ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

МЕТАДЫЧНЫЯ РАСПРАЦОЎКІ ЎРОКАЎ

VIII клас

Апавяданне І. Чыгрынава «БУЛЬБА»

Твор І. Чыгрынава «Бульба» – прыклад аднаго з асноўных эпічных літаратурных жанраў – апавядання. На вывучэнне гэтага твора праграмай адводзіцца ўсяго адна гадзіна, таму папрацаваць на ўроку трэба вельмі інтэнсіўна. Найлепш будзе, калі апавяданне вучні прачытаюць раней, бо на ўроку паўстане цэлы шэраг задач, якія неабходна вырашыць: усвядоміць складаны лёс дзяцей ваеннага часу, зразумець паводзіны дарослых, растлумачыць канцоўку твора і яе ролю ў выяўленні ідэі апавядання. Нельга забывацца і на неабходнасць развіцця вуснай мовы школьнікаў, а таксама на вытлумачэнне паняцця пра апавяданне.
Перш за ўсё на ўроку варта высветліць, як дзеці зразумелі змест апавядання. З гэтай мэтай на пачатку урока можна правесці невялікую гутарку па зместу твора, якая можа грунтавацца прыкладна на наступных пытаннях. Пра які час гаворыцца ў апавяданні І. Чыгрынава «Бульба»? Хто расказвае нам пра падзеі твора? Чаму дзеці сядзелі «каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі углядаліся ў іх (байцоў. – Аўт.) загарэлыя, стомленыя твары»? Успомніце герояў апавядання. Ці ёсць сярод іх такія, якіх можна назваць галоўнымі? Назавіце іх. Хто із герояў апавядання вам спадабаўся, а хто – не вельмі? Растлумачце свае адносіны да герояў. Якія пачуцці выклікаў у вас твор? Ці ўсё ў творы вам зразумела?
У ходзе гэтай гутаркі дзеці павінны адзначыць, што пісьменнік у апавяданні звяртаецца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Апавядальнікам з’яўляецца адзін з хлопчыкаў, магчыма, прататыпам яго быў сам пісьменнік, дзяцінства якога прыпала на гады ваеннага ліхалецця. Па сутнасці, у творы расказваецца пра час, калі для мірнага насельніцтва Беларусі вайна ўжо заканчвалася. Але заканчвалася яна вельмі сумна: «У вёсцы тым часам дагаралі хаты. На папялішчы патроху сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў». Над апошняй фразай можна крыху паразважаць разам з вучнямі. Чаму ж «ніхто не плакаў», хоць вёска, чалавечае жыллё былі спалены немцамі? Напэўна, балючы ваенны час, які прынёс столькі гора, а таксама тое, што ворагі былі яшчэ зусім блізка, за Бесяддзю, прымусілі людзей успрымаць свае папялішчы ціха, спакойна. Людзі зведалі нямала гора, у кожнага, магчыма, нехта загінуў, нехта ваяваў на фронце, таму знешне эмоцый не праяўлялі. Вяскоўцы стрымана успрынялі і гэту трагедыю.
Салдаты, якія паўстаюць перад чытачамі з першай старонкі твора, таксама сумныя, стомленыя, маўклівыя. I гэта зразумела: іх чакае яшчэ бой з ворагамі. Звернем увагу вучняў на тое, што сумны настрой пехацінцаў падмацоўваецца ў творы і пейзажнымі малюнкамі, карцінамі восеньскай прыроды: «Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. I ўжо каторы дзень. Відаць, хмары былі бясплодныя… Верасень быў на сконе. Бярозы па бальшаку страсалі сваё апошняе лісце – рана яно пажоўкла. Вецер гнаў яго па полі, збіраў на ўскрайку лесу. Было няўтульна, нават холадна».
А вось «артылерысты былі вясёлыя людзі – не тое што пехацінцы. Яны тут жа сышліся да нашага вогнішча, пачалі жартаваць».
Па сутнасці, тут і пачынаецца галоўны эпізод, які лёг у аснову апавядання – сустрэча дзяцей з вайскоўцамі, са старшым лейтэнантам, які так і не прыйшоў потым да хлопчыкаў, каб паесці смачнай печанай бульбы…
Пры далейшым аналізе твора ўвагу вучняў звяртаем на кароткія, але вельмі трапныя характарыстыкі герояў. Баец Сідараў – «нізкі, але надта тоўсты салдат, апрануты ў зашмальцаваны бушлат», паказаны скупаватым, але і чалавечным: «…скупы Сідараў не вытрымаў. Ён вярнуўся да воза, што стаяў непадалёку ад дарогі, пакапаўся там, дастаў памятую салдацкую шапку-вушанку і аддаў яе…» Ці маем мы права папракаць Сідарава за тое, што не адразу, без ахвоты аддае ён сваю шапку чужому хлопчыку? Хутчэй за ўсё, не, бо шапку салдат бярог для свайго сына, які, як і гэтыя хлапчукі ля вогнішча, дзесьці чакаў свайго бацьку. А вось вясёлы, добразычлівы «чорны артылерыст» паўстае з апавядання чалавекам спагадлівым, які да дзяцей аднёсся як да родных.
Далейшы час урока варта адвесці на выпрацоўку ўмення выразна чытаць твор. Для гэтага можна ўзяць урывак, які пачынаецца са слоў «Старшына прынёс плашч-палатку, разаслаў яе і пачаў «калдаваць»… да слоў «Не забудзь хлопцаў гэтых накарміць». Пасля чытання ўрыўка няхай вучні падумаюць і адкажуць, які эпізод тут з’яўляецца галоўным? Якім чалавекам ім уяўляецца старшы лейтэнант? Можна даць ім заданне знайсці аўтарскае апісанне знешнасці старшага лейтэнанта («Старшы лейтэнант задаволена пацёр рукі і неяк радасна, амаль па-дзіцячы заўсміхаўся нам, паказваючы свае белыя зубы. Гадоў яму было, можа, якіх дваццаць пяць. Росту ён сярэдняга, шырокі ў плячах і тонкі ў поясе. Густыя русыя валасы яго святлейшыя нават за твар загарэлы, і гэта адразу кідалася ў вочы, асабліва калі ўлічыць яшчэ, што ў старшага лейтэнанта былі да таго ж цёмныя бровы і чорныя вейкі»), каб параўнаць яго з казачнымі персанажамі, з якімі вучні пазнаёміліся крыху раней пры вывучэнні фальклорных твораў і падумаць, якім чалавекам па характары ўяўляюць яго школьнікі? Чаму ў лейтэнанта праз усю вайну была думка – наесціся смачнай печанай бульбы? Да месца тут будуць развагі і пра голад, і пра тое, што старшы лейтэнант быў зусім маладым, амаль хлапчуком, і жаданне гэта было крыху дзіцячым, а можа, печаная бульба – гэта цёплы напамін пра родны дом.
Апавяданне заканчваецца так званым адкрытым фіналам, як бы на паўслове: «Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў…»
Вучням прапануецца паразважаць і раскрыць сэнс апошняга сказа. Якія пачуцці выклікала ў іх канцоўка твора? Чаму, на іх думку, не прыйшоў лейтэнант пачаставацца бульбай? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць вучням адчуць трагізм падзей, пра якія расказаў пісьменнік, усвядоміць горкі лёс не толькі загінуўшага, хутчэй за ўсё, старшага лейтэнанта, але і дзяцей – Мішкі Кычыхіна, Санькі Брылёва і хлопчыка-апавядальніка. Яны пакутліва чакаюць (бо не ведаюць, ці дачакаюцца) сустрэчы са сваімі бацькамі, якія доўгія гады знаходзяцца дзесьці далёка. Настаўнік, выслухаўшы вучняў, можа адзначыць: нягледзячы на тое, што твор прысвечаны падзеям вайны, ваеннаму часу, у ім пераважае гуманістычная ідэя сцвярджэння жыцця і міру на зямлі, асуджэнне вайны, якая нясе людзям толькі гора. Гэтай ідэяй твор пранікнуты ад пачатку да канца.
На заключным этапе ўрока настаўнік напомніць, што твор гэты ахоплівае, па сутнасці, толькі адзін эпізод, у якім паказваецца герой – старшы лейтэнант, раскрываецца яго характар ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі, іншымі героямі твора. Такі невялікі твор з абмежаванай колькасцю герояў і падзей прынята называць апавяданнем або навелай. Няхай дзеці ўзгадаюць, ці сустракаліся яны з такімі творамі раней, у папярэдніх класах? Магчыма, яны ўспомняць «Васількі» М. Лынькова, «Мэры Кэт» М. Лупсякова, «Дзеравеншчына» Я. Коласа і іншыя творы. У якасці дамашняга задання можна прапанаваць дзецям яшчэ раз перагледзець твор, прачытаць у падручніку невялікі артыкул «Апавяданне і навела» і паспрабаваць вызначыць жанр твора І. Чыгрынава: апавяданне, навела?

1999 г.

XI клас

ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. АПАВЯДАННЕ «ДЗІВАК 3 ГАНЧАРНАЙ ВУЛІЦЫ»

М э т а: арганізаваць дзейнасць навучэнцаў па асэнсаванні ідэйна-мастацкага зместу апавядання I. Чыгрынава «Дзівак з Ганчарнай вуліцы».
З а д а ч ы: пазнаёміць вучняў з асноўнымі звесткамі пра жыццё і творчасць I. Чыгрынава; прааналізаваць апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»: раскрыць сутнасць вобраза Дземідзёнка, адносіны да гэтага героя дарослых і дзяцей; развіваць уменне характарызаваць літаратурнага персанажа, абапіраючыся на тэкст твора; фарміраваць крытычнае мысленне, камунікатыўныя кампетэнцыі старшакласнікаў; выхоўваць гуманістычную культуру асобы.
Т  ы  п    у  р  о  к  а: вывучэнне новага матэрыялу.
Ф  о  р  м  а: групавая праца.
А б с т а л я в а н н е: партрэт I. Чыгрынава, мультымедыйная ўстаноўка: ноўтбук, праектар, экран; выявы шасці капелюшоў.

Ход урока

I. Арганізацыйны этап.

II, Падрыхтоўка да працы на асноўным этапе.

Стварэнне псіхалагічнага настрою.

Н а с т а ў н і к. На мінулым уроку мы разгледзелі апавяданне I. Навуменкі «Сямнаццатай вясной». Прыгадайце, што здзіўляла Цімоха і яго сяброў. Чаму? (Сябры не маглі зразумець, як можна, калі пачалася вайна, танцаваць, весяліцца ў парку. Раптоўна прыйшоў цяжкі час, жыццёвую радасць засланіў, перакрэсліў «чужы сцяг з чорнай свастыкай». Цімох не мог зразумець, чаму Стася – аптэкарка – можа служыць немцам, «вінаваціў тоненькую дзяўчыну за яе бестурботны смех, за яе звонкае шчабятанне». Маладыя людзі хочуць змагацца з ворагам. Самі, хаваючыся ад дарослых, яны вырашылі здзейсніць подзвіг і здзівіць усіх, але, рызыкуючы, ледзь не паплаціліся за гэта жыццём.

  • Ці не здаюцца героі твора рамантычнымі, наіўнымі? Як вы мяркуеце, ці не выглядаюць іх паводзіны ў небяспечных абставінах трохі дзіўнымі? (Героі апавядання – смелыя і рамантычныя. Яны сур’ёзныя і вясёлыя, нават смешныя, па сутнасці гэта яшчэ дзеці. Але ў суровых умовах вайны героі твора пачынаюць сталець, набірацца новага жыццёвага вопыту. Цімох – падлетак, які закахаўся ў дзяўчыну Стасю і праз гэта патрапляе, як яму здаецца, у нядобрае становішча: «Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна і калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам». Цімох, ён жа герой-апавядальнік у творы, выглядае наіўным летуценнікам, трохі дзіваком, які выклікае ўсмешку. Дастаткова згадаць, як ён кідаецца ў празмерную крайнасць і марыць здзейсніць гераічны ўчынак ці, каб выглядаць больш дарослым, апранае бацькаў сіні касцюм.)

  • А каго можна лічыць дзіваком? Выберыце з трох меркаванняў тое, што больш падыходзіць да вобраза галоўнага героя твора.

Дзівак – гэта:

1) Чалавек, які непрактычна падыходзіць да жыцця, ірацыянальны, жыве марамі.
2) Звычайны чалавек, які мае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы характару. Усё залежыць ад нашага ўспрымання. Здзіўляюць нетыповыя для нас паводзіны.
3) Дзівак мае незвычайны лёс; трагічныя падзеі ў жыцці вымушаюць паводзіць сябе нестандартна.

III. Паведамленне тэмы і мэтавызначэнне.

Н а с т а ў н і к. Сёння мы будзем вывучаць апавяданне Івана Чыгрынава «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Давайце разам сфармулюем мэту ўрока.

Пазнаёмімся…
Прааналізуем…
Ахарактарызуем…
Будзем развіваць уменне…

IV. Вывучэнне новага матэрыялу.

Прэзентацыі і выступленні вучняў.

  1. Прэзентацыя «Звесткі з біяграфіі і творчасці I. Чыгрынава (1934–1996)». Загадзя настаўнік прапануе вучням адпаведны матэрыял ці крыніцы для падрыхтоўкі.

Тэкст для прэзентацыі
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 г. у вёсцы Вялікі бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Івану ішоў усяго толькі сёмы год.
У 1952 г. скончыў Саматэвіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння БДУ (1957) працаваў у выдавецтве Акадэміі навук БССР.
У 1965–1975 гг. – праца ў рэдакцыі часопіса «Полымя».
З 1975 г. намеснік старшыні, а ў 1976–1986 гг. – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
З 1987 па 1996 г. – старшыня Беларускага фонду культуры.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986–1990).
Народны пісьменнік Беларусі (1994).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974).
Не стала пісьменніка 5 студзеня 1996 г., пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
У 1952 г. дэбютаваў з вершамі, у 1957 г. надрукаваў першы празаічны твор.
Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983).
Стварыў цыкл раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996).
Выступаў як драматург, крытык, публіцыст.

Н а с т а ў н і к. Што вам хацелася б, каб было і ў вашым жыцці, як і ў жыцці Івана Чыгрынава? (Вучоба, праца.)
А чаго хацелася б, каб ніколі не было? (Вайны.)
Іван Чыгрынаў – дзіця Вялікай Айчыннай вайны. Ваенная навала забрала ў будучага пісьменніка, як і яго аднагодкаў, светлую, радасную пару жыцця – дзяцінства. У 1940 годзе хлопчык пайшоў у першы клас, аднак нямецкая акупацыя перапыніла вучобу. Толькі пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў Іван зноў сеў за школьную парту.
Самае жахлівае, што ахвярамі вайны становяцца дзеці, мірныя жыхары. Вайна мінула даўно, але яе наступствы і па сёння не даюць спакою людзям. Вельмі цяжкая траўма нанесена беларускаму народу. Невыпадкова, што ў апошні час мы часта чуем у дачыненні да нашага народа слова «генацыд» – яно дакладна характарызуе сутнасць злачынства, здзейсненага гітлераўскімі захопнікамі. Мэта, якой кіраваліся фашысты на беларускай зямлі, была адна – татальнае знішчэнне насельніцтва. акупанты чынілі зверствы, палілі вёскі, не шкадавалі ні дзяцей, ні старых…

  1. Паведамленне «Расстралянае дзяцінства». Раім для падрыхтоўкі выкарыстаць інфармацыю з афіцыйнага сайта Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, з вучэбнага дапаможніка «Геноцид белорусского народа в годы Великой Отечественной войны. 10–11 классы», 2023.

Тэкст для паведамлення
Адной з найбольш трагічных форм праявы нацысцкага генацыду ў дачыненні да насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі масавыя злачынствы супраць дзяцінства. Разам з жанчынамі дзеці складалі самую значную частку грамадзянскага насельніцтва, якое знаходзілася пад акупацыяй. Паводле падлікаў даследчыкаў, на захопленай тэрыторыі Беларусі засталося каля 3,7 млн дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Сотні тысяч дзяцей за гады акупацыі загінулі пад бомбамі і снарадамі, памерлі ад голаду і хвароб за калючым дротам канцлагераў, былі расстраляны і спалены ў выніку нацысцкіх карных акцый.
Беларусь ведае і памятае пра лагер «Чырвоны Бераг», які стаў месцам трагедыі тысяч дзяцей. Тут у чэрвені 1944 года акупанты стварылі зборны пункт, на які звозілі дзяцей ва ўзросце 8–14 гадоў са Жлобінскага, Стрэшынскага, Рагачоўскага і іншых раёнаў. На гэтым пункце дзеці праходзілі медыцынскі агляд у камісіі, потым іх грузілі на станцыі Чырвоны Бераг у вагоны і адпраўлялі па чыгунцы ў Германію: там у іх бралі кроў для лячэння параненых нямецкіх салдат і афіцэраў.
Архіўныя дакументы сведчаць, што такі дзіцячы лагер быў не адзіным. Падобны з мая 1944 года існаваў і ў вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна. Тут утрымлівалася 130 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Усе яны былі адпраўлены ў Германію ў якасці донараў для нямецкіх салдат.
Жахлівыя факты нацысцкіх злачынстваў на аснове архіўных і дакументальных матэрыялаў працягваюць выяшляцца і абнародавацца, раскрываючы гістарычную праўду пра сутнасць генацыду беларускага народа  ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым лікум пра вынішчэнне адной з самых неабароненых груп – дзяцей.

