ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

СЦЭНАРЫІ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

СЦЭНАРЫЙ

Юбілейная вечарына, прысвечаная 70-годдзю І.Г. Чыгрынава

 Афармленне: на задніку сцэны партрэт І. Чыгрынава, у фае размешчана кніжная выстава «Слова і лёс» (кнігі аб аўтары, яго творы і фотаздымкі).
Гучыць лёгкая беларуская мелодыя. На фоне музыкі гучаць словы дыктара:

«…Літаратурныя пенаты. Неадольна і глубока сваеасаблівае зачараванне гэтых шматлікіх памятных мясцін на карце нашай Радзімы. І кожны раз у любым з такіх непаўторных куткоў упэўніваешся у тым, як шмат дорыць пісьменніку родная зямля. Але і ён адказвае ёй тым жа, рана ці позна вярнуўшыся назаўсёды ва ўдзячнай памяці сучаснікаў туды, адкуль выходзіў калісьці ў няпросты творчы шлях».

Гасне святло. Пражэктар высвечвае партрэт пісьменніка. Дыктар працягвае:

Дыктар: Сярод літаратурных мясцін Касцюкоўшчыны, дзе гучаць галасы Куляшова, Русецкага, Пісьмянкова, Левановіча, Сяднёва, Піваварава значна разлічым гістарычны лад Івана Чыгрынава. Вытокі творчасці слыннага пісьменніка ляжаць у яго родным Вялікім Бары. У творчасці пісьменніка знайшлі адлюстраванне адносіны чалавека да зямлі, да нашага мінулага і да сённяшняга дня роднага краю.

ВЯДУЧЫ 1: а фоне дэманстрацыі дакументальных кадраў) У Вялікім Бары І. Чыгрынава сёння жыць небяспечна, таму і выехалі ўсе адтуль. Мёртвую вёску пахавалі ў зямлю. У Вялікім Бары, над Вялікім Борам, і вакол Вялікага Бору – стаіць загадкавая цішыня. Смяротны дождж пазбавіў Радзімы І. Чыгрынава. Ды хіба сэрцу загадаеш не наведвацца туды, дзе здаецца кожная сцежка памятае цябе? Хіба можа спыніць небяспека, калі ведаеш – гэта спатканне з зямлёй маленства абавязкова надасць табе яшчэ больш маральнай сілы і моцы, упэўненасці? Таму і наведваўся раз-пораз Іван Гаўрылавіч у свой Вялікі Бор. І адзін наязджаў сюды і з сябрамі-пісьменнікамі, калі пісьменніцкія шляхі-дарогі праходзілі побач з яго Радзімай.

ВЯДУЧЫ 2: У апошнюю паездку яны сустрэліся тут з маладзейшым сабратам, нашым земляком – Алесем Пісьмянковым, каб праехаць па куляшоўскіх мясцінах, паслухаць голас Бесядзі, уваспетай старэйшым паэтам, і наведацца ў свае родныя мясціны.

ВЯДУЧЫ 1: Цяжкія, яшчэ якія цяжкія, гэтыя марудныя крокі па роднай вёсцы. Ды і ці не ля кожнай пустой хаты хочацца затрымацца. І. Чыгрынаў ахвотна расказваў пра людзей, якія некалі тут жылі. Памяць у яго была здзіўляючая, таму ён прыгадваў не толькі аднагодкаў, а і старых… . Яны даўно адышлі ў іншы свет, а памяць… Памяць пакінулі пасля сябе добрую… .

Кадры з фільма

ВЯДУЧЫ 2: З усіх бакоў вёску атуляюць стромкія сосны. Наўкола, як кінуць вокам, лясы і лясы…. Наваколле да таго маляўнічае, што сама браць у рукі пэнзаль і класці мазок за мазком, паспяваючы занатоўваць гэтую харашынь. І нават не верыцца, што ўся гэтая прыгажосць – лес, рака, лугі – нясе ў сабе смяротную небяспеку, якая выпраменьваецца не адным дзесяткам кюры! Розум усё асазнае, але ж так прыцягвае да сябе Святое возера, чакаюць каля Бесядзі куляшоўскія сцежкі і мясціны.

ВЯДУЧЫ 1: А Алесь нешта засяроджана піша і піша ў блакноце. Затрымлівае ўвагу на чарговым радку, перакрэслівае, каб падабраць іншы, больш дакладны. Нарэшце задаволена адхінаецца на сядзенне машыны – паставіў апошнюю кропку.

 – Што там у цябе? – запытаў Чыгрынаў. Пісьмянкоў, нягледзячы ў блакнот, па памяці пачаў чытаць верш, які нарадзіўся тут, у чыгрынаўскіх мясцінах ….

Гучыць трывожная мелодыя; кадр з фільма аб Чыгрынаве. На яе фоне чытальнік чытае:

Чытальнік: «ВЯЛІКІ БОР» – Івану Чыгрынаву.

Над Вялікім Борам –
Над вялікім горам
Плача ў небе жораў.
Над палын-травой,
Над зямлёй сівой
Плач праносіць свой.
Вось Яўменаў двор ….
Вось Дзянісаў двор….
Вось Мікітаў двор….
Не відаць вясла,
Не гудзе пчала,
Не звініць піла.
Не шукай дарма.
Не гукай дарма –
Іх ужо няма.
Іхні дух да зораў
Адляцеў, як жораў,
Жораў, над Вялікім Борам.

ВЯДУЧЫ 2: І зноў цішыня… Толькі мерна працуе матор, каб хутчэй вырвацца адсюль, з чарнобыльскай зоны.  Цішыня…. Яе парушае голас Чыгрынава – «Дзякуй, Алесь! Дзякуй».

Гучыць мелодыя: гасне свет. Пражэктар высвечвае партрэт Чыгрынава… Чытальнік чытае верш.

ЧЫТАЛЬНІК:

Мой край, прапісан я навекі
На тых палях, дзе верасы
На золку ўзнімаюць вейкі
У спелых кропельках расы,
Да безымянных тых рачулак,
Што згубіліся ў бары,
Да тых лугоў, дзе веснім гулам
Звіняць крыніцы і вятры.
І мне з табой не давядзецца
Жыць у разлуцы і журбе:
Не штампам паспартным, а сэрцам
Навек прапісан да цябе….
Запальваецца свет. Выходзяць вядучыя

ВЯДУЧЫ 1: Іван Чыгрынаў – вядомы празаік, драматург, народны пісьменнік Беларусі, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева, член Саюза пісьменнікаў з 1964 года, ганаровы грамадзянін нашага горада – 21 студзеня яму споўнілася б 70 год!    

ВЯДУЧЫ 2: Касцюкаўчане з павагай ставяцца да творчасці свайго слыннага земляка. Таму і стала сапраўдным святам гэта юбілейная вечарына. Сягоння ў нас у гасцях творчая інтэлегенцыя горада, прыхільнікі таленту пісьменніка, настаўнікі і вучні школ.
Да нас прыехалі госці сталіцы: вядомыя літаратары, дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, цёпла і сардэчна мы вітаем на нашай вечарыне родных Івана Гаўрылавіча.

ВЯДУЧЫ 1: Мы запрашаем шаноўных гасцей падняцца на сцэну.

Родным пісьменніка, ад імя адміністрацыі горада ўручыць каравай, усіх пасадзіць за столікамі.

ВЯДУЧЫ 2: Імя Івана Чыгрынава вядома ўсім на Беларусі і многім за яе межамі. Як пісаў сам Іван Гаўрылавіч ён прайшоў і праехаў многа вялікіх і малых гарадоў, бачыў мноства рэк, такіх як Ніягара, Гудзон, Вісла, Дунай, Дняпро, Амур і Усуры…. Стаяў на беразе трох акіянаў. Абляцеў за два разы ледзь не ўвесь зямны шар. Убачанае ён параўноўваў з сваёй бацькаўшчынай, з маленькім куточкам на карце Беларусі – нашым краем, любоў да якога, светлым праменьчыкам, ён пранёс у сваім сэрцы праз усё жыццё.

ВЯДУЧЫ 1: Ад імя адміністрацыі раёна слова для выступлення прадстаўляецца… . Калі ласка.

Выступленне

ВЯДУЧЫ 2: Бацькі І. Чыгрынава працавалі ў веёцы: маці ў калгасе, бацька ў сельскім Савеце, яго старшыней. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. З маці, братамі і сёстрамі, якіх у яго было пяцёра, Іван застаўся ў роднай вёсцы. Пасля вызвалення ўсходняй Беларусі вучыўся ў Вялікаборскай сямігодцы, а потым у Саматэвіцкай СШ, дзе ў 20-я гады вучыліся многія беларускія паэты, у тым ліку А. Куляшоў. З Куляшовым на яго Радзіме не адзін раз сустракаўся Чыгрынаў, спрабаваў сам пісаць вершы.

ВЯДУЧЫ 1: Аднак паэтам Іван Гаўрылавіч не стаў, хоць яго вершы і друкаваліся ў касцюковіцкай раённай газеце «Сталінскі прызыў», шматтыражцы «Беларускі ўніверсітэт», а потым у «Магілёўскай праўдзе», «Чырвонай змене», «Полымі». Ён закончыў факультэт журналістыкі. Пісаў нарысы. Працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва «Навука і тэхніка» АН Беларусі, затым літсупрацоўнікам, рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя». Рэдактарская праца шмат дала для далейшай пісьменніцкай дзейнасці.

ВЯДУЧЫ 2: Аднак не толькі надзённыя праблемы сучаснасці будзяць творчае натхненне І.Чыгрынава. Ягоны талент жывіцца таксама і мудрасцю стагоддзяў, пра што сведчыць ягоны зварот да гістарычных раманаў. Аб творчых здабытках пісьменніка, аб дасягненнях у вобласці літаратуры і мастацтва паведамяць нам яго паплечнікі па пяру, нашы землякі. Калі ласка.

Выступленні пісьменнікаў

ВЯДУЧЫ 1: Іван Гаўрылавіч у сваёй творчай працы звяртаўся да сваіх вытокаў, да самых глыбінь чалавечай душы, да багатай духоўнай спадчыны, што пакінулі нам продкі. Як вядома, наш славуты пісьменнік, быў адным са стваральнікаў і першым старшынёй Беларускага фонду культуры, шмат чаго зрабіў па адраджэнні беларускай мовы і літаратуры. Ён адзін з аўтараў Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. За сваю працу ўзнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў», медалямі. Аб значэнні творчасці Івана Чыгрынава ў беларускай літаратуры сягоння паведаміць загадчык кафедры беларускага языка і літаратуры Магілёўскага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Калі ласка.

Выступленне прадстаўніка ўніверсітэта

Дэманстрацыя слайдаў аб прыродзе. На фоне лёгкай мелодыі.

ВЯДУЧЫ 2: Прырода для пісьменніка – гэта сапраўдны цуд і найвялікшая каштоўнасць. Яна вучыла яго вайстрэй успрымаць тое, што адбываецца ў нашым жыцці, праз кантакт з прыродай адбывалася сапраўднае абнаўленне і ачышчэнне чалавечай душы. Ён нанава вывучаў птушак, травы, расліннасць. У сваіх нарысах пісьменнік адзначаў, што наша літаратура не надта багатая на птушыныя спевы і водары траў. Таму ён браў сваіх пляменнікаў на луг, у лес ці ў поле, прыносіў адтуль ахапкі розных траў і кветак і разам з суседзямі разбіраў гэтае суквецце, параўноўваючы з каляровым атласам раслін, якія растуць у Беларусі, у нас на Магілёўшчыне і знаходзіў нейкую дакладную назву. Пісьменнік склаў свой уласны траўнік. У яго ўвайшлі каля сямісот назваў раслін. Гэта быў як бы падрыхтоўчы грунт да твораў, які уваходзіў у збор матэрыялаў. 35 год Іван гаўрылавіч плённа працаваў у літаратуры.

ВЯДУЧЫ 1: Тое, што Чыгрынаў вёў дасканалую даследчую работу, мы ўжо ведаем, а вось пытанне да родных пісьменніка – «Як тварыў Іван Гаўрылавіч? І што дапамагала яму ў гэтым?

Выступленне родных пісьменніка

ВЯДУЧЫ 2: Тое, што ў Касцюковічах ёсць раённая цэнтральная бібліятэка ведаюць усе. У гэтым годзе ёй споўнілася 80 год і амаль дзесяць год яна носіць імя славутага земляка. У бібліятэцы заўсёды шматлюдна. У чытальнай зале на відным месцы разгорнута пастаянная выстава кніг, прысвечаная літаратурнай дзейнасці Івана Гаўрылавіча.

ВЯДУЧЫ 1: Настаўнікі і вучні школ, студэнты, прыхільнікі творчасці пісьменніка заўжды звяртаюцца за матэрыяламі да гэтай выставы. Бо нідзе так востра не хвалюе вялікае дзіва літаратуры, як там, дзе нараджаўся першы юнацкі радок пісьменніка.

Вядучы 2: Івана Чыгранава няма з намі зараз, але засталіся яго творы, праз іх мы чуем яго голас, чытаем яго думкі, акунаемся ў глыбіню яго творчасці. Ён не паспеў нам дасказаць усю споведзь душы, бо планаваў давесці эпапею далей да Чарнобыльскай трагедыі, але ён жыве ў нашай памяці, праўдзівасцю сваіх слоў трывожыць наша сумленне. Зараз вашай увазе прадстаўляецца ўрывак яго твора, падрыхтаваны студэнтамі МДУ імя А. Куляшова.

Выступленне студэнтаў

ВЯДУЧЫ 1: Памяці Івана Чыгрынава былі прысвечаны літаратурныя чытанні, які прайшлі ў бібліятэках і школах раёна, пад час якіх вучні школ удзельнічалі ў конкурсе на лепшае сачыненне па творчасці пісьменніка, а раённая бібліятэка правяла конкурсную літаратурную віктарыну. Зараз падвядзём вынікі гэтых мерапрыемстваў.

ВЯДУЧЫ 2: (Аб’яўляе вынікі конкурса і віктарыны)

Узнагароджванне пераможцаў конкурсаў

Гучыць лёгкая мелодыя. На яе фоне:

ВЯДУЧЫ 2: Іван Чыгрынаў быў сапраўдным лідарам у беларускай літаратуры, што прызнаваў для сябе Алесь Пісьмянкоў…..

Я не быў ані дня ў Баркалабаве,
А ні дня, ні адзінага,
Хоць збіраўся і я ў Баркалабава
Зездзіць з Іванам Чыгрынавым.
Вечарам, помню завейным
Мы чыталі літоўскія карты
І святлейшы хваліў Бутрамеева:
– Узяць Бутрамеева варта б.
Летапісца наведаць старога….
Хоць глухія ў гісторыі згадкі.
Мне твар уяўляецца строгі
І рука ў мазалях …. ад асадкі.
Думаю, быў бы ён рады,
Пабурчэўшы крыху для прыліку,   
З аднаго распазнаў бы погляду
Поспехі нашы і нашы пралікі.
Ну спытаў бы, вядома, пра творы,
Заварыў бы гарбату на зёлках.
Уяві: мы сядзім і гаворым,
І гартаем мой «Плач перапёлкі».
Ён сказаў бы, што талент ад Бога,
І згадаў бы чые мы нашчадкі….
Мне лік уяўляецца строгі
І рука ў мазалях … ад асадкі.

ВЯДУЧЫ 1: Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікаў зацікаўленнасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. І таму ягоная творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры. Узбагаціла здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням.

Мастацкая частка вечарыны

СЦЭНАРЫЙ

Юбілейная вечарына, прысвечаная 75-годдзю І.Г. Чыгрынава

У фае аформленая выстава фотаздымкаў і кніг І. Чыгрынава.
Афармленне сцэны: на экране высвечваецца назва вечарыны.
Партрэт Івана Чыгрынава ўпрыгожаны рушнікамі. Букеты кветак, свечкі.
Дзяўчаты ў нацыянальных строях выходзяць па адной на сцэну і паступова запальваюць усе свечкі. А ў гэты час чытальнік чытае на фоне музыкі верш.

Чытач:

Пакутай спадкаемнаю
Запальваю свячу.
Малітву патаемную
У прыцемках шапчу.

Ёсць сіла ўратавальная
У мігценні слоў жывых.
І свеціцца астральная
Сляза святая ў іх.

Маркотны дзень адтуліцца,
Сумненняў цень міне.
І верыцца, і суліцца,
І лёгка, лёгка мне…

М.Ю. Лермантаў (у перакладзе)

Вядучы 2: Прагучалі шчырыя словы, якія па асабліваму значна гучаць сёння, калі мы святкуем 75-гадовы юбілей нашага славутага земляка, песняра беларускага народа І.Г. Чыгрынава. Імя якога, амаль 15 год, з гонарам носіць цэнтральная бібліятэка нашага горада.

Вядучы 1: Ужо больш паўстагоддзя ў шматгалоссі беларускай літаратуры гучыць пранікнёнае і важкае слова Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. 21 снежня яму споўнілася б 75 год.
Будучы вядомы празаік, драматург, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі А. Фадзеева, член Саюза пісьменнікаў, вядомы грамадскі дзеяч нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна.

Вядучы 2: Мы сабраліся сёння тут, каб успомніць Івана Гаўрылавіча як чалавека, і як пісьменніка.

Вядучы 1: І разам з намі раздзяліць святасць гэтай хвіліны прыйшлі нашы ганаровыя госці. Слова прадастаўляецца…

Ідзе выступленне.

Вядучы 2: Таксама на нашай вечарыне прысутнічаюць усе тыя, каму падабаецца творчасць нашых беларускіх аўтараў, і у тым ліку творы Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, а хто яшчэ да гэтага часу не пазнаёміўся з яго творчасцю, мы ўпэўненыя, абавязкова захочуць гэта зрабіць. Таму што ўсё, што напісана яго рукой, нікога не пакіне абыякавым.

