КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алесь Марціновіч
У кагорце беларускіх літаратараў ХХ стагоддзя адно з першых месцаў належыць Івану Чыгрынаву – народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР і Літаратурнай прэміі Аляксандра Фадзеева, вядомаму дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу: у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХХХІІІ Генеральнай асамблеі ААН, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узначальваў Пастаянную камісію Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных і міжнацыянальных пытаннях. Быў старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына».
Як і многія празаікі, пачынаў творчы шлях з вершаў. Асобныя з іх публікаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Ленінскі прызыў» яшчэ школьнікам. Студэнтам друкаваўся ў «Чырвонай змене». Але першакурснікам ужо дэбютаваў і ў часопісе «Полымя» («Сон трактарыста», 1952, № 12). Як дакладна заўважыў Уладзімір Гніламёдаў, «<…> юнацкія вершы І. Чыгрынава паводле сваёй сюжэтнай будовы і апавядальнай манеры, насычанасці дэталямі – цяпер гэта асабліва заўважна – абяцалі будучага празаіка».
Не мог адчуваць гэтага і сам Іван Гаўрылавіч. Узяўся за напісанне так званых «мясцовых быляў», якія ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя прапаноўваў касцюковіцкай раёнцы – яна ўжо называлася «Сцяг камунізму». У аснову гэтых твораў ляглі паданні, легенды, запісаныя ў час вандроўкі па раёне. У тым ліку ад свайго дзеда Кажанава. З яго аповеду нарадзілася і апавяданне «Цар і мой прашчур». Але першай сур’ёзнай заяўкай як апавядальніка стала дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі» пра вядомага палярнага даследчыка Саламона Аўгуста Андрэ.
Сам, праўда, пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці лічыў апавяданне «Праз гады», сюжэтна звязанае з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. У аснове яго – пачутае ад лесніка Даўгалёва. Яно, па сутнасці, і вызначыла далейшыя кірункі творчасці. Пісаў шмат на розныя тэмы, але асноўнай праблематыкай яго прозы стала ўсенароднае змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры гэтым закранаў аспекты, да якіх мала хто звяртаўся. Што добра відаць з аднаго пазнейшага яго інтэрв’ю: «Некаторым людзям, у тым ліку і крытыкам, здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў “ура!”. Не, патрыятызм у часе вайны, асабліва ў часе акупацыі, – гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа». Спасціжэнню гэтага свету на вайне і аддаваў першаступенную ўвагу, пачынаючы з апавяданняў і паступова пераходзячы да раманаў, за напісанне якіх узяліся і дзеці вайны, у прыватнасці Алесь Адамовіч, Віктар Казько, Іван Пташнікаў.
Гэтым правілам кіраваўся і рыхтуючы да друку сваю першую кнігу «Птушкі ляцяць на волю». На агульным фоне не губляецца апавяданне «Праз гады». Аднак свайго роду запеўкай стала іншае – «Бульба», дзе вяртанне ў ваеннае маленства. У 1967-м, праз два гады, выйшаў другі зборнік апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек», названы па адным з твораў. У шостым нумары часопіса «Маладосць» за 1965 год яно значыцца як «Першы бой». Для галоўнага героя гэта была сапраўды першая сутычка з ворагамі, якія перайшлі савецкую граніцу, «і яго хвалявала і радавала тое, што і ён, Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Аляксей адчуваў сябе, можа, самым шчаслівым чалавекам».
Ужо аднаго гэтага твора дастаткова, каб лічыць Івана Чыгрынава адным з самых таленавітых нацыянальных апавядальнікаў. Але і потым ён не развітваўся з гэтым жанрам. Аднак не магло не сказацца і тое, што пазней прыкмеціла крытык Валянціна Локун: «Малая проза І. Чыгрынава дае ўсе падставы гаварыць пра пісьменніка як пра апавядальніка з эпічным светаадчуваннем, з эпічным бачаннем і ўспрыманнем». Таму і захацелася яму перайсці да іншых жанраў.
Спачатку думаў, па яго прызнанні, напісаць «зімовую аповесць».
Пасля замахнуўся на раман. Ішоў ад таго, што шмат у творах іншых пісьменнікаў не задавальняла: «У іх хапала шмат чаго, але жывога жыцця, жывых людзей не хапала… Мне, вядома, не хочацца нікога прыніжаць, як не хочацца і сябе выстаўляць, але адчуванне такое ў мяне было. Не было б, пэўна, мележаўскага рамана (маюцца на ўвазе «Людзі на балоце». – А. М.), не было б у мяне і такога адчування, але яно прыйшло, і я ўзяўся за гэтую справу. Я пачаў думаць, а пасля і ўзяўся пісаць «Плач перапёлкі», баючыся – што з яго выйдзе з гэтага рамана».
Амбіцыйная задума? А чаму і не? Гэты твор быў напісаны з гонарам за родную Беларусь. Адначасова з усведамленнем, як шмат давялося перажыць нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Са з’яўленнем «Плачу перапёлкі» ў беларускай літаратуры назаўсёды прапісаліся Верамейкі, як тыя ж Курані Івана Мележа, а галоўныя героі Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба сталі па-сапраўднаму народнымі характарамі, якіх не зблытаеш з іншымі персанажамі.
Працягам «Плачу перапёлкі» стаў раман «Апраўданне крыві». Сюжэтна пабудова твора засталася ранейшай. Іван Гаўрылавіч прытрымліваўся хранікальнасці ў адлюстраванні падзей, толькі, кажучы словамі Таццяны Шамякінай, «хроніка тут своеасаблівая. Па-першае, раманны час сцягнуты. У першай кнізе дзеянне адбываецца на працягу некалькіх тыдняў, а ў другой ужо сціскаецца да некалькіх дзён, затое пры гэтым узрастае нагрузка іншых структурна-стылёвых элементаў. Па-другое, сутыкненне жыхароў вёскі Верамейкі з немцамі аказваецца кульмінацыяй усёй дылогіі, кульмінацыяй, размешчанай насуперак, здавалася б, усім правілам сюжэтна-кампазіцыйнага будавання, якраз пасярод дзеяння».
Персанажы, якія, не пабаюся гэтага параўнання, сталі часткай яго жыцця, па-ранейшаму не адпускалі Івана Гаўрылавіча. Тых, каго любіў, як бы прымерваў да сябе, успрымаў так, бы сам дзейнічаў у гэтых абставінах. Каго асуджаў, таксама падаў не аднабакова. Стараўся разабрацца, у чым прычына з’яўлення фашысцкіх прыслужнікаў. Гэта асабліва заўважаецца ў трэцім рамане «Свае і чужыя». Хоць сустракаешся з ужо знаёмымі Чубарам і Зазыбам, а цэнтрабежная сіла твора ўвесь час прыцягвае да Верамеек, прасторавыя межы значна пашыраюцца.
Паказваючы першыя крокі партызанскага атрада, Іван Чыгрынаў спачатку глядзіць на падзеі вачыма яго камандзіра Нарчука, а потым – камісара Баранава. І нават радавых байцоў. Прысутнічае яшчэ і важны позірк збоку. Гэта голас самога аўтара. Ён не заўсёды гучыць ва ўнісон з развагамі персанажаў, але надае раману канцэптуальнае гучанне, а значыць, і з’яўляецца вырашальным для вызначэння магчымага развіцця падзеі. Раманам «Свае і чужыя» ён збіраўся завяршыць «верамейкаўскі цыкл»: «Што будзе далей вядома: Вялікая Перамога ў маі 45-га… Прадаўжаць далей не мае сэнсу».
Тым не менш трылогіяй не абмежаваўся. У 1992 годзе быў апублікаваны чацвёрты раман «Вяртанне да віны». Тут не проста даецца спасціжэнне гэтага паняцця персанажамі. Асабліва ў ваенныя гады, калі дзейнічаюць свае законы, якія часам не стыкуюцца з маральнымі атрыбутамі. Аднак нездарма кажуць: «пути господни неисповедимы». Працуючы над пятым раманам, Іван Чыгрынаў успомніў першапачатковую назву чацвёртага – «Не ўсе мы памром».
Крыху ўдакладніў яе, і з’явіўся раман «Не ўсе мы згінем», што заканчваецца партызанскім парадам, які Дзяніс Забыта «пабачыў, стоячы недалёка ад трыбуны, дзе знаходзіліся Чарняхоўскі, Панамарэнка…». Важнасць гэтага твора і ў тым, што Іван Гаўрылавіч закрануў тэму калабарацыянізму. У першую чаргу дзякуючы псіхалагічна выверанаму вобразу сына Дзяніса Зазыбы Масея.
Не чужой была Івану Чыгрынаву і драматургія. Да гэтага жанру ён падступаўся паступова. Пэўны вопыт прыдбаў, калі разам з Іванам Новікавым працаваў над сцэнарыем шматсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма «Руіны страляюць…», у аснову якога пакладзены раманы таго ж Івана Новікава «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску». У іх праўдзіва адлюстравана барацьба ў акупаваным Мінску з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Але сапраўднае драматургічнае майстэрства да яго прыйшло, калі ўзяўся за інсцэніроўку свайго рамана «Плач перапёлкі». Праўда, аб інсцэніроўцы можна гаварыць умоўна, бо ў народнай драме, а такую назву ён даў свайму драматургічнаму твору, захаваны асноўныя сюжэтныя лініі, дзейнічаюць ужо вядомыя персанажы. Аднак, як таго і патрабавала тэатральнае дзеянне, па сутнасці, быў напісаны новы твор на ўжо вядомым матэрыяле.
Спектакль прыхільна сустрэлі і гледачы, і крытыкі. А паколькі ў Маскве якраз праходзіў чарговы партыйны з’езд, яго прапанавалі на Усесаюзны агляд і адзначылі прэстыжнай прэміяй. Неўзабаве ў брэсцкім тэатры паставілі «Свае і чужыя». Іван Гаўрылавіч інсцэніраваў і шэраг сваіх апавяданняў (спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» ў Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску). А ў 1988 годзе адна за адной з’явіліся тры арыгінальныя п’есы. Дзве з іх – «Следчая справа Вашчылы» і «Звон – не малітва» – прысвечаны нацыянальнаму мінуламу. Гэта знайшло працяг у п’есе «Прымак» і драматургічнай аповесці «Брат караля». Творы блізкія між сабой асноўнымі сюжэтнымі лініямі. Ды і галоўныя персанажы адны і тыя ж, прытым рэальныя гістарычныя асобы: Ягайла, Вітаўт, Соф’я Гальшанская, Іван Друцкі.
Выбарам галоўнага героя вылучаецца драма «Савіцкі». Гэта той самы, якога празвалі «беларускім Дуброўскім». Першым на яго звярнуў увагу Уладзімір Мехаў: «Хто вы, Аляксандр Савіцкі?» Асноўная канва драмы Івана Чыгрынава таксама трымаецца на дакументальнай аснове. Але ён не надта прывязваўся да канкрэтных фактаў. На прыкладзе Савіцкага спрабаваў (і гэта яму ўдалося) паказаць, наколькі больш складаным і рознабаковым быў рэвалюцыйны рух у царскай Расіі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, чым дзесяцігоддзямі падавала яго афіцыйная ідэалогія.
А ў трагічным гратэску «Ігракі» ўдала ўлоўлены асноўныя моманты дыпламатычнай барацьбы, што вялася паміж Савецкім Саюзам і фашысцкай Германіяй напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Іван Чыгрынаў напісаў і такія драматургічныя творы, як драматычная фантазія на чарнобыльскую тэму (аўтарскае вызначэнне жанру) «Хто вінаваты», п’еса «…Зайграй, хлопча малы», дзе пісьменнік задумваўся над лёсам Паўлюка Багрыма.
Яго талент паспяхова развіваўся ў розных жанрах: выступаў і ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Гэта відаць, у прыватнасці, з кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» і «Паміж сонцам і месяцам». Усё, што ні напісаў, пазначана талентам, самім Усявышнім дадзеным. Шкада толькі, што жыццёвы шлях быў нядоўгім: нарадзіўся 21 снежня 1934 года, памёр 5 студзеня 1996-га. Таму шмат з задуманага і не паспеў ажыццявіць. Ды і апошні свой раман «Не ўсе мы згінем», што і стаў завяршэннем яго пенталогіі, пісаў ужо цяжка хворы. Сшытак з завершаным чарговым раздзелам праз мяне адразу перадаваў машыністцы рэдакцыі часопіса «Полымя».
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Т.И. Шамякина
Творчество писателей, переживших войну в детстве, находилось под мощным воздействием предыдущего поколения – литераторов-фронтовиков, которые определяли всю литературную ситуацию на протяжении десятилетий. Однако достижения следующего за ними поколения также значительны.
«Детское» поколение представителей военной прозы возглавляет, безусловно, Алесь Адамович (1927–1994). Он автор многих популярных произведений разных жанров. В его романной дилогии «Война под крышами» и «Сыновья идут в бой» отражена борьба с оккупантами подростка Адамовича и его семьи в партизанском отряде.
Особая страница в творчестве писателя – книга, подготовленная им в соавторстве с Я. Брылем и В. Колесниковым «Я из огненной деревни» (1975), имевшая большой международный резонанс. Это книга документальная – записи исповедей белорусов, спасшихся в сожженных деревнях от расправ нацистов. Далее вместе с известным российским писателем Д. Граниным А. Адамович создал «Блокадную книгу», где зафиксированы рассказы выживших блокадников Ленинграда. Традиции этих строго документальных, очень драматичных по содержанию книг продолжила ученица А. Адамовича С. Алексиевич.
«Хатынская повесть» (1972) А. Адамовича – «произведение о жуткой, трагической правде войны, фашистской оккупации. Произведение имеет документальную основу, в нем звучат воспоминания живых свидетелей о сожженных белорусских деревнях. «Хатынская повесть» – книга-исповедь, книга-память, книга-диалог человека с человеком и человечеством о том, что такое война, фашизм и современный неофашизм» .
Все творчество А. Адамовича – это незаживающая память войны. Оставил он и собственно книгу воспоминаний «Vixi» (1993) (латинское название означает «Прожитое»). В основном это дневниковые записи и размышления с высоты современности о событиях прошлого.
Среди писателей, близких А. Адамовичу по возрасту, – Иван Чигринов, Иван Пташников, Михаил Стрельцов, Борис Саченко и др.
В вызревании первого, самого успешного, романа И. Чигринова «Плач перепелки» (1972) одну из важнейших ролей сыграла сама атмосфера
1960-х гг. – оптимистическая, жизнерадостная, связанная, как уже отмечалось, с инерцией ощущения Победы в Великой Отечественной войне. Пик научно-технической революции, прорыв в космос, острота задачи сохранения мира на планете, забота о природе, информационный взрыв – все эти огромной важности проблемы поставили искусство перед необходимостью выбора новых приемов и средств отражения жизни. Литература чувствовала потребность осмыслить путь, пройденный обществом за большую половину бурного ХХ в. Особенно это касалось нашей страны, народу которой довелось пережить значительно больше, чем любому другому на Земле. Самым важным событием эпохи для белорусской нации была и остается Великая Отечественная война. Это хорошо сознавали писатели. В 1960-х гг. в литературу вошло поколение, которое испытало ужасы войны, но не в окопах и не на батареях, а в тылу, в самых жестоких условиях выживания мирного населения при оккупации. Они – свидетели военных событий и ее участники – в меру детских сил помогали взрослым выживать и бороться. К поколению детей войны и принадлежал Иван Гаврилович Чигринов (1934–1996).
Иван Чигринов – писатель с романным типом мышления, хотя начинал он свое творчество, как и большинство прозаиков, с рассказов. Уже в них ярко выявилась творческая манера автора, подчеркнуто традиционная, с гармонической уравновешенностью разных средств и приемов. Писатель необычайно тонко и умело сконцентрировал в своих произведениях, особенно в романах, лучшие достижения белорусской национальной эпической традиции, развивая ее в новых условиях и на новом уровне.
В романах «Плач перепелки», «Оправдание крови», «Свои и чужие» И. Чигринов стремился к причинно-следственному и нравственному осмыслению военных событий. Он удачно сочетал глубину социального исследования с общей картиной жизни народа, могучие силы и возможности которого проходят испытания именно во время войны. Стилевая доминанта романов И. Чигринова держится на атмосфере переходности – от мирного бытия к военному, от гармоничного существования к социальному хаосу, от методичных условий жизни к мобилизационным. Действие происходит в начале войны, до оккупации и в первые ее месяцы. Очень сложно людям, которые еще видят перед собой любимые ландшафты и односельчан, делают обыденные дела, понимать, что рядом существует что-то совершенно противоположное привычному ходу вещей. Сознание отказывается связывать разные полюсы и категории измерений.
И. Чигринов описывает реальную местность, свою родину – Могилевщину, постоянно руководствуется точным календарем, у его героев есть прототипы. Произведения И. Чигринова построены на сложном переплетении философских, социальных, нравственных конфликтов. Война – проверка духовной прочности героев, их гражданственности. Вера писателя в творческие возможности человека, в неумирающие народные ценности позволила правдиво и убедительно показать личностей (Зазыбу, Чубаря, Масея), которые смогли разобраться в сложных проблемах бытия, стали активно участвовать в драматических событиях.
Чрезвычайно отличаются герои И. Чигринова от инфантильных, амбивалентных персонажей произведений литературы 1980–90-х гг., да и последующих лет. Тем и ценны повести и романы советских писателей о Великой Отечественной войне, что показывали сильных духом, хотя и не без определенных недостатков, людей, в которых есть идейные и нравственные убеждения. Судьба войны решалась в душах белорусов в тот период. Победа оказалась возможной благодаря духовному потенциалу советского народа.
В своих произведениях писатель раскрывает события в их историческом своеобразии, учитывает взаимосвязь явлений и общую перспективу развития. Элементы синтеза в романах И. Чигринова ощущаются прежде всего в полноте выявления противоречий жизни, в естественности поведения героев, всестороннем проявлении их сущности, в социальной и человеческой значимости образов, в художественном осмыслении истории.
По-иному решает во многом подобные с И. Чигриновым задачи еще один представитель поколения, детство которого пришлось на войну, – Иван Николаевич Пташников (1932–2016).
Стиль И. Пташникова тяжеловесный, сложный, насыщенный многочисленными деталями и подробностями. Но сложность такого типа идет от того, что сельскую жизнь – главный объект отражения – Пташников и воспринимает сложно: любит и критикует, восхищается и что-то отвергает. В рассказах, повестях, романах И. Пташникова стремление к полноте выявления человеческой индивидуальности идет наравне с широким охватом окружения, в котором живут герои. У И. Пташникова меньше социальности, чем у И. Чигринова, его герои не спорят на философские и политические темы, не руководят какими-то общественными и военными структурами, но их духовная жизнь не менее глубокая и богатая. Иван Пташников – писатель более драматического склада в сравнении с литераторами его поколения: И. Чигриновым, М. Стрельцовым, Б. Саченко. Причем именно в произведениях о военном времени ярко выявилось своеобразие таланта названных авторов. В их повестях и романах наблюдается очень органичное слияние объективной картины войны и напряженных духовных драм, трагичности переживаний людей. Объединяет этих прозаиков общий пафос творчества – стремление показать моральный дух народа во время исторической драмы, проследить, как в борьбе с жестокими обстоятельствами идет испытание каждого человека в отдельности и человеческих коллективов, оценить психологию человека с точки зрения народной морали и принципов гармоничности бытия.
Действие всех произведений И. Пташникова происходит на родине писателя – на Витебщине. В повести «Тартак» (1968), где показаны ужасы существования местного населения под оккупацией, утверждается неодолимость жизни, а человек здесь выступает как носитель высшей формы исторической активности.
Самая характерная особенность произведений как И. Чигринова, так и И. Пташникова – утверждение жизни наперекор смерти, творчества наперекор разрушению, деструкции. В повести И. Пташникова «Найдорф» (1976), отмеченной Государственной премией БССР имени Якуба Коласа, герои в условиях военной блокады все время вспоминают довоенную жизнь. Жизнь в воспоминаниях для героев – Жаворонка и Алеши – это настоящая жизнь, и именно память помогает в их безрадостном существовании.
Произведения писателей, переживших войну в детстве, – правдивые свидетельства времени, и каждый из творцов предстает в неповторимости, своеобразии своей творческой манеры.
Размышляя о том, какой должна быть литература о войне, известный писатель-фронтовик Алесь Савицкий отмечал, что белорусская литература сделала необычайно много в показе героизма, мужества народа: «Понять истоки этого мужества – по-моему, и является задачей литературы о войне». Художественная литература Беларуси эту благородную задачу выполнила.
А наша задача сегодня – сохранять и защищать память о мужестве, героизме народа в годы лихолетья. Помнить об этом времени во многом помогают произведения белорусских писателей – участников и свидетелей драматических событий.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Н.В. Гладкова
Чыгрынаў Іван Гаўрылавіч – пісьменнік, творчасць якога – адметная з’ява ў беларускай літаратуры. Дыяпазон яго тэм і інтарэсаў вельмі шырокі: тут і сур’ёзны аналіз гістарычнага мінулага нашай Беларусі, вельмі дакладна раскрыты для чытача самы трагічны перыяд першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, першыя ахвяры і першыя героі ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і шмат іншых цікавых падзей і вобразаў. Адразу разумееш: усё гэта прайшло праз душу і сэрца гэтага вялікага Майстра слова. Яго героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у паўсядзённым жыцці, з якімі мы жывём побач – дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары, гістарычныя постаці і героі Вялікай Айчыннай вайны, якімі нельга не захапляцца, не суперажываць, бо яны «жывыя», натуральныя.
Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў належыць да пакалення літаратараў, якое называюць «дзеці вайны». Таму, відаць, і невыпадкова тэма Вялікай Айчыннай увайшла ў яго творчасць арганічна, глыбока і праўдзіва. Чытачам добра вядомыя яго ваенныя раманы – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». Працуючы над імі, пісьменнік вывучыў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, сустракаўся з удзельнікамі падполля і партызанскага руху. У раманах грунтоўна адлюстравана атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, даследуюцца вытокі народнага гераізму.
Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і нялёгкі пасляваенны час потым таксама было таленавіта адлюстравана ў апавяданнях «Бульба», «За сто кіламетраў на абед», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане», «У баку ад дарогі».
Свае дзіцячыя ўспаміны пісьменнік паклаў у рад апавяданняў. Сапраўдны псіхалагізм, якім па-майстэрску валодаў Чыгрынаў, прысутнічае ў апісанні перажыванняў маленькіх хлапчукоў.
У апавяданне «Бульба» Чыгрынаў увёў свае ўспаміны пра тое, як чакаў бацьку. Бацька – гэта аснова любой сям’і. Кожны хлопчык ведае, што бацька абароніць, з прысутнасцю бацькі заканчваюцца небяспека і клопаты. Так і хлопчыкі, героі твора, некалькі тыдняў сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча і чакалі бацькоў. «Паўз яе ішлі цяпер у калонах салдаты. А мы сядзелі каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары. Мы былі дзецьмі, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася – а можа, якраз тупае бацька вось так у страі, і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый бог, пройдзе міма…»
У «дзяцей вайны» асаблівыя адносіны да маці. Бо ў гады ваеннай навалы абаронцамі, карміцелямі станавіліся якраз жанчыны. Для многіх маці заставаліся апорай і ў пасляваенны час.
«Яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, дзяцей нарадзіць, умелі і працаваць, патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчына ў вайне, асабліва ж вясковая. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны», – пісаў Іван Чыгрынаў пра вобраз жанчыны-маці ў вайне. Тэма жанчыны ў ваенны час у Чыгрынава адна з вельмі балючых, раскрытых асабліва драматычна. Дарослы Чыгрынаў нібыта сам нёс віну за тое перажытае маці ў гады вайны. Яго жанчыны стрыманыя на словы, але іх дзеянні паказваюць моц іх характараў.
Апавяданне «Маці» пабачыла свет у перыядычным друку ў 1963 годзе, са зменнай назвай «У ціхім тумане». Часопісная публікацыя выклікала рэзкае непрыманне, адмоўна адгукнулася нават расійская перыёдыка, бо маці пакаранага партызанамі здрадніка нібыта не павінна выклікаць спачування. З’яўленне праз шмат гадоў у Бароўцы маці чалавека, вінаватага ў смерці старога Тараські і ў тым, што вёска была дашчэнту спалена, нікога не пакінула абыякавым. Найбольш перажывае, трывожыцца Ганна, і не толькі таму, што яе бацьку павесіў Рэйдзішын сын. Менавіта Ганне выпала сустрэць на дарозе ў вёску, а пасля запрасіць да сябе на начлег старую. І ўсё ж ні яна, ні хто іншы не нагадаў Рэйдзісе пра былое.
У апавяданні пісьменнік змог раскрыць матчыну драму, паказаць страх старой Рэйдзіхі перад былымі аднавяскоўцамі, бездапаможную залежнасць ад іх добрай волі (пакажуць ці не пакажуць магілу Якава). Аднак, што якраз і выклікала ў свой час непрыманне твора, у жанчыны няма адчування віны за сынавы ўчынкі. Чыгрынаў акцэнтуе ўвагу на прыродным інстынкце маці, на што працуе ўведзенае на самым пачатку твора параўнанне Рэйдзіхі з птушкай, «скінутай аднекуль з гнязда». Стаўленне да здрадніка выяўлена аўтарам праз сістэму мастацкіх дэталяў. Гэта, фінальная ў творы сцэна высвечвае майстэрства зусім маладога на той час празаіка. Тоўсты слой дзірвану на месцы смерці паліцая сведчыць пра адносіны людзей да чалавека, што пад ім ляжыць: ён не заслужыў памяці. Зусім іншае – памяць маці.
Багата асабіста перажытага ўклаў Чыгрынаў і ў апавяданне «На пыльнай дарозе». Уласная драма пісьменніка, які пры жывым бацьку рос сіратой, угадваецца тут найперш у драматычнай абвостранасці перажыванняў Васілька Шасцярнёва, бацька якога, як і ў Чыгрынава, былы старшыня сельсавета, ужо вярнуўшыся з вайны, разам з іншымі дзецьмі «баязліва пакінуў у нястачы», пакінуў дзеля кар’еры, якой так і не здолеў зрабіць.
Мноства недаказаных слоў у гонар жанчын, гаротніц, працаўніц, у творы «Апавяданне без канца». Гэта гімн жанчынам, якія былі верныя, мужныя, але ім здрадзілі самыя блізкія людзі. У пачатку вайны гераіня апавядання Вольга праводзіла мужа на фронт. Не падалася ў бежанцы, бо была цяжарная. Мелася нарадзіць дома, на роднай зямлі. Праз некаторы час хтосьці з вяскоўцаў пусціў плётку, або памыліўся, сцвярджаючы, што бачыў яе мужа ў суседняй вёсцы. Вольга ўсё адмаўляла, бо была ўпэўненая, што муж у войску. У хуткім часе ёю зацікавіліся паліцаі, яна апынулася ў камендатуры. З яе здзекваліся, прымушаючы выдаць мужа. Вольгу паставілі ў возера, у халодную восеньскую ваду. Яна нарадзіла дзіця, але сама доўга хварэла: вучылася хадзіць на застужаных нагах занава. Але самае страшнае чакала наперадзе. Гаротніца не дачакалася мужа з фронту. Пра тое, што ён не вернецца, яна даведалася з ліста… яго новай жонкі. Калі ж Вольга звярнулася да вышэйстаячай асобы, то даведалася, што здрада яшчэ страшнейшая. Муж не толькі пакінуў яе, але яшчэ і адмовіўся ад дзіця, аргументуючы тым, што народжана яно не ад яго, а ад немца. У гэтым апавяданні нявыказаны боль адзіноты бязбацькавіча, вялікая любоў да пакінутай маці.
Поспех у «малым жанры» падштурхнуў Івана Гаўрылавіча да напісання рамана. Так з’явіўся «Плач перапёлкі» (1972), што паклаў пачатак «верамейкаўскаму цыклу», куды ўвайшлі раманы «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
Нягледзячы на тое, што асноўнае сюжэтнае дзеянне прывязана да адной вёскі, героі пенталогіі знаходзяцца ў пастаянным руху. Працяглы час блукае Радзівон Чубар, шукаючы сваё месца ў барацьбе з ворагам. Спачатку ён імкнецца за лінію фронту, каб стаць салдатам, потым з думкай стварыць на акупіраванай тэрыторыі партызанскі атрад вяртаецца ў Забесяддзе. Паходы, паездкі, хоць і недалёкія: у суседнія вёскі, у раённы цэнтр – вызначаюць лад жыцця другога цэнтральнага героя твора Дзяніса Зазыбы, які стаў партызанскім сувязным. У рамане «Апраўданне крыві» з глыбокім разуменнем асаблівасцяў жаночай псіхалогіі апісаны паход верамейкаўскіх салдатак у Яшніцу, дзе знаходзіўся лагер ваеннапалонных.
З уцягваннем людзей у вайну гэты рух узмацняецца і пашыраецца. Вобраз дарогі ў раманах, такім чынам, нясе ў сябе трагедыю парушанага чалавечага існавання. Найбольш шырокай амплітудай перамяшчэння герояў у прасторы пазначаны змест апошняга рамана. Пасля пакутніцкай смерці маці ад прышлых у Забесяддзі партызан, выпраўляецца ў Мінск Масей. Нічога не трымае ў спаленых падчас баёў Верамейках Дзяніса Зазыбу, ён без ваганняў прымае прапанову генерала Зеленадольскага, свайго даўняга знаёмага, і падарожнічае з ім па толькі што вызваленай тэрыторыі.
Разам з тым аўтар засяроджвае ўвагу на ўстойлівасці сялянскага (народнага) быцця, на яго ўпартым супрацьстаянні парушанаму вайной свету. І ў трагічным сорак першым селяніна кліча да сябе зямля: сабраць вырашчаны ўраджай, думаць пра новы. Потым героі выйдуць на касавіцу («Вяртанне да віны»), несучы ў душы вялікую трывогу ў сувязі з новым летнім наступленнем немцаў. Але, відаць, самай яркай, па-мастацку змястоўнай і арыгінальнай з’яўляецца сцэна наведвання парадзіхі («Плач перапёлкі»). Захаванне адвечнага ладу жыцця цесна звязана ў творах з вобразамі жанчын. У жыцці акупіраванай вёскі жанчыны іграюць знешне не вельмі прыкметную роль. Яны думаюць не пра супраціўленне чужынцам, а пра тое, чым накарміць дзяцей і як іх абараніць ад навалы, трывожацца за лёс мужоў, братоў, бацькоў.
Змест раманаў пенталогіі дае падставы сцвярджаць, што ўзброенае змаганне з ворагам пісьменнік лічыў прэрагатывай мужчын. Чыгрынаўскіх гераінь цяжка ўявіць са зброяй у руках. Паставіўшы перад сабой мэту паказаць жыццё народа ў гады акупацыі, празаік пачаў яго даследаванне з перыяду найбольш складанага і супярэчлівага – першых яго тыдняў і месяцаў.
З’яўленне трэцяга рамана давала падставу думаць, што далей І. Чыгрынаў пойдзе традыцыйным для беларускай літаратуры шляхам: засяродзіцца на паказе партызанскага руху. Аднак апошнія часткі пенталогіі засведчылі вернасць празаіка першапачатковай мэце – стварыць шырокую панараму народнага жыцця. Ад першых дзён і месяцаў вайны пісьменнік давёў раманнае дзеянне да лета 1944-га, калі адбывалася вызваленне цэнтральнай часткі Беларусі. Пенталогія заканчваецца партызанскім парадам у Мінску, у якасці гледача на ім прысутнічае Дзяніс Зазыба.
Заключны раман «Не ўсе мы загінем» з’явіўся ў друку ў 1996-м – у год смерці пісьменніка. Будучы ўжо цяжка хворым Іван Гаўрылавіч завяршыў свой галоўны твор, якому аддаў амаль тры дзесяцігоддзі руплівай мэтанакіраванай, не толькі аналітычнай, але і даследчыцкай працы. Для раманаў, як, дарэчы, і для апавяданняў І. Чыгрынава характэрна запаволенасць апавядальнай плыні. Сюжэт слаба насычаны дзеяннем знешнім, асабліва ў тых раздзелах, дзе апісваецца жыццё Верамеек. Героі больш думаюць, разважаюць, спрачаюцца, чым штосьці робяць.
Доўгі час супрацьстаяць адзін другому, адстойваючы розныя падыходы да рэчаіснасці, былы старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар і былы яго намеснік Дзяніс Зазыба. Чубару, які прывык жыць па інструкцыях, вельмі цяжка зарыентавацца ў ваенных абставінах, бо яны вымагаюць самастойных, часам нават нестандартных рашэнняў, абдуманых дзеянняў. На вобразе Чубара пісьменнік паказаў, як змяняецца чалавек, калі ён прырастае душой да нейкага кавалачка зямлі, набывае «малую» радзіму. У рамане «Вяртанне да віны» гэты персанаж гіне. Гіне, аднак, не як перакананы ідэйны партыец (такім ён паўстаў на старонках першага твора), а як абаронца сваёй зямлі.
Масей Зазыба стаў паўнапраўным героем сюжэтнага дзеяння, пачынаючы з другога рамана. Гэты вобраз меў рэальнага прататыпа – пісьменніка-эмігранта, ураджэнца Касцюковіцкага краю Масея Сяднёва. Іван Чыгрынаў нават не змяніў імя свайго земляка, родная вёска якога, Мокрае, знаходзіцца непадалёку ад Вялікага Бора. У 1970-я гады, калі пісаліся раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», не было прынята гаварыць пра сталінскія рэпрэсіі. Увядзенне ў сістэму вобразаў персанажа з такім лёсам сведчыла пра пісьменніцкую смеласць у падыходзе да рэчаіснасці.
У 1980-я гады побач з прозай Іван Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць у драматургіі. Першыя п’есы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з ганчарнай вуліцы» былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Чыгрынаў напісаў больш за дзесяць п’ес, у большасці сваёй прысвечаных мінуламу нашай радзімы, пераломным гадам у яе гісторыі. «Я адчуў, – зазначыў І. Чыгрынаў, – што цяпер вельмі патрэбны творы, якія павінны рэканструяваць гісторыю нашага народа».
Уся творчасць пісьменніка – гэта філасофскія развагі над гістарычным вопытам беларускага народа, дзе выяўляецца духоўны стрыжань – ідэя нацыянальнага яднання.
Перастала біцца сэрца гэтага таленавітага мастака слова 5 студзеня 1996 года, але ён застаўся жыць у сваіх творах.
Ю.Ю. Талаева
Падарожжа па творчасці Івана Гаўрылавіча Чыгрынава
“Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, – не ўтойваць ад чытача нічога, пастарацца ўсё, што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям. У гэтым высокі гуманны сэнс літаратуры, у гэтым гуманная сутнасць творчасці.”
Іван Чыгрынаў
Творчасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава – выдатная з’ява ў беларускай і ўсёй еўрапейскай літаратуры. Уладзімір Юрэвіч назваў Івана Чыгрынава “адным з самых працавітых аратых на сённяшняй літаратурнай ніве Беларусі”. Зборнікі апавяданняў “Птушкі ляцяць на волю”, “Самы шчаслівы чалавек”, “Ці бываюць у выраі ластаўкі?”; пенталогія з раманаў “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, Свае і чужынцы”, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы загінем”; кніга “Новае ў жыцці, новае ў літаратуры” (літаратурна-крытычныя артыкулы); п’есы “Следчая справа Вашчылы”, “Чалавек з мядзвежым тварам”, “Звон – не малітва”, “Хто вінаваты…”, “Ігракі” і інш. Больш за 40 гадоў працы на літаратурнай ніве.
Раманы Івана Чыгрынава нельга чытаць без хваляванняў і сёння, калі прайшло ўжо шмат гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны… Безумоўна тут і пісьменніцкі талент, і тое, што лёс нашага народа пранізаны той вайною наскрозь.
“Вайна была самай галоўнай падзеяй у маім жыцці. I не толькі ў маім. Чалавек у ёй быў як на далоні. I сама па сабе філасофія вайны цікавая для пісьменніка. У ёй усё праяўляецца. I чалавек, які ён ёсць, і сістэма, і лад, і традыцыі. Сапраўды ўсё праяўляецца. Найбагацейшы матэрыял для роздуму. Гісторыя вайны — не толькі вопыт, але і навука. Шкада, што мы дрэнна вучымся, здавалася б, у жыцці, у гісторыі нашай усё было. Усякага хапала. Але шмат што паўтараецца”, – гаварыў творца.
Творчасць І. Чыгрынава – яркая старонка ў сучаснай беларускай прозе. Лепшыя раманы і апавяданні пісьменніка вылучаюцца глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, значнасцю пастаўленых праблем, высокім мастацкім майстэрствам.
Многія творы І. Чыгрынава нарадзіліся з асабіста перажытага, пабачанага, адчутага. Так, у апавяданнях “Бульба”, “За сто кіламетраў на абед” знайшлі мастацкае ўвасабленне ўражанні ваеннага дзяцінства. Колькі тут канкрэтных непрыдуманых дэталяў, якія адклаліся ў памяці, каб праз дзесяцігоддзі ажыць у творах! Згаданымі апавяданнямі пісьменнік падключаўся да тэмы абпаленага вайной маленства.
Ужо на раннім этапе выявілася такая рыса Чыгрынава-празаіка, як увага да няпростых чалавечых лёсаў, да неадназначных сітуацый. “… Актуальнасць думкі, адсутнасць страху перад жыццёвымі супярэчнасцямі і складанасцямі, вастрыня пісьменніцкага зроку – усё гэта найлепшым чынам характарызуе аўтара зборніка “Птушкі ляцяць на волю”, – адзначаў у рэцэнзіі на першую кнігу пісьменніка крытык В. Каваленка.
Апавяданне “Маці”, якое пабачыла свет у перыядычным друку ў 1963 годзе, са зменнай назвай “У ціхім тумане”. Часопісная публікацыя выклікала рэзкае непрыманне, адмоўна адгукнулася нават расійская перыёдыка, бо маці пакаранага партызанамі здрадніка нібыта не павінна выклікаць спачування.
З’яўленне праз шмат гадоў у Бароўцы маці чалавека, вінаватага ў смерці старога Тараські і ў тым, што вёска была дашчэнту спалена, нікога не пакінула абыякавым. Найбольш перажывае, трывожыцца Ганна, і не толькі таму, што яе бацьку павесіў Рэйдзішын сын. Менавіта Ганне выпала сустрэць на дарозе ў вёску, а пасля запрасіць да сябе на начлег старую. І ўсё ж ні яна, ні хто іншы не нагадаў Рэйдзісе пра былое.
У апавяданні пісьменнік змог раскрыць матчыну драму, паказаць страх старой Рэйдзіхі перад былымі аднавяскоўцамі, бездапаможную залежнасць ад іх добрай волі (пакажуць ці не пакажуць магілу Якава). Аднак, што якраз і выклікала ў свой час непрыманне твора, у жанчыны няма адчування віны за сынавы ўчынкі. І. Чыгрынаў акцэнтуе ўвагу на прыродным інстынкце маці, на што працуе ўведзенае на самым пачатку твора параўнанне Рэйдзіхі з птушкай, “скінутай аднекуль з гнязда”.
Стаўленне да здрадніка выяўлена аўтарам праз сістэму мастацкіх дэталяў. Гэта, фінальная ў творы, сцэна высвечвае майстэрства зусім маладога на той час празаіка. Тоўсты слой дзірвану на месцы смерці паліцая сведчыць пра адносіны людзей да чалавека, што пад ім ляжыць: ён не заслужыў памяці. Зусім іншае – памяць маці.
Тэматычны абсяг малой прозы І. Чыгрынава, прадстаўленай найперш зборнікамі “Птушкі ляцяць на волю” (1965), “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973), даволі шырокі. Трэба адзначыць, што пісьменніка заўсёды цікавяць не падзеі самі па сабе, а чалавечыя характары. Героі твораў, за рэдкім выключэннем, жывуць у вёсцы, навек парадніліся з зямлёй, з нялёгкай сялянскай працай. Іх унутраны свет, іх надзеі і спадзяванні, жаданні і памкненні вартыя ўвагі і зразумелыя Івану Чыгрынаву, які праз усё жыццё адчуваў сябе “селянінам па паходжанню, селянінам па душы”. Пэўна таму ён адным з першых у нацыянальнай літаратуры звярнуўся да праблемы адзінокай старасці вясковых жыхароў, што было абумоўлена міграцыяй моладзі ў горад (апавяданні “Ці бываюць у выраі ластаўкі?”, “У горад”, “Адна”).
Скразным персанажам твораў І. Чыгрынава можна лічыць героя – апавядальніка, які адносінамі да рэчаіснасці, да чалавека блізкі аўтару. Гэта – падарожнік, неабыякавы да прыгажосці роднай зямлі, да лёсаў звычайных людзей. Абраная пісьменнікам форма “апавяданне ў апавяданні” з’явілася невыпадкова. У маладыя гады І. Чыгрынаў не аднойчы выпраўляўся пешшу са сталіцы на малую радзіму, папаўняючы такім чынам неабходнае для творцы веданне жыцця. “Сустрэчы на дарогах” падказвалі праблемы і калізіі, адкрывалі цікавыя чалавечыя характары, як, напрыклад, у апавяданнях “Адна ноч”, “Шчаслівае месца”, “Жыве ў крайняй хаце ўдава”, “Выпадак у вёсцы Капранаўка”.
Сустрэчы на дарогах у многім вызначаюць таксама сюжэтныя лініі раманаў І. Чыгрынава “Плач перапёлкі” (1970), “Апраўданне крыві” (1976), “Свае і чужынцы” (1983), “Вяртанне да віны” (1992), “Не ўсе мы загінем” (1996). Нягледзячы на тое, што асноўнае сюжэтнае дзеянне прывязана да адной вёскі, героі пенталогіі знаходзяцца ў пастаянным руху. Працяглы час блукае Радзівон Чубар, шукаючы сваё месца ў барацьбе з ворагам. Спачатку ён імкнецца за лінію фронта, каб стаць салдатам, потым з думкай стварыць на акупіраванай тэрыторыі партызанскі атрад вяртаецца ў Забесяддзе. Паходы, паездкі, хоць і недалёкія: у суседнія вёскі, у раённы цэнтр – вызначаюць лад жыцця другога цэнтральнага героя твора Дзяніса Зазыбы, які стаў партызанскім сувязным. У рамане “Апраўданне крыві” з глыбокім разуменнем асаблівасцяў жаночай псіхалогіі апісаны паход верамейкаўскіх салдатак у Яшніцу, дзе знаходзіўся лагер ваеннапалонных…
З уцягваннем людзей у вайну гэты рух узмацняецца і пашыраецца. Вобраз дарогі ў раманах, такім чынам, нясе ў сябе трагедыю парушанага чалавечага існавання. Найбольш шырокай амплітудай перамяшчэння герояў у прасторы пазначаны змест апошняга рамана. Пасля пакутніцкай смерці маці ад прышлых у Забесяддзі партызан выпраўляецца ў Мінск Масей. Нічога не трымае ў спаленых падчас баёў Верамейках Дзяніса Зазыбу, ён без ваганняў прымае прапанову генерала Зеленадольскага, свайго даўняга знаёмага, і падарожнічае з ім па толькі што вызваленай тэрыторыі.
Разам з тым аўтар засяроджвае ўвагу на ўстойлівасці сялянскага (народнага) быцця, на яго ўпартым супрацьстаянні парушанаму вайной свету. І ў трагічным сорак першым селяніна кліча да сябе зямля: сабраць вырашчаны ураджай, думаць пра новы. Потым героі выйдуць на касавіцу (“Вяртанне да віны”), несучы ў душы вялікую трывогу ў сувязі з новым летнім наступленнем немцаў. Але, відаць, самай яркай, па-мастацкаму змястоўнай і арыгінальнай з’яўляецца сцэна наведвання парадзіхі (“Плач перапёлкі”).
Захаванне адвечнага ладу жыцця цесна звязана ў творах з вобразамі жанчын. У жыцці акупіраванай вёскі жанчыны іграюць знешне не вельмі прыкметную роль. Яны думаюць не пра супраціўленне чужынцам, а пра тое,чым накарміць дзяцей і як іх абараніць ад навалы, трывожацца за лёс мужоў, братоў, бацькоў. Адносна жанчын у Вялікай Айчыннай вайне пісьменнік гаварыў у інтэрв’ю: “Яны, можа, зрабілі ў вайне, найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны”,
Змест раманаў пенталогіі дае падставы сцвярджаць, што ўзброенае змаганне з ворагам пісьменнік лічыў прэрагатывай мужчын. Чыгрынаўскіх гераінь цяжка ўявіць са зброяй у руках.
Паставіўшы перад сабой мэту паказаць жыццё народа ў гады акупацыі, празаік пачаў яго даследванне з перыяду найбольш складанага і супярэчлівага – першых яго тыдняў і месяцаў. Да рамана “Плач перапёлкі” ў беларускай прозе не было твора, у якім так дэталёва і шырока ўзнаўлялася б “нізавая плынь ваеннай паўсядзённасці” ў перыяд “міжуладдзя” – калі савецкае войска пакінула тэрыторыю, а немцы яшчэ не прыйшлі – і на самым пачатку акупацыі. Сустрэча жыхароў вёскі з немцамі адбываецца толькі напрыканцы другога месяца вайны. Аднак знешне сцішаныя і мірныя Верамейкі перажываюць складаны перыяд адаптацыі да новых умоў: ідзе вызначэнне жыццёвых пазіцый, размежаванне на “сваіх” і “чужых”.
З’яўленне трэцяга рамана давала падставу думаць, што далей І. Чыгрынаў пойдзе традыцыйным для беларускай літаратуры шляхам: засяродзіцца на паказе партызанскага руху. Аднак апошнія часткі пенталогіі засведчылі вернасць празаіка першапачатковай мэце – стварыць шырокую панараму народнага жыцця. Ад першых дзён і месяцаў вайны пісьменнік давёў раманнае дзеянне да лета 1944-га, калі адбывалася вызваленне цэнтральнай часткі Беларусі. Пенталогія заканчваецца партызанскім парадам у Мінску, у якасці гледача на ім прысутнічае Дзяніс Зазыба.
Заключны раман “Не ўсе мы загінем” з’явіўся ў друку ў 1996-м – у год смерці пісьменніка. Будучы ўжо цяжка хворым Іван Гаўрылавіч завяршыў свой галоўны твор, якому аддаў амаль тры дзесядзігоддзі руплівай мэтанакіраванай, не толькі аналітычнай, але і даследчыцкай працы.
Для раманаў, як, дарэчы, і для апавяданняў І. Чыгрынава характэрна запаволенасць апавядальнай плыні. Сюжэт слаба насычаны дзеяннем знешнім, асабліва ў тых разделах, дзе апісваецца жыццё Верамеек. Героі больш думаюць, разважаюць, спрачаюцца, чым штосьці робяць.
Доўгі час супрацьстаяць адзін другому, адстойваючы розныя падыходы да рэчаіснасці, былы старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар і былы яго намеснік Дзяніс Зазыба. Чубару, які прывык жыць па інструкцыях, вельмі цяжка зарыетавацца ў ваенных абставінах, бо яны вымагаюць самастойных, часам нават нестандартных рашэнняў, абдуманных дзеянняў. На вобразе Чубара пісьменнік паказаў, як змяняецца чалавек, калі ён прырастае душой да нейкага кавалачка зямлі, набывае “малую” радзіму. У рамане “Вяртанне да віны” гэты персанаж гіне. Гіне, аднак, не як перакананы ідэйны партыец (такім ён паўстаў на старонках першага твора), а як абаронца сваёй зямлі. За час вайны Чубару многае адкрылася ў людзях, у навакольнай рэчаіснасці, шмат на што ў сваім ранейшым жыцці ён пачаў глядзець па-іншаму. Найперш з Чубарам, з яго духоўнай эвалюцыяй звязана назва чацвёртага рамана цыкла.
Вопыт народа і свой уласны падказваюць Дзянісу Зазыбу, што яго месца ў роднай вёсцы, таму ён вярнуўся ў Верамейкі, хоць была магчымасць застацца за лініяй фронту, чым вельмі здівіў Радзівона Чубара. Аўтар не адзін раз падкрэслівае мудрасць, разважлівасць былога намесніка старшыні, Дзяніса Зазыбы, яго ўдумлівыя адносіны да ўсяго, што адбываецца. Зазыба стараецца ва ўсім разабрацца самастойна, даць уласную ацэнку. Аднак і яму бывае цяжка зарыентавацца ў складанасцях як ваеннай, так і даваеннай рэчаіснасці.
Любоў Дзяніса Зазыбы да Радзімы, яго вернасць ідэалам рэвалюцыі народжаны ўсім папярэднім жыццём. Нейкі час для Дзяніса Зазыбы вышэй ягоных сіл спасцігнуць тое, што здарылася з Масеем, яго сынам. Ён імкнецца даказаць і сыну, і сабе, што арышт – трагічная памылка, ад якой не застрахавана ніводная, нават самая гуманная ўлада.
Вера ў савецкую ўладу, у яе гуманнасць і справядлівасць дапамагала старэйшаму Зазыбу выстаяць пад цяжарам жыццёвых выпрабаванняў у мірны час і ў гады вайны. Сын гэта разумее і называе бацьку то святым, то наіўным. Вайна збліжае бацьку і сына. Назіраючы, якія страшныя формы з часам пачынае набываць партызанскае змаганне, Дзяніс Зазыба пакрысе губляе свой ідэйны катэгарызм і веру ў вышэйшую справядлівасць савецкай ўлады.
Масей Зазыба стаў паўнапраўным героем сюжэтнага дзеяння, пачынаючы з другога рамана. Гэты вобраз меў рэальнага прататыпа – пісьменніка-эмігранта, уражэнца Касцюковіцкага края Масея Сяднёва. Іван Чыгрынаў нават не змяніў імя свайго земляка, родная вёска якога, Мокрае, знаходзіцца непадалёку ад Вялікага Бора. У 1970-я гады, калі пісаліся раманы “Плач перапёлкі” і “Апраўданне крыві”, не было прынята гаварыць пра сталінскія рэпрэсіі. Увядзенне ў сістэму вобразаў персанажа з такім лёсам сведчыла пра пісьменніцкую смеласць у падыходзе да рэчаіснасці.
Змены, якія адбыліся ў краіне ў 1980–1990-я гады, не маглі не ўплываць на ідэйны змест і праблематыку раманаў. У апошніх з іх (“Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы загінем”) шмат горкай, трагічнай праўды пра перажытае народам у ваенны і перадваенны час.
У 1980-я гады побач з прозай І. Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць у драматургіі. Першыя п’есы “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Услед за імі з’явіліся тэматычна і праблемна самастойныя “Ігракі”, “Чалавек з мядзвежым тварам”, “Толькі мёртвыя не вяртаюцца”, “Следчая справа Вашчылы”, “Звон – не малітва”. Зварот да гістарычных падзей у двух апошніх творах не выглядае нечаканым, бо мінулае народа, аддаленае і блізкае, заўсёды цікавіла пісьменніка.
У творчасці І. Чыгрынава назіраецца асаблівая прывязанасць да “малой” радзімы. “Мясціны гэтыя дарагія для мяне не толькі тым, што адтуль, з бацькоўскага парога, уецца сцяжынка майго жыцця. Там, у Забесяддзі, на Магілёўшчыне, назаўсёды засталіся сляды маіх герояў, жывых і мёртвых, пра якіх я расказваю ў раманах”, – пісаў празаік. Сувязь з родным светам выразна выявілася праз шырока ўведзеныя ў мастацкую тканіну твораў тапонімы – дакладныя назвы вялікіх і малых населеных пунктаў, дарог, мастоў, лясоў і пралескаў, урочышчаў і інш.
Творы І. Чыгрынава – увасобленае ў эпічных мастацкіх вобразах матэрыяльнае і духоўнае быццё некалькіх чалавечых пакаленняў “сялянскай атлантыды” – традыцыйнай беларускай вёскі, ад якой мала што перайшло ў новы век. Са скрухай пісьменнік гаварыў напрыканцы 1980-х: “аказаліся мы амаль голымі, дакладней – свабоднымі ад многага: ад традыцый, ад духоўнасці, ад памяці і абавязку перад бацькамі сваімі, ад адказнасці за сваю зямлю”.
Патрыётам роднага краю, усёй беларускай зямлі, улюблёным у яе сучаснасць і мінулае, застаўся ў літаратуры Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
А.А. Манкевіч
Імя таленавітага беларускага празаіка Івана Чыгрынава шырока вядома сярод шматлікай чытацкай аўдыторыі. Ён быў пісьменнікам са сваім непаўторным бачаннем свету, які добра ведаў жыццё і ўмеў заўважыць і адлюстраваць усё найбольш значнае і цікавае ў навакольным свеце.
«Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, – не ўтойваць ад чытача нічога, пастарацца ўсё, што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям. У гэтым высокі гуманны сэнс літаратуры, у гэтым гуманная сутнасць творчасці». Гэтае добра вядомае выказванне Івана Чыгрынава – сведчанне яго творчага і жыццёвага крэда, яго пісьменніцкай філасофіі. Яно не страціла актуальнасці і сёння, у наш такі дынамічны і імпульсіўны час. Бо імкненне пісьменніка пранікнуць глыбей ва ўнутраны свет героя, пазнаць гэты свет як мага больш шматгранна і ўсебакова, а праз яго – чалавечае быццё, мы з поўным правам можам назваць чалавеказнаўствам. Менавіта «чалавеказнаўства», якое справядліва лічыцца галоўнай задачай літаратуры, «…перш за ўсё падштурхоўвае да спасціжэння чалавечага быцця ва ўсёй яго супярэчлівасці і паўнаце», – пісаў А.Г. Бачароў. Кожны мастацкі твор разглядаецца з пазіцый спасціжэння феномена быцця праз мастацкае слова, а пазней праз драму чалавечага быцця – існасці Свету і Сусвету» (А.К. Каўка).
I ўжо ў самым пачатку творчасці праявілася такая рыса стылю празаіка, як цікавасць да няпростых чалавечых лёсаў. «…Актуальнасць думкі, адсутнасць страху перад жыццёвымі супярэчнасцямі і складанасцямі, вастрыня пісьменніцкага зроку – усё гэта найлепшым чынам характарызуе аўтара зборніка «Птушкі ляцяць на волю» – адзначыў В. Каваленка ў рэцэнзіі на першы зборнік апавяданняў I. Чыгрынава.
Дэбют Чыгрынава як празаіка адбыўся ў 1958 годзе. У маладзёжнай газеце «Чырвоная змена» ён выступіў з невялічкімі нарысамі пра жыцце землякоў-магіляўчан. Пазней выйшлі зборнікі апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), у якіх адлюстраваны не толькі гераічнае ваеннае мінулае, але і жыццё, і праца людзей у мірны час. I там Чыгрынаў піша нібыта не спяшаючыся, паволі, акцэнтуючы ўвагу нават на нязначных, здавалася б, дэталях, якія, аднак, заўсёды нясуць важную сэнсавую нагрузку.
Многія апавяданні I. Чыгрынава напісаны на аснове пачутага, убачанага, асабіста перажытага аўтарам. У іх увасобіліся ўражанні дзяцінства, абпаленага вайной. Многія дэталі эпізодаў з рэальнага жыцця будучага пісьменніка вельмі ярка і каларытна ажылі ў мастацкай тканіне твораў.
Іван Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў так званага філалагічнага пакалення, на долю якога выпала перажыць у дзяцінстве адну з самых цяжкіх і крывавых войнаў. Можа, таму, як заўважыла даследчыца Т. Грамадчанка, пры параўнанні твораў К. Чорнага, М. Лынькова, I. Чыгрынава, М. Стральцова, I. Пташнікава, В. Адамчыка ўражвае адсутнасць у апошніх «хадульнага» гераізму, увага да звычайнага, штодзённага жыцця людзей у вайну. Іх персанажы не кідаюцца з гранатамі пад танкі, не ўзрываюць цягнікі, яны проста жывуць. Але колькі за гэтым «проста жывуць» адкрываецца драматызму і трагізму ваенных гадоў!»
Адным з найбольш цікавых сярод твораў апавядальнага жанру ў сэнсе глыбіні псіхалагічнага адлюстравання бачыцца апавяданне «Маці» (1963). Пасля выхаду з друку гэтага твора ўзніклі спрэчкі. Пісьменніка абвінавацілі ў занадта глыбокім пранікненні ў пачуцці, што жывуць у душы жанчыны-маці. Бо яна ж маці расстралянага паліцая! Такое разуменне бачыцца даволі аднабаковым. Для сапраўднай маці яе дзіця застаецца родным і блізкім заўсёды. I можа нават яшчэ больш баліць яе душа менавіта з той нагоды, што яно стала здраднікам, тым, каго, потым свае ж людзі і пакаралі.
Вялікае значэнне для глыбіні псіхалагічцага ўвасаблення вобраза маці мае ў гэтым творы партрэтная характарыстыка гераіні: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручастымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце, падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі».
Чыгрынаў, параўноўваючы жанчыну з птушкай, падкрэслівае прыродную сувязь маці і яе дзіцяці. У гераіні няма пачуцця віны. Тут хутчэй страх перад тымі, хто пакараў яе сына, залежнасць ад іх. Гэта яны ведаюць, дзе пахаваны яе сын, а яна не толькі не ведае, але можа ніколі не даведацца, калі яны не пакажуць ёй яго магілу. У часопісным варыянце твора Ганна паказвае маці месца пахавання яе сына. I гэты факт можна растлумачыць гуманістычным светабачаннем пісьменніка, жаданнем падкрэсліць, што чалавек павінен заўсёды заставацца чалавекам. Сына ўжо няма, а маці не можа адказваць за яго ўчынкі. Але пазней Чыгрынаў перапісаў фінал твора. Ганна адмовілася паказаць магілу. Яна ўпэўнена, што так зрабіў бы кожны яе аднавясковец: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…» Няпросты чалавечы лёс паўстае ў апавяданні, страшная драма жанчыны-маці, дзіця якой зрабіла такі выбар.
Маючы ўжо пэўны вопыт у напісанні апавяданняў, Іван Чыгрынаў звярнуўся да больш маштабнага эпічнага жанру – да рамана. Першы раман пісьменніка «Плач перапёлкі» (1970) стаў пачаткам так званага верамейкаўскага цыкла – пенталогіі, у творах якой адны і тыя ж героі і месца дзеяння. За два першыя творы гэтага цыклу – раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» (1977) у 1979 г. пісьменніку была прысуджана Літаратурная прэмія імя А. Фадзеева.
Найбольшую цікавасць крытыкі выклікаў менавіта першы раман пенталогіі. Жыццё Верамеек у самым пачатку вайны перадаецца аўтарам ва ўсей яго паўнаце і складанасці: ад дробных побытавых замалёвак – да нялёгкіх псіхалагічных перажыванняў. Асэнсаванне і ўсведамленне гістарычных падзей ішло праз канкрэтныя эпізоды, факты, узятыя з жыцця. Кожны з жыхароў гэтай вёскі павінен зрабіць нялёгкі выбар, што лепш: пагадзіцца з новым парадкам ці пайсці ў партызаны, застацца ў вёсцы ці падацца на Усход за адступаючымі войскамі?
Паказваючы жыццё народа ў акупацыі, пісьменнік пачаў з найбольш складанага і супярэчлівага перыяду – першых дзён і месяцаў вайны. У цэнтры ўвагі – жыццё вёскі ў той час, калі савецкія войскі ўжо адступілі, а нямецкія яшчэ не прыйшлі. Над вёскай нібы навісла нешта напружанае і трывожнае: прырода і людзі быццам прытаіліся ў чаканні прыходу ворага. Цішыню час ад часу парушае толькі плач перапёлкі. «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора бывае наогул незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край» – разважае адзін з галоўных герояў рамана Дзяніс Зазыба.
Нібы насуперак таму, што адбываецца ў свеце, жыццё звычайнага чалавека ідзе далей, яно настойліва супраціўляецца ўсяму, што парушае яго гарманічную суладнасць, у дадзенай сітуацыі вайне. Пераспела ў каласах за вёскай жыта, і яго трэба сабраць. Зямля – «аснова ўсёй Айчыне» – кліча да сябе селяніна-працаўніка, свайго гаспадара і падуладнага. У салдаткі Сахвеі нараджаецца дзіця – новы чалавек, нібыта кідаючы выклік разбуральнай сіле вайны, паказваючы, што жыццё, за якое на вайне змагаецца бацька гэтага маленькага чалавечка, усё роўна пераможа. Бо для жыцця, а не для разбурэння прыходзіць на зямлю чалавек. Сцэну наведвання парадзіхі Сахвеі яе суседкамі А. Бачароў назваў «квінтэсенцыяй усяго ідэйнага настрою рамана, усяго зместу, выяўленага ў лёсах, дыялогах, учынках…».
На прыкладзе жыцця адной вёскі I. Чыгрынаў імкнецца даследаваць жыццё шырока і ўсебакова. Дзеянні сваіх герояў ён пераносіць і за межы Верамеек: у пошуках адступаючых вайсковых часцей з вёскі накіроўваецца Чубар, у суседняе мястэчка Бабінавічы едзе Зазыба, сын Зазыбы, Масей, наогул жыве ў Мінску, жанчыны, з надзеяй спаткаць каго-небудзь з блізкіх, ідуць да лагера ваеннапалонных, прыходзяць таксама весткі з фронта. Усё гэта дазваляе бачыць жыццё маленькай усходнебеларускай вёскі ў кантэксце жыцця ўсёй вялікай краіны.
Характэрная рыса стылю Івана Чыгрынава ў раманах – пэўная запаволенасць знешняга дзеяння. Асноўным становіцца дзеянне ўнутранае: героі размаўляюць, спрачаюцца, думаюць, разважаюць. Дзякуючы такой будове твора, калі рухаючай сілай сюжэта з’яўляецца не падзейны пласт, а ўзаемадзеянне характараў, канфлікты і сутыкненні паміж імі, дынаміка твора становіцца даволі высокай і напружанай, набліжанай да драматычнай.
На працягу даволі доўгага часу супрацьстаянне існуе паміж былым старшынёй калгаса ў Верамейках Радзівонам Чубарам і яго намеснікам Дзянісам Зазыбам. Яны па-рознаму глядзяць на жыццё. «Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. Яны аднолькава здольны кіраваць калектывам і падпарадкоўвацца яму. Гэта ўсё роўна як тыя шасцяронкі ў вялікім механізме, якія па адной толькі стаяць ды ржавеюць. Каб прыйсці ў рух, ім неабходна сувязь паміж сабой, узаемнае вярчэнне…» – такую характарыстыку дае Чубару аўтар, спрабуючы растлумачыць яго разгубленасць на пачатку вайны. Сапраўды старшыня не ведае, што ён мае рабіць. Ён сам павінен прыняць рашэнне, несці адказнасць не толькі за сваю справу, але і за людзей. Раней ён атрымліваў распараджэнні, інструкцыі, загады зверху, а цяпер трэба вырашаць самому. Ён не здольны суаднесці загады з аб’ектыўнай рэчаіснасцю, убачыць іх неадпаведнасць жыццёвым рэаліям, не спрабуе на ўсё, што адбываецца паглядзець збоку. Ёсць пастанова СНК аб знішчэнні таго, што не ўдалося вывезці ў тыл з пакінутай тэрыторыі – калгаснага набытку, прылад працы, збожжа, – і Чубар гатовы выканаць гэтую пастанову. Ён не задумваецца, як будуць жыць людзі, якія не пакінулі сваю вёску ў цяжкую хвіліну, што яны будуць есці. Больш таго – ён спрабуе абвінаваціць верамейкаўцаў у дрэнным стаўленні да савецкай улады, бо яны не падаліся на ўсход услед адступаючай арміяй.
Другі герой раманнага цыкла, Дзяніс Зазыба – тыповы прадстаўнік сялянства, у яго вобразе лепшыя якасці характару народа.
Чыгрынаў паказвае гэтага героя ўдумлівым і разважлівым. Зазыба імкнецца разабрацца ва ўсім, што адбываецца навокал, самастойна ацаніць сітуацыю. Менавіта гэтых якасцей доўга не хапала Чубару. Аднак нават Зазыбу з яго багатым жыццёвым вопытам, і мудрасцю, якую неаднаразова падкрэслівае пісьменнік, бывае цяжка разабрацца ў складаных момантах рэчаіснасці.
Напрыклад, ён добра разумее, што вырашчаны ўраджай знішчаць нельга, бо нешта трэба будзе есці тым, хто застаўся пад акупацыяй. Хлеб будзе патрэбны і партызанам. Але ён можа трапіць і ў рукі ворага. Зазыба працягвае сумнявацца нават пасля таго, калі было прынята рашэнне падзяліць калгаснае поле, маёмасць і ўсё аддаць верамейкаўцам у асабістае карыстанне.
Пазней, нават маючы магчымасць застацца за лініяй фронта, Дзяніс Зазыба прымае рашэнне вярнуцца ў Верамейкі. Так яму падказвае і яго ўласны вопыт, і вопыт народа. На яго думку, адступае армія, але народ не адступае. Народ не можа пакінуць родную зямлю, яму няма куды адступаць. Чубара здзіўляюць такія паводзіны. Але Зазыба ў якасці аргумента прыводзіць народную прымаўку, пачутую яшчэ ў гады першай сусветнай вайны: «Хто з роднай хаты ўцякае, той ворага не перамагае». Гэта пазіцыя сапраўднага патрыёта сваёй зямлі, сваёй краіны.
Аднак нельга не назваць патрыётам і Чубара. У змаганні з ворагам ён здольны нават на самахвярнасць. Аднак гэтая самаахвярнасць спачатку не падмацавана адданасцю сваёй зямлі і народу, які жыве на ёй. Гэта хутчэй адданасць партыі і яе ідэям, а таксама ўладзе, якой ён служыць. Пра гэта ж сведчаць і ўчынкі Чубара: ён забірае з агарода ў салдаткі неабмалочаныя снапы, не раздумваючы, у якой сітуацыі знаходзіцца жанчына, бо чырвонаармейцам, з якімі ён сустрэўся трэба спаліць мост. Не шмат думае Чубар і тады, калі страляе ў спіну ўрача, здароўе якому падарвала перажытае ў першыя дні вайны, і нават тады, калі падпальвае зжатае верамейкаўцамі жыта…
Аднак з цягам часу Радзівон Чубар змяняецца. Паступова ён прырастае сэрцам да таго кавалачка зямлі на якім жыве, які становіцца для яго малой радзімай. У рамане «Вяртанне да віны», у назве якога і бачыцца сувязь менавіта з эвалюцыяй светабачання гэтага героя, Чубар гіне. Але тут ён ужо не проста прадстаўнік улады і кіруючай партыі, якім яго бачыў чытач у першых раманах. Гэта сапраўдны абаронца сваёй роднай зямлі, які шмат у чым змяніў сваё разуменне жыцця, і свае адносіны да яго.
Пачаўшы з першых дзён вайны, I. Чыгрынаў давёў сваіх герояў да вызвалення цэнтральнай і заходняй Беларусі. Падзеі пенталогіі, над якой пісьменнік працаваў каля трох дзесяцігоддзяў, заканчваюцца парадам у Мінску, які глядзіць Дзяніс Зазыба. Тое, што адбывалося ў 80–90-я гады ў краіне, паўплывала на праблематыку і на ідэйную скіраванасць твораў. У раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» даволі адкрыта паказана горкая і трагічная рэчаіснасць, у якой апынуліся людзі ў ваенны і даваенны час. Аднак першыя тры раманы, напісаныя раней, ідэйна не састарэлі, яны застаюцца арганічнай часткай вялікага эпічнага палатна. Пісьменнік па-мастацку глыбока і пераканаўча паказаў змены ў свядомасці чалавека, у яго паводзінах, выпісаў у гэтых творах яркія, непаўторныя характары.
Па-свойму цікавымі і арыгінальнымі бачацца ў пенталогіі вобразы жанчын. Іх роля, хоць знешне і не вельмі прыкметная, у творы даволі важная. Гэта, на першы погляд, простыя працаўніцы, верныя жонкі, клапатлівыя маці, салдаткі. Але ў кожнай з іх – свой непаўторны характар, свая жыццёвая пазіцыя. Мастацкія постаці гордай вясковай прыгажуні Ганны Карпілавай, ціхай, нешматслоўнай Марфы Зазыбы, знаходлівай Дуні Пракопавай створаны пісьменнікам, каб паказаць, што для таго, каб змагацца з ворагам, не абавязкова трымаць у руках зброю. Жанчыны хвалююцца за лёс сыноў, мужоў, бацькоў, клапоцяцца пра сваіх дзяцей. Яны выконваюць на зямлі сваю місію жанчыны і маці. I можа ў гэтым быў іх галоўны ўнёсак у перамогу над чужынцамі. Гэта думка і самога аўтара: «Яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі дзяцей нарадзіць, неяк умелі працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсёабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны».
Але не толькі ваенная тэматыка цікавіла I. Чыгрынава. Такія апавяданні як, напрыклад, «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «У горад», «Усціння» актуалізавалі ў беларускай літаратуры тэму няпростых (даволі часта) узаемаадносін бацькоў і дзяцей, уздымалі яны таксама і праблему неперспектыўных вёсак, адзінокай старасці сельскіх жыхароў. Манера пісьма ў гэтых творах ураўнаважаная, спакойная. У многіх з іх знешні канфлікт адсутнічае. I нават там, дзе ён пакладзены ў аснову («Апавяданне без канца», «На пыльнай дарозе», «Адна ноч»), пісьменнік застаецца верным свайму творчаму крэда: не вострасюжэтнасць, а жыццёвая праўда стаяла заўсёды для Чыгрынава на першым месцы.
Творчасць Івана Чыгрынава ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя – даволі яркая і прыкметная старонка. На ёй, на гэтай старонцы, пісьменнік пакінуў плён свайго непаўторнага таленту, поўнага глыбокага патрыятызму і любові да Радзімы, малой і вялікай. Характэрныя моўныя адметнасці твораў – шырокае ўжыванне фанетычных і дыялектычных асаблівасцей гаворак Магілёўшчыны, тапонімаў, апісанне родных пейзажаў – яркі і багаты дадатак вобразаў, створаных сапраўдным мастаком слова. Усё гэта садзейнічала пастаяннаму росту прафесійнага майстэрства празаіка, якое было па сапраўднаму ацэнена не толькі чытачамі, але і дзяржавай – у 1994 годзе Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву было прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
А.Я. Мартыненка
Народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Гітлераўская акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту, і ў 1949 годзе ён паспяхова скончыў сямігодку. Далей Іван Чыгрынаў вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую раней закончыў яшчэ адзін народны пісьменнік Беларусі – Аркадзь Куляшоў, што само па сабе ўнікальная з’ява. Той факт, што ў роднай школе некалі вучыўся аўтар паэмы «Сцяг брыгады», як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымушала вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіла жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры.
Яшчэ ў школе юнак захапіўся літаратурай, пачаў сам пісаць вершы, таму невыпадкова, што жыццёвы шлях прывёў яго на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ, дзе ён пазнаёміўся з маладымі таленавітымі літаратарамі. Аднакурснікамі Івана Чыгрынава былі Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык. Студэнцкія гады (1952–1957) сталі часам літаратурных спроб найперш у паэзіі. Так, дэбютны верш «Сон трактарыста» быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе «Полымя», потым былі і іншыя вершы ў «Магілёўскай праўдзе», «Чырвонай змене», «Полымі», аднак паэтам Іван Чыгрынаў так і не стаў. У год заканчэння ўніверсітэта ў «Чырвонай змене» пабачыла свет яго невялікая аповесць «Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі» пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Сам мастак слова лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з’явілася апавяданне «Праз гады».
Пасля вучобы ва ўніверсітэце Іван Гаўрылавіч працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва «Навука і тэхніка» АН Беларусі (1957–1962), часопіса «Полымя» (1962–1957), працяглы час быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1975–1986), у складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у рабоце ХХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1978), з 1987 года – старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, у 1988 годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1989 года – галоўны рэдактар часопіса «Спадчына».
Вынікам творчых пошукаў у жанры апавядання стаў зборнік «Птушкі ляцяць на волю», які быў надрукаваны ў 1965 годзе. Потым былі і іншыя апавяданні, якія ўвайшлі ў зборнік «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). Аднак І. Чыгрынаў больш вядомы як пісьменнік-раманіст, які пераканаўча паказаў драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Перад самай смерцю пісьменнік завяршыў пенталогію пра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з наступных раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1993), «Не ўсе мы згінем» (1996). За першыя дзве часткі ў 1979 годзе аўтар быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Паводле трох раманаў у 1991 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёр І. Дабралюбаў зняў шматсерыйны тэлевізійны фільм «Плач перапёлкі». Разам з Іванам Новікавым стварыў сцэнарый мастацка-дакументальнай стужкі «Руіны страляюць» (пра акупіраваны гітлераўцамі Мінск), якая атрымала дзяржаўную прэмію БССР. За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры І.Г. Чыгрынаву ў 1994 годзе нададзена ганаровае званне народны пісьменнік Беларусі.
Вялікі і шырокі дыяпазон тэм і інтарэсаў нашага земляка-творцы: тут і вельмі сур’ёзны аналіз гістарычнага мінулага нашай Беларусі, вельмі дакладна раскрыты для чытача самы трагічны перыяд першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, першыя ахвяры і першыя героі ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і шмат іншых цікавых падзей і вобразаў. Адразу разумееш: усё гэта прайшло праз душу і сэрца гэтага вялікага Майстра слова. Сам мастак слова так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў – адзін з пісьменнікаў, якіх называюць «дзеці вайны». У адным са сваіх выступленняў ён сказаў: «Нам было ў той час па дзесяць год – каму болей, каму меней. Але мы тады ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць». Вайна адбілася ў люстэрку прозы Чыгрынава не шматфарбным адлюстраваннем баёў, выбухаў, каманд. Яго апавяданні знешне спакойныя, павольныя. Але творы Чыгрынава перадаюць вайну, без якой перамога была б значна далей. Яго творы пра людзей, якія перажылі вайну пад акупацыяй, пра людзей, якія змагаліся ў тыле ворага. Пра сялян, якія змаглі не скарыцца, выжыць, даць новае жыццё.
Свае дзіцячыя ўспаміны пісьменнік паклаў у рад апавяданняў. Сапраўдны псіхалагізм, якім па-майстэрску валодаў Чыгрынаў, прысутнічае ў апісанні перажыванняў маленькіх хлапчукоў. Ніколі там не ўбачыш слёз. А вось цярплівасць, своеасаблівая мужнасць ёсць у кожным створаным характары. Па апавяданнях Івана Гаўрылавіча можна чытаць яго біяграфію. Бацька быў на фронце. Дарэчы, у сям’і было шасцёра дзяцей. Дзяцей, якіх трэба было накарміць, зберагчы, сагрэць. У апавяданні «Бульба» толькі адным радком уключана апісанне невыносных умоў жыцця сяльчан: « …спаць даводзілася на падлозе ў школе», «гулі машыны», «грамыхала, калоцячы зямлю». Чыгрынавы жылі пасля вайны ў зямлянцы – хату спалілі немцы. Выбіраліся з зямлянкі, па ўспамінах пісьменніка, доўга і цяжка. У новую хату сям’я пераехала толькі ў пяцідзясятыя гады. У гэтае ж апавяданне «Бульба» Чыгрынаў увёў свае дзіцячыя ўспаміны пра тое, як чакаў бацьку. Бацька – гэта аснова любой сям’і. Кожны хлопчык ведае, што бацька абароніць, з прысутнасцю бацькі скончваюцца небяспека і клопаты. Так і хлопчыкі, героі твора, некалькі тыдняў запар сядзяць каля дарогі і чакаюць сваіх бацькоў, углядаючыся ў твары салдат, што калонамі рухаюцца па шашы. Ніхто з хлапчукоў не пакідае свой пост: «…крый бог, пройдзе (бацька) міма». А калонам няма канца-краю. І палілі хлопчыкі вогнішча ўскрай дарогі, чакаючы цуда.
Яшчэ адна тэма, адна з цэнтральных, – партызанская. Ваявалі не толькі салдаты на фронце. Вайна была і ў тыле. Гэта вайна была смяротна-ціхая, але ўсё роўна несла гора. Пісьменнік пісаў: «Але былі людзі не толькі на вайне, але і ў вайне. Мяне больш за ўсё займала тое, як яны паводзілі сябе пад акупацыяй». Немцы на нашай зямлі ўладкоўвалі свой парадак. Той, хто яго не прымаў, знішчаўся. У першую чаргу расстрэльвалі актывістаў, людзей, што падтрымлівалі і ўсталёўвалі савецкую ўладу на нашай зямлі.
Адлюстроўваючы гэтыя падзеі, Іван Гаўрылавіч зноў звяртаецца да гісторыі сваёй сям’і. Бацька да вайны працаваў старшынёй сельсавета. Таму жыццё сям’і набывала асаблівы драматызм у вайну. Людзі адразу вырашылі, што сям’я Чыгрынавых стане першай, а можа, і апошняй ахвярай. У сорак першым ніхто нікому не давяраў, людзі трымаліся паасобку, жадаючы нікуды не ўвязвацца. Мала хто пускаў чужынцаў у хату. А маці Чыгрынава – Хадоска Ігнатаўна – прымала ўсіх бяздомных, у тым ліку і першых партызан з лесу.
Апавяданне «Праз гады» расказвае пра гераіню, за вобразам якой бачым маці Івана Гаўрылавіча. У галоўнай гераіні няма імя, у тэксце яна проста жанчына, гаспадыня. У яе двое дзяцей, адно яшчэ ў калысцы. Але жанчына прымае партызан, дае ім паесці. Тым больш ніхто ў вёсцы не адчыніў дзверы, усе паказвалі на яе хату. Жанчына ўпусціла. На запытанне партызан, чаму яна так робіць, ці не баіцца, яна проста адказала, што ўсё роўна хутка смерць. Муж жанчыны да вайны працаваў у сельсавеце. І яе разам з дзецьмі, як радню камуніста, абавязкова расстраляюць.
У гэтым апавяданні бачыцца маці самаго пісьменніка. Мужная, гатовая да ўсяго, упэўненая і незвычайна спагадлівая, міласэрная. Толькі ў такой маці мог нарадзіцца і вырасці такі пранікнёны празаік, як Іван Чыгрынаў.
У дзяцей вайны асаблівыя адносіны да маці, бо ў гады ваеннай навалы абаронцамі, карміцелямі станавіліся якраз жанчыны. Для многіх маці заставаліся апорай і ў пасляваенны час. «Яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, дзяцей нарадзіць, умелі і працаваць, патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчына ў вайне, асабліва ж вясковая. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны,» – так пісаў Іван Чыгрынаў пра вобраз жанчыны-маці ў вайне. Тэма жанчыны ў ваенны час у Чыгрынава адна з вельмі балючых, раскрытых асабліва драматычна. Дарослы Чыгрынаў нібыта сам нёс віну за тое перажытае маці ў гады вайны. Яго жанчыны стрыманыя на словы, але іх дзеянні паказваюць моц іх характараў.
Апавяданне «У ціхім тумане» першапачаткова насіла назву «Маці». Але ў савецкія часы было не прынята лічыць правільным называць маці паліцая святым імем. Галоўная гераіня Рэйдзіха вяртаецца ў вёску пасля вайны, каб знайсці магілу сына. Ён быў паліцаем, лютаваў у роднай вёсцы, расстрэльваў аднавяскоўцаў. Але для маці гэты чалавек – сын. Так сталася, што сцежку да магілы паказвае дачка аднаго з расстраляных актывістаў. Пісьменнік не меў намеру вырашаць, хто правы, а хто не. Яго асноўная задача – паказаць вялізнае гора маці – смерць адзінага роднага на зямлі чалавека. Пасля смерці сына Рэйдзіха не лічыць сябе жывой. І аўтар малюе яе, як «птушку, скінутую з гнязда». Яна ахвяра вайны. І той факт, што дачка расстралянага актывіста не помсціць маці паліцая, спагадае ёй, яшчэ раз даказвае, якое вялікае сэрца ў жанчыны-маці. Ніхто не можа дараваць так шчыра, як жанчына, што нараджае. Жанчына, што дае жыццё, не можа несці ў сэрцы помсту, зло.
З вайной у Івана Гаўрылавіча была звязана яшчэ адна трагедыя. Бацька пісьменніка не вярнуўся з вайны. Не, ён не быў забіты. Але ён пакінуў сям’ю. Здрада роднага чалавека знайшла адлюстраванне ў апавяданнях «Апавяданне без канца» і «На пыльнай дарозе».
Мноства недаказаных слоў у гонар жанчын, гаротніц, працаўніц, у творы «Апавяданне без канца». Гэта гімн жанчынам, якія былі верныя, мужныя, але ім здрадзілі самыя блізкія людзі. У пачатку вайны гераіня апавядання Вольга праводзіла мужа на фронт. Не падалася ў бежанцы, бо была цяжарная. Мелася нарадзіць дома, на роднай зямлі. Праз некаторы час хтосьці з вяскоўцаў пусціў плётку, або мо памыліўся, сцвярджаючы, што бачыў яе мужа ў суседняй вёсцы. Вольга ўсё адмаўляла, бо была ўпэўненая, што муж у войску. У хуткім часе ёю зацікавіліся паліцаі, яна апынулася ў камендатуры. З яе здзекваліся, прымушаючы выдаць мужа. Вольгу паставілі ў возера, у халодную восеньскую ваду. Вольга нарадзіла дзіця, але сама доўга хварэла: вучылася хадзіць на застужаных нагах занава. Але самае страшнае чакала наперадзе. Гаротніца не дачакалася мужа з фронту. Пра тое, што ён не вернецца, яна даведалася з ліста… яго новай жонкі.
Калі ж Вольга звярнулася да вышэйстаячай асобы, то даведалася, што здрада яшчэ страшнейшая. Муж не толькі пакінуў яе, але яшчэ і адмовіўся ад дзіця, аргументуючы тым, што народжана яно не ад яго, а ад немца. У гэтым апавяданні нявыказаны боль адзіноты бязбацькавіча, вялікая любоў да пакінутай маці.
Поспех у «малым жанры» падштурхнуў Івана Гаўрылавіча да напісання рамана. Так з’явіўся «Плач перапелкі» (1972), што паклаў пачатак «верамейкаўскаму цыклу» І. Чыгрынава. Паставіўшы перад сабой мэту паказаць жыццё народа ў гады акупацыі, празаік пачаў яго даследванне з перыяду найбольш складанага і супярэчлівага – першых яго тыдняў і месяцаў. Да рамана «Плач перапёлкі» ў беларускай прозе не было твора, у якім так дэталёва і шырока ўзнаўлялася «нізавая плынь ваеннай паўсядзённасці» ў перыд «міжуладдзя» – калі савецкае войска пакінула тэрыторыю, а немцы яшчэ не прыйшлі – і на самым пачатку акупацыі. Сустрэча жыхароў вёскі з немцамі адбываецца толькі напрыканцы другога месяца вайны. Аднак знешне сцішаныя і мірныя Верамейкі перажываюць складаны перыяд адаптацыі да новых умоў: ідзе вызначэнне жыццёвых пазіцый, размежаванне на «сваіх» і «чужых». Доўгі час супрацьстаяць адзін другому, адстойваючы розныя падыходы да рэчаіснасці, былы старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар і былы яго намеснік Дзяніс Зазыба. Чубару, які прывык жыць па інструкцыях, вельмі цяжка зарыентавацца ў ваенных абставінах, бо яны вымагаюць самастойных, часам нават нестандартных рашэнняў, абдуманных дзеянняў. На вобразе Чубара пісьменнік паказаў, як змяняецца чалавек, калі ён прырастае душой да нейкага кавалачка зямлі, набывае «малую» радзіму. Аўтар не адзін раз падкрэслівае мудрасць, разважлівасць былога намесніка старшыні, Дзяніса Зазыбы, яго ўдумлівыя адносіны да ўсяго, што адбываецца. Зазыба стараецца ва ўсім разабрацца самастойна, даць уласную ацэнку. Аднак і яму бывае цяжка зарыентавацца ў складанасцях як ваеннай, так і даваеннай рэчаіснасці. Любоў Дзяніса Зазыбы да Радзімы народжана ўсім папярэднім жыццём. Сын Дзяніса Масей Зазыба стаў паўнапраўным героем сюжэтнага дзеяння, пачынаючы з другога рамана. Гэты вобраз меў рэальнага прататыпа – пісьменніка-эмігранта, уражэнца Касцюковіцкага края Масея Сяднёва. Іван Чыгрынаў нават не змяніў імя свайго земляка, родная вёска якога, Мокрае, знаходзіцца непадалёку ад Вялікага Бору. Вобразы Парфёна Вяршкова, Алеся Астрашаба арганічна ўпісваюцца ў агульную эпічную карціну народнага жыцця.
У 1980-я гады побач з прозай Іван Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць у драматургіі. Першыя п’есы «Плач перапелкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з ганчарнай вуліцы» былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў.
Напрыканцы свайго жыцця Іван Чыгрынаў вельмі моцна хварэў. Але як ён сам казаў: «Я хворы, толькі не раблю з гэтага трагедыі, прымаю ўсё як належнае». Памёр І.Г. Чыгрынаў 5 студзеня 1996 г., пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Ганаровы грамадзянін горада Касцюковічы, яго імя прысвоена Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы. У 2003 годзе ў горадзе Магілёве на будынку сярэдняй школы № 6, якая знаходзіцца на вуліцы Чыгрынава, устаноўлена мемарыяльная дошка пісьменніку. Памяці Івана Чыгрынава прысвячаюцца літаратурныя чытанні, якія праходзяць у бібліятэках і школах Касцюковіцкага раёна. Вучні школ удзельнічаюць у конкурсе на лепшае сачыненне па творчасці пісьменніка, раённая бібліятэка імя І. Чыгрынава арганізуе літаратурныя віктарыны.
Да 80-гадовага юбілею пісьменніка аддзелам маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі імя І. Чыгрынава падрыхтаваны метадычны дапаможнік з прэзентацыяй «Вернасць жыццёвай праўдзе». Гэты дапаможнік адрасаваны бібліятэкарам, настаўнікам, а таксама тым, хто цікавіцца творчасцю Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Ён уключае матэрыялы з летапісу жыцця і творчасці пісьменніка, формы і метады прапаганды яго творчасці, пытанні для віктарын, сцэнарыі літаратурных вечарын. Электронны дадатак змяшчае відэафільм «Іван Чыгрынаў», фотафрагменты з жыцця Івана Чыгрынава «Ішоў па зямлі чалавек».
Івана Гаўрылавіча няма з намі зараз, але засталіся яго творы, праз якія мы чуем яго голас, чытаем яго думкі. Нажаль, ён не паспеў давесці сваю эпапею да канца, каб вывесці герояў з ваеннага часу, перадаць праз іх лёсы ўсю бяду і жах Чарнобыльскай трагедыі, трагедыю любімай вёскі, якая знікла з твару зямлі, трагедыю беларускіх людзей, якіх пазбавілі і роднай хаты, і родных мясцін. Аб гэтым напішуць іншыя, а яму ж, Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву, беларускі народ будзе ўдзячны за тыя раманы, якія ўжо створаны, бо зроблена справа сур’ёзная і гістарычная.
Яго творчасць заняла трывалае месца у беларускай літаратуры, творчасць, якая будзе служыць многім пакаленням, як служыў і працаваў для Беларусі і сам Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў.
У заключэнні прапаную верш «На Радзіму Чыгрынава…» маладога Касцюковіцкага паэта Кірыла Усава, пераможцы конкурсу паэзіі абласного свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг-2013».
Да Вялікага Бору ісці пехатой,
Ты не здолееш, хоць малады.
Каб прайсціся з бацькамі дарогаю той,
Мы заўжды бралі пропуск туды.
Да мястэчка знаёмага нам земляка,
Што Іванам Чыгрынавым клічуць.
Дзе радзіўся ён, рос, сіл жыцця набіраў,
Тое месца Радзімаю лічуць.
На Радзіме Чыгрынава – ціш і спакой,
Толькі дрэвы аб нечым гамоняць.
Я, здаецца, не бачыў мясціны такой,
Дзе прырода ў сабе цуды тоіць.
Тоіць думкі свае, тоіць справы свае,
Не прывыкла казаць і тлумачыць.
Ах, як звонка салоўка шчабеча – пяе,
Гэта трэба паслухаць, пабачыць.
Па Вялікаму Бору вельмі лёгка ісці,
Ды бацькі штось ідуць без настрою,
Тут жылі і хадзілі ў школу яны,
Тут сваволілі летняй парою.
Вось і месца, дзе жыў знакаміты зямляк,
Ля дарогі, падпісана ярка –
Дом Івана Чыгрынава – бачыш здаля,
Да мясціны пакрочылі шпарка.
А навокал, якая паўсюль прыгажосць:
Сосны стромкія, елкі, бярозы…
Як у пушчы глухой, звер – жыхар, а не госць,
Заяц выскачыў, выбеглі козы.
Толькі слёзы ў мамы адна за другой,
На раснічках і коцяцца ніцам,
Разумею яе, бо бацькі тут душой,
Адчуваюць сустрэчу з дзяцінствам.
Тут дзяцінства, юнацтва ўсё роўна жыве,
Наўздагон не дагонішь – на ўцеху,
Успамін – успамінам плыве і плыве,
Яму крыкнеш – яно табе рэхам.
На Радзіме Чыгрынава – ніхто не жыве,
Толькі вецер у соснах гуляе,
Песень звонкіх ніхто нікаму не пяе,
Хоць і ў свята туды хто трапляе.
Але пройдзеш дарогаю, сцежкай прамчыш,
Набіраешся сіл – не падман!!!
Бо тут крочыў і бегаў, і з вудай хадзіў
Знакаміты зямляк наш – Чыгрынаў Іван.
Я.І. Клімуць
Творчасць Івана Чыгрынава
Гэтае пакаленне пісьменнікаў пазнавала кошт жыцця ў самыя трагічныя для радзімы часы, калі на кон ставілася само існаванне народа. Тыя памятныя драматычньм гады навечна ўрэзаліся ў памяць, заўсёды турбавалі, патрабавалі выйсця, што потым знайшлі яркае выяўленне ў мастацкіх творах. Так сталася і ў творчым лёсе Івана Чыгрынава. Ён таксама з таго ж філалагічнага пакалення, што зрабіла значны ўклад у літаратурны працэс.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 годаў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна ў сям’і калгаснікаў. Акрамя акупантаў і партызанаў, запомніўся адзін драматычны эпізод: нямецкі самалёт наладзіў паляванне на хлапчука, які бег на поле да маці. I да пошніх дзён ён так і не змог зразумець намераў нямецкага лётчыка. Чаго той дабіваўся? Забіць? Напалохаць? Бо адчапіўся толькі тады, калі ўцекачу ўдалося схавацца ў рове пад лазовы куст. Ужо ў гэтым была трагедыя вайны. Пасля вызвалення родных мясцін ад акупантаў спачатку вучыўся ў мясцовай школе, а потым у Саматэвіцкай сярэдняй школе. Там настаўнік матэматыкі Сцяпан Андрэевіч Брыльянтаў, які, дарэчы, вучыў і Аркадзя Куляшова, пазнайміў яго, тады ўжо дзесяцікласніка, пачынаючага паэта, са знакамітым земляком. Станоўчыя водгукі мэтра паэзіі акрылілі юнака.
Пасля заканчэня школы I. Чыгрынаў у 1952 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ і ў 1957 з дыпломам журналіста быў накіраваны на працу ў выдавецтва АН БССР, дзе працаваў спачатку рэдактарам, а потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва, сумесна з Бандарчыкам напісаў манаграфію «Н.Я. Никифоровский» (1960), а ў 1965 г. перайшоў у часопіс «Полымя» на пасаду рэдактара аддзела публіцыстыкі і нарыса, а з 1975 г. працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў БССР, спачатку намеснікам старшыні, а ў 1976–1986 – сакратаром праўлення. У 1987 г. І.Г. Чыгрынава выбралі старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, а з 1989 г. адначасова быў і галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Ён – народны пісьменнік Беларусі (1994).
Як ужо адзначалася, літаратурную творчасць I. Чыгрынаў пачынаў з вершаў, уласна, як і ўсе маладыя, друкаваўся ў раённай газеце. Пазней, ужо ў студэнцкія гады, яго вершы змяшчаліся ў абласным і рэспубліканскім друку. У 1952 годзе ў часопісе «Полымя» быў надрукаваны верш «Сон трактарыста», вытрыманы ў духу часу, у ім перадаецца радасны настрой хлопца, які і ў сне бачыць раздольныя калгасныя палі, яго весела вітае сонца:
І калыша над палямі
Дзень многагалосы,
Песню жаўранка сплятае
З песняю калосся.
Потым былі апублікаваны вершы «На змярканні палявой сцежкай», «Смуглянка», у якіх таксама выявіліся рысы афіцыйнага аптымізму, пацверджаныя шчодра яркімі дэталямі: тут і ясныя зоры, і лямпачкі ільічовы, і росныя сенажаці, і гудкі фабрык і заводаў, якія суправаджаюць закаханых – юную ўдарніцу палёў і прадстаўніка тэхнічнага прагрэсу. Праўда, верш «Смуглянка» вызначаецца большай лірычнасцю, у ім натуральна перадаецца пачуццё-перажыванне лірычнага героя, які ніяк не адважыцца прызнацца ў каханні сваёй абранніцы-будаўніцы, ходзіць вакол будоўлі, пакуль з акна дома не пачынае ўсміхацца яму другая чараўніца, але ён не можа забыць тую, што ўпершыню растрывожыла яго сэрца:
I цяпер
Удзень ці ўранку;
Дзе ні здарыцца бываць,
Чарнавокую смуглянку
Ўсё спрабую адшукаць.
У гэты ж час І. Чыгрынаў напісаў верш-прысвячэнне «З песняй Якуба Коласа», таксама з прыкметамі планетарнасці, але ў ім ёсць і захапленне асобай народнага песняра:
З той самай часіны,
Як з кнігай спазнаўся,
Я з песняй Коласа не разлучаўся,
Бо ў ёй пазнаваў дарагую краіну,
Калгасныя вёскі, лугі і палі,
На Волзе вялікай плаціны,
Багацці савецкай зямлі.
І з песнямі тымі, што сёння спяваюць
Горнам прызыўным над роднай зямлёй.
У 1956 годзе ў «Магілёўскай праўдзе» быў змешчаны верш «Жураўлі», у якім паэтычна распавядалася пра вечны кругазварот сустрэч і растанняў. Больш у друку вершаў I. Чыгрынава не з’яўлялася.
Пачынаючы з 1958 года, з часу публікацыі першага апавядання I. Чыгрынаў піша пераважна прозу, зрэдку заглядваючы ў суседні драматургічны цэх. Напісаныя ім за пятнаццаць гадоў апаваданні склалі зборнікі «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У творах адбіўся асабісты вопыт пісьменніка, бачанае ім, перажытае. У большасці апавяданняў героямі з’яўляюцца дзеці вайны. Гэта яны сучасным дарослым часам зноў перажываюць мінулае, сваёй памяццю вяртаюцца ў тыя пякельныя дні, альбо ў самыя галодныя часы адразу пасля вызвалення Прыбесяддзя. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца апавяданне «За сто кіламетраў на абед». Пра тыя ўжо далёкія падзеі напісана ў рэтраспектыўным плане, праз смугу дзесяцігодцзяў згадваюцца толькі галоўныя рысы, але запамінальныя і ўражваючыя. «Нам тады было па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. І мы былі дзеці вайны, але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо. Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны – звычайныя, разрыўныя, бронеразрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя… Яны маглі па гуку вызначаць свае і чужыя самалёты, былі самастойныя і рашучыя, бо не баяліся амаль за сто кіламетраў адпраўляцца на абед у дзіцячы дом, дзе іх кармілі смачным, як ім здавалася, абедам. Але ўсё ж галоўным персанажам тут з’яўляецца той дырэктар дзіцячага дома, інвалід вайны, які, нават разгадаўшы хітрыкі дзяцей, корміць іх, бо інакш не можа. Так пісьменнік узвялічвае чалавека-ахвярніка, які не можа пакінуць у бядзе тых, на каго і будзе некалі спадзяванне дзяржавы.
Ужо ў самых першых апавяданнях пісьменніка праявілася асаблівасць яго творчай манеры: амаль усе апаваданні маюць падарожныя сюжэты. Гэта можа быць сведчаннем, што пісьменніку найбольш яскрава ўдаецца выказаць тое, што ён бачыў уласнымі вачыма, перажыў, пераасэнсаваў разам з многімі расказчыкамі, якія перадаюць яму самыя задушэўныя, надзвычай асабістыя жыццёвыя падзеі і звязаныя з імі выключныя перажыванні. Тут, відаць, спрацоўвала і прафесійная дадзенасць: сам І. Чыгрынаў любіў падарожнічаць, па некалькі разоў абышоў сваё роднае Прыбесяддзе, як і па справах журналісцкіх, так і з жадання лепш пазнаць свой край. Таму і ў апаваданнях, звычайна не густа населеных, дзейнічаюць выразна непадобныя героі, хоць і духоўна блізкія: падарожнік, які нечакана можа апынуцца каля кастра на лузе, герой-апавядальнік і героі, непасрэдныя ўдзельнікі падзеяў. Так арганізаваныя ў сюжэтнай аснове апавяданні «Ля вогнішча» (пазнейшая назва «Бульба»), «У баку ад дарогі», «На пыльнай дарозе», «Праз гады». Менавіта ў апошнім і развіваецца даволі драматычная гісторыя з часоў партызанства. Ляснік Даўгалёў расказвае пра ўжо даўнія падзеі ляснога супраціўлення, калі не адразу можна было разабрацца хто ёсць хто. Ён не можа сабе дараваць, што некалі пакрыўдзілі недаверам настаўніка, сапраўднага патрыёта, якога палічылі прыстасаванцам, патэнцыяльным здраднікам, а ён пайшоў разам з імі, па-геройску змагаўся, калі трапілі ў засаду, і загінуў. Пісьменнік імкнецца перадаць псіхалагічны стан свайго героя, падкрэсліць, што душэўныя раны загойваюцца значна цяжэй, і ў большай часці смыляць вечна.
У гэтым плане можна згадаць і апавяданне «Маці» (у ранейшых выданнях «У ціхім тумане»), якое таксама напоўнена сапраўдным драматызмам. Старая жанчына прыходзіць у вёску шукаць магілу свайго сына. Пакуты яе павялічваюцца яшчэ і тым, што яе сын здраднік, паліў гэтую вёску, быў пакараны мсціўцамі. Яна адчувае сваю віну, і гэта выяўляецца ва ўсёй яе паставе: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, каб неяк затрымацца хоць тут, на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак». Яна ўжо даўно прымірылася з тым, што людзі будуць яе дакараць, і таму вельмі ўдзячная Ганне, калі тая не толькі заклікае яе на начлег, але і пасылае суседскага хлопчыка паказаць, дзе магла быць магіла. Пісьменнік тут праводзіць гуманістычную лінію, што і ў цяжкіх сітуацыях павінна знаходзіцца ў людзей магчымасць для спагады, асабліва, калі віна ў нейкай ступені ўскосная.
Галоўнае ў літаратуры – даследаваць стан душы чалавека, нюансы яго паводзін, а ў нейкай ступені і яго адносіны да таго, што ўжо даўно адбылося. У апавяданні «За трэцім разам» якраз у полі зроку такая сітуацыя: усіх крыху здзіўляла, што Парфен па-рознаму з цягам часу расказвае адзін і той жа выпадак. Спачатку гаворыць, што тут, на Бесядзі, у час наступлення ён забіў немца, прыняўшы яго за «факельшчыка», другі раз кажа, што стралялі ўсе. I, урэшце, «апынуўся я сведкам, як расстрэльвалі ў вайну чалавека». Гэта ўжо ў нейкай ступені адчуванне віны за тыя часы, калі часам забойствы, нават ворага, рабіліся без патрэбы. Нешта падобнае адбываецца з конюхам Антонам з апавядання «Коні», калі ўспамінае час ратавання з блакады: каб коні не выдалі іржаннем, часова прывязаў іх да сасны. А вярнуцца назад тады не ўдалося. Гібель ні ў чым не вінных істот мучыць яго. Значыць, чалавек за ўсё у адказе, і тэрміну даўнасці для душы няма. У гэтай сувязі А. Марціновіч выказвае наступную думку пра гэтыя творы: «Напісаныя пасля таго, як ён стаў прызнаным раманістам, тым не менш, пісьменнік, па сутнасці, вярнуўся назад. І не толькі да жанру, пра які ўжо «забыўся». I. Чыгрынаў вярнуўся да таго зыходнага пункта, з якога ён і пачынаў глядзець на вайну – бачыць у вайне не толькі мужнасць, гераізм людзей, але і надзвычайнае выпрабаванне, калі чалавек здае «экзамен» не на адну стойкасць, але і на маральнасць. Яна ж, у сваю чаргу, мацуецца і на адданасці радзіме, зямлі, якая ўзгадавала цябе і выхавала, але разам з тым убірае ў сябе само паняцце чалавечнасці, немагчымае без дабрыні і спагады».
Уздымае I. Чыгрынаў і праблемы сучаснасці. Ужо тады, на мяжы шасцідзясятых-сямідзясятых гадоў сталі весціся гаворкі пра неперспектыўныя вёскі, адзінокую старасць некалі заслужаных людзей, нясмела пакуль закраналіся пытанні антычалавечай палітыкі раззямельвання, што прымушала жыхароў многіх паселішчаў пакідаць родныя месцы, што асабліва спарадзіла міграцыю моладзі. Гэта апавяданні «Адна ноч», «Ці бываюць у выраі ластаўкі», «Усціння» і іншыя. Празаік абазначыў праблему, якая патрабавала неадкладнага вырашэння. На жаль, тады гэта трывога засталася не пачутай кіраўніцтвам дзяржавы. Менавіта такія якасці малой прозы пісменніка прыцягнулі ўвагу грамадскасці. На гэта ў свой час звярнула ўвагу А. Сямёнава, адзначыўшы: «Шчырасць і праўдзівасць, назіральнасць, неаднапланавасць, непросталінейнасць падыходу да жыццёвых з’яў, уменне як бы проста апавядаць, а на самай справе паказаць самае істотнае, сацыяльна важнае, пільная ўвага да чалавека – усё гэта характарызуе апавяданні Івана Чыгрынава, калі паспрабаваць абагульніць уражанні ад іх».
Усё ж апавяданні нават пры дастатковым заглыбленні пісьменніка ў свет чалавека не давалі магчымасці раскрыць праўду пра жыццё народа, яго змаганне за жыццё ў часы вялікіх ваенных выпрабаванняў.
Так выкрышталізавалася ідэя стварэння «цыкла раманаў аб вайне, паказаць вайну галоўным чынам праз лёс жыхароў адной беларускай вёскі». У яго ўвайшлі «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1994), «Не ўсе мы згінем» (1996). Творы пісаліся на працягу чвэрці стагоддзя, часу неадназначнага ў грамадскіх падзеях, што не магло не адбіцца на сутнасці паказу драматызму жыцця, пашырэнні геаграфіі дзеяння. Але асноўныя прынцыпы адлюстравання падзей заставаліся ранейшымі. У раманах «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» жыццё працякае ў той жа няспешнай паўсядзённай плыні, хоць ужо ёсць і першыя пагрозлівыя прыкметы: у Верамейках застаюцца толькі жанчыны, старыя ды хворыя і дзеці, увесь калгасны набытак адпраўляюць на ўсход, з’яўляюцца першыя дэзерціры. I хоць абстаноўка ўжо трывожная, але мала чым адрозніваецца ад мірнай. Людзі жывуць сваімі пастаяннымі бытавымі клопатамі, хоць няпэўнасць спакою адчувальная. Пра гэта і вядзецца гаворка мужчын, якія выпадкова сабраліся на калгасным двары. Перад гэтым адбываецца першая сутычка Дзяніса Зазыбы з Раманам Сёмачкіным, які ўцёк з фронту, прывёў з сабою татарына Рахіма, спрабаваў разабраць калгасную маёмасць. Зазыба пакуль спыняе жанчын, прымушае вярнуць узятае, пакуль не ведаючы, што праз некаторы час сам будзе дзяліць палеткі для збору ўраджаю. Зараз мужчыны Іван Падзерын, Сілка Хрупчык, Парфен Вяршкоў і Раман Сёмачкін гутараць амаль дабразычліва, вядома, не без з’едлівасці ў адрас Сёмачкіна. Ды і ў гэтай мірнай сцэне ўжо намячаецца першая трэшчынка, якая потым будзе расшырацца да грамадскага процістаяння, пакуль яшчэ бяскроўнага.
Галоўнымі дзеючымі асобамі раманаў намячаюцца Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба, па сваім характары людзі процілеглыя: першы прывык толькі выконваць інструкцыі, маючы загады, адчувае сябе ўпэўнена, але ўстойлівасць адразу парушаецца, калі ўказаў не паступае, Зазыба ж, наадварот, прывык да ўсяго прыходзіць уласным розумам. Гэта вынікае і з дыялогу Чубара і Зазыбы, калі яны гавораць пра надзённыя пытанні: выкананне дырэктыў і клопат пра жыццё людзей. Чубар бескампрамісны ў меркаваннях: «Калгасы павінны выганяць жывёлу, а хлеб здаваць пад ахоўнасць дзяржаўных органаў. А тая маёмасць, якую нельга вывезці, павінна, безумоўна, знішчацца. Знішчацца, разумееш? Каб не пакінуць ворагу. Адну спустошаную зямлю трэба пакінуць. Адну спустошаную зямлю!
– А людзей? – хмура спытаў Зазыба.
– Што людзей?
– А тое, што людзі ж застаюцца на гэтай зямлі. Ім жа есць патрэбна нешта будзе?». Вось гэтую пазіцыю пазней пацвердзіць і сакратар райкама партыі Маштакоў: «Фашыстам і сапраўды нельга нашага хлеба аддаваць. Ён яшчэ самім спатрэбіцца».
Такім чынам, інтуітыўная палітыка хлебароба аказваецца больш моцнай у параўнанні з афіцыйнымі дырэктывамі. Між іншым, вось гэты статус Зазабы, на якім у далейшым будзе трымацца многае, даследчык беларускай літаратуры В.А. Каваленка, прадбачыў яшчэ пры поглядзе на першыя раманы: «Такім чынам, у раманах I. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» вобраз Зазыбы вырастае ў вельмі тыповую на акупіраванай тэрыторыі фігуру чалавека, які, не належачы арганізацыйна да пэўнай арганізацыі людзей, тым не менш аказвае канкрэтную дапамогу ўсім, хто змагаецца з ворагам, і сам пастаянна жыве і дзейнічае насуперак планам і намерам акупантаў, ствараючы агульную атмасферу непрыняця ўсяго таго, што нясе з сабою вораг».
Адной з мастацкіх асаблівасцей раманаў I. Чыгрынава з’яўляецца разгорнутае выяўленне жыцця на акупаванай тэрыторыі Забесяддзя, але ва ўсёй пенталогіі адсутнічаюць сур’ёзныя ваенныя дзеянні. Яшчэ і ў рамане «Свае і чужынцы» (1984) толькі намячаюцца нейкія аспекты партызанскага супраціўлення, праўда, пісьменнік ужо імкнецца ў пэўнай ступені акрэсліць тыя сілы, што будуць процістаяць акупантам. Аўтар імкнуўся аб’ектыўна паказаць усе цяжкасці ў арганізацыі партызанскай вайны, паколькі не было вопыту ні ў мясцовага кіраўніцтва, ні ў вайсковых начальнікаў. Агульнадзяржаўныя дырэктывы хутчэй уносілі дэзарганізацыю, чым памагалі ў станаўленні пачынаючагася руху. Адсюль здараліся ўсялякія недарэчнасці, як у выпадку з атрадам пад кіраўніцтвам Мітрафана Назарчука, які накіроўваюць узрываць неіснуючы мост на Сажы, на што былі патрачаны дарэмна і сілы, і час. Ужо ў гэтым рамане пісьменнік засяроджваецца на такіх праблемах, калі неабдуманасць у рашэннях прыводзіла нават да трагедый, лішніх неапраўданых страт. Так паталагічна схільны да разбою Патоля з разведатрада Карханава злаўмысным забойствам жонкі бургамістра прыводзіць да правалу падпольнага райкома, калі забітыя былі легальныя члены яго Рыгайла і Яфрэменка. I ўвогуле з усталёваннем сваіх людзей на акупаванай тэрыторыі адбываліся проста непаразумені: унядралі сваіх разведчыкаў у асяроддзе ворагаў, але ніколі не клапаціліся пра іх абарону. Таму і адчувае сябе Зазыба пастаянна вінаватым у смерці разведчыцы Марылі, дастатковую абарону ёй так і не забяспечылі, бяздумна пасяліўшы яе ў пустым доме, куды явілася сям’я яўрэеў пасля няўдалай эвакуацыі. Пісьменнік засяроджвае ўвагу на асобных прыватных эпізодах вайны, каб падкрэсліць, наколькі цяжка было на самым пачатку здзейсніць нешта істотна важнае, што вызначала і сам далейшы характар гэтага страшнага процістаяння. Але ўсім пафасам раманаў пісьменнік падкрэслівае сваё разуменне жыцця адной мясцовасці з яе мінулай гісторыяй, сучаснасцю і блізкай будучыняй, і бачанне яе ў крайне драматычнай сітуацыі. Усе героі па сваёй прыроджанасці – аптымісты. Нават у складаных сітуацях яны застаюцца ўстойлівымі, спакойнымі, бо гэта заключана ў іх генах. Таму пісьменнік і не імкнецца фарсіраваць падзеі, ствараючы ўражанне яго незалежнай плыні.
Аднак сапраўднай вайны на акупаванай тэрыторыі пісьменнік пакуль не засведчыў, больш увагі ўдзелена жыццю Верамеек і прылеглых вёсак. I гэта заканамерна, бо, узяўшы за прынцып дэталёвае і няспешнае развіццё падзей, у полі зроку яго якраз і знаходзяцца звычайныя людзі з іх паўсядзённымі клопатамі, што ў значнай ступені адрознівала яго творы ад падобных палотнаў папярэднікаў. Верамейкаўцы жывуць пастаянным патрабаваннем каляндарнага года: аруць, сеюць, вырошчваюць ураджай, усёй вёскай выходзяць на луг у час сенакосу. На першы погляд можа скласціся ўражанне, што ім увогуле вайна зусім не абыходзіць. На самай справе яна напамінае пра сябе пастаянна, нават, здавалася б, дробнымі эпізодамі: нагадвае пра сябе як старасту Раман Сёмачкін, недзе з вінтоўкай брындае Брава-Жыватоўскі, напамінаюць пра сябе і партызаны: патрэбен харч, адзенне, звесткі пра акупантаў. I ўсё гэта падаецца праз роздумы, гаворкі, меркаванні сяльчан. Пры розных поглядах на драматычныя падзеі, суадносіны сілаў на акупаванай тэрыторыі ў канчатковым выніку вяскоўцы ўсё ж не вераць у магчымасць канчатковай перамогі ворага, нягледзячы на іх часовыя поспехі на другім годзе вайны. Але яны спадзяюцца, што пасля такіх выпрабаванняў павінны змяніцца і адносіны сваёй улады да чалавека. Таму пісьменнік і згадвае распаўсюджаную легенду часу вызвалення акупаваных раёнаў, што быццам маршал Жукаў абяцаў пасля Перамогі зліквідваць калгасы.
Пакуль што падзеі разгортваюцца павольна, баёў каля Верамеек пакуль няма, але адчуванне раз’яднанасці людзей ужо намячаецца, што ў нейкай ступені вынікае з размовы партызана Пацюпы і суседа Зазыбы Кузьмы Прыбыткова, які сваёй заўвагай пра вінтоўку ў руках партызана прыгадвае і паліцэйскага з такой жа зброяй:
«– Што ваш паліцэйскі? – насцярожана перапыніў старога Кузьму Пацюпа.
– Дак таксама не выпускае з рук вінтоўкі. Можа цяпера недзе тута, на лузе. Ці вы па дамоўленасці так – спярша з вінтоўкай адзін пройдзе, пасля другі? Спярша паліцэйскі, пасля партызан, няйначай, каб дарогі не скрыжаваць?» I ўжо на заўвагу партызана, што паліцэйскі сваё атрымае, кажа: «Ага, забівай свой свайго, каб чужыя баяліся». I зноў, як погляд у будучыню, словы таго ж Прыбыткова: «Бойцеся вы, маладзейшыя. Вам жыць пасля. Пастраляеце вось так адзін аднаго, пасля і дзеці вашы не разбяруцца, што да чаго. А немцам ета, нябось, на руку». Народ бачыў, што барацьба ўсё больш набывала выгляд вайны сваіх супраць сваіх. I не толькі партызанаў з паліцэйскімі, але і партызанаў з мірным насельніцтвам, асабліва «чужых», што прыходзілі з-за лініі фронту. Вось як згадваецца з’яўленне іх у вёсцы, напалохаўшых сям’ю паліцэйскага: «Але і да звычайных людзей наведваліся – у Міколіхі Макавеевай забралі восеньскае сала; у Гаўрыліхі – мужаў кажух; дарэмна Гаўрыліха маліла-прасіла, так і не вярнулі кабеце кажух, дарма што Гаўрыла старшынёй сельсавета быў; ну а ў Ляксейкі памянялі каня – свайго, кажуць, нейкага шалудзівага паставілі ў хлеў, а Ляксейкавага пад сядло ўзялі; словам, новыя партызаны, што прыйшлі аднекуль здалёку, ці не з-за лініі фронту, паказалі сябе такім вось чынам…». Пра такія адмоўныя выдаткі вайны згадваў і Чубар: на месцы дзеяння партызанаў тут жа з’яўляліся карнікі, заўсёды знаходзілі вінаватых, каралі, забіралі маёмасць. «Партызаны таксама ажыццяўлялі рэквізіцыі – спярша, вядома, бралі для сябе, пасля ўжо для брата, для цешчы і свата… Асабліва ў тых вёсках, што размяшчаліся ў так званай нейтральнай паласе, дарэчы, вельмі ўмоўнай, але ж сапраўды паміж нямецка-паліцэйскімі станамі ў населеных пунктах і партызанскімі стаянкамі ў лясах...».
У далейшым падзеі развіваюцца па сваіх унутраных законах, але Зазыба і Чубар пастаянна ў полі зроку пісьменніка. Прытым, роля іх ад рамана да рамана будзе павялічвацца ў высвятленні многіх жыццёвых з’яў. Але яны ўжо і ўключаныя ў агульную сістэму дзеянняў, якая шмат у чым ужо ад іх і не залежыць. Але яны застаюцца цэнтральнымі рухаючымі сіламі ў развіцці сюжэту, бо альбо ўдзельнічаюць у канкрэтных падзеях, альбо з’яўляюцца непасрэднымі сведкамі. Выхаваныя розным часам, жывучы ў адной сацыяльнай сферы, і Чубар, і Зазыба выконваюць адны і тыя ж заданні, але зноў жа з свайго пункту погляду рэальнай карысці і значэння. Нават пагутарыўшы з франтавым начальствам, атрымаўшы заданні вярнуцца ў родныя мясціны для арганізацыі народнай барацьбы, Чубар прадаўжае дзейнічаць па прынцыпе заведзенай машыны. Вось ён у знаёмых мясцінах, бачыць у Кулігаеўцы на палетках састаўленыя копы зжатага жыта, таму, верны ўстаноўкам, іх падпальвае, упэўнены ў праваце сваіх дзеянняў, і страшэнна здзіўляецца, пачуўшы праклёны ў адрас падпальшчыка ад сваёй сужыцельніцы. У дальнейшым, усё больш уключаючыся ў барацьбу, Радзівон Чубар праходзіць драматычны шлях пазнання ісціны, яго погляды шмат у чым эвалюцыянуюць, хоць у сваіх асноўных перакананнях застаецца непахісным. Ён усё больш пачынае раздумваць пра ўзаемасувязь усіх дзеянняў, нічога не знікае бясследна, і вось, апынуўшыся ў палоне, раптам згадвае зусім іншага чалавека, настаўніка, потым дзянікінскага афіцэра, зноў настаўніка, які таксама сядзеў звязаны на возе, чакаў свайго выраку, але тое было даўно, у часы калектывізацыі, калі Віцебшчына ўскалыхнулася ад паўстанняў: «Дык вось ад тае цяжкой чалавечай тугі ў вачах асуджанага на смерць ворага калгаснага ладу, значыць, разам і савецкай улады, у маладога Чубара як не халадзела ў сярэдзіне, дарма што класавае пачуццё было выхавана ў ім яшчэ змалку. Відаць, дзянікінскі афіцэр таксама думаў тады аб збаўленні, можа, таксама ў душы песціў надзею вырвацца з-пад варты на волю. Але ён, як і Чубар, цяпер не мог разлічваць на поспех…». Аднак безвыходнасць становішча не зламала героя: ён выкідваецца з самалёта, калі карнікі прымушаюць яго паказаць базы партызанскіх атрадаў.
Многае пераасэнсоўвае ў жыцці і Дзяніс Зазыба, трапляючы ў складаныя жыццёвыя сітуацыі. Першае, што здарылася, – гэта вяртанне сына Масея з турмы, якое бацьку ўзрушыла, што «не па чыстай прыйшоў», а адпушчаны канвойным. У доўгіх размовах з сынам Зазыба спрабаваў высветліць, ці мае той крыўду на савецкую ўладу, якая для яго самога была як глыток чыстага паветра. I спатрэбілася яму перажыць многа драматычных сітуацый, каб зразумець і праўду сына, які застаўся нейтральным, не прыняўшы, як прыгодны для сябе, ні акупацыйны лад, ні партызанскі. Таму і бласлаўляе сына ў апошнім рамане на вымушаную эміграцыю.
Увогуле ў апошніх раманах цыкла асабліва многа праводзіцца аналогій з мінулым часам, дзе пісьменнік быццам шукаў пацвярджэнне сучасным меркаванням, даць мастацкае асэнсаванне складанага і драматычнага часу першай паловы мінулага стагоддзя. У рамане «Не ўсе мы згінем» пададзены падзеі ў рэтрэспектыўным плане ў асноўным праз успрыняцце Дзяніса Зазыбы. Па волі лёсу апынуўшыся ў тылах наступаючай арміі, ён шмат чаго наглядзеўся, прыйшоў да пераканання, што вайна яшчэ доўга будзе адгукацца крывавымі дзеямі, як адгукаецца і нядаўняе мінулае, калі крыўды часоў калектывізацыі і часу вайны прыводзяць да самаўпраўнага знішчэння непавінных сем’яў.
Яшчэ адна асаблівасць раманаў І. Чыгрынава: для надання шырокай маштабнасці дзеяння ён уводзіць архіўныя дакументы, розныя справаздачы акупацыйных уладаў пра барацьбу з партызанамі. Праўда, гэтыя матэрыялы не заўсёды арганічна ўваходзяць у мастацкую фактуру твораў. Некаторыя падзеі і наогул успрымаюцца як выпадковыя, напрыклад, звязаныя з генералам Лазарэнкам, паспешліва, у агульным плане расказана і пра падзеі ў акупаваным Мінску, пра дзейнасць калабарацыяністаў. Але на гэта, відаць, меліся пэўныя аб’ектыўныя прычыны.
Цікавы I. Чыгрынаў і як драматург. Ён напісаў гістарычныя драмы «Судовая справа Вашчылы», «Звон – не малітва», «Прымак», «Осцей – Альгердаў унук», «Зайграй, зайграй, хлопча малы», «Савіцкі», пра нядаўнюю гісторыю «Ігракі», пра сучаснасць «Госці», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» і іншыя. Пісьменнік па-свойму трактуе некаторыя старонкі нашай гісторыі, спрабуе раскрыць ролю гістарычных асобаў у мінулым лёсе нашай Айчыны, раскрыць супярэчнасці часу перабудовы і наступных гадоў. Не ўсе творы роўныя ў мастацкіх адносінах.
Памёр пісьменнік 05.01.1996 года.
Творчасць I. Чыгрынава займае значнае месца ў літаратурным працэсе Беларусі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Татьяна Шамякина
Иван Чигринов принадлежал к тому же поколению белорусских писателей, что и Иван Пташников, Вячеслав Адамчик, Владимир Домашевич, Борис Саченко, Анатолий Кудравец, Михаил Стрельцов. Обычно их называли «университетским», или «филологическим поколением». Будучи во время Великой Отечественной войны детьми, эти литераторы после войны закончили школы и университеты и вступили в активный творческий период в основном в 1960-е годы, очень интересный период в развитии белорусской литературы, да, пожалуй, и всей советской. Тогда появилось много новых писательских имен, возникли разного рода тематические направления, необычайно расширился стилевой диапазон.
Писатели с романным типом мышления
Важнейшее значение в появлении первого, самого знаменитого, романа Ивана Чигринова «Плач перепелки» (1972) имела сама атмосфера 1960-х годов. Многие исследователи литературы и искусства, философы, социологи, историки еще в советское время считали 1960-е годы временем обобщения и раздумий. Владимир Гусев, например, писал: «К середине 60-х годов выкристаллизовались проблемы, характерные для общества с большим историческим опытом». Причем не было распространено, как сейчас, называть этот период «хрущевской оттепелью». Термин, впервые введенный Ильей Эренбургом, функционировал тогда среди довольно ограниченного контингента московской интеллигенции. В наше время выражение прочно устоялось, приобрело четко определенный идеологический оттенок и считается непререкаемой истиной. Но оттепель, если разобраться, – это ведь слякоть, промозглость, простудные заболевания – на первый взгляд, как будто не серьезные, но достаточно опасные…
Конечно же, нельзя отрицать, что 1960-е годы отмечены особой, пронзительной, радостной, воистину весенней атмосферой. Пожалуй, это был лучший период в советской истории. Но стоит ли его отождествлять с личностью не совсем умного, но хитрого и подлого руководителя Советского государства – Никитой Сергеевичем Хрущевым? Время действительно уникальное, но Хрущев здесь ни при чем. Да, многих он реабилитировал, часто откровенных врагов режима (как бы к нему не относиться), явных предателей, но в тюрьмах и колониях сидело при нем не меньше, чем в предыдущий период. А уж в экономике, в идеологии, в культурной сфере натворил он такого, что на десятилетия определил самые разрушительные процессы в обществе советском, постсоветском, да, пожалуй, и в мире.
Нет, удивительная атмосфера 1960-х годов формировалась под влиянием иных обстоятельств. Действовала еще инерция Победы, дружеские, сердечные, исключительно теплые отношения между людьми, которые и обусловили могучую поступь народа – и в разгроме фашизма, и в строительстве великого государства. Причем инерция Победы некоторое время оставалась в условиях уже отстроенной после войны страны, когда народ стал жить хорошо, чрезвычайно гордился своими успехами (например, в освоении космоса) и с оптимизмом смотрел в будущее.
Время, когда писался второй роман И. Чигринова – «Оправдание крови» (1977) – 1970-е годы – для литературы стало, во-первых, временем углубления историзма, а во-вторых, стремлением к показу человеческой личности во всех аспектах ее деятельности и мышления, раскрытия не только социальной роли конкретного человека, но и его сложного внутреннего мира. Эти две тенденции, взаимно перекрещиваясь и переплетаясь, рождали самые разные формы художественного творчества.
Снова-таки, неправильно, ложно, исключительно в пропагандистских целях названная «застоем», эта эпоха была периодом политических успехов СССР на международной арене (Хельсинские соглашения), безусловных прорывов и в экономике, и в искусстве. Именно брежневские годы многие представители старшего поколения называют ныне «золотыми» – есть с чем сравнивать. Однако наряду с поступательным развитием и прогрессом во многих областях происходили тогда и негативные процессы, касающиеся в основном общественной морали. Особенно явственно деградация проявилась в 1980-е годы, когда писался роман «Свои и чужие» (1984), а тем более в годы 1990-е, отмеченные романами «Возвращение вины» (1992) и «Не все мы сгинем» (1996). В 1990-е годы в стране царил настоящий хаос, было не до литературы, и произведения И. Чигринова остались незамеченными. Потому есть резон говорить о том времени, когда писатель работал спокойно, размеренно и обстоятельно, а общественная атмосфера способствовала развитию искусства.
В 1970–1980-е годы в огромной степени возросло психологическое мастерство прозаиков. Оно обусловлено повышенным вниманием к каждому конкретному человеку, который рассматривался как неповторимая индивидуальность, личность с характерным только ей набором определенных черт. Сегодня человек в этом плане неинтересен, в нем модные литераторы скорее подчеркивают животное начало – как раз в этом концептуальные основы постмодернизма. Ведь основной принцип капитализма – каждый друг другу враг. В условиях жесткой конкуренции человек человека не интересует, а наоборот – отторгает.
Наряду со стремлением к психологическому анализу в литературе 1970–1980-х годов чрезвычайно глубоко поднимались и анализировались многие насущные, вовсе не исчезнувшие сейчас, проблемы того времени: социальные катаклизмы, сохранение мира на планете, научно-техническая революция, взрыв информации, забота о природе, воспитание гармонически развитой личности. Все это закономерно приводило к необходимости искать новые формы, методы, средства и приемы эстетического воздействия на читателей. В целом литература ощущала потребность осмыслить путь, пройденный человечеством за три четверти бурного и драматичного XX века. Особенно это касалось нашей страны, народу которой довелось пережить значительно больше, чем любому другому на земле. Самым трагическим событием столетия в белорусской истории была и остается Великая Отечественная война.
Книги советских писателей о Второй мировой войне, а для советских людей – о Великой Отечественной войне, наиболее полно и ярко раскрывают ее сущность и основные факты. Война рассматривается в лучших произведениях в контексте всей истории XX столетия. Принцип историзма становится определяющим не только в плане методологическом, но и в плане эстетическом.
Белорусские писатели, писавшие о Великой Отечественной войне, показывали ее народный, оборонительный характер, ее нравственные аспекты с высоты прошедших десятилетий. Конечно же, любой писатель, о чем бы он ни писал, прежде всего, отображает современную ему реальность, но для художника, который разрабатывает военную тематику, чрезвычайно важно учитывать связь времен, опыт и истории, и современности, их взаимодействие.
Принцип историзма требует от писателя анализа явлений действительности в их диалектическом развитии, в исследовании социально-исторических, психологических и морально-этических проблем. Писатели-ветераны и идущее непосредственно за ними «филологическое поколение» как раз еще были прекрасными диалектиками, чего явно не хватает современным, даже и блестящим, авторам. Может, потому нынешние далеко не так популярны, как их предшественники.
Историзм в лучших книгах о Великой Отечественной войне выявился в умении писателей ставить проблемы остросовременные, глобальные, общезначимые – народ и история, человек и время, личность и война.
В отличие от авторов зарубежных советские писатели – и это их громадная историческая заслуга – показывали не одиночество, не отчуждение человека от человека, особенно опасное в военных условиях, а связь личности и общества, человека и народа, активность такой связи, в которой огромную роль играют как объективные, так и субъективные факторы.
Всенародный характер Великой Отечественной войны, сложные задачи синтеза, стоящие перед писателями, определили преобладание эпических форм литературы. Создавались эпопеи К. Симонова, А. Чаковского, И. Стаднюка, П. Проскурина, киноэпопеи – «Освобождение», «Пламя», «Блокада». Возрастает тенденция к исследованию тех этапов войны, о которых к тому времени было еще мало написано. Чувствуется стремление писателей, и участников военных действий, и представителей младшего поколения, к показу человека на войне в малоисследованных ракурсах.
Художественное освоение больших этапов истории закономерно предусматривало их эпическое воплощение, стилевые формы толстовского типа. Потому многоплановый роман со сложной композиционной структурой, со множеством действующих лиц доминирует в литературе 1960–1970-х годов. Произведения Ивана Чигринова органично вошли в русло именно такой прозы, что было во многом обусловлено и самим характером таланта писателя.
И. Чигринов – писатель с романным типом мышления. Сегодня это заметно даже в ранних его рассказах. Но он приступил к романам, только ощутив в себе достаточно опыта и писательского мастерства.
Первый сборник рассказов И. Чигринова «Птицы летят на волю» вышел в 1965 году. Критика одобрительно встретила сборник, отметила психологическое мастерство молодого прозаика, его художественный такт, точность слова. Сейчас, через много лет после дебюта Ивана Гавриловича, мы видим, что основная особенность первого этапа творчества Чигринова – это его ровность. Авторская манера очень спокойная, ритм медленный, без перебивов, композиция соответствует логике развития сюжета. Возможно, такие особенности стиля были обусловлены тем, что, в отличие от других писателей своего поколения – И. Пташникова, В. Адамчика, М. Стрельцова – у Чигринова преобладает умственное начало – сознательное, строго выверенное и аналитическое: как раз те качества, которые помогают синтетически охватывать факты жизни, то есть качества, характерные для писателей крупных эпических форм. Рассказы И. Чигринова не писались под влиянием определенного настроения, эмоционального толчка, как у ранних И. Пташникова, М. Стрельцова.
На произведениях И. Чигринова лежит печать глубокой продуманности основного сюжетного костяка произведения – он, как правило, ровно взвешенный по объему, по соотношению разных частей и элементов.
Приемы и способы создания образа у И. Чигринова подчеркнуто традиционные, правда, несколько «подправленные» современным лаконизмом – эта тенденция проявилась уже тогда. За Чигриновым стоит эпическая широта колосовской прозы, емистость «Полесской хроники» И. Мележа, культура письма М. Горецкого.
Безусловно, синтетичное, целостное восприятие мира Я. Коласом, видимо, неповторимо как исторический этап. Но именно от Я. Коласа идет в белорусской литературе традиция гармонических литературных форм, приближенных к формам самой жизни. Для его последователей – И. Мележа, И. Шамякина, И. Чигринова, И. Науменко – тоже характерны ровные, спокойно-гармоничные стили, оказавшиеся способными передавать самые глубокие, драматические конфликты социального и личного бытия людей.
Стилевое направление, идущее от Я. Коласа, развивалось в белорусской литературе последовательно и очень мощно. Это – белорусский национальный стиль, истоки которого – в задумчивой и ясной белорусской природе, в размеренности крестьянской жизни с ее колоссальным интеллектуальным наполнением (так как множество факторов приходилось учитывать, чтобы получить урожай), сердечности и открытости национального характера.
Белорусский стиль не приземленный, не этнографический, не бытовой, а полновесный, весомый, психологический. Его конкретность таится в особенностях белорусского языка, а также в условиях жизни белорусского села, из которого вышло абсолютное большинство отечественных писателей.
И. Чигринов тонко и умело сконцентрировал в своих произведениях лучшие достижения национальной эпической традиции, развивая ее в новых условиях и на новом уровне. Тем и интересен И. Чигринов, что в его творческой манере одновременно чувствуется и большой социальный, культурный опыт нации, и значимость его собственной личности. Помню его как человека: он был исключительно начитан и всегда глубоко, неординарно мыслил. Иногда даже казался чудаком. Иван Гаврилович часто бывал у моего отца – писателя Ивана Шамякина. Их разговоры всегда оказывались удивительно содержательными, говорилось о главном в жизни. И кстати, Шамякин обязан советам друга своим обращением к некоторым жанровым формам.
В своих ранних рассказах И. Чигринов интересуется сложностью человеческих судеб, показывает людей простых, но с запутанным и часто драматическим жизненным путем. Ошибочен, но обусловлен характером именно данного человека выбор цыгана Михаила из рассказа «Одна ночь». Трагическим оказывается жизнь Ольги («Рассказ без конца»), которая прошла через пытки фашистов и измену любимого человека. Двадцать лет ожидает мужа с войны женщина («Живет в крайней избе вдова»). Единственным смыслом жизни для старого Демиденка после утраты внучки оказывается выпускание птиц на волю («Птицы летят на волю»). Похож на героев-«чудиков» В. Шукшина Алексей из рассказа «Бывают ли в раю ласточки»: и своими чудачествами, и своим «неумением жить».
Один из лучших рассказов И. Чигринова – «Бульба» («Картошка»). Он написан по воспоминаниям голодного военного детства и стал своеобразным подступом к роману «Плач перепелки». Здесь такая же короткая, сдержанная экспозиция, как и в романе. Время и обстановка действия передаются через чередование сложноподчиненных и коротких, как взрыв, предложений.
Автор конкретный и в то же время немногословный, умеет создать картину, крупный план малыми средствами. Тут же проявляется еще одна, правда, характерная не только для И. Чигринова, черта, – привязанность к родным местам, стремление к максимальной правдивости, документальности повествования.
В сборнике рассказов «Счастливый человек» (1967 г.) более полно, чем в предыдущем, исследуется смысл и полноценность человеческой жизни на земле. Характерная особенность сборника – стремление автора к анализу социальных проблем и в то же время внутреннего мира человека. Тут проявилось умение И. Чигринова в одном произведении использовать разные приемы обрисовки характера многие ракурсы для показа одного явления, факта, что характерно как раз для романных форм эпоса.
И. Чигринов не любил «красивостей», метафорического стиля, эффектных, резких поворотов и деталей. Основа его прозы – точная, жизненно-объективная реальность. О трагическом, страшном в жизни он говорит сдержанно, тая свою боль, не злоупотребляет условными формами, параболой, модными приемами. Но уже в рассказах чувствуется настойчивый поиск писателем объективной, многозначной, обобщающей детали.
Удивительное проникновение в психологию белоруса
К своему первому роману И. Чигринов подступил признанным прозаиком. В то время рассказы, сборники рассказов, даже и молодых авторов, анализировались критикой очень обстоятельно. Исследователи, внимательно прочитав чигриновские рассказы, показали закономерность его обращения к крупной эпической форме.
Роман «Плач перепелки» – первый и лучший у И. Чигринова. Он интересен уже тем, что здесь описывается не фронт, не тыл и еще не оккупация, а что-то переходное, шаткое, неустойчивое, тревожное. Стилевая доминанта произведения держится именно на атмосфере переходности и в обстоятельствах, и в поведении людей, и в движении человеческого сознания. Рухнул пусть непростой, но устоявшийся быт (а когда белорусу было просто?). Очень тяжело людям, еще видящим перед собой привычные вещи, осознавать, что где-то рядом уже существует что-то противоположное тому, что определяло смысл их жизни, на что могут надеяться. Сложно оказывается связать разные полюса и категории измерений.
Историческая конкретность, исключительная правдивость в обрисовке первых недель войны делает роман И. Чигринова одним из самых ценных художественных свидетельств народной трагедии. Причем именно прекрасное владение историческим материалом позволило писателю решать и общезначимые, нравственные проблемы.
В первом романе И. Чигринов еще не пользуется широко документами, в отличие от последующих, но он достигает исторической конкретности точным указанием мест, где происходит действие, расстояний между населенными пунктами, дат, а главное, документальной скрупулезностью, с которой описываются первые военные дни в деревне Веремейки на востоке Беларуси. В романах показывается совершенно реальная местность – родина самого писателя на Могилевщине.
В романе, да и во всей пенталогии, сложное переплетение социальных, философских, нравственных конфликтов. Война – проверка духовной ценности героев, их общественной зрелости.
Функции двух главных героев романа «Плач перепелки», которые «держат» сюжет, – Зазыбы и Чубаря – широкие и разнообразные. Если абстрагироваться от их человеческих индивидуальностей, от психического склада одного и другого, то главная «задача» Зазабы как персонажа – «через себя» и свои отношения с односельчанами, а затем и с представителями «новой власти» выявить глубинный разрез жизни одного села в переходной ситуации от мира к войне, в то время, как Чубарь развивает эту ситуацию вширь, для чего и отправляется автором в путешествие по региону в бассейне реки Беседь.
Зазыба, человек глубокий, раскрывается больше, так сказать, категорией времени, а для активного Чубаря важнее перемещение в пространстве. Зазыбе необходимо время, чтобы оправиться от растерянности первых дней войны и мобилизовать свои внутренние резервы, воплотить в реальных поступках свои потенциальные душевные силы. О таких же, как Чубарь, говорят, что их учит жизнь. С этой точки зрения четкое композиционное размежевание в первом романе линии Зазыбы и линии Чубаря, пока они не сталкиваются непосредственно, представляется оправданным. Два сюжета внутри одного основного, со множеством действующих лиц и событий, углубляют эпичность произведения, позволяют эстетическими средствами утвердить главную его мысль: никто и ничто не может изменить душу народа, надломить его волю, стремление к свободе и счастью.
В белорусской литературе множество прекрасных произведений о войне. В них описываются сражения фронтов, жизнь белорусов под фашистской оккупацией, борьба подпольщиков и партизан. И. Чигринов берет все это как бы в самой начальной позиции. Фронт есть, он движется за Сож, о нем, естественно, знают местные жители, потому что ездили копать окопы, да и слышны были какое-то время взрывы, стрельба. Немцы пока в семи километрах, но обитателям села Веремейки уже приходилось сталкиваться с ними и с их ставленниками – полицаями-предателями. Решение о необходимости партизанской борьбы было принято на последнем заседании райкома партии, но именно на этом важном заседании не присутствовал председатель колхоза Чубарь, который вообще-то не привык жить без руководящих указаний и директив. Ему приходится самостоятельно прийти к осознанию обязательности партизанского сопротивления.
Нельзя сказать, что Чубарь – человек неглубокий. Как личность он во многом противоречив, а ограниченность его – порождение определенного времени, конкретных обстоятельств. Утверждать, что он продукт тоталитарной системы, в наше время – уже избитый социологический штамп, пошлость, даже, можно сказать, явная дикость. Только люди с совершенно зашоренным мышлением, не уважающие своих предков и их идеалы, наркотизированные буржуазным российским телевидением, продолжают твердить о тоталитаризме и прочих глупостях постсоветской идеологии. Советское время было настолько безумно сложное, что породило как бюрократов, апологетов режима, бездумных исполнителей, так и настоящих энтузиастов, смелых новаторов, ответственных и инициативных людей. Не будь их, как бы мы победили в войне, как бы отстроили в рекордные сроки страну?..
Во всяком случае, с образом Чубаря в романах связана важная тема становления партизанской борьбы в Беларуси. О том, что такая тема интересовала автора давно, свидетельствуют рассказы еще первого его сборника.
И. Чигринов любит определенность, потому идейные убеждения, жизненные позиции героев намечает на первых страницах. В начале первого романа в принципиальном разговоре председателя колхоза Чубаря и его заместителя Зазыбы проясняются характеры этих людей. Чубарь категоричен, прямолинеен, возбужден и грубоват. Зазыба спокоен, тактичен, рассудителен, хотя его сердце разрывается от боли. Он старше Чубаря, уже видел войну – Первую мировую, лучше знает и понимает людей. Чубарь убежден в необходимости уничтожения колхозного имущества и бегства всем миром от немцев. Зазыба же не сомневается, что бежать с родной земли, значит, обрекать себя, страну на поражение. Однако для Чубаря понятия родины, впрочем, как и советской власти, существуют пока в их широком, возвышенном, но абстрактном значении. Спор героев, происшедший еще на первых страницах романа, движет их мыслями и поступками, разъединяя и одновременно соединяя, хотя встречаются они в первых двух романах всего два раза.
Вообще же в романах множество персонажей. Многие из них выписаны с удивительным проникновением в психологию белоруса. Все – разные, каждый человек – неповторимая личность, которая творит историю сообразно своему мировоззрению, но в органической связи с главным содержанием народной жизни.
В романах И. Чигринова герои нередко упоминают и даже помногу рассуждают о советских порядках. Прочитать бы их рассуждения тем, кто двадцать пять лет живет под властью телевизионных страшилок и уверен в жути советской действительности! Да, жизнь людей была нелегка, но жизнь вообще нелегка, если это жизнь, а не прозябание, не растительное существование. Но за спиной героев, как бы они не относились к советской власти (кто-то, как сын Зазыбы Масей, и обижен) стоят двадцать лет иных, чем насаждают немцы, установок, других лозунгов, порядков и принципов. Если в центре бытия лежат некие принципы, они, в конце концов, начинают изменять и людей. А суть социализма, его принципы – гуманизм, солидарность людей и ощущение важности справедливости везде и во всем. Эти двадцать советских лет определяют атмосферу произведений. Притом, что вообще отношение к советской власти у людей разное – в романах совсем не звучит апологетика режиму. Но есть правда обстоятельств и правда характеров.
Сначала люди не очень-то и боятся войны. А затем в душах поселяется все больший страх и начинаются преодоления всего – силы обстоятельств, недругов, самих себя. Ломают себя и Зазыба с Чубарем, но по-разному. Зазыба изживает привычную инерцию своей грусти о сыне, репрессированном в 1937 году, и включается в пока локальную, но чрезвычайно важную борьбу за хлеб, за души людей с группой предателей, а через них – с новой властью. Впоследствии Зазыба озабочен и состоянием души вернувшегося сына, который не может забыть пережитое.
Чубарь – человек иного склада, чем Зазыба, – жесткий, прямолинейный, требовательный к людям. В первые дни войны он растерялся, потому и пускается в странное путешествие. Вообще характер сложный, как сложным было и время, формировавшее таких личностей. Странствуя по тылу откатившегося на восток фронта, а затем занимаясь организацией партизанского отряда, Чубарь учится понимать и уважать людей. Линия Чубаря, особенно в первом, лучшем, романе – это повесть-путешествие со множеством встреч и впечатлений главного героя, его открытие земли, людей на ней. Зазыба предстает в основном в своей внутренней жизни, в смятении чувств.
В пенталогии И. Чигринов совершил своеобразный прорыв в художественном отображении действительности: он обогатил понятие героики повседневности – в наше время термин устаревший и никому не нужный, но тогда открытие писателя показалось чрезвычайно ценным. Да и было им. Другое дело, что партийные идеологи никак не использовали огромные возможности художественной литературы в воспитании действительно нового человека. Вот и не воспитали… И получили развал великой страны…
В романах как бы и нет дистанции между будничной жизнью и исключительностью обстоятельств, а все же очень многое изменяется в сознании людей. Через подробности деревенской жизни и путешествия Чубаря со множеством его встреч, через медленную, но напряженную, передачу будничного движения времени, через точное выписывание разных деталей действительности автор стремится к главной своей цели: показать, как, с какими муками и сложностями, с колебаниями в сознании, в борьбе с объективными трудностями формируются настоящие народные герои. А внешне неторопливая, немного тяжеловесная, обстоятельная чигриновская манера повествования, как это ни парадоксально, как раз и передает, правдиво и убедительно, огромное напряжение народной борьбы.
Все в романах И. Чигринова, даже природа, постепенно наполняется, дышит войной. Детали здесь тонкие и воистину новаторские. Плач перепелки приводит Зазыбу к ощущению страшного народного горя, а совсем не поэтичному Чубарю, озабоченному мыслью о партизанской борьбе, вдруг становится интересно, как муравьи будут преодолевать препятствия на их пути. Вообще природа становится с каждым романом все более близкой человеку и как бы выступает вместе с ним. Романы насыщены образами-симвалами, и это обогащает жанровую структуру произведений, вносит в них лирическую струю. Кроме того, здесь нередки рассказы о прошлом, об истории Беларуси; приводятся разные приметы, сны, стихи (Масей, сын Зазыбы, – поэт); мощная также и фольклорная стихия – пословицы, поговорки, крылатые слова.
Массовые сцены, природа, потаенная духовная жизнь человека, как, пожалуй, ни у одного из писателей, современников И. Чигринова, насыщены мотивами древнего эпоса, мифологическими, сказочными образами и параллелями. Как раз близость между собою народного и природного начал и составляет основу художественного мира мастера. Мифологизм здесь – один из многих средств показа действительности во всем разнообразии ее проявлений, в богатстве нравственно-этических традиций народа, его чувств и настроений, мечтаний и надежд.
Своеобразен авторский голос в романах. Каждую картину, каждый эпизод И. Чигринов начинает очень спокойно, сдержанно. Его чувства нарастают постепенно, а их отзвуки будто накапливаются в окружающем мире.
Связь с природой начинается с того, что герои, да и сам автор, видят в ее проявлениях что-то человеческое, близкое им и отзываются на эту родственность трепетной нежностью.
Цикл романов И.Чигринова имеет вид хроники. Но было бы упрощением определять жанр романов только как хроникальный. Хроникальны сюжеты. Но жанр более подвижен, по-настоящему синтетичен. Так, хроникальность время от времени разрывается композиционными узлами, которые максимально драматизирует действие, как, например, первое столкновение жителей деревни Веремейки с немцами-захватчиками.
Структура чигриновских романов имеет несколько срезов, пластов, подструктур. Во-первых, объективизированная стилевая основа произведений, то, что прежде всего бросается в глаза, когда начинаешь чтение: уравновешенный тон, неторопливое течение повествования, точный, не перегруженный тропами, язык. Высший пласт – индивидуализация человеческих характеров, имеющая этнические и социальные корни. Из ряда психологических эволюций (Зазыбы, Чубаря, Масея, женщин, отправившихся искать своих мужей и неожиданно по-страшному столкнувшихся с оккупантами) составляется образ народа, готового на борьбу. Главное, открывается логика развития народного сознания, его движение в условиях экстремальных. Тут же, внутри этого пласта, – жизнь природы, живых существ, которая для человека приобретает вдруг во время войны иной, сакральный смысл. Философская концепция автора, его потаенная мысль, идея произведений проявляется и на уровне непосредственно композиционном, собственно, в создании именно цикла романов.
Судьба войны решалась в душах людей, Победа стала возможной благодаря духовному богатству советского человека (так обобщенно можно сказать о всех нациях, участвовавших в военных действиях), которое раскрылось в нем во время тяжких испытаний, когда каждый прочувствовал невозможность отсидеться, ощутил соединенность свою с родной землей, с жизнью всего народа. Именно это ощущение помогало Победе.
Идея прочности народной жизни, глубинных, коренных ее основ, которые проверяются войной, проходит через все пласты художественной структуры романов – и в показе будничных, привычных ситуаций, поступков персонажей, и в стремлении людей к единению, в участии в общем деле, и в психологических характеристиках героев, в самом их языке. Здесь нередки внутренние монологи, поток сознания, перекрещивание диалогов с авторским комментарием, использование документов.
И. Чигринов, как до него и Иван Мележ, смог преодолеть психологическую описательность, характерную, в некоторой степени, для белорусского социально-психологического романа. Иван Гаврилович стремился самые потаенные чувства людей как бы «материализовать», воплотить через вещи, а также через жесты, движения тела, мимику персонажей.
Все приемы, вместе взятые, представляют жизнь в полноте ее проявлений, историю – в ее невообразимых противоречиях, человека – как удивительную природную загадку. Основательные по художественной мысли, своеобразные по построению, по жанровой структуре, одновременно и традиционные, и новаторские по стилю, романы И. Чигринова представляются огромным достижением белорусской прозы второй половины XX века.
Творческое наследие Ивана Гавриловича не ограничивается только рассказами и романами. Он автор сценария телефильма «Руины стреляют…», одного из лучших в белорусской кинематографии. Он писал критику и публицистику, собранную в книге «Новое в жизни, новое в литературе» (1983); в последний период жизни создал несколько интересных пьес: «Чудак с Гончарной улицы», «Следственное дело Ващилы», «Человек с медвежьим лицом», «Звон – не молитва» и других. И все же исключительно ценно именно прозаическое наследие писателя.
И. Чигринов незаслуженно забыт, как и вообще в наше страшное беспамятное рыночное время с его сиюминутными потребностями и культом удовольствий, забыто то многое хорошее, что накоплено народом за трагическую, но прекрасную советскую эпоху. Стоило бы чаще вспоминать этого прекрасного мастера белорусской прозы, создавшего, вместе со своими коллегами, лучший эпос о войне среди национальных литератур Европы.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Алесь Лесін
У плеядзе беларускіх савецкіх пісьменнікаў, асноўнай тэмай твораў якіх з’яўлялася Вялікая Айчынная вайна, імя Івана Чыгрынава на адным з ганаровых месцаў. У адным шэрагу з Аркадзем Куляшовым і Васілём Быкавым. Як казаў сам Іван Гаўрылавіч: «Вайна рабіла з мяне пісьменніка…»
Іван Чыгрынаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў шматдзетнай сям’і старшыні сельскага Савета ў вёсцы Вялікі Бор Касцювіцкага раёна. У сямігадовым узросце ў жыццё хлопчыка ўварвалася вайна. Раз і назаўжды яна перавярнула яго лёс і пакінула незгладжальны след у асабістай і творчай біяграфіі. У гэтай вайне ён страціў бацьку, братоў і іншых блізкіх людзей. Пазней, будучы мэтрам літаратуры, на пытанне пра самае зыркае ўражанне дзяцінства ён адказваў: «Аднойчы ўсюдыісная «рама» (нямецкі самалёт выведнік «FW189А-1») заспела мяне ў полі, я бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Пачалася пагоня жалезнай птушкі за васьмігадовым хлопчыкам. Мне добра было відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарма – ці то мэта была занадта малая, ці то я сапраўды так выкручваўся і своечасова валіўся, што кулі толькі пляскаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Заходзячы зноў і зноў насустрач сваёй ахвяры, самалёт рабіў шырокія кругі над полем, і я за гэтыя некалькі хвілін паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ў бок, ці наперад – кірунак адгадваўся інтуітыўна, а, тым не менш, як зараз здаецца, даволі ўдала. Ва ўсякім разе «гульня» гэта скончылася ў маю карысць, тым больш, што я ўвесь час меў на прымеце невялікі раўчук пасярод поля, амаль шчыліну, і, нягледзячы на тое, што віхляў, з кожным кідком набліжаўся да яго, пакуль нарэшце не зваліўся на дно яго. Але і пасля гэтага немец не пакінуў мяне ў супакоі: прыняўся кружыць над раўчуком, выглядваючы, нібы каршак, ахвяру, імкнучыся дастаць з кулямёта. Бомбаў у самалёце, мабыць, не было, а можа, ён проста не жадаў марнаваць іх, захоўваў для лепшага выпадку. Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваёй надзейнай хованцы і ўжо далей нічога не памятаў…».
Гэтыя страшныя дзіцячыя ўражанні лягуць у аснову яго галоўных твораў – раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», а таксама шматлікіх аповесцяў і аповядаў.
Пісаць Іван Чыгрынаў пачаў яшчэ ў школе, у ваенныя гады. Вершы, створаныя пад уражаннем і ўплывам ужо вядомага земляка-паэта Аркадзя Куляшова, друкаваліся ў газетах і часопісах пасляваеннай Беларусі. I ўжо тады было зразумела – на небасхіле беларускай літаратуры запалілася новая зорка. Вершы Чыгрынаў працягваў пісаць усё жыццё, але стаў вядомы як яркі праўдзівы празаік, дакументаліст, драматург і сцэнарыст.
«Гістарычная праўда важней натхнёнай выдумкі» – так аргументаваў ён свой шлях у літаратуры. I ў яго кнігах жыве гэта праўда. Ён не змяняў месцы дзеяння і часу падзей, захоўваў гістарычныя назвы і факты. У яго творах можна знайсці шмат згадванняў пра Бесядзь, Касцюковічы, Хоцімск, вёскі і сёлы нашага рэгіёна. За гэта яго неаднаразова падвяргалі крытыцы нават у савецкі час, але пісьменнік застаўся дакладны сабе. Яшчэ адзін наш зямляк-літаратар Пятро Прыходзька так адклікаўся пра Чыгрынава: «Такога пісьменніка ў нас ніколі не было. У яго ўсё выверана. Калі ён пра што пісаў, то зыходзіў з жыццёвага факту».
Творчы шлях Івана Чыгрынава, можна казаць, удала склаўся. Вясковы хлопец стаў сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, а гэта – уплывовая пасада; дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй кіравання Беларускага фонда культуры, ездзіў у Амерыку, на Асамблею ААН (было ў звычаі ўключаць у дэлегацыю пісьменніка). Пасады, прэміі, дзяржаўныя ўзнагароды…
Яго кнігі выдаваліся і перавыдаваліся з зайздроснай рэгулярнасцю, у тэатрах ішлі яго п’есы, па яго раманах здымалі кінастужкі. Але ўсё гэта толькі яркая вокладка. Па ўспамінах сучаснікаў, ён так і застаўся тым апаленым вайной хлопцам, умеў цешыцца кожнаму новаму дню, і старанна хаваў у душы ўспаміны і боль пражытых гадоў.
Апроч пісьменніцкай дзейнасці Іван Чыгрынаў сур’ёзна займаўся перакладамі (першым перавёў на беларускую мову раманы Максіма Горкага «Маці» і «На дне»), напісаў шэраг навуковых прац па тэорыі і крытыцы літаратуры, займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пад час працы рэдактарам часопіса «Спадчына» даў дарогу ў вялікую літаратуру дзясяткам маладых таленавітых аўтараў, сярод якіх і яшчэ адзін зямляк з Прыбесядскага краю – паэт Алесь Пісьмянкоў. У літаратурных кругах Івана Чыгрынава за вочы называлі «Найсветлы». Гэта лепшы эпітэт, падыходзячы да яго выявы.
Апошнія гады жыцця былі для Чыгрынава трагічна цяжкімі не толькі таму, што стала дрэнна са здароўем. Бурыўся лад, пры якім адбылося жыццё. Шматлікія былыя калегі хутка падпаджваліся пад новыя павевы. Каб даказаць свой «зварот», выкрывалі ўсіх, хто не жадаў мітынгаваць і выкрываць сам. Чыгрынаў цяжка перажываў нападкі.
Яго не стала 5 студзеня 1996 года. Пакінуўшы пасля сябе ўзрушаючыя сваёй праўдзівасцю творы, ён увайшоў не толькі ў гісторыю беларускай літаратуры, але і ў гісторыю нашай краіны наогул. Яго імя носіць адна з вуліц Магілёва, цэнтральная раённая бібліятэка ў Касцюковічах. У 2003 годзе ў абласным цэнтры была адкрыта мемарыяльная дошка.
Пражыўшы цяжкае, але сумленнае жыццё, Іван Гаўрылавіч застанецца ў нашай гісторыі класікам сучаснай прозы, пісьменнікам праўды.
Іван Саверчанка
Народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў (1934–1996) – выдатны празаік, публіцыст і драматург, класік беларускай літаратуры. Ён пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая не страціла сваёй мастацка-эстэтычнай і інтэлектуальна-духоўнай вартасці.
Майстэрства I. Чыгрынава шліфавалася падчас працы над невялікімі апавяданнямі і замалёўкамі. Менавіта тады сфармаваўся яго своеасаблівы стыль і адметная творчая філасофія. Аптымістычны погляд на жыццё, вера ў магчымасць шчасця на зямлі выказана ў раннім апавяданні: «Шчаслівае месца» (1965). Галоўны герой твора – Чарэнда, якога вайна разлучыла з сям’ёй, змог адшукаць сваю адзіную дачку, выратаваную людзьмі, у мястэчку паміж Кармой і Слаўгарадам.
Талент I. Чыгрынава найбольш поўна выявіўся пры адлюстраванні падзей Вялікай Айчыннай вайны. Яго пяру належаць пяць выдатных раманаў – «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). Падзеі разгортваюцца на касцюковіцкай зямлі, у асноўным у вёсцы Верамейкі, правобразам якой паслужыла ягоная родная вёска Вялікі Бор. Мастацка-аналітычным зрокам пісьменнік ахоплівае перыяд ад пачатку вайны да параду партызанскіх брыгад і атрадаў у Мінску на плошчы перад Домам урада.
Назва першага рамана – «Плач перапёлкі» – відавочна, мае алегарычны сэнс. Перапёлка плача, бо нехта пабурыў яе гняздо, знішчыў дзетак. Яе плач сімвалізуе незлічоныя беды і пакуты людзей, якія апынуліся пад уладай чужынцаў, надзвычай каларытна перададзена атмасфера першых дзён вайны, якая прынесла разгубленасць і страшэнны перапалох. Нават кіраўнікі калгаса – Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба – дакладна не ведалі, што належыць рабіць і як быць з агульнай маёмасцю. Супярэчлівая дырэктыва зверху патрабавала знішчэння ўраджаю, адпраўкі ўсяго інвентару, коней і дойнага статку на ўсход. Уласнае стаўленне да падобных распараджэнняў I. Чыгрынаў выказаў прымаўкай: «Хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае».
Пісьменнік пераканаўча паказаў, што краіна не мела належных абарончых збудаванняў на заходніх рубяжах. Насельніцтва, у асноўным сяляне, вымушана было капаць акопы, калі немцы ўжо наступалі. I. Чыгрынаў не замоўчвае шматлікіх фактаў дэзерцірства з Чырвонай Армі. Разгубленыя садаты і нават афіцэры ўцякалі дадому, хаваліся ў родных вёсках. Прыведзена цікавая дэталь: многіх чырвонаармейцаў, якія з баямі адступалі і неслі велізарныя страты, цікавіла пытанне пра адказнасць тых, хто своечасова не паклапаціўся пра ўзвядзенне надзейных абарончых ліній. Так, герой рамана Шпакевіч увесь час вяртаецца да адной «небяспечнай» думкі: «Ці будуць пасля гэтай вайны судзіць тых, хто вінаваты, што мы пагана сустрэлі вайну, палажылі ўжо столькі народу і ўсё адступаем?»
Праўдзіва ўзноўлена атмасфера насцярожанасці і страху, якая запанавала сярод мірнага насельніцтва з прыходам немцаў. Але вясковыя людзі непрыязна ставіліся да акупацыйных уладаў і асабліва да стварэння імі паліцыі. Галоўныя героі – старшыня калгаса Радзівон Чубар і яго намеснік Дзяніс Зазыба – з пачаткам вайны праходзяць праз неверагодныя выпрабаванні і разам з усім народам церпяць страшэнныя пакуты.
Надзвычай дэталёва паказана, як расло супраціўленне фашыстам на Беларусі, як фармаваліся партызанскія атрады. Першыя з іх былі створаны рашэннямі райкамаў партыі сумесна са штабам 13-й арміі. Ядро атрадаў склалі раённыя актывісты, старшыні сельсаветаў і кіраўнікі калгасаў. Разгортванне барацьбы ў тыле ворага істотна адрознівалася ад дзеянняў рэгулярных часцей на фронце і мела свае законы.
Важны элемент мастацкага метаду I. Чыгрынава, які выявіўся яшчэ ў першым рамане, заключаецца ў тым, што ён паказвае вайну вачыма простых людзей, звычайных вяскоўцаў. Яны стваралі сем’і, нараджалі і гадавалі дзяцей, займаліся гаспадарчымі справамі, жылі побытавымі клопатамі і былі далёкія ад палітыкі. Але менавіта яны, на думку аўтара, сталі галоўнымі ахвярамі крывавай бойні, развязанай гітлераўскай Германіяй. Пры гэтым народнае жыццё не прыхарошваецца, сялянскі побыт падчас вайны і ў даваенны час не ідэалізуецца. I. Чыгрынаў не займаецца павучаннямі і маралізатарствам, а праўдзіва, амаль натуралістычна расказвае пра асобныя негатыўныя ўчынкі і непрыглядныя паводзіны вяскоўцаў. Так, ён прыводзіць гісторыю пра дзікунскае задушэнне братамі Сёмачкінымі старой жанчыны Домны Варонінай, якую яны западозрылі ў тым, што яна, нібыта, наслала на іх праклён. Не абыдзена ўвагай і такая агідная з’ява, як даносы адзін на аднаго і на сваіх жа мясцовых кіраўнікоў – старшыняў калгаса і сельсавета, на загадчыка гаспадарчай часткі.
Найбольш дасканалы ў мастацкіх адносінах апошні раман пенталогіі – «Не ўсе мы згінем». Галоўны пафас твора – вера людзей у аднаўленне і адраджэнне Беларусі ў пасляваенны час. Пісьменнік асвятляе перыяд вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прыход Чырвонай Арміі і ўсталяванне савецкай улады.
Іван Чыгрынаў справядліва завастрыў пытанне аб немэтазгоднасці адпраўкі неабстраляных навабранцаў і колішніх партызан на перадавую, у самае пекла баявых дзеянняў. Тым больш, што яны не мелі ні дастатковага вопыту вядзення баявых дзеянняў на лініі фронту, ні належнага ўзбраення. Пісьменнік са скрухай канстатуе: «Партызанаў ці не адразу ж з атрадаў мабілізоўвалі ў армію ды накіроўвалі на фронт, лічы, у лапцях, без вайсковай перападрыхтоўкі; у вёсках бабы наракалі – гоняць мужыкоў, як звычайную жывёлу, на забой. Яно так і выходзіла, як гаварылі людзі – на гэтай жа Проні ўжо было ажно некалькі спробаў зрушыць немцаў далей, на Дняпро, але дарэмна, затое кожны раз пахавальным камандам надоўга хапала работы».
Не абыдзена ўвагай у заключным рамане пенталогіі і бязлітаснае знішчэнне Чырвонай Арміяй былых паліцэйскіх і фашысцкіх паслугачоў. Рашэнне аб гэтым, паводле слоў I. Чыгрынава, было прынята ў Маскве з тым, каб не дапусціць у будучым узнікнення супраціўлення. Вуснамі савецкага генерала Зеленадольскага, гаворыць: «Да таго ж прыйшло ўказанне са стаўкі: адшукаць усіх фашысцкіх памагатых на вызваленай тэрыторыі, іначай можам стварыць умовы для ўнутранага супраціўлення, паліцэйскія ператворацца ў свядомых бандытаў, арганізаваўшы ў лясах ачагі супраціўлення савецкай уладзе».
Сцэна пакарання крутагорскага бургамістра Барысевіча ўражвае жорсткім натуралізмам. I. Чыгрынаў лічыў прысуд яму цалкам справядлівым і лагічным, але ён зусім не цешыцца з трагедыі чалавека, які аказаўся на службе ў ворагаў: «Салдаты надзелі чалавеку на галаву пятлю, пакруцілі яе на шыі для зручнасці, тады неяк раптоўна, быццам крадком, выбілі з-пад ног табурэтку. I ўсё. Нямецкі паслугач нават не таргануўся, акурат ужо быў нежывы дагэтуль. Затое зверху, быццам у адказ на тое, што адбылося, пасыпаліся снежныя крупы, ажно льга было падумаць, што гэта неба сухімі слязамі аплаквала яшчэ адну загубленую чалавечую душу».
Шмат гаворыцца пра трагічныя здарэнні на вызваленых тэрыторыях, прыгадваюцца факты дзікай помсты і самасуду партызан над сем’ямі колішніх паліцэйскіх. Востра крытыкуецца «барства» ў Чырвонай Арміі, выкрываецца рэзкі падзел паміж афіцэрамі і радавымі, чаго не было нават у царскай арміі. Невыпадкова генерал Зеленадольскі заўважае: «Смешна, аднак па германскай вайне помню, што нават тады паміж афіцэрам і салдатам больш дэмакратычнасці можна было назіраць, чым цяпер, калі народ і армія адзіны».
У рамане паказана расчараванне і страта ў людзей надзеі на хуткае вызваленне Беларусі ўвосень 1943 г., калі Другі фронт прыпыніў наступленне на ворага. Сцэна разбураных Верамеек сімвалізуе знявечаную ворагам Беларусь, народ якой страціў амаль усе набыткі і аказаўся загнаным пад зямлю. Людзі вымушаны былі жыць у зямлянках, яны неверагодна пакутавалі ад хвароб, каросты і вошай. I. Чыгрынаў, аднак, не ўхваляе стаўленне мясцовых людзей да магіл нямецкіх салдат, з крыжоў якіх яны паздзіралі надпісы. Ён нагадвае аб тым, што падчас акупацыі – у сорак першым, сорак другім і сорак трэцім гадах – магіл савецкіх салдат і афіцэраў, над якімі ўзвышаліся чырвоныя зоркі, ніхто з немцаў не кратаў і не ганьбіў.
Упершыню ў мастацкай літаратуры I. Чыгрынаў узняў тэму беларускага нацыянальнага руху падчас вайны. Пісьменнік слушна адмяжоўваў калабарацыяністаў, здраднікаў і адступнікаў, ад тых, хто ва ўмовах акупацыі спрабаваў развіваць нацыянальную культуру. Адзін з галоўных персанажаў твора – паэт Масей Зазыба – якраз прадстаўнік беларускай творчай інтэлігенцыі. Да вайны ён быў несправядліва арыштаваны і апынуўся ў лагеры недзе ў далёкім Марыінску. З прыходам немцаў Масей пазбягаў усялякага супрацоўніцтва з імі, але выпадак прымусіў яго пайсці пісарам у валасную ўправу.
Масей Зазыба і поп Дворскі, якія ва ўмовах акупацыі імкнуліся хоць штосьці зрабіць дзеля беларускай справы, выразна ўсведамлялі, што яны не будуць мець істотнай падтрымкі. Слушна падкрэслена: «Ні Масей, ні Дворскі не падманваліся ні наконт савецкай улады, ні наконт акупантаў, яны моцна пачувалі сябе людзьмі тутэйшымі, гэта значыць, беларусамі, дарэчы, якія ні бальшавікам, ні немцам, калі разважаць шчыра, не патрэбны былі. Маўляў, штосьці прамежкавае, – ні народ у выразным значэнні гэтага слова, ні нацыя. Карацей кажучы, ні тым, ні другім так званы беларускі нацыяналізм не падыходзіў».
Катэгарычна адмовіўся Масей Зазыба супрацоўнічаць і з партызанамі, бо выразна ўсведамляў, што за гэта непазбежна будуць пакараны не толькі яго родныя, а магчыма, і ўся вёска. Ён не чакаў літасці пасля вайны, хоць нічога кепскага не зрабіў людзям. Масей не верыць савецкай уладзе, не спадзяецца на справядлівасць бальшавіцкага суда. Па яго перакананні: «Ад савецкай улады не абароніць нават вялікае геройства. У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа». Зазыба-малодшы аказаўся ў безвыходнай сітуацыі. Са скрухай у сэрцы ён кажа: «Савецкай уладзе задаўжаў, дарма і дасюль не ўцямлю, чаму, якім чынам; прыйшла на змену нямецкая ўлада – і ёй, аказваецца, вінаватым зрабіўся. Адну віну давялося адбываць спярша ў турме, потым у лагеры, другую – у валасной управе пры іншым рэжыме». Ён, урэшце, вымушаны пакінуць радзіму, спадзеючыся знайсці на зямлі куток, бяспечны для жыцця і працы.
У рамане «Не ўсе мы згінем» значна ўзмацніліся філасофскія і экзістэнцыянальныя матывы, I. Чыгрынаў часцей разважае пра асноватворныя рэчы, сутнасць чалавечага жыцця. Так, на думку аўтара, кожны павінен пакінуць пасля сябе нейкі след, добрыя справы і ўчынкі, але вайна не дазволіла ажыццявіцца планам людзей, разбурыла здаровую плынь жыцця, а чалавек можа «пракаціцца па зямлі і ні за што не зачапіцца».
Аўтар рамана выказаў уласнае разуменне сутнасці ўлады, прыйшоўшы да высновы аб адказнасці кожнага чалавека перад краінай і сваім народам. Ён звярнуў увагу на неабходнасць звяраць учынкі з уласным сумленнем: «Улада – рэч жорсткая. Яна не заўсёды разумее чалавека. А вось сумленне. Народ. Тут кожны павінен ведаць, што яго ніхто не пазбаўляў і не пазбавіць ад адказнаеці перад імі».
І. Чыгрынаў асудзіў рэпрэсіі, якія адбываліся ў часы Яжова і Берыі. Пераслед і вынішчэнне яркіх асоб неверагодна траўміравалі грамадства, сеялі страх і боязь сярод людзей. I толькі вайна, па яго меркаванні, прыпыніла махавік рэпрэсій карных органаў супраць уласнага народа, бо для змагання з акрутным ворагам спатрэбіліся валявыя і мужныя людзі.
Пісьменнік-гуманіст падкрэсліваў, што вайна – цалкам абсурдная з’ява, якая без разбору забірае жыцці тысяч і мільёнаў людзей, у тым ліку і зусім нявінных. У вайну, нават тады, калі Чырвоная Армія ўжо наступала, панавала абыякавае стаўленне да людзей, якіх зусім не шкадавалі. Часам іх выкарыстоўвалі як гарматнае мяса, як звычайны расходны матэрыял. Пісьменнік паставіў пад сумненне «геройства» тых мужчын, якія пакінулі свае сем’і ў небяспецы, на згубу немцаў, а самі падаліся ў лясы. I. Чыгрынаў праўдзіва напісаў аб тым, што беларускія сяляне ў аднолькавай ступені пакутавалі і ад немцаў, і ад партызан, якія абіралі вяскоўцаў да ніткі. Жахлівая смерць Марфы Давыдаўны – жонкі Дзяніса Зазыбы, ад рук п’янага партызана – прыклад абсурду і дзікунства падчас вайны.
Мастацкімі сродкамі I. Чыгрынаў раскрыў антычалавечую сутнасць вайны. Пра галоўнага героя твора Дзяніса Зазыбу пісьменнік піша: «Дзяніс Яўменавіч імкнуўся паглядзець на чалавечы лёс не ўвогуле, а, як кажуць, у больш асабістым разуменні, і яму нават і ў голаў не прыходзіла, што ў вайну штосьці падобнае наканавана ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай». Страта сям’і парадзіла ў душы галоўнага героя Дзяніса Зазыбы адчай і роспач, адчуванне безвыходнасці і безнадзейнасці. Герой прамаўляе: «Жыццё ўжо гарыць, быццам свечка, з абодвух бакоў».
Паводле высновы пісьменніка, падчас вайны разбураецца ўсялякая мараль, знішчаюцца людскія законы, выкараняецца ўсё светлае і годнае. Вуснамі Масея Зазыбы ён гаворыць: «У маралі, хлопцы, свае законы. Яна не падпарадкоўваецца ні немцам, ні бальшавікам. А вайна – яна ўся амаральная. Чорная, крывавая і брудная. Што ёй нейкі паэт? Што ёй ягоны бацька, маці? Што ёй вёска? Для яе гэтага дабра хапае паўсюль».
На думку I. Чыгрынава, менавіта вайна сталася асноўнай прычынай трагедыі ўсяго беларускага народа, які аказаўся на акупаванай тэрыторыі. Людзі трапілі ў пастку, апынуліся ў безвыходным становішчы. З усіх бакоў іх падсцерагала смяротная небяспека. Акупанты вынішчалі цэлыя вёскі ў знак помсты за ўдзел у супраціўленні і падрымку партызын, а савецкая ўлада не магла дараваць людзям, што яны нешта рабілі пры немцах, імкнучыся выжыць у складанейшых умовах. Герой твора Іван Дзюнін падчас спрэчкі з Масеем Зазыбам, кажа: «Ды цяпер, калі хочаш, падобныя пасткі расстаўлены на кожнага».
Іван Чыгрынаў выказаў думку, што істотным падмуркам палітычнай незалежнасці Беларусі можа быць нацыянальная гісторыя, імкненне ўсяго народа да адбудовы ўласнай моцнай дзяржавы. Вуснамі героя Масея Зазыбы ён прамаўляе: «Геапалітычнае становішча нашай Бацькаўшчыны такое, што на нешта зусім самастойнае і разлічваць не даводзіцца. Бяда наша яшчэ і ў тым, што ніхто не спрабаваў глыбока капнуць нашу гісторыю, звесці асобныя падзеі ў дзяржаўную канцэпцыю. Дасюль нас адно разрывалі на кавалкі, абгрунтоўваючы гэта кожны па-свойму, баяліся, каб мы, крый бог, не надумаліся аб’яднацца па-сапраўднаму». Пісьменнік выказаў сум з тае нагоды, што вайна прымусіла многіх людзей падацца на чужбіну зусім не па сваёй ахвоце. Ён адзначаў: «Проста, з гэтай вайной адбываецца штосьці накшталт зыходу з радзімы вялікай часткі народу… Бо ўвогуле народ ніколі не бывае вінаваты. Толькі асобныя людзі».
Аповеды пра трагічныя падзеі густа перамяжоўваюцца пейзажнымі замалёўкамі, якія выконвалі важныя сімволіка-алегарычныя функцыі. Яны дапамагалі аўтару больш дакладна перадаць душэўны стан герояў і агульную атмасферу ў грамадстве. Амаль кожная больш-менш значная мастацкая сцэна завяршаецца маляўнічым апісаннем прыроды, зусім натуральным і арганічным. Сам I. Чыгрынаў адзначаў, што паміж прыродай і чалавекам існуе несумненная сувязь: «Што ні кажы, а змены ў прыродзе заўсёды неслі з сабой і змены ў чалавеку, перайначваючы новай эмацыянальнасцю і псіхалагічны стан». У шэрагу эпізодаў з мэтай больш выразнай характарыстыкі сітуацыі і ўнутранага свету персанажа, прыводзяцца апісанні розных раслін і кветак, у тым ліку і вельмі рэдкіх, як, напрыклад, булаўніцы: «Па моху расла так званая грыбная лапша – булаўніца, але чамусьці не жоўтая, як звычайна, а чырванаватая, нават аранжавая: здаецца, ступіш на яе нагой, і мох навокал адразу акрывяніцца».
У творах I. Чыгрынава нямала цікавых дэталяў. Так, ён піша пра выток Бесядзі, расказвае пра шматлікія вёскі, мястэчкі і гарады. У яго мноства арніталагічных назіранняў, звестак пра птушак, што гнездаваліся на Беларусі. Расповед пра ястраба-перапёлачніка ў «Плачы перапёлкі» набывае сімвалічнае значэнне. Алегарычнымі сродкамі аўтар паказваў, што ястраб-перапёлачнік бесперашкодна ласуецца безабароннымі птушкамі да таго часу, пакуль на яго шляху не паўстане сур’ёзная перашкода.
У раманах шмат народнага гумару, розных жартаў і каламбураў. Персанажы, ацэньваючы падзеі або характарызуючы іншых людзей, вельмі часта ўжываюць яркія прымаўкі і трапныя выслоўі: «Пайшоў па попел, а чорт па дарозе і ўхопіў», «А ён рот нараспашку ды язык на плячо», «Ранні зайчык заўсёды цярэбіць зубкі, а позні вочкі прадзірае», «Здаецца ж, як той сабака, ніколі бліноў не пёк, а цестам еў», «Напрасткі адна варона лятала, затое дома не бывала».
Відаць, у часе працы над пенталогіяй, I. Чыгрынаў зацікавіўся перадваенным часам, палітычнымі падзеямі і геапалітычнымі гульнямі напярэдадні вялікай вайны. Так, у п’есе «Ігракі» (1989) ён паспрабаваў раскрыць грамадскія абставіны і сацыяльна-палітычныя перадумовы, што прывялі да развязвання найбольш крывавай у гісторыі чалавецтва бойні. Драматург бліскуча перадаў атмасферу ў вышэйшых дзяржаўных колах СССР і Германіі ў 1939–40 гг. На думку аўтара, палітычны альянс Сталіна з Гітлерам, з аднаго боку, – спрыяў вызваленню Заходняй Беларусі і ўз’яднанню беларускага народа, а з іншага – вёў да ўмацавання фашысцкай Германіі і рэалізацыі захопніцкіх планаў Гітлера.
Слушна адзначана, што дзве краіны вялі небяспечную для Еўропы і ўсяго свету гульню. I. Чыгрынаў нават падаў версію, што Сталін меў таемны план з кодавай назвай – «Навальніца», які прадугледжваў маштабнае разгортванне савецкіх войск на заходняй мяжы і апераджальны напад на Германію. Зроблена смелая выснова пра наяўнасць стратэгічных памылак у Сталіна і яго Генеральнага штаба. Яны, на думку пісьменніка, моцна пралічыліся, мяркуючы, што Гітлер, які вёў вайну з Англіяй, не рызыкне ваяваць на два франты. Так, у п’есе Сталін кажа: «Хутчэй за ўсё, што Германія не гатова ваяваць на два бакі. Стала быць, мы сапраўды будзем мець часу для сваіх спраў. У тым ліку і ваенных. Канцэпцыя патрэбна».
Як пісьменніка I. Чыгрынава надзвычай цікавілі падзеі сівой даўніны, жыццё беларусаў у мінулыя стагоддзі. У апавяданні «Цар і мой прашчур» (1983) ён звярнуўся да падзей пачатку XVIII стагоддзя. Сюжэт апавядання пабудаваны на дакладных фактах знаходжання цара Пятра I у Горках, дзе ён правёў агляд Праабражэнскага палка і адстаяў малебен у мясцовай царкве, аб чым пакінуў запіс на старонках «Псалтыра». I. Чыгрынаў таксама апрацаваў гістарычнае паданне пра артылерыста Андрэя Кажанова, які ўразіў Пятра Аляксеевіча сваім ваенным майстэрствам. У апавяданні праўдзіва перададзена атмасфера, якая панавала ў атачэнні расійскага цара, паказаны яго звычкі і манеры, стаўленне да падначаленых і духоўных асоб.
Мастацкае асэнсаванне Крычаўскага паўстання 1744 г. пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы ажыццёўлена ў п’есе «Следчая справа Вашчылы» (1988). Пісьменнік надзвычай грунтоўна падрыхтаваўся да напісання твора, аб чым сведчыць яго шырокая гістарычная абазнанасць і мноства дакладных фактаў, якія прыводзяцца. Вельмі слушна вызначыўшы сутнасць і мэты паўстання, якое насіла антыфеадальны характар, з’яўлялася адной з першых праяў палітычнага змагання нізоў за ўласныя грамадзянскія правы. Галоўны герой Васіль Вашчыла шукае «волі», але не знаходзіць яе ні ў Расіі, ні ў панскай Польшчы. У размове з Манахам у Кіеве ён з жалем вымушаны канстатаваць: «Чалавек, ойча, шукае, дзе лепей, дзе меней прыгнёту. А ён, аказваецца, паўсюль».
Зроблена спроба пранікнуць у псіхалогію кіраўнікоў паўстання, раскрыць іх унутраны свет, паказаць іхнія разважанні і меркаванні, сумненні і ваганні, падазрэнні і расчараванні. Палонны Васіль Вашчыла ў размове з сотнікам Міколам кажа: «А я вось думаю, сотнік. Выходзіць, падняў мужыкоў на змаганне, а толку даць не здолеў, нібыта дарэмна ўсё – і кроў, і пакуты, і здзекі».
Іван Чыгрынаў доказна пацвердзіў, што ўлады панскай Польшчы і царскай Расіі ў аднолькавай ступені баяліся выступлення нізоў. Яны ўзгаднялі свае дзеянні дзеля падаўлення іх. Напрыклад, для расследавання Крычаўскага паўстання была створана змешаная польска-расійская камісія, месцам размяшчэння якой стаў прыгранічны горад Мглін. Правячыя колы Польшчы і Расіі выразна ўсведамлялі, што просты люд паўсюдна прагне волі, хоча забеспячэння сваіх палітычных, эканамічных і грамадзянскіх правоў. Падчас размовы з расійскім генерал-губернатарам Лявонцьевым Вашчыла, на пытанне аб прычынах і мэтах паўстання, кажа: «Волі хацеў, не было ўжо як пад князем жыць. Задушыў ён нас сваімі арандатарамі. Таму я і хацеў даць людзям волю».
З’явай нацыянальнай літаратуры стала п’еса «Звон – не малітва» (1988), у якой раскрыта драма Рагнеды – жонкі кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, якая воляй лёсу апынулася ў Заслаўі разам з малодшым сынам Ізяславам. Гісторыка-літаратурная каштоўнасць твора палягае якраз у тым, што аўтар асвятліў малавядомы перыяд жыцця славутай палачанкі, пра які летапісы не ўтрымліваюць фактычна аніякай інфармацыі.
У назве п’есы I. Чыгрынаў зашыфраваў уласнае разуменне глыбінных сродкаў суцяшэння асобы ў моманты асаблівага напружання, падчас душэўных і фізічных выпрабаванняў, калі чалавекам авалодвае скруха і адчай. Па ўсім відаць, ён лічыў істотным для чалавека не вонкавыя праявы веры – «звон», а ўнутраныя пошукі, дыялог з уласным сумленнем – «малітву» душы. У першую чаргу паказаў характар сутыкнення язычніцкіх вераванняў і хрысціянскага вучэння на беларускіх землях, жорсткае змаганне паміж іх прыхільнікамі. Цалкам слушна даведзена, што сутычкі на рэлігійнай глебе і крывавыя войны за чысціню веры – бессэнсоўныя і, галоўнае, яны не маюць аніякага апраўдання. Вуснамі князя Ізяслава, які палемізуе з хрысціянскім месіянерам, аўтар сцвярджаў думку пра гістарычную зменлівасць рэлігій і веравызнанняў: «Багі, прэсвітэр, аказваецца, таксама не вечныя. Пакуль што вечныя сонца, месяц, зоркі…» Пісьменнік катэгарычна асудзіў дзікунскі звычай язычніцкага ахвярапрынашэння. Не прымаў ён і чужароднай сутнасці хрысціянскай веры, якая не мела нічога агульнага з традыцыйнымі славянскімі ўяўленнямі пра прыроду, чалавека і сусвет.
Выступаючы супраць жорсткасці і прымусу ў пытаннях веры, I. Чыгрынаў меркаваў, што галоўным у гэтай справе павінна быць жаданне і асабісты выбар кожнага чалавека. Відавочна, асуджаў сродкі, якія выкарыстоўваліся валадарамі дзеля насаджэння Хрысціянства. Так, Рагнеда ў спрэчцы катэгарычна заўляе: «Нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом». У іншым месцы яна кажа, што князю Уладзіміру будзе нялёгка ажыццявіць хрышчэнне ўсходнеславянскіх зямель, сілай прымусіць людзей адмовіцца ад традыцыйных вераванняў.
Гучыць глыбокая вера ў народ, яго здольнасць зберагаць уласныя каштоўнасці – святы, традыцыі і абрады. Невыпадкова Рагнеда ўпэўнена заўляе, што многія звычаі продкаў захаваюцца праз вякі, пры ўсіх абставінах і пераменах ніколі не страцяць сваёй прыгажосці: «Гэта нам, князям, толькі здаецца, што народ падобны на статак. I ўвогуле святары новых рэлігій дарэмна ганяць нас, язычнікаў, маўляў, і такія мы і гэтакія… Быццам толькі і робяць, што гібеюць у дзікунстве. А нашы карагоды, нашы язычаскія святы, напрыклад, Купалле… Хто яго забудзе?». I. Чыгрынаў гістарычна дакладна паказаў, што з узыходжаннем на полацкі прастол князя Ізяслава – сына Рагнеды, – у прадаўжальнікаў рода Рагвалодавічаў з’явіўся шанец на адраджэнне Полацкага княства і яго ўзвышэнне, што і сапраўды адбылося ў часы князя Усяслава Чарадзея.
З твораў гістарычнай тэматыкі найбольш выйгрышная п’еса «Осцей – Альгердаў унук» (1996), што ўспрымаецца як амаль самастойны літаратурны помнік. Невыпадкова аўтар вызначыў жанавую форму п’есы як «гістарычную згадку». Ён звярнуўся да падзей канца XIV ст. Асновай для твора паслужыў дакладны гістарычны факт: удзел у 1382 г. літвіна Осцея, унука князя Альгерда, у змаганні жыхароў Масквы з ордамі Тахтамыша.
Гістарычны матэрыял быў глыбока вывучаны, таму бліскуча перададзена атмасфера таго часу, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім валадарылі дзеці і ўнукі князя Альгерда. I. Чыгрынаў раскрыў складаныя дачыненні паміж усходнеславянскімі князямі, паказаў змаганне продкаў беларусаў, украінцаў і рускіх са знешнімі ворагамі – ардынскімі ханамі і Лівонскім ордэнам. Надзвычай дакладна акрэслена дзейнасць галоўных палітычных цэнтраў таго часу – Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні, Маскоўскага княства, а таксама Бранскага, Разанскага, Смаленскага, Ніжагародскага і Кіеўскага княстваў.
Адметнасць твора ў тым, што ўсе персанажы – гэта рэальныя гістарычныя асобы: тагачасныя князі і ваяры, магнаты і шляхта. Галоўны герой паўстае як мужны змагар і таленавіты военачальнік. Осцей стаў паплечнікам Дзімітрыя Данскога, здолеў абараніць вялікую княгіню Яўдокію і яе дзяцей ад ганьбы і здзеку. Осцей загінуў, але не здрадзіў уласнаму абавязку, не парушыў славянскай лучнасці.
У творчасці I. Чыгрынава знайшла адлюстраванне тэма Чарнобыльскай катастрофы. Бяда закранула яго роднае Прыбяседдзе і вёску Вялікі Бор. Пісьменнік стварыў яркі драматычны абразок пад назвай: «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989). Намалявана каларытная сцэна вяртання старых Лукаша і Матруны ў родную вёску, якая апынулася ў зоне радыяцыйнага забруджання. Асноўная думка аўтара твора палягае ў тым, што чалавек надзвычай моцна знітаваны з роднай зямлёй. Дзеля вяртання на Радзіму, да звыклага ладу жыцця, чалавек гатовы пераадолець любыя перашкоды, прабрацца праз «калючы дрот», і яго не палохае аніякая небяспека, нават смерць.
Іван Чыгрынаў – і выдатны публіцыст, аб чым красамоўна сведчыць яго ўнікальная кніга: «Паміж сонцам і месяцам: роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). Пісьменнік-інтэлектуал смела выступаў за неадкладную распрацоўку новай канцэпцыі развіцця беларускай культуры, якая мусіла б абапірацца на народныя традыцыі і гістарычную спадчыну. Яго надзвычай непакоіла становішча роднай мовы, катастрафічнае звужэнне сфер яе ўжытку. I. Чыгрынаў адстойваў неабходнасць вяртання гістарычнай памяці беларусаў. Патрабаваў ашчаднага захавання нацыянальных помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сярод галоўных задач творчай інтэлігенцыі ён бачыў стварэнне «поля духоўнага прыцягнення».
Вялікую гістарычную і пазнавальную каштоўнасць маюць дзённікавыя нататкі, аб’яднаныя агульнай назвай: «Бабруйскі кацёл» (1989). У іх пісьменнік надзвычай цікава расказаў пра ўласны ўдзел у першых дэмакратычных выбарах у Вярхоўны Савет. Падаюцца сапраўды ўнікальныя звесткі пра характар тагачаснай палітычнай барацьбы, цікавыя сустрэчы з людзьмі, выступленні перад працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах краіны. У творы шмат разважанняў пра стан грамадства і будучыню Беларусі.
Такім чынам, Іван Чыгрынаў – непаўторны майстар мастацкага слова, які ажыццявіў глыбокае і панарамнае адлюстраванне важнейшых праяў рэчаіснасці. Ён выявіў рэдкае веданне розных вымярэнняў народнага жыцця ў пераломныя моманты нацыянальнай гісторыі. Пры адлюстраванні падзей арганічна спалучаў уласны жыццёвы досвед і глыбокія навуковыя веды. Менавіта таму яго творы не толькі дасканалыя ў мастацкіх адносінах, але надзвычай праўдзівыя і гістарычна дакладныя.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Т. Грамадчанка
Прыход у літаратуру ў канцы 1940 – пачатку 60-х гадоў колькасна шматлікага і творча рознабаковага маладога пакалення – нібыта своеасаблівая кампенсацыя тых вялікіх страт, што панесла нацыянальнае мастацтва слова ў час сталінскіх рэспрэсій і ваеннага ліхалецця. Гэта пісьменніцкае пакаленне будуць называць хто філалагічным, хто сярэднім, хто «дзецьмі вайны». Адзін з самых яркіх яго прадстаўнікоў – народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў.
Нарадзіўся Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыў Саматэвіцкую сярэднюю школу, у восьмы клас якой падлетка залічылі «звыш спіса» дзякуючы настойліваму жаданню маці, каб сын вучыўся далей. Затым былі гады вучобы ў Белдзяржуніверсітэце на аддзяленні журналістыкі (1952–1957), праца ў выдавецтве АН БССР (1957–1965), у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1965–1975), у сакратарыяце праўлення СП Беларусі (1976–1986). У канцы 1980-х гадоў I. Чыгрынаў узначаліў створаныя на хвалі перабудовы Беларускі фонд культуры і рэдакцыю часопіса «Спадчына».
З першымі творамі, вершамі і невялікімі нарысамі пра жыццё землякоў-магіляўчан, I. Чыгрынаў выступіў будучы яшчэ студэнтам. У 1958 годзе з’явілася ў друку дакументальная аповесць пра швецкага даследчыка Арктыкі Саламона Андрэ «Тайна адной экспедыцыі».
У «дзяцей вайны» нават незалежна ад таго, вярнуліся іх бацькі з фронту, з партызанаў ці яны раслі бязбацькавічамі, асаблівыя адносіны да маці. Бо ў гады фашысцкай навалы абаронцам, карміцелем была якраз жанчына. Для многіх маці заставалася адзіным апірышчам і ў пасляваенны час. Пэўна ж, апошняя вайна нарадзіла сённяшняе звыклае, але алагічнае па сваёй сутнасці паняцце – матчына хата. Матчынай хата была таму, што ў ёй адсутнічаў гаспадар, бацька, і таму, што нярэдка будавалася яна гаспадыняй. «Маці сталярыла і цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса. Сякера была адна, як доля ўдавіная, чэзлая», – так напісаў, зыходзячы са свайго сыноўняга вопыту, Р. Барадулін. Дзяцінства, гады сталення I. Чыгрынава мала чым адрозніваліся ад барадулінскіх. У аўтабіяграфічных нататках пісьменнік згадваў: «Баі на Бесядзі працягваліся не доўга, здаецца, у тры дні ўсё было скончана, і армія рушыла далей на захад <…>, а мы прыняліся будаваць на зіму зямлянкі, з якіх потым выбіраліся доўга і цяжка. У новую хату, напрыклад, наша сям’я перайшла толькі ў пяцідзясятым годзе».
У Чыгрынавых дзяцей было шмат: Іван «нарадзіўся чацвёртым, а пасля яшчэ тры сястры і брат на свет з’явіліся», але гадаваць іх мацеры давялося адной. З гаркотай прызнаваўся Іван Гаўрылавіч: «бацьку мы з вайны да сябе не дачакаліся». Гэта сямейная драма – здрада роднага чалавека – знайшла адлюстраванне ў ранніх творах («Апавяданне без канца» і «На пыльнай дарозе»).
З-за таго, што бацька ў даваенныя гады працаваў старшынёй сельсавета, жыццё жонкі і дзяцей падчас акупацыі набыло асаблівы драматызм. У аўтабіяграфіі пісьменніка ёсць такая згадка: «…Людзі быццам вырашылі, што сям’я старшыні сельсавета пры новай уладзе стане першай, а можа, і адзінай ахвярай. У нас і карову немцы ў першых забралі, і конь нам не дастаўся, калі дзялілі ў вёсцы калгасную маёмасць <…> У сорак першым мала хто адважваўся пусціць чужога чалавека ў хату. Вось і прымала мая маці ўсіх бяздомных, у тым ліку і першых партызан, якія прыходзілі ў вёску з лесу. Аднавяскоўцы проста пасылалі іх да нас – маўляў, ідзіце, там вас прымуць <…> Часта будзіла нас маці сярод ночы і адводзіла, хаваючыся суседзяў, у лес, каб схаваць ад наехаўшых паліцаяў ды немцаў». Гэты факт знайшоў адлюстраванне ў самым першым апавяданні пісьменніка «Праз гады» (1961). Праўда, вобраз жанчыны, што прыняла на начлег партызан, у ім эпізадычны і, па сутнасці, не звязаны з асноўнай праблемай твора, аднак выпісаны ён псіхалагічна пераканаўча і сваім жыццёвым драматызмам застаецца ў памяці. Дарослы I. Чыгрынаў нібыта сам нёс віну за перажытае маці ў гады ліхалецця. Пісьменнік-гуманіст, ён не прымаў такога стаўлення да чалавека, што падкрэсліваецца ў апавяданні праз ацэнку сітуацыі лесніком Даўгалёвым.
Многія творы I. Чыгрынава нарадзіліся з асабіста перажытага, пабачанага, адчутага. Так, у апавяданнях «Бульба», «За сто кіламетраў на абед» знайшлі мастацкае ўвасабленне ўражанні ваеннага дзяцінства. Колькі тут канкрэтных непрыдуманых дэталяў, якія адклаліся ў памяці, каб праз дзесяцігоддзі ажыць у творы! Згаданымі апавяданнямі пісьменнік падключаўся да тэмы абпаленага вайной маленства, якая займае важнае месца ў творчасці прадстаўнікоў філалагічнага пакалення. Гэту тэму ў свой час не абышлі і старэйшыя пісьменнікі К. Чорны, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Панчанка… Аднак пры параўнанні іх твораў з творамі «дзяцей вайны», у апошніх кідаецца ў вочы засяроджанасць на штодзённым, звычайным жыцці людзей. Іх героі не ўзрываюць цягнікі, не здабываюць каштоўныя звесткі пра размяшчэнне ці колькасць варожай тэхнікі, яны проста жывуць. А за гэтым «проста жывуць» паўстае непрыдуманы драматызм і трагізм ваенных гадоў. Як, напрыклад, у характарыстыцы дзяцей, якой пачынаецца апавяданне I. Чыгрынава «За сто кіламетраў на абед». «Нам было ў той час па дзесяць гадоў, – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны. Але мы тады амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо. Напрыклад, мы без памылкі маглі яшчэ на падлёце пазнаць па гуку самалёты – «нашы» і «не нашы». Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны – звычайныя, разрыўныя, бронеразрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя… цяпер ужо цяжка пералічыць, а тады мы ведалі, па чым якою куляй страляць». Акрамя гэтых «ведаў», набытых, безумоўна, у навакольнай рэчаіснасці, дзеці па форме лёгка адрознівалі салдат і афіцэраў любой краіны, якая ваявала на баку немцаў. Ведалі, каго з салдат-чужынцаў трэба асцерагацца, а да каго можна падыходзіць без страху і нават атрымаць пачастунак. «А галодныя мы, – гаворыць пра сваіх равеснікаў пісьменнік, – здаецца, былі заўсёды: то харчу не хапала, то солі, то яшчэ якой трасцы… Як заходзіў год за годам, так і голад за голадам ішоў».
Ужо на раннім этапе выявілася такая рыса Чыгрынава-празаіка, як увага да няпростых чалавечых лёсаў, да неадназначных сітуацый. «… Актуальнасць думкі, адсутнасць страху перад жыццёвымі супярэчнасцямі і складанасцямі, вастрыня пісьменніцкага зроку – усё гэта найлепшым чынам характарызуе аўтара зборніка «Птушкі ляцяць на волю», – адзначаў у рэцэнзіі на першую кнігу пісьменніка крытык В. Каваленка. Апавяданне «Маці», якое пабачыла свет у перыядычным друку ў 1963 годзе, са змененай назвай («У ціхім тумане») і канцоўкай (маці паліцая вяскоўцы адмаўляюцца адвесці на месца смерці сына), упершыню было ўключана ў перакладны рускамоўны зборнік «За сто километров на обед» (1979). Часопісная публікацыя выклікала рэзкае непрыманне, адмоўна адгукнулася нават расійская перыёдыка, бо маці пакаранага партызанамі здрадніка нібыта не павінна выклікаць спачування. Пазней I. Чыгрынаў усё ж вярнуўся да першапачатковай рэдакцыі і назвы.
З’яўленне праз шмат гадоў у Бароўцы мацеры чалавека, вінаватага ў смерці старога Тараські і ў тым, што вёска была дашчэнту спалена, нікога не пакінула абыякавым. Найбольш перажывае, трывожыцца Ганна, і не толькі таму, што яе бацьку павесіў Рэйдзішын сын. Менавіта Ганне выпала сустрэць на дарозе ў вёску, а пасля запрасіць да сябе на начлег старую. I ўсё ж ні яна, ні хто іншы не нагадаў Рэйдзісе пра былое. «Кароткая памяць», за што ўдзячная аднавяскоўцам Рэйдзіха, выявіла, аднак, не абыякавасць, а душэўную веліч людзей. У адносінах да мацеры паліцая раскрылася іх глыбокая, па сваёй сутнасці хрысціянская чалавечнасць, у аснове якой – спачуванне чужому гору, хоць прычына гора сама па сабе непрымальная.
У апавяданні пісьменнік змог раскрыць матчыну драму, паказаць страх старой Рэйдзіхі перад былымі аднавяскоўцамі, бездапаможную залежнасць ад іх добрай волі (пакажуць ці не пакажуць магілу Якава). Аднак, што якраз і выклікала ў свой час непрыманне твора, у жанчыны няма адчування віны за сынавы ўчынкі. Прынамсі, пра гэта яна не думае, ён ддя яе проста сын. I. Чыгрынаў акцэнтуе ўвагу на прыродным інстынкце мацеры, на што працуе ўведзенае на самым пачатку твора параўнанне Рэйдзіхі з птушкай, «скінутай аднекуль з гнязда».
Стаўленне да здрадніка выяўлена аўтарам праз сістэму мастацкіх дэталяў. Гэта, фінальная ў творы, сцэна высвечвае майстэрства зусім маладога на той час празаіка. Тоўсты слой дзірвану на месцы смерці паліцая сведчыць пра адносіны людзей да чалавека, што пад ім ляжыць: ён не заслужыў памяці. Зусім іншае – памяць маці. Рукі Рэйдзіхі, не асэнсоўваючы таго, «намагаліся нагрэбці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок», на што, аднак, не пакідае ніякай надзеі іх «бездапаможнае коўзанне па мокрай, яшчэ не высушанай ад расы траве».
Тэматычны абсяг малой прозы I. Чыгрынава, прадстаўленай найперш зборнікамі «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), даволі шырокі. Трэба адзначыць, што пісьменніка заўсёды цікавяць не падзеі самі па сабе, якімі б яркімі, неардынарнымі яны ні былі, а чалавечыя характары. Героі твораў, за рэдкім выключэннем, жывуць у вёсцы, навек парадніліся з зямлёй, з нялёгкай сялянскай працай. Іх унутраны свет, іх надзеі і спадзяванні, жаданні і памкненні вартыя ўвагі і зразумелыя I. Чыгрынаву, які праз ўсё жыццё адчуваў сябе «селянінам па паходжанню, селянінам па душы». Пэўна таму ён адным з першых у нацыянальнай літаратуры звярнуўся да праблемы адзінокай старасці вясковых жыхароў, што было абумоўлена міграцыяй моладзі ў горад (апавяданні «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «У горад», «Адна»).
Скразным персанажам твораў I. Чыгрынава можна лічыць героя-апавядальніка, які адносінамі да рэчаіснасці, да чалавека блізкі аўтару. Гэта – падарожнік, неабыякавы да прыгажосці роднай зямлі, да лёсаў звычайных, на першы погляд, людзей. Абраная пісьменнікам форма «апавяданне ў апавяданні» з’явілася невыпадкова. У маладыя гады I. Чыгрынаў не аднойчы выпраўляўся пешшу са сталіцы на малую радзіму, папаўняючы такім чынам неабходнае для творцы веданне жыцця. «Сустрэчы на дарогах» падказвалі праблемы і калізіі, адкрывалі цікавыя чалавечыя характары, як, напрыклад, у апавяданнях «Адна ноч», «Шчаслівае месца», «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Выпадак у вёсцы Капранаўка».
Сустрэчы на дарогах у многім вызначаюць таксама сюжэтныя лініі раманаў I. Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). Нягледзячы на тое, што асноўнае сюжэтнае дзеянне прывязана да адной вёскі, героі пенталогіі знаходзяцца ў пастаянным руху. Працяглы час блукае Радзівон Чубар, шукаючы сваё месца ў барацьбе з ворагам. Спачатку ён імкнецца за лінію фронта, каб стаць салдатам, потым з думкай стварыць на акупіраванай тэрыторыі партызанскі атрад вяртаецца ў Забесяддзе. Паходы, паездкі, хоць і недалёкія: у суседнія вёскі, у раённы цэнтр – вызначаюць лад жыцця другога цэнтральнага героя твора Дзяніса Зазыбы, які стаў партызанскім сувязным. У рамане «Апраўданне крыві» з глыбокім разуменнем асаблівасцяў жаночай псіхалогіі апісаны паход верамейкаўскіх салдатак у Яшніцу, дзе знаходзіўся лагер ваеннапалонных…
З уцягваннем людзей у вайну гэты рух узмацняецца і пашыраецца. Вобраз дарогі ў раманах, такім чынам, нясе ў сабе трагедыю парушанага чалавечага існавання. Найбольш шырокай амплітудай перамяшчэння герояў у прасторы пазначаны змест апошняга рамана. Пасля пакутніцкай смерці маці ад прышлых у Забесяддзі партызан выпраўляецца ў Мінск Масей. Нічога не трымае ў спаленых падчас баёў Верамейках Дзяніса Зазыбу, ён без ваганняў прымае прапанову генерала Зеленадольскага, свайго даўняга знаёмага, і падарожнічае з ім па толькі што вызваленай тэрыторыі.
Разам з тым аўтар засяроджвае ўвагу на ўстойлівасці сялянскага (народнага) быцця, на яго ўпартым супрацьстаянні парушанаму вайной свету. I ў трагічным сорак першым селяніна кліча да сябе зямля: сабраць вырашчаны ўраджай, думаць пра новы. Потым героі выйдуць на касавіцу («Вяртанне да віны»), несучы ў душы вялікую трывогу ў сувязі з новым летнім наступленнем немцаў. Але, відаць, самай яркай, па-мастацку змястоўнай і арыгінальнай з’яўляецца сцэна наведвання парадзіхі («Плач перапёлкі»). Гэту сцэну рускі даследчык А. Бачароў назваў «квінтэсенцыяй усяго ідэйнага настрою рамана, усяго зместу, выяўленага ў лёсах, дыялогах, учынках…»
Захаванне адвечнага ладу жыцця цесна звязана ў творах з вобразамі жанчын. У жыцці акупіраванай вёскі жанчыны іграюць знешне не вельмі прыкметную ролю. Яны думаюць не пра супраціўленне чужынцам, а пра тое, чым накарміць дзяцей і як іх абараніць ад навалы, трывожацца за лёс мужоў, братоў, бацькоў. Адносна жанчын у Вялікай Айчыннай пісьменнік гаварыў у інтэрв’ю: «Яны, можа, зрабілі ў вайне, найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны».
Змест раманнай пенталогіі дае падставы сцвярджаць, што ўзброенае змаганне з ворагам пісьменнік лічыў прэрэгатывай мужчын. Чыгрынаўскіх гераінь цяжка ўявіць са зброяй у руках. Невыпадковым здаецца тое, што сярод іх толькі адна партызанка і яшчэ адна, чужая ў Забесяддзі дзяўчына, была пакінута армейскім камандаваннем у якасці разведчыцы. Лёс іх трагічны. Як і для В. Быкава, для I. Чыгрынава, пэўна ж, не з’яўлялася нормай ваеннай рэчаіснасці, тым больш гордасцю тое, што «ў нас і жанчыны ваявалі».
Паставіўшы перад сабой мэту паказаць жыццё народа ў гады акупацыі, празаік пачаў яго даследаванне з перыяду найбольш складанага і супярэчлівага – першых яе тыдняў і месяцаў. Да рамана «Плач перапёлкі» ў беларускай прозе не было твора, у якім так дэталёва і шырока ўзнаўлялася б «нізавая плынь ваеннай паўсядзённасці» (В. Каваленка) ў перыяд «міжуладдзя» – калі савецкае войска пакінула тэрыторыю, а немцы яшчэ не прыйшлі – і на самым пачатку акупацыі. Геаграфічнае становішча Верамеек – збоку ад вялікіх дарог – спрыяла іх часовай адасобленасці ад ваенных падзей. Непасрэдная сустрэча жыхароў вёскі з немцамі адбываецца толькі напрыканцы другога месяца вайны. Аднак знешне сцішаныя і мірныя Верамейкі перажываюць складаны перыяд адаптацыі да новых умоў: ідзе вызначэнне жыццёвых пазіцый, размежаванне на «сваіх» і «чужых». У вёсцы нечакана аб’явіліся дэзерціры і нават паліцэйскі. Новыя стасункі жыцця нарадзілі шэраг агульназначных праблем: што рабіць з калгасам, з вырашчаным збожжам, каго прызначыць «начальствам»?
З’яўленне трэцяга рамана давала падставу думаць, што Далей I. Чыгрынаў пойдзе традыцыйным для беларускай літаратуры шляхам: засяродзіцца на паказе партызанскага руху. Аднак апошнія часткі пенталогіі засведчылі вернасць празаіка першапачатковай мэце – стварыць шырокую панараму народнага жыцця. Ад першых дзён і месяцаў вайны пісьменнік давёў раманнае дзеянне да лета 1944-га, калі адбывалася вызваленне цэнтральнай часткі Беларусі. Пенталогія заканчваецца партызанскім парадам у Мінску, у якасці гледача на ім прысутнічае Дзяніс Зазыба.
Заключны раман «Не ўсе мы згінем» з’явіўся ў друку ў 1996-м – у год смерці пісьменніка. Будучы ўжо цяжка хворым, Іван Гаўрылавіч завяршыў свой галоўны твор, якому аддаў амаль тры дзесяцігоддзі руплівай мэтанакіраванай, не толькі аналітычнай, але і даследчыцкай працы. Пра апошняе гаворыць шырока ўведзены ў мастацкі тэкст дакументальны матэрыял.
Для раманаў, як, дарэчы, і для апавяданняў I. Чыгрынава характэрна запаволенасць апавядальнай плыні. Сюжэт слаба насычаны дзеяннем знешнім, асабліва ў тых раздзелах, дзе апісваецца жыццё Верамеек. Героі больш думаюць, разважаюць, спрачаюцца, чым штосьці робяць. Разам з тым творам уласцівы ўнутраная дынаміка і напружанасць. Пісьменнік імкнуўся да «кампазіцыі драматычнага сутыкнення характараў» (А. Адамовіч), калі сюжэт рухаецца не за кошт біяграфіі, прыгод герояў, а за кошт канфліктаў, якія ўзнікаюць паміж імі.
Доўгі час супрацьстаяць адзін другому, адстойваючы розныя падыходы да рэчаіснасці, былы старшыня верамейкаўскага калгаса Радзівон Чубар і былы яго намеснік Дзяніс Зазыба. Чубару, які прывык жыць па інструкцыях, вельмі цяжка зарыентавацца ў ваенных абставінах, бо яны вымагаюць самастойных, часам нават нестандартных рашэнняў, абдуманых дзеянняў. Існуе дэкрэт Сталіна пакідаць ворагу толькі выпаленую зямлю, і былы старшыня гатовы знішчыць вырашчаны ўраджай. Яго не спыняюць аргументы Зазыбы, што людзям, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі, нешта трэба есці. Больш таго, Чубар абвінавачвае верамейкаўцаў, з якімі жыў і працаваў не адзін год, у нелюбові да ўлады.
На вобразе Чубара пісьменнік паказаў, як змяняецца чалавек, калі ён прырастае душой да нейкага кавалачка зямлі, набывае «малую» радзіму. У рамане «Вяртанне да віны» гэты персанаж гіне. Гіне, аднак, не як перакананы ідэйны партыец (такім ён паўстаў на старонках першага твора), а як абаронца сваёй зямлі. За час вайны Чубару многае адкрылася ў людзях, у навакольнай рэчаіснасці, шмат на што ў сваім ранейшым жыцці ён пачаў глядзець па-іншаму. Найперш з Чубарам, з яго духоўнай эвалюцыяй звязана назва чацвёртага рамана цыкла. Варта адзначыць, што змены ў паводзінах і характары гэтага героя прагназаваліся асобнымі крытыкамі іншыя: Чубар не пазбавіцца ад сваіх недахопаў і нецярплівасцю, прамалінейнасцю, падазронасцю стане шкодзіць самой ідэі і сутнасці народнага змагання.
Вопыт народа і свой уласны падказваюць Дзянісу Зазыбу, што яго месца ў роднай вёсцы, таму ён вярнуўся ў Верамейкі, хоць была магчымасць застацца за лініяй фронту, чым вельмі здзівіў Радзівона Чубара. Зазыба лічыць, што адступае армія, народ застаецца, бо яму няма куды адступаць і няма як пакідаць родную зямлю. Аўтар не адзін раз падкрэслівае мудрасць, разважлівасць былога намесніка старшыні, яго ўдумлівыя адносіны да ўсяго, што адбываецца. Зазыба стараецца ва ўсім разабрацца самостойна, даць уласную ацэнку. Аднак і яму бывае цяжка зарыентавацца ў складанасцях як ваеннай, так і даваеннай рэчаіснасці. Так, ён не прымае гатоўнасць Чубара спаліць збожжа, разам з тым разумее, што будзе яшчэ горш, калі хлеб дастанецца немцам. I нават пасля таго, як выйсце, здаецца, знойдзена – падзяліць калгаснае поле, маёмасць і аддаць верамейкаўцам у асабістае карыстанне, – Зазыба не перастае сумнявацца. Пра гэта яскрава сведчыць рэакцыя на пажар у Паддубішчы. Ён не асудзіў Чубара за падпал, толькі здрыганулася душа селяніна, што можна такое зрабіць з вырашчаным хлебам.
Любоў Дзяніса Зазыбы да Радзімы, яго вернасць ідэалам рэвалюцыі народжаны ўсім папярэднім жыццём. «Для мяне савецкая ўлада – як для маці тваёй ты!.. <…> Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна», – тлумачыць Дзяніс сыну. Гэтыя словы сведчаць не толькі пра глыбокі і асэнсаваны савецкі патрыятызм персанажа, яны з’яўляюцца ключом для разумення, чаму так цяжка было яму разабрацца ў супярэчнасцях грамадскага жыцця 1930-х гадоў Нейкі час для Дзяніса Зазыбы вышэй ягоных сіл спасцігнуць тое, што здарылася з Масеем. Ён імкнецца даказаць і сыну, і сабе, што арышт – трагічная памылка, ад якой не застрахавана ніводная, нават самая гуманная ўлада. Зазыба, па сутнасці, ухіляецца ад той страшнай праўды, якая стаіць за зняволеннем Масея. Ён не хоча ведаць, што перажыў сын, спыняе яго размовы з аднавяскоўцамі пра турму і лагер. Толькі на другім годзе вайны Дзяніс «даўся ўгаварыць сябе паслухаць» трагічную сынаву адысею і быў амаль шакіраваны пачутым, але разважыў адпаведна сваім перакананням: «кажух з-за вошай не кідаюць <…> трэба думаць, як бараніцца ад чужога нашэсця, як ратаваць краіну».
Вера ў савецкую ўладу, у яе гуманнасць і справядлівасць дапамагала старэйшаму Зазыбу выстаяць пад цяжарам жыццёвых выпрабаванняў у мірны час і ў гады вайны. Сын гэта разумее і называе бацьку то святым, то наіўным. Але ён не можа прыняць бацькаву праўду, бо глядзіць на жыццё краіны шырэй, нібы ацэньвае яго з пазіцый будучыні, калі будуць асуджаны бесчалавечнасць і жорсткасць, што мелі месца ў савецкай гісторыі.
I ўсё ж вайна збліжае бацьку і сына. Назіраючы, якія страшныя формы з часам пачынае набываць партызанскае змаганне, Дзяніс Зазыба пакрысе губляе свой ідэйны катэгарызм і веру ў вышэйшую справядлівасць савецкай улады. Вялікі душэўны боль і трывога за лёс Масея кіруюць ім, калі ладзіцца на гарышчы схованка. У дадзеным выпадку немцы сыну не пагражаюць. Масей стаў здраднікам у вачах партызан, бо вымушаны быў пайсці працаваць пісарам у камендатуру. Бацька, ад першых дзён вайны звязаны з партызанамі, спадзяецца вымаліць у іх дараванне. На словы сына, што хоць зараз гатовы ісці на суд, бо нікому з людзей нічога дрэннага не зрабіў, Зазыба з гаркотай гаворыць: «Які цяпер суд? Цяпер не суд бывае, а скорая расправа. Я нагледзеўся ўжо на норавы і немцаў, і нашых. Добра яшчэ дачакаюцца выслухаць, а то проста… адвядуць у кусты і шлёпнуць. Так што не рвіся на суд, сын». Ён не пярэчыў, калі Масей вырашыў ехаць у Мінск да свайго былога сябра Алеся Астрашаба, які працаваў у створанай акупацыйндй уладай беларускай адміністратыўнай установе. Даведаўшыся пасля вызвалення сталіцы, што сын услед за немцамі падаўся на Захад, бацька не пагадзіўся з абвінавачваннем у зд«якія не па сваёй ахвоце падаліся на чужбіну».радніцтве. «У чым-у чым, але ён быў упэўнены, што да Масея гэта вызначэнне не мела ніякага дачынення. Проста менавіта такім чынам склаліся для яго жыццёвыя абставіны. Пачатак іх знаходзіўся ў трыццатых гадах, у нечаканым арышце… цяпер жа яго несла ў брудным рэчышчы імклівае цячэнне, і ён ужо няздольны быў выплысці на бераг». Зазыба не рабіў выключэння для свайго сына. Побач з ім ён бачыў і іншых такіх жа гаротнікаў,
Масей Зазыба стаў паўнапраўным героем сюжэтнага дзеяння, пачынаючы з другога рамана. Гэты вобраз меў рэальнага прататыпа – пісьменніка-эмігранта Масея Сяднёва. I. Чыгрынаў нават не змяніў імя свайго земляка, родная вёска якога, Мокрае, знаходзіцца непадалёку ад Вялікага Бора. У 1970-я, калі пісаліся раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», не было прынята гаварыць пра сталінскія рэпрэсіі. Увядзенне ў сістэму вобразаў персанажа з такім лёсам сведчыла пра пісьменніцкую смеласць у падыходзе да рэчаіснасці.
Змены, якія адбыліся ў краіне ў 1980–1990-я гады, не маглі не ўплываць на ідэйны змест і праблематыку раманаў. У апошніх з іх («Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем») шмат горкай, трагічнай праўды пра перажытае народам у ваенны і перадваенны час. Дзякуючы лініі Масея, такім персанажам, як Парфён Вяршкоў, Дзяніс Зазыба, Алесь Астрашаб, і папярэднія, створаныя ў іншых грамадска-палітычных варунках часткі пенталогіі, арганічна ўпісваюцца ў агульную эпічную карціну народнага жыцця. Безумоўна, спрыяла гэтаму таксама пісьменніцкае ўменне стварыць тыповыя яркія і запамінальныя характары.
У 1980-я гады побач з прозай I. Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць у драматургіі. Першыя п’есы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Услед за імі з’явіліся тэматычна і праблемна самастойныя «Ігракі», «Чалавек з мядзвежым тварам», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца», «Следчая справа Вашчылы», «Звон – не малітва». Зварот да гістарычных падзей у двух апошніх творах не выглядае нечаканым, бо мінулае народа, аддаленае і блізкае, заўсёды цікавіла пісьменніка.
У творчасці I. Чыгрынава, як і многіх іншых прадстаўнікоў філалагічнага пакалення, назіраецца асаблівая прывязанасць да «малой» радзімы. «Мясціны гэтыя дарагія для мяне не толькі тым, што адтуль, з бацькоўскага парога, уецца сцяжынка майго жыцця. Там, у Забесяддзі, на Магілёўшчыне, назаўсёды засталіся сляды маіх герояў, жывых і мёртвых, пра якіх я расказваю ў раманах», – пісаў празаік. Сувязь з родным светам выразна выявілася праз шырока ўведзеныя ў мастацкую тканіну твораў тапонімы – дакладныя назвы вялікіх і малых населеных пунктаў, дарог, мастоў, лясоў і пералескаў, урочышчаў і інш. Пісьменнікам не толькі называецца тая мясціна, каля якой ці на якой адбываюцца падзеі, яна абавязкова апісваецца. У свой час I. Чыгрынава нават папракалі ў празмернай дэталізацыі, у перагружанасці асобных старонак падрабязнасцямі побыту, пейзажнымі замалёўкамі, перазаселенасцю прадстаўнікамі беларускай флоры і фаўны. Рэгіянальнай прывязкай выступаюць таксама дыялектызмы і дыялектныя формы, прыказкі і прымаўкі, якія сустракаюцца ў гаворках Магілёшчыны. Імі густа «перасыпаны» дыялогі і маналогі герояў. Дыялектызмы часам прысутнічаюць і ў мове аўтара: калі ён перакананы, што літаратурны варыянт слова менш выразны і змястоўны, чым гутарковы.
Пасля аварыі на ЧАЭС мастакоўскае вяртанне да вытокаў набыло асаблівы сэнс, бо стала вяртаннем на чыстую, не атручаную радыяцыяй зямлю. Вёска Вялікі Бор, адкуль пачалася жыццёвая дарога пісьменніка, падзяліла лёс многіх населеных пунктаў усходняй Магілёўшчыны: яна засыпана чарнобыльскім попелам.
Творы I. Чыгрынава – увасобленае ў эпічных мастацкіх вобразах матэрыяльнае і духоўнае быццё некалькіх чалавечых пакаленняў «сялянскай атлантыды» (А. Адамовіч) – традыцыйнай беларускай вёскі, ад якой мала што перайшло ў новы век. Са скрухай пісьменнік гаварыў напрыканцы 1980-х: «Аказаліся мы амаль голымі, дакладней – свабоднымі ад многага: ад традыцый, ад духоўнасці, ад памяці і абавязку перад бацькамі сваімі, ад адказнасці за сваю зямлю».
Патрыётам роднага краю, усёй беларускай зямлі, улюбёным ў яе сучаснасць і мінулае, застаўся ў літаратуры I. Чыгрынаў.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Дзмітрый Бугаёў
Чыгрынава заўсёды хвалявала і непакоіла праблема мастацкай верагоднасці. Не толькі ў сэнсе праўдзівасці агульнай рэалістычнай канцэпцыі, а і ў сэнсе праўды паўсядзённай, побытавай. Праўды як дакладнасці, бо прыблізнасць яго ні ў якім разе не задавальняе!..
Уладзімір Гніламёдаў
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў глыбінных, тых, якія глядзелі на народнае жыццё без афіцыёзнай прадузятасці, бачылі ў ім і вялікія патэнцыі, і праявы бязладдзя, якое ішло ад чыноўніцка-бюракратычнага дыктату. Чыгрынаўскі талент сілкавала праўдалюбства, арганічна ўласцівае гэтаму пісьменніку. Доля адмерала яму толькі 61 год і 15 дзён зямнога жыцця. Па сённяшніх мерках гэта ўвогуле не багата. У літаратуры ён актыўна працаваў тры з паловай дзесяцігоддзі і здабыў шырокае, можна сказаць, сусветнае прызнанне.
А між тым Іван Гаўрылавіч ніколі не вызначаўся добрым здароўем. Ягоная жонка Людміла Прохараўна пасля смерці пісьменніка згадвала, што яшчэ хлапчуком ён перанёс вельмі цяжкі брушны тыф. I змены, якія тады адбыліся ў арганізме, засталіся назаўсёды. Ёсць і такое красамоўнае сведчанне Людмілы Прохараўны: «Іван хадзіў у школу босы – да самай зімы. Піліпаўкай толькі абуваўся ў лапці. I што на ім за вопратка была – нават не магу вам апісаць… Але на гэта ён не звяртаў асаблівай увагі, галоўным для яго была кніга, кніга, кніга – ён увесь час чытаў».
Па школьнай праграме прадугледжана акрамя падрабязнага разгляду апавяданняў «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» і «У ціхім тумане» яшчэ гаворка пра жыццё і творчасць пісьменніка. Гэта значыць, што трэба расказаць пра яго ўласна чалавечую і пісьменніцкую біяграфію. Да яе і пераходзім.
Нарадзіўся Іван Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Так сцвярджаецца ў афіцыйных даведніках. Сям’я Іванавых бацькоў сапраўды была вясковай, сялянскай, хоць бацька да простых сялян не належаў. У даваенныя гады ён быў старшынёю Вялікаборскага сельсавета, гэта значыць, савецкім службоўцам. А сам Іван Гаўрылавіч і ўвогуле гаварыў пра свае дваранскія карані па мужчынскай лініі. Тое дваранства згадваў яшчэ Іванаў дзед Ігнат Міхайлавіч, які адыграў у жыцці Чыгрынава істотную ролю.
Затое ва ўсіх адносінах звычайнай сялянкай, калгасніцай была маці пісьменніка Хадоска Ігнатаўна. Пра яе Іван Гаўрылавіч заўсёды выказваўся з самай вялікай павагай. «Я ўсім у жыцці абавязаны маці», – падкрэсліваў ён. Яна нарадзіла ажно васьмёра дзяцей, Іван сярод іх быў чацвёртым. І падымала Хадоска Ігнатаўна сваіх дзетак, тых, што дажылі да сталага ўзросту, без дапамогі мужа – Гаўрылы Сяргеевіча Чыгрынава. Ён прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, на ёй уцалеў, але да сваёй вялікаборскай сям’і не вярнуўся: сышоўся з іншай жанчынай і пасля Перамогі асеў з ёй у Краснадарскім краі, на больш хлебнай Кубані. Жабрацкая беларуская вёска першых пасляваенных гадоў з пакінутай у ёй беларускай сям’ёй Гаўрылу Сяргеевіча ніяк не вабіла.
Як паказвае аўтабіяграфічнае апавяданне «На пыльнай дарозе», створанае пісьменнікам пасля паездкі да бацькі ў 1962 годзе, ён усё ж любіў бацьку, але на ягоную здраду забыцца не мог ніколі. Гэта ўзмацняла трагедыйныя матывы, якія адчуваюцца ў чыгрынаўскіх раманах.
Вядома, трагедыйныя ноты былі непазбежнымі ў гаворцы пра ваенную навалу. Але вастрыня перажыванняў Івана Чыгрынава з-за бацькавай сямейнай здрады далучалася да галоўных трагедыйных нот, надавала ім балючае асабістае адценне.
Паказальна тое, што пра бацьку Іван Гаўрылавіч згадваў рэдка і скупа, а пра маці гаварыў заўсёды ахвотна і падкрэсліваў, што вобразы жанчын у сваіх творах пісаў, маючы на ўвазе маці, яе цягавітую працавітасць і душэўную прыгожасць, уменне быць добразычліва-спагадлівай у самых неспрыяльных умовах.
З ранняга дзяцінства Іван Чыгрынаў вызначаўся сваёй мэтаімкнёнасцю і настойліва церабіў дарогу да лепшага жыцця праз адукацыю, якая таленавітаму хлопцу давалася без вялікіх пакут.
Іван Чыгрынаў скончыў Вялікаборскую сямігодку, потым сярэднюю школу ў Саматэвічах. Гэта радзіма А. Куляшова. Хлопец яшчэ ў свае школьныя гады пазнаёміўся з выдатным паэтам, які цаніў талент юнака і ўважліва сачыў за ягонымі поспехамі ў літаратуры, адгукаўся пра іх прыхільным словам і тым самым паддаваў ахвоты для далейшай працы, мацаваў у Івана Гаўрылавіча ўпэўненасць у яе безумоўнай значнасці.
Пасля Саматэвіцкай дзесяцігодкі Іван Чыгрынаў падаўся ў беларускую сталіцу. У 1952 г. ён паступіў у БДУ на філфак (аддзяленне журналістыкі), а ўжо з філфакаўскім дыпломам пайшоў на рэдактарскую працу. Ёю ён займаўся ў выдавецтве рэспубліканскай Акадэміі навук і ў часопісе «Полымя» (1957–1975). Гэтую працу ён разглядаў як працяг універсітэцкай вучобы кіно, этнаграфіі. Рэдагаваць жа даводзілася навуковыя кнігі па музыцы і і фальклоры, сур’ёзныя літаратуразнаўчыя даследаванні, грунтоўныя крытычныя артыкулы. Набыты такім чынам вопыт дапамог і ў пісьменніцкай справе.
