Дні савецкай літаратуры ў Чэхаславакіі.
1983-1984 гг.
У Чэхаславакію на Дзень савецкай літаратуры прыехала нас чацвёра – Мікалай Шундзік, Валерый Паваляеў, Генрых Гофман, я, зразумела, а таксама паэт Анатолій Шчарбакоў, які распрацоўвае, як ён сам кажа, новую тэму – касмічную… Чалавек самым сур’ёзным чынам лічыць, што з уводам у літаратурную арбіту гэтай тэмы літаратура наша нарэшце знойдзе і адлюструе, як і належыць, сапраўднага сучаснага героя…
Між тым, кожны раз, калі сустракаемся тут з чытачамі, мы ўсе падкрэсліваем, што прадметам літаратуры, аб’ектам яе даследавання з’яўляецца ўсё той жа чалавек незалежна ад яго прыналежнасці, няхай гэтая прыналежнасць будзе да прафесіі, нават самай ноўшай, ці яшчэ да чаго…
Але гэта так, між іншым!
З Масквы дэлегацыя наша прыляцела ранішнім самалётам і пасялілася ў гасцініцы «Кіеў». Гэта зусім недалёка ад славацкага Саюза пісьменнікаў. Увечары мы з Шундзікам глядзелі (ці як кажуць – слухалі) у нацыянальным тэатры оперу «Аіда». Пастаноўка гэтай оперы ў іхнім тэатры даўняя, і, як я зразумеў, ідзе яна не часта, аднак у той вечар давалі яе ў гонар нейкай гадавіны мясцовага дырыжора, які і кіраваў аркестрам. Здаецца, сілы выканаўцаў, дакладней, састаў спевакоў быў не лепшы, дарэчы, пра гэта сказала нам і перакладчыца Ірэна Мядвецава, аднак партыю Аіды выконвала ўсё-такі выдатная актрыса; прыехала яна з Прагі і спявала па-чэшску.
Уразіла славацкая публіка ў тэатры – у вышэйшай ступені тэатральная, чыстая і дарослая, што не надта часта пабачыш цяпер у нас; выдатная зала тэатра, збудаваная з густам і добрай акустыкай. Оперныя залы гэткай архітэктуры стаяць у Вене і Адэсе…
На другі дзень павезлі нас у рэспубліканскае Міністэрства культуры. Прымаў там з баравічкай і кавай дырэктар аддзялення мастацтва Й. Кот. Гаворка ішла шырокая, гаварылі і мы, і славакі. У літаратуры, здаецца, стаяць адны і тыя ж праблемы, асабліва ў драматургіі; асабліва звярталася ўвага на актывізацыю творчых сіл на стварэнне твораў пра сучаснасць, пра сучасніка…
У адзінаццаць гадзін, нарэшце, мы трапілі ў СП, дзе таксама пайшла гутарка пра літаратуру (старшыня СП Ян Саловіч, драматург), але цяпер неяк весялей, адны і тыя ж праблемы пачалі здавацца ўжо неяк прасцей – ведама, гаворка вялася ўжо паміж сваімі, прафесіяналамі, не тое, што ў Міністэрстве культуры, дзе па адзін бок чыноўнікі, а па другі – тыя, хто не толькі павінен заклікаць іншага да нечага, а сам рабіць. Затым мы сустрэліся з супрацоўнікамі апарату СП, з пісьменнікамі, якія прыйшлі знарок на гэту сустрэчу. З маіх знаёмых быў Душан Слабодкін, які сказаў, што Андрэй Марушаяк, з якім некалі мы ездзілі ў Татры, захварэў, у яго нібыта інсульт…
Па гэтай гаворцы ў Браціславе я адчуў раптам, што мы задужа рана пачалі паўтарацца.
Затое вельмі шчырая ў той вечар адбылася ў нас гаворка ў Генеральным консульстве нашай краіны ў Славакіі. У пакоі сабралася не дужа багата людзей. аднак усе хацелі пачуць нешта «са свайго боку». Я расказаў прысутным пра Беларусь – якая яна сёння. Шундзік цікава гаварыў пра Чукотку. Шчарбакоў – пра лічыцё касманаўтаў…
23-га я трапіў да сваіх знаёмых у Саюз чэхаславацка-савецкай дружбы, у той дом, што стаіць амаль на беразе Дуная, які сёлета памялеў ледзьве не на цэлы метр, так што ў горадзе склалася праблема з вадой…
Тут у доме чэхаславацка-савецкай дружбы, я быў два і гады назад якраз такой парой, можа, толькі з розніцай у некалькі дзён. Дзіўна, але адчуванне гэты раз было такое, нібыта заходзіш кудысці ў сваё… Праўда, ранейшых знаёмых пабачыў тут не шмат. Першы сакратар ЦК Карал Шавель, загадчык аддзела культуры Марцін Каніяш…
На гутарцы ў першага сакратара я з асаблівым пачуццём прыгадаў сваю паездку ў Попрад, у Татры…
Слухаць нас звычайна паўсюды збіралася небагата народу, але затое ўсе, хто прыходзіў на сустрэчу, ведалі збольшага пра кожнага з нас…
Цікавыя таксама былі паездкі на славацкі тэлецэнтр і на завод «Фігара». На тэлебачанні славацкія таварышы прадэманстравалі нам ва ўтульнай зале тэлефільм, зроблены па апавяданні аднаго са старэйшых славацкіх празаікаў, называецца апавяданне «Праз усю дарогу». На заводзе «Фігара» вырабляюць дзяўчаты славацкі шакалад… Якраз тое, чаго мне нельга ўжываць…
Паміж такімі паездкамі, паміж такімі сустрэчамі бачыліся мы таксама са славацкімі пісьменнікамі. Праўда, асабліва яны не гарнуліся да нас. Каля нас заўсёды былі работнікі СП Славакіі, перакладчыкі… Часта аддаваў нам сваю ўвагу Душан Слабодкін, які ездзіў з намі і ў Дом чэхаславацка-савецкай дружбы, і на тэлебачанне… У хату, што за 40 кіламетраў ад Браціславы, ездзіў з намі Іван Слімак, выкладчык мясцовага універсітэта, літаратурны крытык, вучоны… Але, тым не менш, пісьменнікаў таксама давялося бачыць. Ну, перш за ўсё Яна Саловіча, Петэра Яраша… На апошняй вячэры з намі сядзеў за сталом Мілаш Крно, з якім я сёлета пазнаёміўся ў часопісе «Дружба народов». Вельмі далікатны і, здаецца, без асаблівай хітрасці чалавек, на якога не лёг адбітак 68-га года…
Апошні дзень у Браціславе было зімна, ляжаў на дарозе галалёд. Уласна, відаць, па гэтай прычыне мы і паехалі ў Прагу цягніком…
Я ўжо, здаецца, казаў, што жылі мы ў Браціславе ў гасцініцы «Кіеў». Неблагая гасцініца, але з адным ліфтам, таму даводзілася падоўгу чакаць яго. У Празе нас пасялілі ў гатэлі «Панарама». Гэта ўжо амаль за горадам. Але сюды даходзіць метро.
Гасцініца гэта шыкоўная ва ўсіх адносінах, пачынаючы ад знешняга і ўнутранага афармлення – да абслугоўвання, хоць, бадай, і дарагая, бо за адзін сняданак даводзіцца плаціць 40 крон.
Сёння, гэта значыць 26 лістапада, мы паўдня знахозіліся ў сваіх шыкоўных пакоях, тады аўтобусам паехалі за горад, у Дом творчасці пісьменнікаў. Стаіць ён за 35 кіламетраў ад Прагі, у былым замку. Замак гэты захоўваецца ў добрым стане, па-ранейшаму вісяць на сценах партрэты былых гаспадароў… У вайну тут размяшчалася рэзідэнцыя гаўляйтэра Чэхіі і Маравіі…
Дырэктар Дома творчасці паказваў нам замак з асаблівай ахвотай, хадзіў па ім з вялікімі ключамі, адчыняючы пакой за пакоем… У былой канюшні цяпер мае месца сабе сталоўка.
Дзіўна, аказваецца, падобныя збудаванні можна захоўваць і гэтакім чынам – не музейным, а чыста гаспадарчым, перадаўшы яго на скарыстанне культурнай установе…
Прыехалі мы ў Прагу цягніком з Браціславы. Ехалі ўсю ноч. Было дужа нязвычна ляжаць на паліцы ў вузкім вагоне, які бег па вузкай каляі і ўвесь час нібыта скалынаўся, рыпеў і ляскатаў нечым.
У сталіцы Славакіі мы правялі пяць дзён. Дарэчы, на пяць дзён таксама разлічана наша прысутнасць і ў Празе.
Шкада, што адсутнічае ў Празе (а гэта сказала адна з жанчын, якая суправаджала нас у замак) Вацлаў Жыдліцкі, бо іншых знаёмых у мяне тут няма. Ён усё яшчэ жыве ў Маскве, выкладае там ва універсітэце…
У адзінаццаць гадзін мае адбыцца паездка па Празе. Экскурсійная.
Яна-такі і адбылася.
Тым часам трэба сказаць, што, у адрозненне ад Славакіі, дзе ўжо шмат у якіх мясцінах ляжыць снег, тут, у Празе і каля Прагі, яшчэ цёпла. Учора было 11 градусаў. Увечары ішоў дождж. Усю ноч лютаваў вецер, стукаючы ў акно.
Сёння хоць і вісяць з самае раніцы над гатэлем хмары, але надвор’е спакойнае. Вакол горада відаць далёка. Абрысы гор, што атуляюць Прагу, выступаюць адсюль як на экране. Праўда, яны не высокія, падобныя, здаецца, на нашыя вялікія ўзгоркі, але, тым не менш, уражанне пэўнае складаюць…
Як і народы адрозніваюцца адзін ад аднаго, так і іхнія сталіцы не падобныя адна на адну. Браціслава – гэта светлы, як і самі славакі, гарадок, здаецца, на чатырыста тысяч чалавек. Ён невысокі і зусім не чорны. Прага – наадварот, адразу ўражвае сваёй фундаментальнасцю, хоць яна своеасаблівая, будавалася ў розных архітэктурных стылях – у готыцы, у барока, у рэнесансе… Бадай, готыка нават не дужа адчуваецца. Чамусьці кідаюцца ў вочы найбольш збудаванні ў стылі барока…
Што найбольш спадабалася – каралеўскі палац і касцёл святога Віта. У касцёле і цяпер у саркафагу знаходзіцца карона чэшскіх каралёў, ключы ад якога належаць архіепіскапу і прэзідэнту рэспублікі.
У двары палаца пры ўваходзе ў касцёл пад чорным капшуком месціцца калодзеж, які некалі быў так званым лобным месцам, – чэхі жартуюць, што спярша туды кідалі няверных жонак…
За палацам размешчана Залатая вуліца – некалі там па загадзе каралёў людзі вынаходзілі з нічога золата, гэта значыць вуліца алхімікаў, яна вельмі вузенькая, з маленькімі збудаваннямі, у якіх цяпер жыць нельга, але там размешчаны розныя кіёскі, зальцы для мастацкіх выставак і гэтак далей.
Гледзячы на гэтую Залатую вуліцу, я ўспомніў «залатую вуліцу» ў Нью-Йорку, дзе гандлююць золатам.
Па ад’ездзе ў гатэль «Панарама» наведалі, Швейкаву карчму. Адсюль усімі любімы «ідыёт» пайшоў па свеце. Знаходзіцца яна на Вайсковай вуліцы і называецца «У каліха». Па-беларуску «каліх» – «келіх». Сапраўды, Швейкаў дух там застаецца і цяпер. I сам Швейк паўсюды – і ў паставах, і ў малюнках, нават у салдаціках… Партрэт Франца-Іосіфа таксама вісіць на ранейшым месцы. Толькі чалавека, які падобны быў на жывога, які разліваў з бочкі піва, ужо няма… Чэхі кажуць, што неўзабаве знойдуць другога такога Швейка.
Хутка Новы год, і ў Празе, як кажуць нашы тутэйшыя апекуны, цяпер знаходзіцца ўся Чэхія, купляе падарункі… Між тым у Празе менш тавараў у магазінах, чым у Браціславе. Дарма нам гаварылі ў Браціславе, што Прага багацейшая. Такога крышталю, які мы бачылі ў сталіцы Славакіі, тут няма.
У пачатку гэтага сённяшняга запісу я пахваліўся надвор’ем. Аднак пасля абеду пачаўся моцны дождж, і мы, здаецца, дарэшты прамоклі, давялося ў Шундзіка рабіць прафілактыку…
Дзіўна, але чэхі не дужа любяць успамінаць, што забілі некалі гаўляйтэра Чэхіі і Маравіі Гейдрыха, які, дарэчы, надзяваў на сваю галаву карону чэшскіх каралёў… Між тым згодна падання чалавек некаралеўскай крыві не можа рабіць гэтага, бо неўзабаве яго спасцігне пакаранне…
З гары, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя чэхаславацкіх прэзідэнтаў, вельмі хораша бачна ўся Прага.
Тым часам глядзіш на гэтыя мясціны, няхай і дужа прыгожыя, а ўсё ўспамінаецца Беларусь…
А вецер і сёння шуміць і стукаецца ў вокны.
Мы часта прыгадваем тут неспакойнае становішча ў свеце. Па тэлебачанні мясцовыя людзі глядзелі ва ўрыўках (з Вены) амерыканскі фільм «Пасля другога дня». Кажуць, жахлівая карціна. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мастацтва па-ранейшаму валодае вялікай сілай, уздзёйнічаючы на розум людзей. Ніхто не хоча вайны…
Ну і вецер над Прагай! Ужо каторыя суткі адно перашчукне на якую гадзіну-другую, тады зноў пачынае скуголіць. Гэтую ноч дык проста не даў спаць. Часта даводзілася ўставаць з ложка, зачыняць вялізнае акно, якое кожны раз чамусьці парывалася расхінуцца напята, бо металічнае мацаванне тут нейкае вельмі нетрывалае, а можа, складанае… Словам, баліць мая галава, бо сну, лічы, сёння не было. I наогул у гэту паездку нечага часта не спіцца…
Першым чынам сёння едзем у наша пасольства ў Празе. Гэта будзе недзе каля дзевяці гадзін. А тым часам трэба паснедаць. У часе сняданку тут сапраўды можна раскашаваць за шведскім сталом, усяго ўдосталь.
У дзевяць гадзін мы ўсёй групай наведалі пасольства СССР у Чэхаславакіі. Прымаў нас загадчык культурнай часткі пасольства. Як і ў Генеральным консульстве ў Браціславе, гаворка адбылася за чаем шчырая аб становішчы ў Чэхаславакіі. Не ўсё так проста, як можа здацца нявопытнаму чалавеку з першага погляду. Есць розныя сілы, якія дзейнічаюць па-рознаму. Але падзеі ў Польшчы напалохалі чэхаў і славакаў. Багатыя людзі, ім не хочацца па нейчай дурасці страціць тое, што яны цяпер маюць. А жыццёвы ўзровень сапраўды тут высокі. У магазінах ёсць усё, што трэба чалавеку. Зарплата сярэдняя працоўнага чалавека складае 2800 крон у месяц. Кожны можа купіць на сённяшні дзень усё, што ён хоча. Да таго ж даюцца неабходныя пазыкі ад дзяржавы на розныя патрэбы – купіць у растэрміноўку машыну, пабудаваць дом. Дарэчы, уласныя дачы ў прыгарадах Прагі ўзводзяцца на два, тры паверхі. Шмат дач.
Затым мы былі ў старшыні Саюза пісьменнікаў Чэхаславакіі Яна Козака. Гаворка была звычайная, з віном, але я папрасіў баравічкі.
Пасля абеду, які далі нам чэхі ў Доме пісьменнікаў, мы трохі пахадзілі па горадзе, па магазінах. У магазінах нічога не дадалося да таго, што было ўчора. Паўсюды шматлюдна, дарма што рабочы дзень.
Упершыню ў Празе я расказаў пра Францыска Скарыну, які даўным-даўно працаваў тут у батанічным садзе, а затым выдаў першую рускую кнігу – Біблію рускую. Па ўсім было відаць пры гэтым, што чэхі не дужа ведаюць пра Скарыну. Можна лічыць, што для іх гэта было адкрыццё.
А увогуле, гаворка вялася пра захаванне міру на зямлі, пра тое, як не даць пачацца новай вайне.
З нашага боку выступілі ўсе члены дэлегацыі. Чэхі таксама не ўстрымаліся ад гаворкі на семінары і гаварылі хораша, як і належыць людзям, якія дбаюць пра сваю краіну.
Зноў удзень ішоў дождж. А заўтра адлятаюць у Маскву Паваляеў і Гофман. Шкада, канешне… Аднак Паваляеў дамовіўся пра гэта, што не дабудзе да канца, яшчэ ў Маскве, а Гофман проста захварэў – прастудзіўся. Дарэчы, прастуда, здаецца, бярэ і мяне.
Між тым вецер нарэшце сціх. Ва ўсякім разе ў маё акно ён больш не стукаецца. Можа, сёння ўдасца нармальна паспаць. Але перад тым ёсць яшчэ адна нагода – трэба падняцца на семнаццаты паверх, дзе жывуць Паваляеў з Гофманам: яны, бадай, збіраюцца ладзіць развітальную вячэру.
Сапраўды, вячэра была шыкоўная, з рэшткаў таго, што масквічы бралі з сабой дома ў чамаданы. Паваляеў нават не пашкадаваў выставіць на стол бутэльку баравічкі, якую падарыў яму хтосьці ў Празе. Быў на вячэры таксама госць – мясцовы журналіст Іржы Плахетка. Ён даўні знаёмы Гофмана, здаецца, яшчэ па тым часе, калі працаваў у чэхаславацкім пасольстве ў Маскве. Але гэтага Плачетку ведаюць і ў Беларусі. Іржы – аўтар сцэнарыя да фільма «Пушчык едзе ў Прагу», які некалі здымаўся на нашай кінастудыі. Раней сцэнарый называўся «Байкал едзе ў Прагу». Пасля назву трохі перайначылі, бо сцэнарый з Масквы перадалі на «Беларусьфільм». Ва ўсякім разе так гаварыў сам Плахетка.
Чалавек ён вясёлы і жывы. Расказвае шмат чаго – і як ездзіў з Хрушчовым у Амерыку, і як лятаў на самалёце ў Сібір з Гарыманам… Ад адной гісторыі дык нельга нават адмовіцца тут. Звязана яна з канём… На нейкім конезаводзе на Волзе ўпадабаў Плахетка каня. Дырэктар, няйначай чалавек шырокай душы, узяў і даў яму яго. Больш таго, з ранейшай барскасцю загадаў прычапіць да цягніка, які ішоў у Маскву, вагон таварны, а ў яго – завесці буланага. Так конь і прыехаў у сталіцу. А навошта ў Маскве Плахетку конь? У пасольстве трымаць не будзеш, за горадам выезду няма. Давялося небараку плаціць за прастой вагона на чыгуначнай станцыі і за кармленне каня рублёў па сто ў суткі. А галоунае – як пазбавіцца ад такога жывога падарунка? Тады ўспомніў раптам пра Будзённага, якога добра ведаў. Пазваніў яму – так і так, Сямён Міхайлавіч… Той і распарадзіўся паклапаціцца пра каня – перавесці на канюшню.
Уранні праводзілі ў аэрапорт Паваляева з Гофманам. Мне б таксама падацца дамоў – прастуда, здаецца, ужо не меншая, чым у Гофмана. Дні два таму назад на так званай Залатой вуліцы мы трапілі пад дождж, тады на скразняк у касцёле… Адсюль і вынікі. Але білеты на самалёт для нас з Шундзікам заказаны на чацвер, гэта значыць на першае снежня. Давядзецца працаваць. Між тым з асноўных мерапрыемстваў засталося выступіць у Карлавым універсітэце перад студэнтамі… Сёння ж намечана наведаць толькі выдавецтвы. Спярша – Народнае. Тады – Ваенвыд, туды запрашаюць аднаго мяне.
Гэтак стаяла ў праграме на 29 лістапада. Аднак ісці ў выдавецтва вайсковае мне не спатрэбілася. Раптам Марыя Цодарава, супрацоўніцтва мясцовай інкамісіі, сказала, што мае раманы ўзялося выдаваць іншае «накладальніцтва» – «Свабода». Гэта «першайнае» выдавецтва, прынамсі, так чэхі яго завуць. Тут сёлета выйшаў і раман Шундзіка «Белы шаман». Спроба высветліць справу па тэлефільме нічога не дала, бо чалавек, які займаецца раманамі, паехаў у Маскву і будзе ў Празе толькі ў наступны нанядзелак. Галоўны рэдактар сказаў Цодаравай, што мне прышлюць у Мінск ліст. Не вельмі падабаецца перакідка раманаў з аднаго выдавецтва ў другое, але што зробіш…
У Народным выдавецтве (Лідова накладальніцтва) нас прымалі ласкава, быў з намі і Карал Місарж, які ўчора вёў семінар у Доме дружбы; у гэтым выдавецтве я не бачыў ніводнага мужчыны, нас апекавалі кожны раз жанчыны, на чале з дырэктаркай. Выдавецтва гэта сапраўды шмат выдае савецкай літаратуры. Аддаў я ім свае апавяданні, што выйшлі на рускай мове ў выдавецтве «Советский писатель».
У «Панараму» сваю я вяртаўся адзін. Спярша выйшаў на Вацлаву плошчу, пасля дайшоў да музея. Там побач метро. Я кінуў сваю крону ў прапускнік, спусціўся на перон, дачакаўся цягніка, сеў і паехаў да Влтавы: станцыі «Музеум», тады яшчэ тры прамінуў і, нарэшце, выйшаў на «Маладзёжнай».
Чэхі рана сядаюць за работу, таму ў іх вельмі людна бывае ўжо ў чатыры гадзіны.
Пражскае метро больш-менш сціплае з выгляду, вядома, у параўнанні з маскоўскім. Але нічога благога пра яго сказаць нельга, нават калі зазлуеш нечага. Адно заўважыў – цягнікі ходзяць радзей, чым у Маскве. Цікава, а якое будзе метро наша, мінскае? Сёлета нам паказвалі ўжо адну станцыю – Маскоўскую. Але там яшчэ ішлі абліцовачныя работы, таму цяжка было зрабіць нейкі пэўны вывад.
Ішоў я, зразумела, да станцыі метро «Музеум» усляпую, распытваў дарогу ў прахожых, але ні адзін не пакрыўдзіў мяне, не схлусіў.
Выпала так, што астатак сённяшняга дня, уласна, амаль уся другая палова яго, застаўся па-за праграмай, якую складала для нас Марыя Цодарава. Гэта так званы вольны час. Хацеў я спярша пахадзіць у ваколіцах нашага гатэля «Панарама» (дарэчы, яго высокі будынак, паверхаў на дваццаць. відзён ледзьве не з усіх раёнаў Прагі, асабліва з вялікіх узгоркаў: а Прага ўся стаіць на ўзгорках ды нізінах), але пайшоў дождж. Ну, а паколькі ў зімовай шапцы не дужа прыемна трапляць пад макрэчу, то давялося застацца ў пакоі (тут я жыву ў № 901, на дзевятым паверсе). Неўзабаве прыйшоў аднекуль Мікола Елісеевіч, і мы доўга сядзелі ў пакоі, гаварылі пра ўсё, што можна. Дарэчы, мы з ім, калі здараецца сустракацца адзін на адзін, заўсёды вось так кідаемся ў размовы, то сутыкаючы, то разводзячы свае думкі.
Апошні дзень месяца. Канец восені. Заўтра пачатак зімы па календары. А снегу вакол няма. Заўтра мы, нарэшце, з Шундзікам адлятаем самалётам Аэрафлоту адсюль. Пакідаем цікавую і самабытную краіну з яе прыгожай Прагай.
Я яшчэ не расхінаў пакуль шторы і не ведаю, як там на дварэ. Але тэлефон ужо мяне патрывожыў тым часам. Тэлефаністка па-руску сказала, што званіў з Масквы Гофман: будзе званіць яшчэ.
Між тым сёння, здаецца, вельмі заняты будзе для нас дзень. У адзінаццаць гадзін мы выступаем на філасофскім факультэце Карлава універсітэта. Таму далейшыя запісы давядзецца рабіць пасля.
Адно яшчэ хачу сказаць цяпер, уранні – доўга я знаходжуся, дакладней, гойсаю далёка ад дому. Тым часам на стале ў Мінску ляжыць работа – два пачатыя раманы. Так – два пачатыя раманы, а тут душэўная разгубленасць: што рабіць, што пісаць? Іншы раз думаеш – кінуць бы ўсё ды закончыць, нарэшце, пісьменніцкі шлях… Але гэта бадай немагчыма. У літаратуры – як і ў доме для душэўнахворых: абы трапіў, а тады ўжо за табой на ўсё жыццё пойдуць і страх, і погалас…
Дзіўны сёлетні год для мяне быў – мала выхадных дзён, амаль кожную суботу і нядзелю даводзілася кудысьці адлучацца з горада, няхай бы на дачу, а то і там, на Лысай гары, мала калі адпачываў. Усё некуды спяшаўся, усё кудысьці ехаў – ці то па чужой просьбе, напрыклад, на творчы вечар, як гэта было ў кастрычніку месяцы, калі ў Навагрудку наладжвалі сустрэчу, ці то на семінар, арганізаваны чортведама кім, ці то па сваёй ахвоце… Ды і службовыя камандзіроўкі забралі шмат дзён.
Тым часам, дарэмна я хваляваўся, усё як наракаў, што наступае зіма, а людзі тут яшчэ не бачылі снегу. Нарэшце-ткі ён укрыў тонкім пластом зямлю. Пайшоў неяк адразу, нібыта сыпануў з адной невялікай хмары, але яго хапіла, каб утварыць навокал бель.
Раней трохі я казаў, што запісы сённяшняга дня давядзецца рабіць пазней. Гэта толькі к слову казаў, бо іначай нельга: каб накідаць дзённікавую справаздачу за дзень, грэба пражыць яго, і вось ён, здаецца, ужо пражыты, гэты дзень, 30 лістапада. Ва ўсякім разе цяпер вечар шачыць, дзень застаўся недзе ззаду.
У Карлавым універсітэце мы былі ў тым будынку, што стаіць праз вуліцу на беразе Влтавы, завецца ён філасофскім факультэтам. Аднак паняцце гэта адноснае: па філасофскім факультэце тут вучацца і літаратары, і моваведы, і перакладчыкі, зразумела – гісторыкі, самі філосафы. На нашай сустрэчы прысутнічалі пераважна дзяўчаты. Хлопцаў было куды меней.
Карлаў універсітэт вялікі. У ім цяпер займаецца каля трыццаці тысяч студэнтаў. Раскіданы ён па ўсім горадзе; ёсць некаторыя факультэты, здаецца, ці не ўсе медыцынскія, у іншых гарадах…
Чэхі хваляць мінулы семінар – у Доме дружбы, калі гаворка вялася пра барацьбу за мір, пра месца пісьменніка ў гэтай барацьбе.
Са студэнтамі ў нас гаворка была трохі іншая. Прафесар, які вёў пасяджэнне, папрасіў нас выступіць пераважна па праблемах літаратуры сённяшняга дня, раскрыць, наколькі магчыма гэта, лабараторыю пісьменніцкай творчасці.
Мы, вядома, і тут стараліся. Але ў адказ ад студэнтаў не пачулі і слова, акрамя воплескаў, не было і пытанняў.
Пасля абеду мы з перакладчыцай нашай, яе завуць Марцэла, доўга хадзілі па Празе. На старой гарадской плошчы пабылі каля помніка Гусу, пастаялі насупраць патушы, паглядзелі на гадзіннік – створаны ён у 1410 годзе. Роўна ў дзве гадзіны раптам рассоўваюцца на два бакі дзверцы і там адзін за адным пачынаюць паказвацца перад народам дванаццаць апосталаў… Унізе ў гэты час пачынаюць варушыцца постаці турка, скупца і яшчэ нейкіх двух адмоўных тыпаў. Заканчваецца ўсё шэсце крыкам пеўня. І так вось ужо колькі стагоддзяў. Відовішча гэта сюды прыходзіць глядзець багата народу, мусіць, найбольш прыезджыя.
У другой палове дня, пасля таго як мы сустрэліся з мясцовымі журналістамі, старшыня чэшскага Саюза пісьменнікаў зрабіў прыём для нас. На прыёме былі таварыш з ЦК партыі, з нашага пасольства, а таксама чэшскія пісьменнікі.
У гэты вечар Ян Козак даваў прыём у гонар кубінскага пісьменніка Хуана Марынелы. Ён у Празе знаходзіцца з нейкай урадавай кубінскай дэлегацыяй. Нас з Шундзікам таксама запрасілі ў вялікую залу ў клубе Саюза чэшскіх пісьменнікаў. Вядома, адзін па адным мы былі прадстаўлены смугламу чалавеку невялікага росту з далікатнымі рукамі.
Гасцей на прыёме было шмат – ваенных і цывільных, жанчын і мужчын. Прысутнічаў пасол Кубы ў ЧССР. Мы амаль увесь вечар прагаварылі з работнікам нашага пасольства Данатасам Якубайцісам. Зразумела, ледзьве не землякі – колькі тых кіламетраў ад Мінска да Вільні!
Між тым хацелася б што-кольвек сказаць тут і пра творчасць тых пісьменнікаў, з якімі давялося сустрэцца, а то і перакінуцца словам у Празе. Але калі гэта зрабіць?..
Гэты раз у Чэхаславакі, здаецца, я і не збіраўся ехаць. Бо ўражанні ад краіны жылі яшчэ светлыя, можа, нават да канца не дадуманыя, менавіта не дадуманыя: ды і дзённік ад мінулага года заставаўся няскончаны, усё неяк не даходзілі рукі да яго, і там, у маіх лістках, не хапала колькі апошніх старонак…
Ад’язджаў я з Мінска 15 лістапада, а 14-га быў партыйны сход, дзе сакратар партбюро крытыкаваў апавяданне «За трэцім разам», маўляў, не тое чакаў ад аўтара народ; я і сам ведаю, што «не тое», але ж ад праўды нікуды не дзенешся; і няма ў гэтым апавяданні аніякага пацыфізму, а тым больш бяскласавага гуманізму… Тым не менш, апавяданне цяпер не хутка дадуць друкаваць нанава. Кінулася яно ў вока цэнзарам у Маскве, калі часопіс «Огонек» збіраўся змясціць яго сваім сорак другім нумары. У ЦК КПБ пасля гэтага апавяданне абмяркоўвалася на нарадзе, дзе перад рэдактарамі газет і часопісаў выступаў начальнік Галоўліта… Тады думалася, што гаворкай гэтай і абмяжуюцца «неспакойныя» людзі.
Наогул, партсход (справаздачна-выбарны) сёлета даўся ў знакі. Столькі бруду на ім вылілася, вось ужо каторы год усе за нешта б’юцца, лаюць адзін аднаго, нечага патрабуюць…
Ну але…
У дарогу ехалася сумна, з цяжкай брыдой на душы.
У Маскве пятніцу і суботу жыў у гасцініцы «Заря» – гэта ў раёне Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Ездзіць у цэнтр горада было далёка і цяжка. таму ледзьве паспеў наведацца да Л. Тэракапяна ў часопіс «Дружба народов» ды яшчэ да землякоў сваіх. Цярновых. У гасцях у іх быў М. Кацюшэнка. Добра выйшла б, калі б ён напісаў нарыс пра Міхайлу Фёдаравіча Цярнова, колішняга дырэктара Вялікаборскай школы, пасля партызанскага камісара, які загінуў у сорак другім годзе ў Лузе.
Цярновы – гэта легенда з майго Вялікага Бора, некалі трэба расказаць пра іх.
Дарэчы, Леанід Арамавіч адразу ж павёў гаворым пра раман «Свае і чужыя» («Сваімі і чужынцамі» прымусіў назваць гэты твор Галоўліт). На думку Тэракапяна, на ім цыкл не павінен скончыцца. «Ну, хоць бы яшчэ адзін раман, – сказаў Леанід Арамавіч, – а там, можа, і далей… Адпачнеш і далей рушыш».
Лёгка сказаць. I наогул, ці патрэбны цяпер каму такія доўгія творы? У кожным разе асаблівай падтрымкі ў напісанні трэцяга рамана я не меў; была спроба нават збэсціць раман, але дзякуючы Д. Бугаёву, У. Юрэвічу, М. Тычыне, а найбольш, можа, Ю. Сураўцаву, які вельмі хутка прачытаў і гэты мой раман, сказаўшы добрае слова на пленуме праўлення СП СССР, усё нібыта абышлося. Праўда, зацятасць яшчэ адчуваецца. Яе я адчуў пад час сёлетняй паездкі ў Гродна, дзе асабліва нялюба гаварыў пра «Сваіх і чужых» Ігар Жук. Дзіўна, але чамусьці не ўсе разумеюць, дзеля чаго напісаны гэты раман, што ў ім паказана. Што ж, мусіць, трэба чакаць лепшых часоў, калі творы зноў будуць чытацца з ранейшай зразумеласцю.
Я вось раблю цяпер у замку Добржыш за Прагай гэтыя дзённікавыя накіды, а сам думаю: некалі, няйначай, давядзецца напісаць кнігу, як пачуваецца савецкаму пісьменніку, як ён жыве і ў якіх умовах стварае свае творы і хто ў яго пры гэтым ворагі і сябры… Зрэшты, штосьці падобнае ўжо ляжыць на стале ў Мінску, нават загаловак ёсць «Адзін год і ўсё жыццё»…
Дык што ж недапісанае засталося ў мінулагоднім дзённіку? Здаецца, не хапае сапраўды апошніх старонак: як мы з Мікалаем Шундзікам выбіраліся з Прагі.
Помню, выпаў неглыбокі снег, свяціла сонца. Мы сядзелі ў аэравакзале, пілі каву, гаварылі… Наогул, мы багата ў тую паездку з М. Ш. перагаварылі, дарма што пасля не бачыліся ні разу з таго лістапада.
Сёлета паездка ў ЧССР прыпала на лістапад. Дэлегацыя наша большая, чым летась: прынамсі, усіх я яшчэ нават не ведаю, бо хтосьці едзе сюды цягніком.
Уласна кажучы. Дні савецкай літаратуры пачынаюцца з заўтрашняга дня, з 19-га. Але мы прыляцелі раней. Таму сёння днюем і начуем у замку Добржыш.
Варта сказаць яшчэ колькі слоў і пра… Добржышскія могілкі. Так, пра могілкі. Гуляючы па гарадку (а ён таксама завецца Добржыш) і Віктарам Бокавым і Раланам Сейсенбаевым, мы набрылі нечакана на гарадскія могілкі. Моцна здзівіла нас там чысціня. Чэхі папраўдзе шануюць сваіх продкаў! Помнікі на могілках не дарагія, аднак прыгожыя, зробленыя з асаблівым густам, якія, пэўна, не трывожаць пад зямлёй нябожчыкаў…
Даты нараджэння і смерці на помніках тут не пакідаюць; ва ўсякім выпадку рэдка дзе гэта ўбачыш, таксама як і партрэт чалавека, якога пахавалі: пайшоў з гэтага жыцця, як адляцеў, ні воблака ад цябе не застаецца, ні лішняга напамінку.
Па начы, у ранішнім сутонні, пахадзіў трохі па тэрыторыі замка Добржыш. Раней мне здавалася, што гэта чэхі завуць так звычайны палац феадала. Але ўсё- такі Добржыш – палац замкавага тыпу. Хоць і будаваўся ён канчаткова нядаўна. Ці не ў канцы мінулага веку, аднак уладальнік палаца няйначай некалі зробіцца быллю…
Прыгожы замкавы парк. Дарма што амаль ад самае вайны тут гаспадараць пісьменнікі… Гэта Дом творчасці Літфонда. Але парадак застаецца амаль ранейшым. Ва ўсякім разе былая прыгажосць і раскоша не парушаны – тыя ж старавечныя скульптуры, тыя ж басейны ці не тыя ж кусты…
Iтак – 19 лістапада 1984 года, пачатак Дзён савецкай літаратуры ў ЧССР.
Па сняданку мы пераехалі з Добржыша у Прагу. Гэта каля пяцідзесяці кіламетраў.
Сёння таксама над зямлёй мітусіцца імжа. Далей ад дарогі нічога не відаць, таму ўвесь час здаецца, што машыны ідуць праз тунэль…
Учора я пісаў тут, што не ўсіх пісьменнікаў ведаю з сёлетняй групы. Дык вось, сёння прыедзе цягніком і далучыцца да нас Георгій Сямёнаў. Есць і яшчэ адзін празаік у групе – казах Ралан Сейсенбаеў. А так, здаецца, астатнія ўсе паэты: Уладзімір Жукаў (з Іванава), Міхаіл Львоў (Масква), Эдуард Баброў (Масква), Валянцін Сідараў (Масква).
Дзіўна, але рэдка калі складаецца дэлегацыя, дзе кожны адзін аднаго ведае. Неабавязкова асабіста, няхай па творчасці, але гэты раз адчуваецца, што некаторыя ўпершыню чуюць прозвішчы сваіх сусёдзяў. Божа мой, колькі нас, пісьменнікаў, у краіне, а на зямлі тым больш!..
Сёння, калі па дарозе ў Прагу мы гаварылі пра жыццё і літаратуру, пра славалюбства і «дарэмныя намаганні», Віктар Бокаў успомніў учарашнія могілкі і сказаў: «А мы пад вечар учора нібыта пабылі на тым свеце!..»
«Не так, – узрадаваўся я, падтрымліваючы ў душы Віктара Фёдаравіча, – правым застаецца Талстой, які часта нагадваў людзям: «Пабойцеся бога. паміраць жа трэба».
Дарэчы, пры размове аб літаратуры Бокаў раптам сказаў: «А «Слова аб палку Ігаравым» перакладаць на вершы нельга». Я пасля маўчаў і доўга думаў. Сапраўды, відаць, ён мае падставу так гаварыць. Я добра ведаю і першакрыніцу і празаічны пераклад, дакладней, так званы падпалкоўнік; чытаў і вершаваныя тлумачэнні «Слова…» аж да апошняга – I. Шклярэўскага. Усё гэта дарэмныя высільванні, хоць для саміх паэтаў, якія перакладаюць гэты помнік, штосьці ёсць у самім працэсе перакладу і ў яго канчатковым выніку. I, тым не менш, я ў дадзеным выпадку гатовы стаць на бок Віктара Фёдаравіча, які ў часе нашай паездкі часцей за ўсіх здараецца субяседнікам.
Пасялілі нас сёння ў добрай гасцініцы, на левы бок Влтавы у Празе. Гэта гасцініца ЦК КПЧ. Збудавана паўкругам. У выглядзе тэрасаў з шырокім кругаглядам: на гарадскі крэмль, на сабор Віта. Шкада, што Прага ўвесь час у тумане. Адсюль, ад гэтай гасцініцы. Зусім блізка да аэрадрома, да якога ад цэнтра горада таксама ўсяго, здаецца, чатырнаццаць кіламетраў.
Дні літаратуры адкрывалі за абедзенным сталом у клубе Саюза пісьменнікаў. Была на ацкрыцці ўся наша дэлегацыя. З чэхаславацкага боку – Ян Козак, Іван Скала, Вера Адлава, сакратар Саюза пісьменнікаў ЧССР, Марыя Цодарава, сакратар Саюза чэшскіх пісьменнікаў. Гэтыя людзі – знаёмыя. Але была і асабістая прыемнасць: падышоў нізкаваты чалавек, сказаў: «Я – Міраслаў Заградка. Пісаў тут пра вашы раманы».
Пасля гадзіны праз паўтары мы пабачылі кнігі гэтага крытыка на выстаўцы, прысвечанай 50-годдзю ўтварэння Саюза пісьменнікаў ЧССР. Заградка піша пра савецкую літаратуру. Есць у яго кніга «Чалавек і вайна».
Увесь сённяшні вечар званіў па тэлефоне на кватэру Вацлава Жыдліцкага. У адказ – кароткія гудкі. Варта было б напісаць яму сюды ліст, але…
Сёння ў праграме напісана: «Сустрэча ў клубе Саюза пісьменнікаў з чэхаславацкімі пісьменнікамі і перакладчыкамі. Тэма сустрэчы: «50 год савецкай сацыялістычнай літаратуры».
Абед у клубе. Наведанне Народнага тэатра…»
А пакуль што да чаго…
Прага некалі пачыналася ў даліне Влтавы, а цяпер далёка разраслася абапал, заняўшы прыгожымі пабудовамі камяністыя ўзгоркі, бадай па беларускай мерцы, горы.. Наша гасцініца стаіць на ацным з такіх узгоркаў, вокнамі на паўднёвы ўсход; з балкона, дакладней, цэлай тэрасы, добра відна сёння ў ранішняй шэрані вялікая частка горада з яго трапяткімі карункавымі агнямі.
Ва ўчарашнім запісе было шкадаванне, што нельга дазваніцца да Вацлава Жыдліцкага. Не выключана магчымасць, што ён прыйдзе сёння на сустрэчу ў клуб пісьменнікаў.
У нас, у беларусаў, ёсць віна перад Вацлавам – раптам улетку нечага адмовіліся прыняць яго яшчэ раз на сваёй зямлі… Я не ведаю ўсяе падаплёкі гэтай справы, нават збольшага самае прычыны, але і тады, як празнаў, што яму адмовілі ў прыездзе (пасля запрашальнай тэлеграмы), і цяпер, будучы ў Празе, адчуваю сябе вінаватым. I наогул, сяброў літаратуры грэх траціць нават у вялікім запале. Не так іх ужо багата ў нас за мяжой!.. Бо ў яе, нашай літаратуры, няроўныя дарогі.
Пачалі сустрэчу ў клубе СП артысты – чыталі вершы С. Міхалкова, які перад тым атрымаў прэмію імя Яраслава Гашака, Юрыя Воранава, Міхаіла Львова.
Затым дэлегацыю прадставіў пайменна прафесар Міраслаў Заградка, назваў кнігі, даўшы кароткую характарыстыку творчасці. Выступленне яго пра савецкую літаратуру за пяцьдзесят гадоў было імправізаванае, але цікавае, з прафесійнай глыбінёй…
У клубе і поваду гэтай сустрэчы сабралася даволі багата чэхаславацкіх пісьменнікаў, перакладчыкаў.
Мы, члены дэлегацыі, у сваіх выступленнях стараліся высвечваць толькі асобныя моманты развіцця шматнацыянальнай савецкай літаратуры, бо часу давалі не шмат.
Гаворка атрымалася цікавай. Ва ўсялякім разе ў кожным выступленні было нешта такое, што альбо здавалася новым, альбо адпавядала тваім думкам, станавілася сугучным твайму настрою, пункту гледжання на тую ці іншую праблему літаратуры, жыцця.
Ад чэхаславацкіх пісьменнікаў выступілі Атакар Халоупка, Уладзімір Міхна, Ян Марцінец…
Мы з Атакарам Халоупка амаль аднагодкі, можа, розніца ва ўзросце адзін ці два гады. Піша ён пераважна для юнацтва. Але таксама пра вайну. Цікава ён сказаў: «У вашай, у савецкай літаратуры мы знайшлі для сябе дабрыню гераічных сэрцаў».
Вёў пасяджэнне Міраслаў Заградка. Перад тым мы паспелі пагаварыць з ім. I я яму паказаў фотакартку маці Хадоскі, якую заўсёды важу з сабой. Ён мне таксама паказаў фотакартку сваёй маці Антоніі. Сказаў: «Яны падобныя». I сапраўды нечым дужа падобныя. «Але мая памёрла», – засмучана сказаў ён. «А мая жыве», – сказаў я. «Дрэнна жыць без маці», – паківаў галавой ён.
Заградка жыве ў горадзе Оламонь, што за 250 кіламетраў ад Прагі, працуе ў тамтэйшым універсітэце.
Я спытаў Міраслава Заградку: «Што азначае твой горад – Оламонь?»
– Ніхто не ведае, – адказаў ён. – Заснаваў Оламонь Юлій Цэзар. Прынамсі, універсітэт у нас працуе з 1573 года.
Якая старажытнасць! Якая гісторыя!
Я іншы раз думаю, што наша гісторыя пагарэла ў войнах разам з намерамі – не надта што доўга ўцалее на дрэве…
Тым часам, калі я быў у «Дружбе народов», гаварыў з Л. Тэракапянам, ён вельмі прасіў, каб я не браўся цяпер за «гісторыю», напісаў яшчэ адзін раман пра мінулую вайну… Л. А. сказаў: «Трэба псіхалагічна, на людскім лёсе ўвесь цыкл завяршыць».
Лёгка сказаць!.. А я стаміўся ад сваіх раманаў. Няма грамадскай падтрымкі. Усё роўна як яны нікому не патрэбны. Радасць адна: «Няйначай не так гэта, штосьці падказвае мне: не, не так. Яны патрэбны літаратуры, народу!» Мы адвыклі высокімі катэгорыямі думаць, заглушылі словы, таму такое вось гарапаства ў душах…
Я таксама гаварыў пра ваенную літаратуру, дакладней – антываенную. Але думкі мае ўжо былі вывераныя, я не раз выказваў іх у сваіх артыкулах, якія друкаваў.
Ішла гаворка таксама пра літаратурныя ўзаемасувязі…
Сапраўды, у апошні час ва ўзаемасувязях нашых, асабліва з літаратурамі сацыялістычных краін, пачынаецца якасна новы падыход да ўзаемных перакладаў твораў. Пераклады ўжо з’яўляюцца невыпадкова, а на падставе, можна сказаць, навуковага, прадуманага стаўлення, ведання гісторыі літаратуры, як той, з якой робіцца пераклад, так і той, на мову якой твор перакладаецца, на аснове ведання асаблівасцей сучаснага літаратурнага працэсу ў абедзвюх краінах, умення прадбачыць і тэндэнцыі далейшага развіцця нацыянальных літаратур. На першы план, як асноўныя творцы-перакладчыкі, выходзяць тыя літаратары, у якіх сфарміравана пэўная канцэпцыя мастацкага перакладу. Абавязковай умовай поспеху перакладу з’яўляецца веданне перакладчыкамі мовы арыгінала. (Напрыклад, у Чэхіі – Вацлаў Жыдліцкі, у Славакіі – Душан Слабодкін).
Мы ўсё-такі сустрэліся з Вацлавам Жыдліцкім сёння, у часе гэтага пасяджэння. Ён нейкі насцярожаны, і колькі не імкнуўся я «растапіць лядок», але так і не здолеў.
Сёння ў нас выступленні ў Карлавым універсітэце. Мінулы год я быў у студэнтаў філасофскага факультэта, таму папрасіў запісаць мяне ў спіс на наведанне педагагічнага факультэта ў горадзе Брандыс над Лабай.
Газеты пра нас тут пішуць мала. Ва ўсякім разе прозвішчаў членаў дэлегацый на старонках друку яшчэ не сустракалася, акрамя Ю. Воранава. Праўда, бяды вялікай у гэтым няма, але некаторыя чмыхаюць…
Пагода паступова мяняецца – паветра халаднее, зямля шэрхне. Увечары было амаль зімна.
Сёння з балкона добра відаць Прага.
Між тым чамусьці сняцца нядобрыя сны…
Брандыс над Лабай – невялікі, чысты чэшскі гарадок, з дваццаццю тысячамі чалавек насельніцтва. Знаходзіцца ён кіламетраў за сорак ад Прагі, на рацэ Лаба, гэта значыць Эльба. Пасля сорак восьмага года сюды быў перанесены педагагічны факультэт Карлава універсітэта. Размяшчаўся ён спярша ў адной былой гімназіі, пасля былі зроблены прыбудовы.
Сёння першы дзень, калі свяціла сонца, але ў нізінах за горадам плаваў туман. Абапал шашы на ўзгорках зелянела рунь; чарнела ўзараная пад зябліва ўрадлівая мясцовая зямля. Край тутэйшы багаты, пра гэта гавораць самі чэхі.
З намі ў Брандыс над Лабай ездзілі Вера Адлава і Уладзімір Міхна.
Не быў бы педфак – і тут, у Карлавым універсітэце, на ім займаюцца адны дзяўчаткі; на ўсю залу, праўда, невялікую, можна было налічыць усяго некалькі хлопцаў. Выходзіць, паўсюды жаночае панаванне ў педагогіцы? А ці на карысць яно? Вось ужо каторы год людзі б’юць трывогу з гэтага, а мужчыны тым часам па-ранейшаму імкнуцца ў афіцэры і ў начальства, іншы раз – у фізікі…
У канцы сустрэчы падышла жанчына, назвала сябе – Маргарыта Ісакаўна, прыехала з Масквы выкладаць савецкую літаратуру; вельмі люблю беларускую прозу, кажа, заўтра буду гаварыць пра яе студэнтам.
С. Міхалкоў усё хацеў «выцягнуць» са студэнцкіх вуснаў пытанні, але тыя засталіся моцна сціснутыя, свяціліся адны усмешкі.
Няўжо ў маладых людзей няма актыўнай цікаўнасці да савецкіх пісьменнікаў?
Дарэчы, акурат гэта вось давялося мне гадоў колькі таму назіраць і ў Варшаўскім універсітэце… Затое шмат пытанняў некалі задавалі прысутныя ў гарадскім універсітэце Нью-Йорка.
Удзень у гасцініцы, дзе мы жывём, паказвалі італьянскі фільм «Італьянкі і каханне». Зразумела, што назва падкупіла нас. I мы прасядзелі ў прыгожай глядзельнай зале гасцініцы каля дзвюх гадзін. Фільм гэты складзены з навел, іх ажно некалькі, і ўсе пра жыццё жанчын, пра іх адносіны з мужчынамі. Чаго яны там не вытваралі, гэтыя жанчыны, а пасля сабраліся і сказалі, што вінаваты ва ўсім мужчыны, маўляў, каб не былі яны паганыя ды ілжывыя, то жанчыны жылі б з імі лепей.
Сёння мы дужа смяяліся – месяцы са два таму у Чэхаславакіі падаражала ці не напалову піва «Пельзенскае». Чэхі жартуюць – па традыцыі павінен бы пасці і ўрад. Але які? У іх тут, у краіне, не адзін: чэшскі і славацкі. То які?
