СУЧАСНАЯ ТРАГІКАМЕДЫЯ Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1993
Кватэра Паўтарадкага. Яна падобна на антыкварыят багадцем рэчаў, сярод якіх карціны, зброя, кубкі… Пасярод стаіць скульптурная выява гаспадара, захутаная ў марлю. На пастаменце – золатам літары: Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Дзянісавіч Паўтарацкі. Заходзіць сам Паўтарацкі.
Паўтарацкі (здымае марлю з скульптуры). Добры дзень, Васіль Дзянісавіч! (Сядае ў крэсла насупраць). Якія навіны, пытаешся? О, іх многа, Васіль Дзянісавіч. Ну так, так, я разумею, трэба пачаць з галоўнай. Дык вось тры мужыкі ў Белавежскай пушчы пад чаркай адмянілі Савецкі Саюз. Так, так, адмянілі Савецкі Саюз. I адразу ж пахваліліся па тэлефоне прэзідэнту Бушу. Чаму, пытаешся, Бушу? Думаю, як галоўнаму рэжысёру па развалу Савецкага Саюза. Аказваецца, гэтая акцыя даўно планавалася. Сам жа ведаеш, яшчэ Гітлер з Гебельсам марылі раз’яднаць нашу краіну на ўдзельныя княствы. Пасля Трумэн, Рэйган са сваімі хаўруснікамі. А цяпер Буш. Яно і праўда, навошта каму такая магутная дзяржава, як Савецкі Саюз? Кажуць, імперыя. Затое ж магутная! Ці званілі, пытаешся, Гарбачову? Вядома, але першаму паведамілі ўсё-ткі Бушу ў Вашынгтон. Што сказаў Гарбачоў? Не ведаю. Пра гэта маўчаць. Хоць, канечне, можна здагадвацца – няйначай, Міхаіл Сяргеевіч ад злосці заплакаў недзе.
Заходзіць Валянціна Рыгораўна, жонка Паўтарацкага.
Валянціна Рыгораўна (усё роўна як здзіўлена). З кім гэта ты размаўляеш?
Паўтарацкі. Сам з сабой.
Валянціна Рыгораўна. А не баішся?
Паўтарацкі. Чаго?
Валянціна Рыгораўна. Што з глузду з’едзеш? Чуў жа, нябось, што здараецца з тымі, хто вось гэтак сам-насам загаворваецца?
Паўтарацкі. Я не адзін. У мяне ёсць да каго звяртацца. Вось. (Паказвае на бюст). Галоўнае – у адухоўленасці. Бронзу таксама адуховіць можна. Так што, для мяне… Мне ж таксама іншы раз з разумным чалавекам пагаманіць ахвота.
Валянціна Рыгораўна. Лепей бы ты гэтага ідала вынес на вуліцу ды паставіў, дзе яму месца. Указа ж Прэзідыума Вярхоўнага Савета ніхто не адмяняў!
Паўтарацкі. Хочаш, каб з мяне смяяліся? Сацыялізма няма, а я, бачыш, усё яшчэ Герой Сацыялістычнай Працы? Не, Валянціна Рыгораўна, усё ўжо ў мінулым.
Валянціна Рыгораўна. Але ж ты не надта плачаш аб мінулым?
Паўтарацкі. А што мне плакаць? Гэта ён вось (паказвае на скульптурную выяву) няхай плача, што месца няма. А я жывы чалавек, прыстасуюся да новых умоў. Стану капіталістам. Акцыянерам.
Валянціна Рыгораўна. Ды ўжо сапраўды ходзяць чуткі, што ты калгас збіраешся разагнаць.
Паўтарацкі. Значыць, праўда. Але не разганяць, акцыяніраваць.
Валянціна Рыгораўна. Навошта табе гэта?
Паўтарацкі. Дзіўлюся, як ты не разумееш, дурніца! Наступае новае грамадства.
Валянціна Рыгораўна. Капіталістычнае?
Паўтарацкі. Сімбіёз. I я не хачу апынуцца за бартом у ім. Хачу стаць міліянерам, пахадзіць яшчэ па зямлі з палачкай у суправаджэнні вось такіх (паказвае ў рост рукой) бамбізаў-ахоўнікаў ды паадчыняць нагой якія захачу дзверы.
Валянціна Рыгораўна. А то да гэтага ты іначай адчыняў дзверы! Зоркі героя іх табе заўсёды адчынялі напята.
Паўтарацкі. Гэта не тое, не тое! Перад кожным цэкоўскім альбо саўмінаўскім чыноўнікам даводзілася шапку здымаць. Ці ж не помніш, колькі іх тут перабывала? I кожнага напаі, накармі ды яшчэ і ў багажнік аўтамашыны пакладзі. Цяпер усе мы незалежныя адзін ад аднаго. I разумныя.
Валянціна Рыгораўна. I колькі вас такіх разумных?
Паўтарацкі. Ды ўсе цяпер, лічы, разумныя. Як партыю развалілі, так і…
Валянціна Рыгораўна. Во-во, а то яна вас-ткі трохі і трымала за цуглі. Асаджала калі-нікалі. А цяпер і праўда – воля. Я толькі не разумею, як гэта вы ўмелі насіць на сабе маскі? Доўга і цярпліва?
Паўтарацкі. Ты гаворыш, як колішняя камсамолка.
Валянціна Рыгораўна. А ты, як вырадзіўшыйся камуніст. Васіль, Васіль! Што з вамі стала?
Паўтарацкі. Ладна, ладна, не перашкаджай нам тут з Васілём Дзянісавічам. (Паказвае рукой на бюст).
Валянціна Рыгораўна. Юродствуеш?
Паўтарацкі. Я ж сказаў – маю патрэбу ў размове з разумным чалавекам. А зрэшты, чаго прыйшла? Што табе трэба?
Валянціна Рыгораўна (махнула рукой). Ат… сапраўды. Я забыла. Званіў з Мінску Мішка…
Паўтарацкі. Не Мішка, а былы палкоўнік дзяржаўнай бяспекі Міхаіл Хведаравіч Гарбавіцкі. Ну і што?
Валянціна Рыгораўна. Казаў, што сёння прыедзе. Ты праўда прасіў яго, каб знайшоў масажыстку?
Паўтарацкі (здзіўлена). Якую масажыстку? (Нарэшце спахапляецца). А-а, ну прасіў, прасіў!
Валянціна Рыгораўна. Стары ты жарабок, вось што я скажу, Васіль Дзянісавіч, хоць і двойчы Герой Сацыялістычнай Працы. Мала ты іх тут перабраў? Мне б толькі паглядзець, хто каго ў вас трэ: яны цябе ці ты іх. Я гэтага палкоўніка дзяржаўнай бяспекі скора на парог пускаць перастану.
Паўтарацкі. Не кажы абы што! Мішка наш стары сябра, друг камсамольскага юнацтва!
Валянціна Рыгораўна. Ат, такі ж самы кабель, як і ты. Што ён толькі не вырабляў у жыцці з бабамі! Мне ж Лёдзя яго скардзілася, як жывая была.
Паўтарацкі. Мужчыне адной бабы не хапае. Ты гэтага ніколі не разумела. I цяпер не разумееш. Састарылася, а не разумееш.
Валянціна Рыгораўна (раззлавана). Затое ты ўсё разумееш!
Паўтарацкі. Ну-ну, ідзі! А то замінаеш нам з Васілём Дзянісавічам размаўляць.
Валянціна Рыгораўна выходзіць. Але Паўтарацкі не распачынае далей гаворку са сваёй скульптурнай выявай. Доўга сядзіць моўчкі. Тады падыходзіць да сцяны, бярэ з яе вінтоўку. Адкрывае затвор, глядзіць у ствол. Але ў гэты момант зноў заходзіць яго жонка Валянціна Рыгораўна. Бачыць мужа з вінтоўкай.
Валянціна Рыгораўна. Кінуў бы ты вазіцца са сваёй зброяй. I навошта яе табе столькі? I вінтоўка, і рэвальвер?
Паўтарацкі. Для палявання.
Валянціна Рыгораўна. Якое цяпер паляванне? Усе звяры перабеглі сюды з Чарнобыльскай зоны. Дзіўна, нашы дзікі бягуць у радыяцыю, а чужыя адтуль да нас.
Паўтарацкі. Адкуль ты ведаеш, што чужыя?
Валянціна Рыгораўна. Хіба ж у нас адзін паляўнічы?
Паўтарацкі. Міграцыя. Ведаеш, што такое міграцыя?
Валянціна Рыгораўна. Ты і ўпраўду лічыш аднаго свайго Васіля Дзянісавіча разумным?
Паўтарацкі. Нас двое.
Валянціна Рыгораўна. Не блазнуй Васіль. Грэх.
Паўтарацкі. Нічога, я з Філарэтах дружны. Адмовіць мне грахі. Я вось на царкву ўзнос добры ўнясу, так што… Ну, а на паляванне буду ездзіць на Далёк: Усход, калі свае дзікі ад радыяцыі прагорклі.
Валянціна Рыгораўна. Ты выйсце заўсёды знойдзеш.
Паўтарацкі. У мяне там, на Далёкім Усходзе, брокерскае месца.
Валянціна Рыгораўна. Калі ты паспеў?
Паўтарацкі. Умеючы – нядоўга. Але што табе зноў зарупіла? Чаму вярнулася?
Валянціна Рыгораўна. Я гэта ўспомніла. Пакуль у цябе госці будуць, ці не з’ездзіць мне да дачкі?
Паўтарацкі. Што ж, можна. Ухваляю.
Валянціна Рыгораўна. I яшчэ. Вырашыў бы ты неяк гэту справу з былым паліцаем…
Паўтарацкі. А што ён? Ну, прыехаў на канец жыцця ў вёску. Адсядзеў сваё.
