Наталля Лісіцкая, 2002
Пераклад «Слова пра паход Ігараў» Івана Чыгрынава
«Слова пра паход Ігаравы» – адзін з самых значных старажытных твораў. Як агульная спадчына трох усходнеславянскіх народаў «Слова…» цікавіць не толькі літаратуразнаўцаў. Аднак з-за зменаў, што адбыліся ў мове з часу напісання твора, прачытанне арыгінала і яго поўнае разуменне недаступнае звычайнаму чытачу. Таму ўзрастае важнасць мастацкага перакладу тэксту на сучасную беларускую мову.
Сёння ёсць шэраг поўных перакладаў – Янкі Купалы (1919, 1921), Максіма Гарэцкага (1922, 1925), Рыгора Барадуліна (1985), Віктара Дарашкевіча (1985), Івана Чыгрынава (1991), а таксама шматлікія пераклады ўрыўкаў.
Наяўнасць такой іх колькасці ставіць чытача перад праблемай выбару. Сучаснае літаратуразнаўства можа рэкамендаваць найбольш дакладны па змесце пераклад, які да таго ж захаваў мастацкія вартасці арыгінала. Пераклад Івана Чыгрынава, упершыню надрукаваны ў 1991 г., яшчэ не ацэнены належным чынам.
Аналізуючы дакладнасць перадачы зместу і кампазіцыі арыгінала, варта адзначыць, што I. Чыгрынаў пазбягаў мастацка-тлумачальнага перакладу і імкнуўся да дакладнага. Такі падыход дазваляе максімальна захаваць кампазіцыю літаратурнага помніка, не адступаючы ад дакладнай перадачы зместу. Спынімся на выпадках, дзе перакладчык не прытрымліваўся свайго асноўнага прынцыпу.
Першае разыходжанне ёсць ужо ў назве перакладу: замяніўшы «Слова о плъку Игоревѣ, Игоря, сына Святьславля, внука Ольгова» на кароткае «Слова пра паход Ігараў», пісьменнік тым самым адмовіўся ад вылучэння ў назве гістарычнага кантэксту разгляданых падзей.
Спрэчным падаецца пераклад урыўка «Слова…» нъ се зло – Княже ми не пособіе: на ниче ся годины обратиша (Слова, 35). У чыгрынаўскім тэксце: Ды вось мне бяда – княская непакорлівасць назад часы перавярнула (Чыгр, 108). На першы погляд падаецца неправамерным атаясамліванне слоў непособіе і непакорлівасць, тым больш, што і ў тлумачальным перакладзе Дз. Ліхачоў пазначаў: «…но вот зло – князья мне не в помощь (остальные князья мне не помогают)». Аднак значна раней, чым I. Чыгрынаў, аналагічна патлумачыў гэты ўрывак А. Тварагоў: «Но вот мне беда – княжеская непокорность». Адметна, што перакладчык і ў іншых выпадках робіць выбар на карысць навейшых тлумачэнняў.
Відавочна, што I. Чыгрынаў не толькі глыбока «адчуваў» «Слова…», але і быў знаёмы са шматлікімі даследаваннямі помніка. Таму будзе справядлівым прызнаць высокую дакладнасць перакладу.
Вартасці чыгрынаўскага тэксту не вымяраюцца толькі дакладнасцю перадачы зместу (у такім выпадку было б дастаткова простага пераказу).
Перакладчык максімальна захаваў, перадаўшы сродкамі сучаснай мовы, паэтыку помніка.
Так, за восем стагоддзяў, што мінулі з часу напісання «Слова…», зніклі шматлікія рэаліі, апісаныя ў помніку. Відавочна, што ў сучаснай беларускай мове няма слоў для іх называння. Таму ў перакладзе шмат гістарызмаў: стромы, шабля, лук, калчан і іншыя: А мае куране бывалыя воі: пад трубамі ўзрошчаныя, пад шоламамі ўзгадаваныя, з канца кап’я ўскормленыя; шляхі ім вядомыя, стромы ім знаёмыя, лукі ў іх нацягнутыя, калчаны раскрытыя, шаблі навостраныя (Чыгр, 105).
Як відаць з прыкладу, гістарызмы не з’яўляюцца туг сродкамі мастацкай выразнасці, а толькі пазначаюць рэаліі часу стварэння помніка.
Разам з гістарызмамі ў перакладзе шмат архаізмаў: воі, шолам, коган, сыноўцы, русіны і іншыя: …з вамі, русіны, хачу альбо галаву палажыць, альбо шоламам вады напіцца з Дона (Чыгр, 105).
У гэтым і іншых урыўках перакладчык мог ужыць сучасныя беларускія словы (воіны замест воі, шлем замест шолам, князь замест коган і г.д.), але свядома выкарыстаў архаізмы з мэтай захавання стылістыкі «Слова…».