Між тым нас гаспадары частуюць кожны раз «Сміхаўскім». Таксама неблагое піва!
Ідуць Дні савецкай літаратуры ў братняй краіне, а каля нас усё меней становіцца мясцовых пісьменнікаў, можна сказаць, зусім мала… Ды і начальства толькі у першы дзень з’явілася. Але мы працуем па складзенай імі праграме. Для нас усё-ткі важны чытачы, слухачы.
Сёння едзем у горад Кутная Гара, дзе адбудзецца прыём у Нацыянальным камітэце, пасля будзем знаёміцца з горадам. Некалі там былі сярэбраныя капальні. Людзі жылі багата. Будавалі горад з разлікам калі не перагнаць Прагу, то ўжо зраўняцца з ёй пэўна. Жыхары горада нават касцёл святой Барбары пачалі будаваць накшталт пражскага касцёла святога Віта, які ўзвышаецца ў Градчанах. Але не пабудавалі, дакладней, рана скончылі. Таму не выйшла ў іх гэтакай велічы, як у Празе. Але гэта трэба пабачыць на свае вочы… Нездарма ж кажуць, лепш адзін раз глянуць, чым многа разоў пачуць.
Я ўсё вяртаюся ў думках дамоў. Бачу дамашнія сны. I усё нейкія быццам пачварныя. Меў рацыю Гоя.
Сёння, напрыклад, плыла па вадзе нежывая рыба…
Споўніўся тыдзень, як я выехаў з Мінска. Два дні ў Маскве, пяць – у Празе.
Умовы хоць і добрыя для жыцця ў гасцініцы, але ўначы не надта спіцца.
Увесь час мы тут ездзім на «Татрах». Вельмі ўстойлівая машына. У пярэднім салоне нават не адчуваеш руху.
Па дарозе ў Кутную Гару шафёр наш Ярамір Адамэк неяк нечакана разгаварыўся – пачаў з таго, якімі добрымі якасцямі валодае «Татра», пасля пахваліўся, што за 48 кіламетраў ад Прагі будуе сабе халупу – не хату, а менавіта халупу, сказаў ён, гэта значыць дачу.
– А з транспартам? Як вы забяспечаны ўласным транспартам? – спытаў Уладзімір Жукаў.
– Няма праблемы, – адказаў Ярамір, – мы з жонкай на сям’ю маем тры аўтамабілі.
У Кутнай Гары нас адразу павялі ў райком партыі. Пачалася звычайная гаворка. Аказваецца, Кутная Гара з’яўляецца гарадскім запаведнікам. Тут налічваецца каля 300 гістарычных помнікаў. Дзяржава кожны год выдаткоўвае на падтрымку помнікаў каля 15 мільёнаў крон.
Раён Кутнай Гары – адзін з дванаццаці раёнаў Сярэдне-Чэшскай вобласці. Гэта прамыслова-сельскагаспадарчы раён. Што датычыць сельскагаспадарчай вы творчасці, то тут вырошчваюць амаль усе прадукты, пачынаючы ад збожжа і канчаючы бульбай; многа гародніны; вырошчваюць хмель і іншае. У раёне 15 сельгаскааператываў, якія апрацоўваюць 3,5 тысячы гектараў зямлі.
У гэтым годзе ў раёне будуць адзначаць трыццаць пятую гадавіну кааперацыі.
Збожжа у кааператывах атрымліваюць у сярэднім 52,4 цэнтнера з гектара. У самага лепшага кааператыва выйшла на круг па 61 цэнтнеру з гектара. Бульбы збіраюць з гектара па 230 цэнтнераў.
Мяне заўсёды цікавілі і цікавяць падобныя лічбы. Не дзеля захаплення. Для параўнання. Відаць, гэта нармальнае імкненне – параўнаць усё, што бачыш на чужыне, са сваім, дамашнім; не кожны раз ад гэтага адчуваеш задавальненне.
З райкома партыі мы накіраваліся ў гарадскі Савет. Тут таксама не абышлося без доўгай размовы. Але якая б яна доўгая не была, карысць ад яе ёсць, балазе людзі мы ўсё яшчэ не дасведчаныя ў мясцовых справах, а хочацца ведаць як мага больш.
Дык што я даведаўся яшчэ з размовы ў Нацыянальным камітэце пра горад Кутная Гара?
Прымаў нас дзеля гэтага мэр горада ва ўрачыстай зале Нацыянальнага савета, які размяшчаецца на тэрыторыі «Італьянскага двара». Гэта гістарычны замак чэшскіх каралёў. Заснаваў «Італьянскі двор» кароль Вацлаў II. Тут, на «Італьянскім двары», з мясцовага срэбра некалі чаканілі манеты. А цяпер срэбра ў шахтах няма, толькі водблескі засталіся яго.
На пярэдняй сцяне «ўрачыстай залы» ва ўсю шырыню разгорнута карціна «Адзіныя каралеўскія выбары» – выбіралі тады Уладзіслава Ягелончыка, з Польшчы. На задняй сцяне размешчана пано – гэта таксама гістарычны момант: «Дэкрэт Кутна-Горскі». Намаляваны тут Ян Гус на прыёме ў караля Вацлава IV. Ян Гус быў тады рэктарам універсітэта. Але ў савет універсітэта выбіраліся члены непрапарцыянальна. I вось Ян Гус дамогся ад Вацлава IV расшырэння спіса савета за кошт чэхаў.
З «Італьянскага двара» мы накіраваліся ў касцёл святой Барбары. Я ўжо пісаў, што ён застаўся недаўзведзены, дакладней, узведзены не так, як задумваўся дойлідамі. I не толькі ўгору недабудаваны, а і ў даўжыню.
Касцёл святой Барбары бадай адзіны ў сваім родзе – на сценах яго фрэскі на вытворчую тэму. «Справа ў тым, што святая Барбара была абаронцай шахцёраў, гэта значыць людзей, якія працавалі тут пад зямлёй, у капальнях. Таму аўтары праекта і выкарысталі «шахцёрскую тэму» ў насценных роспісах. Тут і чаканшчыкі манет з мясцовага срэбра, і здабытчыкі сыравіны – самога срэбра, якое выплаўлялася з руды.
А ўвогуле – горад Кутная Гара сапраўды прыгожы. Новая ява тут адмыслова перамешана са старасвецкай даўніной.
Нашу дэлегацыю ў Кутнай Гары падзялілі на тры групы. Я трапіў у тую, што ўдзельнічала ў канферэнцыі чытачоў – «Савецкая літаратура». Выступілі Юрый Воранаў, Віялета Пальчынскайтэ, Ўладзімір Жукаў… Чэхі чыталі ўрыўкі з «Лёсу чалавека» М. Шолахава, «Блакаднай кнігі» А. Адамовіча і Д. Граніна…
Добра таксама, што нам не трэба было выдумваць свае прамовы – з залы паступілі пытанні. Вядома, звычайныя, вельмі простыя, але імі можна было абмежавацца, захаваўшы прыстойны тон.
Іншыя дзве групы тым часам знаходзіліся на заводах – машынабудаўнічым (ЧКД) і шклозаводзе.
Пасля канферэнцыі агледзелі за горадам Музей сельскай гаспадаркі рэспублікі (Чэхіі). Размешчаны ён у былым графскім палацы, збудаваным у класічным стылі, даволі рэдкім у Чэхаславакіі. Музей гэты існуе з 1950 года. У ім сабрана ўсё – ад старажытнага сярпа да сучасных сельскагаспадарчых машын. Давялося бачыць «сакаўскі плуг», створаны братамі Выверавымі. (У нас, у Вялікім Бары, яго называлі «сакаўскім».) Тут жа і выявы іх, вялікія з бронзы. Багаты раздзел жывёлагадоўлі.
Некалі на гэтай тэрыторыі жылі кельты, пасля сюды прыйшлі славяне, аселі і абжылі край. Археолагі знаходзяць цяпер старадаўнія стаянкі адных і другіх. У экспазіцыі музея паказаны стаянкі мясцовых людзей.
Музей утрымліваецца на сродкі Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Работнікі музея кажуць: калі б ён размяшчаўся поблізу вялікіх дарог, то выглядаў бы лепш.
Між тым пабывалі мы і на землях кааператыва імя партызана Фаміна. Расказваў пра гаспадарку старшыня кааператыва – па ўсім відаць вельмі талковы чалавек.
Назвалі мясцовыя сяляне свой кааператыў у гонар ленінградца, маёра Фаміна, які быў закінуты з групай партызан сюды на парашутах. Немцы зрабілі на партызан аблаву, і тыя, акружаныя з усіх бакоў, застрэлілі сябе. Цяпер на тым трагічным месцы ўзведзены помнік.
Кааператыў імя партызана Фаміна багаты. Па-першае, ва урадлівай даліне размешчаны, а па-другое, гаспадарка ва ўсіх адносінах адмыслова наладжана. Вось некалькі лічбаў: з гектара ворнай зямлі працаўнікі тут атрымліваюць па 50 цэнтнераў збажыны і па 374 цэнтнеры бульбы. Сеюць у гэтым кааператыве лён і маюць за насенне яго багатыя прыбыткі. Сёлета ўжо надоена на адну карову (а іх тут 1300) па 3500 літраў малака. Але, сказаў старшыня кааператыва, гэта сярэдні надой па Кутна-Горскім раёне.
Хораша было глядзець на чалавека, які ўпэўнена і амаль весела расказваў пра здабыткі мясцовых сялян, пра сацыяльныя і бытавыя ўмовы членаў кааператыва.
Але ж якая была раніца светлая, такі вечар дажджлівы…
Асноўную частку запісаў даводзіцца рабіць пасля даволі напружанага працоўнага дня… Што ж, страты бываюць і ў гэтым. Але сёе-тое можна прыгадваць потым.
Сёння, здаецца, нагрузкі вялікай не будзе. Ва ўсякім разе я не ўбачыў гэтага з пісанай праграмы: сустрэча з журналістамі на выстаўцы, прысвечанай 50-годдзю ўтварэння Саюза пісьменнікаў СССР, тады прыём у ЦК СЧСД, дзе маецца быць міністр культуры ЧСР Мілан Клусак.
Але ужо увечары, па прыездзе з Кутнай Гары, пазваніў Вацлаў Жыдліцкі. Мы дамовіліся, што сустрэнемся сёння, каб перакінуцца словам-другім…
На восем гадзін прызначаны прыём у пасольстве СССР у ЧССР. Нас туды едзе пяцёра – С. Міхалкоў, Ю. Воранаў, М. Львоў, В. Бокаў і я.
У пасольстве нас сустрэў пасол В. П. Ламакін. Я яго помню па Уладзівастоку, калі ездзіў туды на 80-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Фадзеева. Віктар Паўлавіч тады працаваў першым сакратаром Прыморскага крайкома КПСС.
Мы з ім збольшага прыгадалі той верасень, успомнілі агульных знаёмых. Але з групай нашай Ламакін пабыў мала – паляцеў ранішнім самалётам у Маскву, а адтуль цягніком паедзе ў Ленінград.
Затое даўжэйшай выдалася гаворка з пасольскімі таварышамі. Два з іх – Маслаў і Якубайціс – мне знаёмы з мінулага года. Якубайціс прапанаваў мне пазваніць па тэлефоне з пасольства ў Мінск. Спроба была ўдалая. Людміла Прохараўна сказала, што выйшач трэці том маіх выбраных твораў; выйшла таксама кніга па маёй творчасці Т. Грамадчанкі; але ў Мінску дажджыць, ужо каторы дзень макрэча.
I ў Празе сёння макрэча. Да таго ж – парывісты вецер, які калыша дрэвы, стукае ў шыбіны вокнаў.
Сустрэча з журналістамі ў будынку Таварыства чэхаславацка-савецкай дружбы сёння пачалася з выступлення Ю. Воранава, які расказаў пра тое, што наша дэлегацыя рабіла ўсе гэтыя дні знахожання ў Чэхіі.
Журналісты задавалі пытанні.
Мне асабіста давялося адказваць на пытанні карэспандэнта газеты «Рудэ права» пра маладую беларускую літаратуру. Гэта справа для мяне знаёмая, выйшла ў мяне, здаецца, цікава, калі можна сказаць так; назваў журналістам Генрыха Далідовіча, Сяргея Законнікава, Генадзя Пашкова…
Што ж, пахваліць маладых лішні раз таксама не шкодзіць, а то мы часта іх адно папракаем, хоць апошні час, здаецца, атрымліваецца наадварот – дужа багата клопату праяўляем. лашчым так званых пачаткоўцаў.
У кожным разе пражскім журналістам я называў маладых, якія ўжо вызначылі свой твар, сваю асобу ў літаратуры.
Праўда, пасля мне Э. Баброў сказаў, чаму не назваў А. Дударава. Проста не паспеў успомніць. Гэтак заўсёды бывае ў часе імправізацыі, што не ўсе адразу прыйдуць у галаву.
Тым часам у клуб СП прыйшоў Вацлаў Жыдліцкі, і мы ў добрым настроі падаліся на вуліцы горада. Распілі пляшку някепскага віна ў адной вінарні, якую чэхі называюць «У ката», бо некалі ў тым доме сапраўды жыў мясцовы кат. Адсюль і вінарня завецца так у народзе.
Сёння выхадны дзень, субота. Але ўвечары ад’язджаем цягніком з Прагі. Едзем на Кошыцу. Гэта ўжо Славакія. З першага дня знаходжання ў Празе мне здавалася, што гасцініца, дзе мы жывём, выходзіць вокнамі на паўднёвы ўсход. Але гэта не так. Сёння ўзыходзіць сонца, бо, здаецца, упершыню над Прагай неба ачысцілася ад дажджлівых хмар, таму яно відно; гасцініца вокнамі ўсё-ткі глядзіць на ўсход – сонца цяпер стаіць якраз над Градчанамі; пройдзе яшчэ з паўгадзіны, і яно апыніцца на вежах касцёла святога Віта, які цяпер узвышаецца насупраць яшчэ цёмным гмахам…
Але дзіўна – неба сёння чыстае, а вецер не перастае шалець.
З самае раніцы думалася, што суботу можна будзе правесці ў гасцініцы: адпачыць, агледзецца… Ды дзе там! Пацягнула ўсіх у горад. Міраслаў Мервард, наш перакладчык і добры гід, павёз нас з В. Бокавым глядзець Палац з’ездаў. Дакладней, Палац культуры, бо як Палац з’ездаў будынак гэты толькі задумваўся архітэктарамі. Сапраўды вялікі і даволі зручны для работы ўсялякіх форумаў палац. Працуе ў ім нават рэстаран. З другога паверха будынка цудоўны выгляд на Прагу – першымі, вядома, кідаюцца ў вочы касцёлы: святога Віта, Пятра і Паўла, святой Людмілы… Папраўдзе, я нават не здагадваўся, што ў маёй жонкі ёсць свая святая. Цікава, над чым, над кім яна апякуецца?
Касцёл святой Людмілы знаходзіцца на Вінаградах – гэтак завецца адзін з раёнаў Прагі.
Есць у Празе і уніяцкі сабор. Можа, адзіны цяпер у свеце… Пра грэка-каталіцкую царкву ў нас мала хто ўспамінае. Здаецца, гэта нават небяспечна ў нейкай ступені… А некалі ж у нас на Магілёўшчыне шмат было уніяцкіх цэркваў… Паказаў сабор мне ўчора Вацлаў Жыдліцкі. Дарэчы, ён жа паказаў і тое месца, дзе некалі быў каралеўскі батанічны сад (недалёка ад Вацлавай плошчы), у якім працаваў Скарына. Мусіць, тут, у Празе, ён пахаваны, наш вялікі мысліцель, першадрукар і гэтак далей.
Славацкая частка нашай паездкі пачалася з Кошыцы. Гэта – Усходне-Славацкая вобласць.
Прыехалі мы ў Кошыцу раніцай. Свяціла сонца.
Пасля сняданку трохі пагулялі па горадзе.
Кажуць, што да вайны Кошыцэ меў 45 тысяч жыхароў. Цяпер – 250 тысяч, сярод якіх – 30 тысяч студэнтаў. Цэнтральная вуліца горада вызвалена ад транспарту, ходзіць адзін трамвай. Затое багата на ёй людзей, якія збіраюцца сюды на шпацыр.
З Браціславы ў Кошыцу прыехаў Душан Слабодцік. Сустрэў я тут і яшчэ аднаго свайго знаёмага, якога некалі бачыў у Попрадзе, – Ілью Галайду, што працуе выкладчыкам у адным са славацкіх універсітэтаў і піша па-ўкраінску: прозу і паэзію.
З Кошыцы мы ў дванаццаць гадзін накіраваліся ў Дукельскую даліну, у горад Свіднік, цэнтр мясцовай акругі. Знаходзіцца ён ужо глыбока ў Карпатах, прынамсі, за 12 кіламетраў ад яго ўзвышаецца Дукельскі перавал; сам горад Дукля тым часам размешчаны на польскай тэрыторыі.
У сорак чацвёртым годзе пачаліся цяжкія баі за Дукельскі перавал. Шмат тут палегла савецкіх салдат. У адным Свідніку пахавана каля дзевяці тысяч, у чатырох магілах. Цяпер паміж іх стаіць помнік. Ужо зусім у вячэрнім сутонні мы ўсклалі да яго кветкі.
Непадалёку ад помніка збудаваны музей Карпацка-Дукельскай бітвы, з дыярамай, паказ якой пачынаецца з песні «Свяшчэнная вайна» па-руску і даволі аптымістычнай вайсковай песні па-чэшску.
Пры ўваходзе ў музей вылеплены словы: «Дукля – вароты свабоды».
Сапраўды, у Чэхаславакію Чырвоная Армія прабілася сумесна з корпусам генерала Людвіка Свобады праз Дукельскі перавал.
Спярша па плане Вярхоўнага камандавання намячалася, што нашы войскі рушаць у Чэхаславакію з Венгрыі і Польшчы, каб не наступаць праз горы. Але тут, у Карпатах, пачалося славацкае паўстанне, і Шмідке, Гусак і Новамескі, кіраўнікі паўстання, звярнуліся ў Маскву, каб Чырвоная Армія як найхутчэй прыйшла на дапамогу.
Баі на перавале ішлі зацятыя і доўгія, здаецца, толькі праз 90 дзён 38-й арміі генерала Маскаленкі ўдалося прарвацца ў даліну, заняць тут гарады і вёскі, якія за час паўстання на 98 працэнтаў былі ўжо разбураны і спалены. Нямала загінула мірнага насельніцтва. У вёсцы Такаік, што недалёка, можа, кіламетраў за шэсць, ад Свідніка, фашысты расстралялі 32 чалавекі – мужчын, сярод якіх былі падлеткі. На месцы іх пакарання (за сувязь з партызанамі) узведзены помнік – белая мармуровая жанчына; тут жа, ля яе ног, трыццаць дзве пліты; насупраць – Музей ахвяр фашызму, дзе прасочана гісторыя ўзнікнення фашызму і яго канец; у асобным пакойчыку дэманструецца фільм пра трагедыю у Такаіку. Для кнігі водгукаў я напісаў тэкст: «Савецкія пісьменнікі нізка схіляюць галовы перад ахвярамі фашызму. Нам зразумела трагедыя славацкай вёскі Такаік, як трагедыя Хатыні, Лідзіцэ, Арадура і многіх, многіх іншых. Позна ўвечары адбылася сустрэча з мясцовымі літаратарамі – выкладчыкамі паўднёва славянскіх універсітэтаў, з паэтамі, празаікамі, перакладчыкамі. Паэты тут найбольш пішуць па-ўкраінску.
Высветлілася раптам, што яны адарваны ад украінскай літаратуры. Не маючы сваёй, нацыянальнай традыцыі (а мінула не больш 35 год, як тут пачалі пісаць па-ўкраінску), мясцовыя паэты наследуюць славацкім, чэшскім у сувязі з гэтым пачалася спрэчка пра традыцыі і наватарства. Як заўсёды, паперадзе ўсіх была С. Ё., якую В. Бокаў нарэшце спыніў: тады пачалася цікавая гаворка пра паэзію увогуле. Выступілі ўсе нашы паэты. Мясцовыя саромеліся спярша, але паступова разварушыліся, сталі чытаць вершы.
Светлую частку сённяшняга дня заняла дарога з Кошыцы ў Свіднік. Вяла яна па даліне паміж гор. Дакладней, спярша абапал шашы ўзвышаліся звычайныя перадгор’і, ці як рускія называюць – «отроги гор»; Карпаты пачаліся пазней. пакуль не абступілі ўсю Дукельскую даліну.
Зямля тут прыгожая. Часам хацелася выйсці з аўтобуса, сесці пад гарою і надоўга сцішыцца.
Кажучы пра уніяцкі сабор у Празе, я думаў, што гэта няйначай адзіны такі храм у свеце. I вось дзіва – амаль у кожнай вёсцы, у кожным гарадку паўднёвай Славакіі ёсць уніяцкія храмы. Праўда, зусім невялічкія, амаль мініяцюрныя, але праваслаўныя цэрквы тут таксама невялікіх памераў. Дзе-нідзе цэрквы, касцёлы і ўніяцкія храмы стаяць побач, усё роўна як назнарок.
Пачаўся гэты дзень для нас прыёмам у раённым камітэце партыі.
Свідніцкі раён мае 42 тысячы жыхароў. Нацыянальны склад – у асноўным украінцы і славакі. Гэта раён, які прайшоў дынамічнае развіццё пасля 48-га года. У часе буржуазнай рэспублікі тут не было прамысловасці. Жыхары шукалі для пражыцця заробкі за граніцай. Адна пятая частка жыхароў выязджала адсюль.
Пасля вайны ў самім Свідніку былі збудаваны швейная фабрыка імя партызана Калепкі, машынабудаўнічы завод, завод тэлефонных апаратаў…
У 1974 годзе нарэшце канчаткова створаны адзіныя сельскагаспадарчыя кааператывы.
На землях раёна іх цяпер 17.
Аказваецца, прыгожы край, але небагатыя землі.
Сельскія жыхары, якія маюць у вёсках нават добрыя хаты, імкнуцца цяпер у гарады…
Мы ўтрох – В. Пальчынскайтэ, В. Сідараў і я наведалі машынабудаўнічы завод па перапрацоўцы мясной прадукцыі: 800 рабочых, 400 вучняў ГПТВ. 100 вучняў заканчваюць вучылішча з атэстатам сталасці. Усяго 12 гадоў працуе завод. Але ў чатыры разы павялічылася ўжо за гэты час колькасць рабочых на заводзе, у 10 разоў – вытворчасць. Прадукцыю вывозяць за граніцу, у тым ліку і ў Савецкі Саюз.
Рабочы атрымлівае прыкладна 2600 крон у месяц. Есць, акрамя таго, дадатковыя стымулы. Рабочыя іх ведаюць.
На 1990 год намечана павялічыць колькасць рабочых да 1300 чалавек.
Адсюль, ад Свідніка, недалёка ўжо Ужгарадская вобласць. Да Ужгарада – 130 кіламетраў.
На заводзе нямала цыганоў. Здаецца, 60 чалавек. Мы паразмаўлялі з адным. Яго завуць Петар Гунда.
Адкуль яны тут, гэтыя цыганы? Іван Горка, выкладчык універсітэта, які ездзіў на завод у якасці перакладчыка, расказаў, што пасля высялення ў 1944-1945 гадах адсюль немцаў зямлю засялялі «розным народам».
Увечары сёння ўкраінцы і славакі спявалі прыгожыя песні. Спявалі мы ўсе.
Са Свідніка едзем у Бардзееў. Гэта старажытны гарадок, мае шмат помнікаў. Недзе там, каля Бардзеева, працуе вядомы курорт з лячэбнымі водамі.
Але пакуль мы яшчэ не паехалі і у мяне застаецца некалькі хвілін, прыгадаю ўчарашнюю паездку на Дукельскі перавал.
Туды са Свідніка вядзе старажытная дарога. Прынамсі, па ёй некалі вярталіся з альпійскага паходу войскі Суворава, у 1804 годзе тут ратаваў рускую армію Кутузаў, у першую імперыялістычную вайну сюды дайшлі салдаты Брусілава…
Цяпер ад самага Свідніка да перавалу дарога ўстаўлена помнікамі. Яны розныя – напрыклад, каля вёскі Макоўніца стаяць на нізкім пастаменце два танкі: наш «Т-34» і нямецкі «пантэра». Наш прыціснуў перад «пантэры», схіліў да зямлі гармату. На самай мяжы з Польшчай узвышаецца башня на тым месцы, дзе ў сорак чацвёртым годзе знаходзіўся камандны пункт камандзіра чэхаславацкага корпуса Л. Свобады. На магілах чэхаславацкіх салдат (іх тут 500 чалавек) пастаўлены помнік у выглядзе гусіцкага баявога шчыта. Поле, адкуль наступалі на Макоўніцу нашы танкі, застаўлена скрозь «Т-34» так, як яны звычайна хадзілі ў наступленне; «нямецкі бок» прадстаўляе адна 152 мм гармата і адна бронемашына.
Раней у трох мясцінах у даліне знаходзіліся нямецкія могілкі. Двое – узараны. Пакінуты адны, але і тут без адзнак: проста кавалак агароджанай зямлі…
Першы населены пункт, які быў вызвалены тады, – Верхні Камарнік. Але найбольш моцныя баі ішлі за вёску Ніжні Камарнік, абапал якой на схілах вяршынь знаходзіліся пазіцыі падраздзяленняў 38-й арміі і немцаў.
Дзіўна, але драўляныя цэрквы і ў Верхнім Камарніку, і ў Ніжнім засталіся ў час баёў некранутыя. На маёй зямлі такога, звычайна, не здаралася, гэтакае і ўявіць сабе немагчыма. І нашы, і немцы заўсёды білі па званіцах, нават калі там нікога і не было: дзеля бяспекі…
З намі на Дукельскі перавал ездзіў палкоўнік Міхаіл Сабадош, удзельнік баёў сорак чацвёртага года: цяпер ён пісьменнік, жыве ў Кошыцы, напісаў кнігі «Парашуты над Карпатамі», «На франтавых дарогах», «Я шукаю бацьку»…
Ад вёскі Капішава, якая налічвала 80 дамоў, за час баёў засталося ўсяго 11.
Мы падняліся на ліфце на башню, ператвораную цяпер у мясцовы музей, але нічога не ўбачылі: на зямлі абапал граніцы стаяў густы туман.
А ўвогуле Дукельскую даліну ў Славакіі называюць далінай Смерці.
Я ўжо, здаецца, казаў, што чэхаў і славакаў тут загінула 6,5 тысячы; немцаў – 17 тысяч. Тым часам савецкіх салдат толькі ў адным Свідніку пахавана каля 10 тысяч.
Відаць, да паездкі на Дукельскі перавал давядзецца яшчэ звяртацца, таму прыгадаю нарэшце збольшага наведанне горада Бардзеева. Цэнтральная плошча, на якой стаяць старая гарадская ратуша і касцёл, завецца тут плошчай Вызваліцеляў. З усіх бакоў яе абступаюць дамы, дакладней, домікі рознай пафарбоўкі, але пастаўлены яны адзін да аднаго ў самы прытык, так, што няма нават маленькага прасвету паміж. Дагэтуль мне даводзілася бачыць такое толькі на дзіцячых малюнках.
Мясцовыя людзі з усмешкай расказваюць пра сваю гарадскую ратушу, праўдзівей, пра тое, як будавалася яна. Здаецца, арандатар-будаўнік перавыдаткаваў грошы, якія выдалі яму гарадскія ўлады на будаўніцтва. Выйшаў канфлікт. Дадаваць сродкі гарадскія ўлады не хацелі. Тады архітэктар-будаўнік сказаў: «Але дазваляеце ўсё-ткі збудаваць дах». Яму дазволілі. I ён на даху паставіў мармуровага чалавека, які, зняўшы штаны, «адказвае» гарадскім мужам…
Дарэчы, горад гэты меў некалі нават свайго ката. Бо не кожнаму гораду была дазволена такая раскоша!
Выдатны курорт «Бардзееў». Насупраць старога будынка, які застаўся няйначай яшчэ з мінулага стагоддзя, пастаўлены помнік каралеве Альжбеце (Елізавеце) Аўстрыйскай, жонцы Франца Іосіфа, які развязаў першую сусветную вайну. Вельмі прыгожая і мілая жанчына ўвасоблена ў скульптуры.
Закончыўся дзень у Прэшаве, горадзе, які размешчаны на дарозе паміж Бардзеевым і Кошыцэй. Тут адбыўся нечар на педагагічным факультэце Кошыцкага універсітэта. Як і ў пражскім Карлавым універсітэце, тут некаторыя факультэты вынесены ў іншыя гарады.
Прэшаў чацвёрты па велічыні горад ва ўсходняй Славакіі. Жыве ў ім каля 80 тысяч жыхароў. Гэты горад таксама рыхтуецца стаць горадам-запаведнікам, бо ў ім многа гістарычных помнікаў.
Сёння выдалася сонечная раніца. Дарма што ўчора амаль увесь дзень імжыла – ні дождж, ні туман.
Дарога на Кошыцу з Прэшава ўжо знаёмая. Па ёй мы ехалі ў Свіднік, у Дукельскую даліну.
Ехалі мы ў аўтобусе на адной лаўцы з Душанам Слабоднікам, які ўвесь час знаходжання ў Славакіі суправаджае дэлегацыю.
Гаворка ішла пра беларускую літаратуру – уласна кажучы, Душан браў інтэрв’ю для славацкай газеты «Праўда». Аднак адной беларускай літаратурай у гаворцы гэтай мы не абыходзіліся – рабілі выхады і на славацкую, і на чэшскую, прыгадваючы, вядома, даволі часта рускую.
У Кошыцы сустрэча з «русістамі» – краёвае таварыства дружбы з Савецкім Саюзам наладжвае семінар. Відаць, нешта падобнае было калісь у Попрадзе. А пакуль мы з аўтобуса зайшлі ў кабінет першага сакратара абласнога аддзялення ЧСД, п’ём баравічку і абменьваемся афіцыйнымі тостамі.
Абед даваў сакратар абласнога камітэта на загараднай дачы. Адтуль аўтобусам мы прыехалі ў аэрапорт і вылецелі ў Браціславу.
Штосьці хочацца ўспомніць яшчэ з таго дня, калі аглядалі Дукельскі перавал, але не магу: няйначай моцна адчуваецца ўжо Стомленасць…
У Браціславу з намі вярнуўся толькі Душан Слабоднік. Свіднікаўскія, бардзееўскія літаратары засталіся ў Кошыцы. Але на абедзе на дачы абкома быў Андрычэк, які збіраецца перакласці на славацкую мову Купалу і Коласа. Дагэтуль давялося бачыць яго толькі ў Свідніку. Здаецца, ён ужо перакладаў некаторых нашых пісьменнікаў.
З маладых украінскіх паэтаў, што жывуць у Паўднёва-Славацкай вобласці, запомнілася Марыя Няхай, якую самі паэты, гэта значыць мясцовыя таварышы, завуць Нехаёва, і Сцяпан Гасцінек.
Запомнілася і яшчэ адна Марыя – Марыя Чорная, славачка, студэнтка педфака Кошыцкага універсітэта. Спытала: «Гэта не вы напісалі «Плач перапёлкі»?» – і засвяцілася тварам. «Я ўсе вашы раманы ведаю». Але пагаварыць нам не ўдалося, дарма што сядзела яна за сталом насупраць – увесь час да яе «прыставалі» нашы «старыя», на чале з В. Бокавым, які можа быць даволі «гжэчным», нягледзячы на свае амаль семдзесят гадоў.
Час праходзіць – дзень за днём, мінае ноч за ноччу; сёння ўжо два тыдні, як у дарозе.
Ці хочацца ў Мінск?
Здаецца, не.
А вось калі б недзе на мяжы Беларусі апынуцца, то было б якраз і па жаданні, і па імкненні.
Хай бы хутчэй настаў і прайшоў сёлетні снежань, а тым часам і гэты год, увогуле пастылы. Ах, каб можна было на ўсё паскардзіцца!..
Учора ў аэрапорце нас сустракаў Ян Саловіч, п’есы якога ішлі і ў нас, у Беларусі (здаецца, у Магілёве). Пасялілі нас у гасцініцы «Кіеў». Я ўжо не першы раз спыняюся ў гэтай гасцініцы. Прынамсі, усё тут ведаю, таму паводжу сябе даволі свабодна; ведаю я і горад Браціславу, таму не надта імкнуся на вуліцы. Між тым а палавіне дзесятай нас вядуць на гару Славін.
Думалася, што «перабірацца» з Браціславы ў Прагу будзем самалётам; але не, паедзем цягніком, бо ўранні тут закрываюць зямлю густыя туманы…
Сёння таксама быў туманны світанак.
Ян Саловіч на сустрэчы ў СП сказаў: вылічальная машына па просьбе Міністэрства культуры Славакіі падрыхтавала даныя па тэатральным жыцці рэспублікі; першае месца занялі ў рэпертуары тэатраў творы сучасных савецкіх пісьменнікаў, затым – сучасных славацкіх; на трэцім месцы класіка руская, савецкая і славацкая; на чацвёртым – сусветная класіка (Шэкспір і іншыя); на пятым – п’есы сучасных заходніх аўтараў, гэта значыць аўтараў з капіталістычных краін.
Я ўжо адзначаў, што Саловіч – драматург, ну а мы, пісьменнікі, заўсёды «свой» жанр высоўваем наперад… (Але супастаўленне рэпертуару цікавае).
На гэтай сустрэчы выступілі Ян Фелічэк (у Славакіі тры добрыя перакладчыкі з беларускай мовы), Душан Слабоднік, галоўны рэдактар выдавецтва «Славацкі пісьменнік» Уладзімір Дудаш.
Я не чакаў, але раптам мяне паклікалі ў другі пакой там працавалі тэлевізійнікі. Аказваецца, перад тым як пачацца гэтай сустрэчы, Уладзімір Дудаш гаварыў у іх, назваўшы сярод іншых і мяне – нібыта рыхтуецца да выдання мой раман. Гэтак вось і была абумоўлена неспадзяваная цікавасць да мяне славацкага тэлебачання. У выніку я таксама забраў у іх дзве хвіліны часу для размовы.
Абедалі мы ў міністра культуры Славакіі Міраслава Валека, вядомага нацыянальнага паэта, кнігу якога пераклаў на беларускую мову Пятрусь Макаль.
У Доме чэхаславацка-савецкай дружбы затым сабралася нямала знаёмых, у тым ліку і Мілаш Крно, выдатны славацкі празаік і перакладчык: некалі ён прасіў, каб я прыслаў яму свае кнігі, але зрабіць гэтага не паспеў: ён пацікавіўся, чаму не было кніг. Мілаш прыемны чалавек – тактоўны, разумны, умее быць надзвычай уважлівым да чалавека. Дарэчы, тут, у Доме дружбы, я атрымаў першае віншаванне з 50-годдзем: сакратар паднёс кветкі і адмысловы гарлачык.
Закончыўся дзень у карчме на Лімбеха, за дваццаць пяць кіламетраў ад Браціславы. Уласна кажучы, гэта і было заключэнне Дзён літаратуры. Заўтра – так званы вольны дзень.
Такім чынам, мне засталося не так багата пісаць, хаця ёсць жаданне яшчэ пагаварыць трохі пра чэшскую і славацкую літаратуру. Якраз тое жаданне, той намер, якія не былі ажыццёўлены мінулы раз. Цікава, ці знойдзецца часу і трываласці на такую карысную справу гэты раз?
Шкада, што нам давядзецца ехаць з Браціславы ў Прагу цягніком. Няйначай у вагоне будзе холадна, да таго ж спаць не прыйдзецца – гэта заўсёды так: якая б ні была доўгая дарога, але пад грукат колаў цяжка сцішыцца.
Я ўжо казаў, што Душан Слабоднік па дарозе з Прэшава ў Кошыцу браў у мяне інтэрв’ю пра нашу літаратуру, абяцаў паказаць канчатковы тэкст яшчэ да ад’езду, але раптам сказаў, што не паспеў зрабіць. Чалавек ён, канечне, заняты, таму вінаватасць зразумелая.
Надвор’е ў Браціславе ўвесь час было, можна сказаць, спагадлівае: уранні туман звычайна хутка рассейваўся, бралася на лёгкі мароз…
Між тым спахапіўся цяпер, што не кінуў у Дунай манету, бо так заўсёды раблю, як бываю ў Браціславе. Ды і не толькі тут. Кідаю манеты ў ваду – у мора, у акіян, у раку, у звычайнае вадасховішча… Кажуць, ёсць прыкмета – тады зноў вернешся сюды.
Я ўсё чакаў, што недзе аб’явіцца Андрэй Марушыяк. Але яго няма ў Браціславе. Затое пазнаёміўся з ягоным братам, Езафам, які працуе ў выдавецтве «Славацкі пісьменнік».
Дарэчы, адна згадка. Сёння мне нарэшце растлумачылі – каралева Альжбета, помнік якой стаіць на бардзееўскім курорце, не проста жонка; яна сама царавала.
Шкада, што нам давядзецца ехаць з Браціславы ў Прагу цягніком. Няйначай у вагоне будзе холадна, да таго ж спаць не прыйдзецца – гэта заўсёды так: якая б ні была доўгая дарога, але пад грукат колаў цяжка сцішыцца.
Я ўжо казаў, што Душан Слабоднік па дарозе з Прэшава ў Кошыцу браў у мяне інтэрв’ю пра нашу літаратуру, абяцаў паказаць канчатковы тэкст яшчэ да ад’езду, але раптам сказаў, што не паспеў зрабіць. Чалавек ён, канечне, заняты, таму вінаватасць зразумелая.
Надвор’е ў Браціславе ўвесь час было, можна сказаць, спагадлівае: уранні туман звычайна хутка рассейваўся, бралася на лёгкі мароз…
Між тым спахапіўся цяпер, што не кінуў у Дунай манету, бо так заўсёды раблю, як бываю ў Браціславе. Ды і не толькі тут. Кідаю манеты ў ваду – у мора, у акіян, у раку, у звычайнае вадасховішча… Кажуць, ёсць прыкмета – тады зноў вернешся сюды.
Я ўсё чакаў, што недзе аб’явіцца Андрэй Марушыяк. Але яго няма ў Браціславе. Затое пазнаёміўся з ягоным братам, Езафам, які працуе ў выдавецтве «Славацкі пісьменнік».
Дарэчы, адна згадка. Сёння мне нарэшце растлумачылі – каралева Альжбета, помнік якой стаіць на бардзееўскім курорце, не проста жонка; яна сама царавала.
IV МІЖНАРОДНАЯ ДЗІЦЯЧАЯ АСАМБЛЕЯ “СЦЯГ МІРУ” Ў БАЛГАРЫІ.
1988 г.
Едзем мы звычайна за мяжу праз Маскву. Ну, а ў Маскве я не магу не трапіць на Ізмайлаўскі бульвар. Сёння таксама наведаў А.М. Цярнова. Памянулі з ім за сталом маю маці, Хадоску Ігнатаўну, якая памерла 25 чэрвеня. Аляксандр Міхайлавіч ведаў яе ў дзяцінстве, калі да 1932 года жыў у нашым Вялікім Бары. Бацька яго, Міхаіл Фёдаравіч, быў дырэктарам школы. Маці таксама настаўнічала. У нас у вёсцы старэйшыя людзі яшчэ і цяпер помняць Міхаіла Фёдаравіча… Згадваў пра яго і я ў рамане «Свае і чужыя», добра не ведаючы пра далейшы лёс былога нашага дырэктара. А было пасля Вялікага Бору так. Сям’я Цярновых пераехала ад нас жыць на новае месца, ажно пад Лугу, у Красныя Горы. Гэта здарылася за некалькі год да вайны. А ў вайну Міхаіл Фёдаравіч стаў камісарам мясцовага партызанскага атрада. Увосень 1941 года атрад быў разбіты немцамі. Цярноў трапіў у рукі карнікаў. Павесілі яго ў Лузе ў 1942 годзе разам з камсамольскім памочнікам, былым ягоным вучнем. Але ў таго хлопца паблізу раённага цэнтра жыла сям’я – маці з малодшымі дзецьмі, і Міхаіл Фёдаравіч выратаваў іх, выдаўшы камсамольскага памочніка за свайго старэйшага сына Сашу… Так да апошняга часу і лічылася, што разам з партызанскім камісарам загінуў ягоны сын. I Аляксандр Міхайлавіч доўга не ведаў пра гэта… Цяпер справядлівасць, калі можна гаварыць так у дачыненні да гэтага выпадку, адноўлена.
Сам Аляксандр Міхайлавіч даслужыліся ў арміі да палкоўніка, у шасцідзесятыя гады быў на Кубе, вазіў туды ракеты, якія потым давялося забіраць назад… Акрамя нашых узнагарод мае кубінскія.
У Маскве наогул багата жыве людзей з нашага Вялікага Бору, а яшчэ больш – з навакольных вёсак. Але найбольш цікава мне заўсёды сустракацца з Цярновым. Я нават падрабязнасці пра свой даваенны Вялікі Бор даведваюся ад яго – на якім месцы хто жыў, што за людзі раней насялялі вёску, бо даваенную з цяперашняй – не параўнаць. Усё збіраемся разам з’ездзіць на нашу малую радзіму, аднак пакуль гэта ў марах…
Заўтра – а дзевятай гадзіне – трэба ўжо ляцець у Сафію. Начаваць у Маскве давялося ў гасцініцы «Волга». Вось ужо праўду спяваюць у песні пра Сцяпана Разіна: «И за борт ее бросает в набежавшую волну…» Толькі у маім выпадку не «яе», а «яго» – ні буфета ў гасцініцы, каб паесці, ні чаго іншага, нават вады няма дзе купіць…
Па тэлефоне, які спараны з другім, увесь час звоніць нейкі каўказец. Даймаюць праз тонкую сцяну не толькі званкі, але і голас – па-каўказску крыклівы, рэзкі…
Гасцініца (а гэта – некалькі шматпавярховых дамоў) стаіць на Вялікай Спаскай вуліцы. Добра, што сёння ў Маскве амаль перашчукла спёка, хоць паветра яшчэ душнае і мокрае. Уздоўж Вялікай Спаскай, па абодва бакі яе, а таксама ў дварах і на стаянках прыпаркавана шмат замежных аўтамашын.
Надвор’е на раніцу выпала зусім па-хмурнае. Напісаў пра гэта, пасля падумаў – каб чалавек толькі ведаў, што добра для яго ў дарозе, а што дрэнна… Праўда, не спаць альбо блага спаць дзве ночы запар – гэта таксама нікуды не варта… Тым больш што да суседа-каўказца ўчора далучыўся нейкі славянін, ну і пагаварылі яны, як глухія, паміж сабой гадзін да дванаццаці на розныя тэмы: і пра Гарбачова, і пра Саломенцава з Лігачовым, і пра армян у Ерэване і Сцепанакерце, якія ўсё яшчэ бастуюць, зразумела, пра баб і пра тое, што можна купіць у Маскве… Бо іначай у нас нельга – раз ужо сышліся два чалавекі, а не дай бог – тры ці болей, то ўжо сапраўды пра ўсё пагавораць, не зважаючы ні на дыстанцыю асоб ці прадметаў, якія абмяркоўваюцца, ні на звычайную далікатнасць, ні на што іншае.
Між тым усё гэта завецца дарогай!..
Ужо зразумела, што на сняданак давядзецца спадзявацца на балгар – гадзін праз колькі няйначай тыя накормяць…
Згадваю тым часам сваю першую паездку ў Балгарыю у 1965 годзе. Зрэшты, яна была дасюль і адзінай. I тады я рабіў сякія-такія накіды ў блакнот, аднак цяпер не стаў іх перачытваць. Усё-ткі шмат часу мінула з таго, 65-га года. А якая яна, цяперашняя Балгарыя?
У выдавецтве «Народна култура» за апошні час у перакладзе Пенкі Кыневай і Івана Дайчынава выйшлі ўсе мае раманы – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя»… Месяцаў колькі назад ад Івана Дайчынава зноў быў ліст – дачуўся той, што нібыта гатовы ў мяне наступны раман, таму прасіў хутчэй даслаць. Божа праведны, каб гэта было лёгка пісаць іх, раманы, няхай не лёгка, хоць бы хутка!..
Ляцець з Масквы да Сафіі трохі даўжэй за дзве гадзіны. У Маскве затрымкі не было, лёгка прайшлі гантрольную службу, зайшлі ў самалёт, дарэчы, не перагружаны пасажырамі, і вось ляцім.
Над Сафіяй сёння – сівая смуга. Яна відаць яшчэ і самалёта. Балгары, якія ляцяць з намі, кажуць, што у гэтыя дні тэмпература даходзіць тут да сарака градусаў… Я быў ужо рады ўчора, што ў Маскве пасля Мінска было халадней. Але гарачыня ўсё-ткі напаткала.
Спрабую нарэшце канчаткова ўдакладніць мэту нашага прыезду сюды. У Савецкім фондзе культуры начальнік міжнароднага аддзела гаварыў пра гэта, аднак нібыта няпэўна, мауляў, прыляціце туды, усё стане ясна. Яно і праўда – балгары, якія сустракаюць нас у аэрапорце, дасведчаныя цалкам – у гэтыя дні Міжнародны дзіцячы фонд імя Людмілы Жыўкавай ладзіць у Сафіі чарговую, чацвёртую па ліку асамблею. З Масквы ужо прыляцелі сюды прадстаўнікі Дзіцячага фонду імя У. I. Леніна. Сапраўды, за вячэрай першага пабачыў С. У. Міхалкова. Той сказаў, што і Альберт Ліханаў прыехаў.
Пасялілі нас у Сафіі ў гасцініцу «Віташа» – гранд-атэль «Віташа», як сцвярджаюць каляровыя праспекты. Будавалі яго самі балгары, але з дапамогай японцаў. Усё у ім зроблена, трэба сказаць, цудоўна – і холы, і жылыя пакоі, і рэстараны (з добрай, няшумнай музыкай), і бары; ёсць саўна і басейн; можна пагаліцца і сёе-тое набыць з сувеніраў балгарскага вырабу.
У праграме першага дня асамблеі ўжо мала чаго засталося рабіць: у шаснаццаць гадзін адбудзецца толькі справаздачнае пасяджэнне савета Міжнароднага фонду.
Для абслугоўвання балгары выдзелілі аўтамашыну «Волга». Сказалі пры гэтым, што групавыя паездкі будуць на аўтобусах. I вось мы першы раз прыехалі сёння ў Народны палац культуры. Тут будзе праходзіць савет. Будынак палаца узведзены гадоў дзесяць назад. Кажуць, што праект свой, айчынны; матэрыялы ж будаўнічыя – чужыя, ці то фінскія, ці то яшчэ чые.
Старшынстваваў на пасяджэнні савета Уладзімір Жыўкаў, сын Людмілы Жыўкавай, што была тут некалі міністрам культуры. Напачатку ўдзельнікі пасяджэння ўшанавалі памяць тых членаў савета, якія памерлі. Чуліся прозвішчы балгараў, іспанцаў, мексіканцаў…
Са справаздачай выступіў галоўны сакратар фонду Яўген Юрылаў. Змест – дзеці нашага свету; даклад – дзіцячы рух у свеце за адзінства, творчасць і прыгажосць. У спрэчках выступілі француз, дзяячка з Індыі, духоўнік іспанскага караля падрэ Барталамеа… Ад Дзіцячага фонду нашай краіны – Альберт Ліханаў, яго старшыня. Прамова яго была нечаканай для прысутных: раптам старшыня Дзіцячага фонду пачаў гаварыць… што ў Савецкім Саюзе мільёны дзяцей маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе, сказаў нават, што нямала дзяцей у нас галадаюць… Як кажуць, шокавы стан… Мне тым часам вось пра што падумалася: на самой жа справе нейкае дзіўнае сіроцтва ў краіне ў нашы дні назіраецца… Чаму? Дзіцячыя фонды іншых краін займаюцца пошукамі талентаў, а мы… пра голад?.. Прадстаўнік ФРГ, прафесар Апель, пасля выступлення Ліханава сказаў: «Лёсам дзяцей ва ўсіх іншых аспектах павінна займацца дзяржава». Гэты прафесар цікава гаварыў таксама пра культуру: людзі ва ўсім свеце цяпер заклапочаны лёсам культуры, таму не павінны баяцца адзін аднаго, дзяліцца плёнам культуры з іншымі: культура звязана не толькі з гісторыяй, але і з будучыняй; таму цяпер асабліва трэба дбаць пра будучыню.
Далі на савеце слова і мне.
Пасля ўдзельнікі пасяджэння доўга хадзілі па Палацы культуры, вакол яго. На плошчы многа фантанаў. Узведзены помнік жывой гісторыі Балгарыі, на якім акрамя іншых добрых і карысных надпісаў такія словы: «Мы жывём у часе і час жыве ў нас».
Сёння быў прыём у гонар гасцей асамблеі.
Цікава, якой будзе першая ноч у Сафіі?
У 1965 годзе першы раз прачнуўся ў Сафіі ў гасцініцы «Славія». Помню, адсунуў фіранку і ўбачыў з акна зусім блізка незадымленую гару Віташу. Здаецца, у той жа дзень мы і трапілі ледзьве не на самую вяршыню яе. Есць нават фатаграфіі, адна асабліва ўражвала заўсёды – «каменная рака»…
Сёння з акна гатэля таксама лінула ў вочы многа сонечнага святла, ажно асляпіла на момант. I гара Віташа. Зноў зарупіла ехаць туды.
«Расце, але не старэе» – прачытаў учора ў адной з мясцовых газет пра Сафію. Дарэчы, самі балгары завуць сталіцу – Соф’я.
Сердыка, Срэдзец, Трыядыца, потым ужо Соф’я… Такі шлях балгарскай сталіцы па гісторыі ў сённяшні дзень. Мінулае і сённяшняе сапраўды пераплятаюцца тут на вачах. Узяць тую ж плошчу вакол Палаца культуры, што збудаваны на месцы былых вайсковых казармаў і стрэльбішчаў. У нас, у Беларусі, зусім мала старога ў гарадах, войны заўсёды забіралі з сабой усё, што якраз добра было збудавана. Таму і шкадаванне па старым у нашых людзей часта перабольшана.