Больш за дзесяць гадоў (1975–1986) Чыгрынаў працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі, спачатку на пасадзе намесніка старшыні, а потым сакратара праўлення. З 1987 г. і да канца свайго жыцця ён узначальваў Беларускі фонд культуры, праявіўшы на гэтай клопатнай пасадзе вялікую разваротлівасць і дзелавітасць. Як член дэлегацыі БССР, удзельнічаў у рабоце ХХХІІІ сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1978). Быў таксама галоўным рэдактарам навуковага часопіса «Спадчына» (1989–1995). Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1986–1990). У 1994 г. за дасягненні ў літаратуры яму прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
Да пастаяннай працы ў галіне мастацкай прозы Іван Чыгрынаў звярнуўся ў пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя. Выдаў тры зборнікі апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973).
Пасля другога зборніка твораў у гэтым жанры Чыгрынаў узяўся пісаць раманы, якіх ён стварыў пяць: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). Атрымалася эпапея пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, як людзі жылі ў Беларусі ва ўмовах нямецкай акупацыі, і як яны змагаліся супраць фашысцкай набрыдзі, уносячы свой вялікі ўклад у агульную перамогу чалавецтва над гітлераўцамі.
Гэты раманны цыкл стаў вельмі важным дасягненнем пісьменніка і хутка здабыў належнае грамадскае прызнанне. За два першыя раманы («Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві») I. Чыгрынаў атрымаў вельмі прэстыжную літаратурную прэмію імя А.А. Фадзеева, а ў дадатак да яе і сярэбраны медаль. I цалкам меў рацыю Максім Танк, які падкрэсліваў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлена глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Можна прыгадаць, што за два тыдні да смерці, якая забрала Івана Чыгрынава 5 студзеня 1996 г., ён, разважаючы пра свой уклад у літаратуру, казаў, што беларускі народ будзе ўдзячны яму менавіта за раманы, бо імі зроблена справа сур’ёзная, гістарычная.
Івану Чыгрынаву і сапраўды ўдалося стварыць грунтоўную эпапею, у якой ад рамана да рамана ўзмацняюцца трагічныя ноты, звязаныя з тым, што людзі ў XX стагоддзі сутыкнуліся з асабліва вялікімі выпрабаваннямі. Таму і праўдзівая эпапея з глыбінным адлюстраваннем народнага жыцця ўжо не можа быць ураўнаважана-спакойнай, пазбягаць трагедыйнага гучання.
Пра гэта яшчэ ў 70-я гады слушна пісаў Алесь Адамовіч. Ён падкрэсліваў, што сучасная эпапея патрабуе «большай канцэнтрацыі і вастрыні, і пачуццяў, і думак, і трагізму». Ды ўжо лёсы Грыгорыя Мелехава ў «Ціхім Доне» і Васіля Дзятла ў «Палескай хроніцы» невыпадкова атрымалі трагічнае завяршэнне. Гэта дыктавала бурлівая рэчаіснасць XX стагоддзя. I. Чыгрынаў добра адчуваў глыбінныя токі народнага жыцця, яшчэ ў надзвычай уражлівым падлеткавым узросце пачынаў спасцігаць тую акалічнасць, што ў пераломныя часы яно, народнае жыццё, ідзе крутымі зігзагамі, рэзка абвастраючы свае драматычныя і трагедыйныя пачаткі. «Вайна – гэта заўсёды трагедыя, а тым больш для народа, а тым больш для асобных людзей», – падкрэсліваў ён у адным з артыкулаў. Яму ж належаць і такія выказванні: вайна «грашыма корміцца, затое весяліцца крывёю. I часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй».
Трагедыйны напал у чыгрынаўскай эпапеі, яе глыбінны антываенны пафас асабліва выразна адчуваецца ў апошніх раманах. Ён народжаны перакананнем, што і вялікая перамога, якой быў разгром гітлераўскай армады, аплочвалася вялікай народнай крывёю, трагічнасцю лёсу мільёнаў людзей.
Але пісьменнік не імкнуўся да ўзмоцненага падкрэслівання трагізму вялікай вайны. Ён больш засяроджваўся на паказе таго, што і ва ўмовах вайны і акупацыі народ выяўляў моцную жыццястойкасць.
Іван Чыгрынаў не раз казаў, што папярэдняя літаратура пра вайну звычайна з большым ці меншым поспехам пісала, як людзі ваююць. Сам жа ён лічыў патрэбным адлюстраваць і тое, як яны жылі ў ваеннай віхуры. «У мяне чалавек хутчэй не на вайне, а ў вайне. Яна даставала ўсіх. А жыць усё роўна трэба было. I людзі жылі пры той жа акупацыі. Куды ім было дзецца? Пра гэта я і пішу. Пішу не так, як раней пісалі многія, а так, як было», – настойваў Іван Чыгрынаў. Гэта сказана ў ліпені 1994 года. Двума гадамі раней ён так фармуляваў гэтую ж думку пра жыццё і барацьбу ў акупацыі: «Людзі не толькі ваявалі, яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэта паўната існавання была вынікам нерастрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляў фашызм».
Вельмі высока ацэньваў Чыгрынаў ролю жанчын у ваенных умовах. «Гэта ж не сакрэт, што яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нараджаць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі і любіць, і ненавідзець. Гэта нейкая неабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя», – пераканана сцвярджаў пісьменнік.
У рамане «Плач перапёлкі» паказана святкаванне радзінаў. На іх, не зважаючы на ўсе нягоды вайны, збіраюцца верамейкаўскія жанчыны. Гэтыя радзіны ўспрымаюцца як сімвал трываласці жыцця, яго ўстойлівасці і на разбуральных вятрах часу.
Сваё глыбіннае адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны I. Чыгрынаў давёў да лета 1944 года. Апошнія сцэны ў чыгрынаўскай эпапеі прысвечаны партызанскаму параду з нагоды вызвалення Беларусі ад гітлераўскай акупацыі.
Пісьменнік выношваў намер стварыць яшчэ і шосты раман, ужо не пра Вялікую Айчынную вайну, а пра чарнобыльскую катастрофу. Ад гэтага намеру ён адмовіўся толькі тады, калі ўжо адчуў няўмольнае дыханне смерці.
Зрэшты, пра Чарнобыль ён усё ж напісаў – у п’есах «Хто вінаваты» і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца», а таксама ў публіцыстычных артыкулах, што змешчаны ў кнізе «Паміж сонцам і месяцам». У гэтай кнізе, выдадзенай у 1994 г., сабраны і літаратурна-крытычныя артыкулы Чыгрынава, яго эсэ пра пісьменнікаў, а таксама інтэрв’ю, якія даюць вельмі многае для разумення чыгрынаўскай творчасці і яго чалавечага характару.
Сваю працу па асэнсаванні мастацкай літаратуры Іван Гаўрылавіч ацэньваў вельмі высока. Вынікі гэтай працы падсумоўваліся і ў кнізе «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983). Тут ідзе гаворка не толькі пра беларускіх пісьменнікаў, але і пра майстроў мастацкага слова ў абсягу ўсяго былога Савецкага Саюза, гаворка ўдумлівая, тэарэтычна заглыбленая, з пастаноўкай цэлага шэрага тэарэтычных, асабліва жанравых праблем і з выхадам на некаторыя з’явы ў літаратуры сусветнай. Адсюль і высокая аўтарская ацэнка яго крытычных прац. «Я і крытыкай займаўся абсалютна сур’ёзна. У сваіх выступленнях, дакладах, артыкулах, мне здаецца, я сказаў шмат таго, што не сказалі вы, прафесійныя крытыкі. Не ацаніць належным чынам дзве свае крытычныя кнігі мне не выпадае. Вельмі карысныя кнігі для нашай літаратуры. Гэта толькі здаецца, што сёння нікому не патрэбна ні крытыка, ні сама мастацкая літаратура. На самай справе яны патрэбны і сёння, і заўтра спатрэбяцца яшчэ больш», – настойваў Іван Гаўрылавіч у гутарцы, якая адбылася ў ліпені 1994 года.
Важная дзялянка творчай працы Івана Чыгрынава – ягоная драматургія. Большасць сцэнічных твораў пісьменніка сабрана ў ягонай кнізе «Звон – не малітва. Драмы» (Мінск, 1993).
Чыгрынаўскія п’есы вызначаюцца драматычнай напружанасцю. Мастак засяроджваецца ў іх на важных гістарычных падзеях, іх асэнсаванне нярэдка мае палемічны характар, скіравана супраць павярхоўных ці зусім памылковых трактовак, якія набывалі шырокае распаўсюджванне, станавіліся ўстойлівай заганнай традыцыяй.
Іван Чыгрынаў выдатна ведаў гісторыю. Гэта засведчана і афіцыйна. У1995 г. ён стаў ганаровым доктарам БДУ.
I менавіта дасканалае веданне гісторыі, апора на самыя разнастайныя, у тым ліку і архіўныя, матэрыялы пра мінулае дазвалялі пісьменніку дасягаць высокай дакладнасці ў адлюстраванні жыцця і барацьбы нашых продкаў.
Гістарычная дакладнасць у Чыгрынава спалучаецца з высокім майстэрствам. Па-майстэрску разгортваецца сюжэт у той жа драме «Звон – не малітва», падзейная аснова якой звязана з пераходам ад язычніцтва да хрысціянства. Хрысціянскую веру прымае вялікі князь Уладзімір Святаслававіч. З яго асобай звязаны найбольш драматычныя павароты ў жыцці полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Гэта яму, яшчэ язычніку, тады ноўгарадскаму князю, які намагаўся падпарадкаваць сабе і полацкія землі Рагвалода, ганарыстая Рагнеда на прапанову стаць яшчэ адной з многіх яго жонак адказала: «Не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка». Меўся на ўвазе брат Уладзіміра па бацькоўскай лініі, народжаны жанчынай свабоднай. Уладзімір абразу не сцярпеў. Ён забіў бацьку і маці Рагнеды, яе малодшых братоў, а саму прымусіў стаць яго жонкай.
Асаблівы драматызм гэтай падзеі надае гістарычна дакладна ўзноўлены паварот – нечаканая абарона маці малым Ізяславам. Здзіўлены Уладзімір, які ўжо наважыўся забіць жонку, адступае. Вядома, ён не дараваў ёй той яе замах. Уладзімір пабудаваў горад на самым краі захопленай Рагвалодавай зямлі, назваў яго Ізяславам (цяперашняе Заслаўе) і пасяліў там Рагнеду з сынам. Калі Ізяслаў падрос, бацька зрабіў яго полацкім князем, прымусіўшы прыняць хрысціянства. Гэта X стагоддзе.
А самая, мабыць, папулярная чыгрынаўская п’еса «Следчая справа Вашчылы» пераносіць нас у XVIII стагоддзе. Тут аўтар звярнуўся да гісторыі Крычаўскага паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы ў 1743–1744 гадах.
Заведзеная на Вашчылу пасля паражэння паўстання справа 240 гадоў праляжала ў архіве. I толькі ў канцы XX стагоддзя за яе ўзяліся нашы гісторыкі. Чыгрынаў удумліва вывучыў гісторыю паўстання Вашчылы і стварыў п’есу, якая атрымала добры розглас. «Мы Вашчылу паднялі з нябыту. Раней пра яго наогул гаварылі ў сувязі з антыяўрэйскімі выступленнямі. Крычаўскае староства (яно належала князю Гераніму Радзівілу. – Д.Б.) у Радзівілаў арэндавалі яўрэі Іцкавічы. Але паўстанне было не антыяўрэйскім, а антыфеадальным. Яно ўзнікла як пратэст супраць цяжкіх жыццёвых умоў. Радзівіл з ім расправіўся. Куды зніклі Іцкавічы, невядома. Відаць, яны загінулі ў падвалах Радзівіла», – пасведчыў Іван Чыгрынаў у ліпені 1994 года.
Складаныя перадваенныя падзеі асэнсоўваюцца ў п’есе «Ігракі». Тут гаворка ідзе пра пакт Молатава-Рыбентропа, пагадненне, падпісанае ў 1939 годзе паміж фашысцкай Германіяй і сталінскім Савецкім Саюзам.
Ствараў Чыгрынаў п’есы і па сваіх раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы». Прымаў ён удзел і ў стварэнні сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць», пастаўленага ў 1973 годзе. За працу над гэтым сцэнарыем ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1974).
Іван Гаўрылавіч добра ведаў цану зробленага ім на літаратурнай і навуковай ніве і зробленым ганарыўся. У сваёй чулай, далікатнай душы ён насіў шмат дабрыні і чалавечнасці, але прыкрываў іх знешняй позай. Ён і хадзіў звычайна з высока ўзнятай галавой. Такую позу многія прымалі, а некаторыя нядобразычліўцы і зайздроснікі знарок імкнуліся выдаць за ягоную сапраўдную сутнасць, прыпісвалі яму саманадзейнасць і фанабэрыстасць. А ён і ў чалавечым сэнсе (не кажучы ўжо пра мастака) быў неардынарным, працаваў самааддана, пераадольваючы шматлікія перашкоды. Да іх трэба аднесці несправядлівыя нападкі афіцыёзнай крытыкі, якія абрушваліся на Чыгрынава ўжо з-за самых ранніх яго апавяданняў. Яны падвяргаліся тэндэнцыйнаму разносу за праўдзівасць, гуманістычную накіраванасць, пастаноўку вострых праблем, іх трактоўку не з вузка класавых, а з агульначалавечых пазіцый. Так было з апавяданнямі «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Маці» (канчатковая назва «У ціхім тумане») і некаторымі іншымі творамі гэтага жанру. Разносы зноў і зноў паўтаралі не толькі звычайныя афіцыёзныя крытыкі, але раздаваліся і з вуснаў больш уплывовых асоб, пісьменнікаў у рангу акадэмікаў, якія самі мастацкіх твораў ужо амаль не пісалі, і нават кіраўнікоў рэспублікі. Пісьменнікі творча актыўныя і дальнабачныя Івана Гаўрылавіча падтрымлівалі. Напрыклад, Максім Танк, які апублікаваў апавяданне «Маці» ў часопісе «Полымя» і ў час разносу твора сказаў яго аўтару, што ён напісаў добрае апавяданне. «Чалавек вопытны, ён ведаў, што разносы мінуцца, а сапраўдная літаратура застанецца», – з удзячнасцю згадваў пра Максіма Танка і яго падтрымку Іван Чыгрынаў.
Цяпер апавяданне «У ціхім тумане» ўключана ў школьную праграму разам з трошкі ранейшым апавяданнем «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Да гаворкі пра Чыгрынава-апавядальніка і пераходзім.
Іван Гаўрылавіч абараняў апавяданне і тэарэтычна даводзіў яго «раўназначнасць з іншымі жанрамі» прозы, і нават сцвярджаў, што гэты жанр «найбольш цяжкі, бо патрабуе не толькі руху думкі і пачуцця, але і завершанасці іх у дужа нешырокім разгарненні». I яшчэ: «Апавяданне, асабліва ў яго мініформах, дысцыплінуе мастака ідэйна і эстэтычна, не дае думцы бескантрольна і бязмежна расплывацца «па дрэве жыцця». Тут слова не патанае ў розных прыёмах пралогаў, аўтарскіх адступленняў, інтэрмедый, эпілогаў, што дазваляюць сабе аповесць і раман, а яно ўсё на віду, усё працуе на галоўную канцавую мэту, дзеля якой апавяданне пішацца. Можна звярнуцца да каго хочаце з прызнаных у літаратуры майстроў, каб пераканацца, што яны адштукоўвалі (па-руску кажучы, «отрабатывали») сваё валоданне вобразным словам менавіта ў жанры апавядання. Гэта адчувалі яны для сябе абавязковым, каб авалодаць усё новымі вышынямі чалавеказнаўства, раскрыцця асабістага душэўнага вопыту, умення мысліць (не думаць толькі, а мысліць!) вобразна і па-філасофску. Часам нават найперш па-філасофску!»
Разважанні вельмі слушныя, заснаваныя на ўласным творчым вопыце аўтара. Гэты вопыт вельмі пераканаўчы, бо лепшыя чыгрынаўскія апавяданні сталі нашай безумоўнай класікай. Некаторыя майстры беларускай прозы называлі Івана Чыгрынава самым лепшым нашым апавядальнікам. У такіх вызначэннях заўсёды ёсць прысмак суб’ектыўнасці. Але тое, што цэлы шэраг апавяданняў пісьменніка мае ўсе прыкметы класічнай бездакорнасці, не выклікае сумнення.
Высокай дасканаласцю вызначаецца і апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Яго першапачатковая назва – «Птушкі ляцяць на волю». Упершыню яно апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 28 ліпеня 1961 года. Такім чынам, з надрукаваных гэта толькі другое чыгрынаўскае апавяданне. А напісана і яно бадай што бездакорна. Хораша намаляваны тут вобраз старога лесніка Дземідзёнка, праз лёс якога ўзнаўляюцца балючыя рэаліі мінулай вайны, яе незагойныя раны. Дземідзёнак знешне выглядае звычайна, можна сказаць – непрэзентабельна. Ён зведаў нямала пакут. У ваенныя гады быў звязаны з партызанамі. Спачатку даваў ім прытулак у сваёй леснічоўцы, а з наступленнем халадоў наведваўся да іх у зямлянкі, выкапаныя за возерам, якое чамусьці называлася Мёртвым. Гітлераўцы даведаліся пра ягоныя кантакты з партызанамі і запатрабавалі, каб стары ляснік паказаў іх лагер. Мужны чалавек адмовіўся. Два тыдні катаванняў не зламалі яго волі. Фашысты ўрэшце адпусцілі старога. Але за гэты час бясследна прапала ягоная ўнучка Аленка, якую напярэдадні акупацыі прывяла да дзеда Дземідзёнкава гарадская дачка, спадзеючыся, што малая перабудзе ліхія часы ў лясным зацішку. Спадзяванні аказаліся марнымі: у сваёй халоднай леснічоўцы Дземідзёнак знайшоў толькі скалелую сініцу. Яна ў яго свядомасці асацыіруецца з вобразам згубленай унучкі. Таму Дземідзёнак не можа бачыць птушак у клетках. Ён пасля вайны ўжо купляе іх за грошы са сваёй пенсіі і выпускае на волю. Так людское высакародства сутыкаецца з карыслівасцю тых, хто птушак прадае, адлоўліваючы іх дзеля гэтай мэты.
Дземідзёнак любіць прыроду, імкнецца жыць у гармоніі з ёю. Ён прыхільна ставіцца да народных традыцый, любіць працу, парадак ва ўсім. На новым месцы жыхарства (старое пакінута, каб не вярэдзіць штохвілінна сардэчную траўму з-за страты ўнучкі) «корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць…».
У апавяданні добра паказаны і стракаты паток бежанцаў у пачатку вайны: «Людзей збіралася так многа, што часам нават думалася, ці не зрушыла гэта з месца цэлага паўсвету. Людзі ішлі і ехалі ў копаці і пыле – бежанцы, чырвонаармейцы». Леснікова старожка «ў тыя дні была поўна раненых».
Выразным атрымаўся і вобраз аўтара-апавядальніка. Ён тонка адчувае «ціхае хараство прыроды», кароткімі, але яскравымі штрыхамі малюе пейзажы з зіхаценнем сонца, пахам красак у летнім паветры, ледзь чутным калыханнем блакітных званочкаў, зменлівасцю ў шуме хвояў з набліжэннем восені. Сама апавядальная манера ў Чыгрынава вельмі натуральная, знешне някідкая, але здольная схопліваць многае і ў прыродзе, і ў чалавеку, найбольш задаволеным, калі яму не перашкаджаюць быць самім сабой, радавацца жыццю.
Асобныя матывы апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» выкарыстаны ў аднайменнай чыгрынаўскай драме, якая мае падзагаловак «Аповесць для тэатра». У канцы гэтага твора згадваецца Дземідзёнак. Ён, як і ў апавяданні, купляе птушак, выпускае на лугавым прасторы і з дзіцячым захапленнем наглядае за іх вольным палётам, нібы маладзеючы ў такія хвіліны і вызваляючыся ад сваёй звыклай панурасці.
Бадай, класічнай бездакорнасцю вызначаецца апавяданне «У ціхім тумане». Гэтая, па словах Л. Дранько-Майсюка, «маленькая трагічная сімфонія» ўпершыню была апублікавана ў 1963 годзе пад загалоўкам «Маці». Іван Чыгрынаў потым мусіў адмовіцца ад таго загалоўка і даць больш нейтральную назву, бо пісьменніка вінавацілі за тое, што ён па-чалавечы спачувальна напісаў пра маці паліцая і тым як быццам апраўдваў і самога здрадніка.
Але такога апраўдання ў творы няма і блізка. Рэйдаў Яшка, які пайшоў у паліцыю, помсцячы за арыштаванага ў калектывізацыю бацьку, і прымае актыўны ўдзел у карных аперацыях гітлераўцаў, адназначна называецца здраднікам: «Якава Рэйду партызаны потым злавілі толькі на другое лета… Здрадніка прывезлі ў Бароўку і застрэлілі на краі бярозавага балота, там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада». Яго нікім не дагледжаная магіла даўно зарасла дзірваном і зраўнялася з балотным пяском. Гэта таксама недвухсэнсоўны паказчык сапраўдных адносін нашых людзей да здраднікаў.
Дык што ж турбавала Чыгрынава? Ён напісаў пра чалавечую трагедыю старой Матруны Рэйдзіхі, якая, праз шэраг гадоў знайшоўшы закінутую магілу Яшкі, аплаквае не паліцая, а сына. Па сыне ж, які б ён ні быў, матчына сэрца баліць заўсёды. Такая ўжо ў людзей псіхалогія, нескажона адлюстраваная пісьменнікам.
Вядома, гэта агульначалавечы, а не вузкакласавы падыход. Для нашай ідэалагізаванай літаратуры ў 60-я гады ён быў яшчэ нязвыклы. Чыгрынаў не пабаяўся парушыць тую нязвыкласць, бо разумеў, што вузкакласавымі меркамі, якія на першы план вылучалі нянавісць, цывілізаванае грамадства пастаянна жыць не можа. Ды пісьменнік зусім не адмаўляў і заканамернасць нянавісці ў перыяд барацьбы з гітлераўцамі. Паказаў жа ён, што пацярпелыя ад карнікаў жыхары спаленай фашыстамі беларускай вёскі Бароўкі тады, у віхуры вайны, «пракліналі начым свет стаіць і немцаў, і здрадніка [Яшку], і маці, якая нарадзіла яго». I гэта адпавядала праўдзе свайго часу.
Аднак жыццё на месцы не стаіць. Яно няўхільна змяняецца, уносячы свае папраўкі-карэктывы ў людскія ўзаемадачыненні. Так адбылося і з героямі чыгрынаўскага апавядання «У ціхім тумане». У ім пастаўлена і рознабакова асэнсоўваецца праблема гневу і літасці ва ўзаемаадносінах былых ахвяр і здраднікаў Радзімы. Здраднікі, паўторым яшчэ раз, ніяк не апраўдваюцца, іх злачынствы не рэабілітуюцца, не выдаюцца за дабро ці за нейкую дробязь, вартую хутчэйшага забыцця. Але вастрыня нянавісці калі не да саміх здраднікаў, якім даравання, вядома, няма, дык да іхніх сваякоў, блізкіх людзей, – гэтая вастрыня з цягам часу прыглушаецца, гнеў саступае месца літасці. Вытлумачальная ў сваім часе нецярпімасць змяняецца разуменнем і нават спагадай, за якою стаіць высакароднасць добрых людзей. Так па законах чалавечнасці вядуць сябе чыгрынаўскія героі, у прыватнасці Тараськова Ганна, вобраз якой для разумення праблематыкі твора вельмі важны.
Ганнінага бацьку павесілі немцы, а ім з-за старых крыўдаў дапамагаў Яшка-паліцай. Дык Ганна пэўна ж была сярод тых, хто тады праклінаў і карнікаў, і іхніх прыслужнікаў, усё, як тады казалі, паліцэйскае кодла. Але прайшлі гады. Самога здрадніка, які атрымаў па заслугах, даўно няма на свеце. Таму ўжо можна па-чалавечы паставіцца да ягоных сваякоў, у тым ліку да маці, вінаватай міжвольна, толькі тым, што яна нарадзіла хлопца, які стаў паліцаем, не пытаючыся згоды ў яе.
Важна таксама, што Ганна ўспрымае Рэйдзіху як старую, нямоглую жанчыну, моцна патрапаную жыццёвымі нягодамі. Гэтая акалічнасць прыкметна падкрэсліваецца ў апавяданні: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі капцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі». Увогуле, яна выглядае «як падстрэленая варона». У Рэйдзіхі «зусім ужо стары, збляклы» твар, спаласаваны рубцамі маршчын. I сама яна, нібы молячыся, шэпча без разліку на старонняе вуха: «Прытаміліся мае ножачкі, апускаюцца мае ручачкі, баліць маё ўсё цела… Пара спакой даць старым касцям…»
Зразумець матчын боль Рэйдзіхі, яе чалавечую трагедыю дапамагае Ганне і тое, што яна, акрамя бацькі, страціла яшчэ аднаго вельмі блізкага чалавека, свайго мужа, які дачасна загінуў на вайне. «Адна пякпуюся», – скрушліва зазначае Ганна. Так і нараджаецца ўжо спачуванне жанчыны да жанчыны. Дарэчы, яно хоць увогуле і відавочнае, але не зусім адназначнае, суправаджаецца часам і супярэчлівымі рухамі душы. Прыгадаем, што Ганна спачатку глядзіць на Рэйдзіху з прыкрасцю і здзіўленнем, «як на прывід які» (у вёсцы Бароўка, дзе адбываюцца падзеі, старая не паяўлялася ўжо трыццаць гадоў і сведкай Яшкавых злачынстваў не была). Таму і стаяла Ганна «бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча».
Рэйдзіха таксама «больш за ўсё на свеце» баялася, што «людзі пачнуць гаварыць пра яе сына», ужо даўно мёртвага. Яна стараецца быць дагодлівай, усміхаецца Ганне, але ўсмешка ў яе атрымліваецца «палахлівая і вымушаная». Так што складанасці сітуацыі Чыгрынаў ніяк не абмінае. Але разам з тым ён дае ясна зразумець, што ў Ганнінай здольнасці, пераступаючы праз свае крыўды, адгукнуцца на чужую бяду выяўлялася дабрыня нашых людзей, іх чалавечнасць, якую ўхваляе і хрысціянская рэлігія. У ёй, як вядома, дараванне грахоў бліжняму расцэньваецца як бясспрэчная дабрачыннасць.
Тады, як пісалася апавяданне Чыгрынава, наша афіцыйная ідэалогія адмаўляла рэлігійны падыход, лічыла яго заганным. I таму празаік сваю сугучнасць з гэтым падыходам не афішыраваў. Але сёння яна, тая сугучнасць, заўважаецца выразна.
Пісьменнік наогул умеў бачыць жыццё ва ўсёй яго складанасці. I гэта выяўляецца не толькі ў тым, як ён раскрывае пачуцці Ганны, але праглядвае ў асобных пейзажных штрыхах, якія ўспрымаюцца як яшчэ адзін напамінак пра вайну, яе трагічнасць: «Яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца. I таму здавалася, што яно крывавіць». Вядома, гэта ўяўны водсвет успрымання ваеннага часу, яго крывавасці.
Выразная настраёвасць, якая ўзмацняе эмацыянальнае гучанне твора, ёсць і ў іншых пейзажных замалёўках: «На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкае, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася. Вёска як бы драмала яшчэ». Каб заўважыць падобныя нюансы, трэба быць не толькі назіральным чалавекам, але і добрым мастаком, здольным ажывіць пейзажныя малюнкі, прымусіць іх выпраменьваць паэтычнае святло. Гэтае святло нараджаецца і нейкай дзелавітай канкрэтнасцю апавядальнай плыні ў паказе самой вёскі і ўсіх рэалій таго дня, калі ў Бароўцы паявілася Рэйдзіха. «Сонца амаль на вачах пабольшала, зрабілася чырвонае. На зямлі, ужо як на дражджах, вырасталі цені: на вадзе, на самай сярэдзіне возера, пераліваліся, бліскаючы пазалотаю лускі, быццам жыравалі там касякі маленькіх рыбак.
Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступалася паўкругам да возера (па адзін бок яго стаялі хаты, а па другі – лес), неўзаметку асядаў вечар.
З бярозавага балота, што пачыналася за ніжнімі бароўскімі гародамі, выпаўзаў туман, і пацягнула яго, як заўсёды, па тарфяным полі на мост, перакінуты цераз роў, які падзяляў Бароўку на два канцы – канаплёўскі і канчанскі. Але сёння туман быў рэдкі, як дым.
Аднекуль з далёкіх заток раптам прыляцелі дзве качкі-мацярухі і закружылі ў пары над возерам. Штосьці трывожыла птушак. I яны доўга кружылі так, баючыся апусціцца на ваду.
Была тая зацішная пара перад заходам сонца, калі ў вёску яшчэ не вярнуліся з поля каровы, а людзі, прыйшоўшы з работы (як раз за доўгім логам кідалі ў гэты дзень стагі), паспелі ўгаманіцца».
Акрамя ўсяго іншага, тут відавочная і арганічная з’яднанасць пісьменніка з вёскай, самой атмасферай сялянскага жыцця, якое ў падачы Чыгрынава напаўняецца стрыманай, але выразнай паэтычнасцю.
З філіграннай тонкасцю выканана апісанне ранішняга туману ў ваколіцах Бароўкі: «Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў, як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках».
Гэта хісткасць, у нечым прывіднасць, а ўжо зменлівасць дык бясспрэчна, паяўляюцца тут невыпадкова. Яны добра акцэнтуюць істотную для разумення твора рухомасць жывога жыцця, адсутнасць у ім застылай аднастайнасці, якая не можа заўсёды панаваць ні ў прыродзе, ні ў людскіх стасунках.
Канкрэтную фактуру для многіх эпізодаў, у тым ліку пейзажных малюнкаў, пісьменнік часта браў з рэчаіснасці. У апісанні Бароўкі з апавядання «У ціхім тумане» ўгадваюцца некаторыя прыкметы Вялікага Бору – роднай вёскі аўтара.
Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, кожную дэталь. Таму так нязмушана, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін аднаму чыгрынаўскія героі. Яны гавораць добрай літаратурнай мовай, якая часам аздабляецца залацінкамі фразеалагізмаў («З панскага лесу ні сена, ні палена» – з апавядання «У ціхім тумане»), трапнымі параўнаннямі з шырокім абагульненым зместам («На вайну ісці – не жыта малаціць», «Спакойная, як зямля пасля дажджу», «Гаспадарка без мужчыны, што тое вяселле без музыкі», «Плакала… як па нябожчыку» – з апавядання «Ішоў на вайну чалавек»).
Вельмі дарэчы ўжываецца ў прозе Чыгрынава і лексіка Магілёўшчыны: «Прагнала на ранкі за пастухом карову» («У ціхім тумане»); «Каб жа знаццё», «Рушылі яны па загароддзю», «Да коўрат сабралася столькі народу» («Ішоў на вайну чалавек»). У слоўніках, што выдаваліся або перавыдаваліся ў апошнія гады, большасць гэтых слоў з яўнай магілёўскай прывязкай ужо фіксуецца. Гэта значыць, што яны атрымліваюць правы грамадзянства ў агульналітаратурнай мове, хоць магілёўскага каларыту ад гэтага не страчваюць. Толькі слова «коўраты» пакуль не ўзаконена як норма. А яно абазначае вароты з жэрдак, што зачыняюць уваход на двор з боку вуліцы ці агарода.
Аддаваў шмат увагі Іван Чыгрынаў і моўнаму майстэрству. Ён увогуле лічыў мову найвялікшым набыткам нацыі і таму выказваў вострую заклапочанасць тым становішчам, якое беларуская мова займае ў нашым грамадстве.
«Гэта ж не сакрэт, што яна прыйшла ў сённяшні дзень амаль з нулявым ужыткам. Ёсць вядомы выраз: мова – душа народа. А мы ў многім занядбалі эту душу і з-за гэтага, дарэчы, многае страцілі і ў культуры. Пакуль што мы не разумеем ці не жадаем разумець драматызму становішча. Але гэта вельмі сур’ёзна.
Ведаеце, гады тры-чатыры назад я весялеў неяк, з большай надзеяй гаварыў і думаў пра адраджэнне мовы. Будучы старшынёй Камісіі Вярхоўнага Савета рэспублікі па нацыянальных і міжнацыянальных адносінах, я пачынаў працу па стварэнні Закона аб мовах (потым гэтым займалася асобная камісія). Дык вось створаны, на мой погляд, талковы, разумны закон. Прайшоў пэўны час пасля яго прыняцця. Але, скажам шчыра, ён бяздзейнічае, ён без ног. I не таму, што – чаго мы баяліся – няма грошай. Патрэбнага зруху няма таму, што не адбылося ўсведамлення неабходнасці душы ў асобе мовы. Пакуль не адбылося ўзаемапаразумення паміж народам і мовай. А мы, асветнікі, нібыта разгубіліся – не праяўляем настойлівасці, недастаткова займаемся прапагандай мовы. Крыніцы беларускай культуры і мовы, нягледзячы на ўсе ідэалагічныя меліярацыі, бруяць. Іх толькі трэба прачысціць. I гэту справу павінны ўзяць на сябе менавіта асветнікі – літаратары, настаўнікі, увогуле інтэлігенцыя», – сцвярджаў Іван Гаўрылавіч у 1991 годзе.
Двума гадамі раней ён і яшчэ больш крытычна выказваўся пра грамадскі заняпад нашай мовы, адзначаў яе крытычны стан і тое, што справа тут у вялікай ступені залежыць ад таго, як ставяцца да роднай мовы дзяржаўныя службоўцы: «З аднаго боку – у Беларусі ёсць добрая літаратура на роднай мове, тэатр, вядзецца выдавецкая дзейнасць. З другога – па ўжытку беларускай мовы ў грамадскім жыцці мы знаходзімся на ўзроўні 1917-га года! I калі цяпер да роднага слова не падключыць моладзь, новыя пакаленні, то настане катастрофа. Не будзем сябе абманваць нібыта складзеным у рэспубліцы двухмоўем, колькасцю беларускіх школ, што знаходзяцца выключна ў сельскіх раёнах. Навошта патрэбна мова, на якой нават даведка ў сельсавеце не выдаецца? А калі і выдаецца, то які-небудзь чыноўнік просіць перапісаць яе “чалавечай” мовай…»
Хваляваўся пісьменнік недарэмна. Бо і сёння, праз 20 гадоў пасля трывожнага роздуму Івана Гаўрылавіча, перамен у грамадскім стаўленні да беларускай мовы амаль няма. Змяненні тут калі і ёсць, дык не вельмі значныя. Праўда, цяпер у нашай моладзі, той, што праяўляе актыўнасць у нацыянальным пытанні, стала прэстыжным гаварыць па-беларуску. Зрэдку раздаюцца і галасы службоўцаў немалога рангу пра неабходнасць павагі да роднага слова. Але паўсядзённага практычнага прыкладу яны ў сваёй большасці не падаюць. А такі прыклад тут вельмі і вельмі патрэбны. Ён можа стаць вырашальным. Ці дачакаемся яго?
Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў ад душы, на поўную моц выкарыстоўваючы магчымасці свайго глыбіннага, праўдзівага таленту і з вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, са шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. I таму ягоная творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням, паказваючы свету беларусаў у іх непаказной велічы.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4
Дзмітрый Бугаёў
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў глыбінных, тых, якія глядзелі на народнае жыццё без афіцыёзнай прадузятасці, бачылі ў ім і вялікія патэнцыі, і праявы бязладдзя, якое ішло ад чыноўніцка-бюракратычнага дыктату. Чыгрынаўскі талент сілкавала праўдалюбства, арганічна ўласцівае гэтаму пісьменніку. Доля адмерала яму толькі 61 год і 15 дзён зямнога жыцця. Па сённяшніх мерках гэта ўвогуле не багата. У літаратуры ён актыўна працаваў тры з паловай дзесяцігоддзі і здабыў шырокае, можна сказаць, сусветнае прызнанне.
Да пастаяннай працы ў галіне мастацкай прозы Іван Чыгрынаў звярнуўся ў пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя. Выдаў тры зборнікі апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). Пасля другога зборніка твораў у гэтым жанры Чыгрынаў узяўся пісаць раманы, якіх ён стварыў пяць: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996), Атрымалася эпапея пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, як людзі жылі ў Беларусі ва ўмовах нямецкай акупацыі, і як яны змагаліся супраць фашысцкай набрыдзі, уносячы свой вялікі ўклад у агульную перамогу чалавецтва над гітлераўцамі.
Гэты раманны цыкл стаў вельмі важным дасягненнем пісьменніка і хутка здабыў належнае грамадскае прызнанне. За два першыя раманы («Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві») I. Чыгрынаў атрымаў вельмі прэстыжную літаратурную прэмію імя А. Фадзеева, а ў дадатак да яе і сярэбраны медаль. I цалкам меў рацыю Максім Танк, які падкрэсліваў, шго ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлена глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Можна прыгадаць, што за два тыдні да смерці, якая забрала Івана Чыгрынава 5 студзеня 1996 г., ён, разважаючы пра свой уклад у літаратуру, казаў, што беларускі народ будзе ўдзячны яму менавіта за раманы, бо імі зроблена справа сур’ёзная, гістарычная.
Іван Чыгрынаў не раз казаў, што папярэдняя літаратура пра вайну звычайна з большым ці меншым поспехам пісала, як людзі ваююць. Сам жа ён лічыў патрэбным адлюстраваць і тое, як яны жылі ў ваеннай віхуры. «У мяне чалавек хутчэй не на вайне, а ў вайне. Яна даставала ўсіх. А жыць усё роўна трэба было. I людзі жылі пры той жа акупацыі. Куды ім было дзецца? Пра гэта я і пішу. Пішу не так, як раней пісалі многія, а так, як было», – настойваў Іван Чыгрынаў.
Сваю працу па асэнсаванні мастацкай літаратуры Іван Гаўрылавіч ацэньваў вельмі высока. Вынікі гэтай працы падсумоўваліся і ў кнізе «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983). Тут ідзе гаворка не толькі пра беларускіх пісьменнікаў, але і пра майстроў мастацкага слова ў абсягу ўсяго былога Савецкага Саюза, гаворка ўдумлівая, тэарэтычна заглыбленая, з пастаноўкай цэлага шэрага тэарэтычных, асабліва жанравых праблем і з выхадам на некаторыя з’явы ў літаратуры сусветнай. Адсюль і высокая аўтарская ацэнка яго крытычных прац. «Я і крытыкай займаўся абсалютна сур’ёзна. У сваіх выступленнях, дакладах, артыкулах, мне здаецца, я сказаў шмат таго, што не сказалі вы, прафесійныя крытыкі», – настойваў Іван Гаўрылавіч у гутарцы, якая адбылася ў ліпені 1994 года.
Важная дзялянка творчай працы Івана Чыгрынава – ягоная драматургія. Чыгрынаўскія п’есы вызначаюцца драматычнай напружанасцю. Мастак засяроджваецца ў іх на важных гістарычных падзеях, іх асэнсаванне нярэдка мае палемічны характар, скіравана супраць павярхоўных ці зусім памылковых трактовак, якія набывалі шырокае распаўсюджванне, станавіліся ўстойлівай заганнай традыцыяй.
Ствараў Чыгрынаў п’есы і па сваіх раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы». Прымаў ён удзел і ў стварэнні сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны сграляюць», пастаўленага ў 1973 годзе. За працу над гэтым сцэнарыем ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1974). Праз дваццаць гадоў за дасягненні ў літаратуры яму надалі і званне народнага пісьменніка Беларусі.
Іван Гаўрылавіч добра ведаў цану зробленага ім на літаратурнай і навуковай ніве і зробленым ганарыўся. У сваёй чулай, далікатнай душы ён насіў шмат дабрыні і чалавечнасці, але прыкрываў іх знешняй позай. Ён і хадзіў звычайна з высока ўзнятай галавой. Такую позу многія прымалі, а некаторыя добразычліўцы і зайздроснікі знарок імкнуліся выдаць за ягоную сапраўдную сутнасць, прыпісвалі яму саманадзейнасць і фанабэрыстасць А ён і ў чалавечым сэнсе (не кажучы ўжо пра мастака) быў неардынарным, працаваў самааддана, пераадольваючы шматлікія перашкоды. Да іх трэба аднесці несправядлівыя нападкі афіцыёзнай крытыкі, якія абрушваліся на Чыгрынава ўжо з-за самых ранніх яго апавяданняў. Яны падвяргаліся тэндэнцыйнаму разносу за праўдзівасць, гуманістычную накіраванасць, пастаноўку вострых праблем, іх трактоўку не з вузка класавых, а з агульначалавечых пазіцый. Так было з апавяданнямі «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Маці» (канчатковая назва «У ціхім тумане») і некаторымі іншымі творамі гэтага жанру. Разносы зноў і зноў паўтаралі і не толькі звычайныя афіцыёзныя крытыкі, але раздаваліся і з вуснаў больш уплывовых асоб, пісьменнікаў у рангу акадэмікаў, якія самі мастацкіх твораў ужо амаль не пісалі, і нават кіраўнікоў рэспублікі. Пісьменнікі творча актыўныя і дальнабачныя Івана Гаўрылавіча падтрымлівалі. Напрыклад, Максім Танк, які апублікаваў апавяданне «Маці» ў часопісе «Полымя», і ў час разносу твора сказаў яго аўтару, што ён напісаў добрае апавяданне. «Чалавек вопытны, ён ведаў, што разносы мінуцца, а сапраўдная літаратура застанецца», – з удзячнасцю згадваў пра Максіма Танка і яго падтрымку Іван Чыгрынаў.
Аддаваў шмат увагі Іван Чыгрынаў і моўнаму майстэрству. Ён увогуле лічыў мову найвялікшым набыткам нацыі і таму выказваў вострую заклапочанасць тым становішчам, якое беларуская мова займае ў нашым грамадстве. «Гэта ж не сакрэт, што яна прыйшла ў сённяшні дзень амаль з нулявым ужыткам. Ёсць вядомы выраз: мова – душа народа. А мы ў многім занядбалі гэту душу і з-за гэтага, дарэчы, многае страцілі і ў культуры. Пакуль што мы не разумеем, ці не жадаем разумець драматызму становішча. Але гэта вельмі сур’ёзна».
Хваляваўся пісьменнік недарэмна. Бо і сёння, праз 20 гадоў пасля трывожнага роздуму Івана Гаўрылавіча, перамен у грамадскім стаўленні да беларускай мовы амаль няма. Змяненні тут калі і ёсць, дык не вельмі значныя. Праўда, цяпер у нашай моладзі, той, што праяўляе актыўнасць у нацыянальным пытанні, стала прэстыжным гаварыць па-беларуску. Зрэдку раздаюцца і галасы службоўцаў немалога рангу пра неабходнасць павагі да роднага слова. Але паўсядзённага практычнага прыкладу яны ў сваёй большасці не падаюць. А такі прыклад тут вельмі і вельмі патрэбны. Ён можа стаць вырашальным. Ці дачакаемся яго?
Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў ад душы, на поўную моц выкарыстоўваючы магчымасці свайго глыбіннага, праўдзівага таленту і з вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, са шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. I таму ягоная творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням, паказваючы свету беларусаў у іх непаказной велічы.
Н.В. Еўчык
Іван Чыгрынаў уступіў у літаратуру ў пачатку шасцідзясятых гадоў. І адной з галоўных умоў яго сталення як пісьменніка і як чалавека была вайна. Памяць аб ёй значна ўплывала на фарміраванне светапогляду пісьменнікаў-франтавікоў і пісьменнікаў «філалагічнага» пакалення, што сустрэлі вайну дзецьмі. Памяць адбірае ў мінулым усё тое, што актуальна, тое, што з’яўляецца важным для пэўнага аўтара ці цэлага кірунку ў мастацтве. Склалася цэлая літаратура аб некаторых перыядах і праблемах Вялікай Айчыннай вайны. Аналіз такіх тэматычных гнёздаў падаецца плённым у тых адносінах, што творы, напісаныя на адным і тым самым жыццёвым матэрыяле, дазваляюць параўнаць розныя літаратурныя рашэнні і прасачыць, як гістарычна змянялася мастацкае засваенне тэмы Вялікай Айчыннай вайны. У пашырэнні гуманістычнай праблематыкі ўсёй літаратуры, у тым ліку аб мінулай вайне, прыкметнае месца занялі творы, у якіх матыў памяці, віны і адказнасці стаў канструктыўным стрыжнем. Асаблівасць памяці ў тым, што яна сцірае бар’еры паміж часам мінулым і днём сённяшнім, усё мінулае і далёкае змяшчае ў часавай і прасторавай кропцы чалавека, які ўспамінае.
Тэма памяці набыла ў сучаснай «ваеннай» прозе розныя аспекты. Гераічнае мінулае асвятляе актыўную жыццёвую пазіцыю героя, герой і яго мінулае непарыўна звязаны як, напрыклад, у прозе І. Навуменкі, М. Лынькова. Гэтыя творы вылучаюцца гераічным пафасам. У аповесцях і апавяданнях В. Быкава, І. Пташнікава вайна ўспамінаецца не толькі ў святле гераічнага, ёсць патрэба спазнаць усю праўду вайны, а значыць, пераасэнсаваць і сваё жыццё сёння. Памяць аб гераічным мінулым прымушае героя задумацца над сённяшнім існаваннем: ці варта яго жыццё ў мірныя дні духоўнага і фізічнага напружання ваеннага часу? На суд памяці вынес сваё жыццё Іван Батрак рамана І. Шамякіна «Вазьму твой боль». Батрак прыходзіць да высновы, што ёсць «…толькі адзін пракурор і адзін суддзя – мая памяць. Каго яна асудзіць?. Можа, я сам сябе асуджу. Што забыўся на сваіх…». Аб гэтым пісаў і В. Казько (аповесць «Суд у Слабадзе»). Калі ў рамане І. Шамякіна канфлікт развязваецца праз маральна-этычнае вырашэнне вобраза Таісы Міхайлаўны, то Лецечку, героя аповесці В. Казько, памяць аб вайне забівае.
Варыянты трагічнага і разбуральнага ўплыву памяці на свядомасць чалавека даў І. Чыгрынаў у апавяданнях «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», «Жыве ў крайняй хаце ўдава…». У апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» стары Дземідзёнак пераносіць сваё адчуванне віны перад унучкай, якую ён страціў ваеннай зімой, на птушак. Не ў сілах бачыць жывую істоту ў палоне, ён купляе ў дзяцей птушак, каб выпусціць іх з клетак на волю.
Значнай з’явай у беларускай навелістыцы стала апавяданне Чыгрынава «У ціхім тумане» (1963), у аснове якога знаходзіцца канфлікт вялікай гуманістычнай ёмістасці. Старая Рэйдзіха прыйшла ў Бароўку, каб убачыць магілу сына-здрадніка. І дапамагае ёй, дае начлег і ежу Ганна – жанчына, старога бацьку якой павесіў калісьці сын Рэйдзіхі. Рэйдзіха «ўпотай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць». Паказаць магілу здрадніка – гэта нялёгкае рашэнне для Ганны і бароўцаў, у памяці якіх яшчэ жывуць падрабязнасці яго злачынстваў. Але гора яго старой маці яны паважаюць. Найбольш уплывовая ў беларускай літаратуры пазіцыя пісьменніка як настаўніка, як мудраца, які ведае жыццё, ведае ісціну і вядзе за сабою чытача. Пазіцыя Чыгрынава – пазіцыя шукальніка, які аддае перавагу пытанням, а не фармуліроўкам-адказам. Ён задае прама нявыказанае пытанне: «А ты сам як бы сябе паводзіў?». І на пытанне кожны чалавек можа адказаць па-свойму.
У позніх апавяданнях Чыгрынава, напісаных у 1980–1990 гадах, пасільваецца маральна-этычная праблематыка і на першы план выступае матыў віны і адказнасці чалавека за ўсё жывое на зямлі. Калгасны конюх, герой апавядання «Коні», адчувае вялікую віну перад конямі, якія ў яго выпадкова загінулі ў час вайны. Апавяданне «За трэцім разам» працягвае і паглыбляе тэму трывожнай памяці. Парфён Канапелькін прайшоў усю вайну, але ўспамінаецца яму з таго, ваеннага, жыцця толькі адзін выпадак – той дзень, калі ён расстраляў палоннага немца. Тры разы ў апавяданні Чыгрынава пераказвае сваю гісторыю Парфён. Ён быццам хоча пераканаць сябе і субяседніка, што меў права забіць таго немца. Фашысты ў час вайны былі ворагамі, захопнікамі, знішчаць якіх абавязак кожнага воіна. Тут не магло быць выбару для патрыёта. Але смерць толькі аднаго немца не дае Парфёну спакойна жыць можа, таму, што быў забіты безабаронны, палонны чалавек. Парфён адчувае несправядлівасць гэтай смерці і няправільнасць сваёй пазіцыі.
Жорсткая біцэнтрычнасць канфлікту, характэрная для прозы ваеннага часу, абмяжоўвала мастака аднамерным, хаця і вострым сутыкненнем: «свае» – «чужыя». Тое, што было правільным і ўхвалялася ў ваенныя гады – знішчэнне праціўніка, суровы прысуд здраднікам і членам іх сямей крытычна пераглядаецца ў літаратуры новага часу. Агульнай рысай гэтых твораў можна назваць, верагодна, наступную: увагу да напружанага духоўнага самавызначэння чалавека ў трывожным і зменлівым свеце, пільную ўвагу да пошукаў ісціны – нялёгкіх, такіх, якія дазваляюць выявіць і натуру пэўнага чалавека, і сэнс таго, што адбываецца з ім.
А.М. Лапата-Загорскі
Вялікая Айчынная вайна непазбежна ставіла чалавека перад неабходнасцю выбіраць тую ці іншую лінію паводзін. Ідэалагічнае супрацьстаянне сістэм было настолькі жорсткае, што ў чалавека, які б захацеў узняцца па-над сутычкай і застацца староннім назіральнікам, шансаў захаваць нейтралітэт не мелася фактычна ніякіх. «Той, хто спрабаваў ухіліцца, вельмі хутка трапляў на другую лінію барацьбы», гэта была суровая і няўмольная логіка змагання не на жыццё, а на смерць. Драматычныя калізіі, пры якіх чалавек, незалежна ад ранейшых перакананняў, рана ці позна патрапляў у сітуацыю, дзе прастора для выбару звужалася да безальтэрнатыўнага «альбо з намі, альбо супраць нас», асабліва востра ўспрымаліся, бадай, юнакамі і падлеткамі.
Два эпічныя цыклы пра Вялікую Айчынную, два вонкава адрозныя поглады на падзеі ваеннага ліхалецця… Але нават структура твораў I. Навуменкі і І. Чыгрынава сфармавана аднолькава балючай для абодвух аўтараў і праблематыкай. Поліфанія ў іх раманах стала не толькі тэхнічным сродкам пабудовы мастацкага палатна, але і важным інструментам адлюстравання няпростасці праблемы выбару чалавекам той лініі паводзін, якая дазваляе захоўваць годнасць нават у звышняпростых умовах.
Прынцып поліфаніі прыўнесены ў беларускую прозу Кузьмой Чорным, выкарыстаная ў яго раманах тэхніка «некалькіх апавядальнікаў» атрымала развіццё ў раманах Івана Мележа. Для поліфанічнага твора павінен быць характэрны ўзважаны аўтарскі падыход да адбору «апавядальніцкіх пазіцый». Неабходна, каб пры стварэнні сістэмы надзеленых «правам голасу» персанажаў пісьменнік як мага паўней з’імітаваў рэальную шматфарбнасць чалавечых поглядаў на жыццё.
Нарматыўна пісьменнік, калі задумваецца пра надзеленасць «апавядальніцкімі галасамі» шырокага кола розных па ўзроставых, псіхічных і іншых параметрах персанажаў, найперш дбае пра глыбіню і ўсебаковасць асэнеавання рэалій. Навуменка, распачынаючы працу над раманам «Сасна пры дарозе» і схіляючыся да поліфанічнага прынцыпу пабудовы аповеду, відавочна трымаў у галаве і іншую задачу.
Яму важна перадаць трагічную атмасферу ваенных гадоў, складанасць працэсу ўсведамлення кожным чалавекам неабходнасці выбіраць не адну з мноства прадугледжаных (як у мірны час), а адзіную з дзвюх пакінутых лёсам мадэлей паводзін. Прычым часта выбар, перад якім ставіла чалавека логіка маштабнага ваеннага супрацьстаяння, супярэчыў не толькі псіхафізіялагічнаму складу асобы, не толькі ўласнаму яе жыццёваму досведу, але і глыбінным. вынесеным з вопыту пакаленняў, канцэптам нацыянальнага светаразумення.
Іван Навуменка, які не толькі назіраў збоку, як цяжка ламаліся стэрэатыпы, але і на сабе зведаў няпростасць шляху да нібыта крыштальнай у сваей празрыстасці высновы: «хто не змагаецца з ворагам, фактычна пачынае садзейнічаць яму», так адпачатку, яшчэ пры планаванні твора, і задумваў каардынатную сетку надзеленых правам апавядальніцкага голасу персанажаў: непадобныя адзін да аднаго на стартавым этапе, яго героі логікай татальнага ваеннага супрацьстаяння павінны «выціскацца» на пазіцыі, дзе перспектыва далейшага выбару звужаецца да палярнага «так ці не».
Паспрабуем даказаць прыўнесенасць такой задачы ў задуму рамана «Сасна пры дарозе». Пры гэтым возьмем пад увагу энцыклапедычную дасведчанасць I. Навуменкі і тую яго грунтоўную філалагічную падрыхтоўку, якая прадугледжвала безумоўную азнаёмленасць з асноўнымі напрацоўкамі літаратурнай тэорыі.
У 1960–1970-я гады актыўна распрацоўвалася дынамічная мадэль развіцця еўрапейскай драмы XX стагоддзя. Пры гэтым за крытэрый, праз супастаўленне з якім адсочвалася эвалюцыя мастацкіх прынцыпаў у драматургіі, даследчыкі бралі такі аспект, як «стасункі асяроддзя і асобы». Каб зафіксаваць зрухі ў разуменні мастакамі розных дзесяцігоддзяў сутнасці вострага канфлікту чалавека і грамадства, навукоўцы параўноўвалі, як у драматычных творах мяняюцца суадносіны персанажаў з часам (глядзелі, якая мадальнасць пераважае ў настроі герояў: «настальгія па мінулым», «засяроджанасць на сучасным» ці «скіраванасць у будучае») і з прыродай (пануе у светаадчуванні гармонія ці дысгармонія), дбайна рэгістраваліся адносіны героя да кахання, да музыкі і г. д.
Такі аналіз дапамог выбудаваць цэласную, унутрана лагічную канцэпцыю выспявання новых прынцыпаў канструявання сюжэтаў у еўрапейскай драме (пэўнае ўяўленне пра створаную тады тэорыю можа даць азнаямленне хаця б з кнігай Б.Зінгермана «Нарысы гісторыі драмы» (1979)). Тагачасныя напрацоўкі літаратуразнаўцаў былі ўзяты на ўзбраенне многімі еўрапейскімі літаратарамі, у тым ліку празаікамі…
Па абавязку дасведчанага даследчыка-філолага не мог не ведаць пра пошукі ў тэатразнаўстве і I. Навуменка. Пры гэтым як пісьменнік, чуйны да павеваў новага і перспектыўнага, ён прадказальна павінен быў паспрабаваць скарыстаць напрацоўкі тэарэтыкаў ва ўласнай творчасці, увесці прыёмы работы лепшых драматургаў з матэрыялам у свой пісьменніцкі арсенал.
Сціслы аб’ём секцыйнага паведамлення не дазваляе паслядоўна прасачыць усе лініі змяненняў па раскіданых на старонках раманаў Навуменкі каардынатных сетках «герой і суадносіны з часавымі модусамі», «герой і суадносіны з прыродай», «герой і ўспрыманне музыкі». Адзначым толькі, што гэта важныя для пісьменніка вектары, пра неабходнасць углядацца ў іх Навуменка не стамляецца нагадваць чытачу. Напрыклад, што робіць Крамер у дзень, кале немцы ўпершыню з’яўляюцца ў Бацькавічах? Так, ён сядзіць у хаце і рамантуе ходзікі, якія даўно сапсаваліся… А ці не сімвалічны малюнак на гадзінніку, які вісіць у хаце Сцяпана Птаха, хіба выпадкова аўтар палічыў патрэбным спыніцца на тым, што калісьці быў набыты механізм з выяваю трактара, «якога ніхто ў Бацькавічах на той час не бачыў»?
Індыкатарам зробленасці альбо нязробленасці персанажам неабходнага, адзіна для яго прымальнага выбару нязменна, праз усю трылогію, абарочваецца музыка, успрыманне пэўнай песні ці мелодыі тым героем, ад асобы якога вядзецца ў дадзены момант аповед. Не, гэта не толькі прыгожыя сюжэтныя адступленні: праз усе сцэны, звязаныя з музыкай, нястомна ідзе фіксацыя ўнутранага стану персанажаў у перыяды, калі выбар яшчэ не вызначыўся ці калі ўзніклі сумненні ў яго абгрунтаванасці, музыка ж сігналізуе пра душэўныя ўздымы ў момант рашучага кроку па незваротна абраным героем накірунку далейшага развіцця.
Той жа індыкатарны змест аддаецца ўзаемаадносінам героя з каханай (з каханым). Перастае Міця Птах адчуваць упэўненасць у апраўданасці зробленага выбару на карысць рашучай барацьбы з ворагам – наступае і ахаладжэнне паміж ім і Сюзаннай, збліжэнне адбудзецца толькі тады, калі хлопец пераадолее ваганні, калі на душы запануе ўпэўненая яснасць. I, дарэчы, Навуменка кожны раз падкрэслівае: Сюзанна хінецца да Міці як да абаронцы, бачыць (альбо не бачыць) у ім таго, хто заступіцца, не дасць у крыўду.
Калі не ўлічваць «індыкатарную» ролю складзенай пісьменнікам з пейзажных замалёвак, музычна-лірычных адступленняў і многага іншага каардынатнай сеткі нярэдка сімвалічных адзнак, па стаўленні да якіх і ўдакладняецца кожным разам агульны настрой персанажа, можна, як надаралася, палічыць за недахоп творчай манеры I. Навуменкі знешнюю аднастайнасць кампаноўкі падраздзелаў, што сістэмна пачынаюцца з разгорнутага лірычнага апісання. Але ў моманты, на якія пісьменнік заклікае чытача звярнуць асаблівую увагу, структура падраздзелаў настолькі ж сістэмна пераўтвараецца, герой, ужо з падкрэсленым эмацыянальным усплёскам, бачыць пейзажныя замалёўкі толькі пасля завяршэння вострага, пераломнага для яго супрацьстаяння!
Адзначым і на такую запаралеленасць ліній: першы цягнік немцы па адноўленай чыгунцы пусцяць 22 чэрвеня 1942 года, убачыць цягнік Міця Птах апоўдні, роўна праз год пасля таго, як пачуў на станцыі паведамленне пра пачатак вайны. Прыгадаем, у 1941-м побач з ім слухалі рэпрадуктар людзі, сярод іх – пажылы лейтэнант у новенькім абмундзіраванні. Не даслухаўшы паведамленне, той лейтэнант кінуўся з залы, абмацваючы на хаду нагрудныя кішэні, – выбар вайскоўцам быў зроблены імгненна і адразу. I для Сцяпана Птаха першы нямецкі цягнік, пушчаны па «ягонай», якую ён вымушаны ахоўваць, чыгуначнай лініі, праз год таксама стане сігналам, які прыспешыць працэс выбару адзіна прымальнага, здольнага вярнуць старому абходчыку раўнавагу і спакой рашэння!
Прыгадаем фінальныя старонкі: Крамер едзе з немцамі ў эвакуацыю, потым вяртаецца, не бачачы на чужыне перспектывы, у Бацькавічы, але не супакойваецца і тут. Фактычна будучыня, думкамі пра якую увесь час суцяшаў сябе бургамістр, перакрэслена, а партызаны, мары якіх пра пасляваеннае жыццё пісьменнік так доўга не прыўносіў у раманны тэкст, менавіта ў гэты час толькі пра будучыню і разважаюць. Красамоўны, ці не праўда, кантраст!
Думаецца, сказанага дастаткова, каб пераканацца, што пры стварэнні сеткі надзеленых апавядальніцкім голасам персанажаў Навуменка відавочна прадугледжваў перспектыву вырашэння наступнай літаратурнай задачы: пісьменніку важна было адпачатку акрэсліць шырокі дыяпазон «зыходных» чалавечых канцэпцый светаўспрымання. Толькі пры такой умове пераканаўчым мог стаць аналіз трагічных шляхоў выспявання (часам насуперак ранейшым перакананням!) рашучасці савецкіх людзей заняць урэшце рэшт месца ў шэрагах барацьбітоў з фашызмам.
Дарэчы, зададзеная ўжо ад першых старонак рамана «Сасна пры дарозе» варыятыўнасць надзеленых апавядальніцкім голасам персанажаў і ў чыста сюжэтным плане ішла твору на карысць: пры перадачы знакавых эпізодаў пісьменнік атрымліваў магчымасць выбіраць самага «зручнага» персанажа, таго, чыя ацэнка падзеі падавалася найбольш эмацыянальнай. Так, першыя праявы жорсткага стаўлення фашыстаў да мясцовых людзей Навуменка дае нам магчымасць убачыць вачыма Крамера, патэнцыяльна найбольш лаяльнага да нямецкай арміі жыхара Бацькавіч. I пасля гэтага паўтарацца, яшчэ і яшчэ нагрувашчваць жахі сустрэчы іншых персанажаў з «тэўтонамі-заваёўнікамі» патрэбы ўжо няма…
Інакш у I. Чыгрынава. «I. Чыгрынаў нібыта непакоіцца, што непераканаўча перададзена гэтая (гатоўнасці акупантаў лёгка пераступіць проз чужое жыццё) ідэя. Першая сустрэча, калі вёска ледзь не была перастраляна з-за нямецкага; салдата, выключная – і пісьменнік наладжвае другую, чыста побытавую, тут сустрэча жанчын з немцамі і адпачатку нібыта бяскрыўдны жарт аднаго з салдат хутка ператвараецца ў жорсткі фарс таму, што натуральнасць псіхалагічнага ладу душы нямецкага салдата ўжо парушана ідэалагічнымі ін’екцыямі фашызму».
Неабходнасць паўтарацца ўзнікае не выпадкова. Свой цыкл I. Чыгрынаў пачынаў будаваць без акцэнту на аналіз той ідэі прадвырашанага вайной звужэнняі пакінутай чалавеку прасторы для выбару, увага да якой фармавала структуру эпічных твораў I. Навуменкі. Адсюль іншы, чым у раманах Навуменкі, прынцып надзеленасці персанажаў апавядальніцкімі галасамі. Фактычна для свайго чытача Чыгрынаў не прадугледжвае магчымасці ўбачыць сюжэтныя падзеі вачыма тых, хто стаў ці стане, згодна з няўмольнай логікай барацьбы, у адзін шэраг з фашысцкімі заваёўнікамі.
Паступова задума цыкла пашыралася, узбагачалася новымі фарбамі. Досыць хутка ў творах Чыгрынава напоўніцу загучаў і сугучны з настолькі выразна праяўленым у раманах Навуменкі матыў няпростасці канчатковага выбару, яго абумоўленасці многімі, у тым ліку здольнымі літаральна пераворваць чалавечыя душы, фактарамі. Аднак тут праявілася пэўная інерцыйнасць зададзенай адпачатку раманнай формы, неўзабаве стала відавочна, што нельга лёгка і вольна прыўносіць дадатковыя гучанні ў адладжаную згодна з іншымі прынцыпамі поліфанічную сістэму. Нязмушанасць пабудовы сюжэтных ліній, характэрная для раманаў Навуменкі, засцерагала аўтара ад неабходнасці зводзіць герояў з персанажамі «дэкларатыўнымі», выкарыстанымі ў якасці рупара для агучвання пэўных ідэй. А некаторыя сустрэчы на старонках раманнага цыкла Чыгрынава пакідалі ў чытачоў і рэцэнзентаў прыкрае ўражанне сутыкненняў, логікай развіцця сітуацыі далёка не прадвырашаных.
Раманныя цыклы I. Навуменкі і I. Чыгрынава застаюцца сёння актуальнымі не толькі па сваіх мастацкіх вартасцях. Напісанае слыннымі майстрамі беларускага слова – неацэнная школа пісьменніцкага майстэрства, той матэрыял, праз вывучэнне якога літаратар, які толькі падступаецца да стварэння маштабных мастацкіх палотнаў, можа многае ўдасканаліць у сваёй тэхніцы. I па меншай меры адзін урок з прааналізаванага напрошваецца выразна: аўтар, які разлічвае на перарастанне напісанага ім поліфанічнага рамана ў раманны цыкл, павінен пры мадэляванні сеткі надзеленых апавядальніцкімі галасамі персанажаў задумвацца пра верагоднасць узнікнення дадатковых, адпачатку не прадугледжаных мастацкіх задач, і менавіта ў адпаведнасці з «пашыранай» перспектывай яму належыць праводзіць «разгаласоўку» рэпрэзентаванага ў творы матэрыялу.
М.В. Савіцкі
Іван Чыгрынаў і Васіль Шукшын належаць да таго пісьменніцкага пакалення, творчае станаўленне і росквіт якога прыпалі на 60–70-я гг. ХХ стагоддзя. Час даволі супярэчлівы з таго пункту гледжання, што лёгка можна было паддацца ідэалагічным устаноўкам, спакусіцца моднымі тагачаснымі павевамі і стаць на шлях стварэння вобразаў – схем, павярхоўных ілюстрацый. На шчасце, вышэй пералічанае абмінула абодвух мастакоў слова, у творчасці якіх на першае месца выходзяць наступныя аб’екты і крытэрыі мастацкага даследавання: псіхалогія чалавека, свет яго думак і пачуццяў, крытычнае пераасэнсаванне вечных чалавечых каштоўнасцей, клопат пра адраджэнне духоўнасці, маральных асноў жыцця, эстэтычных прынцыпаў мастацтва. Спрыяла гэтаму агульная атмасфера ў краіне, дзе побач з цэнзурай і ідэалогіяй на пачатку 1960-х гг. пачынаюць афармляцца яўныя прыметы абнаўлення жыцця. Калі, напрыклад, у 1940–50-я гг. увага літаратуры была засяроджана на так званых сацыяльна эканамічных, маральна вытворчых праблемах, то на пачатку 1960-х гг. зыходным пунктам у аналізе чалавечых характараў і сітуацый становіцца не стаўленне чалавека да той ці іншай праблемы, а характар, узяты ў яго адносінах да адвечных традыцый народнага жыцця. У гэты час назіраецца павышаная цікавасць да характараў самабытных, супярэчлівых, да маральна-псіхалагічных калізій, што далёка выходзілі за межы звычайных вытворчых праблем і канфліктаў. Менавіта таму 1960-я гг. былі адзначаны значнымі поспехамі ў развіцці нацыянальных літаратур. Якасна новымі набыткамі вызначаюцца ў гэты час жанравыя формы так званай малой прозы, дзе адно з дамінуючых месцаў займае форма апавядання, адметнасцю якога «было тое, што яно амаль заўсёды знаходзілася на вастрыні грамадскіх падзей. Усебакова адлюстроўваючы гэтыя падзеі, яно адпавядала мастацкім і эстэтычным ідэалам, якія выпрацавала грамадства…» [1, с. 6]. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў – чалавек з яго духоўным, маральным, псіхалагічным, грамадскім патэнцыялам. Менавіта такіх герояў мы бачым у лепшых апавяданнях Я. Брыля, І. Мележа, І. Пташнікава, М. Стральцова, Ю. Казакова, Ф. Абрамава, В. Распуціна, Я. Носава і інш.
Творчы пошук І. Чыгрынава і В. Шукшына ў цэлым ішоў у тым жа кірунку, што і творчы пошук многіх прадстаўнікоў так званага сярэдняга пакалення. У апавяданнях празаікаў даволі выразна выявіліся рысы, характэрныя для ранняга этапу творчасці гэтага пакалення: увага да паўсядзённага побыту герояў, да знешне няяркіх падзей і характараў, эмацыянальнае, лірычна завостранае ўспрыняцце з’яў рэчаіснасці. Агульныя факты біяграфіі (цяжкае ваеннае дзяцінства, ранняе пасталенне, кроўная сувязь са светам вёскі), шмат у чым падобны жыццёвы вопыт (школа, вучоба ў ВНУ, першыя самастойныя крокі ў жыцці, літаратурныя ўплывы) – усё вышэй адзначанае садзейнічала таму, што творы маладых пісьменнікаў збліжаліся паміж сабой тэматычна і праблемна. Думаецца, што перш чым прыйсці ў вялікую прозу, І. Чыгрынаў і В. Шукшын свядома «адшліфоўвалі» сваё майстэрства ў жанры малой прозы, лічачы, што «апавяданне, асабліва ў яго мініформах, дысцыплінуе мастака ідэйна і эстэтычна, не дае думцы бескантрольна і бязмежна расплывацца «па дрэве жыцця» [3, с. 280]. Менавіта матэрыялам для апавядання станавіліся «самы просты эпізод, выпадак, сустрэча… і чым прасцейшы гэты эпізод, выпадак, тым лепш, тым большая прастора для мастака» [4, с. 333]. Многія апавяданні І. Чыгрынава і В. Шукшына напісаны як нарысы, бо ў іх расказваецца пра сустрэчы з цікавымі людзьмі. Апавяданні, блізкія па форме да нарысаў, павінны былі, акрамя ўсяго іншага, узмацніць давер да жыццёвага матэрыялу, што быў пакладзены ў аснову твораў, меў яўныя рысы рамантызацыі ў характары герояў, жыццё якіх было багатае на запамінальныя падзеі і здарэнні.
Адно з цэнтральных месцаў у творчасці І. Чыгрынава і В. Шукшына займае вобраз жанчыны-маці, церпялівай, добрай, велікадушнай, чые светапогляд і лад жыцця сфарміраваліся ва ўмовах патрыярхальнай вёскі. Прынцып жыцця – саступаць, улагоджваць, супакойваць, мірыць, дагаджаць, гэта значыць забяспечваць станоўчы мікраклімат у сям’і і наогул вакол сябе. Менавіта такую жанчыну-маці мы бачым у апавяданні «Мацярынскае сэрца» В. Шукшына. Віцька, галоўны герой твора, паехаўшы ў горад прадаваць сала, пазнаёміўся там з дзяўчынай, якая аказалася аферысткай і разам з сяброўкай абабрала хлопца. Добра, што ў патаемнай кішэні застаўся чырвонец, каб даехаць дадому. Крыўда і злосць на гарадскіх жыхароў прывялі да таго, што, яшчэ крыху выпіўшы для храбрасці, вясковы хлопец пачынае ўсё крушыць на сваім шляху. У выніку гэтага ён аказаўся ў КПЗ. Даведаўшыся аб тым, што здарылася, маці галоўнага героя прыкладае шмат намаганняў, каб вызваліць сына з бяды. Пры дапамозе прыёму рэтраспекцыі мы даведваемся, колькі выпрабаванняў выпадае на долю гэтай «сухой, двухжыльнай, лёгкай на нагу» жанчыны. Пяцярых дзяцей нарадзіла маці Віцькі, які яшчэ быў грудным, калі прыйшла пахаронка на бацьку. Старэйшы сын загінуў на вайне, дачка памерла ад голаду ў пасляваенны час. Два хлопцы атрымалі рабочыя спецыяльнасці і жылі ў розных гарадах. Усю цеплыню сваёй мацярынскай душы маці аддае Віцьку, якога «выхадзіла з апошніх сіл, усё распрадала, але сына выхадзіла» [5, с. 342]. І вось зараз «яе крывіначка» чакае вырашэння свайго лёсу. На працягу некалькіх гадзін мы назіраем за ўчынкамі і дзеяннямі простай вясковай жанчыны, якая паспявае пабыць і ў старшыні калгаса, і ў міліцыі, і ў пракуратуры і нават дабіцца дзесяціхвіліннай сустрэчы з сынам. Колькі светлай дабрыні і мудрасці хаваецца за кожным учынкам і словам гэтай жанчыны, якая «нідзе не мешкала, не спынялася, каб наплакацца ўволю» [5. с. 351], колькі сціплай самаахвярнасці, мужнай цярплівасці, шчырай спагадлівасці паўстае перад намі са старонак твора. У вобразе жанчыны-маці, звычайнай сельскай працаўніцы, Шукшын бачыць сапраўдную апору для чалавека ў вірунках лёсу, яна для пісьменніка – увасабленне надзеі, мудрасці, дабрыні, міласэрнасці.
Галоўная гераіня апавядання «Пісьмо» – сталая жанчына, якая спрабуе дапамагчы дачцэ парадай. У пісьме яна дзеліцца сваім жыццёвым вопытам. Не асабліва цешачыся тым, што яе парады будуць карыснымі, галоўная гераіня ўпотай спадзяецца на душэўны водклік дачкі-гараджанкі, якая ўжо даўно жыве сваім жыццём. Пішучы пісьмо, маці ўспамінае сваю маладосць, пражытае жыццё, у якім былі і радасці, і горасці, і будні, і святы. Смутак галоўнай гераіні ад таго, што нават родныя людзі абкрадваюць саміх сябе, забываючы за паўсядзённымі сваімі клопатамі пра звычайную ўвагу адзін да аднаго, пра душэўную чуласць, без якой нават добрыя справы не саграваюць душу. Духоўнасці, простых, але такіх патрэбных радасцей – вось чаго не хапае ў жыцці людзей.
Вобраз жанчыны не з’яўляецца галоўным у апавяданні Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю», але ж ён адыгрывае вельмі істотную ролю ў раскрыцці аўтарскай задумы, у канцэптуальнай пастаноўцы праблемы і яе вырашэнні. У час вайны галоўны герой апавядання Дземідзёнак страціў самае дарагое – унучку Алёнку. Адвярнулася ад яго і дачка. Пасля ўсяго перажытага Дземідзёнак не азлобіўся, а пачаў шукаць апірышча ў жыцці. На жаль, гэтым апірышчам аказаліся не людзі. У нейкі момант галоўны герой усвядоміў, што падняцца над жыццёвымі нягодамі, якія нявечаць чалавечую прыроду, можа толькі дабрыня. Менавіта яна здольна ачысціць душу і даць збавенне ад пакутаў і адзіноты. Трагедыя, што адбылася ў старожцы пасля таго, як фашысты разлучылі ўнучку з дзедам, падштурхнула апошняга да незвычайнага занятку: купляць у людзей птушак, каб выпускаць іх на волю, вяртаючы ім першародны сэнс жыцця. Чаму ж не людзі, а птушкі сталі апірышчам для старога Дземідзёнка? Таму, што не кожны чалавек мог зразумець дзіўны занятак Дземідзёнка. Вось і пачыналі «часаць языкамі», кажучы, што ён птушак «перапрадае і гэтым самым вунь якую капейку зарабляе» [2, с. 244]. Свае адносіны да такіх размоў аўтар выказвае ва ўскоснай форме, даючы чытачу магчымасць самому паразважаць. «Ніхто ж не ведае, што небарака на сваю пенсію тых птушак купляе. Часам без куска хлеба бывае» [2, с. 244]. Другі эпізод адносіцца да куплі зняволеных птушак у адной з хат. І вось тут аўтар паказвае, што, на жаль, жанчына можа быць няшчырай, крывадушнай, з прыхаванай думкай пра ўласны інтарэс. Сведкам размовы маці з сынам, які толькі што прадаў птушак Дземідзёнку, стаў аўтар-апавядальнік.
У гэты момант з сенцаў выкацілася жанчына і гукнула праз двор:
– Колькі ён даў табе?
Адказаў ёй танклявы голас з хаты.
– А божухна! Дык ты ж танна аддаў! – заенчыла кабета.
– А што яны варты, вераб’і тыя, – спрабаваў нехта давесці.
– Варты! Варты! Закаркаў…. Што табе, чужых грошай шкада? Не будзь дурнем. Хай пускае на вецер, калі ў яго многа іх!
Жанчына сказала гэтак і захіхікала, а мне, здаецца, упершыню зрабілася шкада Дземідзёнка [2, с.246].
Прыведзеныя прыклады з’яўляюцца яркім доказам таго, што ў жыцці часта бывае так, што людзі не разумеюць адзін аднаго, не здольны ўбачыць чалавечую трагедыю і сваімі дзеяннямі і ўчынкамі дапамагчы тым, каму вельмі патрэбны разуменне, спагада і дабрыня. На шчасце, былі і другія прыклады. Герой – апавядальнік твора зацікавіўся лёсам старога чалавека. Яго жыццёвая трагедыя ўзрушыла душэўныя пачуцці хлопчыка, які імкнецца зразумець былога лесніка, шкадуе яго, збірае хлопцаў, што прыносілі на продаж Дземідзёнку птушак, і расказвае ім пра яго жыццёвую трагедыю. Аўтару апавядальніку здаецца, што ён зрабіў нешта добрае, нават, калі хочаце, абараніў спакутаванага старога ад людской надакучлівасці» [2, с. 249]. На жаль, гэтая дапамога пазбавіла старога Дземідзёнка занятку, які прыносіў яму радасць і асалоду: так дзед выконваў свой абавязак перад загінуўшай у вайну ўнучкай. І жыццё яго як бы траціць свой змястоўны сэнс, калі рабіць гэтага ён больш не можа. І той, хто шчыра хацеў дапамагчы яму, дакарае сябе за няўдалую спробу: «Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва калі на душы…» [2, с. 249].
У апавяданні І. Чыгрынава паэтызуецца вобраз жанчыны. Паказваючы, як і чым жывуць яго гераіні, пісьменнік не імкнецца адшукаць у гэтым нешта такое, што вылучала б іх сярод іншых жыхароў. Іх жыццё напоўнена звыклымі клопатамі і справамі, не надта багатае на значныя і яркія падзеі. Але колькі дабрыні і мудрасці хаваецца за кожным словам жанчын, колькі шчырай спагадлівасці ў іх учынках. Менавіта такой бачыцца маці героя-апавядальніка, якая не толькі не гаворыць нешта дрэннае пра Дземідзёнка, а нават клапоціцца аб тым, каб яе сын і ў думках не дазволіў сабе падумаць кепска пра чалавека: «Маці скупілася на словы, і я адчуў, што яна больш клапацілася, каб сын яе не падумаў кепскага пра чалавека» [2, с. 243]. Такой паўстае са старонак апавядання і Дакуліха, жанчына, у якой кватаруе Дземідзёнак. Хоць аўтар на пачатку твора гаворыць, што яна «прыняла яго (Дземідзёнка) як кватаранта, каб мець за гэта на старасці якую капейку» [2, с. 244], але потым, даведаўшыся пра жыццёвую трагедыю лесніка і ўбачыўшы яго бескарыслівасць, працавітасць, «адмовілася ад тых грошай». Яна, калі ў Дземідзёнка не застаецца грошай пасля куплі птушак, «сваім корміць яго», сароміць тых, у каго хапае сумлення нажывацца на чужым горы, шчыра перажывае за свайго кватаранта ў фінале твора, калі той аказаўся адлучаным ад свайго незвычайнага занятку, бо «ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час» [2, с. 249]. Мудрасць, далікатнасць, душэўны такт уласцівы гэтым жанчынам, якія ў той жа час асуджаюць тых, хто імкнецца ў самых карыслівых мэтах скарыстаць гора Дземідзёнка і нажыцца на продажы птушак.
У апавяданні «Птушкі ляцяць на волю» І. Чыгрынаў паказаў чалавечую трагедыю простай жанчыны, што прыйшла шукаць у вёску магілу сына. Складанасць жыццёвай сітуацыі ўзмацняецца тым, што сын яе паліцай, здраднік, якога расстралялі свае ж людзі. Аўтар ні ў якім разе не апраўдвае і не рэабілітуе дзеянні паслугачоў фашыстаў, кажучы аб тым, што людзі «пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка, і маці, якая нарадзіла яго» [2, с. 215]. Але час ідзе. Як жа быць тым, хто аказаўся блізкімі ці сваякамі здраднікаў? Вось у гэтым і спрабуе разабрацца І. Чыгрынаў, разблытваючы клубок чалавечых пачуццяў. Псіхолага-аналітычны прынцып адлюстравання рэчаіснасці дапамог пісьменніку паглыбіцца ва ўнутраны свет жанчыны-маці, паказаць яго праўдзіва і пераканаўча. Уражвае кожная дэталь, кожны сказ. Аўтар не спяшаецца сказаць аб тым, хто такая Рэйдзіха – галоўная гераіня апавядання – і гэтым самым заінтрыгоўвае чытача, падштурхоўвае яго да таго, каб ён сам пранікся разуменнем жыццёвай трагедыі старой і нямоглай жанчыны. А каб пранікнуцца разуменнем да чалавека, найперш трэба адчуць, як яму жывецца на зямлі. Галоўнай гераіні апавядання, у гэтым не можа быць сумненняў, нялёгка: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі» [2, с. 209]. Старая жанчына, што прыйшла ў вёску шукаць магілу сына, маці паліцая, і таму да яе гора стаўленне асаблівае. Мы адчуваем бязмернае матчына гора, страх жанчыны перад аднавяскоўцамі, пачуццё залежнасці ад іх (пакажуць ці не пакажуць магілу сына), але нідзе не бачым, каб старая хоць на хвіліну задумалася, якім чалавекам быў яе сын. І. Чыгрынаў акцэнтуе ўвагу на прыродным інстынкце маці, якая знайшла магілу сына і аплаквае яго не як паліцая, а як сына. Бо сэрца маці заўсёды баліць па роднай крывінцы, па сыне, які б ён ні быў.
Такім чынам, мы ўзялі толькі адзін аспект, дэманструючы тэматычную, змястоўную і вобразную блізкасць творчасці абодвух мастакоў слова, паказалі, што час і абставіны далёка не заўсёды спрыяльныя для чалавека, але, дзякуючы маральнай трываласці і вялікаму запасу духоўнасці, героі празаікаў дэманструюць жыццесцвярджальны пачатак, у якім знаходзіць месца памяць пра Радзіму, пра бацькоўскі дом, любоў да маці, адчуванне кроўнай сувязі з зямлёй, радасць зносін са светам тую гаму перажыванняў і пачуццяў, якія акрэсліваюць маральны воблік чалавека і ўласцівы жывой душы.
Літаратура:
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алена Манкевіч
Чалавеказнавец Іван Чыгрынаў
Імя беларускага празаіка Івана Чыгрынава шырока вядомае чытацкай аўдыторыі. Ён быў пісьменнікам са сваім непаўторным бачаннем свету, добра ведаў жыццё і ўмеў заўважыць і адлюстраваць усё найбольш значнае і цікавае. «Пісьменнікам з’яўляешся не таму, што вырашыў расказаць нешта, а таму, што вырашыў расказаць гэтае нешта адметным чынам», – адзначыў Ж.П. Сартр, і гэтыя словы добра стасуюцца з творчасцю Івана Чыгрынава.
«Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, – не ўтойваць ад чытача нічога, пастарацца ўсё, што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям. У гэтым высокі гуманны сэнс літаратуры, у гэтым гуманная сутнасць творчасці» – вядомае выказванне Івана Чыгрынава – яго творчае крэда, пісьменніцкая філасофія. Яно не страціла актуальнасці і сёння, у наш такі дынамічны і імпульсіўны час. Бо імкненне пісьменніка пранікнуць глыбей ва ўнутраны свет героя, спазнаць гэты свет як мага больш шматгранна і ўсебакова, а праз яго – чалавечае быццё, мы з поўным правам можам назваць чалавеказнаўствам. Менавіта чалавеказнаўства справядліва лічыцца галоўнай задачай літаратуры, «перш за ўсё падштурхоўвае да спасціжэння чалавечага быцця ва ўсёй яго супярэчлівасці і паўнаце» – пісаў А. Бачароў. Кожны мастацкі твор разглядаецца з пазіцый спасціжэння феномена быцця праз мастацкае слова, праз «драму чалавечага быцця – існасці Свету і Сусвету» (А. Каўка).
Творчая спадчына лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева, сябра СП СССР з 1964 г., народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава (1934–1996) – гэта Збор твораў у 6 тамах, Выбраныя творы ў 3 тамах, шматлікія кнігі апавяданняў, аповесцей, раманаў, драматычныя творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, рэцэнзіі. I ўжо ў самым пачатку творчасці выявілася такая рыса стылю празаіка, як цікавасць да няпростых чалавечых лёсаў.«…Актуальнасць думкі, адсутнасць страху перад жыццёвымі супярэчнасцямі і складанасцямі, вастрыня пісьменніцкага зроку – усё гэта найлепшым чынам характарызуе аўтара зборніка «Птушкі ляцяць на волю»», – адзначыў В. Каваленка ў рэцэнзіі на першы зборнік апавяданняў I. Чыгрынава.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. У сям’і Іван быў чацвёртым дзіцём з васьмі. Радасці дзяцінства ў будучага пісьменніка адабрала Вялікая Айчынная вайна. Пасля вайны, у 1949 г., Іван скончыў сямігодку. У восьмы клас пайшоў у Саматэвіцкую сярэднюю школу, за восем кіламетраў ад дома. Натхнёны творчасцю Аркадзя Куляшова, які некалі вучыўся ў той самай школе, Іван Чыгрынаў пачаў публікаваць свае першыя вершы. У 1952 г. ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, скончыў яго ў 1957-м.
Дэбют Чыгрынава як празаіка адбыўся ў 1958 г. У маладзёжнай газеце «Чырвоная змена» ён выступіў з невялічкімі нарысамі пра жыццё землякоў-магіляўчан. У ранніх яго апавяданнях «Праз гады», «Бульба» (1963), «Апавяданне без канца» (1962) дамінуе знешні рух сюжэта, падзей, якія апісваюцца ў творы. Аповед вядзецца ў форме «ад аўтара», і сапраўды чытач на герояў глядзіць яго вачыма. Няшмат увагі аддаецца перажыванням, эмоцыям, пачуццям. Тым не менш такая стылёвая рыса, як псіхалагізм, уласціва ўжо і гэтым творам.
Пазней выйшлі зборнікі апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У іх адлюстравана не толькі гераічнае ваеннае мінулае, але і жыццё і праца людзей у мірны час. І там I. Чыгрынаў піша нібыта не спяшаючыся, паволі, акцэнтуючы ўвагу нават на нязначных, здавалася б, дэталях, якія, аднак, заўсёды нясуць важную сэнсавую нагрузку.
Многія апавяданні I .Чыгрынава напісаны на аснове пачутага, убачанага, асабіста перажытага аўтарам. У іх увасобіліся ўражанні дзяцінства, абпаленага вайной. Многія эпізоды з рэальнага жыцця будучага пісьменніка вельмі ярка і каларытна ажылі ў мастацкай тканіне твораў.
Іван Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў так званага філалагічнага пакалення, на долю якога выпала перажыць у дзяцінстве адну з самых цяжкіх і крывавых войнаў. Можа, таму, як заўважыла даследчыца Т. Грамадчанка, «пры параўнанні твораў К. Чорнага, М. Лынькова, I. Чыгрынава, М. Стральцова, I. Пташнікава, В. Адамчыка ўражвае адсутнасць у апошніх «хадульнага» гераізму, увага да звычайнага, штодзённага жыцця людзей у вайну. Іх персанажы не кідаюцца з гранатамі пад танкі, не ўзрываюць цягнікі, яны проста жывуць. Але колькі за гэтым «проста жывуць» адкрываецца драматызму і трагізму ваенных гадоў!».
Але не толькі ваенная тэматыка цікавіла I. Чыгрынава. Такія апавяданні, як «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «У горад», «Усціня» актуалізавалі ў беларускай літаратуры тэму няпростых узаемаадносін бацькоў і дзяцей, праблему неперспектыўных вёсак, адзінокай старасці сельскіх жыхароў. Манера пісьма ў гэтых творах ураўнаважаная, спакойная. У многіх з іх знешні канфлікт адсутнічае. I нават там, дзе ён пакладзены ў аснову («Апавяданне без канца», «На пыльнай дарозе», «Адна ноч»), пісьменнік застаецца верным свайму творчаму крэда: не вострасюжэтнасць, а жыццёвая праўда заўсёды стаіць на першым месцы.
Адным з найбольш цікавых у сэнсе глыбіні псіхалагічнага адлюстравання бачыцца апавяданне «Маці» (1963). Пасля выхаду з друку гэтага твора ўзніклі спрэчкі. Пісьменніка абвінавацілі ў занадта глыбокім спачуванні жанчыне-маці. Бо яна ж маці расстралянага паліцая! Такое абвінавачанне бачыцца даволі аднабаковым. Для сапраўднай маці яе дзіця застаецца родным і блізкім заўсёды. I, можа, нават яшчэ больш баліць яе душа менавіта таму, што сын стаў здраднікам, пакараным потым сваімі ж людзьмі.
Вялікае значэнне для глыбіні псіхалагічнага ўвасаблення вобраза маці мае ў гэтым творы партрэтная характарыстыка гераіні: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручастымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць, нарэшце, падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі».
Іван Чыгрынаў, параўноўваючы жанчыну з птушкай, падкрэслівае прыродную сувязь маці і дзіцяці. У гераіні няма пачуцця віны. Прысутнічае, хутчэй, страх перад тымі, хто пакараў яе сына, залежнасць ад іх. Гэта яны ведаюць, дзе пахаваны яе сын, а яна не толькі не ведае, але можа ніколі не даведацца, калі яны не пакажуць ёй яго магілу. У часопісным варыянце твора Ганна паказвае маці месца пахавання яе сына. Такі фінал можна растлумачыць гуманістычным светабачаннем пісьменніка, жаданнем падкрэсліць, што чалавек не павінен траціць спачування. Сына ўжо няма, а маці не можа адказваць за яго ўчынкі. Але пазней Чыгрынаў перапісаў канцоўку твора. Ганна адмовілася паказаць магілу. Яна ўпэўнена, што так зрабіў бы кожны яе аднавясковец: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…». Няпросты чалавечы лёс паўстае ў апавяданні, страшная драма жанчыны-маці, сын якой зрабіў няправільны выбар.
Маючы ўжо пэўны вопыт у напісанні апавяданняў, Іван Чыгрынаў звярнуўся да больш маштабнага эпічнага жанру – рамана. Першы раман пісьменніка «Плач перапёлкі» (1970) стаў пачаткам так званага верамейкаўскага цыкла – пенталогіі, аб’яднанай агульнымі героямі і месцам дзеяння. За два першыя творы гэтага цыкла – раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» (1976) – у 1979 г. пісьменнік быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева.
Найболыную цікавасць крытыкі выклікаў менавіта першы раман пенталогіі. Жыццё Верамеек у самым пачатку вайны перадаецца аўтарам ва ўсёй паўнаце і складанасці: ад накідаў дробных побытавых сцэн да апісання нялёгкіх псіхалагічных перажыванняў герояў. Асэнсаванне і ўсведамленне гістарычных падзей ішло праз канкрэтныя эпізоды, факты, узятыя з жыцця. Кожны з жыхароў вёскі павінен зрабіць нялёгкі выбар: пагадзіцца з новым парадкам ці пайсці ў партызаны, застацца ў вёсцы ці падацца на ўсход за войскамі, што адступаюць?
Абмалёўваць жыццё народа ў акупацыі пісьменнік пачаў з найбольш складанага і супярэчлівага перыяду – першых дзён і месяцаў вайны. У цэнтры ўвагі – жыццё вёскі ў той час, калі савецкія войскі ўжо адступілі, а нямецкія яшчэ не прыйшлі. Над вёскай нібы навісла нешта напружанае і трывожнае: прырода і людзі быццам прытаіліся ў чаканні прыходу ворага. Цішыню час ад часу парушае толькі плач перапёлкі. «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, уякіх гора бывае наогул незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край» – разважае адзін з галоўных герояў рамана Дзяніс Зазыба.
Нібы насуперак таму, што адбываецца ў свеце, жыццё звычайнага чалавека ідзе далей, яно настойліва супраціўляецца ўсяму, што парушае яго гарманічную суладнасць, у дадзенай сітуацыі – вайне. Пераспела ў каласах за вёскай жыта, і яго трэба сабраць. Зямля – «аснова ўсёй Айчыне» – кліча да сябе селяніна-працаўніка, свайго гаспадара і падуладнага. У салдаткі Сахвеі нараджаецца дзіця – новы чалавек, нібыта кідаючы выклік разбуральнай сіле вайны, паказваючы, што жыццё, за якое на вайне змагаецца бацька гэтага маленькага чалавечка, усё роўна пераможа. Бо для жыцця, а не для разбурэння прыходзіць на зямлю чалавек. Сцэну наведвання парадзіхі Сахвеі яе суседкамі А. Бачароў назваў «квінтэсенцыяй усяго ідэйнага настрою рамана, усяго зместу, выяўленага ў лёсах, дыялогах, учынках…»
На прыкладзе адной вёскі I. Чыгрынаў імкнецца даследаваць жыццё шырока і ўсебакова. Дзеянні герояў ён пераносіць і за межы Верамеек: у пошуках вайсковых часцей, што адступілі, з вёскі накіроўваецца Чубар; у суседняе мястэчка Бабінавічы едзе Зазыба; сын Зазыбы, Масей, жыве ў Мінску; жанчыны, з надзеяй спаткаць каго-небудзь з блізкіх, ідуць да лагера ваеннапалонных; часам прыходзяць весткі з фронту. Усё гэта дазваляе бачыць жыццё маленькай усходнебеларускай вёскі ў кантэксце жыцця ўсёй вялікай краіны.
Характэрная рыса стылю Івана Чыгрынава ў раманах – пэўная запаволенасць знешняга дзеяння. Асноўным становіцца дзеянне ўнутранае: героі размаўляюць, спрачаюцца, думаюць, разважаюць. Дзякуючы такой будове твора, калі рухальнай сілай сюжэта з яўляецца не падзейны пласт, а ўзаемадзеянне характараў, канфлікты і сутыкненні паміж героямі, дынаміка твора становіцца напружанай, набліжанай да драматычнай.
На працягу даволі доўгага часу супрацьстаянне існуе паміж былым старшынёй калгаса ў Верамейках Радзівонам Чубарам і яго намеснікам Дзянісам Зазыбам. Яны па-рознаму глядзяць на жыццё. «Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. Яны аднолькава здольны кіраваць калектывам і падпарадкоўвацца яму. Гэта ўсё роўна як тыя шасцяронкі ў вялікім механізме, якія па адной толькі стаяць ды ржавеюць. Каб прыйсці ў рух, ім неабходна сувязь паміж сабой, узаемнае вярчэнне…» – такую характарыстыку дае Чубару аўтар, спрабуючы растлумачыць яго разгубленасць на пачатку вайны. Сапраўды, старшыня не ведае, што рабіць. Ён сам павінен прыняць рашэнне, несці адказнасць не толькі за сваю справу, але і за людзей. Раней ён атрымліваў распараджэнні, інструкцыі, загады зверху, а цяпер трэба вырашаць самому. Ён не здольны суаднесці загады з аб’ектыўнай рэчаіснасцю, убачыць іх неадпаведнасць жыццёвым рэаліям, не спрабуе на ўсё, што адбываецца, паглядзець збоку. Ёсць пастанова СНК пра знішчэнне таго, што не ўдалося вывезці ў тыл з пакінутай тэрыторыі – калгаснага набытку, прылад працы, збожжа, – і Чубар гатовы выканаць гэтую пастанову. Ён не задумваецца, як будуць жыць людзі, якія не пакінулі сваю вёску ў цяжкую хвіліну, што яны будуць есці. Больш за тое, ён спрабуе абвінаваціць верамейкаўцаў у дрэнным стаўленні да савецкай улады, бо яны не падаліся на ўсход за арміяй, што адступала.
Другі герой раманнага цыкла, Дзяніс Зазыба, – тыповы прадстаўнік сялянства, у яго вобразе ўвасобіліся найлепшыя якасці характару народа. Чыгрынаў паказвае гэтага героя ўдумлівым і разважлівым. Зазыба імкнецца разабрацца ва ўсім, што адбываецца навокал, самастойна ацаніць сітуацыю. Менавіта такіх якасцей доўга не хапала Чубару. Аднак нават Зазыбу з яго багатым жыццёвым вопытам і мудрасцю (гэта неаднаразова падкрэслівае пісьменнік) бывае цяжка разабрацца ў складаных момантах рэчаіснасці. Напрыклад, ён добра разумее, што вырашчаны ўраджай знішчаць нельга, бо нешта трэба будзе есці тым, хто застаўся пад акупацыяй. Хлеб будзе патрэбны і партызанам. Але ён можа трапіць і ў рукі ворага. Зазыба працягвае сумнявацца нават пасля таго, як прынята рашэнне падзяліць калгаснае поле, маёмасць і ўсё аддаць верамейкаўцам у асабістае карыстанне.
Пазней, нават маючы магчымасць застацца за лініяй фронту, Дзяніс Зазыба прымае рашэнне вярнуцца ў Верамейкі. Так яму падказвае і яго ўласны вопыт, і вопыт народа. На яго думку, адступае армія, але народ не адступае. Народ не можа пакінуць родную зямлю, яму няма куды адступаць. Чубара здзіўляюць такія паводзіны. Але Зазыба ў якасці аргумента прыводзіць народнае выслоўе, пачутае яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны: «Хто з роднай хаты ўцякае, той ворага не перамагае». Гэта пазіцыя сапраўднага патрыёта сваёй зямлі, сваёй краіны.
Нельга не назваць патрыётам і Чубара. У змаганні з ворагам ён здольны нават на самаахвярнасць. Аднак гэтая самаахвярнасць спачатку не падмацавана адданасцю сваёй зямлі і народу, што жыве на ёй. Гэта, хутчэй, адданасць партыі і яе ідэям, а таксама ўладзе, якой ён служыць. Доказам можа служыць наступная размова:
– Перастань ты, Зазыба, гэтак пячыся пра мужыкоў! Ідзе вайна. I нам з табой зусім пра другое трэба думаць.
– Пра людзей таксама трэба думаць.
– Ну, ты як знаеш, а я патураць ім не збіраюся.
Пра гэта сведчаць і ўчынкі Чубара: ён забірае з агарода салдаткі неабмалочаныя снапы, не думаючы, што жанчына знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Проста чырвонаармейцам, з якімі ён сустрэўся, трэба спаліць мост. Не задумваецца Чубар і тады, калі страляе ў спіну ўрачу, і нават тады, калі падпальвае зжатае верамейкаўцамі жыта…
Аднак з цягам часу Радзівон Чубар змяняецца. Паступова ён прырастае сэрцам да таго кавалачка зямлі, на якім жыве, які становіцца для яго малой радзімай. У рамане «Вяртанне да віны» відаць эвалюцыя светабачання героя. Чубар гіне, але ён ужо не проста прадстаўнік улады і кіруючай партыі, як паўставаў у першых раманах. Цяпер ён сапраўдны абаронца роднай Зямлі, шмат у чым змяніў разуменне жыцця і адносіны да яго.
Празаік правёў сваіх герояў ад першых дзён вайны да часу вызвалення Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Падзеі пенталогіі, над якой I. Чыгрынаў працаваў каля трох дзесяцігоддзяў, заканчваюцца парадам у Мінску. Тое, што адбывалася ў 1980–1990-я гг. у краіне, паўплывала на праблематыку і ідэйную скіраванасць твораў. У раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы загінем» даволі адкрыта паказана горкая і трагічная рэчаіснасць ваеннага і даваеннага часу. Аднак першыя тры кнігі ідэйна не састарэлі, яны застаюцца арганічнай часткай вялікага эпічнага палатна. Пісьменнік па-мастацку глыбока і пераканальна паказаў змены ў свядомасці чалавека, у яго паводзінах, выпісаў у гэтых творах яркія, непаўторныя характары.
Па-свойму цікавыя і арыгінальныя вобразы жанчын у пенталогіі. Іх роля, хоць знешне і не вельмі прыкметная, даволі важная. Гэта простыя працаўніцы, верныя жонкі, клапатлівыя маці, салдаткі. У кожнай – свой непаўторны характар, уласная жыццёвая пазіцыя. Мастацкія постаці ганарлівай вясковай прыгажуні Ганны Карпілавай, ціхай, нешматслоўнай Марфы Зазыбы, знаходлівай Дуні Пракопавай створаны пісьменнікам, каб паказаць, што, для таго каб змагацца з ворагам, неабавязкова трымаць у руках зброю. Жанчыны хвалююцца за лёс сыноў, мужоў, бацькоў, клапоцяцца пра дзяцей – у гэтым іх зямная місія, а таксама і ўласны ўнёсак у перамогу над чужынцамі: «Яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсёабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны»
Іван Чыгрынаў вядомы таксама як кінасцэнарыст і драматург. Ён сааўтар сцэнарыя шасцісерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць…». Работа атрымала высокую адзнаку крытыкі. У 1974 г. I. Чыгрынаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Акрамя таго, у 1990 г. рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым зняты фільм «Плач перапёлкі» паводле аднайменнага рамана Івана Чыгрынава.
Першыя п’есы Чыгрынава-драматурга («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы») створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Паводле іх пастаўлены спектаклі. П’есы ж «Звон – не малітва» і «Следчая справа Вашчылы» – цалкам самастойныя творы, напісаныя на падставе дакументальных матэрыялаў, сабраных аўтарам.
Пісьменнікам перакладзены на беларускую мову творы «На дне» М. Горкага і «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага. Іван Чыгрынаў заявіў пра сябе таксама ў галіне крытыкі, публіцыстыкі, літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфіі пра этнографа і фалькларыста М. Нікіфароўскага. Кнігі I. Чыгрынава перакладаліся на многія мовы свету, выдаваліся за мяжой. Ён узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі.
Творчасць Івана Чыгрынава ў беларускай літаратуры XX ст. – яркая і прыкметная старонка. Характэрныя моўныя адметнасці твораў – шырокае ўжыванне фанетычных і дыялектычных асаблівасцей гаворак Магілёўшчыны, тапонімаў, маляўнічае апісанне родных пейзажаў – яркі і багаты дадатак да вобразаў, створаных сапраўдным мастаком слова. Прафесійнае майстэрства празаіка па-сапраўднаму ацэнена шырокай чытацкай аўдыторыяй. У 1994 г. Івану Чыгрынаву прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
Манкевіч, А. «Усё, што ведаю аб жыцці, – аддаць людзям…».
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4
Н.В. Еўчык
Іван Чыгрынаў пісьменнік пераважна «ваеннай» тэмы. У адным з выступленняў у друку ён даў псіхалагічнае тлумачэнне сваёй прыхільнасці да тэмы «чалавек і вайна»: «… Уражанне такое, што я некалі, даўным-даўно, трапіў у вялікі дождж, ён усё ідзе, ідзе і ідзе і не перашчукае, а на мне цяжкая ношка, і я, так сказаць, не магу падняць галавы і глянуць, ці ёсць там ужо сонца ці няма». У гэтым вобразным параўнанні свайго пісьменніцкага становішча са станам чалавека, які трапіў пад бясконцы дождж, ёсць нейкі драматызм: Чыгрынаў, які сустрэў вайну вясковым хлопчыкам, адчуваў яе злавеснае дыханне на ўсім сваім дарослым пасляваенным жыцці. Адначасова мы разумеем, што Чыгрынаў, народны пісьменнік Беларусі, свядома ставіў перад сабой пэўныя этычныя і эстэтычныя мэты і па-мастацку пераканаўча іх увасабляў, напрыклад, у такіх выбітных апавяданнях, як «Варажба», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане» («Маці»), знакамітых раманах «верамейкаўскага» цыклу. Так, у адным з артыкулаў, напісаных на падставе даклада на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР у 1979 годзе, Чыгрынаў заявіў, што «раман – гэта народ». Ён абвострана адчуваў сваю адказнасць за кожнае напісанае слова «перад тым месцам на зямлі, дзе нарадзіўся, перад спаленым і разбураным маім Вялікім Борам; перад людзьмі, якіх я ведаў у дзяцінстве, перад маці, братамі і сёстрамі, перад аднавяскоўцамі; перад тымі, хто пайшоў у страшныя гады вайны і не вярнуўся…». У інтэрв’ю газеце «ЛіМ» пісьменнік прызнаўся, што адчуваў «у тэме вайны шмат чаго недасказанага, шмат чаго і проста нясказанага…» «А галоўнае, – падкрэсліваў ён, мала той вайны, мала таго народнага жыцця, якое было тады». У творах пра вайну, на думку пісьменніка, «жывога жыцця, жывых людзей не хапала». Увесь час адчуваючы свой маральны і пісьменніцкі абавязак захоўваць, гаворачы словамі Васіля Быкава, «безумоўную вернасць праўдзе», Чыгрынаў склаў свой «талковы слоўнік» рэдкіх слоў з беларускіх гаворак («так вось і вучыліся гаварыць мае героі на мове сваёй мясцовасці»; «батанічны слоўнік», для якога збіраў травы і кветкі ў розных раёнах, удакладняў іх назвы; такую самую працу зрабіў, ствараючы «птушыны слоўнік».
Імкнучыся быць бліжэй да «жывога жыцця», Чыгрынаў шмат вандраваў. Вопыт яго «экспедыцый» асабліва выразна адчуваецца ў размоўных інтанацыях такіх апавяданняў, як «Праз гады», «Коні», «За трэцім разам». Па форме гэта апавяданні-гутаркі, ядро якіх складае споведзь цэнтральнага персанажа. Так, апавяданне «Коні» кампазіцыйна пабудавана на кантрасце дзвюх размоў, якія адбыліся паміж пісьменнікам, што прыехаў на конезавод пісаць нарыс, і конюхам Антонам. На першай сустрэчы Антон даваў інтэрв’ю, але, сціснуты рамкамі афіцыйнай сустрэчы, абмежаваўся агульнымі развагамі пра сваю працу. Нарыс так і не быў напісаны. І зусім іншы вынік дала прыватная сустрэча, калі праз нязмушаны дыялог «аўтара» і «героя» адкрылася «патаемнае» ў чалавеку: «…Антон цяпер зусім непадобны быў на сябе, на ранейшага. І не падобны перш за ўсё сваёй неразгаворлівасцю. Калі зімой ён быў залішне гаваркі, ажно мітуслівы, нібыта хацеў знарок спадабацца, дык гэты раз яго акурат падмянілі, можа, ён нават і ў галаве ўжо не меў, што я прыязджаў некалі пісаць пра яго. Словам, чалавек раптам зрабіўся, няйначай, самім сабой».
Беларускай прозе ў прынцыпе не ўласціва сцісласць (а яе «лаканізм» звычайна імкнецца да эпічных форм асэнсавання тэмы). Выразна акрэсліваецца тэндэнцыя вызначэння сутнасці чалавечага характару не столькі праз індывідуальны ўчынак героя, колькі яго адносіны з другімі персанажамі, кожны з якіх дадае ў аповед, у сваю чаргу, новы сюжэтна-сэнсавы струмень, які патэнцыяльна здольны вывесці любую з дзеючых асоб на пярэдні план і тым самым змяніць яе статус эпізадычнага персанажа. Як нам уяўляецца, выбар такога апавядальнага прынцыпу быў прадыктаваны як агульнаэстэтычнай тэндэнцыяй, так і ў пэўнай меры, мабыць, нацыянальнай самабытнасцю характару беларуса – чалавека спакойнага, грунтоўнага, разважлівага (што дазваляе яму пазбягаць у меркаваннях толькі адмоўных ці толькі станоўчых ацэнак) і арыентаванага на ўзаемаразуменне і канструктыўны дыялог.
Усплёск увагі да спаконных каштоўнасцей адбываецца тады, калі пераломны момант у жыцці чалавека ці грамадства патрабуе мабілізацыі ўсіх назапашаных сіл і ведаў для паспяховага пераадолення крызісу. Чалавек на вайне ў надзвычай моцнай ступені адчувае крохкасць свайго індывідуальнага быцця. І. Мележ робіць запіс у франтавым дзённіку: «Самае страшнае: жыццё на вайне залежыць ад выпадковасці, ад капрызу лёсу. Ад нейкай драбніцы. Якую ні прадбачыць, ні ўгадаць. Ёсць нешта ў ёй проста фатальнае.
Ужо некалькі разоў мяне ратуе нікчэмны выпадак. Але так не можа быць доўга. Недзе я падстаўлю сябе…».
Апынуўшыся ў складаных, часта невыносна цяжкіх ваенных абставінах, чалавек шукае апору ў спрадвечным, надкласавым і пазачасавым.
У апавяданні Чыгрынава «Варажба» повязь часоў узнаўляецца праз апісанне народных абрадаў (бабіны і варажба), у якіх удзельнічаюць жанчыны – гераіні апавядання. Гістарычна абрад выступае як адна з самых спецыфічных этнічных характарыстык. Ён фіксуе светапарадак і афармляе быццё ў выглядзе рытуальных дзеянняў, якія суправаджаюцца ўстойлівымі слоўнымі, прадметнымі кодамі. Крызісныя моманты жыцця (у тым ліку і ўваход немаўляці ў жыццё) пераадольваюцца па адзін раз і назаўжды дадзеным узорам, паспяховая рэалізацыя якіх замест старой рэальнасці фарміруе новую ідэальную карціну свету.
Традыцыйны лад жыцця беларускай вёскі яшчэ не разбураны вайной, але якім няпэўным і крохкім здаецца на фоне таго, што адбываецца ў свеце, жыццё маленькага дзіцяці, толькі што народжанага на свет Сахвеяй Меляшонкавай! Натуральна, што ў цяжкія часы выпрабаванняў чалавек праз магію старажытнага абраду і абвостраны духоўны пошук імкнецца звязаць сваё індывідуальнае быццё з магутнымі сіламі роду. У сваіх продкаў і Усявышняга гераіні Чыгрынава шукаюць абароны для сябе, для немаўля і для сваіх мужчын, якія недзе ўжо на ўласным вопыце спазнаюць сапраўдную сутнасць вайны.
Нацыянальна-культурная своеасаблівасць паэтыкі літаратурнага твора заўсёды была складаным аб’ектам даследавання. Мы лёгка адчуваем нацыянальны каларыт таго, што адлюстравана ў кнізе, – побыту, псіхалагічных тыпаў, канфліктаў. Менавіта гэтую нацыянальную самабытнасць характараў і штодзённага ўкладу часта атаясамліваем з нацыянальнай адметнасцю мастацкага твора. Аднак, каб адчуць і зразумець яго ў поўнай меры, трэба яшчэ знайсці тую кропку, дзе перасякаюцца асаблівасці нацыянальнага жыцця і мастацкі стыль аўтара.
Ужо пераважная ўвага мастака да аднаго боку жыцця і абыякавасць да другіх фарміруе нацыянальныя прыкметы стылю. Так, беларускую літаратуру звычайна характарызуюць як літаратуру, у якой выразна выяўлена адчуванне непасрэднага кантакту чалавека і канкрэтна-рэчыўнага, матэрыяльнага свету. Быт – напрацаваная не адным пакаленнем сацыяльная форма зносін, сукупнасць канкрэтна-гістарычных звычаяў і нораваў. Побыт адначасова найбольш стабільны і найбольш зменлівы элемент жыцця. Стабільнасць выяўляецца ў тым, што, нягледзячы на самыя страшэнныя гістарычныя катаклізмы, нельга адмежавацца ад праяў надзённага, адразу і поўнасцю змяніць традыцыі, звычаі краіны, уклад жыцця, жыццёвую псіхалогію. Аднак калі змены такога роду ўсё ж адбываюцца, то для чалавека амаль заўсёды яны становяцца пераменамі драматычнымі ці нават трагічнымі.
Апавяданне «Варажба» пачынаецца як бытавая замалёўка: «Марфа зачыніла юшку – вуголле было загрэбена і пабралася ўжо белым попелам у пяколках, але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам». Чыгрынаў з дакладнасцю выпісвае падрабязнасці быту, удакладняе дэталі: кош стаіць у сенцах, у цёмным куце, ён з бураковым лісцем, якое Марфа вытрасла на падлогу; і яшчэ – кош сплецены з маладога сасновага карэння. Адна падрабязнасць цягне за сабой другую. Пачатак апавядання дае малюнак размеранага, патрыярхальнага жыцця.
Марфа збіраецца на бабіны да Сахвеі, якая нарадзіла дзіця, выходзіць за вёску. І тут нечакана пачынае прабівацца на паверхню схаваная ў душы трывога: «Марфа пабачыла з гары вёску і нечакана ўзрадавалася… Там, каля сваёй хаты, яна ўвесь гэты час адчувала на сябе нязвыклы цяжар невядомасці, які прыводзіў чалавека ва ўтрапенне, а тут, на гэтым травяністым узлобку, што быў усяго за кіламетр ад дома, нічога падобнага яна не перажывала больш: дастаткова было пабачыць ёй, што ўсё ў вёсцы заставалася на ранейшых месцах і што нічога паганага пакуль ні з кім не здарылася, больш таго, Сахвея Меляшонкава нават нарадзіла дзіця».
Так уваходзіць у твор галоўная тэма – тэма вайны. Вайна дзесьці далёка. Але, хоць яна яшчэ не прынесла ніводнай смерці, зло ўжо канфліктуе з новым, толькі што народжаным жыццём. І Марфа, і другія жанчыны адчуваюць безабароннасць перад невядомым. Ратунак ад страшных перамен яны хочуць бачыць у захаванні хаця б ілюзіі звычайнага жыцця. Драбніцы становяцца асабліва дарагімі, яны – напамін аб стабільнасці. Таму так важна для Чыгрынава занатаваць праявы вясковага быцця. Таму так натуральна для Марфы, якая ўбачыла з узгорку цэлую вёску, паклапаціцца пра свае парусінавыя чаравікі, запэцканыя балотнай рудой – усё пакуль спакойна, і можна пакуль звярнуць увагу на такую драбязу, як чаравікі.
Апавяданне «Варажба», крыху перапрацаванае і дапоўненае, увайшло ў якасці эпізода ў раман Чыгрынава «Плач перапёлкі» і стала адным з тых «люстэркаў», у якіх асабліва выразна акрэсліваюцца характары персанажаў і выяўляецца мастацкая ідэя. Для таго, каб па-мастацку пераканаўча абгрунтаваць антычалавечую сутнасць вайны, Чыгрынаў часта засяроджваецца на паказе знешне ціхага жыцця беларускай вёскі. Непрыкметна, «знутры» ідзе працэс дэфармацыі быту ў час вайны ў рамане «Апраўданне крыві». Людзі, якія яшчэ не сутыкаліся з сапраўднай крывёю вайны, добра не ўсведамляюць, што адбываецца ў свеце і як гэта іх закране. Не, яны разумеюць, што ўсё павінна перамяніцца і, больш таго, ужо перамянілася, аднак для іх, што не бачылі на свае вочы «сапраўднай» вайны, усё яшчэ застаецца па-ранейшаму. Каб паказаць, што і гэты «мірны востраў» пасярод вайны не можа застацца непарушным, пісьменнік карыстаецца такім прыёмам: ён пакідае бытавую абалонку, знешне прывычную, мірную, і змяняе яе сутнасць, напаўняе злавесным зместам. Верамейкаўскія жанчыны ішлі ў Яшніцу, калі дарогу ім перапынілі немцы. «Спярша калі рушыў ад натоўпу напярэймы ім гэты таўсматы немец, бадай, і праўда вялікі пракуда, жанчыны толькі здзіўлена насцярожыліся: надта падобна было тое, што ён цяпер вырабляў, на звычайную няхітрую гульню-забаву, на якую здатныя былі і вясковыя дзецюкі; у кожным разе д’ябла ў ім ніхто пакуль не бачыў, хутчэй яны пазіралі на яго, як на ражанага, якога падгаварылі вось гэтыя, таксама пераадзетыя, дзецюкі, што ажно заходзіліся вакол у забаўным рогаце. Але падманлівае адчуванне, дакладней, падманлівае ўяўленне, ўсе-такі прайшло хутка: раптам у голавы маланкай цюкнула – ніякі гэта не ражаны, ніхто яго не падгаворваў і не наймаў; гэта рагочуць вакол таксама не вясковыя дзецюкі ў храмавае свята, а немцы !..». Так, амаль знешне зусім непрыкметна, вайна дэфармуе звычайныя праявы жыцця, змяняе спрадвечныя ўяўленні аб чалавеку, спосабу і сродках яго існавання. Тое, што было прывычнай і вясёлай забавай раней, зараз небяспечна для жыцця: эпізод, які пачаўся дастаткова мірна, скончыўся арыштам адной з жанчын.
Перамены закранулі бытавы ўзровень, змянілі сэнс бяскрыўднай забавы, і тое, што змены датычацца менавіта «дамашняй» сферы жыцця, якой кожны валодае з дзяцінства і лічыў да гэтага часу бяспечнай, – гэта асабліва адчувальна.
Этычны і эстэтычны кірунак пошукаў Івана Чыгрынава натуральна далучаў яго творчасць да магістральнай плыні беларускай літаратуры. У грамадстве і літаратуры 1960–1970-х гадоў (менавіта ў гэты перыяд адбываецца станаўленне творчай індывідуальнасці Чыгрынава) абвастраецца ўвага да праблем асобы, узятай у шырокім кантэксце складаных і ўзаемазалежных сацыяльных, біялагічных, псіхалагічных, фізіялагічных фактараў. Пасіленне грамадскай увагі да нацыянальнай гісторыі і культуры, абвостраны інтарэс да працэсу фарміравання нацыянальнай свядомасці спрыялі глыбокаму спазнанню духоўных вынікаў грандыёзнай гістарычнай падзеі нядаўняга мінулага Вялікай Айчыннай вайны. Плёнам такога працэсу з’явілася пастаноўка ў літаратуры праблемы народнага характару, якая разглядалася ў розных аспектах – «чалавек і памяць», «чалавек і прырода», «чалавек і гісторыя».
(21.12.1934–05.01.1996)
І. Чыгрынаў – празаік, народны пісьменнік Беларусі (1994).
Нарадзіўся ў в. Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1957 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Належыць да пакалення «шасцідзесятнікаў», што фарміравалася ў рэчышчы радыкальных ідэй 2-й паловы 1950–60-х гг. Яго дэмакратычная эстэтыка, стылістыка апавяданняў і раманаў прадугледжвалі гранічнае набліжэнне мастацкай мадэлі да жыцця з усімі дробязнымі і не цікавымі знешне праявамі. Пісьменнік нібы гаварыў: усё, чым жыве чалавек, важнае для яго разумення, для мастацкага пазнання рэчаіснасці. I таму не канструяваў займальных сітуацый, не шукаў эфектных персанажаў, а паказваў замаруджаную, перагружаную бытавымі назіраннямі плыць звычайнага жыцця. Так ён пісаў з самага пачатку сваёй творчай дарогі (1958), ствараючы апавяданні-малюнкі, апавяданні-хронікі, якія прывучалі чытача бачыць вялікае ў малым і дробным. Героі яго – вясковыя людзі з іх штодзённымі клопатамі. Аўтар умеў перадаць чытачу за гэтымі будзённымі клопатамі і трывогамі з’явы і працэсы савецкай рэчаіснасці, умеў раскрываць народныя характары ў іх самых істотных асаблівасцях.
Гэтая манера пісьма выявіла сябе і ў цыкле яго раманаў, якім пісьменнік аддаў больш за 20 гадоў. Цыкл з 5 асобных твораў («Плач перапёлкі» «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем») адлюстроўвае жыццё беларускай вёскі ў час вайны, ва ўмовах нямецкай акупацыі. І. Чыгрынаў ішоў тут непратораным шляхам: вайна ў яго – без батальных сцэн, нават без вялікіх здарэнняў. Такой яе мала зналі. Але аўтар раманаў гаворыць, што людзі і тут жылі перш за усё спрадвечным людскім клопатам – аралі зямлю і сеялі хлеб, кахалі, нараджалі дзяцей, гадавалі іх. Тым не менш гэта творы пра вайну, бо персанажы пісьменніка праходзяць праз яе, але праходзяць пераважна псіхалагічна, праз розныя маральныя выпрабаванні. Гэта дапамагло ўбачыць драму народнага лёсу ў іншым ракурсе і пры гэтым дастаткова глыбока і праўдзіва. Рамкі дзеяння раманаў абмежаваны адной вёскай з родных мясцін пісьменніка, і гэта не магло не выявіцца ў асаблівай сардэчнай прыхільнасці аўтара да жыцця простых людзей-працаўнікоў, да іх быту, які выпісаны грунтоўна і пластычна дакладна. Быт у раманах высвятляе лад душы людзей, устойлівасць і сціплае хараство іх жыцця. Раманы І. Чыгрынава былі перанесены на экран, і шматсерыйны фільм паводле гэтых твораў стаў здабыткам беларускага кінематографа.
І. Чыгрынаву належыць цэлы шэраг п’ес, лепшыя з якіх напісаны на тэму гістарычнага мінулага Беларусі. У гісторыі свайго народа аўтар шукаў водгук на сучасныя праблемы жыцця.
У 1978 г. пісьменнік браў удзел у рабоце 33-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. ён старшыня праўлення Беларускага фонду культуры і адначасова галоўны рэдактар часопіса «Спадчына». Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, дзе займаўся нацыянальнымі і міжнароднымі пытаннямі. Перакладаў на беларускую мову п’есы М. Горкага і У. Вішнеўскага.
І. Чыгрынаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1974) і Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева (1979).
Памёр і пахаваны ў Мінску.
Дзмітрый Бугаёў
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў у гутарцы са мною (яна адбылася ў ліпені 1994 года, апублікавана часопісам «Нёман», 1994, № 12) сказаў пра сябе: «Літаратура стала маім жыццём, маім лёсам, маёй справай, вялікай справай». I гэтыя словы нё гучалі нясціпла, бо ён тады ўжо атрымаў шырокае грамадскае прызнанне не толькі ў сваёй рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. У канцы таго ж года яму нарэшце прысвоілі ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Тады ён быў ужо на самым схіле свайго жыцця, якое абарвалася 5 студзеня 1996 года. Усяго пісьменнік пражыў 61 год і 15 дзён.
Нарадзіўся Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і – так сцвярджаецца ў афіцыйных даведніках. Але Іван Гаўрылавіч гаварыў, што карані ягонага роду па мужчынскай лініі дваранскія. I падкрэсліў, што многім абавязаны свайму дзеду Ігнату Міхайлавічу Кажанаву. «Быў ён чалавек моцны, пражыў каля ста гадоў, у апошні год жыцця касіў, умеў абіраць пчаліныя раі, славіўся ў наваколлі выдатным пасечнікам. Адзін раз на год уся вёска хадзіла да яго па мёд, і ён даваў яго без грошай», – чытаем у чыгрынаўскай кнізе «Паміж сонцам і месяцам». Там жа зазначаецца, што прадзед Ігната Міхайлавіча Іван быў незаконным (пазашлюбным) сынам мясцовага пана, народжаным ад прыгожай вясковай дзяўчыны, якая служыла пакаёўкай у таго пана. «Не кожны памешчык трымаў у сваім доме пазашлюбных дзяцей. Аддалі і маленькага Івана на выхаванне ў Вялікі Бор, напэўна, спраўнаму мужыку. Там ён і вырас. Праўда, доўга не пажыў, хоць і паспеў ажаніцца, узяўшы жонку сабе з мястэчка Саматэвічы. Быў у іх сын, а ў таго свой сын Міхалка, мой прадзед», – працягвае пісьменнік.
Атрымліваецца, што Іван Гаўрылавіч і праўда дваранскі атожылак, але аж у шостым калене! Ды гены, як вядома, – субстанцыя трывалая. Яна захоўвае сваю моц надоўга, калі не вечна.
Мястэчка Саматэвічы, размешчанае параўнальна недалёка, усяго за 7 кіламетраў ад вялікага Бору, – радзіма Аркадзя Куляшова, з якім Іван Чыгрынаў быў добра знаёмы яшчэ са школьных гадоў. Іван Гаўрылавіч у тую пару пісаў вершы і друкаваў іх у раённай газеце. Куляшоў чытаў тыя вершы. I яны падабаліся яму. Збліжаў Куляшова з Чыгрынавым і школьны настаўнік матэматыкі Брыльянтаў, які працяглы час вучыў вясковых дзяцей азам гэтай навукі. Вучыліся ў яго ў розную пару і абодва славутыя пісьменнікі. Узроставая розніца ў іх – цэлых дваццаць гадоў. Але настаўнік падтрымліваў сувязі з адным і другім. Часам ён запрашаў іх у свой дом у Саматэвічах, бо цаніў талент абодвух і спрыяў наладжванню кантактаў паміж імі.
Іван Чыгрынаў з прыемнасцю ўспамінаў, што Аркадзь Куляшоў з вялікай прыхільнасцю паставіўся да ягоных раманаў, пачынаючы з самага першага – «Плач перапёлкі». «Ён высока ацаніў гэты раман. З той пары ўжо не пакідаў мяне без сваёй увагі. Мог і ноччу пазваніць, расказаць аб сваім уражанні ад маіх рэчаў, запрашаў у госці. Да мяне, праўда, не хадзіў, а сам запрашаў часта», – пасведчыў Іван Гаўрылавіч у той ліпеньскай гутарцы, на якую я ўжо спасылаўся.
Хоць Іван Чыгрынаў з гонарам згадваў свае дваранскія карані па мужчынскай лініі, але пра бацьку ён пісаў вельмі мала, скупа. Мабыць, перашкаджаў больш падрабязна гаварыць пра яго вялікі боль, які пякучай стрэмкай застаўся ў душы, бо бацька, Гаўрыла Сяргеевіч Чыгрынаў, пакінуў сваю вялікую сям’ю ў Беларусі на волю лёсу. Васьмёра дзяцей расціла маці, Хадоска Ігнатаўна.
Бацька і да вайны больш займаўся грамадскімі справамі – быў старшынёю сельсавета. З набліжэннем гітлераўцаў у 1941 годзе падаўся за лінію фронту. На вайне ён уцалеў але да жонкі і дзяцей пасля перамогі не вярнуўся. Ён сышоўся з іншай жанчынай і жыў з ёю на Кубані. У чыгрынаўскай аўтабіяграфіі на гэты конт ёсць толькі адна кароценькая фраза: «Бацьку мы з вайны да сябе не дачакаліся». Той застарэлы пісьменніцкі боль выразна адгукнуўся і ў апавяданні «На пыльнай дарозе».
Затое пра маці Чыгрынаў гаварыў з вялікай удзячнасцю. «Я ўсім у жыцці абавязаны маці», – напісаў ён у аўтабіяграфіі.
Ваеннае ліхалецце запомнілася Чыгрынаву-хлапчуку надоўга. Жонка пісьменніка, Людміла Прохараўна, пасля смерці прыгадвала: «Я была эвакуіравана ў Саратаўскую вобласць, вярнуліся мы з маці пасля вызвалення нашых мясцін, вясной 1944-га. А Іван жыў у акупацыі – у такіх неймаверна складаных умовах, што ўсё гэта адбілася на яго выглядзе. I вонкава, і ад сваёй душэўнай, духоўнай работы ён здаваўся старэйшым, чым быў на самай справе. Ён жа памёр праз два тыдні пасля таго, як адзначылі шэсцьдзесят першы дзень яго нараджэння. Але гэта быў вельмі хворы чалавек. Доктар сказаў, што такім ён быў яшчэ з ваеннага часу, калі хлопчыкам перанёс вельмі цяжкі брушны тыф. Ён выжыў, але змены, якія адбыліся ў арганізме, засталіся назаўсёды».
Шмат напакутаваўся Чыгрынаў і ў першыя пасляваенныя гады з іх нястачай ва ўсім і ўсюды. Зноў працытую красамоўнае сведчанне Людмілы Прохараўны: «Іван хадзіў у школу босы – да самай зімы. Піліпаўкай толькі абуваўся ў лапці. I што на ім за вопратка была – нават не магу вам апісаць… Але на гэта ён не звяртаў асаблівай увагі, галоўным ддя яго была кніга, кніга, кніга – ён увесь час чытаў». I настойліва церабіў дарогу да лепшага жыцця.
Ён скончыў Вялікаборскую сямігодку, потым сярэднюю школу ў Саматэвічах, у 1952 годзе паступіў у БДУ на філфак (аддзяленне журналістыкі), пасля заканчэння якога займаўся рэдактарскай працай у выдавецтве рэспубліканскай Акадэміі навук і ў часопісе «Полымя» (1957–1975). Ёй разглядаў гэтую працу як працяг універсітэцкай вучобы. Рэдагаваць даводзілася навуковыя кнігі па музыцы і кіно, этнаграфіі і фальклору, сур’ёзныя літаратуразнаўчыя даследаванні. Набыты такім чынам вопыт прыгадзіўся і ў пісьменніцкай справе.
Больш за дзесяць гадоў (1975–1986) Чыгрынаў працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі: спачатку на пасадзе намесніка старшыні, а потым сакратара праўлення. З 1987 года і да канца свайго жыцця ён узначальваў Беларускі фонд культуры. Як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1978). Быў таксама галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына» (з 1989 года). Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1986–1990).
Да пастаяннай працы ў галіне мастацкай прозы звярнуўся ў пачатку 1960-х гадоў. Выдаў тры зборнікі апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973).
Чыгрынаўскія апавяданні («У баку ад дарогі», «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «У ціхім тумане», «Ішоў на вайну чалавек» і інш.) прываблівалі моцным гуманістычным пафасам, ёмістай псіхалагічнай насычанасцю, трапнасцю дэталяў, моўным майстэрствам, уменнем дарэчы выкарыстоўваць лексічныя багацці Магілёўшчыны, глыбінёй у спасціжэнні чалавека і свету, грунтоўным рэалізмам у адлюстраванні народнага жыцця. Менавіта рэалістычнасць у паказе тагачаснай рэчаіснасці і не задавальняла ў Чыгрынава прыхільнікаў «лакіровачнай» літаратуры, звыклых да карыслівай паказухі. А Чыгрынаў яе не прымаў. I пра звычайнае жыццё ён умеў пісаць хораша і па-свойму паэтычна. Наглядным прыкладам тут можа служыць тое ж апавяданне «Ішоў на вайну чалавек» (1965), твору сваім жанры класічны. Ён вылучаецца дакладнасцю ўсёй фактуры і майстэрскім пранікненнем у народную псіхалогію. А сітуацыя ўзята для ваенных часоў самая звычайная, ардынарная; вёску пакідае апошні сапраўдны мужчына – селянін Ігнат, які раней не быў мабілізаваны з-за хворай нагі. Цяпер ён паправіўся, і трэба ісці ваяваць. Пра гэта з усёй неаспрэчнасцю нагадвае лаканічная ваенкаматаўская павестка, якую Ігнат прымае як належнае, хаця добра ўсведамляе, што «на вайну ісці – не жыта малаціць». Пакідаючы жонку з двума дзецьмі, ён толькі шкадуе, што за апошні дзень не зможа зрабіць усё тое мноства неадкладных спраў, да якіх за звыклым клопатам будзёншчыны раней так і не дайшлі ягоная працавітыя рукі. З асаблівай абвостранасцю Ігнат пачынае адчуваць цяпер усё навакольнае, мусіць, падсвядома ўлоўліваючы, што, магчыма, ужо больш ніколі не ўбачыць някідкага хараства роднай краіны. I яшчэ застаецца ў Ігната ноч развітальнага кахання з жонкай, пададзенага ў цнатліва-ўзвышаным ключы і без той натуралістычнай аголенасці, на якую часта збіваюцца пасрэдныя літаратары, каб хоць такім прыёмам прыцягнуць увагу чытача.
Хораша гучыць магутны заключны акорд апавядання: «Правадзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. I гэта падабалася Ігнату. I толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок па дарозе, ён пачуў за спіною нямы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».
За эпічнай важкасцю і стрыманай прастатой такіх бездакорна выпісаных малюнкаў з моцна скандэнсаванай унутранай энергіяй ужо адчувалася дыханне вялікай прозы. I Чыгрынаў пасля грунтоўнай падрыхтоўкі ўзяўся пісаць раманы. Усяго ён стварыў іх пяць: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). Атрымалася эпапея пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, як жылі беларусы ва ўмовах нямецкай акупацыі і як яны змагаліся супроць фашысцкай набрыдзі, уносячы свой важкі ўклад у агульную перамогу чалавецтва над гітлераўцамі. Гэты раманны цыкл і стаў самым маштабным мастакоўскім дасягненнем пісьменніка.
Важка сказаў пра гэта Максім Танк, які падкрэсліваў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлена глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Ужо раман «Плач перапёлкі» стаў падзеяй у літаратуры, яшчэ пры жыцці аўтара набыў шырокую папулярнасць. Ён неаднаразова публікаваўся ў арыгінале ў Беларусі, шмат выдаваўся па-руску ў Маскве, выходзіў на мовах тагачасных савецкіх рэспублік (украінскай, літоўскай, латышскай, армянскай, малдаўскай, туркменскай), перакладаўся ў Балгарыі. У 1979 годзе разам з «Апраўданнем крыві» раман быў адзначаны прэстыжнай літаратурнай прэміяй імя А.А. Фадзеева. У дадатак да прэміі I. Чыгрынаў атрымаў і сярэбраны медаль.
Вялікі поспех «Плачу перапёлкі» быў цалкам заканамерным. Бо пісьменнік ужо ў гэтым рамане здолеў сапраўды па-мастацку сказаць пра Айчынную вайну шмат новага, таго, што яшчэ не знайшло належнага адлюстравання ў тагачаснай літаратуры. Ён глыбока, у многім па-даследчыцку асэнсоўваў матэрыял ваеннай рэчаіснасці, хоць абапіраўся ў першую чаргу на ўласнае веданне той вайны, вынесенае з дзяцінства.
Дзіцячая памяць, прынамсі ў людзей таленавітых, вызначаецца сваёй асаблівай трываласцю. У Чыгрынава яна была якраз такой. «Я сапраўды правёў дзяцінства ў вайне: жыў у вёсцы са сваёй сям’ёй, з братамі, сёстрамі і маці, бачыў гэтую вайну, хоць і быў малы.
Але, як на сённяшні розум і вопыт, дык павінен сказаць – вельмі ж учэпістая дзіцячая памяць. Я ўжо забыў многае, што было пры дарослым жыцці, а з таго, дзіцячага, жыцця мала што забываецца. Нібы адбілася на фатаграфічнай стужцы. Адбілася і не засвечваецца ні часам, ні чым іншым. Дык вось, многае чэрпаў са сваёй уласнай памяці», – падкрэсліў пісьменнік у інтэрв’ю для газеты «Літаратура і мастацтва», якое адбылося 29 чэрвеня 1979 года. Чэрпаў для рамана «Плач перапёлкі» і наступных твораў эпічнага цыкла.
Для стварэння тыпізаваных мастацкіх вобразаў Чыгрынаў ахвотна выкарыстоўваў біяграфіі рэальных вядомых людзей, у тым ліку блізкіх сваякоў, якія станавіліся прататыпамі ягоных герояў.
Моцнай апорай у працы служыла і ўсеабдымная памяць народа, пра якую мастак казаў: «Ніхто з людзей паасобку не ведае ўсё пра вайну – усё пра вайну ведае толькі народ. Яна, вайна, жыве ў памяці народа, яна жыла, пачала жыць у самую вайну, а пасля вельмі жыла па вайне. У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну. Не забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці».
Спасцігаць глыбіні праўды пра вайну дапамагалі пісьменніку і шматлікія сустрэчы з былымі падпольшчыкамі і партызанамі, іх камандзірамі, кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы на самых розных узроўнях. «Бывала, у мяне збіралася памногу партызанскіх камандзіраў. Такіх, як Мачульскі, Захараў, Булат, Жунін, Мармулёў, Ціхаміраў, Джагараў. Мы падоўгу гутарылі, пра ўсё гутарылі… Некалькі разоў сустракаўся ў Маскве з Панамарэнкам. Пасля ў мяне завяліся свае ўласныя карэспандэнты, якія пісалі пра сябе, пра сваё жыццё, пра людзей, што ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе», – прыгадваў Іван Гаўрылавіч у 1979 годзе.
Яшчэ са студэнцкай і нават школьнай пары Чыгрынава цікавіў раслінны і жывёльны свет Беларусі, яе гісторыя, асабліва гісторыя Магілёўшчыны ўвогуле і родных мясцін у прыватнасці, наш фальклор. Веданне ўсяго гэтага аблягчала працу над раманамі, дазваляла вельмі дакладна падаваць усю іх канкрэтыку, без добрай насычанасці якою літаратурныя героі шмат трацяць у сваёй пераканальнасці.
Былі і грунтоўныя архіўныя пошукі. У ліпеньскай гутарцы са мною 1994 года Іван Гаўрылавіч настойліва даводзіў, што яму давялося добра праштудзіраваць і многія матэрыялы з партыйных архіваў яшчэ ў тую пару, калі ён не быў членам бальшавіцкай партыі.
«Як жа цябе тады пусцілі ў партыйны архіў?» – спытаўся я ў Івана Гаўрылавіча, мабыць, не без ноткі сумнення. Дык ён адказаў: «А я напісаў пісьмо ў ЦК. I было рашэнне сакратара ЦК па прапагандзе пра мой допуск. Тады я папрацаваў грунтоўна. Вывучаў друк: і наш, падпольны, і партызанскі, і беларускі, які выходзіў пры немцах, і нямецкі. Усё вывучаў як у студэнцкія гады, калі дыпломную пісаў».
Спасылаўся ён і на працу над сцэнарыем пастаўленага ў 1973 годзе шасцісерыйнага тэлефільма пра мінскае антыфашысцкае падполле «Руіны страляюць»: «Рабіць яго было няпроста. Маё прозвішча значыцца толькі ў першых чатырох серыях. А ў пятай і шостай яго няма. Для мяне гэта было важна. Я сам зняў сваё прозвішча з тытраў апошніх серый. Па прынцыповых меркаваннях. У сцэнарыі называўся сакратар Мінскага падпольнага гаркама I. К. Кавалёў. Яго аб’явілі здраднікам. Мяне гэта ніяк не пераконвала».
Праўда была на баку Чыгрынава. Іван Кірылавіч Кавалёў, якога, грунтуючыся на тагачаснай афіцыйнай версіі, у якасці здрадніка-правакатара падавалі некаторыя нашы раманісты, напрыклад, М. Лынькоў у сваіх «Векапомных днях», ніякім здраднікам не быў. Як кіраўніка мінскага падполля яго павесілі гітлераўцы, павесілі пасля жорсткіх катаванняў. У нас стала пра гэта дакладна вядома не ў 1973 годзе, калі ствараўся тэлефільм «Руіны страляюць», а пасля таго, як былі ўрэшце разабраны гестапаўскія архівы. Словам, магутная інтуіцыя Івана Гаўрылавіча не падвяла яго і на той раз.
Вядома, Іван Гаўрылавіч уедліва вывучаў і мастацкую літаратуру пра Вялікую Айчынную вайну і не толькі пра яе. Але якраз гэтая літаратура мала задавальняла пісьменніка. Многае ў ёй не без падстаў здавалася выдуманым, павярхоўным, прыблізным. Затое яна ўмацоўвала перакананне, што ён зможа «напісаць свой раман пра вайну», які не будзе паўтараць тое, што ўжо сказана іншымі. I толькі «Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча ды «Людзі на балоце» I. Мележа зрабілі на Івана Гаўрылавіча непасрэдны станоўчы ўплыў як своеасаблівыя арыенціры ў пісьменніцкай працы.
Спалучэнне гэтых тэматычна розных твораў «як быццам трохі дзіўнае, – разважаў Іван Чыгрынаў у ходзе нашай з ім гутаркі ў ліпені 1994 года. – Бо ў Мележа зусім другі час. Але для мяне менавіта Адамовіч і Мележ тады былі асабліва важныя. Адамовіч вабіў сваім падыходам да вайны, а Мележ паказаў, што вось так, такой мовай, такім стылем, выкарыстоўваючы жывую гаворку герояў, можна пісаць раман. I сама назва «Людзі на балоце» прываблівала».
«Кажуць, што Напалеон таксама называў нас балотнымі людзьмі, – успомніў Чыгрынаў і яшчэ дадаў: – А з Мележам мы дружныя былі. Асабліва ў яго апошнія гады. Шмат чаго перагаварылі. Зусім шчыра, хоць тады не з кожным можна было гаварыць шчыра».
Трэба падкрэсліць, што мележаўская традыцыя ў раманнай прозе Чыгрынава адчуваецца найбольш моцна. I выяўляецца яна не толькі ў эстэтычна апраўданым выкарыстанні дыялектнай мовы ў гаворцы герояў, але і ў рэалістычнай грунтоўнасці самой апавядальнай манеры, ва ўменні даследаваць глыбінныя токі і плыні народнага жыцця ў пераломны перыяд гісторыі.
У такія часы жыццё, няпростае заўсёды, пачынае ісці крутымі зігзагамі, рэзка абвастраючы свае драматычныя і трагедыйныя пачаткі. Але Чыгрынаў звяртаючыся да паваротных часоў, спецыяльна не засяроджваў увагу толькі на іх драматызме і трагічнасці, а наадварот, імкнуўся да паказу ўсёй магчымай паўнаты жыццёвых праяў на крутым гістарычным зрэзе. Ёй неаднойчы падкрэсліваў, што папярэдняя літаратура пра вайну звычайна пісала, як людзі ваююць. Сам жа ён лічыў патрэбным адлюстраваць і тое, як яны жылі ў ваеннай віхуры.
«У мяне чалавек хутчэй не на вайне, а ў вайне. Яна даставала ўсіх. А жыць усё роўна трэба было. I людзі жылі пры той жа акупацыі. Куды ім было дзецца? Пра гэта я і пішу. Пішу не так, як раней пісалі многія, а так, як было», – падкрэсліў Іван Гаўрылавіч у размове са мною ў ліпені 1994 года.
Двума гадамі раней ён так фармуляваў тую ж думку пра жыццё і барацьбу ў акупацыі: «Людзі не толькі ваявалі, яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэта паўната існавання была вынікам нерастрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляў фашызм».
Раман «Плач перапёлкі» храналагічна ахоплівае толькі два першыя месяцы вайны. Для краіны яны былі вельмі цяжкія. Але іх цяжар на ўсю моц яшчэ не абрынуўся на вёску Верамейкі, да якой сцягваюцца галоўныя падзейныя вузлы ў гэтым і іншых чыгрынаўскіх раманах.
Дарэчы, такая вёска рэальна існуе на ўсходзе Магілёўшчыны, у Чэрыкаўскім раёне. Але празаік запазычыў ад яе толькі назву. Пісаў жа ён пра свой Вялікі Бор і ягоных жыхароў, якія станавіліся прататыпамі літаратурных герояў. I на пачатку вайны гэтыя героі яшчэ не зведалі ўсіх яе жахаў, хаця агульны трагедыйны фон ваеннага ліхалецця ўжо ў «Плачы перапёлкі» адчуваецца выразна.
Праўда, аўтар непасрэдна не паказвае цяжкія баі 1941 года, а калі згадвае пра іх, дык у агульных рысах і пераважна рэтраспектыўна, праз не асабліва дэталізаваныя ўспаміны вайскоўцаў што прабіваліся з акружэння.
Такі падыход дыктаваўся самой біяграфіяй пісьменніка тым, што ў яго не было асабістага ведання вайны франтавой, без якога больш-менш пераканальна напісаць пра яе ва ўсіх падрабязнасцях вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма. Таму празаік і выбіраў іншы шлях, паказваў драматычную атмасферу пачатковага перыяду вайны праз згаданыя рэтраспекцыі, праз сустрэчы вяскоўцаў з танкістамі, якія ў калгасе шукаюць бензін для запраўкі танкеткі, ды яшчэ праз клопаты раённага начальства, каб вывезці з Прыбесяддзя як мага больш матэрыяльных каштоўнасцей, каб яны не дасталіся захопнікам.
Словам, Чыгрынаву важна было паказаць тую вайну, якую ён сам добра ведаў, гэта значыць вайну, убачаную вачыма звычайнага чалавека, таго мірнага жыхара, які пакутуе ад вайны і ўрэшце вымушаны ўцягвацца ў яе, хоць па звычайных нормах увогуле ваяваць не павінен. Такім чынам, гутарка ідзе пра вайну народную ў прамым сэнсе слова.
Пісьменнік выразна ўсведамляў гэтую адметнасць сваіх раманаў і ўсяляк падкрэсліваў яе. «Раман – гэта народ», – з палемічным запалам сцвярджаў ён, а закранаючы задуму «Плачу перапёлкі», казаў што ставіў перад сабой задачу – паказаць свой «народ, расказаць пра яго не спяшаючыся, шырока і грунтоўна, галоўнае – праўдзіва».
Адсюль выключная ўвага да народнай стыхіі, да жыцця верамейкаўцаў, гісторыі вёскі, яе побыту і ўвогуле ўсяго, што звязана з Верамейкамі. Яны ж не проста галоўны падзейны асяродак у чыгрынаўскіх раманах, а, можна сказаць, цэнтр космасу, таго мастацкага свету, які стварае пісьменнік. Тут ён непасрэдна выходзіў на самае запаветнае, блізкае і дарагое з дзяцінства і таму дасягнуў найбольшага поспеху.
Ужо ў «Плачы перапёлкі» па-майстэрску выпісаны каларытныя вобразы такіх верамейкаўцаў як Парфён Вяршкоў, Кузьма Прыбыткоў Іван Падзерын. Усе гэтыя людзі прывабныя, разумныя. Сямідзесяцігадовы вясковы філосаф Парфён Вяршкоў вызначаецца мудрай разважлівасцю і вялікай душэўнай спагадлівасцю. У яго свядомасці, як зазначана ў рамане «Апраўданне крыві», «акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад» сельскага жыцця беларусаў. Там жа гаворыцца, што гэты малапісьменны селянін «умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набываюць грамадскую значнасць».
Філасофскі склад розуму ўласцівы і Кузьму Прыбыткову. Ён, як і Парфён, умее арыгінальна разважаць пра жыццё, грамадскія праблемы, цікавіцца гісторыяй краю, трапна гаворыць пра хараство Беларусі і шматпакутнасць яе долі на многіх гістарычных перавалах: «Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларусь наша, бытта Гасподзь знарок яе паклаў так. Усе праз нас з вайною ходзяць, усе праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі – у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі – не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа…» Вельмі шматзначнае тут гэтае «от жа».
Ды і ўвесь маналог Кузьмы поўны глыбокага сэнсу. У ім ужо абазначыўся матыў частай трагічнасці нашай гісторыі, які на поўную сілу загучаў толькі ў двух апошніх раманах – у «Вяртанні да віны» і «Не ўсе мы згінем». Тады ж, як пісаўся «Плач перапёлкі», гэты матыў развіваць было вельмі небяспечна. I пісьменнік адкрытым тэкстам толькі пазначыў яго.
Вяртаючыся да паказу верамейкаўцаў, нельга не сказаць пра характар Івана Падзерына. Гэты селянін з іранічнай мянушкай Цукар Мядовіч вызначаецца сваёй яршыстасцю, схільнасцю да грубаватага слова і салёных жартаў, уменнем «непрыстойна павыскаляцца з жанчынамі».
Але па грунтоўнасці абмалёўкі і па месцы ў сюжэтна-кампазіцыйнай структуры чыгрынаўскіх раманаў сярод мужчынскіх персанажаў першым планам ідуць Дзяніс Зазыба і Радзівон Чубар.
Пісьменнік казаў, што ён любіць усіх сваіх герояў, нават адмоўных. Але Дзяніс Зазыба ўсё роўна быў яму асабліва блізкі. Яго Іван Гаўрылавіч пісаў, абапіраючыся пераважна на двух рэальных прататыпаў. Адным з іх быў ягоны родны дзядзька, другім – герой грамадзянскай вайны Пятро Трафімавіч Вераб’ёў.
Вобраз Зазыбы ў многім вызначае гуманістычную мастацкую канцэпцыю чыгрынаўскіх раманаў. Ад твора да твора ён набываў усё больш важкую эпічную моц сапраўды народнага па сваіх глыбінных вытоках характару. Напісаны ён з такім пранікненнем у чалавечую сутнасць, што нам становяцца зразумелымі ледзь не кожная яго думка, ледзь не кожны душэўны рух, паварот і адценне пачуцця. У гады Айчыннай вайны ён стаў адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў барацьбы з фашызмам.
Зазыбу ўласцівы моцнае патрыятычнае пачуццё, высокі духоўны патэнцыял і тая непадробная, непаказная інтэлектуальнасць, якая цалкам адмаўляе дагматычную рэгламентацыю і, вядома ж, не зводзіцца да бойкага паўтарэння гатовых ісцін, а выяўляецца ў глыбіннасці погляду на рэчаіснасць, уменні аналізаваць факты, думаць самастойна, зыходзячы з канкрэтных абставін і жыццёвых умоў. З гэтымі рысамі духоўнага складу Зазыбы звязаны і яго нетаропкасць у рашэннях, цвярозая разважлівасць у самых складаных сітуацыях, непрыманне авантурыстычных замашак, нежаданне якую б там ні было справу рабіць «з бухты-барахты». Да ўсяго трэба з галавой падыходзіць – вось адзін з галоўных жыццёвых прынцыпаў Зазыбы. Ёсць у яго і сапраўдны клопат пра людзей, глыбока ўсвядомленая чалавечая дабрыня. Разумны, талковы і прадбачлівы чалавек, Зазыба моцны сваімі арганічнымі сувязямі з людзьмі, здольнасцю абапірацца на іх жыццёвы вопыт, убіраць у сябе і ставіць на службу надзённым патрэбам часу народную, пераважна сялянскую мудрасць, выпрацаваную шматвяковай практыкай.
У рамане «Свае і чужынцы» Дзяніс Зазыба выходзіць на прамыя кантакты з партызанамі, аказвае ім дзейсную дапамогу ўсім, чым можа.
Уключэнне ў актыўную барацьбу супраць фашызму людзей такога складу, такой жыццёвай устойлівасці, як Дзяніс Яўменавіч Зазыба, ёсць адзін з вызначальных паказчыкаў глыбінных вытокаў партызанскага руху. А ўменне Івана Чыгрынава пераканальна, з добрым майстэрствам паказаць гэтую глыбіннасць вызначае галоўныя вартасці яго раманаў
Але ў рамане «Не ўсе мы згінем» Дзяніс Зазыба аказваецца ўжо ў трагічным становішчы. Ён па сутнасці застаецца ля разбітага карыта – у спаленай вёсцы, без жонкі, забітай адным з гарачлівых прышлых партызанаў, без сына Масея, які мусіў назаўсёды з’язджаць з Беларусі, бо пры гітлераўцах «друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі», а яшчэ быў пісарам у валасным упраўленні і адмовіўся пайсці ў партызаны, хоць яго туды клікалі.
Канцэптуальная роля Дзяніса Зазыбы і ў апошнім рамане чыгрынаўскай эпапеі, вядома, істотная. Але сам вобраз, здаецца, у нечым і драбнее, бо становіцца персанажам, неабходным найперш для сюжэтнага руху, з’яднання розных падзейных асяродкаў. Аднак Дзяніс Яўменавіч фактычна перастае быць ключавой фігурай у свеце верамейкаўцаў, з якім траціць амаль ўсе свае ўстойлівыя сувязі.
Побач з Дзянісам Зазыбам Чыгрынаў звычайна ставіў Радзівона Чубара, у якога таксама ёсць рэальны жыццёвы прататып. Гэта старшыня калгаса ў роднай вёсцы пісьменніка. У «Плачы перапёлкі» Чубар – калгасны старшыня ў Верамейках. Крытыка пісала пра яго як пра несумненную ўдачу аўтара, яго мастацкае адкрыццё. У многіх эпізодах наступных раманаў ён паказаны таксама цікава і ярка. Мы бачым не толькі пэўную Чубараву разгубленасць перад грознай навалай, але і тое, як ён паступова вызваляецца ад павярхоўна-просталінейнага погляду на народнае жыццё, выяўляе чалавечую спагадлівасць і дабрыню. Аднак яго празмерна зацягнутыя блуканні з атрада ў атрад, ад падпольшчыкаў да партызан, з акупаванай тэрыторыі за лінію фронту і г. д., абумоўлены, здаецца, хутчэй службова-сюжэтнымі функцыямі, чым логікай развіцця вобраза. Магчыма таму, часам узнікае ўражанне, што Чубару ўсё ж не стае сапраўднай чалавечай маштабнасці, эпічнай важкасці, якая складае галоўную вартасць мастацкага характару Дзяніса Зазыбы і некаторых іншых герояў. Зрэшты, ёсць тут і іншы аспект. Ён заключаецца ў тым, што Чубаравы блуканні ў пошуках свайго месца ў барацьбе з гітлераўцамі даюць пісьменніку магчымасць рассунуць рамкі адлюстравання вайны, больш шырока паказаць народнае жыццё ў той час.
Вельмі высока ацэньваў Чыгрынаў ролю жанчын у ваенных умовах. «Гэта ж не сакрэт, што яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны», – пасведчыў пісьменнік у 1979 годзе. У «Плачы перапёлкі» маці Чыгрынава завецца Хадоскай Гаўрыліхай і старшыніхай.
Разуменне цяжару жаночай долі, асабліва ў часы ваеннага ліхалецця, ды і агульная стылёвая арыентацыя стрымлівалі пісьменніка ад наўмыснага прыхарошвання вясковых жанчын, вымушалі яго звяртацца да падкрэслена рэалістычных фарбаў. Толькі пра Дуню Пракопкіну гаворыцца, што яе голас «вылятаў з грудзей, як пасярэбраны». Ёсць таксама свая паэтычнасць, адчувальная больш у падтэксце, чым у прамым стылёвым выяўленні, у паказе радзінаў у Сахвеі Меляшонкавай, на якія, не зважаючы на ўсе нягоды вайны, збіраюцца верамейкаўскія жанчыны. Гэтыя радзіны можна ўспрымаць як сімвал трываласці жыцця, яго ўстойлівасці на разбуральных вятрах часу.
Але ўвогуле вайна ў разуменні Чыгрынава, выразна падкрэсленым у яго апошніх раманах, – гэта перш заўсё вялікая бяда, народная трагедыя, асабліва адчувальная на Беларусі, дзе было наканавана загінуць «ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымаў ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай». Перабольшанне? Можа, і так, але невялікае, бо ў цэлым па рэспубліцы загінуў кожны трэці, а ў некаторых раёнах, напрыклад, на Віцебшчыне – і кожны другі. Кажуць, што спіс ахвяраў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, надрукаваны на машынцы, расцягнецца ажно на 60 кіламетраў.
Адсюль, ад гэтага рэальнага трагізму, ідзе і чыгрынаўскае настойлівае паўтарэнне: вайна «грашыма корміцца, затое весяліцца крывёю. I часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй». «У вайну лёгка атруціцца чалавеку яе трупным дыханнем». «Чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала».
Шмат разоў гаварыў Чыгрынаў пра неспрыяльныя моманты ў нашай гісторыі. Праўда, пры гэтым падкрэсліваў у гутарцы са мною ў ліпені 1994 года, што «гістарычныя карані ў нас ёсць. Яшчэ жывыя і моцныя карані». Яны дазволяць развіць «і нацыянальную дзяржаўнасць». Працэс гэтага развіцця ўяўляўся яму вельмі нялёгкім.
Такое разуменне ў пісьменніка, які ведаў нашу гісторыю выдатна, куды лепш за многіх прафесійных гісторыкаў (у 1993 годзе яму з поўнай падставай было прысвоена званне ганаровага доктара БДУ). Гэтае разуменне ўзнікла, сфармавалася даўно і таксама схіляла да ўзмацнення трагізму ў апошніх раманах.
Істотнай з’яўляецца і тая акалічнасць, што сучасная эпапея, як слушна пісаў Алесь Адамовіч яшчэ ў 1970-я гады, не можа быць ураўнаважана-спакойнай. Яна патрабуе «большай вастрыні і пачуццяў, і думак, і трагізму». Ды ўжо лёсы Грыгорыя Мелехава ў «Ціхім Доне» і Васіля Дзятла ў «Палескай хроніцы» невыпадкова атрымалі трагічнае завяршэнне. Гэта дыктавала бурлівая рэчаіснасць XX стагоддзя, якую добра адчуваў і Чыгрынаў. Асабліва турбавалі яго наступствы Чарнобыля. Так што ўсё сыходзілася ў адным рэчышчы, працавала на ўзмацненне трагізму ў апошніх чыгрынаўскіх раманах, якія пісьменнік Чарнобылем і збіраўся закончыць, але з-за невылечнай хваробы не дацягнуў падзейны ланцуг да лагічнага завяршэння.
Увогуле, падзейны тэмп у чыгрынаўскіх раманах вельмі замаруджаны. Гэта тлумачыцца тым, што аўтарскае апавяданне ў іх арыентавана на паказ складанасці ваеннай рэчаіснасці праз глыбіннае даследаванне народнага жыцця, дэталёвы аналіз псіхалогіі герояў. А ў выніку раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» ахопліваюць толькі паўгода вайны – да разгрому гітлераўцаў пад Масквой.
У апошніх раманах пісьменнік мусіў усё ж прыспешваць падзейны тэмп, каб давесці храналогію дзеяння да вызвалення Беларусі. Такім чынам, на раманы «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» прыпадае ўжо два з паловай гады ваеннага часу. Дыспрапорцыя яўная. Адсюль вынікала і пэўная аблегчанасць пісьма, асабліва прыкметная ў апошнім творы. Ён у значнай меры ўспрымаецца як раман-эпілог, у якім знаходзяць сваё завяршэнне, нярэдка бегла-інфармацыйнае, галоўныя сюжэтныя лініі і лёсы герояў. Таму ўзнікае адчуванне, што аўтар спяшаўся давесці твор да канца.
У апошняй тэлефоннай размове са мною (яна адбылася 21 снежня 1995 года) Іван Гаўрылавіч паведаміў, што завяршыў новы раман («Не ўсе мы згінем»), аддаў яго ў «Полымя», а потым з прыкметнай скрухай у голасе сказаў, што працягваць раманны цыкл больш не будзе, хоць яшчэ адзін твор і трэба было б напісаць, каб вывесці сваіх герояў ужо ў пасляваенныя гады, паказаць чарнобыльскую трагедыю, якая абрынулася і на верамейкаўцаў. Ён ужо добра разумеў, што ягонае жыццё канчаецца. Праз два тыдні пісьменнік развітаўся з белым светам.
Акрамя працы ў мастацкай прозе, Чыгрынаў з поспехам выступаў і ў драматургіі. У 1993 годзе выйшла важкая кніга яго п’ес «Звон – не малітва». Былі ў яго і драматычныя творы, якія ў гэтую кнігу не ўвайшлі. Гэта датычыць гістарычнай драмы з пралогам і эпілогам «Чыстыя рэкі, мутныя воды», якая друкавалася ў газеце «Звязда» у верасні 1994 года. Дзейнымі асобамі тут выступаюць Канстанцін Астрожскі, Юрый Радзівіл, Іван Сапега, Міхайла Глінскі і іншыя гістарычныя асобы.
Шмат увагі аддаў пісьменнік п’есе «Следчая справа Вашчылы». Пра свайго земляка Вашчылу ён сабраў багаты фактычны матэрыял, добра пакапаўшыся і ў архівах, думаў напісаць пра гэтага гістарычнага дзеяча з Крычаўшчыны раман, але ўрэшце абмежаваўся п’есай, у якой абгрунтоўваецца, што паўстанне Васіля Вашчылы было антыфеадальным, а не антыяўрэйскім, як сцвярджалі і працягваюць сцвярджаць некаторыя тэндэнцыйныя гісторыкі.
Сур’ёзна займаўся Іван Гаўрылавіч літаратурнай крытыкай. Яму належаць дзве ёмістыя кнігі ў гэтым жанры: «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) і «Паміж сонцам і месяцам» (1994. Тут змешчаны і вельмі каштоўныя аўтабіяграфічныя матэрыялы). Ацэньваючы па маёй просьбе свой крытычны даробак, Іван Гаўрылавіч вельмі ўпэўнена зазначыў: «Я і крытыкай займаўся абсалютна сур’ёзна. У сваіх выступленнях, дакладах і артыкулах, мне здаецца, я сказаў многа таго, што не сказалі вы, прафесійныя крытыкі. Не ацаніць належным чынам дзве свае крытычныя кнігі мне не выпадае. Вельмі карысныя кнігі для нашай літаратуры. Гэта толькі здаецца, што сёння нікому не патрэбны ні крытыка, ні сама мастацкая літаратура. На самай справе яны патрэбны і сёння і заўтра спатрэбяцца яшчэ больш».
Па сваім агульным узроўні крытычныя працы Івана Чыгрынава ніколькі не саступаюць працам самых уедлівых навукоўцаў. Але яны належаць да так званай пісьменніцкай крытыкі, у якой чалавечы змест аўтарскай асобы выяўляецца больш ярка, поўна і арганічна, чым у крытыцы прафесійнай, не кажучы ўжо пра літаратуразнаўства, дзе і магчымасці для такога выяўлення істотна абмежаваныя. Выступаючы ў якасці крытыка, сапраўдны мастак бярэ на ўзбраенне і назапашаны вопыт выяўлення сваёй чалавечай індывідуальнасці. Таму пісьменніцкая крытыка, як правіла, індывідуальна-адметная, выразна асабістая і па-мастакоўску яркая. I яна тым больш цікавая, значная, чым больш змястоўная, глыбокая асоба самога мастака. У Чыгрынава пісьменніцкі аўтарытэт заўсёды быў вельмі высокі. I гэта павялічвала ўвагу да яго крытычных выступленняў, звычайна баявітых, задзірыста-бескампрамісных. Таму і сёння крытычныя кнігі Чыгрынава перачытваюцца не толькі без натугі, але і з жывой цікавасцю, з адчуваннем, што ён быў вельмі глыбокі пісьменнік, неардынарны ва ўсім.
А яшчэ вельмі чалавечны. Ягоная чалавечнасць памятная мне асабліва, бо мы працяглы час сябравалі. I я меў добрую магчымасць бачыць, адчуваць характар і самую душу Івана Гаўрылавіча ў самых розных праявах. А душа ў яго была далікатная, вельмі чулая, поўная дабрыні і спагадлівасці.
Сваю душэўную далікатнасць Чыгрынаў прыкрываў знешняй позай. Тую позу многія прымалі, а некаторыя нядобразычліўцы знарок імкнуліся выдаць за ягоную сапраўдную сутнасць, прыпісвалі яму саманадзейнасць і фанабэрыстасць.
Цану зробленаму ім ён, канечне ж, ведаў добра, але папраўдзе фанабэрыстым ніколі не быў. Затое ўвагу да людзей, якіх паважаў мог праяўляць выключную. Я ў гэтым пераканаўся, калі пасля цяжкага інфаркту (з клінічнай смерцю) ляжаў разам з ім у так званай лечкамісіі.
Ад смерці беспаваротнай медыкі мяне выратавалі, прымяніўшы электраток. Ужо спыненае сэрца (гэта прадаўжалася толькі лічаныя хвіліны) разрадам току прымусілі здрыгануцца. I яно, на прыемнае здзіўленне саміх медыкаў, зноў запрацавала. Было гэта ў 1991 годзе. Ачуньваў я марудна, пакутліва. Некаторыя дактары лічылі маё становішча безнадзейным. Але няйначай як сам Бог умяшаўся і паслаў на выручку Івана Чыгрынава. Ён тады таксама трапіў у лечкамісію. Толькі быў у іншай палаце. Да мяне ён заходзіў кожны дзень, бывала, што і па некалькі разоў. Казаў: «Ты думаеш, што я хоць адносна здаровы. Памыляешся. Я хворы яшчэ больш, чым ты. Толькі не раблю з гэтага трагедыі. Раю і табе не хныкаць, а ўсё прымаць спакойна, як належнае».
Зразумела, што я тады яму не паверыў. А ён, як аказалася, гаварыў чыстую праўду. А галоўнае – ён умеў сваім аптымізмам, цікавымі гутаркамі, гумарам, усім стылем паводзін ненавязліва пераконваць, што галаву вешаць не трэба. I мне гэта дапамагала, можа, не менш, чым прафесійнае ўмельства і добразычлівасць вельмі чулых медыкаў.
Добрыя справы Чыгрынаў звычайна рабіў без папярэдняга афішыравання, часта зусім нечакана для тых, на каго яны скіроўваліся. Я, напрыклад, быў прыемна здзіўлены, калі прачытаў у газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Жыццё, кнігі і дружба», напісаны да майго шасцідзесяцігоддзя. Артыкул невялікі, усяго на нейкіх пяць старонак звычайнага кніжнага фармату. А сказана ў ім па-пісьменніцку ёміста пра многае і з вялікай сардэчнай цеплынёй. Таму я папрасіў даць гэты артыкул і як прадмову да кнігі «Праўда і мужнасць таленту» (1995). У выдавецтве меркавалі, што прадмову трэба заказаць каму-небудзь з прафесійных даследчыкаў. Называліся прозвішчы з доктарскімі званнямі і акадэмічнымі тытуламі. Але я ведаў што лепш за Чыгрынава не напіша ніхто. I цяпер магу сказаць, што, можа, тая мая кніга і не бог ведае якая, але затое ў ёй выдатная прадмова.
Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, са шчырым клопатам пра духоўнае багацце радзімы. I таму ягоная творчасць заняла такое трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням. Да таго ж яго раманы пра вайну можна разглядаць як уклад і ў сусветную літаратуру.
I яшчэ скажу, што мне горка і балюча прымірыцца з дачаснай смерцю Івана Гаўрылавіча. Зрэшты, для мяне ён не толькі як пісьменнік, але ў нейкім сэнсе і як чалавек застаецца жывым. У складаных жыццёвых варунках я часта ўспамінаю яго, зноў і зноў пераконваючыся, якім надзейным сябрам ён быў, як глыбока бачыў людзей, іх вартасці і недахопы, як самааддана працаваў, пераадольваючы шматлікія перашкоды, якія так часта паўстаюць перад рупліўцамі на беларускай ніве і не толькі на ёй, працаваў для Беларусі, для яе лепшай долі.
Дзмітрый Бугаёў
Асаблiвасці прозы i драматургіі Івана Чыгрынава
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў глыбінных, тых, якія глядзелі на народнае жыццё без афіцыёзнай прадузятасці, бачылі ў ім і вялікія патэнцыі, і праявы бязладдзя, якое ішло ад чыноўніцка-бюракратычнага ўладарства над чалавекам працы. Пра ўсё гэта Іван Чыгрынаў імкнуўся пісаць рэалістычна, пазбягаючы просталінейнасці і спрашчэння. Гэтага вымагала ягонае праўдалюбства, вельмі арганічнае і добра прыкметнае ва ўсёй знешне някідкай чыгрынаўскай творчасці.
Галоўным пісьменніцкім набыткам у прозе Іван Чыгрынаў лічыў свае буйныя творы пра жыццё і барацьбу народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем».
Разважаючы пра тое, як яны ў яго нарадзіліся, пісьменнік зазначаў, што ў літаратуры пра вайну ён бачыў «мала народнага жыцця, якое тады было». Не хапала ў ёй «жывога жыцця, жывых людзей». А ў выніку ўзнікла трывалае ўсведамленне: «Маю нейкае права, нейкі доўг, абавязак і перад маімі землякамі, і перад усім маім народам – паказаць гэты народ, расказаць пра яго, расказаць не спяшаючыся, шырока і грунтоўна, галоўнае – праўдзіва». Гэтую задачу ён выканаў вельмі паспяхова. Нездарма ж М. Танк казаў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлены глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Але праўдалюбства накіроўвала пісьменніцкае пяро і ў самых ранніх празаічных творах, якія вызначаюцца сваёй рэалістычнасцю, скіраванасцю на адлюстраванне сапраўднага жыцця ў яго натуральных праявах.
А яго пісьменнік удумліва пазнаваў яшчэ з дзяцінства. Яно ў Івана Чыгрынава было вельмі нялёгкім. Хлопец нарадзіўся 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. (У чыгрынаўскіх творах яна падаецца пад назвай Верамейкі. Сапраўдныя Верамейкі таксама ёсць. Яны –у Чэрыкаўскім раёне.) Іванаў бацька быў старшынёю сельсавета. Заняты грамадскімі справамі, пра сям’ю ён клапаціўся мала, а потым і зусім пакінуў яе. Дзяцей гадавала маці, Хадоска Ігнатаўна, Гаўрыліха ці старшыніха, як яна называецца ў раманах пісьменніка. Яна зберагла дзяцей і ў час гітлераўскай акупацыі, калі небяспека падсцерагала людзей на кожным кроку.
Тады хлапчук у дадатак да ўсяго захварэў на брушны тыф. Іванка «выжыў, але змены, якія адбыліся ў арганізме, засталіся назаўсёды», – прыгадала, спасылаючыся на дактароў, жонка пісьменніка Людміла Прохараўна. Яна ж падкрэслівала, што хлопцу нямала давялося пабедаваць і ў цяжкія пасляваенныя гады: «Іван хадзіў у школу босы да самай зімы. Піліпаўкай толькі абуваўся ў лапці».
Вучыўся ён спачатку ў Вялікім Бары, дзе скончыў сем класаў, потым у Саматэвічах. Там ён завяршыў сярэднюю адукацыю і ў 1952 г. паступіў у Белдзяржуніверсітэт на філфакаўскае аддзяленне журналістыкі. Пасля БДУ працаваў на рэдактарскіх пасадах у выдавецтве Акадэміі навук Беларусі, у часопісе «Полымя», у 1975–1986 гг. уваходзіў у склад кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1986-га да 1990-га быў дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. З 1987-га да канца сваіх зямных дзён (смерць скасіла яго 5 студзеня 1996 г.) – кіраўнік Беларускага фонду культуры. У 1989 г. стаў яшчэ і галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». У складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1978). У тыя гады і трохі пазней шмат ездзіў па свеце, бачыў, па ягоных словах, «мноства рэк, такіх, як Ніягара, Гудзон, Вісла, Дунай, Днепр, Амур і Усуры». Ён быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі рэспублікі (1974), народным пісьменнікам Беларусі (1994), ганаровым доктарам БДУ (1995).
Літаратурную працу пачынаў з вершаў. Яшчэ школьнікам друкаваў у раённай газеце свае паэтычныя творы. Іх чытаў яго зямляк, выдатны беларускі паэт А. Куляшоў. I яны падабаліся яму. У студэнцкія гады чыгрынаўскія вершы публікаваліся ў абласной газеце «Магілёўская праўда» і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
Але паэтычны сверб у Івана Гаўрылавіча надоўга не зацягнуўся. Сваё сапраўднае прызванне ён знайшоў у прозе і драматургіі. Ужо ў 1961 г. у перыядычным друку з’яўляюцца яго апавяданні. А потым выходзяць і кнігі вельмі арыгінальных і глыбокіх твораў гэтага жанру – «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). Чыгрынаўскія апавяданні вызначаюцца рэалістычнасцю, увагай пісьменніка да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, а яшчэ псіхалагічнай насычанасцю, гуманістычнай скіраванасцю, адметнасцю моўнага каларыту з выразнымі слоўнымі фарбамі Магілёўшчыны.
Некаторыя майстры беларускай прозы называлі Івана Чыгрынава самым лепшым нашым апавядальнікам. У такіх вызначэннях заўсёды ёсць прысмак суб’ектыўнасці. Але тое, што цэлы шэраг чыгрынаўскіх апавяданняў мае ўсе прыкметы класічнай бездакорнасці, не выклікае сумненняў.
Высокай дасканаласцю вызначаецца і апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Яго першапачатковая назва – «Птушкі ляцяць на волю». Упершыню яно апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 28 ліпеня 1961 г. Такім чынам, з надрукаваных гэта самае першае чыгрынаўскае апавяданне. Напісана яно бадай што бездакорна. Хораша намаляваны тут вобраз старога лесніка Дземідзёнка, праз лёс якога ўзнаўляюцца балючыя рэаліі мінулай вайны, яе незагойныя раны. Дземідзёнак знешне выглядае звычайна, можна сказаць – непрэзентабельна. Ён зведаў нямала пакут. У ваенныя гады быў звязаны з партызанамі. Спачатку даваў ім прытулак у сваёй леснічоўцы, а з наступленнем халадоў наведваўся да іх у зямлянкі, выкапаныя за возерам, якое чамусьці называлася Мёртвым. Гітлераўцы даведаліся пра ягоныя кантакты з партызанамі і запатрабавалі, каб стары ляснік паказаў іх лагер. Мужны чалавек адмовіўся. Два тыдні катаванняў не зламалі яго волі. Фашысты ўрэшце адпусцілі старога. Але за гэты час бясследна прапала яго ўнучка Аленка, якую напярэдадні акупацыі прывяла да дзеда Дземідзёнкава гарадская дачка, спадзеючыся, што малая перабудзе ліхія часы ў лясным зацішку. Спадзяванні аказаліся марнымі: у сваёй халоднай леснічоўцы Дземідзёнак знайшоў толькі скалелую сініцу. Яна ў яго свядомасці асацыіруецца з вобразам згубленай унучкі. Таму Дземідзёнак не можа бачыць птушак у клетках. Ён ужо пасля вайны купляе іх за грошы са сваёй пенсіі і выпускае на волю. Так людское высакародства сутыкаецца з карыслівасцю тых, хто птушак прадае, адлоўліваючы іх для гэтай мэты.
Дземідзёнак любіць прыроду, імкнецца жыць у гармоніі з ёю. Ён прыхільна ставіцца да народных традыцый, любіць працу, парадак ва ўсім. На новым месцы жыхарства (старое пакінута, каб не вярэдзіць штохвілінна сардэчную траўму з-за страты ўнучкі) «корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць».
У апавяданні добра паказаны і стракаты бежанскі паток у пачатку вайны: «Людзей збіралася так многа, што часам нават думалася, ці не зрушыла гэта з месца цэлага паўсвету. Людзі ішлі і ехалі ў копаці і пыле – бежанцы, чырвонаармейцы». Леснікова старожка «ў тыя дні была поўна раненых».
Выразным атрымаўся і вобраз аўтара-апавядальніка. Ён тонка адчувае «ціхае хараство прыроды», кароткімі, але яскравымі штрыхамі малюе пейзажы з зіхаценнем сонца, пахам красак у летнім паветры, ледзь чутным калыханнем блакітных званочкаў, зменлівасцю ў шуме хвояў з набліжэннем восені. Сама апавядальная манера і тут у Чыгрынава вельмі натуральная, знешне някідкая, але здольная схопліваць многае і ў прыродзе, і ў чалавеку, найбольш задаволеным, калі яму не перашкаджаюць быць самім сабой, радавацца жыццю.
Асобныя матывы апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» выкарыстаны ў аднайменнай чыгрынаўскай драме, якая мае падзагаловак «Аповесць для тэатра». У канцы гэтага твора згадваецца Дземідзёнак. Ён, як і ў апавяданні, купляе птушак, выпускае на лугавым прасторы і з дзіцячым захапленнем назірае за іх вольным палётам, нібы маладзеючы ў такія хвіліны і вызваляючыся ад сваёй звыклай панурасці.
Іван Гаўрылавіч любіў драматургію, прызнаваўся, што цяга да яе жыла ў яго пастаянна. Ён выдаў ёмістую кнігу драматычных твораў «Звон – не малітва» (1993). Яна адкрываецца аднайменнай п’есай пра далёкую мінуўшчыну, пераходныя часы ад язычніцтва да хрысціянства. Гэта падкрэслена і загалоўкам. Звон жа сапраўды не малітва, але малітву ён прадвяшчае, а то і кліча на яе. Пісаў жа М. Танк у вершы «Аvе Маrіа»: «Звон кафедральны кліча на аvе».
З язычніцтва ў хрысціянства ідуць і дзейныя асобы чыгрынаўскага «Звона». Хрысціянства прымае вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаслававіч. З яго асобай звязаны ці не найбольш драматычныя павароты ў жыцці полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Гэта яму, яшчэ язычніку, тады ноўгарадскаму князю, які намагаўся падпарадкаваць сабе і полацкія землі Рагвалодаў, ганарыстая Рагнеда на прапанову стаць яшчэ адной з многіх яго жонак адказала: «Не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».
Яраполк – брат Уладзіміра па бацькоўскай лініі. Але «маці ў іх былі розныя, нават з розных земляў», – у адпаведнасці з гістарычнай праўдай піша I. Чыгрынаў. Уладзіміра нарадзіла рабыня Малуша, а Яраполк – сын жанчыны свабоднай. I ён вёў з Уладзімірам барацьбу за кіеўскі пасад, які пэўны час і займаў. За зяця хацеў мець Яраполка і бацька Рагнеды Рагвалод. Дык Уладзімір абразы не сцярпеў. Ён забіў бацьку і маці Рагнеды, яе малых братоў, а самую прымусіў стаць жонкай. Пра гэты прымус у чыгрынаўскай драме напрамую не гаворыцца, але ён увесь час маецца на ўвазе.
Згадваецца ў творы і няўдалая спроба Рагнеды забіць жорсткага і нялюбага мужа. Яна падаецца не ў натуральных рэалістычных фарбах, а ўзнаўляецца ў свядомасці жанчыны як фантасмагорыя, насланнё.
Асаблівы драматызм гэтай падзеі надае гістарычна дакладны паварот – нечаканая абарона маці малым Ізяславам: «Заступаючыся за маці, малы крычыць на бацьку, тупае малымі ножкамі. Здзіўлены Уладзімір адхінаецца, адступае, а тады выходзіць з усёй світай са спальні», у якой ён ужо наважыўся забіць жонку. Гэтую выратавальную для яе сцэну Рагнеда, якая пазбегла смерці толькі дзякуючы заступніцтву сынка, прыгадвае шмат разоў.
Вядома, Уладзімір не дараваў жонцы той яе замах. Ён пабудаваў горад на самым краі захопленай Рагвалодавай зямлі, назваў яго Ізяславам (цяперашняе Заслаўе) і пасяліў там Рагнеду з сынам. Калі Ізяслаў падрос, бацька зрабіў яго полацкім князем, прымусіўшы прыняць хрысціянства. Ізяслаў на ўсё пагадзіўся дзеля княскага стальца ў Полацку, ужо залежным ад Кіева. Так што цану давялося заплаціць вялікую. Ды Ізяслава гэта мала бянтэжыць. Ён фактычна адмаўляецца і ад маці, якой дарогі ў Полацк няма. Што ж, прага ўлады – вялікая сіла. Была яна такой здаўна…
Моцна напісана ў Чыгрынава і лінія, звязаная з адлюстраваннем язычніцкага свету. Тут найбольш хвалюе гісторыя чыстай, цнатлівай дзяўчыны Анеі, якую язычніцкія верхаводы прыносяць у ахвяру паганскім багам. Яна мужна прымае вызначаную ёй долю, мяркуючы, што так далучаецца да святасці, ідзе да багоў…
У тэксце драмы гучыць і трошкі зменены варыянт загалоўка: «Звон – яшчэ не малітва». Гэта паварот на гаворку ўжо не пра непазбежнасць хрысціянства, а пра моц язычніцтва, якое таксама мае глыбокія карані ў народнай свядомасці. Вось слушныя думкі Рагнеды наконт гэтага: «Святары новых рэлігій дарэмна ганяць нас, язычнікаў, маўляў, і такія мы і гэтакія… Быццам толькі і робяць, што гібеюць у дзікунстве. А нашы карагоды, нашы язычніцкія святы, напрыклад Купалле… Хто яго забудзе? Не… народ гэтага ніколі не забудзе!» Чыстая праўда. Але і Рагнеда па загадзе князя Уладзіміра павінна прыняць веру новую, хрысціянскую. Так і да сёння хрысціянства суіснуе ў людской свядомасці з элементамі язычніцтва.
Плённа працаваў I. Чыгрынаў і як літаратурны крытык. Ягоныя крытычныя працы сабраны ў кнігах «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) і «Паміж сонцам і месяцам» (1994). Тут, у другой кнізе, змешчаны дзённікавыя запісы, публіцыстычныя артыкулы, аўтабіяграфія, а таксама вельмі цікавыя інтэрв’ю.
Іван Гаўрылавіч зусім слушна высока ставіў свае здабыткі на ніве літаратурнай крытыкі. Ён казаў: «Не ацаніць належным чынам дзве свае крытычныя кнігі мне не выпадае. Вельмі карысныя кнігі для нашай літаратуры. Гэта толькі здаецца, што сёння нікому не патрэбна ні крытыка, ні сама мастацкая літаратура. На самой справе яны патрэбны і сёння, і заўтра спатрэбяцца яшчэ больш». Па сваім агульным узроўні крытычныя працы Івана Чыгрынава ніколькі не саступаюць працам самых уедлівых навукоўцаў, а ў стылёвых адносінах, па жывасці выкладання і эмацыянальнай насычанасці пераўзыходзяць іх.
Я добра ведаў Івана Гаўрылавіча, сябраваў з ім. I гэтае сяброўства расцэньваю як адну з найбольшых удач у маім жыцці. Зберагаю цэлы шэраг кніг Чыгрынава з прыязнымі дарчымі подпісамі. Захоўваю і некалькі ягоных лістоў. Яны пераважна дзелавога характару. Але ў адным з іх ёсць і такое звернутае да мяне прызнанне: «Мне пад табой смялей жывецца і пішацца». Гэткія словы прыемна перачытваць. Але ж мушу падкрэсліць, што чыгрынаўскі ўплыў на маю працу ў літаратуры быў намнога большы, чым мой на працу ягоную. Падтрымка з боку Івана Чыгрынава для мяне заўсёды была выключна важнай. Я і цяпер у складаных варунках часта ўспамінаю дабрыню і чалавечнасць Івана Гаўрылавіча, яго душэўную чуласць, уменне падбадзёрыць спагадлівым словам, пасадзейнічаць у канкрэтнай справе. I яшчэ вось што трэба адзначыць. Сам моцна хворы, ён адчуваў людскі боль вельмі востра і спяшаўся на дапамогу, калі меў магчымасць яе аказаць. А пры яго дзелавітасці і пісьменніцкай аўтарытэтнасці ён мог зрабіць і рабіў многае. Такое не забываецца.
А галоўнае, што не старэюць, не пакрываюцца пылам забыцця глыбінна праўдзівыя творы Івана Чыгрынава. Яны і сёння актыўна працуюць на ўмацаванне духоўных традыцый народа.
Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў – крытык, літаратуразнаўца. Прафесар філалогіі (1989). Закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1952), аспірантуру пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага (1955). Працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага педагагічнага інстытута (1955–1959), малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі (1959–1964). З 1964 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе дацэнта, з 1987г. – прафесара кафедры беларускай літаратуры (цяпер беларускай літаратуры і культуры).
Аўтар шматлікіх артыкулаў у розных выданнях, у тым ліку замежных, кніг «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964, 2-е выданне, 2003), «Уладзімір Дубоўка» (1965, 2-е выданне, 2005), «Максім Гарэцкі» (1968, 2-е выданне, 2003), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971, 2-е выданне, 2004), «Вернасць прызванню» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989), «Праўда і мужнасць таленту» (1995), «Спавядальнае слова» (2001), «Служэнне Беларусі» (2003) і інш.
Удзельнічаў у стварэнні навуковай гісторыі беларускай літаратуры, выдадзенай у 1960-я гг., падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для студэнтаў ВНУ і вучняў сярэдніх школ. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1961 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1984).
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
В.М. Смаль
(на прыкладзе апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» і «У ціхім тумане»)
Дзяцінства народнага пісьменніка Івана Чыгрынава, як і многіх пісьменнікаў філалагічнага пакалення, было апалена вайной. Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і ў нялёгкі пасляваенны час потым было таленавіта адлюстравана ім у апавяданнях «Бульба», «За сто кіламетраў на абед», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане», «У баку ад дарогі», раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і іншых. Сам мастак слова так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць» [2, с. 9].
У апавяданні «Птушкі ляцяць на волю», якое дало назву першаму зборніку пісьменніка, паказваецца, што вайна калечыла людзей не толькі маральна, але і фізічна. Аўтар паступова раскрывае пакрыты тайнаю цэнтральны вобраз старога Дземідзёнка. Пры гэтым галоўны герой так і застаецца загадкаю, якую мастак разам з чытачамі спрабуе раскрыць. Ужо першыя радкі твора інтрыгуюць чытача пэўнай недагаворанасцю: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку» [3, с. 74]. Хто ж такі Дземідзёнак? Куды і чаму ён пайшоў? У партрэтнай характарыстыцы Дземідзёнка Іван Чыгрынаў не выдзяляе нічога незвычайнага: «Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпярэзаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак». Для першага пасляваеннага дзесяцігоддзя такі знешні выгляд чалавека шаноўнага ўзросту быў даволі тыповым. За непрацяглы час жыцця ў гарадку гэты чалавек стаў і старажылам, і прыкметнай асобай на вуліцы Ганчарнай і не толькі. Неабходна падкрэсліць, што любы новы чалавек у невялікіх населеных пунктах карыстаецца павышанай увагай. Таму ў прышлых людзях лягчэй заўважаюцца нейкія адметныя рысы характару і паводзін. Аднак, Дземідзёнак знешне нічым не адрозніваўся ад іншых людзей, а ў паводзінах усё ж быў дзівакаватым. Дзівацтва гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён купляў птушак і выпускаў іх на волю. Гэта і выклікала цікавасць да яго з боку гараджан, асабліва малечы.
Адна з гераінь твора дае характарыстыку паводзінам старога стрымана. На пытанне сына пра гэтага чалавека яна адказвае: «Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзенак. У Дакуліхі жыве» [3, с. 74]. У людзей маральна здаровых асоба Дземідзёнка не выклікала павышаных эмоцый. Жыве чалавек, нічога благога не робіць, ну і няхай жыве, навошта яму ў душу лезці. Тым больш, што быў ён чалавекам працавітым, а гэта заўсёды цанілася ў народзе. Нават жывучы на кватэры, пенсіянер прыкладваў гаспадарскую руку там, дзе іншы нават і не падумаў бы: «Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое, што ля іншых, – чыста» [3, с. 74]. З адметных рыс характару Дземідзёнка можна выдзеліць ветлівасць і неразгаворлівасць, што толькі ўзмацняла яго станоўчую рэпутацыю.
Найбольш прыязна да Дземідзёнка адносілася Дакуліха, у якой ён жыў. Гаспадыня ў сваім кватаранце ўбачыла высакароднасць і маральную чысціню, таму вельмі тактоўна да яго ставілася. Пазней жанчына нават адмовілася ад грошай за кватараванне і ўсімі магчымымі сродкамі спрабавала абараніць старога лесніка ад людской надакучлівасці. У фінале твора мы бачым, як шчыра гэтая жанчына спачувае чужому гору: «Ты можаш не заходзіць, – з дакорам зашаптала яна. Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. І навошта было гаварыць каму. Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час» [3, с. 82].
Па-іншаму адносіліся да старога дзеці: яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. Характэрна, што ніколі Дземідзёнак не сварыўся на блазнюкоў, бо чалавекам ён быў, відаць, надзвычай добрым. Аднак не ўсе людзі спагадліва і з павагай адносіліся да гэтага дзівака. Хтосьці пускаў плёткі, што птушак Дземідзёнак перапрадае, хоць на пярнатых ён мог патраціць усю пенсію і не пакінуць грошы нават на кавалак хлеба. Другія хціва карысталіся яго жаданнем дапамагчы нявольным птушкам.
Каб зразумець, адкуль з’явілася такое дзівацтва ў Дземідзёнка, неабходна прасачыць жыццё героя да прыезду ў гарадок, у прыватнасці, часоў ваеннага ліхалецця. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у душы Дземідзёнка і сталі прычынай яго замкнёнасці. Толькі аднаму чалавеку стары расказаў пра сямейную трагедыю, якая здарылася ў часы фашысцкай акупацыі. Дземідзёнак быў лесніком і жыў у лесе на беразе ляснога возера, таму ў вайну да яго часта наведваліся партызаны. У той час пад апекай старога жыла трохгадовая ўнучка. За доўгія гады адзіноты жыццё з унучкай стала пэўнай кампенсацыяй за адсутнасць у дачкі хоць нейкіх маральных абавязкаў перад бацькам. «Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць у родныя мясціны» [3, с. 79], – гаворыць аўтар пра дачку Дземідзёнка. Толькі ў гады ваеннага ліхалецця жанчына наведалася да бацькі, каб пакінуць яму ўнучку. З унучкай стары, відаць, зноў перажыў радасць бацькоўства і яна для яго стала самым дарагім чалавекам на свеце.
Калі Дземідзёнка забралі немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны, дзяўчынка адна засталася зімой у зачыненай старожцы. На працягу двух тыдняў фашысты катавалі лесніка, аднак ён так і не загаварыў. Стары змог вытрываць любы фізічны боль, але невыноснымі былі перажыванні за маленькую ўнучку. Стары ляснік паўстаў перад вельмі складанай дылемай: ці выдаць партызан і быць з унучкай, ці маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё дзяўчынкі. Якой дарагой ні была для яго ўнучка, ён не пайшоў на згоду з сумленнем і не выдаў партызан. У гэтым Дземідзёнак выяўляецца чалавекам маральна стойкім, які не хоча рабіць зло нікому, бо для яго чужое жыццё і свабода даражэй за асабістыя. Вытрымаўшы фашысцкія катаванні, страту ўнучкі ляснік перанесці не змог. Пасля вяртання з фашысцкіх засценкаў у доме стары не застаў дзяўчынкі, а на падлозе ляжала скалелая сініца. Куды падзелася малая, можна толькі здагадвацца – забралі партызаны ці яшчэ хто, але загінуўшая птушка ўспрымаецца сімвалам пакут нявіннай дзяўчынкі. Унучка лесніка сядзела ў халоднай хаце, як птушка ў клетцы, таму яе пакуты Дземідзёнак бачыў у кожнай нявольнай птушцы. Пасля страты ўнучкі ён вымушаны быў назаўсёды з’ехаць са сваёй хаты. Старожка выклікала ў Дземідзёнка цяжкія ўспаміны пра невядомы лёс унучкі. Душэўныя перажыванні зрабілі старога задуменным, пагружаным у свае ўспаміны, таму ён стаў замкнёным і незразумелым людзям.
Боль па страце ўнучкі быў невыносны, таму птушынае збавенне ад няволі Дземідзёнку было сапраўдным бальзамам на душу. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці: «Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў і ўжо ад таго ранейшага Дземідзёнка, нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся.
Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць…» [3, с. 78]. Клопат пра птушак стаў хіба не адзінай радасцю жыцця Дземідзёнка. Птушкі сталі для былога лесніка даражэйшыя за грошы і іншыя матэрыяльныя выгоды, таму ён аддаваў усю пенсію за волю птушак. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: «Клетку з вераб’ямі… ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго» [3, с. 78].
Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта задавальняла, прыймаючы правілы гэтай своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку і гэта для яго было важней за ўсё. Мы бачым тут поўную гармонію чалавека і прыроды. Птушкі, як частка прыроды, з якой ён за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы старога лесніка. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзенка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё старога страціла сэнс і не прыносіла задавальнення. Былы ляснік стаў замкнёным, а праз нейкі час і зусім з’ехаў з гарадка. Пісьменнік пераконвае нас, што кожны чалавек – гэта адметны ўнікальны духоўны свет, які заслугоўвае ўвагі і павагі.
Апавяданне «У ціхім тумане» раскрывае яшчэ адну з мільёнаў чалавечых трагедый, якая адбылася ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першапачатковая назва апавядання «У ціхім тумане» – «Маці». Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе «Полымя», аднак крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор. Апавяданне не ўпісвалася ў дагматычныя нормы вульгарызатарскай крытыкі, якая гнеўна асуджала аўтарскую канцэпцыю твора. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве «Беларусь» было затрымана выданне першай кнігі маладога аўтара. Зборнік «Пушкі ляцяць на волю» быў выдадзены, але твор «Маці» пэўны час не перадрукоўваўся. Тым не менш, у 1970 годзе апавяданне было надрукавана на рускай мове (у перакладзе Э. Карпачова) у маскоўскім часопісе «Дружба народаў» пад назвай «В тихом тумане». На беларускай мове «У ціхім тумане» чытачы зноў змаглі прачытаць толькі ў 1984 годзе ў першым томе трохтомнага выдання твораў Івана Чыгрынава. Гэтае апавяданне разам з «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Ішоў на вайну чалавек» па трапным выказванні Анатоля Кудраўца «…Не размінка спартсмена перад дальнім стартам. Гэта праверка сілы перад вялікай дарогай, з поўнай аддачай, з усей адказнасцю і надзеяй на перамогу». У тым ліку і апавяданне «У ціхім тумане» праклала дарогу лепшаму твору Івана Чыгрынава, які прынёс вядомасць далёка за межамі Беларусі, – раману «Плач перапёлкі» [1, с. 5].
У цэнтры апавядання «У ціхім тумане» лёс старой Рэйдзіхі. Яна надвячоркам з’явілася каля вёскі Бароўка і першай яе ўбачыла Тараськава Ганна. Аўтар гаворыць, што «Ганна схамянулася», убачыўшы яе, і гэта ў пэўнай ступені інтрыгуе чытача. Знешні выгляд Рэдзіхі даволі дзівакаваты: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка, з чорнымі махрамі [4, с. 4]. Вопратка даволі тыповая для старой беларускай сялянкі, але адразу відаць, што знешні выгляд яе мала клапоціць, што ёсць, тое і апранае. Параўнанне яе са спалоханай птушкай выклікае пэўнае спачуванне да жанчыны. Такая аўтарская падрыхтоўка чытача цалкам апраўданая таму, што потым мы даведваемся пра яе жыццёвую трагедыю: Рэйдзіха – маці здрадніка-паліцая. Сапраўды, паводзіны гераіні насцярожаныя, яна баіцца рэакцыі людзей на яе. З часу трагічных падзей прайшло каля трыццаці гадоў, але не ўсе раны, зробленыя сынам гераіні, загоіліся, таму Рэйдзіха пакорліва гатова была прыняць любую рэакцыю землякоў. Яна баялася негатыўнай рэакцыі былых аднавяскоўцаў, але мацярынскія пачуцці перамагаюць. Яна ў пошуках магілы сына з’яўляецца ў Бароўках. Ёй сорамна за сына, таму яна прыйшла ў вёску пад вечар, каб менш людскіх вачэй бачылі, каб менш часу быць сярод людзей, пакрыўджаных Якавам. Рэйдзісе няёмка прызнацца, з якой мэтай яна прыйшла ў вёску, таму прыходзіцца гаварыць, што зайшла па дарозе ў Забор’еўскую царкву. Аўтар спачувае сваёй гераіне, таму параўноўвае яе з птушкай, скінутай з гнязда, якая хоча хоць неяк затрымацца на зямлі, каб перастаць падаць. Параўнанне яе з падстрэленай варонай яшчэ больш узмацняе трагедыйнасць вобраза: «… Старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона» [4, с. 11]. Рэйдзіха без знешняй прычыны магла заплакаць, што гаворыць аб глыбокіх душэўных перажываннях жанчыны, якая з-за бесталковага сына шмат гадоў пражыла з болем у сэрцы.
Чыгрынаў паказаў жанчыну-маці не лубочна ў традыцыях савецкай літаратуры, дзе маці здрадніка павінна была б адрачыся ад сына, а па-чалавечы – для маці сын застаецца сынам у любым выпадку, таму яна яго не выракаецца, а шкадуе. Мацярынская любоў – гэта ўсё, што застаецца адзінокай жанчыне са спакутаваным сэрцам.
Аўтар не паказвае рэакцыі ўсіх жыхароў вёскі Бароўкі на з’яўленне Рэйдзіхі, але можна здагадацца, што яна была самай рознай. Мы бачым рэакцыю Ганны на маці здрадніка і можам зрабіць вывад, што гэта жанчына найбольш ярка выражае аўтарскае ўяўленне пра чалавечнасць. Ганна пусціла начаваць да сябе маці чалавека, які забіў яе бацьку. Гэта было зусім неспадзявана для старой, відаць, і Ганна не чакала ад сябе такога ўчынку. Але менавіта такая ўседаравальнасць і міласэрнасць прыносяць Ганне душэўнае заспакаенне: «Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго ранейшага пачуцця да Рэйдзіхі, якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, – яго быццам рукой хто адвёў» [4, с. 6]. Ганна ўвесь час баіцца пакрыўдзіць старую нават неасцярожным словам: «Яна пачала лавіць сябе на той думцы, што ўжо каторую гадзіну, з самага ўчарашняга надвячорка, паводзіць сябе з гэтай жанчынай так, быццам у нечым была вінаватай перад ёй і цяпер аберагае яе ад усяго, што крый божа, можа прычыніць знячэўку старой непрыемнасць» [4, с. 11]. Гэта найвышэйшая ступень хрысціянскай даравальнасці, на якую здольны толькі высакародны чалавек. Пісьменнік раскрывае лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў. Асабліва ярка мы бачым, як беларускі народ здольны адгукацца на чужое гора, здольны зразумець і паспачуваць: «Сёння ўвесь час і тады, калі падышла ў Чыкавых печах да Ганны, і пасля, ужо ў вёсцы, сустракалася са сваімі былымі суседзямі, яна думала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але Бог літасцівы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго. І, цяпер яна, лежачы ў пасцелі, употай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць» [4, с. 7]. Уся вёска ведала пра неспадзяваную госцю ў Бароўцах, але ніводзін чалавек не прыйшоў і не стаў дакараць старую за сына. Людзі за ваенныя гады не ачарсцвелі, не сталі жорсткімі, а наадварот, пасля нялюдскіх 30-х гадоў, сталі бліжэй да Бога і хрысціянскіх законаў суіснавання. Аўтар апавядання «У ціхім тумане» ўслед за В. Быкавым сцвярджае, што вайна стала для людзей чысцілішчам, якое абудзіла ў іх усё самае святое і чалавечнае. Менавіта таму бароўцы так тактоўна паводзяць сябе з Рэйдзіхай, нягледзячы на тое, што Якаў Рэйда спаліў вёску і расстрэльваў землякоў.
Погляд І. Чыгрынава на вайну – гэта погляд гуманіста, яны не проста шкадуе людзей са складаным жыццёвым лёсам, але і хоча дапамагчы людзям лепш разумець адзін аднаго.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Таіса Грамадчанка
«У дзяцей вайны», нават незалежна ад таго, вярнуліся іх бацькі з фронту, з партызанаў, ці яны раслі бязбацькавічамі, асаблівыя адносіны да маці. Бо ў гады фашысцкай навалы абаронцай і карміцелькай была якраз жанчына. Для вельмі многіх маці заставалася адзіным апірышчам і ў пасляваенны час. Пэўна ж, апошняя вайна нарадзіла сённяшняе звыклае, але аналагічнае па сваёй сутнасці паняцце – матчына хата. Матчынай хата была таму, што ў ёй адсутнічаў гаспадар, бацька, і таму, што нярэдка будавалася яна гаспадыняй. «Маці сталярыла і цяслярыла / без гэбля, без ватэрпаса. / Сякера была адна, / як доля ўдавіная чэзлая» – так напісаў зыходзячы са свайго сыноўняга вопыту Рыгор Барадулін.
Дзяцінства, гады сталення Івана Чыгрынава мала чым адрозніваліся ад барадулінскіх. У аўтабіяграфічных нататках пісьменнік згадваў: «Баі на Бесядзі працягваліся не доўга, здаецца, у тры дні ўсё было скончана, і армія рушыла далей на захад… а мы прыняліся будаваць на зіму зямлянкі, з якіх потым выбіраліся доўга і цяжка. У новую хату, напрыклад, наша сям’я перайшла толькі ў пяцідзясятым годзе». У Чыгрынавых дзяцей было шмат, Іван «нарадзіўся чацвёртым, а пасля яшчэ тры сястры і брат на свет з’явіліся», але гадаваць іх маці давялося адной. Як не без горычы прызнаваўся Іван Гаўрылавіч, «бацьку мы з вайны да сябе не дачакаліся» .
Гэтая сямейная драма – здрада роднага чалавека – знайшла адлюстраванне ў ранніх творах «Апавяданне без канца» (1962 г.) і «На пыльнай дарозе» (1965 г.). У другім з іх аўтар паказвае сустрэчу бацькі з дарослым сынам (Шасцярнёў кінуў жонку і дзяцей дзеля кар’еры і іншай жанчыны). Па дарозе за горад у памяці персанажа ўсплываюць сітуацыі ваеннага часу, калі ён бачыў малога Васілька. Асабліва шчымліва-ўражальная апошняя – сустрэча з сынам у вызваленай вёсцы: «Зямлянкі былі зроблены на скорую руку, і вёска стала падобна на вялікія могілкі… За агародам, на якім цвіла бульба, дыміла вогнішча, і Антон Ягоравіч рушыў туды. Ля вогнішча быў адзін Васілёк. Бацьку ён пазнаў адразу. Але Антону Ягоравічу чамусьці здалося, што сын быццам бы не надта рады сустрэчы – усмешка, якая паявілася на яго замурзаным твары, была кволая, як у хворага. Хлопчык нават не кінуўся бацьку на шыю». Прычына такіх паводзінаў сына яму адкрылася хутка – хлопчык знясілеў ад голаду. Пісьменнік не паказаў цяжкай размовы старэйшага Шасцярнёва з малодшым, пасля якой, як спадзяецца Антон Ягоравіч, «можа, не будзе ўжо гэтай пакутлівай і зацятай маўклівасці, якая прымушае сціскацца сэрца». Усім ладам твора аўтар, аднак, даводзіць: калі нават і зразумее бацьку дарослы сын, то апраўдаць здраду перад тым маленькім хлопчыкам ваеннага часу, у кароткіх, падраных на каленках штоніках, з апухлымі ад голаду ножкамі, які варыў у бляшанцы зялёныя жытнія зярняты, ён не здолее.
З-за таго, што бацька ў даваенныя гады працаваў старшынёй сельсавета, жыццё жонкі і дзяцей падчас акупацыі набыло асаблівы драматызм. У аўтабіяграфіі пісьменніка ёсць такая згадка: «…Людзі быццам вырашылі, што сям’я старшыні сельсавета пры новай уладзе стане першай, а можа, і адзінай ахвярай. У нас і карову немцы ў першых забралі, і конь нам не дастаўся, калі дзялілі ў вёсцы калгасную маёмасць. < … > У сорак першым мала хто адважваўся пусціць чужога чалавека ў хату. Вось і прымала мая маці ўсіх бяздомных, у тым ліку і першых партызан, якія прыходзілі ў вёску з лесу. Аднавяскоўцы проста пасылалі іх да нас – маўляў, ідзіце, там вас прымуць… <…> Часта будзіла нас маці сярод ночы і адводзіла, хаваючыся суседзяў, у лес, каб схаваць ад наехаўшых паліцаяў ды немцаў». Гэты жыццёвы факт знайшоў адлюстраванне ў самым першым апавяданні пісьменніка – «Праз гады» (1961 г.). Праўда, вобраз жанчыны, што прыняла на начлег партызанаў, у ім эпізадычны і, па сутнасці, не звязаны з асноўнай праблемай твора. Але галоўны герой апавядання, ляснік Даўгалёў, не застаецца нейтральным да лёсу гаспадыні: «Я пацікавіўся:
– Чаму гэта нас паслалі да вас? <…>
– А-а, Хвядосіха! – жанчына ўсміхнулася кволай усмешкай і дадала: – Напалоханыя людзі. Кожны ж дзень немцы некага хапаюць. Асабліва хто прытулак партызанам ці акружэнцам дае. Вось і баяцца.
– А вы?
– А мяне і так, кажуць, расстраляюць. I дзяцей. Мой жа ў сельсавеце да вайны працаваў.
I раптам я збянтэжыўся. Маланкай жахнула думка – перада мною стаяў чалавек, які падрыхтаваўся ўжо да смерці. Здаровы, яшчэ не стары… і дзеці… I суседзі пагадзіліся з гэтым!.. <…>
– Ды вы не турбуйцеся, – схамянулася яна, нібы адгадаўшы мае думкі – Не вы ў мяне першыя і, мусіць, не апошнія.
Я ўважліва паглядзеў на яе ўпершыню за ўвесь час. Мяне ўразілі яе вочы, чыстыя і пакорлівыя. Нават балюча зрабілася за іх. Хацелася закрычаць!..». Дарослы I. Чыгрынаў нібыта сам адчуваў віну за перажытае маці ў гады ліхалецця. Пісьменнік-гуманіст, ён не прымаў такога стаўлення да чалавека, што і падкрэсліваецца ў апавяданні праз ацэнку сітуацыі Даўгалёвым.
Простай вясковай жанчыне было нялёгка ў галодныя пасляваенныя гады паставіць на ногі шасцёра дзяцей (двое з іх памерлі ў малалецтве), але Хадоска Ігнатаўна настаяла на тым, каб пасля сямігодкі сын вучыўся далей. Яна сама павяла Івана ў Саматэвіцкую сярэднюю школу (за сем кіламетраў ад роднай вёскі), сама гаварыла з дырэктарам, і той прыняў падлетка ў восьмы клас «ужо звыш спіса». Іван Чыгрынаў напісаў у аўтабіяграфіі: «Я ўсім у жыцці абавязаны маці». Гэтыя сціплыя і лаканічныя словы нясуць у сабе вялікую сыноўнюю любоў і ўдзячнасць самаму блізкаму чалавеку.
Лёс маці, яе аблічча, адносіны да свету сталі галоўнай прататыпнай асновай для стварэння жаночых вобразаў. «Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны», – прызнаўся празаік напрыканцы 1970-х гг., калі ў яго мастакоўскім набытку былі ўжо тры зборнікі апавяданняў і два раманы.
Менавіта асабіста перажытае абумовіла бачанне I. Чыгрынавым месца і ролі жанчыны ў вайне. У сваіх гераінях аўтар падкрэслівае мірны пачатак, іх цяжка ўявіць са зброяй у руках. Яны думаюць не пра супраціўленне чужынцам, а пра тое, чым накарміць дзяцей і як іх абараніць ад навалы, трывожацца за лёс мужоў, братоў, бацькоў. Змест раманнай пенталогіі «Плач перапёлкі» дае падставы сцвярджаць, што ўзброенае змаганне з ворагам пісьменнік лічыў абавязкам мужчыны. Невыпадкова з усіх яго гераінь толькі адна – партызанка і яшчэ адна, чужая ў Забяседдзі дзяўчына, была пакінута армейскім камандаваннем у якасці разведчыцы. Лёс гэтых жанчын трагічны. Як і для Васіля Быкава, для Івана Чыгрынава, пэўна ж, не з’яўлялася нормай ваеннай рэчаіснасці, тым больш гонарам тое, што «ў нас і жанчыны ваявалі».
На долю чыгрынаўскіх гераінь выпала ў вайне, на першы погляд, малагераічнае: выжыць, зберагчы дзяцей для будучага мірнага жыцця. Але ці было гэта ва ўмовах фашысцкай акупацыі лёгкай справай? Адносна жанчын у Вялікай Айчыннай пісьменнік гаварыў у інтэрв’ю: «Яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя».
З вобразамі верамейкаўскіх жанчын у раманы I. Чыгрынава ўвайшло адчуванне невынішчальнасці жыцця, устойлівасці сялянскага спакон вечнага быцця, а праз гэта – думка пра непераможнасць народа. Ідзе страшная вайна, на карту пастаўлена існаванне дзяржаў і нацый, а маладая салдатка нарадзіла дачку, і вясковыя кабеты, як гэта было заўсёды, збіраюцца на бабіны, каб парадавацца з’яўленню на свет новага чалавека. Вайна не змагла парушыць стагоддзямі ўсталяванага парадку: жанчыны выпілі за здароўе маці і дачкі, заспявалі песню, пусціліся ў скокі… Маленькі чалавек нарадзіўся, каб жыць, расці, стаць прадаўжальнікам чалавечага роду. Аднак за такія звычайныя і натуральныя праявы жыцця далёка ад Верамеек і ў саміх Верамейках ідзе цяжкае змаганне. Таму ўрачыста-святочная атмасфера ў хаце Сахвеі Меляшонкавай раз-пораз перапыняецца згадкамі пра вайну, горкім плачам салдатак. Гэтую сцэну расейскі даследчык Анатоль Бачароў назваў «квінтэсенцыяй усяго ідэйнага настрою рамана [«Плач перапёлкі»], усяго зместу, выяўленага ў лёсах, дыялогах, учынках».
У рамане «Апраўданне крыві» з глыбокім разуменнем асаблівасцяў жаночай псіхалогіі апісаны паход верамейкаўскіх салдатак у Яшніцу, дзе знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У няблізкі і небяспечны па ваенным часе шлях іх выправіла імкненне ўратаваць сваіх гаспадароў, дапамагчы ім у цяжкую хвіліну. Глыбіннае, сутнаснае, чым яны ўсе жывуць, найярчэй раскрываецца ў размове жанчын з палонным:
« – Тут мясцовых няма. Прыходзілі вось так, як і вы, жанчыны і забіралі сваіх. Хоць, зрэшты… А чаму яны павінны быць у лагеры? Можа, ваююць? Вам хто-небудзь сказаў, што яны ў палоне?
– Не, ніхто не гаварыў.
– Дык чаму вы тады шукаеце?
– Ну як жа… Ета ж… мужыкі нашы!.. Хто ж аб іх другі паклапоціцца?».
Чыгрынаўскія салдаткі зямныя, звычайныя, пісьменнік не гераізуе іх учынак і памкненне. Па дарозе не аднойчы між імі ўспыхваюць спрэчкі, а то і сварка, хтосьці камусьці зайздросціць ці некага недалюблівае. Разам з тым жанчыны не пакідаюць у бядзе таварышак, ні ў кога з іх нават думкі не ўзнікла вярнуцца ў вёску без Розы і Дуні (першая згубілася, калі ўцякала ад нямецкіх салдат, другую арыштавалі). Вобразам Палагі Хахловай пісьменнік нагадвае пра невытлумачальнасць, таямнічасць жаночай натуры. Бітая-перабітая Палага, з цела якой сінякі зніклі толькі таму, што яе Іван пагнаў у тыл калгасных кароў і застаўся ваяваць, «ішла разам з іншымі салдаткамі, кіравалася ў Яшніцу, думаючы, што яе забіяка-муж таксама недзе пакутуе сярод палонных» . Гэтая ў вачах верамейкаўцаў «вартая шкадавання» жанчына нечакана выявіла немалую рашучасць, кемлівасць, высокую чалавечнасць. Яна не збаялася вясковых плётак і таго, што можа вярнуцца з вайны хуткі на расправу муж, які наўрад ці захоча зразумець яе ўчынак. Падштурхнутая шчырым спачуваннем чужой бядзе, Палага выкупіла з лагера палоннага. Аўтар падкрэслівае неардынарнасць учынку сваёй гераіні: усе маладзейшыя салдаткі, якія маглі «пазнаць» у барадатым масквічы свайго мужа і проста забраць яго з няволі, лічылі гэта калі не святатацтвам («Як гэта я пры жывым мужыку да назаву другога?»), то непрыстойнасцю.
У галерэі створаных у пенталогіі жаночых вобразаў асобнае месца займаюць Зазыбава Марфа і Карпілава Ганна. Яны розняцца як узростам, так і жыццёвым лёсам, характарам, паводзінамі. Марфа Давыдаўна ўсё жыццё пражыла з мужам – чалавечным і разумным Дзянісам Зазыбам, з думкай якога лічыліся ўсе ў Верамейках. Ганна – «саламяная ўдава: у свае маладыя гады – не набрала яшчэ дваццаці пяці – яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бязбацькавічаў». Ствараючы вобраз Ганны Карпілавай, аўтар спачатку гаворыць пра тое знешняе, што бачна ўсім. Аднак першая на старонках твора, далёка не станоўчая, характарыстыка гераіні з развіццём раманнага дзеяння канкрэтызуецца і ўскладняецца, вобраз маладой жанчыны прыкметна драматызуецца. «Лёс да яе чамусьці быў вельмі ж нялітасцівы… кожны, каму не бракавала сэрца і розуму, мог паспагадаць, што жыццё ў маладой кабеты сапраўды не склалася па-людску, адно што Бог даў не апошнюю зусім прыгажосць… ды лагодную, быццам назнарок выхаваную душу, можа, якраз з тым, каб у ёй неўпрыкмет патаналі нават чужыя заганы» – такую характарыстыку «ад сябе» аўтар дае напрыканцы рамана «Плач перапёлкі». «Падзенне» Ганны, паказвае пісьменнік, адбылося не з-за легкадумнасці ці, тым больш, прыроджанай сапсаванасці. Сваім дзявоцтвам яна заплаціла за «хатомку бульбы», бо трэба было неяк ратаваць хворую маці (бацьку, якога пахавалі чужыя людзі, сям’я ўжо аплакала). Калі Ганна зацяжарыла, калгасны вартаўнік спалохаўся, што ў вёсцы не даруюць гвалт з дзяўчыны, і з’ехаў з сям’ёй на шахты. Але Ганна не мела звычкі каму б тое ні было спавядацца і жаліцца. Маладая жанчына паўстае на старонках пенталогіі як клапатлівая маці, яна вельмі любіць сваіх непадобных паміж сабой хлопчыкаў, што таксама ўзвышае яе вобраз.
Не было камфортным, бясхмарным і жыццё Зазыбавай Марфы: муж ваяваў на франтах Першай сусветнай і грамадзянскай, быў паранены, адзінага сына ў 1930-я гг. арыштавалі і судзілі як ворага народа. Масею пашчасціла вярнуцца дамоў на пачатку вайны, але несправядлівае абвінавачванне з юнака не было знята. Да мацярынскага болю за пакуты сына дадаецца яшчэ адзін: жанчына заўважае, што паміж бацькам і сынам няма сапраўднага паразумення. Зазыба, з яго непахіснай верай у гуманнасць і справядлівасць савецкай улады, доўгі час не мог пагадзіцца з Масеем, прыняць сынава бачанне рэчаіснасці. Тонка адчуваючы душэўны стан маці, калі яе крывінцы невыносна цяжка, пісьменнік уводзіць у раман «Апраўданне крыві» наступнае апісанне пачуццяў і думак сваёй гераіні: «Дасталося, відаць, Масею недзе, раз ён так зблажэў і здзяцінеў з твару!.. Услед за гэтай думкай ёй нібыта ўкалола ў сэрца, яно зазнібела адразу; Марфе да слёз зрабілася шкада сына, акурат як і тады, калі стала вядома пра суд над ім, спярша вырасла злосць на кагосьці незнаёмага і ні разу не бачанага, хто вінаваты быў у сынавых пакутах, але вось яна прыгадала зусім нядаўнюю размову з мужам ля лазні, і ўся яе неакрэсленая злосць чамусьці перакінулася на яго, з’явілася такое адчуванне, быццам бацька хацеў сыну нядобрага, і яна ўнутрана, у пачуццях сваіх, апынулася раптам недзе на мяжы, калі недалёка і няцяжка ўзненавідзець блізкага чалавека той сляпой і зацятай нянавісцю, якая наўрад ці была зразумета кім нават ва ўраўнаважаным стане». Марфа Давыдаўна, аднак, добра ведае і паважае мужа, таму да «сляпой нянавісці» не дайшло, хоць яна адразу, не вагаючыся, прыняла сынаў бок. Жанчына імкнецца прымірыць, зблізіць самых дарагіх ёй людзей, але па-мацярынску мудра «выхоўвае» толькі сына, тлумачачы настрой і душэўны стан бацькі.
Пакутніцкая смерць Марфы Давыдаўны ад рук п’яных «чужых» партызанаў не толькі выяўляе мацярынскую самаахвярнасць (партызаны дамагаліся, каб яна сказала, дзе хаваецца сын), але таксама сведчыць пра знітаванасць лёсаў сына і маці. Не можа быць шчаслівая маці, калі не складваецца жыццё ў яе дзяцей. Яна да канца сваіх дзён у адказе за іх.
Унутраным, інтуіцыйным, дзесьці нават непадкантрольным розуму адчуваннем уласнай далучанасці да таго, каго пусціла ў свет, Марфа Давыдаўна набліжаецца да старой Рэйдзіхі, гераіні апавядання «Маці» (1963 г.). Гераіня раманаў сапраўды толькі набліжаецца, бо адрозненні ў лёсах мацярок вельмі істотныя:
Масей – ахвяра часу, без віны вінаваты, Якаў – здраднік, які адпраўляў на смерць сваіх людзей і паліў вёскі. Апавяданне ў свой час рэзка крытыкавалася з самых розных трыбун, бо маці паліцая нібыта не павінна выклікаць да сябе спачування, тым больш што забіты партызанамі нямецкі паслугач для Рэйдзіхі проста сын. Упершыню ўключаючы твор у зборнік «За сто километров на обед» (1979 г.), Іван Чыгрынаў вымушаны быў змяніць яго назву і канцоўку. У рускамоўным варыянце вяскоўцы адмовіліся паказаць Рэйдзісе месца, дзе ляжаў яе сын. Але з часам пісьменнік вярнуўся да першай рэдакцыі апавядання – больш сталы і спрактыкаваны ў жыцці, ён не змяніў свайго ўяўлення пра мацярынскае гора.
Цэнтральны герой раманнай пенталогіі Дзяніс Зазыба, думаецца, назваў тое неадменнае, сутнаснае, што, паводле Івана Чыгрынава, вызначае адносіны маці да сваіх дзяцей, ляжыць у аснове мацярынскага пачуцця. У размове з сынам Зазыба прыводзіць наступнае параўнанне: «Для мяне савецкая ўлада – як для маці тваёй ты!.. Ёй, бачыш, няма ніякай справы да таго, які ты цяпер і што ты гаворыш, і што збіраешся рабіць!.. Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. А ўжо ты павер мне – ні адна маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае!.. Яна б тады і мучыцца не мучылася праз яго» (вылучана намі. – Т. Г.).
Працэс станаўлення творчай індывідуальнасці, а таксама жанравая спецыфіка прозы абумовілі своеасаблівую інверсійнасць ва ўзнаўленні I. Чыгрынавым лёсу беларускай жанчыны. У апавяданнях, калі мець на ўвазе храналогію падзей, а не час публікацыі твораў, нібыта працягваецца мастацкае даследаванне пісьменнікам жыццёвых шляхоў гераінь раманнага цыкла.
У многіх апавяданнях прысутнічае светлы, чысты, адухоўлены вобраз маці, якая поўніцца трывогай і клопатам пра дзяцей і тады, калі яны даўно дарослыя. I яшчэ, паказвае пісьменнік, маці – у вечным чаканні дзяцей. Пераканальна і эмацыйна напісана сцэна сустрэчы ў творы «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1964 г.). «Маленькая старая кідаецца сыну на шыю, павісае на ім і ўсё цалуе сухімі калючымі губамі шчаку, вуха. Рукі яе дрыжаць.
– Прыехаў… Прыехаў… – паўтарае яна, але быццам яшчэ не зусім верыць гэтаму і таму не адпускае сына, абшчапіла рукамі ягоную шыю і не адпускае.
– Не было як, раней я не мог, – апраўдваецца Арцём.
– А я і не віню – калі прыехаў то і добра. А то я ўжо думала… – А пра што думала – Арцём ніколі ад яе не даведаецца». Так радавацца – без папрокаў і нараканняў, усміхаючыся і адначасова выціраючы слёзы, – можа толькі маці. Побач з матчынай дабрынёй, самаадданасцю, цярплівасцю выглядаюць жорсткасцю няўвага ці няшчырасць з боку дарослых сына і дачкі.
Адным з першых у нацыянальнай літаратуры Іван Чыгрынаў звярнуўся да праблемы адзінокай старасці вясковых жанчын. Гэта праблема была пастаўлена ў апавяданнях «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «У горад», «Адна». Усяго адну раніцу з жыцця старой Усцінні паказаў пісьменнік у апавяданні «Адна» (1965 г.), аднак праз асобныя дэталі, успаміны жанчыны паўстае ўвесь яе нялёгкі шлях. Сямёра дзяцей нарадзіла Усціння.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Александр Лопата-Загорский
Это признание сделал сам Чигринов. Писатель, которого Беларусь потеряла в самом начале 1996 года.
Приличествующий случаю подсчет легко сделает каждый: если сейчас 2005-й, а родился Иван Гаврилович в 1934-м, вот и выходит, что умер он в шестьдесят с небольшим, не дожив до своего 70-летия почти девять лет. И с высоты отделивших бытие от вечности годовых отметок попробуем еще раз взвесить, оценить: кем он стал, Иван Гаврилович Чигринов, для белорусского народа и его литературы?
Нет, можно согласиться, что по логике для таких оценок вроде как желателен больший временной интервал, тут бы с расстояния лет этак тридцать-сорок оглянуться… Но то в эпохи обычные, размеренно текущие, в периоды же резких перемен время словно прессуется, тут возможным делается уплотнение хронологических вех и масштабов.
Между тем, несомненно: перемены имели место, действительность, в которой довелось жить и творить Ивану Гавриловичу, наши текущие реалии – это, как говорится, две большие разницы. Причем, в 96-м еще можно было опасаться дня завтрашнего, потому что будущее тогда рисовалось донельзя сумрачным и унылым. Хотя многие тогда не разделяли мнение о крахе белорусской литературы, все же в то время звучали призывы перечеркнуть наработки литературы советской и объявить творческий багаж минувших лет грузом, мешающим дальнейшему литературному развитию.
Однако писатели, чьим произведениям предрекалось скорое забвение, стучатся сегодня в нашу литературную действительность. Можно говорить уверенно: нет, не прервалась традиция; тенденции, заложенные зачинателями национальной словесности и развитые в советский период, творчески подхватываются и переосмысливаются новыми поколениями белорусских литераторов. И это делает обращение к памяти ушедших из жизни авторов далеко не пустой, разогреваемой лишь юбилейными заказами обязанностью.
Так кто же он, Иван Гаврилович Чигринов, для живущих в веке ХХІ-м? Насколько актуальны его книги сегодня, насколько привлекательны для читателя молодого, не слишком оглядывающегося на былые писательские регалии и ранжиры?
В поисках ответа обратимся прежде всего к биографии Чигринова, насколько она соответствует девизу: «У писателя нет карьеры, у него должна быть судьба»? Это правило, объявленное Иваном Гавриловичем жизненным кредо, не стало ли пустыми словами, не было ли в них красования перед публикой?
Ответим сразу: нет, все искренне, душой писатель не покривил. Почестями, званиями и наградами он не был обделен – однако все, как говорится, доставалось по делу, все награды и почетные должности Иван Гаврилович буквально выстрадал, он их заслужил.
Возьмем хотя бы номенклатурную с виду работу в Союзе писателей – вожделенное в те годы для многих кресло секретаря правления СП, по должности курирующего работу с молодыми авторами. Иван Гаврилович от души ратовал за приток в литературу молодых, полных юного энтузиазма сил, искренне переживал, если в обойме рекомендованных сплошь оказывались убеленные сединами «новички», к сорока, а то и к пятидесяти сподобившиеся на единственную книгу.
Для многих Чигринов был в литературе крестным отцом задолго до того, как это стало его должностной обязанностью, – позднейшее назначение лишь официально закрепило давнюю страсть Ивана Гавриловича помогать, содействовать молодым талантам. Именно помогать, а не поучать начинающих, не пытаться навязывать штампы или загонять под единый, подравнивающий всех ранжир.
Уместно вспомнить и вот еще что: да, Иван Чигринов достаточно ревностно относился к лауреатству и прочим атрибутам успеха официозного, не скажешь, что он ко всему этому абсолютно был равнодушен. Однако не было в нем стремления к награде ради награды, скорее присутствовало желание убедиться, что книги находят отклик в читательских сердцах, что литературный поиск плодотворен и ведется в верном, созвучном со временем направлении. И если вспомнить, как часто произведения писателя попадали в немилость к критикам, то эта маленькая слабость, заключенная в стремлении пусть в итоге, но доказать, что прав был ты, а не они, окажется и вполне объяснимой. Так, когда в дополнение к медали, вручаемой вместе с премией имени А. Фадеева, белорусский писатель получил и достаточно внушительную денежную сумму, средства без раздумий были переведены в фонд Международного года ребенка. Показательное, не правда ли, решение!