Н а с т а ў н і к. Тэма генацыду прысутнічае ў апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», яна, такім чынам звязана з тэмай нашага ўрока.

V, Аналіз мастацкага твора.

  1. Адказы на пытанні.

Н а с т а ў н і к. Успомніце, як пачынаецца твор. Зачытайце пачатак («У Залужжы мне сказалі: “А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку”».)
Што гэтым хацеў сказаць аўтар? (Аўтар інтрыгуе чытача. Герой застаецца загадкаю, якую трэба разгадаць.)

  1. Знаёмства з планам працы.

Н а с т а ў н і к. Давайце паспрабуем разгадаць гэту загадку. Дапамогуць нам шэсць капелюшоў. Надзяваючы капялюш, трэба абавязкова прытрымлівацца пэўных умоў пры адказе.
Белы капялюш (факты) – толькі факты, ніякіх тлумачэнняў, разважанняў.
Чырвоны капялюш (эмоцыі) – гэта вашы эмоцыі, звязаныя з пэўнымі падзеямі, героямі.
Чорны капялюш (крытыка) – пошук у характарах або ўчынках персанажаў таго, за што іх можна пакрытыкаваць або асудзіць.
Жоўты капялюш (пазітыў) – праяўленне станоўчага стаўлення да герояў, іх учынкаў.
Зялёны капялюш (творчасць) – крэатыў, спроба ўзаемадзеяння з героямі твора або спроба ўнесці нейкія змены ў сюжэт.
Сіні капялюш (падагульненне) – падвядзенне вынікаў працы.

  1. Белы капялюш. Гутарка паводле зместу твора.

1) Калі Дземідзёнак з’явіўся ў гарадку і дзе пасяліўся? (Праз тры гады пасля вайны прыйшоў і пасяліўся ў Дакуліхі.)
2) Як ставяцца да Дземідзёнка гараджане? (Маці героя-апавядальніка дае ацэнку паводзінам героя па-старэчы стрымана. У большасці людзей асоба Дземідзёнка не выклікала павышаных эмоцый. Некаторыя пускалі плёткі, што стары перапрадае птушак. Іншыя спрабавалі нажыцца, карыстаючыся жаданнем Дземідзёнка выпускаць птушак на волю.)
3) Як адносіліся да старога дзеці? (Яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. Сталі галоўнымі пастаўшчыкамі птушак.)
4) Кім працаваў і дзе жыў Дземідзенак да вайны? (Ён быў лесніком і жыў у лесе на беразе возера.)
5) Што мы ведаем пра сям’ю героя да вайны? (У яго былі дачка дачка і ўнучка Аленка. Але дачка жыла далёка і ні разу не наведала бацьку. Толькі ў час вайны прыехала, каб пакінуць яму ўнучку.)
6) Што здарылася з Дземідзёнкам у час вайны? (Яго забралі на допыт немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны.)
7) Што ў гэты момант было з унучкай? (Яна адна засталася зімой у зачыненай старожцы.)
8) Што ўбачыў Дземідзёнак, калі пасля фашысцкіх катаванняў вярнуўся ў старожку? (Унучкі не было, толькі на падлозе ляжала скалелая сініца.)

  1. Чырвоны капялюш.

Назавіце эмоцыі, якія выклікаюць падзеі, героі пасля прачытання наступных урыўкаў.

I група. Маці героя-апавядальніка расказвае пра жыццё Дземідзёнка ў Дакуліхі. Ад слоў: «А стары ён аказаўся ўвішны…» да слоў: «Ну, а ён купляе іх і выпускае недзе».
II група. Дыялог гандляроў. Ад слоў: «У гэты момант з сенцаў…» і да слоў: «Жанчына сказала гэтак і захіхікала…»
III  група. Змены ў жыцці Дземідзёнка з надыходам вайны. Ад слоў: «Тым часам пачалася вайна…» да слоў: «Яна прывяла з сабой трохгадовую дзяўчынку…»
IV  група. Вяртанне Дземідзёнка ў старожку пасля катавання немцаў. Ад слоў: «Дземідзёнак маўчаў. Тады яго кідалі на падлогу і білі…» да слоў: «Ён пакінуў Лясныя Дачы назаўсёды, каб нішто больш не нагадвала яму там аб непапраўнай страце».
Фізкультхвілінка.

  1. Чорны капялюш.

Метад «Чатыры куты».
У чатырох кутах кабінета прымацаваны аркушы з прапанаванымі варыянтамі адказаў, неабходна выбраць адзін з іх; кожны вучань займае месца пад пэўным аркушам, кожная група абмяркоўвае і тлумачыць свой выбар; калі ніводзін з варыянтаў не падыходзіць, вучні застаюцца ў цэнтры пакоя, настаўнік задае ім пытанне.

  • Як вы лічыце, хто вінаваты ў тым, што так склалася жыццё Дземідзёнка пасля вайны?

1) Гараджане;
2) Дземідзёнак;
3) герой-апавядальнік;
4) дачка Дземідзёнка.

  • У чым галоўная прычына трагедыі Дземідзёнка? (Вайна. Ён не збярог сваю маленькую ўнучку.)

  1. Жоўты капялюш.

Адкажыце на пытанні.

 І група. 1) Хто з гараджан найбольш прыязна ставіўся да Дземідзенка? (Дакуліха, у якой ён жыў.)
2) Каго бачыла гаспадыня у сваім кватаранце? (Высакародную і маральную асобу.)
II група. 1) Перад якой дылемай паўстаў стары ляснік, трапіўшы да немцаў? (Ці выдаць партызанаў і быць з унучкай, ці маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё ўнучкі. Стары не пайшоў на згоду з сумленнем і не выдаў партызанаў.)
2) Дайце ацэнку ўчынку Дземідзёнка. (Паўстае чалавекам маральна стойкім, які не хоча рабіць зло нікому, бо для яго чужое жыццё і свабода даражэйшыя за асабістыя.)
III група. 1) Чаму Дземідзёнак купляў птушак і выпускаў іх на волю? (Боль ад страты ўнучкі быў невыносным, таму птушынае збавенне з няволі было сапраўдным бальзамам на душу Дземідзёнка.)
2) Хіба Дземідзёнак не здагадваўся, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы? Чаму ён гэта прымаў? (Гэта яго задавальняла і не турбавала. Матэрыяльнае не мела значэння. Для яго было важней за ўсё трымаць птушак у руках і адпускаць іх на волю.)
IV група. 1) Чаму герой-апавядальнік вырашыў умяшацца ў падзеі? (Успамінаў, як у дзяцінстве са сваімі сябрамі жорстка абыходзіліся з «дзівакаватым Цімкам». Ён усведамляў былую віну, назіраючы за Дземідзёнкам: «..Дні праз два я паклікаў да сябе хлапчукоў і расказаў ім усё, што ведаў пра Дземідзёнка. Яны разышліся прыціхлыя, з апушчанымі галовамі. Мне здавалася, што гэтым самым я зрабіў нешта добрае, нават, калі хочаце, абараніў спакутаванага старога ад людской надакучлівасці».)
2) Як гэта характарызуе героя-апавядальтніка? (Ён паўстае перад чытачамі сумленным, уражлівым, неабыякавым, хоча дапамагчы добраму і бяскрыўднаму старому чалавеку.)

  1. Зялёны капялюш.

Выканайце заданні.

I група. Раскажыце ад імя Дзмідзёнка, як жылося яму на Ганчарнай вуліцы.
IІ група. Змяніце эпізод у сюжэце апавядання, калі Дземідзёнак вяртаецца ад немцаў у леснічоўку. Пачніце са слоў: «Калі ж яго нарэшце выпусцілі на волю…»
ІІІ група. Уявіце, што Дземідзёнак пасяліўся ў вашым родным горадзе, жыве на вашай вуліцы. Раскажыце, як вы на яго рэагавалі б і які прынялі б удзел у лёсе гэтага чалавека.
IV група. Прыдумайце працяг твора.

  1. Сіні капялюш.

1) Як вы думаеце, чаму Іван Чыгрынаў выбраў аповед ад першай асобы? Як гэты прыём спрыяе раскрыццю ідэі твора? (Аповед ад першай асобы дапамагае выявіць думкі і пачуцці апавядальніка, перадаць яго неабыякавасць да героя твора, яго лёсу, падзей ваеннага мінулага.)
2) Давайце звернемся да заканчэння апавядання і зачытаем перадапошні абзац: «…Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. І так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім. Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва калі на душы…» Што хацеў гэтым сказаць аўтар-апавядальнік? (Нават добрымі намерамі, словам або справай можна міжволі пакрыўдзіць чалавека, зрабіць яму балюча. Кожны чалавек заслугоўвае ўвагі і павагі, у адносінах да людзей трэба быць чулым, тактоўным і далікатным.)

VI. Падагульненне.

Н а с т а ў н і к. Апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» Івана Чыгрынава – твор пра балючую памяць вайны, пра неабходнасць разумення чужога гора, пра чуласць у адносінах да тых спакутаваных і пакалечаных душ, якім вялікае гора і пасля вайны ўсё яшчэ не давала спакою. Ваеннае мінулае пакінула глыбокі след у памяці беларускага народа. (Загаддзя падрыхтаваны вучань чытае верш А. Вярцінскага «Дзівак чалавек».)
У пачатку ўрока прагучала пытанне пра тое, каго можна лічыць дзіваком. Да трох варыянтаў адказу можна дадаць вось што. Амаль кожны чалавек па-свойму ў нейкай ступені дзівак. Таму галоўнае – з павагай ставіцца да людзей, цаніць любога чалавека, яго права на жыццё. I, безумоўна, трэба ведаць і памятаць, што вайна прыносіць балючыя пакуты, цяжкія душэўныя траўмы. А таму варта цаніць мір і спакой на нашай зямлі.

VII. Інфармаванне пра дамашняе заданне.

Напісаць міні-эсэ на аснове апавядання І. Чыгрынава «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» на адну з наступных тэм: «Вайна ў чалавечым лёсе», «Свет без дзівакоў не бывае» (на выбар вучняў).

VIII. Падвядзенне вынікаў урока.

Выстаўленне адзнак.

IX. Рэфлексія.

  • Перад кім вам хочацца зняць капялюш і чаму? (Адказы вучняў.)

Спіс выкарыстанай і рэкамендаванай літаратуры

Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 11-га класа ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2021. – С. 125–132.
Жыццё і творчасць I. Чыгрынава. Апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» : крыжаванка / склала Л. М. Балуева // Беларуская мова і літаратура. 2019. № 12. С. 60.
Марціновіч, А. Іван Чыгрынаў : нарыс жыцця і творчасці / А. Марціновіч. – Мінск : Народная асвета, 1999. – 176 с.
Навумчык, М. I. Вывучэнне апавядання Івана Чыгрынава «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (тэставае заданне, XI клас) / М. I. Навумчык // Беларуская мова і літаратура. – 2019. – № 2. – С. 43–45.

Н.П. Саланевіч, настаўніца вышэйшай катэгорыі ДУА «Сярэдняя школа № 16 г. Пінска», 2024 г.,

НОВЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА АСЭНСАВАННЯ ТЭМЫ ВАЙНЫ: «У ЦІХІМ ТУМАНЕ» ІВАНА ЧЫГРЫНАВА

Мэты і задачы ўрока: засвоіць асноўныя ідэйна-маральныя праблемы апавядання «У ціхім тумане», умець узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам, аналізаваць твор з улікам яго ідэйна-мастацкай цэласнасці і аўтарскай пазіцыі, вызначаць асноўную праблематыку, характарызаваць герояў, абгрунтоўваць сваю ацэнку прачытанага твора, садзейнічаць выхаванню асноўных каштоўнасных арыенціраў.

Эпіграф:

Здаецца, ужо адкрыты ўсе Амерыкі,
даўно і джунглі і пустыні пройдзены,
любая міля акіяна змерана,
і кожнай ручаіне назва знойдзена.
А людзі па-ранейшаму здзіўляюцца,
бы ўпершыню ўбачыўшы свет белы,
і новыя Калумбы нараджаюцца,
 і ветразі ўзнімаюць каравелы.
М. Рудкоўскі

Абсталяванне: партрэт Івана Чыгрынава, мультымедыйная прэзентацыя, рэпрадукцыя фотаздымка помніка маці-патрыётцы Н.Ф. Купрыянавай, Біблія, тэкст для аўдзіравання, карткі з заданнямі.

ХОД УРОКА

I. Арганізацыйны этап.

II. Матывацыйны этап.

  • Уступнае слова настаўніка.

Настаўнік. На мінулым уроку мы з вамі адкрылі імя невядомага вам раней, але вельмі таленавітага пісьменніка Івана Чыгрынава. Прааналізавалі яго твор «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Дома вы прачыталі апавяданне «У ціхім тумане», яшчэ раз уважліва прагледзелі твор «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», асэнсавалі яго ідэйны змест. Таксама трэба было ўспомніць і падабраць вывучаныя раней творы іншых пісьменнікаў, блізкія па тэматыцы ці вобразах. Пачнём з апошняга. Каб больш аб’ектыўна выставіць адзнакі за працу на ўроку, мне будзе дапамагаць сёння (настаўнік называе вучня).

Вучні ўспамінаюць паэму «Сымон-музыка» Я. Коласа і яе галоўнага героя; верш «Сэрца і крыж» П. Панчанкі пра «доктара-дзівака», нават «мёртвае сэрца якога людзей, як жывое, любіла»; навелу «Нябачная калекцыя» С. Цвэйга пра калекцыянера, душа якога аж святлела, калі ён паказваў сваю «нябачную» калекцыю госцю; верш «Дурная Ганна» Я. Янішчыц пра тое, як жанчына стала дзівачкай, калі яе сям’ю «накрыла ў час вайны яма».

Настаўнік. Якое правіла вы засвоілі на мінулым уроку?

(«У адносінах з людзьмі абавязкова павінна быць тактоўнасць і далікатнасць, бо кожны чалавек гэта адметны, унікальны, духоўны свет, які заслугоўвае ўвагі і павагі»; с. 122 дапаможніка.)

Настаўнік. Мы прыадкрылі таямніцы душы многіх людзей, сугучных у нечым з героем апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Сёння мы будзем далей адкрываць для сябе творчасць Івана Чыгрынава.

  • Паведамленне тэмы ўрока.

Запіс даты і тэмы ў сшытак. Вызначэнне разам з вучнямі мэты ўрока.

Настаўнік. Тэма нашага ўрока: «Новыя падыходы да асэнсавання тэмы вайны ў апавяданні «У ціхім тумане» I. Чыгрынава». Паспрабуем акрэсліць мэту. ( Адказы вучняў.) Наша мэта – раскрыць тэму вайны вачыма сучаснікаў, узаемаадносін ахвяр і здраднікаў Радзімы, засяродзіць увагу на гуманістычным пафасе апавядання.

III. Інфармацыйна-пошукавы этап.

Настаўнік. Мы не толькі будзем паглыбляцца ў творчасць Івана Чыгрынава, вызначаць яго падыходы да тэмы вайны, але і адкрываць кожнага з вас, вашы здольнасці, вашы душы. Эпіграф да ўрока – словы нашага земляка, паэта Міхася Рудкоўскага. (На экране дэманструецца верш. Вучань выразна чытае яго). Да эпіграфа мы абавязкова звернемся ў канцы ўрока, а цяпер запішам пытанні для разгляду. (Настаўнік дыктуе,вучні запісваюць.)

  1. «У ціхім тумане». Новыя падыходы да асэнсавання тэмы вайны.

  2. Вобразы Рэйдзіхі і Ганны.

  3. Узаемаадносіны ахвяр і здраднікаў Радзімы.