Над Сафіяй скрозь узвышаюцца шматпавярховыя дамы. Яны ўжо вышэй стаяць за храм-помнік «Аляксандр Неўскі»…
Усё-ткі недарэмна зранку марыў пра паездку на Вітау. Едзем туды на аўтамашыне. З «Віташы» на Віташу.
Я ўжо, здаецца, гаварыў, што ў балгарскай сталіцы шмат за апошнія гады пабудавана чаго. Але ж сам цэнтр горада, той, які я ведаў некалі, некрануты, і ён усё-ткі яшчэ вяртае чалавека на многа стагоддзяў назад: добра захоўваюцца сцены Сердыка, якія ўзводзілі некалі рымляне (на месцы франкісцкіх «сердаў»), мячэці, старая царква, што нібыта ўрасла ў зямлю. Гэта сівая старажытнасць. Многа ў горадзе кветак і зеляніны. Некаторыя дрэвы яшчэ і цяпер, у ліпені, хораша цвітуць. Я спытаўся ў перакладчыка Георгіева, што гэта за дрэвы, што так позна цвітуць, але той не адказаў. «Балгары, – засмяяўся, – дрэнна батаніку ведаюць».
Людзі скрозь надзвычай спакойныя, нават здаецца, што час замарудзіў тут па нейкай прычыне сваю хуткаплыннасць. А можа, яны і праўда добра ўсвядомілі, што час у чалавеку, а чалавек у часе?..
Звычайна ў выхадныя дні, у суботу і нядзелю, на Віташы сыходзіцца і з’язджаецца ці не ўся балгарская сталіца. Вядома, калі пры гэтым пагода. Мінулы раз наш аўтобус па звілістай дарозе падняўся ў горы недзе адразу пасля сняданку. Рана паехалі мы туды і сёння. Хоць прайшло і нямала часу ад першай паездкі, аднак амаль усё тут пазнаецца. Вялікага будаўніцтва ў гэтым народным парку не вядзецца, дарма што «турыстычная індустрыя» і тут адчуваецца.
Той раз па калені чалавеку плылі аблокі, засцячы ўнізе Сафію; але плылі яны не спрэс, і ў прамыінах можна было бачыць усю сталіцу, найперш – храм «Аляксандр Неўскі» з залатымі яго купаламі.
Сёння неба чыстае, прынамсі, рэдкія аблокі, якія часам засцяць на кароткае імгненне сонца, знаходзяцца вышэй за горы. Затое над Сафіяй стаіць смуга, гэта асабліва відаць зверху, таму нават залатых купалоў храма не ўбачыць.
Работа асамблеі, яе афіцыйнае адкрыццё пачнецца адразу па абедзе. Мусіць, варта хоць збольшага нарэшце расказаць пра фонд імя Жыўкавай.
Пачаў дзейнічаць гэты фонд дзесяць гадоў назад. У кожным разе, у 1978 годзе балгарская сталіца ўжо сустракала дзяцей і дарослых з многіх краін свету, наладжваючы першую асамблею пад цяперашнім дэвізам – адзінства, творчасць, прыгажосць… «Сёлета, – піша газета «Знамя мира», – у Балгарыі зноў загучаць песні і вершы, закружацца дзеці розных народаў, успыхнуць яркімі фарбамі малюнкі, створаныя юнымі пасланцамі свету… Чыстыя і моцныя, яны прагучаць і на сесіі Сусветнага дзіцячага парламента ў абарону творчасці, мірнай будучыні, у абарону жыцця».
Дарэчы, у гэтай газеце, якая выдаецца фондам імя Жыўкавай, прынамсі, у апошнім нумары, некалькі цікавых матэрыялаў пра сталіцу. Вось выпіска з аднаго: тут, у Сафіі, налічваецца 32 музеі, у якіх больш чым 682 370 экспанатаў; гэтыя музеі сабралі разам у сваіх залах гісторыю і творчы дух народа; сярод іх – Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальная мастацкая галерэя, крыпта храма «Аляксандр Неўскі»… I ўсё гэта непараўнальнае, усё самабытнае, сапраўды ўсё нацыянальнае!
Але чаму тут, у балгарскай сталіцы, узвышаецца гэты храм-помнік? Якое значэнне меў пераможца крыжакоў на Чудскім возеры для балгарскай дзяржавы?
…Дзіўна, але пра дом у гэтай паездцы чамусьці прыпамінаецца мала. Але калі думкі і сягаюць раптам туды, дык найперш бачыцца кожны раз «спакойны матчын твар: яна ў труне…» Напакутавалася Хадоска Ігнатаўна ў гэтым жыцці, таму няйначай у труне ляжала супакоеная і нібыта радасная ў сваёй апошняй прыгажосці… Я ўвесь час, пакуль стаяла труна ў хаце ў Новай Мышы, сядзеў побач. Дзіўна, але пра матчыну смерць мне нішто не нагадала ні ў сне, ні наяве, хоць добра вядома было, што яна вельмі хворая, слабая. Можа, маці не думала, паміраючы, пра мяне, бо звычайна… хоць штосьці ды нагадвае мне адыход на той свет блізкіх па крыві людзей ці проста знаёмых.
Сёння зноў пахадзіў па Сафіі… Некалі на помніку вызваліцелям краіны ад туркаў-асманаў былі словы – «Цару-вызваліцелю ад балгарскага народа». Цяпер яны памяняны: «Братам-вызваліцелям ад балгарскага народа». Вядома, зайшоў у храм Аляксандра Неўскага. А ўранні ж яшчэ задаваў сабе пытанне – адкуль тут такая павага да рускага князя? Аказваецца, храм гэты узводзіўся некалі таксама ў гонар Аляксандра II, а ў таго «покровителем», ужываючы рускае слова, быў святы Аляксандр Неўскі…
У Сафіі шмат у якіх месцах цяпер капаюць зямлю – то падземныя пераходы робяць, то тунелі, то яшчэ што, звязанае з гарадской гаспадаркай; вядома, натыкаюцца на старажытныя збудаванні, схаваныя ад вачэй; але ўсё, што знаходзяць пад зямлёй, беражліва захоўваюць, робячы запаведныя мясціны.
I яшчэ ў адзін храм зайшоў – у царкву Святой нядзелі. Тут якраз адпявалі нябожчыка… Гэта нагадала мне царкву ў Новай Мышы, дзе такую ж службу правілі па маёй маці… Георгіеў тым часам расказаў, як у 1934 годзе камуністы наладжвалі тут замах на цара Барыса. Была закладзена ўзрыўчатка. Але цар спазніўся на службу. Ад выбуху пацярпела шмат звычайных людзей… Адкрыццё асамблеі таксама адбылося ў НПК. Выступаў на адкрыцці сямідзесяцівасьмігадовы Тодар Жыўкаў.
У ранейшы мой прыезд сюды балгары ўсё яшчэ расказвалі пра Вылку Чэрвенкава, якога змяніў Жыўкаў: захапляліся дэмакратычнасцю былога кіраўніка дзяржавы і расказвалі пра іншыя якасці, пра якія цяпер ужо не ўспомніш. Расказвалі тады таксама пра змову, якую нібыта падрыхтаваў, але не выканаў Тагачасны міністр воднай гаспадаркі. Афіцыйная версія пра смерць міністра (а яго знайшлі на кватэры мёртвым) была такая, што ён быццам бы застрэліўся па нейкай прычыне сам, дарма што ў сэрцы знайшлі ажно тры кулі. Прызнацца, я ўжо таксама забыў падрабязнасці, але ж вось прыгадаў даўнюю трагедыю…
Тут, у нашым гатэлі, ды і на асамблеі ў цэлым паявіўся рухавы армянін, скажам, С. Агатэлян; у час вячэры ён частаваў нас добрым каньяком. Мы з ім перакінуліся словамі. У першую чаргу, вядома, пра падзеі, як цяпер кажуць, вакол Нагорнага Карабаха. Успомнілі маё выступленне ў «Литературной газете», дзе была зроблена спроба памірыць армян з азербайджанцамі. «Ведаеце, – сказаў Агатэлян, – вы, усе астатнія ў краіне, не разумееце аднаго: што ў наш час усё яшчэ працягваецца крывавая вайна мусульман з хрысціянамі». Сапраўды, хіба ж можна было ўявіць сабе, жывучы ў СССР, што можа ўзнікнуць падобнае, што можа мець месца такая з’ява ў нашай краіне?
Я ўжо скардзіўся неяк, што мала ўспамінаю тут дом. Але ж гэта не зусім так. Унука Івана бачу перад сабой часта; тварык ягоны, усмешку і ласку. Добра, што і пасля смерці маці я ўсё-ткі не круглы сірата.
Дзень сённяшні быў цяжкі, фізічна цяжкі. Можа, таму, што ў другой палавіне яго зноў у Сафію вярнулася неміласэрная спёка…
I ноч сёння выдалася нейкая… Снілася чамусьці… «радыяцыя»… I таксама – «нейкая»… Адбывалася ўсё з гэтай радыяцыяй на радзіме. А чаму «радыяцыя» ў двукоссі? А я і сам не ведаю, бо ў сне сапраўды было штосьці незвычайнае, дужа невыразнае і цяжкае… Нібыта ў паветры насілася гэтае слова «радыяцыя», аднак як сімвал, што, тым не менш, рэальна панаваў над усім, душыў… I людзі вакол тоўпіліся… невыразныя, хоць і рэальныя – ці то свае, ці то чужыя.
Прысніцца ж такое!.. Прынамсі, тут, у Балгарыі, здаецца, пакуль не закраналася пры размовах наша «радыяцыйная сітуацыя»: я таксама не «наводзіў» свае думкі на яе.
У пакоі маім працуе кандыцыянер – і ўдзень і ўночы, таму суцэльны шум ад яго здаецца гулам горада. Ён чуваць увесь час, круглыя суткі, нават тады, калі горад ужо спіць, змораны пасля дзённай спёкі.
«Падбіраючы» цяпер рэшты ўчарашніх уражанняў, дакладней, успамінаючы пасля ночы ўсё тое, што не трапіла ў запісы, прыгадаў нядаўнюю размову паміж А. Ліханавым і С. Агатэлянам. Армянін раптам сказаў Ліханаву: «Ты, Альберт, застанешся і надалей сябрам Арменіі, а вось другія…» Гэтыя словы чамусьці дужа нядобра адгукнуліся ў маім сэрцы. Прыйшла наступная згадка: месяцы два назад Ю. Канэ, якая ездзіла ў Арменію, сказала, што знаёмыя армяне чамусьці гэты раз без энтузіязму аднесліся да яе прапановы, каб на творчую сустрэчу (ладзіцца там, у СП, чарговая ўсесаюзная творчая сустрэча) прыехаў Чыгрынаў… Не дай бог, калі час пачне караць асобных людзей, можа, нават зусім старонніх, за віну цэлых народаў!..
У фондзе імя Жыўкавай гаварылі мы з таварышамі аб далейшым супрацоўніцтве (дагавор з гэтым фондам у СФК ёсць); праўда, занятак двух нашых фондаў не дужа сутыкаецца, але шляхі супрацоўніцтва, пункты судакранання заўсёды можна знайсці.
У мезаніне «Віташы» працуе «шведскі стол», і мы там снедаем: паказваеш спярва ключ ад пакоя, нумар яго запісваюць у маленькі табель, нават не запісваюць, а закрэсліваюць, і тады нарэшце дапускаюць да страў… Словам, у Балгарыі як і ўсюды, як і ў іншых краінах. Але цікава ўсё-ткі назіраць і тут за людам з усяго свету. Сюды цяпер з’язджаюцца сапраўды з усяго свету і белыя, і чорныя, і жоўтыя. Можна лёгка падумаць, што падобная гасціннасць з’яўляецца вынікам пэўных амбіцый малой нацыі на цяперашняй грэшнай зямлі… Хоць якая ж гэта малая нацыя – балгары? Восем мільёнаў жыхароў! Аднак паступова пачынаеце разумець, што не, проста нацыя гэтак шукае спосаб жыцця. Дык вось, пра сусветны люд. Кожную раніцу цяпер на сняданку бываюць высокія-высокія хлопцы з негрыцянскім абліччам, у доўгім белым адзенні, падобным на сутаны, што не, проста нацыя гэтак шукае спосаб жыцця. Дык ды такія высокія і такія тонкія, што раптам пачынае здавацца, нібыта яны зусім і не чалавечыя дзеці, а проста здані. I рухаюцца быццам здані.
Нарэшце ўдалося папрацаваць трохі над п’есай «Следчая справа Вашчылы». Дакладней, знайшлося часу пачытаць яе пасля надрукавання на машынцы, зразумела, паправіць таксама. Цяжкая гэта справа – чытаць сваё амаль адразу пасля напісання… Не ведаю, як хто, а я заўсёды адчуваю сваю бездапаможнасць, нават нікчэмнасць у часе такой работы.
Пасля абеду з’ездзіў на Панчарэўскае возера. Гэта недалёка, кіламетраў трыццаць за Сафіяй. Прызнацца, цягнула туды, бо вельмі спадабалася некалі мне яго цёмна-блакітнае люстра, акружанае зялёнымі гарамі.
Час і людзі зрабілі адпаведны гвалт і над ім!.. Ажно не верыцца, што балгары таксама мала шануюць сваю прыроду. Канечне, рабіць падобныя абагульненні заўсёды рызыкоўна: адна з’ява – не прыклад. Аднак жа вакол Сафіі мала такіх вадасховішчаў, як гэтае, здаецца, яшчэ адно. I вось, аказваецца, які бруд і тут! Падумалася нават: наўрад ці здольныя ўжо ўплываць на экалогію, дакладней, на тых людзей, ад якіх залежыць здароўе прыроды, нацыянальныя законы па яе ахове. Няйначай патрэбна міжнародная ўзгодненасць.
Сёння ў цэнтры Сафіі бачыў такога ж хлопчыка, як і наш Іван. Але гэты быў чорненькі. Бег па гладкай брукаванцы з дапамогай бацькі, радасна смяяўся і дужа спяшаўся, блытана перабіраючы ножкамі.
Праграма дня не надта цяжкая, але ў гарачыні і без справы хутка стамляешся.
У бібліятэцы імя Кірылы і Мяфодзія адкрылася выстаўка твораў двух, можна сказаць, дзіцячых мастакоў – Надзі Рушавай і Дато Крацашвілі. Пра Надзю Рушаву ў нас бадай усе ведаюць, а вось пра Дато – не: нарадзіўся ён у 1963 годзе ў Тбілісі. Паспеў скончыць там два курсы мастацкага вучылішча. Памёр у 1980 годзе, пакінуўшы пасля сябе каля ста жывапісных і графічных работ; пісаў вершы, вёў дзённік. Пра гэта і было ў маёй прамове пры адкрыцці выстаўкі.
Пасля выстаўкі, здаецца, першы раз за гэты час, як жыву ў гасцініцы, звярнуў увагу на тое, што ў маім пакоі таксама ёсць на сцяне карціна: на сучку нейкага пахіленага над вадою дрэва, акурат жывы, сядзіць, пільнуючы спажыву, каляровы зімародак.
У такіх вось замежных дэлегацкіх паездках мала адчуваеш людзей. Іх бачыш, размаўляеш з імі, яны ўвесь час вакол цябе, але ўсё роўна разумееш, што жывога чалавека, калі дазволена гаварыць так, побач няма. Не адчуваеш яго – з клопатамі, думкамі, з усім жыццём, благім і добрым.
I сонца за акном бліскучае, і неба яснае. У дзень нашага прылёту ў Сафію было трыццаць восем градусаў па Цэльсію. Цікава, колькі набярэцца сёння?
Учора пасля адкрыцця выстаўкі ў бібліятэцы імя Кірылы і Мяфодзія доўга размаўлялі з балгарскімі таварышамі ў кабінеце дырэктара. У маленькай зале за гэтым кабінетам – яе таксама паказалі нам – вывешаны партрэты заснавальнікаў бібліятэкі, у тым ліку і партрэты былых дырэктараў. Дарэчы, адным з дырэктараў яе быў П. Славейкаў, паэзіяй якога некалі захапляўся я, чытаючы па-балгарску.
Акрамя фонду імя Жыўкавай, тут дзейнічае таксама Фонд трынаццаці стагоддзяў Балгарыі. Вось яго гісторыя, якой, дарэчы, усяго восем гадоў. Таксама не багата. Але справа ў тым, што Балгарскай дзяржаве трынаццаць стагоддзяў! Якраз у тыя дні, калі краіна адзначала гэты юбілей, і ўзнік фонд. Займаецца ён амаль усім, што мысліма і паддаецца грамадскаму ўплыву ў Балгарыі, – і культурай, і гісторыяй, і помнікамі, і землякамі на чужыне… Словам, сапраўды амаль усім. Пастаўлена справа ў ім, канечне ж, па-балгарску, гэта значыць сур’ёзна. Асабліва вялікае значэнне надаецца дабрачыннасці. Гэта даўняя традыцыя ў Балгарыі. Напрыклад, сто гадоў таму назад браты Георгіевы, якія жылі і багацелі ў Румыніі, збудавалі ў Сафіі за свой кошт гарадскі універсітэт. Другія патрыёты накіроўвалі тым часам матэрыяльныя сродкі на іншыя справы. Так, дабрачыннасць – сапраўды даўняя ў Балгарыі традыцыя.
I вось цяпер яна Фондам трынаццаці стагоддзяў зноў адноўлена і плённа працягваецца.
Старшыня фонду – міністр культуры, дакладней, старшыня савета, а ў савет уваходзяць, у сваю чаргу, многія іншыя міністры, у тым ліку міністр фінансаў; нямала ў савеце дзяржаўных дзеячаў. За саветам ідзе па іерархіі генеральная дырэкцыя. Яе ўзначальвае цяпер чалавек з добрай адукацыяй Нядзелка Петкаў, якраз ён і не пашкадаваў часу расказаць пра фонд.
Зрэшты, пра гэты фонд сапраўды можна многа і цікава расказваць.
Між тым мне заўсёды ў замежных камандзіроўках даводзіцца жыць і працаваць па зараней складзеных праграмах. Сам-насам, лічы, ніколі нідзе не заставаўся. Наступнае месца, куды мы трапілі сёння, – класічная гімназія ў Сафіі. Дарэчы, у гэтай гімназіі пабачыў партрэт майго знаёмага – Уладзіміра Башава, балгарскага паэта, якога ведаў у маладосці: мы адпачывалі тады на Залатых Пясках у Міжнародным доме журналістаў. Башаў пасля загінуў у аўтамабільнай аварыі.
Нарэшце дачытаў п’есу. Яна ж першая ў мяне, бо ранейшыя былі, можна лічыць, звычайныя інсцэніроўкі, зробленыя па заказу тэатральных рэжысёраў. Я ўжо прызнаваўся, што многа працаваў над сцэнарыем шматсерыйнага фільма «Плач перапёлкі» (па трох раманах). П’еса атрымалася нечакана, але можна лічыць ужо, што Васіль Вашчыла, крычаўскі паўстанец, а мой зямляк, падняты, нарэшце, як з дна марскога, з невядомасці…
У Саюзе пісьменнікаў сёння сустрэўся з Пенкай Кыневай. Яна была з новым мужам, Янкам Дзімавым. Пагаварыць мы перайшлі ў клуб Саюза перакладчыкаў, балазе побач. Чакалі таксама Івана Дайчынава, які абяцаў быць, аднак не з’явіўся.
У СП бачыў Найдана Вылчава, Канстанціна Кюлюмава…
Па дарозе з клуба мы з Георгіевым заехалі ў музей «Зямля і людзі», створаны Фондам трынаццаці стагоддзяў Балгарыі. Музей паглядзець парэкамендаваў нам Нядзелка Петкаў. Чаго толькі не ўбачыш там! Але тым не менш – каменне, каменне… Скарбы зямлі. Змесціва гор. Пераважна – балгарскіх. Але адзін балгарын, што жыве ў Бразіліі, прыслаў некаторыя ўзоры камянёў са сваёй бразільскай калекцыі.
Міжволі ўспомнілася, як вазілі мяне сябры колісь у Нью-Йорку на так званую «залатую вуліцу». Там гандлююць каштоўнымі металамі, камянямі і г. д. Упершыню пабачыў на той вуліцы залатыя самародкі, золата, адлітае ў розныя формы, дужа багатыя аксаміты, брыльянты… Давялося назіраць збоку і людзей, якія талопілі вочы на незлічонае багацце. Раптам ідзе па вуліцы звычайны чалавек з нармальным выглядам твару, тады спыняецца насупраць вітрыны ці заходзіць у лаўку, пачынае ўзірацца ў золата, у камяні, і твар яго становіцца зусім непазнавальны: халадзее, робіцца зацятым; чалавек адразу нібыта цалкам трапляе ва ўладу багацця… Бывае, што зладзеі (дзе іх толькі няма!), нягледзячы на пільную ахову, усё-ткі забіраюцца ў гзтыя лаўкі, але, як правіла, іх ловяць, асуджаюць на доўгія гады… Ды смешнае не ў тым, што нехта паспрабаваў пасягнуць на «залатую вуліцу» – хоць гаварыць так, мусіць, правамерна – смешнае вось у чым: злодзей, які адсядзеў у турме свой тэрмін, не можа зноў ступіць на «залатую вуліцу»; досыць адно паказацца тут, як яго схопяць і ўжо зусім без віны, усяго за тое, што прыйшоў сюды, зноў саджаюць у турму. Нешта падобнае можна было бачыць і ў музеі «Зямля і людзі». Вядома, не момант кражы ці арышту, а тое, як глядзяць людзі на золата, на каштоўнасці – стаяць гэтак жа зачаравана, глядзяць і нібыта дранцвеюць на месцы. Аказваецца, усюды дзейнічае залатое прыцягненне!
Змесціва нетраў зямных сапраўды можна агледзець тут, у музеі, а вось людзей… Можа, мы, наведнікі, былі тымі людзьмі, якіх мелі на ўвазе стваральнікі музея.
Хадзіў увечары па сталічных магазінах, глядзеў, што купіць Івану, але няўдала, хоць прамтаварныя магазіны тут не такія ўжо і бедныя. Багацейшыя, канечне, шопінгавыя.
Колькі жыву ў «Віташы», усё дзіўлюся – як дагаджаюць балгары багатым гасцям з розных краін. Праўда, цяпер тут нібыта знаходзяцца адны прынцы ды прынцэсы, але хто іх разбярэ! На асамблеі таксама часта паяўляецца нейкая дзяўчо-прынцэса, падобная на малпачку. Але паводзіць сябе, як мілае дзіця, непасрэдна, нават тактоўна, нездарма ж – прынцэса; вакол яе заўсёды вялікая світа з еўрапейцаў.
Заўтра нашы таварышы збіраюцца выступаць на навуковай сесіі па дзіцячых праблемах у Інстытуце культуры. Калі вяліся аб гэтым перамовы, я не стрымаўся, спытаў жартам: «I ў вас ёсць Інстытут культуры?» – «Дзе іх цяпер няма!» – у тон мне адказала маладая балгарка, а ўсе, хто чуў гэта, засмяяліся.
Пасля вычыткі п’есы, здаецца, не стала ўжо цяжкай работы для мяне.
Тут, у пакоі, ёсць падлогавыя вагі. Я часта станаўлюся на іх. Таксама занятак глядзець – тлусцееш ці блажэеш.
Даволі было прыгадаць учора ў музеі нью-йоркскую «залатую вуліцу», як пачаліся далейшыя згадкі пра паездку ў 1978 годзе на XXXIII сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Тым больш што ўсё з тае паездкі засталося толькі ў памяці. Ды і забывацца ўжо сёе-тое пачало. Дарэмна не запісаў тады пачутае і ўбачанае ў гэтакі вось дзённік, дарэчы, які пачаў быў і колькі часу меў добры энтузіязм весці з дня ў дзень. Але не знайшлося цярплівасці, дакладней, не самой цярплівасці – склалася так: мае эксперты, ці як іх называць, раззванілі раптам паўсюль, што Чыгрынаў запісвае штосьці кожнага дня ў сшытак, і ў «пастаянным прадстаўніцтве» пачалі глядзець на мяне як на чалавека, які здольны чортведама на што і якое!.. Быццам Чыгрынаў не пісьменнік, а чысты дыпламат…
Засядаць мне выпала тады ў спецыяльным палітычным камітэце. Пры размеркаванні парадку дня сесіі гэтаму камітэту дасталося шмат пытанняў, якія выклікалі часам нават усмешку ў салідных дыпламатаў. Напрыклад, надзвычай шмат размоў узнікала ў кулуарах сесіі вакол пытання аб так званых неспазнаных лятаючых аб’ектах (НЛА), гэта значыць пра знакамітыя талеркі, што нібыта даўно ўжо снуюць вакол Зямлі, апускаюцца часам на яе і вывучаюць насельнікаў. «Вы там, маўляў, дайшлі ўжо ў сваім камітэце да чартаўшчыны!» – пасмейваліся пры сустрэчах знаёмыя дэлегаты. Але ініцыятыва мець такое пытанне для разгляду належала зусім не спецыяльнаму палітычнаму камітэту. Дамагаўся ўнясення яго ў парадак дня сесіі прэм’ер-міністр Гранады пан Гейры, якога пасля змяніў Бішоп, што таксама, як кажуць, надта дрэнна скончыў… А калі сказаць праўду, дык мы і самі, хто трапіў у спецыяльны камітэт, спярша пазіралі адзін на аднаго акурат зніякавела, ва ўсякім разе з пэўным недаўменнем – а сапраўды ёсць бог ці не? Есць чорт ці не? Лётае хто акрамя людзей ды птушак вакол Зямлі ці не?
Каб паставіць пытанне аб НЛА на парадак дня сесіі, прэм’ер-міністру Гранады давялося дамагацца гэтага нямала гадоў. Гейры якраз і выступіў першы на тым пасяджэнні спецпаліткамітэта, дзе разглядалася пытанне, сказаў: «У нас у краіне ўжо ёсць інстытут, дзе вучоныя займаюцца даследаваннем гэтай праблемы. Штосьці падобнае адкрыта ў ЗША, але Злучаныя Штаты і Савецкі Саюз не прызнаюцца ў гэтым». Пасля прэм’ер-міністра хвілін сорак гаварыў французскі прафесар Війё, у якога шмат надрукавана прац аб неапазнаных лятаючых аб’ектах. Але і пасля выступлення Війё не надта стала зразумела ўсім – дык пасылаюць ці не да Зямлі свае «талеркі» іншапланецяне? Нарэшце старшыня пасяджэння адрэкамендаваў прысутным (а ў залу набілася столькі народу, што праціснуцца да дзвярэй не было як) каманду верталёта ваенна-паветраных сіл ЗША, якая нібыта сустракалася ў адным з палётаў з такім аб’ектам. Камандзір верталёта, падпалкоўнік, зусім сур’ёз на і з захапленнем пачаў расказваць, як гэта было – падрабязна, нават пераканаўча, ажно рабілася часам вусцішна ад яго расказу. (Дарэчы, гэты яго расказ амаль дакладна, можа, з малымі адхіленнямі, надрукавала пасля, праз колькі гадоў, наша газета «Труд», выдаўшы зусім падобную гісторыю з пасажырскім самалётам. што ляцеў над Беларуссю). На тым пасяджэнні таксама пракруцілі фільм, дзе сродкамі кіно, тэлебачання і фатаграфіі засведчаны былі шматлікія моманты з’яўлення іншапланецян над Зямлёй і на Зямлі… Хоць і выглядала ўсё пераканаўча, аднак прызнацца ў тым, што нехта сапраўды вывучае нас, зямлянаўт збоку, неяк сорамна было – ведама, чартаўшчына! I, тым не менш, члены спецпаліткамітэта, у тым ліку і я, аднадушна прагаласавалі, каб дадаць аднаго чалавека, адну штатную адзінку, у каемічны камітэт, маўляў, хоць справа і не зусім з гэтымі НЛА пэўная, але, тым не менш, няхай чалавек вывучае праблему, збірае ўсялякі матэрыял аб іх ва ўсім свеце.
Цяпер вось падумалася таксама заадно – чаму тады, у 78-м годзе, не стаў я працягваць «амерыканскі дзённік»? Якая прычына была? Няўжо сапраўды перашкодзілі эксперты? Мусіць, не адно гэта было прычынай. Хутчэй за ўсё пакінуў у спакоі блакнот таму, што не так, як належыць, узяўся за дзённік – а пачаў яго з «палітычнага трэску», з таго раптам, што ў ЗША прыехаў з дзяржаўным візітам паўднёваафрыканскі расіст Бота… А наліха ён патрэбны быў мне, той Бота, пра якога сёння ўжо мала хто згадвае нават з зацятых палітыкаў? Уяўны пафас першых старонак дзённіка, калі разважаць так, не дазволіў у далейшым выйсці на простую інтанацыю… Вядома, добра было б і абмежавацца гэтай прычынай, аднак задужа лёгкая яна.
I яшчэ. Помню, як ішоў аднойчы ў сонечны дзень па Нью-Йорку, канечне, у суправаджэнні чалавека, які ведаў горад. I вось на скрыжаванні чарговых авеню і стрыт за рукаў мяне раптам схапіў незнаёмы амерыканец, пачаў прапаноўваць у рукі транспарант. Я тут жа спытаў свайго спадарожніка – што ён хоча? Пачынаем высвятляць. Аказваецца, амерыканец гэты падрыхтоўвае з дазволу нью-йоркскіх улад дэманстрацыю і плаціць за ўдзел у ёй дзесяць долараў (здаецца, за адну гадзіну). «За каго ж ці супраць каго дэманстраваць трэба?» – «За свабоду Харватыі!» – адказвае. Хоць амерыканец ужо і адпусціў мой рукаў, але мы, тым не менш, на нейкі момант яшчэ затрымліваемся на месцы. «А дваццаць долараў можаце заплаціць за гадзіну?» – жартую далей. Амерыканец (а можа, то быў амерыканскі харват) колькі часу думае, пасля зусім сур’ёзна гаворыць: «Не!» – «Не дык і не», – кажу я. Так і не ўдалося небараку наняць у маёй асобе яшчэ аднаго дэманстранта «за свабоду Харватыі».
Увогуле ў Нью-Йорку тады часта праводзіліся розныя дэманстрацыі, мітынгі. Напрыклад, насупраць будынка ААН, але не на яе тэрыторыі, амаль усю восень 1978 года прасядзелі тамтэйшыя ўкраінцы – наладжвалі кожнага дня дэманстрацыю ў адзнаку вялікага голаду на Украіне ў пачатку трыццатых гадоў. Прызнацца, сорамна было за братоў-украінцаў (дэлегатаў), калі яны спрабавалі не глядзець на дэманстрантаў, робячы выгляд, што іх гэта не датычыць. Праўда, сказаць цяжка, што людзі адчувалі пры гэтым. Усё-ткі чужая душа – поцемкі. Гэта цяпер, у нашым блаславёным 88-м годзе, пачалі адкрыта гаварыць і пісаць пра той украінскі голад, ды і не толькі ўкраінскі – галадалі тады шмат дзе; знаходзяць і прычыну таго голаду – калектывізацыю. А раней было – ні слова. Нават у мяне з рамана «Плач перапёлкі» Галоўліт выкінуў усё пра той час – як ішлі з Украіны галодныя людзі да нас у Беларусь, як паміралі на дарогах…
Прысутнічаў я і на выступленні ў гарадскім парку Аляксандра Салжаніцына, пра якога цяпер адкрыта пішуць.
I яшчэ адзін успамін з таго часу… Узнік ён, гэты ўспамін, учора, калі раптам наш літоўскі таварыш папрасіў шафёра спыніць пасярод вуліцы машыну, а сам, нічога не сказаўшы астатнім, хто ехаў разам з ім, кінуўся бегчы кудысьці ў адваротным кірунку. Мы тым часам сядзелі, гадалі – куды гэта ён? Нарэшце вярнуўся чалавек. Тут і высветлілася прычына яго паспешлівасці – аказваецца, захацеў праявіць галантнасць у адносінах да дамы, якая ехала ў машыне з намі, займеў нечакана ахвоту паднесці ёй кветкі, тым больш што на тратуары якраз прадаваў хтосьці іх… Некалі мы з міністрам замежных спраў Арменіі Джанам Саакавічам амаль такім вось чынам здабывалі кветкі ў Нью-Йорку, каб паднесці прыгожыя букеты Алене Абразцовай у зале ААН, у часе канцэрта, які наладжваў удзельнікам сесіі Генеральнай Асамблеі генеральны сакратар Курт Вальдхайм. У суправаджэнні амерыканскага нацыянальнага аркестра наша савецкая спявачка выконвала дзве часткі сольнага канцэрта. I вось скончылася першае аддзяленне, шквал апладысментаў у адказ, але ніводнай кветкі. Тады мы сядаем з Джанам Саакавічам у яго машыну, кідаемся ў бліжэйшы магазін, дзе гандлююць кветкамі, балазе ў Нью-Йорку гэта не складае праблемы; прывозім на канцэрт два прыгожыя букеты і, калі Абразцова праспявала першую рэч у другім аддзяленні, падносім ёй свае букеты… Уражанне, канечне, мы зрабілі гэтым. Пасля нашага галантнага «акта» рушылі і іншыя, найбольш тыя, што не мелі пэўных месцаў у зале, проста стаялі ў праходах; да канца вечара спявачка была закідана кветкамі…
Учора каля самай ночы пазваніў Іван Дайчынаў. А сёння дазванілася ў гасцініцу Жэла Уладзімірава. Сімяон недзе працуе за горадам. Відаць, перакладае чарговую беларускую кнігу.
Іван Дайчынаў будзе змаўляцца, каб мяне нарэшце прынялі ў выдавецтва «Народна култура».
Тым часам у галаве яшчэ ўчарашняя размова з Найданам Вылчавым, Канстанцінам Кюлюмавым, Янкам Дзімавым… Цікаўлюся перш-наперш, што з’явілася адметнага ў апошнія месяцы ў балгарскай літаратуры. «Нічога асаблівага, – кажа Янка, – балгары цяпер чатаюць найбольш часопіс «Факел», дзе друкуюцца творы савецкіх пісьменнікаў. Нават тыраж часопіса вырас».
Між тым Канстанцін Кюлюмаў пахваліўся (думаю, што гэта не крыўднае слова для пісьменніка), што толькі што напісаў раман аб перабудове і што яго нібыта ўзялося перакладаць на рускую мову выдавецтва «Радуга». Найдан Вылчаў адразу ж спытаў пра аднаго свайго знаёмага ў Мінску, але зразумеў маю «нерасположенность» да прадмета гаворкі, тут жа схамянуўся, тым больш што да будынка СП пад’ехалі аўтобусы з дзецьмі, удзельнікамі асамблеі, затрубілі горны, зайграла музыка, народ, як кажуць, падаўся глядзець.
I ўсё-ткі, бачыце, рупіць паміж іншым – чаму не прывёз з Амерыкі дзённік? Прайшло з тае восені амаль дзесяць гадоў, так – без ліпеня, жніўня і палавіны верасня якраз дзесяць, але раней, здаецца, такая вось думка не даймала, а цяпер акурат прыйшоў запознены спалох, што пісьменнік дарэмна патраціў час у чужой краіне. Дапусцім, сапраўды дрэнна пачаў дзённік. Я ўжо гаварыў пра гэта. У той час галоўная задача перад такой публіцыстыкай ставілася – пабіць імперыялізм, выкрыць яго звярыны твар. Іначай не мысліліся публікацыі з замежных паездак, прынамсі, у нас, у Беларусі. А тое, каб жыццё пазнаць, праўдзіва адлюстраваць яго, пабачыць і паказаць людзей, праблемы адчуць, нікога не займала, не цікавіла ні часопісы, ні газеты. Выкрывалі імперыялізм, і ўсё тут!.. Можна ўявіць сабе незайздросны наш тагачасны лёс?.. Ды ці толькі тагачасны! А ўвогуле – самі мы вінаваты! Вельмі спяшаемся ва ўсе часы адгукнуцца, памагчы і г. д. Не спрыяла «творчасці» ў Нью-Йорку і акружэнне. Ва ўкраінскую дэлегацыю ў той год уваходзіў нейкі публіцыст, казалі, памочнік першага сакратара ЦК КПУ. Дружбы ён са мной не шукаў, таму пагаварыць пісьменніку не было з кім, дый паехаў украінец у СССР хутка, спаслаўшыся на вялікую занятасць. Душу адвесці тады можна было, бадай, толькі з нашым міністрам, асабліва на рыбалцы. Мы часта ездзілі з ім за горад па суботах і нядзелях.
Тым не менш, літаратурай у Нью-Йорку таксама ў нейкай ступені даводзілася займацца. Прачытаў я лекцыю ў гарадскім універсітэце аб савецкай літаратуры. Былі на ёй пераважна беларускія эмігранты, але студэнты і выкладчыкі універсітэта, здаецца, таксама прысутнічалі, нават сёй-той з Калумбійскага універсітэта. Сярод нашых эмігрантаў – прафесар Антон Адамовіч, рэдактар газеты «Беларус» Янка Запруднік… Слухаў лекцыю Давыд Купершток, якога мы ведалі ў Беларусі пад прозвішчам Андрэя Клёнава і які шмат пераклаў нашых паэтаў на рускую мову – Броўку, Танка… Гаспадаром на лекцыі, а пасля і за сталом на вячэры быў прафесар Бэрд, малады амерыканец, даволі далікатны і абыходлівы…
Давялося выступіць мне і ў клубе імя Чарнышэўскага, сярод так званай лаяльнай эміграцыі. Але даволі тых успамінаў!
Сонца ўжо сёння адышлося на правы бок, за вугал гасцініцы – у пакоі запанавала прахалода, узмоцненая кандыцыянерам. Шкада, што ўчора адмовіўся даць інтэрв’ю часопісу «Факел». Думаў, зраблю гэта на другі дзень, калі паеду ў выдавецтва. Але ў выдавецтве ўсё яшчэ не гатовы прыняць мяне, нягледзячы на ранейшую дамоўленасць. Газеты балгарскія няйначай пішуць пра наша знаходжанне тут, тым больш што сам меў размову з карэспандэнтам газеты «Труд», аднак ніводнага радка пакуль не чытаў.
Гасцініца «Віташа» бадай самае высокае збудаванне ў Сафіі, прынамсі, ужо таму нават, што стаіць яна на гарбатым месцы, якое, можа, некалі называлася гарой, але паступова зраўнялася, у кожным разе, астатнія раёны горада здаюцца адсюль ніжэйшымі і добра праглядваюцца, канечне, калі не перашкаджае смуга.
Мае спадарожнікі тым часам з’ездзілі ў Горную Баню, дзе працуе школа, заснаваная фондам імя Жыўкавай (гэта ў межах сталіцы). За абедам расказвалі, як пастаўлена там адукацыя. Шмат часу, напрыклад, адводзіцца фізічнаму выхаванню вучняў, нават плаванне ўведзена як прадмет. Пачалася размова пра школьную педагогіку ўвогуле. Весялін Масцікаў, які часта падсядае да нашага стала, сказаў раптам, што ў Горнабанскай школе існуе вялікая праблема: нягледзячы, што фізкультуры адводзіцца ў ёй багата часу, вучні, тым не менш, перагружаны навучальным матэрыялам. У выніку – мала хто здольны з выпускнікоў школы паступіць пасля ў інстытут, універсітэт… Дрэнна, што і дагэтуль у школе існуе адзнакавая сістэма (шэсць балаў, шосты – самы высокі). Хтосьці ўспомніў пра эксперыментальную школу ў Маскве, здаецца, 91-ю. Там цяпер якраз адмаўляюцца ад адзнакавай сістэмы. Важны не толькі канчатковы вынік у развіцці вучня, але і шлях да гэтага выніку, гэта значыць – здольнасць самастойна мысліць, вырашаць пастаўленую задачу.
Здаецца, усе ўжо разумеюць, што навучальны працэс у школах патрабуе змен. Але чаму тады такая кансерватыўная ва ўсім свеце педагагічная навука?
Масцікаў лічыць, што ў нашы дні ідзе выбар паміж элітарнасцю і масавасцю. Супроць схільнасці, калі можна сказаць так, да таленавітага чалавека не запярэчыш. Але ж у нашых, савецкіх вёсках яшчэ не хапае звычайных настаўнікаў, каб даць дзяўчынкам і хлопчыкам звычайную адукацыю. Там ой як далёка яшчэ да элітарнасці!
Хтосьці з разумных людзей правільна сказаў: правілам жыцця ў свеце пры мірнай абстаноўцы павінна стаць вучоба.
У Сафіі ў гарачыню гэтага лета эканомяць ваду. Амаль усе штучныя вадаёмы ў горадзе пустыя, хіба за малым выключэннем, такія, напрыклад, як басейн, з фантанамі каля новага Палаца культуры. У парку балгара-савецкага ваеннага братэрства, куды я паспеў заглянуць сёння, бронзавы лебедзь распасцірае крылы пасярод распаленых на сонцы камянёў, а ўнізе ні кроплі вільгаці. Усё ў гэтым парку знаёмае. Нічога за шмат гадоў не змянілася. Толькі бронзавы казёл на грудку аброс дрэвамі, сярод якіх некалькі бяроз. Я зноў пацікавіўся ў аднаго маладога чалавека: як завуцца дрэвы, што цвітуць зараз? Але і той адказаў: «Не ведаю».
У холе гасцініцы сядзеў С. У. Павіталіся, загаварылі… пра літаратуру, пра перабудову ў культуры, ну і пра групаўшчыну сярод творчай інтэлігенцыі. У літаратуры ўтварыліся як бы два лагеры: Гранін, Бакланаў, Гельман, Шатроў і іншыя; Аляксееў, Іваноў, Вікулаў і іншыя…
На правінцыю яны моцнага ўплыву, здаецца, пакуль не маюць. Там у сваёй брыдзе патанаюць… Да таго ж і справай надзвычай важнай многія заняты – нацыянальным пытаннем, што ахоплівае кола надзённых праблем, без вырашэння якіх наўрад ці можна далей жыць у сучасным свеце.
Аднак як ажыццяўляюць перабудову ў літаратуры, мастацтве? Дзіўна, але пакуль гэтага ніхто не ведае. Зразумела адно – у галіне выдавецкай дзейнасці перабудову пачынаць трэба. З гэтым звязана многае ў літаратуры.
Пагаварылі таксама пра сацыяльную справядлівасць у літаратуры, мастацтве. «Яна, мусіць, ніколі тут не настане, – сказаў С. У. – Талент заўсёды будзе вышэй за пасрэднасць. Ураўнілаўка ж будзе наносіць і літаратуры, і мастацтву адну шкоду».
Выходзіць, што галоснасць, якая ўсё паглыбляецца, дае магчымасць узмоцнена развівацца шэраму мастацтву, шэрай літаратуры. Але і высокаму мастацтву, выдатнай літаратуры без галоснасці дыхаць на ўсе грудзі немагчыма.
Успомнілася раптам, як прымалі мы ў Мінску з М. А. Савіцкім прафесара з Лондана А. Г. Цеханавецкага, што прыязджаў на сваю бацькаўшчыну. Відаць, правамерна будзе назваць Беларусь яго бацькаўшчынай. Род Цеханавецкага стары, вядзецца ажно ці не з сярэднявечча. Некалі Цеханавецкія мелі маёнткі ў Бачэйкаве, Дрыбіне, Мсціславе, Пацкаве, што паблізу Магілёва… Жанатыя былі на мсціслаўскіх князёўнах. У Фондзе культуры мы зрабілі падарунак Андрэю Георгіевічу, перазняўшы на ксераксе кніжку яго сваяка – «Описание одного поместья» (менавіта Бачэйкава) з аўтографам аўтара. Падносячы яе, я пажартаваў: «Маёнтка вярнуць вам не можам, а вось апісанне яго прыміце». Гэта выйшла і нечакана, і трохі смешна, але няйначай найбольш для мяне самога.
Відаць, князя (ці як назваць яго) пацягнула, на- рэшце, да сябе… малая радзіма. Але нічога знаёмага ў родавых мясцінах ён не пабачыў – няма ўжо ні пабудоў ранейшых, якія ўзводзіліся і падтрымліваліся цэлымі пакаленнямі, ні ўсяго іншага. Нават магілы продкаў зруйнаваны. Здаецца, толькі на магілёўскіх могілках сёе-тое захавалася…
У Лондане Андрэй Георгіевіч мае карцінную галерэю; мы схілялі яго паказаць яе ў Беларусі, але пэўнасці не атрымалі. Праўда, другі раз мне не прыйшлося размаўляць з Цеханавецкім. Сустракаўся з прафесарам часцей А. Мальдзіс, старшыня грамадскай камісіі «Вяртанне». Меў Андрэй Георгіевіч гутарку з У. Гілепам. Ведаю таксама, што ён нібыта памеўся фундаваць нейкую гістарычную кнігу. Але то ўжо будзе справа Акадэміі навук. I ўсё-ткі ў мяне склалася ўражанне пасля размовы з тымі, хто сустракаўся з Цеханавецкім, што паехаў ён у свой Лондан акурат расчараваны нечым. Але што ён хацеў мець у нас, пасля такой вайны? Да таго ж і людская няшчаднасць да былых прыгнятальнікаў, бадай, таксама зрабіла адпаведную разбуральную справу. Мы свае магілы, не тое што панскія, не ўмеем даглядаць як след; прынамсі, «любви к отеческим гробам» мала ведаем…
У Балгарыі, не ў прыклад нам, небаракам, шануюць глыбокую памяць зусім іначай – колькі старога, заслужанага ў адных толькі назвах вуліц, якія ніколі не мяняюцца альбо зусім мала, у помніках з часу вызваленчай вайны XIX стагоддзя. Тут можна сустрэць імёны людзей, якіх мы даўно ўжо не помнім, не тое што не згадваем. Нямала помнікаў аб апошняй вайне.
Беларускі фонд культуры склаў вялікую праграму па ўзвядзенні і адбудове помнікаў у рэспубліцы. Ды ці ўдасца выканаць яе калі-небудзь? Ці здолеем абудзіць нарэшце сапраўднае пачуццё годнасці ў людзей?
Між тым на паперы ўсё выглядае ўнушальна, на паперы нават у Міністэрстве культуры амаль усё ўлічана і прадугледжана. А наяве – марнасць ды згрызога… Але ж без мінулага не будзе і будучыні. Прафесар Апель праўду казаў. А калі і мецьмем будучыню, то таксама гэткую ж здранцвелую, як і цяпер.
Цяпер моцна будзяць думку хлопцы з так званых нефармальных аб’яднанняў. Некаторыя з іх групуюцца вакол Фонду культуры. Там, у гэтых новаўтварэннях, шмат бурапены, але ж навочна відаць і каштоўнае, канструктыўнае, дарма што патанае часам пакуль у гучных, нават трагічных словах, а яшчэ больш у імкненні некаторых таварышаў выявіць сябе што б там ні было, быццам у нейкую адпомсту, можа, і за свой няскладны лёс, і за незайздросны лёс нашай культуры ўвогуле.
Хочуць аформіць пры Фондзе тры таварыствы – яўрэйскае, польскае і палескае. Але ці здолеюць яны распачаць па-сапраўднаму культурнае адраджэнне ў сваіх межах?
Падабаецца мне, як любіць сваю работу балгарскі Фонд трынаццаці стагоддзяў. На кожным кроку ў іх – шырыня задум, проста дзяржаўная шырыня. Уражанне ад яго дзейнасці такое, што яно ўсім патрэбна, усе ў ім зацікаўлены і чакаюць плёну. Фонд ужо збіраецца нават будаваць дамы для людзей, якія маюць намер вярнуцца з чужыны на радзіму. Пачалі ўзводзіць культурны цэнтр для такіх суайчыннікаў, пры ім – гатэль. Сапраўды, прыедзе з-за мяжы балгарын, які доўга там жыў, пабудзе колькі часу ў «айчынных» умовах, можа, падумае, нарэшце, зняцца з наседжанага месца, каб вярнуцца на бацькаўшчыну.
Цікава, а што прывозяць з замежных камандзіровак мае землякі – адны транты ці ідэі таксама? Нешта ж мала пра іх чутно? Час ужо і ўвасабляць добрыя ідэі на сваёй зямлі.
Сёння Весялін Масцікаў казаў, што фонду імя Жыўкавай нейкі балгарскі грэк адпісаў тысячу долараў, абяцае прыслаць таксама ў музей карціны. У сувязі з гэтым адразу ж напрасілася думка – ці дачакаемся мы, беларусы, калі-небудзь такога «грэка»?
Увечары быў з Іванам Дайчынавым. Хадзілі ў «кашару». Гэта недалёка ад «Віташы», і калі ісці, і калі ехаць трамваем – усяго два прыпынкі.
Што ткое «кашара» – спытаеце? Звычайнае гульбішча, дзе ўвечары збіраюцца балгары, каб пагаварыць і закусіць. Народу тут шмат, сталоў вольных няма. Мы з Іванам ледзьве ўладкаваліся, далучыўшыся да нейкага маладога чалавека з сынам.
Іван Дайчынаў – па-ранейшаму ўся абавязковасць. Ён часта бывае ў Мінску. Многа пытаўся і не менш таго сам гаварыў. Ён пераклаў на балгарскую мову два мае раманы. Перакладаў з іншых беларусаў, Шамякіна, Караткевіча, Скрыгана… Цяпер сядзіць за раманам Андрэя Белага… Сам піша прозу, вершы… Вершы свае чамусьці чытаў па-руску. Дужа хваліў як паэта Янку Дзімава.
Зрэшты, прайдуся збольшага па нашай размове.