Валянціна Рыгораўна. Мужыкі кажуць, што будзе дамагацца пры акцыяніраванні калгаса кампенсацыі за бацькаву зямлю.
Паўтарацкі. Ну і няхай патрабуе. Вольнаму воля. А ў нас праўленне гэтым будзе займацца.
Валянціна Рыгораўна. Людзі незадаволены…
Паўтарацкі. Ат, усё даўно быльняком парасло!
Валянціна Рыгораўна. Ну-ну, глядзі… Дык я вазьму машыну? Гэта ўсяго на які тыдзень?
Паўтарацкі. Але шафёра адразу ж адпусці. Лепей ён па цябе зноў прыедзе.
Валянціна Рыгораўна. Ладна. (Выходзіць).
Тая ж абстаноўка. Паўтарацкі поркаецца з вінтоўкай, падносіць да вачэй патроннік, зазірае туды, здаецца, наводзячы ствалом на скульптурную выяву. За акном чуецца песня, ну тая даўняя, дзе «партызанскія атрады занімалі гарады». Хтосьці грукае ў дзверы. Заходзіць чалавек з ружжом на плячы. Гэта калгасны трактарыст Косця Яроцкі. Яму гадоў пад трыццаць.
Паўтарацкі (ставячы вінтоўку прыкладам да падлогі). Што за экіпіроўка, Канстанцін Антонавіч?
Яроцкі. Іду ў партызаны. (Паказвае цераз плячо вялікім пальцам на ружжо).
Паўтарацкі. Куды?
Яроцкі. Кажу, Дзянісавіч, у партызаны.
Паўтарацкі. Дык апошні ж партызан пад Бабруйскам яшчэ летась з лесу выйшаў. Хіба не чуў?
Яроцкі. Як гэта?
Паўтарацкі. А так вось. Бадзяўся па лесе ажно з сорак чацвёртага года, а летась выходзіць ды пытае сустрэчнага чалавека: «Немцы ў вёсцы ёсць?» – «Якія табе немцы, – здзіўляецца чалавек, – вайна ж даўно скончылася». А той за вушы хапаецца: «Халера, а я ж яшчэ адну міну пад рэйкі паклаў на пад’ездзе к Асіповічам». (Глядзіць на насцярожанага Яроцкага, тады гаворыць). Ды ты, бачу, нічога не разумееш у жартах. Якраз вось тут, у канцы, трэба рагатаць. А ты…
Яроцкі. Кажу – іду ў партызаны.
Паўтарацкі. Ды ты, бачу, выпіў?
Яроцкі. А хоць бы і выпіў! Але маю права. Сёння, сам ведаеш, у нас выхадны. Дык я іду ў партызаны.
Паўтарацкі вяртаецца да крэсла, сядае, ставячы на падлогу паміж каленяў вінтоўку.
Паўтарацкі. Ну-тка, давай ўсё па парадку, Канстанцін Антонавіч. Нешта не разумею цябе.
Яроцкі. А што тут разумець, Дзянісавіч? Па вёсцы ходзіць былы паліцай. Навумчык.
Паўтарацкі. Ну і што?
Яроцкі. А тое, што гэты паліцай выдаў немцам майго дзеда Ігната, і тыя павесілі дзеда ў Клічаве.
Паўтарацкі. Ну я пра гэта чуў, што немцы павесілі твайго дзеда ў вайну.
Яроцкі. А тое, што выдаў яго Навумчык?
Паўтарацкі. I пра гэта я, здаецца, чуў.
Яроцкі. Што чуць? Важна ведаць. А ты не наш.
Паўтарацкі. Як гэта не ваш?
Яроцкі. Ну ў вайну ж тут не быў.
Паўтарацкі. Вайна даўно была, Канстанцін Антонавіч, а ты вось зараз блазнуеш.
Яроцкі. Але ж не дазволю паліцаю па вёсцы беспакарана хадзіць, няхай што і адсядзеў.
Паўтарацкі. Ен за твайго дзеда, відаць, адсядзеў, а ты збіраешся трапіць у турму праз яго. Закон цяпер на яго баку будзе, яго абараняць стане.
Яроцкі. Закон як хоча. А я за дзеда не дарую. Чаго ён прывалокся? Часы памянялісь? Няхай бы сабе дажываў недзе, навошта людзям душы трывожыць?
Паўтарацкі (доўга глядзіць на хлопца). Ці не пагаварыць нам заўтра, га, Косця? Ты праспішся, а я падумаю. Можа, Ішчэ і патрэбы не будзе ісці ў партызаны?
Яроцкі. Ты мяне не разумееш, Дзянісавіч!.. У самы раз, а то позна стане, як павылязаюць гэтыя аблезлыя тараканы. Не, я, Дзянісавіч, іду ў партызаны, а ты думай. Ды глядзі, каб не позна было. I вінтоўка гэтая не выратуе.
Яроцкі выходзіць. Праз момант чуецца з вуліцы тая ж песня пра партызан, якія некалі занімалі гарады… Паўтарацкі колькі чаеу стоена сядзіць у крэсле, затым рашуча ўстае, падыходзіць да тэлефона.
Паўтарацкі (па тэлефоне). Павел, ты чуеш, якія ў нас песні сёння спяваюць? Не, не па радыё. На вуліцы. Ну-ну, паслухай. (Чакае). Паслухаў? Дык вось, гэта Косця Яроцкі наважыўся ісці ў партызаны. Якія партызаны? У самыя сапраўдныя. У яго патранташ і пушка. Не ведаю, як хто, а я не жартую. Што ў нас там за паліцай па калгасу ходзіць? Ну так. Чуў я гэту вашу гісторыю. Дык вось Косця і хоча помсціць за дзеда. (Слухае). Не, з яго сённяшнім партызанствам не толькі блазенства. Тут можа здарыц- ца нешта такое, чаго… Не, не, Павел Усцінавіч, ты лепей паслухай мяне. Косця, канечне, вядомы шалапут, але… Пазвані ты міліцыянеру, нашаму ўчастковаму, няхай ён даставіць паліцая да мяне. (Слухае). Баішся, каб канфлікт не выйшаў? А я, ты ведаеш, не баюся. Няхай скардзіцца. Ага, вось так, у суправаджэнні міліцыянера. (Кладзе трубку).
Заходзіць Валянціна Рыгораўна.
Валянціна Рыгораўна. Даў бы ты, Васіль, для Тамары грошай?
Паўтарацкі. Я нядаўна даваў ёй. Няхай таксама зарабляюць. А то як паслухаеш нашага зяця, дык па часе падумаць, што ён самы…
Валянціна Рыгораўна. Ты несправядлівы да яго. Хлопец як хлопец. Яны ўсе цяпер такі.
Паўтарацкі. Не скажы, цяпер якраз столькі праныраў ды дзялкоў развялося, што ажно страшна іншым разам бывае. Дзе яны толькі хаваліся да гэтага? Бывала, перабярэш ледзь не цэлае пакаленне, каб добрага работніка знайсці, а тут… Быццам грыбы адкуль вырастаюць.
Валянціна Рыгораўна. Спрыяльная глеба. Ты ж сам яшчэ нядаўна сумаваў па ёй. Моў, не дазваляюць разгарнуцца. То разгортвайся.
Паўтарацкі. Ты вось што… Я тут падумаў… Я ўсё-ткі злятаю на Далёкі Усход. Я ж казаў табе… у нас там брокерскае месца. Да таго ж, штосьці мне не падабаецца тая біржа.
Валянціна Рыгораўна. Ціне занадта іх многа развялося, гэтых біржаў?
Паўтарацкі. Пакуль гэта як бурбулкі на вадзе. Адны лопаюцца, другія ўзнікаюць. Таму вось і трэба трымаць вуха пільна.
Валянціна Рыгораўна. Дык што сказаць Тамары? Грошы дасі?
Паўтарацкі. Скажы, што магазін, які будуецца ў Мінску, будзе яе. Я на яго акцыі вазьму.
Валянціна Рыгораўна. Ты гэта сур’ёзна?
Паўтарацкі. Ды ўжо куды больш… Жыццё такое… Усё ідзе ўраскідач. У далейшым я прадбачу яшчэ горшае. Нават такія моцныя гаспадаркі, як наша, доўга не вытрымаюць. На іх таксама накінуцца, акурат ваўкі тыя на стрыножанага каня. Так што…
Валянціна Рыгораўна. А што гэта Косця Яроцкі з ружжом па вуліцы сёння ходзіць?
Паўтарацкі. У партызаны збіраецца. Засаду хоча наладзіць на паліцая.
Валянціна Рыгораўна. Ат, ну вас! (Выходзіць).
Усё тая ж кватэра Паўтарацкіх з бюстам гаспадара – двойчы Героя Сацыялістычнай Працы. Паўтарацкі ходзіць у задуменні вакол скульптурнай выявы, тады спыняецца, кладзе руку на пастамент, хоча зноў пачаць (або працягваць) маналог-дыялог, але ўчастковы міліцыянер прыводзіць былога паліцая Навумчыка. Міліцыянер падносіць руку да шапкі, хоча далажыць старшыні калгаса. Той спыняе.
Паўтарацкі. Не трэба, не трэба, лейтэнант. Адышлі часы, калі мы ўсе казыралі. Можаш ісці. А вы (да паліцая), калі ласка, сядайце. (Паказвае на крэсла). Хоць бы і сюды.
Навумчык (натапыраны, з пратэстам). Я буду скардзіцца! Хто вам дазволіў арыштоўваць мяне? Гэта мая вёска!
Паўтарацкі (усё яшчэ стоячы побач са сваёй скульптурнай выявай). Адкуль гэта вы ўзялі, што вас арыштавалі? Проста я папрасіў адшукаць вас, вось і адшукалі. Ну а што міліцыянер знайшоў вас, дык… Словам, я не бачу ў гэтым факце ніякага злоўжывання.