  4. Праблема віны і даравання.

  5. Гуманістычны пафас апавядання.

Дамашняе заданне. Падрыхтаваць аналіз апавядання «У ціхім тумане», прачытаць апавяданне «Сямнаццатай вясной» I. Навуменкі (заданне запісана на дошцы). Індывідуальнае заданне: падрыхтаваць звесткі пра жыццё і творчасць I. Навуменкі.

Настаўнік. Вяртаемся да тэмы ўрока. Як раней раскрывалася тэма вайны? Пра гэта мы ўжо гаварылі, а цяпер толькі ўспомнім вядомае. Увага на экран. (На экране дэманструецца пералік традыцыйных падыходаў да асэнсавання тэмы вайны ў беларускай літаратуры.)

  1. Выкрыццё «аблічча» фашызму, Гітлера і сцвярджэнне веры ў перамогу (публіцыстычныя творы, лістоўкі-заклікі; Купала. «Беларускім партызанам»).

  2. Паказ гераізму ўсяго савецкага народа або асобных людзей (П. Панчанка. «Герой»).

  3. Раскрыццё трагічных старонак вайны (А. Куляшоў. «Над брацкай магілай»).

  4. Выкрыццё здраднікаў, паліцаяў (І. Шамякін. «Гандлярка і паэт», «Сэрца на далоні»; В. Быкаў. «Сотнікаў», «Знак бяды»).

  5. Паказ чалавека перад знішчальнай сілай абставін (В. Быкаў. «Жураўліны крык», «Абеліск», «Сотнікаў», «У тумане»).

  6. Сувязь падзей ваеннага часу з падзеямі перадваеннага і пасляваеннага перыяду (В. Быкаў. «Знак бяды», «Кар’ер», «Сцюжа»; I. Шамякін. «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні»).

Настаўнік. Зразумела, у адным творы звычайна вырашаецца некалькі праблем (і не толькі адзначаных намі), якія цесна звязаны. I гэты шэраг можна працягваць. Напрыклад, у творы «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» паказаны трагічны след вайны ў душы і лёсе чалавека. Але тут ужо ёсць і новае: аўтар сцвярджае гуманістычныя адносіны да людзей, сэрца якіх апалена вайной, і да кожнага «дзіўнага» на першы погляд чалавека. (Дэманструецца эпіграф).

IV. Трэніровачна-карэкцыйны этап.

Настаўнік. Звернемся да апавядання «У ціхім тумане». Што ў сюжэце твора звычайнае, традыцыйнае? (Падзеі адбываюцца пасля вайны, а ў рэтраспекцыі паказана жыццё ў 1920–1930-я гг. і ў 1942 годзе. Дзеянне адбываецца ў вёсцы Бароўка, адбудаванай пасля вайны. Сюды летнім адвячоркам прыходзіць дзівакаватая жанчына Рэйдзіха, якая нечым вельмі ўстрывожаная. Потым аказваецца, што яна хоча даведацца, дзе знаходзіцца магіла яе сына.)

Настаўнік. Паспрабуем разабрацца, што ж новае падае нам аўтар, чаго не было ў іншых творах пра вайну. Спачатку апавяданне мела назву «Маці», а пазней аўтар назваў яго «У ціхім тумане». На вашу думку, якая назва больш адпавядае ідэйнаму зместу твора? Да гэтага пытання звернемся пазней.
Цяпер працуем па пытаннях да тэмы ўрока. Адказ на першае пытанне прагучыць як вывад, калі мы разгледзім усе пытанні тэмы. Адказ на галоўнае, трэцяе пытанне падрыхтавалі два вучні (папераджальнае дамашняе заданне). Адказы на другое і чацвёртае пытанні будзем рыхтаваць па групах.

  • Праца ў групах.

Група 1. Вобразы Рэйдзіхі і Ганны.

Група 2. Узаемаадносіны ахвяр і здраднікаў Радзіме.

Група 3. Адказы на пытанні: ці даравалі Рэйдзісе Ганна і суседзі? У чым заключаецца гуманістычны пафас твора?

  • Прэзентацыя і абмеркаванне вынікаў групавой работы.

  1. Вобразы Рэйдзіхі і Ганны.

Вучань аналізуе вобразы Рэйдзіхі і Ганны. З тэксту апавядання ён зачытвае партрэтную характарыстыку Рэйдзіхі, параўнанне яе з «падстрэленай птушкай», расказвае пра яе паводзіны ў хаце Ганны і па дарозе да магілы сына Якава, калі суседскі хлопчык Міцька паказаў ёй дзірван, дзе знайшоў сабе магілу яе сын. Ганна раскрываецца як працавітая, цярплівая, спагадлівая жанчына. (Адзнака.) Другі вучань дапаўняе пра падабенства Ганны Тараськовай і Ганны з песы «Вечар» А. Дударава, а таксама Дакуліхі (апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»). Ён спыняецца на прозвішчы Рэйда, згадвае фразеалагізм «весцірэй». Каментарыі. (Адзнака.)

  1. Узаемаадносіны ахвяр і здраднікаў Радзіме.

Вучань падрабязна раскрывае перадваенныя падзеі. Увага звяртаецца на словы «бадзялася плойма кароў, каровы валаклі па зямлі вымі», а паміж Лазарам (бацькам Якава) і аднавяскоўцамі была страшная мяжа. Потым 1942 год, карны атрад, смерць бацькі Ганны і пажар у вёсцы. Ганебная гібель Якава. (Адзнака.)

Настаўнік. I вось сустрэліся (пасля вайны ўпершыню) па задуме аўтара менавіта Ганна і маці здрадніка Рэйдзіха. Будзьце асабліва ўважлівымі, бо тэма нашага ўрока яскрава раскрываецца праз гэты эпізод. Мне хацелася б, каб вы не проста слухалі паведамленне, але і самі прасачылі яшчэ раз па тэксце змены ў душы нашых гераінь, адчулі сувязь прыроды са станам душы Рэйдзіхі і Ганны. А пасля паведамлення паразважаем, ці вінавата Рэйдзіха, ці несла яна адказнасць за віну сына-здрадніка.

  1. Праблема віны і даравання.

Тут і сувязь падзей з прыродай, і спачатку здзіўленне Ганны, і ўсхліпванне Рэйдзіхі, і пазнейшая прапанова Ганны, каб Рэйдзіха пераначавала ў яе. I самае галоўнае, што ніхто з аднавяскоўцаў не напомніў ёй пра мінулае. (Адзнака.)

Настаўнік. Дапаўненні? А як вы думаеце, ці вінавата Рэйдзіха? Ці несла яна адказнасць за віну сына-здрадніка? (Можна сказаць «не». Яна не вучыла сына забіваць, вешаць людзей, паліць вёскі, а можна сказаць і «вінавата», бо сын вырас здраднікам, забойцам.)

Настаўнік. Ці даравалі Рэйдзісе Ганна і былыя суседзі? (Так, даравалі. У вобразе Ганны пісьменнік выяўляе найвышэйшую ступень хрысціянскай міласэрнасці і ўсёдаравальнасці. А людзі за ваенныя гады не ачарсцвелі, а наадварот, сталі бліжэй да Бога і хрысціянскіх законаў.)

Настаўнік. Вывад. У чым новыя падыходы Івана Чыгрынава да асэнсавання тэмы вайны? (Аўтар, паказваючы драму маці, яе прыродны інстынкт, раскрывае міласэрнасць, усёдаравальнасць.) (Запіс у сшытак.)

Настаўнік. У чым заключаецца гуманістычны пафас апавядання? (Адказы вучняў.)

Настаўнік. Ці блізкі гэты твор па сваім пафасе да апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»? (Так, блізкі. I тут, і там галоўнае – сцвярджэнне чулых, добразычлівых адносін да жывога чалавека, які б ён ні быў.)

Настаўнік. Твор мае дзве назвы: «Маці» і «У ціхім тумане». Якая, на вашу думку, больш падыходзіць да зместу, чаму? (Адказы вучняў.)

А. Марціновіч лічыць, што больш дакладнай з’яўляецца апошняя назва (чытанне заканчэння артыкула, с. 126 дапаможніка). Ці можна пагадзіцца з крытыкам? (Можна, бо гэта думка вучонага, літаратуразнаўцы. А даваць назву твору – права самога аўтара.) Мы павінны зразумець яго і асэнсаваць назву. З якім творам пераклікаецца гэтая назва? («У тумане» В. Быкава.)

  • Псіхалагічная паўза.

 V. Кантрольна-рэфлексійны этап.

  • «Сітуацыя».

Раздаюцца заданні для аўдзіравання на асобных аркушах (гл. дадатак).

Настаўнік. Паглядзіце на пытанні некалькі хвілін і перавярніце іх. Уважліва слухаем тэкст і запамінаем. (Дэманструецца рэпрадукцыя фотаздымка помніка маці-патрыётцы Н.Ф. Купрыянавай і яе сынам. Гучыць фанаграма тэксту.) Вазьміце аркушы з заданнямі, падпішыце прозвішча і запішыце адказы.

Як вы думаеце, чаму такі тэкст узяты для аўдзіравання? (Там і тут паказана маці. Але ў апавяданні жанчына выгадавала аднаго сына, і той аказаўся забойцам, а ў тэксце пра Н.Ф. Купрыянаву маці выгадавала пяцёра сыноў, і ўсе яны героі і Людзі.)

На экране дэманструецца эпіграф да ўрока.

Настаўнік. Яшчэ раз звернемся да эпіграфа. Што вы адкрылі для сябе сёння на ўроку? (Цікавы твор цікавага пісьменніка, новыя падыходы да асэнсавання вайны, мова, помнік маці-патрыётцы, імя паэта-земляка М. Рудкоўскага, некаторых сваіх аднакласнікаў, сябе.)

Урок заканчваецца словамі з Бібліі. Настаўнік чытае. На экране дэманструюцца словы з Евангелля.

Не судзіце, каб вас не судзілі, бо, якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць, якою меркаю мерыце, такою і вам адмерыцца. I ва ўсім, як хочаце, каб людзі рабілі з вамі, так і вы рабіце з імі, бо ў гэтым закон і прарокі (Евангелле ад Мацвея. З Нагорнай пропаведзі).

Калі будзе час, можна прапанаваць вучням запісаць гэтыя словы ў сшытак.

Вучань, які дапамагаў ацэньваць работу на ўроку, падае свае запісы настаўніку.

ДАДАТАК

Тэкст для аўдзіравання

Настасся Фамінічна Купрыянава. Гэту жанчыну ў Жодзіне ведалі амаль усе і цяпер яе імя згадваюць з вялікай павагай і ўдзячнасцю. Пяць сыноў добраславіла яна на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі, і ніхто з іх не здрадзіў Радзіме, людзям, свайму сумленню. Яна ж пры жыцці стала сімвалам самаахвярных маці. У Жодзіне ўзведзены помнік не толькі Н.Ф. Купрыянавай, хоць менавіта яна і яе сыны сталі правобразамі скульптурнай кампазіцыі. Гэта помнік усім, хто не дачакаўся сваіх дзяцей з вайны.
Кволая, слабая здароўем, невысокая жанчына выхавала сыноў – волатаў, патрыётаў, якія аддалі жыццё, каб родная зямля і краіна наша былі свабоднымі. Відаць, за клопаты аб сынах, за любоў да іх Бог падараваў ёй даўгалецце. Яна пражыла 107 гадоў.
Калі пачалася вайна, старэйшыя сыны Мікола і Сцяпан пайшлі ў Чырвоную армію. Міша і Валодзя сталі партызанскімі разведчыкамі атрада «Радзіма». Была тут таксама і маці…
Тры пахавальныя лісты атрымала яна на сваіх сыноў. У 1949 годзе памёр ад ран, атрыманых на вайне, Уладзімір. Малодшы яе сын, Пётр Купрыянаў, сабой закрыў амбразуру дзота. Яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Жодзіне, у доме, дзе жыла Настасся Фамінічна Купрыянава, цяпер музей.
Шаша Мінск – Масква. Яна ніколі не бывае бязлюднай. Нярэдка на сорак пятым кіламетры ад Мінска тыя, хто праязджае Жодзіна, заварочваюць да манумента ў гонар маці-патрыёткі, які быў урачыста адкрыты 29 жніўня 1975 года.
Помнік – збіральны вобраз, сімвал подзвігу жанчыны-маці і яе сыноў у ваенныя гады. Яго аўтары – скульптары А. Заспіцкі, I. Міско, М. Рыжанкоў, архітэктар А. Трафімчук.

Пытанні да тэксту для аўдзіравання

  1. Як звалі маці? (1 бал.)

  2. Колькі гадоў пражыла гераіня? (1 бал.)

  3. Пералічыце імёны яе сыноў. (1 бал.)

  4. Каму з сыноў пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза? (1 бал.)

  5. У якім горадзе ўзведзены манумент у гонар маці-патрыёткі? (1 бал.)

  6. Калі быў адкрыты помнік? (1 бал.)

  7. Хто аўтары манумента? (2 балы.)

  8. Чым блізкі праслуханы тэкст да тэксту апавядання «У ціхім тумане»? (2 балы.)

Марыя Пушко, 2017 г.

АСЭНСАВАННЕ ВАЙНЫ Ў АПАВЯДАННІ  I. ЧЫГРЫНАВА «У ЦІХІМ ТУМАНЕ»

М э т а: прааналізаваць апавяданне «У ціхім тумане», раскрыць сутнасць вобраза Рэйдзіхі з пазіцый агульначалавечай маралі; працягваць развіваць навыкі характарыстыкі героя, аргументаваць, сінтэзаваць, карыстацца фактамі тэксту; выхоўваць гуманістычныя пачуцці, непрыманне вайны як найвялікшай бяды і гора.
А б с т а л я в а н н е: мультымедыйная прэзентацыя, камп’ютар, вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для XI класа (2009).
Т  ы  п: урок з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў.
Э п і г р а ф:

Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае залячыла зямля,
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая.
Максім Танк

Ход урока

I. Арганізацыйны момант.

II, Праверка дамашняга задання.

  1. Метад інтэрактыўнай гульні «Панэль» (тры вучні адказваюць, седзячы на крэслах перад класам, чацвёртае крэсла свабоднае – для таго, хто хоча да іх далучыцца. Адзін вучань запаўняе табліцу «Сюжэт апавядання»).

Пытанні:

  • Чаму менавіта наступныя словы паэта можна аднесці да I. Чыгрынава?

Я вырас пад гарматнымі стваламі,
Я мераў час секундай, а не днём.
Я вызначаў свой рост не пад сталамі –
Пад расчахлёнай пашчай, пад агнём.
У сорак першым, на загоне мёртвым,
Гарматы білі ворага ва ўпор.
I я падрос, калі ў сорак чацвёртым
Яны агонь пераняслі за бор.
Сцяпан Гаўрусёў.

«Я вырас пад гарматнымі стваламі…»
(Дзяцінства I. Чыгрынава было апалена вайной. Ён нарадзіўся ў 1934 годзе.)

  • Да якога пакалення беларускіх пісьменнікаў належыць I. Чыгрынаў? (Яго называюць пакаленнем «дзяцей вайны», а таксама «пісьменнікі-шасцідзясятнікі, «пісьменнікі філалагічнага пакалення».)

  • Што асабліва ўплывала на фарміраванне яго як мастака слова? (Вучні называюць некалькі варыянтаў. У школе пачаў пісаць вершы, затым вучыўся на філфаку ў БДУ, пазнаёміўся з таленавітымі літаратарамі, аднакурснікамі яго былі I. Пташнікаў, В. Адамчык. Студэнцкія гады – спробы ў паэзіі. Зразумеў, што мае талент, таму нястомна працаваў на літаратурнай і грамадскай ніве.)

  • Чаму ваенная тэма стала вядучай у творчасці I. Чыгрынава? Які аспект вайны ён імкнуўся паказаць у сваіх творах? (I. Чыгрынаў так вызначыў месца вайны ў сваім жыцці: «У вайну хапала ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць». Кожны твор з цыкла пра вайну паказвае вайну з боку нейкай важнай праблемы: ці то трагедыі, ці то віны, ці то маральнага асэнсавання ўрокаў. «Але былі людзі не толькі на вайне, але і ў вайне. Мяне больш за ўсё займала тое, як яны сябе паводзілі пад акупацыяй», – успамінаў пісьменнік.)

  • Якія творы I. Чыгрынава на ваенную тэматыку вам вядомы? (Пенталогія «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны»», «Не ўсе мы згінем»; апавяданні «Бульба», «За сто кіламетраў на абед», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане», «У баку ад дарогі».)

