ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ХОЧАЦЕ ВЕРЦЕ, ХОЧАЦЕ – НЕ

Я ўжо недзе хваліўся, што адмысловы рыбак. Але ж гэта пры той умове, калі бываеш на рыбалцы гады ў рады. Яна і рыба, няйначай, вушлая – на кожнага ахвотніка не хопіць, а калі на месяц па адной, то калі ласка, лаві, калі без падобнага занятку не можаш. Словам, хочацца ўнесці ва ўсё гэта свядомую зака- намернасць. Але ж усё-такі існуе і ў рыбнай лоўлі свая навука. Шчасліўчык – адна справа, спецыяліст – другая. Мне не адзін раз даводзілася назіраць за докамі. Некаторыя здольныя вывудзіць шчупака нават на голым кургане, ад якога да вады ісці не дайсці. Бачыў таксама, як аднаго і таго ж акуня лавіў у адзін і той жа дзень адзін і той жа чалавек ажно ці не дзесяць разоў, і зловіць – выкіне, а ён крокаў праз дваццаць па цячэнні зноў на кручку. Словам, што паляўнічы, то і рыбак. Але ж у даным выпадку давялося назіраць самому.

Між тым прыгадваліся мне рэдкія выпадкі палявання. Апошні час я не бяру ў рукі стрэльбу. Хаджу так з якім-небудзь паляўнічым альбо сяджу з ім у засадзе. Дзіўна, але сабакі чамусьці амаль заўсёды выганяюць звера насупроць таго месца, дзе знаходжуся я. Пра гэта паляўнічыя ўжо ведаюць, таму трымаюцца бліжэй. Так было аднаго разу з дзіком каля Бесядзі, калі яшчэ не ляжала там чарнобыльская атрута, так было і з ласём, які амаль з даверам падышоў да мяне ў Бялынкавіцкім лясніцтве. Але ж кажу, як і на рыбе, на паляванні бываю таксама рэдка.

Тым не менш помню адзін выпадак. Быў імжысты дзень, але галоўнае – вольны. У вёсцы ў нас хадзілі на паляванне ўсяго два чалавекі. Даніла Сіманёнак і Яшка Мелехаў. Праўда, Яшку на гэтую справу часу не хапала. Ён працаваў у саўгасе трактарыстам. Зразумела, зіму ў яго займаў рамонт, бо трактар пасля мінулагодніх работ у полі даводзілася збіраць ледзь не нанава, па тыдні шукаць запчасткі. I гэта пры тым, што Яшка быў паляўнічы лепшы. Сіманёнак жа найбольш хваліўся, бо ніхто тых зайцоў, пра якія ён гаварыў, ніколі не каштаваў у яго, нават калі прыходзіў са сваёй гарэлкай. Адбываліся ў такім выпадку квашанай капустай. Дык у той імжысты дзень пайшоў я да Яшкі прасіць ружжа. На жаль, гаспадар дома адсутнічаў, як і заўсёды, прападаў недзе на машынным двары. Але ў хаце завіхалася ягоная жонка Ганна, жанчына мнагадзетная, на якой трымалася гаспадарка. Заробіць гаспадар ці вінен застанецца, а ў Ганны на гародзе ўсё роўна што-небудзь вырасце. I дзеці яе галодныя не бегалі па вуліцы, і муж заўсёды мог разлічваць на абед. Убачыўшы мяне, яна выцерла аб фартух рукі, тады тым жа фартухом змахнула нейкія крошкі з услону, сказала радасна:

– Які госць у нас! Яшкі няма.

– Што ж, прыйду другі раз, – зусім не засмуціўся я.

– А што ў цябе, калі не сакрэт?

– Ды ніякага сакрэту. Хацеў папрасіць у гаспадара ружжо.

– Тае бяды, – сказала яна, беручы са скрыні ружжо, – гэта ж ён ад дзяцей хавае.

Ружжо было цалкам самаробнае – прынамсі, ложу калі толькі выстругваў гаспадар, гэта па ўсім было відаць; можа, адна руля куплёная. Але ўсе ў вёсцы ведалі, што ружжо дакладна страляла цэнтральнага бою, аднолькава даставала цэль на малой і вялікай адлегласці. Пры спрыяльных умовах магло карміцелем быць. Але я ўжо казаў, што яшчэ круглы год ён не адыходзіў ад свайго трактара.