Навумчык (па-ранейшаму натапырана). Гэта вы не бачыце! Нездарма ж кажуць, у сваім воку і бервяна не бачаць, а ў чужым дык і парушынку, бо муляе. А я буду скардзіцца!
Паўтарацкі. Ну гэта ваша грамадзянскае права, грамадзянін.
Навумчык. Во, зноў па-лагернаму!
Паўтарацкі. А як бы вы хацелі? Як бы вы хацелі, каб вас называлі? Таварыш?
Навумчык. Чаму раптам «таварыш»? Здаецца ж, адышлі ўжо таварышы?
Паўтарацкі. А як тады?
Навумчык (усё-ткі сядае ў крэсла насупраць Паўтарацкага). Ну спадар. Так прыстойней. Ды мне так, лічы, і больш значна.
Паўтарацкі. Ужо зваліся некалі так?
Навумчык. Во-во!
Паўтарацкі. А я ніяк не праглыну гэтае слова. Для мяне больш звычнае – гаспадар.
Навумчык (мусіць, ужо зразумеў, што на павышаным тоне тут далёка не паедзеш). Дык гэта ж адно і тое. Толькі «спадар» гучыць найбольш далікатна. Як пан. Затое па-нашаму.
Паўтарацкі. Па-нашаму якраз больш дастойна гучыць «гаспадар». Ды і дакладна адпавядае сутнасці. Ну ды ладна, вы ведаеце, чаму я прасіў адшукаць вас? Чуеце, адшукаць, а не арыштаваць?
Навумчык. А вы калі-небудзь хадзілі па вуліцы пад наглядам міліцыянера?
Паўтарацкі (смяецца). Хвала Богу, не даводзілася. Усё жыццё неяк пражыў без гэтага. Можа, цяпер вось… Ну ды ладна. Дык вы не адказалі мне.
Навумчык. Пра што?
Паўтарацкі. Ну… пра…
Навумчык. А-а, вы пра тое? Ды адкуль мне было здагадацца, дзеля чаго я спатрэбіўся? (I тут жа зусім пра іншае). Скажыце, а гэта ваша (паказаў на бюст) выява?
Паўтарацкі. Хіба не падобны?
Навумчык. Дык… А я ўсё гляджу дык, здаецца ж, гэта вы, спадар старшыня? Ну так: і прозвішча на мармуры ваша і гэтыя залатыя літары пра двойчы героя. Дык чаму тады ў кватэры стаіць а не на вуліцы? Здаецца ж…
Паўтарацкі (амаль са скрухай). Зіма, грамадзянін Навумчык, зіма! Холадна цяпер выстаўляць чалавека на вуліцу, змерзне.
Навумчык (смяецца). Ці ж гэта перашкода для камня?
Паўтарацкі. На марозе і камень трэскаецца.
Навумчык. Ваша праўда, спадар старшыня. Вось жа сацыялізм ва ўяўленні бальшавікоў лічыўся самым моцным з усяго, што існавала на свеце, а трэснуў. Так што… Ды і савецкая ўлада… I камуністычная партыя…
Паўтарацкі. I як вы да гэтага ўсяго ставіцеся?
Навумчык. Станоўча. Я ж змагар супраць камуністычнага ладу. Вошы каміць давялося па астрогах ды лагерах, Хіба не ведалі?
Паўтарацкі. Чаму ж, пра гэта я ведаю, што вы ў вайну паліцаем служылі. За гэта і адказваць давялося.
Навумчык. Паліцай… гэта… Лепей гаварыць – калабарцыяніст. Нязгодны з існуючым ладам. Змагар.
Паўтарацкі. Але як не называй – усё роўна здраднік.
Навумчык. Я нікому не здраджваў. Я змагаўся супраць сталінскага крывавага рэжыму, супраць бальшавіцкага ладу.
Паўтарацкі. Гэта вы цяпер дадумаліся, ці яшчэ тады, пры немцах?
Навумчык. Мы і тады разумелі сёе-тое.
Паўтарацкі. Хто гэта мы?
Навумчык. Ну калабарцыяністы.
Паўтарацкі (адступае ад свае скульптурнай выявы). Не, грамадзянін Навумчык, гэта вы цяпер да ўсяго гэтага дадумаліся. Гэта вас нашы газеты гэтак прасвятлілі. Пра тое, што вы змагар, вы даўно ўжо забылі за свае пятнаццаць гадоў адсідкі, а тым больш – за астатні час, калі туляліся недзе па чужых краёх. А цяпер пасмялелі. I сутнасць здрадніка хочаце замяніць другой – калабарцыяніст, быццам гэтак прыстойней.
Навумчык. Вы, спадар старшыня, дзіўна разважаеце, як учора. А сёння ўжо сёння. А можа, не чытаеце газет, хоць і спасылаецеся на іх?
Паўтарацкі (пачынае пахаджваць па пакоі). Газеты я чытаю. Яны сёння розныя. Але не газеты ўрэшце будуць канчаткова вырашаць пра сапраўдную сутнасць здрадніцтва. Здраджвалі вы народу – народ і будзе вызначаць усё: і адносіны да вас, і якая сутнасць здрадніцтва. I гэта не газетная дэмагогія. Гэта нешта зусім іншае. Калі можна так сказаць, спрадвечнае.
Навумчык. А што вы, спадар старшыня, пячэціся аб народзе? Людзі ж мяне, здаецца, няблага прымаюць у вёсцы?
Паўтарацкі. А вось унук вашага колішняга аднавяскоўца Косця Яроцкі…
Навумчык. Дык хуліган!
Паўтарацкі. Па-першае, ён не хуліган, а выдатны трактарыст. А па-другое, вы не далі мне дагаварыць. Дык вось Косця Яроцкі пагражае пайсці ў партызаны і наладзіць засаду на вас.
Навумчык. А вы што?
Паўтарацкі. А я, грамадзянін Навумчык, рашыў папярэдзіць вас. Таму і папрасіў адшукаць.
Навумчык. А што вы сказалі Яроцкаму?
Паўтарацкі. Каб праспаўся.
Навумчык. Во-во, спадар старшыня. Разумнае ваша рашэнне.
Паўтарацкі. А калі ён не праспіцца? Ну можа ж такое быць?
Навумчык. Тады яго ў каталажку. За ўгрозы грамадзяніну сувярэннай рэспублікі. Гэтага я ўжо сам магу дамагчыся. Проста звярнуся да пракурора.
Паўтарацкі. А як пракурор спозніцца?
Навумчык. Што значыць – спозніцца? Абавязаны.
Паўтарацкі. Ці мала як бывае? Дапусцім, уступіць у дзеянне наша звычайная бюракратыя з яе непаваротлівасцю?
Навумчык. Яны ж там, у пракуратуры, таксама на службе! Ды й не старыя часы. Цяпер дэмакратыя, галоснасць.
Паўтарацкі. Вось пра гэта, грамадзянін Навумчык, што цяпер дэмакратыя і галоснасць, і Косця Яроцкі ведае. Раней бы, як вы кажаце, пры старым рэжыме…
Навумчык. Не трэба пераболыпваць, спадар старшыня. Я сказаў – пры старым часе. Хоць ваша вызначэнне болып дакладнае.
Паўтарацкі. Дзякуй за камплімент. Дык я, калі дазволіце, прадоўжу. Раней бы Косця Яроцкі наўрад ці адважыўся на такое. Закон мы тады блюлі. Ды і вы б вось гэтак нахабна, як сёння, не сталі б бадзяцца па вёсцы. Народ то і праўда стаў другі. Шмат што ўжо забылася пасля вайны.
Навумчык. Не толькі забылася, спадар старшыня, а і перайначылася.
Паўтарацкі. Я згодны – і перайначылася. Але даруйце мне, грамадзянін Навумчык, у мяне сёння не было намеру распачынаць з вамі дыскусію. Тым болып, што шмат у чым мы не сыйдземся, бо ваявалі ў розных лагерах.
Навумчык. I вы ваявалі? Вось бы не паверыў. З выгляду ж нібыта яшчэ малады.
Паўтарацкі. Ды я і кажу. Хоць народ наш і стаў другі, але грэблівасці да здраднікаў, ці як вы называеце цяпер сябе, не пазбавіўся. Ну а Косця Яроцкі проста ўзбурыўся. За дзеда свайго ўзбурыўся, якога вы выдалі акупантам. Таму я і паклікаў вас сказаць – хутчэй знікайце адсюль, каб і следу вашага не было. А то калі не Косця Яроцкі падстрэліць, дык я ўжо напэўна знайду магчымасць выдварыць за межы калгаса. Няма чаго людзей бянтэжыць. У іх і без вас цяпер турботаў хапае.
Навумчык. Вось вы як, спадар старшыня! А я думаў, мы прыстойна разыйдземся.
Паўтарацкі. Куды ўжо болып прыстойна! Паверце, я тут і вашу карысць маю на ўвазе.
Навумчык. Але Яроцкага найперш?
Паўтарацкі. Нічога дзіўнага. Яроцкі – мой калгаснік.
Навумчык. Дарэчы, пра калгас, спадар старшыня. Якраз у ім уся справа.
Паўтарацкі. Як гэта?
Навумчык. А так, што я так ці інакш, а павінен быў наведацца да вас. Так што дарэмна міліцыянера турбавалі. I без міліцыянера прыйшоў бы.
Паўтарацкі. Ну-ну.
Навумчык. Прайшлі чуткі, што вы збіраецеся акцыяніраваць калгас?
Паўтарацкі. Самі ж ведаеце – час вымагае. Прыватызацыя.
Навумчык. Ну так, прыватызацыя. I былое начальства і цяперашняе пабрала ўжо сабе ўсё лепшае.
Паўтарацкі. Ваша праўда, грамадзянін Навумчык. Тут я з вамі згаджуся.