Асабліваму сугуччу перакладу з арыгіналам спрыяе наяўнасць слоў, што захаваліся ў сучаснай мове без зменаў гукавога аблічча і семантыкі. Параўнаем адпаведныя ўрыўкі: Чръна земля подь копыты, костьми была посѣяна, а кровію польяна; тугою взыдоша по Руской земли (Слова, 25–26) – Чорная зямля пад капыты касцямі пасеяна, а крывёй паліта; тугой узышлі яны па Рускай зямлі (Чыгр, 107). Варта адзначыць, што перакладчык карыстаўся гэтым прыёмам вельмі асцярожна: калі слова, ужытае ў помніку, захавалася ў мове, але змяніла семантыку, I. Чыгрынаў замяняў яго дакладным сучасным адпаведнікам. Так, пры перакладзе сказа Уже бо, Братіе, не веселая година въстала (Слова, 27) ён, разумеючы сэнсавае адрозненне старажытнарускай годины ад гадзіны ў сучаснай мове, выкарыстаў не сугучнае слова, а семантычна апраўданае час: Вось ужо, брацця, невясёлы час настаў (Чыгр, 107).
Адзначаючы вартасці перакладу, нельга не сказаць пра сур’ёзны недахоп: у перакладзе ёсць русізмы. Так, слова брацця (замест ужывальнага ў сучаснай мове браты) сустракаецца 8 разоў, напрыклад: I сказаў Ігар дружыне: «Брацця і дружына! Лепей забітым быць, чым узятым у палон…» (Чыгр, 105). Сустракаюцца (праўда, зрэдку) і іншыя русізмы, напрыклад, жаласць замест жаль (Hiкне зямля ад жаласці, а дрэва ад смутку да зямлі прыхілілася; Чыгр, 107), склонавая форма з прыназоўнікам, характэрная для рускай мовы (О, далёка заляцеў сокал, забіваючы птушак, – к мору; Чыгр, 107), заляцеў к мору замест заляцеў да мора.
У перакладзе захаваныя граматычныя катэгорыі, якія існуюць у мове з часоў напісання помніка. Так, плюсквамперфект, які двойчы сустракаецца ў «Слове…», адлюстраваны і ў тэксце Чыгрынава: Тіи бо два храбрая Святъславлича, Игорь и Всеволодъ – уже лжу убуди, которою то бяше успилъ отецъ ихъ – Святъславъ грозный Великый Кіевскый. Грозою бяшеть; притрепалъ своими сильными плъкы и харалужными мечи… (Слова, 29) – Бо тыя адважныя Святаслаўлічы, Ігap і Усевалад, непакорлівасцю зло прабудзілі, якое ўсыпіў быў бацька іхні, – Святаслаў грозны вялікі Кіеўкі, – гразою сваёй, уціхамірыў сваімі моцнымі пальцамі і сталёвымі мячамі… (Чыгр, 107). Разам з тым І. Чыгрынаў адмовіўся ад ужывання клічнага склону, які з’яўляецца састарэлай катэгорыяй у сучаснай беларускай мове, і замяніў яго назоўным: Адзін брат, адзін свет светлы – ты, Ігap! (Чыгр, 105) – Одинъ братъ, одинъ свѣтъ свѣтлы ты Игорю! (Слова, 15).
Такім чынам, I. Чыгрынаў у перакладзе адлюстраваў стыль «Слова…» сучаснымі моўнымі сродкамі.
Разгледзім, як перакладчык перадаў тропы арыгінала. Параўнаем урыўкі з метаніміяй, найчасцей ужытай у «Слове…»: Ту Игорь Князь высѣдѣ изъ сѣдла злата, а въ сѣдло Кощіево (Слова, 30) – Тады Ігар-князь перасеў з залатога сядла ў сядло нявольніка (Чыгр. 107); Хощу бо, рече – копіе приломити конецъ поля Половецкого съ вами, Русици, хощу главу свою приложити, а любо испити шеломомъ Дону (Слова, 14) – Хачу, – сказаў, – кап’ё пераламаць на краі поля Палавецкага; з вамі, русіны, хачу альбо галаву палажыць, альбо шоламам напіцца з Дона (Чыгр, 105). З прыведзеных прыкладаў відаць, што I. Чыгрынаў імкнуўся да даслоўнасці, і толькі там, дзе гэта немагчыма, звяртаўся да мастацкага тлумачэння (въ сѣдло кощиево – у сядло нявольніка).
Асаблівай выразнасці перакладу спрыяе старанны падбор адпаведнікаў эпітэтам арыгінала: А Святъславъ мутенъ сонъ видѣ въ Киевѣ на горахъ (Слова, 30–31) – А Святаслаў трывожны сон бачыў на горах у Кіеве (Чыгр, 107); Се бо готъскыя красныя дѣвы въсѣша на брезѣ синему морю (Слова, 33) – Вось ужо гоцкія прыгожыя дзяўчаты запелі на беразе сіняга мора (Чыгр, 107).
У «Слове…» шмат параўнанняў. Яны захаваныя ў перакладзе, што перадае вобразнасць помніка. Напрыклад: Не ваю ли храбрая дружина рыкаютъ акы туры, ранены саблямі калеными, на полѣ незнаемѣ? (Слова, 37) – Ці не ваша адважная дружына рыкае, як туры, параненыя шаблямі гартаванымі, у полі чужым? (Чыгр, 108); Высоко плаваеши на дѣло въ буести, яко сокол на вѣтрехъ ширяяся… (Слова, 39) – Высока ляціш ты на справу ў ахвоце, нібыта сокал, на вятрах лунаючы (Чыгр, 108).