У іх, у Сафіі, цяпер вусная партыйная прапаганда накіроўваецца на тое, каб нейтралізаваць у гарачых галовах прывабнасць савецкай перабудовы, маўляў, мы яшчэ ў сябе не гатовы цалкам успрыняць ідэі гарбачоўскай перабудовы; часопісы таму павінны ўважліва адбіраць творы савецкай літаратуры, якія збіраюцца друкаваць… Прынамсі, пра гэта гаварылася на сходзе ў часопісе «Факел». Але ж яшчэ зусім нядаўна нам у Саюзе здавалася, што перабудова пачыналася ў Балгарыі…
Загаварылі аб успрыманні чалавекам чужой мовы, хоць слова гэтае – успрыманне – і не зусім дакладнае ў тым значэнні, якое мелася на ўвазе. «Меншыя народы, – сказаў Іван, – найбольш ахвотна вывучаюць замежныя мовы. А вось вялікія… Навошта, напрыклад, рускаму альбо англічаніну вывучаць якую-небудзь другую мову альбо трэцюю, чацвёртую, ён і без таго ўпэўнены, што ўсе іншыя народы павінны абавязкова ведаць яго мову, дакладней кажучы, яны вымушаны вывучаць яе па розных прычынах – эканамічных, культурных, геаграфічных і г. д. Значыць, і асаблівай патрэбы ў веданні пабочных моў няма».
Ці так гэта?
Асабліва шмат гаварылі пра савецкую літаратуру, дакладней, як размяжоўваюцца ў ёй цяпер творчыя сілы. Адбылася амаль такая ж размова, як і з С. У. Дзіўна, але адчуванне падзелу ў Дайчынава пэўнае. «Я, – кажа, – на баку Бакланава…»
Хоць сам я нібыта і з ахвотаю перадаю размовы аб полюсавым падзеле ў літаратуры, аднак недзе думаю не акурат так – на самай справе з ім усё іначай, тым больш што ў мяне і ў тым, і ў другім «лагеры» сябры: галоўнае, не ў лагерах, без іх у такі час, які краіна перажывае цяпер, у тым ліку, вядома, і літаратура, не абысціся; галоўнае, каб стваралася сапраўдная літаратура. Прынамсі, гэтак хацелася б мне.
А ў Маскве цяпер можна пачуць нават пра тое, што ў наш час цікавей чытаць газеты, часопісы, чым-жыць…
Сёння меліся ехаць у Плоўдзіў, за сто шэсцьдзесят кіламетраў адсюль. Папраўдзе, гэта мне хацелася туды. Плоўдзіў добра помніцца яшчэ з ранейшай паездкі. Там некалі чуў я, як спяваў балгарын доўгую турэцкую песню, ледзь не ўвесь вечар, а калі пачалі высвятляць, пра што яна, ён адказаў зусім без усмешкі: «Пра тое, як сядзеў белы сабака на шэрым камені».
I тым не менш у Плоўдзіў не давялося паехаць. Знайшліся ў дэлегацыі іншыя справы…
Учора Іван Дайчынаў нарэшце паведаміў, што выдавецтва «Народна култура» чакае мяне сёння.
Выдавецтва знаходзіцца на вуліцы Гаўрылы Генава. Прымалі мяне як свайго аўтара вельмі ветлівыя людзі…
«Народна култура», канечне ж, моцна паўплывала, што ў Балгарыі ўзнікла цэлая плеяда перакладчыкаў з беларускай мовы. Але ў размове адчувалася таксама шкадаванне, што няма пакуль прыходу маладых, а тыя з іх, што часам цікавяцца нашай літаратурай, не надта доўга застаюцца яе прыхільнікамі. Мусіць, варта перагаварыць у нашым Дзяржкамвыдзе ды і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», каб наладзіць непасрэдныя сувязі паміж выдавецтвамі, бо пакуль што супрацоўніцтва адбываецца паміж літаратурай і перакладчыкамі; у такіх сувязях шмат суб’ектыўнасці, хоць з другога боку – дзе ж, калі не ў літаратуры, павінна адчувацца аб’ектыўнасць, дзе ж, як не ў літаратуры, павінны існаваць суб’ектыўныя ацэнкі?
Зноў пабачыўся ў СП з Любамірам Леўчавым. Кажуць, што ён напісаў арыгінальны, цікавы раман. Нават назву гаварылі мне, але выпала з галавы.
Тым часам высветлілася сёння, што заўтра ляцім самалётам у Варну – ажно на пятніцу, суботу, нядзелю. Адным словам, бліжэй да мора, далей ад сафійскай спёкі.
Аказваецца, балгарскія таварышы прывезлі нас на пабярэжжа Чорнага мора для адноснага адпачынку.
Гасцініца «Варна» стаіць за паўкіламетра ад берага. Паміж ёй і морам – сосны, цэлы бор.
У самалёце, па дарозе ў Варну, узнікла гаворка пра ўчарашнюю канферэнцыю, наладжаную Інстытутам культуры, – «Актывізацыя дзіцячай творчасці». Увогуле размовы тут, здаецца, не канчаюцца, дарэчы, як і не пачынаюцца. Людзі з усіх канцоў свету, якія ўпершыню пабачылі адзін аднаго, бадай, толькі і робяць тое, што высвятляюць нешта, абмяркоўваюць… А ў дадзеным выпадку праблема зводзілася зноў да элітарнасці. Трохі падобна ўжо гэта становіцца на тэлевізійную перадачу «Алё, мы шукаем таленты!». Канечне, гэта важна – знайсці ў вялікай масе таленавітых дзяцей, вылучыць іх сярод іншых. Але дзе сацыяльныя праблемы дзяцінства? Чаму галадаюць дзеці? Чаму ў наш час шмат пакінутых дзяцей? Я ўспамінаю пасляваенны час. Тады сапраўды ў многіх маіх аднагодкаў не было бацькоў. Загінулі. Дзіцячыя дамы былі перапоўнены. Не хапала ўсяго – ад ежы да адзежы. Але цяпер? Есць, вядома, некаторы працэнт дзяцей, якія страцілі бацькоў. Аднак жа ў наш час сярод недагледжаных і неўладкаваных тыя, у каго бацькі жывыя. Значыць, яны пакінулі іх. I яшчэ – у маіх аднагодкаў не было не толькі бацькоў, але бабулек, дзядоў. Вайна не шкадавала нікога. Што ж робяць цяперашнія бабулі і дзядулі, унукі і ўнучкі якіх недзе пакутуюць, недаядаюць, галадаюць? Анічога – жывуць сабе ў раскошы, пры неблагім дабрабыце.
Штосьці нядобрае, дужа нядобрае робіцца з намі, зямляне!..
Лёс сучаснага дзяцінства – праблема не толькі сацыяльная, а і маральная.
У Варне на пабярэжжы мора цэны, у адрозненне ад астатняй Балгарыі, павышаныя на многія тавары, у тым ліку і на прадукты. Мясцовым людзям, якія працуюць тут, павышана зарплата. Аднак гэта, здаецца, не радуе. Тутэйшыя балгары наракаюць. Ды і тыя, што прыязджаюць на пабярэжжа, вымушаны плаціць за бутэльку каньяку да дзесяці леваў, а то і даражэй.
На балкон да мяне часта прылятае чайка. Вялікая. Такія чайкі тут завуцца гларусамі, здаецца. Вакол Варны яны толькі і водзяцца. Дык яна нешта канючыць увесь час, ведама, прывыкла да папрашайніцтва сярод мноства людзей.
Змены ў Варне за час, які не быў тут, адбыліся відавочныя – з’явілася, напрыклад, нямала добрых сацыяльна-культурных будынкаў. Раней, помню, амаль усе вялікія культурныя мерапрыемствы праводзіліся ў летнім тэатры. Цяпер супроць гарадскога парку, лічы, на беразе мора, стаіць Палац культуры. Тут, у Балгарыі, што ні гатэль, то гранд, што ні падац, то народны. Таму і гэты – народны. Акурат як у нас: цырк – дзяржаўны, універсітэт – дзяржаўны, тэатр – дзяржаўны і г. д. Мы толькі не адважыліся пакуль сваім гасцініцам шукаць прыметнікі. Дык у гэтым народным палацы сёння быў наладжаны канцэрт, у якім бралі ўдзел толькі балгарскія дзеці. Хораша яны выконвалі этнаграфічныя танцы: заўзята, быццам дарослыя, амаль не адчувалася «гульні» ў іх рухах, у іх кроках. Вось ужо праўда – пакуль жыве ў народзе такім вось чынам этнаграфія, фальклор, датуль жыве і сам народ. З гэтых жа маленькіх людзей і выходзяць дарослыя, а тыя пасля праз усё жыццё панясуць і заўзятасць, і прыгажосць, і ўсё тое, што стварае нацыянальнае аблічча, што стварае ў канчатковым выніку народ.
У фае Палаца культуры ў гэтыя дні дзейнічае выстаўка дзіцячага жывапісу, графікі. Вылучаюцца сваімі колерамі кубінскія малюнкі. Ёсць дзве работы нашых брэсцкіх школьнікаў, адна «Бог вайны»: страшны чалавек з рагамі…
Нездарма нашы гаспадары абяцалі, што вязуць нас на пабярэжжа адпачываць – у двары гатэля «Варна», на адкрытай пляцоўцы, дзе ёсць і сцэна, і столікі, у самы ўжо вечар было наладжана штосьці накшталт шоу: гэта і паказ мод, і танцы, і песні, і проста звычайная фізкультура напаўадзетых маладых дзявок.
Думалася пасля ўчарашняга шоу, што нас сапраўды гаспадары цяпер пакінуць у спакоі. Але дзе там! Сучасны чалавек ужо нідзе не можа жыць без праграмы, нядрэмнае вока не выпускае яго ні на хвіліну з-пад свайго нагляду. А няблага было б паляжаць на беразе мора ў гарачым пяску, падыхаць водарасцямі, што патыхаюць ёдам, водарам бязмежнай вады.
Ужо становіцца зразумела, што праграма нашых гаспадароў не прадугледжвае ні фабрык, ні кааператываў; нават звычайнай вёскі не давядзецца пабачыць… Кажуць, сёння павязуць у дэльфінарый. А гэтыя дэльфінарыі падобны адзін да аднаго ва ўсіх краінах – што ў Крыме, што ў Буфала, што ў Варне.
Не хацелася б упадаць у дэмагогію, але па чалавеку, які заняты сапраўднай справай, ужо становіцца сумна, бо навокал адна турыстычная індустрыя, а людзі ў ёй акурат штучныя.
Агатэлян вельмі перажывае кожнага дня за сваю Арменію, дзе неспакойна. Добрае гэта, вядома, пачуццё. Шкада толькі, што ў размовах яму заўсёды хочацца, каб усе астатнія, хто знаходзіцца побач, таксама перажывалі толькі за Арменію, нібыта мне, беларусу, не баліць тым часам за Беларусь, а Таўрыдасу – за Літву?.. Выключэнне, можа, наша знаёмая дама. Па паходжанні яна беларуска. Але часта можна сустрэць выхадцаў з Беларусі, якія не толькі не ўспамінаюць пра гэта, аднак нават злуюць, калі ім нагадваюць пра нацыянальную прыналежнасць, калі спрабуюць абудзіць нацыянальнае пачуццё. Для такіх людзей нічога не варты ні раны Арменіі, ні боль Беларусі.
Агатэлян залічыў мяне ў артадоксы. Відаць, па цяперашнім часе гэта штосьці дужа паганае. Нічога незробіш – думкі ды і схільнасці ў сталага чалавека мяняюцца марудна, калі ўвогуле мяняюцца, дарма што грамадскае развіццё падганяе іх, спрыяе пераменам у асэнсаванні тых альбо іншых з’яў, у фарміраванні новых поглядаў. Кансервацыя поглядаў – рэч, як мне здаецца, амаральная. Але не трэба спяшацца. Дарэчы, адсутнічаць, калі на радзіме адбываюцца трагічныя падзеі, таксама амаральна… Хоць не дужа часта і я езджу на сваю малую радзіму, асабліва пасля Чарнобыля… Нават у Бесядзі купаўся апошні раз гады тры назад. Вазіў тады да яе П. Міхуноў, які працаваў першым сакратаром Касцюковіцкага райкома. Купаліся вышэй Калодліва, вёскі, што паміж Студзянцом і Вялікім Борам. Зусім недалёка ад таго месца, дзе пракладзены пад вадой трубы нафтаправода Унеча – Наваполацк. У мяне пра тое месца напісана было апавяданне «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтапровад…». Вада была сцішаная, акурат падагрэтая, і такая родная, як у даўнія часы, у гады маленства; вада пахла водарасцямі, але не так, каб патыхала; цяпер тое месца таксама атруціў Чарнобыль. Вось дык зорка-палын ці палын-зорка, няўжо праўда, што прыляцела яна да нас, у нашы дні з біблейскіх часоў, з часоў стварэння свету?..
Хтосьці з балгарскіх таварышаў пытаўся, як я стаўлюся да артыкула Алеся Адамовіча ў газеце «Московские новости». Артыкула гэтага я не бачыў, зразумела, што і не чытаў. Але ж зразумеў з чужых слоў: Аляксандр Міхайлавіч уздымае голас за тое, каб спыніць на зямлі будаўніцтва атамных электрастанцый. Як адказаць на гэта? Відаць, чалавецтва, можа, нават сапраўды на сваю пагібель, ужо не адмовіцца атрымліваць танную энергію. Пытанне ў тым – дзе і як іх будаваць, гэтыя станцыі? У маладаступных месцах? Дык дзе яны цяпер, тыя маладаступныя месцы? Пад зямлёй? Але ж гэта таксама ілюзія – усё роўна як атамная энергія не выбухне і адтуль не трапіць на паверхню зямлі. Але ж ставіць іх «пад ложкам», як па-дурному жартаваў акадэмік Аляксандраў, сама менш амаральна. А Чарнобыльская АЭС, дарэчы, як і многія іншыя, збудавана была якраз «пад ложкам» (пад ложкам – значыць, зусім па-дамашняму, і ніколечкі не страшна ад яе). Цяпер ужо бадай усім зразумела, што і праектавалі Чарнобыльскую АЭС, і эксплуатавалі пасля – злачынцы. Мяне, насуперак Адамовічу, больш за ўсё цяпер хвалюе, што Беларусь, якая найбольш пацярпела ад радыяцыі ў часе чарнобыльскай катастрофы, намагаюцца зрабіць чарговым лепразорыем. Дакладней, у Беларусі хочуць зрабіць той лепразорый. Ці ж гэта справядліва да аднаго народа? Дарэчы, у матэрыялах «круглага стала», што былі змешчаны ў «Литературной газете» напярэдадні XIX партканферэнцыі, такіх вось слоў у маіх выказваннях няма, а я вельмі прасіў рэдакцыю надрукаваць іх, маўляў, ніяк не можам дамагчыся абнародаваць карту заражаных радыяцыяй раёнаў…
Можа, цяпер, з-пад «балканскага даху», дойдзе мой голас?
Усе, з кім размаўляеш пра радыяцыйны стан у Беларусі, кажуць адно – што ж маўчыце? Пра гэта трэба крычаць на ўвесь свет, бо ніхто дакладна не ведае, што ў вас робіцца, толькі здагадваюцца, а вы тым часам – ні слова!..
Балгарыю, між тым, радыяцыя пакуль не хвалюе. Пад порцікам гасцініцы «Варна» мясцовыя ластаўкі выводзяць ужо другое пакаленне птушанят у гэтым годзе… Над морам, над берагам, у тым ліку і над прыморскімі вуліцамі горада, паміж дамоў важна і трохі нібыта драпежна лунаюць гларусы. А ў нас, на Гомельшчыне, трусы ў трэцім пакаленні ўжо не даюць патомства… Так кажуць людзі…
Хадзіў я ў Сафіі неяк надвечар па тамашніх садах, што буяюць вакол «Віташы». Паспелі ў іх пакуль абрыкосы ды алыча. Грушы яшчэ вісяць зялёныя, хоць на зямлі пад дрэвамі можна знайсці спелыя.
Пасля сняданку сёння зноў ездзілі ў Варну. Увечары таксама трэба кудысьці ехаць… Паведамляючы гэта, балгары рабілі вялікія таемныя вочы, маўляў, сюрпрыз. Балазе што! А з Варны ў пасёлак Дружба мы з Агатэлянам вярталіся маршрутным аўтобусам, бо адсталі ад сваіх, трэба сказаць, свядома, каб пахадзіць удзень па горадзе. Сустрэлі на аўтобусным прыпынку палякаў з Познані пажылога мужчыну і маладую кабету пры ім, а можа, наадварот – ён пры ёй. «Што ў Познані?» – пытаюся. «Ат», – махнуў рукой паляк. На тым размова і скончылася.
Тут, на балгарскім чарнаморскім пабярэжжы, можна, як захочаш, пачуць самую розную мову. Толькі не беларускую.
Між тым абяцаным сюрпрызам аказалася «мядзведжая паляна». Так завецца месца ў гарах, не дужа далёка ад мора. Дарзчы, зусім прымітыўнае, можна сказаць, месца – упадзіна ў горным рэльефе, па краях яе – то камяні, то звычайныя ўзгорыстыя складкі зямлі. Але на самым краі паляны зроблена сцэна, на якой выступаюць артысты. Можна патанцаваць таксама, хто жадае. Паўкругам да сцэны – сталы. За імі сядзяць і п’юць наведнікі. Сёння праграму тут закупілі заходнія немцы, амаль увесь вечар са сцэны чулася нямецкая мова.
Вось, здаецца, і ўсе думкі і ўражанні гэтага дня.
Мы ўсё яшчэ паблізу Варны, у тым жа гатэлі. Недзе ў зарасніках акацый, а гэтыя дрэвы тут таўшчэзныя і высокія, з шырокімі кронамі, увесь ранак чуецца галубіны голас. Акурат як у дзяцінстве: Аксюта – кума, да пупа…
Шкада, што ўчора не зайшоў у Варне ў Марскі музей… Раней там працаваў Ціхамір Йорданаў, тутэйшы пісьменнік. Некалі я напісаў апавяданне, узяўшы для героя яго імя, называецца апавяданне «Чайкі на хвалях». Дзеянне адбываецца ў нашай краіне, але натура ўзята тутэйшая, балгарская, – і мора, і гларусы…
Курортнае пабярэжжа прачынаецца паволі, як стомленае сонца. А восьмай гадзіне яшчэ рэдка дзе ўбачыш чалавека.
Мы жартавалі ў Сафіі – куды дзеліся прыгожыя балгаркі? Аказваецца, усе яны тут, на пабярэжжы.
Многа дзяцей плешчацца ў вадзе. Ажно бярэ зайздрасць – калі гэта падрасце наш Іванка? Між тым на моры толькі і чуецца скрозь: «Іванэ…» Вельмі многа хто ў Балгарыі носіць гэтае імя. «Прыйдзе дзед Іван, – казалі раней. – і вызваліць нас ад асманаў». Чакалі гадамі вызваліцеля, а тым часам жыццё ішло, браліся новыя пары, нараджаліся новыя людзі, старэйшыя давалі ім дзедавы імёны і г. д. Таму цяпер тут, куды ні ступіш, сустрэнеш балгарына Івана.
Мора, гарачы пясок на беразе, лёгкае паветра для грудзей, бясконцае сонца!.. I як гэта мала спрыяе вострай думцы!
Некалі мне балела сэрца тут, на гэтым пабярэжжы. Цяпер – не. З таго часу помню нават сон – нібыта плыве па крывяных жылах да сэрца іголка…
У Сафію вярнуўся зноў на самалёце – ціха, спакойна, без кантрольных праверак, акурат непрыкметна.
У газеце «Труд» змешчана сёння заметка: у суседніх з Балгарыяй дзяржавах, а дакладней – у Турцыі і Грэцыі, таксама каторы тыдзень пануе неміласэрная гарачыня. Слупок на тэрмометрах падымаецца да сарака і больш градусаў. У Грэцыі ў парламенце ўзнікла пытанне, каб на гэты час, пакуль спёка, быў скарочаны рабочы дзень, прынамсі, там, дзе працаваць людзям даводзіцца на сонцы. I ў Турцыі, і ў Грэцыі ёсць чалавечыя ахвяры.
У Варне таксама горача.
Едзем на абед да Уладзіміра Жыўкава: запрошаны Фонд культуры і Дзіцячы фонд.
Перад тым я выбраў час, каб зноў паблукаць вакол Лазіны (гасцініца «Віташа» якраз стаіць на гэтай Лазіне, таксама гары). Бліжэй да Віташы ёсць яшчэ адна гара. Такая ж, як і Лазіна, хоць і гэтую і тую не ўяўляеш гарой. Але тая пакуль пустая. Відаць, на ёй некалі рос вялікі сад, можа, на ўсю плошчу, бо і цяпер яшчэ і на схілах, і на самым узлобку шмат пладовых дрэў – вішні, чарэшні, грушы, яблыні, алыча, абрыкосы… Есць мясціны, якія хтосьці абгарадзіў дротам, і яны выглядаюць быццам прыватныя ўчасткі. Усё-ткі найбольш радуюць на гэтай гары звычайныя нашы дрэвы і травы; зноў давялося дзівіцца – як гэта шаноўная, амаль паўночная бяроза ўжываецца тут з зусім наўднёвымі дрэвамі: пірамідальнай таполяй, той жа таўшчэзнай акацыяй, падобнай здалёку на дуб, з абрыкосавым дрэвам і г. д. I выгляд яе даводі жывы, як у нас. Шмат на гары знаёмых траў, кветак. Бадай, невядомых мала, а то ўсё – піжма, лугавыя васількі, палын, дзяды, якія цвітуць. Пабудоў тут няма. Толькі дзе-нідзе няхітрыя спартыўныя снарады. Уздоўж асфальтаваных дарожак – лаўкі. Але ніводнага чалавека.
Не выключана магчымасць, што пры наступным наведванні Сафіі на гэтай гары таксама ўбачу шыкоўны гатэль…
Заўтра нашаму Івану адзінаццаць месяцаў – якраз на яблычны спас нарадзіўся…
Тут пры фондзе імя Жыўкавай неблагая друкарня, з замежным абсталяваннем, і мы агледзелі яе. Можа, прыйдзе час, калі і свае заказы ўдасца размяшчаць тут, бо не верыцца, што пры Савецкім фондзе культуры хутка з’явіцца гэтакая друкарня. А друкаваць нам ёсць што.
Вельмі падабаецца замежным людзям – не цяжка заўважыць гэта, – калі хтосьці з нашых, савецкіх, пачынае ганіць свае парадкі, гаворыць пра нястачу, пра недахопы… У вачах субяседнікаў нават успыхвае помслівы агеньчык – ага, нарэшце і вы скардзіцеся! А то ўсё – аптымізм!
За абедзенным сталом у Жыўкава сярод іншых узнікла гаворка пра міжнародны каледж і Акадэмію дзіцячага мастацтва. Умеюць яны ўцягваць у сваю арбіту чужы клопат. I, бадай, не без плёну.
Трохі змучыла ўжо «дзіцячая праграма». Так паступова можна сапраўды здзяцінець.
А зімародак у маім пакоі па-ранейшаму з зацятай пільнасцю ўглядаецца ў раку. Так нічога і не высачыў там сабе на спажыву…
Але каб перасяліць па мясцовым законе чалавека ліну Масцікаву. Весялін тое-сёе ўдакладніў. Напрыклад, што сады засталіся там сапраўды ад прыватных сядзіб, як і тут, на Лазіне. Цяпер у гэтым раёне ствараецца Паўднёвы парк сталіцы, таму прыватныя дамы знеслі.
Але каб перасяліць па мясцовым законе чалавека ў іншае месца, шмат важданіны: кожны мае права патрабаваць ад гарадскіх улад не адвозіць яго далей як за кіламетр ад ранейшага жытла, улічваюцца і іншыя акалічнасці.
Вакол Народнага палаца культуры сёння адбыўся карнавал. Мы ў Мінску пакуль няздольныя сабраць столькі народу ў адно месца ўжо таму, што няма гэтакай вялікай плошчы. Нават тыя плошчы, якія ў нас ёсць, спрабуем знішчыць, забудаваць, напрыклад, Цэнтральную, дзе ўзводзіцца Палац рэспублікі. Ходзяць чуткі, што збіраюцца парушыць і купалаўскі сквер. Але ж аднымі чуткамі звычайна ў нас не абыходзіцца. Між тым палац гэты спярша меркавалася ставіць на правы бок Паркавай магістралі (цяпер праспект Машэрава). А от жа стукнула некаму ў галаву – будаваць тут, на Ленінскім праспекце… Ужо цяпер будынак здаецца пачварай, якая навісае над усім навокал!
Здаўна лічыцца, што контррэльефам грамадскага, эканамічнага жыцця ў краіне з’яўляецца рынак. Хочацца і тут глянуць на тое, чым гандлююць там і якім коштам.
Тым часам, пакуль што да чаго, паспеў перакінуцца словамі з манголам, які часта сядае ў аўтобусе да мяне. З ім – маладая жанчына, але яна чамусьці заўсёды займае месца паперадзе. «У вас, – сказаў я, – бадай, самая жаноцкая спадарожніца сярод цяперашніх нашых знаёмых». А яна і сапраўды дужа мілавідная, зусім без грубай еўрапейскай «жеманности», якая бярэ ва ўладу жанчын даволі хутка; між іншым, добра размаўляе па-руску і кожны раз нешта па-харошаму скажа ці спытае. «Мая шана Луччи», – усё роўна як пакрыўдзіўся мангол – малады мацачок, няйначай тамтэйшы батыр.
Другая размова адбылася з заходнім немцам. Цяпер тут, на асамблеі, многія завязваюць дзелавыя кантакты. Але ж гэта – пад канец. Відаць, звычайная з’ява на міжнародных сустрэчах. I вось немец таксама вырашыў завязаць кантакт са мной. Аднак не прафесар Апель. Той, здаецца, паехаў з Сафіі раней. У кожным разе, даўно яго не відаць тут. Маўляў, што б карыснага і для яго знайшлося ў Беларусі, – прыкладна такі сэнс быў у першых словах гэтага немца. «А вы Беларусь, – пытаюся, – ведаеце ўвогуле? Дзе яна, што гэта?» – «Не дужа», – прызнаўся ён. Я з усмешкай падумаў, сказаў: «Карыснага ў нас таксама нямала, але трэба ведаць, што вас цікавіць канкрэтна. У нас, напрыклад, яшчэ дажываюць век многія партызаны…» – «О, партызаны!» – усклікнуў ён, пасля, нібыта ў жаху, заківаў галавой, а яшчэ праз момант абодва мы змушана засмяяліся. Што-што, а партызан нашых, мусіць, немцы добра ведаюць!
Паспеў таксама сказаць колькі слоў увішнаму галандцу Пітару. Так яго ўсе тут завуць. Ён заўсёды ўлучае зручны момант, каб падсесці да нас, «рускіх». Пачаў гаворку Пітар: «Якія вы кнігі пішаце, містэр?» – «Усякія, – кажу, – тоўстыя і тонкія». – «А ці перакладалі вас на галандскую мову?» – «Не, – адказваю, – бо дасюль не ведаў, што ёсць на свеце галандская мова» Пітар, канечне, здзівіўся, бо доўга маўчаў, няйначай раздумваючы, жартую я ці гавару сур’ёзна. Трэба было ратаваць становішча, таму я дружалюбна сказаў: «Што ў Галандыі многа чырвоных кветак, што там багата каткоў, дзе вырастаюць галандскія чэмпіёны-канькабежцы, што, нарэшце, у вас ёсць знакамітыя каровы галандскай пароды і не менш знакаміты галандскі сыр – пра гэта я заўсёды, яшчэ змалку, ведаў, а што да мовы…» – «Дык жа і мова ў нас свая ёсць!» – яшчэ больш дружалюбна, амаль у захапленні сказаў Пітар.
Пакуль трапіў на рынак, прыгледзеўся збольшага да цэн у харчовых магазінах. Мяса – свініна (дарэчы, адно мяса), ялавічына, цяляціна – прадаюцца адным коштам: 4 левы 40 стацінак. Каубасы – ад 3 да 4 леваў. Хацелася б ведаць, па якіх цэнах кормяць нас у гатэлі? Відаць, дорага, мяркуючы па магазінах. Але наш чалавек тым часам сказаў бы на гэта: «Затое ў іх усё ёсць!» Ах ты, бяда наша, заўсёды, колькі помню сябе ў жыцці, чагосьці не хапае!
На вуліцы Георгія Трайкава стаіць помнік савецкім вызваліцелям 1944 года. Міма яго ніколі не праедзеш і не пройдзеш, калі накіроўваешся на Лазіну. Уласна кажучы, помнік гэты таксама ўзведзены на Лазіне, але на самым схіле яе. Два нашы салдаты на пастаменце ў шынялях, у зімовых шапках; адзін страляе з аўтамата, другі, стаўшы на калена, замахваецца гранатай. На стэле, што ззаду скульптурнай групы, выбіты імёны загінуўшых. Сярод іх – некалькі жанчын…
Колькі іх, гэтых вызваліцеляў – братоў, сясцёр нашых, што ляжаць пры дарогах Еўропы, на плошчах вялікіх і малых гарадоў? У Азіі – таксама!
А мы ўсё яшчэ вызваляем і вызваляем, дапамагаем і дапамагаем, быццам сапраўды толькі на нас сышлася вызваленчая місія…
Надта далікатная гэта тэма – вызваленне другіх народаў ад прыгнёту таксама другіх: павысіш шчыры голас – зачэпішся за палітыку, за якую, аказваецца, ты таксама нясеш пэўную, няхай хоць і маральную адказнасць; пачнеш глыбей разважаць – сутыкнешся з яшчэ большым маральным пачуццём, звязаным непасрэдна з памяццю аб тых, што даўно і нядаўна ляжаць у такіх вось магілах, хоць бы і ў тым жа Афганістане.
А зрэшты – што можа ўвогуле змясціць у сабе такі вось сшытак (блакнот, дзённік), як гэты? Прынамсі, сягаць у думках можна далёка і вольна, а тады нібыта без ладу пераносіць іх на паперу, не надта турбуючыся пра фабулу, пра сюжэт, пра скразную тэму, скразнога героя… Таму пачынаю паступова ўжо лавіць сябе на думцы, што дужа злоўжываю гэтым, – як кажуць, распісаўся! А можа, шматслоўе, хапанне за багата якія падрабязнасці тлумачыцца іншым? Тым, што ў падобных паездках, нягледзячы на тлумнасць і шматлюддзе, якое віруе вакол, адчуваеш сябе часцей адзінокім. Што ж да думак, то некаторыя з іх апынуліся тут, на паперы, хутчэй за ўсё па самай звычайнай прычыне: доўга насіў іх у сабе, таму некалі ж павінны былі яны знайсці сабе належнае месца.
Цікавыя пытанні пра савецкую літаратуру, пра наша жыццё ў шматнацыянальнай краіне ў часе перабудовы задавалі сёння балгарскія журналісты, якія перахапілі мяне ў гасцініцы.
Пачалася размова з пытання: калі пісьменнік павінен звяртацца да сумлення?
Дзіўна, калі?
Скончылася яна такім пытаннем: які мой дэвіз?
«У пісьменніка, – сказаў я, – не павінна быць кар’еры, гэта я нарэшце зразумеў, у пісьменніка павінен быць лёс. (Амаль па Блоку).
А ўвогуле – усіх цікавіць наша перабудова. I цікавасць у людзей не падробная. Гэта адразу адчуваецца. I ўсе, з кім даводзілася размаўляць, жадаюць нам поспеху ў ёй, хоць веры ў словах не заўсёды стае. Відаць, наша ранейшая гісторыя, таксама практыка дзяржаўнага будаўніцтва, адносіны да людзей, да культуры і г. д. давалі больш падстаў для недаверу. Не заўсёды і не для ўсіх пераканаўчым гучыць довад, што менавіта мы самі, а не хто іншы, сказалі адкрыта пра свае недахопы, скажэнні ці, як цяпер кажуць, дэфармацыі, памылкі…
Не часта даводзіцца бачыць у дарозе сны. Прынамсі, са мной гэта сапраўды не часта здараецца. I сон пра «радыяцыю» – гэта таксама не сон быў у пэўным значэнні. Хутчэй, хваравіты кашмар, ці што. А сёння чамусьці прыснілася раптам сястра Волька… Памерла яна зусім маленькай, адразу пасля вайны. Жылі мы тады ў зямлянцы (трэба сказаць, што ў зямлянцы наша сям’я жыла доўга пасля пажару сорак трэцяга года, калі, адступаючы, немцы спанілі нёску; жылі ў зямлі да пяцьдзесят першага года…). Была восень дажджлівая, таму амаль заўсёды цёмная, тым больш калі ўвесь час знаходзіцца ў зямлянцы і адным маленькім акенцам. А Волька хварэла. Сядзела звычайна на краі печкі, звесіўшы над тапчаном худзенькія ножкі, і ўсё клікала: «Клоў, клоў!..» Чакала, бедная, пакуль прыгоняць з пашы кароў. Многа чаго забылася з тае пасляваеннае пары, сцерлася з памяці, вылецела з душы, а гэта вось – як жывое… Здаецца, я нікога гэтак не шкадую і не шкадаваў са сваіх братоў і сясцёр, як тае маленькай дзяўчынкі, якой не прыйшлося жыць…
Па балгарскім тэлебачанні паказвалі пасяджэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, дзе разглядалася пытанне пра Нагорны Карабах.
Не помню ўжо, ці быў у старых нашых Канстытуцыях параграф, на які спасылаліся многія прамоўцы (акрамя армян), што граніцы саюзнай рэспублікі можна змяніць толькі са згоды гэтай рэспублікі…
А я ўспомніў у сувязі з гэтым колішнія размовы свае з П. К. Панамарэнкам. Ён тады жыў у Маскве, быў у апале. I якраз тады ж мы з В. Чацверыковым рыхтаваліся здымаць фільм «Руіны страляюць…». Знайшлі ся справы да былога Першага сакратара ЦК КПБ, Старшыні Савета Міністраў, а найбольш – да начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ад часопіса «Полымя», дзе я працаваў. Дык вось аднаго разу і паехаў я ў канцы шасцідзесятых гадоў у Маскву – і па справах фільма, і па справах часопіса: мы, у часопісе, хацелі мець ад Панамарэнкі ўспаміны; Чацверыкоў з I. Новікавым далі сваё заданне. Дазваніўся я да Панцеляймона Кандратавіча хутка. Але той чамусьці паставіўся да майго званка насцярожана. Я ўжо і надзею быў страціў сустрэцца. А ў маладыя гады неяк страшна было не выканаць задання людзей, якія на цябе спадзяваліся, тым больш – рэдакцыі з сур’ёзным рэдактарам. Аднак увечары Панамарэнка сам пазваніў у гасцініцу. Запрасіў на Кутузаўскі праспект, дзе жыў тады. Сказаў, картавячы: «Добра, прыязджайце, пагляджу, якія вы там цяпер выраслі, маладыя беларусы. А то я больш ведаю з пісьменнікаў Крапіву, Броўку, Лынькова, Куляшова, Танка». Застаўся я ў гасцях на ўвесь вечар. Шмат пра што мы гаварылі. Здаецца, сёе-тое з тае нашай размовы апынулася нават у маіх запісах. Цяпер жа, у сувязі з пасяджэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, на памяць перш за ўсё прыйшло вось што. «Паклікаў мяне аднойчы ў Маскву Сталін, – расказваў Панамарэнка. – Прыязджаю. А там, у кабінеце Паскробышава, ужо Хрушчоў чакае. Сеў і я ў крэсла. Чакаем абодва. Нарэшце схадзіў Паскробышаў да Сталіна, запрашае нас. Сталін павітаўся, кажа: «Мікіта Сяргеевіч сцвярджае, што паміж Украінай і Беларуссю недакладна граніца праходзіць». – «Дзе?» – пытаюся я. «На Палессі», – кажа Хрушчоў. Сталін падышоў да карты, што ляжала на стале, гаворыць: «Пакажы». Хрушчоў, доўга не думаючы, паказвае на зялёны масіў. Я пачынаю хвалявацца, даказваю, што гэты раён і гістарычна, і этнічна заўсёды належаў Беларусі. Хрушчоў круціць галавой, аспрэчвае. Сталін слухаў нас, слухаў, тады кажа: «Прызнайся, Мікіта Сяргеевіч, ты гэта задумаў, каб лесу Украіне дадаць?» Хрушчоў, відаць, не чакаў такога павароту справы, тут жа падхапіў: «Так, таварыш Сталін, трэба нам лесу трохі перадаць. У Беларусі яго багата, а ў нас мала». Сталін паглядзее на мяне, усміхнуўся: «Трэба, Панцеляймон, паступіцца беларусам лесам». Узяў аловак, паглядзеў на той зялёны масіў, на які паказаў Хрушчоў, адкрэсліў. «Хопіць?» – спытаў Хрушчова. «Так, таварыш Сталін», – узрадаваўся Хрушчоў. Я паглядзеў на карту – выходзіла, што да Украіны такім чынам быў прырэзаны цэлы Жабчыцкі раён».
Вельмі проста тады вырашаліся важныя справы!..
Таксама без аніякага ўскладнення было вырашана пытанне ў 1940 годзе з некаторымі раёнамі Гродзенскай і Віцебскай абласцей – адным росчыркам пяра іх перадалі Літве і Латвіі, але ўжо з другой прычыны: у 40-м годзе адбылося добраахвотнае далучэнне цяперашніх Прыбалтыйскіх рэспублік да СССР; і вось Сталін паклікаў зноў Панамарэнку ў Крэмль. «Каб не абвінавачвалі нас у анексіі прыбалтыйскіх тэрыторый, – сказаў Іосіф Вісарыёнавіч, – трэба самім зрабіць крок наперад – аддадзім некаторыя вашы раёны Літве і Латвіі».
Штосьці падобнае адбылося і ў часе вайны: дзелячы паміж Польшчай і СССР Усходнюю Прусію, Сталін вырашыў зрабіць гэта за кошт Беларусі – аддаць Беластоцкую вобласць…
Прынамсі, так пра ўсё гэта расказваў П. К. Панамарэнка. Няйначай што ў сапраўднасці было гэта інакш.
На ўскраіне Сафіі, там, дзе дарога выходзіць да Панчарэўскага возера, стаіць помнік Людміле Жыўкавай. Вядома, не зусім ёй. Гэта манумент у гонар дзяцінства: шэсць высачэзных стэлаў, на якія падняты званы; унізе – гарэльеф жанчыны (надта падобнай на Л. Жыўкаву) пасярод дзяцей, і ўсё тыя ж словы: «Адзінства, творчасць, прыгажосць»; вакол манумента на невысокіх сценах таксама званы; сёння яны прыгожа званілі – і тыя, што на самым версе, і гэтыя, што вакол.
Тым часам праходзіць апошні дзень у Балгарыі.
Можна спытаць мяне пра жаданні – што знайшоў, чаго шукаў тут?
Лёгка сказаць – добрых людзей, прыгожую зямлю.
Але можна ж сказаць і так – найперш, бадай, самога сябе, бо чалавек, аказваецца, праз усё жыццё, дзе б ён ні быў і што б ні рабіў, шукае і пазнае сябе. Нездарма ў старажытнасці заклікалі; «Пазнай сябе».
Падпісанне дагавора аб культурным супрацоўніцтве паміж ПНР і БССР у Варшаве.
1989 г.
На станцыі Кузніца па правы бок ад цягніка, які доўга стаяў ужо, заходзіў за цёмны алешнік месяц-поўня, выразны і колерам падобны на ранні зазімак, а злева, над вясковымі хатамі, што тоўпіліся на ўзлобку, які амаль навісаў над чыгункай, узыходзіла тым часам чырвонае, без адзінага промня сонца. На зямлі ў гэтым сумежжы, тулячы абрысы станцыйных пабудоў, яшчэ моцна трымаўся прыцемак, які хутчэй падобны быў на шэрае сутонне.
Гэты цягнік Масква-Варшава, што ідзе ад нас праз Гродна, ажно ці не пяць гадзін блукае па граніцы з зачыненымі дзвярамі пад наглядам пагранічнай аховы; да таго ж так званыя падсобныя памяшканні, разлічаныя для палёгкі чалавеку ў дарозе, таксама застаюцца на ўвесь гэты час пад замком, таму паміж пасажыраў можна пачуць пра сваё і чужое адчуванне ўсялякія анекдоты…
Кажуць, яшчэ нядаўна ў вагонах цягніка з вялікай цяжкасцю даставаліся людзям месцы, але цяпер, пасля таможных абмежаванняў на вываз розных рэчаў – электрапрыбораў, халадзільнікаў, тэлевізараў і гэтак далей, гэтая праблема вырашалася сама па сабе. Прынамсі, ад Мінска ў 16-м вагоне, які прычапілі там да цягніка на нашых вачах, ехала нас усяго сем чалавек: польская пара з мноствам каляровых торбаў, яшчэ тры кабеты, мусіць, браліся ў госці да сваякоў у Польшчу, ды мы з Уладзімірам Гілепам.
Першы прыпынак у нас у Польшчы ў Беластоку. Тут з 20 лютага праходзяць Дні культуры Гродзенскай вобласці. А ўвогуле мы ехалі ў Варшаву, там меўся быць падпісаны 27 лютага дагавор аб культурным супрацоўніцтве паміж ПНР і БССР. А мне карціць яшчэ адна справа – недзе ў Лягніцы стаяць, калі можна так гаварыць, некалькі тысяч маіх цяперашніх выбаршчыкаў. Гэта зусім на поўначы Польшчы, і з Беластока туды, кажуць, кіламетраў семсот. Уласна з гэтага клопату я і пачаў сёння – пазваніў у Варшаву, у пасольства СССР, ваеннаму аташэ, каб дапамог мне неяк звязацца з маімі выбаршчыкамі. Тым часам высветлілася, што і супрацоўнікі пасольства таксама галасуюць сёлета за народных дэпутатаў СССР па Бабруйскай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе. Пасля тэлефоннай размовы з ваенным аташэ думалася, што «машына закруцілася». Але дзе там! Увечары давялося званіць Уладзіміру Ігнатавічу Бровікаву, сказаць і яму, які ў мяне клопат у Польшчы, акрамя «культурнага».
Дзень 23 лютага тым часам выдаўся цяжкі, дарма што сам па сабе быў светлы, сонечны, а ўвечары на вуліцах Беластока патыхала вясной… Цяжкі дзень быў праграмай – дзіва, але людзі паўсюды аднолькавыя, хочуць паказаць і расказаць гасцям адразу ўсё. Вось і вазіў нас віцэ-ваявода беластоцкі Ежы Слёзак па ўсім горадзе, нават паказаў музей-вёску, якая будуецца паблізу ваяводскага цэнтра ў сасновай і пясчанай мясцовасці, што завецца Юравец. Па ўсім відаць – цікавае гэта будзе «музейнае паселішча»: уявіце сабе старую польскую вёску, дый не толькі вёску – тут можна сустрэць і леснічоўку, і вялікую крушню, і многа яшчэ чаго, дзе жыў некалі і да чаго дакранаўся чалавек. Чаму некалі? Ды таму, што сённяшняя польская вёска будуецца зусім нанова – дамкі ўзводзяцца найбольш цагляныя, па адмысловай архітэктуры. Вось і працягвай жартаваць далей – нібыта «курица – не птица, а Варшава – не заграница…».
Былі мы ў вайсковым музеі, у галерэі сучаснага мастацтва, у адным з дамоў культуры, што размешчаны ў беластоцкім прадмесці. Здаецца, найбольш уразіла галерэя, якая збудавана ў выглядзе чатырох шатроў. У адным з іх цяпер выстаўлены творы гродзенскіх самадзейных мастакоў, узоры рамёстваў. Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення культуры ў Гродне тлумачыў, што прывезена ў Беласток якраз не лепшае, нібыта гродзенцы лепшага пашкадавалі сюды. Але ж усё-ткі падумалася: у цяжкім стане знаходзяцца нашы рамёствы, няхай нават што лепшае засталося дома!.. Спрыяць трэба іх рабоце, ратаваць іх!..
У вайсковым музеі ўразіла скульптурная група – «Дарога дамоў»: польскія жаўнеры, ссутуленыя і напружаныя… Экскурсавод сказаў нам: гэта яны так імкнуцца ад вашае вёскі Леніна, што на Магілёўшчыне, да сябе ў Польшчу.
Што ж, палякам таксама дасталося ў тую вайну!..
Увечары ў мясцовай філармоніі адбыўся канцэрт гродзенскай «Раніцы». I людзей на канцэрце было багата, і праграма была цікавая.
З галерэі сучаснага мастацтва запомніліся скульптуры Альфонса Карна – галовы Шапэна, Урублеўскага, Ван Гога… Таксама дзіцячыя постаці, асабліва адна, падобная да нашага Іванкі.
Нарэшце я пацікавіўся той праграмай, якая распрацавана ваяводскім упраўленнем культуры і абласным упраўленнем для мастацкіх калектываў. Сапраўды, гродзенцы прывезлі шмат чаго: напрыклад, танцавальны калектыў «Белыя росы», камерны хор, як напісана ў праграме па-польску, школы педагагічнай, этнаграфічна-фальклорны калектыў «Вянок», спектакль «Пінская шляхта» і гэтак далей.
Заключны дзень усяго гэтага свята будзе ў нядзелю, 26 лютага.
Між тым у маім архіве дома, на Пуліхава, ужо адлежваюцца некалькі «польскіх дзённікаў». Іх бы сабраць у адно. Паглядзець, што састарэла, што не спраўдзілася, а што засталося жыць. Дзённікавая публіцыстыка таксама павінна праходзіць выпрабаванне часам. Іншая справа, што мы, пісьменнікі, нават мастацкія творы не кладзём у шуфляду. Усё нібыта на канвееры.
Адсюль і накладныя выдаткі літаратурнага працэсу, скараспеласць і шэрасць, якія асабліва становяцца відавочныя з часам…
Сёння мы ездзілі зранку ў Тыкацін. Гэты гарадок знаходзіцца кіламетраў за трыццаць ад Беластока, за ракой Нараў. Нават не так. Рака цячэ збоч гарадка, паўз дамы. Некалі тут, у гэтым месцы, рабілася гісторыя – польскі кароль Аўгуст II Дужы прымаў у Тыкаціне рускага цара Пятра Першага. Ды акрамя гэтай сустрэчы Тыкацін мае гісторыю – стаяла тут на пачатку нашага стагоддзя вайсковая цытадэль. У сярэдневякоўі быў збудаваны на беразе Нарава замак. Цяпер ад яго, здаецца, нічога не засталося. Толькі ў скверыку стаіць помнік гетману Чарнецкаму, вакол якога паціху, шукаючы спажыву на зямлі, ходзяць тутэйшыя куры. I ўвогуле ў гарадку чуваць з усіх бакоў, як спяваюць пеўні. Уранні пахне дымам.
Народу цяпер тут небагата – каля трох тысяч жыве. Але да апошняй вайны гэта было «яўрэйскае мяста». Яўрэяў немцы пабілі. Засталася сінагога. Яна таксама была разбурана ў часе вайны, аднак мясцовы люд адбудаваў, аддаўшы памяшканне пад яўрэйскі музей – рэлігійна-бытавы, калі можна сказаць так.
Мы пастаялі ў сінагозе, паслухалі яўрэйскую музыку, якая нібыта падае аднекуль са столі.
Пад шклом ляжаць скруткі торы. Яны, кажуць, доўгія. I калі хто запісваў на іх тэкст, то не меў права грашыць у той час: саграшыў – запіс лічыўся несапраўдным. Цікавы звычай. Нам бы, пісьменнікам, павучыцца ў старажытных яўрэяў – грашыць ці не грашыць, калі пішаш.
А ўвогуле дзіўныя справы твае, божа: храм – без народу. Даўно, з самае вайны, няма ў Тыкаціне яўрэяў!..
Палі абапал дарогі без снегу, моцна зелянее азіміна. Ажно сэрца баліць за голую зімовую зямлю!..
Учора стаяў сонечны дзень аж да самага вечара. А ўначы пайшоў дождж. Зноў зрабілася зябка, пад нагамі чвякае макрэча.
Нашы газеты шмат пісалі раней пра беластоцкі рынак – нібыта на ім прадаецца амаль усё, што вырабляецца не толькі ў нашым прыграніччы, але і ва ўсёй рэспубліцы, тым часам і ў Прыбалтыцы. Пабылі мы на гэтым рынку – сёння там бедна, нават дзіву даешся, як ён здолеў «падарваць нашу эканоміку». Я гэта жартую, але па газетах можна было падумаць чортведама што. Ваявода, які ездзіў з намі на рынак, доўга смяяўся з маіх слоў, але сказаў, што ў чацвер на рынку збіраюцца сапраўды шматлікія народы…
Я назваў гэтыя нататкі «Паміж сонцам і месяцам». Рэдка здараецца чалавеку бачыць, як адным часам хаваецца адзін нябесны цуд і ўзыходзіць другі…
Са свежых уражанняў няйначай варта занатаваць тут таксама сённяшняе наведанне Беларускага культурнага таварыства. Амаль усе там старыя знаёмыя. I гаворка… даўняя. Так і здаецца, што пачалася яна колісь, яшчэ не за нашым часам, і працягваецца ў такім жа голасе і сёння: клопат меншай часткі нашых людзей, якая жыве ў другім народзе!.. Няўжо ім памагчы нельга?
Мне сорамна было слухаць іхнія нараканні. А хіба ў нас там, на «мацерыку», не тое ж? Мова і культура па-ранейшаму гібеюць, а ты ўжо ў другой іпастасі, і ўсе, хто з табой размаўляе, думаюць, што ты нешта можаш!..
Алесь Барскі на вячэры запрашаў да сябе ў Варшаве.
Тым часам тутэйшыя беларусы вельмі цікавіліся нашым дэмакратычным рухам.
Пад канец гэтага дня глядзелі ў гарадскім тэатры гродзенскі спектакль «Зоркі на ранішнім небе». Спектакль пра рэзервацыю маладых дзявок у часе колішняй алімпіяды ў Маскве. Але што трэба шчыра сказаць – гродзенскія артысткі ігралі добра!
Успамінаючы сённяшнюю паездку ў Тыкацін, а найперш – сінагогу тамашнюю, згадваеш таксама ўчарашні дакументальны фільм пра Беласточчыну, што паказалі нам мясцовыя кінаработнікі, а дакладней – работнікі ўстановы, якая, здаецца, адпавядае нашаму АДН. Здзівіла верацярпімасць аўтараў. Услед за каталіцкім шэсцем у фільме паказана праваслаўнае, затым мусульмане свае рэлігійныя абрады правілі… Праўда, фільм гэты пакуль атрымаўся даўгаваты, асабліва зацягнута першая частка яго, можа, не так зацягнута, як недакладна пададзена фактура.