Навумчык. Вы ўсё – грамадзянін ды грамадзянін. Быццам і іншага слова нельга падабраць.
Паўтарацкі. А што вас гэтак турбуе? Вы ж самі толькі што называлі сябе грамадзянінам суверэннай рэспублікі.
Навумчык. Ну так, гэта я сказаў. Але ж…
Паўтарацкі. Дык якая ў вас справа ў нашым калгасе?
Навумчык. Самі ж ведаеце, і дзед мой і бацька ўступалі тут у калгас. Здавалі і жыўнасць і інвентар, як было загадана. Зямлю таксама аддалі ў калгас. А яно ўсё належыць мне па спадчыне. Так што акцыі таксама належыць атрымаць.
Паўтарацкі. Значыць, вы за гэтым і прыехалі да нас?
Навумчык. Акурат так.
Паўтарацкі (усё яшчэ ходзіць па пакоі). А я думаў… Усё-ткі настальгія па малой радзіме. Аказваецца, не. Прыехалі дзяліць калгас.
Навумчык. Прыватызаваць.
Паўтарацкі. I якую ж вы частку хочаце атрымаць? Сёння наш калгас – не тое, што ў трыццатым годзе. Многа працы людской укладзена ў яго, поту, ну ўсяго, што маецца на ўвазе пры гэтым.
Навумчык. Мне праца людская не патрэбна. Гэта іхняе. А вось зямлю бацькаву, каня, карову належала б вярнуць мне.
Паўтарацкі. I вы тады паселецеся ў нас? А як жа Косця Яроцкі? Вы ў разлік не бярэце, яго? Вы ж не думаеце, што ён сапраўды з п’янага ўзбурыўся?
Навумчык. Ат, што з хулігана ўзяць? Да таго ж, мне не абавязкова пасяляцца тут. У мяне ўсё ёсць – і кватэра і машына, якую зяць утрымлівае. Так што… Але ж у мяне ёсць дзеці, унукі. Вось ім дзедава спадчына якраз будзе пры новым жыцці, дзякаваць бога. Балазе бальшавікі здаліся. Самі ўзнялі ручкі ў Вярхоўных Саветах.
Паўтарацкі. М-да, вы добра прадумалі ўсё, як ехаць да нас, грамадзянін Навумчык. Але ж у нас ўсё, што датычыць спраў калектыўнай гаспадаркі, рашаецца агульным сходам. Хоць мы яшчэ канчаткова і не вырашылі, як нам быць з прыватызацыяй, самі ведаеце, пра яе пакуль што адны размовы паміж людзей, аднак заяву можаце пакінуць. Няхай вырашаюць тыя, хто ўздымаў гаспадарку пасля вайны, што вам належыць і за што. Гэта я таму, каб разыйсціся нам сёння прыстойна, як вы хочаце. Але паслухайцеся парады – бярыце лахі пад пахі ды ходу адсюль, а то…
Зноў недзе па вуліцы праходзіць Косця Яроцкі – чуецца песня, у якой некалі партызанскія атрады занімалі гарады…
Навумчык (усё роўна як ад нечаканасці ўскідвае галаву). Во, гэта ж трэба развесці такое хуліганства!
Паўтарацкі (усміхаецца). Старая добрая песня. А вы ў нямецкай паліцыі таксама мелі свае песні, грамадзянін Навумчык?
Навумчык (устае з крэсла). А як жа! (Выходзіць).
Паўтарацкі сядае ў крэсла, якое вызваліў былы паліцай Навумчык.
Паўтарацкі (зноў да сваёй скульптурнай выявы). Бачыш, Васіль Дзянісавіч, якія цяпер паміж нас, жывых, справы, якія падзеі? Яшчэ ўчора гэты Навумчык сядзеў недзе, гніды прышчаміўшы, і не памышляў аб’яўляцца. А сёння? А сёння ён адкрыта па вуліцы ходзіць, зноў у яго ваяцкі дух грудзі распірае. Маўляў, я супраць Сталіна ваяваў, супраць бальшавікоў, значыць, святую справу рабіў. Бачыш, Васіль Дзянісавіч, да чаго мы дайшлі-даехалі, а ты кажаш!.. Так званыя дэмакраты думаюць, што гэта яны ўсё ў нас зрабілі, але дудкі! Гэта мы. Ты вось, адліты ў бронзе, я вось, жывы, і яшчэ многія, многія… Бо стала жыццё людзям такое, як ёсць, у цяжар. Чаму ў сямнаццатым годзе бальшавікі перамаглі? Ды таму, што памешчыкі з капіталістамі сталі людзям у цяжар. Вось яны і пайшлі супроць іх з бальшавікамі. Можна лічыць, нешта падобнае здарылася і цяпер. Тыя ж бальшавікі, а цяперашнія камуністы таксама сталі людзям у цяжар. Бо дужа доўга і няшчадна панавалі, народ эксплуатавалі. Бачу, ты не зусім згодны са мной? Што ж, я не тэарэтык. Я так, што на відавоку. Але табе, бронзаваму ідалу, лягчэй цяпер. Цяжка мне, вельмі цяжка, жывому. Гэта я яшчэ, як кажуць, храбруся – і акцыянерам стану 4 міліянерам буду. Патрэбны мне гэтыя мільёны! З савецкіх мільянераў ды ў капіталістычныя мільянеры – гэта ўсё роўна што… Таму я і пазіраю часам на гэта трохствольнае ружжо… (Глядзіць на сцяну). Словам, ты сам добра разумееш, Васіль Дзянісавіч. Растрывожыў маю душу гэты былы паліцай, які некалі выдаў немцам Косці Яроцкага дзеда. Тут, у нас, усе ведаюць пра гэта. Аднак бунтуе адзін Косця. Значыць, сапраўды штосьці адбываецца, з чым альбо трэба лічыцца, альбо… Бачыш, сёння лягчэй не дагаворваць нейкія рэчы, але не з-за боязні, канечне; проста, не ведаеш, як што будзе далей, бо жывем мы ў свеце алагічнасцяў, ніякай заканамернасці ні ў развіцці падзей, ні ва ўчынках людзей… А з другога боку – зноў жа пра гэтых паліцаяў. Я іншы раз думаю: лёс у жыцці ўратаваў мяне, што не давялося некалі выбіраць паміж Сталінам і Гітлерам. А некаторым, бачыш, Васіль Дзянісавіч, давялося. Ну, як гэтаму Навумчыку. А цяпер… Так што, дарагі мой, праўду кажуць людзі: жыццё пражыць – не поле перайсці. Цяпер таксама стала цяжка жыць. Але ж сам бачыш. Сёння госць прыедзе – і твой і мой. Помніш палкоўніка Гарбавіцкага? Дык вось, званіў, казала Валянціна Рыгораўна. Масажыстку вязе. Яна, прызнацца, мне таксама… (Махае рукой). Яшчэ ж і Данута ў самым саку, рукі спрытныя ды ласкавыя. Але… Пазваню-ка ёй, раз адзін застаўся. Нешта хандроз мой… (Дастае рукой міжплечча). Не, не, Васіль Дзянісавіч (смяецца), не таму, што Валянціны Рыгораўны няма. Урэшце, яна даўно ўжо фізіялагічных прэтэнзій да мяне не мае. Цяпер яна, будзем лічыць, ужо ў тваёй нежывой ўладзе. Ну а жывому – жывое. I не зайздросць. (Бярэ са століка, што побач, тэлефон, перабірае кнопкі). Алё. Так, гэта я. Разумееш, хандроз мой зноў нагадаў пра цябе. Прыходзь (кладзе трубку, ставіць тэлефон на столік, уздыхае, але ўжо акурат блажуючы). Грахі мае цяжкія!..
Заходзіць Данута. Доўга хукае на свае рукі, адагравае, дарма што прыйшла ў цёплых рукавіцах.
Данута. Дзе ж пані старшыніха?
Паўтарацкі (падыходзіць да жанчыны, памагае распранаць кажушок). Яна ж у мяне маці. Паехала да дачкі.
Данута. Вы, Васіль Дзянісавіч, так гаворыце, быццам у дакор мне, што я не стала маці!.. Але ж, можа, і па вашай віне. Адных абортаў колькі было!..
Паўтарацкі. Чым вінаватых шукаць, лепей бы замуж выходзіла.
Данута. Другі раз? Не, Васіль Дзянісавіч, на гэта я не адважуся нават пад прымусам. Хапіла ўжо аднаго замужжа. Што ж датычыць сына ці дачкі.., дык усё роўна будуць лічыць, што вашы, дарма што і замужам за кімсьці стану. Ну ды ладна, звалі?
Паўтарацкі. Зваў.
Данута. Патрэбна?
Паўтарацкі. Патрэбна.
Данута (смяецца). Ну то рэнчкі да гуры. (Праходзіць да закрытай ацяпляльнай батарэі, кладзе на яе рукі). Званіў Міхаіл Хведаравіч.
Паўтарацкі. Табе?
Данута. Так. На масаж напрошваўся.
Паўтарацкі. Дык ён жа… масажыстку з сабой вязе!..
Данута. Пра гэта маўчаў. Але, мусіць, трэба так разумець: Васілю Дзянісавічу спатрэбілася новая грэлка?
Паўтарацкі. Гэта ён па сваёй ініцыятыве.
Данута. Зрэшты, усё прыядаецца. Таму я і замуж другі раз не хачу. Але вы не хвалюйцеся. Вось прыедзе Міхаіл Хведаравіч, стану яму цела маладзіць. А вас няхай гладзіць новая. Ну давайце свае плечы, спіну…
Паўтарацкі. Проста ў крэсле?
Данута. Хочаце? Тады на канапу кладзіцеся.
