ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ВОСЕНЬ, ЛІСТАБОЙ I САБАЧЫЯ ГАЙНІ

Сёння, бадай, першы дзень, калі восень увачавідкі паказвала свой вядзьмарскі нораў. Раптам аднекуль на тутэйшы ўзлесак наляцеў вецер, моцна патрос дрэвы і ажно захадзіў па алеях колькі хвілін, збіваючы лістоту, тую лістоту, якая яшчэ зялёнай пасохла ад доўгай і бязлітаснай спёкі. Штосьці падобнае мне даводзілася бачыць на Іслачы, але то было ўлетку – здавалася, за адно імгненне ўся рака зрабілася зялёнай і паплыла не сваёй вадой. Не помню цяпер, што тады спыніла гарачы лістабой, можа, самахоць перастаў, але сёння, акурат на пажар, з парывістым ветрам прыйшоў аднекуль дождж, як кажуць, без хмараў і грому. Я доўга, быццам патураючы, ішоў ад возера, паціху пераадольваючы адну за адной горкі, і мне чамусьці было не страшна дажджу, дарма што мы ўжо цяпер насцярожваемся – хоць бы не радыяцыйны!.. Можа, сённяшні сапраўды не радыяцыйны. Няхай дае Бог. А то сёлета я з гэтай радыяцыі амаль усю вясну не вылазіў.

Дзіўна, як памялела за лета вада. I ў рэках, і ў азёрах; сажалкі высахлі, бадай, да дна; там блішчыць на сонцы парэпаны глей, тырчаць карчы і розны друз, які дасюль хаваў тут ад сваіх і чужых вачэй чалавек. Сяго-таго не кармі, затое дай выкінуць праз фортку што-кольвечы прыкрае.

Ну, здаецца, выкрываўчы пафас патрачаны і ў гэтым выпадку, і цяпер чалавецтва ў асобе чалавека нарэшце паслухаецца яшчэ аднаго дзівака і не стане далей атручваць сабе жыццё.

А між тым, сабакі такой парой шукаюць і сяброў, і ахвяраў сабе. Ужо на пачатку восені збіраюцца непрыкаянымі гайнямі каля чалавечага жытла, якое паступова астывае. Абываталь забірае свае летнія транты з дачаў, падаецца на гарадскія кватэры, пакідаючы сам-насам прыручаных старажавых звяроў. Тыя без часовых гаспадароў, якія прыкормлівалі іх улетку, накопліваюць у сваіх агрэсіўных натурах яшчэ мацнейшую злосць, і ўжо нічога не замінае ім учапіцца даверліваму прахожаму ў лытку ці ўвогуле схапіць за горла. Асабліва павялічваецца агрэсіўнасць у гайнях, якія носяцца з гаўканнем па наваколлі і ўтвараюцца раптам па адным зове. I тады яны помсцяць стрэчнаму чалавеку і за сваю пакінутасць, і за сваю здзічэласць, і за ўсе іншыя крыўды, нават з прычыны асаблівасці гайні. Пакуль я браў сходу шматлікія горкі, каб падняцца к дому, да мяне таксама прысталі два сабакі – спярша адзін, пасля другі. Але ціхманыя, з гатоўнасцю ў вачах паказаць самую шчырую адданасць. Словам, прысталі ў спадарожнікі ні больш ні менш як сябры чалавека. Дык хто іх стане гнаць ад сябе? Злашча, што галава мая занята была нейкімі пустымі развагамі, а перасцярога дык і зусім не закрадвалася ў душу. Тым часам сабак вакол мяне збеглася ўсё больш, неяк непрыкметна, зусім ціха далучаючыся, нічым не выдаючы сябе. Адчуў я іх блізка па скавытанні ўжо. Акрамя таго, штосьці пагрозлівае ўтварылася вакол мяне. I тады я падняў галаву і ўбачыў, як гайня пераймае дарогу, спрабуючы затрымаць мяне. Ім заставалася толькі атрымаць ад кагосьці кліч, каб кінуцца на чалавека. Але ці таго кагосьці не было яшчэ сярод іх, ці ён спазняўся са сваёй камандай, аднак ні адзін з іх упрытык да маіх каленак дарогі не засланяў. I я ішоў, ужо здагадваючыся аб небяспецы. Не ведаю, што магло здарыцца са мной, але выручыў мяне незнаёмы дзядзька, яўна дачнага выгляду з рукзаком за плячамі і з вялікім, можна сказаць цяжкім дубцом у руках, які ён трымаў напагатове. Здавалася, у адзін момант ён параскідаў з дарогі гэтым дубцом сабак, дарэчы, зусім не шкадуючы іх, тады сказаў:

