Прадмет «Беларускай літаратура» ў сярэдняй школе выконвае важную ролю ў фарміраванні светапогляднай і маральна-этычнай сістэм. Разам з адукацыйнымі ставяцца задачы выхаваўчага характару. У адпаведнасці з сучаснай канцэпцыяй літаратурнай адукацыі настаўніку-філолагу неабходна адыходзіць ад пазіцыі сацыялагізатарства і большую ўвагу звяртаць на фарміраванне глыбока гуманістычнага і дэмакратычнага светапогляду на прыкладзе твораў слоўнага мастацтва.
Гэты працэс мае паэтапны характар: засваенне суб’ектам культурных дасягненняў грамадства і праявы іх ва ўласнай сістэме каштоўнасных арыентацый. На сучасным этапе, на жаль, гэтая дуалістычнасць разбурана, бо назіраецца разлад пры перадачы сацыяльнага вопыту. Звернем увагу на тое, што гэта ажыццяўляецца двума спосабамі: па-першае, неўсвядомлена на пачуццёвым узроўні, па-другое, праз візуалізацыю вербальнымі сродкамі.
Сёння перавага аддаецца апошняму, што вядзе да духоўнага спусташэння і механізацыі ўспрыняцця свету, што супярэчыць традыцыйным ідэалам беларускага народа. У кантэксце выхаваўчай і ідэалагічнай работы асобае месца надаецца фарміраванню маральна-этычных каштоўнасцей у школьнікаў сярэдняй ступені.
Фарміраванне маральна-этычных каштоўнасцей у школьнікаў асабліва добра ажыццяўляць на ўроках літаратуры. Творы прыгожага пісьменства даюць магчымасць падлетку суаднесці мастацкія вобразы з уласным светапоглядам, садзейнічаюць самавыхаванню. Пра гэта С. Карпенка піша: «Механізм маральнага ўздзеяння літаратуры на падлетка вельмі складаны. Спачатку адбываецца эмацыянальнае спасціжэнне твора і супастаўленне яго з вопытам вучня. Далей твор спасцігаецца інтэлектуальна, розумам, выпрацоўваецца асобасная ацэнка яго ідэйна-мастацкай значнасці, выказаных у ім маральных імператываў. У цеснай сувязі з фарміраваннем ідэалаў і духоўных каштоўнасцей выпрацоўваюцца маральныя перакананні, якія маюць вялікую сілу ўздзеяння на вучня». Мае рацыю А. Дуброўская, якая адзначае: «Фарміраванне маральных ведаў – першы ўзровень авалодання суб’ектам маральнай культурай, далей веды ператвараюцца ў перакананні, ідэалы асобы».
У беларускай літаратуры адносіны чалавека з іншымі людзьмі з’яўляюцца адной з галоўных ідэйна-філасофскіх і маральна-этычных тэм. Сярод твораў школьнай праграмы па беларускай літаратуры актуальнымі ў кантэксце нашага даследавання з’яўляецца прапанаванае для чытання і вывучэння ў 8 класе апавядання I. Чыгрынава «Бульба». Так, пры аналізе гэтага твора асобую ўвагу трэба звярнуць на наступнае.
У апавяданні I. Чыгрынава адлюстравана гісторыя, якая адбылася падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэчу дзяцей с салдатамі пісьменнік паказаў псіхалагічна тонка і глыбока. З аднаго боку, дзецям артылерысты нагадваюць бацькоў, якія ў гэты час былі на фронце («У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат… Мы – гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылеў і я. <…> Мы былі дзеці, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася – а можа, якраз тупае бацька вось так у страі і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый Бог, пройдзе міма»). З другога боку, па-рознаму ўспрымаюць гэтых дзяцей салдаты. Адзін, дазнаўшыся пра тое, што ў аднаго з хлопцаў няма шапкі, дабіваецца таго, каб Сідараў аддаў прыхаваную ў яго для ўласнага сына шапку-вушанку малому Брылеву («I скупы Сідараў не вытрымаў. Ён вярнуўся да воза, што стаяў непадалёку ад дарогі, пакапаўся там, дастаў памятую салдацкую шапку-вушанку і аддаў яе чорнаму артылерысту.
– Насі, Санька, – сказаў той і надзеў хлопцу на галаву шапку – яна была велікавата для Санькавай галавы і налазіла на вочы. <…> Насі і ўспамінай мяне. Чуеш? Мяне! Сідарава ўспамінаць няма за што. Гэта ж калі б не я, не было б у цябе гэтай шапкі. Сідараў не даў бы. Гэта ўсё я».
У гэтым апавяданні этычна аголена выявіўся канфлікт розных адносін да жыцця ў грамадстве. У «Бульбе» вялікая ўвага надаецца пытанню ўзаемаадносін паміж людзьмі, што з’яўляецца адным са складнікаў фарміравання маральна-этычных каштоўнасцей.
У цэлым, у сваіх творах I. Чыгрынаў кожны раз акцэнтуе ўвагу на тым, што ў грамадстве існуе ўзаемасувязь усяго і ўсіх; кожная ячэйка нясе ў сабе ўласцівасці, тэндэнцыі і законы вялікага свету жыцця чалавека. Настаўніку трэба дапамагчы васьмікласнікам спраецыраваць сітуацыю, якая апісана ў творы, на сябе. Гэта дасягаецца ў працэсе рэпрадукцыйнай гутаркі па апавяданні, а таксама ў працэсе выканання творчых заданняў, рэфлексіі.
Вывучаючы літаратуру па сістэме перспектыўных ліній, можна даць дзецям заданне напісаць міні-сачыненне тыпу «Чаму салдат дапамог хлопцу», «Рабіць дабро трэба толькі самым блізкім людзям?», «Добрыя справы не трэба адкладваць на потым». Таксама можна прапанаваць прыдумаць працяг апавядання «Бульба», зарыентаваўшы васьмікласнікаў на адлюстраванне лёсу герояў, калі яны сталі дарослымі (у выглядзе міні-сцэнкі, стварэння кадраплана і інш.).
У якасці дамашняга задання можна прапанаваць дзецям зрабіць запісы, якімі эпітэтамі можна апісаць двух артылерыстаў Падобнае заданне рэфлексійнага характару адлюстроўвае рэальныя ацэначныя пазіцыі школьнікаў.
З аднаго боку, маральна-этычныя каштоўнасці вызначаць годнасць чалавека (або групы людзей), характарызуюць учынкі і асобныя рысы характару чалавека. З другога боку, пад маральна-этычнымі каштоўнасцямі можна разумець каштоўнасныя ўяўленні пра дабро і зло, якія адносяцца да галіны маральнай свядомасці, занатавання норм паводзін.
Такім чынам, з адзначанага вышэй можна зрабіць наступныя высновы.
Па-першае, фарміраванне маральна-этычных каштоўнасцей займае важнае месца ў сістэме выхавання гуманістычных пачуццяў падрастаючага пакалення.
Па-другое, літаратурны твор мае багатыя патэнцыяльныя магчымасці для фарміравання традыцыйнай сістэмы маральна-этычных каштоўнасцей чалавека ў кантэксце гуманістычнага выхавання.
Па-трэцяе, пры вывучэнні апавядання I. Чыгрынава «Бульба» ў 8 класе неабходна надаваць належную ўвагу магчымасці праецыравання ўчынкаў герояў твора на светаўспрыманне вучняў.
Л.Г. Дуктава, 2011 г.
Праграма прапануе для вывучэння адно з двух апавяданняў на выбар – «Бульба» ці «За сто кіламетраў на абед». Ёсць усе падставы лічыць, што гэтыя творы зацікавяць вучняў сваім зместам, бо героямі твораў выступаюць падлеткі, дзеці вайны.
На вывучэнне аднаго з апавяданняў адводзіцца дзве гадзіны, а таму і распрацоўка сістэмы ўрокаў відавочная.
Урок 1. Знаёмства з апавяданнем «Бульба» ці «За сто кіламетраў на абед». Арыентацыйныя заняткі.
Урок 2. Аналіз апавядання. Заключныя заняткі.
П е р ш ы в а р ы я н т.
Урок 1. Знаёмства з апавяданнем «Бульба». Арыентацыйныя заняткі.
Урок пачынаецца з уступнага слова настаўніка пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, аднаго з тых празаікаў, якія асабліва плённа распрацоўвалі тэму Вялікай Айчыннай вайны. У першую чаргу як значныя творчыя дасягненні пісьменніка называюцца яго раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы». А пачынаў свой шлях у літаратуру І. Чыгрынаў з апавяданняў, выдаўшы зборнікі «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек», «Ішоў на вайну чалавек».
Тэму вайны – цэнтральную ў сваёй творчасці – пісьменнік пачаў распрацоўваць ужо ў апавяданнях, пра што сведчаць і тыя творы, якія змешчаны ў падручніку. Варта прачытаць у класе ўрывак з артыкула В. Каваленкі, каб вучні пазнаёміліся з кароткай біяграфіяй I. Чыгрынава. Затым настаўнік правядзе гутарку з класам:
Да якога пакалення беларускіх пісьменнікаў належыць I. Чыгрынаў? Што агульнага ў яго жыцці і творчасці з I. Пташнікавым і В. Адамчыкам?
Што спрыяла развіццю таленту I. Чыгрынава?
Якая тэма з’яўляецца вядучай у яго творчасці?
Чаму менавіта вайна сфарміравала асновы «душэўнага вопыту» пакалення, да якога належыць I. Чыгрынаў?
Якія творы пісьменніка вы чыталі?
«Вайна, убачаная і эмацыянальна перажытая ў тым узросце, калі наша памяць бывае найбольш яркай і ўчэпістай, а ўся псіхіка – найбольш уражлівай, сапраўды стала для Чыгрынава і яго равеснікаў выключна важнай жыццёвай падзеяй. Яна сфарміравала асновы іх душэўнага вопыту», – зазначае Дз. Бугаёў. Гэта разуменне асноў душэўнага вопыту пісьменніка дазволіць перайсці да знаёмства з апавяданнем «Бульба».
Сам настаўнік ці адзін з падрыхтаваных вучняў выразна прачытае твор, на што спатрэбіцца не больш, чым 15 хвілін. Пасля гэтага варта абмяняцца з класам уражаннямі пра апавяданне, а астатні час урока скарыстаць на працу, звязаную з запамінаннем яго зместу. Гэтага можна дасягнуць, калі спалучыць рэпрадуктыўную гутарку з пераказам асобных эпізодаў і выбарачным чытаннем тэксту «Бульбы». Можна прапанаваць вучням наступныя пытанні і заданні:
Калі адбываюцца падзеі, апісаныя ў творы?
Чаму вясковыя падлеткі расклалі вогнішча каля дарогі, па якой ішлі салдаты?
Раскажыце пра эпізод з шапкай, якую падаравалі аднаму з хлопцаў.
Чым выклікалася «дзіўнае жаданне» старшага лейтэнанта пакаштаваць печанай бульбы?
Якое ўражанне пакідае фінал твора?
Дамашняе заданне:
Паразважаць над праблемай для адказу ў класе: «Чаму так добра запомніліся герою-апавядальніку першыя дні вызвалення»?
