ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

МОЖНА СКАЗАЦЬ, ЗМОВА

Не хацелася б цалкам пераходзіць на прозвішчы. Але што зробіш? Кажуць, з песні слова не выкінеш. Ды і час ужо пры новай аснове жыцця ведаць, хто ёсць хто. Тым больш што святло і цень заўсёды поруч, не бываюць адно без аднаго. Да таго ж разборкі цяпер у модзе. Галоўнае, каб прыстойнасць усё ж захоўвалася.

На адным са з’ездаў у Мінску ў мой адрас, будзем называць так, прагучала даволі рэзкая і бязлітасная крытыка з вуснаў Уладзіміра Дамашэвіча, аднаго з сумленных, на думку некаторых нашых сяброў, пісьменнікаў-выступоўцаў. Для мяне гэта не было нечаканасцю. Быў перакананы за доўгае знаёмства з Уладзімірам Максімавічам, што слова сваё ён стрымае. А даваў Дамашэвіч яго пры Яўгену Міклашэўскаму. Спадзяюся, што той не адмовіцца пацвердзіць цяпер.

Было так. Прыйшлі аднаго разу ў саюз пісьменнікаў, ужо на Фрунзе, 5. Уладзімір Максімавіч і кажа:

– У цябе запланавана ў «Мастацкай літаратуры» кніжка з двох раманаў на наступны год. Дык аддай сваю пазіцыю на карысць Клаўдзі Каліны.

– Чаму раптам? – пытаюся.

– Так трэба.

Слова за слова – высвятляецца: муж Каліны едзе ў эміграцыю, патрэбны грошы, таму для пісьменніцы Клаўдзі Каліны не лішняй будзе тысяча-другая. Канечне ж, не лішняй, бо яе муж падаецца ў эміграцыю. Але пры чым тут я?

– Хто цябе навучыў прыйсці да мяне з гэтым? Ці гэта ў адной тваёй галаве падобная думка ўзнікла?

– Так думаюць Палтаран, Канэ…

– Дык гэта яны цябе прыслалі?

– Можаш думаць так.

– А калі я не ўступлю сваёй пазіцыі ў выдавецкім плане?

– Тады пашкадуеш. Атрымаеш на з’ездзе знішчальную крытыку. Я табе напомню і выданні твае, і амбіцыйнасць. Ну, словам, усё.

Я падумаў, страсянуў галавой.

– Як хочаш, – кажу, – а саступаць месца не стану. Мае творы не горшыя, чым у Каліны.

Пачаўся з’езд. Звычайна ў прэзідыуме складаецца спіс выступоўцаў – адных упрошвае кіраўніцтва Саюза падняцца на трыбуну, другія самі імкнуцца туды. Таму я ведаў, калі будзе выступаць Дамашэвіч, і выйшаў з залы на той час. Вярнуўся, калі ўжо заціхлі воплескі.

Не ведаю, ці выдавалі на наступны год кніжку Клаўдзі Каліны, але маю з выдавецкага плану знялі.

З Калінай, здаецца, я нават не быў знаёмы. Але Вера Палтаран і Юлія Канэ раней добра адносіліся да мяне. Нават хвалілі ў друку. I нечакана перамяніліся. Бадай, такіх нядобразычліўцаў у мяне датуль і не было, дарма што жанчыны па-ранейшаму ўсміхаліся мне.

Між тым, Уладзімір Максімавіч і цяпер ходзіць у самых найпрынцыповых.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”