ПЕНТАЛОГІЯ “ПЛАЧ ПЕРАПЁЛКІ”. КНІГА V
I
Проня была наперадзе, і Дзяніс Зазыба, кідаючы туды позіркам, пазнаваў яе кожны раз па ракітавым зарасніку, што пачынаўся каля мастка, як выехаць з Расны. Далей там, за мастком, ужо стаяць немцы, і туды, як кажуць, дарога была зачынена. Але вачам не забароніш. Яны вольна сягалі па ўсёй пойме, ажно да самага далягляду. Вось ужо з самае мінулае восені нічога на тым баку Проні ў немцаў не мянялася, дарэчы, як і тут, на гэтым беразе, які займала 49-я армія Другога фронту. Зазыба трапіў сюды, можна сказаць, разам з гэтай арміяй, калі яна нарэшце спынілася пасля паспяховага летняга наступлення сорак трэцяга года. Здавалася, па выхадзе гадоў яму ўжо і справы ніякай на фронце не знойдзецца, але з вызваленнем Верамеек на пачатку кастрычніка яго выклікаў Маштакоў які зноў быў першым сакратаром у раёне, доўга гаварыў усё роўна як прыкідваў на нейкае месца, тады раптам, здаецца, перадумаў і нечакана прапанаваў:
– Ладна, Дзяніс Яўменавіч. Пакуль што да чаго, пакуль у калгасе справы з’явяцца, зрабі адну паслугу. Мы тут змабілізавалі мясцовых дзевак, трэба ў пральню вайсковую даставіць, дык ты і адвядзеш іх у Крычаў. Словам, як вайсковую каманду. Але скажу табе шчыра – мы іх палавілі па падстрэшшах ды па загародцзю. Вашых здаецца, не чапалі.
– Не, – кіўнуў Зазыба. – Ды й няма іх у нас. У Германію немцы вывезлі.
– Ну вось, дык адвядзеш гэтую каманду і вернешся. Зямлянку ж ты сабе выкапаў?
– Так.
– Зімой цёпла будзе?
– Думаю, што не змерзну.
– А як другія?
– Сёй-той таксама паспеў. Астатнія жывуць у школе, у будынку сельскага савета. Немцы ні школы, ні сельсавета не спалілі.
– А так усё згарэла?
– Усё. Ад першага двара да апошняга. Галоўнае, нехта свой вадзіў іх па вёсцы.
– Па чым гэта відна?
– Ёсць адна выразная прыкмета.
– Ну-ну…
– Прыехалі немцы ў Верамейкі па бальшаку, а пасля пажару падаліся за Бесядзь па імшаніках, па топкай бездаражы. Яшчэ і цяпер два сляды ад гусеніцаў відаць. Іначыць, хтосьці з нашых паказваў як абмінуць дарогі, і дзе ўжо можна было сустрэць армію. Мы і так прыкідвалі, і гэтак, але на каго скажаш, калі ніхто нічога не бачыў? Усе ж у лесе былі.
– Ладна, галоўнае, што верамейкаўцы твае засталіся жывыя.
– Гэта праўда.
– Але ты не думай. Ты хутка вернешся са сваёй камандзіроўкі. Здасі гэтых дзевак і дамоў. Трэба, браце, жыццё зноў зладжваць. Мы гэта з табой не бачыліся з таго дня, як былі разам пры адступленні нашай арміі ў Кулічаеўцы?
– А якраз з таго.
– Ну, я рады, што і ты жывы. Цяпер найперш важна расставіць у раёне кадры. Так што доўга не затрымлівайся ў Крычаве. Дарэчы, там цяпер Магілёўскі абком. Уранні мне памаглі вайскоўцы пагаварыць па сваёй сувязі з Макаравым.
– I Іван Мікалаевіч не прапаў?
– Чымсьці на Урале камандаваў.
– Гэта вельмі добра, што збіраюцца былыя кіраўнікі.
– А сын твой?..
– Ат, – махнуў рукой Зазыба.
– I невядома, дзе ён цяпер?
– Няйначай, у Мінску.
– Што, хто-небудзь бачыў яго там?
– Сам ліст прыслаў.
– Па пошце?
– Не. Прыязджаў сюды чалавек з магілёўскай газеты, што прывозіў пісьмо. Знарок прыязджаў. Ды і ў газеце мінскай я чытаў яго вершы. Нехта прывозіў з Крутагор’я ў Верамейкі.
– Ну што ж, ты і так ужо шмат пацярпеў праз яго. Жыві як можаш. Але каб ведаў – у мяне на цябе віды. Пакуль справа дойдзе да аднаўлення калгаса, трэба адбудоўваць спіртзавод у Бялынкавічах.
– Які з мяне дырэктар?