– Што ж гэта вы без косценя ходзіце?

– Я не зразумеў.

Чалавек патлумачыў:

– Ну, з голымі рукамі.

– А-а, – сказаў я. – Дык…

– Яны цяпер, пакінутыя самі на сябе, здольныя на што хочаш. I тое сказаць, чалавечая няўдзячнасць… спярша просяць адзін у аднаго гэтых сабак, пасля на зіму кідаюць. Вось яны і шастаюць кругом, спрабуючы помсціць, каго напаткаюць. Так што без дубца цяпер па дачных пасёлках хадзіць небяспечна.

Прызнацца, нягледзячы на ўрок, я не завёў сабе адмысловага адпужвальніка. Сцізорыкам нічога вартага не зробіш, а тапара, каб высекчы патрэбную дзеравінку, усё не папрашу ў будаўнікоў мясцовых катэджаў.

Цяпер у гайні, падобныя на сабачыя, пачалі збівацца людзі. Я неяк прыйшоў да думкі – ці патрэбна нам столькі партый? I ўвогуле – хіба час настаў партый? А між тым, якраз у іх акумулююцца ў нашы дні і ўся людская злосць, і ўсё грамадскае зло. Гэтым не хачу сказаць, што панацэя для выйсця з бяды, у якой апынуўся народ, у аднапартыйнасці. Наадварот, адной партыі лягчэй прывесці краіну да дыктатуры. Нам увогуле непатрэбныя цяпер партыі. Настаў беспартыйны час, тое, што партыі і розныя прапартыйныя арганізацыі множацца, гэта таксама зразумела: яны часам патрэбны аднаму, двум чалавекам, ну, няхай групе, каб утрымацца за грыву палітычнага каня. Ва ўсім вінавата палітыка, ад якой, аказваецца, чалавецтву немагчыма адкараскацца. Можа, таму і Маркс усё яшчэ папулярны ў свеце. Прынамсі, патрэбны новыя мысліцелі, якія перачыталі б ранейшых і штосьці нарэшце сказалі пэўнае, хоць наўрад ці магчыма гэта. Але ж браць на сябе ролю мысліцеля кожнаму таксама недаравальна, дарма што даволі часта так і выпадае. Раней, у часы Ісуса Хрыста, любілі слухаць і суправаджаць юродзівых, што ездзілі на аслах з паселішча ў паселішча. Цяпер – так званых мысліцеляў, якія добра калі маюць за душой закончаную вышэйшую адукацыю. I асабліва ў павазе ў так званага простага народа парадаксальнае мысленне. Простую мову, простыя думкі ніхто не хоча слухаць. «Моў, навошта гэта мне, я і сам так умею!» Дык што ж тады патрэбна сёння нашы людзям, калі нават шкодныя партыі? Добры люд, разумныя кіраўнічыя людзі. Але не ў старым сэнсе і ўжо зусім не цяперашнім.

А тым часам асобныя дзясяткі і сотні збіваюцца ў гайні, падобныя на сабачыя. З той жа помслівасцю за свой былы страх, за крыўду (а крыўдаў хапала, здаецца, на ўсіх), за непрыкаянасць, за пагарду. Ды, урэшце, і за не дужа сытнае жыццё!.. Заімшэлыя камуністы ўжо прыходзяць у захапленне, нават у экстаз, калі параўноўваюць ранейшую беднасць з цяперашняй. Моў, пры нашым кіраўніцтве было ўсё-ткі лепей. Але ж няхітрая гэтая права супастаўляць беднасць з беднасцю!..

