ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ПРА КІРМАШ

Люблю хадзіць па базарах, дакладней, на ўсё тое, што завецца базарам, рынкам… Кажуць, што яны – контррэльеф эканамічнага і грамадзянскага жыцця, альбо ўсёй краіны, альбо таго краю, дзе адбываюцца. Там чалавек хутка пачынае разумець, як і чым жывуць людзі вакол. Успамінаю базар у нашых Саматэвічах. Самы вялікі – на Іллю, гэта значыць, кожны год другога жніўня. Тады ўвосень. Ажно два разы. Але гэтыя былі невялікія, звычайна заканчваліся да абеду. На Іллю ж кірмаш віраваў увесь дзень. На яго з’язджаліся людзі з усіх навакольных вёсак на адлегласці ў трыццаць-сорак кіламетраў. Пасля вайны, калі ўжо людзі пачалі карыстацца аўтатранспартам, можна было бачыць машыны з Клінцоў, Суража, Паповай Гары, не кажучы пра Крычаў, Чэрыкаў, Быхаў, Рэчыцу і Гомель. Тады на местачковай плошчы вакол царквы, здавалася, гаманіла ледзь не паўсвету. Мы, дзеці, звычайна прачыналіся ў базарныя дні на дасвецці, каб трапіць у Саматэвічы яшчэ да сонца. Цяпер нават цяжка сказаць, што прымушала гэта рабіць, бо часцей за ўсё малыя вярталіся з базару без нічога. Добра, калі хто з дарослых адшкадуе рубель-другі на салодкага перніка ці пакуначак цукерак-падушачак. Але ж затое колькі на свае вочы пабачыш – і смешнага, і трагічнага, і беднага, і багатага. Можа, якраз гэта і прываблівала туды.

Больш свядома наведваць местачковыя базары пачаў я, калі хадзіў у Саматэвічы ў школу. Якраз тады на радзіму часцей стаў прыязджаць Аркадзь Куляшоў. Першы раз ён з’явіўся ў мястэчку, здаецца, з Алесем Кучарам. Абодва малога росту, жвавыя. Прынамсі, так мне паказалася. У Куляшова ў Саматэвічах радні не было, але жылі яшчэ настаўнікі, якія некалі вучылі яго. Напрыклад, Сцяпан Брыльянтаў. I Аркадзь Аляксандравіч звычайна ў ягонай хаце спыняўся. Ну а паколькі я ўжо друкаваў вершы ў раённай газеце, ездзіў нават на нараду маладых пісьменнікаў у Магілёў, то наш Сцяпан Андрэевіч самым сур’ёзным чынам лічыў патрэбным запрашаць да сябе і мяне. Вядома, у тыя дні, калі прыязджаў Куляшоў. Прызнацца, Аркадзь Аляксандравіч да з’яўлення яшчэ аднаго паэта ў Саматэвічах ставіўся, можна сказаць, амаль абыякава, можа, таму што… Зрэшты, гэта зусім не цікава – чаму? Аднак такое адчуванне ў мяне было, дарма што Брыльянтаў працягваў запрашаць мяне кожны раз, як паяўляўся ў ягонай хаце ўжо хрэстаматыйны тады паэт.

Бачыце, як адносіць часам хугкая плынь? Пачаў пра базары, а выйшаў раптам на іншае. Хоць чаму дзівіцца? Адно вынікае з другога.