Васіль Дзянісавіч раздзяваецца да трусоў, лягае на канапу. Данута таксама скідвае з сябе верхнюю частку адзення, нават ліфчык; пачынае гладзіць рукамі па шыі, плячах, дакранаючыся грудзямі да старшынёвай спіны.
Данута. Тут перастала балець?
Паўтарацкі. Так. Але прыемна садніць.
Данута. Васіль Дзянісавіч, Васіль Дзянісавіч!.. Не хандроз вас непакоіць. Іншае вам карціць. Я ўжо чую па вашым дыханні, па вашым паху. Ад вас у такіх выпадках пачынае патыхаць, быццам ад кныра.
Паўтарацкі падхопліваецца, хапае Дануту аберуч, дае на канапу. Але тая супраціўляецца, нарэшце сядае.
Данута. Пачакайце, пачакайце. Я вось нештачкі раскажу вам, Васіль Дзянісавіч. У газеце нядаўна прачытала.
Паўтарацкі. Што? Новая парада па сексу? (Усміхаецца).
Данута. Амаль што. Але пакуль пра пацалункі.
Паўтарацкі. Які ж пацалунак без?.. (Пачынае каструбаціць жанчыну).
Данута. Не спяшайцеся, Васіль Дзянісавіч!
Паўтарацкі. Дык што там пра пацалункі?
Данута. Колькі каштуе жыцця чалавеку кожны пацалунак.
Паўтарацкі. Проста пацалунак? Без?..
Данута. Так, проста пацалунак.
Паўтарацкі. Спадзяюся, рахунак не ў адмоўны бок?
Данута. Якраз у адмоўны, Васіль Дзянісавіч. Аказваецца, кожны пацалунак скарачае чалавеку жыццё.
Паўтарацкі (па-ранейшаму ўсміхаючыся). На шмат?
Данута. Як лічыць, Васіль Дзянісавіч. Але не на хвіліны, не на гадзіны. На тыдні.
Паўтарацкі. Дзіўна, але чаму людзі толькі цяпер пра гэта даведаліся? А то б прадоўжылі сабе веку.
Данута (паціскае плячамі). Хто ж іх ведае!
Паўтарацкі. Вось бачыш, аказваецца, самыя салодкія рэчы скарачаюць чалавеку жыццё. (Ён таксама сядае, звешвае ногі з канапы). Значыць, самае салодкае сёння адмяняецца?
Данута. А ўсё-ткі я вас моцна напалохала, Васіль Дзянісавіч…
Паўтарацкі (ласкава). Дурніца…
Данута. Не, усё-ткі я вас напалохала. Нават не думала, што вы гэткі палахлівы.
Паўтарацкі. Ты б яшчэ даўжэй расказвала! Анекдот ёсць пра гэта.
Данута. Не, Васіль Дзянісавіч, я вас моцна напалохала.
Паўтарацкі. Што ж, лішні тыдзень мне ў маім узросце якраз прыдасца. Сэканомім на пацалунках, здабудзем даўжэйшага веку.
Звоніць тэлефон.
Паўтарацкі. Здаецца, мінскія госці?..
Данута кідаецца да сваёй вопраткі. Паўтарацкі ў тым жа выглядзе накіроўваецца да тэлефона.
Паўтарацкі (у тэлефонную трубку). Так, я. (Слухае). А-а, гэта вось хто! Рады чуць, Андрэй Сцяпанавіч. (Слухае). Тым больш – бачыць, раз ты ўжо тут, у нас. Ну, з абласнога цэнтра сюды рукой падаць. I дарога добрая. Заносаў жа не было. Так што чакаю. (Слухае). Нічога. Нічога. Сёння ў мяне гасцінны дзень. 3 Мінску Гарбавіцкі таксама абяцаўся к абеду. Я ўжо думаў – гэта ён. Але добра, давай хутчэй. Чакаю. (Кладзе трубку, да Дануты). Госці, але не тыя. Не мінскія. Знаёмы старшыня калектыўнай гаспадаркі. Цяпер гэтак калгасы на тэлебачанні завуць. Дык вось знаёмы старшыня ў госці едзе. Дарэчы, ты яго ведаеш. Шарэйша. Помніш, у Міхаіла Хведаравіча ў Мінску неяк разам гасцявалі?
Данута нарэшце надзяваецца, кпліва ўсміхаючыся, ідзе ў калідор, дзе вісіць яе кажушок.
Паўтарацкі. Куды ты?
Данута. У вас жа госць будзе.
Паўтарацкі. Ну і што? Цябе ж ён ведае!
Данута. Не, Васіль Дзянісавіч, з Шарэйшам вы ўжо неяк адзін. Іншая справа – Міхаіл Хведаравіч. Ен мне таксама званіў, масаж зноў спатрэбіўся. Бывайце, Васіль Дзянісавіч.
Паўтарацкі. Пачакай, пачакай, Данута. Чаму ты раптам гаворыш – зноў? Ты што, мела і з ім справу?
Данута. Так. Пасля таго, як мы з вамі, Васіль Дзянісавіч, пераначавалі ў ягонай кватэры. Тады ён і сказаў: не стану з ім любіцца-кахацца – аддасць запісы нашых з вамі начных оргій у КаДэБэ. Ну я і спалохалася за вас.
Паўтарацкі. Чаму мне не сказала?
Данута. Гэта вы так сёння настроены, а тады палкоўнік КаДэБэ ўсіх трымаў у руках. Дырэчы, ён мяне якраз і папярэдзіў, каб я нікому ні гу-гу.
Паўтарацкі. Ну і сцерва ты!
Данута. А можа, не я? Можа вашы госці? Хто з ЦэКа, хто з КаДэБэ. Яны ж змушалі і гвалцілі.
Паўтарацкі. Згінь ты!..
Данута выходзіць.
Гаспадар зноў сам-насам. Праўда, ужо надзеты. Падыходзіць да ружжа, здымае яго са сцяны, круціць-верціць, тады прыцэльваецца, імітуе стрэл: «пуф- паф», нарэшце ўладкоўваецца ў крэсла насупраць сваёй скульптурнай выявы.
Паўтарацкі (да бюста). Спадзяюся, хоць ты не падумаў, што я спалохаўся пацалункаў? Ну і на тым, як кажуць, дзякуй. На жаль, усё гэта, здаецца, ужо ў мінулым. Не ў маім жыцці, а ў тваім, якое, мусіць, застыла ў адным і тым жа жаданні, у адной і той жа магчымасці. Скажу шчыра, мне б цяпер не Дануціны пацалункі лічыць, а як таму ўсходняму шаху самых маладзенькіх дзевак па баках у ложку трымаць, каб не сваю жывую энергію траціць, а ад іх набірацца. Кажуць, вельмі ўплывае гэта і на патэнцыю і на працягласць жыцця. Так што, Данута, лічы, сёння мяне выратавала, пачаўшы расказваць пра шкоднасць пацалункаў. Але ж… гэты палкоўнік!.. Вось табе і сябра!.. Цьфу!.. Ты, Васіль Дзянісавіч, таксама не чакаў, што Гарбавіцкі стане займацца палавым шантажом? Маўчыш? А я, бачыш, болып даверлівы. Шкада, што ты не маеш магчымасці гаварыць, а то ўжо, няйначай, па цяперашнім уседазвольным часе нарасказваў бы мне такога, ад чаго ў жахлівае ўтрапенне прыйдзеш. Ва ўсякім разе, ад цябе я пачуў бы цяпер пэўна пра ўсё тое, пра што сам мог некалі здагадацца ды сказаць, але не сказаў. Прызнаюся, не здолеў. Герой, а вось жа!.. Дык кажаш, не надта забаўляцца з ружжом?
У пакой заходзяць Паўтарацкі і Андрэй Сцяпанавіч Шарэйша. Госць у зімовым, гаспадар у тым жа, у чым яго толькі што бачылі: Васіль Дзянісавіч хадзіў на вуліцу сустракаць госця. Паўтарацкі колькі часу чакае, пакуль Шарэйша распранецца, тады пачынае звычайную ў такім выпадку гаворку.
Паўтарацкі. Як даехаў?
Шарэйша. Дарога чыстая, роўная, як для яечка.
Паўтарацкі. Мы тут стараемся.
Шарэйша. Добрая дарога, Васіль Дзянісавіч, гэта ўсё роўна што…
Паўтарацкі (не дае дагаварьіць госцю).
Гэта ўсё роўна, што добрая чарка.
Шарэйша (пацірае рукі). Слушна, слушна! Хоць, праўда, сам я хацеў сказаць іншае. Звязаць з эканомікай. Ну так, дарагі, эканоміка… Штосьці накшталт…
Паўтарацкі (зноў перабівае госця).
Але тым не менш я стаю на сваім прыярытэце. Калі сядзем за стол? З дарогі паложана.
Шарэйша. Паложана, павалена… (Глядзіць на скульптурную выяву гаспадара). Добра зроблена. Хто ляпіў?
Паўтарацкі. Іван Паско.
Шарэйша. А-а, гэта той, што на героях практыкуецца, на касманаўтах?
Паўтарацкі. Партрэтыст што трэба. Не прасіць жа было старога Азгура. Нябось, ужо рукі дрыжаць?
Шарэйша. Мяне гэта, як кажуць, абыходзіць. Ужо адзін раз быў падмануты. Цяпер – тым больш. Таму я і не цікаўлюся, хто лепшы скульптар, хто – горшы.
Паўтарацкі. Але чаму не пытаешся, чаму ў кватэры трымаю? (Ківае на скульптурную выяву).
Шарэйша (смяецца). Дык мароз жа на дварэ! Сцюжа!
Паўтарацкі (таксама смяецца). Добра сказана – мароз на дварэ! Амаль гэтак жа я толькі што адказаў аднаму былому паліцаю.
Шарэйша. Праблема з паліцаямі?