Не ведаю чаму, аднак я асабіста гатовы дапамагаць хоць чорту з д’яблам, каб народ наш як хутчэй выбавіўся з цянётаў цяперашняй непрагляднасці, прыніжанасці і галечы. Можа, таму даволі часу атрымліваю позву на розныя сходы, пасяджэнні, з’езды… Асабліва выкарыстоўваецца маё імя пры стварэнні новых газет і часопісаў, якія, на думку заснавальнікаў, павінны ўнесці нарэшце яснасць у праблемы, якія апанавалі грамадства. Пры гэтым я заўсёды пытаюся, якія партыі стаяць за тым альбо іншым выданнем. I кожны раз рэдактары-заснавальнікі запэўнівалі, што новае выданне ставіць сабе за мэту акумуліраваць увесь спектр цяперашніх настрояў і думак. На жаль, часцей здараецца, што ўжо на трэцім, чацвёртым нумары пачынае выразна выступаць твар партыйнасці. А гэтага нібыта чакаюць. Тады ўсчынаецца вэрхал, і цябе імкнуцца паставіць да адной альбо да другой сцяны. Не паспела, напрыклад, выйсці ўсвет газета «Отечество», куды мяне таксама запрасілі ў рэдкалегію (паўтараю, толькі яшчэ запрасілі, але згоды пакуль не атрымалі), як радыёстанцыя «Свабода», што скіроўвае службу на Беларусь, наладзіла з гэтага поваду перадачу. За каментатара гэты раз быў выбраны Вячаслаў Адамчык. Размову з ім вёў сын рускага паэта Валянціна Тараса, таго Тараса, які ў гады савецкага рэжыму своеасаблівым чынам дапамагаў разбураць нашу мову, паказваючы сваім вопытам пісаць адразу на дзвюх. (Тады, помніце, нават тэорыя была пушчана з Масквы, што нарэшце настае час, калі нацыянальныя пісьменнікі ўсё часцей ствараюць свае творы на рускай мове, напрыклад, кіргіз Айтматаў, беларус Адамовіч…) Дык вось сын гэтага колішняга вынаходца найноўшай моцнай тэорыі ў галіне вершаскладання, няйначай, што з блаславення бацькі, пачуўшы пра газету «Отечество» і ўведаўшы, каго можна будзе пабачыць у складзе рэдкалегіі, паспяшаўшы па кароткай дачнай вуліцы да Адамчыка. I што ж у тым выступленні па замежным радыё інкрымінавалася Чыгрынаву? Аказваецца, ні многа, ні мала, як неафашызм, маўляў, спроба выдаваць у Беларусі падобную газету немінуча прывядзе… да неафашызму, які ўсё выразней вырастае ў Расіі, перароджваючыся з нацыянальнага патрыятычнага руху… Мне цяжка меркаваць, што гэта такое, праз занятасць хапала б часу разабрацца з падзеямі і грамадскімі рухамі ў сябе дома, аднак хіба прыхільнасць да Расіі абавязкова прывядзе да чагосьці кепскага? Што, у Расіі цяпер нічога вартага ўвагі няма, акрамя нацыянальнага патрыятызму, які перарастае ў неафашызм? Не ведаю, як у каго, а ў мяне ўсе гэтыя скураныя партупеі і чорныя галіфэ з гімнасцёркамі выклікаюць адно ўсмешку. Між тым, мне аднолькава любы і Украіна, і Літва, і Латвія… Усе нашы суседзі. Хто, калі не я, падтрымаў выданне «Падляшша»?

Сам я замежнай перадачы не чуў. Пра яе мне расказаў Нічыпар Пашкевіч. А другі чалавек, які трапіў у нашу кампанію, з недаўменнем паціснуў плячамі, спытаў:

– А што гэта Адамчык мае супроць цябе? На пісьменніцкім з’ездзе, помню, выступаў з самымі брыдкімі абвінавачваннямі, адмаўляючы табе не толькі ва ўменні займацца кіраўнічай «прозай» у СП, але ж і ў таленце?

