Такая ўжо наша праца пісьменніцкая, што багата матэрыялу ідзе ў так званыя адыходы. Але, кажуць, з адыходаў увогуле цяпер шмат каштоўнага вырабляюць. Нават горы шлакаў неяк перапрацоўваюць. Прынамсі, сёння па тэлевізары нейкі чалавек даказваў, што з пакінутай, ужо нікому не патрэбнай сыравіны асабіста ён вылушчвае золата, якое ў далярах вяртае дзяржаве. Праўда, пры гэтым яму даводзілася ўвесь час апраўдвацца, бо ягоная «перапрацоўка» той сыравіны на самай справе звязана з нейкім шарлатанствам, па крайняй меры, калі не са звычайным крадзяжом. У нас, у пісьменнікаў, не так. Проста багата здабытага матэрыялу, калі можна так гаварыць, сапраўды ідзе ў адыходы, паступова шмат якія падзеі, не кажучы ўжо пра дэталі, факты і гэтак далей, забываюцца, бо не кожнае лыка лёгка ўлазіць у радок. Гэта аднолькава датычыцца і прозы, і драматургіі, і паэзіі. Між тым, вельмі карысна бывае часам пакорпацца ў памяці сваёй, у запісных кніжках…
Некалі з’явілася ў мяне задума напісаць раман пра Вашчылу. Але часу не ставала. Тым разам надыходзіла трохсотгоддзе з дня нараджэння яго, а беларусы нічога не ведалі пра кіраўніка Крычаўскага паўстання. У памяці народнай мала засталося з тае пары, адно апісанне Андрэя Меера, якое пры савецкім часе, здаецца, нават не перавыдавалася, ды яшчэ дражнілка пра крычаўскіх дзявок, якая прыйшла з сярэдзіны васямнаццатага стагоддзя, маўляў, ваш-чыл-кі вы! Гэта, няйначай, магло сведчыць хутчэй за ўсё пра тое, што Вашчылавы паўстанцы не толькі паваявалі ў Крычаўскім старостве, але і да мясцовых кабет праявілі вялікую цікавасць, дакладней, папоўзлівасць… Ну, ды гэта ўсё здагадкі, меркаванні, хоць, вядома, даволі лагічныя. Пра самога ж Вашчылу, пра ягонае паўстанне, не з’явілася ў народзе ні песні, ні байкі, ні падання. Пра ўкраінскіх казакаў, якія прыходзілі на Беларусь з вайной, нават цяпер ледзь не ў кожным застоллі спяваюць, а пра свайго атамана хоць бы слова!.. Здавалася б, нацыянальная энцыклапедыя павінна была б аднавіць справядлівасць. Але дзе там! Толькі і хапіла месца на адну згадку, што быў, маўляў, такі бунтаўшчык, а вось калі нарадзіўся, дзе на свет паявіўся, калі і дзе свой канец знайшоў, невядома. Тым часам у расейскіх архівах больш за два з паловай стагоддзі праляжала нікім не запатрабаваная следчая справа Вашчылы.
Раман я не стаў пісаць. А вось да трохсотгоддзя з дня нараджэння Васіля Мацеевіча драму паспеў стварыць. У Магілёўскім тэатры паставілі па ёй спектакль, але няўдалы. I я не люблю яго глядзець.