Паўтарацкі (паціскае плячамі, няпэўна). Ну так… Прывалокся аднекуль… Патрабуе бацькаву зямлю, якую той у калгас некалі аддаў. Дык ён цяпер хоча перадаць яе ва ўласнасць унукам.
Шарэйша. А кажаш – праблем няма.
Паўтарацкі. У нас праблема не ў гэтым. Вельмі проста ён хоча вырашыць свой інтэрас. Ды і дзе гэта відана, каб?.. Словам, такім чынам пытанне яшчэ не ставіцца ўвогуле. Гэта – прыватная ініцыятыва. Падумалася чалавеку, што можна вярнуць бацькаву зямлю.
Шарэйша. А чаму б яму і не падумаць? Столькі размоў – прыватызацыя, фермерства, арэнда…
Паўтарацкі (усё роўна як не слухае).
Ну то сюды заказаць абед? Ці, можа, у рэстаран сходзім? Паглядзіш, які ён у нас. Нядрэнна гучыць – у калгасе рэстаран, га?
Шарэйша. Нядрэнна, нядрэнна. Але не спяшайся.
Паўтарацкі. Я гэта к таму, што Валянціны Рыгораўны няма. Паехала ў Мінск, да дачкі. Ну а калі не спяшацца, як ты кажаш, то мне таксама гэта дарэчы. Помніш палкоўніка Гарбавіцкага?
Шарэйша. Чаму ж не?
Паўтарацкі. Абяцаў пад’ехаць сёння. Бадай, ужо вось-вось недзе.
Шарэйша. Вось і цудоўна. Ён яшчэ служыць?
Паўтарацкі. На пенсіі. Хоць наўрад ці кадэбоўцы… Словам… Няйначай, яны на службе там заўсёды. Яўна ці тайна.
Шарэйша. Ты так думаеш?
Паўтарацкі (паціскае плячамі). Гэта ж як пасля дурдома – вылечыўся ці не вылечыўся, а вечна будзеш лічыцца за ім.
Шарэйша. Хіба што.
Паўтарацкі. Але пенсія ўсё-ткі ў яго невялікая. Можна сказаць, пабіраецца. Я таксама сёе-тое падкідваю яму. То пляшку гарэлкі, то штаны модныя.
Шарэйша. Няўжо не меў зберажэнняў?
Паўтарацкі. Якія цяпер зберажэнні? Усё ж ляснула па ўкладах пасля павышэння цэн. А ён да таго ж накупляў на свае грошы аблігацый. А тыя замарожаны. Вось і даводзіцца, можна сказаць, пабірацца. Але так яму і трэба!
Шарэйша. Чаму раптам?
Паўтарацкі. Ёсць за што. Тут перад табой адкрылася адна акалічнасць.
Зноў на вуліцы чуецца песня пра партызанаў, якія некалі занімалі гарады…
Шарэйша. Хто гэта?
Паўтарацкі. Ды так. Тутэйшы. За паліцаем палюе. Кажа, падаецца ў партызаны.
Шарэйша (смяецца). Не больш не менш?
Паўтарацкі. Гэты паліцай некалі выдаў немцам ягонага дзеда.
У кватэру, дзе застаюцца Паўтарацкі з Шарэйшам, ледзь не ўвальваецца Косця Яроцкі з ружжом за спіной.
Яроцкі. Дзе ён?
Паўтарацкі. Хто?
Яроцкі. Ну паліцай! Казалі ж, што міліцыянер да вас, Дзянісавіч, павёў яго.
Паўтарацкі. Міліцыянер прывёў, а я адпусціў.
Яроцкі. Навошта? Я тут бы яго і!..
Паўтарацкі. Ну але. Ты б яго, а міліцыянер бы цябе.
Яроцкі. Як гэта?
Паўтарацкі. А так! Па закону. За нападзенне на грамадзяніна. Я не думаю, што за забойства?
Яроцкі. А што?
Паўтарацкі. А тое, што я табе загадваў праспацца! А ты ўсё яшчэ блазнуеш і вёску трывожыш!
Яроцкі. Тады навошта Навумчык тут бадзяецца?
Паўтарацкі. У яго справа ёсць. Ён… Урэшце, што я табе павінен даводзіць? Ідзі-тка ты і праўда добра праспіся. Надакучыў!
Яроцкі. Не, так справа не пойдйе, Дзянісавіч.
Паўтарацкі. А як жа?
Яроцкі. Пайду ў партызаны.
Паўтарацкі. Ідзі, ідзі. Толькі не замінай. Бачыш (паказвае на Шарэйшу), чалавек у мяне.
Але Косця Яроцкі не спяшаецца слухацца. Паварочваецца да скульптурнай выявы Паўтарацкага.
Яроцкі. Бачыш, Дзянісавіч, як яны цяпер разважаюць? Гэтыя бацькі-камандзіры? Ім што былы паліцай, што савецкі чалавек – аднолькава. Усе зрабіліся законнікамі. Аказваецца, усе змагаліся супраць сталіншчыны, супраць таталітарызму. А таго не разумеюць, што гэта ад палахлівасці. Ты б сказаў яму (паказвае на жывога Паўтарацкага) пра гэта, калі мяне не хоча слухаць. (Жывому Паўтарацкаму). Эх вы, Васіль Дзянісавіч, а яшчэ герой! Ды мы вас ад каго хочаце абаронім! Няхай толькі паспрабуюць!
Косця Яроцкі з крыўдай выходзіць.
Паўтарацкі. Бачыш, што адбываецца, Андрэй Сцяпанавіч?
Шарэйша. Вайна, Васіль Дзянісавіч, вайна працягваецца. Былыя паліцаі пачынаюць адкрыта змагацца з былымі партызанамі.
Паўтарацкі. Толькі гэтага цяпер не хапала!
Шарэйша. Але паслухай, што і я табе раскажу, Васіль Дзянісавіч. У сорак трэцім у нас жывымі былі спалены людзі ў трох вёсках. Хто ў царкве, хто ў свіране… Але па адной камандзе, якой стаў царкоўны звон. У нас цяпер на ўсіх тых месцах помнікі стаяць.
Паўтарацкі. Пазванілі… і ў полымя?
Шарэйша. Але я не пра гэта. Дакладней, не толькі пра гэта. Палілі людзей па загадзе аднаго маёра, з нашых, за граніцай ён пасля вайны генералам стаў. Жонка яго таксама з нямецкіх прыхільнікаў. Урэшце, гэта гісторыя вядома. Дык вось нядаўна прыязджае да мяне адзін наш міністр, аказваецца, едзе ў Штаты. I просіць раптам – ці нельга той кабеце адвезці што-небудзь ў падарунак з радзімы мужавай?
Паўтарацкі. Ну а ты?
Шарэйша. А што я? Я, як і ты свайму паліцаю. Давайце, кажу, вынясем гэтае пытанне з падарункам на агульны сход калгаснікаў.
Паўтарацкі. Ну а што міністр?
Шарэйша. Ці ён жа дурны?
Паўтарацкі. Тады навошта сярод нас дурняў шукае?
Шарэйша. Цяпер гэта модна. Так што сёння ва ўсіх галінах жыцця адбываюцца цікавыя і складаныя працэсы, Васіль Дзянісавіч. Між тым, я прыехаў да цябе…
Паўтарацкі. Зразумела, не пра адных жа паліцаяў размовы весці. Але ўсё-ткі мне хацелася б ведаць адну рэч – кім сталі дзеці, унукі, пляменнікі гэтага Навумчыка? Няйначай, з дапамогай савецкай улады, з якой ён змагаўся, ужо недзе дэлегатамі сталі, дэпутатамі, рознымі членамі і па-зачленамі… I няйначай жа, што цяпер таксама лічаць сябе змагарамі супраць гэтай улады. Між тым, ці не паклапаціцца нам сапраўды пра абед? Калі яшчэ тыя госці?
Васіль Дзянісавіч звоніць па тэлефоне. З кімсьці цамаўляецца пра абед.
Паўтарацкі (кладзе трубку, да госця). А што табе, Андрэй Сцяпанавіч, гэтак моцна зарупіла?
Шарэйша. Пагаварыць пра жыццё. Як яго ладзіць далей?
Паўтарацкі. Хто ж гэта цяпер ведае? Праўда, ты доктар навук. Здавалася б, табе і карты ў рукі. Але ж гэта гадоў колькі назад можна было слухаць дактароў-эканамістаў. Цяпер і на іх плююцца.
Шарэйша (усміхаецца). Бо эканамічныя і палітычныя прагнозы не даюцца сёння. Усё адны абяцанкі-цацанкі. А дурням радасць…
Паўтарацкі (задаволена). Твая праўда. Але ж на гэта прычыны ёсць. Да ўлады дапалі павярхоўныя людзі. I ў Вярхоўным Савеце і ва ўрадзе. Тым часам на Грамадзянскай плошчы прыкметна дзейнічаюць толькі дзве сілы – былыя і новыя камуністы і так званыя дэмакраты.
Шарэйша. Дэрмакраты. Здаецца, так іх пачынаюць называць?
Паўтарацкі. Дзіўна, але яшчэ год назад здавалася…
Нехта стукаецца ў дзверы. Заходзіць афіцыянтка з калгаснага рэстарана з дзвюма вялікімі торбамі ў руках.
Паўтарацкі (да яе). Гэта ты, Сонечка? Добра, наладжвай нам стол. Вось у тым кутку. (Паказвае). Так, рассоўны, ты ж ведаеш, як гэта робіцца.
Дзяўчына пачынае завіхацца каля стала.
Паўтарацкі. Дэрмакраты-то дэрмакраты! На мянушкі ў нас здатныя. Але ўсё-ткі яны моцна прагнуць улады. Значыць, не так сабе?
Шарэйша. Зразумела, што не так сабе. Але ж патрэбна і трэцяя сіла.