Раней у Беластоку адусюль былі відны касцёлы. Цяпер амаль упоравень з імі ўзвышаецца новая праваслаўная царква, якую будуе (менавіта так тутэйшыя людзі гавораць – будуе) архіепіскап беластоцкі і гданьскі Сава.
Ездзілі ў Бельск. Пабылі таксама ў Гайнаўцы.
У беларускім ліцэі ў Бельску дырэктар яго Аляксей Карпюк сабраў настаўнікаў. Пасядзелі, пагаманілі.
У гэтым ліцэі мне ўжо даводзілася бываць раней, у той год, як прыязджалі мы ў Польшчу, у часе ваеннага становішча, на Дні беларускай літаратуры і культуры. Са старых знаёмых тут апынуўся адзін дырэктар мясцовага Дома культуры, таго будынка, дзе мы колісь вячэралі. Але працуе ўжо гайнаўская царква, нязвыкла збудаваная – стаіць быццам госць аднекуль з далёкага ўсходу… Поп малады, добра валодае беларускай мовай.
Пад вечар заехалі ў Белавежу. Вёска стаіць на краі Белавежскай пушчы. Пабылі ў пушчанскім музеі: фауна, флора… Таксама трохі даўняй гісторыі, але сапраўды ўсяго толькі трохі… Час не шкадуе нічога – нават тыя мясціны, якія наведвалі каралі, цары…
Вячэралі мы каля вогнішча на так званай Піліпаўцы. Месца гэта названа так у гонар англійскага прынца. Траплялі сюды многія – ад Вальдхайма да Хрушчова.
Шафёр наш Андрэй расказваў, як аднойчы пасля наведання гэтай Піліпаўкі Хрушчовым згарэла будыніна, у якой ён адпачываў. Ну і ператрэсла тады дзяржаўная бяспека ўсё тут!.. А выйшла, што хрушчоўская ахова напілася ды стварыла пажар!..
Па дарозе ў Бельск хтосьці звярнуў увагу на лужкі, парытыя кратамі… Гілеп тут жа расказаў амаль анекдот. На нашым Кургане Славы, што на 21-м кіламетры Маскоўскай шашы, некалі таксама краты пачалі норы капаць. Зразумела, што мясцовае начальства аб’явіла вайну ім, паставіла пасткі, а над кожнай – чырвоны сцяжок. Але як растлумачыць гэта гасцям, наведвальнікам кургана? Вось і прыдумаў хтосьці – калі глядзець зверху, з самалёта ці верталёта, то бачна поўная карціна савецкага наступлення на Мінск у аперацыі «Баграціён»!..
Страшэнна змяніліся нават за паўтара года, як я не быў у Польшчы, цэны тут на харчаванне, прамысловыя тавары, на ўсё, што прадаецца і купляецца, а грошы вымяраюцца мільёнамі… Тым часам, харчовыя прадукты ў магазінах ёсць і зусім мала прамысловых, прынамсі, не такі выбар, як раней… Некалі я прыводзіў у такім вось сшытку, як гэты, цэны на розныя рэчы, але сёлета махнуў рукой… Марна!..
З намі ў Белавежу ездзіў ваявода Слёзак. Сімпатычны чалавек – ненадакучлівы, тактоўны. Нарадзіўся ён у Літве, у сям’і вайскоўца. Але бацька загінуў у 39-м. У 44-м, калі ў Літву зноў вярнулася Чырвоная Армія, іх з маці выслалі мясцовыя ўлады ў Польшчу, на радзіму бацькі…
Шафёр Андрэй таксама расказваў жахі з таго часу – і пра сябе, і пра дзеда…
Я назваў гэтыя нататкі «Паміж сонцам і месяцам». Дык што ж знойдзена паміж сонцам і месяцам?
Па дарозе ў Тыкацін, злева ад яе, знаходзіцца Хорашч. Кажуць, там Заглоба (з рамана Г. Сянкевіча) піў мёд… Цяпер у Хорашчы лячэбніца (псіхалячэбніца) на 300 ложкаў, як хтосьці пажартаваў з нашай кампаніі, «самая вялікая ў Польшчы».
А між тым даволі дзіўнае ўражанне складваецца ад вялікіх вясковых дамоў паўз дарогі ўвечары: толькі недзе ўсярэдзіне ў адным, рэдка ў двух пакоях бліскае агеньчык… Усё роўна як не хапае там радасці!.. Затое ўдзень тутэйшыя вёскі выглядаюць заможна.
За сняданкам сёння ваявода сказаў:
– Жыццё варта было б рабіць іначай – пачынаць яго адразу са старасці, каб вяртацца пасля ў маладосць.
А Уладзімір Гілеп дадаў:
– У сне я гэта неяк бачыў – сапраўды вяртаўся ў маладосць.
– Без хваравітасці? – спытаў я.
– Так, – адказаў Гілеп.
Шкада, што многа чаго чалавеку дазволена толькі ў сне.
Горад у сённяшнюю нядзельную раніцу прачынаўся павольна. Але нейкі п’яны паляк ужо шыбаваў па вуліцы…
У ваяводы сёння ў кватэры ўначы пацякла вада з трубы, а мяне хтосьці два разы запар разбудзіў у нумары – жаночы голас казаў кожны раз: «У мяне запісана, што вас трэба разбудзіць!..» Нездарма я побач занатаваў гэтыя дзве рэчы – ваду ў кватэры беластоцкага ваяводы і маё абуджэнне; яшчэ невядома, каму горай было – яму ці мне?
Тым часам усё меней і меней дарожнага энтузіязму застаецца.
Супроць гасцініцы «Крышталь», дзе мы жывём, стаіць праваслаўная царква; скрозь усю раніцу было чуваць, як ішла там нядзельная служба.
Да заключнага канцэрта, які адбыўся ў драматычным тэатры, паспеў наведаць яшчэ раз беластоцкі рынак. У нядзелю на ім людзей куды больш і гандлююць багацей: хто што мае, тое і прадае – ікру чорную, дублёнкі, дарагія футры… Але сёння ўразіла найперш, што гандлююць на рынку маладыя людзі – хлопцы і дзяўчаты; здаецца, раней на польскіх рынках у гандлёвых радах не стаяла столькі моладзі. Дый у Мінску такога дасюль не было, а цяпер…
З самае раніцы ў горадзе акурат спёка – кажуць, сёння тут больш за дванаццаць градусаў, а наша вопратка не прыстасавана да такога надвор’я ўзімку. Пакуль ішоў да рынку і назад, упарыўся.
На заключным канцэрце зноў пляскала зала ў далоні – не шкадавала гасцям сваёй шчырасці, дарма што за гэта відовішча плаціла таксама ўласныя злотыя. Палякі неяк паразумеліся з гродзенцамі і кормяць артыстаў за платныя канцэрты, што ставяцца ў часе Дзён культуры; у гатэлях таксама ўтрымліваюць іх з тых жа збораў.
Народу было на канцэрце многа. Увогуле ва ўсе залы ў гэтыя дні ў Беластоку, ва ўсім ваяводстве, дзе праходзілі Дні культуры, народу збіралася шмат, значыць, цікавасць сапраўдная, не падробная. Толькі на спектаклі Гродзенскага драматычнага тэатра па п’есе Галіна «Зоркі на ранішнім небе» заставаліся пустыя месцы.
А ўсё-ткі, што я знайшоў тут, у Польшчы, на гэты раз?
Бачыў учора Вялікую Мядзведзіцу ў небе. Яна была на тым жа месцы, як і ў маім дзяцінстве; толькі тады яна стаяла над нашай хатай; цяпер хаты нашай той няма…
Жыццё склалася так, што з вёскі мы, лічы, усе параз’ехаліся. Нават маці з-за радыяцыі мінулым годам давялося хаваць сярод чужых людзей, а ў яе ж на велікаборскіх могілках ляжаць бацька, маці, адзін хлопчык і дзве дзяўчынкі.
Між тым адзін мой брат, Мікола, пахаваны на ўкраінскай зямлі.
Дзе мы астатнія ляжам?
Але ж Польшча!.. Польскія справы.
Ваявода Марыян Гала расказаў сёння, як у Ліпцы сяляне вылілі малако ў прыдарожную канаву. Сабраліся ў адно месца і вылілі: малако ў канаву!.. Яны патрабавалі ад ваяводскіх улад, каб былі павышаны закупачныя цэны – па 350 злотых за літр. Але насустрач ім мясцовыя ўлады не пайшлі. I вось у знак пратэсту, ці яшчэ як гэта кваліфікаваць, сяляне вылілі малако ў канаву!..
Я ўжо адзначаў, што з цэнамі ў Польшчы цяпер робіцца чортведама што. На ашчадных кніжках мала хто трымае грошы. Таму раскупліваецца і ў магазінах, і на рынках літаральна ўсё. Кажуць, цяпер у нас гарачыя грошы, гарачыя злотыя. Не трэба быць нават эканамістам, каб зразумець, што гэта дрэнна. А можа, проста прывыкнуць да ўсяго трэба?
I ўсё-ткі вельмі дзіўна, калі бачыш, як чалавек расплачваецца на рынку за нейкую драбязу амаль аднымі дзесяцітысячнымі купюрамі.
З намі ў Варшаву заўтра нібыта едзе Мікалай Казак. Гэта сакратар ваяводскага камітэта па ідэалогіі.
А тым часам, як кажуць, на самы астатак у Беластоку нам даюць магчымасць паглядзець у тэатры лялек спектакль па Мрожаку «Паляванне на ліса».
Ідучы з тэатра падумаў – гэта ж я не занатаваў падрабязныя ўражанні аб паездцы ў Белавежскую пушчу. А дарэмна. Сёння (і даўно-ткі) польская частка гэтай пушчы з’яўляецца біясферным запаведнікам. А ў нас… Наша частка ўсё яшчэ належыць Кіраўніцтву спраў Савета Міністраў рэспублікі. Ні больш ні менш як паляўнічае ўгоддзе…
У Беластоцкім ваяводстве зноў уначы прайшоў дождж. Вуліцы горада мокрыя.
Я рана прачнуўся, доўга сядзеў над сшыткам каля акна, але думкі чамусьці не ішлі ў галаву: нарэшце хоць зразумеў, што сядзець вось так над сшыткам – таксама паратунак чалавеку, якому б даўно варта супакоіцца і не трудзіць сваё цела на знаёмых і незнаёмых дарогах. Тым больш звычайна ў падобныя паездкі змушае не якая-небудзь вялікая спакуса альбо пільная патрэба, нават не душэўны неспакой – найхутчэй, бадай, простая амбіцыя.
Можна ж было мне гэты раз адседзецца дома. Няхай выбары, няхай дамова…
Такім чынам, праз паўгадзіны яшчэ адна знаёмая дарога: Беласток –Варшава. Некалі на гэтай шашы давялося бачыць заклікі, выведзеныя фарбамі: «Кацапы, вяртайцеся дамоў!» Няйначай даўно дажджы змылі ўжо тыя надпісы. Польшча, здаецца, паспакайнела і не такая стомленая, як раней!.. Тады, у час ваеннага становішча, стому і расчараванне можна было чытаць уваччу амаль кожнага паляка, дарма што вялікая частка народу па-ранейшаму бунтавала, гэта значыць была актыўная. Аднак стому і расчараванне чалавеку схаваць найцяжэй.
Дзіўная рэч гэта – дарога. Іншы раз чым далей па ёй ад’язджаеш ад дому, тым хутчэй вяртаешся. Выязджаць жа будзем у Мінск з Варшавы! Варшава да мяне заўсёды была ласкавай.
Вочы па дарозе з Беластоку мала за што зачапіліся. Усё тыя ж зялёна-глеевыя палі, бязлістыя альхоўнікі ды бярэзнік, якія размяжоўваюць часам маладыя бары. За Домжай абапал дарогі ўсё яшчэ зеўраюць на старой савецка-германскай граніцы замшэлыя доты.
У Міністэрстве культуры і мастацтва намеснік міністра амаль з гэтай граніцы і пачаў гаворку. Справа ў тым, што працуе змешаная польска-савецкая гістарычная камісія, якая нібыта прыходзіць да думкі, што раз’яднанне польскай дзяржавы ў 1939 годзе выйшла не на карысць прагрэсу ў міжнародных справах. Між тым украінцы працягваюць адзначаць дзень 17 верасня, як выдатную дату ў жыцці свайго народа. «А беларусы, – спытаў намеснік міністра, – збіраюцца ў гэтым годзе святкаваць той дзень?»
Граніцы, граніцы!.. А што ж рабіць народам. якія расколаты вамі?
Канечне, сталінска-гітлераўскі пакт, паводле якога адбыліся вераснёўскія падзеі 1939 года, не ўпрыгожвае гісторыю. Але ж народы тады – і ўкраінскі, і беларускі – нарэшце аб’ядналіся праз шмат гадоў.
Сёння ў Міністэрстве культуры і мастацтва ПНР адбылося падпісанне дагавора аб культурным супрацоўніцтве паміж нашай рэспублікай і Польшчай. Тэлебачанне на гэты акт спазнілася.
Помню, як прыязджалі мы сюды на Дні беларускай літаратуры. Тады польскае тэлебачанне доўга чакала нас на чыгуначнай станцыі, але мы спазніліся: на адным пераездзе, кіламетраў за сорак ад Варшавы, на наш цягнік наехаў грузавік!.. Доўга стаялі мы пасля гэтага там, пакуль адпаведныя службы складалі пратакол, а час выйшаў… Прынамсі, палякі з вакзала паступова разышліся…
Цікавую думку падаў сёння польскі старшыня фонду культуры: стварыць паміж чатырма фондамі (Украінскім, Беларускім, Літоўскім і Польскім) нейкі адзіны грамадскі цэнтр, які б апекаваўся над агульнакультурнай справай і знаходзіўся ў Вільнюсе.
У 17 гадзін збіралася наша дэлегацыя наведаць савецкае пасольства. Але наведанне раптам адмянілі. Тым часам, мая сустрэча з выбаршчыкамі, з вайскоўцамі, будзе сёння. Пасольствам арганізавана адна сустрэча.
Пасялілі нас у Варшаве ў гатэлі «Еўрапейскі». Гатэль гэты мне знаёмы – я не адзін раз начаваў у ім. Але сёння зрабіў адкрыццё для сябе: чамусьці лічыў, што побач з гатэлем, у скверыку, стаіць помнік Рэйманту. Аказваецца, не – Прусу. А Рэйманту, аўтару сусветна вядомага рамана «Сяляне», гранітнай выявы ў Варшаве няма. Прынамсі, незнаёмы паляк, з якім я памкнуўся пагаварыць пра гэта, доўга думаў, аднак адказаць на пытанне – дзе ўсё-ткі ў Польшчы ёсць помнік Рэйманту? – не здолеў. Можа, я не на таго паляка трапіў? Хіба кожны здольны сёння сказаць, каму ў нас і дзе помнікі ёсць?
Увечары давялося выступаць перад выбаршчыкамі – салдатамі і афіцэрамі вайсковай часці, што размешчана, лічы, на ўскрайку Варшавы. Цікавыя былі пытанні, акурат як і дома, але ўсе пісьмовыя; мяркуючы па пытаннях, армія цяпер у нас сапраўды пісьменная; адчуваецца начытанасць асабовага складу – гэта па-першае, а па-другое, відавочна шырокая і глыбокая зацікаўленасць тымі працэсамі, якія ў нашы дні адбываюцца.
Вадзіў мяне да выбаршчыкаў супрацоўнік нашага пасольства ў ПНР Сяргей Бухараў. Ён – масквіч. Сказаў: «Нялёгкая ў вас, Іван Гаўрылавіч, справа – выбірацца…»
Чыстая праўда, дарагі Сяргей Віктаравіч. I галоўнае не ў тым, лёгкая яна альбо цяжкая, гэтая выбарчая справа: яевыразная яна, вось што засмучае; пакуль звычайная гульня ў поцемках…
Гэта апошні дзень месяца. Усё-ткі неяк нязвыкла недалічвацца некалькі дзён у месяцы, бо разлічваеш жыццё і справы часцей на трыццаць дзён, наваг мала калі згадваеш трыццаць першае чысло.
Я ўжо казаў, што ўчора не адбылося прыёму ў пасольстве. Але сёння мне выступаць там.
Я, Вайтовіч быў у тэатры «Сірэна» – паказвалі прэм’еру музычнай амерыканскай камедыі. За вячэрай Яўген Канстанцінавіч расказваў пра тэатральную польскую публіку, што сышлася на прэм’еру. Яна яго па-добраму ўразіла. Што ж нам перашкаджае выхаваць сваю тэатральную публіку? Драматургія, рэжысура?
У гатэлі шмат дзявок, якія бадзяюцца па паверхах, а то і адкрыта, на вачах усіх, прыстаюць да мужыкоў у рэстаране. Раней, здаецца, такога тут не было. Неяк усё выглядала прасцей. Знаёмыя палякі з усмешкай жартуюць, што тады даволі было выдаткаваць на гэта паціху сотню-другую злотых…
Сярод альбомаў, буклетаў, якія нам тут часта падносяць, нечакана натрапіў на цікавы праспект – «У краіне пушчаў». Увечары прачытаў кніжку, балазе надрукавана яна на рускай мове, хоць, з другога боку, нішто не перашкаджае мне чытаць і па-польску. На вокладцы – словы Юзэфа Крашэўскага: «Ішоў вецер па вершалінах пушчаў, а бор усё мацней адказваў яму. Усё бліжэй і мацней грала музыка ранішнюю песню…»
Крашэўскага я некалі прачытаў амаль усяго – збор твораў гэтага пісьменніка ёсць у бібліятэцы Дома творчасці ў Кактэбелі: для мяне гэта было самае лепшае «чціва». I таму цяпер, убачыўшы радкі пісьменніка, неяк быццам нанова прачытаў іх: гэтыя пушчы і маленькі бор!..
Перад выбаршчыкамі ў нашым пасольстве я выступіў. Але быў здзіўлены, калі адзін выбаршчык выступіў супраць маёй праграмы, пярэчанні яго зводзіліся да простай, абывацельскай незадаволенасці: маўляў, ва ўсім у краіне вінаваты пісьменнікі, гэта яны падбухторваюць і бянтэжаць народ; паводле яго перакананняў, усё, што не ўдаецца ў нас, што задумваецца і правальваецца, адбываецца па віне пісьменніцкага максімалізму і некамнетэнтнасці… Чалавек гэты назваўся інжынерам.
Цікавая гаворка ў нас была ў ЦК ПАРП, у адзеле культуры і прапаганды.
Ад’язджаем мы сёння ў Мінск недзе а трэцяй гадзіне па заходнееўрапейскім часе. Пасля сняданку пакажуць нам каралеўскі замак у Старым мясце. Многа разоў я глядзеў на яго, нават помню, як адбудоўвалі, але ўсярэдзіне бываць не даводзілася.
А пакуль глядзець замак, то варта зноў прыгадаць учарашнюю гаворку ў аддзеле культуры і прапаганды ЦК ПАРП. Як раз уранні выйшлі газеты з урадавым паведамленнем аб падзеях у Кракаве. Некаторая частка моладзі там наладзіла дэманстрацыю, у якой былі выпады супраць нашай краіны і таварыша Гарбачова М. С. у прыватнасці. Палякі вуснамі свайго ўрада папрасілі прабачэння за гэта. (Дарэчы, у нашым гатэлі на першым паверсе знаходзіцца цяпер штаб «Салідарнасці», якая ўдзельнічае ў «круглым стале»).
Гаворка між намі ішла найбольш пра моладзь. Пра тых людзей, якім было ў канцы 70-х – на пачатку 80-х гадоў па 14, 15, 16. I ўсе яны, гэтыя маладыя палякі і палячкі, цяпер паводзяць сябе больш радыкальна, чым старыя салідарысты: крытыкуюць Валенсу і іншых «старых» за ўступкі ўраду, нават абвінавачваюць у здрадзе. Так што абстаноўка тут, у Польшчы, не дужа спакойная, і аб гэтым пасведчылі «кракаўскія падзеі»; палякі гавораць, што аб выніках перагавораў за «круглым сталом» таксама цяжка нават здагадвацца… А будуць жа яшчэ і выбары ў сейм!..
Нядаўна было прдведзена анкетаванне сярод шахцёраў, ім прапанавалі адкрыта выказацца, што перашкаджае рухацца наперад краіне, чаго ім не хапае, чаго б яны хацелі. Вельмі многа шахцёраў скардзілася на «замкнутасць», на тое, што пра іх забываюць: толькі і дарогі тае, што з дому да шахты ды з шахты назад. Пра культуру ніхто не дбае. Быццам яна непатрэбна працоўнаму народу. Нават бібліятэкі, так званыя прафсаюзныя бібліятэкі,на прадпрыемствах зліквідаваны…
Нямала мы гаварылі пра творчую інтэлігенцыю, якая расколата тут. Многа сугучнага з нашымі справамі. Неўзабаве ў іх адбудзецца з’езд пісьменнікаў. Але не выключна, што ўзнікае пасля гэтага і другі саюз.
З Мінска сёння прыехаў консул Худзік. Дакладна не ведаю – сёння ці ўчора, але пабачыў яго ўранку ў нашым гатэлі.
Спытаў тым часам пасля сняданку ў бары: «Колькі каштуе бутэлька гарэлкі?» – «Дзесяць тысяч злотых», – адказала прыгожая барменка. «А на долары?» – «Восем-дзесят цэнтаў». – «А на рублі?» – «Рублі не бяром, пан».
Палякі ўсё-ткі здолелі аднавіць каралеўскі замак. Што значыць – народ з ідэяй, што значыць – нацыянальны патэнцыял.
У замку душна, але надзвычай уражліва і нават прыгожа. У адной з залаў размешчаны карціны са збору лонданскага прафесара А. Цеханавецкага. Экскурсаводка расказала, як паміж іншым, і пра такое: пад час сустрэчы таварыша Гарбачова з польскай інтэлігенцыяй з пасольскай залы ў бальную залу, дзе рыхтавалася сустрэча, былі перанесены люстры для мацнейшага антуражу; з таго часу ў пасольскай зале са столі звісаюць голыя электрычныя правады…
Польшча мае на ўвазе выбіраць прэзідэнта. Цяпер думаюць – дзе будзе жыць выбраны прэзідэнт; можа, у каралеўскіх палатах каралеўскага замка? Вядома, пакуло гэтак яшчэ жартуюць. А вось што прэзідэнтам будзе В. Ерузельскі, мала хто сумняваецца.
На праводзінах былі знаёмыя – з нашага пасольства трэці сакратар Алег Бойка, таварышы з польскага міністэрства культуры.
З пісьменнікамі гэты раз у Варшаве сустрэцца не давялося. Ды і то сказаць – многія старыя знаёмыя памёрлі… Іншыя заняты другімі справамі. А ўрэшце – раней жылі мы ўсе неяк дружней.
З Лягніцы па мяне ніхто не прыехаў. Шкада.
Бывай, Варшава! I ці не сама ты таксама знаходзішся паміж сонцам і месяцам?
Пад час перадвыбарчай кампаніі ў народныя дэпутаты СССР.
1989 г.
Гэту назву я запісаў толькі 23 сакавіка. Прыходзіла яна паволі, у ходзе ўсёй перадвыбарчай кампаніі, але з’явілася ў галаве няйначай па асацыяцыі з падзеямі, якія разгортваліся тут у 1944 годзе ў аперацыю «Баграціён»…
Канешне ж падзеі не сумяшчальныя, і назва сапраўды паходзіць толькі ад знешняй асацыяцыі. Можна было б назваць нататкі зусім проста – «Як выбіраўся…».
Я нічога не мяняў у нататках. Толькі нанава прачытаў, каб паправіць скорапіс, звычайныя памылкі ды выкінуць паўторы, якія амаль непазбежныя ў дзённікавым жанры.
Прыехаў у Бабруйск. Мала што змянілася ў гэтым краі з лютага па сакавік. Можа, толькі лапікі снегу ў палях выклікаюць новыя ўражанні…
Зіма сёлета сапраўды сіроцкая.
У Бабруйску вылучылі мяне кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. 26-га адбудуцца выбары. А цяпер – перадвыбарчая кампанія.
Акруговы сход праходзіў яшчэ ў мінулым месяцы, 10 лютага. Жадаючых стаць кандыдатамі ў дэпутаты набралася тады, здаецца, чалавек шэсць. Адзін рабочы сам адпрасіўся, а пяцёра, у тым ліку я, галасаваліся. Дзевяцьсот чалавек вырашалі кандыдацкі лёс. Праз тайнае галасаванне прайшлі двое.
З акруговага сходу найбольш запомнілася атмасфера непрымання «чужога». нават знаёмыя партыйныя работнікі пазбягалі трапляць насустрач. Яшчэ – стрыманыя твары старэйшых людзей, разгарачаныя – у моладзі, якая гатова была гэтаксама глядзець на цябе, каб нават раптам распрануўся ды пачаў танцаваць на сцэне. Дзіўна, але беспадстаўных абяцанняў, на якія надзвычай здольныя некаторыя кандыдаты, найбольш жадала якраз маладая частка прысутных у аўдыторыі. Увесь час бянтэжыў мясцовы шавінізм. Маўляў, навошта нам «чужы», будзем галасаваць за «свайго». А той «свой», намеснік генеральнага дырэктара аднаго з заводаў, вельмі ж удала падаграваў «страсці». Дакладней, не ён, а ягоныя прыхільнікі. Ва ўсялякім выпадку выбаршчыкі пачалі ўсміхацца мне, «чужому», толькі пад канец дня, пасля таго, як выступіў з так званай праграмай і адказаў на мноства пытанняў…
Прызнацца, калі б зараней ведаў, што з гэтымі выбарамі выпадзе столькі душэўнага напружання, нават непрыемнасцей, то не даваў бы згоды вылучацца. Па-першае, справа новая – сёлетнія выбары… пры вялікай галоснасці ды дэмакратыі, па-другое, нікому ты ў гэтай перадвыбарчай кампаніі непатрэбны…
Пачаў я гэтую перадвыбарчую кампанію ў Польшчы. Выступаў там на дзвюх сустрэчах з выбаршчыкамі. I вось цяпер такія сустрэчы пачнуцца ў Бабруйску.
I тады, 10 лютага, на сходзе, калі выступалі выбаршчыкі, і цяпер, з папярэдніх размоў з людзьмі, даводзіцца рабіць вывад, што Бабруйск вельмі абыякавы да словазлучэння «нацыянальная культура»… Здаецца, у гэтым сэнсе 573-я акруга самая цяжкая, можа, на ўсю Беларусь. Між тым канкурэнт мой (ці як гэта называецца цяпер) ужо даўно вядзе перадвыбарчую кампанію, да таго ж, як кажуць, па ўсіх правілах барацьбы; давераных асоб ён таксама падабраў па сабе; словам, баяздольная каманда… Раней мы гэты тэрмін ужывалі толькі ў дачыненні да выбараў за мяжой… А тым часам усіх нас усё жьшцё вучылі быць сціплымі…
Першая сустрэча мая з выбаршчыкамі сёння – у канструктарскім бюро сельскагаспадарчага абсталявання. Канструктары – народ дапытлівы, пісьменны, у меру раззлаваны. I калі паслухаць іх, то нібыта галоўная праблема тут – як знішчыць бюракратаў. Я б і рады быў падказаць, як знішчаць іх, але не ведаю. Незнішчальнае племя яны! Да таго ж трэба адрозніваць бюракрата ад сумленнага прадстаўніка ўлады, кіраўніка завода ці ўстановы. Відаць, найменш бюракратаў цяпер у сельскай мясцовасці. Там людзей проста дзеляць на добрых і дрэнных. Прынамсі, спрадвеку было ў вёсцы так.
Як я зразумеў, у гэтым канструктарскім бюро сярод праблем таксама такая – малыя аклады ў параўнанні з іншымі катэгорыямі работнікаў… Паўсюль чалавек імкнецца да адноснага дабрабыту… Таму амаль усеагульная раздражнёнасць супроць кааператываў.
Многія кааператывы сапраўды разбэшчваюць людзей і настаўляюць супроць улады…
Дзіва, але гэты раз нават у Польшчы, адкуль я вярнуўся на пачатку месяца, не адчувалася такой раздражнёнасці людской супроць існуючых парадкаў, як адчуваецца яна тут, у нас…
Учора, у жаночае свята, прыязджала дачка з мужам у госці да нас. Прывозілі Іванку. Нахадзіліся мы з ім па кватэры і намілаваліся! Бываюць жа светлыя плямкі ў жыцці!..
Уранні, перад выездам у Глускі раён, В. Юшкевіч браў у мяне інтэрв’ю для мясцовых газет. Справа ў тым, што адным інтэрв’ю абысціся тут нельга – у кожным раёне свае праблемы: эканамічныя, нацыянальныя, экалагічныя і гэтак далей. Таму зрабілі праграмы асобна для кожнага раёна, якія ўваходзяць у Бабруйскую тэрытарыяльную выбарчую акругу.
Увесь час цяпер дарога. Усё новае, і да ўсяго трэба прывыкаць. Нядобрае адчуванне бывае, калі раптам прачынаешся ўначы ад шуму за акном і доўга цяміш, дзе гэта ты сёння…
Ужо свеціць сонца. Да паездкі заставалася трохі часу. I я пахадзіў па горадзе – уздоўж ракі, па магазінах… Нават пры гэтым сонцы дымна тут. Над горадам стаіць чадлівая смуга… А бабруйчане пытаюцца: што рабіць нам з гэтым? На 17 сакавіка тут, здаецца, склікаецца сесія гарадскога Савета па праблемах экалогіі. Добра было б, каб дэпутаты па-сапраўднаму паставіліся да праблемы і нарэшце запатрабавалі ад кіраўнікоў горада, ад кіраўнікоў заводаў, прадпрыемстваў спыніць забруджваць горад, атручваць людзей.
У мяне сярод папер ёсць даныя Камітэта па ахове прыроды, якія прымушаюць трывожыцца за людзей…
З Бабруйска на Глуск ёсць карацейшая дарога, але мы падаліся па Слуцкай шашы, а тады недзе за Глушай павярнулі налева. Неўзабаве праз раку Пціч паказаўся Глуск. Па краях яго дымілі трубы фабрык, маслазавода… Мне чамусьці заўсёды думалася, што Глуск – гэта маленькае балотца на зямлі беларускай… Можа, уражанне такое засталося ад даўняга наведання яго, у часы, калі даводзілася адбываць студэнцкую практыку ў газеце «За Радзіму». Тады і дабірацца да Глуска было нялёгка. Ды і сам пасёлак быў вельмі несамавіты пасля вайны… Помню з таго руіны касцёла… Цяпер Глуск пасвятлелы, ёсць вялікія цагляныя дамы, а найперш звяртаюць на сябе ўвагу заасфальтаваныя вуліцы. Людзей тут жыве небагата, таму і мітусні на вуліцах, у магазінах не бачна. Вось калі ўжо ўвечары гараджане пайшлі ў кінатэатр «Арыён», дзе ладзілася сустрэча, у цэнтры стала людна. Пабывалі мы перад вечарам у кніжным магазіне. Шкада, што не знайшлося кніг, а то б няблага пагандлявалі імі ў пасёлку сёння.
Акрамя гарадской сустрэчы з выбаршчыкамі, была яшчэ сустрэча ў так званай лясной школе, калектыў якой вылучаў мяне кандыдатам у дэпутаты.
Многа было пытанняў і ў лясной школе, і ў кінатэатры. Парадавала выступленне мясцовай настаўніцы А. Марціновіч. Некалі, будучы студэнткай БДУ, яна пісала дыпломную па маіх апавяданнях.
Вячэралі мы ў Глуску. У рэстаране. Адразу, яшчэ з першага паверха, у вочы кінуўся прыгожы інтэр’ер. Месца ў рэстаране таксама хапала. I стравы на стол былі пастаўлены смачныя, асабліва дранікі. Але калі даведаліся, што ў рэстаран перароблена царква, апетыт адразу прапаў…
Касцёл у Глуску немцы разбурылі, царкву – час і людзі, а найперш іхняя нядбайнасць і яшчэ чортведама што!..
Паступова складваецца ўражанне, што многія людзі ставяцца да выбарчай кампаніі як да інтэркамедыі. Робяць сур’ёзны выгляд пры ўсім гэтым, а на справе… Бяжы, конік, пакуль не ўпадзеш… Альбо танчы сабе, танчы, а мы паглядзім…
Я меў намер уранні занесці ў гэты сшытак лічбы па экалогіі ў мясцовым рэгіёне. Але ж найбольш жахлівае тут, здаецца, бамбардзіровачная авіяцыя, што размяшчаецца на вайсковым аэрадроме паблізу горада. Увесь час, як мы ехалі з Глуска, так званыя «бігфаеры» ўзляталі ў цёмнае неба і зноў з тым жа вялікім грукатам сядалі на зямлю…
Сёння ў горадзе ўсё роўна як цемнавата. Хмары на небе, і брудная, як імжа, смуга над дахамі дамоў.
У суботу людзі дажылі да выхаднога дня, гэта як свята. Але я па сваіх дамашніх – па жонцы і дачцэ – ведаю, колькі выпадае на гэты дзень працы!.. Калі б ад мяне залежала, то ў суботу б забараніў праводзіць усялякія грамадскія зборы. Працуй, чалавек, па дому, раз у другі дзень не маеш магчымасці, адпачывай…
Можа, таму, што і іншыя людзі гэтак думаюць, на сустрэчу ў музычную школу бабруйчан прыйшло нямнога. Ды і арганізатары, відаць, не надта стараліся сабраць іх, дарма што нас пераконвалі, што інтэлігенцыя – а сустрэча была наладжана з інтэлігенцыяй – паваліць валам…
Было выступленне таксама і ў мастацкім політэхнічным вучылішчы. Тут дзейнічаюць нейкія сілы, якія звязаны з мінскім Народным фронтам… Адна бібліятэкарка проста спрабавала наладзіць абструкцыю… Маўляў, што вы ўсе адно разважаеце, час ужо да канкрэтнага пераходзіць, пара ўжо ўрэшце сказаць, што вы можаце даць тутэйшаму народу… У зале звычайна прысутнічаюць людзі розныя… Былі ў вучылішчы сёння і такія, якія гатовы былі падтрымаць абструкцыю (калі можна сказаць усё-ткі так). Але верх узяў канструктывізм… Эмоцыі былі прыглушаны, пачалася сур’ёзная размова.
У рэстаране ў Бабруйску працуе цікавы чалавек – Мадэст Вульфавіч. Я неяк у часе абеду разы са два пахваліў стравы. Тады і пачуў – дык іх жа задумвае і гатуе повар, які некалі карміў сталінскіх маршалаў! Сапраўды, Мадэст Вульфавіч аказаўся чалавекам вельмі цікавым, разумным і ласкавым.
Увечары, чамусьці ажно ў 20 гадзін, амаль нечакана паехалі на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Гарбацэвічы.
I заўтра таксама вось гэтак – работа, работа… Цяжка, але ж была б гэта сапраўдная работа! А так – барацьба…
Дарэчы, з вясковымі людзьмі, з рабочымі гаварыць лягчэй – няма ў іх той бязмэтнай злосці, што скрозь выплёскваецца цяпер у асяроддзі так званых канторшчыкаў, якія завуць сябе інтэлігенцыяй. Я ўвесь час успамінаю бібліятэкарку з мастакоўскага політэхнічнага вучылішча… Гэтак не паважаць пісьменніка… Амаль ці не крычала: «Я ўсё роўна прагаласую за вашага супраціўніка!» Хоць мы пасля сходу нібыта і паразумеліся з ёю ў гаворцы на калідоры, але я так і не спытаў, чаму раптам у яе з’явілася амаль адкрытая нянавісць. Пісьменнік і кніга – гэта ж у ідэале яе, можна сказаць, любоў!..
Тутэйшае начальства ўвесь час хоча правесці сумесную сустрэчу, сумесны сход двух кандыдатаў у дэпутаты. Але чамусьці выбірае месца ў «маім раскладзе». Між тым практыкі сумесных выступленняў няма. Мы ж ужо «состязались» на акруговым сходзе!
Перад тым як ехаць у Асіповіцкі раён, адбылася сустрэча з выбаршчыкамі ў вайсковай часці.
З вайскоўцамі таксама не цяжка адчуваць сябе. Афіцэры – разумныя, салдаты – дысцыплінаваныя, хоць у вялікай зале нібыта і нязручна было ім сядзець. Маладыя ж, няўрымслівыя. Начальнік палітаддзела пажартаваў з гэтага: яны, маўляў, лепей сябе адчуваюць у страі ды калі яшчэ на марозе.
К вечару кожны раз стамляешся. Нават змена краявідаў і новыя твары не здымаюць стомленасці. Ды і то сказаць – даўно я ў дарозе, спярша ў Польшчы, цяпер вось тут.
Газеты чытаць не паспяваю, радыё няма калі слухаць, нават тэлевізар, які стаіць у пакоі, мала ўключаю.
Думаць надта таксама няма калі – адно прыстасоўваешся ўвесь час да новай аўдыторыі, да новых людзей і па ладу жыцця, і па прафесіі, і па псіхалогіі.
Тым жа часам за межамі Бабруйскага, Асіповіцкага і Глускага раёнаў штосьці таксама адбываецца!
Дамашнія на маю барацьбу за дэпутацтва глядзяць абыякава. Магчыма, нават не спачуваюць. Зрэшты, можа і так быць, што ўзводжу я сваёй гэтакай падазронасцю на іх дарэмшчыну…
Аказваецца, большая палова вайсковых выбаршчыкаў маіх сапраўды знаходзіцца ў Польшчы. Шкада, што не было магчымасці дабрацца да іх у нядаўнюю паездку. Думалася, што са штаба групы войск хтосьці прыедзе ў Беласток ці ў Варшаву ды забярэ мяне, але ніхто пра гэта не паклапаціўся. Тым часам мой канкурэнт нібыта скрозь пагойсаў па тамтэйшых гарнізонах. Ён і тут не прапускае ніводнай магчымасці, каб паказацца ў людным месцы.
У вайскоўцаў таксама свае праблемы. Гэта адчувалася і па тых пытаннях, якія яны задавалі на сустрэчы ў гарнізонным Доме афіцэраў, і па размовах адзін на адзін. Праблемы, праблемы, праблемы… Хто вырашаць іх будзе? Спадзявацца толькі на дэпутатаў?
Дзіўна, але на выканаўчыя, партыйныя органы скаргаў мала. Скаргі на жыццё ўвогуле, на праблемы ўвогуле і на нейкае начальства ўвогуле, якое не хоча ісці насустрач народу, не спяшаецца ладзіць для яго добрае жыцці. Таму іншы раз складваецца ўражанне, быццам хтосьці сапраўды знарок перашкаджае ўсталяванню нармальнага дабрабыту, значыць, ажыццяўленню эканамічнай рэформы, аграрнай праграмы і гэтак далей.
Пікава, калі людзі нарэшце самі зразумеюць, што яны на самой справе яшчэ не гатовы да гэтакай галоснасці, да гэтакай дэмакратыі.
Адвучыліся мы размаўляць з людзьмі, не ўмеем пытацца ў людзей. I, пэўна, не хутка навучымся.
Па дарозе ў Асіповічы паказалася сонца. За Бабруйскам яно зыркае і ласкавае.
На палях ужо моцна зелянее рунь.
Лясы наўкол яшчэ ціхія, але, здаецца, падрыхтаваліся да вясны. Неўзабаве набрыняе жыватворнымі сокамі зямля, і тыя памкнуцца ўгору па дрэвах і травах.
Між тым на рэках сёлета даўно няма лёду.
Што будзе далей з вясной, затым з летам?
Нязвыклую пагоду сёлетнюю дасведчаныя людзі тлумачаць надзвычайнай актыўнасцю сонца, нібыта падобнае не здаралася ўжо гадоў дзвесце.
Не ведаю, ці занатавана ў сшытку, аднак жа ўчора на сустрэчу з творчай інтэлігенцыяй з’явілася мала творцаў… На пустых месцах шмат дзе бялелі лісткі маёй праграмы, дарэчы, якая надрукавана дужа дрэнна. Памойму, выбарчыя кампаніі прайграюцца з-за дрэнна надрукаваных праграм…
У Асіповічах апеку ўзяў нада мной першы сакратар гаркома. Між тым часцей і часцей прыходзіць у галаву думка, што ўсё будзе залежаць ад людзей, асабліва ад старых, якія наўрад ці ўцямяць сабе ўрэшце, за каго ўсё-ткі трэба галасаваць і як паводзіць сябе з бюлетэнем – каго выкрэсліваць, каго пакідаць, і ўвогуле, ці трэба брацца за аловак…
На паваротцы ў Асіповічы я ўспомніў, як шукалі мы колісь з шафёрам адсюль дарогу на Ялізава. Там гарком збіраў чарговы семінар партыйных работнікаў, і мяне папрасілі выступіць перад імі, расказаць аб літаратуры, культуры… Але ж дакладную дарогу мы тады ўсё ж знайшлі.
Вечар у Асіповічах праходзіў у Доме культуры. Дом стары, не дужа ўтульны, аднак народу сабралася многа, месцы былі заняты.
Каманда майго канкурэнта па выбарах ужо следуе за мной паўсюль. Збівае групы ў зале, наладжвае абструкцыі, прысылае амаль абразлівыя запіскі, якія напісаны паўсюль – і ў Глуску, і ў Бабруйску, і ў Асіповічах – адным почыркам.
Прычапіліся нейкія маладыя людзі да Міхаіла Міхайлавіча Анікеева – маўляў, чаму тут, на сустрэчы з Чыгрынавым, людзей многа, а ў Дараганаве, дзе выступаў ягоны канкурэнт, было не так многа. Дзівакі! У Гарбацэвічах я выступаў амаль пры пустой зале.
Уначы балела сэрца, доўга не спалася. А тым часам мае давераныя асобы разам з гаркомамі, райкомамі праграму выступленняў ускладняюць і ўскладняюць. Ужо няма калі падыхаць на поўныя грудзі. Канечне, кандыдат у дэпутаты па цяперашнім часе павінен дайсці да кожнага выбаршчыка. Але як? Якім чынам? Для гэтага неабходна адводзіць на перадвыбарчую кампанію не менш паўгода. Патрэбны таксама сродкі. А на іх дзяржава не дужа шчодрая. Акруговыя камісіі падказваюць кандыдатам – прасіце ў тых калектывах, дзе вас вылучалі. А што будзеш прасіць у школы, у тэхнікума ці маленькай фабрыкі?
Па тры выступленні ўдзень – гэта замнога. Урач у бальніцы, жанчына, мне колісь сказала, прачытаўшы ў газеце, што і я выбіраюся: «Навошта гэта вам, Іван Гаўрылавіч?»
Сёння за вокнамі даўно ўжо грукоча горад. Але калі быць дакладным, то ён зусім мала калі засынае. Такое ўражанне, што аўтамашыны тут гойсаюць уначы нават больш, чым удзень, быццам тут сапраўды патаемнае начное жыццё.
Учора мне расказалі, як канкурэнт дабраўся ў Польшчу. Аказваецца, з генералам, што праходзіць у Бабруйску па нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе, паляцелі туды разам на вайсковым самалёце. Таму вайскоўцы ў Польшчы не сустрэлі мяне ні ў Беластоку, ні ў Варшаве, дарма што была папярэдняя дамоўленасць. Выходзіць, усё проста – навошта быў трэці там?
Ай і людзі, ай і норавы! Як хутка змаўляюцца яны дзеля свае справы! Бачыце, генералу патрэбны галасы ў Бабруйску, дык чаму не дамагчыся іх такім чынам?
Урэшце я пераказваю тое, што пачуў. А як яно на самой справе, пакажа час.
З даверанай асобай (бачыце, як гучыць!) М. Сальнікавым мы наведаліся сёння на фабрыку мастацкіх вырабаў.
Фабрыка невялікая. Вырабляюць на ёй шмат чаго, дакладней, шыюць, плятуць: прыгожыя сукенкі, кашулі; плягуць з суровых нітак адмысловыя сувеніры ў разнастайным выглядзе, пачынаючы ад конікаў… У Бабруйску фабрыка мае свой магазін – філіял мінскай «Паўлінкі».
Пасля сустрэчы з выбаршчыкамі ў цэху – а тут таксама працуюць пераважна жанчыны, нават не пераважна, а толькі жанчыны – галоўны інжынер фабрыкі павадзіла па паверхах. Добра было б, каб і гэтую фабрыку неяк узяць пад апеку Фонду культуры…
Сёння я меў ужо трохі часу пагартаць мясцовую газету «Камуніст». Дагэтуль здавалася, што ўсё жыццё ў горадзе круціцца вакол кандыдатаў у дэпутаты, вакол выбарчай кампаніі. Так, гэта ёсць. Але ж у людзей, аказваецца (калі меркаваць па газеце), хапае тут і іншага клопату: у тэхнікумах адбываюцца чарговыя выпускі навучэнцаў, на заводах выпускаюць па плане прадукцыю, у гарадскім Таварыстве кнігалюбаў адбываецца канферэнцыя; на бюро гарадскога камітэта партыі абмяркоўваецца пытанне аб стане і мерах па ўдасканаленні ідэйна-выхаваўчай работы; у гарвыканкоме ідзе падрыхтоўка да сесіі па экалогіі і гэтак далей.
Што значыць – свае клопаты!.. Свае шоры!.. Асабліва калі не маеш часу азірнуцца навокал, пабачыць, што робіцца ў горадзе, на вёсцы…
У гэтай жа гарадской газеце, гэта значыць у бабруйскім «Камунісце», змешчаны такі вось сатырычны верш:
СЯБРЫ
За столік селі, заказалі
Салянку і з курэй булён.
I ўзялі лыжкі з нецярпеннем…
Вось падсілкуюцца, маўляў.
– Але ж, – заўважылі ў здзіўленні, –
Абед не з тых, як бачна, страў?
Быў у булёне пух курыны,
А ў салянцы – пара мух.
Дарэчы, я дасюль успрымаў тутэйшага Мадэста Вульфавіча за звычайнага, хоць і адмысловага кухара. А цяпер падказалі: ён – загадчык вытворчасці.
Сонца ўсё свеціць на вуліцы і свеціць. Але ўспомнілася раптам з учарашняй паездкі ў Асіповічы. Перад Домам культуры стаіць бяроза, а з падрэзанай галіны капае бярозавік; увесь асфальт пад дрэвам мокры ад соку… Значыць, кляновік ужо адышоў. Цячэ бярозавік. А ў лесе, дзе мы спыняліся па дарозе ў Асіповічы, ніводнага карыта пад бярозамі, ніводнага слоіка, ніводнага цэлафанавага мяшэчка…
Я ўсё думаў, як пройдзе сённяшняя сустрэча ў Доме афіцэраў у Бабруйску. Выйшла проста: не мая была сустрэча з выбаршчыкамі, а сустрэча двух кандыдатаў. Так зладзілі гарком і акруговая выбарчая камісія гэтую сустрэчу…
Нарэшце за колькі дзён уключыў тэлевізар. Пачалася «Калыханка». Іванка, відаць, глядзіць яе ў Мінску. Вельмі ён стаў прыслухоўвацца да такіх рэчаў! Расце хлопчык!
Дзіўна, што нават пасля вячэры сёння ўдалося паглядзець праграму «Время».
Шафёр сказаў, што дарогу ўчора, трынаццатага чысла, перабягала шмат кошак. Але не чорных. Звычайных, шэрых. Тым часам дзень прайшоў нармальна. Хваляванне было, вядома. Напрыклад, з-за таго, што выступленне перад выбаршчыкамі горада мясцовае кіраўніцтва (а ўзяла на сябе ініцыятыву нібыта акруговая камісія) наладзіла сумеснае. Не ведаю, можа, так і трэба паводзіць сябе кандыдату, што лезці ва ўсе шчыліны. Між тым на сустрэчы нічога страшнага не адбылося, асаблівых выпадаў каманда не зрабіла супроць мяне, хоць і ганіла праграму. Дый, нарэшце, канчаткова на тым сходзе высветлілася, што да мяне цікавасці ў бабруйчан цяпер больш. Аб гэтым можна меркаваць па пытаннях, колькі іх паступіла з залы і якія яны. У шуфлядзе маёй сабралася вельмі многа запісак, па якіх можна зладзіць якую хочаш сустрэчу, нават пісьменніцкую.
Учора сёй-той званіў з Мінска. Здаецца, толькі ў Вярхоўным Савеце БССР мяне чакаюць пільныя справы. Адтуль увесь час звоняць і дамоў, і ў Фонд культуры.
Газеты мясцовыя – і гарадскія, і раённыя – часам змяшчаюць сёе-тое на сваіх старонках пра кандыдатаў. Але ў Бабруйску на першых старонках часцей з’яўляецца канкурэнт…
Найбольш мяне бянтэжыць тут, у гэтым горадзе, глухая абыякавасць да культуры. Дзівакі! Думаюць, наядуцца да самай дыяфрагмы і шчасця дасягнуць!..
Учора адзін чалавек з узнагароднымі планкамі на грудзях так і сказаў мне: хто вы – матэрыяліст ці ідэаліст? На дадзеным этапе, сказаў я, ідэаліст, насуперак марксізму, бо людзей ратаваць трэба ад бездухоўнасці, бескультур’я і гэтак далей; ратаваць трэба людскія душы.
Кажуць, што Адамовіч назваў неяк Беларусь «Вандэяй». Але ж калі і ёсць дзе ў Беларусі Вандэя, то ў Бабруйску… Культурная.
Учора я сустрэў тут С. Карпава, былога дырэктара тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча. Некалі з ім моцна расправіліся – на калегіі Міністэрства культуры, дзе я таксама членам, разглядалася пытанне аб становішчы ў гэтым тэатры; члены калегіі ўзялі бок галоўнага рэжысёра Каваліка, а, відаць, дарэмна. Ва ўсякім выпадку ў цяперашняй размове з Карпавым я недзе зразумеў, што мы тады на калегіі паддаліся эмоцыям і не зусім правільна паступілі. Але ж дзе быў да таго сам Карпаў? Чаму не падышоў, не расказаў аб супраўднай сітуацыі ў тэатры? Падыходзіў жа яго сапернік, галоўны рэжысёр!