Вядучы 1: Можа гэта таму, што ў яго творах музыкай прыгажосці гучаць назвы знаёмых нам з вамі вёсак Касцюкоўшчыны. Пісаў Іван Гаўрылавіч пра іх, пра родны Вялікі Бор, пра сваіх землякоў. Па-мастацку ўзнавіў ён у сваіх творах дзясяткі лёсаў сваіх аднавяскоўцаў, сярод якіх рос у пасляваенны час, чые гора, пакуты і радасці перажыў чулым сваім сэрцам, як уласныя.
За кожным імем чыгрынаўскага героя – характар і лёс чалавека. Найбольш часта лёс гэты звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. А як жа інакш…

Гучыць сумная музыка.

Вядучы 1: Дзяцінства Івана Чыгрынава выпала на жудасны ваенны час. У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям. Гэтыя падзеі, моманты жыцця ў ваенным становішчы, сталі на доўгі час галоўнай тэмай яго твораў.
Адзін з такіх момантаў – гэта жах, перанесены маленькім хлапчуком, калі на яго вёў паляванне нямецкі лётчык.
Як гэта было…

На сцэну выходзіць хлопчык гадоў дзевяці ў адзенні таго часу. На экране  дэманструецца ўрывак з дакументальнага фільма: у небе нямецкі самалёт вядзе абстрэл. Пад гукі стральбы і гул самалёта хлопчык распавядае ад імя І. Чыгрынава:

«Мне добра быў відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл. Аднак дарэмна – ці то цэль была надта малая, ці я сапраўды так круціўся і своечасова падаў, што кулі толькі шлёпаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Пакуль самалёт рабіў шырокі круг над полем, я за гэтыя хвіліны паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ў бок, ці наперад. Я ўсё больш набліжаўся да невялікага рова, разумеючы, што на дне адзіны паратунак, але і пасля немец не пакінуў мяне ў спакоі – пачаў кружыць над ровам, выглядаючы, быццам коршун ахвяру. Бомбаў у самалёце, відаць, не было, а можа, ён проста не хацеў траціць іх, ашчаджваў для лепшага выпадку…
Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваім надзейным сховішчы і ўжо далей нічога не памятаў».

Хлопчык пакідае сцэну. На экране зноў з’яўляецца назва вечарыны.

Вядучы 1: Толькі ўявіце сабе, якое нервовае напружанне мусіў перанесці хлапчук. Колькі каштавалі яму гэтая пагоня і гэтае ўратаванне.

Вядучы 2: Вызваленне прыйшло ў 1943, а з ім і магчымасць дзецям сесці за парты. Мясцовую сямігодку Іван Чыгрынаў закончыў у 1949 г. У сярэднюю школу ён пайшоў у Саматэвічы, а гэта 8 км туды і назад кожны дзень, ды адзін. Вучыўся Іван старанна.

Вядучы 1: А як ні старацца было, калі, ведаў, гэтую школу ў свой час скончыў сам А. Куляшоў. Як гаварыў Іван Гаўрылавіч: «Калі ў іншых школах літаратуру пазнавалі па кнігах безадносна да мясцовасці, дык мы, хто хадзіў у Саматэвіцкую школу, мелі магчымасць знаходзіцца сярод герояў куляшоўскіх кніг. Мы хадзілі па апетай ім зямлі, купаліся ў Бесядзі. Гэта быў свет, жывы і паэтычны.

Відэа, гучыць песня «Крыніца» .

Вядучы 1: «Чалавек пазнае самаго сябе праз пазнанне іншых людзей. Гэтак і народ, а таму і літаратура кожнага народа: чым больш яны ведаюць пра іншых, тым лепш спазнаюць сябе…» – Алесь Адамовіч.

Вядучы 2: Аб тым, наколькі І. Чыгрынаў хацеў вывучаць жыццё нашага беларускага народа, і быць не проста назіральнікам яго, а чалавекам, здольным па-свойму асэнсаваць і раскрываць яго самыя складаныя працэсы, сведчыць той факт, што ён летам, у час канікул ці адпачынку – часам ішоў з Мінска ў свой Вялікі Бор …пяшком. З усімі адхіленнямі – больш за трыста кіламетраў! Гэта было цікава – шмат сустрэч, назіранняў, уражанняў. А свой Касцюковіцкі раён схадзіў увесь.

Вядучы 1: Відавочна, што пазіцыянуе сябе пісьменнік цікава і ўпэўнена, як чалавек, несумненна, таленавіты, з вялікай і творчай школай, які нямала перажыў. Такому аўтару ёсць што абагульняць, тыпізаваць праз асабістае ўспрыманне гісторыі і сучаснасці.

Вядучы 2: Убачыць, адчуць і выхапіць з струменя жыцця істотныя значныя яго фрагменты, узбагаціць іх сэнсам, а потым перадаць чытачам – у гэтым і складаецца місія пісьменніка.

Вядучы 1: Сам Чыгрынаў пачаткам сваей сталай літаратурнай дзейнасці лічыў 1961 год, калі газета «Літаратура і мастацтва» змясціла яго апавяданне «Праз гады». Першая ж кніга прозы «Птушкі ляцяць на волю» пабачыла свет ў 1965 годзе і ўжо праз два гады, у 1967 годзе, выходзіць другі зборнік «Самы шчаслівы чалавек». Апавяданні, якія склалі змест гэтых зборнікаў, мелі шырокі рэзананс. У далейшым яны былі перакладзены на рускую мову і вытрымалі не адно выданне.

Вядучы 2: Адметнасць чыгрынаўскіх апавяданняў заключаецца ў здольнасці аўтара адчуваць гістарычную перспектыву, рэалістычна, выразна падаваць розныя падзеі паўсядзённасці, ні на хвіліну не забываючыся, што для сапраўднага творцы дробязных сярод іх няма і быць не можа.

Вядучы 1: Хоць у творчасці І. Чыгрынава шмат чаго асабістага, звязанага з роднымі мясцінамі, аднак, з яго твораў прадстае ўся Беларусь. Мы выразна адчуваем адметнасць менавіта беларускіх пейзажаў, побыту нашага народа, яго гісторыі.

Вядучы 2: Самы прыгожы сад існуе толькі дзякуючы намаганням садоўніка, руплівага працаўніка, які даглядае гатункавыя дрэвы, ахоўвае сталыя і фарміруе маладыя, працуе і радуецца ўраджаю, бо ён для людзей. Гэтаксама і пісьменнік. Чым адданей ён працуе, тым лепшы і багацейшы будзе ўраджай, ярчэйшыя і прывабнейшыя кветкі.

Відэа, танец.

Вядучы 1: Поспех у «малым жанры» падштурхнуў Івана Гаўрылавіча да напісання рамана. Так з’явіўся «Плач перапёлкі» (1972), што паклаў пачатак «верамейкаўскаму цыклу» І. Чыгрынава. Працягам «Плачу перапёлкі» сталі раманы «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1994), «Не ўсе мы згінем» (1995).

Вядучы 2: Несумненна адно: І. Чыгрынаву ўдалося падысці да падзей вайны з эпапейным размахам. Ён сказаў пра мінулую вайну менавіта сваё слова, а гэтая чыгрынаўская праўда барацьбы з фашызмам многім адрозная ад таго, што засведчана пра згаданыя падзеі пісьменнікамі, якія самі змагаліся з ворагам. З аднаго боку, у нечым больш эмацыянальная. З другога, будзем справядлівымі, і значна аб’ектыўная. Сведчыць той, хто сам з ворагам не змагаўся. А, значыць, ён не павінен штосьці карэкціраваць з асабістага жыцця, даючы яму сённяшнюю ацэнку. Тое, што напісана І. Чыгрынавым у «верамекаўскім цыкле», напісана па абавязку сэрца і сумлення.

Вядучы 1: Як удакладняў Іван Гаўрылавіч «…Ёсць такое паняцце – памяць народа. Яна жыла, пачала жыць у самую вайну, а пасля вельмі жыла на вайне. У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну, не забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці».

Вядучы 2: У І. Чыгрынава погляд на вайну менавіта народны. На падзеі, якія адбываюцца і мусяць адбыцца, ён глядзіць вачыма самога народа. Яго творы, такія як «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і інш., уражваюць і радуюць сваёй агульнай праўдзівасцю і грунтоўнасцю ў паказе народнага побыту і навізной падыходу да вайны, адлюстраваннем не толькі таго, як людзі ваявалі ў гэты час, але і як яны жылі ва ўмовах гітлераўскай акупацыі.

Відэа, гучыць «Балада пра маці».

Вядучы 1: За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры І.Г. Чыгрынаву ў 1994 годзе нададзена ганаровае званне народны пісьменнік Беларусі. Яго кнігі карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў чытача, аб чым сведчаць перавыданні яго лепшых твораў. У літаратуру ўвайшоў вельмі таленавіты мастак.

Вядучы 2: Хто добра знаёмы з творчасцю І. Чыгранава, не мог не заўважыць, што ён, як правіла, пазбягае нечаканых сюжэтных паваротаў. Яго проза не столькі проза дзеяння, колькі глыбокага псіхалагізму. Сапраўднае эстэтычнае задавальненне ад твораў І. Чыгрынава атрымлівае чытач, які прывык «працаваць» галавой, схільны да пастаяннага роздуму, што спалучае ў сабе і аналіз. Успрымаецца ўжо не толькі тое, што падаецца, сам ужо як бы знаходзішся ў прасторы, у якой жывуць і дзейнічаюць героі.

Вядучы 1: А зараз слова нашаму земляку, паэту-аматару Льву Мінавічу Белянінаву.

Ідзе выступленне.

Вядучы 1: Цяжка пераацаніць выхаваўчую місію кніг Чыгрынава, якія навеяны гераізмам савецкіх людзей у той час. Бо яго кнігі не проста пра бітвы, яны пра высокія ўзлёты чалавечага патрыятызму, пра людзей выключнай маральнай чысціні. Яны, гэтыя кнігі, пакуль усё яшчэ неспакойна на планеце, пакуль ідзе барацьба за мір паміж народамі, знаходзяцца на лініі жыцця. І яны будуць знаходзіцца ў гэтай ролі яшчэ доўгія гады.

Чытальнік:

Музычны фон – «Лунная саната».

Ёсць хуткасць гуку, ёсць – звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
З тысячагоддзем размаўляе ўслых.
О, таямніца кніг, скажы, з якіх
Людскіх глыбінь ты цуды здабывала?
Твой зачынальнік слоў не знаў і мала
Свет разумеў, не меў матык і сох,
Маўчаў, як сом, пакуль бяда  не ўзяла
За шчэлепы яго і на пясок
Не кінула, пакуль сярод начы
Яго душы нямой, сканаць гатовай,
Не загадала: Дыхай, плач, крычы,
Нябыт цяжкі пазбудзь не рыб’яй мовай.
Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць
Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.
Сабрат мой па пяру, на суд іх смела
Вынось усё, што ў сэрцы набалела.
Слёз не стрымаеш – плач, але не тою,
Пад пачуццё падробленай, слязою,
А той, што смех вяртае з небыцця.
Смяяцца хочаш – смейся, як дзіця.
Перад сабой і светам будзь праўдзівы.
Прымай, як дар, жыццём пасланы дзень,
І, можа, кніга гэта век імклівы
Дагоніць і абгоніць, як прамень.

Аркадзь Куляшоў «Хуткасць»

Вядучы 1: На нашай сустрэчы прысутнічае жонка І.Г. Чыгрынава Людміла Прохараўна. Калі ласка, Вам слова. 

Ідзе выступленне.

Вядучы 2: Да святкавання юбілея Івана Чыгрынава ва ўсіх школах нашага горада і раёна быў праведзены конкурс сярод вучняў на лепшае сачыненне па творчасці пісьменніка, а таксама віктарына, у якой прынялі ўдзел жыхары нашага горада. Вынікі ўжо падведзены. Удзельнікі конкурсу паказалі шырокае веданне творчасці свайго знакамітага земляка, яго твораў.

Ідзе узнагароджанне.
Пасля ўзнагароджання пераможца конкурсу чытае самы значны ўрывак са свайго сачынення па творчасці І. Чыгрынава.

Вядучы 1: На нашай Касцюкоўшчыне любяць і паважаюць літаратурнае слова. З пакалення ў пакаленне літаратурныя традыцыі нашых знакамітых землякоў з годнасцю доўжаць маладыя творцы. Слова прадастаўляецца маладой, таленавітай паэтке…

Выступленне.

Вядучы 1: На прыканцы свайго жыцця Іван Чыгрынаў вельмі моцна хварэў. Але як ён сам казаў: «Я хворы, толькі не раблю з гэтага трагедыі, прымаю ўсё як належнае». Івана Гаўрылавіча няма з намі зараз, але засталіся яго творы, праз якія мы чуем яго голас, чытаем яго думкі.

Вядучы 2: На жаль, ён не паспеў давесці сваю эпапею далей , каб вывесці герояў з ваеннага часу, перадаць праз іх лёсы ўсю бяду і жах Чарнобыльскай трагедыі, трагедыю любімай вёскі, якая знікла з твару зямлі, трагедыю беларускіх людзей, якіх пазбавілі і роднай хаты, і родных мясцін.

Вядучы 1: Аб гэтым напішуць іншыя, а яму ж, Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву, беларускі народ будзе ўдзячны за тыя раманы, якія ўжо створаны, бо зроблена справа сур’ёзная і гістарычная. І гэта так. Яго творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, творчасць, якая будзе служыць многім пакаленням, як служыў і працаваў для Беларусі і сам Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў.

Музыка.

Вядучы 2:
Ён пры жыцці быў крытыкам суровым
Сваім.
Ты песням падаваў руку,
Дзе пачуццём было невыпадковым,
З непазычанай думкай у радку.
Яго дзялянка ўсім відна цяпер:
На ёй прыкметных дат і вех нямала,
Якія , апрача дзяржаўных мер,
Ягонай музы моц замацавала.  

А. Куляшоў

Вядучы 1: Мы ўпэўнены, што пакуль на Беларусі нараджаюцца такія таленты, як Іван Чыгрынаў, Аркадзь Куляшоў, Алесь Пісьмянкоў, словы якіх напаўняюць нашы душы такімі шчырымі пачуццямі, – у роднага слова ёсць будучыня!!!

У падцвярджэнне гэтаму гучыць верш касцюковіцкай паэткі Наталлі Азаранка:

Белых яблык духмяны наліў
Зноў зямельцы паклон адбівае,
Дыванамі яе прыбірае
Восень шчодрая з золатам ніў.
Чараўніца дзяўчына-зіма
Рушнікамі прасторы ўсцілае.
Прыгажэй я не ведаю края!
І бялейшага ў свеце няма!
Заквітнее мой велічны край –
Яркі май у правы заступае,
Ён прыгожа на скрыпачцы грае.
Салавейка! Яму падпявай!
І рамонкавы белы ўзор
Лёгкі ветрык у полі хвалюе,
Вечар неба пяшчотай малюе
Ноч расквеціцца бісерам зор.
У разгары квяцістага лета
Незалежнасць святкуе народ
Кліча танчыць усіх карагод,
Звонка песня гучыць у паветры.
Ты квітней, мая Белая Русь!
У дажджы, кветавеі і сцюжы
Будзь прыгожаю, мірнаю, дужай!
Як дачка, я табой ганарусь!

                            Наталля Азаранка

Вядучы 1: Паважаныя сябры! Вялікі дзякуй Вам за увагу, мы не кажам Вам да пабачэння, мы кажам Вам да новых сустрэч!

Гучыць фінальная песня.

Касцюковіцкая цэнтральная бібліятэка імя І. Чыгрынава,
народнае аматарскае аб’яднанне «Літаратурная гасцёўня «Крынічка»

СЦЭНАРЫЙ

Тэматычны вечар да 80-годдзя з дня нараджэння І.Г. Чыгрынава

Гучыць музычны твор Генадзя Ермачэнкава «Плач перапёлкі» ў выкананні аркестра народных інструментаў імя Леаніда Іванова.

Паважаныя сябры! Мы запрасіла Вас на тэматычны вечар «Вайна ў лёсе і творах Івана Чыгрынава», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, нашага земляка Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Чаму менавіта гэтая тэма стала прадметам нашай імпрэзы? Таму, што сёлета мы адзначаем святую для ўсіх беларусаў падзею – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікая Айчынная вайна стала яшчэ адным выпрабаваннем для беларускага народа. Ліхалецце ваеннай навалы доўжылася з 1941 па 1944 год. Падчас вайны ў Беларусі былі разбураны і спалены 209 гарадоў, 9200 вёсак, загінуў кожны трэці жыхар.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Іван Чыгрынаў даволі рана заявіў аб сваім адметным таленце жывапісаць чалавека ў вайну і на вайне. Ён быў пісьменнікам са сваім непаўторным бачаннем свету, добра ведаў жыццё і умеў заўважыць і адлюстраваць усё найбольш значнае і цікавае.
 Французскі філосаф і пісьменнік Жан-Поль Сартр неяк адзначыў: «Пісьменнікам з’яўляешся не таму, што вырашыў расказаць нешта, а таму, што вырашыў расказаць гэтае нешта адметным чынам,» – і гэтыя словы добра стасуюцца з творчасцю Івана Чыгрынава.
І. Чыгрынаў працягнуў справу Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава ў стварэнні народнага эпасу, які дакладна выяўляе душу беларусаў, іх менталітэт. У сваіх шматлікіх апавяданнях, раманах, п’есах, кінасцэнарыях, крытычных і публіцыстычных артыкулах грунтоўна выпісваў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80–90-я гады ХХ стагоддзя.
«Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, – не ўтойваць ад чытача нічога, пастарацца ўсё, што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям. У гэтым высокі гуманны сэнс літаратуры, у гэтым гуманная сутнасць творчасці» – гэта творчае крэда Івана Чыгрынава, яго пісьменніцкая філасофія.
Нарадзіўся Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў звычайнай, акружанай з усіх бакоў лесам вёсцы, якая мае даволі распаўсюджаную «лясную» назву Вялікі Бор, што ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне.