Паўтарацкі. Нешта цяпер даволі актыўна бяруцца за гэтае слова – трэцяе са- слоў’е, трэцяя сіла… Цікава, а як ты ўяўляеш яе сабе?
Шарэйша. Трэба ствараць новую партыю.
Паўтарацкі. Дык іх жа цяпер, партый, як на гайні выжлаў.
Шарэйша. Гэта тых, што з боку-прыпёку. А сапраўдных якраз і няма. Вось з гэтым я і прыехаў да цябе, Васіль Дзянісавіч.
Паўтарацкі. I якую ж ты партыю маеш намер стварыць, Андрэй Сцяпанавіч?
Шарэйша. Ну назвы яшчэ пэўнай у нас няма. Але змест ёсць – аграрна-прамысловая.
Паўтарацкі (задумваецца). Зразумела, Андрэй Сцяпанавіч, зразумела. Таму і я спатрэбіўся?
Шарэйша. Так.
Паўтарацкі. Не, Андрэй Сцяпанавіч, не. Я застануся ў гэтай партыі, у нашай з табой, якая прыпынена. Вярхоўным Саветам. Самімі ж камуністамі, якія прабраліся туды пад сцягам партыі. Слабакамі мы… аказаліся. Не, нашы з табой таварышы цяпер на гарматы па кранштацкім лёдзе не пойдуць.
Шарэйша. Ты не зусім так зразумеў мяне, Васіль Дзянісавіч.
Паўтарацкі. А што тут разумець? Ты стварай новую партыю, а я застануся ў старой, няхай што і ўшчэнт знявечанай. Дарэчы, ты размаўляў пра гэта з цяперашнімі камуністамі?
Шарэйша. Размаўляў. I даволі доўга.
Паўтарацкі. Ну і што?
Шарэйша. А тое, што нічаму яны не навучыліся. Здцыкліліся на старых догмах, точаць невядома на каго нажы, як цецерукі на таку. Не, адзіная сіла цяпер – гэта рабочыя і сяляне.
Паўтарацкі. Дык і раней жа гэтак гаварылі.
ІПарэйша. Ну раней толькі гаварылі, цяпер будзе наадварот. Рабочыя і сяляне сапраўды будуць набываць сілу.
Паўтарацкі. Дай Бог нашаму цяляці…
Дзяўчына тым часам скончыла стаўляць на стол закусь, выняла з торбы дзве бутэлькі каньяку. Паклікала: «Васіль Дзянісавіч!»
Паўтарацкі. А-а, Сонечка! (Да госця). Ну то пойдзем? Далучымся да рэвалюцыі?
Шарэйша. Чаму да рэвалюцыі?
Паўтарацкі. Прычапілася неяк гэта. Вось я і паўтараю часам. (Да дзяўчыны). Ты, Сонечка, можаш… Але не, лепей я зноў пазваню, а ты прыйдзеш, забярэш усё гэта, калі, вядома, што застанецца. (Падштурхвае госця). Хадзем, хадзем, Андрэй Сцяпанавіч. А то мы за палітыкай маглі прапусціць калі не самае галоўнае, то вельмі істотнае.
Шарэйша (смяецца, але найбольш з далікатнасці). Не кажы, Васіль Дзянісавіч.
Дзяўчына выходзіць. Паўтарацкі глядзіць услед.
Паўтарацкі. Неспакушае, Андрэй Сцяпанавіч? А то…
Шарэйша. Мне даўно казалі, што ў цябе тут, як некалі ў панскай сядзібе. Можа, і права першай ночы скарыстоўваецца?
Паўтарацкі. Не кажы глупства!.. Але калі ёсць патрэба, можам дапамагчы.
Шарэйша (смяецца, круціць галавой). Не, даражэнькі, не! Я сам выбіраць умею, яшчэ ж не зломак. Ты мне лепей з партыяй дапамажы.
Паўтарацкі. Ды і я не зломак, як ты кажаш. Але ж, на жаль, нашы жонкі раней за нас старэюць.
Сядаюць за стол. Гаспадар налівае каньяк у чаркі, мінеральную ваду ў шклянкі. Кажа: «Рады, «што прыехаў». Выпіваюць, закусваюць і нейкі час маўчаць. Нарэшце…
Паўтарацкі. А чаму гэткая паспешлівасць з партыяй?
Шарэйша. Дык рэферэндум жа на парадку дня. Значыць, новыя выбары. А мы хочам дэмакратычным шляхам да ўлады прыйсці як вылучэнцы рабочых і сялян аграпрамысловага комплексу. Ты ўсё-ткі падумай, Васіль Дзянісавіч.
Паўтарацкі. Падумаю. (Зноў налівае чаркі). Але скажы, што ты з калгасам збіраешся рабіць? Усё-ткі прыватызацыя прымусіць нас нешта рабіць.
Шарэйша. У нас ужо ўсё вырашана. Здаем гаспадарку ў арэнду фермерам. А ты?
Паўтарацкі. Але ці не застанешся ты са сваёй арэндай сам без штаноў?
Шарэйша. Усё можа быць. Але калі ваўка баяцца, то ў лес няварта хадзіць. Ды я чамусьці ніколі і не марыў у жыцці багатым быць. Так што…
Паўтарацкі. А я вось хачу. Таму і думаю акцыяніраваць калгас.
Шарэйша. Ну з калгасам давядзецца штосьці рабіць – тут хочаш не хочаш, а мусіш. А вось наконт багацтва… Нешта я не веру тут. Я разумею, калі чалавек імкнецца з беднасці ў багацце. А тут… Не, Васіль Дзянісавіч, як быццам блазнуеш.
Паўтарацкі. Нешта мне гавораць апошні час – блазнуеш, блазнуеш… А я і не думаю. Гэта ж – ад збянтэжанасці. Няўжо не зразумела хоць табе? Ад збянтэжанасці, ну ад непадрыхтаванасці да новага жыцця, скажам. Усе хапаюць, што толькі ўбачаць, што пад рукамі апынецца, таму і сам пачынаеш торгацца.
Звоніць тэлефон.
Паўтарацкі (з палёгкай). Здаецца, нарэшце мінскія госці.
Шарэйша. О, тады мне час ехаць!
Паўтарацкі. Ці варта спяшацца? Тым больш, што прыязджае наш знаёмы.
Шарэйша (усхопліваецца з-за стала). Справы, справы!.. Мне яшчэ трэба сёння заехаць да аднаго паважанага чалавека.
Паўтарацкі (беручы трубку тэлефона, Шарэйшу). Ты нечым нагадваеш мне цяпер, Андрэй Сцяпанавіч, гогалеўскага Чычыкава. Шукаеш мёртвыя душы?
Шарэйша. Ну да мёртвых яшчэ нам далёка. Хапае жывых.
Паўтарацкі (у трубку). Алё, алё. А-а, гэта ты, Павел Ягоравіч. (Слухае). А я думаў, госці з Мінску. Ну то добра. Не, не. Толькі не зараз. У мяне сёння спрэс госці. Дзень адведак. Так, так. (Кладзе трубку, да Шарэйшы). Дык я кажу, Андрэй Сцяпанавіч, навошта спяшацца?
Шарэйша. Не, мне якраз пара.
Шарэйша ідзе ў калідор апранацца. Гаспадар за ім. Тады вяртаецца, падыходзіць да сваёй скульптурнай выявы.
Паўтарацкі. Бачыш, Васіль Дзянісавіч, якімі мы людзьмі сталі? Усе выбіты з каляіны. Андрэй Сцяпанавіч лётае, як некалі Чычыкаў, з раёна ў раён, спрабуе ўтрымаць на паверхні жыццё, як той човен. Я блазную. Хачу ўкруціць сябе ў новыя гаспадарчыя структуры, налева і направа хлушу, што хачу стаць мільянерам. А чаго мне дагэтуль не хапае? Скажы! Ага, маўчыш! Але я тым не менш зайздрошчу табе. Табе ўжо не трэба мяняцца ды падыгрываць абы каму. Ты мая мяжа, ты маё сумленне, Васіль Дзянісавіч. Ды чорт з імі з усімі! Даўно я не стаяў на галаве. Можа, пасля гэтага розуму дадасца.
Апіраючыся на рукі, Паўтарацкі становіцца перад скульптурай дагары нагамі і доўга трымаецца так.
Нарэшце прыязджаюць да Паутарацкага мінскія госці, а ён усё яшчэ стаіць, можна сказаць, на галаве. У пакой заходзяць палкоўнік у адстаўцы Гарбавіцкі, доктар Стружка і маладая дзяўчына Ліна. Усе, акрамя Гарбавіцкага, здзіўлены, як стаіць Васіль Дзянісавіч. Першая прыходзіць у сябе Ліна.
Ліна (да Міхаіла Хведаравіча). Дык вось гэта, гаспадары, Міхаіл Хведаравіч?
Гарбавіцкі. Так, Ліначка, так.
Ліна. Колькі ж іх тут?
Гарбавіцкі. Ды вось лічы.
Ліна (адразу паказвае на бюст). Адзін. Гэта можна прызнаць за чалавека, дарма што з гліны.
Гарбавіцкі. Нез гліны, Ліначка, а ў бронзе. Васіль Дзянісавіч Паўтарацкі ўвасоблены ў бронзе.
Ліна. А гэты? Што гэта за фігура такая? (Паказвае на жывога Паўтарацкага).
Гарбавіцкі. Сама ж бачыш.
Ліна. I колькі ён будзе стаяць так?
Гарбавіцкі. Бывае, стаіць падоўгу. Я не адзін раз назіраў за гэтым. Але цяпер… Госці ж у яго. Ды і ты вось такая маладая ў нас. Дык якая карысць яму стаяць дагары нагамі? Не тая поза.
Невядома, што прыходзіць доктару Стружку ў галаву пры гэтай размове, але ён раптам пачынае рагатаць. Васіль Дзянісавіч перакручваецца ў паветры, тупка становіцца на ногі.