Дык вось, свядома да базараў пачаў я ставіцца ўжо ў сярэдняй школе. I не дзіўна – хадзіў у мястэчка за многа кіламетраў, таму багата было часу для роздуму. Прынамсі, асэнсоўваць тую альбо іншую з’яву я меў магчымасць бясспрэчную. I тое, што базар, нават звычайны рынак, з’яўляецца ўсё роўна як адваротным бокам медаля, дакладней, калі ўжываць ранейшае вызначэнне, контррэльефам эканамічнага і грамадскага жыцця, я зразумеў даволі рана. Зразумела, што я цяпер так думаю. Але дадалося да таго разумення яшчэ і тое, адметнае, што дазваляе глядзець пісьменніку на базар як на моўную крыніцу. Не трэба заглядваць нават у дыялекталагічны атлас, каб апынуцца ў стыхіі той ці іншай гаворкі. Даволі будзе адно прыслухацца на гэтым людскім сховішчы да галасоў. Пройдзеш па Камароўскім рынку паўз ляда, за якім гандлююць вясковыя мужыкі ды бабы, і адразу адчуеш, што нібыта трапіў, напрыклад, на Случчыну. Ды хіба мала яшчэ куды? Зямля наша вялікая, а на ёй людзей шмат, і ўсе яны размаўляюць па-свойму. Таму цікава сама па сабе і геаграфія. Словам, базар – шматгалоссе, шматлюддзе, багацце зямлі і яе ж беднасць. Але цяпер я іншы раз хаджу на другі базар, на так званую барахолку, што не менш заўзята, чым Камароўка, віруе на стадыёне «Дынама» ў Мінску. Вось і сёння жанчына, якая расказвае з экрана тэлевізара, як кансерваваць кабачкі, нібыта каб падахвоціць пайсці туды, сказала:

– Калі хто хоча цёпла адзецца на зіму, наведайце рынак, што на стадыёне. Там можна набыць усё, чаго душа жадае.

Хіба ўтрымаешся пасля такога?

Вядома, там таксама напаткаеш своеасаблівы дыялекталагічны атлас. Але ні слуцкае, ні глускае, ні берасцейскае, ні ўшацкае мовы не пачуеш. Галоўныя дзейныя асобы на гэтым рынку – пераважна людзі чорнай масці. I адбітак жыцця там другі. Гандлююць на стадыёне дзеўкі і хлопцы ў модным адзенні, усе роўна як сышліся не на рынку, а на нейкім грамадскім сходзішчы ці балі; выгляд ледзь не ў кожнага самаздаволены, нават высакамерны; цэны на рэчы, якія прадаюць, толькі ў доларах; праўда, сёй-той згодны аддаць табе якую-небудзь кашулю і за рублі, пералічыўшы іх па абменным курсе; і калі долар яшчэ хавае дарагавізну нейкім чынам, то рублі тут выдаюць яе з галавой. Такі рынак ужо ні для душы, ні для розуму. Тым не менш у некаторых людзей долараў таксама хапае. I яшчэ – на рынак, што на стадыёне, ходзяць, бадай, адны маладыя. Аднойчы касірка, якая прадае ўваходныя білеты на стадыён, доўга ўгаворвала мяне ісці без білета, няйначай, у гэтым вінавата лысая галава…

Але найбольш за ўсё вось што бянтэжыць. Пазіраючы за маладымі дзеўкамі і хлопцамі з пустымі вачамі, я заўсёды міжволі прыгадваю цяперашнія прыёмы, прэзентацыі і гэтак далей. Словам, усё тое, што і раней было. Але цяпер, каб наладзіць прыём ці прэзентацыю, патрэбны спонсар. Дарэчы, мы вельмі хутка прывыклі за гэтага слова. Ну ды няхай. Я пра тое, што на прыёмах і прэзентацыях прысутнічаюць таксама і бізнесмены, гэта значыць, спонсары. Але становімся мы звычайна па розныя бакі доўгага стала – творчая інтэлігенцыя сама па сабе, спонсары самі па сабе. Чаму? Ды таму, што няма агульнай тэмы для размовы, няма пра што нават перакінуцца словам. Дарма што і сышліся і яны і мы ў сувязі з адным і тым жа. Здавалася б, тэатр мог паяднаць – усё-ткі ў ім мы ўсе найперш гледачы, аднак дарэмна: толькі і стае некалькі хвілін для сумеснай размовы, а тады зноў так званае супрацьстаянне.

Відаць, доўга яшчэ будзе доўжыцца яно, пакуль не з’явяцца ў нейкім пакаленні свае Марозавы ды Траццяковы.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”