– Справа няхітрая. Зрэшты, як і ўсякая. Няварта прыніжаць сябе, Дзяніс Яўменавіч. А вось што здарылася ў сорак першым з нашым райкомам у Машавой, так і не магу высветліць.
– Я табе раскажу неяк.
– Скажы, а чаму адразу не зладзілася ў нашым раёне? Ну, з падполлем найперш, тады…
– На кожным віна. Асабліва пачалося ўсё пасля правалу старога складу райкома, які яшчэ ты пакідаў тут. Ну а пасля і з Нарчуковым атрадам, можна сказаць, не дужа шанцавала. Спярша недзе доўга бадзяліся, нібыта на заданні ў другім раёне былі, пасля іхнія сем’і з эвакуацыі ў Крутагор’е вярнуліся. Вось немцы з паліцаямі і трымалі атрад, як на кручку: альбо ты будзеш змагацца, альбо… сям’ю расстраляем.
– I ўсё-ткі ж расстралялі і Нарчуковых, і Чарнагузавых, і Афончанкавых…
Зазыба ўздыхнуў:
– Я заўсёды пра гэта здагадваўся, што так скончыцца. Гэтага не ўтойвалі ні Жмэйда, калі галоўным паліцэйскім у раёне быў, ні Рослаўцаў, дарма што нібыта і лебязіў перад партызанамі, і Барысевіч. Але каму давядзеш?
– Дарэчы, – сказаў Маштакоў, – Барысевіча схапілі ўжо, збіраемся наладзіць прылюднае пакаранне.
– І суд будзе? – спытаў Зазыба.
– Вайсковы трыбунал.
– А дарэмна. Людзям тутэйшым шкодзіў няхай бы і адказваў перад імі.
– На вызваленай тэрыторыі пакуль гэтым займаюцца дывізійныя трыбуналы. Але няхай. Тут галоўнае, каб нягоднік увогуле пакарання не пазбегнуў. Такая неразбярыха. З аднымі партызанамі ды паліцаямі паспрабуй разбярыся. Учора ён кроў людскую для якогасьці фашысцкага халуя пускаў, а сёння, глядзіш, партызан стаў. Таксама хоча за штосьці апраўдацца.
– Некалі яшчэ і не такое высветліцца!..
– Кажаш, і не такое высветліцца?..
– Як і пасля кожнай вайны. Доўга будуць вяроўку перацягваць, хто патрыёт, а хто пры гэтым здраднік.
– Ладна, Яўменавіч, каманда твая недзе ўжо чакае цябе ў ваенкамаце. Так што пагаворым як след пасля. Тым больш што рэспубліканскі штаб партызанскага руху патрабуе ад нас за дзейнасць атрада справаздачу. Дык сам я няздольны ва ўсім разабрацда. Камандзірам нашым хочацца як больш напісаць, а спраў, лічы, з гулькін нос. Вось яны і выдумляюць цяпер. Пасадзілі недзе Пацюпу, той і шрайбуе. Можна ўявіць сабе, што з гэтага атрымаецца.
Дзіўна, але з райкома Зазыба выйшаў без асаблівага цяжару на душы, яму толькі прыкра было, што Анюце Прыбытковай давядзецца ўзяць на сябе клопат і па ягонай гаспадарцы, дарма што жывога цяпер на двары заставалася няшмат – парсюк ды чатыры курыцы. У кожным разе, накіроўваючыся па выкліку Маштаковаў Крутагор’е, Дзяніс Яўменавіч прасіў старога Кузьму, які выйшаў на той час у завулак, каб Анюта прыгледзела і за суседнім дваром.
У ваенкамаце Зазыбу сустрэлі па званку Маштакова, таму тут жа выдалі салдацкія бацінкі з абмоткамі, старую чырвонаармейскую форму, але з пагонамі, шапку-вушанку, а ў дадатак – вінтоўку са штыком ды вялікі канверт із сургучовай пячаткай. Зазыба, зразумела, казырнуў, як стары ваяка, вывеў дзявок у двор ваенкамата, пералічыў па спісу, тады паказаў патроны, маўляў, вы не сумнявайцеся, калі што, я і абараніць вас здолею, і пакараць разам з тым…
У горадзе яшчэ многа было вайскоўцаў, і Зазыбава каманда адразу трапіла ў асяродак увагі; пасыпаліся жарты, але чамусьці найбольш з’едлівыя, нават абразлівыя, усё роўна як Зазыба вёў вясковых дзяўчат аднекуль з бардэля; ну і шмат хто з цікаўных, вядомая справа, прапаноўваў свае паслугі. Дзіўна, аднак Зазыбавых падначаленых гэта чамусьці зусім не бянтэжыла, яны разам з мужчынамі рагаталі, і Дзянісу Яўменавічу з яго ўнутранай ахайнасцю нават сорамна рабілася праз гэта. I толькі цяпер ён у душы паўшчуваў Маштакова – трэба ж было Пракопу знайсці яму на старасць гэтакі занятак!.. Але дзявочае войска нарэшце патрохі выбралася з горада, на клімавіцкай дарозе стала зусім вольна, хоць і тут таксама па абочынах і ў адным, і ў другім напрамках рухалася нямала армейскіх часцей. Між тым недзе ўжо каля Родні дзяўчаты пачалі прыставаць да свайго камандзіра:
– Абедаць пара, дзядзечка.
