У дамашнім архіве маім ёсць фотакартка, дзе мы невялікай калонай, якая нагадвае хутчэй звычайны натоўп, пераносім на вайсковыя могілкі ў Мінску скрыню з Купалавым попелам…
Я ўжо не ведаю цяпер, хто ездзіў тады ў Маскву раскопваць магілу бацькі нашае нацыі. Зрэшты, справа не ў тым. Галоўнае, што народны паэт нарэшце меў магчымасць легчы ў родную зямельку.
На той фотакартцы я іду апошнім у калоне. Побач – Мікола Прашковіч, які потым спаліў сябе, зацкаваны людзьмі і ўладамі, у вясковым пограбе… Між тым, я не быў яшчэ тады членам саюза пісьменнікаў, але не мог не з’явіцца на перанос праху Купалы. I вось мы ідзем з вуліцы Энгельса, дзе знаходзіўся СП, мінаем Круглую плошчу, ужо ў той час, здаецца, перайменаваную ў плошчу Перамогі, скіроўваем на Даўгабродскай вуліцы да вайсковых могілак. У саюзе гіісьменнікаў казалі, што на могілках збярэцца шмат народу, нібыта гарадскія ўлады знарок апавяшчалі інтэлігенцыю, працоўныя калектывы… А мы ўсё адны ідзем. На могілках таксама няма людзей. Але далакопы ўжо падрыхтавалі яму, па краях яе ўзвышаюцца горбікі жвіру. Навокал – ціха, як у склепе. Нарэшце, гучаць развітальныя словы. Скрыню з прахам паэта апускаюць у яму, якая нарэшце становіцца Купалавай магілай. А людзей з працоўных калектываў, якія павінны былі б таксама аддаць апошнюю ўвагу вялікаму песняру, па-ранейшаму няма. I толькі калі мы разыходзіліся з могілак, прыйшла да расчыненых варотаў яшчэ адна невялікая калона з жалобнымі вянкамі. Потым казалі, што людзі ўсё ж ішлі на вайсковыя могілкі ўвесь той дзень, бо кожнаму калектыву ў гарсавеце быў устаноўлены свой час. Камусьці вельмі не хацелася, каб каля Купалавай магілы сабралася шмат народа. Хтосьці баяўся і таго ж народа, і Купалы.
У нашыя дні шмат пішуць пра Івана Дамінікавіча, усё спрабуюць высветліць, як і чаму загінуў ён. Я не бяруся рабіць адкрыццё ў гэтым сэнсе, аднак у жыцці маім выдалася адна сустрэча з чалавекам, які, можна сказаць, быў пры апошніх хвілінах Купалы. Вось яго сведчанне.
– Я тады служыў у Кузьмы Кісялёва ў чыне капітана, – прыпомніў ён свядома, калі ўзнікла гаворка. – Многія беларусы ўчасе вайны жылі ў сталіцы ў гасцініцы «Масква». Кузьма Венядзіктавіч таксама меў там апартаменты, але пастаянна жыў у другім месцы, займаў у Маскве службовую кватэру. Дарэчы, як і Панамарэнка, як і некаторыя іншыя кіруючыя таварышы, што апынуліся ў эвакуацыі. Таго дня, а гэта было ў чэрвені тысяча дзевяцьсот сорак другога года, знаходзіўся ў гасцініцы таксама і Янка Купала. Ён прыехаў з Татарыі, здаецца, на свой дзень нараджэння. Якраз спаўнялася шэсцьдзясят гадоў. Ад Кісялёва я чуў, што вечар урачысты збіраліся ладзіць на Герцэна, у Саюзе пісьменнікаў СССР. Кузьма Венядзіктавіч чамусьці быў пахмуры, усё роўна як не знаходзіў сабе месца. Але ўвечары раптам сказаў мне:
– Падрыхтуй стол. На дзве персоны.
Я тут жа выканаў даручэнне. Паставіў бутэльку дарагога каньяку, парэзаў лімон, напластаваў чырвонай рыбы, паставіў дзве крышталёвыя чаркі на высокіх ножках.
– Ну, ідзі, – сказаў Кісялёў. – Мы тут самі ўжо справімся.
– А хто, калі на сакрэт, мае быць? – спытаў я, бо меў такое права як ад’ютант-ахоўнік.