  • Чым быў выкліканы зварот пісьменніка да драматургіі? (У 1980–1990-я пісьменнік піша п’есы. «Патрэбны жывыя ілюстрацыі. Не ўслед за гісторыкамі, а ўпершыню самім дадаваць гістарычныя пласты і ўвасабляць іх у мастацкія вобразы», – зазначае I. Чыгрынаў.)

  • Аб чым гавораць назвы «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», «Паміж сонцам і месяцам: роздум над жыццём, культурай і літаратурай»? (Выступленні і артыкулы аб праблемах літаратурнага жыцця.)

  • У чым спецыфіка твораў I. Чыгрынава? (Невялікі памер, выразна акрэсленая праблематыка, нешматлікасць герояў, традыцыйнасць кампазіцыйнай будовы, раскрыццё вобраза, характару ў развіцці, псіхалагічная аснова добрых і дрэнных учынкаў героя – гэта адметныя якасці апавяданняў.)

  1. Запаўненне табліцы.

Адзін вучань запаўняе табліцу ля дошкі.

Элементы сюжэта

Эпізоды

1. Уступ

 

2. Завязка

 

3. Развіццё дзеяння

 

4. Кульмінацыя

 

5. Развязка

 

6. Заключэнне

 

Узор выканання

1. Уступ

Знаёмства з вёскай Бароўкай

2. Завязка

Ганна ўспрымае Рэйдзіху як нейкі прывід мінулага, як напамінак пра нешта балючае

3. Развіццё дзеяння

Марудна развіваюцца падзеі

4. Кульмінацыя

Просьба паказаць магілу сына

5. Развязка

Дарэмна спрабуе вызначыць магілу сына

6. Заключэнне

Няма заключэння, чытач сам асэнсоўвае

    • Што можна сказаць пра асаблівасці апавядання I. Чыгрынава «У ціхім тумане»? (Дзеянне развіваецца марудна, канфлікт набывае маральна-псіхалагічны характар, персанажы пастаўлены ў няпростыя абставіны, пісьменнік выказаў сваё разуменне балючых падзей ваеннага часу, якія яшчэ доўга нагадваюць пра сябе.)

III. Паведамленне тэмы, пастаноўка задач урока.

Н а с т а ў н і к. Сёння мы з вамі працягваем гаварыць на тэму вайны ў беларускай літаратуры. Ужо неаднойчы яна была ў цэнтры нашай увагі на ўроках літаратуры і на пазакласных мерапрыемствах. Кожны раз знаходзяцца нейкія новыя аспекты, акцэнтуецца ўвага на нейкіх іншых, раней не заўважаных дэталях. Пісьменнік, які прайшоў выпрабаванне вайной, расказвае нешта асабістае. Для многіх людзей вайна так і не стала мінулым. Унутраная перакананасць аўтараў у тым, што вайну нельга «прыдумляць», каб пра яе пісаць, яе трэба ведаць «знутры», абумовіла стварэнне глыбока псіхалагічных твораў. Пацвярджэннем сказанаму з’яўляецца твор I. Чыгрынава «У ціхім тумане».

Якія задачы вы паставіце для сябе на гэты ўрок? (Вучні пішуць у сшытку адну-дзве задачы, некалькі чалавек агучваюць напісанае.

IV, Аналіз апавядання па пытаннях. Праца над ідэйным зместам твора.

  1. Метад 1x2x4 (чатыры чалавекі атрымліваюць адно пытанне; вучні працуюць над ім самастойна, потым у пары, потым аб’ядноўваюцца дзве пары, агучваецца канчатковы варыянт адказу).

  • Хто такая Рэйдзіха і як яе апісвае аўтар? (Рэйдзіха – маці здрадніка-паліцая. Апісанне зачытваецца з вучэбнага дапаможніка.)

  • Чаму Ганна і Рэйдзіха адчуваюць няёмкасць пры сустрэчы? Як гэта выяўляецца праз гаворку і паводзіны кожнай з жанчын? (Аўтар гаворыць, што «Ганна схамянулася», убачыўшы Рэйдзіху; Рэйдзіха ж… «заплакала, схапілася за фартух… усхліпнула, а Ганна стаяла, бы скамянелая, і не ведала, што рабіць».)

  • Пры дапамозе якіх мастацкіх дэталяў і вобразаў перадаецца наяўнасць нейкіх трывожных падзей, звязаных з лёсамі жыхароў вёскі і Рэйдзіхі? (Старая баіцца рэакцыі аднавяскоўцаў на яе з’яўленне, яе паводзіны насцярожаныя: яна прыходзіць у вёску пад вечар, каб менш сустрэць людзей. Аўтар параўноўвае яе з вялікай птушкай, з падстрэленай варонай. Насцярожвае той факт, што Рэйдзіха трыццаць гадоў не была ў вёсцы.)

  • Чым выклікана тая «бура», якую адчувае старая жанчына за сваёй спінай? Ці разумее яна сваю віну перад людзьмі? (Уся вёска ведае, што ў Бароўку прыйшла Рэйдзиха; старая баіцца, што людзі стануць гаварыць пра яе сына, бо здраднікам няма даравання: «…старая горбілася, спатыкалася, але ўсё прыбаўляла кроку, быццам уцякала куды, чуючы за сваёй спінай буру».)

  • Якія малюнкі прыроды, вобразы-сімвалы, яскравыя дэталі дапамагаюць зразумець і трагедыю ваеннага часу, і стаўленне вяскоўцаў да Рэйдзіхі? (Гэта і рэдкі, як дым, туман, што ахутаў вёску, і дзве качкі-мацярухі, што кружаць над возерам, баючыся садзіцца на ваду, і маленькае воблачка, якое нібы крывавіла, і параўнанне Рэйдзіхі з вялікай птушкай, і ржавая вада ў балоце.)

  • Чаму пераважна Ганна ад імя аднавяскоўцаў вызначае адносіны да Рэйдзіхі? Чаму ёй цяжка прыйсці «да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш»? (Аўтар не паказвае рэакцыі ўсіх жыхароў Бароўкі на з’яўленне Рэйдзіхі. Ганна выражае аўтарскае ўяўленне пра чалавечнасць: яна пускае да сябе маці здрадніка, чалавека, што забіў яе бацьку, клапоціцца пра яе. Чалавеку цяжка бывае прымірыць кантрасныя пачуцці: нянавісць да забойцы і цяперашняе стаўленне да яго маці.)

  • Вызначце ідэйны змест твора. Наколькі дакладна яго назва адпавядае зместу? (Ідэйны змест – комплекс ідэй твора. Людская памяць захоўвае ўсё. З цягам часу прайшла варожасць да гэтай жанчыны, што нарадзіла здрадніка, але няма паразумення. Жыццё ідзе быццам у тумане. З вуснаў Ганны гучыць асноўная ідэя твора: «Ды ці заўсёды дойдзеш да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш?».)

  • Што новае ў асэнсаванні складаных праблем ваеннага часу ўнёс у літаратуру Іван Чыгрынаў? (I. Чыгрынаў паказаў жанчыну-маці не ў традыцыях савецкай літаратуры. Там маці здрадніка павінна была б адрачыся ад свайго сына. Ён паказаў найвышэйшую ступень хрысціянскай усёдаравальнасці, калі аднавяскоўцы не праганяць старую, а даюць ёй прытулак, не зводзяць былыя рахункі.)

  1. Праца ў групах.

  • Выберыце з прапанаваных выказванняў тое, якое, на вашу думку, найлепш характарызуе ўчынкі герояў апавядання I. Чыгрынава. (Працуюць чатыры групы вучняў.)

I група

Памерці – справа хуткая і лёгкая, жыць намнога цяжэй (Л. Фейхтвангер).
На вайне прычынай подласці бадай заўжды бывае баязлівасць, як бы яна ні называла сябе (В. Быкаў).
Чалавек узняўся над светам усяго жывога перш за ўсё таму, што гора іншых стала яго ўласным горам (В. Сухамлінскі).
Жыццё – гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў і мільёны лёсаў (В. Быкаў).

II група

Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут – трава (В. Быкаў).
Чалавек смяротны, і яго адзіная магчымасць стаць бессмяротным у тым, каб пакінуць пасля сябе нешта бессмяротнае (У. Фолкнер).
Жыццё кароткае, але слава можа быць вечнай (Цыцэрон).

III група

Дабро не ляжыць на дарозе, яго выпадкова не падбярэш. Дабру чалавек у чалавека вучыцца (Ч. Айтматаў).
Дабрыня – мова, на якой нямыя могуць гаварыць і глухія чуць (К. Боўві).
Дабро – вечная, вышэйшая мэта нашага жыцця (Л. Талстой).
Сардэчнасць – такі ж дар, як прыгажосць і розум (В. Качалаў).
Няшчасце – вялікі настаўнік кожнага (К. Біні).

IV група

Адчай – гора слабых (Ж. Долан).
Гора не сціхае ад слоў (Якуб Колас).
Душэўныя перажыванні вымотваюць чалавека больш, чым любая праца (О. Кемаль).
У вайны свае, далёка не людскія законы, і яны будуць правіць людзьмі, пакуль будуць войны (В. Быкаў).

  1. Аналітычная гутарка паводле сюжэту і кампазіцыі.

  • У чым выяўляецца складанасць кампазіцыйнай будовы апавядання? (У аснове сюжэта эпізод з пасляваеннага жыцця Бароўкі. Рэйдзіха прыйшла ў вёску, каб наведаць магілу сына, на наступны дзень яна ідзе на тое месца, дзе пахаваны сын-здраднік. Дзеянне перарываецца рэтраспекцыяй – гісторыя сям’і Рэйдаў. Апавяданне ў апавяданні. Эпізоды твора знітаваны з тымі падзеямі, калі Якаў разам з карнікамі паліў вёску.)

  • Якую ролю адыгрывае ў ідэйнай аснове твора рэтраспектыўны раздзел пра гісторыю сям’і Рэйдаў? (Аўтар напрамую не дае тлумачэння прычыны здрадніцтва Якава, ён паказвае гісторыю сям’і Рэйдаў, бо менавіта сям’я – той падмурак, дзе закладваюцца маральныя асновы. Лазар Рэйда, бацька Якава, не быў надзелены высокімі маральнымі якасцямі, з-за гэтага і быў «укручаны» ў сталінскую рэпрэсіўную машыну, як і многія, несправядліва.)

  • Што, на ваш погляд, было галоўнай прычынай здрадніцтва Якава? Аргументуйце свае меркаванні (Якаў прымае ўдзел у павешанні Тараські, Ганнінага бацькі, першым падпальвае хату. Для ўсіх было нечаканасцю тое, што Якаў, ціхмяны, пакорлівы, стаў паліцаем. Уплыў бацькавага выхавання – вось адна з прычын. Несправядлівасць людзей і савецкай улады да сям’і Рэйдаў нарадзілі затоеную крыўду ў душы хлопца, злосць за арышт бацькі, за паспешлівыя ўцёкі з вёскі.)

  • Вызначце найважнейшыя кампаненты сюжэта апавядання. Як спалучаюцца ў ім падзейная і псіхалагічная аснова? (Вучні звяртаюцца да табліцы па сюжэце.)

  • Якая роля належыць сюжэту і кампазіцыйнай структуры твора ў раскрыцці яго ідэі? (Пасля аналізу сюжэта вучні адзначаць, што сюжэт адыгрывае важную ролю ў раскрыцці ідэйнага зместу твора.)

V. Фізкультхвілінка.

Слуханне музыкі Ф. Шапэна «Прэлюдыя».

  • Што збліжае музычны і празаічны творы? (Іх збліжаюць падобныя пачуцці.)

VI. Працяг працы над тэкстам твора.

  1. Метад «Калі б…».

  • Якое месца займаюць у творы зрокавыя малюнкі? Вусна намалюйце некалькі такіх малюнкаў, якія маглі б стаць ілюстрацыямі да твора. Пытанне можа гучаць і так: Калі б вы былі рэдактарам выдавецтва, якія ілюстрацыі падабралі б?

  1. Метад сэнсавага бачання (змяніць акцэнты сэнсавага бачання). Падрыхтаваны вучань расказвае пра гісторыю апавядання.

Апавяданне «У ціхім тумане» раскрывае яшчэ адну чалавечую трагедыю, якая адбылася ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першапачатковая назва апавядання – «Маці». Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе «Полымя», аднак крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор.

  • Па якой прычыне так здарылася? Якія будуць меркаванні наконт гэтага? (Адказы вучняў.)

Н а с т а ў н і к. Апавяданне не ўпісвалася ў дагматычныя нормы вульгарызатарскай крытыкі, якая гнеўна асуджала канцэпцыю твора. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве «Беларусь» затрымалі першае выданне кнігі маладога аўтара. Зборнік «Птушкі ляцяць на волю» быў выдадзены, але твор «Маці« пэўны час не перадрукоўваўся. Тым не менш у 1970 годзе апавяданне было надрукавана ў перакладзе на рускую мову ў маскоўскім часопісе «Дружба народов» пад назвай «В тихом тумане». На беларускай мове «У ціхім тумане» чытачы змаглі прачытаць толькі ў 1984 годзе ў першым томе трохтомнага выдання твораў I. Чыгрынава. Гэтае апавяданне разам з «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Ішоў на вайну чалавек», па трапным выказванні Анатоля Кудраўца, «…не размінка спартсмена перад дальнім стартам. Гэта праверка сілы перад вялікай дарогай, з поўнай аддачай, з усёй адказнасцю і надзеяй на перамогу».

  • Параўнайце варыянт канцоўкі апавядання «Маці», дзе на просьбу Рэйдзіхі паказаць магілу сына Ганна катэгарычна заявіла: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…», і фінал апавядання «У ціхім тумане», дзе жанчыне ўсё ж паказваюць, дзе пахаваны яе сын-паліцай. (Вучні параўноўваюць варыянты канцовак, і настаўнік падводзіць іх да высновы, што варыянт канцоўкі апавядання «Маці» апраўданы. Па-першае, таму, што гэта дазваляла засцерагчы твор ад нападкаў вульгарызатарскай крытыкі. Па-другое, прайшло мала часу пасля вайны, каб чытачы змаглі зразумець сутнасць такой пастаноўкі складанай праблемы ўсёдаравальнасці, у тым ліку ў адносінах і да здраднікаў. Другі варыянт канцоўкі больш адпавядае сучасным уяўленням грамадства пра ўсёдаравальнасць.)

  1. Метад параўнання версій.

  • Якую назву вы лічыце лепшай: «Маці» ці «У ціхім тумане»? (Вучні абмяркоўваюць праблему ў групах. Пасля аргументуюць свой варыянт адказу. Затым прыводзіцца выказванне Алеся Марціновіча пра назву «У ціхім тумане»: «I сапраўды, яна больш не тое што дакладная, а выразная, я б сказаў, эмацыянальна напоўненая. Праз гэтыя звычайныя словы яскрава відаць паяднанасць чалавека з прыродай, з усёй яе вечнасцю і загадкавасцю».)

  • Што, на вашу думку, сімвалізуе туман? (Вучні выказваюць меркаванні, настаўнік падводзіць іх да высновы, што туман, які ахутаў вёску, – гэта своеасаблівы сімвал таго, што адбываецца. Туман, як дым, вяртае у тое мінулае, калі гарэла вёска. Людская памяць захоўвае добрае і дрэннае. Паміж жыхарамі вёскі (ад якіх выступае Ганна) і Рэйдзіхай няма пакуль і не можа быць поўнага паразумення праз жорсткасць яе сына-здрадніка. Ды туман усё ж такі рэдкі, нібы сведчанне таго, што няма ўжо ранейшай варажнечы да яе, калі людзі пракліналі забойцу, які на загад акупантаў стаў вешаць сваіх аднавяскоўцаў, «і маці, якая яго нарадзіла». Так і ідзе жыццё, быццам у тумане. Людзі бачаць адзін аднаго, але адчуваецца холад у дачыненнях паміж імі. Не заўсёды можна неяк улагодзіць і прымірыць гэтыя пачуцці: праклён да забойцы і цяперашняе стаўленне да старой жанчыны, яго маці. Ганна ўрэшце падсумоўвае падзеі, сцвярджаючы асноўную ідэю твора: «Ды ці заўсёды дойдзеш да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш?».)

  1. Метад «Алфавіт» (метад сэнсавых асацыяцый). Вучні пішуць асацыяцыі да слова «Маці» на кожную літару алфавіта. Пасля выбіраецца пяць асноўных слоў, з якіх пакідаецца адно. Далей вучні пішуць мініяцюру, выбраўшы ў якасці загалоўка ключавое слова.