Гарбавіцкі. Ты, бачу, не пакідаеш прывычку сваю пастаяць на галаве?
Паўтарацкі. Прыемна, ведаеш, бачыць перад сабой перавернутых людзей.
Стружка. Ну цяпер гэта няхітрая справа, Васіль Дзянісавіч. Цяпер у нас, можна лічыць, усе і ўсё перавернута.
Гарбавіцкі (зноў бярэ на сябе размову). Дарэчы, Васіль Дзянісавіч, знаёмцеся. Доктар Стружка.
Стружка. Вельмі прыемна.
Гарбавіцкі. А гэта – наша Ліначка.
Паўтарацкі. Навошта ж адразу… і доктар і масажыстка? Яна што – пры ім заўсёды? Выязная?
Гарбавіцкі. Доктар – спецыяліст па бародаўках.
Паўтарацкі. Адзін такі вось ужо ганяўся за маёй папіломай. Але я, дзякаваць Богу, уратаваўся.
Ліна. Як жа вам гэта ўдалося, Васіль Дзянісавіч?
Паўтарацкі. А я таго доктара паступова спаіў, як гасцінны гаспадар.
Ліна. Ну-у, Васіль Дзянісавіч! Аказваецца, вы небяспечны чалавек?
Паўтарацкі. Калі даводзіцца ратавацца, мілая дамачка, то… (Глядзіць на доктара Стружку). Цікава б даведацца, што ў ягонай барадзе хаваецца? Якая пагроза?
Гарбавіцкі. Для цябе, Васіль Дзянісавіч, бадай, аніякай. Ну пазбавішся нарэшце папіломы сваёй і колаў для «Масквіча».
Паўтарацкі. Гэта плата за бародаўку?
Стружка. Калі будзе на тое вашая ласка…
Паўтарацкі. Якая тут ласка? Вашы грошы – мае колы. Здаецца, яшчэ адны ёсць у гаражы.
Гарбавіцкі. Добра, добра, пра плату мы пасля змовімся. Дзе ж твая Валянціна Рыгораўна?
Паўтарацкі. Маглі сустрэць па дарозе.
Гарбавіцкі. Яе не сустрэлі. Але ці не Шарэйша гэта адсюль выскачыў?
Паўтарацкі. Так.
Гарбавіцкі. Што яму патрэбна было ў цябе?
Паўтарацкі. Ты пытаешся, як у старыя свае часы. Ну прыязджаў.
Гарбавіцкі. Я гэта к таму, што шчаслівы той чалавек, у якога і сяброў шмат і гасцей многа.
Паўтарацкі. А-а, ты вунь пра што? А я вось нядаўна прачытаў у адной кніжцы, што гэта не так, Міхаіл Хведаравіч. Аказваецца, сапраўдным чалавекам становішся тады, калі набываеш ворагаў.
Гарбавіцкі. Ну не без таго, Васіль Дзянісавіч.
Паўтарацкі. А ты, таварыш палкоўнік, друг мне ці вораг?
Гарбавіцкі. Ну што ты, Васіль Дзянісавіч! Ад каго ад каго, ад цябе ўжо ніяк не чакаў!
Паўтарацкі. Мы з тваёй здрадай, Міхаіл Хведаравіч, яшчэ разбярэмся. Давай-тка ўладкуем спярша гасцей. (Бярэ трубку тэлефона). Алё, гасцініца? Мар’я Іванаўна, тут да мяне госці прыехалі. Ён і яна. Дарэчы, сталічныя дактары. Вось толькі я не ведаю, ці ёсць у вас папілома. (Паварочваецца да гасцей, смяецца). Кабета, бачыце, не ведае, што такое папілома. (Пытаецца ў доктара Стружкі з Лінай). Як вам? Адзін нумар на дваіх прасіць ці паасобку будзеце жыць?
Гарбавіцкі (адказвае за ўсіх). Паасобку, паасобку!
Паўтарацкі. Дык вось, Мар’я Іванаўна, кажуць – паасобку. I Міхаілу Хведаравічу нумарок падбяры. Так, так, і ён прыехаў. Ну дык… падумай, усё-ткі, Мар’я Іванаўна, пра сваю папілому. Урэшце, доктар дапаможа адшукаць, дзе яна, у якім месцы. Не можа быць, каб у жанчыны ды не было папіломы. (Кладзе трубку, да гасцей). Ну вось, як кажуць, азадачылі кабету. Так што старайцеся, доктар. Мы вам бародавак тут шмат пазнаходзім. I работы хопіць і хабару таксама. Ну, Міхаіл Хведаравіч, госці няхай размяшчаюцца ў гасцініцы. Там і абедаць будзем. А ты пачакай пакуль тут.
Доктар Стружка і масажыстка Ліна выходаяць.
На сцэне – Паутарацкі і Гарбавіцкі.
Гарбавіцкі. Пра якую ты здраду маю перад табой згадваў тут?
Паўтарацкі. А вось пра якую! (Размахваецца і б’е што ёсць моцы Гарбавіцкага па скроні).
Гарбавіцкі хапаецца правай рукой за балючае месца, амаль з жахам таропіць вочы на гаспадара.
Гэта табе за Дануту, якую ты шантажыраваў, выкарыстаўшы свой кадэбоўскі метад. I не пярэч і не апраўдвайся. Яна мне пра ўсё расказала сёння. (Паказвае на скульптурную выяву). Вось за яго. Абразу нанёс ты яму. Гэта ён твой друг-таварыш. І ніколі, на жаль, ужо не адпомсціць. Бо страціў такую магчымасць. Што ж датычыць мяне… Настаў час расчараванняў. Усе мы, Міхаіл Хведаравіч, у вялікім дзярме апынуліся. I па вашай таксама, палкоўнік, віне. Ты маўчы, маўчы. Я тут прывык размаўляць адзін. Толькі Васіль Дзянісавіч (ківае на скульптурную выяву) чуе. А цяпер вось і ты. Дык пра вялікае дзярмо, у якім мы ўсе апынуліся і па віне дзяржаўнай бяспекі. I, можа, найперш, як кажуць, куды глядзелі? Цяпер увесь час адчуваеш, што ідзеш па чымсьці брыдкім. Але ты не бойся. Старых прыяцеляў кідаць мне позна ўжо, а новых… Дык чаму сярод новых такое вось здрадлівае гаўно, як ты, не сустрэнецца? Так што па-ранейшаму прыязджай да мяне, мой даўні камсамольскі прыяцель, з якім мы нямала перабралі некалі дзевак. Але за Дануту не дарую.
Гарбавіцкі. Пры чым тут Данута? Я табе вось прывёз зусім маладую.
Паўтарацкі. Няйначай, новую кошку, якая ўлезе з кіпцюрамі ў душу?
Гарбавіцкі. Асоба правераная.
Паўтарацкі. Кім?
Гарбавіцкі. Доктар гарантуе. Гэта яго кадра.
Паўтарацкі. І ён не шкадуе адцаць мне?
Гарбавіцкі. За колы для «Масквіча» ён што хочаш адцасць. Ды яшчэ калі па зусім нядаўняй цане.
Паўтарацкі. Як гэта?
Гарбавіцкі. Ну па семсот за адно кола. Я яму абяцаў. Бо прыехалі на яго «Масквічы».
Паўтарацкі. Дзіўна ў нас выходзіць. Табе дай штаны, дружбаку твайму колы. Цікава, што запатрабуе яна? Але няхай. Дык за Дануту табе аднае поўхі хопіць? А то глядзі, я на расправу скоры. Вунь і вінтоўка вісіць. (Паказвае на сцяну). Тым больш што ў апошні час я нярэдка бяру яе ў рукі. Гэта, кажуць, нядобра, бо куля тады абавязкова вылятае са ствала, хочаш – не хочаш. А, Васіль Дзянісавіч (да сваёй скульптурнай выявы), пакінем яго жывога? А ў сваім сяброўстве? Маўчыш? Так брыдка і табе і мне за нашага даўняга сябра. Але ты пачакай, вось зараз мы сходзім у рэстаран на абед, тады яшчэ пагаворым. Хадзем, Міхаіл Хведаравіч, пакуль мы з Васілём Дзянісавічам не перадумалі ды ўсё яшчэ гасцінныя.
Паутарацкі і Гарбавіцкі выходзяць.
Заходзіць Косця Яроцкі. Азіраецца, але не бачыць у пакоі гаспадара. Падыходзіць да сцяны, дзе вісіць вінтоўка. Здымае яе. Круціць у руках, клацае затворам. Тады здымае сваё ружжо з правага пляча, вешае на тое месца, дзе была вінтоўка Паўтарацкага. Паварочваецца ісці з вінтоўкай, аіе тут жа перадумвае, вяртаецца назад, бярэ сваё ружжо, а вінтоўку вешае.
Яроцкі (падыходзіць да скульптурнай выявы старшыні). Ну скажы хоць ты, Васіль Дзянісавіч! Сярод жывых не знайсці ніякай рады. Усе ледзь не смяюцца з мяне, што я хаджу па вёсцы з гэтай дубальтоўкай ды пагражаю пайсці ў партызаны, каб паквітацца з сапраўдным забойцам майго дзеда. Усе наракаюць на вайну ды на немцаў. Быццам бы немцы маглі нарабіць тут столькі шкоды без нашых? Што маўчыш? Ты ж не абцяжараны цяперашнімі чалавечымі хітрыкамі? Нават бояззю? Эх, людзі! Вы думаеце, мне толькі і забавы тое, што палохаць нейкага паліцая? Але адпомсціць забойцу – святая справа. I на дзедавай магіле напісаць чорнымі літарамі: «Мяне, моў, забіў наш паліцэйскі Навумчык». Не выдаў, а якраз забіў.
Махае рукой, выходзіць.