 На Радзіме Чыгрынава – ціш і спакой,
Толькі дрэвы аб нечым гамоняць.
Я, здаецца, не бачыў мясціны такой,
Дзе прырода ў сабе цуды тоіць.

Тоіць думкі свае, тоіць справы свае,
Не прывыкла казаць і тлумачыць.
Ах, як звонка салоўка шчабеча-пяе,
Гэта трэба паслухаць, пабачыць.

Па Вялікаму Бору вельмі лёгка ісці,
Ды бацькі штось ідуць без настрою,
Тут жылі і хадзілі ў школу яны,
Тут сваволілі летняй парою.

Вось і месца, дзе жыў знакаміты зямляк,
Ля дарогі, падпісана ярка –
Дом Івана Чыгрынава – бачыш здаля,
Да мясціны пакрочылі шпарка.

А навокал, якая паўсюль прыгажосць:
Сосны стромкія, елкі, бярозы…
Як у пушчы глухой, звер – жыхар, а не госць,
Заяц выскачыў, выбеглі козы.

                                                        Кірыл Усаў

Нарадзіўся Чыгрынаў у год вялікай перабудовы, у перыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі, калі ў селяніна адчужалі галоўны сродак жыцця – зямлю і ўласную працу на ёй.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Калі пачалася вайна, Ваню ішоў сёмы год. Усеагульная трагедыя, што разыгралася на Магілёўшчыне, моцна засела ў душы хлопчыка. Разам з маці, братамі і сёстрамі трэба было не раз ратавацца ад немцаў, «бегчы ў лес, ездзіць у другія вёскі, сядзець у снезе, начаваць пры вогнішчы».
У жніўні 1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі Касцюковіцкі раён. Яго тэрыторыя была аднесена да зоны армейскага тылу групы армій «Цэнтр». Гэта азначала, што тут, як і на ўсёй Беларусі, гітлераўцы ўстанавілі крывавы акупацыйны рэжым. У сваіх успамінах жыхары Касцюковіцкага раёна дні акупацыі параўноўваюць з жудаснай ноччу, якая раптам апусцілася на зямлю. Больш як два гады тварылі свае агідныя справы фашысцкія акупанты ў раёне. Больш чым паўтысячы мірных жыхароў яны растралялі, спалілі, павесілі і закапалі жывымі. Шмат людзей вывезлі на катаргу ў Германію.
Іван Гаўрылавіч у аўтабіяграфіі згадвае асобныя моманты з перажытага. Тыя ўражанні ваеннага маленства, якія ніколі не сатрэ памяць. Пра адзін выпадак, які меў месца на другі год вайны, Чыгрынаў пісаў: «Да нас заўсёды ў пасляабедзенны час прылятаў двухфюзеляжны «фоке-вульф», быццам і сапраўды «прапісаны» нямецкім камандаваннем да адной мясцовасці. Але тое, што ён наведваўся рэгулярна, давала магчымасць прыстасавацца да яго. І сяляне з карысцю для сябе рабілі гэта, ва ўсякім разе ахвяр рабілася ўсё меней. Хоць хаты па-ранейшаму заставаліся безабароннымі, успыхвалі то адна, то другая ў кожны палёт».
Але аднойчы здарылася непрадбачаннае. Самалёт заспеў малога Іванку ў полі, калі той бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Якім жа нелюдзем трэба было аказацца лётчыку, каб пачаць самае што ні ёсць паляванне на васьмігадовага хлапчука. «Мне добра быў відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарэмна – ці то цэль была занадта малая, ці я сапраўды так круціўся і своечасова падаў, што кулі толькі  шлёпаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Зыходзячы зноў і зноў насустрач сваёй ахвяры, самалёт рабіў шырокія кругі над полем, і я за гэтыя некалькі хвілін паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ўбок, ці наперад – накірунак угадваўся інтуітыўна і тым не менш, як цяпер здаецца, даволі ўдала».
І. Чыгрынаў усё больш набліжаўся да невялікага рова, разумеючы,што на дне адзіны паратунак: «Але пасля гэтага немец не пакінуў мяне ў спакоі  – пачаў кружыць над ровам, выглядаючы, быццам каршун, ахвяру, стараючыся дастаць з кулямёта: бомбаў у самалёце, відаць, не было, а можа, ён проста не хацеў траціць іх, ашчаджваў для лепшага выпадку».
Якое ж нервовае напружанне мусіў перанесці хлапчук! Чаго каштавалі яму і гэтая пагоня, і гэтае ўратаванне. Іван Чыгрынаў успамінаў: «дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваім надзейным сховішчы і ўжо далей нічога не памятаў».
А яшчэ вайна – пастаянная трывога, каб, барані божа, не знішчылі вёску! І было чаго трывожыцца: у час адной з карных экспедыцый у сорак трэцім годзе вакол Вялікага Бору згарэла нямала вялікіх і малых вёсак. У асноўным разам з мірнымі жыхарамі. Вось як успамінаў пра бежанства напачатку вайны Іван Гаўрылавіч: «Ехалі паволі, цяжка і абачліва. І ўвесь час разам з адступаючымі чырвонаармейцамі, якія раз-пораз чамусьці стараліся выпрагчы з аглобляў нашага каня, забраць яго. Але бацька кожны раз выцягваў з воза сваю вінтоўку, якую хаваў пад рагожай, і салдаты тут жа астывалі, угаворвалі адзін аднаго кінуць, не звязвацца». Так дабраліся да самой Унечы, але вымушаны былі вяртацца назад, бо там ужо былі немцы.
«На працягу некалькіх гадоў акупацыі давялося бачыць і як партызан вешалі, і як палонных цкавалі аўчаркамі, і як мужыкоў палілі ў гумнах», – пісаў празаік. Вайна, якую будучы пісьменнік перажыў у роднай вёсцы, дала яму багата ўражанняў, а пазней вызначыла тэматыку яго твораў.

Ты кажаш, я не ведаю вайны,
што мне было тады гадоў замала?
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы –
і стрымгалоў бягу аўсом няжатым.
Паўзу бульбянішчам па баразне,
да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
у вочы стрэл грыміць у міг апошні…
Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
яны  – мае навек, да самай смерці.
Застаўшыся з маленства на вайне,
я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.

                                      Ніл Гілевіч

Дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Гітлераўская акупацыя перапыніла вучобу, а гэтая акалічнасць і абумовіла вялікую прагу да самастойнага чытання, а пазней – і да пісання. Вызваленне прыйшло ў 1943 годзе. А з ім і магчымасць дзецям сесці за парты. Заняткі пачаліся, нягледзячы на тое, што яшчэ блізка грукацела вайна. Самім жа жыхарам даводзілася жыць у зямлянках, бо перад самым вызваленнем фашысты спалілі Вялікі Бор. У 1949 годзе Іван Гаўрылавіч паспяхова скончыў мясцовую сямігодку.
Каб не маці, магчыма б і падаўся пасля гэтага працаваць. Але Хадоска Ігнатаўна настояла, каб сын працягваў вучобу. Бліжэйшая сярэдняя школа знаходзілася ў Саматэвічах, а гэта кіламетраў за восем ад Вялікага Бору. Раней гэтую школу закончыў яшчэ адзін народны пісьменнік Беларусі – Аркадзь Куляшоў. Той факт, што ў роднай школе некалі вучыўся аўтар паэмы «Сцяг брыгады», як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымушала вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіла жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Вясной 1952 года Аркадзь Аляксандравіч завітаў у Саматэвіцкую сярэднюю школу на чарговы выпускны вечар. На ўрачыстасцях з хваляваннем выступіў і дзесяцікласнік І. Чыгрынаў, прачытаў свае вершы. Сустрэчы з паэтам пакідалі глыбокі след у душы Чыгрынава-вучня.
Саматэвіцкая сярэдняя школа, мусіць, адна на Беларусі, якая выхавала двух народных пісьменнікаў (Куляшова і Чыгрынава).
Жонка пісьменніка Людміла Прохараўна красамоўна сведчыла: «Іван хадзіў у школу босы – да самай зімы. Піліпаўкай толькі абуваўся ў лапці. І што на ім за вопратка была – нават не магу вам апісаць… Але на гэта ён не звяртаў увагі, галоўным для яго была кніга, кніга, кніга – ён увесь час чытаў». І настойліва церабіў дарогу да лепшага жыцця.
Не давала забыцца пра сябе вайна і тады, калі прыйшла доўгачаканая Перамога, – голадам, нішчымніцай, пакалечанымі чалавечымі лёсамі.
Ваеннае ліхалецце запомнілася Чыгрынаву-хлапчуку надоўга. Жонка пісьменніка, Людміла Прохараўна прыгадвала: «Іван жыў у акупацыі – у такіх неймаверна складаных умовах, што ўсё гэта адбілася на яго выглядзе. І вонкава, і ад сваёй душэўнай, духоўнай работы ён здаваўся старэйшым,чым быў на самай справе. Гэта быў вельмі хворы чалавек. Доктар сказаў, што такім ён быў яшчэ з ваеннага часу, калі хлопчыкам перанёс вельмі цяжкі брушны тыф. Ён выжыў, але змены, якія адбыліся ў арганізме, засталіся назаўсёды. Вайна прайшла праз усё жыццё Івана Чыгрынава. Вайна зрабіла яго пісьменнікам, яна ж яго і забіла».
Вайна, перажытая пісьменнікам у падлеткавым узросце, кіравала доўгі час творчымі захадамі, выводзіла яго на шлях глыбіннага даследавання гісторыі роднага народа.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Будучы студэнтам аддзялення журналістыкі філфака БДУ (1952–1957), у час летніх канікул часта падарожнічаў па родным краі з мэтай сабраць матэрыял для нарысаў, ці так званых «мясцовых быляў» пра гераічнае мінулае сваіх землякоў.
І. Чыгрынаў лічыў пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год: у газеце «Літаратура і мастацтва» надрукавалі першае апавяданне «Праз гады». Гэта быў своеасаблівы ўспамін нядаўняга падлетка пра вайну, пісьменнік узнаўляў трывожную атмасферу сорак першага года.
І. Чыгрынаў пераважна заглыбляўся ў той аспект вайны, які быў звязаны з вёскай, адкуль усе мужчыны пайшлі на фронт, а ў хатах засталіся жанчыны, дзеці ды старыя людзі. Пісьменнік гаварыў: «Але былі людзі не толькі на вайне, але і ў вайне. Мяне больш за ўсё займала тое, як яны паводзілі сябе пад акупацыяй».
У яго ёсць апавяданне пра пачатак вайны («Ішоў на вайну чалавек»), пра сустрэчу салдат на вызваленай зямлі («Бульба»), пра ўплыў ваенных падзей на лёсы людзей у пасляваенны час («За сто кіламетраў на абед», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», «У ціхім тумане»).
Пазней выйшлі тры зборнікі апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), у іх адлюстравана не толькі гераічнае ваеннае мінулае, але і жыццё і праца людзей у мірны час.
У дзяцінстве ў душы будучага пісьменніка збіралася, назапашвалася тое, што праз два дзесяцігоддзі стала асновай яго многіх твораў.
Не выпадкова свой першы зборнік Іван Чыгрынаў адкрывае творам пра ваеннае дзяцінства. У апавяданні «Бульба» ён быццам хоча паведаміць нешта надзвычай важнае пра сябе як чалавека, як прадстаўніка пэўнага пакалення.
На старонках твора – суровая і трагічная праўда ваеннага часу. Лаканічна гаворыць І. Чыгрынаў пра тое, чым сустрэла сваіх жыхароў вызваленная ў час бою вёска: «Верасень быў на склоне. Бярозы на бальшаку страсалі сваё апошняе лісце – рана яно пажоўкла. Вецер гнаў яго па полі, збіраў на ўскрайку лесу. Было няўтульна, нават холадна. На папялішчах, нібы шкілеты, дзе-нідзе стаялі адзінокія печы – тыя, што некалі клаліся без штандараў, адразу на зямлі. Печы былі яшчэ гарачыя». Разам з гэтым сумным відовішчам знішчанага чалавечага жылля пісьменнік паказвае яшчэ адну жудасную карціну, тыповую для ваеннага часу: «Нечакана завязаліся ўпартыя баі. Наша пяхота многа разоў паднімалася ў атаку, але варожыя кулямёты, што стаялі на высокім правым беразе ад Малога Хоцімска да Белай Дубровы, кожны раз прымушалі яе адкаціцца назад, засесці ў сваіх акопах на ўскраіне лесу».
Сам мастак слова так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».
Вельмі чалавечнае і наступнае апавяданне Івана Чыгрынава на тэму дзяцінства – «За сто кіламетраў на абед», якое ўвайшло ў другі зборнік. Пісьменнік пачынае свой твор агульнай характарыстыкай «дзяцей вайны»: «Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. І мы былі дзеці вайны. Але мы тады ўсе ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо. Напрыклад мы без памылкі маглі яшчэ на падлёце пазнаць па гуку самалёты – «нашы» і «не нашы». Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны – звычайныя, разрыўныя, бронеразрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя… цяпер ужо адно цяжка пералічыць, а тады мы ведалі, па чым якой куляй страляць…» Акрамя гэтых «ведаў», набытых, безумоўна ж, у навакольнай рэчаіснасці, хлапчукі лёгка адрознівалі па форме салдат і афіцэраў любой краіны, якая ваявала разам з немцамі супраць Савецкага Саюза. Ведалі дзеці, каго з салдат-чужынцаў трэба асцерагацца, а да каго можна падысці і нават пажывіцца сякім-такім харчам».
Да тэмы дзяцінства Іван Чыгрынаў звяртаецца і ў некаторых іншых творах. Гэта перш за ўсё апавяданні «На пыльнай дарозе» і «Плывун», якія ўключаны ў другі зборнік «Самы шчаслівы чалавек».
У І. Чыгрынава няма «ваеннага» вопыту ў тым сэнсе, у якім ён разумеецца ў адносінах да пісьменнікаў-франтавікоў. Аднак жыццёвы вопыт празаіка ў значнай ступені звязаны з вайной і з успамінамі пра яе. Актыўнае фарміраванне асобы будучага пісьменніка адбывалася тады, калі надзвычай жывой і балючай была людская памяць аб ёй. Вайна на кожным кроку напамінала пра сябе сіротамі-бязбацькавічамі, выплаканымі вачыма мацярок, пакалечанымі чалавечымі лёсамі.
Беларускі паэт і празаік, ураджэнец Касцюковіцкага раёна Масей Сяднёў пра апавяданні ўвогуле пісаў з захапленнем: «У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў іх наша, нацыянальнае – філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа».
Класічнай бездакорнасцю вызначаецца апавяданне «У ціхім тумане». Гэтая, па словах беларускага паэта Леаніда Дранько-Майсюка, «маленькая сімфонія» ўпершыню была апублікаваная ў 1963 годзе пад загалоўкам «Маці».
Маці прыязджае ў вёску, хоча адшукаць магілу сына, які наняўся ў паліцыю, каб выжыць у суровых абставінах ваеннай рэчаіснасці. Насцярожана сустракаюць яе аднавяскоўцы, вельмі свежыя раны ў людзей ад тых, хто здраджвае свайму народу. Пісьменнік ставіць чытача перад неабходнасцю самастойна вызначыць цану вінаватасці чалавека на вайне.
Вялікае значэнне для глыбіні псіхалагічнага ўвасаблення вобраза маці мае ў гэтым творы партрэтная характарыстыка гераіні: «Згорбленная, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручастымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць, нарэшце, падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі».
І. Чыгрынаў, параўноўваючы жанчыну з птушкай, падкрэслівае прыродную сувязь маці і дзіцяці; паказаў жанчыну-маці па-чалавечы – для маці сын застаецца сынам у любым выпадку, таму яна яго не выракаецца, а шкадуе. Мацярынская любоў – гэта ўсё, што застаецца адзінокай жанчыне са спакутаваным сэрцам.
Працуючы над апавяданнямі, пісьменнік ужо выношваў, магчыма, не да канца асэнсоўваючы гэта, ідэю будучага маштабнага твора.
I. Чыгрынаў больш вядомы як пісьменнік-раманіст, які пераканаўча паказаў драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Перад самай смерцю мастак завяршыў пенталогію пра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з наступных раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1993), «Не ўсе мы згінем» (1996). За першыя дзве часткі ў 1979 годзе аўтар быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Фадзеева. Паводле трох раманаў у 1991 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёр Iгар Дабралюбаў зняў шматсерыйны тэлевізійны фільм «Плач перапёлкі».
Народны паэт Беларусі Максім Танк падкрэсліваў, што ў чыгрынаўскіх раманах «праўда вайны і змагання з ворагам выяўлена глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».
Моцнай апорай у працы служыла і ўсеабдымная памяць народа, пра якую мастак казаў: «Ніхто з людзей паасобку не ведае ўсё пра вайну – усё пра вайну ведае толькі народ. Яна, вайна, жыве ў памяці народа, яна жыла, пачала жыць у самую вайну, а пасля вельмі жыла па вайне. У вёсцы расказвалася ўсё, што было ў вайну. Не забывалася нічога з тагачаснага жыцця, побыту, барацьбы. Людскія споведзі і згадкі замацоўваліся ў памяці».
Раман «Плач перапёлкі» (1970) стаў падзеяй у літаратуры і яшчэ пры жыцці аўтара набыў шырокую папулярнасць. Ён неаднаразова публікаваўся ў арыгінале ў Беларусі, шмат выдаваўся па-руску ў Маскве, выходзіў на мовах тагачасных савецкіх рэспублік (украінскай, літоўскай, латышскай, армянскай, малдаўскай, туркменскай), перакладаўся ў Балгарыі.
 У гэтым рамане пісьменнік здолеў сапраўды па-мастацку сказаць пра Айчынную вайну шмат новага, таго, што яшчэ не знайшло належнага адлюстравання ў тагачаснай літаратуры.
Твор стаў пачаткам так званага верамейкаўскага цыкла – пенталогіі, аб’яднанай агульнымі героямі і месцам дзеяння. Галоўным героем рамана-эпапеі Чыгрынава з’яўляецца народ, які чэрпае сваю духоўную сілу ў глыбінях гістарчынай памяці, у паданнях і легендах пра мінулае, у песнях і казках.
Абмалёўваць жыццё народа ў акупацыі пісьменнік пачаў з найбольш складанага і супярэчлівага перыяду – першых дзён і месяцаў вайны. У цэнтры ўвагі – жыццё вёскі ў той час, калі савецкія войскі ўжо адступілі, а нямецкія яшчэ не прыйшлі. І. Чыгрынаў здолеў вельмі глыбока перадаць пачуццё напружанага і трывожнага чакання, якое, здаецца, напоўніла ўсё: і людзей, і прыроду. Затаіліся, заціхлі ў чаканні самага страшнага – прыходу ворага – Верамейкі. Цішыню час ад часу парушае толькі плач перапёлкі.