Між тым, у загалоўку гэтым сказана пра «пушку Ганну». Здаецца, на той час, як пачуў пра яе, у мяне ўжо хапала ўсяго. У кожным разе, я ведаў, дзе знаходзіцца замак Гераніма, адшукаў таксама Царковішча, вёску, у якой адбылася апошняя бітва паўстанцаў з конніцай слуцкага князя, уладальніка Крычаўскага староства. Праўда, на тое Царковішча ў Клімавіцкім раёне я натрапіў неспадзявана, бо далей па дарозе з Родні ў маё Забесяддзе было другое Царковішча, дарма што перайменаванае ў Пралетарскае. (У апошнюю вайну там амаль цалкам палёг рабочы полк з Ленінграда, таму і назвалі вёску ў яго памяць.) Я нават ездзіў тады колькі разоў паглядзець на мясцовасць, помню, аднойчы прыехаў у тую самую раніцу на прадвесні, калі мае землякі ў 1744 годзе панеслі вялікія страты і назаўсёды разышліся, скончыўшы змаганне супраць Радзівілаў. Гэта было на золку, на рыхлым снезе, з колкім ветрам. Якраз тады і прыйшло ў галаву, што трэба шукаць іншае Царковішча. Недзе ж яно было, а можа, і ёсць? Справа ў тым, што да Царковішча, якое ляжыць ажно ці не за пяцьдзясят кіламетраў ад Крычава, не магла дабрацца па студзяністай, зусім не тупкай дарозе за адну няпоўную ноч конніца. I я пачаў шукаць другое Царковішча. Ужо ўлетку, прыгожым надвячоркам, ехалі мы з таварышам палявымі дарогамі з Лобжы, з радзімы Васіля Вашчылы, на Хоцімшчыну. Я ўжо казаў, што паселішча, дзе знаходзіўся замак Гераніма Радзівіла, я ведаў. Але ў Крычаўскім старостве, якое атрымалі Радзівілы ў спадчыну ад польскага караля і вялікага князя літоўскага, быў таксама замак і ў Ганны Радзівілішыхі, Геранімавай маці. Больш за тое, было некалі цэлае мястэчка, што так і называлася – Ганна. Па маіх меркаваннях, яму належала знаходзіцца недзе паблізу Хоцімска, на беразе Бесядзі. Аднак ніводная карта цяпер не паказвала гэтага. I ўсё-ткі трэба было шукаць і другое Царковішча, і мястэчка з назваю «Ганна».
Дзень той у нашай паездцы выдаўся цудоўны: паветра стаяла чыстае, здаецца, нават без пахаў; гэтакае паветра я ўдыхаў толькі ў лазні, пасля таго, як цалкам выходзіў з яе «дух». Разы са два ў дзяцінстве даводзілася нават начаваць у лазні з такім паветрам з дзедам Ігнацькам. Ужо дарослым я мог параўнаць тое гаючае паветра з паветрам саляных капальняў. Дык у той дзень таксама штосьці падобнае адчувалася вакол. I мы ехалі сабе ды ехалі. Нарэшце ўбачылі ў маленькай вёсачцы, падзеленай на дзве вуліцы рачулкай, дзядзьку ў сярэдніх гадах, які тапіў лазню. У нас на паўднёвым усходзе так і гавораць – тапіў, а не паліў у лазні ці яшчэ як. То мы і напрасіліся папарыцца разам. Праўда, пара венікаў прайшла ўжо к таму часу, але гаспадар паспеў назапасіць, так што праблемы не было, чым парыцца. Зразумела, што мы таксама не захацелі, як кажуць, упасці тварам у лужыну, паказалі вясковаму чалавеку свае гарадскія «запасы». Словам, паразумеліся ды сышліся адзін з адным. I ўжо калі я нарэшце апынуўся на палку, а гаспадар пачаў патрэсваць над маёй голай постаццю распараным венікам, прыйшла думка спытаць яго:
– Як жа завецца ваша вёска? А то, можна лічыць, што…
– Царковішча, – сказаў ён, перапыніўшы мяне.
Я крактануў ад нечаканасці, а выйшла, як ад здаволенасці. Больш не стаў распытваць яго. Рашыў зверыць усё па карце. I вось пасля добрай апрацоўкі мяккім венікам выбягаю ў сенцы, выліваю на сябе проста з вядра халодную, ажно колкую ваду, затым шыбую па карту, якая заўсёды была ў дарозе са мной. Так, ад Крычава да гэтага Царковішча кіламетраў дванаццаць. Значыць, апошняя бітва вашчылаўцаў тут адбылася?
Вярнуўшыся ў лазню, я спытаў гаспадара:
– Ці чулі вы што пра Вашчылу?
– Гэта пра якога Вашчылу? З Семяноўкі?
– Не, з Лобжы, – кажу я. – А яшчэ Вашчылы некалі жылі ў Мурыным Бары.