Цяпер Карпаў без работы. Хоча ўладкавацца дырэктарам Дома культуры на шынным камбінаце. Трэба неяк памагчы яму ў гэтым і мне, раз ужо я ў горадзе тут і сустрэў яго.
Між тым у бабруйскім тэатры справы не наладзіліся. I спектакляў добрых няма, і парадку.
Даўно нічога не снілася ўночы. А сёння раптам убачыў, як капае з белага драўлянага язычка на бярозе сок…
Цікава, ці ёсць якія рэжучыя прылады ў шафёра? Варта было б пакаштаваць па дарозе бярозавіку.
Па тэлебачанні ўсе гавораць пра выбары, пра выбары… I ніхто дакладна не ведае, як іх праводзіць. У Камітэце абароны міру ўчора не дабралі ажно двух дэпутатаў. Ім належала выбраць на пленуме сем, а выбралі пяць. Затое ў савеце калгасаў было вылучана якраз столькі, колькі і належала па так званай квоце.
А мне сёлета выпадае выбраць ажно некалькі дэпутатаў – па акрузе ў Мінску, па Саюзу пісьменнікаў і па Фонду культуры. Канешне ж, недарэчнасць.
Я іншы раз думаю – запісаць бы сюды мае адказы на пытанні, што задаюць на сходах у пісьмовай форме альбо вусна. Нават цікава было б дастаць цяпер некаторыя запіскі з шуфляды стала ды рэстаўрыраваць адказы на іх. А можа, і варта зрабіць гэтак? Але ж дзе знайсці таго часу? Я гэтыя накіды пісьмовыя раблю замест адпачынку.
Па тэлевізары зранку перадаюць спектакль пра Мальера.
А тым часам цяперашняга арганізатара маіх выступленняў М. Ф. Сальнікава ўсё няма. Ведаць бы, што я вольны да абеду, з’ездзіў бы ў лес.
Сват у Старых Дарогах няйначай таксама чакае гэтыя дні мяне ў госці, бо ад Бабруйска туды зусім недалёка. Прынамсі, я абяцаўся прыехаць, ды ўсё не выберу акенца.
Адзін з герояў п’есы пра Мальера раптам сказаў цяпер вось: «Падман заўсёды ў пашане».
Ці не з’яўляецца аўтарам гэтай п’есы М. Булгакаў?
Выраз – класічны. Але ці заўсёды класіка мела рацыю? У кожным разе з гэтага поваду хацелася б паразважаць. I ў рэшце рэшт прыйсці да высновы, што ў падмане сапраўды штосьці заўсёды заключаецца такое, што часта яго лічаць ледзь не выратавальным сродкам, дарма што з’ява гэтая ўвогуле амаральная і ў асяроддзі сумленных людзей заўсёды павінна быць непрымальнай; яе трэба саромецца ўсім людзям; чым далей адыходзіць будзем ад падману адзін аднаго, грамадства, тым больш будзем станавіцца людзьмі. Я і ў гэтай вось цяперашняй выбарчай кампаніі хацеў найперш шукаць у чалавеку чалавечае, тое, што зрабіла яго homa sapiens, іначай навошта было падавацца з прымітыву ў высока- арганізаваную істоту?
Тым часам у народзе кажуць і такое – на падмане далёка не паедзеш. Народ усё-ткі ў цэлым разумнейшы за адну, нават самую разумную асобу.
Сёння ўдалося пагартаць цэнтральныя і рэспубліканскія газеты. Жыццё віруе ў краіне. Ідзе падрыхтоўка да чарговага Пленума ЦК КПСС. У «Советской Белоруссии» змешчаны матэрыял з нарады ў Савеце Міністраў БССР па выніках чарнобыльскай катастрофы. Даныя «Советской Белоруссии» я выкарыстоўваў сёння ў выступленні ў політэхнічным вучылішчы шыннікаў імя Чарняка, Героя Савецкага Саюза, які здзейсніў свой подзвіг у мінулую вайну непадалёку ад Бабруйска.
Пасля таго як разышліся мае будучыя выбаршчыкі і залы, падышла адна жанчына, суровая з выгляду, усё роўна як злосная, сказала: «Да сённяшняга дня я збіралася галасаваць за мясцовага нашага чалавека, а цяпер буду за вас. Спадабалася мне, што вы шукаеце чалавечнае ў чалавеку». Мусіць, яна выкладчыца хут. Я не паспеў спытаць, бо пачалі падыходзіць іншыя кабеты і дзядзькі. Многа пакінуў аўтографаў на так званых вымпелах.
Сонца і сёння ўвесь дзень не ўтрымалася на небе. Яно вось гэтак і робіць – іншы дзень узыдзе, павісіць над зямлёй, а тады раптам пачынае брацца смугой, высокія і суцэльныя хмары паступова захінаюць яго… Да авіятараў, дзе сёння яшчэ трэба выступіць, давядзецца ехаць, здаецца, па дажджы.
Пазваніла сюды ў гасцініцу Людміла Прохараўна. Усе там нашы, у Мінску, жывыя-здаровыя. Іванка, сказала, чакае дзеда.
А можа, і праўда чакае. Усё-ткі ён сапраўды расце.
Заўтра пачатак цяжкой работы пасля абеду. Можа, пашанцуе выехаць на якую гадзіну з горада ў лес.
З М.Ф. Сальнікавым працаваць лёгка. Прынамсі, здаецца, лягчэй, чым з папярэднімі даверанымі асобамі.
Увечары зноў выпала магчымасць пасядзець перад тэлевізарам. Але па ім паказваюць толькі адну праграму – першую ўсесаюзную; кажуць, што ў Бабруйску ідзе таксама беларуская праграма, аднак мой апарат чамусьці не прымае яе.
Ужо колькі часу сяджу, а перадача ўсё пра Англію і пра Дублін. I я чамусьці ніяк не ўцямлю, у чым яе сэнс: што значыць – прапусціць галоўнае…
У гэтую хвіліну мэр Дубліна якраз гаворыць: «Я ўсё думаю, ці рушыла за апошні час чалавецтва наперад?»
Сапраўды, ці рушыла?
Але ж як спакойна, калі не дужа настаўляеш лакатарам вушы ды талопіш на ўсё вочы: у праграме «Время» сёння паказалі каля 40 кітоў, якія самі выкінуліся на бераг і паміралі… Шкада людзей, якія дарэмна гінуць, шкада таксама і жывёлін.
Заўтра ў Беларусі, паказвае тэлебачанне, тэмпература +5, +7.
А якая была сёння?
Пасля праграм «Время» і «Прожектор перестройки» паглядзеў мастацкі фільм «Адзінокі голас чалавека».
Чалавек, які ніколі не злуецца, – проста дурань. Чалавек, які здольны прымусіць сябе не злавацца дарэмна, – мудрэц».
Гэта напісана ў адной з газет. I далей у ёй змешчана такое: «Ніколі не збірайце ў сабе на людзей зла, нават калі яны зрабілі вам непрыемнасць. Зло падобнае пары, можа разарваць вас саміх».
«Шкадаванне аб страчаным дарэмнае».
«Кожны з нас штосьці страчвае на жыццёвым шляху. Мы павінны прывыкнуць да страт».
Няйначай мне таксама трэба прывучаць сябе да паражэння ў гэтых выбарах. Усё-ткі мясцовы шавінізм моцная рэч. У цяперашніх умовах ён амаль неадольны.
Трэба нарэшце ўсвядоміць, што акруга Бабруйская пакуль не для інтэлігентных кандыдатаў. Дарэчы, штосьці падобнае мне сказаў адзін чалавек у Асіповічах.
Вядома, сумна разумець гэта яшчэ да канца выбараў, аднак…
У сувязі з гэтым мяне пачынае хваляваць і вось якая акалічнасць: не перабольшыць бы выдаткі на выбарчую кампанію… Мае памочнікі, здаецца, не зусім адчуваюць гэту маральную небяспеку.
А вось яшчэ адна згадка-выпіска: «Каго больш за ўсіх павінен хваляваць той факт, што кожны год у зямную атмасферу выкідваецца прыкладна 145 мільёнаў тон двухвокісу серы, 250 мільёнаў тон пылу, 70 мільёнаў кубаметраў газу, каля мільёна тон злучэнняў свінцу? Што да іх плюсуюцца дзесяткі тон фторыстых і хлорыстых злучэнняў? Што больш за сто розных рэчываў ідэнтыфікаваны ў якасці забруджвальнікаў паветра, а многія з іх таксічныя?»
Якраз амаль аб гэтым увесь час і гавару тутэйшым людзям. Гавару і пра Чарнобыль, пра страшэнныя вынікі той нядаўняй катастрофы. Але ўспрымаецца ўсё як штосьці дужа далёкае, дарма што і верагоднае. Чарнобыльская радыяцыя для Бабруйска – не грозны вораг. Яна недзе там, далей.
Дарэчы, сонца сёння зусім не паказвалася. Гэта к таму, што я. Здаецца, заўсёды гляджу ў акно – ёсць сонца на небе ці не. Неяк весялей становіцца чалавеку з сонцам. Асабліва калі чакаеш сапраўдную вясну.
Між тым сёння пакуль аніякіх тэлефонных званкоў, быццам ужо і работы няма, быццам ужо і выбары прайшлі…
Што ж, едзем за горад!
Думалася, што ў лесе будзе яшчэ ціха. Не пачуеш ані звера, ані птушкі. Нават вецер не парушыць цішыні, акурат як у той раз, калі мы спыняліся паўз лясной дарогі ў Асіповічы.
З таго часу мінула ўсяго некалькі дзён. Але як перайначылася жыццё ў лесе. Загаманіла птаства, асабліва моцна падаваў голас юрок. Збіраюцца ў зграі крумкачы – лётаюць, крумкаюць па-вясенняму, няйначай бяруцца парамі, каб неўзабаве сесці на гнёзды.
На мурашніку пад сонечным угрэвам ляніва варушацца мурашкі. Вытыркаецца з зямлі сваімі вострымі макавымі галоўкамі сон-трава…
Бярозавік таксама цячэ… Прынамсі, за гадзіну па кроплі паступова з адной бярозы напоўнілася цэлая бутэлька. Але на смак ён не вельмі салодкі.
Ад шашы мы далёка не ад’язджалі. Але ў дзвюх вёсках, тым не менш, пабылі. Звычайныя бязлюдныя вёскі з вялікімі скірдамі дроў каля парканаў. На гародах сям-там ужо нацягнута плёнка на парніках.
Пасярод лесу, трохі воддаль ад вёскі, здаецца, Слабодкі, убачылі вялікія могілкі. Дакладней сказаць, яны займа- юць вялікую плошчу. Але дагледжаныя магілы можна пералічыць на пальцах. Там, дзе дагледжаны яны, ёсць сучасныя помнікі з прозвішчамі. Але скрозь – салдацкія ўдовы, якія дажылі да старых гадоў… Марыля Цыбулькіна ды Марыля Наздра, а далей – Ганна Парушкевіч…
Жахліва хадзіць па такіх могілках. Адразу прыходзіць думка – навошта тады чалавеку было ўвогуле жыць, калі пасля яго нават магілы надоўга не застаецца?
Няма каму жыць у вёсцы, няма каго хаваць на вясковых могілках…
Мне заўсёды было шкада салдатак, якія не дачакалі мужыкоў з вайны. Як жахліва ім, напэўна, жылося! Але цяжэй глядзець цяпер на іх адзінокія, нікому не патрэбныя магілкі…
Апошнім часам высунуты лозунг: зямля – сялянам! Дык, яна, гэтая зямля наша, сялянам была аддадзена ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі… Цяпер трэба ўжо думаць, дзе знайсці тых сялян, якія б узялі зямлю.
А мне ж даводзілася бачыць і добрыя фермы, і руплівых фермераў.
Стаіць сабе някепскі дамок пасярод палёў, каля яго гаспадарчыя пабудовы; у загоне – тэхніка; а каля ганка прыпаркаваны ўласны легкавы аўтамабіль; ад гэтага ж ганка асфальтаваная дарожка кіруецца да вялікай шашы; у дамку, тым часам, газ для кухонных патрэб і гарачая вада… Мый посуд, прымай душ, ванну пасля працы…
А мы хочам па-ранейшаму трымаць селяніна ў брудным кароўніку, у абы-якой хаце і гэтак далей. Нават пра грамадскую лазню не ўсюды паклапаціліся, не тое што пра гарачую ваду ў доме.
Дарэчы, сёння пачаўся Пленум ЦК КПСС па аграрным пытанні. Дойдуць там нарэшце да розуму ці не? Галоўнае, каб сродкі, якія будуць выдаткоўвацца на сельскую гаспадарку (будзем так гаварыць), калі-небудзь дайшлі да селяніна. Здаецца, у гэтым вырашэнне Харчовай праграмы.
Выступленні сёння былі на заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і ў адной з сярэдніх школ з мастацкім ухілам выхавання і навучання. Чамусьці ў Бабруйску скрозь за мной вандруюць эканамісты. Нават у школу адзін такі прыйшоў, усё дапытваўся, як я буду змагацца з камандна-адміністрацыйнай сістэмай. Нарэшце і я спытаў яго: «А як вы змагаліся б, каб вас выбралі дэпутатам?» – «Грашыма, – адказаў ён, – не даў бы ёй грошай». Словам, скрозь канторшчыкі, якія цяпер займаюцца ў краіне вялікай дэмагогіяй. Між тым эканоміка наша «опрокинута» ў першую чаргу па віне эканамістаў, якія блыталі людскія розумы, а разумнага падыходу да вырашэння эканамічных праблем давесці не здолелі… Мой канкурэнт па выбарах таксама эканаміст.
Званіў з Асіповіч Я.Ф. Урублеўскі. Туды прыехалі памагаць мне выбірацца Д. Бугаёў і А. Пісьмянкоў. Што ж, няхай паагітуюць. А то мне ўжо ўсё гэта абрыдла.
Відаць, у Бабруйску цяжка захаваць аб’ектыўнасць… Мала пра мяне агітацыйнага матэрыялу ў горадзе, усё роўна як яго хаваюць ад выбаршчыкаў. Праўда, гэта можа толькі здаецца. Але ў гарком, у акруговую камісію паступаюць такія тэлефонныя званкі…
Хтосьці прынёс у гасцініцу штотыднёвік наш пісьменніцкі «Літаратура і мастацтва», а мне яго перадала прыбіральшчыца, жанчына, якая часта,, калі выпадае хвіліна, размаўляе са мной. На першай старонцы партрэт і сёе-тое з праграмы… Хоць увогуле… Ці мае права ўсё, што мы, кандыдаты, спрабуем даводзіць сёння, дык ці мае права гэта называцца «праграмай»?
Хутчэй бы дамоў! Ужо нават давераная асоба майго канкурэнта ўчора ў школе ўзмалілася: «Хто прыдумаў гэты перадвыбарчы марафон? Хто кіруе ім?»
Сапраўды, мусіць, толькі ў 573-й акрузе гэтакае робіцца.
Прагледзеў нарэшце 10-ты нумар «ЛіМа». Усе старонкі там запоўнены клопатам пра культуру, пра гісторыю, пра мову… Тут, у Бабруйску, толькі пачынаеш пра гэта згадваць, як канторшчыкі пачынаюць чмыхаць… Адна экзальтаваная кабета крыкнула ўчора на заводзе: «Дайце нам спярша наесціся, пасля гаварыце пра культуру!» Я прыгледзеўся пасля да яе – не ўспомніць яна пра культуру нават пры моцным дабрабыце…
Да чаго дайшлі людзі ў век нявер’я!
Сёння ідзе дождж. Ен яшчэ вельмі патрэбны зямлі, якая даўно пазбавілася снегу. Лічы, яго сёлета зусім не было, таго снегу. А зямлі патрэбна вільгаць: і каб наталіцца, і каб ачысціцца… Вялікі кругазварот. Разумець бы яго той жанчыне з завода сельгасмашын… Нельга ўсё жыццё ўцякаць. Няважна ад чаго, але ўцякаць… Ў тым ліку і ад культуры. А тым болыд свядома не прымаць яе альбо не дапускаць да яе.
Здаецца, ужо ногі не хочуць хадзіць, а рукі пісаць. Нават, прызнацца, штаны часам баляць ад бясконцага сядзення то ў машыне, то на сцэне…
Сёння пятніца. Па-ранейшаму ідзе дождж. Як кажуць, не відаць ні неба, ні зямлі, дарма што дождж нагадвае звычайную імжу…
Па ўчарашніх выказваннях на сходзе ў Ялізаве адчулася, што ніхто яшчэ як след не пазнаёміўся з дакладам М.С. Гарбачова на пленуме па сельскай гаспадарцы. Усё яшчэ людзі пытаюцца ў кандыдатаў, як ладзіць далей аграпрамысловы комплекс, каб мець прадукты на стале. А можа, гэта проста ўсенародная гульня ў галоснасць, у дэмакратыю: маўляў, пагавары сам і тым часам дай пагаварыць мне.
Адзін пажылы выбаршчык доўга пытаўся: якія былі ленінскія нормы партыйнага жыцця, бо ленінізм дайшоў да нас у сталінскай інтэрпрэтацыі.
Сапраўды, з часу выхаду ў свет кароткага курса ВКП(б) прамінула ўжо шмат гадоў, але схемы і догмы, якія ў ім знайшлі сабе месца, аказаліся надзвычай жывучымі. Але хто сёння вось так, без вялікай тэарэтычнай падрыхтоўкі па гэтым пытанні дасць вычарпальны адказ аб ленінскіх нормах партыйнага жыцця? Відаць, багата пройдзе часу пакуль ранейшую навалач свежыя вятры прагопяць…
Я ўсё-ткі сапраўды выбраў час наведацца ў Старыя Дарогі. Пастаяў каля сватавых вокнаў, паглядзеў, але чалавечага твару ў іх не пабачыў: і Таццяна Аляксандраўна і Ілья Яўменавіч недзе на працы.
Аказваецца, па дарозе з Бабруйска ёсць і Новыя Дарогі і Старыя Дарогі (гэта дзве вёскі), а ўжо затым пачынаюцца сапраўдныя Старыя Дарогі (горад).
Мне вось падумалася: дарэмна сярод маіх давераных асоб (а іх належыць кандыдату ажно дзесяць) няма эканаміста…
Зараз пайду абедаць, а тады – у Асіповічы, на кардонна-рубероідны завод.
Між тым на бабруйскіх заводах рабочых на сустрэчах амаль не відаць: усё тыя ж канторшчыкі…
Сакратар парткома на заводзе сельгасмашын сумна сказаў: «Рабочыя ж працуюць…» Але ім 26 сакавіка трэба будзе таксама галасаваць!.. Як ім тады разабрацца, за каго кідаць у выбарчую скрыню бюлетэнь?
А нерадвыбарчы марафон, які хтосьці ўвесь час падганяе, працягваецца. Штосьці мне не верыцца, што тыя рабочы і начальнік рудніка, што балаціруюцца ў Старых Дарогах (партрэты іх наклеены скрозь па горадзе), таксама гэтак выступаюць па два разы, а то і па тры кожнага дня, сноўдаючы з раёна ў раён.
Я ўжо, здаецца, казаў, што пад маімі вокнамі тут уваход у рэстаран і мінулую ноч нейкая кабета лямантавала там ледзь не да самай раніцы.
Па тэлевізары, між тым, нейкі вучоны расказвае ў гэты момант пра пчаліны мёд, пра яго лекавыя якасці…
У крэпасці вайскоўцы добра сустрэлі мяне. Зала была поўная.
З крэпасці па вялікім дажджы вярнуліся ў гасцініцу. Тут ужо чакала мяне Л. П. Дома ў нас усё добра.
Мінскія сябры жадаюць мне поспеху ў выбарах – ўсім жа цікава, што з гэтага ўсяго сёлета будзе.
У Гніламёдава ў «Сельской газете» тым часам парэзалі артыкул, тлумачачы, што пра аднаго кандыдата даваць артыкулы не рэкамендуюць. Трэба адразу пра двух. Але хто не рэкамендуе? Я ж не заводскі эканаміст, а пісьменнік, пра якога газеты і часопісы заўсёды змяшчалі артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты… Значыць, хтосьці ведае пра ўсе нашы планы, калі дарэчы такі выраз і ўплывае на ход выбарчых спраў у Бабруйску нават праз Мінск.
Пасля абеду ездзілі на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Лапіцкі сельсавет, гэта на Асіпоўшчыне. Быў дождж, людзей сабралася небагата. Але там далучыліся да нас Д. Бугаёў і А. Пісьмянкоў.
Калі ўвечары лёг спаць, званіў у пакой гасцінічны нейкі добразычлівы выбаршчык, з ім размаўляла Л. П.: казаў, што ў горадзе амаль не відно агітацыйнага матэрыялу майго, паўсюды толькі Б.; дрэнна, на яго думку, працуюць мае давераныя асобы, – так чалавек сказаў.
Я толькі цяпер пачынаю разумець, што ад каманды ў такой справе шмат залежыць і недаацэньваць гэтага нельга: страты ўжо цяпер навідавоку.
Я.Ф. Урублеўскі расказаў, як праходзіць перадвыбарчая кампанія ў іншых акругах на Магілёўшчыне. Канешне, такой мітусні і знарочыстасці, як тут у нас, здаецца, няма нідзе, але ў Шклове адзін кандыдат у дэпутаты нібыта палохаў мясцовае начальства: «Як я – сірата, то мне ніхто не памагае, а як ён вялікі начальнік (гэта яго канкурэнт), то за яго ўсе; вось паеду да Генеральнага сакратара..» А на таго Генеральнага сакратара на самога народ наракае: маўляў, наладзілі ў сябе ў ЦК нейкія дзіўныя выбары; няхай бы да народа ішлі, няхай бы народ іх выбіраў; маўляў, спалохаліся народа… Нездаволена некаторыя гавораць і адносна таго, што «не перастаюць чапіцца да Ельцына…».
Пасля двух дажджлівых дзён сёння зноў выбліснула сонца.
Прыехаў з Масквы В. Юшкевіч. Там, у СФК, выбралі народным дэпутатам СССР М.А. Савіцкага… Моцна супраціўляліся некаторыя сілы з Беларусі гэтым выбарам…
Нават тут да мяне запіскі прыходзілі: навошта Беларускі фонд культуры вылучыў Савіцкага кандыдатам у народныя дэпутаты?
Сёння я выступіў перад ветэранамі вайны і працы ў гарнізонным Доме афіцэраў, а таксама ў клубе (ён знаходзіцца на заводзе імя Леніна) яўрэйскага таварыства.
Часу пісаць не было.
Здаецца, 20-е чысло – першы дзень у часе выбарчай кампаніі, калі я зранку не ведаю, што буду рабіць удзень. Парадак выступленняў па раёнах на гэты тыдзень (а зараз панядзелак) ці то яшчэ зусім не выпрацаваны, ці то не ўзгоднены паміж Бабруйскам, Асіповічамі, Глускам… Найменш, бачыце, даводзіцца выступаць у Глускім раёне… Увесь час мяне трымае ў сілавым полі Бабруйск, зрэдзь выпускаючы таксама ў Асіповічы, дзе перадвыбарчыя страсці, бадай, кіпяць не менш, чым тут. Там прыхільнікі другога кандыдата (а няхай і першага, па алфавіту) усё бяруць загрудкі райком, маўляў, Ч. ствараюцца ў раёне лепшыя ўмовы… Штосьці не адчуваю я іх, тых лепшых умоў.
Бабруйску 600 гадоў. Па такім узросце горад з насельніцтвам 300 тысяч чалавек павінен ужо быць сфарміраваны ва ўсіх адносінах. I тым не менш, акрамя вялікіх заводаў, якія варта, альбо закрываць з-за шкоднасці, альбо па-сапраўднаму рэканструяваць, гэты старажытны горад нічога, па сутнасці, не мае. Я з асаблівай пільнасцю пагартаў кнігу «Бабруйск», што выдадзена да гарадскіх угодкаў. Здаецца, пра ўсё ў ёй напісана – і пра гісторыю горада, і пра прамысловасць, і пра культуру, як яе разумеюць тут; успомнены людзі, якія адыгралі выдатную ролю; расказана ў кнізе таксама пра карысныя выкапні і прыроду; словам, здаецца, пра ўсё-ўсё. Аднак агульнага ўражання пра горад няма. Гісторыка-культурны воблік Бабруйска адсутнічае. Бадай, яно і на самой справе так. Раней мы шмат пацвельваліся з гэтага горада на Беразіне, як з яўрэйскай сталіцы. Але ж і яўрэйскай сталіцай Бабруйск не стаў. Нават яўрэяў цяпер тут не дужа людна. А храмаў іхніх зусім не відаць. Мясцовае яўрэйскае таварыства праводзіць сваю культурную работу ў клубе завода імя Леніна. Учора там удзень адбылася сустрэча Мінскага таварыства яўрэйскага, што адкрылася пры Беларускім фондзе культуры, з Бабруйскім яўрэйскім таварыствам. Мінчане прывезлі сюды выдатны канцэрт: літаратурна-музычную кампазіцыю. Удзельнічалі ў ёй Рыгор Рэлес, выдатны яўрэйскі пісьменнік; таксама скрыпач, народны артыст рэспублікі Леў Гарэлік; узначальваў брыгаду, калі можна назваць яе так, Май Вульфавіч Данцыг, старшыня Мінскага таварыства і выдатны беларускі мастак, прафесар. На пачатку той сустрэчы далі слова мне, дзе я павітаў гэтую новую і, здаецца, вельмі канструктыўную па цяперашнім часе з’яву.
Літаратурна-музычная кампазіцыя была зладжана вельмі прафесійна і па змесце, і па форме. Мы з Л.П. праслухалі яе да канца. Склалася ўражанне, што яўрэям, калі будуць на тое спрыяльныя ўмовы, калі будзе, нарэшце, працягвацца перабудова, найхутчэй, чым іншым, удасца аднавіць сваю разбураную культуру: у іх моцны кадравы пласт, які цяпер працуе ў іншых культурах, але гатовы ўзяцца і за сваю. Многія яўрэі ў часе канцэрта сядзелі ў зале са слязамі на вачах. Вядома, старыя. Але было на сустрэчы нямала моладзі, нават дзеці. I адзін маленькі яўрэйчык павітаў артыстаў на сваёй мове…
Між тым Л.П. прывезла з сабой з Мінска табліцу маіх біярытмаў. Недзе яна зрабіла такую табліцу. Дык па гэтай табліцы на гэтым тыдні ў мяне самы нізкі ўзровень інтэлектуальных сіл, але патрохі павышаецца фізічны тонус і эмацыяльны… Стан інтэлекту лічбы сапраўды паказваюць самы нізкі. Крытычныя дні ў гэтым месяцы, здаецца, мінулі ўжо, аднак трэба асцерагацца 25 сакавіка, 29-га і асабліва 30-га.
Верыш ва ўсё гэта альбо не верыш, аднак пры такім жыцці, якое цяпер у мяне, насцярожвацца мусіш…
Думаў я, што апошні тыдзень перад выбарамі прынясе палёгку. Але дзе там. Толькі што паказалі графік выступленняў да 25 сакавіка, і ў маіх вачах зноў пацямнела. Добра, што хоць сёння не вялікая загружанасць у гэтым сэнсе.
Маіх партрэтаў на выбарчай акрузе няма. Усё другі кандыдат. Яго каманда апантана прагне перамагчы. Ну, а далей што? Свежыя кандыдаты ў дэпутаты яшчэ не ўяўляюць сабе адказнасці, якая настане потым: паабяцаць і не выканаць – гэта страшней за ўсё. Тады дэмагогію людзі ў разлік не возьмуць.
Паказалі мне сёння «Сельскую газету», дзе была зроблена кастрацыя артыкула У. Гніламёдава. Некаторым дужа хочацца зраўняць усіх. Такой непавагі да сябе як да пісьменніка я яшчэ, здаецца, не сустракаў…
Над горадам стаіць смуга, але сонца патроху разганяе яе.
Сёння панядзелак, тэлевізар маўчыць. Беларускай праграмы я даўно ўжо не бачыў. Ды і тое сказаць – перадачу пра мяне камітэцкае начальства не дазволіла стварыць…
Пахадзіў трохі па горадзе: дзень светлы, зрання яшчэ прахалода пануе на вуліцах. Шмат у якіх магазінах прадаюць добрых атлантычных селядцоў, таксама марожаную рыбу; па кааператыўнай цане лёгка купіць тут каўбасу; ёсць на лядах яблыкі; казаў хтосьці раней мне, што вокам не ўбачыш у Бабруйску такія прадукты, як маянэз; ёсць сёння ў прадуктовых магазінах і маянэз; ляжаць пад шклом куры, свежыя галовы; шмат рознага печыва… I шмат разам з гым незадаволенасці. У чарзе людзі бурчаць… Пэўна, час такі настаў, што без гэтага не абысціся: доўга ж, вельмі доўга маўчалі!.. Адсюль і незадаволенасць, цяперашняя ўсямодная – і ранейшым, нават зусім даўнім, і сучасным… Учора была адна запіска да мяне ў часе сустрэчы: дзе кормяцца члены гаркома?
Але ж нямала незадаволенасці на кіраўніцтва, на стап рэчаў дарэмнай. Часам незадаволенасць гэта выяўляецца па прынцыпе: бачыш воўка ці не ў аблаве, але ўсё роўна крычы – ату яго!
Над уваходам на выбарчыя ўчасткі паўсюды чырвоныя палотны: 26-га ўсе на выбары. Але маіх партрэтаў, ну тых, што надрукаваны на самаробных плакатах, на вуліцах няма. Дарэчы, як няма партрэтаў і таго генерала, што балаціруецца па нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе…
Сёння я на паўдня пакінуты маімі памочнікамі сам-насам. I, ведаеце, няблага пачуваеш сябе ў такім стане.
Думаю, што асноўны стрэс настане 27 сакавіка (а можа, яшчэ і 26-га, цяпер жа падліковыя камісіі пачынаюць працаваць рана). А там – новае жыццё! Галоўнае – не паддацца зноў якой-небудзь спакусе, што часцей не ад цябе нават залежыць… Пара аддацца цалкам пісьменніцкай справе. Нават ад работы ў Фондзе варта патроху вызваляцца. А то я думаў, што хоць тут мая работа па-сапраўднаму будзе ацэнена так званай грамадскасцю. Ды дзе там? Адзін шыз увогуле аб’явіў галадоўку, пакуль я ездзіў з Я. Вайтовічам ды У. Гілепам па Польшчы.
Няйначай хтосьці хоча мець надзейную ўстанову, пячатку, рахунак, бланкі і гэтак далей. Таму рвецца да ўлады ў Фондзе, дэстабілізуючы ў ім абстаноўку, якая дасюль была спакойная і канструктыўная.
Але ж да стваральнай працы ў нацыянальнай культуры неабходна быць падрыхтаваным. Многія з нас далёка не канструктыўныя людзі і па сваёй прыродзе, і па светапоглядзе, многія з нас – дыструктыўныя, вельмі хочацца сяму-таму адпомсціць суседу ці знаёмаму за свае няўдачы ў жыцці; замест таго, каб увесь час насіць усярэдзіне злосць ды хаваць яе да пары да часу, трэба працаваць, працаваць сціснуўшы зубы. Няма вялікага без гэтага малога – паўсядзённай працы, якая можа выяўляцца у розным выглядзе, у розных формах.
Пішу гэта і лаўлю раптам сябе на думцы – ці не станаўлюся вось такім чынам яшчэ адным маралізатарам?
Але чым жыве сёння свет? Газет у кіёсках купіць не ўдалося. Тэлевізар чалавечага голасу таксама не падае, толькі трашчыць сабе. I я ўсё не маю магчымасці спытаць у мясцовага кіраўніцтва – як прайшла сесія гарадскога Савета па экалогіі? Праблем жа ў Бабруйску шмат!
Сустракае мяне ўвечары на вуліцы незнаёмы чалавек, усміхаецца як трэба, тады пытае: «Вы, таварыш Чыгрынаў, яшчэ ў Бабруйску?» – «Так», – адказваю я. «Дарэмна вы марнуеце час. Ехалі б дамоў, бо ўсё роўна не пераможаце ў нас. У нас тут свой патрыятызм». Дзіва што! Мясцовага шавінізму тут сапраўды даволі, бо патрыятызм без сапраўднай культуры не бывае.
Няйначай чалавек прысутнічаў на нейкім сходзе, дзе я выступаў, таму пазнаў на вуліцы. Аднак мог бы і змаўчаць на ноч.
Тым часам можна падумаць і так: мне іхні мясцовы патрыятызм не падабаецца, тым больш што на гэта ёсць прычына, але ж і ім, бабруйчанам, наўрад ці спадабаецца, як прачытаюць некалі пра маё вызначэнне іхняга патрыятызму: мясцовы шавінізм.
Выступаў я сёння ў цэху Бабруйскай швейнай фабрыкі імя Дзяржынскага. Мае памочнікі тым часам прыехалі з завода сельгасмашын: аказваецца, тут амаль у гэты ж час выступалі ажно два кандыдаты у дэпутаты – генерал і намеснік дырэктара завода.
Цяпер я канчаткова пераканаўся, чаму мяне не сустрэлі ў Польшчы на вакзале вайскоўцы. У Паўночнай групе войск у той час трэці кандыдат сапраўды непатрэбны быў…
Відаць, усё-ткі меў вялікую рацыю той незнаёмы чалавек, які ўчора спытаў на вуліцы: «Вы, таварыш Чыгрынаў, яшчэ ў Бабруйску?..»
У сем гадзін хтосьці пазваніў па тэлефоне. Я ўзяў трубку – толькі дзінькнула. Патроху пачаў збірацца на дзень. Настрой чамусьці паганы, можа, таму, што сніліся благія сны…
Відавочна, што з прыездам трэцяга кандыдата сюды (праўда, ён ідзе па асобным бюлетэні, выбіраецца па нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе: можна ўявіць сабе, па такой акрузе балаціруецца не беларус, да таго ж вайсковец) перадвыбарчая кампанія моцна ўскладнілася. Ад нечаканага альянсу генерала і намесніка дырэктара завода ў многіх бабруйчан, якія прысутнічаюць на сходах, вочы лезуць на лоб… Начальства мясцовае таксама, здаецца, канчаткова страціла сваю аб’ектыўнасць. Нарэшце на тварах з’явіліся несхаваная радасць і ўзрушанасць…
Цікава, як і калі прайграюцца выбары? Таксама, як і вайсковыя бітвы. Дык апошнія прайграюцца далёка ад месцаў правядзення іх.
Прайграў я, відаць, таксама не ў Бабруйску свае выбары, а ў той жа Лягніцы…
Кажуць, сакратар Першамайскага райкома нават адкрыта заклікае партыйных работнікаў праводзіць агітацыйную работу супроць Чыгрынава…
Вось ужо праўда дык праўда – іх многа, а я адзін!..
Пазваніла з Мінска Л.П. Даехала яна дамоў у нядзелю прыстойна. Яшчэ ў той жа вечар наведалася ў Вяснянку. Іван убачыў партрэт мой на вымпеле, сказаў: «Дзе-дзя». Але няйначай па нейчай падказцы…
Газета «Камуніст» надрукавала сёння маё інтэрв’ю. Бабруйская ж раённая газета «Трыбуна працы» змясціла амаль такое ж інтэрв’ю 16 сакавіка, у чацвер.
Тым часам газета «Советская Белоруссия», якую я купіў у кіёску ўранні, змясціла вынікі выбараў дэпутатаў ад партыі. Лігачоў атрымаў больш за ўсіх галасоў супроць – ажно 78; Якаўлеў – 59; Гарбачоў – 12; Рыжкоў – 10…
Зноў дзень выдаўся сонечны. Хтосьці ў кафэ сёння ў часе сняданку насіў букет сон-травы. Значыць, расцвіў наш беларускі падснежнік…
У дванаццаць (да 13-ці) гадзін пабывалі мы на заводзе гумавых вырабаў. Якія цудоўныя людзі там – рабочыя!
Было сярод іншых і такое пытанне: ці не здаецца вам, што ў Бабруйску да вас нядобра ставяцца, што да вашага канкурэнта мясцовыя ўлады адносяцца лепей?
Цікавыя на заводзе маладыя рабочыя. Пасля сустрэчы яны нават да выхаду з завода праводзілі нас. I ўсё гаварылі, гаварылі. І пра дэмакратыю, і пра галоснасць… Праўда, што пра гэта ўсё цяпер умеюць гаварыць. Але хлопцаў хвалюе і такая праблема – як захаваць памяць грамадскую, як зберагчы помнікі гісторыі і культуры…
Апошняй сёння адбылася гаворка ў рэдакцыі газеты «Камуніст». Сюды прыйшлі таксама супрацоўнікі «Трыбуны працы». Некалі ў «Камунісце» працавала багата пісьменнікаў, у тым ліку такія, як М. Лынькоў, Б. Мікуліч…
На вуліцы ідзе дождж. А я збіраюся на сустрэчу ў тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча.
Раптам пазванілі з завода (па вырабе скур), што ў 12 гадзін трэба выступаць. Але ж чатыры выступленні на дзень? Хто гэта вытрымае, які чалавечы арганізм?
Генерал, між тым, выступіў у акрузе чатыры разы і паляцеў сабе ў Польшчу.
Прыязджаў сёння ў Бабруйск Мікалай Чаргінец, і мы з ім неблагі вечар наладзілі – вечар-сустрэчу з моладдзю горада. Было на вечары шмат людзей, было многа пытанняў, маладых усмешлівых твараў. Прызнацца, я не дужа верыў, што столькі збярэцца на вечар маладога люду.
Былі і людзі Б. Асабліва даймаў бруднымі пытаннямі выкладчык аднаго з тэхнікумаў.
Мікалай Іванавіч начаваць паехаў у Мінск.
Заўтра ўранні, здаецца, спярша трэба будзе ехаць у Асіповічы. Але сёння на вечары з моладдзю Бабруйска мне вельмі дапамагаў адказваць на пытанні адзін малады хлопец. Цікава ведаць, хто ён?
Уласна кажучы, нататкі гэтыя можна канчаць, калі не здарыцца чагосьці нечаканага альбо вартага запісу.
Ехаць дамоў буду заўтра, 24-га.
Дык дзе ўсё-ткі прайграюцца бітвы? Відавочна адно, што прайграюцца яны няйначай яшчэ задоўга да таго дня і таго месца, дзе адбываюцца.
Між тым усе мы дасюль хацелі больш дэмакратычных выбараў. Значыць, нават накладныя выдаткі гэтай выбарчай кампаніі пойдуць на карысць грамадству.
Аказваецца, жыццё ў кожнай сваёй праяве сапраўды вельмі павучальнае. Шкада толькі, што гэта ягоная школа адбірае час і здароўе і такім чынам скарачае справы і само жыццё…
10 гадзін уранні.
Што ж было самае непрыемнае ў выбарчай кампаніі? Стаяць перад людзьмі і думаць – калі гэта я здолеў разладзіць людское жыццё ў краіне, падарваць эканоміку і разбурыць культуру? Бо з другіх гэтага не пыталі. Іх са мной не было. Таму пыталі з мяне, няйначай атаясамліваючы недзе з усімі іншымі бюракратамі. А я ж усё жыццё пісаў: апавяданне за апавяданнем. раман за раманам, п’есу за п’есай. Значыць, не ўсе іх чыталі!..
НА АДПАЧЫНКУ У ДОМЕ ТВОРЧАСЦІ ПІСЬМЕННІКАЎ ІМЯ РАЙНІСА Ў ЛАТВІІ.
1989 Г.
Толькі на краі Беларусі, нібыта ў прамыінах, якія ўтварылі няўшчуканыя дажджы, што доўжыліся, бадай, болей за тыдзень, дык толькі на краі Беларусі, дзе пачынаюцца літоўскія палеткі, дарэчы, такія ж, як і беларускія, паказалася зямля, скрозь у вялікіх, рознакаляровых і шматстайных лапіках. Ад беларускай мяжы яшчэ не відно літоўскіх хутароў – яны там, дзе Куршская каса і далей, да самага латышскага ўзбярэжжа. Нашы землі – беларускія і літоўскія – у прыграніччы аднолькавыя па выглядзе, па беднасці і па багацці… Чаму раптам на першым месцы беднасць? Можа, таму, што праз усё жыццё, да самага сталага ўзросту, спадарожнічала мне беднасць. Часам людзі ўспамінаюць заможнае даваеннае жыццё, але і з таго жыцця маё дзяцінства вынесла нястачу, вядома, непараўнальную з сапраўднай нястачай, якая была пасля; і ўсё-ткі дастатку, як кажуць рускія, немагчыма прыгадаць сёння з таго даваеннага жыцця, чамусьці помніцца пракіслая рэдкая бульба надвечар і добра, калі забеленае варыва, якое цяпер у нас завецца «шчамі», ды бульбяныя скрылі; мяса і рыбу амаль не ўспамінаю на нашым стале, вакол якога сядала, акрамя бацькі і маці, пяцёра; сярод іх я, можна сказаць, сярэдні, бо перада мной у нашай сям’і было два хлопцы і пасля мяне хлопец і дзяўчына; і тым не менш вялікую рыбіну помню – сома. Яго неслі туманным ранкам у вёску мой бацька і яшчэ адзін чалавек, Сіманёнак, вясковы прапойца, які не прапускаў ніводнай кампаніі, нават калі гэта датычыла звычайнай талакі. Сом быў вялікі, даставаў ад чалавечых плячэй да зямлі; як смажылі сома, як елі яго і колькі ў нас сядзела гасцей за сталом тады, таксама не ўтрымала памяць, адны расказы засталіся пра тое, дзе злавілі велікаборскія мужыкі вялікую рыбіну: быццам бы сом нейкім чынам сам выкінуўся на водмель на Доўгай (так звалася ў нас вялікая лукавіна насупраць Клеявіч, вёскі, а найперш старажытнай людской стаянкі, дзе археолагі знайшлі косці маманта і шмат яшчэ чаго ад чалавечага жытла) і нема енчыў скрозь усю ноч, пакуль не вызвалілі яго з палону; вызвалілі, вядома, на смерць і на спажыву. Затым былі зусім галодныя гады пасля мінулай вайны, якую мы завём Айчыннай. Здавалася б, голад найбольш павінен быў адчувацца ў вайну, але ж – не. Падзяліўшы калгасныя палеткі, мужыкі ў нас, дый не толькі ў нас, можна сказаць, раскашавалі; спярша з таго ўраджаю, што быў вырашчаны калектыўна, пасля з таго, што сеялі і жалі на сваіх, аднаасобных палосах. Прынамсі, тады нават з нішчымніцай у нас не жылі, дарма што хваліцца ваенным часам усё роўна як і грэх, тым больш што недасол на стале адбіваў смак ад стравы. Гэта мала сказаць – недасол, проста падоўгу не было ў гаспадарцы ані драбка, ані шчопця солі, ужывалі замест солі мінеральныя ўдабрэнні, якія прадавалі на чыгуначнай станцыі ў Бялынкавічах немцы; харч ад мінеральных удабрэнняў атрымліваўся горкі, дарма што іх вельмі вымочвалі, кіпяцілі, каб пасля даліваць у тое ж варыва.
Але няхай яе, тую беднасць!..
Тым больш калі ляціш у сучасным самалёце. Не ведаю, як каму, а мне заўсёды было надзвычай цікава глядзець на зямлю са шматметровай вышыні: яна там, унізе, пакорлівая і падрабязная. Так, менавіта падрабязная, злашча што выраз гэты – падрабязная – наўрад ці дакладна перадае сэнс; між тым уся справа, уся сутнасць у параўнанні. Помню, як быў здзіўлены, калі даўным-даўно, яшчэ ў маладосці, убачыў з двухкрылага самалёціка вяроўку, на якой нейкая кабета вяла з вёскі карову… Пасля гэтага я ўсё часцей і часцей пачаў прыглядацца зверху да зямлі, нібыта чытаць нанава яе прасторы, каб нанава пазнаваць. I зноў дзіва – чамусьці раптам зрабіў для сябе адкрыццё, дзе яго не павінна было быць, у кожным разе, так мне цяпер здаецца: аказваецца, з самалёта, калі ляціш на невялікай вышыні над лесам, таксама вельмі добра праглядваецца зямля, нельга там схавацца, у тым лесе, ад вачэй зверху. А дзіва было якраз у тым, што ў вайну я адзін раз хаваўся ад самалёта ў лесе, думаў тады, што гэта мяне і выратавала… Мы, жывучы на зямлі, не толькі шмат што не ўлічваем у дачыненні да неба, але і памыляемся… Усе мы на зямлі безабаронныя і кволыя… Пакуль толькі пад зямлёй нас не відаць. Толькі там мы можам схавацца. Бадай, толькі той раз, калі ўсвядоміў збольшага гэта, пачаў разумець радок з яршоўскай казкі: проціў неба – на зямлі…
Вось і цяпер думаў схавацца на беразе Рыжскага заліва ў знаёмым пісьменніцкім доме, дзе іншы раз няблага працавалася, але дзе там! Не паспеў узысці па нізкім трапе ў «АН-26», як акурат самахоць вярнуліся штодзённыя згрызоты; пачало рупіць і адно, і другое, а ўсё чужое, не маё, гэта значыць не пісьменніцкае; і гэтак здараецца ўжо амаль кожны раз, калі пускаюся на ўцёкі; нездарма таму апошні час пачынаю лавіць сябе на думцы, што неяк непрыкметна, сам таго не ўсведамляючы, моцна задаўжаў людзям… Калі толькі паспеў? I ў каго пазычаўся, каму падраджаўся? А ўсё няйначай з тае прычыны, што чужы клопат, чужы цяжар гэтаксама вагу вялікую маюць, як і свой, можа, нават большую.
Стварылі мы пры Фондзе культуры, напрыклад, новы кааператыў, у які аб’ядналіся архітэктары. Жанчыны (а ў кааператыве сапраўды ўсяго адзін мужчына) былі ўдзячны нам, што далі работу. А цяпер раптам ад іх пасыпаліся скаргі, маўляў, і тое не так, і іншае патрабуе лепшага; ды і ўвогуле «Народны фронт раіць (гэта са слоў архітэктараў-кааператыўшчыкаў) нам паўстаць супроць Фонду культуры». А што азначае «паўстаць», сказаць жанчыны не могуць, дый не здольныя яны нешта пэўнае ўцяміць у цяперашніх грамадскіх адносінах. Адна злосць – і таму, што справа не атрымліваецца, і таму яшчэ, што дачыненні людскія вельмі моцна ў апошні час ускладніліся; вось і выплёскваецца з сярэдзіны скразная злосць. Шкада будзе, калі і гэты кааператыў, як кааператыў «Няміга», створаны трохі раней, давядзецца закрываць. (Нядаўна «Няміга» дала ў «Вячэрнім Мінску» аб’яву, што «прадае скуры для пашыву верхняга адзення»). Дык хіба ж мне займацца такімі пытаннямі? Асабліва калі ўлічыць, што неабходна ўжо сёлета брацца за рэканструкцыю фабрык, а іх у нас, у Фондзе, дзве – Бабруйская і Маладзечанская.
Шмат і іншага клопату ў Фондзе, дальбог жа, не культурнага, тым больш пісьменніцкага, нават наадварот.
Гэта што датычыць Фонду культуры. А ўчора ж газеты надрукавалі склад Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па падрыхтоўцы Закона аб статусе моў, на якіх размаўляе насельніцтва ў нас, значыць, беларускай, рускай, яўрэйскай, украінскай, татарскай, літоўскай, польскай… Здаецца, на большае нас не хапіла. Другіх жа моў мы ў Беларусі, бадай, не займелі. Калі Пастаянная камісія па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета на сваіх пасяджэннях пачала скіроўваць (псіхалагічна) думкі грамадскасці на тое, каб сапраўды надаць беларускай мове статус дзяржаўнай, то была выказана прапанова аб стварэнні групы, якая б падрыхтавала закон. Але ў нас заўсёды так: пагоняць зайца па крузе – выйдзе слон; пагоняць гэтага слана далей па тым жа крузе – выскачыць заяц (дарэчы, амаль што так казаў я і на адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР у канцы ліпеня). Дык вось, з тае нашай групы ў інстанцыях нарадзілася камісія ажно ці не з пяцідзесяці чалавек. А людзі цяпер чытаюць прозвішчы членаў камісіі, паціскаюць плячамі (не ўсе ім падабаюцца, не ўсім давяраюць), звоняць, лаюцца; прапановы Пастаяннай камісіі аб статусе патанаюць не толькі ў грувасткай структуры новай камісіі, але і ў яе мэтанакіраванасці, якая дужа няпэўна сфармулявана ў загалоўку.
Але неяк жа будзе!
Бачыце, гэта таксама згрызоты! I самае няўцешнае тое, што можна пералічваць іх амаль бясконца…
Я ўжо недзе ў падобных сваіх запісках, ну, такіх, як гэтыя, што вяду цяпер, адзначаў, што жанр іх, калі дзённікавыя нататкі правамерна адносіць да літаратуры, як і ў тканіне, лёгка дазваляе мяняць аснову і ўток, нават не мяняць, дакладней, пераналаджваць; ні ў аповесці, ні ў рамане, ні ў п’есе звычайна не адважваешся парушаць плынь апавядання, а тут сягай сабе думкай куды хочаш. Так і выходзіць у мяне сёння – пачаў з таго, што бачыў з ілюмінатара самалёта беларуска-літоўскае прыгранічча, затым узяўся расказваць, як падабаецца мне глядзець увогуле на зямлю зверху, чытаць яе нанова, і зусім непрыкметна, хутчэй за ўсё – нечакана, перайшоў да розных жыццёвых згрызотаў, спрабуючы ўмясціць у гэта слова і жыццёвы клопат, і надзённыя праблемы, звязаныя з працай, і ўсё іншае. Відаць, дала адчуць сябе не толькі звычайная чалавечая нястрыманасць у разважаннях, аднак у не меншай ступені няйначай таксама дало адчуць сябе памкненне ўнутрана выгрузіцца адразу, як кажуць, за адно прысяданне да пісьмовага стала.