Гучыць «Голас перапёлкі»

«– Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…
Сёння перапёлка, няйначай, плакала – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач».
Адзін з галоўных герояў рамана Дзяніс Зазыба разважае: «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора бывае наогул незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край».
Назва рамана адразу лягла на вусны чытача і стала змястоўнай, шматзначнай метафарай.
Дарэчы, вёска Верамейкі рэальна існуе на ўсходзе Магілёўшчыны, у Чэрыкаўскім раёне. Але празаік запазычыў ад яе толькі назву. Пісаў жа ён пра свой Вялікі Бор і яго жыхароў, у тым ліку блізкіх сваякоў, якія станавіліся прататыпамі літаратурных герояў.
Ён праўдзіва паказаў адступленне Чырвонай арміі з баямі на ўсход, прыход немцаў і досыць пасіўную, асцярожную рэакцыю насельніцтва, якое на першым этапе акупацыі з неахвотай удзельнічала ў фарміраванні як новых органаў улады, так і партызанскіх атрадаў.
Традыцыі першага рамана былі працягнуты на старонках рамана «Апраўданне крыві». Ужо на яго першых старонках верамейкаўцы тварам у твар сутыкнуліся з ворагам.  Сустрэча з нямецкім салдатам ледзь не каштавала жыцця ўсёй вёсцы, і толькі шчаслівы выпадак дапамог пазбегнуць гэтага. Але ж яго магло б і не быць…
Пераломным у пенталогіі, стаў менавіта трэці раман, «Свае і чужынцы», які быў прысвечаны партызанскаму руху. Паколькі аўтар задумаў раманную эпапею пра Вялікую Айчынную вайну, не разглядзець тэму партызанскай вайны ён не мог. Спасцігаць глыбіні праўды пра вайну дапамагалі пісьменніку і шматлікія сустрэчы з былымі падпольшчыкамі і партызанамі, іх камандзірамі, кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы на самых розных узроўнях. Іван Гаўрылавіч прыгадваў: «Бывала, у мяне збіралася памногу партызанскіх камандзіраў. Такіх, як Мачульскі, Захараў, Булат, Жунін, Мармулёў, Ціхаміраў, Джагараў. Мы падоўгу гутарылі, пра ўсё гутарылі… Некалькі разоў сустракаўся ў Маскве з Панамарэнкам. Пасля ў мяне завяліся свае уласныя карэспандэнты, якія пісалі пра сябе, пра сваё жыццё, пра людзей, што ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе».

Гучыць «Лясная песня» ў выкананні хора беларускага радыё (музыка Уладзіміра Алоўнікава, словы Адама Русака)

Атрымалася эпапея пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, як жылі беларусы ва ўмовах нямецкай акупацыі і як яны змагаліся супроць фашысцкай набрыдзі, уносячы свой важкі ўклад у агульную перамогу чалавецтва над гітлераўцамі.
Гэты раманны цыкл і стаў самым маштабным мастакоўскім дасягненнем пісьменніка. Кожны новы раман з цыкла паказвае вайну з боку нейкай важнай праблемы, ці то трагедыі, ці то віны, ці то маральнага асэнсавання ўрокаў.
У ім не вельмі шмат дзеючых асоб, але дзякуючы непаўторнасці кожнай з іх ваенная рэчаіснасць узноўлена дасыць рознабакова. Усе героі трылогіі – галоўныя і другарадныя – адметныя, непадобныя адзін на аднаго. Асабліва каларытныя вобразы верамейкаўцаў. Глыбокае веданне пісьменнікам душы сельскага працаўніка дазволіла І. Чыгрынаву стварыць паўнакроўныя жывыя вобразы. Чалавек у вёсцы заўсёды цаніўся за сваю працавітасць, сумленнасць, за смеласць, разважлівасць, справядлівасць, пачуццё ўласнай годнасці і іншыя маральныя якасці. Гэтыя прынцыпы, як паказвае пісьменннік, засталіся непарушнымі і ў гады вайны.
Пра верамейкаўцаў І. Чыгрынаў расказвае з вялікай сімпатыяй і павагай да іх. Гэтыя людзі яму добра знаёмы – яны яго землякі. Пісьменнік усім сэрцам прывязан да родных мясцін: «Мясціны гэтыя дарагія для мяне не толькі таму, што адтуль, з бацькоўскага парога, уецца сцяжынка майго жыцця, – пісаў празаік. – Там, у Забяседдзі, на Магілёўшчыне, назаўсёды затаіліся сляды маіх герояў, жывых і мёртвых, пра якіх я расказваю ў раманах».
Па-свойму цікавыя і арыгінальныя вобразы жанчын у пенталогіі. Іх роля, хоць знешне і не вельмі прыкметная, даволі важная. Гэта простыя працаўніцы, верныя жонкі, клапатлівыя маці, салдаткі. Вельмі высока ацэньваў Чыгрынаў іх ролю у ваенных умовах. Жанчыну пісьменнік паказвае высокамаральнай асобай. Яны хвалююцца за лёс сыноў, мужоў, бацькоў, клапоцяцца пра дзяцей – у гэтым іх зямная місія, а таксама і ўласны ўнёсак у перамогу над чужынцамі:  «Гэта ж не сакрэт, што яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець. Гэта нейкая ўсеабдымная з’ява – жанчыны ў вайне, асабліва ж вясковыя. Сваіх жанок я найперш пішу са сваёй маці Хадоскі Ігнатаўны», – пасведчыў пісьменнік. У «Плачы перапёлкі» маці Чыгрынава завецца Хадоскай Гаўрыліхай і старшыніхай.     
Пра маці Чыгранаў успамінаў з вялікай удзячнасцю, на яе плечы клаўся ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей, а іх было шэсць. У аўтабіяграфіі напісаў: «Я ўсім у жыцці абавязаны маці».
Раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» ахопліваюць толькі паўгода вайны – да разгрому гітлераўцаў пад Масквой. На раманы «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» прыпадае ўжо два з паловай гады ваеннага часу: да вызвалення Беларусі.
Раман «Не ўсе мы згінем» быў задуманы як завяршальны. Асноўная ўвага засяроджана на тым, як на тэрыторыі Беларусі завяршаўся разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чыгрынаў паказаў жорсткую вайну фашыстаў, якія бяруць заложнікаў з ліку мірных жыхароў і спальваюць цэлыя вёскі разам з людзьмі. Але не самым высакародным чынам нярэдка вялі сябе і партызаны. На Беларусі без разбору чынілі расправы і украінскія партызаны. Пісаў і пра расправу з дзецьмі за грахі бацькоў. Па-новаму паказаны ў апошніх творах І. Чыгрынава і так званыя нацыяналісты, прыхільнікі беларускай ідэі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі…
Словам, вайна ў разуменні Чыгрынава – гэта перш за ўсё вялікая бяда, народная трагедыя, асабліва адчувальная на Беларусі, дзе было наканавана загінуць «ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай».
Адсюль, ад гэтага рэальнага трагізму, ідзе і чыгрынаўскае настойлівае паўтарэнне: вайна «грашамі корміцца, затое весяліцца крывёй. І часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй». «Чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала».
Празаік правёў сваіх герояў ад першых дзён вайны да часу вызвалення Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Падзеі пенталогіі, над якой І. Чыгрынаў працаваў каля трох дзесяцігоддзяў, заканчваюцца парадам пераможцаў перад Домам урада ў Мінску.
Разам з Іванам Новікавым Іван Чыгрынаў працаваў над сцэнарыем шматсерыйнага тэлевезійнага мастацкага фільма «Руіны страляюць…», пастаўленага ў 1973 г. на кінастудыі «Беларусьфільм». У аснову стужкі пакладзены аповесці таго ж І. Новікава «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску».
Першы беларускі дакументальна мастацкі тэлесерыял «Руіны страляюць…» апавядае пра дзейнасць мінскага падполля з ліпеня 1941 г. (часу акупацыі горада немцамі) да мая 1942 г. Галоўны ў стужцы метафарычны вобраз мужнага, няскоранага горада, дзе і «руіны страляюць» у ворагаў, акупантаў.
Былі грунтоўныя архіўныя пошукі, давялося добра праштудзіраваць многія матэрыялы з партыйных архіваў. І. Чыгрынаў успамінаў:»Тады я папрацавў грунтоўна. Вывучаў друк: і наш, падпольны, і партызанскі, і беларускі, які выходзіў пры немцах, і нямецкі. Усё вывучаў, як у студэнцкія гады, калі дыпломную пісаў».
У 1980–1990-я гады пісьменнік звярнуўся да драматургіі. Ён напісаў звыш дзесяці п’ес. І ўсё ж сапраўднае драматургічнае майстэрства да І. Чыгрынава прыйшло, калі ўзяўся за інсцэніроўку свайго рамана «Плач перапёлкі». Пісьменнік напісаў новы твор на ўжо вядомым матэрыяле.
І. Чыгрынаў цесна супрацоўнічаў з панарамна-эпічным тэлевізійным беларускім кіно, што плённа развівалася як шматсерыйнае відовішча. Карціны з удзелам Чыгрынава-сцэнарыста з’явіліся неаспрэчным унёскам у айчыннае кінамастацтва.
Дзевяцісерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» стаў апошнім з буйных тэлесерыялаў канца ХХ ст.
Усё, за што браўся Іван Гаўрылавіч, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. І таму яго творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням. Да таго ж яго раманы пра вайну можна разглядаць як уклад і ў сусветную літаратуру.

Урывак з відэафільма «Іван Чыгрынаў»

Дзейнасць драматурга, перакладчыка, публіцыста, сцэнарыста, грамадскага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979), народнага пісьменніка Беларусі І. Чыгрынава – важкі ўклад у культуру нашай краіны. Яго творчасць – яркая старонка сучаснай беларускай прозы. Шырокавядомыя ў нашай рэспубліцы і за яе межамі творы аўтара атрымалі высокую ацэнку чытачоў і крытыкі.
Перастала біцца сэрца гэтага таленавітага мастака слова 5 студзеня 1996 года, але ён застаўся жыць у сваіх творах.
Творцы падобнага кшталту паміраюць толькі фізічна – іх духоўнае жыццё працягваецца. Яны бы тая зорка, якая ўжо памерла, але яе святло яшчэ доўга і доўга свеціць людзям. Так і творам Івана Чыгрынава наканавана неўміручасць. Ім жыць роўна столькі, колькі жыць беларусам на зямлі.
Імя славутага земляка Івана Гаўрылавіча Чыгрынава прысвоена Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы.
У гонар пісьменніка ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі: на доме ў Мінску, дзе жыў пісьменнік; на будынку школы №6 па вул. Чыгрынава ў Магілёве.
У 2008 г. на Магілёўшчыне заснавана Літаратурная прэмія Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі імя І.Г. Чыгрынава, лаўрэатамі якой у розныя гады сталі: Аляксандр Церахаў (2007) за кнігу «Святая память», Мікалай Давідовіч (2009) – «Я выбираю Бабруйск», Мікалай Барысенка (2011) – «1941-й: пылающие рубежи Днепра и Сожа», Яўген Соцікаў (2012) – «Люди и годы-80», Мікалай Падабед  (2013) – «Іду на сустрэчу з навальніцай».
Памяць народа – гэта самае вялікае багацце, якое і называецца спадчынай. Род і народ яднаюцца адным дарагім словам – Радзіма.

Мы дзеці вялікай, нашай зямлі,
Мы з думкай аб міры і шчасці ўзраслі,
Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць,
Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,
Мы клічам на свеце з’яднацца сяброў,
Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў.
Сябры! Сягоння ў нас думы адны:
Мір нам патрэбен, не трэба вайны!

                                Пятрусь Броўка

Наша мерапрыемства закончана. Дзякуй за ўвагу! Запрашаем вас на нашы наступныя сустрэчы ў рамках гісторыка-краязнаўчага клуба «Спадчына», які дзейнічае пры аддзеле беларускай і краязнаўчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна.

Аўтары сцэнарыя – супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры: Бязмен Вольга Мікалаеўна, галоўны бібліятэкар, Калініна Тамара Міхайлаўна, загадчык аддзела.

СЦЭНАРЫЙ

Вечар-прысвячэнне да 80-годдзя з дня нараджэння І.Г. Чыгрынава

Афармленне: у фае кніжная выстава (кнігі аб аўтары, яго творы, фотаздымкі)
На экране высвечваецца назва вечарыны «З любоўю да роднага краю», партрэт І. Чыгрынава.
Відэа – краявіды Касцюкоўшчыны.
Музыкальны фон

Дыктар: …Літаратурныя пенаты. Неадольна і глубока своеасаблівае зачараванне гэтых шматлікіх памятных мясцін на карце нашай Радзімы. І кожны раз у любым з такіх непаўторных куткоў упэўніваешся ў тым, як шмат дорыць пісьменніку родная зямля. Але і ён адказвае ёй тым жа, рана ці позна вярнуўшыся назаўсёды ва ўдзячнай памяці сучаснікаў туды, адкуль выходзіў калісці ў няпросты творчы шлях.

Гучыць песня «Родны кут»
ФАНФАРЫ. Выходзяць вядучыя

Вядучы 1. Добры дзень паважаныя сябры!

Вядучы 2. Мы рады вітаць усіх на святочнай вечарыне, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, нашага знакамітага земляка ІВАНА ЧЫГРЫНАВА.

Вядучы 1. Сярод літаратурных мясцін Касцюкоўшчыны, дзе гучаць галасы Куляшова, Русецкага, Пісьмянкова, Левановіча, Сяднёва, Піваварава гучыць пранікнёнае і важкае слова Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. 21 снежня яму споўнілася б 80 год.

Вядучы 2. Вядомы празаік, драматург, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі А. Фадзеева, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы грамадскі дзеяч нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Мы сабраліся сёння тут, каб успомніць Івана Гаўрылавіча як чалавека і як пісьменніка.

Вядучы 1. І разам з намі раздзяліць святасць гэтай хвіліны прыйшлі нашы ганаровыя госці. (Ідзе прадстаўленне гасцей)
Ад імя адміністрацыі раёна слова для выступлення прадстаўляецца…

Ідзе выступленне
Музыкальны нумар

Вядучы 2. На нашай вечарыне прысутнічаюць усе тыя, каму падабаецца творчасць нашых беларускіх аўтараў, і ў тым ліку творы Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, а хто яшчэ да гэтага часу не знаём з яго творчасцю, мы ўпэўнены, абавязкова захоча гэта зрабіць.

Вядучы 1. Можа гэта таму, што ў яго творах музыкай прыгажосці гучаць назвы знаёмых нам з вамі вёсак Касцюкоўшчыны. Пісаў Іван Гаўрылавіч пра іх, пра родны Вялікі Бор, пра сваіх землякоў.

Вядучы 2. (На фоне дакументальных кадраў Чарнобыльскай аварыі)
У Вялікім Бары І. Чыгрынава сёння жыць небяспечна, таму і выехалі ўсе адтуль. Мёртвую вёску пахавалі ў зямлю. У Вялікім Бары, над Вялікім Борам і вакол Вялікага Бору – стаіць загадкавая цішыня. Смяротны дождж пазбавіў Радзімы Івана Чыгрынава. Ды хіба сэрцу загадаеш не наведвацца туды, дзе здаецца, кожная сцежка памятае цябе? Таму і наведваўся раз-пораз Іван Гаўрылавіч у свой Вялікі Бор. І адзін прыязджаў сюды, і з сябрамі-пісьменнікамі, калі пісьменніцкія шляхі-дарогі праходзілі побач з яго Радзімай.

Вядучы 1. У апошнюю паездку яны сустрэліся тут з маладзейшым сабратам, нашым земляком – Алесем Пісьмянковым, каб праехаць па куляшоўскіх мясцінах, паслухаць голас Бесядзі, уваспетай старэйшым паэтам, наведацца ў свае родныя мясціны.

Вядучы 2. Цяжкія, яшчэ якія цяжкія гэтыя марудныя крокі па роднай вёсцы. Ды і ці не ля кожнай пустой хаты хочацца затрымацца. І. Чыгрынаў ахвотна расказваў пра людзей, якія некалі тут жылі. Памяць у яго была здзіўляючая, таму ён прыгадваў не толькі аднагодкаў, а і старых… Яны даўно адышлі ў іншы свет, а памяць… Памяць пакінулі пасля сябе добрую… 

Вядучы 1. З усіх бакоў вёску атуляюць стромкія сосны. Наўкола, як кінуць вокам, лясы і лясы… Наваколле да таго маляўнічае, што сама браць у рукі пэнзаль і класці мазок за мазком, паспяваючы занатоўваць гэтую харашынь. Так прыцягвае да сябе Святое возера, чакаюць каля Бесядзі куляшоўскія сцежкі і мясціны, уваспетыя ў вершах і песнях.