– Гэта недзе далёка. А Лобжа – тут. Рэчка такая ёсць, Лобжа, ну і… вёска каля яе, Лобжа. Дык Вашчылу я ведаў. Сам я цясляр. Скажу не хвалячыся, нядрэнны цясляр. А вось Вашчыла быў пячнік. Памёр, царства яму нябеснае. Але ж пахадзілі мы з ім па зямлі, каму толькі печкі не рабілі! Іншы раз паглядзіш, як з комінаў дым ідзе, дык душа радуецца – мая ж справа, не чыя. Так што Вашчылу таго я ведаў.
– Ды не таго, – паправіў я і пачаў расказваць пра тамтэйшыя падзеі васямнаццатага стагоддзя.
– Не, – сказаў чалавек, – пра таго Вашчылу я не чуў. I ніхто ў нас пра яго не ведае. Іначай бы і я што-кольвечы чуў. Нас тут мала. Сам жа бачыў – адзін двор, два… ды на тым баку рачулкі столькі ж. I пра тое, што біліся тут мужыкі некалі з панамі, ніхто не расказваў. Можа, у кніжках ёсць, га?
– Ды не дужа і ў кніжках ёсць.
– Шкада, – уздыхнуў ён зусім пачціва, – што і ў кніжках пра такое не пішуць. Праўда, на могілках нашых засталіся нейкія металічныя агароджы. Ляжаць паваленыя. Даўно ўраслі ў зямлю. Можа, імі брацкія магілы некалі абнесены былі? Вы б схадзілі, паглядзелі. Гэта зусім недалёка адсюль.
Я і праўда схадзіў на вясковыя могілкі, балазе, побач. Часткі металічнай агароджы былі некалі выкаваны адмысловай рукой, але на чыёй яны магіле стаялі, ніхто ўжо не помніў…
Такім чынам, тое Царковішча, дзе адбылася апошняя бітва вашчылаўскіх паўстанцаў, было нарэшце знойдзена. Але яшчэ многа заставалася нявысветленым, дарма што на руках у мяне была ўжо і следчая справа Вашчылы, якая вялася ў Кіеве вясной і летам 1744 года. Узяць тое ж мястэчка Ганна… Дзе яно цяпер? Ці хоць бы даведацца, дзе яно стаяла некалі? Гэта толькі здаецца, што для пісьменніка канкрэтнасць справа адносная. Я, напрыклад, не магу рухацца далей у сваёй рабоце, калі нешта застаецца недаследаваным, быццам штосьці тады стрымлівае пяро. Іншая рэч, што ўсё роўна ўсё не змесціцца ў творы, аднак тым не менш адчуванне стрыножанасці моцна дае адчуваць сябе. Таму можна зразумець, што я каторы год настойліва імкнуўся знайсці тутэйшы замак Радзівілішыхі. I адшукаў, але не сам замак. Замчышча. Стаяў некалі замак сапраўды на правым беразе Бесядзі, насупраць цяперашняга Хоцімска. Там ёсць адна зарэчная вуліца, яна і ўяўляла сабой мястэчка Ганна.
Але перад тым, як ступіць на збуцьвелае замчышча, давялося нямала пахадзіць, паездзіць вакол Хоцімска, часта наведваючы Трасціно, дзе жыў дасведчаны ў мясцовых справах краязнаўца Ластоўскі. Ён працаваў там бібліятэкарам. Словам, быў карысным для мяне чалавекам. I ад яго шмат пра што даведаўся, асабліва што датычыць старасветчыны. Паколькі прыехаў я той раз «рафам», то месца для пасажыраў хапала. Дні праз два ўжо «раф» быў паўнюткі – і ў раённай рэдакцыі хацелі дапамагчы, і ў аддзеле культуры, і ў раённай бібліятэцы. Але доўга мы не маглі ўчапіцца за штосьці вартае ўвагі, каб злучыць у адно ўсе здабытыя звесткі. Нарэшце сышліся на тым, што мястэчка Ганна знаходзіліся недзе кіламетраў за дзесяць ад Хоцімска, там, дзе вытыркаліся з зямлі невядомыя мясцовым людзям цагляныя падмуркі. Прынамсі, гэта ўжо нешта каштавала. У кожным разе, паяўлялася магчымасць скласці пэўнае ўяўленне і пра мясцовасць, і, калі хочаце, пра людзей, ад якіх гісторыя ўсё роўна як свядома адварочвалася. Я ўжо казаў, што ездзіла нас шмат у «рафе», працавалі акурат талакой. Ну а паколькі ўжо здалося было, што мэта дасягнута, то гаспадар (а гаспадаром, вядома, з’яўляўся я), дык гаспадар нібыта і па праўдзе станавіўся вінаватым: у падобных выпадках належала «прывячаць» талакоўцаў. Ад традыцыі нікуды не ўцячэш. Ды і навошта?