Ведь вовсе не для того Иван Чигринов становился писателем, дабы сим ремеслом тривиально зарабатывать себе блага и почести, мотивы наверняка были иные. Чтобы понять их, следует пристальнее всмотреться в истоки, заглянуть в детские и юношеские годы Ивана Гавриловича.
Итак, 1934-й, небольшая, привольно раскинувшаяся в окружении чистых рек и светлых озер деревня Великий Бор, что в Костюковичском районе. Рядом – Беседь, поэтично воспетая Аркадием Кулешовым, вблизи величественные Брянские, по-местному Мглинские, леса, а до Москвы примерно как до Минска.
Здесь, конечно, нет предопределенности выбора «Стану писателем, причем именно белорусским», но некие начала будущих, взрослых уже решений очевидно закладывались в детстве. И без учета атмосферы, в которой рос Иван Гаврилович, трудно осознать, во-первых, ту непоколебимую толерантность его миропонимания, которая отразилась и в произведениях, и в документах, к созданию которых оказывался причастен Чигринов-политик. А во-вторых, ну как ответишь на вопрос «Почему тамошние места столь щедры на поэтов и прозаиков?» и не упомянешь при этом природного очарования берущих за сердце пейзажей? Ведь не случайно у А. Мартиновича, посетившего родную деревню И. Чигринова во время работы над книгой о писателе и друге, буквально вырвалось: «Равного по красоте уголка встречать как-то не доводилось». И это о Великом Боре, уже тронутом радиоактивным пеплом, настораживающе пустом и тихом!
То есть, восприимчивые детские души буквально пропитывались предощущением творчества, сама природа будила в мальчишках дар живописать словом…
А жизнь меж тем текла своим чередом, впечатывая в память события и сюжеты будущих книг. Судьба не миловала край чудесных рек и лесов, беды и лихолетья не обходили Великий Бор стороной.
И пусть в 1941-м до грядущей радиоактивной катастрофы было еще далеко, и о трагическом совмещении двух испытаний не могли догадываться ни семилетний Иван Чигринов, ни его земляки, ни те, кого забросило на Могилевщину испепеляющим огнем войны. Но ведь случилось, и в 1986-м полыхнул по местам военных лихолетий иной, не менее страшный пожар!
Это был новый виток беды, его трагичность выльется в дневниковую запись И. Чигринова: «Потерять малую родину – все равно, что потерять большую. Ради чего в таком случае страдали в Забеседье мои герои, за что сражались? Чтобы в последующем земли оказались отторгнуты по милости какого-то инженера, какого-то академика?»
Подобная перспектива усугубит и без того густую драматичность произведений писателя – драматичность, продиктованную самой жизнью. Душе суждено было снова и снова саднить памятью военных, никогда не зарубцовывающихся ран. И символом неугасимости такой боли может служить следующая, упомянутая в дневнике Чигринова, история. После войны в родных его местах валили лес, делали санитарную вырубку. Стволы же свозили на лесопилку, дабы порезать на доски. Так вот, на станках буквально поминутно «летели» пилы, и причина вскоре прояснилась: оказывается, под вырубку шел иссеченный осколками участок леса. Деревья были до такой степени нашпигованы железом, что не выдерживали, крошились даже сверхпрочные зубья лицензионных пил.
Такие же осколки оставались и в людских сердцах. Воспоминания могли долго себя не проявлять, но они, особенно детские, никуда не исчезали всю жизнь. Снова и снова перед глазами вставали увиденные во время войны лица, события.
«Детство провел в войне, память же детская – очень ухватиста», – написал И. Чигринов в одном из дневников. Да и как забудешь, если не с другим, а с тобой приключилось: восьмилетним пацаном бежишь по полю, а сверху раз за разом пикирует немецкая «рама», и пилот так и норовит срезать тебя прицельной пулеметной очередью. Промахивается, но вновь и вновь заходит на цель, словно и впрямь решил, будто перед ним не деревенский пастушок, а наиглавнейший противник всего германского вермахта.
Иван Гаврилович признавался, что навсегда запомнил ухмылку того фашистского летчика, одну за другой пускавшего колючие очереди – но за внешним трагизмом ситуации угадывается и другой, не менее страшный подтекст. Мальчишка-то не просто мечется под пулеметным огнем, он, словно бывалый солдат, осмысливает каждый свой маневр. И с каждым рывком норовит ближе и ближе подобраться к спасительной канаве посреди поля, в которой – и пацан это твердо знает – можно укрыться от беды.
Ведь это насколько надо свыкнуться с бесчеловечностью обстоятельств, чтобы не просто не сомневаться – в восемь-то лет! – в готовности летчика бесконечно усердствовать в безжалостной охоте, но и приучиться, словно обстрелянный боец, толково вести себя в подобных ситуациях. Воистину страшная война, на которой обыденным становится то, что обычно не укладывается в рамки понимания…
Закончится эпизод неожиданно и с виду мирно: мальчик, добравшись до спасительной ложбинки, отлежится в ней, даже уснет, и проснется лишь когда все закончится, когда фашист улетит. Здесь опять же примета того, насколько война чужеродностью своей ломает детскую психику, когда предел страданий превышается, включается спасительный стопор… Но чем ближе этот самый предел допустимого, тем глубже зарубки, тем неестественней все, с чем постепенно свыкается ребенок.
Причем, душевный надлом растянут на годы, война, вроде как прокатившись по Великому Бору, не задерживаясь, поскольку фронт на Беседи простоял всего дня три, все же никуда не уходит, а зависает над деревней сумрачными зимами и неспокойным заревом пожарищ по ночам.
Не случайно на подступах к «веремейковскому» циклу Иван Чигринов задумывал роман о военных зимах. В памяти особенно прочно засели зимние, по преимуществу ночные видения: «Морозы крепкие, собаки воют». Так часто воют, что мы разбирались: если голова задрана – на пожар воет, если опущена – на смерть. Даже различали, на смерть близкого или далекого человека. Зимой и карательные экспедиции были, когда спасались, сидели в снегу, ночевали при костре. Потому и собирался писать про зиму, даже заголовок имелся: «Когда воют собаки». Но стал думать – и пришел к показу панорамы народной жизни. Подобное решение вряд ли назовешь неожиданным, ведь в ряду запомнившихся и такой, тоже во многом знаковый, военный эпизод: в 1941-м на деревенских пастушков вышел красноармеец. Фронт к тому времени откатился далеко на восток, и кто догонял войну, обычно шел осторожно, переодетый в гражданское – а здесь боец не снял гимнастерку, не бросил оружие. У мальчишек он попросил чего-нибудь перекусить. Попросил, присел в придорожной канаве и мгновенно уснул, буквально повиснув на так и не отложенной в сторону винтовке. А пока мальчишки бегали в деревню за съестным, по дороге прошла фашистская колонна, и бойца взяли сонного, так толком и не осознавшего, что же с ним приключилось.
Понимание придет позже, в момент, когда красноармеец увидит растерянно столпившихся у обочины пастушков, теребящих в руках узелки с едой. А выражение ужаса, отчаяние, мелькнувшее в глазах незнакомого солдата, так и останется с Чигриновым, впечатается в память до самой смерти. Соответственно не только зимние, но и летние воспоминания будут стучаться в книгу, будоража память своей неизгладимостью.
Так что появление повествовательного цикла о войне было делом едва не предрешенным – именно цикла, поскольку многое в натуре Ивана Гавриловича указывало на склонность к раздумчивой, планомерной и обстоятельной работе. Возьмем хотя бы то, что в свой Великий Бор Иван Чигринов из Минска изредка возвращался пешком.
Неспешно отмеривались в пути верста за верстой – ну как не вспомнить тут страницы романов писателя, где события проходят вот так же несуетно, где повествователь подчеркнуто раздумчив и нетороплив…
Или вот еще. После войны писатель повторил маршрут, по которому его семья в 1941-м выправлялась в беженцы. На станции, уехать с которой когда-то так и не довелось – фашисты успели перерезать путь, и поезда не ходили, – писатель постоял в задумчивости, послушал, как гудят на ветру провода и как стонут под колесами приближающегося состава рельсы… Ведь так и читается характер, он даже в похожем молчании проявлен!
И то, что Иван Гаврилович начал литературную деятельность со стихотворений, не могло не показаться исследователям его творчества временным, свидетельствующим всего лишь о поиске своего голоса… И когда десятиклассник И. Чигринов читал свои стихи приехавшему на выпускной вечер в Самотеевичскую школу А. Кулешову, встреча эта не стала судьбоносной – не поэтом суждено было стать Чигринову. Ведь по сути эти стихи были рифмованными рассказами, и на эту особенность ранней поэзии Чигринова первым обратит внимание В. Гниломедов, с оценкой которого нельзя не согласиться: неприкрытая сюжетность стихов предвещала скорое появление прозы, и прозы высокохудожественной. Тем более если примем во внимание состав курса, на который поступил в 1952 году Чигринов: вместе с ним учились И. Пташников и В. Адамчик. При таком-то соседстве трудно, не правда ли, не сделать шаг в сторону прозы, и соответственно, нет ничего удивительного, что вскоре Чигринов этот шаг делает.
Но сначала он завоевывает признание не как эпик, а как мастер в жанре рассказа, небольшой повести. И лишь затем, после успеха нескольких сборников «малой» прозы, наступает черед прозы большой, и соответственно нет ничего удивительного, что вскоре Чигринов этот шаг делает.
Именно «веремейковский» романный цикл станет визитной карточкой писателя и принесет И. Чигринову наибольший успех. Хотя, конечно, никто не собирается сбрасывать со счетов ни написанные народным писателем Беларуси рассказы, ни вышедшие из-под его пера пьесы и литературные сценарии. Вот только факт остается фактом: большинство читателей видит Чигринова прежде всего романистом, автором «Плача перепелки» (1970), «Оправдания крови» (1976), «Своих и чужих» (1983), «Возвращения к вине» (1994) и «Не все мы погибнем» (1996).
И отвечая на вопрос, будет ли современный читатель читать Ивана Чигринова, актуальны ли его произведения в наше время, мы вольно или невольно будем склоняться к анализу в первую очередь эпических его работ. Стараясь, впрочем, учесть всю многогранность творческого наследия писателя, всю широту его литературных поисков.
Так востребованы ли сегодня уроки Чигринова, будут ли в литературном процессе XXI века его произведения актуальными и интересными его художественные открытия? Попробуем разобраться в этом, и прежде всего отметим несомненное, многими, в том числе самим Иваном Гавриловичем, отмеченное: его произведения, в том числе и романы, изначально характеризовались несколько своеобразной стилистикой. То есть тексты не подходят под традиционное определение «читабельно», они не являются чтивом, выполненным в соответствии с каноном «подобное потребитель станет листать в охотку».
Вот как оценивал стиль собственных произведений сам писатель. Да, романы, говорил он, «вряд ли подпадут под категорию «популярные». Потому как они заставляют не просто просматривать текст, но и осмысливать прочитанное. Однако читать их интересно. Особенно тому, кто сам склонен к анализу, кто привык размышлять, думать, а не просто «проглатывать» литературные тексты».
Согласимся с подобной самооценкой и дополним следующим: в его книги надо словно «заныривать». То есть стартовые страницы доводится где-то даже осилить, постепенно, абзац за абзацем, свыкаясь со стилем и слогом. Дальше, едва «притирка» произошла, натужность пропадает, чтение становится свободным и естественным. И воспринимаешь написанное писателем с интересом, действительно побуждающим к осмыслению, анализу включенного в текст материала.
Подкупает и несомненная искренность, и прямота автора – та прямота, которая не раз осложняла издательскую судьбу его произведений в советское время. Зато сегодня не возникает ощущения, что писатель пошел наперекор убеждениям и где-то убоялся сказать правду или умолчал об известных ему обстоятельствах – нет, слова идут от сердца и звучат предельно оголенно. Да и могло ли быть иначе, если именно честность Чигринов объявил основополагающим достоинством художественных произведений, отказывая литератору в праве хоть в малом, но покривить душой! В книге «Новое в жизни, новое в литературе» (1983) так прямо и прозвучало: «Главное правило, которым обязан руководствоваться писатель, – не утаивать от читателя ничего, стараться все, что он, писатель, знает о жизни, донести до людей».
И здесь опять же не пустые слова, здесь принцип, которым последовательно руководствовался И. Чигринов. Вспомним, чем завершилась попытка редакторского «причесывания» чигриновского «Плача перепелки» – ведь ситуация показательная, в каком-то смысле поучительная. Писатель принес рукопись романа, ее в издательстве «отредактировали» до такой степени, что буквально ни одного живого предложения в тексте уже не осталось.
Получив рукопись, Иван Гаврилович на миг онемел. Хватануло, как он сам позже признавался, за сердце, ощущение было не из приятных. Однако писатель взял себя в руки, вежливо откланялся, пообещал переделать текст с учетом имевшихся замечаний, дома же вооружился резинкой и лезвием, в три дня тщательно убрал сделанные в издательстве исправления и снова отнес в редакцию.
В итоге настойчивость автора была вознаграждена – роман опубликовали в авторском варианте. Правда, кое в чем Главлит не уступил: остались вымараны все упоминания о голоде на Украине, о людях, приходивших оттуда в Беларусь и умиравших от истощения прямо на дорогах.
Но с этим вмешательством даже Чигринов, при всем авторском упрямстве, справиться не мог: голода на Украине, по тогдашней трактовке исторических событий, не было, и соответственно, в романе неоткуда взяться выпрашивающим хлеб людям…
Без купюр не обошлось, однако Чигринову удалось главное: отстоять правду, которая пусть себе и в неполном изображении, но события отображает в основном верными. Настойчивость в отстаивании своей линии осложняла судьбу книг Чигринова в прошлом, но сегодня она помогает его произведениям возвыситься над временем их написания.
Это, кстати, замечалось и ранее. Вспоминается следующий эпизод: мы с друзьями смотрели киноцикл по романам Чигринова. Жизнь круто менялась, на дворе бушевали 90-е, и один из диалогов, прозвучавших с экрана, показался несколько откорректированным, приведенным в соответствие с новыми реалиями. Было высказано сомнение: не внес ли автор при работе над киносценарием правки в прежний, 70-х еще годов, текст? Сразу заключили пари, бросились искать первоисточник – и с удивлением убедились, что правок не было, диалог звучал в изначальном, именно как в романе, варианте!
Подобные открытия ждут каждого, кто соберется перечитать Ивана Чигринова, даже сегодня он окажется на удивление остросовременным. И это несомненное достоинство написанных писателем книг.
Еще один весомый «плюс» – это обстоятельность, основательность вырисованных И. Чигриновым литературных панорам. В них не встретишь описаний огульных, размашистостью мазков норовящих прикрыть неполное понимание предмета. Иван Гаврилович вообще отвергал приблизительность в повествовании, дабы детализировать свои литературные пейзажи, он часами корпел над знаменитым своим «Травником», где собраны были образцы и названия растений Беларуси. Писатель подолгу прослушивал голоса певчих птиц, до нюансов разбирал особенности того или иного ремесла – все это помогало не сфальшивить, не сбиться в передаче именно фактографического фона сюжетных коллизий. И. Чигринов не раз повторял, что особенно ценит тех друзей, которые, будучи далеки от литературы, способны тем не менее указать на ошибки, к таким замечаниям писатель неизменно и охотно прислушивался. И в результате та обстоятельность в изображении жизни героев, к которой Иван Гаврилович осознанно стремился, становилась отличительным знаком его произведений, она действительно присуща его писательскому стилю.
Не забудем и про иные достоинства книг И. Чигринова, хотя они общеизвестны и отмечены многими исследователями, изучавшими творчество писателя. Часто и много говорят о психологической глубине, о мастерском владении словом, о четкой прорисовке сюжета, который словно сплетен в узор, где все узелки тесно увязаны и не остаются незагруженными – все подобные похвалы обоснованны и вполне Чигриновым заслуженны.
В ряду достоинств выделим и такое, раньше не очевидное, а сегодня весьма и весьма заметное: Чигринов очень сдержан в отборе материала. Соответственно мы практически не ощущаем того налета сенсационности, который превращает многие сегодняшние романы в развернутые отголоски публикаций бульварных газет.
Перед нами предстает именно История, а не газетное ее перетасовывание! В этой связи обращают на себя внимание раздумчивые писательские: «Рассказано таким-то, но полной уверенности в достоверности услышанного нет», которые часто мелькают на страницах его дневника. А нет уверенности – факт в произведение не идет, каким бы соблазнительным ни казался.
Например, услышанные Чигриновым байки о том, как Сталин от Беларуси отрезал целые районы: обмолвился, дескать, Хрущев, что не хватает ему леса, – и прямо по карте проведена новая граница, прирезавшая к Украине пестревший зеленью боров участок белорусских земель; заговорили на Западе об аннексии Литвы – и ради пресечения слухов инициировали подарок литовцам от белорусов… Ведь так и просится материал в книги, буквально жжет руки, а Чигринов сдерживается, не спешит с незрелой сенсацией. И в итоге оказывается прав.
Опыт сегодняшней прозы, ударившейся в эпатаж и во многом разучившей читателя доверять написанному, свидетельствует: избыток внешней броскости, сенсационности не на пользу, скорее во вред серьезной литературе.
Не забудем о тематическом многообразии прозы и особенно драматургии И. Чигринова, вспомним о плодотворности его интереса к материалам из далекой Истории Беларуси, как видим, «плюсов» набирается предостаточно, книги есть за что похвалить. И вывод вроде напрашивается однозначно оптимистичный, интерес современного читателя к книгам Ивана Гавриловича можно смело объявлять неослабевающим, непрестанным и целиком обоснованным, ведь так?
Однако внутренний голос, соотносимый с возражениями въедливого оппонента, упорно перечит: «Не спеши, не все тут гладко. Не так проста нынешняя молодежь, она весьма и весьма разборчива, где-то даже привередлива. И многие, наверняка, увидят за произведениями не только бесспорные достоинства».
Если возникают сомнения, в них, как учит сам Чигринов, надо разбираться. Причем при этом следует (опять же, урок Ивана Гавриловича) стараться быть предельно честным, до конца искренним. Отвечая на вопрос, целиком ли Чигринов свободен от идеологических шор, наброшенных на писателей догматическими представлениями о социалистическом реализме, мы вынужденно признаем: нет, не целиком. Взять хотя бы такое его высказывание: «…Наша литература избирательна в отношении к фактам действительности, не каждый факт, не каждый характер, не каждая ситуация приемлемы для нашей литературы. Наш писатель лепит свои образы из того отобранного материала, который работает на утверждение социалистической действительности».
Да, высказывание ситуативное, и относиться к нему стоит осторожно – но ведь и впрямь: в случае, если факт представлялся деструктивным, его попросту обходили. То есть факт приносился в жертву идее точно так, как ради этой идеи перечеркивались судьбы реальных, пусть себе и посчитавших заявленные цели фальшивкой, людей. Обозначились перехлесты и перегибы, трагизм ощутивших чужие ошибки на себе людей не остался незамеченным И. Чигриновым, – но элементы «отбора фактов» все же и в его произведениях заметны.
Тут, пожалуй, особо показателен такой пример: Иван Гаврилович рецензировал одну из книг военной тематики, произведение рассказывало о биографии генерала Бахарева, командовавшего во время Великой Отечественной танковыми соединениями. Так вот, генерал Бахарев отказался вести свой вымотанный донельзя корпус в атаку, призванную поддержать давно выдохшееся, обреченное на неуспех, наступление. И был разжалован.
В книге описывалось, как генерал осмыслил опыт той «неудачи», как казнил себя за невыполнение приказа, рецензент предпочел вторить автору и не попытался ему противоречить. Меж тем акцент «вины» командира, сберегшего своим решением не одну солдатскую жизнь, выглядит сегодня воистину неуместным, смену оценок предопределило то новое восприятие военных событий, предвестие которого еще застал и сразу и охотно принял Иван Чигринов.
Однако сразу возникает вопрос: «А как с тональностью романов прежних, не выходило ли отображение военных неурядиц преимущественно черно-белым, не было ли упрощений?» Аналогичный вопрос был задан Чигринову в одном из интервью. Прозвучал он примерно так: «Нет у вас ощущения, что сегодня произведения писались бы иначе?»
Писатель ответил, что писал бы точно так, как делал это в 70-х, более того, он признался, что пробовал изменить интонации, привнести в продолжение «веремейковского» цикла веяния нового мироощущения – но выходило не то, не так. «Из-под пера выходили не мои герои, они говорили не своими голосами».
Малопродуктивной оказалась и попытка расширить изобразительную гамму повествования путем введения в сюжет персонажа «всеведущего», каким в романе «Не все мы погибнем» предстал генерал Зеленодольский. Персонаж натужно, с большой долей авторской условности, вплетался в когорту действующих, это не раз отмечено рецензентами. Обратили они внимание и на то, что дальнейшие откровения Зеленодольского звучат зачастую также немотивированно, малоубедительно.
Но не об этом сейчас разговор – мы отслеживаем ситуацию другую: оценочную шкалу в книгах мгновенно разнообразить не удалось. Меж тем в сознании читателя подобный, с определенными трудностями переворот происходил, он предопределялся в том числе влиянием литературных произведений о войне, написанных в недавние годы. И спорить с тем, что в итоге сегодняшнее прочтение романов Чигринова во многом стало не совпадать с восприятием его книг читателем советским, попросту нелепо.
В общем, согласимся и с тем, что некие положения, которые в свое время представлялись новаторскими, сегодня могут выглядеть далеко не столь убедительными, не все писательские находки выдерживают проверку временем. Но ценность писательских открытий измеряется не только однолинейным – «увлечь за собой», парадоксально продуктивен и импульс иной, связанный с возможностью принудить авторов позднейших учитывать твои наработки, не повторять уже сделанное тобой.
Ведь вот в чем хитрость: даже с виду не востребованные, не расхватываемые с прилавков книги могут оказываться задействованными в литературном процессе. Особенно если их читают, если от них отталкиваются, с ними ведут полемику авторы позднейшей поры. И вот с этой точки зрения ценность свершенного Чигриновым следует признать непреходящей. Все, что им написано, всегда будет оказываться в фокусе внимания писателей последующих эпох.
Может быть, кого-то и не устраивает интерпретация событий Великой Отечественной, предложенная в книгах И. Чигринова, кто-то настаивает, что правомерна иная, модифицированная, трактовка тех событий. Так ведь Иван Гаврилович еще и потому отказался от попыток перелицевать своих Чубара или Зазыбу, что понимал: его герои жили именно с ощущением оправданности самых страшных жертв, которое порождалось верой в непоколебимые идеалы.
И если убираешь это мироощущение погруженных в свой исторический слой персонажей, то этим поневоле искоренишь, извратишь историю, ее реальные пропорции и черты.
И установка: «не разрушать атмосферу аутентичную» – тональность романов И. Чигринова останется навсегда; предельная авторская точность в соблюдении данного принципа делает его книги документом, с которым станут соизмерять свои интерпретации событий военной поры все авторы, поставившие задачу добросовестно осмыслить события Великой Отечественной.
Или такое вот: И. Чигринов в своем стремлении к повествованию, обстоятельному и неспешному, порой излишне замедляет действие. Подобную неспешность трудно признать очевидным достоинством писательской манеры. Особенно в случаях, если подчеркнутая неторопливость является сюжетообразующей и принуждает автора то и дело усаживать героев на завалинке или выправлять на крестьянской телеге в никуда вообще-то не ведущую дорогу.
И с тем, что читательское восприятие буксует при встрече с аналогичной «сверхэпичностью», спорить трудно – однако прежде чем выставлять оценки повествовательной манере Чигринова, вспомним: его произведения писались в то время, когда притормаживание сюжетного действия (благодаря художественным открытиям И. Науменко, В. Адамчика и особенно И. Пташникова) показалось приемом, на удивление органичным для белорусской словесности и едва не безудержно эффективным. Соответственно попытка до предела, почти до полной остановки, замедлить романное время была неизбежна, рано или поздно ее обязательно предприняли б.
И тут важно понимать следующее: тому, кто первым отважился на подобный эксперимент, приходилось труднее всего. Он мог извлекать уроки только из собственных промашек и недочетов. Зато остальные обретали возможность анализировать опыт первопроходца и моделировать свои литературные восхождения с учетом увиденных у него ошибок.
Как ни парадоксально, но именно «недочеты» (те, что будут подмечены писателями позже) и предопределят неповторимость стиля Ивана Гавриловича, они составят внешнее содержание формулы «писать как Чигринов». И даже излишняя затянутость повествования в случае «словно у Чигринова» будет ассоциироваться прежде всего вот с чем: «рассказывать ярко, усеивая страницы деталями и подробностями, где-то перебирать меру в описаниях; но даже ошибками своими привнося лепту в общее литературное дело, остерегая от промашек идущих следом авторов».
Ну а в том, что неповторимый, со всеми его плюсами и минусами, чигриновский слог и сегодня, и через много лет зачарует молодого читателя, на которого изначально ориентированы книги Ивана Гавриловича, сомневаться не приходится. Вдумчивый, склонный к сопереживанию и способный на глубокий анализ молодой человек в любую эпоху почерпнет из искренних, до конца честных произведений писателя те наблюдения, эмоции и факты, которые помогут глубже понять и события Великой Отечественной, и атмосферу, в которой писались его работы.
Да и о своем месте в жизни появится повод призадуматься. Иван Чигринов не зря говорил: «Хотелось написать о войне так, чтоб из романов люди черпали пользу и для себя, и для своего сегодняшнего дня».
И все это удалось, книги действительно о многом заставляют призадуматься, они бесспорно не выпали из поля зрения современного читателя и самым активным образом включены в современный литературный процесс. Его произведения останутся в литературе, как навсегда остается в ней все талантливое, честное и высокопрофессиональное.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Валянціна Локун
Ён належаў да «філалагічнага» пакалення, да «дзяцей вайны», якое зведала жахі нямецка-фашысцкай акупацыі, пасляваенныя цяжкасці. Жыццёвы вопыт гэтага пакалення дазволіў ім першымі сказаць пра трагедыю вайны «без фронту», пра знішчэнне вёсак разам з людзьмі, пра галоднае дзяцінства. «А галодныя мы, – прызнаваўся пісьменнік, – здаецца, былі заўсёды: то харчу не хапала, то солі (не пасаліўшы – не з’ясі), то яшчэ якой трасцы… Як заходзіў год за год, так і голад за голадам ішоў».
Распачалі тэму «дзяцей вайны» Б. Сачанка («Апошнія і першыя» – 1966) і I. Пташнікаў («Тартак» – 1967). Пасля да іх далучацца А. Адамовіч, В. Адамчык, М. Стральцоў, В. Казько… У кантэксце гэтай літаратуры пачынаў свой творчы шлях і I. Чыгрынаў. Яго апавяданне «Бульба» стала адметнай з’явай у развіцці беларускай ваеннай прозы 60-х гадоў.
Проза I. Чыгрынава вызначалася асаблівай маштабнасцю адлюстравання падзей, глыбінёй разумення ўнутранага жыцця чалавека – чалавека на вайне, чалавека, які прайшоў выпрабаванні вайною. Пісьменнік «даследаваў чалавека ў руху гісторыі» (Ю. Бондараў). Як даследавалі яго, чалавека, класіка беларускай літаратуры, пісьменнікі эпічнага накірунку М. Гарэцкі, Я. Колас, К. Чорны, I. Мележ.
Творы нараджаліся «з жыцця»
Нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі I. Чыгрынаў 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, там, дзе ў свой час вучыўся і А. Куляшоў. У 1957 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у выдавецтве АН БССР (1957–1965), у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1965–1975), быў сакратаром праўлення СП БССР (1976–1986), старшынёй Беларускага фонду культуры (1987–1996) і з 1989 года – адначасова галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына».
Творы I. Чыгрынава нараджаліся «з жыцця», з асабіста перажытага, пачутага, а яшчэ з дакументаў, з рэальных фактаў. Разам з тым першыя ўжо зборнікі, яго «малой прозы» «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967) засведчылі пра тое, што ў літаратуру прыйшоў празаік з эпічным светаадчуваннем. Суб’ектыўнасць, лірызацыя апавядання мелі больш фармальны, знешні характар (частыя звароты да я-формы, замалёўкі прыроды і г. д.).
Унутрана пісьменнік імкнуўся да аб’ектыўнасці, канкрэтнай побытавай дэталі, стрыманага руху, спакойнай інтанацыі: «Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой. Вада ў адным вядры была халодная – мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся. Ён пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы, і ўвесь час адчуваў, як паступова астывала нутро», – так пачынаецца апавяданне «Ішоў на вайну чалавек».
Іван Чыгрынаў імкнецца да ўнікальнасці праз падкрэслена будзённае, празаічнае. Ідзе вайна, чалавек збіраецца на фронт, туды, дзе смерць. Але для героя апавядання вайна ёсць справа не выключная, а звычайная. Для Ігната вайна перш за ўсё праца, цяжкая, звязаная з вялікай рызыкай для жыцця, але праца. Пра смерць герой не думае, ён увесь у мірных клопатах – пра сям’ю, пра справы вясковыя. За гэтымі паводзінамі ўгадваецца вялікая ўнутраная сіла героя, які нібы Антэй жывіцца сокамі сваёй зямлі.
Героі апавяданняў I. Чыгрынава – амаль ці не заўсёды вясковыя людзі. Яны навек парадніліся з зямлёй, з нялёгкай сялянскай працай, з навакольнай прыродай. Яны сталі неад’емнай часткай прыроды. Гэтыя простыя сяляне з’яўляюцца носьбітамі найвысокіх маральных і духоўных каштоўнасцей. Усе яны дарагія пісьменніку, бо і ён сам быў таксама «селянін па паходжанні, селянін па душы».
Духоўная блізкасць аўтара і яго персанажаў праяўляецца і ў частым выкарыстанні «я-формы». Герой-апавядальнік у «малой прозе» I. Чыгрынава – перш за ўсё падарожнік. Ён вандруе па роднай зямлі, сустракаецца з рознымі людзьмі, яму ёсць пра што паведаміць чытачу.
Матыў «дарогі» досыць распаўсюджаны ў нацыянальнай літаратуры, пачынаючы з яе вытокаў – М. Гусоўскі, Я. Баршчэўскі, і заканчваючы класікамі – К. Чорны В. Быкаў, Б. Сачанка і інш. «Сустрэчы на дарогах» – такое вызначэнне характэрна і для ўсёй творчасці I. Чыгрынава. Гэта, як лічыць Т. Грамадчанка, «звязана з біяграфіяй пісьменніка – у маладыя гады I. Чыгрынаў любіў пешыя падарожжы па роднай зямлі».
Проза пісьменнікаў філалагічнага пакалення мела тэндэнцыю да эмацыянальнага ўспрымання рэчаіснасці (М. Стральцоў, Я. Сіпакоў і пэўным чынам В. Адамчык, I. Пташнікаў, У. Караткевіч і інш.). I. Чыгрынаў з самага пачатку сваёй творчасці імкнуўся да пісьма аб’ектываванага.
Асаблівасцю «тэхнікі» чыгрынаўскага апавядання, пры ўсёй шматграннасці яго жанравых форм, з’яўляецца тое, што яно, апавяданне, нясе на сабе той адметны характар аўтарскай суб’ектыўнасці, у якой няма месца «споведзі», ці, кажучы словамі Д. Бугаёва, «лабавой дэкларацыі». Суб’ектыўнасць прысутнічае ў неразгорнутым, ледзь прыкметным выглядзе – у інтанацыі, у адценні, у рытме, у пафасе, што надае аб’ектыўнаму малюнку непаўторнасць аўтарскага вырашэння.
У сваіх апавяданнях I. Чыгрынаў імкнуўся адлюстраваць індывідуальны высокі дух як канкрэтную форму праяўлення народнага высокага духу. Духу нацыянальнага. Стыль пісьменніка на самым пачатку меў адметную якасць – грунтаваўся на ідэі народнасці ў адлюстраванні характараў.
З цягам часу ягоная проза набудзе новыя якасці – эпічную глыбіню ў адлюстраванні «масавага быту» (Я. Эльсберг). Усё гэта, натуральна, прывяло да разбурэння жанравых форм апавядання, патрабавалася іншая, больш ёмістая, больш маштабная жанравая форма – форма рамана.
Ужо ў творчай манеры кароткіх апавяданняў бачылася адзінства народных галасоў, што надавала ім, апавяданням, «харавое» гучанне. Гэта і вызначала асаблівасць чыгрынаўскага стылю. Сам пісьменнік паняцце эпапеі непасрэдна звязваў з паняццем народнасці. Эпапея, на думку I. Чыгрынава, «гэта народ… каб паказаць народ, каб паказаць такія вялікія падзеі, як рэвалюцыя, вайна, патрэбны вялікія формы».
Плача перапёлка, плача, але не здаецца народ
Вызначаючы ролю народа ў якасці галоўнай гістарычнай сілы, празаік імкнуўся да разгорнутага выказвання калектыўнай думкі. Гэтаму садзейнічала і тэма, якая ўсё больш прыцягвала да сябе пісьменніка, – тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Ён стварыў раманы, якія сталі адметнай з’явай у гісторыі беларускай літаратуры, – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
І. Чыгрынаў звяртаецца да першых месяцаў вайны – найбольш складанага, найбольш супярэчлівага перыяду. I найбольш трагічнага. Першая кніга пенталогіі «Плач перапёлкі» – раман унікальны па глыбіні адлюстравання псіхалагічнага стану людзей напярэдадні акупацыі. Тое, што адбываецца ў Верамейках і акрузе, праходзіла праз масавую свядомасць і адлюстроўваецца ў плыні думак герояў.
Трывожным чаканнем, здаецца, напоўнена ўсё наваколле, заціхла і напружылася нават сама прырода. I толькі плач перапёлкі парушае начную цішыню, вярэдзіць і без таго ўзрушаныя душы верамейкаўцаў. Гэта плача сама зямля беларуская. Трывожна і няўцешна. «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора бывае наогул незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край», – з горыччу адзначыць Дзяніс Зазыба.
Чыгрынаў адзін з першых у беларускай пасляваеннай прозе адлюстраваў трагедыю жыцця мірнага насельніцтва, якое апынулася на акупаванай немцамі тэрыторыі. I трэба было, каб выжыць, насуперак усяму сеяць хлеб, кахаць і нараджаць дзяцей. Вось у гэтым процістаянні спрадвечна вясковага, спрадвечна чалавечага і разбуральнага заключаны найбольшы трагізм «жыцця ў вайне».
Менавіта самасвядомасць народа, беларускага народа, выступае ў раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» як суб’ект пазнання. Яна ж становіцца істотным формаўтваральным пачаткам, які арганізуе кампазіцыю твора, яго стылёвую структуру і моўныя формы.
У «Плачы перапёлкі» пісьменнік імкнецца да ўнутрана аднароднай апавядальнай структуры, якая сваім моўным каларытам збліжаецца з народнай апавядальнай манерай. На аснове спалучэння дзвюх моўных стыхій – народнай і літаратурнай – узнікаюць вобразная глыбіня аповеду і яго эмацыянальная энергія.
Падзейнае дзеянне ў першых дзвюх кнігах пенталогіі перадаецца галоўным чынам праз свядомасць народа з дапамогай «галасоў» дзеючых асоб, што стварае эфект народнага шматгалосся. У рамане «Плач перапёлкі» шматгалоссе мае два структурныя цэнтры – дыялагічны і харавы. Дыялагічны цэнтр амаль заўсёды выяўляе палеміку (Дзяніс Зазыба і Чубар, Зазыба-бацька і Зазыба-сын, Дзяніс Зазыба і Кузьма Прыбыткоў), стракатасць пазіцый персанажаў, якая даходзіць да палярнасці (Дзяніс Зазыба і Брава-Жыватоўскі).
З дапамогай харавога прынцыпу паказу ствараецца зборны вобраз народа, Вобраз калектыўнага героя. Адлюстраванне «хору» галасоў разам з дыялагічным апавяданнем даюць магчымасць аўтару максімальна разнастаіць жыццёвы матэрыял.
Дамінацыя ўнутранага дзеяння, псіхалагічная актыўнасць герояў дазволілі аўтару засяродзіцца на выяўленні скрытага вытоку, дзеянняў фізічных. Адсюль і своеасаблівасць кампазіцыйнай пабудовы. Даследчык А. Яскевіч вызначыў яе як «рад супастаўленняў, дэталяў, сцэн, эпізодаў», які, «суіснуючы разам з дзеяннем псіхалагічным, раскрывае ідэйную дамінанту твора».
Такім чынам, I. Чыгрынаў глядзеў на свайго героя не столькі «звонку», фіксуючы яго кожны рух, жэст, рэпліку, колькі «знутры». У гэтай сувязі яго цікавіла і тая сфера жыцця, што фармавала светаўспрыманне героя, яго духоўныя і маральныя погляды.
Да ўсяго, аўтар не вылучаў падзей і дзеючых асоб «з агульнай плыні жыцця», яны – арганічная частка гэтай плыні. Яго герояў, верамейкаўцаў, проста нельга ўявіць без канкрэтнага асяродка, без гістарычна сфармаванага ўкладу працоўных, сямейных і нават суседскіх адносін. Адсюль і «татальная» дэталізацыя, аўтар уводзіць аб’ёмныя экскурсы ў гісторыю сяла, вуліцы, піша нават гісторыю бабінавіцкай царквы, стварае «гісторыю» пня, які стаіць у лесе, і г. д. Праз гэта проза пісьменніка набывае рысы дакументальнага пісьма, і па меры развіцця дзеяння роля дакумента будзе ўзрастаць. Апавяданне па форме становіцца блізкім да самога жыцця.
Два ідэйна-маральныя полюсы
Раманная творчасць I. Чыгрынава – гэта грунтоўна выпісаныя характары беларускага сялянства. Характары-тыпы. Галоўныя героі тут субстанцыянальныя, яны выступаюць прадстаўнікамі сваёй нацыі, народа. Жыццёвы шлях Дзяніса Зазыбы, Парфена Вяршкова, Кузьмы Прыбыткова суаднесены з дынамікай нацыянальнага жыцця – трагічнага ў сваім гістарычным развіцці.
Дзяніс Зазыба – тыповы прадстаўнік сялянскіх мас, ён увабраў у сябе лепшыя якасці народнага характару, яго мудрасць і разважлівасць. Тагачасная крытыка адзначала наватарскае вырашэнне гэтага вобраза. С. Андраюк назваў яго «якасна новым тыпам чалавека з народа». Але разам з тым герой быў і сынам свайго часу. Сам пісьменнік пісаў: «Як чалавек Зазыба быў з мудрэйшых… але і ён яшчэ не здольны быў угадаць наперадзе таго крывавага замарачэння, якое праз год, паўтара звядзе са свету вялікую частку ягонага народа… Для многіх аказалася, што забіць чалавека – няцяжка!»
Развіццё вобраза Зазыбы ў першых кнігах пенталогіі ідзе паралельна вобразу Чубара. Героі разведзены на розныя ідэйна-маральныя полюсы. Іх адносіны зводзяцца да супрацьстаяння і адштурхоўвання, але адначасова ідзе складана-супярэчлівы працэс «прыцяжэння» Чубара да Зазыбы. Канфлікт, які ўзнікае паміж Зазыбам і Чубарам у пачатку рамана «Плач перапёлкі», скончыцца поўным паражэннем Чубара ў рамане «Апраўданне крыві». У «Сваіх і чужынцах» пачнецца адраджэнне Чубара, паступова ён будзе пазбаўляцца ад просталінейнасці, ад уплыву «дырэктыў», пачнецца павольнае вяртанне героя да людзей, да разумення іх трывог і турбот. У «Вяртанні да віны» Радзівон Чубар гіне. Гіне, баронячы годнасць не партыйца, а чалавека, патрыёта сваёй зямлі. Менавіта з вобразам Чубара, з яго маральным «уваскрэсеннем» звязана і назва рамана – «Вяртанне да віны».
Вобраз Чубара ў кантэксце іншых персанажаў цыкла найбольш пазначаны ідэалогіяй і мараллю свайго часу. Ён адзін з самых трагічных герояў пенталогіі – праз увасобленыя ў ім трагічныя супярэчнасці жыцця таго пакалення, прадстаўніком якога ён быў.
Дзяніс Зазыба таксама выхаваны рэвалюцыяй. Вернасць ідэалам камунізму была выпакутавана ўсім яго жыццём. Для Зазыбы савецкая ўлада, гэта як дзіця для маці. Ніводная маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае. «Вось так і для мяне савецкая ўлада! – даводзіць ён сыну Масею. – Я яе таксама… ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў». Але было ў характары Зазыбы і іншае – тыпова сялянскае і нацыянальнае. Ён быў абачлівы, непаспешлівы ў прыняцці рашэнняў. Яму неабходна было ва ўсім разабрацца самастойна, да ўсяго даўмецца сваім розумам. Вайна ўнесла разлад у, здавалася б, непахісныя перакананні Зазыбы. Рушыўся свет, рушыліся ідэалы героя. Партызанская барацьба набывае супярэчлівыя формы. У Зазыбы ўзнікае думка пра заложніцтва «ўсяго народа, які падпаў пад акупацыю. Пры такім заложніцтве ахвяры могуць быць незлічонымі». I ён становіцца сведкам гэтых ахвяр: гінуць сем’і партызан і паліцаяў, палаюць цэлыя вёскі. Вайна запатрабавала ахвяр і ад самога Зазыбы – ад рук невядомага партызана прыняла пакутніцкую смерць яго жонка Марфа Давыдаўна, сын Масей апынуўся на чужыне і – перад самым вызваленнем былі спалены Верамейкі…
Трансфармацыя свядомасці
Пенталогія, якой I. Чыгрынаў аддаў амаль тры дзесяцігоддзі, заканчваецца знакамітым партызанскім парадам у Мінску, што адбыўся ў 1944 г. Змены ў краіне ў 80–90-я гады не маглі не паўплываць на вырашэнне тэмы вайны і вобраза Зазыбы. Пра гэта яскрава сведчыць апошні раман «Не ўсе мы згінем», пазначаны больш цеснай сувяззю гісторыі і дня сённяшняга. Цяпер пісьменнік на падзеі вайны і чалавека на вайне, ці, дакладней, у вайне, глядзіць са светапоглядных пазіцый канца XX ст.
Дзяніс Зазыба, як былы партызан, атрымаў ад раённага кіраўніцтва заданне адвесці ў Крычаў у вайсковую пральню «змабілізаваных мясцовых дзевак». Было лета 1944 г. Там, у горадзе, і адбылася сустрэча Дзяніса Яўменавіча з былым камроты дывізіі Шчорса Пракопам Зеленадомскім, цяпер генералам. Генерал меў заданне адбіраць у армію новых байцоў з ліку партызан і былых паліцэйскіх, апошніх у штрафроты. Зеленадомскі запрасіў Зазыбу служыць да сябе ў якасці кансультанта, «спецыяліста па нядаўняй акупацыі». Але гэта фармальна. У сапраўднасці Зазыба спатрэбіўся генералу «па роднасці душаў, па выхаванні высокай маралі першых гадоў бальшавіцкай рэвалюцыі, акурат генерал бачыў цяпер у сваім колішнім кулямётчыку нейкае апраўданне сябе». У той час, як Зазыба «хаваўся ў генералавай камандзе ад той пустэчы, якая ўтварылася ў душы пасля смерці Марфы Давыдаўны і знікнення Масея».
Але найбольшую патрэбу ў такім «дуэце» меў сам аўтар. Ён зводзіць разам двух былых змагароў за савецкую ўладу, каб праз бясконцыя дыялогі ставіць і абмяркоўваць разнастайныя пытанні вайны і міру. Найперш пісьменніка цікавяць праблемы партызанскага руху на пачатку вайны, яго сутнасць і вынікі, а таксама праблемы здрадніцтва і яго вытокаў, вяртаецца ён і ў сумна вядомыя яжоўска-берыеўскія часы, і нават яшчэ далей – у часы калектывізацыі.
Гэтыя дыялогі «прасякнуты» інфармацыяй сённяшняга дня. «А табе не здаецца, таварыш генерал, – звяртаецца Зазыба да свайго старога сябра, – што ёсць пэўнае падабенства паміж апалчэнцамі сорак першага года і цяперашнімі мабілізаванымі? Прынамсі, падыход адзін і той жа да іх – моў, гаці, высцілай масты партызанамі?» Так гаворыць былы камуніст, які прайшоў праз трагедыю вайны, спасцігнуў яе горкую праўду, але ўсёй праўды чалавек «з народа» тады ведаць яшчэ не мог.
Спачатку Дзяніс Зазыба («Плач перапёлкі») не прыняў душою асуджанага ўладамі сына Масея, бо адданасць партыі дамінавала над бацькоўскімі пачуццямі. Пазней («Вяртанне да віны») ён спакойна паставіцца да Масеевай службы валасным пісарам у Бабінавічах.
У рамане «Не ўсе мы згінем» ужо вялікі душэўны боль і трывога кіруюць учынкамі Зазыбы, ён сам ладзіць схованку для сына на гарышчы, бароніць яго не ад немцаў, а ад сваіх – партызан: «Які цяпер суд?.. Цяпер не суд бывае, а скорая расправа. Я нагледзеўся ўжо на норавы і немцаў, і нашых. Добра яшчэ дачакаюцца выслухаць, а то проста… адвядуць у кусты і шлёпнуць». Не абвінавачвае Зазыба сына і тады, калі той напрыканцы вайны кіруецца на чужыну. Зазыба адчувае віну перад сынам, за тое, што не мог зразумець яго раней.
Такім чынам, у апошняй кніжцы цыкла складаныя, супярэчлівыя адносіны Дзяніса Зазыбы і Масея, адносіны адштурхоўвання і прыцяжэння, набылі пэўную выразнасць. Дзяніс, нарэшце, зразумеў унутраную драму сына. Зразумеў яго душу, не заплямленую калабарацыянізмам.
Трансфармацыя свядомасці Дзяніса Зазыбы адбывалася паступова, але няўмольна. Страта сям’і паставіла апошнюю кропку ў гэтым працэсе: «Як сям’ю страціў, адчуў штосьці інакшае. Ва ўсялякім выпадку, душа зрабілася акурат другой.
Нават не да ўсяго ўспрымальнай. У кожным разе, разборлівай». У героя адбылася пераацэнка каштоўнасцей у выніку набытага рэальнага вопыту жыцця на вайне. Дзяніс Зазыба ў кнізе «Не ўсе мы згінем» інакшы, у параўнанні з тым, якім ён быў у рамане «Плач перапёлкі». Ідэйна інакшы. Маральна інакшы. Хоць пры гэтым ён не адмаўляецца ад ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму. Знік максімалізм. Значна паглыбілася гуманістычная арыентацыя героя. Асабліва балючымі былі для Зазыбы ўспаміны пра верамейкаўцаў, якія сталі не столькі ахвярамі вайны, колькі чалавечай жорсткасці, калі партызаны дзяліліся на сваіх і чужых, і тым чужым, прышлым, не было ніякай справы да мясцовых людзей, аднак «найболей за ўсё яму стала шкада Верамеек, знявечаных і загнаных пад зямлю».
Апошняя кніжка пенталогіі сведчыць пра тое, што проза I. Чыгрынава набыла вопыт крытычнага рэалізму, вопыт інтэлектуальна-палітычнай літаратуры. У ёй уладараць, нароўні з характарам, думка, разважанне, аналіз.
Спасціжэнне жыцця… і смерці
Заслуга Чыгрынава-мастака ў тым, што ён здолеў паказаць беларускую вёску на ўзроўні складана-глыбокай псіхалагічнай барацьбы-процістаяння розных светаўспрыманняў, розных маральных арыенціраў, і яшчэ ў большай ступені – на ўзроўні паэтычнай цэласнасці вясковага быцця. Пенталогія перадае адчуванне эпічнай прасторы. Апавяданне выходзіць за межы адназначных процістаянняў і рухаецца магутна, шматслойна. Яно асветлена вялікай ідэяй – спрадвечнай любоўю селяніна да зямлі, да роднага кута, які ў I. Чыгрынава меў назву Верамейкі. У кругазварот гэтага агульнага жыцця ўцягнуты ўсе персанажы – ад нованароджанага дзіцяці да безнадзейна хворага мужчыны ў адной з падбеседскіх вёсак.
Самабытнасць форм выяўлення агульначалавечага ў яго нацыянальнай рэальнасці і канкрэтна-індывідуальным увасабленні пакладзена ў аснову многіх вобразаў пенталогіі, але найбольшай ступені свайго выяўлення яна дасягнула ў вобразе Дзяніса Зазыбы, Парфена Вяршкова і іншых верамейкаўскіх жыхароў, уключаючы і яркія пластычна выпісаныя вобразы жанчын.
Увогуле для I. Чыгрынава жыццё вёскі цікава найбольш у плане чалавеказнаўчым. Як было гэта цікава аўтарам «Новай зямлі», «Млечнага шляху», «Палескай хронікі». Менавіта гэта і дазволіла пісьменнікам адлюстраваць як найглыбей духоўныя патэнцыі свайго народа. У I. Чыгрынава яны яшчэ асацыіруюцца з вызначэннем патрыятызму. «Што такое патрыятызм? – разважае ў адным са сваіх інтэрв’ю I. Чыгрынаў. – Некаторым… здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў «ура!». Не, патрыятызм у час вайны, асабліва ў час акупацыі, – гэта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа. I вось як разумее патрыятызм народ, так і я намагаўся адлюстраваць гэта ў сваіх раманах».
У свой час было выказана нямала папрокаў пісьменніку за празмерную дэталізацыю «геаграфіі», прыроднага свету. I, пэўна, не без падставы. Але калі мець на ўвазе іх функцыянальнае значэнне, то ў I. Чыгрынава прырода, удакладняючы абставіны дзеі, азначае яшчэ і рух часу, змену дня і ночы, сонца і непагоды. У апавядальнай структуры чыгрынаўскіх раманаў пейзаж мае як бы свабоднае і «нематываванае» значэнне. Але ў той жа час нельга не бачыць яго падпарадкаванасці аўтарскай канцэпцыі. Ён нясе ў сабе ідэю бясконцасці жыцця – жыцця, нязгаснага ў часе і прасторы. Навакольны свет, прыхаваны ў няяркай, з прыкметамі затухання, восеньскай прыродзе, уключаецца ў эпічную канву апавядання і з’яўляецца асаблівай паралеллю жыццю чалавека. Пылкае жаданне выжыць у маленькага ласяняці, вернасць звычаю старой бусліхі, якая пасля гібелі буслянят па-ранейшаму стаіць у гняздзе, жыватворнасць крынічкі каля Верамеек, – усё гэта знітоўваецца ў агульны матыў невынішчальнасці і моцы ўсяго жывога на зямлі.
Раманы I. Чыгрынава прасякнуты глыбокай філасофскай думкай. Хоць пры гэтым філасофскае нідзе не праяўляецца ў адкрытай, «самагоднай» форме. Яно цесна звязана з канкрэтным і асобна ад носьбіта не існуе: Зазыба-старэйшы «філасофствуе» ў дыялогах з Чубарам, Масеем, Кузьмой Прыбытковым, Брава-Жыватоўскім, зусім не думаючы пра гэта. Філасофія для яго не мае абстрактнага гучання, яна канкрэтная. Гэта – само жыццё. Гэтак жа «будзённа» разважае пра дабро і зло, жыццё і смерць Парфен Вяршкоў.
Адчуваючы блізкую смерць, Парфен стараецца спасцігнуць сэнс жыцця, разабрацца ў прызначэнні чалавека на зямлі. Бо толькі ён зможа зразумець і сваё жыццё, даць яму апраўданне. Праз вобраз старога Парфена пісьменнік наблізіцца да хрысціянскага разумення жыцця і смерці.
Мастацкі свет I. Чыгрынава – гэта адначасова і свет асобнага чалавека, і свет народа, і свет прыроды. Гэты мастацкі свет адрозніваецца сінтэтычнасцю, адзінствам індывідуальна-канкрэтнага з агульнанацыянальным і агульначалавечым. Сувязь аўтарскага голасу з голасам персанажа, які прадстаўляе народнае светаразуменне, вызначае тое мастацкае адзінства форм, якое сведчыць пра асабліва высокі ўзровень стылёвага сінтэзу, дасягнуты пісьменнікам у жанры эпічнага рамана.
Гаворачы пра чыгрынаўскую ваенную прозу, В. Каваленка адзначыў, што «імкненне пісьменніка да эпапейнай задумы ў адлюстраванні першапачатковага перыяду зараджэння народнага супраціўлення ворагу выражае традыцыйную нацыянальную тэндэнцыю ў развіцці беларускай прозы на тэму вайны, яе ўнутрана-эстэтычную арыентацыю, якая прадыктавана спецыфічнымі ўмовамі народнага лёсу».
У 80-я гады I. Чыгрынаў пачаў працаваць яшчэ і ў галіне драматургіі Першыя яго п’есы былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў («Плач перапёлкі» – пастаўлена ў 1980, «Апраўданне крыві» – пастаўлена ў 1984, «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» – пастаўлена ў 1986). У п’есе «Чалавек з мядзведжым тварам» пісьменнік звяртаецца да праблем сучаснага жыцця, палітычныя падзеі пачатку другой сусветнай вайны адлюстраваны ў п’есе «Ігракі». Цікавіць I. Чыгрынава і гістарычная тэма: «Звон – не малітва» (пра Полацкае княства часоў Рагнеды і Усяслава), «Следчая справа Вашчылы» (Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гг.).
Пісьменнік адметнага індывідуальнага таленту, празаік з эпічным ахопам жыцця і з адзінай мерай ацэнкі з’яў – з пазіцыі народнага светаадчування, народнага светабачання, I. Чыгрынаў пакінуў яркі след у развіцці нацыянальнай рэалістычнай літаратуры.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Дзмітрый Бугаёў
Наталля Еўчык
Апошняя вайна доўга яшчэ будзе кропкай болю ў памяці народнай. Яна ўзняла такі пласт сацыяльных і этычных пытанняў, якія не могуць быць абыякавымі сённяшняму дню, сённяшняму чалавеку. Алесь Адамовіч, які сам неаднаразова звяртаўся да ваеннай тэмы як пісьменнік і як крытык, бачыў адну з прычын зацікаўленасці літаратуры і чытача ў гэтай тэме ў жыццёвай і псіхалагічнай ёмістасці самога «матэрыялу», праз які «многае здольна сказаць сур’ёзная літаратура: аб чалавеку, народзе, чалавецтву, аб дні ўчарашнім і трывогах нашага часу».
Тэма вайны шырокая і складаная, па ёй напісана шмат крытычнай літаратуры. Па гэтай прычыне мы абмяжуемся толькі адным яе аспектам –трагедыяй дзіцячых лёсаў у Вялікай Айчыннай вайне. Адно з самых хвалюючых і балючых пытанняў, якое з такой катэгарычнасцю абвастрыла вайна, праблема гуманнага стаўлення да чалавека, прызнанне найвялікшай каштоўнасці чалавечага жыцця.
Асаблівую моц гуманістычная плынь набыла ў часы «адлігі», калі адбылася змена вех у грамадстве, намеціўся паварот да чалавека. У гэты час, заўважае А. Адамовіч, было «нельга не адзначыць паступовы зрух «фокуса», пераакцэнтацыю памяці – у бок жаночых і дзіцячых лёсаў у вайне, што азначала «новы напал пачуццяў і непрывычны нават для «ваеннай» прозы боль памяці».
І. Чыгрынаў і І. Пташнікаў, якія менавіта ў 60-я гг. фарміраваліся як творчыя асобы, не маглі не адчуць гэты «зрух», «пераакцэнтацыю памяці». Гуманізм – пабуджальны матыў, рухавік гэтага працэсу прадвызначыў асаблівы драматычны і трагічны дух ваеннай літаратуры.
Зварот да тэмы ваеннага і пасляваеннага дзяцінства ў творчасці Чыгрынава і Пташнікава быў заканамерным яшчэ і таму, што яны і самі з’яўляліся дзецьмі вайны.
«Нам было ў той час па дзесяць гадоў, пачынае апавяданне «За сто кіламетраў на абед» Чыгрынаў, – адным трохі болей, другім трохі меней. І мы былі дзеці вайны. Але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо».
Дзеці па-іншаму бачаць свет, адносяцца да вайны, як да гульні, яны схільны да неапраўданай рызыкі, не задумвацца аб магчымых выніках. Вайна выклікае змены ў іх псіхіцы, часам да такой ступені моцныя, што назаўсёды калечыць яе.
Як змяняе выпрабаванне жорсткасцю светаадчуванне дзіцяці? Якая яна, вайна, убачаная вачыма дзяцей?
У апавяданні Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» ёсць невялічкі эпізод – размова Ігната, які збіраецца на фронт, з дачкой і сынам. Хлопчык радуецца, што бацька будзе ваяваць: «У Віцькі Панаськавага бацька на вайне, у Мішкі Блінава – на вайне. Адзін ты не на вайне. Яны дражняцца і гуляць да сябе не прымаюць. Цяпер я ім пакажу!» Тыя, хто перажыў нямецкія бамбёжкі, паводзяць сябе па-іншаму, чым трапіўшыя пад нямецкі налёт упершыню. Напрыклад, у апавяданні І. Пташнікава «Бежанка» дзяўчынка Валя і яе маці не пабеглі хавацца, як астатнія, а ўпалі адразу нічком, «і калі мы вярталіся назад, яны сядзелі ўпобачкі і пра нешта ціха гаварылі». Яны ўжо не баяліся бамбёжкі.
У апавяданні «На пыльнай дарозе» І. Чыгрынава яшчэ адзін чалавек збіраецца на вайну, яшчэ адно развітанне з сям’ёй. Уражвае і надоўга застаецца ў памяці такая дэталь: адзін з сыноў Антона Ягоравіча, Васілёк, бяжыць за бацькам, каб аддаць яму найвялікшае сваё багацце – вінтовачны патрон. Дзеці ў той час сталелі хутка. Малыя імкнуліся ўключыцца ў жыццё дарослых, дапамагчы, але, зразумела, рабілі гэта па-дзіцячы прастадушна.
Так, Алёшка ў Пташнікава з задавальненнем думае пра тое, што маці назвала яго мужчынай. І ён, дзесяцігадовы, стараецца паводзіць сябе адпаведным чынам: разважае па-даросламу, хоча самастойна адправіць бацьку пісьмо, а яшчэ, заўважыўшы, што ў маці ад голаду пухнуць ногі, вырашае есці як мага менш бульбы.
Адна з самых небяспечных і жудасных праяў вайны – дэфармацыя дзіцячай душы, змена ці знікненне маральных каштоўнасцяў.
Асабліва жорсткім выпрабаваннем з’яўляецца голад. М. Стральцоў у эсэ «Дзяцінства, якое мы помнім» гаворыць ад імя ўсяго свайго пакалення: «Што мы помнім? Смак «ташноцікаў» з гнілой, перамерзлай бульбы, праснак з той жа бульбы і ячменных шароек, посную зацірку…». І нават такой ежы было мала і паесці ўдавалася не кожны дзень. Дзеці вайны на ўсё жыццё запамяталі той хлеб, які яны тады елі, бо ён цяжка здабываўся. У Алёшкі думкі круцяцца каля ежы, бо ён галодны. Ён марыць, што маці вечарам «зварыць зацірку – здзярэ на тарцы бульбу і перамесіць з тоўчаным у ступе ліпавым лістом».
Недаяданне, якое расцягнулася на гады, скажала псіхіку. Галодныя ўспрымаюць свет па-іншаму. Так, у апавяданні Чыгрынава «Бульба» ўвагу дзяцей прыцягваюць кацялкі. Нездарма менавіта такую дэталь адзначаюць галодныя дзеці: вайскоўцы час ад часу кармілі іх са сваёй кухні.
Асабліва моцна змяняецца ў галодных адчуванне прыроды. Дзеці перастаюць бачыць яе прыгажосць, пачынаюць адносіцца да яе як спажыўцы.
Ёмісты пейзаж сустракаем у Чыгрынава: цудоўны ранак ператвараецца ў гарачы дзень, аднак дзеці не адчуваюць яго красы, бо спёка нясе неўраджай «трава стаяла яшчэ мяккая і зялёная; затое на пясчаных пагорках, паміж вёскамі, скрозь шапталася пасмяглае і пустое жыта…».
Тое, што хлопцы ў апавяданні Чыгрынава «За сто кіламетраў на абед» ядзяць драздоў, – не мастацкі вымысел пісьменніка. Перажыўшыя голад успамінаюць: «Першы год… мы не заўважалі прыроду, усё, што было прыродай, выклікала ў нас адно жаданне – пакаштаваць: ці можна яго есці?»; «Вясной на кіламетр вакол дзіцячага дома не распускалася ніводнае дрэва, таму што мы з’ядалі ўсе пупышкі. Елі траву, елі ўсё, што можна было есці».
С. Алексіевіч запісала ўспаміны ленінградкі-дзетдомаўкі, што ўзгадвае пра палоннага немца, якога дзеці, адрываючы ад сябе кавалак, падкормлівалі. У апавяданні Чыгрынава хлопцы, наадварот, адабралі ў немца-жабрака торбу з ежай. Пісьменнік падкрэслівае тое жывёльнае, звярынае, што абудзілася ў іх у гэты момант.
Змова абрабаваць немца выспела хутка: «Ніхто нічога не гаварыў – стаялі і маўчалі, а на тварах ва ўсіх блукала адна і тая ж усмешка, зразумелая кожнаму». У вачах дзяцей, «як у ваўчанят, заблішчалі агеньчыкі – надта хацелася есці». І немец спалохаўся іх маўчання і гэтых «агеньчыкаў» больш, чым калі б на яго напалі са зброяй.
Галодны чалавек здатны на любыя ўчынкі. З’есці птушанят ці адправіцца за сто кіламетраў на абед – у спёку ісці пехатою, а потым ехаць на вагонным даху, рызыкуючы жыццём, каб у канечным пункце сваёй вандроўкі, дзетдоме, адмовіцца ад бацькоў, назваўшыся сіратой.
Пастаяннае існаванне ў скажоным вайной свеце вядзе да таго, што чалавек прывыкае да жорсткаці і насілля, і жыццё перастае быць для яго найвялікшай каштоўнасцю. З асаблівай выразнасцю страшныя разбурэнні, якія адбываюцца ў мілітарызаванай свядомасці, апісаны ў апавяданні І. Пташнікава «Эфка».
Для дзяцей, піша Пташнікаў, не было нічога больш цікавага, чым збіраць на месцах баёў і стаянак ваенных зброю. Зброя стала мэтай жыцця для Вайды Толі. Ён становіцца выпадковым забойцай Пашкі Жарскага і сваіх брацікаў і сястрычкі, і іх смерці давяршаюць разбурэнне яго асобы. Такім чынам дзіця, што ўзяло ў свае рукі сродкі забойства, расплачваецца за гэта сваім маральным здароўем.
Разуменне дзяцінства як унікальнай і выключна важнай з’явы, якую трэба абараняць усімі магчымымі сродкамі, прыводзіць дарослых да думкі пра тое, што ўсялякае адхіленне ад нормы, ад законаў прыроды – гэта трагедыя. Нават усведамленне асабістай непрычыннасці да таго, што адбылося, не пазбаўляе дарослых ад адказнасці перад сваім сумленнем. Чыгрынаў не бярэцца судзіць ці, тым больш, асуджаць учынкі галодных хлопчыкаў з апавядання «За сто кіламетраў на абед», хаця б таму, што яны – проста дзеці, пастаўленыя ў выключна цяжкія ўмовы. Пісьменнік нечакана абрывае аповед на грубаватых словах загадчыка дзетдома: «Ну што вы расселіся тут? Ідзіце абедаць!..».
За паказной грубасцю чуецца іншае: даросламу шкада дзяцей і сорамна, быццам бы ён вінаваты ў іхняй бядзе.
Віна – моцнае пачуццё, якое застаецца ў памяці назаўсёды, точыць сэрца і пазбаўляе сну Грасыльду (аповесць І. Пташнікава «Лонва») і Вулю (з рамана «Мсціжы»), хаця яны не вінаватыя зусім перад сваімі дзецьмі. Грасыльда дакарае сабе, што адпусціла сына з дому і ён загінуў. Вуля судзіць сябе за слабасць, за тое, што не застаўся з сям’ёй да канца, а, карыстаючыся зручным выпадкам, збег ад смерці.
Адносіны да самых слабых членаў грамадства – дзяцей – з’яўляюцца паказчыкам духоўнага развіцця самога грамадства і мерай чалавечнасці ў чалавеку.
Не выпадкова, што праблема апаленага вайной дзяцінства стала адной з самых гуманістычна хвалюючых у літаратуры.
Як прысуд антычалавечай сутнасці вайны гучаць прасякнутыя віною і болем словы Чорнага: «Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцём. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў ім сэнс шмат чаго, што ён церпіць на сабе».
Чорнаўская думка пра ўсеагульную віну чалавецтва перад дзецьмі, якіх не здолелі ўратаваць ад мук, не засталася не пачутай. Далейшая літаратура падхапіла гуманістычны прызыў Чорнага, не адмежавалася ад складаных праблем, якія ставіла жыццё; і заўсёды галоўнай каштоўнасцю для пісьменнікаў-гуманістаў заставалася чалавечае жыццё.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Алесь Марціновіч
Аб чым былі першыя вершы I. Чыгрынава, лёгка здагадацца, калі разгарнуць нумар касцюковіцкай раённай газеты «Ленінскі прызыў» ад 5 снежня 1951 г. У ім нехта С. Андрэеў выступае з аглядам літаратурнай пошты. У артыкуле «За мір, за шчасце!» згадваецца і I. Чыгрынаў: «працоўныя выказваюць лепшыя пачуцці любві і адданасці тварцу народнага шчасця, сцяганосцу міру таварышу Сталіну.
Узрушаны поспехам радасных дзён
Пяю я пра веліч краіны,
Пра сталінскі светлы і мудры закон,
Пра яснае сонца Радзімы, –
піша вучань Саматэвіцкай школы I. Чыгрынаў у вершы, прысвечаным Сталінскай Канстытуцыі».
Куды больш свайго ў вершах, што пісаліся падчас студэнцтва. Найчасцей I. Чыгрынаў друкаваўся ў «Чырвонай змене». Адзін з гэтых твораў пазней увайшоў у зборнік «Універсітэт паэтычны», выпушчаны да 50-годдзя гэтай вышэйшай навучальнай установы:
Дом расце,
I штодня з ранку
Ідучы паўз гэты гмах,
Чарнавокую смуглянку
Бачу з кельмаю ў руках.
Верш, канечне, шчыры, непасрэдны. У лірычным герою ўгадваецца сам аўтар, тагачасны вясковы юнак, які нядаўна прыехаў у вялікі горад. Яму тут усё нова. Але не толькі гэта ўзрушвае сэрца, прымушае цікаўнымі вачыма глядзець наўкола. Неяк, магчыма, яшчэ і падсвядома нараджаецца тое дзіўнае пачуццё, калі прагнецца кахання. А выбранніцу так цяжка знайсці. Не ў апошнюю чаргу і з-за сарамлівасці. I вось юнак звярнуў увагу на дзяўчыну «з кельмаю ў руках». Праходзіць штодня каля дома, які ўзводзіцца і дзе яна працуе. Праходзіць, а слова, хоць адно, сказаць не адважыцца. Спадзяецца, што дзяўчына сама здагадаецца, што і да чаго…
Яшчэ першакурснікам I. Чыгрынаў надрукаваўся ў часопісе «Полымя» (1952, № 12). Праўда, у тагачаснай «Калгаснай праўдзе» знайшліся ахвотнікі гэты верш «Сон трактарыста» раскрытыкаваць – у далейшым, дарэчы, Івану Гаўрылавічу стала да кпінаў і крытыкі не прывыкаць. Ды што крытыка «Калгаснай праўды», калі зусім юнага аўтара заўважыў і падтрымаў такі аўтарытэтны часопіс. Радаваліся і зайздросцілі (па-добраму) сябры-аднакурснікі. А сам I. Чыгрынаў быў, як кажуць, ад радасці на сёмым небе.
Зноў жа, верш «Сон трактарыста» – твор традыцыйны. Але гэта тая добрая традыцыйнасць, калі можна (і трэба) гаварыць аб яго жыццёвасці. Матывы знаёмыя, аднак тое, пра што расказвае I. Чыгрынаў, не прыдумана. Жывучы ў родным Вялікім Боры, ён неаднойчы назіраў за працай вясковых механізатараў. Былі сярод іх і маладыя – учарашнія дзесяцікласнікі, а то і выпускнікі сямігодкі. Яны аддана шчыравалі на калгасных палетках, не ведаючы стомы, забываючы аб ёй:
Ад зары араў хлапчына
На калгасным полі, –
Столькі радасці адчула
Сэрца на раздоллі.
А надышоў вечар, стомлены юнак заснуў. I сніцца яму «ліпень жаўтакрылы, палявая сцежка», па якой «між высокімі радамі маладой пшаніцы // Ён ідзе паслухаць песні // Палявой крыніцы». Нават у сне малады трактарыст жыве сваімі пастаяннымі турботамі. I адчуванні ў яго тыя ж, што і наяву:
Лёгкі ветрык жвавай хваляй
Абдымае ніву,
Песціць шчодрай цеплынёю
Залатую грыву.
I калыша над палямі
Дзень многагалосы,
Песню жаўранка сплятае
З песняю калосся.
Сюжэтнасць паэзіі ў гэтым вершы яшчэ больш адчувальная. На гэтую адметнасць паэтычных твораў I. Чыгрынава першым звярнуў увагу Ул. Гніламёдаў: «…юнацкія вершы I. Чыгрынава паводле сваёй сюжэтнай будовы і апавядальнай манеры, насычанасці дэталямі – цяпер гэта асабліва заўважна – абяцалі будучага празаіка».
Не мог гэтага не адчуць і сам пісьменнік, таму неўзабаве і развітаўся з паэзіяй і звярнуўся да прозы. Спярша ўзяўся за напісанне так званых «мясцовых быляў», якія ў пачатку 60-х гг. прапаноўваў касцюковіцкай раённай газеце, што ўжо называлася «Сцяг камунізму». У аснову гэтых твораў клаў мясцовыя паданні, легенды, якія запісваў падчас вандровак па роднай Касцюкоўшчыне і не ў апошнюю чаргу ад свайго дзеда Кажанова. Найбольш цікавыя выпадкі пазней выкарыстаў у мастацкіх творах.
Менавіта з аднаго з паданняў, пачутых ад Ігната Міхайлавіча, нарадзілася і апавяданне «Цар і мой прашчур». Праўда, яно доўгі час праляжала ў рукапісе і ўпершыню было апублікавана толькі ў кнізе выбраных апавяданняў I. Чыгрынава «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983). Як сапраўдны народны характар у гэтым апавяданні пададзены вобраз наводчыка гарматы Андрэя Кажанова, які з-за сваёй прыроднай дасціпнасці змог на роўных размаўляць з царом Пятром I.
Аднак піершай сур’ёзнай заяўкай I. Чыгрынава-празаіка ўсё ж стала дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі», змешчаная ў газеце «Чырвоная змена» ў канцы 1957 г. Пісьменнік не ўключыў яе ў свае першыя кнігі «Птушкі ляцяць на волю» і «Самы шчаслівы чалавек», а ў ва ўжо згаданым зборніку «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» жанр твора пададзены ў іншым плане: «гісторыка-геаграфічная кампіляцыя». У першай жа кнізе трохтомніка выбраных твораў жанр увогуле не пазначаны.
Ужо ў гэтай невялікай аповесці адчуваюцца асаблівасці I. Чыгрынава-празаіка: уважлівае асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў. Расказаўшы пра вядомага палярнага даследчыка Аўгуста-Саламона Андрэ, пісьменнік свядома адмовіўся ад падрабязнага ўзнаўлення яго біяграфіі, у тым ліку і падзей, звязаных з самой экспедыцыяй. Асноўная ўвага сканцэнтравана на тым, каб даць магчымасць чытачу адчуць, як умяшанне чалавека ў прыроду дзейнічае далёка неадназначна. Несумненна, тое, што зрабіў Андрэ і яго спадарожнікі, пайшло на карысць навуцы, паглыбіла веды людзей, садзейнічала далейшаму пазнанню прыроды, наваколля, планеты ў цэлым. Аднак цывілізацыя прынесла Поўначы і свае выдаткі, беды. Ды і канфлікт паміж пакаральнікамі яе і абарыгенамі ўзнік, можна сказаць, на самым пачатку. Эскімосы, адарваныя ад свету і людзей, не змаглі разумець самых лепшых намераў першаадкрывальнікаў, а адсюль і трагедыя для экспедыцыі Андрэ.
«Белыя, – расказвалі эскімосы тым, хто пабываў у гэтых мясцінах пазней, – прыкладвалі да пляча нейкія блішчастыя трубкі і выкідвалі з іх агонь, забіваючы птушак. Злыя духі запаланілі гэтых людзей, і мы вызвалілі іх ад наслання…» «Вызвалілі» па-свойму: узялі і забілі…
Перачытваючы твор, адчуваеш жаданне I. Чыгрынава па-свойму, у філасофскім аспекце разгледзець узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя. Аднак нездарма сам пісьменнік пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці лічыць апавяданне «Праз гады». Калі дагэтуль рабілася своеасаблівая разведка характараў, дык у апавяданні «Праз гады» І. Чыгрынаў знайшоў свайго героя – чалавека з роднай яму Касцюкоўшчыны. I ў гэтым творы адчувальна пэўная дакументальная аснова. Ужо на самым пачатку зрокава бачыш прысутнасць і аўтара, і яго героя:
«Сонца хаваецца за лес чырвонае, як гарачае вуголле.
Мы сядзім з лесніком Даўгалёвым на паваленай сасне: у ёй была бортня, і нехта паквапіўся на пчолы.
– От, слухай, – кажа ён і намацвае ў кішэні курыва, потым нейкую хвіліну важдаецца з ім і пасля працягвае. – Мяне звяла аднойчы нялёгкая дарога з чалавекам, перад якім я застаўся вінаваты. Праўда, даўно было…»
Нязмушанасць, шчырасць, задушэўнасць… Субяседнік «зрабіў зацяжку і, не спяшаючыся выпускаць дым, пачаў аглядаць паляну, на ўскраіне якой мы сядзелі на камлі ссечанага дрэва». Гэтаксама не лішне і гэтае ўдакладненне аўтара: «Я разумеў: яму патрэбны быў час, каб сабраць думкі ў адно».
Ніякага прыспешвання з боку апавядальніка. Адчуванне, што прысутнічаеш пры размове незнаёмых табе людзей:
«Слухай, – нечакана звярнуўся ён (Даўгалёў – А. М.) да мяне, – ты ведаеш, што такое партызан сорак трэцяга года? Не, зусім не тое».
Якія ж яны, народныя мсціўцы самага пачатку вайны? На гэтае пытанне I. Чыгрынаў і спрабуе даць адказ у апавяданні, узнаўляючы адну са старонак усенароднай барацьбы з фашызмам.
Прачытаўшы такое сцвярджэнне, знойдуцца ахвотнікі запярэчыць: ды што такога гераічнага зрабілі героі пісьменніка?! Сапраўды, як быццам, і нічога. Трое партызан, якія прабіраліся на запасную базу, спыніліся ў незнаёмай вёсцы. Каб набрацца сіл, абсушыцца.
Яшчэ раз нагадаю: самы пачатак вайны. Пакуль вельмі цяжка разабрацца – хто свой, а хто прадаўся фашыстам. Як канстатуе Даўгалёў: «Павылазіла розная свалата ды пачала кусацца… Думаеш, свой жа, савецкі, а ён цябе прадасць і перапрадасць». Таму апраўдана, што партызаны з такой падазронасцю і недаверам паставіліся да настаўніка, які напрасіўся ім у спадарожнікі. Больш таго, не надта свой недавер і хавалі. Аказалася ж – сумленны чалавек быў. Калі група напаролася на немцаў, «раптам здарылася нечаканае». Настаўнік амаль сілай выхапіў аўтамат у Даўгалёва: «Я застануся тут, – усхвалявана зашаптаў ён, і ў голасе яго пачулася рашучасць. – Я буду страляць, а вы – бяжыце…»
Цяпер, праз гады, Даўгалёў гаворыць з болем: «I мы чакалі яго, аж пакуль не ўбачылі, што па алешніку ходзяць немцы».
На тым апавяданне і завяршаецца. Самы час паразважаць, а што такое сапраўдны гераізм. Ці можна назваць таго настаўніка героем? Праз шмат гадоў у адным з інтэрв’ю I. Чыгрынаў наконт гэтага скажа прама: «Што такое патрыятызм? Некаторым людзям, у тым ліку і крытыкам, здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў «ура!». Не, патрыятызм у часе вайны, асабліва ў часе акупацыі, – гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа».
Гэтым правілам пісьменнік кіраваўся і рыхтуючы да друку сваю першую кнігу. Адбіраў творы, з якімі б не сорамна было глядзець у вочы ні крытыкам, ні чытачам. Рукапіс у выдавецтве ўхвалілі, уключылі ў план. Радасна аўтар дачакаўся набору. Усё ішло – лепш не прыдумаеш. I тут I. Чыгрынаў нечакана трапіў у няміласць, калі ў першым нумары часопіса «Полымя» за 1963 г. надрукаваў апавяданне «Маці». Падумаць толькі: асмеліўся са спагадай напісаць пра маці паліцая. За апавяданне не тое, што крытыкавалі, а «білі» такімі крытычнымі дубінкамі, якія ў модзе былі толькі ў трыццатыя гады. З’яўленне гэтага апавядання і паўплывала на выхад першай кнігі.
Як сведчыць сам I. Чыгрынаў, «першую кніжку «Птушкі ляцяць на волю» трымалі ўжо набранай «нейкія людзі» ажно некалькі месяцаў у выдавецтве, пакуль яму не падказалі звярнуцца да самога Кірылы Трафімавіча Мазурава. Кіраўнік ён быў, лічачы па цяперашнім часе, ліберальны, дакладней, чалавечны; дарма, што падобнае вызначэнне наогул наўрад ці ўласціва былым кіраўнікам буйнога маштабу. Але ж няйначай за дрэннае стаўленне да мяне ўсё-такі папала т. Шауру, які загадваў у той час у нас ідэалогіяй. Гэта я адчуў па тым, як ён раздражнёна, амаль з агідаю, перакідваў па стале з месца на месца мой ліст да т. Мазурава, маўляў, куды яго цяпер дзяваць?».
З выхадам зборніка К. Мазураў дапамог, а вось апавяданне пасля першай публікацыі доўга не магло прабіцца зноў у друк. Толькі ў 1970 г. пад назвай «У ціхім тумане» яно было надрукавана ў перакладзе на рускую мову ў часопісе «Дружба народов», затым у кнізе «За сто километров на обед» (1970). Да беларускага ж чытача апавяданне ў чарговы раз прыйшло праз дваццаць з лішнім гадоў, ажно ў 1984 г., у першай кнізе выбраных твораў I. Чыгрынава.
Пастараліся і партыйныя перастрахоўшчыкі. Праўда, у нечым гэта пайшло і на карысць. У новым варыянце пісьменнік апавяданне дапрацаваў, больш псіхалагічна ўзмацніўшы вобраз самой маці. Пры далейшых перадруках захавалася і другая назва – «У ціхім тумане».
I сапраўды, яна больш – не тое, што дакладная, а выразная, я б сказаў, эмацыянальна напоўненая. Праз гэтыя звычайныя словы яскрава відаць паяднанасць чалавека з прыродай, з усёй яе вечнасцю і загадкавасцю. Апісаннем наваколля і пачынае пісьменнік гэты твор. Ледзь далучаешся да яго, як адразу адчуваеш нейкую сцішанасць, засяроджанасць і тую элегічную заспакоенасць, калі так хораша думаецца пра вечнае і разам з тым – не-не, ды і прыходзіць думка аб часовасці кожнага з нас на зямлі:
«Сонца амаль на вачах пабольшала, зрабілася чырвонае. На зямлі ўжо, як на дражджах, вырасталі цені; на вадзе, на самай сярэдзіне возера, пераліваліся, бліскаючы пазалотаю лускі, быццам жыравалі там касякі маленькіх рыбак.
Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступала паўкругам да возера (па адзін бок яго стаялі хаты, а па другі – лес), неўзаметку асядаў вечар.
З бярозавага балота, што пачыналася за ніжнімі бароўскімі гародамі, выпаўз туман, і пацягнула яго, як заўсёды, па тарфяным полі на мост, перакінуты цераз роў, які падзяляў Бароўку на два канцы – канаплёўскі і канчанскі. Але сёння туман быў рэдкі, як дым.
Аднекуль з далёкіх заток раптам прыляцелі дзве качкі-мацярухі і закружыліся ў пары над возерам. Штосьці трывожыла птушак. I яны доўга кружылі так, баючыся апусціцца на ваду.
Была тая зацішная пара перад заходам сонца, калі ў вёску яшчэ не вярнуліся з поля каровы, а людзі, прыйшоўшы з работы (якраз за доўгім логам кідалі ў гэты дзень стагі), паспелі ўгаманіцца».
Здавалася б, нішто не можа ўнесці ніякіх змен у паўсядзённае жыццё звычайнай вёскі. I раптам адчуваеш – усё ж мусіць адбыцца нешта нечаканае. Інакш бы аўтар не паставіў бы ў апавяданні сказ, які сваёй прысутнасцю парушае вечаровую сцішанасць: «У гэты час і прыйшла ў Бароўку старая Рэйдзіха».
Мы пакуль не ведаем, хто яна – гэтая Рэйдзіха, не здагадваемся і пра мэту яе нечаканага наведвання вёскі, аднак упэўнены: зусім невыпадкова аказалася яна ў Бароўцы і, як бачна, зусім не чужы чалавек тут: «Яе ўбачыла на гуцянскай дарозе Тараськова Ганна. Яна была за вёскай, у Чыкавых печах, зграбала там пад соснамі сухое шыгалле. Даўно ёй кінулася ў вочы адзінокая жаночая постаць на бязлюднай дарозе, але пазнаць, хто гэта, на ноч гледзячы, ішоў у Бароўку, доўга не ўдавалася. I толькі тады, калі Рэйдзіха павярнула на вузкую, утаптаную чалавечымі нагамі сцежку, каб паўз Чыкавы печы прайсці да выгану, па якім трапіш на бароўскую вуліцу, Ганна схамянулася.
– Божа мой… Гэта ж Рэйдзіха!.. – яна адкінула ўбок граблі і ўтаропіла на яе свае здзіўленыя вочы, як на прывід які».
I зноў жа рэакцыя нечаканая: «I адкуль нясе старую нялёгкая», – падумала яна (Ганна – А. М.), яшчэ праз момант адчула, як у сэрцы шавяльнулася штосьці падобнае на прыкрасць».
Самага галоўнага – хто такая Рэйдзіха – I. Чыгрынаў не гаворыць. Не спяшаецца гаварыць. У нечым і заінтрыгоўвае чытача, а ў нечым і падрыхтоўвае яго… Да чаго? Ды да таго, каб ён, чытач, пранікся павагай да яе, старой і ў многім нямоглай жанчыны. Зразумеў, што яна ні ў чым не вінаватая. А каб прасякнуцца з разуменнем да чалавека, найперш трэба адчуць, як яму жывецца на зямлі. Рэйдзісе – сумнення быць не можа – нялёгка. «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнай босая – ногі былі парэпаныя з падкручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі».
I Ганне становіцца шкада старой, яна запрашае яе да сябе начаваць. Зрабіла тым самым крок, які зрабіць ёй было не так і лёгка. Няхай і не сама Рэйдзіха, а яе сын Якаў павінен у смерці Ганнінага бацькі, Якаў, які ў гады вайны служыў фашыстам. Пра ўсё гэта даведваемся мы пасля таго, як знаёмства са старой і нямоглай жанчынай адбылося. Яе ў многім і шкадуеш, але не можаш не задумацца, глянуўшы на ўсё вачыма той жа Ганны. Так, Ганна таксама разумее, што маці за ўчынкі сына не адказвае. Розумам адчувае гэта, а сэрцам, душой? Як растлумачыць усё? Дзе знайсці патрэбныя словы, якія, прыйшоўшы аднойчы, прынясуць жаданы ўнутраны спакой?..
I ўсё апавяданне «трымаецца», па сутнасці, на падобным роздуме. А ён па-рознаму праяўляецца. Ці праз перадачу душэўнага стану самой Ганны, ці праз аўтарскія рэтраспекцыі… Праўда, ёсць у творы яшчэ адзін момант, на які раней асаблівай увагі, бадай, ніхто не звяртаў. А калі звярталі, дык хіба тыя, хто пасля чытання апавядання затрымліваў выхад першай кнігі I. Чыгрынава.
Гэта тычыцца лёсу мужа Рэйдзіхі Лазара Рэйды, які да рэвалюцыі «служыў лесніком», не развітаўся з гэтай справай і пры савецкай уладзе. Аднак праз гадоў дзесяць яго прагналі за тое, што прадаваў дзяржаўны лес. «I Рэйду нічога не аставалася, як паставіць сабе хату адразу за коўратамі, у канаплёўскім канцы, там, дзе да самых верхніх бароўскіх гародаў падыходзіць бальшак. Тут ён і дацягнуў да калгасаў». А вось ісці ў калгас катэгарычна адмовіўся: «Баронь божа, – аднекваўся ён, – чужое піць і ад чужога карысць мець».
Як на сённяшні дзень, аўтар меў бы магчымасць падрабязней паразважаць над падобнымі паводзінамі Рэйды, глыбей зазірнуць у яго душу. Тады, калі апавяданне пісалася (а гэта быў 1962 г.), ніхто з пісьменнікаў асабліва не ўнікаў ва ўсе «тонкасці» калектывізацыі, таму і I. Чыгрынаў абмежаваўся такой канстатацыяй: «Аднойчы загарэўся калгасны кароўнік. Гарэў ён усю кароткую летнюю ноч, а раніцою, калі дым ужо рассеяўся, у Бароўцы паявіўся конны міліцыянер. Ён спачатку прагарцаваў па вуліцы на сваім вараным стаенніку, потым павярнуўся за коўраты, да Рэйдавай хаты. Там ён арыштаваў Рэйду і пагнаў яго пад наганам па пыльніку ў раён.
Роўна праз тыдзень пакідалі Бароўку і Рэйдзіха з сынам. Відаць, яны спалохаліся, што будуць «раскулачваць» іхнюю гаспадарку, і заспяшаліся пагрузіць свае куфры на калёсы.
З таго часу Рэйдзіха ў Бароўцы не паказвалася».
Ці вінаваты Лазар Рэйда ў тым, што «аднойчы загарэўся калгасны кароўнік», цяжка сказаць. А што ў дачыненні да Рэйдзіхі і яе сына магло адбыцца беззаконне, сумнявацца не даводзіцца. А калі прыняць пад увагу падобныя акалічнасці, дык, прабачце, інакш пачынаеш ставіцца і да паводзін у гады вайны сына Рэйдзіхі. Не, канечне, ніхто яго апраўдваць не збіраецца. Кроў ні ў чым не павінных людзей назаўсёды засталася на ягоным сумленні. Але ж, у чым таксама нельга не пагадзіцца, яго ў нейкай ступені на здраду і «падштурхнулі» трагедыйныя даваенныя абставіны.
Да гэтых высноў прыходзіш, калі апавяданне перачытваеш цяпер, калі з’явілася магчымасць гаварыць усю праўду. Аднак кожны твор – перш за ўсё сведчанне таго часу. Таму няма патрэбы разважаць, што б мог сказаць аўтар пры больш спрыяльных умовах, а неабходна гаварыць аб зробленым ім.
З гэтага пункту гледжання – апавяданне смелае пастаноўкай складаных і значных маральных праблем. Не асуджаючы Рэйдзіху, I. Чыгрынаў тым самым глядзеў, як кажуць, наперад, прадчуваў тое стаўленне да падзей вайны, якое – рана ці позна – абавязкова прыйдзе. I смела рабіў у гэтым кірунку першы крок. Праўда, адначасова і вымушаны быў асцерагацца, каб – барані божа – не папракнулі ў скажоным бачанні вайны. Таму ў першым варыянце апавядання Ганна на просьбу Рэйдзіхі паказаць, дзе пахаваны яе сын, катэгарычна заявіла: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…»
Дый, уласна кажучы, на час напісання апавядання не так і шмат гадоў прайшло пасля вайны. Яшчэ не наспела пара разбірацца, хто вінаваты, а хто не… У другім варыянце твора I. Чыгрынаў ужо не ўкладвае ў вусны Ганны падобныя словы. Праўда, і на гэты раз ён адкрыта не гаворыць, што Ганна ахвотна пайшла насустрач старой: «паступова Ганна ўсё ж зразумела, што хвалявала старую: тая, на прамілуй бог, гатова поўзаць ля ног, прасіла паказаць ёй… (шматкроп’е I. Чыгрынава – А. М.) сынаву магілу». Далей, зноў жа са шматкроп’ямі, ідзе наступны сказ: «…Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык, дзесяцігадовы Аўласаў Міцька. Яго ледзь угаварыла Ганна схадзіць туды з Рэйдзіхай».
Нарэшце Рэйдзіха апынулася «на краі бярозавага балота», дзе некалі партызаны застрэлілі яе сына-здрадніка. Міцька толькі і сказаў: «Недзе тут…». Адразу ж «сабака, пачуўшы гэтыя словы, успрыняў іх па-свойму, як каманду шукаць, і скокнуў да таго месца, куды паказаў рукою Міцька». Ды Рэйдзіха не дала яму разграбаць зямлю, «яна нечакана падскочыла да сабакі, пхнула са злосцю босай нагой і павалілася, бы падкошаная, на дзірван, прыпала да яго сваімі высахлымі грудзьмі».
Перад намі маці здрадніка, але ўсё ж Маці. Таму востра яе боль аддаецца ў сэрцы. Таму, як гэта ні дзіўна, адчуваеш тое, што перажывае яна ў гэты момант спаткання. З сынам? Так, для яе – з сынам! «Рэйдзіха штосьці шаптала, варушачы сухімі вуснамі. Рукі яе, жоўтыя і слабыя, сутаргава і бездапаможна коўзаліся па мокрай, яшчэ не высушанай ад расы траве, быццам намагаліся награбсці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок».
Нямнога такіх апавяданняў у нашай літаратуры, хоць, яна, асабліва ў апошні час, не абмінае ўвагай і гэткіх момантаў, разумеючы, што перад усім іншым яна павінна заставацца чалавеказнаўствам. (Дастаткова згадаць асобныя творы В. Быкава, I. Шамякіна, А. Рыбака, Н. Маеўскай і іншых аўтараў.) I. Чыгрынаву аднаму з першых удалося паказаць, наколькі беларускі народ здатны адгукнуцца на людскі боль спагадай, разуменнем яго. Вайна не ачарсцвіла яго, не зрабіла жорсткім, а, наадварот, яшчэ больш узвысіла ўсё святое і чалавечнае ў людзях. I для тых жа вяскоўцаў, якія самі нямала перажылі, Рэйдзіха – гэткая ж ахвяра вайны, як і яны самі. Вінаваты яе сын – яна ж невіноўная. Яна не хацела, каб ён стаў такі. Ды хіба ўсё залежыць ад самога чалавека? Хіба заўсёды добрыя зерні трапляюць на ўраджайную глебу?
Пытанні можна працягваць… А яны, падобныя гэтым, і зусім іншыя неаднаразова ўзнікаюць, калі сёння перачытваеш першую кнігу I. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю», і ўсё болей пераконваешся, што наколькі ўпэўнена і самабытна заявіў аб сабе на той час малады ды і, па сутнасці, яшчэ нямногім вядомы аўтар.
Алесь Марціновіч
Праца над раманамі забірала ў I. Чыгрынава шмат часу. Надаючы гэтаму першаступеннае значэнне, ён увогуле адышоў ад «малога жанру». Ва ўсякім разе новыя апавяданні пісьменніка ў друку не з’яўляліся. I толькі пасля доўгага перапынку, у 1984 г., I. Чыгрынаў зноў узяўся за гэты жанр. Апавяданне называлася «За трэцім разам» і было змешчана ў часопісе «Беларусь» (№ 6). Адразу ж быў зроблены і пераклад на рускую мову для «Огонька», таго ранейшага, як цяпер любяць называць – сафронаўскага. У перакладзе твор меўся з’явіцца ў адным са снежаньскіх нумароў, калі аўтару спаўнялася 50 гадоў. На жаль, чаканні Івана Гаўрылавіча аказаліся марнымі. Тое, на што асмеліўся А. Сафронаў, не змагло прайсці праз рагаткі тагачаснай строгай літаратурнай цэнзуры, хоць на дварэ ўжо і быў 1984 г. Напісаўшы «асмеліўся А. Сафронаў», я ні ў якім разе не стаўлю пад сумненне сумленнасць і прынцыповасць галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь» А. Шабаліна, які таксама рызыкнуў даць «зялёнае святло» гэтаму апавяданню. Рызыкнуў, бо I. Чыгрынаў закранаў такія аспекты ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пра якія дагэтуль – у лепшым выпадку – маўчалі.
Паводле сюжэта твора адзін з герояў, Парфён Канапелькін, задумваецца, а ці правільна зрабіў ён, што ў свой час забіў немца! Як быццам, пытанне і стаяць не можа. Са школьных гадоў ці не ўсе мы памятаем хрэстаматыйныя творы, у тым ліку вядомы верш К. Сіманава, у якім помста захопнікам, помста ворагу ўзводзілася ў ранг свяшчэннага дзеяння. Гэтым жа духам, дарэчы, былі прасякнуты і палымяныя публіцыстычныя выступленні беларускіх пісьменнікаў ваеннага часу, у прыватнасці, артыкулы, выступленні, звароты да народа па радыё Янкі Купалы і Кузьмы Чорнага. Але ж не трэба забываць, які быў тады час. Цяпер жа многае з таго ранейшага, у чым і сумнявацца не даводзілася, паўстае ў іншым святле. З’яўляецца заканамернае жаданне разабрацца ў тым адзінкавым, што ніяк не хоча ўкладвацца ў звыклую схему нянавісці да ворага.
Такі момант і настаў у жыцці чыгрынаўскага героя. I ў гэтым творы пісьменнік не спяшаецца падвесці чытача да галоўнага, падкрэслівае, што апавяданне мае, ці, прынамсі, можа мець дакументальную аснову: «Пра гэта расказваў майму знаёмаму, былому старшыні сельсавета, ажно тры разы адзін і той жа чалавек. А знаёмы ўжо мне, калі ездзілі нядаўна ў Латакі». Як быццам, з гэтых расказаў і нараджаецца гісторыя, вельмі ж ужо непадобная на іншыя, у якіх у той ці іншай ступені закранаюцца падзеі мінулай вайны.
Парфён Канапелькін не сказаць каб асабліва вылучаўся нечым сярод учарашніх франтавікоў альбо партызан, падпольшчыкаў. Хіба тым, што насіў пасля вайны напаказ генеральскія штаны. Ды і быў яшчэ ў Латаках прышлы, з’явіўся там недзе адразу пасля вызвалення. Праўда, праз пэўны час паспрабаваў даводзіць аднавяскоўцам, што ён – герой. Гэта многім не спадабалася: «Генеральскія штаны яшчэ маглі дараваць яму, тут куды ні шло. Але ж герой!.. Праўда, у вайну ўсе былі героі. Найперш, канечне, тыя, што палеглі ў бітвах… Бо ў кожнай пахавальнай, якія прыходзілі з фронту, пісалася: «Ваш сын (муж) … загінуў смерцю героя…» А ці ж той, хто прайшоў вайну і застаўся жывы, не быў таксама героем?»
Апавядальнікам у творы выступае і той, пра каго пісьменнік гаворыць «мой знаёмы, былы старшыня сельсавета». Адсюль і нейкая сялянская разважлівасць, засяроджанасць гаворкі. Без забягання наперад, калі, здавалася б, другаснаму адводзіцца шмат увагі. Але пэўная зацягнутасць экспазіцыі твора апраўданая. I. Чыгрынаў тым самым нібы напамінае: нічога не прыдумаў, так было на самай справе, я толькі перадаю пачутае ад іншых.
Тым больш, што і сам Парфён Канапелькін не надта спяшаецца падзяліцца трывожным для яго роздумам. Ды і пра ўдзел у баях гаворыць мімаходзь: «Расказваў Парфён пра тое, як трапіў на вайне ў сорак першым спачатку пад Маскву, як страціў там дзве рабрыны з левага боку; як пасля доўга ляжаў у шпіталі, недзе на Каўказе, не мог выпрастацца, стаць роўна, але паколькі не было куды падацца далечвацца – раён у Арлоўскай вобласці, Дзе знаходзілася яго вёска, апынуўся к таму часу пад немцам,– то застаўся амаль цэлага паўгода на адным месцы; затым у сорак другім годзе прымаў удзел у няўдалай аперацыі на Бранскім фронце, калі 13-я армія спрабавала ліквідаваць самы нязручны выступ, што клінам удаваўся ў лінію нашай абароны, і тут яго раніла, і на гэты раз, аднак, няцяжка, ва ўсякім выпадку, цяпер Парфён не так доўга ляжаў і не вельмі балюча сябе пачуваў, дарма што куля прайшла краем левага лёгкага…»
Былі ў Парфёна Канапелькіна баі на Курскай дузе, вызваленне Магілёўшчыны. А далей – гітлераўская Германія, дзе яго таксама двойчы параніла… На Беседзі і адбылося галоўнае, што не дае магчымасці герою I. Чыгрынава праз столькі гадоў спакойна спаць, прымушае яго згадваць ранейшае, ваеннае жыццё, раз-пораз запыняючы ўвагу на выпадку, які цяпер пачаў бачыцца зусім у іншым, чым раней, святле. Тады якраз давялося ўзяць у палон аднаго фашыста з так званай каманды «падпальшчыкаў» ці, па-іншаму, «факельшчыкаў». Аказваецца, «палявая паліцыя пры сухапутных войсках стварала цэлыя каманды, каб, адступаючы, спапяляць усё, што здольна было гарэць і разбурацца. I нашы салдаты, калі, здаралася, заставалі такіх на месцы злачынства, расстрэльвалі без суда і следства».
Апавядальнік удакладняе: «Можа, нават, на гэта загад быў. Сказаць цяжка, бо не ведаю. Але што не каралі адзін час байцоў, якія распраўляліся з факельшчыкамі, знаю дакладна». Можна зразумець байцоў, якія нечакана ўбачылі немца, што выходзіў з туману на бульбяным палетку. Побач жа «перад тым усю ноч гарэла кіламетры на тры вёска». Разбірацца ніхто не стаў. Падпальшчык, сумнявацца не даводзілася. I прысуд адразу прывялі ў выкананне. Цяпер Канапелькін як бы вінавата гаворыць: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу. Пасля ўжо другія дабівалі».
Але якая пры гэтым віна можа быць у Парфёна? Па сутнасці, ніякай. I ён яе не адчуваў ні тады, калі вяршыў прысуд, а значыць – згодна з тымі абставінамі, праведны, справядлівы суд; ні пазней, пасля вайны. «Працавалі» ў час барацьбы з фашызмам і няпісаныя законы, не да эмоцый і сентыментальшчыны было, калі ўсё вырашалася хутка і адразу – ці ты ворага знішчыш, ці ён цябе. Выбару не заставалася.
Няпроста, ды і балюча прыгадваць Парфёну Канапелькіну той выпадак. Але, аднойчы ўспомніўшы яго, ён ужо не можа больш заставацца сам-насам са сваімі трывожнымі думкамі. Так хочацца, каб і нехта ведаў, што ў яго на душы. Не заўважае Парфён, што з кожным новым вяртаннем да таго эпізоду ён усё больш і больш апраўдвае сябе. Так, апраўдвае, бо паступова змяншае сваю ролю ў расстрэле таго факельшчыка.
Спачатку: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу». У час другога вяртання ўжо як бы сумняваецца: «Але ж не адзін я страляў у яго. Стралялі і другія. Можа, мае кулі і не патрапілі…» I вось трэцяя сустрэча з апавядальнікам. Пастарэў Парфён Канапелькін, цяжка захварэў. Вяртаючыся з бальніцы, прызнаецца: «…цяпер паклаў сабе за мэту – штодня рабіць хоць па адной добрай справе». I быццам без пераходу дадае: «Во тут во, дзе мы едзем зараз, апынуўся я некалі сведкам, як расстрэльвалі тут у вайну чалавека».
Які ж значны пераварот адбыўся ў душы героя апавядання?! Ужо той немец для Канапелькіна не толькі не факельшчык, а чалавек. I Парфён робіць усё магчымае, каб у вачах тых, хто ведае даўнюю гісторыю, ні ў якім разе не выглядаць забойцам. «Апынуўся я некалі сведкам…» Быццам і выпадкова ён апынуўся там… Там гаворыць на заканчэнне твора не нехта з тых, хто вайну прасядзеў дзе-небудзь пры штабах, а сапраўдны герой. Калі ж «у тое лета Парфён памёр», ля труны «ўсе ўбачылі нарэшце шматлікія яго ўзнагароды, сярод якіх – дзве салдацкія Славы. Відаць, трэцяя недзе згубілася, не знайшла Парфёна».
Магчыма, прычына падобных перажыванняў героя I. Чыгрынава – яго нямогласць, калі перад смерцю кожнаму хочацца ачысціцца «ад грахоў»? Не без гэтага, як кажуць! Можна, канечне, убачыць у пакутах Парфёна Канапелькіна і нешта такое, што лёгка назваць звычайнай старэчай сентыментальнасцю. Але куды важней іншае, дзеля чаго, уласна кажучы, апавяданне і напісана. I. Чыгрынаў па-свойму дае адказ на традыцыйнае пытанне «Што з намі адбываецца?». Рушацца традыцыйныя маральныя нормы, за душой у чалавека застаецца ўсё меней святога, на першы план выступае прагматычнае. I падставы для падобнай занепакоенасці ёсць. Прытым – немалыя. У адным нельга сумнявацца: пакуль жывуць на зямлі людзі, падобныя Парфёну Канапелькіну, само слова «дабро» ніколі не стане архаічным.
Твор гэты яшчэ раз пацвярджае, наколькі вопытны апавядальнік I. Чыгрынаў, як востра адчувае ён сучасныя матэрыялы, наколькі здатны выбіраць са шматлікіх жыццёвых калізій і сітуацый тыя, што адпавядаюць праблемам важным і першарадным. I ўсё ж не сказаць каб падчас яго з’яўлення апавяданне «За трэцім разам» выклікала шырокі рэзананс. Хіба што цікавіліся ім тыя, хто неяк даведаўся, што твор быў зняты цэнзурай у «Огоньке». А забароненае, як вядома, заўсёды прыцягвае да сябе ўвагу. Хаця справа, бадай, не ў самім творы. Хутка настаў красавік 1985-га, а пасля яго забурліла палітычнае жыццё, ды такім «кіпучым» стала, што часта станавілася зусім не да літаратуры, тым больш да яе «малога жанру». На першы план уладарна выходзіла публіцыстыка.
Бадай, і па гэтай прычыне I. Чыгрынаў зноў адышоў ад апавядання. I як высветлілася, роўна на дзесяць гадоў. Атрымалася так, што сваё 50-годдзе сустрэў апавяданнем «За трэцім разам», а 60-годдзе (і напярэдадні юбілею ды і пасля яго) шэрагам апавяданняў. А ў пэўнай ступені як бы працягам «гісторыі» Парфёна Канапелькіна стала яшчэ адна, далёка неардынарная.
Маю на ўвазе апавяданне «Коні» («ЛіМ», 1994, № 37). Абодва гэтыя апавяданні аб’ядноўвае імкненне I. Чыгрынава яшчэ і яшчэ раз зірнуць на ўсё страшнае, антычалавечнае і антыгуманнае з пазіцыі чалавечнасці. У яго герояў, якія ад сучаснага моманту пастаянна вяртаюцца ў перажытае, не проста вельмі нізкі балявы парог. Правільней, гэта не толькі балявы парог, а балявы парог сумленнасці. Конюх Антон з апавядання «Коні», як і Парфён Канапелькін, у час вайны за печчу не адседжваўся. Праўда, трапіў у палон, але, вырваўшыся з яго, партызаніў. I цяпер, праз не адно дзесяцігоддзе пасля вайны, Антон жыве асобнымі, найбольш памятнымі выпадкамі яе. Здавалася б, лакальнымі, нявартымі асаблівай увагі. Ды разважыш – з іх акурат і паўстае многае, што дазваляе правільней меркаваць пра чалавека, даведацца, кім ён з’яўляецца на самай справе.
Як і ў апавяданні «За трэцім разам», I. Чыгрынаў лічыць патрэбным, каб чытач паверыў: тое, пра што расказвае аўтар, і на самай справе мела месца. Ідзе гэта зноў жа ад жадання не нешта «выдумляць», а браць усё з самога жыцця, што, як вядома, багацей за самую смелую фантазію. Таму ў пачатку твора і прысутнічае нязменнае чыгрынаўскае ўдакладненне: «Некалі мяне ўгаворвалі напісаць пра конюха нарыс. Але я не напісаў. I кніга тая ў Магілёве выйшла без майго нарыса. У мяне ў бібліятэцы яна ёсць. Часам, калі яна трапляецца на вочы, я бяру яе ў рукі, гартаю старонкі і кожны раз бачу недзе на сярэдзіне нарыс пра таго конюха, але напісаны другім аўтарам, і мне становіцца ад гэтага ніякавата. Ніякавата не таму, што не здолеў тады напісаць. Ніякавата ад іншага – ад таго, што не зусім тое пра яго напісана. Хоць, вядома: гэта таксама адноснае – тое не тое, проста я напісаў бы іначай пра таго чалавека».
Нарыс не напісаўся, бо менавіта ў чыгрынаўскім падыходзе да згаданага чалавека ён і з’явіцца не мог. Прынамсі, на той час. А гэта, як бачна з апавядання, было яшчэ тады, калі не пра ўсё дазвалялася гаварыць адкрыта. Аднак і I. Чыгрынаў таксама не спяшаецца ў гаворцы пра Антона расставіць усе кропкі над «і». Пісьменнік у нечым заінтрыгоўвае чытача і выпрабоўвае яго цярпенне. Маўляў, даражэнькі, я не спяшаюся сказаць галоўнае; не спяшайся і ты пра ўсё даведацца, калі хочаш пазнаёміцца з маім новым творам. Пазнаёміцца ўважліва, а не проста прачытаць яго.
Дамінанта апавядання якраз у, здавалася б на першы погляд, такім дробязным і разам з тым вельмі значным. Невыпадкова Антон пасля вайны стаў конюхам. Была на тое асаблівая прычына. Ён адчуваў віну перад коньмі. Тымі самымі, якія былі загублены ім, хоць і не па злой волі. Памерлі пакутнай, галоднай смерцю… Пра ўсё гэта аўтарам сказана спакойна. У нейкай ступені і пратакольна, але гэта зусім не перашкаджае псіхалагічнасці. Удакладненні б толькі пайшлі на шкоду апавяданню, якое, уласна кажучы, і трымаецца на эпізодзе, звязаным са згаданым выпадкам, хоць разгортванне сюжэта паступова, нават запаволена, набліжаецца да яго: «Здарылася гэта ў мінулую вайну. Антон партызаніў. Але ў партызаны прыйшоў з нямецкага палону, якраз супроць першай ваеннай зімы. Праўда, гэта акалічнасць нічога не значыла ў ягоным расказе. Галоўнае, што Антон быў у партызанах і аднойчы апынуўся ў варожай блакадзе. Іх, партызанаў, тады было трох, на конях».
Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што гэтым разам «коні заміналі партызанам», таму што «выбрацца з варожага кола можна было толькі праз раку, якая ахінала ў тым месцы бярозавы гай». Вырашылі прывязаць коней. Магчыма і разлічвалі, што з цягам часу вернуцца – пра гэта, праўда, у апавяданні ні слова: «Ім тады пашанцавала». З блакады яны выбраліся ўплаў, не выклікаўшы ў немцаў нават падазронасці. Але назад, у той бярозавы гай, дзе былі пакінуты прывязаныя коні, ніхто з трох не трапіў. Па-першае, доўга трымалася варожая блакада, па-другое, немцы прымусілі партызанаў, у тым ліку і Антона, адступіць далёка ад таго месца, дзе стаялі коні». Праз некалькі дзён Антон усё ж вярнуўся: «коні былі нежывыя – выскублі не толькі ўсю траву пад нагамі, але і абгрызлі кару на дрэвах…»
Шмат часу мінула, але выпадак гэты Антону не забыўся. Здавалася б, нейкія там коні! Столькі чалавек пабачыў і перажыў на вайне, а бач ты – запомнілася менавіта гэтае. Не хавае таго, наколькі ўзрушыла яго пачутае і герой-апавядальнік: «Вецер, што заціхнуў на нейкі час паміж Віхрой і выспай, дзе мы з Антонам выбралі гэты раз начлег сабе, зноў пачаў варушыць траву навокал; ад ракі тым часам пацягнула новай, ужо начной, нейкай колкай свежасцю… Я цяпер, праз гады, адчуваю той вецер на сваім твары. Асабліва, калі бачу коні».
«За трэцім разам» і «Коні»… Апавяданні напісаны I. Чыгрынавым пасля таго, як ён ужо стаў прызнаным раманістам, тым не менш Іван Гаўрылавіч у іх, па сутнасці, вярнуўся назад. I не толькі да жанру, пра які было «забыўся». Ён вярнуўся да таго зыходнага пункта, з якога і пачынаў глядзець на вайну – бачыць у вайне не толькі мужнасць, гераізм людзей, але і надзвычайнае выпрабаванне, калі чалавек здае экзамен не на адну стойкасць, а і на маральнасць.
З апошніх апублікаваных апавяданняў I. Чыгрынава значнае месца займаюць тыя, у якіх аўтар не проста прыгадвае перажытае, звяртаючыся да пэўных падзей, да якіх мае непасрэднае дачыненне, а закранае моманты, што патрабуюць да сябе ўвогуле далікатнага, ці што, стаўлення. Гэта тычыцца і асобных стасункаў паміж літаратарамі, у тым ліку і знакамітымі (для прыкладу цыкл «Рыба, рыбакі ды яшчэ апень…», апублікаваны ў часопісе «Беларусь» (1995, 1).
Увогуле цыклы «кароткіх апавяданняў» (калі прытрымлівацца аўтарскага вызначэння) сведчаць, што I. Чыгрынаў па-ранейшаму не збіраецца развітвацца з «малой прозай», з якой, уласна кажучы, і пачаўся яго шлях у літаратуру. Нельга адмаўляць і набыткаў I. Чыгрынава ў галіне публіцыстыкі, крытыкі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
В. Старычонак
(1934–1996) – народны пісьменнік Беларусі
Нарадзіўся ў в. Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Саматэвіцкай сярэдняй школы паступіў у Белдзяржуніверсітэт, які закончыў у 1957 г. Працаваў у выдавецтве «Навука і тэхніка» Акадэміі навук, у часопісе «Полымя». У 1976–1986 гг. – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1987 г. – старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, з 1989 г. – галоўны рэдактар часопіса «Спадчына». У рэспубліканскім друку дэбютаваў вершамі ў 1952 г. Аўтар кніг апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983), раманаў «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976) «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996), п’ес «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1988), «Звон – не малітва» (1989), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Прымак» (1994), зборнікаў крытычных і публіцыстычных матэрыялаў «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994) і інш. У 1994 г. прысуджана званне народнага пісьменніка Беларусі. Памёр 5 студзеня 1996 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
У першых празаічных творах Івана Чыгрынава (апавяданні «Птушкі ляцяць на волю», «Па сваіх слядах», «Бульба», «Дзічка», «Плывун») знайшлі выяўленне духоўная сіла чалавека, яго ўнутраны стан, маральная прыгажосць, вернасць абавязку, памяць вайны. Асноўнай жа ў творчасці пісьменніка стала тэма вайны, якой прысвечаны раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». Падзеі ў пенталогіі пачынаюцца з першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны і заканчваюцца летам 1944 г. Вайна ў творах разглядаецца як трагедыя ўсёй Беларусі, дзе загінуў кожны трэці чалавек, незалежна ад таго, прымаў ён у ёй дзейсны ўдзел ці стаў нявіннай ахвярай. Асноўны акцэнт пісьменнік робіць на ўспрыманні вайны мірнымі жыхарамі, якія (па маральных нормах) не павінны былі ваяваць, але з-за складаных абставін вымушаны былі ўзяцца за зброю.
У рамане «Плач перапёлкі» паказваецца жыццё ў вёсцы Верамейкі ў першыя тыдні і месяцы вайны, калі Чырвоная Армія адступіла, а немцы яшчэ не прыйшлі. Вёска як бы замерла, прыцішылася ў трывожным чаканні вялікай бяды, трагічных падзей, якія прадвяшчае нават перапёлка. «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?» – разважае галоўны герой Дзяніс Зазыба. Тое, чаго чакалі жыхары вёскі ў першым рамане, у наступных творах стане жахлівай рэальнасцю, калі верамейкаўцы тварам у твар сустрэнуцца з ворагам.
У першых раманах I. Чыгрынаў выпісаў яркія, запамінальныя вобразы вяскоўцаў (Парфёна Вяршкова, Кузьмы Прыбыткова, Івана Падзерына, Розы Самусёвай, Марфы Зазыбы, Ганны Карпілавай і інш.), кожны з якіх характарызуецца сваім успрыманнем рэчаіснасці, сваімі адносінамі да жыцця, працы, людзей, ваенных падзей. Сярод усіх верамейкаўцаў вылучаюцца Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба, якія ў цяжкіх сумненнях, супярэчлівых развагах і памылках становяцца на шлях актыўнай барацьбы з ворагам.
Радзівон Чубар, старшыня калгаса, выхаваны на строгім падпарадкаванні партыйнай дысцыпліне, жыве па інструкцыях, указаннях і распараджэннях начальства, не заўсёды здольны да самастойных рашэнняў. I таму ў першыя дні вайны адчуў разгубленасць, бездапаможнасць, безвыходнасць. У такім стане ён аказаўся здольным на самыя рызыкоўныя і бессэнсоўныя ўчынкі. Палічыўшы разважанні ваенурача шкоднымі для разгортвання партызанскай барацьбы, ён учыняе над ім самасуд. Пасля блуканняў па лесе ў пошуках партызан ён вяртаецца ў родныя мясціны і падпальвае копы жыта, каб тыя не дасталіся немцам. Пры гэтым герой твора не разумее, што жыта пазней можа спатрэбіцца сялянам, партызанам.
У наступных раманах Чубар стане больш разважлівым, самастойным, пачне кіравацца канкрэтнай неабходнасцю, абставінамі, умовамі барацьбы, а не голымі інструкцыямі і партыйнымі лозунгамі. Трапіўшы ў рукі нямецкага карнага атрада, кіраўнікі якога патрабавалі паказаць размяшчэнне партызанскага атрада Мітрафана Нарчука, ён праявіў вытрымку, мужнасць, высокую чалавечую годнасць і выбраў смерць, а не здрадніцтва.
Процілегласцю Чубара ў рамане выступае Дзяніс Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны, патомны земляроб, былы старшыня (пазней намеснік старшыні) мясцовага калгаса. Селянін паводле сваёй псіхалогіі, ён клапоціцца пра людзей і ў мірны, і ў ваенны час, не ўяўляе свайго жыцця без роднай вёскі, яе жыхароў. Таму і вяртаецца герой твора ў вёску, хоць была магчымасць застацца за лініяй фронту. «Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае», – пацвярджае ён свой учынак мудрай прыказкай.
Вобраз Зазыбы даволі складаны, драматычны. Камуніст па перакананнях, змагар за ўсталяванне новага ладу, арганізатар партызанскага руху, ён паступова пачынае ўсведамляць, што і за савецкую ўладу, і за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў праліта многа крыві, якую поўнасцю апраўдваць нельга. Эвалюцыя яго поглядаў на сталінскія рэпрэсіі яскрава праследжваецца ў адносінах да сына Масея. Калі ў першых творах (асабліва пасля вяртання Масея ў вёску) Зазыба лічыць яго не ахвярай несправядлівай таталітарнай сістэмы, а злым выпадкам, то ў наступных раманах адкрыта гаворыць аб тэроры, які ажыццяўляў Сталін супраць уласнага народа. «Праўду не заўсёды робяць шаблямі», – прыходзіць да такой высновы Зазыба, які застаўся ў спаленай вёсцы адзін: жонку забілі партызаны, а сын, як былы «вораг народа», вымушаны ўцякаць, назаўсёды пакідаючы бацьку і Радзіму. У вобразе Масея паказаны пэўныя моманты біяграфіі вядомага пісьменніка-эмігранта Масея Сяднёва.
І. Чыгрынаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай драматургіі. У цэнтры ўвагі драматурга перш за ўсё гістарычныя падзеі, выдатныя дзеячы беларускай гісторыі. Драма «Звон – не малітва» прысвечана полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну Ізяславу, «Прымак» – беларуска-літоўскаму князю Ягайлу, яго жонцы Соф’і Гальшанскай, князю Івану Друцкаму, «Чыстыя рэкі, мутныя воды» – ваяводу, гетману Вялікага Княства Літоўскага, кіраўніку войск-пераможцаў у Аршанскай бітве 1514 г. Канстанціну Астрожскаму, «Следчая справа Вашчылы» – выдатнаму кіраўніку антыфеадальнага сялянскага паўстання ў Крычаве ў 1743–1744 гг. У некаторых п’есах I. Чыгрынава («Чалавек з мядзведжым тварам» і «Ігракі») узнаўляюцца трагічныя падзеі нядаўняй гісторыі, калі набірала моц таталітарная сістэма і генацыд супраць нацыі выконваўся рукамі сталінскіх «троек». У п’есах «Хто вінаваты» і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» зроблена спроба асэнсавання вынікаў чарнобыльскай трагедыі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Віктар Каваленка
«Відаць, меў падставу Л.М. Талстой, які падзяляў жыццё чалавека на сямігоддзі, дакладней, сваё жыццё так дзяліў, кажучы пры гэтым, што «адпаведна сямігоддзям цялеснага жыцця чалавека, якія прызнаюць нават і некаторыя фізіёлагі, можна ўстанавіць і сямігоддзі ў развіцці жыцця духоўнага». У мяне такіх адрэзкаў было пакуль сем».
I. Чыгрынаў
Вельмі працяглы час, амаль на ўсю пару існавання савецкай літаратуры, у вытлумачэнні змястоўных вытокаў творчасці таго ці іншага пісьменніка пераважала тэорыя рашучага ўплыву на яго светапогляд сацыяльнай рэчаіснасці. Такі ўплыў, безумоўна, існаваў і існуе і шмат што прадвызначае ў вобразным ладзе мастацкага мыслення. Сацыялагічная школа былога савецкага літаратуразнаўства мела моцныя традыцыі і немалыя навуковыя заваёвы. Як прыклад можна прывесці інтэлектуальна глыбокую, сістэмна вывераную літаратуразнаўчую спадчыну М. Бахціна.
Аднак, вядома, існуюць і іншыя фактары, якія калі прама не фармуюць творчае аблічча пісьменніка, то ўсё ж садзейнічаюць яго выкрышталізацыі, пра што раней мала згадвалася ў савецкім літаратуразнаўстве і крытыцы. Гэта перш за ўсё – унутраная біяграфія пісьменніка, убачанае ім і перажытае. Што здарылася з пісьменнікам у жыцці і які душэўны вопыт набыты з гэтага здарэння? Як усё ўласнае жыццё асэнсоўваецца пісьменнікам? Наколькі ўстойлівая яго мараль і сумленнасць? У якой ступені моцнае, глыбокае, шчырае грамадзянскае светаадчуванне творцы? I вось пісьменнік узнаўляе свой «першы ўспамін», задумваецца над этапамі свайго духоўнага станаўлення. Усё гэта недаацэньвалася раней па ранжыры суб’ектыўнага. Аднак жа мяжа паміж субектыўным і аб’ектыўным у жыцці чыста ўмоўная. Тут той выпадак, калі адно пераходзіць у другое. Без уліку суб’ектыўнай унутранай біяграфіі не зразумець, чаму людзі, тым больш – пісьменнікі, якія раслі і выхоўваліся калі не ў аднолькавых, то падобных сацыяльна-палітычных умовах, у сённяшнім грамадскім адчуванні апынуліся на розныя бакі барыкад.
Іван Чыгрынаў уваходзіў у літаратуру як тыповы прадстаўнік «шасцідзясятнікаў», іх малодшай генерацыі. Яго ранняя творчасць несла ў сабе ўсе адзнакі – як станоўчыя, так і непажаданыя – той літаратуры, якая натхнялася грамадскімі падзеямі, выкліканымі рашэннямі XX з’езда КПСС. У сувязі з выкрыццём крывавай дыктатуры Сталіна «шасцідзясятнікі» былі перакананы, што існуючая палітычная сістэма, якая называлася «сацыялізмам», з’яўляецца прагрэсіўнай і зусім прыймальнай для перадавых людзей, аднак патрабуе рэфармавання, абнаўлення. Гэта павінна было адбыцца, на іх думку, праз зварот да гуманістычных каштоўнасцей. Такая светапоглядная ўпэўненасць выклікала ў літаратуры і мастацтве велізарны ўздым духу, паглыбляла пафас увагі да штодзённых жыццёвых праблем простага чалавека, спарадзіўшы цэлую паласу высокамастацкага творчага развіцця ўва ўсіх літаратурах былога Савецкага Саюза, у тым ліку і ў беларускай. А тое, што пры ўсіх дасягненнях персанажам гэтай літаратуры быў уласцівы прыкметна ружовы ідэалізм светаадчування, а аўтарскай пазіцыі – як адкрытая, так і падтэкставая павучальнасць, мала заўважалася, бо і светапоглядная арыентацыя крытыкі была адэкватная. I. Чыгрынаў пачаў літаратурную творчасць на хвалі гэтага ўздыму, калі ідэйна-эстэтычныя накірункі мастацтва «шасцідзясятнікаў» вызначыліся даволі пэўна.
Першыя апавяданні I. Чыгрынава, як і большасці яго маладых паплечнікаў, мелі ў сваім змесце сацыяльна насычаную псіхалагічную танальнасць, падпарадкаваную гуманістычным ідэалам. Увага грамадства і дзяржавы да жыццёвых патрэб простага чалавека – вось глабальная праблема, якая прадвызначала духоўна стваральны пафас ранніх апавяданняў пісьменніка. Прычым ужо тады, на раннім этапе творчасці, у Чыгрынава адчуваліся і ўгадваліся прыкметы буйнага празаіка-рэаліста, будучы добры знаўца таемнасцей чалавечай душы, здольны на перадачу гістарычнай дакладнасці ў ходзе агульнаграмадскіх падзей, а таксама жывога трагізму гісторыі ўнутры асобы.
Пры некаторых ідылічных ці залішне аптымістычных момантах у творчасці «шасцідзясятнікаў» лепшыя з іх адчувалі, што распаўсюджанае ўяўленне, быццам чалавека можна выхаваць і перавыхаваць унушэннем, якое зыходзіць аднекуль звонку, настойлівымі намаганнямі, якія даводзяць да канфлікту і гвалту іншага чалавека ці калектыву, беспадстаўнае. Яны разумелі, што ўсё вырашае ўласны душэўны вопыт адносін да акаляючага свету. Вось чаму ўжо ў ранніх апавяданнях I. Чыгрынава так мала публіцыстычнага завастрэння, суровых патрабаванняў, цяжкіх абвінавачванняў, трыбунных прамоў і заклікаў, так мала абсалютна адмоўных герояў, якія не ўпісваюцца ў атмасферу часу. Вядома, у жыцці падобныя людзі ёсць, але пісьменнік перакананы, што не яны робяць сацыяльную пагоду. Яго персанажам не ўласцівы істэрычныя надломы. Яны імкнуцца да стабільнасці ў жыцці і цэняць стабільнасць у навакольнай рэчаіснасці. Нават у самых цяжкіх умовах яго героі спагадлівыя і памяркоўныя, яны рэдка ідуць на канфлікт, часцей унікаюць яго, саромеючыся за людзей, якія жорсткія сэрцам.
Так, у апавяданні «У баку ад дарогі…» пра першыя дні вайны Міцька, які сам нацярпеўся гора, не дабіўшыся, каб вайскоўцы ўзялі ў санітарную машыну параненага капітана, згладжвае перад капітанам сітуацыю, гэтым самым ледзь не апраўдваючы бессаромных людзей. Цыганка Глафіра ў апавяданні «Адна ноч» гаворыць: «I чаму вы такія злыя!.. Ды ўсе!» Героі I. Чыгрынава калі і бываюць злыя, то яны адначасова і лагодныя, як цыган Мікала ў тым жа апавяданні «Адна ноч»: «Стары цыган сёння чамусьці быў і лагодны і злосны». Персанажы стрымліваюць сябе, калі адчуваюць, што ўпадаюць у злосць: «А то і праўда, – Ганна ўзялася за галаву. – Нешта я сёння злая нейкая…» («Варажба»).
Нават калі і сустракаецца на свеце дрэнны чалавек, як, напрыклад, Галуза ў апавяданні «Плывун», то, аказваецца, для раўнавагі ў маральным балансе грамадства знаходзіцца іншы чалавек з такім жа прозвішчам – добры і справядлівы.
Героі ў апавяданнях I. Чыгрынава рэдка могуць пастаяць за сябе ў міжлюдскіх канфліктах, але яны заўсёды атрымліваюць маральную перамогу.
Гэты творчы метад – і рамантычнае парыванне ўвысь, і цвярозае адчуванне цяжкой зямной рэальнасці – стане вызначальным у творчасці пісьменніка. «Голас спевака і клікаў да сонца, і тым жа часам раіў вярнуцца дамоў…» («Чайкі на хвалях»). Ён пяройдзе ў цыкл раманаў пісьменніка пра вайну.
Сапраўды, героі выдатнага цыкла раманаў I. Чыгрынава, якія несумненна маюць агульнанацыянальнае духоўнае значэнне («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны»), таксама амаль пазбаўлены душэўнага разладу, зацятай канфліктнай узрушанасці, хоць жывуць у надзвычай канфліктны час. Іхняе драматычнае жыццё, здавалася б, павінна было б трымаць іх унутраны стан у пастаянным душэўным напружанні, але яны не любяць і асцерагаюцца такога стану.
Вось адзін з галоўных герояў цыкла раманаў Дзяніс Зазыба, герой грамадзянскай вайны, сын якога Масей без віны арыштаваны быццам бы за антысавецкую дзейнасць, з-за чаго Дзяніса здымаюць з пасады старшыні калгаса, пакідаючы, праўда, намеснікам. Нават такія падзеі не выбіваюць яго з жыццёвай раўнавагі. Ён пастаянна разважлівы і памяркоўны, не дазваляе сабе ніякіх эмацыянальных узрываў. Ды яны і не выспяваюць у яго душы. З прыходам немцаў Масею ўдаецца вярнуцца дадому, аднак і ён паводзіць сябе ў такой ступені спакойна, так неадэкватна перажытаму, што ўзнікае падспуднае сумненне, а ці быў ён там, куды змясціў яго пісьменнік – у савецкай турме перыяду самых жорсткіх і масавых сталінскіх рэпрэсій. Масей усё ўбачанае і перажытае там калі і згадвае, то рэдка, і носіцьу сваёй душы нявыказаным. Вярнуўшыся да бацькоў, ён больш сузіральны, чым дзейсны думкай, не гаворачы ўжо пра ўчынкі. Аднак, мабыць, гэтая залішняя сузіральнасць, дапытлівая, але маўклівая зацікаўленасць навакольным светам і з’яўляецца вынікам убачанага і перажытага. Тут ёсць свая эмацыянальная і псіхалагічная логіка. Масей унутрана хоча пераканацца, што свет, якім быў, такім і застаўся, а тое, што ён бачыў у турме (скажэнне свету), выключэнне.
У дадзеным выпадку зноў-такі можа ўзнікнуць патаемная думка аб змірэнні герояў з жыццём, якім яно ёсць, – добрым ці благім або, прынамсі, аб душэўнай стомленасці ад яго праяў. Падазронасць дарэмная. Не, змірэння няма. Дабро і зло размяжоўваюцца выразна. Але наяўнасць зла, згодна светапогляднай канцэпцыі аўтара, не асноўная прычына людскіх няшчасцяў. Яно – хутчэй вынік. Карэнная ж прычына крыецца ў самім ходзе жыцця, і гэты ход трэба накіроўваць разумна, трымаючыся здаровага сэнсу, каб чалавеку жылося лепш.
Подобную творчую пазіцыю можна, бадай, назваць ліберальным гуманізмам ці памяркоўным рэалізмам – вельмі тыповую для шырокага асяроддзя «шасцідзясятнікаў». Але паняцце «ліберальнага» ці «памяркоўнага» павінна прысутнічаць у вызначэнні пазіцыі, бо зло ўспрымалася імі як «наша» зло, і адсюль адпаведныя адносіны да яго – часта мяккія і ў нейкай меры нават спачувальныя. Такая пазіцыя прама выцякала з светапогляднага пераканання, што існуючая сістэма ўлады становіцца ўсё больш бесчалавечнай, але агульнымі намаганнямі перадавой часткі грамадства яе можна рэфармаваць.
У сваёй асабістай жыццёвай арыентацыі «шасцідзясятнікі» ў большасці былі такімі ж «дваістымі». Магчыма, гэта і не «дваістасць», а проста «дваякасць». А гэта хутчэй не загана, а складанасць душы, выкліканая характарам часу. З аднаго боку, яны варожа адносіліся да партыйнай артадаксальнасці і да канкрэтных адыёзных фігур у партыйным і дзяржаўным кіраўніцтве, а з другога – шукалі апекавання, пратэкцыі, падтрымкі і нават дружбы ў тых партыйных дзеячаў, якія думалі і дзейнічалі па прынцыпе здаровага сэнсу, мелі сумленне і гонар, былі найменш кан’юнктурнымі ў сваім становішчы, пры магчымасці, абаранялі перш за ўсё інтарэсы справы. Класічным прыкладам, бадай, што ў нас, у Беларусі, такіх адносін можа служыць дружба Алеся Адамовіча і сакратара па ідэалогіі ЦК КПБ А.Т. Кузьміна. На жаль, якраз гэтая дружба, па ўсім відаць, каштавала А.Т. Кузьміну яго пасады.
Іван Чыгрынаў – не выключэнне. Пісьменнік, які пасля апублікавання апавядання «Маці» (пазнейшая назва «У ціхім тумане»), дзе праводзілася высакародная ідэя чалавечнасці, ідэя ўвагі і да тых маці, сыны якіх загінулі, ваюючы на баку ворага, выклікаў быў рэзкае раздражненне пільных партыйных ідэалагічных органаў, стаў членам ЦК Камуністычнай партыі Беларусі на апошнім этапе яе існавання. I гэта, крый Божа, не папрок, а толькі характарыстыка пэўнай псіхалагічнай лініі часу.
Праўда, не так і рэдка здараліся тады і такія выпадкі, калі асобныя пісьменнікі наведвалі адказных асоб у ЦК як быццам з прычыны дзелавой нагоды толькі дзеля таго, каб нагадаць пра сябе, каб быць заўсёды на вачах і на падхопе. Але гэта з’ява ўжо іншай маральнай катэгорыі.
Дзякуючы своеасаблівай амплітудзе грамадскага светаадчування «шасцідзясятнікаў» узнікла даволі закончаная эстэтычная сістэма іхняй творчасці. Можна было б гаварыць аб яе адзінстве, калі б не пазнейшы, на пачатку перабудовы, раскол у асяроддзі «шасцідзясятнікаў», які ў расійскіх літаратурных колах дасягнуў свайго апагею ў выпадку спалення пудзіла дэмакрата Я. Еўтушэнкі прыхільнікамі «рускага патрыёта» Ю. Бондарава, а таксама ў судах, дзе вялася бязлітасная барацьба двух пісьменніцкіх згуртаванняў за права спадкаемнасці на маёмасць былога Саюза пісьменнікаў СССР, на адным з якіх памёр А. Адамовіч. У выніку, відочна раздвойваецца і эстэтычная аснова творчасці былых аднадумцаў.
У Беларусі сітуацыя з расколам «шасцідзясятнікаў» нашмат «мякчэйшая». Аднак тэндэнцыя да расколу ўвесь час паглыбляецца, хоць і не ў такіх адкрытых выяўленнях, як у Расійскай Федэрацыі. Усе намаганні захаваць адзінства Саюза пісьменнікаў Беларусі не ўдаліся, ды яны, бадай, і не маглі даць нейкія вынікі. Адзінства, праўда, існуе, але яно чыста фармальнае, знешне толькі захоўваецца старая форма арганізацыі. Ідэйна беларускія пісьменнікі таксама раз’яднаны, і адна палова зусім не цікавая другой, супрацьлеглай. Несумненна, што, напрыклад, I. Шамякін і В. Быкаў – пісьменнікі аднаго пакалення, нядаўна належалі і да аднаго літаратурнага стану пры ўсёй адрознасці іх творчых натур і асаблівасцей светаўспрымання. Сёння гэта літаратурныя велічыні відочна супрацьлеглых светапоглядных імкненняў.
Узнікае пытанне, як жа самавызначаецца ў сучаснай грамадскай і літаратурнай сітуацыі I. Чыгрынаў? Які сёння накірунак яго душы? Адназначнае абагульненне заўсёды залішне абстрактнае, яно скрадвае выразнасць асобных індывідуальных рыс. Тым не менш, як публіцыстычныя выказванні, так і змест мастацкіх твораў, характар ідэйна-вобразных вырашэнняў уласцівы пісьменніку, даюць зусім пэўныя арыенціры Для такога далікатнага абагульняючага заключэння, хай сабе і агульнага.
І. Чыгрынаў з глыбока ўнутраным энтузіязмам прыняў перабудову.
I гэта сёння самае важнае. Ён не мог яе не прыняць. Пісьменніцкія таленты такога маштабу і глыбіні могуць памыляцца ў поглядзе на свет у нейкіх прыватнасцях, але яны не памыляюцца ў гістарычным азначэнні перамен сусветнага пераўтваральнага абсягу. У артыкуле «Шмат якія ўяўленні» I. Чыгрынаў зазначыць: «На цяперашнюю перабудову вывела нас жыццё. Усе мы рыхтавалі гэтую перабудову. Літаратура і мастацтва ў тым ліку». Ды і ўласны жыццёвы і творчы вопыт шмат значыў у яго палітычным выбары: «Колькі жыццё помню – і ў сталінскія часы, і ў гітлераўскія, і ў хрушчоўскія, і ў брэжнеўскія – сумленным людзям і жылося нялёгка, і працавалася цяжка» («Хто пойдзе да нефармалаў»).
Менавіта перабудова паскорыла працэс ідэйнага раз’яднання пісьменнікаў, які прыхавана існаваў даўно. Безагаворачна прымаючы перабудову, адносна ідэйнага і арганізацыйнага размежавання ў пісьменніцкім асяроддзі I. Чыгрынаў выказаўся тым часам даволі абачліва. У 1988 годзе ён прызнаваўся: «Хоць сам я нібыта і з ахвотаю перадаю размовы аб полюсным падзеле ў літаратуры, аднак недзе думаю не акурат так – на самай справе з ім усё іначай, тым больш што ў мяне і ў тым і ў другім «лагеры» сябры, галоўнае не ў лагерах, без іх у такі час, які краіна перажывае цяпер, у тым ліку, вядома, і літаратура, не абысціся; галоўнае, каб стваралася сапраўдная літаратура. Прынамсі, гэтак хацелася б мне…» («Кожны шукае сябе»).
Тое, што ў пісьменніка ёсць сябры і ў тым і ў другім лагеры, гэта, мабыць, факт вельмі асабісты, ён не для грамадскага асэнсавання. I хоць I. Чыгрынаў, як бачна з яго выказвання, не прыдае асаблівага значэння падзелу пісьменнікаў на два лагеры, ён сам усё ж падпісаў вядомы зварот часткі беларускіх пісьменнікаў у падтрымку рускага адасобленага Саюза пісьменнікаў, які ўзначальваецца ці ідэйна накіроўваецца Ю. Бондаравым.
Напэўна, не варта рабіць з гэтага факта глабальных вывадаў, аднак і не заўважыць яго ў грамадзянскай і творчай біяграфіі пісьменніка нельга. Вельмі паважанае прозвішча І. Чыгрынава апынулася побач з многімі імёнамі такіх пісьменнікаў, якія насуперак яму не прызналі і ніколі не прызнаюць гістарычнай неабходнасці перабудовы, не кажучы ўжо пра тое, што значная частка іх слаба пацвярджаюць пісьменніцкае званне творча.
Чаго ў гэтай чыгрынаўскай акцыі больш – звычайнай непаслядоўнасці ці ўсё ж вернасці нейкім прынцыпам уласнай творчасці, нейкім адчутым імпульсам душы, якія і раней былі пісьменніку не чужыя?
Думаецца, непаслядоўнасць ці супярэчлівасць у I. Чыгрынава тут уяўная. Аказваецца, для яго сапраўды важна, што ў яго ёсць сябры і ў тым і ў другім лагеры. I гэта фактар не толькі чыста побытавы складваецца ў прынцып. Зноў згадаем, што ўжо ў ранняй творчасці пісьменніка заўважалася імкненне бачыць свет хоць бы ў адносным адзінстве, калі жыццёвыя супярэчнасці не разводзяцца, не дасягаюць полюснага размежавання, а збліжаюцца, нават згладжваюцца. Гэты прынцып абсалютызуецца ў пазнейшай творчасці. З пазіцыяй пісьменніка можна згаджацца ці не згаджацца, але яго творчы пошук паслядоўна ідзе менавіта ў такім кірунку.
У першых раманах з цыкла пра вайну антыподамі па жыццёвай пазіцыі, у поглядах на людзей, на ваенныя падзеі і ўласныя абавязкі сталі ўраўнаважаны, разважлівы Дзяніс Зазыба, які ўмее знаходзіць выхад з самага цяжкага становішча, і Радзівон Чубар – чалавек, выхаваны на горшых праявах савецкага жыцця сталінскага перыяду, няўважлівы да людзей, які ўспрымае жыццё згодна распаўсюджаных прапагандысцкіх шаблонаў. Здавалася, Дзяніс Зазыба – любімы вобраз аўтара. Так яно, па ўсім відаць, і ёсць. Аднак жа пісьменнік збліжае і гэтыя вобразы, збліжае так, што вобраз Чубара нашмат узвышаецца над вобразам Зазыбы.
У рамане «Вяртанне да віны» Чубар, пабадзяўшыся па ваколіцы, занятай немцамі, стаўшы, як і Дзяніс Зазыба, партызанам, трапляе ў палон. Па-мастацку вельмі дакладна і глыбока паказаны фізічны і псіхалагічны стан Чубара ў палоне. Немцы дабіваюцца ад палоннага, каб ён паказаў месца размяшчэння партызан, дзеля чаго вязуць яго на самалёце над лесам. Але Чубар здзяйсняе подзвіг. Адмаўляючыся служыць немцам, ён кідаецца праз адчыненыя дзверы самалёта ўніз.
Не аспрэчваючы факталагічнай асновы эпізода, хоць, здаецца, для немцаў дастаткова было б арыентацыі па карце (тым больш, што самалёт мог насцярожыць партызан), варта задумацца над сутнасцю характару Чубара як сацыяльна-псіхалагічнага тыпу пэўнага часу, над яго суаднесенасцю з падобнымі персанажамі ў творчасці іншых пісьменнікаў.
Чубар даволі блізкі па ўнутраным складзе, напрыклад, да вобраза Сахно з аповесці В. Быкава «Мёртвым не баліць». В. Быкаў адмовіў свайму персанажу ў гатоўнасці да подзвігу і, наадварот, падкрэсліў яго схільнасць да прыстасавальніцтва – аж да мяжы здрадніцтва. У аповесці «Сцюжа» В. Быкава, апублікаванай трохі пазней за раман Чыгрынава «Вяртанне да віны», галоўны герой Азевіч з’яўляецца ледзь не двайніком Чубара. Аднак ён на пачатку вайны яшчэ не ўсведамляе трагізму свайго ўнутранага стану. Хоць Азевіч, як і Чубар, ужо многае ўведаў, многае перажыў, але ён яшчэ не гатовы на пераасэнсаванне самога сябе, не здатны пакуль што цвяроза паглядзець на ўласны лёс. Ён яшчэ шмат прынясе людзям прыкрасцей і няшчасцяў, пралье, напэўна, нямала людской крыві, пакуль нешта перавернецца ў яго душы і ён зразумее самога сябе, а праз гэта і іншых людзей. Нездарма, калі ён адыходзіць з вёскі ў лес, за ім валачэцца сабака-людаед, спадзеючыся нечым пажывіцца каля гэтага чалавека. Душэўнае прасвятленне ў Азевіча настане, відаць, яшчэ не хутка.
Два неаднолькавыя ідэйна-мастацкія вырашэнні адной праблемы. Калі ў былога савецкага грамадства пачалося «вяртанне да віны»? I. Чыгрынаў на прыкладзе лёсу Чубара сцвярджае думку, што гэты працэс быў ужо выразным дзесьці на этапе сярэдзіны вайны. Магчыма, гэта і так. Галоўнае, аднак, тут у ступені нарастання такой сацыяльнай тэндэнцыі. Адкрыта гераізуючы і нечакана рэзка рамантызуючы свайго Чубара,
І. Чыгрынаў несумненна «паскарае» гістарычна грамадскі працэс «вяртання да віны». Але гэта не азначае, што адзін пісьменнік правільна прачытвае» мінулую гісторыю, а другі – не. Тым больш што ў тыпажных характарыстыках Чубара і Азевіча ёсць не толькі адрознае, але і агульнае. У душы Азевіча нейкае сумненне ў адносінах да самога сябе ўжо ўсё-такі пасялілася. Адыходзячы з вёскі, дзе знайшоў часовы прытулак у добрай цёткі, ён, «не саромеючыся, перахрысціўся».
Вядома, пісьменнік імкнецца паказаць унутраную эвалюцыю Радзівона Чубара. Пасля доўгай ростані Дзяніс Зазыба, сустрэўшыся з Чубарам, кажа яму: «– Але ты змяніўся, Радзівон, – сказаў ён праз момант з усмешкай. – І твар твой нібыта памякчэў з выгляду, і сам увесь здаецца, перамяніўся. Я гэта прыкмеціў яшчэ там, каля леснічоўкі».
I Чубар прызнае перамену ў сабе: «А ўрэшце, можа, ты і маеш рацыю, можа, і сапраўды змяніўся я. Не чалавек гоніць жыццё перад сабой, а час падганяе яго. Я сам іншы раз адчуваю ў сабе штосьці новае, ды ўсё роўна як баюся прызнацца» («Вяртанне да віны»).
Унутраная эвалюцыя поглядаў Чубара на жыццё перадаецца больш праз знешняе назіранне і яго самапрызнанне і менш праз пакутліваю працу ўласнай душы, і таму подзвіг Чубара ўспрымаецца ўсё ж як даволі нечаканы.
Думаецца, і ў характарыстыцы Чубара выявілася даўняя канцэптуальная схільнасць I. Чыгрынава шукаць адпаведнасць супярэчлівых сутнасцей. Адмоўным пачаткам ён не дае развіцца да канчатковай, завяршальнай формы. I ў цыкле раманаў пра вайну зло і дабро або блізка мяжуюць адно з другім, або нават судакранаюцца ў такой цеснай сувязі, што адно накладваецца на другое. У рэальным жыцці гэта бывае выгляд з’явы, калі і добры чалавек можа памыліцца і не вельмі вартны з людзей здатны ў адпаведных умовах на высокі ўчынак. Прыклад – Чубар. Эпізод з Чубарам вельмі яскрава паказвае, што ў сацыяльна-маральным плане пісьменнік шукае ліберальнай сацыяльна-маральнай згоды. I ёсць у гэтых пошуках, здаецца, выразны палітычны аспект, хоць, праўда, I. Чыгрынаў, даючы інтэрв’ю А. Марціновічу («Літаратура і мастацтва», 29 кастрычнгка 1993 г.), аж залішне, бадай, рашуча заявіў: «Я – не палітык! Я – пісьменнік!» (Гэтыя словы вынесены нават у загаловак інтэрв’ю.)
На самай жа справе змест адказаў пісьменніка на пытанні ў згаданым інтэрв’ю выгранены палітычнымі паняццямі. Акрамя таго, амаль усе яго драмы нават на гістарычную тэму («Звон – не малітва», «Следчая справа Вашчылы», «Ігракі») маюць выразную палітычную накіраванасць. А такія п’есы, як «Чалавек з мядзведжым тварам», «Хто вінаваты» па жанравым вызначэнні з’яўляюцца, бадай, палітычнымі драмамі. У дадзеным выпадку пісьменнік не супярэчыць сам сабе. Калі ён гаворыць, што ён «не палітык», а «пісьменнік», То ён, відаць, мае на ўвазе, што ён перш за ўсё пісьменнік, а ідэалогія, палітыка прыходзяць у творы разам з жыццём нібыта самі сабой.
Вядома, на самай справе – не самі сабой. Нельга сказаць, што пісьменнік у сваіх палітычных сімпатыях пасіўны. Хутчэй – наадварот. Вельмі многае, калі не ўсё, для разумення сучаснага палітычнага аблічча I. Чыгрынава дае змест драмы «Чалавек з мядзведжым тварам». Здаецца, і сітуацыя з Чубарам у рамане «Вяртанне да віны» прасвятляецца яшчэ глыбей, калі зыходзіць з аўтарскай канцэпцыі жыцця, увасобленай у гэтым творы.
Прывіліяваная бальнічная палата… У ёй два пацыенты: Аляксей Данілавіч – пісьменнік, па ўсім відаць, гэта ў многім сам Іван Гаўрылавіч, і нехта Іван Дарафеевіч Пагасаў, жыццёвая біяграфія якога паступова раскрываецца ім самім. Часта, вядома, з’яўляюцца доктар і медсястра. «Правакуе» Аляксея Данілавіча на жыццёвую і палітычную шчырасць журналістка Вераніка.
Абодва пацыенты ахвотна размаўляюць, як і водзіцца паміж адукаванымі мужчынамі, пра палітыку, высвятляюць праблемы сучаснага і мінулага грамадскага жыцця. Лідзіруе, вядома, Аляксей Данілавіч, чалавек перадавых поглядаў, які ўсім сэрцам прыняў перамены, прынесеныя перабудовай. Здавалася б, яго апанентам павінен быў бы стаць па жанравых законах драмы, дзе абысціся без канфліктнага абвастрэння дзеяння цяжка, Пагасаў. Як ён прызнаецца Аляксею Данілавічу, лёс яго склаўся так, што ён доўга служыў у органах дзяржбяспекі, і якраз у сталінскія часы, з чаго вынікае самае горшае для Івана Дарафеевіча. Ён, як і ўсе іншыя ў той час у той установе, выбіваў прызнанне віны арыштаваных невінаватых людзей. Як ён сам кажа: «Следчы я. Такая ў мяне прафесія была. Цяпер – на пенсіі. Як кажуць, на заслужанай. Спярша ў ЧК працаваў, затым у АДПУ, НКУС, пасля ў НКВД, ну і так далей – МДБ, КДБ… Словам, працаваў у сістэме дзяржаўнай бяспекі. Што, страшна?» Аднак ніякага, хоць бы малога, канфліктнага сутыкнення паміж імі не адбываецца. Па-першае, таму, што Пагасаў не лічыць сябе сталіністам («…Сталіністам я ніколі не быў і Сталіна не любіў…»), цяпер ён усё разумее і нават гатовы да пакаяння. Як ён кажа, у яго ад уласнага мінулага «знібіць сэрца». Ды і жыве цяпер Іван Дарафеевіч звычайным абыватальскім жыццём: у яго ёсць унучка, трохі па-сучаснаму шалапутная, даймаюць яго і іншыя побытавыя праблемы. Гэтая «звычайнасць» таксама нібы здымае з аблічча Івана Дарафеевіча страхоцце мінулага і ачалавечвае яго. I па-другое, – гэта, бадай, адзін з самых важных момантаў ідэйнага зместу драмы – Аляксей Данілавіч бачыць у ім не ворага грамадства, а яго тыповага прадстаўніка. З сэнсу ўсіх сітуацый у драме ўзнікае стрыжнявое пытанне сучаснасці: хто вінаваты ў страшэнных злачынствах улады сталінскіх часоў? Яснага адказу на яго пакуль што няма. Ён калі і знойдзецца, то акажацца не адназначным і ў філасофскай аснове шматмерным. Прынамсі, Аляксей Данілавіч не лічыць вінаватым Івана Дарафеевіча. Але гэтага мала. Аляксею Данілавічу сапраўды цікава размаўляць і быць побач з ім. I не таму толькі, што іншых суразмоўнікаў паблізу няма, што суседзяў па ложку ў бальнічнай палаце не выбіраюць. Якраз – выбіраюць. Папярэднік Аляксея Данілавіча на яго ложку збег з палаты ад Пагасава. Аляксей Данілавіч не збягае. Яму зусім не мулка ўнутрана з суседам. Больш таго, паміж імі ўзнікаюць сяброўскія адносіны. Пагасаў кажа ўнучцы пра Аляксея Данілавіча: «А мне вось тут чалавек добры трапіў, здаецца. Таму і не надта ўжо хочацца выздараўліваць». Унучка Пагасава бачыць іх «поўнае ўзаемапаразуменне». Медсястра заўважае: «Але паміж вамі чамусьці выключная згода». «Поўнае ўзаемапаразуменне» і «згода» – ключавыя паняцці ў ідэйным змесце твора. Што ж прымірыла Аляксея Данілавіча з Пагасавым? А тое, відаць, што і самога Пагасава саджалі, «праўда, ненадоўга», і тое, што, будучы следчым, Іван Дарафеевіч даў магчымасць у час допыту аднаму арыштаванаму паспаць у сваім кабінеце. Адзін высакародны ўчынак рэабілітуе ў вачах пісьменніка Аляксея Данілавіча ўсё мінулае Пагасава, як у рамане «Вяртанне да віны» подзвіг Чубара рэабілітуе перад аўтарам усе ранейшыя памылкі персанажа.
Натуральна, узнікае пытанне, ці не спяшаецца пісьменнік выпісваць безагаворачную індульгенцыю пэўнаму сацыяльна-псіхалагічнаму тыпу мінулага грамадскага жыцця, які самым непасрэдным чынам меў асабістае дачыненне да злачынстваў эпохі? Несумненна, многія скажуць, асабліва людзі паслядоўных дэмакратычных перакананняў, што паспяшаўся. Вось што гаварыў выдатны рускі пісьменнік В. Астаф’еў у інтэрв’ю часопісу «Родина» ў 1991 годзе пра падобны тыпаж: «Ну, проста так яны з нас не злезуць. Яны, як энцэфалітны клешч: усмакталіся, угрызліся, атруцілі мозг, арганізм спаралізавалі. I загінуць толькі разам з народам: падымуць вайну якую-небудзь, грамадзянскую ці яшчэ якую, але абавязкова кровапраліцце ўчыняць. Яны не могуць, не здольныя прызнаць сваё паражэнне і добраахвотна адмовіцца ад улады. Гэта людзі настолькі дробязныя, настолькі нікчэмныя і славалюбівыя, ну як ім без улады? Без яе куды ім, навошта і каму патрэбныя? Вось цяпер паасобныя з іх і гатовыя быццам унутрана да перамен, а падкорка не дае, не пускае» («Літаратура і мастацтва», 23 верасня 1994 г.). На такой жа пазіцыі стаіць В. Быкаў, яе ўгрунтоўваў А. Адамовіч.
Вядомы сучасны рускі крытык Наталля Іванова пісала ў артыкуле «Танцуюць усе!» пра філасофскае ядро светапогляду А. Адамовіча ўжо пасля яго смерці наступным чынам: «Ён не мог і падумаць, што трава забыцця павінна заплесці сабой нашу нядаўнюю гісторыю. Тое, за што ён змагаўся ўсё сваё жыццё, – гэта веданне. Права на дакладнае гістарычнае веданне… Не будучы дысідэнтам, ён меркаваў, што для грамадства няма нічога больш карыснага, чым праўда. За гістарычным злачынствам павінна з непазбежнасцю ісці пакаранне: іншага пазбаўлення грамадства ад назапашаных ванітаў проста няма» («Литаратурная газета», 23 сакавіка 1994 г.).
Нельга не згадзіцца з Н. Івановай, як і з прадстаўнікамі ўсяго дэмакратычнага лагера ў Расіі і Беларусі, што гістарычныя ацэнкі патрабуюць дакладнасці, гэтым самым патрабуючы адэкватнага грамадскага дзеяння. Аднак справа яшчэ ў тым, што і «згодніцкая» пазіцыя, якая кіруецца мэтамі кансалідацыі ўсіх пластоў грамадства без выключэння, – рэальнасць сённяшняга грамадскага жыцця і палітыкі. З такой пазіцыі можна здзекавацца, аспрэчваць яе, прадбачыць яе катастрафічныя вынікі для краіны, што таленавіта і робіць Н. Іванова ў тым жа артыкуле «Танцуюць усе!» Іронія яе часам проста забойчая: «Танцуюць усе!.. Хлопцы, давайце разам… Зюганаў танцуе з запунсавелым Шахраем, а з апушчанымі вачыма Станкевіча запрашае ў кола вальса Жырыноўскі».
У такім кантэксце відавочна, што ў драме «Чалавек з мядзведжым тварам» I. Чыгрынава пісьменнік Аляксей Данілавіч «танцуе» з катам карных органаў – праўда, гатовага да пакаяння – Пагасавым, а аўтар рамана «Вяртанне да віны» «танцуе» са сваім персанажам Чубарам.
I ўсё ж нельга сёння нават самым непадкупна-ўстойлівым дэмакратам з ходу адвяргаць палітычную пазіцыю пісьменніка-«непалітыка» Івана Чыгрынава. Не можа не выклікаць павагі і пахвалы ўжо тое, што ён ішоў і ідзе ўласным шляхам, шукаючы свае арыенціры і толькі яму бачныя сэнсы падзей. Яго заслуга перш за ўсё як пісьменніка ў тым, што ён задоўга да сучаснага раскладу палітычных сіл у Расіі і Беларусі прадбачліва ўгадаў, тонка адчуваючы стан людскіх душ, што ў самым перадавым як быццам лагеры грамадства паскорана спее тэндэнцыя да замірэння і згоды з сіламі мінулага, што канфрантацыя паміж імі магла быць крызіснай толькі часова. У гэта можна было б не паверыць, калі б не такі буйны фактар сучаснага палітычнага жыцця Расійскай Федэрацыі, што ўзнік пасля вядомых падзей у Маскве 3 кастрычніка 1993 года, як грамадскі дагавор Б. Ельцына «Згода». Прынамсі, пры сённяшняй непрадказальнасці сацыяльнага развіцця ўсё павінна правярацца практыкай. Хай пройдзе апрабацыю часам і палітыка «ўсеагульнай згоды», калі толькі гэты працэс не будзе спынены тымі, каго дэмакраты і прагрэсісты запрашаюць сёння на «вальс». Але калі баяцца ўсяго, што наперадзе, то як тады жыць? А пакуль што «танцы» – гэта сімвал сучаснага грамадскага жыцця як у Расіі, так і ў Беларусі.
За плячыма ў Івана Гаўрылавіча восем талстоўскіх сямігоддзяў, ідзе дзявятае. Хай жа і многія наступныя яго сямігоддзі будуць апантанымі творчым пошукам і пазначаны светлымі вынікамі яго цяжкой пісьменніцкай працы.
Наталля Кузьміч
Эсэ
ТАЯМНІЦА
Куды падаўся Дземідзёнак? Такое пытанне, апярэджваючы падзеі, пісьменнік ставіць у пачатку апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». «Куды ж?» – паўтараю я, бо прыкра разумець, што некуды раптам знік дзіўны пакупнік птушак, які адразу запаў у памяць.
Пісьменнік не дае адказу на гэтае пытанне. Здаецца, ён і не імкнецца яго даць. Ён як бы толькі запрасіў: давайце ж шукаць разам…
У апавяданні аўтар спрабуе заглянуць у самыя запаветныя куточкі чалавечай душы, дзе ёсць неадольная прага дабрыні, дараванай нам самой прыродай. Яе, прыроды, уладная позва да волі – усяму жывому, што нарадзілася і існуе на гэтым свеце, своеасабліва сцвярджаецца ў вобразе Дземідзёнка, які купляе ў людзей… птушак і выпускае іх (як аднойчы падглядзеў аўтар) у чысты блакіт летняга неба.
Дземідзёнак аб’явіўся ў вёсцы тры гады пасля вайны, у цяжкі час. Пасяліўся ў адзінокай старой жанчыны Дакуліхі. Галеча і нішчымніца гнялі людзей. Тут хоць бы кавалак хлеба мець. А ён, бывае, галадае, але на невялічкую пенсію купляе на базары птушак, каб даць ім волю.
Праўда, дзіўна гэта, супярэчыць здароваму сэнсу. Але не для Дземідзёнка. Ён чалавек незвычайны. Прынамсі, па мерках, што ўсталяваліся ў вёсцы. I сваёй знешнасцю, нейкай загадкавай і дзікаватай, і лёсам, някідкім і, як высветлілася потым, трагічным. Можа, гэта апошняе і абвастрыла ў ім разуменне, што ўсё жывое народжана для волі, для шчасця.
А якім чынам сцвердзіць гэта? Як перарабіць несправядлівасць? Як перайначыць людзей?
Відаць, у адказе на гэтыя пытанні – таямніца, якую нам пісьменнік так і не адкрыў да канца. Ён, здаецца, толькі акрэсліў, дзе яна можа быць, дзе яе шукаць.
Запамінальнымі штрыхамі аўтар дае партрэт Дземідзёнка. Знешнія прыкметы: сівы, вылінялая сацінавая кашуля, штаны з латкамі, руды брыль, – адметныя. Да таго ж, як падкрэсліла маці, ён заўсёды пануры, маўклівы. Магчыма, і ў тым прычына, што выдае недасяжным. Думаецца, гэта з аднаго: не верыць, што людзі могуць да канца яго зразумець. Таму і не раскрывае сваю душу. Нават калі ідзе па вуліцы, то не азіраецца па баках, каб павітацца.
Праўда, аўтару ўсё-такі двойчы ўдавалася наблізіцца да Дземідзёнка. Можа, аднаму з вёскі. Вось ён ідзе следам за старым на Зінкевічаў луг, куды спяшаецца Дземідзёнак з клеткай, у якой, нібы за кратамі, купленыя на базары вераб’і.
Дземідзёнак на тым лузе выпускае вязняў на волю. Угледзімся ў яго аблічча. Перад намі раптам памаладзелы чалавек, адухоўлены прыгожай мэтай. Ён выпраменьвае ўнутранае святло – душа адкрыта дабрыні і трывожыць яе. Ён адчувае сябе самым шчаслівым на свеце.
Гэта – сапраўдны Дземідзёнак, які ён ёсць на самай справе. Астатняе, што заўважалі ў ім, – гэта суровая пячатка нягод, пакладзеных жыццём.
Малюнак прыроды, на фоне якой птушкі ляцяць на волю, іскрыцца яркімі фарбамі. Прырода ў той момант у поўнай гармоніі з унутраным станам гэтага чалавека.
Другі раз аўтар блізка падвёў нас да Дземідзёнка, калі быццам неспадзёўкі крануў яго жыццё ваеннага часу. Той страціў самае дарагое – унучку Алёнку, якую так нечакана ўпершыню ўбачыў і прытуліў у сябе на Лясных Дачах, у старожцы, калі сюды накацілася вогненным валам вайна. Аднак іх, малую і дзеда, у той старожцы навекі разлучылі фашысты. Потым ад яго пайшла дачка, не зразумеўшы, што Алёнка прапала не па яго віне. Нарэшце, вярэдзіў успамін пра сінічку, якая скалела ад холаду ў старожцы, калі яго ў камендатуры катавалі фашысты. Светлая і безабаронная істота, яна, тая сінічка, нікога не магла пакрыўдзіць. Як і ўнучка Алёнка, што згубілася ў шалёным віры вайны.
У такіх пакутлівых варунках ён пакінуў свае Лясныя Дачы, дзе вайна пакінула прама ў сэрцы крывавы след. Аднак не азлобіўся. Ён пачаў шукаць сабе апірышча. На жаль – не ў людзей, бо тыя, з кім давялося ў апошні час сутыкнуцца – і чужакі-фашысты, і родная дачка – жорстка абышліся з ім. Іменна ў гэты цяжкі момант ён усвядоміў, што падняцца над тымі акалічнасцямі, якія нявечаць чалавечую прыроду, можа толькі дабрыня. Яна здольная ачысціць душу і даць збавенне ад пакут і адзіноты. Відавочна, трагедыя, якая здарылася ў старожцы, і разлука з Алёнкай падштурхнулі да незвычайнага занятку – купляць у людзей птушак, каб выпускаць іх на волю, вяртаць ім першародны сэнс жыцця.
Упэўнена, што ўсё было іменна так. Пераконваюць мастацкія дэталі, якія ў апавяданні – як павелічальныя шкельцы, дзе, здавалася б, нязначнае набывае сэнс і вагу. Праўда, абмалёўваецца, а дакладней сказаць – намячаецца характар Дземідзёнка скупа. Аўтар тут негаваркі, як і яго герой, які часцей маўчыць і панурыцца. Здаецца, пісьменнік такі асцярожны, каб лішнім словам не пакрыўдзіць Дземідзёнка. Уяўляю: ён выедзе за горад, на шырокі луг. Тут, ззяючы тварам ад шчасця, выпусціць птушак на волю. Яны выпырхнуць з яго цёплай далоні ў чысты блакіт неба і на ўсе галасы зальюцца звонкай песняй.
Аднак часцей бачу няўсмешлівых людзей, якіх цісне груз сваіх праблем і клопатаў. Словам, шэрыя будні, якія так хацеў зрабіць светлымі для ўсіх герой Івана Чыгрынава.
ПРАСТОРА
Суровы час. Недзе далёка грукоча вайна. Рэха яе адгукаецца пісьмамі, што прыходзяць ад франтавікоў-аднавяскоўцаў. А вось Ігнату толькі цяпер трэба ісці ў тое пекла: раней не бралі, бо была хворая нага.
На такой ноце пачынаецца апавяданне «Ішоў чалавек на вайну».
Вось і праводзіны. Сабралася ўся вёска. Ігнат, адарваўшы ад сябе Анюту, шырокім крокам падаецца наперад, туды, дзе страшная невядомасць. Найперш – для яго, а значыць – для жонкі і дзяцей, што застаюцца дома. Там непрадказальнасць, там чалавек як пясчынка на ветры.
Сцінаецца сэрца: што будзе з ім, Ігнатам?
Здаецца, жыццёвая прастора, у якой мы былі з ім, замкнулася. I для яго, і для нас. Наперадзе – нейкая сцяна, за якой іншы свет, адкуль малаверагодна вярнуцца ў родную хату.
Натуральна, сутыкнуўшыся з перашкодай, якая палохае наступствамі, міжволі хілішся назад, да таго моманту, калі мы першы раз убачылі Ігната, каб даўжэй пабыць з ім. Вяртаешся да таго парога, з якога ступілі разам з ім у мастацкую прастору апавядання, калі ён, прыйшоўшы ў хату, даведаўся пра павестку ў ваенкамат.
Вехі той мастацкай прасторы – гэта кампазіцыйныя пункты. Яны служаць апорамі, якія абазначаюць лінію дзеянняў Ігната, вызначаюць іх парадак і змест.
Ігнат, калі прачытаў павестку ў хаце, перш спахапіўся: не ўсё зрабіў па гаспадарцы. I граблі не паправіў, і сыну боты не адрамантаваў, і вугал хаты не падважыў… Значыць, лішні клопат ляжа на рукі жонкі. Замітусіўся… Але ў хату ўбягаюць родныя дзеці – малалетнія сын і дачка. Яны радуюцца, што Ігнат ідзе на вайну: іх не будуць дражніць аднагодкі, бацькі якіх ужо ваююць з немцам.
А, тут у дзверы праціскаецца аднарукі старшыня калгаса Пахамок, каб развітацца. На стале, як водзіцца, паяўляецца пляшка самагонкі.
Мастацкая прастора, у якой адбываецца дзеянне, робіцца дынамічнай, насычаецца рухам думак, трывог, надзей, клопатаў. У ёй выразна чуваць ціхі голас аднарукага старшыні, калі ён прапаноўвае каня на заўтра, каб падвезці да ваенкамата; у ёй – ласкава-спалоханы голас Анюты, якая добра разумее ўсю трагічнасць свайго становішча; у ёй – пахі летняй ночы, калі яны, муж і жонка, нечакана, але так натуральна, спаткаліся выйшаўшы паасобку з хаты, каб нацешыца адно адным перад развітаннем.
Мастацкі абсяг апавядання становіцца больш ёмістым, пукатым, шматгалосым. Ён як бы раздаецца ўшыркі і адначасна падаўжаецца – бы тая дарога за вёскай, па якой заўтра Ігнату наканавана пайсці ў ваенкамат.
Ад аднаго кампазіцыйнага пункта да другога, што ўтвараюць мастацкую прастору твора, лепей разумееш Ігната, яго ўнутраны стан. Яна, тая прастора, не толькі фон, на якім фіксуецца кожны крок героя. Яна ўздзейнічае або спрыяе, па-свойму вызначае многае ў паводзінах, у тых дачыненнях, што ўзнікаюць у творы.
Сам Ігнат у той жа меры творыць мастацкую прастору апавядання, у якой яна ўплывае на яго. У ёй ён рэалізуе сябе, у ёй выяўляе свой характар, добры і ласкавы, але і рашучы.
Размяшчэнне кампазіцыйных пунктаў, іх месца ў апавяданні, сувязь між імі – усё гэта лагічна і заканамерна вынікае з задумы, падпарадкавана творчай задачы. Ад першага такога пункта, калі адбываецца знаёмства з Ігнатам, і да апошняга, у якім галоўнае – провады, – жыццё з трывогамі, турботамі і маленькімі радасцямі, вырванымі ў суровых буднях. Мы абжываем, асвойваем той абсяг, вельмі сціслы ў часе, які герой хоча зрабіць лепшым для людзей, што побач. І застаёмся ў ім. Разам з Ігнатам, бо ён зразумелы і блізкі нам, і мы па-чалавечы шкадуем яго.
Самы, бадай, важны кампазіцыйны пункт – праводзіны. Прастора апавядання, замыкаючыся, бы напінаецца, гатовая разбурыцца, бо прадчуваецца развязка, за якой магчымы трагізм. Чуецца немы крык жонкі, які агучвае ўсё наўкола адчаем і роспаччу. Здаецца, усяму канец.
Ігнат рашуча ступае на дарогу. Ён, не аглядваючыся, пакідае за сабой прастору, дзе засталося тое, што ўжо не адарваць ад сэрца: і шчырыя да наіўнасці пытанні дзяцей, і сцішаны шэпт жонкі ў апошнюю ноч перад развітаннем, і яе немы крык…
Я гляджу ўслед Ігнату, які ідзе на вайну. На сэрцы холад і боль. Міжволі, інстыктыўна заплюшчваю вочы, у думках вяртаюся назад, у дзень учарашні, дзе яшчэ не так трывожна. Там – самае светлае і дарагое для героя, яно сагравае і дае надзею. Яму і нам. Нечакана азарае думка: не, Ігната не зачэпіць куля. Не павінна. Ён абавязкова вернецца. У тую прастору, дзе проста і шчыра жыць з людзьмі, дзе любімая жонка, безабаронныя дзеці, дзе просты і клапатлівы аднарукі старшыня… Тая прастора застаецца з ім. З намі. Таму, пэўна, мы ўжо ніколі не расстанемся.
СВЯТЛО
Тая летняя ноч ля вогнішча, на пахкім сене, побач з цыганскім табарам, так і свеціцца для мяне невытлумачальнай красой. Яе, гэту ноч, магу параўнаць хіба з самым шчаслівым успамінам дзяцінства, дзе засталося многа дзіўнага і неспазнанага, што заўсёды шчымліва падымаецца ў душы ў мінуту скрухі.
Пісьменнік назваў апавяданне «Адна ноч». Але якая! Пасля яе застаюцца надзеі і ціхі смутак, крануты таемным святлом.
Адкуль яно? Дзе крыніца? Чаму нейкае няўлоўнае? Б’юся ў здагадках, каб неяк дайсці розумам: што гэта за цуд? Адгадка, як і часцей за ўсё бывае, простая, і прыходзіць яна неспадзявана, у хвіліны душэўнай раўнавагі: аказваецца, святло тое ў радках апавядання, у яго тканіне з думак і пачуццяў, памкненняў і мараў герояў.
Я слухаю іх, суразмоўцаў ля вогнішча, якія сутыкнуліся тут, бадай, выпадкова, і мне здаецца, што неба сваім шатром ніжэй і ніжэй нахіляецца над задумнай зямлёй. Болей таго, я адчуваю, як зоркі, высокія і дрыготкія, апускаюцца недзе ля табара ў траве, каб пачуць, аб чым то сварацца, то спрачаюцца, то будзённа гамоняць людзі.
Да вогнішча падыходзіць крыху гуллівая Глафіра, амаль яшчэ дзяўчынка, знешне бесклапотная. Але яна паспела ўжо спазнаць нягоды: нечакана памёр па невядомай прычыне муж. Засталася яна ў юным узросце без апоры. Ды не апусціла рукі, не надламалася душэўна, захавала і чысціню сэрца, і надзею. Глафіра шукае сябе сярод людзей. Яна марыць аб светлым каханні, аб тым, што яшчэ сустрэне сваё сапраўднае шчасце.
Пра свой лёс гамонка ля вогнішча ў старога Мікалы. Усе свае семдзесят гадоў ён у дарозе. Яго думкі афарбаваны мудрасцю чалавека, якому вядомы многія таямніцы жыцця. «Галоўнае, гэта каб быць сярод людзей», – кажа цыган, тым самым настаўляе на шлях свайго маладога суразмоўца, які толькі пачынае самастойнае жыццё.
Перад намі стары цыган – як на споведзі, ад якой вее шчырасцю, і хочацца верыць яго простым і даходлівым словам. Неяк лягчэй пачуваеш сябе, калі слухаеш Мікалу: прыбаўляецца жадання стражэй глянуць на сябе, вастрэй ацаніць, што карыснага зрабіла для сябе і людзей, што сутыкаюцца на жыццёвай дарозе.
I зусім не бесклапотна жывуць цыгане, як, можа, некаму падаецца. У іх свае праблемы, якія, бывае, выліваюцца ў жорсткія канфлікты. Аўтар невыпадкова ўводзіць у тканіну апавядання сон пра Рому. Ён, малады, паспрабаваў адысці ад традыцый табара, што занепакоіла цыганоў, і яны сабраліся па-свойму вырашыць спрэчку. Можна толькі здагадвацца, чым яна закончылася.
У тую ноч ля вогнішча аўтар прачытаў разам са мной цікавыя старонкі жыцця вечных вандроўнікаў – цыган. Міжволі слухачамі сталі і зоркі, дрыготкія і высокія, і коні, што непадалёку скублі траву, і ўсё наваколле, якое не магло спачыць у сне ля зыркага агню.
Але сатлеў цурбыль. На месцы вогнішча застаўся прысак. Вярнуліся на неба, якое стала ясным, і нават паспелі ўжо змяшацца з імі зоркі. Недзе ля рэчкі прачнуўся лёгкі ветрык.
Неўпрыкмет наступіла раніца. У наваколлі зусім светла. Ад сонца, якое праменіць на ўсходзе. Ад следу на роснай траве, які пакінуў стары Мікала, што першым рушыў у пасёлак, дзе трэба спыняцца на сталую працу. Ад усмешкі Глафіры, якая стаяла ля вербалозу, ад яе вачэй, у глыбіні якіх высвечвала нешта бурштынавае.
Цыганы рана падняліся, каб перабірацца на новае месца, у саўгасны пасёлак. Ростань з імі будзіць трывогу, але і пакідае надзею, што сустрэчы з добрымі людзьмі абавязкова паўтараюцца. Яны будуць зноў і зноў. Незабыўныя, як святло вачэй юнай Глафіры і мудры роздум старога Мікала ў тую летнюю ноч пад зорным небам.
Алесь Мартинович
Время и человек во времени
Не мною сказано: любой человек живет в своем времени. С одной, правда, разницей. Одни слепо пляшут по его течению, не прилагая особенных усилий, чтобы двигаться в ту сторону, которая для них наиболее приемлема. Другие, а таких, конечно, куда меньше, борются с течением, зачастую пытаются повернуть вспять. Это им дается с трудом, стоит больших нервов, но тем не менее от своего они не отступают. Мужественно переносят осуждающие взгляды сильных мира сего, молча – личные обиды и по-прежнему продолжают дело, начатое когда-то, с теми же усилиями (а то и с большими).
Нечто подобное всегда происходило, да и сегодня происходит, и в литературе. Хотя есть и небольшая разница. Здесь, оказывается, мало писателю по-настоящему утвердиться. Здесь нужно еще уметь постоянно находиться на самом гребне волны. Вот тогда-то тебя будут постоянно ценить. Не важно, что до этого ты верно служил бывшей системе, только иногда позволяя себе некоторые «шалости», за которые начальство немного журило, а затем все же присваивало всевозможные награды. Потому что он был нужен этой системе. Как своего рода флюгер, по которому легко определить, куда дует ветер, а значит, вовремя можно принять упреждающие меры.
А если ты просто честно писал? Если постепенно шел к своей писательской славе, притом заслуженной? Нет, конечно, отрицать тебя как яркую творческую личность, индивидуальность вряд ли кто станет. Как говорится, произведения сами говорят за себя… Тут уже ничего не сделаешь. Но есть другой способ. Он срабатывал во все времена, а не только в так называемые застойные. Обычно критика любит составлять списки эдаких «страдальцев», тех, кто при прежнем режиме якобы находился в состоянии чуть ли не изгоев. А раз ТОГДА – изгой, значит, ТЕПЕРЬ – совесть. Все бы ничего, да…
Не кажется ли тебе, дорогой читатель, странным, что никогда в подобных списках не встретишь имени Ивана Чигринова? И при этом всегда срабатывает непонятно кем утвержденный стереотип. Мол, кто-кто, а Иван Гаврилович шел к своему писательскому признанию легко и быстро. И в самом деле, как будто это так… Вряд ли есть в белорусской литературе еще хотя бы один автор, все рассказы которого (все, без исключений!) были бы переведены на русский язык! Да и немногие, написав свой первый роман (а у И. Чигринова им стал «Плач перепелки»), становятся чуть ли не живыми классиками, при этом не имея за плечами еще и сорока. И уже вовсе немногим удается, продолжая однажды начатый цикл произведений, выдержать тот же высокий художественный уровень. И не только выдержать, а поднять планку мастерства еще выше.
И. Чигринову это удалось. Его романы, появившиеся вслед за «Плачем перепелки», – «Оправдание крови», «Свои и чужие» и совсем недавний «Возвращение к вине» – это по-прежнему то новое слово о минувшей войне, которого до И. Чигринова никто не говорил.
Как будто и в самом деле баловень славы! И премиями не обделен – лауреат Государственной премии Беларуси, Литературной премии имени Александра Фадеева. В прошлом году стал народным писателем…
И только совсем-совсем немногие знают, какого труда стоило Ивану Гавриловичу найти свое место в литературе, утвердиться в ней… Как тяжело приходилось ему (а кому жаловаться?!), когда перестали печатать. Конечно, в первую очередь сказывались трудности нравственного плана. Литератору же важно, что его уже знали, читали, а здесь ты есть и как будто бы тебя нет. Но нельзя забывать и трудностей материальных. Скудная зарплата, двое маленьких детей… Ты идешь в редакции, а тебе – от ворот поворот… Ты пишешь (прекрасно знаешь, что не хуже, чем писал раньше), а тебе говорят, что все это не то. Говорят, и некоторые при этом опускают глаза. Потому что совесть полностью не растратили, потому что еще стыдно. А говорить все же должны, ибо такое (конечно же, негласное) указание поступило «сверху».
…Все началось после того, как И. Чигринов выступил в 1963 году в журнале «Полымя» с рассказом «Мать» (теперь он называется «В тихом тумане»). Неизвестно, по каким причинам, но всемогущий тогда Главлит ничего крамольного в произведении не усмотрел. Но стоило выйти журналу… До ЦК дошло… Встревожились там не на шутку… Подумать только! Молодой автор осмелился жалеть мать бывшего полицая…
И, как говорится, пошло-поехало. Шишки на бедного Ивана Гавриловича сыпались одна за другой. Не успевал отойти от предыдущего «гузака», как следовал очередной. Умные люди советовали… Хотя, может быть, не столько умные, сколько жизненным опытом наученные. Не делай, мол, трагедии из всего, не ты первый, не ты последний. Постарайся любым способом реабилитироваться.
Он знал и сам, как нужно «реабилитироваться». Не на колени в том же ЦК становиться, а просто написать что-нибудь «надзённае». Знал и не мог сделать это. Совесть не позволяла. Не позволяла, потому что с малых лет И. Чигринов не привык приспосабливаться. Да и, видимо, не знал, что пройдет время и подобное приспособление некоторым новым кумирам начнут чуть ли не в заслугу ставить, объяснять это тем, что они мудро смотрели вперед. Приспосабливались, а сами в душе были за национальное возрождение.
Кумирам, конечно, легче… Особенно если им чуть ли не от рождения суждено быть и оставаться кумирами. Простым смертным куда труднее. А И. Чигринов к простым смертным и относился. Поэтому долго и не печатался.
Мало кто знает о том, что и с широко известным сегодня романом «Плач перепелки», когда он еще только находился в дороге к читателю, возникали немалые трудности. В журнале «Маладосць» атмосфера была, как никогда, наэлектризованной. Раз за разом вмешивался Главлит. То требовал снять, это смягчить, здесь сделать пропуски. Дошло до того, что некоторые сотрудники лишились премиальных. Что было, то было…
А вот относительно недавний случай. В 1984 году Иван Гаврилович, который к тому времени уже долго за «малый жанр» не брался, решил все же написать очередной рассказ. Назывался он «За третьим разом» и был помещен в шестом номере журнала «Беларусь». Сразу же был сделан и перевод для «Огонька», того прежнего, «застойного», который любят называть софроновским. В переводе произведение должно было появиться в одном из декабрьских номеров, как раз когда автору исполнится 50 лет. К сожалению, ожидания оказались напрасными. То, на что осмелился А. Софронов, не могло пройти через тогдашнюю строгую московскую литературную цензуру. Не забудем: на дворе был уже 1984 год…
Написав «осмелился А. Софронов», я ни в коем случае не ставлю под сомнение честность и принципиальность главного редактора журнала «Беларусь» А. Шабалина, который все же решил дать «зеленый свет» этому рассказу. Не побоялся, хотя бояться было чего. И. Чигринов затрагивал такие аспекты всенародной борьбы с фашизмом, о которых до него – в лучшем случае – молчали. Еще бы: один из героев произведения, Парфен Конопелькин, задумывается, а правильно ли он сделал в свое время, застрелив немца.
Подобных случаев, когда И. Чигринову приходилось отстаивать свое право писать так, как он пишет, можно привести еще немало. Но не в количестве примеров дело. Просто читатель должен знать: современный литературный процесс куда сложнее, чем ему пытаются это подать. К сожалению, и сегодня еще не изжиты те рецидивы (в первую очередь со стороны моих коллег-критиков), когда личные симпатии (а в равной степени и антипатии) переносятся и на оценки. А в результате читатель вводится в заблуждение. Раньше ему преподносили целые «обоймы» тех, кто верно служил «уму, чести и совести нашей эпохи», сегодня он получает «обоймы» (правда, меньшие) верных «адраджэнцаў».
Хватит политики! Давайте судить прежде всего по художественным достоинствам конкретных произведений и в целом творчества конкретных писателей. А не по тому, к какой партии относится автор и кричит ли он ежедневно: «Жыве Беларусь!» Лозунгами ничего не сделаешь! Тем более не возродишь Беларусь…
Кстати, о лозунгах… В связи с этим мне всегда вспоминается, как однажды Иван Гаврилович рассуждал о том, что же такое настоящий патриотизм. И осуждал тех, кто считает, что патриотизм – это когда выйдешь на улицу и что есть силы кричишь: «Ура!» Невольная параллель возникает и в связи с днем сегодняшним.
Мне лично нравится, как к вопросам возрождения относится И. Чигринов. Его не встретишь на шумных митингах, его не увидишь в пикетах. Правда, иногда он ставит свои подписи под некоторыми коллективными обращениями. Однако и здесь обычно встречает нападки со стороны некоторых наиболее решительных, коллег. Потому что у Ивана Гавриловича – всегда собственная позиция. На компромиссы он не идет. Он отстаивает те взгляды, в которые верит. И для него не важно, как к этому относятся другие. Потому что зачастую получается, что толпа остается толпой, независимо от того, под каким она флагом шагает.
Но, конечно же, на возрождение Отчизны больше всего «работают» сами произведения И. Чигринова. На первом месте, безусловно, его проза. Не будем же забывать, что в своих романах (в первую очередь в «Плаче перепелки» и в последнем по времени написания «Возвращении к вине») он затрагивает и проблемы национальные. Прежде всего, через образ Масея Зазыбы, прототипом которого стал известный белорусский поэт и прозаик, эссеист Масей Седнев, живущий в Соединенных Штатах Америки. Как и герой романов, он прочувствовал, что такое сталинские застенки. Как и Масей Зазыба, прошел через полосу сомнений, поисков и не растратил своего достоинства, не пошел на службу к немцам.
В своем последующем романе И. Чигринов, видимо, еще более пристально присмотрится к этому литературному персонажу (а такой роман он собирается написать). По той простой причине, что Ивану Гавриловичу хочется дальше развить тему вины. Кстати, уже из романа «Возвращение к вине» видно, насколько она волнует его. По И. Чигринову – вина была у всех. И у тех, кто сражался с врагом, и у тех, кто перешел на его сторону. Но она разная по степени тяжести.
Вот только как правильно взвесить, чтобы не шарахаться из стороны в сторону. Есть над чем подумать, есть о чем писать… Несомненно, это будут раздумья взвешенные, осмысленные и одновременно смелые. Несомненно, после появления такого романа у И. Чигринова найдутся резкие противники как среди крайних левых, так и среди крайних правых. Что ж, Ивану Гавриловичу к этому не привыкать. Не привыкать по той причине, что настоящий талант меньше всего прислушивается к резкости суждений, для него есть один, самый строгий и взыскательный судья – совесть.
Ею И. Чигринов руководствуется и тогда, когда пишет свои многочисленные драматические произведения. А без этого важного критерия здесь ни в коем случае нельзя обойтись. Хотя бы потому, что затрагиваются наиболее острые, противоречивые моменты национальной истории. Здесь мало одного мастерства… Мало в том смысле, что это мастерство легко направить в выгодное русло и пойти тем самым против исторической правды. Этого же И. Чигринов никогда не делал и не делает. В чем и могли убедиться все, кто познакомился, скажем, со спектаклями по его пьесам «Колокол – не молитва», «Следственное дело Ващилы» и другим.
Хотя, будем справедливыми, они еще не так часто пробивают себе дорогу на сцену, как того хотелось бы. А ведь если поставить все драматические произведения И. Чигринова, получился бы целый театр одного драматурга. Не случайно Иван Гаврилович сказал на недавнем своем юбилейном вечере, проходившем в Национальном Академическом театре имени Янки Купалы: «Я счастлив, что за годы литературного труда мне удалось провести мой народ через всю историю – от крещения до чернобыльской беды, которую переживаю наиболее остро».
В самом деле, все так. И прежде всего этот исторический путь стал возможен благодаря пьесам И. Чигринова. Вот только еще несколько из них: «Человек с медвежьим лицом», «Только мертвые не возвращаются», «Игроки, или Сталин и Молотов, Гитлер и Риббентроп», «Чистые реки, мутные воды», «Примак», «Савицкий», кстати, опубликованная совсем-совсем недавно, в двенадцатом номере журнала «Маладосць» за прошлый год.
Еще в 1984 году И. Чигринов уверенно заявил о себе как публицист, критик, литературовед – вышла его книга «Новое в жизни, новое в литературе». Хотя начало исследовательскому труду было положено раньше, когда он написал некоторые разделы монографии «Н.Я. Никифоровский».
И вот – продолжение работы в этом направлении. Объемный том который имеет оригинальное название – «Между солнцем и месяцем». А подзаглавие – «Раздумья над жизнью, культурой и литературой». Статьи, очерки, ответы на анкеты, интервью, дорожные очерки… А за ними – жизнь без прикрас. А за всем – собственный взгляд на события, людей, литературу. На наше противоречивое время. То время, в котором находимся все мы. В том числе и И. Чигринов. И не только как писатель, но и как журналист – Иван Гаврилович, как известно; является главным редактором журнала «Спадчына». Он и общественный деятель – возглавляет Белорусский фонд культуры.
Человек своего времени и человек, оказывающий влияние на это время. Писатель, который, имея талант, Богом данный, стремиться к одному: чтобы талант этот служил родному белорусскому народу. Стремится и постоянно помнит вечное: «Не навреди».
Не навреди…
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Алесь Марціновіч
Пра творчасць Івана Чыгрынава, у прыватнасці, пра яго апавяданні крытыкай сказана шмат. I не толькі беларускай (хаця, правільней усё ж сказаць – не столькі беларускай), колькі колішняй усесаюзнай. Што ж, проза I. Чыгрынава таго заслугоўвае. Яна на самой справе з’ява сучаснай літаратуры. I ў тым, што яго апавяданні так уважліва былі прачытаны менавіта за межамі Беларусі, нічога дзіўнага няма. Выпадак рэдкі: усе творы I. Чыгрынава (паўтараю, усе без выключэння) былі перакладзены на рускую мову. Праўда, сказанае не тычыцца п’ес, многіх артыкулаў, напісаных нядаўна. Тут, як мы ведаем, спрацоўваюць прычыны іншага характару.
Але пра апавяданні I. Чыгрынава… Лепшыя з іх даўно сталі здабыткам нашай навелістыкі. I. Чыгрынаў яшчэ раз даказаў, наколькі вялікія магчымасці ў так званага «малога жанру», як шмат можа расказаць і сказаць творца ў апавяданні, калі валодае тым божым дарам таленту, што не часта даецца і не ў многіх раскрываецца да канца. Але што цікава: калі гаворка заходзіць пра апавяданні I. Чыгрынава, дык, як правіла, згадваюцца творы, якія ўвайшлі ў яго першыя кнігі «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967). Як быццам, і правільны выбар. Пісьменнік пачынаў свой мастакоўскі шлях з апавяданняў (праўда, ці не як усе літаратары, у юнацтве паспеў надрукаваць колькі вершаў). Калі ж узяўся за раманы, ад «малога жанру» адышоў.
Яно, канечне, так. Але крытыкі забываюць, што пасля доўгага перапынку ў 1984 годзе I. Чыгрынаў нарэшце зноў узяўся за апавяданне. Называлася яно «За трэцім разам» і было змешчана ў 1984 годзе ў часопісе «Беларусь» (№ 6). Адразу ж быў зроблены і пераклад для «Огонька», таго, ранейшага, як цяпер любяць называць – сафронаўскага. У перакладзе твор меўся з’явіцца ў адным са снежаньскіх нумароў, калі пісьменніку спаўнялася 50 гадоў. На жаль, чаканні аказаліся марнымі. Тое, на што асмеліўся А. Сафронаў, не змагло прайсці праз рагаткі тагачаснай строгай літаратурный цэнзуры, хоць на дварэ ўжо і быў 1984 год.
Напісаўшы «асмеліўся А. Сафронаў», я ні ў якім разе не стаўлю пад сумненне сумленнасць і прынцыповасць галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь» А. Шабаліна, які таксама рызыкнуў даць «зялёнае святло» гэтаму апавяданню. Рызыкнуў, бо I. Чыгрынаў закранаў такія аспекты ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пра якія дагэтуль – у лепшым выпадку – замоўчвалася. Падумаць толькі: у творы адзін з герояў, Парфён Канапелькін, задумваецца, а ці правільна зрабіў, што забіў немца.
Як быццам, пытання і стаяць не можа. Са школьных гадоў ці не ўсе мы памятаем хрэстаматыйныя творы, у тым ліку вядомы верш К. Сіманава, у якім помста захопнікам, помста ворагу ўзводзілася ў ранг свяшчэннага дзеяння. Гэтым жа духам, дарэчы, былі прасякнуты і палымяныя публіцыстычныя выступленні беларускіх пісьменнікаў ваеннага часу, у прыватнасці, артыкулы, звароты да народа па радыё Янкі Купалы і Кузьмы Чорнага. Але ж не трэба забываць, які быў час. На адлегласці, з вышыні пражытага і пройдзенага, многае з таго ранейшага, у чым і сумнявацца нельга было, паўстае ў іншым святле. З’яўляецца заканамернае жаданне разабрацца ў тым адзінкавым, што ніяк не хоча ўкладвацца ў звыклую схему нянавісці да ворага.
Такі момант настаў і ў жыцці чыгрынаўскага героя. Як і ў пераважнай большасці сваіх апавяданняў, пісьменнік не спяшаецца падвесці чытача да галоўнага, спакваля падкрэсліваючы, што апавяданне маё ці, прынамсі, можа мець дакументальную аснову: «Пра гэта расказваў майму знаёмаму, былому старшыні сельсавета, ажно тры разы адзін і той жа чалавек. А знаёмы ўжо мне, калі ездзілі нядаўна ў Латакі». Як быццам, з гэтых расказаў і нараджаецца гісторыя, вельмі ж ужо непадобная на іншыя, у якіх у той ці іншай ступені закранаюцца падзеі мінулай вайны.
Парфён Канапелькін не сказаць, каб асабліва вылучаўся сярод учарашніх франтавікоў альбо партызан, падпольшчыкаў. Хіба тым, што насіў напаказ генеральскія штаны. Ды і быў яшчэ ў Латаках прышлы, з’явіўся там недзе адразу пасля вайны. Праўда, праз пэўны час паспрабаваў даводзіць аднавяскоўцам, што ён герой. Гэта многім не спадабалася: «Генеральскія штаны яшчэ маглі дараваць яму, тут куды ні шло. Але ж герой!.. Праўда, у вайну ўсе былі героі. Найперш, канечне, тыя, што палеглі ў бітвах… Бо ў кожнай пахавальнай, якія прыходзілі з фронту, пісалася: «Ваш сын (муж)… загінуў смерцю героя…» А ці ж той, хто прайшоў вайну і застаўся жывы, не быў таксама героем?»
Апавядальнікам у творы выступае і той, пра каго пісьменнік гаворыць «мой знаёмы, былы старшыня сельсавета». Адсюль і нейкая сялянская разважлівасць, засяроджанасць гаворкі. Без забягання наперад, калі, здавалася б, другараднаму адводзіцца шмат увагі. Але пэўная зацягнутасць экспазіцыі твора апраўданая. I. Чыгрынаў тым самым быццам напамінае: я нічога не прыдумаў, так было на самой справе, я толькі перадаю пачутае ад іншых.
Тым больш, што і сам Парфён Канапелькін не надта спяшаецца падзяліцца трывожным для яго роздумам. Ды і пра ўдзел у баях гаворыць мімаходзь: «Расказваў Парфён пра тое, як трапіў на вайне ў сорак першым спачатку пад Маскву, як страціў там дзве рабрыны з левага боку; як пасля доўга ляжаў у шпіталі, недзе на Каўказе, не мог выпрастацца, стаць роўна, але паколькі не было куды падацца далечвацца, – раён у Арлоўскай вобласці, дзе знаходзілася яго вёска, апынуўся к таму часу пад немцам, – то заставаўся амаль цэлага паўгода на адным месцы; затым у сорак другім годзе прымаў удзел у няўдалай аперацыі на Бранскім фронце, калі 13-я армія спрабавала ліквідаваць самы нязручны выступ, што клінам удаваўся ў лінію нашай абароны, і тут яго раніла, і на гэты раз, аднак, няцяжка, ва ўсякім выпадку, цяпер Парфён не так доўга ляжаў і не вельмі балюча сябе пачуваў, дарма што куля прайшла краем левага лёгкага…».
Былі ў Парфёна Канапелькіна баі на Курскай дузе, вызваленне Магілёўшчыны. А далей – гітлераўская Германія, дзе таксама двойчы параніла… На Бесядзі і адбылося галоўнае, што не дае магчымасці герою I. Чыгрынава спакойна спаць, прымушае яго згадваць ранейшае, ваеннае жыццё, раз-пораз запыняючы ўвагу на выпадку, які праз столькі гадоў пачаў бачыцца зусім у іншым, чым раней, святле. Тады якраз давялося ўзяць у палон аднаго фашыста з так званай каманды «падпальшчыкаў» ці, па-іншаму, «факельшчыкаў». Аказваецца, «палявая паліцыя пры сухапутных войсках стварала цэлыя каманды, каб, адступаючы, спапяляць усё, што здольна было гарэць і разбурацца. I нашы салдаты, калі, здаралася, заставалі такіх на месцы злачынства, расстрэльвалі без суда і следства».
Апавядальнік удакладняе: «Можа, нават на гэта загад быў. Сказаць цяжка, бо не ведаю. Але што не каралі адзін час байцоў, якія распраўляліся з факельшчыкамі, знаю дакладна». Можна зразумець байцоў, якія нечакана ўбачылі немца, што выходзіў з туману на бульбяным палетку. Побач жа «перад тым усю ноч гарэла кіламетры за тры вёска». Разбірацца ніхто не стаў. Падпальшчык, сумнявацца не даводзіцца. I прысуд адразу прывялі ў выкананне. Як бы вінавата, Канапелькін гаворыць: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу. Пасля ўжо другія дабівалі».
Але якая пры гэтым віна можа быць у Парфёна? Па сутнасці, ніякай. I ён яе не адчуваў ні тады, калі вяршыў прысуд, а значыць – згодна з тымі абставінамі, праведны, справядлівы суд, ні пазней, пасля вайны. «Працавалі» ў час барацьбы з фашызмам і няпісаныя законы, не да эмоцый і сентыментальнасці было, калі ўсё вырашалася хутка і адразу, – ці ты ворага знішчыш, ці ён цябе. Выбару не заставалася.
Няпроста, ды і балюча прыгадваць Парфёну Канапелькіну той выпадак. Але, аднойчы ўспомніўшы яго, ён ужо не можа больш заставацца сам-насам са сваімі думкамі. Так хочацца, каб хто і ведаў, што ў яго душы. Не заўважае Парфён, што з кожным новым вяртаннем да таго эпізоду ён усё больш і больш апраўдвае сябе. Так, апраўдвае, бо паступова змяншае сваю ролю ў расстрэле таго факельшчыка.
Спачатку: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу». У час другога вяртання ўжо як бы сумняваецца: «Але ж не адзін я страляў у яго. Стралялі і другія. Можа, мае кулі і не патрапілі…». I вось трэцяя сустрэча з апавядальнікам. Пастарэў Парфён Канапелькін, цяжка захварэў. Вяртаючыся з бальніцы, прызнаецца: «…цяпер паклаў сабе за мэту – штодня рабіць хоць па адной добрай справе». I быццам без пераходу дадае: «Во тут во, дзе мы едзем зараз, апынуўся я некалі сведкам, як расстрэльвалі тут у вайну чалавека».
Так гаворыць на заканчэнне твора не нехта з тых, хто вайну праседзеў дзе-небудзь пры штабах, а сапраўдны герой. Калі ж «у тое ж лета Парфён памёр», ля труны «ўсе ўбачылі нарэшце шматлікія яго ўзнагароды, сярод якіх – дзве салдацкія Славы. Відаць, трэцяя недзе згубілася, не знайшла Парфёна».
Ва ўчарашнім ворагу ён здолеў убачыць чалавека. Магчыма, прычына падобных перажыванняў героя I. Чыгрынава – яго нямогласць, калі перад смерцю кожнаму хочацца ачысціцца «ад грахоў». Не без гэтага, як кажуць! Можна, канечне, убачыць у пакутах Парфёна Канапелькіна і нешта такое, што лёгка назваць звычайнай старэчай сентыментальнасцю. Але куды важней іншае, дзеля чаго, уласна кажучы, апавяданне і напісана. I. Чыгрынаў па-свойму дае адказ на традыцыйнае пытанне «Што з намі адбываецца?» Рушацца традыцыйныя маральныя ўстоі, за душой у чалавека застаецца ўсё меней святога, на першы план выступае прагматычнае. Канечне, падставы для падобнай занепакоенасці ёсць. Прытым немалыя. У адным нельга сумнявацца: пакуль жывуць на зямлі людзі, падобныя да Парфёна Канапелькіна, само слова «дабро» ніколі не стане архаічным.
Твор гэты яшчэ раз пацвярджае, наколькі вопытны апавядальнік I. Чыгрынаў, як востра адчувае ён сучасны матэрыял, наколькі здатны выбіраць са шматлікіх жыццёвых калізій і сітуацый тыя, што адпавядаюць праблемам важным і першарадным. I, як стала вядома нядаўна, пісьменнік і далей ідзе шляхам маральнай пераацэнкі падзей мінулай вайны. Аб чым, дарэчы, засведчыла адно з яго новых апавяданняў «Коні» («ЛіМ», 1994, № 37).
«Ідзе далей» сказана ў дачыненні да «малой прозы». Гаворка пра раманы з верамейкаўскага цыклу наперадзе. Што да апавядання, дык яно ў нечым як бы працяг папярэдняга твора. Безумоўна, на зусім іншым жыццёвым матэрыяле. Але што паядноўвае абодва апавяданні, дык гэта імкненне I. Чыгрынава яшчэ і яшчэ раз зірнуць на ўсё страшнае, антычалавечнае і антыгуманнае з пазіцыі чалавечнасці.
У яго герояў, якія ад сучаснага моманту пастаянна вяртаюцца ў перажытае, не проста вельмі нізкі балявы парог. Правільней, гэта не проста балявы парог, а балявы парог сумленнасці. Конюх Антон з апавядання «Коні», як і Парфён Канапелькін, у час вайны за печчу не адседжваўся. Праўда, трапіў у палон, але вырваўшыся з яго, партызаніў. I цяпер, праз столькі гадоў пасля вайны, Антон жыве як бы асобнымі, найбольш памятнымі выпадкамі з яе. Здавалася б, лакальнымі, нявартымі асаблівай увагі.
Як і ў апавяданні «За трэцім разам», I. Чыгрынаў лічыць патрэбным, каб чытач паверыў: тое, пра што ён расказвае, і на самой справе мела месца. Ідзе гэта зноў жа ад жадання не нешта «выдумляць», а браць усё з самога жыцця, што, як вядома, багацей за самую смелую фантазію. Таму ў пачатку твора і прысутнічае нязменнае чыгрынаўскае ўдакладненне: «Некалі мяне ўгаворвалі напісаць пра конюха нарыс. Але я не напісаў. I кніга тая ў Магілёве выйшла без майго нарыса. У мяне ў бібліятэцы яна ёсць. Часам, калі яна трапляецца на вочы, я бяру яе ў рукі, гартаю старонкі і кожны раз бачу недзе на сярэдзіне нарыс пра таго конюха, але напісаны другім аўтарам, і мне становіцца ад гэтага нібыта ніякавата. Ніякавата не таму, што не здолеў тады напісаць. Ніякаватасць ад іншага – ад таго, што не зусім тое пра яго напісана. Хоць, вядома, гэта таксама адноснае – тое, не тое; проста я напісаў бы іначай пра таго чалавека».
Нарыс не напісаўся, бо менавіта ў чыгрынаўскім падыходзе да згаданага чалавека, ён і з’явіцца не мог. Прынамсі, на той час. А гэта, як бачна з апавядання, было яшчэ тады, калі не пра ўсё дазвалялася гаварыць адкрыта. Аднак I. Чыгрынаў не спяшаецца і ў гаворцы пра Антона расставіць усе кропкі над «і». Пісьменнік як бы заінтрыгоўвае чытача і выпрабоўвае яго на цярпенне. Маўляў, даражэнькі, я не спяшаюся сказаць галоўнае, не спяшайся і ты пра ўсё даведацца, калі хочаш пазнаёміцца з маім новым творам. Пазнаёміцца ўважліва, а не проста прачытаць яго.
Дамінанта апавядання якраз у, здавалася б на першы погляд, такім дробязным і разам з тым вельмі значным. Невыпадкова стаў Антон конюхам пасля вайны. Ён адчуваў віну перад коньмі. Тымі самымі, якія былі загублены ім, але не па злой волі. Памерлі пакутнай, галоднай смерцю.
Пра ўсё гэта аўтарам сказана лаканічна і стрымана. У нейкай ступені і пратакольна, але гэта зусім не шкодзіць псіхалагічнасці. Удакладненні пайшлі б на шкоду апавяданню, якое, уласна кажучы, і трымаецца на гэтым эпізодзе, хоць разгортванне сюжэта паступова, і нават запаволена, набліжаецца да яго: «Здарылася гэта ў мінулую вайну. Антон партызаніў. Але ў партызаны прыйшоў з нямецкага палону, якраз супраць першай ваеннай зімы. Праўда, гэта акалічнасць нічога не значыла ў ягоным расказе. Галоўнае, што Антон быў у партызанах і аднойчы апынуўся ў варожай блакадзе. Іх, партызанаў, тады было трох, на конях».
Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што гэтым разам «коні заміналі партызанам», таму што «выбрацца з варожага кола можна было толькі праз раку, якая агінала ў тым месцы бярозавы гай».
Вырашылі прывязаць коней. Магчыма, і разлічвалі, што з цягам часу вернуцца – пра гэта ў апавяданні ні слова. «Ім тады пашанцавала. З блакады яны выбраліся ўплаў, не выклікаўшы ў немцаў нават падазронасці. Але назад, у той бярозавы гай, дзе былі пакінуты прывязаныя коні, ніхто з трох не трапіў. Па-першае, доўга трымалася варожая блакада, па-другое, немцы прымусілі партызанаў, у тым ліку і Антона, адступіць далёка ад таго месца, дзе стаялі коні». Праз некалькі дзён Антон усё ж вярнуўся: «коні былі нежывыя – выскублі не толькі ўсю траву пад нагамі, але і абгрызлі кару на дрэвах…».
Шмат часу мінула, але выпадак гэты не забыўся. Здавалася б, нейкія там коні! Столькі чалавек пабачыў і перажыў на вайне, а бач ты – запомнілася менавіта гэтае. Не хавае таго, наколькі ўзрушыла яго пачутае, і герой-апавядальнік: «Вецер, што заціхнуў на нейкі час паміж Віхрой і выспай, дзе мы з Антонам выбралі гэты раз начлег сабе, зноў пачаў варушыць траву навокал; ад ракі тым часам пацягнула новай, ужо начной, нейкай колкай свежасцю… Я цяпер, праз гады, адчуваю той вецер на сваім твары. Асабліва калі бачу коні».
«За трэцім разам» і «Коні»… Апавяданні I. Чыгрынава. Напісаныя пасля таго, як ён ужо стаў прызнаным раманістам, тым не менш, пісьменнік, па сутнасці, вярнуўся назад. I не толькі да жанру, пра які ўжо «забыўся». I. Чыгрынаў вярнуўся да таго зыходнага пункта, з якога ён і пачынаў глядзець на вайну – бачыць у вайне не толькі мужнасць, гераізм людзей, але і надзвычайнае выпрабаванне, калі чалавек здае «экзамен» не на адну стойкасць, але і на маральнасць. Яна ж, у сваю чаргу, мацуецца і на адданасці Радзіме, зямлі, якая ўзгадавала цябе і выхавала, але разам з тым ўбірае ў сябе само паняцце чалавечнасці, немагчымае без дабрыні і спагады.
Безумоўна, апошняе ў творах пра вайну доўгі час не прымалася пад увагу. Найперш, зразумела, у тых, што з’явіліся як непасрэдны водгук на тагачасныя падзеі і былі напісаны па гарачых слядах іх непасрэднымі ўдзельнікамі. Як вядома, сапраўдная праўда вайны ў літаратуру прыходзіла паступова, недзе з канца пяцідзесятых гадоў і гэтаксама паступова стала, я б сказаў, ваеннай праўдай В. Быкава.
Аднак і гэтым разам на падзеі глядзелі іх непасрэдныя ўдзельнікі. I. Чыгрынаў паходзіць з пакалення «дзяцей вайны», мае сваю ўласную памяць пра яе. I гэтай памяццю ён спяшаецца дзяліцца з чытачом. Так ён ішоў да першага рамана «Плач перапёлкі». У адным з інтэрв’ю пісьменнік прызнаўся: «Спачатку мне проста хацелася напісаць зімовую аповесць пра ваенны час. Я неяк вельмі помню вайну па зімах. Марозы вялікія, сабакі выюць. I на пажар яны выюць, і на смерць выюць. Так часта вылі, што мы ці не разбіраліся: калі выюць задраўшы галаву – значыць, на смерць. Недзе разбіраліся нават і ў тым, на чыю смерць яны выюць: ці на смерць далёкага чалавека, ці блізкага… У зімах здараліся чамусьці і самыя вялікія карныя экспедыцыі немцаў, і тады даводзілася ратавацца, бегчы ў лес, ездзіць і ў другія вёскі, сядзець у снезе, начаваць пры вогнішчы. Адным словам, зіма якраз найбольш запомнілася. Таму і задумаў напісаць зімовую аповесць».
I загаловак было ў I. Чыгрынава з’явіўся – «Калі выюць сабакі», першыя сказы ляглі на аркуш паперы. I раптам работа як пачалася, так і спынілася. Адчуў, што «ў тэме вайны шмат чаго недасказанага, шмат чаго і проста нясказанага. А галоўнае – мала той вайны, мала таго народнага жыцця, якое тады было».
Падобнымі развагамі I. Чыгрынаў дзяліўся і з калегамі-літаратарамі яшчэ да таго, як «Плач перапёлкі» быў напісаны. Па-рознаму ўспрымалася гэта. Знаходзіліся і тыя, хто ўхваляў за жаданне пісаць па-свойму, брацца за цяжкую і адказную тэму. На жаль, нямала сустракалася і такіх, хто бачыў у гэтых выказваннях звычайную нясціпласць аўтара і нават замах на аўтарытэты. Яшчэ б, столькі кніг пра вайну напісана, такія імёны, а тут…
Чыгрынаў адносіўся да ўсяго спакойна. Нікому, як кажуць, дарогу пераходзіць не збіраўся, нічые творы не адмаўляў і, разам з тым, збіраўся пісаць пра вайну па-свойму. Уважліва падступаўся да самага першага перыяду яе, да тых месяцаў, калі толькі пачалася акупацыя Беларусі, а партызанскі рух яшчэ зараджаўся. Колькі было няпэўнасці, і кожны павінен быў знайсці сваё месца ва ўсенароднай барацьбе з фашызмам.
Сэнс сказанага і адлюстраванага ў «Плачы перапёлкі» дакладна прыкмеціў адзін з першых рэцэнзентаў рамана У. Юрэвіч, назваўшы свой артыкул «Першапачатак народнага подзвігу». Сапраўды першапачатак, хоць пакуль што верамейкаўцы нічога гераічнага і не зрабілі, але ўсе яны жывуць прадчуваннем чагосьці новага, вялікага, што абавязкова паўлывае на іх далейшыя лёсы, а значыць, і размяжуе грамаду, падзеліць на два лагеры. На тых, хто застанецца прыхільнікам савецкай улады, зробіць усё магчымае, каб змагацца за вызваленне ад ворага. I на фашысцкіх прыслугачоў. Іх куды меней, ды яны, на жаль, і ў Верамейках знойдуцца.
Несумненна, калі б гэты раман пісаўся сёння, I. Чыгрынаў у нечым удакладніў бы, а ў чымсьці падаў і зусім інакш пэўныя моманты, што тычацца саміх паняццяў вернасці і здрады. Ды не будзем забываць пра вядомае выслоўе: ў адну і тую раку двойчы ўвайсці немагчыма. Як і пра тое, што пэўная недагаворанасць у «Плачы перапёлкі», як і ў наступных раманах «Апраўданне крыві» і «Свае і чужыя», наконт гэтых момантаў удала кампенсуецца ў рамане «Вяртанне да віны», сама назва якога характэрна. Віна, на думку пісьменніка, была з абодвух бакоў. Іншая справа, што ступень яе розная.
Ды пра раман «Вяртанне да віны» крыху ніжэй. Што да смеласці і нясмеласці аўтара (гэтым сёння знаходзяцца ахвочыя папракаць ледзь не кожнага, хто дасягнуў поспеху ў ранейшыя гады), дык красамоўнае сведчанне I. Чыгрынава, у шчырасці якога няма падстаў сумнявацца: «Мяне ўнутры рэдактар не вельмі стрымліваў у рабоце». А што I. Чыгрынаў быў смелым, стала вядома пры падрыхтоўцы рукапісу да друку: «Работнікі «Маладосці» не дадуць схлусіць: калі друкаваўся мой раман, яны не атрымлівалі квартальнай прагрэсіўкі».
Яшчэ задоўга да таго, калі цяперашнія вельмі ж актыўныя барацьбіты за нацыянальную ідэю гатовы паказаць сябе ці не першапраходцамі, I. Чыгрынаў не проста пісаў раман пра вайну, а і раман, у якім задумваўся над гістарычным лёсам Бацькаўшчыны. Безумоўна, рабілася гэта згодна самой мастакоўскай задумы, калі падзеі надзвычайнай гістарычнай важнасці ў новым святле і ракурсе высвечвалі і тое, што было раней (дарэчы, і падобныя аспекты набудуць далейшае разгортванне ў рамане «Вяртанне да віны», прынамсі, у тых эпізодах, дзе згадваецца паўстанне пад кіраўніцтвам Вашчылы).
Нездарма Кузьма Прыбыткоў, які паўстае самім увасабленнем народнай мудрасці, празорлівасці і адначасова неўміручасці, вымаўляе словы, што можна паставіць эпіграфам і да «Плачу перапёлкі», і да наступных раманаў: «Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па другому жылося. А зямля харошая, можа нават лепшая за рай той.
Ета ж падумаць толькі – у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, таму во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі – ні кара дак ягада, ні ягада дак грыб: а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская…».
З гонарам за родную Беларусь, яе вынослівасць і нескаронасць напісаны раман I. Чыгрынава. Разам з тым, і з болем, што так шмат давялося перажыць народу, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З увасабленнем неўміручай памяці аб загінуўшых, скалечаных. Само паняцце гістарызму ў дачыненні да твора набывае глыбокае значэнне. Сувязь часоў, паяднанне ўчарашняга і сённяшняга, спасціжэнне ўсяго гэтага ў дыялектычным адзінстве выходзяць на першы план. I вось ужо за лёсам невялікай вёсачкі Верамейкі пачынае бачыцца сама зямля беларуская. Лёсы ж галоўных герояў твора Дзяніса Зазыбы і Радзівона Чубара таксама, бы з нябачных нітак, сатканы з лёсаў многіх людзей, што, як і яны, у сумненнях, развагах і памылках паступова знаходзілі сваё месца ў барацьбе з ворагам.
Зазыба і Чубар – як бы два полюсы. I не толькі ў «Плачы перапёлкі», а і ў наступных раманах. Іншая справа, што ў першым з іх, як на маю думку, гэтая палярнасць асабліва адчувальная. Далей адбудзецца пэўная «прыцірка» Чубара да абставін, ён пачне больш разбірацца, што і да чаго, і меней кіравацца ў сваіх паводзінах, учынках голай ідэяй, на паверку вельмі далёкай ад паўсядзённага жыцця. Хоць самае апошняе і найбольш значнае прасвятленне наступіць вельмі позна. У тыя апошнія моманты жыцця, калі Чубар зразумее – уратавання няма. Правільней, яно ёсць, але на здраду ён ніколі не ішоў і гэтым разам таксама не пойдзе.
Толькі «полюсавасць» Зазыбы і Чубара не ў галоўным, бо галоўнае сумнення для іх не выклікае: станавіцца ў строй актыўных барацьбітоў з фашызмам абавязкова трэба. Але Зазыба ў адрозненне ад Чубара, які і цяпер, на пачатку вайны, гатовы чакаць указанняў, куды больш самастойны, бо разумее, што ў цяперашняй складанай абетаноўцы наўрад ці мэтазгодна карыстацца дырэктывамі, асновы якіх закладваліся яшчэ перад вайной.
Уваходзіны Чубара ў вайну куды больш няпростыя. I гэта бачыцца па раманах «Апраўданне крыві» і «Свае і чужыя». Разам з тым, у нечым мяняецца, карэкціруецца стаўленне да вайны і Зазыбы.
У жыцці кожнага наступае момант, калі яны выходзяць на шлях адкрытай барацьбы з фашызмам. Першым ступае на яго Зазыба. Гэта яму зрабіць у многім прасцей, бо ўвесь час знаходзіўся ў роднай вёсцы, мог штодня прыглядацца да людзей, адчуваць, хто і чым жыве ў складаную часіну. Неўзабаве ён зблізіўся з былым акружэнцам, а цяпер калгасным кавалём Андрэем Марухіным. Праўда, не адразу яны знайшлі агульную мову, але паступова ўзнік давер, разам задумваліся, як жыць далей, як змагацца з ворагам. Зазыба, селянін паводле сваёй псіхалогіі, спадзяецца ў асноўным на мясцовае насельніцтва. Аднак Марухін, які шмат пабачыў ужо, паваяваў, усведамляе, наколькі моцны вораг: «…трэба пахадзіць па навакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, можна патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў».
Падобныя размовы для Зазыбы не праходзяць бясследна. Зазыба, які ўвесь час быў упэўнены, што з ворагам неабходна змагацца, нарэшце адчуў, што ёсць рэальныя шляхі да такой барацьбы. «Нарэшце Дзяніс Яўменавіч зразумеў і тое, што ў іхніх з Чубарам спрэчках аб арганізацыі супраціўлення фашыстам мала было цвярозага сэнсу». Больш таго, «аказваецца, ні максімаліст Чубар, які гатоў быў хоць зараз ламаць ды крышыць усё навакол, абы хоць чым шкодзіць ворагу, няхай гэта спалучана будзе нават не толькі з вялікімі, нераўназначнымі ахвярамі, але і з самагубствам; ні разважлівы, таму, можа, залішне абачлівы Зазыба, які хацеў унесці ў арганізацыю супраціўлення больш разумны пачатак, не мелі рацыі. У выніку адбылася марная трата часу. Толькі цяпер Зазыба пераканаўся: «гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек».
Раманы I. Чыгрынава, па сутнасці, і «трымаюцца» на гэтых двух вобразах. Хаця, безумоўна, творы густанаселеныя персанажамі і ці не пра кожны з іх можна гаварыць шмат, незалежна ад таго, у якім ракурсе ён раскрыты аўтарам. Для прыкладу, той жа Кузьма Прыбыткоў, Ганна Карпілава, Брава-Жыватоўскі, Раман Сёмачкін…
Найперш згадваю верамейкаўцаў, бо менавіта пра іх асноўная гаворка ў раманах, праз іх лёсы бачыцца і паўстае лёс усяго беларускага народа, усёй Беларусі. Але ж пісьменнікам псіхалагічна-заглыблена выпісаны і вобразы нядаўняга раённага кіраўніцтва, якое на свае плечы ўзяло асноўны цяжар арганізацыі партызанскай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі, – Нарчука, Баранава… I адразу сутыкнулася з цяжкасцямі, пра якія нядаўна і падумаць не магло. Больш таго, як высветлілася, у ваенных абставінах людзі, часам не па сваёй волі, мяняюцца. Чаго толькі варты эпізод, калі камісар атрада Сцяпан Баранаў прыйшоў да роднага брата Архіпа, каб папрасіць харчу. Людзі ж зусім знясілелі: «Той адно расчыніў дзверы перад ім ды груба сказаў праз парог:
– Хочаш наклікаць бяду на мяне і маю сям’ю? Ідзі прэч… Хацеў жыць вялікім начальнікам, дык цяпера…
– Мне харчу патрэбна.
– Няхай лепш пададуць у другім месцы. Кажу, ідзі прэч!»
Яшчэ на братавым двары Баранаў «выцер слёзы». Праўда, знайшлася добрая душа, запрасіла да сябе суседка Архіпа.
Гэтая праўда вайны таксама не прыдуманая… Знайшоўся вельмі ж ужо «рашучы» Патоля, які, не думаючы пра вынікі, забіў тапаром жонку бургамістра Зімарова. Шмат каштавала такая помста. Фашысты схапілі падпольшчыкаў Рыгайлу і Яфрэменку, быў арыштаваны сакратар райкома партыі Касьян Манько, некаторыя члены падпольнага райкома партыі.
У раманах I. Чыгрынава ёсць адзін вобраз, значнасць якога ўзрастае асабліва сёння, калі мы на поўны голас гаворым аб тым, да чаго давяла народ таталітарная сістэма. Масей Зазыба – адна з мільённых ахвяр яе. Цяпер пісьменнік можа прама сказаць, што ў пэўнай ступені правобразам Масея Зазыбы стаў знакаміты прадстаўнік беларускага замежжа, паэт, празаік, эсэіст Масей Сяднёў. Хаця, чаму можа сказаць, пра гэта I. Чыгрынаў гаварыў і раней, калі пісаў аўтабіяграфію «Першы ўспамін» для чарговага аднатомніка аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў: «…З яе зместу ў выдавецтве, тады яно называлася Дзяржаўным, спрабавалі «стварыць» цэлую справу». Якраз усё і пачалося з таго, што ў гэтай аўтабіяграфіі аўтар сярод паэтаў-землякоў і прыгадаў таго самага Масея Сяднёва: «Быў такі да вайны паэт. Цяпер ён – за мяжой… Як і Масей Зазыба, Сяднёў Масей таксама быў арыштаваны ў Мінску. Сядзеў. Пасля першага тэрміну яго прывезлі на перасуд. Аднак пачалася вайна… Сяднёў, як і Масей Зазыба, вярнуўся ў родную вёску».
Дзяніса Зазыбу, канечне, не магло не хваляваць, што сын, хоць і вярнуўся дахаты, па-ранейшаму застаўся асуджаным. Пасля першай радасці ад вяртання, сустрэчы бацька не ўстрымаўся:
«– А што гэта за чалавек быў, што адпусціў цябе, як ты кажаш? – праз нейкі момант спытаў Зазыба.
– Канвойны.
– Значыць, ты не па чыстай прыйшоў?
– Не.
Моцна ўражаны, Зазыба апусціў галаву».
Даходзіла нават да таго, што бацьку думалася: «Няхай бы ўжо не вяртаўся Масей дамоў, раз незаконна». Вядома ж, можна зразумець Зазыбу, калі ўспомніць, якая на той час была сітуацыя ў краіне, нават блізкія людзі не сумняваліся ў віноўнасці сваіх родзічаў, так званых «ворагаў народа». Але ж трэба зразумець і некаторую адчужанасць Масея: «Не на курорце ж столькі гадоў быў».
Няпроста адбываецца гэтае «прывыканне» бацькі да сына і сына да бацькі. Цяжка сказаць, хто з іх больш пакутуе. Ці сам Зазыба, ці Масей, у жыцці якога па-ранейшаму так шмат няпэўнасці. Куды цяпер Масею да вершаў, якія пісаў раней, да арышту: «Масей далёкі быў ад містыкі, аднак другі раз гатовы быў паверыць, што за яго вось ужо каторы год д’ябал спрачаецца з богам. Пра сваё нечаканае вызваленне ён хоць і расказваў спакойна, але галавой разумеў, што яно таксама зрабілася адным з тых вузельчыкаў, што хітрым канцом завязваў на яго лёсе д’ябал, бо ў цяперашніх умовах, нават апынуўшыся шчасліва дома, наўрад ці выпадзе магчымасць цалкам разблытаць гэты вузельчык».
Цалкам не разблытаў, ды наўрад ці змог бы зрабіць гэта. Толькі не зламаўся, не стаў жорсткім. Да ўсяго, Масей упэўнены: прыйдзе час, і пра гэтае беззаконне будзе ўсё сказана: «Папомніш мяне, бацька, пра гэта яшчэ скажуць, ой, скажуць!»
У падобнай сітуацыі Масей робіць адзіна магчымае, што залежыць ад яго, – не ідзе на службу да фашыстаў, цалкам адмаўляе «нацыянальную ідэю» свайго былога сябра, а цяпер нямецкага паслугача Алеся Астрашаба. Бачыць у яго дзейнасці не што іншае, як звычайную несумленную мітусню. Такая пазіцыя сына не магла не ўзрадаваць Дзяніса Зазыбу. Ён зразумеў: як бы там ні было, а Масей не запляміў сумленне, праз яшчэ адно з выпрабаванняў прайшоў з годнасцю. Для разумення таго, што адбывалася ў душы Масея Зазыбы, шмат дае раман «Вяртанне да віны». Пісаўся ён пасля таго, як аўтар змог сустрэцца з Масеем Сяднёвым (хоць раней у іх была сустрэча яшчэ ў ЗША, калі I. Чыгрынаў прымаў удзел у рабоце адной з сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый). У творы ўгадваюцца пэўныя моманты з біяграфіі М. Сяднёва, называюцца тыя літаратары, хто быў разам з ім арыштаваны. Ды не гэта, зразумела, важна. Галоўнае, што вобраз Масея Зазыбы стаў больш жыццёвым. I разам з тым складаным. Як у самім жыцці, калі герой апынуўся на свайго роду ростанях, не ведаючы, да каго прыстаць, каму гэтым разам даверыць лёс.
Па-ранейшаму Масей Зазыба знаходзіцца нібыта ў падвешаным становішчы. Ніякай пэўнасці наконт далейшага лёсу няма. Ды і цяпершчына незайздросная. Вярнуўся ў родную вёску, але, па сутнасці, чужы для яе. Адна з прычын у тым, што не можа цалкам адкрыцца аднавяскоўцам, ды і тыя не вельмі ахвотна ідуць на кантакты. Бадай, праяўляюць пры гэтым звычайную сялянскую асцярожнасць. Нават калі пачалася касавіца і ўсе, як адзін, хто не трапіў на фронт, выйшлі на луг, нейкія ўзрушаныя, быццам свята напаткала людзей, «адзін Масей, здавалася, заставаўся абыякавым да гэтай сялянскай узрушанасці». Але тым не менш зрух у душы адбыўся. Няхай не адразу, хай спакваля, але прыкметны. Хаця на змену настрою паўплывалі і інтымныя пачуцці Масея – спатканне…
Аднак ці толькі магчымасць адчуць, няхай на нейкае імгненне, сябе шчаслівым паўплывала на душэўны стан героя?! Не, вядома… Адбылося і тое, што абавязкова мусіла адбыцца. Масей, які папрацаваў разам з усімі да стомы, да ламаты ў суставах, зразумеў: яму ніколі не быць на гэтай зямлі, у гэтай вёсцы чужым, пакуль будзе разам з людзьмі. I прызнанне яго, што прагучала ў час чарговай гаворкі з бацькам (а размовы гэтыя па-ранейшаму амаль заўсёды перарасталі ў спрэчкі, Дзяніс Зазыба нават аднойчы не стрымаўся, запытаў: «Усё ваюеш са мной?»), думаецца, зусім невыпадковае: «Я вось касіў, і мне было добра. Я чалавекам сябе адчуваў, пакуль улягаў тут касой. Ведаеш, чалавекам». I тут жа прагучала як дапаўненне: «Але дазволь мне быць чалавекам і ў поглядах, якія ты захацеў, няйначай, пачуць па дарозе сюды».
Яшчэ перад гэтым Масей кінуў бацьку словы, якія, калі разважыць, набываюць глыбокі сэнс у дачыненні да яго, Масеевых, поглядаў: «Ты, бацька, дарэмна абараняеш ад мяне савецкую ўладу. Яе цяпер трэба ад іншых бараніць». Масей асабістыя крыўды (што вельмі важна) здатны забыць, абы толькі родную зямлю не тапталі чужынцы. Не, ён, як ужо гаварылася, не хоча (ды і не гатовы) змагацца на адным з ваюючых бакоў. Ён, як кажуць, на нейтральнай паласе. Але гэтая, вобразна кажучы, нейтральная паласа ў жыцці, лёсе Масея Зазыбы пралягае зусім не збоч жыццёвых бальшакоў. Яна паралельна ім праходзіць а часам і набліжаецца да іх упрытык.
За народ дбае герой I. Чыгрынава, за беларускі народ. I ўпэўнены прытым у гэтых надзіва цяжкіх абставінах – менавіта сам народ стане вырашальнікам уласнага лёсу: «Заваёўнікі, якія б яны ні былі і ў які б час ні прыходзілі, ніколі не разумелі чужога народа, як і гэты народ са свайго боку не разумеў іх. Новая палітыка ў такой справе таксама мала чаго дае. Народ перш за ўсё думае не пра палітыку, якую прапаноўваюць яму, а пра саміх заваёўнікаў, пра тое, што яны ўварваліся ў яго межы і топчуць яго зямлю, нішчаць яго маёмасць, забіваюць яго суайчыннікаў, сярод якіх кожны чацвёрты – яго брат, яго сват, а то проста родзіч, ці даўні знаёмы. У такіх выпадках народ заўсёды патрыёт, ён на нейкі час нават здольны забыць жахі, у якіх жыў дасюль. Гісторыя таму сведка. Цяпер, здаецца, ён таксама ў большасці сваёй забыў, чаго нацярпеўся ад савецкай улады».
Гэта, аднак, не значыць, што I. Чыгрынаў паказвае Масея Зазыбу чалавекам, які лёгка дараваў усе ранейшыя крыўды, забыўся пра перажытае. Не, не забыўся. I забываць не збіраецца, але Масей, жывучы сваім, асабістым, больш думае пра жыццё ўвогуле. А яго – ні для каго ні сакрэт, – у нейкія пэўныя рамкі не ўціснеш і не абазначыш: тут добрае, а там благое.
Складана ўсё, яшчэ як складана! I раман «Вяртанне да віны», у прыватнасці, і ўсе раманы з верамейкаўскага цыкла ў цэлым – пра гэтыя складанасці таксама. Пра вайну ва ўсёй яе супярэчнасці, жорсткасці, антычалавечнасці. I пра самога чалавека, які, колькі б ні жыў на свеце, як бы ні імкнуўся да справядлівасці, у сваіх дзеяннях не можа пазбегнуць ні гэтай жорсткасці, ні антычалавечнасці. Самымі лепшымі намерамі карыстаецца, пра «рай» думае і не заўважае таго, што дарога гэтая, здавалася б, брукаваная, зусім не ў рай вядзе, а ў самае што ні ёсць пекла. Для іншых рыхтуецца яно, але дастаткова зрабіць адзін неасцярожны крок і глядзіш – сам апынуўся там, куды хацеў каб трапілі твае ворагі. Бо не так і лёгка разабрацца, дзе ж пралягае мяжа паміж дабром і злом, дзе ўсвядомленае азлабленне, а дзе звычайныя чалавечыя хістанні ў складаны і супярэчлівы момант, калі цяжка (а часам і немагчыма) разабрацца, што і да чаго.
У гэтым сэнсе вобраз Радзівона Чубара – трагічны. Чалавек пастаянна імкнуўся жыць сумленна і годна. Таго і ад іншых патрабаваў… А ці дасягнуў жаданага? Ці ўбачыў той чаканы бераг справядлівасці, да якога плыў? Калі, здавалася б, урэшце многае зразумеў, па недарэчнасці трапіў у рукі нямецкага карнага атрада. Там асабліва не дапытвалі, ведалі, што за «птушка» перад імі. Пасадзілі ў самалёт, каб зверху паказаў размяшчэнне атрада Мітрафана Нарчука…
I ў той момант, калі на ўратаванне разлічваць не даводзілася, Чубар, як і заўсёды бывае ў крытычнае імгненне, пачаў прыгадваць сваё мінулае, быццам збіраючыся падрахункаваць перажытае: «…спярша расплывіста, затым з большай выразнасцю, ажно пакуль не ператварыўся ў абвостраны ўспамін, у галаве з’явіўся адзін выпадак, які знешне нагадваў сённяшні, гэта значыць, амаль тое, што адбывалася цяпер з ім, Радзівонам Чубарам, пад павеццю, яшчэ ў сельсавецкай, а цяпер валасной двухколцы. З таго часу ўжо мінула з дзясятак гадоў. Так, з кароценькім хвосцікам…».
Акурат вучыўся Радзівон у абласной партыйна-савецкай школе ў Віцебску, калі адбыліся выступленні незадаволеных калектывізацыяй: «Падняліся сяляне супроць калгасаў і ў сельсаветах Бешанковіцкага раёна, перакідваючыся на тэрыторыю Лепельскага, Талачынскага… На падаўленне паўстання з Віцебска туды былі кінуты войскі, атрады ДПУ, хапала работы міліцыі…». Па рэкамендацыі партячэйкі ў атрады па барацьбе з бунтаўшчыкамі набіралі і навучэнцаў школы – «Такая рэкамендацыя была выдадзена і Радзівону Чубару, актыўнаму і зусім яшчэ маладому хлопцу, які з усім жарам душы гатовы быў змагацца з праціўнікамі савецкай улады».
Іван Чыгрынаў не схільны заглыбляцца ў душэўны стан тагачаснага Чубара. Больш пераканаўча будзе, калі пра ўсё сказаць коратка і ясна: «Праўда, Радзівона тады трохі здзівіла, што гэтых «праціўнікаў» сярод бешанковіцкіх сялян апынулася ажно зашмат». Чубару не да таго, каб цяпер, праз гады, прытым у такі драматычны для асабістага жыцця момант, разбірацца, наколькі правільна дзейнічалі ўлады ў дачыненні да ўдзельнікаў паўстання. Яго куды больш хвалюе канкрэтны факт. Згадаўся, як падобнасць лёсаў таго, каго некалі ён канваіраваў, і свайго асабістага, калі цяпер знаходзіцца пад вартай у немцаў: «Чалавека таго, пра якога… прыгадаў Чубар, схапілі ў Бачэйкаве. У грамадзянскую вайну ён быў дзянікінскім афіцэрам, затым настаўнічаў, а ў часе антыкалгаснага паўстання ўваходзіў у кіруючую тройку».
Запомнілася ўсё Чубару, не магло не запомніцца! «Чубар помніў вочы дзянікінскага афіцэра, а пазней – настаўніка, які вучыў сялянскіх дзяцей недзе да самай грамадзянскай вайны. У іх стаяла цяжкая туга, ад якой нават ворагу рабілася не па сабе. Ну а што арыштаваны быў ворагам для Чубара, а Чубар, у сваю чаргу, такім жа ворагам для арыштаванага, і сумнявацца не даводзілася. Дык вось ад тае цяжкай чалавечай тугі ў вачах асуджанага на смерць ворага калгаснага ладу, значыць, разам і савецкай улады, у маладога Чубара як не халадзела ўсярэдзіне, дарма што класавае пачуццё было выхавана ў ім яшчэ змалку».
Тады афіцэр, прозвішча якога мы так і не даведаемся, відаць, меркаваў, што нейкім чынам удасца ўратавацца, «але ён, як і Чубар цяпер, не мог разлічваць на поспех…». Пра афіцэра ў рамане болей нічога не гаворыцца… Як на той час ды і пазней абыходзіліся з ворагамі народа – і так вядома. А вось Чубару I. Чыгрынаў даў мажлівасць самому вырашыць, як быць далей. Што на здраду ён не здатны – сумнення няма. Але і чакаць, калі расстраляюць, таксама не ў характары Чубара. I пісьменнік знайшоў выйсце нечаканае, але абгрунтаванае ўсёй логікай развіцця гэтага складанага характару. Калі самалёт знізіўся і тым самым была створана мажлівасць Чубару лепей зарыентавацца, каб паказаць размяшчэнне партызанскага атрада, «трымаючыся правай рукой за поручань, які хутчэй нагадваў звычайную жалезную скабу, Радзівон падняўся з лаўкі, стаў супроць расчыненых дзвярэй, нагнуўся і паляцеў уніз…».
Зноў жа аўтар не імкнецца ўдакладніць, як здарылася, што Чубар менавіта так рашыў развітацца з жыццём. Ёсць толькі адно ўдакладненне, аднак вельмі істотнае: «Дзіўна, але нават у такім становішчы, на пачатку сваёй смерці, Радзівон зноў успомніў, не, дакладней, убачыў таго бешанковіцкага паўстанца і ваенурача, якога забіў некалі на пясчанай выспе».
Чубар жа, як вядома, у дачыненні да ваенурача на пачатку вайны праявіў вялікую несправядлівасць. Калі ахоўваў дзянікінскага афіцэра, выконваў загад (а ці быў непасрэдным выканаўцам забойства застаецца невядомым), дык, выпадкова сустрэўшыся з псіхічна хворым урачом, рашыўся на самасуд. I вось цяпер гэтыя згадкі пра двух ахвяр ягонай жорсткасці…
I гэта таксама чыгрынаўская праўда вайны. Тая праўда, якая гучыць са старонак раманаў верамейкаўскага цыкла. Памятаецца, як пасля з’яўлення першых двух з іх – «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» – В. Каваленка свой артыкул назваў «Абяцанне эпапеі»: «А што раманы I. Чыгрынава – абяцанне эпапеі, сумнення быць не можа. Гэта пацвярджаюць перш за ўсё знешнія абрысы задумы. Два даволі аб’ёмныя раманы ахопліваюць падзеі ўсяго толькі некалькіх месяцаў вайны. I цяпер хоча пісьменнік таго ці не хоча, а простая логіка развіцця эпапейнага дзеяння будзе дыктаваць яму параметры сюжэта і ахоп падзей у часе». Адначасова В. Каваленка задаваў пытанне: «Колькі ж усяго будзе раманаў у эпапеі I. Чыгрынава – пяць, сем ці нават яшчэ больш? Гэта, урэшце, не так важна. Бясспрэчна толькі адно – іх павінна быць нямала, бо інакш катастрафічна парушыцца сюжэтнае, кампазіцыйнае суладдзе эпічнага руху падзей».
Напісаны чатыры раманы… Але, думаецца, тым самым кропка яшчэ не пастаўлена. Падзеі гэтым разам у часавых адносінах дайшлі да сярэдзіны лета сорак другога года, але пісьменнік, прыводзячы вытрымкі «З дзённіка баявых дзеянняў асноўных войск групы армій «Цэнтр», спыняе апавяданне на 31 снежня гэтага ж года: «Мы зноў зімуем у большасці сваёй у Беларусі ў абдымках лютых марозаў і варожых настрояў». Значыць, ёсць яшчэ пра што пагаварыць. Найперш у дачыненні да двух лёсаў – Дзяніса і Масея Зазыбаў. Але гэта ўжо, як кажуць, справа самога аўтара.
Апошнім жа часам I. Чыгрынаў усё больш упэўнена абжывае драматургічныя жанры. Пэўны вопыт у галіне драматургіі ён набыў, калі прымаў удзел у напісанні сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…», пастаўленага на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1973 годзе, а праз год адзначанага Дзяржаўнай прэміяй БССР. Майстэрства прыйшло, калі працаваў над народнай драмай «Плач перапёлкі» (пастаўлена ў Купалаўскім тэатры), п’есай «Апраўданне крыві» (сцэнічнае жыццё набыла ў Брэсцкім тэатры), інсцэніраваў апавяданні (спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» ў Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску). Тэлегледачы знаёмы і з дзевяцісерыйным фільмам «Плач перапёлкі» – плён супрацоўніцтва I. Чыгрынава і рэжысёра I. Дабралюбава.
Цалкам апраўдана, што ўзнікла жаданне паспрабаваць свае сілы і ў драматургіі. Назва драмы «Следчая справа Вашчылы» гаворыць за сябе. «Звон – не малітва» – вяртанне да сівой даўніны, часоў Уладзіміра Кіеўскага і Усяслава Чарадзея, княгіні Рагнеды. Героі яшчэ адной п’есы «Прымак» – знакаміты кароль Ягайла, яго жонка Соф’я Гальшанская, князь Іван Друцкі і іншыя. У драме «Чыстыя рэкі, мутныя воды» I. Чыгрынаў звяртаецца да вобліку Канстанціна Астрожскага, дзеяча і чалавека, ролю якога ў станаўленні нашай дзяржавы цяжка пераацаніць. На мастакоўскім рахунку пісьменніка і п’есы «Чалавек з мядзведжым тварам», «Ігракі, альбо Сталін і Молатаў, Гітлер і Рыбентроп», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» і іншыя творы.
Яшчэ ў 1984 годзе кнігай «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» I. Чыгрынаў упэўнена заявіў аб сабе як публіцыст, крытык, літаратуразнавец. Хаця пачатак даследчыцкай працы ім пакладзены раней, калі напісаў асобныя раздзелы манаграфіі «Н.Я. Никифоровский» (1960). I вось працяг памкненняў у гэтым кірунку. Сёлета выйшла кніга I. Чыгрынава «Паміж сонцам і месяцам». Аб’ёмны том, што мае падзагаловак «Роздум над жыццём, культурай і літаратурай». Артыкулы, публіцыстычны роздум, нарысы, падарожныя дзённікі, адказы на анкеты, інтэрв’ю… А за ўсім – напружанае жыццё творцы, прысутнасць якога ў нацыянальнай літаратуры асабліва адчувальная. I. Чыгрынаў даўно і трывала прапісаўся ў ёй. I нядаўняе прысваенне яму ганаровага звання народнага пісьменніка – яшчэ адно пацвярджэнне таго, як шмат зроблена ім, прытым, на самым высокім узроўні. А што будзе напісана яшчэ нямала – сумнявацца не даводзіцца.
Міхась Тычына
Зямля беларуская шчодрая на таленты. Хаця для таго, каб даць свету мастака, патрэбны вялікія намаганні многіх пакаленняў. Не ўсе таленавітыя людзі станавіліся ўладарамі думак. Становішча іх ад пачатку дваістае. З аднаго боку, пісьменнік асуджаны на тое, каб агаляць сваю душу перад людам, згаладалым па духоўнасці, забыцца на прыватнае жыццё і падпарадкоўваць уласныя прыхамаці агульным інтарэсам. А з другога – ён увесь час павінен збіраць па кропельцы жыццёвыя сокі, каб душа яго заўсёды была перапоўнена ўражаннямі, перажываннямі, людскім болем, і пісьменніку было што сказаць людзям, якія прагна чакаюць праўдзівага, яркага і дакладнага слова. Мець, як і ўсе мы, асабістае жыццё і магчымасць выпрацоўваць у сваім уяўленні творчыя ідэі, генерыраваць іх у наваколле і адначасова быць амаль штохвіліны пад пільным наглядам мноства людскіх вачэй – вось доля сапраўднага мастака.
Народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў, якому ў гэтым месяцы спаўняецца 60 гадоў, шмат думаў над пытаннем аб месцы і ролі пісьменніка ў жыцці народа. Свае думкі ён выношваў, застаючыся сам-насам над старонкамі дзённіка, і выказваў іх публічна ў шматлікіх выступленнях, прамовах, дакладах, інтэрв’ю. Аб гэтым сведчыць зборнік яго эсэ, артыкулаў, водгукаў, дарожных нататак «Паміж сонцам і месяцам», які нядаўна выйшаў у свет. Назва ў гэтым сэнсе сімвалічная: не кожнаму шанцуе апынуцца ў адзін і той момант паміж двума свяціламі убачыць адначасова адвячоркам узыход месяца і захад сонца, як тое здарылася аднойчы ў замежнай паездцы з пісьменнікам. Адчуванне незвычайнае і ў простым побытавым значэнні. Але яшчэ больш яно незвычайнае, калі мець на ўвазе становішча адоранага талентам ад прыроды пісьменніка, валадара слова.
Становішча беларускага пісьменніка ў любым выпадку асаблівае, бо нідзе ў вялікім свеце, за выключэннем хіба толькі Расіі, не жыццёвая літаратура гэтак, як у нас, на Беларусі, і нідзе слова не ператвараецца ў жыццё, робячыся, у залежнасці ад акалічнасцей, хлебам або каменем, гэтак, як тут, на нашай пакутнай зямлі. Гэта становішча ў вядомыя часы ўскладнялася і жыццёваю неабходнасцю ўвесь час рабіць выбар – выбар паміж тым, каб быць уладаром думак і ў той жа час ладзіць з рэальнай, не заўсёды шчодрай на ўвагу да пісьменніка ўладай, імкнуцца выказваць праўду аб нашых праблемах і нягодах і адначасова быць у фаворы… Рэч знаёмая ва ўсе часы і ва ўсіх народаў: так кідаўся ў пакутах паміж сваім прызваннем камедыёграфа і пасадай прыдворнага вялікі Мальер, так ператвараўся то ў геніяльнага паэта, то ў вяльможнага філістэра славуты Гётэ, так пакутаваў, разрываючыся паміж улюбёнай свабодай і неабходнасцю быць пры двары ў малодшым чыне камер-юнкера, геній рускай паэзіі Пушкін… Даводзілася так ці інакш вырашаць гэту праблему і беларускім пісьменнікам – ад Купалы і Коласа да Мележа і Быкава. Да ўласных высноў, як сведчаць асобныя радкі з падарожнага дзённіка, прыйшоў і I. Чыгрынаў:
«Пачалася размова з пытаннямі: калі пісьменнік павінен звяртацца да сумлення?
Дзіўна, калі?
Скончылася яна такім пытаннем: які мой дэвіз?
«У пісьменніка, – сказаў я, – не павінна быць кар’еры, гэта я нарэшце зразумеў, у пісьменніка павінен быць лёс».
І. Чыгрынаў, можна сказаць, зусім свядома і вельмі актыўна выбудоўваў уласны пісьменніцкі лёс. Аб’ектыўныя акалічнасці і блізкае атачэнне не заўсёды спрыялі будучаму вядомаму не толькі беларускаму чытачу пісьменніку ў гэтым ягоным імкненні. Галеча дзіцячых гадоў, праведзеных у даваенным Надбесяддзі, у мясцінах, апаэтызаваных таленавітым Аркадзем Куляшовым, земляком празаіка. Людскія пакуты і масавыя забойствы, відавочцам якіх падлетак быў у гады Айчыннай вайны, ранняе сталенне ў пасляваеннае дзесяцігоддзе, першыя творчыя пакуты і спробы выбавіцца ад бязмоўя ў сваіх творах…
Многім тады, у 50–60-я гады, здавалася, што сапраўдныя героі жывуць недзе наводдаль і што іх трэба актыўна шукаць, каб літаратурны твор адпавядаў чытацкім настроям і вымогам палітычнай надбудовы. Дыскусіі аб жыццёвым матэрыяле, аб тыпах і прататыпах літаратуры ўзнікалі ў творчым асяроддзі ў самых неверагодных сітуацыях і набывалі, як на сённяшні погляд, дзіўныя формы, калі пісьменнікі, напрыклад, усур’ёз пачыналі разважаць пра ролю «творчых камандзіровак» і «сацыяльны заказ». Асабліва перападала маладым тады паэтам і празаікам «філалагічнага пакалення», якое, як казалася, не ведала жыцця і не мела ў запасе дастаткова рэальных уражанняў, каб тварыць.
Аднойчы адзін з прамоўцаў з раптоўным запалам выгукнуў: «Добра Івану Чыгрынаву! Ён закінуў сабе хатыль за плечы і пайшоў вандраваць ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты!» Многія ўраз азірнуліся на апошні рад, дзе побач з такімі ж юнымі і вясёлымі сябрамі-аднагодкамі сядзеў, слухаў, назіраў і шырока ўсміхаўся пачынаючы празаік, аўтар першай кніжкі апавяданняў пад сімвалічнай назвай «Птушкі ляцяць на волю» Іван Гаўрылавіч: ану распавядзі, што ты там прынёс у сваім дарожным хатылі! I. Чыгрынаў рад быў такой увазе і міжволі выказанаму чаканню, якое можна было расцаніць і як той самы навязлы ў зубах «сацыяльны заказ»: папраўдзе, ён і сам яшчэ добра не ведаў, што вынес з тых вандровак па роднай Магілёўшчыне.
Сваё творчае крэда малады празаік выказаў у адным з ранніх апавяданняў: «Галоўнае, каб сярод людзей быць». I яшчэ адна выснова, ужо як водгук роздуму над падобнымі ўчынкамі яго вялікіх папярэднікаў, мастакоў слова: «Людзі праўду на дарогах шукалі». Гэта быў пачатак «адлігі», калі і ляніваму не сядзелася на печы, а карцела выйсці палюдзець, пабачыць свет і, вядома ж, сябе паказаць, ці кажучы па-вучонаму, рэалізаваць уласныя творчыя магчымасці.
У дарозе, сярод людзей былі тады многія беларускія пісьменнікі, назіральнікі жыцця, збіральнікі народнай мудрасці, адкрывальнікі невядомых земляў, занядбаных лёсаў, каларытных характараў… Уся наша літаратура была ў той час у вялікай дарозе – праз свой народ да чалавецтва. Дапытлівы, цікаўны юнак, герой апавяданняў Чыгрынава, вандруе па зямных дарогах, назірае, слухае, запамінае, а сёе-тое і занатоўвае як узятак на будучае. Чалавек жа не ведае, дзе адшукае, а дзе страціць. Тое, што сёння здаецца не вартым увагі, нават нікчэмным, мізэрным, заўтра можа паўстаць ва ўсёй сваёй унутранай паўнаце і значнасці. Нездарма сказана: выпадак – самы вялікі геній! Удача звычайна сама ідзе ў рукі таго, хто шукае.
Герой чыгрынаўскіх апавяданняў кіруецца вартым пераймання, запазычаным людской мудрасцю з евангельскіх выказванняў прынцыпам: па магчымасці больш слухаць іншых, менш самому гаварыць без патрэбы і думаць, разважаць, асэнсоўваць пачутае. Можа, менавіта таму так шмат ён бачыць, столькі цікавых людзей сустракае на сваім шляху, такія цікавыя гісторыі чуе і нам перадае. Адна з гэтых гісторый, пераказаная празаікам у апавяданні «За трэцім разам», стала на пачатку 60-х гадоў каменем, на якім спатыкнулася пільная да іншадумства цэнзура: пачынаўся паварот да мінулага, паступовае нагнятанне страху, як тады нявесела жартавалі, «мацнеў маразм». I. Чыгрынаву, прынамсі, давялося, магчыма, упершыню ўсур’ёз задумацца, у якім свеце ён жыве, у чым заключаецца місія творцы…
Ужо ў ранніх апавяданнях празаіка было шмат з таго, з чаго неўзабаве выраслі раманы, якія сёння складаюць тэтралогію. Эпас I. Чыгрынава, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, прыкметна ўзвышаецца над масівам беларускай прозы 70–80-х гадоў і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прываблівае да сябе чытацкую ўвагу. Па сутнасці, і па зместу, і па форме, гэта народны летапіс аб перыядзе часу, які заняў у памяці беларусаў асаблівае месца і маральныя вынікі якога яшчэ доўга будуць адгукацца ў нашых душах. Гэта нешта накшталт «Баркулабаўскай хронікі» трагічнага XX стагоддзя. I. Чыгрынаў, як сведчыць тэкст яго раманаў, як даводзяць яго развагі ўголас пра напісанае, бачыць падзеі на ўсёй разлегласці беларускай гісторыі, а ў выніку яны напаўняюцца надзвычайным філасофскім сэнсам і значэннем: Сапраўды, у гады вайны ва ўмовах яўнай акупацыі апынуўся цэлы народ. Як ён сябе адчуваў у гэтых акалічнасцях, як паводзілі сябе яго асобныя прадстаўнікі і што атрымалася ў выніку ўзаемадзеяння раўнадзеючых грамадскіх сіл?
І. Чыгрынаў ужо і ў тыя падцэнзурныя дзесяцігоддзі здолеў выказаць больш, чым здавалася афіцыйна дазволеным. Як зазвычай, аўтарскія высновы падаваліся ў выглядзе самабытных разваг «вясковых філосафаў»: «Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дык і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі – у другіх голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі – ні кара дак ягада, ні ягада, дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа…» Ці не нагадвае гэта актуальныя ў наш час развагі пра «беларускі шлях»? З той, аднак, агаворкай, што сказана ўсё гэта было вунь яшчэ калі!
Раманы I. Чыгрынава, якія існуюць пакуль што кожны пад асобнай назвай («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны»), аб’яднаныя вось гэтай эпічнай думкаю пра народ, над якім у чарговы раз у гісторыі навісла пагроза пагалоўнага вынішчэння. Сучаснаму чытачу блізкія пакуты духу чыгрынаўскіх герояў, ён жыва ўспрымае іх боль як свой уласны, бо так яно і ёсць: мінулае адгукаецца ў сённяшнім і цягнецца ў будучыню. Гэтыя раманы пісаліся кожны ў свой час, і сляды ўздзеяння тадышніх захапленняў і ілюзій досыць лёгка вылучаюцца вачыма цяперашняга дапытлівага і надзвычай інфармаванага чытача. Але наўрад ці знойдзецца ў гісторыі літаратуры мастацкі шэдэўр, створаны на ўсе часы, які быў бы пазбаўлены падобных недахопаў: знакі часу, як тая пазелянелая медзь на помніках, паступова становяцца натуральнай часткай мастацкага твора і ўжо не ўспрымаецца асобна, надаючы яму каларыт і чароўнасць. Застаецца дадаць да сказанага пра Чыгрынава-пісьменніка, што ў якасці грамадскага дзеяча, аднаго з кіраўнікоў нацыянальнага культурнага працэсу, палітыка ён выконвае, па сутнасці, тую ж самую місію, што і ў ролі мастака слова: працуе ў меру сваіх сіл і магчымасцей на духоўнае Адраджэнне.
Уладзімір Юрэвіч
Штрыхі да партрэта Івана Чыгрынава
Падзеі ваенных гадоў неяк неўпрыкмет пачынаюць заставацца ў даволі аддаленым мінулым. Як-ніяк, а прайшло паўвека, калі грымела, грукала, бясчынствавала Вялікая Айчынная вайна. А жыццё, хоць і ўзбілася на мірны тор, залячыла самыя крывавыя раны на целе краіны, ды не дасягнула тых вышынь, якія паставілі б Беларусь у шэраг шырока слынных у свеце дзяржаў. Цяперашнія праблемы, што паўсталі перад чалавекам, неяк раптам вывелі людзей «адной шостай часткі планеты», як любілі называць Савецкі Саюз публіцысты многіх народаў свету, на рубеж новых, не менш значных за тыя, што ўжо мінулі, клопатаў і турбот. Зусім натуральна, што беларускія пісьменнікі, азірнуўшыся на пройдзены літаратурны шлях, заўважылі, як зробленае імі не зусім адпавядае духоўнаму ўзлёту, якога дасягнула наша нацыя, што заняла «свой пачэсны пасад між народамі» (Янка Купала). Беларус, які выйшаў адным з пераможцаў у апошняй вайне, мог бы мець і ў літаратуры больш здабыткаў, здольных стаць у шэраг найвялікшых у свеце.
Адзін з самых працавітых аратых на сённяшняй літаратурнай ніве Беларусі – Іван Чыгрынаў – даволі рана заявіў аб сваім адметным таленце жывапісаць чалавека ў вайну і на вайне. I напісанае ім у гэтым тэматычным абсягу вымусіла яго выкройваць час, каб падрыхтаваць да перавыдання напрацаваны менш чым за паўвека свайго свядомага жыцця неацэнны духоўны набытак, што стаў прыкметнай з’явай у духоўным росцвіце беларускага народа.
Нарадзіўся Іван Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор на Магілёўшчыне, на далёкай усходняй ускраіне Беларусі, што мяжуецца з не менш старадаўняй Смаленшчынай. Этнаграфічна гэтыя рэгіёны доўгі час былі роднасна блізкімі. Славуты Дняпро са сваімі прытокамі яднаў жыццё тутэйшых насельнікаў – людзей працавітых, але і ваяўнічых. З пакалення ў пакаленне беларусы рабілі тут на зямлі і вымушаны былі бараніць яе ад ворагаў, што імкнуліся на ўсход, да сэрца Расіі. Тут нарадзілася шмат паданняў, што захаваліся да нашых дзён. Яны і жывілі ўражлівую душу хлапчука, ледзь толькі спазнаў ён першую навуку чытання.
Нарадзіўся Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў у год вялікай перабудовы, як любілі тагачасныя гісторыкі іменаваць перыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі, калі ў селяніна адчужалі галоўны сродак жыцця – зямлю і ўласную працу на ёй на свой дабрабыт. Калі Гітлер напаў на Савецкі Саюз, будучаму пісьменніку ішоў сёмы год. Усеагульная трагедыя, што разыгралася на Магілёўшчыне, моцна засела ў душы хлопчыка. Для яго надыходзіла школьная пара. Вучыцца ў вайну сістэматычна не давялося, а гэта акалічнасць і абумовіла вялікую прагу да самастойнага чытання, а пазней – і да пісання. I. Чыгрынаў ішоў у літаратуру з журналістыкі, побач з такімі маладымі талентамі, як У. Караткевіч, I. Пташнікаў, М. Стральцоў, У. Дамашэвіч, Б. Сачанка, В. Адамчык.
Першае апавяданне Івана Чыгрынава «Праз гады», надрукаванае ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1961 годзе, адразу звярнула ўвагу старэйшых пісьменнікаў сістэмным бачаннем жыцця і жаданнем узнавіць яго не толькі дакладна, але і па-мастацку праўдзіва. Гэта быў своеасаблівы ўспамін нядаўняга падлетка пра вайну, аплоднены не толькі ўніверсітэцкімі ведамі, але і папярэднім вопытам літаратуры. Назва непераборлівая, сціплая. Ды і форма ардынарная – жанр у жанры, вусны расказ лесніка ў апавяданні, выкананым прыёмам успаміну, які так быў пашыраны сярод журналістаў у першыя пасляваенныя гады.
Ужо ў гэтым сваім творы I. Чыгрынаў выяўляе адметнасць не проста апавядальніка-інфарматара, а і мастака, гатовага стварыць псіхалагічны партрэт героя пэўнага часу. Развіццё канкрэтызаванага праз яскравыя дэталі, псіхалагічна заглыбленага партрэта чалавека праходзіць з першых крокаў і праз усю творчасць пісьменніка.
Адметнасць летняга вечара, спакойнага, ціхага, час ад часу скаланутага прыглушанымі водсветамі маланак, неяк знутры, з глыбінь душы выяўляецца ў апавядальніка, супакойвае і разам з тым насцярожвае быць пільным да нязвыклага стану беларускай вёскі на пачатку вайны. Кантрастныя супастаўленні традыцыйнага з нязвыкласцю абставін і ствараюць тую ўнутраную спружыну, што забяспечвае рухомасць, здавалася б, ардынарнага сюжэта і ўсталёўвае за I. Чыгрынавым статуе таленавітага празаіка.
Прыроджаны талент апавядальніка, нават, калі сказаць больш дакладна, навеліста, будзе суправаджаць пісьменніка праз усё яго творчае жыццё. Адкуль гэта? Мабыць, ад выключнасці першых хлапечых назіранняў, што назапашваліся ў такі драматычны час, як вайна. Прычым вайна незвычайная – раптоўная, усеахопная, працяглая і неаслабна напружаная з абодвух бакоў. Пра самае складанае ў жыцці, пра чалавека на вайне расказана так проста і, напэўна, таму так пераканаўча, што аўтар захаваў у самай глыбіні душы боль свой і чужы, які і вынес на старонкі сваіх твораў.
Здавалася, трагічныя падзеі паўвекавой даўнасці павінны былі б для сучаснага чытача адысці калі не ў нябыт, дык хоць бы стацца сном або прыкрытымі вэлюмам пражытых гадоў перажываннямі… А пачынаеш чытаць – і яны, тыя даўнія падзеі, неяк па-свойму захапляюць, бо высвечваюць і сённяшнюю неўладкаванасць жыцця, якая тлумачыцца ў значнай ступені збянтэжанасцю людзей, зрушаных з нармальнага, як нам здавалася, стану «будаўнікоў новага ладу». Так, мы будавалі яго праз доўгія гады да і пасля вайны, не думаючы, што ўраз, на крутым павароце часу сцялежыцца, асядзе з колаў добра зладаваны і вялікі воз збудаванага ўжо калі не для сябе, то для сваіх нашчадкаў.
Пісьменнікі, як і прадстаўнікі іншых відаў мастацтва, апынуліся паміж мінулым і будучыняй, калі праблемы дабра і зла, Бога і д’ябла, сіл станоўчых і адмоўных у жыцці грамадства, сталі галоўнымі, вызначальнымі для ўсёй іх творчасці. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны бітва за душы людзей, тых, хто ўзняўся на свяшчэннае змаганне за лёс народа, Бацькаўшчыны, не спынілася, але абвастрылася, імкнучыся да свайго апагею.
Быў час, калі літаратура не дзялілася на сучасную і гістарычную. З пачаткам Вялікай Айчыннай прыкметна ўзмацнела ўвага творцаў слова да гісторыі. Яна трывае ўжо амаль паўстагоддзя і з кожным годам расце, бо адкрываюцца ўсё новыя магчымасці ступаць больш пэўна ў рэчышчы мастацкага даследавання гісторыі. Усведамленне гісторыі, здаецца, упершыню прыйшло да старажытных грэкаў, для беларусаў жа толькі ў пасляваенны час, пад заслону XX стагоддзя. У вайну і першыя пасля яе гады гэта была сучаснасць і нічога дзіўнага не варта бачыць у тым, што перажытая ўсімі людзьмі трагедыя вымусіла ледзь не ўсіх пісьменнікаў звярнуцца да яе адлюстравання.
Чыгрынаў не спаборнічае з гісторыкамі, бо ведае, што для мастака заўсёды было, ёсць і яшчэ доўга будзе галоўнае – чалавек, у якіх бы зрэзах ён ні даследаваў яго. Не апошняе месца ў працы пісьменніка займае домысел, дадумванне за героя твора, за гісторыка, за мовазнаўцу. За пісьменніцкім сталом, у адрозненне ад рабочага месца гісторыка, ідзе працэс аднаўлення (а не толькі ўзнаўлення прататыпа) чалавечых характараў, асобаў гістарычных, што існавалі на самай справе і былі назіраны аўтарам. Праўда, адны аўтары трапляюць цалкам у палон архіваў і ўспамінаў, іншыя ж трымаюцца сваёй сцяжыны – адбору фактаў адпаведна вынашанай канцэпцыі. Хоць у гэтым выпадку некаторыя, бывае, і аступаюцца на малаплённы шлях ілюстратара.
Выразна адчуваецца такая няўстойлівасць у адной з першых навел I. Чыгрынава «Апавяданне без канца». Як бы і пісанае яно з адной мэтай –пацвердзіць, што і навела падуладная яму, маладому тады аўтару. Аднак жа гэтыя выдаткі творчасці характэрныя на пачатку дарогі кожнага, хто апантаны пошукам сваёй сцяжыны, але залішне спасцярожлівы ў эмацыянальным забеспячэнні гэтага імкнення. I толькі псіхалагічная пасталеласць таленту ўзнімае I. Чыгрынава на новую прыступку заглыблення ва ўнутраны свет герояў. Такім паўстае перад чытачом вобраз маці ў аднайменным апавяданні, якое напачатку многія крытыкі зразумелі павярхоўна.
У зборніку апавяданняў, названым «Самы шчаслівы чалавек», пісьменнік заяўляе сябе мастаком аналітычнага пісьма. Маці прыязджае ў вёску, хоча адшукаць магілу сына, які быў наняўся ў паліцыю, каб выжыць у суровых абставінах ваеннай рэчаіснасці. Насцярожана сустракаюць яе аднавяскоўцы, вельмі свежыя раны ў людзей, каб зразумець яе бяду. I зусім натуральна завяршаецца апавяданне магутнай сілы народным прысудам, што гучыць з вуснаў Ганны, бацьку якой выдалі ворагу паліцаі-найміты, сярод якіх быў і сын Матруны Рэйдзіхі: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…». Пісьменнік ставіць чытача перад неабходнасцю самастойна вызначыць цану вінаватасці чалавека на вайне. I ў гэтым яго сіла як мастака, які не спяшаецца з пэўным адказам на кардынальныя пытанні часу, як тое вымушана была рабіць нарматыўная крытыка.
Такім чынам, апавяданне «Маці» стала тым пробным каменем, які прымусіў маладога пісьменніка і яго крытыкаў апынуцца перад вечнай дылемай – хто вінаваты? Апасродкаваны паказ вайны, на які ішоў I. Чыгрынаў, выводзіў яго на шлях грунтоўнага, глыбіннага даследавання ўсенароднай трагедыі, адлюстраванню якой ён і прысвяціў наступныя гады творчасці. Апавяданне «Маці», такім чынам, з’явілася тым верным компасам, які паставіў перад пісьменнікам задачу шырэйшага адлюстравання перажытага ім і яго народам.
Вучоба на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выхавала ў маладым аўтары патрэбу не раскідвацца ў пошуках тэмы і стылёвых сродкаў для яе рэалізацыі. Вайна, перажытая пісьменнікам у падлеткавым узросце, кіравала доўгі час творчымі захадамі, выводзіла яго на шлях глыбіннага даследавання гісторыі роднага народа. Сама рэчаіснасць дыктавала мастацкія сродкі, найболын прыдатныя для ўвасаблення назбіранага жыццёвага матэрыялу.
Як кожнага мастака-аналітыка, I. Чыгрынава цікавіць не насычанасць сюжэта падзеямі, не дынаміка думак і змен настрояў персанажаў, а перш за ўсё і больш за ўсё глыбіннасць спасціжэння характару беларуса, яго непаспешлівасць з вывадамі, часам марудлівасць у рухах, дзеяннях і важкасць высноў, адпаведных пэўным акалічнасцям. А ці не гэта адна з найпершых нацыянальных рыс беларуса, прадыктаваных прыроднымі і сацыяльнымі ўмовамі яго існавання на планеце. У гэтым плане I. Чыгрынаў ідзе тым следам, якім ішла беларуская класічная літаратура. Ці не гэта пацвярджае яго плённую вучобу ў Кузьмы Чорнага?!
Апавяданне, як жанр аператыўны і разам з тым ёмісты, падрыхтавала зварот пісьменніка да рамана. Заўважым, мінуючы аповесць, і тым самым не паўтараючы нашых класікаў – Я. Коласа, К. Чорнага, М. Лынькова. Сапраўдны мастак не той, хто дзейнічае спакваля, а той, хто рашуча пераадольвае жанравыя бар’еры і, калі гэтага вымагае назіраны матэрыял, можа ўзняцца значна вышэй, каб штурмаваць бастыёны філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, каб выяўляць свой шырокі кругагляд, ствараць сваю канцэпцыю гісторыі народа. I калі I. Чыгрынаў адчуў, што творчаму «я» зацесна ў апавядальнай тканіне, узяўся за сваю запаветную мару – выказаць свой (знарок падкрэсліваю гэтую адметнасць таленту) шырокі погляд на свет з яго аб’ектыўнымі законамі жыцця, сваю вынашаную канцэпцыю. Сфармавалася няўрымслівае жаданне пісаць сваю адкрытую кнігу жыцця.
Першая частка гэтай кнігі сфармавалася як самастойны раман з такой нібы простай назвай «Плач перапёлкі», якая адразу лягла на вусны чытача і стала змястоўнай, шматзначнай метафарай (перапёлка не спявае, а галосіць, як сцвярджаюць прыродазнаўцы).
«– Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…
Сёння перапёлка, няйначай, плакала – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач.
– Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…
Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць ад свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?»
Гэтак выглядае аўтарскі лейтматыў, які абвяшчае неспадзяваны злом жыцця роднай Беларусі. Ён гучыць прадвесцем вялікай бяды, усеагульнага народнага гора. Яно ўжо было побач, а людзі не верылі, не хацелі верыць у яго надыход, суцяшалі сябе адным – перапёлка магла і памыліцца, «плакаць» ад свайго, птушынага болю… Складаная, пачуццём падказаная трывога пададзена сцісла, эканомна, як інтрыга далейшага разгортвання падзей, раскрыцця характараў людзей. Народнасцю духу прасякнута кожная старонка рамана «Плач перапёлкі», напісанага не нявольнікам фактаў, не ілюстратарам ужо вядомага, а пошукам, адкрыццём болю свайго і чужога, ды імкненнем прапусціць падзеі, што неўзабаве сталі гісторыяй, цераз душы сваіх герояў.
Галоўнымі ж героямі рамана выступаюць Зазыба і Чубар – у нечым блізкія, але больш – розныя. Яны паказаны ў руху, увесь час мяняюцца то марудна, то дынамічна, але згодны ў галоўным – непрыняцці вайны як з’явы катастрафічнай, трагедыйнай. Дзяніс Зазыба адганяе на ўсход статак калгасных кароў і вяртаецца назад да сваіх аднавяскоўцаў і аднадумцаў. Ён жа быў доўгі час старшынёй калгаса, цяпер – намеснік, а старшынёй заступіў Радзівон Чубар, якога яшчэ ў трыццаць трэцім годзе, пасля заканчэння курсаў савецкіх і партыйных работнікаў, прыслалі сюды. Пабыўшы на розных кіруючых пасадах у Крутагор’і, раённым цэнтры, Чубар згадзіўся стаць старшынёй верамейкаўскага калгаса.
«У Верамейкі немцы чамусьці не спяшаліся, і непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах. Амаль паўтараста двароў – па шнуравой кнізе дакладна сто сорак тры – патаналі ўначы, прыслоненыя да лесу, які ледзь не палохаў сваёй густой, нібыта чорная воўна, цемрай. Лес гэты ішоў сюды ад самай Бесядзі, што падзяляла мясцовасць на лясную і бязлесную. Да лясной належалі і Верамейкі».
Тут прыведзены дзве-тры фразы пра тую мясціну, дзе разгортваюцца падзеі рамана, і ўжо лёгка ўлоўліваецца асабовы пачатак, грунт, на якім аўтар бярэцца выбудоўваць свой першы раман. Усё рэалістычна, усё індывідуальна, хоць і набліжана да Коласавай прозы. Набліжана, але не атаясамліваецца. «Школа» адна, але «плынь», «рэчышча», «скіраванасць» адметныя, бо вучань ніколі не паўтарае геніяльнага настаўніка, не бярэ «на пракат» этычныя і эстэтычныя погляды, а толькі кіруецца ў сваёй практыцы сходнымі прынцыпамі ўзнаўлення жыцця – прадметная дакладнасць заўважанага краявіду, глыбінны паэтычны пафас захаплення ўбачаным і гістарычная абумоўленасць успрьшання часу. Пісьменнік, ідучы ў фарватэры традыцыйнага, класічнага адлюстравання прыроды, усё-такі імкнецца выявіць сваё бачанне, скарыстаць уласнае сілавое поле, каб дасягнуць найвышэйшай адпаведнасці вобраза і рэчаіснасці, якая не канчаецца на прыступцы вонкавага падабенства, а дае прастору для творчага пошуку глыбіннага (падтэкставага) зместу,
Маральны (нораўны) вопыт Вялікай Айчыннай вайны – прадмет мастацкага даследавання ў творах I. Чыгрынава. Ён выразна акрэслены ў апавяданнях, яшчэ выразней – у раманах. Было б непапраўнай памылкай бачыць у творах гэтага празаіка-аналітыка толькі ўзнаўленне жывой рэальнасці вайны, яе канкрэтнай штодзённасці. Яна ёсць, але толькі ў той меры, якая пасабляе паказаць усебакова народны подзвіг, раскрыць сацыяльныя і маральныя перамогі на цяжкіх і доўгіх дарогах вайны, узнавіць ідэйна-маральныя вытокі тых жорсткіх выпрабаванняў, што выпала перанесці цэлым пакаленням. Адметную якасць ідэйна-маральнага клімату ваеннага ліхалецця выразна адчуваеш, чытаючы раманы I. Чыгрынава – гэта перш-наперш перажыванні тых, хто апынуўся ў стане вайны незалежна ад таго, дзе гэта здарылася, – на фронце, сярод партызан, ці проста ў варожым тыле, пачуццё асабістай адказнасці за лёс народа, краіны, рэспублікі, акупіраванай ворагам.
Сочачы за паводзінамі галоўных герояў чыгрынаўскіх раманаў – Зазыбы і Чубара, увачавідкі бачыш, якім шляхам ідзе ў аўтара працэс заглыбленага пранікнення ў абставіны часу, з якой ступенню псіхалагічнай даставернасці раскрываецца душэўны стан і паводзіны герояў у звыклых і экстрэмальных умовах ваеннай рэчаіснасці.
Зазыба – патомны земляроб, здаецца, усімі каранямі сваёй душы ўрос у матухну-зямлю, якая з чалавекам ад нараджэння да апошніх дзён жыцця на ёй. Здаецца, з самых недаступных нетраў глыбінных сіл умее Дзяніс Зазыба здабыць самае трапяткое, самае кранальнае, зразуметае і пачуццём праўды сагрэтае слова. «Хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае» – гэты, падказаны народным вопытам закон жыцця ў часіну вялікай небяспекі для радзімы бярэ чалавек на ўзбраенне, ім кіруецца ў помыслах і дзеяннях, што так неспадзявана выніклі. Зазыба гэтым выразам парыруе просталінейныя разважанні Чубара наконт далейшых захадаў чалавека, які апынуўся сам-насам з нелюдзямі, што ўзнялі свой крывавы меч над цэлым народам. «Той, хто па-сапраўднаму любіў савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно ўзняўся з месца і паехаў». Сама лексіка грувасткая, рэгламентаваная загадам звыш, падкрэслівае ў чалавеку асабістую спасцярожлівасць, нават страх за выключнае існаванне тых, каго вышэйшыя ўлады прыставілі кіраваць астатнімі, працоўным людам, што жыў з мазаля.
Сярод людзей працы пісьменнік вылучае для паказу тых, можа, непрыкметных сваімі ўчынкамі, людзей, на якіх, аднак, трымаецца справядлівы і ўстойлівы свет. Думкаю пра будучыню прасякнута ўся плынь раманаў, пачынаючы з адведзін парадзіхі («Плач перапёлкі»), з таго эпізода, дзе над «забітай ласіхай… стаяла ласянё. Яно, можа, нават не разумела яшчэ, што здарылася». Так урываецца ў раманічную плынь жахлівая думка пра дзяцей, сваіх і чужых, якія даверліва спяць пад дамоклавым мечам вайны.
Нораўныя, маральныя параметры ў аўтара раманаў пацвярджаюць неаспрэчную думку пра тое, што ў вайну дзеці былі побач з дарослымі, і ў сне і наяве, выпрабоўваючы з пэўнай «мужнасцю» ўвесь цяжар усенароднай бяды і выяўляючы свой саўдзел, скіраваны да здзяйснення сусветна гістарычнага подзвігу.
Пісьменнік бачыць жанчыну не ў «паказных» абставінах вайны, а ўсутыч з яе галоўнымі праявамі, паказвае высокамаральнай асобай, найперш як маці, працаўніцу, салдатку ці партызанку, выхавацельку нашчадкаў і, вядома ж, як верную сяброўку тых, хто са зброяй у руках змагаецца супраць ворага, каго чакае яна дома. I гэта не нейкая абагульненая маці-працаўніца, а кожная ў ярчэйшых праявах свайго характару (адважная Дуня Пракопкіна, ціхманая Роза Самусёва, маўклівая Марфа Зазыба, шчырая Ганна Карпілава).
Іван Чыгрынаў працуе ў той класічнай манеры, калі за кожным персанажам адчуваеш чалавека пэўнага рэгіёна, гэтак насычана іхняе жыццё рэальнымі фактамі, прысутнымі толькі на Магілёўшчыне, толькі ў Прыдняпроўі, а ў выніку ўзнікае тая багатая палітра фарбаў, адчуванняў, характару думання і манеры гаварэння, якую не зблытаеш ні з кім. Усе чатыры раманы (пакуль тэтралогія, бо апошняя кропка ў цэльнай задуме аўтарам яшчэ не пастаўлена!) – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны» – ствараюць уражанне настолькі шырокага, колькі і глыбіннага ўзнаўлення той вайны, якая пакуль яшчэ ў літаратуры недастаткова па-мастацку даследавана.
З’яўляліся творы эпапейныя па задуме, аднак жа прыўзнятыя на катурны вонкавай ідэалізацыі гераічнага, што прыводзіла іх аўтараў да пэўнай схематызацыі, калі для адлюстравання задумы прыцягвалася столькі абавязковага і асабліва неабавязковага матэрыялу, што пісьменнік, здавалася, вось-вось захлынецца ў ім. (Прыгадаем хоць бы працу Міхася Лынькова над «Векапомнымі днямі» ці Ільі Гурскага над раманам-хронікай «Вецер веку».) А што ўжо казаць пра чытача?!
Некаторыя даследчыкі творчасці I. Чыгрынава паспяшаліся, як мне здаецца, паставіць за аўтара кропку на мастацкім узнаўленні жыцця (падкрэсліваю – жыцця. – У.Ю.) беларускага народа ў вайну, гераічны (не па маштабу ахопу падзей, а па глыбіннай сутнасці іх) подзвіг якога прызнаны амаль усясветна. I ці варта было журналістам з «Литгазеты» прымушаць пісьменніка даваць такое банальнае «паказанне» перад чытачамі: «Усю вайну апісаць немагчыма аднаму чалавеку, а вось сказаць пра яе нешта самае важкае, самае галоўнае павінен імкнуцца кожны, калі ўзяўся за пяро». I крыху ніжэй: «Што будзе далей, вядома: Вялікая Перамога ў маі 45-га… прадаўжаць далей не мае сэнсу…».
Раман «Вяртанне да віны» напісаны і апублікаваны быў пазней таго заўчаснага інтэрв’ю; і мы ўбачылі новыя цікавыя раздзелы з жыцця Верамеек. Маланкападобны паход Гітлера на Маскву прытармазіўся (а як потым стала вядома – і праваліўся!), а тым, хто астаўся пад акупацыяй, трэба было ладзіць усё тое ж, размеранае звычайна, па-вясковаму, жыццё. I мы бачым увачавідкі, як з-пад пяра I. Чыгрынава выходзяць старонкі, што ўзнаўляюць самую гарачую летнюю пару – сенакос. «Ды як касілі?! Здаецца, не паспявалі так хутка рабіць і пры калгасе», – заўважае аўтар.
I зноў сустракаецца Зазыба з Чубарам. I зноў спрачаюцца, высвятляюць адносіны, абменьваюцца навінамі, разважаюць.
I зноў новыя здарэнні ў Забесяддзі. Абстралялі сенажаць з людзьмі, дзецьмі. Забілі сына паліцая. Чубар трапіў у палон. Сцэнай допыту бургамістрам Чубара адкрываецца яшчэ адна старонка рамана. Допыт безвыніковы. Тады нямецкія ўлады прапануюць Чубару аблёт на самалёце, каб ён паказаў з вышыні лёту «размяшчэнне партызанскага атрада Нарчука… Ад таго, якую паслугу вы акажаце нямецкаму камандаванню, будзе залежаць ваша жыццё. Такім чынам, ваш лёс у вашых руках. Думайце, пакуль ёсць час».
Выдаць партызанскі атрад? На такое Чубар не можа ісці. «Трымаючыся правай рукой за поручань, які хутчэй нагадваў звычайную жалезную скабу, Радзівон падняўся з лаўкі, стаў супраць расчыненых дзвярэй, нагнуўся і паляцеў уніз…»
Вось на такім інтрыгуючым шматкроп’і спыняецца, па сутнасці, праца над раманам. Ці надоўга? Тут ужо Богу вырашаць: дасць аўтару сіл – інтрыга будзе раскрыта далей. Не… Тады можна будзе лічыць працу над вялікім, самабытным, па-свойму арыгінальным творам спыненай. Але ж варта прадаўжаць! Бо наперадзе – самы разварот падзей за выратаванне роднай Беларусі, ад чаго будзе залежаць і лёс яе дзяржаўнасці.
А пакуль Івана Чыгрынава запаланіў тэатр. Ен меў ужо нейкую практыку супрацоўніцтва з беларускім кіно, калі разам з Іванам Новікавым стварыў сцэнарый мастацка-дакументальнай стужкі «Руіны страляюць» (пра акупаваны гітлераўцамі Мінск), якая атрымала Дзяржаўную прэмію БССР. Беларуская рэжысура звярнула ўвагу на драматургічны талент гэтага пісьменніка і запрасіла папрацаваць для нацыянальнага тэатра.
П’еса «Свае і чужыя», напісаная паводле раманаў у жанры двухчасткавай драмы, прынесла аўтару поспех і стала як бы разведкай тэатральнай сцэны. Пісьменнік убачыў сваю задачу не толькі ў тым, каб узнавіць рэальнасць вайны ў яе шматстайнасці, складанасці і неадназначнасці, а перш-наперш асэнсаваць, вытлумачыць неардынарнасць ваеннага ліхалецця, што абрынулася на Беларусь. Трэба было памагчы гледачу праз асабістыя пачуцці і перажыванні, закладзеныя ў кожным з персанажаў, даследаваць за сцэнічны прамежак часу сапраўдны характар чалавека ў вайну і на вайне. Гэта магчыма толькі тады, калі аўтар звернецца да ўнутранага жыцця герояў сваіх раманаў, да рухаў чалавечай душы. Духоўная атмасфера вайны праз перажыванні асоб – вось што трэба было тэатру, і пісьменнік выдатна справіўся з гэтай задачай.
Чыгрынаву захацелася працаваць для сцэны і далей, бо ён неяк з першых крокаў супрацоўніцтва адчуў адметныя магчымасці тэатра выразней выяўляць аўтарскую ідэю. Тэатр здольны жыва паказаць факт рэчаіснасці (гістарычнай ці сённяшняй) з розных бакоў (праз кола асоб, жыва ўвасобленых на сцэне) і, адкрыўшы счапленне шматлікіх фактаў, стварыць цэласнае ўражанне росту на вачах вобраза, у якім заключана галоўная ідэя аб далучанасці чалавека да агульнанароднай справы.
Найбольш яскрава талент «драматычнага псіхалагізму» I. Чыгрынаў выявіў у п’есе «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», пазначанай аўтарам як аповесць для тэатра. Арыгінальная адзнака жанру (як некалі была ў рускай літаратуры «Аптымістычная трагедыя» Ус. Вішнеўскага, вынесеная ў загаловак), прыкмета нечага няпэўнага. Калі гаварыць па-бытавому, «усяго патроху». Праўда, у «Дзіваку з Ганчарнай вуліцы» ёсць характэрная для чыгрынаўскай прозы запаволеная апавядальнасць. Але ж падначаленая сцэнічнай дынаміцы, узгодненая з псіхалогіяй глядацкага ўспрымання, п’еса выглядае грунтоўным сцэнічным творам.
Мабыць, вобраз Дзмітрыя – сына Ляксеіхі найперш вабіць навізной з’яўлення. Неяк неспадзявана, пасля адсідкі «з астравоў на Поўначы», або як да вайны казалі – «пасля Салаўкоў» – прыязджае ён дамоў. Адсідка не вынішчыла той «памяркоўнасці», з якой беларус нарадзіўся і якая яго суправаджае праз гады. Ён і цяпер працівіцца, калі ўсё тлумачаць толькі вайной, кідаючы сваё сумненне адкрыта катэгарычна: «вайна… як быццам гэтым і праўда можна ўсё растлумачыць… А тое, што ў гэтым адступленні жалезнай заканамернасці няма… Гэта значыць, маглі немцы наступаць, маглі і мы. Тады і ноша была б лягчэйшая». Так спакваля раскручваецца тая спружына, якая рухае сюжэт усёй драмы.
Па сваёй творчай, ды і чыста чалавечай натуры I. Чыгрынаў – мастак няўрымслівы. Нават калі звяртаецца да вельмі даўняй гісторыі Беларусі, да яе вытокаў (а гэта цяпер модна!), застаецца верным сучаснасці ў шырокім разуменні гэтага слова. Пра далёкае мінулае беларускага народа, пра вытокі роднай Беларусі і, наогул, беларускасці, можна і трэба пісаць з пазіцыі набытага пісьменнікам творчага вопыту, скіраванага душой да ўзнаўлення вялікага гістарычнага скарбу нашай Бацькаўшчыны. Гісторыя не надта ашчаджала Беларусь ад самых дзён Полацкай зямлі, калі там гаспадаравала княгіня Рагнеда з сынам Ізяславам, і да нашых дзён. Як прароча і сёння гучаць словы вялікага князя Уладзіміра, сказаныя ў Кіеве Ізяславу: «Запомні, сын: даўняе прайшло, за яго больш не трымайся, цяпер будзе ўсё новае; мы былі пагразнулі ў цемнаце і грахах; цяпер наблізілася да нас выратаванне, ноч прайшла, а дзень наблізіўся». Хіба не прарочыя словы ў вуснах князя?! Гэта з драмы «Звон – не малітва».
Пісьменнік даўно збіраўся напісаць раманы пра даўніну, калі закладваўся трывалы падмурак незалежнасці гарадоў беларускіх, зямлі Беларусі. I вось адна за адной з’явіліся не раманы, а п’есы. Так распарадзіўся талентам пісьменніка час. А ён – вялікі суддзя. «Следчая справа Вашчылы» – вынашаны пісьменнікам твор ці не з гадоў яшчэ ўніверсітэцкай навукі.
Змаганне за свабоду і незалежнасць беларускай зямлі ўзрастала з кожным новым стагоддзем і, неаднойчы, узнімалася да свайго апагею. Неаднойчы I. Чыгрынаў браўся за пяро, каб даследаваць ідэйныя і нораўныя вытокі гераізму, раскрыць псіхалогію подзвігу, багацце душы воіна, што адважыўся на смерць у імя найвышэйшых вартасцей чалавека, народа. Кожны раз пісьменнік пакідаў свой адметны след у літаратуры: ці то былі раманы, ці пазней – п’есы. I кожны раз – з поспехам. Драма «Следчая справа Вашчылы» падрыхтавана ледзь ці не ўсім сталым жыццём пісьменніка. Ну і, вядома, павышанай у апошні час і ўстойлівай цікавасцю чытача (гледача) да адраджэння сваёй гісторыі, каб адчуць шырыню і глыбіню існавання нацыі праз усю гісторыю нашага быцця і пашукаць адказы на вострыя сённяшнія пытанні.
Сёння, калі незалежнасць Рэспублікі Беларусь становіцца адчувальнай явай, вельмі важна раскрываць усё новыя духоўныя і нораўныя багацці, якія беларускі народ выхаваў у сабе і нясе іх наступным пакаленням. Цяпер, калі Беларусь сапраўды займае свой пачэсны пасад між народамі, вельмі важна стварыць літаратуру, якая была б на самай справе мастацкім даследаваннем розных бакоў нашай дынамічнай рэчаіснасці. Мы на змене стагоддзяў, мы вядзём перабудову ўсяго ладу жыцця і спадзяёмся на нашых выдатных творцаў, што гэтая змена вехаў у складаным жыцці народаў усёй планеты будзе заўважана і беларускімі мастакамі слова ды засведчана з пэўным заглыбленнем у гісторыю свайго народа, з найшчырэйшай зацікаўленасцю яго сённяшнімі справамі.
Варта спадзявацца, што гэта будзе здзейснена і з дапамогай прызнаных светам майстроў беларускай мастацкай літаратуры. Сярод іх будзе далёка бачна святло запаленага больш за трыццаць гадоў таму назад Іванам Чыгрынавым маяка, каб асвятляць нязгасную, адкрытую кнігу жыцця беларускага народа і ў наступным тысячагоддзі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Валянціна Локун
Творчасць таленавітага пісьменніка, яго індывідуальны стыль – гэта мастацкая заканамернасць, якая праяўляецца кожны раз канкрэтна ў асобным творы, з улікам творчай індывідуальнасці аўтара, своеасаблівасці жыццёвага матэрыялу, што ляжыць у аснове твора, з улікам ідэйна-мастацкай задачы, якая вызначае і асноўны пафас апавядання. Індывідуальны стыль кожнага пісьменніка – гэта яшчэ і гісторыя яго станаўлення. Іван Чыгрынаў прыйшоў у вялікую прозу, маючы ў сваім актыве два зборнікі апавяданняў («Птушкі ляцяць на волю» – 1965, «Самы шчаслівы чалавек» – 1967).
Малая проза I. Чыгрынава дае ўсе падставы гаварыць пра пісьменніка як пра апавядальніка з эпічным светаадчуваннем, з эпічным бачаннем і ўспрыманнем. Суб’ектыўнасць «малой» прозы, яе лірызацыя носіць характар больш фармальны, знешні (можна наглядаць частыя звароты да «я-формы», замалёўкі прыроды і г. д.). Унутрана пісьменнік заўсёды імкнуўся да аб’ектыўнасці, канрэтнай бытавой дэталі, размеранага рытму, спакойнай, эпічнай інтанацыі, падкрэсленага празаічнага малюнка: «Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой. Вада ў адным вядры была халодная – мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся. Ён пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы, і ўвесь час адчуваў, як паступова астывала нутро», – так пачынаецца апавяданне «Ішоў на вайну чалавек». У такім жа ключы аўтар будзе развіваць апавяданне і далей, падкрэсліваючы будзённасць сітуацыі: вайна ідзе даўно, і ад’езд на фронт яшчэ аднаго селяніна не з’яўляецца з’явай выключнай. Гэта хутчэй неабходнасць, якая даўно і глыбока асэнсавана самім героем. Для Ігната вайна перш за ўсё праца, хай і вельмі цяжкая, звязаная з вялікай рызыкай для жыцця. Хоць якраз пра смерць чамусьці зусім не думаецца герою, ён увесь у мірных клопатах – пра сям’ю, пра справы ў калгасе…
Такім жа аб’ектыўным і падрабязным будзе аўтар і ў апісанні сельскага ландшафту. Чытаем апавяданне «Ці бываюць у выраі ластаўкі?»: «Возера ўжо блішчыць паміж чэзлых соснаў, што растуць на качкаватай імшары, якая цяпер, увосень, зноў набрыняла, стала мокрай і слізкай. Застаецца яшчэ прамінуць гатку, каб выйсці на сухую траву, засланую апалым лісцем. Там дарога губляецца ў маладым ельніку, які падступае да самых каляін. Скрозь на пасівелых яловых галінах вісяць пасмы пажоўклае асакі, нацярушанай яшчэ ўлетку, калі вазілі з расцяробаў сена. Сям-там калышацца пакулле павуціння, на якім нібы застылі, як вішнёвая смала, кроплі парудзелай дажджавой вады».
Аб прынцыпе аб’ектыўнасці як неад’емнай рысе кароткага апавядання добра сказана ў пісьме А. Чэхава да А.С. Суворына. Гаворка ідзе пра апавяданне «Злодзей»: «Канешне, было б прыемна сумяшчаць мастацтва са споведдзю, але для мяне асабіста гэта надзвычай цяжка і амаль немагчыма па ўмовах тэхнікі. Для таго каб адлюстраваць канакрадаў у сямістах радках, я ўвесь час павінен гаварыць і думаць у іх тоне і мець адчуванне ў іх духу. Інакш, калі я дабаўлю аб’ектыўнасці, вобразы расплывуцца, і апавяданне не будзе такім кампактным, як належыць быць усім кароценькім апавяданням».
Своеасаблівасць «тэхнікі» чыгрынаўскага апавядання, пры ўсёй шматграннасці яго жанравых форм, нясе той адметны характар аўтарскай суб’ектыўнасці, у якой няма месца «споведзі», або, кажучы словамі Д. Бугаёва, «лабавой дэкларацыі». Суб’ектыўнасць прысутнічае ў неразгорнутым, ледзь памечаным выглядзе, які падразумяваецца, – у інтанацыі, у адценні, рытме, у пафасе, што выражае аўтарскі погляд і волю, надае зусім аб’ектыўнаму малюнку непаўторны індывідуальны і «суб’ектыўны» характар. Чыгрынаў – рэаліст, як бы пераконвае чытача ў аб’ектыўнасці, у жыццёвасці адлюстраванай з’явы праз канкрэтныя бытавыя дэталі, дакладны псіхалагічны малюнак.
Т. Шамякіна, адзначыўшы ў апавяданнях I. Чыгрынава спакойную манеру і запаволены рытм, у якім кампазіцыйная структура адпавядае логіцы развіцця сюжэта, прыходзіць да заканамернага вываду, што «такія асаблівасці стылю былі абумоўлены тым, што …у I. Чыгрынава больш пераважаў разумовы пачатак, гэта значыць свядомае, лагічнае і аналітычнае: якраз тыя якасці, якія дапамагаюць сінтэтычна схопліваць факты жыцця, якасці, характэрныя для пісьменнікаў буйнога эпічнага жанру».
У шэрагу апавяданняў – «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», «Народны камісар», «Шушанік» і іншыя – камернасць настрою, лірычныя адценні натуральна ўжываюцца з рацыяналістычнай фабульнай пабудовай. Але не гэта з’яўляецца характэрным для «малой» прозы пісьменніка. Яна вызначаецца сюжэтным рухам, сіламі якога з’яўляюцца прытоенасць і зменлівасць чалавечых пачуццяў («Дзівак з Ганчарнай вуліцы», «Ішоў на вайну чалавек», «Праз гады» і інш.). «Чыгрынава цікавіць не столькі факт сам па сабе, колькі яго змястоўная сутнасць», – чытаем у Д. Бугаёва.
Застаючыся часцей за ўсё ў рамках бытавых адносін, пісьменнік лёгка выходзіць у прастору духоўнага жыцця, імкнучыся адкрыць маральную сутнасць чалавека. У апавяданнях сакавіты бытавы каларыт, характэрнасць індывідуалізаваных галасоў персанажаў, кампактнасць дзеяння падначалены псіхалагічнаму і маральнаму канфлікту («Трэція пеўні», «Па дарозе дадому», «На пыльнай дарозе» і г. д.). Пісьменнік стварае аб’ектыўны малюнак, само пісьменніцкае «я» можна адчуць хіба што ў выбары з’яў і супастаўленняў. Асоба і суб’ектыўнасць як стылёвыя тэндэнцыі праяўляюцца часцей у тым сэнсе, што ў многіх апавяданнях выяўляюцца пачуцці, унутраны свет апавядальніка, які добра знаёмы ці ўнутрана блізкі пісьменніку («Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Адна» і інш.). I тым не менш роля і функцыі апавядальніка своеасаблівыя. «Апавядальнік у творах I. Чыгрынава – найбольш хадок, вандроўнік, пра мэту яго падарожжа пісьменнік часцей за ўсё не гаворыць. Проста чалавек аднекуль і некуды ідзе, некага сустракае… Калі апавядальнік – дзеючая асоба, дык гаворка звычайна таксама не пра яго, функцыя яго «службовая», гэта масток паміж пісьменнікам і жыццёвым матэрыялам» слушна заўважыла А. Сямёнава.
Апавяданні I. Чыгрынава вызначаюцца ўнутраным драматызмам, хоць пісьменнік і пазбягае вострых сутыкненняў, палярных душэўных станаў або якасцей. Чыгрынаўскім апавяданням уласцівы яркасць і адначасова скрупулёзнасць бытавога і псіхалагічнага малюнка. Дзеючыя асобы большай часткай – простыя вяскоўцы, але за гэтай прастатой угадваюцца моцныя, незвычайныя характары: Янка Галкоўскі – «Плывун», безыменны спадарожнік з апавядання «Выпадак у вёсцы Капранаўка», Аўгіня – «У горад» і г. д. У гэтых адносінах I. Чыгрынаў набліжаецца да В. Шукшына. У яго, як і ў В. Шукшына, адлюстраванне характараў паступова ператвараецца ў складанае «параўнанне», якое не вядзе да адназначных вывадаў, а прымушае чытача зноў і зноў задумацца адносна сапраўднага сэнсу гэтага параўнання – глыбіннай ідэі. Успомнім лепшыя чыгрынаўскія апавяданні – «Ішоў на вайну чалавек», «Бульба», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» і шукшынскі цыкл «Характары» (зб. «Характары», 1972). Малюючы галоўным чынам вясковы побыт, гэтыя пісьменнікі закранаюць розныя з’явы, фактары духоўнай атмасферы нашай эпохі.
Звернемся да апавядання I. Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек». Ігнат перш за ўсё працаўнік, вайна для яго арганічна непрымальная. Хоць ён і разумее, што ваяваць трэба. Перад самым ад’ездам на фронт Ігнат знаходзіць многа ўсялякіх недаробленых спраў у гаспадарцы, у хаце, спрабуе нешта дарабіць – ён усё яшчэ ў сялянскіх клопатах. I ад калгаснага каня адмаўляецца, ідзе пехатой у ваенкамат, бо разумее, што калгасу ў час сенакосу коні вельмі патрэбныя. У вобразе Ігната ўвасоблены рысы народнай «непрыкметнай» мудрасці, сканцэнтраванасці, «мернасці» ў пачуццях і думках. За ўсім гэтым бачыцца вялікая ўнутраная сіла. Сіла чалавека, які ўпэўнена стаіць на зямлі. Ігнат негаваркі, ён не філасофствуе, не праяўляе асаблівых эмоцый, а няспешна развітваецца з вёскай. Стыль апавядання – і ў гэтым яго вартасць – добра спалучае прастату з глыбінёй. Адсутнічае ўсялякая зададзенасць у рашэнні вобраза простага селяніна.
Чыгрынаў у сваіх апавяданнях выказаў істотныя патрэбы духоўнага жыцця простага чалавека, яго натуральнае імкненне да дабра і справядлівасці. I ўсё гэта – у складанасці і зменлівасці, у блізкасці да прыроды, да ўсяго жывога. Стыль пісьменніка мае каштоўную якасць – імкнецца да народнасці ў адлюстраванні характараў. Усё больш спалучаючыся з прынцыпам эпічнасці ў адлюстраванні «масавага быту» (Я. Эльсберг), ён не мог не прывесці да «разбурэння» жанравых форм. Прозе I. Чыгрынава стала «цесна» ў рамках апавядання, патрабавалася іншая, больш ёмістая, больш маштабная форма рамана. Адлюстроўваючы з’явы, у якіх паказваецца народ як актыўная гістарычная сіла, што валодае сваім успрыманнем свету, стыль I. Чыгрынава патрабуе разгорнутага адлюстравання гістарычнага дзеяння народа і выражэння «думкі народнай». Гэтаму садзейнічала і тэма, якая ўсё больш прыцягвала да сябе пісьменніка, – тэма Вялікай Айчыннай вайны, перыяд бурнага росту і ўмацавання патрыятычнай самасвядомасці народа.
Творчасць пісьменніка заглыбляецца сваімі «каранямі ў тоўшчу шырокіх працоўных мас» з тым, каб аб’яднаць пачуцці, думкі і волю гэтых мас. Ствараюцца ўмовы для мастацкага сінтэзу светаўспрымання пісьменніка і народа, сумяшчэння гэтых пунктаў погляду. «Матэрыялам стылю» ранняй прозы I. Чыгрынава аказаўся не столькі быт (хаця і быт таксама), колькі гістарычнае бьіццё народа. У далейшым пісьменнік ставіць задачу адлюстраваць народ беларускі і ў якасці «суб’екта» быцця, і як носьбіта пэўнага пункту погляду, суб’екта пазнання. «Думка народная» паўстае ў трылогіі – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» – як суб’ект пазнання. Яна ж становіцца істотным формаўтваральным пачаткам, які арганізуе асноўную пазіцыю твора, яго стылёвую структуру і моўныя формы выказвання. Проза I. Чыгрынава, адчуваючы «ўварванне» гістарычнай рэчаіснасці, звяртаецца да дакументалізацыі апавядання. А ў апошняй кнізе трылогіі пісьменнік адкрыта будзе цытаваць гістарычныя дакументы з мэтай наблізіць апавяданне да форм, найбольш блізкіх самому жыццю. Такім чынам, стыль I. Чыгрынава набывае шырыню, становіцца многаахопным, ён знітоўвае патокі народнага жыцця адзінай мерай быцця, усеагульнай сувяззю з’яў – ад гістарычнага і сацыяльнага да інтымна-псіхалагічных рухаў чалавечай душы. Проза шукае форму, якая гарманічна спалучае ў стылі адзінства пазіцый мастака і народа.
Ужо ў апавядальнай манеры кароткіх апавяданняў бачылася адзінства, сінтэз народных галасоў. Гэта вызначала своеасаблівасць чыгрынаўскага стылю, надавала яму эпічнае гучанне. Цікавыя назіранні самога пісьменніка пра ўзаемасувязь народнасці і эпічнасці, народнасці і эпапейнасці. Эпапея, на думку I. Чыгрынава, «гэта народ… каб паказаць народ, каб паказаць такія вялікія падзеі, як рэвалюцыя, вайна, патрэбны вялікія формы». Вялікі эпічны раман – гэта апавяданне пра лёс народа ў драматычныя эпохі. Мэта такога рамана – адлюстраваць сапраўдныя падзеі ў іх гістарычнай паслядоўнасці, раскрыць прамую сувязь асобы і гісторыі, перадаць сапраўдны сэнс эпохі праз лёс асобнага чалавека. Адсюль і сюжэт, ён ствараецца як бы з «двух сюжэтаў» (А. Бачароў) – «сюжэта асабістых лёсаў і гістарычнага».
«Агульнанародная вайна, – чытаем у Бялінскага, – якая абудзіла, выявіла і напружыла ўсе ўнутраныя сілы народа, якая склала эпоху ў яго… гісторыі і мела ўплыў на ўсё яго наступнае жыццё, – такая вайна ўяўляе сабою пераважна эпічную падзею і дае багаты матэрыял для эпапеі». Вядома, гэта зусім не азначае, што тэма Вялікай Айчыннай вайны патрабуе толькі эпапеі, яна добра рашаецца і ў другіх жанравых формах. Гаворка ідзе аб праве на існаванне вялікага рамана ў сучаснай літаратуры.
Спробу зрабіць максімальна дэталізаваны разрэз сацыяльных слаёў грамадства можна ўбачыць у «Векапомных днях» М. Лынькова, у «Буры» I. Эрэнбурга. У розныя месцы ўсенароднай барацьбы пераносяць чытача I. Мележ («Мінскі напрамак»), А. Кулакоўскі («Расстаёмся ненадоўга»). У гэтых творах бясспрэчныя намаганні пісьменнікаў перадаць гістарычную панараму.
Да вялікага эпічнага рамана нашых дзён патрабаванні больш складаныя, яму патрэбны перш за ўсё эпічныя характары, якія «канцэнтруюць у сабе асноўныя рысы, асноўныя якасці народнага характару, паказваючы, як выяўляюць яны [характары] сябе і як змяняюцца ў ходзе падзей», – заяўляе А. Бачароў. У яго ж чытаем далей: «Эпічнасць [у савецкіх раманах пасляваеннага часу] узнікла дзякуючы таму, што асноўным іх героем з’яўляецца народ, тыя вобразы, якія ўвасабляюць думкі, пачуцці народа, яго веру ў непазбежнасць перамогі светлых сіл над цёмнымі».
Звернемся да першай кнігі чыгрынаўскай трылогіі-рамана «Плач перапёлкі». Пісьменнік імкнецца да ўнутрана аднароднай апавядальнай структуры, якая сваім моўным каларытам збліжаецца з народнай апавядальнай манерай. Менавіта на аснове спалучэння моўных стыхій – народнай і літаратурнай – узнікаюць вобразная глыбіня апавядання і яго эмацыянальная энергія.
Ідуць першыя і самыя трагічныя месяцы вайны. Адступленне нашых войск, прыход немцаў, арганізацыя партызанскага руху – усё самае істотнае, што адбываецца ў Верамейках і акрузе, праходзіць праз свядомасць народа і адлюстроўваецца ў патоку думак галоўных герояў.
Адна з адметных рыс прозы I. Чыгрынава – у ёй вельмі мала падзейнага дзеяння, яно перадаецца галоўным чынам праз успрымальную свядомасць народа з дапамогай «галасоў» дзеючых асоб, якія ствараюць эфект народнага шматгалосся. У першым рамане трылогіі «Плач перапёлкі» многагалоссе мае два цэнтры – дыялагічны і харавы. Дыялагічны цэнтр амаль заўсёды выяўляе палеміку (Зазыба і Чубар, Зазыба і Масей, Зазыба і Кузьма Прыбыткоў), стракатасць пазіцый персанажаў, якая даходзіць да палярнасці (Зазыба і Брава-Жыватоўскі). Харавы прынцып адлюстравання «думкі народнай» пранікае непасрэдна ў моўную сферу галасоў персанажаў. Стылёвы пласт «харавога» выражэння галасоў персанажаў стварае зборны вобраз народа, вобраз калектыўнага героя, «чалавека масы» (М. Горкі). Гэты пласт разам з дыялагічным выконвае значную мастацкую функцыю арганізацыі народнай эпічнай пазіцыі ў ацэнцы падзей.
Трэба адзначыць, што ідэйная нагрузка на гэтыя два цэнтры ў працэсе развіцця стылю пісьменніка будзе змяняцца. Роля дыялагічнага цэнтра значна ўзрасце ў трэцяй кнізе трылогіі «Свае і чужынцы». Гэта звязана, пэўна, з тым, што самі дыялогі як вядучае звяно структурнай арганізацыі стануць не толькі больш распаўсюджанымі, але і больш гучнымі і вострымі. Прыгадаем дыялог Дзяніса Зазыбы з сакратаром падпольнага райкома партыі Касьянам Манько або размову Масея Зазыбы з Алесем Астрашабам. Ім уласціва выключная вастрыня думкі.
Слабая напоўненасць падзейнага дзеяння кампенсуецца дзеяннем унутраным, псіхалагічным. Пісьменнік шукае і выяўляе скрыты выток, які стане неўзабаве вытокам дзеянняў фізічных, сілы і моцы барацьбы народнай. Адсюль і своеасаблівасць кампазіцыйнай пабудовы, калі, на думку А. Яскевіча, «рад супастаўленняў, дэталяў, сцэн, эпізодаў, суіснуючы разам з дзеяннем псіхалагічным, раскрывае ідэйную дамінанту твора». Пры гэтым, працягвае далей крытык, фабула твора аказалася настолькі скрытай, прытоенай недзе на глыбіні, што яна перастала быць вядучым элементам кампазіцыі.
Пісьменнік глядзіць на чалавека, на свайго героя, не столькі «звонку», фіксуючы кожны рух, жэст, рэпліку, але перш за ўсё знутры, са сферы жыцця, што сфарміравала яго светаўспрыманне, яго духоўныя і маральныя погляды. Пры гэтым ён не вылучае падзей і дзеючых асоб «з агульнага патоку жыцця», а, паглыбляючыся ў яго, бачыць у героях арганічную частку гэтага патоку. Яго герояў, верамейкаўцаў, проста нельга ўявіць без канкрэтнага асяроддзя, без таго ўкладу працоўных, сямейных і нават суседскіх узаемаадносін, які склаўся на дадзены момант. I тут пісьменнік не імкнецца быць лаканічным, а хутчэй, наадварот, нагружае апавяданне дэталізацыяй, уводзіць аб’ёмныя экскурсы ў гісторыю сяла, вуліцы, даводзячы апавяданне аж да гісторыі бабінавіцкай царквы, «гісторыі» пня, што стаіць у лесе, і г. д. Амаль кожнаму персанажу даецца біяграфічная даведка.
Раман I. Чыгрынава – гэта перш за ўсё грунтоўна, старанна выпісаныя характары беларускага сялянства. Галоўныя героі тут субстанцыянальныя: яны выступаюць прадстаўнікамі сваёй нацыі, усяго беларускага народа. Жыццёвы шлях Дзяніса Зазыбы, Парфена Вяршкова, Кузьмы Прыбыткова, верамейкаўскіх жанчын суаднесены з дынамікай нацыянальнага жыцця. Сэнс трылогіі і заключаецца ў мастацкім даследаванні сувязі чалавека і народа – сувязі складанай, багатай.
Дзяніс Зазыба – «якасна новы тып чалавека з народа. Ён увасабляе тую сілу, якую прынеслі ў народ бальшавікі». Увасабляючы ў сабе лепшыя рысы рэвалюцыйнага асяроддзя, Зазыба не раствараецца ў масе, а выступае асобна, як яе прадстаўнік, як сын свайго часу, сын эпохі.
Развіццё вобраза Зазыбы ідзе галоўным чынам паралельна вобразу Чубара. Тут усе акцэнты расстаўлены з найбольшай выразнасцю, героі разведзены на супрацьлеглыя полюсы. Іх адносіны зводзяцца да супрацьстаяння і аддалення, але, адначасова, падспудна, ідзе складаны працэс «прыцяжэння» Чубара да Зазыбы, унутраная арыентацыя старшыні на свайго намесніка. У сувязі з гэтым у рамане «Плач перапёлкі» ўзнікаюць дзве апавядальныя лініі. Адна з іх звязана з вобразам Зазыбы, другая – з ідэйнымі пошукамі Чубара.
Ідэйная пазіцыя гэтых людзей добра акрэсліваецца ўжо ў першапачатковым дыялогу, калі Зазыба вяртаецца ў Верамейкі пасля здачы калгасных кароў. Абодва яны разумеюць, што будзе барацьба, і абодва ўнутрана гатовы да яе, але метады і формы гэтай барацьбы бачацца імі па-рознаму. Чубар увесь ва ўладзе папер, інструкцый, ён сляпы іх выканаўца. Зазыба ж прыхільнік удумлівых, крытычных адносін да ўсялякіх пастаноў і рэкамендацый. «Да ўсяго з галавой падыходзіць трэба» – гэтыя словы як найлепш вызначаюць сялянскую натуру Зазыбы. Чубар літаральна ўспрымае ўрадавую дырэктыву аб знішчэнні ўсяго, што нельга адправіць у тыл, у тым ліку і хлеба, які не паспелі сабраць з поля. Зазыба ж пры гэтым думае перш за ўсё аб людзях, таму што не хто-небудзь, а свае верамейкаўскія жанчыны і дзеці застануцца без хлеба. «Людзі ж астануцца на гэтай зямлі. Ім жа есці патрэбна нешта будзе?» – пытае ён у Чубара. Канфлікт, які ўзнікае паміж Зазыбам і Чубарам у пачатку першага рамана, скончыцца поўным паражэннем Чубара ў другім рамане «Апраўданне крыві». Затым у «Сваіх і чужынцах» пачнецца паступовае адраджэнне верамейкаўскага старшыні, вяртанне яго да людзей, да іх трывог і турбот.
Два розныя светаўспрыманні – Зазыбы, цесна звязанага з людзьмі, і Чубара, які толькі далучаецца да жыцця народа, – адкрываюцца перад чытачом у трылогіі. Але эпічная структура здаецца шырэйшай, багацейшай, яна не падпарадкоўваецца толькі логіцы «адзначанага процістаяння». Апавяданне ў «Плачы перапёлкі» (гэта датычыцца і другіх кніг трылогіі, больш складаных у кампазіцыйным плане) дзеліцца на асобныя эпізоды, хоць жыццё, што адлюстроўвае пісьменнік, пры гэтым не распадаецца на незлучальныя часткі. Чыгрынаў паказвае беларускую вёску на ўзроўні «складана-глыбокай» псіхалагічнай барацьбы-процістаяння Зазыбы і Чубара, Зазыбы і Масея, Зазыбы і Брава-Жыватоўскага, а таксама іншых нямецкіх паслугачоў, але яшчэ ў большай ступені на ўзроўні паэтычнай цэласнасці народнага быцця. Трылогія перадае адчуванне эпічнай прасторы. Апавяданне выходзіць за межы адназначных процістаянняў і рухаецца магутна, мнагаслойна. Яно асветлена вялікай гуманістычнай ідэяй – спрадвечнай любоўю селяніна да зямлі, любоўю да роднага краю. Чыгрынаўскім раманам уласціва шырокая раманная структура, дзе процістаянне Зазыбы і Чубара праяўляецца як істотная, неабходная частка, як адна з ліній развіцця эпічнага сюжэта. Вялізнае агульнае жыццё ахоплівае ўсе эпізоды – ад нараджэння дзіцяці ў Верамейках да безнадзейна хворага мужчыны ў адной з надбесядскіх вёсак.
Раман, тым больш раман эпічны, раскрывае мнагамернасць чалавека, ён дае магчымасць мастаку як бы стэрэаскапічна бачыць свет, нясе магчымасць для шматбаковага адлюстравання чалавечых адносін. Пры ўсёй сацыяльнай дэтэрмінаванасці характару Зазыба аказаўся па-свойму складаным і супярэчлівым. Невыпадкова аўтар дае яму мноства характарыстык. Суб’ектыўныя характарыстыкі ад персанажаў спалучаюцца з аб’ектыўнымі і самахарактарыстыкай. Вось што гаворыць пра яго Брава-Жыватоўскі: «О-о не, Зазыба, ты не сапраўдны камуніст. Ты дзесяць разоў азірнешся, перш чым зробіш што». I далей: «Ты вочы замазаў усім… Асабліва верамейкаўцам. Як жа, герой! Перад начальствам нават за каго не баішся пастаяць. Таксама пакладзісты. Людзей нібыта шкадуеш. Разумееш, што селянін – тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай. Адным словам, разумны гаспадар на зямлі. Думаеш, я не ведаю, што цябе зачапіць нават цяпер нельга? Ого, паспрабуй толькі, дык нажывеш сабе ворагаў, бадай, у кожнай верамейкаўскай хаце». Як бачым, нават праціўнікі Зазыбы бачаць у ім не толькі разумнага гаспадара (а для вясковага чалавека гэта вышэйшая пахвала), але і выразніка інтарэсаў сяла, яго заступніка.
У «Апраўданні крыві» суб’ектыўныя характарыстыкі будуць развівацца. Чубар, напрыклад, адзначыць у Зазыбы своеасаблівую «маруднасць», якая заўжды злавала старшыню, але менавіта ў ёй, «у гэтай непаспешнасці, была сталая паважнасць… якая ўсё ж адпавядала і паводзінам таго на кожны дзень, і рухам, і, нарэшце, што галоўнае, усёй Зазыбавай сутнасці як чалавека».
Словы Чубара могуць разглядацца як ключавыя пры вызначэнні рытму вобраза Зазыбы. Гэтая «непаспешнасць» уласціва і словам Зазыбы, і яго ўчынкам, і рухам. Былы шчорсавец, ён глыбока верыць у свой народ, у неадольнасць яго духу. Застаўшыся на акупіраванай ворагам тэрыторыі, Зазыба ўнутрана гатовы да барацьбы. Ён добра ўсведамляе непазбежнасць такой схваткі, але перш чым узяцца за зброю, для гэтага чалавека неабходна ўзважыць усе «за» і «супраць», вызначыць канкрэтную форму супраціўлення ворагу, таму што «любая вайна перш за ўсё кроў людскую п’е і жыцці чалавечыя забірае», – заяўляе ён у гутарцы-палеміцы з Кузьмой Прыбытковым. «…Разважлівы чалавек, якому мала аднаго схопленага, краем пачутага, яму неабходна ўнікнуць у сутнасць справы, каб зразумець, а тады рабіць вывады», – гэта аўтарская характарыстыка. Сутнасць характару Зазыбы ў цвёрдай пераконанасці, няўступлівасці там, дзе гаворка ідзе аб галоўным, аб тым, што найбольш дорага яму як камуністу. «Святы чалавек у мяне бацька… За гэта я і паважаю цябе. За тваю веру, якая не дае зразумець, дакладней, прызнаць нават самае жахлівае». Гэта гаворыць Масей, сын Зазыбы, калі апошні катэгарычна адвяргае дачыненне «вышэйшай улады» да трагічных падзей другой паловы 30-х гадоў. I гэта не поза, не ўпартасць. Зазыба мае поўнае права на такое адмаўленне. Для яго Савецкая ўлада што дзіця для сваёй маці. «Я яе (уладу – В. Л.) таксама… ну калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў! Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!..» – заяўляе Зазыба-старэйшы ў палемічным парыве Зазыбе-малодшаму. Адсюль і зыходзяць «незаспакоенасць» і «непрымальнасць чужога», «фанатычная» адданасць ідэям і людзям – усё тое, што так уразіла Масея, калі ён слухаў размову бацькі з Алесем Астрашабам («Свае і чужынцы»).
Былы старшыня, як, дарэчы, і ўсе верамейкаўцы, пакуль яшчэ не «на вайне», а хутчэй «у вайне», але ён добра ведае, што вайна – не толькі «вялікая бяда», але і «час вялікага выпрабавання». Усенароднага, крывавага і бязлітаснага. Як адзін са шматлікіх «радавых герояў», Зазыба, на думку А. Бачарова, з’яўляецца прадстаўніком «тоўшчы народа». Як і Захар Дзяругін з «Лёсу» П. Праскурына або група эстонскіх камуністаў з «Адной ночы» П. Куусберга.
Аўтар вядзе свайго героя складанымі шляхамі-дарогамі, ён імкнецца як мага глыбей зразумець яго чалавечыя вартасці. Тое, што было ў патэнцыяле гэтага вобраза ў першых кніжках трылогіі, раскрываецца ў практычнай дзейнасці ў «Сваіх і чужынцах». Дзяніс Зазыба ад назіранняў і разваг, ад супраціўлення пасіўнага пераходзіць да актыўнай барацьбы з ворагам. Такому пераходу добра паспрыяла сустрэча Зазыбы з Касьянам Манько. У даверлівай, адкрытай размове Манько «доўга разважаў пра сувязі з мясцовым насельніцтвам, якія трэба неадкладна наладжваць ва ўсіх населеных пунктах раёна, пра надзейную агентуру, якая б стала слыхам і зрокам падпольнага райкома, пра групы супраціўлення ў вёсках, якія, пакуль не хапае зброі, павінны стаць асноўнымі ачагамі пасіўнага супраціўлення фашыстам…».
Дзяніс Зазыба натура цэльная, характар завершаны. Вобраз падаецца пісьменнікам у развіцці. «Як сапраўдны герой, – заўважае У. Юрэвіч, – які моцны не «ідэальнасцю», а глыбіннай жыццёвай праўдай характару, Зазыба гатовы пераацаніць свае ранейшыя спрэчкі з Чубарам, бо час настойліва ўносіў свае папраўкі і да Чубаравых максімалісцкіх захадаў «ламаць ды крышыць усё навокал, абы хоць чым нашкодзіць ворагу», і ў залішнюю… абачлівасць, празмерную стрыманасць да дзеяння».
У адрозненне ад Дзяніса Зазыбы характар Чубара развіваецца няроўна, імпульсіўна. Невыпадкова матыў блуканняў звязаны менавіта з гэтым вобразам. Чубар у «Плачы перапёлкі» ўвесь час у дарозе. Гэта, па-першае, дазволіла пісьменніку значна пашырыць «геаграфію» рамана і ўвесці дадатковыя сюжэтныя лініі – галоўным чынам Шпакевіча і Халадзілава, якія ў далейшым набудуць самастойнае значэнне; а па-другое, дало магчымасць паўней, ва ўсёй супярэчлівасці прасачыць шлях ідэйных пошукаў героя, пераадоленыя яго адчужанасці ад людзей і вяртання да іх. Чубар цалкам аддадзены агульнай ідэі барацьбы, яго жыццё – гэта жыццё для народа. У той жа час Чубар у пачатку трылогіі, у адрозненне ад Зазыбы, вельмі далёкі ад сапраўднага разумення душы народнай, а «часам ён проста забывае аб чалавеку, аб людзях у цэлым», – слушна заўважае Я. Лецка. Разуменне людзей у Чубара хутчэй абстрактнае, чым канкрэтнае – зноў-такі ў адрозненне ад Зазыбы. I ў гэтым яго бяда, яго драма, нарэшце, якую яму пераадолець вельмі цяжка.
Аўтар глыбока і грунтоўна даследуе характар Чубара, паказвае яго ўвесь час у дзеянні, у руху. Для Чубара не ўласцівы стан разгубленасці – яму ўсё ясна: калі прыйшла вайна, трэба ваяваць. Прайшоўшыся па франтавых дарогах, ён спазнаў вайну «знутры», у крыві, у смерцях, ва ўсім яе трагізме і бесчалавечнасці. Пасля сустрэчы і гутаркі з палкавым камісарам Чубар успрымае яго словы як загад і вяртаецца ў Верамейкі з мэтай арганізацыі партызанскага руху. Першыя крокі ў гэтым напрамку ён робіць вельмі няўмела, просталінейна. Сустрэўшыся зноў з Зазыбам, ужо ў якасці «прадстаўніка ад партызан», Чубар дакарае таго ў бяздзейнасці і ў лаяльнасці да новых улад, даказвае, «што на вайне трэба ваяваць». Усё як бы правільна, але ж зноў: «Перастань ты, Зазыба, гэтак пячыся пра мужыкоў! Ідзе вайна. I нам з табою зусім пра другое трэба думаць».
Зазыба спрабуе асцерагчы гарачлівага старшыню ад паспешлівасці, даказаць яму, што «пра людзей таксама трэба думаць», таму што «нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым». Слушна апелюе Зазыба да гісторыі, да асабістага вопыту: «Шчорсава войска некалі таксама партызанскім называлася адзін час, але я не помню, каб мы вось так крычалі – палі, знішчай!.. Праўда, цяпер і абстаноўка не тая. I вайна не тая. Аднак жа людзі ёсць людзі. I тады яны людзьмі былі.
I цяпер імі засталіся. I жыць яны мусіцьмуць».
Характар Чубара ў першых кніжках трылогіі досыць складаны, глыбокі. Уціснуць яго толькі ў рамкі «адмоўнага» героя нельга. Ён умее цаніць салдацкую дружбу Халадзілава і Шпакевіча, правільна ўспрымае словы палкавога камісара. Застаецца Чубар верны салдацкаму і проста чалавечаму абавязку і калі хавае незнаёмага салдата. Гэта натура супярэчлівая, у чымсьці нават багатая, здольная ў пэўных умовах шмат даць грамадству. Бяда Чубара ў тым, што ён вельмі часта пазбаўлены асабістай ініцыятывы, умення думаць глыбока, з улікам запатрабаванняў часу і другіх людзей. «Я не меншы патрыёт, чым хто іншы,– гаворыць Зазыба,– і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць». I крыху раней: «Я проста хачу разабрацца, што тут да чаго!» Вось якраз гэтага «разабрацца» і не хапае Чубару. Наперакор Зазыбе ён падпальвае калгаснае жыта і тым самым паліць апошнюю нітачку, што звязвала яго з людзьмі вёскі: не фашыстаў, а верамейкаўцаў ён пакінуў без хлеба.
Пісьменнік у «Апраўданні крыві» пакідае вобраз Чубара псіхалагічна незавершаным. Але ён, калі зыходзіць з фінальнай сцэны, павінен быў эвалюцыяніраваць: пасля зробленай начной «аперацыі» ў свядомасці Чубара нешта змянілася, пачаўся падсвядомы працэс пераацэнкі каштоўнасцей. Унутраны стан разгубленасці, няпэўнасці, сумнення ў правільнасці зробленага – гэта непрывычна для заўсёды і ва ўсім упэўненага Чубара. Мабыць, таму гэты стан і перадаецца праз дзеянне знешняе, праз незвычайнасць паводзін. «Чубар быў цалкам упэўнены, што зрабіў у Паддубішчы тое, што край неабходна было зрабіць і што ў ягоным становішчы ніяк нельга было не зрабіць. Словам, засынаючы, ён далёкі быў ад думкі, што, спаліўшы жыта, нанёс гэтым шкоду, таксама як далёкі ён быў ад таго, што на гэты конт можа быць у каго-небудзь іншая, процілеглая ад яго, думка. Аднак, нягледзячы на ўнутраную задаволенасць зробленым, спаў Чубар усё-такі дрэнна (падкрэслена мною. – В.Л.)… Найбольш, здаецца, перашкаджаў заснуць моцна адзін і той жа сон, нават не сон – звычайны кашмар… бачылася – з-пад палаючых копаў кідаліся… палявыя мышы, у якіх чамусьці былі чалавечыя голавы, і ўсе як адна падобныя на Мікіту Драніцу…»
Чубар пакуль яшчэ не ўсведамляе сваёй памылкі, але менавіта з гэтай сцэны пачнецца яго ідэйнае і маральнае адраджэнне. Праз унутраную зломленасць, праз адчужанасць вяскоўцаў, праз ідэйныя памылкі будзе ісці ён да людзей. Аўтар не спрошчвае маральных пошукаў Радзівона Чубара. Ратуючы ласяня (матыў выратавання ласяняці таксама невыпадкова звязаны з вобразам Чубара), верамейкаўскі старшыня трапляе зусім для сябе неспадзявана ў дыверсійны атрад Карханава. Сустрэчы з новымі людзьмі, асабістыя назіранні прыводзяць яго нарэшце да думкі, «што за гэтыя няпоўныя два месяцы адвык ад людзей і што яны яму нібыта ўжо ў цяжар… Чубар пачаў траціць былую сваю якасць калектывісцкага чалавека, якая скрозь выпрацоўвалася ў ім ад самое дзіцячае камуны, дзе яму прыйшлося пражыць самыя ўражлівыя гады. Тым часам сказаць, што Чубар станавіўся індывідуалістам, таксама нельга было. Проста за доўгі час сваёй непрыкаянасці… ён адвык ад людзей, прызвычаіўся глядзець на іх здалёку… і цяпер усё роўна як сыходзіўся з імі прымусова, не па сваёй волі, не мог занава знайсці кантакту».
Значную ролю ў маральным уваскрашэнні Чубара адыгралі яго размовы з камандзірам дыверсійнага атрада (раман «Свае і чужынцы»). Карханаў даводзіць верамейкаўскаму старшыні свае меркаванні пра неабходнасць захавання Савецкай улады на ўсёй захопленай ворагам тэрыторыі. У якой форме яна – Савецкая ўлада – будзе дзейнічаць, падкажуць самі ўмовы акупацыі. Але ўжо зараз, неадкладна трэба пашыраць сувязі з мясцовым насельніцтвам, рабіць гэтыя сувязі найбольш устойлівымі. Трэба выклікаць у насельніцтва давер да партызан і адначасова ў сваёй барацьбе больш абапірацца на людзей вёскі.
У Чубара пакуль няма людзей, якіх бы ён добра ведаў і якім бы давяраў, за выключэннем Дзяніса Зазыбы. Таму, ідучы ў Машавую па заданні Карханава, ён адчувае пэўную разгубленасць, нават прыкрасць на сябе, што не дачакаўся Зазыбы, а сам узяўся наладжваць сувязі з падпольным райкомам партыі. Але выпадак дапамог Чубару – па дарозе ў Машавую ён сустракае Пацюпу, які да вайны працаваў у Заходняй Беларусі ў органах Народнага камісарыята ўнутраных спраў, а зараз з’яўляўся членам падпольнага райкома…
Пасля доўгіх хістанняў, пакутлівых разваг Чубар цвёрда вырашае вярнуццаў Верамейкі, таму што «зразумеў, нарэшце, адну вялікую ісціну, пра якую раней чуў толькі ад людзей, – пах роднага дома чалавек у поўнай меры адчувае тады, калі вяртаецца з далёкага краю». Такім чынам, канфлікт паміж Дзянісам Зазыбам і Радзівонам Чубарам, які быў вызначальным у канфліктнай сістэме папярэдніх двух раманаў, прыходзіць у апошнім рамане да свайго лагічнага вырашэння. Адносіны супрацьстаяння і аддалення паступова пераходзяць у адносіны «прыцягвання». Чубар «добра ведаў, што першы чалавек у Забяседдзі, які мог дапамагчы яму выканаць заданне камандзіра атрада за кароткі тэрмін, быў Дзяніс Зазыба».
У. Юрэвіч трапна заўважыў, што «раскрыццё духоўнага руху чалавека да самога сябе, да мяжы яго найвышэйшых магчымасцей робіцца ў рамане «Свае і чужынцы» даволі паслядоўна. Пісьменнік імкнецца паказаць не героя з вялікай літары, узвышанага над масай, а самую душу народа, яго творчыя сілы, прыведзеныя ў рух гісторыяй, і даследуе іх праз станаўленне характараў. Сацыяльны чалавек як бы прырастае ў сваіх вызначальных якасцях да чалавека гістарычнага, праходзіць выпрабаванні гісторыяй, і праз яго жыццёвы вопыт выразна бачна, як гераічнае працінае нацыянальнае быццё, а сацыяльны, класавы ідэал збліжаецца з агульначалавечымі спадзяваннямі народных мас».
Пісьменнік паказвае, што верамейкаўцам цяжка рашыцца на барацьбу са зброяй у руках. I не таму, што яны змірыліся са сваім лёсам, а найперш па той прычыне, пра якую слушна гаворыць камісар атрада крутагорскіх партызан Баранаў: «Боязнь ёсць, страх – ёсць. А вось злосці, якая б ператварылася ў святую помсту, мала. I з’явіцца яна толькі тады, калі вайна нарэшце сваёй жудасцю дойдзе не толькі да свядомасці кожнага ў горадзе і вёсцы, але і закране любога ў той ці іншай ступені, стане стратай, болем і крыўдай. Тады вось пачнецца вялікае жніва».
У «Сваіх і чужынцах» пісьменнік уводзіць новых персанажаў; раскрывае характары камандзіра атрада крутагорскіх партызан Мітрафана Нарчука і камісара Сцяпана Баранава, калгасніка Васіля Пацюпы, «прымака» Палагі Хахловай Андрэя Марухіна і іншых прадстаўнікоў кагорты актыўнага супраціўлення.
Характар чалавека новай фармацыі, які абумоўлены гісторыяй нашага грамадства, праяўляецца ў раманах I. Чыгрынава не толькі канкрэтна-гістарычна, але і нацыянальна-канкрэтна. Самабытнасць форм выражэння агульнасавецкага ў яго нацыянальнай рэальнасці і індывідуальным увасабленні ляжыць у аснове непаўторнасці вобразаў Дзяніса Зазыбы, Парфена Вяршкова і іншых верамейкаўскіх жахароў, уключаючы і яркія, пластычна выпісанныя вобразы жанчын. Для I. Чыгрынава жыццё вёскі важна і цікава найперш у плане чалавеказнаўчым. Менавіта гэта дазваляе пісьменніку адлюстраваць як найглыбей духоўную сілу народа, яго спрадвечныя імкненні да свабоды, выявіць своеасаблівасць народнага патрыятызму.
«Што такое патрыятызм? Некаторым… здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў «ура!» – разважае ў адным са сваіх інтэрв’ю I. Чыгрынаў. – Не, патрыятызм у час вайны, асабліва ў час акупацыі – гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа. I вось як разумее патрыятызм народ, так і я намагаўся адлюстраваць гэта ў сваіх раманах. Бо я разумею патрыятызм гэтаксама, як разумее яго народ. Гэта з’ява глыбокая, вечная. Яна выказвае любоў народа не толькі да сваёй зямлі, але і да сваёй улады. А наш народ у вайне паказаў вялікую любоў і да сваёй роднай зямлі, і да сваёй роднай Савецкай улады. Ён не дужа крычаў аб гэтым. Ён проста супраціўляўся – актыўна і пасіўна – ворагу. Ведаў, што за Савецкую ўладу трэба змагацца, што гэта яго ўлада, і ён змагаўся».
Духоўная сіла народа, па I. Чыгрынаву, перш за ўсё ў натуральнасці паводзін, у натуральнасці і будзённасці ўчынкаў. Натуральнасць і будзённасць набываюць пад пяром пісьменніка нават з’явы надзвычайныя, выключныя. Успомнім, да прыкладу, паводзіны Парфена Вяршкова ў сцэне «на пляцу». Вяршкоў ідзе смела на заступніцтва за вар’ята Ціму. Ідзе, хоць і ведае, чым можа для яго скончыцца такое заступніцтва. I сапраўды, «жандара вывела з раўнавагі не толькі тое, што чалавек, якога злавілі салдаты ў нечым двары, аказаўся ўсяго звычайным вясковым ідыётам. Найбольш яго прывяло ў шаленства свядомае заступніцтва вось гэтага пажылога селяніна з упэўненым позіркам у вачах, дзе не было не толькі страху, а нават знаку на малейшае падлашчванне». Характэрна тое, што ў незвычайным учынку Вяршкова верамейкаўцы таксама не ўбачылі нічога надзвычайнага, больш таго, аб ім «мала хто ўспамінаў, прынамсі, геройства ў ягоным учынку верамейкаўцы не бачылі, скора вяскоўцаў хапала ўсяго на тое, каб паспачуваць Парфёну…» Гэтак жа натуральна і нават па-жаночы своеасабліва ўспрымаецца заступніцтва верамейкаўскіх салдатак за Розу Самусёву ў час паходу ў Яшніцу.
«Змест» дыктуе «форму», асноўны тон апавядання. Ён, гэты тон, у чыгрынаўскіх раманах, калі можна так сказаць, стабільна спакойны, без рэзкіх спадаў або зрухаў. Натуральна разгортваецца дзеянне ў трылогіі. Тут амаль не адчуваецца мастацкай зададзенасці, умоўнасці, пісьменнік як бы капіруе жыццёвую з’яву ва ўсёй яе паўнаце.
Першыя старонкі другога рамана. Да Верамеек набліжаецца нямецкая калона. Немцаў людзі пакуль не бачаць, таму і клопат у іх зусім мірны, усё насельніцтва выйшла ў поле дзяліць калгаснае збожжа, трэба збіраць ураджай. З раўнавагі сялян выводзіць незвычайная падзея – татарын Рахім забіў лася. Вось і сабраліся людзі, каб паглядзець на дзівоснага звера. Гэта першая масавая сцэна ў «Апраўданні крыві». Дарэчы, масавыя сцэны ў ідэйным развіцці чыгрынаўскага твора адыгрываюць важную ролю: акумуліруючы ў сабе ідэйны і псіхалагічны настрой масы, яны як бы перадаюць працэс станаўлення і сцвярджэння духоўнай стойкасці людзей. Пісьменнік кожны раз завастрае ўвагу на тым моманце, калі псіхалагічнае напружанне масы дасягае самай высокай ступені. Першая сустрэча з немцамі каля забітага лася прыводзіць сялян да замяшання, выклікае разгубленасць і нават страх: «нехта пачаў маліцца». Другая масавая сцэна сведчыць ужо аб іншым псіхалагічным стане: «Зазыба чуў, як прыглушана гаманілі вакол верамейкаўцы… але па ўсіх – і па мужчынах і па жанках – было відаць, што ранейшага страху, ранейшай утрапёнасці, якія валодалі сялянамі яшчэ зусім нядаўна, на сухадоле, цяпер не адчувалася…» У далейшым гэтая сюжэтная лінія распадаецца на дзве, і будуць яны развівацца паралельна – паездка Зазыбы ў Бабінавічы і паход салдатак у Яшніцу, у лагер ваеннапалонных. Масавыя сцэны, што ўпісаны сюды (па часе яны супадаюць), уключаюць у сябе ўжо элементы барацьбы, скрытай, унутранай і вельмі напружанай – бясслоўны паядынак Зазыбы з «немцам у цывільным», і яўнай, у форме «бабскага бунту».
Масавыя сцэны ў трылогіі I. Чыгрынава адыгрываюць і іншую ролю. Яны надаюць стылю пісьменніка «харавое» гучанне з адпаведнай «харавой» арганізацыяй. Суседнічаючы з дыялагічнай арганізацыяй, якой усё больш карыстаецца аўтар па меры напісання трылогіі, у масавых сцэнах якраз «харавая» плынь становіцца вядучай. У ёй найбольш адкрыта выяўляецца выхад да адзінай эпічнай пазіцыі. Сярод існуючых супярэчнасцей вызначаюцца палярнасці, але адначасова з гэтым раз’яднаннем пачынае фарміравацца складанае адзінства свету.
Звернем увагу на сцэну ля калгаснай стайні з «Плачу перапёлкі». Упершыню за першыя месяцы вайны сабраліся верамейкаўскія мужчыны. Унутры гэтага шматгалосся заключана спрэчка, сутыкненне пазіцый. Кантрастуюць дзве групы, на чале адной – Парфен Вяршкоў, другую вядзе Раман Сёмачкін. Вызначаючы і адасабляючы ідэалагічную пазіцыю адкрытых ворагаў і іх наймітаў, аўтар у гэтай спрэчцы ўлоўлівае інтанацыю адзінства – у поглядах, думках – простых сялян. Гумар у абмалёўцы характару Рамана Сёмачкіна чаргуецца з вострай сатырай, калі гаворка ідзе пра татарына Рахіма. Але гумар і сатыра зыходзяць ужо як бы не ад аўтара, а ад саміх сялян, таму што менавіта «хор» надзяляе характарыстыкай і Сёмачкіна, і Рахіма, і Брава-Жыватоўскага, і Мікіту Драніцу. «Хор» адасабляе сябе ад «пярэваратняў», прыходзіць да таго адзінства, што вызначае ідэйную пазіцыю Верамеек. Недавер да Рамана, калі той спрабуе апраўдаць сваё дэзерціства складанымі абставінамі ваеннага часу, змяняецца на адносіны варожасці да ўсялякай формы кантакту з новымі ўладамі, а затым ідзе плаўны пераход да новай інтанацыі – людзі забываюць і пра вайну і пра дэзерціраў: «Дак ці будзем мы сянні рабіць што ў калгасе?» – падае голас Сілка Хрупчык. I заканчваецца сцэна чытаннем даносаў Мікіты Драніцы на мясцовых актывістаў. Такія полілогі-спрэчкі, дзе кожны голас характаралагічны, хоць і выступае часам безасабова, досыць характэрныя для масавых сцэн «Плачу перапёлкі».
У «Апраўданні крыві» выяўляецца, разам з гэтай, і крыху іншая структура «хору», у ім прысутнічае «саліруючы» голас, які вядзе астатнія, збірае «хор» разам. Такім голасам, напрыклад, у сцэне раздзелу калгаснага жыта з’яўляецца голас Зазыбы, а ў час паходу салдатак у Яшніцу – Палагі Хахловай. Менавіта такая структура «хору» больш уласцівая для «Сваіх і чужынцаў», дзе «саліруюць» галоўным чынам Мітрафан Нарчук і Карханаў, а ў першай масавай сцэне – сакратар абкома партыі Маркаў.
У апавядальнай плыні I. Чыгрынава «харавы пачатак» выконвае адметную мастацкую функцыю арганізацыі народнай эпічнай пазіцыі ў ацэнцы падзей.
Думкі галоўных герояў, Зазыбы і Чубара, знаходзяцца ў складаных суадносінах гармоніі і дысгармоніі з «харавым» шматгалоссем. Калі першы стаіць больш у адносінах прыцягвання, злітнасці, непасрэдна ўдзельнічаючы ў фарміраванні, а затым і выражэнні думкі народнай, то Чубар пачынае з аддалення, адштурхоўвання ад народа – гэта прыводзіць яго да часовага, але яўнага разрыву з людзьмі. Невыпадкова калгасны старшыня нідзе не паказаны ў «кантэксце» верамейкаўскіх жыхароў. Пісьменнік свядома не дае яму голасу ў хоры. Больш таго, паказваючы працэс развіцця самасвядомасці Чубара, голасам народа вершыць суд над ім і яго памылкамі: «Каб на табе гарэла, каб на табе смылела, каб на табе курэла валоссе…» – так зусім па-жаночаму, але правільна па сутнасці «ацэньвае» Касперучыха ў «Апраўданні крыві» ўчынак Чубара (спаленае збожжа). Своеасаблівым пратэстам у тым жа рамане пранізаны і словы маленькага Міхалкі, калі ён у азарце заяўляе: «Няхай бы толькі паспрабавалі спаліць наша! (жыта. – В. Л.)». У роспачнай тырадзе Касперучыхі, як і ў наіўнай пагрозе хлопчыка, гучыць голас Верамеек, асуджальны народны голас.
У трылогіі I. Чыгрынава адзінства пазіцыі народа праяўляецца ў руху, яно па меры апавядання дынамічна нарастае і ўзмацняецца. Насцярожана прымае Забесяддзе кожнага новага чалавека, сяляне недаверлівыя. Яны яшчэ не навучыліся распазнаваць «сваіх» і «чужых», кожны жыве як бы асобным жыццём.
Звернемся да першай кнігі трылогіі: ніхто не хоча запрасіць Чубара ў хату і накарміць яго. А вось фінальная сцэна: мужчыны збіраюцца ў дарогу, камендант загадаў аднавіць мост у Белай Гліне. Эпізод характэрны тым, што тут мы бачым ужо моцную згуртаванасць вяскоўцаў. Яны не толькі адхіляюць прапанову Брава-Жыватоўскага ўступіць у паліцыю, але нават адмаўляюцца наладзіць начную варту ў вёсцы. Наглядаецца своеасаблівы рух ад распаду адзінства ў «голасе хору» да «стварэння» новага адзінства. Выяўленню духоўнай спаянасці народа падпарадкавана мастацкая арганізацыя раманаў I. Чыгрынава.
Эпічная структура праяўляецца ўжо ў першай кнізе, дзе голас народа ўключае ў сябе не толькі адносіны да той ці іншай жыццёвай сітуацыі (адносіны да дэзерціраў, якія збеглі з фронту), але і думкі сацыяльна-гістарычнага плана (адносіны калгаснікаў да раздзелу калгаснай маёмасці). У наступных кнігах гэтыя моманты будуць дапаўняцца іншымі, «голас» народа, яго ацэнка ахопяць не толькі сацыяльнае і палітычнае жыццё беларускай вёскі, але і яе маральную атмасферу.
Аўтарская думка зліваецца з думкай народнай – узнікае пазіцыя шырокага сацыяльнага, маральнага і філасофскага ахопу. Філасофскае пры гэтым нідзе не праяўляецца ў адкрытай, «самагоднай» форме, яно цесна звязана з канкрэтным і асобна ад носьбіта не існуе: Зазыба-старэйшы «філасофствуе» ў дыялогах з Чубарам, Масеем, Кузьмой Прыбытковым, Брава-Жыватоўскім, зусім не думаючы пра гэта. Філасофія для яго не мае абстрактнага гучання, яна канкрэтная. Гэта – само жыццё. Натуральныя разважанні пра дабро і зло ў Парфена Вяршкова, таксама аднаго з лепшых прадстаўнікоў народа, «у свядомасці якога акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад жыцця». Адчуваючы блізкую смерць, Парфен стараецца спасцігнуць сэнс жыцця, разабрацца ў прызначэнні чалавека на зямлі. Гэта для яго важна таму, што тады Парфен зможа разабрацца і ў сваім жыцці, даць яму нейкае апраўданне. Малапісьменны селянін умеў вылучаць агульначалавечыя праблемы, правільна іх аналізаваць і прыходзіць да значных грамадскіх вывадаў: «Значыць, ва ўсім ёсць сэнс? – зразумеў Парфен.– Нават у смерці».
Гістарычная аб’ектыўнасць або аб’ектыўнасць эпічная зліваецца ў раманным апавяданні I. Чыгрынава з лірычнай пранікнёнасцю аўтарскай інтанацыі, аўтарскай добразычлівасцю і спагадай. Звернемся, у прыватнасці, да сцэны наведвання парадзіхі. У доме Сахвеі Меляшонкавай пануе дух сардэчнай сувязі, узаемаразумення. З непадробленай шчырасцю гучаць народныя песні, частушкі. А з якім самазабыццём кружацца салдаткі ў танцы пад самаробны «гармонік» Ганны Карпілавай. «Затым Ганна махнула хусткай – спярша направа ад сябе, пасля налева, ледзь не да самага пляча, пайшла па кругу, лёгка і пругка ступаючы па падлозе. Яе не пазнаць было – яна ўся перамянілася… Маладыя жанчыны сцішыліся і на ўсе вочы глядзелі, зачараваныя, на саламяную ўдаву, зайздросцячы яе зграбнасці і спрытнасці. Сапраўды, было надзвычай прыемна глядзець збоку на Ганну і на яе незвычайны танец… Здавалася, яна забылася на ўсё на свеце, бо ў гэтыя хвіліны духоўнага і фізічнага ўзрушэння здольная была разбіраць толькі свой паслухмяны голас, ды яшчэ адчувала, як поўнілася істота салодкай замілаванасцю да ўсяго». Гэтая цудоўная сцэна, у якой услаўляюцца прыгажосць простай сялянкі, яе багаты ўнутраны свет, што нясе ў сабе спрадвечную гармонію дабрыні і прыгажосці, падкрэсліваецца заключным мінорам, воклічам Дуні Пракопкінай аб сваім мужу: «Дак ета ж я на хаўтурах ягоных скакала!..»
Лірычны стылёвы пласт арганічна ўваходзіць у апавяданне і сам становіцца як бы эпічным абагульненнем. Звернемся яшчэ раз да вобраза Масея, аднаго з найбольш драматычных у рамане.
Масей вярнуўся ў вёску не зусім «па чыстай». Асуджаны ў свой час па здрадніцкаму даносу, ён адбыў тэрмін, а перасуджэнню перашкодзіла вайна. Унутраная неўладкаванасць Масея замінае яму блізка сысціся з вёскай. Знаходзячыся ва ўладзе асабістага болю, душэўнага і маральнага, Масей пакуль чужы Верамейкам. I не таму, што яго не прыняла вёска, а таму, што ён не можа ўвабраць, змясціць у сабе, акрамя свайго, і чужы боль: «Масей пакуль не адчуваў сябе ў роднай вёсцы сваім, тут яшчэ нічога не было яго, зроблена асабіста ім, ягонымі рукамі, альбо выпакутавана душою і сэрцам, хутчэй Масея па пачуццях яго можна было палічыць чалавекам прышлым, які да таго ж не збіраўся доўга затрымлівацца на адным месцы і які здольны толькі ў нейкай ступені спачуваць тутэйшай бядзе».
Зусім невыпадкова пісьменнік праз вобраз Масея праводзіць матыў гатоўнасці Верамеек да адкрытай барацьбы. Ахвотна выкарыстоўваючы прыём мастацкага параўнання і супастаўлення (плач перапёлкі, глухі стогн лася як увасабленне народнага плачу і стогну; вобраз трайнога сонца, ратаванне бездапаможнага ласяняці і г. д.), аўтар звяртаецца да сімвалічнага апавядання. Масей упершыню апынуўся за вёскай, на пагорку. I малюнак, які адкрыўся яго вачам, быў і досыць нечаканым і ў той жа час надзіва дакладным: «Раней яму чамусьці і ў голаў не прыходзіла, што Верамейкі падобны знешне на сагнуты лук, дзе цецівой была сцяна лесу за возерам, стралой – кароткая вуліца, якая завецца Падліпкамі, а пруткай дугой – сама вёска, якая агінала возера… Цеціва гэтага своеасаблівага лука даўно была туга напята… а страла ўсё не вылятала. Не вылятала, можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты». Адкрыццё з’явілася для Масея своеасаблівым моцным штуршком, які змусіў вярнуць яго да дзейснага ўспрымання рэчаіснасці. Ён «раптам уявіў вакол сябе ў паветры пах іржышча, які не даваў спакою ад самай ночы ўсім у вёсцы, апрача яго. I вось ён нарэшце таксама адчуў яго…».
Такім чынам, праз сімвалічныя паралелі паказваючы духоўнае адраджэнне Зазыбы-малодшага, пісьменнік адначасова праводзіць важкую ідэю гатоўнасці верамейкаўцаў да барацьбы. Гэтая ідэя ў гутарцы Масея з Парфенам Вяршковым пяройдзе ў эпічнае абагульненне аб непераможнасці зямлі беларускай. Многа крыві чалавечай, пачынаючы яшчэ з плямён радзімічаў, праліта на зямлі. Але праліта не марна, таму што народ змагаўся за сваю незалежнасць. Свабода заўсёды перамагае, і перамога гэта дастаецца ўсюды цяжкай цаной. «Значыць, і раней неспакойная наша надбесядская зямля была, Дзянісавіч? Не здавалася? – з пытаннем-сцвярджэннем звяртаецца Парфен да Масея. – Выходзіць, што так, дзядзька Парфен,– задаволена згадзіўся Масей». Можна дапусціць, што эпічнае абагульненне аб апраўданні крыві – пралітай і той, што яшчэ пральецца,– закладзена ў самой назве другой кніжкі трылогіі – «Апраўданне крыві».
У дыялогу са сваім колішнім сябрам Алесем Астрашабам, які прыехаў з мэтай схіліць Масея да супрацоўніцтва за «новую Беларусь» пад эгідай акупантаў, Зазыбаў сын паводзіць сябе як сапраўдны патрыёт. Ён рашуча адмаўляецца ад прапановы Астрашаба, пры гэтым катэгарычна заяўляючы: «Я не хачу, каб і нямецкі бюргер, выкарыстаўшы нашу няздатнасць варыць добрае ўласнае піва, памачыўся ў прызначаны ім жа для нас гаршчок».
У Чыгрынава-раманіста суб’ектыўныя пласты, як ужо гаварылася, не існуюць асобна, адасоблена, а насычаюцца эпічнай мерай гістарычнай аб’ектыўнасці. Развіваючыся, яны зліваюцца з надзіва глыбокай эпікай у адзіны паток. Лірычны пачатак як форма праяўлення суб’ектыўнага ўтварае асаблівыя эмацыянальныя ўзлёты. Афармляючыся ў сваёй структуры формай, блізкай да лірычных замалёвак (сцэна ў доме Сахвеі Меляшонкавай), ці, часцей, лірычным адступленнем (лірычная «лінія» лася, пейзаж, сімвалічнае апавяданне, элементы фальклору і г. д.), ён не належыць ужо асабіста аўтару, гэта ідзе як бы «ад народа», з яго вуснаў, праз яго свядомасць. Народны плач чуецца ў галасах верамейкаўскіх жанчын, народным болем адзначана спачуванне ўдовам і мацяркам, сыноўняй любоўю да роднай зямлі, прыроды працята апавяданне, незалежна ад яго формы – «ад аўтара» яно ці «ад персанажа».
Адсюль і мастацкая палітра I. Чыгрынава: яна ўключае ў сябе шматлікія моўныя пласты – літаратурныя і гутарковыя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя і пластычныя, выяўленчыя, лірычныя і эпічныя. Усе гэтыя «мовы» сінтэзаваны ў адну, якая стварае пэўную паэтычную цэласнасць. Аўтарскае «я» ў I. Чыгрынава ёмістае, яно зыходзіць ад народа, умяшчае ў сабе голас народа, яго склад мыслення, яго погляд.
Народны голас прарываецца ў аўтарскім голасе гучаннем гутарковых форм, інтанацыйна і праз структуру фразы: «Мужыкі – бадай кожны – таксама мулка пачувалі сябе перад незнаёмым чалавекам. Але з тае прычыны, што стаялі грамадой, ад вінаватасці душой не пакутавалі…»
У «Сваіх і чужынцах» лірычнае як форма праяўленне суб’ектыўнага мае меншую сілу гучання. Тут уладарыць дакумент. Гэта і агляд развіцця партызанскага руху, які падрыхтаваны начальнікам паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта, і розныя дакументы ваеннага часу, і лічбы, і аўтарскія адступленні, і абагульненні гістарычнага, «дакументальнага» плана. Часам нават здаецца, што наяўнасць такога мноства дакументальнага матэрыялу «прытарможвае» развіццё псіхалагічнага канфлікту.
Свет I. Чыгрынава – адначасова і свет героя, і свет народа. Ён адрозніваецца сінтэтычнасцю, адзінствам асабістага з усеагульным. Сувязь індывідуальна-аўтарскага голасу з голасам персанажа, што прадстаўляе народнае светаразуменне, вызначае тое мастацкае адзінства формы, якое сведчыць аб асабліва высокім узроўні стылёвага сінтэзу, дасягнутым пісьменнікам у жанры вялікага эпічнага рамана. Вось маленькі ўрывак тэксту, звязаны з вобразам Вяршкова. Тут два «я» – аўтара і персанажа – сінтэзуюцца ў «я» ўсеагульнае і набываюць у сінтэзе шырокае філасофскае гучанне. «Застаўшыся адзін у хаце, Парфен пачаў думаць. Уласна, ён не пераставаў думаць і раней… увесь час і старыя і новыя думкі былі звязаны не з ім самім, гэта значыць думалася не пра сваё асабістае жыццё, не пра свой лёс, а пра іншых людзей – альбо пра верамейкаўцаў, альбо пра даўно знаёмых з другіх навакольных вёсак; і якраз, можа, таму, што думкі гэтыя былі пра старонніх людзей, яны ўсе мелі спакойны лад…» I далей: «Парфен не баяўся смерці… Яму толькі дзіўна стала, як гэта здарылася, што раптам падступае чарга да яго, чалавека, які па ўсім павінен быў жыць – ён не хварэў і не ваяваў». Вось таму і ўзнікае ў Парфена (тут ужо і аўтарскае «я») неабходнасць «паглядзець на чалавека як на жывую істоту, якая нараджаецца на гэты свет, пабудзе ў ім, а тады абавязкова павінна знікнуць чамусьці, адысці ў нябыт… Чалавек нараджаецца, каб памерці. I тут не мае ніякага значэння колькі павінен пражыць – урэшце, днём даўжэй, днём карацей. Аднак няўжо чалавек сапраўды нараджаецца толькі дзеля таго, каб памерці?»
І. Чыгрынаў належыць да пісьменнікаў-аналітыкаў, ён настойліва прабіваецца праз знешні хаос да сарцавіны падзей, характараў і, зыходзячы з прынцыпу дэтэрміраванасці чалавечых лёсаў сацыяльнымі абставінамі, грамадскімі якасцямі асобы, маральнай пазіцыяй, будуе характары. У чалавечых лёсах і вобразах ён даследуе перш за ўсё счапленне сацыяльных абставін, бо яны фарміруюць асобу, тлумачаць матывы паводзін.
Як вядома, «прычыннае мысленне» Л. Талстога, яго пастаянныя пошукі адносін, прычын і вынікаў звязаны з імкненнем «да ўсяго дайсці думкаю». З гэтага зыходзіць асаблівае талстоўскае ўзаемадзеянне «даследавання і пластычна-выяўленчага апавядання». У аснове чыгрынаўскай паэтыкі таксама можна заўважыць прынцып прычыннага мыслення з наступным даследаваннем і пластычна-выяўленчым апавяданнем. Часта гэта праяўляецца нават структурна як «выхад лагічнага каркаса» (Н. Вялікая) на паверхню стылю праз сінтаксічныя канструкцыі тыпу «таму што», «у сувязі з гэтым», «значыцца» і г. д. «Больш пэўна азвацца на Зазыбавы словы Прыбыткоў не здолеў… бо разумеў…». «Дагэтуль яшчэ нібыта не верылася, што немцы наогул дабяруцца да Верамеек. Таму нават Брава-Жыватоўскі ў ролі паліцэйскага ўспрымаўся несур’ёзна». «Вядома… Брава-Жыватоўскі затрымаўся ля крыніцы, але не стаяў разам з усімі сялянамі на пляцы… Значыць, колькі ні кпі з яго, а ён ужо не раўня табе!..»
Мастацкае апісанне ўчынкаў, рухаў «пераходзіць» на ўнутраны стан герояў, узнікае пэўнае адзінства аналізу і сінтэзу, узаемапераход даследавання і апавядання. Назіраецца «ўзаемаабарачальнасць» абагульненага і канкрэтнага. Прыгадаем абагульненыя характарыстыкі, дадзеныя Вяршковым, Чубарам, Масеем, Марфай, Брава-Жыватоўскім Дзянісу Зазыбе, і аб’ектыўнае апавяданне ад аўтара, у якім аналізуюцца Дзянісавы ўчынкі. Ці больш «лакальны момант»: вызначэнне характару Зазыбы даецца Вяршковым, і тут жа, словамі Парфена, ідзе пераказ канкрэтных падзей часу калектывізацыі, якія звязаны з Зазыбам. Так абагульненая думка мастака ператвараецца ў канкрэтны вобраз свайго праяўлення.
Адлюстраванне ўнутранага свету герояў ідзе ў I. Чыгрынава праз унутраныя маналогі, якія, за рэдкім выключэннем, маюць форму няўласна-простай мовы. Аднак асноўным прынцыпам псіхалагізацыі характару ў пісьменніка застаецца дынамічны: праз дыялагічную мову, яе рытмічную пабудову, праз учынкі, рухі, жэсты. Аўтар як бы шукае знешні эквівалент, што здольны ўмясціць у сабе пачуццё, якім напоўнены герой. Душэўны стан Зазыбы, калі ён глыбокай ноччу страчае на ганку Масея, «пераключаецца» ў фізічны: «Зазыба паспрабаваў падняцца вышэй на прыступку, ды не адразу здолеў – пад каленкамі ногі па-здрадніцку трымцелі, не хацелі выпроствацца, усё роўна як іх звяла сутарга і ўсё не адпускала».
Для стылю I. Чыгрынава характэрна, калі «апавяданне эпізоду» пранізваецца яго даследаваннем і падводзіцца да абагульнення, якое ў сваю чаргу набывае форму канкрэтнасці і развіваецца ў выяўленчы вобраз. Возьмем, да прыкладу, сцэну ля забітага лася ці бунт жанчын у час паходу ў Яшніцу. Аб’ектыўнае апавяданне («расказванне»), якое адначасова можна назваць і аўтарскім дэталёвым даследаваннем падзеі, дапаўняюцца больш «агульным» поглядам збоку. У першым выпадку – Чубара, у другім – жыхара Яшніцы. Гэты так званы агульны погляд нясе вялікую мастацкую нагрузку, ён дае ацэнку падзеі, абагульняе яе. Але ацэньвае і абагульняе ўжо «асабіста», «суб’ектыўна»: з той вяршыннай кропкі ці таго ўзроўню развіцця, які адпавядае ўзроўню светаадчування сацыяльнай групы, прадстаўленай «носьбітам». Мы невыпадкова назвалі агульны позірк суб’ектыўным. Супярэчнасці тут няма. Гэтае агульнае кожны раз канкрэтнае і індывідуальнае, як канкрэтныя і індывідуальныя самі вобразы.
Многа ўвагі, асабліва ў раманах «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», I. Чыгрынаў надае апісанням прыроды – лесу, поля, дарогі і г. д. Прыроду, раслінны і жывёльны свет пісьменнік не толькі бачыць, але і чуе. У дэталях, падрабязна.
У свой час было выказана нямала папрокаў аўтару за празмерную дэталізацыю «геаграфіі», «прасторы». I, пэўна, не без падставы. Але калі мець на ўвазе функцыянальнае значэнне, то прырода ў I. Чыгрынава, удакладняючы абставіны дзеі і з’яўляючыся катэгорыяй прасторы, выражае яшчэ і рух часу, змену дня і ночы, сонца і непагоды. У эпічнай структуры чыгрынаўскіх раманаў пейзаж мае як бы «свабоднае» і «нематываванае» значэнне. Але ў той жа час нельга не бачыць яго падпарадкаванасці аўтарскай канцэпцыі. Ён нясе ў сабе матыў нязгаснасці жыцця. Тэма жыцця, велічнага і паўнакроўнага, скрытага ў няяркай, з прыкметамі затухання, восеньскай прыродзе, «уключаецца» ў эпічную канву апавядання і з’яўляецца асаблівай «паралеллю» чалавечаму жыццю. Палкае жаданне выжыць у маленькага ласяняці, вернасць звычаю старой бусліхі, якая пасля гібелі буслянят па-ранейшаму стаіць у гняздзе, крынічка каля Верамеек – усё гэта знітоўваецца ў адзіны матыў невынішчальнасці і моцы жыцця, усяго жывога на зямлі.
Прырода Забесяддзя ў I. Чыгрынава не кантрастуе з жыццём людзей, а дапаўняе яго, падкрэсліваючы ягоную будзённасць, звыклую ўстойлівасць і адначасова найвялікшую ўнутраную сілу. Народную сілу. Яна (прырода) узмацняе эпічную паўнату апісання быту, жыцця, стварае адчуванне яго шырыні, якая выходзіць за межы адной беларускай вёскі.
Гаворачы пра чыгрынаўскую ваенную прозу, В. Каваленка выказаў вельмі слушную думку: «Раманы I. Чыгрынава ўвогуле вельмі паказальныя для пацвярджэння ісціны, што сучасная беларуская проза пра вайну вельмі ўважліва ставіцца да першапачатковага этапу вайны, калі чалавеку было асабліва цяжка маральна, калі ён быў яшчэ на парозе выбару. У савецкай літаратуры пакуль яшчэ не было другога прыкладу, каб увесь цыкл раманаў быў прысвечаны толькі першым месяцам акупацыі… Імкненне да эпапейнай задумы ў адлюстраванні першапачатковага перыяду зараджэння народнага супраціўлення ворагу выражае традыцыйную нацыянальную тэндэнцыю ў развіцці беларускай прозы на тэму вайны, яе ўнутрана-эстэтычную арыентацыю, якая прадыктавана спецыфічнымі ўмовамі народнага лёсу».
З’яўляючыся мастацкім вынікам свайго часу, проза I. Чыгрынава – гэта дынамічнае адзінства складаных сувязей чалавека з навакольным светам. Стыль пісьменніка перадае жыццё простага народа ў яго няўхільным паступальным руху. Мастацкае ўсведамленне пісьменніка вылучаецца эпічным ахопам быцця з адзінай мерай ацэнкі з’яў – з пазіцыі народнага светаадчування, народнага светабачання.
У.А. Лебедзеў
Іван Чыгрынаў прыйшоў у літаратуру як са сваёй тэмай, так і са сваёй адметнай творчай манерай. Па назіранні даследчыкаў яго творчасці, многія апавяданні пісьменніка, якія склалі зборнікі «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967), маюць выразнае «падабенства з нарысам, з замалёўкай з натуры – словам, з творам дакументальнага жанру», паколькі пісьменнік «часта карыстаецца прыёмамі нарысіста».
Многія апавяданні Чыгрынава і сапраўды напісаны як нарысы, бо ў іх расказваецца пра сустрэчы з цікавымі людзьмі. У аснову твораў пакладзены ці сустрэчы апавядальніка са сваімі героямі («Адна ноч», «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», «Выпадак у вёсцы Капранаўка»), ці сустрэчы саміх герояў («Сустрэча на пероне», «На пыльнай дарозе», «Па дарозе дамоў»). Апавяданне, блізкае па форме да нарыса, павінна было, акрамя ўсяго іншага, узмацніць давер да жыццёвага матэрыялу, пакладзенага ў аснову твораў.
Магчыма, у гэтым у нейкай ступені праявілася нязгода са схематызацыяй, характэрнай для пасляваеннай літаратуры. Блізкасць да нарыса заўважаецца і ў тым, што ў «шмат якіх яго апавяданнях скарочаная экспазіцыя, мала або зусім няма лірычных адступленняў і лірычных малюнкаў». I нават героі-апавядальнікі «выконваюць часцей за ўсё вузкую сюжэтна-кампазіцыйную ролю, нясуць функцыю мастацка-тэхнічнага, «транспартнага» сродку набліжэння да жыццёвага матэрыялу».
Тым не менш, першымі рэцэнзентамі апавяданняў Чыгрынава адзначалася ўсё ж і наяўнасць у яго прозе элементаў лірылізацыі. Гэтаму ў значнай меры спрыяла падача падзей ад першай асобы, што з’яўляецца распаўсюджаным прыёмам лірычнай прозы. «Тым больш, – заўважае В. Каваленка, – што прыём выпадковых сустрэч шмат у якіх апавяданнях I. Чыгрынава «працуе» на паэтызацыю вялікіх дарог, на задачу куды больш шырэйшую, чым сюжэтнае збліжэнне герояў з жыццём». Да лірычных прыёмаў адносіцца таксама прыём успамінаў, які даволі часта сустракаецца ў апавяданнях пісьменніка.
Наяўнасць паэтызацыі і лірычных прыёмаў дазваляе гаварыць і пра рысы рамантызацыі ў прозе Чыгрынава. Творы цікавы найперш сваімі героямі, у жыцці якіх былі яркія, запамінальныя падзеі і здарэнні, некаторыя з якіх мелі для герояў характар выключнасці. Большасць апавяданняў запамінаецца ў першую чаргу тым, наколькі ўдаецца пісьменніку расквеціць дарожны нарыс, у форме якога яны напісаны, запамінальнымі дэталямі, нечаканымі падзеямі, выразнымі характарамі дзеючых асоб. Без адзнак рамантызацыі творы трацяць штосьці самае істотнае самае вызначальнае – сваю мастацкую адметнасць. Менавіта без гэтага многія апавяданні, як уяўляецца, так і засталіся б, мабыць, толькі нарысамі, дарожнымі нататкамі, замалёўкамі з натуры.
Рамантызацыі значна спрыяў час канца 50 – пачатку 60-х гадоў, калі пісьменнік пачынаў сваю творчую дзейнасць. «Галоўным пафасам апавядання, – гаворыць В. Каваленка пра адзін з твораў Чыгрынава, – становіцца падняты аж да абагульнення пафас пошукаў і звароту нашымі сучаснікамі таго, што было растрачана некалі папярэднікамі ў заварусе жорсткіх баёў, у спешцы і неразбярысе шматлікіх пераацэнак, у напружаным посту вялікага будаўніцтва».
Апавяданне «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод» так і засталося б, мабыць, нарысам, каб не было ўведзена ў яго нечаканае каханне Віцькі Картыжова да жонкі Сухава Надзеі. Твор і будуецца як нарыс. Апавядальнік прыходзіць на трасу будаўніцтва нафтаправода, гутарыць з рабочымі, абедае з імі, а пад вечар адыходзіць. Рамантычнае ж каханне Картыжова да Надзеі Сухавай на першы план вылучае характары герояў, высвятляючы самае істотнае ў іх. Пачуцці Віцькі не з’яўляюцца сакрэтам ні для Надзеі, ні для яе мужа. Жанчына, здаецца, таксама не хавае сваёй прыязнасці да маладога хлопца, што не можа не выклікаць у душы мужа насцярожанай рэўнасці. Картыжоў адчувае пэўную няёмкасць, ды, як уяўляецца, нічога з сабою не можа зрабіць. Спашлёмся на адзін з эпізодаў твора, у якім выразна праяўляюцца характары ўсіх герояў: «Але калі ўжо ты нам з Надзькай перастанеш назаляць…» – звяртаецца крыху падвыпіўшы Сухаў да Віцькі. «Картыжоў спярша наліўся чырванню, пасядзеў так, натапыраны, і раптам лёгка і расслаблена гледзячы проста ў вочы Сухаву, засмяяўся. Засмяялася таксама і гаспадыня, але адчувалася, што смех яе вымушаны».
Рамантычнае каханне Віцькі да Надзеі Сухавай і ўзнікла, мабыць, на адзінстве іх адносін да жыцця. Жанчыне, як адчуваецца, некалькі сумна з Сухавым, які лічыць, што трэба больш зарабіць, а Віцька «па-другому злеплены». Картыжоў – чалавек адкрыты і шчыры ва ўсім: і на рабоце, і ў сваіх узаемаадносінах з людзьмі, і ў сваіх учынках і захапленнях. «Трэба, мусіць, такім быць, як гэты Віцька Картыжоў, – гаворыць Сухаў. – Яму па-ўсякаму добра – зарабіў дык зарабіў, а не – і так няблага. Нават пазайздросціць можна». У душы Надзеі Сухавай таксама жывуць рамантычныя парыванні. I гэта родніць яе з Картыжовым, выклікае ў іх узаемную прыязнасць: «вочы яе адкрыта і закахана глядзелі на Віцьку Картыжова».
Некаторыя дзівацкія ўчынкі Віцькі тлумачацца тым, што ён не прымаў самую атмасферу абыякавасці і супакоенасці. Герой робіць спробы ажывіць такую атмасферу, што часам прыводзіць яго да дзівацтваў. Схільнасць дзівакоў да неардынарных учынкаў сведчыць пра моцныя характары гэтых людзей. Менавіта такія людзі ўмеюць браць на сябе адказнасць, праяўляюць ініцыятыву, не захапляюцца матэрыяльнай выгадай.
У той жа час ёсць у паводзінах такіх герояў штосьці такое, што, гаворачы словамі В. Каваленкі, «выклікае эмацыянальную стрыманасць у адносінах да іх». Герою апавядання «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» шмат у чым надакучыла гарадское жыццё, і ён узрадаваўся зручнаму выпадку вырвацца з яго хоць бы на нейкі час. Апавяданне трымаецца ўжо не толькі на падзейнай, а і на эмацыянальна-лірычнай плыні. Арцёму Дабрыднёву так хораша зноў дакрануцца душой да сваёй «малай радзімы», сустрэцца з маці і землякамі. На яго нахлынулі ўспаміны, яму так прыемна як бы зноў перажыць у душы сваё маленства. Край дзяцінства выглядае такім чароўным, што з гэтай зямлі не хочуць адлятаць у вырай ластаўкі, якія, калі верыць мясцовай легендзе, нават зімуюць недзе тут, у блізкім возеры.
Успаміны аб дзіцячых гадах – гэта ўжо для героя мінулае, якое дапамагае выявіць той ідэал, да якога ён імкнуўся. Гарадскому жыхару захацелася пазбавіцца надакучлівага тлуму і вярнуцца ў чароўны свет маленства. Ды толькі зусім адляцець «у вырай» ён ужо не можа. Яму прыемна пабыць у вёсцы, але не хочацца пакідаць і тое жыццё, да якога ён прывык. Тая вёска, якую помніў Арцём, ужо аджывае. Сучасная вёска – гэта Аляксей Кузьмянок, які ў нечым істотным падобны да Віцькі Картыжова з папярэдняга твора. Аляксей, праўда, спачатку ўзяўся не за сваю справу, але не ўжыўся ў горадзе, бо ў яго вечна «свярбень у руках». Ён, як і Віцька, не можа жыць без дзівацтваў. I ў каханні яго таксама многа нечаканага, рамантычнага.
Рамантычны тып чалавека-дзівака быў вельмі распаўсюджан у тагачаснай літаратуры. Дзівацтвы героя скіроўваліся ў значнай ступені супраць прыстасавальніцтва, абывацельскага дабрабыту і мяшчанскага разліку. Прырода суму, які ахапіў Арцёма, прырода дзівацтваў Аляксея Кузьмянка ў мюгім аднолькавая. Так ствараецца агульная атмасфера твора, яго агульны настрой, які і дазваляе гаварыць пра адзнакі рамантызацыі. Пісьменнік быў дакладны ў перадачы рамантычных парыванняў сваіх герояў. Ён бачыў і нязгоду іх з некаторымі ўмовамі жыцця, нязгоду з адкрытай пагоняй за матэрыяльным дабрабытам, але бачыў і абмежаванасць і непаслядоўнасць іх пазіцый, якая прыводзіла адных да дзівацтваў, а другіх вымушала вяртацца да той плыні жыцця, якая склалася. Той жа Аляксей Кузьмянок захапляецца братам Арцёма Міколам, які «тут да-а-ў дразда. Паказаў шахцёрскую хватку. Грошай прывёз цэлую торбу, частаваў, абы ў магазіне каго сустрэў». Аднак Мікола, як лічыць Аляксей, «не тыя сцежкі топча», шукаючы дзесьці шчасця. Пры вабнасць такога жыцця ўяўная, паказная. Гэта разумее Аляксей, знайшоўшы шчасце ў родных Кажанах.
Зварот у вёску, сустрэча з землякамі – можа, найбольш традыцыйны сюжэт у апавяданнях Чыгрынава. Толькі ўсякі раз пісьменнік імкнецца знайсці такія дэталі і факты, якія дазваляюць яму не паўтарацца. Ціхамір, герой апавядання «Чайкі на хвалях», вырашыў неяк вырвацца з будзённых спраў, паехаць у той горад, які «дражніў успаміны сваёй недаступнасцю», а пасля яму захацелася заехаць у родную вёску. Ды толькі той ідэал, які склаўся ва ўспамінах, не такім аказваецца ў жыцці. Рамантычны парыў заахвочвае героя паехаць на далёкае мора, але і там Ціхамір не ўбачыў таго, што так прагна хацеў знайсці. «I Ціхаміру раптам радасна зрабілася ад тае думкі, што ў чалавека ёсць дом і што заўсёды можна вярнуцца туды». Разлад у душы чалавека, які выклікае сум і рамантычныя парыванні, нельга вылечыць толькі адной зменай абставін і ўмоў жыцця.
Пісьменнік, звяртаючыся да рамантызацыі герояў, імкнуўся паказаць, што лятункі і парыванні герояў узніклі ў атмасферы незадавальнення ўмовамі быту, непрыняцця бездухоўнасці і застою. Чыгрынаў, разам з іншымі сваімі сучаснікамі, стварыў рамантычны тып героя, які не заўсёды паслядоўны ў сваіх імкненнях. «Рамантычна настроены герой часу, які ішоў на пратэстуючы разрыў са звыклым, заставаўся больш ва ўладзе эмоцый, чым канкрэтнага, прадуманага, вынашанага ўчынку. Недзе ва ўнутраным абліччы такога героя адкрываўся сваёй нізкай сутнасцю індывідуалізм».
Стары цыган Мікала ўнутрана пратэстуе супраць рашэння свайго табара пакінуць бадзяжніцтва і асесці на сталае жыхарства ў мясцовым саўгасе. На яго думку, людзі табара залішне лёгка адмаўляюцца ад сваіх традыцый. «Можа, і гэта цыганская праўда. Але навошта мне тая праўда, калі ад яе на душы прыкра?». Толькі яго пазіцыя ўспрымаецца моладдзю як звычайнае дзівацтва: «Блажыць пачаў…» Трэба заўважыць, што ў стылі твора праглядваюцца адзнакі той рамантызацыі, якая ўласціва творам пра экзатычнае цыганскае жыццё. Вось як, напрыклад, апісваецца Глафіра, унучка старога Мікалы: «У яе былі прыгожыя цёмна-карыя вочы, з глыбіні якіх высвечвала нешта бурштынавае, – быццам на дне іх быў мёд».
У апавяданнях на ваенную тэму станоўчы герой значна рамантызуецца, але ў адрозненне ад рамантычных герояў папярэдніх твораў ён не раздвойваецца, а выступае як ідэальны, як носьбіт лепшых маральных якасцей свайго народа. Ідэальныя героі найбольш поўна ўвасабляюць народнае разуменне абавязку і адчуваюць сваю адказнасць за лёс роднага краю. Пісьменнік асабліва падкрэслівае, што яны выконваюць свой абавязак без лішніх і гучных слоў. Менавіта на такіх людзей можна спадзявацца ў адказную і цяжкую гадзіну. Яны перажываюць духоўнае ўзрушэнне, незвычайны прыліў сіл, і кожны з іх адчувае, што менавіта ў гэты момант ён – «самы шчаслівы чалавек». Такімі людзьмі з’яўляюцца і Ігнат («Ішоў на вайну чалавек»), і Аляксей Белаш («Самы шчаслівы чалавек»).
Пісьменнік сцвярджае тую вядучую думку, што сапраўды шчаслівым чалавек можа быць толькі тады, калі адчувае неразрыўную еднасць з народам: «Праводзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу».
З мужнасцю будуць выконваць на вайне яны абавязак перад радзімай, як гэта робіць Аляксей Белаш («Самы шчаслівы чалавек») і той незнаёмы, які цаной жыцця ратуе ад фашыстаў сваіх спадарожнікаў («Праз гады»). I будуць жонкі чакаць з вайны мужоў, як аб тым расказана ў апавяданні «Варажба». Чаканне блізкіх з вайны можа расцягнуцца для некаторых жанчын на доўгія гады, як, напрыклад, для гераіні апавядання «Жыве ў апошняй хаце ўдава». Празаік сцвярджае, што яна была шчаслівая ў даваенным жыцці, і гэты ідэал шчасця ўсё яшчэ дае ёй надзею ў доўгія пасляваенныя гады. Паэтызацыя сапраўды шчаслівых людзей спрыяе агульнай рамантызацыі твораў.
Апавяданні «Бульба», «За сто кіламетраў на абед» рамантызуюцца праз успаміны апавядальніка аб сваім ваенным і пасляваенным дзяцінстве. Дзяцінства заўсёды мае незвычайную вастрыню пачуццяў і першых юнацкіх парыванняў у новае, нязведанае жыццё, што і надае гэтай пары своеасаблівы рамантычны арэол, асабліва ў пазнейшых успамінах. У апавяданні «Бульба» пануе атмасфера незвычайнасці. Незвычайнымі былі для падлеткаў і бой, і сам час вызвалення, незвычайнымі ўяўляліся ім салдаты і афіцэры. «А мы сядзелі каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары». Незвычайным аказалася і жаданне аднаго з афіцэраў паспытаць печанай бульбы, якая запомнілася яму яшчэ з восені сорак першага года. I вельмі балюча было дзецям, калі «старшы лейтэнант не прыйшоў», не вярнуўся з бою. Яны адчуваюць, што страцілі добрага чалавека, яны пачынаюць спасцігаць складанасць жыцця, разумець яго глыбінны змест. Пра ўсё гэта расказана ў творы з павышаным эмацыянальным узрушэннем.
Уражваюць сваёй нечаканасцю і падзеі, пра якія расказваецца ў апавяданні «За сто кіламетраў на абед». Паездка дзяцей у далёкі дзетдом – тут не проста прыгоды, схільнасць да якіх уласціва юнацкаму ўзросту. Падзея, пакладзеная ў аснову твора, добра акрэслівае час пасляваенных нястач. Неверагоднасць дзіцячых прыгод патрабавала і адпаведнага героя. Такім героем і становіцца дырэктар дзетдома. Ён з тых салдат, якія мужна змагаліся на фронце. Летуценным парыванням галодных дзяцей якраз і адпавядаў такі чалавек, якім быў дырэктар дзіцячага дома. Ен для іх – ідэал добрага і справядлівага старэйшага дарадчыка і сапраўднага настаўніка.
У своеасаблівай форме раскрываецца тэма трагедыі дзяцінства ў дні вайны ў апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». У характары старога Дзямідзёнка на першы план выступае незразумелае для жыхароў вуліцы дзівацтва. Ён не зважае нават на тое, што хтосьці выкарыстоўвае яго дзівацтва ў сваіх карыслівых мэтах, не зважае на нядобразычлівыя кепікі і размовы. Выпускаючы птушак, Дзямідзёнак перажывае самы сапраўдны шчаслівы момант свайго жыцця: «Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў у след птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свясціўся.
Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць…». Таемнасць і незвычайнасць учынкаў старога чалавека спрыяе рамантызацыі твора. Стары Дзямідзёнак, як аказалася, так выконваў свой абавязак перад загінуўшай у вайну ўнучкай. I жыццё яго як бы траціць свой змястоўны сэнс, калі рабіць гэтага ён больш не можа. I той, хто шчыра хацеў дапамагчы яму, горка дакарае сябе за няўдалую спробу: «Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва, калі на душы…».
У апавяданнях Чыгрынава рамантычны герой даволі часта становіцца ў звычайныя бытавыя ўмовы. Пісьменнік, такім чынам, як бы выпрабоўвае свайго героя рэальнымі абставінамі жыцця. Так той ідэал, які склаўся ва ўяўленні героя, правяраецца ўмовамі побыту, узаемаадносінамі з людзьмі, якія глядзяць на жыццё крыху інакш («Трэція пеўні»).
Трэба, аднак, сказаць, што некаторыя апавяданні пісьменніка ўсё ж больш нагадваюць нарысы. Так і адчуваецца, што ў аснову твораў пакладзены распаўсюджаны журналісцкі прыём – расказаць пра цікавы выпадак ці цікавага чалавека. У асобе «народнага камісара» з аднайменнага апавядання ў падзеях, якія адбыліся яшчэ ў гады грамадзянскай вайны («Выпадак у вёсцы Капранаўка»), ёсць немалая доля рамантызацыі. Толькі тэмы твораў сталі ўжо вельмі распаўсюджанымі ў літаратуры. I аўтар часам не хавае свайго журналісцкага падыходу да асвятлення падзей: «Схадзіла б ты паклікала Кацярыну. Я ёй прывёз даведку і… ведаеш, што яшчэ? Навіну! Хутка ёй павінны ўручаць узнагароду. Аказваецца, яе пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Леніна. Цяпер ёй ад журналістаў не адбіцца. Сенсацыя».
У такіх апавяданнях не заўважаецца таго, што так умее рабіць пісьменнік, калі «выкарыстоўвае для гэтай мэты «выбуховую» дэталь, якая раптам паварочвае прывычны сюжэт новым бокам». Так у апавяданні «Шушанік», якое друкавалася спачатку пад назвай «Шукаючы скарбы», празаік знайшоў надзвычай цікавую і яркую дэталь: мясцовы кіраўнік у час рэвалюцыі палічыў найвялікшай каштоўнасцю не мастацкія карціны, а пазалочаныя рамы для іх. Так былі страчаны творы вялікага мастацтва. Ды толькі другая частка твора – пошукі Суздалева, спробы яго натрапіць на нейкі след загінуўшых скарбаў, сустрэча яго з Шушанік – слаба звязана з першай і магла б быць самастойным творам.
Рамантызацыя ў апавяданнях Івана Чыгрынава не кідаецца ў вочы менавіта таму, што пісьменнік прытрымліваецца своеасаблівай манеры пісьма: многія яго творы, як ужо адзначалася, маюць падабенства з нарысамі. Празаік не прыдумвае неверагодных сітуацый, таемных прыгод, не надае сваім героям знешніх рамантычных рыс. Ён, аднак, не абыходзіць такія моманты ў жыцці герояў, якія, несумненна, пакінуў бы па-за ўвагай нарысіст. I менавіта яны ўносяць у твор адметную атмасферу паэтычнасці, што і дазваляе гаварыць аб наяўнасці ў яго творах адметных рыс рамантызацыі.
Алесь Маціновіч
Літаратурны партрэт Івана Чыгрынава
У рэспубліцы нямала раёнаў, якія могуць пахваліцца тым, што з’яўляюцца радзімай не аднаго, а некалькіх вядомых пісьменнікаў. Але што цікава: гэтыя куткі бацькаўшчыны, як правіла, надзіва маляўнічыя. Прыгадайма: Случчына, Уздзеншчына, Капыльшчына… Забяседдзе таксама вабіць вока. Асабліва ў Касцюковіцкім раёне, дзе цячэ і сама Бесядзь, і іншыя, праўда, маленькія рачулкі. Касцюкоўшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. У тутэйшых мясцінах нарадзіліся Аляксей Русецкі, Леанід Левановіч, Алееь Пісьмянкоў… На зямлі гэтай упершыню глянуў на свет і Іван Чыгрынаў.
Як і іншыя творцы, каму пашчасціла тут рабіць першыя крокі, з маленства ўдыхнуў ён у сябе гаючае паветра мурожных лугоў, з задавальненнем хадзіў па грыбы і ягады. Родная вёска I. Чыгрынава з усіх бакоў не тое што акружана, атулена лясамі. Нездарма яна так і называецца – Вялікі Бор. Праўда, дзяцінства пісьменніка было азмрочана вайной (нарадзіўся I. Чыгрынаў 21 снежня 1934 года).
Вызваленне прыйшло ў сорак трэцім. Менавіта ў гэты час у Вялікім Бары і з’явілася маладая прыгожая настаўніца, апранутая ў звычайны сялянскі кажушок. Тое, што ўбачыла яна, узрадаваць не магло. Як прыгадвае пісьменнік, на падлозе ў класах бялеў шорсткі снег, з канца ў канец цёмнага калідора гуляў едкі вецер. Не засталося за час акупацыі ні абсталявання, ні прыбораў. Ды Вольга Пятроўна Азарава – так звалі настаўніцу – не спасавала. Адразу, як кажуць, узялася за работу. Дапамаглі тыя з вяскоўцаў, хто па старасці ці па здароўі не ваяваў. Дапамагалі і самі вучні. «Помню, – расказвае пісьменнік, – да самай вясны даводзілася затыкаць у класах, чым трапіць, шчыліны, устаўляць у рамкі па кавалачках бітае шкло, нарыхтоўваць дровы…».
Заняткі пачаліся, нягледзячы, што яшчэ блізка грукатала вайна. Засеў за падручнікі і I. Чыгрынаў. Па сённяшні дзень ён з удзячнасцю ўспамінае і В.П. Азараву, і Г.А. Глуздакову, і М.I. Калінкіна ды і іншых мясцовых педагогаў, хто адкрываў яму першыя сцежкі ў краіну ведаў. Было гэта ў мясцовай сямігодцы, а потым I. Чыгрынаў пачаў вучыцца ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, у той вёсцы, у якой нарадзіўся А. Куляшоў.
Юнак захапіўся паэзіяй, спрабаваў пісаць вершы. А тут магчымасць не толькі сустракаць ледзь не штодня прататыпаў вядомых куляшоўскіх паэм, а і наведваць мясціны, асабліва дарагія паэту. Праходзіць ля хаткі, у якой ён нарадзіўся, – яна ледзь не на самым беразе ціхай Чарнавуткі. Ля рачулкі, у засені ніцых вербаў, хораша думалася, быццам самі нараджаліся радкі. Прыгадвалася і тое, што напісаў пра Бесядзь А. Куляшоў.
Шмат давалі і сустрэчы з паэтам: Аркадзь Аляксандравіч часта наведваў Саматэвічы, гутарыў з землякамі. Да дарослых ахвотна далучаліся і вучні. Гэта таксама былі свайго роду ўрокі. I жыцця, і літаратуры. Як бы падсумоўваючы іх, I. Чыгрынаў у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў: «Настаўнік у літаратуры… – увесь вопыт яе, уся літаратурная культура. Яна вельмі ўздзейнічае. Хоць, канечне, часам і адзін пісьменнік моцна ўздзейнічае на літаратуру. Можа, сваёй прысутнасцю ў літаратуры, проста сваёй культурай, сваімі паводзінамі, аўтарытэтам. Для мяне, напрыклад, шмат значыў у гэтым сэнсе Аркадзь Куляшоў».
Вясной 1952 г. завітаў Аркадзь Аляксандравіч у Саматэвічы на чарговы выпускны вечар. На ўрачыстасці, хвалюючыся, выступіў і нядаўні дзесяцікласнік Іван Чыгрынаў – прачытаў свае вершы. Дарэчы, паэзія надоўга прывабіла яго. Калі паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.I. Леніна, па-ранейшаму пісаў вершы. Асобныя з іх друкаваліся, найперш у газеце «Чырвоная змена». Адзін з твораў «Смуглянка» пазней увайшоў у зборнік «Універсітэт паэтычны»:
Дом расце,
I штодня з ранку
Ідучы паўз гэты гмах,
Чарнавокую смуглянку
Бачу з кельмаю ў руках.
А яна ўжо зразумела,
Для чаго я кожны раз
Тут хаджу цішком нясмела
У адзін і той жа час…
У гэтым вершы, як і ў іншых, відавочны сюжэтны пачатак. Нельга не пагадзіцца са сцвярджэннем Ул. Гніламёдава: «…юнацкія вершы I. Чыгрынава паводле сюжэтнай пабудовы і апавядальнай манеры – цяпер гэта асабліва заўважна – абяцалі будучага празаіка. Так і здарылася: з вершаў ён перайшоў на прозу». Адным з першых празаічных твораў I. Чыгрынава стала дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі» («Чырвоная змена». 1957. 24–26 чэрвеня).
Па сціпласці пісьменнік не ўключыў яе ў свае першыя кнігі «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967). У зборніку ж «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) жанр твора падаў у іншым плане: «Гісторыка-геаграфічная кампіляцыя». У першай жа кнізе трохтомніка Выбраных твораў (1984) жанр увогуле не пазначаны. Ужо ў гэтай невялікай аповесці відавочны задаткі I. Чыгрынава-празаіка: уважлівае асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў.
Расказаўшы пра вядомага палярнага даследчыка Аўгуста-Саламона Андрэ, пісьменнік свядома адмовіўся ад падрабязнага ўзнаўлення яго біяграфіі, у тым ліку падзей, звязаных з самой экспедыцыяй. Асноўная ўвага сканцэнтравана на тым, каб даць магчымасць чытачу адчуць, што ўмяшанне чалавека ў прыроду дзейнічае не адназначна. Канечне, тое, што зрабіў Андрэ і яго аднадумцы, пайшло на карысць навуцы, паглыбіла веды. Аднак цывілізацыя прынесла Поўначы і свае беды. Канфлікт узнік, можна сказаць, на самым пачатку. Эскімосы, адарваныя ад свету і людзей, не маглі зразумець лепшых намераў першапрахадцаў, адсюль і трагедыя для экспедыцыі Андрэ.
«Белыя, – расказвалі эскімосы тым, хто дабываў у гэтых мясцінах пазней, – прыкладвалі да пляча нейкія блішчастыя трубкі і выкідвалі з іх агонь, забіваючы птушак. Злыя духі запаланілі гэтых людзей, і мы вызвалілі іх ад наслання…». «Вызвалілі» па-свойму, узялі і забілі… Калі перачытваеш твор, адчуваеш жаданне маладога аўтара ў філасофскім аспекце разгледзець узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя.
Падобнае жаданне прывяло да напісання шматлікіх «мясцовых быляў», якія I. Чыгрынаў у сярэдзіне 50-х гг. ахвотна прапаноўваў касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». У іх пісьменнік, адштурхоўваючыся ад мясцовых паданняў, легендаў, распавядаў пра так званых «бывалых людзей», узнаўляў многія яркія факты з жыцця сваіх землякоў у розныя гістарычныя перыяды. Прынамсі, з гэтага шэрагу і апавяданне «Цар і мой прашчур», надрукаванае ў кнізе «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983). Як сапраўдны народны характар пададзены ў ім вобраз наводчыка гарматы Андрэя Кажанава, які з-за сваёй прыроднай дасціпнасці змог на роўных размаўляць нават з царом Пятром I.
Аднак сам I. Чыгрынаў пачаткам сваей сталай літаратурнай дзейнасці лічыць 1961 г., калі 6 чэрвеня ў газеце «Літаратура і мастацтва» было змешчана яго апавяданне «Праз гады». I не без падстаў на тое: усё ж менавіта ў гэтым творы найбольш поўна выявіліся задаткі яго таленту. Калі дагэтуль рабілася своеасаблівая разведка вобразаў, характараў, дык у апавяданні «Праз гады» I. Чыгрынаў знайшоў свайго героя – чалавека з глыбінкі, з роднай яму Касцюкоўшчыны.
Тут да месца цікавы факт з біяграфіі пісьменніка. Не без уплыву «Уладзімірскіх прасёлкаў» У. Салаухіна, I. Чыгрынаў яшчэ студэнтам захапіўся падарожжамі па Беларусі. У час канікулаў, а пазней, калі працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва Акадэміі навук БССР, у час чарговых адпачынкаў накіроўваўся пешкі з Мінска ажно ў свой Вялікі Бор, праходзячы з рознымі адхіленнямі да паўтысячы кіламетраў. Бывала, што, напаткаўшы гаваркога размоўцу, затрымліваўся, а то і зварочваў з маршруту, каб завітаць у якую-небудзь вёску, пажыць там дзень-другі. Усё гэта, зразумела, дало шмат уражанняў, якія дапамаглі пры напісанні многіх твораў.
Пэўная дакументальная аснова бачыцца і ў апавяданні «Праз гады». Ужо на самым пачатку зрокава адчуваеш прысутнасць і аўтара, і яго героя:
«Сонца хаваецца за лес чырвонае, як гарачае вуголле.
Мы сядзім з лесніком Даўгалёвым на паваленай сасне: у ёй была бортня і нехта паквапіўся на пчолы.
– От, слухай, – кажа ён і намацвае ў кішэні курыва, потым нейкую хвілінку важдаецца з ім і пасля працягвае: – Мяне звяла аднойчы нялёгкая дарога з чалавекам, перад якім я застаўся вінаваты. Праўда, даўно было…»
Нязмушанасць, шчырасць, задушэўнасць… Размоўца «зрабіў зацяжку і, не спяшаючыся выпускаць дым, пачаў аглядаць паляну, на ўскраіне якой мы сядзелі на камлі ссечанага дрэва». Гэтаксама не лішняе і гэтае ўдакладненне аўтара: «Я разумеў, яму патрэбны быў час, каб сабраць думкі ў адно». Ніякага прыспешвання з боку апавядальніка. Адчуванне, што прысутнічаем пры размове незнаёмых табе людзей.
«– Слухай, – нечакана звярнуўся ён (Даўгалёў. – А.М.) да мяне, – ты ведаеш, што такое партызан сорак першага года… Гэта не тое, што партызан сорак трэцяга года. Не, зусім не тое». Якія ж яны, народныя мсціўцы самага пачатку вайны? На гэтае пытанне I. Чыгрынаў і спрабуе даць адказ у апавяданні, узнаўляючы адну са старонак усенароднай барацьбы з фашызмам.
Сёй-той, прачытаўшы такое сцвярджэнне, гатовы запярэчыць: ды што такое гераічнае зрабілі героі твора?! Сапраўды, як быццам і нічога. Трое партызан, якія прабіраліся на запасную базу, спыніліся ў незнаёмай вёсцы. Каб набрацца сілы, абсушыцца. Яшчэ раз нагадаем: пачатак вайны. Пакуль што вельмі цяжка разабрацца – хто свой, а хто прадаўся фашыстам. Як канстатуе Даўгалёў: «Павылазіла розная свалата ды пачала кусацца… Думаеш, свой жа, савецкі, а ён цябе прадасць і перапрадасць». Таму апраўдана, што партызаны з падазронасцю і недаверам паставіліся да настаўніка, які напрасіўся ім у спадарожнікі. Больш таго, не надта свой недавер і хавалі. Аказалася ж, сумленны чалавек быў. Калі група напаролася на гітлераўцаў, «раптам здарылася нечаканае». Настаўнік амаль сілай выхапіў аўтамат у Даўгалёва: «Я застануся тут, усхвалявана зашаптаў ён, і ў голасе яго пачулася рашучасць. – Я буду страляць, а вы – бяжыце».
З болем гаворыць Даўгалёў: «I мы чакалі яго, аж пакуль не ўбачылі, што па алешніку ходзяць немцы». На тым апавяданне і завяршаецца. Самы час паразважаць, а што такое сапраўдны гераізм. Ці можна назваць таго ж настаўніка героем? Праз шмат гадоў у адным з інтэрв’ю I. Чыгрынаў наконт гэтага сказаў прама: «Што такое патрыятызм? Некаторым людзям, у тым ліку і крытыкам, здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў «ура!».
Не, патрыятызм у час вайны, асабліва ў часе акупацыі – гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа».
«Духоўны свет народа» і раскрываў I. Чыгрынаў у сваіх першых апавяданнях, пачынаючы менавіта з гэтага, – «Праз гады». Наконт адметнасці почырка пісьменніка слушна разважае Т. Грамадчанка, аўтар нарыса творчасці I. Чыгрынава «Жывая памяць народа» (Мн., «Навука і тэхніка». 1984): «У першых творах… I. Чыгрынаў узнаўляе характары герояў праз знешнюю дынаміку сюжэта, інакш кажучы, праз непасрэдна падзейны план апавядання. Героі бачны збоку, чытач на іх глядзіць як бы вачыма аўтара. Пісьменнік стрыманы і лаканічны ў паказе іх душэўнага стану, ён не даследуе падрабязна рух пачуццяў, эмоцый, перажыванняў персанажаў, бярэ толькі паасобныя моманты гэтага працэсу, якія і даюць уяўленне пра тое, што адбываецца ў душы герояў. I разам з тым апавяданні I. Чыгрынава псіхалагічна напружаныя».
Такая псіхалагічная напружанасць дае знаць і ў апавяданні «Бульба», якім пачынаецца першая кніга I. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю» (1965). Сюжэтная пабудова твора не сказаць, каб выйгрышная: аўтар згадвае пра маленства, апаленае полымным пажарам. Прыйшлі ў вёску савецкія салдаты, фашысты прагнаны за Бесядзь, і героі твора Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і герой-апавядальнік бавяць ля іх час. Асабліва запомніўся, нават палюбіўся падлеткам старшы лейтэнант. А тут загад зноў воінам ісці ў наступленне… Зноў па-чыгрынаўску лаканічнае завяршэнне твора: «Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў…»
Іншыя словы ў дадзеным выпадку былі б лішнімі, яны проста сапсавалі б уражанні ад апавядання, маглі б унесці ў яго такую непатрэбную падрабязнасць, якая б пашкодзіла самой атмасферы даверу, узаемнасці, што склалася ў хлапчукоў з воінамі-вызваліцелямі. Адначасова пагасла б вера ў тое, што ўсё ў будучыні будзе добра. Вера, якой яны і жылі да самага апошняга моманту, трымаючы напагатове печаную бульбу для старшага лейтэнанта, які так і не прыйшоў…
Прадчуваючы, што ў падобных творах кожны можа стаць свайго роду сааўтарам пісьменніка, па-свойму дадумваючы, што і як магло адбыцца далей, I. Чыгрынаў адзін са сваіх ранніх твораў свядома назваў «Апавяданнем без канца». Гісторыя, пададзеная аўтарам на гэты раз, па сваім псіхалагічным напружанні набліжаецца да выключных. Гераіня апавядання, якая пасля вайны прыязджае да былога мужа, каб паведаць жудаснасць таго, што перажыла за гады акупацыі, нечакана сутыкаецца з яго новай жонкай. Тое, што даведваецца яна, быццам абухам па галаве ўдарыла. Аказваецца, муж яе, Чыкілёнак, подла заявіў, што яна, Вольга, маўляў, нарадзіла сына ад фашыста…
Крык душы чалавечай, якая і дагэтуль пакутавала па ласцы, чалавечнасці. Але крык унутраны, ад якога толькі спазмай сціскае горла: «Неставала волі на супраціўленне. I яна пайшла следам, спярша па вуліцы, гарачай і дымнай, потым па нейкіх бясконцых калідорах, засланых прыгожымі дыванамі». Аднаго хацела Вольга: «каб не трапіць неспадзявана на вочы мужу».
I ў іншых апавяданнях гэтай першай кнігі – «Па дарозе дамоў», «Сустрэча на пероне», «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «Па сваіх слядах» і г. д. – I. Чыгрынаў не надта адмаўляўся, што ў аснову іх у большасці сваёй пакладзены факты, якія мелі месца ў жыцці. Але такая схільнасць да дакументальнасці не шкодзіла псіхалагічнаму заглыбленню ў характары. Талент I. Чыгрынава дазваляў узнімацца над адзінкавым, каб пераходзіць да тыповага, характэрнага, спасцігаючы ўсю шматграннасць чалавечых характараў. У той жа час пісьменнік не абыходзіў балявых момантаў сучаснасці, закранаў такія аспекты, пра якія іншыя аўтары ў лепшым выпадку спрабавалі маўчаць.
У няміласць трапіў, калі ў першым нумары часопіса «Полымя» за 1963 г. надрукаваў апавяданне «Маці». Падумаць толькі: асмеліўся са спагадай напісаць пра маці паліцая? За апавяданне не тое што крытыкавалі, а «білі» такімі крытычнымі дубінамі, якія ў модзе былі толькі ў трыццатыя гады. З’яўленне гэтага апавядання пазней паўплывала і на выхад першай кнігі. Як сведчыць сам I. Чыгрынаў, «першую кніжку «Птушкі ляцяць на волю» трымалі ўжо набранай «нейкія людзі» ажно некалькі месяцаў у выдавецтве, пакуль «добрыя людзі» не падказалі мне звярнуцца да самога Кірылы Трафімавіча Мазурава. Кіраўнік ён быў, калі лічыць па цяперашнім часе, ліберальны, дакладней, чалавечны; дарма што падобнае вызначэнне наогул наўрад ці ўласціва былым кіраўнікам буйнога маштабу. Але ж, няйначай, за дрэннае стаўленне да мяне ўсё-такі папала т. Шауру, які загадваў у той час у нас ідэалогіяй. Гэта я адчуў па тым, як раздражнёна, амаль з агідаю, перакідваў па стале з месца на месца мой ліст да т. Мазурава, маўляў, куды яго цяпер дзяваць?»
З выхадам зборніка К.Т. Мазураў дапамог, а вось апавяданне пасля першай публікацыі доўга не магло зноў прабіцца ў друк. Толькі ў 1970 г. пад назвай «У ціхім тумане» яно было надрукавана ў перакладзе на рускую мову ў часопісе «Дружба народов» (№ 5). На рускай мове яно ўбачыла свет і ў кнізе «За сто километров на обед» (1970). Да беларускага ж чытача яно ў чарговы раз прыйшло праз дваццаць з лішнім гадоў, ажно ў 1984 г., у першай кнізе Выбраных твораў I. Чыгрынава. Затрымалі яго перастрахоўшчыкі ад літаратуры. Праўда, як кажуць, няма благога без дабра. У новым варыянце апавяданне пісьменнік дапрацаваў, больш псіхалагічна абмаляваў вобраз самой маці.
Калі ў першым варыянце Ганна, якая дазволіла пераначаваць у сябе Рэйдзісе, на просьбу паказаць, дзе пахаваны яе сын, катэгарычна заявіла: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…», дык у дапрацаваным канцоўка іншая. Праўда, і на гэты раз I. Чыгрынаў прама не гаворыць, што Ганна ўсё ж пайшла насустрач старой: «паступова Ганна ўсё ж зразумела, што хвалявала старую: тая на прамілуй бог, гатовая поўзаць ля ног, прасіла паказаць ёй… сынаву магілу». Далей ідзе наступны сказ: «…Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык, дзесяцігадовы Аўласаў Міцька». Магчыма, яму пра гэта сказала і сама Ганна, але, магчыма, пра магілу Міцька ведаў ад аднавяскоўцаў.
Як бы там ні было, але Рэйдзіха апынулася «на краі бярозавага балота», дзе некалі партызаны застрэлілі яе сына-здрадніка. Міцька толькі і сказаў: «Недзе тут…» Адразу ж «сабака, пачуўшы гэтыя словы, успрыняў іх па-свойму, як каманду шукаць, і скокнуў да таго месца, куды паказаў рукою Міцька». Ды Рэйдзіха не дала яму разграбаць зямлю, «яна нечакана падскочыла да сабакі, пхнула са злосцю босай нагой і павалілася, бы падкошаная, на дзірван, прыпала да яго сваімі высахлымі грудзьмі».
Перад намі маці здрадніка, але ўсё ж маці. Таму востра боль яе аддаецца ў сэрцы. Таму, як гэта ні дзіўна, адчуваеш тое, што перажывае яна ў гэты момант спаткання. З сынам? Так, для яе з сынам! – «Рэйдзіха штосьці шаптала, варушачы сухімі вуснамі. Рукі яе, жоўтыя і слабыя, сутаргава і бездапаможна коўзаліся па мокрай, яшчэ не высушанай ад расы траве, быццам намагаліся награбсці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок».
Нямнога такіх апавяданняў у нашай літаратуры, хоць яна, асабліва ў апошні час, не абмінае ўвагай і гэткіх момантаў, разумеючы, што перад усім іншым павінна заставацца чалавеказнаўствам.
Свой шлях, які намеціўся ў кнізе «Птушкі ляцяць на волю», I. Чыгрынаў паспяхова абжываў у наступным зборніку «Самы шчаслівы чалавек» (1967), працягваючы пісаць менавіта сваю, чыгрынаўскую прозу, якая ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі рускай літаратуры (у тым ліку класічнай), беларускай прозы і ў той жа час захавала сваю індывідуальнасць.
Чыгрынаў засведчыў уменне глядзець на падзеі вачыма народа, даследаваць тыя пласты жыцця, якія падобнымі творцамі не прымаліся пад увагу з-за сваёй, здавалася б, звычайнасці. Але ж кожны чалавек – гэта сапраўды вялікі, неабсяжны свет. Зазірнуўшы ў душу чалавека, можна зразумець і сам рух гісторыі, яе несупынную хаду. Адметнасць чыгрынаўскіх апавяданняў якраз і заключаецца ў здольнасці аўтара адчуваць гістарычную перспектыву, рэалістычна-выразна падаваць самыя розныя падзеі з паўсядзённасці, ні на хвіліну не забываючы, што для сапраўднага творцы дробязных сярод іх быць не можа.
Факт ужо сам па сабе цікавы і сімптаматычны – усе апавяданні I. Чыгрынава, падкрэсліваем, усе, неаднаразова перавыдаваліся, выходзілі ў перакладзе на рускую – таксама неаднаразова – і іншыя мовы народаў СССР. Лепшыя з іх, як ужо згаданыя, так і тыя, што былі змешчаны ў кнізе «Самы шчаслівы чалавек», пашырылі далягляды беларускай навелістыкі, засведчылі аб невычэрпнасці так званага «малога жанру». Разам з тым яны сталі для самога I. Чыгрынава сапраўднай мастакоўскай школай, што дапамагала ў далейшай творчай працы.
Упэўнена напісана першае з іх, якое прагучала запеўкай да кнігі, «Народны камісар». Падобныя творы патрэбны сёння, калі знаходзіцца пры выкрыцці негатыўнага нямала ахвочых перакрэсліць ледзь не ўсю паслякастрычніцкую гісторыю, ацэньваючы людзей аднымі і тымі меркамі. Вялікай, усвядомленай ідэяй жыў і герой апавядання Аляксей Васілевіч, вобраз якога ва ўяўленні апавядальніка паступова складваўся як вобраз «чалавека з кагорты шчырых наркомаў ленінскай загартоўкі». У яго – мужнага, прынцыповага, апантанага барацьбой за справядлівасць – працягваецца бестэрміновця жыццёвая камандзіроўка. Наконт гэтага і сам Аляксей Васілевіч прызнаецца: «М-да, у мяне зацягнулася камандзіроўка. Адбыццё адзначана, а прыбыццё – не. Адной, апошняй пячаткі на маім камандзіровачным пасведчанні яшчэ няма».
Саму атмасферу перадваенных гадоў адчуваеш у апавяданні «Самы шчаслівы чалавек». У часопісе «Маладосць» (1965) яно друкавалася пад назвай «Першы бой». Аднак менавіта гэтая, другая, дакладна выяўляе ўнутраны стан юнакоў, прызваных у армію, якія гатовы былі аддаць свае жыцці – пераважная болышасць з іх неўзабаве і загінула ў першых жа баях – у барацьбе з фашызмам.
Аднаго палохаўся чырвонаармеец Аляксей Балаш: «яго дэмабілізуюць раней, чым пачнецца яна (вайна. – А. М.). У іхняй сям’і ўсе мужчыны былі на вайне: дзед – на японскай, бацька – на германскай, старэйшы брат таксама ваяваў – Аляксей ведаў, што ордэн брат атрымаў за Іспанію».
Хацелася ў бой, тым больш, «хлапец, быў упэўнены, што ў вайне ўддел прымуць, можа, адны толькі пагранічнікі – за якое даабеддзе, калі пачнецца раніцой, яны разаб’юць немцаў, а там падымецца рабочы клас у самой Германіі, і тады… Хто ведае можа, гэта самы зручны выпадак паквітацца з фашызмам!»
Святая вера, святая наіўнасць народжаны не без тагачаснай прапаганды. Але ж у паводзінах Аляксея Балаша і яго сяброў было і іншае: любоў да Радзімы, тое патрыятычнае выхаванне, якое не прайшло бясследна, а вылілася ў асабістую мужнасць і гераізм. Ды толькі як гэтая вера не стыкавалася з рэчаіснасцю! У першым жа баі Аляксей Балаш загінуў… Загінуў, але перад гэтым, цяжка паранены, перажыў тую непаўторную хвіліну, якой так хацелася яму: «…яго хвалявала і радавала тое, што і ён, Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Аляксей адчуваў сябе, можа, самым шчаслівым чалавекам».
Апавяданне ж «Iшоў на вайну чалавек…», па сутнасці, скандэнсавана перадае тое, што пазней лягло ў аснову вядомага рамана Я. Носава «Усвяцкія шлеманосцы». Апошнія гадзіны праводзіць дома звычайны вясковы працаўнік Ігнат. Атрымана мабілізацыйная павестка, засталося развітацца з блізкімі. Хочаш не хочаш, але, магчыма, і падсвядома, прымерваешся, ці так жыў дагэтуль, бо хто яго ведае, як у далейшым лёс складзецца.
Павел Дзюбайла адчуў галоўнае, чым кіраваўся пісьменнік, калі ажыццяўляў сваю задуму: «I. Чыгрынаў змог убачыць у чалавеку тое, чаго іншыя ў ім не заўважылі, змог паказаць характар простага хлебароба, які адпраўляецца на фронт, так праўдзіва, буйна, абагульнена, паэтычна, што герой, як жывы, паўстаў са старонак апавядання ва ўсёй сваёй сціплай прыгажосці, душэўным багацці».
«Народны камісар», «Самы шчаслівы чалавек», «Ішоў на вайну чалавек…» – якраз гэтыя тры апавяданні, з’яўляючыся важным цэментуючым пачаткам у другой кнізе, як і творы з першага зборніка, у якіх гучала тэма вайны, паступова набліжалі I. Чыгрынава да больш значнай задумы – больш панарамна, аб’ёмна зірнуць на падзеі выключнай гістарычнай важнасці. Нельга не адзначыць, што подступам да рамана «Плач перапёлкі» стала і апавяданне «Варажба». Яно ў перыёдыцы не друкавалася, а ўвайшло ўпершыню ў кнігу «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У гэтым творы сустракаеш верамейкаўскіх жанок – Марфу Зазыбу, Ганну Карпілаву, Куліну Вяршкову, Ганусю Падзерыну і іншых, якіх бачыш і сярод персанажаў рамана «Плач перапёлкі». Значыць, працуючы над апавяданнямі, пісьменнік назапашваў фактычны матэрыял і для свайго першага рамана.
«Спачатку мне проста хацелася напісаць зімовую аповесць пра ваенны час, – успамінае Іван Чыгрынаў.– Я неяк вельмі помню вайну па зімах. Маразы вялікія, сабакі выюць. I на пажар яны выюць, і на смерць выюць. Так часта вылі, што мы ці не разбіраліся: калі выюць, задраўшы галаву – значыць, на смерць. Недзе разбіраліся нават і ў тым, на чыю смерць яны выюць: ці на смерць далёкага чалавека, ці блізкага… У зімах здараліся чамусьці і самыя вялікія карныя экспедыцыі немцаў, і тады даводзілася ратавацца, бегчы ў лес, ездзіць у другія вёскі, сядзець у снезе, начаваць пры вогнішчы. Адным словам, зімы якраз найбольш запомніліся. Таму і задумаў напісаць зімовую аповесць».
Ужо і загаловак у I. Чыгрынава з’явіўся – «Калі выюць сабакі», першыя сказы ляглі на аркуш паперы… I раптам работа як пачалася, так і спынілася. Адчуў пісьменнік, што «ў тэме вайны шмат чаго недасказанага, шмат чаго і проста нясказанага. А галоўнае – мала той вайны, мала таго народнага жыцця, якое было тады».
Па-рознаму ўспрымаліся гэтыя развагі сярод літаратараў. На жаль, нямала знаходзілася і такіх, хто бачыў у гэтым звычайную нясціпласць аўтара і нават замах на аўтарытэты. Маўляў, столькі кніг пра вайну напісана, такія імёны, а тут… I. Чыгрынаў адносіўся да ўсяго спакойна. Нікому, як кажуць, дарогу пераходзіць не збіраўся, нічые творы не адмаўляў і разам з тым збіраўся пісаць пра вайну так, як пра гэта пакуль што ніхто не пісаў. Падступаўся да самага першага перыяду яе, да тых месяцаў, калі толькі пачалася акупацыя Беларусі, а партызанскі рух зараджаўся. Колькі было няпэўнасці, і кожны павінен быў знайсці сваё месца ва ўсенароднай барацьбе з фашызмам.
Відаць, не лішнім будзе разам з аўтарам прасачыць, як адбываўся гэты подступ да раманаў, якія сёння – у тым крытыкі аднагалосныя – з’яўляюцца важкім укладам у шматнацыянальную літаратуру аб Вялікай Айчыннай вайне.
Аб працы над раманамі Іван Чыгрынаў неаднойчы гаварыў у сваіх інтэрв’ю. Ён не адмаўляе, што пры ажыццяўленні гэтай задумы нямала дало ваеннае маленства: «…я сапраўды правёў дзяцінства ў вайне: жыў у вёсцы са сваёй сям’ёй, з братамі, сёстрамі і маці, бачыў гэтую вайну, хоць і быў малы. Але, як на сённяшні розум і вопыт, дык павінен сказаць – вельмі ж учэпістая дзіцячая памяць. Я ўжо забыў многае, што было пры дарослым жыцці, а з таго, дзіцячага, жыцця мала што забываецца. Нібы адбілася на фатаграфічнай стужцы. Адбілася і не засвечваецца ні часам, ні чым іншым. Дык вось, многае чэрпаў са сваёй уласнай памяці».
Пастаянна спадарожнічала пісьменніку і сама народная памяць: «У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну. Не забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці». I, вядома ж, не абмінуў сваёй увагай I. Чыгрынаў творы беларускай літаратуры, у якіх праўдзіва адлюстраваны асобныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны: «Глыбокую плынь» I. Шамякіна, «Мінскі напрамак» I. Мележа, «Векапомныя дні» М. Лынькова і іншыя. Шмат сустракаўся з вядомымі партызанамі, кіраўнікамі партызанскага руху, у тым ліку і былым начальнікам Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнкам.
Як бачым, вялася вялікая падрыхтоўчая работа. Што тычыцца свайго стылю, мастакоўскага почырку, дык ён быў ужо выпрацаваны. Нельга не прыслухацца да вывадаў Т. Шамякінай, якая, падагульняючы вопыт I. Чыгрынава-навеліста, заўважыла: «I. Чыгрынаў не любіць упрыгожанага, расквечанага стылю, эфектных, рэзкіх паваротаў і дэталяў. Аснова яго прозы – дакладная, жыццёва аб’ектыўная рэчавасць. Пра трагічнае, страшнае ён гаворыць стрымана, прыкрываючы свой боль, не злоўжывае ўмоўнымі формамі, сімволікай. Але ўжо ў апавяданнях адчуваецца настойлівы пошук пісьменнікам аб’ектыўнай, шматзначнай, абагульняючай дэталі».
Апошняе немалаважна, таму што сам жанр рамана, у адрозненне ад апавядання і нават аповесці, хоць і ў меншай ступені, патрабуе куды іншага падыходу ў адлюстраванні падзей. Лаканічнасць лаканічнасцю, дакладнасць дакладнасцю, але ўжо не абысціся і без разгорнутых характарыстык, адчування самога дыхання жыцця, яго атмасферы. Адным словам, у рамане аўтар павінен выявіць свайго роду энцыклапедычнасць ведаў, поглядаў. Ці не гэта меў на ўвазе I. Чыгрынаў, калі сур’ёзна зацікавіўся вывучэннем флоры і фаўны, склаў свой уласны траўнік, у які занёс тыя назвы, што бытуюць у народзе.
Карпатлівая, можна сказаць, даследчыцкая работа вялася не дзень і не два: «Звычайна браў сваіх пляменнікаў на луг, у лес ці поле, прыносіў адтуль ахапкі рознай травы і кветак і разбіраў пасля гэтыя букеты з суседзямі, параўноўваў з каляровым атласам раслін, якія растуць у Беларусі, у нас на Магілёўшчыне, і знаходзіў нейкую дакладную беларускую назву іх. Зараз у мяне гэтых назваў каля сямісот. Гэтак жа сама пазнаваў нанава птушак. Раней здавалася, што ўсё ведаў, а як пачаў пісаць, аказалася – мала гэтага ведання…».
Пра гэтыя сакрэты творчай лабараторыі I. Чыгрынава і чытачы, і крытыкі, за выключэннем хіба што сяброў, даведаліся, калі раманы атрымалі ўсеагульнае прызнанне. Тады ж, у 1970 г., з’яўленне «Плачу перапёлкі» на старонках «Маладосці» для большасці стала нечаканасцю. Нечаканасцю не таму, што I. Чыгрынаў напісаў раман. Цяжка было паверыць, што ў падзеі пачатку вайны так дакладна пранік аўтар, які перажыў яе дзіцем. Настолькі адчувалася сама атмасфера далёкіх гадоў, так жыло ў творы ўсё самой вайной – болем, смерцю, слязьмі, пакутамі і пакуль што нейкай няпэўнасцю, тымі ваганнямі, калі кожны павінен быў вырашыць, як быць далей.
Пра боль, пакуты, смерць, слёзы, канечне, літаратура пісала і раней, але, каб гэтак адкрыта пра ваганні?! Ды каго, аднаго з лепшых калгасных камуністаў Радзівона Чубара! Цяпер пра гэта I. Чыгрынаў успамінае ці не з усмешкай: «Работнікі «Маладосці» не дадуць схлусіць: калі друкаваўся мой раман, яны не атрымлівалі квартальнай прагрэсіўкі» . «Мяне ўнутраны рэдактар не вельмі стрымліваў у рабоце» – за гэтымі словамі і прынцыповасць, і смеласць, і ўпэўненасць, што ўсё мінецца, а праўда была, ёсць і назаўсёды застанецца.
«Крыві», як кажуць, было папсавана аўтару нямала, але раман прагучаў… «Першапачатак народнага подзвігу» – так сказаў пра «Плач перапёлкі» адзін з яго першых рэцэнзентаў Уладзімір Юрэвіч. Сапраўды, першапачатак, хоць пакуль што верамейкаўцы нічога гераічнага як бы і не зрабілі, але ўсе яны жывуць прадчуваннем нечага новага, вялікага, што абавязкова паўплывае на іхнія лёсы, а значыць, і размяжуе, падзеліць на два лагеры. На тых, хто застанецца прыхільнікам Савецкай улады, зробіць усё магчымае ад яго, каб змагацца за вызваленне ад ворага. I на фашысцкіх прыслугачоў. Іх будзе куды меней, ды яны, на жаль, і ў Верамейках знойдуцца.
Перачытваючы раман «Плач перапёлкі», адразу прыгадваеш чыгрынаўскае выказванне, што прагучала афарыстычна: «Раман – гэта народ». Вачыма самога народа і глядзіць пісьменнік на падзеі, што адбываюцца ў Верамейках, прыглядаючыся не толькі да ваеннай рэчаіснасці, але і кідаючы позірк у гісторыю, у дзень учарашні. Так паступова ў творы з’яўляецца ці не самы важны, абагульнены вобраз – вобраз маці-Беларусі. Над яе лёсам задумваюцца сяляне яшчэ перад самым пачаткам той вялікай бяды, якая неўзабаве абрынецца на Верамейкі. У хвіліны гэтага трывожнага одуму Кузьма Прыбыткоў – само ўвасабленне народнай мудрасці, празорлівасці і адначасова неўміручасці – вымаўляе словы, якія з поўным на тое правам можна паставіць свайго роду эпіграфам і да «Плачу перапёлкі», і да наступных раманаў I. Чыгрынава: «Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі – у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, таму во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі – ні кара дак ягада, ні ягада дак грыб: а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская…».
З гонарам за родную Беларусь, яе вынослівасць і нескаронасць напісаны раман I. Чыгрынава. Разам з тым і з болем, што так шмат давялося перажыць народу, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З усведамленнем неўміручай памяці аб загінуўшых, скалечаных. Само паняцце гістарызму ў дачыненні да твора набывае глыбокае значэнне. Сувязь часоў, паяднанне ўчарашняга і сённяшняга, спасціжэнне ўсяго гэтага ў дыялектычным адзінстве выходзіць на першы план. I вось ужо за лёсам невялікай вёсачкі Верамейкі пачынае бачыцца сама зямля беларуская. Лёсы ж галоўных герояў твора Дзяніса Зазыбы і Радзівона Чубара таксама, бы з нябачных нітак, сатканы з лёсаў многіх людзей, што гэтаксама, як і яны, у сумненнях, развагах і памылках, паступова знаходзілі сваё месца ў барацьбе з ворагам.
Зазыба і Чубар – як бы два полюсы ў рамане. Аднак пры ўсёй рознасці іх ацэнкі становішча не хацелася б называць гэтых чыгрынаўскіх персанажаў антыподамі. Усё-такі разыходжанні ў Зазыбы і Чубара не ў галоўным, бо галоўнае сумнення для іх не выклікае: станавіцца ў строй актыўных барацьбітоў абавязкова трэба. Але Зазыба ў адрозненне ад Чубара, які і цяпер гатовы чакаць указанняў, куды больш самастойны, бо разумее, што ў цяперашняй складанай абстаноўцы наўрад ці мэтазгодна карыстацца дырэктывамі, асновы якіх закладваліся яшчэ перад вайной.
У самым пачатку «Плачу перапёлкі» паміж Чубарам і Зазыбам адбываецца размова, якая ў многім дазваляе зразумець, што гэта за людзі. Чубар, які перад гэтым пабываў на нарадзе ў райкаме, катэгарычны: «Калгасы павінны выганяць жывёлу, а хлеб здаваць пад ахоўнасць дзяржаўных органаў. А тая маёмасць, якую нельга вывезці, павінна безумоўна знішчацца. Знішчацца, разумееш? Каб не пакінуць ворагу. Адну спустошаную зямлю трэба пакідаць. Адну спустошаную зямлю!».
Пасля гэтых слоў Чубара Зазыба хмура запытаў: «А людзей?» Той нічога не зразумеў, перапытаў: «Што людзей?» Зазыба і ў гэты цяжкі момант клапоціцца пра тых, хто застанецца на акупіраванай тэрыторыі, бо ўпэўнены – не толькі здраднікі застануцца, а і сумленныя, усе ж не эвакуіруюцца. Па іншаму мяркуе Чубар: «А хто іх прымушае заставацца? Той, хто па-сапраўднаму любіць Савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно зняўся з месца і паехаў».
Хоць падзеі ў рамане разгортваюцца замаруджана, павольна, сама спружына дзеяння закручваецца вельмі моцна. Сутыкаюцца розныя і непадобныя чалавечыя характары. Ды так уступаюць ва ўзаемадзеянне, што часам не адразу і зразумела, на чыім баку праўда. Узяць хоць бы былога намесніка старшыні калгаса Зазыбу. У грамадзянскую вайну змагаўся ў атрадзе Шчорса, «прыкіпеў да рэвалюцыі», «калі праз тры гады вярнуўся ў Верамейкі, то насіў ужо на гімнасцёрцы ордэн Чырвонага Сцяга. Тады гэта быў, можа, трэці чалавек з ордэнам на ўсю Калінінскую акругу». У адданасці яго Савецкай уладзе ніхто не сумняваўся. I раптам гэты ж Зазыба выступае ледзь не за супрацоўніцтва з фашыстамі. Маўляў, калгас няма патрэбы распускаць… Становішча драматызуецца яшчэ і таму, што з турмы вяртаецца сын Дзяніса Масей. «Не пад чыстую прыйшоў», проста адпушчаны канвоем.
Чубар, наадварот, як быццам ва ўсім правільны, але чаго варта такая правільнасць, як дорага яна абыходзіцца. Расстрэл Чубарам ваенурача Скварцова, з якім ён выпадкова сутыкнуўся пад час блукання па Забяседдзю, магчыма, з пункту гледжання законаў вайны і правільны, але ж як быць у такім разе са звычайнай чалавечнасцю. Па сутнасці, не маючы на тое ніякага права, Чубар усю сваю злосць вылівае на хворага чалавека. Крыху астуджвае Чубара палкавы камісар, які прама гаворыць яму, што трэба вяртацца ў родныя мясціны і там, дзе цябе лепш ведаюць, змагацца з ворагам: «Не, таварыш Чубар, грэх вам шукаць дзесьці на чужой старане тое, што можна знайсці дома».
Поруч з Чубарам і Зазыбам жывуць дзясяткі іншых верамейкаўцаў, кожны з якіх гэтаксама знаходзіцца як бы на своеасаблівым перавале ў сваім жыцці. Пра асобных з іх I. Чыгрынаў расказвае так падрабязна, што сапраўды ёсць усе падставы гаварыць аб менавіта народным поглядзе на падзеі вайны. Суровая рэчаіснасць прапускаецца праз лёсы Парфена Вяршкова, Мікіты Драніцы, Сідара Раўнягіна, таго ж Кузьмы Прыбыткова, Ганны Карпілавай… Гэтаксама псіхалагічна праўдзіва раскрывае пісьменнік вобразы Брава-Жыватоўскага і Рамана Сёмачкіна. Калі першы адразу пайшоў на службу да фашыстаў, цалкам раскрыўшы сваё нутро, дык Сёмачкін, хоць і ненавідзіць Савецкую ўладу, але імкнецца знаходзіцца на нейкай сярэдзіне. Як той хітры сабака – гаўкае ды пакуль што не кусае.
Пры першым знаёмстве з раманам заўважалася і некаторая аўтарская недасказанасць. Пісьменнік расказваў хоць і падрабязна пра сваіх герояў, ды апошняй кропкі так і не ставіў. Ды і як яе паставіць можна было, калі твор завяршала такая фраза: «Канчаўся ўсяго толькі другі месяц вайны». Уласна кажучы, асноўныя падзеі былі яшчэ наперадзе. Гэта пацвердзіў і чарговы раман I. Чыгрынава «Апраўданне крыві» (1976). Чубар, які ў «Плачы перапёлкі» яшчэ не мог заўважыць, як «у Верамейкі паўз хату Юхіма Кандрусевіча» ўступала нямецкая вайсковая часць, бо сачыў за ласём, застрэленым здраднікам Рахімам, цяпер вымушаны паскорана вырашаць, як жа быць далей, каб не застацца ў баку ад барацьбы з ворагам.
Аднак пакуль што куды больш цяжкое становішча ў Зазыбы. Ён жа застаўся ў Верамейках, штодня знаходзіцца на вачах у захопнікаў, ды і злыя языкі добра ведаюць, хто Зазыба на самой справе. I. Чыгрынаў у «Апраўданні крыві», з аднолькавай увагай прасочваючы далей лёсы персанажаў, усё ж шмат засяроджваецца менавіта на Зазыбу. Як-ніяк, а ён як быццам «побач», без яго проста немагчыма жыццё ў Верамейках. Зазыба, як ніхто іншы, павінен штодня хадзіць па як бы тонкай вяроўцы, што правісла над безданню. Дбаючы аб дні заўтрашнім, ён гатовы на кампраміс, уступкі, бо ўпэўнены, што ў далейшым даробіць тое, чаго не мог зрабіць сёння.
Падобная аглядкавасць Зазыбы не падабаецца Чубару. Ён не можа зразумець, навошта Зазыба ездзіў на нараду да нямецкага каменданта, і ўжо зусім абураецца, калі той згодзен дапамагаць немцам адбудоўваць мост:
«– I ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? – наперад здзіўлена спытаў ён».
Зазыба і на гэты раз не паддаецца эмоцыям, хоць і не хавае сваёй перакананасці, што ў дадзены момант павінен рабіць менавіта так: «Паеду, – упарта крутануў галавой Зазыба. – I справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць».
Зазыба разумее, як гэта важна – заваяваць у фашыстаў давер. Сапраўды, кампраміс кампрамісу розніца. У гэтай жа сітуацыі не толькі кампраміс, а, калі хочаце, і стратэгічнае мышленне. Сваім жа ідэалам Зазыба ні ў якім разе не здраджвае. Ён нават не баіцца прама ў вочы сказаць Брава-Жыватоўскаму: «Ты таксама хутка іначай запяеш. Гэта пакуль няма канчатковай упэўненасці, што ўлада твая надоўга зачапілася ў нас, дык ты анёлам прыкідваешся».
Былы намеснік старшыні і цяперашні паліцай часта ўступаюць у спрэчкі. Сутнасць гэтых дыялогаў дакладна адчула Т. Грамадчанка: «Тут сутыкнуліся не проста розныя характары, а дзве супрацьлеглыя філасофіі жыцця. Паміж Зазыбам і Брава-Жыватоўскім няма і не можа быць замірэння, гэта антыподы, бо адзін усім сваім жыццём сцвярджае тое, што адмаўляе другі, і наадварот».
У «Апраўданні крыві» працягваецца блуканне па пакутах Радзівона Чубара. На жаль, яшчэ вельмі часта ў паводзінах гэтага чыгрынаўскага персанажа замест цвярозых разваг пераважаюць эмоцыі. Па-ранейшаму Чубар нагадвае сабой парахавую бочку. Дастаткова да яе дакрануцца запалцы выпадковага збегу абставін, як успыхвае самы непажаданы пажар. Так здарылася і тады, калі Чубар вырашыў спаліць жыта, бо быў азлоблены ўсім і на ўсіх. Выконваючы дырэктыву, пра людзей забыўся. Лаканічная характарыстыка Чубара дадзена I. Чыгрынавым: «Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. Яны аднолькава здольны кіраваць калектывам і падпарадкоўвацца яму. Гэта ўсё роўна як тыя шасцяронкі ў вялікім механізме, якія па адной толькі стаяць ды ржавеюць. Каб прыйсці ў рух, ім неабходна сувязь паміж сабой, узаемнае вярчэнне, калі наогул можна гаварыць так у дачыненні да людзей».
Але блуканне для Чубара не прайшло бясследна. Ён, які «нечым нагадваў зрушанага з берлагу мядзведзя», прыйшоўшы ў Верамейкі, па-новаму глянуў на сваю вёску: «…Чубар нечакана зразумеў, што думае ён пра верамейкаўцаў не столькі з бяскрыўдлівай паблажлівасцю, колькі з нейкай шчымлівай любасцю – бадай, гэта было ў яго практыцы, у яго адносінах да іх зусім новае пачуццё, якога ён дасюль вось так акрэслена яшчэ не ведаў». Гэтых змен у паводзінах таварыша не мог не заўважыць і Зазыба. Адным словам, раман паглыбіў чытацкае ўяўленне аб двух галоўных героях, тым самым яшчэ праўдзівей спасцігнуў усю складанасць уваходзін чалавека ў вайну, ператварэнне яго ў свядомага барацьбіта.
Пасля з’яўлення раманаў «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» найбольш прынцыповыя крытыкі адчулі: I. Чыгрынаў паспяхова заклаў падмуркі маштабнага твора аб мінулай вайне. В. Каваленка свой артыкул так і называў – «Абяцанне эпапеі». Ён, у прыватнасці, пісаў: «А што раманы I. Чыгрынава – абяцанне эпапеі, сумнення быць не можа. Гэта пацвярджаюць перш за ўсё знешнія абрысы задумы. Два даволі аб’ёмныя раманы ахопліваюць падзеі ўсяго толькі некалькіх месяцаў вайны. I цяпер хоча пісьменнік таго ці не хоча, а простая логіка развіцця эпапейнага дзеяння будзе дыктаваць яму параметры сюжэта і ахоп падзей у часе». Пісаў і адначасова задаваў пытанне: «Колькі ж усяго будзе раманаў у эпапеі I. Чыгрынава – пяць, сем ці нават яшчэ больш? Гэта, урэшце, не так важна. Бясспрэчна толькі адно – іх павінна быць нямала, бо інакш катастрафічна парушыцца сюжэтнае, кампазіцыйнае суладдзе эпічнага руху падзей».
I чытачы, і крытыка чакалі чарговы чыгрынаўскі раман, але чаканне гэтае зацягвалася. Не спяшаўся I. Чыгрынаў выносіць на суд новыя старонкі сваёй эпапеі. Працаваў марудна, як сейбіт, які добра валодае сваім рамяством і цудоўна разумее, што час жніва прыспешваць не варта, таму што ў яго свае тэрміны. Новы раман нараджаўся не сказаць, каб лёгка, але і гэта пісалася, як цяпер бачна, тая глыбока жыццёвая і праўдзівая проза, якая заўсёды напоўнена праблемамі часу, а чалавек бачыцца ў ёй не нечым ізаляваным, а часцінкай самога чалавецтва.
Чыгрынаў застаўся верным сваёй творчай задуме – знешне стрыманай, калі кожнае слова старанна ўзважваецца, перш чым з’явіцца на паперы. Гэтая лаканічнасць адчуваецца з першых жа радкоў «Сваіх і чужынцаў»: «Восень у сорак першым выдалася ў Забяседдзі нядоўгай – лічы, адразу пасля так званага бабінага лета, якое, як і кожнага разу, сёлета таксама блішчэла сонцам і павуціннем, у наваколлі ўвачавідкі з’явіліся адзнакі блізкай зімы…».
Адразу ж суровая ваенная рэчаіснасць: «Вайна амаль напалавіну абязлюдзіла вёскі».
Пісьменнік не прыспешвае падзей. Дзеянне чарговага рамана таксама адбываецца марудна, бо для аўтара галоўнае – глыбей пранікнуць у сутнасць з’яў. Чытаючы твор, быццам увачавідкі ўваходзіш у складаную, часам незразумелую абстаноўку, якая ўзнікла ў пачатку вайны не толькі на фронце, але і ў тыле ворага. Здавалася б, усё як мае быць. Паўсюдна на месцах засталіся надзейныя людзі, каму давяралася ўзначаліць барацьбу з гітлераўцамі. Ствараліся падпольныя райкамы, з’явіліся першыя партызанскія атрады. Але адна справа – указанні зверху і зусім іншае – само жыццё, якое штомінутна, штогадзінна магло паўплываць на звыклы ход падзей, унесці ў яго свае карэктывы.
У кастрычніку былі ўжо два партызанскія атрады і ў Забяседдзі: «I сярод іх – адзін мясцовы, той, што быў створаны ў вёсцы Машавая, калі фронт стаяў на Сажы. Дарэчы, у спісах гэтага атрада значыўся і Радзівон Чубар». Другі – спецатрад Карханава. Атрады дык былі, але яны толькі пачыналі сваю дзейнасць, адбываўся заканамерны працэс перабудовы свядомасці людзей на новы, ваенны спосаб мышлення. Гэта назіралася і ў атрадзе Мітрафана Нарчука. I сам Нарчук, і камісар Баранаў у нядаўнім людзі цывільныя. Баранаў быў сакратаром райкама партыі, Нарчук працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі.
Іван Чыгрынаў вельмі ўважліва прыглядаецца і да самога Нарчука, і да Баранава, і да былога раённага пракурора, а цяпер радавога байца Шашкіна. Псіхалагічныя матывіроўкі паводзін гэтых людзей у рамане асабліва пераканаўчыя. Зайздросціш майстэрству пісьменніка: праз нязначны ўчынак можа так шмат сказаць пра чалавека. Праўдзівым і пераканаўчым атрымаўся вобраз Шашкіна, які ніяк не можа звыкнуцца з думкай, што ён, нядаўні кіраўнік раённага маштабу, у атрадзе – звычайны партызан. Глыбока і ўсебакова раскрывае аўтар характары Нарчука, Баранава. I, вядома ж, па-ранейшаму так пільна прасочваецца ўсё, што звязана з Зазыбам і Чубарам.
Розныя, непадобныя яны між сабой і ў «Сваіх і чужынцах», але ў жыцці іх наступае такі момант, калі абодва выходзяць на дарогу, якая вядзе да адкрытай барацьбы з фашызмам. Першым ступае на яе Дзяніс Зазыба. Гэта яму нават прасцей, бо ўвесь час знаходзіўся ў роднай вёсцы. Зазыба мог штодня прыглядацца да людзей, адчуць, хто і чым жыве ў гэтую складаную часіну. Неўзабаве ён зблізіўся з былым акружэнцам, а цяпер калгасным кавалём Андрэем Марухіным. Праўда, не адразу знайшлі яны агульную мову, але паступова ўзнік давер, разам задумваліся, як жыць далей, як змагацца з ворагам. Зазыба, селянін па сваёй псіхалогіі, спадзяецца ў асноўным на мясцовае насельніцтва. Аднак Марухін, які ўжо шмат пабачыў, паваяваў з фашыстамі, усведамляе, наколькі моцны вораг: «Не, Дзяніс Яўменавіч, з вашых мужыкоў войска не складзеш, незалежна ад таго, многа будзеш думаць ці мала. Гэта я вам кажу як чалавек, які трохі паваяваў». Марухін знаходзіць адзіна правільнае выйсце: «Таму я і гавару: трэба пахадзіць па навакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, можна патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў».
Размовы з Андрэем Марухіным для Зазыбы не праходзяць бясследна. Зазыба, які ўвесь час быў упэўнены, што з ворагам неабходна змагацца, нарэшце адчуў, што ёсць рэальныя шляхі для такой барацьбы. У гэтай сувязі цікавае такое месца ў рамане: «Нарэшце Дзяніс Яўменавіч зразумеў і тое, што ў іхніх з Чубарам спрэчках аб арганізацыі супраціўлення фашыстам мала было цвярозага сэнсу». Больш таго, «аказваецца, ні максімаліст Чубар, які гатовы быў хоць зараз ламаць ды крышыць усё навакол, абы хоць чым шкодзіць ворагу, няхай гэта спалучана будзе нават не толькі з вялікімі, нераўназначнымі ахвярамі, але і з самагубствам, ні разважлівы, таму, можа, залішне абачлівы Зазыба, які хацеў унесці ў арганізацыю супраціўлення больш разумны пачатак, не мелі рацыі. У выніку адбывалася марная трата часу». Толькі цяпер Зазыба пераканаўся: «гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек».
Новае раскрыццё набыла і лінія Чубара, які яшчэ нямала павагаецца, пакуль зразумее, што змагацца з ворагам ён павінен у родных месцах. I. Чыгрынаў выразна перадае душэўны стан свайго героя: «За гэты час, як Чубар ішоў сюды з Батаеўскіх лясоў, ён зразумеў, нарэшце, адну вялікую ісціну, пра якую раней чуў толькі ад людзей, – пах роднага дома чалавек у поўнай меры адчувае тады, калі вяртаецца дахаты». Вяртаецца, выконваючы заданне Карханава: «…вам, Радзівон Антонавіч, давядзецца сёння ж рушыць уніз па Бесядзі, каб адшукаць там у Панькоўскіх лясах і прывесці сюды атрад Нарчука».
У «Сваіх і чужынцах» нямала жорсткай, непрыхаванай праўды, той праўды, на якую літаратура і грамадскасць асмельваюцца толькі сёння, ва ўмовах дэмакратызацыі. I. Чыгрынаў за такую праўду змагаўся і ў застойныя гады. Чаго толькі варты эпізод, калі камісар Сцяпан Баранаў (атрад Мітрафана Нарчука толькі яшчэ ствараецца) прыйшоў да свайго роднага брата Архіпа, каб знайсці сёе-тое з харчу. Людзі ж зусім знясілелі: «Той адно расчыніў дзверы перад ім ды груба сказаў праз парог:
– Хочаш наклікаць бяду на мяне і маю сям’ю? Ідзі прэч… Хацеў жыць вялікім начальнікам, дык цяпера…
– Мне харчу патрэбна.
– Няхай лепш пададуць у другім месцы. Кажу, ідзі прэч!»
Яшчэ на братавым двары Баранаў «выцер слёзы». Праўда, знайшлася добрая душа, запрасіла да сябе суседка Архіпа.
Гэтая праўда таксама не прыдуманая… Знайшоўся нейкі вельмі ж ужо «рашучы» Патоля, які, не думаючы пра вынікі, забіў тапаром жонку бургамістра Зімарова. Шмат каштавала такая помста. Фашысты схапілі падпольшчыкаў Рыгайлу і Яфрэменку, быў арыштаваны сакратар райкама партыі Касьян Манько, некаторыя члены падпольнага райкама…
Цяжка пасля ўсяго гэтага Нарчуку: «У кожным разе, пакуль што партызаны бачылі вакол сябе адны страты».
Што ж, прыгадайма яшчэ раз словы Даўгалёва з апавядання «Праз гады»: «Я табе, здаецца, ужо гаварыў пра партызан сорак першага і сорак трэцяга года?.. Дык ты не падумай, што гэта так сабе. У сорак трэцім ужо і час і падзеі за нас былі. А ў сорак першым?..».
Ёсць у раманах I. Чыгрынава яшчэ адзін вобраз, значнасць якога ўзрастае асабліва сёння, калі можна на поўны голас гаварыць аб тым, да чаго давёў краіну сталінізм. Масей Зазыба – адзін з мільённых ахвяр яго. Цяпер пісьменнік можа прама сказаць, што ў нейкай ступені падставай для лёсу Масея Зазыбы паслужыў паэт Масей Сяднёў. Хаця, чаму можа сказаць, пра гэта гаварыў I. Чыгрынаў і раней, калі пісаў аўтабіяграфію «Першы ўспамін» для чарговага аднатомніка аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў: «…З яе зместу ў выдавецтве, тады яно называлася Дзяржаўным, спрабавалі «стварыць» цэлую справу». Якраз усё і пачалося з таго, што ў гэтай аўтабіяграфіі аўтар сярод паэтаў-землякоў і прыгадаў таго ж самага Масея Сяднёва: «Быў такі да вайны паэт. Цяпер ён – за мяжой… Як і Масей Зазыба, Сяднёў Масей таксама быў арыштаваны ў Мінску. Сядзеў. Пасля першага тэрміну яго прывезлі на перасуд. Аднак пачалася вайна… Сяднёў, як і Масей Зазыба, вярнуўся ў родную вёску».
Дзяніса Зазыбу, канечне ж, не магло не хваляваць, што сын, па сутнасці, па-ранейшаму застаўся асуджаным. Пасля першай радасці ад вяртання, сустрэчы бацька не ўстрымаўся:
«– А што гэта за чалавек быў, што адпусціў цябе, як ты кажаш? – праз нейкі момант спытаў Зазыба.
– Канвойны.
– Значыць, ты не па чыстай прыйшоў?
– Не.
Моцна ўражаны, Зазыба апусціў галаву».
Даходзіла нават да таго, што бацьку думалася: «Няхай бы ўжо не вяртаўся Масей дамоў, раз незаконна». Вядома ж, можна зразумець Зазыбу, калі ўспомніць, якая тады абстаноўка была ў краіне, калі нават блізкія людзі не сумняваліся ў віноўнасці сваіх родзічаў, так званых «ворагаў народа». Але ж трэба зразумець і некаторую адчужанасць Масея: «Не на курорце ж столькі гадоў быў».
Няпроста адбываецца гэтае «прыціранне» бацькі да сына, як і сына да бацькі. Яшчэ цяжка сказаць, хто з іх больш пакутуе. Ці сам Зазыба, ці Масей, у жыцці якога па-ранейшаму так шмат няпэўнасці. Куды цяпер да вершаў, якія пісаў раней: «Масей далёкі быў ад містыкі, аднак другі гатовы быў паверыць, што за яго вось ужо каторы год д’ябал спрачаецца з богам. Пра сваё нечаканае вызваленне ён хоць і расказваў спакойна, але галавой разумеў, што яно таксама зрабілася адным з тых вузельчыкаў, што хітрым канцом завязваў на яго лёсе д’ябал, бо ў цяперашніх умовах, нават апынуўшыся шчасліва дома, наўрад ці выпадзе магчымасць цалкам разблытаць гэты вузельчык».
Цалкам дык не разблытаў ды наўрад ці зрабіць гэта мог, але не зламаўся, не стаў жорсткім. Да ўсяго ж Масей Зазыба ўпэўнены: прыйдзе час, і пра гэта беззаконне будзе сваё слова сказана: «Папомніш мяне, бацька, пра гэта яшчэ скажуць, ой, скажуць!». У падобнай сітуацыі Масей робіць адзіна магчымае, што залежыць ад яго, – не ідзе на службу, да фашыстаў, цалкам адмаўляе «нацыянальную ідэю» свайго былога сябра, а цяпер нямецкага паслугача Алеся Астрашаба. Бачыць у дзейнасці нацыяналістаў нішто іншае, як звычайную несумленную валтузню. Такая пазіцыя сына не магла не ўзрадаваць Дзяніса Зазыбу. Ён зразумеў, як бы там ні было, а Масей не запляміў сваё сумленне, праз яшчэ адно выпрабаванне прайшоў з годнасцю.
Паўтараю, калі на цяперашні дзень, I. Чыгрынаў, магчыма, палічыў бы вартым падрабязней расказаць пра мінулае Масея Зазыбы, пра тое, як ён апынуўся ў турме. Але і тое, што ёсць у рамане, дае ўсе падставы сцвярджаць, што пісьменніку ўдалося псіхалагічна праўдзіва перадаць атмасферу жыцця краіны ў трыццатыя гады, узнавіць яе ў той час, калі многія лічылі за лепшае гэтай тэмы не кранацца.
Раман жа «Свае і чужынцы» канчаецца толькі снежнем 1941 года. Уся вайна з фашызмам – лютая, крывавая – была наперадзе. Але пачатак такой вайне быў пакладзены ўжо. Невыпадкова раман завяршае «Агляд развіцця партызанскага руху за перыяд з 1.І. па 30.VI.1942 года з улікам асаблівасцей тактыкі і вопыту барацьбы. Начальнік палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта. № 2365/42. Сакрэтна», з якога відаць, «наколькі пагражальнай праблемай стала для нямецка-фашысцкіх акупантаў барацьба народных мсціўцаў і які шырокі размах яна мела ўжо на пачатку сорак другога года» .
Падвёўшы сваіх герояў да мяжы, за якой пачыналася барацьба не на жыццё, а на смерць, пісьменнік, можна сказаць, лагічна завяршыў сваю трылогію. I ў такім выглядзе раманы I. Чыгрынава ўспрымаюцца як маштабны мастацкі твор. Аднак гэта не значыць, што ў аўтара не было жадання і далей прасачыць лёсы герояў. Прынамсі, у выдавецкім плане «Мастацкая літаратура» на 1989 год анансіраваўся раман I. Чыгрынава «Кожны знаходзіць сябе» як працяг папярэдніх твораў. Па ўсім відаць, раман гэты будзе напісаны не хутка. На тое ёсць прычыны, прытым важкія – чарнобыльская бяда радыяцыйнай хмарай пранеслася і над роднымі мясцінамі пісьменніка.
«Вакол Вялікага Бору,– з трывогай гаворыць ён,– таксама няма жывога месца: падлягаюць высяленню ў першую і ў другую чаргу Мамонаўка, Вуглы, Вётухна, Дзяражня, Вусаўка, Зарэчча, Гутка… Хоць што значыць у першую чаргу? Раз чалавек не можа вырошчваць для сябе на сваім гародзе гуркі, бульбу, то як яму і колькі яшчэ чакаць сваёй чаргі? А ў Вялікім Бары якраз гэтак цяпер і ёсць – 14,7 кюры на квадратны кіламетр. Ды не ў адным Вялікім Бары». I працягвае: «Вёска – гэта малая радзіма. Страціць яе ўсё роўна што страціць вялікую Радзіму. Вось ужо які год даводзіцца жыць з такім шчымлівым пачуццём. Няйначай, што і чацвёрты раман я ўсё не магу скончыць праз гэта – дзеля чаго ў такім разе пакутвалі ў Забяседзі мае героі, за што змагаліся? Каб страціць усё па дурноце (калі не горай) нейкага інжынера ці акадэміка?» (Звязда. 1989. 13 кастрычніка).
Зразумелы боль пісьменніка. Гэтаксама зразумела, што па гарачых слядах аварыі ўзяўся ён за напісанне драмы пра вынікі чарнобыльскай трагедыі. У штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» быў змешчаны з яе ўрывак. Праўда, тым усё і скончылася. Новыя звесткі аб становішчы з радыяцыяй прымушаюць карэнным чынам перапрацаваць драму.
Дарэчы, I. Чыгрынаў у галіне драматургіі не навічок. Пэўны вопыт ён набыў, калі прымаў удзел у напісанні сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…», пастаўленага на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1973 г., а праз год адзначанага Дзяржаўнай прэміяй БССР. Майстэрства прыйшло, калі працаваў над народнай драмай «Плач перапёлкі» (пастаўлена ў Купалаўскім тэатры), п’есай «Апраўданне крыві» (сцэнічнае жыццё набыла ў Брэсцкім тэатры), інсцэніраваў апавяданні (спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» ў тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску). Па першых двух раманах I. Чыгрынава пастаўлены тэлеспектаклі. Неўзабаве тэлегледачы краіны пазнаёміліся з дзевяцісерыйным фільмам «Плач перапёлкі» – плён супрацоўніцтва пісьменніка з рэжысёрам I. Дабралюбавым.
Упаўне апраўдана, што ўзнікла жаданне паспрабаваць свае сілы і ва ўласна драматургічнай творчасці. Аднак драма пра чарнобыльскія падзеі «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» была не першым такім творам. Спачатку Іван Чыгрынаў напісаў драму «Следчая справа Вашчылы» («Полымя». 1988. № 11). Як бачна з назвы, прысвечана яна выдатнаму кіраўніку антыфеадальнага паўстання сялян так званага Крычаўскага староства ў 1743–1744 гг. Пра лёс Вашчылы па сённяшні дзень дакладна нічога не вядома. Гісторыкі выказваюць розныя версіі, сваю падае ў драме I. Чыгрынаў, падводзячы да таго, што кіраўнік сялянскіх мас быў атручаны. Дынамізм дзеяння, тая напружанасць, якая дазваляе не зніжаць вастрыні падзей, ярка выражаная індывідуальнасць гаворкі персанажаў – усё гэта сведчыць на карысць таго, што і драматургічны жанр пад пяром I. Чыгрынава выяўляе свой твар.
На гістарычным матэрыяле пабудавана і драма «Звон – не малітва» («Маладосць». 1989. № 3). I. Чыгрынава прывабілі воблікі княгіні Рагнеды, князёў Уладзіміра Кіеўскага і Усяслава Полацкага. Тагачасным падзеям ён таксама дае сваё вытлумачэнне, не адыходзячы ад самой праўды, але і не адмаўляючы права на некаторую аўтарскую фантазію. I. Чыгрынаў прытрымліваецца думкі, што гістарычныя творы таксама сучасныя, бо навошта было б іх тады пісаць, калі б яны не прыносілі карысці сучаснаму чалавеку. Менавіта з такой пазіцыі і падыходзіць ён да падзей мінуўшчыны. У гэтым сэнсе актуальнае гучанне набывае драма «Чалавек з мядзведжым тварам» («Полымя». 1989. № 1). У многім па-новаму разглядае пісьменнік асобныя падзеі з эпохі сталінізму, праводзячы думку аб тым, што сталінізм датуль не памрэ, пакуль не знікнуць людзі, ахвочыя прыніжаць годнасць іншых.
Не абмінуў такой ганебнай з’явы, як сталінізм, I. Чыгрынаў і ў драме «Ігракі, альбо Сталін і Молатаў, Гітлер і Рыбентроп» («Полымя». 1990. № 7). У гэтым творы падзеі разгортваюцца ў 1940 г., у той момант, калі Гітлер прапаноўваў Савецкаму Саюзу падзяліць Еўропу. Драма вострасюжэтная і ў многім нечаканая: усё-такі пакуль што не часта літаратура асэнсоўвае такі матэрыял.
Працуючы над раманамі, выношваючы маштабныя задумы, I. Чыгрынаў як быццам назаўсёды развітаўся з апавяданнем. Прынамсі, яго творы малога жанру ў друку не сустракаліся. Ды і не сказаць, каб нават у прыватных размовах пісьменнік сведчыў, што мае намер вярнуцца да апавядання. Аднак, як неўзабаве высветлілася, пакрысе пісалася ўжо тое, што павінна было засведчыць: I. Чыгрынаў-раманіст ні ў якім разе не перашкаджае I. Чыгрынаву-навелісту, больш таго – на абмежаванай празаічнай плошчы ён па-ранейшаму адчувае сябе гэтаксама ўпэўнена, як і тады, калі ажыццяўляе даўнюю задуму: паказаць, як вайна праламлялася ў лёсах верамейкаўцаў.
Новае апавяданне I. Чыгрынава «За трэцім разам» змясціў часопіс «Беларусь» (1984. № 6), адразу ж быў зроблены і пераклад для «Огонька», таго ранейшага, як цяпер любяць паўтараць, сафронаўскага. У перакладзе твор меўся з’явіцца ў адным са снежаньскіх нумароў, якраз, калі пісьменніку спаўнялася 50 гадоў. На жаль, чаканні аказаліся марнымі. Тое, што асмеліўся А. Сафронаў, не змагло прайсці праз рагаткі тагачаснай «строгай» літаратурнай цэнзуры. Заўважым, што на календары толькі 1984 г. Па-ранейшаму давала аб сабе знаць «забараніцельства», і гэтаксама, як у застойныя гады, чыноўніцкі апарат вельмі ж пільна ўжо стаяў на варце «агульнадзяржаўных» інтарэсаў.
Напісаўшы «асмеліўся А. Сафронаў», я ні ў якім разе не стаўлю пад сумненне сумленнасць і прынцыповасць галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь» А. Шабаліна, які таксама рызыкнуў прапанаваць апавяданне «За трэцім разам» у друк. Рызыкнуў, бо ўсё ж I. Чыгрынаў і на гэты раз закрануў такія аспекты ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра якія дагэтуль – у лепшым выпадку – замоўчвалася. Падумаць толькі: у творы адзін з герояў, Парфён Канапелькін, задумваецца, а ці правільна зрабіў, што забіў немца.
Як быццам, пытанне і стаяць не можа. Са школьных гадоў усе мы памятаем хрэстаматыйныя творы, у тым ліку вядомы верш К. Сіманава, у якім помста захопнікам, помста ворагу ўзводзілася ў ранг свяшчэннага дзеяння. Гэтым жа духам, дарэчы, былі прасякнуты і палымяныя публіцыстычныя выступленні беларускіх пісьменнікаў таго часу, у прыватнасці, артыкулы, звароты па радыё Янкі Купалы і Кузьмы Чорнага. Але ж не трэба забываць, які быў час. На адлегласці, з вышыні пражытага і пройдзенага, многае з таго ранейшага, у чым і сумнявацца нельга было, паўстае ў іншым плане. З’яўляецца заканамернае жаданне разабрацца і ў тым адзінкавым, якое ніяк не хоча ўкладвацца ў звыклую схему нянавісці да ворага.
Такі момант настаў і ў жыцці чыгрынаўскага героя. Як і ў пераважнай большасці сваіх апавяданняў, пісьменнік вядзе гаворку нетаропка, спакваля падводзячы да галоўнага, ненавязліва падкрэсліваючы пэўную дакументальнасць твора: «Пра гэта расказваў майму знаёмаму, былому старшыні сельсавета, ажно тры разы адзін і той жа чалавек. А знаёмы ўжо мне, калі ездзілі нядаўна ў Латакі». З гэтых расказаў і нараджаецца гісторыя, вельмі ж ужо непадобная на іншыя, у якіх у той ці іншай ступені закранаюцца падзеі мінулай вайньі.
Парфён Канапелькін не сказаць, каб нечым асаблівым вылучаўся сярод учарашніх франтавікоў альбо партызан, падпольшчыкаў. Хіба што тым, што насіў напаказ генеральскія штаны. Ды і быў у Латаках прышлы, а з’явіўся там недзе адразу пасля вайны. Праўда, праз пэўны час паспрабаваў даводзіць аднавяскоўцам, што ён герой. Гэта многім не спадабалася: «Генеральскія штаны яшчэ маглі дараваць яму, тут куды ні шло. Але ж герой!.. Праўда, у вайну ўсе былі героі. Найперш, канечне, тыя, што палеглі ў бітвах… Бо ў кожнай пахавальнай, якія прыходзілі з фронту, пісалася: «Ваш сын (муж)… загінуў смерцю героя…». А ці ж той, хто прайшоў вайну і застаўся жывы, не быў таксама героем?»
Апавядальнікам у творы выступае і той, пра каго пісьменнік гаворыць «мой знаёмы, былы старшыня сельсавета». Адсюль і нейкая сялянская разважлівасць, засяроджанасць гаворкі. Без забягання наперад, калі нават, здавалася б, другараднаму адводзіцца шмат увагі. Але пэўная зацягнутасць экспазіцыі апавядання апраўданая. I. Чыгрынаў тым самым быццам напамінае: я нічога не прыдумаў, так было на самой справе, і я толькі перадаю пачутае ад іншых.
Таму і не адразу адбываюцца подступы да таго галоўнага, дзеля чаго, уласна кажучы, апавяданне і напісана. Тым больш, што і сам Парфён Канапелькін не надта спяшаецца падзяліцца трывожным для яго, тым, што ўжо даўно не дае спакою. Маўляў, героем быў, але ваенных адзнак не паказвае. Ды і пра ўдзел у баях гаворыць мімаходзь: «Расказваў Парфён пра тое, як трапіў на вайне ў сорак першым спачатку пад Маскву, як страціў там дзве рабрыны з левага боку; як пасля доўга ляжаў у шпіталі, недзе на Каўказе, не мог выпрастацца, стаць роўна, але паколькі не было куды падацца далечвацца, – раён у Арлоўскай вобласці, дзе знаходзілася яго вёска, апынуўся к таму часу пад немцам, – то заставаўся амаль цэлага паўгода на адным месцы; затым у сорак другім годзе прымаў удзел у няўдалай аперацыі на Бранскім фронце, калі 13-я армія спрабавала ліквідаваць самы нязручны выступ, што клінам удаваўся ў лінію нашай абароны, і тут яго раніла, і на гэты раз, аднак, няцяжка, ва ўсякім выпадку, цяпер Парфён не так доўга ляжаў і не вельмі балюча сябе пачуваў, дарма што куля прайшла краем левага лёгкага…»
Былі ў Парфёна Канапелькіна баі на Курскай дузе, вызваленне Магілёўшчыны. А далей – фашысцкая Германія, дзе таксама двойчы параніла… На Бесядзі і адбылося галоўнае, што не дае магчымасці герою I. Чыгрынава спакойна спаць, прымушае яго перагортваць старонкі ранейшага, ваеннага жыцця, зноў і зноў запыняючы ўвагу на выпадку, які праз столькі гадоў пачаў бачыцца ў іншым, чым раней, святле. Тады якраз давялося ўзяць у палон аднаго фашыста з так званай каманды «падпальшчыкаў» ці, па-іншаму, «факельшчыкаў». Аказваецца, «палявая паліцыя пры сухапутных войсках стварала цэлыя каманды, каб, адступаючы, спапяляць усё, што здольна было гарэць і разбурацца. I нашы салдаты, калі, здаралася, заставалі такіх на месцы злачынства, расстрэльвалі без суда і следства».
Апавядальнік удакладняе: «Можа, нават на гэта загад быў. Сказаць цяжка, бо не ведаю. Але што не каралі адзін час байцоў, якія распраўляліся з факельшчыкамі, знаю дакладна». Можна зразумець байцоў, якія нечакана ўбачылі немца, што выходзіў з тумана на бульбяным палетку. Побач жа «перад тым усю ноч гарэла кіламетры за тры вёска». Разбірацца ніхто не стаў. Падпальшчык, ясная справа. I прысуд адразу прывялі ў выкананне. Як бы вінавата Канапелькін гаворыць: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу. Пасля ўжо другія дабівалі».
Але якая віна можа быць у Парфёна? Па сутнасці, ніякай, і ён яе не адчуваў ні тады, калі вяршыў прысуд, а значыць, праведны, справядлівы суд, ні пазней, пасля вайны. Былі ў час барацьбы з фашызмам і няпісаныя законы, не да эмоцый і сентыментальнасці было, калі ўсё вырашалася хутка і адразу, – ці ты ворага знішчыш, ці ён цябе. Выбару не было. Але ж гэта тады! А цяпер, калі пачалі залечвацца нават самыя цяжкія раны, ці няма патрэбы паглядзець на ўсё, што адбывалася, іншымі вачыма? Больш відучымі, а галоўнае, вачыма, якія не заплямлены самой нянавісцю, такой зразумелай і апраўданай у гады вайны?
Няпроста, ой як няпроста ды і балюча прыгадваць Парфёну Канапелькіну гэты выпадак. Але, аднойчы ўспомніўшы яго, ён ужо не можа больш заставацца сам-насам са сваімі думкамі. Так хочацца, каб і нехта ведаў, што ў яго душы. Не заўважае Парфён, што з кожным новым вяртаннем да гэтага выпадку ён усё больш і больш апраўдвае сябе. Так, апраўдвае, бо паступова змяншае сваю ролю ў расстрэле таго факельшчыка.
Спачатку: «Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу». У час другога вяртання ўжо як бы сумняваецца: «Але ж не адзін я страляў у яго. Стралялі і другія. Можа, мае кулі і не патрапілі…»
I вось трэцяя сустрэча з апавядальнікам. Пастарэў Парфён Канапелькін, цяжка захварэў. Вяртаючыся з бальніцы, прызнаецца: «…цяпер паклаў сабе за мэту – штодня рабіць хоць па адной добрай справе». I быццам без пераходу дадае: «Во тут во, дзе мы едзем зараз, апынуўся я некалі сведкам, як расстрэльвалі ў вайну чалавека».
Так гаворыць у заключэнне твора не нехта з тых, хто вайну праседзеў дзе-небудзь пры штабах, а сапраўдны герой. Калі «ў тое ж лета Парфён памёр», ля труны «ўсе ўбачылі нарэшце шматлікія яго ўзнагароды, сярод іх – дзве салдацкія Славы. Відаць, трэцяя недзе згубілася, не знайшла Парфёна».
Ва ўчарашнім ворагу ён здолеў убачыць чалавека. Магчыма, сведчанне падобных перажыванняў героя I. Чыгрынава – яго нямогласць, калі перад смерцю кожнаму хочацца як бы ачысціцца «ад грахоў». Не без гэтага, як кажуць. Можна, канечне, убачыць у пастаянным перажыванні Парфёна Канапелькіна і нешта такое, што можна назваць звычайнай старэчай сентыментальнасцю.
Але куды важней іншае, дзеля чаго, уласна кажучы, само апавяданне і напісана. I. Чыгрынаў па-свойму дае адказ на традыцыйнае пытанне «Што з намі адбываецца?», якое рэгулярна гучыць цяпер са старонак друку, па радыё і тэлебачанні. Маўляў, рушацца традыцыйныя ўстоі маралі, за душой у чалавека застаецца ўсё меней святога, на першы план выступае прагматычнае. Канечне, падставы да падобнай занепакоенасці ёсць. У адным нельга сумнявацца: пакуль жывуць на зямлі людзі, падобныя Парфёну Канапелькіну, само слова дабро ніколі не стане архаічным. Гэтаксама не знікнуць з ужытку і іншыя – сумленнасць, душэўнасць.
Апавяданне «За трэцім разам» яшчэ раз пераканала, наколькі вопытным апавядальнікам з’яўляецца I. Чыгрынаў, як востра адчувае ён сучасны матэрыял, наколькі здатны выбіраць са шматстайнасці жыццёвых калізій і сітуацый тыя, якія дазваляюць весці гаворку аб праблемах важных і першарадных.
У свой час прыхільна была сустрэта і чытачамі, і крытыкай кніга I. Чыгрынава «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры. Крытыка і публіцыстыка» (Мн., 1983), хоць і на гэты раз не абышлося без «цяжкасцей». Ужо набраны зборнік гатовы былі пусціць пад нож. Тым не менш кніга ўбачыла свет. Артыкулы, рэцэнзіі, змешчаныя ў ёй, засведчылі, што аўтар валодае і значнымі публіцыстычнымі задаткамі. Да публіцыстыкі I. Чыгрынаў звярнуўся і ў апошні час. Акрамя вышэй згаданага артыкула «Яшчэ адзін крок», ён выступіў з нататкамі «Кожны шукае сябе» ў часопісе «Полымя». Расказваючы аб паездцы ў Балгарыю, аўтар адмовіўся ад традыцыйнага падарожнага рэпартажу. З-пад пяра з’явілася эсэ, у якім прысутнічае неабыякавы роздум аб самім часе, аб тых новых аспектах, якія набывае ў нашым неспакойным свеце само паняцце дружба.
…Якім будзе новы твор Івана Чыгрынава? Магчыма, ён зноў звернецца да апавядання, каб яшчэ раз засведчыць, як упэўнена адчувае сябе ў галіне «малой прозы». Можа, прадоўжыць апрацоўку нялёгкай драматургічнай нівы. Па ўсім відаць, не развітаецца і з публіцыстыкай: каму-каму, а I. Чыгрынаву ёсць што сказаць цяпер, ва ўмовах дэмакратызацыі. Ды і хацелася б, каб усё-такі знайшоўся першапачатковы варыянт аўтабіяграфіі, бо ў пятым томе «Аўтабіяграфій савецкіх пісьменнікаў», што выходзіць у Маскве, пабачыў свет зусім іншы варыянт.
Аднак, як бы там ні было, верыцца: рана ці позна, але Іван Чыгрынаў абавязкова зноў вернецца да сваіх верамейкаўцаў. Не вярнуцца ён проста не мае маральнага права.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Дзмітрый Бугаёў
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Іван Чыгрынаў належыць да таго пакалення беларускіх пісьменнікаў, якіх звычайна называюць дзецьмі вайны. Вядома, самі яны непасрэднага ўдзелу ў вайне не прымалі, бо ў той трагедыйны і вялікасны час былі яшчэ падлеткамі (Чыгрынаву летам 1941 года не споўнілася і сямі). Але недарэмна кажуць, што іх дзяцінства абпалена вайною. Вайна, убачаная і эмацыянальна перажытая ў тым узросце, калі наша памяць бывае найбольш яркай і ўчэпістай, а ўся псіхіка – найбольш уражлівай, сапраўды стала для Чыгрынава і яго равеснікаў выключна важнай жыццёвай падзеяй. Яна сфарміравала галоўныя асновы іх душэўнага вопыту. Асновы гэтыя потым узбагачаюцца і развіваюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека, калі яму ўласціва сапраўдная духоўнасць. Але менавіта яны робяць яго непаўторнай асобай, шмат у чым вызначаюць яго адметнасць, якая так ці іначай выяўляецца ў любой сферы чалавечай дзейнасці і мае першаступеннае значэнне, становіцца вырашальнай для творцы, мастака. Бо пачатак, аснова любога таленту – чалавечая змястоўнасць асобы, яе непаўторнасць.
Такім чынам, можна ўпэўнена сцвярджаць, што і мастакоўская адметнасць Чыгрынава, своеасаблівасць яго пісьменніцкага таленту маюць глыбінную і вельмі непасрэдную сувязь з вогненнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны, з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі тады на долю савецкіх людзей.
Складваўся пісьменніцкі лёс Івана Чыгрынава ўвогуле шчасліва, хаця і не без пэўных нечаканасцей. Нечаканым быў ужо яго прыход у літаратуру. Ён аказаўся трохі запозненым. Ва ўсякім разе, некаторыя равеснікі празаіка, яго сябры па вучобе ў БДУ імя У.I. Леніна ўжо актыўна выступалі з мастацкімі творамі ў рэспубліканскім друку, а Чыгрынаў, здавалася, і не думаў пра пісьменніцкую працу. Тады мы ведалі яго як талковага рэдактара ў выдавецтве Акадэміі навук БССР, сааўтара навуковай манаграфіі пра збіральніка беларускага фальклору Нікіфароўскага. I вось паяўляюцца чыгрынаўскія апавяданні. Спачатку «Адна ноч», надрукаваная ў газеце «Літаратура і мастацтва», а потым і яшчэ некалькі. Хутка высветлілася, што ў маладога празаіка ёсць цэлая папка апавяданняў. Іх мы абмяркоўвалі ў Саюзе пісьменнікаў. Радавалі і прыемна здзіўлялі яркая таленавітасць аўтара, яго відавочны прафесіяналізм, значная пісьменніцкая культура, якой на пачатку творчай дарогі звычайна не стае многім. У чыгрынаўскіх апавяданнях зусім не было яўных прыкмет пачаткоўства, а наадварот, адчувалася добрая літаратурная школа. Гэта таксама здавалася нечаканым. Але якраз тут нечаканага нічога не было. Бо, як цяпер стала вядома, Чыгрынаў, падахвочаны найперш прыкладам свайго славутага земляка Аркадзя Куляшова, яшчэ ў школе пісаў і зрэдку друкаваў вершы, нямала спасцігаў, рэдагуючы літаратуразнаўчыя працы, грунтоўна асвойваў вопыт многіх папярэднікаў. «Галоўны настаўнік – увесь вопыт, назапашаны літаратурай, прытым не толькі нацыянальнай, але і літаратурай іншых народаў – блізкіх і далёкіх…» – падкрэсліваў ён у гутарцы з Міколам Гілем ужо ў 70-я гады.
Услед за публікацыямі ў рэспубліканскай перыёдыцы выходзяць і зборнікі чыгрынаўскіх апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967). Яны былі прыхільна сустрэты грамадскасцю і даволі дружна падтрыманы літаратурнай крытыкай, якая ўпэўнена, на поўны голас гаварыла пра пісьменніцкую значнасць Івана Чыгрынава. I гэта зразумела, бо кнігі празаіка неяк адразу хораша ўпісаліся ў нашу літаратуру, вельмі натуральна занялі ў ёй сваё адметнае і трывалае месца.
Адзін з галоўных крытэрыяў таленавітасці і глыбіні мастацкага твора – яго здольнасць хваляваць чытача праз гады і дзесяцігоддзі. Лепшыя чыгрынаўскія апавяданні таксама адпавядаюць гэтаму крытэрыю. Яны і сёння перачытваюцца з вялікай цікавасцю. Можна сказаць больш. Менавіта час, суддзя строгі і няўмольны, які бязлітасна перакрэслівае ўсё слабое і бездапаможнае, з асаблівай нагляднасцю высвечвае сапраўдныя вартасці чыгрынаўскіх апавяданняў, іх жыццёвую змястоўнасць і мастацкую дасканаласць.
Вось пачатак апавядання «Бульба», якім адкрываецца першая кніга празаіка. «Уранні прыйшлі нашы – спачатку па зацішанскім бальшаку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Бесядзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты.
Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы, рылі акопы. За лесам, мусіць, ля самай Бесядзі, за якой акапаліся немцы – там цяпер была перадавая, – неўзабаве пачуліся густыя вінтовачныя стрэлы; часам адтуль даносіліся і кулямётныя чэргі.
Гулі маторы. I гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяною, то заціхаў.
Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. I ўжо каторы дзень».
Здаецца, зусім просценькая экспазіцыя, якая на многае і не прэтэндуе. Але як дакладна тут усё ўбачана і з якой выверанасцю напісана! Ніводнага лішняга, прыблізна ўжытага ці не на месцы пастаўленага слова. А найбольш уражвае нейкая вельмі ж натуральная яснасць, празрыстасць малюнка, эпічная важкасць самой інтанацыі, шырокае, свабоднае дыханне фразы, якое прымушае ўспомніць такога выдатнага майстра нашай прозы, як Максім Гарэцкі.
У лепшых апавяданнях Івана Чыгрынава многае ідзе ад уласнай чалавечай асобы пісьменніка. Дзеянне ў іх нярэдка «прывязваецца» да яго родных мясцін, увогуле да паўднёва-ўсходняга кутка Магілёўшчыны. I разам з тым у іх вельмі прыкметныя заглыбленасць у народнае жыццё, уменне аўтара пільна прыглядацца да яго разнастайных праяў, спакойна, нетаропка, з добрай грунтоўнасцю маляваць сацыяльна значныя і дакладныя ў псіхалагічных адносінах характары простых людзей, выяўляць сапраўдны драматызм складаных чалавечых лёсаў. У гэтых апавяданнях і сёння вабіць густая насычанасць канкрэтнымі жыццёвымі рэаліямі, вернасць натуры, глыбіня ў спасціжэнні чалавека і свету, моцны гуманістычны пафас, асабліва выразны ў творах пра вайну.
З вялікім чалавечым болем, які адчуваецца за знешняй стрыманасцю апавядальнай манеры, піша празаік пра смерць чалавека, параненага воіна ў апавяданні «У баку ад дарогі»: «Уначы Міцька прахапіўся ад моцнага крыку. Крычаў капітан. Паранены кідаўся на сваёй пасцелі, трызніў, намагаючыся парваць бінты. Ён паміраў, і ніхто не мог памагчы яму. [Рана была смяртэльная].
Міцька схаваў пад ватоўку сваю галаву і плакаў наўзрыд ад таго, што быў бяссільны што-небудзь зрабіць для чалавека. Нарэшце, знясілены, заснуў. А калі прачнуўся, была раніца. Капітан Кажанаў ляжаў на сене і не дыхаў…
Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам».
Як многа гаворыць тут адзін скупы, але вельмі трапна пакладзены пейзажны штрых, за якім адкрываецца вялікая глыбіня аўтарскага пачуцця…
Бадай, яшчэ мацней пісьменніцкія магчымасці Івана Чыгрынава выявіліся ў выдатным апавяданні «Ішоў на вайну чалавек», якое вылучаецца не толькі чысцінёй і выразнасцю свайго тону, добрай узважанасцю кожнай дэталі, вялікай дакладнасцю ўсёй фактуры, але і майстэрскім пранікненнем у народную псіхалогію.
Апавяданні пра вайну і пра адносіны да яе савецкіх людзей у кнігах Чыгрынава складаюць цэлы тэматычны пласт. I цікавыя яны з розных пунктаў гледжання. Па-першае, таму, што гэта яркія старонкі нашай малой эпічнай прозы пра народную мужнасць у барацьбе з фашызмам. А па-другое, таму, што ў іх, па сутнасці, ужо намацвалася галоўная тэма пісьменніка і вызначаўся ў некаторых істотных абрысах той падыход да яе асэнсавання, які потым нарадзіў чыгрынаўскія раманы.
Пераход да гэтага вельмі ёмістага жанру падрыхтоўвала і цяга празаіка да шырокай, ва ўсякім разе даволі разгорнутай эпічнасці. Яна праявілася ў шэрагу апавяданняў, розных па тэматычнай скіраванасці, але блізкіх паміж сабою сваёй шматпланавасцю, разгалінаваным сюжэтным дзеяннем, аўтарскім імкненнем ва ўсіх гэтых творах паказваць багацце і разнастайнасць жыццёвых сувязей.
Так што сама логіка мастакоўскага развіцця вяла Івана Чыгрынава да раманнага эпасу. Сёння гэта відавочна. А тады, у жывым літаратурным патоку, асаблівасці, сілавыя лініі якога на блізкай адлегласці праглядваюцца далёка не з той выразнасцю, што выяўляецца па часе, – тады здавалася нечаканай сама пагалоска, што празаік узяўся за раман.
Адразу пасля двух зборнікаў апавяданняў… Ці не зарана? – раздаваліся скептычныя галасы.
Але Чыгрынаў упарта працаваў у новым для яго жанры. Ён, як сам казаў, «многае чэрпаў са сваёй уласнай памяці», абапіраўся на жыццёвы вопыт блізкіх людзей, у прыватнасці сваёй маці, ад якой шмат узяў для вобразаў жанчын, на рэальныя біяграфіі іншых сваякоў, у тым ліку роднага дзядзькі, які стаў адным з прататыпаў Дзяніса Зазыбы. Другім яго прататыпам з’яўляецца герой грамадзянскай вайны Пятро Трафімавіч Верам’ёў. Меў свайго прататыпа і Чубар, якога празаік пісаў са старшыні калгаса ў роднай вёсцы, зразумела, многае дадумваючы, бо, як слушна падкрэсліваў Іван Чыгрынаў, «поўнасцю жывога чалавека не перанясеш у твор. Патрэбна дамысліванне, тыпізацыя».
Багата давала і народная памяць у шырокім значэнні слова, у якой вайна жыве ва ўсёй паўнаце гераічных і трагедыйных праяў. Пісьменнік сустракаўся з многімі ўдзельнікамі Айчыннай вайны – былымі падпольшчыкамі і партызанамі, кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы, напрыклад, з П.К. Панамарэнкам, які ў свой час узначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху.
«Бывала, – успамінаў празаік, – у мяне збіралася па многу партызанскіх камандзіраў. Такіх, як Мачульскі, Захараў, Булат, Жунін, Мармулёў, Ціхаміраў, Джагараў… Мы падоўгу гутарылі, пра ўсё гутарылі… Пасля ў мяне завяліся свае ўласныя карэспандэнты, якія пісалі пра сябе, пра сваё жыццё, пра партызанскую барацьбу, пра людзей, што ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе».
Грунтоўна вывучаліся гісторыя Беларусі і ў першую чаргу Магілёўшчыны, цікавасць да якой жыла ў Чыгрынава яшчэ са студэнцкай пары, мемуары, прысвечаныя ваенным гадам, навуковыя публікацыі пра партызанскі побыт, пра дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі ў тыле ворага, а таксама напісаныя раней мастацкія творы пра подзвіг народа ў барацьбе за сацыялізм, у змаганні з фашызмам. У гэтай сувязі пісьменнік згадвае «Глыбокую плынь» Івана Шамякіна, «Мінскі напрамак» Івана Мележа і «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, але асабліва вылучае «Вайну пад стрэхамі» Алеся Адамовіча і мележаўскую «Палескую хроніку».
Вядома, Чыгрынаў не збіраўся пераймаць папулярныя раманы пра Айчынную вайну, а тым больш «Палескую хроніку», якая і прысвечана іншаму часу. Але ж так ці іначай ён павінен быў лічыцца з тым, што ўжо было зроблена нашай літаратурай у паказе Айчыннай вайны. А кніга Адамовіча і «Палеская хроніка» Мележа былі тымі творамі, на якія ён, паводле ўласнага сведчання, свядома арыентаваўся ў працы над сваімі раманамі. Гэтыя творы стымулявалі мастакоўскія пошукі пісьменніка, давалі яму «штуршок для глыбейшага, шырэйшага роздуму». А гэта таксама ўжо нямала.
У агульнай складанасці праца над раманным цыклам пра пачатковы перыяд Айчыннай вайны заняла больш за паўтара дзесяцігоддзя. Затое і прынесла яна выдатны плён – тры ёмістыя раманы, якія належаць да самых важкіх здабыткаў сучаснай савецкай літаратуры. Два з гэтых раманаў – «Плач перапёлкі» (1972) і «Апраўданне крыві» (1977) – у 1979 годзе адзначаны Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Гэта вельмі ганаровая прэмія. Яна прысуджаецца Саюзам пісьменнікаў СССР сумесна з Галоўным палітычным упраўленнем Савецкай Арміі за вялікія дасягненні ў распрацоўцы ваенна-патрыятычнай тэматыкі. З беларускіх пісьменнікаў Чыгрынаў першым атрымаў гэтую ўзнагароду.
Высока ацэнена ў друку і заключная частка трылогіі – кніга «Свае і чужынцы» (1984). Максім Танк у артыкуле «На службе свайго часу» паставіў «Сваіх і чужынцаў» побач з выдатнай быкаўскай аповесцю «Знак бяды» і падкрэсліў, што гэтыя творы «складаюць значны даробак у сучаснай літаратуры, папаўняюць ідэйны і эстэтычны духоўны фонд» савецкага народа. Ён жа ў дакладзе на юбілейным пленуме праўлення СП БССР адзначыў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлены глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Чыгрынаўскія раманы карыстаюцца папулярнасцю ў чытача. Яны перакладзены па рускую, украінскую, літоўскую, латышскую, армянскую, малдаўскую, туркменскую і іншыя мовы народаў СССР, выдаваліся ў Балгарыі (дзве першыя кнігі).
Яшчэ ў сувязі з «Плачам перапёлкі» і «Апраўданнем крыві» крытыка гаварыла, што ў Чыгрынава атрымліваецца маштабны твор, у якім праглядваюць «абрысы народнай эпапеі». Так пісаў рускі крытык А. Кандратовіч у прысвечаным раману «Апраўданне крыві» артыкуле «Верамейкі ў сорак першым» («Литературная газета», 18 студзеня 1978 года). «Свае і чужынцы», у якіх эпічны пачатак пісьменніцкага стылю ўзмацняецца, пазначылі прыкметы эпапейнасці ў чыгрынаўскай трылогіі яшчэ больш выразна.
Эпапейнасць гэтая тыпалагічна роднасная мележаўскай эпапейнасці ў «Палескай хроніцы». I выяўляецца яна ў самой паўнаце і рознабаковасці, з якімі даследуецца народнае жыццё ў першыя паўгода вайны, і яшчэ больш – у глыбіні асэнсавання народнага жыцця ў гэты перыяд, а таксама ў маштабнасці чалавечых характараў, намаляваных пісьменнікам.
Самы змястоўны і значны сярод іх – Дзяніс Яўменавіч Зазыба, адзін з лепшых вобразаў камуністаў у савецкай літаратуры. Ад кнігі да кнігі ён набывае ўсё больш важкую эпічную моц сапраўды народнага па сваіх глыбінных вытоках характару, у тыпалагічным плане блізкага да Апейкі з «Палескай хронікі» Івана Мележа.
Натуральна, што Зазыба стаіць у цэнтры ўсіх раманаў трылогіі і ў многім вызначае яе гуманістычную мастацкую канцэпцыю. Напісаны ён з вялікім псіхалагічным майстэрствам, такім пранікненнем у чалавечую сутнасць, што нам становяцца зразумелымі ледзь не кожная яго думка, ледзь не кожны душэўны рух, паварот і адценне пачуцця. Багатая ў Зазыбы жыццёвая біяграфія. Ён быў на імперыялістычнай вайне, змагаўся за Савецкую ўладу ў войску славутага Шчорса, умацоўваў калгасную гаспадарку ў 30-я гады, а ў перыяд Айчыннай вайны становіцца адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў усенароднай барацьбы супраць фашызму.
Зазыбу ўласцівы моцнае патрыятычнае пачуццё, высокі духоўны патэнцыял і тая непадробная, непаказная інтэлектуальнасць, якая цалкам адмаўляе дагматычную рэгламентацыю і, вядома ж, ніяк не зводзіцца да бойкага паўтарэння гатовых ісцін, а выяўляе сябе ў глыбіннасці погляду на рэчаіснасць, уменні аналізаваць факты, думаць самастойна, зыходзячы з канкрэтных абставін і жыццёвых умоў. З гэтымі рысамі духоўнага складу Зазыбы звязаны і яго нетаропкасць у рашэннях, цвярозая разважлівасць у самых складаных сітуацыях, непрыманне авантурыстычных замашак, нежаданне якую б там ні было справу рабіць з наскоку, «з бухты-барахты». «Да ўсяго трэба з галавой падыходзіць» – вось адзін з галоўных жыццёвых прынцыпаў Зазыбы. Ёсць у яго і сапраўдны клопат пра людзей, глыбока ўсвядомленая чалавечая дабрыня, якая ўспрымаецца як увасабленне гуманізму сацыялістычнага грамадства.
Разумны, талковы і прадбачлівы чалавек, Зазыба вызначаецца памяркоўнасцю сваёй натуры. Але ён праяўляе непахіснасць тады, калі справа датычыць яго пераконанняў, камуністычных ідэалаў. Ён моцны сваімі арганічнымі сувязямі з людзьмі, здольнасцю абапірацца на іх жыццёвы вопыт, убіраць у сябе і ставіць на службу надзённым патрэбам часу народную, пераважна сялянскую, мудрасць, выпрацаваную шматвяковай практыкай.
У рамане «Свае і чужынцы» Дзяніс Зазыба нарэшце ўключаецца ў актыўную барацьбу супраць фашысцкіх акупантаў. Ён не толькі гуртуе вакол сябе адданых Савецкай уладзе патрыётаў, але і выходзіць на прамыя кантакты з партызанамі, аказвае ім вельмі дзейсную дапамогу ўсім, чым можа. Важнае значэнне ў гэтых адносінах мела для Зазыбы яго сустрэча з сакратаром падпольнага райкома партыі Касьянам Манько, падрабязна паказаная ў творы.
«Тады яны наогул пагаварылі… пра шмат якія рэчы, без чаго не ўяўлялася не толькі барацьба з іншаземцамі, а і звычайнае існаванне людзей ва ўмовах варожай акупацыі; уласна кажучы, гаворка тая была пасля колькі часу для Зазыбы праграмай жыцця, лініяй паводзін, лічы, да самага апошняга дня, калі яго сустрэў у мястэчку Абабурка і звязаў з атрадам Нарчука; менавіта адтуль, з тае гаворкі пачыналіся, узнікалі ўсе душэўныя пакуты і выпрабаванні, якія давялося чалавеку вытрымаць адзін на адзін, без чыёйсьці дапамогі; няйначай, што без яе, колішняй размовы з Касьянам Манько, і ўспрыняцце падзей, якія адбываліся на акупіраванай тэрыторыі, было б зусім іншым», – падкрэслівае празаік, яшчэ раз вяртаючыся да той сустрэчы ўжо ў канцы рамана.
Але разважанні сакратара райкома, яго вывады і практычныя парады далёка невыпадкова знайшлі такі глыбокі і шчыры водгук у душы Дзяніса Зазыбы. Яны трапілі на добра падрыхтаваную глебу, бо шмат у чым супадалі з уласнымі думкамі і намерамі праніклівага верамейкаўца. I гэта вельмі істотная акалічнасць. Яна таксама падкрэсліваецца ў рамане. Так, сутнасць гаворкі сакратара пра асаблівую важнасць патрыятызму ва ўмовах фашысцкай акупацыі Зазыба схоплівае з паўслова і таму адкрыта кажа: «Надта ўжо доўга вы, Касьян Касьянавіч, агітавалі мяне за Савецкую ўладу», а потым, калі размова скіроўваецца на іншае, ужо толькі для сябе адзначае: «Сам не адзін раз думаў пра гэта». Крыху раней мільгае ў Зазыбы адчуванне, што «сакратар падпольнага райкома чамусьці гаворыць яму цяпер амаль тое, што вось ужо каторы час ён даводзіў сам некаторым верамейкаўцам, у тым ліку і ўласнаму сыну».
Гэтая вельмі выразная пераклічка ключавых думак Касьяна Манько і Дзяніса Зазыбы мае прынцыповую важнасць, бо грунтуецца яна на арганічнай блізкасці таго і другога да народнай глебы. Сакратар падпольнага райкома партыі (Манько) і адзін з актыўных, найбольш прадбачлівых удзельнікаў барацьбы з фашызмам (Зазыба) так натуральна знаходзяць агульную мову таму, што абодва яны выяўляюць глыбінны народны погляд на падзеі, адлюстроўваюць абсалютную немагчымасць менавіта для народа ўжыцца з акупантамі, прыняць іх бесчалавечныя парадкі, якія не проста адмаўляюць ідэалы народа, усе яго ўяўленні пра нармальнае чалавечае жыццё, а замахваюцца на само народнае існаванне.
Інакш кажучы, гутарка ідзе пра глыбіннасць, сапраўды народную аснову тых матываў і пачуццяў, якія прыводзілі савецкіх людзей да актыўнага супраціўлення фашызму, рабілі такі выбар адзіна магчымым для іх.
Адсюль вынікае і тое, што ўключэнне ў актыўную барацьбу супраць фашызму людзей такога складу, такой жыццёвай устойлівасці і грунтоўнасці ва ўсім, як Дзяніс Зазыба, ёсць адзін з галоўных паказчыкаў глыбінных вытокаў партызанскага руху, яго здольнасці набыць усенародны характар. А ўменне Івана Чыгрынава пераканальна, з добрым пісьменніцкім майстэрствам паказаць гэтую глыбіннасць вызначае галоўныя вартасці яго раманаў.
Праўда, праніклівасць Зазыбы дае яўную асечку там, дзе ён пачынае разважаць пра даваенныя парушэнні сацыялістычнай законнасці, ахвярай якіх стаў і яго сын Масей. Як вядома, тыя парушэнні былі непасрэдна звязаны з памылковай тэорыяй абвастрэння класавай барацьбы ў перыяд паспяховага будаўніцтва сацыялізма. Тэорыя гэтая належала Сталіну, пра яе ў свой час ведалі ўсе, не кажучы ўжо пра камуністаў. Зазыба ж пра гэтую тэорыю як быццам ніколі і не чуў. Ва ўсякім разе, рэпрэсіі 30-х гадоў ён схільны тлумачыць як нейкае стыхійнае зло. «Ты ж сам кажаш, – пераконвае Дзяніс Яўменавіч Масея ў рамане «Апраўданне крыві», – ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж… не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недагледзелі».
Выходзіць, зноў анекдатычны стрэлачнік вінаваты! I гэта гаворыць разумны, праніклівы Зазыба! Ківаць на мясцовыя перагібы зручна. Але ж гэта яўная няпраўда, бо не на месцах, не стрэлачнікамі і простымі выканаўцамі была прыдумана тая тэорыя пра непазбежныя абвастрэнні, якая на практыцы, як падкрэсліваецца ў партыйных дакументах, «паслужыла абгрунтаваннем грубейшых парушэнняў сацыялістычнай законнасці і масавых рэпрэсій», Апошнія словы – дакладная цытата з пастановы ЦК КПСС «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Зразумела, што Зазыба часоў Айчыннай вайны не мог здагадвацца пра пастанову, прынятую ў 50-я гады. Але ён, як пераканальна паказвае Іван Чыгрынаў ва ўсіх трох раманах, добра ведаў жыццё, умеў адчуць праўду. А тая пасляваенная пастанова канстатавала якраз праўду, горкую, непрыемную, але менавіта праўду. I ўжо не Зазыбу адмаўляць гэтую праўду, якая б жорсткая яна ні была.
Зрэшты, у мяне склалася ўражанне, што тут пісьменнік дапусціў яўны гвалт над сваім героем, навязаў яму такія павярхоўныя тлумачэнні насуперак логіцы, усёй сутнасці ягонага характару.
Аднак крытыка, у прыватнасці В. Каваленка ў артыкуле «Абяцанне эпапеі», бачыла ў гэтым аб’ектыўную слабасць героя, патрыярхальную «абмежаванасць унутранага свету Дзяніса Зазыбы», яго няздольнасць «па ўзроўні ўнутранай культуры» «успрыняць і зразумець» складанасць жыцця даваеннай пары, знайсці сэнс у яго «патаемных зрухах». Але, думаецца, справа тут і не ва «ўзроўні ўнутранай культуры», які ў Зазыбы дастаткова высокі, і не ў патрыярхальнай абмежаванасці персанажа, спасылку на якую адхіляла ўжо Т. Грамадчанка ў сваёй кнізе «Жывая памяць народа». I нават не «ў празмернай складанасці самой сітуацыі», звязанай з рэпрэсіямі культаўскага перыяду, хоць менавіта гэтую складанасць, нібыта неспасцігальную для сучаснікаў, Грамадчанка лічыць прычынай Зазыбавай павярхоўнасці ў разважаннях пра тыя рэпрэсіі.
Мне здаецца, што такія людзі, як Зазыба, якраз бачылі, разумелі складанасць тагачаснай сітуацыі. Яны, канечне ж, не ведалі, не маглі ведаць усяго ў канкрэтных дэталях, але адчувалі, здагадваліся ў прынцыпе, адкуль што ішло і хто быў галоўным віноўнікам народнай бяды. Заўважыў жа мележаўскі Апейка, хоць і яму не ўсё было так ясна, як нам цяпер, неправату ў дачыненні да селяніна з боку Сталіна, яго яўнае разыходжанне ў гэтым пытанні і з Энгельсам, і з Леніным.
Знаходзячыся ў гушчыні жыцця, ды яшчэ на пасадзе старшыні калгаса, Зазыба пры яго прыродным розуме, уменні думаць і праніклівасці таксама не мог не адчуваць, што масавыя рэпрэсіі 30-х гадоў былі ўжо ва ўсякім разе на сумленні не толькі мясцовых кіраўнікоў. I калі ў «Апраўданні крыві» ён гаворыць толькі пра «самаўпраўства на месцах» ды недагляд зверху, з-за якога як быццам не спынілі гэтае самаўпраўства, дык вінаваты тут не ён, не герой, а пісьменнік, на якога ў той час, як пісаліся і друкаваліся раманы, ціснула атмасфера застойнага перыяду, яе забароны. Яны ж былі асабліва моцнымі, катэгарычнымі якраз у гэтай сферы, у паказе сапраўдных прычын і сапраўдных віноўнікаў масавых рэпрэсій, народжаных культаўскай падазронасцю і ўседазволенасцю.
Для справядлівасці трэба падкрэсліць, што Чыгрынаў у сваёй раманнай трылогіі ў цэлым паспяхова супрацьстаяў шматлікім абмежаванням застойных гадоў, але ў асобных выпадках абысці тагачасныя прамыя забароны не змог і ён. Вось чаму і Зазыба ў «Апраўданні крыві» з не ўласцівымі яму павярхоўнасцю і спрошчанасцю спісвае на нізы тое, што залежала не толькі і не столькі ад іх.
Залішне абвострана рэагуе ён і на ўсе спробы Масея расказаць пра свае пакуты ў зняволенні. Вядома, аргументы ў Дзяніса Яўменавіча тут важкія: «Цяпер не час пра гэта ўсё ўспамінаць! Ты адпакутаваў, другі выпакутаваў! Ды што нашы тыя пакуты ў параўнанні вось з гэтымі, калі ўвесь народ у бядзе?»
Само па сабе ўсё гэта вельмі нават слушна. Але ж бацькоўскі боль за сына адчуваецца слаба. I таму мае рацыю Т. Грамадчанка, калі піша, што «дзе-нідзе Зазыбу ўсё ж цяжка зразумець як бацьку, як чалавека. Менавіта ў адносінах да сына выяўляюцца рысы, якія ўвогуле не ўласцівы герою – прамалінейнасць і нават жорсткасць».
I яшчэ адзін штрых у абмалёўцы Зазыбы ў тым жа рамане «Апраўданне крыві» мне здаўся не вельмі пераканальным. Гутарка ідзе пра тое, як рэагуе Дзяніс Яўменавіч на падпал Чубарам жытніх снапоў, выдзеленых сялянам. Зазыба разумее недарэчнасць гэтага падпалу, яго шкоднасць. Даведаўшыся, што Чубар не паслухаўся яго парады і той падпал усё ж зрабіў, Дзяніс Яўменавіч стаў «ажно чорным ад панурасці». I гэта нармальная рэакцыя сейбіта, які разумее, што дарэмна нішчыцца збажына, нішчыцца вырашчаны хлеб. Але праз некалькі старонак Зазыба, думаючы пра Чубара і ўсё той жа ягоны недарэчны падпал, «раптам ажно ўздыхнуў з палёгкай, і адразу нейкая слабасць і тайная здаволенасць авалодалі ім. З гэтым адчуваннем ён адарваўся ад акна, вярнуўся на сваю палавіну хаты. Хутка з вуліцы прыйшла і Марфа.
– Гарыць? – спытаў ён такім голасам, быццам справа ішла аб дажджы ці яшчэ аб нечым нязначным».
Ні Зазыбава палёгка, ні яго здаволенасць, ні амаль абыякавасць (гаворка пра пажар як пра нешта нязначнае) тут проста незразумелыя. Дарэчы, Зазыба яшчэ будзе вяртацца да гэтага пажару і там зноў будзе рэагаваць на яго з разумнай сялянскай разважлівасцю, памінаючы нядобрым словам дурную ўпартасць Чубара.
Пераканальна паказаў Іван Чыгрынаў у сваёй трылогіі глыбокі роздум над сэнсам чалавечага існавання, уласцівы вясковаму філосафу Парфёну Вяршкову, у свядомасці якога, па словах аўтара, «акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, па чым трымаецца ўклад» сельскага жыцця, а таксама сялянскую мудрасць Кузьмы Прыбыткова, грубаватую, але па-свойму дасціпную жартаўлівасць Івана Падзерына, сапраўдную інтэлігентнасць ужо згадванага Зазыбавага сына Масея, якому ў трэцім рамане належыць значная роля і ў сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора. Яго вобраз зноў жа чым далей, тым больш напаўняецца жыццёвымі фарбамі, усё больш актыўна працуе на неабходную аўтару праблемную заглыбленасць трылогіі.
Рэпрэсіраваны ў перыяд культаўскіх парушэнняў сацыялістычнай законнасці на падставе легкаважкага і да таго ж хлуслівага даносу невука з кар’ерысцкімі замашкамі, Масей у зняволенні моцна падарваў сваё здароўе. Ужо ў вайну, вызвалены спагадлівым канваірам, ён вяртаецца ў родныя мясціны. Такім чынам, у Масея як быццам ёсць падставы крыўдзіцца на дапушчаную ў дачыненні да яго несправядлівасць, увогуле быць незадаволеным ранейшым жыццём у краіне. Але хлопец не паддаецца гэтай крыўдзе, хаця яму яшчэ і далёка да бацькавай яснасці ў разуменні падзей вайны, а тым больш да ягонай непахіснай пераконанасці ў глыбінным дэмакратызме Савецкай улады. I гэта імкнуцца выкарыстаць фашысцкія паслугачы, якія ва ўмовах акупацыйнага рэжыму ўсяляк падштурхоўваюць Масея на здраду. Але ён рашуча адхіляе іх дамаганні, не жадаючы звязваць сябе з акупантамі. Вырашальным тут з’яўляецца не толькі зразумелы недавер Масея да чужынцаў, ад якіх і ён не чакае нічога добрага, але і адчуванне, вядома, больш падсвядомае, чым выразна асэнсаванае, народнай несумяшчальнасці з акупантамі, здагадкі пра тое, што здрады ніколі не даруюць свае людзі.
Вынаходлівасцю і практычнай дзелавітасцю вызначаецца паказаны ў «Сваіх і чужынцах» Андрэй Марухін, былы палонны, а потым прымак-каваль. Ён належыць да тых сумленных людзей, якія не проста шукаюць дарогу ў лагер барацьбітоў з фашызмам, але і самі рыхтуюць умовы для шырокага партызанскага руху.
З добрым чалавечым спачуваннем і вялікай псіхалагічнай дакладнасцю малююцца ў трылогіі многія вобразы верамейкаўскіх жанчын. Сярод іх вылучаюцца Ганна Карпілава, Палага Хахлова, Роза Самусёва, Дуня Пракопкіна і іншыя. Асабліва выразныя яны ў такіх ключавых эпізодах, як вельмі каларытна паказаныя радзіны ў Сахвеі Меляшонкавай або поўны глыбокага драматызму жаночы паход у Яшніцу.
Усе гэтыя літаратурныя героі западаюць у нашу памяць як жывыя людзі, надзеленыя адметнымі чалавечымі характарамі. Не менш істотна і тое, што праз іх нялёгкія, а часам драматычныя, як у Масея, лёсы многае праглядваецца ў народным жыцці.
Нямяла жывых чалавечых рыс увасоблена таксама ў вобразах таго ж сакратара падпольнага райкома партыі Касьяна Манько, партызанскіх камандзіраў Нарчука і Карханава, камісараў Баранава і Багачова, такіх змагароў супраць фашызму, як Шпакевіч, Даніла Афончанка, стары Калістрат Шандоў, Васіль Пацюпа, Патоля Бераснёў і іншыя.
Свая жыццёвая глыбіня і складанасць ёсць і ў прадстаўнікоў варожага лагера і іх прыслужнікаў. Гэта і хітры нямецкі камендант у Бабінавічах Гуфельд, і выкрутлівы, асцярожны паліцай Брава-Жыватоўскі, і дзівакаваты даносчык і прыліпала Драніца, і небяспечны сваёй вытанчанай дэмагогіяй нацыяналіст Астрашаб. Працуючы ў арганізаванай акупантамі мінскай гарадской управе, ён, аднак, суцяшае сябе зманлівай ілюзіяй пошукаў нейкага трэцяга шляху, не звязанага ні з фашыстамі, ні з барацьбітамі супраць іх. Фактычна ж атрымліваецца, што так маскіруецца самае сапраўднае прыслужніцтва менавіта акупантам, прычым прыслужніцтва вельмі небяспечнае якраз сваім вытанчаным камуфляжам, падфарбаваным псеўдапатрыятычнай фразеалогіяй. Празаік пераканальна выкрывае гэты камуфляж, паказвае асаблівую небяспеку нацыяналістычнай дэмагогіі ва ўмовах найцяжэйшай барацьбы народа з фашысцкай навалай.
Увогуле, вобразы ворагаў таксама ствараюцца сродкамі грунтоўнага рэалістычнага пісьма, якое, як у абмалёўцы Мікіты Драніцы, нярэдка атрымлівае гумарыстычную і з’едліва-сатырычную падсветку.
Звязваць і развязваць многія сюжэтныя вузлы, зводзіць канцы з канцамі ў падзейным развіцці трылогіі дапамагае пісьменніку вобраз былога калгаснага старшыні ў Верамейках Радзівона Чубара, пра якога ўжо гаварылася як пра ўпартага падпальшчыка сялянскага хлеба. Пасля з’яўлення «Плачу перапёлкі» здавалася, што гэты вобраз стане адным з самых маштабных у чыгрынаўскай карціне вайны. Нездарма ж А. Кандратовіч у артыкуле «Спасціжэнне чалавечнасці» пісаў, што Чубар – «несумненная ўдача раманіста» і нават «не проста ўдача, а адкрыццё пісьменніка».
Але народжаныя «Плачам перапёлкі» надзеі адносна Чубара спраўдзіліся няпоўнасцю, хаця і ў многіх эпізодах наступных раманаў ён паказаны цікава і ярка. Мы бачым не толькі пэўную Чубараву разгубленасць перад грознай навалай, але і тое, як ён паступова вызваляецца ад павярхоўна-просталінейнага погляду на народнае жыццё, на падзеі ваеннага часу, выяўляе чалавечую спагадлівасць і дабрыню. Шматзначныя ў гэтым сэнсе, напрыклад, сцэны з выратаваннем ласяня і некаторыя іншыя эпізоды. Аднак яго празмерна зацягнутыя блуканні, паходы з атрада ў атрад, ад падпольшчыкаў да партызан, з акупіраванай тэрыторыі за лінію фронту і г. д. абумоўлены, здаецца, хутчэй службова-сюжэтнымі функцыямі, чым логікай развіцця вобраза. Магчыма, таму часам і ўзнікае ўражанне, што Чубару ўсё ж не стае сапраўднай чалавечай маштабнасці, эпічнай важкасці, якая складае галоўную вартасць мастацкага характару Зазыбы і некаторых іншых герояў.
Зрэшты, ёсць тут і іншы аспект. Ён заключаецца ў тым, што Чубаравы блуканні ў пошуках свайго месца ў барацьбе з гітлераўцамі даюць пісьменніку магчымасць рассунуць рамкі адлюстравання вайны, больш шырока паказаць народнае жыццё ў той час. Імкненне ж да паўнаты і глыбіні ў паказе народнага жыцця для Чыгрынава надзвычай важнае. Яно звязана з задачай прасачыць глыбінныя вытокі партызанскага руху, адлюстраваць у народным жыцці ўсё тое, што прадвызначала яго абсалютную несумяшчальнасць з акупацыйным рэжымам. Адсюль выключная ўвага пісьменніка да драматызму вайны «ў яе звычайным будзённым цячэнні» (I. Чыгрынаў), да блізкай і больш далёкай гісторыі народа, яго побыту, псіхалогіі, маралі і этыкі.
Расказваючы пра своеасаблівасць задумы, з якой вырастала раманная трылогія, празаік зазначаў: «Людзі не толькі ваявалі. Яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэтая паўната існавання была вынікам нястрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляе фашызм».
Такім чынам, народнае жыццё на ўсю сваю побытавую, маральна-этычную, сацыяльную і гістарычную глыбіню адмаўляла фашызм, нараджаючы самыя розныя формы супраціўлення яму. У гэтым глыбінны пафас трылогіі, выяўлены вельмі паслядоўна і моцна. Ён вызначае і ўсю выяўленчую структуру чыгрынаўскіх раманаў, у якой на дасягненне эпічнай паўнаты і шматграннасці ў паказе народнага жыцця арыентаваны і характары герояў, пададзеныя ў шырокім грамадскім развароце, з такой мерай гістарычнай дакладнасці і рэалістычнай праўдзівасці, што вобраз чалавека набывае пераканальнасць не толькі ў сваёй асноўнай жыццёвай сутнасці, але і ў істотных падрабязнасцях. У гэтым жа кірунку працуе і грунтоўнасць непаспешлівага, але затое вельмі дэталізаванага і гранічна заглыбленага аўтарскага апавядання з яго ўстаноўкай таксама на максімальную дакладнасць ва ўсім, і багацце і ёмістасць масавых сцэн, у каларытным шматгалоссі якіх думка народная выказваецца вельмі яскрава і непасрэдна, і вастрыня і сацыяльная значнасць па-майстэрску напісаных дыялогаў-спрэчак, якія вядуць многія персанажы, у тым ліку Зазыба з Чубарам і Брава-Жыватоўскім, Масей з Астрашабам, Вяршкоў, Падзерын і іншыя сяляне з Мікітам Драніцам, Раманам Сёмачкіным і іх прыхільнікамі.
Той жа галоўнай мэце падпарадкаваны шматлікія ўстаўныя эпізоды пра смешныя і сур’ёзныя здарэнні, якія згадваюцца па ходу дзеяння, казачна-прытчавыя элементы, прамыя экскурсы ў гісторыю і іншыя адступленні ад асноўнага падзейнага апавядання пра Айчынную вайну, сцэны з выразнай этнаграфічнай афарбоўкай, пейзажныя штрыхі і малюнкі, прыродныя вобразы, нярэдка шматзначна-сімвалічныя, з філасофскім падтэкстам.
Моцна выяўленая эпічнасць чыгрынаўскага стылю, які даследчыкі за яго ёмістасць і грунтоўнасць не без падстаў называюць сінтэтычным, зрэдку атрымлівае і паэтычную, калі-нікалі нават адкрыта эмацыянальную падсветку, убірае ў сябе і аўтарскі роздум, скіраваны на выяўленне глыбіннага сэнсу падзей, і тонкі аналіз псіхалагічнага стану персанажаў, глыбокія матывіроўкі іх дзеянняў і ўчынкаў, і самыя розныя, але заўсёды дакладна ўзноўленыя рэаліі побыту, і шмат чаго іншага.
Вельмі грунтоўная ў сваёй эпічнай важкасці, а то і крыху марудлівая апавядальная манера пісьменніка разам з тым падкупляе сваёй бясспрэчнай натуральнасцю, уменнем аўтара шчодра выкарыстоўваць народныя выслоўі, шматлікія фразеалагізмы, узятыя з жывой размоўнай мовы, якія добра кладуцца ў трывалую тканіну чыгрынаўскіх раманаў, падкрэсліваючы народную аснову і стылю, і самога эстэтычнага мыслення празаіка.
Увогуле, слова ў Чыгрынава не так яркае, як дакладнае, ёмістае, часам з выразным дыялектным каларытам (сянні, махнытка, куцобісты, аддудураны, здырдзіцца, вушакоміцца ў сэнсе фанабэрыцца, напята ў значэнні насцеж, загавальня і інш.), хаця яўных перабораў у гэтых адносінах, злоўжывання дыялектнай экзатычнасцю ён у адрозненне ад некаторых іншых нашых пісьменнікаў абачліва асцерагаецца.
Вось некалькі прыкладаў выяўленчай выразнасці ў чыгрынаўскіх раманах, дасягнутай за кошт трапных супастаўленняў, дасціпнага ўключэння ў аўтарскі моўны кантэкст фразеалагізмаў пераважна актыўнага бытавання і агульнай натуральнасці самой фразы. Пра Ганну Карпілаву: «Слабая на перадок, Ганна выйшла моцнай на галаву». Сказана, вядома, трохі грубавата, але гэтая грубаватасць вытрымана ў духу нашай народнай традыцыі, пра якую Максім Гарэцкі некалі пісаў, што ёй «знаёмы перчык і солька», што «беларус, дзе варта, крэпкім словам, што бізуном, дасць».
Пра Брава-Жыватоўскага, з яўнай іроніяй: «Пайшоў па попел, а чорт па дарозе і ўхопіў». Зноў здзекліва пра яго ж: «Смуткі паліцая бяруць. Але гэта толькі начынка, а будзе цэлая аўчынка. Давядзецца шыла з перцам паспытаць».
Пра Мікіту Драніцу, таксама іранічна: «Мікіта быў нізкі, вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць». Пра яго ж мітуслівасць у тым жа ключы: «Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася: па-першае, постаццю ён для важнасці не выйшаў, а па-другое, вочы ў яго сёння бегалі так, нібы ўранні яны сарваліся з цвіка, а ўвечары ніяк не маглі трапіць на сваё ранейшае месца».
Пра копы зжатай збажыны, якія паставіла пакуль што толькі адна жанчына: «Стаяць на гародзе, як прышчык на лбе, – усім лезуць у вочы».
Вельмі дасціпна гаворыць Зазыба пра адрозненне царкоўнага звону ад звону касцёльнага: «У царкве звоняць – бліны-бліны-клёцкі, бліны-бліны-клёцкі, а ў касцёле іначай – тром-блін-папалам, тром-блін-папалам». Гэта ўжо чысты гумар, вядома, народны. Але пісьменнік вельмі дарэчы дастасоўвае яго да выяўлення чалавечай адметнасці свайго героя.
Непаспешлівасць чыгрынаўскага апавядання, пастаянна арыентаванага на глыбіннае, гранічна праўдзівае даследаванне народнага жыцця, абумоўлівае замаруджаны падзейны тэмп у раманнай трылогіі пісьменніка. У выніку храналагічна дзеянне ў апошнім рамане даведзена толькі да канца 1941 года. Але менавіта гэты рубеж для завяршэння трылогіі выбраны невыпадкова. Ён даў магчымасць кінуць выразны водсвет пераможнай для савецкіх войск бітвы пад Масквой на падзеі і апошняга рамана, і ўсёй трылогіі. I гэтае зіхоткае святло вялікай гістарычнай падзеі надало героям Чыгрынава новую значнасць, напоўніла іх токамі гістарычнага аптымізму, які тады не толькі па-ранейшаму натхняў савецкіх людзей на бязлітасную барацьбу з гітлераўскімі акупантамі, але ўжо і пераканальна гаварыў пра немінучасць і бясспрэчнасць нашай канчатковай перамогі над фашызмам, хоць і пасля 1941 года да яе яшчэ ляжаў доўгі, поўны пакут і крыві шлях.
Заканчваючы раман «Свае і чужынцы» на вялікаснай пераможнай ноце, якую ўнёс у трагедыйныя падзеі пачатковага перыяду Айчыннай вайны разгром гітлераўцаў пад Масквой, Іван Чыгрынаў дадае да ўласна мастацкага тэксту гэтага твора дакументальны раздзел «Замест эпілога».
Дарэчы сказаць, гістарычна-дакументальны матэрыял нярэдка выкарыстоўваецца і ў іншых мясцінах. Гэта ўзмацняе дакладнасць ва ўзнаўленні атмасферы часу, дазваляе больш выразна акрэсліць гістарычную перспектыву, якая таксама павялічвае маштабнасць самых яркіх чалавечых характараў, намаляваных празаікам. А ў раздзеле «Замест эпілога» прыводзіцца стылёва, відаць, трохі апрацаванне пісьменнікам сакрэтнае паведамленне начальніка палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта. У гэтым паведамленні нашымі ворагамі зроблены вымушаныя, але красамоўныя прызнанні вялікіх поспехаў партызанскай вайны супраць фашысцкіх акупантаў на запалоненай тады тэрыторыі Савецкай краіны. Гутарка ідзе пра першую палову 1942 года, той час, калі партызанскі рух станавіўся масавым, пачынаў набываць усенародны характар. Гэты дакументальны раздзел таксама пралівае дадатковае святло на ўсё тое, што па-мастацку адлюстравана ў рамане. Святло патрэбнае і вельмі істотнае, бо непасрэднае мастацкае даследаванне ў «Сваіх і чужынцах» звязана яшчэ толькі з першымі, самымі цяжкімі і драматычнымі, крокамі партызанскага і падпольнага змагання супраць фашызму. Іначай Іван Чыгрынаў і не мог зрабіць, пішучы пра падзеі, храналагічна звязаныя з пачатковым перыядам Айчыннай вайны і даведзеныя толькі да канца 1941 года.
Такім чынам, у рамане «Свае і чужынцы» ўжо выразна праглядваюць гістарычныя перспектывы падпольнага і партызанскага руху ў Беларусі супраць нямецкіх акупантаў, добра бачыцца яго пераможны фінал. Але асноўны акцэнт у творы зроблены на паказе складанасці, цяжкасцей гэтага руху ў яго вытоках, пачатковых кроках, у перыяд зараджэння. Гэткага акцэнту вымагала сама гістарычная рэальнасць таго часу, які адлюстроўвае Іван Чыгрынаў, а таксама ўстаноўка пісьменніка на гранічную дакладнасць і праўдзівасць мастацкай карціны, намаляванай у яго раманным цыкле. Адсюль становіцца зразумелым, чаму празаік падрабязна піша пра спрэчкі і рознагалосіцу ў атрадзе Нарчука, пра тое, што гэты атрад перажываў і крызісныя моманты, расказвае пра трагічны лёс падпольнага райкома партыі, высачанага фашыстамі, і інш.
Гэта цяжкая, але неаспрэчная ў сваёй гістарычнай рэальнасці праўда часу. Аднак цікавіць яна пісьменніка не сама па сабе. Яе ўзнаўленне, вельмі дакладны паказ складанасці і часта трагедыйнасці падпольнай і партызанскай барацьбы з акупантамі ў яе вытоках і самых пачатковых кроках падпарадкаваны галоўнай задачы – пераканальна, з усёй магчымай для аднаго мастака паўнатой адлюстраваць веліч і прывабнасць подзвігу падпольшчыкаў і партызан, усіх савецкіх людзей, што так ці іначай прымалі ўдзел у супраціўленні фашызму. I празаік дасягае мэты ў многім дзякуючы таму, што праўдзіва піша пра ўсё, у тым ліку і пра нечувана вялікія цяжкасці на шляху да здзяйснення гэтага подзвігу.
Такі падыход – ужо трывалая ў літаратуры сацыялістычнага рэалізму традыцыя. Яна бярэ свой пачатак у творчасці Аляксандра Фадзеева з яго выдатным раманам «Разгром», у якім сіла партызанскага руху перыяду грамадзянскай вайны паказана праз падзеі выразна трагедыйнага гучання, падкрэсленага і назвай твора. Фадзееўская традыцыя працягвалася і развівалася савецкімі пісьменнікамі і на матэрыяле Айчыннай вайны. Уносіць свой уклад у развіццё гэтай традыцыі і Чыгрынаў, які невыпадкова з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аляксандра Фадзеева.
Раманная трылогія пісьменніка, завершаная кнігай «Свае і чужынцы», адкрывае новыя глыбіні ў паказе партызанскага і падпольнага руху ў яго пачатковай стадыі і асабліва глыбіні народнага жыцця ў самы цяжкі перыяд Айчыннай вайны.
А што далей? Ці будзе празаік яшчэ працягваць сваё раманнае апавяданне пра Айчынную вайну? У гутарцы з Г. Грыбоўскай («Литературная газета», 7 ліпеня 1982 года) пісьменнік выказаўся на гэты конт адмоўна: «Працягваць далей не мае сэнсу, бо зроблена [у эпілогу трэцяга рамана] лагічнае абагульненне ўсяго апавядання… Мае героі, прайшоўшы найцяжэйшы перыяд станаўлення, прыйшлі да яснага разумення сваёй задачы, сваёй гістарычнай місіі перад усім чалавецтвам – выратаваць родную зямлю і ўвесь свет ад фашызму. Што будзе далей – вядома: Вялікая Перамога ў маі 1945-га. Як яна зараджалася ў 41-м – гэта я і хацеў паказаць. Цяпер, калі закончыў раман [«Свае і чужынцы»], стала яшчэ ясней – Вялікая Перамога пачыналася задоўга да вайны, ужо ў першыя гады будаўніцтва сацыялізма. Але хачу сказаць і пра тое, што яе вытокі – у глыбіні стагоддзяў, куды сягае каранямі наша непахісная любоў да Радзімы, наш свабодалюбівы дух».
Усё тут лагічна і зразумела. Чыгрынаўская раманная трылогія як твор пра першы, самы трагедыйны перыяд Айчыннай вайны, пра глыбінныя вытокі ўсенароднай барацьбы з фашызмам і галоўныя крыніцы нашай перамогі ў гэтай барацьбе сапраўды атрымаў сваё завяршэнне. I празаік упаўне можа ставіць на гэтым кропку. Але крытыка адгаворвае яго. Так, В. Каваленка ў артыкуле «Сучаснасць і літаратура: герой, ідэйнасць, майстэрства» зазначае: «Хацелася б спадзявацца, што пісьменнік зменіць так рашуча заяўленую ім пазіцыю. А чытачы, несумненна, будуць толькі вітаць перамену ў творчым настроі аўтара». Далейшыя пажаданні даследчыка зводзяцца да таго, што добра было б, «калі б з’явіўся чацвёрты ды пяты раман».
Здаецца, у Чыгрынава і праўда паяўляецца намер яшчэ вярнуцца да Айчыннай вайны. Прынамсі, у вусных выступленнях ён не раз казаў, што ўжо і працуе над чацвёртым раманам. Але… У тым жа інтэрв’ю для «Литературной газеты» згадваўся не пазбаўлены падстаў жарт, што пісьменніку, каб давесці апавяданне пра герояў сваёй трылогіі да канца вайны ў ранейшым падзейным тэмпе, спатрэбіцца раманаў трыццаць!
У жартах заўсёды ёсць перабольшанне. Аднак жа вельмі верагодна, што Чыгрынаву, калі ён стане працягваць сваё скрупулёзнае мастакоўскае даследаванне пра подзвіг Беларусі ў Айчыннай вайне, давядзецца пісаць яшчэ не адзін і не два раманы, а новую трылогію, спыняючыся пры гэтым толькі на паваротных падзеях і перыядах народнага змагання і апускаючы ўсё астатняе. Падобны вопыт значных падзейна-храналагічных разрываў паміж асобнымі раманамі аднаго аўтара, звязанымі агульнай ідэяй, цэласнай мастацкай канцэпцыяй і адзінствам галоўных герояў, савецкая ваенная проза ўжо мае. Той жа Канстанцін Сіманаў у сваёй трылогіі «Жывыя і мёртвыя» паказаў толькі пачатковы перыяд Айчыннай вайны, Сталінградскую эпапею і бітву за Беларусь.
Ды не будзем гадаць, што і як атрымаецца ў Чыгрынава. Няхай пісьменнік мяркуе і рашае сам. Тым больш што задум і планаў у яго хапае. Сярод іх – і твор пра Кулікоўскую бітву, і раман пра Крычаўскае паўстанне XVIII стагоддзя пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Над гэтым раманам Чыгрынаў працуе сур’ёзна, ва ўсякім разе, ужо не адзін год збірае фактычны матэрыял. Увогуле, ён зусім слушна лічыць, што мастацкай літаратуры належыць выдатная роля ў актывізацыі гістарычнай памяці народа. Асабліва ў нас на Беларусі, бо нашы прафесійныя гісторыкі ў гэтых адносінах вельмі інертныя, не праяўляюць сапраўднай заклапочанасці. А таму беларускім пісьменнікам самім трэба рабіць і даследчую работу, выконваць тую місію, якая звычайна адводзіцца прадстаўнікам гістарычнай навукі.
***
Плённа развіваецца ў нас так званая пісьменніцкая крытыка, прадстаўленая такімі добра вядомымі не толькі прафесійным даследчыкам, але і больш шырокаму колу чытачоў зборнікамі, як «Жыццёвыя клопаты» Івана Мележа, «Праўдай адзінай» Васіля Быкава, «Размова з чытачом» Івана Шамякіна, «Трохі пра вечнае» Янкі Брыля, «На паэтычным небасхіле» Пімена Панчанкі, «Ад ранку да вечара» Максіма Лужаніна, «Кніга адкрывае свет» Івана Навуменкі, «У гэта веру», «Удзячнасць і абавязак», «Поклік жыцця і часу» Ніла Гілевіча, «Высокае неба ідэала» Анатоля Вярцінскага, «Лінія высокага напружання» Васіля Зуёнка, «Люблю, хвалююся – жыву» Алены Васілевіч і інш.
Сваю кнігу пісьменніцкай крытыкі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» выдаў у 1983 годзе і Іван Чыгрынаў, прычым кніжку важкую, ёмістую, цікавую ў многіх адносінах.
Найбольшае ўражанне ў гэтай кнізе робяць праблемныя артыкулы, выступленні, прысвечаныя важным пытанням літаратурнага развіцця, а таксама агляды і прадмовы, у аснове якіх ляжыць значны фактычны матэрыял. Яны ў сваёй сукупнасці даюць даволі шырокае, грунтоўнае, хоць, вядома, і не вычарпальнае ўяўленне пра нашу нацыянальную прозу, пераважна сучасную.
Звяртае на сябе ўвагу трапнасць і глыбіня чыгрынаўскіх ацэнак, арыгінальнасць пісьменніцкіх разважанняў, іх эмацыянальная насычанасць і яркасць. Пра «Хатынскую аповесць» Алеся Адамовіча ўвогуле і пра спалучэнне ў ёй дакумента, адкрытай публіцыстыкі з уласна мастацкай апавядальнасцю Іван Чыгрынаў піша: «Аўтар шукаў сінтэзу «часу прошлага» з «часам цяперашнім» і знайшоў, сцвердзіўшы яго як прынцыповую творчую пазіцыю. Галоўны герой аповесці Флёра Гайшун апавядае аб мінулым з нашага сёння. Думкі сённяшнія, хвалі ўспамінаў – гэта не рознае нешта, а адно, што спяклося ў душы сучасніка, стала крывяністым кавалкам рэчаіснасці, той, што была і што не павінна больш быць. Няхай сабе дакумент, адкрытая публіцыстыка не зусім «стыкуюцца» з апавяданнем Флёры. Але гэта чыста вонкавае ўражанне, яны – дакумент і апавяданне, факт і вобраз – сцякаюцца ў адно цэлае там, у душы чытача».
Сказана разумна, слушна і месцамі яўна па-пісьменніцку. Бадай, яшчэ лепш пра глыбінную змястоўнасць і мастацкую арганічнасць брылёўскай аповесці «Золак, убачаны здалёк»: «Гэта аповесць пра тое, як уваходзіць чалавек у свет і як свет пасяляецца ў чалавеку. Працэс гэтага ўзаемаўваходжання трывае доўга, праз усё жыццё, праз усю дарогу па жыцці. Духоўная эвалюцыя героя выглядае не пералікам пэўных ідэй, а глыбокай плынню страсцей і перажыванняў, тым станам, які некалі Аляксандр Блок называў «падземным ходам душы».
Вачыма вопыту і памяці бачыць Я. Брыль золак свайго пакалення, вытокі сённяшняй творчай радасці. Ён вяртаецца ў маленства, у юнацтва, шмат перажыўшы і перадумаўшы. Ён чэрпае сонечныя промні жыцця жменямі, каб вяртаць іх чытачу абярэмкамі, аплодненымі розумам і сэрцам мастака. Мусіць, гэтак і павінны мы глядзець на літаратуру як на вялікую, сапраўдную справу, патрэбную людзям».
У размове пра Васіля Быкава вылучаецца імкненне гэтага выдатнага пісьменніка да максімальнай згушчанасці, кандэнсацыі адлюстравання, гранічнай канцэнтрацыі мастацкай праўды, трагедыйная абвостранасць яго светаадчування, светабачання, асабліва выразная ў быкаўскім успрыманні вайны. «Уся творчасць В. Быкава, – зноў слушна разважае Чыгрынаў, – так ці іначай асветлена святлом трагічнай ісціны – выяўлення цаны подзвігу чалавека на вайне, цаны ўласнай фізічнай гібелі асобы. Пісьменніка ў свой час вінавацілі за тое, што ён прызнае толькі «акопную праўду», што ён нібы ўпарціцца «панарамнасці». Але ж хіба панарамнасць душы савецкага воіна, яго надзей, трывог, так спраўна паказаная В. Быкавым, горш за вонкавае разгортванне карцін, эпізодаў ваенных баталій?!»
Пытанне, вядома, рытарычнае. У ім заключаны не толькі зусім выразны і палемічна падкрэслены адказ, але і прынцыповая крытычная і ўласна пісьменніцкая пазіцыя Івана Чыгрынава, неаднойчы пацверджаная ў іншых мясцінах кнігі. Так, у адказах на пытанні спецыяльнай анкеты, прапанаванай часопісам «Вопросы литературы» да трыццацігоддзя перамогі над фашызмам, пісьменнік, часам карыстаючыся эмацыянальна-вобразнай мовай, прыгадвае: «Ува ўсіх яшчэ ў памяці, як, пачынаючы з другой палавіны пяцідзясятых гадоў, калі ўскалыхнулася новая хваля ваеннай прозы, наша літаратура павяла барацьбу з псеўдаэпасам. Вайна, якая да гэтага на старонках кніг вялася ў маштабах вялікіх воінскіх злучэнняў і якую накіроўвалі буйныя штабы, раптам лакалізавалася. I тады быццам развеяўся над палямі бітваў парахавы дым – сталі відны, паасобку, палкі, батальёны, роты, батарэі, салдаты… Мы пачулі штуршкі жывога салдацкага сэрца, даведаліся, аб чым думае чалавек перад боем і ў хвіліны бою. Даведаліся, што савецкі салдат не толькі гатовы памерці за Радзіму, але і хоча жыць…»
Вяртаўся да гэтай праблемы, ставячы яе ў больш тэарэтычна-абагуленым плане, Чыгрынаў і крыху пазней, у артыкуле «Раман – гэта народ», напісаным на аснове даклада, зробленага на пленуме праўлення СП БССР. Так, разважаючы пра недахопы напісаных у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе празаічных твораў панарамнага тыпу, якія больш-менш яўна прэтэндавалі на званне эпапей, ён з відавочнай унутранай пераконанасцю піша, што ў гэтых творах звычайна «верх брала вонкавая шырыня ахопу падзей», пераважала «панарамнае адлюстраванне», якое не забяспечвалася належнай заглыбленасцю ў псіхалогію чалавека, ва ўнутраны свет асобы. У канчатковым выніку, падкрэслівае Чыгрынаў, «маштабы рамана-эпапеі не станавіліся маштабамі зразумення чалавека і стварэння тыповага, індывідуалізаванага вобраза эпохі. Маштаб унутраны як бы пасоўваўся маштабам выніковым, агульнай панарамай падзей, і асоба апынулася на заднім плане». У наступныя дзесяцігоддзі наша проза, не без цяжкасцей і выдаткаў пераадольваючы «ілюстрацыйнасць, голы дыдактызм, рэцыдывы бесканфліктнасці», пачала ўсё больш настойліва сцвярджаць «чалавека як асобу, здольную несці не толькі свае абавязкі перад гісторыяй, але і выяўляць, адстойваць свае правы ў гэтай гісторыі, а найперш права выбару і прыняцця ўласнага рашэння».
У такіх выказваннях намячаюцца асновы ці, прынамсі, некаторыя істотныя параметры даволі пэўнай канцэпцыі развіцця беларускай прозы ў пасляваенны перыяд. I канцэпцыя гэта, думаецца, слушная, перспектыўная для далейшага даследчыцкага вывучэння сучаснага літаратурнага працэсу. Яна так ці іначай выяўляецца ў розных матэрыялах кнігі і сведчыць пра тое, што чыгрынаўскаму погляду на літаратурнае развіццё ўласціва і патрабавальная, але цвярозая крытычнасць, пры якой дакладна ўзважваецца як адмоўнае, так і станоўчае, і тая пранікнёнасць, якая дазваляе выразна бачыць глыбінныя, вызначальныя тэндэнцыі ва ўзаемадзеянні літаратуры з жыццём народа, з рухам часу, гісторыі.
Вельмі істотныя штрыхі для характарыстыкі чыгрынаўскай пазіцыі, як яна адлюстравалася ў кнізе, даюць разважанні пра пісьменніцкае майстэрства, пра культуру творчасці, пра грамадзянскую мужнасць і сумленнасць стваральнікаў эстэтычных каштоўнасцей, абарона праўдзівасці ў літаратуры і мастацтве, якасці выключна важнай, несумяшчальнай не толькі з кан’юнктурна-спекулятыўным падыходам да рэчаіснасці, які непазбежна нараджае адкрыты фальш, але і са звычайнай няшчырасцю нават у дробязях, якую заўсёды адчуе патрабавальны чытач. У гэтым жа кірунку трэба разглядаць і сур’ёзную, добра абгрунтаваную гаворку Івана Чыгрынава пра абавязак мастака натхняцца гуманістычным пафасам, узнімаць «глыбінныя пласты чалавечага жыцця», дакопвацца да сапраўднай сацыяльнай сутнасці жыццёвых канфліктаў і, вядома ж, усяляк пазбягаць аморфнай і бяскрылай апісальнасці, другаснасці і літаратуршчыны, на якую і ў наш час хварэюць некаторыя празаікі.
І не адны яны.
Самай высокай пахвалы варты змешчаныя ў кнізе чыгрынаўскія інтэрв’ю. Па-першае, дзякуючы сваёй шчырасці і аўтабіяграфічнай насычанасці, яны шмат даюць для спасціжэння і глыбокага вытлумачэння твораў празаіка, разумення заканамернасці яго трывалага пісьменніцкага поспеху. Па-другое, яны важныя і для разумення так званай пісьменніцкай лабараторыі, самой псіхалогіі мастацкай творчасці, якая без аргументаваных сведчанняў арыгінальных майстроў слова ўвогуле не можа быць належным чынам пазнанай. Па-трэцяе, яны, гэтыя інтэрв’ю і адказы на анкеты, дапамагаюць лепш адчуць своеасаблівасць некаторых працэсаў у сучасным літаратурным развіцці і многіх канкрэтных эстэтычных з’яў, што трапляюць у поле чыгрынаўскага зроку.
Пра шырыню і разнастайнасць творчых інтарэсаў аўтара, у тым ліку пра яго цікавасць да братніх савецкіх літаратур, сведчаць і звычайныя рэцэнзіі, кароткія водгукі і іншыя менш кідкія матэрыялы, якія, можа, за адзінкавымі выключэннямі, не выглядаюць у кнізе непатрэбнымі, лішнімі, бо ў іх таксама ёсць свая змястоўнасць. Так, у рэцэнзіі на зборнік паэзіі Генадзя Бураўкіна «Дыханне» Іван Чыгрынаў вылучае ўласцівае паэту пачуццё адказнасці за ўсе нашы справы, яго ўменне бачыць складаную супярэчлівасць рэчаіснасці, сувязь мінулага і сучаснага, рэвалюцыйную пераемнасць у развіцці грамадства, тонка адчуваць прыроду і патаемныя рухі душы чалавека, спалучаючы падзейную біяграфію жыцця і біяграфію сэрца, пераканальна, з грамадзянскай усхваляванасцю і добрым лірызмам гаварыць ад імя пакалення сваіх равеснікаў.
У рэцэнзіі на кнігу башкірскага пісьменніка Ахіяра Хакімава «Сполахі» выразна бачыцца спроба не толькі асэнсаваць агульную змястоўнасць твораў гэтага празаіка, але і зразумець нацыянальна спецыфічнае ў самім яго поглядзе на вайну, чалавека, прыроду.
Прывабліваюць у лепшых рэцэнзіях Івана Чыгрынава дакладная выверанасць ацэнак, характэрная, як ужо зазначалася, і для яго артыкулаў, свабода і часам дасціпнасць разважанняў, месцамі падсвечаных даволі з’едлівай гумарыстычнасцю, жывая размоўная інтанацыя, у якой праглядваюць чалавечы характар аўтара, яго жыццёвая манера гаворкі. З гэтым звязана і раскаванасць думкі, натуральная шчырасць яе выказвання, якую нараджаюць дасканалае валоданне матэрыялам і грунтоўная эрудзіраванасць.
Каштоўнасць чыгрынаўскай кнігі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», яе інфарматыўнасць узрастае і ад таго, што многае тут друкуецца ўпершыню, гэта значыць не змяшчалася раней і ў перыёдыцы. Я ўжо не кажу, што пісьменніцкія выступленні, раскіданыя па розных перыядычных выданнях, з цягам часу таксама становяцца маладаступнымі звычайнаму чытачу. Ды і даследчыкам патрэбны спецыяльныя намаганні, каб адшукаць і вывучыць усе гэтыя матэрыялы.
Такім чынам, і тое, што ўжо некалі друкавалася ў газетах ці часопісах, у кнізе атрымлівае новае, больш шырокае і актыўнае жыццё. Але гэта датычыць тых матэрыялаў, якія не трацяць сваёй актуальнасці, цікавасці працяглы час. Думаю, аднак, што ў кнізе Івана Чыгрынава не ўсё вытрымлівае такі высокі крытэрый. Сёе-тое сюды трапіла з таго, што магло б спакойна заставацца на старонках перыёдыкі ці ў архіве аўтара. Мне, напрыклад, падалася вельмі павярхоўнай нататка пра Змітрака Бядулю «З душой чулай і паэтычнай», у якой і загаловак – цытата з Максіма Багдановіча, і асноўны змест зведзены да спробы расказаць пра ўсё, зробленае пісьменнікам, на дзвюх з паловай старонках друкаванага тэксту. Атрымалася гаворка сапраўды аб усім, але залішне агульная, не падмацаваная ні колькі-небудзь арыгінальнымі разважаннямі, ні сучаснай ацэначнасцю, абсалютна неабходнай, калі размова ідзе пра гэтага таленавігага, але ў многім і супярэчлівага пісьменніка.
У больш важкай і важнай, прынамсі, для разумення пісьменніцкай пазіцыі Івана Чыгрынава, нататцы пра Кузьму Чорнага, традыцыі якога надзвычай адчувальныя ў глыбінным руху ўсёй нашай сучаснай прозы, здзіўляе нейкі інфармацыйна-рэпарцёрскі дадатак пра тое, як святкаваўся 80-гадовы юбілей пісьменніка на яго радзіме ў Цімкавічах.
На такім жа рэпарцёрска-пералічальным узроўні, як і гэты дадатак, зроблены артыкул «Мы да суседзяў, а суседзі да нас». Ён вырас з газетных нататак пра факты аператыўных сяброўскіх кантактаў беларускіх пісьменнікаў з літаратарамі Украіны, Малдавіі і Балгарыі. Нататкі і змяшчаліся ва ўкраінскай, малдаўскай і балгарскай перыёдыцы – як аператыўная бягучая інфармацыя. I гэта, безумоўна, мела свой сэнс. Аднак для артыкула ў кнізе яўна недастаткова толькі гэткага апраўдання, бо сама аператыўнасць тут непазбежна траціцца. А паглыбіць матэрыял, узбагаціць яго за кошт нейкіх жывых, яркіх дэталей або больш-менш выразнага тэарэтычнага асэнсавання фактаў Івану Чыгрынаву, як мне здаецца, не ўдалося.
Часамі Чыгрынаў дае залішне доўгія пералікі пісьменніцкіх імён і твораў. Тады і паяўляецца тая беглая сумарнасць, павярхоўная агляднасць, якую аўтар свядома імкнуўся пераадолець, але змог гэта зрабіць не ўсюды. А між тым у гэткай беглай і павярхоўнай пералічальнасці, калі ў шарэнгу выстройваюцца вялікія групы розных пісьменнікаў, тоіцца немалая небяспека. У такіх выпадках цяжка акрэсліць сапраўдны твар кожнага мастака, а таму гаворка мае тэндэнцыю набываць агульна-безаблічны характар. А гэта ў сваю чаргу азначае, што ў той ці іншай меры траціцца і строгая выверанасць ацэнак, іх узважаная патрабавальнасць, якая складае адну з найбольш прывабных якасцей чыгрынаўскай кнігі. Для крытычнай працы дакладнасць у ацэнках увогуле надзвычай важная. I таму нават рэдкія адступленні ад гэтай дакладнасці выклікаюць слушныя нараканні, нязгоду. I яны, тыя адступленні, па законах кантрасту асабліва кідаюцца ў вочы якраз у добрых кнігах, у якіх аўтары ў цэлым аказваюцца на вышыні.
Парадокс? Не такі ўжо і вялікі, бо сама аўтарытэтнасць добрай кнігі, давер да яе аўтара здольны выклікаць пэўную псіхалагічную аберацыю, перакос. I тады арэол аўтарытэтнасці так ці іначай кладзецца і на непрынцыповую ацэнку, неаб’ектыўнасць якой для многіх затушоўваецца, прыглушаецца.
Нямала ў Івана Чыгрынава паўтарэнняў, якія ўзнікаюць ад таго, што аўтар па некалькі разоў вяртаецца да ацэнкі некаторых літаратурных з’яў, твораў, робіць блізкія па сэнсу папрокі крытыцы ў розных мясцінах кнігі і г. д. Праўда, у такіх выданнях, як чыгрынаўскі зборнік, цалкам пазбегнуць паўтарэння, бадай, немагчыма. Потым трэба мець на ўвазе і тое, што частае ці неаднаразовае вяртанне да адных і тых жа думак мае і свой станоўчы інфарматыўны сэнс, бо паказвае важнасць гэтых думак для аўтара, для яго прынцыповай пазіцыі. Да таго ж калі запаветная пісьменніцкая думка выказваецца з рознай нагоды і ў розных кантэкстах, дык яна можа набываць новыя і часам вельмі істотныя адценні.
Але ў кнізе «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» сустракаюцца і амаль літаральныя паўторы без усякіх там новых нюансаў і паваротаў. Вось у пачатку артыкула «Раман – гэта народ» Чыгрынаў, вядома, слушна зазначае: «Савецкі раман, яго сацыяльны змест абапіраецца на тры кіты нашай сучаснасці – Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну і навукова-тэхнічную рэвалюцыю другой паловы XX стагоддзя». Праз некалькі старонак у тым жа артыкуле зноў паўтараецца фактычна тое самае: «Савецкі раман, зразумела, і беларускі ў тым ліку, яго сацыяльны змест абапіраецца на тры кіты нашай сучаснасці, я падкрэсліваю – сучаснасці: Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну і навукова-тэхнічную рэвалюцыю другой палавіны XX стагоддзя».
Зноў жа слушная думка выказана ў лаканічным, але ёмістым выступленні ў час абмеркавання праблем ваеннай прозы ў часопісе «Литературное обозрение»: «Аказваецца, чым паўней праблемы сучаснасці хвалююць пісьменніка, тым больш у яго творах на гістарычную тэму праблемнасці, грамадзянскай страснасці і, зразумела, праўды» («За круглым сталом»). Але і гэтая думка потым яшчэ раз і таксама з неістотнымі дадаткамі будзе прадубліравана ў артыкуле «Яскравае сведчанне»: «Выяўляецца: чым паўней праблемы сучаснасці хвалююць пісьменніка, чым мацней ён імі захоплены, тым больш у яго творах на гістарычную тэму – няхай гэта будзе ў прозе, у паэзіі ці ў драматургіі – праблемнасці, грамадзянскай страснасці і, вядома, праўды». Яўная неашчаднасць праглядвае ў гэтых паўторах.
Асобныя палажэнні з кнігі Івана Чыгрынава ўяўляюцца спрэчнымі. Я, напрыклад, не магу поўнасцю падзяліць пафас аўтара, калі ён, адштурхоўваючыся ад той бясспрэчнай ісціны, што літаратура сацыялістычнага рэалізму тэндэнцыйная, сцвярджае, нібыта яна яшчэ і «пераборлівая ў адносінах да фактаў рэчаіснасці, не кожны факт, не кожны характар, не кожная сітуацыя прымальная для нашай літаратуры, наш пісьменнік стварае свае вобразы, свой мастацкі твор са строга адабранага матэрыялу, з таго матэрыялу, які працуе на сцвярджэнне сацыялістычнай рэчаіснасці».
Так Чыгрынаў змагаецца супраць натуралізму. Намер цалкам пахвальны. Але думаецца, што ў цытаваным выказванні не ўсё належным чынам выверана і збалансіравана. Канешне, гэта праўда, што кожны асобны пісьменнік у кожным канкрэтным творы мае поўнае права на выбарачнасць у адносінах да фактаў рэчаіснасці, выбарачнасць, прадыктаваную, скажам, задумай твора, яго жанрам і характарам, яго пафасам і звышзадачай. Але літаратура ў цэлым заклікана адлюстроўваць усю паўнату жыцця, даследуючы сваімі спецыфічнымі і кожны раз адметнымі сродкамі не толькі тыя з’явы, што непасрэдна працуюць на сцвярджэнне сацыялістычнай рэчаіснасці, як піша Іван Чыгрынаў, але і тое, што ў нашай рэчаіснасці замінае поступу наперад, да камуністычнай будучыні.
Такім чынам, наша літаратура, кіруючыся творчым метадам сацыялістычнага рэалізму, можа і павінна пісаць пра ўсё. Рашае тут не выбарачнасць у паказе жыцця, для мастацтва ў яго сукупнасці згубная, а пазіцыя аўтара, яго здольнасць, уменне адлюстроўваць самыя розныя сферы рэчаіснасці з пункту гдеджання сацыялістычных і камуністычных ідэалаў. Тэндэнцыйнасць жа ў разуменні нашых тэарэтыкаў азначае зусім не тое, нібыта пра адно можна і пажадана пісаць, а на другое трэба закрываць вочы, пераборліва абмінаючы непрыемныя ці на чыйсьці погляд нявыгадныя факты і сітуацыі.
Не, гутарка ідзе толькі пра адкрытае выяўленне мастакамі сацыялістычнага рэалізму сваіх ідэйна-палітычных, класавых і грамадскіх сімпатый і антыпатый. Сацыялістычнае грамадства зацікаўлена ў поўнай праўдзівасці ўсіх крыніц пазнання. А яе ніяк нельга дасягнуць, арыентуючыся, няхай сабе і з самымі добрымі, высакароднымі намерамі, на выбарачны падыход у дачыненні да рэчаіснасці.
Зрэшты, абарона выбарачнасці ў кнізе Івана Чыгрынава не ўспрымаецца як прынцыповая і паслядоўная пазіцыя аўтара. Гэта хутчэй за ўсё вынік недакладнасці думкі ў адным канкрэтным разважанні. Гаворыць жа пісьменнік у іншых мясцінах кнігі, што раман павінен імкнуцца «да адлюстравання ўсеахопнасці быцця чалавека», што сацыялістычны рэалізм скарыстоўвае «разнастайныя формы адлюстравання ўсяго багацця нашай рэчаіснасці», а публіцыстыка, калі яна хоча набыць сапраўдную грамадзянскасць, абавязана «ўбачыць і зразумець з’яву шырока, глыбока, усеахопна ва ўсіх яе сувязях». Усё гэта не толькі справядліва само па сабе, але і відавочна супярэчыць думцы пра нібыта ўласцівае нашай літаратуры імкненне да выбарачнасці ў адлюстраванні жыцця, пераборлівасці ў дачыненні да фактаў рэчаіснасці.
Ёсць у кнізе «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» і іншыя дробныя недакладнасці пераважна апісачнага характару.
Але, тым не менш, у цэлым гэта кніга яркая і маштабная, народжаная пафасам патрабавальнага стаўлення да мастацкага слова. У ёй узнімаюцца многія карэнныя праблемы літаратурнага развіцця. Глыбіня і арыгінальнасць іх асэнсавання звязаны як з навуковай узброенасцю аўтара, уласцівай сёння ўжо не аднаму з нашых добрых, грунтоўных крытыкаў, так і з тым, што Чыгрынаў сам належыць да актыўных стваральнікаў сучаснай літаратуры і мае магчымасць глядзець на яе знутры, вачыма не толькі эрудзіраванага тэарэтыка, але і адметнага мастака-практыка. Асноўнае ў гэтай кнізе зроблена на ўзроўні лепшых дасягненняў крытыкі ярка-эмацыянальнай, пранікнёна-ўсхваляванай і кроўна зацікаўленай лёсам мастацтва сацыялістычнага рэалізму, роднай літаратуры.
***
Ацэньваючы набыткі Івана Чыгрынава ў розных жанрах, варта добрым словам згадаць і яго працу (у сааўтарстве з Іванам Новікавым) над сцэнарыем шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць», і п’есы «Плач перапёлкі» (з поспехам ідзе ў тэатры імя Я. Купалы), «Апраўданне крыві» (пастаўлена Брэсцкім тэатрам імя Ленінскага камсамола Беларусі), «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (пастаноўка ажыццёўлена ў Мінскім тэатры-студыі кінаакцёра). Першыя дзве з гэтых п’ес напісаны Чыгрынавым па аднайменных раманах, апошняя – па матывах яго апавяданняў.
Моцна прагучалі цалкам арыгінальныя чыгрынаўскія п’есы «Следчая справа Вашчылы» («Полымя», 1988, № 11) і «Чалавек з мядзведжыім тварам» («Полымя, 1989, № 1). Як бачым, пісьменнік пакуль замест рамана пра Вашчылу даў цікавы драматычны твар пра яго. А ў п’есе «Чалавек з мядзведжым тварам» паказаны складаны лёс следчага сталінскіх часоў, які і тады праяўляў пэўную чалавечнасць, непрыкметную для многіх людзей. Такім чынам, пад яго «звярыным» («мядзведжым») воблікам хавалася па-свойму спагадлівая душа, не вынішчаная і вельмі няўдзячным заняткам.
***
Больш за дзесяць гадоў Іван Чыгрынаў быў адным з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў БССР – спачатку намеснікам старшыні, а потым сакратаром праўлення. З 1987 года ён узначальвае Беларускі фонд культуры. Пасада салідная і вельмі ганаровая, але клопатная. I працуе на ёй пісьменнік на грамадскіх пачатках.
Наогул, літаратару, які атрымлівае шырокае прызнанне, непазбежна даводзіцца выконваць нямала грамадскіх абавязкаў, удзельнічаць у розных паездках, часта выступаць, сустракацца з чытачамі. А на ўсё гэта таксама патрэбны і энергія, і час. Але Чыгрынаў асабліва не наракае, бо добра разумее, што ў грамадскай дзейнасці мацуюцца сувязі мастака з народным жыццём, трывала абапіраючыся на якое сапраўдны талент чэрпае сілу, набывае глыбіннасць. Чыгрынаўская творчасць таксама з усёй неаспрэчнасцю пацвярджае гэта.
1983–1984, 1988
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
В. Оскоцкий
(О прозе Ивана Чигринова)
Сегодня, когда только лучшее из созданного советской многонациональной литературой о Великой Отечественной войне может составить огромную библиотеку, немногим дано сказать свое слово так, чтобы оно прозвучало первооткрытием темы.
Белорусский прозаик Иван Чигринов, осознавая многотрудность задуманного, взялся за новый пласт того, что отложилось в народной памяти. И как бы ни уверял он читателей и критиков, а больше всего, наверное, самого себя, что цикл романов о Великой Отечественной войне заранее не замышлял, его трилогия, можно сказать, была суждена ему изначально. И не из задуманной сперва небольшой повести о военном времени проросла она, как склонен полагать писатель, а из рассказов, которые сложили сборники на белорусском и русском языках: «Птицы летят на волю», «Самый счастливый человек», «Шел на войну человек», «В тихом тумане», «За сто километров на обед…». Многие тематические мотивы, иногда даже отдельные сюжетные ситуации трилогии предвосхищены этими сборниками:
«Они шли к станции, но не по дороге, а через сосновый лесок, который островком разделял местечко и станцию. Повсюду здесь были окопы, окопы. На брустверах, присыпанных хвоей, ржавели винтовочные гильзы. Их можно было сгребать – так густо лежали. И стволы деревьев кругом были посечены осколками», – таким израненным, разоренным встречает родной край солдата-победителя в рассказе «Дорога домой». И даже девичья песня, звучащая вдали, не радует, а печалит: фронтовику ли не знать, что поют «дочери солдаток, дочери вдов».
Печать поиска лежит на этом и некоторых других ранних рассказах Ивана Чигринова. Пробуя себя в разных интонациях, манерах, стилях, он искал и находил «свое» в отталкивании от «чужого». Чужой оказалась вскоре настроенность на сельскую элегию, на лирическую ностальгию по деревенскому житью-бытью. Действительная, неприкрашенная жизнь деревни противилась элегической ориентации повествования; «мечтательный тон» не выдерживал соприкосновения с прожитым и пережитым в военное лихолетье, которое то и дело вторгается в мироощущение современного героя.
Незабывная память о нем многомерна, действенна и деятельна. Спустя годы и годы настигает она человека заслуженной наградой за геройский подвиг («Народный комиссар»). Или подступает неотвязным видением пепелища сорок второго года («В тихом тумане»).
От рассказа к рассказу все жарче разгорается у Ивана Чигринова пламя войны. Не до радужных переливов света и красок в предощущении гибели, перед лицом смерти, неотвратимо надвигающейся с багровым заревом пожаров над заживо сжигаемыми деревнями. Они «горели не один день. И потому клубы желто-белого дыма, мало когда черневшего, долго висели над заснеженными полями и притаившимися лесами. И все время в воздухе стоял запах горелого человеческого мяса» («Плывун»). Никаким солнечным, литературным красотам не оставлено места в рассказах, прорывающихся к суровой и жестокой правде. Зерна эпического, рассредоточенные по лучшим из них, шли в бурный рост, и «малая» форма стесняла художественную мысль, все глубже погружавшуюся в стихию народного бытия, в трагедийный опыт народной истории. Таков рассказ «Сквозь годы», и тематически и сюжетно воспринимаемый как прелюдия к романам. Или «Гадание на обручальных кольцах» – шедевр, который полностью вошел в «Плач перепелки».
Прислушаемся к суждениям Ивана Чигринова о жанровой природе современного романа.
Исходя из великих заветов литературных предшественников, непререкаемых уроков их мастерства, на которые преемственно опирается современная проза, писатель называет эпический роман высшим признаком зрелости литературы. И видит в нем такую повествовательную форму, которая способна наиболее целостно, объемно и крупномасштабно вместить поток жизни во всей полноте ее социального и духовного опыта. Так писал Кузьма Чорный, который предпринял первые в белорусской литературе серьезные попытки этического осмысления Великой Отечественной войны. Его романы, созданные в самый разгар событий, явились «не только мощным импульсом, но и определенным идейно-эстетическим ориентиром на долгие годы для тех писателей, которые брались за этот жанр». Еще в большей мере на творческие искания И. Чигринова повлиял Иван Мележ. Не существуй его «Полесской хроники», откровенно признается Иван Чигринов, не было бы и замысла «Плача перепелки», возникшего из желания «попытаться написать нечто большее» о войне и оккупации, чем писалось прежде.
Итак, «Поиски будущего», «Великий день», «Млечный Путь» Кузьмы Чорного, «Люди на болоте» и «Дыхание грозы» Ивана Мележа и еще, уточняет писатель, «Война под крышами» Алеся Адамовича были для него книгами, на которые он «ориентировался, которые, так сказать, дали некий толчок для более глубокого, более широкого размышления». В них открывалась и форма, адекватная содержанию – многособытийное повествование с большим числом героев, требующее серьезных исследовательских плацдармов, проникающее в глубинные пласты народного самосознания, сопрягающее в одно целое и философию, и психологию, и быт.
«На исходе был шестидесятый день войны» – на такой фразе обрывается роман «Плач перепелки». Точно обозначая временной рубеж, – сколько еще этих каждодневных рубежей впереди у героев романа! – автор прочерчивает линию не финиша, но старта. Ведь за истекшее время в деревне Веремейки почти ничего не произошло. Даже немцев еще не видели деревенские жители, хотя прожили в оккупации уже несколько недель. Только в самом конце повествования появляется на околице Веремеек первый конный разъезд, возглавляющий колонну оккупантов, но и его не замечает возвратившийся в деревню Родион Чубарь. Он стоит на пригорке и издали, осторожно и пытливо вглядывается через можжевеловые кусты в односельчан, словно пытается угадать, как обходились они без него, колхозного председателя. Слова полкового комиссара, вернувшего его домой из-за линии фронта, куда он было пробился вослед прорывающим окружение частям, накрепко запали в сознание: «Действительно, кому, если не таким коммунистам, как Чубарь, прежде всего надо было оставаться на месте, чтобы налаживать борьбу в тылу вражеских войск?»
Уместно вспомнить и сопоставить: действительность военных лет, свидетельствовал Василь Быков, с первых же дней заставила многих «широко раскрыть глаза в изумлении… Невольно и неожиданно сплошь и рядом мы оказывались свидетелями того, как война срывала пышные покрывала, жизненные факты разрушали многие привычные и предвзятые представления». Так случалось на фронте. Так бывало и на оккупированной врагом советской земле. Не эту ли перепроверку человеческих ценностей на истинность и подлинность, прочность идейных оснований, крепость нравственных опор проходят герои романа «Плач перепелки»? Размежевание по разные стороны добра и зла не доводит пока до открытого противоборства и замкнутого по преимуществу сферой разворошенного бурей войны сельского быта. Но и он достаточно сложен, и противоречив, динамичен и взрывчат. Об этом неспокойные думы и Родиона Чубаря, и его заместителя по колхозу Дениса Зазыбы.
Думают они об одном, но часто по-разному. Первый – отвлеченно от грешной земли, по которой вышагивает многоверстные расстояния. Второй – конкретнее, связывая все происходящее с судьбами людей, с которыми живет бок-обок. Различие между двумя главными героями в последующем романе «Оправдание крови» обнаружится куда яснее, но и в «Плаче перепелки» оно намечено более чем прозрачными, психологически нюансированными деталями. Кипучая энергия Чубаря долго остается бездеятельной, она опрометчива, а в потенции и жестокосердна. Рассудительная осмотрительность немногословного, сдержанного Зазыбы гуманна в своей основе и выражает серьезное отношение к делу, которым он по существу уже включился в борьбу. Так организованное им заседание правления вопреки немецким директивам «постановило раздать крестьянам колхозное имущество». Как уточнили в протоколе, «на сохранение до прихода Красной Армии». Стало быть, крепка вера людей в освобождение и победу. Она-то и помогает распрямить душу, одолеть шоковое оцепенение. Значит, не пустые это слова: «Придет время, возьмем фашиста за горло», – а выражение народной жизнестойкости, каждому придающей силы для сопротивления и борьбы…
Во втором романе «Оправдание крови» пути-дороги Родиона Чубаря и Дениса Зазыбы наконец перекрещиваются. Но не лад согласия, взаимного понимания сопутствует их беседе, а крутой, неуступчивый спор, вынудивший Зазыбу заявить, что он не хуже других знает: пришла пора браться за оружие. «Но я также и за то, чтобы взвешено было и учтено все, как следует быть».
Спор их – об истинном смысле борьбы, который вовсе не в том? чтобы без разбора окроплять землю народной кровью. О цене, которой можно и должно оплачивать победу. Об извечных ценностях гуманизма, выверяемых по суровому счету войны. «Я хоть сейчас готов смерть принять, но чтоб от этого польза была. А что с того, если я пожертвую собой, а делу не помогу?» – убежденно противится Зазыба, не сокрушенный и оскорбительной жестокостью лозунговых слов Чубаря о том, что кровь героев помогает зреть идеям. «Хватило уже крови и без моей для идей… Кровь здесь не поможет. Надо сделать так, чтобы не мы немцев боялись, а они нас. И не кровью своей мы должны напугать их, а оружием».
Приведенный разговор и событийный узел сюжетных линий, и средоточие философской и нравственной проблематики повествования. Поэтому отсвет его на всем, что предшествовало встрече героев или последовало за нею, он подобен зареву ночного пожара, уничтожившего «колхозную, а верней, теперь крестьянскую рожь», которую только что собрали в Веремейках. «Зазыба был единственным человеком в деревне, который не ломал головы, отгадывая, кто запалил перелог. Но странно, взяв сразу же под подозрение Чубаря, он не осудил его за то, что тот привел свою угрозу в исполнение, только потрясенной душой все еще до конца не верил, что такое вообще можно сотворить».
Есть от чего недоумевать, чему потрясаться. Не за горами зима в неволе, и не «с хлебными обозами, чтобы мужиков кормить», вернется Красная Армия. Не против оккупантов, таким образом, а против самих крестьян оборачивается уничтожение хлеба. Этого и не может оправдать Денис Зазыба, не изменяющий ни своей трудовой натуре крестьянина, ни возросшему чувству ответственности перед людьми, добровольно взятой на себя еще в первом романе. Оттого он всегда в гуще деревенской жизни, в центре ее повседневных забот и тревог. Не то Чубарь. «Больше чувствуя, чем сознавая свою неприкаянность», он вынужден «прятаться от знакомых людей» и тем острее переживает «теперешнее одиночество», чем затаенней кажется ему деревня.
Нет оснований для прямого сближения образов Родиона Чубаря и Бритвина, действующего в повести Василя Быкова «Круглянский мост». Но его разобщенность с людьми тревожна, готовность обрекать их на жертвы своей единовластной волей опасна риском сойти на тот самый «бритвинский» практицизм, о негуманности которого хорошо сказал Алесь Адамович. Неумение распознать «за ближайшей целью… результат и последствия дальние и крупные» в реальной действительности партизанской борьбы шло «совсем не на пользу делу» и было сродни бездушию. При той расстановке чигриновских героев, которая намечена в «Плаче перепелки» и развита в «Оправдании крови», Денис Зазыба к постижению этой непререкаемой истины подошел значительно ближе, чем Родион Чубарь. А отсюда следует, что для него народные представления о добре и зле, правде и неправде намного органичней. Тем и сильны характеры, созданные писателем, что вписаны в условия времени, выражают его уровнем сознания и мышления. Истина обретается путем долгих, нелегких проб. И личным жизненным опытом, и общим опытом народной истории, которая торит себе путь в круговороте дел, идущих обыденным «крестьянским чередом: мужики, все больше престарелые деды и подростки, свозили на одужавших армейских лошадях снопы в гумна, чтобы высушить в овинах да обмолотить цепами на токах, ибо не в каждой деревне уцелели колхозные молотилки, а бабы сразу после поздней жатвы, чуя в утренних жестких холодах близкие морозы, торопились выкопать из земли картошку-лозовку».
Это уже из третьего романа «Свои и чужие», где война, заглянувшая было в Веремейки, снова обходит деревню стороной. Но и теперь Веремейки, как это задумано писателем, не затерянный в океане остров, а неотъемлемая часть материка народной жизни, в недрах которого происходят пока что неслышные, но глубинные, тектонические сдвиги. Патриотическое движение заявляет о себе первыми боевыми действиями, но пока что не имеет ни постоянных баз, ни сложившихся организационных форм борьбы.
Неукоснительно следуя за исторической реальностью времени, Иван Чигринов последователен и настойчив в стремлении художнически воссоздать, как все происходило в действительности. Дорожа безусловной правдой характеров и обстоятельств, неотрывной от условий борьбы в оккупации, он не боится даже «ускучнить» роман и рассуждениями героев, и авторским комментарием к ним. Отсюда обстоятельность повествования о том, что «не одному Митрофану Нарчуку, командиру Крутогорского партизанского отряда, делающему на войне свои первые шаги, не хватало умения командовать и воевать», не он один убеждался, «насколько далеки были организаторы отряда от того, чтобы хоть примерно представить себе сложности, с которыми партизанам придется считаться уже через несколько часов самостоятельных действий». Свои беды и трудности у второго отряда. Незнание людей и местных условий, помноженное на показное геройство бездумных действий, приводит к трагедии – гибели подпольного комитета. Не продуманная до конца конспирация становится причиной еще одной трагедии – провала отважной радистки-разведчицы, и никому, включая посвященного в тайну Дениса Зазыбу, неведомо, настоящее ли это имя – Марыля, – под которым «она жила, считай, всю осень в Бабиновичах».
Так что же: не поспешил ли Иван Чигринов с публицистическим обобщением, которым завершил декументальный эпилог романа: «Нет, пламя всенародной борьбы с ненавистными пришельцами ничем нельзя было затушить!» Не пламя покуда – отдельные очаги, разрозненные, но слившиеся вместе. Но, с другой стороны, разве те искры, что занялись в первой, пронизали вторую и разгорелись в третьей книге, не предвещают огня, которым будет полыхать белорусская земля под ногами оккупантов? Находя путь друг к другу, свои сплачиваются против чужих, и зачатки организованного, целенаправленного партизанского движения вызывают мощную волну, которая поднимается из народных глубин. Потому еще шире становится в романе круг действующих лиц. Как крупная личность, сильный характер входит в него Сидор Ровнягин, появившийся еще в «Плаче перепелки». Среди новых героев, активно включенных в действие, – вызволенный из лагеря военнопленных «механик с подбитого танка» Андрей Марухин. Глубже раскрывается Денис Зазыба, обретший после того, как наладил связь с отрядом Митрофана Нарчука, «все основания чувствовать себя прочно на этой земле». Прочнее утверждается на ней и Родион Чубарь, предвидящий свое возвращение в Веремейки, «к тем людям, которые, как оказалось на поверку, стали ему близкими». В один ряд выстраивает писатель финальные события, которыми предваряет эпилог: достигшее Веремеек сообщение о разгроме немцев под Москвой и весть о рождении еще одного партизанского отряда.
Один из смысловых центров в романе – встреча Масея, сына Дениса Зазыбы, человека трудной и горькой судьбы, с былым приятелем по институту. Она перерастает в непримиримый идеологический поединок, в котором высокое патриотическое чувство отвергает коварный искус националистической идеей, камуфлирующей предательство и измену именно национальными интересами народа. Естественный, как сама жизнь, патриотизм органично входит в духовный мир человека деятельным, созидающим началом. Об этом размышляет, в частности, секретарь подпольного райкома Касьян Манько, формулируя верную мысль о крестьянине, чья психология не могла измениться в корне за десять лет, которые «привелось ему жить и работать в коллективном хозяйстве… Вырабатывалась она столетиями, а изменить ее мы пытались за считанные годы. Зато крестьянин всегда был патриотом. Ему всегда было что защищать – землю, дом. Значит, из этого мы и должны сегодня исходить, привлекая народ к сопротивлению оккупантам». Говоря иначе, речь идет об исходном доверии к разуму и мудрости народа, в полную силу проявившим себя в партизанской войне.
Дополним, однако, героев романа словами писателя. «Патриотизм, – размышляет Иван Чигринов в одной из статей, – это духовный свет народа. И вот как понимает патриотизм народ, так и я пытался показать это в своих романах. Потому что я понимаю патриотизм так же, как понимает его народ. Это явление глубокое, вечное. Оно выражает любовь народа не только к своей земле, но и к своей власти. А наш народ в войне показал свою великую любовь и к своей родной земле, и к своей родной Советской власти. Он не очень кричал об этом. Он просто сопротивлялся – активно и пассивно – врагу. Знал, что за Советскую власть нужно сражаться, что это его власть, и он сражался».
Глубокое писательское погружение в неисчерпаемые патриотические истоки всенародной борьбы с фашизмом ставит трилогию Ивана Чигринова в ряд тех значительных обретений современной прозы о Великой Отечественной войне, которые, по образному выражению Алеся Адамовича, «пропитаны народной памятью, набрякли ею, как дуб мореный»…
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Эсфирь Гуревич
(фрагмент статьи)
…Поколение, пережившее войну в детстве и вынесшее на своих плечах ее тяжелые последствия, сказало свое веское слово о тех незабываемых днях, а конкретнее – о детях той поры; оно много дало для обогащения поэтики «военной» прозы. Для писательского поколения «подранков» войны, к которому принадлежат В. Близнец, В. Голявкин, Е. Гуцало, Р. Погодин, Т. Пулатов, B. Распутин, М. Слуцкис, Ю. Туулик, Г. Тютюнник, в белорусской литературе – В. Адамчик, В. Козько, А. Кудравец, В. Павлов, И. Пташников, Б. Саченко, Я. Сипаков, М. Стрельцов, И. Чигринов (длинный перечень, разумеется, можно продолжить), обращение к войне – это обращение к своим истокам, к годам, которые будто выжжены огнем на экране детской памяти. В их книгах о военном детстве, как правило, нет элегического умиления прошлым, которое обычно сопутствует обращению к утренней поре человеческой жизни. Здесь чаще всего – горечь пережитого и правдивое воспроизведение психологического состояния детства, оглушенного, потрясенного и выбитого из «седла» войной.
…У писателей, «детей войны», как правило, свой угол зрения в изображении детства, своя направленность, свой камертон. Для них война прежде всего – боль памяти, которая вобрала и лично пережитое, и рассказы близких, и все то, чем насыщена народная память. Но именно личный опыт во многом обусловил то, что дети становятся у этих писателей объектом художественного изображения. Пережитое, которое запечатлелось, будто на фотографической пленке, не засвечиваясь временем, накладывает отпечаток на характер героя, его психологическое наполнение, на тональность произведения в целом. Воспоминания, пропущенные через детское сознание, трансформированные им, в большинстве своем несут на себе печать своеобразия детского видения и той «своей войны», которую пришлось пережить авторам.
Что же дает такой детский взгляд литературе? Что видится через него? Глубины, существенное, или мели, только то, что лежит на поверхности эмоционального детского переживания? Что вообще способен увидеть ребенок? Какие преимущества и несовершенства его видения?
Каждый из нас, взрослых, наверное, не раз убеждался, что дети иногда раньше нас самих способны внутренне улавливать новое, «правильное», рациональное. Есть нечто такое, что позволяет им видеть, воспринимать мир и его явления с эмоциональной остротой и активностью, недоступными взрослому, с новизной, свежестью и непосредственностью. Нельзя не вспомнить в этой связи слова Ф. Шиллера, приведенные К. Марксом в «Дебатах шестого Рейнского ландтага»:
И то, что увидеть не может мудрец,
Доходит до детских невинных сердец.
Не впадая, однако, в крайность, признавая, что многое, бесспорно, остается недоступным детскому видению, пониманию (из-за недостаточности жизненного опыта), мы тем не менее не можем не признать плодотворность детского ракурса в литературе о войне и прежде всего в том, что правда войны, увиденная глазами ее жертв, глазами детства, не способного в полной мере осмыслить ее трагедию, но скорректированная авторским зрелым видением, получает более полное, объемное, стереоскопическое отражение.
Дети войны, которые «за всю войну… никогда не смогли наесться вдоволь», за исключением тех случаев, когда их подкармливала зеленая солдатская кухня, – такими остались в памяти И. Чигринова его сверстники. Таким был и он сам. Чтобы насытить свои пустые желудки, они готовы отправиться в путь чуть ли не за сто километров – в далекий детдом, в надежде, что их хорошо там накормят, не подозревая, что и детдомовским детям все время хочется есть. В самом этом поступке уже прорисовывается правда детского характера в его естественной, природной стихии: только дети, истощенные, голодные, но одновременно и любознательные, жаждущие приключений, неосмотрительные, могли пойти на такую авантюру. «За двадцать километров пошел бы, если бы знал, что там дадут миску каши», – говорит реальный детдомовский (!) ребенок в книге С. Алексиевич «Последние свидетели» и в тридцатиградусный мороз бежит в воинскую часть, чтобы там чем-нибудь подкрепиться.
По постижению природы детства изнутри рассказ И. Чигринова «За сто километров на обед» вызывает ассоциацию с рассказами В. Распутина «Уроки французского» и «Мы с Димкой». Герои рассказа В. Распутина – деревенский мальчик со своей характерной интонацией – тоже из страны детства. Вспомним, как весной, когда приходилось особенно туго, он «глотал сам и заставлял глотать сестренку глазки проросшей картошки и зерна овса и ржи, чтобы развести посадки в животе, – тогда не придется все время думать о еде».
В рассказе «Мы с Димкой» драматизм несколько иного плана, но тоже внутренний, раскрытый через детскую психологию. Мальчикам-первоклассникам понадобился кумач, чтобы сделать флажки и поставить их на парты тех ребят, у которых погибли отцы на войне. «Мы (как и у Чигринова, рассказ ведется от первого лица, и элемент личного присутствия автора усиливает достоверность. – Э. Г.) сделали восемь флажков и истратили только пол-лозунга, а пол-лозунга спрятали в шкаф – это для тех, у кого отцы еще не погибли, но со временем погибнут…» Отдающая болью святая непосредственность детства! Как и у Чигринова, сдержанная объективная авторская манера загнала, упрятала драматизм в подтекст. Он, этот драматизм, уходит на еще большую глубину, когда выясняется, что логика детства совпадает в данном случае с жесткой логикой самой военной действительности. Шел 1943 год, конца войны еще не было видно, когда пришло известие о гибели отца самого рассказчика, и вместе с другом Димкой он идет в школу, чтобы из оставшегося куска лозунга вырезать еще один знак беды – еще один красный флажок, «который… полагался за отца».
«Мы воткнули его (флажок. – Э. Г.) в парту, а потом сели за нее и стали рядом сидеть. Тут я опять понял, что отца у меня больше нет и никогда не будет. Мне захотелось плакать, но я сдержался и не заплакал, только пока я сдерживался, из глаз у меня выпала одна слезинка и стукнулась о парту. Я быстро стер ее рукавом, чтобы Димка не заметил, но он все равно успел заметить.
– Ты меня не бойся, – сказал он. – Давай, если что. У тебя горе, а не так просто.
Я придвинулся к нему ближе».
Скупые, но внутренне наполненные детали усиливают драматическое впечатление.
Детское видение у Распутина и Чигринова корректируется авторским, устанавливается дистанция между тем, что тогда виделось и переживалось, и теперешним сознанием взрослого человека, хотя достигается это разными путями: у Распутина – своеобразной авторской интонацией, звучанием авторского голоса, который временами отделяется от героя-рассказчика («Я говорил искренне, но что поделаешь, если искренность нашу нельзя привязать веревками»); у Чигринова – синтаксическими конструкциями, передающими разные временные представления («… Только потом уже, когда подросли, мы, наконец, поняли, почему в котле всегда оставалась каша и почему никогда не подходили к кухне наши матери, хотя тоже сидели голодные в своих землянках и ждали нас»).
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Дзмітрый Бугаёў
У 1983 годзе пабачыў свет важкі зборнік Івана Чыгрынава «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», які таксама добра адлюстроўвае характэрныя асаблівасці менавіта пісьменніцкай крытыкі з яе выразнай асабовасцю, яркай эмацыянальнасцю, стылёва-выяўленчай неардынарнасцю і жанравай разнастайнасцю.
У чыгрынаўскай кнізе ёсць і праблемныя артыкулы з грунтоўнай тэарэтычнай заглыбленасцю («Раман – гэта народ», «Далягляды жанру»), і змястоўныя агляды беларускай прозы апошніх гадоў («Гаварыць усяму свету», «Цэлы свет герояў»), і ўсхваляваныя выступленні на пісьменніцкіх з’ездах, пленумах, канферэнцыях і розных абмеркаваннях, вядома, для друку адпаведна перапрацаваныя («Праз гады», «Па службе ў ісціны», «Пераемнасць гуманістычных традыцый»), і вельмі цікавыя інтэрв’ю, часта аўтабіяграфічнага характару («Адзін на адзін», «Дзесяць запаведзяў Купрына», «Абавязак перад зямлёй»), і адказы на спецыяльныя анкеты некаторых часопісаў і газет («Гэтых дзён не змоўкне слава», «Тры пытанні празаікам і паэтам»), і прадмовы да тых ці іншых выданняў або публікацый у Беларусі і за яе межамі («Погляд на беларускую аповесць», «Сталенне», «Першая сустрэча»), і звычайныя рэцэнзіі, напісаныя з улікам традыцыйных патрабаванняў да гэтага надзвычай распаўсюджанага крытычнага жанру («Ніхто не забыты», «Дыханне паэзіі», «Да канца вайны»), і кароткія водгукі пра асобныя творы або ўсю творчасць пісьменніка, яго ўклад у літаратурнае развіццё, нацыянальную, а то і сусветную культуру, калі размова ідзе пра вялікіх («Імя яго» – пра Пушкіна, «Урокі Шолахава», «Рэалізм нашага веку» – пра Л. Ляонава), і спробы эсэ («Пры жыцці»), і ўласна публіцыстычныя нататкі ўжо не крытыка, а празаіка, якімі заканчваецца зборнік («Розум і сумленне эпохі», «Абноўленая зямля», «З трыбуны ААН»).
Зразумела, разнастайныя крытычныя матэрыялы з кнігі Івана Чыгрынава далёка нераўназначныя. Найбольшае ўражанне робяць перш за ўсё праблемныя артыкулы, выступленні зноў жа з выразным праблемным аспектам гаворкі, а таксама тыя агляды і прадмовы, у якіх асэнсоўваецца значны фактычны матэрыял. «Сацыяльная місія літаратуры», «Глыбінныя пласты чалавечага жыцця», «Цэлы свет герояў», «Погляд на беларускую аповесць» і асабліва «Раман – гэта народ» і «Далягляды жанру» – гэтыя і некаторыя іншыя артыкулы, калі для зручнасці карыстацца прыблізна-сумарным вызначэннем, не ўдаючыся цяпер у падвідавую дыферэнцыяцыю крытычных прац Чыгрынава, – гэтыя працы даюць даволі шырокае, грунтоўнае ўяўленне пра нашу нацыянальную прозу, пераважна сучасную. Уяўленне, вядома, не вычарпальнае, бо ў адной кнізе падрабязна разгледзець, прааналізаваць у самых розных аспектах ужо велізарны масіў беларускіх раманаў, аповесцей і апавяданняў, мноства публіцыстычна-нарысавых твораў ніяк немагчыма. Іван Чыгрынаў на гэта ніколі і не прэтэндаваў. Але пра ўсе празаічныя жанры нашай літаратуры ён змог сказаць сваё важкае і, за рэдкімі выключэннямі, адметнае, арыгінальнае слова, часта вельмі дарэчы падмацаванае разумнымі і грунтоўнымі тэарэтычнымі высновамі.
I якраз уменне па-свойму, з уласцівай арыгінальным мастакам адметнасцю і эмацыянальнай яркасцю гаварыць пра літаратуру, у тым ліку пра творы, якія ўжо неаднойчы былі аб’ектам крытычнага аналізу, глыбіня і трапнасць сумарных ацэначных характарыстык, таксама відавочна звязаныя з мастакоўскім вопытам аўтара, з набытым дзякуючы, акрамя ўсяго іншага, і гэтаму вопыту разуменнем чалавека і надзённых патрэб літаратурнага развіцця, найбольш прывабліваюць у кнізе Івана Чыгрынава, надаюць ёй ёмістасць, робяць цікавай для самых разнастайных чытацкіх колаў, а разам з тым дазваляюць пісьменніку ў большасці выпадкаў паспяхова пераадольваць небяспеку павярхоўна-беглай агляднасці і «голай», малазмястоўнай пералічальнасці, калі пра многае даводзіцца разважаць у невялікіх артыкулах.
Вылучаецца ў Чыгрынава і сур’ёзная, добра абгрунтаваная гаворка пра абавязак мастака натхняцца гуманістычным пафасам, узнімаць «глыбінныя пласты чалавечага жыцця», дакопвацца да сапраўднай сацыяльнай сутнасці жыццёвых канфліктаў, пазбягаць кан’юнктурна-спекулятыўнага падыходу да рэчаіснасці, які непазбежна нараджае фальш, няшчырасць нават у дробязях, якую заўсёды адчуе патрабавальны чытач. Гэта ўжо ідзе размова пра пісьменніцкую прафесійную ўзброенасць і патрабавальнасць, пісьменніцкае майстэрства, духоўную культуру літаратара, культуру яго творчасці. Усяму гэтаму Іван Чыгрынаў аддае шмат увагі ў сваёй кнізе. Ён слушна падкрэслівае, што майстэрства, зразумела, пры наяўнасці таленту, вызначаецца ўрэшце самім маштабам чалавечай асобы мастака, яго грамадзянскай мужнасцю і сумленнасцю. Разважаючы пра важнасць для літаратуры змястоўных, заглыбленых у гісторыю і народную псіхалогію чалавечых характараў, без якіх, напрыклад, зусім немагчымы сапраўдны эпас, аўтар з поўнай падставай сцвярджае: «Стварыць такія характары па сіле толькі пісьменніку з пэўным маштабам асобы. Калі няма вялікіх ідэй і пераконанняў, калі за душой няма чагосьці сур’ёзнага і важнага, што пісьменнік гатовы сказаць людзям, тады і ўзнікаюць другаснасць, апісальнасць, адным словам, літаратуршчына».
Напісана вельмі ўпэўнена, з адчувальнай страснасцю, бо пісьменнік выказвае глыбока вынашаныя, запаветныя для яго думкі, падмацаваныя ўласным вопытам працы ў галіне мастацкай прозы. У інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» Іван Чыгрынаў таксама настойваў: «Усё добрае, што трапляе ў творы, прапускаецца праз тваю душу. Які ты, такія там і людзі будуць, такія там і думкі будуць. Якое тваё стаўленне да жыцця, такое будзе стаўленне і тваіх герояў. Тут уплыў асобы аўтара на сваю творчасць, на герояў самы непасрэдны». Увогуле, чыгрынаўскія інтэрв’ю, адказы на часопісныя і газетныя анкеты варты самай высокай пахвалы з розных пунктаў гледжання.
Па-першае, дзякуючы сваёй шчырасці і аўтабіяграфічнай насычанасці яны шмат даюць для спасціжэння і вытлумачэння твораў Чыгрынава, разумення заканамернасці яго трывалага пісьменніцкага поспеху. Па-другое, яны важныя і для разумення так званай пісьменніцкай лабараторыі, самой псіхалогіі мастацкай творчасці, якая без аргументаваных сведчанняў арыгінальных майстроў слова ўвогуле не можа быць належным чынам пазнанай. Па-трэцяе, яны, гэтыя інтэрв’ю і адказы на анкеты, дапамагаюць лепш адчуць своеасаблівасць некаторых працэсаў у сучасным літаратурным развіцці і многіх канкрэтных эстэтычных з’яў, што трапляюць у поле чыгрынаўскага зроку.
Вылучаючы як найбольш цікавыя і значныя пісьменніцкія адказы і інтэрв’ю Івана Чыгрынава, а таксама яго праблемныя, насычаныя фактамі і ёмістымі ацэнкамі артыкулы, я зусім не збіраюся агулам ганіць іншыя менш кідкія матэрыялы кнігі. Яны дапаўняюць а то і ўдакладняюць наша ўяўленне пра чыгрынаўскае бачанне літаратурнага працэсу, так ці іначай сведчаць пра шырыню і разнастайнасць творчых інтарэсаў аўтара.
Вядома, кароткія водгукі Чыгрынава пра вялікіх пісьменнікаў накшталт Пушкіна, Шолахава або такіх выдатных майстроў, як Леанід Ляонаў, Віліс Лаціс, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Іван Мележ і іншыя, не заўсёды дадаюць нешта істотнае да таго, што мы ўжо ведаем пра іх. Ды водгук на гэта і не прэтэндуе, проста не можа прэтэндаваць. Але ён, водгук, няхай і самы кароткі, звычайна важны для выяўлення аўтарскай пазіцыі, высвятлення адносін самога пісьменніка да таго, пра каго ён піша. А гэта ўжо змястоўная і патрэбная інфармацыя. А яшчэ ж трэба дадаць, што ў сваіх водгуках Чыгрынаў часам дае жывыя рыскі, нейкія адметныя штрыхі, якія заўсёды надзвычай цікавыя для чытача. Зразумела, такія штрыхі, не запазычаныя з мемуарнай літаратуры, а назіраныя і вылучаныя асабіста, могуць паявіцца толькі ў размове пра пісьменнікаў, якіх аўтар ведаў ці ведае сам, меў з імі сустрэчы, гутаркі і г. д. Іван Чыгрынаў сваё ўласнае веданне людзей, пра якіх ён разважае, вельмі дарэчы выкарыстоўвае ў нататках пра Міхася Ларчанку і Піліпа Пестрака, Валянціна Распуціна і Анатоля Вялюгіна.
А ўзяць чыгрынаўскія рэцэнзіі. Яны таксама ў большасці сваёй напісаны талкова, змястоўна, часам з добрымі парадамі і слушнымі заўвагамі, з выразным імкненнем паказаць найбольш характэрнае і сутнасна важнае ў таго ці іншага пісьменніка.
Алесь Мартинович
О творчестве Ивана Чигринова
Случай, прямо скажем, редкий. Писатель завершил многолетнюю и трудную работу над серией романов, составивших эпопею о жизни и борьбе народа в годы Великой Отечественной войны, и публично заявляет, что начинает работу над новым произведением, а критика по-прежнему утверждает, что он рано или поздно вернется к прежним романам, чтобы продолжить разговор о судьбах героев, ставших любимыми тысячам читателей. Но факт есть факт. Именно такие утверждения появились в печати после выхода третьего романа «Свои и чужие» Ивана Чигринова (в переводе на русский язык он опубликован в этом году в журнале «Дружба народов»).
Сам писатель так объясняет свое обращение к военной тематике: «Меня порой спрашивают, почему я, видевший войну глазами ребенка, в творчестве своем часто обращаюсь к этому драматическому, суровому времени. Однозначно ответить на этот вопрос нельзя. Во-первых, Белоруссия – республика, потерявшая в войну каждого четвертого своего гражданина и только несколько лет назад достигшая довоенного уровня населения… Немаловажно и то, что и сам я, как и мои ровесники, провел детство в войне: жил в деревне с братьями, сестрами, матерью, видел эту войну, хотя и был ребенком. Однако очень уж крепкая эта детская память. Я уже забыл многое из того, что было во взрослой жизни, а из той, детской, мало что забывается. Будто бы отпечаталось на фотографической пленке».
Память детства – тревожная, мучительная – привела сначала Чигринова к написанию рассказов. Не все из них были о минувшей войне, но в самых лучших война обязательно присутствовала. Или как воспоминания героев о пройденных путях-дорогах, или как авторское стремление осмыслить жизнь человека на том маленьком пятачке земли, который обрамлен солдатским окопом. «Картошка», «Рассказ без конца», «Птицы летят на волю», «Через годы» – эти и другие произведения «малого жанра» привлекали прежде всего пристальным вниманием писателя к внутреннему миру человека, его умением решать важные проблемы социально-нравственного плана.
Проблематика первого сборника «Птицы летят на волю» (1965) была продолжена вторым. Особенно глубокое впечатление произвел рассказ, давший название книге, – «Самый счастливый человек» (1967). Пограничник Балаш, который служит на одной из застав неподалеку от Бреста, не сегодня завтра должен уволиться в запас. Парень вроде бы и радуется: вскоре встретится с близкими, увидит родственников, но одновременно переживает: ведь будет война, в том сомнения нет. А как же без него? Балаш погибает в первом же бою, но погибает «самым счастливым человеком» на земле. И свой воинский долг исполнил, и встретил, как положено, врага.
То лучшее, что было в первых рассказах Чигринова, – тонкое чувствование слова, внутренний драматизм, неординарность человеческих судеб и характеров, широта взгляда на окружающий мир, умение в, казалось бы, обычных, в чем-то локальных ситуациях видеть историческую перспективу, саму диалектику жизни, – нашло продолжение в его романе «Плач перепелки».
Появление романа на страницах белорусского журнала «Молодость» у многих вызвало прямо-таки удивление. Очень уж необычно было написано произведение. Десятки страниц текста, а действие будто бы остановилось на месте. Да и завершался роман неожиданно: «Оканчивался всего только второй месяц войны», хотя начиналось произведение с известия о вероломном нападении фашистов на нашу страну.
Немногие из критиков увидели тогда грандиозность замысла писателя, обратившего основное внимание на раскрытие самого духа народа, на показ того, что потом вылилось в небывалое по размаху сопротивление врагу. В романе «Плач перепелки», хотя и рассказывается только о первых неделях оккупации Белоруссии, чувствуется дыхание Победы, той победы, которая обязательно придет, потому что живут на земле люди, подобные бывшему председателю веремейковского колхоза Родиону Чубару и его заместителю Денису Зазыбе, потому что десятки, сотни Веремеек также ненавидят врага.
Первый роман Чигринова значительно расширил горизонты «военной прозы». Как признавался сам автор о рождении замысла этого произведения: «в теме войны много недосказанного, а то и просто несказанного вовсе. Особенно о первых днях, неделях, месяцах ее. О событиях этого периода в действующей армии написано, конечно, немало. А вот о жизни деревни – почти ничего».
И в «Плаче перепелки», и последующем романе «Оправдание крови» основную нагрузку несут два персонажа – Чубарь и Зазыба. Оба коммунисты, честные люди. Оба готовы бить врага. Но как начинать войну? Чубарь, привыкший руководствоваться указаниями «сверху», мучительно долго ищет свой путь, ошибочно считая, что в родных местах ему делать нечего. Зазыба, наоборот, считает, что из родных Веремеек идти некуда – маленькая деревня должна стать передним краем.
Верен своей творческой манере – внешне сдержанной, когда каждое слово старательно взвешивается, прежде чем появляется на бумаге и обретает истинную значимость только тогда, когда внимательно вдумаешься в смысл сказанного, сопоставив его со всем ходом событий – Чигринов остался и в романе «Свои и чужие», завершившем трилогию о войне. Главное в новом романе – рассказ о зарождении партизанского движения, показ того, как от понимания необходимости борьбы с врагом люди переходили к самой борьбе. Чигринов глубоко раскрыл образы командира отряда Барчука, комиссара Баранова, бывшего районного прокурора, а теперь рядового бойца Шашкина. Завершение получил образ Чубаря, который возвратился в родные места окрепшим от мысли, что борьба с врагом, сознательная, осмысленная, превратилась в грозную силу – отдельные партизанские отряды начинают связываться между собой, что вскоре приведет к их объединению.
О значимости романов Чигринова хорошо говорит то, что к ним обратились телевидение и театр. Драма «Плач перепелки», поставленная на сцене Белорусского академического драматического театра имени Янки Купалы, получила широкое общественное звучание. В Бресте сценическую жизнь получила драма «Оправдание крови». Теперь писатель завершил драму «Свои и чужие». Готовится также композиция по рассказам Чигринова для Театра-студии киноактера.
К слову заметим, что Чигринов является одним из авторов сценария многосерийного художественного фильма «Руины стреляют…», рассказывающего о минском партийном подполье в годы Великой Отечественной войны, и написал отдельные разделы монографии «Н.Я. Никифоровский» – об известном белорусском фольклористе.
Роман «Свои и чужие» оканчивался событиями, происходившими на пятом месяце войны. Эпопея как бы «выполнила» свою задачу. Не случайно Чигринов сразу же после выхода романа сказал: «Что будет дальше, – известно: Великая Победа в мае 45-го… Продолжать дальше нет смысла». Говоря о творческих замыслах, он заметил: «Изучаю исторические документы, материалы, связанные с прошлым своего края. На моей родной Могилевщине и сотни лет назад происходили важнейшие события. Рассказать о некоторых из них считаю своим долгом. Думаю написать исторический роман об антифеодальном восстании Василя Ващилы в 1744 году. Уже набросаны первые страницы».
Но не только наброски этого романа на рабочем столе писателя… И. Чигринов продолжает и «веремейковскую хронику». Все-таки критики оказались правы.
В. Пятроў
У Магілёве адбылася арганізаваная кафедрай беларускай літаратуры педагагічнага інстытута імя А. Куляшова і Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР навукова-практычная канферэнцыя на тэму: «Подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і яго адлюстраванне ў беларускай прозе (на прыкладах з творчасці I. Чыгрынава)».
Канферэнцыю адкрыў уступным словам загадчык кафедры беларускай літаратуры інстытута В. Атрашкевіч. З дакладам «Беларуская проза пра Вялікую Айчынную вайну» выступіў дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ імя У.І. Леніна Д. Бугаёў.
«Праблема беларускага народнага характару ў творах І. Чыгрынава» – тэма выступлення дацэнта кафедры Я. Клімуця. Загадчык кафедры рускай і замежнай літаратуры Г. Сардыка расказаў пра значэнне раманаў І. Чыгрынава ў кантэксце апошніх дасягненняў савецкай і еўрапейскіх літаратур, а дацэнт кафедры беларускай літаратуры М. Міхайлаў – пра вывучэнне творчасці І. Чыгрынава ў сярэдняй школе.
Цёпла сустрэлі прысутныя выступленні пісьменнікаў В. Іпатавай, Г. Шыловіча. У заключэнне выступіў І. Чыгрынаў, які адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў канферэнцыі, падзяліўся сваімі творчымі планамі.
У той жа дзень у актавай зале Магілёўскага будаўнічага тэхнікума адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны 40-годдзю Вялікай Перамогі. На ім выступілі пісьменнікі I. Чыгрынаў, Д. Бугаёў, В. Іпатава, У. Скарынкін, В. Нікіфаровіч, загадчык кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педінстытута В. Атрашкевіч, ветэран вайны палкоўнік запасу В. Шаўчэнка.
У час знаходжання ў Магілёве пісьменнікі ўсклалі кветкі на магілы ўдзельнікаў вайны – паэтаў А. Пысіна і В. Матэвушава.
М. Тычина
(фрагмент)
Война была всенародной, освободительной. Она касалась всех и каждого. Каждый, независимо от возраста и пола, был воином. Народ – вот та главная армия, что сражалась с врагом. И если наша литература – не только белорусская – все настойчивее стремится выявить народное знание о войне, то это означает, что она осваивает новый виток «военной» темы, B которой критика, было, заметила приметы «усталости». «В людской, в народной памяти, – пишет А. Адамович, – «просто так» лежат развороченные войной – как недра земли на месте промышленных разработок открытым способом! – глубинные тайны массовой и индивидуальной психологии, залежи, которые прежде добывались величайшими мастерами лишь при глубинном бурении». К народной памяти обращается Е. Носов в романе «Усвятские шлемоносцы» и вдруг обнаруживает, что века в истории народа – это то же, что несколько дней в жизни одного человека: как и в годы монголо-татарского нашествия, русский народ встает на борьбу как единое огромное целое, ручейки стекаются в реки, а реки в море, имя которому – народ. «В оккупации, мы знаем, – пишет И. Чигринов, – очутились целые народы, составляющие значительную часть населения страны. Эти народы жили и сражались в условиях оккупации». С мыслью о белорусском народе он и создавал трилогию «Плач перепелки», «Оправдание крови», «Свои и чужие».
Чигриновских героев сильнее всего притягивает к себе родной уголок, координаты которого всегда точно обозначены. Вот Родион Чубарь, один из главных героев трилогии, возвращается из-за линии фронта в Веремейки, к морю белорусской жизни, белорусской речи, и настроение у него приподнятое: ведь он возвращается домой и возвращается как долгожданный вестник разгорающейся партизанской войны.
«– Моя фамилия Шпакевич, – сказал красноармеец. – А тот… Холодилов. Он – сибиряк. Откуда-то из-за Урала. А я – из Мозыря. Так что мы земляки с вами.
– Белорусы, – будто ради полной ясности сказал Чубарь».
Другие герои тоже полнятся ощущением своей национальной принадлежности. Старый Кузьма Прибытков, «доморощенный философ», рассуждает: «Я вот думаю ныне, так даже очень странно размещена эта Белоруссия наша, будто господь нарочно ее положил так. Все через нас с войной идут, все через нас. Кажется, если бы кто-нибудь перенес ее в другое место, то и нам бы иначе жилось. А земля хорошая, может, даже лучше того рая…» В том же разговоре уже и иное ощущение сильно обнаруживается: Прибытков чувствует себя гражданином Советского Союза, многонационального государства: «Германия, она не то, что мы ма-ле-е-енькая!.. Ей с нами, если с разумом, не стоило и зачинать драку. Это где тот Хабаровск, а за ним тоже земля. Я даже удивляюсь, как он вовсе осмелился напасть. Это ж если посчитать, так их один на наших трех или четверых…»
Народное отношение к войне в романах Чигринова выразилось в том, что люди осознали истинные масштабы сражения – «бой идет не ради славы». Оправдание необходимости самопожертвования BO имя «жизни на земле» выливается в оправдание человека: «Народ сам творит себя, – писал И. Чигринов. – Есть, например, Червяков, есть и Козлов, а рядом с ними живут и такие люди, как Апейка, как Василь и Ганна, как Карп Маевский. Есть Кутузов, но есть и Андрей Болконский, и Денис Давыдов, и Платон Каратаев. Вот и получается, что литературу тоже создает народ. Народ велик не только одними Кутузовыми, народ велик и Глебом Чумаловым, и Григорием Мелеховым… Эта вещь бесспорна, просто мы иногда не говорим об этом, боясь признать за литературой ее, так сказать, аналитические, жизнеутверждающие функции».
Разное отношение к человеку на войне, разное понимание народа и его роли в истории у Чубаря и Зазыбы (писатель выделяет из народной массы именно эти два народных типа). Чубарь утверждает, что нужно покидать за собой опустошенную землю, и свысока глядит на тех, кто остается, вынужден остаться на оккупированной территории, не понимая, что эти люди и есть белорусский народ. Зазыба глубже смотрит на вещи, сознавая, что война предстоит тяжелая и затронет всех без исключения, мысленно готовит себя и своих односельчан к трудной и длительной схватке с врагом. Чаще всего споры этих двух героев являются кульминационными моментами в повествовании:
«– Я уже тебе не раз говорил, – поморщился Зазыба, – не нужно все сводить к одному оставить хлеб или уничтожить. Думаешь, Красная Армия сюда возвратится с хлебными обозами, чтобы мужиков наших кормить?
– Перестань ты, Зазыба, так печься о мужиках! Идет война. И нам с тобой нужно совсем об ином думать. О людях тоже нужно думать…
– Но ты наконец должен понять, что на войне нужно воевать.
– А я разве отрицаю это? Но мы с тобой не совсем на войне. Пока что мы с тобой скорее в войне, чем на войне.
– Значит, нужно и здесь разжечь ее…
– Я не меньший патриот, чем кто-либо, и не меньше другого понимаю, что нужно браться за также за то, чтобы было взвешено оружие. Но я также за то, чтобы было взвешено и учтено все как следует… И дело не во мне. Я хоть сейчас готов смерть принять, но чтобы от этого польза была. А то что из того, если я пожертвую собой, а делу не помогу…
– Кровь героев, Денис Евменович, помогает зреть идеям, – вовсе не волнуясь, что своей жестокостью не только обижает, но и оскорбляет Зазыбу, сказал Чубарь.
– Хватило уже крови и без моей для идей, – спокойно ответил на это Зазыба. – Кровь здесь не поможет. Нужно сделать так, чтобы не мы немцев боялись, а они нас. И не кровью своей мы должны напугать их, а оружием. Я так понимаю дело и хочу, чтобы и ты наконец понял это».
Денис Зазыба выражает народный взгляд на войну как на огромное бедствие и время испытания. Символичность этого образа не книжного, а земного происхождения. Люди вроде Зазыбы, Прибыткова, Падерина, Вершкова самой жизнью приучены заботиться не только о себе и своих близких: судьба народа – это и их личная судьба. Главный герой Чигринова – народ: «Если говорить о народе и о носителях мудрой народной зрелости, то Вершков как раз и был одним из тех лучших представителей народа, в сознании которого аккумулировалось все наиболее чистое, здоровое, совестливое и неподатливое, на чем держится образ жизни». С народом, с его отношением к происходящему вынужден считаться и немецкий комендант Гуфельд, и полицейские. А веремейковцы – «грамада», «талака», «народ» – творят свое исторической важности дело, не обращая внимания на мельтешение и суету оккупантов и предателей: на общем собрании колхозников принимают решение разделить колхозное имущество, чтобы оно не досталось оккупантам, жнут рожь, идут выручать из плена родных и близких, а если удастся, то и чужих, выдав их за своих, помогают тем, кто прячется от врага… Они уже, можно сказать, начали ту борьбу, что вскоре выльется в формы партизанской войны.
Война была всенародной и так или иначе коснулась всех без исключения. Уже тогда, в годы войны, советские люди ощутили то, что сегодня ощущает все человечество: быть или не быть, жить или не жить. Народная память сохранила в себе это ощущение глобальности происходящего, и литература сегодня продолжает свое движение в глубь народной памяти. Знание, обретенное кровавой ценой на самой большой и самой тяжелой войне, не позволяет останавливаться на достигнутых эстетических рубежах.
У. Юрэвіч
(фрагмент артыкула)
Адыходзяць гады – адзін, другі, трэці… I ў кожнага свае прыкметы –своеасаблівыя рысы, свой змест. Цяжка адным словам ці нават фразай абагульніць гэты змест. Але ж ён існуе… Можа, калі паставіць побач два словы – Праца і Мір, дык яны і стануць загалоўкам, назвай пражытых пасля Перамогі гадоў. Спачатку мы вялі адлік часу па гадзінніку Гісторыі ад Рэвалюцыі. Пасля неўміручага подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія разграмілі гітлераўскіх захопнікаў і выратавалі свет ад пагрозы фашызму, адлічваем час ад Перамогі, называючы яго пасляваенным. Гэта ва ўсім жыцці Краіны Саветаў і ў літаратуры таксама. Праца і Мір, якія ўслаўляюцца ў мастацкіх творах, вызначаюць сацыяльна-маральны накірунак развіцця нашай літаратуры.
…
Зрушэнне рытму ў жыцці беларускага народа даследуе і Іван Чыгрынаў у цыкле раманаў пра людзей, што засталіся на акупіраванай ворагам зямлі Беларусі і вымушаны былі жыць і змагацца ў нечалавечых умовах. Пасля прачытання рамана «Плач перапёлкі» стала зразумела, што пісьменнік задумаў шырокае палатно, але не пайшоў пратаптаным шляхам панарамнага паказу падпольнай і партызанскай барацьбы, як тое ўжо рабілі да яго многія. I. Чыгрынаў выбраў лакальную мясціну, вядомую пад назвай Забесяддзе, і пачаў даследаваць абставіны, створаныя вайной, і характары герояў, што дзейнічалі ў гэтых абставінах. Ён высвятляе сутнасць асобы, яе адносіны да свайго месца ў жыцці, яе справядлівасць і вінаватасць перад сабой, перад людзьмі, перад гісторыяй.
Зазыба і Чубар задуманы аўтарам як асобы самабытныя, кожны са сваёй перадгісторыяй, таму і дзейнічаюць кожны па-свойму, адпаведна ўзроўню свайго светаразумення, назапашанага жыццёвага вопыту. У кожным з іх бачны аблічча, жывое нялёгкае жыццё, поўнае неспадзяванак і канфліктных сітуацый, якое, аднак, вынікае з агульнанароднага і агульнагістарычнага жыцця. Пісьменнік як бы падключаецца да той праўдзівай, адкрыта шчырай размовы пра чалавека на вайне, якую вялі ўжо Р. Бакланаў, Ю. Бондараў у рускай літаратуры, К. Чорны, В. Быкаў – у беларускай.
І. Чыгрынаў размотвае, не спяшаючыся, клубкі звыклых і нязвыклых біяграфій людзей, што засталіся на захопленай ворагам тэрыторыі і вымушаны не жыць, а менавіта быць побач з ім, усутыч. Аўтар як бы выцягвае з народнай гісторыі нітачкі драматычнага існавання людзей, вымушаных індывідуальна-асабістае спалучаць з агульным, а больш дакладна, падпарадкаваць яго сапраўднаму, агульнанеабходнаму жыццю. Пераадоленне і непераадоленне сябе ў сфарміраваных папярэдняй гісторыяй рысах характару якраз і ёсць тая, адна з прыватных, але галоўная творчая задача, якую ставіць аўтар трэцяга рамана «Свае і чужынцы», выходзячы на новыя абсягі даследавання шматаблічных проціборстваў жыцця I. Чыгрынаў, як і В. Быкаў, ладзіць у беларускай літаратуры традыцыю драматургічнага насычэцня твора, калі героі даследуюцца ва ўмовах напружанага сацыяльна-псіхалагічцага сутыкнення, разважлівага дзеяння, а не толькі сюжэта-ўтваральнай функцыі.
Калі ў першых двух раманах гэтыя сутыкненні адбываліся ў межах побыту людзей, вядомых з мірнага жыцця вёскі Верамейкі і яе ваколіц, дык у «Сваіх і чужынцах» абсягі пашыраюцца, бо шырэйшымі становяцца тыя ўнутраныя плацдармы, на якіх разгортваецца агульнанароднае змаганне супроць акупантаў. У гэтым перш за ўсё ўнутраная панарамнасць рамана. Ён, як і папярэднія, адкрывае новыя падзеі, узнімаецца да больш грунтоўных разважанняў пра псіхалагічныя асновы стойкасці і мужнасці савецкіх людзей на вайне. Факты ваеннай рэчаіснасці кандэнсуюцца вакол вобразнай думкі, пераплаўляюцца гэтай думкай, уцягваюць у змаганне супроць акупантаў усё большае кола сапраўдных патрыётаў, раскрываючы рух іхняй свядомасці і пачуццяў. Менавіта па гэтай, унутранай сцяжыне прадаўжае I. Чыгрынаў традыцыю эпапейнага паказу жыцця ў вайну, якое было працягам мірнага побыту.
«У Верамейках ужо каторы час, пачынаючы з досвітку кожнага дня, зноў чуўся звон кавадла», – заўважае аўтар і падае яскравы, асветлены народнай мудрасцю абсяг жыцця вёскі, звязанага з кузняй, якая забяспечвае яе нармальным токам жыватворных сіл. «Пачуўшы звон кавадла, аб якое, быццам зацятая істота, біўся молат, верамейкаўцы раптам зразумелі, што гэта, займеўшы сэрца, нанава пачала жыць іхняя вёска; кожны ўдар молата ўспрымаўся як штуршок таго вясковага сэрца».
З вялікім даверам да жыцця чалавека апавядае I. Чыгрынаў пра самую чорную для ўсёй Беларусі пару – гітлераўскую акупацыю. Ажывіў кузню палонны чырвонаармеец Андрэй Марухін, які быў механікам-вадзіцелем танка, трапіў у акружэнне і ў палон. З яшніцкага лагера яго выбавіла Палага Хахлова за мікалаеўскія залатоўкі і прытуліла ў сябе дома. Кузня непрыкметна набывала ранейшыя правы таго «зручнага месца, каб сабрацца ў адно сялянам», «бо кожнаму карцела і сваё хоць бы нават няўзнак сказаць, і ад другога нешта пачуць». Зазыба, як асоба, выхаваная рэвалюцыяй, савецкім ладам, наважваецца зрабіць гэтае месца і своеасаблівым цэнтрам масава-палітычнай работы з верамейкаўцамі.
Натуральная плынь жыцця нібы памагае аўтару рэалізоўваць свае далёкасяжныя задумы. Вяртаецца, таксама з палону, Палагін муж, і Зазыбу нічога не застаецца, як прытуліць каваля ў сябе. «За паўтара тыдня, якія пражыў Андрэй Марухін у Зазыбаў, гаспадар паспеў добра сысціся з ім». I калі Андрэй выказаў жаданне «пад выглядам каваля пайсці па вёсках, прыслухацца ды прыгледзецца да мясцовых людзей, чым тыя жывуць пры акупацыі і што збіраюцца рабіць, а разам пашукаць і акружэнцаў, былых ваеннапалонных…» – Зазыба ўхваліў гэткі намер, бо разумеў: «гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек».
Немагчымасць уключыцца ў вір актыўнай дзейнасці, якой вымагала вайна, трывожыць Зазыбу, не дае спакойна спаць. I ён шукае ўсё новых і новых захадаў, каб пад заслонай патрэбнага акупацыйным уладам чалавека заставацца сапраўды неабходным арганізатарам людзей на рашучую барацьбу супроць ворага. Непахісны ў сваіх пераконаннях, адданы справе Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дзяніс Зазыба ўсё больш вырастае як асоба, гатовая на самаахвярныя дзеянні ў імя агульнанароднай справы, і якая пачынае іх здзяйсненне. Па-свойму робіць тое ж і Чубар; ён перакананы ў перамозе справы рэвалюцыі, але прывык дзейнічаць толькі там і тады, дзе і калі будзе дадзены загад зверху.
Тым часам у наваколлі Верамеек, у раёне ўжо дзейнічаюць партызаны, узброеныя групы, якія шкодзяць акупантам – спалілі маслазавод, знішчылі тэлефонную сувязь уздоўж бальшака, абрушылі мост на рацэ Крупні… Праўда, аўтар падае ўсё гэта больш пералічальна, як бы рукой гісторыка, які даследуе тактыку першых партызанскіх акцый, забываючыся час ад часу, што ён як мастак павінен больш давярацца ідэйна-эстэтычнаму, вобразнаму ўзнаўленню рэчаіснасці.
Ствараецца ўражанне, нібы аўтару ўжо не стае смелага домыслу, ранейшага імкнення жывапісаць падзеі, і ён не-не ды і ступае на пратаптаныя сцежкі панарамнага паказу дзеянняў партызан. Той жа, напрыклад, пачварны сон, што прысніўся камандзіру атрада Нарчуку, які нібыта «грыз самога сябе… Быццам раз’юшаны звер, ірваў зубамі на сабе мяса і давіўся ім…», застаўся толькі кароткай інфармацыяй, а не ўражлівым абразком. Як і наступны за ім пералік канкрэтных заданняў ды прозвішчаў іх выканаўцаў, пераказ іх службовых даваенных анкет.
Прабуксоўкі жывога вобразнага адлюстравання пад канец рамана «Свае і чужынцы» пачашчаюцца, і гэта ўжо само па сабе зніжае ўражанне мастацкай завершанасці ўсяго цыкла. Раздзел «Замест эпілога», у якім дакументальна сцісла падаецца агляд развіцця партызанскага руху, падрыхтаваны начальнікам гітлераўскай палявой паліцыі, не выратоўвае гэтага ўражання, хоць пралівае святло на актывізацыю ўсенароднага змагання з ворагам. Мастацкая свядомасць за ўсю гісторыю літаратуры авалодала мноствам, кажучы мовай кінематографа, вобразных ракурсаў і вуглоў здымання рэчаіснасці. Выпрабаваны даўно розныя стылі пісьма, розныя ступені выяўленчай шчырасці. Па-ранейшаму спаборнічаюць рамантыка-метафарычнае і жыццёва-рэальнае ўспрыманне жыцця. У Івана Чыгрынава ўсё больш уладарна заяўляе аб сабе прысутнасць дакумента ў мастацкай тканіне.
Я не агаварыўся – менавіта прысутнасць, якая рэдка калі зрошчваецца, знітоўваецца намёртва з вобразам, хоць бы сабе публіцыстычным, не кажучы ўжо пра мастацкі. I ўсё ж імкнуцца да такой знітаванасці аўтару мастацкага твора варта, каб не навесці на сябе цень непрафесіянальнасці. Публіцыстычнасць ніколі не была гарантыяй поспеху мастацкага твора. Само па сабе пашырэнне публіцыстычнай асновы ў рамане не гарантуе яму высокіх мастацкіх вартасцей. Усё вырашае ўзаемапранікненне вобраза і думкі. Прыгадаем раманы Ф. Абрамава ў рускай прозе, незавершаныя творы пра вайну К. Чорнага. Ці перанясёмся яшчэ далей, у мінулае стагоддзе, да рамана А. Герцана «Хто вінаваты?».
Вітаючы з’яўленне гэтага ўнікальнага твора, В. Бялінскі падкрэсліваў, што галоўная сіла яго (Іскандэра) «не ў мастацкасці, а ў думцы, глыбока прачулай, зусім усвядомленай і развітой». Крытык лічыў, што мужнасць думкі толькі ўмоўна можа стаяць асобна ад вобраза, а на самай справе мастацтва, набліжаючыся да публіцыстыкі, паступова нешта страчвае ад сваёй сутнасці, але і прымае ў сябе шмат ад сутнасці таго, з чым мяжуе. Думка і вобраз здавён у нашай літаратуры жылі адно ў адным, такімі застануцца назаўсёды. Мастацка-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці, памножанае на яе публіцыстычнае асэнсаванне, узмацняюць адно аднаго, узаемаўплываюць адно на аднаго.
Канспектыўная намётка вобраза дапушчальная ў эскізе, у папярэдніх накідах твора. У самім жа мастацкім творы патрэбна вобразная паўнакроўнасць. I калі яна ёсць, вера ў праўдзівасць вобраза вырастае да той ступені, калі выяўленае аўтарам зліваецца з першаасновай выяўлення, правобразам. Так, прынамсі, паўстаюць перад намі Сцепаніда і Пятрок Багацькі ў В. Быкава, Зазыба і Чубар у I. Чыгрынава, Алімпіяда і ўрач Колас у I. Пташнікава, Вапшчэткі ў А. Кудраўца, калі гаварыць пра творы прозы, з якімі знаёміўся на працягу 1984 года. Сярод гэтых вобразаў выгадна вылучаецца Дзяніс Зазыба. Сочачы за яго жыццём у вайну, мы як бы зноў прыпадаем да першатворных крыніц савецкага патрыятызму і ўвачавідкі бачым носьбіта гэтага святога пачуцця ва ўсёй уласнай годнасці. «Героі жывуць тысячагоддзямі». Невядома, хто і калі ўпершыню сказаў гэтыя вешчыя словы, але сэнс іх незвычайна глыбокі, бо няма на свеце народа, які не любіў бы сваіх герояў і не ганарыўся імі.
Не выпадкова I. Чыгрынаў у цэнтры свайго эпапейнага прачытання Вялікай Айчыннай вайны ставіць героя грамадзянскай вайны, на франтах якой умацоўвалася вера ў сацыялізм, у Савецкую ўладу, у Кастрычніцкую рэвалюцыю. Бо ў вобразе Дзяніса Зазыбы ўвасабляюцца цудоўныя рысы гераічнага характару ўдзельніка барацьбы за Саветы, супроць чужаземных інтэрвентаў і ўнутранай контррэвалюцыі – непахісная ідэйная пераконанасць, упэўненасць у справядлівасці рэвалюцыйнай справы, бескарыслівая адданасць народным інтарэсам, унутраная чысціня і чалавечнасць, мужнасць, гатоўнасць да самаахвяравання і разам з тым велічны спакой, манументальнасць. Ідуць гады, а агульныя рысы вобраза героя грамадзянскай вайны знаходзяць сабе месца ў творах новых пакаленняў мастакоў як выяўленне сваёй галоўнай сутнасці, засведчанай у адной з лістовавак першых паслякастрычніцкіх дзён: «Сваё сумленне, свой розум, сваю волю нясі на служэнне толькі рэвалюцыі. Ёй адной аддай сябе дарэшты».
Што яшчэ характэрна для створаных апошнім часам усёй савецкай, у тым ліку і беларускай, літаратурай кніг пра Вялікую Айчынную вайну? Савецкія людзі паказаны патрыётамі велічы і хараства сваёй Айчыны. У эстэтычным асэнсаванні сацыялістычнай Бацькаўшчыны нацыянальнае і інтэрнацыянальнае знітаваліся ў неадлучным, непарушным адзінстве. Любоў да сваёй нацыі, да сваёй зямлі, да свае мовы натуральна ўключае ў сябе любоў да агульнай савецкай Радзімы, часткай якое з’яўляецца родная зямля. I вядома ж, у мастацкіх творах эстэтычны вобраз Радзімы, Айчыны набывае і зусім канкрэтнае вымярэнне – пэўны горад, вёска, родная хата, бацькоўскі дом.
…
Маральныя пошукі прозы ўзнікаюць цяпер у тых творах, дзе герой пачынае адчуваць сваё і агульнае быццё як адно цэлае, бачыць іх дыялектычную супольнасць як надзённую праблему асабістага, індывідуальнага існавання. Таму наша проза, як прынамсі і ўся літаратура, арыентуецца зараз грамадствам развітога сацыялізму на цэласнае спасціжэнне сучаснага ладу жыцця, такога яго ўзнаўлення, якое не паважае папярэдне зададзеных граняў дабра і зла, падзелу на агульнае і асабістае. Для мастацкага адлюстравання ладу жыцця патрэбны не праўда выпадковых фактаў і не літара прапісной (зададзенай) маралі, а істотнасць (грунтоўнасць) народнага вопыту і святло жыццяздольных гуманістычных духоўных каштоўнасцей. Святло гэтае і гэты вопыт вельмі патрэбны нашаму сучасніку, каб штодзень выхоўваць у сабе паўнацэнную асобу, гатовую да рознабаковага выяўлення сваёй жыццёвай актыўнасці, каб мужна сустракаць самыя нечаканыя праўды і самыя суровыя крыўды, узнімацца да агульнага росквіту новай рэчаіснасці, ладзячы жыццё на трывалым падмурку развітога сацыялізму. Памагчы нашаму сучасніку ў гэтым пачэсным для яго гістарычным абавязку здольная тая літаратура, якая ствараецца таленавітымі людзьмі, гатовымі не толькі «сашчыкваць» вяршкі назапашаных жыццёвым вопытам фактаў, але і настойліва, цярпліва дабірацца да самай іх сарцавіны.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Дзмітрый Бугаёў
Вядомаму пісьменніку Івану Чыгрынаву 21 снежня спаўняецца 50 гадоў. З нагоды юбілею праўленне СП Беларусі накіравала яму прывітальны адрас, у якім гаворыцца:
«Дарагі Іван Гаўрылавіч!
Горача віншуем Вас, вядомага празаіка, драматурга і публіцыста, актыўнага грамадскага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з днём Вашага пяцідзесяцігоддзя!
У вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна прайшло ў сям’і калгасніка Ваша дзяцінства, рана абарванае вайной. Пасля завяршэння сярэдняй адукацыі ў Саматэвічах Вы паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.I. Леніна, закончылі аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта.
Ваша далучэнне да літаратурнай творчасці ішло праз практычную дзейнасць спачатку як рэдактара выдавецтва Акадэміі навук БССР, а пасля загадчыка аддзела публіцыстыкі і нарыса ў рэдакцыі часопіса «Полымя». На пачатку 60-х гадоў выходзіць напісаная ў сааўтарстве манаграфія пра вядомага беларускага этнографа М.Я. Нікіфароўскага і публікуюцца першыя апавяданні.
Грунтам ранніх твораў было перажытае Вамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны суровае маленства, менавіта таму так адчувальны ў іх сур’ёзны погляд на свет, на ўсенародную трагедыю. У 1965 годзе выходзіць першы зборнік апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю», неўзабаве другі – «Самы шчаслівы чалавек». Пасля з’яўляецца і першы раман «Плач перапёлкі», што палажыў пачатак цыклу твораў эпічнага асэнсавання народнага лёсу, мастацкага летапісу ўсенароднай партызанскай барацьбы на Беларусі. Наступны раман «Апраўданне крыві» выйшаў праз пяць гадоў. Абодва творы атрымалі шырокае прызнанне і былі адзначаны сярэбраным медалём А. Фадзеева.
Вы прынялі ўдзел у стварэнні мастацкага кінафільма «Руіны страляюць», удастоенага Дзяржаўнай прэміі БССР. У гэты ж час Вы працуеце над новымі апавяданнямі, якія склалі змест кнігі «Ішоў на вайну чалавек», а зусім нядаўна да чытачоў прыходзіць Ваш трэці раман «Свае і чужынцы», які далей распрацоўвае сацыяльна-маральныя праблемы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Духоўнае ўзмужанне савецкага чалавека ў гады вялікіх выпрабаванняў і барацьбы Вы паспяхова пераносіце з раманаў на сцэну, па Вашых п’есах Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Брэсцкі абласны імя ЛКСМ Беларусі здзейснілі хвалюючыя сваёй гістарычнай праўдай і актуальным гучаннем спектаклі.
Перакладзеныя на рускую і іншыя мовы Вашы творы сталі здабыткам усесаюзнага і зарубежнага чытача.
У кнізе крытыкі і публіцыстыкі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» прысутнічае ўгрунтаваны на прынцыпах марксісцка-ленінскай эстэтыкі Ваш погляд на многія з’явы сучаснай літаратуры.
Як член праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, член прэзідыума і адзін з сакратароў праўлення рэспубліканскай творчай пісьменніцкай арганізацыі, член Мінскага гаркама КПБ, член калегіі Міністэрства культуры БССР і многіх рэдакцыйных саветаў і калегій, Вы ўносіце дастойны ўклад у арганізацыю літаратурнага працэсу, старанна дбаеце пра маладую творчую змену. З высокім гонарам і адказнасцю Вы прадстаўлялі дэлегацыю нашай рэспублікі на XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Дарагі Іван Гаўрылавіч! Ваша шматгадовая творчая і грамадская дзейнасць адзначана ў сувязі з 50-годдзем утварэння пісьменніцкай арганізацыі ордэнам Дружбы народаў. Віншуючы з пяцідзесяцігадовым юбілеем і высокай урадавай узнагародай, мы рады Вас бачыць заўсёды ў росквіце творчых сіл, поўным значных задум. Ад усяе душы жадаем Вам моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі для новых здзяйсненняў, для працы на далейшы росквіт беларускай савецкай літаратуры!»
Супрацоўнікі «Літаратуры і мастацтва» далучаюцца да гэтых пажаданняў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Іван Чыгрынаў належыць да таго пакалення беларускіх пісьменнікаў, якіх звычайна называюць дзецьмі вайны. Вядома, самі яны непасрэднага ўдзелу ў вайне не прымалі, бо ў той трагедыйны і вялікасны час былі яшчэ падлеткамі (Чыгрынаву летам 1941 года не споўнілася і сямі). Але недарэмна кажуць, што іх дзяцінства апалена вайною. Вайна, убачаная і эмацыянальна перажытая ў тым узросце, калі наша памяць бывае найбольш яркай і ўчэпістай, а ўся псіхіка – найбольш уражлівай, сапраўды стала для Чыгрынава і яго равеснікаў выключна важнай жыццёвай падзеяй. Яна сфарміравала асновы іх душэўнага вопыту. Асновы гэтыя потым узбагачаюцца і развіваюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека, калі яму ўласціва духоўнасць. Але менавіта яны робяць яго асобай, шмат у чым вызначаюць яго адметнасць, якая так ці іначай выяўляецца ў любой сферы чалавечай дзейнасці і мае першаступеннае значэнне, становіцца вырашальнай для творцы, мастака. Бо пачатак, аснова любога таленту – змястоўнасць асобы, яе непаўторнасць.
Такім чынам, можна ўпэўнена сцвярджаць, што і мастакоўская адметнасць Чыгрынава, своеасаблівасць яго пісьменніцкага таленту маюць глыбінную і вельмі непасрэдную сувязь з вогненнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны, з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі тады на долю савецкіх людзей.
Складваўся пісьменніцкі лёс Івана Чыгрынава ўвогуле шчасліва, хоць і не без пэўных нечаканасцей. Нечаканым быў ужо яго прыход у літаратуру. Ён аказаўся трохі запозненым. Ва ўсякім разе, некаторыя равеснікі празаіка, яго сябры па вучобе ў БДУ імя У.І. Леніна ўжо актыўна выступалі з мастацкімі творамі ў рэспубліканскім друку, а Чыгрынаў, здавалася, і не думаў пра пісьменніцкую працу. Тады мы ведалі яго як талковага рэдактара ў выдавецтве Акадэміі навук БССР, сааўтара навуковай манаграфіі пра збіральніка беларускага фальклору Нікіфароўскага. I вось паяўляюцца чыгрынаўскія апавяданні. Спачатку «Адна ноч», надрукаваная ў газеце «Літаратура і мастацтва», а потым і яшчэ некалькі. Хутка высветлілася, што ў маладога празаіка ёсць цэлая папка апавяданняў. Іх мы абмяркоўвалі ў Саюзе пісьменнікаў. Радавалі і прыемна здзіўлялі таленавітасць аўтара, яго прафесіяналізм, пісьменніцкая культура, якой на пачатку творчай дарогі звычайна не стае многім. У чыгрынаўскіх апавяданнях зусім не было яўных прыкмет пачаткоўства, а наадварот, адчувалася добрая літаратурная школа. Гэта таксама здавалася нечаканым. Але якраз тут нечаканага нічога не было. Бо, як цяпер стала вядома, Чыгрынаў, падахвочаны найперш прыкладам свайго славутага земляка Аркадзя Куляшова, яшчэ ў школе пісаў і зрэдку друкаваў вершы, нямала спасцігаў, рэдагуючы літаратуразнаўчыя працы, грунтоўна асвойваў вопыт многіх папярэднікаў. «Галоўны настаўнік – увесь вопыт, назапашаны літаратурай, прытым не толькі нацыянальнай, але і літаратурай іншых народаў – блізкіх і далёкіх…» – падкрэсліваў ён у гутарцы з Міколам Гілем ужо ў 70-я гады.
Зборнікі чыгрынаўскіх апавяданняў былі прыхільна сустрэты грамадскасцю і даволі дружна падтрыманы літаратурнай крытыкай, якая ўпэўнена, на поўны голас гаварыла пра пісьменніцкую значнасць Івана Чыгрынава. I гэта зразумела, бо кнігі празаіка неяк адразу хораша ўпісаліся ў нашу літаратуру, вельмі натуральна занялі ў ёй сваё адметнае і трывалае месца.
Адзін з галоўных паказчыкаў таленавітасці і глыбіннага мастацкага твора – яго здольнасць хваляваць чытача. Лепшыя чыгрынаўскія апавяданні і сёння чытаюцца з цікавасцю. Можна сказаць больш. Менавіта час – суддзя строгі і няўмольны які бязлітасна перакрэслівае ўсё слабое і бездапаможнае, наглядна высвечвае вартасці чыгрынаўскіх апавяданняў
Вось пачатак апавядання «Бульба», якім адкрываецца першая кніга празаіка. «Уранні прыйшлі нашы – спачатку на зацішанскім бальшаку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Бесядзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты.
Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы, рылі акопы. За лесам, мусіць, ля самай Бесядзі, за якой акапаліся немцы – там цяпер была перадавая, – неўзабаве пачуліся густыя вінтовачныя стрэлы; часам адтуль даносіліся і кулямётныя чэргі.
Гулі маторы. I гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяною, то заціхаў.
Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. I ўжо каторы дзень».
Здаецца, зусім просценькая экспазіцыя. Але як тут усё дакладна ўбачана і з якой выверанасцю напісана. Натуральная яснасць, празрыстасць малюнка, эпічная важкасць самой інтанацыі, шырокае свабоднае дыханне фразы, якое прымушае ўспомніць такога выдатнага майстра нашай прозы, як Максім Гарэцкі.
У лепшых апавяданнях Івана Чыгрынава многае ідзе ад чалавечай асобы пісьменніка. Дзеянне ў іх нярэдка «прывязваецца» да яго родных мясцін, увогуле да паўднёва-ўсходняга кутка Магілёўшчыны. У іх вельмі прыкметныя заглыбленасць у народнае жыццё, уменне аўтара ўбачыць яго разнастайныя праявы, спакойна, нетаропка, з добрай грунтоўнасцю маляваць характары простых людзей, выяўляць драматызм чалавечых лёсаў. У гэтых апавяданнях і сёння вабіць насычанасць канкрэтнымі жыццёвымі рэаліямі, вернасць натуры, глыбіня ў спасціжэнні чалавека і свету, гуманістычны пафас, асабліва выразны ў творах пра вайну.
Пісьменніцкія магчымасці Івана Чыгрынава добра выявіліся ў выдатным апавяданні «Ішоў на вайну чалавек», якое вылучаецца не толькі чысцінёй і выразнасцю свайго тону, узважанасцю кожнай дэталі, вялікай дакладнасцю фактуры, але і пранікненнем у народную псіхалогію.
Апавяданні пра вайну і пра адносіны да яе савецкіх людзей у кнігах Чыгрынава складаюць цэлы тэматычны пласт. I цікавыя яны з розных пунктаў гледжання. Па-першае, таму, што гэта яркія старонкі нашай малой эпічнай прозы пра народную мужнасць у барацьбе з фашызмам. А па-другое, таму, што ў іх па-сутнасці ўжо намацвалася галоўная тэма пісьменніка і вызначаўся ў некаторых істотных абрысах той падыход да яе асэнсавання, які потым нарадзіў чыгрынаўскія раманы.
Пераход да гэтага вельмі ёмістага жанру падрыхтоўвала і цяга празаіка да эпічнасці. Яна праявілася ў шэрагу апавяданняў, розных па тэматычнай скіраванасці, але блізкіх паміж сабою сваёй шматпланавасцю, разгалінаваным сюжэтным дзеяннем, аўтарскім імкненнем ва ўсіх гэтых творах паказваць багацце і разнастайнасць жыццёвых сувязей.
Так што сама логіка мастакоўскага развіцця вяла Івана Чыгрынава да раманнага эпасу. Сёння гэта відавочна. А тады, у жывой літаратурнай плыні, асаблівасці, сілавыя лініі якой на блізкай адлегласці праглядваюцца далёка не з той выразнасцю, што выяўляецца па часе, – тады здавалася нечаканай сама пагалоска, што празаік узяўся за раман.
Чыгрынаў упарта працаваў у новым для яго жанры. Ён, як сам казаў, «многае чэрпаў са сваёй уласнай памяці», абапіраўся на жыццёвы вопыт блізкіх людзей, у прыватнасці, сваёй маці, ад якой шмат узяў для вобразаў жанчын, на рэальныя біяграфіі іншых сваякоў, у тым ліку роднага дзядзькі, які стаў адным з прататыпаў Дзяніса Зазыбы, увогуле на народную памяць, у якой вайна жыве ва ўсёй паўнаце гераічных і трагедыйных праяў. Пісьменнік сустракаўся з многімі ўдзельнікамі Айчыннай вайны – былымі падпольшчыкамі і партызанамі, кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы, напрыклад, з П.К. Панамарэнкам, які ў свой час узначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху.
Вывучаліся гісторыя Беларусі і ў першую чаргу Магілёўшчыны, мемуары, прысвечаныя ваенным гадам, навуковыя публікацыі пра партызанскі побыт, пра дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі ў тыле ворага, а таксама напісаныя раней мастацкія творы пра подзвіг народа ў барацьбе за сацыялізм, у змаганні з фашызмам. У гэтай сувязі празаік згадвае «Глыбокую плынь», «Мінскі напрамак» і «Векапомныя дні», але асабліва вылучае «Вайну пад стрэхамі» Алеся Адамовіча і «Палескую хроніку» Івана Мележа, кнігі, якія давалі «штуршок для глыбейшага, шырэйшага роздуму». А гэта таксама ўжо нямала.
У агульнай складанасці праца над раманным цыклам пра пачатковы перыяд Айчыннай вайны заняла больш за паўтара дзесяцігоддзя. Затое і прынесла яна плён – тры ёмістыя раманы, якія належаць да важкіх здабыткаў нашай сучаснай літаратуры. Два з гэтых раманаў – «Плач перапёлкі» (1972) і «Апраўданне крыві» (1977) – у 1979 годзе адзначаны Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева.
Высока ацэнена ў друку і заключная частка трылогіі – кніга «Свае і чужынцы» (1984). Максім Танк у артыкуле «На службе свайго часу» паставіў «Сваіх і чужынцаў» побач з выдатнай быкаўскай аповесцю «Знак бяды» і падкрэсліў, што гэтыя творы «складаюць значны даробак у сучаснай літаратуры, папаўняюць ідэйны і эстэтычны духоўны фонд» савецкага народа. Ён жа ў дакладзе на юбілейным пленуме праўлення СП БССР адзначыў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлены глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Яшчэ ў сувязі з «Плачам перапёлкі» і «Апраўданнем крыві» крытыка гаварыла, што ў Чыгрынава атрымліваецца маштабны твор, у якім праглядваюць «абрысы народнай эпапеі» (А. Кандратовіч). «Свае і чужынцы» пазначылі прыкметы эпапейнасці ў чыгрынаўскай трылогіі яшчэ больш выразна. Эпапейнасць гэтая тыпалагічна роднасная мележаўскай эпапейнасці ў «Палескай хроніцы». І выяўляецца яна ў самой паўнаце і рознабаковасці, з якімі даследуецца народнае жыццё ў першыя паўгода вайны, і яшчэ больш – у глыбіні асэнсавання народнага жыцця ў гэты перыяд, а таксама ў маштабнасці чалавечых характараў, намаляваных пісьменнікам.
Самы змястоўны і значны сярод іх – Дзяніс Яўменавіч Зазыба, адзін з лепшых вобразаў камуністаў у нашай літаратуры. Гэта глыбока народны характар – тып, стварэнне якога можна назваць мастацкім адкрыццём. Зазыба стаіць у цэнтры ўсіх раманаў трылогіі і ў многім вызначае яе гуманістычную мастацкую канцэпцыю. Напісаны ён з вялікім псіхалагічным майстэрствам, глыбокім пранікненнем у чалавечую сутнасць. Багатая ў Зазыбы жыццёвая біяграфія. Ён быў на імперыялістычнай вайне, змагаўся за Савецкую ўладу ў войску славутага Шчорса, умацоўваў калгасную гаспадарку ў 30-я гады, а ў перыяд Айчыннай вайны становіцца адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў усенароднай барацьбы супраць фашызму.
Зазыбу ўласціва моцнае патрыятычнае пачуццё, непахісная перакананасць у справядлівасці нашага ладу, камуністычных ідэй, высокі духоўны патэнцыял і тая непадробная, непаказная інтэлектуальнасць, якая цалкам адмаўляе дагматычную рэгламентацыю і, вядома ж, ніяк не зводзіцца да бойкага паўтарэння гатовых ісцін, а выяўляе сябе ў глыбіннасці погляду на рэчаіснасць, уменне аналізаваць факты, думаць самастойна, зыходзячы з канкрэтных абставін і жыццёвых умоў. З гэтымі рысамі духоўнага складу Зазыбы звязаны і яго нетаропкасць у рашэннях, разумная абачлівасць, цвярозая разважлівасць у самых складаных сітуацыях, непрыманне авантурыстычных замашак, нежаданне якую б там ні было справу рабіць з наскоку, «з бухты-барахты». «Да ўсяго трэба з галавою падыходзіць» – вось адзін з галоўных жыццёвых прынцыпаў Зазыбы. Ёсць у яго і сапраўдны клопат пра людзей, глыбока ўсвядомленая чалавечая дабрыня, якая ўспрымаецца як увасабленне гуманізму сацыялістычнага грамадства.
Пераканальна паказаў Іван Чыгрынаў роздум над сэнсам чалавечага існавання, уласцівы вясковаму філосафу Парфёну Вяршкову, у свядомасці якога, па словах аўтара, «акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад» сельскага жыцця, паказаў сялянскую мудрасць Кузьмы Прыбыткова, грубаватую, але па-свойму дасціпную жартаўлівасць Івана Падзерына, сапраўдную інтэлігентнасць Зазыбавага сына Масея, вынаходлівасць і практычную дзелавітасць Андрэя Марухіна.
З добрым чалавечым спачуваннем і вялікай псіхалагічнай дакладнасцю малююцца ў трылогіі многія вобразы верамейкаўскіх жанчын. Сярод іх вылучаюцца Ганна Карпілава, Палага Хахлова, Роза Самусёва, Дуня Пракопкіна і іншыя. Асабліва выразныя яны ў такіх ключавых эпізодах, як вельмі каларытна паказаныя радзіны ў Сахвеі Меляшонкавай або поўны глыбокага драматызму жаночы паход у Яшніцу.
Усе гэтыя літаратурныя героі западаюць у нашу памяць як жывыя людзі, надзеленыя адметнымі чалавечымі характарамі. Не менш істотна тое, што праз іх нялёгкія, а часам і драматычныя, як у Масея, лёсы многае праглядваецца ў народным жыцці.
Нямала жывых чалавечых рысаў увасоблена таксама ў вобразах сакратара падпольнага райкама партыі Касьяна Манько, партызанскіх камандзіраў Нарчука і Карханава, такіх барацьбітоў з фашызмам, як Шпакевіч, Даніла Афончанка, Калістрат Шандоў і інш.
Свая жыццёвая глыбіня і складанасць ёсць і ў прадстаўнікоў варожага лагера і іх прыслужнікаў. Гэта і хітры нямецкі камендант у Бабінавічах Гуфельд, і выкрутлівы, асцярожны паліцай Брава-Жыватоўскі, і дзівакаваты даносчык і прыліпала Драніца, і небяспечны сваёй вытанчанай дэмагогіяй нацыяналіст Астрашаб. Ствараюцца іх вобразы сродкамі грунтоўнага рэалістычнага пісьма, якое, як у абмалёўцы Мікіты Драніцы, нярэдка атрымлівае гумарыстычна-сатырычнуто падсветку.
Пасля з’яўлення рамана «Плач перапёлкі» здавалася, што адным з самых маштабных стане і вобраз Радзівона Чубара. Гэтыя надзеі спраўдзіліся няпоўнасцю, хоць у многіх эпізодах ён паказаны цікава і ярка. Вельмі істотная роля Чубара ў арганізацыі падзейных сувязей і ўсёй сюжэтна-кампазіцыйнай структуры кожнага з раманаў трылогіі. Да таго ж Чубаравы блуканні ў пошуках свайго месца ў барацьбе з гітлераўцамі не толькі сведчаць пра яго пэўную разгубленасць перад навалай грозных падзей, але і даюць пісьменніку магчымасць рассунуць рамкі адлюстравання вайны, больш шырока паказаць народнае жыццё ў той час. Імкненне ж да паўнаты і глыбіні ў паказе народнага жыцця для Чыгрынава, як ужо гаварылася, надзвычай важнае. Яно звязана з задачай прасачыць глыбінныя вытокі партызанскага руху, адлюстраваць у народным жыцці ўсё тое, што прадвызначала яго абсалютную несумяшчальнасць з акупацыйным рэжымам. Адсюль выключная ўвага пісьменніка да драматызму вайны «ў яе звычайным будзённым цячэнні» (I. Чыгрынаў), да блізкай і больш далёкай гісторыі народа, яго побыту, псіхалогіі, маралі і этыкі.
Расказваючы пра своеасаблівасць задумы, з якой вырастала раманная трылогія, празаік зазначаў: «Людзі не толькі ваявалі. Яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэтая паўната існавання была вынікам нястрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляе фашызм».
Такім чынам, народнае жыццё на ўсю сваю побытавую, маральна-этычную, сацыяльную і гістарычную глыбіню адмаўляла фашызм, нараджаючы самыя розныя формы супраціўлення яму. У гэтым глыбінны пафас трылогіі, выяўлены вельмі паслядоўна і моцна. Ён вызначае і ўсю выяўленчую структуру чыгрынаўскіх раманаў, у якой на дасягненне эпічнай паўнаты і шматграннасці ў паказе народнага жыцця арыентаваны і характары герояў, пададзеныя ў шырокім грамадскім развароце, і грунтоўнасць непаспешлівага, але затое вельмі дэталізаванага і гранічна заглыбленага аўтарскага апавядання з яго ўстаноўкай на максімальную дакладнасць ва ўсім, і багацце, і ёмкасць масавых сцэн, у каларытным шматгалоссі якіх думка народная выказваецца вельмі яскрава і непасрэдна, і вастрыня, і сацыяльная значнасць па-майстэрску напісаных дыялогаў-спрэчак, якія вядуць многія персанажы, у тым ліку Зазыба з Чубарам і Брава-Жыватоўскім, Масей з Астрабашам, Вяршкоў, Падзерын і іншыя сяляне з Мікітам Драніцам, Раманам Сёмачкіным і іх прыхільнікамі.
Той жа галоўнай мэце падпарадканы шматлікія ўстаўныя эпізоды пра смешныя і сур’ёзныя здарэнні, якія згадваюцца па ходу дзеяння, казачна-прытчавыя элементы, прамыя экскурсы ў гісторыю і іншыя адступленні ад асноўнага падзейнага апавядання пра Айчынную вайну, дакументальныя матэрыялы, сцэны з выразнай этнаграфічнай афарбоўкай, пейзажныя штрыхі і малюнкі, прыродныя вобразы, нярэдка шматзначна-сімвалічныя, з філасофскім падтэкстам. Шчодра выкарыстоўвае аўтар народныя выслоўі, шматлікія фразеалагізмы. Узятыя з жывой размоўнай мовы, яны натуральна кладуцца ў трывалую тканіну чыгрынаўскіх раманаў, падкрэсліваючы народную аснову і стылю, і самога эстэтычнага мыслення пісьменніка.
Раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», у якіх праз мастацкае даследаванне народнага жыцця ў першыя паўгода Айчыннай вайны прасочваюцца глыбінныя вытокі ўсенароднай барацьбы з фашызмам, паказваюцца крыніцы нашай перамогі ў гэтай барацьбе, – галоўны мастакоўскі набытак Івана Чыгрынава. Але добрага слова варта і яго праца (у сааўтарстве з І. Новікавым) над сцэнарыем шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць».
З поспехам ідзе ў тэатры імя Я. Купалы п’еса «Плач перапёлкі», напісанай аўтарам па аднайменным рамане. У Брэсце пастаўлены спектакль паводле рамана «Апраўданне крыві».
Нельга не нагадаць кнігу пісьменніцкай крытыкі і публіцыстыкі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», выдадзеную Чыгрынавым у 1983 годзе.
Без малога дзесяцігоддзе працуе Іван Чыгрынаў у складзе кіраўніцтва СП БССР – спачатку намеснікам старшыні, а потым сакратаром праўлення. Пісьменніку, які атрымлівае шырокае прызнанне, непазбежна даводзіцца выконваць нямала грамадскіх абавязкаў, удзельнічаць у розных паездках, часта выступаць, сустракацца з чытачамі. А на ўсё гэта таксама патрэбны і энергія, і той жа час. Але Чыгрынаў асабліва не наракае, бо добра разумее, што ў грамадскай дзейнасці мацуюцца сувязі мастака з народным жыццём, трывала абапіраючыся на якое сапраўдны талент чэрпае сілу, набывае сваю глыбіннасць. У творчасці Івана Чыгрынава таксама з усёй неаспрэчнасцю пацвярджаецца гэта.
Уладзімір Гніламёдаў
Калі я думаю пра творчы шлях Івана Чыгрынава, які адзначае сёлета сваё 50-годдзе, то прыгадваю старажытную лацінскую прымаўку «Fеstina lente» – не рабі спехам, спяшайся не спяшаючы. Яго біяграфія, праца над творамі рэтраспектыўна ўяўляюцца мне ў святле гэтага даўняга мудрага выслоўя. Але пачнем, як кажуць, па парадку…
Вясной 1952 года Саматэвіцкая сярэдняя школа развітвалася са сваімі ўчарашнімі дзесяцікласнікамі. На выпускны вечар прыехаў з Мінска Аркадзь Куляшоў – ураджэнец гэтых мясцін. Яго творы вывучаліся на ўроках беларускай літаратуры. Жывы класік! У прысутнасці Аркадзя Аляксандравіча малады выпускнік Іван Чыгрынаў чытаў вершы, сярод якіх, можа, быў і гэты, пад назвай «Смуглянка»:
Дом расце.
I штодня з ранку
Ідучы паўз гэты гмах,
Чарнавокую смуглянку
Бачу з кельмаю ў руках.
І яна ўжо зразумела,
Для чаго я кожны раз
Тут хаджу цішком нясмела
У адзін і той жа час…
Зрэшты, па ўсім відаць, напісаны быў ён (я працытаваў толькі пачатак) пазней, калі аўтар вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.I. Леніна на аддзяленні журналістыкі, куды прывялі яго ўсё тыя ж вершы, якія ён пісаў і будучы студэнтам. Напэўна, не мог не пісаць. Праўда, юнацкія вершы I. Чыгрынава паводле сваёй сюжэтнай будовы і апавядальнай манеры, насычанасці дэталямі – цяпер гэта асабліва заўважна, – абяцалі будучага празаіка. Так і здарылася: з вершаў ён перайшоў на прозу. Вядома, першыя празаічныя вопыты яшчэ цяжка было назваць прозай у поўным сэнсе слова.
«Тайна адной экспедыцыі» – дакументальная аповесць пад такой назвай друкавалася ў другой палавіне 50-х гадоў у газеце «Чырвоная змена». У зборнік апавяданняў яна трапіла шмат пазней з вызначэннем жанру «гісторыка-геаграфічная кампіляцыя» («Ці бываюць у выраі ластаўкі», 1983 г.), у чым сказалася, трэба думаць, прыродная сціпласць аўтара. Справа ў тым, што падобныя творы пісаліся і будуць пісацца многімі. Гэта аповесць пра актыўнасць чалавека ў асваенні прастораў Арктыкі, пра цяжкасці, якія чакаюць таго, хто на нязведаным шляху пракладае першы след. Урэшце, пра супярэчнасці паміж дзейнасцю першапраходцаў і своеасаблівасцю таго свету, які яны адкрываюць…
«Белыя, – расказваюць пра Андрэ і яго спадарожнікаў эскімосы, – прыкладвалі да пляча нейкія блішчастыя трубкі і выкідвалі з іх агонь, забіваючы птушак. Злыя духі запаланілі гэтых людзей, і мы вызвалілі іх ад наслання…»
На пытанне «Што ж вы зрабілі з імі?» эскімосы адказваюць: «Мы іх забілі…»
Андрэ і яго спадарожнікі-палярнікі, не маючы, відаць, вопыту ў зносінах з людзьмі іншага ўзроўню цывілізацыі і ладу жыцця, груба парушылі прыродную цэласнасць уяўленняў эскімосаў пра свет і за гэта павінны былі паплаціцца. Прыкметы філасофскай праблематыкі, якая сёння складае ідэйна-мастацкую аснову сучаснай літаратуры, у нераспрацаваным яшчэ выглядзе адчуваліся ўжо ў гэтай аповесці маладога пісьменніка.
Шмат, безумоўна, далі вучоба ва ўніверсітэце, затым работа рэдактарам (пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1957 г.) у выдавецтве АН БССР – даводзілася працаваць з аўтарамі-вучонымі.
I яшчэ варта ўспомніць такую дэталь: летам – у час канікулаў ці адпачынку – часам ён ішоў з Мінска ў свой Вялікі Бор (што ажно ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне, дзе нарадзіўся) пяшком. З усімі адхіленнямі – паўтысячы кіламетраў! Гэта было цікава – шмат сустрэч, назіранняў, уражанняў. Шмат вандраваў і калі знаходзіўся дома: свой Касцюковіцкі (і не толькі Касцюковіцкі) раён схадзіў увесь. I калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» было надрукавана першае апавяданне «Праз гады» (1961 год), то ў маім уяўленні яно і звязвалася з тагачаснымі шматлікімі вандроўкамі пісьменніка па ўсходняй Магілёўшчыне.
«Сонца хаваецца за высокі лес – чырвонае, як гарачае вуголле.
Мы сядзім з лесніком Даўгалёвым на паваленай сасне: у ёй была бортня, і нехта паквапіўся на пчолы.
– От, слухай, – кажа ён і намацвае ў кішэні курава, потым нейкую хвіліну важдаецца з ім і пасля працягвае: – Мяне звяла аднойчы нялёгкая дарога з чалавекам, перад якім я застаўся вінаваты. Праўда, даўно было…»
Яго творчай лабараторыяй стала прасёлачная дарога, поле, лес, шматлікія сустрэчныя субяседнікі… «Апавяданне без канца», «Адна ноч», «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», «Народны камісар», «Сустрэча на пероне» і некаторыя іншыя ўзніклі прыкладна так, як «Запіскі паляўнічага» I.С. Тургенева ці, бліжэй да нашага часу, «Уладзімірскія прасёлкі» і «Кропля расы» У. Салаухіна. У аснове іх адчуваўся канкрэтны факт, пэўнае назіранне, сітуацыя, аднак менш за ўсё яны нагадвалі нарысы ці замалёўкі. Гэта былі большай часткай паўнакроўныя апавяданні са сваім мастацкім светам, які далёка не канчаўся на сюжэтна-фабульных калізіях, а адлюстроўваў жыццё ў яго маральна-эстэтычнай самацэннасці і прыгажосці.
«Іншы раз я нават думаю, што чалавек, які правёў жыццё на адным месцы, не палюбіць як след зямлі. Бо зямля – гэта не толькі тыя межы, на якіх твая абсада. Не. А я люблю зямлю. Усю. I, пэўна, таму, што нарадзіўся цыганом. Вось ты, бацю, цяпер ходзіш, глядзіш. А да цябе ж таксама хадзілі ўжо. Даўно, праўда, але хадзілі… Людзі праўды на дарогах шукалі…»
Голас старога цыгана Мікалы з апавядання «Адна ноч» (гэта яго словы) зліваецца з голасам аўтара, які шырока разумеў сваю пісьменніцкую задачу, імкнучыся да паказу жыцця ў яго натуральнай плыннасці, у разнароднасці тых «элементаў», з якіх яно складаецца.
Першыя апавяданні сведчылі, што аўтар звяртаў нашу ўвагу на гуманістычную каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, хацеў глыбей зазірнуць ва ўнутраны свет чалавека, раскрыць «дыялектыку» яго душы, думкі і перажыванні. Словам, пісьменнік ішоў да стварэння чалавечага характару – менавіта пра гэта сведчыла і славутая «Бульба», і такія апавяданні, як «Птушкі ляцяць на волю», «Па сваіх слядах», «Жыве ў крайняй хаце ўдава» і інш. Знешне іх героі нічым надта не прыкметныя – звычайныя людзі, з якімі часта даводзілася сустракацца. Заслуга аўтара ў тым, што ён паказаў змястоўнасць і сацыяльна-псіхалагічную абумоўленасць унутранага жыцця, якое выяўляецца ў паводзінах і ўчынках герояў. Са старонак апавяданняў загаварылі «знаёмыя незнаёмцы» – кожны са сваімі турботамі і лёсам.
Прыйшоў да брацкай магілы былы партызан Вацура, хоць і надта доўга збіраўся да яе («Па сваіх слядах»). Прыйшоў, каб перажыць своеасаблівы «катарсіс», умацаваць свой дух для далейшай дарогі…
У цэнтры пісьменніцкай увагі была тэма чалавечай трываласці, памяці, пастаянства, сумленнасці, вернасці абавязку, традыцыям. Чэснасць, праўдзівасць, сумленне, вера – гэтыя каштоўнасці народнага жыцця для яго асабліва дарагія.
Яны праглядваюцца ў характары многіх герояў, ствараючы падмурак канцэпцыі чалавека ў творчасці I. Чыгрынава.
Праз усё жыццё не можа дараваць сабе ляснік Даўгалёў: некалі, у цяжкім сорак першым, знаходзячыся ў партызанах, ён пакрыўдзіў падазронасцю і недаверам сумленнага чалавека, які імкнуўся ў рады народных мсціўцаў («Праз гады»).
Пісьменнік сцвярджае павагу да душэўнага свету чалавека, яго жыцця і звычаяў, памятаючы думку Л.М. Талстога:
«Літаратура, акрамя «часовых інтарэсаў грамадства», павінна адлюстроўваць у сабе «вечныя агульначалавечыя інтарэсы: самыя дарагія, задушэўныя ўсведамленні народа».
I хай сабе гэтая думка напачатку не заўсёды разумелася маладым літаратарам дастаткова глыбока – яго намаганні выклікалі жаданне падтрымаць.
Не захацеў стары цыган Мікала пераходзіць да аселага існавання, і яго можна зразумець: ўсё жыццё прайшло на калёсах, на ўлонні прыроды, сярод людзей («Адна ноч»).
Маладому пісьменніку непрымальны эгаізм і абыякавасць людзей – такіх, як герой «Апавядання без канца» Чыкілёнак, што не толькі адвярнуўся ад сваёй сям’і, якая мела пільную патрэбу ў яго дапамозе, а яшчэ і абгаварыў, пакрыўдзіў жонку.
Па-майстэрску было напісана апавяданне «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод». Кожны з яго герояў – закончаны характар, паказаны ў адносінах да сваёй справы, да іншых людзей, у тым ліку да героя-апавядальніка. Гэтым людзям радасна жыць і працаваць.
Ужо першыя апавяданні I. Чыгрынава даносілі да чытача адчуванне складанасці і неўладкаванасці жыцця. Зрэшты, гэта было характэрна ўсёй літаратуры таго часу (на ўзмежжы 50–60-х гадоў ды і пазней) з уласцівай ёй духоўна-эстэтычнай, грамадзянскай актыўнасцю, завастрэннем чалавеказнаўчай думкі. Творы сяброў – Б. Сачанкі, I. Пташнікава, В. Адамчыка, У. Дамашэвіча, М. Стральцова, Я. Сіпакова і іншых – таксама здзіўлялі шматгалоссем жыцця, праўдзівасцю яго мастацкага спасціжэння. Усе яны ў аснову творчасці паклалі перш за ўсё свой асабісты, індывідуальны жыццёвы вопыт, вострую назіральнасць, павагу да людзей.
Першы зборнік – «Птушкі ляцяць на волю» – выйшаў у 1965 годзе. У літаратуры прыбыло, чытач адчуў: з’явіўся новы, малады, але сталы мастак, чалавек са сваім бачаннем жыцця, біяграфіяй, памяццю аб перажытым, што выразна адчувалася ў такіх апавяданнях, як «Бульба», «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «За сто кіламетраў на абед», «На пыльнай дарозе» і інш.
У адным з нядаўніх інтэрв’ю I. Чыгрынаў сказаў, што ўсе яго творы – пра родныя мясціны: Бесядзь, Жадунька… Сапраўды, ёсць такая заканамернасць; у раманах амаль усё дзеянне адбываецца ў вёсцы Верамейкі (чытай: Вялікі Бор) ці абмяжоўваецца яе ваколіцамі. Аднак мастацкая думка пісьменніка ахоплівае ў свае абсягі шырокія пласты рэчаіснасці, яе актуальныя праблемы, выразныя чалавечыя тыпы. Усё гэта ёсць, скажам, у апавяданні «Бульба» – апавяданні пра незабыўную пару вызвалення, якую на радзіме I. Чыгрынава сустракалі восенню 1943-га. «Уранні прыйшлі нашы…» Пра яго шмат пісалі – яно і сапраўды багата на тыя непадробна праўдзівыя дэталі, якія выклікаюць успаміны і здольны нават выціснуць скупую слязу…
Тэма вайны, «сваёй» вайны, заняла адчувальнае месца ў самых першых творах пісьменніка – яна прысутнічае нават у «неваенных» яго рэчах, у такіх, як, напрыклад, «За сто кіламетраў на абед», «Жыве ў крайняй хаце ўдава» і іншых, прысвечаных пасляваеннай тэматыцы.
Пісаў пра тое, што добра ведаў сам. Як усё-такі праўдзіва і жыццёва, думаў я, чытаючы зборнік «Птушкі ляцяць на волю», які крануў свежым падыходам да жыцця, вольнай раскаванасцю думкі і, урэшце, сталасцю.
Сёння, яшчэ раз перачытваючы раннія творы Чыгрынава, не знаходзіш сярод іх такіх, якія можна было б цалкам аднесці да вучнёўскіх. У другім зборніку ён пайшоў, на маю думку, яшчэ далей, асабліва па лініі стварэння тыпаў, у якіх абагульнялася пэўнае сацыяльнае «явішча». Кніга мела назву «Самы шчаслівы чалавек», убачыла свет праз два гады пасля першай – у
1967-м. Народны характар адкрывае ў ёй новыя і свае грані – гэта добра відаць у вобразе былога наркама Аляксея Васільевіча з апавядання «Народны камісар». Чалавек цяжкага лёсу, ён, аднак, не расчараваўся ў людзях, не замкнуўся ў сабе. Ён і цяпер нястомны «хадок» па грамадскіх справах – пастаянна ў дарозе, у турботах…
Адно з лепшых у другой кнізе – апавяданне «Ішоў на вайну чалавек…» Аўтар прымушае думаць над духоўнымі вытокамі характару яго галоўнага героя – Ігната. Яны, вытокі гэтыя, у глыбіні народнага быцця, заснаванага на любові да роднай зямлі… Апавяданне атрымала шырокі рэзананс сярод чытачоў. Уплыў яго, дарэчы, выразна прасочваецца ў вядомай аповесці сучаснага рускага празаіка Яўгенія Носава «Усвяцкія шлеманосцы».
У апавяданнях I. Чыгрынава знайшла выяўленне духоўная сіла народа, яго маральная прыгажосць. Гэта відаць нават у тых творах, дзе няма станоўчага героя, – як у апавяданні «Дзічка». Герой яго – Андрэй Яўстратавіч Хрупакоў, якога па-вясковаму завуць проста Хрупак, у грамадзянскую вайну змагаўся ў дывізіі праслаўленага Шчорса, у Айчынную – ваяваў у партызанскім атрадзе. Тым не менш усё жыццё быў аднаасобнікам. Аставаўся па-за калгасам, па-за людзьмі, пасіўным, індэферэнтным.
А Ягор Случанка (апавяданне «Залатая рука») наогул ашуканец, які прывык усё жыццё ашукваць людзей, жыць за чужы кошт.
Гуманістычны пафас гэтых твораў вызначаецца высокім узроўнем аўтарскай свядомасці, сацыяльнай дакладнасцю погляду пісьменніка. Фігура аўтара, актыўнасць яго думкі адыгрываюць тут выключную ролю.
Пісьменнік паступова прыходзіць да больш і больш глыбокага разумення шматмернасці жыцця, яго супярэчлівасці. Ён працягвае работу над паглыбленнем некаторых сацыяльных тыпаў, пра якія заявіў яшчэ ў першым сваім зборніку. Напрыклад, у «Апавяданні без канца» – нездарма яно так называлася. Там – Чыкілёнак, Антон Ягоравіч Шасцярнёў – герой апавядання «На пыльнай дарозе» – той жа Чыкілёнак, узяты па-мастацку глыбей, на большым адрэзку часу. Тут паказаны не толькі вынік, а і працэс «ачарсцвення душы»…
Зразумела, пра гэта можна сказаць нават у юбілейным артыкуле, не ўсе апавяданні аднолькавай мастацкай вагі. Ёсць сярод іх, безумоўна, і менш удалыя. Скажам, «Самы шчаслівы чалавек» (якое дало назву кнізе) успрымаецца як не зусім завершаны твор, а ў другім апавяданні – «Шчаслівае месца» (там, дзе гаворка ідзе пра капітана цеплахода Чарэнду) – празмерна расцягнены, малаабавязковы ўступ. Можна адшукаць і іншыя недахопы. Справа не ў тым. Усё ж, калі абагульняць сказанае вышэй, трэба прызнаць наяўнасць у пісьменніка свайго арганічнага індывідуальнага стылю. Скіраваны ў глыбіню сацыяльнага жыцця чалавека, ён ахопліваў змест і форму твораў пісьменніка, надаючы ім яскравую мастацкую адметнасць. Ужо ў першых кнігах выразна адчувалася аб’ектыўнасць апавядальнай манеры, пластычнасць, аб’ём, імкненне да шматбаковага паказу характару, яго супярэчлівай цэласнасці. Мастак быццам бы вярнуў права на непаспешлівую коласаўскую апавядальнасць, удумлівую дэталізацыю навакольнага прадметна-рэчыўнага свету.
I яшчэ што хацелася б сказаць – Чыгрынава заўсёды хвалявала і непакоіла праблема мастацкай верагоднасці. Не толькі ў сэнсе праўдзівасці агульнай рэалістычнай канцэпцыі, а і ў сэнсе праўды паўсядзённай, побытавай. Праўды як дакладнасці, бо прыблізнасць яго ні ў якім разе не задавальняе!..
Ад апавяданняў дарога павяла да раманаў. Тут варта ўспомніць словы К.А. Федзіна, сказаныя ім у 1962 годзе, у звароце да маладых пісьменнікаў: «Нам патрэбны цяпер вялікі раман, які аналізуе эпоху, душу народа. Патрэбны творы, у якіх ёсць філасофская канцэпцыя, шырыня мыслення».
Быў на той нарадзе і Іван Чыгрынаў, зразумела, чуў, што гаварыў адзін з пачынальнікаў савецкай літаратуры.
Зрэшты, патэнцыяльны раманіст праглядваўся ўжо і ў апавяданнях.
Раман, вядома, катэгорыя жанравая, а не ацэначная. Аднак яго творчыя магчымасці ў параўнанні з апавяданнем большыя, што і засведчыў «Плач перапёлкі», які быў упершыню надрукаваны ў 1970 годзе ў часопісе «Маладосць» (дзе, дарэчы, друкаваліся і наступныя яго раманы).
Існуе думка, што кожны пісьменнік ва ўсіх сваіх рэчах працягвае і развівае сваю першую кнігу. Таму што кожная кніга – у самай яе духоўнай глыбіні – і хоча ён таго ці не хоча, – пра яго самога.
Пакаленне Чыгрынава – «дзеці вайны», якім давялося вельмі шмат перажыць, стаць сведкамі і ўдзельнікамі неўміручага подзвігу народа.
«На працягу некалькіх год акупацыі давялося бачыць і як партызан вешалі, і як палонных цкавалі аўчаркамі, і як мужыкоў палілі ў гумнах» – гэта з успамінаў.
«А ты ведаеш, што такое партызан сорак першага года? – гаворыць герой ранняга апавядання «Праз гады» і адказвае: «Гэта не тое, што партызан сорак трэцяга… Не, зусім не тое».
Чыгрынаў гэта ведаў. Зыходзячы з агульнай канцэпцыі, што «раман – гэта народ», ён убачыў сваю задачу ў тым, каб спалучыць у адно, як ён кажа, «паэтычныя, гістарычныя і філасофскія элементы». У адрозненне ад апавяданняў, і падзеі ў рамане бяруцца ў гістарычным маштабе, таму што дарога да Перамогі ў 1945-м пачалася даўно – яна карэніцца ў гісторыі. Гісторыя для пісьменніка не была абстракцыяй – яна складала істотную, у многім вызначальную частку яго інтэлектуальнага і эмацыянальнага свету.
Нават такая дэталь: вёска Івана Чыгрынава Вялікі Бор у даўнейшыя часы стаяла на мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай Русі – недзе чатырыста год у Вялікім Бары стаяла пагранічная варта. Само па сабе гэта не так і важна, але чалавек ведае, памятае.
Вытокі мастакоўскага гістарызму шырокія. Даследчыкі ўжо адзначалі цікавасць яго да «Слова аб палку Ігаравым» (выкарыстанне паэтыкі «Слова» ў «Плачы перапёлкі», здаецца, упершыню заўважыла крытык Г. Егарэнкава), да агульнарускіх хронік, іншых літаратурных помнікаў.
У генетычнай памяці пісьменніка – выдатны літаратурны твор другой палавіны XVI ст. знакаміты «Баркулабаўскі летапіс» – мастацка-гістарычныя запіскі невядомага аўтара, жыхара «сяльца Баркулабава». «Лакальны побыт сялян, – зазначае I. Чыгрынаў пра твор баркулабаўскага летапісца, – іх звычаі, іх драматычнае жыццё, пастаянная работа душы выкладаюцца ў летапісе ў сувязі са значнымі падзеямі таго часу (паходы запарожскіх казакоў, стварэнне царкоўных брацтваў, руска-польскія ўзаемаадносіны)»…
Але ж гэта паэтычная мадэль і яго раманаў – «Плачу перапёлкі», «Апраўдання крыві», «Сваіх і чужынцаў»…
Безумоўна, пісьменнік глыбока ведаў селяніна, яго жыццё, вёску, вёску ў вайну і ў вайне і многае іншае, пра што і расказаў у сваіх вядомых эпічных творах.
В. Быкаў неяк, гаворачы пра сваю работу, зазначыў: «Мяне цікавіць у першую чаргу не сама вайна, нават не яе побыт і тэхналогія бою, хаця гэта ўсё для мастацтва таксама важна і цікава, але галоўным чынам духоўны свет чалавека, магчымасці яго духу».
Для Чыгрынава, я сказаў бы, важна і адно, і другое. Літаратура для яго – не толькі інфармацыя аб жыцці, але і сфера праяўлення жыцця, «сцвярджэнне чалавечага ў чалавеку» (так Карл Маркс вызначыў задачу літаратуры і мастацтва).
Ф.М. Дастаеўскі, разважаючы над пытаннямі мастацкай творчасці, зазначыў: «…Уся глыбіня, увесь змест мастацкага твора заключаецца, трэба думаць, толькі ў тыпах і характарах». Мы жывем у іншую эпоху, час, калі мастаку трэба браць ва ўлік і незвычайнасць абставін…
Вайна запатрабавала ад народа вялікіх духоўных і фізічных намаганняў. Не ведаю, ці задумваўся Дзяніс Зазыба над словамі «дух», «духоўнасць», але сам ён – чалавек напружанага духоўнага жыцця, калі пад духоўнасцю разумець здольнасць суадносіць сябе, свае ўчынкі з іншымі людзьмі, са светам – і не толькі са светам вёскі. Пры гэтым яго духоўнасць не сузіральная, а па-грамадзянску дзейсная: надзённыя справы і задачы ён разглядае з вышыні грамадскіх даляглядаў. Зазыба не спяшаецца, як, скажам, Чубар, умее ўсё ўлічыць і ўзважыць, жыве па законах народнай маралі. Чубар не разумее сутнасці падзей, што адбываюцца навокал. «Перастань ты, Зазыба, гэтак пячыся пра мужыкоў! Ідзе вайна. I нам з табой зусім пра другое трэба думаць» – вось яго логіка. У Зазыбы іншая пазіцыя: «Пра людзей таксама трэба думаць».
Ф. Энгельс пісаў, што «асоба характарызуецца не толькі тым, што яна робіць, але і тым, як яна гэта робіць». Зазыба звяртае ўвагу і на першае, і на другое. Савецкае для яго – працяг і арганічнае ўвасабленне народнага. З поўнай падставай гаворыць пра Зазыбу аднавясковец, стары селянін Парфен Вяршкоў: «От каб кожнай вёсцы ў галаву такога чалавека, а тады кожнаму раёну, пасля вобласці, ну і так далей, во тады б сапраўды для ўсіх царства настала, тады б не страшна было ні стыхійнага бедства, як у газетах пішуць, ні навалачы».
Тут пісьменнік калі нават і ідэалізуе свайго героя (далёка да таго «царства» аднаму), то гэта ад любові да яго.
Цікавая ў гэтым плане і наступная думка I. Чыгрынава:
«Вялікія мастакі слова, такія, як Леў Талстой у Расіі, Тарас Шаўчэнка на Украіне, Янка Купала ў нас, у Беларусі, заўсёды цягнуліся да народных філосафаў – «мудрацоў», якія жылі некалі амаль ці не ў кожнай вёсцы і якія шчодра дзяліліся сваім вопытам, будзілі сумленне, пачуццё адказнасці, пачуццё вялікай праўды. Цяпер такіх старых-мудрацоў стала меней: каго забрала смерць, каго нядаўняя вайна. Пісьменнікі больш маладых пакаленняў, пасляваенных, асабліва востра адчулі гэта. Адчуў і чытач дэфіцыт мудрасці ў творах, у імкненні падняцца над паўсядзённасцю жыцця, асэнсаваць яго шырока і ўсеабдымна, як гэта рабілі ў беларускай літаратуры Аркадзь Куляшоў і Іван Мележ».
Дарэчы, да I. Чыгрынава як пісьменніка мала падыходзіць азначэнне «вясковы», як і «гарадскі», хаця працуе ён большай часткай на вясковым матэрыяле. Вось тут якраз і мае значэнне пазіцыя пісьменніка, яго «няпрыкладны» падыход да жыцця. Той жа Зазыба, скажам, – тыповы прадстаўнік сялянства, але гэты вобраз не без падстаў прэтэндуе на большую агульначалавечую значнасць.
«Першапачатак народнага подзвігу» – гэтак сказаў аб рамане «Плач перапёлкі» У. Юрэвіч. Але так можна было б, напэўна, сказаць і пра другую кнігу, і пра трэцюю.
У другім рамане – «Апраўданне крыві» (1976) – ахоп рэчаіснасці стаў яшчэ большым. У ім з новай сілай раскрыў сябе «ёмісты матэрыял жыцця», гераічнае пры гэтым у многім абумоўлена народнай псіхалогіяй, усім ладам жыцця вясковага. чалавека. «Аб актыўным супраціўленні, – падкрэслівае аўтар, – мы гаворым і пішам шмат, пра тых жа, хто быў у тыле, але не прымаў непасрэднага ўдзелу ў баях, быццам бы саромеемся казаць. Але ж не ўсе маглі ўзяць у рукі вінтоўку. I хто не мог, гэта не значыць, што ён не ўдзельнічаў у барацьбе. Востра адчуваючы нянавісць да фашыстаў, такія людзі усёй душой былі на баку народных мсціўцаў, дапамагалі ім, чым маглі. Іменна дзякуючы гэтаму ўсеагульнаму супраціўленню паспяхова праходзілі многія партызанскія рэйды і атакі».
Гэта таксама адзнака гістарызму пісьменніка, у яго творах жыве памяць аб дэмакратычных асновах народнага характару, які вытрымае і адолее ўсе нягоды на шляху свайго развіцця.
У трэцім рамане – «Свае і чужынцы» (1983) – пісьменнік не нашмат аддаліўся ад пачатку вайны. Час дзеяння ў трэцім рамане – кастрычнік сорак першага, пяты месяц вайны…
Пачынае разгортвацца партызанскі рух. Партызанская барацьба паказана тут як выяўленне нязломнага духу народа, яго самасвядомасці. Трэці раман – працяг гаворкі пра гістарычны лёс народа, пра яго рух з мінулага ў будучыню. Тут, па сутнасці, таксама галоўны герой – народ, вобраз якога раскрываецца цераз глыбокую, пільную ўвагу пісьменніка да чалавечай індывідуальнасці, узятай у суровых абставінах барацьбы з ворагам, у момант найвышэйшага духоўнага і фізічнага напружання. Варта яшчэ раз удумацца ў словы пісьменніка: «Патрыятызм – духоўны свет народа. I вось як разумее патрыятызм народ, я і імкнуўся паказаць у сваіх раманах». Можна з пэўнасцю гаварыць пра наватарства раманаў Чыгрынава, якое заключаецца ў тым, што вайна разглядаецца тут у глыбокім кантэксце народнай гісторыі, стагоддзямі выпрацаваных духоўных каштоўнасцей і жыццёвага ўкладу. Усё гэта ён імкнецца змясціць у «памяці» сваіх твораў.
Зроблена нямала, хаця, здаецца, рабілася ўсё не спехам.
У актыве пісьменніка – шматсерыйны мастацкі фільм (у сааўтарстве з I. Новікавым) пра Мінскае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сёння I. Чыгрынаў працуе над працягам сваёй «верамейкаўскай хронікі» – новым раманам з гэтага цыклу. Але побач на пісьменніцкім стале – зусім новая задума: цікавіць буйная гістарычная постаць Васіля Вашчылы.
Планы вялікія.
«Нашаму часу, – гаворыць пісьменнік, – асабліва неабходны ўдумлівы, таленавіты мастак, здольны глыбока раскрыць жыццё людзей як духоўную каштоўнасць».
Гэта заслугоўвае павагі.
Алег Лойка
Ён можа здацца нібы безуважным, рассеяным, абыякавым – з такім характэрным для яго паваротам галавы ўбок: вочы, нібы не бачаць, вушы, нібы не чуюць, увесь паглыблены нібы толькі ў сябе, засяроджаны на чымсьці толькі сваім – далёкім, далёкім і ад субяседніка, і ад усяго белага свету. «I дзе тая назіральнасць пісьменніка?! – можаце вы толькі здзіўляцца. – I што ён бачыць, калі не бачыць, што чуе, калі не чуе?..» А відаць, і бачыць, і чуе, і – больш таго! – бачыць і чуе толькі яму вядомым спосабам, і сведчаннем таго найперш яго раманы – усе тры! – дзе ягонае выяўленне памяці жыцця часам проста надзвычайнае…
Памятаю яго са студэнцкіх год. У студэнцкай стыхіі ён быў як рыба ў вадзе – асабліва ў стыхіі маладога жыцця – радаснага падсміхвання, падкавырвання, калі дзе там разбярэшся, ці гаворка ўсур’ёз ці знарокавая, ці гэты рагатун удае з сябе блазна ці ўсяго толькі на такое, не больш, стае ягонае праніклівасці. Артысты, ды ўсё! I чым больш ты артыст, тым болей загадкавы, шматаблічны, небяспечны для абачлівенькага, разумненькага ў адну столку апанента. Што й казаць, школа мудрага смеху, смеху, які заўсёды мудры, а як для будучага пісьменніка, то ўсё гэтае камікаванне, разыгрыванне адзін аднаго – заўсёды яшчэ і школа ўмення пераўвасабляцца, спасцігаць характары, іграць на струнках чалавечых пачуццяў і памкненняў, якія табе не таямніца. Ты ім – таямніца, а яны табе – не, бо ты – зоркі сваім талентам, пранікненнем у душы іншых, сваім штукарствам-выдумкай, нечаканы, дасціпны, бліскатлівы сваім кантаваннем слова.
Але зведаў я праз гады гэтага чалавека і інакшым. Звычайна, калі ён, як адрэзвае: «Ну, стары!..» ці перапыняе: «Чакай, стары!..»
…Сонца асядала за Балтыку. Не спяшаючыся мы ішлі паўз хвалі, што падбягалі да ног і адбягалі гэтак жа спакойна. Тое лета ў Дубултах шмат што ў ім для мяне адкрывала – лета, калі ён пісаў яшчэ свой трэці раман. Я бачыў у яго руках тоўстыя агульныя сшыткі, густа спісаныя старонкі, але гаспадар іх усё яшчэ не выпускаў напісанага ў свет, не спяшаўся, выношваў. Ішла праца думкі, таленту, якую найлягчэй вымерваць працягласцю часу і куды цяжэй – асэнсаваць, усвядоміць усе яе параметры і слаі, аграмаднасць, размах.
Калі ён пісаў толькі апавяданні, пісаў іх проста бурна, неўтаймавана. Была маладосць, было за два гады дзве кнігі апавяданняў – «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967). Першы раман «Плач перапёлкі» выйшаў цераз пяць гадоў пасля другой кнігі апавяданняў – у 1972 годзе. «Апраўданне крыві» – другі раман Івана Чыгрынава – выйшаў праз пяць год – у 1977-м; «Свае і чужынцы» чакалі свайго часу яшчэ даўжэй, – асобнай кнігай выйшла заключная частка трылогіі ў 1984 годзе. Сем гадоў часу на раман – гэта, можа, і рэкордна па ёмістасці асэнсаванага і паказанага мастаком слова, па ахопе жыцця, па насычанасці мастацкага палатна думкамі і пачуццямі.
Непаспешлівасць пісьма як у сэнсе працягласці напісання, так і ў апісанні з’яў, людзей і тэмпераментнасць, пафаснасць, высокая грамадзянскасць пазіцыі пісьменніка – вось, бадай, першыя, асноўныя пачаткі прозы Івана Чыгрынава, асабліва яго трылогіі.
Для мяне проза Івана Чыгрынава ўвогуле здаўна цікавая шырынёй і глыбінёй пісьменніцкага мыслення, адкрываўчасцю, навізной паказу жыцця, смеласцю, наватарствам. Не, ніякі Іван Чыгрынаў не рацыяналіст, не інтэлектуал, і па стылі проза яго не тая, якую называюць інтэлектуальнай. Гэта псіхааналітычная, канкрэтна-рэалістычная, жывая проза, як жывое жыццё, рэальная. Але наватарскае ў ёй ідзе перш за ўсё на пару не так з формай выяўлення, як з яе канцэптуальнасцю, з навізной схопленых вокам пісьменніка і адкрытых ім у слове праяў жыцця. Ён, Іван Чыгрынаў, сваю грамадзянскую гарачнасць як бы пабраў ад гарачнасці маладога Генадзя Бураўкіна, сваю заглыбленую, вострую сацыяльнасць і разгалінаваную канцэптуальнасць, мысліцельнасць – ад Анатоля Вярцінскага, сваю прыхільнасць да рамантычнай сімвалізацыі, вылучэння дэталі ў вобраз-сімвал, – ад Сцяпана Гаўрусёва. Калі ж гаварыць дакладна, то не так ад названых мной паэтаў і неназваных празаікаў нешта пабіраў Іван Чыгрынаў, як акурат з аднаго гнязда, з аднаго выраю з імі вылятаў, уздымаўся. I было гэта ў другой палове 50-х, у 60-я гады. Як грамадзянін, як раманіст Іван Чыгрынаў вырастаў, сталеў якраз на гэтым гістарычным перавале нашай пасляваеннай літаратуры, быў увесь на яе «дражджах», з яе закваскі і на яе заводзе – з усёй сваёй няўрымслівасцю, запалам. I ён вырас у сапраўды самавітага, выдатнага мастака слова.
Яго раманы – аб вайне. Яго ўклад у сучасную беларускую прозу – уклад у распрацоўку ваеннай тэмы. Тут просіцца ў радок даволі зацёганая ў нас у апошні час фраза аб уласнай пісьменніцкай дзялянцы ў літаратуры. Дарма! Ніякой асобнай дзялянкі, асобнага хутара ў Івана Чыгрынава няма. Бо ён не пісьменнік тэмы, не на прычале ў якой-небудзь адной з іх, – ён над тэмамі, і адсюль у яго шырыня, панарамнасць, заглыбленасць паказу. Так, трылогія Івана Чыгрынава – аб 1941 годзе – першым годзе вайны, першым годзе партызанкі як усенароднага ў Беларусі руху. За яе як за сваю напачатку, можа, і незнарок хапіўся малады апавядальнік Іван Чыгрынаў, бо ўжо задоўга да яго глыбокую народную плынь вытокаў і развароту ў Беларусі партызанскага руху ўвогуле паказаў у «Глыбокай плыні» Іван Шамякін; «Мінскі напрамак», як ён даваўся ваенным франтам і партызанам, раскрываў Іван Мележ; Васіль Быкаў пісаў «акопную» праўду вайны; праўду «вайны пад стрэхамі» раскрывалі Алесь Адамовіч і Іван Навуменка.
Пасля трылогіі Івана Чыгрынава – пасля раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», што такое партызан сорак першага года, мы ўжо ведаем. Семнаццаць гадоў пайшло ў пісьменніка на гэты адказ, цэлая магутная паласа творчага высілку, мэтанакіраванага, як магістраль, як сонечны прамень.
Калі закончылася вайна, яму было адзінаццаць, калі пачыналася – сем. Сямігадовым сялянскім хлапчуком ён бачыў сорак першы год і бачыў яго хлапчуком вёскі Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе нарадзіўся, дзе рос, дзе перажыў сорак першы год. За Верамейкамі – вёскай, якая паказана ў трылогіі – вёска, у якой ён нарадзіўся, за верамейкаўцамі – аднавяскоўцы, якіх будучы пісьменнік спазнаў тут, за прыродай, адбітай у раманах, – прырода родных пісьменніку мясцін. Мясціны, людзей ён бачыў, назіраў, запамінаў і ў гады свайго юнацтва, і ў сталасці. Але сорак першы год, партызанка, жыццё дарослых, як яны паказаны ў трылогіі, сам велікаборскі хлапчук усяго гэтага на ўласныя вочы бачыць, канечне, не мог: тое, што ў яго рамане – усё ўбачана ўнутраным зрокам пісьменніка, відушчасцю таленту. З макулінкі ўбачанага дзіцяняцем разгарнулася карціна жыцця народнага, як яно цякло, адбывалася ў родных пісьменніку мясцінах. Да 41-га года рэчка Бесядзь паэтычна ўжо была адкрыта Аркадзем Куляшовым. Шырокаэпічна яе, усё Забесяддзе адкрыў Іван Чыгрынаў. I тут пара сказаць аб ім і як аб даследчыку жыцця, гісторыі. Гэта даследчык самы шырокі, самы глыбокі. I самы шчаслівы чалавек, хочацца сказаць словамі назвы першай кнігі Івана Чыгрынава, бо не можа не быць шчаслівым у літаратуры той чалавек, які так ярка, жыццёва праўдзіва, рэльефна выпукла, запамінальна адлюстраваў зямлю сваіх бацькоў, свайго нараджэння, свайго маленства і юнацтва. Каб не было даследчыцкага дару – збіральніцкага, па каліве да каліва, зернятку да зерняткі, факта да факта, – запамятанае з маленства ці ж бы перарасло ў карціну жыцця народнага, у раскрыццё гісторыі народа на адным з яго крутых этапаў як гісторыі жывой, да дробязі чытачу бачнай, праўдзівай, асветленай сыноўняй любоўю да сваёй зямлі – да векавечнага на ёй і савецкага, сцверджанага Кастрычнікам. Раманы Івана Чыгрынава – гімн роднай зямлі і заўсёды апафеоз патрыятызму, гераізму, мудрасці народа, яго цнатлівасці. Раманы на ваенную тэму, аб сорак першым годзе – ваенным, акупацыйным, партызанскім – перараслі ў Івана Чыгрынава ў раманы аб народзе, аб народным жыцці, нацыянальным характары. Дзяніс Зазыба ў яго – і арганізатар партызанскага руху, партызан і яркі нацыянальны характар, як і Марфа – жонка Зазыбы – жонка партызана і беларуска-маці, тып беларускай сялянкі ўвогуле, якімі яны былі ў сярэдзіне XX стагоддзя.
Творчасцю Івана Чыгрынава, як і многіх выдатных прадстаўнікоў беларускай сучаснай савецкай літаратуры, відавочна ўсяму свету здзяйсняецца мастацкае адкрыццё нашага народа, рэалізуецца запавет Янкі Купалы, пачатае ім, угрунтаванае яго гімнавым адкрыццём беларусаў у вершы «А хто там ідзе?». То было пасля рэвалюцыі 1905 года: Янка Купала апавясціў паход народа ў будучыню, выпісаў маштабна сімвалічныя вобразы грамады, што запрагла між людзьмі «людзьмі звацца». I было, калі я ўпершыню чытаў «Апраўданне крыві», раздзелы, дзе апісваецца паход верамейкаўскіх жанчын у Яшніцу, у канцлагер для ваеннапалонных, сярод якіх жанчыны спадзяюцца знайсці сваіх мужоў, то я ніяк не мог адбіцца ад асацыяцый, што гэта перада мной якраз купалаўскага духу карціна паходу. Хай інакшыя абставіны, прычыны, час, але сапраўды нельга не прызнаць гэтага, што ў рэчышчы купалаўскага адкрыцця народа, працягу купалаўскага адкрыцця беларусаў як людзей клалася тут проза Івана Чыгрынава. На гэты раз грамада раскрывалася не абагулена сімвалічна, а кожны ўдзельнік паходу бачыўся ў твар. Анюта Жмэйдава, Дуня Пракопкіна, Палага Хахлова, Варка Касперукова, Роза Самусёва, Гэля Шарахоўская, Прося Рацэева, Анэта Прыбыткова, – кожная з іх у трылогіі як жывая. Мне нават прозвішча кожнае з іх, як музыка, як роднае ўсебеларускае, шчымліва знаёмае, блізкае.
У Янкі Купалы ёсць палымяныя радкі з заклінаннем да самога сябе, да свайго таленту:
Усю Беларусь, неабнятну, як мора,
Бачыць у ясным, як сонца, святле!..
Параўнанне Беларусі з морам – Беларусі – краю не марскога – мне доўгі час здавалася ці не кніжным, вельмі агульным, маластасоўным да кантэксту паэтавага жадання. Але якраз шляхі развіцця нашай літаратуры ў пасляваенны час, адкрываўчасць нашай літаратуры ў цэлым з часам усё больш і больш выразна раскрывалі мне мэтазгоднасць купалаўскага параўнання Беларусі з морам, правамернасць у цэлым падобнай купалаўскай паэтызацыі неабдымнасці Беларусі. Аказваецца, у тым, што Беларусь паэтызавалася Янкам Купалам «неабнятнай, як мора», не было ніякай рамантычнай гіпербалы. Якуб Колас адкрываў Стаўбцоўшчыну, Ганцавіцкае Палессе, Міншчыну; Максім Гарэцкі – Вялікую і Малую Багацькаўкі, Магілёўшчыну – больш заходнюю, чым Забесяддзе; Кузьма Чорны – Случчыну, Цімкавічы; Іван Мележ – Палессе ўсходняе, Глінішчы, Юравічы, Хойнікі; Іван Навуменка – Васілевіцкае Палессе; Іван Пташнікаў – Лагойшчыну; Вячаслаў Адамчык – блізкую да Навагрудка Наваельню, Дзятлаўшчыну. I вось яшчэ адно адкрыццё Беларусі забесядскай, Чыгрынавай: поўня мастацкага адкрыцця гэтага кутка зямлі Беларусі, слаўнага прыродай і людзьмі.
Беларусяй завуць сваю зямлю верамейкаўцы, беларусамі – сябе, і сорак першы год для іх як выпрабаванне на характар, на розум і гераізм, на гістарычную памяць, на цнатлівасць. Паказ вайны з праўдзівасцю яе канкрэтных праяў у Забесяддзі аказаўся ў Івана Чыгрынава нібы прэтэкстам для асэнсавання і паказу жыцця беларускага народа ўвогуле і нацыянальнага характару.
Навізна паказу 41-га года ў раманах Івана Чыгрынава – ад праўдзівасці гэтага паказу, ад рэальнага ўзнаўлення рэалій жыцця, смелага іх, бязбоязнага ўзнаўлення. Фашысты раптам становяцца ахоўнікамі калгасаў, імкнуцца захаваць іх у Забесяддзі. Такога нідзе не чутно было, пра такое ніхто не пісаў, але раз такое было ў жыцці, у Івана Чыгрынава яно і падаецца, і асэнсоўваецца. Паказ партызанскага руху, яго пачатку таксама ў Івана Чыгрынава ні на грам не адвольны, а з узнаўленнем усіх яго складанасцей, часам недарэчных, зусім галавацяпскіх, як у выпадку з накіраваннем спецгрупы на падрыў моста – праз фронт, у тыл ворага, з ахвярамі, а моста таго і ў паміне даўно не было. А падпал Чубарам капіц жыта ў Паддубішчы? Як здорава звязаны тут у адзін вузел праблемы грамадскага абавязку і маральны фактар, просталінейнае выканаўніцтва, службацкае рвенне, забыццё ў імя дырэктывы рэальнага стану рэчаў і гуманістычных нормаў адносін да людзей! Сюжэтная лінія з Масеем Зазыбай – ахвярай парушэнняў ленінскіх норм грамадскага жыцця – таксама ж і сацыяльна значная, і тонкая, складаная, – узяцца і разблытаць увесь клубок думак і пачуццяў падобнага героя было таксама і новым для нашай прозы і смелым. А паказ перыпетый зараджэння партызанскага руху, звязаны з канфліктам камісара Нарчука і пракурора Шашкіна?..
Увогуле ў Івана Чыгрынава ў яго раманах свая, арыгінальная канцэпцыя народа, чалавека, нацыянальнага характару. Народ у яго – верамейкаўцы, хоць, вядома, гэта і сакратар райкома Лаштакоў, і старшыня калгаса ў Верамейках Чубар, і тыя ўсе ўдзельнікі рэйдаў у тыл ворага, як і акружэнцы, з якімі сутыкаецца Чубар – беларус Шпакевіч ці ўралец Халадзілаў. Беларусы асэнсоўваюцца як часціна савецкага народа. Савецкі народ – увесь шматнацыянальны – уздыблены 41-м годам на барацьбу з фашызмам. Цераз Забесяддзе праходзяць дарогі і рускага Халадзілава і татарына Рахіма. I ўсё ж традыцыйны, як для рускай, украінскай, беларускай літаратур XIX стагоддзя, народ у раманах I. Чыгрынава – сяляне, верамейкаўцы. А верамейкаўцы аб сабе думаюць не вельмі ўзнёсла. У іх развагах шмат скептычнага, асуджальнага («От жа народ!..»). Але ці гэтая суб’ектыўная самаацэнка – аб’ектыўная ацэнка? З аб’ектыўнай ацэнкай, з аўтарскай канцэпцыяй народа ў трылогіі справа больш складаная.
Верамейкаўцы – розныя, як і ўвогуле людзі на свеце розныя. Але розныя яны перш за ўсё тварамі, характарамі, манерай гаварыць. Стары Парфён Вяршкоў, які самаахвярна захіляе сабой ад расправы фашыстаў прыдуркаватага Ціму і ўвогуле вялікі аматар пафіласофстваваць, гэта далёка не тое ж самае, што Мікіта Драніца, на агародзе ў якога верамейкаўцы знаходзяць пісьмёны з паклёпамі на многіх з іх. I не адно гэта і тое ж Хомка Берасцень, «па мянушцы «Абы» – абы етак, абы так, – чалавек, які, бадай, усё жыццё прытвараўся», ці Кузьма Прыбыткоў – таксама «дамарошчаны філосаф», як яго атэстуе Зазыба, хітраваты, але якраз ужо той хітрасцю, пра якую яшчэ ў беларускіх інтэрмедыях XVII стагоддзя гаварылася, што каб «на панскую мудрасць не мужыцкая хітрасць, то даўно б мужыкі пагіблі». Сілка Хрупчык, Іван Падзерын, Сідар Раўнягін, Раман Сёмачкін і іншыя верамейкаўцы – усё гэта такія мужыкі, пра якіх няраз гучаць скептычныя рэплікі нават з вуснаў Дзяніса Зазыбы, а ён-то ведае сваіх верамейкаўцаў!
Зазыба пра верамейкаўцаў кажа: «…Думаю, што тут у справу можа пайсці кожны». Марухін з ім не згаджаецца: «Не, Дзяніс Яўменавіч, з вашых мужыкоў войска не складзеш… Вашых Драніцаў, Хрупчыкаў, Падзерыных можна будзе, вядома, скарыстоўваць. Але, як кажуць, на падсобных работах. Між тым для барацьбы патрэбны будуць сапраўдныя ваякі». Аўтарскі ж каментарый да гэтага наступны: «Канечне, – перадаючы ўнутраны стан, голас Зазыбы, піша пісьменнік, – Марухін цалкам меў рацыю, гаворачы так. Гэта Зазыба выразна разумеў. I, можа, таму словы Андрэевы неяк нядобра закранулі яго душу, нібыта сам ён толькі што не разводзіў рукамі, не казаў: «Сам жа бачыш, якія ў нас мужыкі!..» Але то было ўжо чыста «верамейкаўскае» пачуццё – маўляў, няхай мы сапраўды сухарукія, няхай мы кілаватыя, аднак усё роўна, што ты, чалавеча, разумееш аб нас?..»
Гэтае «Што ты, чалавеча, разумееш аб нас» звернута не толькі да аднаго Андрэя Марухіна, – звернута да ўсіх, хто хацеў бы пазнаць і зразумець беларусаў – не па паверхні, а знутры, у іх сарцавіне, у іх асноўных рысах.
Дзяніс Зазыба – вядучы вобраз у трылогіі, увасабленне самых лепшых рыс народа. I колькі разоў аўтар паказвае, як «зноў Зазыбава душа рабілася моцнай, вялікай і ўсеахопнай». Але Зазыба не толькі мудрэц, моцная душа, ён у трылогіі выразна гераізуецца, а з гераізацыяй яго вобраза ідзе і гераізацыя ў цэлым народа. І якраз у гэтай сувязі раз-пораз як бы падвёрстваецца ў трылогію і гісторыя Забесяддзя ў прыватнасці, Беларусі ўвогуле. Аб радзімічах разважае Парфён Вяршкоў, як не прамінае нагадаць пра іх і сам раманіст, калі піша пра надбесядскія «шчоглавыя сосны і таўшчэзныя дубы, пад якімі, можа, балявалі самі радзімічы». Той жа самы Вяршкоў успамінае Вашчылу: «А калі ета Вашчыла бунтаваў? Яшчэ і цяпера крычаўскіх баб вашчынскамі завуць?..»
Гаворачы пра Забесяддзе, да тых жа гістарычных часоў звяртаецца сам аўтар: «Адсюль набіраў сваё войска і Васіль Вашчыла, калі ўзбунтаваў супраць арандатара Тадалія, а разам з ім і супраць князя Радзівіла Крычаўскае Староства». «Якраз тады, – чытаем у трылогіі, – і началіся за чатыры кіламетры ад Бесядзі Верамейкі. Заснаваў іх бабінавіцкі каваль Верамей, паплечнік Вашчылавага атамана Ветра, што з Канічаў. З кавалём за Бесядзь падаўся і ягоны брат Сенька, які, мусіць, таксама паваяваў з палякамі. Мясцовае паданне не захавала большых падрабязнасцей пра братоў, але ў Верамейках усё роўна ведалі, дзе была пастаўлена першая хата…» Гэтая рэальная гістарычная памяць верамейкаўцаў – даўжынёй у два стагоддзі. Людзі з гістарычнай памяццю жывуць у Верамейках.
Дзяніс Зазыба ў трылогіі як прадстаўнік народа – рэальны герой, ён герой грамадзянскай вайны, кавалер ордэна Баявога Чырвонага Сцяга. Ён хадзіў у баі грамадзянскай вайны ў шарэнгах воінаў славутага легендарнага Шчорса. Як шчорсавец ён і сам ужо легендарны – герой, народжаны рэвалюцыяй, Кастрычнікам. Рэвалюцыя абудзіла гераічныя сілы народа – у гэтым падтэкст вобраза Дзяніса Зазыбы. Рэвалюцыя, савецкая ўлада, як маці для Зазыбы, і ён да яе як прыкіпеў. Але жыццё складанае, рэалізацыя ідэалаў, за якія ваяваў Зазыба, – шлях не без выбоін. А што здараецца, таго з памяці не выкінеш, як і з пачуццяў. Ды ці ж можна крыўдзіцца на родную маці? Ці ж можна крыўдаваць на яе, калі здарылася нават і гэта: сын Зазыбы Масей аказваецца ў турме, сам Зазыба за гэта паніжаны па пасадзе, ужо не старшыня калгаса, а толькі намеснік. Як справіцца з крыўдай, нанесенай маці сыну-герою, як знайсці апраўданне крыві, пралітай за маці? Гэтыя матывы крыўды і апраўдання крыві, паднятыя пісьменнікам, штурхаюць двух цэнтральных герояў – бацьку і сына Зазыбаў на парогі, якія ім трэба пераадолець, перамагчы. Бацьку Зазыбе зрабіць гэта лягчэй, але ён перажывае за сына, пакуль яшчэ не героя, бо ён разумее, што сын героем барацьбы супраць акупантаў не стане датуль, пакуль не пераможа ў сабе крыўду. Для бацькі Зазыбы чаканне сынавага ўзвышэння – трапяткое, пудкае, насцярожлівае. Бо сын можа стаць не сваім, чужынцам. Бо ён можа не апраўдаць гераічнай крыві продкаў і крыві шчорсаўца-бацькі, што цячэ ў яго жылах. I як адатхнула душа Дзяніса Зазыбы, калі ён, нарэшце, пераканаўся: Масей – яго кроў, не мачыхай ён лічыць тую ўладу, што стала старэйшаму Зазыбу маці!..
Але гераічны субстрат – не адзіная падаснова народа як такога. Не ў меншай ступені ёю, паводле чыгрынаўскай канцэпцыі-народа, з’яўляецца маральная чысціня, цнатлівасць. Без высокіх трывалых маральных прынцыпаў, – то таксама з вопыту гістарычнага жыцця, што таксама ў аснове народнага духу, быцця, не былі б народам верамейкаўцы. Менавіта адной з асноўных рыс нацыянальнага характару беларуса сцвярджаецца пісьменнікам маральнае высакародства. Няхай гэта няпісаны кодэкс маралі, ім жывуць усе верамейкаўцы, і ён іх робіць грамадой, народам – добрым і прыгожым, хоць паасобку верамейкаўцы, як ужо гаварылася, самыя розныя, ніяк не ідэалізаваныя ў пісьменніка. Ды ўспомнім палявога калгаснага вартаўніка Пахома Калабка, які так жорстка зламаў лёс маладой прыгажуні Ганне Карпілавай. У трылогіі чытаем: «Калі ўжо Ганна зацяжарала, Калабок спалохаўся, што ўсё можа высветліцца і наўрад ці даруюць тады яму ў вёсцы за гвалт над дзяўчынай, таму завербаваўся кудысьці на шахты і перавёз туды сям’ю». У вёсцы сапраўды ён даравання не знайшоў бы, страх яго, боязь за парушэнне нормы жыцця – гэта толькі паказчык агульнай у вёсцы маральнай дысцыпліны, вышыні яе цнатлівасці.
Свае для верамейкаўцаў менавіта толькі людзі высакародныя. Тут увогуле лічаць, што нецнатлівае – прышлае, чужое, «несваё». Чубар папракае свайго былога намесніка Зазыбу, маючы на ўвазе адзінага паліцая на ўсе Верамейкі Брава-Жыватоўскага, «паразводзілі тут свалаты рознай!», а Зазыба адказвае: «А яна неяк сама». У гэтым ёсць пэўнае неўразуменне героя, адкуль у Верамейках дрэнь, сацыяльнае зло, здрадніцтва. Але што яно – не верамейкаўскае, не ад яго духу, не на глебе, на якіх стаяць Верамейкі, вырастае, сцвярджае гэта за героя аўтар. Бо хто такі ў трылогіі Брава-Жыватоўскі: прышлы ў Верамейкі былы махновец, які затаіўся, узяўшы тут за жонку ўдаву чырвонаармейца. Успомнім, як гэта яна дазнаецца, што за чалавек яе муж, як яна плача, убіваецца, што можа гэты былы махновец якраз і забіў яе Івана і так падмануў яе. Слёзы Верамейкі, якія яны сапраўды чыстыя! Хоць маральнае самаачышчэнне адбываецца ў душы беднай кабеты, верамейкаўскую чысціню якой так нахабна запляміў прышлец-паліцай!
На старожы людскасці, маральнай чысціні роўна стаяць у Верамейках жанчыны і мужчыны. Вось Марфа – жонка Дзяніса Зазыбы і маці Масея. Пра што ж яе першы клопат у размове з сынам? «А яно цяпера, – кажа яна, – неяк выходзіць само, што верамейкаўцам часта даводзіцца вачамі свяціць». «Даводзіцца вачамі свяціць», бо не па добраму шмат дзеецца, адбываецца, і першая рэакцыя добрых людзей – верамейкаўцаў – сорам за гэта, унутраны, глыбокі. А сорам, як вядома, таксама сіла – маральная. Ды і вялікая, бо нездарма ж Карл Маркс гаварыў, што з сораму за нешта пачынаюцца рэвалюцыі.
I для Дзяніса Зазыбы найпершы клопат з сынам у ягоным запытанні: «Значыць, ты не па чыстай (падкрэслена намі. – А. Л.) прыйшоў?» – не цалкам рэабілітаваны, як сказалі б мы сёння, прыйшоў з турмы? Дарма, што сын даказвае: «…Па чыстай, бацька, адтуль апошні час, здаецца, нікога не выпускалі…», бацьку трэба, каб лічылася, што ён не фармальна, а рэальна прыйшоў па чыстай. Бо ён павінен быць чысты перад людзьмі, перад савецкай уладай, якая яму як маці.
Вышыня маральных запатрабаванняў верамейкаўцаў – вышыня іх дабрачыннасці і – шырэй гуманізму, чалавечнасці, дабрыні. Святым чалавекам называе Масей свайго бацьку, баптыстам – паліцай Брава-Жыватоўскі, супрацьпастаўляючы нібы жорсткаму Чубару, бо без раскулачвання правёў у Верамейках Дзяніс Зазыба калектывізацыю. А Дзяніс Зазыба – не святы і не баптыст, – ён у мудрасці сваёй добры, чалавечны, ён заўсёды з людзьмі, дбаючы пра агульны інтарэс і памятаючы, што чалавек мае душу, уласнае «я», уласныя патрэбы. У выніку ў трылогіі і вышыня гуманізму станоўчых яе герояў трактуецца як вышыня стыхійнага філасофскага стаўлення да чалавека, да ўсяго жывога на зямлі, да прыроды ўвогуле. Народ у трылогіі Івана Чыгрынава – народ-філосаф. «Ета, кажа ў сваёй перадсмяротнай размове з Масеем Парфён Вяршкоў, – проба высветліць: што да чаго тута і адкуль». Спроба самага агульнага, менавіта філасофскага асэнсавання ўсё жыццё проста мучыла Парфёна, і вось як ён рэагуе на заўвагу Масея: «але адзін разумны філосаф, дарэчы, немец, сказаў, што ніхто з нас не створаны для шчасця, затое ўсе мы створаны для жыцця». «Ты ўсё ж падумай, Дзянісавіч, – кажа Парфён, – дзеля чаго трэба чалавеку жыць, раз яму і ў шчасці твае філосафы адмаўляюць». Гэта гучыць як наказ старэйшага малодшаму, бачыцца, як перадача эстафеты з пакалення ў пакаленне, са стагоддзяў у далейшыя дні – перадача традыцый, якімі жыве народ.
Заглыбленне філасофскай думкі запатрабавала ад пісьменніка пошуку дадатковых, акрамя праз развагі, дыялогі, унутраныя маналогі, сродкаў, і ў выніку раманныя струмені падзейнасці, псіхалагізму, апісальнасці паядналіся ў трылогіі са сродкамі паэтычна-сімвалічнымі – з народна-песеннымі вобразамі перапёлкі і каршуна, з вобразам ваўка, што нібы прыйшоў з казачнага эпасу, з воблікамі старога сахатага лася і ласяняці – нямоглага, асірацелага, бездапаможнага пасля таго, калі куля паліцая Рахіма забіла прыгажуна-сахатага. Усе гэтыя вобразы прыдалі трылогіі паэтычнасці, стаўшы таксама і асялком, на якім адточваліся многія нюансы характараў, і найбольш, відаць, паспрыялі выяўленню народнага гуманізму – сцверджанню філасафскай думкі аб неўміручасці жыцця, паказу барацьбы светлых і цёмных сіл, складанай дыялектыкі сіл у прыродзе, у чалавеку. Асірацелае ласяня роўна шкадуюць і Марфа, і Чубар, і сынок Ганкі Міхалка. Але Чубар шкадуе яшчэ і нямоглага ваўка, што праследуе ласяня, – здавалася б, бессардэчны Чубар.
Лірычна-паэтычны пачатак у прозе Івана Чыгрынава ўвогуле вельмі моцны. Няхай пісьменнік цяпер і не піша такіх эмацыянальна-рамантычных апавяданняў, як «Сонца на косах», «Птушкі ляцяць на волю», паэт у ім і ў трылогіі ўспыхвае раз-пораз, ды і Масей у яго – піша вершы, паэт. Само ўжо гэта апошняе не дае асабліва гаснуць у трылогіі сполахам-зарніцам паэтычнага, што засталіся на небакраі раннерамантычных апавяданняў Івана Чыгрынава, дзе пасляваенныя нашы вёскі, то прарэджаныя пажарамі, нагадвалі пісьменніку «нечым вышчарблены грэбень» («Чайкі на хвалях»), то – з суцэльных зямлянак – вялікія могілкі («На пыльнай дарозе»), а гледзячы на нашыўкі на гімнасцёрках учарашніх франтавікоў, дзеці – героі гэтых апавяданняў – прыходзілі да высноваў, што «адна стужка, чырвоная, замяняла руку» («За сто кіламетраў на абед…»). У гэтых балючых вобразах – пасляваеннае гора, драматызм. Былі ў ранніх апавяданнях Івана Чыгрынава і асляпляльна зіхоткія паэтычныя блікі: «… Падыходзілі касцы… Яны неслі з лугу на косах сонца…» («Сонца на косах»), «У яе былі прыгожыя цёмна-карыя вочы, з глыбіні якіх высвечвала нешта бурштыннае, – быццам на дне іх быў мёд» («Адна ноч»). Гэта – як пра вочы Наталлі Ганчаровай – «её медовые глаза» – у Эдуарда Багрыцкага. А ў чыгрынаўскай трылогіі пра сорак першы год не тое што сплавіліся, зліліся ў адно аб’ектыўна адлюстравальнае і суб’ектыўна жывапіснае, – тут яны суіснуюць, кантрастуюць па-адмысловаму, ляжаць на паралелях, выяўляючы адно – Верамейкі, верамейкаўцаў. Бо вось у самым пачатку аб’ектыўна-апавядальны погляд на вёску Верамейкі: «…Яна ляжала амаль падковай вакол … возера і займала – вядома, без ворнай зямлі – ці не два кіламетры ўзлобкаў і выспаў, што некалі нельга было нават угледзець за дрэвамі». З дарогі на Паддубішча – па той бок возера – маці і сыну, Марфе і Масею, дрэвы ўгледзець, азірнуць усе Верамейкі не перашкаджаюць. I вось увагай Масея «цалкам завалодаў выгляд роднай вёскі». Паэту – паэтава: яго позірк – не «спрадвечны», словы – не проста інфармацыйныя. «Раней, – піша аўтар, – яму (Масею, – А. Л.) чамусьці і ў голаў не прыходзіла, што Верамейкі падобны знешне на сагнуты лук, дзе цецівой была сцяна лесу за возерам, стралой – кароткая вуліца, якая завецца Падліпкамі, а пруткай дугой – сама вёска, якая агінала возера. Адкрыўшы для сябе гэта, Масей нават здзівіўся, што нечакана магло прыйсці такое дакладнае параўнанне. Цеціва гэтага своеасаблівага лука даўно была туга нацята, ажно залішне блізка сціскала ў абодвух канцах дугу, а страла ўсё не вылятала. Не вылятала, можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты», як не мае яе пакуль сам Масей. Які выразны паэтычны вобраз і як неўпрыкмет перакінуты ад яго масток да героя, да выяўлення стану яго душы? Гэта – майстэрства! Трылогія Івана Чыгрынава ўвогуле майстэрства – непаўторнае, адмысловае, смелае. I тут хочацца сказаць яшчэ аб двух момантах.
Раннія апавяданні Івана Чыгрынава былі ў шэрагу выпадкаў задзірыста эксперыментальнымі: пісьменнік мяняў манеры выкладу, стылі, свавольнічаў з кампазіцыяй. Няўжо майстэрства ўлагодніла задзірыстаць? Няўжо той, каго спакушаў эксперымент у малой форме, адмовіўся ад яго ў буйнай. I сапраўды, не такога маштабу і характару талент Чыгрынава-празаіка, каб ён увогуле мог адмовіцца ад эксперыменту. У трылогіі ж ён мне бачны найперш у тым, што ў ёй няма любоўных калізій як такіх: тры раманы – без кахання! Ніводнай пары закаханых! Увесь сюжэт – па-за ўсім тым, на чым традыцыйна абапіраюцца эпапеі – ад «Вайны і міру» Л.М. Талстога да «Ціхага Дона» М.А. Шолахава, да «Палесскай хронікі» Івана Мележа. I тут, як мне здаецца, проста задзірыста скразнымі вядучымі героямі выбраны стары халасцяк Чубар і, як знарок адлучаны ад дзяўчат, Масей. Калі ж у раманах і згадваецца нешта са свету інтымных адносін, то абегла: «Як і ўяўляў сабе Чубар па дарозе ад фронту, спярша сапраўды было ўсё – і гарачая лазня, якую падрыхтавала Ганка к наступнаму вечару, і бясконцыя ласкі». I такім чынам усё пра ўсё, што «спярша сапраўды было», – а наадварот – увыпуклена раскрыццё ўнутранага свету жанчын па-за каханнем як раскрыццё жаночай часткі народу верамейкаўскага, часткі народнага жыцця. Увогуле ў гэтым таксама – асобнасць канцэптуальна чыгрынаўская, выразны замах на наватарскую перакантоўку праблемы, жанра, спроба вывесці нацыянальную прозу ў новыя для яе абсягі.
Па-другое – пра мову пісьменніка як сапраўды асобнага героя яго трылогіі, як пра цэлы асобны вялікі багаты свет. Пісьменнік спачатку – у ранніх апавяданнях як бы нашчупваў яе вобмацкам – у апавяданнях «Усціння», «Ішоў на вайну чалавек», «У горад». Мне здаецца, празмернасці ў выкарыстанні ўсіх нюансаў рэгіянальнай мовы Забесяддзя ў трылогіі няма. Якраз смелы, эксперыментатарскі зноў жа па сваёй прыродзе, палемізатарскі зварот да гранічнага іх выкарыстання прывёў да выдатнага выніку – у трылогіі сапраўды жыве, гучыць, пульсуе, захапляе сваёй непаўторнасцю і багаццем мова магілёўскага Забесяддзя. Само гэта Забесяддзе, самі верамейкаўцы ў гэтай мове, як рыба ў лусцэ, дрэва ў кары, вясновы луг у кветках, начное неба ў зорках.
… Забесяддзю пашчасціла, у ім пяцьдзесят гадоў таму назад, у снежаньскіх завеях, што гайсалі над Вялікім Борам, нарадзіўся велікаборскі мастак слова. Ён сапраўды ўбачыў край сваіх бацькоў і прашчураў свайго ваеннага маленства «ў ясным, як сонца, святле», і ў ясным, як сонца, святле яго таленту развіднела для ўсёй Беларусі як краса і мудрасць усёй Беларусі Забесяддзе. Я не бываў у Вялікім Бары, але я не магу не ўяўляць яго іначай, як Масей Зазыба свае Верамейкі. І тут я яшчэ раз хачу прыгадаць Масеева параўнанне іх з лукам. Але стралой на гэты раз на цеціве – стужцы лесу паўз возера я бачу не кароткую вулку Падліпак, што, перпендыкулярная да цецівы лесу, нібы вымыкала з напятага лука, – мысленна я ўзношу на гэтую цеціву слова свайго таварыша, для героя яго трылогіі Масея «Страла ўсё не вылятала». «Не вылятала, – разважаў пісьменнік, – можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты». Мэта – ёсць! Вось яна: вялікаму свету даць песню пра Вялікі Бор. У Анатоля Вялюгіна пра гэта – вельмі хораша:
I песню кожная сасна
Свайму спявае бору.
Спявае яе натхнёна на самай высокай ноце – узнёсла-эпічна, у глыбокім роздуме, з пранікненнем у душу, сённяшні дзень і гісторыю народа і Іван Чыгрынаў. Страла вылецела! Высокага палёту ёй у белым свеце!..
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
М.І. Мішчанчук
(фрагмент)
Іван Чыгрынаў дэбютаваў у літаратуры кнігай апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965). Дэбютаваў глыбока псіхалагічнымі апавяданнямі, у якіх паказаны людзі – былыя партызаны, што жывуць памяццю пра мінулую вайну. У іх свядомасці, духоўным стане стараецца разабрацца малады празаік, ставячы герояў у драматычныя сітуацыі. У наступнай кнізе пісьменніка «Самы шчаслівы чалавек» (1967) выявілася імкненне мастака раскрываць «псіхалогію фактаў», аналізаваць унутраную, псіхалагічную сутнасць жыццёвых з’яў. Дзіцячая свядомасць пакінула пісьменніку вострыя ўражанні з ваенных гадоў – і тое, як жылі абяздоленыя вайной дзеці, пераносілі шматлікія цяжкасці і нястачы («За сто кіламетраў на абед», «Плывун»), і як глыбока былі ўзрушаны навальнічнымі падзеямі простыя савецкія людзі, якія, ледзь паправіўшыся пасля ранення, спяшаліся на фронт («Ішоў на вайну чалавек»). Уражваюць апавяданні, у якіх раскрываецца душэўная прыгажосць савецкіх людзей, што аказваюцца ў стане нават смяртэльна параненаму ворагу аказаць дапамогу. Бо яму цяжка, балюча. Апавяданні сталі стартавай пляцоўкай да напісання эпічных, маштабных раманаў пра Вялікую Айчынную вайну – «Плач перапёлкі» (1972) і «Апраўданне крыві» (1977).
Падзеі ў раманах адбываюцца ў першыя месяцы вайны, у тыле ворага, пераважна ў вёсачцы Верамейкі, якая згубілася сярод лясоў па-над Бесяддзю, ці ў яе наваколлі. Пісьменніка цікавіць лёс народа ў цэлым, яго ідэйнае самавызначэнне, паводзіны ў складаны, драматычны перыяд жыцця краіны. Народ у рамане паказаны нязломным, не запалоханым варожай прапагандай. Ён верыць у сябе, у свае сілы і ў сілы сваёй краіны. Чыгрынаўскія раманы поўняцца пафасам упэўненасці ў перамозе над ворагам, нянавісці да захопнікаў, якія здзекуюцца з чалавечай годнасці, з прыроды, нясуць свету разбурэнне і руйнаванне. У многім характэрная сцэна ў пачатку рамана «Апраўданне крыві». Наваяўленыя верамейкаўскія кіраўнікі тыпу паліцэйскага Брава-Жыватоўскага пераконваюць Зазыбу, што з падзелам былой калгаснай зямлі пры немцах «кожны сваім дваром зажыве, кожны па сабе будзе. Словам, як не было вашых дзесяці гадоў шчаслівага і заможнага жыцця!», стараюцца пахіснуць ідэйныя перакананні, тлумачачы, што людзі і ў рангу калгаснікаў гатовыя былі «апошнія порткі прадаць, абы не пазбавіцца гаспадаркі ўласнай…». На гэта, на ідэйнае адмежаванне ўласнікаў ад Савецкай улады, і разлічвалі нямецкія акупанты, калі наводзілі свой «парадак» на часова акупіраванай тэрыторыі. У раманах Чыгрынава гаворка пра падзеі ваенных гадоў і вядзецца ў разрэзе галоўнай ідэалагічнай праблемы: хто каго пераможа ідэйна, маральна. Першыя перамогі верамейкаўцаў над ворагам былі ў рамане «Плач перапёлкі» пакуль што нязначныя, бо тады, у першыя два месяцы вайны, людзі яшчэ не апынуліся сам-насам з ворагам. Але гэта ўжо была, хай сабе нязначная, завочная перамога. Перамога сумлення над сквапнасцю, арганізаванасці – над стыхіяй: людзі хаваюць тэхніку, калгасную маёмасць, праўленне рашае падзяліць калгасную маёмасць і зямлю паміж працаўнікамі. У другой кнізе верамейкаўцы сутыкнуліся з ворагам ужо не завочна, а недалёка ад вёскі, на месцы забойства лася паліцэйскім Рахімам, сталі сведкамі прыніжэння здраднікаў Брава-Жыватоўскага і Драніцы. У сваім рамане «Плач перапёлкі» І. Чыгрынаў грунтоўна раскрывае характары сумленных савецкіх людзей – гаспадароў свайго лёсу, і фашысцкіх прыхвасняў, што сталі здраднікамі. Дзеянне разгортваецца непаспешна, нават замаруджана, што апраўдваецца перыядам, які перажываюць у сваім жыцці Верамейкі: ідзе асэнсаванне новага становішча, пошукі магчымых шляхоў барацьбы з чужынцамі, нацэльванне на далейшую гістарычную перспектыву. Але і за гэтым павольным тэмпам апавядання, за няспешнымі гаворкамі сялян і такімі ж няспешнымі іх рухамі, жэстамі – супрацьстаянне, духоўнае, маральнае, ідэйнае перакананне ў сваёй сіле і ў слабасці захопнікаў і іх памагатых. «Германія, яна не тое, што мы – мале-е-енькая!.. Ёй з намі, як па-разумнаму, дык і брацца не варта б… Я нават дзіўлюся, як ён саўсім пасмеліўся напасць», – разважае Кузьма Прыбыткоў у рамане «Плач перапёлкі».
Людзі вераць у сябе, у сваю працу, шукаюць высокі сэнс жыцця нават у драматычных абставінах. Так, як Парфён Вяршкоў, які спавядаецца ў апошнія мінуты свайго жыцця перад Масеем, сынам Дзяніса Зазыбы: «Узяць хоць бы мяне во. Ну, што добрага ў маім жыцці, каб доўга жыць? І наогул, каб саўсім жыць? Дзеля чаго маё жыццё? Колькі і помню сябе, дык ак араў вось етае поле. Узару, пасею, збяру, паядзім. Дык ці ж варта варочаць ету зямлю толькі дзеля аднаго, каб жыць? Не, Дзянісавіч, для жыцця чалавечага ёсць альбо іншы сэнс, якога і твае разумныя філосафы не ведаюць, альбо тады і праўда, што яго няма».
Сэнс жыцця для многіх верамейкаўцаў у гэты трывожны час заключаецца ў маральным супрацьстаянні ворагу. Няхай часам маўклівым, як у сцэне забойства лася. Ці стыхійным, бунтарскім, як выступленне Дуні Пракопкінай у абарону Розы Самусевіч («Апраўданне крыві»). Усвядомленым да канца, інтэлектуальным з першых старонак рамана «Плач перапёлкі» і ў многіх эпізодах з рамана «Апраўданне крыві» з’яўляецца супрацьстаянне фашыстам Дзяніса Зазыбы, якому не могуць перашкодзіць адстойваць свой чалавечы гонар ні паліцэйскія, што канчаткова страцілі сумленне, ні фашысты.
У раманах Чыгрынава створаны запамінальныя вобразы камуністаў, кіраўнікоў савецкага народа Чубара і Зазыбы. Ключ да «разгадкі» першага знаходзіцца ў наступнай сцэне рамана «Апраўданне крыві»… Пасля блукання па лесе ў пошуках партызан, якое заняло ўвесь раман «Плач перапёлкі», ён вяртаецца ў родныя мясціны, дзе быў старшынёй калгаса, падпальвае копы жыта ў Паддубішчы, выконваючы дырэктыву знішчаць усё, што засталося на захопленай тэрыторыі, каб не дасталася фашыстам. Але ж пасля яго ўчынку будуць галадаць сяляне, партызаны. Ці не лепш было не чапаць гэта жыта, не прымушаць людзей ісці на поле і збіраць жмені ўцалелых зярнят, разгортваючы прысак? Да гэтага Чубар не дадумаўся: «Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. Яны аднолькава здольны кіраваць калектывам і падпарадкоўвацца яму. Гэта ўсё роўна як тыя шасцяронкі ў вялікім механізме, якія па адной толькі стаяць ды ржавеюць. Каб прыйсці ў рух, ім неабходна сувязь паміж сабой, узаемнае вярчэнне, калі наогул можна гаварыць так у дачыненні да людзей» («Апраўданне крыві»). Чубар – гэта свайго роду Журавінка, лобанаўскі персанаж, які не можа без інструкцыі зрабіць і кроку. І вось аб’ектыўна сумленны чалавек, камуніст, страціўшы сувязь з іншымі людзьмі, ператварыўся ў саму бездапаможнасць, разгубіўся ад нечаканага ходу падзей, блукае па лесе, шукаючы месца, дзе павінна сабрацца апалчэнне. Пісьменнік праўдзіва паказвае перажыванні героя, хоць і не дэзерціра, але ў гэты момант не кіраўніка, не важака мас. Чубар – гэта адлюстраванне тых складаных абставін, у якія трапіла Беларусь у пачатку вайны ў выніку нечаканага нападу ворага. Цяжкія яны былі. Цяжка было адразу ва ўсім разабрацца. Але Чубар, як кіраўнік даволі высокага рангу, павінен быў разабрацца, і значна хутчэй, чым гэта адбываецца ў раманах. Са стану разгубленасці героя вывела сустрэча з параненым камісарам і чырвонаармейцамі, якія выносяць з акружэння дакументы стралковай дывізіі: ён зразумеў, што зброю складваць рана, што трэба змагацца, і спяшаецца ў родныя мясціны. У рамане «Апраўданне крыві» з вобразам Чубара звязаны дзве сімвалічныя сцэны… Спачатку на яго дарозе сустракаецца асірацелае ласяня, не палохаецца яго, ідзе за ім следам, бо значна жахлівей заставацца ў лесе ў адзіноце, чым сустрэцца з чалавекам. Ласяня імкнецца да чалавека, шукае і знаходзіць у ім крыніцу цяпла і дабра. І ў фінале рамана Чубар бароніць тое ж самае ласяня ад напаўжывога галоднага ваўка: «Не разбіраючы пад нагамі частых калдобін, ён заспяшаўся да таго месца, дзе цікавалі адзін за адным воўк і ласяня. Але, узышоўшы на прагаліну, Чубар нават косы позірк не кінуў на ваўка, быццам пагарджаў ім ці наперад ведаў, што пасля будзе гідка ад аднаго выгляду гнойных вачэй яго. Без усялякае перасцярогі ён тут жа падышоў да ласяня. Убачыўшы Чубара, тое не ўскочыла і не памкнулася ўцякаць, наадварот, зусім цупнулася на зямлю, усё роўна як і праўда зразумела, што са з’яўленнем чалавека прыйшло збавенне». Гэта сцэна шматзначная для разумення і вобраза Чубара, і ідэйнага пафасу рамана ўвогуле. У першым рамане Дзяніс Зазыба ўспрымае плач перапёлкі як прадказанне трагічных падзей: «Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?» У другім – чалавек ратуе жывую часцінку прыроды ад смерці, ратуе жыццё сярод вайны, бяды, усеагульнага гора. Наш, савецкі чалавек, камуніст. І свет цяплее і дабрэе ад яго ўчынку.
Другі характар у дылогіі – Дзяніс Зазыба. Да вайны ён быў і старшынёй мясцовага калгаса, і яго намеснікам (панізілі ў пасадзе пасля незаконнага па паклёпніцкім даносе арышту сына Масея). Камуніст, удзельнік грамадзянскай вайны, ён не ўяўляе свайго лёсу ў адрыве ад лёсу народнага. У другім рамане, занепакоены, як будзе паводзіць сябе пасля вызвалення з турмы Масей, глядзець на свет абыякава, злосна, раўнадушна да ўсенароднай бяды ці ўпэўнена, занепакоены, ён раскрывае сыну сваё жыццёвае крэда:
«– А тое, што ў цяперашнім адступленні жалезнай заканамернасці няма, значыць, маглі немцы наступаць, а маглі і мы.
– А-а, вунь ты пра што! Значыць, ты хочаш сказаць, што вінавата Савецкая ўлада?
– Чаму? Я хацеў сказаць…
– Ну, вось што, сын!.. – адразу пацішэў, робячы халодны голас, бацька. Ты сваё тое, што хацеў сказаць, трымай пры сабе!.. Паслухай лепей мяне!.. Можа ж, я заслужыў хоць сваімі пакутамі, як ты кажаш, сказаць гэта!.. Для мяне Савецкая ўлада – як для маці тваёй ты!.. …Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. Вось гэтак і для мяне Савецкая ўлада! Я яе таксама… ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся. Я за яе пакутаваў!..» («Апраўданне крыві»). Біўся, пакутаваў, абараняў Савецкую ўладу ў гады грамадзянскай вайны Дзяніс Зазыба. Не ў крыўдзе ён на яе і за сына, бо ставіць вышэй агульнанародны лёс, лёс усёй краіны, чым асабістае, хоць і вельмі балючае. Становішча Зазыбы больш складанае, чым Чубарава Брава-Жыватоўскі, салідны ідэалагічны праціўнік, адукаваны ў пытаннях палітыкі, гаворыць яму пра гэта проста ў вочы. Чубар, маўляў, правільны камуніст, сапраўдны, а ты – несапраўдны, несправядліва пакрыўджаны, дык таму табе з намі ў адну дарогу. Але Зазыба не збочыць на сцежку здрады, бо вельмі глыбока звязаны з народам, з партыяй, з тым новым, што прынесла на зямлю Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Зазыба ў раманах, адзін з самых яркіх і запамінальных вобразаў дылогіі, – не пасіўны сузіральнік жыцця, а яго даследчык, чалавек і слова і справы адначасова. Ён ратуе калгасны статак і вяртаецца дадому хворы і знясілены, яму даводзіцца дзейнічаць – раздаваць маёмасць калгаса, дзяліць зямлю, хаваць тэхніку ад ворага. Ды і да Чубара прыходзіць Зазыба тады, калі той у разгубленасці не ведае, што рабіць. Прыходзіць, даведаўшыся, дзе той жыве. Гэта на Зазыбавы плечы звалілася старастоўства, а не на плечы Чубара. Зазыбу цяжка. Значна цяжэй, чым Чубару, жыццё якога знаходзіцца ў адноснай небяспецы. Цяжка нават у сямейным жыцці пасля вяртання Масея. Да ўсяго таго на яго навальваецца ледзь не штодня ўсім цяжарам дэмагагічных фраз паліцэйскі Брава-Жыватоўскі. Але мы ўпэўнены, што Зазыба пераможа абставіны, якімі б цяжкімі і складанымі яны ні былі.
Дзяніс Зазыба ў раманах Чыгрынава – адзін з арганізатараў барацьбы народа з фашызмам на невялікай лапінцы зямлі, у лясной вёсачцы Верамейкі.
Раманы І. Чыгрынава – псіхалагічныя, сацыяльна-філасофскія. Аўтар не ўмешваецца ў развіццё падзей, не падганяе дзеянне, прымушае яго самаразвівацца, а характары самараскрывацца. Канешне, раманы не пазбаўлены і пэўных недахопаў: ёсць асобныя эпізоды, не ўцягнутыя ў арбіту дзеяння, апісальныя старонкі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
П.К. Дзюбайла
(урывак з манаграфіі)
Тэма Вялікай Айчыннай вайны застаецца невычарпальнай. Як адзначае I. Навуменка ва ўжо згаданым інтэрв’ю, «яе працягвае распрацоўваць наступнае пакаленне – скажам, Іван Чыгрынаў, і ён бярэ асобны пласт, ён вёску ведае – няхай, у добры час! Усе мы робім адну справу!». Сапраўды так. I не адзін Чыгрынаў, а і I. Пташнікаў, Б. Сачанка, П. Місько і інш.
Гэтыя пісьменнікі асабіста не ўдзельнічалі ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, але ўчэпістая дзіцячая памяць многае захавала з тых гераічных і трагічных дзён. А галоўнае – з пакалення ў пакаленне перадаецца народная памяць аб вайне. I. Чыгрынаў, I. Пташнікаў, Б. Сачанка па сутнасці замацавалі ў літаратуры памяць сваіх родных вёсак аб гадах акупацыі і ўсенародным партызанскім змаганні. У аснове іх твораў таксама жыццёвы вопыт – родных, суседзяў, аднавяскоўцаў, землякоў, – трансфармаваны праз пісьменніцкае ўспрыняцце. I. Чыгрынаў у інтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва» гаварыў: «Аднак жа ёсць такое паняцце – памяць народа. Пра яе, памяць народа, гавораць цяпер многія нашы пісьменнікі. Хораша, напрыклад, напісаў Алесь Адамовіч. Сіманаў некалі, выступаючы ў нас на нарадзе ў Мінску, сказаў, што ніхто з людзей паасобку не ведае ўсё пра вайну – усё пра вайну ведае толькі народ. Яна, вайна, жыве ў памяці народа, яна жыла, пачала жыць у самую вайну, а пасля вельмі жыла па вайне. У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну. Не забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці».
Сапраўды, аб народнай памяці ў артыкуле А. Адамовіча «Пра вайну і пра мір» сказана вельмі добра: «А калі мы вядзем размову аб сённяшняй «вясковай» або «ваеннай» прозе, трэба падкрэсліць усвядомленае імкненне многіх пісьменнікаў «уліць» у сваю памяць успаміны як мага большай колькасці людзей, відавочцаў. Сваю памяць падключыць да народнай. Удаецца ці не ўдаецца, у большай ці меншай ступені ўдаецца, але тэндэнцыя гэтая ўзмацнілася, і не бачачы, не ўлічваючы гэтага, цяжка зразумець, ацаніць многае ў сучаснай прозе». I далей ужо пра канкрэтных пісьменнікаў: «Іван Чыгрынаў вось ужо колькі гадоў піша хроніку жыцця беларускай вёскі ў гады фашысцкай акупацыі – падрабязнейшую хроніку падзей і станаў. Можна падумаць, што сам перажыў, памятае ўсё – дзень за днём. Шмат што і памятае – ён крыху старэйшы за Віктара Казько. Але яшчэ больш увабраў – як губка вільгаць – дзіцячай памяццю чужую памяць. Вёскі сваёй, блізкіх людзей памяць, памяць самой зямлі нашай, якая ўсё яшчэ аддае жарам вайны».
Народ і вайна… Якія змены адбыліся ў характары нашага чалавека за гады Савецкай улады, як сустрэў ён вайну, як расло і мацнела ў ім адчуванне неабходнасці ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў – такія праблемы хвалявалі і хвалююць многіх савецкіх пісьменнікаў. Яны сталі асновай для арыгінальнай раманнай канцэпцыі I. Чыгрынава («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві»), які задумаў стварыць цыкл раманаў аб вайне, паказаць вайну галоўным чынам праз лёс жыхароў адной беларускай вёскі.
Фашысты разлічвалі, што адвечнае, прыватна-ўласніцкае заўсёды будзе жыць у селяніне, будзе моцна трымаць яго ў руках улада зямлі, прага валодаць ёю. Аднак разлікі іх не спраўдзіліся. За гады Савецкай улады, за гады калектыўнай працы іншым стаў савецкі селянін. І. Чыгрынаў у раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» пераканальна, па-мастацку паказвае гэтыя перамены, з’яўленне пад уплывам савецкай рэчаіснасці новых характараў-тыпаў, новай псіхалогіі. Савецкая ўлада, як сапраўды народная ўлада, трымала суровае выпрабаванне. Селянін ніякай іншай улады, іншых парадкаў не прыняў, ён застаўся верным ідэалам Вялікага Кастрычніка – і ў гэтым галоўная ідэя раманаў I. Чыгрынава.
Праўда, раман «Апраўданне крыві» па сутнасці не мае асобай, сваёй раманнай канцэпцыі народа ў час вайны. Яго можна разглядаць як другую частку першага рамана, якая развівае, пашырае і паглыбляе яго ідэі. Ёсць, відаць, адзін раман, і не таму, што ў кнігах адзінства часу, месца дзеяння, герояў, а таму, што захоўваецца адзінства раманнай ідэі і канцэпцыі жыцця.
Разглядаючы развіццё эпапейных традыцый у сучаснай «ваеннай» прозе, В. Каваленка ўбачыў эпапейную задуму і ў творах I. Чыгрынава: «А што раманы I. Чыгрынава – абяцанне эпапеі, сумнення быць не можа. Гэта пацвярджаюць перш за ўсё знешнія абрысы задумы. Два даволі аб’ёмныя раманы ахопліваюць падзеі ўсяго толькі некалькіх месяцаў вайны. I цяпер хоча пісьменнік таго ці не хоча, а простая логіка развіцця эпапейнага дзеяння будзе дыктаваць яму параметры сюжэта і ахоп падзей у часе. Ужо зразумела, што толькі гістарычны момант заканчэння вайны развяжа па-сапраўднаму ўсе канфлікты твора, з дастатковай яскравасцю асветліць сэнс усяго, што адбывалася на яго старонках. Колькі ж усяго будзе раманаў у эпапеі I. Чыгрынава – пяць, сем ці нават яшчэ больш? Гэта, урэшце, не так важна. Бясспрэчна толькі адно – іх павінна быць нямала, бо інакш катастрафічна парушыцца сюжэтнае, кампазіцыйнае суладдзе эпічнага руху падзей».
Эпапейнасць усё ж не прадвызначаецца «знешнімі абрысамі задумы», «параметрамі сюжэта», «ахопам падзей у часе». Эпапея – не простая хроніка падзей у часе. Эпапейная значнасць задумы вынікае з субстанцыянальных асноў народнага жыцця, жыцця на гістарычным рубяжы, пераломе, з глыбіні народнага светаўспрымання, светаразумення. I, вядома, каб цыкл раманаў I. Чыгрынава атрымаў якаснае значэнне эпапеі, не абавязкова апісваць год за годам падзеі да нашай Перамогі. Патрэбны сапраўды маштабны, эпічны па сутнасці погляд, глыбокая канцэпцыя народнага жыцця, подзвігу народа. А выявіць і ўвасобіць гэта можна і ў адным або двух-трох тамах, паказаўшы жыццё толькі ў вырашальных момантах гістарычнай падзеі – Вялікай Айчыннай вайны.
Нярэдка яшчэ здараецца, што ў імкненні да эпапейнасці нашы пісьменнікі забываюцца, што эпапейнасць – гэта ідэйна-эстэтычная, жанравая якасць, а не колькасны паказчык. Так нараджаецца эпапеяманія, растуць паверхі дылогій, трылогій, тэтралогій, а філасофскі фундамент застаецца ранейшым, закладзеным для першага рамана. I часцей за ўсё такая нсбяспека падсцерагае пісьменнікаў, што распрацоўваюць гісторыка-рэвалюцыйную тэму (характэрны ў гэтых адносінах вопыт I. Гурскага, М. Машары і інш.). Добра сказаў аб эпапеяманіі А. Бачароў: «Іншы раман падобны да гумавага жгута – ён лёгка расцягваецца аўтарам, але пры гэтым становіцца ўсё больш тонкім і тонкім. Такая стончаная апавядальная тканіна загубіла не адно палатно, расцягненае ў дылогіі ці трылогіі. Ад павелічэння аб’ёму аповесць не становіцца раманам, а раман – эпапеяй». Сёння, відаць, можна і патрэбна гаварыць не аб раманах-эпапеях, а аб шматпланавых аб’ёмных эпічных раманах, якія па некаторых сваіх рысах набліжаюцца да эпапейнага жанру, але не становяцца ім у цэлым. Ну, а што да раманаў I. Чыгрынава, то час пакажа, ці перарасце раманная задума ў эпапейную, ці ўтрымаецца пісьменнік ад спакусы простага колькаснага падзейнага памнажэння кніг.
Ды і сам I. Чыгрынаў яшчэ выразна не ўяўляе, як закончыцца гэты цыкл раманаў: «Крытыкі, праўда, мяркуюць па-рознаму, а сам я маўчу, бо і сёння не ведаю, чым усё гэта скончыцца, таксама як не ведаў і тады, калі пачынаў. Спачатку мне проста хацелася напісаць зімовую аповесць пра ваенны час…»
Праўда, I. Чыгрынаў добра ўсведамляе і значэнне, і сур’ёзнасць, і адказнасць напісання твораў эпапейнага характару. I яму, вядома, хацелася б напісаць такі твор. «Усё-такі эпапея – гэта эпапея. Эпапея – гэта народ. I нікуды ты не дзенешся ад гэтага, – гаварыў раманіст далей у інтэрв’ю, – каб паказаць народ, каб паказаць такія вялікія падзеі, як рэвалюцыя, вайна, патрэбны вялікія формы»1.
Галоўным носьбітам раманнай ідэі непераможнасці, няскоранасці народа з’яўляецца памчнік старшыні праўлення калгаса Зазыба. Вакол яго канцэнтруюцца іншыя персанажы. У спрэчках герояў раскрываецца філасофская аснова рамана (прыгадаем спрэчкі Зазыбы з Чубарам, сынам Масеем, Парфёнам Вяршковым, Брава-Жыватоўскім і інш.).
Для Зазыбы Савецкая ўлада была і ёсць адзіная, родная, за яе ён змагаўся ў грамадзянскую вайну, не адступіцца ён ад яе і ў цяжкі час выпрабаванняў, хоць вельмі балюча перажываў, што сына пасадзілі ў турму, бо верыў, што не мог той зрабіць што-небудзь супраць роднай улады. Перажываў і ў сувязі з тым прыхаваным недаверам, які паявіўся ў некаторых людзей да яго. Так і Чубар, старшыня калгаса, у пачатку вайны сказаў словы, якія балюча адазваліся ў яго сэрцы: «А можа ты спадзяешся і з новай уладай паладзіць? Што ні кажы, і сам як бы пацярпеў, і сын твой…
Зазыба пасунуў да сцяны падушку, сеў: ён раптам адчуў, як пачало не хапаць яму паветра.
– Ну, от што!.. Ты ета!.. – адно здолеў вымавіць ён».
Сакратар райкома партыі Маштакоў верыць Зазыбу, аднак у той адказны час і ён спытае яго:
«– Ты вось пра што скажы мне, Дзяніс Яўменавіч, як ты да Савецкай улады – не перамяніўся?
Зазыба таксама падняў вочы на сакратара райкома, бо не зразумеў таго.
– Ты абавязкова павінен сказаць пра гэта, – стаяў на сваім Маштакоў, – бо я не так сабе…
Зазыба падумаў, што адказу яго чакаў не столькі Маштакоў, колькі вайсковец, таму сказаў без пакрыўджанасці, проста і шчыра, з усведамленнем усёй важнасці слоў:
– Не, не перамяніўся».
Так, гэта было галоўнае пытанне, якое часта задавалі людзі не так адзін аднаму, як кожны сам сабе. Бо ад яго вырашэння залежала ўсё астатняе, уся жыццядзейнасць, паводзіны, учынкі, актыўнасць чалавека.
Важна было не толькі выясніць свае адносіны да той жорсткай барацьбы супраць захопнікаў, якая вялася, але і сваю праграму дзеянняў. Калі для Чубара такая праблема не ўзнікае, бо ён прывык дзейнічаць больш у адпаведнасці з указаннямі, па загаду, мысліць ён просталінейна, не ўлічваючы ўсёй складанасці абставін ваеннага часу, то для іншых герояў вызначэнне свайго месца ў жыцці і барацьбе – справа не лёгкая. Чубар гатовы ўсіх, хто застаўся на часова акупіраванай тэрыторыі, залічыць у ворагі Савецкай улады. Ён падпальвае бабкі жыта, падзеленага і зжатага сялянамі, не думаючы, што ім жа таксама трэба есці, як і тым партызанам, якія распачалі барацьбу. Зазыба падыходзіць да справы больш разумна і дыялектычна: «Ты от кажаш – той, хто любіў Савецкую ўладу, не застанецца. Няхай так. А як, па-твойму, – нашы верамейкаўскія бабы не любілі яе, што нікуды не падаюцца?
– Я ім у душы не лазіў!
– А варта было б».
Сапраўды, за час працы ў Верамейках Чубар так і не змог зразумець людзей, сярод якіх жыў. Не дзіўна, што ён не мог сказаць сам сабе, хто тут здатны на барацьбу: «Зазыба меў рацыю, калі дакараў пры апошняй сустрэчы, што за час старшынства ён так і не сышоўся па-належнаму з верамейкаўцамі. Цяпер Чубар нават вызначыць не мог для сябе, на каго ў вёсцы можна будзе разлічваць, калі справа дойдзе да барацьбы».
Зазыба добра ведаў сваіх людзей, ведаў таксама, што наперадзе жорсткая барацьба, што да гэтай барацьбы трэба добра падрыхтавацца, выпрацаваць тактыку, улічваючы і палітыку акупантаў. I таму такія вострыя спрэчкі адбываліся паміж Чубарам і Зазыбам: «Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым. Шчорсава войска некалі таксама партызанскім называлася адзін час, але я не помню, каб мы вось так крычалі – палі, знішчай!.. Праўда, цяпер і абстаноўка не тая, і вайна не тая. Аднак жа людзі ёсць людзі. I тады яны людзьмі былі, і цяпер імі засталіся. I жыць яны мусіцьмуць.
– Ты зноў пра сваё!..
– Я не пра сваё, – запярэчыў Зазыба, – а якраз пра тое, пра што і ты. Так што ў нас інтарэс адзін. Не сумнявайся. Але не трэба з бухты-барахты. Неабходна ўлічваць розныя акалічнасці».
I яшчэ: «… што, мы павінны сядзець, склаўшы рукі, ды чакаць, пакуль усё да канца высветліцца, то можа позна быць. Па-мойму, ты проста альбо баішся, альбо…
– Не рабі сабе лішняй цяжкасці, – перахапіў Чубараву гаворку Зазыба. – Гэтыя твае «альбо» ў дачыненні да мяне не падыдуць. Я не меншы патрыёт, чым хто іншы, і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць».
Людзі «ўжываліся» ў вайну. Раней адкрытыя, шчырыя, гасцінныя – зараз насцярожаныя, роздумныя, стрыманыя. З чым прыйшлі акупанты? Гэта пытанне трывожыла ўсіх. Так і пры першай сустрэчы з фашыстамі, з нямецкім афіцэрам: «…З яго няскладнай постаці не зводзілі позіркаў багата сялянскіх вачэй, насцярожана-недаверлівых і ліслівых, спалоханых і хітравата-пагардлівых – гэта ўжо цалкам залежала ад таго, як хто разумеў сваю грамадзянскую годнасць ці нават, калі хочаце, сваю ўяўную вінаватасць перад акупантамі: урэшце, не маглі ж аднолькава глядзець на гэтага афіцэра, напрыклад, савецкі патрыёт Зазыба альбо перакідлівы і беспрынцыповы абібок Драніца, добраахвотны паліцэйскі Брава-Жыватоўскі альбо мнагадзетная старшыніха Гаўрыліха…»
Цяпер кожны вызначаў сваю лінію паводзін, рабіў свой выбар. Час патрабаваў не толькі заставацца сумленным чалавекам, але і ўключацца ў актыўную барацьбу. Зазыба разумеў, «што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл – бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой».
Вядома, напачатку не ўсе разумелі і ўсведамлялі, што вайна будзе такой цяжкай, працяглай і жорсткай, не ўсе ўяўлялі, на што здольныя фашысцкія заваёўнікі. Нават Кузьма Прыбыткоў, разумны, з вялікім жыццёвым вопытам чалавек, думаў, што немцы не будуць чапаць мірных людзей. Можна прыгадаць яго спрэчкі з Зазыбам. Зазыба разважаў дыялектычна, ён добра адчуваў, што такое фашызм:
«Зазыба ад прыкрасці ўздыхнуў:
– Але як гэта, скажы мне, чапаць не будуць?
– А так, – калі іх не зачэпяць, то і яны нічога не будуць мець да цябе.
– Гм…
– Мы ж – мірныя. Да мірных і адносіны павінны быць свае.
Пачуўшы гэта, Зазыба доўгім позіркам, нібыта ўпершыню, паглядзеў на Прыбыткова, дакорліва паківаў галавой…
Тады адкажы мне, мудрэц, на такое пытанне – вось ты лічыш, што мы мірныя людзі. Сапраўды, мы з табой – мірныя. I нявесткі твае таксама мірныя, і ўнукі. А што ты думаеш пра сваіх сыноў, якія ваююць?»
I далей: «А Цімох твой не кідае вінтоўкі, бо разумее, што ад немцаў трэба абараняць і цябе, старога, і дзяцей сваіх малых, і жонку маладую. Іван таксама не кідае. Мусіць, яны не лічаць вось так, як ты, – раз вы мірныя, значыць, вам нічога не пагражае».
I як лагічны вывад са спрэчкі: «Ну, а калі раптам сёння ці заўтра прыйдуць зноў немцы ды скажуць табе – сыны твае ваююць на фронце, значыць, яны нашы ворагі. А раз яны твае сыны, значыць, і ты наш вораг. Такім чынам, і ўнукі твае ворагі ім, і нявесткі!..»
Вайна прымусіла чалавека не толькі зрабіць выбар у барацьбе, не толькі ўсвядоміць і ўбачыць, што такое фашызм, але і па-новаму ацаніць тое, што прынёс для людзей Вялікі Кастрычнік, што дала Савецкая ўлада. У іншым святле паўстае перад героямі даваеннае жыццё, усё тое добрае, дарагое і тое, што было звязана з праявамі культу асобы. Незаслужаныя крыўды для Зазыбы ў гэты грозны час не былі вартыя ўвагі, бо вырашалася галоўнае, лёс Савецкай улады, існаванне сацыялістычнай Радзімы. У спрэчках з сынам Масеем, які быў асуджаны па даносу і цяпер вярнуўся дамоў, Зазыба пераконвае яго, што трэба глядзець на падзеі шырэй, бачачы хаду гісторыі ў цэлым, ні на мінуту не страчваючы веры ў народ, Савецкую ўладу, партыю бальшавікоў: «Табе і праўда не соладка. Але павер мне, свайму бацьку, што Савецкая ўлада ў тваёй бядзе не вінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж… не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недаглядзелі.
– Дзіўныя ў мяне бацькі, – пацепваючыся скурай ад пякучага бярозавага лісця, горка ўсміхнуўся Масей. – Маці ўвесь час на госпада бога спадзяецца, а бацька – на вышэйшую ўладу!..» Праўда, можна ўсумніцца, што Зазыба пры ўсім яго максімалізме змог бы адразу ўчыніць сыну «допыт», калі той у такі вірлівы, грозны час з’явіўся дамоў, тым больш «допыт» у лазні. Ці не страціў тут пісьменнік пачуццё меры, выяўляючы чысціню грамадзянскай пазіцыі героя.
Пазней Зазыба больш упэўнена, катэгарычна і строга гаворыць сыну аб самым галоўным для яго ў жыцці: «Ну, было! Але ж я табо казаў ужо!.. Цяпер не час пра гэта ўсё ўспамінаць! Ты адпакутваў, другі папакутваў! Ды што нашы тыя пакуты ў параўнанні вось з гэтымі, калі ўвесь народ у бядзе?» І далей: «Для мяне Савецкая ўлада – як для маці тваёй ты!.. Я яе таксама… ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!..»
У рамане па-сучаснаму ставяцца праблемы народаўладдзя, народнай дэмакратыі, праблемы ўзаемаадносін кіраўніка і калектыву. Вялікія перавагі сацыялістычнага ладу патрэбна яшчэ ўмела, з розумам праводзіць у жыццё. Іменна вобразы Зазыбы і Чубара з’яўляюцца наглядным прыкладам таго, як па-рознаму можна разумець інтарэсы працоўных і прынцыпы народнай дэмакратыі. Зыходзіць з народнага пункту гледжання пры поўнай асабістай адказнасці за ўсё – жыццёвыя прынцыпы Зазыбы. Аўтаматычнае выкананне распараджэнняў і інструкцый, нежаданне прыслухоўвацца да голасу мас – лінія паводзін Чубара.
Парфён Вяршкоў, адзін «з тых лепшых прадстаўнікоў народа, у свядомасці якога акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад жыцця», так гаворыць пра Зазыбу, яго працу: «Спытай у нашых верамейкаўцаў, табе мала хто не скажа, што мы і пажылі тыя гады, што за тваім бацькам. Канечне, не за адным тваім бацькам, ета б ужо саўсім няпраўда была, тута галоўнае – улада, яна ўсяму прычына, але ж нават і Савецкую ўладу можна альбо пад сябе падмяць, альбо… Словам, я хачу сказаць, што нават пры такой добрай уладзе можна не паўсюль аднолькава жыць. Вунь нашы суседнія вёскі. Яны і ў калгас свой па-рознаму ішлі, яны і ў голад, што настаў пасля, неаднолькава жылі, чаго ўжо тута граха таіць… А ў нас, у Верамейках, тым часам усё ладна, усё, здаецца, па-людску. А ўсё таму, што праз твайго бацьку – за ўсё ён у адказе, усё па сябе бярэ недзе, а ў вёсцы каб адзін што ўзяўся рашаць, дак таксама такога не было. Спярша ў людзей папытае, а тады ўжо справу пачынае».
Іменна ў цеснай сувязі з масай сіла і моц такіх людзей, як Зазыба. I гэта разумеюць нават ворагі. Той жа паліцэйскі Брава-Жыватоўскі, баючыся выклікаць нянавісць да сябе аднасяльчан, таксама вымушаны лічыцца з думкай Зазыбы, да пары і часу цярпець яго.
Чыгрынаў сваімі раманамі пераканальна паказвае, што сіла і моц бальшавіцкіх ідэй, Савецкай улады таксама ў тым, што яны выяўляюць самыя жаданыя, блізкія і дарагія думы і спадзяванні працоўных мас, што Савецкая ўлада – гэта народная ўлада. Брава-Жыватоўскі, хоць і жыў з верамейкаўцамі, добра ведаў іх, усё ж не разумее гэтага. Ён заяўляе: «Ну вось, Зазыба, верамейкаўцы твае нарэшце паставілі скрозь віткі на полі, а скора ж разаруць, пабачыш, нанава межы, і тады зноў будзо як і даўней – кожны сваім дваром зажыве, кожны па сабе будзе. Словам, як і не было вашых дзесяці гадоў шчаслівага і заможнага жыцця!..»
Пазней Зазыба паспрабуе выказаць сваё разуменне, чаму Савецкая ўлада непераможная, паспрабуе растлумачыць гэта Брава-Жыватоўскаму, які лічыць, што ўлада памянялася назаўсёды: «Дурны ты ўсё-такі, Антон, – цярпліва даслухаўшы да канца паліцая, усміхнуўся Зазыба. – Бальшавікі – гэта людзі. Жывыя людзі. I ніякая ўлада не прымусіць іх адмовіцца ад сваіх пераконанняў. Паспрабуй выкінь з чалавека душу. А пераконанне – гэта і ёсць душа. Ну, а паколькі людзі жывуць паўсюль, паколькі без людзей на зямлі немагчыма, значыць, і бальшавікі будуць заўсёды сярод іх». Для Зазыбы Савецкая ўлада – гэта перш за ўсё людзі, людзі, якія верныя ідэям бальшавізму, ідэалам Вялікага Кастрычніка. Ідэі ж – вялікая сіла, яны – бессмяротныя.
Так у шматлікіх спрэчках, якія па сутнасці з’яўляюцца не спрэчкамі, а дыскусіямі, кожны з апанентаў хоча даказаць правільнасць свайго пункту гледжання, свайго разумення злабадзённых праблем жыцця. Так раскрываецца раманная канцэпцыя, ідэя трываласці і непераможнасці народнага працоўнага сумленнага жыцця.
Вечныя пытанні сэнсу жыцця і смерці, месца і ролі асобнага чалавека ў вірлівай плыні гісторыі вынікаюць не толькі ўскосна з дзеянняў і думак герояў, яны непасрэдна ў поўным аб’ёме ставяцца і асэнсоўваюцца героямі. Парфён Вяршкоў, «малапісьменны селянін, умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набывалі грамадскую значнасць, і даваць ім правільнае тлумачэнне». Перад смерцю ён самакрытычна аглядваецца на сваё жыццё, шукае яго сэнс, падводзіць рахункі. Парфён адчувае, што нават сумленнае жыццё толькі дзеля жыцця – гэта не жыццё, а звычайнае існаванне, якое не можа задаволіць чалавека. «Чалавек нараджаецца, каб памерці. I тут не мае ніякага значэння, колькі павінен пражыць – урэшце, днём даўжэй, днём карацей. Аднак няўжо чалавек сапраўды нараджаецца толькі дзеля таго, каб памерці? Відаць, прамежак ад нараджэння да смерці, які называецца жыццём, даецца чалавеку, каб не толькі жыць, але і штосыці рабіць – дабро, зло… Але чаму зло? Значыць?.. Так, чалавек павінен рабіць дабро, – зноў падумаў Парфён, і калі б ён рабіў толькі адно дабро, тады не хапіла б месца ў жыцці ўсяму недарэчнаму, у тым ліку і гэтай вайне…» «Парфён цвёрда ўпэўнены быў у адным – зла ён нікому не зрабіў. Жыў сумленна, добра ставіўся да сумленных людзей. Але ж як гэта стасавалася з тым, што чалавек, жывучы, павінен рабіць дабро? Сумленнасць – яшчэ ж не дабро! Калі гаварыць шчыра, то жыць сумленна, гэта яшчэ не рабіць дабро! Выходзіла, што і ён, Парфён, жыццё сваё пражыў не так, як трэба!..»
Вечныя пытанні, але для кожнага чалавека яны набывалі канкрэтны сэнс, уплывалі на выбар свайго месца ў грозны ваенны час. Так звязвалася агульнае, філасофскае з рэальным, канкрэтна-гістарычным.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4
П. Дзюбайла
Спрэчкі аб рамане, яго будучыні ніколі не спыняюцца. і не толькі таму, што ён стаіць на чале іншых празаічных жанраў і з’яўляецца па сутнасці эпасам нашага часу. Раман найбольш набліжаны да сацыяльнага жыцця, якое ён аналізуе і ўзнаўляе, на аснове якога робіць значныя мастацкія абагульненні. Відаць, па гэтай прычыне дыскусіі аб шляхах яго развіцця, аб яго лёсе нярэдка набываюць характар не толькі вострай літаратурна-тэарэтычнай, але і ідэалагічнай палемікі.
У 60-я гады беларускі раман дасягнуў значных ідэйна-мастацкіх вышынь, выявіў свае вялікія патэнцыяльныя магчымасці. У 70-я гады ён замацаваўся на дасягнутых вышынях, працягваў настойлівыя жанрава-стылявыя пошукі. Аб гэтым сведчаць раманы апошніх гадоў I. Мележа, I. Шамякіна, I. Навуменкі, А. Асіпенкі, A. Кулакоўскага, М. Лобана, І. Чыгрынава, I. Пташнікава, B. Адамчыка, У. Караткевіча, Б. Сачанкі, В. Карамазава, П. Місько, А. Марціновіча, В. Хомчанкі і іншых празаікаў.
Разам з тым сучасны беларускі раман сведчыць, што авалоданне раманным мысленнем, раманнай формай – справа не лёгкая. «Гэта цяжкая форма, – сцвярджае П. Праскурын, гаворачы аб сваёй працы над раманамі «Лёс», «Імя тваё», – але яна паўней за любую іншую і, на мой погляд, дае магчымасць пазнаць і адлюстраваць рэчаіснасць, жывыя страсці і абстрактную філасофію, гісторыю народа і асобнай душы чалавечай. Магчымасці яе ў пазнанні і даследаванні жыцця, у пошуках сродкаў яго паказу невычарпальныя… Я перакананы: раман – самы гнуткі і жыццяздольны жанр. Ён яшчэ пастаіць за сябе».
Шырокае эпічнае спасціжэнне і ўзнаўленне жыцця народа на крутых перавалах гісторыі патрабуе нярэдка шматпланавых, вялікіх твораў, а то і серыі раманаў, аб’яднаных агульным поглядам на жыццё, агульнымі цэнтральнымі героямі. Так вырастаюць дылогіі, трылогіі.
Сучасны беларускі раман сведчыць як аб дасягненнях у эпічным шматпланавым узнаўленні жыцця на гістарычных перавалах (трылогіі І. Мележа, I. Навуменкі, М. Лобана, раманы I. Чыгрынава), так і аб цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі, асабліва маладыя, нявопытныя (напрыклад, раманы Л. Дайнекі). Відаць, вырастуць у шырокія палотны «Чужая бацькаўшчына» В. Адамчыка, «Вялікі Лес» Б. Сачанкі і інш.
Нярэдка яшчэ здараецца, што ў імкненні да эпапейнасці нашы пісьменнікі забываюцца, што эпапейнасць – гэта ідэйна-эстэтычная, жанравая якасць, а не колькасны паказчык. Так нараджаецца эпапеяманія, растуць паверхі дылогій, трылогій, а філасофскі фундамент застаецца той, што закладзены для першага рамана. Сёння, відаць, можна і патрэбна гаварыць не аб раманах-эпапеях, а аб шматпланавых аб’ёмных эпічных раманах, якія па некаторых сваіх рысах набліжаюцца да эпапеннага жанру, але не становяцца імі ў цэлым.
Скажам, I. Чыгрынаў у адным са сваіх інтэрв’ю прызнаваўся, што і сам яшчэ выразна не ўяўляе, як закончыцца яго цыкл раманаў: «Крытыкі, праўда, мяркуюць па-рознаму (В. Каваленка, напрыклад, лічыць, што гэта будзе шматтомны раман-эпапея. – П. Д.), а сам я маўчу, бо і сёння не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, таксама як не ведаў і тады, калі пачынаў».
Праўда, I. Чыгрынаў добра ўсведамляе і значэнне, і сур’ёзнасць, і адказнасць напісання твораў эпапейнага характару. I яму, вядома, хацелася б напісаць такі твор: «Усё-такі эпапея – гэта эпапея. Эпапея – гэта народ. I нікуды ты не дзенешся ад гэтага, – гаварыў раманіст далей у інтэрв’ю, – каб паказаць народ, каб паказаць такія вялікія падзеі, як рэвалюцыя, вайна, патрэбны вялікія формы».
I ўсё ж, відаць, раман-эпапея – гэта не проста народ, а па-мастацку ўзноўленае яго жыццё, новая эстэтычная рэальнасць. I вялікія падзеі, і рэвацыя, і вайна грунтоўна паказваюцца не толькі ў рамане-эпапеі, але і ў аповесці, паэме, іншых жанрах мастацкай літаратуры. Час пакажа, ці перарасце раманная задума I. Чыгрынава ў эпапейную, якасна новую, ці ўтрымаецца пісьменнік ад спакусы простага колькаснага памнажэння кніг.
Што ж галоўнае ў сучасным рамане, у чым яго жанравая дамінанта? На гэтыя пытанні больш або менш абгрунтавана і вычарпальна імкнуцца адказаць многія савецкія даследчыкі. Т. Матылёва, напрыклад, так вызначае асноўныя «рысы сучаснага рэалістычнага рамана, прынамсі, у яго лепшых узорах: маштабнасць сацыяльнага, філасофскага, псіхалагічнага зместу пры вялікай разнастайнасці структур і стыляў, якія спалучаюць, кожны раз на іншы лад, рысы традыцыйныя з элементамі мастацкай нечаканасці».
Так, бясспрэчна, кожны сапраўдны раман не падобны адзін на другі, ён, як правіла, заключае ў сабе штосьці нечаканае, што парушае нашы звыклыя ўяўленні як аб той сферы, якая ўзнаўляецца ў творы, так і аб самой жанравай структуры. Раман – гэта сапраўды універсальная форма, якая можа быць як вобразна-канкрэтнай, так і вобразна-ўмоўнай, аналітычна-рэалістычнай або рамантычнай. Яна абумоўлена як жыццёвым матэрыялам, тэмай, так і талентам, светабачаннем і светаўспрыманнем пісьменніка, яго канцэпцыяй жыцця і героя, яго магчымасцямі сапраўды мастацкага спасціжэння ўнутранага духоўнага свету асобы, жыцця народа, філасофіі часу.
I таму зразумела, што ўсякія абстрактна-тэарэтычныя разважанні аб жыццёвасці і перспектыўнасці той або іншай жанравай разнавіднасці не могуць быць плённымі. Можна прыгадаць ранейшыя спрэчкі аб панарамным і лакальным рамане, рамане падзей і рамане характараў, цэнтрабежным і цэнтраімклівым рамане і г. д. Сапраўдныя творы найчасцей з’яўляліся на перакрыжаванні самых розных тэндэнцый у развіцці жанру. Таму так цяжка прагназіраваць яго развіццё ў будучым. I тым не менш карпатлівае і ўсебаковае даследаванне рэальных здабыткаў сучаснага рамана дазваляе зрабіць вывады аб плённасці ці няплённасці тых ці іншых тэндэнцый у яго развіцці.
Якімі ж шляхамі ідзе сёння беларускі раман? На працягу ўсёй сваёй гісторыі ён быў вельмі трывала звязаны з народным, асабліва вясковым жыццём. Іменна сацыяльна-бытавы раман меў найбольшыя ідэйна-мастацкія здабыткі (Я. Колас, М. Гарэцкі, М. Зарэцкі, К. Чорны, I. Мележ). Гэта магістральная лінія ў развіцці нашага рамана працягваецца і сёння.
Не вычарпала сябе, відаць, беларуская «вясковая» проза, застаюцца актуальнымі тыя праблемы, якія былі вызначаны ў рускай прозе як «почвенничество», калі мець на ўвазе не адмоўныя, а станоўчыя аспекты ў змесце гэтага паняцця. Аб гэтым яскрава сведчаць творы апошняга часу – раман П. Місько «Градабой», аповесці Г. Далідовіча «На новы парог», В. Карамазава «Дзень Барыса і Глеба».
Раскрыць трываласць сённяшняга вясковага жыцця, якая грунтуецца на традыцыйных маральных асновах быцця працоўнага народа, імкнуўся П. Місько ў рамане «Градабой». Яго твор – тыповы сацыяльна-бытавы раман. Усім сваім пафасам, сваёй праблематыкай ён непасрэдна звязаны з так званай вясковай прозай, грунтуецца на трывалай аснове бытавых рэалій сучаснай вёскі. Пісьменнік імкнецца праз аналіз побыту, сямейных узаемаадносін да шматграннага ўзнаўлення сельскага жыцця, да паказу рэальнага быцця сучаснага чалавека, калі адбываюцца не толькі небывалыя гаспадарчыя, эканамічныя пераўтварэнні, але і інтэнсіўныя зрухі ў культуры, у забеспячэнні духоўных патрэб людзей. I на гэтым шляху наглядаюцца як прыкметныя дасягненні, так і пэўныя выдаткі, слабасць сінтэзуючага, абагульняльнага пачатку.
Сёння працягваюцца спрэчкі аб магчымасцях, перспектывах і патэнцыях так званай бытавой прозы (дыскусія ў «Литературной газете», 1980–1981). Выказваюцца палемічна завостраныя, нават супрацьлеглыя думкі.
Разумеючы ўсю ўмоўнасць падзелу літаратуры па тэматычных лініях («вясковая», «вытворчая», «бытавая»), іншы раз прыходзіцца звяртацца і да падобных вызначэнняў, падкрэсліваючы гэтым важнейшыя рысы таго або іншага твора або ўсёй творчасці пісьменніка. Вядома, перш за ўсё неабходна размежаванне літаратуры і не літаратуры. Неабходны талент і сапраўднае майстэрства, каб праз побыт выявіць і паказаць сучаснага чалавека. Не заўсёды і не кожнаму гэта ўдаецца. ёсць, на жаль, у нас яшчэ і прыземленае, натуралістычнае бытапісальніцтва.
Пагаджаючыся або не пагаджаючыся з удзельнікамі дыскусіі аб бытавой прозе ў «Литературной газете», у кожным канкрэтным выпадку трэба больш абапірацца на шырокі канкрэтны мастацкі вопыт савецкай літаратуры. I раман П. Місько «Градабой» таксама дапамагае праясніць некаторыя пытанні.
Пошукі маральных каштоўнасцей, пошукі жыццёвай устойлівасці, трываласці, надзейнасці ў наш складаны час працягваюцца як у самім жыцці, так і ў літаратурьі. Яны выразна адчуваюцца і у рамане «Градабой» П. Місько, і ў рамане В. Карамазава «Пушча».
Цяжкасці ў адлюстраванні сучаснасці ў жанры рамана – не толькі ў «супраціўленні» матэрыялу, складанасці надзённых праблем, духоўнага свету сучасніка, а і ў тым, што некаторыя празаікі, якія пісалі раней пра вёску, а цяпер звярнуліся да рабочай тэматыкі, не могуць пазбавіцца ад устойлівага традыцыйнага стэрэатыпа сялянскага мыслення, які быў характэрны для пасляваеннага часу, а сёння і для вёскі з’яўляецца састарэлым. Гэты стэрэатып перашкаджае ўбачыць і паказаць сапраўдны стан рэчаў, раскрыць рэальны ўзровень свядомасці, характар мыслення нашых сучаснікаў, герояў аповесцей і раманаў. Гэта, напрыклад, адчуваецца ў рамане «Васількі» А. Кулакоўскага, у цэлым цікавым і змястоўным творы.
Але імкненне некаторых пісьменнікаў штучна стварыць «сучасны» стыль, каб перадаць спосаб «мыслення» дзелавога чалавека эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, не прыводзіць таксама да жаданых вынікаў, як у рамане Л. Гаўрылкіна «Зямля дзяцей нашых».
Было б наіўна думаць, што панацэяй ад усіх пралікаў у распрацоўцы тэмы сучаснасці мог бы стаць багаты асабісты жыццёвы вопыт, добрае веданне таго матэрыялу, які ўзнаўляецца ў аповесці, рамане. Многія нашы маладыя празаікі ведаюць тое, аб чым пішуць (напрыклад, А. Казаннікаў, В. Блакіт, якія апублікавалі свае аповесці ў «Маладосці»), але і ім не заўсёды ўдаецца лёгка пераадолець «супраціўленне» матэрыялу. Апрача арганічнага ведання матэрыялу, неабходны талент, вопыт і яшчэ, каб у пісьменніка да гэтага матэрыялу, як кажуць, душа ляжала.
Часта наглядаецца традыцыйны канфлікт паміж старымі, валявымі метадамі кіраўніцтва і сучаснымі, сапраўды навуковымі, чалавечнымі. Аднак у творах слаба выяўляецца іменна гуманістычна-маральная аснова гэтага канфлікту, недастаткова глыбока псіхалагічна раскрываецца ўнутраны свет герояў. Паступова выпрацоўваюцца новыя штампы «вытворчай» аповесці, рамана.
Але ёсць і другая крайнасць: адштурхнуўшыся ад «вытворчай» тэматыкі, пісьменнікі паказваюць толькі свет інтымных сувязей, пададзеных ва ўсіх натуралістычных пікантных падрабязнасцях, без сур’ёзнага выяўлення аўтарскай маральнай пазіцыі. Таму прыклад – раман А. Савіцкага «Тры непражытыя дні». I ў асобным выданні («Толькі аднойчы», 1979), папраўленым у параўнанні з часопісным варыянтам, раман шмат у чым застаўся ранейшым.
У апошні час у развіцці беларускай раманістыкі абазначыліся дзве лініі. Гэта – раман аб’ектыўна-аналітычны і раман з выразна суб’ектыўным пачаткам. Галоўнае ў аб’ектыўна-аналітычным рамане – знешне бясстраснае, канкрэтна-гістарычнае адлюстраванне жыцця ў яго рэальнай паўнаводнай плыні. Аўтарскі погляд на падзеі, іх ацэнка амаль не адчуваюцца, яны як бы схаваны, іх трэба выявіць. На першы план выступае пазнавальны бок, аналітычнасць, дэталёвасць, канкрэтнасць і дакладнасць у паказе жыцця (характэрны прыклад – раман В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына»). У рамане ж з выразна суб’ектыўным пачаткам побач з канкрэтна-гістарычным, праўдзівым адлюстраваннем жыцця не менш важным становіцца яго суб’ектыўнае асэнсаванне, асэнсаванне перш за ўсё героямі рамана, выяўленне розных поглядаў на хаду падзей (напрыклад, твор А. Марціновіча «Не шукай слядоў сваіх»). Шматлікія спрэчкі, «дыскусіі», развагі герояў становяцца важнейшай формай поліфанічнага раскрыцця цэнтральнай ідэі твора, аўтарскай канцэпцыі жыцця. Суб’ектыўнасць у рамане, як правіла, звязана з «перажытасцю», аўтабіяграфічнасцю матэрыялу, што ляжыць у аснове твораў.
Вядома, падзел раманаў на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя ў значнай ступені ўмоўны. А калі гаварыць, напрыклад, аб раманах I. Мележа, то можна сказаць, што дзве гэтыя лініі ў іх арганічна сінтэзуюцца. Гэта яскрава выяўляецца і ў апошнім, незавершаным рамане «Завеі, снежань». Паглыбленне філасафічнасці, імкненне паяднаць вобразнасць з інтэлектуальнасцю, гістарызм з суб’ектыўнасцю наглядаецца ў той або іншай ступені ў раманах I. Шамякіна, I. Навуменкі, I. Чыгрынава, В. Карамазава і іншых празаікаў.
Асабліва важнае значэнне праблемы аўтабіяграфізму, дакументалізму, гістарызму набываюць у творах аб мінулым.
Сутнасць сённяшняга паглыбленага разумення гістарызму добра выявіў К. Сіманаў у гутарцы «I споведзь, і пропаведзь»: «Мне здаецца, што гістарызм – гэта справядлівы суд над мінулым. I толькі. У гэтым усё! Вядома, і пісьменнікам і чытачом улічваюцца новыя веды, накопленыя гістарычнай навукай, адкрытыя новыя аспекты мінулага, узнікшыя новыя аб’екты інтарэсу, рост або падзенне грамадскай увагі да тых або іншых гістарычных эпох, падзей, дзеячаў. Усё гэта аказвае сваё ўздзеянне. Але самае галоўнае для пісьменніка – свядомае рашэнне судзіць па справядлівасці і сам пройдзены час, і людзей мінулага, бачыць тое, што складала іх сілу і ў чым была іх слабасць, іх абмежаванасць… А сучаснае гучанне кніг, прысвечаных мінуламу, у дадзеным выпадку вайне, залежыць ад таго, ці пранік аўтар у сутнасць падзей і абставін, ці правільна зразумеў і раскрыў характары людзей.
Вядома, К. Сіманаў добра разумеў, што пісьменнік – чалавек свайго часу, і ён не можа не адчуваць, што цікавіць яго сучаснікаў, якія праблемы хвалююць іх, што з мінулага можа паслужыць урокам для сучаснасці. Тым больш, што па сутнасці і сам зварот да таго або іншага гістарычнага матэрыялу выкліканы, як правіла, жаданнем аўтара выказаць сваё, новае разуменне таго часу, з яго пункту гледжання больш глыбокае і правільнае, чым у творах пісьменнікаў, што звярталіся да гэтага матэрыялу раней.
Пісьменнік – не халодны аб’ектывіст. Застаючыся на пазіцыях гістарычнай праўды, ён «можа ў выбары фігур для паказу чалавечага лёсу, падзей, у расстаноўцы акцэнтаў свядома ці несвядома імкнуцца да таго, што асабліва важна і цікава сёння», але ўсё гэта не павінна «быць адвольным, чыстым вымыслам, адарваным ад гістарычнай рэальнасці, не павінна супярэчыць абставінам і грамадскай лсіхалогіі часу, які паказваецца». Іменна ў гэтым павінен заключацца сэнс шырока распаўсюджанай формулы «паказ гісторыі праз прызму сучаснасці».
Нярэдка бывае так, што дакументальны, мемуарны, аўтабіяграфічны матэрыял пераўтвараецца настолькі, што выглядае самым што ні ёсць вымыслам, а выдумка, імітацыя дакумента – сапраўднай рэальнасцю. Галоўнае – у арганічным сплаўленні двух пачаткаў – рэальнага і прыдуманага, у майстэрстве мантажу. Мадэліраванне і мантаж дазваляюць пісьменніку стварыць нанава адзінства жыццёвага часу і прасторы, паказаць у мастацкіх вобразах ужо новую, мастацкую рэальнасць, паказаць так, каб не адчувалася, што дакумент і вымысел – розныя, нават супрацьлеглыя тыпы адлюстравання рэчаіснасці. Цікавы матэрыял для роздуму аб розным характары дакументалізму ў рамане даюць творы А. Чакоўскага «Блакада», У. Багамолава «У жніўні сорак чацвёртага», А. Адамовіча «Карнікі». Па сутнасці, дакумент уводзіцца ў твор часцей за ўсё для таго, каб яшчэ раз пераканаць чытача, што ўсё, што расказана ў рамане, ад пачатку да канца праўда, што ўсё іменна так і было ў той ваенны час. А для гэтага не заўсёды выкарыстоўваецца сапраўдны дакумент, часта дакумент «ствараецца», імітуецца па аналогіі з сапраўднымі дакументамі (напрыклад, раман Багамолава). Вопытны чытач, прафесійны крытык далёка не кожны дакумент, дакументальны факт нават у творах дакументальна-мастацкай або мемуарнай літаратуры прымаюць на веру. Ды ўрэшце справа нават не ў тым, сапраўдны гэта дакумент ці не, галоўнае, каб чытач паверыў у яго рэальнасць, у праўдзівасць узноўленага жыцця. А гэта магчыма тады, калі творчасць будзе грунтавацца на вялікім і багатым жыццёвым і духоўным вопыце таленавітага пісьменніка. Аб гэтым палемічна і завострана пісаў Т. Ман: «Я сцвярджаю, што самыя вялікія пісьменнікі ніколі ў жыцці нічога не выдумвалі, а толькі напаўнялі сваёй душой і пераўтваралі ўжо вядомае. Я сцвярджаю, што творчасць Талстога па меншай меры гэтак жа строга аўтабіяграфічная, як і мая невялічкая».
«Без шырокай дакументальнай асновы (разумеючы дакументалізм, канечне ж, не літаральна, не як храналогію падзей або пералік імён і дат, а як летапіс часу, летапіс сацыяльнага жыцця) наўрад ці можна колькі-небудзь поўна адлюстраваць эпоху ў яе жывым і супярэчлівым адзінстве, у яе бясконцай мнагастайнасці», – слушна сцвярджае А. Ананьеў. I разам з гэтым, вядома, дакументалізм патрабуе «не толькі мастацкай верагоднасці, але і строгай фактаграфічнай асновы». Сам А. Ананьеў прызнаецца, што ён у рамане «Танкі ідуць ромбам» пакінуў без змен імёны тых, хто вызначыў стратэгію Курскай бітвы, дакладна, па карце ўзнавіў месцы былых баёў, сапраўдны ландшафт і г. д.
«…Якія ж адносіны паміж дакументальнасцю, аўтэнтычнасцю, з аднаго боку, і рэалістычным узнаўленнем жыцця – з другога: ставіць пытанне Д. Затонскі ў артыкуле «Раман і дакумент». – Паколькі, апрача факта, рэаліі, не існуе матэрыялу, з якога можна ствараць мастацкія вобразы, нават самая строгая, дакладная дакументальнасць не з’яўляецца гарантыяй рэалізму. Тым больш не можа яна разглядацца ў якасці спецыфічнай прыкметы гэтага метаду».
Якая б ні была вялікая роля дакументалізму, аўтабіяграфізму ў мастацкай творчасці, усё ж галоўнае месца належыць творчай фантазіі – менавіта яна дазваляе пісьменніку мадэліраваць, арганізоўваць, кампанаваць матэрыял у адпаведнасці з творчай задумай, праўдай жыцця, у адпаведнасці з законамі гармоніі і прыгажосці.
Аб’ём дакументалізму, наогул дакументальнай, навуковай інфармацыі не можа быць крытэрыем каштоўнасці мастацкага твора. Наогул пісьменнік у наш час, які нярэдка называюць часам інфармацыйнага выбуху, проста не ў стане ўсё ахапіць. Мастацкая літаратура, магчыма, у чымсьці здае свае пазнавальныя функцыі, але ўзбагачае спецыфічна-мастацкія, чалавеказнаўчыя магчымасці, даследуючы ідэйны, духоўны, маральны свет асобы ў непарыўнай сувязі з даследаваннем сацыяльнага быцця, жыцця народа. Вядома, гэта задача не толькі рамана, але ў яго ёсць тут свае магчымасці, заключаныя ў самой жанравай прыродзе, у характары псіхалагічнага і сацыяльнага аналізу, у асаблівасцях спвсціжэння прасторы і часу, – ён выкліканы да жыцця, каб уздымаць значныя праблемы эпохі, паказваць лёс чалавека і лёс народа.
Калі пішуць пра вайну пісьменнікі, якія ўдзельнічалі ў ёй то, натуральна, у іх творах апавядальнасць сплаўляецца аўтабіяграфізмам, перарастае ў шчырую споведзь, і разам з тым – у пропаведзь, таму што яны не проста ўспамінаюць расказваюць аб гераічным і драматычным часе, а каб прымусіць людзей, – справядліва пісаў К. Сіманаў, – задумацца над тым, як яны жывуць, што ў іх жыцці дабро, а што зло і у чымсьці іх пераканаць». А гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі ты лепш за іншых ведаеш мінулае і з сучасных пазіцый, у поўнай адпаведнасці з гісторыяй вытлумачваеш яго. Аб гэтым жа сведчаць раманы I. Навуменкі «Смутак белых начэй», А. Марціновіча «Не шукай слядоў сваіх», В. Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» і інш. На глебе аўтабіяграфізму, нялёгкай памяці аб вогненненных і франтавых дарогах, аб дарагіх сябрах-таварышах, што засталіся на полі бою, памяці, якая заўсёды балючая і жывая, з’яўляюцца і ажываюць суб’ектыўнасць, лірызм.
Некаторыя даследчыкі звязваюць гэту тэндэнцыю з пытаннямі «састарэласці» форм аб’ектывізаванага апавядання ад трэцяй асобы. Сапраўды, хто б ні быў аўтар, ён не можа ведаць усяго, што думаюць, адчуваюць, да чаго імкнуцца героі, блізкія, сімпатычныя і далёкія, антысімпатычныя яму, што яны робяць, што з імі адбываецца ў той або іншы час, у тым або іншым месцы. Вядома, такое ўсёведанне – звычайная мастацкая ўмоўнасць. Але ж наогул літаратура і мастацтва ўмоўныя самі па сабе, па сваёй эстэтычнай прыродзе. Творы літаратуры ніхто не лічыць дакладным аналогам рэчаіснасці, эстэтычная рэальнасць – гэта ўжо іншая, створаная мастаком, рэальнасць. I «я – форма», апавяданне ад першай асобы, плынь свядомасці – таксама ўмоўныя, хоць гэтыя формы больш набліжаны да форм самого жыцця, больш жыццёвыя і натуральныя.
Творы, пабудаваныя ў асноўным на ўнутраным маналогу (літоўскі раман 60-х гадоў – М. Слуцкіс, А. Бяляўскас, Ю. Марцінкявічус і інш.), вядома, аказалі ўплыў на агульнае развіццё сучаснага савецкага рамана, на лірычны, суб’ектыўны, псіхалагічны патэнцыял літаратуры, на ідэйна-мастацкія пошукі рамана наогул.
«Я – форма» дае вялікія магчымасці пісьменніку, але часам і скоўвае яго. У тым выпадку, калі ўнутраны маналог героя, яго споведзь, светаўспрыманне не абмежаваны вузка асабістым самавыяўленнем, калі за вопытам героя адчуваецца вопыт яго пакалення, вопыт народа, подых часу, раманіст, выкарыстоўваючы «я – форму», можа дасягнуць значнага поспеху. I ўсё ж раман, як эпас нашага часу, як поліфанічны, сінтэтычны жанр, нярэдка «працівіцца» рамкам «я – формы». Герой заўсёды ў чым-небудзь аднабаковы. Толькі аўтар (або апавядальнік) можа ўмоўна ўсё ведаць, для яго адкрыты ўсе пачуцці, перажыванні, імкненні герояў яго твора, толькі ён можа выносіць аб’ектыўны, аднак у суб’ектыўнай форме прысуд героям і жыццю. I таму нават пры «я – форме» яму прыходзіцца часам весці апавяданне ад свайго імя, так або іначай выяўляць сваю ацэнку, свае сімпатыі і антыпатыі, «адлучаючы» сябе ад героя, нават тады, калі ён і станоўчы, сімпатычны аўтару. На гэтым шляху, на спалучэнні, сінтэзе лірычна-суб’ектыўнага («я – форма») і аб’ектыўнага (голас аўтара, апавядальніка) часцей за ўсё і дасягаюцца значныя поспехі ў паказе лёсу чалавечага і лёсу народнага ў жанры сучаснага рамана. Наогул, чыста лірычны раман – вельмі рэдкая з’ява, тым больш у нашы дні, калі назіраецца далейшая эпізацыя на новай аснове жанру рамана. Відаць, без аб’ектывізаванага голасу аўтара, які (літаратура нас прывучыла да гэтага) усё ведае і ўсё можа, цяжка ўвасобіць адзінства раманнай канцэпцыі, адзінства маральнай пазіцыі, на чым звычайна і грунтуецца унутраная ідэйная цэласнасць твора.
І. Навуменка ў інтэрв’ю «ЛіМу» сказаў: «Мяне называлі лірыкам. Лірык гэта лірык… Але я даўно ўжо аддаю перавагу аб’ектывізаванай прозе, гэта значыць, я валодаю здольнасцю – не толькі я, кожны празаік – угадаць, хто вы… I калі ўгадаеш характар – а ў гэтым пісанне і заключаецца, – то ўжо ведаеш, як ён будзе дзейнічаць у тых ці іншых абставінах. Гэта значыць, ты як бы апранаеш скуру таго чалавека, пра каго пішаш. Празаік – той жа акцёр, толькі роляў у яго многа.
Сапраўды, пашырэнне суб’ектыўных форм, формы «я – героя» не магло істотна паўплываць на жанравую сутнасць рамана. Раман застаецца раманам, хоць эпічнасць яго становіцца іншай, глыбейшай становіцца яго філасафічнасць. Аб’ектыўная, эпічная форма рамана дае найбольшыя магчымасці пісьменніку паказаць героя ў дзеянні, ацаніць яго ўчынкі і памкненні, пазбегнуць суб’ектывізму і аднабаковасці ўспрыняцця рэчаіснасці, якія магчымы пры панаванні «я – формы».
Іменна на своеасаблівым спалучэнні лірычнага з эпічным створаны раман I. Навуменкі «Смутак белых начэй». Гэта спалучэнне стала магчымым таму, што ў пісьменніка вялікі вопыт як эмацыянальна-лірычнага асэнсавання і ўзнаўлення жыцця (асабліва ў першы перыяд творчасці ў жанры апавядання), так і эпічнага, шматпланавага яго паказу ў трылогіі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці».
Раман А. Марціновіча таксама моцны іменна «перажытасцю» матэрыялу. Аднак, відаць, справядліва і тое, што вялікі жыццёвы і духоўны вопыт часам перашкаджае творчай фантазіі пісьменніка, калі ўсё рэальнае, перажытае здаецца яму аднолькава важным. Як моцныя, так і слабыя бакі твора А. Марціновіча звязаны са «спавядальнасцю», з ідэйна-мастацкім прынцыпам запісваць усё тое, што засталося ў душы, у памяці пісьменніка, з формай «я – героя».
У якім жа напрамку будзе далей развівацца беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне? Прагназіраванне ў літаратуры – справа вельмі складаная і рызыкоўная.
Пакуль што найбольшыя здабыткі савецкай «ваеннай» прозы звязаны з творчасцю пісьменнікаў, – якія прайшлі праз вайну. Відаць, не вычарпаў яшчэ сябе раман, заснаваны на асабістым ваенным вопыце, раман суб’ектыўны, лірызаваны. Але справядліва і другое, што ўсё больш актыўна і плённа звяртаюцца да ваеннага мінулага празаікі сярэдняга і малодшага пакаленняў. Хада часу няўмольная, усё менш застаецца пісьменнікаў – удзельнікаў вайны. Усё больш твораў пра вайну, напісаных маладзейшымі празаікамі, будзе грунтавацца не на асабістым вопыце, а на памяці вёсак, народнай памяці, на дакументальным матэрыяле, запісках, мемуарах ветэранаў вайны. Магчыма, гэтая літаратура не будзе імкнуцца да шырокіх панарамных батальных сцэн, апісанняў баёў, больш будзе засяроджвацца на лёсе чалавека, народа ў грозны ваенны час, нярэдка змыкаючыся з «вясковай» прозай (раманы I. Чыгрынава, Б. Сачанкі па сутнасці таксама аб беларускай вёсцы ў гады вайны), аднак гэта літаратура будзе працягваць і развіваць, выяўляючы новыя аспекты таго, што зроблена сёння нашымі празаікамі.
Незалежна ад таго, хто звяртаецца да ваенных падзей, сёння яскрава выяўляецца агульная тэндэнцыя – паглыбляецца ў прозе праўдзівасць, праблемнасць, драматычны пачатак, усё часцей пісьменнікі звяртаюцца да трагічных з’яў і характараў, трагічнае становіцца галоўнай сферай выяўлення гераічнага, гуманістычнага, антыфашысцкага.
Аб чым жа сведчыць вопыт беларускай раманістыкі апошняга дзесяцігоддзя ў цэлым? Што пераважае ў ёй – канкрэтна-рэалістычнае, аналітычнае даследаванне фактаў і з’яў рэчаіснасці ці імкненне падняцца над фактамі, рэаліямі ў шырокай філасофскай пастаноўцы актуальных, агульначалавечых праблем?
Тут варта нагадаць цікавыя думкі В. Коўскага, які, зыходзячы з прац савецкіх літаратуразнаўцаў, абагульняючы многія разважанні аб жанры рамана, вызначаючы яго «канстанты», у артыкуле «Раман і сучаснасць» пісаў: «…Раман – «шматжанравы жанр», які паглынае і выкарыстоўвае ўсе іншыя жанры, уступаючы з імі ў плённы эстэтычны канфлікт; раман – жанр, які ў новай якасці, у параўнанні з іншымі жанрамі, аб’ектывізуе адносіны паміж паказваемым (рэчаіснасцю) і паказаным (г. зн. суб’ектыўнай мастацкай рэальнасцю); раман больш іншых жанраў здольны да рассоўвання і спалучэння прасторава-часавых рамак апавадання; раман «дыялагічны» на ўсіх сваіх узроўнях (пачынаючы ад множнасці пунктаў гледжання і заканчваючы множнасцю моўных структур); раман больш «сацыялагізіраваны», чым іншыя жанры, у сэнсе асобага інтарэсу да аналізу важнейшых грамадска-гістарычных рыс і супярэчнасцей эпохі; раман валодае асобымі магчымасцямі ў мастацкім асэнсаванні дынамікі развіцця свету і чалавека, дыферэнцыраванага паказу цэлага: раман – заўсёды яшчэ «не гатовы» жанр, які знаходзіцца ў станаўленні, уступае ў жывы кантакт з не гатовай рэчаіснасцю, што знаходзіцца ў развіцці».
Далейшае развіццё рамана па шляху сінтэзу, паглыблення гістарызму, псіхалагізму, узбагачэння эпічнасці, відаць, будзе вымагаць большай абагульненасці, філасафічнасці, хоць жыццёвая канкрэтыка, жыццёвыя рэаліі, жывы чалавечы вопыт па-ранейшаму будуць заставацца асновай для шырокіх карцін народнага жыцця, для паказу праз лёс чалавека лёсу народа.
Віктар Каваленка
Літаратура і вайна…
Вось ужо амаль сорак гадоў літаратура інтэнсіўна распрацоўвае тэму Вялікай Айчыннай вайны, спрабуючы як найпаўней ахапіць гэтую грандыёзную падзею, якая выклікала рэзкія змены ў лёсах усяго свету. У сучасны момант існуе буйны мацярык «ваеннай» літаратуры, які мае даволі выразныя самастойныя абрысы і які адчувальна ўплывае на стан усёй літаратурнай творчасці. Вядома, літаратура, што асвятляе праблемы Вялікай Айчыннай вайны, падуладная агульным тэндэнцыям развіцця эстэтычнай думкі, аднак ёсць у ёй нейкая асаблівая засяроджанасць на лёсе чалавека, якая ўзбагачае пазнавальны пафас мастацтва слова ў цэлым. Аблічча мінулай вайны і яе вынікі аказаліся такімі невераемнымі ў параўнанні з усімі папярэднімі ведамі і ўяўленнямі пра вайну, што здзіўленне і збянтэжанасць не маглі не пераўтварыцца ў абвостраную прагу пазнання праўды. Пошук ісціны – арганічная рыса ўсякага сапраўднага мастацтва, але, бадай, ніколі яшчэ за ўсю гісторыю чалавецтва літаратура не імкнулася так упарта даведацца пра чалавека ўсё, як сучасная літаратура пра вайну. Ці не ў гэтым яе асаблівасць з асаблівасцей?
Пра вайну ўжо напісана шмат, вельмі шмат. I тым не менш творчая энергія пісьменнікаў застаецца невычэрпнай. Заўважаецца нават нарастанне зацікаўленасці да гэтай тэмы ў літаратурах усіх краін, народы якіх так або інакш былі ўцягнуты ў страшны вір другой сусветнай вайны. Праўда, адзін час пачало здавацца, што з прыходам у літаратуру маладога пакалення пісьменнікаў, якія памяталі вайну цьмяна або не бачылі яе зусім, шмат што зменіцца ў тэматычнай і праблемнай арыентацыі нацыянальных літаратур. Аднак гэтага не адбылося. Дзіўна, але факт – шмат хто з пісьменнікаў гэтага пакалення пачаў творчую дзейнасць з асэнсавання падзей мінулай вайны. Больш таго, нават зусім юныя пачаткоўцы, якія нарадзіліся праз шмат гадоў пасля Перамогі, часта звяртаюцца да ваеннай тэмы, хоць эмацыянальнае адчуванне вайны ў іх можа быць толькі запазычаным: або з памяці народа, або з самой літаратуры. Чым гэта тлумачыцца?
Перш за ўсе – гістарычным маштабам і значэннем падзеі, якая надала свету новае аблічча. Яна працягвае ўплываць на перадумовы фарміравання грамадскай і духоўнай свядомасці кожнага пакалення, якое ўступае ў жыццё пасля вайны. Акрамя таго, праўдзівае раскрыццё характару вайны нясе ў сабе магутны антываенны ідэйны зарад, у вышэйшай ступені неабходны ў сучаснай атмасферы жыцця, напоўненай прывідамі страху перад пагрозай татальнага вынішчэння ў новай сусветнай вайне. Але галоўнае, думаецца, у тым, што зварот літаратуры да ваеннай рэчаіснасці адкрывае перад ёй больш надзейныя, хоць магчыма, не больш лёгкія, не больш простыя шляхі для вострай пастаноўкі гуманістычных праблем. Хто ён ёсць – чалавек у сучасным свеце? Ці ён вычарпаў уласныя магчымасці ўнутранага развіцця, ці яго Нірвана духу яшчэ наперадзе? У чым яго бясспрэчныя перамогі і дзе непапраўныя страты і паражэнні? У чым яго віна перад мінулым, перад свяшчэннымі традыцыямі культуры, і на чым трымаецца яго надзея на будучую непахісную годнасць? Заўважаецца, што ў лепшых сучасных творах пра вайну няма глыбіннага размежавання мінулага і сучаснага. Ёсць сутнасць чалавека, яго душа ў нябачаных узлётах і падзеннях.
Але калі ў вобразным змесце твора мінулае ўяўляецца адначасова і як сучаснае, то гэта як быццам азначае не што іншае, як занядбанне рэальнага ведання вайны. Аднак гэта не зусім так. Сапраўднае аблічча вайны ва ўсіх рысах і праявах складае першасную аснову эстэтыкі твора. Без праўды не можа быць мастацтва. I ўсё ж праўда побыту, адносін паміж людзьмі, ходу падзей – не самамэта, хоць літаратуры ў цэлым яшчэ трэба шмат зрабіць, каб вярнуць у сучаснае духоўнае жыццё сапраўдны падзейны характар мінулай вайны. Аднак праўда факта патрэбна мастацтву для сцвярджэння праўды ідэй. Пра гэта добра сказаў А. Адамовіч: «Побытавай і нават дакументальнай праўды сёння ўжо відочна недастаткова.
Жыццё, рэальнасць, «дакумент» у раманах, напрыклад, Талстога і Дастаеўскага існуюць пад агромністым напружаннем думкі. Аўтарскай думкі, аўтарскіх адносін да свету, за якімі – усведамленне найвялікшай мастакоўскай і чалавечай адказнасці…». Значыць, галоўнае – у палымяным даследаванні вышыні чалавечага духу.
Адсюль вынікае, што літаратура пра вайну яшчэ доўга будзе жывіцца з крыніц рэальнага жыцця і, значыць, будзе пашыраць сваё рэчышча. Прынамсі, няма сур’ёзных сведчанняў, што звужаецца зацікаўленасць літаратуры да праблем вайны. Уручаючы I. Шамякіну ордэн Леніна і залаты медаль «Серп і Молат», Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР I.Я. Палякоў сказаў, што «перад беларускай літаратурай стаяць вялікія задачы». Першай з іх ён назваў распрацоўку тэмы вайны: «Свайго далейшага ўвасаблення чакаюць тэмы аб Вялікай Айчыннай вайне і аб партызанскім руху…».
Народны мастак СССР М. Савіцкі пісаў нядаўна: «I хоць мной напісана ўжо нямала твораў пра вайну, тэма гэтая невычэрпная, як невычэрпнымі былі ў мінулай вайне мужнасць, стойкасць, гераізм і сіла духу савецкіх людзей».
У лёсе беларускага народа, пазначаным гадамі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць, акрамя ўсяго іншага, асаблівая для яго самога гістарычная значнасць. Змагаючыся ў спецыфічных умовах партызанскай вайны, панёсшы велізарныя ахвяры ў няроўнай барацьбе, ён быў вымушаны паглыбіцца ва ўласную самасвядомасць, дзейнічаць з усведамленнем прыналежнасці да ўсеагульнай справы народаў свету, што ўзвялічвала яго нацыянальны гонар, яшчэ больш умацоўвала ў яго свядомасці традыцыі нацыянальнага духоўнага жыцця.
Менавіта літаратура, якая звярталася да тэмы вайны, стала ў пасляваенны час найбольш поўна выяўляць ідэю народнасці, менавіта ў ёй ставіліся самыя істотныя праблемы народнага жыцця і па меры магчымасці адлюстроўваліся самыя яркія праявы народнага духу. Адсюль ішла ўнутраная патрэба ў эпічных творах. Калі ў раманах «Глыбокая плынь» I. Шамякіна і «Мінскі напрамак» I. Мележа заўважаюцца толькі пачаткі эпапеі, то «Векапомныя дні» М. Лынькова – сапраўдная эпапея па ўсіх літаратурна-фармальных канонах.
У нейкай ступені эпапейнасць задумы адчуваецца і ў «Трывожным шчасці» I. Шамякіна, і ў «Партызанах» А. Адамовіча, і ў цыкле раманаў I. Навуменкі («Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці»), а таксама ў рамане У. Дамашэвіча «Порахам пахла зямля». Але найбольш выразна яна праступае ў раманах I. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», у рамане Б. Сачанкі «Вялікі Лес». Бадай, можна меркаваць, што ў сучасны момант у беларускай прозе наглядаецца пэўнае ажыўленне эпапейнага ўвасаблення тэмы Вялікай Айчыннай вайны.
У крытыцы выказвалася думка, што сапраўдную эпапею пра мінулую вайну, роўную па глыбіні і значэнню раману «Вайна і мір», могуць стварыць толькі маладыя пісьменнікі, якія самі не ўдзельнічалі ў баях, бо асабісты вопыт пісьменніка залішне прывязвае яго думку да канкрэтных фактаў, перашкаджае яе выхаду на шырокі прастор філасофска-мастацкіх абагульненняў. Гэтая думка энергічна аспрэчваецца. Спрэчка, мабыць, вырашыцца, як заўсёды, у мастацкай практыцы. Спадзявацца на гэта ёсць усе падставы, бо сама тэма застаецца адной з самых актуальных у сучаснай літаратуры.
Натуральна ўзнікае пытанне, у якой ступені крытыка і літаратуразнаўства чуйныя і ўважлівыя да праблем развіцця «ваеннай» літаратуры. Пытанне гэтае зусім не рытарычнае, бо існуе перакананне, што зацікаўленасць літаратуры тэмай вайны далёка не адэкватная цікавасці тэарэтычнай думкі да гэтай літаратуры. I такое становішча шырока абмяркоўваецца. Ю. Друніна гаварыла на V з’ездзе пісьменнікаў РСФСР (1980): «Такой літаратуры пра другую сусветную вайну – гранічна сумленнай, псіхалагічна складанай, жыццесцвярджальнай, нягледзячы на сваю жорсткую шчырасць, патрыятычнай – няма больш нідзе.
…Але дзіўна, што да гэтага часу ў нас няма вялікай сістэматызаванай літаратуразнаўчай працы, у якой было б абагульнена ўсё, што зроблена за тры з палавінай дзесяцігоддзі так званым вогненным пакаленнем».
У словах Ю. Друнінай няма, здаецца, перабольшання. Сапраўды, аб’ёмнай абагульняльнай літаратуразнаўчай працы, у якой былі б раскрыты асноўныя заканамернасці ў развіцці ўсёй савецкай літаратуры, пакуль што не з’явілася, хоць дасягненні асобных літаратурных жанраў у адлюстраванні вайны аналізаваліся ў манаграфіях высокага тэарэтычнага ўзроўню А. Бачарова, А. Абрамава, Г. Ламідзе, Л. Якіменкі, I. Казлова і інш.
У беларускім літаратуразнаўстве таксама няма яшчэ даследавання, якое абагульняла б галоўныя шляхі развіцця літаратуры на тэму Вялікай Айчыннай вайны, хоць ідэйна-мастацкі ўзровень адлюстравання вайны ў асобных жанрах разглядаўся ў кнігах П. Дзюбайлы, Н. Пашкевіча, Э. Гурэвіч. Агульныя праблемы паказу народнага подзвігу глыбока асвятляліся ў артыкулах і выступленнях пісьменнікаў А. Адамовіча, Я. Брыля, В. Быкава, I. Навуменкі, I. Шамякіна, I. Чыгрынава і інш. З асаблівай грунтоўнасцю і зацікаўленасцю абмяркоўвае гэтыя праблемы А. Адамовіч у сваіх шматлікіх артыкулах і інтэрв’ю.
Пры ўсіх дасягненнях беларускай крытычнай думкі сёння тым не менш востра адчуваецца неабходнасць у больш маштабным даследаванні ўкладу беларускай «ваеннай» літаратуры ў духоўна-маральны патэнцыял народа, калі пад маштабнасцю разумець не знешняе пашырэнне даследчыцкай тэмы, а засяроджанасць на новых аспектах мастацкага мыслення, якія заўважаюцца сёння ва ўсёй сусветнай літаратуры.
На сучасным этапе «ваенная» літаратура больш смела фіксуе, не баючыся расчараванняў і страт, самы патаемны пласт чалавечай душы, палымяна верачы, што ў рэшце рэшт у чалавеку перамагае чалавечнасць. Яе імкненне да гэтай тэмы такое нястрымнае, што падзейны фон вайны становіцца другарадным нават тады, калі дакладнасць гэтага фону гарантуецца асабістымі ўражаннямі пісьменніка, як у чарнагорца М. Лаліча, паляка Е. Ставінскага, рускага Ю. Бондарава, беларусаў В. Быкава, А. Адамовіча, I. Навуменкі і інш. Факты ваеннай рэчаіснасці падаюцца ў творах гэтых пісьменнікаў не ў такім парадку, як яны бачыліся аўтару на самай справе. З сапраўднага факта здабываецца логіка вялікага жыцця чалавечага духу, і гэта робіцца на аснове багатых традыцый мастацкай культуры. Вось чаму крытыка піша пра пэўную белетрыстычнасць апошніх твораў Е. Ставінскага, хоць ён доўга лічыўся пісьменнікам «літаратуры факта», пра прытчавасць аповесцей В. Быкава, хоць такая іх асаблівасць не супярэчыць жыццёвай верагоднасці іх зместу.
Варта заўважыць, што ў прозе першых пасляваенных гадоў асабісты ваенны вопыт аўтара таксама нібы «раствараўся» ў агульнай канцэпцыі вобраза. Але розніца паміж тым, што было тады і што з’яўляецца цяпер, істотная. Тады асабіста перажытае пісьменнікам не гэтак пераасэнсоўвалася, як ігнаравалася наогул, бо літаратура ўнутрана яшчэ не засвоіла эстэтыку асобнага факта вайны, якая нядаўна закончылася. Адзінкавы факт у той час быў нібы лішнім, ён парушаў агульную гармонію малюнка. Цяпер адзінкавы аўтабіяграфічны факт не ігнаруецца, а лічыцца нібы недастатковым, ён падсвечваецца дзеля паўнаты выяўлення яго патэнцыяльнага сэнсу ўсенародным вопытам пакут і барацьбы. I гэтая тэндэнцыя ўсеагульная. К. Сіманаў сказаў на ўсесаюзнай нарадзе пісьменнікаў і крытыкаў у Мінску: «Ніхто з нас не мае права сказаць: «я ведаю вайну»… Вайну ў цэлым ведае народ, і народ трэба распытваць пра яе».
Да гонару беларускай літаратуры, яна своечасова, бадай, нават трохі раней некаторых іншых нацыянальных літаратур, адгукнулася ўнутрана на покліч гэтай традыцыі, і даволі хутка яе водгук стаў канкрэтнай творчай справай. Вядома, у кожнай літаратуры ёсць свае асаблівасці ў працэсе ўвасаблення эстэтычнага імкнення да народнай памяці. У рускай і беларускай літаратуры гэта вылілася ў своеасаблівае ўзмацненне публіцыстычнай дакументальнасці.
Пераканальнае, абагульненне тыповага аблічча пераможцы, тыповага якраз сваёй звычайнасцю, ёсць у артыкуле Ю. Роста «За жывых і загінуўшых», апублікаваным у «Комсомольской правде»:
«…I вярнуліся яны, і паразыходзіліся па зямлі, і на доўгія часы пасяліўся ў іх боль пра мінулыя, цяпер ужо пра ваенныя дні, і ўспаміналі яны, бо аказалася, што тыя дні былі ў многіх з іх перажыты з карысцю непаўторнай і што патрэбны яны былі ў тыя дні, як ніколі больш, а значыць, дні гэтыя былі самымі шчаслівымі ў іх чалавечым жыцці;
і цягне іх да свайго мінулага, і нас цягне да іх мінулага, бо яно і наша… і горка ім, бо перамога– гэта час пасля бяды».
«Перамога – гэта час пасля бяды». Як шмат сказана гэтымі словамі пра вайну! I доўга давядося чакаць грамадству, каб пра перамогу можна было сказаць яшчэ і так.
У артыкуле Ю. Роста ёсць вобраз канкрэтнага чалавека, які змагаўся за перамогу ўсе доўгія гады вайны. Гэта – былы масквіч Цыганкоў Мікалай Гур’евіч. На яго прыйшла пахавальная, але ён «дабраўся ўсё ж да іх, нягледзячы на пяць кулявых, чатырнаццаць асколачных і тры штыхавыя раненні».
Шмат дзеля захавання дакументальных фактаў вайны зрабіў К. Сіманаў.
Прычым, дакументальнасць літаратурных уяўленняў пра вайну часта ўзбагачаецца якраз праўдзівымі ўспамінамі людзей з народа. З’явілася ў многім унікальная кніга «Я з вогненнай вёскі…» (1975), створаная А. Адамовічам, Я. Брылём і У. Калеснікам на аснове сведчанняў выпадкова ўцалелых мірных жыхароў у час карных аперацый фашыстаў.
Кніга «Я з вогненнай вёскі…» не толькі пашырае дакументальнае веданне вайны на тэрыторыі Беларусі, але і валодае асаблівым эмацыянальным зарадам, спалучаным з новым узроўнем разумення трагедыі вайны.
Грамадскае яе значэнне перш за ўсё ў тым, што яна вельмі пераканальна, на аснове канкрэтных фактаў раскрывае акупацыйную палітыку фашыстаў у Беларусі як праяву звярынага генацыду.
Літаратурнае ж значэнне гэтай кнігі невычарпальнае. У ёй ёсць страшная праўда душэўнага стану чалавека, які ўжо адчуў дакрананне смерці, але смерці асаблівай – зусім незразумелай з пункту гледжання звыклых чалавечых узаемаадносін. Ад яе, ад гэтай смерці, нясло варварствам, ужо напалову забытым чалавецтвам. Такая смерць нараджала адчуванне, што разбураецца ўвесь свет, наступае яго канец.
Паводзіны чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі гранічна агалялі запас яго ўнутранай стойкасці і ступень засваення ім гуманістычных каштоўнасцей. Але асаблівую вагу зместу кнігі «Я з вогнецнай вёскі…» надае тое, што ў ёй паказаны паводзіны простых людзей – сялян, як правіла, малаадукаваных. I менавіта іх паводзіны на мяжы жыцця і смерці, за рэдкім выключэннем, здзіўляюць цвёрдай вытрымкай і нязменным пачуццём чалавечай годнасці, выразным уяўленнем пра дабро і зло.
Мастацкая літаратура да гэтага часу не падыходзіла так блізка да народнай трагедыі і народнай стойкасці. Можна спадзявацца, што дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі…» паслужыць ёй стымулам і прыкладам, бо яна прапаноўвае новыя параметры адчування глыбінь народнага гора. Гэта азначае, што будзе адбывацца нейкае новае ўдакладненне прынцыпаў народнасці ў літаратуры. А. Адамовіч піша ў сувязі з гэтым: «У народнай памяці – вось дзе мера праўды, мера болю, мера справядлівасці гістарычнай. Гэтым заўсёды кіраваліся вялікія літаратуры. Праз памяць народную праходзіць і сёння дарога вялікай літаратуры ў заўтрашні яе дзень».
Крыніцы народнай памяці выкарыстоўваюць сёння ўсе літаратуры, для якіх тэма вайны стала адной з самых ключавых. Тут у кожнай літаратуры шмат свайго, непаўторнага, выкліканага спецыфічнымі ўмовамі нацыянальнага развіцця, але шмат і агульнага, што ідзе ад супадзення галоўных рыс унутранага свету чалавека.
***
Трагедыя вайны і чалавек… Так, трагічная сітуацыя выпрабоўвае моц чалавечага духу, вельмі часта праз асобны лёс раскрываецца духоўны патэнцыял усяго народа. У адзінкавым бачыцца масавае. Аднак на гэтым літаратура, якая сёння асвойвае новыя глыбіні трагедыйнага зместу на жыццёвым матэрыяле вайны, не павінна спыняцца. Лёс народа заўсёды больш аб’ёмны, чым лёс асобнага чалавека. Менавіта таму, што гэта асобны лёс. Колькі б літаратура ні адлюстроўвала невыносныя пакуты людзей, гэтым апісанням будзе нечага не хапаць. Гэтыя жывыя сведчанні будуць «крычаць» пра пакуты, будуць паказваць іх усяму свету, клікаць кару помсты на галаву вінаватых, што, вядома, нямала, але яны будуць патрабаваць і нечага іншага – такога асэнсавання, дзе на якасна новым узроўні духоўна зліліся б небывалая трагедыя перажытага народам, ягоная гісторыя – з духоўнымі вытокамі, з усімі мінулымі праявамі і прадчуваннямі будучыні. А такога падыходу ў сучаснай беларускай літаратуры пакуль што не хапае, хоць маюцца традыцыі суаднясення народнай драмы і трагедыі з гістарычным быццём і культурай народа, прычым даволі значныя. I зарадзіліся яны менавіта ў мастацкай творчасці перыяду вайны.
Так, у той час, калі, здавалася б, чыстая паэзія павінна была саступіць (і часта саступала) месца адкрытаму закліку змагацца з ворагам, у беларускай паэзіі ваенных гадоў нечакана павялічваецца цяга да народнай даўніны, да гісторыі, да спрадвечных асноў народнага жыцця.
Драмы і трагедыі вайны адразу рэзка абвастрылі нацыянальнае пачуццё. I гэтае пачуццё стала перадумовай паглыблення паэтычнага ўяўлення пра Радзіму, гістарычнае быццё народа.
Зваротам да роднага пачынае А. Куляшоў выдатную паэму «Сцяг брыгады»:
Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.
Каб выказаць любоў да роднага краю, трэба было ўзнавіць у памяці яго лірычнае аблічча. У самых трагічных па зместу творах пашыраюцца пейзажныя ўспаміны. Лірыка развітання з роднымі мясцінамі натуральна зліваецца з суровым светаадчуваннем салдата, зусім не супярэчыць яму. У вершы А. Куляшова «Над брацкай магілай» гаворыцца пра беларускіх хлопцаў, якія загінулі пад Стараю Русаю, ля рускай вёскі Лажыны, пра тое, што гэтым хлопцам не хапала хоць жменькі «палескага жвіру».
Толькі праз няпоўны месяц пасля пачатку вайны ў вершы «Развітанне» Я. Колас усклікае:
Як салодак мне родных хатак дым,
Араматы лясоў нашых, нівы!
Вобраз усёй Беларусі стаў уваходзіць у духоўнае жыццё салдата-беларуса. Гэта лірычнае прызнанне Пімена Панчанкі:
Ты часта прыходзіш ка мне, як сон.
Хмараю прыплываеш,
Птушкай садзішся на ціхі клён,
Звонкім дажджом ападаеш.
Гэта эмацыянальнае ўзрушэнне Петруся Броўкі:
Беларусь!
Хто любоў да цябе можа змераць?
Акіяны не маюць такой глыбіні.
Як гэта ні дзіўна, але іменна ў беларускай паэзіі перыяду вайны, калі савецкім людзям даводзілася асабліва цяжка, невымерна абвастраецца пачуццё гістарызму. Можна нават прасачыць, як паступова нарастае і паглыбляецца гэтая ўвага, як усё большую ролю ў мастацкім мысленні пачынае займаць фактар гістарычнага быцця народа. Зусім не выпадкова ў вершы А. Куляшова «Ліст з палону» (1942) беларуская дзяўчына згадвае Турэччыну:
Па рэйках вязуць мяне колы
У Нямеччыну,
Нібы ў Турэччыну…
Гісторыя народа вяртаецца ў беларускую паэзію перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў самых магутных і бліскучых сваіх здзяйсненнях, у легендарнай акрыленасці. «Не, народа майго ніхто не сагне!» – заяўляе П. Панчанка ў вершы «Беларусі» (1941):
Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў,
I легенды лунаюць над роднай зямлёй,
Што адважны Гаркуша Драпежнікаў глушыць,
Што Кастусь Каліноўскі выходзіць на бой;
Што усталі з магіл партызаны Дукоры,
Каб адвагу у сэрцах юнацкіх расціць…
Калі ў перадваенныя гады ў творах вельмі рэдка сустракаліся гістарычныя імёны, то ў вайну літаратура нібы выводзіць на парад народную гісторыю. Спасціжэнне глыбіні спрадвечнай народнай свядомасці, выяўленне ўнутранай крыніцы стойкасці і мужнасці салдата літаратура лічыла адной з першапачатковых сваіх задач.
Заўважаецца цікавая асаблівасць. У беларускай літаратуры 30-х гадоў вельмі рэдка героямі твораў былі людзі сталага ўзросту, а калі яны сустракаліся, то, як правіла, увасаблялі адмоўныя грамадскія тэндэнцыі, выступалі ахоўнікамі кансерватыўнасці. У час вайны сітуацыя рэзка мяняецца. У вершы П. Панчанкі «Конь» савецкі разведчык апынуўся ў цяжкім становішчы.
I тут з-за хвоі, нібыта з казкі,
Каня стары селянін выводзіць.
У вершы П. Панчанкі «Пачастунак» дзед знішчае гранатай у сваёй хаце нямецкіх афіцэраў, у апавяданні М. Лынькова «Астап» стары заводзіць нямецкіх салдат у непраходныя нетры, героем апавядання К. Чорнага «Вялікае сэрца» стаў немалады Пархвен, у вершах П. Броўкі «Пастух» і «Па дарозе Мінск – Масква» старыя людзі рашуча ўступаюць у барацьбу з ворагамі.
У простага чалавека, які быў блізкі да спрадвечных асноў народнага жыцця, літаратура зноў пачала бачыць якасці ўсеагульнага значэння. Магчыма, да вайны гэты чалавек і не вельмі спяшаўся паспець за новымі пераўтварэннямі, але ў хвілшу страшных ваенных выпрабаванняў ён ака-заўся непахісным у імкненні абараніць усё тое, што складала сутнасць яго жыцця.
Новая зацікаўленасць духоўнымі магчымасцямі простага чалавека вяла да змены погляду на спрадвечны народны побыт. У вершы «Бярозка» А. Куляшова бяроза, напрыклад, стаіць «у зрэбнай кашулі», што было немагчымым у паэзіі 30-х гадоў.
Зусім лагічна і натуральна, што паэтызацыя традыцыйных адзнак народнага побыту павінна была вярнуць у літаратуру ў якасці ўсе агульнай ідэйна-эстэтычнай каштоўнасці і праявы спрадвечнага духоўнага жыцця народа: павер’і, звычаі, фальклорную мараль і г. д. Сапраўды, у беларускай паэзіі ваенных гадоў заўважаецца рэзкае ўзрастанне ўвагі да народнага ладу мыслення. Народныя ўяўленні пра шчасце і бяду, пра дабро і зло не толькі становяцца прадметам лірычнага апявання. Гэтыя ўяўленні наскрозь пранікаюць у змястоўную сутнасць мастацкага вобраза. У «Баладзе аб знойдзенай падкове» (1945) А. Куляшова народнае павер’е, што знойдзеная падкова прыносіць чалавеку шчасце, цэментуе ўвесь унутраны сюжэт верша.
Лірычны герой перыяду вайны шмат што ў сваім жыцці робіць ужо з аглядкай на продкаў, бачыць у іх звычках асаблівую прывабнасць і маральную моц. У вершы П. Панчанкі «Курганы» (1943) ёсць запрашэнне-заклік:
Памянём добрым словам загінуўшых воінаў,
На магілы іх з чарак пральём, як дзяды…
Слаўнае гераічнае мінулае народа ажывае ў тым жа вершы як падтрымка, як духоўны наказ стойкасці, урэшце, як праверка мужнасці сучаснікаў:
Мне здаецца, што гэта барвовае воблака
Нада мною вісіць з палавецкіх часоў.
Старажытнасць глядзіць затуманеным воблакам
З курганоў прыдняпроўскіх, з пахмурных лясоў.
Цікава, што якраз у час вайны вяртаецца ў беларускую паэзію вобраз кургана ў той жа самай амаль міфалагічнай сутнасці, якая паэтычна распрацоўвалася яшчэ ў дакастрычніцкі час Я. Купалам і іншымі беларускімі паэтамі.
На нашчадкаў сваіх, на пазіцыі нашыя
З-пад шаломаў зялёных глядзяць курганы.
У вершы П. Броўкі «Байцам-беларусам» (1943) ёсць зварот да журавоў:
Крыкнуць хочацца ўслед:
– Прашуміце вы крыллем
Над курганнем дзядоў,
Дзе паніклі крыжы…
Вочы продкаў са старажытных курганаў клічуць перш за ўсё да баявой славы (нездарма яны глядзяць «з-пад шаломаў»), але разам з тым ідзе ад іх позірку нейкі асаблівы, магічны прамень, якім узіраецца ў сучаснасць спрадвечная душа народа. У святле гэтага прамяністага позірку ўсякі ўчынак сучасніка, нават самы просты і звычайны, і ўсякая трагедыя набываюць таямнічую суаднесенасць з духоўнай спадчынай народа.
Вельмі натуральна ўваходзілі рысы народнага светаадчування ў паэтыку вершаў М. Танка:
Паўночны сон не хмарыць маці.
На шыбах пачынае днець,
Чырвонай ніткаю закляцце
Тчэ на кужэльным палатне.
Закляцце ад варожай кулі,
Ад лютай смерці, ад пятлі,
Ад груганоў, каб праз кашулю
Дастаць да сэрца не змаглі.
(«Маці», 1943)
Такім чынам, за лёсам літаратурнага героя перыяду Вялікай Айчыннай вайны стаяў лёс усяго народа, нават усяго чалавецтва, але перш за ўсё, вядома, свайго народа. Паказальна, што ў гэты суровы час пра некаторыя асабліва выдатныя падзеі гістарычнага мінулага пішуцца асобныя творы. П. Броўка ж у вершы «Кастусь Каліноўскі» (1943) непасрэдна збліжае вобраз савецкага партызана з гістарычным абліччам вядомага кіраўніка паўстання супраць царызму на тэрыторыі Беларусі. А ў паэме «Беларусь» (1943) паэт стварыў абагульнены вобраз Радзімы ў натуральным ідэйна-мастацкім сумяшчэнні яе мінулай славы і сучасных гераічных намаганняў народа. Як на парадзе, праходзяць у гэтым творы многія выдатныя людзі мінулага («хадзіў тут Вашчыла, Хвясько, Каліноўскі»), каб нагадаць, што не пазычаць Беларусі гераічнай славы, што нястойкасць баі з нямецкімі захопнікамі будзе азначаць здраду самому народу. Адсюль паэтызацыя народных паданняў і легенд:
Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
У час вайны змяняюцца адносіны да вуснай народнай творчасці. Літаратурны герой паэзіі П. Броўкі хацеў бы сыну перадаць «скарбы матчыных песень» («Байцам-беларусам»). А ў вольную хвіліну салдату згадваецца народная песня, як голас роднага дому:
Мы сягоння на чужой чужыне
Сядзем па-сяброўску за сталом,
Пасумуем па сваёй краіне,
Песню «А ў бары, бары» спяём.
(П. Панчанка, «Бутэлька цынандалі», 1944)
Лёгка зрабіць вывад, што ў час вайны паглыбілася народная аснова беларускай літаратуры. Уся грамадская свядомасць вярталася да народных, глыбока нацыянальных традыцый, і гэта не магло не адбіцца на ідэйна-эстэтычнай арыентацыі мастацкай творчасці. Цяжкая барацьба з ворагам паказала, што адчуванне мінулага народа дае разуменню сучаснасці асаблівую маральную сілу і духоўную глыбіню. Ніколі за ўсе паслярэвалюцыйныя гады беларуская літаратура не стаяла так блізка да нацыянальных мастацкіх традыцый, што склаліся яшчэ да Кастрычніка, як у час вайны. У самой творчай практыцы было пераадолена ўласцівае літаратуры 20-х і 30-х гадоў і падтрыманае вульгарнасацыялагічнай тэорыяй спрошчанае ўяўленне аб вельмі вузкіх і слабых сувязях сучаснасці і мінулага, аб устарэласці і абмежаванасці духоўных каштоўнасцей мінулага. Вайна змусіла літаратуру зрабіць сур’ёзную пераацэнку ранейшых метадалагічных прынцыпаў, рашуча павярнуцца да нацыянальных традыцый.
Перыяд вайны быў вельмі важным гістарычным момантам у далейшым развіцці савецкай літаратуры, у тым ліку і беларускай. Ідэйна-эстэтычныя прынцыпы, выпрацаваныя ў гэты перыяд, будуць аказваць вельмі плённае ўздзеянне на мастацкую творчасць мірнага часу, будуць у многім прадвызначаць яе далейшыя шляхі, паслужаць у самых складаных абставінах асновай для барацьбы за сцвярджэнне прынцыпаў праўдзівасці і рэалізму.
I ў першыя пасляваенныя гады літаратура захоўвае вернасць традыцыям. Лірычны герой П. Панчанкі перакананы, што над роднай зямлёй лунае мова далёкіх продкаў-скіфаў і што пачуць гэтыя словы вельмі важна:
Ты пачуеш плач, іржанне коней,
Спеў дзяўчат і ваяўнічы крык.
I калі ты чутае запомніш,
Зможаш неадкрытае адкрыць.
(«Вечныя словы», 1946)
Пазіцыя П. Панчанкі мела прынцыповае значэнне. Літаратура адчувала, што рашучы разрыў з паэзіяй народнага жыцця быў штучным па сваім характары, што ад гэтага шмат страчваў чалавек у сваім унутраным развіцці. Нешта важнае страчвала і літаратура – перш за ўсё набліжанасць да сутнасных асноў народнага побыту.
I ўсё ж беларуская літаратура першага пасляваеннага дзесяцігоддзя не здолела захаваць і развіць мастацкія традыцыі ваенных гадоў у асэнсаванні народнага духоўнага пачатку, хоць многія пісьменнікі і адчувалі іх плённасць і надзённасць. Больш таго, ва ўспрыманні падзей мінулай вайны сціраецца яе трагедыйнасць.
Аднак, калі б не грунтоўныя традыцыі народнасці беларускай літаратуры перыяду вайны, яна, думаецца, не так бы хутка здолела пасля рашэнняў XX з’езду партыі набыць патрэбны духоўны пафас і зноў узнавіць прынцып праўдзівасці пры адлюстраванні падзей мінулай вайны. Драма і трагедыя ваеннай рэчаіснасці зноў вяртаюцца ва ўсе жанры мастацкай творчасці, вяртаюцца не ў сваёй чыста бытавой форме, а як абагульненне велічнага чалавечага духу, як гістарычны пералом народнага жыцця.
***
З сярэдзіны 50-х гадоў у беларускай літаратуры імкліва нарастае трагедыйны пафас. Пры гэтым адбываецца рэзкае паглыбленне праўдзівасці зместу твораў пра вайну, пераход да духоўнай праблематыкі.
Асабліва характэрны ў гэтых адносінах прыклад дылогіі А. Адамовіча «Партызаны».
У першым рамане дылогіі – «Вайна пад стрэхамі» – жыццё герояў плыве ў даволі сталым рэчышчы побыту вёскі, якое засталося – прынамсі знешне – некранутым на першым часе пасля прыходу немцаў. Людзі заняты штодзённымі справамі. Адбываецца нават вяселле. Але ход вайны імкліва разбурае гэтую звычайнасць, разбурае і ранейшую сілу ўсталяваных звычак. Над канкрэтным побытам паступова ўзвышаецца душа чалавека, якая трывожыцца і балюча пакутуе.
У другім рамане дылогіі – «Сыны ідуць у бой» – вельмі паслядоўна і няўхільна нарастае духоўная трагедыйнасць зместу. Побыт адыходзіць на задні план, абвастраецца ўнутраная рэакцыя на страшныя падзеі вайны. У выніку змяняецца і стылёвы лад твора. Паслядоўна эпічная апавядальнасць перарываецца, уводзяцца ўнутраныя маналогі маці, у якіх гераіня ўздымаецца над дробязнымі побытавымі турботамі і судакранаецца з высокім, вечным.
Але сувязь унутранага жыцця падпольшчыцы Ганны Міхайлаўны з даўнім, народным адчуваннем свету застаецца. Не ведаючы, дзе сыны, яна сніць трывожны сон, у якім знаходзіць на снезе два цёплыя кавалкі хлеба: «Быццам ішла я праз поле, а на снезе каскі, каскі, і раптам убачыла хлеба кавалак. Пасля яшчэ кавалак падняла. На снезе, а цёплы!» Сны спраўджваюцца ў яе жыцці. Паводле народнай сімволікі, якая, бясспрэчна, мае міфалагічныя вытокі, жыта, хлеб – гэта жыццё. Сапраўды, толькі двое мужчын, сын і муж Ганны Міхайлаўны, засталіся жывыя. А трэця-га не стала. Яго забрала вайна. Вера ў народную міфалогію своеасабліва падсвечвае народны характар гераіні і не выключае разумення і ўспрыняц-ця ёю самых высокіх ісцін жыцця.
Як відаць, нават спарадычны і выпадковы зварот да абцяжараных міфалагічным значэннем жыццёрых рэалій дае сэнсавы і мастацкі выйгрыш. Бясспрэчна, што магчымасць пабудовы ўсяго твора на легендарнай і ў той жа час гістарычна рэальнай падзеі, калі ад яе ідуць сэнсавыя токі да нашай сучаснасці, яшчэ больш узбагачае літаратуру.
У творах 60-х і 70-х гадоў на тэму Вялікай Айчыннай вайны пісьменнікі актыўна імкнуцца стварыць характар трагічны, але духоўна змястоўны і адначасова народны па светаадчуванню. Герой часцей за ўсё паходзіць з народнага асяроддзя і праз страшны вопыт убачанага і перажытага спасцігае агульначалавечы сэнс падзей.
Але да гэтага літаратурай быў пройдзены немалы шлях. Вялікі поспех першых апавяданняў I. Навуменкі пра вайну, якія склалі зборнікі «Семнаццатай вясной» і «Хлопцы-равеснікі», быў абумоўлены, відаць, не толькі тым, што пісьменнік апаэтызаваў баявое юнацтва сваіх аднагодкаў. Акрамя рамантычнай настроенасці,» унутранай непасрэднасці сваіх герояў, I. Навуменка здолеў адчуць і ўлавіць у іх тыя асаблівасці, якія ўздымаюць іх нават над паэтычным ладам унутранай настроенасці і выяўляюць вышэйшую якасць унутранага фарміравання – духоўнасць. I рамантыка, і лірыка, асабліва калі яны юнацкія, самі па сабе могуць быць павярхоўнымі, пачуццёва-бязважкімі, калі няма засяроджанасці на маральным самаўсведамленні асобы. Маладыя героі I. Навуменкі не проста рамантыкі, іх узнёслы настрой падпарадкаваны ўнутранай адказнасці, выхаванай, хоць яшчэ і ў першапачатковай форме, адукацыяй і гуманістычнай культурай.
Асабліва паказальны ў гэтым сэнсе змест аднаго з самых ранніх апавяданняў «Настаўнік чарчэння» (1956). Дзякуючы настаўніку чарчэння Апалінарыю Феакціставічу, які некалі выкладаў у гімназіі латынь, вучні знаёмяцца з Авідзіем. «Апалінарый Феакціставіч пачынаў чытаць Авідзія. Голас яго быў слабы, прыглушаны, ён дрыжаў і зрываўся, але старога на-стаўніка слухалі з затоеным дыханнем. Ніхто не разумеў слоў лацінскага верша, які перажыў многія стагоддзі, але ўсе, здаецца, адчувалі магутнае, узнёслае пачуццё, схаванае ў далёкіх, урачыстых метрах…»
Настаўнік павінен быў тлумачыць творы Авідзія сваім вучням, прычым рабіў ён гэта «напышліва, у прыўзнятым, урачыстым стылі», але культура тысячагадовай даўнасці закранала сэрцы перадваенных школьнікаў і ўмацоўвала іх унутраную стойкасць, выхоўвала духоўныя прынцыпы, унутраныя перакананні.
Сапраўды, па матывіроўцы пісьменнікам прычын, па якіх героі ішлі на фронт, у партызаны, можна меркаваць пра ўзровень іх унутранай культуры.
У апавяданнях I. Навуменкі, якія пачалі з’яўляцца яшчэ ў сярэдзіне 50-х гадоў, маладыя героі змагаюцца з ворагам не з асабістай крыўды. I не толькі таму, што бачаць жорсткасць, якую ўчынілі над іншымі. Яны з першага дня акупацыі ўнутрана гатовыя да супраціўлення і барацьбы, бо не могуць прыняць фашызм. У іх прынцыповыя разыходжанні з ворагам на аснове духоўнасці, яны, дзякуючы школе і кнігам, ведаюць розніцу паміж тыраніяй і свабодай, бесчалавечнасцю і гуманізмам, цемрай і святлом, застоем і рэвалюцыйным абнаўленнем.
У раманах I. Навуменкі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» яшчэ паўней раскрыты ўнутраны свет савецкіх юнакоў і дзяўчат, выхаваных перадваеннымі гадамі вялікага энтузіязму і культурнага абуджэння шырокіх народных мас. Яшчэ да вайны яны адчулі слодыч духоўнага абуджэння, і гэта засталося з імі назаўсёды. Вось адчуванні Міці Птаха, галоўнага героя рамана: «Ёсць другое жыццё», – не раз мільгала думка, нараджаючы смутныя, трывожныя здагадкі, радуючы і палохаючы». Музыка ў жыцці герояў – шлях у свет высокіх адчуванняў.
Здатнасць слухаць музыку і цішыню ў юнакоў і дзяўчат, якія паходзяць з простых рабочых і сялянскіх сем’яў, уздымала іх на новую, нязведаную імі вышыню ўнутранага спасціжэння жыцця. Вось чаму з пачатку вайны выхаваная духоўнасць так выразна падказвада героям I. Навуменкі пэўнасць паводзін – шлях барацьбы з акупантамі, бясстрашша перад трагедыяй вайны, бо захопнікі былі ворагамі чалавечнасці і духоўных каштоўнасцей. У якой ступені цікольнае і кніжнае выветрыла з іх душ усё цёмнае і цьмянае практычна-зямное і разліковае, сведчыць жыццёвая накіраванасць Міці Птаха ў час акупацыі. Міця ад нараджэння інвалід, і ніхто ад яго не патрабаваў бы ўдзелу ў вайне. Але ён сам, па ўласным унутраным пабуджэнні, згодна з «загадам» тых унутраных гуманістычных прынцыпаў, якія выхавала савецкая школа, уключаецца ў барацьбу, бо інакш ён жыць не можа. I калі яго арыштоўваюць і ён чуе крыкі тых, каго катуюць, думае: «Другім я не мог быць… Толькі такім, як ёсць. Усё правільна. Так павінна быць…»
Ёсць у рамане I. Навуменкі «Сасна пры дарозе» вобраз адзінокай сасны, які вынесены ў загаловак твора. У вобразе адзінокага дрэва на ветраных шляхах абагульнена вельмі многае: гэта перш за ўсё родная зямля, яе незайздросны ў мінулым лёс, небяспечнае становішча на ваенных раздарожжах, яе вынослівасць, укаранеласць, моц. Гэта своеасаблівая прытча пра сціплую мужнасць чалавека і ўсяго народа. Перанос якасцей чалавекд, на прыроду – міфалагічны вобразны сродак, які мае багатае літаратурнае асэнсаванне. У канцы рамана ёсць радкі: «Усплывае ў памяці вядомы верш, які напісалі немец Гейнэ і рускі Лермантаў. «На севере диком стоит одиноко…». Гэта дужа цікавы творчы ход – ад першаснай, патрыярхальнай рысы ў абліччы роднай прыроды, ад якой так адчувальна павявае міфалагізмам, да вядомай, апрабаванай ужо літаратурнай традыцыі. Такі ход спатрэбіўся пісьменніку, відаць, дзеля таго, каб яшчэ мацней падкрэсліць высокі духоўны змест праблематыкі твора. Пісьменнік ставіць пытанне: «Дык у чым жа сэнс верша пра сасну, напісанага двума вялікімі паэтамі?» I адказвае наступным чынам: «Можа ў тым, што ўсё адолее чалавек. Адолее і будзе жыць. Ніколі не перастане марыць, змагацца за лепшыя, сонечныя дні. За прыгажосць. У гэтым аснова жыцця».
У чым жа адметнасць у падыходзе беларускай прозы да адлюстравання вайны – адметнасць, якая замацавалася ў якасці галоўнай традыцыі? Па той прычыне, што беларуская літаратура на працягу XIX і пачатку XX стагоддзяў развівалася пераважна як літаратура сялянская, яе ідэйна-эстэтычныя адносіны да жыцця найболып натуральна выяўляліся праз канкрэтна-бытавую вобразную стылістыку. Гэтая асаблівасць паэтыкі заўважаецца і ў раскрыцці тэмы вайны. Героямі твораў беларускіх пісьменнікаў пра вайну, за рэдкім выключэннем, заўсёды былі сяляне. I апісваўся ў іх больш за ўсё ваенны побыт. Канфліктныя або трагічныя сітуацыі таксама часцей за ўсё мелі побытавы характар. Чаго варты адзін толькі стажок сена ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва», з-за якога нібыта і пачалася «свая ўласная» вайна дзеда Талаша! Аднак усё гэта, вядома, не азначала, што змест побытавага вобраза быў выключна апісальны, што ён не нёс у сабе ніякага абагульнення і сацыяльнага сэнсу. Пры ўсёй канкрэтнай жыццёвасці такі вобраз можа быць і глыбока абагульняльным, нават умоўным.
Значыць, традыцыйная асаблівасць беларускай прозы пра вайну не ў тым, што яна пазбягала ўмоўнасці, аддавала перавагу вобразным сродкам, якія ўзнаўлялі побыт ваеннай рэчаіснасці. Не, умоўнасць таксама не выключалася з гэтай стылістыкі. Аднак менавіта дзякуючы традыцыйнаму вопыту адлюстравання вясковага побыту і ўнутранага свету селяніна, умоўнасць даволі своеасабліва спалучаецца з рэалістычным побытавым вобразам, набывае якасна новае аблічча.
Неабходна заўважыць, што ў беларускай літаратуры традыцыя пошукаў абагульняльнага і разам з тым канкрэтна-матэрыяльнага вобраза вайны моцная яшчэ з 40-х гадоў. У паэме Я. Коласа «Суд у лесе», напісанай у 1942 годзе, сама назва з’яўляецца мастацка-сэнсавым абагульненнем народнай помсты, вобразнай алегорыяй усёй партызанскай барацьбы. Лес у паэме – не толькі месца дзеяння партызан, але і актыўная сіла, гнеў роднай зямлі, урэшце, гэта сам народ, які падняўся на барацьбу.
У творах наступных гадоў гэтая традыцыя выявіць галоўную думку аўтара праз вобраз, які наглядна, прадметна-абагульнена перадаваў бы сам характар і дух партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі, толькі захоўваецца, але і ўзмацняецца.
У тэксце твораў I. Шамякіна, А. Адамовіча, I. Навуменкі і іншых пісьменнікаў часта сустракаліся пейзажныя і побытавыя вобразы, якія з’яўляліся сімвалам народнай стойкасці. У апавяданні К. Чорнага «Вялікае сэрца» (1944) – гэта стогадовы дуб, які засланяе акупантам свет, і знішчыць дрэва, дрэва жыцця, немагчыма.
Сэнсавую алегорыю, якая перадае абагульняльную думку пра лёс народа і роднай зямлі ў часіну цяжкіх выпрабаванняў, нясуць нават назвы раманаў: «Птушкі і гнёзды» (1964) Я. Брыля, «Плач перапёлкі» (1970) I. Чыгрынава і іншыя. Назва рамана Б. Сачанкі «Вялікі Лес» (1979) прама ўказвае на коласаўскую традыцыю.
Пры гэтым неабходна заўважыць, што ў беларускай прозе пра вайну пейзажны і побытавы вобраз у якасці сімвала сустракаецца найбольш часта. У іншых літаратурах ён рэдкі ці не сустракаецца зусім.
Праўда, тэндэнцыя да такога выяўлення ідэі не заўважаецца, напрыклад, у творчасці В. Быкава і I. Пташнікава. Ёсць творы пра вайну ў I. Мележа, I. Шамякіна, Я. Брыля, I. Навуменкі, А. Адамовіча, В. Хомчанкі, А. Марціновіча, I. Чыгрынава, У. Дамашэвіча, Б. Сачанкі, П. Місько, у якіх сэнсавы змест назвы, як і ў В. Быкава, перадае абагульненае сацыяльна-псіхалагічнае адчуванне і разуменне праблем вайны. У тэксце таксама радзей сталі сустракацца прадметна-вобразныя абагульненні, якія прэтэндуюць на перадачу ўсенароднага сэнсу барацьбы. Гэта тлумачыцца, відаць, тым, што стылістыка беларускай прозы развівалася на працягу апошніх дзесяцігоддзяў ад прадметна-апісальнай паэтызацыі да паглыблена-аналітычных сродкаў мастацкага адлюстравання. Але гэта не азначае, што новы ўзровень інтэлектуальнага спасціжэння рэчаіснасці поўнасцю пазбавіў пісьменнікаў магчымасці мысліць вобразнымі катэгорыямі побыту, звыклых рэчаў і прадметаў. Не, проста эстэтыка мастацкага ўспрыняцця гэтых рэчаў і прадметаў стала іншай. У ёй няма месца залішне адкрытай сэнсавай падкрэсленасці. Спецыфічнае, непаўторнае, мясцовае перадаецца цяпер не столькі праз канкрэтны вобраз, колькі праз агульнае аўтарскае ўспрыняцце вайны, калі адчуванне нацыянальнай спецыфічнасці становіцца асаблівасцю канцэпцыі, як, напрыклад, у аповесці В. Быкава «Абеліск» (1971), дзе сам характар падзей і логіка іх развіцця канкрэтна мясцовыя, беларускія.
Гэтыя ўнутраныя стылёвыя змены ўласцівыя ўсім жанрам сучаснай літаратуры. Аднак звернемся да нашай паэзіі. Дзякуючы асаблівай яе вобразнасці, калі кожны побытавы, прадметны знак непазбежна выступае ў пэўным паэтычным арэоле, прадметны вобраз і пейзажная сітуацыя часцей, чым у іншых жанрах, надзелены акцэнтаваным сімвалічным сэнсам. Вось чаму менавіта ў паэзіі лягчэй шукаць абагульнены вобраз, які перадае сучаснае адчуванне мінулай вайны ва ўсёй канкрэтнасці і шырыні нацыянальнага зместу.
Заўважаецца, што ў вершах беларускіх паэтаў розных пакаленняў унутранае імкненне стварыць вобразны малюнак, які дакладна і аб’ёмна перадаваў бы галоўнае ў абліччы вайны, вельмі моцнае.
Перш за ўсё ў вершах часта гучыць перакананне, што пра вайну трэба пісаць толькі праўду. П. Панчанка хоча пакінуць наступнікам разам з набыткам «усяго жыцця» «ўсю праўду пра вайну» («Мемарыяльныя дошкі»). У «Баладзе Брэсцкай крэпасці» Р. Барадуліна прынцып праўдзівасці таксама заяўлены як мастацкае крэда:
Час
КНІГУ МУЖНАСЦІ
разгарні,
яна не прыпудрана
выдумак пацярухай.
Менавіта глыбокае, выпакутаванае пачуццё праўдзівасці натхняе паэтаў у імкненні вобразна ўвасобіць самае істотнае ў памяці народа. Паэзію клапоціць нават колькасная паўната праўды пра вайну. Лірычны герой Ю. Свіркі, калі думае пра родны край, бядуе, што «яшчэ там слава партызанаў не ўся ўмясцілася ў музей» («Мая сто пятая вярста»).
Зусім натуральнае імкненне паэзіі, якая адчувае недастаткова поўнае веданне сапраўднага аблічча вайны на тэрыторыі Беларусі, непасрэдна запоўніць гэты прагал, нагадаць пра тыя значныя падзеі, якія глыбока раскрываюць трагедыю і мужнасць народа. У такім выпадку ў паэзіі ўмацоўваецца эпічная аснова, рэзка ўзрастае вага дакументальнасці – элемента «пазапаэтычнага». У. Някляеў у паэме «Дарога дарог» узнаўляе трагедыю блакады, паказвае стойкасць людзей, але не абыходзіць і падзенняў чалавечага духу, не баіцца, што чалавек у яго творы глядзіцца збоку «непрыгожа». Асабліва ўражваюць у паэме эпізоды, дзе паказваецца, як памірае ад голаду чатырохгадовая дзяўчынка Анюта, а яе маці ад гора страчвае розум. У паэме адлюстравана трагедыя вёскі Красніца, гібель якой зафіксавана ўспамінамі ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…».
Але сучасная беларуская паэзія, паглыбляючыся ў трагедыйныя факты вайны, не задавальняецца толькі эмацыянальным суперажываннем. Яна імкнецца перадаць менавіта абагульнены сэнс гэтых фактаў, асаблівы, найбольш уласцівы роднаму краю боль вайны, каб вынесці гэты боль на ўвесь свет. У паэме «Дарога дарог» ёсць радкі:
Скаланула душу, як выбухам.
Вёска Красніца,
Адбалі!
Ты згарэла ў раёне Быхава,
Галавешкі – па ўсёй зямлі.
Абагульняльная рыса ў абліччы вайны тут таксама мае прадметны характар. Гэта сама Беларусь: «Галавешкі – па ўсёй зямлі». У паэме гаворыцца пра той боль народа, які павінен раніць сумленне ўсяго свету.
У кожнага беларускага паэта можна знайсці такі абагульняльны вобраз барацьбы і пакут народа, які мае асаблівае эмацыянальнае напаўненне. У вершы Н. Тулупавай – гэта салаўі Хатыні, у А. Пысіна – «белы бусел на сасне, абеліскі пад сасною», у С. Грахоўскага – кветка бяссмертніка, у Г. Кляўко – сем кветак: Вяргіня, Лотаць, Лілея, Пралеска, Ружа, Валошка, Незабудка з паэмы «Сем пісем». Пералічаць такія вобразы можна бясконца. Р. Барадуліну ўдалося знайсці вельмі дакладны і змястоўны малюнак барацьбы беларускага народа з ворагам ва ўмовах Беларусі:
Вайна падалася ўслед за блакадаю.
У змоўклай згодзе дзеці і ўдовы
Магілак грады ў гародах абкладвалі.
Глядзелі ў вокны крыжы сурова.
Якая трагедыя і якая эпічная веліч у дзеяннях людзей! Дзеці і ўдовы хаваюць сваіх забітых бацькоў у сваіх агародах. Бо шмат акалічнасцей ваеннай пары перашкаджае пахаваць іх на могілках. Магілы бацькоў – як грады! I крыжы на магілах відаць з вокнаў. I будуць відаць заўсёды, пакуль будуць жыць родныя забітых. Але як жыць, калі пастаянна, кожны дзень перад вачамі гэтыя крыжы?! I людзі будуць жыць балючай памяццю пра родных і блізкіх, будуць душой гаварыць з імі, раіцца, як жыць далей. Бо так блізка ад вокнаў – магілы. Зблізіліся мёртвыя і жывыя парушыліся спрадвечныя звычаі. А гэта значыць, што ў вайну парушаліся самі асновы жыцця. Парушаліся ад небывалай напружанасці і зацятасці барацьбы. I яшчэ: у вокны глядзелі не толькі абеліскі, але і крыжы: ваявалі і гінулі звычайныя вясковыя людзі з традыцыйна-рэлігійнымі ўяўленнямі.
Такім чынам, уся беларуская літаратура, як паэзія, так і проза, на сучасным этапе падышла да спецыфічнага вобразнага абагульнення, дзе праз саму трагедыю раскрываецца і веліч перажытага чалавекам, і яго гераізм.
У раманах I. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» вельмі выразна адчуваецца міфалагічны падтэкставы план, які ўмацоўваё народныя асновы вобразатворчасці пісьменніка. На першых старонках рамана «Плач перапёлкі», дзе паказаны пачатак вайны, у атмасферы трывожнага чакання жыхароў вёскі, што ж будзе далей, чуваць на досвітку плач перапёлкі. Гэты яе плач-жальба ўспрымаецца як голас вешчай, прарочай птушкі, якая прадказвае людзям беды, гора і смерць. Перапёлка прарочыць людзям цяжкія заўтрашнія дні. Яе голас успрымаецца як таемная мова гэтай зямлі, што прадчувае свае раны і трагічныя страты. Быццам плача сама душа зямлі і прыроды.
Узнікае ў рамане «Плач перапёлкі» і вобраз крывавага дажджу як алегорыя ваеннага няшчасця. А падрабязна апісаны вясковы абрад хрэсьбін, ад якога вее язычніцкай даўнінай, служыць творчай задачы падкрэсліць нязломнасць народнага духу, стварае настрой пераконанасці, што народ павінен выстаяць і перамагчы. Глыбіня парушэння сталых асноў жыцця перадаецца тым, што вайна зрушвае з родных месц сям’ю ласёў, нясе ім смерць. Перанясенне лёсу людзей на звяроў – таксама выразны міфалагічны матыў. Мае міфалагічна-алегарычны змест і раздзел рамана «Апраўданне крыві», дзе Чубар, вярнуўшыся ў Верамейкі, паліць на полі жытнія снапы, каб яны не засталіся немцам. Па народнаму павер’ю знішчаць хлеб – вялікі грэх, бо яшчэ ў часы язычніцтва жыта было ўвасабленнем самога жыцця. Гэтым самым выяўляюцца адмоўныя аўтарскія адносіны да ўсёй жыццёвай пазіцыі Чубара, які з-за свайго недалёкага розуму і душэўнай нячуласці пагруз у дагматызме ўяўленняў пра тое, што адбываецца ў свеце.
Прытчавасць, як гэта ўжо адзначала крытыка, у найболынай ступені з усіх беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць пра вайну, уласціва, бадай, В. Быкаву. Сапраўды, у яго творах учынкі і дзеянні герояў, пры ўсёй іх несумненнай жыццёвай рэальнасці, фактычнай пераканальнасці, часавай канкрэтнасці, нагадваюць у нейкай ступені тую агульную накіраванасць і асэнсаванасць, якая вядома ўжо ў міфалагічных структурах.
Праўда, характар прытчавасці ў творах В. Быкава мае свае асаблівасці. Яна ўнутраная, нават сюжэтна прыхаваная. Калі фігуру Сотнікава яшчэ можна ў нейкай меры суаднесці па лініі самаахвяравання з біблейскім вобразам Хрыста, то Рыбак наўрад ці нагадвае Юду нават па знешнім параметры свайго ўчынку. Юда ў біблейскай прытчы здрадзіў свядома, ніколькі не сумняваючыся ў сутнасці таго, што павінен быў зрабіць. Здрада Юды «чорная». Рыбак жа ў аповесці В. Быкава доўга не ўсведамляе сваёй здрады, мяркуе, што знаходзіцца ў разумовым паядынку з ворагам, што яму ўдалося абхітрыць яго. А здагадаўшыся, што ён міжвольна стаў на шлях здрады, робіць спробу пакончыць жыццё самагубствам. У Юды нават думкі наконт самагубства не ўзнікала, бо ён мэтанакіравана робіць зло.
Калі ўжо шукаць у творчасці В. Быкава фігуру, падобную да Юды, то ёй хутчэй будзе Блішчынскі з аповесці «Здрада». Тут антытэза «вернасць – здрада» ўвасоблена больш выразна і адкрыта, яна менш заслонена пабочнымі жыццёвымі матывамі і намерамі, пра што сведчыць сама назва твора.
Яшчэ ў большай ступені, бадай, нагадвае Юду Сахно з рамана «Мёртвым не баліць». Сахно спачатку, у некрытычнай сітуацыі, вельмі «правільны», але пагроза смерці крута мяняе яго жыццёвую арыентацыю.
Прыблізнае, знешняе суаднясенне зместу сучаснага твора з міфалагічнай, легендавай ці прытчавай сюжэтнай структурай амаль нічога не дае для пазнання яго зместу. Прыблізнасць, павярхоўнасць у дадзеным выпадку вядзе да нацяжак, не толькі стварае пагрозу скажэння праблематыкі, але і закрывае, зацямняе сапраўдны сэнс вобразаў.
Нават у тым выпадку, калі ў аснове сучаснага твора пра вайну ёсць міфалагічны ці легендарны архетып, яго класічная выразнасць вельмі часта зацямняецца канкрэтна-індывідуальным абліччам сучаснай вайны. Напрыклад, ва ўсіх творах, якія апавядаюць пра подзвіг разведчыц у тыле ворага, можна знайсці водгук міфа пра Юдзіф, якая, ахвяруючы сваім добрым імем, ратуе родны народ ад жорсткіх заваёўнікаў. Урэшце, кожны раз, калі літаратура засяроджваецца на сітуацыі смелага паядынку малой колькасці байцоў з пераўзыходзячымі сіламі ворага (тыповая зыходная пазіцыя амаль усіх твораў савецкіх пісьменнікаў пра першапачатковы перыяд вайны), яна вольна ці міжволі набліжаецца да сюжэтнай і сэнсавай логікі міфа пра перамогу воіна Давіда над асілкам Галіяфам. I выяўляць такія «супадзенні», даследаваць іх трэба грунтоўна, бо толькі тады яны адкрываюць глыбіню вобразнага абагульнення ў сучасным творы, «культурны», г. зн. правільны матыў у паводзінах чалавека на вайне.
Сапраўды, першыя творы В. Быкава сталі прывабліваць таксама па той прычыне, што ўчынкі станоўчых герояў у вострых сітуацыях былі звязаны з усёй папярэдняй духоўнай традыцыяй. Іншымі словамі, патрыятычныя пабуджэнні і парыванні героя зліваліся з духоўным вопытам чалавецтва на працягу ўсёй яго свядомай гісторыі, а таксама ў нейкай ступені з міфам.
Аднак духоўная блізкасць герояў В. Быкава да традыцыйных варыян-таў унутраных паводзін чалавека ў крытычных сітуацыях дасягаецца не шляхам свядомай арыентацыі пісьменніка на змест вядомых міфаў і легенд, а дзякуючы глыбокаму самавыяўленню душэўнага патэнцыялу. Ён проста раскрываў яго маральныя магчымасці. Але іменна дзякуючы таму, што гэтыя магчымасці «праглядваюцца» на ўсю глыбіню, сутнасць іх пачынае злівацца з ужо вядомым жыццём чалавечага духу. Такім чынам, В. Быкаў не адштурхоўваецца ад міфа і легенды, а ў напружаным творчым пераадоленні жыццёвых выпадковасцей ідзе да іх, убіраючы ў вобраз самае канцэнтраванае, тыповае, ужо перажытае ў сваёй сутнасці чалавекам.
Тое, што В. Быкаў ідзе не ад гатовай прытчавай сюжэтнасці, а ўзвышаецца да яе праз тыпізацыю рэальнага жыцця, мае важнае, прынцыповае значэнне. Якраз гэтай асаблівасці і не зразумелі тыя крытыкі, якія вінавацілі яго за прытчападобнасць. Для іх прытча – нязменная схема. Для В. Быкава – такая ступень абагульненасці, якая супадае з агульнай думкай усяго чалавецтва. Гэта вельмі добра адчуў А. Адамовіч, калі пісаў: «Дасягнуць праўдзівасці можна і памнажэннем жыццёва дакладных сцэн і дэталяў (у вайны гэткага матэрыялу даволі). Але ёсць і другі шлях: пры максімальнай праўдзівасці перажыванняў, сітуацый, дэталяў завастрыць, драматызаваць яшчэ і самую думку аб вайне. Напрыклад, праецыруючы яе на ўсю мінулую гісторыю людзей. Або на сучаснасць. На тое і другое і яшчэ на заўтрашні дзень чалавецтва». Гэта сапраўды так: калі ў вобразе спалучаны мінулае, сучаснае і будучыня – гэта і ёсць прытчавае, агульназначнае, вечнае.
Творчасць В. Быкава, як і іншых выдатных беларускіх пісьменнікаў, паказвае, што сучасная беларуская літаратура дасягнула такога ўзроўню, калі ў лепшых яе творах знікае разрыў паміж побытава-канкрэтным рэалізмам і абагульняльнай умоўнасцю. Вобраз становіцца цэласным і завершаным. Ён канкрэтна праўдзівы і разам з тым тыпова зборны, бо ў ім жыццё стала, адлюстроўвацца ва ўсіх сваіх сферах, злітна і натуральна. Гэта адна з прыкмет яе сусветнага ўзроўню.
***
Паглыбленне прынцыпа праўдзівасці ў сучаснай беларускай літаратуры, якая адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пашырэнне трагедыйнага поля ў самой жыццёвай фактуры твора абавязвае пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў звязваць гэтыя падзеі на аснове ўжо існуючых традыцый з вышэйшым адчуваннем духу народнасці, зрабіць абвостранае бачанне вайны здабыткам усёй грамадскай свядомасці. Так, літаратура і далей будзе збіраць невядомыя дагэтуль факты гераічнай барацьбы, ажыццяўляючы лозунг «ніхто не забыты, нішто не забыта», бо сапраўды «яшчэ там слава партызанаў не ўся ўмясцілася ў музей». Час яшчэ будзе ўносіць у музеі баявыя сцягі. Але будзе і выносіць іх адтуль, да чаго заклікае ў сваім вершы «Старым партызанам» П. Панчанка:
Выносьце са слаўных музеяў
Свае баявыя сцягі,
Выносьце сцягі у завеі,
Выносьце сцягі ў снягі.
Выносіць сцягі ў завеі і ў снягі – гэта значыць аддаваць баявую славу сучаснаму жыццю, павышаючы тым самым яго духоўную энергію і грамадзянскі напал.
Евген Крупенька
Удивительным свойством обладает время: с каждым годом ускоряя свой бег, оно, как бы наперекор законам перспективы, укрупняется, отчетливее, резче выступают наиболее характерные черты каждого периода, становится ясно, что облик времени – облик дел человеческих. Стремительный бег жизни зовет писателей идти рука об руку со своими произведениями. И очень важно, что именно прозаики, пришедшие в литературу в середине пятидесятых, остро почувствовали нужду в героическом, стремятся осмыслить и рассказать читателю увиденное и пережитое: то, что сохранила детская память, никогда не забудется, не дает покоя, стоит перед глазами:
«Маршевая немецкая колонна давно уже прошла мимо Кондрусевичевой хаты в Веремейки, а в деревне мало кто видел ее: почти все взрослое население было в Поддубище. Первой углядела немцев старая аистиха, одиноко и беспомощно, словно подвешенная, маячившая над гнездом возле кладбища. Она была очень голодна, немощна и вообще этот год постоянно недоедала, редко когда снималась с березы, чтобы поискать в траве на кладбище или на краю болота пищу, поэтому в голодном забытьи немецкая колонна внизу показалась ей вертлявым ужом». Только детство обладает такой зримой памятью. Только память через прожитые годы может так говорить о незабываемом, пахнущем гарью пожаров и кровью.
Именно так увидел войну мальчик Иван Чигринов, которому в 1941 году не было и семи лет. Ему, как и его сверстникам, приходилось жить на «подножном корму», ради куска хлеба отправляться «на край света» – не годы сделали взрослыми детей, война научила их мыслить, думать о жизни: они «за всю войну никогда не смогли наесться вдоволь». Рассказывая о судьбах своих сверстников, писатель пишет не только их, но и свою биографию, открывает читателю самое сокровенное и пережитое, но близкое и дорогое ему прежде всего по нравственной своей сути: жизненные впечатления легли в основу всех его вещей – от рассказов до романов.
Уже первые рассказы Ивана Чигринова, появившиеся в середине пятидесятых годов, сразу же обратили внимание своей жестокой правдой, поэтичностью восприятия природы. Иногда живописания щедрых красот природы мы торопливо пробегаем, но И. Чигринов заставил нас читать свои пейзажи, постичь поэзию и прелесть земли. Она словно призывает оглянуться окрест и прозреть: «Солнце уже выплыло полностью и теперь лежало огромным красным шаром на пригорке. Наконец сука потеряла надежду поживиться еще и побежала, переваливаясь, прочь от деревни в поле, где ветер переметал шершавый снег. Она бежала все время вверх, прямо на солнце. И Устинье издали казалось, что та вот-вот добежит до него. Но солнце скоро оторвалось от земли, и, когда собака оказалась на пригорке, его было не достичь» («Устинья»).
Описания природы мы встречаем в каждом рассказе Ивана Чигринова, на многих страницах его эпических произведений «Плач перепелки» и «Оправдание крови». Пейзажи у писателя не только фон, на котором развертывается действие, природа помогает глубже заглянуть в душу человека, раскрыть его характер, она живет, дышит, переливается всеми своими яркими красками, выступает в тесном единстве с героями.
Героями первых рассказов И. Чигринова в большинстве были его сверстники – дети войны и послевоенной деревни: безотцовщина, голод и холод заставляют их добираться пешком или «зайцами» за сто километров на обед, переносить все невзгоды и тяготы жизни. Подросток-сирота рано становится примаком: мальчика взяли в одну хату, чтобы вырастить из него работника и мужа. Ватага сельских мальчишек не по годам серьезно рассуждает о судьбе малолетнего примака, никто над ним не смеется, наоборот, все ребята ему сочувствуют: гуманизм писателя в рассказе «За сто километров на обед», как и в другом, «Бульба», раскрывается с особой выразительностью: биография писателя дает ключ к пониманию его творчества, помогает познать истоки его самобытности, непохожести на других литераторов и, наконец, выбора им своей главной темы. Тема рассказов Ивана Чигринова не только детство, опаленное войной, но и незабываемая, тревожная память о войне тех, кто с оружием в руках, как Алексей Балаш из рассказа «Первый день войны», шел защищать Родину от фашистской чумы. Думами о Родине живет и командир роты Семен Кожинов (рассказ «В стороне от дороги»), тяжелораненый, он думает не только о себе, но и своих товарищах-бойцах. Эти думы о судьбе Родины, народа красной нитью проходят и в эпических произведениях писателя, которые принесли ему заслуженную славу. И, как справедливо отмечает наша критика, о Великой Отечественной войне Иван Чигринов пишет по-своему: романы «Плач перепелки» и «Оправдание крови» смог написать писатель только в наше время, после того, как исчерпали себя другие способы рассказа о войне: эпопейно-масштабные, психологично-драматические, философско-притчевые. В одном интервью о романе Иван Чигринов говорит: «Роман – это народ. И, возможно, некоторых народов хорошо не знают в мире только потому, что у них нет отличных романов».
В своих эпических полотнах писатель стремится как можно глубже проникнуть в неуловимое пространство психологии человека, стоящего на грани решительного выбора, вскрыть и понять затаенные силы народные, которые, словно вулкан, потрясают мир в решающие моменты борьбы с врагом. В этом, безусловно, и кроются главные истоки заостренности и эпической широты его книг, в которых обнаженная правда времени прямо соотнесена с героизмом человеческих характеров. Психологический анализ, интерес к нравственно-социальному облику современника, свойственные И. Чигринову, не замыкаются на отдельной личности, а дают целостное представление о самой действительности, которая у него – живой материал для осмысления и многомерного раскрытия больших социальных коллизий, увиденных в их перспективе. Читаешь его рассказы или страницы романов и видишь, как пристальное писательское внимание приковано к земле и людям на ней, всюду ощущаешь сыновнюю любовь художника к родной Могилевщине. Это она, щедрая в своем ответе на человеческую заботу о ней и грозная к врагам, предстает в творчестве И. Чигринова. Художественная и социальная зрелость писателя-гражданина, вобравшая в себя личный и общественный опыт, сказалась а первую очередь в том, что исторически предопределенное движение народа он закономерно связывает с образом коммуниста.
Вот как говорит Зазыба – большевик с глубокими убеждениями, ставшими его душой, сыну Масею: «Для меня Советская власть – как для матери твоей ты!.. Ей, видишь, нет никакого дела до того, какой ты теперь и что говоришь, и что собираешься делать!.. Ты для нее по-прежнему такой же, каким она тебя родила!.. А уж ты поверь мне – ни одна мать не хочет, чтобы ребенок у нее был плохой! Она бы тогда и мучиться не мучилась из-за этого. Даже не рожала б! Вот так и для меня Советская власть! Я ее так же… ну, если хочешь знать, я ее так же рожал!.. Я за нее дрался! Я за нее терпел испытания! Бо мы все, кто за нее дрался, тогда знали, какая это власть и для чего она людям нужна!».
Это качество характера чигриновского героя, уверенного в справедливости своих нравственных принципов, укрепляет его волю на трудном пути войны. Фашистское нашествие явилось суровым испытанием для всей нашей страны, для каждого человека. В романах И. Чигринова раскрываются лучшие черты личности коммуниста – человека активного действия, стоящего в центре идейной борьбы за человека новой формации. И здесь писатель находится в первом ряду современных эпиков, творчески следующих лучшим заповедям советской классики, внимание которой всегда было приковано к образу коммуниста и художественному раскрытию всей огромной деятельности партии по организации партизанской войны. Каждый из героев Чигринова стремится занять свое место во всенародной борьбе с врагом. «Кто с родной земли убегает, тот врага не побеждает», – говорит Зазыба Чубарю, привезшему из района инструкцию все вывозить и уничтожать, ничего не оставляя фашистам, но забывает о главном – людях, которые остаются здесь, которые не будут сидеть, сложа руки, а возьмут в них оружие, будут вести непримиримую борьбу с оккупантами. «Не кровью своей мы должны напугать их, а оружием. Я вот так понимаю дело», – говорит Зазыба. И, как видим, хотя в романе «Плач перепелки» и расходятся пути Зазыбы и Чубаря, однако веришь, что спор между героями не разъединит их навсегда, осознает свою ошибку Чубарь: поколение, лицом к лицу встретившее нашествие фашизма, доблестно выстояло в исторической битве с ним.
Слитность идейного и эстетического, особая взволнованность чувств, близость героя автору, сопричастность его судьбе рождают особую лирическую интонацию повествования, знаменуют философское осознание писателем народного характера, народного миропонимания. Писатель мастерски передает нравственно-психологическую суть характера человека, у него пристрастие к колоритным персонажам, личностям незаурядным, ярким. Кровная и корневая связь с землей выпрямляет человека, когда он на время оказывается надломленным обстоятельствами. Она питает его духовные силы в годину величайших испытаний. Особенно ярко это раскрыто в эпизоде, где писатель сталкивает Чубаря с осиротелым, беззащитным лосенком, который, по-телячьи растопырив передние ноги, застыл в нескольких шагах от него. В темно-вишневых глазах его Чубарь увидел что-то невыразимо трогательное и доверчивое.
Сиротеют не только люди, но и природа. А она в произведениях Ивана Чигринова органически связана с человеком, составляет единое целое. Вспомним хотя бы такой эпизод из «Плача перепелки». Отступление советских войск, первые дни оккупации, кругом разорение, плач людей, и на этом фоне такое описание: «Сегодня перепелка не иначе как плакала. То ли гнездо ее разорили, то ли другая какая беда заставила оглашать тоскливым зовом окрестность… Зазыба почувствовал это и с грустью подумал: если птицы так плачут, то как же должны голосить люди, у которых горя несравненно больше, а теперь и так его через край?»
Прозе Ивана Чигринова свойственна яркая поэтичность. Под поэтичностью произведения я понимаю его высокую эмоциональную основу, глубокую философскую мысль, причем мысль собственную, выношенную, такую реалистическую деталь, которая способна достичь значимости поэтического символа. Ибо настоящий художник – это художник, мыслящий крупно, масштабно. А мы, современники, ощущаем свою причастность к гражданскому деянию художника, каким является его творчество, самым непосредственным образом и не отделяем свои надежды и свершения от его мыслей и чувств.
Алесь Марціновіч
Шлях да паглыбленага, псіхалагічнага дакладнага, менавіта чыгрынаўскага разумення вайны і месца чалавека ў гэтай вайне пачаўся яшчэ тады, калі ў друку з’явіліся першыя апавяданні пісьменніка, якія пазней увайшлі ў яго першыя кнігі «Птушкі ляцяць на волю» і «Самы шчаслівы чалавек». Гэта была тая літаратура, якая не мела патрэбы ў гучных ацэнках, а сама звяртае на сябе ўвагу – чалавечымі характарамі і лёсамі, агульнай пісьменніцкай канцэпцыяй жыцця. У Чыгрынаве ўжо тады можна было ўбачыць аўтара, здольнага выходзіць у сваіх творах на праблемы шырокага сацыяльнага і грамадскага гучання, паказваючы буйным планам канкрэтнага чалавека не проста як асобу, індывідуальнасць, а як частку народа. I асабліва важна, што першыя ўжо чыгрынаўскія апавяданні паказвалі народ. Народ, як галоўную рухальную сілу гісторыі, носьбіта высокіх духоўных і маральных асноў.
Амаль усе апавяданні І. Чыгрынава адразу ж пасля з’яўлення іх у друку былі перакладзены на рускую мову. Таму што жыццёвы матэрыял, узяты Чыгрынавым у аснову апавяданняў, сам па сабе быў настолькі багатым, што даваў магчымасць пісаць яркія чалавечыя характары, не падобныя адзін на другі. Менавіта пісаць. Так, як піша карціну жывапісец, адбіраючы асцярожна, не спяшаючыся, – патрэбныя фарбы, ствараючы такія адценні, якія даюць магчымасць адчуць: перад намі мастацтва высокай жыццёвай і мастацкай праўды. У I. Чыгрынава былі апавяданні, у якіх вырашаліся важныя маральна-этычныя праблемы, напрыклад, «Птушыныя сны», «Жыве ў крайняй хаце ўдава» і апавяданні пра цяжкае дзяцінства – ваеннае і пасляваеннае («Плывун», «За сто кіламетраў на абед»). Большасць яго твораў – пра вайну. Не пра ваенныя баі, не пра бітвы, а пра вайну як страшэнны парог, які падзяляе радаснае і бесчалавечнае, светлае і цёмнае. Пра вайну, якая правяла рэзкую мяжу паміж тым, што было, і тым, што ёсць, вайну, якая перад кожным сапраўдным чалавекам паставіла адно важнае пытанне: як жыць далей?
У Ігната, героя апавядання «Ішоў на вайну чалавек», як і ў большасці савецкіх людзей, на пытанне гэтае і адказ быў адзін: трэба змагацца за Радзіму, за свой народ, за жыццё тых, каго ты пакідаеш у родных мясцінах. I хоць сам Ігнат не паказаны як воін, салдат, тым не менш, мы бачым яго і як воіна, і як салдата. Магчымасць адчуць гэта ва ўсёй паўнаце і складанасці дае той агульны стан чалавечага духу, калі на першы план выступае гатоўнасць героя стаць у строй барацьбітоў з фашызмам. Не, Ігнат не гаворыць гучных слоў, ён не клянецца, што будзе помсціць ворагам. Ды і словы тут здадуцца лішнімі. Проста чалавек ідзе на вайну, ведаючы, куды ідзе і на што ідзе.
Гэты расказ здзіўляе праўдзівасцю і жыццёвасцю гэтак жа, як і другі – «Самы шчаслівы чалавек». У ім гісторыя кароткага жыцця Аляксея Балаша, які сустрэў вайну адным з першых, – на досвітку 22 чэрвеня сорак першага… Гісторыя чалавечай душы, якая ўвабрала ўсё тое лепшае і чыстае, чым жылі перад вайной савецкія юнакі.
І адначасова – святая наіўная вера, што вайна будзе нядоўгай. Балаш сустрэў свой першы бой, які для яго стаў апошнім. Не мог Аляксей ведаць, што наперадзе – доўгія, цяжкія гады змагання з фашызмам, што кожны чацвёрты беларус загіне ў гэтай страшнай вайне.
Апавяданне заканчваецца па-чыгрынаўску ясна і лаканічна. Прыязджае нямецкая пахавальная каманда, забірае салдат, забітых Аляксеем… Толькі першы дзень вайны… А колькі перажыў Аляксей Балаш?! Не, нават не за ўвесь дзень, а толькі за некалькі гадзін! Пісьменнік, раскрываючы душу свайго героя, даў магчымасць адчуць нам, чытачам, якім добрым і чыстым быў гэты «самы шчаслівы чалавек»!
Перачытваючы «ваенныя» апавяданні I. Чыгрынава і, перш за ўсё, такія, як «Ішоў на вайну чалавек», «Самы шчаслівы чалавек», няцяжка заўважыць, што менавіта гэтыя творы паступова рыхтавалі глебу для напісання рамана «Плач перапёлкі». Менавіта ў гэтых апавяданнях талент пісьменніка раскрыўся сваімі лепшымі якасцямі: рэалістычнасцю і жыццёвасцю, палымянай грамадзянскасцю, высокай публіцыстычнасцю, тым паглыбленым псіхалагізмам, які дае магчымасць, разглядаючы душу канкрэтнага чалавека, пераходзіць да спасціжэння душэўнага стану ўсяго народа ў мінуты самых цяжкіх, самых суровых выпрабаванняў. Пераход ад апавяданнняў да рамана быў бы немагчымым без умення ўзвысіцца над канкрэтнымі фактамі, расказваць так, каб кожны, хто возьмецца за кнігу, мог убачыць усё, як было тады, у вайну.
Апошняе немалаважна, калі ўспомніць, што ў сорак першым годзе I. Чыгрынаву споўнілася толькі сем гадоў. Вайну ён бачыў вачамі дзіцяці. У апавяданнях жа, раманах яна, вайна гэтая, паказваецца вачамі народа. Вядома, аўтару ў дадзеным выпадку нямала даў вопыт іншых пісьменнікаў, шмат звестак пачэрпнуў ён і ў архівах, з успамінамі і ў мемуарах непасрэдных удзельнікаў падзей. Аднак нельга забывацца, што галоўнае ў такім глыбокім, уважлівым раскрыцці лёсу народа ў ваенны час – талент празаіка.
Нетаропка, як бы не спяшаючыся, расказвае пісьменнік пра тое, што адбываецца ў Верамейках, вёсцы, якая знаходзіцца ў глыбінцы беларускай зямлі. Асаблівасці чыгрынаўскай манеры пісьма адчуваеш ужо з першых старонак рамана «Плач перапёлкі».
Гэтак жа нетаропка будзе расказваць пісьменнік у далейшым – і ў першым рамане, і ў «Апраўданні крыві» – аб справах верамейкаўцаў, здавалася б, вельмі далёкіх ад таго, што адбываецца наўкола. Ідзе дзесьці вайна, фашызм сее смерць і слёзы, а тут калгаснікі заняты жнівом, засядае праўленне калгаса, і вясковая весялуха Ганна Карпілава не супраць «закруціць» любоў…
Але чым далей чытаеш раманы I. Чыгрынава, тым больш пераконваешся: няма ў іх нічога лішняга, другараднага. Усё ў творах гэтых «працуе» – цяжка, марудна, але працуе – на раскрыццё асноўнай задумы аўтара, на паказ таго, як народ уваходзіў у вайну, як рыхтаваўся ён да бітвы з фашызмам. Адсюль і замаруджанасць дзеяння (два раманы ахопліваюць толькі некалькі месяцаў вайны), і ўважлівыя адносіны да кожнага персанажу (у невялікіх параўнальна па аб’ёму раманах дзейнічаюць дзясяткі самых розных герояў).
Ёсць у раманах I. Чыгрынава адзін галоўны герой – сама Радзіма. I тая маленькая частка зямлі, дзе чалавек нарадзіўся, рос і жыве, і ўся неабсяжная Савецкая краіна. Характэрна, што і тут пісьменнік не гаворыць гучных слоў аб вернасці і абавязку, аб гордасці. Але амаль на кожнай старонцы раманаў адчуваецца сапраўдны савецкі патрыятызм, які не заўсёды можна выказаць словамі, але які заўсёды жыве ў сэрцы савецкага чалавека. Часцінка гэтай любві да Радзімы – у плачы перапёлкі, у трубным клічы лася, у задушэўных песнях, якія гучаць у вуснах жанчын.
Гэты лірыка-эмацыянальны план як бы знутры высвечвае ўсе падзеі, што адбываюцца ў раманах, надае ўсяму апавяданню, нягледзячы на драматызм падзей, чалавечую шчырасць і цеплыню. Літаратура – глыбока гуманная, сапраўды жыццёвая – ва ўсе часы здольная была ўсяляць веру чалавека ва ўсё лепшае, праўдзівае.
У раманах I. Чыгрынава – перад намі яшчэ не сам подзвіг народны, а як бы падрыхтоўка да яго. Вось чаму пісьменнік так падрабязна, нават скрупулёзна, апісвае асобныя эпізоды, выпадкі з жыцця верамейкаўцаў, вось чаму ён імкнецца як мага глыбей заглянуць у душу кожнага.
Пра вайну напісана нямала таленавітых, высокамастацкіх твораў, у тым ліку і ў беларускай літаратуры. Але, бадай, ніхто з пісьменнікаў не пранікаў у такія глыбокія пласты жыцця народа, не набліжаўся так да вытокаў народнай мудрасці, мужнасці, маральнасці. У гэтым I. Чыгрынаў – першапраходзец… Яго раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» перакладзены на многія мовы народаў СССР, адзначаны літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Акрамя таго, паводле рамана «Плач перапёлкі» пастаўлены на Беларускім тэлебачанні спектакль. У Беларускім тэатры імя Янкі Купалы з поспехам ідзе народная драма I. Чыгрынава «Плач перапёлкі».
А хутка чытачы змогуць пазнаёміцца з новым раманам I. Чыгрынава «Свае і чужыя», дзе яны зноў сустрэнуцца з верамейкаўцамі.
…Памяць народа. I. Чыгрынаў пастаянна звяртаецца да яе. I не проста звяртаецца. Ён робіць сам народ галоўным героем сваіх твораў.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Серафим Андреюк
Человек и обстоятельства – главное содержание реалистической литературы. Наиболее значительные изменения в развитии характера обусловлены взаимоотношениями человека и обстоятельств, прежде всего обстоятельств общественных. Белорусский роман и повесть дают благодатный материал для анализа этой проблемы. Но разговор на такую сложную тему требует предварительных общих замечаний, хотя бы краткого взгляда на предпосылки отражения в литературе общественной жизни человека.
«Реализм, – говорил Ф. Энгельс, – предполагает, помимо правдивости деталей, правдивое воспроизведение типичных характеров в типичных обстоятельствах». Проверка человека (литературного героя) обстоятельствами является основной. Человек – продукт истории, продукт определенных общественно-исторических условий. Одновременно человек–творец этих условий. Последнее особенно подчеркивали К. Маркс и Ф. Энгельс. В работе «Святое семейство» они писали: «История не делает ничего, она «не обладает никаким необъятным богатством», она «не сражается ни в каких битвах»! Не «история», а именно человек, действительный живой человек – вот кто делает все это, всем обладает и за все борется. «История» не есть какая-то особая личность, которая пользуется человеком как средством для достижения своих целей. История – не что иное, как деятельность преследующего свои цели человека». Маркс и Энгельс говорят о том, что «обстоятельства в такой же мере творят людей, в какой люди творят обстоятельства». Марксистская теория личности гуманистична по своей сущности: она ставит целью утверждение человека, всестороннее развитие личности. Полное достижение этой цели К. Маркс непосредственно связывал с построением коммунистического общества.
Создание в развитом социалистическом обществе объективных условий для полного раскрытия и утверждения человеческой сущности ставит в особые условия самого человека, предъявляет особые требования к его субъективным возможностям.
Сложнейшую действительность эпохи развитого социализма, взаимоотношение в ней человека и общества, индивидуальной свободы и исторической необходимости сегодня как раз и стремится исследовать и осмыслить литература. Характер и направление этого исследования и осмысления обусловлены сегодняшним состоянием общества – социальным, нравственным, эмоциональным. Ибо действительность, которую стремится понять и в определенном смысле сформировать литература, – это всегда определенное состояние общественного сознания, характер взаимоотношений людей между собою и с окружающим миром, это духовная атмосфера времени. В конечном счете, важные изменения в литературе всегда начинаются с изменений во взаимоотношениях между человеком и окружающим миром. Поэтому кардинальные и социальные, и духовные, и эстетические проблемы развития общества всегда с обязательностью будут достоянием литературы, главным материалом ее исследования. Литература во все века жила и живет своим временем – о чем бы она ни говорила, к событиям какой бы давности ни обращалась.
Возможно, ни в одном произведении, созданном белорусскими писателями за последние двадцать лет, не отразилась так глубоко современность, как в «Полесской хронике» Ивана Мележа. Сопоставляя романы «Люди на болоте», «Дыхание грозы» и «Метели. Декабрь», мы видим углубление концепции человека, обогащение ее гуманистического, ее современного социального и нравственного содержания. Развитие авторской концепции человека по-своему повлияло на художественную структуру «Полесской хроники», создало определенное типологическое отличие романов.
«Люди на болоте» – это преимущественно мир деревни, мир «людей на болоте» с их заботами и беспокойствами, малыми и большими радостями, тревогами и надеждами. Этот мир как бы замкнут в самом себе.
«Дыхание грозы» – это тот же реальный мир деревни, но уже связанный с большими событиями страны, насыщенный драматизмом этих событий. Этот мир уже самоосознается. Отсюда большая интеллектуальная насыщенность романа, его глубокое идеологическое содержание. Иван Мележ в письме к М.А. Абалкину так писал о романе: «Работая над второй книгой, я почувствовал, что мне нельзя дальше оставаться в мире одной деревни, в том мире, где действуют герои предыдущего романа. Я вынужден был расширить поле деятельности моих героев, вывести их широко в жизнь районного центра и даже столицы республики. Укрупнение замысла и расширение поля видения жизни заставили меня выдвинуть на первый план, на главную линию значительную личность; так в центре романа оказался председатель райисполкома коммунист-ленинец Апейка… Мне очень хотелось показать в его образе не только человека действия, но и человека большой мысли.
…Меня захватила задача создать образ большевика-ленинца, человека активной мысли, который стремится глубоко постичь смысл времени, понять его сердцем и разумом. Стремление все глубоко постичь вызвано в Апейке чувством непременной ответственности за все, к чему он имеет отношение как руководитель и коммунист. Сложность времени и взаимоотношений с ним и определяет сложность его характера, напряженность его мысли». Апейку как характер определяет не только степень практического участия в событиях, но и степень их осмысления. Именно эта особенность во многом определила и тип романа, и его структуру.
И вот третий роман – «Метели. Декабрь». Мир деревни, богатый, живой во всех своих проявлениях, непосредственно мало присутствует в произведении. Он преимущественно подается в отраженном виде – в споре Апейки и Башлыкова, в их мыслях, раздумьях. В организации материала, организации взаимодействия характеров главная роль в этом романе принадлежит Башлыкову. Здесь он стал героем первого плана. Это не случайность, не неожиданность. Есть логика развития авторской мысли, есть глубокое постижение истории, есть, наконец, острое чувство современности.
Проблема утверждения ленинского отношения к человеку, утверждения самоценности человека (главная проблема «Полесской хроники»), которая в первом романе ставилась и решалась в плане социально-бытовом, во втором и. особенно в третьем романах усиливается и к углубляется, приобретая общезначимый смысл: отношение к человеку – отношение к крестьянству – отношение к народу. Идеология рождается практикой и служит политике. В таком движении авторской мысли чувствуется историзм художественного мышления, глубокое осознание современной духовной атмосферы. Человек, народ, история – главный объект исследования в «Полесской хронике».
Проникая в содержание произведений Мележа, в их дух, мы видим и другое: человек в них не только главный объект, человек является и основным критерием эстетической оценки – им выверяется история. Человек все больше становится субъектом истории, все больше стремится осознать свое место, свою роль в мире. Сегодняшнее самосознание формировалось в годы революции, гражданской войны, коллективизации, Великой Отечественной войны.
«Я стремился, – говорил писатель, – чтобы роман мой был явлением современной литературы; не только по особенностям мастерства, но и по опыту, по широте и высоте взгляда на события тех важных лет».
Оставаясь верным жизненной правде, историческому опыту развития нашего общества, Мележ вполне закономерно в романе, посвященном переломным годам коллективизации, выписал Башлыкова – фигуру, характерную для общественной жизни того времени. Писателю чрезвычайно важно было показать этот человеческий характер, такой тип общественного сознания и общественного поведения, показать его всесторонне, главным образом – изнутри.
Как личность, даже во многом как характер, Башлыков – порождение своего времени, продукт определенных условий, а именно условий больших социальных преобразований, острой классовой борьбы. Его биография типична для многих партийных руководителей того времени: «голодное, в непосильном труде детство, темный сырой барак в залинейном районе», «век в заботе, в страхе за кусок хлеба, за детей, мать», полная «жажды деятельности и широких, на весь мир, надежд» комсомольская юность. Потом – партийная работа. Ему присущи принципиальность и твердость, преданность делу. Вместе с тем – отсутствие гибкости, тактичности и внимательности по отношению к людям, где-то снисходительное, даже враждебное отношение к крестьянству. «На всю жизнь осела в душе ненависть к тем, кто бесчеловечно обдирал как липку их, городскую бедноту». Думая, что он, крестьянин, в основе своей двоедушный, что в каждом живет «собственник», а то и «эксплуататор», Башлыков приходит к мысли (которая потом становится убеждением) о своем городском рабочем превосходстве «над темной деревенской массой». Отсюда и определенные методы руководства. Главное для него – дело, дело в чем-то само по себе. Коллективизация для Башлыкова – это не исключительной сложности перелом, связанный прежде всего с множеством человеческих судеб, переустройство, совершаемое в конечном счете для человека и во имя человека, а прежде всего непримиримая, беспощадная классовая борьба, требующая решительности, принципиальности, а не «миндальничания» и «либеральничанья». В этой борьбе надо быть беспощадным. Но понимание коллективизации только как острой классовой борьбы, недооценка ее созидательного, преобразующего начала придает деятельности Башлыкова антигуманный, вредный делу строительства нового общества характер. Башлыков, как тип руководителя, как явление социальное, создан условиями революционных преобразований, становится их слугой, в чем-то, возможно, рабом. Цель застилает перед ним все. Какими путями идти к ней? Эти вопросы Башлыкова, кажется, совсем не волнуют: цель оправдывает средства. Средства же для достижения цели берутся те, которые находятся под рукой – самые простые и грубые. Хотя на определенном этапе они – наиболее эффективные. Да и цель у Башлыкова – темпы. Мележ замечает, что «среди всех… мыслей одна представлялась Башлыкову особенно важной». Он всегда помнил, что наступление это, каким бы тяжелым ни было, должно идти самыми быстрыми темпами. «Темпы – это цель, к которой надо стремиться всеми силами, которой необходимо отдать все. Темпы – это не просто успех, это жизнь. Он видел, что движение на поле наступления неравное: одни вырываются вперед, другие отстают. Тем, кто впереди, почет и слава, тех, кто позади, бьют». Понятно, что определенная субъективность цели предполагает и характер средств: приемлемыми становятся любые средства.
В.И. Ленин уделял большое внимание укреплению связей руководителя с массами, с народом. Он требовал (сам в этом был примером) проявлять внимательность, чуткость в отношении к любому человеку. Ибо (и на это неоднократно указывалось в ленинских выступлениях) революции, в которую сразу бы все поверили, не бывает. Ленин подчеркивал: «Все сознательные рабочие: питерские, иваново-вознесенские, московские, которые бывали в деревне, – все рассказывали нам примеры того, как целый ряд недоразумений, самых, казалось бы, неустранимых, целый ряд конфликтов самых, казалось бы, крупных, устранялись или ослаблялись тем, что выступали толковые рабочие, которые говорили не по-книжному, а на понятном мужику языке, говорили не как командиры, позволяющие себе командовать, хотя они не знают деревенской жизни, а как товарищи, разъясняющие положение, взывающие к их чувству трудящихся против эксплуататоров. И на этой почве товарищеского разъяснения достигалось то, чего не могли достигнуть сотни других, которые вели себя как командиры и начальники». Именно, как командир и начальник действует Башлыков. Он живет одним днем, требованиями этого дня. Связи с народом, с жизнью, глубокой, устойчивой связи у него нет. Поверхностное отношение к человеку, к крестьянству, наконец, к жизни не позволяет Башлыкову увидеть и почувствовать сущность происходящих процессов, их реальный смысл, глубинное человеческое содержание.
Образ Башлыкова наполнен большим общественно-социальным содержанием, содержанием злободневным. В принципе Башлыков – это модный в совсем недавнее время «деловой человек». Он предан делу, честен, убежден, настойчив. Этими своими качествами привлекателен. Но он – руководитель, он имеет непосредственное отношение не только к делу, но, прежде всего, и людям. Старый вопрос: человек для дела или дело для человека? – сегодня ставится особенно остро и имеет тенденцию к принципиально гуманистическому разрешению. Мележ образом Башлыкова показывает, сколь вредно самоцельное преклонение перед делом, вредно и для людей, и для самого дела. Несмотря на добрые намерения.
Башлыков – фигура для определенного этапа нашей жизни показательная. Человек, субъективно честный, преданный делу строительства нового общества, объективно он не соответствует его высоким принципам. Сегодня, в обществе развитого социализма, в обществе сильных гуманистических тенденций, сущность человека определяется не только мерой его практического участия в создании нового. Мера практического участия без меры духовного осмысления, без гуманности методов утратила свою избранность, не может быть единственным критерием оценки личности. Человек, оторванный от народа, лишенный органических связей с ним, не имеет глубокой духовной основы, которая в любых условиях, при любых обстоятельствах не позволила бы ему превратиться в бездумную функциональную единицу, в винтик социальной машины. В этом историческая правда, в этом сильное общественное и литературное значение мележевского последнего романа.
Прослеживая судьбы героев «Полесской хроники», мы остро чувствуем, сколь драматичен, а то и трагичен путь личности в социальной истории: столкновение идей, разнообразие побудительных чувств, неоднозначность выбора, кипение человеческих страстей. Но показывая личность, судьбу ее на рубеже острых социальных столкновений, высокого общественного подъема, раскрывая взаимодействие личности со временем, с обществом, Мележ прежде всего стоял на народной точке зрения на историю, держался народных критериев добра и справедливости. В письме М.А. Абалкину в 1963 году Мележ писал: «Один из главных мотивов «Хроники» – мысль об ответственности человека перед временем, перед делом, ставшим великим делом народа. Чем выше, величественнее дело народа, тем выше и ответственность каждого перед ним, особенно тех, кому волей партии выпало на долю быть мастером, бригадиром, руководителем в трудном, большом строительстве». Цитируя эту мысль в позднейшем письме (1970 г.), Мележ добавлял: «В обоих романах важна для меня и та их особенность, которую Л.Н. Толстой называл «мыслью народной». Я могу повторить то, что писал тогда Вам в «Правду»: мне хотелось «написать книгу в полном смысле народную, книгу, которая прославляла бы народ, его подвиг, была бы пронизана большим уважением к нему и заботой о нем». И Мележ сделал это. «Мысль народная» стала художественной сущностью «Хроники».
Один из героев повести Г. Бакланова «Пядь земли» рассуждал так: «Когда окончится война и люди будут вспоминать о ней, конечно же, вспомнят великие битвы, в которых решался исход – войны, решалась судьба человечества. Войны всегда остаются в памяти великими битвами. И среди них не будет места нашему плацдарму. Судьба его – как судьба одного человека, когда решается судьба миллионов. Но, между прочим, нередко судьба миллионов начинается судьбой одного человека. Только об этом почему-то забывают». Сегодня никто, пожалуй, не скажет, что литература о войне не интересуется судьбой отдельного человека; наоборот, через пристальный интерес к судьбе отдельного человека она пытается осмыслить и судьбы народа. Народный взгляд на войну, на весь комплекс социальных и моральных проблем, связанных с войною, все более утверждается в современной литературе как главный принцип эстетического отношения к действительности, как главный этический критерий.
Перечитывая сегодняшние произведения о войне, в частности произведения белорусских писателей А. Адамовича, Я. Брыля, В. Быкова, В. Козько, И. Науменко, И. Пташникова, Б. Саченко, мы видим, что именно народное начало является определяющим в их общественной направленности, в их этическом и эстетическом строе. Это чувствуется и в романах И. Чигринова «Плач перепелки» и «Оправдание крови». В них исторически-конкретное воспроизведение действительности органически слито с ее современным осмыслением. Проблема народного начала, его жизненности и общественной ценности, проблема, которая сегодня так волнует литературу, является главной в романах прозаика. «Роман – это народ. И, возможно, некоторых народов хорошо не знают в мире только потому, что нет у них отличных романов», – так недавно писал Чигринов в газете «Літаратура і мастацтва». Автор в своих вещах не модернизирует события прошлого, не подгоняет их под эстетические или исторические каноны. Он подает как бы саму жизнь, ту жизнь, которая в своей основе вся находится в сфере его личного опыта.
Писатель стремится показать войну, фашистское нашествие как небывалое испытание для страны, для каждого человека; показать, как это нашествие вызывает внутреннее неприятие, а затем сопротивление. И в романе «Плач перепелки», и в романе «Оправдание крови» нет боев, партизанских операций, нет разорений сел и человеческих жертв. У писателя иная цель. Писателя прежде всего интересует тот пласт войны, точнее, партизанской войны, который предполагает исследование и осмысление духовных начал всенародного сопротивления. Перед писателем стояла трудная задача: через быт деревни первых дней оккупации раскрыть тенденции назревающей всенародной партизанской борьбы, показать истоки, что будут ее питать, сделают партизан непобедимыми.
События в обоих романах развертываются неторопливо, без каких-либо рывков или всплесков; они, в своей художественной сущности, вроде даже перегружены подробным описанием быта, скрупулезным исследованием мыслей и чувств человека. Отступление советских войск, первые дни оккупационного порядка, неопределенность человеческих судеб, внутреннее стремление каждого выработать как-то свою линию поведения в этих сложных условиях, созревание народного отпора – все течение жизни того времени писатель прослеживает очень внимательно. Война, нашествие, оккупация – новое состояние и для всего народа, и для каждого человека в отдельности. Оно охватывает все сферы жизни – общественно-социальные отношения, быт, мораль, психологию. И оно же противоречит всей сущности советского человека, сущности, созданной прежней его жизнью, – исторической, социальной. Логика романных событий, логика человеческих поступков красноречиво убеждает, что вся история народа – и давняя, ставшая духовной традицией, и живая, связанная с утверждением социализма, – сделала идеи свободолюбия, независимости, национального достоинства такой силой, которая восстала против несоответствующих ей условий.
Как только началась война, каждый из героев Чигринова стремится определить свое место в общенародной борьбе против врага. Зазыба – как ему подсказывает его совесть, знание односельчан, народа. Чубар – как ему говорит приказ, инструкция. Вот они спорят на первых страницах романа «Плач перепелки». Чубар только что вернулся из района. Говорит, что есть инструкция все вывозить и уничтожать. Зазыба противоречит: остаются же люди.
«– А кто их принуждает оставаться? Тот, кто по-настоящему любил Советскую власть, не будет сидеть».
Зазыба волнуется: «Хорошо, тогда давай по-другому говорить. Ты вот говоришь – тот, кто любил Советскую власть, не останется. Пусть так. А как, по-твоему, – наши веремейковские бабы не любили ее, что никуда не уходят?
– А я им в душу не лазил?!
– А стоило бы…»
И дальше Зазыба высказывает самое главное:
«И еще я тебе скажу, Чубар, а ты уж как хочешь – хочешь слушай, а хочешь нет. Но я еще в ту германскую слышал, как Панаска говорил. Был у нас такой человек, до колхозов умер. Ты его не! застал. Так вот Панаска даже тогда говорил: кто с родной земли убегает, тот врага не побеждает».
Эта сцена, в общем, как-то определяет жизненную платформу персонажей, их идейную сущность, предопределяет сюжетное движение характеров. После этой сцены Зазыба и Чубар в первом романе почти не встречаются; идут они каждый своим путем. Но спор все время будто соединяет их, держит во взаимозависимости.
Во втором романе, встретившись, они снова спорят. Спорят остро, непримиримо. На замечание Чубара, что «кровь героев… помогает зреть идеям», Зазыба высказывает свое главное, глубоко продуманное: «Достаточно было крови и без моей для идей… Кровь здесь не поможет. Надо сделать так, чтобы не мы немцев боялись, а чтобы они нас. И не кровью своей мы должны напугать их, а оружием. Я вот так понимаю дело…»
Рожденный определенными историческими условиями, конфликт этот (суть его в разном подходе к проблемам: человек и общество, цель и средства) относится к конфликтам общезначимым. И эта общая значимость проверяется в романах обстоятельствами социально определенными и жестокими. Отсюда и определенность конфликта, жизненность идей, заложенных в нем, – идей человеколюбия, справедливости. И здесь, говоря о «Плаче перепелки» и «Оправдании крови», важно подчеркнуть прежде всего вот что: судьба человека, носителя идеи, органически взаимодействует с судьбой народа. Судьба отдельного человека не выделена из народной судьбы, она поверяется жизнью народа. Ежедневной жизнью в необычных условиях. Сущность характера, его сила определяются органическим взаимосогласием со средой, сформировавшей его, – бытовой, социальной, вообще человеческой. Отсутствие такого взаимосогласия лишает человека устойчивости, внутренней определенности, делает его подверженным различным влияниям. «Такие натуры, как Чубар, обычно хорошо чувствуют себя в коллективе. Они одинаково способны руководить коллективом и подчиняться ему. Это все равно как те шестеренки в большом механизме, которые по одной только стоят и ржавеют. Чтобы прийти в движение, им необходима связь между собой, взаимное верчение, если вообще можно говорить так по отношению к событиям», – определяет социальный смысл образа Чубара писатель. Чубар относится к людям как-то бездушно, как-то посторонне. Их жизни, «общих законов» этой жизни он в себе не несет. Возможно, поэтому им допускается «оправдание крови».
Иные тенденции воплощает в себе Зазыба. Зазыба – такой же, как и все, как и те крестьяне, среди которых он живет. Приходят захватчики. Цель и смысл своего поведения, своей жизни для него понятны – бороться с врагом. Как? Покажут и подскажут обстоятельства. Он. остается на своей земле, где черпал и черпает силу, уверенность, остается со своими людьми, с которыми был всегда, поддержку, понимание которых чувствует постоянно. Зазыба – человек из народа, передовой его представитель, большевик с глубокими убеждениями, ставшими его «душой».
Вот как об этом говорит сам герой сыну Масею: «Для меня Советская власть – как для матери твоей ты!.. Ей, видишь, нет никакого дела до того, какой ты теперь и что говоришь, и что собираешься делать!.. Ты для нее по-прежнему такой же, каким она тебя родила!.. А уж ты поверь мне – ни одна мать не хочет, чтобы ребенок у нее был плохой!..
Она бы тогда и мучиться не мучилась из-за этого!.. Даже не рожала б!.. Вот так и для меня Советская власть!.. Я ее также… ну, если хочешь знать, я ее также рожал!.. Я за нее дрался!.. Я за нее терпел испытания!.. Бо мы все, кто за нее дрался тогда, знали, какая это власть и для чего она людям нужна!..»
Интересны в этом отношении мысли Масея об отце и о соседе Вершкове: «Если говорить о народе и о носителях мудрой народной зрелости, то Вершков как раз и был одним из тех лучших представителей народа, в сознании которого аккумулировалось все наиболее чистое, здоровое, честное и несгибаемое, на чем держится уклад жизни. Кстати, отца своего Масей также относил к этой категории людей, хотя в сравнении с Вершковым тот имел уже больший общественный опыт, наверное, больше знаний…»
На том этапе народной жизни, который показан в романе, в начале немецко-фашистской оккупации, когда люди находились еще как бы в оцепенении, в какой-то внутренней отрешенности, полно проявить человеческие качества, свою общественную сущность Зазыба не мог. Мы видим его честность, доброту, внимание, уважительность к человеку, – качества, определяющие народный характер. Кстати сказать, у Чигринова положительный герой, носитель народного начала, внешне не очень заметен, лишен исключительности, героического ореола. Это не литературная мода (таков же Апейка, таковы же герои В. Быкова, И. Пташникова). Здесь, по-моему, отражается определенная ориентация современной литературы на народные представления о положительно-определяющем, героическом в человеке. Основа мужества, героизма, самоотверженности, основа непобедимости человека и вообще народа – в силе духа, в высоте нравственных принципов.
В соответствии с реальной исторической правдой, в соответствии с идейно-художественной концепцией произведения писатель показывает Зазыбу в единстве с народом, в той среде, которая создала его и которую он чувствует в себе. Зазыба – качественно новый тип человека из народа. Он воплощает в себе ту новую силу, которую принесли в народ большевики. «Большевики – это люди. И никакая власть не заставит их отказаться от своих убеждений. Попробуй выбрось из человека душу. А убеждение – это и есть душа. Ну, а поскольку люди живут повсюду, поскольку без людей на земле невозможно, значит, и большевики будут всегда среди них», – говорит Зазыба предателю Браво-Животовскому. И это не громкие слова. Даже в самом начале нашествия, при определенной замкнутости людей, даже некотором отчуждении, Зазыба чувствует внутреннюю связь с теми, кто рядом, осознает потребность в этой связи. Именно это ощущение внутреннего единства с народом, кровной причастности к народной судьбе придает ему уверенность, силу, веру в победу.
А. Адамович в статье «Литература в свете сравнительного изучения» отмечал: «Когда мы (Адамович, Брыль и Колесник.– С. А.) записывали рассказы воспоминания для книги «Я – из огненной деревни», впечатляло, что ни у кого не прозвучало сомнения: а надо ли было партизанить, накликая тем самым на близких, на себя и народ свой еще большую лютость и жестокость врага? Это было – как дышать. Люди не могли иначе, не могли не бороться с фашистом. Боль от потерь и от ран душевных… Но ни разу, нигде не слыхали упреков в адрес тех, кто боролся, накликая огонь и смерть и на безоружных (что у фашистов «самые безобидные» как раз и подлежали, по их планам, уничтожению в первую очередь – это же не сегодня все узнали)». Действительно, поднялся народ на войну – на кого было жаловаться? Кого винить? Общая беда – общие жертвы. Люди чувствовали, понимали общность борьбы, общность испытаний.
Зазыба осознает это глубже и острее, чем кто-либо иной в романе. Поэтому он так спокоен, так внимателен к людям, к каждому человеку. Его народный ум, опыт, его убеждения коммуниста подсказывают ему, как себя вести, что делать. Он спокойно, уверенно, целеустремленно готовился к борьбе, не предусматривая «оправдания крови» своих людей, своей.
Реальная жизнь и осознание жизни – вещи разные. Жизнь осознанная – это жизнь концептуальная, где реальные события поставлены в исторический ряд, где есть действительная соотнесенность средств достижения цели и результатов, судьбы человеческой и судьбы народной.
В этом смысле опыт современной прозы заслуживает пристального внимания. Определяющим становится современный характер взаимоотношений человека и общества, основанных на взаимосогласии целей и интересов. Человек не только осознает свою самоценность, он реализует ее в жизни. В современной духовной жизни существует определенная равновеликость Человека и Общества, человека и общественных условий.
Интересна в этом аспекте повесть Я. Брыля «Нижние Байдуны». «Литература искала и ищет ответа, – писал об этой повести Алесь Адамович, – что это в нашем народе, откуда, из каких источников? Героизм, самопожертвование, фатализм? Ответов много, но часто он слишком публицистичные. Художественный ответ можно дать, изображая, создавая полнокровный национальный характер. К этому и стремится современная наша литература.
Вот почему такой интерес к «Нижним Байдунам» Янки Брыля. Хотя повесть не о войне. Но в повести этой открыто поставлен вопрос, дается художественно ответ о национальном характере белоруса.
Что такое белорус – желаете знать? Он сам вам расскажет: только вслушайтесь в его разговор, местные и неместные истории, юмор… И писатель вслушивается, пересказываем «истории», заразительно смеется вместе с «дядьками». Давно так не смеялся, так раскованно (и отчаянно) не шутил белорус в литературе…»
Народ в жизни, человек в жизни смеется часто. Иное дело смех в литературе. Это смех «на людях», смех публичный. Но, думается, что сегодняшнее состояние нашего общества, с его особенным вниманием к человеку, с его условиями и возможностями, созданными для всестороннего проявления личности, позволяет вот так широко, так искренне и с таким внутренним здоровьем смеяться. Смех в этой повести особенный. Смех здесь – принцип художественного отношения к действительности. Он определяет сущность восприятия жизни. Читаешь это произведение и как-то не замечаешь давности отраженных в нем событий. Есть жизнь, воспроизведенная непосредственно, – обычная жизнь обычных людей. Жизнь, в своих драматических или даже трагических моментах преодоленная человеком. Прошлая и сегодняшняя.
Главного действующего лица в повести нет. Есть деревня. За ней чувствуется большой мир жизни. Деревня воспринимается открытой в просторы жизни. Ее мир, точнее микромир, воспроизведенный очень органично, полно в своих внутренних проявлениях, открытый в пространстве и во времени, становится как бы аналогом мира большого. Герой здесь – народ в лице целого ряда типов, живших и живущих в деревне Нижние Байдуны. Автор исследует главные народные свойства. Хотя слово «исследует» не вполне сюда подходит. Жизнь художественно воспроизводится. Это воспроизведение органически скреплено личностью самого автора, который, зная, чувствуя деревню изнутри, смотрит на нее и с временной, и с пространственной дистанции, воспринимает ее целостно. Целостность эта подвижна, изменчива, разноцветна, она живет. Реальный мир повести состоит как бы из миров его главных героев, его создателей. Перед читателем проходит целый ряд колоритных, ярких и запоминающихся представителей этого поэтического мира – «Нижние Байдуны»: каждый из них по-человечески неповторим, но все они едины в своей национальной и социальной сущности, в национальных и социальных истоках. Общественная обусловленность байдунов – говорунов, весельчаков – ощущается в повести выразительно. Само ж «байдунство» – не только смех, шутки, подначки (хотя это заметно в первую очередь), но и искренность, сочувствие, доброта, жизнелюбие. Все эти качества в их единстве рождены историей народа. Историей сложной.
«Если разлить на столе немного воды и рядом немного молока, чтобы эти лужицы сошлись, границу между водой и молоком не проведешь. Это где-то прочел, в чьем-то рассуждении об этнографических границах.
У нас, белорусов, они размываются с пяти сторон, на стыках с Польшей, Литвой, Латвией, Россией и Украиной. Это на границах. А в середине? В нашем западном углу?»
Затем Брыль обращается к минувшему:
«Моя бабушка по маме с пятнадцати лет служила в имении горничной и потом всю жизнь, будучи православной, молилась по католическому молитвеннику – кантычке. Приучила к польским молитвам и деда. Тем более, что деда, еще молодого, повстанцы восемьсот шестьдесят третьего года брали в обоз и потом он «отбывал покаяние при несвижском монастыре», может, потому что Нижние Байдуны при крепостном праве принадлежали Радзивиллам».
Следующее поколение испытало иное влияние:
«Отец наш с самой молодости от кнута дворового пастуха подался в город, на железную дорогу, много ездил по европейской России, Украине, Молдавии, Закавказью, кое-как приобщился к русской культуре, любовь к ней привив и нам… Но в его, отцовских, рассказах мы слышали много украинского: и анекдоты, и песни, и так, отдельные слова».
А вот судьба писателя и его сверстников:
«Ну, а если уж говорить о нас, том поколении «западников», чьи детство и юность пришлись на межвоенное десятилетие под буржуазной Польшей, так нас тогда «размывали» изнутри и школа, и служба в армии, и тюрьма, и податные столкновения с не лучшими сынами братского народа…»
Это – как будто конспективная историческая линия национального «размывания» одной семьи. Но это и судьба всех Нижних Байдунов, всего края, судьба, определившая жизненную философию людей, их психологию.
Смена властей, не всегда добровольная, скитания по всему миру, взаимодействие с другими народами, другими культурами, языками не только «размывали» национальное лицо, но и формировали его своеобразие, воспитывали национальный характер, его жизнестойкость, силу Духа.
В «Нижних Байдунах», в произведении глубоко оригинальном, органически едины содержание и форма, идея и ее художественное воплощение. Это единство рождено из личного художнического переживания, из внутренней причастности писателя к судьбе народа. В той концепции мира, которую мы видим в повести, человек, созданный историей, обществом, сам выступает как творец народной судьбы. Отдельный индивидуум живет общественной жизнью, выражает и творит ее. Поэтому так сильно чувствуется неразделимость индивидуальной и общественной судьбы человека. Индивидуальной судьбы в ее «чистом» виде нет. Она везде общественно, исторически обусловлена.
«Метели. Декабрь», «Оправдание крови», «Нижние Байдуны» – три значительных произведения последних лет, произведения, заметные в сегодняшней литературе. Они отличны идейным пафосом, жанрово-типологическими особенностями, отличны вообще как художественные системы. Но при всем том чувствуется в них внутреннее единство. Оно – в углублении гуманизма, демократизма и народности современной литературы. Именно в этом триединстве вся суть. И у Мележа, и у Чигринова всей системой образов, «художественной» философией утверждается равнозначность, равноценность человека во взаимодействии с общественными обстоятельствами. Повесть Брыля ставит эту проблему как-то по-особому: общество, народ – это живые, конкретные люди. Именно человек «несет» в себе историю народа, его подвиги, славу, его трудности и испытания, его нравственные принципы.
Марыя Васілеўская
Наша літаратура зрабіла нямала для ўслаўлення і раскрыцця героікі Вялікай Айчыннай вайны. Вялікі ўклад ва ўзнаўленне фактаў і падзей вайны ўносіць мемуарная літаратура, выданне якой у апошнія гады набыло шырокі размах. Значыць, цяпер, каб не паўтарыцца, сказаць сваё слова пра суровы час ваенных выпрабаванняў, пісьменнік павінен шукаць нейкія новыя шляхі. Чытач зараз хоча бачыць у творах аб вайне не пераказ падзей, а іх асэнсаванне ўглыб і ўшырыню, хоча спазнаць вытокі гераізму савецкіх людзей у гады змагання з фашызмам, хоча бачыць чалавека, які здзяйсняў гераічныя подзвігі, што здзіўлялі свет.
Аб плённасці менавіта гэтага шляху ў адлюстраванні тэмы вайны сведчаць перапрацаваны і дапоўнены «Мінскі напрамак» і «Першая кніга» I. Мележа, раманы і аповесці В. Быкава, А. Адамовіча, I. Шамякіна, I. Пташнікава, I. Навуменкі, П. Місько, А. Марціновіча і многіх іншых беларускіх празаікаў. Важкі ўклад у распрацоўку гэтай тэмы ўнёс і Іван Чыгрынаў сваімі раманамі «Плач перапёлкі» (1972) і «Апраўданне крыві» (1977), у якіх ён змог, заглыбляючыся ў сацыяльны змест жыццёвых фактаў і з’яў, асэнсоўваючы і тонка даследуючы маральны стан асобы і грамадства, паказаць жыццё чалавека і народа ў пару вялікага сацыяльнага ўзрушэння, выкліканага вераломным нападам на нашу краіну гітлераўскай Германіі. Своеасаблівасць мастацкага метаду пісьменніка заключаецца яшчэ і ў тым, што ў раманах тонкае даследаванне псіхалогіі чалавека суправаджаецца напружаным, глыбокім роздумам самога пісьменніка. Усё гэта і абумовіла тое, што раманы адразу ж набылі шырокую вядомасць і прыхільнасць ва ўсесаюзнага чытача, выклікалі адзінадушна высокую ацэнку крытыкі, самым яркім праяўленнем чаго сталася прысуджэнне I. Чыгрынаву (дарэчы, першаму з беларускіх пісьменнікаў) літаратурнай прэміі і сярэбранага медаля імя Аляксандра Фадзеева за высокае ідэйна-мастацкае адлюстраванне ў раманах народнага подзвігу ў гады вайны.
Творчая біяграфія I. Чыгрынава пачалася ў 1961 годзе, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» былі надрукаваны яго першыя апавяданні. Неўзабаве, у 1965 годзе, выйшаў у свет першы зборнік апавяданняў маладога празаіка – «Птушкі ляцяць на волю». Праз два гады ён выдаў другую кнігу – «Самы шчаслівы чалавек» (1967). Вось такі быў творчы набытак I. Чыгрынава, калі ён прыступаў да першага свайго рамана «Плач перапёлкі». Тры дзясяткі апавяданняў – гэта як быццам і няшмат. Але ў іх быў створаны такі багаты і разнастайны свет чалавечых лёсаў, пачуццяў і думак, што ажно не верыцца, як змог малады па тым часе пісьменнік змясціць і выявіць усё гэта ў вузкіх рамках малога жанру. У апавяданнях мы сустракаемся з мноствам арыгінальных, непаўторных чалавечых характараў, з вобразамі людзей адначасова звычайных і ў нечым адметных і таму вартых нашай увагі. Гэта і да канца верны сваёй «цыганскай праўдзе» стары Мікала з апавядання «Адна ноч», і нястрымны Аляксей Кузьмянок, які моцна любіць родныя мясціны («Ці бываюць у выраі ластаўкі»), і ні ў чым не падобныя адзін на аднаго па стаўленню да жыцця вадалаз Сухаў і экскаватаршчык Картыжоў («Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод»), і жанчына з апавядання «Жыве ў крайняй хаце ўдава», якая дваццаць гадоў чакае з вайны мужа, баючыся выехаць з вёскі, дзе ён яе пакінуў, і ляснік Даўгалёў, што доўгія гады не можа забыцца пра сваю віну перад чалавекам, якому калісьці не паверыў («Праз гады»).
Нямала ў пісьменніка і апавяданняў, у якіх ставяцца і па-свойму вырашаюцца праблемы маральна-этычнага парадку («На пыльнай дарозе», «Адна», «Птушыныя сны» і інш.). Яны ўражваюць тонкім даследаваннем няпростых праяў і дачыненняў, што ўзнікаюць між людзьмі, глыбокім і тактоўным выяўленнем чалавечых пачуццяў.
Але галоўнай, вызначальнай, тэмай большасці апавяданняў I. Чыгрынава з’яўляецца тэма вайны. У многіх апавяданнях празаік звяртаецца да паказу абяздоленых, галодных дзяцей, да іх цяжкага, бязрадаснага лёсу ў першыя пасляваенныя гады. Пра гэта, у прыватнасці, апавяданні «Плывун» і «За сто кіламетраў на абед». Яны здзіўляюць нас глыбінёй пранікнення ў дзіцячую душу, шчырасцю і дакладнасцю ў перадачы дзіцячай непасрэднасці і наіўнасці, змушаюць хвалявацца і суперажываць. I нельга не адчуць, што матэрыял, які лёг у іх аснову, не выдуманы пісьменнікам, што ўсё гэта ім асабіста перажыта, зведана, выпакутавана.
Мужнасць савецкіх воінаў, іх гераізм і адданасць Радзіме, іх вялікую духоўную сілу і вытрымку ўслаўляе празаік у апавяданнях «У баку ад дарогі» і «Самы шчаслівы чалавек». У іх пісьменнік выяўляе ўнутраныя мажлівасці савецкіх людзей, якіх вайна кідала ў складаныя і суровыя сітуацыі. Нечакана апынуўшыся ў падобнай сітуацыі, застаўшыся сам-насам, чалавек вымушаны быў дзейнічаць па загаду ўласнага сэрца. А менавіта ў такія хвіліны найбольш раскрываецца чалавечая сутнасць, высвечваюцца і адмоўныя бакі яго натуры. Расказваючы нам пра гэта, пісьменнік неўпрыкмет сцвярджае простую, але заўжды новую ісціну: мінулую вайну выйгралі не волаты, не казачныя асілкі, а звычайныя – аж да будзённай непрыкметнасці – людзі, якія, аднак, пры ўсёй сваёй «простасці» і звычайнасці, валодалі пачуццём савецкага патрыятызму, высокай грамадзянскай, духоўнай, інтэлектуальнай актыўнасцю. Пісьменніка пры распрацоўцы тэмы вайны прыцягваюць не баталіі, не ваенныя дзеянні самі па сабе, а, найперш, людзі, чалавечыя лёсы, праблемы маральна-этычнага і грамадзянскага станаўлення асобы. Высокія грамадзянскія пачуцці, гаворыць пісьменнік у апавяданнях пра вайну, выхоўваюцца ці ўзнікаюць не раптам, не на перадавой ці ў партызанскім атрадзе. З гэтымі высокімі пачуццямі чалавек ішоў на вайну, яны ўзнімалі яго на змаганне з ворагам, а там, на вайне, яны толькі выяўляліся з новай сілай і акрэсліваліся больш ярка, выпукла, адкрыта.
У гэтым сэнсе надзвычай цікавае адно з лепшых, бадай, чыгрынаўскіх апавяданняў «Ішоў чалавек на вайну». Герой яго яшчэ не дзейнічае ў франтавых абставінах. Ён пакуль што дома, у сваёй вёсцы, у сваёй сям’і. Надвячоркам, калі Ігнат скідваў за дваром апошнюю капу сена, яму нечакана прынеслі павестку з’явіцца на прызыўны пункт. Ён успрыняў яе спакойна. Зрэшты, інакш ён і не мог яе ўспрыняць, бо даўно ведаў, што некалі паклічуць і яго, як паклікалі іншых мужчын і хлопцаў, і ўсё ж прыйшла тая павестка нечакана. Ігнат думае, спяшаецца нешта дарабіць па гаспадарцы (і граблі не скончыў, і боты сыну не падбіў, і хаты не падважыў), аднак у роздуме гэтым, у гэтым жаданні ўсё недаробленае скончыць няма мітусні – чалавек прывык усё рабіць па-гаспадарску. За гэтыя некалькі гадзін, якія засталося Ігнату правесці дома, раскрываецца ўнутраны свет простага і звычайнага працаўніка зямлі. I па яго думках, па яго скупых фразах (што ж тут казаць!) мы адчуваем, верым, што Ігнат будзе добрым салдатам, што ён не спасуе ні перад якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, што чакаюць яго наперадзе.
Нельга не звярнуць увагі і яшчэ на адну прывабную рысу апавяданняў I. Чыгрынава. Пісьменнік умее быць у іх як бы непасрэдным удзельнікам падзей, умее наблізіць нас да таго, пра што расказвае.
У апавяданнях на ваенную тэму ўжо акрэсліліся тыя галоўныя асаблівасці мастацкага почырку пісьменніка, якія з найбольшай сілай выявіліся ў раманах, – высокая грамадзянскасць, глыбокая праўдзівасць, тонкі псіхалагізм, патрабавальны гуманізм, багатая моўная палітра і высокая ступень чалавеказнаўства.
Раман «Плач перапёлкі» прыйшоў да чытача яшчэ ў 1971 годзе са старонак часопіса «Маладосць». Пачатак твора стварае хвалюючы настрой трывогі, прадчування складаных падзей: «Ноч была з расой, ажно халодная, як у самую восень. Але ціша стаяла нязвычная – у наваколлі больш не чулася таго грукату і гулу матораў, што прынесла ў Забесяддзе вайна. Астаткі 55-й дывізіі, якая ўваходзіла тады ў 13-ю армію, што абаранялася на Сажы паміж Прапойскам і Крычавам, без баёў пераправіліся цераз Бесядзь, невялікую раку на паўднёвым усходзе Беларусі, і адступілі на Стругаўскую Буду. У тым баку быў падрыхтаваны новы абараняльны рубеж: ажно ці не месяц бабы і хлопцы дапрызыўнага ўзросту ездзілі з Верамеек капаць акопы і супрацьтанкавы роў… Але ў канцы ліпеня выбраліся ў бежанцы абозам бабінавіцкія яўрэі. А яшчэ праз тыдзень верамейкаўцы ўбачылі, як два трактары на гусенічным хаду павезлі па пясчаным бальшаку з Белае Гліны велізарную гармату: паасобку – ствол і лафет. Дальнабойныя – ківалі галовамі мужыкі, а раз дальнабойную цягнуць з фронту, значыць, адступаюць. Людзі неяк адразу прыціхлі, пачалі закопваць у зямлю скарб, падалей ад чужога вока. У пачатку жніўня старшыня калгаса Радзівон Чубар сабраў апошні агульны сход…»
Падзеі ў рамане разгортваюцца ў першыя дні жніўня 1941 года на паўднёвым усходзе Беларусі, у Забесяддзі, у вёсцы Верамейкі. Межы гэтыя на працягу твора мала і рассунуцца: у часе – усяго на некалькі дзён, у прасторы – усяго на некалькі дзясяткаў кіламетраў. Вялікіх падзей, як мы прызвычаіліся разумець гэту «вялікасць», у рамане не адбываецца. Больш таго, у вёсцы, як для чужога вока, наогул мала што змянілася. Нягледзячы на некаторую няпэўнасць і трывожлівае чаканне, верамейкаўцы яшчэ па-ранейшаму жывуць па савецкіх, даваенных законах і парадках, жывуць звычнымі, будзённымі клопатамі амаль на працягу ўсяго твора.
У чым жа тады справа? Чаму раман выклікаў такі шырокі рэзананс, усеагульнае прызнанне чытачоў і крытыкі? Чым вытлумачыць тое незвычайнае адчуванне навізны, свежасці, якое не пакідае нас пры знаёмстве з «Плачам перапёлкі»?
Увага нашай літаратуры да падзей Вялікай Айчыннай вайны, як мы ўжо адзначалі, выключная. У поле зроку многіх пісьменнікаў траплялі і падзеі першых дзён і месяцаў вайны. Аднак часцей за ўсё падзеі гэтыя былі толькі перадгісторыяй асноўных падзей і лёсаў герояў. I. Чыгрынаў жа паспрабаваў заглыбіцца ў вытокі і карэнні, у «першапачатак народнага подзвігу» (У. Юрэвіч), паспрабаваў шырока і грунтоўна паказаць народнае непрыняцце фашысцкага «новага парадку», пачатак пакуль што бяззбройнага супраціўлення савецкіх людзей гітлераўскім захопнікам і іх памагатым.
Дык вось, пачатак жніўня сорак першага, вёска Верамейкі, што ў Забесяддзі. Тут яшчэ няма акупантаў, але ўжо ніхто не сумняваецца, што яны прыйдуць і сюды. Проста яны абмінулі Верамейкі, бо вайна спачатку ходзіць вялікімі дарогамі. У вёсцы пануе няпэўнасць, у душах верамейкаўцаў адбываецца вялікая «работа» – усе разумеюць, што адказы на пытанні, як жыць, што рабіць, давядзецца шукаць кожнаму. А менавіта ў такой сітуацыі агаляецца маральная і грамадзянская сутнасць кожнага чалавека. I пісьменнік гаворыць пра ўсё гэта з павышанай зацікаўленасцю маральным станам чалавека ў той час, калі найбольш ярка і адкрыта выяўляюцца яго адносіны да іншых, да грамадства ў цэлым; ён даследуе народнае жыццё ўсебакова, ва ўсіх яго праявах, імкнучыся псіхалагічна вывяраць кожны ўчынак, кожны рух душы сваіх герояў.
Вайна толькі яшчэ коціцца да Верамеек, людзі яшчэ не ведаюць, нават, бадай, не ўяўляюць, якія жахі, колькі крыві, слёз, смярцей і пакут прынясе яна, але вёска ўжо разварушана, можна сказаць, ужо раздзелена, хоць пакуль што і без адкрытага супрацьборства, на два лагеры: на тых, хто ўнясе свой уклад у будучую перамогу над ворагам, і на тых, хто дзеля сваіх карыслівых інтарэсаў – каб вярнуць мінулыя, ліквідаваныя Савецкай уладай парадкі ці каб проста пажывіцца на чужой бядзе – будзе служыць акупантам верай і праўдай. I галоўнае, усе гэтыя падзеі і драматычныя калізіі ў «Плачы перапёлкі» асвятляюцца падрабязнасцямі чалавечых лёсаў, разгортваюцца як на дзіва рэальныя, дакладныя і праўдзівыя малюнкі жыцця, у якіх нішто, нават самая непрыкметная бытавая дэталь, не прыглушана, не затушавана.
У нетаропкасці і падрабязнасці карцін вясковага жыцця, у размовах і спрэчках верамейкаўцаў, у якіх то гучыць прыхаваная трывога, то прарываецца здаровы вясковы жарт (нават і ў гэты неспакойны і няпэўны час людзі не паддаюцца роспачы), у звычайнай, мо нават крышачку знарок прыземленай будзённасці раскрываецца псіхалогія селяніна-калгасніка, а больш правільна будзе сказаць – выяўляецца маральны дух народа на парозе будучых суровых выпрабаванняў.
Пісьменнік, нідзе не змякчаючы суровасці абставін, спакваля, але пераканаўча сцвярджае галоўнае: народ у сваёй асноўнай масе гатовы да гэтых будучых выпрабаванняў, гатовы да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гэтым сцвярджэнні – галоўная думка рамана «Плач перапёлкі» і, яшчэ ў большай ступені, «Апраўдання крыві». Пераможны канец гіганцкай гістарычнай бітвы з фашызмам, якая толькі яшчэ распачынаецца, прадвызначаны менавіта гэтай надзвычайнай сілай маральнага духу нашага народа, упэўненасцю ў канчатковай перамозе над ворагам, якая жыла ў савецкіх людзях і ні на хвіліну не пакідала іх у тыя суровыя гады. Яна, гэта вера і ўпэўненасць, адчуваецца ў раманах ва ўсім, у кожнай сцэне і эпізодзе.
Вось верамейкаўцы («Плач перапёлкі») з сялянскай разважлівасцю расказваюць аб тым, прыйдзе ці не прыйдзе немец у Верамейкі. Парфён Вяршкоў з уласцівай для яго дасціпнасцю гаворыць: «Ты от кажаш, бытта няма каго баяцца? Але ж ета ты сваёй галавой думаеш так, а я сваёй іначай мяркую. Да й баба мая ўчора на патэльні варажыла – выходзіла, што нашы вернуцца». Вяршкоў кажа гэта дэзерціру Раману Сёмачкіну, і таму варажбу на патэльні трэба ўспрымаць не ў прамым сэнсе. Сам Вяршкоў верыць у тое, «што нашы вернуцца», і без жончынай патэльні, а Раману Сёмачкіну можна сказаць і так: хай падрыжыць, а то, бач, смелы занадта зрабіўся!
А вось на дзіва яркая і моцна выпісаная сцэна адведак у хаце парадзіхі Сахвеі Меляшонкавай. Сабраліся да яе салдаткі, крыху паспявалі, паскакалі, а скончылі варажбою на шлюбных пярсцёнках. I цешылі сябе бабы:
« – Жывы твой Меляшонак, жывы!
– Праўда, Сахвея, жывы твой! – следам за Ганнай, нібыта ў вялікім здзіўленні, сказала і Роза Самусёва».
Жывы Сахвеін Меляшонак, – значыцца, вернуцца нашы! I гэта думка цепліцца не толькі ў душы Сахвеі, а і ва ўсіх астатніх кабет, што сабраліся на гэтыя скупыя – каб жа не вайна! – адведкі.
Нагадаем і яшчэ адну сцэну з «Плачу перапёлкі». Аксюта Драніца пытаецца ў Зазыбавай Марфы, што за дзяўчына ў іхняй хаце паявілася. Марфа, вядома, не можа сказаць, што гэта падпольшчыца Марыля, і гаворыць: «Майго дваюроднага дзеўка. Ідзе з Магілёва. Вучылася. Дак ад Бялынкавіч, са станцыі, да нас бліжэй, чымся да Латокі. От і засталася, пакуль на дарогах неспакойна. Няхай перажджэ».
Разам з тым пісьменнік не закрывае вачэй і на тое, што ў той час былі і трывога, і смутак, і сумненні, і нават праявы адчаю. I адступленне нашых войск, і акружэнцы, і дэзерціры, і збіты савецкі бамбавоз, і збянтэжанасць людзей праз нечаканы паварот падзей – усё гэта было, і пісьменнік гаворыць пра гэта таксама праўдзіва і пераканаўча. Успомнім танкетку, якую чырвонаармейцы вымушаны знішчыць, бо няма бензіну, прыгадаем мост, які пасля адыходу апошняй часці байцы спальваюць пры дапамозе калгаснікаў – усё гэта не выдумана, усё гэта адзнакі часу, усё гэта служыць адной мэце – стварэнню абагульненага мастацкага вобраза самога часу. Адну за адной малюе пісьменнік перад намі жывыя сцэны жыцця і побыту верамейкаўцаў, і мы паступова, але ясна пачынаем адчуваць, як у гэта прыватнае і будзённае на першы погляд жыццё натуральна ўваходзіць сама гісторыя, як «малыя, «лакальныя» верамейкаўскія падзеі набываюць шырокае, чалавечае і агульнаграмадскае значэнне.
Галоўныя дзеючыя асобы рамана «Плач перапёлкі» – старшыня калгаса Радзівон Чубар і яго намеснік Дзяніс Зазыба. Усе падзеі, якія разгортваюцца ў творы, самым непасрэдным чынам звязаны або з адным, або з другім. I ў сувязі з тым як старшыня і яго намеснік успрынялі вайну, у «Плачы перапёлкі» развіваюцца паралельна, нідзе, па сутнасці, не пераплятаючыся, дзве сюжэтна-падзейныя лініі. Зазыба амаль увесь час застаецца ў вёсцы, і яго асяроддзе, яго поле дзейнасці, можна сказаць, нязменнае – Верамейкі і верамейкаўцы. Чубар, наадварот, амаль увесь час, на працягу жнівеньскіх дзён, у дарозе, і яго дачыненне да людзей і падзей у нейкім сэнсе хоць і больш шырокае, аднак жа, з другога боку, і больш выпадковае. Аднак адасабляць адну гэту лінію ад другой ніяк нельга, гэта ўсяго толькі дзве сюжэтна-падзейныя канвы аднаго рамана, у якім яны спалучаны якраз моцна і надзейна – як у плане кампазіцыйным, так і ў плане раскрыцця і выяўлення асноўнай думкі, пафасу твора.
З імі абодвума – з Чубарам і Зазыбам – чытач знаёміцца на першых старонках твора. Для першапачатковага раскрыцця іх характараў мае вялікае значэнне іх гаворка, што адбылася неўзабаве пасля адыходу апошніх чырвонаармейцаў на Стругаўскую Буду.
« – А пра дырэктыву сээнка і цэк вэкэпэбэ ведаеш?
– Не, пра дырэктыву не ведаю.
– А нам чыталі. Дык вось, каб ты не гаварыў абы-што. Там чорным па белым сказана, не цяжка запомніць: пры вымушаным, разумееш – пры вымушаным адыходзе часцей Чырвонай Арміі трэба не пакідаць праціўніку нічога. Калгасы павінны выганяць жывёлу, а хлеб здаваць пад ахоўнасць дзяржаўных органаў.
А тая маёмасць, якую нельга вывезці, павінна безумоўна знішчацца. Знішчацца, разумееш? Каб не пакінуць ворагу. Адну спустошаную зямлю трэба пакідаць. Адну спустошаную зямлю!
– А людзей? – хмура запытаў Зазыба.
– Што людзей?
– А тое, што людзі ж застаюцца на етай зямлі. Ім жа есць патрэба нешта будзе?
– А хто іх прымушае заставацца? Той, хто па-сапраўднаму любіў Савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно зняўся з месца і паехаў.
Зазыба ад хвалявання памацаў за спіной падушку, узяў яе аберуч і, прыціскаючы нечага да жывата, сказаў:
– Добра, тады давай па-другому гаварыць. Ты от кажаш – той, хто любіў Савецкую ўладу, не застанецца. Няхай так. А як, па-твойму, нашы верамейкаўскія бабы не любілі яе, што нікуды не падаюцца?..»
Тут ужо назіраюцца два падыходы да становішча, якое стварылася. Першы, чубараўскі – прамалінейны: маўляў, хто застаецца пад акупацыяй, той баязлівец і здраднік. Другі, зазыбаўскі вымагае роздуму: інструкцыі – інструкцыямі, але трэба бачыць жыццё, разумець і вырашаць яго рэальныя праблемы. Гэтыя пазіцыі Чубара і Зазыбы і вызначаюць іх паводзіны. Чубар – бяздумны выканаўца дырэктыўнай волі, ён, сустрэўшыся з сапраўднымі цяжкасцямі, мітусіцца, губляецца, не можа зразумець, што робіцца вакол, бо такое не было прадугледжана інструкцыямі і дырэктывамі. I аднае раніцы, не сказаўшы нічога нават свайму намесніку, ён падаецца на ўсход, за адступаючымі чырвонаармейскімі часцямі. Зазыба ж застаецца ў Верамейках, да апошняга дбаючы пра людзей, з якімі пражыў жыццё, і пра калгас, у які ўклаў багата душы і сілы. Застаецца, каб не толькі дапамагчы людзям выжыць, але і згуртаваць іх, узняць на супраціўленне ворагу. Ён яшчэ не ведае, як тое ўсё будзе, і пра гэта – пра пачатак арганізаванага супраціўлення ворагу – у «Плачы перапёлкі» яшчэ нічога не гаворыцца, але ў тым, што Зазыба прыйдзе да такой высновы, сумнявацца нельга.
А пакуль што Зазыба ратуе калгас. Першае, што ён зрабіў, гэта адагнаў на ўсход калгасны статак. Адагнаў, а сам вярнуўся ў Верамейкі, хоць і мог бы, калі б думаў толькі пра ўласны лёс, застацца там. Зазыба ўсёй душой прыкіпеў да родных Верамеек, да аднавяскоўцаў, з якімі ладзіў новае жыццё, і гатовы пастаяць за ўсё гэта да канца. Калгас не распушчаны, калгасная маёмасць засталася, жыта на палетках асыпаецца. I пра ўсё гэта думае Зазыба, і не толькі як намеснік старшыні калгаса, але і як камуніст і грамадзянін. I ён клапоціцца аб усім і ўсіх, як рупіўся і раней, не шкадуючы сіл, беручы на падмогу прыроджаную сялянскую мудрасць, увішнасць.
Зазыба – разумны, клапатлівы кіраўнік, сапраўдны гаспадар сваёй зямлі, чалавек вялікай сілы волі, упэўнены ў самім сабе і ў аднавяскоўцах. Гады ў яго ўжо такія, што гаварыць пра станаўленне яго характару не даводзіцца – характар яго, жыццёвыя погляды і разуменні, маральна-этычны і ідэйна-палітычны набытак склаліся даўно. I пісьменнік асцярожна, неназойліва выяўляе ўсё новыя штрыхі гэтага моцнага, хоць і не «крыклівага», народнага характару. Цвёрдасць, адданасць партыі і народу, вялікая духоўная сіла – вось галоўныя рысы Зазыбавага характару. I нездарма менавіта яму, Дзянісу Зазыбу, даверылі на- пярэдадні адступлення нашых войск часова прытуліць у Верамейках вайсковую разведчыцу Марылю, каб пасля пераправіць і ўладкаваць яе ў мястэчку. Сакратар райкома партыі Маштакоў гаворыць пра Зазыбу коратка: «Чалавек ты надзейны, гэта я ведаю».
Пра духоўны, маральны свет Дзяніса Зазыбы шмат гаворыць эпізод пра ягоную сутычку з Драніцам, якога Брава-Жыватоўскі прыслаў забраць у героя грамадзянскай вайны ордэн Чырвонага Сцяга. Зазыбаў характар раскрыўся ў гэтым эпізодзе надзвычай шырока. Ордэна Зазыба, вядома, не аддаў, ды яшчэ паспеў добра-такі паздзекавацца з самога Драніцы, слізкага, нікчэмнага чалавека, і з яго новага гаспадара.
Прыгадаем другі эпізод – ля стайні, калі жанчыны, паддаўшыся ўплыву Сёмачкіна, кінуліся разбіраць па дварах хамуты і сядзёлкі. Зазыба ажно збянтэжыўся, убачыўшы ўсё тое: ён прывык верыць людзям, думаць пра іх лепш, чым яны думалі пра сябе. На гэтым даверы да людзей, на людскім даверы да свайго Зазыбы нарадзілася ўрэшце (хай сабе праз ваганні і сумненні) рашэнне ў калгаснікаў у фактычна акупіраванай вёсцы «раздаць сялянам калгасную маёмасць… на захаванне, да прыходу Чырвонай Арміі».
Зазыба жыве напружаным унутраным жыццём, думка яго ўвесь час у руху, яна пульсуе нястомна, кранаючыся самых будзённых рэчаў і праяў і сягаючы высока і далёка, да таго, пра што Зазыбу не часта – у звычайных сялянскіх клопатах – думалася раней.
Вось Парфён Вяршкоў расказвае яму, як пахаваў знойдзенага за вёскай забітага чалавека, і Зазыба шкадуе, што пры загінуўшым чырвонаармейцу не было ніякіх дакументаў, каб можна было пасля хоць паведаміць сваякам аб яго смерці.
Той жа Вяршкоў прыносіць Зазыбу навіны з Бабінавіч, і Зазыба зноў думае-разважае, спрабуючы даўмецца, дакапацца да сутнасці таго, што не змог зразумець адразу. «З галавы не выходзіла пачутае ад Вяршкова пра бабінавіцкія падзеі. Ён намагаўся растлумачыць сабе, што адбылося ў мястэчку і чым кіраваўся камендант Гуфельд, калі падаў голас за калгасы. Зазыба паступова перабраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, якія хоць трохі пралівалі святло на гэта. I нарэшце, ужо нібыта ў тумане якім, прыйшоў да дзіўнай, але суцяшальнай думкі, якая здалася яму прымальнай, можа, таму, што была… наіўнай па сваёй сутнасці. Але абумоўлена яна была таксама і падсвядомым жаданнем – вельмі хацелася, каб сапраўды было так: раптам Зазыбу падумалася, што бабінавіцкі камендант Гуфельд можа аказацца камуністам: зыходзіў у сваіх меркаваннях з таго, што ў Германіі некалі дзейнічала шмат камуністаў, і гітлераўцы наўрад ці здолелі ўсіх перасадзіць у канцлагеры».
Канечне, Зазыбава думка сапраўды наіўная, Гуфельдаў «голас за калгасы» быў толькі чарговай правакацыяй акупантаў. Але ж хіба ён, Дзяніс Зазыба, не мог не мець ніякіх сумненняў і ваганняў? Хіба толькі ён адзін мог дадумацца тады да таго, «што бабінавіцкі камендант Гуфельд можа аказацца камуністам»?
Урэшце, нельга не адзначыць і таго, з якой любоўю, дабратой і шчырасцю адносіцца Зазыба да жонкі, да сына, да Марылі, якая вымушана колькі дзён правесці ў яго хаце. У гэтых дачыненнях да блізкіх выяўляецца і яшчэ адна прывабная рыса Зазыбавага характару – яго чыста чалавечая мяккасць, памяркоўнасць, спагадлівасць.
Вобраз намесніка старшыні верамейкаўскага калгаса – безумоўная і, бадай, найбольшая ўдача пісьменніка. Дзяніс Зазыба – носьбіт лепшых рыс працаўніка, увогуле рыс нашага народа з яго фізічным і духоўным хараством, з неадольнай сілай жыцця, гэта абагульнены вобраз патрыёта, мужнага і стойкага барацьбіта за народнае шчасце, за вялікія і светлыя ідэалы сацыялізма. I разам з тым Дзяніс Зазыба – яркая, непаўторная чалавечая індывідуальнасць, жывы, рэальны, зусім канкрэтны чалавек, з якім мы пражылі побач некалькі незабыўных, неспакойных і нялёгкіх дзён.
Не менш цікавы і не менш складаны вобраз Радзівона Чубара, старшыні верамейкаўскага калгаса. Чубар у пэўным сэнсе – антыпод Зазыбы. Калі Зазыба сустракае бяду, што насоўваецца на вёску, знешне спакойна, калі ён без асаблівых ваганняў, даверыўшыся сваёй чыста сялянскай разважлівасці, вызначае сваё месца ў новых абставінах (прыгадаем словы Панаські, якія паўтарае Зазыба: «Хто з роднай зямелькі ўцякае, той ворага не перамагае»), дык Чубар, як мы ўжо адзначалі, паводзіць сябе зусім іначай. Ён у сваіх учынках і паводзінах чалавек катэгарычны і просталінейны, ён прывык да таго, што за яго думалі іншыя, прывык быць бяздумным выканаўцам дырэктыўнай волі, хоць, дзеля справядлівасці, скажам, што гэтыя ўказанні зверху Чубар выконваў няблага, з уласцівай яму напорыстасцю і педантычнасцю. Ды вось нечакана ўсё гэта парушылася. Зніклі дырэктывы і ўказанні, і ў паводзінах Чубара не стала пэўнасці і мэтаімкнёнасці – звычны ланцуг яго дачыненняў да жыцця перарваўся. Апынуўшыся ў абставінах, калі трэба нешта вырашаць і рабіць самому, Чубар разгубіўся. Характар Чубара складаны і ў некаторай ступені супярэчлівы. З аднаго боку, Чубар усяго сябе аддае будаўніцтву новага жыцця ў Верамейках, ён патрыёт, які ніколі не пойдзе ва ўслужэнне да акупантаў. Дарэчы, Верамейкі ён пакідае не для таго, каб адсядзецца дзе-небудзь у зацішку, а каб уступіць у армію і змагацца з ворагам. Ды, з другога боку, ёсць у характары Чубара і тое, што насцярожвае, што змушае ставіцца да яго з непрыхільнасцю. Характар Чубара развіваецца ў творы ў строгай адпаведнасці з яго чалавечымі схільнасцямі, разуменнямі і ўяўленнямі. I яго вяртанне ў Верамейкі не такое ўжо і раптоўнае, як можа сяму-таму здацца: маўляў, дастаткова было яму сустрэцца з камісарам-акружэнцам, як усё стала для яго зразумела і ясна. Так, сустрэча з камісарам для Чубара азначала шмат. Але не будзем забывацца і на тое, што за час сваёй вандроўкі Чубар нямала перадумаў, многае ўбачыў і асэнсаваў па-новаму, у тым ліку і сваё ранейшае жыццё, урэшце – проста шмат чаго пачуў і пабачыў. I пасля ўсяго гэтага мы неяк па-новаму пачынаем успрымаць Чубараву мітуслівасць і разгубленасць. Аказваецца, чалавек ён у Верамейках новы, не паспеў па-сапраўднаму зблізіцца, зрадніцца з людзьмі. «У Верамейках калгас на ногі паставіў яшчэ Зазыба. Чубару заставалася адно – кіраваць. I вось на трэцім годзе яго старшынёўства пачалася гэтая вайна…»
У час вандравання Чубара пісьменнік з вялікім майстэрствам раскрывае перад намі псіхалагічны стан былога верамейкаўскага старшыні, з зайздроснай дакладнасцю падае яго сустрэчы з рознымі людзьмі, якія яшчэ больш дапамагаюць выявіць і зразумець яго характар. Вось Чубар сустракае чырвонаармейцаў, якія пасля адыходу сваёй часці павінны ўзарваць мост. Ён далучаецца да гэтай групы байцоў, спрабуе ім дапамагчы, пасля таго як не спрацавала падрыўная машынка, знішчыць той мост. Да яго нібы прыходзіць спакой і ўраўнаважанасць, аднак Чубар застаецца ўсё ж Чубарам. Не задумваючыся, ён загадвае цягаць з поля неабмалочаныя снапы, каб спаліць мост. На тое, каб на такую справу выкарыстаць салому, а не нішчыць дабро, яго яшчэ не стае.
Праз некаторы час, блукаючы па лесе, Чубар натрапіў на штабную групу, якая на чале з камісарам выносіць з акружэння дакументы стралковай дывізіі. Ноч, праведзеная ў будане з параненым, але мужным і стойкім чалавекам – палкавым камісарам, сталася «паваротным» момантам у лёсе Чубара. Словы камісара: «Не, таварыш Чубар, грэх вам шукаць дзесьці на чужой старане тое, што можна знайсці дома», яго расказ аб партызанскай барацьбе ў гады грамадзянскай вайны нібы прыадкрываюць вочы на многае, чаго Чубар не заўважаў раней. У галаве яго нараджаецца і ўсё больш умацоўваецца думка аб тым, што месца яго ў тыле ворага. Не, нейкай спелай думкі ў яго яшчэ няма пра тое, як, з чаго пачне ён ствараць партызанскі атрад, аднак думка гэта ўжо завалодала ім. «Усё, што магло цяпер выпасці на долю ў сувязі з вайной, ён успрымаў ужо са спакоем і гатовы быў нават дзівіцца з таго, што столькі багата патраціў часу, здавалася, на непатрэбнае, хоць і разумеў – яснасць гэтая склалася ў яго менавіта пасля сустрэчы з палкавым камісарам. Пасля размовы з ім, а больш – шыраеўскімі мужыкамі, калі давялося выдаць сябе за партызана, ён ужо іначай і не называўся людзям. Але затое пачаў лавіць сябе на думцы, што багата чаго рабіў быццам наперакор сабе». Чубар, блукаючы ў адзіноце, бадай, упершыню так шмат і напружана думае, нават размаўляе сам з сабой «пра тое, хто ён, адкуль прыйшоў у гэты свет і як жыў». Чубару яшчэ цяжка, ён яшчэ так і не здолеў да канца разабрацца ва ўсім, робіць яшчэ толькі першыя крокі на шляху да поўнае «яснасці», да якое імкнецца. I аўтар не падганяе ні яго, ні чытача. Пісьменнік, тонкі псіхолаг і глыбокі рэаліст, разумее, што наперадзе – новыя і цяжкія выпрабаванні, наперадзе – вайна. Аднак жа, падыходзячы ў канцы «Плачу перапёлкі» да Верамеек, Чубар, здаецца, іншымі вачамі глядзіць і на вёску, у якой пражыў непрызнаным два гады, і на людзей, з якімі яму, пэўна ж, давядзецца сыходзіцца нанава…
Раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» густа населены людзьмі. Найперш гэта – вельмі каларытныя фігуры верамейкаўцаў: востры на язык Парфён Вяршкоў, пра якога мы ўжо згадвалі, вясковы філосаф Кузьма Прыбыткоў, адданы калгаснай справе Сідар Раўнягін, гаротная Ганна Карпілава і многія іншыя мужчыны і жанчыны, якія жывуць на старонках твораў рэальным, нявыдуманым жыццём. Непадобныя адзін на аднаго, з рознымі жыццёвымі лёсамі і псіхалагічным складам, усе яны, аднак, складаюдь тую адзіную, непадзельную катэгорыю, што называецца – народ. Праз вобразы яго паасобных прадстаўнікоў пісьменнік вырашае сваю асноўную задачу – выявіць і паказаць духоўную і фізічную моц народа ў складаны час нечаканых і суровых выпрабаванняў, а дакладней, што асабліва датычыцца «Плачу перапёлкі», – у прадчуванні гэтых выпрабаванняў. I ў тым, як ён стварае абагульнены вобраз народа, раскрываецца глыбокі псіхалагізм і хвалюючая эмацыянальнасць стылю I. Чыгрынава, яго абвостраная ўвага да жыцця простых людзей, імкненне асэнсаваць іх лёс на фоне вялікіх гістарычных падзей першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны.
Вось той жа Парфён Вяршкоў. Ён у многім падобны да Дзяніса Зазыбы, асабліва ў тым сэнсе, што ў іх адна і тая ж жыццёвая аснова, што абодва яны найбольш поўна выяўляюць сабой здаровы, першасны, маральны дух народа. Аднак не дубліруе, не паўтарае Зазыбу. Вяршкоў – гэта зусім новая, самабытная чалавечая індывідуальнасць, якая выказвае сябе найбольш ярка ў дакладных і выразных дыялогах, у размовах з іншымі верамейкаўцамі. Вяршкоў – адзін з тых тугадумаў, якія доўга вагаюцца, перш чым прыняць нейкае рашэнне, зрабіць у жыцці нейкі крок. Але затое, упэўніўшыся ў чымсьці, не адступаюць назад. Ён не адразу падаўся ў калгас, доўгі час быў аднаасобнікам, шмат думаў. Урэшце, пераканаўшыся ў правільнасці і справядлівасці калгаснай палітыкі, сам прынёс заяву і «з таго дня стаў, можа, самым заўзятым чалавекам у калгасе і рабіў у ім, як для свайго дому». Парфён Вяршкоў усёй душой ненавідзіць фашыстаў і ні на мінуту не сумняваецца, што прывалокся сюды вораг ненадоўга, што хутка ён пакоціцца назад, за Бесядзь і далей, туды, адкуль прыпоўз. Каб яго воля, ён даўно б расквітаўся і з дэзерцірамі, што ў апошні час, адчуўшы бяспеку, павылазілі са шчылін, з гарышчаў і застрэшшаў.
Надзвычай добра ўдаюцца пісьменніку масавыя сцэны, шматгалосыя, у якіх праз адну-дзве фразы ці рэплікі паўстаюць перад намі жывыя, паўнакроўныя вобразы верамейкаўцаў: напрыклад, Сілкі Хрупчыка – чалавека сабе наўме, што не праміне знайсці там, дзе іншы і не губляў, ці пуставатага, не надта сур’ёзнага Івана Падзерына, які, хоць і стаў рахункаводам, не прыдбаў усё ж аўтарытэту ў верамейкаўцаў.
Умее I. Чыгрынаў жывапісаць і жанчын. На дзіва выразна і ярка застаюцца ў памяці і Зазыбава Марфа, і Меляшонкава Сахвея, і Рыпіна Ціткова, і Гануся Падзерына, і Роза Самусёва, і, вядома ж, Ганна Карпілава, выпісаная, бадай, найболын падрабязна і маляўніча.
Ганна Карпілава – першая прыгажуня і весялуха ў Верамейках. Усім узяла дзеўка – і целам, і розумам. Ды толькі лёс паставіўся да яе не тым бокам, не пашкадаваў ні гэтае яе красы, ні розуму. З малых гадоў надламалася Ганна. Хаця «надламалася» – не тое слова: надламалі яе злыя людзі. Жыла ўдваіх з хворай маці. А тут год галодны выдаўся, бульбіны ў хаце і той няма. I вось… «Даць у катомку бульбы паабяцаў дзяўчыне з калгаснага кагату палявы вартаўнік Пахом Палабок. I яна, дурніца, пайшла ўначы па ломкім лядку да кагату, бо не здагадвалася, чым павінна была заплаціць за бульбу…» Не выдала Ганна, хто бацька яе большанькага хлопчыка, як не гаварыла пазней, ад каго знайшоўся ў яе і меншанькі. Жыла, працавала ў калгасе, усю вялікую душу і добрае сэрца аддаючы дзецям і, вядома, зносячы незаслужаныя крыўды і абразы – людзі, хай сабе і не хочучы таго, часам крыўдзяць іншых так сабе, па звычцы.
I вось – вайна, і сталася так, што менавіта Ганна Карпілава робіцца ў Верамейках яе першай ахвярай: яе жорстка гвалтуе дэзерцір Рахім, што прывалокся ў Верамейкі разам з Раманам Сёмачкіным. Раман Сёмачкін і Брава-Жыватоўскі адкрыта становяцца на бок акупантаў. Між імі мітусіцца, прынюхваючыся, адкуль заўтра падзьме вецер, нікчэмны чалавек, слізняк і прыліпала Мікіта Драніца. Гэта гультай і абібок, пустамалот і ветрагон. Жыве, як верабей: што здзяўбе, тым і сыты. А каб не так часта ганялі яго адтуль, дзе можна што-небудзь дзеўбануць, хінецца да начальства, выслужваецца, як толькі можа. Калісьці, калі ў Верамейках старшынстваваў Зазыба, Драніца круціўся каля яго, а затым перакінуўся да Чубара, зрабіўся ягоным «ардынарцам». Такім яго і ўспрымаюць верамейкаўцы: маўляў, гультаіна і недарэка, што з яго возьмеш! Ды, аказваецца, месца пустое, але не бяскрыўднае. Зусім іначай зірнулі на яго верамейкаўцы, калі патрашылі ля стайні торбу з яго даносамі, у якіх, вядома, было мала праўды, а больш лухты, хлусні і паклёпу. Тое, што Драніца страчыў даносы на верамейкаўцаў, здзівіла нават прайдзісвета Сёмачкіна. Прынесці, падаць, услужыць – у гэтым увесь Драніца. Ды вось надышоў час, калі… невядома, каму ўслугоўваць. I Драніца то бяжыць да Брава-Жыватоўскага, дагаджае яму, то прысядае на бервяно да мужчын, каб дазнацца, што чутно па-за Верамейкамі.
Пісьменнік пры абмалёўцы вобраза Драніцы паказаў, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і ўменне выкарыстоўваць злую іронію, ствараць дасціпныя, гумарыстычныя і сатырычныя, сітуацыі, якія нясуць у сабе глыбокі сацыяльны падтэкст. Майстэрства I. Чыгрынава тут выключнае. Нават тое, як гаворыць Мікіта Драніца (яго бясконцае «як тэй таго»), яго нязграбная постаць, кожная яго рэпліка, адзенне («закарэлыя на запятках і на саюзках боты, якіх яму ставала, здаецца, на круглы год, калі яшчэ не болей, таксама доўгая фуфайка, пад якой нават штаноў не ўгледзець, і плісавая шапка, нібыта пабітая лішаём»), кожная яго рэч – усё падпарадкавана галоўнаму, служыць аднаму – больш глыбокаму і ўсебаковаму раскрыццю характару гэтага недарэкі і падлюгі.
Несумненная ўдача пісьменніка – і вобраз Брава-Жыватоўскага. Брава-Жыватоўскі – не Мікіта Драніца, гэта адкрыты вораг, здольны на любое злачынства. Ён, дэзерціраваўшы з арміі, адразу, без ваганняў, падаўся на службу да акупантаў.
Брава-Жыватоўскі – не карэнны верамейкавец. Калісьці ён прыстаў тут у прымы «да Параскі, чырвонаармейскай удавы, якая мела хоць і запушчаную, але даволі зайздросную па тым часе гаспадарку: цэлы трацяк, як лічылася ў Верамейках, сенажацей, няўдобішчаў і ворнай зямлі. Такім чынам, было да чаго здароваму чалавеку прыкласці руку. А Брава-Жыватоўскі, акрамя мужчынскае сілы, меў яшчэ добрую сялянскую кемлівасць і няблага ведаў зямлю – за некалькі год ён урабіў як след пяць Парасчыных дзесяцін і ў калгас паступіў ледзь не серадняком». Пісьменнік прыадкрывае жыццёвы лёс Брава-Жыватоўскага яшчэ далей, да таго часу, калі ішла грамадзянская вайна і Брава-Жыватоўскі быў чырвонаармейцам. Аднойчы ён заснуў на пасту і, баючыся адказнасці, перабег да белых, а пасля трапіў да махноўцаў. Там, у бандах бацькі Махно, ён і далучыў да свайго прозвішча Жыватоўскі яшчэ і прыстаўку Брава. А пасля сваё мінулае ён вымушаны быў хаваць ад людзей, нават ад Параскі, да ўсяго таго далучылася яшчэ і азлобленасць, якая з гадамі не праходзіла, а ўзмацнялася. Па ўсім відно, што і ў калгас Брава-Жыватоўскі падаўся не таму, што зразумеў перавагі калектыўнай працы, а каб заставацца ў цяні, лішне не вытыркацца: аднаасобніка пачалі б яшчэ, чаго добрага, і правяраць. Як бачым, тое, што Брава-Жыватоўскі стаў паліцэйскім, не зусім выпадкова. Аднаго разу, расказваючы Раману Сёмачкіну і Сілку Хрупчыку за чаркай гарэлкі пра тое, як ён хадзіў да немцаў у Бабінавічы, сам сабе на ўздзіў зазначыў, што яго «ўжо нібыта чорт выклікаў на непатрэбную шчырасць, і ён стаў неўпрыкмет сабе пераказваць амаль слова ў слова тое, што апавядаў тады ў Бабінавічах каменданту. Брава-Жыватоўскі не бачыў, як усё большыя рабіліся ад здзіўлення вочы ў яго жонкі і як яна нарэшце схапілася за галаву і хістка выйшла…» Гэтай недагаворанасцю аўтар змушае нас думаць, што на сумленні Брава-Жыватоўскага ёсць яшчэ большыя злачынствы, чым тыя, якія мы ведаем.
Першы верамейкаўскі паліцэйскі акружыў сябе такімі ж самымі людзьмі, як і сам: дэзерцір Раман Сёмачкін і прыліпала Мікіта Драніца. Большасць жа верамейкаўцаў рашуча адмяжоўваюцца ад Брава-Жыватоўскага, пацяшаюцца з наваяўленага «гаспадара Верамеек», ганьбяць і яго самога, і яго хаўруснікаў- вылюдкаў, як фашысцкіх паслугачоў і здраднікаў.
Апошняй фразай рамана «Плач перапёлкі», пра які мы дагэтуль пераважна гаварылі, была: «Канчаўся ўсяго толькі другі месяц вайны…» Гэта фраза, як бы падсумоўвала тое трывожнае чаканне сустрэчы з акупантамі, якая – ужо ведалі ўсе верамейкаўцы – была немінучай. Гэтым трывожным чаканнем пачынаецца і раман «Апраўданне крыві»: «Маршавая нямецкая калона даўно ўжо ўступіла паўз Кадрусевічаву хату ў Верамейкі, а ў вёсцы мала хто свядома мог бачыць яе: амаль усё дарослае насельніцтва было ў Паддубішчы». Там, у Паддубішчы, верамейкаўцы, выконваючы рашэнне праўлення, дзеляць жыта, каб не даць пажывіцца ім гітлераўцам. I вось там, у полі, каля забітага лася, і адбылася першая сустрэча верамейкаўцаў з акупантамі…
Апавяданне ў «Апраўданні крыві», як і ў «Плачы перапёлкі», разгортваецца спакваля, у ім таксама не так і шмат сюжэтна-падзейных зрухаў і момантаў. Іх, гэтыя моманты, можна лёгка пералічыць, прынамсі – галоўныя і найболып значныя.
У той дзень, калі немцы ўступілі ў Верамейкі, у вёсцы нечакана знік адзін фашысцкі салдат. Не проста знік, а загінуў. Загінуў па-дурному: не ведаючы сакрэту бодні з жураўлём вясковага калодзежа, паляцеў у той калодзеж стоць галавой. За гэта акупанты ледзьве не расправіліся з прыдуркаватым Цімам і з Парфёнам Вяршковым, які асмеліўся заступіцца за нябогу…
Уначы хтосьці нячутна адчыніў з агарода весніцы і гэтак жа нячутна ўзышоў на Зазыбаў двор – вярнуўся дадому сын Масей, вярнуўся з турмы, куды трапіў як несправядліва асуджаны…
Верамейкаўскія салдаткі ідуць у самае вярхоўе Бесядзі, у Яшніцу, дзе знаходзіцца, па чутках, лагер нашых ваеннапалонных, ідуць з надзеяй напаткаць там сваіх гаспадароў ды паспрабаваць слязьмі ды дарункамі выбавіць іх з таго пекла…
Брава-Жыватоўскі едзе з Зазыбам у Бабінавічы на нараду да каменданта Гуфельда, гаворка між імі па дарозе, сама нарада і дарога назад, калі Зазыба нечакана даведаўся, што Чубар вярнуўся ў тутэйшыя мясціны…
Сустрэча Чубара з Зазыбам у Мамонаўцы, у Аграфены, ці, прасцей, у Гапкі Азаравай, удавы чырвонаармейца, што загінуў на фінскай, і іх нялёгкая гаворка…
Над Верамейкамі пахла гарэлым. Хоць была ўжо раніца, але дымам патыхала не з комінаў хат, пахла пражаным жытам з поля, з Паддубішча. Жыта ўначы падпаліў Чубар…
Вось, бадай, і ўвесь так званы падзейны рад рамана, калі не лічыць эпізодаў са Шпакевічам – з тым Шпакевічам, з якім зводзіў лёс Чубара ў час яго блуканняў па Забесяддзі.
Пісьменніка найперш цікавіць не знешняе дзеянне, а ўнутранае – рух душы герояў, кірунак іх думак, імкненняў, пачуццяў. I тут I. Чыгрынаў усім няспешным ладам апавядання праўдзіва і пераканаўча паказвае, як нарастае ў душах людзей непрыняцце захопнікаў-нелюдзяў, як нараджаецца ў сэрцах верамейкаўцаў нянавісць і пакуль што пасіўнае, але непахіснае супраціўленне ворагу, прынесенаму ім «новаму парадку» – супраціўленне, якое непазбежна павінна прывесці да ўсенароднага змагання з акупантамі і іх прыхваснямі.
Першая сустрэча верамейкаўцаў з акупантамі адбылася ў полі, ля забітага лася. Першапачатковае здранцвенне людзей скончылася на той раз вясёлай «разрадкай» – бізуна фашысцкага афіцэра давялося адведаць Мікіту Драніцы і самому Брава-Жыватоўскаму. I людзі, разыходзячыся з поля, уголас, амаль не баючыся, пакепліваюць з няўдалых паслугачоў новых гаспадароў, з таго, што, «як той казаў, свой свайго не пазнаў». Затое на пляцы ля былой калгаснай канторы верамейкаўцам было ўжо не да жартаў. Слухаючы медны голас жандара, які гаварыў, што «ніводная кропля крыві, дарэмна пралітая салдатам вялікага фюрэра, не можа застацца без адказу» і што «ўсе павінны ведаць пра гэта, ведаць сёння, заўтра, ведаць заўсёды», верамейкаўцы зразумелі, што на іх родную зямлю прыйшоў вораг страшны, без літасці і справядлівасці, і што ўжыцца з ім наўрад ці ўдасца.
У той дзень мо і праўда, як піша аўтар, «над верамейкаўцамі лунала літасць»: прыдуркаваты Ціма і Парфён Вяршкоў не ўпалі ля штакетніку, пранізаныя аўтаматнымі чэргамі. Аднак жа ці не яны, тыя жудасныя хвіліны пад дуламі аўтаматаў, паспрыялі таму, што моцны духам і багаты розумам Парфён Вяршкоў нечакана сканаў, хоць і думалі верамейкаўцы, што сканаў ён – першы з часу вайны – сваёй смерцю.
А прыгадаем, колькі дасталося верамейкаўскім бабам у Яшніцы, асабліва Дуні Пракопкінай і Розе Самусёвай. Кабеты за тыя некалькі гадзін, што правялі ў Яшніцы, пераканаліся, што фашысты – не людзі, а шалёныя звяры. Але зразумелі кабеты і іншае: што такой часінай «трэба неяк разам трымацца» і што трэба ратаваць нашых людзей, якія патрапілі ў бяду (Палага Хахлова за апошнія зберажэнні выбаўляе з лагера ваеннапалоннага).
Ну, а найбольш складаны клубок думак у Зазыбавай галаве, самая вялікая ўнутраная работа ідзе ў душы гэтага чалавека, які, як і ў «Плачы перапёлкі», застаецца ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Зазыба і тут застаецца Зазыбам. Вось ён, яшчэ не ведаючы, што немцы ў Верамейках, ідзе з Брава-Жыватоўскім у Паддубішчы. Ісці ўдвух моўчкі нельга, трэба нешта гаварыць, а тут яшчэ Брава-Жыватоўскі штораз падбівае Зазыбу на гэту самую гаворку, і не на абы-якую, а на правакацыйную. Зазыба, зыходзячы са сваёй сялянскай разважлівай натуры, спрабуе гаварыць з ім, з ворагам, усё яшчэ спакойна, нават часам памяркоўна: гарачыцца рана, трэба ж яшчэ сёе-тое зрабіць дзеля людской карысці. Але праз некалькі дзён, калі яны зноў удвух едуць у Бабінавічы на нараду да каменданта і калі Брава-Жыватоўскі зноў пачынае пра тое ж – што, маўляў, «дарэмна ты спадзяешся на бальшавікоў. Не вернуцца яны», Зазыба ўзрываецца: « – Дурны ты ўсё-такі, Антон… Бальшавікі – гэта людзі. Жывыя людзі. I ніякая ўлада не прымусіць іх адмовіцца ад сваіх пераконанняў. Паспрабуй выкінь з чалавека душу. А перакананне – гэта і ёсць душа. Ну, а паколькі людзі жывуць паўсюль, паколькі без людзей на зямлі немагчыма, значыць, і бальшавікі будуць заўсёды сярод іх».
I гаворыць гэта Зазыба пасля цяжкай і не надта паразумелай гаворкі з сынам у лазні, гаворкі, якая развярэдзіла і без таго развярэджаную душу. I рады, і не рады звароту сына Дзяніс Зазыба. Не можа ён узяць да розуму, чаму сын не папрасіўся ў Чырвоную Армію, цяжка яму пагадзіцца з довадамі сына, што ніхто б не дазволіў яму са зброяй у руках абараняць айчыну, і ўрэшце просіць сына толькі аб адным: «Не гавары ты з мужыкамі пра ўсё гэта ў вёсцы. Я разумею, ты цяпер пакрыўджаны. Табе і праўда не соладка. Але павер мне, свайму бацьку, што Савецкая ўлада ў тваёй бядзе не вінаватая…»
Усё больш і больш разумее Зазыба, пільна ўзіраючыся ў новыя і нечаканыя павароты жыцця, што барацьба з ворагам будзе доўгая і зацятая, а таму і рыхтавацца да змагання з акупантамі трэба спакваля, рыхтаваць найперш людзей, а заадно і вывучаць ворага, яго воўчыя павадкі і звычаі. Менавіта гэта даводзіць ён Чубару пад час іхняй канспіратыўнай сустрэчы ў Мамонаўцы. На Чубаравы наскокі і папрокі ў тым, што Зазыба ледзь не сам памагае немцам устанаўліваць іхні «новы парадак», Зазыба спакойна адказвае: «Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым… Я не меншы патрыёт, чым хто іншы, і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць».
Урэшце нейкі душэўны пералом адбываецца і ў Чубару. I не толькі таму, што ён пад канец гаворкі просіць Зазыбу з’ездзіць у Машавую: «Думаецца мне, што нашы пакінулі для падпольнай работы некага ў раёне. Не можа быць, каб з кіраўнікоў ніхто не застаўся». Гэты пакуль непрыкметны зрух адчуваецца і ў той ніякаватасці, з якой Чубар гаворыць з Гапкавым Міхалкам пра ацалелае мамонаўскае жыта, і на самай апошняй старонцы рамана, калі Чубар пабачыў, што ласяня «не ўскочыла і не памкнулася ўцякаць, наадварот, зусім цупнулася на зямлю, усё роўна як і праўда зразумела, што са з’яўленнем чалавека прыйшло збавенне». Але нешта падобнае – тое, што трэба ўмець памяркоўвацца з людзьмі, давяраць ім і шанаваць іх, – пачало прыходзіць, прыйдзе і да катэгарычнага, ачарсцвелага Чубара…
Неўзабаве пасля часопіснай публікацыі рамана «Апраўданне крыві» Уладзімір Юрэвіч пісаў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1976, 19 снеж.): «Філасофскія праблемы, пошукі адказу на пытанні пра сэнс чалавечага жыцця, пра сілу і бяссілле чалавека, пра яго здольнасць акрэсліваць сваю будучыню і ў імя будучыні чалавецтва ўплываць на падзеі часу – усё гэта не прыўнесена звонку ў раман «Апраўданне крыві», а вырастае з узноўленай ім жывой рэчаіснасці. Іван Чыгрынаў усё больш усталёўваецца ў эпічным падыходзе да адлюстравання жыцця. Эпічнасць гэтая не столькі ў шырыні ахопу падзей, колькі ў глыбіні іх мастакоўскага асэнсавання».
Перадаць шматгалоссе жыцця ў «Плачы перапёлкі» і «Апраўданні крыві» дапамаглі пісьменніку яго творчая апора на лепшыя мастацкія традыцыі (дарэчы, сам пісьменнік прызнаваўся, што яму вельмі дапамог мележаўскі бытапіс і псіхалагізм), ясная пазіцыя мастака сацыялістычнага рэалізму і, бясспрэчна, паглыбленае засваенне ім багаццяў роднай мовы. Раманы добра пацвердзілі чуйнасць пісьменніка да слова, яго ўменне карыстацца ім для партрэтнай абмалёўкі і раскрыцця характараў персанажаў. I галоўныя героі твораў, і эпізадычныя, якія паяўляюцца зусім ненадоўга, маюць выразна акрэсленую моўную індывідуальнасць, якая строга суадносіцца з агульным узроўнем іх свядомасці, псіхалагічным станам і ўвогуле з духоўным абліччам.
Мова раманаў мае глыбокую народную аснову. Імкнучыся да строга рэалістычнага, дакладнага раскрыцця чалавечых характараў і паўнакроўнага паказу народнага жыцця, пісьменнік у першую чаргу стараецца адшукаць важкае, дакладнае слова і не надае істотнага значэння знешняй маляўнічасці фразы. Ён стараецца напоўніць яе багатым зместам, асвятліць трапным, па-народнаму сакавітым і самабытным выразам ці словам.
Хораша выявіў сябе I. Чыгрынаў і як майстар пейзажу. Піша ён родную прыроду надзвычай паэтычна і з вялікай любоўю, і яна ў раманах жыве, пераліваецца яркімі фарбамі, адгукаецца галасамі звяроў і птушак, струменіць водарам поля, рэчкі, лугу і лесу. Чалавек і прырода ў творах – непадзельныя.
А сцэна плачу перапёлкі? А расказ пра сям’ю сахатых з першага рамана? Яны – не проста так званыя лірычныя адступленні, зробленыя дзеля таго, каб узмацніць эмацыянальнае гучанне твора; яны маюць вялікую ідэйна-мастацкую нагрузку.
У 1979 годзе раманы Івана Чыгрынава, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прыйшлі да ўсесаюзнага чытача ў самым масавым выданні – у выпусках «Роман- газеты». У прадмове да шаснаццатага нумара выдання, у якім апублікаваны «Плач перапёлкі», крытык Л. Тэракапян зазначыў: «Раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» – гэта пачатковыя звенні задуманага аўтарам эпічнага палатна. Яно яшчэ далёка ад завяршэння па сваіх сюжэтных лініях, па ідэйных і псіхалагічных калізіях. Але ўжо цяпер можна сказаць, што дылогія Івана Чыгрынава стала прыкметнай з’явай не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай прозы апошніх гадоў».
Чытач атрымаў два раманы пра Верамейкі і верамейкаўцаў на пачатку вайны. А на пісьменніцкім рабочым стале амаль скончаны трэці, пад назвай «Свае і чужыя». У ім чытач зноў сустрэнецца і з Зазыбам, і з Чубарам, і з Масеем, і, вядома ж, з новымі героямі.
Эпапея працягваецца…
В.І. Смыкоўская
(Асаблівасці развіцця беларускага савецкага рамана аб Вялікай Айчыннай вайне)
Мастацкія пошукі і здабыткі сучаснай беларускай прозы шмат у чым прадвызначаны дасягненнямі і бурным развіццём так званага ваеннага рамана, прадстаўленага імёнамі А. Адамовіча, Я. Брыля, І. Навуменкі, І. Чыгрынава і іншых пісьменнікаў, юнацтва якіх супала з вайной і якія прынеслі ў літаратуру сваё, асабістае ўспрыманне ваеннага вопыту. Не выпадкова, відаць, вытлумачваючы вытокі паэтычных задум, яны справядліва адзначаюць, што памяць вайны – гэта памяць і боль перажытага, абавязак тых, хто застаўся жыць, перад памяццю загінуўшых.
Зведаў вайну не па кніжках і газетах Іван Навуменка – сын чыгуначніка, актыўны ўдзельнік партызанскага руху на Беларусі, які, ствараючы трылогію аб вайне, ішоў ад жыцця, ад асабістых уражанняў і перажыванняў.
Пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны і ваяваў нароўні з дарослымі Алесь Адамовіч, які даволі часта звяртаецца ў дылогіі «Партызаны» да рэальных фактаў, да свайго асабістага вопыту, набытага ў барацьбе з фашызмам.
Служба ў польскай арміі, нямецкі палон, уцёкі з яго, актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе – асноўныя вехі біяграфіі Янкі Брыля – вызначылі суб’ектыўна-лірычны тон рамана «Птушкі і гнёзды», у якім, на думку У. Юрэвіча, «роздум над жыццём і часам… прасякнуты страсцю індывідуальных, нават інтымных перажыванняў асобы, што нясе ў сабе частку духоўнага вопыту аўтара».
Такая тэндэнцыя да лірызацыі, звязаная з аўтарскай суб’ектыўнасцю, перажытасцю матэрыялу, з тым выразна акрэсленым аўтабіяграфізмам, які адыгрывае ў сучасным беларускім ваенным рамане жанраўтваральную ролю, абумовіла і ўзбагачэнне шляхоў мастацкай індывідуалізацыі характараў, абнаўленне форм псіхалагічнага аналізу.
Сваё разуменне жыццёвых з’яў, свае сімпатыі і антыпатыі героі найчасцей выражаюць у форме ўнутранага маналога, характар якога ў кожнага з названых пісьменнікаў абумоўлены асаблівасцю таленту і мастацкага мыслення. З гэтай нагоды функцыянальная фігура аўтара-апавядальніка набывае рысы жывога чалавечага характару, асабісты вопыт якога блізкі да духоўнага вопыту герояў. Так, у форме ўнутранага маналога дае вынікі роздуму свайго героя Я. Брыль у рамане «Птушкі і гнёзды». «Гэта ўсё праўда, – думаў Алесь Руневіч. – Але ж ведаў я ў тыя дні і другое. Што біліся мы, беларусы, не толькі за тую часовую, санацыйную Польшчу, якая нас прыгнятала, а і за Польшчу вечную – за народ, за яго культуру, за яго жыццё, на якое абрынуўся смяротны вораг не проста дзяржаў, але ж народаў – гітлерызм.
Ведаў і думаў пра гэта і я. І не хаваўся за спіны другіх – хадзіў у атакі, ляжаў пад агнём, здаўся з апошнімі. Не быў героем, але ж і бабай не быў – першы нумар у штурмавым кулямётным узводзе. Хоць вельмі ж не хацелася быць механізмам, прадугледжаным нечым артыкулам. Хоць потым прыйшла яшчэ адна акалічнасць, што зблытала справу».
У гэтым маналогу-споведзі лірычны пачатак дапамагае выявіць кульмінацыйнае праяўленне характару, з’яўляецца апорным момантам яго структуры. Лірычнае ў Я. Брыля ўзнікае, як правіла, калі аўтар усё больш глыбока пранікае ў жыццё душы, свядомасці, сэрца героя. Сказанае не азначае, што для пісьменніка эстэтычна каштоўным з’яўляецца герой, які выяўляе сваё духоўнае багацце толькі ў крытычныя моманты жыцця. Кульмінацыйнае, вяршыннае ў чалавеку для Я. Брыля заўсёды непарыўна звязана з тым, што праяўляецца ў ім штодзённа.
Нельга не адзначыць, што некаторыя ўнутраныя маналогі ў сучасным беларускім рамане аб вайне маюць даволі выразную дыялагізаваную структуру, асабліва ў тых мясцінах, дзе герой стаіць перад выбарам свайго шляху ці нейкага пэўнага рашэння. «Эх, Толя, Толя. Як ты ўсё збунтаваў, пераблытаў. Як быццам я тады на возе сена, не так сабе, а прадчуваючы нешта, успамінаў цябе. І наогул, і тое рашэнне – пакінуць гімназію, якім ты быў збунтаваў увесь мой свет.
Пастой. Няўжо табе і сёння многае больш зразумела, чым мне? Я тады быў падлетак, уражаны адразу, здзіўлены, а потым і рад, і ўдзячны, што паслухаўся. Ну, а цяпер? Што мне рабіць цяпер?..» – разважае Алесь Руневіч, палемізуючы ў думках і спрачаючыся са сваім братам, які ў адным з пісем раіў яму чакаць хуткага вызвалення і не прымаць ніякіх самастойных рашэнняў. У гэтым маналогу-роздуме арганічна пераплятаюцца сучаснае і мінулае, мара і рэальнасць, надзённае і вечнае. Думкі героя як бы пульсуюць паміж двума палюсамі: было і ёсць, учора і сёння. Гэта дапамагае стварыць сацыяльна-гістарычны кантэкст, у якім адзінкавы лёс герояў тыпізуецца, набывае абагульнены змест, а іх сённяшнія паводзіны і ўчынкі шмат у чым абумоўлены абставінамі папярэдняга жыцця.
Такі спосаб адлюстравання чалавека на вайне ў сучасным ваенным рамане мае свае асаблівасці ў параўнанні з папярэднімі этапамі развіцця (маюцца на ўвазе раманы К. Чорнага «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях» і творы першага пасляваеннага дзесяцігоддзя). Калі раней, даследуючы духоўны свет асобы, пісьменнікі карысталіся найчасцей так званым метадам блізкай дыстанцыі, то на сучасным этапе значна пашырана псіхалагічная «плошча» даследавання: аналізуюцца і далёкія і блізкія (па часе) псіхалагічныя моманты. Інакш кажучы, сучасны беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне звяртаецца да раскрыцця ўнутранага свету не толькі «сённяшніх» герояў, але і «ўчарашніх», паказвае, што духоўнае пасталенне іх адбылося на папярэднім этапе, а ў гады суровых выпрабаванняў набывае новыя якасці.
Падобная суаднесенасць, блізкасць лірычна раскрытых розных часавых межаў жыцця героя стварае адчуванне пэўнасці, канкрэтнасці яго вобліку.
У прамой залежнасці ад суб’ектыўнага ўспрымання героя знаходзіцца і галоўны кампазіцыйны прынцып сучаснага ваеннага беларускага рамана. Мы маем на ўвазе прыём рэтраспекцыі, «прыпамінання», аглядкі герояў на сваё мінулае і ў сувязі з гэтым прыём храналагічных зрухаў, прынцып сумяшчэння, перакрыжавання часоў, свабоднага іх перамяшчэння. «Пашырэнне мастацкага часу, якое дасягаецца такімі сродкамі, – піша М. Пархоменка, дазваляе раманісту стварыць той сацыяльна-гістарычны кантэкст, у якім лёсы герояў, іх працоўныя і ваенныя подзвігі, па сутнасці, «прыватныя» і зусім не цэнтральныя ні для фронту, ні для тылу, тыпізуюцца як адзінкавае выяўленне подзвігу ўсенароднага, а ў мастацкіх характарах адкрываюцца сувязі з народнымі маральнымі вытокамі і сацыялістычнымі прынцыпамі, выхаванымі рэвалюцыяй і гадамі ўдзелу ў «гістарычнай творчасці мас», у будаўніцтве сацыялізму».
У гэтых адносінах і раманы І. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» – раманы аб мінулым, але пра якое пісьменнік расказвае як пра сённяшняе. Менавіта з такой структурнай адметнасцю сучаснага рамана, з катэгорыяй мастацкага часу крытыка звязвае «магчымасць лірызацыі эпасу». «І. Чыгрынаў піша пра мінулае, як пра сённяшняе, якое ўдасканальваецца цяпер, на нашых вачах. Адсюль, магчыма, і адсутнасць нейкай эпічнай дыстанцыі, надзвычай дэталізаванае бачанне, скрупулёзнае расцягненне некалькіх дзён на гадзіны, мінуты, імгненні. Пісьменнік як быццам адлюстроўвае не тое, што было і прайшло, – слушна зазначае Г. Егарэнкава, – а тое, што адбываецца сёння».
Як адзначае Т. Матылёва, маючы на ўвазе сучасны замежны раман, такія асацыятыўныя пераходы ад мінулага да сучаснага, узаемадзеянне розных часавых пластоў цалкам апраўдана: «…усё гэта завастрае драматызм апавядання, дае магчымасць раманісту па-новаму асвятліць важныя эпізоды нацыянальнай гісторыі», набываючы пры гэтым глыбокі пазнаваўчы, філасофскі сэнс. Тэндэнцыя гэта абумоўлена, як нам здаецца, імкненнем пісьменнікаў больш глыбока даследаваць і паказаць чалавека з мэтай выяўлення праз яго прыватны лёс нейкіх агульных заканамернасцей. Сапраўды, актыўная роля асабістага пачатку ў сучасным беларускім рамане аб вайне не парушае ў цэлым яго эпічнай асновы, дамінуючая яго роля якраз садзейнічае яе захаванню, бо толькі скандэнсаваны спосаб лірычнага адлюстравання дае магчымасць аб’ектывізаваць аўтарскае апавяданне.
У гэтым сэнсе раманы А. Адамовіча, Я. Брыля, І. Навуменкі, І. Чыгрынава сваёй мастацкай структурай плённа працягваюць і развіваюць у новых гістарычных умовах традыцыі папярэдняга беларускага рамана, у першую чаргу традыцыі К. Чорнага, адметнасць аналітычнага стылю якога ў ваенных раманах выявілася ў імкненні да шматзначных філасофскіх абагульненняў, узаемадзеянні аб’ектыўнага і суб’ектыўнага ў творчым працэсе. У прозе К. Чорнага, блізкай сучасным беларускім раманістам, з’яўляецца і зыходная пазіцыя класіка-нацыянальнай літаратуры, і ягоная канцэпцыя чалавека. Характар пастаноўкі і вырашэння важных сацыяльных і ідэалагічных, маральна-этычных праблем пераконвае, што сучасныя беларускія пісьменнікі абапіраюцца на плённую чорнаўскую традыцыю. У гэтай сувязі гаворка ідзе не аб супрацьпастаўленні двух этапаў у развіцці беларускага ваеннага рамана, а аб усвядомленай неабходнасці сучасных пісьменнікаў больш глыбока асэнсаваць праблемы, якія ставіліся і вырашаліся іх папярэднікамі. Інакш кажучы, адбываецца ўзбагачэнне чорнаўскіх традыцый сучасным вопытам савецкага ваеннага рамана.
Зразумела, што ступень перавагі ў эпічным творы суб’ектыўнага ці аб’ектыўнага пачатку звязана не толькі з асаблівасцямі эстэтычнага бачання пісьменніка, але і з асаблівасцямі жанрава-стылявой структуры яго рамана. З гэтай нагоды суб’ектыўны пачатак у некаторых эпічных творах выяўляе сябе даволі складана. Так, скажам, у Я. Брыля лірызм выступае найчасцей у якасці сродку псіхалагічнага аналізу характараў, сродкам сувязі з абставінамі, а значыць і мастацкай дамінантай жанравай структуры «роздуму». У параўнанні з лірычнай прозай мінулых гадоў, пафас якой заключаўся ў канцэптуальным вызначэнні месца і ролі суб’екта ў канкрэтна-гістарычнай падзеі, раман «Птушкі і гнёзды» мае на ўвазе канцэптуальнае адлюстраванне рэчаіснасці ў свядомасці канкрэтнага суб’екта, што робіць твор блізкім па форме да споведзі герояў перад чытачом і сваім уласным сумленнем. Як слушна адзначае А. Матрунёнак, «споведзь гэта таму такая цікавая, што яна не пакідае абыякавым чытача, выклікае ў яго душы тыя ж пачуцці і перажыванні, прымушае думаць, аналізаваць, спрачацца або пагаджацца з героем».
Такі працэс наслаення жыццёвага вопыту чытача на мастацкі твор Р. Інгардэн назваў канкрэтызацыяй твора: «І толькі ў гэтым новым, больш поўным і больш канкрэтным абліччы твор разам з унесенымі ў яго дапаўненнямі становіцца непасрэдным аб’ектам эстэтычнага ўспрымання і асалоды». Тут правільна адзначана роля суб’ектыўнага праламлення, суб’ектыўнага ўспрымання чытачом таго, аб чым піша аўтар. Больш таго, падобнае накладванне на суб’ектыўныя ўражанні ці мастацкі домысел пісьменніка падзей, чалавечых характараў, перажыванняў з’яўляецца істотнай асаблівасцю жанравай структуры сучаснага беларускага рамана, у першую чаргу рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды».
У раманах жа А. Адамовіча і І. Навуменкі гэты лірызм з’яўляецца формай ажыццяўлення філасофскіх канцэптуальных абагульненняў. Выкарыстоўваючы магчымасці лірычнай формы, яны паступова пераадольваюць яе некаторую абмежаванасць. Так, пачынаючы з другой кнігі, і ў Навуменкі і ў Адамовіча ўсё часцей аўтарскі пачатак выяўляецца не толькі ў формах суб’ектываванага апавядання, узмацняецца структурная роля аб’ектыўных форм выражэння аўтарскай канцэпцыі, што дае магчымасць пазбегнуць вузкасці суб’ектываванага погляду, выйсці за межы свядомасці лірычных герояў.
Роля суб’ектыўнага ўспрымання Толі Корзуна і Міці Птаха становіцца слабейшай. Відаць, аўтары адчулі, што іх юныя героі-падлеткі яшчэ не падрыхтаваны да ўспрыняцця тых складаных узаемаадносін, якія адбываюцца на іх вачах. І хаця абодва яны па-ранейшаму застаюцца галоўнымі героямі раманаў, але ў другой кнізе А. Адамовіча «Сыны ідуць у бой» акцэнт пераносіцца на маці Толі – партызанку Ганну Міхайлаўну, а Міця Птах паказваецца цяпер у асяроддзі сяброў: Шуры Гарнака, Івана Лобіка, Міколы Цябута, Аляксея Прымака і іншых; увага пісьменніка канцэнтруецца на дзейнасці гарбылёўскага партызанскага атрада.
Так у працэсе работы разрасталіся задуманыя творы ў шматпраблемныя эпічныя палотны, у эпапею партызанскай барацьбы беларускага народа. Вызначальнай мерай жанру пры гэтым становіцца не маштаб падзеі, не шырыня ахопу жыцця, а «панарамнасць» погляду пісьменніка, актыўнае выяўленне яго ідэйна-эстэтычнай пазіцыі. У гэтым сэнсе нельга не ўбачыць пераемнасці сучаснага беларускага ваеннага рамана з традыцыямі літаратуры першага пасляваеннага дзесяцігоддзя («Расстаёмся ненадоўга» А. Кулакоўскага, «Глыбокая плынь» І. Шамякіна, «Мінскі напрамак» І. Мележа, «Векапомныя дні» М. Лынькова і іншыя). Аўтары названых раманаў шукалі новыя шляхі асвятлення ваеннай тэмы, імкнуліся перадаць праз сферу пачуццяў герояў суровасць і паўсядзённасць вайны, раскрыць веліч народнага подзвігу. Раман паступова пашырае свае жанравыя межы, узнаўляе агульны малюнак рэальных падзей, багацце і складанасць унутранага свету чалавека, адчуваецца імкненне да мастацкага сінтэзу.
Сучасны беларускі раман аб вайне таксама імкнецца да аналітычнага ахопу жыцця, да пераводу рамантычна ўсхваляванага аўтарскага апавядання ў непасрэдны лірычны кантакт з чытачом. А лірызм гэты ў сваю чаргу – да абагулена-рэалістычнага сінтэзу, надаючы аб’ектыўнасці выкладання новую эстэтычную якасць. Інакш кажучы, у жанры рамана пастаянна суіснуюць стыхія лірычнага самавыяўлення і эпічны пачатак, якія зменліва, у залежнасці ад характару эпохі, эстэтычных схільнасцей пісьменніка праяўляюцца ў тым ці іншым творы мастацтва.
Разам з тым сучасны беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне акцэнтуе большую ўвагу на даследаванні патэнцыяльных магчымасцей асобы, самаразвіцці чалавечага характару, на працэсах духоўнага самавызначэння герояў. З гэтай нагоды ён абмежаваны ў часе і прасторы, а галоўным сюжэтаўтваральным фактарам становіцца вострая псіхалагічная калізія. У гэтым сэнсе мы можам гаварыць аб шматпланавасці сучаснага беларускага ваеннага рамана не столькі «ў сувязі з тэматычнай шырынёй і разнастайнасцю праблематыкі, ахопам падзей на вялікай тэрыторыі, на значным адрэзку часу», колькі ў сувязі з іх структурным жанравым поліфанізмам, «калі рэчаіснасць узнаўляецца сінхронна, праз успрыманне аўтара і праз успрыманне «незалежных» раўназначных герояў».
Адметнасць структуры лірычнага і эпічнага ў раманах А. Адамовіча, іх узаемасувязь і сінтэз сведчаць не аб вузкасці аўтарскай канцэпцыі рэчаіснасці, а аб абнаўленні жанру, аб усвядомленай неабходнасці пісьменніка больш глыбока даследаваць духоўны свет асобы, асэнсаваць вытокі народнай героікі.
У некалькі іншай якасці існуе лірычнае ў раманах І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», у якіх, як і наогул у сучасным эпасе, выразна адбіваецца тэндэнцыя да жанравага сінтэзу, да пашырэння і ўзбагачэння магчымасцей традыцыйных жанравых форм. Абставіны ваеннага часу выступаюць у раманах пісьменніка не проста фонам дзеяння, а істотным момантам сюжэтнага адзінства твораў, важным фактарам духоўнай біяграфіі герояў. Пры гэтым выяўляецца незвычайнае майстэрства пісьменніка пераключаць прыватнае ў агульнае, выпадковае ў заканамернае, што вызначае філасофскую накіраванасць роздумаў Радзівона Чубара і Дзяніса Зазыбы, якасць эпічнасці дылогіі ў цэлым. Прыгадаем адзін з такіх унутраных маналогаў Зазыбы, маналог-сон, маналог-успамін аб тым, як ён з бацькам удзельнічаў у сечцы лесу. Успомнілася, як ледзь не прыдавіў яго спілены, вялізны дуб. «І вось Зазыбе сніўся той страшны выпадак, і ён зноў ашалела бегаў па вырубцы, чуючы над сабой трэск дрэва. Але сёння беглася чамусьці не так прытка… а дрэва навісала над ім, пагражала раздавіць». Нечакана ў гэты маналог-роздум героя ўрываюцца нейкія новыя гукі: «Піць. Піць. Спачатку Зазыба нават не зразумеў, што гэта падала голас перапёлка. Але вось пачулася выразнае і поўнае:
«Піць-піль-віць… Піць-піль-віць… І Зазыба ўжо не сумняваўся. Піць-піль-віць…»
Сёння перапёлка, няйначай, плакала – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач. «Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…»
Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае непараўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?»
Так, гэта плач перапёлкі. Але чаго плача яна? Герой пакутліва разважае, імкнецца знайсці адказ на гэта балючае пытанне. Падобная бытавая і псіхалагічная дэталізацыя абумоўлена агульнай аўтарскай задумай: душэўны неспакой Зазыбы, развіццё і рух яго думак выяўляюцца пісьменнікам даволі дакладна з мэтай падкрэсліць, што напружанасць і драматызм становішча героя падрыхтоўваюць нас да ўспрыняцця не менш складаных і драматычных падзей. Думка ў аўтарскім апавяданні адначасова канкрэтызуецца і абагульняецца, вяртаючыся да свайго вытока, да непазбежнага «чаму?». Паўтор або развіццё нейкага вобраза ці тэмы на працягу апавядання пераўтвараюцца ў І. Чыгрынава ў лейтматыў, што складае адметнасць кампазіцыі яго раманаў. Яна ўяўляе сабой складаную сістэму ўзаемазвязаных лірыкафіласофскіх матываў, якія дапамагаюць эстэтычна засвоіць і данесці яго філасофскі змест. Менавіта ў філасофскім асэнсаванні вайны як важнай гістарычнай падзеі і заключаецца наватарства сучаснага беларускага рамана аб вайне, бо ў ім увесь час ідзе «высвятленне філасофіі часу, спрэчка розных філасофскіх поглядаў, ідэйных пазіцый, маральных прынцыпаў».
Мы ўжо гаварылі аб той выразна акрэсленай тэндэнцыі, якая закладзена ў самой традыцыйнай форме рамана, да мастацкіх абагульненняў праз глыбіню гістарычную, псіхалагізм характараў. Аўтары сучаснага рамана аб вайне свядома ідуць на «звужэнне» месца дзеяння, лакалізаванасць раманнага часу. Амаль усе яны звярнуліся да 1941 года, праўдзіва ўзнаўляючы цяжкасці першых дзён, месяцаў вайны, спрабуючы адказаць на складаныя пытанні аб прычынах нашых няўдач і паражэнняў не ў аўтарскіх адступленнях, а ў пакутлівых роздумах герояў 1941 года.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4
Т.К. Грамадчанка
Станаўленне творчай індывідуальнасці І. Чыгрынава
Фарміраванне пісьменніцкай індывідуальнасці – з’ява глыбока адметная і непаўторная. Аднак якой бы арыгінальнай і самабытнай ні была творчая індывідуальнасць мастака слова, яна заўжды мае пэўныя рысы, якія збліжаюць яе з іншымі. Кожны з пісьменнікаў імкнецца ісці сваім шляхам, але адзіны для усіх рух часу накіроўвае іх у агульнае рэчышча літаратурнага працэсу.
І. Чыгрынаў – прадстаўнік так званага сярэдняга пісьменніцкага пакалення, якое актыўна заявіла аб сабе ў літаратуры у канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў.
Творчасць пісьменнікаў аднаго пакалення, нягледзячы на усе адрозненні іх мастацкіх індывідуальнасцей, мае ў сабе штосьці агульнае, характэрнае для ўсіх, што дае магчымасць разглядаць яе як цэласную з’яву. Як правіла, агульнага больш і адчуваецца яно мацней на раннім этапе творчасці мастакоў слова. Прычынай гэтага у пэўнай ступені з’яўляюцца агульны жыццёвы вопыт, адны і тыя ж грамадскія ўмовы, літаратурныя ўплывы, якія адчувалі маладыя пісьменнікі, а таксама тое, што іх мастацкія індывідуальнасці яшчэ не раскрыліся ва ўсёй шматграннасці.
Для ранняга перыяду творчасці празаікаў сярэдняга пакалення характэрна ўвага да канкрэтнага, часта здабытага самастойна, а то і выпакутаванага матэрыялу, своеасаблівы давер да яго. Можна гаварыць таксама аб пэўнай «лірызацыі» іх твораў. Пісьменнікі прыйшлі ў літаратуру са сваімі тэмамі, сваімі героямі.
Некаторыя агульныя рысы ў творчасці прадстаўнікоў сярэдняга пакалення можна вылучыць і на больш познім этапе развіцця іх мастацкіх індывідуальнасцей, аднак яны ўжо не так рэзка кідаюцца ў вочы, іх трэба шукаць не на паверхні, а ў сутнасці творчасці (асаблівасці мастацкага ўзнаўлення рэчаіснасці, увага да канкрэтных абставін, глыбока гуманістычны падыход да чалавека і інш.).
Шлях у вялікую прозу пісьменнікаў сярэдняга пакалення пачынаўся з апавяданняў. Можна сказаць, што гэты жанр сфарміраваў як мастакоў слова І. Чыгрынава і В. Адамчыка, Б. Сачанку і М. Стральцова, што ён стаў тым мастацкім вопытам, на які абапіраюцца пісьменнікі пры напісанні вялікіх эпічных палотнаў.
Адной з галоўных умоў грамадзянскага станаўлення для І. Чыгрынава, як і для іншых яго аднагодкаў-пісьменнікаў, была вайна. Памяць аб ёй актыўна ўплывала на фарміраванне светапогляду, ідэалаў празаіка, на разуменне ім сэнсу чалавечага жыцця. Асабістыя ўражанні, якія вынес пісьменнік са свайго нялёгкага ваеннага дзяцінства, дапоўніліся жывой і балючай памяццю людзей, і гэта не апошнюю ролю сыграла ў тым, што галоўнай тэмай яго творчасці стала Вялікая Айчынная вайна. Празаік добра ведае жыццё народа. Умее праўдзіва перадаць трывожную атмасферу ваенных гадоў, пераканальна паказаць паводзіны чалавека ў складаных абставінах. Там, дзе нельга абаперціся на перажытае асабіста, І. Чыгрынаў абапіраецца на народны вопыт і народную памяць.
Станаўленне творчай індывідуальнасці празаіка адбывалася даволі роўна і ўпэўнена. У яго творчасці не назіралася такіх рэзкіх ваганняў і змен, як гэта было характэрна для фарміравання мастацкіх індывідуальнасцей некаторых іншых пісьменнікаў, напрыклад I. Пташнікава. Ужо першым зборнікам апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» І. Чыгрынаў зарэкамендаваў сябе як сур’ёзны і ўдумлівы даследчык рэчаіснасці, як мастак, здольны да глыбокага і рознабаковага ўзнаўлення падзей і з’яў. У першым зборніку бачна акрэсленасць і ўстойлівасць таленту пісьменніка, адчуваецца, што ён намацаў ужо сваю сцежку.
Для апавяданняў І. Чыгрынава характэрна праўдзівасць і шчырасць, тонкая назіральнасць, увага да чалавека. Празаік у сваіх творах ставіць праблемы шырокія, сацыяльныя, паказвае чалавека ў адзінстве яго грамадзянскіх і маральных якасцей.
Асаблівасцю станаўлення творчага «я» пісьменніка можна лічыць адсутнасць вучнёўскага перыяду. Ужо першыя яго апавяданні («Праз гады», «Бульба», «Апавяданне без канца» і інш.) былі ўдумлівым і праўдзівым словам пра жыццё і пра чалавека, вылучаліся высокім мастацкім узроўнем. Праўда, прыступаючы да апавяданняў, Чыгрынаў меў пэўны літаратурны вопыт. Яшчэ ў школьныя гады ён пачаў пісаць вершы, у час вучобы на аддзяленні журналістыкі БДУ імя У.І. Леніна друкаваў на старонках раённай газеты «Сталінскі прызыў» нарысы аб гераічным мінулым сваіх землякоў, напісаў нават аповесць пра экспедыцыю на Поўнач вядомага даследчыка Аўгуста Андрэ.
Высокі мастацкі ўзровень ранніх апавяданняў І. Чыгрынава – вынік не толькі асаблівасцей і сілы пісьменніцкага таленту. Гэтаму садзейнічала і тое, што пакладзены ў аснову твораў матэрыял быў вывераны жыццём. Сур’ёзна літаратурнай дзейнасцю Чыгрынаў пачаў займацца пасля заканчэння ўніверсітэта, на некалькі гадоў пазней, чым астатнія прадстаўнікі сярэдняга пакалення. Безумоўна, істотны ўплыў на станаўленне творчай індывідуальнасці Чыгрынава аказалі асаблівасці літаратурнага працэсу. К гэтаму часу новыя тэндэнцыі, якія намеціліся некалькі раней, у сярэдзіне 50-х гадоў, ужо выразна праявіліся ў беларускай літаратуры.
Другі зборнік апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек» паказвае, што ідэйна-мастацкія пошукі празаіка ішлі, у асноўным, у тым жа напрамку, што і ў першай кнізе. Аднак, разам з гэтым, адчуваецца рух пісьменніцкай індывідуальнасці к нейкім новым, больш высокім якасцям творчасці. І. Чыгрынава ў большай меры пачалі цікавіць праблемы шчасця і сэнсу чалавечага жыцця, яго лёс («Залатая рука», «Дзічка», «Плывун», «Народны камісар»). У гэтых і некаторых іншых апавяданнях характар герояў раскрываецца ў шэрагу ўчынкаў, праз сістэму дзеянняў і чалавечых узаемаадносін.
Узнікае ўражанне, што ў другім зборніку эпічны пачатак пэўным чынам бярэ верх над лірычнымі тэндэнцыямі, якія даволі моцна адчуваліся ў зборніку «Птушкі ляцяць на волю».
З пераходам да раманаў стыль пісьменніка яшчэ больш мяняецца. Прынамсі, гэтага патрабуе і сам жанр. Як слушна заўважае У. Юрэвіч, «Іван Чыгрынаў усё больш усталёўваецца ў эпічным падыходзе да адлюстравання жыцця».
Паміж навелістыкай пісьменніка і яго раманнай прозай існуе відавочная сувязь. «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» «выспелі» з той жа тэмы, што і многія апавяданні.
І. Чыгрынаў дэманструе у раманах зайздроснае веданне жыцця і быту беларускай вёскі ваеннага часу, псіхалогіі яе жыхароў. Ён здолеў напісаць цікавы і шмат у чым арыгінальны твор пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Пісьменніцкую манеру І. Чыгрынава крытыка называе, і не без падстаў, традыцыйнай. Па тыпу творчасці Чыгрынаву блізкія такія пісьменнікі, як К. Чорны і Я. Колас. З увагай ставіцца празаік і да літаратурнай спадчыны У. Гарэцкага. Смела і таленавіта скандэнсаваў пісьменнік у раманах «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» лепшыя дасягненні беларускай нацыянальнай эпічнай традыцыі, развіваючы яе на новым узроўні ў новых умовах.
Ала Сямёнава
Іван Чыгрынаў упэўнена ўвайшоў у літаратуру пасля з’яўлення першых сваіх зборнікаў. I не скіроўваў убок. Крочыў сваім шляхам.
Цяпер, пасля таго як напісаны яго раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», можна смела гаварыць, што ў літаратуры ёсць яшчэ адзін пісьменнік, якому пад сілу найскладанейшыя праблемы, які дасягнуў многага і праклаў сваё, адметнае рэчышча.
«Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» – безумоўна, вехі на гэтым шляху, значны якасны этап, падрыхтаваны ўсёй яго папярэдняй працай, яго апавяданнямі, хаця нельга сцвярджаць, што апавяданні – толькі падрыхтоўка да новага якаснага этапа, яны існуюць і будуць існаваць і самі па сабе, у сваёй самастойнай мастацкай сутнасці.
Шчырасць і праўдзівасць, назіральнасць, неаднапланавасць, няпроста-лінейнасць падыходу да жыццёвых з’яў, уменне як бы проста апавядаць, а на самай справе паказаць самае істотнае, сацыяльна важнае, пільная ўвага да чалавека – усё гэта характарызуе апавяданні Івана Чыгрынава, калі паспрабаваць абагульніць уражанні ад іх (зборнікі «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек», «Ішоў на вайну чалавек»).
У апавяданнях перш за ўсё, па-мойму, кідаецца ў вочы вось гэтая пільная ўвага да чалавека, да характару. Характару, хай сабе пакуль не на быстрыні праблем часу, але ў абставінах, што фарміруюць гэты характар, даюць магчымасць асэнсоўваць яго ў часе і прасторы. Прычым усё гэта ў сюжэце вонкава малаактыўным, у абставінах часта будзённых, звычайных. Але аўтар умее і ў такіх абставінах падаць характар, надзяліць яго трывалымі рысамі.
Прыгадаем хаця б апавяданне «Ішоў на вайну чалавек…». Невялікае, некалькі старонак, і адбываецца там толькі тое, што чалавека прызываюць у армію ў час вайны. Дагэтуль праз хворую нагу была адтэрміноўка, а цяпер прыйшла павестка. Вось і ўсё, здаецца. Між іншым, гэтая нават нібы наўмысная «непадзейнасць» была ўвогуле характэрная для твораў большасці празаікаў, што пачыналі ў 60-я гады.
Праз агульны настрой твора, дэталі, асобныя псіхалагічныя штрышкі выяўляе Іван Чыгрынаў самае істотнае, сацыяльна і проста па-чалавечы важнае ў герою апавядання. Ігнат – селянін, гаспадар, галава сям’і. Ён прыкінуў у думках, што трэба было б яшчэ зрабіць – упарадкаваць сена, «успомніў, што на двары валяюцца грабді», добра б «сёлета падважыць хату, каб замяніць два струхнелыя вянкі», ды ўжо, мабыць, не паспее. Не паспее і агледзець боты сыну.
Пісьменнік, характарызуючы Ігната, уплятае адну дэталь за другой, дамалёўвае адзін штрышок за другім. Апісвае, з якім шчырым пачуццём думае Ігнат пра сваю жонку, як пойдзе пешшу ў ваенкамат – конь патрэбен, заўтра сена з далёкага лугу вазіць.
I ўрэшце мы ўжо ўспрымаем Ігната як чалавека немітуслівага, добрага, у якога любоў да Радзімы натуральна спалучаецца з любоўю да калгаснай сядзібы, да сваёй хаты, да ўсяго наваколля. I на вайну ён ідзе, як на работу.
Сацыяльны і чалавечы змест герояў Чыгрынава становіцца зразумелым спакваля, па меры ўжывання ў тэкст, але акрэсліваецца выразна і дакладна. Абсяг дзейнасці яго герояў невялікі, аднак у межах той жыццёвай прасторы, што ахоплівае апавяданне, маральная і дзелавая іх вартасць выяўляецца дастаткова выразна, хаця, магчыма, часам і эскізна.
Характары, што малюе ў сваіх апавяданнях Іван Чыгрынаў, – розныя. Гэта народны камісар, не толькі па даўняй сваёй пасадзе («Народны камісар»), але па сваёй сацыяльнай і чалавечай функцыі, па асноўнай мэце існавання. Гэта замяты, кемлівы Віцька Картыжоў, што дамогся свайго – вапну на дне ракі будуць узрываць, хоць вадалазы, і ён у тым ліку, добрыя тры чвэрці свайго заробку аддадуць падрыўнікам («Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод»). Гэта і дзівакаваты Аляксей Кузьмянок («Ці бываюць у выраі ластаўкі?»), нечым блізкі героям В. Шукшына. У яго вось таксама «свярбень у руках». З гарэзлівай хітрынкай расказвае ён, як у горадзе, вучачыся ў дзядзькі на цырульніка, узяў ды і абстрыг папа, «шаснуў… лахудры яго па самае гуменца, па самы плеш». «Не магу, брат, інакш», – прызнаецца ён.
За дзівацтвамі Кузьмянка хаваюцца нежаданне жыць сумна і паныла, любасць да сваёй роднай вёскі: «Як прыехаў… пажыў трохі, дык ажно дзівіцца стаў – і чаму толькі ездзіў некуды са сваіх Кажаноў». Праўда, прыхільнасць гэтую ён хавае за жартачкамі: «…там, у горадзе, на кожным рагу міліцыянер. Не, такое не па мне». А за бравадай, за жартачкамі-ўсмешачкамі праглядвае такі добры чалавек.
Многія з апавяданняў Івана Чыгрынава напісаны ад першай асобы. Але звычайна не пра яе, як у толькі што згаданым апавяданні «Ці бываюць у выраі ластаўкі?». Першая асоба – апавядальнік. Даўні, выпрабаваны прыём. I, як мне здаецца, гэтая асоба апавядальніка ў сваіх літаратурных вытоках бліжэй не да Мапасана і Чэхава, як зазначаў у сваёй рэцэнзіі на першую кнігу пісьменніка «Птушкі ляцяць на волю» Віктар Каваленка, а хутчэй да чалавечага і літаратурнага вопыту Горкага, можа нават Тургенева.
Апавядальнік у творах Івана Чыгрынава – найбольш хадок, вандроўнік, нават пра мэту яго падарожжа пісьменнік часцей за ўсё не гаворыць. Проста чалавек аднекуль некуды ідзе, некага сустракае («Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», «Адна ноч», «Апавяданне без канца», «Шчаслівае месца» і г. д.). Калі апавядальнік – дзенная асоба, дык гаворка звычайна таксама не пра яго, функцыя яго «службовая», гэта масток паміж пісьменнікам і жыццёвым матэрыялам («Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Выпадак у вёсцы Капранаўка», «Плывун» і г. д.).
Розныя людзі трапляюцца на шляху апавядальніка: стары цыган Мікала, што прывык да стыхіі вандровак як да адзіна магчымага для яго спосабу жыцця («Адна ноч»), і капітан Чарэнда, што нарэшце знайшоў дачку, якая згубілася ў час вайны («Шчаслівае месца»), хворая жанчына і яе былы муж, прайдзісвет Чыкілёнак, які мала што кінуў жонку з дзіцем, дык яшчэ і зняславіў яе, абвінаваціў, што нарадзіла дачку ад немца («Апавяданне без канца»), і ўдава, што ўсё яшчэ трымае нясмелую надзею на вяртанне мужа, які прапаў без вестак у вайну («Жыве ў крайняй хаце ўдава»). Людзі паказваюцца ў розных абставінах, сітуацыях. Нейкая падзея, паварот абставін – і выявіўся характар. А то і проста ў плыні жыцця высветліўся ён.
Вось за гэта ў свой час папракалі Чыгрынава – бывае ў палоне «патоку жыцця», піша з пазіцыі «тэорыі факта».
Мне здаецца, і тады, калі рабіліся гэтыя заўвагі (пасля выхаду першых двух зборнікаў), і тым больш цяпер, гэтыя сцверджанні не адпавядаюць сапраўднасці. Так, Іван Чыгрынаў трымаўся таго даўняга, чэхаўскага: «сюжэт павінен быць новы, фабула можа адсутнічаць». I сюжэт, і герой яго вонкава малаактыўныя, але ён імкнецца да таго цяжкога ўмення, калі на сюжэтнай прасторы, не багатай ні на выбухі страсцей, ні на счапленні падзей і сітуацый, паказваецца самае істотнае ў з’яве, у чалавеку.
Іншая справа, што не ва ўсіх апавяданнях гэта ўдаецца пісьменніку, часам тут не хапае ўнутранай акрэсленасці, характэрнае, сутнаснае застаецца па-за межамі апавядання. Так, у апавяданні «Шукаючы скарбы» абедзве сюжэтныя лініі – пошукі мастацкіх скарбаў і сустрэча героя з жанчынай – як след не акрэсліваюцца. Не проста ўгадаць узаемасувязь характару і факта ў апавяданні «Выпадак у вёсцы Капранаўка». Дзіўную гісторыю расказаў спадарожнік – стаіць яму помнік у гэтай самай вёсцы яшчэ з часоў грамадзянскай вайны, а ён жывы, не згарэў у браневіку.
Ёсць унутраная неакрэсленасць і яшчэ ў некаторых апавяданнях Івана Чыгрынава («Праз гады», «Па сваіх слядах»), але, па-мойму, было гэта не ад пазіцыі аўтара, не ад яго адштурхоўвання ад «тэорыі факта», гэта тыя мастацкія «накладкі», якіх мала каму ўдаецца ўнікнуць.
Вельмі слушную заўвагу пра гэта рабіў некалі Д. Бугаёў, даводзячы, што ў апавяданні «Шчаслівае месца» Іван Чыгрынаў апускае самы важны факт – сустрэчу бацькі з дачкой, а гэта ж ніяк не стасуецца з пазіцыяй прыхільніка «тэорыі факта». З гэтага пункту погляду якраз такі факт, галоўны, ніяк нельга было прапусціць.
Ну, а сёння, калі ўжо напісаны два раманы Івана Чыгрынава, некаторыя рзчы ўвогуле ўспрымаеш інакш. Напрыклад, некалі як цікавая замалёўка чыталася апавяданне «Варажба»: як Марфа Зазыба і іншыя вясковыя бабы хадзілі ў адведзіны да парадзіхі. А прачытаўшы раман «Плач перапёлкі», ведаем, што гэта толькі адна з шматлікіх дэталяў вялікага палатна, што пісьменнік ужо тады выпрабоўваў сілы на вялікі, эпічны твор. Але гаворка зноў жа не пра тое, што навелы – толькі падрыхтоўчы этап да рамана, проста многае з таго, што пазначалася ў апавяданнях, атрымала выяўленне ў раманах – я маю на ўвазе не толькі такі перазоў, як у выпадку з апавяданнем «Варажба», але і асобныя характары, тэмы, настроі.
Зразумела, не свой уласны, а народны вопыт, народная памяць жывяць раманы Івана Чыгрынава. Аднак нельга забываць і таго хлапчука, што бачыў і перажыў вайну сам, што з такой вастрынёй адчуў у свой час вартасць чалавечай цеплыні, зазнаў цану такіх простых рэчаў, як акраец хлеба або цёплая шапка.
Шчыра і сардэчна піша пра жыццё сваіх аднагодкаў на сыходзе вайны Іван Чыгрынаў. Мне здаюцца самымі чалавечнымі апавяданні пісьменніка «Бульба» і «За сто кіламетраў на абед». Зноў жа вельмі нескладаныя сюжэтам, яны кранаюць мяккім настроем, праўдзівай атмасферай тых год.
Апавяданне «Бульба» пачынаецца словамі: «Уранні прыйшлі нашы…» Якая ж мажорная музыка гучала для ўсіх, і для равеснікаў Івана Чыгрынава, у гэтым «прыйшлі нашы». Як светла глядзелі на салдат людзі, з якім захапленнем круціліся вакол іх дзеці, дзеці вайны. Згаладалыя, босыя, у трантах. Шчаслівыя – «нашы прыйшлі». Удзячныя – колькі дзён цярпліва чакаюць лейтэнанта, не адыходзяць ад вогнішча, «напагатове для яго печаная бульба». Не дачакаліся – апошні, як мінорны акорд, сказ: «Але старшы лейтэнант не прыйшоў…» Несправядлівая праўда апошніх дзён вайны. Як і сумны, балючы ўспамін у апавяданні «За сто кіламетраў на абед». Несентыментальны і строгі – вядзе галодных хлопцаў бывалы Васіль Карапет у свой дзетдом накарміць абедам, наладжвае дзеля гэтага цэлае падарожжа.
Іван Чыгрынаў, верны свайму прынцыпу пранікаць у сутнасць з’явы і характару, выпрабоўвае сваіх герояў на годнасць быць чалавекам.
Гераічна выконвае свой вайсковы абавязак Аляксей Балаш і гіне ў няроўным баі з фашыстамі («Самы шчаслівы чалавек»). Дэмабілізаванаму франтавіку Сяргею, які вымушаны слухаць розныя байкі свайго фурмана, не дае спакою думка: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» А той, аж заходзячыся ад захаплення, хваліцца сваім «зорным часам» – як быў у вайну прызначаны старшым на спіртзавод у нейкім гарадку: «А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах!»; «Во, брат, пажыў я там… Доўга ўспамінаць буду. Еў, піў, колькі хацеў…» («Па дарозе дамоў»).
Ужо тут увага пісьменніка засяроджваецца вакол праблем, што атрымаюць такое грунтоўнае паведамленне ў яго раманах. Будуць пазней доўга ўзважваць свае і чужыя думкі героі яго раманаў, шукаючы ісціну. Іван Чыгрынаў увогуле любіць сітуацыі сацыяльныя, шырокія, шматпланавыя карціны жыцця, характары маштабныя.
Чалавек для Чыгрынава – постаць перш за ўсё грамадская. Выяўлення яго асобы ён шукае не ў лірычных, характэрных толькі для гэтага чалавека абставінах. I ў гэтым, мне здаецца, пакуль што вельмі адметная рыса яго пісьменніцкага почырку. Канечне, увагу пісьменніка прыцягвае і маральна-этычная тэма. Мы ж ведаем яго апавяданне «Усціння» (пазнейшая назва «Адна»), пра тое, як жыве старая жанчына на адзіноце ў вёсцы, бо дзеці яе рассыпаліся па свеце і не надта дбаюць пра старую маці. Апавяданне напісана з той мерай спагады, калі нельга не адчуць сапраўднай чалавечай годнасці Усцінні, яе спакойнага стаўлення да жыцця, адчування свайго месца ў ім, абавязковай патрэбы быць некаму карыснай.
Ведаем і апавяданне «Сустрэча на пероне» – пра тое, як праз шмат год сустрэліся людзі, што некалі падабаліся адно аднаму. Герой бачыць, што не склалася жыццё яго былой каханай – побач чужы, жорсткі чалавек, які не вельмі лічыцца з ёю і рупіцца толькі пра сябе.
Помняцца і іншыя апавяданні такога плана, але ўсё ж мне думаецца, што I. Чыгрынаў перш за ўсё эпік, не лірык.
Гэта стала асабліва відавочна пасля выхаду яго раманаў. Раманаў, што азначылі новы этап у творчасці пісьменніка і зрабіліся прыкметнай з’явай у нашай літаратуры. Тут якраз схільнасць пісьменніка да маштабных праблем, сацыяльнай тэматыкі, да шырокага, грунтоўнага апавядання атрымала яскравае выяўленне.
Чалавек і вайна. Беларуская вёска ваеннага часу, вёска Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта раманы Чыгрынава. Ён звярнуўся да тэмы, на якую многа твораў напісана непасрэднымі ўдзельнікамі вайны, і сярод іх створанае В. Быкавым, Ю. Бондаравым, А. Адамовічам, I. Навуменкам. Ёсць, нарэшце, унікальная кніга А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…».
Адметнасць, своеасаблівасць раманаў I. Чыгрынава адразу была заўважана крытыкай. Алесь Адамовіч адзначаў у «Литературной газете»: «Чыгрынаў… піша «сваю вайну», «прытым на плацдарме зусім не дзіцячай памяці, а маштабнай, эпічнай». I са здзіўленнем аўтар «Хатынскай аповесці» запытаецца: «…адкуль гэта дакладнае веданне самога духу часу, яго жорсткай паўсядзённасці?» Высокая пахвала.
Іван Чыгрынаў апісвае лета 1941 года. Апісвае непаспешліва, дзень за днём. Як даследчык, узнаўляе рэчаіснасць, падае не проста панарамную карціну жыцця, а імкнецца дабрацца дапытлівым духоўным позіркам да таямніц светапогляду народу.
Твор пакуль не закончаны, таму канчатковыя вывады яшчэ нельга рабіць. Суадноснасць асобных частак, кампазіцыйную завершанасць можна будзе ўбачыць пасля заканчэння. Але ўжо цяпер варта гаварыць пра тое, як сама тэма абумовіла манеру аўтарскага пісьма, метад падыходу да матэрыялу. Мне здаецца, мастацкі апраўдана нават пэўная замаруджанасць апісання – гэта атмасфера чакання, насцярожанасці, калі кожная хвіліна здаецца гадзінай, месяц цягнецца, як год, кожны лапік зямлі як бы ўзбуйняецца, павялічваецца, пачынае набываць значэнне плацдарма. Яшчэ толькі пачынае набываць. Вось гэтую атмасферу і перадае Іван Чыгрынаў, выкарыстоўваючы прыём, які ў кінематографе называецца замаруджанай здымкай.
Іван Чыгрынаў умее паглядзець свежым вокам на падзеі, убачыць у тым, што адбываецца ў адным кутку зямлі, тыповае для ўсенароднай барацьбы з ворагам. Умее паказаць, адкуль гэтая моц супраціўлення, адкуль адчуванне маральнай перавагі над ворагам.
Сваіх герояў – Дзяніса Зазыбу, Радзівона Чубара, Парфёна Вяршкова – пісьменнік выпрабоўвае па самай высокай шкале, шкале ваенных год. Яны на тым самым пярэднім краі, дзе асабліва ўсё складана, заблытана, няпроста.
…Пакуль што ідзе эвакуацыя. Адпраўляюць у тыл тэхніку, гоняць скаціну. Адступае з цяжкімі баямі армія. Аддаюцца з высокіх і менш высокіх інстанцый загады. А тут, куды ўжо вось-вось рушаць танкі, мотакалоны немцаў, застаюцца людзі, ідзе і будзе ісці жыццё. Якое? Як? Пра гэта думаюць героі Івана Чыгрынава.
Ці ўсе павінны зняцца з месца і ехаць? Людзі ведаюць і вераць: на гэтую ж зямлю вяртацца трэба. Ды і не ўсе з гэтай зямлі пойдуць. Як успамінае Дзяніс Зазыба словы аднаго мудрага чалавека, «хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае».
Мы ведаем, якая справядлівая сіла была ў гэтых словах. Партызаны і тыя, хто застаўся на так званай акупіраванай тэрыторыі, не далі стварыць тут плацдарм нямецкай арміі, тыл яе. Але дзе яны, карані гэтай сацыяльнай мудрасці народу – да гэтага і хоча дакапацца Іван Чыгрынаў.
Рашэнні выспяваюць не адразу.
Дзяніс Зазыба – характар, які, мабыць, яшчэ па-рознаму сябе праявіць, але мы ведаем: чалавек ён цэльны, трывалага, моцнага духу. Ідэям рэвалюцыі ён ніколі не здрадзіць, але нічога ў жыцці не бярэ напавер. Ён з тых людзей, што складаюць стрыжань нацыі, яе моц, нязломны дух і цвярозы розум. Для Дзяніса Зазыбы за кожнай паперай і загадам – не мітуслівыя і расплывістыя дзеянні (абы выканаць!), а канкрэтныя справы.
I ён павінен ведаць – што за імі стаіць, бо за ўсё, што ён робіць, ён нясе асабістую адказнасць.
Зразумела, у складаных умовах Дзяніс Зазыба не адразу знаходзіць правільнае тлумачэнне падзей. Яму спачатку здаецца, што прапанова захоўваць калгасы зыходзіць ад каменданта таму, што камендант Гуфельд «можа аказацца камуністам; зыходзіў ён у сваіх меркаваннях з таго, што ў Германіі некалі дзейнічала шмат камуністаў, і гітлераўцы наўрад ці здолелі ўсіх перасадзіць у канцлагеры». Пазней, дзе сам, дзе з дапамогай людзей, ён зразумее, што гэта толькі хітры манеўр, каб завалодаць ураджаем, а ўжо потым распусціць калгас.
Зазыба ў рамане амаль увесь час з людзьмі. Вось ён спрачаецца на першых старонках «Плачу перапёлкі» з Чубарам, і мы адчуваем, наколькі справядлівейшая, чалавечнейшая, разумнейшая пазіцыя Зазыбы. Чубару адно: дырэктыва ёсць – трэба выконваць, усім эвакуіравацца, усё знішчыць. А Зазыба да ўсяго сам хоча дайсці, для яго калгас – не агульнае паняцце, а людзі, жывыя, знаёмыя. Таму і ідзе паміж Зазыбам і Чубарам гаворка:
«– Кароў да аднае пагналі?
– А ты думаў, тут пакінем?
Зазыба паляжаў і зноў спытаў:
– Неяк Марфа мая казала, што ў Палагі Харытонавай карова падавілася бульбінай, дак ці даў ты ёй карову?
– Не.
– А Баханьку? У яго ж старая, ды ялаўка ў гэтым годзе. Калі па-справядліваму, дак і яму варта было б замяніць яе».
З першага рамана мы ўжо ведаем, што Зазыба быў некалі старшынёй калгаса, але пасля арышту сына яго панізілі да намесніка. Прынялі пад увагу былыя заслугі: удзел у грамадзянскай вайне і амаль васьмігадовае старшынства ў калгасе. Аднак Зазыба ўспрымае гэтае паніжэнне спакойна: маўляў, мінецца непаразуменне, усё на свеце здараецца, бывае, што і разумныя людзі і на высокіх пасадах памыляюцца. Зазыба перакананы, што жыццёвы яго стрыжань, чалавечую аснову нішто не можа змяніць ці пахіснуць, ён цвёрда стаіць на сваёй зямлі.
Яшчэ ў першыя дні і месяцы акупацыі Зазыба ведае, што перамогі фашыстаў нетрывалыя і ненадоўга, ды і часовая перавага немцаў абумоўлена нейкімі невядомымі яму абставінамі. Ён упэўнены, «што ў цяперашнім адступленні жалезнай заканамернасці няма, значыць, маглі немцы наступаць, а маглі і мы». Думку гэтую Дзяніс Зазыба выказвае ў гаворцы з сынам. Хацелася напісаць – у спрэчцы, але вось справа якраз у тым, што ў дачыненні да Дзяніса Зазыбы гэта будзе недакладна. Ён не спрачаецца, ён разважае, прыкладвае свае вывераныя меркі жыцця да падзей, да людзей, да іх учынкаў і характараў. А меркі гэтыя – правераны, пацверджаны і замацаваны рэвалюцыяй. Бо, як кажа Зазыба свайму сыну, «для мяне Савецкая ўлада – як для маці тваёй ты!.. Вось гэтак і для мяне Савецкая ўлада!.. Я яе таксама… Ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!..» Савецкая ўлада для Дзяніса Зазыбы – яго, ім створаная, ім і такімі, як ён, выпакутаваная: «…мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!..»
Такі ён, Дзяніс Зазыба, на сваёй зямлі, са сваім жыццёвым кругаглядам і культурай мыслення і пачуццяў, своеасаблівы філосаф, які не сузіральна, а дзейсна датыкаецца думкай да рэчаіснасці, не разумее жыцця без гэтай узаемасувязі.
Радзівон Чубар – пераважна чалавек дзеяння. Ён не прывык аналізаваць свае ўчынкі, не прывык задумвацца, што можа яшчэ існаваць іншае меркаванне пра што-небудзь. Калі ёсць дырэктыва – трэба выконваць. У гэтым ён упэўнены, сумнення ў яго няма: «…тая маёмасць, якую нельга вывезці, павінна, безумоўна, знішчацца». Нездарма ў Зазыбы ад Чубаравых слоў «у душы пасяліўся страх – было такое адчуванне, нібыта па вёсцы хадзіў хто з гарачай галаўнёй».
Страх Зазыбы спраўдзіўся – у рамане «Апраўданне крыві» мы даведваемся, што Чубар уласнымі рукамі падпаліў жыта верамейкаўцаў.
Прывычка на ўсё мець чужое меркаванне ці гатовы загад прымушае Чубара шукаць, дзе фарміруецца апалчэнне, шукаць нават тады, калі ўжо зразумела, што карысці з гэтага не будзе – шашою рушаць немцы.
Чубар упершыню задумваецца – трэба самому рашаць, трэба думаць, не толькі выконваць. Таму што дагэтуль ён цвёрда ўсведамляў, «дзеля каго і дзеля чаго рабіў», і рабіў гэта шчыра. У душы яго жыве вялікая ўдзячнасць рэвалюцыі за тое, што не дала яму, сіраце, гібець у нястачы, у голадзе, чалавекам зрабіла.
Працаваў ён многа і аддана. Не скончыўшы каморніцкай школы, быў на розных пасадах, пачынаючы ад сакратара сельскага Савета. Працаваў, працаваў, працаваў – прыслухоўваючыся да кожнага слова, друкаванага і сказанага. Яно было для яго аўтарытэтнае ўжо таму, што зыходзіла ад людзей, вышэйшых за яго пасадай. На яго думку, гэтыя людзі не маглі памыляцца. Для Чубара ўсе, хто вышэй за яго па службе, – увасабленне рэвалюцыі і Савецкай улады. А хіба рэвалюцыя можа памыліцца?
Як пайшоў Чубар дваццацігадовым хлопцам працаваць, дык увесь час як у бясконцай атацы. I раптам – нібы ў самую атаку адзін у полі – загадаў няма, нікога наўкол няма, і хаця тэксты пастаноў добра помняцца, але да яго канкрэтнага выпадку ў тым тэксце ўказанняў не знойдзеш. Сам-на-сам з сабой ён упершыню. I аказваецца, што «Чубар найбольшую цяжкасць меў адказаць на першае пытанне – хто ён?». Хто ён, калі над ім не-пасрэдна нікога няма, ніхто яму не загадвае, ніхто ім не кіруе? Хто ён сам па сабе?
Ён з тых людзей, што прымаюць самую жорсткую лінію паводзін. Ён папракае былога свайго намесніка Зазыбу за тое, што той едзе з аднавяскоўцамі аднаўляць разбураны мост на Дзеражні. Чубар разумее, што Зазыба гаворыць праўду: не паедуць яны – «пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць», а верамейкаўцы паплоцяцца, канечне, за такі жэст, аднак абвяшчае: «Але кроў герояў, Дзяніс Яўменавіч, памагае спець ідэям». Праўда, сам Чубар у Машавую, каб знайсці каго-небудзь, хто застаўся для падпольнай работы ў раёне, пасылае Зазыбу.
Хто ж ён, Чубар, адкажуць наступныя кнігі эпапеі. Вайна ў нечым важным яго перавучыць і перайначыць. Зробіць яна яго героем ці проста чулым чалавекам, які нарэшце ўсвядоміць сваё ўласнае «я» і спазнае кошт сапраўднаму, мы дазнаемся пазней. Але перадумовы для таго, каб Чубар пазбегнуў гэтых сваіх «лявацкіх» ухілаў і адчуў рэвалюцыю і сацыялізм не толькі як агульную стыхію, але і як канкрэтную ў кожнай сваёй праяве з’яву, што патрабуе і роздуму, і ведаў, і не толькі парыву, але і чалавечага разумення, цеплыні, мяккасці, у раманах ёсць.
Мімаволі ўспамінаецца, як у «Апраўданні крыві» бяжыць за Чубарам па лесе маленькае ласянё, матку якога забіў паліцэйскі Рахім. Як «даверлівасць асірацелага звярка ўвесь час неяк ахінала пяшчотай» Чубара «і нарэшце павярнула Чубаравы думкі на самога сябе, успомнілася раптам сваё сіроцтва». Прыгадаем, як у канцы рамана ён ідзе ў лес шукаць гэтае ласянё, папярэдне дамовіўшыся з Міхалкам, сынам сваёй каханай Гапкі, што той будзе гадаваць ласянё.
Жудасная праўда вайны яшчэ толькі наплывае, находзіць, жыхары вёскі больш прыкідваюць, здагадваюцца, мяркуюць. Ацэньваюць падзеі, як людзі, што заняты такой патрэбнай на зямлі працай і ведаюць глыбінны сэнс жыцця перш-наперш са свайго жыццёвага вопыту.
Гэта, акрамя Дзяніса Зазыбы, Парфён Вяршкоў, які разам з Дзянісам абмяркоўвае ўсе праблемы, што хвалююць верамейкаўцаў. У гэты цяжкі і горкі час заспее яго смерць.
А як жа пражыў сваё жыццё ён, Парфён? «Жыў сумленна, добра ставіўся да сумленных людзей». I вось тут Іван Чыгрынаў ставіць вельмі важнае для праблематыкі раманаў пытанне. Ці вычэрпваецца гэтым «жыць сумленна» жыццёвая праграма чалавека? «Жыць сумленна – гэта яшчэ не рабіць дабро!» – разважае Вяршкоў. Дабро – катэгорыя больш дзейсная: не рабіць зла і жыць сумленна – гэта яшчэ не значыць рабіць дабро. Дабро вымагае дзеяння, актыўнага ўмяшання ў жыццё, актыўнага супраціўлення злу. Мала працаваць, урэшце, без працы не будзеш мець кавалка хлеба. Парфён лічыць, што чалавеку трэба шмат чаго зрабіць, «каб апраўдзіць сваё з’яўленне на гэты свет…» Ён успамінае, як разумна, цвяроза, з упэўненасцю паводзіў сябе ў калектывізацыю Дзяніс Зазыба, першы галасаваў за ўступленне ў калгас, у раён ездзіў, каб паставіць на месца ўпаўнаважанага Жабацінскага, што спрабаваў запалохаць верамейкаўцаў, прышпільваючы ім мянушкі класавых ворагаў. А потым паставіў справу так, што праз паўтара года ўсе верамейкаўцы ў калгасе былі. Не было гэтага ў Парфёна Вяршкова. Сумленна жыў. Але што зрабіў у жыцці?
Пытанні Парфёна Вяршкова да самога сябе набываюць больш абагульнены, філасофскі характар. Які вынік яго жыцця? Які рахунак? У чым, нарэшце, сэнс жыцця? – задае ён сабе адвечнае пытанне. «Дзеля чаго маё жыццё?» – гаворыць ён Масею Зазыбу. «Колькі і помню сябе, дак адно араў вось етае поле. Узару, пасею, збяру, паядзім. Дак ці ж варта варочаць да варочаць ету зямлю толькі дзеля аднаго, каб жыць?»
Кожны характар у раманах Івана Чыгрынава паказаны ў розных ракурсах, розных абставінах, кожнаму вобразу пісьменнік імкнецца надаць сацыяльную і псіхалагічную глыбіню. Часта ў складаных, незвычайных абставінах. На той мяжы выпрабавання, калі чалавек павінен задумацца, ці ўсё ён робіць, каб перамаглі ідэалы дабра, справядлівасці, чалавечнасці.
Масей Зазыба шмат у чым нагадвае Фёдара з «Нашэсця» Л. Ляонава. Турма напярэдадні вайны, крыўда на гэтую несправядлівасць, недавер да ўсіх і да ўсяго, няпэўнасць становішча. Іван Чыгрынаў паказвае сацыяльную, духоўную, чалавечую сутнасць Масея Зазыбы, паступова раскрываючы яго характар. У першых двух раманах, як і ў выпадку з Чубарам, аўтар яшчэ не падыходзіць непасрэдна да вырашэння канфлікту ў жыцці Масея. Пакуль што мы ведаем гісторыю Масея, ведаем, што ён набываў адукацыю як мастак, ведаем, што ён на раздарожжы, ведаем некаторыя рысы яго натуры.
У гаворцы з Парфёнам Вяршковым, якая, між іншым, нясе ўвогуле вялікую сэнсавую нагрузку ў рамане «Апраўданне крыві», мы бачым, напрыклад, яго эрудыцыю, бачым, што ён не толькі многае ведае, але і ўмее думаць.
Гаворка Масея з Парфёнам Вяршковым – не проста пацвярджэнне яго адукаванасці. Масей, што далучыўся да кніжнай культуры, адчувае добра і сваю роднасць з той мудрасцю, што назапасілі продкі. Парфён разважае, што чалавек «усё ета робіць для сябе, каб жыць: тапаром махае, бо без хаты не пражыве, нітку сучыць, бо голаму тады давядзецца хадзіць, колы на парні гне, бо ездзіць трэба. Так што, сам бачыш, не дужа вялікая ва ўсім етым мудрасць». Масей яму адказвае: «Не, дзядзька… як раз у гэтым вось – каб жыць,– бадай, і мудрасць уся закладзена. Мусіць, у гэтым і сэнс нашага знаходжання на гэтым свеце».
У адказе Масея адчуваецца той непахісны жыццёвы прынцып, што ёсць у яго бацькі. Але ўяўляе ўсё гэта ён пакуль больш тэарэтычна. Масей нё сумняваецца ў справядлівасці і патрэбнасці свайго існавання на зямлі. Але вось канкрэтна не ведае, як прыкласці гэтую мудрасць да свайго цяперашняга нетрывалага становішча – здаецца, тэрмін яго турэмны сышоў, але «пад чыстую» яго не аслабанілі – і куды цяпер падацца, дзе знайсці сваё месца ў жыцці пры незвычайных абставінах?
Мы таксама не ведаем, які шлях вызначыць Масею Зазыбу творчая фантазія Івана Чыгрынава. Але можна з пэўнасцю гаварыць, што ў рамане герой пастаўлены ў надзвычай драматычную калізію, якая вымагае дзейснай думкі і дзеяння, калі чалавека ствараюць не толькі абставіны, умовы, а і падзея і калі чалавек стварае сябе сам.
У цэласнай, але шматпланавай карціне рамана аўтарская філасофія выказваецца і непасрэдна аўтарскім тэкстам, аднак у асноўным праз сутыкненні характараў, праз безліч абставін, у якія трапляюць героі.
I, мабыць, не выпадкова ў цэнтр пастаўлены антыподы Дзяніс Зазыба і Брава-Жыватоўскі. Тут не проста сутыкненне характараў, а перш-наперш сутыкненне розных ідэалогій, розных філасофій жыцця, розных класавых пазіцый. Калі для Дзяніса Зазыбы Савецкая ўлада – яго, ім самім створаная, дык для Брава-Жыватоўскага – гэта непаразуменне, якое чамусьці надоўга зацягнулася, але да якога, праўда, можна нейкім чынам прыстасавацца. Розум ён мае, рукі таксама да справы ў яго здатныя, і былы махновец, назваўшыся ў чужых яму Верамейках чырвонаармейцам, жыве там, старанна хаваючы сваю сутнасць.
Ён спяшаецца – каб гэта хто не апярэдзіў – запісацца ў паліцаі. Але, служачы немцам, імкнецца пакуль што не тое каб намеціць адыходныя шляхі, але не страціць сувязі з людзьмі. Ён не выдае, што менавіта Дзяніс Зазыба быў за роспуск калгасаў, маючы на мэце падзяліць адразу калгаснае жыта, не даць скарыстаць ворагу, Жыватоўшчыку, як завуць яго верамейкаўцы, патрэбны хаўруснік, і не такі ненадзейны, як Мікіта Драніца. Дабра Мікіта нікому не зычыць, а да таго ж, пакуль была ўлада ў Чубара, па-сабачы заглядваў яму ў вочы, як цяпер заглядвае Брава-Жыватоўскаму. А Дзяніс Зазыба можа і хавае дзе злосць, на думку Брава-Жыватоўскага: усё ж пры Савецкай уладзе сядзеў у турме яго сын.
Былы махновец добра разумее разважлівасць Зазыбы і перагібы Чубара, умее абагульніць свае назіранні, памеркаваць са свайго пункту погляду, і часам як бы не без рацыі. Праўда, як на Зазыбу, дык ён у развагах Брава-Жыватоўскага не можа не заўважыць дэмагогіі і злоснага фальшу, хаця і адчувае «падкаванасць» Жыватоўшчыка. У таго ж цэлая сістэма, а з тэрмінамі і складанымі паняццямі так вольна ўмее ён абыходзіцца! Брава-Жыватоўскі даводзіць сваё: «Вядома, ён і калгас няроўны быў для ўсіх… як і ў жыцці што: аднаму бацька – другому той жа самы вотчым ужо, аднаму матка – другому мачыха. Гэта калі толькі пачыналі справу, дык на ўсё горла крычалі: настае час усеагульнага дабрабыту ў мужыцкім раі… Яны, і бальшавікі твае, у каго розум, затым схамянуліся. Нездарма ж неўзабаве, у трыццаць пятым, увялі калгасны нэп. Нарэзалі прысядзібныя ўчасткі, кароў, авечак і ўсё такое іншае дазволілі трымаць, чаго раней не было».
Брава-Жыватоўскі ведае, дзе і як дапячы Зазыбу: «Вядома, у цябе на душы, Зазыба, кошкі шкрабуць, – чоўп сабе Брава-Жыватоўскі. –…Як жа, пачалі раптам разбураць тое, што з тваёй дапамогай рабілася назаўсёды… А тут вось гэты немец! Як кажуць, чорт задумаў адно, а д’ябал узяў ды збунтаваў, нават невядома, з якой карты хадзіць, а каторую на казырную трымаць».
Брава-Жыватоўскі – тып маньяка-ўласніка, якому не толькі маёмасць патрэбна, яму яшчэ і ўлада над людзьмі неабходна.
Усе постаці двух раманаў Івана Чыгрынава жывыя, рэльефныя, даклада выпісаныя, адметныя. Характары – ярка індывідуалізаваныя. Можа толькі не такія каларытныя вобразы жанчын, якія больш успрымаюцца як калектыўны вобраз – салдаткі, працаўніцы, вернай жонкі, што ідзе ратаваць мужа.
Такога калектыўнага, зборнага, без пэўнай індывідуалізацыі, вобраза жанчын вымагае, мабыць, і акцэнт на сацыяльна-філасофскі змест раманаў, і тая манера пісьма, якую выбраў Іван Чыгрынаў. Між іншым, асабістае жыццё герояў пісьменнік падае больш інфармацыйна. I строгая структура раманаў нічога не страчвае ад гэтага.
Сярод верамейкаўскіх жанчын вылучаецца хіба толькі постаць Ганны. Выпісаная напачатку крышку грубавата, гэтая постаць больш уяўляецца па рэпліках верамейкаўскіх мужыкоў, іх жартаў – што вось жанчына не мае мужа, а двух сыноў нарадзіла. Але пазней мы дзе дазнаёмся, дзе здагадваемся, што нялёгкая доля бязмужняй маці выпала Ганне не ад лёгкіх паводзін. I ў чытача сімпатыя да Ганны ўзнікае цяжка сказаць ад чаго: ці ад разумення яе жаночай безабароннасці, ці тут тоіцца яшчэ не высветленая добра ў рамане аўтарская задума. Яна ласкавая і пяшчотная са сваімі дзецьмі, яна спагадліва сустракае Масея, што вярнуўся з турмы, яна клапатлівая кладаўшчыца.
Сама манера пісьма Івана Чыгрынава традыцыйная, акадэмічная нават. Ён не любіць недамоўленасці, імпрэсіяністычнай неакрэсленасці, умее выпісаць кожны характар, кожную постаць, паказаць яе з розных бакоў, знайсці ў жыццёвым матэрыяле тое, на што ніхто не звяртаў увагі. Ён умее праз дэталь, псіхалагічны штрых выявіць галоўнае, важнае, істотнае.
Успомніце ўжо згаданыя моманты з апавядання «Ішоў на вайну чалавек…» або, скажам, апавяданне «Бульба».
Паляць вогнішча хлопцы, углядаюцца ў байцоў – «можа якраз тупае бацька вось так у страі…» Да вогнішча падыходзяць артылерысты, Іван Чыгрынаў не забудзецца тут на такі факт: «Артылерысты былі вясёлыя людзі – не тое што змардаваныя пехацінцы». А потым, пад час гаворкі хлопцаў з вайскоўцамі, ён падкіне яшчэ такія штрышкі, што адразу пакажуць характар гэтых людзей, і прастора апавядання ажыве, выявіцца агульны настрой. Радасць, прыўзнятасць чуюцца ў тоне гаворкі артылерыстаў: яны вызваляюць тую зямлю, па якой некалі адступалі, цяжкія былі дні, «нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі». Радасна – на вызваленай зямлі. I пісьменнік паказвае гэтую радасць не дэкларацыйна – у адпаведнасці з жыццёвай праўдай. Лейтэнант гаворыць: «Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку». Ніякай узнёсласці – проста «бульбы напяку». Так важна для яго зазнаць зноў смак гэтага пачастунку ўжо на вызваленай зямлі. А за гэтым «прыйдзем на беларускую зямлю» – гады баёў, гады выпрабаванняў.
У кожнага персанажа пісьменнік імкнецца высветліць нейкую рысу, рысачку, і мы бачым гэтых розных людзей, якія прынеслі адну радасць. У рыжага Санькі Брылёва няма шапкі, ён жартуе: «выгарала» галава. I артылерыст, у якога на твары «была дзіўная мешаніна дабраты і гарэзлівасці», і весела прымушае байца Сідарава аддаць вушанку хлопцу. Сідараў пашкадаваў, а той вясёлы артылерыст Сідараву ні больш ні менш як выратаваў жыццё: «Каб ведаў, што ты будзеш такі скупы, то не цягнуў бы цябе за вушы з таго балота». Штрыхі, толькі штрыхі, але яны надаюць тую жыццёвую і мастацкую верагоднасць, без якой няма літаратурнага твора.
Сваю пісьменніцкую пазіцыю Іван Чыгрынаў выяўляе без адкрытых эмоцый, апісвае не спяшаючыся, адбіраючы дэталі, дакладна вывяраючы факты.
Вось дэталі дзяцінства ваенных год, вельмі канкрэтна пазначаныя: «…мы без памылкі маглі яшчэ на падлёце пазнаваць па гуку самалёты – «нашы» і «не нашы». Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны – звычайныя, разрыўныя, бронеразрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя…» («За сто кіламетраў на абед»). Пісьменнік любіць канкрэтнасць, дакладнасць. Калі ён перадае ў «Апраўданні крыві» прамову каменданта, мімаволі думаеш пра грунтоўнае веданне матэрыялу, мабыць, нават пра добрае знаёмства з архівамі: «Адміністрацыйная будова па воласці зацверджана такая: у самой воласці – управа, у якой бургамістр, пісар, рахункавод, аграном, таксама валасная паліцыя парадку; у вёсцы – стараста, намеснік валаснога агранома, адзін паліцэйскі з разліку на дваццаць-трыццаць двароў».
Дэталі, што падае Іван Чыгрынаў, гавораць і пра яго назіральнасць, і пра яго ўменне адабраць з безлічы фактаў адзін, найбольш значны. У апавяданні «Ішоў на вайну чалавек…» аўтар не проста адзначыць, «што стаяла… ціша», а прыкмеціць, што «нават чуваць было, як гойсалі за дваром, па аўсе, зайцы, наядаючыся пра запас, на цэлы неспакойны дзень». А ў «Плачы перапёлкі» заўважыць разам з Чубарам прыкмету, якая кінецца ў вока толькі таму, хто не па-дылетанцку ведае лес і яго насельнікаў: «…шырокі, з вялікім падрэзам пень. Вакол яго… паскубанае птушынае пер’е: пеначак, берасцянак, чыжоў… Няйначай… «сталоўка» ястраба-перапёлачніка».
Іван Чыгрынаў любіць уважліва апісаць месца дзеяння, угледзецца па-гаспадарску ва ўсё. Часцей за ўсё апісанні яго – гэта спроба канкрэтызаваць расказ, пэўна акрэсліць абставіны дзеяння ў часе і прасторы, часта – нават тапаграфічна дакладна.
«На золку, калі яшчэ спявалі пеўні, я пакінуў Брады, каб да сонца выйсці праз расцяроб на Пычаў бераг.
Дарога ішла паўз лясное возера. Летам па ёй амаль ніхто не ездзіў, і каляіны пазарасталі высокай травой. Трава даставала да каленяў. Можа з гадзіну ўжо я з асалодай дыхаў халадком яснага рання» – так пачынаецца «Апавяданне без канца». I такіх апісанняў, у тым ліку апісанняў-экспазіцый, у Івана Чыгрынава многа.
Між іншым, у апісаннях Івана Чыгрынава адразу можна заўважыць і яго схільнасць да сялянскіх, вясковых рэалій, і погляд чалавека практычнага, не лірыка, не летуценніка.
Убачыць і паказаць свет шырока, панарамна, з размахам – да гэтага імкнецца пісьменнік. Чалавек у яго раскрываецца вельмі выразна ў дыялогах, асабліва ўдалых у раманах. А намацваў ён шляхі да майстэрства ўжо ў сваіх апавяданнях «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», «Адна ноч», «Бульба», «Трэція пеўні», «Па дарозе дамоў» і інш.
Успомнім яшчэ раз згаданае вышэй апавяданне «Па дарозе дамоў». Сустракаецца на вакзале франтавіку Сяргею чалавек з возам сена. Узяўся гэты чалавек, той самы, пра якога пазней Сяргей будзе думаць: «Якім ён быў у акопах?» – падвезці яго. Адбываецца звычайная гаворка.
«– Табе куды?
– У Гутку.
– Дык ты сам будзеш з Гуткі ці па справе туды?
– З Гуткі.
– А я з Вуглоў. Смалякоў, Ігнат, а бацьку майго Іванам звалі. Значыць, землякі мы. А ты чый будзеш тамацька? – спытаў ён.
Сяргей сказаў.
– Не, не чуў штосьці… – Мужчына паціснуў плячамі, памаўчаў. – А я думаю, дай даганю, можа знаёмы хто. Дэмабілізаваўся, бачу?
– Дэмабілізаваўся.
– Насаўсім у Гутку?
– Пабачу там.
– А ты жанаты хоць?
– Не.
– Тады вольнаму воля».
Гаворка як гаворка, але добра адчуваецца натуральны, размоўны тон, адчуваецца мясцовы каларыт, а з наступным паваротам гаворкі і нейкая астка натуры фурмана.
У раманах многае з характарыстыкі герояў мы атрымліваем таксама з дыялогаў. Бадай – не толькі з характарыстыкі.
Брава-Жыватоўскі, як ужо гаварылася, глядзіць на Зазыбу і як на магчымага, на яго погляд, хаўрусніка і хоча паказаць, што ўлада цяпер яго, Жыватоўскага. Вось ён спрабуе запалохаць Зазыбу: «А ты перада мной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу. Скора камуністы, якія ёсць у воласці, будуць рэгістрацыю ў камендатуры праходзіць, дык цябе таксама не міне гэта, няважна, што білет адабралі». Вось ён хоча ўлагодзіць Зазыбу: «…можаш яшчэ застацца на сваёй пасадзе. Нават на павышэнне можаш разлічваць, Твае камуністы скінулі цябе са старшыні, а немцы могуць паставіць».
Зазыба са спакойнай памяркоўнасцю і годнасцю адхіляе і запалохванне, і паддобрыванне.
Чыгрынаў умее перадаць інтанацыі, тэмп гаворкі: здаецца, чуеш непаспешлівы, упэўнена-разважлівы голас Зазыбы, мітуслівую гамонку Брава-Жыватоўскага. Дыялогі, дыскусіі паміж Зазыбам і Брава-Жыватоўскім – адзін з самых актыўных сродкаў выяўлення супрацьдзеючых сіл. Паядынак паміж імі – гэта паядынак светапоглядаў, барацьба непрымірымая, барацьба праціўнікаў моцных. I не толькі суб’ектыўная праўда (у дастасаванні да падзей у Верамейках), але і аб’ектыўная ісціна за Дзянісам Зазыбам.
Ён недвухсэнсоўна дае гэта зразумець Брава-Жыватоўскаму. Прыгадаем хаця б яшчэ адзін дыялог:
«– Як я разумею, дак ты падаеш мне руку на дружбу?» – пытаецца Зазыба ў Брава-Жыватоўскага пасля яго філіпікі наконт верамейкаўцаў.
«– Так.
– Тады дарэмна.
– Чаму?
– Да таму, што мы з табой і даўней дружбы не вадзілі. Праўда, я цаніў цябе ў калгасе, работнік неблагі быў. Але душы тваёй ніколі не ведаў».
Дыялогі ў раманах Івана Чыгрынава розныя. З доўгімі разважаннямі, амаль што прамовамі, з кароткімі, як стрэлы на дуэлі, фразамі, калі за некалькімі словамі адкрываецца вялікі падтэкст.
Тут і спрэчкі, што вядуць Масей і Парфён Вяршкоў, і каларытная гамана верамейкаўскіх кабет, і напружаныя дыялогі верамейкаўцаў з немцамі. Хаця… гэта ўжо не дыялогі. Там гаворка не паміж двума, гэта масавыя сцэны, якія маюць свой жанравы каларыт.
Прыгадаем хаця б, як верамейкаўцы чытаюць даносы Мікіты Драніцы, што выпадкова знайшлі ў гародзе вясковыя хлопцы. Якія рэплікі падаюць на тыя лісты верамейкаўцы!
«– Як той рашпіль, – пакруціў галавой Іван Падзерын і перадражніў Драніцу: – «К ся-му Ні-кіта Ля-я-ксеявіч…» Хто б падумаў?»
«Тады зарагатаў Раман Сёмачкін:
– Здаецца ж, як той сабака, ніколі бліноў не пёк, а цестам еў!
– А ты – рот нараспашку, – зрабіў дурнаваты твар Парфён Вяршкоў».
А як каларытна выпісаны лісты Драніцы – сумесь жывой народнай гаворкі і канцыляршчыны: «I тады… я прыгласіў таварыша Чубара Радзівона Антонавіча да сібя… Пілі мы самагонку, якую прынёс мне Хвядос з Дзяржыння, а таксама маскоўскую гарэлку, каторую бралі за свае грошы ў магазіне. Таварыш Чубар пры етым ругаў прысядаціля рыка таварыша Сілязнёва, крыцікаваў таксама таварыша Качуру, які прыязджаў учора ў Вірамейкі. Зацем таварыш Чубар сабраўся і паехаў у пасёлак Мамонаўку да сваёй палюбоўніцы Аграфены Азаравай, каторая пацірала мужа ў філянскую вайну. Учом і распісваюся. Нікіта Драніца».
Асобныя рэплікі. А як відаць досціп Рамана Сёмачкіна па адной толькі рэпліцы: «…як той сабака, ніколі бліноў не пёк, а цестам еў!» Ну, а ўжо Драніца, дык ва ўсім абліччы з даносу вырысоўваецца. Піша ж на чалавека, якому ўвесь час у рот глядзеў. Стараецца нічога не прапусціць – «грунтоўнасць»! I што гарэлку піў, і не забыўся напісаць «маскоўскую», і дзе бралі, і хто самагонку прынёс – можа каб адразу не падумалі, што сам гнаў.
А якая жывая, шматпланавая карціна – першы «візіт» немцаў у Верамейкі. Добра выпісаны сцэны «паломніцтва» жанчын у лагер ваеннапалонных, ды тая ж самая згаданая ўжо сцэна варажбы. Выпісаны са смакам, тут не проста этнаграфічныя падрабязнасці, а падкрэсліваецца трываласць добрых звычаяў, сялянскага побыту.
«У вёсцы на бабіны ходзяць з ахвотаю – жанчыны пякуць уранні прысмакі, загортваюць у палатняную ці каленкоравую намётку, каб потым ісці да парадзіхі.
У Марфы [Зазыбы] печ была ўжо выпалена сёння, і нічога асаблівага, што можна палічыць за вясковыя прысмакі, яна не гатавала. Таму прынесла з чуланчыка сырыя яйкі, паклала, палічыўшы ротам, у бяроставы кошык, падобны на польскую канфедэратку. Але гэтага было мала. Тады яна адчыніла ў сенцах кубел – запахла старым салам: на дне, пласт на пласт, ляжалі пажоўклыя кавалкі яшчэ ад мінулых каляд». Аўтар апіша, якога парсюка закалолі Зазыбы, і як Марфа «атрэсла соль» з кавалка сала, і як спяваюць салдаткі, і як вядуць гаворку пра вайну, пра сваіх мужыкоў-франтавікоў, пра жыццё-быццё.
Іван Чыгрынаў з асаблівай уважлівасцю ставіцца да слова ў раманах. Калі ў апавяданнях у яго можна было сустрэць такую мастацкі не прадуманую фразу, як «на душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша» («Самы шчаслівы чалавек»), дык у раманах вельмі строгая патрабавальнасць да слова. Можна, канечне, быць большым ці меншым прыхільнікам стылю раманаў Івана Чыгрынава, гэта справа іншая, але нельга адмовіць яму ў валоданні мастацкім словам, сталым, прафесійным валоданні.
Мне здаецца, па тых фрагментах, што ўжо прыводзіліся ў артыкуле, можна скласці ўяўленне пра стыль пісьма, пра мову яго кніг – сакавітую, важкую, з відавочнымі народнымі і фальклорнымі вытокамі. I хаця словы свае ён сыпле шырока, як сейбіт, раскідваючы іх, але ў прыгаршчы трапляе не абы-якое слова, а ўзважанае, нетаропка выбранае, патрэбнае.
I ў дыялогі, і ў аўтарскую мову, не шкадуючы, уводзіць пісьменнік квяцістае народнае слоўца: укоптарак, калываючыся, талопіла вочы, струнілі нагамі, саўгануў, коўраты, алялы, зачаўраны, аддудураны – усё гэта словы з пісьменніцкага слоўніка Чыгрынава.
Іван Чыгрынаў на тым узроўні сталасці, калі ўжо відзён на вялікую літаратуру разлічаны маштаб творчай асобы. I справа не толькі ў тым, што яго творы пайшлі далёка за межы Беларусі. Пісьменнік умее мысліць маштабна, з размахам, імкнецца пісаць па высокім сацыяльным і мастацкім рахунку, ставіць сваёй задачай спасцігнуць законы і стыхію жыцця аналітычнай, філасофскай думкай.
Т.І. Шамякіна
Тэма Вялікай Айчыннай вайны была і застаецца ў беларускай савецкай літаратуры адной, з самых важных і актуальных. У ёй сканцэнтрыраваны велізарны сацыяльны і этычны вопыт савецкага народа, іменна ёй абавязана наша літаратура самымі хвалюючымі сваімі старонкамі.
Айчынная вайна савецкага народа – тэма вялікага філасофскага і сацыяльнага гучання, глыбока асэнсаваць яе можна толькі з пазіцый сучаснасці.
Якія ж галоўныя тэндэнцыі можна прасачыць у распрацоўцы гэтай тэмы сучаснымі беларускімі пісьменнікамі?
Перш за ўсё літаратура, прысвечаная Вялікай вайне, стала шырэйшай па ахопу матэрыяла. Як пісаў І. Мележ: «…Нa вялікай карце вайны ўсё менш застаецца «белых плям». Ясна акрэслілася тэндэнцыя да сінтэзу, да паглыблення рэалізму, да асэнсавання ўнутраных заканамернасцей. Усё большы рух да філасофскай прозы з захаваннем усяго багацця пачуццяў, «эмацыяльнай стыхіі» (А. Адамовіч). Галоўны аспект сучаснай ваеннай прозы – аспект маральна-этычны: сутыкненні дабра і зла, страх і мужнасць, душэўнае багацце. І бездухоўнасць, патрабавальнасць да сябе і да другіх. Героіка цяжкай барацьбы знаходзіцца ў цэнтры ўвагі літаратуры.
Наша літаратура паказвае эпапею барацьбы ва ўсёй яе велізарнасці, драматычнасці, вучыць шанаваць і берагчы мір, жыццё, чалавека.
Усе гэтыя тэндэнцыі ў поўнай меры можна аднесці да творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення, у першую чаргу да І. Чыгрынава, І. Пташнікава, М. Стральцова.
Пісьменнікі гэтыя зараз увайшлі ў пару сваёй літаратурнай сталасці. Прыкладна аднолькавыя ўмовы іх фарміравання – дзяцінства, перарванае вайной, шматлікія, складаныя, часам супярэчлівыя фактары пасляваеннай гісторыі. Яднае іх і асноўны пафас творчасці – услаўленне подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне, даследванне маральных каштоўнасцей нашага грамадства.
Аднак, нягледзячы на асноўны пафас творчасці і падабенства біяграфій, – пісьменнікі гэтыя вельмі розныя па стылю, творчай манеры.
М. Стральцоў – лірык па характару свайго талента. Як лірык Стральцоў у многім інакш, чым пісьменнік эпічнага складу, даследуе жыццё, яго творам уласцівы глыбокі падтэкст, інтэнсіўная інтэлектуальна-эмацыянальная плынь, своеасаблівая структурнасць.
У пошуках высокай духоўнасці пісьменнік звяртаецца да «вытокаў», да народа. У гэтым плане адна з лепшых у творчасці М. Стральцова – аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь», пранікнёнае апавяданне пра чалавечую дабрату, пра духоўныя багацці, закладзеныя ў простым чалавеку. Не стрымаць пісьменніку болю за цяжкасці чалавечага жыцця, за пакуты, выкліканыя вайной. Асноўная тэма аповесці – цяжкі лёс дзяцей, пазбаўленых дзяцінства з-за вайны. Тым больш важнай становіцца ў гэтых умовах чалавечая дабрата, усё тое, што застаецца ў народзе вечным і нязменным, нягледзячы на пакуты і страты.
Нягледзячы на невялікі памер, аповесць дае аб’ектыўны малюнак пасляваеннай рэчаіснасці, жыцця беларускай, толькі што вызваленай з-пад акупацыі, вёскі. Але ўнутраная структура аповесці вельмі складаная, што абумоўлена неабходнасцю ўвасаблення логікі лірычнага пачуцця, лірычнага пафасу аўтара.
Стральцова і Пташнікава яднае цікавасць да маральн-аэтычных праблем, імкненне сцвердзіць спрадвечныя маральныя каштоўнасці, паказаць велізарныя духоўныя сілы народа і асобнага чалавека. Аднак стылі іх вельмі розныя, у іх аб’ектыўнае і суб’ектыўнае па-рознаму ўзаемадзейнічаюць, суб’ектыўнае па-рознаму ўваходзіць у аб’ектыўны змест вобраза.
Пташнікава і Чыгрынава яднае арганічнае зліццё духоўных драм, трагічнасці перажыванняў людзей з аб’ектыўнай карцінай вайны. Такое з’яднанне эпічнасці і псіхалагічнага драматызму з’яўляецца значным дасягненнем беларускай прозы аб вайне. Наватарскія пошукі гэтых пісьменнікаў у многім звязаны з новым успрыняццем імі вопыту К. Чорнага. Цікавасць да Чорнага была выклікана неабходнасцю асэнсаваць вайну не з панарамнага боку, што зрабілі ўжо пісьменнікі папярэдняга пакалення, а з пункту гледжання маральных шуканняў. Этычныя пошукі К. Чорнага імпаніравалі таму душэўнаму стану, з якім другое пасляваеннае пакаленне беларускіх пісьменнікаў пісала аб сваім ваенным дзяцінстве.
Аповесць «Тартак» І. Пташнікава – самы трагічны, але па-сапраўднаму глыбокі і праўдзівы твор пісьменніка. Адна з нямногіх у беларускай літаратуры, аповесць паказвае вайну як бы знутры, не ў баявых эпізодах, не ў аперацыях партызан, а ў будзёным і драматычным жыцці мірнага насельніцтва ва ўмовах акупацыі. Нягледзячы на трагічны вынік – смерць большасці герояў – у аповесці сцвярджаецца неадольнасць жыцця. Таму скрупулёзная канкрэтнасць у абрысоўцы рэалій, што акружаюць чалавека, і ў саміх чалавечых думках і перажываннях, мае тут прынцыповае значэнне. У аповесці і прырода, наогул усё жывое парушана вайной, кожная дэталь, дробязь шматсэнсавая: быццам крычыць пра паруганае жыццё і ў той жа час сцвярджае яго.
Усё грамадскае жыццё складаецца з падзей большага ці меншага маштабу, і нават нязначныя на першы погляд факты выяўляюць характар тых ці іншых грамадскіх зрухаў. У апошнім творы І. Пташнікава – «Найдорф» значныя падзеі лета І944 года – прарыў партызанскай брыгадай блакады вакол возера Палік, вызваленне гэтай мясцовасці рэгулярнымі войскамі Савецкай Арміі – не з’яўляюцца непасрэдным аб’ектам адлюстравання, знаходзяцца быццам за кадрам, хоць і вызначаюць канфліктнасць твора. Як заўсёды ў пісьменніка – у цэнтры твора – самыя простыя людзі ў час цяжкіх выпрабаванняў. І ў даным выпадку справа не ў маштабах, а ў аўтарскай канцэпцыі, ва ўменні ўлавіць сацыяльны сэнс факта, паказаць, як у барацьбе з абставінамі ідзе выпрабаванне кожнага чалавека паасобку. Аповесць «Найдорф», як і іншыя творы пісьменніка, выяўляе маральны дух народа ў адзін з паваротных момантаў вялікай гістарычнай драмы. Пафас твора – у даследаванні, у сцвярджэнні ідэйных вытокаў нашай перамогі. Вартасць аповесці – у бескампраміснай жыццёвай праўдзе, дзякуючы якой «Найдорф», як і «Тартак», становіцца хвалюючым дакументам тых незабыўных дзён. Па сутнасці перад намі хроніка – хроніка першых пасля вызвалення дзён у беларускай вёсцы. Апошні бой партызан, прарыў блакады – пралог гэтай хронікі, вельмі ўмяшчальны па драматычнаму матэрыялу. Эпілог яе – смерць галоўных герояў Яхрома Жаваранкі і Алёшы. Але ўся мастацкая сістэма аповесці зноў-такі жыццесцвярджальная: застаецца жыць вёска, дзеці, жанчыны. Народ.
Не маштабнасць адлюстравання падзей, а бытавыя падрабязнасці, шматлікія дэталі асяроддзя, як і псіхалагічныя дэталі, прыводзяць пісьменніка да глыбокага раскрыцця чалавека, а праз яго – і душы народа, лепш, чым публіцыстычныя адступленні, перадаюць маштаб людскіх пакут і гераізма.
Ваенная тэма вызначыла і творчае развіццё І. Чыгрынава. У яго, як і ў яго равеснікаў-пісьменнікаў, вайна, памяць аб вайне з’явіліся ў многім галоўнай умовай грамадзянскага станаўлення.
Проза Чыгрынава вельмі рэалістычная, уся на дакладнай, аб’ектыўнай прадметнасці. У адрозненне ад Пташнікава і Стральцова, творы якіх яднае перавес маральна-этычнага зместу характараў, Чыгрынаў паказвае больш, так сказаць, сацыяльнага чалавека, у адзінстве яго грамадзянскіх і маральных якасцей.
Час, калі пісаўся раман Чыгрынава «Плач перапёлкі», быў часам падвядзення вынікаў і ў гісторыка-сацыяльным, і ў мастацкім плане. У савецкай літаратуры наогул і ў беларускай, у прыватнасці, узрасла тэндэнцыя да сінтэзу, што прывяло да паглыблення мастацкага бачання, да стварэння філасофскіх канцэпцый рэчаіснасці.
У творах на ваенную тэму важнейшым становіцца ў наш час прычынна-выніковае і этычнае асэнсаванне падзей, што мы і бачым у дылогіі І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві». Тут пісьменнік імкнецца спалучыць экскурсы ў душу кожнага свайго героя з сацыяльным даследваннем, з агульнай карцінай жыцця народа, магутныя сілы і вялікія патэнцыяльныя магчымасці якога ў выхаванні кожнага асобнага чалавека праходзяць выпрабаванне іменна ў час вайны. У сваіх творах пісьменнік па-мастацку ўвасобіў пэўную канцэпцыю гістарычнага працэсу, яго хвалюе неўміручасць сацыялістычных заваёў, перадача эстафеты гуманістычных ідэалаў з мірнага ў ваеннае жыццё, вытокі народнага подзвігу.
Галоўныя героі дылогіі – Зазыба і Чубар – імкнуцца да барацьбы, але арганізацыя яе – цяжкая справа. Зазыбу хвалюе лёс землякоў, ён увесь час у роздуму, імкнучыся як след асэнсаваць абстаноўку, каб дзейнічаць адпаведна. «Ужыванне» Зазыбы ў новую абстаноўку адбываецца на працягу ўсяго рамана. У выніку вобраз гэты аказваецца вельмі шматгранным, самым яркім і цікавым у дылогіі. Мудрасць Зазыбы яшча больш падкрэслівае прамалінейнасць Чубара, але вайна змяняе і гэтага чалавека.
Наша літаратура аб вайне – актыўны выхавацель сучасных і будучых пакаленняў, яна была і застаецца школай мужнасці, гераізму, савецкага патрыятызму. Сумленны твор пра вайну – заўсёды страсны прызыў да міру.
В июне сорок первого года Ивану Чигринову было неполных семь лет. И тем не менее он знает о Великой Отечественной войне не по книгам, не понаслышке, а по собственному, личному опыту. Все это запомнилось навсегда: усталые, измученные лица отступающих красноармейцев, наглая самоуверенность завоевателей, появившихся на улицах родной деревни Великий Бор, грабежи, голод, светлый праздник освобождения.
Запомнилось – и на долгие годы стало содержанием творчества писателя.
Подавляющее большинство рассказов Чигринова – а они стали печататься в белорусских газетах и журналах с начала шестидесятых годов – прямо или косвенно связано с войной. Их пафос – суд памяти, боль памяти, их герои – вчерашние фронтовики и народные мстители, прошедшие через кошмар оккупационного ада женщины и дети.
Из этой же страны детства идет и сыновняя преданность писателя деревне. Той белорусской деревне, которая обессмертила себя подвигами десятков Хатыней, которая, отрывая от себя последнее, кормила партизан, спасала раненых. Той деревне, которая после войны осталась почти без мужчин, получала на трудодни граммы и копейки – и все-таки возрождалась, отстраивалась на месте недавних пепелищ. Не случайно многих персонажей Чигринова мы встречаем именно на пути домой, в родные села. Одних влечет сюда чувство долга, других – тоска по близким, третьих – память о прошлом. И каждое такое возвращение – это и своеобразное подведение жизненных итогов, и отчет перед людьми, перед своей совестью, и нравственная самопроверка.
С первых же своих произведений Чигринов предстал как художник отчетливо выраженного эпического склада. Даже там, где он говорит от первого лица, он выступает в роли не исповедующегося, а исповедника, слушателя, очевидца. Оттого и опирается он на приемы не столько внутреннего монолога, сколько традиционного объективизированного письма.
В полную силу особенности таланта писателя проявились в его дилогии «Плач перепелки» (1970) и «Оправдание крови» (1976). Дилогии, ставшей на сегодня главной книгой белорусского прозаика, книгой, которую он не мог не написать. Ибо они и о войне, и о деревне.
Характерные для новеллистики И. Чигринова мотивы дороги и дома насквозь пронизывают оба его романа. Дом – это, конечно же, Веремейки. Небольшая, затерянная среди лесов белорусская деревня. Родная земля. Полюс притяжения и средоточие помыслов героев. Ну, а дороги, они перерезают пространство повествования в самых разнообразных направлениях. Дороги – это и передвижение сражающихся войск, и странствия председателя колхоза Родиона Чубаря, и тайные тропы учителя Мурача, Масея, диверсионной группы Шпакевича.
Дороги у Чигринова – антитеза оставшемуся позади стабильному довоенному быту. Соединяя деревню с необъятным, бескрайним миром, они то грозят бедой, то сулят надежду.
Роман «Плач перепелки» построен на строгом чередовании глав, посвященных председателю колхоза Чубарю и его заместителю Зазыбе. Первого мы видим в пути, в блужданиях по лесам и проселкам, второй почти неотлучно находится в Веремейках. Такая композиция позволила автору «ввести съемку» с разных точек, непрерывно сопоставлять впечатления и выводы героев.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3
Павел Дзюбайла
На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларускі раман быў вельмі трывала звязаны з народным, асабліва вясковым жыццём. Найбольш значныя ідэйна-мастацкія здабыткі меў іменна сацыяльна-бытавы раман (Я. Колас, М. Зарэцкі, К. Чорны, I. Мележ). Гэтая магістральная лінія ў развіцці нашага рамана паспяхова працягваецца і сёння.
Гэта не азначае, што беларускі раман застаўся ў баку ад новых тэндэнцый і заканамернасцей у развіцці сучаснай усесаюзнай і сусветнай літаратуры. Рух жанравых форм адбываецца і ў беларускай літаратуры. Прыкметны ён і ў развіцці сучаснага рамана. Больш смела і арганічна звяртаецца раман да карэнных пытанняў народнага жыцця, да паказу сувязі розных этапаў у гісторыі народа, сувязі розных часоў, выпрабоўваюцца самыя разнастайныя формы псіхалагічнага аналізу, унутранага маналогу. Многія творы будуюцца на вострых драматычных сутыкненнях, на «сшибке» характараў. Так што пры ўсім сваім традыцыяналізме беларускі раман сёння – у дарозе, у наватарскіх пошуках сапраўды мастацкага ўвасаблення лёсу чалавечага і лёсу народнага.
У апошні час у беларускай раманістыцы акрэсліліся дзве тэндэнцыі, дзве лініі развіцця – раман аб’ектыўна-аналітычны і раман з выразна суб’ектыўным, філасофскім пачаткам. Галоўнае ў аб’ектыўна-аналітычным рамане – аб’ектывізаванае, канкрэтна-гістарычнае адлюстраванне жыцця ў яго рэальнай паўнаводнай плыні. На першы план як бы выступае пазнавальны бок, маляўнічасць, дэталёвасць, канкрэтнасць і дакладнасць у паказе жыцця. У рамане ж з выразна суб’ектыўным, філасофскім пачаткам побач з канкрэтна-гістарычным, праўдзівым адлюстраваннем жыцця не менш важным становіцца яго суб’ектыўнае асэнсаванне, асэнсаванне перш за ўсё героямі рамана, выяўленне іх розных поглядаў на хаду падзей. Шматлікія спрэчкі, «дыскусіі», развагі герояў становяцца важнейшай формай паліфанічнага развіцця цэнтральнай ідэі твора, аўтарскай канцэпцыі жыцця. Можна прыгадаць тут творы не толькі беларускай, але і рускай, украінскай, літоўскай літаратур («Салёная Упадзіна», «Камісія» С. Залыгіна, «Бераг» Ю. Бондарава, «Страчаны кут» Й. Авіжуса, «Цыклон» А. Ганчара, «Завеі, снежань» I. Мележа, «Апраўданне крыві» I. Чыгрынава і інш.).
У адным з інтэрв’ю Ю. Бондараў гаварыў: «Мне здаецца, даўно ў літаратуры настала пара паяднання дзвюх мастацкіх дыктатур – вобраза і інтэлекту. Літаратура, якая толькі «малюе», на мой погляд, страчвае сваё значэнне. Здольнасць і ўменне намаляваць што-небудзь яшчэ не робяць пісьменніка мастаком. Бо мастак – заўсёды мысліцель, які добра ўсведамляе тое, у імя чаго напісана тая або іншая навела, сцэна, раздзел у рамане. Адпаведнасць вобраза і інтэлекту – гэта і ёсць асэнсаванне рэчаіснасці, асэнсаванне мінулага і сучаснага».
Найбольш выразна тэндэнцыі развіцця сучаснага рамана выявіліся ў раманах В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» і В. Каваленкі «Падвышанае неба» на матэрыяле жыцця былой Заходняй Беларусі і ў раманах П. Місько «Мора Герадота» і I. Чыгрынава «Апраўданне крыві» на матэрыяле Вялікай Айчыннай вайны.
Вядома, такі падзел раманаў у значнай ступені ўмоўны. Раманы I. Чыгрынава, В. Каваленкі таксама моцныя сваёй рэалістычнасцю, аналітызмам, канкрэтыкай. А калі гаварыць, напрыклад, аб раманах I. Мележа, то можна сказаць, што дзве гэтыя лініі ў іх арганічна сінтэзуюцца. Гэта яскрава выяўляецца і ў апошнім, незавершаным рамане «Завеі, снежань».
Як сведчаць гісторыя літаратуры і шматлікія выказванні пісьменнікаў, раман патрабуе значнай філасофскай сучаснай ідэі, арыгінальнай канцэпцыі жыцця. Аб гэтым добра, хоць можа і залішне катэгарычна, сказаў М. Прышвін: «Раманаў такіх, калі толькі ў іх з самага пачатку не ўплецена што-небудзь філасофскае, для чаго, уласна кажучы, рухаецца, скрыпіць і пішчыць разбіты воз, – такіх раманаў ужо не можа быць». Або вось яшчэ выказванне Л. Якіменкі: «Думка, уяўленне, асабісты вопыт – крылы мастацтва. Раман без арыгінальнай агульнай ідэі, без разгляду чалавека зблізку ва ўсіх яго магчымасцях перастае быць раманам».
Сапраўды, значная сучасная ідэя, арыгінальны індывідуальны погляд пісьменніка на жыццё і чалавека ў іх узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці асабліва неабходныя для рамана. Не ўлічваць патрабаванні і магчымасці жанру – значыць свядома ісці на зніжэнне ідэйна-мастацкіх крытэрыяў.
***
Адлюстраванне і ўзнаўленне сучаснасці ў рамане адкрывае найбольшыя магчымасці для пісьменніка ў раскрыцці значнай аўтарскай канцэпцыі, філасофіі жыцця. Аднак на практыцы часта атрымліваецца адваротнае: творы пра сучаснасць вельмі моцна прывязаны да жыццёвай канкрэтыкі, да надзённых сацыяльных, эканамічных праблем, ім больш уласцівы аналітызм, чым сінтэтычнасць і філасафічнасць. Пісьменнік, як чалавек свайго часу, не заўсёды здольны паглядзець на жыццё не толькі зблізку, але і з адлегласці, каб убачыць не толькі мікрасвет, шматлікія дэталі, але і макрасвет, агульны малюнак, агульны абрыс жыцця, перспектыву яго развіцця, каб праз жыццёва-канкрэтнае, бытавое, нават утылітарнае дайсці да агульнанароднага, агульначалавечага. У пісьменніка, які звяртаецца да гістарычнай тэмы, свае цяжкасці – недастатковае веданне і адчуванне вось гэтых падрабязнасцей жыцця, усіх тонкасцей псіхалогіі чалавека таго або іншага часу. Таму нават шырокія філасофскія абагульненні ў многіх творах на гістарычную тэму не заўсёды маюць трывалы жыццёвы грунт. А сапраўдная рэалістычная літаратура вырастала і вырастае на жыццёвай першааснове. Другаснасць матэрыялу, як правіла, прыводзіла і прыводзіць пісьменнікаў да літаратуршчыны і павярхоўнай белетрыстыкі.
I ўсё ж, ідучы па гарачых слядах сучаснасці, савецкія пісьменнікі, страсна зацікаўленыя ў пастаноўцы і вырашэнні многіх канкрэтных сацыяльных і эканамічных праблем, трывала звязаныя з жыццёвай першаасновай, імкнуцца ўбачыць, выявіць і паказаць праз штодзённае тое галоўнае, што важна не толькі для нашых сучаснікаў, а і для будучых пакаленняў, для ўсяго чалавецтва.
Арганічна і трывала звязана з надзённымі праблемамі сучаснасці творчасць I. Шамякіна. Прыгадаем яго творы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы». Раман «Атланты і карыятыды» таксама моцна звязаны з канкрэтнымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі горадабудаўніцтва. Аднак праз вытворчыя канфлікты пісьменнік выходзіць у маральную сферу, сферу чалавечых узаемаадносін. «У цэнтры гэтага твора, які можна вызначыць як раман-спрэчку, – галоўны архітэктар горада Максім Карнач, чалавек таленавіты, чалавек дзеяння. Яго ўзаемаадносіны з кіраўнікамі горада, са шматлікімі таварышамі па працы, яго сямейныя непаладкі дазваляюць аўтару распачаць вострую спрэчку пра сучаснага чалавека наогул, пра маральныя ўстоі савецкага ладу жыцця, пра самыя складаныя праблемы дня і веку».
Карнач мысліць шырока, глядзіць далёка ў будучыню. Турботы аб людзях, аб тым, як яны жывуць сёння і як будуць жыць заўтра, – галоўнае для яго. Вось гэты глыбока гуманістычны, агульнанародны падыход да вырашэння спраў і выяўляецца ва ўсёй дзейнасці героя.
Так праз штодзённыя, здавалася б, чыста вытворчыя справы «прарастаюць» думкі і ідэі вялікай важнасці і вялікага значэння.
Твор набывае сапраўды раманную важкасць у канцэптуальнай пастаноўцы і вырашэнні агульназначных праблем сучаснасці.
На першы погляд, толькі што апублікаваны раман В. Карамазава «Пушча» таксама вельмі моцна звязаны з практычнымі праблемамі лесапарадкавання, з праблемамі паляпшэння работы лясніцтваў і леспрамгасаў. Аднак гэта толькі на першы погляд. Бо твор В. Карамазава ўздымае вельмі важныя, востра надзённыя пытанні жыцця чалавека, яго складаных узаемаадносін з прыродай, з тым жывёльным і раслінным светам, які вакол яго і без якога ён таксама не можа нармальна жыць. Праз адносіны чалавека да гэтага свету выяўляецца яго ідэйна-маральная сутнасць, яго духоўнасць або бездухоўнасць. З аднаго боку, сапраўдная чалавечнасць, любасць да прыроды, да ўсяго жывога ляснічага Валошкі, лесніка Курнопы, будучага лесапарадчыка, таксатара Андрэя, дзеда Гароха, з другога – утылітарызм, прагматызм, жорсткасць дырэктара лясгаса Зімаўца, лесніка Рысева і іншых.
Так, сучасныя, надзённыя праблемы нярэдка даюць магчымасць пісьменнікам узняцца да значных абагульненняў, выявіць праз штодзённае, канкрэтнае, агульназначнае, вельмі важнае для людзей.
***
Сёння назат раман аб мінулым, раман аб Вялікай Айчыннай вайне не ўспрымаецца як высокамастацкі твор, калі ён пазбаўлены сувязі з сучаснасцю, калі падзеі не азораны сучасным роздумам, калі адсутнічае важная і для сучаснасці ідэйна-маральная праблематыка.
У В. Быкава (аповесць «Сотнікаў», напрыклад) – гэта не столькі бытапісанне вайны, колькі даследаванне духоўных магчымасцей савецкага чалавека, наогул магчымасцей чалавечай асобы, яе ідэйна-маральнага патэнцыялу. Вайна падсвечваецца сучаснасцю і, наадварот, сучаснасць (у творах пра наш час) – вайной. Адзін перыяд у жыцці народа вывяраецца другім.
В. Коўскі лічыць, што «канкрэтна-гістарычнае ўзнаўленне падзей ваеннага часу і ў савецкай шматнацыянальнай літаратуры, і ў літаратурах еўрапейскіх сацыялістычных краін усё больш відавочна страчвае мастацкую самамэтнасць, набывае новыя эстэтычныя і ідэалагічныя функцыі». Аб гэтым сведчаць творы В. Быкава, А. Адамовіча, П. Куусберга, В. Астаф’ева, В. Распуціна і інш. «Канечне, «маралізацыя», «філасафізацыя», псіхалагізацыя гістарычнага матэрыялу, звязанага з вайной, зварот да яго як да невычэрпнай крыніцы ўсякага роду «парогавых» сітуацый і г. д.– прыкметы, уласцівыя сёння ўсяму сусветнаму мастацтву, у тым ліку і буржуазнаму».
Аднак галоўнае ў тым, для чаго, для якіх ідэйна-мастацкіх мэт праводзіцца гэтая псіхалагізацыя, філасафізацыя, якія ідэі, які погляд на чалавека прапагандуе літаратура – актыўны, глыбока гуманістычны ці сузіральна-пасіўны, поўны скепсісу, расчаравання і нявер’я ў чалавека, характэрны для буржуазнай літаратуры?
Раман П. Місько «Мора Герадота» моцны сваёй праўдзівасцю, вострым драматызмам у паказе партызанскай барацьбы. Ён, па сутнасці, нагадвае драму ў форме рамана. Праўда, знешняе, падзейнае, драматычнае часам адцясняе псіхалагічнае, адчуваецца недастатковасць асэнсавання (і аўтарам, і героямі) гэтага драматызму.
Драматызм рамана вынікае з самой задумы – паказаць людзей у жорсткіх абставінах вайны, людзей, якія не скараюцца, а вядуць гераічную барацьбу з заклятым ворагам. Партызанская ўсенародная барацьба, блакады, сотні Хатыняў… Гэта героіка і трагедыя народа. I тут без паказу драматычных і трагічных сітуацый не абысціся. Вядома, ва ўсім павінны быць мастацкая абумоўленасць, мэтазгоднасць, пачуццё меры. I гэтая мера ёсць і ў «Хатынскай аповесці» А. Адамовіча, і ў аповесцях «Тартак», «Найдорф» I. Пташнікава, «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі, «Суд у Слабадзе» В. Казько, хаця там нямала жудасных сцэн і сітуацый. Ёсць свая мера драматызму, трагізму і ў рамане П. Місько. Сапраўды, некаторыя сцэны ўспрымаюцца чытачом балюча, аднак гэтая «жорсткасць» пісьменніка абумоўлена святой памяццю пра незлічоныя ахвяры вайны, высокім гуманізмам і баявым антымілітарызмам. З усёй блакады пісьменнік выбраў некалькі трагічных сцэн, каб паказаць сапраўднае аблічча фашысцкіх заваёўнікаў, намаляваць трагедыю мірнага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі. Гэта, напрыклад, падпал трысця на балоце, дзе хавалася мірнае насельніцтва, старыя і малыя. «Трэск, ненажэрны гул агню, прарэзлівы, шматгалосы лямант: «А-а-а-а-а!!!» Стылі ад такой жудасці сэрцы. Здавалася, што гэта і ёсць той біблейскі канец свету…» I яшчэ два прыклады: «Аўчарка адолела паплавец у некалькі скачкоў, крутнула на двор, за хлеў, куды пабег і хлапчук… I ўсе пачулі кароткі, поўны жудасці ўскрык-усхліп, гырчэнне сабакі…»; «Адхіляючы галовы ад гарачыні, двое чорных карнікаў панеслі за рукі, за ногі малога, выкінутага з машыны, падбіраліся да агню бліжэй і бліжэй, каб можна было разгойдаць і кінуць. Дзіця не крычала, не вырывалася, мусіць, было ўжо мёртвае…»
Як бачым, пісьменнік вельмі лаканічна, без асаблівых падрабязнасцей, стрымана, з пачуццём меры дае апісанне жудасных эпізодаў.
Лаканізм і дакладнасць характэрныя і для ваенных сцэн. Гэта суровы рэалізм. Вось адзін з баёў у пачатку вайны: «Дыбаром уставала зямля, падымаліся калахматыя, у агні і чарнаце, сырыя сцены чарназёму, ападалі, хаваючы пад сабою ўсё жывое. Пачварная сіла то гушкала, шпурляла, адрывала ад долу, то біла ўсёй планетай у грудзі, хоць, здаецца, упіваўся ў яе кіпцямі да крыві, і зноў уздымала, зноў убівала ў гразь…
Бамбёжка – артналёт… Бамбёжка – артналёт…
А потым пайшлі танкі…
Леглі на тым аўсяным пагорку ўсе з яго ўзвода. Да аднаго!..
I бачыў Мікульскі ў тую крывавую раніцу чалавечы адчай – ляцеў адзін з шабляю на кані ў бок танкаў, пакуль не зрэзала чарга з кулямёта… Бачыў, як паднёс да скроні пісталет маладзенькі лейтэнант з адным «кубаром» у пятліцы…
I бачыў мужнасць».
З такіх балюча рэальных сцэн і складваецца драматызм рамана, праўда тых векапомных грозных гадоў. Пісьменнік разумеў, што павінна быць пачуццё меры ў драматызацыі падзей. Ён імкнуўся нейкім чынам «разрадзіць» атмасферу, уводзячы гумар, бытавыя сцэны. Праўда, П. Місько не заўсёды ўдаецца арганічна паказаць драматычнае і гумарыстычнае праз псіхалагічнае, паказаць цэласна ўнутраны душэўны рух герояў.
У цэнтры рамана – камісар партызанскага атрада Мікульскі і санінструктар Анюта. Пасля «канцэрта» на чыгунцы ледзь жывога, цяжка параненага і кантужанага камісара Анюта імкнецца даставіць у лагер. Гэта быў шлях пакут і героікі. Камісар за гэтыя два дні на яве і ў час трызненняў перажыў зноўку ўсю вайну: першыя баі, палон, уцёкі, дарогу на ўсход, знаходжанне ў партызанах. На невялікай раманнай прасторы, на кароткім прамежку раманнага часу скандэнсаваны вялікі жыццёвы матэрыял. Праўда, месцамі кандэнсуецца ён не зусім удала, не заўсёды псіхалагічна апраўданы залішне частыя пераходы да экскурсаў, зварот да мінулага, да ўспамінаў.
Думаецца, што вобраз Мікульскага ў рамане недастаткова праяснены псіхалагічна. Характар яго трохі просталінейны. Выпрабаванне чалавека на стойкасць, на здольнасць у любых умовах не скарацца абставінам, перамагчы іх было б больш пераканальным тады, калі б герой імкнуўся сам для сябе асэнсаваць, у імя чаго яго стойкасць і пакуты. Без такога самаўсведамлення, без глыбокага асэнсавання свайго становішча страчваюцца суперажыванне і давер чытача. Тут можна ў якасці прыкладу прыгадаць аповесці В. Быкава «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Яго батальён», дзе так востра і псіхалагічна глыбока пастаўлена праблема жыццёвага выбару, дзе добра ўсведамляецца (і аўтарам, і самім героем) сэнс пакут і гераічнай самаахвярнасці.
У рамане П. Місько адчуваецца ў большасці выпадкаў сучасны погляд на падзеі таго часу, у творы пастаўлены некоторыя важныя грамадскія праблемы.
Для прыкладу прыгадаем разважанні аб цане чалавечага жыцця, аб праве камандзіра пасылаць людзей на смерць. Вось спрэчка камандзіра партызанскага атрада Прымака і камісара Мікульскага:
«– Не думай, што я спакойны. Але трэба выпрацоўваць у сабе зацятасць… Не, не зацятасць, я не тое хацеў сказаць. Мужнасць браць у адказныя моманты жыццё і смерць людзей у свае рукі. Часам зараней ведаеш, што нямала паляжа, а пасылаеш… Заведама пасылаеш на смерць! Калі ты сябе не пераламаў на гэта, значыць, не дарос да камандзіра.
– Ты разважаеш, як Канькоў. Прызванне камандзіра – так распарадзіцца, каб найбольшыя мэты былі дасягнуты цаною найменшых ахвяр.
– I я за гэта! Мы проста гаворым пра розныя рэчы.
– А я не магу так… Мне будуць сніцца хлопцы да канца жыцця…»
Цікавыя разважанні таксама аб тым, як будуць пасля вайны пісацца кнігі пра вайну, асабліва мемуарная, дакументальная літаратура.
У рамане П. Місько ёсць выхад да актуальнай ідэйна-маральнай праблематыкі, ёсць праўда і драматызм вайны, хаця, трэба прызнаць, раман напісаны няроўна, раманныя прынцыпы не праведзены паслядоўна.
Паглядзім з тых жа пазіцый на раман А. Савіцкага «Верай і праўдай».
Раман напісаны ў публіцыстычным ключы. Вядома, ёсць розная публіцыстычнасць. Публіцыстычная шмат у чым і «Хатынская аповесць» А. Адамовіча. Але там страсны, адкрыты голас аўтара гаворыць аб надзённых вострых праблемах дня, там гучыць антымілітарысцкае, антыфашысцкае слова, гучыць заклік не забываць горкі вопыт мінулага. Там публіцыстычнае і псіхалагічнае, па сутнасці, зліваюцца, узбагачаючы адно другое. Публіцыстычнасць жа ў рамане А. Савіцкага і па зместу, і па форме адпавядае настрою часоў вайны. Такое ўражанне, што раман напісаны даўно. У ім не адчуваюцца багатыя традыцыі нашай літаратуры. Сёння не трэба пераконваць чытача, што мы пераможам. Вядома, мы не за тое, каб мадэрнізаваць вобраз героя 1941 года, асучасніваць яго. Людзі тады сапраўды жылі трывогамі, пра якія піша А. Савіцкі. Але ж іх думкі і перажыванні ў мастацкім творы нельга перадаваць у форме лозунгаў і заклікаў. Вось, напрыклад, як перадаюцца развагі камандзіра партызанскага атрада Захара: «Будзе, будзе і на нашай вуліцы свята! Бо калі не верыць у гэта, дык навошта жыць!.. Навошта жыць, калі не будзе Перамогі? У імя гэтага, у імя вялікай Перамогі можна паміраць!.. Ты, значыцца, гатовы на гэта? Так, гатовы». Усё тут правільна, але ж гэта ўнутраны маналог героя, а не яго прамова з трыбуны. Сапраўдныя патрыёты (прыгадаем хоць бы герояў В. Быкава) ніколі не станавіліся ў позу, не стукалі кулакамі ў грудзі, яны рабілі сваю справу, без гучных слоў ішлі на гераічныя ўчынкі і, калі трэба было, на смерць, бо ўнутрана, душэўна адчувалі свой абавязак перад народам і Радзімай, бо інакш не маглі.
У рамане «Верай і праўдай» не адчуваецца пазіцыя аўтара, чалавека 70-х гадоў, яго погляд на падзеі 1941 года, не выяўляюцца яго адносіны да герояў. Па сутнасці, тут няма праблемнай сучаснай раманнай аўтарскай канцэпцыі.
Нельга пагадзіцца з вывадамі У. Юрэвіча, які лічыць, што «раман «Верай і праўдай» знаходзіцца ў рэчышчы сённяшняй прозы, якая даследуе ідэйныя і маральныя вытокі гераізму», што «пісьменнік імкнецца раскрыць псіхалогію подзвігу, багацце душы воіна». У. Юрэвіч піша, што «было б няўвагай і непавагай заявіць, што А. Савіцкі не пайшоў далей традыцыйнага, не патурбаваўся паказаць «сваю» вайну, не адкрыў нічога новага з пазіцый сённяшняга светаўспрымання, з улікам мастацкага вопыту, набытага савецкай літаратурай больш чым за тры дзесяцігоддзі».
Так, у рамане ёсць праўдзівыя сцэны, асабліва з пачатку вайны, месцамі ёсць сапраўдны драматызм. I ўсё ж гэты раман «спазніўся» гадоў на дваццаць, не менш. Ён быў бы сапраўды своечасовы, калі б з’явіўся разам з такімі творамі, як «Глыбокая плынь» I. Шамякіна, «Згуртаванасць» М. Ткачова і г. д. Наогул, можна прывесці блізкія аналогіі з раманаў I. Шамякіна і А. Савіцкага. Паказаць разгортванне ўсенароднага змагання супраць ворага на лёсе адной сям’і (Карп Маеўскі, Елісей Крупеня), паказаць няскоранасць і моц простага чалавека – удзячная мастацкая задача. Аднак сучаснага, глыбока псіхалагічнага ўвасаблення такой задумы ў рамане А. Савіцкага не адбылося. Твор гэты значна прайграе нават у параўнанні з раманам I. Шамякіна, напісаным яшчэ ў 40-х гадах маладым тады празаікам.
У рамане В. Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» драматызм вайны ўзнаўляецца ў памяці герояў, узнаўляецца вельмі востра і адчувальна. Контр-адмірал Клімоўскі са сваёй сястрой Веранікай Васільеўнай на Дзень Ваенна-Марскога Флоту прыязджаюць туды, дзе ваяваў Клімоўскі, дзе загінуў яго адзіны пляменнік – сын Веранікі Васільеўны.
Па сутнасці, раман пра сучаснасць стаў творам пра Вялікую Айчынную вайну, пра вайну на моры, на Поўначы, творам, які пашырае ідэйна-тэматычныя далягляды сучаснай беларускай раманістыкі.
Высадка марскога дэсанта на чале са старшым лейтэнантам Горкіным, гераічныя дзеянні маракоў – асноўная сюжэтная лінія рамана. З васемнаццаці застаўся ў жывых адзін матрос, цяпер капітан першага рангу Матвейцаў. I не вінаваты ён у тым, што ўсе загінулі, а ён застаўся жыць. I ўсё ж, усё ж… Ніякавата адчувае сябе Матвейцаў, калі даводзіцца расказваць Вераніцы Васільеўне пра смерць яе сына, а яго былога сябра Вадзіма Кавалерыча.
«А як бы яны глядзелі і што сказалі б яму, калі б сапраўды вось так сталі перад ім жывым строем? Сказалі б тое, што і павінны сказаць яму: «Ты застаўся жывым не таму, што быў лепшы за нас. Проста так распарадзіўся лёс. I ты павінен быў увесь час не забываць пра гэта і жыць, і рабіць не толькі за сябе, але і за тых, каго пахавалі ў сопках. А гэта значыць: цягнуць лямку ў жыцці за траіх, пяцярых – наколькі хопіць сілы, дзяліць наш боль, боль і беды нашых блізкіх, што жывуць недзе побач з табою. Табе ж вайна пакінула такую вялікую міласць – жыццё!»
I яшчэ шмат бы чаго яны цяпер сказалі».
Так паступова ў рамане паўстае актуальная праблема – праблема адказнасці нашых сучаснікаў перад памяццю загінуўшых. I гэта нарэшце балюча даходзіць да Матвейцава. А ён жа нават просьбаў тых, хто застаўся там, на сопках, не выканаў: не знайшоў іх родных, не расказаў пра іх апошнія гадзіны жыцця. Як дакор яго сумленню была выпадковая сустрэча з жонкай Горкіна Галяй, з сынам Халікава – лейтэнантам Халікавым.
Праўда, усе гэтыя сустрэчы лагічна і жыццёва слаба абумоўлены, як і многія іншыя гісторыі, уведзеныя ў раман з адзінай мэтай – зацікавіць, заінтрыгаваць чытача, нават за кошт чыста прыгодніцкага, нават дэтэктыўнага матэрыялу.
Найбольш моцныя старонкі рамана – расказ аб пяці сутках з жыцця дэсанта, аб яго подзвігу на малой зямлі. Падзеі сапраўды драматычныя, нават трагічныя. У апошнім баі адзін за адным гінуць героі. Ранены старшы лейтэнант Горкін, аднак ён паўзе да варожай гарматы, што ўсё яшчэ страляла па нашым эсмінцы.
«З усіх гукаў, якія наваліліся на сопку, Горкін вылучаў толькі стрэлы гарматы, гэтай, што была перад ім. Да іншых гукаў, стрэлаў, выбухаў ён як бы аглух, яны нібыта і не займалі яго ўвагу. А гармата гахала; стрэлы яе білі тугой хваляй па вушах.
– Гах! Гах! Гах!
Захлынецца яна ўрэшце?! Будзе калі-небудзь ёй канец?..
Ен даўно ўжо выбраў свой шлях, па якім зараз будзе рухацца да гарматы – паўзці, перакочвацца, бегчы. Гэты шлях ён зрабіць павінен, абавязан зрабіць гэтыя, можа быць, апошнія свае крокі».
Як і лейтэнант Іваноўскі з аповесці В. Быкава «Дажыць да світання», апошні свой узнос для Перамогі рабіў і старшы лейтэнант Горкін. Праўда, месцамі адчуваецца дужа ўжо блізкае судакрананне з творамі В. Быкава, нават непасрэднае, нятворчае перайманне. Адсюль адчуванне другаснасці літаратурнага матэрыялу.
Нярэдка шкодзіць цэласнаму ўспрыманню твора таксама перабіўка часавых пластоў – вайна і сучаснасць. Магчыма, у чымсьці гэтая перабіўка і дапамагае «разрадзіць» востры драматызм, адцягнуць трагічную развязку, аднак, як правіла, пераходы ад сучаснасці да падзей вайны і наадварот слаба матываваны псіхалагічна, часта яны не з’яўляюцца натуральнымі, арганічна звязанымі з плынню свядомасці герояў.
Драматызм ваеннага часу асабліва глыбока раскрываецца ў рамане I. Навуменкі «Сорак трэці». Гэта той драматызм, які вынікае не толькі з характару падзей – усенароднай партызанскай барацьбы, а і з выключнай складанасці духоўнага жыцця герояў, якія часта праходзяць праз парогавыя сітуацыі, шукаючы сваё месца ў барацьбе. У рамане драматызм, псіхалагізм і глыбокі роздум над лёсам чалавека і лёсам народа сінтэзуюцца, твор набывае сапраўдную эпічную маштабнасць.
Наогул «Сорак трэці» – твор найбольш маштабны з усёй трылогіі I. Навуменкі. Калі ў рамане «Сасна пры дарозе» галоўным для пісьменніка было выяўленне псіхалогіі пакалення семнаццацігадовых, іх ідэйна-маральнага патэнцыялу ў пачатку вайны, паказ таго, як гэтае пакаленне шукала сваё месца ў барацьбе, уключылася ў яе, то ў «Сорак трэцім» раманная канцэпцыя значна пашырылася і паглыбілася – тут ёсць раскрыццё вытокаў сілы і непераможнасці савецкага народа, раскрыццё праз лёс чалавека лёсу народа. Праўда, першы раман быў найбольш аўтабіяграфічны, арганічна ў ім выяўлялася эмацыянальная, лірычная плынь, заключны ж раман у сувязі з пашырэннем шматпланавасці набыў больш маштабныя эпічныя рысы. У ім у цэлым добра паядналіся экстэнсіўнае і інтэнсіўнае. Таму, відаць, неправамерна падыходзіць з аднымі і тымі ж мастацкімі крытэрыямі да раманаў «Сасна пры дарозе» і «Сорак трэці». Розная ў іх творчая задума, розны падыход да жыццёвага матэрыялу – у выніку натуральна з’явіліся розныя творы па сваёй маштабнасці, танальнасці, па высвятленні месца і значэння ў падзеях галоўных герояў. Калі ў цэнтры рамана «Сасна пры дарозе» Міця Птах, наогул сям’я Птахаў, то ў «Сорак трэцім» цэнтральнага героя, па сутнасці, няма, ім становяцца па чарзе многія героі рамана, і гэта адпавядае галоўнай задачы – шматгранна, шматпланава, на вялікай прасторы паказаць усенароднае партызанскае пераможнае змаганне ў 1943 годзе.
Народ і вайна… Якія змены адбыліся ў характары савецкага чалавека за гады Савецкай улады, як сустрэў ён вайну, як раслі і гуртаваліся сілы для ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў – такія праблемы хвалявалі і хвалююць многіх савецкіх пісьменнікаў. Яны сталі асновай для арыгінальнай раманнай канцэпцыі I. Чыгрынава, які задумаў стварыць цыкл раманаў аб вайне.
Фашысты разлічвалі, што адвечнае, прыватна-ўласніцкае заўсёды будзе жыць у селяніне, будзе трымаць яго моцна ў руках улада зямлі, прага валодаць ёю. Аднак разлікі іх не спраўдзіліся. За гады Савецкай улады, за гады калектыўнай працы іншым стаў савецкі селянін. I. Чыгрынаў у раманах «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» пераканальна паказвае гэтыя перамены, з’яўленне пад уплывам савецкай рэчаіснасці новых характараў-тыпаў, новай псіхалогіі. Савецкая ўлада стала для селяніна роднай. Ніякай іншай улады, іншых парадкаў ён не прыняў, застаўся верным ідэалам Вялікага Кастрычніка – і ў гэтым асноўная ідэя раманаў I. Чыгрынава.
Галоўным носьбітам гэтай ідэі з’яўляецца намеснік старшыні калгаса Зазыба. Вакол яго гуртуюцца іншыя персанажы.
Для Зазыбы Савецкая ўлада была і ёсць адзіная, родная, за яе ён змагаўся ў грамадзянскую вайну, не адступіцца ён ад яе і ў цяжкі час выпрабаванняў, хаця вельмі балюча перажываў, што сына пасадзілі ў турму, бо верыў, што не мог той рабіць што-небудзь супраць роднай улады. Перажываў і ў сувязі з тым прыхаваным недаверам, які паявіўся ў некаторых людзей да яго. Так і Чубар, старшыня калгаса, у пачатку вайны сказаў словы, якія балюча азваліся ў яго сэрцы: «А можа ты спадзяешся і з новай уладай паладзіць? Што ні кажы, і сам як бы пацярпеў, і сын твой…
Зазыба пасунуў да сцяны падушку, сеў: ён раптам адчуў, як пачало не хапаць яму паветра.
– Ну, от што! Ты ета!.. – адно здолеў вымавіць ён».
Вайна прымусіла чалавека не толькі зрабіць выбар у барацьбе, але і па-новаму ацаніць тое, што прынёс для людзей Вялікі Кастрычнік, што дала Савецкая ўлада. У іншым святле паўстае перад героямі даваеннае жыццё, усё тое добрае, што было ў ім. У спрэчках з сынам Масеем, які быў асуджаны па даносу і цяпер вярнуўся дамоў, Зазыба пераконвае яго, што трэба глядзець на падзеі шырэй, бачачы хаду гісторыі ў цэлым, ні на мінуту не страчваючы веры ў народ, Савецкую ўладу, партыю бальшавікоў.
У рамане па-сучаснаму ставяцца праблемы народаўладдзя, народнай дэмакратыі, праблемы ўзаемаадносін кіраўніка і калектыву. Вялікія перавагі сацыялістычнага ладу патрэбна яшчэ ўмела, з розумам праводзіць у жыццё. Іменна вобразы Зазыбы і Чубара з’яўляюцца наглядным прыкладам таго, як па-рознаму можна разумець інтарэсы працоўных і прынцыпы народнай дэмакратыі. Зыходзіць з народнага пункту гледжання пры поўнай асабістай адказнасці за ўсё – жыццёвыя прынцыпы Зазыбы. Аўтаматычнае выкананне распараджэнняў і інструкцый, нежаданне прыслухоўвацца да голасу мас – лінія паводзін Чубара.
Іменна ў цеснай сувязі з масай сіла і моц такіх людзей, як Зазыба.
I гэта разумеюць нават ворагі. Той жа паліцэйскі Брава-Жыватоўскі, баючыся выклікаць нянавісць да сябе ўсіх аднасяльчан, таксама вымушаны лічыцца з думкай Зазыбы, да пары да часу цярпець яго.
Чыгрынаў сваімі раманамі пераканальна паказвае, што сіла і моц бальшавіцкіх ідэй, Савецкай улады таксама ў тым, што яны выказваюць самыя жаданыя, блізкія і дарагія думы і спадзяванні працоўных мас, што Савецкая ўлада – гэта народная ўлада.
Так у шматлікіх спрэчках, якія, па сутнасці, з’яўляюцца не спрэчкамі, а дыскусіямі, кожны з апанентаў хоча даказаць правільнасць свайго пункту гледжання, свайго разумення надзённых праблем жыцця. Так раскрываецца раманная канцэпцыя, ідэя правільнасці і непераможнасці народнага працоўнага сумленнага жыцця.
Вечныя пытанні сэнсу жыцця і смерці, месца і ролі асобнага чалавека ў вірлівай плыні гісторыі вынікаюць не толькі ўскосна з дзеянняў і думак герояў, яны непасрэдна, у поўным аб’ёме ставяцца і асэнсоўваюцца героямі. Парфён Вяршкоў, «малапісьменны селянін, умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набывалі грамадскую значнасць, і даваць ім правільнае тлумачэнне». Перад смерцю ён самакрытычна аглядваецца на сваё жыццё, шукае яго сэнс, падводзіць рахункі. Парфён адчувае, што нават сумленнае жыццё толькі дзеля жыцця – гэта не жыццё, а звычайнае існаванне, якое не можа задаволіць чалавека. «Чалавек нараджаецца, каб памерці. I тут не мае ніякага значэння, колькі павінен пражыць – урэшце, днём даўжэй, днём карацей. Аднак няўжо чалавек сапраўды нараджаецца дзеля таго, каб памерці? Відаць, прамежак ад нараджэння да смерці, які называецца жыццём, даецца чалавеку, каб не толькі жыць, але і штосьці рабіць – дабро, зло… Але чаму зло? Значыць?.. Так, чалавек павінен рабіць дабро, – зноў падумаў Парфён, – і калі б ён рабіў толькі адно дабро, тады не хапіла б месца ў жыцці ўсякаму недарэчнаму, у тым ліку і гэтай вайне…»
Вечныя пытанні, але для кожнага чалавека яны набывалі канкрэтны сэнс, уплывалі на выбар свайго месца ў грозны ваенны час. Так звязвалася агульнае, філасофскае з рэальным, гістарычным.
***
Нялёгка бывае паяднаць пазнавальнае, аналітычнае з філасофскім абагульненнем. У кожным творы, калі ён сапраўды мастацкі, ёсць свая мера іх суадносін. Раман В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» моцны іменна сваёй маляўнічасцю, пазнавальнасцю, аналітычнасцю. Ён можа вельмі шмат даць (нават больш за многія навуковыя кнігі) ведаў пра жыццё народа ў былой Заходняй Беларусі. Быт сялян у самым шырокім сэнсе, гадавы каляндар іх працы, святы, жыллё, сядзібы, прырода, многія пытанні этнаграфіі – усё гэта ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Сцэны сялянскага жыцця выпісаны з выключнай пластычнасцю, маляўнічасцю, сакавітасцю. В. Адамчык у гэтым сэнсе валодае дзівосным дарам. Праўда, часта апісанні сялянскага побыту, апісанні прыроды, вельмі дакладныя і цікавыя самі па сабе, не ўсюды звязаны арганічна з сюжэтам, часам яны не «працуюць» на раскрыццё характараў.
У рамане выключна багаты рэгіянальны каларыт, дыялектнае моўнае багацце. Гэтыя дыялектныя моўныя асаблівасці, як і паланізмы (велькі, ценжар, тастамант і г. д.), уводзяцца з пачуццём мастацкай меры і мэтазгоднасці, яны дапамагаюць узнаўляць атмасферу рэальнага народнага побыту, беспрасветна цяжкага жыцця.
У рамане, на першы погляд, вельмі змрочнае жыццё. Магчыма, пісьменнік згусціў фарбы? Жыццё народа, які не ведае, хто ён, знаходзіцца ў тупіку, і няма каму яго скіраваць на правільны шлях… Так лічыць А. Рагуля ў рэцэнзіі «Людзі на раздарожжы» («Літаратура і мастацтва», 10 чэрвеня 1977 г.): «Аўтар творам сваім сцвярджае, што жыццё народа без вялікай, яднаючай ідэі ў корані сваім фальшывае, несапраўднае, абсурднае…»
Аднак нават у самыя змрочныя часы працоўны народ не страчваў надзеі на лепшую долю, жылі ў ім, перадаваліся з пакалення ў пакаленне чыстае сумленне, дабрата, спагада, пачуццё ўзаемавыручкі, жылі побач з ідыятызмам вясковага жыцця. I ў гэтым сэнсе жыццё народа ніколі не было і не магло быць фальшывым, абсурдным. I літаратура гэта добра адчувала. У беларускай літаратуры тут трывалыя традыцыі.
«Чужая бацькаўшчына»… Назва шматзначная, яна шырока акрэслівае раманную ідэю. Праўда, яе ўвасабленне ў творы не праведзена паслядоўна. I хоць 1937–1938 гады былі вельмі цяжкімі для жыцця Заходняй Беларусі, сапраўды адчуваўся спад рэвалюцыйнай барацьбы, польскія ўлады жорстка падаўлялі самыя нясмелыя памкненні да сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, усё ж нельга не ўлічваць таго, што пачыналася другая сусветная вайна, гітлераўцы ўжо маршыравалі ў Чэхаславакіі, што побач, за сотню вёрст, ішло зусім іншае жыццё – жыццё Савецкай Беларусі.
У рамане В. Адамчыка свет сялянскага вясковага жыцця адмежаваны ад вялікага свету. Пра жыццё ў Савецкай Беларусі ні слова. Толькі раз ці два вечарамі мужчыны завязвалі гаворкі аб вайне, якая насоўваецца, паспрачаліся, калі яна прыйдзе да іх.
Вядома, такую палітычную індыферэнтнасць і пасіўнасць можна вытлумачыць тым, што пісьменнік як бы знарок выбраў глухую вёску. Сапраўды, нацыянальнае самаўсведамленне праходзіла тут вельмі цяжка.
I ўсё ж і ў такім жыцці былі прасветліны, былі святы, была і праца, быў і яе вынік, і ў такіх умовах працоўны чалавек імкнуўся сумленна пражыць жыццё, не красці, не махляваць, не нажывацца на бядзе суседа, не рабіць людзям брыдоты. Моцны народны маральны грунт ва Уласа Корсака, хоць ён і жыве па прынцыпу мая хата з краю, хоць абставіны жыцця таксама паклалі адбітак на яго характар. Працаўнік, сумленны чалавек, ён не любіць гультаёў і зладзеяў. Аднак не толькі з-за гэтага ён не хоча аддавапь замуж пляменніцу Хрысцю, якая жыла ў яго сям’і, за Рэпку, а і таму, што той бедны, што «на голага сабакі брэшуць». Улас злуецца на сына Міцю, што той лезе ў палітыку, «нейкую Беларусь шукае», лічыць, што свет не пераробіш, «бог адзін і цар адзін». А ці ён паляк, ці беларус – гэта не мае значэння.
В. Адамчыка цікавіць, як уздзейнічаюць абставіны жыцця, антычалавечыя сацыяльна-грамадскія адносіны на сям’ю, на характары, у якіх трывалая маральна-этычная аснова, сапраўднае працалюбства, але якія ў пэўных умовах знаходзяцца ў баку ад якіх бы то ні было павеваў жыцця гісторыі.
Пісьменнік пераканальна паказаў таксама, як свет уласніцтва губіць чалавечнае ў чалавеку. Жыццё праходзіла ва утылітарных, бытавых турботах аб хлебе надзённым, а не аб хлебе духоўным. Па сутнасці, усё (будучыня, дабрабыт, шчасце) звязвалася з зямлёй, яна фетышызавалася, ёй пакланяліся, яна ж выпівала жывыя сокі з чалавека, яна часам штурхала нават на злачынства.
Найбольш яскрава гэта адбілася на жыцці Алесі – адной з галоўных гераінь рамана. Натура, шчодра надзеленая прыродай, яна не магла змірыцца, што выйшла замуж не любіўшы, па разліку, ненавідзела мужа, усю яго радню. А была і ў яе рамантычная мара-каханне…
Запозненае пачуццё кахання да Імполя, які наняўся да яе малаціць жыта, моцная, нерастрачаная жыццёвая сіла – і думкі пра зямлю, бо без яе які ты гаспадар, чалавек.
Алеся дамаглася свайго: перапісала на сябе зямлю хворых свякрухі і залоўкі, узяла шлюб з Імполем… Што ж тады штурхнула яе на злачынства – атруціць свякруху і залоўку?
Матыў злачынства і пакарання праходзіць праз увесь раман. Колькі разоў расказваецца ў творы пра выпадкі забойства і наканаваную непазбежную кару ў жыцці. I ўсё ж у жыцці нярэдка здараліся выпадкі, калі селянін браў на сябе вялікі грэх – часцей за ўсё з-за зямлі, грошай, спадчыны. Выбух гневу і нянавісці да сабе падобнага з-за цяжкага лёсу і незразумелых абставін, якія ўсё жыццё ціснуць на яго, ствараюць крайнія, парогавыя сітуацыі… Часцей за ўсё ён гэты грэх і не браў на сябе, не думаў пра яго, бо ўсё адбывалася ў стане, калі чалавек не помніць сябе, не ведае, што робіць… Для яго звычайна не існавала дылемы герояў з твораў Дастаеўскага – змагу пераступіць цераз смерць чалавека ці не змагу… Не лагічна-разумовае, а, як правіла, цёмнае, падсвядомае, у запале гневу на ўвесь свет прыводзіла да забойства. Можна ўявіць, што і Алеся, калі б «мірным» шляхам ёй не ўдалося забраць зямлю ад свякрухі і залоўкі, магла б дайсці да гэтага. Або калі б паўстала перашкода на шляху яе замужжа з Імполем. Але такіх перашкод не было. Чаму ж тады яна ўсё ж пайшла на злачынства?
Так, Алеся дужа ненавідзела радню былога мужа, усіх Мондрых. Яна ўжо проста не магла жыць разам са свякрухай і залоўкай, не магла больш трываць… Яна магла ўжо абразіць, нават ударыць, не даваць есці… Але «каб такі грэх на сябе»?
Вядома, у тым цёмным жыцці маглі быць падобныя выпадкі, былі і злачынствы. Але ж, апрача праўды факта, ёсць яшчэ мастацкая праўда, праўда логікі мастацкага характару. I тут, відаць, не стае псіхалагічнай матываванасці злачынства… У Алесі, якой малюе яе пісьменнік, яшчэ не была страчана народная маральна-этычная аснова, ды і не было асаблівых прычын для злачынства, тых парогавых сітуацый, у якіх адбываюцца забойствы.
I яшчэ адзін момант. Алеся з Імполем едуць на хрэсьбіны, не пацікавіўшыся, што сталася ў гумне з хворымі. Алеся іх напаіла атрутай – адварам чэмеру. Імполь здагадваўся, але маўчаў.
Іншая справа, каді Алеся з каменем у руцэ цікуе за гумном за Імполем і Хрысцяй, якія прызнаюцца ў каханні: «Няўжо так скора, як дарога перад гразкім балотам, скончылася жыццё? Няўжо не было і няма Імполя? Няўжо яны злюбіліся?.. Божа літасцівы, няўжо гэта грэх за Еўку, за свякроў? Божа мілы…» Тут у роспачы, гневе, безвыходнасці яна гатова на ўсё. Тут яна магла ўзяць грэх на сябе. «Божа, даруй яшчэ адзін грэх. Але ж так ужо не будзе…» Ды камень выпаў з рук.
Выйсця для Алесі няма – круг замкнуўся. Шум цягніка – хутчэй туды, пад цягнік. «Там ратунак і збавенне ад усяго – брыдкасці, гаркаты, злосці, ад усяго, што так раздзірае душу, што навальваецца і абдымае, як цёмная хмара».
Так, ад забойства нярэдка недалёка да самагубства. Асабліва для тых натур, якія яшчэ не страцілі здольнасці адчуваць «грэх», віну, адчуваць непапраўнасць парушэння агульнапрынятых нормаў маралі. I ўсё ж трохі кніжна-літаратурным фіналам завяршаецца раман. «З сіняга неба скацілася і паляцела, пакідаючы ясны на сінім небе пасачак, дробненькая зорка. «Няўжо мая?» – уздыхнула, як скідаючы з сябе ценжар, Алеся». Не той псіхалагічны стан, ды і па натуры гераіня не тая, каб у такі напружаны момант наглядаць за зоркамі.
Такая сумная жыццёвая гісторыя Алесі. Ёй наканавана было яшчэ жыць – раней, чым прыйшоў цягнік, яе на шпалах знайшоў абходчык. Так В. Адамчык праз гісторыю Алесі яшчэ раз пераканаўча паказаў, як нявечыць, калечыць душы ўласніцтва, улада зямлі, як нялёгка змагацца з ёй, і не заўсёды сапраўды народнае, здаровае перамагае ў гэтай барацьбе.
I тым не менш барацьба ідзе, не супыняецца.
Раман В. Адамчыка яшчэ раз сведчыць, што сучасная проза інтэнсіўна выкарыстоўвае магчымасці так званага сямейна-бытавога рамана, каб праз паказ сям’і раскрываць важныя грамадскія працэсы, хаду гісторыі, нават сацыяльныя катаклізмы. Праз рух характараў з пакалення ў пакаленне, праз адносіны людзей да ўласнасці, зямлі, маральна-этычных народных асноў вясковага жыцця рэалізуецца сама аўтарская канцэпцыя гісторыі. Псіхалагічная дакладнасць і напружанасць у паказе чалавека, яго сямейных сувязей, праз якія раскрываюцца істотныя моманты жыцця ўсяго грамадства, робяць моцнае мастацкае ўздзеянне на чытача.
Так што добры сацыяльна-бытавы раман не з’яўляецца «замкнутым» творам, ён можа быць чуйным барометрам у вызначэнні сацыяльнай атмасферы грамадства, у прадбачанні тых або іншых змен у ім. Раман В. Адамчыка мае шырокі дыяпазон у даследаванні побыту і сямейных адносін – ад сацыяльных праблем да індывідуальнай псіхалогіі. Бытапісанне нярэдка пераходзіць у глыбокую псіхалагічную драматызацыю, якая выяўляе драматычны стан грамадскага і асабістага жыцця, стан грамадства ў цэлым.
Лёс Алесі, Імполя, Хрысці, Міці, лёс Уласа Корсака, Ваўчка… Іменна праз іх долю ў рамане В. Адамчыка раскрываецца канцэпцыя жыцця народа, што жыў у былой Заходняй Беларусі. Канцэпцыя далёка не адназначная, як можа здацца на першы погляд. Пры ўсёй змрочнасці ў паказе тагачаснай рэчаіснасці раман напісаны з пазіцый гістарычнага аптымізму. Жыццё не можа стаяць на месцы, як бы драматычна ні складвалася гістарычная сітуацыя. Побач з вясковым ідыятызмам, уладай зямлі жылі ў народзе здаровыя маральна-этычныя пачаткі, спадзяванні на лепшы лёс, жаданне і памкненне дапамагчы людзям абудзіцца ад сну, сацыяльнай індыферэнтнасці, здабыць права на чалавечае жыццё.
Па-свойму выяўляецца канцэпцыя жыцця ў былой Заходняй Беларусі ў рамане В. Каваленкі «Падвышанае неба». Яна шмат у чым супадае з канцэпцыяй В. Адамчыка, але шмат у чым і адрозніваецца.
Ды гэта і зразумела. Верасень 1939 года карэнным чынам перайначыў не толькі жыццё людзей былой Заходняй Беларусі, але і іх светаадчуванне, светабачанне. Аднак складванне новага светаразумення адбывалася не проста.
Роўнасць, свабода, народаўладдзе… Як яны ўваходзілі ў штодзённае жыццё вёскі, ці была ва ўсім яна падрыхтавана да гэтага? Гэтыя і многія іншыя пытанні ў аснове рамана В. Каваленкі «Падвышанае неба».
У творы В. Каваленкі пульсуе грамадская, філасофская думка, па-сучаснаму важная і завостраная. Гэта раман у значнай ступені інтэлектуальна-філасофскі. У параўнанні з раманам В. Адамчыка гэта твор больш публіцыстычны, месцамі нават трохі апісальны. Часта падзеі не паказваюцца, не ўзнаўляюцца, пра іх паведамляецца, апавядаецца, іншы раз даволі агульна і павярхоўна.
I ўсё ж галоўная раманная ідэя праведзена паслядоўна, канцэпцыя жыцця выяўлена даволі выразна і глыбока.
Вызваленне Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі стварыла своеасаблівую сітуацыю. Адразу ад паняверкі і безвыходнасці да бязмежнай радасці вызвалення…
Героям рамана трэба па-новаму пазнаваць жыццё, яго рэальную складанасць і супярэчлівасць.
I перш за ўсё гэта неабходна было для галоўнага героя рамана Ракавецкага, старшыні сельсавета, потым – калгаса. Іменна праз яго роздумы, а таксама спрэчкі з іншымі людзьмі раскрываецца філасофская канцэпцыя твора. Праўда, у рамане ёсць і другі суб’ект, які ўспрымае навакольнае, дае яму сваю ацэнку. Гэта – хлопчык Арсень. Сталы, хоць і рамантызаваны погляд Марціна і дзіцячы погляд Арсеня… Многія рэчы па-свойму бачацца Арсенем, праз наіўнае, дзіцячае часам выяўляецца тое, чаго дарослыя не змаглі б заўважыць. У рамане як бы дзве самастойныя аповесці – пра Арсеня і пра Марціна, дзве сюжэтныя лініі развіваюцца як бы незалежна, у розных рэгістрах гучаць галасы герояў. Але гэта толькі на першы погляд. Па сутнасці, яны дапаўняюць адзін аднаго, асабліва ў ацэнках і адносінах да падзей.
Многае перамянілася ў поглядах Марціна на жыццё, на савецкую рэчаіснасць. Аднак у галоўным – у адносінах да Савецкай улады – ён застаўся ранейшым. Калі Чыбісаў, начальнік аддзела НКУС, запытаў пра тое, як цяпер былыя падпольшчыкі думаюць пра Савецкую ўладу, ці такой яна ўяўлялася ім раней, то Марцін не спяшаўся з адказам, бо адназначна і катэгарычна ён не мог сказаць. «Марцін толькі цяпер зразумеў, як шмат цікавага крыецца ў яго запытанні. I праўда, яны, заходнебеларускія камуністы, члены КПЗБ, змагаліся за Савецкую ўладу, ведаючы пра яе не так і шмат – тое толькі, што вычытвалі з газет і кніжак, што чулі па радыё, трохі з апавяданняў бывалых людзей. I ўсё ж яны змагаліся, бо гэтая ўлада была ў іх сэрцах. Не, яны не памыліліся. Савецкая ўлада аказалася якраз такой, якой і чакалася. Праўда, не думалі толькі, што самім жа і давядзецца быць Савецкай уладай, усё вырашаць і за ўсё адказваць. А гэта – нялёгка.
Так і сказаў Чыбісаву».
I як галоўнае, па-мастацку абагульненае меркаванне аб жыцці – гэта шырокі сімвалічны вобраз падвышанага неба, праз які раскрываецца сутнасць аўтарскай канцэпцыі. Марцін Ракавецкі так успрымае неба: «Увесь свет неяк пашырэў, раздаўся ў прастору, абяцаючы незвычайную лёгкасць і радасць душы, будзячы вострае чаканне нязведанага і яшчэ ніколі не перажытага. На хвілю мільганула думка: ёсць нейкая сувязь паміж тым, што ў яго цяпер на душы, і відовішчам высокага неба. I тады яму здалося, што неба не проста высокае, а падвышанае, прыўзнятае. Прыўзнятае людзьмі. I такое неба ім, людзям, – ён быў перакананы ў гэтым, – дужа патрэбнае».
Усім зместам рамана «Падвышанае неба» сцвярджаецца: сапраўдная свабода, дэмакратыя ўсталёўваюцца на высокай грамадзянскай свядомасці, яны нічога агульнага не маюць з анархізмам, сацыяльнай індыферэнтнасцю, грамадскай безадказнасцю. Шлях да сапраўднай усенароднай развітой дэмакратыі, да развітога сацыялізму нялёгкі і няпросты. Рэвалюцыя ў псіхалогіі сялянства – складаны і працяглы працэс, працэс ломкі патрыярхіальных уяўленняў, пераробкі псіхалогіі дробнага ўласніка ў псіхалогію калектывіста і свядомага працаўніка.
В. Каваленка пераканальна паказаў, які нялёгкі быў шлях у сацыялізм для сялянства былой Заходняй Беларусі, таго сялянства, якое так доўга знаходзілася ў стане нацыянальнай і сацыяльнай паняверкі, што глыбока паказана ў рамане В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына».
Патрэбна была вялікая выхаваўчая работа як сярод сялянства, так і сярод мясцовага актыву, мясцовых кіруючых работнікаў. У тых умовах гэта была няпростая справа. Вельмі наглядна і псіхалагічна пераканальна паказана гэта ў рамане на вобразе Пронькі Піліпчыка. Анархізм, дэмагогія і кар’ерызм вызначылі лінію яго паводзін, што прывяло яго да апартунізму і перараджэння. Мець уладу над людзьмі, мець выгаду – вось дзеля чаго ішоў ён на дэмагогію, паклёпы, даносы і пагрозы. Зразумела, што Марцін і Пронька – антыподы, і прымірэнне іх немагчымае. У іх спрэчках таксама добра раскрываецца канцэпцыя свабоды і дэмакратыі.
Як бачым, пытанне ўзаемаадносін кіраўніка і калектыву, пытанне ідэйна-маральнай чысціні і адказнасці кіраўніка ў рамане пастаўлена вельмі шырока. I яно тычыцца не толькі Пронькі.
У нялёгкіх роздумах, спрэчках з настаўнікам Дубіцкім Марцін шукае адказы на балючыя пытанні часу. Марцін пачынае разумець, што шлях да новага жыцця – не ў стыхійнай дэмакратыі і анархізме, а ў арганізаванасці, дысцыпліне, адказнасці, што «часам і народ трэба падымаць, катурхаць, клікаць, весці».
Дык якая ж канцэпцыя гісторыі заходнебеларускага народа, яго шляху да новага жыцця вынікае з рамана В. Каваленкі «Падвышанае неба»? Вядома, з сённяшняга дня для пісьменніка гісторыя гэтая праглядваецца добра. А для герояў твора? Апошні раздзел рамана, дарэчы, значна пашыраны і дапоўнены ў параўнанні з часопісным варыянтам, дае адказ на гэтае пытанне. Вялікая Айчынная вайна, часовая фашысцкая акупацыя ўжо не маглі павярнуць развіццё гісторыі назад, у тупік і паняверку, хоць нядоўгім быў той час, час Савецкай улады, свабоды, роўнасці і дэмакратыі.
Паварот сучаснай прозы да глыбокага сацыяльна-філасофскага асэнсавання сучаснасці і гісторыі, да значных мастацкіх абагульненняў, імкненне паяднаць аб’ектывізаваны паказ падзей і з’яў, характараў і тыпаў людзей з глыбокай канцэптуальнай думкай, імкненне абумовіць і вытлумачыць адно другім асабліва характэрна для раманаў I. Мележа. Трэці, незавершаны раман «Палескай хронікі» – «Завеі, снежань» – яскрава сведчыць пра гэта.
У сваім даследаванні «Сучасны беларускі раман» А. Аўчарэнка піша: «Глыбокае пранікненне ў думы, надзеі, норавы, звычкі беларускага сялянства дазваляе I. Мележу без якой-небудзь штучнасці надаць раману выразны сацыяльна-філасофскі аспект. Раздумваючы аб сваім лёсе, аб сваім будучым, яго героі вырашаюць вялікія сацыяльныя і маральныя праблемы, такія, як «справядлівасць», «шчасце», «уласнасць» («багацце»), «індывідуалізм» («кулацтва»), «калектывізм», хаця самі гэтыя словы яны ўжываюць рэдка».
Варта зазначыць тут яшчэ і тое, што раманы I. Мележа выяўляюць якасна новы стан эпічнага. Тут эпічнасць грунтуецца на сапраўдным гістарызме мастацкага мыслення, яна арганічна зліта з інтэлектуальным пачаткам, з глыбокім роздумам аб лёсе чалавека і народа. Па-сучаснаму важная маральная праблематыка, сучасная гуманістычная канцэпцыя чалавечай асобы ўдала праецыруюцца на канкрэтна-гістарычны матэрыял. Раманы I. Мележа сведчаць, што глыбіня эпічнай задумы і маштабнасць твора не абавязкова вызначаюцца панарамнасцю, вялікімі вымярэннямі ў часе і прасторы. Да эпічнасці твораў I. Мележа добра стасуецца вызначэнне М. Пахоменкі: «Эпічнасць – якасць не столькі знешняй, колькі ўнутранай структуры твора, у канчатковым выніку – якасць мастацкага мыслення».
Сапраўды, эпічнасць «усё больш прыкметна пачынае пракладваць сабе дарогу ў аўтарскай канцэпцыі сучаснага свету. Раманіст усё часцей выходзіць на дыялог з часам, імкнучыся спасцігнуць сувязі і заканамернасці паміж эпохай, лёсам народа, індывідуальным чалавечым характарам».
У адрозненне ад раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» раман «Завеі, снежань», па сутнасці, твор з адным галоўным героем у цэнтры. Іменна праз вобраз Башлыкова, праз аўтарскае адмаўленне стылю і метадаў яго працы ў пераломны момант жыцця вёскі выяўляюцца атмасфера і філасофія часу. Вобраз Апейкі тут вельмі неабходны як вобраз сапраўднага камуніста для кантрастнага паказу і супрацьпастаўлення яго характару Башлыкова.
Башлыкоў – суб’ектыўна сумленны чалавек, які ў сваёй барацьбе за суцэльную калектывізацыю імкнецца зыходзіць перш за ўсё з агульных інтарэсаў, не дбаючы пра свой дабрабыт, сваю ўладкаванасць. Іншая справа – як разумее гэтае агульнанароднае, партыйнае Башлыкоў, у імя чаго ён вядзе барацьбу. Разуменне палітыкі партыі і ленінскіх запаветаў у яго павярхоўнае, неглыбокае, дагматычнае. Ён не можа ўсвядоміць, што і рэвалюцыя, і калектывізацыя здзяйсняюцца не ў імя абстрактных ідэалаў, а ў імя простага чалавека, рабочага і селяніна, каб перайначыць жыццё, зрабіць яго чалавечным, вольным.
У Башлыкова і Апейкі, камуністаў, раённых кіраўнікоў, адны і тыя ж задачы ў час калектывізацыі, адны і тыя ж мэты, аднак на сродкі іх дасягнення яны глядзяць па-рознаму.
Апейка добра ведае сялянства, яго псіхалогію, яго «філасофію», ён зыходзіць з рэальных умоў і магчымасцей. Апейка разумее, што фармальна можна правесці калектывізацыю хутка, але ж галоўнае ў тым, каб умацаваць калгасы, навесці парадак, навучыць селяніна гаспадарыць у новых, нязвыклых для яго ўмовах. I самае галоўнае – весці гаспадарку так, каб сяляне паверылі ў перавагу калгаснага ладу. Башлыкоў абвінавачвае ўсіх у лібералізме: «Мы гулялі ў лібералізм, міндальнічалі. У абстаноўцы, дзе трэба было дзейнічаць рашуча. Праявілі недаравальнае галавацяпства». I яшчэ: «Я лічу, што, акрамя кулачча, трэба ўдарыць і па іх саюзніках усіх масцей. Па ўсіх, хто самкнуўся з імі, дзейнічае як іх пасобнік. Па ўсіх падгалосках. Незалежна ад соцкатэгорыі».
Пісьменнік меў намер паказаць перамогу лініі Апейкі. Хоць ён быў выключаны з партыі, вызвалены ад пасады, потым, пасля асуджэння перагібаў у калектывізацыі, Апейка быў адноўлены ў партыйных радах, а поўны крах пацярпеў Башлыкоў.
Башлыкоў у сваіх памкненнях шмат у чым змыкаецца з Дубадзелам. Іменна на глебе жорсткага стаўлення да сялян, якім няпроста стаць на шлях калектывізацыі, зблізіліся Башлыкоў і Дубадзел. Аднак калі Башлыкоў – суб’ектыўна сумленны чалавек, па сутнасці, у яго не было утылітарных, карыслівых мэт (калі не лічыць кар’ерысцкага жадання быць перадавіком па калектывізацыі), то Дубадзел, грубы, нахабны, меў на ўвазе асабістую выгаду, помсціўся ўсім, з кім быў у дрэнных адносінах.
Зразумела, людзі накшталт Дубадзела ніколі не мелі павагі сярод аднавяскоўцаў. У народзе заўсёды не любілі абібокаў, гультаёў, несумленных людзей, якія шукалі лёгкага хлеба, самі лезлі ў начальства. У людзей тыпу Дубадзела вось гэтыя зняважлівыя, іранічныя адносіны аднавяскоўцаў выклікалі адпаведную рэакцыю. Яны імкнуліся выслужыцца, каб займець права адчуць сябе не толькі роўнымі з іншымі, а, што найбольш важна, пацешыць сваё самалюбства, даказаць сілай улады свой прэстыж, жорстка помсцячы ўсім тым, хто не жадаў з імі лічыцца, не бачыў у іх вартых павагі людзей.
Няма падстаў усе недахопы Башлыкова, асабліва ў параўнанні яго з Апейкам, звязваць з тым, што ён не ведаў сялянскага жыцця, псіхалогіі, быў чалавекам збоку. Проста Башлыкоў душэўна не мог, не быў здольны адчуць еднасць з сялянскай масай, не мог арганічна далучыцца да яе трывог, надзей, спадзяванняў.
Шолахаўскі Давыдаў прыехаў у станіцу з завода. Аднак жа ён зразумеў душу селяніна, яго памкненні, спадзяванні. Ён усе свае сілы аддаваў будаўніцтву новага жыцця на вёсцы і стаў сваім чалавекам у станіцы.
У раманах I. Мележа выразна праявіўся сінтэз гісторыі і сучаснасці, сінтэз аб’ектыўнага эпічнага паказу жыцця і філасофскай думкі. Тут шмат у чым паядналіся рысы сацыяльна-філасофскага і сацыяльна-бытавога раманаў. Наватарскія пошукі былі плённымі, бо раманіст зыходзіў з трывалых эпічных традыцый нашай класікі.
Вызначаючы галоўную тэндэнцыю сучаснай прозы як імкненне да паглыбленага, філасофскага асэнсавання жыцця, да мастацкага ўвасаблення важных канцэптуальных ідэй, мы не можам сказаць, што гэта тэндэнцыя ўсёй без выключэння літаратуры. Часам яшчэ з’яўляюцца ілюстрацыйныя творы, якія не нясуць значнай арыгінальнай ідэі. Аб гэтым ужо гаварылася пры разглядзе рамана А. Савіцкага «Верай і праўдай». Калі ж звяртацца да твораў гісторыка-рэвалюцыйнай тэмы, то ў значнай меры гэты недахоп уласцівы раману Л. Дайнекі «Людзі і маланкі».
У творы Л. Дайнекі ёсць яркія бытавыя і батальныя сцэны, значны пазнавальны матэрыял пра час Вялікага Кастрычніка на Міншчыне, акрэслены нядрэнна асобныя характары. Аднак вузлавыя гістарычныя моманты ў рамане толькі ілюструюцца бытавымі, рэвалюцыйнымі, батальнымі сцэнамі.
У рамане ёсць усё, што звязана з рэвалюцыяй. Братанне на франтах, казацкія расправы. Правядзенне дэкрэтаў Кастрычніка ў жыццё, дзейнасць рэўкомаў. А вось цяжка сказаць, што новага дадае твор у наша разуменне таго складанага часу, лёсу простых людзей на перакрыжаванні гістарычных шляхоў, як узбагачае ён чытача духоўна. Раман рыхлы ў сюжэтна-кампазіцыйных адносінах, бо ілюстраваць падзеі можна бясконца, дапісваючы яшчэ і яшчэ дадатковыя сцэны. Тэма Вялікага Кастрычніка вельмі складаная, важная, адказная. Адчуваць, усведамляць, разумець гэтую грамадзянскую і пісьменніцкую адказнасць павінен кожны, хто бярэцца за гэтую тэму.
***
Аб чым сведчыць вопыт беларускай раманістыкі апошніх гадоў? Што пераважвае ў ёй – канкрэтна-рэалістычнае, аналітычнае даследаванне фактаў і з’яў рэчаіснасці ці імкненне ўзняцца над фактамі, па-філасофску асэнсаваць іх? Думаецца, што ў вызначэнні перспектыўных тэндэнцый жывога сучаснага літаратурнага працэсу патрэбна спакойная засяроджанасць, якая будзе засцерагаць ад паспешлівых і катэгарычных вывадаў і абагульненняў.
Сапраўды, калі паглядзець на развіццё нашай і наогул усёй савецкай літаратуры апошняга дваццацігоддзя, асабліва прозы, то ў гэтым вялікім і цэласным па сваіх галоўных заканамернасцях перыядзе выяўляюцца розныя тэндэнцыі і павароты ў развіцці літаратуры і яе асобных жанраў. Другая палавіна 50 – пачатак 60-х гадоў… Час вострых спрэчак і дыскусій аб ролі і месцы факта ў мастацкай літаратуры. Вось некаторыя вывады і абагульненні. Жыццёвы факт – надзённы хлеб для літаратуры. Літаратура, адарваўшыся ад жыццёвай першаасновы, хварэе на малакроўе, становіцца ілюстрацыйнай і г.д. Да такіх вывадаў прыходзілі многія крытыкі і даследчыкі літаратуры. Яны іх абгрунтоўвалі, як правіла, жывой практыкай мастацкай творчасці. Сапраўды, не толькі мастацкая дакументалістыка, нарыс, а і апавяданне, аповесць, раман у той час у новай грамадскай атмасферы зрабілі рэзкі паварот да мастацкага аналітызму. Узрасталі ўвага і павага да жыццёвай канкрэтыкі, факта, узмацняліся грамадзянскі пафас сучаснасці, зацікаўленасць канкрэтнымі эканамічнымі пераўтварэннямі ў сельскай і ва ўсёй народнай гаспадарцы, паглыблялася гуманістычная скіраванасць літаратуры.
З гэтым працэсам быў звязаны і выключны ўзлёт дакументальнай літаратуры. Для літаратуры і чытача вельмі важнымі станавіліся праўдзівасць твораў, іх дакументальная аснова, гранічная дакладнасць ва ўзнаўленні фактаў і з’яў жыцця. Мемуары, успаміны, дакументальныя запіскі, дзённікі сталі на пэўны час самымі папулярнымі і чытабельнымі. Дакументальная, дакументальна-мастацкая літаратура зрабіла значны ўплыў на фарміраванне мастацкіх густаў чытача. Дакументальна-мастацкая і ўласна мастацкая літаратура збліжаліся. Па сутнасці, дакументалізм, аўтабіяграфізм сталі важнымі для ўсёй літаратуры, хоць ва ўласна мастацкіх жанрах яны набывалі трохі іншыя якасці і значэнне – перарасталі ў праўдзівасць, гістарызм мастацкіх твораў. Прыгадаем аповесці В. Быкава, «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля, «Агонь і снег» I. Шамякіна, «Вайну пад стрэхамі» А. Адамовіча, «Дануту», «Пушчанскую адысею» А. Карпюка.
У цэлым гэта быў плённы працэс для паспяховага развіцця літаратуры, бо ён збліжаў, умацоўваў сувязі літаратуры з жыццём. Але паступова побач з плённымі тэндэнцыямі пачалі выяўляцца і пэўныя выдаткі эмпірычнага падыходу да фактаў і з’яў.
Пасля значнай аналітычнай працы, шырокага і глыбокага ахопу жыццёвай канкрэтыкі для літаратуры як бы прыйшоў час засяроджанага і грунтоўнага, па-філасофску шырокага асэнсавання, абагульнення па-мастацку назапашаных ведаў аб жыццёвых з’явах, фактах, чалавечых характарах.
I ўсё ж, думаецца, і сёння неправамерна гаварыць аб змяншэнні значэння жыццёвай канкрэтыкі для мастацкай літаратуры. Сапраўдныя мастацкія абагульненні, мастацкі сінтэз магчымыя толькі на аснове глыбокага спасціжэння ўсёй жыццёвай плыні, усёй разнастайнасці чалавечых характараў, тыпаў. На аснове аналізу характару і лёсу асобнага чалавека да агульнанародных, агульначалавечых праблем – такім, відаць, быў і застаецца магістральны шлях савецкай літаратуры.
Толькі на грунтоўным жыццёвым пласце можа зарадзіцца і выкрышталізавацца значная, важная філасофская думка. Другаснасць матэрыялу, літаратурныя і фальклорныя рэмінісцэнцыі наўрад ці здольныя стаць такой глебай для сапраўднай літаратуры.
Сёння савецкі раман па-новаму, больш глыбока і дыялектычна, у канкрэтна-гістарычным напаўненні раскрывае ўзаемаадносіны асобы і грамадства, чалавека і калектыву, чалавека і масы.
Так, сапраўды, відаць, прыйшла пара мастацкіх абагульненняў на аснове глыбокага спасціжэння галоўных жыццёвых заканамернасцей.
Віктар Каваленка
Адзін з самых вядомых і таленавітых сучасных беларускіх празаікаў Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Сямігодку закончыў у сваёй роднай вёсцы, а сярэднюю адукацыю набываў у вёсцы Саматэвічы, дзе нарадзіўся выдатны паэт А. Куляшоў. Думаецца, шырокая вядомасць імя А. Куляшова, усведамленне, што ваколіцы Саматэвіч і людзі гэтай мясцовасці жывілі яго паэтычнае натхненне, паглыблялі зацікаўленасць здольнага юнака да літаратуры, садзейнічалі сур’ёзным адносінам да яе.
У 1952 годзе I. Чыгрынаў пасля паспяховага заканчэння Саматэвіцкай сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.I. Леніна на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта. Вучоба ва ўніверсітэце, дружба з сябрамі, якім таксама было ўласціва шчырае захапленне літаратурай, гарачае абмеркаванне літаратурных праблем, першыя ўласныя пісьменніцкія спробы павышалі веданне мастацкай творчасці да прафесійнага ўзроўню. Пасля заканчэння універсітэта I. Чыгрынаў працуе на пасадах, якія патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі ў галіне літаратуры. Ён працаваў рэдактарам, а пасля загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва Акадэміі навук БССР, рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя», намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Цяпер I. Чыгрынаў – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі.
Як пісьменнік пачаў стала выступаць у друку з 1961 года. У 1965 годзе выйшаў у свет першы зборнік апавяданняў I. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю». Былі выдадзены зборнікі апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У 1972 годзе апублікаваны першы раман «Плач перапёлкі» з цыкла раманаў пра разгортванне партызанскай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раманы «Апраўданне крыві» (1977) і «Свае і чужынцы» (1983) працягваюць апісанне падзей і раскрыццё людскіх лёсаў, адлюстраваных у рамане «Плач перапёлкі».
* * *
У адным з артыкулаў, якія напісаны на падставе даклада на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР у 1979 годзе, I. Чыгрынаў заявіў, што «раман – гэта народ». Такое прынцыповае творчае перакананне пісьменніка з’явілася, відаць, не гэтак на аснове знешне засвоеных разваг аб асаблівасцях пэўнага літаратурнага жанру, колькі з блізка знаёмай уласнай творчай практыкі. Так, I. Чыгрынаў, які пачынаў літаратурную творчасць з жанру апавядання, прыйшоў да рамана, а гэта сапраўды азначае, што па лініі ўзрастаючай мастацкай абагульняючай сілы ён рухаўся ад зацікаўленасці лёсам асобных людзей да спасціжэння лёсу народа. I гэты рух не быў у яго фармальным: пройдзены пісьменнікам шлях з’яўляецца ўвасабленнем складанага росту ў галіне майстэрства, якое адкрывае здзіўляючую магчымасць наглядна паказаць асобу аднаго чалавека як засяроджанне народнай душы і волі.
Непасрэдна звязаўшы ў творчым плане жанр рамана з лёсам народа, I. Чыгрынаў не прынізіў гэтым самым літаратурнага і грамадскага аўтарытэту іншых жанраў і перш за ўсё апавядання, з якога пачыналася яго ўласная пісьменніцкая дарога. У кожнага жанру свае адлюстравальныя магчымасці, свае перавагі, аднак раман, безумоўна, валодае самымі дасканалымі аналітычна абагульняючымі формамі мастацкага ўзнаўлення жыцця народа і яго гісторыі. Але да рамана, які можа лічыцца мастацкім аналагам народнага лёсу, народнай гісторыі, трэба абавязкова прыйсці. I. Чыгрынаў належыць да тых пісьменнікаў, якія прыйшлі да такога рамана з непазбежнасцю, якая вынікае толькі з вялікага, мэтанакіраванага і няспыннага творчага самапераадолення.
Першыя апавяданні I. Чыгрынава вызначаліся сур’ёзным поглядам на свет, даволі прыстойнай аналітычнай культурай думкі, адносна высокім узроўнем мастацкага выказвання. Аднак, бадай што, нельга сказаць, быццам раннія апавяданні пісьменніка былі ўжо загатоўкамі будучай эпічна-раманнай задумы, хоць, праўда, і на пачатку творчага шляху I. Чыгрынаў умеў не толькі стварыць характэрны жыццёвы малюнак, але і выразна падкрэсліць яго абагульняючы змест, суаднесці яго з рухам народнай гісторыі. Усё-такі ўнутраны пафас маштабнай эпічнасці адчуваецца і ў ранніх апавяданнях пісьменніка.
Здаецца, так мала падзей уведзена ў апавяданне «Шукаючы скарбы», але яго змест раскрывае цэлую эпоху развіцця савецкага грамадства з яе супярэчлівымі працэсамі, галоўны кірунак якіх складваўся пад уздзеяннем велічных мэт сацыялістычнай рэвалюцыі. Не ўсё было зразумелым, не ўсё ўдавалася на першым этапе рэвалюцыйных перамен іх удзельнікам.
Асабліва цяжка было правільна арыентавацца і дзейнічаць згодна сапраўдных інтарэсаў працоўнага народа людзям малаадукаваным, якія да таго ж не мелі раней дастатковай практыкі грамадскіх паводзін. Салдату Сямёну Патапчыку, які атрымаў загад узяць пад ахову мастацкія карціны ў панскім доме, цяжка здагадвацца, што каштоўнасць для рэвалюцыі маюць самі карціны, дзе намаляваны, як здаецца Сямёну, нейкія там буржуі, а не пазалочаныя рамкі ад карцін. Узяўшы пад ахову рамкі і аднёсшыся да саміх карцін як да непатрэбных рэчаў, Сямён Патапчык нанёс несвядома шкоду інтарэсам рэвалюцыі, бо ў выніку яго дзеянняў карціны згубіліся і народ аказаўся пазбаўленым значных духоўных каштоўнасцей.
Герой апавядання ўжо ў наш час едзе па слядах даўняга выпадку, каб знайсці згубленыя мастацкія каштоўнасці і зрабіць іх здабыткам народнага жыцця. Ідэя гэтага твора – у сцвярджэнні неабходнасці разумнай пераемнасці часоў пры рэзкіх рэвалюцыйных пераменах жыцця, у глыбінным пафасе духоўнага прагрэсу, які апіраецца на лепшыя традыцыі мінулага і без якога працоўны народ, ажыццявіўшы сацыялістычную рэвалюцыю, не здолее дасягнуць усіх пераўтваральных мэт, накрэсленых гэтай рэвалюцыяй. Галоўная аўтарская думка апавядання «Шукаючы скарбы» накіравана не гэтак супраць спрошчанасці і абмежаванасці сацыяльных уяўленняў, уласцівых частцы народных мас у якасці гістарычнай непазбежнасці, бо яна несла з сабой у рэвалюцыю душэўныя сляды спрадвечнай унутранай прыгнечанасці, колькі ў абарону высокага ўзроўню рэвалюцыйнай свядомасці, здатнай апірацца ў сваім развіцці на ўсе здабыткі прагрэсіўнай культуры мінулага. Мінулае не павінна супрацьпастаўляцца рэвалюцыйнаму абнаўленню жыцця, наадварот – яно ў сваіх спрадвечных народных імкненнях да святла і шчасця прадвызначае магутнасць настулальнай сілы рэвалюцыі. Урэшце і ўчынак салдата Патапчыка быў няправільны па сутнасці, а не па імкненню, бо ў яго імкненні бескампраміснага адмаўлення мінулага грамадскага ладу таксама выяўлялася магутнасць рэвалюцыйнага парывання народных мас. Унутраны напал абнаўлення ў душы салдата стварае такую сітуацыю, калі хочацца выперадзіць час, калі адбываецца ў грамадскім сэнсе наіўны адрыў ад рэальных патрэб і задач рэвалюцыйнага сцверджання жыцця. Гэты адрыў пераадольваецца ўсенароднай практыкай будаўніцтва новага грамадства, пераадольваецца, на жаль, часам, як у апавяданні «Шукаючы скарбы», без узнаўлення страт, нанесеных у час наіўна спрошчаных уяўленняў аб задачах рэвалюцыйнай перабудовы свету.
Такім чынам, ідэя апавядання «Шукаючы скарбы» даволі маштабная, можна сказаць, яна ў значнай меры раманная ідэя. I ў некаторых іншых апавяданнях I. Чыгрынава ёсць гэтая эпічная шырыня творчай задумы, імкненне і ўменне аўтара ўбачыць у звычайных праявах жыцця гістарычную праясненасць часу, эпохі («Адна ноч», «Па сваіх слядах»). Падкрэслена эпічныя абрысы паказаных падзей пісьменнік стварае шляхам пастаяннага ўзбуйнення ідэі аб ролі мінулага ў сучасным лёсе людзей, шляхам устанаўлення звенняў гістарычнага ланцуга ў ходзе часу. Гэтая ідэя поўнасцю фармуе змест апавядання «Адна ноч», у якім выказваецца трывога за паспешлівы разрыў паміж спрадвечным складам жыцця і раптоўнай яго пераменай. Стары цыган Мікала ў нечым вельмі імпануе аўтару, калі адважваецца на адзіноцтва – абы не паддацца адразу рашучай перамене, якая можа парушыць унутраную раўнавагу і ўсталяваную натуральнасць адносін да свету. У вобразе Мікалы даволі выразна праглядваюцца рысы рамантычнай паэтызацыі.
У шмат якіх іншых апавяданнях I. Чыгрынава таксама часта паэтызуецца тып паводзін, нязгодны з распаўсюджаным, звыклым станам жыцця. Вобразы людзей, здатных на рамантычную адмежаванасць ад звычайнага існавання, былі вельмі характэрныя для ўсёй савецкай літаратуры рубяжа 50-60-х гадоў, і змест іх вызначаўся агульнай атмасферай тагачаснага грамадскага развіцця, калі ўзрастала сацыяльная роля асобы чалавека, калі на поўна выяўленую і баявую асабістасць ускладаліся вялікія надзеі ў працэсе абнаўлення ўсіх сфер жыцця і дзейнасці савецкага чалавека. Аднак вось што цікава: як гэта сёння можна заўважыць, у апавяданнях I. Чыгрынава вобразы адзінокіх рамантыкаў, людзей, якія імкнуцца ў нечым узвысіцца над звыклым асяроддзем, разам з прывабнымі асаблівасцямі натуры маюць і нешта такое, што насцярожвае, прынамсі, выклікае эмацыянальную стрыманасць у адносінах да іх. У душы Мікалы з апавядання «Адна ноч» побач з пачуццём уласнай годнасці і рашучасцю паводзін наглядна праступае патрыярхальная ўпартасць, старэчая залішняя ізаляванасць ад новых форм жыцця, нелюбоў да перамен наогул.
А ў апавяданні «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» ужо даволі пэўна ў паводзінах Аляксея Кузьмянка, здатнага на ўчынкі неардынарныя, на супрацьпастаўленне сябе астатнім людзям, адкрываюцца спробы бяздумнай агрэсіўнасці ў адносінах да іншых, якая мяжуе са здзекам. Сама назва апавядання «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» сваёй запытальнай інтанацыяй ставіць пад сумненне чысты рамантычны змест рамантычнага вобраза «выраю», які азначае ўзлёт і ўзвышэнне, але і зварот да звыклага, ранейшага, свайго, мясцовага. Згодна мясцовай легендзе, выраю наогул не бывае – ластаўкі зімуюць у возеры, не пакідаючы тутэйшай зямлі. Таму і запытанне: ці бываюць у выраі ластаўкі?
Чым жа тлумачыцца гэтая асаблівасць ранняй творчасці I. Чыгрынава, яго такі ледзь не адкрыта заяўлены недавер да рамантычнага парывання? Пісьменнік і прымае ўзвышэнне над звыклым як вынік імкнення да асабістай незалежнасці і самастойнасці і ў той жа час нібы трымаецца ад яго, ад гэтага ўзвышэння, на даволі прыстойнай маральнай дыстанцыі, нібы здагадваючыся наперад пра яго слабасць, непаслядоўнасць і нават бесперспектыўнасць.
Думаецца, у гэтай своеасаблівасці пазіцыі пісьменніка перш за ўсё выявілася яго дакладнасць сацыяльнага адчування часу. Нейкай часткай душы ён чула рэагаваў на палавінчаты, не паслядоўны характар узнёслых уяўленняў таго часу, калі ствараліся апавяданні. Жаданне ўзляцець у рэчаіснасці тых гадоў дзіўным чынам перапляталася, ужывалася з жаданнем астацца. Рамантычна настроены герой часу, які ішоў на пратэстуючы разрыў са звыклым, заставаўся больш ва ўладзе эмоцый, чым канкрэтнага, прадуманага, вынашанага ўчынку. Недзе ва ўнутраным абліччы такога героя адкрываўся сваёй нізкай сутнасцю індывідуалізм.
Заўважыць гэтую супярэчлівасць у характары і ў імкненнях пэўнага тыпу сучасных людзей лягчэй было, відаць, якраз I. Чыгрынаву – пісьменніку, якому з самага пачатку творчай дзейнасці ўласцівай аказалася схільнасць да шырокаахопнага, эпапейнага бачання жыцця. А ўсёахопная, эпапейная шырыня пісьменніцкага зроку абавязкова павяртае гэты зрок да праблем і падзей усенароднага значэння. З пункту ж погляду ўсенароднага лёсу, індывідуальны намер адарвацца ад звыклага, не ўзгоднены ці малаўзгоднены з агульным станам грамадскай жыццядзейнасці, пагражае індывідуалістычнай ізаляцыяй і фактычнай бесперспектыўнасцю самага актыўнага і ўзнёслага настрою душы.
Натуральна, што для I. Чыгрынава, які пастаянна пашыраў эпічнае бачанне свету да ўсенароднага абсягу, вобраз індывідуальнага ўзвышэння асобы, не падмацаванага імпульсамі народнага ўздзеяння, павінен быў паступова страчваць маральную і грамадскую прывабнасць і пераўтварыцца ў з’яву няпэўнай або і выразна адмоўнай маральна-якаснай ацэнкі. У выніку ў творчасці I. Чыгрынава на нейкім этапе развіцця стала рашуча пераадольвацца нават частковая, нясмелая сімпатыя да актыўнай, але пазбаўленай унутранай узгодненасці з перадавым народным светаадчуваннем, асобы.
Больш таго, з цягам часу, у перыяд напісання раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і «Свае і чужынцы», вобраз чалавека, схільнага адрывацца ад народнай глебы, пагарджаць правераным вопытам шматлікіх пакаленняў, хай сабе і ў імкненні да суб’ектыўна добрых намераў, эвалюцыяніраваў да непрыкрыта эгаістычнай канцэпцыі жыццёвых паводзін. Такі ў раманах I. Чыгрынава Чубар – непахісна верны раз і назаўсёды засвоеным устанаўленням і гатовы ў гэтай вернасці стаць над усімі людзьмі з пачуццём аўтарытэтнай сваёй праваты.
Суровы маральны і грамадзянскі суд над асобай такога эмацыянальна-псіхалагічнага складу, у якой закладзена супярэчнасць узнёслага парывання і нізка зямнога прыцягнення, якое ў рэшце рэшт паралізуе парыванне і ўзлёт, дыктуецца ўсім сэнсам ідэйнамастацкай эвалюцыі пісьменніка. Звярнуўшыся ў сваіх раманах да тэмы партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, які быў глыбінным народным рухам, ідэйна і арганізацыйна кіруемым воляй партыі, I. Чыгрынаў яшчэ больш узмацніў традыцыйна-народны крытэрый маральных і грамадзянскіх каштоўнасцей. Згодна гэтага крытэрыю тып паводзін, адарваны ад агульна-народнай арыентацыі, хоць і даволі актыўны ў самасцвярджэнні, выраджаецца ў самаўпэўненага эгаіста, няздатнага колькі-небудзь сур’ёзна павярнуць сваё жыццё ў бок калектыўнай справы. Тым больш цяжка яму, аднабаковаму і прадузятаму ў сваіх жыццёвых уяўленнях, спасцігнуць жывую надзённасць часу і адчуць сваю прыналежнасць да важных падзей народнага жыцця.
У апавяданні «Шчаслівае месца» I. Чыгрынава ёсць ледзь не алегарычны эпізод, у якім раскрываецца бяссілле індывідуальных намаганняў чалавека, калі яны не супадаюць са штодзённымі, звычайнымі патрэбамі іншых людзей. Герою гэтага апавядання трэба вясною ў разводдзе перабрацца на другі бераг ракі, але ён гэтага зрабіць не можа, бо вымушаны чакаць, пакуль у каго-небудзь з мясцовых людзей узнікне неадкладная патрэба таксама быць на другім беразе ракі. I тады будзе зроблены далёкі аб’езд на мост. Сэнс гэтага завостранага сюжэтнага моманту вельмі празрысты: сувязь асабістых намаганняў чалавека з народнымі інтарэсамі гарантуе сапраўдны поспех і рэальны вынік.
Асабліва мэтанакіравана і ў шырокім маштабе шукаў I. Чыгрынаў у апавяданнях жывога ўвасаблення станоўчага ідэалу ў канкрэтным чалавечым лёсе. Многія героі яго апавяданняў – людзі з глыбокай унутранай верай у праўду і справядлівасць чалавечай волі. Задача паказаць у пераканальных і жывых рысах вобраз высокамаральнага, прыгожага душой чалавека цяжка даецца кожнаму пісьменніку. У. I. Чыгрынава таксама не ўсё ўдавалася адразу.
Падкрэслена прывабнае аблічча станоўчага героя, напрыклад, у апавяданні «Народны камісар» надзелена стандартнымі прыгожа кніжнымі рысамі: «Быў ён моцнага складу, шыракаплечы, вышэй сярэдняга росту і з твару нечым нагадваў пажылога акцёра – пасівелага, з сумнымі запалымі вачамі, але з выгляду яшчэ – на пэўнай адлегласці – як маладога…»
Найбольш бянтэжыць тут, бадай, параўнанне героя з пасівелым акцёрам – выразная адзнака знешняй паэтызацыі. Але такіх выпадкаў нават у ранніх апавяданнях пісьменніка няшмат. I. Чыгрынаў усё больш і больш паслядоўна павышаў узровень эпічнай аб’ектыўнасці ў стварэнні вобраза дзейснага героя. Як глыбокі рэаліст ён бачыць характар паводзін чалавека ў выразным індывідуальным праяўленні і разам з тым у тыповым грамадскім значэнні. Пры неабходнасці I. Чыгрынаў даводзіць выразнасць рысы да стану аголенасці і знешняй непрывабнасці, але ўсё гэта не толькі не прыніжае героя, але ўзбуйняе эпічна яго агульнае аблічча, бо яно, гэтае аблічча, атрымлівае шматграннасць унутранай характарыстыкі. У апавяданні «Самы шчаслівы чалавек» Аляксея, напрыклад, зусім не прыніжае той факт, што пасля першага артабстрэлу ён устае з зямлі на карачках. «Артналёт скончыўся раптоўна, таксама як і пачаўся. Аляксей, яшчэ не верачы сабе, падняўся спачатку на карачкі, пасля стаў хістаючыся на ногі; твар яго ў гэты момант быў як у нежывога». Гэтае «падняўся спачатку на карачкі», «твар яго ў гэты момант быў як у нежывога» якраз і патрэбна пісьменніку, каб наглядна паказаць вялікі пафас «уставання» савецкага чалавека пад моцным ударам ворага дзеля ўпартай, гераічнай барацьбы з ім.
Заўважаецца, што ў пошуках духоўна велічнага стану чалавека I. Чыгрынаў ужо ў апавяданнях усё часцей і часцей звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай творчай сітуацыі, відаць, і вырастала задума пра зараджэнне партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, пра простых, але душэўна багатых і гераічных людзей мужнай і складанай партызанскай барацьбы. Вобраз Дзяніса Зазыбы з раманаў пісьменніка, чалавека, які вельмі натуральны ў сваёй еднасці з народам, антыпода Чубара – вышэйшае дасягненне аўтара ў мастацкім сцвярджэнні дзейснага народнага характару.
Такім чынам, у апавяданнях I. Чыгрынава ўжо вельмі пэўна і моцна выявіліся творчыя імпульсы, якія вялі да ўмацавання пачуцця гістарызму і народнасці ў аўтарскай ідэйна-мастацкай пазіцыі. У выніку паступова фармаваліся і адпаведныя жанрава-стылёвыя асаблівасці яго твораў. Выспяванне раманнай задумы ў I. Чыгрынава адбывалася вельмі натуральна, праз пераадоленне ўжо дасягнутага і заваяванага, у імкненні да новых вышынь. Гэтая задума сапраўды азначала перш за ўсё новае, больш шырокае і праніклівае адчуванне зрухаў у народнай свядомасці. Пісьменнік таксама вызваляўся паступова ад усяго, што было неарганічна яго таленту. Яго поўнасцю захапіў эпічны размах гістарычна-аб’ектыўнага адлюстравання народных імкненняў у час вялікіх выпрабаванняў і барацьбы.
* * *
Літаратура ва ўсе часы імкнулася паказваць вайну ў шырокім эпічным адлюстраванні, выкарыстоўваючы мастацкія сродкі буйных жанраў. Дастаткова нагадаць у якасці прыкладу «Іліяду» Гамера, «Песню пра Раланда» і «Слова аб палку Ігаравым», паэму Яна Вісліцкага «Пруская вайна», раман Л. Талстога «Вайна і мір», раман М. Шолахава «Ціхі Дон». У такой унутрана-жанравай схільнасці бачацца зусім пэўныя прычыны, бо вайна нясе з сабой такія грандыёзныя і сур’ёзныя грамадскія зрухі, такія рашаючыя перамены ў лёсе народа і чалавека, што асэнсаванне іх сутнасці патрабуе грунтоўнай засяроджанасці думкі, маштабнага ахопу з’яў, усебаковай іх увязкі з агульнай хадой часу, з галоўнымі тэндэнцыямі эпохі. А ўсё гэта ў сваю чаргу чакае ўвасаблення ў адпаведнай мастацкай форме, дзе скорагаворка, аднапланавасць сюжэтных ліній, вузкасць пачуццёвых перажыванняў, падзейная абмежаванасць не садзейнічаюць дасканаламу выяўленню ідэі і наўрад ці забяспечваюць творчы трыумф самой задумы пісьменніка.
Мабыць, у творах пра вайну шырокая эпічная выяўленчасць валодае нейкай асаблівай, дадатковай эстэтычнай апраўданасцю.
Эпапейнасць – не толькі фармальна-жанравая асаблівасць раманаў I. Чыгрынава, не толькі знешняя прыкмета творчай задумы, як гэта часта здаралася ў беларускай прозе 40-х і пачатку 50-х гадоў. Гэта сама канцэпцыя мыслення пісьменніка. Усё, што трапляе ў поле зроку аўтара, прасякнута ідэяй велічы жыцця, адчуваннем яго магутнай хады, імкненняў усенароднай сілы.
Жыццё – самы галоўны, бадай, персанаж раманаў I. Чыгрынава. Таму нават звычайны жыццёвы выпадак, здарэнне ў яго маюць статус дзеючых асоб. Сутыкнуўшыся з імі, станоўчыя героі раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» вядуць сябе так, нібы сустрэлі незнаёмага чалавека, стараюцца вызнаць яго характар і прадугадаць магчымыя вынікі сустрэчы.
Гэта вельмі важны момант у паэтыцы раманаў I. Чыгрынава, ва ўсім светапоглядным адчуванні пісьменніка. Ён заваяваны развіццём усёй беларускай літаратуры пасляваеннага часу, якая звярталася да тэмы вайны. На аснове папярэдніх рэалістычных традыцый паступова выпрацавалася ўнутранае чуццё, што героем на вайне з’яўляецца не той, хто імкнецца ўзняцца над падзеямі, а той, хто ўмее разгадваць кірунак іх развіцця і скарыстаць гэтае еданне дзеля задач перамогі. Сапраўдны герой не будзе ігнараваць выпадак як дробязь, якая не заслугоўвае ўвагі, а пастараецца яго «асядлаць» і гэтым самым уплываць на галоўны зрух жыцця.
Трэба сказаць, што выпадак вельмі шмат значыць у лёсе ўсіх герояў I. Чыгрынава. Галоўны герой яго раманаў Дзяніс Зазыба – сельскі актывіст з рэвалюцыйным мінулым, які некалі ваяваў пад камандаваннем Шчорса, ардэнаносец, намеснік старшыні калгаса – абавязаны сваім жыццёвым становішчам звычайнаму выпадку. «Можа б, ён тады і не падаўся да Шчорса, але пасварыўся з бацькам: цыганы ўкралі на лузе іхнюю жаробку, на якую спадзяваліся ў гаспадарцы, і вінаваты быў Дзяніс, бо не застаўся на начлезе, а прывалокся начаваць у вёску да жонкі». Жаробка, цыганы, жонка, сварка з бацькам і, нарэшце, Шчорс – якая далёкая сувязь паміж падзеямі і людзьмі! Але ў гэтай стыхійнай сувязі выпадковасцей ёсць свая заканамернасць, логіка жыццёвай плыні. Сэнс жыцця часцей за ўсё выяўляецца скрытна, ён, бывае, зацямняецца нагрувашчваннем выпадковасцей, але ён і праяўляецца ў іх, выпадковасцях. Яны таксама складаюць сапраўдны твар жыцця. Што Дзяніс Зазыба апынуўся ў Шчорса – гэта і выпадковасць і адначасова заканамернасць. Так, трапіў ён туды выпадкова, але заканамернасць была ў тым, што ён застаўся ў Шчорса і ваяваў самааддана, бо справа, за якую змагаліся байцы Шчорса, адпавядала жыццёвым інтарэсам такіх людзей, як Зазыба.
У час крутых перамен асабліва ўзрастае ўлада сляпога здарэння над лёсам чалавека. Аказваецца, што звычайная бадня, якой чэрпаюць ваду з калодзежа; можа дачыніцца да зыходу, жыць ці не жыць людзям цэлай вёскі. Няўмелае карыстанне баднёй прывяло да таго, што ў калодзежы ўтапіўся нямецкі салдат.
Але за гэта ледзь не былі расстраляны ўсе жыхары Верамеек.
Справа ў тым, што, згодна агульнай эстэтычнай канцэпцыі пісьменніка, выпадак хоць і сляпая, але праява жыцця. Зразумела, што рэакцыя на выпадак з’яўляецца рэакцыяй на ход самога жыцця. Таму I. Чыгрынаў апісвае не столькі здарэнне само па сабе, колькі паводзіны немцаў у сувязі са здарэннем, раскрывае іх рэакцыю на выпадак. Гэтым самым у яго раманах ставіцца праблема суадносін акупацыйнай сілы і ўсяго ўкладу тутэйшага, мясцовага жыцця.
У жыцці здараецца такое, што мала залежыць ад свядомых жаданняў людзей. Гэта знак яго глыбіннай сутнасці. I каб не сутыкнуцца слепа з яго няўмольным напорам і імпэтам у трагічнай сітуацыі, каб засцерагчыся ад непажаданага збегу абставін і ўласных памылак, трэба мець цярпенне і здольнасць знайсці аб’ектыўныя прычыны таго, што здарылася, трэба мець давер да жыцця.
Знік салдат – нечаканы выпадак. Як жа немцы рэагуюць на яго? З самага пачатку яны і не думаюць высвятляць сур’ёзна абставіны, дазнавацца праўды. Яны дзейнічаюць паспешліва, авантурна і груба: зганяюць усіх жыхароў у адно месца і пагражаюць расстрэлам, хочучы ад іх даведацца, дзе падзеўся іхні салдат, зусім не ўлічваючы таго, што жыхары могуць і не ведаць гэтага. Значыць, яны дзейнічаюць наперад зададзена, нібы заведзены механізм, дзейнічаюць пагардліва і эгаістычна, поўнасцю ігнаруючы аб’ектыўную дадзенасць. А гэта вядзе да злачынства.
I злачынства здарылася б – жыхары Верамеек былі б расстраляны, каб зноў не выпадак, на гэты раз выратавальны для верамейкаўцаў, – конь, на якім ездзіў салдат, аказаўся разумным і «падказаў», дзе застаўся яго гаспадар. Але такая акалічнасць ужо нічога не змяняе ў маральна-псіхалагічнай і сацыяльнай характарыстыцы акупантаў, бо выратавальнага выпадку магло б і не быць. I тады…
Звычайная дзеравяная бадня – несамавіты, цяжкі, груба апрацаваны прадмет спрадвечнага ўжытку – ператвараецца ў сімвал усяго тутэйшага, мясцовага, якое мае сваю спецыфіку, свае норавы, звычаі. Яна па-свойму, няроўна хадзіла, гэтая бадня, «на ўзроўні апошняга вянка ў зрубе» яна «раптам моцна, рыўком тузалася да другой сценкі, і чалавек, які не ведаў пра гэта, мог не ўстаяць на нагах і лёгка пашаснуцца, паляцець галавой уніз. Акурат так і здарылася з немцам». Здарылася, бо ён, немец,– чужы, прышлы.
Пісьменнік знаходзіць яшчэ адну дужа яскравую і характэрную дэталь, праз якую добра відаць няздатнасць салдат акупацыйнага войска ўлавіць рэальную сітуацыю тутэйшага жыцця, стаць на цвёрды грунт аб’ектыўнасці. Урэшце, яны і не хочуць дазнавацца праўды. Шукаючы прапаўшага таварыша, яны спяшаюцца, нібы пастаянна падганяюць сябе, хапаюць без разбору таго, хто трапляе на вочы. Гэтак быў заарыштаваны імі і ўсур’ёз прыняты за вясковага тэрарыста няшчасны юродзівы Ціма. Сітуацыя ўзнікла недарэчная, і ў ёй нібы ўраўніваюцца і Ціма, і яго канваіры, бо ні ў яго, ні ў іх няма здаровага адчування сапраўднага стану рэчаў. Людзі ўвесь час адчуваюць у сабе нейкую даўкую напяткасць, пастаянны душэўны страх, бо нельга ведаць і прадбачыць, як будуць паводзіць сябе акупанты ў тым ці іншым выпадку. Простая вясковая жанчына Варка Касперукова кажа: «Ета ж каб і праўда з нармальнымі людзьмі справу меў. А то ж немцы!»
Ад усяго гэтага павявае смяртэльнай небяспекай, і яе адчуваюць мясцовыя жыхары, унутрана сцяўшыся ў напружанні. Ці не ад гэтага душэўнага зруху пачыналася ўсенароднае непрыняцце акупацыйнага рэжыму?
Вельмі паслядоўна пісьменнік паказвае, што акупанты рэагуюць на ўсё ім незразумелае, нечаканае і новае для іх уяўленняў з раздражненнем і непрымірымасцю, якія дыктуюцца фанабэрыстым усведамленнем вышэйшасці, даходзяць да індывідуалістычнага эмацыянальнага ўзрыву, які агрэсіўна накіраваны супраць мясцовых жыхароў. Жаданне знішчыць, скінуць са свайго шляху ўсё, што выклікае ў іх недаўменне, няўцямнасць ці абразу, у такой ступені моцнае, ужо выспелае, што ў гэтым перш за ўсё адчуваецца і бачыцца душэўная прасякнутасць, набрыняласць ідэалогіяй выключнасці – ідэалогіяй фашызму. Нават паліцэйскага Брава-Жыватоўскага, які хоча служыць ім верай і праўдай, афіцэр агрэў бізуном, раздражнёны яго бесталковасцю. Але пакуль што фашысты дужа ўпэўненыя ў сабе, бо яны яшчэ не бітыя, і на такія дробязі не звяртаюць увагі. Але яны ўжо асуджаны жыццём. Час ужо лічыць першыя хвіліны іх паражэння на гэтай зямлі і адмервае ім першыя крокі ў небыццё.
Вайна вылілася ў каласальнае сутыкненне дзвюх армій, у супрацьборства дзвюх ідэалогій, але барацьба ідзе і тут, у малых Верамейках, на тым спрадвечным жыццёвым полі, дзе выяўляе сябе штодзённая мараль: як зрабіць, што сказаць, каму сімпатызаваць.
Недзе далёка на фронце грымяць выбухі, не сціхае страляніна, салдаты ідуць у атаку, а на акупіраванай тэрыторыі пакуль што ціха. Але гэта абманлівая цішыня, бо прарастаюць ужо зерні пратэсту, а значыць, і змагання. Першая душэўная рэакцыя пры сустрэчы з акупантамі прадвызначае выбар. Раней чым узнікла пачуццё ўсенароднага непрыняцця акупацыйных парадкаў, людзі адчулі ў акупантах чужынцаў. Тут – галоўнае. З гэтага пачнецца супраціўленне і партызанская барацьба, на гэту падрыхтаваную ўжо глебу будуць плённа падаць словы партыйнага закліку да ўсенароднай вайны з ворагам.
Можна падумаць, аднак, што такая страхатлівая першая сустрэча верамейкаўцаў з немцамі выйшла па той прычыне, што нейкай вайсковай часці, перад якой стаіць свая мэта і якая запынілася каля Верамеек зусім выпадкова, і сапраўды няма часу падрабязна разбірацца ў абставінах, шукаць праўду, прыстасоўвацца да мясцовых умоў. На гэта ёсць мясцовая акупацыйная ўлада ў асобе каменданта Адольфа Гуфельда, які асталяваўся ў Бабінавічах. Камендант сапраўды стараецца зразумець асаблівасці тутэйшага жыцця і часам аддае талковыя распараджэнні. Характар і змест яго першых загадаў нават наводзяць Зазыбу на думку, што Гуфельд з’яўляецца тайным нямецкім камуністам. Ён вітаецца па-тутэйшаму і нават робіць спробу гаварыць па-беларуску. Але не, не памыліліся верамейкаўцы ў сваіх уражаннях ад першай сустрэчы з немцамі, калі яны набраліся страху, калі назаўсёды пахіснулася ў іх упэўненасць у сваім лёсе. Дзяніс Зазыба таксама хутка пераканаўся ў сваёй памылковай ацэнцы дзеянняў каменданта. Убачыўшы Гуфельда на нарадзе з шомпалам у руках, які ён носіць на манер стэка, ён адразу здагадваецца, што і Гуфельд такі ж самы, як і тыя немцы, што сустрэліся верамейкаўцам. Прыстасаванне да мясцовых умоў у каменданта знешняе і паказное, а ва ўсёй сваёй палітыцы да мясцовага насельніцтва ён апіраецца на сілу. «Тым часам камендант спыніўся за сталом, акурат пасярэдзіне, і ўзмахнуў зусім над стольніцай шомпалам, мусіць, ім гэтакі жэст узяты быў за звычай, але прысутнымі ён успрыняты быў як для постраху». Ілюзій у Зазыбы больш няма. Шомпал – вельмі красамоўны сімвал грубага падаўлення і страху.
На гэтай жа нарадзе камендант паведамляе, што за напад невядомых асоб на машыну начальніка раённай жандармерыі расстраляна сем чалавек з навакольных вёсак, паведамляе так, што адразу відаць – ён, камендант, лічыць, што так і трэба, што ў такой акцыі няма ні бесчалавечнасці, ні бессэнсоўнасці. Караюцца ж невінаватыя людзі! Зазыба ўражваецца гэтым, і таму ў яго, як і ва ўсіх разумных і сумленных людзей, што прысутнічаюць на нарадзе ў каменданта, адразу за недаўменнем з’яўляюцца ў душы холад, трывога, адчуванне вялікай небяспекі, якая насунулася на народ.
Дзяніс Зазыба як чалавек і вясковы кіраўнік – увасабленне ўсяго лепшага, што было ў сялянстве, якое на працягу стагоддзяў жыло сваім, адасобленым, патрыярхальным жыццём. Адукацыя ў яго невялікая, але ён мае не абы-які прыродны розум, салідны жыццёвы вопыт, унутраную загартоўку і цвярозасць погляду на свет. Ёсць у ім той сялянскі практыцызм, які не з’яўляецца голым, жорсткім практыцызмам, калі сутнасць рэчаў засланяецца выгадай і разлікам. Не, практыцызм Зазыбы такі, што ў ацэнцы падзей не страчваецца спрадвечная народная мараль. На глыбокі аналіз навакольнага жыцця Зазыба, бадай, не здатны, але яму зусім дастаткова тых разумовых і душэўных вартасцей, якія ў яго ёсць, каб распазнаць простую праўду таго, што дзеецца, угадаць, чаго варты чалавек. А на большае ён і не прэтэндуе.
Нялёгка жылося і жывецца Дзянісу Зазыбу, бо ён належыць да тых рэдкіх людзей, якія заўсёды патрэбны іншым – суседзям, грамадзе. Ён больш справядлівы душой і больш здагадлівы розумам за іншых, і таму людзі хочуць, каб ён хадзіў у кіраўніках. Адным словам, да вайны Зазыба – тыповы сельскі актывіст, які працаваў на Савецкую ўладу не за выгаду і набыткі, а па душэўнай і практычнай патрэбнасці. I нават пасля таго, як несправядліва быў арыштаваны яго сын Масей, які вучыўся ў горадзе, Дзяніс застаўся ранейшым – працаваў з поўнай аддачай сіл. Толькі пацяжэла і пацямнела ў душы, але гэтага людзі не бачаць. У такой яго ўнутранай раўнавазе і паслядоўнасці – не проста звычка да кіраўніцтва, да начальніцкага становішча, а глыбокае адчуванне, што ён патрэбен людзям.
I вось вайна. Калі б Зазыба быў прагны да ўлады над людзьмі за выгаду, то акупацыя давала яму магчымасць скарыстаць сваё становішча і пайсці служыць немцам. Яны не пашкадавалі б яму «добрай пасады», бо ён у іх вачах мог лічыцца пацярпеўшым ад бальшавікоў: арыштаваны і пасаджаны ў турму сын, яго самога знялі з пасады старшыні калгаса і панізілі. Але ў Зазыбы нават думкі не ўзнікае, каб скарыстаць раптоўны паварот жыцця для нейкіх разліковых мэт, бо жыве ён натуральна і сумленна.
Прычым найбольш упэўнена адчувае сябе Зазыба сярод сваіх людзей, якіх ён добра ведае. Адагнаўшы калгасны статак на ўсход, ён вяртаецца назад, дадому, пад акупацыю. Вядома, такі чалавек, як Зазыба, знайшоў бы сабе месца і карысны занятак там, за фронтам. Але дома засталася жонка, і кідаць яе адну Дзянісу ніяк не выпадала. Ды, урэшце, такі ўжо склад яго натуры – не адрывацца ад дому, ад родных гоняў і каранёў. Тут ён разумнейшы і мацнейшы духам.
I ўсё ж атрымліваецца так, што Зазыба, не хочучы служыць акупантам, пачынае ім служыць. Схаваўшы дома, а пасля ўладкаваўшы ў мястэчку савецкую разведчыцу, ён пры немцах зноў апынаецца на пасадзе старшыні калгаса, які немцы не распусцілі, і вымушаны выконваць іхнія распараджэнні. Фармальна як быццам так і выходзіць, што Зазыба па звычцы ходзіць у начальстве і пры немцах не адмаўляецца ад пасады, хоць мог бы адмовіцца. Сапраўды, можна падумаць, што калі ён праўдзівы патрыёт, то яго абавязак быў не згаджацца браць пасаду. А ён згаджаецца ды яшчэ добраахвотна. Больш таго, Зазыба таксама, можна сказаць, добраахвотна паехаў на нараду, якую склікае камендант, і арганізуе калгаснікаў па загаду каменданта ехаць рамантаваць мост, які пры адступленні спалілі чырвонаармейцы.
Што стаіць за гэтымі ўчынкамі героя і як іх расцаніць? Можа, гэта ціхая, палахлівая здрада? Можа, на Зазыбу падзейнічаў страх, што немцы за верную службу Савецкай уладзе пакараюць яго? Ён жа быў узнагароджаны баявым савецкім ордэнам за гераізм у грамадзянскую вайну. Нездарма дэзерцір Раман Сёмачкін пагражае Дзянісу («цяпера табе трэба маліцца»), нездарма палохае паліцэйскі Брава-Жыватоўскі («мо забыў, пра што ўчора з табой гаварылі?.. Ну што ж, наракай пасля на сябе»). Але не, няма ў Зазыбы страху. I яго ўчынкі – не здрада, бо ён не мяняе сваіх думак, ацэнак людзей, пераконанняў.
А можа, паводзіны Зазыбы тлумачацца душэўнай стомленасцю, вынікам якой з’яўляецца ўнутраная згода плысці туды, куды нясе жыццёвая плынь? Ці, можа, ён свядома разлічвае стаць бліжэй да немцаў, каб нечым памагчы савецкай разведчыцы? Думаецца, не тое і не другое. Герой проста дзейнічае згодна сваёй натуры, згодна ўласнаму адчуванню жыцця. I ў вайну ён застаецца верным тым жыццёвым прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў мірны час. Зазыба робіць так дзеля сваіх, вясковых людзей, якім верна служыў і да вайны. Ён хоча служыць ім гэтак жа верна і цяпер. Змяніліся толькі ўмовы. Адчуванне ў Зазыбы гэтых умоў такое: раз пад акупацыяй засталіся жыць людзі, то пражыць гэты час яны павінны па магчымасці найбольш правільна, з найменшымі стратамі і яго, Зазыбы, абавязак дапамагчы ім у гэтым. А дапамагчы ён можа толькі не ўхіляючыся ад падзей, якія ідуць насустрач, толькі будучы там, дзе першаму можна даведацца, куды кіруюцца падзеі.
I Дзяніс Зазыба адважваецца ехаць на нараду, гэтым самым беручы на сябе пасаду, якую ён павінен будзе пэўніць па загадах акупацыйных улад.
Фармальна ўчынак Зазыбы з’яўляецца здрадай свайму ранейшаму жыццю, Савецкай уладзе. Але толькі фармальна. Справа ў тым, што Зазыба зусім не думае пра тое, як будзе расцэнены яго ўчынак іншымі. Будзе ён абвінавачаны ў здрадзе ці не будзе – для яго не важна. Галоўнае для яго рабіць так і жыць так, як ён лічыць правільным і каб ад гэтага была карысць людзям. Таму ён і не прамінае выпадку быць на тых рубяжах жыцця, дзе вырашаюцца лёсы яго аднавяскоўцаў. Каб зноў служыць ім, гэтым людзям, служыць якім ён ужо звык, яму патрэбна перш за ўсё разуменне новай жыццёвай сітуацыі, якая ўзнікла з прыходам немцаў, разуменне іх саміх, іх намераў, усёй сутнасці іхняй палітыкі на занятай імі зямлі. I ён едзе на нараду, каб убачыць каменданта, прыгледзецца да яго паводзін, прасачыць ход нарады і вынесці з усяго гэтага сваё ўражанне, якое і паслужыць практычнай асновай яго далейшых дзеянняў.
Заслуга I. Чыгрынава ў распрацоўцы сацыяльна-маральных праблем мінулай вайны заключаецца яшчэ і ў тым, што ён у цэнтры раманаў паставіў чалавека з народа, тыповага прадстаўніка сялянскай масы. Дзяніс Зазыба з тых, хто пакуль што не бярэцца за зброю, але ён – будучая апора партызан, іх незаменны памочнік. Ён з таго асяроддзя, з якога партызаны будуць чэрпаць сілы, атрымліваць дапамогу. Але роля і значэнне гэтага асяроддзя ў зыходзе вайны – не толькі ў тым, што яно актыўна дапамагала адкрытай узброенай барацьбе партызан супраць ворага. Справа ў тым, што яно само ўяўляла рэальную сілу і яго зброяй былі ўнутраная непакора і тайнае супраціўленне ўсім намаганням акупантаў. Менавіта тут, у гэтым асяроддзі, стрымліваліся і нейтралізаваліся іх самыя суровыя загады, гасіліся самыя напорыстыя адміністрацыйныя распараджэнні. Зазыба ўсім ладам сваіх адносін да падзей у час акупацыі вучыцца сам і вучыць іншых не гэтак таму, як ваяваць з ворагам, колькі як жыць ва ўмовах акупацыі. Але, як аказваецца, гэта па сутнасці адно і тое ж.
Такім чынам, у раманах I. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» вобраз Зазыбы вырастае ў вельмі тыповую на акупіраванай тэрыторыі фігуру чалавека, які аказвае канкрэтную дапамогу ўсім, хто змагаецца з ворагам, і сам пастаянна жыве і дзейнічае насуперак планам і намерам акупантаў, ствараючы агульную атмасферу непрыняцця ўсяго таго, што нясе з сабою вораг.
У выніку ў жыццёвым лёсе Дзяніса Зазыбы ўжо накрэсліваецца выразная лінія трагізму. Дапамагаючы вялікай усенароднай справе толькі па сумленню і тайна, яму цяжка будзе цяпер ці ў будучым даказаць пры неабходнасці свой удзел у гэтай справе, цяжка будзе дабіцца, каб яму паверылі. Тым больш цяжка будзе растлумачыць сапраўдныя матывы сваёй прысутнасці на нарадзе ў каменданта. Яму ж такога задання ніхто не даваў. Нездарма паліцэйскі Брава-Жыватоўскі ўжо лічыць Зазыбу трохі сваім. Але ж так могуць думаць і іншыя, бо знешняе ў людскіх вачах заўсёды бясепрэчнае, а нябачнае, скрытнае – праблематычнае. Яму можна верыць і не верыць.
Яшчэ больш ускладняецца жыццёвае становішча Зазыбы пасля таго, як вярнуўся дадому арыштаваны перад вайной сын Масей. Вярнуўся ён не па закону, а ў выніку выпадковасці, якую яму прадаставіла вайна. Па сутнасці, зварот з турмы сына азначае не што іншае, як уцёкі. З аднаго боку, Зазыба рады, што Масей вярнуўся, што ён не пакутуе, з другога боку – зварот сына як быццам блытае яго жыццёвыя імкненні, падрывае асабістую аснову ў яго дзеяннях. Зазыба дастаткова разумны чалавек, каб не зразумець, што перамога той справы, за якую ён змагаецца, азначае для яго ўласнага сына зварот да ранейшага пакутлівага стану, зварот у турму, бо пасля вызвалення ў Масея спытаюць, якім чынам ён апынуўся на волі і, вядома ж, не пахваляць за ўцёкі. Вось як востра павернута сюжэтная лінія! I як шмат сацыяльнага і маральнага сэнсу стаіць за гэтым паваротам! Дзе ж выхад, дзе ратунак для бацькі?
Цяжкі збег абставін не абяцае Зазыбу лёгкага выйсця. Найвялікшы драматызм яго становішча заключаецца ў тым, што жаданне волі для сына азначае для яго адмову ад усяго свайго ранейшага жыцця і нават змірэнне з акупацыяй, на што ён пайсці не можа. Але і другі жыццёвы варыянт, які і выбірае герой, таксама супярэчлівы, таксама драматычны. Усё глыбей і глыбей уцягваючыся ў рух супраціўлення немцам у імя перамогі савецкага ладу жыцця, ён вымушаны нібы забыцца пра пакуты сына, пра яго пакалечаны лёс, бо няшчасце з сынам сталася пры Савецкай уладзе. Вядома, пакуты Масея баляць яму, бацьку, але ён працягвае верыць у нейкі вышэйшы ідэал мінулага жыцця, які назаўсёды зліўся ў яго душы з уласнай маладосцю, з перыядам грамадзянскай вайны. Таму ён так настойліва дабіваецца ад сына, каб ён у такі складаны час душэўна не засяроджваўся на ўласнай бядзе. Ён баіцца, што Масей можа зрабіць цяпер, не па сваёй нават волі, няправільны жыццёвы крок, які не толькі яшчэ больш сапсуе яму жыццё, але ў нечым істотным канчаткова развядзе яго з бацькам.
У рэакцыі Зазыбы на выпадак звароту сына ў найвышэйшай меры, выявілася прыроджаная разважлівасць героя, яго здольнасць да непаспешлівых, цвярозых учынкаў. I ён гэтым перамог хоць бы часова неспрыяльны збег абставін. У рамане «Свае і чужынцы» Зазыба пераконваецца, што сын Масей паважае разважлівасць і кола інтарэсаў бацькі, адмаўляецца супрацоўнічаць з акупантамі на аснове нацыяналістычнай ідэйнай пазіцыі, да чаго спрабуе схіліць Масея яго былы сябар Астрашаб.
Такім чынам, прынцыповая паслядоўнасць і стойкасць даюцца Зазыбу нялёгка. Яго душа раздзіраецца супярэчнасцямі. Ён адчувае, што недастаткова ўважлівы да складанага становішча сына, і перажывае з-за гэтага. Масей, у сваю чаргу адчуўшы душэўную адчужанасць бацькі, замыкаецца ў сабе, перажывае сваю вымушаную адвержанасць і баіцца адзіноты.
Хто ж тады ўсё-такі Дзяніс Зазыба? Чалавек, які гэтак жа, як і Чубар, здольны прынесці ў ахвяру раз і назаўсёды засвоенаму прынцыпу жывыя інтарэсы людзей, калі яны не супадаюць з гэтым прынцыпам?
Падабенства ў паводзінах герояў абодвух раманаў I. Чыгрынава Зазыбы і Чубара чыста знешняе і толькі маментальнае. Розніца паміж Зазыбам і Чубарам у тым, што прынцып для кожнага з іх значыць не адно і тое ж. Для Зазыбы прынцып з’яўляецца метадам разумення жыцця, адшукання разумнага сэнсу, каб не заблытацца ў стыхіі падзей і здарэнняў – рыса, уласцівая, дарэчы, далёка не кожнаму селяніну, а толькі лепшым прадстаўнікам вясковага люду. Для Чубара прынцып – зручны сродак ухіліцца ад складаных стыхійных праяў жыцця, зрабіць сабе палёгку, сродак мераць механічна, як метрам, жывую рэчаіснасць. Прынцып становіцца ў паводзінах Чубара прыкрыццём боязі вечна зменлівага ходу жыцця, адзін на адзін, з якім Чубар аказваецца бездапаможны. Ён адразу смялее, калі ёсць хто-небудзь побач з ім, хто дае распараджэнні. Калі з надыходам немцаў з раёна перасталі паступаць інструкцыі, Чубар проста разгубіўся, страціў апору, грунт і стаў перакаці-полем. Яго адразу падхапілі падзеі і пацягнулі за сабой. Ад гэтага ён стаў не патрэбным нікому. I таму ён дужа рад, калі ў час свайго недарэчнага блукання сустрэў двух чырвонаармейцаў: «Цяпер не трэба было са страхам думаць пра тое, што рабіць».
Чубар перакананы, што прынцып заўсёды непрымірыма варожы жыццёвай стыхіі і таму яе і не трэба імкнуцца зразумець, а лепш адкінуць. Адсюль жорсткасць і дагматызм гэтага героя ў практычным ажыццяўленні свайго пастулату паводзін, засвоенага з дырэктывы. Ён нават у думках не дапускае такой магчымасці, што можна змяніць ці падправіць загад або распараджэнне з улікам новых, раней не прадугледжаных абставін.
Несупадзенне адносін да жыцця Зазыбы і Чубара, хоць яны і робяць адну справу, выразна накрэсліваецца на першых ужо старонках рамана «Плач перапёлкі». Вельмі характэрная размова адбываецца паміж старшынёй калгаса Чубарам і яго намеснікам Зазыбам пасля таго, як калгас выканаў дырэктыву раёна адагнаць калгасны статак на ўсход:
«Тады спытаў Зазыба:
– Кароў да аднае пагналі?
– А ты думаў, тут пакінем?
Зазыба паляжаў і зноў спытаў:
– Неяк Марфа мая казала, што ў Палагі Харытонавай карова падавілася бульбінай, дак ці даў ты ёй карову?
– Не.
– А Баханьку? У яго ж старая; да і ялаўка ў етым годзе. Калі па-справядліваму, дак і яму варта было б замяніць яе.
– Надумаліся калі мяняць!..
– А ён, помніш, прасіў даўно, яшчэ ў маі пісаў на праўленне.
Чубар паморшчыўся, як ад прыкрасці.
– Дарэмна, – сказаў Зазыба.
Гэта нечакана ўзбурыла Чубара:
– Але ж мы не павінны за кошт калгаснага статка папаўняць прыватны сектар.
– Пры чым тута прыватны сектар? – заварушыўся ў ложку Зазыба.– Калі ў калгасніка няма каровы, дык хто яму паможа, як не мы?»
У гэтай размове ўвесь Чубар і ўвесь Зазыба. Для аднаго фармальнае выкананне дырэктывы прыносіць радасць па той прычыне, што не патрабуе ніякай уласнай ініцыятывы, забяспечвае душэўны спакой, для другога – усякае дзеянне, нават калі яно дырэктыўнае, павінна суадносіцца, па яго перакананню, з штодзённымі інтарэсамі канкрэтных людзей. У пазіцыі Зазыбы няма ні паказнога шкадавання, ні сентыментальнай жальбы. Гэта ўменне ўлічыць адзінкавы лёс і ўключыць яго ў складаную агульнасць людскіх інтарэсаў з разуменнем асабістых патрэб чалавека.
Разыходжанне паміж Чубарам і Зазыбам у разуменні свайго абавязку перад людзьмі, як акажацца далей, будзе мець не толькі маральнае, але і палітычнае значэнне. Чубар, у якога за гады яго начальніцкай службы зусім атрафіравалася здольнасць разумець і ўлічваць разнастайнасць, складанасць і нечаканасць жыццёвых праяў, дапускае палітычнае злачынства, забіваючы доктара-акружэнца, які, трапіўшы ў незвычайнае становішча, вёў сябе незвычайна і, як здалося Чубару, падазрона.
Чубару асабліва цяжка арыентавацца ўнутрана ў час вайны, калі новыя складаныя абставіны ствараюць нябачныя дагэтуль сітуацыі, калі адзін за адным узнікаюць непрадбачаныя выпадкі, якія не маюць яшчэ агульнапрынятай ацэнкі, калі гэтую ацэнку трэба рабіць самому, і рабіць неадкладна. Гэта нервіруе і злуе Чубара. Злосць за сваю бездапаможнасць ён пераносіць на іншых. Кульмінацыяй маральнага і разам з тым палітычнага змізарнення характару Чубара з’яўляецца яго дзікі ўчынак, калі ён паліць на верамейкаўскім полі толькі што зжатае калгаснікамі жыта, каб яно не дасталося ворагу.
Фармальна былы старшыня выконвае дырэктыву – нічога каштоўнага не пакідаць на акупіраванай тэрыторыі, аднак пры гэтым ён яшчэ і помсціць сялянам, што яны паводзяць сябе не гэтак, як яны павінны былі сябе паводзіць па ўяўленнях Чубара. Яму зусім не шкода ні калгаснікаў, ні іхняга набытку, раз ён упэўніў сябе, што яны недастаткова адданыя Савецкай уладзе, бо не кінулі сваіх хат і не ўцяклі на ўсход. Ён глядзіць, вярнуўшыся, на вёску і дзівіцца, што ў ёй нічога, як яму здаецца, з прыходам немцаў не змянілася.
Чубар толькі тады паверыў бы, што людзі змяніліся і рыхтуюцца да барацьбы, калі б вясковы побыт у акупацыю перавярнуўся дагары. Зазыба ж, наадварот, перакананы, што ўвесь побытавы лад вёскі павінен застацца непарушным, бо сталая душэўная зрошчанасць чалавека з домам, з роднай зямлёй з’яўляецца, па яго адчуванню, грунтоўнай унутранай апорай у складаны, пераменлівы час, калі безліч нечаканых падзей гатовы выбіць чалавека з наезджанай каляіны, завярцець яго і кінуць у бурлівы вір, дзе лёгка страціць арыентацыю і памыліцца. Роднае асяроддзе надае ўпэўненасці і паскарае правільную ацэнку падзей. Нагаданыя Зазыбам словы «Хто родную зямлю кідае, той ворага не перамагае» – квінтэсенцыя ўсяго ягонага светаадчування.
Поўным антыподам Зазыбы і ў гэтым моманце адчування жыцця з’яўляецца Чубар, якому здаецца, што з наступленнем немцаў усе абавязкова павінны зняцца з родных месц і рушыць на ўсход. Ён і сам робіць гэтак. Аднак бесталковае і бессэнсоўнае бадзянне прыводзіць яго ў тупік. Адарваны ад тых людзей, якія яго ведаюць, з якімі ён доўга жыў і працаваў, ён апынаецца адразу ў фальшывым становішчы, пры сустрэчы з людзьмі выклікае да сябе нават падазронасць, бо яго ніхто не ведае. Яго праганяюць ад сядзіб, не хочуць даць есці.
Чубар, у сваю чаргу, вымушаны насцярожана ставіцца да кожнага сустрэчнага і кожнаму тлумачыць, хто ён сам, адводзіць недавер ад сябе. «Чырвонаармеец спачатку слухаў сапраўды цярпліва, але як толькі высветліў для сябе, што чалавек на кані зусім не тутэйшы, а таксама закінуты ў гэты лес вайной, занёс яго ў разрад падазроных і рашыў затрымаць».
Натрапіўшы на групу савецкіх байцоў, якая на чале з раненым палкавым камісарам прабіваецца да фронту, Чубар не здолеў прыстаць да іх якраз таму, што ён чужы для іх, яны не зусім яму давяраюць. I вуснамі палкавога камісара Чубару гаворыць сам лёс, логіка вайны: «I, далібог жа, не бадзяйцеся па незнаёмых закутках. Падавайцеся ў свае лясы. На месцы адчуеце сябе другім чалавекам. Самі абставіны падкажуць, што рабіць. Вас там ведаюць, і вы таксама ўсіх ведаеце».
Перспектыва, намаляваная палкавым камісарам, не вельмі радуе Чубара, бо толькі тады, калі над ім ёсць нехта іншы, хто кіруе і загадвае, ён набывае душэўную раўнавагу і спакой. I ўсё ж Чубар паслухаўся, хоць і вымушана, бо само жыццё яго штурхае на гэты, адзіна правільны для яго шлях.
Аднак першая спроба Чубара завербаваць у свой будучы партызанскі атрад вайсковага доктара закончылася трагічнай няўдачай таксама па той прычыне, што яны сустрэліся ў дарозе і не давяраюць адзін аднаму.
Праз нейкі час Чубар усё ж пачынае з прыемнасцю ўспамінаць і людзей з Верамеек, і – асабліва – сваю сяброўку Аграфену. Гэта ўжо шмат значыць для Чубара, бо накрэсліваецца паварот у ягоных уяўленнях аб сваім месцы на вайне, аб сваіх абавязках у сувязі з вайной.
Праўда, вярнуўшыся патаемна ў Верамейкі, Чубар рэзка не пераменьваецца. Яго рашэнне спаліць нажатае калгаснікамі жыта ў полі паказвае, што доўгае бадзяннне і суровыя ўрокі гэтага бадзяння яшчэ мала чаму навучылі яго.
Магчыма, перавага Зазыбы над Чубарам нідзе так адчувальна не выяўляецца, як пры іх сустрэчы пасля вяртання Чубара ў Верамейкі. Гэтая перавага не толькі ў чалавечых якасцях, але і ў агульнай жыццёвай арыентацыі. Чубар вельмі дзівіцца, што Зазыба ведае пра яго зварот. Ён жа вярнуўся патаемна! Але, аказваецца, Зазыба ведае пра ўсё, што адбываецца ў ваколіцы. Няма сумнення, што гэта адна з першых умоў паспяховай падпольнай дзейнасці.
Менавіта ў час гэтай сустрэчы Чубар, даведаўшыся ад самога Зазыбы, што ён быў на нарадзе ў каменданта, папракае яго за дапамогу акупантам. Чубару проста няўцям, што Зазыба, «дапамагаючы» ворагу, ужо жыве дзейснымі інтарэсамі барацьбы. Зазыба шмат чаго вызнаў на нарадзе: лепш уведаў, хто такі нямецкі камендант, вылучыў сярод прысутных тых, хто непрыязна настроены супраць акупацыйнай улады.
I ўжо ніяк не можа дараваць Чубар Зазыбу яго намеру ехаць па загаду немцаў адбудоўваць мост:
« – I ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? – наперад здзіўлена спытаў ён».
На гэта Зазыба адказвае:
« – Паеду, – упарта крутануў галавой Зазыба.– I справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць».
Усё бачыць, усё чуць, урэшце, усюды прысутнічаць – якраз тая тактыка, якая абяцае поспех у разгортванні барацьбы. Яна супрацьстаіць тактыцы Чубара, якая вядзе да адмежавання ад жывой плыні жыцця. Дзесьці ў падтэксце ўжо адчуваецца, што намер Чубара арганізаваць партызанскі атрад не ўдасца, калі толькі сам герой не зменіцца пад уздзеяннем жыцця. Зазыба кажа Чубару, які хацеў бы на акупіраванай тэрыторыі ўсё знішчыць, а хлеб для партызан і нават авёс для іхніх коней прывозіць на самалётах з-за фронту: «Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым».
У канцы трэцяга (пакуль што – апошняга) рамана «Свае і чужынцы» пісьменнік пакідае Чубара па сутнасці ні з чым. Нікуды ён не можа прыстаць, нішто яму не ўдаецца. Ён зноў прыйшоў у ваколіцы Верамеек, маючы на гэты раз пэўнае заданне ад камандзіра партызанскага спецатрада. Але ці выканае яго? Магчыма, выканае, бо толькі цяпер Чубар адчуў, што значыць унутраная эгаістычная адзінота і як важна для чалавека быць заўсёды разам з людзьмі.
Безумоўна, Зазыбу вельмі дапамагае жыць непахіснасць перакананняў. Але ў Зазыбы – чалавека не вельмі адукаванага – цвёрдасць часам ператвараецца ў зацвярдзеласць, бо ён няздольны па ўзроўні ўнутранай культуры ўспрыняць і зразумець усю нечаканасць і парадаксальнасць свету, шукаць сэнс у патаемных зрухах жыцця. I гэта не віна героя, а ўсяго толькі рэальнасць яго існавання. Аднак адсюль усё ж вынікае, што далей пісьменнік наўрад ці будзе паказваць усё ўзрастаючую складанасць і трагізм вайны праз успрыманне Зазыбы, бо гэты герой можа шмат чаго не ўлавіць і не ўвабраць у сябе. Хутчэй за ўсё Дзяніс Зазыба застанецца ў ліку галоўных герояў і ў наступных раманах, бо такія людзі, як ён, дужа патрэбны таму жыццю, якое адлюстравана ў раманах I. Чыгрынава. Вобраз гэты толькі развіваецца, і ён будзе шмат значыць у агульнай структуры твораў. Аднак, думаецца, на нейкім этапе эпічнай апавядальнасці з ценю дамашняга кутка на першы план павінен выйсці па праву абвостранасці душэўнай рэакцыі, якая прыйшла да яго праз пакуты і ўнутраную ранімасць, сын Зазыбы – Масей. Ён валодае больш глыбокай душэўнай відушчасцю. У рамане «Свае і чужынцы» гэтае чаканне ў нейкай меры ўжо спраўдзілася.
* * *
Такім чынам, раманы I. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» звяртаюць на сябе ўвагу не толькі наватарскай формай творчай задумы, а таксама новым заглыбленнем у праблематыку Вялікай Айчыннай вайны. Заслуга пісьменніка ў тым, што ён услед за лепшымі творамі сваіх папярэднікаў – К. Чорнага, М. Лынькова, I. Шамякіна, А. Кулакоўскага, Я. Брыля, В. Быкава, I. Навуменкі, А. Адамовіча і іншых – здолеў узнавіць у невядомых яшчэ тэндэнцыях тыя плыні жывой рэчаіснасці мінулай вайны, спасціжэнне сапраўднага сэнсу якіх служыць грамадскай ісціне і духоўнаму ўзмужненню савецкага чалавека.
Уладзімір Казбярук
Велічны шлях, пройдзены ўсім нашым народам, нашай рэспублікай за 60 гадоў Савецкай улады. Дзеці і нашчадкі тых самых сялян, для якіх спрадвеку найбольшым клопатам быў клопат аб надзённым кавалку хлеба, сёння сталі стваральнікамі буйнейшых заводаў, вучонымі, пісьменнікамі, дзяржаўнымі дзеячамі, гаспадарамі касмічнай тэхнікі. Савецкая Беларусь трывала і назаўсёды заняла свой «пачэсны пасад між народамі».
Усе здабыткі і перамогі савецкага народа нязменна звязаны з дзейнасцю нашай партыі, з дзейнасцю камуніста – рэвалюцыянера, воіна, арганізатара, працаўніка – галоўнага героя нашага часу.
Камуніст – цэнтральны вобраз ва ўсёй савецкай літаратуры – хваляваў і хвалюе пісьменнікаў усіх пакаленняў. Ён прыцягвае ўвагу бязмежнай адданасцю народу і Радзіме, эпахальнай значнасцю тых задач, якія ўсклала на яго гісторыя, велічнасцю здзяйсненняў, ідэйнай непахіснасцю, вернасцю вялікім ідэалам камунізму.
Ва ўсёй прывабнасці і жыццёвай праўдзівасці вобраз камуніста паўстае з кніг успамінаў Л.I. Брэжнева «Малая зямля» і «Адраджэнне». Тут мы знойдзем усё, што характарызуе сапраўднага героя нашага часу і што савецкая літаратура адкрывае ў жыцці, сцвярджае ў незабыўных вобразах удзельнікаў грамадзянскай вайны, сацыялістычнага будаўніцтва, у героях Вялікай Айчыннай вайны. У гады Вялікай Айчыннай вайны начальнік палітаддзела 18-й арміі Л.I. Брэжнеў дзяліў з воінамі ўсе нягоды франтавога жыцця. У любых абставінах заўсёды галоўным для яго было дайці да кожнага салдата, натхніць яго, падтрымаць, паказаць прыклад.
З пачуццём вялікай павагі піша ў сваіх успамінах Л.I. Брэжнеў пра чалавека-стваральніка, які гераічнай працай у складаных пасляваенных умовах адраджаў Запарожсталь і Днепрагэс, заводы і шахты, гарады і вёскі. I з пераканаўчасцю, якую толькі можа даць найбагацейшы жыццёвы вопыт палітработніка перыяду вайны і міру, Л.I. Брэжнеў сцвярджае: «Гэта, між іншым, заканамерна: дзе няма клопатаў пра людзей, там і добрай работы не чакай».
Успаміны Л.I. Брэжнева на шматлікіх жыццёвых прыкладах раскрываюць ленінскі стыль партыйнага кіраўніцтва, даюць багата прыкладаў дзяржаўнага падыходу да вялікіх і малых спраў, вучаць, як трэба клапаціцца пра лёс і патрэбы простага чалавека.
Беларуская літаратура ўжо на пачатку свайго шляху стварыла цэлую галерэю вобразаў самаадданых змагароў за справу Вялікага Кастрычніка, за сацыялістычную перабудову грамадства. I калі мы сёння звяртаемся да першых старонак мастацкага летапісу рэвалюцыйнай буры, ломкі старога грамадства, то непазбежна зноў і зноў захапляемся дзеяннямі і подзвігамі герояў з твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова і многіх іншых.
Дастойнымі пераемнікамі змагароў за справу Кастрычніка з’явіліся героі Вялікай Айчыннай вайны – арганізатары і ўдзельнікі гістарычных перамог савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Мастацкая літаратура, адлюстроўваючы масавы гераізм савецкіх людзей, знайшла сродкі для ўвасаблення найбольш істотных рыс камуністаў, для абмалёўкі іх бязмежнага патрыятызму і адданасці ідэям партыі.
Гэтую адданасць з усёй пераканаўчасцю пацвярджаюць рэальныя прыклады, узятыя з жыцця. Непераможная сіла ідэй нашай партыі раскрылася, напрыклад, у эпізодзе, пра які апавядаецца ў кнізе Маршала Савецкага Саюза А.А. Грэчкі «Бітва за Каўказ».
На подступах да горада Арджанікідзе гарнізон аднаго з дзотаў у складзе чатырох савецкіх воінаў – сержанта Алтуніна, радавых Міхеева, Купрыянава і Вялічкі – на працягу 2 лістапада 1942 года адбіў шэсць варожых атак. Пасля чарговай атакі беспартыйны Алтунін звярнуўся да Міхеева, парторга батальёна, з просьбай разгледзець яго заяву аб прыёме ў партыю. «Можа і ў жывых не застанемся», – дадаў ён, ведаючы, што іх дзот акружаны і фашысты пайшлі ўжо далей. Камуністы Міхееў і Купрыянаў дружна прагаласавалі і на шматку шпалераў напісалі пратакол аб прыёме сержанта Алтуніна кандыдатам у члены Камуністычнай партыі. Міхееў павіншаваў Алтуніна і сказаў: «Хай мы загінем! Але нават мёртвы камуніст страшны ворагу. У гэтым веліч нашай партыі. Хай зжахнецца вораг перад гэтым камуністычным пратаколам». Калі ж пасля пяцідзённых баёў да акружанага ворагамі дзота вярнуліся нашы войскі, вакол яго было 42 трупы фашыстаў.
Да векапомных дзён Вялікай Айчыннай вайны непазбежна звяртаецца кожнае пакаленне нашых пісьменнікаў – і тых, што самі прайшлі па франтавых дарогах або змагаліся ў партызанскіх атрадах, і тых, чыё грамадзянскае і пісьменніцкае станаўленне адбывалася ў пасляваенны час.
Ствараючы панарамныя палотны ўсенароднага змагання супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў («Векапомныя дні» М. Лынькова, трылогія «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» I. Навуменкі), абмалёўваючы баявыя дзеянні савецкіх войск на франтах ці змаганне партызан-скіх атрадаў (творы В. Быкава, I. Мележа, I. Шамякіна, А. Кулакоўскага, Я. Брыля, I. Пташнікава і інш.), нашы пісьменнікі, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай, паказваюць перадавую ролю камуністаў ва ўсіх падзеях. За ўсімі аперацыямі, за ўсёй стратэгіяй і тактыкай партызанскага руху выразна бачыцца ці так або інакш адчуваецца арганізатарская і накіроўваючая роля партыі, усюды адчуваецца асабісты прыклад камуністаў.
Мастацкая літаратура, адлюстроўваючы і аналізуючы галоўныя працэсы нашай рэчаіснасці, раскрывае няскоранасць, мужнасць народа, выяўленыя ў гераізме канкрэтных людзей. Пісьменнікі паказваюць тую меру адказнасці, якую ўсклала на камуніста гісторыя на ўсіх этапах існавання Савецкай дзяржавы – ці ў гады мірнага будаўніцтва, ці ў час ваеннага ліхалецця. I меру заслуг перад народам.
ІІраз вобразы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны беларуская літаратура раскрывае духоўную веліч савецкага чалавека. Герой апынаецца часта ў такіх умовах, калі ёсць адзін выбар: або перамагчы, або загінуць (аповесці В. Быкава «Сотнікаў», «Дажыць да світання» і інш.).
Такія героі В. Быкава, як Сотнікаў ці Іваноўскі, увасобіді тыповыя рысы камуніста. Абодва яны, трапіўшы ў найцяжэйшую сітуацыю, выяўляюць усю веліч свайго духу, нязломнасць волі, непахісную адданасць той справе, за якую яны змагаюцца, да апошняй секунды выконваюць абавязак перад Радзімай.
У Студыі ваенных мастакоў імя М.Б. Грэкава ёсць малюнак Ф. Нярежына «Камісар». Герой-бальшавік твар у твар сутыкнуўся з бязлітасным ворагам, у ягоным позірку, поўным нянавісці, адчуваюцца непахіснасць і нязломнасць веры бальшавіка ў сваю справу.
У аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» дзея яшчэ больш ускладняецца. Бо калі ў мастака камісар стаіць на ўвесь рост перад ворагам і можа яшчэ змагацца словам і позіркам, то лейтэнант Іваноўскі, смяртэльна паранены, ляжыць адзін на снезе ў варожым тыле. I побач з ім – нікога, хто б мог падтрымаць яго маральна ці проста паведаміць пра яго подзвіг людзям. На мяжы жыцця і смерці, страшэннымі намаганнямі волі пераадольваючы кожны лапік дарогі, ён дабіраецца туды, дзе можа ўзарваць у апошнюю хвіліну фашыстаў разам з сабой.
Героі В. Быкава і іншых сучасных беларускіх пісьменнікаў нават у малой ступені не нясуць рыс выключнасці. Мастацкая літаратура тут адлюстравала вельмі характэрную заканамернасць усяго нашага грамадскага разііцця. Сутнасць гэтай заканамернасці ў тым, што мужнасць і грамадзянская сталасць савецкага чалавека выхаваны ва ўмовах высокай грамадскай свядомасці, ва ўмовах, спрыяльных для духоўнага росквіту асобы. Пры абмалёўцы вобразаў воінаў Савецкай Арміі ці партызан перыяду Вялікай Айчыннай вайны або перадавікоў працы на сённяшнім этапе пісьменнікі раскрываюць у іх характарах іменна тыя рысы, якія партыя выхоўвае ў кожным савецкім чалавеку.
Значэнне і пераможнае пашырэнне ідэй сацыялізму на ўсёй планеце адкрываюць перад аўтарамі мастацкіх твораў новыя магчымасці для філасофскага асэнсавання істотных заканамернасцей грамадскага развіцця. На адным з аспектаў гістарычнай барацьбы дзвюх сістэм у сучасную эпоху засяродзіў увагу ў «Хатынскай аповесці» А. Адамовіч. Пісьменнік бязлітасна выкрывае звярыны воблік фашызму, яго сутнасць.
У свядомасці герояў аповесці – былых партызан жыве адчуванне гора жыхароў далёкага В’етнама, разуменне таго, што ў свеце няспынна вядзецца такая ж свяшчэнная барацьба за свабоду, супраць прыгнятальнікаў, супраць варвараў. Іменна гэтая трывога аўтара, перададзеная і яго героям, абвостранае адчуванне таго, што змрочныя сілы вайны сёння валодаюць такой зброяй, якая магла б прычыніць усяму жывому на зямлі непапраўную шкоду, натхняецца гуманістычным светаадчуваннем савецкага чалавека.
Фларыян Пятровіч з «Хатынскай аповесці» жыве глабальнымі справамі і трывогамі. Яго, абпаленага агнём вайны, турбуе ўсё, што творыцца на зямлі, яму баляць чужыя раны. Невыпадкова ён з аднолькавым жарам душы асуджае і выкрывае катаў Хатыні і забойцаў жыхароў Сангмі. Праз прызму падзей Вялікай Айчыннай вайны герой А. Адамовіча глядзіць на тое, што робіцца сёння і ў Азіі, і ў Афрыцы, і ў Лацінскай Амерыцы.
Беларуская літаратура, выконваючы свой партыйны абавязак, на матэрыяле жыцця нашага народа ўзнімаецца да асэнсавання агульначалавечых праблем. Яна з усёй страснасцю ўключаецца ў барацьбу за перамогу справядлівасці ў свеце, якую вядуць наша партыя і наш народ сумесна з краінамі сацыялістычнай садружнасці, усімі міралюбівымі сіламі планеты.
Змаганне партызан у «Хатынскай аповесці» падаецца як адно са звёнаў вялікага змагання нашага часу – змагання чалавечнасці, гуманізму супраць сіл цемрашальства, разбою і заняволення.
Сёння мы бачым, як звужваецца ўвесь час поле дзейнасці для пераемнікаў катаў Хатыні. I мы па праву звязваем усе пераўтварэнні на зямным шары, і перш за ўсё крушэнне каланіяльных імперый, небывалыя зрухі ў нацыянальнай свядомасці раней прыгнечаных народаў, з пашырэннем ідэй Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і перамогай над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне савецкага народа, з дзейнасцю камуністаў.
Перад намі паўстае веліч савецкага чалавека, які не толькі ўсведамляе сябе гаспадаром роднай краіны, але і адчувае сваю адказнасць за тое, што адбываецца ў шырокім свеце, робіць усё, каб сілы прагрэсу перамаглі зло і ўціск.
У пасляваенны перыяд маштабнасць задач, пастаўленых самой гісторыяй перад нашай краінай, патрабавала ад літаратуры асабліва глыбокага погляду на жыццё, на ўсе праблемы аднаўлення народнай гаспадаркі, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага будаўніцтва. I, бясспрэчна, перад пісьменнікамі пастаўлена надзвычай адказная задача – асэнсаваць і адлюстраваць партыйнае кіраўніцтва, яго стыль і метады.
Задача гэтая няпростая. Правільна заўважыў I. Навуменка: «Малюючы вобраз партыйнага работніка, наша проза нават у нядаўнім мінулым імкнулася паказаць яго героем, ва ўсіх адносінах ідэальным, як кажуць, «без сучка і задзірынкі». У такога героя заўсёды былі ў запасе гатовыя адказы, развязкі для самых складаных, супярэчлівых пытанняў. Гіпертрафіравана падкрэсліваліся валявыя якасці героя, які ніколі не ведаў сумненняў. Пісьменнікі бачылі свайго героя пераважна на трыбуне, у яго інтымнае, прыватнае жыццё заглядвалі мала. Пры ўсіх добрых намерах іншы раз атрымліваўся вобраз-ікона, вобраз-схема».
Жыццё вельмі складанае. Цяжкасці і супярэчнасці вырашаюцца няпроста. Толькі таму пісьменніку адкрываюцца яго глыбіні і супярэчнасці, які добра адчувае пульс часу.
Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт Івана Шамякіна ў стварэнні вобраза камуніста. Характэрная асаблівасць яго творчасці наогул у тым, што ў цэнтр увагі ставіцца праблема партыйнага кіраўніцтва. I. Шамякін раскрывае кіруючую ролю партыі ва ўсім нашым сучасным жыцці, у вырашэнні ўсіх надзённых спраў – вялікіх і малых. I стварае вобразы камуністаў – прынцыповых, непахісных, з непаўторнымі асаблівасцямі характару і паводзін.
Кожны твор пісьменніка адкрывае ўсё новае ў вобліку камуніста як чалавека новай фармацыі, з шырокім духоўным светам, камуністычнымі адносінамі да ўсіх праблем жыцця. Характары раскрываюцца ў дзеянні, у змаганні, у канкрэтных абставінах, што дае магчымасць аўтару дасягнуць асаблівай мастацкай пераканаўчасці, раскрыць тыя якасці героя, якія можа заўважыць толькі праніклівы позірк пісьменніка, надзвычай чулага і да ўсяго новага ў жыцці, да яго патрэб, і да ўсіх нявырашаных праблем, да тых супярэчнасцей, якія нараджаюцца нашым няўхільным рухам уперад.
Нялёгкае жыццё ў героя рамана «Снежныя зімы» Антанюка. Гэта энергічны чалавек з багатым жыццёвым вопытам, буйны спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі. I вось перад ім паўстала вялікае выпрабаванне.
Як у такіх складаных абставінах можа і павінен дзейнічаць камуніст? Тое, што Антанюк камуніст і патрыёт сапраўдны, ён даказаў і ў партызанскім атрадзе, і сваёй працай у пасляваенны час. Ён меў усе падставы сказаць пра сябе ў гутарцы з партыйным работнікам Леанідам Мартынавічам: «Мне не тоўсты партфель трэба і не высокае крэсла… Я сорак год служу партыі! I вы можаце ўбачыць з анкеты – не на цёплых месцах… А як салдат. Куды партыя загадвала – туды ішоў».
Глыбінная сутнасць характару Антанюка раскрываецца ў яго разважаннях і перажываннях, у яго спрэчцы з тым жа Леанідам Мартынавічам, які прапанаваў яму вярнуцца на працу, але на новую пасаду, і рабіў пры гэтым выгляд, што калісьці, раней, нічога асаблівага не здарылася, што вызвалілі Антанюка ад работы, бо «валюнтарызм» пашкодзіў.
Такі падыход глыбока абурыў Антанюка: «…зрабілася ясна: людзі разумныя хочуць яго рэабілітаваць. Але чаму толькі напалавіну? Уступка тым, хто абвінавачваў яго? Цяпер тыя людзі маўчаць, хаваючыся за ёмкае слоўца. Чаму ж ён сам павінен даць ім падставу думаць, што яны, няхай хоць напалавіну, на чвэрць, рабілі тады правільна, паступалі прынцыпова?!»
Усімі сваімі паводзінамі Антанюк выяўляе сваю непарушную прынцыповасць, нежаданне пайсці на які б там ні было кампраміс, пакрывіць душой дзеля кар’еры, дзеля выгаднага месца, высокага становішча. Антанюк меў дастаткова падстаў сцвярджаць з усёй непахіснасцю: «Мне не пасада трэба, а прызнанне маёй праваты і вашых памылак. Слоў я чуў многа. Для мяне адбылася інфляцыя слова».
Вось так пісьменнік, змагаючыся супраць таго, што ў рамане атрымала назву «інфляцыя слоза», змагаецца за партыйную прынцыповасць, супраць людзей, якія ўмеюць прыстасоўвацца да любых абставін. Гэта ўжо не проста барацьба за першароднае гучанне слова, за вяртанне яму першароднага сэнсу: тут мы бачым выкрыццё любых адступленняў ад ленінскіх норм партыйнага і дзяржаўнага жыцця, у якой бы форме яны ні выяўляліся.
Пісьменнік галоўную ўвагу засяроджвае на даследаванні характару героя, яго паводзін, адносін да грамадскіх праблем у абставінах, якія ўвесь час ускладняюцца.
I сапраўды. На фронце ці ў партызанскім атрадзе ясна, дзе свае, супраць каго ідзе вайна і з кім трэба змагацца. А ў мірных умовах як быццам усе свае. I выступленне супраць думкі начальніка, хай сабе і памылковай, можа прынесці многа турбот і непрыемнасцей.
А калі камуніст, буйны спецыяліст упэўнены, што памыляюцца іншыя, недасведчаныя, неспрактыкаваныя, а то і проста абыякавыя да справы? Адказ на гэтае пытанне I. Шамякін даў вобразам Антанюка, які ў самых цяжкіх абставінах не пайшоў на кампраміс з уласным сумленнем.
Ідэйная загартоўка Антанюка прайшла цяжкае выпрабаванне. Але ён нідзе не прынізіў годнасці камуніста, застаючыся самім сабою ў любых абставінах.
Нечым блізкі да лёсу галоўнага героя рамана «Снежныя зімы» лёс архітэктара Карнача з «Атлантаў і карыятыд» I. Шамякіна. Такі ж самы неспакойны характар, такая ж патрабавальнасць да сябе, такое ж бескампраміснае адстойванне сваіх поглядаў. I ўрэшце – непрымірымы канфлікт з былымі аднадумцамі з-за тых пытанняў, якія для яго складалі сэнс усяго жыцця, – з-за кардынальных праблем архітэктуры. Усё гэта звязана з адносінамі да найбольш надзённых праблем жыцця горада на сучасным этапе і на далёкую перспектыву.
Наогул жа – пра што раман «Атланты і карыятыды»? Пра горадабудаўніцтва? Пра высокую патрабавальнасць інтэлігенцыі да сябе? Усё гэта так. Але можна сказаць, што ў першую чаргу – пра стыль партыйнага кіраўніцтва на сучасным этапе, пра найвялікшую адказнасць партыйнага дзеяча на яго пасадзе, а разам з тым – і пра выключную складанасць яго работы. «Партыйная работа, – піша В. Озераў у кнізе «Камуніст нашых дзён у жыцці і літаратуры», – навука аб будучыні. Аб будучыні, якую будуюць сучаснікі! Такім чынам, і аб тым, якімі выхоўваць іх – найболып каштоўны здабытак сацыялістычнага грамадства… А для партработніка выхаванне людзей з’яўляецца самай галоўнай сферай яго дзеянняў. Больш таго: яго прызваннем».
Як мы бачым на прыкладзе сакратара гаркома партыі Ігнатовіча, партыйнаму кіраўніку яшчэ недастаткова быць толькі сумленным, бязмежна адданым рабоце.
Мы можам быць упэўнены, што ў франтавых умовах Ігнатовіч пайшоў бы, калі было б трэба, на амбразуру дота, падняў бы салдат у атаку, сам павёў бы іх на любы штурм. Ён з тых людзей, якія, трэба думаць трапіўшы ў рукі ворага, не здрадзілі б, нават калі б пагражаў ім лёс Сотнікава.
Ігнатовіч асабіста для сябе нічога не патрабуе. Пра яго не скажаш, што ён шукае лёгкіх сцяжынак да кар’еры, шляхоў да цёплага месца,. выгады толькі для сябе. На першым плане ў яго не прыватныя, не асабістыя інтарэсы. Невыпадкова ён так доўга карыстаўся павагай – і яе лічылі заслужанай – у тых людзей, з якімі ён працаваў разам, якімі кіраваў.
Дык чаму ўсё ж такі ён нас не задавальняе і чаму на яго месцы хацелася б бачыць кагосьці іншага? Пісьменнік, верны праўдзе жыцця, не шукае спрошчаных рашэнняў. Ён прасочвае ў сваіх героях усё – іх дзелавыя якасці і проста чалавечую сутнасць, істотнае і выпадковае, наноснае. Усім ходам развіцця падзей раман дае падставу зрабіць вывад, што ісці ў нагу з жыццём, не адставаць ад яго ў наш імклівы век, а тым больш апярэджваць яго дадзена толькі сапраўднаму камуністу. Вось так на нейкім этапе адстаў і Ігнатовіч – чалавек сумленны, не пазбаўленьі дзелавых якасцей. Але ён далёкі ад таго, каб разумець тайны псіхалогіі людзей, з якімі яму прыходзіцца жыць побач, працаваць, чый лёс у яго руках. Гэтым абумоўлена і адсутнасць дастаткова шырокага погляду на тыя праблемы жыцця горада, якія яму прыходзіцца вырашаць. А галоўнае – Ігнатовіч не вытрымаў выпрабавання на чалавечнасць. I аўтар паказвае, што такія кіраўнікі не могуць паспяхова працаваць з людзьмі, быць для іх аўтарытэтам.
Усё для шчасця чалавека – такі найглыбейшы сэнс сацыялістычнага ладу жыцця. «Мы яшчэ не дасягнулі камунізму, – гаварыў Л.I. Брэжнеў у Справаздачным дакладзе ЦК КПСС XXV з’езду партыі. – Але ўвесь свет бачыць, што дзейнасць нашай партыі, яе імкненні накіраваны на тое, каб зрабіць усё неабходнае для шчасця чалавека, у імя чалавека. Іменна гэта найвышэйшая, гуманная мэта партыі родніць яе з народам, звязвае яе з усімі савецкімі людзьмі трывалымі, непарыўнымі вузамі».
На якую б тэму сёння ні пісаліся творы – ці то грамадзянскай вайны, сацыялістычнага будаўніцтва, ці Вялікай Айчыннай вайны, ці жыцця Савецкай краіны пасляваеннага перыяду, – крытэрыі і патрабаванні пісьменнікаў да сваіх герояў становяцца ўсё больш строгімі, ідэал камуніста – больш высокім.
Асэнсоўваючы заканамернасці развіцця нашай краіны, падводзячы вынікі яе дасягненняў, беларускія пісьменнікі ў цэнтры ўвагі ставяць гуманістычны змест дзейнасці Камуністычнай партыі, той змест, які ў юбілейным, шасцідзесятым годзе існавання Савецкай улады знайшоў найбольш яскравае выяўленне і ўвасабленне ў новай Канстытуцыі СССР. Усведамляючы, што Кастрычніцкая рэвалюцыя ажыццяўлялася ў імя чалавека, для яго шчасця, наша літаратура глядзіць на партыйнага кіраўніка як на дзеяча, які ўсе свае сілы аддае здзяйсненню гэтай задачы. Сёння – гэта галоўны крытэрый для ацэнкі партыйных кіраўнікоў і радавых камуністаў – герояў I. Мележа, I. Шамякіна, М. Лобана, I. Чыгрынава і іншых.
Звяртаючыся да падзей далёкага ці больш блізкага мінулага, пісьменнікі даследуюць характар сваіх герояў шляхам выпрабавання на чалавечнасць. Гэта – адна з важнейшых асаблівасцей літаратуры на сённяшнім этапе.
Чытаючы раманы I. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», мы з пільнай увагай сочым за лёсам і дзеяннямі Зазыбы і Чубара. Вядома, нельга лічыць, быццам Чубар менш адданы Савецкай уладзе або менш ненавідзеў ворагаў і іх прыслужнікаў, чым Зазыба. Абодва яны ставяцца на шлях барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак у іх рознае ўяўленне аб метадах змагання, аб ролі ў гэтай барацьбе людзей, што засталіся на роднай зямлі, захопленай фашыстамі. I аб сваіх асабістых адносінах да гэтых людзей.
Чубар хацеў бы пасля адступлення Савецкай Арміі знішчыць усё, каб пакінуць ворагам спустошаную зямлю. Ён і сапраўды паліць збожжа. Але ж на гэтай зямлі застаюцца людзі, якія будуць весці барацьбу з ворагам.
Той жа самы Чубар калісьці не ўяўляў сабе, як гэта калгас мог бы даць калгасніку замест старой ялавай каровы добрую. На такую прапанову Зазыбы ён запярэчыў: «Але ж мы не павінны за кошт калгаснага статка папаўняць прыватны сектар!»
Чубар ва ўсіх выпадках жыцця лічыць сваім абавязкам выконваць усе загады. Але справа ў тым, што ён глыбока не асэнсоўвае іх, не ўлічвае канкрэтныя абставіны. Есць, напрыклад, загад не пакідаць ворагу збожжа, і Чубар гатоў спаліць яго, не разумеючы, што хлеб патрэбен і самім калгаснікам, і партызанам, і падполынчыкам. Хлеб – гэта таксама зброя, якую трэба не нішчыць, а берагчы. I гэта адчуў Зазыба, пільна прыглядваючыся да ўсяго, што рабілася навокал. Улічваючы абставіны, ён прыняў адзіна правільнае рашэнне: падзяліць усе пасевы паміж калгаснікамі, каб тыя змаглі зжаць і схаваць збожжа.
Зазыба раз і назаўсёды звязаў свой лёс з Савецкай уладай, за якую ён са зброяй у руках змагаўся ў перыяд грамадзянскай вайны і якой аддаваў усе свае сілы ў мірны час. На прыкладзе яго паводзін і ў перадваенныя гады, і ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік паказаў, што сапраўдны камуніст заўсёды і ўсюды застаецца камуністам, нягледзячы на самыя цяжкія выпрабаванні і складаныя абставіны.
Зазыбу, як чалавеку выключна сумленнаму, аднавяскоўцы давяралі бязмежна. Пра гэты давер асабліва выразна сказаў стары калгаснік Парфён Вяршкоў: «От каб кожнай вёсцы ў галаву такога чалавека, а тады кожнаму раёну, пасля вобласці, ну і так далей, во тады б сапраўды для ўсіх царства настала, тады б не страшна было ні стыхійнага бедства, як у газетах пішуць, ні навалачы».
Для Парфёна Вяршкова адзінай рэальнасцю з’яўляўся савецкі лад жыцця і найбольш важным быў клопат аб умацаванні гэтага ладу. Словы старога мудрага калгасніка, сказаныя ў апошнія хвіліны перад смерцю, успрымаюцца чытачом як завяшчанне нашчадкам, як наказ маладому пакаленню.
На прыкладзе Зазыбы пісьменнік з асаблівай пераканаўчасцю паказаў, што ідэі Камуністычнай партыі, палітыка Савецкай улады адпавядаюць найбольш карэнным патрабаванням народных мас і знаходзяць у іх надзейную апору.
З вобразам камуніста нашы пісьменнікі звязваюць усе перамогі, усе пераутварэнні і найбольш значныя дасягненні савецкага народа на ўсіх этапах сацыялістычнага і камуністычнага будаўніцтва.
Кожны пісьменнік адчувае ўнутраную патрэбу выказаць асабістае па-яуццё адданасці партыі, узвялічыць яе здзяйсненні, праславіць яе гераічны шлях, аддаць належнае яе дзейнасці, заслугам, гістарычнай ролі ў жыцці Савецкай краіны. У іх творах выяўляюцца не толькі гонар за дасягнутае, усведамленне заслуг усіх пакаленняў савецкіх людзей перад Радзімай, перад нашчадкамі, але і непахісная ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху.
Я – камуніст, я друг усім народам,
Я сею хлеб, кладу ў жыццё масты.
Я стаў у строй – іду за мір паходам.
I ты, мой вораг, мне не страшан ты.
Я знаю цвёрда: свет да шчасця прыйдзе,
I я тых дзён, шчаслівых дзён гарніст, –
піша Кастусь Кірэенка ў вершы «Сіла праўды маёй».
Аптымістычная вера ў непазбежнасць канчатковай перамогі нашых ідэй грунтуецца на ўсім вопыце развіцця Савецкай дзяржавы, на тых гістарычных пераўтварэннях, якія адбыліся ў жыцці планеты пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Партыя – магутная і непераможная сіла нашага грамадства. Выпрацаваную ёю палітыку ажыццяўляе ўвесь савецкі народ, кіруючай і накіроўваючай сілай якога з’яўляюцца камуністы.
Вобраз камуніста – гэта вобраз, у якім увасоблены найболын поўна і рэльефна галоўныя рысы сучасніка – і не толькі сучасніка, але і чалавека будучага, увасоблены наш грамадскі, эстэтычны, этычны ідэал – той ідэал, які складваўся дзесяцігоддзямі ў жыцці, асэнсоўваўся нашай навукай, літаратурай, мастацтвам. У гэтым ідэале найбольш поўна выяўляюцца нашы патрыятычныя перакананні, гуманістычныя погляды, усведамленне інтэрнацыяналістычнага абавязку савецкіх людзей.
Сучасная беларуская проза працягвае і творча развівае лепшыя традыцыі папярэдняй літаратуры ў стварэнні вобраза камуніста. Так, напрыклад, Апейка ці Шэмет з раманаў I. Мележа і М. Лобана нечым блізкія да такіх герояў, як Панас з аповесці П. Галавача «Спалох на загонах» ці Зелянюк з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо». Але ў сучасных аўтараў ёсць вельмі істотныя перавагі, бо яны маюць магчымасць з вышыні гістарычнага вопыту ўсяго развіцця Савецкай дзяржавы і тых выпрабаванняў, якія выпалі на долю нашага народа, даць належную, аб’ектыўную, партыйную ацэнку з’явам і працэсам паслякастрычніцкай рэчаіснасці, вызначыць іх асноўныя тэндэнцыі.
Вось перад намі першы сакратар райкома партыі Башлыкоў з трылогіі I. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань». Ён малады, энергічны, прынцыповы, поўны жадання ўсе сілы аддаць партыі, ажыццяўленню яе палітыкі, яе генеральнай лініі. Да таго ж і паходжанне ў яго пралетарскае. У ім ёсць усё тое, што давала падставу на рубяжы 20–30-х гадоў лічыць яго ідэалам камуніста, грамадзяніна, чалавека.
Аднак героем мы яго лічыць не можам. У сваёй дзейнасці ён кіруецца не думкай аб лёсе і шчасці простых людзей, жыхароў раёна, не клопатамі аб чалавеку, а імкненнем што б там ні стала, не зважаючы на акалічнасці і перашкоды, на рэальныя аб’ектыўныя ўмовы, праводзіць у жыццё недастаткова прадуманыя ўстаноўкі, часта фарсіраваць іх пры дапамозе сілы, ператвараючы рашучасць і цвёрдасць у жорсткасць.
Пісьменнік праз вобраз старшыні райвыканкома Апейкі вельмі разумна паказвае альтэрнатыву, іншы стыль дзейнасці – сапраўды гуманістычны. Гэта ён, Апейка, захаваў ленінскую чысціню камуністычнай ідэалогіі і ў сваёй душы, і ва ўсёй практычнай дзейнасці. Іменна Апейка зразумеў трывогі маладога Карча, які ўжо не хоча ісці па слядах бацькі, шукае для сябе новага, сумленнага месца ў жыцці. Іменна Апейка адчуў душу Васіля Дзятла, зразумеў, што ў гісторыі з маслакоўцамі ён не вінаваты. Іменна Апейка ў час правядзення калектывізацыі, ведаючы добра псіхалогію селяніна, больш за ўсё баіцца перагібаў, паспешлівых, неапраўданых і непрадуманых рашэнняў.
Апейка вытрымлівае найскладанейшы экзамен на чалавечнасць. Ён паўстае перад намі як сапраўдны кіраўнік, выхаваўца, арганізатар мас, як чалавек, які ў сваіх учынках і паводзінах увасабляе мудрасць ленінскай лініі, ленінскага стылю кіраўніцтва, ленінскіх клопатаў аб чалавеку, а праз чалавека – аб справе. Бо ніякая справа без людзей не вырашаецца. I ў параўнанні з Апейкам выяўляецца ўся абмежаванасць Башлыкова як кіраўніка.
Для ацэнкі сапраўднай годнасці і грамадскай вартасці чалавека ёсць крытэрыі, якія вынікаюць з усёй гуманістычнай сутнасці Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, з ленінскіх норм грамадскага жыцця і сацыялістычнага будаўніцтва. Рэвалюцыя была здзейснена ў імя чалавека і для чалавека, і захаваць яе найглыбейшы сэнс і сутнасць можна было толькі ў тым выпадку, калі настойліва выхоўваць у людзей пачуццё чалавечнасці, зберагаць яго як найдарожшы скарб. Вось чаму ў трылогіі з такой любоўю абмалёўваецца вобраз Ганны і з такой пільнай увагай прасочваецца няпросты шлях Васіля, аналізуюцца змены ў яго псіхалогіі і характары.
Савецкія пісьменнікі зыходзяць з аднаго грамадскага і партыйнага ідэалу. Сапраўдным кіраўніком, сапраўдным камуністам можа быць толькі той, хто думае, хто ўмее ўсебакова ўзважваць рэальныя абставіны, да ўсяго падыходзіць творча, маючы на ўвазе мэту і канчатковыя вынікі, інтарэсы дзяржавы, народа, партыі, камуністычнага будаўніцтва. Іменна такімі становяцца Апейка з трылогіі I. Мележа, Шэмет з раманаў М. Лобана, Зазыба з дылогіі I. Чыгрынава.
Наогул жа гаварыць пра вобраз камуніста ў мастацкай літаратуры – гэта гаварыць пра ўвесь комплекс спраў сённяшняга жыцця – грамадска-палітычных, эканамічных, культурных, ідэйна-выхаваўчых, пра іх адлюстраванне ў мастацкай літаратуры.
Увасобіць тэму партыі, стварыць паўнакроўны вобраз камуніста ў мастацкім творы – задача надзвычай складаная, але і пачэсная.
Вобразы камуністаў, створаныя пісьменнікамі, жывуць сярод нас, змагаюцца разам з намі. Яны вядуць за сабой многія пакаленні, выхоўваюць іх, натхняюць на подзвігі.
З дзейнасцю камуністаў звязваюць нашы пісьменнікі ўсе перамогі Савецкай Беларусі за шасцідзесяцігадовы перыяд яе існавання. Пачуцці гонару за гістарычныя здзяйсненні нашай Радзімы пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі натхнёна перадаў Пімен Панчанка ў «Патрыятычнай песні»:
З партыяй роднай была ты заўсёды і ўсюды,
I камуністы наперадзе заўжды ішлі.
Не называем ніколі твой росквіт мы цудам,
Гэта – мы знаем – адзіная праўда зямлі.
Маці-радзіма, я рад, што жыву камуністам,
Сын твой, гатовы пайсці за цябе і на смерць.
Больш за жыццё берагчы буду сцяг твой агністы,
Сцяг, над вякамі якому свяціць і шумець.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
М.В. Няхай
Беларуская ваенная проза ў апошні час няспынна папаўняецца новымі творчымі здабыткамі. І гэта заканамерна: тэма гераічнага подзвігу савецкага народа ў барацьбе з фашысцкай навалай невычэрпная і неўміручая. Кожны з пісьменнікаў імкнецца глыбей асэнсаваць змест подзвігу, яго вытокі, сутнасць і характар, дэталёва разабрацца ў маральным і баявым вопыце людзей ваеннага пакалення, з вышыні сённяшняга дня асэнсаваць усю складанасць і супярэчлівасць таго героіка-драматычнага і трагічнага часу. А ў ім заключана вельмі многае – «як абсалютна новае, самабытнае, так і тое, што з’явілася вынікам і прадаўжэннем папярэдніх ёй перыядаў. Вайна ўяўляе сабой цэлы комплекс чалавечых і грамадскіх адносін, многія з якіх так ці інакш аказваюць сваё ўздзеянне і на жыццё наступных за ёй пакаленняў», – гаварыў В. Быкаў. І каб вопыт адной з грандыёзнейшых войнаў не прайшоў дарэмна для мастацтва, пісьменнікі не павінны адступацца ад яе горкай, бязлітаснай праўды. Моцнае ўздзеянне на чытача можа аказаць толькі той твор, дзе вайна паказана як найцяжэйшае выпрабаванне для чалавецтва, дзе персанажы пастаўлены ў самыя складаныя, самыя драматычныя абставіны (на вайне інакш не бывае!), дзе маральныя каштоўнасці чалавека правяраюцца ў выключных абставінах. У якім бы плане ваенная тэма не распрацоўвалася нашымі пісьменнікамі – ці ў плане маштабнага, эпапейнага адлюстравання падзей, ці ў плане паказу вузкага ўчастка вайны, даследавання праяўлення чалавечага характару ва ўмовах вайны, найлепшае мастацкае яе вырашэнне зможа зрабіць той, хто не толькі валодае талентам мастака, але прапусціў праз уласнае сэрца вопыт многіх удзельнікаў вайны, асэнсаваў лёсы людзей, чые характары раскрыліся ў крытычных ваенных сітуацыях. Толькі ў такім выпадку пісьменнік зможа ўзняць надзённыя маральныя праблемы, якія вынікаюць з урокаў вайны.
Адным з беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць звязана з вайной, з’яўляецца Іван Чыгрынаў. Маленства яго прайшло ў акупацыі, і вайна была для яго не адцягненым паняццем, а жывой рэальнасцю. Усё, што ён беражліва вынес з дзяцінства, a потым, пасталеўшы, асэнсаваў, знайшло спачатку сваё вобразнае ўвасабленне ў ранніх апавяданнях, якія з 1961 г. сталі паяўляцца ў друку, а потым былі змешчаны ў двух зборніках – «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967). У іх ён здолеў выпукла і ўражліва ўзнавіць у мастацкай форме атмасферу ваенных год, выявіць маральны стан чалавека, які перажываў моцныя ўзрушэнні. Жыццёвыя калізіі, што ляжаць у аснове яго апавяданняў, маюць эпічны пачатак, даволі шырокі ахоп падзей, дакладнасць сацыяльных і маральна-псіхалагічных матывіровак учынкаў удзельнікаў вайны.
На лёсе такіх герояў, як пагранічнік Аляксей Балаш, які марыў аб хуткай дэмабілізацыі, але загінуў у першы ж дзень вайны з думкай аб перамозе («Самы шчаслівы чалавек»), адзінокі, нелюдзімы ляснік Дземідзёнак, былы партызанскі памочнік, які ў памяць аб загінуўшай ад рук немцаў унучцы Алёнцы стаў выпускаць на волю птушак, скупленых у хлапчукоў, выяўляючы гэтым не дзівацтва, а нязгасную пяшчоту і любоў да жыцця («Птушкі ляцяць на волю»), працавіты і дбайны калгаснік Ігнат, які з-за хваробы апошнім з мужчын пакідае вёску, не паспеўшы дагледзець хатнюю гаспадарку («Ішоў на вайну чалавек»), вясковая жанчына Соня, якая столькі год упарта верыць, што дачакаецца свайго мужа з вайны («Жыве ў крайняй хаце ўдава»), удала раскрывалася мужнасць і высакароднасць савецкіх людзей, пільна даследавалася маральная падаснова патрыятычных учынкаў простага чалавека. Пісьменнік рабіў удалыя спробы пранікаць у сутнасць таго, што называецца духам народу, перадаваць сужыццё лірыка-асабістага і грамадзянскага ў паводзінах савецкіх людзей – удзельнікаў вайны, шчырых працаўнікоў у мірны час. Аддаючы перавагу героям, якія ваююць з ворагам альбо вярнуліся з вайны і жывуць успамінамі аб ёй, пісьменнік уважліва адносіўся да псіхалогіі чалавечага характару, заўсёды быў схільны да драматызацыі апавядальнай плыні. Калі выйшаў у свет зборнік выбраных апавяданняў І. Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» (1973), яшчэ больш выразна акрэсліліся асноўныя вартасці яго навелістычнай творчасці – спаважная і сурова-праўдзівая апавядальная манера, дасканалае веданне месца дзеяння, побыту і мовы людзей, што абумовіла арганічнасць вобраза ў сюжэце. Чым больш павышалася майстэрства пісьменніка ў раскрыцці псіхалагічнага зместу факта і сацыяльнай сутнасці з’явы, тым мацней гучалі матывы нязломнасці духу савецкіх людзей.
Найбольш значных поспехаў на пачатку свайго творчага шляху Чыгрынаў дасягнуў у распрацоўцы ваеннай тэмы. Мастацкія якасці, набытыя пісьменнікам у выніку папярэдняга вопыту навеліста: нетаропкасць, стрыманасць у выказванні сваіх асабістых пачуццяў, здольнасць да шматзначнага падтэксту, да паэтычных малюнкаў прыроды, моцная глыбінная эмацыянальная плынь, дакладная меладычная мова, мера ў выкарыстанні дыялектызмаў, з’явіліся неблагой падрыхтоўчай глебай для стварэння рамана «Плач перапёлкі», прысвечанага адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Твораў аб франтавым і партызанскім чатырохгоддзі ў нас напісана нямала, і Івану Чыгрынаву, нягледзячы на тое, што ён быў не навічком у мастацкім даследаванні ваеннага часу, нялёгка было знайсці свой падыход да эстэтычнага асэнсавання падзей вайны ў форме рамана.
Найбольш істотная своеасаблівасць і адметнасць задумы Чыгрынава заключаецца ў тым, што ён рызыкнуў поўнасцю прысвяціць свой раман асваенню падзей першых двух месяцаў вайны, таго складанага часу, які папярэднічаў навальнічнай партызанскай пары і за асэнсаванне якога не вельмі ахвотна браліся літаратары раней. А калі і браліся, то асвятлялі яго бегла, эскізна, пазбягаючы паказу сапраўдных цяжкасцей і супярэчнасцей. Смелая ж і нават, можна сказаць, наватарская пазіцыя Чыгрынава дазволіла яму паказаць тут новыя бакі народнага подзвігу. Сканцэнтраваўшы ўвагу на мастацкім даследаванні першапачатку народнай барацьбы, удумліва паглыбіўшыся ў сутнасць драматычнага моманту, пісьменнік здолеў перадаць узрастанне прагі помсты, веру ў перамогу, гатоўнасць да барацьбы, якія жылі ў сэрцах савецкіх людзей.
Непасрэдная далучанасць самога пісьменніка да падзей і забяспечыла раману надзейную жыццёвую аснову, моцны аптымістычны пачатак, які выяўляецца не столькі ў раскрыцці дзеянняў і ўчынкаў герояў, колькі ў перадачы ўнутранай падрыхтаванасці іх да выпрабаванняў і гераічных спраў, непазбежных у час вайны.
Раман адразу пераносіць нас у суровы час варожага нашэсця. Вёска Верамейкі разам з прылягаючымі Мамонаўкай і Кулігаеўкай, якія размешчаны на ўсходняй ускраіне Беларусі, раптам аказаліся ў становішчы своеасаблівага невялікага астраўка: за іх з баямі адышлі часці Чырвонай Арміі, а немцы чамусьці не спяшаюцца іх занімаць – відаць, не ўяўлялі яны для ворага стратэгічнай важнасці.
У гэты момант часовага зацішша і разгарнуліся верамейкаўскія падзеі. У паказе іх пісьменнік пайшоў няходжаным, але адзіна правільным шляхам, які толькі і можа забяспечыць мастацкае пасціжэнне праўды жыцця. Ён пільна ўглядаецца ў паводзіны людзей у той напружанай і адказнай сітуацыі, калі чалавек павінен інтэнсіўна пераадолець збянтэжанасць, няпэўнасць і поўнасцю выявіць сваю духоўную сутнасць. У чаканні прыходу немцаў сумненні чалавека робяцца вельмі актыўнымі. Пісьменнік паказвае, як у душы селяніна-хлебароба, выхаванага савецкім ладам жыцця ў духу калектывізму і нагарды да ўласніцтва, на першы план выходзіла ўсведамленне неабходнасці барацьбы з ворагам. Патрыятычныя пачуцці людзей за гэты кароткі прамежак часу вельмі абвастрыліся. Увасабляючы гэта, Чыгрынаў стварыў мноста вострых маральна-псіхалагічных калізій, у якіх выявіліся патрыятычныя пачаткі народнай свядомасці. Асабліва ўдала перададзена Чыгрынавым характэрнае ў цяжкім становішчы светаразуменне цэнтральных герояў рамана – старшыні калгаса Радзівона Чубара i яго намесніка Дзяніса Зазыбы, на чые плечы лягла цяжкая задача вырашаць складаныя пытанні, звязаныя з нечаканай небяспекай усталявання акупацыйнага рэжыму.
Пісьменнік дае дакладныя псіхалагічныя матывіроўкі паводзін гэтых людзей. У Чубара крыху прамалінейны падыход да ацэнкі становішча («Той, хто па-сапраўднаму любіў Савецкую уладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно зняўся з месца і паехаў»). Ён схільны называць ворагам кожнага, хто не эвакуіруецца ў тыл. Пазіцыі Чубара супрацьпастаўлен па-народнаму глыбокі погляд на жыццё Дзяніса Зазыбы («Хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае»). Разважлівы і знешне спакойны, Зазыба заўсёды паводзіць сябе ўпэўнена і проста. Прыродны розум, спрактыкаванасць і клапатлівасць Дзяніса Зазыбы – дбайнага гаспадара і сапраўднага кіраўніка ярчэй адцяняюць рэзкасць, паспешлівасць і адміністрацыйны пыл Радзівона Чубара. Спачатку здаецца нават крыху незразумелым, чаму Зазыба, будучы па службоваму становішчу ніжэй Чубара, больш пільна аналізуе абставіны, цясней звязаны з аднавяскоўцамі, дзейсна ўплывае на іх думкі і паводзіны. Але вось аўтар знаёміць нас з папярэдняй жыццёвай біяграфіяй Зазыбы, і нам становіцца ясным, дзе тояцца крыніцы тых душэўных багаццяў, якія мае гэты чалавек. Моцны характар яго пачаў складвацца яшчэ ў гады грамадзянскай вайны, калі яму, адважнаму байцу, сам Будзённы ўручаў ордэн Чырвонага Сцяга. Не менш суровым і гераічным быў і далейшы яго лёс. Колькі сіл і энергіі каштавала яму, каб арганізаваць калгас у роднай вёсцы і амаль на працягу васьмі год прабыць на пасадзе яго старшыні. Вялікая душэўная рана (беспадстаўныя абвінавачванні за нейкія памылковыя паводзіны сына Масея, які папаў пад рэпрэсію) не зламала Зазыбу-камуніста. Не мала тут значыла своечасовая падтрымка сакратара райкома партыі Пракопа Маштакова, які не даў у крыўду ветэрана вайны і працы. Перавод на ніжэйшую пасаду быў для яго не такім ужо і страшным пакараннем, і Зазыба ніколі не адчуваў сябе пацярпеўшым у выніку незаслужаных падазрэнняў, мужна і адкрыта глядзеў на навакольны свет, заўсёды ацэньваў акалічнасці не з пункту гледжання асабістай крыўды, а зыходзячы з грамадскіх інтарэсаў. Да голасу гэтага чалавека, які ў сваіх дзеяннях заўсёды кіраваўся пачуццём партыйнага абавязку, адказнасці перад народам, уважліва прыслухоўваюцца калгаснікі, якія апынуліся ў акупацыі. Гэта сведчыць аб яго сіле як кіраўніку, аб паслядоўнасці і трываласці яго характару і светапогляду, аб глыбокіх карэннях, якія пусціла ў яго свядомасць камуністычная ідэалогія.
Чубар таксама не здраднік і не дызерцір. Але ён марудна асэнсоўвае падзеі, доўга прытрымліваецца старых метадаў кіраўніцтва, з цяжкасцю прызвычайваецца да абставін вайны. Правёўшы апошні сход калгаснікаў і паспрачаўшыся з Зазыбам, ён кідае свае эвакуацыйныя справы і непрыкметна знікае з Верамеек. У гэтым учынку знайшлі адлюстраванне ў першую чаргу яго патрыятычныя імкненні не застацца ў баку ад агульнай справы, далучыцца нейкім чынам да рэгулярнай арміі. Але ён не змог пазбегнуць часовай разгубленасці, бо не вельмі проста, а мо і не магчыма было на адзіноце з самім сабой хутка знайсці правільны шлях. Многія прычыны, якія выклікаюць у душы Чубара ваганні і страх, ляжаць на відавоку. Найбольш важная з іх у тым, што папярэдняя жыццёвая школа Чубара была не такой ужо і багатай. Ён выхоўваўся ў дзіцячай працоўнай камуне. Перад пачаткам калектывізацыі яго датэрмінова адклікалі з вучобы ў школе каморнікаў і накіравалі туды, дзе найбольш былі патрэбны кадры. Але складвалася ўсё так, што ён не затрымліваўся доўга на адной пасадзе. Вядома, мяняць часта месца работы яму даводзілася і не па сваёй віне. Старшынёй у Верамейках яму давялося прабыць усяго якіх-небудзь два гады. Хіба ён змог за такі кароткі тэрмін па-сапраўднаму зблізіцца з людзьмі, навучыцца разумець іх самыя запаветныя інтарэсы? Безумоўна, не! Магчыма, адсюль і бярэ пачатак яго тая мітуслівасць і схільнасць да бяздумнага выканання дырэктыўных указанняў, супраць чаго так абгрунтавана выступае Зазыба. Аказаўшыся немабілізаваным і не ведаючы, куды ісці, Чубар доўга бадзяецца ў пошуках месца збору апалчэнцаў, і яго вандроўніцкая эпапея толькі павялічвае маральныя і фізічныя пакуты, выкліканыя няпэўнасцю і пустэльніцтвам. Пасля сустрэчы з ваенурачом у лесе, дзе Чубар атрымаў неспадзяваную магчымасць непасрэдна пазнаць жахі вайны, ён задумваецца аб сваім месцы ў змаганні. Паступова ў яго сэрцы выспявае ўпартае рашэнне застацца ў тыле ворага і змагацца. Мастацкай логікай твора аўтар падводзіць нас да думкі, што Чубар з цягам часу зможа стаць важаком мас. Ён паступова пераадольвае няўстойлівасць сваіх планаў, прыходзіць да думкі аб неабходнасці ў такі адказны час звярнуцца да вопыту і мудрасці народу. І міжволі думаеш, што і Чубар, і Зазыба неўзабаве сустрэнуцца ў новай сітуацыі і аб’яднаюць свае намаганні, бо і раней іх разводзіла па розных дарогах хіба толькі неаднолькавасць жыццёвага вопыту ды розная ступень псіхалагічнай падрыхтаванасці да раптоўнага нашэсця ворага.
Супрацьпастаўляючы цвярозага, умудронага вопытам Зазыбу крыху лёгкадумнаму Чубару, 32-гадоваму халасцяку, аўтар не ставіў перад сабой мэты вывесці іх выключнымі антыподамі. Калі іх і можна так назваць, дык толькі ў плане псіхалагічным. У агульным жа плане іх думкі ўвесь час працавалі ў патрыятычным напрамку – змагацца са зброяй у руках. Разыходжанні заключаліся ў пошуках канкрэтных метадаў і сродкаў барацьбы.
Назіраючы за паводзінамі людзей, якія апынуліся ў агні вайны, пісьменнік усё часцей адчуваў патрэбу звярнуцца да дзяцінства сваіх герояў, да паказу напружанай і рамантычнай абстаноўкі 30-х гадоў. Гэта зроблена не толькі ў адносінах да Зазыбы і Чубара, але і шматлікіх іншых персанажаў – калгаснікаў Сідара Раўнягіна, Парфёна Вяршкова, Сіланція Хрупчыка, Івана Падзерына, Кузьмы Прыбыткова, Ганны Карпілавай. Без рэтрэспектыўнага падыходу да адлюстравання лёсу людзей нельга было прасачыць, як уплывала атмасфера нашага даваеннага жыцця на фарміраванне іх характару і светапогляду. Частыя экскурсы ў мінулае сваіх герояў – прыём, вельмі распаўсюджаны ў літаратуры, і няма нічога дзіўнага, што Чыгрынаў часта карыстаецца ім. Інакш, мусіць, і нельга дасягнуць плённай распрацоўкі матэрыялу: не ведаючы, як праходзіла дзяцінства героя, як складваўся яго папярэдні лёс, цяжка да канца зразу мець яго сённяшнія свядомасць і ўчынкі. Гэты прыём дазваляе аўтару больш дасканала даследаваць сфарміраваныя за гады Савецкай улады сацыяльныя і маральныя каштоўнасці, без якіх нельга было б перамагчы такога моцнага і каварнага ворага, якім быў гітлераўскі фашызм. Прасачыць вытокі моцных і трывалых харак тараў дапамагаюць пісьменніку не толькі асабістыя каментарыі сацыяльна-біяграфічнага плана, але і ўспаміны саміх герояў, іх унутраныя маналогі. Усё гэта садзейнічае глыбейшай перадачы ўнутранага свету, выяўленню чалавечнасці савецкіх людзей, мастацкаму паказу сацыяльных асноў народнага жыцця, моцнага маральнай чысцінёй і актыўнымі, дзейснымі адносінамі да навакольнай рэчаіснасці.
Пошукі прычын маральнай стойкасці савецкіх людзей з’яўляюцца адным з вызначальных момантаў надзённага гучання твора, яго гуманістычнай накіраванасці і жыццесцвярджальнага пафасу. Аптымістычны пачатак рамана тоіцца ў раскрыцці найбольш істотных – зыходных глыбінных пластоў народнай псіхалогіі. Багацце душэўных сіл, высокія маральныя пачуцці простых жыхароў вёскі Верамейкі – з гэтага вырастае гераізм нялёгкіх першых дзён вайны, гераізм, спецыфічны па сваіх праявах і непаўторнасці. На выяўленне яго і скіраваны намаганні пісьменніка. Ці дае ён летапіс асобных лёсаў, сямей, вёсак калгаса, ці прыбягае да аўтарскай характарыстыкі персанажаў, ці ў форме публіцыстычных адступленняў аналізуе патрыятычныя імкненні герояў, ці застае іх у хвіліны глыбокіх роздумаў пасля першых пакут і нягод – усюды на першы план выносяцца факты і сітуацыі, якія сведчаць пра гатоўнасць савецкіх людзей да барацьбы, пра нескаронасць і нязломнасць іх духу.
Прыкметы «рамана-лёсу» і «рамана-падзеі» зліліся ў «Плачы перапёлкі» ў адно рэчышча, выразна акрэсліўшы адметнасць творчай манеры Чыгрынава, які, па сутнасці, стварыў калектыўны вобраз беларускай вёскі часоў вайны, паказаў яе жыццё з захаваннем шматлікіх рыс нацыянальна-самабытнага каларыту. Варта было б асобна адзначыць і даволі высокае майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы жаночых вобразаў. Жонка Зазыбы Марфа, кладаўшчыца Ганна Карпілава, маладыя салдаткі Дуня Пракопкіна і Сахвея Меляшонкава надзелены цеплынёй і пяшчотнасцю, мацней выяўляюц вытокі лепшых грамадзянскіх, маральных і эмацыянальных якасцей асяроддзя калгаснікаў. Нават тыя, хто выступае ў рамане эпізадычна, – Куліна Вяршкова, Гануся Падзерына, Роза Самусёва, Гэля Шаракоўская, Палага Шунякова і іншыя пакідаюць добрае ўражанне. Лёсы верамейкаўскіх жанчын-працаўніц выклікаюць павагу сваёй спакойнай сілай, верай і някідкай прыгажосцю. Праз усё іх гора і цяжкасці ўпарта прабіваецца жыццесцвярджальная нота. Чыгрынаў сціплы на пахвальныя ацэнкі, але само апавяданне пра жанчын ператвараецца ў гімн беларускай працаўніцы і дапамагае лепш зразумець асноўную думку твора. Напрыклад, песні, а потым надрыўны плач салдаткі Дуні на бабінах у парадзіхі Сахвеі шмат гавораць нам аб ідэйнай сутнасці ўсяго твора: ідзе жыццё, нараджаюцца дзеці, спрачаюцца і пакутуюць, гаруюць і танцуюць, весяляцца і сумуюць людзі, а над усім гэтым раздаецца грозны напамінак аб вайне, аб лёсе тых, хто на фронце, аб абавязку перад імі, аб неабходнасці барацьбы.
Ідэйную накіраванасць твора яшчэ больш паглыбляе бязлітаснае асуджэнне нямецкіх прыслужнікаў – былога махноўца, першага паліцая ў вёсцы Антона Брава-Жыватоўскага, дызерціраў Рахіма, Рамана Сёмачкіна і іх падпявалы Мікіты Драніцы. Аўтар не шкадуе сатырычных сродкаў, каб выкрыць нікчэмнае нутро гэтых мярзотнікаў, паказаць ганебны воблік прадажных асоб.
Раман «Плач перапёлкі» – не хроніка, не мемуары, не дакументальны летапіс першых дзён вайны. У ім чуецца толькі водгалас батальных сцэн, што адбыліся недзе паблізу. Часам здаецца, што пісьменнік з фатаграфічнай дакладнасцю занатоўвае эпізоды і выпадкі з жыцця герояў і вёскі і што яны нібыта не маюць прамога дачынення да развіцця асноўнага дзеяння. Такімі можна палічыць эпізоды, калі Чубар затрымліваецца ў Шыраеўцы, каб сустрэцца з Палагай, калі Зазыба з Марфай едуць у мястэчка, доўга гутараць у доме краўца Шарэйкі, калі вядуцца размовы вакол лёсу загадкавай пустэльніцы Марылі, калі робіцца экскурс у біяграфію Мікіты Драніцы. Магчыма, гэтыя моманты крыху і замаруджваюць ход дзеяння, абцяжарваюць сюжэтнае развіццё, але наяўнасць іх у сюжэтна-кампазіцыйнай пабудове рамана можна палічыць неабавязковай толькі на першы погляд. У сапраўднасці ж яны дапамагаюць стварэнню пераканаўчага малюнка акупацыйнага рэжыму, значна пашыраючы наша ўяўленне аб складаных перыпетыях, у якія трапляюць героі, і прымушаючы з неаслабнай увагай сачыць за развіццём дзеяння ў творы.
У рамане няма апісання баявых дзеянняў жыхароў вёскі – яны наперадзе. Аўтар жа ўвесь час паглыбляецца ў запаветныя думкі сваіх герояў, якія ведаюць альбо нават былі відавочцамі жорсткіх кровапраліццяў на месцах баёў рэгулярнай арміі, а цяпер у пакутлівай невядомасці павінны вызначыць свае зыходныя пазіцыі для далейшага. Праз асвятленне чалавечых лёсаў прасочваецца зараджэнне і развіццё народнага бясстрашша і мужнасці, вытокі гераічных настрояў. А яны, гэтыя вытокі, тояцца ва ўсведамленні праваты сваёй справы, у адданасці сацыялістычнай бацькаўшчыне і камуністычным ідэалам і іншых маральных якасцях, выхаваных у савецкіх людзей намаганнямі партыі, усім укладам нашага даваеннага жыцця. Аўтар сцвярджае ідэю справядлівасці і жыццездольнасці сацыялістычнага ладу, трываласці і непахіснасці яго сацыяльна-маральных і эканамічных асноў. У гэтым заключаецца самае дарагое і важнае адкрыццё пісьменніка, які ва ўзаемаадносінах паланёных людзей здолеў паказаць моцныя патрыятычныя карані, наблізіўся да пасціжэння сутнасці складанай праблемы глыбокага даследавання тых фактараў, што прадвызначылі еднасць і згуртаванасць савецкіх людзей у небяспечных абставінах.
У рамане мноства масавых сцэн, шматгалосых дыялогаў, маляўнічых пейзажаў, выразных этнаграфічных эпізодаў, таленавіта выпісаных бытавых малюнкаў і падрабязнасцей.
Вялікае значэнне набываюць сімвалічныя абагульненні, якія часцей за ўсё ствараюцца прыродаапісальны мі прыёмамі. Сімвалічным выглядае той момант, калі Зазыба і Марфа слухаюць у аўсе свіст перапёлкі, які нагадваў плач: «У ім не было тае ядранай і бесклапотнай зухаватасці, якая, быццам удар хлыстоўкі, ажно падсцёбвае часам і прыўзнімае настрой.
Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…
Сёння перапёлка, няйначай, плакала, – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач…»
Апісанне спеву перапёлкі пададзена на высокай хвалі паэтычнага ўзрушэння, і гэты плач гучыць як пераасэнсаванне ў новых трагічных абставінах народных уяўленняў і павераў.
Значны абагульнена-філасофскі змест утрымліваецца ў эпізодзе, звязаным з тым, калі ласі пападаюць пад бамбёжку нямецкіх самалётаў, хоць на першы погляд ён можа здацца мала арыгінальным і, больш таго, аўтаномным у тканіне ўсяго рамана. Выказваліся папрокі, што гісторыя паяўлення і гібелі ад куль варожага аўтаматчыка ласіхі, калі ўсё гэта разглядаць нават сімвалічна, аказалася ў рамане зусім лішняй. Нібыта неабавязковай выступае і смерць лася, дадзеная ў эпілозе рамана, бо яна нічога істотнага не дапаўняе ні да вобраза Рахіма, які забіў яго, ні да раскрыцця мясцовага сацыяльна-бытавога каларыту. Але глыбей удумаўшыся, пераконваемся, што карціна забойства паліцэйскім лася мае акрэсленае самастойнае значэнне – яна яскрава ўвасабляе сабой драпежніцкую сутнасць акупацыйных улад. У шматзначнай сімвалічнай канцоўцы рамана смерць лася займае, такім чынам, не апошняе месца. Яна стала своеасаблівым цэнтрам, вакол якога сутыкнуліся супрацьлеглыя сілы, і дазволіла яшчэ раз засяродзіць увагу на тым, як у прытоенай звычайнасці часовага зацішша выспявала ўнутраная трывожная насцярожанасць і будучыя драматычныя канфлікты.
Можна толькі пашкадаваць, што ў рамане не знайшла далейшага развіцця сюжэтная лінія Маштакоў – Марыля. Пра дзейнасць сакратара райкома партыі гаворыцца вельмі коратка. Не выяснена роля Марылі, пакінутай у тыле ворага для разгортвання разведвальнай работы. Нават Марфа, якая апякае дзяўчыну, не ведае, чаму яе патрэбна выдаваць за пляменніцу. Распрацоўка гэтай лініі дапамагла б адкрыць у свядомасці вяскоўцаў шмат новых адценняў. Але яе эскізнасць, відаць, абумоўлена храналагічнымі рамкамі рамана, і абставіны, звязаныя з падпольшчыцай, будуць даследаваны ў далейшым.
Усе гэтыя прыватныя недахопы мала зніжаюць вартасці рамана, які сведчыць, што І. Чыгрынаў паспяхова паспрабаваў свае сілы ў новым для яго жанры, своеасабліва адлюстраваўшы падзеі першых двух месяцаў вайны, заглыбіўшыся ў самыя карэнні, у вытокі той гістарычнай з’явы, якая атрымала назву ўсенароднага подзвігу ў барацьбе з фашызмам.
У свой час у рэцэнзіях адзначалася, што раман «Плач перапёлкі» выглядае незавершаным, што ён успрымаецца як подступ, экспазіцыя да нечага яшчэ не напісанага. Гэтага не адмаўляў і сам аўтар, калі ў адным са сваіх выступленняў гаварыў, што асноўная яго задума была вывесці сваіх герояў на зыходныя пазіцыі, толькі акрэсліць шлях іх далейшай дзейнасці. Вось чаму кожны, прачытаўшы раман, адчувае, што павінна быць яго прадаўжэнне. І ён не памыляецца. У друку даўно ўжо паведамлялася, што І. Чыгрынаў заканчвае работу над новым раманам «Апраўданне крыві», у якім будуць прасочаны далейшыя лёсы герояў «Плачу перапёлкі». У газеце «Літаратура і мастацтва» за 22 жніўня 1975 года быў змешчан невялічкі раздзел з рамана пад назвай «Па дарозе ў Белую Гліну». У ім расказваецца пра тое, як верамейкаўцы па загаду каменданта Гуфельда едуць на падводах у Белую Гліну рамантаваць мост праз Бесядзь, які некалі знішчылі чырвонаармейцы. Мы сустракаемся з ужо знаёмымі нам героямі Зазыбам, Сілкам Хрупчыкам, Miкітай Драніцай, нямецкім агітатарам Брава-Жыватоўскім, Раманам Сёмачкіным. Паяўляюцца і новыя героі, сярод якіх настаўнік Сцяпан Кавалёў, які ўцёк з палону, але гаворыць людзям, што яго адпусцілі з лагеру. І самае важнае, што ў гэты час Зазыба думае пра пажар у Паддубішчы, які мог быць справай рук Чубара, хвалюецца і спачувае Чубару, які «сядзіць недзе пустэльнікам у Мамонаўцы і чакае яго, Зазыбу, калі ён злітуецца ды выбярэ часу з’ездзіць у Машавую».
Поспех рамана «Плач перапёлкі» абумоўлены не толькі таленавітасцю пісьменніка, яго незаёмным веданнем жыцця. У значную падзею ваеннай прозы кнігу ператварыла актыўная ідэйна-мастацкая пазіцыя пісьменніка, якому ўласцівы сур’ёзны, удумлівы падыход да паказу народнага жыцця. Між іншым, раман сведчыць і пра тое, што пісьменнік цесна звязаны з беларускай вёскай, разумее клопаты і спадзяванні яе жыхароў. Ён блізкі ім самабытнай творчай манерай, чуйнасцю да слова, уважлівымі адносінамі да мовы не проста як да першаэлемента літаратуры, але як да высокай духоўнай каштоўнасці.
Але самым моцным бокам рамана, які найбольш пераканаўча апраўдвае яго самастойнае творчае існаванне, з’яўляецца тое, што ў ім паказана непахіснасць духу савецкіх людзей перад тварам суровых выпрабаванняў, выкрываецца бездапаможнасць нікчэмнай кучкі здраднікаў і адшчапенцаў, дэталёва даследуецца маральны патэнцыял жыхароў беларускай вёскі, іх цвёрдай вытрымкі і ўнутранай падрыхтаванасці да барацьбы за свабоду і незалежнасць Радзімы.
А. Яскевич
Каким образом жизненная правда становится правдой искусства?.. В эстетике, пожалуй, нет другой проблемы, которая доставила бы столько хлопот и неожиданностей теоретикам. Отчасти это и оттого, что взаимоотношения между действительностью и искусством пребывают в постоянном движении, усложняются, связь между ними меняет характер, что было актуально вчера, может оказаться архаичным сегодня.
Сложность, невыясненность тех переходов и превращений, которые лежат между жизнью и ее воспроизведением в искусстве, в свое время удивила основоположников реализма, когда им после романтиков, у которых дистанция между искусством и действительностью определялась своеобразием самого метода, впервые пришлось обратиться к жизни такой, как она есть, лицом к лицу. Один из выдающихся реалистов литературы прошлого века И.А. Гончаров, в частности, писал:
«Художественная правда и правда действительности – не одно и то же. Явление, перенесенное целиком из жизни в произведение искусства, потеряет истинность действительности и не станет художественною правдою. Поставьте рядом два-три факта из жизни, как они случились, выйдет неверно, даже неправдоподобно».
А все потому, считает писатель, что «природа слишком сильна и своеобразна, чтобы взять ее, так сказать, целиком, помериться с ней ее же силами и непосредственно стать рядом: она не дается. У нее свои слишком могучие средства. Из непосредственного снимка с нее выйдет жалкая, бессильная копия…»
Способы образного освоения действительности посредством ее нового, художественного воссоздания искусство нашло на путях типизации, формирование основных принципов которой падает на очень зрелую его пору –период реализма. Художественный переворот, который проделал реалистический метод в недрах прежней традиции, в основном и вызван тем, что искусство в великом «усилии» вырабатывало свой «механизм» исследования, сложной системой которого осуществляется, если уместно тут это слово, «перевод» жизненной действительности в действительность художественного произведения. Ибо что такое типизация, как не тот, по представлениям поэта, «магический кристалл» с его миром волшебных преломлений, благодаря которому и имеет место художественное воссоздание жизни. Или, прибегая к технической аналогии, не тот ли это сложнейший трансформатор, который переводит ток жизни в потенциал более высокого, художественного напряжения.
И хотя в теории интерес к этой проблеме нынче упал вследствие, возможно, чересчур ретивого, не всегда творческого внимания к ней в прежний период, сама практика отнюдь не согласна снимать ее с повестки дня. Писатели, которые очень скоро начинают зевать, как только мы, критики, бывает, начинаем потчевать их догматическими истинами, охотно поддерживают разговор о типизации, хотя тема тоже не нова. Она – эта тема – для них своеобразный критерий общезначимости выведенных ими характеров и интереса к поднятым ими вопросам.
Время многое изменило в искусстве. А ныне интенсивность этих изменений особенно велика: какие-нибудь пять последних лет ощутимо обновили нечто в литературном процессе. И прежде всего потому, что взаимодействие искусства с жизнью становится иным. Жизнь требует новых контактов, более тонких взаимодействий художника со временем, новой достоверности, почти уже «документальной» точности воспроизведения примет его, все более исследовательского вторжения в жизнь. А это первый показатель того, что в принципах типизации что-то существенно совершенствуется, усложняется, ибо на ней, на типизации, лежит главная ответственность в той «дипломатии», которая ведется искусством с жизнью.
В последние годы в литературоведении наметился значительный прогресс в исследовании проблемы взаимодействия искусства с жизнью. Мы избавляемся от догматической узости в оценке художественных явлений, более широко рассматриваем проблему типизации, более бережливы стали к опыту именно современной литературы, опыту совершенно новому, незнаемому, понимая, что в осмыслении этого опыта нас не всегда выручит эстетика Аристотеля или Гегеля, как и многих других наших гениальных предшественников. Не выручит по той простой причине, повторю, что нас от них отделяет время великих, в значительной мере качественных изменений в самом искусстве.
Упоминая о новых интересных подходах к изучению проблем типизации, этих столь трудных для анализа исследовательских возможностей художественного образа, я имею в виду широкую постановку в литературоведении – с использованием достижений других наук – вопроса об условности искусства, благодаря которой постепенно начала заполняться реальным содержанием эта полоса превращений жизненного материала в материю художественную.
Вторым очень важным шагом в исследовании проблемы было сближение (тоже посредством выхода к данным других наук) исследовательских принципов искусства с методом моделирования, которым пользуется наука при решении наиболее сложных своих задач в том случае, когда исследование оригиналов по тем или иным причинам усложнено или практически невозможно. Действительно, искусство, предмет исследования которого –повседневная действительность – один из наиболее труднодоступных и сложных, идет по пути воспроизведения исследуемого объекта в более сжатой, принципиальной схеме-структуре.
Однако художественный тип моделирования оказался необычайно специфическим и труднодоступным для исследования. Являясь предельно концентрированным аналогом жизни, художественное произведение, тем не менее, должно выступать в форме самого приближенного жизнеподобия. Это познание через воспроизведение.
В результате, хотя установление для художественного творчества принципа моделирования и углубило наше представление об искусстве как своеобразном типе познания, оно мало прояснило сам этот исследовательский «механизм» его. Художественное произведение по-прежнему удерживает в себе свою тайну: оно оказалось замешенным на том же тесте, сотворенным во многом по тем же подсмотренным у натуры законам, что и сам исследуемый им оригинал–жизнь.
Для последующего углубления в исследовательский «механизм» художественных структур наиболее целесообразным представлялся нам путь рассмотрения типизации как творческого процесса. Практикой современных исследований установлено, что подсмотреть внутреннюю структуру явления легче всего тогда, когда она еще только складывается. Как только структура закончит свое формирование, она убирает спаи, швы, нитки, «не желая» выдавать своих тайн. Попытки в таком случае судить о ней уже по завершенной форме, по ее окончательным результатам позволяют, как правило, схватить лишь общую сущность, главный закон. И в самом деле, что представляют собой наши суждения о типичности того или иного характера, созданного художником, как не попытку понять сложные процессы, которые имеют место на пути превращения материала жизни в материал искусства, по окончательным результатам, в сущности, мало что открывающим анализу.
А ведь процесс этих превращений начинается уже в сфере психологии творчества, причем, может быть, главное в типизации закладывается отбором, концентрацией, переплавкой материала в период вынашивания замысла.
Как ни подсознательна «алхимия» превращений, происходящих с жизненным материалом в процессе вынашивания замысла (не зря многие моменты его освещены необычным для будничной жизни экстатическим состоянием творчества), все же многое уже приоткрывается анализу. Заведует отбором фактов действительности и, значит, уже восстановлением их к художественной жизни то созидательное начало в художнике, которое Л. Толстой назвал единством нравственных авторских отношений к предмету. В расширительном смысле своеобразие авторского отношения к жизни мы именуем тем или иным типом творчества.
Своеобразие этого взгляда на жизнь, который превалирует в тот или иной период в жизни художника, оказывается в высшей степени началом избирательным. Память художника во многом подсознательно высвечивает, избирает только те факты, подробности, эпизоды из плещущегося вокруг жизненного моря, которые соответствуют его настроению, взгляду, жизненной позиции. Так в процессе самой жизни творческой личности происходит отбор из бесконечного множества жизненных явлений только необходимого для творчества, что не далось бы ей самым тщательным, но нарочитым усилием.
Однако нравственное отношение к жизни обладает наряду с этим уже и значительным созидательным свойством. Оно в прямом смысле формирующая сила, которая вызывает к образной жизни факты пережитого и увиденного, придает им смысл, собирает, освещает их единством этого нравственного подхода и тем самым «создает» их для искусства, выстраивает из них уже иную концепцию жизни – художественную.
…
Художник из множества подробностей выбирает несколько, возможно, только одну, но наиболее примечательную, броскую, яркую, в которой внешность предмета обнаружилась всего более, переносит, пересаживает ее со всеми ее корешками, так что она, сохраняя на себе атмосферу среды, из которой взята, способна ассоциативно родить представление о всей картине, обо всей ее поверхности.
Вот как знакомит нас со своим героем Иван Чигринов в рассказе «Чудак с Гончарной улицы»:
«– Демиденок идет, – послышались вдруг голоса, и я увидел незнакомого старика, торопливо идущего с клеткой в руке серединой улицы.
Он был невысокого роста, сгорбленный, с белой бородкой и такими же белыми волосами на голове. Они выбивались из-под соломенной шляпы. На незнакомце была вылинявшая сатиновая косоворотка, перехваченная пояском с кистями, а на штанах виднелось несколько небольших заплаток. Старик семенил так быстро, будто очень спешил куда-то. Ходил он на цыпочках, поэтому вся его щупленькая фигурка во время ходьбы подавалась вперед».
В сущности, тут всего лишь несколько скупо брошенных подробностей-деталей дают нам довольно выразительное представление о человеке. Подробности «сгорбленный» и «с белой бородкой и такими же белыми волосами» да еще чисто информационная, нейтральная в изобразительном смысле характеристика «невысокого роста» очертили бегло нам его портрет.
Другие детали, например, манера его ходьбы («старик семенил так быстро, будто спешил куда-то», «ходил он на цыпочках…») указывают на некую психическую аномалию у человека, ставшую результатом какой-то большой жизненной трагедии.
Однако ее, эту деталь-подробность, берущуюся своей частью представлять весь предмет натуры в художественном образе, писатель должен включить в силовое поле нового, уже художественного целого, чуть заметно повернуть, ориентировать в направлении общего идейного замысла. А это уже и есть обобщение. Так возле самых образных основ происходит слияние неслиянного, вяжутся воедино небо обобщения, анализа с землей конкретизации, индивидуализации, предметного, образного их воспроизведения.
Так, в рассказе И. Чигринова только в соприкосновении, в связи с деталями, свидетельствующими о чудаковатости человека, обретают соответственный смысл и начинают звучать в нужном ключе и другие подробности из этой первоначальной авторской характеристики героя: вылинявшая сатиновая рубашка, брюки в латках. Но настоящую глубину эти детали обретут позже, когда мы увидим их связь с деталями всего последующего контекста. Из первоначально названных особенно существенна вот эта деталь: в руке у Демиденка всегда клетка для птиц. Этот чудак с Гончарной улицы скупает на рынке птиц, тратя почти всю свою пенсию (вот эта новая связь с его обветшалой одеждой!), чтобы потом… выпустить их на волю. Этой детали суждено разрастись до роли лейтмотивной, участвовать в раскрытии идейного замысла произведения.
…В войну (Демиденок тогда служил лесником) его сторожка, заброшенная в лесной глухомани, служила приютом для беженцев и раненых красноармейцев. А позже, до самой зимы, была штаб-квартирой партизан. Однажды в сторожку нагрянули немцы, увели старика на допрос, а его внучку, трехлетнюю Аленку, заперли в сторожке одну.
«Две недели пытали лесника. И все это время он страдал при мысли, что оставил девочку одну. Когда же его, наконец, отпустили на свободу, он не нашел в своей холодной сторожке внучки. На полу лежала одна околевшая синица… Когда и как она залетела сюда – Демиденок не знал».
И мы понимаем: так вот почему этот Чудак, тронувшийся умом от нечеловеческого горя, ходит каждое воскресенье на рынок покупать птиц…
Однако разговор о типизации, о скрытых изобразительных силах, которые литература открыла в художественной подробности, мы, к сожалению, не можем оставить на этой самой возвышенной ноте.
Обнаруживается, что там, где перед художником открываются неисчерпаемые резервы, его подстерегают и бездны опасности. Он выходит на распутье многих ложных путей. Тут, должно быть, и одно из направлений преодоления искусством своих слабостей и иллюзий. Деталь берет из множества малое, единичное, однако берется замещать его целиком. При этом изображение идет не всегда по линии выбора самого существенного, главного, ибо главное всегда более известно, присмотрелось. Искусство же в первую очередь ищет свежего, внезапного, оно враг избитого. К тому же отбор подробностей охватывает преимущественно внешнюю сферу, т. е. ищется то, что более наглядно. А внешнее, как известно, не так близко еще стоит к главному, к самому существенному в явлении. Да и, как правило, у каждого художника тут будет свой отбор, в одном и том же предмете он отдаст предпочтение каким-то своим деталям.
Таким образом, хотя художественная модель произведения и строится из внешне достоверных фрагментов натуры, однако получится ли она достоверной настолько же и внутренне – вот вопрос. Вот почему писательство предполагает очень ответственную жизнь художника как человека: произведение является результатом разрешения загадок жизни прежде всего для самого себя, глубочайшим следствием самого насущного, чем живет его разум.
Каков же при этом у литературы метод доказательства? Он целиком зиждется на доказательстве подробностями, фактами, картинами, их сопоставлением, компоновкой, выстраиванием в линии, мотивы, «идеи». Это целиком доказательство наглядностью.
Есть ли тут нечто новое в приемах и средствах типизации по сравнению с художественной практикой прошлого? Конечно, есть! Достаточно сказать, что доказательство логикой самого материала, всей образной системой произведения в литературе становится возможным лишь на очень высокой ступени зрелости. Как часто даже у великих романистов прошлого выходят на арену специальные персонажи – резонеры, рупоры идей, которым художник, будучи еще бессилен выразить главную мысль всем образным строем произведения, перепоручает высказывание своих идей в риторической, рассудочной форме.
В нынешней литературе это почитается за художественный провал: принципы современной типизации требуют от художника выражения своих наблюдений и размышлений над жизнью, высказывания своих идейных убеждений не голой декларацией, а всей системой художественного материала, последовательностью его расположения.
И тут искусство открыло, что сам материал, любой жизненный факт несет в себе большую силу «доказательности», которую он, однако, по-настоящему высвобождает при сопоставлении с другими, в соединении, развертывании их в ряд и, таким образом, развитии на них мысли. В художественном организме та или иная сцена, эпизод, деталь важны не только сами по себе, но и в отношении к остальным. Еще Шиллер обратил внимание, что «одна идея, рассматриваемая изолированно, может быть совсем незначительной и случайной; но она может стать важной благодаря другой, которая придет после нее».
В новом сопоставлении, как заметили исследователи, происходит высвобождение фактов от обычных связей, в которых они предстают перед нами в жизненных впечатлениях. В новом сцеплении словно бы развязываются старые нити, которые связывали их в жизни, и факты начинают жить уже иной жизнью, получают совершенно иной вес, более широкое или, напротив, локальное звучание и т. д.
Так мы становимся свидетелями все возрастающей роли композиции в современном произведении, которое представляет собой, в сущности, непрерывный процесс компоновки. Иначе не произойдет анализа, исследования. И если обычно в творческой практике возможна порой замена одних средств другими, то этого нельзя сказать применительно к композиции. По глубокому убеждению Сергея Эйзенштейна, большого мастера и теоретика композиции, попытки подменить ее иными образными решениями там, где должна быть ее власть, как правило, только вредят выполнению художественной задачи.
И тут в искусстве заметны большие изменения в принципах образного исследования. Как известно, цель, преследуемая художественным сюжетом, обычно состоит в том, чтобы выигрышным расположением материала достичь максимального, наивысшего воздействия на читателя. В этом смысле произведение – это игра, изображение жизни в увеличительном зеркале. Распределение материала в нем подчинено приему нарастания впечатления.
Нынешнее искусство и тут, что называется, поменяло порядки. В современном произведении ценятся больше исследовательские, чем занимательные приемы. По крайней мере, современный художник элементы игры, свойственные искусству, стремится упрятать на глубину, сделать невидимыми.
Прием усиления целиком переработан в системе современной композиции. Он, если и сохранился, то, возможно, лишь как самый общий костяк организации, накапливания количества и перехода его в качественные изменения, наконец, для раскрытия процесса вызревания новых явлений во всей постепенности их нарастания.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Валянцін Мыслівец
Вайна назаўсёды запала ў душу падлетка Івана Чыгрынава. Паражэнні і страты ў першых баях з чужынцамі, жыццё ў акупацыі, барацьба народных мсціўцаў у тыле гітлераўцаў, пераможнае шэсце нашай арміі па сваёй зямлі, канчатковы разгром ворага і фашызму – усё гэта збывалася у яго на вачах, пакідала незабыўны след ў свядомасці. Гэта і вызначыла галоўны напрамак творчасці пісьменніка. У кнігах апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» і «Самы шчаслівы чалавек» ён аб’ектам мастацкага асэнсавання і даследавання бярэ чалавека нялёгкага мінулага, перадае яго думкі і пачуцці, раскрывае багаты, своеасаблівы і непаўторны свет жыцця.
Асаблівай старонкай у творчасці Івана Чыгрынава і ўсёй беларускай літаратуры з’явіўся раман «Плач перапёлкі». Пісьменнік шматфарбна і ярка паказвае, якімі цяжкімі, раздумна-пакутнымі, складанымі былі першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, калі раз’юшаныя, закаваныя ў браню фашысты, чорнай лавінай прасоўваліся на ўсход, агнём і зброяй хацелі паставіць на калені савецкі народ.
У рамане «Плач перапёлкі» аўтар смела і праўдзіва заглыбляецца ў самыя карані і вытокі ўсенароднага змагання з фашызмам, у сацыяльны змест кожнага факта, абгрунтоўвае ўчынкі і дзеянні герояў, даследуе псіхалогію самых непадобных між сабою людзей, якіх вайна ўзрушыла, паставіла перад: найцяжэйшым выпрабаваннем.
Чубар і Зазыба – галоўныя героі рамана «Плач перапёлкі». Абодва яны ўспрымаюць вайну, як катастрафічную з’яву, але напачатку разыходзяцца ў вызначэнні свайго месца ва ўсенародным змаганні. Нечаканасць нападу гітлераўцаў зрабіла пэўны ўплыў на іх учынкі і дзеянні ў складанай сітуацыі. Таму такой завострана-непарушнай, нервова-ўзрывістай была, можна сказаць, апошняя даваенная і першая ваенная сустрэча патрыётаў сваёй Радзімы, адданых справе партыі людзей у хаце Зазыбы.
Зазыба ўвесь жыве клопатамі свайго народа, думае, разважае, верыць ў сваіх людзей.
Чубар гаворыць: «…Той, хто па-сапраўднаму любіў Савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно зняўся з месца і паехаў.
Зазыба ад хвалявання намацаў за спіной падушку, узяў яе аберуч і, прыціскаючы нечага да жывата, сказаў:
– Добра, тады давай па-другому гаварыць. Ты от кажаш – той, хто любіў Савецкую ўладу, не застанецца. Няхай так. А як, па-твойму, – нашы верамейкаўскія бабы не любілі яе, што нікуды не падаюцца?
– Я ім у душы не лазіў!
– А варта было б…»
Вакол Зазыбы і разгорваюцца падзеі ў Верамейках. Перад ім спавядаюцца адмоўныя і станоўчыя персанажы рамана «Плач перапёлкі». Кемны, мудры, увішны Зазыба, не можа растлумачыць, як немцы абыдуцца з калгасамі, што вельмі хвалявала і непакоіла многіх у лясной вёсцы, якую фашысты пакуль што абмінулі, але ён рашуча выступае за тое, каб калгасным дабром распараджаліся вартыя таго людзі. З ім – арганізатары калгаса, усе сумленныя працаўнікі. Зазыбу яшчэ баяцца чапаць здраднікі, паліцэйскія, як Брава-Жыватоўскі, Мікіта Драніца. Грунтоўна і запамінальна выпісаны ў рамане «Плач перапёлкі» вобраз Чубара, старшыні мясцовага калгаса. У дзеяннях і ўчынках яго ўсё выглядае натуральным, праўдзівым. Чубар пакідае Верамейкі зусім не таму, што амаль за тры гады не паспеў, быццам, па-сапраўднаму зрадніцца з новымі людзьмі. Ён перакананы ў тым, што толькі на фронце, са зброяй у руках, можна прынесці больш карысці Радзіме, што яго месца ў радах Чырвонай Арміі. Яму трэбы было абавязкова натрапіць на мужнага, стойкага, навучанага жыццём камісара палка, каб асэнсаваць і зразумець, што ж адбываецца на зямлі, дзе чыё месца ў змаганні з чужынцамі.
Хоць з невялікай радасцю, але пасля размовы з палкавым камісарам Чубар усё жыццё вяртаецца ў Верамейкі. Шмат нягод выпадае на яго долю дарогаю, шмат нечаканых сустрэч, непадобных адзін на аднаго людзей. Мы ўжо верым, перакананы ў тым, што ён будзе разам са сваім народам, будзе мужна і смела змагацца з ворагам.
Тонка, усебакова і маштабна даследуе Іван Чыгрынаў народнае жыццё ў складаны і цяжкі перыяд гісторыі, якім быў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Праз тыповыя харатары, праз выразныя мастацкія дэталі, праз новыя, свежыя факты і сітуацыі пісьменнік стварае шырокую і праўдзівую карціну вайны, выяўляе грамадскую актыўнасць, духоўнае багацце чалавека, які апынуўся ў неверагодна заблытаных абставінах і выйшаў пераможцам з суровых выпрабаванняў.
Раман «Плач перапёлкі» – яшчэ адна прыступка, на якую ўзнялася беларуская мастацкая проза аб першых месяцах вайны. Твор заслугоўвае самай высокай адзнакі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
В. Салін
Калі пачалася вайна, Івану Чыгрынаву, будучаму пісьменніку, ішоў сёмы год. Нездарма сцвярджаюць, што дзіцячыя ўражанні самыя моцныя – большасць твораў пісьменніка, у тым ліку і пра наш час, так ці інакш звязана з вайной. Кожны чацвёрты беларус загінуў у гэтай вайне. Два з лішнім мільёны! Пра іх са стогнам гучаць званы Хатыні, пра іх не даюць забыць ныючыя раны ветэранаў Вялікай Айчыннай, пра іх напамінаюць зарослыя бур’янам доты, акопы, траншэі, што яшчэ не зніклі з твару беларускай зямлі…
У пісьменніка выйшлі чатыры зборнікі апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек», «Па сваіх слядах», «У ціхім тумане». Яго апавяданні – простыя па сюжэту, з дакладнымі і лаканічнымі дэталямі, звычайнымі жыццёвымі інтананыямі. У Чыгрынава «сваё бачанне свету» – не раз адзначалі крытыкі. Прачытаўшы амаль любое апавяданне, чытач міжволі задумваецца: «А што далей? Як бы я паводзіў сябе на месцы героя?»
Вось, напрыклад, апавяданне «Птушкі ляцяць на волю» (з аднайменнага зборніка). Неўзабаве пасля вайны ў вёску прыйшоў адзінокі дзед. «Вайна нямногім так мінулася. I ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Ну, і прытупаў чалавек на нашу вуліцу дажываць свой век», – тлумачыць калгасніца сыну, які зацікавіўся ўчынкамі старога. Дземідзёнак, так звалі яго, купляў на сваю невялікую пенсію птушак і выпускаў іх на волю. Некаторыя вяскоўцы смяюцца з яго, некаторыя нажываюцца на яго дзівацтве – злавіць птушку дзецям даволі проста. Падлетак, ад імя якога вядзецца апавяданне, выпадкова дазнаўся, што адбылося з Дземідзёнкам у час вайны. У ліпені сорак першага да старога, які жыў адзін у леснічоўцы, завітала дачка з патокам бежанцаў. Яна пакінула яму трохгадовую ўнучку, а сама пайшла далей на ўсход. Зімой лесніка схапілі фашысты і два тыдні катавалі, хацелі даведацца, дзе хаваюцца партызаны. Дзяўчынку яны замкнулі ў леснічоўцы. Калі ледзь жывога Дземідзёнка ўсё ж адпусцілі дадому, то ў халоднай хаце дзяўчынкі не было. На падлозе ляжала акалелая сініца, што нейкім цудам заляцела ў чалавечае жыллё, каб выратавацца ад лютага марозу. Усю вайну стары шукаў унучку… Пасля вызвалення ў родныя мясціны вярнулася яго дачка і, пачуўшы страшэнную вестку, пакінула назаўсёды бацьку. Дземідзёнак таксама не змог жыць па-ранейшаму ў сваёй леснічоўцы…
Пачуўшы ад бурклівай, але добрай у душы Дакуліхі, што старому не хапае грошай нават на яду, падлетак угаварыў дзяцей не прадаваць Дземідзёнку птушак. Дзед вельмі пакрыўдзіўся: у яго адабралі апошнюю радасць.
«…Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. I так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім. Бо не кожная рана паддаецца лекам…»
Жаночыя вобразы ў Чыгрынава вызначаюцца асаблівай цеплынёй. Адчуваеш шчырую радасць аўтара за ласкавых і гордых маці, дачок, сясцёр і пранізлівае пачуццё крыўды за подленькія ўчынкі.
Своеасабліва вырашаны характары жанчын у апавяданні «У ціхім тумане» (з аднайменнага зборніка). Аднойчы ў полі сустрэліся дзве жанчыны – старая Рэйдзіха і Ганна. Калісьці, да вайны, яны жылі разам у адной вёсцы. Старая просіць паказаць магілу сына. Ганна «гнеўна зірнула на Рэйдзіху, у яе таксама слязьмі напоўніліся вочы, і яна сказала старой перарывіста:
– Ніхто вам не пакажа… Ні я, ніхто іншы… Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна!»
Сын Рэйдзіхі прывёў у вёску карны атрад і сваімі рукамі павесіў бацьку Ганны… Фашысты спалілі вёску, але здраднік не ўцёк ад кары – яго злавілі і расстралялі партызаны.
Рэйдзіха пакутуе, што яе сын быў катам і здраднікам, але сэрца маці прымушае яе звярнуцца да Ганны. Ганна не толькі не хоча, яна не можа паказаць магілу паліцэйскага – «нішто не забыта!» I Рэйдзіха знікае з вёскі…
***
Пасля таго як Іван Чыгрынаў доўгі час працаваў у жанры апавядання, ён звярнуўся да эпічнай формы. Сам матэрыял, уражанні ваеннай пары патрабавалі глыбокага аналізу, асэнсавання і абагульненняў. У канцы сямідзесятага года часопіс «Маладосць» апублікаваў яго раман «Плач перапёлкі», самы значны твор пісьменніка.
Раман быў перакладзены на рускую мову, выйшаў асобнымі кнігамі ў Мінску і Маскве, здабыў шырокае прызнанне ў чытачоў.
Першыя, самыя горкія месяцы вайны. Пасля кровапралітных баёў часці Чырвонай Арміі адступілі за рачулку Бесядзь. Фашысты, наткнуўшыся на моцнае супраціўленне савецкіх войск, прасоўваюцца павольна па 6–7 кіламетраў за суткі. У лясной вёсачцы Верамейкі, дзе ў асноўным адбываецца дзея рамана, настала безуладдзе: нашы пакінулі вёску. Пісьменнік няспешна і грунтоўна пачынае аналізаваць і ўзнаўляць гэты складаны час – ліпень і жнівень сорак першага, раскрываць перад чытачом характары сялян, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі. На першых старонках рамана разгортваецца спрэчка паміж старшынёй калгаса Чубарам і загадчыкам гаспадаркі Зазыбам. Зазыба, герой грамадзянскай вайны, папракае старшыню:
– …Ты от кажаш – той, хто любіў Савецкую ўладу, не застанецца. Няхай так. А як, па-твойму, – нашы верамейкаўскія бабы не любілі яе, што нікуды не падаюцца?
– Я ім у душы не лазіў!
– А варта было б…
Праўду казаў Зазыба – усіх эвакуіраваць было проста немагчыма.
Героі Чыгрынава ўзнікаюць перад чытачамі, быццам выхапленыя з першых бурлівых дзён вайны, з такой праўдзівасцю, што міжволі адчуваеш сябе ўдзельнікам тых падзей.
Крытык Бачароў пісаў у часопісе «Вопросы литературы»: «…Квінтэсенцыя ідэі рамана: ідзе, не канчаючыся, жыццё, нараджаюцца дзеці, спрачаюцца. гаруюць, танцуюць людзі, а над усім гэтым надрыўны голас салдаткі Дуні, які напамінае пра грозную бяду».
Твор закончаны, але многія чытачы патрабуюць працягу, таму што падзейны сюжэт рамана застаўся незавершаным. У гутарцы са мной Іван Гаўрылавіч сказаў: «Тую задачу, якую ставіў перад сабой у рамане «Плач перапёлкі», я, як мне здаецца, выканаў цалкам. Усё астатняе, што апынулася за рамкамі гэтага рамана, стараюся паказаць у другім – зараз з рэдакцыяй часопіса «Маладосць» рыхтую рукапіс да друку…»
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Б. Раманаў
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў пачынаў сваю літаратурную дзейнасць з публікацыі нарысаў і іншых газетных матэрыялаў у нашай раённай газеце. Зараз ён – член Саюза пісьменнікаў СССР, загадчык аддзела нарысаў часопіса «Полымя».
Калі ў 1961 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» было надрукавана апавяданне дваццацісямігадовага мінскага журналіста Івана Чыгрынава «Праз гады», яно адразу ж звярнула на сябе ўвагу аматараў беларускай прозы. У гэтым – першым – творы адчувалася сапраўдная пісьменніцкая хватка, чуйся голас самабытны і свежы.
За дзесяцігоддзе, што прайшло з пачатку творчага пісьменніцкага шляху Чыгрынава, у выдавецтве «Беларусь» выйшлі два зборнікі яго апавяданняў – «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967). Усесаюзны чытач упершыню пазнаёміўся з творамі Івана Чыгрынава па публікацыях у цэнтральным перыядычным друку, а потым па зборніку «По своим следам», які ў 1968 годзе ў перакладзе на рускую мову выпусціла выдавецтва «Советский писатель». У 1970 годзе ў выдавецтве «Молодая гвардия» на рускай мове выйшла новая кніга апавяданняў Івана Чыгрынава «В тихом тумане».
Пісьменнік пачынаў як навеліст. Але ў 10-12 нумарах часопіса «Маладосць» за мінулы год апублікавана першая кніга яго рамана «Плач перапёлкі». У ім Чыгрынаў звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны, імкнучыся прасачыць вытокі і зараджэнне партызанскага руху ў Беларусі. Час дзеяння – навальнічнае лета 1941 года, месца дзеяння – адна з вёсак на Магілёўшчыне.
Вялікая Айчынная… Адлюстраванню яе незабыўных падзей прысвечаны многія творы прызнаных майстроў савецкай літаратуры. Што, здавалася б, новага можна сказаць у мастацкім творы пра вялікае выпрабаванне, што выпала ў тыя гады на долю савецкіх людзей – пра гэта напісана ўжо досыць многа і ярка!
Іван Чыгрынаў у рамане «Плач перапёлкі» змог сказаць гэтае сваё, нікім не сказанае слова. З неаслабнай увагай і цікавасцю сочыш за тым, што адбываецца ў вёсцы Верамейкі ў поўныя героікі і трагізму дні гарачага 1941 года. Прыходу акупантаў рада толькі жменька адшчапенцаў. Гнеў і гатоўнасць да барацьбы спеюць у сэрцах тых, хто потым праславіў сваю зямлю як зямлю няскораных, Беларусь – як рэспубліку-партызанку.
Над чым цяпер працуе пісьменнік? З героямі яго рамана – старшынёй калгаса Радзівонам Чубаром, яго намеснікам Дзянісам Зазыбам і іншымі – чытач расстаецца якраз у той драматычны момант, калі вёску Верамейкі акупіруе гітлераўская вайсковая часць. Як разгарнецца дзеянне ў наступных кнігах рамана? Ці працуе пісьменнік над творамі іншых жанраў? Усё гэта, трэба думаць, цікавіць яго землякоў.
З Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым мы гутарым у яго кватэры, за вокнамі якой шуміць Паркавая магістраль Мінска. На стале рукапісы, чарнавікі, свежая пошта, у цэнтры – стос лістоў з машынапісным тэкстам, які стракаціць праўкамі.
– Пішу цяпер другую кнігу рамана «Плач перапёлкі», – расказвае пісьменнік. – З многімі яго героямі – Зазыбам, Чубарам і іншымі верамейкаўцамі – чытач сустрэнецца зноў. Час дзеяння той жа суровы сорак першы… Падзеі – зараджэнне і развіццё партызанскага руху. У другой кнізе з’явяцца і новыя дзеючыя асобы, новы гістарычны матэрыял. Хачу ўвесці ў раман як дзеючую асобу вядомага партызанскага камандзіра часоў Айчыннай вайны Дзмітрыя Мікалаевіча Мядзведзева. Праўда, не вырашыў яшчэ – пад сапраўдным імем або выдуманым увойдзе ён у раман.
Дарэчы, далёка не ўсе ведаюць пра тое, што сваю партызанскую эпапею Мядзведзеў пачынаў менавіта на Беларусі. Ранняй восенню 1941 года Мядзведзеў на чале партызанскага атрада быў пасланы на Магілёўшчыну, у прыватнасці ў родны мой Касцюковіцкі і суседні з ім Хоцімскі раёны для актывізацыі барацьбы з акупантамі.
– Шчыра кажучы, – усміхаецца пісьменнік, – я заўсёды скептычна адносіўся да самога азначэння «збіраць матэрыял». Літаратар, здавалася б, у сваіх духоўных тайніках заўсёды павінен мець дастаткова матэрыялу, каб напісаць твор. Ды вось жа атрымалася наадварот. У гады вайны быў яшчэ малы, уражанняў, праўда, пра той час заставалася шмат, але для буйнога твору гэтага яўна недастаткова. Ды і пісьменніку, які ў сталым узросце быў удзельнікам і відавочцам такіх важных гістарычных падзей, іх не хапіла б. Збіраць, вывучаць жыццёвы матэрыял неабходна для таго, каб у сваім творы найбольш поўна і дакладна перадаць дух апісваемага часу, яго каларыт.
Як вядома чытачам, дзеянне ў рамане адбываецца ў адной з вёсак Усходняй Беларусі. I многае мне далі паездкі ў Касцюковіцкі, Хоцімскі, Клімавіцкі, Крычаўскі раёны, расказы і ўспаміны відавочцаў. Старанна вывучаю матэрыялы архіваў, якія адносяцца да таго перыяду: лістоўкі, газеты, аб’явы, паведамленні партызан, а таксама акупантаў і іх памагатых. Усё гэта з канкрэтных асобных фактаў павінна пасля стаць асобамі і фактамі мастацкага абагульнення, тыпізацыі…
Іван Чыгрынаў вядомы не толькі як раманіст і навеліст. Яго пяру належаць цікавыя нарысы. Адзін з іх – пра беладубраўскіх камсамольцаў – у свой час быў адзначан як лепшы на конкурсе «Чырвонай змены». Цікавыя нарысы, прысвечаныя роднай Касцюкоўшчыне і яе людзям, пісьменнік друкаваў на старонках «Сцяга камунізма». Плённа пачаў працаваць пісьменнік у кіно. Пра гэта я прашу яго расказаць хоць бы коратка.
– У сааўтарстве з пісьменнікам Іванам Новікавым напісаў сцэнарый шматсерыйнага фільма пра мінскае падполле – «Руіны страляюць». Чатыры серыі ўжо закончаны, цяпер на студыі «Беларусьфільм» ідуць здымкі яшчэ трох серый.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Васіль Жураўлёў
Так павялося ўжо, што, пачынаючы гаворку пра творы на ваенную тэму (ды і не толькі на ваенную), мы неяк заўсёды схіляемся галоўную даніну ўвагі аддаваць творам «шырокафарматным» – аповесцям і раманам. Апавяданне бадай кожны раз астаецца трохі ўбаку. I незаслужана. Малая эпічная проза зрабіла досыць многа. Акрамя ўсяго, яна нярэдка брала на сябе функцыю расчышчаць і пракладваць шляхі ваеннай аповесці і ваеннаму раману, іншы раз нават вырываючыся наперад за іх, асабліва ў пошуках сувязяў і ўзаемадзейных кантактаў праблемы вайны з праблемамі нашай мірнай сучаснасці. На некаторых аспектах развіцця ваеннай тэмы ў сучасным апавяданні я і хацеў бы спыніцца.
Тэндэнцыя абагульнена-аналітычнага падыходу да жыцця ў творах пра вайну акрэслілася досыць яскрава і паўнакроўна. Нам уяўляецца нават, што пісьменнікі пайшлі тут значна смялей і далей углыб асэнсавання матэрыялу, чым у апавяданнях, прысвечаных некаторым іншым аспектам жыцця.
Адыграла тут, вядома, сваю ролю і дыстанцыя часу. Пісьменнікам стала лягчэй заўважаць карэнныя тэндэнцыі грамадскіх працэсаў дня ўчарашняга і арыентавацца ў жыццёвым матэрыяле, бо матэрыял гэты пэўным чынам паспела прасеяць, адвеяць і абагульніць сама гісторыя.
Аднак дыстанцыя часу, пры ўсёй яе важнасці ў вызначэнні і выяўленні агульнай перспектывы жыцця, адыгрывае ў творчай рабоце пісьменніка толькі дапаможную функцыю. Тых, каму няма пра што расказаць людзям, дыстанцыя часу не выратоўвае.
Новае і свежае слова пра вайну ўдалося найбольш сказаць пісьменнікам, якія самі былі абпалены яе гарачым подыхам. Не пісаць пра вайну яны проста не маглі.
Шырокая, глыбокая зацікаўленасць літаратуры ваеннай тэмай з’яўляецца на сучасным этапе своеасаблівай праявай і яркім паказчыкам абвостранага грамадзянскага сумлення савецкіх пісьменнікаў, іх унутранай трывогі за мір на зямлі, гарачай зацікаўленасці паказаць вайну з усімі яе складанымі драматычнымі і гераічнымі перыпетыямі, расказаць праўду пра тых, хто прынёс нам перамогу і каго яшчэ сёння не хочуць лічыць мёртвымі родныя і блізкія.
Па асацыяцыі прыгадваецца па-чалавечы ўсхваляванае апавяданне рускага празаіка В. Багамолава «Сэрца майго боль». У гэтым творы выказана глыбокая думка аб тых важных сілавых фактарах, што і ў мірны час не даюць пісьменніку забыцца пра вайну: не забыла, помніць вайну маці Лёнькі Зайцава, які загінуў у першым жа баі. Цяжкім успамінам жыве вайна ў сэрцы маці Пецькі Юдзіна, забітага дзесьці пад Растовам і нават не пахаванага ў мітусні адступлення. «Перад Пецькавымі старымі, – гаворыць аўтар, – я адчуваю сябе ў даўгу; адчуванне нейкай няёмкасці і вінаватасці, што вось я вярнуўся, а Пецька загінуў, увесь вечар не пакідае мяне… Да болю ные сэрца: я бачу ў думках усю Расію, дзе ў кожнай другой ці трэцяй сям’і хто-небудзь не вярнуўся».
Іменна глыбокім клопатам пісьменнікаў пра мірнае жыццё, пра наш светлы заўтрашні дзень, трывогай за лёс людзей перад пагрозаю тэрмаядзернай вайны, якой палохаюць чалавецтва імперыялісты, тлумачыцца ўвага савецкай літаратуры да паказу той драмы, якую вайна на сваіх чорных крылах нясе самой першааснове жыцця – маці і дзецям.
«Маленькая жанчына» – так трапна назваў апавяданне, напісанае па гарачых слядах ваенных падзей, К. Чорны. Аўтар не можа не захапляцца сваёю дванаццацігадовай гераіняй, якая цярпліва пераносіць нягоды бежанства і праяўляе ўпартасць, што «магла быць не пад сілу самаму моцнаму духам і целам мужчыну».
Пісьменнік бязлітасны ў асуджэнні зачыншчыкаў вайны, па злой волі якіх яго маленькая гераіня не дагуляла, не даспявала, не паспела нарадавацца сваім дзяцінствам. З глыбіні душы аўтара вырываюцца гнеўныя і суровыя словы: «Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушамі, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, – сумленне б кінула яго ніц перад гэтым дзіцем».
Тэма ўкрадзенага вайною маленства, знявечанай старасці, загубленых і страчаных у слязах, трывогах і чаканнях лепшых год мацярынства ўсхвалявана прагучала і ў зборніку апавяданняў М. Лынькова «Астап» (1944). Пісьменнік чалавекалюбнага таленту, ён не мог не заўважыць, што так званы глыбокі і неглыбокі тыл у часе вялікай вайны з’яўляецца другім суровым і небяспечным фронтам.
Стараючыся не паўтараць таго, што адкрылі і заўважылі ў самы разгар барацьбы з фашысцкаю навалаю К. Чорны, М. Лынькоў і іншыя пісьменнікі, сёння нашы празаікі не адкідаюць і не забываюць іх вопыт.
З глыбокім роздумам мастака падыходзіць да аналізу ваеннай тэмы ў апавяданні «Апоўначы» Я. Брыль. Раскрываючы будні партызанскага жыцця, строгімі дакладнымі фарбамі малюючы характары народных мсціўцаў і тых, хто спрабаваў ухіліцца ад актыўнай барацьбы і шукаў зручнай нейтралісцкай пазіцыі, пісьменнік робіць у фінале твора драматычны і нечаканы паварот. Знясіленыя цяжкай дарогай, партызаны вырашаюць заехаць на хутар. Ім уяўляецца сустрэча з нейкім перапалоханым «нейтралістам», які, з іроніяй заўважае аўтар, «аддасць тым часам сваю даніну, свой вялікі ўклад ва ўсенароднае змаганне – адпусціць… на нейкія паўгадзіны хатняга цяпла, чаго-небудзь пад’есці і, аднаму, чым-небудзь палячыцца». I вось раптоўная для іх сустрэча – сустрэча з маленькай дзяўчынкай-сіратою, вайна ў якой паспела ўжо адабраць бацьку і прынесці ёй шмат гора.
Пісьменнік адразу пераходзіць на задуменна-паэтычную і эмацыянальна-ўсхвалязаную танальнасць. Ды і нельга тут не хвалявацца, нельга аставацца спакойным і абыякавым, бо размова ідзе пра дзіця, жыццё якога вісіць на валаску. Сёння ноччу зайшлі на хутар партызаны, і ўсё абышлося добра. А заўтра ж туды могуць уварвацца немцы, бязлітасныя карнікі-эсэсаўцы, паліцэйскія.
Герою апавядання хочацца спадзявацца і верыць, што тая «ў кароткай кужэльнай кашульцы» дзяўчынка, з якой адбылася ў партызан калісьці начная сустрэча, цяпер жывая, здаровая і шчаслівая. «Я мог бы, вядома, зайсці (на хутар. – В. Ж.) паглядзець, а то і ўспомніць разам, – думае былы партызан. – Ды не зайшоў. I не зайду. Бо не хачу. Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, як была, – у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…»
У глыбіні душы былому партызану, відаць, нават дужа хочацца «збочыць з гасцінца на гэты хутар – зірнуць, шго вырасла з яе, той маленькай жанчыны». Утрымлівае ён сябе ад такога кроку толькі з-за падсвядомай і свядомай унутранай трывогі. Ішла ж вайна, і магла стацца непапраўная драма. А сэрца пісьменніка бунтуе і не жадае прыняць і прызнаць такі канец.
Думкай аб шырокім і паўнакроўным чалавечым шчасці прасякнуты яркія і арыгінальныя апавяданні «Пані старшыніха прыехала» А. Васілевіч і «Дом над морам» I. Навуменкі.
Літаральна за некалькі дзён да канца вайны гіне малады, жыццярадасны, поўны энергіі, нерастрачаных духоўных і творчых сіл герой апавядання «Дом над морам» салдат Булавенка. Яго забіла асколкам снарада тады, калі ўжо набліжаўся і бачыўся на гарызонце доўгачаканы дзень перамогі.
Напружанае, драматычнае сваім гучаннем, сваім настроем і апавяданне А. Васілевіч «Пані старшыніха прыехала», дзе асноўны герой твора Чэсік хоць і выходзіць з вайны жывы, але пакалечаны душэўна. I бацькі ў Чэсіка загінулі, і сам ён, моцна перапалохаўшыся (калі «на вачах у яго немец забіў з аўтамата яго матку»), так і «астаўся на ўсё жыццё дзіцем», інвалідам.
Паказваючы суровую драму вайны, I. Навуменка ў апавяданні «Дом над морам» і А. Васілевіч у апавяданні «Пані старшыніха прыехала» не абмяжоўваюць сябе толькі адной гэтаю задачай. Яны пішуць пра вайну і помняць пра наш сённяшні дзень. А кім бы маглі стаць дваццацігадовы Лёня Булавенка і Чэсік, каб не вайна?
У самой пастаноўцы такога пытання ўвасоблена глыбокая гуманістычная і сацыяльная ідэя. Пісьменнікі напамінаюць свайму сучасніку, што яго жыццё і яго шчасце маглі б быць сёння ў нечым больш поўныя, каб дачасна не загінуў Лёня Булавенка і здолеў прыкласці да вялікай і жывой справы свае рукі і розум знявечаны вайною Чэсік.
У апавяданні I. Навуменкі «Дом над морам» некалькі разоў вар’іруецца матыў музыкі, якою зачароўвае сваіх слухачоў натхнёна, артыстычна іграючы на піяніна, салдат Булавенка. Настройваючыся на хвалю ўспрымання герояў, пісьменнік з жалем канстатуе, што для такой мажорнай, чароўнай і светлай музыкі не хапала толькі «прывычнай абстаноўкі».
Каб паказаць ва ўсёй драматычнасці цяжар страты – смерць маладога таленавітага чалавека, аўтар шукае хвалюючыя словы, рамантызуе і паэтызуе вобраз героя, яго ігру: «Булавенка іграў, узмахваючы рукамі, як крыламі, а мы маўчалі. У нас было лёгка і ціха на душы. Красавік нёс вясну… Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа заслухаўшыся гэтай музыкай вясны і надзей, не падавалі свайго голасу гарматы». А праз некалькі хвілін Булавенкі не стала.
Апавяданне А. Васілевіч «Пані старшыніха прыехала» напісана ў трохі іншым стылявым ключы. Паводле свайго характару і каларыту, яно бытавое. Бытавыя тут абставіны, бытавымі фарбамі і дэталямі ствараецца вобраз героя. У гэтым творы таксама выразнай астаецца светлая чалавекалюбная ідэя. Пісьменніца з любоўю расказвае пра незвычайную фізічную сілу «рослага, плячыстага і прыгожага з твару» Чэсіка, які рукамі сваімі мог бы «падняць, напэўна, хату, – капу сена ён бярэ і падае на стог за адзін раз». I нельга не пашкадаваць, што гэты фізічна моцны, прыгожы трыццацігадовы чалавек пазбаўлены шчасця і зямных радасцяў, бо духоўныя сілы яго надламала ў дзяцінстве фашысцкая навала.
З адлегласці пройдзенага пасля вайны часу ўсім нам цяпер лепш відаць незаменнасць кожнага, хто не вярнуўся з франтавых дарог. Помніць пра мёртвых – азначае быць чулымі і ўважлівымі да жывых, у якіх яшчэ баляць сэрцы, не загойваюцца раны. Такая маральна-этычная норма нашага грамадства, дэвізам якога сталі крылатыя словы: «Ніхто не забыты, нішто не забыта».
Распрацоўваючы ваенную тэматыку, узнімаючы іншыя праблемы, якія шчыльна змыкаюцца з падзеямі мінулай вайны і з сучаснасцю, нашы пісьменнікі натхняюцца высокім гуманістычным і маральна-этычным ідэалам. Навелістычны жанр у першыя пасляваенныя гады, а яшчэ болын цяпер, ставіць хуткаплынны поступ падзей бягучага дня ва ўзаемадзеянне з тымі магутнымі сацыяльнымі і псіхалагічнымі працэсамі, якія выявілі сацыялістычнае грамадства і савецкі чалавек на вайне. Сённяшні дзень наогул вельмі часта азіраецца на вайну, каб лепш ацаніць маральна-этычныя каштоўнасці мірнага побыту і лепш заўважыць іх парушэнні і адступленні.
Толькі з пазіцый высвятлення гэтых задач і можна зразумець (і апраўдаць) тэндэнцыю да шматфігурнай кампазіцыі, больш ці менш акрэсленыя прыкметы якой прысутнічаюць у жанравай мадэлі апавяданняў I. Чыгрынава «Праз гады», «Апавяданні без канца», у новых творах Я. Брыля «Апоўначы», «Кроў на сцяне», «Глядзіце на траву», кароценькіх навелах В. Гарбука «У санаторным садзе», «Лялька», «Поўнае падабенства», «Ля кніжнай шафы» і інш. Вайна і сучаснасць вядуць тут свой дыялог, часам дыскусіі і палеміку, імкнучыся ўдакладніць і глыбей даследаваць ісціны, што былі важныя для сацыялістычнага грамадства ўчора і не страцілі значэння сёння.
Няма, здаецца, ніякіх падстаў вінаваціць героя апавядання В. Гарбука «Поўнае падабенства» фатографа Аляксандра Міхалевіча ў тым, што ён незнарок пакрыўдзіў старую бабульку Дар’ю Анісімаўну. Ён згубіў дарагую для бабкі фотакартку, а выбраў не вельмі прыстойны спосаб апраўдацца. Яму і няўцям, што для Дар’і Анісімаўны фотакартка яе мужа, якога закатавалі фашысты, нешта вельмі значнае і важкае. Фатограф ашуквае бабку, угаворвае яе ўзяць чужы партрэт: «Угаварыў, – з палёгкай прызнаецца Міхалевіч свайму таварышу. – От, дзякаваць богу! Здымачак яе старога я згубіў. Маленькі такі. Сунуў кудысьці. Чэснае слова, тыдзень шукаў, ноч не спаў. Шкада бабулі. Дзякуй, жонка надавуміла. Узяў ды падабраў такога ж з барадой. Фу! Нібы камень з душы. А хіба ёй цяпер не ўсё роўна, каго мець?!»
Не, не ўсё роўна! Пісьменнік не хоча прымаць пад увагу апраўданні героя і настройвае чытача на вострую і бескампрамісную палеміку з ім. Аўтару не па душы тая паспешнасць і лёгкасць, з якою герой робіць вывады і спрашчае далёка не простыя жыццёвыя з’явы.
А вось апавяданне I. Чыгрынава «Праз гады». Сюжэтна і тэматычна яно, здавалася б, усё ў мінулым. Тут расказана пра выпадак, калі празмерная асцярога і падазронасць трох партызан на пачатку вайны ледзь не перараслі ў недавер да сапраўднага савецкага патрыёта і чалавека надзвычайнай мужнасці.
Канешне, пісьменнік, не за тое, каб безразважна (асабліва ў суровы ваенны час) давяраць усім і кожнаму. Але, на яго погляд, у любых сітуацыях залішняя асцярога і падазронасць не найлепшыя дарадчыкі, каб спасцігнуць тайны чалавечага сэрца. Прынцып разумнага даверу заўсёды павінен пераважаць над падазронасцю і недаверам да людзей – такі напрошваецца вывад. I гэты вывад, зроблены на матэрыяле ваеннай рэчаіснасці, звернуты ў творы сваёю актыўнай эмацыянальнай сілай у наш мірны, сённяшні дзень. Не дарма ж дыялог паміж учарашнім і сённяшнім днём персаніфікаваны тут у гутарцы былога партызана з маладым сучаснікам, якому ветэран вайны перадае свой багаты вопыт і якога ён вучыць у кожным выпадку захоўваць максімум разважлівасці, глыбокай логікі, тонкай інтуіцыі, калі справа ідзе аб тым, давяраць альбо не давяраць чалавеку.
***
Справядліва акцэнтуючы ўвагу на героіка-патрыятычным аспекце ваеннай праблематыкі, некаторыя пісьменнікі схільны былі паслабляць момант аб’ектыўных цяжкасцяў вайны. I справа тады паварочвалася іншы раз парадоксам. Без дастатковай увагі раскрыццю драматычных калізій зніжалася і героіка-патрыятычнае гучанне ваеннай тэмы, хоць гэты апошні аспект асабліва падкрэсліваўся і завастраўся. Пацвердзілася старая ісціна, што мастацтва не можа штучка раз’ядноўваць і разлучаць з’явы, узаемазвязаныя ходам самога жыцця.
К. Чорны можа першы адчуў, што праблема патрыятызму, гераізму і народнага подзвігу на вайне можа быць глыбока раскрыта і зразумета толькі пры ўмове яе арганічнага і тонкага мастацкага спалучэння, раскрыцця і асвятлення поруч з удумлівым паказам драмы і трагедыі вайны. У тых творах, дзе пісьменнік заглыбляўся ў такую сувязь ці блізка падыходзіў да яе аб’ектыўнага вызначэння, там ён набліжаўся і да паказу самой жыццёвай праўды. Тады і аўтарскі вымысел уваходзіў у строгія межы рэальнасці.
Як быццам бы зусім розным пісьменнікам належаць апавяданні К. Чорнага «Гора» і «Вялікае сэрца».
Спрошчана і часам нават наіўна паказваецца гераізм у апавяданні «Гора». Нямоглы, слабы, няўзброены стары Палікар досыць лёгка перамагае двух немцаў і двух паліцаяў. Аўтара добра разумееш, што ён шчыра хацеў тут уславіць простага савецкага чалавека-патрыёта, і, гаворачы словамі прымаўкі, хацеў сказаць сваім чытачам: не такі д’ябал страшны, як яго малююць. Не такія фашысты і іх паслугачы моцныя ды непераможныя, як яны самі сябе расхвальваюць. Але добрыя аўтарскія намеры слаба рэалізаваны.
I ўжо іначай, значна глыбей імкнецца К. Чорны асэнсаваць праблему гераічнага ў апавяданні «Вялікае сэрца». Ёсць і тут пэўныя мастацкія агрэхі ў раскрыцці характараў, але цэнтральную думку аб гераізме і патрыятызме савецкага чалавека аўтар развівае ў прынцыпе доказна. К. Чорны далёкі ад меркаванняў, што стары калгаснік Пархвен Катлубовіч так сабе, проста і лёгка ўзяў і зрабіў подзвіг. Подзвіг – справа складаная, і да яго Пархвен рыхтаваўся ўсё жыццё. З маленства жыла, глыбокімі карэннямі прарастала ў яго душы любоў да свайго роднага кутка, да Радзімы. Досыць ёмістым, эмацыянальным мастацкім словам раскрываецца ў гэтым творы сацыяльная і псіхалагічная сутнасць таго высокага паняцця, якое мы называем савецкім патрыятызмам.
У цесным сюжэтна-кампазіцыйным адзінстве драматычных і гераічных ліній спрабуе пісьменнік паказаць вайну і ў сваіх вялікіх творах – рамане «Вялікі дзень» і аповесці «Скіп’ёўскі лес». Гэтыя творы, як вядома, асталіся незавершаныя. Аднак тонка намаляваныя тут батальныя сцэны і эпізоды з дастатковай пераканальнасцю гавораць аб тым, што многія звязаныя з аналізам і даследаваннем ваеннай тэмы прынцыпова важныя думкі, якія атрымалі разгорнутае мастацкае асвятленне ў літаратуры некалькі пазней і на сучасным этапе, былі досыць рэльефна акрэслены К. Чорным у гарачыя і вогненныя гады вайны.
Перспектыўнасць чорнаўскай канцэпцыі, што вайна – небывалы народны подзвіг і незвычайна вялікая народная драма, неўзабаве ўбачылі і паспрабавалі развіць некаторыя іншыя нашы пісьменнікі.
Творча пераклікаецца з Чорным у сваім апавяданні «У завіруху» (1944) I. Мележ. Гэтае цікавае і таленавітае апавяданне празаік невыпадкова прысвяціў К. Чорнаму і першаму даў прачытаць яму. Малады аўтар шукаў дапамогі, падтрымкі і парады ў сталага майстра, давяраючы яго эстэтычнаму густу і яго глыбокаму разуменню спецыфікі ваеннай тэмы.
Важныя стрыжнявыя пункты праблемы гераізму на вайне і наогул чалавека і на вайне не без уплыву К. Чорнага вызначаны, відаць, у апавяданнях «Мой зямляк» (1945) Я. Брыля, «Нямко» (1946) А. Кулакоўскага і інш.
Некаторыя такія апавяданні – хай сабе па тым часе колькасна і нешматлікія – у нечым нават выігрываюць у параўнанні з аповесцямі і раманамі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. У лепшых з іх, на наш погляд, адчуваецца больш цэласная і, калі хочаце, больш тонкая, чым у творах «шырокафарматных», мастацкая канцэпцыя жыцця і чалавека.
***
Уключэнне востра драматычнага матэрыялу ў творы пра вайну – не нейкая самамэта. Гаворка ідзе толькі пра тое, што часам і цікавыя задумы не паддаюцца «матэрыялізацыі», калі аўтару не ўдаецца глыбока раскрыць двухбаковай мастацкай сувязі паміж гераічным і драматычным.
Вядома, гэта ніякая не арыентацыя на нейкі стандарт у асэнсаванні ваеннай тэмы: паказвай у кожным выпадку элементы драмы і героікі строга пароўну – і поспех табе забяспечаны. Па-першае, прапорцыя тут ні пры чым. А па-другое – распрацоўка ваеннай тэмы, як і любой іншай, дае ўсякаму пісьменніку поўнае права выбіраць свой пункт асвятлення, сваю ўласную манеру размеркавання жыццёвага матэрыялу. Яму не супрацьпаказана паставіць у цэнтр завостранай увагі як драму, так і ваенную героіку. Але аўтарская свабода не можа не падпарадкоўвацца тут логіцы жыцця. Парушае аўтар гэтую логіку – і парушаецца логіка мастацтва. Завастрэнне не азначае суб’ектывісцкай адвольнасці, штучнага звужэння аднаго аспекту тэмы за кошт другога.
Звернемся да некаторых прыкладаў з гісторыі савецкай класікі – тады лепш ўлоўліваецца жывая сувязь плённых мастацкіх традыцый з эстэтычнымі заканамернасцямі развіцця ваеннай тэмы ў сучаснай літаратуры.
У «Аптымістычнай трагедыі» Ус. Вішнеўскага лінія драматычнага настрою пададзена вельмі буйным, дзе-нідзе рэзка завостраным планам. Але гэта ніколькі не знізіла жыццесцвярджальнага характару твора. На завастрэнне драматычнага настрою п’есы аўтар ішоў нават свядома. Смела і праўдзіва паказваючы абвостраныя драматычныя і трагедыйныя сітуацыі, самаахвярнасць паўстаўшага народу за перамогу рэвалюцыйных ідэй, драматург здолеў узвялічыць, гераізаваць, напоўніць глыбокім гуманістычным сэнсам і зместам самі гэтыя ідэі, за здзяйсненне якіх, калі трэба было, людзі ішлі паміраць як за сваю дарагую і кроўную справу.
Выдатным прыкладам майстэрскага, надзвычай тонкага і арыгінальнага раскрыцця гераізму з’яўляецца «Разгром» А. Фадзеева, хоць драматызм і тут даведзены да свайго вышэйшага напалу.
Мужны камандзір партызанскага атрада Левінсон глыбока перажывае, калі пасля кровапралітнага бою з соцень людзей у атрадзе астаецца толькі дзевятнаццаць чалавек: «Ён ужо не саромеўся і не хаваў свае слабасці, ён сядзеў панурыўшыся, паволі моргаў доўгімі вейкамі, і слёзы каціліся па яго барадзе… Людзі сталі глядзець убок, каб самім не расхвалявацца. Усякі раз, калі Левінсону ўдавалася забыцца, ён пачынаў зноў разгублена аглядвацца і, успомніўшы, што Бакланава няма, зноў пачынаў плакаць…»
Такі падкрэслена драматычны настрой твора, такая «празаічная» абмалёўка камуніста-камандзіра маглі ў свой час здацца (некаму і здавалася) ледзь не адступленнем ад высокай мастацкай нормы. Як гэта так, каб камуніст, загартаваны ў агні і баях камандзір партызанскага атрада, ды раптам заплакаў, не хаваючы свае слабасці ад падначаленых. У літаратуры ў гэты перыяд яшчэ значнае месца займаў тыпаж іканапісных герояў-камандзіраў, трапна названых гісторыяй літаратуры «скуранымі курткамі». Але А. Фадзееў парушаў у сваім творы не жыццёвую праўду, а тую эстэтычную сістэму, якая пачынала ператварацца ў штамп, стала ўжо абмяжоўваць і скоўваць паказ рэчаіснасці ў разнастайных яе вымярэннях, стрымліваць жывую аналітычную думку на яе шляху да шматбаковага разумення прыроды і сутнасці гераічнага.
А. Фадзееў здолеў так тонка павярнуць саму ідэю, так моцна і трывала сплавіць рознахарактарны матэрыял, што і драматычна-трагедыйнага настрою фінальныя сцэны рамана панеслі ў сабе магутны аптымістычны зарад. Дзевятнаццаць уцалелых пасля бою партызанаў успрымаюцца як рэальная сіла, хоць і паслабленая, і ўстрывожаная нечаканым разгромам атраду, але ўсё-такі жывая, няскораная, валявая, патэнцыяльна дзейсная і моцна арганізаваная. Гэта ўпэўненасць грунтуецца ў творы на той мэтанакіраванай рэвалюцыйнай страснасці, што аб’ядноўвала, вяла ў бой партызанаў раней і асталася ў сэрцах дзевятнаццаці жывых цяпер.
Пачуцці глыбокай надзеі і веры ў перамогу гартуе ў творы прысутнасць і другой магутнай сілы – рэвалюцыйнага народу, у якога абудзілася прага да свабоды, духоўнай і сацыяльнай незалежнасці. Народ папоўніць атрад Левінсона новымі байцамі, народ акрыліць і натхніць іх на далейшую барацьбу – такі ўнутраны рух і нерв твора.
Ваеннае беларускае апавяданне сённяшняга дня мае з гэтымі традыцыямі жывую сувязь, якая ідзе па некалькіх лініях. Яна выяўляецца і ў тэндэнцыях ахопу новых пластоў жыццёвага матэрыялу, у паглыбленні самой грамадзянскай і ідэйна-эстэтычнай пісьменніцкай пазіцыі, у смеласці сутыкнення гераічнага і драматычна-трагедыйнага на вайне, у актыўнасці даследавання складаных і суровых аспектаў і сітуацый ваеннай рэчаіснасці.
У самых сваіх зыходных пунктах такія, напрыклад, апавяданні, як «Страх» А. Марціновіча і «Свае людзі» В. Быкава задуманы ў вострым і драматычным ключы.
Сама ўжо сюжэтная канва апавядання «Страх» тоіць у сабе незвычайнасць, прадвызначае напружанае развіццё тэмы. Старая Ларывоніха, партызанская маці, разгубіўшыся, паказвае паліцэйскім, дзе схаваўся яе сын-партызан. Факт амаль неверагодны, рэдкі, нечаканы, у вышэйшай ступені драматычны!
Калі адкінуць нейкія характэрныя матывы твора, учынак гераіні мог бы выклікаць сур’ёзную падазронасць. Але не наўмысна ж выдала Ларывоніха роднага сына. Яна хацела яго ўратаваць. Старая проста не паспела засяродзіцца, сабрацца з думкамі і прыдумаць нейкі іншы ход (аўтару, праўда, часам не хапае тут псіхалагічнай грунтоўнасці). Прыход паліцэйскіх у яе хату быў раптоўны і нечаканы. Сям’і пагражала небяспека. Вось-вось мог загінуць яе муж Ларывон, у якога пыталі пра сына. А з ім жа пражыта жыццё. Яго таксама трэба было неяк ратаваць. Старая не знайшла нічога лепшага, як сказаць, дзе сын. Гэтым яна спадзявалася адвесці, хоць бы часова адцягнуць бяду ад мужа, а потым паспрабаваць абараніць і сына, знайсці і абудзіць хоць бы кроплю чалавечнасці ў паліцаяў. I памылілася.
Сэнсавы і эмацыянальны змест твора падпарадкаваны сцверджанню думкі, што і страх, і пасіўная мяккасардэчнасць – дрэнныя дарадчыкі. I асабліва на вайне. Памылка Ларывоніхі адразу ж павярнулася драматычнай развязкай, хоць такой развязкі жанчына не чакала і не хацела. Абодвух – і старога Ларывона і сына Міколу – павялі на пакуты і смерць. Дарагая, вельмі дарагая цана заплачана за страх.
Высокая драматычная нота ўзята і ў апавяданні В. Быкава «Свае людзі». Гінуць двое братоў, што збіраліся стаць партызанамі. Не выгрымлівае гора і канчае самагубствам іх маці. Гэта яна «па-харошаму» пайшла прасіць спагады і парады ў далёкага сваяка-паліцэйскага, даверылася яму, а той раўнадушна і па-зверску забіў яе непаўналетніх сыноў тут жа, на вачах у маці.
Несправядлівасць, жорсткасць і бесчалавечнасць астаюцца ў фінале твора непакаранымі, неадпомшчанымі. Зло нібыта перамагло. Але якая гэта перамога? Тут варта глыбей удумацца, паўней разабрацца. Тады мы будзем вымушаны пагадзіцца, што і творы з выразна акрэсленым драматычным фіналам (а фінал, заканчэнне некаторыя крытыкі ў вызначэнні агульнага пафасу твора схільны браць за аснову) яшчэ далёка не бясспрэчная прыкмета звужанага і аднапланавага раскрыцця тэмы вайны.
У апавяданнях «Страх» А. Марціновіча і «Свае людзі» В. Быкава перамога паліцэйскіх – гэта не перамога ў яе сапраўдным разуменні. Гэта жорсткая расправа над бяззбройнымі, бандыцкі напад з-за вугла. Гэта ўдар нажом у спіну. А на такую варварскую расправу ідзе звычайна не сіла, а слабасць і баязлівасць.
Аднак, скажуць нам, і апавяданне В. Быкава «Свае людзі» і апавяданне А. Марціновіча «Страх», хоць у іх сюжэтнай структуры акрэслены і выяўлены аптымістычны элемент, па сваім настроі творы з драматычна-трагедыйным ухілам. Такая заўвага будзе справядлівая. Несправядліва было б толькі называць гэтыя апавяданні (і ў чымсьці да іх блізкія) творамі вузка аднапланавага развіцця ідэі.
У пошуках мастацкай ісціны кожны пісьменнік завастрае на нечым болыпую, а на нечым меншую ўвагу. Без такога завастрэння немажлівае было б і заглыбленне ў матэрыял. Нават раман, такі свабодны, прасторны і аб’ёмны для паказу разнапланавасці жыцця жанр, і той у нечым сябе абмяжоўвае.
Да апавядання (часткова і да аповесці) гэта думка стасуецца яшчэ больш. Тут уступаюць у сілу законы жанру, і іх нельга не ўлічваць.
Разведваючы новыя пласты ваеннай рэчаіснасці, нашы сучасныя аповесці і апавяданні звычайна ідуць па лініі вылучэння адных аспектаў вайны буйным планам, а другія акрэсліваюцца пункцірна або пакідаюцца «на пасля», для асвятлення іх у іншых творах. Такім чынам тыя сілы, што часта затрачваліся ка шырыню ахопу жыцця, сталі цяпер болын выдаткавацца на пранікненне ў яго глыбіню.
Зразумела, было б наіўна думаць, што ваенная тэма дасягнула сёння апагею. Нявыкарыстаных мажлівасцяў тут багата. Эстэтычная думка павінна яшчэ ўпарта папрацаваць і адкрыць на гэтым плацдарме новыя абсягі і новыя глыбіні. Такое пажаданне вымагаецца тым болын, што ў некаторых сучасных творах пра вайну пачынаюць ужо заўважацца выразныя сімптомы паўтарэння і ходу «па крузе».
Актыўны фонд ідэйна-эстэтычных здабыткаў і заваёў дае, аднак, падставу спадзявацца на лепшае. Трамплін для новага ўзлёту беларуская літаратура ваеннай тэмы падрыхтавала добры. Разгон апошнімі гадамі яна брала сур’ёзны і шмат чаго дамаглася.
***
Сёння ўжо можна падвесці пэўныя вынікі і сказаць, што па-сапраўднаму адчуў чытач гарачы подых вайны ў тых апавяданнях, дзе, пры любым, самым высокім завастрэнні і вылучэнні драматычна-трагедыйнага аспекту, не страчваўся, не зніжаўся пафас гераізму.
Калі праўда тое, што вайна – гэта вялікая сацыяльная і псіхалагічная драма, то глыбокая гістарычная ісціна і ў тым, што Айчынная вайна 1941–1945 гадоў з’явілася яскравым доказам магутнасці Савецкай дзяржавы і нечуванага па сваім размаху і масавасці гераізму савецкага народу. Як бы ні спрабавалі сёння нашы нядобразычліўцы фальсіфікаваць ваенныя падзеі ў сваю карысць, ім не ўдасца ні прыглушыць, ні зменшыць той аб’ектыўны факт гісторыі, што мужнасць і вытрымка, самаахвярнасць і самаадданасць савецкіх людзей былі ў мінулай вайне асноўнай рухаючай сілай. У першую чаргу яна, гэтая валявая, магутная гуманістычная сіла, адстаяла незалежнасць сацыялістычнай Радзімы, выратавала ад фашысцкага знішчэння і разбурэння цывілізацыю Еўропы.
У жанры апавядання відна плённая мастацкая традыцыя, якая з паняцця гераізм знімае напышлівы і дэкларацыйны пафас, напаўняючы яго пафасам высокай і ў той жа час звычайнай чалавечнасці. Сваімі сур’ёзнымі ідэйна-эстэтычнымі пошукамі і адкрыццямі нашы празаікі з новай сілай засведчылі і з асаблівай вастрынёй падкрэслілі, што героямі на вайнё станавіліся звычайныя людзі, а героіка-патрыятычныя пачуцці іх праяўляліся ў канкрэтных справах, як свабодны акт іх волі і свабоднае індывідуальнае выяўленне і самавыяўленне іх характараў.
У суровы ваенны час, як, можа, ні ў якіх іншых жыццёвых умовах, набывае бясспрэчную сілу закону слова камандзіра, яго загад. Але ж добра вядома, што самы разумны і прадуманы загад, самая ідэальная інструкцыя і дэталёва распрацаваны план ваеннай аперацыі разлічваюцца яшчэ і на асабістую свядомасць і ініцыятыву тых, каму гэтыя загады і інструкцыі аддаюцца. Без такога разліку на асабісты духоўны патэнцыял падначаленых некаторыя загады ў пераменлівых ваенных калізіях сталі б чыстай абстракцыяй, а ў лепшым выпадку зменшылася б рэальная гарантыя іх паспяховага выканання.
Многія сучасныя беларускія апавяданні нагадваюць нечым мастацкі малюнак маленькага фронту. На гэтым фронце, дзе часта зусім непрадбачана перарываец-ца нітка сувязі з нейкімі галоўнымі рэзервамі сілы, звычайна змагаюцца лічаныя людзі, а бывае, што ўсяго толькі адзін чалавек. Ды і часта астаюцца тут падначаленыя без камандзіра, які гіне ў баі ці ад сур’ёзнага ранення выбывае са строю («Паядынак», «Пераправа» М. Лупсякова, «Загад», «Дваццаты», «Абознік», «Ранак-світанак», «Адна ноч» В. Быкава, «Самы шчаслівы чалавек» I. Чыгрынава, «Першая група крыві» Ул. Дамашэвіча, «Адзін дзень» Я. Брыля і інш.).
Вайна кідала людзей у суровыя і нечаканыя сітуацыі, і апошнія сталі ў мас-тацтве своеасаблівым экзаменам, «экранам» выяўлення ўнутраных здольнасцяў і духоўных мажлівасцяў чалавека. Дзе, як не ў складаных ваенных акалічнасцях, раскрывалася сапраўдная сутнасць іх натуры!
У мірныя і спакойныя дні мы, мажліва, так і не распазналі б некаторых спрытных прыстасаванцаў, так і асталіся б яны для нас у нечым загадкаю. Вайна паставіла тут вельмі важныя кропкі над «і».
Сучасная беларуская проза не прайшла міма такога прыстасаванца, даволі грунтоўна раскрыла яго сацыяльную мімікрыю, антыграмадскую сутнасць, духоўную адналінейнасць. Яму, гэтаму прыстасаванцу, стала цяжэй у вайну маскіравацца.
Абмяжуемся адным прыкладам. Герой апавядання М. Лупсякова «Цёзка» студэнт Мікола не сказаць каб вызначаўся высокай прыстойнасцю ў мірны час. Але тады яго цярпелі. Вучыўся Мікола няблага, ды і ніякіх адкрытых злачынстваў не рабіў. А вось у самыя першыя дні вайны, у першым сур’ёзным выпрабавані Мікола паказаў сябе адразу. Сваім строгім маральна-этычным крытэрыем вайна выверыла, ацаніла яго характар і дакладна вызначыла, што не стае Міколу грамадзянскай мужнасці, бракуе яму пачуцця ўнутранай гатоўнасці падаць у цяжкую хвіліну руку дапамогі таварышу. У вачах ранейшых сяброў ён траціць давер і павагу, церпіць глыбокае маральнае банкруцтва і паражэнне.
Паказваючы гэтую пену, якая ў трывожны і напружаны для Радзімы час была вынесена на паверхню жыццёвых хваляў, наша сучасная «малая проза» па кантрасту з такою негатыўнаю з’явай узмацняе пошукі, робіць новыя захады, каб яшчэ лепш выявіць актыўную сілу падводнага цячэння вайны, раскрыць яе героіка-патрыятычныя аспекты.
Ваенныя апавяданні даследуюць сёння тыя грані і каардынаты, якія дапаўняюць, узбагачаюць многія нашы ранейшыя ўяўленні і паказваюць, што высокія грамадзянскія і патрыятычныя пачуцці нарадзіліся і сфармаваліся ў душы савецкага чалавека не раптам і не на перадавой. З гэтымі высокімі пачуццямі савецкі чалавек ішоў на вайну, а там, на вайне, яны толькі з новаю сілаю выявіліся і сталі больш яркія, відочныя, адкрытыя.
Герой апавядання I. Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» яшчэ не трапіў у франтавыя абставіны. Ён атрымаў павестку і мусіць з’явіцца на прызыўны ўчастак. А пакуль што Ігнат дома, у роднай сям’і, сярод блізкіх і знаёмых яму людзей. Ён думае, успамінае, разважае, спяшаецца нешта дарабіць у гаспадарцы. Пісьменніку цікава тут узважыць духоўны патэнцыял чалавека, які праз, дзень-другі павінен узяць у рукі зброю і апынуцца ў самым пекле вайны.
Тонка раскрываючы ўнутраны свет свайго героя, простага і звычайнага працаўніка зямлі, аўтар стараецца перш паглядзець на яго як на грамадзяніна. Апавяданне прымушае нас паверыць, што не падвядзе, не павінен падвесці Ігнат сваіх новых таварышаў ні на фронце, ні пры якіх сур’ёзных выпрабаваннях. Ён пераступае парог роднай хаты і робіць крок насустрач вайне, маючы трывалую маральную «экіпіроўку». Горы і беды народныя сталі яго ўласнай вялікай бядой. Ігнат добра ўсведамляе, што вайна – справа небяспечная, «на вайну ісці – не жыта малаціць». Але ў баку ад падзей ён не астаўся б і тады, калі б нават не атрымаў павесткі. У гэтым глыбокі сэнс твора. Герой лічыць сябе часцінкай вялікага калектыву, народу, арміі і не хоча, не жадае аддзяляць сябе ад калектыву, ад сваіх аднагодкаў, якія «даўно ўжо ваявалі – пайшлі па першай мабілізацыі», а ён вось па хваробе затрымаўся, «пабыў лішняга», і нібыта «выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома», схавацца за чужыя спіны.
Савецкая літаратура з першых дзён свайго існавання паставіла ў цэнтр увагі чалавека, у душы якога жыве пачуццё грамадзянскасці і калектывізму. Гэта вымагалася самімі запатрабаваннямі нашага жыцця, яго новым сацыяльным і палітычным паваротам, выкліканым перамогаю Вялікага Кастрычніка. Нават вельмі востра і рэзка асуджаючы ўсялякія праявы ўласніцтва і індывідуалізму (асабліва ў 20-я і ў першую палову 30-х гадоў), мастацтва і літаратура сацыялістычнага рэалізму змагаліся за чалавека з іскрынкай калектывісцкай гатоўнасці.
А хто ж выстаяў супроць фашысцкай навалы ў вайне? Раскрываючы героіка-патрыятычныя парыванні савецкіх людзей, наша сучасная проза і ў цэлым уся літаратура імкнуцца шырэй і глыбей паказаць узаемаабумоўленасць і ўзаемазвязанасць гэтых пачуццяў з пачуццямі і імкненнямі такіх людзей, у якіх за гады Савецкай улады вырасла ўсведамленне еднасці паміж асабістым «я» і агульным «мы». Фашысцкія стратэгі глыбока памыліліся, разлічваючы раптоўным нападам маральна пахіснуць савецкі народ, раз’яднаць на дробныя і небаяздольныя групкі.
Гітлераўскі афіцэр-карнік з апавядання Я. Брыля «Memento mori» ніяк не можа зразумець душу старога савецкага селяніна, якому, здавалася б, карнікі робяць вялікую ласку, даруюць жыццё, а той не спяшаецца дзякаваць, ідзе насустрач небяспецы, патрабуючы вызваліць асуджаных на смерць «усіх добрых людзей». Ва ўяўленні нямецкага зондэрфюрэра чалавек гэты – проста неразумны дзівак, «вар’ят». Учынкі героя гітлеравец ацэньвае меркамі сваёй антыгуманнай і антычалавечай філасофіі. А ў старога печніка іншая мараль, іншае разуменне жыццёвай справядлівасці. Ён добра ўсведамляе, што не можа быць сумленнаму чалавеку ні шчасця, ні радасці, ні ўнутранага заспакаення, калі ён назаўсёды страчвае блізкіх і дарагіх людзей, калі самі гэтыя людзі па нейкай памылковай недарэчнасці могуць падумаць пра яго дрэнна. Таму ён і ў жывых не хоча астацца па волі ката, які аддае жорсткі загад жывымі спаліць ні ў чым не вінаватых яго аднавяскоўцаў. Танальнасць журботнай элегіі і велічнай аптымістычнай трагедыі чуем мы ў двух апошніх сказах твора: «I ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».
Тут і пасля апошняй аўтарскай кропкі не спыняецца роздум чытача над жыццём і лёсам ціхага, непрыкметнага, звычайнага і адначасова мужнага чалавека, якога ўзняла на подзвіг яго асабістая воля, свабода духу, арганічна зліўшыся, уступіўшы ў цесны кантакт з калектыўнаю воляю, з народнай энергіяй і непераможным духам грамады.
Па лініі вызначэння ўзаемадзеючых сіл паміж асобным чалавекам і калектывам беларускія пісьменнікі вялі пошукі і даследаванні ў сваіх творах на ваенную тэму і на папярэдніх этапах – і непасрэдна ў час самой вайны і ў пасляваенныя гады. Пытанне гэтае здавалася, урэшце, не такім ужо складаным. На практыцы, у жыцці яно было ў прынцыпе вырашана. Досыць грунтоўна яго вырашыла і мастацкая літаратура, распрацоўваючы тэмы грамадзянскай вайны, калектывізацыі, мірнага будаўніцтва, маральна-этычныя праблемы і г. д. Так што пісьменнікі, якія браліся за ваенную тэму і ўзнімалі праблему ўзаемасувязяў чалавека з агульным грамадскім працэсам, маглі абаперціся на пэўную мастацкую традыцыю. Але поспехі на гэтай ніве, трэба сёння шчыра сказаць, былі значны час даволі сціплыя.
Ваенная тэма і яе героіка-патрыятычны аспект нярэдка звужаліся і паслабляліся ў сваёй ідэйна-эстэтычнай сутнасці таму, што, акрамя слаба выяўленых сувязяў паміж гераічным і драматычна-трагедыйным на вайне, у многіх ранейшых творах была яшчэ недастаткова глыбока раскрыта складаная сістэма двухбаковых псіхалагічных узаемадачыненняў паміж «адным» і «ўсімі», паміж асобаю і калектывам, паміж салдатам і арміяй, паміж чалавекам і Радзімаю. З патэнцыяльна невычэрпнага багацця такіх узаемадачыненняў, што існавалі ў самой рэальнасці, у ранейшую ваенную літаратуру трапляла часам адносна нешырокае іх кола.
Справядліва паказваючы вайну як працэс калектыўнага агульнаграмадскага дзеяння ўсяго народу, як працэс мабілізацыі ўсёй народнай энергіі, некаторыя пісьменнікі, відаць, шчыра на пэўным этапе лічылі, што героіку ваеннага часу можна перадаць і не паглыбляючыся ў падрабязнасці аналізу індывідуальнага псіхалагічнага свету. Была б толькі сама ідэя масавага гераізму і патрыятызму! А тых пісьменнікаў, якія жыццёвую праўду адчувалі больш тонка і дамагаліся выяўлення агульных тэндэнцый ваеннай рэчаіснасці, не зніжаючы ўвагі да мастацкага раскрыцця індывідуальнай духоўнай «аўтаноміі» асобы, тых пісьменнікаў, на жаль, не заўсёды ахвотна падтрымлівала крытыка. Была тут, напэўна, перасцярога, што ў часе ўсеагульнай барацьбы з ворагам глыбокія роздумы, перажыванні героя маглі здацца як паслабленне яго грамадскай цвёрдасці і паслабленне трываласці яго сувязі з народам.
Дзесьці абапіраючыся на плённую літаратурную традыцыю і развіваючы яе, а дзесьці сур’ёзна палемізуючы з састарэлымі традыцыйнымі ўяўленнямі і адмаўляючы іх, сучаснае беларускае апавяданне аб вайне здолела паставіць праблему ўзаемасувязяў чалавека і народу на вайне на больш грунтоўную мастацкую аснову.
Значную частку той функцыі, якую ў вырашэнні агульнай задумы твора раней несла непасрэдна аўтарскае «я», стаў вырашаць сам герой. Апошні ў нейкай меры нібы «аддзяліўся» ад аўтара, паўней выяўляючы сваё ўласнае «я», сваю душу. Такі герой з яго свабодным ад штучных прадпісанняў і ўмоўнасцяў самавыяўленнем натуры раскрыў нам цікавыя старонкі вайны, асвятліў новыя аспекты ваеннай тэмы, напоўніўшы яе глыбокім сацыяльным, грамадскім і псіхалагічным зместам. Ён шмат новага расказаў нам пра сябе як пра індывідуальную асобу і грамадзяніна сацыялістычнай краіны.
У такіх зусім розных па стылі і мастацкіх прыёмах творах, як «Сцежка-дарожка», «Memento mori», «Маці» Я. Брыля, «Сустрэча з чалавекам», «Уладзік» Б. Сачанкі, «Ішоў на вайну чалавек», «Самы шчаслівы чалавек» I. Чыгрынава, «Выпадак з гладышкаю» і «Снежань» I. Навуменкі, «Пачак канцэнтратаў», «Бычынае сэрца» М. Лупсякова і інш., дамінуе вельмі блізкі, у нечым агульны па настроі і сэнсе сюжэтны матыў – матыў патрыятычнага, глыбока ўсвядомленага самавыяўлення духу і волі чалавека.
Маладая жанчына, гераіня апавядання Я. Брыля «Сцежка-дарожка», рызыкуючы жыццём, памагае нашым байцам-акружэнцам. Яна рызыкуе, і памагае, і радуецца, што была ў дні вайны «разам з усімі добрымі людзьмі». У героя апавядання М. Лупсякова «Бычынае сэрца» інжынера Галавенькі хворае сэрца, завод выпісаў яму «курортную картку», а ён з дня на дзень назаляе ўрачам, праходзіць адну камісію за другой, просіць адправіць на фронт і наракае, што «няправільна» з ім «абыходзяцца». Гэтая агульная ў сваіх істотных праявах ідэя, якую мы сустрэнем у многіх сучасных апавяданнях пра вайну, набыла лагічную і эмацыянальную мастацкую сілу дзякуючы таму, што канкрэтызавалася і ўвасобілася ў індывідуальных чалавечых характарах.
Паглыбленне псіхалагізацыі і індывідуалізацыі чалавечага характару ў творах аб вайне адкрыла новыя канфлікты, новыя грані і аспекты ў самой праблеме гераічнага, спрыяла паўнейшаму мастацкаму высвятленню аб’ектыўных двухбаковых сувязяў паміж чалавекам і сацыяльным асяроддзем.
Прастатой і адначасова рэалістычнай глыбінёй вылучаецца апавяданне М. Лупсякова «Пачак канцэнтратаў» з яго цыкла «У блакаду».
Агульная ідэя твора не здаецца нам ні новай, ні арыгінальнай, калі перадаць яе ў агульных словах. Савецкія людзі і ў цяжкіх умовах блакады не страцілі высокай чалавечнасці і грамадзянскасці – так ці прыблізна так фармулявалася б гэтая агульная ідэя. Але, не ўлічыўшы самой сацыяльна-псіхалагічнай напоўненасці мастацкага твора, вельмі лёгка падвесці пад адзін ранжыр творы добрыя, пасрэдныя і зусім слабыя.
Апавяданне М. Лупсякова якраз моцнае сваёю паглыбленай псіхалагічнай канкрэтызацыяй агульнай ідэі, якая не мінае мастацкага вобраза, а вырастае з яго. Мы назіраем сам працэс, як агульныя грамадскія, сацыяльныя, маральныя прынцыпы і ідэалы пераплаўляюцца і трансфармуюцца ў душах і свядомасці людзей, праз якія індывідуальныя псіхалагічныя формы яны праходзяць, перш чым выявіцца ў дзеяннях, учынках, паводзінах.
Галоўная гераіня Каця Негрыенка нідзе адкрыта не гаворыць пра сваю глыбокую сувязь з калектывам, з грамадствам. Але шмат скажуць пра гэта мова яе пачуццяў, настрояў, роздумаў і той адзіны, надзвычай просты і будзённы, на нашы цяперашнія мірныя ўяўленні, учынак, які яна зрабіла. Каця падзялілася з сяброўкамі пачкам канцэнтратаў, што даў ёй адзін знаёмы і параіў: «Схавай, у вас жа тут голадна».
Гераіня магла, вядома, зрабіць і так, як раіў ёй гэты знаёмы. Чытач, відаць, і не караў бы яе строгім судом. У нейкіх умовах над чалавекам набывае вялікую сілу інстынкт самазахавання. Пэўным чынам уплывае ён і на Кацю. Маладая дзяўчына прыехала ў Ленінград напярэдадні вайны шукаць месца ў жыцці і шчасця, і яна баіцца памерці галоднай смерцю, не спраўдзіўшы сваіх надзей, мар і спадзяванняў. Гэта яе натуральнае, самае звычайнае і самае мінімальнае чалавечае жаданне. Ні ў чым тут Кацю не абвінаваціш. Дарэчы, той, у каго страчана ўсякае пачуццё каштоўнасці ўласнага жыцця, не можа быць ашчадна гуманным і беражлівым да жыцця іншых людзей. Але ж не ў меншай меры парушаецца здаровая маральная норма і тады, калі інстынкт самазахавання становіцца альфай і амегай у паводзінах чалавека.
М. Лупсякоў тонка і ўмела сутыкае свядомае і падсвядомае ў душы сваёй гераіні. Што ж атрымае перамогу? Адказ на гэтае пытанне ўгадваецца не адразу. Аўтарская думка спакойна і непаспешліва працуе на глыбіні высвятлення пачуццяў і настрояў гераіні, перад якою фактычна ўзнікла, нечакана паўстала праблема па-новаму вызначыць свае адносіны да калектыву.
Па-чалавечы разумееш першы душэўны імпульс гераіні, калі яна, сціснуўшы ў кішэні пачак канцэнтратаў, подбегам спяшаецца дадому, думае хутчэй зварыць суп і павячэраць. «Можа не будзе тады здавацца ўсё жоўтым і знікне слабасць». Але Каця ўсё ж не дазволіла сабе «раскошу» павячэраць адной. Чаму? «Паўстаў перад ёю сухі, маршчыністы твар, запалыя вочы пад акулярамі (сяброўкі па рабоце Нямцовай. – В. Ж.). Успомніліся і словы Карабанавай: жыць весялей разам… I ёй здалося, што калі дакранецца яна да гэтых трэсак, дык назаўсёды знелюбее сама сабе і кожны дзень будзе мучыцца». Духоўная еднасць з людзьмі – вось тая сіла, якая памагла гераіні ўзняцца над інстынктыўнымі пабуджэннямі голаду, пераадолець фізічную слабасць і зняможанасць.
Простае, немудрагелістае апавяданне М. Лупсякова «Пачак канцэнтратаў» багатае на глыбокі і абагульняючы сэнс. Аўтар сцвярджае, што самаадданы ўчынак чалавека, хоць заўжды і ўвасабляе, і нясе ў сабе маральную энергію, волю калектыву, народу, становіцца ўрэшце фактам і рэальнасцю толькі таму, што чалавек, асоба, мабілізуе і актывізуе сваю ўласную волю, сваю індывідуальную свядомасць, ініцыятыву. У шырокім значэнні слова пісьменнік развівае і сцвярджае ідэю грамадзянскай чалавечай думкі і чалавечага дзеяння.
Заглыбляючыся ў даследаванне ваеннай тэмы, савецкія пісьменнікі кожны раз па-новаму адкрываюць ісціну, што мінулую вайну выйгралі сапраўды не казачныя волаты, а звычайныя людзі, якія, аднак, пры ўсёй сваёй звычайнасці ўладалі пачуццём савецкага патрыятызму, высокай грамадзянскай, духоўнай і інтэлектуальнай актыўнасцю.