Гучыць песня «Дарога да дому»

Вядучы 2.  Імя Івана Чыгрынава вядома ўсім на Беларусі і многім за яе межамі. Як пісаў сам Іван Гаўрылавіч, ён прайшоў і праехаў многа малых і вялікіх гарадоў, бачыў мноства рэк, стаяў на беразе трох акіянаў. Абляцеў за два разы ледзь не ўвесь зямны шар. Убачанае ён параўноўваў са сваёй бацькаўшчынай, з маленькім куточкам на карце Беларусі – нашым краем, любоў да якога светлым праменьчыкам ён пранёс у сваім сэрцы праз усё жыццё.

Вядучы 1. На нашай сустрэчы прысутнічае жонка І.Г. Чыгрынава Людміла Прохараўна. Калі ласка, Вам слова.

Выступленне
Гучыць песня «Гучыць напеў»

Вядучы 2. Бацькі І. Чыгрынава працавалі ў вёсцы: маці ў калгасе, бацька ў сельскім Савеце, яго старшынёй. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. З маці, братамі і сёстрамі, якіх у яго было пяцёра, Іван застаўся ў роднай вёсцы. Пасля вызвалення ўсходняй Беларусі вучыўся ў Вялікаборскай сямігодцы, а потым у Саматэвіцкай сярэдняй школе, дзе ў 1920-тыя гады вучыліся многія беларускія паэты, у тым ліку Аркадзь Куляшоў. З Куляшовым на яго Радзіме не раз сустракаўся Чыгрынаў, спрабаваў сам пісаць вершы.

Вядучы 1. Аднак паэтам Іван Гаўрылавіч не стаў, хоць яго вершы і друкаваліся ў Касцюковіцкай раённай газеце «Сталінскі прызыў», шматтыражцы «Беларускі ўніверсітэт», а потым у «Магілёўскай праўдзе», «Чырвонай змене», «Полымі». Ён закончыў факультэт журналістыкі. Пісаў нарысы. Працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі «Літаратура і мастацтва», выдавецтва «Навука і тэхніка» НАН Беларусі, затым літсупрацоўнікам, рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя». Рэдактарская праца шмат дала для далейшай пісьменніцкай дзейнасці.

Вядучы 2. Аднак не толькі надзённыя праблемы сучаснасці будзяць творчае натхненне І. Чыгрынава. Ягоны талент жывіцца таксама і мудрасцю стагоддзяў, пра што сведчыць яго зварот да гістарычных раманаў. Аб творчых здабытках пісьменніка, аб дасягненнях у вобласці літаратуры і мастацтва паведамяць нам яго паплечнікі па пяру.

Выступленне
Музыкальны нумар

Вядучы 1. Іван Гаўрылавіч у сваёй творчай працы звяртаўся да сваіх вытокаў, да самых глыбінь чалавечай душы, да багатай духоўнай спадчыны, што пакінулі нам продкі. Як вядома, наш славуты пісьменнік быў адным са стваральнікаў і першым старшынёй Беларускага фонду культуры. Ён адзін з аўтараў Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. За сваю працу ўзнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў», медалямі.

Вядучы 2. Аб тым, наколькі І. Чыгрынаў хацеў вывучаць жыццё нашага беларускага народа і быць не проста назіральнікам яго, а чалавекам здольным па-свойму асэнсаваць і раскрываць яго самыя складаныя працэсы, сведчыць той факт, што ён летам, у час канікул ці адпачынку, часам ішоў з Мінска ў свой Вялікі Бор… пяшком. З усімі адхіленнямі – больш за трыста кіламетраў! Гэта было цікава для пісьменніка – шмат сустрэч, назіранняў, уражанняў. А свой Касцюковіцкі раён схадзіў увесь.

Музыкальны нумар

Вядучы 1. Убачыць, адчуць, выхапіць з струменя жыцця істотна значныя яго фрагменты, узбагаціць іх сэнсам, а потым перадаць чытачам – у гэтым і складаецца місія пісьменніка.

Відэаслайды кніг І. Чыгрынава

Вядучы 2. Сам Чыгрынаў пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці лічыў 1961 год, калі газета «Літаратура і мастацтва» змясціла яго апавяданне «Праз гады». Першая ж кніга прозы «Птушкі ляцяць на волю» пабачыла свет у 1965 годзе і ўжо праз два гады, у 1967, выходзіць другі зборнік «Самы шчаслівы чалавек». Апавяданні, якія склалі змест гэтых зборнікаў, мелі шырокі рэзананс. У далейшым яны былі перакладзены на рускую мову і вытрымалі не адно выданне.

Вядучы 1. Поспех у «малым жанры» падштурхнуў Івана Гаўрылавіча да напісання рамана. Так з’явіўся «Плач перапёлкі», што паклаў пачатак «верамейкаўскаму цыклу». Працягам «Плачу перапёлкі» сталі раманы «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».

Вядучы 2. Раманы Івана Чыгрынава аб Вялікай Айчыннай вайне нельга чытаць без хвалявання і сёння, хоць прайшло ўжо шмат гадоў пасля заканчэння вайны. У пісьменніка погляд на вайну менавіта народны. На падзеі, якія адбываюцца і мусяць адбыцца, ён глядзіць вачыма самога народа. Яго творы, такія як «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і іншыя, уражваюць і радуюць сваёй агульнай праўдзівасцю і грунтоўнасцю ў паказе народнага побыту і навізной падыходу да вайны, адлюстраваннем не толькі таго, як людзі ваявалі ў гэты час, але і як яны жылі ва ўмовах гітлераўскай акупацыі. Прапануем вашай увазе невялікі ўрывак з тэлефільма «Плач перапёлкі», знятага рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым па творах Івана Чыгрынава.

Дэманструецца ўрывак з фільма

Вядучы 1. На паэтычныя святы, творчыя вечарыны, якія ладзяцца ў нашым раёне, прыязджаюць сваякі нашых знакамітых землякоў, пісьменнікі і паэты. Вельмі важна захоўваць нашу духоўную спадчыну, сапраўдны скарб, які змяшчае духоўныя здабыткі многіх пакаленняў.
Слова прадстаўляецца пісьменніку-земляку.

Выступленне
Музычны падарунак ад землякоў

Вядучы 2. Пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Чыгрынава працуе народнае аматарскае аб’яднанне «Літаратурная гасцёўня «Крынічка», якое аб’ядноўвае як сталых паэтаў, так і таленавітую моладзь. Крынічане ўдзельнічаюць у творчых конкурсах і атрымліваюць заслужаныя перамогі. Паслухайце верш маладога касцюковіцкага паэта Кірыла Усава, Дыпламанта абласнога свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Верш называецца «На радзіму Чыгрынава». Чытае аўтар.

Да Вялікага Бору ісці пехатой
Ты не здолееш, хоць малады,
Я з бацькамі ўлетку з’ездзіць сабраўся,
Ды і то, бралі пропуск туды.

Па мясцінах знаёмага нам земляка,
Што Іванам Чыгрынавым клічуць,
Дзе радзіўся ён, рос, сіл жыця набіраў,
Тое месца Радзімаю лічуць.

На Радзіме Чыгрынава – ціш і спакой
Толькі дрэвы аб нечым гамоняць
Я, здаецца не бачыў таямніцы такой,
І прырода ў сабе нешта тоіць.

Тоіць думкі свае, тоіць справы свае,
Не прывыкла казаць і тлумачыць
Ах, як звонка салоўка шчабеча-пяе,
Гэта трэба паслухаць, пабачыць.

Па Вялікаму Бору вельмі лёгка ісці,
Ды бацькі штось ідуць без настрою
Тут  жылі і хадзілі ў школу яны,
Тут сваволілі летняй парою.

Вось і месца, дзе жыў знакаміты земляк,
Ля дарогі, падпісана ярка –
Дом Івана Чыгрынава бачыш здаля,
Да мясціны пакрочылі шпарка.

А навокал, якая паўсюль прыгажосць:
Сосны стромкія, елкі, бярозы…
Як у пушчы глухой, звер – жыхар, а не госць,
Заяц выскачыў, выбеглі козы.

Толькі слёзы у мамы адна за другой,
На раснічках і коцяцца ніцам,
Разумею яе, бо бацькі тут душой,
Адчуваюць сустрэчу з дзяцінствам.

Тут дзяцінства, юнацтва ўсё роўна жыве,
Наўздагон не дагоніш на ўцеху,
Успамін-успамінам плыве і плыве,
Яму крыкнеш – яно табе рэхам.

На Радзіме Чыгрынава ніхто не жыве,
Толькі вецер у соснах гуляе,
Песень звонкіх ніхто нікаму не пяе,
Хоць у свята туды хто трапляе.

Але пройдзеш дарогаю, сцежкай прамчыш,
Набіраешся сіл – не падман!!!
Бо тут крочыў і бегаў і з вудай хадзіў –
Знакаміты зямляк наш – Чыгрынаў Іван.

Музыкальны нумар ад таленавітай моладзі

Вядучы 2. Да святкавання юбілею Івана Чыгрынава была аб’яўлена віктарына «Творчая і грамадская дзейнасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава», у якой прынялі ўдзел жыхары нашага раёна, а таксама конкурс творчых работ сярод навучэнцаў раёна «З любоўю да роднага краю» у двух намінацыях – паэтычны твор і сачыненне. Вынікі падведзены. Удзельнікі паказалі шырокае веданне творчасці свайго знакамітага земляка, яго твораў. І зараз мы ўручым заслужаныя ўзнагароды пераможцам.

Узнагароджванне

Вядучы 1. У 1996 годзе імя славутага земляка Івана Гаўрылавіча Чыгрынава прысвоена Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы. У бібліятэцы на відным месцы разгорнута пастаянная выстава кніг, прысвечаная літаратурнай дзейнасці Івана Гаўрылавіча. Настаўнікі і вучні школ, студэнты, прыхільнікі творчасці пісьменніка заўжды звяртаюцца за матэрыяламі да гэтай выставы. Бо нідзе так востра не хвалюе вялікае дзіва літаратуры, як там, дзе нараджаўся першы радок пісьменніка.

Вядучы 2. Івана Чыгрынава няма з намі зараз, але засталіся яго творы, праз іх мы чуем яго голас, чытаем яго думкі, акунаемся ў глыбіні яго творчасці. Ён не паспеў нам дасказаць усю споведзь душы, бо планаваў давесці сваю эпапею далей, каб вывесці герояў з ваеннага часу, перадаць праз іх лёсы ўсю бяду і жах Чарнобыльскай трагедыі, трагедыю беларускіх людзей, якіх пазбавілі і роднай хаты, і родных мясцін.

Вядучы 1. Аб гэтым напішуць іншыя, а яму ж, Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву, беларускі народ будзе ўдзячны за тыя раманы, якія ўжо створаны, бо зроблена справа сур’ёзная і гістарычная.

Вядучы 2. Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленнасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. І таму яго творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла здабыткамі, якія маюць доўгадатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням.

Вядучы 1. Мы ўпэўнены, што пакуль на Беларусі нараджаюцца такія таленты, як Іван Чыгрынаў, Аркадзь Куляшоў, Алесь Пісьмянкоў, словы якіх напаўняюць нашы душы такімі шчырымі пачуццямі, – у роднага слова ёсць будучыня!

Гучыць песня «Спадчына»

Вядучы 2. Паважаныя сябры! Вялікі дзякуй вам за ўвагу. Да новых сустрэч на гасціннай Касцюковіцкай зямлі!

СЦЭНАРЫЙ

«Мясціны гэтыя дарагія для мяне не толькі тым, што адтуль, з бацькоўскага парога, уецца сцяжынка майго жыцця. Там, у Забесяддзі, на Магілёўшчыне, назаўсёды засталіся сляды маіх герояў, жывых і мёртвых, пра якіх я расказваю ў раманах».

Іван Чыгрынаў

У Рэспубліцы Беларусь няшмат раёнаў, якія могуць пахваліцца тым, што з’яўляюцца радзімай не аднаго, а некалькі вядомых пісьменнікаў. Але што цікава: гэтыя куткі бацькаўшчыны, як правіла, надзіва маляўнічыя. Напрыклад: Слудчына, Купальшчына, Уздзеншчына… Асабліва Касцюковіцкі раён, дзе цячэ і сама Бесядзь, і іншыя, праўда, маленькія рачулкі. Касцюкоўшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзія Куляшова. У тутэйшых мясцінах нарадзіліся Аляксей Русецкі, Леанід Левановіч, Алесь Пісьмянкоў… На зямлі гэтай упершыню глянуў у свет і Іван Чыгрынаў…

Іван Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і: апроч яго былі старэйшыя – Фёдар і Мікола і малодшыя – Ларыса, Пётр і Марыя. Бацька працаваў старшынёй Вялікаборскага сельсавета, маці займалася гаспадаркай, дзецьмі і працавала ў калгасе. Яна вельмі кахала свайго мужа. Старэйшая дачка пісьменніка, Таццяна Прановіч, успамінала: «Аднойчы бабуля расказала, як яна … збегла замуж. Бацькі яе, сапраўдныя гаспадары, нізавошта не хацелі пагадзіцца з выбарам дачкі – блакітнавокім прыгажуном-сельсаветчыкам Гаўрылам Чыгрынавым. Тады Хадоська збегла да любімага праз вакно і без бацькоўскага блаславення, без пасагу пайшла за каханым, якога потым кахала ўсё жыццё». А потым пайшлі дзеці і бацькі змірыліся.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Гаўрыла Сяргеевіч пайшоў на фронт. Хадоська Ігнатаўна з дзецьмі засталася ў вёскі. У час вайны згарэла хата. Адна, з малымі яшчэ дзецьмі Хадоська Ігнатаўна неяк агорала зямлянку. І ў ёй давялося жыць даволі доўга. У аўтабіяграфічных нататках пісьменнік згадваў: «Баі на Бесядзі працягваліся не доўга, здаецца, у тры дні ўсё было скончана, і армія рушыла далей на захад… а мы прыняліся будаваць на зіму зямлянкі, з якіх потым выбіраліся доўга і цяжка. У новую хату, напрыклад, наша сям’я перайшла толькі ў пяцідзясятым годзе».

Відэа ўрыўка пра нямецкі самалёт.

Пасляваенны час, бясхлебіца, галыцьба – усе лягло на плечы Хадоські Ігнатаўны. Простай вясковай жанчыне было нялёгка ў галодныя пасляваенныя гады паставіць на ногі шасцёра дзяцей, тым больш, што яна засталася без падтрымкі мужа. Гаўрыла Сяргеевіч з вайны не вярнуўся. Не, ён не загінуў. Проста не вярнуўся ў родную вёску да жонкі і дзяцей. На фронце закахаўся ў жанчыну, якая ваявала побач, і паехаў да яе на радзіму на поўдзень Рассіі, у Прыазоўе. Напэўна, Івану вельмі не ставала бацькі. Таму аднойчы, гадоў у 12-13, ён збег з дому да яго. Сеў у цягнік, канешне без аніякага білета, і дабраўся такі да станіцы Новапакроўскай Неўскага раёна. Бацькава жонка Ганна Іванаўна ў той жа дзень пасадзіла хлопца на цягнік у адваротны бок.

Іван вельмі любіў, паважаў і шкадаваў маці. Дарэчы, ён звонку быў падобны да яе. Бачачы цікавасць Івана да кніг, маці старалася не надта займаць яго гаспадаркай, давала магчымасць рабіць тое, што яму сапраўды трэба. Апроч кніг Іван вельмі любіў лес. Назва вёскі, дзе жыла сям’я, гаворыць сама за сябе – Вялікі Бор. Вакол быў лес. На ўсю вялікую сям’ю. Іван збіраў грыбы, ягады, арэхі. Ходзячы па лесе, ён шмат бачыў, назіраў, перадумваў, разважаў, што потым вельмі спатрэбілася яму ў творчасці.

Пасля заканчэння Вялікаборскай сямігодкі ў 1949 г. Іван Чыгрынаў вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, дзе ў свой час вучыўся і Аркадзь Куляшоў. Школа знаходзілася больш за 8 кіламетраў ад вёскі, праз лес, а галоўнае, цераз даволі вялікую рэчку Бесядзь. Хлопцу даводзілася да халадоў пераходзіць рэчку ўброд, а калі было немагчыма, заставацца на некаторы час у Саматэвічах. Жыць на кватэры і плаціць за яе не было чым. Маці кожны раз хвалявалася, адпраўляючы падлетка праз лес у школу, асабліва зімою. Давялося аднойчы Івану сустрэцца ў лесе з ваўкамі, але, на шчасце, усё абышлося.

У школе Іван захапіўся паэзіяй, спрабаваў пісаць вершы. Калі ў 1952 г. пасля паспяховага заканчэння школы паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, па-ранейшаму пісаў вершы. У друку дэбютаваў у 1952 г. з вершам «Сон трактарыста», які быў змешчаны ў часопісе «Полымя» (1952 г. № 12).

Ад зары араў хлапчына
На калгасным полі,
Столькі радасці адчула
Сэрца на раздоллі.

Лёгкі ветрык жвавай хваляй
Абдымае ніву,
Песціць шчодрай цеплынёю
Залатую грыву.

І калыша над палямі
Дзень многагалосы
Песню жаўранка сплятае
З песняю калосся.

У гэтых песнях чуе хлопча
Гімнрукам мазольным,
Што ўзрасцілі буйны колас
На калгасным полі.

