувязі з адной аналогіяй, якая сама па сабе зусім не новая, аднак у нашым кантэксце шмат чаго дадае да гаворкі.
Пісьменнікі розных кірункаў давалі, дакладней, давалі і даюць, розныя, часта супрацьлеглыя разгадкі «тайны вайны». Напрыклад, для пісьменнікаў «страчанага пакалення» першая сусветная вайна паўстала вельмі загадкавай у сваёй антычалавечнасці і жорсткасці. Так яе ўспрынялі Рэмарк, Олдзінгтон, малады Хемінгуэй. Гэта былі, можна лічыць, аднагодкі Шолахава, ва ўсякім разе людзі мала старэйшыя за яго, пісьменнікі, якія пачыналі амаль у адзін час. Героі іх твораў не знаходзілі выхаду, пракліналі жыццё, заставаліся ва ўладзе духоўнай дэпрэсіі. Вядома, у іх многа драматычнага, сапраўды чалавечага.
Але ж асуджанасць «страчанага пакалення» звязана не толькі з вайной. «Ціхі Дон» Шолахаў скончыў напярэдадні другой сусветнай вайны. Вынікам гэтай, апошняй вайны з’явіліся яго «Навука нянавісці», раздзелы рамана «Яны ваявалі за Радзіму», «Лёс чалавека». Сёння нельга не адзначыць, што гэтае апавяданне, надрукаванае ў газеце «Правда» шмат гадоў таму назад, стала вызначальным у з’яўленні так званай другой хвалі нашай прозы аб Вялікай Айчыннай, той прозы, якая выступіла супроць «манументаў», прыхарошвання і ідэалізацыі.
«Огрубелое сердце зачерствело, будто солончак в засуху, и как солончак не впитывает воду, так и сердце Григория не впитывало жалости. С холодным презрением играл он своей и чужой жизнью; оттого прослыл храбрым – четыре георгиевские креста и четыре медали выслужил».
А што рухае салдат у апошніх творах Шолахава?
Патрыятызм.
Кожны з іх – свядомы баец, які разумее свой абявязак, разумее, што ваюе за Радзіму, якую трэба абараніць ад ворага.
I якія яны адметныя, гэтыя салдаты – Андрэй Сокалаў, Лапахін, Стральцоў, Звягінцаў… Калі аднаго разу Шолахаву сказалі, што вайна ў адрозненне ад звычайнага жыцця робіць людзей падобнымі адзін да аднаго, сцірае іх індывідуальнасць, ён горача запярэчыў:
– Як жа гэта сцірае?.. Каскі сапраўды аднолькавыя, але пад каскамі людзі розныя, не падобныя адзін да аднаго… Дый як можна згладзіць характары? Жыццё чалавечае часта складваецца драматычна, а часам нават трагічна… Паспрабуйце згладзіць… трагедыю… У некаторых таварышаў няправільнае ўяўленне аб пісьменніцкай працы… Хочуць, каб героі былі апісаны, быццам яны ўвесь час на маршы, навыцяжку стаяць… Вайна – гэта заўсёды трагедыя для народа, а тым больш для асобных людзей… Людзі знаходзяць сябе ў подзвігах, але подзвігі бываюць розныя… Пра вайну нельга пісаць абы-як. Дужа ўсё гэта адказна.
…Так, аднаму чалавеку не ахапіць усёй велічы гэтага мастака.
Але хацелася б сказаць і яшчэ пра адзін урок, які дае Шолахаў – гэта ўжо не сам урок, хутчэй парада: глыбей дыхаць пахамі жыцця і як мага больш бачыць вакол сябе.
«Усе мы дужа марудна расцём у творчасці, – пісаў, неяк Міхаіл Аляксандравіч свайму земляку, – таму ўсім нам трэба жыць удвая даўжэй, чым пражыў Леў Талстой».
Пісаў гэтыя радкі Шолахаў, ужо маючы надрукаванымі ўсе свае кнігі – «Макавы стэп», «Данскія апавяданні», «Ціхі Дон», «Узнятую цаліну», «Яны ваявалі за Радзіму», «Лёс чалавека», кнігі, ад якіх прыйшоў у захапленне ўвесь свет. Але думаецца, што ў гэтых радках не толькі дакорлівы гумар, наогул уласцівы Шолахаву.