Захаваная ў перакладзе гіпербала: Ты бо можеши Волгу веслы раскропити, а Донъ шеломы выльяти! (Слова, 41) – Ты ж можаш Волгу вёсламi распляскаць, а Донъ шоламамі вычарпаць (Чыгр, 108).
Метафара таксама паслядоўна пераносіцца з арыгінала ў пераклад: Уже бо Сула не течетъ сребреными струями къ граду Переяславлю… (Слова, 41) – Бо Сула ўжо не цячэ срэбнымі ручаямі к гораду Пераяславу… (Чыгр, 108).
Не засталася без увагі перакладчыка іронія, выкарыстаная старажытным аўтарам: …ту пиръ докончаша храбріи Русичи: сваты попоиша, а сами полегоша за землю Рускую (Слова, 26) – …тут пір скончылі адважныя русіны, сватоў напаілі, а самі палеглі за зямлю Рускую (Чыгр, 107).
Шырока пададзены ў перакладзе сінтаксічны паралелізм арыгінала: Тяжко ти головы, кромѣ плечю, зло ти тѣлу кромѣ головы: Руской земли безъ Игоря (Слова, 52) – Цяжка, калі галава без плячэй, гора і целу без галавы – Рускай зямлі без Ігара (Чыгр, 110); Солнце свѣтится на небесѣ, Игорь Князь въ Руской земли (Слова, 52) – Сонца свеціць на небе – Ігар-князь на Рускай зямлі (Чыгр, 110).
Ёсцьу перакладзе і празапея, перанесеная з арыгінала: Копіа поютъ (Слова, 45) – Коп’і пяюць (Чыгр, 109); Донецъ рече… (Слова, 49) – Данец спытаў (Чыгр, 110).
Такім чынам, тропы, выкарыстаныя ў «Слове…», паслядоўна адлюстраваны ў чыгрынаўскім тэксце, што сведчыць пра блізкасць паэтыкі перакладу і арыгінала.
На сінтаксічным узроўні таксама відавочнае падабенства перакладу з арыгіналам. I. Чыгрынаў пабудаваў тэкст у цэлым і асобныя сказы па тых самых мадэлях, што і старажытны аўтар. Каб праілюстраваць гэта, спынімся на некалькіх прыкладах.
У старажытнарускім тэксце чытаем: а не сорокы втроскоташа. На слѣду Игоревѣ ѣздитъ Гзакъ съ Кончакомъ (Слова, 51). Перад намі бяззлучнікавы сказ з параўнальнымі адносінамі (прыём адмоўнага параўнання). Такі самы сказ у перакладзе: Гэта не сарокі застракаталі – па следзе ўжо імчыць наўздагон Гзак з Канчаком (Чыгр, 110). Ярославна (у)рано плачетъ въ Путивлѣ на забралѣ, аркучи (Слова, 46) – просты поўны двухсастаўны развіты сказ, ускладнены адзіночным дзеепрыслоўем. Аналагічная сінтаксічная канструкцыя ў перакладзе: Яраслаўна з ранку плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы (Чыгр, 109). Яшчэ адзін прыклад: На Немизѣ (р) снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, веютъ душу отъ тѣла (Слова, 44) – На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, на таку жыццё кладуць, душу веюць ад цела (Чыгр, 109). У абодвух сказах пададзены складаныя бяззлучнікавыя сказы са злучальнымі адносінамі; у іх складзе вылучаюцца чатыры простыя, размешчаныя паралельна. Кожны з іх – поўны аднасастаўны няпэўна-асабовы развіты.
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, сінтаксіс перакладу максімальна набліжаны да сінтаксісу арыгінала, што, бясспрэчна, з’яўляецца значнай заслугай перакладчыка.
Такім чынам, пераклад I. Чыгрынава дастаткова дакладна перадае змест і кампазіцыю арыгінала. Перакладчык здолеў захаваць мастацкія асаблівасці мовы арыгінала, выкарыстаўшы сучасныя семантычныя і граматычныя сродкі. Гэтаму спрыяла выкарыстанне гістарызмаў і архаізмаў, граматычных катэгорый, наяўных у сучаснай мове. Ужыванне русізмаў некалькі зніжае эстэтычныя якасці перакладу, не парушаючы, увогуле, агульнага ўражання ад прачытанага. I. Чыгрынаў дакладна і паслядоўна перадаў тропы старажытнага тэксту, выкарыстаў сінтаксічныя канструкцыі і мадэлі арыгінала.
Чыгрынаўскі пераклад «Слова пра паход Iгараў» заслугоўвае далейшага вывучэння і супастаўлення з іншымі перакладамі і можа быць рэкамендаваны масаваму чытачу. Пры вывучэнні на ўроках беларускай літаратуры «Слова пра паход Ігаравы» ў перакладзе Янкі Купалы настаўнік можа выкарыстаць чыгрынаўскі варыянт як дадатковы матэрыял ці прапанаваць вучням для самастойнага прачытання.
Літаратура: