ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4

П. Васючэнка, 2000

«ПАЧНЁМ НЯКРАТАНЫ ПАДАННІ»

У літаратуры вылучаецца гістарычны жанр, спецыфіку якога складаюць зварот да мінулага і яго мастацкае ўвасабленне.
Падзеі ў літаратурным творы становяцца гісторыяй тады, калі аўтар выбудоўвае іх у паслядоўную сістэму, параўноўвае з лёсам свайго народа, усёй цывілізацыі.
У мастака, вядома, больш, чым у навукоўца, магчымасцей для вымыслу, фантазіі, адвольнай трактоўкі гістарычнай падзеі альбо асобы.
Заснавальнікам гістарычнага жанру ў сусветнай літаратуры лічыцца Вальтэр Скот. Яго паслядоўнікамі называюць Аляксандра Дзюма, Генрыка Сянкевіча, Уладзіміра Караткевіча.
Відавочна, што гістарычны жанр выспяваў у розных варыянтах – у выглядзе летапісаў, хронік. У тым ліку і драматычных хронік, непераўзыдзеныя ўзоры якіх стварыў Уільям Шэкспір.
Гістарычны жанр у беларускім пісьменстве быў прадстаўлены сярэдневяковымі летапісамі і хронікамі; прыкметы жанру назіраюцца ў прадмовах Ф. Скарыны да Бібліі, паэмах М. Гусоўскага «Песня пра зубра» і Я. Вісліцкага «Пруская вайна».
Жанр удасканальваўся ў вершаваных апавяданнях, баладах і паэмах Адама Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Дзяды»), Уладзіслава Сыракомлі («Гетман польны», «Хадыка»), Яна Чачота («Наваградскі замак», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні»), Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Люцынка, альбо Шведы на Літве»).
На пачатку ХХ стагоддзя зварот беларускіх пісьменнікаў да гісторыі быў звязаны з «нашаніўскім» Адраджэннем, з абуджэннем нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
…Беларуская фалькларыстыка апярэджвала нацыянальную гістарычную школу. Адпаведна ў літаратуры пачатку ХХ стагоддзя асэнсоўвалася часцей фальклорная, чым гістарычная даўніна.
…З’яўленне празаічных твораў на гістарычную тэму – апавяданні “Прылукі”, “Навасадскае замчышча”, “Вітаўка”, “Халера 40-га року” К. Каганца, “Апавяданне аб іконніку і залатару” М. Багдановіча, “Лірныя спевы”, “Рунь” М. Гарэцкага – было своеасаблівым пралогам да нараджэння беларускага гістарычнага рамана.
Кожны з жанраў мае свой спецыфічны падыход да мастацкага ўзнаўлення мінулага.
…У чым спецыфіка і магчымасці гістарычнай драмы?
Іх трэба шукаць у адметнасцх мстацкага часу п’есы і ў здольнасці драматургіі “ачалавечваць” падзеі, факты, жыццёвыя праявы.
Углядацца  ў мінулае дзеля таго, каб лепш разумець сучаснасць, прадказваць будучыню, разважаць пра адвечнае, – гэта далёка не ўсе магчымасці гістарычнага жанру ў літаратуры.
…Драма валодае магчымасцямі ўзмацняць дзеянне, “згушчаць” мастацкі час, збіраць да адзінага цэнтра усе падзеі. У ёй мае значэнне кожная, нават драбнюткая дэталь, якая можа глыбока ўразіць гледача.
…Асабліва актуальнай застаецца тэма беларускай дзяжаўнасці, існаванне якой аспрэчвалася навукоўцамі, якія лічылі, што гісторыя Беларускай дзяржавы пачынаецца з 1917-га або 1920 года.
Сёння добра вядома, што падваліны беларускай дзяржаўнасці былі закладзены яшчэ ў часы Полацкага і Турава-Пінскага княстваў. А згадкі пра першыя беларускія гарады маюць больш даўнюю гісторыю.
…Вобраз пакутнай полацкай князёўны, Рагнеды-Гарыславы (Гараславы), потым жонкі Уладзіміра, маці князя Ізяслава, здаўна цікавіць пісьменнікаў.
…У сучасных драматургічных творах вобразу Рагнеды, нязломнасці яе духу, яе характару і памкненням надаецца вялікае значэнне.
Гэта манап’еса драматурга Н. Раппа «Выгнанне ў рай», пастаўленая Беларускім паэтычным тэатрам аднаго акцёра «Зьніч». Актрыса Галіна Дзягілева (яна ж і рэжысёр) таленавіта паказала ўнутраную нязломнасць гераіні, яе абурэнне супраць гвалту. Мэта спектакля – вяртанне гонару зняважанай беларускай гісторыі. Праўда, інтэрпрэтацыя гістарычных характараў у гэтым творы эскізная. Найбольшая ўвага ўдзелена вобразу гераіні, што і натуральна для жанру манап’есы.
Больш разгорнутая псіхалагічная характарыстыка ўдзельнікаў летапісных падзей паказана ў драме Івана Чыгрынава «Звон – не малітва» (1988).
Дзеянне драмы адбываецца ў апошнія гады жыцця Рагнеды – калі шматпакутная княгіня, «саламяная ўдава», знаходзілася ў высылцы разам з сынам, княжычам Ізяславам, будучым полацкім князем і адным з заснавальнікаў хрысціянскай веры ў Беларусі.
Летапісныя падзеі падаюцца аўтарам у рэтраспектыўным плане, праз ўстаўныя сцэны-пантамімы. Твор надзелены аналітычнай кампазіцыяй, пры якой назіраецца развіццё дзеяння не толькі ў будучыню, але і ў мінулае.
У той час як у А. Петрашкевіча трактоўка характараў звязана з гістарычнымі падзеямі, барацьбой за ўладу, I. Чыгрынаў закранае пытанні веры, падкрэслівае драматызм пераходу ад паганства да хрысціянства.
Рагнеда – паслядоўная і свядомая прыхільніца хрысціянства [«Гора і Слава» («Русь Кіеўская»)] – у драме «Звон – не малітва» паказана як язычніца. Але слова «адступніцтва», якое ўжываецца ў такіх выпадках, не адпавядае паводзінам Рагнеды. Яна вяртаецца да веры бацькоў, адмаўляецца ад імені Гараслава як ад памяці пра сапраўды горкія старонкі свайго жыцця. У яе, жан- чыны, якая перажывае супярэчлівае пачуццё да мужа, змена веры звязана з асабістымі перажываннямі.
Гэтае асабістае, жаночае (спляжаны гонар, успамін пра крывавую расправу са сваякамі, крыўда і рэўнасць) выразна адчуваецца ў спрэчцы Рагнеды з праваслаўным прэсвітэрам Апанасіем:

«Р а г н е д а. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры – грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна… Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна…
А п а н а с і й. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. I новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку» .

Выбар новай веры, хрышчэнне славянскіх земляў, адлюстраваныя ў п’есах А. Петрашкевіча, I. Чыгрынава, займаюць цэнтральнае месца. Славутае хрышчэнне язычнікаў у Кіеве згадваецца ў п’есе «Звон – не малітва» ў рэтраспектыўным плане. Пра яго распавядае Ізяславу Фар, выхавацель велікакняскіх дзяцей. У нечым гэты фрагмент з’яўляецца пераказам занатаваных у летапісах падзей:

«Ф а р. Княжыч, запомні – тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.
І з я с л а ў. А што ж кіяўляне? Што яны?
Ф а р. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават з плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: «Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго». Няверным жа тым часам загадаў сказаць: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі – ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб – будзе мне вораг!» На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцыным і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе».

Пераход да новай веры, у аснове якой – цярплівасць, міласэрнасць, адбываецца «паганскім», гвалтоўным шляхам. У многім змена багоў мае фармальны змест, закранае абрад, звязана з палітыкай, а не з інтымнымі акалічнасцямі духоўнага быцця чалавека.
Сам хрысціцель Кіева, вялікі князь Уладзімір невыпадкова вагаўся ў выбары паміж іудаізмам, ісламам і хрысціянствам – гэтыя веры былі для яго раўназначныя, і толькі чыста суб’ектыўныя чыннікі накіравалі яго выбар на карысць хрысціянства. Для яго ж галоўны не сімвал веры, не абрад, не духоўны змест рэлігіі, але абнаўленне жыцця, пераход яго ў іншую якасць. Менавіта гэтым ён тлумачыць Ізяславу неабходнасць адмовы ад язычніцтва:

«У л а д з і м і р. Я, сын мой, аддаючы табе Полацкі стол, хачу, каб ты разумеў: мінулае прайшло, цяпер усё будзе па-новаму. Але стол атрымаеш пасля таго, як прымеш новую веру. Без гэтага я не дам табе Полацкага княства».

«Звон – не малітва». Гэты рэфрэн, які гучыць з вуснаў персанажаў драмы, адлюстроўвае супярэчлівасць тых змен, пра якія з захапленнем кажа Уладзімір. Перамога новай веры, якая пацвярджаецца пабудовай хрысціянскіх бажніц, гукам званоў, гэта яшчэ не перамога новага, больш гуманнага светаадчування над паганскімі звычкамі. Ёсць традыцыя, ёсць мараль, што перадаюцца ад пакалення да пакалення. Носьбітам гэтай традыцыі і маралі выступае ў творы ўсё тая ж Рагнеда.
Яна, нібыта адступніца, больш выглядае хрысціянкай, чым усе добраахвотныя або міжвольныя хрысціцелі славянства. Рагнеда спрабуе выратаваць Анею, дачку злотніка, ад жорсткага абраду ахвярапрынашэння. Гэта, аднак, не ўдалося ні ёй, ні прэсвітэру Апанасію.
Кульмінацыя твора – канфлікт паміж Рагнедай і Ізяславам. Ён, як і яго бацька, гатовы зрушыць, зламаць усё «старое»: абрад, традыцыю, забыцца на матчыну крыўду за зняважаны гонар. У заключным дыялогу п’есы ў маці з сынам няма паразумення:

«I з я с л а ў. Цяпер я ведаю шмат, мама. Але ты не павінна дакараць мяне, што я згадзіўся на пэўных умовах прыняць Полацкі стол. У мяне ў галаве снуюцца планы…
Р а г н е д а. О няшчасная зямля! Што з табой будзе?
I з я с л а ў. Раней часу не трэба плакаць па ёй. Цяпер у яе ёсць гаспадар, свой князь.
Р а г н е д а. Няшчасная яна і няшчасны сын мой!
I з я с л а ў. Ладна, мама, здаецца, я ўсё пераказаў, трэба спяшацца ў Полацк.
Р а г н е д а. Ты не раздзеліш са мной нават трапезу?
I з я с л а ў. Няма калі, мама. Скажы, каб памянялі коней, а то мае стаміліся.
Р а г н е д а. А сам ты?
I з я с л а ў. Яшчэ трымаюся ў сядле.
Р а г н е д а. Цяпер ужо зусім зразумела – падмянілі цябе ў Кіеве, сын! Раней ты не такі быў!
I з я с л а ў. Раней не ляжаў на мне княскі клопат. Жылі сабе тут, і ўсё.
Р а г н е д а. Ты яшчэ ўспомніш наша тутэйшае жыццё, яно будзе здавацца табе самым лепшым.
I з я с л а ў. Ты гаворыш так, быццам не жадаеш шчасця ні мне, ні нашай зямлі Полацкай, якую мы назад атрымалі?
Р а г н е д а. Якраз таму я і гавару гэтак, што хвалююся і за цябе, і за бацькаву зямлю.
I з я с л а ў. Прасі багоў за нас. Хоць што я кажу? Наконт багоў таксама ёсць воля вялікага князя. Дарэчы, трэба сказаць няньцы, каб прывялі сюды Анею. Я вазьму яе з сабой у Полацк.
Р а г н е д а. Яна не прыйдзе.
I з я с л а ў. Чаму?
Р а г н е д а. Яе забралі да сябе багі.

Ад нечаканасці Ізяслаў сядае на ўслон, бярэ ў далоні твар.

I з я с л а ў. Каму гэта ў галаву прыйшло аддаць яе багам у ахвяру?
Р а г н е д а. Самім багам. Я была тады ў свяшчэнным лесе, выбар паў на яе…
І з я с л а ў. I ты не заступілася?
Р а г н е д а. Перад багамі ўсе людзі роўныя!
І з я с л а ў (устае, бліскае вачамі). Трэба спаліць гэты лес і разбурыць свяцілішчы з усімі яго кумірамі! Так, як учынілі з імі ў Кіеве! А на іх месцы паставіць праваслаўныя цэрквы са званамі.
Р а г н е д а. Ты гэтага не зробіш, сын! Бо нашы багі будуць доўга харкаць крывёю ўслед вам, здрадзіўшым старой веры! Сам жа не адзін раз паўтараў за тым заходнім святаром: звон – яшчэ не малітва…».

Пісьменнік здолеў знайсці і перадаць псіхалагічныя, драматычна насычаныя моманты пераходу ад старой веры да новай.
Для герояў драмы гэты пераход абярнуўся трагічнымі наступствамі. Ізяслаў страчвае сваю каханую Анею, а Рагнеда пасля расстання з мужам – сына. Ізяслаў здабывае больш турботаў і клопатаў, чым радасці, ад падараванага яму княскага пасада. Пераход ад старога да новага – адвечная прычына канфліктаў у гісторыі, адпаведна і тэма ў літаратурных творах.
Падрабязнасць, дэталізацыя вонкавых і ўнутраных абставін гістарычнага працэсу ў паказе I. Чыгрынава не заўсёды (як гэта адзначалася крытыкай) адпавядалі патрабаванням драматургічнага і сцэнічнага дзеянняў. Празаік звярнуўся да досыць спецыфічнага жанру драматургіі. У п’есе I. Чыгрынава «Осцей – Альгердаў унук» драматург паспрабаваў пераасэнсаваць акалічнасці падзей і наступстваў Кулікоўскай бітвы, ролю літоўскіх (беларускіх) князёў у вызваленні маскоўскіх земляў з-пад прыгнёту Арды.
Тэатразнавец Анатоль Сабалеўскі ў прадмове да п’есы заўважае: «Твор «Осцей – Альгердаў унук» напісаны ў традыцыйным для драматургіі Івана Чыгрынава эпічным плане. Пісьменнік як бы падкрэслена не клапоціцца, каб дастасаваць п’есу да звыклых законаў сцэны – дзейсныя карціны перамяжоўваюцца з апісальнымі. Апісаннем дзеяння – своеасаблівай разгорнутай нямой сцэнай – і завяршаецца твор. У ім вельмі шмат эпізодаў, хуткіх пераходаў з аднаго месца ў другое, дзеючых асоб…»
Тэатральны крытык знаходзіць словы, якімі апраўдвае недахопы сцэнічнасці п’ес, якія не лепшым чынам уплываюць на тэатральны лёс твораў. Бо ідэальнае жыццё п’есы – на сцэне.
Ёсць у творах I. Чыгрынава на гістарычную тэму і пралікі, звязаныя з парушэннем прынятага ў драматургіі прынцыпу аўтарскай аб’ектывацыі. Напрыклад, у п’есе «Звон – не малітва» прыхільнікі старой веры раз-пораз называюць сябе «язычнікамі», як бы прыніжаюць статус сваёй рэлігіі. Бо язычнікамі традыцыйна называліся іншаверцы. У трагедыі Эсхіла «Персы» прадстаўнікі варожага грэкам лагера называюць сябе «варварамі» – аналагічнага кшталту недакладнасць.

Алесь Марціновіч, 1999

НА ДРАМАТУРГІЧНЫХ СКРЫЖАВАННЯХ

Ніколькі не чужая I. Чыгрынаву і драматургія. Аднак набліжаўся ён да гэтага жанру паступова, пакрысе спасцігаючы яго сакрэты і таямніцы. Пэўны вопыт набыў, калі разам з I. Новікавым працаваў над сцэнарыем шматсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма «Руіны страляюць…», пастаўленага ў 1973 г. на кінастудыі «Беларусьфільм». У аснову стужкі, як вядома, пакладзены аповесці таго ж I. Новікава «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску», у якіх праўдзіва адлюстравана барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Мінску.
I ўсё ж сапраўднае драматургічнае майстэрства да I. Чыгрынава прыйшло, калі ўзяўся за інсцэніроўку свайго рамана «Плач перапёлкі». Праўда, пра інсцэніроўку можна ўмоўна гаварыць, паколькі ў народнай драме (а менавіта такую назву гэтым разам даў аўтар свайму аднайменнаму твору) захаваны асноўныя сюжэтныя лініі, сустракаешся з ужо вядомымі героямі. Аднак, як таго і вымагала тэатральнае дзейства, I. Чыгрынаў, улічваючы законы і мажлівасці жанру, па сутнасці, напісаў новы твор на ўжо вядомым матэрыяле.
Працавалася яму пры гэтым нялёгка. Сказвалася і адказнасць, якую браў на плечы: меркаваў жа драму «Плач перапёлкі» прапанаваць не каму-небудзь, а тэатру імя Янкі Купалы. Ды, як кажуць, зусім не святыя гаршкі абпальваюць. Іван Гаўрылавіч знайшоў паразуменне з галоўным рэжысёрам В. Раеўскім і неўзабаве на афішы купалаўцаў з’явіўся не толькі новы спектакль, а і новае імя драматурга. А спектакль быў прыхільна сустрэты і гледачом, і крытыкай. Больш таго, паколькі якраз праходзіў у Маскве чарговы партыйны з’езд (прэм’ера «Плачу перапёлкі» адбылася ў 1990 г.) новая работа купалаўцаў была прапанавана на ўсесаюзны агляд і адзначана там прэстыжнай прэміяй. Ні для каго не сакрэт, што раней рознага роду творчыя конкурсы прымяркоўваліся да адпаведных падзей.
А наконт новага імя? Нельга не пагадзіцца з меркаваннямі С. Лаўшука: «…прыход знакамітага празаіка ў драматургію адбыўся неяк будзённа. Прынамсі, ніхто ў новым «цэху» не захапіўся, не зарадаваўся: глядзіце, хто прыйшоў! I дарэмна. Па-першае, прыйшоў не абы-хто. Па-другое, спанадная прафесійная ўвага да людзей тэатра не аказалася б лішняй нават такому вопытнаму літаратару, як I. Чыгрынаў».
О, гэтая будзённасць! Ці не з’яўляецца яна яшчэ адным праяўленнем нашага няўмення радавацца чужым поспехам? Ці не хаваецца за ёй і пэўная рыса нацыянальнага характару, калі па-ранейшаму нічога добрага ў сябе не заўважаем, а разам з тым крыўдуем, што часта гэтага не хочуць прыкмячаць у нас і іншыя?
Але павядзём далей гаворку пра I. Чыгрынава-драматурга… Думаецца, якраз поспех спектакля «Плач перапёлкі» і прадвызначыў наступныя намаганні Івана Гаўрылавіча ў гэтым кірунку. Не магла не з’явіцца спакуса даць сцэнічнае жыццё і іншым сваім творам. А ў выніку ў брэсцкім тэатры з’явіўся спектакль «Апраўданне крыві», у Віцебску былі пастаўлены «Свае і чужыя».
І. Чыгрынаў інсцэніраваў і шэраг сваіх апавяданняў (спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» ў тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску). Па сутнасці, адбылося тое, што і павінна было адбыцца: I. Чыгрынаў, як пісьменнік, які надзіва плённа працуе ў самых розных жанрах, проста не мог абмінуць увагай і драматургію, бо, як тут не пагадзіцца з тым жа С. Лаўшуком, «гэта было б гэтак жа нелагічна, калі б беларускі селянін, робячы гэблем, плугам, касой, чамусьці праігнараваў бы, напрыклад, пілу».
Аднак тым не менш пытанні, як кажуць, здымаюцца і разам з тым застаюцца. Адна справа, калі аўтар творча выкарыстоўвае ўжо вядомы яму матэрыял і ім жа самім па-майстэрску асэнсаваны (пра што і ішла гаворка вышэй)… I куды іншая, калі ён бярэцца за напісанне арыгінальных драматургічных твораў, што і пачало назірацца з 1988 г., калі літаральна адразу, адна за адной з’явіліся ажно тры п’есы I. Чыгрынава. I што цікава, дзве з іх – «Следчая справа Вашчылы» і «Звон – не малітва» былі прысвечаны даўняй беларускай мінуўшчыне.
Само сабой і ў аўтара гэтых радкоў узнікла зусім заканамернае і апраўданае жаданне паспрабаваць высветліць, што і да чаго тут. Чаму раптам I. Чыгрынаў вырашыў паспрабаваць свае сілы ў арыгінальнай драматургіі? Вось што зазначыў наконт гэтага Іван Гаўрылавіч: «На такія пытанні адказваць цяжка… Чаму, чаму, чаму??? «Пути господни неисповедимы». Так гавораць, калі адбываецца нешта, што як быццам у нечым выходзіць за рамкі звыклага, пастаяннага. Але ж пад гэтае азначэнне падпадаюць і шляхі пісьменніцкія, мастакоўскія. Тут таксама свайго роду «неисповедимость». Як і ў самім жыцці. Скажам, ішоў, ішоў па адной дарозе, а пасля звярнуў. Думаў, на сцежку ступіў, а гэта, як высветлілася, зноў цэлая дарога. Ды калі падумаць, кожны пісьменнік – з’ява шматжанравая. У тым ліку і я сам».
Яно то так… Але наколькі канкрэтна сказана, настолькі і «абцякальна». Такі адказ на пастаўленае пытанне не толькі прасвятляе ісціну, але адначасова выклікае і чарговае пытанне. I нічога тут дзіўнага. Пішучы п’есы паводле ўласных твораў, I. Чыгрынаў набыў пэўныя драматургічныя навыкі. Станаўленне яго як драматурга, па сутнасці, адбылося. У такім разе, навошта ствараць для сябе новыя цяжкасці? Пішы і далей пра вайну. Неабавязкова пра верамейкаўцаў. Можна і пра іншыя падзеі – уся ж Беларусь ваявала з ворагам. У асэнсаванні гэтых падзей, асабліва з вышыні сённяшняга дня, вельмі шмат работы. Аднак I. Чыгрынаў раптам сягае ў далёкую мінуўшчыну і піша самастойны драматургічны твор «Следчая справа Вашчылы».
Сам Іван Гаўрылавіч так тлумачыць зварот да падзей, якія адбываліся на Беларусі шмат стагоддзяў назад: «Справа ў тым, што асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны мною адбывалася не год і не два… Безумоўна, гэта прыносіла задавальненне, здаецца, я нібыта знайшоў сябе, знайшоў сваю тэму… Але не будзем забываць і іншае. Працуючы над апавяданнямі, пішучы раманы, я знаходзіўся ў межах пэўнага фактычнага матэрыялу, як бы трапляў у яго палон. Стваралася паступова такое псіхалагічнае становішча… Як бы лепей выказаць яго? Дакладней, вызначыць! Здаецца, правільней будзе так: складваецца ўражанне, што я быццам трапіў у нейкі даўні і доўгі дождж. Ён ідзе, ідзе і ідзе… Усе паспелі схавацца ўжо, а ты ўсё стаіш і стаіш пад ім. Я ўжо недзе выказваўся пра гэта. Словам, паступова прыходзіла разуменне – патрэбен пераход у другі жанр. Але не проста пераход у драматургію, а ў драматургію на гістарычную праблематыку. Зноў з’яўляецца: чаму? Ды таму, што выхаванне без гісторыі немагчыма. А літаратура ж – не мною гэта сказана – безумоўна, калі яна сапраўдная, служыць найперш справе выхавання. Ведаць гісторыю – ведаць свой народ».
Аднак «выходзячы» на гістарычную дарогу, I. Чыгрынаў адмовіўся ад бальшакоў і не спалохаўся цаліку… Куды лягчэй было б яму паставіць у цэнтр твора таго ж Кастуся Каліноўскага, Сымона Буднага, Францішка Скарыну… Бярыся і пішы, факты так і просяцца ў рукі… Ды ў I. Чыгрынава і тут свой погляд на мінуўшчыну. I не толькі, а і нават уласная канцэпцыя яе ўспрымання і раскрыцця.
Наконт выбару менавіта гэтага, а не іншага героя для свайго першага ўласнага драматургічнага твора, ён прызнаецца так: «Але ж Васіль Вашчыла таму і прывабіў мяне, што мы і па сённяшні дзень пра яго амаль нічога не ведаем. Прынамсі, яго імя не надта сустракаецца ў падручніках, гістарычных працах. Згадваюцца Сцяпан Разін, Емяльян Пугачоў… Асобы, вартыя памяці. Між тым, Вашчылам я «жыў» даўно. Па-першае, ён мой зямляк, а па-другое, тая гістарычная таямнічасць, што існавала вакол яго імя, прыцягвала да сябе, узнікала жаданне самому ва ўсім разабрацца, да ўсяго дайсці». (Гэтая і іншыя п’есы, калі не агаворана, цытуюцца па кнізе «Звон – не малітва», 1993).
У аснову драмы пакладзена сама следчая справа Вашчылы, што праляжала ў архівах з 1744 г. і стала вядома даследчыкам зусім нядаўна. А пазнаёміў I. Чыгрынава з гэтым унікальным дакументам, які дазваляе па-новаму зірнуць на асобныя падзеі беларускай даўніны, доктар гістарычных навук В. Мялешка. Васіль Іванавіч даследуе феадальны перыяд і, зразумела, на сённяшні дзень гэты перыяд наўрад ці можна асэнсаваць поўна і ўсебакова, «забываючы» пра Вашчылу.
Праўда, тая ж «следчая справа», якая, нарэшце, трапіла ў рукі сучасных гісторыкаў, хоць і прыадкрывае многія таямніцы, якія тычацца жыцця гэтага выдатнага сына беларускага народа, разам з тым пакідае і галоўную загадку. А яна найперш звязана са смерцю кіраўніка паўстання. У дакументах сказана, што яго атруцілі. Аднак адразу ж узнікае пытанне. Чаму ж Вашчылу, якога, здавалася б, можна было належным чынам пакараць, раптам узялі, ды ў апошні момант, падчас следства і адправілі непрыкметна на той свет? На гэты конт у I. Чыгрынава свая думка: «…упэўнены, што яго нявыгадна было слухаць на следстве, якое мелася адбыцца ў рускім горадзе Мгліне, – ні так званаму польскаму баку, ні расейскаму… У Старадубе, па дарозе з Кіева ў Мглін, Вашчылу і атруцілі. Калі ж прытрымлівацца дакументаў, дык там сказана, што ён захварэў жыватом і тут жа памёр».
П’еса невыпадкова мае назву «Следчая справа Вашчылы». I. Чыгрынаў прытрымліваецца саміх дакументаў, нястомна ідзе за імі, паклапаціўшыся перад гэтым страсці архіўны пыл. Аднак гэта не звычайнае прачытанне гістарычна важных матэрыялаў, а ўдумлівае асэнсаванне іх і пераасэнсаванне. Першапачатковая ўвага аўтара звяртаецца на тыя моманты, што дазваляюць адчуць, наколькі неардынарнай асобай з’яўляўся Вашчыла, і разам з тым разабрацца, што ж штурхала яго на адкрытае выступленне супраць прыгнятальнікаў.
Вяртанне ў беларускую даўніну, гэтым разам у так званую сівую мінуўшчыну і ў драме «Звон – не малітва». Як слушна гаворыць С. Лаўшук, «машына часу» драмы «Звон – не малітва» пераносіць сучаснага чытача і гледача ў няпростую атмасферу Беларусі тысячагадовай даўнасці, калі воляю князёў на нашых землях усталёўвалася хрысціянства. Падзеі таго часу маюць каштоўнае значэнне і вагомасць, каб стаць асновай драматургічнага твора любой жанравай сутнасці. Але I. Чыгрынаў «заглядае» ў глыбіні стагоддзяў не дзеля звычайнай пісьменніцкай цікаўнасці, ён выносіць адтуль штосьці важнае і павучальнае для сучаснікаў».
Прытрымліваючыся выказвання С. Лаўшука, гэтае «важнае і павучальнае» найперш у тым, што ў згаданай п’есе паслядоўна праводзіцца думка, наколькі няпросты і пакручасты шлях народа да свайго самавызначэння.
Хаця, калі разабрацца, дык можа падацца, што падобная пастаноўка пытання неправамерная. Сапраўды, як быццам пра якое самавызначэнне можа ісці гаворка, калі адбываецца яшчэ толькі пераход ад язычніцтва да хрысціянства! Аднак, не будзем жа забываць, што менавіта ў той час і закладваліся асновы беларускай дзяржаўнасці, а Полацкае княства паступова станавілася правобразам беларускай дзяржавы. Па збегу абставін наканавана было спрычыніцца да стварэння яе і князю Ізяславу, аднаму з сыноў вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і яго непакорнай жонкі Рагнеды.
Перадгісторыя гэтых падзей на сённяшні дзень агульнавядома. Рагнеда, якая не магла і не жадала дараваць мужу забойства свайго бацькі, маці, братоў (пазней яна ў роспачы скажа Ізяславу: «Ён не толькі маё жыццё зганьбаваў, але і княства наша Полацкае знішчыў. Ты становішся дарослы, таму пра ўсё павінен ведаць»), дачакаўшыся, калі Уладзімір заснуў, замахнулася на яго нажом. Быццам прадчуваючы небяспеку, вялікі князь нечакана прачнуўся, адвёў рукой паднесены да яго горла нож. Рагнеду чакала пакаранне. I тут за маці заступіўся малалетні Ізяслаў. Ён стаў паміж ёю і бацькам… Уладзімір злітасцівіўся, адно выслаў жонку і сына далей ад стольнага Кіева. У глухой мясцовасці, дзе пасяліліся яны, і ўзнікла паселішча Ізяслаў, сённяшняе Заслаўе…
Гэты выпадак, што паўплываў на далейшае жыццё Ізяслава і Рагнеды, у творы падаецца ў выглядзе ўстаўнога эпізода: «Вельмі здалёку прыходзіць з’явішча, бы насланнё… Спіць на ложку вялікі князь Уладзімір. Рагнеда ўстае з той жа пасцелі, бярэ прыхаваны нож, замахваецца на мужа» і г. д.
Не сказаць, што аўтар знайшоў лепшае выйсце, каб так нагадаць аб тым, што адбывалася задоўга да асноўных падзей. Думаецца, куды лепш гэта ўдалося б I. Чыгрынаву тады, калі б Ізяслаў пра многае даведаўся з расказу людзей, што знаходзяцца вакол яго. Ад той жа маці, ад Лоўчага… Ды і знаёмства з кнігамі, што даюць яму пачытаць «заходжыя святары», не праходзіць бясследна. Тым самым, для юнага князя з’яўляецца магчымасць суаднесці розныя меркаванні, каб знайсці ўласны погляд, выпрацаваць нейкую пэўную пазіцыю.
…Тэма «чалавек і ўлада» знайшла сваё ўсебаковае раскрыццё і адлюстраванне ў п’есе «Прымак» («Полымя», 1994. № 7) і ў драматычнай аповесці «Брат караля» («Тэатральная Беларусь». 1995. № 1.)
Гэтыя творы блізкія паміж сабой асноўнымі сюжэтнымі лініямі, ды і асноўныя дзейныя асобы ў іх адны і тыя ж людзі, канкрэтныя гістарычныя асобы: Ягайла, Вітаўт, Соф’я Гальшанская, Іван Друцкі; паплечнік Ягайлы ў баявых паходах, што адбываліся яшчэ ў гады яго маладосці, Юльян і іншыя.
Прысутнічае, тым не менш, я б сказаў, яшчэ і свайго роду падабенства ўнутранае. I ў п’есе, і ў драматычнай аповесці аднолькава гучыць тэма беларускай дзяржаўнасці. Іншая справа, што яна разглядаецца як бы з розных адпраўных момантаў.
У першым выпадку самі падзеі асэнсоўваюцца з пункту бачання Польшчы, якая, зразумела, зацікаўлена ва ўмацаванні краіны, у тым ліку, канечне, і за кошт беларускіх земляў.
У другім – на першы план выступаюць інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага, якое, пайшоўшы на палітычны саюз з Польшчай, усё ж (прынамсі, на падобных пазіцыях знаходзяцца яго лепшыя прадстаўнікі) дамагаецца для сябе як мага большай самастойнасці. Ды і падставы для гэтага ёсць. У аб’яднанні дзвюх дзяржаў бачыўся ці не адзіны паратунак, каб сумеснымі намаганнямі зняць пагрозу Тэўтонскага ордэна і Маскоўскай дзяржавы. Так сказаць, умацаваць свае «тылы» з Захаду і з усходу.
Аднак сапраўды ўжо: добра там, дзе нас няма. Польшча ж, як аказалася на справе, таксама не супраць стаць паўнаўладным гаспадаром на беларускіх землях. I як адказацца ад такой заманлівай перспектывы, калі сам кароль Ягайла, па сутнасці, тая марыянетка, якой можна кіраваць, як хочацца…
Сутыкненні двух бакоў выразна абазначаны ў п’есе «Прымак». Польскі – гэта Ягайла і яго акружэнне, літоўскі, значыць беларускі, – Вітаўт, які прэтэндуе на карону, і тыя, хто падтрымліваюць яго. А сярод іх – і імператар свяшчэннай Рымскай імперыі, кароль венграў Сігізмунд. Праўда, паколькі ўсе гэтыя падзеі, хоць і часта трапляюць у поле зроку даследчыкаў ды і пісьменнікаў, але па-ранейшаму, не сказаць, каб усё можна было падмацаваць дакументальна. I. Чыгрынаў дазваляе сабе рабіць пэўныя агаворкі. Для прыкладу, у спісе дзейных асоб чытаем: «Іван Друцкі – князь, здаецца, стрыечны брат каралевы Соф’і». У самым жа пачатку п’есы: «Здаецца, 1429 год»…
Пасля гэтага пранікаешся да аўтара яшчэ большым даверам. Разумееш, наколькі ён імкнецца дакапацца да праўды і разам з тым ні ў якім разе не хоча выступаць ісцінай у апошняй інстанцыі, а толькі запрашае разам разабрацца, што і да чаго.
Некалькі адасоблена ў I. Чыгрынава стаіць драма «Савіцкі» («Маладосць». 1994. № 12). I справа не ў мастакоўскіх вартасцях ці недахопах гэтага твора. Напісаны ён, як кажуць, прыстойна, дакладна вымаляваны характары персанажаў. Адасобленасць гэтая ў іншым: у самым матэрыяле, а калі дакладней – у выбары галоўнага героя. Аляксандр Савіцкі – персанаж не выдуманы. Такі чалавек жыў у сапраўднасці, у свой час яго празвалі «беларускім Дуброўскім». Пад такім прозвішчам ён увайшоў і ў легенды, асобныя з іх і па сённяшні дзень можна пачуць на тэрыторыі Гомельшчыны ці Магілёўшчыны.
Праўда, як гэта бывае даволі часта, з гадамі сам Савіцкі забыўся, а толькі ў вуснах народа па-ранейшаму жыў воблік нейкага ці не ідэальнага заступніка абяздоленых, няшчасных. Гэткага Робін Гуда…
Першым вярнуў Савіцкага з небыцця У. Мехаў, расказаўшы пра яго ў адным з матэрыялаў сваёй кнігі «Далучэнне» (1992) – «Хто вы, Аляксандр Савіцкі?». А паколькі пісаў твор дакументальны, то, як вядома, прытрымліваўся рэальных фактаў. Правільней, тых нешматлікіх звестак, якія яму ўдалося адшукаць. Дарэчы, як устанавіў У. Мехаў, яшчэ ў першыя дні 1910 г. на старонках газеты «Полесская жизнь», што выходзіла ў Гомелі, за подпісам «Л-віч» друкавалася п’еса «Смерць Савіцкага». Аператыўнае з’яўленне твора, няхай і невысокіх мастакоўскіх вартасцяў – найлепшае пацвярджэнне таму, што Савіцкі, які дзейнічаў на тэрыторыі Чарнігаўскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў, выклікаў у сучаснікаў вялікую ўвагу да сваёй асобы. Пазней вядомы рускі пісьменнік Л. Андрэеў узяў яго ў якасці прататыпу галоўнага героя свайго рамана «Саша Жыгулёў».
Асноўная канва драмы I. Чыгрынава таксама трымаецца на дакументальнай аснове. Але гэта не значыць, што аўтар стрымлівае сябе ў рамках прывязанасці да канкрэтных фактаў. Як творца, у якога смелы палёт фантазіі, прысутнічае ўменне будаваць сюжэт, ён не толькі ўзнаўляе сапраўдныя падзеі і рэальныя абставіны пачатку стагоддзя, а ў многім і як бы «мадэліруе» іх, спрабуючы прадугадаць тое, што магло б быць, калі прытрымлівацца логікі паводзін Савіцкага і адштурхоўваючыся ад звестак, якія захаваліся пра яго.
Інакш кажучы, Савіцкі ў аднайменнай драме – гэта і рэальна існуючы чалавек, але адначасова і мастацкі характар, а таму вобраз у многім тыпазаваны, абагульнены. На прыкладзе Савіцкага I. Чыгрынаў імкнецца (і гэта яму ўдаецца) паказаць, наколькі больш складаным і разнастайным быў рэвалюцыйны рух у былой царскай Расіі (у тым ліку і на тэрыторыі колішняга Паўночна-Заходняга краю), чым падавала яго сем дзесяцігоддзяў афіцыйная гістарычная навука.
Аляксандр Савіцкі таму і кануў, як кажуць, у Лету, што сваёй дзейнасцю не надта ўпісваўся ў хрэстэматыйнае разуменне рэвалюцыянера. Праўда, тут не абысціся без, як на маю думку, хоць і невялікага, але істотнага ўдакладнення. Разумення ў яго кананізаваным выглядзе, калі з канкрэтнай гістарычнай асобы стваралі не проста ідэал, а нейкага ідала. Калі ж супаставіць Савіцкага з іншымі рэвалюцыянерамі (для прыкладу, з тымі ж бальшавікамі), але апошніх ніколькі не ідэалізаваць, не спрабаваць зрабіць іх лепшымі, чым яны былі на самай справе, то акажацца, што Савіцкі і яны зусім не антыподы. Перафразуючы знакамітае выказванне У. Маякоўскага, смела можна сказаць: «Савіцкі і бальшавікі – блізнюкі-браты…» Хіба што з некаторай розніцай у паводзінах, але не істотнай.
Парадокс, ці не праўда? Але парадокс, калі падыходзіць да пытання чыста эмацыянальна, пры тым кіруючыся нязменным: гэтага проста не магло быць. Калі ж зірнуць на рэчы зусім не зажмуранымі рэвалюцыйнай рамантыкай вачыма, то акажацца, што ніякага парадокса ў падобным параўнанні не толькі няма, а і быць не можа.
Як мне здаецца, I. Чыгрынаў і ставіў перад сабой акурат такую задачу – пераканаўча паказаць, наколькі рэвалюцыянеры рознай палітычнай арыенціроўкі, пры ўсёй рознасці іх праграм (і нават адсутнасці нейкай канкрэтнай платформы, калі дзейнічалі адзіночкі тыпу таго ж Савіцкага), былі блізкімі між сабой, паколькі ўсіх іх яднаў стыхійны пачатак, тое буйства натуры, калі зусім не думалася пра вынікі, а хацелася ўсё ламаць, крышыць. Сапраўды ўжо – да асновы… Не думаючы, не жадаючы задумацца, а ці прынясе ўсё гэта шчасце іншым, тым, каго яны і хацелі ашчаслівіць сваёй дзейнасцю.
Чыгрынаву ў творы адразу ўдалося, прытым па-мойму даволі лёгка, знайсці стрыжнявы момант, адштурхоўваючыся ад якога, можна, нібыта клубок, разгортваць перыпетыі лёсу галоўнага персанажа. Сама інтуіцыя падказала пісьменніку. Паколькі Савіцкі – гэта пастаянна непрадказальнасць паводзін, нейкая імпульсіўнасць, то, сумнення не выклікае, ён мог лёгка сыходзіцца (і сыходзіўся!) з самымі рознымі, дагэтуль зусім незнаёмымі яму людзьмі. Сыходзіўся і ў асяродку іх хутка станавіўся сваім. Прынамсі, менавіта пры гэткіх абставінах – рэпліка за рэплікай, слова за словам – і адбылося яго знаёмства з сынам магілёўскага віцэ-губернатара, студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, з якім яны аказаліся ў адным купэ цягніка, што ішоў са сталіцы ў Магілёў.
Не абмінуў складаных працэсаў у жыцці грамадства і I. Чыгрынаў, звярнуўшыся да іх у «сучаснай трагікамедыі» (аўтарскае вызначэнне жанру «Госці» – «Тэатральная Беларусь». 1993. № 3). Адпаведна жанру выкарыстана і танальнасць твора. Ёсць у ім і саркастычна-выкрывальныя моманты, прысутнічае і той смех, пра які кажуць – смех скрозь слёзы. Галоўнае ж – I. Чыгрынаў выступае драматургам-грамадзянінам, які неабыякавы да таго, што дзеецца наўкола, і які і сам хоча дакладней разабрацца ва ўсім, што адбываецца, і да падобнага, зусім не старонняга, неабыякавага асэнсавання, запрашае іншых. Аднак і гэты аналіз становішча, у якім апынулася грамадства, і асэнсаванне сучасных падзей, і погляд на тое, што было не ў такім яшчэ і далёкім мінулым, якое многія цяпер называюць праклятым, застойным (пры жаданні эпітэтаў можна знайсці шмат, пры тым і эмацыянальных, куды цяжэй аб’ектыўней ва ўсім разабрацца) – зразумела, адбываюцца ў адпаведным ракурсе.
У трагічным жа гратэску «Ігракі» I. Чыгрынаў удала схоплівае асноўныя моманты той дыпламатычнай барацьбы, што вялася паміж Савецкім Саюзам і фашысцкай Германіяй напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. I нават не барацьбы, а звычайнай гульні, калі кожны бок, хаваючы свае сапраўдныя планы і мэты, імкнуўся выйграць час, падмануць праціўніка. Вынікам гэтых закулісных інтрыг стала падпісанне славутага пакта Молатавым і Рыбентропам, які да нядаўняга часу не падаваўся інакш, як вялікае дасягненне савецкай дыпламатыі, палітычная празорлівасць партыйнага кіраўніцтва Савецкага Саюза, што дазволіла хоць неяк сабрацца з сіламі, каб затым даць рашучы адпор агрэсару. Цяпер жа, калі сталі вядомы многія сакрэтныя дакументы, відавочным становіцца іншае. I Гітлер, і Сталін дзейнічалі, як кажуць, у адным абозе, ставячы на карту лёс чалавецтва, і пры гэтым, не задумваючыся, кіраваліся толькі ўласнымі амбіцыйнымі інтарэсамі.
Чыгрынаў, адлюстроўваючы даўнія падзеі, якія ўсё ж нельга не назваць гістарычнымі, паколькі яны паўплывалі на далейшае развіццё ўсёй цывілізацыі, з аднолькавым майстэрствам выкрывае абодва бакі. Адсюль і вельмі канкрэтная назва твора – «Ігракі». А сярод гэтых «ігракоў» – Сталін, Молатаў, Варашылаў, Берыя, Гітлер, Герынг, Рыбентроп і іншыя.
Складаная з’ява сталінізм… I калі ў «Іграках» I. Чыгрынаў падступаецца да яе з пункту гледжання самога Сталіна, які ж, канечне, як бачна было, ва ўсім бачыць адны клопаты аб росквіце краіны, то ў драме «Чалавек з мядзведжым тварам» ёсць мажлівасць пазнаёміцца і з адным з тых, хто ў свой час рухаў сталінскую машыну насілля, беззаконня, рэпрэсій. Іван Дарафеевіч завуць яго, прозвішча Пагасаў. А кім ён быў у страшныя гады, хаваць не збіраецца:
« П а г а с а ў. Следчы. Следчы я. Такая ў мяне прафесія была. Цяпер – на пенсіі. Як кажуць, на заслужанай. Спярша ў ЧК працаваў, затым у АДПУ, НКУС, пасля ў НКДБ, ну і так далей – МДБ, КДБ… Словам, працаваў у сістэме дзяржаўнай бяспекі».
Праблемы, якія пастаўлены ў драме «Чалавек з мядзведжым тварам», былі актуальнымі на час напісання твора. Але і цяпер яны не страцілі свайго першаступеннага значэння, а ў нечым набылі і больш важкі сэнс. Зразумець, хто вінаваты, – значыць не паўтарыць ранейшых памылак. Значыць, нарэшце, выкараскацца з той багны, у якой апынуліся ўсе мы, куды трапіла грамадства. Сапраўды – адбываецца дзіўнае. Здавалася б, з’явіліся ўсе падставы, каб зажыць шчасліва і спакойна, а мінулае ніяк не хоча адпускаць ад сябе. Учэпіста трымае ў сваіх ланцугах.

* * *
Іванам Чыгрынавым напісаны таксама такія творы, як «драматычная фантазія на чарнобыльскую тэму» (аўтарскае вызначэнне жанру) «Хто вінаваты», п’еса «…Зайграй, хлопча малы», у якой пісьменнік задумваецца над лёсам Паўлюка Багрыма. Яны таксама сведчаць на карысць таго, што талент I. Чыгрынава – шмагранны і паспяхова развіваецца ў розных жанрах.

Сцяпан Лаўшук, 1995

У ЧАКАННІ КАРОНЫ

А ён так нікому і не прызнаўся, чаму апошнім дзесяцігоддзем працуе пераважна ў жанры драматургіі. Чаму, чаму… Працую – ды ўсё! Разумею, што банальнага адказу ён асцерагаецца, а пакапацца глыбей – бракуе часу ці цярпення. Галоўнае – пісаць. Зрэшты, славуты Кандрат Крапіва не баяўся простых адказаў. Памятаеце, як ён тлумачыў свой прыход у драматургію? «Пачалося з таго, што мяне папрасілі перакласці на беларускую мову п’есу Д. Фанвізіна «Недоросль». I мне, натуральна, было цікава паглядзець, наколькі ўдалым атрымаўся пераклад. У вуснах акцёра, справядліва думаў я, фальш аўтарскага слова, у дадзеным выпадку майго, перакладчыцкага, павінна адчувацца асабліва. I я зачасціў на рэпетыцыі. Вось тут і «зачапілі» мяне, прапанаваўшы самому паспрабаваць напісаць п’есу».
Івана Чыгрынава тэатр (дарэчы, той жа самы, Купалаўскі) «зачапіў» крыху па-іншаму: не нейкі там пераклад ён прынёс, а ўласную п’есу, напісаную на аснове рамана «Плач перапёлкі». I адбылося гэта ў 1980 годзе. Як на мой розум, дык не адбыцца гэтая падзея проста не магла. Мяркуйце самі. Спачатку ён піша вершы. Не «ўзахлёб», але пастаянна і самавіта. Потым усё часцей і часцей пачалі пракідацца апавяданні. У 1960 годзе першая кніга выйшла. Не, не паэтычная. I не празаічная. Навуковая. А называлася яна «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі». Пакінуўшы мецінку на гэтай кнізе ў памяці, глянем на далейшы творчы шлях пісьменніка. На змену вершам, нібы з чароўнага рога, сыпанулі апавяданні, вельмі прыхільна сустрэтыя чытачом і высока ацэненыя крытыкай, зборнікі «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983). Не забавіліся са з’яўленнем і раманы: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992). Вось тут таксама трэба пакінуць мецінку. Мімаходзь адзначыўшы, што раман «Апраўданне крыві» ў 1979 годзе быў узнагароджаны прэстыжным медалём імя А.А. Фадзеева, падкрэслім іншае: дзякуючы I. Чыгрынаву ў беларускай літаратуры адрадзіўся жанр рамана-эпапеі, той жанр, які па аўтарытэтным сведчанні спецыялістаў канчаткова зжыў сябе яшчэ ў сярэдзіне нашага стагоддзя. Пры гэтым, не проста механічна адрадзіўся, але на якасна новым узроўні. Феномен чыгрынаўскай эпапеі яшчэ чакае свайго даследчыка, тым больш што яна яшчэ не завершана. Сёння ж можна сказаць, што ў аснову яе пісьменнікам пакладзена арганічнае спалучэнне панарамнасці і жыційнасці выкладу матэрыялу. I апошняя мецінка. Пяру I. Чыгрынава належаць дзве грунтоўныя крытыка-літаратуразнаўчыя, культуралагічна-публіцыстычныя кнігі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) і «Паміж сонцам і месяцам. Роздум над жыццем, культурай і літаратурай» (1994).
Дык ці мог I. Чыгрынаў абмінуць сваёй увагай драматургію? Гэта было б гэтак жа нелагічна, калі б беларускі селянін, робячы гэблем, плугам, касой, чамусьці праігнараваў бы, напрыклад, пілу. Адзінае, чаму варта здзіўляцца, дык гэта таму, што прыход знакамітага празаіка ў драматургію адбыўся неяк будзённа. Прынамсі, ніхто ў новым «цэху» не захапіўся, не зарадаваўся: глядзіце, хто прыйшоў! I дарэмна. Па-першае, прыйшоў не абы-хто. Па-другое, спанадная прафесійная ўвага людзей тэатра не аказалася б лішняй нават такому вопытнаму літаратару, як I. Чыгрынаў. Ды – нічога! Як бы там ні складваліся адносіны-варункі, але сёння мы можам гаварыць пра I. Чыгрынава як пра буйную драматургічную фігуру. Цікава, што за апошнія дзесяць год больш за яго не напісаў п’ес ніхто з беларускіх пісьменнікаў. Нават «чыстых» драматургаў. Пра п’есу «Плач перапёлкі» гаварылася вышэй. У 1984 годзе Брэсцкі абласны драмтэатр ажыццявіў пастаноўку яшчэ адной п’есы – «Апраўданне крыві». Праз два гады пісьменнік прапанаваў тэатру адразу дзве п’есы паводле сваіх празаічных твораў: «Свае і чужынцы» і «Дзівак з ганчарнай вуліцы». Апошняя з іх напісана па матывах ранейшых апавяданняў і з поспехам ішла на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску.
Усе згаданыя п’есы – цалкам самастойныя літаратурныя творы. I ўсё ж празаічны субстрат у іх адчуваецца досыць выразна. Зрэшты, «апавядальнасць» рудыментальна будзе праяўляцца і ў наступных п’есах I. Чыгрынава, напісаных ужо не на аснове ранейшых празаічных твораў. А першай з іх была гістарычная драма «Следчая справа Вашчылы». Яна, магчыма, і не зойме ў творчасці пісьменніка выключнага месца, але не напісаць яе ён проста не мог: у поўным сэнсе ўзняць гэты даволі-такі моцна зляжалы гістарычны пласт сталася для яго грамадзянскім звышабавязкам. Воблік славутага земляка-інсургента здавён непакоіў яго мастакоўскую фантазію, трывожыў рамантычнай непрасветленасцю і таямнічасцю жыццяпісу. Асабліва многа загадкавага мроілася вакол смерці паўстанца. Адказы на многія пытанні пісьменнік пачэрпнуў са следчай справы Вашчылы, якую яму ўдалося адшукаць у Кіеўскім архіве былой калегіі замежных спраў Расійскай імперыі, дзе яна, нікім не запатрабаваная, праляжала дзвесце сорак гадоў. Старонку за старонкай перагарнуў драматург гэты дакумент. Выкарыстоўваючы скупыя звесткі гэтых матэрыялаў, ён здолеў намаляваць прывабны воблік кіраўніка крычаўскіх бунтаўшчыкоў, раскрыць яго характар усебакова і поўна. Іншыя персанажы ахарактарызаваны больш бегла, але для сотніка Міколы Манаха, ротмістра літоўскай харугвы Шлёнцы, шляхціца Пішчыка, Горнага дзецюка ў аўтара знайшлося дастаткова фарбаў, каб яны атрымалі пэўнае індывідуальнае аблічча.
Уменне акрэсліць нейкія характэрныя рысы ў вобліках дзеючых асоб прадэманстраваў I. Чыгрынаў і ў драме «Ігракі», якая прысвечана асэнсаванню хітраспляценняў дыпламатычнай барацьбы паміж СССР і Германіяй напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Хто ж яны, гэтыя ігракі? Сталін, Молатаў, Варашылаў, Будзённы, Мікаян, Хрушчоў, Берыя, Дэканозаў, Шкварцаў; Гітлер, Герынг, Гімлер, Рыбентроп, Гальдэр… Вынікам іх гульні стала падпісанне сумна славутага пакта Молатавым і Рыбентропам, які скурожыць гістарычныя лёсы многіх народаў.
Публікацыя дзвюх гэтых п’ес давала падставы меркаваць, што гістарычная тэматыка ў творчасці I. Чыгрынава-драматурга – не эпізод, не мімаходнае захапленне. I бліжэйшае будучае бліскуча пацвердзіла слушнасць гэтага меркавання. Надрукаваў, праўда, пісьменнік дзве п’есы на чарнобыльскую тэматыку: «Хто вінаваты?» і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца», трагікамедыю «Госці» аб постперабудовачных праблемах беларускай вёскі. Але ж потым у друку з’яўляецца драма «Чалавек з мядзведжым тварам», у якой асэнсоўваюцца трагічныя перыпетыі, прычыны і наступствы сталінскіх рэпрэсій. А «машына часу» драмы «Звон – не малітва» пераносіць сучаснага чытача і гледача ў няпростую атмасферу Беларусі тысячагадовай даўнасці, калі воляю князёў на нашых землях усталёўвалася хрысціянства. Падзеі таго часу маюць каштоўнае значэнне і вагомасць, каб стаць асновай драматургічнага твора любой жанравай сутнасці. Але I. Чыгрынаў «заглядае» ў глыбіні стагоддзяў не дзеля звычайнай пісьменніцкай цікаўнасці, ён выносіць адтуль штосьці важнае і павучальнае для сучаснікаў. Юны князь Ізяслаў прыняў Полацкі стол з умовай, што воля кіеўскага вялікага князя будзе абавязковай у Полацку. Дык хто ён: мудрэц ці калабарант? Колькі потым яшчэ было такіх уступак з боку яго пераемнікаў… Столькі, што яны ўрэшце звялі на нішто незалежнасць беларускага краю. Сёння Беларусь чарговы раз атрымала свой «стол», стала перад новым выбарам. Як жа павядуць сябе сучасныя «князі»? Зноў будуць закрываць вочы на ўмовы, якія, магчыма, нехта паставіць перад імі, абы толькі ўтрымацца ў крэслах-тронах? Такія ці прыкладна такія пытанні турбавалі пісьменніка, калі ў яго выспявалі задумы гістарычных драм «Прымак» (аб апошніх гадах царавання караля Ягайлы) і «Чыстыя рэкі, мутныя воды» (пра Аршанскую бітву).
Драматычная аповесць «Брат караля», якая прапануецца ўвазе чытачоў «Тэатральнай Беларусі», сваімі сюжэтнымі варункамі лучыцца да дзвюх апошніх п’ес. Прынамсі, на добрую палову ў драмах «Прымак» і «Брат караля» героі агульныя: Ягайла, Вітаўт, Соф’я Гальшанская, Іван Друцкі, Юльян і іншыя. У падзейным радзе таксама ёсць сёе-тое агульнае. Розніца ж вынікае з ракурсаў асвятлення гэтых агульных падзей. Калі ў першай з іх яны ацэньваюцца з пункту погляду Кароны, дык у другой – зыходзячы з інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага. Так, Крэўская унія не зрабіла з дзвюх саюзных тэрыторый агульнага цэлага, у кожнай з іх засталіся як тактычныя, так і стратэгічныя інтарэсы. На саюз з Польшчай ВКЛ пайшло з-за двайной пагрозы: псоў рыцараў з Захаду і Масковіі – з Усходу. Аднак саюзная Польшча вельмі хутка выявіла свае імперскія, экспансіянісцкія апетыты, таму герой Грунвальда вялікі князь ВКЛ Вітаўт вырашыў дабіцца для сваіх земляў большай самастойнасці. Адным з атрыбутаў гэтай самастойнасці яму бачылася каралеўская карона. Двойчы пасылаў яе яму імператар свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд, і двойчы палякі перахоплівалі жаданую рэліквію. У чаканні кароны – так можна было б вызначыць лейтматыў падзейных дачыненняў п’есы «Брат караля». На жаль, чаканне аказалася марным. Зноў чужая воля праявіла сябе на нашых землях. З-за грэху Ізяслава Полацкага, ці што? Пры загадкавых абставінах гіне Вітаўт. Вялікім князем ВКЛ выбіраецца брат караля Свідрыгайла, гарачы праціўнік польска-каталіцкай экспансіі. Магчыма, яму ўдалося б здзейсніць каранацыйную мару Вітаўта, але ў выніку змовы Свідрыгайла быў выгнаны з Вільні. Праўда, яму пашанцавала арганізаваць і ўзначаліць вялікае княства Рускае ў складзе Полацкай, Віцебскай і Смаленскай земляў. Ненадоўга. Неўзабаве вялікае княства Рускае спыніла сваё існаванне ў выніку хітрай дыпламатычнай гульні Кракава і Вільні. П’еса заканчваецца лагічным шматкроп’ем, але памылкай было б лічыць, што драматург ухіліўся ад неабходнасці зрабіць вывады. Яны – празрыстыя, яны добра чытаюцца. I добра стасуюцца з сучаснай палітычнай кан’юнктурай.
Плённа працуе I. Чыгрынаў у драматургіі. Дык, можа, і тут мы дачакаемся нечага накшталт эпапеі. Тым больш што яму споўнілася толькі шэсцьдзесят напярэдадні Новага года.

Алесь Марціновіч, 1992

«ЦЯГА ДА ДРАМАТУРГІІ ЖЫЛА ПАСТАЯННА»

Гутарку вёў Алесь Марціновіч

Свайго роду творчае сутыкненне між рэжысёрамі і драматургамі даволі даўняе. Першыя з іх пастаянна сцвярджаюць, што не маюць пад рукой сучасных п’ес, вартых сцэнічнага ўвасаблення. Аўтары ж, у сваю чаргу, папракаюць рэжысёраў за няўвагу да новых драматургічных твораў, за жаданне ставіць толькі класіку альбо нешта «чужое». Аднак, як бы ні працягваліся спрэчкі, драматургія, як і ўсё на гэтай зямлі, развіваецца. З’яўляюцца і новыя імёны. Але, што цікава, спрабуюць мастакоўскія сілы ў сцэнічных жанрах не толькі пачаткоўцы, хто мяркуе, што яго прызнанне менавіта ў гэтай галіне мастакоўскай дзейнасці. У драматургію пачынаюць рабіць «перабежкі» і знакамітыя пісьменнікі – паэты, празаікі. Пацвярджэнне таму і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Аляксандра Фадзеева Іван Чыгрынаў. Сёння на яго творчым рахунку п’есы «Следчая справа Вашчылы», «Звон – не малітва», «Чалавек з мядзведжым тварам», «Ігракі», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца», «Хто вінаваты»…
Тэматычна і жанрава яны розняцца між сабой. У першых двух I. Чыгрынаў асэнсоўвае даўнія старонкі нацыянальнай гісторыі, расказваючы пра кіраўніка паўстання Вашчылу і славутую князёўну Рагнеду. «Чалавек з мядзведжым тварам» – сучасны погляд на сталінізм. У «Іграках» аўтар па-свойму аналізуе перадваенныя падзеі, калі паміж фашысцкай Германіяй і сталінскім Савецкім Саюзам быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа. У дзвюх апошніх п’есах – чарнобыльскія і паслячарнобыльскія падзеі, спроба разабрацца, да чаго можа дайсці чалавецтва, калі і ў далейшым будзе злачынна выкарыстоўваць «мірны» атам. Да таго ж I. Чыгрынаў зрабіў сцэнічныя варыянты раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы». Паводле ўласных апавяданняў напісаў п’есу «Дзівак з Ганчарнай вуліцы».
Безумоўна, чытачам цікава бліжэй пазнаёміцца з I. Чыгрынавым-драматургам, даведацца пра асобныя сакрэты яго творчай лабараторыі.

Іван Гаўрылавіч, чым можна растлумачыць, што Вы, знакаміты празаік, аўтар дзясяткаў апавяданняў, якія – усе без выключэння – перакладзены на рускую і іншыя мовы, раманаў, што сталі новай старонкай у адлюстраванні подзвігу народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, раптам вырашылі паспрабаваць свае сілы ў драматургіі?
– На такія пытанні адказваць цяжка… Чаму, чаму, чаму??? «Пути господни неисповедимы». Так гавораць, калі адбываецца нешта, што як быццам у нечым выходзіць за рамкі звыклага, пастаяннага. Але ж пад гэтае азначэнне падпадаюць і шляхі пісьменніцкія, мастакоўскія. Тут таксама свайго роду «несповедимость». Як і ў самім жыцці. Скажам, ішоў, ішоў па адной дарозе, а пасля звярнуў. Думаў, на сцежку ступіў, а гэта, як высветлілася, зноў цэлая дарога. Ды, калі падумаць, кожны пісьменнік – з’ява шматжанравая. У тым ліку і я сам. Некалі ж пісаў вершы, пасля, як вядома, узяўся за апавяданні, перайшоў да раманаў. Раманы ставіліся на сцэне, экранізаваліся. Працуючы над п’есамі «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», пазней – «Свае і чужынцы», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», я і набываў драматургічныя навыкі.

Тым не менш, гэта ўсё ж, калі канкрэтызаваць, не ўласна драматургічныя творы, а п’есы паводле Вашых жа раманаў, апавяданняў. Ніхто не збіраецца адмаўляць іх мастацкія вартасці, але ў дадзеным выпадку Вы ішлі ўжо ад пэўных набыткаў. Іншая справа, што, прытрымліваючыся законаў новага жанру, штосьці канкрэтызавалі, а то і ўдакладнялі, ад нечага адмаўляліся. У рэшце рэшт – гэта працэс заканамерны. Аднак падобны адказ на пастаўленае пытанне не толькі прасвятляе ісціну, а і адначасова выклікае чарговае пытанне. Добра… Вы мелі драматургічныя навыкі. Станаўленне Вас, як драматурга, па сутнасці, адбылося. У такім разе, навошта ствараць для сябе новыя цяжкасці? Пішы і далей пра вайну. Неабавязкова пра верамейкаўцаў. Можна і пра іншыя падзеі, уся ж Беларусь ваявала з ворагам. I ў асэнсаванні гэтых падзей, асабліва з вышыні сённяшняга дня, непачаты край работы. Вы ж, Іван Гаўрылавіч, раптам сягнулі ў нашу далёкую гісторыю, у нашу сівую мінуўшчыну. Маю на ўвазе Вашу першую самастойную п’есу, самастойную як драматургічны твор – «Следчая справа Вашчылы»…
– Справа ў тым, што асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны мною адбывалася не год і не два… Безумоўна, гэта прыносіла задавальненне, здаецца, я нібыта знайшоў сябе, знайшоў сваю тэму… Але не будзем забываць і іншае. Працуючы над апавяданнямі, пішучы раманы, я знаходзіўся ў межах пэўнага фактычнага матэрыялу, як бы трапіў у яго палон. Стваралася паступова такое псіхалагічнае становішча… Як бы лепей выказаць яго? Дакладней, вызначыць! Здаецца, правільней будзе так: складвалася ўражанне, што я быццам трапіў у нейкі даўні і доўгі дождж. Ён ідзе, ідзе і ідзе… Усе паспелі схавацца ўжо, а ты ўсё стаіш і стаіш пад ім. Я ўжо недзе выказваўся пра гэта. Словам, паступова прыходзіла разуменне – патрэбен пераход у другі жанр. Але не проста пераход у драматургію, а ў драматургію на гістарычную праблематыку. Зноў з’яўляецца: чаму? Ды таму, што выхаванне без гісторыі немагчыма. А літаратура ж – не мною гэта сказана – безумоўна, калі яна сапраўдная, служыць найперш справе выхавання. Ведаць гісторыю – ведаць свой народ. Што і патрэбна сёння, калі адбываецца нацыянальнае Адраджэнне. Так што цяга да драматургіі, якая пастаянна жыла ў маёй душы, – знайшла нарэшце сваё канкрэтнае ўвасабленне ў тэмах.

– I ўсё ж, на маю думку, зварот спачатку да падзей, звязаных з паўстаннем Васіля Вашчылы, стаў для нас у многім нечаканым. Нават у тым сэнсе, што ёсць куды больш вядомыя гістарычныя факты… Кастусь Каліноўскі, Сымон Будны, Францішак Скарына… Бярыся і пішы, факты так і просяцца ў рукі…
– Але ж Васіль Вашчыла таму і прывабіў мяне, што мы і па сённяшні дзень пра яго амаль нічога не ведаем. Прынамсі, яго імя не надта сустракаецца ў падручніках, гістарычных працах. Згадваюцца Сцяпан Разін, Емяльян Пугачоў… Асобы, вартыя памяці. Між тым, Вашчылам я «жыў» даўно. Па-першае, ён мой зямляк, а па-другое, тая гістарычная таямнічасць, што існавала вакол яго імя, прыцягвала да сябе, узнікала жаданне самому ва ўсім разабрацца, да ўсяго дайсці. Калі ж гаварыць пра гістарычную тэму шырэй, не трэба забываць, што яшчэ існуюць і патрэбы літаратуры. Гістарычная тэма ў нас, хоць у апошні час і з’явіўся шэраг значных твораў, распрацавана слаба. Можна сказаць, амаль не распрацавана… Хацелася б таксама пераадолець і нейкі рамантызм у поглядзе на мінуўшчыну. Сапраўды ўжо, як бы дзве крайнасці атрымліваюцца. То амаль не звяртаемся да падзей даўніны, то падаем іх у святле, далёкім ад таго, што было на самай справе. Ды і часта аўтары замест таго, каб расказваць пра канкрэтных гістарычных асоб, пачынаюць нешта выдумляць, ідуць ад літаратуры. Нельга адмовіць і ў праве белетрызаванага паказу гісторыі, але найперш трэба праўдзіва асэнсаваць рэальныя падзеі, падзеі, якія застануцца ў вяках. I людзей паказаць, якія былі, ёсць і будуць гонарам нацыі.

– Наколькі вядома, Вы даеце сваю версію смерці Вашчылы. Што гэта – свайго роду «спрацаванне інтуіцыі», што павінна было быць менавіта так, а не інакш? Магчыма, у Вас былі дакументы, якія дазволілі прытрымлівацца гэтай, а не іншай версіі, якой бы заманлівай і прыцягальнай яна ні была?
– Ды ніякай версіі аб смерці Вашчылы не было. Гістарычная навука, у тым ліку і энцыклапедыі, гавораць проста: пасля таго, як яго войска было разбіта, ён бясследна знік.

– Адкуль жа тады факты, якія Вы прыводзіце ў п’есе?
– Знойдзена следчая справа Вашчылы, якая з 1744 года праляжала ў архівах.

– Няўжо так і ляжала ўсе гэтыя гады і ніхто не зацікавіўся ёю?
– Вы ж ведаеце, што ўвогуле адносіны да гісторыі, асабліва гісторыі нацыянальнай, у нас не адно стагоддзе былі… нават цяжка знайсці вызначэнне. Што тут казаць пра следчую справу Вашчылы, калі багата якія, не менш важныя дакументы, пакрываліся пылам. У гэтай жа справе сказана амаль усё пра Вашчылу. Усё дакладненька я і перавёў у драму.

– Паслухаеш Вас, Іван Гаўрылавіч, дык і сапраўды вельмі проста атрымліваецца. Ляжыць некранутая справа Вашчылы, Вы бярэце яе ў рукі, кажучы Вашымі словамі, «дакладненька пераводзіце ў драму» і, калі ласка – п’еса «Следчая справа Вашчылы»…
– Проста, у тым сэнсе, што факты я меў. Меў у межах таго, каб пагаварыць пра лёс аднаго з выдатных людзей нацыі. Хоць, безумоўна, у архіўных матэрыялах ёсць сапраўды многае, але не ўсё. У прыватнасці, пра смерць Вашчылы. Сказана, што памёр ён ад атручэння і ўсё… Але хто канкрэтна атруціў – не паведамляецца. Адно ўпэўнены, што яго нявыгадна было слухаць на следстве, якое мелася адбыцца ў рускім горадзе Мгліне, – ні так званаму польскаму баку, ні расейскаму… Ведаеце, прыгранічныя справы ў міждзяржаўных узаемаадносінах заўсёды былі вельмі складанымі. У Старадубе, па дарозе з Кіева ў Мглін, Вашчылу і атруцілі. Калі ж прытрымлівацца дакументаў, дык там сказана, што ён захварэў жыватом і тут жа памёр. Але «польскі бок» ніяк не хацеў паверыць у смерць кіраўніка Крычаўскага паўстання і тры разы прымушаў адкопваць цела на Старадубскіх могілках, каб зноў і зноў пераканацца ў яго смерці. Такім страшным чалавекам быў Вашчыла для дзяржавы, супраць якой ён падняў паўстанне. Уласна кажучы, не супраць дзяржавы самой, а супраць феадальнага ўціску, проці князя Гераніма Радзівіла, арандатараў… Калі ў яго на следстве пыталіся, навошта ўзняў паўстанне, ён нязменна адказваў: «Хацеў даць людзям волю». Акурат Сцяпан Разін, пра якога Вашчыла, здаецца, нават і не чуў. Такі быў чалавек Васіль Мацвеевіч. Я і імкнуўся паказаць яго, як сына часу, якому ён належаў. I як чалавека, які час гэты абганяў, бо, як бачна, прапаведаваў ён ідэі свабоды, волі, пра якія мы гаворым і сёння.

– Дзякуючы Вам Вашчыла ўпершыню вернуты з небыцця…
– Права першаадкрыцця я павінен падзяліць з доктарам гістарычных навук Васілём Іванавічам Мялешкам, які даследуе феадальны перыяд у гісторыі нашага грамадства. Ён мне і дапамог тым, што пазнаёміў з матэрыяламі, што тычацца Вашчылы.

– Вашы наступныя п’есы тэматычна розняцца ад «Следчай справы Вашчылы». Дарэчы, чытачы заўважылі, што яны ў друку з’яўляліся літаральна адна за адной… Чым растлумачыць гэта? Тым больш, калі мець на ўвазе – не палічыце гэта нетактоўнасцю – што празаік I. Чыгрынаў, асабліва I. Чыгрынаў-раманіст, як бы сказаць… Адным словам, Вы пішаце не спяшаючыся. Карыстаючыся вядомым выразам, можна сказаць, паспяшаеце не спяшаючыся. Адкуль такая хуткасць у напісанні п’ес?
– Бываюць у пісьменніка перыяды, якія вызначаюцца творчай актыўнасцю. Відаць, гэта і са мной здарылася. Якраз я пайшоў з пасады сакратара ў Саюзе пісьменнікаў, дзе, безумоўна, турбот хапала ды і часу сакратарская пасада нямала адбірала. Стаў чалавекам вольным. Калі падумаць, дык і павінен пісьменнік быць вызваленым ад службы, інакш шмат часу ідзе на справы, хоць і важныя, але на такія, якія да творчасці не маюць непасрэднага дачынення. Пераканаўся ў гэтым і цяпер, калі з’яўляюся старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Часопіс, па водгуках, атрымаўся, але колькі намаганняў… I папера, і памяшканне, і тое, і сёе… Асабліва збіранне рэдакцыйнага калектыву.

– Драматургія – своеасаблівая галіна творчасці. Зразумела, у п’ес можа быць і свой чытач. Але… Але любы драматургічны твор толькі тады набывае сапраўднае жыццё, калі ставіцца на сцэне. Інакш кажучы, без рэжысёра драматург і ёсць, і яго, прабачце, няма… Здаецца, рэжысёры не вельмі ахвотна ўзяліся за пастаноўку Вашых п’ес. Падтрымаў першым Валерый Анісенка…
– Калі шчыра, дык мяне пакуль што яшчэ ніхто не падтрымаў.

Іван Гаўрылавіч, усё ж на радыё адбылася прэм’ера спектакля па п’есе «Следчая справа Вашчылы»!
– Канечне, я ўдзячны Рэспубліканскаму радыё. Якраз спаўнялася 300-я гадавіна з пачатку паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Ён жа, як я ўжо гаварыў, для ўсіх нас у многім асоба новая, незнаёмая. На радыё і вырашылі звярнуцца да гэтай тэмы.

А Вы задаволены, як Вас «прачыталі» на радыё? Наколькі адчулі аўтарскую задуму, адраджэнцкі дух п’есы? Дарэчы, пра само паняцце Адраджэнне. Вядома, калі аўтар будзе пісаць той ці іншы твор, загадзя імкнучыся дагадзіць, калі можна так сказаць, кан’юнктуры часу, нават і з самымі лепшымі памкненнямі – адна справа. I куды іншая, калі задума ўзнікне як духоўная патрэба, выспее ў сэрцы жаданне, што толькі я, а не хто іншы, пра гэта можа і павінен расказаць. У дачыненні да Вашай п’есы «Следчая справа Вашчылы», Іван Гаўрылавіч, падыходзіць другое вызначэнне…
– П’еса гэтая для мяне вельмі дарагая, паколькі пісалася яна сапраўды як жаданне зрабіць нешта, каб менела «белых плям» у нашай нацыянальнай гісторыі. А наконт задавальнення – так ці не так «прачыталі» мяне? Між іншым, падобныя пытанні даволі часта задаюць. Задаволены ці не задаволены спектаклямі па сваіх раманах… Задаволены ці не задаволены, як адбылося ўвасабленне маіх твораў на кінаэкране… У такім разе адказваю: «Зроблена справа, а гэта ўжо само па сабе штосьці значыць…» Развіваючы думку наконт таго, «задаволены ці не задаволены» пастаноўкай «Следчай справы Вашчылы», скажу, што вельмі шмат залежыць ад пастаноўшчыка. Калі ён асоба, яркая індывідуальнасць, то ідзе звычайна і за аўтарскай задумай, жадаючы зразумець, спасцігнуць тое, што сказаў драматург, канечне, адначасова пры гэтым маючы і свой погляд на твор, на падзеі, адлюстраваныя ў ім. Прыйдзе іншы таленавіты рэжысёр – так-сама прынясе штосьці адметнае. У падобных развагах я адкрыцця не раблю. Такія законы мастацтва. А законы, няхай яны і творчыя, прабачце, патрабуюць да сябе паважлівага стаўлення.

– Гэтыя Вашы сцверджанні, што прыйдзе нехта іншы, зробіць па-свойму, гучаць невыпадкова. Дальбог жа, у спадара Чыгрынава намеціўся ўжо творчы кантакт яшчэ з некім з нашых знакамітых беларускіх рэжысёраў? I не проста кантакт, а творчы кантакт, што мае канкрэтную акрэсленасць. Так што хутка ўсе мы, прыхільнікі таленту Вашага, зноў сустрэнемся з Васілём Вашчылам і яго аднадумцамі, як, канечне, і з яго ворагамі?
– Угадалі… На Беларускім тэлебачанні збіраецца паставіць п’есу «Следчая справа Вашчылы», перапрацаваную ўжо ў тэлевізійны сцэнарый, Уладзімір Забэла.

– Сцэнарый Вы самі пісалі ці нехта зрабіў тэлевізійны варыянт паводле Вашай п’есы?
– Сам, і сцэнарый ужо здаў.

– Здаецца, за адзін з Вашых твораў бярэцца і наш рэжысёрскі мэтр Валерый Раеўскі?
– Яго зацікавіла п’еса «Звон – не малітва». За пастаноўку ў тэатры імя Янкі Купалы ён бярэцца разам са сваім вучнем Генадзем Давыдзькам.
Малады хлопец… Уважліва паставіўся да п’есы. Я ўжо ўлічыў яго заўвагі, у нечым п’есу дапрацаваў, асобныя моманты ўдакладніў.

– Вопыт супрацоўніцтва з Валерыем Раеўскім у Вас ёсць. Памятаецца, які поспех меў спектакль па народнай драме «Плач перапёлкі». Прыхільна сустрэлі прэм’еру гледачы, высокай была ацэнка тэатральнай крытыкі. Спектакль выйшаў пераможцам і на ўсесаюзным аглядзе. Скажыце, Іван Гаўрылавіч, калі ёсць вопыт творчага супрацоўніцтва з пэўным рэжысёрам – тады лягчэй працаваць? А мо і цяжэй?
– Лёгкасць ці цяжкасць? Ды такая праблема не стаіць і проста стаяць не можа. Я веру ў рэжысёра Раеўскага, як чалавека надзіва таленавітага, мастака глыбока самабытнага, які з павагай ставіцца да аўтара, пры неабходнасці заўсёды дапамагае яму. Творчая ж праца, калі глядзець шырэй, заўсёды цяжкая. Урэшце, як і любая іншая…

– А, увогуле, якога рэжысёра хацелася б Вам сустрэць на сваім мастакоўскім шляху? Сустрэць і сказаць: «Вось гэта – МОЙ рэжысёр, менавіта пра такога пастаноўшчыка я даўно марыў і, нарэшце, лёс падараваў яго мне»?!
– Свайго рэжысёра сустрэць…

– У якім сэнсе свайго? Таго, які б ні ў чым «не пярэчыў» аўтару, ідучы толькі за яго задумай? Ці, ўсё ж, рэжысёра, які б адчуваў самабытнасць задумы і адначасова не заставаўся толькі выканаўцам яе?
– Здаецца, нешта пра гэта я ўжо гаварыў крыху раней, калі мы спынялі ўвагу на пастаноўцы п’есы «Следчая справа Вашчылы»… Думаю, ці не кожны драматург марыць аб рэжысёры, які б разумеў яго, быў яго сааўтарам. Аднолькава глядзеў на жыццё. На праблемы. Ды і гэтаксама, як і драматург, ставіўся да разумення самой тэмы. Але такога рэжысёра аўтару займець вельмі цяжка. Ды і адкуль яму ўзяцца, калі ўвогуле сёння рэжысёраў на Беларусі не хапае. Іх ці не са свечкай даводзіцца шукаць тэатрам. Такое вось становішча, таму і трапляюцца часта рэжысёры, якія працуюць похапкам, не надта клапоцячыся, што атрымаецца. Ёсць чарговая пастаноўка – і добра. А якой яна атрымалася, як быццам справа некага іншага. Што яшчэ страшна – гэта па маіх назіраннях… тое, што, здаецца, не вельмі шмат рэжысёры чытаюць, не сочаць за навінкамі драматургіі.

– Але ж і п’есы не часта ў нас, у рэспубліцы, друкуюцца. Калі-нікалі зверне на іх увагу часопіс «Полымя». Сяды-тады адвядзе дванаццаты нумар (але не кожны год) «Маладосць». Балазе, становішча выпраўляецца цяпер, калі часопіс «Тэатральная Беларусь» мае за намер у кожным сваім нумары друкаваць ці адну «паўнаметражную» п’есу, ці некалькі аднаактовак.
– Не чытаюць яны і таго, што прапануюць ім загадчыкі літаратурных частак тэатраў. Часам не ведаюць: а што гэта за драматург?

– А сярод саміх драматургаў наколькі творчыя стасункі? Ці не атрымліваецца так, што той, хто ўжо, як кажуць, выбіўся «ў людзі», глядзіць на кожнага дэбютанта як на суперніка. I не больш. Як і сярод нашага брата крытыка… Трэцяя частка творчага Саюза – крытыкі і літаратуразнаўцы, а менавіта тыя, хто нічога не піша, пры першай жа магчымасці ўпікаюць тых, хто піша. Маўляў, і сам не гам, і другому не дам…
– Мяркуйце, наколькі ў нас «творчыя» стасункі, па гэтаму прыкладу. Узяўся я неяк ды і паслаў сваю драму пра Васіля Вашчылу аднаму з тых, хто вельмі ўжо высокай думкі пра сябе. Праз некаторы час адказ атрымаў. Божухна, якіх толькі парад там ні было. I тое не так, і гэтае не тое… Пра што толькі ні вучыў ён… I як дыялог будаваць, і як мовай карыстацца. Адным словам, надарылася ў чалавека вольная хвілінка, гэткая вясёленькая хвілінка, і ён вырашыў выступіць у ролі гэткага настаўніка. I што характэрна, ён яшчэ вучыў мяне, як увогуле ставіцца да гістарычнай праблематыкі.

– Метадычныя ўказанні ў духу «сацыялістычнага рэалізму»?
– Не, хутчэй за ўсё ў гэтых «рэкамендацыйных парадах» самы што ні ёсць «вульгарны»… Але ці назавеш гэта рэалізмам, яшчэ падумаць трэба. Якраз тое, пра што Вы нагадалі. Зрабіць любым спосабам так, каб супернікаў у творчым цэху менела. Адбіць ахвоту ад пісання драматургічных твораў.

Выпадак, згаданы Вамі, Іван Гаўрылавіч, і прыкры… I… Колькі мы, беларусы, у тым ліку пісьменнікі, будзем займацца гэткім «самаедствам», псаваць адзін другому кроў? Каб жа толькі псаваць?! Гатовы пускаць яе! Я не пішу і ты не пішы. Што цікава, яшчэ і робяцца спасылкі на вялікіх. Сваю, прабачце за грубае слова, творчую імпатэнтнасць апраўдваюць, знаходзячы сярод класікаў аўтараў, якія пісалі не шмат і не хутка. Браточкі, гэта, канечне, добра – прыраўноўваць сябе да класікаў. Тады чаму б не ўзяць у прыклад Талстых – Льва Мікалаевіча і Аляксея Мікалаевіча?! Чаму б не прыгадаць Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага? Чаму б не ўспомніць Антона Паўлавіча Чэхава? Я ўжо не гавару пра Аляксея Максімавіча Горкага… Не гавару, бо ўжо ўсюды вінавацяць яго ў гэтым самым «сацыялістычным рэалізме». Як быццам яго віна, што «марксісцкія» крытыкі і літаратуразнаўцы падганялі яго творчасць пад свае ідэі!
– На жаль, такія мы. Хіба толькі застаецца верыць, што пакуль яшчэ такія, а станем іншымі. Тымі, кім і павінны быць. Нацыяй, народам. А ў дачыненні нашага творчага саюза – перш за ўсё пісьменнікамі, а не зайздроснікамі…

– Цалкам згодзен з Вамі, Іван Гаўрылавіч… Але, баюся, што нашы з Вамі развагі з радасцю возьме на ўзбраенне і сёй-той з графаманаў. Ім жа толькі і патрэбна гэтае… Мяне не друкуюць… Ці мяне не ставяць таму, што я больш таленавіты, чым іншыя. Пытанне такое… А мо ў тым, што часам беларускія рэжысёры не знаходзяць паразумення з беларускімі драматургамі, у нечым і апошнія вінаваты? Скажам, не ўсе п’есы, якія прапануюцца ў Міністэрства культуры ці тэатрам, маюць адпаведны мастакоўскі ўзровень?
– Калі ўжо ўводзіць паняцце ступень віны, дык вінаваты абодва бакі… Пры ўмове, што і рэжысёр і драматург – людзі, не пазбаўленыя таленту. Чамусьці часта паміж імі няма паразумення. Надараецца, што і п’есы, якія даўно набылі сцэнічнае жыццё за межамі рэспублікі, з цяжкасцю прабіваюць сабе дарогу на нацыянальную сцэну, а некаторыя з іх і не ставяцца ў Беларусі. Ёсць папрокі і ў адрас купалаўцаў, але яны, на маю думку, усё ж больш стаяць на сцяжыне пошукаў сваіх драматургаў, адкрыцця новых талентаў. Дзякуючы Раеўскаму, сёння мы маем такога перспектыўнага драматурга як Уладзімір Бутрамееў.

– Вы маеце на ўвазе спектакль «Страсці па Аўдзею» (першапачатковы варыянт «Крык на хутары»)?
– Гэта твор, які тэатру патрэбны. I, думаецца, нашым купалаўцам праматакі пашанцавала, што менавіта яны, а ніхто іншы, адкрыў Бутрамеева, як новага драматурга.

– У сваю чаргу скажу колькі ўхвальных слоў пра яго. Бутрамееў ужо таму самастойны мастак, што не пабаяўся свайму твору даць назву, якая ўжо была. Памятаецца, у аднаго з нашых пісьменнікаў ёсць раман «Крык на хутары». Свядома пайшоў як бы на паўтор, бо ведаў, што не паўторыцца, скажа па-свойму. I не толькі не паўтарыўся, а і сказаў тое, чаго іншыя да яго не гаварылі.
– Ён знаходка і для нашага тэатра, і для драматургіі. Але ж і Бутрамееву пашанцавала, што на яго творчым шляху, на самым пачатку гэтага шляху, сустрэліся людзі, якія яму паверылі, падтрымалі намаганні маладога творцы. Цяпер па яго сцэнарыю на кінастудыі «Беларусьфільм» здымаецца ў некалькіх серыях фільм пра нашага знакамітага філосафа Казіміра Лышчынскага.

– А хто Вам, як драматургу, з сучасных аўтараў больш за ўсё падабаецца?
– Шэкспір!

– Шэкспір? Сапраўды, ён заўсёды сучасны, як сучасны, напрыклад, Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі… Гэта так, ды, Іван Гаўрылавіч, адчуванне, што Вы ад канкрэтнага адказу на канкрэтнае пытанне на гэты раз ухіляецеся?
– Не хацелася б на яго адказваць…

– Чаму?
– Не любіць цяпер ніхто, калі лашчыш ці лаеш…

Тут не пагаджуся… Любяць, калі, як Вы кажаце, лашчыш…
– …Любяць, ды толькі тыя, каго лашчыш.

– Здагадаўся! А тыя, каго не «аблашчыў», гатовы пакрыўдзіцца, а чаму гэта ён пра яго добрае слова сказаў, а пра мяне не. Хто-хто, а крытыкі даўно да гэтага прызвычаіліся.
– А калі пакрытыкуеш, дык усё наадварот. Адзін-другі проста-такі ў захапленні… Ну і маладзец ты, што яго пабэсціў. Так што, паўтару, лепей на гэта пытанне не адказваць. Калі б я займаўся творчым працэсам, даследаваў яго, тады іншая справа. Па абавязку «службы» ўзнікла б патрэба даваць ацэнкі.

– Яшчэ пра ўвагу да нацыянальнай драматургіі і павагу да яе. З год назад у друку з’явілася і такая думка. Маўляў, любы рэжысёр павінен найперш звяртаць увагу на нацыянальную драматургію. Нават і тады, калі прапанаваны твор слабейшы, чым тое, што напісана прадстаўнікамі іншых літаратур. А мне здаецца, што для літаратуры, якая мае не аднаго пісьменніка, не двух, якіх ведаюць ва ўсім свеце, такое стаўленне да іх творчай працы проста абразлівае. У літаратуры, у тэатры не павінна быць скідак ні па ўзросту, ні па званню, ні, тым болей, па нацыянальнаму прызнаку. Іншая справа, што неабходна рэжысуры ўсё ж дапамагаць станаўленню маладых талентаў. Пра што мы з Вамі, па меры магчымасці, ужо гаварылі.
– Што яшчэ за скідкі?! Пра якія скідкі можа ісці гаворка ў мастацтве? У адным выпадку можна аддаць – ды і патрэбна! – перавагу нацыянальнаму твору. Калі, напрыклад, на стале ў рэжысёра ляжаць аднолькавыя па мастацкіх вартасцях п’есы. Адна з іх напісана беларускім драматургам, а другая прадстаўніком іншай літаратуры. Прыярытэт, канечне, першай.

– «Клапоцяцца», калі гэта можна назваць клопатам, пра развіццё нацыянальнай драматургіі падобным чынам тыя з аўтараў, якія нешта епрабуюць пісаць, але на сцэну яно не трапляе. Таму і дагаварылася да гэтага ў адным са сваіх артыкулаў адна з нашых паэтэс. Сапраўды, амбіцыі зашмат, а амуніцыі?
– Як правіла, болей амбіцый якраз у пісьменнікаў, якія не могуць стварыць нешта вартае.

– Нядаўна Вы завяршылі чарговы раман з верамейкаўскага цыклу «Не ўсе мы памром»…
– Не, цяпер ён ужо мае назву «Вяртанне да віны»…

Навошта, прабачце, змена назвы?
– Так атрымліваецца, што ў працэсе працы над творам назва часта мяняецца. Раман «Вяртанне да віны» будзе друкавацца ў часопісе «Полымя» (інтэрв’ю бралася ў канцы снежня – А. М.).

Цяпер на Вашым рабочым стале накіды чарговага рамана? П’есы?
– Завяршыў празаічны пераклад «Слова пра паход Ігараў». Урывак з яго друкаваўся на старонках газеты «Звязда», цалкам чытачы з ім пазнаёмяцца ў шостым нумары часопіса «Спадчына».

– Празаічны, але ж болей паэтычных варыянтаў?
– Я ўвогуле лічу, што «Слова…» напісана прозай, а ў нас так захапіліся паэтычнымі перакладамі… Паэзія, паэзія… Як быццам, вонкава гэта і ўспрымаецца, але ж у пагоні за рыфмай страцілася вабнасць першаасновы. Мы далёка адышлі ад самога твора, а яго неабходна разумець так, як ён напісаны і як мусіць гучаць. «Слова пра паход Ігараў» патрэбна нам сёння. У ім жа гаворка пра аб’яднанне, пазбаўленне міжусобіц, дасягненне адзінства. Тое, да чаго імкнёмся і цяпер. Аўтар быў вялікім пісьменнікам і, відаць, вучоныя ўрэшце рэшт сыдуцца на думцы, выказанай нядаўна ў часопісах «Вопросы истории», «Звезда», што пісаў «Слова…» Кірыла Тураўскі… А калі яшчэ мне штосьці напішацца, тады і пагаворым…

– Уявіце на імгненне, што Вы малады пісьменнік. З чаго б пачалі? З прозы? З драматургіі? А мо і з вершаў, як і было на пачатку Вашай творчай дарогі?
– Каб жыццё нанава давалася, дык, відаць, і траціў бы яго гэтаксама, як і цяпер. Хоць гадоў дзесяць у маім жыцці нейкія «пустыя»…

– «Пустыя»?
– То завельмі шмат часу службе аддаваў, то іншыя былі турботы, якія не тое, што не спрыяюць творчай працы, а ў нечым неабавязковыя, можа, перашкаджаюць ёй. А пісьменнік павінен быць перш за ўсё пісьменнікам. Так бы і ішоў да чытача. Пісаў бы апавяданні, раманы, драматургічныя творы. Цяпер жа здаў у выдавецтва «Мастацкая літаратура» кнігу эсэістыкі, публіцыстыкі, крытыкі. А яшчэ хочацца напісаць пару аповесцяў. Кароткіх. З дэтэктыўным пачаткам…

– I Іван Чыгрынаў кінуўся ў літаратурную моду? Ці, можа, такім чынам Вы рыхтуецеся ўваходзіць у рынак?
– Неяк з трыбуны аднаго пісьменніцкага з’езда я крытыкаваў Валодзю Караткевіча за тое, што ён не працягвае пісаць раман «Каласы пад сярпом тваім», а захапляецца дэтэктывамі. На гэта ён адказаў: «Ваня, дарагі, я хачу, каб люд мой пачаў чытаць па-беларуску. I мяне дэтэктывы вабяць вось з гэтага боку. Дэтэктыў будуць чытаць, калі няма па-руску кнігі пад рукой, і па-беларуску». Так што і мне хацелася б папрацаваць, як кажуць, на закон аб дзяржаўнасці нашай мовы.

– Што ж, поспехаў Вам!
– Дзякуй!

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3

Т.В. Аўдоніна, 2006

СУПРАЦЬСТАЯННЕ СТАРЫХ ВЕРАВАННЯЎ I НОВАЙ РЭЛІГІІ

(па п’есе Івана Чыгрынава «Звон – не малітва»)

У канцы XX – пачатку XXI стагоддзя драматургі пачалі актыўна звяртацца да гісторыі свайго народа, каб асэнсаваць яго драматычны лёс. Гэтая цікавасць творцаў да часоў старажытнай Бацькаўшчыны не азначае вяртання ў язычніцтва, а сведчыць аб імкненні спасцігнуць свае духоўныя каранні. Хрысціянства з’яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй нашага народа ўжо больш за тысячу гадоў, і недаацаніць яго значэнне для грамадства цяжка, але і зараз ёсць праблемы, з якімі даводзіцца лічыцца. Гэта – існуючае двухвер’е. Вякамі царква праводзіла кампрамісную палітыку ў адносінах да язычніцкіх культаў. Ёсць сведчанні пра тое, што ў некаторых мясцінах на Беларусі ажно да XIV стагоддзя функцыяніравалі язычніцкія свяцілішчы, а правіцелі рэкамендавалі царкоўным іерархам не разбураць храмы продкаў-славянаў, але выкарыстоўваць звычку народа для паступовага пераходу ад язычніцкіх «зманаў» да разумення сапраўднага бога. Матыў проціборства дзвюх рэлігій – старадаўняга язычніцтва і праваслаўнага хрысціянства, якое набірала моц, распаўсюджваючыся на славянскіх землях, у п’есе «Звон – не малітва» (1988) Івана Чыгрынава – адзін з важнейшых. Кампазіцыйна ў цэнтры драмы знаходзяцца два персанажы: Рагнеда – знешне, па творчай задуме аўтара, прыхільніца старой веры славян, і яе малодшы сын Ізяслаў. Тэматычную аснову твора складаюць дзве канфліктныя лініі, аб’яднаным агульнай ідэяй рэлігійнага кшталту – супрацьстаянне старога і новага веравызнанняў і станаўленне праваслаўя на беларускіх землях. Абедзве яны праяўляюць павярхоўнасць рэлігійных светапоглядаў Рагнеды і Ізяслава, якія не адчуваюць глыбокай адказнасці за свае рэлігійныя пазіцыі і ўяўленні.
Як і ў хрысціянаў, у нашых язычніцкіх продкаў быў таксама трыадзіны бог з мноствам імёнаў – Трыгалоў, які па сваёй сутнасці дакладна адпавядае праваслаўнай Троіцы (для параўнання гл. табліцу).

Асобы

Дахрысціянская Троіца – Трыгалоў [2,3]

Праваслаўная
Троіца [4]

Першы лік (асоба)

Усявышні – Бог Род – адзіны Бог – Творца, які стварыў увесь свет –  матэрыяльны і духоўны, аддзяліў быццё ад небыцця; Уладар зямлі і ўсяго жывога; Род – гэта тое, што ўсё звязвае; ад яго ўсё нараджаецца; ён жа мае імёны Сварог, Стрыбог і іншыя. Сімвалам Усявышняга – Рода з’яўляецца Сонца – Кола; ён бясконцы ў часе і бязмежны ў прасторы, сам стварыў пачатак, працяг і мяжу.

Бог-Айцец мае мноства імёнаў, сярод якіх Яхвэ, Саваоф, Ягова, Творца і інш.; Ён – «вышэй за быццё»; Ён адзіны нятварны і існуе вечна, а ўсё астатняе было ім створана. Сімвалам Бога Айца з’яўляецца німб – агнявое кола над галавой.

Другі лік (асоба)

Бог-Сын – Грамавержац Пярун, «бог бітваў і барацьбы», сын Сварога (Сварожыч, а таму і славяне – сварожычы). Ён «ажыўляе праяўленае», сапраўднае, прыводзіць свет у рух (круціць Кола Жыцця, Кола Сварога). Пярун – гэта асоба бога вайны, таму Шлях Праві – гэта шлях воіна.

Бог-Сын – Ісус Хрыстос (таму яго адэпты – хрысціяне), Ён мае і іншыя імёны, сярод якіх Сын Божы і Нябесны Сын Чалавечы, Свет і Ззянне Бажаства, Хлеб Жыцця. Адзінанароджаны Сын – Той, праз Каго ўсё было створана, – выконвае волю Айца і заўсёды знаходзіцца з Ім; Яны – адна воля, сіла, дзеянне, бо Айцец творыць праз Слова Сваё, якое і ёсць Сын (Ін.1:1-3; Кал.1:16-127); зышоў з нябёсаў дзеля ўратавання веруючых у Яго.

Трэці лік (асоба)

Бог-Дух Светавіт (Святагор), сын Рода Ражаніна, такі ж старажытны, як і Сварог. Светавіт – Святы Дух, Свет – аберагае людзей ад Цемры і Наві. Сварог і Пярун ёсць у той жа час і Светавіт.

Бог-Дух Святы – Дух Жыцця, Ісціны, Боскага Сыноўства; вечны, нятварны; зыходзіць ад Айца ў боскім «паходжання», якое не перастае (Ін. 15:26). Бог-Айцец ёсць вечны пачатак і крыніца Духа, Сын «нараджаецца», а Святы Дух «зыходзіць». Згодна з праваслаўнай трактоўкай, Святы Дух адзіны з Айцом і сынам і прымае ўдзел у кожным Божым дзеянні ў свеце.

Маці Божая

Багародзіца – Праў, Маці Нябесная, Дух Бога Трыгалова. Усе славянскія багіні толькі асобы яе, адзінай Маці Свету – Макошы.

Багародзіца – Маці Жыцця, якая разагнала цемру, узнавіла род Адама, спыніла тленне, чым выратавала род чалавечы ад смерці. Вучэнне аб Багародзіцы пачало складацца толькі ў IV стагоддзі.

 

Адзначым, што ў евангельскай традыцыі не знайшлося месца ліку Багародзіцы, а ў язычніцтве нашых продкаў, ў візантыйскім праваслаўі і каталіцтве яна з’яўляецца ці не галоўнай асобай пакланення. Культ Багародзіцы набыў шырокае распаўсюджанне сярод веруючых таму, верагодна, што быў больш зразумелы людзям, чым абстрактная Троіца.

Распаўсюджанне хрысціянства на славянскіх землях было вельмі доўгім. Шмат язычніцкіх вераванняў былі інтэгрыраваны новай рэлігіяй: большасць хрысціянскіх святаў і абрадаў часткова захавалі старажытны, дахрысціянскі славянскі змест. Так, старажытныя імкнуліся дагадзіць сваім багам, таму раніцай маліліся ўсім ім гуртам, удзень – Хорсу-Сонцу, увечары – Дажбогу, а перад нейкай побытавай справай – адпаведнаму богу-духу. Тое ж знойдзем і ў сучасным праваслаўі, калі паглядзім, напрыклад, «Малітваслоў», у якім ёсць звароты і да Бога (Ойча наш) і да шматлікіх святых, кожны з якіх «кіруе» сваёй «епархіяй», адказваючы за розныя напрамкі жыццядзейнасці людзей. Напрыклад, святы Андрэй апякае маракоў, Георгій – вайскоўцаў, Панцялейман – прызнаны збавіцель ад мноства хвароб, свяціцель Аляксей спецыялізіруецца на захворваннях вачэй, Мікалай-Цудатворца – спрыяе падарожнікам і выконвае амаль усе пажаданні вернікаў і гэтак далей. За два тысячагоддзі існавання хрысціянства каталікі і праваслаўныя папоўнілі пантэон святых больш за тысячу імёнамі – гэта значна болей, чым было ў старажытных язычнікаў. Так, хрысціянства не здолела поўнасцю пабароць культ Велеса (святкаваўся 6 студзеня) і ўвяло Уласаў дзень (святкуецца 11 лютага), ушаноўванне Макошы пераўтварылі ў свята Параскевы Пятніцы (28 кастрычніка), а Перуна пасля хрышчэння Русі замяніў Ілья-Прарок (святкаванне супала ў ліпені). Маленькіх бажкоў славянскага пантэона сучаснае праваслаўе называе злымі духамі ці, што найчасцей, адносіць іх да бабскіх забабонаў. У евангельскай традыцыі таксама існуе мноства духаў зла (зайздрасць, сквапнасць, здрада, непаслушэнства, адчай, маркота, пралюбадзейства) і дабра (любоў, дараванне, паслушэнства, радасць, вера). Кожны з іх мае сваё адметнае аблічча.
Хрышчэнне Русі стварыла перадумовы дзяржаўна-ідэалагічнага і культурнага адзінства плямёнаў, якія складалі насельніцтва Кіеўскай Русі. Белая Святая Русь, аддзеленая тады ад Русі Кіеўскай, у меншай ступені была закранутая бязлітасным змаганнем народнай веры з дзяржаўнай уладай таму старажытныя абрады богаўшанавання захаваліся ў беларускім фальклоры і да цяперашняга часу. Так, на беларускіх землях лепш за ўсё захаваліся паданні аб асілках-валатаманах, якія ўсходзяць да вядзічаскіх міфаў, абрады Купалля і Каляды становяцца агульнанацыянальнымі, таксама абрады Пахавання Стралы, Зажынкі, Дажынкі, Завіванне Барады і іншыя ніколі не перарывалі свайго існавання ў беларускіх вёсках. Нялішне будзе нагадаць і тое, што апошні язычніцкі храм быў разбураны менавіта ў беларуска-літоўскіх землях (размова ідзе аб раскошным каменным храме Пяруна, пабудаваным ў 1265 годзе пад Вільняй, у якім служыў вялікі жрэц крывічоў Крыве). I доўга яшчэ ў царквах практыкавалася паднашэнне дзвюх трапез: адну – Богу і Багародзіцы, другую – Роду і Ражаніцам.
Мастацкімі сродкамі драматургіі Іван Чыгрынаў паказаў, што ўсталяванне хрысціянства на Белай Русі ды і па ўсім свеце прайшло сапраўды цяжкі шлях, бо «нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом», таму, упэўнена Рагнеда, «старыя багі доўга будуць змагацца з новымі». I зараз прывесці народ да ісціннай веры цяжка, таму што двойчы ўжо знічтожана яна: спачатку вера ў славянскую Праў, а потым, у XX стагоддзі, і ў праваслаўнага Хрыста.

Т.В. Аўдоніна, 2005

УСТАЛЯВАННЕ ТРАДЫЦЫЙ ХРЫСЦІЯНСТВА НА СПРАДВЕЧНА ПРАВАСЛАЎНАЙ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСАЎ

(па п’есе Івана Чыгрынава «Звон – не малітва»)

Ідэю нацыянальнага адраджэння шмат хто з сучасных драматургаў бачыць ва ўзнаўленні гістарычнай спадчыны Беларусі і, глыбей, у праясненні абставін змены рэлігійных уяўленняў нашых продкаў. У беларускай драматургіі канца XX – пачатку ХХІ стагоддзяў знаходзяць адлюстраванне значныя гістарычныя падзеі старажытнай Русі; драматургі актыўна звяртаюцца «да гісторыі свайго народа, асэнсаванне ягонага драматычнага і разам з тым гераічнага лёсу. <…> цікавасць да бацькоўскіх, дзядоўскіх каранёў сведчыць пра вяртанне беларусаў да роднае глебы, да Бацькаўшчыны, да яе спрадвечнай духоўнасці» [5, с.61].
У п’есе Івана Чыгрынава «Звон – не малітва» (1988) адным з важнейшых матываў з’яўляецца матыў проціборства дзвюх рэлігій – старадаўняга язычніцтва і праваслаўнага хрысціянства, якое набірала моц, распаўсюджваючыся на славянскіх землях. «Пераход да новай веры, у аснове якой – цярплівасць, міласэрнасць, адбываецца «паганскім», гвалтоўным шляхам. У многім змена багоў мае фармальны змест, закранае абрад, звязана з палітыкай, а не з інтымнымі акалічнасцямі духоўнага быцця чалавека» [1, с. 43]. Таму і светаадчуванне персанажаў п’есы Івана Чыгрынава адпаведнае. Аўтар распавядае аб гісторыі выбару веравызнання для Русі. Сярод прапаноў ад магаметанскіх і грэчаскіх балгар, яўрэяў і немцаў князь Уладзімір абраў рэлігію з Царгорада – візантыйскую форму хрысціянства, найбольш блізкую спрадвечнаму славянскаму праваслаўю. То быў правільны выбар, бо задоўга да «афіцыйнага» хрышчэння Русь ужо была праваслаўнай: нашы продкі, славяне-русы, славілі Праў, спавядалі Праведную (прав(а) + вед(ы)) веру – Праўду. Праў (адкуль і праваслаўе) – гэта Нябесная Маці, апякунка (заступніца) славян (славяне тыя, хто славіў багоў і прашчураў), яна ўяўляе сабой Нябесны Закон. Як і ў хрысціянаў, у нашых язычніцкіх продкаў быў таксама трыадзіны бог з мноствам імёнаў – Трыгалоў, які па сваёй сутнасці дакладна адпавядае праваслаўная Троіцы.
Акрамя Трыгалова, у старажытных славянаў былі і дробныя бажкі – духі палёў, лясоў і г.д. Гэтая разнастайнасць аб’ектаў пакланення не павінна з’яўляцца супярэчнасцю… з пункту гледжання праваслаўнага хрысціянства, паколькі акрамя трыадзінага Бога вернікі традыцыйных праваслаўнай і каталіцкай канфесій шануюць выявы святых – шматлікія іконы, да якіх прынята кранацца чалом і вуснамі, прыносіць дары, запальваць свечкі. Ці не тыя ж дзеянні рабілі нашы продкі славяна-русы перад драўлянымі выявамі сваіх бажкоў-святых –  ідаламі? І. Чыгрынаў давярае ведуну Холаду правесці такую паралель: «Вось хрысціяне кажуць, што мы, язычнікі, <…> па цямноце сваёй панавыдумлялі сабе шмат багоў <…> А самі хрысціяне што? Таксама вераць у тое ж: у тры дасканалыя сутнасці». Ці ёсць сэнс расцэньваць рэлігію славянаў як язычніцтва і нешта ніжэйшае за іншыя сусветныя рэлігіі і ў першую чаргу праваслаўна-каталіцкае хрысціянства?
Славяне – народ з найбагацейшай культурай, традыцыямі, з правільнымі прадстаўленнямі аб навакольным свеце. Але рускім князям абрыдзела падпарадкоўвацца рашэнням веча, а з дапамогай царквы яны маглі атрымаць неабмежаваную ўладу над сваім народам. Таму і спатрэбілася хрышчэнне земляў славянскіх, а тое, у што верыў народ перакручвалася. Такое самазнішчэнне нацыянальнай свядомасці і трэба было чымсьці апраўдаць – з’явіўся міф аб дзікай Русі, якой Захад прынёс светач ведаў і культуры, аб няздольнасці рускіх стварыць сваю дзяржаўнасць без дапамогі чужынцаў. І да цяперашняга часу праваслаўная царква лічыць стварэнне дзяржаўнасці на Русі сваёй галоўнай заслугай перад рускім народам, аддаўшы забыццю той факт, што дзяржаўнасць на Русі была задоўга да яе хрышчэння князем Уладзімірам Чырвонае Сонейка, ды і хрысціянскую веру гадоў за сто да гэтай гістарычнай падзеі ўжо прынялі многія з русічаў. Напрыклад, княгіня Вольга (каля 890–969) – адна з самых выдатных асоб старажытнай рускай гісторыі, бабка Уладзіміра, пасля смерці Ігара свядома прыняла ў Царгорадзе грэчаскі закон і нараклася ў святым хрышчэнні Аленаю [2, с.130]. Пра гэтую размову паміж Уладзімірам і кіеўскімі баярамі расказвае дружыннік князя «Калі б быў дрэнны грэчаскі закон, <…> то не прыняла б яго бабка твая [Уладзіміра] Вольга…».
У 988 годзе народ хрысцілі сілай, ніхто не мог ухіліцца ад загаду князя: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі – ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб – будзе мне вораг!». Гвалтоўнае хрышчэнне ў Кіеве і па ўсёй Русі не магло не адбіцца на духу народа: «Аднаго чалавека прымусіць прыняць такую веру, ну, гэта… гэта яшчэ не бяда, – разважала Рагнеда. – А вось цэлы народ, які жыў на сваёй зямлі са сваімі багамі? <…> А нашы карагоды, нашы язычаскія святы, напрыклад, Купалле… хто яго забудзе?». Рускае праваслаўе аказалася не здольнае перамагчы язычніцтва, ды, відаць, і не збіралася гэтага рабіць: былі толькі дэфарміраваныя, перакрыўленыя, перайменаваныя і пераадрасаваныя сутнасць, сэнс, часам тэрміны рэлігійных святаў (напрыклад, Масленіца, Купалле; а царкоўнае свята Благавешчання – гэта старажытнае свята Правяшчання Макошы (7 красавіка). Прароцкімі аказаліся словы Фара, выхавацеля вялікакняскіх дзяцей: «Так што на нашай зямлі цяпер адным часам і паганскія багі, і новы, Ісус Хрыстос. І доўга яны будуць змагацца за душы людзей. Міне многа-многа часу, а на зямлі ў нас будуць прыхільнікі старой і новай веры».
Ужо з самага пачатку першай дзеі паміж Рагнедай і Апанасіям адбываецца напружаны дыялог, які задае тон усяму драматычнаму апавяданню і вызначае галоўную ідэю твора – супрацьстаянне старых вераванняў і новай рэлігіі, што прыйшла з Візантыі. Асноўная барацьба двух рэлігійных поглядаў разгортваецца паміж жрацом пярунава калішча Холадам і хрысціянскім прэсвітэрам Апанасіям, якія не ўступаюць у адкрытыя рэлігійныя дэбаты, а дзейнічаюць праз Рагнеду і Ізяслава. Княгіні аўтар надае статычны вобраз прыхільніцы язычаскай даўніны, хаця вядома, што яна была паслядоўнай хрысціянкай. А вобраз Ізяслава, будучага полацкага князя, аднаго з заснавальнікаў хрысціянскай веры ў Белай Русі, створаны дынамічным. У размовах з Апанасіям княжыч праяўляе прагу да ведаў, зацікаўленасць рэлігійнымі пытаннямі. Ён, паганін, не можа раптоўна адрынуць сваіх багоў, якія «маюць <…> вялікую сілу», але і яны, «аказваецца, таксама не вечныя. Пакуль што вечныя сонца, месяц, зоркі…». Усталяванне хрысціянскага светаўспрыняцця княжыча падаецца ў развіцці – ад язычніцтва праз маральна-рэлігійныя хістанні да прызнання хрысціянскай веры.
У п’есе І. Чыгрынава ёсць гістарычнага кшталту недасканаласці, але яны закліканы адлюстраваць, на мой погляд, прыняты ў праваслаўным свеце пункт гледжання, калі ўсё звязанае з язычніцкай верай нашых славянскіх продкаў было пазапэцквана адным толькі чорным колерам. Як вядома, за рэлігійнае ўладарства землямі русічаў змагаліся не толькі візантыйскае праваслаўе, але і рымскае хрысціянства – гаворачы словамі Апанасія, многія святары тады (як і зараз!) па нашай зямлі хадзілі. Аб адной такой сустрэчы з нейкім кніжнікам, што ішоў «сюды праз княства палян» і быў «не з грэчаскай зямлі», расказвае Ізяслаў. Тут Апанасій і выяўляе свае веды – тыя, што з’яўляюцца вынікам абмежаванага ведання ісціннага Слова Божага (і гэта дакладна адлюстроўвае пазіцыю сучаснага праваслаўя). Прывядзем тэкст: «Вучэнне лацінян <…> таксама хлуслівае <>: цэрквы ў іх сапраўды ёсць, <…> але ў цэрквах тых яны не пакланяюцца іконам. Пішуць крыж на зямлі і спярша цалуюць, а тады становяцца на яго нагамі, топчуць… Гэтаму не вучылі апосталы. Апосталы вучылі цалаваць крыж і шанаваць ікону». Калі ўзяць пад увагу тое, што новая рэлігія пракладае сабе шлях не грэбуючы ніякімі сродкамі (ачарненне, перакручванне падзей і фактаў і г.д.), то такі выпадак можна разглядаць як рэальна магчымы ў перыяд укаранення новай рэлігіі. Сапраўды, апосталы не вучылі і не маглі вучыць гэтаму народ, бо не даваў ім такога прыкладу Ісус. Але яны (Іван, Пётр, Павел і іншыя з Дванаццаці не вучылі і цалаваць крыж і шанаваць ікону, бо сказана: «Не делай себе кумира и никакого изображения того, что на небе вверху и что на земле ну, и что в водах ниже земли, не поклоняйся им и не служи им» [4, Второзаконие, 5: 8-9]. У гэтых вершах забарона накіравана не супраць скульптуры ці жывапісу наогул, а супраць вырабу абразоў для пакланення і ўшанавання. Такім чынам, сэнс верша можна перадаць і гэтак: «создавай образа для поклонения» [4].
Таксама і тэма Анеі, якую вяшчун Холад абраў для ахвяры богу Пяруну. У поўнай драматызма сцэне Рагнеда – злотнік сутыкаюцца вера і дзяржаўнасць. Якая б драматычная ні была лінія Анеі, усё гэта зроблена аўтарам дзеля таго, каб паказаць «крыважэрнасць» і тых, і іншых багоў. Нягледзячы на прыналежнасць да той ці іншай хрысціянскай канфесіі, уладары не маглі ажаніцца па любві: каханне ніколі не ішло ў разлік, калі справы датычыліся ўлады, і галоўны запавет Ісуса Хрыста – любоў – у такіх выпадках парушаўся. Значыць, цары, князі заўсёды ішлі супраць боскай волі. Ці не ў ахвяру дзяржаўнасці прыносілі гэты вялікі Бога? Ахвяры патрабавалі і язычніцкія багі. Пяруну, напрыклад, прыносілі і крывавыя ахвяры, але не чалавечыя жыцці – у яго гонар забівалі жывёлу, а тыя з людзей, хто адчуваў за сабою грэх, ахвяравалі «барадою і галаўнымі валасамі, агольваючы іх» [3, с. 215]. Гісторыі пра чалавечыя ахвярапрынашэнні ў старажытных славян прыдумалі раннія хрысціяне, каб адвярнуць народ ад язычаскіх багоў (так, афіцыйная дзяржаўная рэлігія ішла і на такі крок!). Адзін з фактаў падобнага паклёпу адлюстраваны аўтарам у п’есе: Х о л а д (Рагнедзе). Нашы багі патрабуюць новую ахвяру. <…> Р а г н е д а (сумна і злосна). Багі нашы сапраўды вельмі настойлівыя ў сваім жаданні. Асабліва ты, вядун!
Як бачым, Рагнеда добра ведала, што Холад дзейнічае згодна з уласнымі мэтамі, а не па волі багоў. Яна магла забараніць выкананне рытуала, але не зрабіла гэтага, таму што разумела, што калі Ізяславу наканавана княжыць, то Анея не пара яму, «не яго лёс», і дзеля будучага «дзяржаўнага шлюбу» ўскосна дазволіла «ўбраць» Анею. А дзеля чаго гэтая ахвяра спатрэбілася ведуну, невядома. З тэксту драмы бачым толькі, што ахвяра для Холада, па словах злотніка, звычайная інтрыга. Але для аўтара гэтая драматычная нітка важная, каб паказаць духоўную прыналежнасць Рагнеды да язычніцкіх традыцый продкаў. Тут жа бачым, што княгіня стаіць паміж старым і новым вераваннямі, як, дарэчы, і яе сын Ізяслаў і шмат іншых людзей таго часу. Рагнеда пайшла на хітрыкі: яна аддае рашэнне аб ахвярапрынашэнні Анеі на волю багоў: хто з іх мацней? Ці абароніць дзяўчыну хрысціянскі бог, калі тая ў мужчынскім адзенні пойдзе з прэсвітэрам Апанасіям? Такім чынам аўтар паказвае адразу і крыважэрнасць язычніцкіх багоў, і рэлігійную недасканаласць, распуства наваяўленых распаўсюджвальнікаў новай веры. Аказваецца, што ніякія багі не ў стане абараніць чалавечае жыццё, калі сам чалавек не мае глыбокай веры.
Смерць Анеі, якую Ізяслаў хацеў, верагодна, узяць сабе за жонку, узрушыла маладога князя, і ён, бліскаючы вачамі, раззлаваўся на маці: «І ты не заступілася? <…> Трэба спаліць гэты лес і разбурыць свяцілішчы з усімі яго кумірамі! <…> А на іх месцы паставіць праваслаўныя цэрквы са званамі». Гэтая сцэна ў драме – кульмінацыя твора, менавіта тут канфліктная лінія маці і сына дасягае найвышэйшай кропкі напружання, і Ізяслаў, «як і яго бацька, гатовы зрушыць, зламаць усё «старое»: абрад, традыцыю, забыцца на матчыну крыўду за зняважаны гонар» [1, с. 44].
Пераход да новай веры для герояў п’есы абярнуўся трагічнымі наступствамі: малады княжыч страчвае Анею, а Рагнеда – сына і на доўгія гады, да самай сваёй смерці застаецца ў Ізяславе, забытая ўсімі: «Нават сын [Ізяслаў] забыў. Пахавалі нас тут, – з горыччу гаворыць апальная княгіня – як у магіле». Вернай застаецца толькі старая нянька, ды яшчэ ваўчыца, якую Рагнеда некалі не дазволіла забіць; яна ходзіць і вые ў наваколлі замчышча і свяшчэннага лесу. Рагнеда даравала жыццё татэмнаму зверу, а чалавечае жыццё Анеі дазволіла прынесці ў ахвяру… не багам, а сваёй нянавісці да Уладзіміра і ўсяго, што з ім звязана, бо на усё жыццё перад яе вачамі засталася сцэна забойства бацькі, маці, братоў… Ні гэтага злачынства, фізічнага гвалту, ні спробы духоўнага занявольвання Рагнеда не даруе свайму мужу. Нягледзячы на тое, што «старое прайшло. Цяпер настае новае», чыгрынаўская Рагнеда будзе да канца прытрымлівацца старой веры сваіх продкаў: «Куміраў мы сваіх бурыць збіраемся тут [у Ізяславе]! <…> мы яшчэ пажывём са старымі багамі», – упарта процістаўляе дзяржаўнай мэты князя сваю волю Рагнеда.
Сапраўды цяжкі шлях прайшло ўсталяванне хрысціянства на Белай Русі ды і па ўсім свеце, бо «нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом». І зараз прывесці наш народ да ісціннай веры цяжка, таму што двойчы ўжо знічтожана яна: спачатку вера ў славянскую Праў, а потым, у ХХ стагоддзі, і ў праваслаўнага Хрыста.
На заканчэнне нельга не сказаць аб звышідэі твора, якая ўвасоблена не толькі ў фразе, што настойлівым рэфрэнам гучыць у п’есе, але і ў назве: «Звон – не малітва». Яна прагучала ад верніка-лаціняніна, яе Ізяслаў «не адзін раз паўтараў за тым заходнім святаром», пра яе зноў нагадвае сыну Рагнеда ў псіхалагічна насычаным кульмінацыйным дыялогу. Тут захаваны глыбокі сэнс. Здаўна вядома, што званам праваслаўных храмаў надаецца сакральная моц: лічыцца, што яны не толькі абвяшчаюць аб храмавай службе ці вялікіх праваслаўных святах, але і ачышчаюць душы вернікаў і адганяюць злых духаў ад святога месца. Насамрэч званы ачышчаюць толькі фанатычна веруючых па прынцыпу «ў што верыш, тое і атрымліваеш», а для большасці парафіян гэта проста прыгожая, велічная музыка.
Які сэнс крыецца ў афарызме «Звон не малітва, крык не размова»? Як у славеснай сварцы людзі адзін аднаго не чуюць і не разумеюць, так і знешняе выкананне рэлігійнага абраду яшчэ не шчырая вера. Нашы сучаснікі «дзякуючы» колішняму сілавому прымусу згубілі сваі гістарычныя карані, бо праваслаўныя. Што мы ведаем з той веры, якую «як бы» спавядаем? А нічога! Ходзім у царкву, слухаем званы, выконваем абрады, а веры няма, бо вера ад слухання, слуханне ад ведаў, веды – ад вывучэння Бібліі… Толькі адзінкі могуць атаясамліваць сябе з паняццем «хрысціянін» – тыя, хто ідзе шляхам Хрыста, шляхам Ведаў, а не абраду, хто слухае чысцейшыя званы Слова Божага ў сваім сэрцы. Можна ўсё жыццё лічыць сябе праваслаўным, а быць пустазеллем, пра якое Хрыстос вучыў: «Не всякий, говорящий Мне: «Господи! Господи!» войдёт в Царство Небесное, но исполняющий волю Отца Моего Небесного». [4, Матфея, 7:21] У Судны Дзень шмат хто скажа: ««Господи! Господи! отвори нам!» <…> Но Он скажет: «говорю вам: не знаю вас, откуда вы; отойдите от Меня, все делатели неправды»» [4, Луки, 13:25, 27].

Літаратура:

    1. Васючэнка, П. Сучасная беларуская драматургія / П. Васючэнка. – Мінск, 2000.
    2. Демин, В. Н. Загадки русских летописей / В. Н. Демин. – Москва, 2001.
    3. Мизун, Ю. В. Святая Русь от Исхода до Крещения / Ю. В. Мизун, Ю. Г. Мизун. – Москва, 2002.
    4. Новая Женевская учебная Библия: Священное писание, Синодальный перевод // Hänssler-Verlag ; издано в сотрудничестве с «Библейской лигой» ; перевод Миссионерским союзом «Свет на Востоке». – 1998.
    5. Садаўнічы, Э. Містэрыя «калючага дроту» / Э. Садаўнічы // Роднае слова. – 1996. – № 12.

Алесь Марціновіч, 1993

«НЯЛЁГКА ПІСАЦЬ ПРА НАШУ ДАЎНІНУ…»

Пра зборнік «Звон – не малітва» і гутарка на тэму яго з Іванам Чыгрынавым

«Звон – не малітва» – так называецца чарговая кніга Івана Чыгрынава, выпушчаная выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Знакаміты празаік, аўтар шырока вядомых раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны» на гэты раз выступае як драматург. Пры тым, як кажуць, у самых розных аспектах.
Твор, які даў назву кнізе, і «Следчая справа Вашчылы» – драмы. У першай з іх паўстае воблік славутай княгіні Рагнеды, у другой пісьменнік па-свойму асэнсоўвае падзеі, звязаныя з паўстаннем Васіля Вашчылы на Крычаўшчыне. «Ігракі» у жанравых адносінах пазначаны як «трагічны гратэск», у творы асэнсоўваюцца самыя розныя перыпетыі падпісання перад вайной мірнага дагавора з Германіяй.
Традыцыйна драмамі пазначаны яшчэ два творы: «Свае і чужыя» паводле аднайменнага рамана і «Чалавек з мядзведжым тварам», у якім I. Чыгрынаў дае сваё тлумачэнне беззаконню, што тварылася ў час сталінізму. У аснову аповесці для тэатра «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» пакладзены сюжэты некаторых апавяданняў, а вось вызначэнне жанру п’есы «Хто вінаваты», як кажуць, само за сябе гаворыць – «драматычная фантазія на чарнобыльскую тэму». Дарэчы, гэтая самая тэма раскрываецца і ў драматычным абразку «Толькі мёртвыя не вяртаюцца».
Тым самым кніга выдадзена, але кніга і працягвае пісацца… Заўважаю ў хатнім кабінеце Івана Гаўрылавіча старонкі, спісаныя дробным, уборыстым почыркам. Не, гэта не аркушы паперы, які закладваюць звычайна ў пішучую машынку, а старонкі… тоўстага сшытка. Ведаю за гаспадаром кабінета такую слабасць – пісаць менавіта ў сшытку. Так, мяркуе I. Чыгрынаў, лепей з думкамі сабрацца, пры патрэбе ўнесці неабходныя праўкі. А прывучылі да гэтага яго… дзеці, калі былі малымі. Кватэру меў на той час аднапакаёвую, дзяўчаткі ў сад не хадзілі. Яны звычайна бралі спісаны аркуш і гулялі з ім. Ну, а дзе ён пасля апынаўся – аднаму Богу вядома.

– Прабачце, Іван Гаўрылавіч, магчыма, гэта і не культурна падгледжваць… Ды, як быццам, у Вас новы твор у рукапісу. Што гэта – чарговы раман?
– П’еса…

– I цікава, пра якія яна часы?
– Пра самыя-самыя даўнія…

– А больш канкрэтна?
– Пра паход вялікага князя Ягайлы.

– I куды?
– На Кулікоўскую бітву…

– Ну, гэта ўжо зусім, як кажуць! Ці ёсць жа наконт гэтага хоць нейкія дакументы, больш-менш выразныя факты? Альбо зноў давядзецца Вам, як з Рагнедай у п’есе «Звон – не малітва» у асноўным разлічваць на творчую, мастакоўскую інтуіцыю, прадугадваючы тое, што магло быць і як яно магло быць?
– Дакументаў і фактаў мала, вельмі мала. Але вядома, што Ягайла быў у дагаворы з Мамаем, збіраўся ваяваць на баку хана Мамая, надышоў блізка да Кулікова поля, але ў бой так і не ўступіў, прастаяў… Як, чаму? Што адбылося? Перамяніў жа Ягайла па сутнасці сваё рашэнне, памяняў пазіцыю. А, уявіце, калі б ён .уступіў у бойку?! Разумею, гісторыю неабходна ўспрыняць такой, якой яна ёсць, аднак… Наўрад у такім разе называўся б Данскім князь Дмітрый. Хутчэй за ўсё ён застаўся б у гісторыі толькі князем маскоўскім.

– Як я разумею, Вы вымушаны будаваць сваю версію разгортвання падзей, якія паўплывалі на змену Ягайлам першапачатковага яго рашэння?
– Без версіі не абысціся. У сувязі з гэтай бітваю існуе і іншая загадка. Не трэба забываць, што і князь разанскі Алег, які таксама быў у змове з татарамі, памяняў сваё рашэнне і не пайшоў са сваім войскам дапамагаць Мамаю. Таму рускія гісторыкі па сённяшні дзень лічаць Алега Разанскага здраднікам, не могуць дараваць нечага яму. Нашы ж, беларускія гісторыкі, чамусьці пра Ягайлу ў дадзеным выпадку лічаць за лепшае проста прамаўчаць. Здаецца, за выключэннем Кастуся Тарасава. Разумею, што нялёгкая гэта праца. Хаця, нешта падобнае я адчуваў, калі пісаў і п’есу «Следчая справа Вашчылы», даючы сваю версію паўстання, пра якое гісторыкі на поўны голас яшчэ і цяпер не загаварылі. Быццам карабель падымаецца з глыбокага марскога дна. Нялёгкая, пакутлівая праца. Нялёгка пісаць пра нашу даўніну…

– Але трэба…
– Трэба. Цяжка таму, што нашы навукоўцы пакуль іііто не развязалі многія важныя вузлы нацыянальнай гісторыі. Ды шмат прыкладаў – у іншых народаў – калі гэты нялёгкі абавязак усклала на свае плечы мастацкая літаратура. Беларускай літаратуры таксама трэба ўзначаліць гэты паход па аднаўленню нашай гісторыі, па вяртанні гістарычнай праўды, справядлівасці. А тым часам і гісторыкі актывізуюцца. I старэйшае пакаленне, і маладзейшае. Хаця, на жаль, многае з таго, што пішацца, па-ранейшаму моцна пахне палітыкай. Мы ўсё хочам размежавацца. Размежавацца паміж Усходам і Захадам. У нечым гэта, можа, і трэба. Але калі моцна кідацца то на адну сценку, то на другую, можна скрывавіць сябе і нічога важнага не зрабіць…
Пішацца I. Чыгрынавым новая п’еса. Адбываецца асэнсаванне мастаком слова важных гістарычных падзей. Асэнсаванне такое неабходнае і самому аўтару і ўсім яго чытачам.

В.І. Караткевіч, 2017

АСАБЛІВАСЦІ ВОБРАЗАЎ СТАЛІНА І ГІТЛЕРА Ў П’ЕСЕ ІВАНА ЧЫГРЫНАВА «ІГРАКІ»

Пачынаючы з часоў хрушчоўскай адлігі ў савецкай літаратуры замацавалася стратэгія адлюстравання рэжымаў Сталіна і Гітлера як падобных. Гэтая ідэя бярэ свой пачатак з рамана Васіля Гросмана «Жыццё і лёс» (1960), дзе эсэсавец Ліс даводзіць: «И над нашим народным государством красное рабочее знамя, и мы зовем к национальному и трудовому подвигу и единству, и мы говорим: «Партия выражает мечту немецкого рабочего». И вы говорите: «Народность, труд». Вы, как и мы, знаете: национализм – главная сила двадцатого века. Национализм – душа эпохи! Социализм в одной стране – высшее выражение национализма!
<…> На земле есть два великих революционера: Сталин и наш вождь. Их воля родила национальный социализм государства. Для меня братство с вами важней, чем война с вами из-за восточного пространства. Мы строим два дома, они должны стоять рядом. <…> Потом Сталин многому нас научил. Для социализма в одной стране надо ликвидировать крестьянскую свободу сеять и продавать, и Сталин не задрожал – ликвидировал миллионы крестьян. Но Гитлер увидел, – немецкому национальному, социалистическому движению мешает враг – иудейство. И он решил ликвидировать миллионы евреев. Но Гитлер не только ученик, он гений! Ваше очищение партии в тридцать седьмом году Сталин увидел в нашем очищении от Рема – Гитлер тоже не задрожал…» [1, с. 304-305]. Падобныя думкі не раз пазней знаходзілі сваё адлюстраванне ў творах розных савецкіх і постсавецкіх пісьменнікаў («Генерал і яго армія» Г. Уладзімава, «Пастка» і «Пакахай мяне, салдацік…» В. Быкава», «Карнікі» А. Адамовіча), больш за тое, стала зыходным пунктам пры абмалёўцы Сталіна і Гітлера ў мастацтве. Не выключэннем тут з ’яўляецца і п’еса Івана Чыгрынава «Ігракі» (1989).
У дадзеным творы асобы правадыроў Савецкага Саюза і Германіі паказаны ў працэсе своеасаблівай інтэлектуальнай гульні, якую яны спрабуюць навязаць адзін другому. Драматург імкнецца «ачалавечыць», мусіць, самых вядомых дыктатараў XX стагоддзя, паказваючы іх упершыню рэцыпіенту ў дамашняй абстаноўцы, у зусім «негераічнай» вопратцы: Сталін сядзіць у сваёй кватэры за сталом у суконных панчохах, у вязанай блузе [2, с. 112], а Гітлер спіць у ложку [2, с. 138].
Для Івана Чыгрынава важна паказаць псіхалагічныя партрэты кіраўнікоў-дыктатараў праз выкананне імі розных сацыяльных роляў.
Сталін з’яўляецца клапатлівым бацькам, але пры гэтым нікчэмным каханкам, які здольны да абразы сваёй памерлай жонкі Надзеі, помслівым і крыўдлівым. «[Сталін (чакае Молатава)] Я ўсё думаю, Вячаслаў, чаго ёй не хапала? [Молатаў] Жанчыны, Коба, бадай, самыя незразумелыя істоты на зямлі. [Сталін] I самыя брудныя [тут і далей вылучана намі. – В.К.]. Але дараваць не магу. I Алілуевых таму трываць не магу. I ўсіх…» [2, с. 120]. У свядомасці савецкага кіраўніка вымалёўваецца своеасаблівая мадэль сусветнага парадку: «Унутраных ворагаў знішчылі амаль усіх. Народ стаў шчаслівы. У Еўропе – вайна, а ў нас ціха. I японцаў правучылі, і фіны заціхлі – усё-ткі Кольскі паўвостраў зноў у нас і Выбарг пры ім. Ну, а што Хельсінкі не ўзялі, дык…» [2, с. 120]. Галоўным дзелавым крытэрыем становіцца адданасць кіраўніку: «З кадрамі ў дзяржавы заўсёды клопат. Пры Леніне мы падбіралі іх проста – па дзелавых якасцях ды партыйнай прыналежнасці. Цяпер гэтага мала. Практыка сацыялістычнага будаўніцтва паказала, што не менш важнай якасцю з’яўляецца звычайная чалавечая вернасць. Думаеш, чаму я Берыю перавёў у Маскву з Каўказа?» [2, с. 121]. Для Сталіна людзі – усяго толькі пешкі ў яго гульні: можна запрасіць Варашылава на вячэру, каб паспяваў, паскакаў ды пацешыў. Асобай увагі заслугоўвае эпізод, у якім Коба на свае вушы хоча паслухаць садысцкую гісторыю забойства Троцкага і ў выніку атрымлівае ад гэтага задавальненне: «[Берыя] <…> Што скажаш, Коба? [Сталін] Акрамя задавальнення нічога не скажу» [2, с. 126]. Галоўнай сваёй зброяй i дыктатар лічыць знешнюю прастату: «У нашай гульні з Гітлерам – гэта вялікая зброя. Дарэмна некаторыя не разумеюць. Ды і Гітлер наўрад ці здагадваецца. Няхай думае, што мы звычайныя вясковыя прасцякі» [2, с. 133].
Гітлер – вобраз менш распрацаваны. Іван Чыгрынаў засяроджвае ўвагу на педантычнасці нямецкага лідара (прачынаецца ў 10 гадзін, раніцай п’е сок і чытае газету). Пры гэтым дастаткова хваравіты, бо радуецца таму, што спаў без таблетак. Гітлер лічыць сябе занадта хітрым і разумным іграком у палітыцы, бо можа нават саступіць апаненту дзеля будучых вялікіх перамог: «Што ж давядзецца пацярпець і гімн камуністаў. Выдумка гэта ўсё – інтэрнацыянал рабочых і сялян. Патрэбны ён ім, як свінні акуляры. Іншая справа яўрэйскі інтэрнацыянал банкіраў-біржавікоў. Тут неабходна пільным быць. Не веру я рускім, што гэта ў іх надоўга – інтэрнацыянал. Але няхай. Хутка мы навядзём там парадак. А пакуль – прымусім Сталіна прыняць удзел у адной гульні.
Няхай пабудзе таксама іграком. Толькі карты не станем адкрываць яму. Тым больш што некаторыя ягоныя карты мы ўжо ведаем. Паглядзім хто каго» [2, с. 142]. Гітлер здольны да нізкай хлусні дзеля дасягнення мэт і можа здзейсніць самыя нізкія ўчынкі дзеля ўласных мэт. Больш за тое, у гэтага чалавека маецца своеасаблівае разуменне патрыятызму, Гітлер пакутуе ад таго, што яго краіна не мае калоній: «Ваша краіна [СССР – В.К., панове, і Амерыка маюць уласныя вялікія тэрыторыі. Англія валодае чацвёртай часткай свету. У малых дзяржаў такіх, як Іспанія і Партугалія, таксама ёсць калоніі. Толькі адной Германіі ўсе даводзяць, што яна ні пры якіх умовах не павінна выходзіць за свае межы. У нас забралі нашы калоніі, разбурылі наш гандаль, укралі наш флот!» [2, с. 161]. I. Чыгрынаў звяртае ўвагу на вельмі важную і актуальную, на жаль, праблему непарушнасці дзяржаўных межаў і палітыку прыніжэння адной краіны, што дае магчымасць нараджацца фашызму. Гітлер не ўмее правільна расставіць акцэнты ў сваёй барацьбе, недаацэньвае Сталіна.
Высока ацэньваючы ваенны патэнцыял англійскай арміі, ён не бярэ ў разлік чалавечы патэнцыял савецкіх людзей. Два дыктатары, два вельмі разумныя чалавекі перайгралі самі сябе. За іх самаўпэўненасць расплаціліся народы Германіі і Савецкага Саюза надта дарагой цаной.
Цэласны аналіз вобразаў Сталіна і Гітлера ў п’есе I. Чыгрынава «Ігракі» дазваляе нам зрабіць наступныя высновы.
Іван Чыгрынаў пры абмалёўцы вобразаў правадыроў Савецкага Саюза і Германіі выкарыстоўвае традыцыйную мастацкую стратэгію (яна была запачаткавана ў гады хрушчоўскай адлігі), ставячы знак роўнасці паміж гэтымі дзвюма асобамі. Прычым Сталін і Гітлер паказваюцца як маштабныя фігуры ў сусветнай палітыцы, для якіх лёсы мільёнаў – усяго толькі разменная манета ў іх інтэлектуальнай гульні.
Пры абмалёўцы вобразаў выкарыстоўваецца наступны інструментарый: Сталін і Гітлер паказваюцца папераменна, што стварае ўражанне паралельнасці дзеяння, амаль поўнасцю адсутнічаюць намёкі на этычныя ацэнкі дзеянняў і ўчынкаў галоўных дзейных асоб, кожны з «ігракоў» упэўнены, што сваёй гульнёй выконвае важную грамадзянскую і дзяржаўную місію, кожны здольны на праявы душэўнасці («паэтызацыя» другога боку асобы дыктатара), абодва правадыры ўпэўнены ў сваёй праваце, прычым гэта ўпэўненасць даволі часта мяжуе з самаўпэўненасцю.
Падобныя ўстаноўкі фарміруюць у масавай свядомасці іншы імідж узорнай дыктатуры XX стагоддзя. З аднаго боку, прымушаючы крытычна ацэньваць тое, што ўяўляецца ўжо агульным месцам у поп-культуры мяжы XX i XXI стагоддзяў адносна ацэнкі асоб Сталіна і Гітлера, а таксама іх злачынстваў перад уласным народам і перад чалавецтвам. З другога, дазваляе спраецырываць сітуацыю на сучаснасць, дзе існуе рэальная пагроза выбуху новай вайны, дзе свет «разыгрываецца» паміж моцнымі асобамі без уліку магчымых ахвяр і выдаткаў.

Літаратура:

  1. Гроссман, В. С. Жизнь и судьба : роман / В. С. Гроссман. – Минск : Вышэйшая школа, 1990. – 672 с.
  2. Чыгрынаў, I. Звон – не малітва : драмы / І. Чыгрынаў. – Мінск : Мастацкая літаратура. – 1993. – 398 с.

Т.В. Арлоўская, 2009

МАСТАЦКАЕ АСЭНСАВАННЕ ПАДЗЕЙ КРЫЧАЎСКАГА ПАЎСТАННЯ Ў П’ЕСАХ У. КАРАТКЕВІЧА “МАЦІ ЎРАГАНУ” І І. ЧЫГРЫНАВА “СЛЕДЧАЯ СПРАВА ВАШЧЫЛЫ”

Праз усё XX ст. беларускія пісьменнікі імкнуліся нагадаць, расказаць сучаснікам і нашчадкам пра слаўныя ці драматычныя падзеі, што калісьці мелі месца на роднай зямлі. Янка Купала, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Язэп Дыла, Міхась Зарэцкі, Юрка Віцьбіч, Барыс Мікуліч… Амаль у кожнага з гэтых пісьменнікаў лёс склаўся трагічна. I, нягледзячы на іх намаганні, іх мастакоўскі талент, гістарычны жанр у беларускай літаратуры не заняў у той час належнага месца. Немагчымае ўдалося зрабіць Уладзіміру Караткевічу. Ён прымусіў шырокае кола чытачоў захапіцца беларускай даўніной, убачыць яе паэзію і прыгажосць. На сучасным этапе гістарычная тэма ў нашай літаратуры, безумоўна, больш частая і жаданая госця, чым раней, слушна адзначаюць даследчыкі літаратуры [2, с. 131]. Падзеі беларускай мінуўшчыны прыцягвалі ўвагу У. Арлова, М. Арочкі, Т. Бондар, Л. Дайнекі, В. Іпатавай, А. Лойкі, К. Тарасава, В. Чаропкі, I. Чыгрынава і інш.
Падзеі Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. мала вядомыя чытачу. Яны знайшлі сваё адлюстраванне спачатку ў п’есе У. Караткевіча «Маці ўрагану» (1985), а затым ў драме І. Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы» (1988). Пра лёс Вашчылы вядома няшмат. Гісторыкі выказваюць розныя версіі. У. Караткевіч паказвае яго нам толькі параненым, а I. Чыгрынаў падводзіць датаго, што кіраўнік сялянскіх мас быў атраўлены. Кожны з гэтых аўтараў тлумачыў зварот да іх. Яшчэ ў 1955 г. у перапісцы У. Караткевіча з Максімам Танкам можна знайсці такія радкі: «Абрабляю народную легенду, якую назаву «Маці Ветра» (з часоў паўстання Вашчылы)». У гэтым жа лісце: «<…>Мару яшчэ напісаць пра Вашчылу нешта сапраўднае, толькі не ведаю што. Аповесць, драму або сцэнарый. Усё прываблівае» [2, с. 150].
Наконт выбару менавіта гэтага, а не іншага героя для свайго першага ўласнага драматургічнага твора І. Чыгрынаў прызнаецца так: «Але ж Васіль Вашчыла таму і прывабіў мяне, што мы і па сённяшні дзень пра яго амаль нічога не ведаем. Прынамсі, яго імя не надта сустракаецца ў падручніках, гістарычных працах. <…> Між тым, Вашчылам я «жыў» даўно. Па-першае, ён мой зямляк, а па-другое, тая гістарычная таямнічасць, што існавала вакол яго імя, прыцягвала да сябе, узнікала жаданне самому ва ўсім разабрацца, да ўсяго дайсці» [3, с. 419].
У. Караткевіч падае ход падзей самога паўстання, а І. Чыгрынаў – расследаванне справы, якая вялася па гэтай прычыне і якую можна назваць яе працягам. Звернем увагу на некаторыя асаблівасці гэтых твораў.
Дзеянне п’есы «Маці ўрагану» У. Караткевіча адбываецца ў перыяд з восені 1743 да зімы 1744 г., гэта значыць, самыя кульмінацыйныя і самыя трагічныя моманты Крычаўскага паўстання, у Рэчы Паспалітай назіраўся глыбокі крызіс абсалютысцкай улады і дзяржаўнасці. У прадмове да п’есы У. Караткевіч падрабязна аналізуе эканамічную сітуацыю на Крычаўшчыне, што папярэднічала выбуху народнага гневу ў 1743–1744 гг. Гэта сведчыць пра тое, што пад рамантычныя характары аўтар імкнуўся падвесці трывалую рэалістычную падставу.
Аўтар выбірае панарамны спосаб паказу падзей паўстання. Ёсць у творы і масавыя, і нават батальныя сцэны. Дзеянне штораз пераносіцца то ў палац князёў Радзівілаў, то ў карчму, то ў шляхецкі маёнтак, то на поле бітвы. Трагічныя эпізоды чаргуюцца са сцэнамі, у якіх пераважае смех, часам грубаваты народны гумар. Смехавая, карнавальная стыхія звязана з вобразамі карчмаркі Магды і яе каханка Лаўрэна Каўбасы, якія выконваюць у творы ролі блазнаў.
Асноўнае дзеянне твора пабудавана паводле закону драмы: на першы план вылучаюцца дзве асобы – Агна і Васіль Вецер.
Цікава, што ў лік цэнтральных персанажаў не трапіў нават Васіль Вашчыла, натхняльнік і кіраўнік паўстання. Ён сваім душэўным складам, бунтарскімі якасцямі настроены на барацьбу.
Аднак першы дынамічны дыялог-дыскусія Вашчылы і Васіля Ветра, раскрываючы індывідуальны характар і псіхалагічны стан кожнага на момант дзеяння п’есы, закранае многія пытанні гуманізму. Персанажы аргументавана даводзяць сваю праўду, зыходзячы з агульных уяўленняў пра чалавечнасць і звязваючы іх з канкрэтнымі жыццёвымі абставінамі, у якіх знаходзяцца і яны самі, і людзі ў грамадстве ў цэлым. Пазіцыя Васіля па-філасофску больш абстрагаваная і разам з тым больш прыватная.
Вашчыла не аспрэчвае таго, што чалавек створаны для любові. Наадварот, абапіраючыся на біблейскую легенду, ён пэўным чынам паглыбляе гэтую думку, надае новы паварот тэме: «Правільна. I адзін такі, што даў сябе распяць за нас, сказаў: «Няма любові большай за тую, як нехта душу сваю паложыць за друзі свая»« [1, с. 230].
Кіраўнікі паўстання – Вашчыла, Іван Карпач, Васіль Вецер, поп Антох Крапіла – «гэта не звычайныя сярэднія сяляне, гэта сялянская эліта, людзі пісьмовыя і сяк-так абазнаныя ў падзеях, што робяцца ў свеце, на Беларусі і ў старостве» [1, с. 208]. Гэтыя людзі не схільныя былі адбрэхвацца «байкамі аб райскай канюшыне», ведалі, што шчасце павінна быць у чалавека і пад гэтымі зямнымі стрэхамі. Разумелі яны, што Зло – не вечная з’ява.
У п’есе персанажам у большай ступені ўласціва адчуванне гісторыі, свайго месца ў ёй, значнасці сваіх учынкаў. Займальнасць, дынаміка дзеяння, вострая інтрыга не заміналі аўтару паставіць філасофскае пытанне пра сэнс змагання, пра магчымасць чалавека ўплываць на ход гісторыі.
У аснову драмы I. Чыгрынава пакладзена сама следчая справа Вашчылы, што праляжала ў архівах з 1744 г. і стала вядома даследчыкам зусім нядаўна. А пазнаёміў I. Чыгрынава з гэтым унікальным дакументам, які дазваляе па-новаму зірнуць на асобныя падзеі беларускай даўніны, доктар гістарычных навук В. Мялежка.
Галоўная загадка звязана са смерцю кіраўніка паўстання. У дакументах сказана, што яго атруцілі. На гэты конт у I. Чыгрынава свая думка: «<…> упэўнены, што яго нявыгадна было слухаць на следстве, якое мелася адбыцца ў рускім горадзе Мгліне, – ні так званаму польскаму баку, ні расейскаму <…> У Старадубе, па дарозе з Кіева ў Мглін, Вашчылу і атруцілі. Калі ж прытрымлівацца дакументаў, дык там сказана, што ён захварэў жыватом і тут жа памёр» [3, с. 420–421; 4, с. 108].
П’еса невыпадкова мае назву «Следчая справа Вашчылы». I. Чыгрынаў прытрымліваецца саміх дакументаў, нястомна ідзе за імі. Аднак гэта не звычайнае прачытанне гістарычна важных матэрыялаў, а ўдумлівае асэнсаванне іх і пераасэнсаванне. Першапачатковая ўвага аўтара звяртаецца на тыя моманты, што дазваляюць адчуць, наколькі неардынарнай асобай з’яўляўся Вашчыла, і разам з тым разабрацца, што ж штурхнула яго на адкрытае выступленне супраць прыгнятальнікаў.
У творы ёсць і некаторыя «старонкі» самога паўстання, але згадваюцца яны наплывам памяці. Зусім натуральна, што пры такой структуры п’есы аўтару проста немагчыма было пазбегнуць ілюстрацыйнасці. Выкарыстоўваючы скупыя звесткі архіўных матэрыялаў, ён здолеў намаляваць прывабны воблік кіраўніка крычаўскіх інсургентаў, раскрыць яго характар усебакова і поўна. Сотнік Мікола Манах, ротмістр літоўскай харугвы Шленца, шляхціц Пішчык, Чорны дзяцюк атрымалі пэўнае індывідуальнае аблічча, іншыя персанажы ахарактарызаваны больш бегла.
Такім чынам, і У. Караткевіч, і I. Чыгрынаў намалявалі вобраз Васіля Вашчылы – сялянскага важака, барацьбіта супраць феадальнага прыгнёту, змагара за сацыяльную справядлівасць. Яны паказалі нам адну са старонак гісторыі, якая не магла і не можа быць па-за ўвагай.

  • Арлоўская, Т. В. Мастацкае асэнсаванне падзей Крычаўскага паўстання ў п’есах У. Караткевіча «Маці ўрагану» i І. Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы» / Т. В. Арлоўская // Романовские чтения6 : (к 75-летию исторического факультета УО «МГУ им. А. А. Кулешова») : сборник статей международной научной конференции, 24–25 ноября 2009 г., г. Могилев. – Могилев, 2010. – С. 147–148.

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”