Спыніліся мы для пачосткі каля двара аднаго з настаўнікаў, які таксама прагойсаў з намі цэлы той дзень. На вясковых гародах к таму часу ўжо шмат чаго нарасло – гуркоў было на градах саліць не перасаліць, хапала памідораў, цыбулі, ну а хлеб з сырымі яйкамі таксама знайшліся. Уселіся мы вакол тоўстага пня, што застаўся ад старой, але моцнай ліпы. На ім яшчэ нават гадавыя кольцы выступалі з усёй выразнасцю.
Зразумела, што за «сталом» працягвалася ранейшая размова. Праўда, яна ўжо атрымлівалася не такая выразная, як у часе паездкі, але пастух, які непрыкметна спыніўся каля нас, прыслухаўшыся, усё-ткі зразумеў, што да чаго. Ніхто з нас на яго зусім не звярнуў увагі, а ён узяў ды азваўся:
– Вам нічога не гаворыць пушка Ганна?
– Што за пушка? – пытаюся.
– Ну, звычайная, на драўляных колах і сама з дрэва.
– Ціха, – сказаў я, зразумеўшы раптам, што нам гэтага чалавека ўвесь час не хапала.
– Ну-ну? – падахвоціў яго настаўнік – яны былі з аднае вёскі.
– У дзяцінстве мы каталіся на ёй, – сказаў пастух.
– Дзе?
– На замчышчы.
– Дзе тое замчышча?
– На беразе Бесядзі. Там цяпер хоцімская вуліца.
– А не ведаеш, дзе было мястэчка Ганна?
– Не чуў. Але пушку Ганну помню.
– Тады выпі з намі, – паднёс яму шклянку настаўнік.
Пастух выпіў, заеў хлебам з гурком, тады паклаў абедзве далані на кій. Выгляд у яго быў усё адно як адчужаны, быццам паведаміў ён толькі што не штосьці важнае для мяне, а так, драбязу: ну ішоў міма, пачуў, сказаў. А я ўжо ведаў, што мы падступіліся вельмі блізка да разгадкі. Справа ў тым, што не толькі ў войску Вашчылы, але і ў мясцовых замках феадалаў на ўзбраенні тады былі часцей драўляныя гарматы. Для пораху мясцовыя людзі здабывалі сыравіну ў нетрах сваёй зямлі, ядры таксама адлівалі з балотнай руды, якой скрозь хапала, а вось металу, з якога можна было зрабіць гармату, тут не знаходзілі. Таму жэрлы рабілі з моцнага дрэва, беручы іху дубовыя абручы. Значыць, і «пушка Ганна» была створана такім чынам.
– Сядай, – сказаў я, паказваючы на «раф».
Чалавек трохі памуляўся, быццам ад зніякавеласці пачаў раздумваць, як яму паступіць, але тут жа быў падахвочаны яшчэ адной чаркай, і мы ўсе, хто сядзеў вакол ліпавага пня, паехалі бліжэй да Хоцімска. Цяпер ужо і на зарэчную вуліцу глядзелі іначай. Сапраўды, магла яна некалі быць цэнтрам мястэчка. Але галоўнае – замчышча. Яно кідалася вачам яшчэ ад самай вуліцы, знаходзілася на самым беразе Бесядзі, там, дзе да мінулай вайны вісеў над вадою драўляны мост, які спалілі ў сорак першым годзе партызаны з атрада Мядзведзева, калі штурмам бралі Хоцімск.
– Вось тут мы і каталіся на той пушцы, – паказаў на гарбатае замчышча пастух.
– Дзе ж яна? – Зразумела, што гэтае запытанне павінна было прагучаць.
– Не ведаю, – адказаў пастух. – Але на драўлянай пушцы Ганне мы каталіся ў дзяцінстве. Некалі я тут, на гэтай вуліцы, жыў.