– Дык бяры, – падала ружжо Ганна.

– А як жа Яшка? – занепакоіўся я.

– Дак… Ну раз я даю, то можаш браць. Як ета адмовіць такому госцю? Табе і з патронамі, здаецца, павязло. Якраз учора набіваў. Во глядзі! – З той жа скрыні яна дастала патроны. – Я табе раскажу, якім калі страляць. Кулі ён сам адліваў. Дак гэта вось на лася. Гэта – на дзіка. Гэта – назайца. А тут дроб на птушак. Нават ёсць зусім дробненькая. Але якое паляванне на курапатак? Прынёс ён аднаго разу з дзясятак, дык толькі і хапіла на ўсіх, што лізнуць. Так што палюй на дзіка. Некаторыя мяняюцца – двух парсюкоў за аднаго вепрука. Кажуць, карэннем у лесе кормяцца, шмат карысных траў з’ядаюць, дык мяса прапітана рознымі зёлкамі. Сёй-той лечыцца дзічынай.

Я паклаў у кішэню патроны, павесіў на плячо ружжо, паабяцаўшы прынесці Ганне гасцінец.

За вёскай ад імжы зрабілася шарэй, але я трохі паблукаў па полі, маючы надзею падняць зайца. I ўсё дарэмна. Няйначай, яны карміліся недзе на ўзлесках. Не напаткаў я ў балоце і ласёў, дарма што яны выходзілі да сялянскіх двароў цэлымі статкамі. Словам, ні адзін звер мне не трапіўся, якога можна было б узяць на мушку. А там – забіў звера ці не забіў, ды шуму многа нарабіў. I тым не менш правалэндаўся я цэлы дзянёк. Ад імжы стаў мокры, аднак увесь час рухаўся, таму ўгрэўся. Ажно пара ішла з мяне. Вечар пачаў наставаць імгненна, можа, ад таго, што імжа памагала. Расчаравана я выйшаў з лесу. На заснежанай балацявіне віднеліся скрозь імжу чатыры велічэзныя вольхі. У вёску мне належала ісці міма той балацявіны, бо ўсё роўна, куды б ні накіраваўся, давялося б прабівацца па цаліку. Тым часам ад імжы ўжо шэрхнуў снег. На ўзлеску дала аб сабе знаць стома. I я прыкінуў у галаве, за колькі пераходаў удасца дапяць да вёскі. Выходзіла, што ўвечары. Але я ўсё-ткі спыніўся каля балацявіны, стаў пад вольхай, прыхінуўшыся да яе спінай і паставіўшы ложай на снег ружжо, падтрымліваючы адной рукой. Трэба сказаць, што, можа, па нявопытнасці, аднак ружжо я пранасіў увесь дзень з патронам у патронніку. Яно і цяпер заставалася зараджаным, дарма што трымаў яго зусім не па правілах. I трэба ж мне было глянуць угору, на макаўку вольхі. Там сядзеў цецярук. Відаць, сядзеў ужо даўно, бо, здаецца, думаў альбо проста сцішыўся, кепска адрозніваючы скрозь імжу, што рабілася ўнізе. Вось табе і паляўнічае шчасце! Асцярожна я падняў ружжо і, амаль не цэлячыся, націснуў курок. Грымнуў стрэл. Цецярук залапаў крыламі на сваім седале, быццам спрабаваў узляцець угору, але куля трапіла яму якраз, і ён замест таго, каб падняцца ўгору, пачаў падаць на снег. Падаў ён замаруджана, і я паспеў зарадзіць ружжо нанава. Але дабіваць цецерука не прыйшлося. Ён страгіянуўся раз-другі і сціх. Я ўзяў здабычу, узважыў на руцэ. Цецярук быў укормлены і тлусты. Якраз каб стушыць з капустай ці бульбай.

Гэта быў адзіны раз, калі мне пашанцавала ўпаляваць дзічыну. Больш за тое, цецярук, якога я выхадзіў-такі за цэлы дзень, стаў першай і апошняй ахвярай маёй на паляванні. Цяпер на паляванне не хаджу – вялікая міграцыя звяроў па ўсіх лясах, і ніхто не можа сказаць з упэўненасцю, які з іх заражаны цэзіем ці стронцыем, а які чысты.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”