Прачытаць вытрымкі з артыкулаў даследчыкаў творчасці I. Чыгрынава.
Урок 2. Аналіз апавядання «Бульба». Заключныя заняткі.
Апавяданне «Бульба» мэтазгодна аналізаваць «следам за аўтарам» ад эпізода да эпізода, што абумоўлена кампазіцыйнай пабудовай твора. Ён напісаны як успаміны героя-апавядальніка пра верасень 1943 года, калі пачалося вызваленне беларускіх зямель ад фашысцкай навалы: «У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат…»
Урок пачынаецца з праверкі дамашняга задання. Настаўнік уважліва выслухоўвае вучнёўскія адказы, развагі і меркаванні аб той праблеме, над якой было прапанавана падумаць дома. Але перш чым падсумаваць адказы вучняў, неабходна правесці аналіз твора. У працэсе аналізу вучні могуць змяніць свой погляд на падзеі, пра якія гаворыцца ў апавяданні ці, наадварот, знайсці новыя аргументы, якія падмацуюць разважанні над праблемай. Адказ на тое, чаму так уразіў героя-апавядальніка эпізод ваеннага часу, і неабходна адшукаць ў часе абмеркавання твора.
Аналіз апавядання можна пачаць з высвятлення асобы героя- апавядальніка: «Хто выступае апавядальнікам у творы?» Чытацкі вопыт вучняў дазволіць ім знайсці адказ на гэтае пытанне, тым больш што перад гэтым яны вывучалі апавяданне «Урок арыфметыкі» В. Адамчыка, напісанае ў форме ўспаміну.
Апавядальнік, які ўспамінае падзеі ваеннага часу, вельмі скупа гаворыць пра сябе і сваіх сяброў: «Мы былі дзеці, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася – а можа, якраз тупае бацька вось так у страі, і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый бог, пройдзе міма». Неадольнае жаданне сустрэць сваіх бацькоў і заахвочвае падлеткаў паліць вогнішча каля дарогі. Ды і салдаты адносіліся да хлапчукоў як да сваіх сыноў (гладзілі іх па галовах). Можна сцвярджаць, што пісьменнік сам перажыў усё тое, пра што расказаў у творы. Яму ўдалося дакладна перадаць не толькі душэўны стан свайго героя, але і выразна акрэсліць абставіны часу. Малюнак жыцця, можа, і не вельмі разгорнуты, але ён адразу запамінаецца, бо пісьменнік стварае яго пры дапамозе трапных мастацкіх дэталяў. Таму і наступнае пытанне можна сфармуляваць прыкладна так: Чым уражвае малюнак жыцця першых дзён вызвалення?
Людзі вярталіся ў вёску, дзе дагаралі хаты. Пісьменнік некалькі разоў засяроджвае ўвагу на пажарышчах, якія засталіся на месцы ўтульных хат, пра што яшчэ напаміналі цёплыя печы. Змрочны настрой людзей дапаўняецца сумным асеннім пейзажам (вучні зачытваюць яго апісанне). «Было няўтульна, нават холадна», – так падсумоўваецца той момант жыцця.
Вогнішча, якое расклалі дзеці, – гэта ўжо той агонь, які сагравае людзей, які асвятляе зямлю, на якую прыйшло вызваленне ад чужынскай навалы. Узнікае выразны кантрасны малюнак: фашысты пакідаюць пасля сябе пажарышчы, якія яшчэ дымна чадзяць, а вогнішчы гаспадароў і салдатаў саграваюць людзей і адраджаюць жыццё. У людзей узмацняюцца надзеі, што горшае ўжо перажыта, а з вызваленнем палепшыцца жыццё.
Чым жа запомніліся хлопцам салдаты-артылерысты? Якую ролю адыгрывае ў творы эпізод з шапкай, падараванай аднаму з хлопцаў? – ставіць пытанні настаўнік.
Хлапчукам адразу запомніліся артылерысты, якія былі вясёлымі людзьмі, «не тое, што замардаваныя пехацінцы». Гэта была невялікая вайсковая часць, якая толькі выйшла з бою, – усяго дваццаць чалавек і адна гармата. Яна ніяк не нагадвала батальён, ды і камандаваў ёю толькі малодшы лейтэнант. Сярод салдат вылучаўся чорны артылерыст, «у рысах яго твару была дзіўная мешаніна дабрадушнасці і гарэзлівасці». Ён і зрабіў так, каб аднаму з хлопцаў падаравалі шапку. Эпізод з шапкай паглыбляе кантраст паміж учарашнім і сённяшнім днём. Акупанты спалілі вёску, а нашы чым могуць дапамагаюць людзям. Шапка пэўным чынам сімвалізуе вяртанне сваіх. Нават Сідараў, які спачатку шкадаваў аддаць шапку, бо бярог для сына, падараваў яе хлопцу. I не толькі таму, што яго дакаралі таварышы, а таму, што хлопчык быў падобны на яго сына. Пісьменнік, такім чынам, вылучае тое, што дазваляла адчуць змены, што сагравала людзей: вогнішча, шапка, салдацкая каша, печаная бульба.
У цэнтры твора, – звяртае ўвагу вучняў настаўнік, – эпізод з печанай бульбай, аб чым сведчыць і яго назва. Чым жа выклікалася «дзіўнае жаданне» афіцэра пакаштаваць печанай бульбы? Якія рысы нацыянальнага характару беларусаў выявіліся ў паводзінах дзяцей?
«Дзіўнае жаданне» старшага лейтэнанта пакаштаваць печанай бульбы тлумачыцца тым, што яна ратавала яго і галодных салдат у 1941 годзе. Афіцэр успомніў пра гэта таму, што хлапчукі нагадалі яму тых дзяцей, якія кармілі яго бульбай. Яна ратавала людзей, цяпер яны вызваляюць гэтую зямлю ад ворагаў. Бульба – сімвал зямлі, сімвал жыцця, сімвал характару народа, яго гасціннасці і жыццястойкасці. Старшы лейтэнант, захапляючыся бульбай, смачней за якую нічога не бывае, аддае належнае шчодрасці і шчырасці народа.
Чарговыя пытанні, якія актывізуюць вучняў, настаўнік фармулюе так, каб яны былі звязаны з дамашнім заданнем: «Што асабліва запомнілася дзецям у першы дзень вызвалення? Што ўразіла іх?
Спачатку складваецца ўражанне, што апавяданне, нечаканая для яго тэмы, заканчваецца неяк вельмі ўжо добра. «Перад вечарам нечакана зрабілася ціха кругом – нават перасталі страляць». Ад бацькоўскага стаўлення салдатаў, ад добрай вячэры пачаў мяняцца і погляд героя на жыццё. «Па зямлі плыў добры вечар», – сведчыць ён, хаця крыху раней той час здаваўся яму халодным. Ды толькі вайна яшчэ не закончылася.
Працягваліся баі, праз вёску везлі раненых, плакалі жанчыны. Не прыйшоў і старшы лейтэнант, якога чакала печаная бульба. Апавядальнік пачынае спасцігаць страшную прычыну гэтага. Яму асабліва шкада афіцэра, бо ён адразу запомніўся, увайшоў у жыццё як добры і блізкі чалавек. Дзеці адчуваюць, што яны страцілі вельмі дарагога ім знаёмага. Яны пачынаюць усведамляць сваю адказнасць за родную зямлю, за свабоду, якой чалавек плаціць сваім жыццём.
Настаўнік падсумоўвае вучнёўскія адказы пасля кожнага пытання, а затым і пасля абмеркавання ўсяго твора.
Што ж найбольш запомнілася герою-апавядальніку? Радасць сустрэчы з салдатамі-вызваліцелямі. Твор так і пачынаецца: «Уранні прыйшлі нашы…» Запомнілася ўсё: і апаленая вёска, і надвор’е. Асабліва ўразілі адносіны салдатаў да дзяцей як да сваіх сыноў. Засталася назаўсёды ў сэрцы журба: адзін з вызваліцеляў, старшы лейтэнант, не па сваёй віне не прыйшоў на печаную бульбу.
Затым настаўнік цікавіцца ў вучняў: «Што, на ваш погляд, дапамагло пісьменніку выразна акрэсліць жыццёвую падзею? Якія асаблівасці апавяданняў I. Чыгрынава?»
Думаецца, што вучні маюць ужо неабходны запас ведаў, каб паразважаць над гэтым. Яны могуць спасылацца на крытычныя артыкулы, якія прачыталі дома, і адзначыць тое, што ўласціва апавяданням:
– сюжэт вонкава малаактыўны, абставіны будзённыя, звычайныя;
– уменне расказаць пра самае складанае проста і пераканаўча;
– герой-апавядальнік гаворыць ад імя пакалення, да якога належыў сам пісьменнік;
– цікава знойдзены мастацкія дэталі: вогнішча, шапка, салдацкая каша, печаная бульба.
Д р у г і в а р ы я н т.
Урок 1. Знаёмства з апавяданнем «За сто кіламетраў на абед». Арыентацыйныя заняткі.
Пачатак гэтага ўрока цалкам супадае з урокам па апавяданню «Бульба». Настаўнік знаёміць вучняў з асобай і творчасцю народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, а затым пераходзіць да аналізу апавядання «За сто кіламетраў на абед».
Было б значна лепш, каб на ўроку быў прачытаны поўны тэкст твора, бо ў хрэстаматыі змешчаны яго скарочаны варыянт. На гэта спатрэбіцца дзесьці 15 хвілін, пасля чаго ўвагу класа важна засяродзіць на запамінанні зместу апавядання. Можна прапанаваць вучням наступныя пытанні і заданні:
Якую навуку прайшлі дзеці вайны?
Чаму ў салдацкіх катлах засталася каша для вясковых сем’яў?
Якое самае моцнае жаданне было ў дзяцей? Як яны яго дамагаліся?
Хто такі Васіль Карапет? Чаму ён аказаўся завадатарам паездкі «за сто кіламетраў на абед»?
Якія прыгоды напаткалі дзяцей па дарозе ў дзетдом?
Як паставіліся да вясковых дзяцей у дзетдоме: самі дзетдомаўцы, бухгалтар, загадчык Іван Мікітавіч?
Хто выступае апавядальнікам у творы? Як ён ставіцца да герояў апавядання з вышыні перажытага?
Дома дзеці падрыхтуюцца да разгорнутага адказа на пытанне: Што асабліва запомнілася герою-апавядальніку: сама незвычайная паездка («за сто кіламетраў на абед») ці стаўленне загадчыка дзетдома да вясковых дзяцей?
Урок 2. Аналіз апавядання «За сто кіламетраў на абед». Заключныя заняткі.
Апавяданне «За сто кіламетраў на абед» таксама лепш аналізаваць «следам за аўтарам». Твор напісаны як успаміны героя-апавядальніка пра першыя пасляваенныя гады. Адзін з эпізодаў гэтага часу вельмі ўразіў хлапчука, а таму і запомніўся да драбніц.