Дык вось з гэтай маёй цягай назіраць зверху за зямлёй… Над Рыгай пралятаць ужо даводзілася не адзін раз, праўда, кіруючыся заўсёды з Масквы, а не з Мінска. Але ніколі не шчасціла дасюль бачыць, як імкне наша Заходняя Дзвіна, а па-тутэйшаму – Даўгава, у мора. Чалавеку рэдка калі шанцуе паглядзець і на выток адной і той жа ракі, і на вусце. А мне выпала гэта радасць. Пабачыў, дзе ўзнікае Дзвіна-Даўгава, дзе губляецца. Тым часам сваю родную Бесядзь пакуль ведаю толькі па вытоку ды сярэднім цячэнні.
Над Балтыкай, між тым, ужо другі дзень вісяць дажджлівыя хмары. Зямля змакрэлая ўся. Мора пахмурае, хоць хвалі невялікія, пялёхкаюцца ледзьве-ледзьве. Гэта кінулася ў вочы яшчэ з самалёта. Акурат такімі ж яны, амаль сталёвымі, павольнымі, паказаліся праз якую гадзіну на зямлі. Хоць сёння субота, але надвор’е не пускае людзей далей парога, таму пляжы пустыя, рэдка дзе рухаюцца ўздоўж берага постаці.
Што мора вечнае, гэта ўсе ведаюць. Але ж вечны няйначай і гэты змакрэлы пясок на ягоным беразе, падобны на жвір… Можа, таму раптам прыйшло ў галаву: колькі чалавечых ног тапталася па ім, колькі слядоў адбілася тут, колькі іх змыла вада – адны назаўсёды, другія… Зрэшты, і тыя, і другія змыты назаўсёды. Іншая справа, што некаторым людзям, таксама як і мне вось, лёс дараваў вярнуцца сюды, аднавіць свае сляды зноў…
Заўтра шостае жніўня.
Дзіўнае адчуванне ўзнікае блізка ад мора, калі нарэшце трапляеш да яго, але тым часам не маеш магчымасці апынуцца ў хвалях. У нас жа, у кантынентальных еўрапейцаў, мора найперш асацыіруецца з гэтым, бо большая частка людзей менавіта таму і падаюцца сюды, на Балтыку, ці ў адваротны бок, на поўдзень, у Крым ды на Каўказ. Але ў жніўні на Балтыцы часта ідуць халодныя дажджы.
Сёння мы трапілі пад такі лівень у Майяры, але зноў жа дзіўнае ўспрыняцце было: дождж ідзе, а табе не страшна. Пасля Чарнобыля стала жахліва знаходзіцца пад дажджом, які ў кожную хвіліну здольны прынесці з сабой радыяцыю. Многія ў нас, у Беларусі, якраз і трапілі ў восемдзесят шостым годзе пад радыеактыўныя дажджы. А можа, і цяпер трапляюць, бо чацвёрты блок няйначай яшчэ дыхае. Такія ходзяць у народзе чуткі. Спецыялісты ж маўчаць на гэты конт, прынамсі, хоць нават і яны не могуць тэарэтычна адмаўляць небяспеку. Як кажуць, было-было дый пагоршала!.. Дасюль ішлі на людскія галовы жоўтыя дажджы, зялёныя, сінія… Цяпер – радыеактыўныя!..
Між тым вакол беларускай зямлі ўжо з цяжкасцю дыхаюць Ровенская атамная, Смаленская, Літоўская… Хвала богу, што хоць латышы, а найперш даўнія нашы сябры латгальцы, з якімі даводзілася і ў гісторыі жыць і гісторыю дзяліць, не падсунулі са свайго боку суседзям такую ж страшэнную пагрозу.
Тут, у Дубултах, даволі часта ўзнікае гаворка пра чарнобыльскія справы. Хутчэй за ўсё таму, што прыехаў сюды з Украіны Юрый Шчарбак, які шмат піша пра нашу сумесную трагедыю, выступае па радыё, тэлебачанні. Я пры такіх размовах звычайна маўчу, бо па ўсім бачу: для многіх гэта звычайная публіцыстыка, дакладней, тэма. А ў мяне радыяцыяй вёска засыпана. Вакол Вялікага Бору таксама няма жывога месца: падлягаюць высяленню ў першую і ў другую чаргу Мамонаўка, Вуглы, Вётухна, Дзяражня, Вусаўка, Зарэчча, Гутка… Хоць што значыць у першую чаргу? Раз чалавек не можа вырошчваць для сябе на сваім агародзе гуркі, бульбу, то як яму і колькі яшчэ чакаць сваёй чаргі? А ў Вялікім Бары якраз гэтак цяпер і ёсць – 14,7 кюры на квадратны кіламетр. Ды не ў адным Вялікім Бары. У Саматэвічах – 32,5. I шмат дзе ў другіх вёсках – вялікіх і малых. Але высветлілася для многіх такая радыяцыйная сітуацыя толькі нядаўна, праз тры гады пасля аварыі. Між тым край наш, амаль усё Прыбесяддзе, як цяпер стала вядома, засыпаны быў не ў красавіку, а ў чэрвені ці ліпені. Гэта і дасюль вялікая тайна – калі на ўвесь абшар той, на два бакі ракі, былі пасаджаны з дапамогай нейкага цяжкага парашка (кажуць, алюмініевага) заражаныя чарнобыльскія хмары. Хмары тыя плылі на Маскву, вось іх і перанялі нейкія нягоднікі па дарозе, выкарыстаўшы цяжкія рэчывы. I недзе ж сёння жывуць сабе – і тыя, хто аддаваў загад садзіць хмары, і тыя, хто выконваў загад. Амерыканскі лётчык, што скінуў бомбу на Хірасіму, пад канец жыцця страціў розум. Няўжо нашых не крануць пакуты сумлення?
Вёска – гэта малая радзіма. Страціць яе – усё роўна што страціць вялікую Радзіму.
Вось ужо каторы год даводзіцца жыць з такім шчымлівым і амаль бязвыхадным пачуццём.
Няйначай што і чацвёрты раман я ўсё не магу скончыць праз гэта: дзеля чаго ў такім разе пакутавалі ў Забесяддзі мае героі, за што змагаліся? Каб страціць усё па дурноце (калі не горай) нейкага інжынера ці акадэміка?
У святле чарнобыльскай трагедыі шмат што будзе пераасэнсоўвацца ў жыцці беларусаў. Гэта трагедыя яшчэ раз пацвердзіла простую ісціну, што сярод людзей сапраўды жывуць людзі дурныя і злыя…
Сесія нашага Вярхоўнага Савета, што адбылася 28–29 ліпеня, пашырыла ўяўленне аб радыяцыйнай абстаноўцы: аказваецца, пацярпелі не толькі Магілёўшчына і Гомельшчына, аднак часткова і Міншчына, Гродзеншчына, Брэстчына. Кажуць, што толькі ў Віцебскай вобласці засталіся чыстымі некаторыя раёны, здаецца, Ушацкі, Глыбоцкі, Верхнядзвінскі, Чашніцкі…
У жахлівы век мы жывём. У Янкі Купалы ёсць такія радкі: раскрыйся нанова магіла – страшней цябе людзі і свет.
Я напісаў быў драму пра вынікі чарнобыльскай трагедыі. У штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» быў змешчаны пралог. Тым усё і скончылася. Новыя звесткі аб становішчы з радыяцыяй прымушаюць карэнным чынам перапрацаваць драму.
Я сказаў тут, што ўкраінец Шчарбак піша пра чарнобыльскія падзеі. А што ж мы, беларусы? А нам проста не давалі раскрыць рота. У мяне асабіста выкідвалі кавалкі з артыкулаў пра Чарнобыль. Не давалі сказаць слова па тэлебачанні, па радыё… Дзіўна, аднак яшчэ зусім нядаўна, гэтым годам, пры вялікай галоснасці, калі друкавалася ў «Полымі» драма «Чалавек з мядзведжым тварам», Галоўліт забараніў «разгалошваць», што ў Бранскай вобласці на зямлі, а ўжо, бадай, і глыбока ў зямлі таксама ляжыць чарнобыльскі стронцый.
Між тым сёння дзень Хірасімы. Божа ж мой, якой далёкай і якой незразумелай увесь час была яна!
Дарэчы, сёння і Дзень чыгуначніка ў нашай краіне. Хтосьці няйначай у сувязі з гэтым абураўся, расказваючы ў вестыбюлі, як дамагаўся цяперашні міністр Конараў стаць міністрам. Першы раз на Вярхоўным Савеце СССР кандыдатура яго не прайшла. Тады чыгуначная мафія пачала ціснуць на народных дэпутатаў, каб нанова разгледзець пытанне, нават пагражала ўраду забастоўкай… Што, калі гэта праўда? А між тым многае з таго, аб чым гавораць у горадзе, звычайна пасля спраўджваецца.
Метраў за дзвесце ад нашага Дома творчасці, якраз насупраць, цячэ рака Ліелупа. Кожны раз, выходзячы на яе бераг, прыгадваеш, што недзе тут утапіўся Д. Пісараў. Відаць, цяпер ужо ніхто не ведае дакладна, дзе тое месца на рацэ, бо іначай знайшоўся б за сто гадоў чалавек, які б прыцягнуў аднекуль сюды камень, каб пазначыць хоць такім чынам тую даўнюю трагедыю.
Ці праходзяць яго цяпер у школе? У мае часы, здаецца, не было Пісарава ні ў хрэстаматыі па рускай літаратуры, ні ў вучэбным дапаможніку да яе, адно ўпамінанне. Чарнышэўскага мы вывучалі грунтоўна, Дабралюбава – таксама, а Пісарава – не.
Дзіўна, але можа прыйсці ў галаву, што гэтаму вялікаму крытыку і публіцысту (а ён сапраўды вялікі) не даравалі чагосьці, бо нездарма ж валадар думак некалькіх пакаленняў расейскай моладзі дзевятнаццатага стагоддзя, адзіны крытык, публіцыст, чые выбраныя творы нават у дарэвалюцыйнай Расіі выходзілі не менш за пяць разоў, перастаў хваляваць нас. Няўжо мы з яго выраслі? Дакладней, перараслі?
Няпоўны Збор твораў Пісарава выходзіў у савецкі час у канцы пяцідзясятых гадоў. Гэта былі гады майго студэнцтва. Здаецца, сярэдзіна хрушчоўскай «адлігі». I мы тады, маладыя людзі, шмат чыталі, шмат спрачаліся; уласна кажучы, якраз у тыя гады мы, найбольш вясковыя хлопцы, станавіліся пісьменнымі людзьмі. Таму я і цяпер помню, як у 55-м годзе выйшаў першы том Збору твораў Пісарава. З многімі артыкуламі нельга было не згадзіцца. Ад іх зыходзіла свежасць думак, а галоўнае – яны былі сучаснымі, хоць некаторыя вызначаліся відавочнай імператыўнасцю, нават наіўнасцю. Уражвала, напрыклад, як Пісараў ставіўся да Пушкіна. Але найбольшае разуменне Пісарава прыйшло пазней, калі чытаў успаміны нарадавольцаў, асабліва Пляханава. Нават ягоная парадаксальнасць не бянтэжыла – трэба ж было неяк абуджаць грамадства на роздум. У артыкуле «Прагрэс у свеце жывёл і раслін» ён сам спрабаваў растлумачыць «накладныя выдаткі» сваёй творчасці: «Я менавіта таго і хачу, каб мой артыкул абудзіў у чытачоў цікаўнасць, але не задаволіў бы яе цалкам, няхай ён убачыць, які разумны Дарвін, няхай адчуе, што я няздольны перадаць тое ўражанне, якое робіць чытанне самой кнігі, і ў выніку гэтага аблае мяне ды возьмецца за сачыненні самога Дарвіна. Мэта мая будзе ў гэтым выпадку збольшага дасягнута».
Ленін уключыў Пісарава ў той спіс, па якім належала ў новай Расіі ўзводзіць помнікі рэвалюцыянерам, дзеячам навукі, культуры. Няма ў Савецкім Саюзе помніка Пісараву. Нават на беразе Ліелупы, дзе ён утапіўся, няма ніякай адзнакі…
Думаецца, што ўсесаюзны Дом творчасці ў Дубултах мог бы таксама насіць імя гэтага выдатнага рускага крытыка і публіцыста, якому не суджана было доўга жыць. Гаворачы так, я зусім не хачу прыменшыць імя вялікага Райніса. Райніс, як кажуць, дома.
За два дні, якія амаль непрыкметна прайшлі тут, паспеў абысці знаёмыя мясціны. Юрмала мала мяняецца. Можна сказаць, зусім не мяняецца. Але па-ранейшаму прывабная. Новым з’яўляецца ў горадзе чырвона-бела-чырвоны сцяг, што калышацца на высокім шпілі аднаго з гатэляў. Здаецца, вышэй за яго ў сённяшняй Юрмале нічога няма.
Увечары ў праграме «Время» паказвалі, як японскія дзеці ў Хірасіме, у дзень атамнай бамбардзіроўкі сорак пятага года б’юць па два разы падвешаным білам у вялікі звон… Але ў які звон трэба ў нас біць? Дзе ён, той звон? У якую галаву біць, у якое сэрца? I ці будзе каму праз пяцьдзясят гадоў гэта рабіць? Бо выбух рэактара ў Чарнобылі – не тое, што выбух атамнай бомбы ў Хірасіме!
Сёння нарэшце выбліснула сонца. Але вецер па-ранейшаму халодны, нават стаў халаднейшы, чым раней, і мора раптам усхвалявалася. Тутэйшыя людзі кажуць, што цяпер гэта не надоўга: надвор’е яшчэ пацешыць. Такія прыкметы.
За дарогай, у парку, дзе засталіся някошаныя лужкі, скрозь усю раніцу чуваць, як хтосьці мянташыць касу. Пакосіць-пакосіць, а тады зноў бярэцца за мянташку, шоргае адмыслова па лязу, кідаючы навокал знаёмыя з дзяцінства, таму ажно шчымлівыя гукі.
Латышскія газеты тым часам пішуць пра «цяжкія крокі перабудовы ў рэспубліцы». Вось даныя з паведамлення Дзяржкамстата ЛатССР. Хоць у першым паўгоддзі і працягваўся працэс структурнай перабудовы эканомікі і пераарыентацыі яе на сацыяльныя патрэбы, але такога, як трэба ўжо цяпер, павелічэння вытворчасці тавараў народнага спажывання не адбылося, таксама як не надта ўзраслі аб’ёмы рознічнага тавараабароту і платных паслуг. Недастатковымі тэмпамі развіваецца навукова-тэхнічны прагрэс, што адмоўна ўплывае на эфектыўнасць вытворчасці, узмацненне яе інтэнсіфікацыі. Фінансавае становішча рэспублікі і грашовае абарачэнне застаюцца напружанымі. I гэтак далей, і гэтак далей.
У газеце «Советская Латвия» прыведзена колькасць насельніцтва Латвіі – 2 мільёны 682 тысячы чалавек. Сярэднемесячная заработная плата рабочых і служачых складае да 249 рублёў, аплата працы калгаснікаў даходзіць да 255 рублёў.
У гэтым жа нумары газеты змешчаны артыкул акадэміка В. Штэйнберга «Партыя нясе адказнасць перад народам». Немалая колькасць камуністаў сёння, сцвярджае акадэмік, «сядзяць на двух крэслах» і чакаюць, чым усё гэта скончыцца, і толькі затым прымуць рашэнне – заставацца ў партыі ці пайсці з яе. Партыя зараз моцна аслаблена. Па розных прычынах, у тым ліку і таму, што ў ёй апынуліся людзі зусім не гатовыя да якіх-небудзь паваротаў у жыцці, адстойваць справу партыі ў любых умовах. Некаторыя гэта ўсвядомілі, таму выходзяць з партыі…
Насустрач пленуму ЦК КПЛ газеты друкуюць таксама палемічныя заметкі з прычыны праекта праграмы «Да чаго імкнецца кампартыя Латвіі?».
У рэспубліцы, на мой погляд, ёсць праблема перспектыўнага плана. Гэта – узаемаадносіны з Саюзам ССР, з КПСС. Латвійскія таварышы ў гэтай праблеме вылучаюць некалькі варыянтаў. Першы – уціхаміранне палітычных апанентаў, выразнасць палітычных фармуліровак, якія дапускаюць дыяметральна супрацьлеглыя тлумачэнні. Другі варыянт – далейшае развіццё палажэнняў палітычнай дэкларацыі «Аб дзяржаўным суверэнітэце Латвіі», ініцыятарам прыняцця якой выступіла партыйная група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Латвіі.
Хранічная хвароба партыйных дакументаў, якія прымаюцца на самым высокім узроўні, у іх шматслоўі і багацці агульнавядомых альбо бясспрэчных ісцін. Дакументы гэтыя дапускаюць неадназначную інтэрпрэтацыю, што стварае новыя праблемы ў палітызаваным цяпер грамадскім жыцці.
Часта ў палемічных матэрыялах з’яўляецца тэзіс аб абароне пункту гледжання меншасці ў партыі. Гэты тэзіс стаў модны не толькі ў Латвіі. Аб ім на поўны голас гавораць ужо і ў іншых рэспубліках краіны. Але як і ад каго патрэбна яго абараняць?
Увогуле шмат цікавага можна прачытаць сёння ў прыбалтыйскіх газетах. Напрыклад, як не звярнуць увагі на такія пасажы: «Трэба стаяць за пашырэнне на ўсіх узроўнях грамадскага кантролю за дзейнасцю партыйных арганізацый». А хіба не хапіла б дзеля гэтага «забеспячэння максімальнай галоснасці ў рабоце»?
Шмат праблем па нацыянальным пытанні, па мове. Нават мясцовая, лічы, курортная газета, якая разлічана не на адных латышоў, самым сур’ёзным чынам абмяркоўвае Закон аб мовах Латышскай ССР.
Тут пераход на дзяржаўнасць нацыянальнай мовы разлічаны на тры гады. Пачалося актыўнае адраджэнне латышскай мовы ў сферы справаводства ў многіх установах, прадпрыемствах, арганізацыях рэспублікі. Але пакуль не хапае даведнікаў, такіх, напрыклад, як «Слоўнік тэрмінаў эканамістаў» і гэтак далей. У латвійскай Акадэміі навук пра гэта клапоціцца цяпер тэрміналагічная камісія.
Чытаючы пра ўсё гэта, міжволі задумваешся над тым, як мы здолеем у сябе ажыццявіць такую ж праблему. Праўда, у нас на тэрыторыі рэспублікі пражывае больш карэннага насельніцтва, не тое што ў Латвіі ці Эстоніі, нас ці не 80 працэнтаў. Але ўжыванне нацыянальнай мовы тым часам зусім мізэрнае, свая мова ў нас у большым заняпадзе, чым дзе ў Савецкім Саюзе. У другі нумар часопіса «Спадчына» мне абяцалі прынесці матэрыялы першай беларусізацыі… Карысна будзе вывучыць іх, каб што-кольвечы выкарыстаць у цяперашняй сітуацыі. Сяго-таго слова гэта – беларусізацыя – палохае. Помню, як прыходзіў да мяне адзін беларус, казаў: навошта нам цяпер беларусізацыя? Час правільна распарадзіўся, што звёў да нулявога становішча нашу мову; непатрэбна яна нам, хапае ўжо рускай, з ёю лягчэй жыць у такой вялікай краіне, як СССР; вы, пісьменнікі, адно бянтэжыце людзей… Я ажно ўскіпеў на ягоныя словы.
А між тым даводзіцца ўсё часцей і часцей згаджацца са скептыкамі – вялікая і бязладная тлумнасць усталявалася за пасляваенныя гады ў нашых галовах… Няўжо гэтаму чалавеку сапраўды даволі будзе заставацца на свеце кім заўгодна, але не беларусам? Бо спасылкі на «славянскі інтэрнацыяналізм» нічога не даюць пакуль ні розуму, ні сэрцу. Гэта не што іншае, як чарговая дэфініцыя разгубленага чалавека.
ІІІто ж датычыць статуса дзяржаўнасці беларускай мовы, то ў прававых адносінах яго неабходна рабіць неадкладна, адразу; цяжэй будзе ажыццяўляць гэты статус на практыцы без дастатковай колькасці кадраў і пры шматлікім унутраным, нават адкрытым супраціўленні вялікай колькасці насельніцтва рэспублікі; значыць, на практыцы беларусізацыя павінна адбывацца паступова, шматступеньчата. Пара ўжо камусьці ствараць гэтыя ступені.
Дай бог нам мудрасці. Але ж «сэрцы мудрых – у доме плачу».
У Дубултах цяпер сабралася нямала знаёмых: з Масквы С. Залыгін, А. Бачароў, В. Озераў, М. Галай, эстонец Юрый Туулік (ёсць яшчэ ў Таліне і Юла Туулік – то браты), украінцы Пятро Перабійнос, Уладзімір Каламіец, Юрый Шчарбак… З нашых – Навум Кіслік. I як заўсёды А.Б. Чакоўскі. Маладых зусім мала. Найбольш пажылыя людзі акупуюцца ў Дубултах сёлета, дакладней, нават дужа старыя.
Размовы тут ушчынаюцца свядома і міжволі. Асабліва на пляжы. Учора нейкі чалавек, уздыхнуўшы, раптам сказаў:
– Шкада, што ў наступным годзе, можа, не ўдасца прыехаць сюды…
Звычайнае шкадаванне – хіба мала па якой прычыне чалавеку не давядзецца зноў прыехаць у Дубулты? Таму ніхто не звярнуў на яго словы ўвагі. Але чалавеку карцела сваё, дзеля чаго ён і пачаў гаворку. Аказваецца, у сувязі з рэспубліканскім пераходам на гасразлік латышы падумалі «нацыяналізаваць» усё юрмалаўскае ўзбярэжжа, каб у далейшым запрашаць у тутэйшыя пансіянаты, санаторыі, дамы адпачынку, нават у такі вось Дом творчасці, як наш, збудаваны Літфондам СССР, іншаземцаў, якія прывязуць рэспубліканскай казне валюту. Нішто сабе гасразлік – будавалі адны, а скарыстоўваюць санаторый і да таго падобнага будуць другія!.. А калі раптам да чагосьці падобнага дадумаюцца ўкраінцы, грузіны? На іх тэрыторыях таксама шмат курортных мясцін. Гэта толькі нам, беларусам, бог не даў мора. Толькі мы не маем магчымасці мець (акрамя як на чужой тэрыторыі) марскіх ды горных курортаў. Ды і ўвогуле цяпер… пры радыяцыі праблемы з адпачынкам ускладніліся… У сябе таксама няма куды падацца. Дарэчы, пра гэта мы пакуль не задумваемся. Калі ж у наступным годзе, напрыклад, для адпачынку за межамі рэспублікі патрэбна будзе валюта, то… Навошта тады гэтакае новае, гасразліковае жыццё?
Акрамя знаёмых газет, гэта значыць прывычных, як кажуць, сваіх, савецкіх, у кіёску Саюздруку прадаюць таксама газеты народнага фронту Латвіі («Атмода» – абуджэнне) і інтэрнацыянальнага фронту («Единство»). Апошняя, трэба сказаць, мала цікавая, хоць і каштуе тыя ж дваццаць капеек, што і «Атмода». А вось газета народнага фронту!.. У гэтай шмат незвычайнага, новага. Прынамсі, нам, беларусам, варта было б пачытаць яе, хоць бы і для параўнання з тым, што выпускае БНФ. Разам з тым, калі ўжо, усё роўна як на ноч, прыйшло жаданне такога параўнання, варта было б разважыць і вось над чым: у прыбалтыйскім народным руху прымаюць удзел выдатныя людзі: пісьменнікі, вучоныя, мастакі, акцёры, рэжысёры, дырэктары навуковых устаноў, прадпрыемстваў, старшыні калгасаў…
Дык у гэтым латышскім «Абуджэнні» за нумарам 33 ад 7 жніўня змешчаны сярод іншых артыкул пад назвай «Пернік з гарчыцай»: «I так, ці можна лічыць, што 29 ліпеня (а перад гэтым 28 ліпеня Вярхоўны Савет ЛатССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўнай суверэннасці) мы прачнуліся ўжо ў суверэннай краіне? Мяркуючы па пункту першаму дэкларацыі, так. Аднак ужо ў пункце чацвёртым у ёй гаворыцца: «Дзяржаўны статус ЛатССР у складзе СССР вызначаецца дагаворнымі адносінамі. Тут варта адразу задумацца: рэальны суверэнітэт дзяржавы, што знаходзіцца ў складзе другой дзяржавы, – такое магчыма хіба што ў камуністычнай трактоўцы гэтага паняцця. Дагаворныя адносіны для нас таксама не навіна – каля пяцідзесяці гадоў наш статус у складзе СССР вызначаецца дагаворамі, заключанымі 23 жніўня і 28 верасня 1939 года паміж СССР і нацысцкай Германіяй, а таксама дадатковымі сакрэтнымі пратаколамі да гэтых дагавораў. Пад націскам грамадскасці дагаворы давядзецца дэнансаваць, таму тэрмінова трэба падрыхтаваць новыя, і зусім без патрэбы пытацца ў народа, ці падыходзяць яму падобныя «дагаворныя адносіны»… Таму лагічна было б, пачынаючы з заўтрашняга дня: 1) прызнаць, што сёння Латвія з’яўляецца акупіраванай тэрыторыяй; 2) пачаць перагаворы з урадам СССР аб дэмантажы акупацыі і вывадзе акупацыйных войск з Латвіі; з) аднавіць грамадзянства Латвійскай рэспублікі; 4) правесці дэмакратычныя выбары…»
Такой вось пісаніны ў «Атмодзе» не тое, што хапае, яна скрозь. Але ж яна прымушае думаць. Значыць, гэта сама рэальнасць. I яна будзе пашырацца адсюль, з Прыбалтыкі, калі, вядома, не спыняць яе сілай.
Цяпер я пішу драму «Ігракі, альбо Сталін і Молатаў, Гітлер і Рыбентроп». Падзеі ў ёй адбываюцца ў саракавым годзе, у час паездкі наркома замежных спраў СССР у Берлін; Гітлер прапаноўваў тады падзяліць паміж сабой заходнюю Еўропу. «У трыццаць дзявятым годзе мы гэтак дружна падзялілі ўсходнюю Еўропу, цяпер давайце падзелім заходнюю, аднак дзеля гэтага вам давядзецца далучыцца да восі Рым – Берлін – Токіа». Збіраючы матэрыял пра саракавы год у дыпламатыі, зразумела, акунуўся я і ў трыццаць дзявяты, у тыя дакументы, якія даступны цяпер таксама праз розныя публікацыі. Канечне ж, у трыццаць дзявятым годзе адбыўся бессаромны падзел усходняй Еўропы паміж дзвюма аўтакратычнымі дзяржавамі. Праўда, нам, беларусам, неабходна і тое сказаць: у выніку тых падзей мы нарэшце ўз’ядналіся абедзвюма сваімі часткамі, усходняй і заходняй; нас стала зноў дзесяць мільёнаў. Відаць, да гістарычных праблем заўсёды трэба ставіцца канкрэтна, дакладней, таксама гістарычна, з пункту гледжання гістарычнай справядлівасці таго ці іншага народа. У Польшчы сёлета ў мяне часта пыталіся: ці будзеце вы ў Беларусі адзначаць вераснёўскія падзеі трыццаць дзявятага года? А як жа, адказваў я шчыра, мы тады ўз’ядналіся ў адну нашу беларускую сям’ю, для нас нарэшце настала справядлівасць, парушаная Рыжскім дагаворам!
Між тым эстонцы, латышы, літоўцы збіраюцца ў гэтым месяцы, здаецца, 23 чысла, узяцца на адлегласць ад Таліна да Вільнюса за рукі, каб такім чынам адзначыць «несправядлівасць, што была ўчынена ў трыццаць дзявятым годзе ў адносінах да іх…». З другога боку, усё-ткі трэба прызнаць, што не народы выбіраюць шляхі гісторыі, хутчэй гісторыя выбірае іх. «Атмода» друкуе ў сувязі з гэтымі даўнімі падзеямі выняткі з «Канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны», якая была прынята ў 1907 годзе на другой Гаагскай канферэнцыі, таксама некаторыя пункты з «Жэнеўскай канвенцыі ад 12 жніўня 1949 года аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў часе вайны», суправаджаючы іх аналітычным артыкулам «Роздум на раздарожжы».
Няма міру на зямлі. Няма яго нават тады, калі не ідуць войны.
Між тым учора па тэлебачанні паказалі адзін выдатны куточак зямлі ў Афрыцы – кратэр вулкана Нгорангора. Разам з драпежнымі звярамі, такімі, як львы, у кратэры гэтым мірна суіснуюць антылопы, буйвалы… Чым не «клімат сужыцця»? Людзям не лішне было б сёе-тое пераймаць у звяроў.
Кідаючыся ў думках аб трагічным лёсе сучаснага чалавека на зямлі, прыходзіш да сумнай высновы: усё ў жыцці яго зводзіцца, па сутнасці, да самалюбства. Куды лепей было б, каб чалавек паставіў мэтай свайго існавання зусім іншае, напрыклад (а можа, гэта ў першую чаргу), тую ж самую любоў, але большую за сябе. А то ж толькі ў асобных выпадках чалавецтва магло дасюль бачыць гэту вялікую якасць свайго індывідуума.
Наш час, бадай, як ніколі, вымагае самай выразнай акрыленасці чалавечага прызначэння. Пара ўжо шмат на што паглядзець не адназначна. Слова гэта цяпер чуецца ўсё часцей і часцей. Можна сказаць, у ранейшым жыцці мы яго ўсё роўна як і не ўжывалі. I ўвогуле раней людзі стараліся абыходзіцца настолькі звыклымі, настолькі зразумелымі тэрмінамі, якія зусім не павінны былі выклікаць сумнення, а пра так званую двухсэнсоўнасць ужо і казаць няма чаго. Маналітнасць, адзінства і гэтак далей. У выніку дайшлі да стагнацыі, дэфармацыі і ўсеагульнага разбурэння – у галіне палітыкі, эканомікі, культуры, маралі… Наша жыццё стала падобна на шалі, якія рэзка хісталіся ад самага малога цяжару. А былі ж у нашым жыцці (не дай бог яшчэ) і зусім нязносныя цяжары. У кожным разе, асэнсоўваючы цяпер усё, што з намі рабілася на працягу шматлікіх гадоў, нарэшце прыходзім да разумення, што сёння неабходна вяртацца да многіх паняццяў, якія былі альбо знарок затлумлены, альбо расшчэплены, а тым часам наўмысна заблытаны, падменены… Нават праўда ў нас існавала не як адно цэлае; яе лёгка дзялілі на часткі, выдавалі адну перад адной: сёння такая, заўтра – наадварот. Цяжка, вельмі цяжка ад падобнага ўсведамлення. I тым не менш неабходна рухацца далей.
Асабіста мяне, прызнацца, заўсёды бянтэжыла, калі мы зусім адвольна, зыходзячы з патрэб штодзённасці, абыходзіліся нават з такімі прыярытэтамі, як: і) клопат аб хлебе надзённым і 2) усведамленне, што не хлебам адзіным жыве чалавек. Мы, здаецца, ніколі не ўмелі, прынамсі, на маёй памяці, – дык, бадай, мы сапраўды ніколі не ўмелі спалучаць у адзін час абедзве гэтыя часткі чалавечага існавання. А без гэтага ладзіць нармальнае чалавечае жыццё нельга, іначай заўсёды, раз за разам, перыяд за перыядам, эпоха за эпохай, калі да месца тут карыстацца такімі ўяўленнямі па ўзрастаючай лініі, будзем трапляць у балота згрызот і расчаравання. Дамагаючыся выразнай акрэсленасці чалавечага прызначэння, неабходна, зразумелая справа, шмат што пераасэнсаваць, але не з тым, каб толькі дайсці да строгасці ўжывання тэрмінаў, а для таго, каб без рызыкі страшэннай памылкі вырашаць, як жыць далей і што рабіць. Дарэмна мы таксама дасюль спрачаліся, калі чалавеку лепей жыць – у «колькасці» ці ў «якасці»? Цяпер гэта колішняе неразуменне здаецца смешным, але ж з песні слова не выкінеш. I ці не таму даволі часта даводзіцца слухаць у нашы дні, што перабудова наша распачата таксама не вельмі прадумана – так званыя палітычныя зрухі, падобныя на тэктанічныя змяшчэнні зямной кары, спрабуем ажыццявіць на бяздоннай яме, якая завецца эканамічнай разрухай. Больш таго, аддаём перавагу пры гэтым эканамічнаму боку перабудовы. Але гэта ўяўнае разуменне прыярытэту няхай нават пры прывідзе голаду… Чалавек, апынуўшыся ў палоне навукова-тэхнічнага прагрэсу, раўнадушна глядзіць на разнастайныя катастрофы і, уласна кажучы, нічога не хоча рабіць дзеля паляпшэння справы.
Відаць, надзвычай правільна мы робім, калі бяромся нанова чытаць Маркса, Леніна. Нават не так нанова, як зыходзячы з цяперашняй – удалай ці, наадварот, няўдалай – практыкі грамадскага будаўніцтва. Напрыклад, я быў моцна здзіўлены, даведаўшыся, што заснавальнік марксізму ў апошнія гады свайго жыцця звязваў пераход да вышэйшай ступені чалавечага быцця не з задачай развіцця прадукцыйных сіл, а з карэннымі інтарэсамі захавання людскога роду, чалавечага жыцця ўвогуле.
Моцна, вельмі ж моцна прыкрываліся мы ў сваёй разбуральнай дзейнасці Марксам, Леніным… Цытаванне класікаў марксізму-ленінізму ператварылася ў нас у рытуал. А між тым ужо даўно станавілася зразумелым, што цытаты з прац іх, успамінаў, анкет браліся на ўзбраенне тады, калі навідавоку была тэарэтычная бездапаможнасць, калі замест таго, каб дапамагчы справе, неабходна было «закрыць» альбо «давесці» да абсурду якую-небудзь праблему, што станавілася небяспечнай ці проста непажаданай. Сёння нам зразумела дужа многае. Асабліва тое, што Сталін, Троцкі, Бухарын, маючы на мэце свае амбіцыйныя інтарэсы, маніпулявалі святымі імёнамі. Ды і не толькі адны гэтыя правадыры. Таму ў людзей адразу ўзнікае насцярога, калі чуюць знаёмыя выразы: «Маркс сказаў…», «Ленін сказаў…»
Чалавецтва ўвогуле схільна перабольшваць значэнне сваіх куміраў. Больш таго, яно свядома стварае іх. I тады «апякаецца» аб іх і з неўразуменнем і бясконцым сумам назірае, як ідэі і думкі куміраў перашкаджаюць думаць і дзейнічаць. Хоць даволі часта ўзнікаюць сітуацыі, калі тое ж чалавецтва з такой жа зацятасцю разбурае кумірні, куды яшчэ ўчора насіла сваіх ідалаў.
Вядома, гэтыя развагі, можа, найменш тычацца Маркса, Леніна. Хутчэй за ўсё, так. Але не станеш адмаўляць таксама наступнага: у цывілізаваны век, на зыходзе дваццатага стагоддзя не маглі нарэшце людзі не адчуць, што неабходна з розумам падыходзіць да высноў і ідэй чалавека, які сапраўды геніяльны і вялікі, аднак які, надзелены намі ўсялякімі дабрадзейнасцямі, усімі вядомымі талентамі, усімі вышэйшымі якасцямі, быў так узвышаны, што страціў рысы чалавека, ператварыўся ў надчалавека, дарма што і цяпер знаходзіцца вялікая патрэба зносін з ім.
Тут, у Юрмале, ужо ці не трэцяе дзесяцігоддзе стаіць помнік Уладзіміру Ільічу: моцная чалавечая постаць, нібыта высечаная з суцэльнага каменя… Выдатная скульптура, здаецца, нават непаўторная, хоць з Леніным у нас не паўтарыцца амаль немагчыма. Але я не пра гэта. Вось пра што. Раней каля ног яго на зусім нізкім пастаменце, дакладней, на пліце, ляжалі кветкі. Іх часта мянялі, таму заўсёды былі як жывыя. Цяпер кветкі пад ногі Уладзіміру Ільічу кладуць не часта…
Гледзячы на яго, нават можна задумацца іншы раз: ці ёсць патрэба прысягаць другому сцягу. I ўвогуле, якому сцягу трэба прысягаць?
Тут, у Латвіі, даволі хутка і настойліва прывыкаюць да чырвона-бела-чырвонага. У Расіі нефармалы пачынаюць размахваць бела-сіне-чырвоным. У нас, у Беларусі, часта можна бачыць на мітынгах Народнага фронту бела-чырвона-белы колер. Адзін дзівак носіць з сабой на сходы жоўта-бела-жоўты…
Нядаўна да нас, у Пастаянную камісію Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах, прыйшло пісьмо ад чалавека, які палічыў, што цяперашні дзяржаўны сцяг рэспублікі не адпавядае не тое што сапраўднасці, хутчэй – справядлівасці, маўляў, не хапае яшчэ аднаго колеру, белага, які адпавядаў бы таму значэнню, якое займае ў грамадскім жыцці нацыянальная інтэлігенцыя… Зялёны колер, на яго думку, увасабляе на нашым цяперашнім сцягу сялянства, чырвоны – рабочы клас, а вось месца інтэлігенцыі на ім не знайшлося… Таму чалавек прыслаў выяву новага сцяга – зялёна-чырвона-белую…
А ўвогуле сімволіка якраз і прыгожая сваёй шматзначнасцю і магчымасцю шматлікай колькасці інтэрпрэтацый. Акрамя таго, ёсць у колерах сімволіка традыцыйная, бо здаўна, напрыклад, вядома, што белы колер увасабляе высакароднасць, шчырасць; сіні – вернасць, сумленнасць; чырвоны – мужнасць, адвагу.
Тым часам, бываюць у адных і тых жа народаў дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя. Цяпер у нашай краіне амаль паўсюды пачалася цяга да ўзнаўлення нацыянальнай сімволікі.
Напярэдадні канферэнцыі аб культуры і перабудове, якая адбылася ў нас, у Мінску, на пачатку чэрвеня, на пасяджэнні аргкамітэта я прапанаваў уключыць у праграму даклад па нацыянальнай сімволіцы. Прапанова была прынята. Але што пачалося на самой канферэнцыі! Сярод вучоных узнікла такая дыскусія, што ніякавата было слухаць. I не таму, што гаварылі з трыбуны абы-што, проста прысутныя адчулі раптам, што ніхто не ведае, што азначаюць нашы сімвалы і адкуль яны пайшлі. Дарэчы, такое становішча з усёй нашай беларускай гісторыяй. I тым не менш ёсць надзея на маладых гісторыкаў ды на такіх, як Я. Юхо, Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, В. Круталевіч, А. Грыцкевіч. Для «Спадчыны» пра нацыянальную сімволіку піша артыкул А. Цітоў. Дарэчы, у яго ўжо выйшла цікавая кніга, здаецца, «Гербы беларускіх гарадоў». А можа, загаловак я прыпадабняю да колішняй сваёй заметкі ў часопісе «Беларусь»: яна называлася таксама гэтак – «Гербы беларускіх гарадоў». Пра што я толькі не пісаў у жыцці!
Як чалавек талерантны, сам я за найшырокі спектр колераў. Таму нічога не маю супраць бела-чырвона-белага сцяга. Але не хачу, каб ён зрабіўся цацкай альбо нават сімвалам у нашай нацыянальнай зацятасці, якая назіраецца ў некаторых амбітных людзей. Няйначай што некалі гэтаму сцягу нашы продкі прысягалі на вернасць і за яго паміралі. А таму чалавеку, што прысылаў выяву і апісанне новага дзяржаўнага сцяга, быў пасланы за маім подпісам адказ такога характару: яшчэ пад гэтым нашым зялёна-чырвоным сцягам можна вельмі многа добрых спраў зрабіць, за якія нашчадкі скажуць нам дзякуй.
Сёння па тэлебачанні перададзена паведамленне аб нарадзе ў ЦК КПСС па нацыянальных пытаннях. Ад Палітбюро выступілі Чэбрыкаў і Слюнькоў. Няйначай мала хто здагадваўся дасюль, што гэтыя таварышы – спецыялісты ў гэтай галіне!.. Чаго толькі не бывае!..
А дождж тым часам рэдка калі надоўга перашчукае ў Дубултах. Ад самага нашага прыезду. Жывём мы на пятым паверсе, амаль на ўзроўні вершалін дрэў, што абступаюць дом. Таму кожнага дня можна назіраць, як клубіцца паміж іх туман, нагадваючы іншы раз аблокі. Хутка ўжо ўвогуле тут пачнуцца непраглядныя туманы, якія закрыюць і бераг, і заліў…
Усё больш і больш робіцца відавочным, што для вываду краіны з крызіснага становішча, у якім яна ўсё роўна як самахоць, неўпрыкмет апынулася раптам, патрэбны ўсенародны подзвіг і ў сэнсе самаадраджэння, і ў сэнсе працы. Важна, каб у кожнага з нас з’явілася новае святло, бо калі ў душы чалавека загараецца святло, то патушыць яго нельга.
Думаецца, што мы ўсё яшчэ недаацэньваем магчымасць удзелу ў наладжванні сённяшняга нашага жыцця (маюцца на ўвазе ўсе аспекты яго) класікаў літаратуры, такіх, як Леў Толстой, Фёдар Дастаеўскі, Максім Горкі, Янка Купала, Іван Мележ… Асабіста я перакананы, што ў наш час філасофскія погляды выдатных пісьменнікаў не толькі могуць дапаўняць маральныя каштоўнасці марксізму-ленінізму, але ў пэўнай ступені абнаўляць іх увогуле. Праўда, мне могуць запярэчыць, маўляў, марксісты заўсёды цанілі мастацкую і філасофскую спадчыну літаратараў, часта выкарыстоўвалі яе ў сваіх творах. Але ніхто не стане адмаўляць, што выкарыстанне гэта, як правіла, суправаджалася катэгарычнымі папраўкамі, якія часцей зводзіліся да вульгарных выгавораў: Дастаеўскі не ўлічваў… Талстой памыляўся, калі сцвярджаў… Горкі не зразумеў… А колькі нашаму Купалу рабілася папрокаў (праўда, не класікамі марксізму-ленінізму, а іх паслядоўнікамі), што і таго не зразумеў, і таму дарэмна хвалу спяваў?..
Мы ўсе нарэшце павінны зразумець, што для ўзвышэння на новую ступень неабходна як хутчэй ажыццявіць новы культурны сінтэз, уцягваючы ў яго самыя розныя погляды.
За дэфармацыю сацыялізму (проста сказаць – дэфармацыя) мы абвінавачваем звычайна Сталіна. Але ж гэта таксама няпоўная праўда. Так, мы высветлілі практычна ўсе пралікі і грубыя памылкі Сталіна. Сказалі (відаць, яшчэ – збольшага) пра злачынствы, пра тое, якую шкоду народу прынёс яго палітычны авантурызм. Але мы не гаворым пра тое, за што ён асабіста не нясе адказнасці; гэта значыць мы ўсё яшчэ не гаворым аб трагедыях і заблуджэннях рэвалюцыйнага рабочага руху і ўвогуле – аб заблуджэннях эпохі. Былі б на яго месцы Троцкі, Бухарын, можа, нават Дзяржынскі ці Фрунзе, пра якіх часам узнікае гаворка як аб магчымых па тым часе пераемніках Леніна, адбывалася б няйначай тое ж самае, што і пры ім. Вучоныя і публіцысты чамусьці не хочуць бачыць таго, што Сталін не проста стварыў «сваё царства», дакладней, «наша царства», умацоўваючы асабістую ўладу, якая вырадзілася ў тыранію; ён жа пераўтварыў сацыяльную структуру грамадства, будаваў сацыялізм у адпаведнасці з тэорыяй, спрабаваў паскорыць рух краіны да камунізму, пачаты ў 1917 годзе.
Навошта падманваць сябе, міфалагізаваць Сталіна і яго справу? I ён, і яго дзейнасць, прачытаў я нядаўна ў адной кнізе, уяўляюцца параджэннем рэвалюцыйнага руху, якое пачалося задоўга да таго, як Сталін прыйшоў да ўлады. Спачатку было слова. Таму мы павінны суаднесці гэтае слова, гэта значыць навуковы сацыялізм, з уласнымі ўяўленнямі Сталіна аб ім, а тады ўжо прымераць здзейсненае ім да задум Маркса, Леніна.
Няйначай, што рух да галоўнай праўды (бачыце, і я праўду ўжо дзяліць пачынаю, дарма што папярэджваў другіх ад гэтага), дык рух да праўды неабходна ажыццяўляць з канстатацыі зусім не страшнай, вядомай ісціны. А яна ў тым, прачытаў я ў той жа кнізе, што і мысленне Сталіна, і яго ўяўленне аб сацыялізме былі тыповымі для марксістаў таго часу. Ва ўсякім разе трэба набрацца мужнасці, якой мы валодалі трыццаць гадоў назад, у часе XX з’езда, каб сур’ёзна заняцца даследаваннем філасофскіх і сацыяльных ідэй, шаблонаў мыслення, якія ляжалі ў падмурку палітычнай і эканамічнай практыкі дваццатых, трыццатых, саракавых гадоў, ажно да перабудоўчага часу. Якраз толькі тады стане зразумела: калі, як і чаму аказалася магчымым гэтак дэфармаваць марксізм.
Разважаючы гэтак, я зусім не імкнуся апраўдаць крывавую тыранію; хачу растлумачыць, бо вядома, што ёсць людзі (і яны заўсёды будуць знаходзіцца), якія спрабуюць тлумачыць сталінскую лютасць, самадурства і ўсенароднае катаванне тым, што «вялікі архітэктар светлага будучага» нібыта зайшоў у сваім шчырым імкненні далей, чым тэарэтычна і практычна было прадвызначана і неабходна.
Мы цяпер, у часе нечаканай галоснасці, якая пасыпалася зверху, акурат манна нябесная, зрабіліся дужа словаахотлівымі і не заўсёды стрыманымі, таму гэтак люта тэарэтызуем і праклінаем. Але час ужо і штосьці тлумачыць, бо іначай не справіцца з практычнымі задачамі нашай жыццядзейнасці. Справа за доказамі, аргументамі. Іх цяпер, вядома, хоць адбаўляй. I ў кожнага свае. Кажуць, яшчэ жывы Кагановіч, здаецца, апошні з паплечнікаў крывавага тырана. Дык Кагановіч дажывае свае дні ў адзіноце, і калі журналісты робяць спробы пранікнуць да яго ў кватэру, каб з першых рук атрымаць падрабязнасці таго часу, даведацца куды больш, чым могуць даць афіцыйныя крыніцы, крывавы Лазар, які пабываў з крывавай місіяй ледзь не ў кожнай савецкай рэспубліцы, у тым ліку і ў Беларусі, дык гэты крывавы Лазар, адчыняючы дзверы дапытлівым, замест размовы, якой яны прагнуць, рагоча і паказвае фігу. Можна сказаць – вар’ят. Што ж, ёсць з чаго звар’яцець. Другі паплечнік тырана Малянкоў (і гэта таксама паводле людскіх апавяданняў) апошнія гады перад смерцю замольваў свае вялікія грахі ў царкве. Хадзіў туды кожнага дня на ютрань, стаяў пасярод сапраўды набожных людзей, якія ўцалелі ад ягонай жа тыраніі, і аб нечым думаў. Цікава, аб чым?
Між тым чалавечая памяць не дужа надзейны хавальнік патаемнасцей. Чалавечае жыццё кароткае. Да таго ж чалавек старэе, а старэючы, упадае ў маразм. Іншая справа – памяць народа. Пакуль жыве народ – датуль дзейнічае і ягоная памяць. Яна самая сумленная, што ёсць на свеце, і самая справядлівая. Можна знявечыць і перапісаць гісторыю, перайначыць яе згодна нейчым інтарэсам – ці то асабістым, ці то грамадскім, – але з памяццю народа, калі яна ўжо зачапілася за што, нічога няздольны зрабіць ні адзін чалавек, ні група.
Пра гэта вось неяк доўга ўчора мы размаўлялі з Туулікам. У іх цяпер, у Эстоніі, ідзе забастоўка на прадпрыемствах, дзе працуюць пераважна людзі так званай некарэннай нацыянальнасці. Да заводскіх далучыліся будаўнікі, транспартнікі, чыгуначнікі некаторых станцый, авіятары. Прычынай забастоўкі з’явілася рашэнне сесіі Вярхоўнага Савета рэспублікі аб выбарчым законе, дакладней, аб цэнзе аседласці ў ім. Туулік моцна перажывае гэтыя падзеі, слухае па радыё, як яны разгортваюцца ў Таліне, Кохтла-Ярве… Учора ж гаворка неспадзявана перакінулася таксама на даўнія часы, у тым ліку і на сталінскія рэпрэсіі. У Эстоніі яны пачаліся з таго, што работнікі НКУС раптам пачалі арыштоўваць і вывозіць кудысьці наглядчыкаў марскіх маякоў… Затым – афіцэраў былой эстонскай арміі. Пасля – членаў буржуазнага ўрада і гэтак далей. Як кажуць, да рабочых і сялян чарга ўжо дайшла пасля вайны з немцамі. Але перад адыходам Чырвонай Арміі ў сорак першым годзе адбываліся масавыя расстрэлы і ў мясцовых турмах. Знявечаныя трупы людзей немцы потым выстаўлялі на плошчах – глядзіце, маўляў, якія вылюдкі бальшавікі.
Вядома, слухаць пра тое, што Гітлер такі ж нягоднік, як і Сталін, ці наадварот – Сталін такі ж, як і Гітлер, заўсёды непрыемна. Але гэта таксама гісторыя і ўжо, на жаль, не «опрокинутая». Над Гітлерам праклён даўні, усенародны, над Сталіным ён толькі пачынаецца.
Я спытаў Тууліка, ці ёсць у іх, у Эстоніі, такія месцы масавага пахавання, як у нас, у Беларусі?