– Цяжка сказаць, што часам штурхае нават чалавека з талентам на выпады супроць калегі, адмаўленне іншым у таленце, што свой найвышэй ставіць? Не выключана магчымасць, што мае характар сабачы, і па камандзе, а то і па сваёй крыўдзе, якую меў ад тых, з кім жыў і жыве побач, кінуцца амаль на такога ж небараку.

Мудры Нічыпар Еўдакімавіч!

Я ўспамінаю ў наш час, як Вячаслаў Уладзіміравіч працаваў у Саюзе пісьменнікаў парторгам, сакратаром партарганізацыі, на якую ён цяпер гатовы пляваць, як на гарачую патэльню. Гэта быў самы рашучы праваднік камуністычных ідэй на пісьменніцкіх сходах, ледзь не зацяты функцыянер, дакладней, свядомы і адданы ганчак І.І. Антановіча і тых членаў СП, якія працавалі тады ў Цэнтральным камітэце. «Мы навучым Чыгрынава любіць партыю! – крычаў ён з трыбуны на сходзе камуністаў. – Мы навучым яго апранацца, як след, каб не з’яўляўся сюды ў хламідзе!» Я і праўда прыходзіў іншы раз у пярэстай, быццам камуфляжнай блузе. Што зробіш, параўнаўча маладыя гады, хацелася не аднаму аддзелу культуры ЦК з яго стаўленікамі ў СП падабацца, а таксама і дзяўчатам!

Дзіўна, але ў мяне заўсёды знаходзіліся добразычліўцы, якія наперад ведалі пра намер збэсціць мяне альбо Адамчыкам, альбо Карамазавым… Зразумела, што добрыя таварышы папярэджвалі, а я на той час выходзіў з залы, нават калі сядзеў у прэзідыуме. Так было і на адным пісьменніцкім з’ездзе, часта падобнае здаралася таксама на партыйных сходах… Канечне, за блазна не дужа выпадала тады выдаваць сябе, у дасье зацікаўленым таварышам неабходна было дадаваць што-кольвечы, таму ратавацца неяк усё-ткі даволі часта таксама з’яўлялася патрэба.

I толькі заглянуўшы ў архіве ў сваё былое цэкоўскае дасье, зразумеў, які безабаронны бывае чалавек. Здаецца, ужо і член гаркама, і член абкама, і член ЦК… Хто рашыцца хапаць такога чалавека за лыткі? Аказваецца, усё гэта дадзена знарок, каб трымаць на павадку, у паслухмянасці, крый бог, паруш пабудову, тады разжуюць і выплюнуць, ператвораць у штосьці накшталт пракажонага. Хіба ж не таму некаторыя з так званых перспектыўных адыходзілі ў цень, асабліва, калі без парушынкі таленту. Прынамсі, іх можна пералічыць, яны яшчэ на памяці.

…Сённяшні дождж, які нахлынуў аднекуль за лістабоем, хутка аціхнуў, а тыя кроплі, што падалі з дрэў у прысадзе, сталі чамусьці цёплыя, усё роўна, як толькі што прабіліся ўніз па гарачых пластах атмасферы. Кажуць, што з восенню да чалавека прыходзіць спакой. На яго ўжо не дзейнічаюць гэтак моцна знешнія сілы, у прыватнасці, сонца, як улетку. Але раўнавагі дасягнуць ніяк не ўдаецца. Відаць, сам чалавек створаны так, што яго павінна час ад часу наведваць трывога, нават не асэнсаваная і акурат патаемная. Бо наш арганізм хутчэй за ўсё своеасаблівы сейсмограф, які кожнае імгненне павінен адтукнуцца на ўсе праявы і выявіць найвышэйшую адчувальнасць.

Ну а што сабакі? Усё яшчэ збягаюцца ў гайні.

Можа, яны ўсё-ткі перагрызуцца некалі? Перастануць чапаць тых, хто не мае ніякага дачынення да іхніх пакутаў?

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”