Урок пачынаецца з праверкі дамашняга задання. Настаўнік уважліва слухае адказы вучняў, іхнія развагі і меркаванні па прапанаванай праблеме. Але перш чым падсумаваць вучнёўскія адказы, трэба прааналізаваць твор на ўроку. Меркаванні вучняў могуць набыць новыя аргументы, новыя адценні, што і трэба падтрымліваць, развіваць, каб паглыбіць разуменне ідэйнага зместу апавядання. Адказ на тое, чаму так запомнілася герою-апавядальніку паездка ў далёкі дзетдом, неабходна знайсці ў час абмеркавання твора.
Аналіз апавядання можна таксама пачынаць з пытанняў: Хто выступае апавядальнікам у творы? Ад чыйго імя ён гаворыць?
Апавяданне «За сто кіламетраў на абед», як і «Бульба», напісана ў форме ўспамінаў героя-апавядальніка пра адзін з эпізодаў свайго дзяцінства. Як і ў папярэднім творы, герой больш гаворыць ад імя сваіх сяброў, вясковых дзяцей: «Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны». Пісьменнік адводзіць амаль цэлую старонку тэксту, каб расказаць пра тое, што вылучала дзяцей вайны: добрае веданне розных відаў зброі, уменне разбірацца ў знаках адрознення на форме салдат тых краін, што мелі вайсковыя часці на ўсходнім фронце, і нават разуменне псіхалогіі гэтых салдат. Асабліва ж запомніўся ваенны і пасляваенны час тым, што заўсёды хацелася есці.
Самы прыемны ўспамін быў звязаны з вызваленнем Беларусі, бо салдаты кармілі людзей. У салдацкіх катлах заўсёды заставалася каша не таму, што яна была лішняя, а таму што яе пакідалі для вяскоўцаў. I вельмі цяжка стала жыць, калі салдаты перасталі праходзіць праз вёску. Адчуваецца, што ў гэтых успамінах многа асабістага, перажытага аўтарам твора. Што ж было галоўнай прычынай паездкі ў дзетдом: прапанова Васіля, былога дзетдомаўца, ці жаданне саміх дзяцей? – ставіць пытанне настаўнік.
Пісьменнік псіхалагічна дакладна абгрунтоўвае прычыны той нечаканай паездкі. «Каб хоць трохі пад’есці, мы, здаецца, гатовыя былі ісці на край свету», – сведчыць апавядальнік. Гэтыя словы варта зачытаць, як і некаторыя іншыя, якія падмацоўваюць развагі вучняў.
Дзеці ў той дзень шукалі нейкай спажывы, хацелі, у прыватнасці, знайсці ў гнёздах птушанят, але нехта апярэдзіў іх. Тады Васіль Карапет, які некаторы час быў у дзетдоме, і прапанаваў дабрацца туды, у далёкі горад. У творы падрабязна расказваецца пра Васіля. Гэты эпізод крыху замаруджвае дзеянне, але ён вельмі важны, бо паказвае ранняе сталенне безбацькоўцаў. Васіль ужо працуе разам з дарослымі ў калгасе. Ён не ўдзельнічае ў гульнях сваіх аднагодкаў, але добра разумее іх жаданне знайсці што-небудзь паесці.
«Чаму апавядальнік так падрабязна расказвае пра дарогу ў далёкі дзетдом?» – звяртаецца настаўнік да класа.
Пажадана, каб былі вылучаны два эпізоды: сустрэча з палонным немцам, у якога дзеці адабралі тое, што ён назбіраў у вёсках, і паездка на дахах вагонаў цягніка. Першы эпізод зноў сведчыць пра голад («галодныя мы, здаецца, былі заўсёды»). Паездка на дахах вагонаў была цяжкай, незвычайнай для вясковых дзяцей, але яна дазволіла ім пераадолець страх, сцвердзіць сябе па-сталаму. Дзеці насуперак цяжкасцям дасягнулі мэты: «Прыйшлі мы туды блізка к абеду. Змарнелыя, але прыйшлі», – з непрыхаваным гонарам сведчыць герой твора.
Кульмінацыя ў развіцці падзей – сцэны ў дзетдоме. Як паставіліся да вясковых дзяцей у дзетдоме? – так можна сфармуляваць пытанне.
Дзетдомаўцы, ад імя якіх выступае рыжы хлопец, сябрук Васіля, сустрэлі дзяцей прыхільна, бо добра разумелі іх. Вясковыя дзеці хутка пачынаюць адчуваць, што жыццё ў дзетдоме не вельмі сытае, пра што сведчаць многія факты. Пажадана, каб вучні назвалі іх (вечныя буракі на абед, крадзеж і смажанне качак…). Не разумеюць вясковыя дзеці і таго, чаму трэба выдаваць сябе за круглых сірот ці бадзяг-вуркаганаў, каб трапіць у дзетдом. Тут можна зрабіць выснову, што ў тыя гады ўсім было цяжка.
Чаму ж загадачык дзетдома не прагнаў дзяцей, як гэта зрабіў бухгалтар?
Спадзяванне на добры абед, якое вяло хлапчукоў да дзетдома, магло спраўдзіцца толькі па волі яго кіраўніцтва. Развагі вучняў павінны быць звязаны з пазіцыяй двух чалавек – бухгалтара і загадчыка.
Калі бухгалтар адчуў падман, жаданне пахарчавацца за кошт дзетдома, то няўжо гэтага не зразумеў загадчык?
Апавядальнік добра запомніў кіраўніка дзетдома (варта зачытаць тэкст). I цяпер, з вышыні часу, глыбока зразумеў яго стаўленне да прыехаўшых хлапчукоў. Іван Мікітавіч успрымаецца не толькі як загадчык дзетдома, але і як вопытны педагог і надзвычай чулы чалавек.
Загадчык бачыў найперш галодных дзяцей. Ён ведаў, што мала сродкаў, што не хапае прадуктаў, разумеў, як і бухгалтар, падман, але не мог прагнаць дзяцей, адзіным жаданнем якіх было толькі адно – паесці. Яму было шкада іх, і спачуванне, спагада былі вызначальнымі ў яго рашэнні. Загадчык быў незадаволены, «нахмураны, а ў вачах, вялікіх і быццам адчужаных, стаяла неадольная скруха».
Іван Мікітавіч хоча схаваць сваё спачуванне, сваё шкадаванне ў знешняй стрыманасці, незадаволенасці, нават у грубаватым звароце да вясковых дзяцей: «Ну што вы расселіся тут? Ідзіце абедаць!»
Што ж асабліва ўразіла ў гэтай падзеі героя-апавядальніка?
Да колішняй паездкі «за сто кіламетраў на абед» ён ставіцца цяпер са значнай доляй гумару, але многае ў паводзінах яго самога і яго сяброў вызначаў пасляваенны час. Апавядальнік адчувае задавальненне ад таго, што ён і яго сябры вытрымалі нялёгкае выпрабаванне – дабраліся да далёкага дзетдома. Тым больш, што многае для іх, вясковых дзяцей, было цяжкім і нязвычным.
Герой твора пераканаўся, што заўсёды можна сустрэць добрага чалавека, які дапаможа ў бядзе. Такім яму запомніўся загадчык дзетдома Іван Мікітавіч – сапраўдны педагог і сардэчны чалавек.
На наступны ўрок вучні падрыхтуюць вусны адказ па плану на пытанне: Што агульнага ў лёсе дзяцей вайны ў творах I. Пташнікава, В. Адамчыка, I. Чыгрынава?
Чым асабліва запомнілася дзецям вайна? Як уплывала яна на лёсы Юркі («Лонва» I. Пташнікава), Тоніка («Салодкія яблыкі» В. Адамчыка), героя-апавядальніка («Бульба» I. Чыгрынава)?
Што вызначала паводзіны і мары дзяцей у пасляваенны час? Што агульнага ў жыцці Юркі («Лонва» I. Пташнікава), Мечыка («Урок арыфметыкі» В. Адамчыка), Васіля Карапета («За сто кіламетраў на абед» I. Чыгрынава)?
2000 г.
У артыкуле акцэнтуецца ўвага на асаблівасцях вывучэння апавяданняў I. Чыгрынава ў XI класе з улікам прынцыпу аксіялагічнай дамінанты. У якасці такой дамінанты вылучана паняцце «сям’я». Прапануюцца некаторыя аспекты фарміравання паняцця «сям’я як каштоўнасць» на ўроках беларускай літаратуры.
Знаёмства з малой прозай Івана Чыгрынава адбываецца ў XI класе, калі гутарка вядзецца пра беларускую літаратуру перыяду 1966–1985 гг. Для падрабязнага вывучэння і аналізу прапанаваны апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» і «У ціхім тумане» («Маці»), а таксама для самастойнага чытання апавяданне «Ішоў на вайну чалавек». Гэтыя творы напісаны ў 60-я гг. XX ст. – час, калі адбывалася пераасэнсаванне вайны і яе наступстваў, калі на змену гераічнаму прыходзіла трагічнае светабачанне, калі літаратура імкнулася не толькі захаваць памяць пра мінулую вайну, але і паказаць новыя падыходы ў яе асэнсаванні.
На III ступені навучання і выхавання літаратурная адукацыя арыентуе не толькі на паглыбленае вывучэнне мастацкіх твораў, але і на веданне асноўных звестак пра жыццё і творчасць пісьменніка. Зварот да біяграфіі дае магчымасць вучням лепш зразумець твор, суаднесці яго змест з часам, у які і пра які напісаны тэкст, усвядоміць, што літаратура – гэта мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, што пазіцыя аўтара нярэдка вытлумачваецца тымі абставінамі і сітуацыямі, у якіх даводзілася пісаць, што праз вобразы герояў аўтар і падае сваю сістэму каштоўнасцей, і акрэслівае каштоўнасны свет грамадства пэўнай эпохі. Звярнуўшыся да біяграфіі I. Чыгрынава (пажадана, каб асноўныя яе этапы акрэсліў загадзя падрыхтаваны вучань), чытач зразумее, чаму пісьменнік у апавяданнях імкнецца вытлумачыць няпростыя жыццёвыя сітуацыі і чалавечыя характары.
Іван Чыгрынаў з пакалення пісьменнікаў, якое называюць «дзецьмі вайны». Характэрная для дзіцячага ўзросту ўражлівасць і эмацыйнасць пазней патрабавала пошуку адказаў на шматлікія пытанні. Відавочна, таму ў цэнтры малой прозы пісьменніка – чалавек, яго гісторыя жыцця, за якой бачыцца тагачаснае грамадства, яго погляды, памкненні і само жыццё.
Апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» і «У ціхім тумане» паказваюць чытачу жыццё герояў да вайны, у час і пасля яе. Такая падача дае магчымасць прасачыць, ці змяніўся (і наколькі) каштоўнасны свет герояў, ці адбылася духоўная эвалюцыя чалавека, якім стаў свет пасля трагедыі. У названых творах выразна прасочваецца «аксіялагічная дамінанта»: самым важным у жыцці Дземідзёнка і Рэйдзіхі былі дзеці, якіх забрала вайна.
Галоўная думка апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» перадзена праз словы маці аўтара-апавядальніка: «Вайна нямногім так мінулася. I ў кожнага сваё гора. Можа, і яго [Дземідзёнка] гняздо параскідала» (тут і далей цыт. паводле: Чыгрынаў, I.Г. Плач перапёлкі: раман, апавяданні / І.Г. Чыгрынаў. – Мінск : Маст. літ., 2009. – 447 с.).