– Ты маеш на ўвазе Курапаты? – паглядзеў ён на мяне.
– Не толькі Курапаты, – удакладніў я.
– Дык чаму ж вы пішаце пра адны Курапаты?
– У адной са сваіх п’ес я паспрабаваў рассакрэціць яшчэ адно такое месца – Цівалі, то Галоўліт наш прымусіў рэдактара часопіса выкрасліць.
– Значыць, яшчэ дзейнічаюць сілы, якім нявыгадна ўсё гэта.
– Бадай.
– А мы, можна сказаць, уберагліся ад такіх могільнікаў на сваёй зямлі. Нашых вывозілі за межы Эстоніі. Цяпер у нас пра гэта ствараецца цэлая літаратура. Нядаўна я, напрыклад, даведаўся, як памёр недзе каля Варкуты наш дасавецкі прэм’ер-міністр. Не было ў што адзець чалавека, каб пакласці ў труну. Ды і труну з цяжкасцю ўдалося зрабіць. Але галоўнае не ў тым. Узяліся пахаваць прэм’ер-міністра нейкія людзі, можа, зэкі. Вынеслі труну на люты мароз, пранеслі трохі за ваколіцу, а там і выкінулі нябожчыка ў снег: вогнішча з дошак спяшаліся распаліць, каб пагрэцца. А ў вас у Курапатах каго забівалі?
Так, хутка пайшлі Курапаты па свеце, як і Хатынь некалі.
Сапраўды, аб Курапатах, што знаходзяцца на ўскраіне Мінска і амаль на адной дарозе з Хатынню, цяпер ведаюць не толькі ў нас, у Беларусі. Беларускія справы ў апошні час наогул вельмі хутка становяцца здабыткам не толькі ўсяго Савецкага Саюза, але таксама Еўропы, нават Амерыкі, адкуль ажыццяўляюцца перадачы розных радыёстанцый. Раней «Голас Амерыкі» рэдка калі звяртаў увагу на Беларусь. Цяпер звяртае. Праўда, нічога добрага пра сваю рэспубліку па «Голасу Амерыкі» я пакуль не чуў. Ды, відаць, і ніхто іншы.
Каго забівалі ў Курапатах? Ніхто яшчэ не ведае. Па дакументах тых дзесяці тысяч ахвяр, якія разгледжаны былі ў праваахоўных органах перад летнім пасяджэннем дзяржаўнай камісіі, месцам пакарання іх значыцца Мінск, гэта значыць прыгавор прыведзены ў выкананне ў Мінску. Хутчэй за ўсё, што Курапаты тады таксама ўваходзілі ў гэта энкавусаўскае паняцце «Мінск». Тое, што ў Курапатах расстрэльвалі савецкіх людзей, сёння ўжо не выклікае сумнення: нашы кулі, наш почырк забойства. Да таго ж на адзенні, якое, вядома, сатлела за столькі гадоў, сям-там захаваліся нашы меткі, дакладней, меткі беларускіх швейных фабрык. Але трапляюцца і даволі часта сярод іх таксама загранічныя меткі. Не выключана магчымасць, што ў Курапатах у нас быў усесаюзны палігон, дзе энкавусаўцы маглі расстрэльваць не толькі жыхароў Беларусі; маглі прывозіць сюды на пакаранне таксама ахвяры з Прыбалтыкі… Мяне, напрыклад, бянтэжыць наступны факт. У шасці магілах (а іх, здаецца, толькі шэсць спачатку і раскапана было крыміналістамі і археолагамі), у кожнай з якіх знаходзяцца рэшткі 50– 60 чалавек, знойдзена каля трох кілаграмаў золата і плаціны ў выглядзе зубоў, пенснэ, запанак… Адкуль такое багацце? У людзей усёй нашай рэспублікі – сялян, рабочых, інтэлігенцыі – наўрад ці было ўвогуле тады на зубах, на запанках і гэтак далей столькі золата, а тым больш – плаціны. Прынамсі, у нашай вёсцы ні адзін чалавек не насіў на сабе нават грама золата, хоць старыя царскія залатоўкі ў сяго-таго можна было знайсці. Значыць, ільга лічыць цалкам верагодным, што ў Курапатах маглі апынуцца людзі з іншых месц, можа, нават «камінтэраўцы» з Масквы, калі паняцце гэта расшырыць на прыналежнасць – проста іншаземцы. Нездарма ж сяляне, якія жылі да вайны ў навакольных вёсках, усё яшчэ сведчаць, што везлі ў Курапаты ахвяры не толькі з Мінска, але і з бліжэйшай чыгуначнай станцыі, якая размешчана на лініі Мінск – Барысаў – Орша – Смаленск і гэтак далей.
I яшчэ – зусім нядаўна лічылася, што ўжо немагчыма даведацца дакладна не толькі пра тых, хто ляжыць у магілах у Курапатах, аднак і пра тых, што прыводзілі там прысуды ў выкананне. Дык вось сёння мы ведаем, хто працаваў тады ў каменданцкай камандзе НКУС, хто ажыццяўляў расстрэлы, – гэта начальнікі камендатуры Нікіцін, Коба, яго намеснік Ермакоў, таксама Бачкоў, Астрэйка… Вялі следства і судзілі адны, так званыя «іншародцы», каралі другія, так званыя «славяне». Нікога з тых, хто судзіў і хто расстрэльваў, няма ў жывых. А калі і ўцалеў хто, дык таксама недзе сядзіць, гніды прышчаміўшы. А ты цяпер варушы чалавечыя косці ў магілах, прыкідвай, што да чаго, ды пакутуй ад сваёй бездапаможнасці. Тым часам людзі лічаць, што нават ад урадавай камісіі КДБ штосьці хавае. Асабіста я ўжо колькі разоў прапаноўваў на пасяджэннях камісіі друкаваць больш поўныя справаздачы аб праведзенай пошукавай рабоце, але газетныя інфармацыі выходзяць куцыя, з іх мала што можна зразумець старонняму чалавеку. Адсюль і недавер да камісіі.
Не толькі людзі, але і час, гады хаваюць ад нас шмат якія таямніцы. I тым не менш апраўданне існавання кожнага пакалення заключаецца і ў тым, каб раскрываць гэтыя таямніцы.
Думаецца, што пра Курапаты мы таксама некалі будзем ведаць усё.
А ўвогуле даволі часта робіцца сумна, сумна ад усведамлення таго, што злачынцам у нас заўсёды ўдаецца пазбегнуць суда людскога, пакарання. Маюцца на ўвазе не звычайныя крымінальныя злачынцы. Гаворка ідзе пра дзяржаўных злачынцаў, якія амаль усе замураваны ў Крамлёўскай сцяне, а некаторыя пахаваны каля яе… Кагановіч жа тым часам паказвае фігі з-за дзвярэй у сваёй вялікай кватэры… Адны бясконцыя ахвяры… Няма вінаватых…
У доме нашым тут, у Дубултах, сапсуўся міжгародні тэлефон. Заліло недзе вадой. Таму мы даўно не звязваліся з домам, навін з Мінска не ведаем. Газет беларускіх на балтыйскім узбярэжжы таксама няма.
А між тым жыццё ў Латвіі бруіць. Праўда, слова «бруіць» хутчэй перадае крынічную чысціню. Але ж у Латвіі сёння нямала таксама муці. Пра гэта лёгка даведацца з газет, тэлебачання. Учора ў Рызе пачаў работу пленум ЦК КПЛ. Абмяркоўваецца праект праграмы «Да чаго імкнецца кампартыя Латвіі». Здаецца, мне ўжо даводзілася раней у гэтых нататках гаварыць пра падрыхтоўку да яго. З залы пасяджэнняў вядзецца прамы рэпартаж аб пленуме на ўсю рэспубліку. Варта паглядзець на выступленні ўдзельнікаў пленума, паслухаць, якая культура! Ні ў якое параўнанне гэта п’еса не ідзе з той, што разыгрывалася ў Крамлі ў час сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Там часта дзея перапынялася інтэрмедыямі. Шмат было самарэкламы; ішло звычайнае спаборніцтва паміж дэпутатамі: хто ўтрымаецца за трыбунай, хто каго перакрычыць; вось ужо праўда – спецыяліст падобны на флюс!.. Цяпер народныя дэпутаты раз’ехаліся на так званыя канікулы. I таксама працягваюць гуляць у самарэкламу. Акрамя іх, здаецца, на экранах тэлевізараў нікога больш і не ўбачыш. Дасюль яны абяцалі выбаршчыкам залатыя горы, цяпер абвінавачваюць ва ўсім урад – гэта ён вінаваты, што яны не могуць выканаць абяцанае; дзівакі, нават забываюць у новым запале, што яны выбіралі ўрад!.. Я ўспамінаю, як цэлая група народных дэпутатаў з Масквы (не толькі тыя, што выбіраліся ў Беларусі) прыязджала на нашу адзінаццатую сесію Вярхоўнага Савета.
Ні даць ні ўзяць – месіянскі дэсант. Але ўжо на другі дзень на тварах некаторых прыезджых народных дэпутатаў можна было прачытаць калі не разгубленасць, то зніякавеласць няйначай. Аказалася, беларусы самі з вусамі.
Але ладна. Я вось пра што падумаў раптам. Можа, каму ўжо нават здалося, што ў маіх прыбалтыйскіх запісах многа невясёлых рэчаў. Справа ў тым, што ў нашы дні ўвогуле мала пішуць пра радасць. Такі, аказваецца, стыль. Таму няйначай і я паддаюся агульнаму настрою.
Тым часам сёння часта паказвалася з-за хмараў сонца. Мы трохі паездзілі на параходзіку па Ліелупе, па Даўгаве. Калі наступны хоць бы адзін такі вось дзень выдасца, стане цёпла. Чым не радасць схаладнеламу чалавеку?
Кожную раніцу, недзе а восьмай гадзіне, хаджу я на бераг мора. У добрае надвор’е гэтак багата хто робіць, але ў макрэчу, якая ці не штодзень тут здараецца, ахвотнікаў рана выходзіць на пляж знаходзіцца мала. Учора было вялікае спадзяванне на сонечны дзень. Зноў падман. Аднак я спусціўся па лесвіцы да мора. Глянуў на карункавую рысу, да якой дасягалі ўначы хвалі, і быццам абмёр: замест водарасцей, што звычайна выносіць за ноч вада, на беразе серабрыстай паласой ляжала рыба: маленькая, недарослая, тая, што зусім нядаўна нарадзілася з ікры; гэта яна потым ператвараецца ў дарослую рыбу, якую ловяць промыславыя рыбакі. Мне не адзін раз даводзілася бачыць атручаную рыбу. Гэта жахлівае відовішча… А тут… мільёны малькоў!.. Што з імі здарылася? Чым яны атруціліся? I ніхто над імі не плача. Адны чайкі. Але і ім яна ўжо такая не патрэбна.
Я схадзіў у дом па Тууліка, прывёў на бераг – паказаць яму атручаную рыбу. Туулік нарадзіўся пасярод мора, на востраве, дзе ў яго і цяпер яшчэ стаіць бацькава хата. Таму рыбак ён, як кажуць, патомны. Акрамя таго, ён умее захоўваць унутраную стрыманасць. Але гэты раз нібыта сцепануўся. Сказаў: «Сам бачыш, што робіцца, адкуль ёй, рыбе той, у магазінах брацца?
Гэта, мусіць, папярова-цэлюлозны камбінат у Слоцы чарговую атруту ў раку пусціў. А адтуль яна сюды, у заліў. Дарэчы, такое тут здараецца не першы раз. Тым часам недзе працуюць цэлыя рыбныя інстытуты, каб гэтакіх малькоў вывесці…»
Пагаварылі так вось, тым і абышлося. Усё-ткі не гаспадары мы тут. Але думалася потым пра страчаных малькоў увесь час. Няўжо на камбінаце не ведаюць, што робяць? Ведаюць, канечне ж, ведаюць! Але працягваюць атручваць і рыбу, і людзей.
Дзіўна, але падобнае адбываецца ў такі час, калі значэнне прыродаахоўных праблем цалкам усвядомлена нашым грамадствам. Нарэшце стала ўсім зразумела, што экалогія моцна закранае інтарэсы народа, бо яна шчыльна звязана і з аховай здароўя, і з захаваннем генафонду, ад якога будзе залежаць жыццё наступных пакаленняў; ад экалогіі залежыць таксама сённяшні хлеб наш надзённы і многае-многае іншае.
Усведамленне прыйшло, а вось далей нібыта не ведаем, што рабіць, нібыта дранцвеем перад праблемай нумар адзін. I, можа, таму, што пачынаем не з таго, з чаго неабходна. Вядома, абурэнне таксама ў гэтай справе адыгрывае сваю станоўчую ролю. Але трэба ісці далей, перш за ўсё належыць яшчэ вышэй узняць узровень ведаў, каб дайсці да экалагічнага мыслення.
Я недзе чытаў, што мы былі сярод першых, хто ствараў прыродныя запаведнікі. Морыцсала, Лагадэхі, Баргузінскі, Кедравая падзь, Бярэзінскі… Але ў канцы саракавых гадоў быў высунуты спекулятыўны лозунг аб тым, што недарэчна ахоўваць прыроду ад савецкага чалавека, і сістэма запаведнікаў аказалася разбуранай. Да гэтага прыклалі рукі Лысенка і Берыя. Так, той самы Лаўрэн, што загадваў Гулагам. Нарэшце высветлілася, што ён апекаваўся і над запаведнай справай. Ці не з таго яшчэ часу наша частка Белавежскай пушчы знаходзіцца ў кіраванні Упраўлення справамі Савета Міністраў БССР.
Пад дэвізам «Мы не можам чакаць міласці ад прыроды» нарадзілася і працягвае жыць не адно пакаленне людзей. Кіраўнікі нашы таксама з тых пакаленняў. На жаль, менавіта ад іх пакуль найперш залежыць будаўніцтва ачышчальных збудаванняў; якраз яны пакуль самыя непадатлівыя новаму экалагічнаму мысленню, бо менавіта на іх найбольш ляжыць цяжар мінулага абскурантызму.
Экалагічныя веды – гэта навука: батаніка, заалогія, глебазнаўства, генетыка, гідрабіялогія. Няйначай ёсць і іншыя навукі, але мае веды на гэтым канчаюцца. Затое знаю пэўна, што і пералічаныя навукі даўно ўжо не лічацца ў нас прэстыжнымі.
У нашы дні перашкаджае экалагічнай справе і тое, што марудна, нават дрэнна ідзе эканамічная перабудова. Драпежныя адносіны да прыродных рэсурсаў, у тым ліку і да рыбных багаццяў, будуць існаваць да таго часу, пакуль не стануць эканамічна нявыгаднымі. Таму на парадак дня як хутчэй павінен сапраўды стаць у гэтай справе экалагічны, а не тэхналагічны падыход. Іначай – загубім дарэшты прыроду. У сувязі з гэтым папярова-цэлюлозны камбінат на Ліелупе проста неабходна закрыць. Падвесці яго, як кажуць, пад закон. Але законы жывуць, калі яны дзейнічаюць. Між тым вельмі сумніцельна, што яны ў нас дзейнічаюць. Помню, як у Бабруйску ў часе выбараў у народныя дэпутаты СССР мясцовыя выбаршчыкі спыталі ў майго альтэрнатыўнага кандыдата: «Завод, на якім вы працуеце, сама найбольш забруджвае горад. Што вы робіце, каб перашкодзіць гэтаму?» – «Плацім у год да трыццаці тысяч рублёў штрафу», – адказаў ён.
Як бачыце, камбінат на Ліелупе толькі прычына для размовы. У нас, у Беларусі, таксама нямала вытворчасцей, якія наносяць шкоду акаляючаму асяроддзю. На вачах мяняецца возера Нарач. Засолены землі вакол Салігорска. А што робіцца з новымі гарадамі – Наваполацкам, Светлагорскам?
Раней газету «Известия» чытаў я рэдка, цяпер купляю ў кіёску кожнага дня. Спытаеце – чаму раптам? Ёсць прычына.
Якраз прыканцы ліпеня, калі я ўжо збіраўся патроху ў дарогу, пазваніў айцец Серафім, памочнік мітрапаліта Філарэта.
«Есць справа», – сказаў ён. Тым часам мне не першы раз ужо давялося мець справу з царкоўнікамі. Сёлета на Вялікдзень нават малебен адстаяў у саборы на плошчы Свабоды па запрашэнні Уладыкі. Ёсць нейкая зачараванасць у царкоўнай службе. Што б ні гаварылі атэісты, але ёсць у ёй нейкая патаемнасць, што прымушае парафіян гадзінамі стаяць ды слухаць. Калісьці Ленін гаварыў, што рэлігію (у сэнсе – царкву) можа замяніць тэатр. Але не хутка гэта будзе. Я на сабе адчуў, што служба ў храме мацней пакуль за дзейства ў тэатры. Ды і царква цяпер нібыта нанова адрадзілася. Не, не скора тэатр заменіць царкву, асабліва пры той відавочнасці, што ў нашы дні на вялікія рэлігійныя святы зноў няма дзе яблыку ўпасці ў часе малебна, а месцы ў тэатры не заўсёды запоўнены. Дарэчы, калі я гаварыў пра новы сінтэз культуры, то рэлігію, як адзін з маральных фактараў, таксама меў на ўвазе.
З айцом Серафімам мы тады дамовіліся, што ён па справе прыедзе на Пуліхава. На вуліцы ішоў дождж, аднак айцец Серафім не прымусіў доўга чакаць сябе. Прыехаў, паказаў ліст у абарону Гомельскага кафедральнага сабора, дарэчы, адзінага ў Беларусі. Служба ў ім з перапынкамі ішла, здаецца, да сярэдзіны шасцідзясятых гадоў. Пасля сабор па нейкай прычыне закрылі. Усё хацелі зрабіць там планетарый, мусіць, нават зрабілі. Цяпер людзям закарцела нанава адкрыць сабор з царкоўнай службай, а дакладней – вярнуць ранейшы воблік: і архітэктурны, і культавы. Зразумела, што Беларуская епархія не магла пры гэтым апынуцца ўбаку. Пачалася доўгая перапіска з гомельскімі адміністратарамі. Тыя ані шманаюць. Таму вось і з’явіўся на свет новы ліст, але падпісаны ўжо дужа вядомымі людзьмі краіны. «Хацелася б, каб і вы падпісаліся, – сказаў айцец Серафім. – Мы змовіліся, што надрукуе яго газета «Известия».
Што ж, справа боская. Я падпісаў. А цяпер чакаю, калі той ліст з’явіцца ў друку, таму купляю «Известия». Але ўжо сярэдзіна жніўня, а на старонках газеты ліста ўсё няма. Няйначай у Гомелі ўсё вырашылася як след, бо адрасавана пісьмо было Я.Я. Сакалову.
Апошнія гады па роду службы я ўвогуле далучаны да матэрыяльнай культуры. Даводзіцца займацца шырокім колам пытанняў, бо ў наш нялёгкі час прыйшло разуменне, што гістарычная самасвядомасць можа існаваць тысячагоддзі толькі дзякуючы помнікам культуры. Помнікі пісьменства, другія стварэнні чалавечага розуму, чалавечых рук з’яўляюцца сведкамі багацця гістарычнай свядомасці народа і ўмовай яго далейшага развіцця. Як толькі знікаюць матэрыяльныя носьбіты культурнай інфармацыі – знікае культура. У Беларусі ўзята на ўлік больш за трынаццаць тысяч помнікаў. А яшчэ болей, відаць, не ўзята. Цяпер распрацоўваецца рэспубліканская праграма «Спадчына». Але як па-людску зрушыць захаванне і аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры, ніхто не мае пакуль уяўлення. Усё планы ды планы. Нягледзячы на гэта, Фонд культуры спрабуе штосьці рабіць канкрэтнае. Па нашых хадайніцтвах бюро ЦК КПБ прыняло рашэнне аб узвядзенні помнікаў на Буйніцкім полі, дзе ў сорак першым годзе змагалася пры абароне Магілёва дывізія генерала Раманава, помнікаў Кірылу Тураўскаму, Сімяону Полацкаму, Кастусю Каліноўскаму, Васілю Вашчылу… Праўда, далейшы лёс іх залежыць ад Міністэрства культуры рэспублікі, але там справы пакуль чамусьці глухнуць. Трэба спадзявацца, што з прыходам новага міністра яны зрушацца з месца.
Між тым даволі часта ў часе вырашэння таго альбо іншага пытання, якое датычыць помнікаў гісторыі і культуры, адчуваеш сябе бездапаможным, бо працэс катастрафічнага разбурэння іх не толькі не спыняецца, але нават паскараецца. Па падліках дасведчаных людзей мы страчваем у краіне кожнага дня не менш за дзесяць розных помнікаў. I гэта з ліку тых, якія ахоўваюцца дзяржавай. Можна ўявіць сабе, што робіцца тым часам з «неапрыходаванымі».
Нягледзячы на ўсе добрыя справы, людзі, якія сядзяць у адказных кабінетах, не толькі іншы раз застаюцца да айчынных помнікаў раўнадушнымі, але і спрыяюць разбурэнню іх. Назіраюцца нават факты варожасці, бо помнікі перашкаджаюць адміністратарам (гэта яшчэ дужа лёгкае слоўца – адміністратары) будаваць заводы, адміністрацыйныя корпусы, ведамаснае жыллё. Ды і ці мала яшчэ што?
На шмат якіх гістарычных збудаваннях вісяць таблічкі: «Ахоўваецца законам». Яны, гэтыя таблічкі, паступова на нашай памяці ператвараюцца ў насмешку над грамадскім клопатам, бо прымацоўваліся амаль заўсёды на больш чым аварыйных помніках архітэктуры.
Разумных гаворак аб усім у нас шмат. Час ужо і ўладу па-сапраўднаму ўжываць. Неабходна перш за ўсё вылучыць органы аховы помнікаў з сістэмы выканаўчай улады, каб яны дзейнічалі самастойна, каб нарэшце займелі права «вета». Трэба дамагчыся галоўнага – ператварэння аховы спадчыны з неабавязковага мерапрыемства ў асноўнае. Вось так!
Між тым, здаецца, ніколі яшчэ ў такіх вось запісах не ўдаваўся я гэтак у грамадскія развагі. Канечне, без іх, асабліва цяпер, не абысціся. Цяпер кожны калі не мысліцель, то тэарэтык ужо пэўна што. Любы крыкун, любы дэмагог – тэарэтык. Бо тэорыя зрабілася падобнай на звычайныя згрызоты, пра якія гаварыў надоечы. Яна апусцілася з-за воблачных вышынь, апала зрэджаным туманам на зямлю і перастала быць незразумелай. Раней мы адчувалі недахоп у практыцы, цяпер нібыта – у тэорыі. Але гэтае адчуванне падманлівае. Даступнасць тэорыі – усеагульная прафанацыя. Дарэчы, сесія Вярхоўнага Савета ў Крамлі была сведчаннем гэтаму. Там многія імкнуліся выдаць сябе тэарэтыкамі, дарма што ўвогуле выразных думак хапала на абзац. Але вернемся да першага сказа. Сапраўды, чаму пісьменнік-празаік аддае ў нататках перавагу публіцыстыцы, нават не перавагу, а зусім ігнаруе законы прозы. Адказ просты – вінавата надвор’е. Скрозь сцяну дажджу не дужа багата што ўбачыш. Сёння некаторыя з пісьменнікаў падаліся на экскурсію ў Талін. Прызнацца, я пашкадаваў, што таксама не запісаўся ехаць. Рабочыя ў Таліне па-ранейшаму бастуюць. Туулік супакойвае нас, маўляў, усё ўвойдзе ў свае жыццёвыя берагі. Але ў краіне людзі занепакоены цяперашняй эстонскай сітуацыяй. Гэта адчуваецца па тых выказваннях, якія часта ў гэтыя дні чуюцца па радыё і тэлебачанні.
Ну што ж, раз мы ўжо заклеймавалі грамадскія развагі, якія пераважаюць у сшытку, раз гэтак лёгка адракліся ад публіцыстыкі, дзеля разрыўкі, як казаў адзін з герояў Кузьмы Чорнага, не лішне будзе прыгадаць сёе-тое з мясцовага гумару; не з латышскага, вядома, а з тутэйшага, які распаўсюджаны ў Доме творчасці. Расказаў некалі пра гэты выпадак Васіль Шукшын. Здаецца, яшчэ ў семдзесят другім годзе, калі тут, у Прыбалтыцы, стаяла вялікая спёка, тэмпература вады дасягала дваццаці сямі градусаў. Запомніліся падрабязнасці па простай прычыне: у тое лета мяне выклікалі з Дубултаў у выдавецтва «Советский писатель» правіць набраны раман «Плач перапёлкі»; раптам маскоўскі Галоўліт адшукаў у ім па нечай падказцы вялікую крамолу; нібыта я ў ім, у рамане, змешваю, дакладней, зблытваю, гістарычныя паралелі (дарэчы, аб гэтым у той час пісала і газета «Правда» ў артыкуле Ч. Гусейнава), няправільна сумяшчаю нямецкую акупацыю з татара-мангольскім прыгнётам. Зразумела, што рэдактар, хтосьці Барысаў, з маёй дапамогай вельмі пашкуматаў раман, і мне пасля з цяжкасцямі, паступова, ад выдання да выдання, давялося аднаўляць тэкст. Дык у той год у Дубултах знаходзіўся якраз Васіль Макаравіч: хадзіў то моцна пахмуры, трымаючыся левай рукой за грудзі, то раптам праз нейкую змогу пранікліва ўсміхаўся; збоку здавалася, што ён настроены вельмі рашуча да ўсяго свету; асабліва скрыпеў зубамі, калі гаворка заходзіла пра бюракратаў, гэта значыць начальнікаў усіх масцей; аднак ва ўсім астатнім, у тым ліку і ў асабістых адносінах, быў далікатны, мяккі і нават ласкавы. Дык Васіль Макаравіч з нейкім скепсісам, гледзячы на яшчэ зусім новы тады Дом творчасці, пачаў расказваць, як аднойчы сюды прыйшла школьная экскурсія – пажылая настаўніца прывяла чародку хлопчыкаў і дзяўчынак, па ўзросце пачаткоўцаў. «А вось тут, у гэтым доме, працуюць нашы савецкія пісьменнікі, якія пішуць кніжкі, па іх мы з вамі, дзеткі, вучымся. Не будзем ім перашкаджаць. Няхай ціха працуюць. А тым часам усё ж папляскаем ім у далоні». I сапраўды, дзеці следам за сваёй настаўніцай пачалі ледзь чутна пляскаць рукамі перад домам, дзе ў гэты час творцы і іхнія разбэшчаныя нашчадкі «пілі каву» ў бары альбо наладжвалі гармідар у вестыбюлі, ляніва сноўдаючы з кутка ў куток. Глухая Марыэта Сяргееўна Шагінян звычайна скардзілася ўранні Баўману, дырэктару Дома творчасці: «Усю ноч гэтыя падшыванцы не давалі мне спаць…» Значыць, і ўначы, скрозь сон, мітусіліся яны ў яе галаве.
Канечне, расказ Шукшына пра настаўніцу і яе вучняў перад нашым тутэйшым домам нельга ўспрымаць без усмешкі, нават цяпер, па зыходзе столькіх гадоў, але ж гэта гаворыць разам з тым і вось пра што: аказваецца, ёсць па-ранейшаму недзе сярод людзей наіўны свет, спрадвечная вера ў непераходныя каштоўнасці… Мне таксама прыгадваецца штосьці падобнае, не менш наіўнае, але тое ўжо давялося бачыць на свае вочы. У нас, у беларускім Доме творчасці ў Каралішчавічах, працавала прыбіральшчыцай адна вясковая жанчына. Пры ёй у лесе жыў маленькі сынок, Віця. Таксама дужа вясковы чалавечак. Пісьменнікі звычайна падкормлівалі яго ласункамі. Але сёй-той, дзеля неразумнага жарту, пытаўся таксама: «Дзе ж твой бацька, Віця?» – «Ловяць бацьку, – адказваў ён. – Дзядзькі міліцыянеры зловяць, тады «ліменты» пачне прысылаць, а то грошай у мамкі няма». I вось аднойчы выходжу я на балкончык – ён адзіны быў там, у драўляным каралішчавіцкім доме, – бачу, як перад ганкам унізе валачэ Віця яловую макаўку; кружыць амаль на адным месцы і ціха шоргае зялёнымі лапкамі. Пытаюся: «Што гэта ты робіш, Віця?» А ён узняў галоўку ўгору ды кажа: «Не перашкаджаю пісьменнікам працаваць».
У той час, які, дарэчы, мы паспелі ўжо таксама праклясці, можа, толькі пажылая латышская настаўніца ды наш нічым не сапсуты каралішчавіцкі Віця разумелі: пісьменнікам сапраўды не трэба перашкаджаць працаваць. А пісалася, трэба сказаць, цяжка… Гэта толькі здаецца цяпер некаторым, што ў так званыя застойныя гады і жылося разгульна, і працавалася абы-як. Не так было. Колькі жыццё помню – і ў сталінскія часы, і ў гітлераўскія, і ў хрушчоўскія, і ў брэжнеўскія, – сумленным людзям і жылося нялёгка, і працавалася цяжка.
Калі цікава, магу расказаць яшчэ пра адну згадку. I тут зусім не дзеля разрыўкі. Занатаваць яе ўсё роўна давялося б сёлета так ці інакш. Відаць, саспела ў душы. Да таго ж быў штуршок.
Я ўжо недзе пазначаў, хто з вядомых мне пісьменнікаў трапіў сюды ў жніўні. Але аднаго не ўспомніў. Праўда, і напаткаўся ён нядаўна. Прозвішча не скажу – забыў. Аднак тое, што з татараў, няма сумнення.
Як кажуць, даўным-даўно, калі мы былі маладыя і паасобна ўпотай марылі аб літаратурнай славе, але хадзілі адзін да аднаго ў госці, чувашскі крытык Мікалай Сцяпанавіч Дзедушкін запрасіў нас з жонкай у гэтых жа Дубултах на другі сняданак, на своеасаблівы ленч, а дакладней, на перадабедзенную закуску, толькі з гарэлкай. У пакоі тым часам ужо сядзелі госці. Мікалай Сцяпанавіч пачаў знаёміць – выходзіла, што ледзь не кожны з прысутных быў альбо народным пісьменнікам, альбо народным паэтам. Усе мы выпілі за здароўе гаспадароў, а тады разгаварыліся. Адзін народны раптам сказаў: «Ты напісаў добры раман, але навошта ў ім Рахім? Замяні яму імя – няхай будзе, напрыклад, Сідараў, усё роўна паліцай. Дык якая розніца, татарын ён ці яшчэ хто? » Астатнія народныя ў падтрымку ягоных слоў заківалі галовамі. А той, першы, дадаў: «Тады раман атрымае сапраўднае пашырэнне ў Саюзе. Мы таксама на сваю мову перакладзём». Мы з жонкай пераглянуліся, перавялі позірк на Мікалая Сцяпанавіча, той апусціў вочы – няйначай ведаў зараней, што гаворка такая абавязкова ўзнікае за сталом; можа, нават назнарок наладжваў яе.
Яшчэ больш здзівіўся я, калі ў тую ж восень тагачасны загадчык сектара літаратуры запрасіў мяне ў Мінску ў ЦК. Начальнік ён быў настойлівы, найбольш – ваяўнічы, а ваяваў найчасцей з добрай літаратурай. Энергічна павітаўся, спытаў, ці заплаціў я ўзносы за эпіграму, якую хтосьці напісаў на яго, а я, калі яна трапіла да мяне, адкрыта занёс у «ЛіМ», тады паклаў перада мной пісьмо старога бальшавіка-татарына, партыйны стаж якога пачынаўся ці не ў мінулым яшчэ стагоддзі. Гаворка ў пісьме зноў ішла пра мой раман «Плач перапёлкі», пра таго ж Рахіма, якога ўлетку мне прапаноўвалі памяняць на Сідарава. Пісьмо было напісана на імя Брэжнева, таму не адзін мой раман туды трапіў: кідаліся папрокі Анатолю Ананьеву, Андрэю Таркоўскаму за фільм «Андрэй Рублёў». Копіі пісьма былі разасланы Цэнтральным Камітэтам саюзных рэспублік, міністэрствам, камітэтам, творчым саюзам… Словам, было над чым задумацца. Тым больш, што ў пісьме тым была таксама пагроза і ў адрас сакратара таварыша Брэжнева, каб абавязкова давёў да ўсіх.
– Трэба даць адказ, – сказаў загадчык сектара.
– Які? I хто павінен даваць? – паглядзеў я здзіўлена на яго.
– Ну, не нам жа, Цэнтральнаму Камітэту, падказваць табе! Нарабіў шкоды, а цяпер.
– Не буду я пісаць ніякага адказу, – аддаў я прачытаны ліст.
Загадчык сектара доўга даводзіў, што няўдалы выбар героя можа моцна паўплываць на дружбу паміж беларускім і татарскім народамі.
– Вось мы і ў Чувашыю хутка на дэкаду едзем, а там шмат татараў, – выклаў загадчык апошні довад.
Як цяпер помню, слухаў я літаратурнага начальніка і ў вялікую самоту прыходзіў; чым даўжэй сядзеў у ягоным кабінеце, вокны якога выходзілі на будынак Саюза пісьменнікаў, тым мацней адчуваў абсурдную бездапаможнасць. Дзіўная рэч, ваявалі ў мінулую вайну ўсе, гераізм выяўлялі ўсе незалежна ад таго, хто якой нацыянальнасці, але ж і здраднікамі станавіліся незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. А цяпер паліцаем у часе нямецкай акупацыі ў літаратуры можа быць альбо рускі, альбо ўкраінец, ну і на дрэнны канец нехлямяжы беларус. Калі ў якім-небудзь творы з’яўляліся ў падобнай ролі прадстаўнікі іншай нацыянальнасці, лічылася абразай, узнімаўся ў крытыцы (і не толькі ў крытыцы) суцэльны вэрхал.
Вядома, ніхто не хацеў з’явіцца парушальнікам дружбы народаў. Тым больш што ў тыя гады мацавалася яна знешне ўражліва і пасягаць на яе нікому не толькі не карцела, але ў нейкай ступені проста было небяспечна.
I тым не менш я набраўся тады настойлівасці не паслухацца цэкоўскага таварыша. Наадварот, асмеліўся сказаць:
– Перадайце аўтару гэтага пісьма… Не, не аўтару, а тым, хто кіраваў ім, бо наўрад ці меў магчымасць стары чалавек прачытаць мой раман… Дык перадайце, калі не пакінуць мяне ў спакоі, то ў наступным рамане (а тады ўжо якраз пісалася «Апраўданне крыві») выведу цэлы батальён такіх жа Рахімаў.
Прыгразіць – прыгразіў, але ўсё-ткі ў «Апраўданні крыві» здаў Рахіма ў абвераўскую школу ў Печах, што пад Барысавам, каб не блытаўся ён ні ў Верамейках, ні ў Бабінавічах, ні ўвогуле ў Забесяддзі.
Здаецца, асабліва задаволены гэтым застаўся Мікалай Сцяпанавіч Дзедушкін, дарэчы, надзвычай цікавы чалавек і добры таварыш. Не так даўно я пазнаёміўся з ягонай праграмай па нацыянальных літаратурах для ўніверсітэтаў. Мала ў нас у краіне гэтакіх знаўцаў.
Але ж гаворка ішла пра цяжкасці ў працы, з якімі сутыкаецца сумленны пісьменнік амаль заўсёды. Прынамсі, у маёй практыцы лёгкіх перыядаў не было.
Месяцаў колькі назад наш літаратурны штотыднёвік распаўсюдзіў сярод пісьменнікаў анкету з пытаннямі, сярод якіх змяшчалася наступнае: як адчуваецца ў вас унутраны рэдактар? Вядома, за дакладнасць, як кажуць, не ручаюся, аднак сэнс недзе такі вось быў.
Я падумаў: чаму раптам узнікае падобная праблема? Мы яшчэ не паспелі пазбавіцца ад свавольства знешніх рэдактараў, а тут ужо – унутраных. Зразумела, што аднаго без другога не існуе, асабліва калі ўлічваць, што да гэтага часу самым лютым знешнім рэдактарам быў Галоўліт, які ўзяў на сябе неўласцівую ролю, дакладней, ролю, якая пры ўтварэнні на яго не ўскладвалася. Паводле першай задумы, Галоўліту належала сачыць, каб праз друк не праходзілі дзяржаўныя тайны. Але паступова прапагандысцкая служба ўсклала на гэтую паўтайную-паўадкрытую арганізацыю функцыі колішняй царскай цэнзуры. I тады літаратуру пачалі малаціць у два цапы: у выдавецтвах і ў Галоўным упраўленні па літаратуры, над якім апекаваліся разам і аддзелы прапаганды партыйных арганізацый, і аддзелы друку ў органах дзяржаўнай бяспекі.
Канечне, унутраная насцярога, якую сапраўды льга называць «унутраным рэдактарам», у многіх прысутнічала не толькі ў часе работы за пісьмовым сталом, аднак і ў працэсе задумы новага твора; больш таго, яна заўсёды сядзела, як той нябачны чорт, побач, папярэджвала, шэпчучы на вуха: «Гэта не пройдзе, гэта не пройдзе!»
Некалі, напярэдадні аднаго са з’ездаў Саюза пісьменнікаў, хадзіла па руках пісьмо А. Салжаніцына, у якім ён выступаў супроць свавольства цэнзуры. Самога пісьменніка на з’ездзе не было, аднак і пісьмо не было абнародавана, хоць і без таго аб ім усё ведалі. Ведалі і сарамліва маўчалі. Між тым Салжаніцын меў рацыю. I выступіў супроць цэнзуры не толькі таму, што тая даймала тады найбольш яго. Пісягі ад галоўлітаўскага дубца крывавілі таксама і на творах іншых пісьменнікаў. Збіраючыся ў кампаніі, мы пра гэта нават у тыя гады адкрыта гаварылі, а вось з трыбуны сказаць не рашаліся. Праўда, калі быць да канца шчырым, то варта ўспомніць: у нас, здаецца, на шостым па ліку з’ездзе ў Мінску спрабаваў гаварыць штосьці падобнае В. Быкаў, на тым з’ездзе, дзе я раптам узбурыўся супроць В. Кажэўнікава, які ў сваім выступленні дужа паблажліва паляпваў нас, беларусаў, па плячах, спрабуючы выдаць за суцэльную цямноту…
Але не трэба думаць, што гнеў супроць знешніх і ўнутраных рэдактараў скіроўваецца тут згодна з часам, у які нібыта ўсё дазволена. Цэнзура па-ранейшаму не дрэмле, выдавецкая і часопісная рэдакцыі таксама пільнасць захоўваюць. А што датычыць унутранага рэдактара, то гэта ўжо цалкам асабістая рэч. Мяне ўнутраны рэдактар не вельмі стрымліваў у рабоце, бо я заўсёды ведаў, што ёсць знешнія рэдактары і што ім за нядрэмнасць плацяць грошы. Будзем так гаварыць. Хутчэй за ўсё таму мае творы праходзілі кожны раз чыстку. Работнікі «Маладосці» не дадуць схлусіць: калі друкаваўся мой раман, яны не атрымлівалі квартальнай прагрэсіўкі. Асабліва шмат рэдактарскіх і цэнзараўскіх выкідак было ў другім рамане – «Апраўданне крыві». У трэцім пад вялікім націскам таварыша Маркевіча, яшчэ зусім нядаўняга начальніка Галоўліта, была зменена назва: замест «Свае і чужыя» атрымаліся «Свае і чужынцы». Праўда, мяне суцяшала трохі пры гэтым тая акалічнасць, што па-руску ўсё роўна будзе чытацца «Свои и чужие». Але хіба пацярпела толькі адна назва? Недзе ж захоўваецца спіс за подпісам таварыша Русака, паводле якога абавязковаму скарачэнню падлягалі такія і такія старонкі…
Можна сказаць, усё гэта запозненыя «скаргі турка»: часы памяняліся, справы – таксама, і знешнія, і ўнутраныя. Аднак з нядаўняй драмы «Чалавек з мядзведжым тварам» той жа Галоўліт запатрабаваў ад рэдактара выкрасліць радкі, дзе гаворка ішла пра вынікі чарнобыльскай радыяцыі ў Бранскай вобласці. Аказваецца, пра Украіну, пра Беларусь пісаць можна, а вось пра Бранскую вобласць – нельга. Ды і да Курапат навошта шукаць дадатковых кладзішчаў? Таму колішнія могілкі ў Цівалях, дзе па загаду Кагановіча расстрэльвалі беларускіх чыгуначнікаў, таксама не варта абнародаваць.
А ўвогуле за маёй творчасцю пачалі рана сачыць. Нездарма ж апавяданне «Маці», якое некалі раскрытыкаваў К. Мазураў, удалося надрукаваць у выбраных творах праз дваццаць гадоў пасля таго, як яно было змешчана ў часопісе «Полымя». Першую кніжку «Птушкі ляцяць на волю» трымалі ўжо набранай нейкія людзі ажно некалькі месяцаў у выдавецтве, пакуль добрыя людзі не падказалі мне звярнуцца да самога Кірылы Трафімавіча Мазурава. Кіраўнік ён быў, можна сказаць, па цяперашнім часе ліберальны, дакладней, чалавечны; дарма што падобнае вызначэнне наогул наўрад ці ўласціва былым кіраўнікам буйнога маштабу. Але ж няйначай за дрэннае стаўленне да мяне ўсё-ткі папала таварышу Шауру, які загадваў у той час у нас ідэалогіяй. Гэта я адчуў па тым, як ён раздражнёна, амаль з агідаю перакідваў па стале з месца на месца мой ліст да таварыша Мазурава, маўляў, куды яго цяпер дзяваць?.. А што было з раманам «Плач перапёлкі»! Гэта таксама цэлая гісторыя. Не надрукавана ні ў адным з выданняў (а іх ужо, здаецца, выйшла чатыры) мая аўтабіяграфія. Вось пра гэта, відаць, варта сказаць усё-ткі. Прынамсі, час растлумачыць, чаму ў беларускіх выданнях дасюль няма маёй аўтабіяграфіі, якая напісана па заказу для другога выдання; чаму аўтабіяграфія пад назвай «Первое воспоминание» надрукавана ў Маскве, у пятым томе «Автобиографий советских писателей» (праўда, гэта не тая, першая: для Масквы давялося пісаць яшчэ адну).
Дык вось пра тую аўтабіяграфію, якая таксама мела назву «Першы ўспамін», але не была ўзята для надрукавання і гэта мала цяпер сказаць – для надрукавання: з яе зместу ў выдавецтве, тады яно называлася Дзяржаўным, спрабавалі стварыць цэлую справу. А ўсё пачалося з таго, што сярод паэтаў-землякоў я ўспомніў Масея Сяднёва. Быў такі да вайны паэт. Цяпер ён – за мяжой. Калі мне давялося быць у ЗША, на 33-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, я пацікавіўся лёсам яго. Прафесар Антон Адамовіч тады сказаў: «Ён у Еўропе». На тым цікаўнасць і скончылася.
Тым часам Сяднёў нібыта заўсёды цікавіў мяне. Нездарма ж лёс яго, калі нарэшце можна прызнацца, паслужыў у нейкай ступені падставай для лёсу Масея Зазыбы ў трылогіі. Так, пакуль трылогіі. Як і Масей Зазыба, Сяднёў Масей таксама быў арыштаваны ў Мінску. Сядзеў. Пасля першага тэрміну яго прывезлі на перасуд. Аднак пачалася вайна. Калону арыштантаў, у якой, акрамя Сяднёва, канвойныя вялі Якуба Ермаловіча, Рыгора Бярозкіна, недзе каля Чэрвеня перанялі немцы; прынамсі, па калоне пайшлі чуткі, што на Магілёўскай шашы з’явіўся варожы дэсант. Гэта, уласна, і выратавала нашых пісьменнікаў. Іх адпусцілі канвойныя. Сяднёў праз нейкі час дабраўся да Мокрага, сваёй вёскі ў Касцюковіцкім раёне, пабадзяўся трохі, а тады пайшоў працаваць пісарам у валасное праўленне. За вялікую дакладнасць адказваць не бяруся, але так у нас гаварылі пасля вайны: зброі ён не насіў пры сабе, дый не меў яе ўвогуле, аднак у партызаны таксама не пайшоў, хоць былыя сябры па школе і клікалі яго ў мясцовы атрад «За Савецкую Беларусь». Пры набліжэнні фронту да Беларусі ў сорак трэцім годзе Сяднёў рушыў на Захад.
Якуб Ермаловіч расказваў, што зямляк мой колькі часу аціраўся ў Мінску, штосьці пісаў, здаецца, нават супроць Савецкай улады, затым падаўся з адступаючай нямецкай арміяй у Еўропу. Акурат гэтак я і напісаў пра яго ў сваім аўтабіяграфічным успаміне, сказаўшы яшчэ, што нічога благога аб Сяднёве ў нас у Забесяддзі ніхто не помніць. Якраз вось гэта і ўзбурыла звышпільных таварышаў у канторы Захара Матузава і Хведара Жычкі.
Аўтабіяграфію маю з кнігі знялі, мяне зганьбавалі, але «вялікай справы» не завялі, хтосьці перашкодзіў. Можа, той жа К. Мазураў, які ведаў свой прапагандысцкі апарат і не любіў, калі да чалавека пачыналі чапляцца, цкаваць. Хацеў сказаць дарэмна чапляцца, але ў тыя часы падобных слоў не ведалі ці амаль не ведалі ў пэўных дачыненнях. То былі гады зледзянення хрушчоўскай «адлігі». Многа пазней мы неяк сустрэліся з Кірылам Трафімавічам у Маскве каля Вялікага тэатра, нават пагаварылі, але былога, беларускага, не ўспаміналі. Цяпер ён з’яўляецца кансультантам шматсерыйнага тэлевізійнага фільма, які здымае Ігар Дабралюбаў па раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы».
Увогуле ў пісьменніцкім лёсе шмат яўнага, але не менш і тайнага. Гэта той бяздонны калодзеж, з якога чэрпаецца, кладучыся на старонкі твораў, разам і светлае, і цёмнае. Гэта што датычыць мастацкіх твораў. Але ж нарэшце прыходзіць час, калі ўзнікае неабходнасць іншага ўзаемапаразумення з чытачом, калі трэба што-кольвечы проста патлумачыць.
Гадоў колькі назад сабраўя ў кніжку свае артыкулы, рэцэнзіі з часопісаў, газет, таксама – даклады, з якімі выступаў на пленумах праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, калі працаваў спярша намеснікам Старшыні праўлення СП, пасля сакратаром; старэйшыя пісьменнікі няйначай яшчэ памятаюць даклад па прозе. Часопіс «Полымя», дакладней, рэдактар яго, нават памкнуўся надрукаваць яго. Аднак тагачаснае ідэалагічнае начальства прымусіла палымянцаў зняць са старонак ужо набраны тэкст. Уключыў я той даклад і ў кніжку сваю «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры». I які ж лямант пачаўся, калі раптам даведаліся, што ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзіць яна. Пад нож – і ўсё тут! Выратаваў тады кніжку аднакурснік В. Каленчыц, які працаваў у ЦК. Кніжка выйшла, нават мела даволі вялікую колькасць рэцэнзій. Але В.С. Палтаран, якая блаславіла ў друк яе, прымусілі пісаць не адну тлумачальную паперку… Увогуле Веру Сямёнаўну варта было б часцей памінаць добрым словам: трапяткая душа была, аднак не палахлівая.
Я не стану лішне злоўжываць чужой цярплівасцю, аднак не маю права таксама змаўчаць у такім вось жанры яшчэ пра адну літаратурную недарэчнасць. Толькі, крый бог, сапраўды не падумайце – «скаргі турка». У пісьменніка гэта трохі іншае; у пісьменніка гэта называецца – пра час і пра сябе.
Ужо пры цяперашняй перабудове, але яшчэ не пры сённяшняй галоснасці, маскоўскі Галоўліт зняў у «Огоньке» набранае апавяданне «Третьим разом». У нас яго змясціў часопіс «Беларусь». З тае прычыны адбылася нарада ў ЦК. Мяне туды не клікалі, аднак начальнік беларускага Галоўліта ў часе яе выклаў столькі літаратурных грахоў маіх, што нават тагачасны сакратар ЦК А. Кузьмін мусіў чырванець ды згладжваць сітуацыю… Цэнзара, які прапусціў апавяданне ў «Беларусі», з работы вызвалілі. Праўда, кажуць, што да таго, як трапіць у Галоўліт, ён быў начальнікам турмы… Здараюцца ж парадоксы!..
Між тым вярнуліся ў Дубулты экскурсанты, што ездзілі ў Талін. У горадзе, кажуць, спакойна. Аднак у людных месцах то паспешліва, то паволі снуюць міліцэйскія ды армейскія пагрулі, якія становяцца ўсё роўна як адзнакай часу. У Нагорным Карабаху – патрулі, у Абхазіі – патрулі, у Фергане – патрулі, у Эстоніі – таксама…
I ўсё-ткі мясцовыя людзі, якія доўга ці мала жывуць на ўзбярэжжы, нездарма супакойвалі нас – надвор’е сапраўды пачало выясняцца. Сонца паміж Ліелупе і залівам, здаецца, павісла, нарэшце, надоўга. З гэтай прычыны мы тут, знаёмыя паміж сабой пісьменнікі, спрабуем пацвельвацца адзін з аднаго: маўляў, цяпер мы напрацуем, маючы на ўвазе, што ад вялікага сонца «плавіцца» розум. А ў такім стане нібыта нічога вартага не напішаш. Праўда, «Біблія» ды «Каран» колісь створаны якраз на гарачым сонцы, прынамсі, там, дзе яно вісіць на небе скрозь цэлы дзень. Але то «Каран» і «Біблія».
На наш балкон вецер уначы занёс шматок газеты. Уранку паглядзеў – загаловак артыкула ўцалеў: «Хто пойдзе да нефармалаў?»
Сапраўды, хто пойдзе? Там жа багата нашай моладзі, якая на штосьці спадзяецца, чагосьці дамагаецца.