«У складаных жыццёвых варунках я часта ўспамінаю яго, зноў і зноў пераконваючыся, якім надзейным сябрам ён быў, як глыбока бачыў людзей, іх вартасці і недахопы, як шмат дабрыні і чалавечнасці насіў у сваёй чулай душы, далікатнасць якой прыкрываў знешняй позай. Тую позу многія прымалі, а некаторыя нядобразычліўцы знарок імкнуліся выдаць за ягоную сапраўдную сутнасць, прыпісвалі яму саманадзейнасць і фанабэрыстасць. А ён і ў чалавечым сэнсе (не кажучы ўжо пра мастака) быў неардынарным, працаваў самааддана, пераадольваючы шматлікія перашкоды, якія так часта паўстаюць перад рупліўцамі на беларускай ніве, працаваў для Беларусі, для яе лепшай долі».
«Менавіта з глыбінным адлюстраваннем жыцця, подзвігу і трагедыі народа звязаны самыя значныя чыгрынаўскія дасягненні ў літаратуры...».
«Чыгрынаў – беларускі нацыянальны пісьменнік, які быў надзелены боскім дарам літаратара. Для нашай літаратуры ён не чужы, не наносны, не «ўкаранёны». I ў літаратуры ён жыве. I глыбокім пісьмом, і цікавымі вобразамі, якія ён стварыў. Вобразамі народнымі, бо ён ведаў свой народ і любіў яго. Ён застаўся. Ён заняў належнае яму месца ў літаратуры і здолеў сваім жыццёвым і творчым шляхам выпеставаць і ўзгадаваць такія знаёмыя і простыя словы – Іван Чыгрынаў».
«Чыгрынава заўсёды хвалявала і непакоіла праблема мастацкай верагоднасці. Не толькі ў сэнсе праўдзівасці агульнай рэалістычнай канцэпцыі, а і ў сэнсе праўды паўсядзённай, побытавай. Праўды як дакладнасці, бо прыблізнасць яго ні ў якім разе не задавальняе!..».
«Калі я думаю пра творчы шлях Івана Чыгрынава... то прыгадваю старажытную лацінскую прымаўку «Festina linte» – не рабі спехам, спяшайся не спяшаючыся. Яго біяграфія, праца над творамі рэтраспектыўна ўяўляюцца мне ў святле гэтага даўняга мудрага выслоўя».
«Патрыётам свайго краю, усёй беларускай зямлі, улюбёным у яе сучаснасць і мінулае, выступаў у літаратуры І. Чыгрынаў. Менавіта гэта ў спалучэнні з высокім прафесійным майстэрствам забяспечыла яго творам непераходную цікавасць у шырокага кола чытачоў, а аўтару – званне народнага пісьменніка Беларусі…»
«Іван Чыгрынаў быў рэалістам. Глядзеў на жыццё не як залежны ад яго, а як гаспадар над ім. І ішоў па ім як гаспадар».
«...Актуальнасць думкі, адсутнасць страху перад жыццёвымі супярэчнасцямі і складанасцямі, вастрыня пісьменніцкага зроку – усё гэта найлепшым чынам характарызуе Ивана Чыгрынава».
«Жыццё – самы галоўны, бадай, персанаж раманаў I. Чыгрынава».
«Не вострасюжэтнасць, а жыццёвая праўда заўсёды стаіць на першым месцы ў Чыгрынава».
«Такога рамана, як «Плач перапёлкі», у беларускай літаратуры больш няма. І такога пісьменніка ў нас ніколі не было. У яго ўсё выверана. Калі ён пра што пісаў, то зыходзіў з жыццёвага факту».
«У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў іх наша, нацыянальнае – філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа».
«Шчырасць і праўдзівасць, назіральнасць, неаднапланавасць, непросталінейнасць падыходу да жыццёвых з’яў, уменне як бы проста апавядаць, а на самай справе паказаць самае істотнае, сацыяльна важнае, пільная ўвага да чалавека – усё гэта характарызуе апавяданні Івана Чыгрынава, калі паспрабаваць абагульніць уражанні ад іх».
«У чыгрынаўскіх раманах праўда вайны і змагання з ворагам выяўлена глыбінна, на філасофскім узлёце думкі і мастацкага пісьма».