Гэтым тлумачацца і дзівакаватасць галоўнага героя, яго паводзіны, амаль нікому не зразумелыя. Раскіданае гняздо – сімвалічны вобраз у апавяданні, на якім не адразу акцэнтуецца ўвага; у яго змест уваходзіць не толькі хата – месца жыхарства Дземідзёнка, але найперш унучка, дачка – яго сям’я, страчаная падчас вайны. Услед за аўтарам згадаем той факт з даваеннага жыцця лесніка, што «сям’і ў яго не было», бо яго «дачка, якой споўнілася пад тую пару, можа, трыццаць гадоў, жыла замужам у горадзе, і ў яе гадавалася свая дачка. Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць». Такая пазіцыя бацькі абсалютна не гаворыць, што яго не цікавіла жыццё дачкі. Але, як часта бывае, ён, жадаючы толькі найлепшага свайму дзіцяці, стараўся не дакучаць, не лезці ў сям’ю дачкі. Безумоўна, калі яна зрабіла б першы крок насустрач, то Дземідзёнак з радасцю яе сустрэў. Але дачка пра гэта нават і не думала. Яна ўспамінае пра бацьку толькі тады, калі з-за вайны вымушана з дзіцем пайсці ў бежанства. Варта звярнуць увагу вучняў, што падобнае стаўленне да бацькоў непрымальнае: такімі паводзінамі дачка лесніка падае прыклад свайму дзіцяці ў адносінах да сябе.
З надзеяй чакаў родных Дземідзёнак, калі «вайна дакацілася і да Вітуня» і «праз Лясныя Дачы пацяклі людскія натоўпы», калі «людзей збіралася так многау што часам нават думалася, ці не зрушыла гэта з месца цэлага паўсвету». Ляснік сустрэў дачку, якая пакінула яму трохгадовую ўнучку, а сама вымушана была ісці далей. Аўтар не спыняецца на тым, што адчувала і пра што думала дачка лесніка. Відаць, яна клапацілася толькі пра сваю маленькую Аленку, якую даверыла дзеду. Стоеную радасць бацькі, яго спадзяванне на аднаўленне адносін з дачкой, адказнасць, ускладзеную на дзеда – чытач знойдзе гэта «паміж радкоў». Калі ў бацькі з’явілася магчымасць наладзіць кантакт з дачкой і яе сям’ёй, а маладому пакаленню адчуць значэнне сям’і, важнасць і шчасце мець бацькоў, то вайна ўсё перакрэсліла. Аднойчы ў старожку ўварваліся немцы. Яны хацелі, каб Дземідзёнак паказаў ім, дзе хаваюцца партызаны. Але «Дземідзёнак маўчаў. Тады яго кідалі на падлогу і білі». Ляснік, выконваючы грамадзянскі абавязак, не мог не думаць пра ўнучку, што засталася адна ў старожцы. Нават фізічны боль, які давялося трываць ад катаў два тыдні, не быў такім невыносным, як душэўны: «…калі выпадала хвіліна заснуць, яму снілася ўнучка і тая прыцярушаная снегам сцежка, якая вяла паўз возера да партызанскіх зямлянак. Ён яшчэ спадзяваўся, што адтуль па гэтай сцежцы прыйдуць па дзяўчынку і з ёй нічога не станецца, увесь гэты час ён мучыўся ад таго, што пакінуў дзяўчынку адну». Калі ж яго адпусцілі, то Аленкі ў старожцы не было, толькі ляжала на падлозе скалелая сініца. У такой сітуацыі смерць магла выступаць як збаўленне ад душэўных пакут, як выратаванне. Аднак лесніку наканавана было застацца жыць. Усю вайну ён шукаў унучку, спадзяваўся і верыў, што яна жывая. З бежанства вярнулася і дачка, якая, пачуўшы страшную вестку, праплакала ўсю ноч, а раніцай пайшла. Не даравала. Тым самым аддалілася ад бацькі, не падзяліла яго трагедыю, не прыняла яго гора, тлумачэнне, ён застаўся дажываць з пастаянным адчуваннем віны. Дземідзёнак «пакінуў Лясныя Дачы назаўсёды, каб нішто больш не нагадвала яму там аб непапраўнай страце».
Адзіным выратаваннем пасля вайны, адзінай мэтай існавання стаў занятак, які надаў яшчэ больш дзівакаватасці гэтаму чалавеку: ляснік, усё жыццё паяднаны з прыродай, набываў на базары птушак, каб потым за тры кіламетры ад вёскі, там, дзе пачынаўся Зінкевічаў луг, выпускаць іх на волю. У гэтых дзеяннях – не толькі любоў да наваколля. Тут большае: магчымасць апраўдацца перад самім сабой, надзея, што ўнучка не замерзла, як тая сініца ў старожцы, яна жывая і вольная, як птушкі, якіх ён адпускаў.
Напрыканцы аналізу гэтага апавядання варта прапанаваць вучням паразважаць: «Што зрабіў апавядальнік у адносінах да Дземідзёнка? Дабро ці зло?» Вучнёўскія адказы пажадана пацвердзіць цытатамі з твора. Відавочна, адзіна правільнага адказу тут быць не можа. Ад усёй душы герой хацеў дапамагчы старому лесніку пазбавіцца людскіх здзекаў, цяжкіх успамінаў пра вайну, «хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. I так няўмела ўзяўся за гэта». Тут жа аўтар даводзіць, тлумачыць, што «не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва калі на душы…».
Своеасабліва пададзена асэнсаванне тэмы вайны праз вобраз старой Рэйдзіхі, галоўнай гераіні апавядання «У ціхім тумане». Дзеянне адбываецца пасля вайны. Аднак рэтраспектыўны зварот да падзей ваеннага часу дазваляе вытлумачыць, чаму пры сустрэчы ў Бароўцы «Рэйдзіха ціха ўсхліпвала, а Ганна стаяла, бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча ў Чыкавых пячах. I трэба ж было здарыцца якраз, што не каму-небудзь – ці малаў Бароўцы людзей, – а ёй, Тараськовай Ганне, давялося спаткаць Рэйдзіху». Разуменне такіх паводзінаў прыходзіць, калі аўтар расказвае пра даваеннае і ваеннае жыццё Рэйдзіхі. Лепш за ўсё тут будзе выкарыстаць павобразную характарыстыку ў спалучэнні з цытатнай.
Сям’ю Рэйдаў не вельмі любілі і паважалі яшчэ да вайны. Муж Матруны Лазар Рэйда быў лесніком, службу сваю «знаў. I нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі – клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну». З боку вяскоўцаў, магчыма, ён і выглядаў службістам, аднак уладу стараўся не гнявіць. Таму і жыў лепш, чым іншыя вяскоўцы, маючы «плойму кароў» ды нямала коней.
Старая Рэйдзіха прыйшла ў вёску не столькі папрасіць прабачэння за мужа. Яна прыйшла ў Бароўку як маці. I ёй ужо няважна, што сын яе – здраднік і забойца, што праз яго яна вымушана была душэўна пакутаваць, сысці з Бароўкі, не паказвацца на вочы аднавяскоўцам, трываць ганьбу і сорам, што нарадзіла і выгадавала такое дзіця. Яна проста хацела знайсці сынава месца спачыну, выплакацца на яго магіле. Звернем увагу, што першапачатковы варыянт апавядання «Маці» адрозніваецца не толькі назвай («У ціхім тумане»), але і канцоўкай: Ганна катэгарычна адмаўляецца паказаць магілу Якава («Маці»), чаго не скажаш пра апошні варыянт, дзе Рэйдзіха ўсё ж «сустракаецца» з сынам. Пажадана, каб вучні паразважалі, які варыянт болып прымальны і чаму.
Праблема здрадніцтва, антыподам якой з яўляецца тэма гераічных учынкаў, застаецца магістральнай у творах ваеннай тэматыкі. Апавяданне «У ціхім тумане» – яскравы прыклад таго, як «свае» становяцца «чужымі». Яшка Рэйда, які быў «чорны і хмуры, але ростам трохі ніжэйшы, ды і сілы ў ім было меней, чым у бацькі» і «якога ніколі не было відаць з-за бацькавай спіны», прыходзіць у Бароўку ў 1942-м годзе «ў чужой вайсковай форме з чарапамі нарукаве» – ён «апынуўся раптам у немцах». Магчыма, раптоўнасць гэтая была ў разуменні толькі аднавяскоўцаў, а сам Якаў гэты выбар зрабіў свядома, каб адпомсціць за перадваенны арышт бацькі, за страх быць раскулачанымі, за вымушанае бежанства, за адкрытае непрыманне сям’і лесніка. Мабыць, з гэтых прычын у вёсцы цяпер «стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўлення і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі». Не столькі форма, колькі ўчынкі гавораць пра сына Рэйды, яго ўнутраны стан, адносіны да іншых людзей. Насцярожанасцю можна вытлумачыць і паводзіны Тараськовай Ганны падчас першай пасляваеннай сустрэчы з Рэйдзіхай. Рэч у тым, што не хто іншы, а менавіта Якаў Рэйда «падскочыў да старога Тараська і, штурхаючы аўтаматам у спіну, павёў яго да вісельні», «першы паднёс палаючы смаляк пад саламяную страху Тараськовай хаты. Потым яшчэ некалькі хат падпалілі нямецкія салдаты, якія хадзілі ўслед за ім. Астатняе дарабіў за іх вецер…». За адзін дзень Ганна страціла ўсё: сям’ю і роднае гняздо, ад якога засталося адно папялішча. Напрыканцы ўрока варта звярнуцца да аўтарскай заўвагі: «На папялішчы тым часам пагарэльцы пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка, і маці, якая нарадзіла яго». Ці вінавата маці ў тым, што яе сын здрадзіў Радзіме? Ці магла яна прадугледзець такія яго ўчынкі? Чаму сын-здраднік памёр, а маці засталася жыць, пад старасць зноў прыйшоўшы ў Бароўку і застаўшыся на начлег у Тараськовай Ганны? Кола гэтых пытанняў зможа дапамагчы вучням зразумець, што ёсць сям’я, адданасць Бацькаўшчыне, хто такі здраднік, «чужы» ў ваенных абставінах, выпрацаваць уласны погляд на каштоўнасную карціну свету.