У «Чырвонай змене» ў канцы 1957 г. ён апублікаваў маленькую дакументальную аповесць «Тайна адной экспедыцыі», расказаўшы пра вядомага палярнага даследчыка Аўгуста-Саламона Андрэ. Не лішне засведчыць, што жанр гэтага твора, хоць у ім малады аўтар па-свойму асэнсоўваў матэрыял, пазначаны ўсяго толькі як «гісторыка-геаграфічная кампіляцыя». Як засведчыць і тое, што пачаткам сваёй сталасці літаратурнай дзейнасці І. Чыгрынаў лічыць 1961 год, калі 6 чэрвеня газета «Літаратура і мастацтва» змясціла ягонае апавяданне «Праз гады», сюжэтна звязанае з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтым аповедзе адчуваецца дакументальная аснова. Аб тым, што адбылося, расказаў ляснік Далгалёў, з якім герой-апавядальнік меў магчымасць сустрэцца: «Слухай, – нечакана звярнуўся ён да мяне, – ты ведаеш, што такое партызан сорак першага года? Не тое, зусім не тое». Якія ж яны партызаны сорак першага? Партызаны самага пачатку вайны… З падазрэннем ставіліся да кожнага незнаёмага чалавека. Яно і зразумела: «Павылазіла розная свалата ды пачала кусацца… Думаеш, свой жа савецкі, а ён цябе прадасць і перапрадасць». Таму трое партызан, прабіраўшыхся на запасную базу, з недаверам паставіліся да настаўніка, які напрасіўся да іх у спадарожнікі. А аказалася, сумленнейшы чалавек. Калі група напаролася на немцаў, раптам выхапіў у Даўгалёва аўтамат: «Я застануся тут, усхвалявана зашаптаў ён, і ў голасе яго пачулася рашучасць. Я буду страляць, а вы бяжыце…». Праз гады Даўгалёў прамаўляе з болем: «I мы чакалі яго, аж пакуль не ўбачылі, што па алешніку ходзяць немцы». На гэтым расказ і завершваецца.

Відэа: Успаміны жонкі пісьменніка пра першыя творы І. Чыгрынава.

Пазней у выдавецтве «Беларусь» выйшлі зборнікі апавяданняў І. Чыгрынава: першы зборнік апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» (1965), другі – «Самы шчаслівы чалавек» (1967). У 1973 г. у серыі «Бібліятэка беларускай прозы» (выдавецтва «Мастацкая літаратура») выйшаў зборнік «Ішоў на вайну чалавек». У апавяданнях пісьменніка адлюстравана не толькі гераічнае ваеннае мінулае, але і жыццё і праца людзей у мірны час. І там І. Чыгрынаў піша нібыта не спяшаючыся, паволі, акцэнтуючы ўвагу нават на нязначных, здавалася б, дэталях, якія, аднак, заўсёды нясуць важную сэнсавую нагрузку, што сведчыць пра тое, што ў літаратуру прыйшоў празаік з эпічным светаадчуваннем.

Многія апавяданні І. Чыгрынава напісаны на аснове пачутага, убачанага, асабіста перажытага аўтарам. У іх увасобіліся ўражанні дзяцінства, абпаленага вайной. Многія эпізоды з рэальнага жыцця будучага пісьменніка вельмі ярка ажылі ў мастацкай тканіне твораў.

Відэа: Іван Чыгрынаў пра тэму вайны ў творчасці.

Маючы ўжо пэўны вопыт у напісанні апавяданняў, Іван Чыгрынаў звярнуўся да больш маштабнага эпічнага жанру – рамана. Першы раман пісьменніка «Плач перапёлкі» (1970) стаў пачаткам так званага верамейкаўскага цыкла – пенталогіі, аб’яднанай агульнымі героямі і месцам дзеяння: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». За два першыя творы гэтага цыкла – раман «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» (1976) – у 1979 г. пісьменнік быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Фадзеева. Аднак набліжэнне Івана Гаўрылавіча да першага рамана адбывалася паступова. І праз набыццё творчага вопыту ў выніку напісання апавяданняў. І праз збор фактычнага матэрыялу. І праз усведамленне, што рамкі апавядання яго таленту ўжо цесныя, а таму ёсць неабходнасць выйсці за іх межы. А як з’явілася задума, як ён паступова рэалізаваўся, можна даведацца з выказванняў самога Івана Гаўрылавіча, перш за ўсё, з яго інтэрв’ю «Раман – гэта народ» карэспандэнту «ЛіМа» ў 1979г.: «Спачатку мне проста хацелася напісаць зімовую аповесць пра ваенны час. Ды, мусіць, таму, што неяк вельмі памятаю вайну па зімах. Маразы вялікія, сабакі выюць. І на пажар яны выюць, і на смерць выюць. Так часта вылі, што мы ці не разбіраліся: калі выюць, задраўшы ўгору галаву, значыць, на пажар гэта; калі апусціўшы галаву значыць, на смерць. Недзе разбіраліся нават у тым, на чыю смерць яны выюць: ці на смерць далёкага чалавека, ці блізкага… У зімах здараліся чамусьці і самыя вялікія карныя экспедыцыі немцаў, і тады даводзілася ратавацца, бегчы ў лес, ездзіць у другія вёскі, сядзець у снезе, начаваць пры вогнішчы. Адным словам, зімы якраз найбольш запомніліся. Таму і задумаў напісаць зімовую аповесць». І загаловак гэтага твора ў І.Чыгрынава з’явіўся – «Калі выюць сабакі». Нават пачаў пісаць яго. Але адчуў, што «у тэме вайны шмат чаго недасказанага, шмат чаго нявысказанага. А галоўнае мала той вайны. I мала таго народнага подзвігу, які быў тады. Я пачаў думаць, а пасля і ўзяўся пісаць «Плач перапёлкі», баючыся, што з яго выйдзе, з гэтага рамана». Калі ўжо рукапіс напісанага рамана «Плач перапёлкі» І. Гаўрылавіч прынёс у рэдакцыю, то яе ў выдавецтве «адрэдагавалі» да такой ступені, што літаральна ні аднаго жывога сказа ў тэксце не засталося. Атрымаўшы рукапіс, Іван Гаўрылавіч на міг анямеў. Хватанула, як ён сам пазней прызнаваўся, за сэрца, адчуванне было не з прыемных. Аднак пісьменнік узяў сябе ў рукі, ветліва развітаўся, паабяцаў перарабіць тэкст з улікам існуючых заўваг, дома ж узброіўся гумкай і лязом, у тры дні старанна ўбраў зробленыя ў выдавецтве выпраўлення і зноў аднёс у рэдакцыю. У выніку настойлівасць аўтара была ўзнагароджана – раман апублікавалі ў аўтарскім варыянце. Першыя тры рамана пенталогіі «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя» былі экранізаваны. У 1991 г. выйшаў дзевяцісерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (сцэнарыст Іван Чыгрынаў, рэжысёр Ігар Дабралюбаў, аператар Аляксандр Рудзь, мастак Алім Мацвяйчук, кампазітар Уладзімір Кандрусевіч). Галоўныя ролі ў серыяле сыгралі артыст Валянцін Белахвосцік – старшыня калгаса Чубар, артыст Эдуард Гарачы – яго памочнік Зазыба, Таццяна Мархель – Марфа, Святлана Акружная – Марфа. У іншых ролях здымаліся Павел Кармукін (Кузьма Прыбыткаў), Павел Дубашынскі (Мікіта Драніца), Генадзь Аўсяннікаў (Шарэйка) і інш. Усяго каля 140 акцёраў. Тэлесерыял створаны ў двух варыянтах – на беларускай і рускай мовах, прадэманстраваны спачатку па Цэнтральным, потым – Беларускім тэлебачанні. Яго паказ у 1991 г. быў прымеркаваны да 50-годдзя пачатку вайны, у 2003 г. – да 60-годдзя вызвалення Беларусі. Крытыкі адзначылі як народнасць карціны, яе «ўкаранёнасць» у вясковыя клопаты, штодзённы побыт (што сведчыла пра імкненне абагульнена паказаць характар народа), так і пэўную архаічнасць абмалёўкі персанажа.

Адметнасць гэтага серыяла вынікае з двух галоўных рэжысёрскіх мастацкіх прынцыпаў. Па-першае, Ігар Дабралюбаў, як і Іван Чыгрынаў, імкнуўся паказаць першы перыяд вайны не праз буйнамаштабныя падзеі (як гэта было зроблена ў фільмах эпічна-манументальнага кірунку), а праз мноства асабістых лёсаў вяскоўцаў, скрыжавання іх біяграфій, паваротаў іх ваенных сцяжынак. Па-другое, свядомай была арыентацыя рэжысёра пераважна на беларускіх тэатральных акцёраў з іх псіхафізічнай арганізацыяй і школай тэатральнага псіхалагізму. Адсюль і прынцыпова важнае значэнне роднай мовы, беларускай гутаркі, што надае асаблівы каларыт моўнай партытуры тэлецыкла.

Відэа: Урывак з фільма «Плач перапёлкі».

Тэлесерыял, як і раманы пісьменніка, падрабязна апісвае падзеі пачатку вайны, што адбываюцца ў невялікай беларускай вёсцы Верамейкі і навакольных лясах. Сюды трапляюць акружэнцы, адсюль ідуць у партызаны. Палонных зганяюць у канцлагеры… Тое, што адбываецца ў Верамейках і акрузе, праходзіла праз масавую свядомасць і адлюстроўваецца ў плыні думак герояў. Трывожным чаканнем, здаецца, напоўнена ўсё наваколле, заціхла і напружылася нават сама прырода. I толькі плач перапёлкі парушае начную цішыню, вярэдзіць і без таго ўзрушаныя душы верамейкаўцаў. Гэта плача сама зямля беларуская. Трывожна і няўцешна. «Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора бывае наогул незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край», – разважае адзін з галоўных герояў рамана Дзяніс Зазыба.

Відэа: Урывак з фільма «Плач перапёлкі».

Надзвычай каларытна перададзена атмасфера першых дзён вайны, якая разгубленасць і страшэнны перапалох. Нават кіраўнік калгаса – Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба – дакладна не ведалі, што належыць рабіць і як быць з агульнай маёмасцю. Супярэчлівая дырэктыва зверху патрабавала знішчэння ўраджаю, адпраўкі ўсяго інвентару, коней і дойнага статку на ўсход. Уласнае стаўленне да падобных распараджэнняў І. Чыгрынаў выказаў словамі Дзяніса Зазыбы: «– І яшчэ я табе скажу, Чубар, а ты ўжо як хочаш, – хочаш слухай, а хочаш не. Але я яшчэ ў тую германскую чуў, як Панаська гаварыў. Быў у нас такі чалавек, да калгасаў памёр. Ты яго не заспеў. Дык от Панаська нават тады гаварыў: хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае».

Відэа: Урывак з фільма «Плач перапёлкі».

Увогуле Іван Чыгрынаў скрупулёзна ставіўся да творчасці, менш за ўсё ён разлічваў на музу, якая раптам прыляціць і натхніць. Працаваў ён шмат, засяроджана, грунтоўна (мы, сямейнікі, у гэтыя гадзіны мусілі хадзіць па кватэры на дыбачках – успамінала дачка пісьменніка). «Памятаю, як выглядаў яго рабочы стол, калі ён працаваў, напрыклад, над сцэнарам шасцісерыйнай тэлевізійнай стужкі «Руіны страляюць…» (1971-1972) па рамане І. Новікава, які таксама нарадзіўся на Магілёўшчыне (дарэчы, бацька ў складзе аўтараў атрымаў за гэты фільм Дзяржаўную прэмію). Уся плошча стала была завалена фотаздымкамі, сотнямі фотаздымкаў. Калі я аднойчы прыгледзелася, схамянулася: гэта былі з большага фотакопіі нямецкіх здымкаў часоў вайны. Шматлікія дакументы, пакаранне смерцю партызанаў, падпольшчыкаў, жудасныя выявы мінскага гета, шыбеніцы. І фашысцкія маршы па вуліцах Мінска. Бацька, здаецца, вывучыў гісторыю мінскага падполля, наколькі гэта было магчыма ў тыя часы, ад «а» да «я». Можа і таму таксама фільм атрымаўся. Бацька ўвогуле з павагай ставіўся да гісторыі – і пры напісанні раманаў і п’ес. Таму і творы яго зусім не часовыя».

Відэа: Урывак з фільма «Руіны страляюць».

У 80-я гг. I. Чыгрынаў пачаў працаваць яшчэ і ў галіне драматургіі. Першыя яго п’есы былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў («Плач перапёлкі» – пастаўлена ў 1980 г., «Апраўданне крыві» – пастаўлена ў 1984 г., «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» – пастаўлена ў 1986 г. У п’есе «Чалавек з мядзведжым тварам» пісьменнік звяртаецца да праблем сучаснага жыцця, палітычныя падзеі пачатку другой сусветнай вайны адлюстраваны ў п’есе «Ігракі». Цікавіць I. Чыгрынава і гістарычная тэма: «Звон – не малітва» (пра Полацкае княства часоў Рагнеды і Усяслава), «Следчая справа Вашчылы» (Крычаўскае паўстанне 1743-1744 гг.). У 1991 г. у часопісе «Спадчына» друкуе свой пераклад славутай паэмы «Слова пра паход Ігараў…» (Спадчына, № 6).

Іван Чыгрынаў спалучаў пісьменніцкую дзейнасць з актыўнай грамадскай работай. У 1978 г. быў у складзе дэлегацыі БССР на ХХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1986 па 1990 год – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Працаваў у пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Доўгі час узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына» з 1989 г. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), медалём Ф.Скарыны (1992). У 1994 г. атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі.

Напрыканцы жыцця І. Чыгрынаў спяшаўся дарабіць недаробленае, бо адчуваў блізкую сваю смерць. З успамінаў Людмілы Прохараўны, жонкі пісьменніка: «У апошнія гады цяжка хварэў. Вельмі спяшаўся давесці сваіх раманных герояў да нейкага лагічнага канца. Калі скончыў апошні раман «Не ўсе мы згінем», хутка паспяшаўся яго перадрукаваць і аддаць у часопіс «Полымя». Калі зрабіў гэта, сказаў: «Я вельмі стаміўся. Больш пісаць пакуль нічога не буду. Адпачну…». Памёр Іван Гаўрылавіч 5 студзеня 1996 г. ад сардэчнай недастатковасці. 8 студзеня пахаваны на Ўсходніх могілках у Мінску. Пісьменнік адметнага індывідуальнага таленту, празаік з эпічным ахопам жыцця і з адзінай мерай ацэнкі з’яў – з пазіцыі народнага светаадчування, народнага светабачання. I. Чыгрынаў пакінуў яркі след у развіцці нацыянальнай рэалістычнай літаратуры.

Імя Івана Чыгрынава прысвоена вуліцы ў г. Магілёве, Касцюковіцкай раённай бібліятэцы, у Мінску на доме № 29 па вуліцы Пуліхава, у якім жыў народны пісьменнік, у Магілёве на будынку сярэдняй школы № 6 па вуліцы Івана Чыгрынава ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Разам з тым, слушна сказаў Алесь Жук: «Ідзе час, на доме, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. З яе глядзіць на прахожых зусім не падобны на сябе Іван Чыгрынаў. А тыя, хто яго ведаў, міжвольна задумваюцца – а які сапраўды ён быў? Неардынарная, каларытная постаць, асоба – гэта, бясспрэчна, таленавіты пісьменнік… Але гэта далёка не ўсё. Загадка Івана Чыгрынава застаецца…».

Відэа.

СЦЭНАРЫЙ

Алена Кавалюк, Галіна Ішчанка
Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства да 90годдзя Івана Чыгрынава (XI клас)

Мэты: сістэматызаваць звесткі пра творчы шлях Івана Чыгрынава; удасканальваць навыкі выразнага чытання; выхоўваць цікавасць да беларускай літаратуры.
Абсталяванне: відэзапісы ваеннай кінахронікі, аўдыязапісы, прэзентацыя «Іван Чыгрынаў».

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

1.Уступ.

Музычны фон. Госці і ўдзельнікі займаюць месцы ў глядзельнай зале. Выходзяць вядучыя.
1-ы вядучы. Сёння наша сустрэча прысвечана 90-гадоваму юбілею Івана Чыгрынава. Ён належаў да пакалення беларускіх пісьменнікаў, дзяцінства якіх апаліла вайна.

  • Дэкламацыя верша «Я помню ўсё… » У. Нядзвецкага ў суправаджэнні відэазапісаў кадраў ваеннай кінахронік

2-і вядучы. Вялікая Айчынная назаўсёды засталася ў дзіцячай памяці, урывалася ў сны.

  • Дэкламацыя верша «Ты кажаш, я не ведаю вайны…» Н. Гілевіча.

2. Асноўная частка.

  • Звесткі з біяграфіі і творчы шлях Івана Чыгрынава ў суправаджэнні мультымедыйнай прэзентацыі.

3-і вядучы. Нарадзіўся Іван Чыгрынаў 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна на Магілёўшчыне. Гадаваўся ў сялянскай сям’і: бацька – старшыня сельсавета, маці – працаўніца-калгасніца.
4-ы вядучы. Хлопчыку было сем гадоў, калі спынілася мірнае жыццё. Бацька пайшоў на фронт, маці з дзецьмі – у сям’і іх было восем – засталася ў вёсцы.
1-ы вядучы. Пазней, ужо будучы мэтрам літаратуры, на пытанне пра самае моцнае ўражанне з ваеннага дзяцінства Іван Чыгрынаў расказваў…

  • Выразнае чытанне.