VII. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму «Чалавек і вайна ў апавяданнях Івана Чыгрынава».

VIII. Рэфлексія.

  • Выкажыце свае адносіны да наступных радкоў Анатоля Грачанікава. Чаму менавіта гэтымі радкамі можна закончыць наш урок? (Пасля слухання верша гучаць адказы вучняў.)

Не трэба жыць як набяжыць.
Так жыць на свеце трэба,
Каб да апошніх дзён любіць
Людзей, зямлю і неба.
Не падаць у сляпы адчай,
Як затрашчаць падпоркі.
Знаць, што жыццёвы каравай
Бывае часам горкі.
Якім ні будзеш малайцом, –
Старайся не забыцца,
Што лепей плакаць з мудрацом,
Чым з дурнем весяліцца.
Хто многа вынес на вяку,
Загартаваўшы волю,
Табе на раны ў час пакут
Ён не падсыпле солі.
Пад знакам шчасця і бяды
Так жыць на свеце трэба;
Нічым каб не зняславіў ты
Людзей, зямлю і неба.

I.У. Захарчук, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Слоніма, 2012 г.

АПАВЯДАННЕ I. ЧЫГРЫНАВА «ДЗІВАК З ГАНЧАРНАЙ ВУЛІЦЫ»

Мэты і задачы: 1) сфарміраваць у вучняў уяўленне пра апавяданне I. Чыгрынава як твор, у якім аўтар уздымае агульначалавечыя праблемы дабра і зла, узаемаадносін паміж людзьмі, праблему старасці; 2) заахвоціць вучняў да самастойнага асэнсавання праблем, да пошуку неабходных звестак, да раскрыцця творчых магчымасцей; 3) выхоўваць адказнасць за прынятае рашэнне.
Тып урока: педагагічныя майстэрні.
Абсталяванне: партрэт I. Чыгрынава, два каляровыя кругі (белы і чорны), карткі з заданнямі для кожнай групы вучняў, дадатковая літаратура па творчасці I. Чыгрынава.
Ход урока

І. Індукцыя.

Настаўнік. Перад вамі два кругі, белы і чорны. Круг – гэта сімвал адзінства і бясконцасці. Знак абсалюту і дасканаласці. Рух па коле азначае вяртанне да сябе самога. Колер кругоў кантрастны. Скажыце, з якімі колерамі ў вас асацыіруецца дзень, ноч, радасць, сум, дабро, зло…

ІІ. Самаканструкцыя.

Настаўнік. Белы колер асацыіруецца са словамі добры, дабрыня, дабро, добразычлівасць. Адзначце для сябе найбольш значную, на ваш погляд, асацыяцыю.

ІІІ. Сацыяканструкцыя.

Работа ў групах.

Заданне першай групе. На аснове тэксту, выкарыстоўваючы дапаможную літаратуру, прааналізуйце адносіны дарослых і дзяцей да Дземідзёнка. Скарыстайце прапанаваную табліцу.

Адносіны дарослых і дзяцей да Дземідзёнка

Хто?

Што робіць?

Чаму так робіць?

1

2

3

Маці аўтара-апавядальніка

  

Дакуліха

  

Суседзі

  

Дзеці

  

Заданне другой групе. Уважліва прыгледзьцеся да знешнасці старога. Пастарайцеся зразумець яго мінулае жыццё. На аснове гэтых назіранняў назавіце адметнае ў характары героя. Выкажыцеся, калі ласка, якія пачуцці, эмоцыі поўняць вас, калі перачытваеце пра мінулае Дземідзёнка.

Мінулае Дземідзёнка

Занятак героя

Адметнае ў характары героя

Мае

пачуцці,

эмоцыі

«Служыў лесніком», «тым часам пачалася вайна», «леснічоўка была поўная параненых»

  

«Прыйшлі да яго зноў людзі» (партызаны).

З унучкай чакае вясны

  

На допыце. Вяртанне ў леснічоўку

  

Заданне трэцяй групе. Паназірайце за адносінамі дзівака да жыцця, да птушак. Чаму ён робіць так, а не інакш? Якім вы яго ўяўляеце?

Адносіны Дземідзёнка да жыцця, да птушак

Што робіць Дземідзёнак?

Чаму?

Якім яго ўяўляю?

Знаходзіць выйсце: мяняе месца жыхарства

  

Купляе на кірмашы птушак, выпускае іх на волю

  

«Завіхаецца каля хаты, капаецца ў агародзе»

  

IV. Сацыялізацыя.

Вучні дэманструюць вынікі працы. Пасля выступлення кожнай групы вучні калектыўна прыходзяць да агульнай высновы:

  • Адносіны людзей да старога розныя. Так і ў жыцці: адны да цябе ставяцца адэкватна, па-добраму, а другія, наадварот, абгаворваюць, зламысляць, зайздросцяць, перашкаджаюць. Прыемна, што ўсё ж знайшліся людзі, якія зразумелі дзіўнага старога. Напрыклад, Дакуліха нікому не кажа, што чалавеку трэба дапамагаць, яна гэта робіць.

  • Звесткі пра мінулае даюць падставу меркаваць пра Дземідзёнка як пра чалавека добрага, спагадлівага, мудрага. Калісьці ён быў запатрабаваны, самадастатковы, здольны па-чалавечы жыць і працаваць, дапамагаць іншым і не здавацца ў экстрэмальных умовах. Знаёмства з мінулым выклікае спачуванне, захапленне, перажыванне: разам з героем пакутуеш, адчуваеш фізічны і душэўны боль. Мужнасць, стойкасць героя, яго адносіны да ўнучкі выклікаюць захапленне.

  • Адносіны да працы, занятак з птушкамі – іх купля і дараванне ім волі – найбольш ярка раскрываюць характар героя. Чысціня на вуліцы – чысціня ў душы. Свабода птушкам – выбар душы. За сваім любімым заняткам ён маладзее, «з дзіцячым захапленнем глядзіць услед сваім птушкам», твар яго пры гэтым свеціцца.

V. Самаканструкцыя.

Настаўнік. Асоба аўтара-апавядальніка навідавоку, яе роля ў раскрыцці ідэі твора, бясспрэчна, значная. Дома вы падрыхтавалі цытаты з крытычных артыкулаў аб творчасці Івана Чыгрынава. Якім вы яго ўбачылі, – пакажыце з дапамогай цытат, пракаменціруйце іх.
«Ён вызначаўся глыбокім разуменнем часу і чалавека»; «Галоўнай падзеяй для чалавечага і пісьменніцкага лёсу стала Айчынная вайна»; «Менавіта з глыбінным адлюстраваннем жыцця, подзвігу і трагедыі народа звязаны самыя значныя чыгрынаўскія дасягненні ў літаратуры…» (Дзмітрый Бугаёў. «Рэквіем Івана Чыгрынава»).
«Дарэчы, паэзія надоўга прывабіла яго»; «У першых кнігах «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967)» відавочны задаткі I. Чыгрынава-празаіка: уважлівае асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў» (Алесь Марціновіч. «Прага чалавечнасці: літаратурны партрэт Івана Чыгрынава»).
«У першых творах… I. Чыгрынаў узнаўляе характары герояў праз знешнюю дынаміку сюжэта, інакш кажучы, праз непасрэдна падзейны план апавядання. Героі бачны збоку, чытач на іх глядзіць як бы вачыма аўтара. Пісьменнік стрыманы і лаканічны ў паказе іх душэўнага стану, ён не даследуе падрабязна рух пачуццяў, эмоцый, перажыванняў персанажаў, бярэ толькі паасобныя моманты гэтага працэсу, якія і даюць уяўленне пра тое, што адбываецца ў душы герояў. I разам з тым апавяданні I. Чыгрынава псіхалагічна напружаныя» (Таіса Грамадчанка. «Жывая памяць народа»).
Вучні прыходзяць да наступных высноў:

  • Асоба I. Чыгрынава як пісьменніка ў літаратуры вельмі значная. Яго творы выклікаюць цікавасць у сучаснага чытача.

  • Нешматслоўнасць і глыбокі падтэкст – адметная рыса творчасці пісьменніка.

  • Аўтар падрабязна не даследуе рух пачуццяў герояў, бярэ толькі паасобныя моманты гэтага працэсу. Апавяданні пісьменніка псіхалагічна напружаныя.

  • Акрэсліце дзеянні аўтара ў адносінах да Дземідзёнка і ўсіх, хто яго акружаў. (Зацікавіўся Дземідзёнкам – прасачыў за яго асноўным у жыцці заняткам – даведаўся пра мінулае старога – расказаў пра душэўную рану хлопчыкам.)

  • Што, на вашу думку, няправільна зрабіў аўтар-апавядальнік? (З вучнёўскіх адказаў: цяжка зразумець старога і сутнасць яго занятку, адразу нельга было спыняць продаж птушак.)

  • Вынік дзеянняў аўтара-апавядальніка відавочны: спыніўся продаж птушак – Дземідзёнак пакінуў гарадок. Чаму так здарылася? Пракаменціруйце фінал апавядання. (З вучнёўскіх адказаў: душэўную рану можа вылечыць не кожны сустрэчны; дабро для аднаго чалавека не ёсць дабро для другога; I. Чыгрынаў умела вяртае сваіх герояў да сваёй сутнасці, бо кожны здольны сабе дапамагчы. Чорнае не заўсёды чорнае ў жыцці, белае дапускае прымесь іншых колераў: трэба ўмела падбіраць фарбы жыцця.)

VІ. Разрыў.

Настаўнік. Відавочна, што аўтар-апавядальнік – чалавек добры: ён сам пра гэта гаворыць людзям. Атрымліваецца, што Дакуліха, гаспадыня, у якой кватараваў Дземідзёнак, абышлася з аўтарам-апавядальнікам несправядліва, калі сказала: «Вунь як чалавек перажывае. А ўсё з-за цябе. Навошта было расказваць пра яго. Ён жа гэтымі птушкамі толькі і жыў у апошні час». Аўтару-апавядальніку захацелася паказаць усім сваю дабрыню. Ён добры, але бачым, што ён апынуўся ў тупіку ўласнай добразычлівасці. У чым справа? Атрымліваецца, што дабро не трэба рабіць. Варта толькі адчуваць, што само быццё – гэта і ёсць ураўнаважанасць.
Гэтымі супярэчлівымі разважаннямі, якія маюць месца ў асяродку дасведчаных людзей у псіхалогіі, я завяла вас у лабірынт. Шукаем разам выйсце. У кожнай групы на картцы ёсць пытанні-інтэрпрэтацыі. Паразважайце над імі і выкажыце свае меркаванні.

Пытанні на картках

  • Самы галоўны момант у жыцці – гэта той, у якім вы жывяце тут і цяпер?

  • Самы дарагі чалавек на свеце – той, які перад вамі ў дадзены момант жыцця?

  • Самае вялікае дабро на зямлі – тое, якое вы можаце зрабіць у дадзены момант самаму дарагому чалавеку?

З вучнёўскіх адказаў: калі да кожнага моманту жыцця адносіцца, як да самага значнага, то варта яго напоўніць самым добрым, радасцю быцця, любоўю, шчасцем; атрымліваецца, што кожную хвіліну трэба пражываць з максімальнай карысцю для сябе і для іншых; трэба паспрабаваць адносіцца да кожнага так, як быццам гэта самы дарагі табе чалавек; ва ўзаемаадносінах людзей павінна панаваць любоў – формы яе праяўлення розныя: ласкавае слова, дапамога справай ці мудрая парада…

VІІ.Творчая праца.

Уявіце сябе на месцы аўтара. Вернем час назад. Вы толькі што пазнаёміліся з Дземідзёнкам. Вашы дзеянні? Зрабіце накід сюжэта апавядання.

З творчых прац

Аўтар сам з Дземідзёнкам працуе на ўборцы тэрыторыі вуліцы. Яны робяцца прыяцелямі. Разам выпускаюць птушак. Цікавяцца новай літаратурай пра крылатых насельнікаў. Становяцца сябрамі. Пашыраюць кола знаёмых. Робяць запаведнік для птушак.
Аўтар, калі даведаўся пра мінулае старога, дапамагае яму ў пошуках унучкі. Яе забраў незнаёмы чалавек. Гадаваў. Унучка знойдзена. Яна пазнала дзядулю. Дземідзёнак праз гэту радасць зноў пачынае працаваць лесніком.

VІІІ.Рэфлексія.

Праводзіцца ў выглядзе складання сінквейнаў кожным вучнем.

З вучнёўскіх сінквейнаў

Дабрыня.
Душэўная, супярэчлівая, важная.
Навучае, развівае, дапамагае.
Кожнаму чалавеку патрэбна яна.
Любоў.

Белае і чорнае.
Кантрастнае, патрэбнае, таямнічае.
Інтрыгуе, вучыць, засцерагае.
Імкнуся зараз гэта зразумець.
Дабро і зло.

Старасць.
Непазбежная, непатрэбная, непрыглядная.
Дакучае, назаляе, навучае.
У ёй сябе знаходзіць
Мудрасць.

Дадатак

Прыкладныя адказы вучняў

Адносіны дарослых і дзяцей да Дземідзёнка

Хто?

Што робіць?

Чаму так робіць?

1

2

3

Маці аўтара- апавядальніка

Паведамляе

Спачувае, паважае, любіць, разумее старога, не хоча пакрыўдзіць, не хоча, каб пра яго думалі дрэнна

Дакуліха

Прыняла на кватэру, потым адмовілася ад платы за пражыванне, «сваім карміла»

Мудрая, разумная жанчына. Добразычлівая. Яна не думае, што чалавеку трэба дапамагчы, яна гэта робіць

Суседзі

«…языкі чэшуць»

Не жадаюць разумець старога. Не здольныя адэкватна ўсведамляць падзеі

Дзеці

Насміхаюцца, прадаюць птушак старому

«Неразумнае дзяцінства»

Мінулае Дземідзёнка

Занятак героя

Адметнае ў характары героя

Маё пачуцці, эмоцыі

«Служыў лесніком», «тым часам пачалася вайна», «леснічоўка была поўная параненых»

Добрасумленны, сціплы. Бацька, які любіць дачку, жадае дапамагчы ёй

Спачуваю, паважаю, захапляюся. Добры, чулы дзядуля!

«Прыйшлі да яго зноў людзі» (партызаны). З унучкай чакае вясны

Гасцінны, добры дзядуля. Здольны зразумець, дапамагчы

Страх: дрэнна ўсё закончыцца.

Замілаванне адносінамі да ўнучкі

На допыце. Вяртанне ў леснічоўку

Стрыманы, адказны, цярплівы, мужны

Сумна. Шкада героя! Балюча! Хочацца дапамагчы

Адносіны Дземідзёнка да жыцця, да птушак

Што робіць Дземідзёнак?

Чаму?

Якім яго ўяўляю?

Знаходзіць выйсце: мяняе месца жыхарства

Чалавек павінен сам сабе дапамагаць

Моцны духам чалавек

Купляе на кірмашы птушак, выпускае іх на волю

«Чалавека быццам падмянілі».

«Рабіў гэта з захапленнем», «твар яго свяціўся»

Чалавек рады свайму занятку, свеціцца задаволенасцю, маладзее

«Завіхаецца каля хаты, капаецца ў агародзе»

Не можа без працы. Яна суцяшае яго боль

Працавіты, акуратны

 

С.У. Каржуева, 2008 г.

ВЫВУЧЭННЕ ТВОРЧАСЦІ ІВАНА ЧЫГРЫНАВА (XІ КЛАС)

Базавы i павышаны ўзроўні

Урок першы
ЖЫЦЦЁВЫ І ТВОРЧЫ ШЛЯХ ІВАНА ЧЫГРЫНАВА

Мэты: 1. Раскрыць найбольш значныя факты жыцця і творчасці I. Чыгрынава, пазнаёміць з апавяданнем «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». 2.  Удасканальваць навыкі выразнага чытання мастацкага твора. 3. Выхоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю.
Урок пачынаецца з дэманстрацыі вучням партрэта пісьменніка і яго кніг.