У кантэксце вывучэння творчасці I. Чыгрынава варта звярнуцца да апавядання для самастойнага чытання «Ішоў на вайну чалавек». У ім таксама паказваецца каштоўнасць сям’і, для якой вялікай трагедыяй зяўляецца адыход гаспадара на вайну. Аднак тут закранаецца і добра ілюструецца пытанне патрыятызму, адданасці Бацькаўшчыне. Ігнат, галоўны герой твора, нават абрадаваўся, што атрымаў павестку з ваенкамата: пэўны час з-за хваробы мужчыну на фронт не прызывалі, аднавяскоўцы і знаёмыя даўно ўжо ваявалі, пайшлі яшчэ да першай мабілізацыі, хоць пра многіх ніякіх звестак вядома не было. «Прызнацца, дык Ігнату часам ніякавата было: выходзіла, што збіраўся пераседзець вайну дома. Сёй-той нават коса пачынаў глядзець на яго», – падкрэслівае пісьменнік. Звернем увагу вучняў, што выкананне грамадзянскага абавязку для Ігната заключалася якраз ва ўдзеле ў вайне. Хоць старшыня калгаса аднарукі Пахамок, услед за аўтарам-апавядальнікам, характарызуе Ігната як добрага гаспадара, як чалавека-працаўніка. Шчыра шкадуе Пахамок, што даводзіцца выпраўляць Ігната на вайну, бо «фашыста, канечне, з нашай зямлі трэба гнаць. I гэта павінны рабіць мужчыны. Факт. Але ж і без хлеба ты яго не прагоніш. Салдата перш накарміць трэба, каб ён галодны не быў, а потым ужо і пасылай у бой. А хто той хлебрабіць будзе? …Не, гаспадарка без мужчын – што тое вяселле без музыкі».
На пачатку вывучэння апавяданняў I. Чыгрынава вучням варта прапанаваць табліцу, запаўненне якой будзе адбывацца падчас аналізу твораў. Пажадана, каб запаўненне табліцы было заснавана на ўласных назіраннях-разважаннях вучняў, падмацаваных цытатамі з апавяданняў. Такая работа створыць умовы для разумення вучнямі тых змен (і іх прычын), якія прынесла вайна ў душэўны свет чалавека, дапаможа на канкрэтных прыкладах усвядоміць каштоўнасныя арыенціры людзей розных пакаленняў і суаднесці гэтую сістэму з сучасным светапоглядам.
Табліца. Каштоўнасныя арыенціры герояў малой прозы I. Чыгрынава.
Каштоўнасці | Арыенціры герояў | ||
да вайны | у час вайны | пасля вайны | |
каханне | |||
сям’я | |||
дзеці | |||
дом | |||
дабро – зло | |||
жыццё – смерць | |||
гераічны ўчынак – здрадніцтва – раўнадушша | |||
сяброўства | |||
грамадзянскі абавязак | |||
якасці характару | |||
адданасць роднаму краю | |||
захаванне прыроды | |||
матэрыяльная забяспечанасць | |||
кар’ера | |||
«Дзівак з Ганчарнай вуліцы». «У ціхім тумане». «Ішоў на вайну чалавек» |
Кацярына Ермаковіч, 2016 г.
(З вопыту працы)
Водгук – своеаеаблівая індывідуальная рэакцыя таго, хто яго піша, на прачытанае. За дваццаць гадоў працы ў школе я зразумела, што напісаць яго могуць далёка не ўсе вучні, а многія ўвогуле не разумеюць, што там павінна быць адлюстравана.
У курсе навучання беларускай мове адведзена толькі адна гадзіна для падрыхтоўкі да напісання гэтай творчай работы. Таму, бясспрэчна, напісанне водгуку – своеасаблівы вынік працяглай навучальнай дзейнасці, ён вымагае ад вучняў дасканалага ведання мастацкіх тропаў, умення шматаспектнага аналізу твора, належнай чытацкай культуры, крэатыўнасці і эмацыянальнасці. На практыцы ўпэўнілася, што амаль усе ўрокі мовы і літаратуры пэўным чынам дапамагаюць паспяховаму напісанню водгуку як віду творчай працы або этапу алімпіяднай дзейнасці.
Вельмі значным, на мой погляд, з’яўляецца засваенне вучнямі асноўных крытэрыяў-патрабаванняў для грунтоўнага напісання водгуку.
Узгадаем базавыя:
Уменне выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку твора.
Уменне бачыць аўтарскую пазіцыю.
Уменне абгрунтаваць ацэнку прачытанага.
Уменне вызначаць ролю сюжэта, кампазіцыі, вобразных сродкаў.
Моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку.
Пісьменнасць.
Творчы характар работы.
На мой погляд, вучням трэба добра запомніць гэты своеасаблівы план, кіравацца ім пры напісанні работы, захоўваючы адпаведную паслядоўнасць.
Пасля знаёмства з асноўнымі патрабаваннямі да падрыхтоўкі водгуку настаўнік папярэджвае пра магчымыя пралікі і памылкі пры выкананні работы. Сярод асноўных можна назваць адсутнасць аналізу мастацкіх сродкаў, недакладнасць у выяўленні аўтарскай і асабістай пазіцый, празмерную пафаснасць і ўзнёсласць пры пабудове сказаў, ужыванне слоў-штампаў, двухсэнсоўнасць, нелагічнасць, пераход ад аналізу тэксту да аповеду пра асобу аўтара або да сціслага пераказу тэксту ці празмернага цытавання і г. д.
Істотны недахоп – неапраўдана вялікі аб’ём водгуку, яго расцягненасць. Гэта тлумачыцца тым, што аўтар імкнецца выкарыстаць усю інфармацыю, якая толькі прыйшла на памяць, але пры гэтым зусім не звязана са зместам. Часта адсутнасць адпаведных чытацкіх кампетэнцый і дасведчанасці не дазваляе вучням распазнаць жанравую спецыфіку твора, параўнаць яго з іншымі творамі прапанаванага аўтара, з тэматычна блізкімі творамі іншых беларускіх або сусветна вядомых пісьменнікаў. Таму вельмі важна праз усе ўрокі мовы і літаратуры праводзіць ідэю самаўдасканалення кожнага з вучняў, неабходнасці ўласнага чытацкага росту і пашырэння кругагляду. А вось сама па сабе арфаграфічная, пунктуацыйная, моўная, стылёвая падрыхтоўка – вынік штодзённай пільнай і ўпартай працы, бо пісьменнасць ва ўсіх яе праявах – адзін з асноўных крытэрыяў пры ацэньванні работы ў цэлым.
Водгук найбліжэй сярод усіх творчых работ да сачынення-разважання, якое патрабуе нязмушанага выкладу ўласных думак, доказнага іх абгрунтавання. Задача водгуку не ў тым, каб пераказаць тэкст, а расказаць пра яго, пра аўтара, пра падзеі і з’явы, што адлюстраваны ў творы, пра пачуцці і эмоцыі, якія ён выклікаў.
Водгук – гэта індывідуальнае асэнсаванне таго, што і як сказаў аўтар, здольнасць інтэрпрэтаваць «праз сябе», падмацоўваючы кожнае ўласнае меркаванне з дапамогай чытацкіх уменняў, літаратурных ведаў і лінгвакультуралагічных кампетэнцый, а гэта немагчыма без грунтоўнага авалодання прыёмамі аналізу твора, навыкамі стварэння ўласных тэкстаў.
На жаль, нават старшакласнікі не заўсёды ўмеюць аналізаваць творы, учытвацца і ўглядацца ў іх змест. Тое, што аўтар часам хавае за пэўнымі словамі ці паміж радкоў, у падтэксце, што ўвасабляе ў структуры сказаў і іх афармленні, вучням не заўсёды добра бачна і зразумела. У сваёй практычнай дзейнасці пачынаю менавіта з гэтага: бяру празаічныя творы параўнальна невялікага аб’ёму і стараюся вучыць дзяцей чытаць «паміж радкоў». Такі від дзейнасці – толькі невялічкі этап усёй зладжанай, узаемазвязанай сістэмы па развіцці чытацкіх уменняў і літаратурных уяўленняў вучняў, накіраванай на авалоданне імі вопытам творчай дзейнасці.
Прапаную вашай увазе аналіз апавядання I. Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» як варыянт своеасаблівага падрыхтоўчага этапу да напісання непасрэдна водгуку.
УЗОР ВОДГУКУ
«Ішоў на вайну чалавек»… Назва твора ўяўляе просты двухсастаўны сказ, у якім, апрача дзейніка і выказніка, ёсць і акалічнасць месца «на вайну». На мой погляд, ужо з гэтага яскрава бачна, куды накіроўваецца наш герой і што выбару ў яго няма.
Назва – сказ самы звычайны, як, напэўна, звычайнай была і тая сітуацыя, калі ў час Вялікай Айчыннай вайны звычайны чалавек павінен быў зрабіць выбар і пайсці на абарону сваёй Радзімы.
У самым пачатку апавядання ўжыта словазлучэнне «апошнюю капу», якое ўказвае на закончанасць штодзённай, звычнай для героя працы, а таксама з’яўляецца прадвесцем таго, што ў апошні раз мірная праца – праца звычайная.
Герой як бы хоча наталіцца шчаслівым жыццём: «…увайшоў у сенцы, пастаяў там… і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку…», «пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы…». Такія штодня звыклыя рэчы цяпер чамусьці сталі занадта прыемнымі, усё робіцца нетаропка, бы на развітанне. Аўтар тэксту гэтым самым як бы папярэджвае нас аб тым, што расстанне блізка, яно няўхільнае.
Далей ужываюцца назоўнік «трывога» і словазлучэнні «заплаканы твар», «баючыся падняць вочы», якія спрыяюць узмацненню пачуцця нейкай навіслай, яшчэ дрэнна зразумелай, маўклівай небяспекі.
Дзеясловы атрыбуцыі дыялогу «здарылася» і «ўздыхнула» – быццам дзейсныя пытанні-адказы, якія папярэджваюць пра тое, што вось-вось абрынецца на людзей.
Ланцужком можна падаць наступныя дзеясловы: «паціснуў», «заўважыў», «падышоў», «паглядзеў», «прынесла», «адказала» і «заплакала». Усе яны – прошлага часу, два апошнія – у дачыненні да жонкі, іншыя – у дачыненні да галоўнага героя. У яго ўсё ў мінулым, а без яго, мужа, і яе шчаслівае жыццё – таксама мінулае.
Герой двойчы перачытвае павестку, быццам хоча адшукаць там памылку: яна не яму прызначана, гэта не з ім адбываецца.
Аўтар скарыстоўвае ў творы параўнанне «плакала, як па нябожчыку». «Гэта і бянтэжыла Ігната і злавала». А нам, чытачам, напэўна, даецца магчымасць уявіць хуткі фінал гэтай гісторыі – смерць героя.
У тэксце з’яўляецца відазмененая назва апавядання: «…на вайну ісці – не жыта малаціць». Гэты сказ па сваёй структуры нагадвае прыказку: народная мудрасць указвае на тое, што можа чакаць Ігната (і «ўсмешка» яго тут не да месца!).
З гэтага моманту ў тэксце твора прысутнічае слова «вайна»: «прасядзець вайну дома», «гэтае вайны хопіць на ўсіх». Здавалася, да гэтага героі імкнуліся не прамаўляць яго: жылі «ў чаканні», і павестка «была не такая ўжо нечаканая». Звяртаюць увагу словы рознага сэнсавага напаўнення: «чаканы» – «нечаканы». А між імі – трагедыя вайны, да якой, чакай – не чакай, чалавек не можа быць падрыхтаваны поўнасцю, бо гэта супярэчыць яго прыродзе. Таму Ігнат пастаяў трохі, задуменны, «расчулены». I жанчына плача, «пацішэла, быццам спалохалася чаго», «прытулілася да мужа», «уздыхнула».
Тэкст перанасычаны дзеясловамі – мы чакаем ад герояў дзеяння.