Чытальнік. «Аднойчы нямецкі самалёт заспеў мяне ў полі, я бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Пачалася пагоня жалезнай птушкі за васьмігадовым хлопчыкам. Мне добра было відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарма – ці то мэта была занадта малая, ці то я сапраўды так выкручваўся і своечасова валіўся, што кулі толькі пляскаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Заходзячы зноў і зноў насустрач сваёй ахвяры, самалёт рабіў шырокія кругі над полем, і я за гэтыя некалькі хвілін паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ў бок, ці наперад – кірунак адгадваўся інтуітыўна, а тым не менш, як зараз здаецца, даволі ўдала. Ва ўсякім разе «гульня» гэта скончылася ў маю карысць, бо я ўвесь час меў на прымеце невялікі раўчук пасярод поля, амаль шчыліну, і, нягледзячы на тое, што віхляў, з кожным кідком набліжаўся да яго, пакуль нарэшце не зваліўся на яго дно. Але і пасля гэтага немец не пакінуў мяне ў супакоі: прыняўся кружыць над раўчуком, выглядваючы, нібы каршак, ахвяру, імкнучыся дастаць з кулямёта. Бомбаў у самалёце, мабыць, не было, а можа, ён проста не жадаў марнаваць іх, захоўваў для лепшага выпадку. Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваёй надзейнай хованцы і ўжо далей нічога не памятаў…»
2-і вядучы. Вайна перавярнула лёс Івана Чыгрынава і пакінула след у жыцці. У гэтай вайне ён страціў блізкіх людзей.

  • Дэкламацыя верша «Жнівень сорак пятага года» А. Грачанікава.

3-і вядучы. У сям’ю Чыгрынавых таксама прыйшоў «чорны лістапад». У час вайны згарэла хата. Адна, без мужа, з яшчэ малымі дзецьмі маці неяк агорала зямлянку, у якой давялося жыць даволі доўга. Не прычакала Хадоска Ігнатаўна з вайны гаспадара. Не, ён не загінуў, застаўся жывы, але дамоў не вярнуўся. Завёў новую сям’ю, жыў на Кубані, прыехаў толькі, каб скасаваць шлюб.
4-ы вядучы. Пасляваенная бясхлебіца, разруха леглі на жаночыя плечы. З вялікімі цяжкасцямі давялося вучыць дзяцей. Маці ўсё вытрымала, паставіла іх на ногі: Іван закончыў БДУ, Ларыса – медвучылішча, Пётр – педінстытут. Любоў, павагу і шкадаванне да маці Іван Гаўрылавіч пранёс праз усё жыццё, заўсёды ўспамінаў яе з вялікай удзячнасцю.
1-ы вядучы. У Івана Чыгрынава дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 г. ён пайшоў у першы клас Велікаборскай сямігодкі. Вайна і акупацыя перапынілі вучобу, толькі ў 1943 г. пасля вызвалення Магілёўшчыны будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту і ў 1949 г. паспяхова скончыў сямігодку.
2-і вядучы. Па ўспамінах блізкіх, Іван з дзяцінства цягнуўся да кнігі. Хадоска Ігнатаўна была чулай, спагадлівай жанчынай, умела чытаць, хораша спявала, заўважыўшы любоў сына да кніг, старалася не надта займаць яго гаспадаркай, давала магчымасць вучыцца і чытаць.
3-і вядучы. Вялікім кніжнікам-самавукам быў матчын брат – Хвядос Ігнатавіч – звычайны селянін, які меў шмат кніг і вельмі любіў Льва Талстога. Іван многаму навучыўся ў дзядзькі. Паўплываў на станаўленне светапогляду будучага пісьменніка і дзед – Ігнат Міхайлавіч Кажанаў.
4-ы вядучы. Пасля заканчэння Велікаборскай сямігодкі юнак вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе. Гэта больш за 10 кіламетраў ад роднай вёскі, праз лес і вялікую раку Бесядзь. Да халадоў даводзілася пераходзіць раку ўброд, а калі было немагчыма, заставаўся ў Саматэвічах. Жыць на кватэры і плаціць за яе не было чым. Маці кожны раз хвалявалася, выпраўляючы сына, асабліва зімою. Сустракаўся ў лесе з ваўкамі, але, на шчасце, усё абыходзілася.
1-ы вядучы. Вучоба ў Саматэвіцкай школе стала шмат у чым лёсавызначальнай для Івана Чыгрынава. Той факт, што ў гэтай школе да вайны вучыўся Аркадзь Куляшоў – аўтар паэмы «Сцяг брыгады», народны паэт Беларусі, – як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымушала вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіла жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры.
2-і вядучы. Саматэвіцкую школу закончыў і яго зямляк з вёскі Мокрае беларускі пісьменнік Масей Сяднёў, чалавек трагічнага лёсу. Амаль усё жыццё ён пражыў у ЗША, дзе і пахаваны. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь рэабілітаваны толькі ў 1992 г., Масей Сяднёў стаў прататыпам Масея Зазыбы ў пенталогіі «Плач перапёлкі».
3-і вядучы. Пісаць Іван Чыгрынаў пачаў яшчэ ў школе. Вершы друкаваліся ў газетах і часопісах пасляваеннай Беларусі. I ўжо тады было зразумела – на небасхіле беларускай літаратуры з явілася новая зорка. Аднак не вершы сталі яго прызваннем. «Гістарычная праўда важнейшая за натхнёную выдумку», – так аргументаваў пісьменнік свой выбар на карысць прозы.
4-ы вядучы. Гэтая праўда заўсёды вызначала кнігі Івана Чыгрынава. Ён не змяняў месца дзеяння і час падзей, захоўваў гістарычныя назвы і факты. У яго творах можна знайсці шмат згадак пра Бесядзь, Касцюковічы, Хоцімск, вёскі роднай Магілёўшчыны. За гэта пісьменніка ў савецкі час неаднаразова крытыкавалі, але ён заставаўся верны сабе.
1-ы вядучы. Жыццёвы шлях прывёў будучага пісьменніка на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднакурснікамі Івана Чыгрынава былі Іван Пташнікаў і Вячаслаў Адамчык – маладыя і таленавітыя літаратары.
2-і вядучы. Студэнцкія гады – 1952–1957 – сталі часам літаратурных спроб найперш у паэзіі. У год заканчэння ўніверсітэта ў «Чырвонай змене» ўбачыла свет невялікая аповесць «Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі» I. Чыгрынава пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Але сам Іван Гаўрылавіч лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 г., калі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з’явілася яго апавяданне «Праз гады».
3-і вядучы. Далей была нястомная праца на літаратурнай і грамадскай ніве: у выдавецтве Акадэміі навук БССР, рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1976 да 1986 г. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978 г. уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі, якая ўдзельнічала ў працы XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
4-ы вядучы. У аўтабіяграфіі I. Чыгрынаў пісаў, што «прайшоў і праехаў многа вялікіх і малых гарадоў; бачыў мноства рэк: Ніягара, Гудзон, Вісла, Дунай, Дняпро, Амур і Усуры… Стаяў на беразе трох акіянаў. Абляцеў за два разы ледзь не ўвесь зямны шар».
1-ы вядучы. У 1987 г. I. Чыгрынаў стаў старшынёй Беларускага фонду культуры, а з 1989 г. – адначасова галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Як дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XI склікання ўзначальваў камісію па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Ён адзін з аўтараў Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.
2-і вядучы. На літаратурнай ніве I. Чыгрынаў таксама быў максімалістам, паспеў зрабіць многае, за што ў 1994 г. атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі.
3-і вядучы. Вынікам яго творчых пошукаў у жанры апавядання сталі зборнікі «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек» і «Ішоў на вайну чалавек».
4-ы вядучы. З маладосці I. Чыгрынаў быў аматарам пешага падарожжа, таму многія яго апавяданні маюць падарожныя сюжэты.
1-ы вядучы. Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і нялёгкі час аднаўлення было таленавіта пераасэнсавана ў шматлікіх творах. Сам пісьменнік так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпалі толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».
2-і вядучы. Драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай і пасляваеннага часу знайшлі адлюстраванне ў пенталогіі «Плач перапёлкі». Чвэрць стагоддзя і больш як трэць жыцця аддаў пісьменнік працы над гэтай галоўнай кнігай яго творчасці.
3-і вядучы. За першыя дзве часткі пенталогіі ў 1979 г. Іван Чыгрынаў быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. У 1991 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэжысёр Ігар Дабралюбаў зняў шматсерыйны фільм «Плач перапёлкі». Такую ж назву мае і сімфонія, напісаная У. Кандрусевічам.

  • Прагляд відэазапісу ўрыўка са шматсерыйнага мастацкага фільма «Плач перапёлкі».

4-ы вядучы. Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты драматург. Ён ствараў п’есы па сваіх раманах і апавяданнях – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». У 1984 г. у Брэсцкім абласным драматычным тэатры была пастаўлена п’еса «Апраўданне крыві».
1-ы вядучы. Яго пяру належаць п’есы «Следчая справа Вашчылы» пра Крычаўскае паўстанне ў XVIII ст., «Звон – не малітва» пра славутую Рагнеду.
2-і вядучы. Драматычныя творы «Хто вінаваты…», «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» прысвечаны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствам.
3-і вядучы. Іван Гаўрылавіч не мог не адгукнуцца на чарнобыльскую трагедыю. Пасля аварыі на Чарнобыльскай станцыі яго малая радзіма была атручана радыяцыяй, што прынесла яшчэ адну незагойную рану ў сэрца пісьменніка.

  • Дэкламацыя верша «Вялікі Бор» А. Пісьмянкова.

4-ы вядучы. Іван Чыгрынаў вядомы і як аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, якія склалі кнігу «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», навуковых прац па тэорыі і крытыцы літаратуры.
1-ы вядучы. Падчас працы рэдактарам часопіса «Спадчына» Іван Гаўрылавіч даў дарогу ў вялікую літаратуру дзясяткам маладых таленавітых аўтараў, сярод якіх быў і згаданы паэт Алесь Пісьмянкоў. У літаратурных колах Івана Чыгрынава за вочы называлі «Найсветлы». Гэты эпітэт вельмі выразна характарызаваў яго асобу.
2-і вядучы. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. I сам Іван Гаўрылавіч сур’ёзна займаўся перакладамі.
3-і вядучы. Жыццёвы і творчы шлях Івана Чыгрынава, можна сказаць, склаўся надзвычай удала. Вясковы хлопец стаў сакратаром кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй кіраўніцтва Беларускага фонду культуры, удзельнікам Асамблеі ААН. Пасады, прэміі, дзяржаўныя ўзнагароды…
4-ы вядучы. Яго кнігі выдаваліся і перавыдаваліся, у тэатрах ішлі яго п’есы, па яго раманах здымалі кінастужкі. Але ўсё гэта толькі яркая вокладка…
1-ы вядучы. Па ўспамінах сучаснікаў, ён так і застаўся тым хлопцам, дзяцінства якога апаліла вайна. Умеў радавацца кожнаму новаму дню і старанна хаваў у душы ўспаміны і боль пражытых гадоў.
2-і вядучы. I да скону быў гатовы служыць Радзіме.

  • Дэкламацыя верша «Нам адведзена шмат гадоў…» Г. Бураўкіна.

3-і вядучы. На жаль, Івану Чыгрынаву было адведзена няшмат – усяго 62 гады, адыход, несумненна, прыспешвала перажытае ваеннае ліхалецце.

  • Дэкламацыя верша «Можа, і мяне вайна дагоніць…» Н. Гілевіч.

4-ы вядучы. Апошнія гады жыцця былі для Івана Чыгрынава трагічна цяжкімі. Злом эпох, бурлівы вір не заўсёды да лепшага перамен. Здароўе пагоршылася. Постсавецкае грамадства бурыла лад, пры якім прайшло жыццё пісьменніка. Памяць жыла ўспамінамі…

  • Дэкламацыя верша «Размова з адсутнымі» У. Нядзведскага.

1-ы вядучы. Сэрца таленавітага пісьменніка перастала біцца 5 студзеня 1996 г. Іван Чыгрынаў увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры і ў гісторыю нашай краіны.
2-і вядучы. Яго імя носіць адна з вуліц Магілёва, Цэнтральная раённая бібліятэка ў Касцюковічах. У 2003 г. у Магілёве ў яго гонар была адкрыта мемарыяльная дошка.

3.. Заключная частка.

3-і вядучы. Пражыўшы цяжкае, але сумленнае жыццё, Іван Чыгрынаў застанецца ў нашай гісторыі класікам нацыянальнай прозы, пісьменнікам праўды. Ён зрабіў шмат для стварэння мастацкага летапісу Вялікай Айчыннай вайны, гадавіну перамогі ў якой будзем адзначаць у 2025 г.

  • Дэкламацыя верша «Ваеннае дзяцінства» А. Балуценкі.

4-ы вядучы. На вялікі жаль, не сціхаюць войны, і ў XXI ст. яны апальваюць чыёсьці дзяцінства. А так хочацца міру ва ўсім свеце!

СЦЭНАРЫЙ

Т. Еўсіевіч

Літаратурная гасцёўня для вучняў 9-11 класаў

Мэты: паглыбіць веды вучняў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; пазнаёміць іх з творамі беларускіх пісьменнікаў, прысвечаных вайне; дапамагчы ўсвядоміць веліч подзвігу народа ў барацьбе з фашызмам; развіваць патрэбу ў чытанні твораў беларускіх пісьменнікаў; спрыяць фарміраванню патрыятычнай свядомасці; выхоўваць павагу і любоў да Радзімы, да гераічнага мінулага; развіваць творчыя, артыстычныя здольнасці вучняў.
Абсталяванне: выстава кніг пра Вялікую Айчынную вайну: творы беларускіх пісьменнікаў В. Быкава, I. Навуменкі, I. Чыгрынава. Аўдыязапісы песняў ваенных гадоў. Падборка вершаў на ваенную тэматыку. Партрэты. Плакаты.

У вайны свае, далёка не людскія законы.
I яны будуць правіць людзьмі,
Пакуль будуць войны.
В. Быкаў

Вялікая Айчынная вайна стала яшчэ адным выпрабаваннем для беларускага народа. Ліхалецце ваеннай навалы доўжылася з 1941 па 1944 год. Падчас вайны ў Беларусі былі разбураны і спалены 209 гарадоў, 9200 вёсак, загінуў кожны трэці жыхар.
Ваенны час змусіў творчую інтэлігенцыю спазнаць суровыя выпрабаванні: 250 пісьменнікаў Беларусі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Літаратары апраналі вайсковыя шынялі ды ішлі на фронт, ваявалі са зброяй у руках ці працавалі ў армейскіх газетах; многія змагаліся ў партызанах і антыфашысцкім падполлі; іншым давялося выжываць ва ўмовах акупацыі.
Дзякуючы пісьменнікам наша літаратура ішла дарогамі вайны, набліжала Перамогу. Палымянае мастацкае слова заклікала да барацьбы з фашызмам. Беларуская літаратура зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з гітлераўскімі заваёўнікамі. Творы беларускіх пісьменнікаў – гэта апаленыя, набатныя сведкі самога жыцця, гэта сляды крыві на каменнях, жывы подых жыцця; гэта словы, працягнутыя з мінулага ў будучыню. Гэта галасы, якім ніколі не змоўкнуць, як бы далёка не адыйшоў час, гэта невычэрпная крыніца мужнасці і веры ў будучае.
Гавораць, што час – добры лекар, які прыглушае боль. Можа гэта і сапраўды так. Але ўспаміны аб мінулым можна параўнаць з вогнішчам, якое раздзімае вецер часу. Даўно адгрымелі баі Вялікай Айчыннай вайны, але ў памяці застаюцца тыя, з кім елі з аднаго кацялка, у адным ланцугу ішлі ў атаку, над магілай каго пралілася салдацкая сляза.

Палім мы маршанскую махорку,
бачым мы Дняпроўскую граду.
Будзе сёння бой. На тым узгорку,
можа, я таксама ўпаду.
Будуць травы над курганам.
Будуць адлятаць у вырай жураўлі.
Нас, напэўна, у свеце не забудуць,
успомняць, што на свеце мы жылі.
А. Пысін

Наша літаратурная гасцёўня прысвечана творам аб Вялікай Айчыннай вайне беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Івана Чыгрынава.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Бацькі Васіля – тыповыя беларускія сяляне. У Кублічах Быкаў скончыў дзевяць класаў і паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, скончыў школу ФЗН будаўніцкага і чыгуначнага профілю. Перад самай вайной Васіль Быкаў апынуўся на Украіне, дзе збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут, але вайна вырашыла па-свойму. Спачатку інжынерны батальён, потым удзел у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце, пяхотнае вучылішча ў Саратаве, пасля заканчэння якога ў 1943 годзе атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Ізноў баі на Украіне, у Румыніі, Аўстрыі.
На Кіраваградчыне ёсць брацкая магіла, дзе ў спісе пахаваных значыцца імя Васіля Быкава. Бацькі атрымалі ліст, дзе паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10 студзеня 1944 года, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці. Але на самой справе гэта было не так. Давайце паслухаем тлумачэнне самога В. Быкава.
«Я быў паранены. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце набралася чалавек пятнаццаць параненых. Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў і мой камандзір батальёна, які не ведаў, што за 15 хвілін да таго я выпаўз на вуліцу. Пасля шпіталя мяне накіравалі ў іншую часць. Вось так я трапіў у спісы забітых».
Вайна пакінула свой адбітак на сэрцы В. Быкава. Таму асноўнай тэмай творчасці пісьменніка стала ваенная.