Настаўнік. Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў працягнуў справу К. Чорнага, I. Мележа, В. Быкава ў стварэнні народнага эпасу, які дакладна выяўляе нацыянальную душу беларусаў, іх менталітэт. Таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова – аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п’ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў – грунтоўна выпісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80–90-я гады XX стагоддзя. Яго героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у паўсядзённым жыцці, з якімі мы жывём побач – дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары, гістарычныя постаці і героі Вялікай Айчыннай вайны, якімі нельга не захапляцца, не суперажываць, бо яны «жывыя», натуральныя.
Іван Гаўрылавіч пражыў цікавае, змястоўнае і адначасова няпростае жыццё. З’явіўся на свет будучы мастак слова 21 снежня 1934 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Пасля чарнобыльскай трагедыі ў 1986 годзе маленькая радзіма I. Чыгрынава была атручана радыяцыяй, што прынесла незагойную рану ў сэрца пісьменніка. Зямляк Алесь Пісьмянкоў прысвяціў калегу па творчасці верш «Вялікі Бор», у якім выяўляецца трагедыя спакутаванай беларускай зямлі:

Над Вялікім Борам –
Над вялікім горам
Плача ў небе жораў.
Над палын-травой,
Над зямлёй сівой
Плач праносіць свой.

Гадаваўся будучы пісьменнік у руплівай сялянскай сям’і: бацька – старшыня сельсавета, маці – звычайная працаўніца-калгасніца. Пазней Іван Чыгрынаў з вялікай удзячнасцю ўспамінаў маці Хадоску Ігнатаўну, на плечы якой клаўся ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей (у сям’і іх было восем). Вялікі ўплыў на станаўленне яго светапогляду аказаў нацыянальна свядомы дзед Ігнат Міхайлавіч Кажанаў. Дзяцінства Івана Гаўрылавіча, як і многіх пісьменнікаў «філалагічнага» пакалення, было апалена вайной. Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і ў нялёгкі пасляваенны час потым было таленавіта адлюстравана ім у апавяданнях «Бульба», «За сто кіламетраў на абед», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане», «У баку ад дарогі», раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і іншых. Сам мастак слова так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».
Дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Гітлераўская акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту, і ў 1949 годзе ён паспяхова скончыў сямігодку. Далей Іван Чыгрынаў вучыцца ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую раней закончыў народны паэт Беларусі – Аркадзь Куляшоў, што само па сабе ўнікальная з’ява. Той факт, што ў роднай школе некалі вучыўся аўтар паэмы «Сцяг брыгады», як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымушала вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіла жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры.
Яшчэ ў школе юнак захапіўся літаратурай, пачаў сам пісаць вершы, таму невыпадкова, што жыццёвы шлях прывёў яго на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ, дзе ён пазнаёміўся з маладымі і таленавітымі літаратарамі. Аднакурснікамі Івана Чыгрынава былі Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык. Студэнцкія гады (1952–1957) сталі часам літаратурных спроб найперш у паэзіі. Так, дэбютны верш «Сон трактарыста» быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе «Полымя», потым былі і іншыя вершы ў «Магілёўскай праўдзе», «Чырвонай змене», «Полымі», аднак паэтам Іван Чыгрынаў так і не стаў. У год заканчэння ўніверсітэта ў «Чырвонай змене» пабачыла свет яго невялікая аповесць «Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі» пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Сам мастак слова лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з’явілася апавяданне «Праз гады».
Таленавіты, амбітны ў лепшым разуменні гэтага слова мастак, які рана зразумеў, што ад Бога яму дадзены талент, нястомна працаваў на літаратурнай і грамадскай ніве. Пасля вучобы ва ўніверсітэце Іван Гаўрылавіч працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва «Навука і тэхніка» АН Беларусі (1957–1962), часопіса «Полымя» (1962–1975), працяглы час быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1975–1986), у складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у працы ХXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1978), з 1987 года – старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, у 1988 годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1989 года – галоўны рэдактар часопіса «Спадчына».
На літаратурнай ніве, як і ў грамадскім жыцці, I.Г. Чыгрынаў быў максімалістам, таму паспеў зрабіць многае, за што заслужана ў 1994 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі. Вынікам творчых пошукаў у жанры апавядання стаў зборнік «Птушкі ляцяць на волю», які быў надрукаваны ў 1965 годзе. Потым былі і іншыя апавяданні, якія ўвайшлі ў зборнікі «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). Аднак I. Чыгрынаў больш вядомы як пісьменнік-раманіст, які пераканаўча паказаў драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Перад самай смерцю мастак завяршыў пенталогію пра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з наступных раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1993), «Не ўсе мы згінем» (1996). За першыя дзве часткі ў 1979 годзе аўтар быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Паводле трох раманаў у 1991 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёр I. Дабралюбаў зняў шматсерыйны тэлевізійны фільм «Плач перапёлкі».
Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты драматург – аўтар п’ес «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1988), «Звон – не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), і перакладчык – «Слова пра паход Ігаравы» (1991). Уся творчасць пісьменніка – гэта філасофскія развагі над гістарычным вопытам беларускага народа, дзе выяўляецца духоўны стрыжань – ідэя нацыянальнага яднання. Перастала біцца сэрца гэтага таленавітага мастака слова 5 студзеня 1996 года, але ён застаўся жыць у сваіх творах.
На ўступных занятках па вывучэнні апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» неабходна стварыць псіха-эмацыянальны настрой у класе, які б адпавядаў лірычна-трагедыйнай танальнасці твора. Для гэтага можна правесці з вучнямі невялікую гутарку пра трагедыю беларусаў у часы вайны на прыкладзе сваёй сям’і (загадзя даць заданне папытаць у сваіх сямейнікаў старэйшага пакалення пра перажытае ў гады ваеннага ліхалецця). Ва ўступным слове настаўнік можа сказаць, што Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у душах мільёнаў беларусаў. Яна калечыла людзей не толькі фізічна, але і маральна. Найбольш балюча кожны чалавек перажываў страту на вайне родных і блізкіх людзей. Адну з такіх жыццёвых трагедый і паказаў Іван Чыгрынаў у апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы».
Далей пачынаецца чытанне твора вучнямі ў класе.
У якасці дамашняга задання прапануецца прачытаць твор поўнасцю і адказаць на пытанні падручніка.

Урок другі
АНАЛІЗ АПАВЯДАННЯ «ДЗІВАК З ГАНЧАРНАЙ ВУЛІЦЫ»

Мэта: 1. Прааналізаваць апавяданне «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», раскрыць трагізм лёсу Дземідзёнка. 2. Развіваць уменне характарыстыкі літаратурнага героя. 3. Сцвярджаць права кожнага чалавека на асабістае шчасце.
У якасці арыентацыйнага можна выкарыстаць наступнае тэставае заданне.

Тэставае заданне

  • Дзе адбываецца дзеянне твора?

а) Лясныя Дачы;
б) гарадок Залужжа;
в) Вітунь.

  • Як звалі галоўнага героя?

а) Дземідзёнак;
б) Васіль Антонавіч;
в) Дакуліха.

  • У каго на кватэры жыў герой?

а) У Марыі Апанасаўны;
б) у Дакуліхі;
в) у Пятроўны.

  • Страту якога блізкага чалавека так цяжка перажываў стары ляснік?

а) Дачкі;
б) жонкі;
в) унучкі.

  • Каго купляў і выпускаў на волю Дземідзёнак?

а) Птушак;
б) зайцоў;
в) яжоў.

  • Дзе ён гэта рабіў?

а) На Ганчарнай вуліцы;
б) каля Мёртвага возера;
в) на Зінкевічавым лузе.

  • Якія рысы характару дамінавалі ў Дземідзёнка?

а) Эгаізм, самалюбства, самаўпэўненасць;
б) самаахвярнасць, гуманізм, маральная чысціня;
в) прафесіяналізм, уменне выйсці з самых складаных сітуацый, любоў да зямлі.

  • Якія радкі апісваюць галоўнага героя апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»?

а) Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак.
б) Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых, – чыста. <…> Ветлівы… Толькі чамусьці неразгаворлівы. Панурыцца і маўчыць.
в) Штосьці прыгожае і непрыгожае адначасова было ў твары гэтага чалавека. У шэрых і крыху раскосых вачах… асабліва калі ён усміхаўся, загараліся хітраватыя іскрынкі. Але загараліся толькі на адзін кароткі міг.

Адказы: 1 б, 2 а, 3 б, 4 в, 5 а, 6 в, 7 б, 8 а, б.

У апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» аўтар паступова раскрывае агорнуты тайнаю цэнтральны вобраз старога Дземідзёнка. Пры гэтым галоўны герой так і застаецца загадкаю, якую мастак разам з чытачамі спрабуе раскрыць. Ужо першыя радкі твора інтрыгуюць чытача пэўнай недагаворанасцю: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку». Хто ж такі Дземідзёнак? Куды і чаму ён пайшоў? – на гэтыя пытанні вучні і павінны адказаць у працэсе аналізу. Акцэнт у вывучэнні апавядання павінен сфакусіравацца на непаўторнасці духоўнага свету галоўнага героя, а таксама прысутнасці пэўнай унікальнасці ў характары і душы кожнага чалавека.

Для аналізу твора прапануюцца наступныя пытанні.

  • Што мы можам сказаць пра характар Дземідзёнка па аўтарскім апісанні яго знешняга выгляду?

У партрэтнай характарыстыцы Дземідзёнка Іван Чыгрынаў не выдзяляе нічога незвычайнага: «Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак». Для першага пасляваеннага дзесяцігоддзя такі знешні выгляд чалавека шаноўнага ўзросту быў даволі тыповым. За непрацяглы час жыцця ў гарадку гэты чалавек стаў і старажылам, і прыкметнай асобай на вуліцы Ганчарнай і не толькі. Неабходна падкрэсліць, што любы новы чалавек у невялікіх населеных пунктах карыстаецца павышанай увагай. Таму ў прышлых людзях лягчэй заўважаюцца нейкія адметныя рысы характару і паводзін. Аднак Дземідзёнак знешне нічым не адрозніваўся ад іншых людзей, а ў паводзінах усё ж быў дзівакаватым. Дзівацтва гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён купляў птушак і выпускаў іх на волю. Гэта і выклікала цікавасць да яго з боку гараджан, асабліва малечы.

  • Як ставяцца да Дземідзёнка гараджане?

Маці героя-апавядальніка дае характарыстыку паводзінам суседа па-старэчы стрымана. На пытанне сына пра гэтага чалавека яна адказвае: «Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве». У людзей маральна здаровых асоба Дземідзёнка не выклікала павышаных эмоцый. Жыве чалавек, нічога благога не робіць, ну і няхай жыве. Навошта яму ў душу лезці? Тым больш, што быў ён чалавекам працавітым, а гэта заўсёды цанілася ў народзе. Нават жывучы на кватэры, пенсіянер прыкладваў гаспадарскую руку там, дзе іншы нават і не падумаў бы: «Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых, – чыста». З адметных рыс характару Дземідзёнка можна выдзеліць ветлівасць і неразгаворлівасць, што толькі ўзмацняла яго станоўчую рэпутацыю.
Найбольш прыязна да Дземідзёнка адносілася Дакуліха, у якой ён жыў. Гаспадыня ў сваім кватаранце ўбачыла высакароднасць і маральную чысціню, таму вельмі тактоўна да яго ставілася. Пазней жанчына нават адмовілася ад грошай за кватараванне і ўсімі магчымымі сродкамі спрабавала абараніць старога лесніка ад людской надакучлівасці. У фінале твора мы бачым, як шчыра гэтая жанчына спачувае чужому гору: «Ты можаш не заходзіць, – з дакорам зашаптала яна. – Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. I навошта было гаварыць каму? Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час».
Па-іншаму адносіліся да старога дзеці: яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. Характэрна, што Дземідзёнак ніколі не сварыўся на блазнюкоў, бо чалавекам ён быў, відаць, надзвычай добрым.
Аднак не ўсе людзі спагадліва і з павагай адносіліся да гэтага дзівака. Хтосьці пускаў плёткі, што птушак Дземідзёнак перапрадае, хоць на іх герой мог патраціць усю пенсію і не пакінуць грошай нават на кавалак хлеба. Другія хціва карысталіся яго жаданнем дапамагчы нявольным птушкам. Амаральнасць такіх гандляроў вельмі дакладна характарызуе дыялог:
У гэты момант з сенцаў выкацілася жанчына і гукнула праз двор:
– Колькі ён даў табе?
Адказаў ёй танклявы голас з хаты.
– А божухна! Дык ты ж танна аддаў! – заенчыла кабета.
– А што яны варты, вераб’і тыя, – спрабаваў нехта давесці.
– «Варты»! «Варты»! Закаркаў… Што табе, чужых грошай шкада? Не будзь дурнем. Хай пускае на вецер, калі ў яго многа іх!
Жанчына сказала гэтак і захіхікала…
Гэты дыялог прадаўцоў птушак выклікае агіду і абурэнне сквапнасцю і жаданнем абабраць бязмерна добрага і бяскрыўднага чалавека.

  • Якую трагедыю перажыў Дземідзёнак і як гэта паўплывала на яго характар?

Каб зразумець, адкуль з’явілася такое дзівацтва ў Дземідзёнка, неабходна прасачыць жыццё героя да прыезду ў гарадок, у прыватнасці часоў ваеннага ліхалецця. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у душы Дземідзёнка і сталі прычынай яго замкнёнасці. Толькі аднаму чалавеку стары расказаў пра сямейную трагедыю, якая здарылася ў часы фашысцкай акупацыі. Дземідзёнак быў лесніком і жыў у лесе на беразе ляснога возера, таму ў час вайны да яго часта наведваліся партызаны. Пад апекай старога жыла трохгадовая ўнучка. За доўгія гады адзіноты жыццё з унучкай стала пэўнай кампенсацыяй за адсутнасць у дачкі хоць нейкіх маральных абавязкаў перад бацькам. «Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць у родныя мясціны», – гаворыць аўтар пра дачку Дземідзёнка. Толькі ў гады ваеннага ліхалецця жанчына наведалася да бацькі, каб пакінуць яму ўнучку. З унучкай стары, відаць, зноў перажыў радасць бацькоўства, і яна для яго стала самым дарагім чалавекам на свеце.
Калі Дземідзёнка забралі немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны, дзяўчынка адна засталася зімой у зачыненай старожцы. На працягу двух тыдняў фашысты катавалі лесніка, аднак ён так і не загаварыў. Стары змог вытрываць любы фізічны боль, але невыноснымі былі перажыванні за маленькую ўнучку. Стары ляснік паўстаў перад вельмі складанай дылемай: ці выдаць партызанаў і быць з унучкай ці маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё дзяўчынкі. Якой дарагой ні была для яго ўнучка, ён не пайшоў на згоду з сумленнем і не выдаў партызанаў. У гэтым Дземідзёнак выяўляецца чалавекам маральна стойкім, які не хоча рабіць зло нікому, бо для яго чужое жыццё і свабода даражэй за асабістыя. Вытрымаўшы фашысцкія катаванні, страту ўнучкі ляснік перанесці не змог. Пасля вяртання з фашысцкіх засценкаў у доме стары не застаў дзяўчынкі, а на падлозе ляжала скалелая сініца. Куды падзелася малая, можна толькі здагадвацца – забралі партызаны ці яшчэ хто, але загінуўшая птушка ўспрымаецца сімвалам пакут нявіннай дзяўчынкі. Унучка лесніка сядзела ў халоднай хаце, як птушка ў клетцы, таму яе пакуты Дземідзёнак бачыў у кожнай нявольнай птушцы. Пасля страты ўнучкі ён вымушаны быў назаўсёды з’ехаць са сваёй хаты. Старожка выклікала ў Дземідзёнка цяжкія ўспаміны пра невядомы лёс унучкі. Душэўныя перажыванні зрабілі старога задуменным, пагружаным у свае ўспаміны, таму ён стаў замкнёным і незразумелым людзям.

  • Чаму Дземідзёнак купляў птушак і выпускаў іх на волю?

Боль ад страты ўнучкі быў невыносны, таму птушынае збавенне з няволі Дземідзёнку было сапраўдным бальзамам на душу. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці:
Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў, і ўжо ад таго, ранейшага, Дземідзёнка нічога не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся.
Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць… Клопат пра птушак быў хіба не адзінай радасцю жыцця Дземідзёнка. Птушкі сталі для былога лесніка даражэйшыя за грошы і іншыя матэрыяльныя выгоды, таму ён аддаваў усю пенсію за волю птушак. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: «Клетку з вераб’ямі… ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго».
Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта задавальняла. Прымаючы правілы гэтай своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку, і гэта для яго было важней за ўсё. Мы бачым тут поўную гармонію чалавека і прыроды. Птушкі, як частка прыроды, з якой ён за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы старога лесніка. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзёнка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё старога страціла сэнс і не прыносіла задавальнення: «Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час». Былы ляснік стаў замкнёным, а праз нейкі час і зусім з’ехаў з гарадка.
Для падагульнення аналізу і высвятлення ступені засваення асноўнай ідэі твора настаўнік прапаноўвае вучням паразважаць над радкамі апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы»: «…Я хацеў памагчы чалавеку загаіць рану. I так няўмела ўзяўся за гэта. Лепш бы не брацца зусім. Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва калі на душы…». Вучні павінны прыйсці да высновы, што ў адносінах з людзьмі абавязкова павінна быць тактоўнасць і далікатнасць, таму што нават з добрымі намерамі – словам ці справаю – можна пакрыўдзіць чалавека, зрабіць яму балюча. Кожны чалавек – гэта адметны, унікальны духоўны свет, які заслугоўвае ўвагі і павагі.