Гераіня нібы малое, безабароннае, пакрыўджанае дзіця, якое заяўляе насуперак усяму гору: «”А я і не плачу”, – сказала і зноў заплакала».
Героі ў развагах… А «да вечара было яшчэ далёка…», нібы дзень гэты значна пабольшаў з прычыны таго, што ён быў апошні мірны, шчаслівы.
У Ігната процьма работы, але цяпер усім «давядзецца займацца жонцы». I ад гэтага герой твора адчувае на сабе яшчэ нейкую большую віну, дакладна і не ўсведамляючы, у чым яна.
Са з’яўленнем у хаце дзяцей слова-маркер «вайна» прысутнічае і гучыць паўсюль: «бацька ідзе на вайну», «і табе на вайну», «і ты ідзеш на вайну», «Віцькі Панаськавага бацька на вайне, у Мішкі Блінава – на вайне», «не на вайне»… Вайна пранізала і азмрочыла ўсё навокал – яна, здавалася, напоўніла сабою Сусвет.
I ў гэтым трагедыя ўсіх і кожнага!
У тэксце шмат сказаў са шматкроп’ем: «Патрохі ўжо збірала б мяне… На фронт таксама па-людску трэба выпраўляць…»; «Ты вось што, Ігнат… Але ж дзе там…» Яны ўказваюць на недагаворанасць таго, што робіцца відавочным.
«”Вось добра, што і ты ідзеш на вайну!” – узрадаваўся сын» – такі алагізм ужывае аўтар тэксту невыпадкова: вайна з ног на галаву перакуліла ўсё на свеце. Дзіця радуецца за бацьку, бо, напэўна, канчаткова не разумее магчымасці страты роднага.
Адно адзінае слова «па-чалавечы» месціць у сабе ўсю веліч і чысціню ўзаемаадносін мужа і жонкі. Здавалася б, ну як яшчэ могуць жыць між сабою людзі, як не «па-чалавечы». Але як нам гэтага бракуе ў жыцці!
А яны жылі так, што «цяпер не было за што дакараць сябе». Шчаслівыя людзі!
Нідзе прама аўтар не характарызуе жонку Ігната. Уся яе сутнасць бачна з учынкаў: як клапатліва ставіцца да мужа і дзяцей, да жабрака, які знарок зайшоў да іх. Таму, можа, і надзейна пакідае герой хату – разлічваць ёсць на каго…
Апошняя ноч дома – ноч-нудота: «злез з ложка, адзеўся і выйшаў на ганак». На двары было так незвычайна, як, здавалася не было за ўсё яго свядомае жыццё: «ноч плыла», «ноч дыхала», «зямля пахла». Метафары ў спалучэнні з эпітэтамі «старожкая ноч», «пахаладзелая зямля», «неспакойны дзень» дапамагаюць аўтару перадаць горыч расстання героя з усім тым, што пакідае ён назаўсёды…
I празмерная «такая цішыня» звычайна заўжды бывае перад бурай. Яна чакае героя наперадзе.
Зайцы «наядаліся» пра запас, а герой «пра запас» мілаваўся ўсім тым, што вымушаны быў страціць…
«Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена…» пераклікаецца ў канцы твора са сказам: «…усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена». Усё застаецца ў мінулым, не вернецца найлепшы час жыцця і мірнай працы.
Чалавек на развітанне быццам на хвіліну зліўся з прыродай, стаў яе часцінкай, што ў тэксце твора перадае параўнанне: «Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу». Сплаканая жонка больш не плакала (часова!), ды «ён пачуў за спіной немы плач», калі паскорыў крок…
Апавяданне завяршаецца зноў змененай назвай твора: «…ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек». Часціца «яшчэ» чытачам указвае на тое, што будзе жыццё Ігната не апошняю ахвярай, сплачанай людзьмі вайне. «Яшчэ адзін» і яшчэ не адзін мільён загіне на вайне. I доўжыцца гэта будзе да таго часу, пакуль вайна не знікне як найвялікшае зло… А ці магчыма гэта калі-небудзь? Наўрад ці…
А.Н. Прохарава, 2016 г.
Першыя творы Івана Чыгрынава (21.12.1934 – 5.01.1996), а былі гэта вершы, з’явіліся ў друку яшчэ ў 1952 г., але ўжо ў студэнцкія гады ён стала перайшоў на прозу. Яго першае апавяданне надрукавана ў газеце «Чырвоная змена» ў 1957 г. У 1960-я гг. ён зарэкамендаваў сябе як адзін з цікавых і арыгінальных навелістаў, рэгулярна змяшчаючы творы на старонках перыядычнага друку. Сталасць празаіка пацвердзілі зборнікі «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973).
Іван Чыгрынаў заглыбляўся пераважна ў той аспект вайны, які быў звязаны з вёскай, адкуль усе мужчыны пайшлі на фронт, а ў хатах засталіся жанчыны, дзеці ды старыя людзі. «Але былі людзі не толькі на вайне, але і ў вайне. Мяне больш за ўсё займала тое, як яны паводзілі сябе пад акупацыяй», – гаварыў пісьменнік. У яго ёсць апавяданне пра пачатак вайны («Ішоў на вайну чалавек»), пра сустрэчу салдат на вызваленай зямлі («Бульба»), пра ўплыў ваенных падзей на лёсы людзей у пасляваенны час («За сто кіламетраў на абед», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», «У ціхім тумане»). Можа, найбольш характэрнае для пісьменніка апавяданне «Варажба», якое стала адным з раздзелаў рамана «Плач перапёлкі» (1972). Потым былі напісаны раманы «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1991), «Не ўсе мы згінем» (1996). У раманнай пенталогіі назіраецца імкненне ахапіць увесь перыяд жыцця людзей у час вайны – ад лета сорак першага да лета сорак чацвёртага, да вызвалення Беларусі. Усім зместам твораў I. Чыгрынаў сцвярджаў ідэю няскоранасці і неўміручасці народа.
У 1980–1990-я гг. пісьменнік звярнуўся да драматургіі. Ён напісаў больш за дзесяць п’ес, у асноўным прысвечаных мінуўшчыне нашай радзімы, пераломным гадам яе гісторыі. «Я адчуў, – зазначаў І. Чыгрынаў, – што цяпер вельмі патрэбны творы, якія павінны рэканструяваць гісторыю нашага народа. Патрэбны жывыя ілюстрацыі. Не ўслед за гісторыкамі, а ў першыню самім дадаваць гістарычныя пласты і ўвасабляць у мастацкія вобразы». Драматычныя творы якраз і цікавыя жаданнем сказаць сваё слова пра многія вызначальныя падзеі («Звон – не малітва», «Следчая справа Вашчылы», «Чыстыя рэкі і мутныя воды», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» і інш.).
Пісьменнік выступаў у друку з артыкуламі пра надзённыя праблемы літаратурнага жыцця, сведчаннем чаму ўжо назвы кніг, у якіх сабраны яго выступленні і артыкулы «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). Іван Чыгрынаў – адзін з аўтараў сцэнару шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць» (1977).
Пытанні
Да якога пакалення беларускіх пісьменнікаў належыць Іван Чыгрынаў?
Што асабліва ўплывала на фармаванне яго як мастака слова?
Чаму ваенная тэма стала вядучай у творчасці I. Чыгрынава? Які аспект вайны ён імкнуўся паказаць у сваіх творах?
Чым быў выкліканы зварот пісьменніка да драматургіі?
Якое месца, на вашу думку, належыць Івану Чыгрынаву ў беларускай літаратуры?
АПАВЯДАННЕ «ДЗІВАК З ГАНЧАРНАЙ ВУЛІЦЫ»
Ідэйная аснова апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1961) (першапачаткова твор друкаваўся пад назвай «Птушкі ляцяць на волю») выяўлена ў заключным падсумаванні: «Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва, калі на душы». Усім зместам твора пісьменнік пераконвае ў правамернасці гэтай сумнай высновы праз паслядоўную і ўзважаную споведзь героя-апавядальніка, які зацікавіўся старым Дземідзёнкам. Ён меў, на думку жыхароў невялікага гарадка, не зусім зразумелае дзівацтва: купляў птушак і выпускаў іх на волю. З гэтага пацяшаліся хлапчукі, а некаторыя людзі выкарыстоўвалі дзівацтва старога чалавека ў сваіх мэтах. Яны лавілі вераб’ёў ды прадавалі іх за грошы дзеду. Апавядальнік пазнаёміўся і паразумеўся з Дземідзёнкам. Так ён даведаўся пра прычыну яга дзівацкіх паводзінаў, за якімі хаваецца вялікае гора. I звязана яно з вайной.
Твор нагадвае па будове своеасаблівае апавяданне ў апавяданні. Яго вызначальны эпізод – падзеі ў час вайны, пра якія Дземідзёнак расказаў апавядальніку. Гэтыя падзеі і пакінулі надзвычай глыбокі адбітак на ўсім далейшым жыцці старога чалавека.
Да вайны Дземідзёнак працаваў лесніком і жыў у старожцы адзін. Калі пачалася вайна, да яго з горада завітала дачка, пакінула сваю дачку, трохгадовую Аленку, а сама пайшла далей, «туды, куды ішлі ўсе». Да лесніка спачатку прыйшлі партызаны, але потым яны накіраваліся за возера, дзе сталі жыць у зямлянках. Паступова пісьменнік падводзіць да непазбежнасці трагедыі, якая адбылася ў лесе: «Зіма тая выдалася лютая, снежная. Мароз лез ва ўсе шчыліны, і ў старожцы даводзілася круглыя суткі паліць у печы. Дзед з унучкай з нецярплівасцю чакалі цеплых дзён».
Але аднойчы ў старожку ўварваліся немцы. Яны забралі лесніка з сабою, а малая дзяўчынка засталася адна ў халоднай леснічоўцы. Дземідзёнка працяглымі катаваннямі прымушалі выдаць партызанскі лагер, але ён маўчаў. «А ўначы, калі выпадала хвіліна заснуць, яму снілася ўнучка і тая прыцярушаная снегам сцежка, якая вяла праўз возера да партызанскіх зямлянак. Ён яшчэ спадзяваўся, што адтуль па гэтай сцежцы прыйдуць па дзяўчынку і з ей нічога не станецца». Калі праз два тыдні Дземідзёнак вярнуўся, то не знайшоў нідзе сваёй унучкі: «На падлозе ляжала адна скалелая сініца. Калі і як яна заляцела сюды, – Дземідзёнак не ведаў».
