ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

Сумленне таксама вымагае выдаткаў

Аказваецца, на гэтым свеце ўсё так зладжана, што адно з аднаго патрабуе вяртання свядомага ці несвядомага доўгу, пра які часам і не здагадваешся. Асабліва калі чалавек увачавідкі старэе, а яшчэ больш, калі пачынае хварэць. Мяне, напрыклад, даволі часта даймаюць пытанні: чаму ты некалі гэтак зрабіў, а не так; і ці сорамна табе за твой колішні ўчынак, з якім звязана… Урэшце, ці мала што звязана?

Ды і самога ў такія гады падмывае растлумачыць сёе-тое. Усё ж думаецца, што нашчадкі некалі пакладуць на шалі вагаў і нашы справы, і нашы ўчынкі, і нашы кнігі, якія ў нашы дні раптам сталі нікому непатрэбнымі. Іншы раз сядзіш за сталом, робіш неверагодныя намаганні, каб дамагчыся выразнасці ў стылі і ў развагах, потым падумаеш – дзеля чаго падобныя высілкі?

Невясёлыя часы насталі, невясёлыя справы суправаджаюць іх.

А растлумачыць сёе-тое сапраўды хочацца, быццам і праўда перад некім вінаваты.

У ранейшых сваіх допісах што-кольвечы ўжо ўдалося зрабіць у гэтым сэнсе. Праўда, не ўсё прынялі рэдактары. Нават Мікола Гіль і той аднаго разу папрасіў зняць кароткае апавяданне пра тое, як дамагаліся некаторыя нашы пісьменнікі саступіць месца ў зацверджаным выдавецкім плане на карысць Клаўдзіі Каліны, муж якой у той час збіраўся ехаць у Ізраіль. Сёе-тое адмовіўся друкаваць часопіс «Работніца і сялянка». Ледзь не бралі мяне за грудзі таксама героі апавяданняў…

Словам, нялёгка мець справу з жывымі людзьмі. Але ж не лягчэй, відаць, жыць пісьменніку і з так званай віной на душы. Добра, што я не ведаю яе за душой. Хоць час, у які давялося жыць, вельмі спрыяльны быў і для здрады, і для падману… Хочаш – ідзі ў «сэксоты» па лініі засакрэчанага ведамства, хочаш – у аналізатары, каб рабіць для цэкоўскіх работнікаў агляды надрукаваных і ненадрукаваных твораў.

Дзіўна, але мы тады прыкладна здагадваліся, хто ёсць хто. Пазней, ужо ў часы перабудовы, а затым і пасля яны самі іншы раз прагаворваліся аб гэтым, можа, таксама, каб віну такім чынам скінуць з сябе.

Але ж што мне кінулася ў галаву растлумачыць чытачу? Толькі зараней скажу, што не з-за адчування віны. Адстаяць ці не адстаяць па тым часе, здаецца, не лічылася ні віной, ні адвагай. Калі мае чалавек адносную недатыкальнасць, паможа другому чалавеку, калі ж не – пішы ў графу накладных выдаткаў.

Дык вось, некалі я з’яўляўся сааўтарам фільма «Руіны страляюць…». Цяпер ужо амаль немагчыма ўспомніць, як мы сышліся на гэтай справе з Новікавым. Аднак і сцэнарый напісалі, і рэжысёра знайшлі, дакладней, угаварылі Чацверыкова, бо спярша выйшлі былі на Дабралюбава. Тым часам здымкі пачаліся. На Нямізе аддалі «пад руіны» некалькі будынкаў, каля моста на Паркавую магістраль, дзе тады яшчэ стаяла сінагога і ў малітоўныя дні каля яе можна было ўбачыць самаздаволеных яўрэяў у нацыянальным адзенні. Знята першая серыя, другая, трэцяя, чацвёртая… Удзельнікі так званага дадатковага гаркама апынуліся ў турмах, а хто і павешаны. На змену Казінцу прыходзіць Іван Кірылавіч Кавалёў. I тут пачынаецца для мяне незразумелае. Кінастудыя з дазволу майго сааўтара наймае дапрацоўшчыка для сцэнарыя. Тэкст падганяецца пад расхожы домысел. I ўжо пятая, шостая і сёмая серыі пабудаваны на суцэльнай выдумцы, якая заахвочваецца ў партыйным архіве, і ў ЦК, і кансультантамі, асабліва палкоўнікам Архіпавым, супрацоўнікам КДБ, маўляў, толькі так, а не іначай! Пры гэтым доказы мае як сааўтара дарэмныя: Кавалёў здраднік, і нам вашы тлумачэнні непатрэбны (а я спрабаваў давесці ў групе, што здолею паказаць мастацкімі сродкамі Кавалёва з усімі яго супярэчнасцямі). Аказваецца, некаторыя таварышы спрабавалі працягнуць у кіно чалавека, які пасля выгнання немцаў з Беларусі жыў у Германіі, памагаў тамтэйшым кіношнікам ствараць фільм пра мінскае падполле, нават ажаніўся з нейкай венгеркай… Бачачы маю нязгодлівую ўпартасць, маё прозвішча перад канчатковым паказам фільма знялі з цітраў. Як цяпер помню – ніякай узрушанасці я тады праз гэта не адчуў, толькі стаміўся хлусіць, тлумачачы гледачам і знаёмым, чаму падобнае здарылася. I не дай бог выставіць сябе героем!.. Гэта была краіна, дзе героем немагчыма было стаць.

Пасля, ужо ў новы час, мне давялося ўдзельнічаць у камісіі ЦК КПБ па аднаўленні праўды аб Кавалёве. Я не дужа быў падкаваны ў пытанні, якое разглядалася, бо шмат што забылася ўжо к таму часу, але і на камісіі пацвердзіў, што ніколі апошняга сакратара гаркама не лічыў здраднікам. Хтосьці вельмі заблытаў невінаватага чалавека ў хітра сплеценай павуціне. Цяпер выйшла і новая гісторыя пра мінскае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і кнігі іншыя напісаны. Асабліва заслугоўвае ўвагі кніга Бараноўскага. На абмеркаванне іх часам клічуць мяне. Я не люблю наведваць бітвы, якія адбываюцца пасля сапраўдных, хоць шмат дзе вельмі неабходна аднаўляць ісціну.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”