Дамашняе заданне. Прачытаць раздзел падручніка, прысвечаны аналізу апавядання «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», і сінтэзаваць гэтую інфармацыю з той, якую атрымалі на ўроку. Прачытаць апавяданне «У ціхім тумане».

Урок трэці
ВЫВУЧЭННЕ АПАВЯДАННЯ «У ЦІХІМ ТУМАНЕ»

Мэты: 1. Прааналізаваць апавяданне «У ціхім тумане», раскрыць сутнасць вобраза Рэйдзіхі з пазіцый агульначалавечай маралі. 2. Працягваць развіваць навыкі характарыстыкі літаратурнага героя. 3. Выхоўваць гуманістычныя ідэалы.
На трэцім уроку па вывучэнні творчасці I. Чыгрынава неабходна працягнуць размову пра нечалавечае аблічча вайны. Апавяданне «У ціхім тумане» раскрывае яшчэ адну чалавечую трагедыю, якая адбылася ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першапачатковая назва апавядання «У ціхім тумане» – «Маці». Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе «Полымя», аднак крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор. Апавяданне не ўпісвалася ў дагматычныя нормы вульгарызатарскай крытыкі, якая гнеўна асуджала аўтарскую канцэпцыю твора. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве «Беларусь» затрымалі выданне першай кнігі маладога аўтара. Зборнік «Птушкі ляцяць на волю» быў выдадзены, але твор «Маці» пэўны час не перадрукоўваўся. Тым не менш у 1970 годзе апавяданне было надрукавана на рускай мове (у перакладзе Э. Карпачова) у маскоўскім часопісе «Дружба народов» пад назвай «В тихом тумане». На беларускай мове «У ціхім тумане» чытачы зноў змаглі прачытаць толькі ў 1984 годзе ў першым томе трохтомнага выдання твораў Івана Чыгрынава. Гэтае апавяданне разам з «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Ішоў на вайну чалавек», па трапным выказванні Анатоля Кудраўца, «…не размінка спартсмена перад дальнім стартам. Гэта праверка сілы перад вялікай дарогай, з поўнай аддачай, з усёй адказнасцю і надзеяй на перамогу». У тым ліку і апавяданне «У ціхім тумане» праклала дарогу лепшаму твору Івана Чыгрынава, які прынёс вядомасць далёка за межамі Беларусі, – раману «Плач перапёлкі».
У якасці арыентацыйнага задання можна прапанаваць вучням параўнаць варыянт канцоўкі апавядання «Маці», дзе на просьбу Рэйдзіхі паказаць магілу сына Ганна катэгарычна адмовіла: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы…», і фінал апавядання «У ціхім тумане», дзе жанчыне ўсё ж паказваюць, дзе пахаваны яе сын-паліцай. Гэта дазволіць высветліць, як вучні зразумелі асноўную ідэю твора. Вучняў неабходна падвесці да высновы, што варыянт канцоўкі апавядання «Маці» ў той час быў у пэўнай ступені апраўданы. Па-першае, таму, што гэта дазваляла ўберагчы твор ад нападкаў вульгарызатарскай крытыкі. Па-другое, прайшоў не такі працяглы час пасля вайны, каб чытачы змаглі правільна зразумець сутнасць такой смелай пастаноўкі складанай праблемы ўсёдаравальнасці, у тым ліку і ў адносінах да  здраднікаў. Другі варыянт канцоўкі, дзе Рэйдзісе паказваюць магілу сына, больш адпавядае сучасным уяўленням грамадства аб гуманізме і ўсёдаравальнасці.

Аналіз твора вядзецца па наступных пытаннях.

  • Хто такая Рэйдзіха і як яе апісвае аутар?

Першыя старонкі твора не даюць адказу на гэтае пытанне. Рэйдзіха надвячоркам з’явілася каля вёскі Бароўка, і першай яе ўбачыла Тараськова Ганна. Аўтар гаворыць, што «Ганна схамянулася», убачыўшы яе, і гэта ў пэўнай ступені інтрыгуе чытача. Знешні выгляд Рэйдзіхі даволі дзівакаваты: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка – чырвоная, з чорнымі махрамі». Вопратка даволі тыповая для старой беларускай сялянкі, але адразу відаць, што знешні выгляд яе мала клапоціць: што ёсць, тое і апранае. Параўнанне яе са спалоханай птушкай выклікае пэўнае спачуванне да жанчыны. Такая аўтарская падрыхтоўка чытача цалкам апраўданая таму, што потым мы даведваемся пра яе жыццёвую трагедыю: Рэйдзіха – маці здрадніка-паліцая. Сапраўды, паводзіны гераіні насцярожаныя, яна баіцца рэакцыі людзей на яе. З часу трагічных падзей прайшло каля трыццаці гадоў, але не ўсе раны, зробленыя сынам гераіні, загаіліся, таму Рэйдзіха пакорліва гатова была прыняць любую рэакцыю землякоў.

  • Што перажывае Рэйдзіха падчас наведвання Бароўкі?

Рэйдзіха баялася негатыўнай рэакцыі былых аднавяскоўцаў, але мацярынскія пачуцці перамагаюць, і яна ў пошуках магілы сына з’яўляецца ў Бароўцы. Ёй сорамна за сына, таму яна прыйшла ў вёску пад вечар, каб менш людскіх вачэй яе бачылі, каб менш часу быць сярод людзей, пакрыўджаных Якавам. Рэйдзісе няёмка прызнацца, з якой мэтай яна прыйшла ў вёску, таму прыходзіцца гаварыць, што зайшла па дарозе ў Забор’еўскую царкву. Аўтар спачувае сваёй гераіні, таму параўноўвае яе з птушкай, скінутай з гнязда, якая хоча хоць неяк затрымацца на зямлі, каб перастаць падаць. Параўнанне яе з падстрэленай варонай яшчэ больш узмацняе трагедыйнасць вобраза: «…Старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона». Рэйдзіха без знешняй прычыны магла заплакаць, што гаворыць аб глыбокіх душэўных перажываннях жанчыны, якая з-за бесталковага сына шмат гадоў пражыла з болем у сэрцы.
Чыгрынаў паказаў жанчыну-маці не лубочна ў традыцыях савецкай літаратуры, дзе маці здрадніка павінна была б адрачыся ад сына, а па-чалавечы– для маці сын застаецца сынам у любым выпадку, таму яна яго не выракаецца, а шкадуе. Мацярынская любоў – гэта ўсё, што застаецца адзінокай жанчыне са спакутаваным сэрцам.

  • Якой і чаму была рэакцыя Ганны на Рэйдзіху?

Аўтар не паказвае рэакцыі ўсіх жыхароў Бароўкі на з’яўленне Рэйдзіхі, але можна здагадацца, што яна была самай рознай. Мы бачым рэакцыю Ганны на маці здрадніка і можам зрабіць вывад, што гэта жанчына найбольш ярка выражае аўтарскае ўяўленне пра чалавечнасць. Ганна пусціла начаваць да сябе маці чалавека, які забіў яе бацьку. Гэта было зусім неспадзявана для старой, відаць, і Ганна не чакала ад сябе такога ўчынку. Але менавіта такая ўсёдаравальнасць і міласэрнасць прыносяць Ганне душэўнае заспакаенне: «Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго, ранейшага, пачуцця да Рэйдзіхі, якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, – яго быццам рукой хто адвёў». Ганна ўвесь час баіцца пакрыўдзіць старую нават неасцярожным словам: «Яна пачала лавіць сябе на той думцы, што ўжо каторую гадзіну, з самага ўчарашняга надвячорка, паводзіць сябе з гэтай жанчынай так, быццам у нечым была вінаватая перад ёй і цяпер аберагае яе ад усяго, што, крый божа, можа прычыніць знячэўку старой непрыемнасць». Гэта найвышэйшая ступень хрысціянскай даравальнасці, на якую здольны толькі высакародны чалавек. Пісьменнік раскрывае лепшыя рысы нацыянальнага характару. Асабліва ярка мы бачым, як беларускі народ здольны адгукацца на чужое гора, зразумець і паспачуваць: «Сёння ўвесь час – і тады, калі падышла ў Чыкавых печах да Ганны, і пасля, ужо ў вёсцы, калі сустракалася са сваімі былымі суседзямі, – яна чакала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але Бог літасцівы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго. I цяпер яна, лежачы ў пасцелі, употай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць». Уся вёска ведала пра неспадзяваную госцю ў Бароўцы, але ніводзін чалавек не прыйшоў і не стаў дакараць старую за сына. Людзі за ваенныя гады не ачарсцвелі, не сталі жорсткімі, а, наадварот, пасля нялюдскіх 30-х гадоў сталі бліжэй да Бога і хрысціянскіх законаў суіснавання. Аўтар апавядання «У ціхім тумане» ўслед за В. Быкавым сцвярджае, што вайна стала для людзей чысцілішчам, якое абудзіла ў іх усё самае святое і чалавечнае. Менавіта таму бароўцы так тактоўна паводзяць сябе з Рэйдзіхай, нягледзячы на тое, што Якаў Рэйда спаліў вёску і расстрэльваў землякоў.

  • У якой сям’і рос і выхоўваўся Якаў Рэйда?

Неабходна ўважліва прасачыць гісторыю сям’і Рэйдаў, бо дакладна вядома, што асновы маральнасці закладваюцца найперш у сям’і. Гэта дапаможа зразумець і прычыну здрадніцтва Якава. Маці Якава была жанчынай лагоднай, добрай і працавітай, менавіта на ёй трымалася ўся вялікая гаспадарка. Аднак большы ўплыў на хлопца меў бацька, нездарма ў творы падкрэсліваецца падабенства паміж Якавам і Лазарам Рэйдам. Пісьменнік гаворыць, што старэйшы Рэйда быў «чалавек чорны і хмуры», такім жа быў і яго сын. Гэтая атэстацыя, як потым высвятляецца, тычыцца не толькі знешнасці бацькі і сына, але і іх маральных якасцей. Доўгі час Лазар працаваў лесніком і пры пане, і пры савецкай уладзе. Праца гэтая нялёгкая, бо ўвесь час неабходна шукаць кампраміс паміж службовымі абавязкамі і чалавечымі ўзаемаадносінамі. Думаючы толькі пра ўласную выгоду, Рэйда дагаджаў начальству, а людзей за братоў не лічыў: «…Рэйда службу знаў. I нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі – клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну». Праз гадоў дзесяць пасля рэвалюцыі Лазара выгналі з працы за продаж дзяржаўнага лесу. З гэтага можна зрабіць вывад, што яго прынцыповасць нічога агульнага з сумленнасцю не мела. Таму грошы на пакупку маёнтка ў пана маглі быць зароблены і не ад мазаля. Гэта ўсё вельмі негатыўна характарызуе Лазара Рэйду. Адмоўна ставіліся да яго і людзі. Таму, калі паўстала неабходнасць пераехаць з Круглага ў Бароўку, ніхто з вяскоўцаў, маючы зуб на яго леснікоўства, не захацеў пацясніцца.
Ствараецца ўражанне, што ўсё жыццё пражыў Лазар Рэйда нелюдзіма. Не было ў яго патрэбы мець нейкія чалавечыя стасункі з аднавяскоўцамі. Калі былы ляснік пабудаваў хату на водшыбе ад вёскі, то паставіў дашчаную агароджу, праз якую чужое вока не магло нават глянуць. Агароджа паміж Рэйдам і аднавяскоўцамі была не толькі дашчаная, але і маральнага кшталту. Таму, зразумела, што ў калгас ён не пайшоў і жыў аднаасобна. Відаць, такое супрацьстаянне і стала прычынай далейшага незайздроснага лёсу Лазара. Калі ў калгасе загарэўся кароўнік, то арыштавалі менавіта Лазара Рэйду. Зрабілі крайнім чалавека, якога не любілі ў вёсцы. Рэйдзісе з сынам нічога не заставалася, як уцякаць ад раскулачвання. У апавяданні «У ціхім тумане» мы бачым яшчэ адзін прыклад таго, як сталінская рэпрэсіўная машына калечыла лёсы людзей. Лазар Рэйда не з’яўляецца прыкладам маральнага ідэалу чалавека, але гэта яшчэ не падстава для яго фізічнага знішчэння.

  • Чаму Якаў Рэйда стаў здраднікам?

Аўтар напрамую не тлумачыць прычыну здрадніцтва Якава, але, як можна зразумець, бацькаў прыклад чалавеканенавісніцтва, а таксама несправядлівасць людзей і савецкай улады да яго сям’і і маглі стаць прычынай маральнай дэградацыі Якава Рэйды. Ён з’явіўся ў вёсцы ў 1942 годзе разам з карным атрадам фашыстаў: «Стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўлення і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі». Увесь працэс духоўнага падзення Якава не прасочваецца ў творы, але вынік яго відавочны. З задавальненнем здраднік прымае ўдзел у павешанні Тараські і першым падпальвае хату пакаранага. Пасля карнай аперацыі згарэла ўся вёска, і людзі пракліналі не толькі здрадніка, але і яго маці. Іван Чыгрынаў хоць і спрабуе даследаваць прычыны здрадніцтва Якава Рэйды, але ні ў якім разе не апраўдвае яго ўчынак. Пісьменнік на ўласныя вочы бачыў падобныя карныя аперацыі і ведаў, што такое маглі зрабіць толькі нелюдзі.
На заключных занятках настаўнік можа звярнуцца да абмеркавання сэнсу назвы твора «У ціхім тумане». Для пачатку гутаркі прыводзяцца словы Алеся Марціновіча, які, адзначаючы перавагу гэтай назвы перад першапачатковай «Маці», сцвярджаў: «I сапраўды, яна больш не тое што дакладная, а выразная, я б сказаў, эмацыянальна напоўненая. Праз гэтыя звычайныя словы яскрава відаць паяднанасць чалавека з прыродай, з усёй яе вечнасцю і загадкавасцю». Далей можна прапанаваць вучням паразважаць, якая назва – «Маці» ці «У ціхім тумане» – больш адпавядае зместу твора.

Дамашняе заданне. Падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму «Чалавек і вайна ў апавяданнях Івана Чыгрынава».

Паглыблены ўзровень
Для класаў з паглыбленым узроўнем вывучэння літаратуры праграма прапануе апавяданні Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» і «Жыве ў крайняй хаце ўдава» і адводзіць тры гадзіны. У сувязі з вывучэннем творчасці пісьменніка вучняў неабходна пазнаёміць таксама і з асноўнымі звесткамі па тэорыі літаратуры (майстэрства дыялогу), што больш мэтазгодна зрабіць на прыкладзе апошняга з названых апавяданняў празаіка.
Прачытаць гэтыя творы на ўроках можна, яны невялікія па аб’ёме, аднак пажадана пачаць гэтую працу на ўроку, а скончыць вучням самастойна дома. У такім выпадку больш часу вызваліцца на аналіз апавяданняў, на кожнае з якіх будзе адведзена па гадзіне. На знаёмства з біяграфіяй пісьменніка варта адвесці асобны ўрок, як і ў класах з базавым узроўнем вывучэння літаратуры. Асаблівых цяжкасцей у настаўніка ў выбары шляху аналізу ўзнікнуць не павінна. Спецыфіка твораў I. Чыгрынава (невялікі памер, выразна акрэсленая праблематыка, нешматлікасць герояў, традыцыйнасць кампазіцыйнай будовы) дае мажлівасць звярнуцца да праблемнага, як найбольш эфектыўнага, або павобразнага шляхоў аналізу твора. У такім выпадку цэнтральнай праблемай, над якой будзе працаваць клас, стане высвятленне сэнсу назвы апавядання, бо, як правіла, пісьменнік падкрэслівае загалоўкам найбольш глыбокі і важны для сябе змест.