Трагічныя падзеі падчас нямецкай акупацыі з’яўляюцца, такім чынам, вызначальнымі ў ідэйным змесце твора. Пісьменнік асуджае вайну, ахвярамі якой станавіліся дзеці, асуджае жорсткасць і бесчалавечнасць фашыстаў, адзіных віноўнікаў таго страшнага здарэння, якое адбылося ў лясной хаціне. Перажыўшы вялікае, несуцешнае гора, стары чалавек нібы скамянеў, стаў маўклівым і адзінокім. Балючая памяць пра ўнучку нідзе не давала яму спакою. Яму ўвесь час бачылася адно і тое: халодная старожка, у якой засталася адна малая дзяўчынка, і мёртвая сініца на падлозе, што так і не змагла вырвацца на волю. Гэтая мёртвая птушка, што скалела ад холаду і голаду, увесь час нагадвае Дземідзёнку ўнучку, чый лёс быў, безумоўна, не менш трагічны. Выпускаючы птушак на волю, стары чалавек перажываў сапраўдную радасць: «Ен з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, порхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся». Дзед не мог не разумець, што ён не мае непасрэднай віны ў трагічным лёсе ўнучкі, ды ўсё роўна яму ад гэтага не было лягчэй. Дземідзёнак усё яшчэ нібы жыў у тым часе, калі не стала Аленкі. Яму здавалася, што ратуючы птушак, ён меў яшчэ нейкую надзею. Калі жывыя птушкі вылятаюць на волю, то, можа, дзесьці жыве і яго ўнучка.
Апавядальнік, падзяляючы гора старога чалавека, спрабуе дапамагчы яму. Ён сказаў гараджанам пра прычыны дзівацтва Дземідзёнка, і людзі перасталі пацяшацца з яго. Але і перасталі прадаваць птушак. Дземідзёнак яшчэ больш скамянеў, ужо не выяўляў якой-небудзь зацікаўленасці да жыцця, бо ў яго адабралі апошнюю радасць, апошнюю надзею. «Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час», – гаворыць Дакуліха, гаспадыня хаты, дзе кватараваў Дземідзёнак.
Цяпер апавядальнік разумее сваю віну. Ён хацеў зрабіць як лепш, але так «няўдала ўзяўся за гэта». Балючую душэўную рану нельга вылечыць, адбіраючы тое, што давала апошнюю надзею і прыносіла адзіную радасць. Адсюль і адчуванне апавядальнікам сваёй відавочнай віны: «Пакідаў я Дакуліхіну хату прыніжаны і разгублены». У выніку ён і прыходзіць да сумнай высновы, што «не кожная рана паддаецца лекам».
Апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» – гэта твор пра балючую памяць вайны, пра неабходнасць разумення чужога гора, пра чуласць у адносінах да тых спакутаваных душ, якім вялікае гора і пасля вайны ўсё яшчэ не давала спакою.
Пытанні
Якая, на вашу думку, назва (першапачатковая ці апошняя) больш адпавядае зместу твора?
Як ставіліся жыхары гарадка да некаторых дзівацтваў старога чалавека? Хто з іх імкнуўся зразумець, чым гэта было выклікана?
Як перадае пісьменнік адчуванне трывогі за лёс дзеда і ўнучкі ў час вайны?
Чаму спроба апавядальніка дапамагчы Дземідзёнку прыводзіць да адваротных вынікаў? Які ўрок атрымаў сам апавядальнік?
Вызначце ідэйны змест твора. Як пісьменнік перадае глыбіню той трагедыі, якая адбылася ў час нямецка-фашысцкай акупацыі?
Чаму, на вашу думку, Іван Чыгрынаў выбраў апавяданне ад першай асобы? Як гэты прыём спрыяў раскрыццю ідэі твора?
Якія яшчэ творы пра дзяцінства ў гады ваеннага ліхалецця вы ведаеце? Што агульнага ў лёсе дзяцей у гэтых творах?
АПАВЯДАННЕ «У ЦІХІМ ТУМАНЕ»
Ідэйны змест твора. У апавяданні «У ціхім тумане» (1963) спачатку гаворыцца быццам пра самыя звычайныя, будзённыя з’явы. Старая Рэйдзіха ішла ў далёкую царкву праз вёску Бароўку. Быў ужо вечар, таму яна шукала нейкага прытулку на начлег, і Тараськова Ганна, якая сустрэла яе каля вёскі, загаварыла з ёй.
Тым не менш адразу адчуваецца, што сустрэча ўзрушыла Ганну. Пра гэта сведчаць яе першыя словы, калі яна пазнала Рэйдзіху: «Божа мой… Гэта ж Рэйдзіха!.. – Яна адкінула ўбок граблі і ўтаропіла на яе свае здзіўленыя вочы, як на нейкі прывід». Гэты прывід мог з’явіцца аднекуль з мінуўшчыны як напамінак пра нейкія трывожныя падзеі, вядомыя абедзвюм жанчынам. Не менш дзіўнай выглядае і першая рэакцыя Рэйдзіхі, якая нібы адчувае сваю віну перад Ганнай: «Ганна!.. – сказала яна ціха, амаль прашаптала. I раптам заплакала, схапілася за фартук і пачала выціраць слёзы».
Сустрэча стала такой нечаканай для жанчын, што яны відавочна разгубіліся: «Рэйдзіха ўсхліпнула, а Ганна стаяла, бы скамянелая, і не ведала, што рабіць». Потым яны разгаварыліся. Ганна сама прапанавала старой жанчыне заначаваць у яе, але ўжо адчуваецца – паміж імі стаіць нешта такое, што не дае ім спакою, бо нагадвае пра вельмі балючыя падзеі.
Пісьменнік праз выразныя мастацкія вобразы і запамінальныя дэталі яшчэ больш паглыбляе адчуванне чагосьці трывожнага, трагічнага. Гэта і рэдкі, як дым, туман, што напаўзаў на вёску з балота, і дзве качкі-мацярухі, якія доўга кружылі над возерам, баючыся садзіцца на ваду. Асабліва запамінаецца «маленькае воблачка» на захадзе: «Знізу на яго яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца, і таму здавалася, што яно крывавіць». Ганна ўсё яшчэ адчувала прыкрасць да старой жанчыны. Яна нагадвала ёй нейкую вялікую птушку, скінутую «аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць падаць, неяк затрымацца хоць тут на зямлі».
Ідэйную аснову твора, як і папярэдняга, таксама вызначаюць падзеі ваеннага часу. У час вайны Якаў, сын Рэйдзіхі, з’явіўся ў Бароўцы з карнікамі-фашыстамі. Яны павесілі Ганнінага бацьку, старога Тараська, а вёску дашчэнту спалілі. Пазней партызаны злавілі Якава і застрэлілі яго на краі балота, «там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада».
Гэтыя падзеі прыгадваюцца Ганне пасля сустрэчы з Рэйдзіхай. Ганна разважае над сваімі адносінамі да яе. Жанчыне здаецца, што яна паводзіць сябе перад Рэйдзіхай так, «быццам у нечым была вінаватая перад ёй». Ганне хацелася, каб старая хутчэй сышла з двара, але ўсё ж не прыспешвала яе. Яна думала і пра тое, што скажуць аднавяскоўцы, «хоць ведала – ніхто не будзе дакараць яе, бо кожны на яе месцы зрабіў бы тое самае». Ганна разгадала і пэўную хітрасць Рэйдзіхі, бо царква ў Забор’і, куды ёй хацелася трапіць, даўно ўжо зачыненая.
Рэйдзіха ніяк не можа сказаць, чаго яна прыйшла ў вёску. Яна плача, ходзіць «босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона», камячыць у руках хустку-гарусоўку. Старая адчувае пэўную разгубленасць, але, як высвятляецца, хоча пабыць на тым месцы, дзе быў пакараны смерцю яе сын. Ідучы туды, яна выбрала такую дарогу, каб не сустракацца з людзьмі на вуліцы. Пісьменнік дадае яшчэ некалькі выразных штрыхоў як да адчування таго, што адбываецца, так і да агульнай ацэнкі мінулага. Мясцовы хлопчык не ведае дакладна, дзе застрэлілі Якава, а яго сабака стаў рыць зямлю, «і хутка з-пад яго вострых кіпцюроў пасыпаўся, як руда, балотны пясок». Сама Рэйдзіха дарэмна «намагалася награбсці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок».
Канфлікт у творы мае выразны маральны характар. Пісьменнік ставіць рытарычнае пытанне: «Але ці такая ўжо кароткая памяць у гэтых людзей?» – і ўсім зместам твора ён імкнецца даць на яго адказ. Усе праблемы, такім чынам, зводзяцца да аднаго пытання: пакажуць ці не пакажуць Рэйдзісе жыхары вёскі магілу яе сына-здрадніка. Урэшце яна трапіла туды, куды так намагалася трапіць. Але з гэтага не вынікае, што людзі ўжо забылі пра ваенных злачынцаў. Пазіцыю жыхароў Бароўкі Рэйдзіха добра ўсведамляла: «старая горбілася, спатыкалася, але ўсё прыбаўляла кроку, быццам уцякала куды, чуючы за сваёй спіной буру». Здраднікам няма даравання, але «бура» не грымнула. Ніхто з людзей не хоча і не можа зводзіць нейкія рахункі са старой жанчынай, мацярынскія пачуцці якой і прывялі яе ў вёску шукаць сынаву магілу. Ды ніякага знаку на зямлі не засталося ад Якава, нават магільнага курганка там, дзе яго кроў змяшалася з балотнай іржавай рудой. Само жыццё пакарала яго маці, якая дажывае свой век у журботнай адзіноце, што адразу зразумела чулая Ганна. Яна «ўважліва паглядзела ёй у твар – зусім ужо стары, збляклы, з маленькімі вачмі, у пустэчы якіх правальваліся ўсе яе патаемныя думкі».
Туман, які ахутваў вёску ў той вечар, – гэта своеасаблівы сімвал таго, што адбываецца. Туман, як дым, вяртае ў тое мінулае, калі гарэла вёска. Людская памяць захоўвае добрае і дрэннае. Паміж жыхарамі Бароўкі (ад іх імя выступае Ганна) і Рэйдзіхай няма і пакуль не можа быць поўнага паразумення з-за жорсткасці яе сына-здрадніка. Ды туман усё ж ужо ціхі і рэдкі, нібы сведчанне таго, што няма ўжо варажнечы да яе, калі людзі пракліналі забойцу, які на загад акупантаў стаў вешаць сваіх аднавяскоўцаў, «і маці, якая нарадзіла яго».
Так і ідзе жыццё быццам у тумане. Людзі бачаць адзін аднаго, але ўвесь час адчуваецца холад у дачыненнях паміж імі. Не заўсёды можна неяк улагодзіць і прымірыць гэтыя пачуцці: праклён да забойцы і цяперашняе стаўленне да старой жанчыны, яго маці. Ганна ўрэшце і падсумоўвае падзеі, сцвярджаючы асноўную ідэю твора: «Ды ці заўсёды дойдзеш да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш?»
Пытанні
Чаму Ганна і Рэйдзіха адчуваюць няёмкасць і разгубленасць пры сустрэчы? Як гэта выяўляецца праз паводзіны і гаворку кожнай з жанчын?
Пры дапамозе якіх мастацкіх дэталяў і вобразаў перадаецца наяўнасць нейкіх трывожных падзей, звязаных з лёсамі жыхароў вёскі і Рэйдзіхі?
Чым выклікана тая «бура», якую адчувае старая жанчына? Ці разумее яна сваю пэўную віну перад людзьмі?
Якія малюнкі прыроды, вобразы-сімвалы, яскравыя дэталі дапамагаюць зразумець і трагедыю ваеннага часу, і сучаснае стаўленне вяскоўцаў да Рэйдзіхі?
Чаму пераважна Ганна ад імя аднавяскоўцаў вызначае адносіны да Рэйдзіхі? Чаму ёй цяжка прыйсці «да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш?»