– Купала, – адказаў бос. – Панамарэнка прасіў, каб я з ім перагаварыў. Гэта ж мы тут збіраемся адзначаць ягоныя ўгодкі, а там у Мінску немцы разам з беларускімі калабарацыяністамі, кажуць, ужо вуліцу ў яго гонар назвалі. Па радыё вершы чытаюць. Словам, пачалася барацьба за Купалу. Аказваецца, усім ён патрэбны.
Кісялёў узяўся за тэлефон, а я, як і было загадана, выйшаў. У гасцініцы ў мяне жылі знаёмыя, аднак я не стаў спяшацца да іх. Адышоў трохі воддаль ад дзвярэй, што вялі ў апартаменты Кісялёва, пачакаў. Сапраўды, неўзабаве пачуліся крокі ў калідоры. На дыванах яны чуліся нягучна. Купала нямоцна кульгаў, але на кавеньку сваю не апіраўся. Нёс у руцэ, мяне ён, відаць, не заўважыў. Ды і наўрад ці ведаў? Дзверы за ім у апартаменты зачыніліся, і я пайшоў на ніжэйшы паверх да сваіх знаёмых. Але ў нумары іх не аказалася. Давялося бавіць час у калідоры. I вось праз нейкі час, зусім нядоўгі, па гасцініцы раптам прайшоў погалас:
– Купала, Купала… Разбіўся Купала, беларускі паэт!..
Я стрымгалоў кінуўся наверх. Каля нізкай парэнчы ляжала пантофля. Адна. Я глянуў праз парэнчу ўніз, як у калодзеж. Унізе сапраўды ляжаў чалавек, вакол яго віраваў натоўп. Аднекуль з’явілася знаёмая жанчына, таксама заглянула ў «калодзеж». Яна была спалохана, але нічога не гаварыла. Я рушыў у апартаменты да Кузьмы Венядзіктавіча. Купалы ў пакоі не было. Бос мой сядзеў за сталом, выгляд меў яшчэ больш змрочны, чым раней. Першае, што кінулася мне ў вочы на стале, гэта заліты каньяком абрус і зламаная ножка аднае крышталёвае чаркі. Няйначай, Купалавай. Бо Кісялёвая стаяла перад ім і была зусім некранутая. У бутэльцы таксама хапала каньяку. Можа, яны толькі і налілі з яе гэтыя дзве чаркі.
– Купала разбіўся! – сказаў я.
– Як разбіўся? – амаль ці не зверавата глянуў на мяне Кузьма Венядзіктавіч.
– Зляцеў праз парэнчу на цокальны паверх.
Кісялёў ускочыў, але ў калідор не пабег. Колькі часу стаяў, усё роўна як здранцвелы, тады сказаў мне ціха:
– Каб ніхто ніколі не ведаў, што ён тут быў!..
Няйначай, што паміж Кісялёвым і Купалам у той вечар адбылася нейкая сварка. I ўзлаваны Купала з такім націскам паставіў на стол сваю непачатую чарку, што ажно адвалілася ножка; а на абрусе засталася пляма ад каньяку. Хутчэй за ўсё, народны паэт рашыўся на самагубства. Тым больш, у яго гэта была другая спроба. Першы раз ён рабіў сабе так званае харакіры.
– З кім жа ён дагэтуль быў? – спытаў я адстаўнога капітана.
– Дакладна не ведаю. Лішняя цікаўнасць для мяне тады магла б абярнуцца пагрозай. Але чуў, што з ім перад ягоным прыходам да Кісялёва знаходзіліся ў нумары вашыя пісьменнікі Лынькоў, Броўка, Глебка, Крапіва… Словам, яны таксама нешта ведаюць пра Купалаву смерць у гасцініцы «Масква».
– Але маўчаць, – сказаў я. – Адзін па адным адыходзяць на той свет, аднак маўчаць.
– Так, маўчаць, – згадзіўся чалавек, – а я вось з вамі парушыў слова, якое даў Кісялёву.
– Тае бяды, – супакоіў я, – часы няўхільна мяняюцца…
Сапраўды, часы мяняюцца. Але па-ранейшаму ў нашыя сэрцы стукаецца попел Купалы!..