Другі ўрок
ВЫВУЧЭННЕ АПАВЯДАННЯ «ІШОЎ НА ВАЙНУ ЧАЛАВЕК»
Мэты: 1. Дапамагчы вучням усвядоміць аўтарскую пазіцыю ў творы, асэнсаваць майстэрства Чыгрынава-апавядальніка, прааналізаваць вобразы галоўных герояў, вяскоўцаў у творах, заглыбіцца ў праблему патрыятызму чалавека-працаўніка. 2. Развіваць у вучняў культуру самастойнай працы з творам, уменне самастойна вызначаць асноўную праблему апавядання. 3. Садзейнічаць выхаванню ў вучняў патрыятычных пачуццяў, адказнасці за лёс сваіх родных і суайчыннікаў.
Пры вывучэнні апавядання «Ішоў на вайну чалавек» аналітычную гутарку з класам можна правесці па наступных пытаннях.

  1. Шчаслівы ці трагічны момант апісаў аўтар у апавяданні? Чаму вы так лічыце?

  2. Чаму Ігнат перажываў, што аднагодкі ўжо даўно ваявалі на фронце, а яму даводзілася сядзець дома?

  3. Чаму Ігнат спакойна ўспрыняў вестку аб прызыве ў войска?

  4. Як паставіліся жонка і дзеці да навіны ў сваёй сям’і?

  5. Як характарызуе галоўнага героя той факт, што ён амаль не думаў пра сябе ў момант расставання з сям’ёй?

  6. Вызначце асноўныя рысы характару Ігната.

  7. Як адносіліся аднавяскоўцы да Ігната?

  8. Паразважайце, чаму пісьменнік называе канкрэтнае імя галоўнага героя, аднак у назве твора гучыць абагульненае «чалавек».

  9. Як бы вы пражылі апошні дзень у сям’і, калі б апынуліся на месцы Ігната?

Апавяданне «Ішоў на вайну чалавек» – гэта твор пра адзін дзень у жыцці звычайнага селяніна Ігната, якому прыйшла павестка ісці на вайну. Са зместу твора мы даведваемся, што раней яго не бралі ў войска з-за хворай нагі, што сталася вынікам цяжкай працы на зямлі. У творы Іван Чыгрынаў засведчыў сваё выдатнае майстэрства апавядальніка. Мы можам не толькі паназіраць за паводзінамі і ўчынкамі персанажаў, але і прасачыць найтанчэйшы рух іх думак і перажыванняў.
З першых старонак апавядання мы бачым, як у спакойнае, размеранае жыццё галоўнага героя прыходзіць сумная вестка пра мабілізацыю ў войска, а разам з ёй і новыя клопаты. Ігнат не расхваляваўся, не трывожыцца, наадварот, у яго душу прыходзіць чаканы супакой. Нарэшце спынілася штохвіліннае чаканне прызыву яго на фронт. Па-іншаму, па-жаночы мудра і эмацыянальна, як сапраўды клапатлівая жонка і маці, са слязьмі сустрэла вестку пра мабілізацыю Ігната ў войска жанчына. Яшчэ ў маладосці яна была сведкай голаду і жабрацтва ў краіне, а таму непакоілася як за жыццё мужа, так і за будучы лёс сваіх дзяцей.
Ігнатавы дзеці па сваёй наіўнасці і з-за невялікага жыццёвага вопыту вестку пра бацькаў адыход на вайну ўспрынялі неадэкватна. Яны радаваліся і цешыліся тым, што іх бацька стане нарэшце салдатам, што іншыя дзеці на вёсцы больш не будуць дражніцца, прымуць іх на роўных у свае гульні.
Аднак бацькі хутка супакойваюць дзяцей, і хату апаноўвае агульны настрой трывогі, чакання нечага яшчэ невядомага. Разам з тым аўтар пераводзіць нашу ўвагу з драматызму на ўрачыстасць сітуацыі. На прыкладзе галоўнага героя ў апавяданні яскрава паказана, як глыбока ў душы народа была абуджана яго высакародная місія вызваліцеля Айчыны ад жорсткага і бязлітаснага фашызму. Ігнат выразна адчуваў гэты агульны ўзлёт чалавечага духу, раней непакоіўся, адчуваў сябе няўтульна з-за таго, што яго аднагодкі даўно ўжо ваявалі: «…Ігнату часам ніякавата было: выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома. Сёй-той нават коса пачынаў глядзець на яго. Але сам Ігнат увесь час жыў у чаканні – разумеў, што гэтае вайны хопіць на ўсіх». Патрыятызм Ігната не быў нейкі абстрактны, глыбінны, ён праяўляўся найперш у пачуцці абавязку перад аднавяскоўцамі. Менавіта таму ён адмовіўся і ад прапанаванага старшынёй каня, бо ведаў, што падводы тэрмінова патрэбны на калгасным полі. Як жа ставіліся аднавяскоўцы да Ігната? З аднаго боку, можна было б падумаць, што яму зайздросцілі, аднак, з іншага боку, мы бачым, як на самай справе за разважлівасць, працавітасць, сціпласць людзі паважалі Ігната, не засталіся абыякавымі да яго сям’і, прыходзілі развітацца і падтрымаць у драматычныя хвіліны яго жыцця. Адносіны вяскоўцаў да Ігната яскрава раскрыты адной аўтарскай фразай: «Да самага вечара ў Ігнатавай хаце не зачыняліся дзверы».
У апавяданні мы бачым таксама, як пісьменнік па-майстэрску дэталёва, выразна акрэсліў пачуццё абавязку галоўнага героя перад сям’ёй. Збіраючыся на вайну, Ігнат найперш устурбаваны справамі, якія не паспеў зрабіць для сваіх родных. Апошнія хвіліны ён не думаў пра сябе, трывожыўся пра жонку, не ведаў, як ёй дапамагчы, «…шкадаваў яе: нялёгка аставацца адной, маючы на руках дваіх дзяцей, ды яшчэ з яе характарам – надта далікатным і разам з тым непадатлівым». Ігнат быў расчулены жончынымі слязьмі, якія бянтэжылі і злавалі яго, але па-мужчынску стрымана імкнуўся супакоіць каханую. У апошнюю ноч перад тым, як пакінуць дом, яму не спалася. Успамінаў, як некалі ў галодны час маці не накарміла жабрака. З усёй вялікай сям’і толькі Ігнатава жонка выказала дакор.
Таксама галоўны герой перажываў за аднавяскоўцаў, думаў пра калгас, пра несабраны хлеб. «Пра сябе Ігнат чамусьці не думаў, быццам усё гэта не датычылася яго, быццам не яму заўтра наканавана было пакінуць дом. Больш таго, Ігнат паступова пачаў лавіць сябе на тым, што непрыкметна стаў ужо глядзець на самога сябе неяк збоку, як на чужога». Гэтым самым аўтар як бы падкрэсліў тыповасць вобраза Ігната. Ён – прадстаўнік свайго часу і свайго грамадства.
Адсюль і галоўная ідэя твора – непарыўная сувязь лёсу кожнай асобы з агульным лёсам грамадства, сувязь, якая выяўляе ў чалавеку яго маральныя каштоўнасці і абавязкі. Менавіта таму і ў назве апавядання адсутнічае імя галоўнага героя, а гучыць абагульненае «чалавек».
У творы, як бачым, аўтар хацеў адлюстраваць ідэю абавязку чалавека перад Радзімай, суайчыннікамі, сям’ёй. У апавяданні Іван Чыгрынаў не паказвае трагедыю сямей іншых вяскоўцаў, што пайшлі на фронт, і разам з тым даводзіць высакароднасць галоўнага героя, які ўспрыняў прызыў абараняць Бацькаўшчыну як свой натуральны абавязак.
Заключны этап урока можна прысвяціць чытанню наступнага апавядання I. Чыгрынава «Жыве ў крайняй хаце ўдава».

Дамашняе заданне. Дачытаць апавяданне Чыгрынава «Жыве ў крайняй хаце ўдава». Падумаць на пытаннем «У чым гераізм жанчыны-ўдавы?».

Трэці ўрок
ВЫВУЧЭННЕ АПАВЯДАННЯ «ЖЫВЕ Ў КРАЙНЯЙ ХАЦЕ ЎДАВА»

Мэты: 1. Дапамагчы вучням усвядоміць ідэйны змест апавядання, асэнсаваць праблему самаахвярнасці чалавека. 2. Развіваць у вучняў уменне характарызаваць вобраз-персанаж у адпаведнасці з аўтарскай пазіцыяй у творы. 3. Спрыяць выхаванню ў вучняў пачуцця адказнасці за свае словы і паводзіны, удзячнасці іншым за іх добрыя ўчынкі, а таксама фарміраванню культуры паводзін з людзьмі.
Зместам уступнага этапу вывучэння апавядання можа стаць невялікая гутарка з класам пра трагедыю пасляваеннага часу, калі без сваіх мужоў, бацькоў, дзяцей засталася вялікая колькасць нашых жанчын. Многія з іх спадзяваліся, што іх родны чалавек, які прапаў без вестак, некалі яшчэ вернецца дадому. Далей можна пазнаёміць вучняў з асаблівасцю прозы I. Чыгрынава, якая заключаецца ў спакойна-ураўнаважанай манеры пісьма, здольнасці перадаваць самыя глыбокія драматычныя канфлікты ў жыцці людзей праз дэталёвае апісанне іх унутранага свету, характараў, майстэрства дыялогу, а таксама прытрымліванне сапраўдных фактаў у апісанні гістарычных падзей. Усё гэта мы можам адзначыць і ў апавяданні «Жыве ў крайняй хаце ўдава».
Далей вучняў неабходна ўключыць у аналітычнае абмеркаванне наступных пытанняў.

  1. Вызначце дзве асноўныя праблемы, узнятыя мастаком у апавяданні.

  2. З якой мэтай аўтар увёў у твор другарадныя вобразы і распачаў апавяданне з няўдалай рыбнай лоўлі?

  3. Чаму Васіль Антонавіч пачуваў сябе няёмка ў хаце незнаёмай жанчыны?

  4. Хто і чаму ўвасабляе аўтарскі ідэал у апавяданні і. Чыгрынава?

  5. Назавіце сродкі мастацкай характарыстыкі вобраза жанчыны ўдавы.

  6. Чаму, на вашу думку, аўтар падрабязна спыніўся на сумнай гісторыі бежанства жанчыны?

  7. Чаму жанчына на працягу дваццаці гадоў чакае з вайны свайго мужа?

  8. Ці можна лічыць удаву шчаслівым чалавекам?

  9. Чаму госцю хацелася пакланіцца ўдаве?

Іван Чыгрынаў у творы сфакусіраваў дзве праблемы: адказнасці і ўдзячнасці. Па-першае, ужо ў самым пачатку твора аўтар як бы проціпастаўляе дзве чалавечыя пазіцыі. Так, таварышы Васіля Антонавіча паступілі неадказна, павярхоўна, паабяцалі прыйсці на рыбалку і не прыйшлі. З-за гэтай, здавалася б, драбніцы Васіль Антонавіч апынуўся ў няёмкай сітуацыі. Напрыканцы твора перад намі акрэсліваецца іншая жыццёвая пазіцыя жанчыны, якая на працягу многіх гадоў выконвае абяцанне чакаць свайго мужа з вайны. Яна не паехала ў больш камфортныя ўмовы жыць да сваіх дзяцей, бо лічыла сваім доўгам і абавязкам не падвесці любага чалавека. Паўстае пытанне, ці не стала ў гэтай сітуацыі жанчына ахвярай сваіх памылковых поглядаў, ці не зрабіла яна сябе нешчаслівай? Адказ відавочны: жанчыну нельга лічыць чалавекам нешчаслівым. Яна шчаслівая, што не здрадзіла сваім жыццёвым перакананням, яе духоўныя сілы падтрымлівае глыбокая вера і надзея на лепшае, на вяртанне мужа. Нарэшце, яна шчаслівая па-свойму, сваім сямейным жыццём. У яе ёсць клапатлівая дачка, маленькі ўнук, добры зяць, які прапануе забраць маці да сябе. У рэшце рэшт яна шчаслівая тым, што можа дапамагчы іншым (як аднавяскоўцам, так і незнаёмаму чалавеку, што трапіў у няпростую сітуацыю). Магчыма, жанчына спадзяецца і верыць, што гэтак жа недзе і яе любаму дапамогуць людзі.
Вобраз удавы з’яўляецца ўвасабленнем аўтарскага ідэалу ў апавяданні. Найперш пра ўнутраны свет гераіні мы даведваемся з яе знешняга выгляду. Характарыстыка жанчыны вельмі лаканічная, нешматслоўная і разам з тым ёмістая, яна адразу дае зразумець, што гэта герой станоўчага плана: «Было ёй, можа, гадоў трохі за сорак – невысокая, зграбная; валасы ў яе былі заплецены ў касу і ўкладзены прыгожым вузлом на патыліцы; вочы – жывыя, зыркія».
Рысы характару ўдавы акрэсліваюцца праз яе паводзіны і ўчынкі. Яна спрытная, жвавая, гасцінная, працавітая. Увесь час жанчына ў працы: мые бялізну, завіхаецца па гаспадарцы, гатуе госцю бульбу, дае кроп суседцы. Жанчына выразна адчувала сваё прызначэнне быць, спытала, ці ёсць у Васіля Антонавіча знаёмыя на вёсцы, пакарміла яго, прапанавала спаць на лепшым месцы ў хаце.
Сумная гісторыя бежанства жанчыны дэталёва выпісана ў апавяданні для таго, каб, з аднаго боку, паказаць падтрымку, гатоўнасць нашага народа прыйсці на дапамогу чужому чалавеку ў цяжкую нават для сябе хвіліну, з іншага боку – падкрэсліць жыццёвы аптымізм гераіні, якая змагла з маленькім дзіцём па-новаму абжыцца ў чужым месцы, «забылася і на гора, на ўсё – абвыкла». Гісторыя бежанства вучыць нас не падаць духам у складаных сітуацыях, заўсёды верыць у лепшае.
Іншую нагрузку нясе ў творы вобраз Васіля Антонавіча. Аўтар завастрае ўвагу на тым, што яго герой адчуваў няёмкасць у хаце незнаёмай жанчыны. Пісьменнік дэталёва апісвае пачуцці героя, падкрэслівае, як яму было не па сабе, што ў доме былі адны, як герой сумаваў, хацеў ужо пайсці, але «замінала недарэчная далікатнасць», як «голас гаспадыні ўвесь час нечым трывожыў Васіля Антонавіча», як «яго ўсё не пакідала прыкрае адчуванне ніякаватасці, якое апанавала неспадзявана яго душу». Аўтар як бы звяртае ўвагу чытача на тое, што многія людзі не заўсёды здольныя зразумець іншага чалавека, які апынуўся ў няпростай сітуацыі, не могуць своечасова дапамагчы справай або словамі суперажывання. Галоўны герой – гарадскі чалавек – не здагадаўся дапамагчы ўдаве па гаспадарцы, не зразумеў, што ў жанчыны шмат штодзённых і зусім нялёгкіх клопатаў, а проста сядзеў і маркоціўся ў адзіноце.
Вобраз Васіля Антонавіча ў творы не з’яўляецца адмоўным, ён, хутчэй, нейтральны, праз параўнанне дазваляе ярчэй раскрыць воблік галоўнай гераіні. Часам герой-апавядальнік дае прамую характарыстыку жанчыны: «Была яна ўся ўжо нейкая вельмі свойская».
Закончыць урок можна абмеркаваннем ключавых для разумення мастакоўскай задумы, аўтарскай пазіцыі ў апавяданні «Жыве ў крайняй хаце ўдава» слоў: «Васілю Антонавічу захацелася пакланіцца жанчыне, але ён чамусьці не адважыўся схіліць галавы, хоць і добра разумеў, што пасля будзе заўсёды шкадаваць аб гэтым». Чаму ж госцю хацелася пакланіцца ўдаве, але ён не зрабіў гэтага? Васіль Антонавіч хацеў выказаць такім чынам сваю павагу да жанчыны, якая захавала адданасць мужу, самаахвярна чакае яго ўжо шмат гадоў пасля вайны, але не адважыўся на гэты ўчынак, магчыма, каб гаспадыня не падумала, што ён дзякуе за сябе або каб не выклікаць недарэчную для яе сарамлівасць.
Напрыканцы настаўніку неабходна звярнуць увагу на тое, што праблемы адказнасці і ўдзячнасці не раз паўстануць перад маладымі людзьмі ў іх жыцці, і яны павінны зрабіць правільны для сябе выбар.

Вал. М. Смаль, кандыдат філалагічньіх навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна,
Вяч. М. Смаль, кандыдат філалагічных навук (г. Брэст)

2008 г.

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”