ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

Другая Няміга

Адзін раз пастух ужо адыграў сваю ролю ў маіх літаратурна-пошукавых вандраваннях. Але я дазволю сабе яшчэ спагнацца на аднаго.

Мне змалку вельмі хацелася пабачыць выток Бесядзі. Гэтая рака – мая калыска. Мяне гушкалі на сабе яе цёплыя хвалі, мяне карміла, можна сказаць, і паіла яна, дарма што ведаюць пра Бесядзь найбольш па вершы Куляшова. Можа, таму, што ён першы азваўся аб ёй.

Нарэшце выбраўся я ў адзін год у вярхоўе сваёй ракі. Але перад тым варта сказаць, што амаль усе рэкі, якія цякуць у нас на паўднёвым усходзе Беларусі, пачынаюцца на смаленскай узвышанасці. Бесядзь таксама там вынікае з зямлі. Дакладней, з балацявіны, парослай аерам і асакой. А мне ў той час край неабходна было пабываць на Смаленшчыне і Браншчыне, адкуль прыйшоў да нас у сорак першым годзе разведвальна-дыверсійны атрад Мядзведзева. Так ужо склалася, што без канкрэтнай топапрывязкі не даюцца мне нават першыя радкі ў творы. Я павінен мець перад вачамі хоць бы план мясцовасці, на якой адбываюцца падзеі. Вось я і паехаў спярша на Смаленшчыну. Пабадзяўся трохі ў Рослаўлі, што таксама некалі належаў да Беларусі, тады падаўся ў Ершыцкі раён. На карце там недзе нараджалася мая рака.

Лета выдалася дажджлівае, а яшчэ яно мелася адкласціся ў памяць тым, што ў той год ішла нарыхтоўка корму для жывёлы з зялёных галінак. Пачалася гэта сельскагаспадарчая кампанія, калі можна так сказаць, у нас на Беларусі, прыдумалі яе Машэраў з Шавялухам, але суседзі нашы, смаленцы да бранцы, таксама падхапілі беларускую ініцыятыву. Таму пляшку. Узяў і пернікаў кілаграмы са два, па прынцыпу – запас бяды не чыніць.

Размясціліся мы з шафёрам на беразе рачулкі, звычайнай сморкаўкі, як іх называюць іншы раз. Прынамсі, мне сапраўды даводзілася чуць ад людзей падобныя ласкава-зневажальныя словы пра свае несамавітыя рэчачкі-рачулкі. Сонца тым часам вызвалілася цалкам ад хмараў, угрэла, ажно зрабілася парна. Я скінуў гумовыя боты, у якіх было горача, звесіў ногі ў ваду, якая, нягледзячы на дажджы, зрабілася за вельмі кароткі час, можна сказаць, летнай. Здавалася, даўно гэтакай раскошы не даводзілася адчуваць маім нагам. Да таго ж каньяк таксама нешта дадаваў да тае раскошы.

Праз рачулку-сморкаўку відна была вёска, трохі на ўзгорку, крытая чамусьці найчасцей дранкай, і туды да яе быў круты пясчаны ўз’езд, расхлістаны калясьмі. На краю вёскі, на высокай хвоі, кідалася вачам буслянка, аднак пустая, дарма што яшчэ не настаў час птушынага выраю. Няйначай, бусліная сям’я недзе знаходзілася ў будзённым адлёце, можа, старыя буслы вучылі маладых мацней трымацца на крылах у паветры. Ды ці мала чаго іншага неабходна ведаць маладым? Дзеля таго, каб стаць самастойнымі, напрыклад, здабыванне той жа ежы. Па гэты бок ракі пасвіліся каровы ў статку. На адной, няйначай збродлівай, вісеў званок і раз-поразу бомкаў на ўсю ваколіцу. Было чуваць, як у прыбярэжным малінніку пырхалі птушкі, якія таксама ажылі з сонцам. Дзесьці ў гушчары лесу, што пачынаўся адразу за вясковымі дварамі, жаласна «прасіў» піць сіваграк, быццам яму яшчэ не хапала той вады, якой ужо, здавалася, наталілася ўсё ў прыродзе. Пі-і-іць, пі-і-іць!.. Аднекуль прыляцела чубатка, акурат жаваранак, апусцілася на паскубаную траву паблізу, пачала пахаджваць, ахарошвацца, усё роўна як напаказ.

Між тым да Краснай Гары яшчэ было ехаць і ехаць. Асабліва калі браць пад увагу дарогі пасля суцэльнага наваднення. I раптам пачулася за спінай кахі-кахі!.. Я азірнуўся. Трымаючы ў руцэ пугаўё, каля машыны стаяў пастух. Пра гэта няцяжка было здагадацца адразу, бо каму іншаму яшчэ тут апынуцца, як не пастуху, да таго ж, з пугай у руцэ. На бутэльку з пернікамі ён пазіраў з такой прагнасцю, што мне ажно шкада яго стала.

– Добры дзень, – сказаў я.