Ні той час, ні той міг не забыты.
Бачу я: на зямную мяжу
Мой камбат апусціўся забіты,
і я побач з камбатам ляжу.
Хто там скардзіцца, што ў батальёне
шмат знямелых штыкоў, мала рук?
З батальёнам, лічы, нас мільёны –
так засведчыць бы мог палітрук.
Лёсаў колькі вайна памалола!
Чорным снегам дыхнула зямля…
Ні дачушкі, ні сына малога
ў маладога камбата няма.
I атаку мы зноў адбіваем,
за сябе і за вас пастаім,
Хоць вам, дзеці, якіх уяўляем,
нарадзіцца, напэўна, не ўсім…
Ты, журба, як адчутая страта,
вы, трывогі, адкуль, ад каго?
А мы дзеці, мы дзеці камбата,
мы – адзіныя дзеці яго…
А. Пысін

У беларускай літаратуры ёсць шэраг панарамных твораў пра вайну, удзельнікамі якіх з’яўляюцца цэлыя арміі, франты, вядомыя военачальнікі. Васіль Быкаў аб’ектам свайго даследавання заўсёды выбіраў, здавалася б, зусім нязначны выпадак з франтавых будняў. Героі яго, радавыя салдаты і малодшыя камандзіры, дзейнічаюць на працягу некалькіх дзён або нават гадзін на «пятачках» і ў экстрэмальных умовах, калі правяраюцца не толькі фізічныя магчымасці, але і маральная трываласць чалавека. Выявіўшы штодзённы гераізм, выканаўшы свой абавязак перад Радзімай і таварышамі, яны гінуць. Мужна памірае, забіўшы адзінага ў сваім жыцці ворага, зусім не вайсковец, а кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Фішар. Як сапраўдны герой уступае ў смяротную схватку з танкамі Васіль Глечык. Разумее, што ідзе на немінучую пагібель, але не мае права не ісці настаўнік Мароз, мужна глядзіць у твар смерці Сотнікаў. Самае стратняе, да чаго можа прывесці праява гераізму, – гэта смерць. Але гэта смерць у імя сцвярджэння высокай ідэі, у імя жыцця.
Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, хто юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця.

Я помню ўсё…
Я стаў дарослым рана –
У 20 год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
I праклінаю я цябе, вайна! Я помню ўсё…
Магілы на ўзгорку,
дзе плача вечна ссохлая сасна
I лезе ў вочы дым пажараў горкі:
праклён табе, пачварная вайна!
Я помню ўсё… Стаяў я побач з тымі,
Хто на змаганне родны край узняў.
Гудзе няўмольна перазвон Хатыні:
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё… Я чую голас маці,
якую перад смерцю не абняў.
Ты нас на век прымусіла растацца –
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё… Як вырадак звярыны
жывых дзяцей у яму заганяў,
Я помню крыж фашысцкі на машыне…
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё… I як гарэлі людзі…
Ліпучы снег, што кроўю набрыняў.
Мне крык памерлых раздзірае грудзі:
Праклён, фашызм! Праклён табе, вайна!
У. Нядзведскі

Задача многіх твораў В.Быкава – даследаванне подзвігу і яго вытокаў («Круглянскі мост», «Абеліск», «Пайсці і не вярнуцца», «Сотнікаў», «Балота», «Кар’ер»). У быкаўскіх аповесцях глыбока адлюстравана франтавая вайна і партызанская ды падпольная барацьба супраць гітлераўцаў («Жураўліны крык», «Здрада», «Трэцяя ракета», «Пастка», «Мёртвым не баліць» (адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка), «Праклятая вышыня», «Дажыць да світання», «Альпійская балада».
«Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны да канца і прадухіліць смерць немагчыма?» Васіль Быкаў глыбока і бескампрамісна даследаваў самыя балючыя праблемы нашага жыцця, самыя трагічныя старонкі нашай гісторыі, паказваў і ўзлёты чалавечага духу, і бяздонні маральнага падзення людзей без цвёрдых перакананняў, сябелюбцаў і эгаістаў, заклапочаных толькі ўласнай выгадай.
Пасля вайны Васіль Быкаў жыў у Гродна, працаваў у газеце «Гродзенская праўда», быў сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1978 годзе Васіль Уладзіміравіч пераехаў у Мінск, дзе пражыў 20 гадоў.
Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў другой палове XX стагоддзя, Васіль Быкаў атрымаў самую шырокую вядомасць. Ён стаў упоравень з нашымі вялікімі класікамі – Янкам Купалам Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Іх традыцыі ён працягваў і ўзбагачаў у новых гістарычных умовах. Творы Васіля Быкава выходзілі больш чым на пяцідзесяці мовах планеты. Яны забяспечваюць яму сусветнае прызнанне. I гэта не было выпадковай удачай. Пісьменнік, надзелены магутным талентам (яго цяпер называюць геніяльным) і бескампраміснай сумленасцю, упарта дакопваўся да праўды народнага жыцця, ад паказу якой свядома не адступаўся ніколі. Вызначальнай, арганічна-глыбіннай асаблівасцю быкаўскіх твораў з’яўляецца іх народнасць. Яго народнасць – у самім быкаўскім поглядзе на жыццё, у яго ўспрыманні рэчаіснасці.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі. Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа, Ленінскай прэміі. У 1980 годзе яму было афіцыйна прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
Памёр Васіль Уладзіміравіч Быкаў 22 чэрвеня 2003 года. Ягоная смерць вялікім душэўным болем адгукнулася ў сэрцах мільёнаў беларусаў і шматлікіх людзей у многіх краінах свету.
Іван Якаўлевіч Навуменка – вядомы беларускі пісьменнік, майстра лірычнай прозы, даследчык літаратуры, крытык. Большасць яго мастацкіх твораў пра маладое пакаленне, яго ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Па прыродзе свайго таленту Іван Навуменка – рамантык, летуценнік, максімаліст, упэўнены ў тым, што заўсёды павінна перамагаць дабро.
Нарадзіўся Іван Навуменка 16 лютага 1925 года ў гарадку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Свет складаўся для хлопчыка з дзвюх частак: змрочнай і светлай. Гэта – суровы побыт, нястача, немагчымасць набыць неабходныя рэчы. З другога боку – вандроўкі ў лес па грыбы і ягады, на сенакос, з падслухваннем музыкі прыроды, чытанне кніжак. Вайна прыпала на заканчэнне школы, перапыніла рамантычныя памкненні маладых людзей. Іван становіцца ўдзельнікам камсамольскага падполля, партызанам. У снежні 1943 года юнака мабілізуюць у армію. Ён удзельнічае ў баях на Карэльскім перашыйку, у вызваленні Прыбалтыкі, ваюе на 1-м Украінскім фронце. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Іван Навуменка працаваў карэспандэнтам абласной газеты «Бальшавік Палесся», потым у «Звяздзе». Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, затым скончыў аспірантуру. Быў дырэктарам, а потым віцэ-прэзідэнтам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі. Выконваў абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета БССР.
Герой амаль усіх твораў пісьменніка носіць біяграфічны характар – дзіця, падлетак, юнак, малады чалавек, які мае няўрымслівы характар, дапытлівы па прыродзе сваёй, здольны пераадольваць шматлікія цяжкасці, матэрыяльныя нястачы на жыццёвым шляху. Праходзіць час, а ён застаецца верны вечным ісцінам дабра, сяброўства, справядлівасці.
У 1957 годзе выйшлі першыя кнігі I. Навуменкі «Сямнаццатай вясной», «Вераніка», потым «Хлопцы-равеснікі», «Дом над морам», «Верасы на выжарынах». Вернасць свайму пакаленню, жаданне як мага паўней расказаць пра тых, чыё юнацтва апаліла вайна, хто не па гадах пасталеў у суровых выпрабаваннях, хто не вярнуўся з фронту і партызанскіх атрадаў. Як рэквіем над загінуўшымі гучыць маналог з аповесці «Трымценне дубовага лісця»: «Даруйце нам, нашы дзяўчаты, што мы былі дрэннымі кавалерамі, не ўмелі вас кахаць. Мы, можа, і навучыліся б, але вайна залішне зацягнулася, ды і мала нас вярнулася з вайны. З дзявятага класа пайшло на фронт шаснаццаць, прыйшло толькі чацвёра. Ляжаць яны, хлопцы дваццаць чацвёртага і дваццаць пятага года нараджэння, у брацкіх магілах ля вёсачак і безыменных вышынь ад Дняпра да нямецкай Эльбы. Даруйце ім, дзяўчаты…»

На абелісках – толькі даты,
імёны многіх не знайсці.
I невядомыя салдаты
маўчаць у сціплым забыцці.
Байцам не сняцца пантэоны,
у іх з маленства клопат быў,
Каб рунню дыхаў дол зялёны,
каб град калоссе не пабіў.
А. Пысін

«Хлопцы самай вялікай вайны…» У творы паказана вайна, якая адышла на захад. Падзеі адбываюцца як бы па-за вайною: паўсюль з эшалона, у якім вязуць былых партызанаў і вайскоўцаў, што прайшлі франтавымі дарогамі. I. Навуменка піша: «Усё пачыналася са школы. Каханне таксама. Былі сярод маіх аднакласнікаў хлопцы, якія нават і дзяўчат не паспелі ні разу ў жыцці пацалаваць… Я павінен быў расказаць пра сваіх равеснікаў». I расказвае ён пра іх як пра самае дарагое і запаветнае.

Мы з табою ля рэчкі не страчалі зары,
Не вяло з намі спрэчкі рэха ў звонкім бары.
Не купаліся ў хвалях мурагу ў сенакос,
Нас не вабілі далі ні зямлі, ні нябёс.
I за тое, што росы не абмылі нам ног,
Нам прысуджана ростань на развілцы дарог.
І. Навуменка

Выжыць аднаму з нямногіх з яго пакалення. Віктар Пасашка – у многім аўтабіяграфічны герой. Яго вобраз пісьменнік спісваў менавіта з сябе: ён таксама пайшоў на фронт з партызанаў, таксама ваяваў пад Ленінградам. Пісьменнік здолеў стварыць калектыўны вобраз народа – жанчын, салдат-навабранцаў, партызанаў – удзельнікаў і сведкаў вайны.
Вайне прысвяціў I. Навуменка трылогію «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». На беларускае мястэчка Бацькавічы насунулася цёмная ноч фашысцкай акупацыі. Пісьменнік буйным планам малюе юнакоў, для якіх вайна з’явілася выпрабаваннем на сталасць. Напружаным духоўным жыццём жывуць сын Сцяпана Птахі – Міця і яго сябры.
У мірны час усё было проста. А цяпер жыццё зрабілася куды «складаней, заблытаней, чым аб гэтым вучылі ў школе, пісалі ў газетах, кнігах». Міця і яго сябры аб’ядноўваюцца ў падпольную групу. У змаганні з ворагам яны бачаць сэнс свайго жыцця.

Дарога партызанская, балоцістая, гразкая,
ні ўзлесся, ні прасвета,
Ні зоркі ў вышыні. Глядзім мы на дарогу:
будзь ласкавейшай троху!
Лес родны, весялей нам прашумі!
Што ў змроку нас чакае?
Ваўкоў галодных зграя?
Варожая засада – ваўкоў двуногіх раць?
Дзе мы ідзём лясамі,
Ідзём і знаем самі, што не сябе –
Радзіму нам трэба ратаваць.
А. Вярцінскі

У раскрыцці вытокаў і размаху партызанскай эпапеі, нялёгкіх пошукаў героямі свайго месца ў жорсткай схватцы з каварным ворагам – заслуга аўтара. Творчая задума пісьменніка грунтуецца на жаданні сказаць пра чалавека тое, што не было сказана папярэднікамі: трагічны вопыт вайны дае на гэта права. Беларусы вынеслі з мінулага шмат такога, чаго не зведаў больш ніводзін народ свету.
Памёр Іван Якаўлевіч Навуменка 17 снежня 2006 года. Сіла і жыццястойкасць яго твораў – у яснасці і мэтанакіраванасці ідэйных пазіцый, у сцвярджэнні высокіх гуманістычных ідэалаў чалавечнасці і прыгажосці, у мастацкім майстэрстве. Творы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Івана Навуменкі не проста прачытаюцца намі, а застануцца ў памяці назаўсёды як самы дарагі і каштоўны скарб – скарб духоўны.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вайна, якую будучы пісьменнік перажыў у роднай вёсцы, дала яму багата ўражанняў, а пазней вызначыла тэматыку яго твораў.

Ты кажаш, я не ведаю вайны,
што мне было тады гадоў замала?
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы –
і стрымгалоў бягу аўсом няжатым.
Паўзу бульбянішчам па баразне,
да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
у вочы стрэл грыміць у міг апошні…
Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
яны – мае навек, да самай смерці.
Застаўшыся з маленства на вайне,
я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
Н. Гілевіч

Сямігодку Іван скончыў у сваёй вёсцы, а сярэднюю школу ў Саматэвічах, радзіме Аркадзя Куляшова, што пэўным чынам паўплывала на захапленне літаратурай. Потым вучоба на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у выдавецтве «Навука і тэхніка», у часопісах «Полымя», «Спадчына», намеснікам старшыні праўлення ў апараце Саюза пісьменнікаў.
Іван Чыгрынаў займаў і адказныя дзяржаўныя пасады, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. У 1978 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1994 годзе яму было прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
Творчасць І. Чыгрынава – яркая старонка ў сучаснай беларускай прозе. Лепшыя апавяданні і раманы пісьменніка вылучаюцца глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, значнасцю пастаўленых праблем, высокім мастацкім майстэрствам.
Сваю мастацкую інтэрпрэтацыю ваенных падзей дае I. Чыгрынаў у пенталогіі «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». Сам аўтар з пакалення «дзяцей вайны» і зведаў вайну такой, якой «не дай Бог сучаснаму пакаленню ведаць». З гадамі выразней і глыбей убачыўся і час, і яго сэнс: кожны новы раман з цыкла паказвае вайну з боку нейкай важнай праблемы, ці то трагедыі, ці то віны, ці то маральнага асэнсавання ўрокаў.
І. Чыгрынаў заглыбляўся пераважна ў той аспект вайны, які быў звязаны з вёскай, адкуль усе мужчыны пайшлі на фронт, а ў хатах засталіся жанчыны, дзеці ды старыя людзі.
У акупацыі апынуўся цэлы народ, якому пагражае фізічнае вынішчэнне. На пярэднім плане ў пенталогіі Дзяніс Зазыба, чалавек, які, на думку аўтара, увабраў народную мудрасць, набытую ў часы цяжкіх выпрабаванняў: войны, рэвалюцыі, калектывізацыя, рэпрэсіі. Таксама Кузьма Прыбыткоў, Парфён Вяршкоў. Гэтыя вяскоўцы як бы ўвасабляюць «калектыўны розум» беларусаў – супрацьстаяць акупантам. Масей Зазыба – трагічны герой, прадстаўнік новага пакалення беларусаў. Нягледзячы на сваю ўнутраную правату і розум, ён не здольны перамагчы аб’ектыўныя акалічнасці, якія не даюць беларусам стаць народам, ажыццявіць даўнюю мару пра незалежнасць.

От і ўсё. За светлы край азёрны,
за вясну ў палёх,
Неба сіняе ў кроплях зорных
я навек тут лёг.
А. Коршак

Заслуга Чыгрынава ў тым, што ён здолеў узнавіць у невядомых яшчэ тэндэнцыях тыя плыні жывой рэчаіснасці мінулай вайны, спасціжэнне сапраўднага сэнсу якіх служыць грамадскай ісціне і духоўнаму ўзмужненню чалавека. Ён бачыць у вайне не толькі мужнасць, гераізм людзей, але і надзвычайнае выпрабаванне, калі чалавек здае экзамен не на адну стойкасць, а і на маральнасць. Усім зместам сваіх твораў I. Чыгрынаў сцвярджаў ідэю пра няскоранасць і неўміручасць народа.

Навекі слава тым, што ў полі ратным
загінулі за родныя палі,
За наш народ, за лёс народаў братніх,
за дзень наступны ўсяе зямлі.
Бяссмертныя іх помнікі крані ты
і цеплыню адчуеш пад рукой:
Іх высеклі не з камняў, не з граніту, –
З людской любві, з удзячнасці людской.
П. Панчанка

У 80–90-я гады пісьменнік звярнуўся да драматургіі. Ён напісаў звыш дзесяці п’ес, выступаў у друку з артыкуламі аб надзённых праблемах літаратурнага жыцця. I. Чыгрынаў з’яўляецца адным з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць…»
Памёр Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў 5 студзеня 1996 года.
Творцы падобнага кшталту паміраюць толькі фізічна – іх духоўнае жыццё працягваецца. Яны, бы тая зорка, якая ўжо памерла, але яе святло яшчэ доўга і доўга свеціць людзям. Так і творам Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Івана Чыгрынава наканавана неўміручасць. Ім жыць роўна столькі, колькі жыць беларусам на зямлі.
Памяць народа – гэта самае вялікае багацце, якое і называецца спадчынай. Род і народ яднаюцца адным дарагім словам – Радзіма.


Мы дзеці вялікай, нашай зямлі,
Мы з думкай аб міры і шчасці ўзраслі,
Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць,
Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,
Мы клічам на свеце з’яднацца сяброў,
Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў.
Сябры! Сягоння ў нас думы адны:
Мір нам патрэбен, не трэба вайны!
П. Броўка

Сябры, спадзяюся, што наша сённяшняя літаратурная гасцёўня пакінула свой адбітак у вашых сэрцах і вы зразумелі, якой жудаснай з’явай з’яўляецца вайна. Набліжаецца вялікае свята – Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наша дзяржава робіць усё неабходнае, каб жыхары краіны і ўсяго свету не забылі пра тых, хто перамог фашызм.
А зараз я прапаную памянуць хвілінай маўчання тых, хто не вярнуўся з той страшэннай вайны, і запаліць свечку. Няхай яна стане знакам нашай пашаны і ўдзячнасці, нашай памяці аб тых, хто набліжаў час перамогі і на фронце, і ў тыле.

Бібліятэкар звяртае ўвагу вучняў на выставу кніг Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Івана Чыгрынава. Раіць пачытаць іх.

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”