Вызначце ідэйны змест твора. Наколькі дакладна яго назва адпавядае зместу?
Што новае ў асэнсаванні складаных праблем ваеннага часу ўносіў у літаратуру Іван Чыгрынаў?
Сюжэт і кампазіцыя твора. Апавяданне «У ціхім тумане» вызначаецца складанасцю кампазіцыйнай пабудовы. У аснове яго сюжэта – адзін з эпізодаў пасляваеннага жыцця ў вёсцы Бароўка. Аднойчы вечарам у вёску прыйшла старая жанчына Рэйдзіха, а на другі дзень яна ідзе на тое месца, дзе партызаны пакаралі ў час вайны яе сына-здрадніка.
Але паслядоўнае храналагічнае дзеянне перарываецца рэтраспектыўнымі малюнкамі, у якіх даецца перадгісторыя падзей. Яны надзвычай важныя ў агульнай структуры твора для разумення ўзаемаадносінаў паміж яго галоўнымі персанажамі. Паколькі ўся вёска актыўна абмяркоўвала прыход Рэйдзіхі, «і ў кожнай хаце толькі і гаварылі пра гэта», пісьменнік дае сціслае падсумаванне размоў жыхароў Бароўкі.
Так ствараецца своеасаблівае апавяданне ў апавяданні пра сям’ю Лазара Рэйды. Яно дапамагае зразумець прычыны падзення яго сына Якава, які ў час вайны стаў здраднікам. Усе эпізоды твора нібы аб’ядноўваюцца вакол тых ваенных падзей, калі сын Рэйдзіхі разам з карнікамі паліў вёску і вешаў яе жыхароў. Пазней яго расстралялі партызаны тут, у Бароўцы, «на краі бярозавага балота».
Якаваў бацька Лазар Рэйда да рэвалюцыі быў панскім лесніком. Ён не дазваляў сялянам карыстацца лесам, а сам трымаў кароў і коней, таму паступова так разбагацеў, што нават хацеў купіць у пана яго маёнтак. Эгаізм і сквапнасць вызначалі яго паводзіны і пазней. Ён заўсёды імкнуўся службовую справу прыстасаваць да сваіх асабістых патрэбаў. Пасля рэвалюцыі ён заставаўся лесніком, але стаў прадаваць казённы лес і страціў пасаду. Бароўцы, якія яго не любілі, не захацелі «пацясніцца», каб ён пабудаваў хату ў вёсцы, таму Рэйду давялося сяліцца «за каўратамі».
Падчас калектывізацыі ён не ўступіў у калгас, чым перашкаджаў начальству, «якому патрэбны быў у калектывізацыі поўны працэнт». У творы няма адназначнага адказу на пытанне, ці вінаваты Рэйда ў падпале калгаснага кароўніка. Хто ведае, можа, яго арыштавалі таму, што яго двор «не даваў выканаць план» калектывізацыі, разважае пісьменнік. Рэйдзіха з сынам адразу ж, ратуючы сваё дабро ад раскулачвання, кудысьці з’ехалі.
Іван Чыгрынаў, здаецца, прыводзіць толькі адну прычыну таго, што прывяло Якава да здрадніцтва, – уплыў бацькавага выхавання. «Рэйдзішын сын, ціхі і непрыкметны чалавек, якога ніколі не было відаць з-за бацькавай спіны, апынуўся раптам у немцах». Гэты выраз «апынуўся раптам у немцах» перадае здзіўленне аднавяскоўцаў, якія не маглі даўмецца, чаму Якаў стаў здраднікам. Але тым, што ён увесь час хаваўся за бацьку, сцвярджаецца, што ён падзяляў яго стаўленне да людзей і да жыцця ў цэлым. Лазар Рэйда лічыў, што ён умее жыць лепш, чым іншыя, не адчуваў неабходнасці быць чулым да людзей і кіравацца патрэбамі калектыву. Успомнім, што і маці Якава разумее стаўленне людзей да яе сына, аднак не просіць у іх прабачэння за яго злачынствы. Якаў, відаць, захаваў злосць на аднавяскоўцаў за арышт бацькі і за свае паспешлівыя ўцёкі з вёскі. Але ж ён не мог не разумець, што непасрэднай віны людзей у гэтым не было. Тым не менш паводзіць сябе надзвычай жорстка ў дачыненні да іх.
Раздзел пра мінулае займае амаль палову твора. I, вядома, пісьменнік знайшоў належную кампазіцыйную форму, каб такі вялікі па ахопе жыцця матэрыял размеркаваць у жанравых рамках невялікага апавядання.
Калі ўлічыць, што Рэйдзіха прыйшла ў Бароўку праз трыццаць гадоў, то дзеянне адбываецца дзесьці на мяжы 50–60-х гг. XX ст. на працягу адных сутак, што, як ужо адзначалася, і складае сюжэт твора.
Спачатку пісьменнік знаёміць з вёскай Бароўкай (назва яе вельмі нагадвае назву роднай вёскі пісьменніка) у той момант, калі «неўзаметку асядаў вечар». Завязкай можна лічыць тое, што Ганна, убачыўшы Рэйдзіху, успрымае яе як нейкі прывід мінулага, як напамінак пра нейкае балючае здарэнне. У творы мала падзей. Канфлікт набывае больш маральна-псіхалагічны характар. Жанчыны ўвесь час побач, але дзеянне развіваецца марудна, бо Рэйдзіха доўга не адважваецца сказаць пра прычыну свайго з’яўлення ў вёсцы. Ганна ж не прыспешвае яе, каб яна ўрэшце пайшла з хаты. Кульмінацыя апавядання – просьба Рэйдзіхі, звернутая да Ганны, – «паказаць ёй сынаву магілу». Дзеянне дасягае найвышэйшага эмацыйнага напружання, бо вырашаецца, як, якім чынам жыхары Бароўкі паставяцца да маці здрадніка. Развязка даецца ў заключнай сцэне, калі Рэйдзіха на балотным дзірване дарэмна спрабуе абазначыць магілу сына. Сюжэт, такім чынам, адыгрывае важную ролю ў раскрыцці ідэйнага зместу твора. Паставіўшы персанажаў у няпростыя абставіны, пісьменнік акрэсліў характары кожнага з іх і выказаў сваё разуменне балючых падзей ваеннага часу, якія доўга яшчэ нагадваюць пра сябе.
Пытанні і заданні
У чым выяўляецца складанасць кампазіцыйнай пабудовы апавядання?
Якую ролю адыгрывае ў ідэйнай аснове твора рэтраспектыўны раздзел пра гісторыю сям’і Рэйдаў?
Што, на ваш погляд, было галоўнай прычынай здрадніцтва Якава? Аргументуйце свае меркаванні.
Вызначце найважнейшыя кампаненты сюжэта апавядання. Як спалучаюцца ў ім падзейная і псіхалагічная асновы?
Якая роля належыць сюжэту і кампазіцыйнай структуры твора ў раскрыцці яго ідэі?
Якое месца займаюць у творы зрокавыя малюнкі? Вусна намалюйце некалькі такіх малюнкаў, якія маглі б стаць ілюстрацыямі да апавядання.
Уладзімір Ануфрыевіч Лебедзеў – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1978). Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1966). Дацэнт кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Суаўтар падручнікаў «Родная літаратура: падручнік-хрэстаматыя для 9 класа» (1996, 2-е выд. 2000), «Беларуская літаратура: падручнік для 10 класа» (1997, 2-е выд. 2001), «Беларуская літаратура: падручнік для 11 класа» (1999), навучальна-метадычнага дапаможніка для настаўнікаў «Родная літаратура ў 9 класе» (2000).
Адзін з аўтараў і складальнікаў кніг «Беларуская літаратура ў святле новых фактаў і назіранняў» (1996), «Зямля, прырода, людзі ў духоўнай спадчыне Беларусі» (1999), «З прыродай зліўшыся душой» (2001), «Радаводнае дрэва Прыпяці» (2002), «Белавежская пушча ў духоўнай і культурнай спадчыне беларусаў» (2003).
Выдаў паэтычныя зборнікі «Восеньская ралля» (2004), «Верасовы разлог» (2005).
2007 г.
Біяграфічныя звесткі.
Апавяданне «Шукаючы скарбы» (1963). Праблема пераемнасці часоў: мінулага – рэвалюцыі – сучаснасці. Недастатковая культура і нізкі ўзровень свядомасці часткі працоўных мас – прычына няпоўнага здзяйснення рэвалюцыйных мэт і задач. Вобраз салдата Сямёна Патапчыка, якога рэвалюцыя павінна ўзняць да сапраўднага разумення сэнсу перамен. Ідэя звароту страчаных духоўных каштоўнасцяў у сучаснасці – галоўная ідэя твора.
Апавяданне «Маці» (1963). Праблема маральна-духоўных вынікаў Вялікай Айчыннай вайны. Імкненне пісьменніка пазбавіцца бела-чорнай танальнасці ў асвятленні адносін да ваенных падзей. Падтэкставая ідэя даравання памылковых людскіх лёсаў на аснове прынцыпаў чалавечнасці і народнага гуманізму. Беспадстаўная жорсткая крытыка афіцыйным друкам зместу апавядання.
Раманы «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1983). Маштабны паказ зараджэння масавага партызанскага руху на Беларусі падчас нямецкай акупацыі. Эпахальны характар раманнага мыслення: суаднясенне асобы чалавека з лёсам усенародным. Беларуская вёска як увасабленне спрадвечных народных і нацыянальных асноў жыцця. Трываласць і абмежаванасць гэтых асноў. Вобраз Дзяніса Зазыбы – абагульненне лепшых маральна-духоўных і сацыяльных рысаў чалавека з народа. Імкненне жыць, дапамагаючы людзям. Сумленнасць і натуральнасць яго адносін да жыцця. Палемічнасць вобраза Зазыбы: лёгкая згода пайсці на службу да немцаў як жаданне быць карысным сваім людзям. Сялянскі тып, які прадстаўляе Зазыба – надзейная апора партызанскага руху. Трагізм вобраза Зазыбы. Вобраз Чубара як антыпода Зазыбы. Фармальна-прынцыповы падыход да жыцця як унутранае выяўленне бяздзейнасці натуры і боязі жывой рэчаіснасці. Чубар – тыповы вобраз выканаўцы распараджэнняў, а не творцы жыцця. Антыгуманізм перакананняў. Склад характару Чубара як увасабленне амаральных прынцыпаў сталіншчыны. Спрошчанасць уяўленняў Чубара аб шляхах барацьбы з захопнікамі – тормаз на шляху разгортвання партызанскага руху. Ізаляванасць Чубара ад народнага жыцця. Вобраз сына Зазыбы – Масея, рэпрэсаванага органамі НКУС. Узаемаадносіны бацькі і сына – трагічнае выяўленне цяжкага часу.
Наватарства творчай задумы пісьменніка: адлюстраванне плыні народнага жыцця ў гады страшэнных сацыяльных катаклізмаў. Новае літаратурнае заглыбленне ў праблематыку Вялікай Айчыннай вайны.
Незавершанасць цыкла раманаў.
В. Каваленка, 1994 г.