ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

РЭВІЗОР

Пра гэта расказаў неяк Станіслаў Пятровіч Шушкевіч. Калі ўвогуле, то былыя зэкі пра сваё знаходжанне ў лагерах ды турмах не надта імкнуліся на людзях успамінаць. Хто праз сваю прыродную стрыманасць, маўляў, навошта, каму яно цікава, а хто праз звычайную перасцярогу – а раптам гісторыя пакоціцца назад? Хіба ж пакутаў яшчэ не хапіла? Тым не менш Станіслаў Пятровіч часам дазваляў сабе выказаць якую-небудзь зэкаўскую таямніцу, калі гэта датычыла знаёмых.

– Ведаеце? – Ён заўсёды пачынаў з гэтага слова, якое гучала ў яго вуснах запытальна.

Тым часам з рэвізорам было так. У сорак першым годзе, калі немец збіраўся захапіць Маскву, сібірскія вёскі абезмужычвалі. Нават з лагераў ішлі людзі на фронт. Трэба сказаць, што ў галоўным берыеўскім упраўленні лагеры былі розныя. Шушкевіч, напрыклад, на пачатку вайны адбываў пакаранне ў сельскагаспадарчым лагеры-саўгасе. Мне не зусім вядома гэтае словазлучэнне, аднак з размовы Станіслава Пятровіча можна было зразумець, што на палях у такіх лагерах-саўгасах працавалі побач з рабочымі, якія жылі ў вёсках, і зняволеныя. I вось вайна пазвала на сваё крывавае жніво мясцовых мужыкоў, узваліўшы ўвесь клопат па ўборцы ўраджаю на зняволеных, з якіх мала хто адчуваў у сабе дастаткова сілаў жаць збожжа, малаціць снапы ды буртаваць бульбу. А план тым не менш патрэбна выконваць. За план жорстка патрабавалі нават у мірны час. Можна ўявіць сабе, як дрыжэла за яго ў вайну лагернае начальства! З кім выконваць яго? З дахадзягамі, якія ледзьве валочаць ногі, добра, што яшчэ не дужа халодная пара!.. Нарэшце лагернаму начальству зрабілася відавочным, што неабходна штосьці рашаць. Не падкарміўшы зняволеных, далей працаваць немагчыма. I вось начальнік лагера, дзе Шушкевіч адбываў тэрмін у якасці бухгалтара – здаецца, так – аднаго разу кліча да сябе Станіслава Пятровіча ды кажа:

– У тым-та і тым-та калгасе ў нас памерзла бульба. Трэба скласці на гэта акт. На ферме была пачалася чума. На збожжавым складзе таксама вялікія страты ад непагоды, бо дах працякаў. Словам, на ўсё гэта патрэбны акты.

– Але ж, ведаеце, ніякіх стратаў не было!..

– Гэта ты кажаш, што не было. А я ведаю, што былі. I бульба пагніла, і чума ўзнікала, і збожжа ад макрэчы зусім сапрэла.

Словам, паступова давёў начальнік бухгалтару, што і збожжа, і бульба, і свініна патрэбны на брыгадных кухнях, каб падкарміць змарнелых зняволеных. Раз на такое рашаецца начальнік лагера, то чаму павінен упарціцца бухгалтар, які гэткі ж самы зэк, як і тыя, каго неабходна падкарміць.

– Немец пад Масквой, – сказаў пад канец начальнік. – Фронту патрэбны хлеб. Чырвоную Армію неабходна карміць. Дык лепей меней патраціць цяпер, чым недабраць большага!

«Ну так, – падумаў тым не менш зэк-бухгалтар, – ты заўсёды выкруцішся, нават калі што якое. А я?»

Падумаць – падумаў, а сказаць не сказаў. Ды і як бы гэта гучала? Свой брат зэк не хоча паспрыяць таварышам? Да таго ж ад каго ініцыятыва выходзіць? Адно раскрый нездаволена рот, як цябе тут жа стаўкуць на груцу!

К вечару акты на спісанне харчоў былі складзены. Кухні ў брыгадах задымілі мацней. Па крупніку ў місках зняволеных пачалі плаваць тлустыя скалкі. Жыць стала весялей. З ураджаем сорак першага года лагер-саўгас справіўся паспяхова. Тым часам наступіла ранняя зіма. А немец пад Масквой нібыта спярша спатыкнуўся, тады і зусім павярнуў назад. Ура!

Але на ўсё бывае расплата.

Неяк узімку прыязджае ў лагер рэвізор. З вышэйшай, чым лагерная, установы. Станіслаў Пятровіч глядзіць – аказваецца, свой брат, пісьменнік. Як ды чаго, маўляў?

– А на рэвізію, братачка, на рэвізію.

Рэвізіі, вядома, не ўнікнеш. Але добра, што прыслалі ў якасці рэвізора знаёмага. Ды яшчэ пісьменніка. Прынамсі, хоць паразумецца будзе калі.

– Ну то, братачка, кладзі на стол свае паперы, – кажа тым часам рэвізор.

«Паперы – гэта яшчэ не страшна, – думае Станіслаў Пятровіч. – У паперах, як у стозе сена, можна згубіцца. У кожным разе, паспрабуй, знайдзі іголку!»

Але ж рэвізор знайшоў. I вельмі хутка.

– Што гэта за акты? – пытаецца ён праз дзень.

Зразумелая справа – бухгалтар бухгалтара разумеюць адзін аднаго з паўслова.

– Мы так вось зрабілі, – прызнаецца Станіслаў Пятровіч. – Ведаеш, падкармілі людзей, каб лепш працавалі ўвосень на ўборцы. Таму давялося заактаваць сёе-тое.

– Ах так?

– Дык гэта ж для свайго брата, зняволенага! – спрабуе давесці зніякавелы Шушкевіч. – Як кажуць, не пагубі!..

Толькі дзе там!

Бачыць Станіслаў Пятровіч, што не паласа. Кідаецца да начальніка лагера. Так, маўляў, і так.

– Дзе ён, гэты рэвізор твой?

– Дык у канторы, – ажно трымціць бухгалтар. – Выйдзе справа за лагер, сядзець давядзецца куды даўжэй, чым на пачатку.

– Заві яго сюды, – кажа начальнік. – Усё роўна ён павінен паказаць вынікі рэвізіі.

Прыходзіць рэвізор. Начальнік лагера бярэ з ягоных рук паперы, чытае. Тады ірве іх, кідае рэвізору пад ногі.

– Вось што, галубок (вядома, слова было ўжыта іншае, болып выразнае), ты зараз жа паедзеш ад нас, каб ніколі не вяртацца. I ні гу-гу! Бо згнаю ў Сібіры! I ўжо ніколі не пабачыш свае Беларусі!

– Ды я… Ды мы… – Злякнуўшыся, рэвізор не знаходзіў сабе месца.

Нарэшце, ён так і зрабіў, як раіў яму начальнік лагера. А Станіслаў Пятровіч яшчэ месяцаў колькі дрыжэў душою і целам, чакаючы непрыемнасці зверху.

…Не толькі пра адно гэта давялося чуць мне ад трапяткога Станіслава Пятровіча. Але ўсяму свой час. Тым болып, што ў душы ўзнікае адчуванне, што няварта было і пра рэвізора згадваць. Ну іх, гэтых пісьменнікаў! Лепей я раскажу, як вадзіў некалі па вёсках старца.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”