Тады і ён мне даў дзень добры.

– Што стаў? – спытаў я.

– Дык вось… – зусім нерашуча, а тым больш невыразна, адказаў ён.

Я наліў яму каньяку. Ён падышоў бліжэй, выпіў і сам узяў з распасцёртай газеты пернік. Але знарок адзін і дужа далікатна, усё роўна як моцна саромеючыся. Твар у яго быў худы і бледны, з пачарнелымі кругамі пад вачамі, быццам чалавека тачыла грудная хвароба.

– То сядай, – запрасіў я.

– Не, я пастаю.

Звычайная размова, калі гаварыць няма пра што. Але мне прыйшло раптам у галаву спытаць пра тое, што займела пасля ўвесь сэнс:

– Як завецца гэта рачулка?

– Няміга, – адказаў пастух.

– Няміга? – здзівіўся я.

– Так, Няміга, – пацвердзіў ён. – Але вось здрабнела. Беларусы нам тут правялі меліярацыю, дык усё цяпер чэзне. Сабе папсавалі рэкі, цяпер – нам. Хутка ад яе нічога не застанецца.

I трэба ж было ехаць за столькі кіламетраў, каб трапіць з, аднак, мінскае Нямігі на друіую?!. Словам, гэта нібыта аглавушыла мяне, хоць і ведаў, што нярэдка трапляюцца на зямлі рэкі з адной і той жа назвай. Напрыклад, ёсць дзве Проні, адна цячэ па зямлі былых радзімічаў, другая – па зямлі былых вяцічаў. Калі верыць гісторыі, то некалі з прапольскіх земляў прыйшлі да нас са сваімі абозамі і людзьмі браты Радзім і Вятка. Першы застаўся ў Пасожжы, другі падаўся далей, ажно да Акі. А вось як яны разабраліся з Проняй, невядома. Прынамсі, з таго часу цякуць па зямлі далёка адна ад адной дзве Проні. Мусіць, прыгожая была тая Проня, што ажно не здолелі падзяліць яе паміж сабой браты.

Але ж Няміга?! Для нас, беларусаў, гэта апроч усяго яшчэ і гісторыя. Памятаеце?

Падзеі, што апісаны ў «Слове пра паход Ігараў», якраз і адбываліся найперш тут, на зямлі Ноўгарад-Северскай, блізка ад старажытнага Чарнігава. Гэта няважна, што тутэйшую зямлю Кіеўскай Русі дзялілі і перадзельвалі – то яна даставалася Вялікаму Княству Літоўскаму, рускаму ды жамойцкаму, то адыходзілі да Маскоўскай дзяржавы. Ішлі частыя войны, пакуль мясцовыя гарады, такія, як Папова Гара, Навазыбкаў, Сураж, Клінцы, Старадуб, Дарагабуж, канчаткова не адваявала Масква.

Сваю Нямігу мы ведаем найперш па «Слову…». Бо сёння яна цячэ недзе пад асфальтам. А гэтая вось па-ранейшаму адкрыта струменіла ў сваім вузенькім рэчышчы на паверхні, то высыхаючы ў спёку, то напаўняючыся зноў пры дажджах. Між тым, мне заўсёды чамусьці здавалася, што малаверагодна, каб наша Няміга з-за вялікай адлегласці ад Чарнігаўшчыны мела падставу трапіць у выдатны твор старажытнага пісьменства. I толькі тады, як узяўся за пераклад «Слова пра паход Ігараў», зразумеў загадку. Прынамсі, мне так хочацца думаць. Справа ў тым, што ў асноўны тэкст «Слова…» пазней былі зроблены кімсьці ўстаўкі. Можа, тым жа Кірылам Тураўскім. Іх лёгка заўважыць, калі добра ўчытацца. Дык ці не ў выніку дадаткаў у «Слова…» з’явілася і наша Няміга? Калі гэта сапраўды наша?

Некалі я расказаў Максіму Танку, што ёсць на свеце друтая Няміга. Тая, што яшчэ бліжэй і да Чарнігава, і да Пуціўля, і да Ноўгарад-Северска. Яўген Іванавіч засмяяўся, сказаў, нібыта з папрокам:

– А табе вельмі хочацца адбіраць у нашых беларусаў казку?

Канечне ж, не. Але мінулі гады, меліярацыя, як і казаў той пастух, дала свае вынікі. А тут у дадатак яшчэ радыяцыя чарнобыльская. Як і мая малая радзіма, тая зямля, дзе некалі ўбачыў я другую Нямігу, таксама атручана. Людзі яе пакінулі. I калі пазалетась паехаў туды, то не пазнаў былых краявідаў. Не стала і Нямігі… Калі б не гэтая акалічнасць, наўрад ці згадаў бы я тут пра другую Нямігу.

А ў старых кнігах, дзе друкавалася некалі «Слова пра паход Ігараў», у самым нізе, сярод розных спасылак, можна і цяпер прачытаць: Няміга – рака на Чарнігаўшчыне.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”