Гэтае «дзядзечка» гучала чамусьці не толькі смешна, але і недарэчна, але Зазыба адно цярпліва ўсміхаўся – таксама ж не свая воля ў гаротніц, дарма што ад слёз да амаль беспрычыннага смеху іншы раз праходзіла ўсяго толькі кароткае імгненне. Канечне, Зазыба нічога не меў супроць абеду, але самому яму выдалі харчовы атэстат, які належала недзе атаварыць, а ў дзяўчат… Хто ведае, ці было што ў іхніх хатульках, бо з’явіцца яны ў ваенкамат мелі загад са сваім харчам. Зазыба сказаў пра гэта, але яго падначаленыя замахалі рукамі:
– Ды знойдзецца ў нас яшчэ на абед сёе-тое! А далей – людзі пададуць.
Праўда, людзі не дужа кідаліся накарміць ўвечары Зазыбаву каманду, але скрозь станавіліся на начлег вайскоўцы з кухняй, таму даволі хутка ўдалося раздабыць на ўсіх і гарачага крупніку, і макаронаў з мясной акрасай. Дзянісу Яўменавічу нават не спатрэбілася звяртацца да тылавікоў са сваім харчовым атэстатам.
Спалі ўначы ў прыдарожным ляску хоць і асобна, але амаль паміж салдатаў, таму кожны раз, як Зазыба прахопліваўся ўначы, абавязкова кагосьці не далічваўся сярод свайго войска. Як кажуць, было пра што непакоіцца. Аднак, хвала пану богу, уранні дзяўчаты ўсе апынуліся на месцы. Ну а сняданку здабываць дык і зусім не давялося, салдаты самі прапанавалі далучыцца да кухні. Так і карысталіся дзяўчаты ўсю дарогу да Крычава мужчынскай спагадай. Зазыба як найлепш справіўся з даручаным заданнем, але ў Крычаве раптам пачалася звычайная валакіта, якой хапае і ў арміі: тут ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца вайсковая часць, якой належала прыняць Зазыбаву каманду; хтосьці падказаў, што трэба падавацца далей, ажно да лініі фронту; такім чынам вось і апынуўся Дзяніс Яўменавіч у Расне; гэта было мястэчка, і даволі старое; у пачатку трыццатых гадоў тут знаходзіўся раённы цэнтр, зразумела, сярод іншых адміністрацыйных утварэнняў быў і Раснянскі раён… Пагрэбная вайсковая часць сапраўды размяшчалася паблізу Расны, і Зазыба, лічы, за паўтары гадзіны здаў сваю каманду ў армейскай пральні пры шпіталі, атрымаў адпаведны дакумент для Крутагорскага ваенкамата; адно замінала – набліжаўся вечар, дні ўжо былі зусім кароткія, таму недзе варта было пашукаць прытулку, каб абначыцца. I тут раптам здарылася тое, што потым паўплывала на яго далейшае жыццё: калі можна сказаць так, прынамсі, паблізу гэтай Проні давялося правесці і мінулую восень, і зіму тую, а цяпер настала ўжо ці не макаўка лета. Чырвоная Армія зноў збіралася наступапь.
А здарылася ў Расне вось што. Маючы ў рэчмяшку буханку хлеба і кавалак сала замест мясной тушонкі, якая яму належала па атэстаце, Зазыба крочыў па вуліцы і моцна думаў-гадаў, куды б яму папрасіцца начаваць. Ён быў па-ранейшаму ў вайсковай форме, з вінтоўкай за спіной. Словам, як і амаль усе ў мястэчку – альбо франтавік, альбо тылавік. Дакументы ў яго таксама мелі ўсе законныя падставы сведчыць, што належыць аб ім. I калі ўжо гаварыць пра прыхільнасці, то ў такім разе яму лепей было б атабарыцца на начлег разам з чырвонаармейцамі, знайшлося б толькі месца побач у якой-небудзь местачковай хаце. Але вось і хата падобная нарэшце заманулася. Нават вартавога на ганку, на ноч гледзячы, не відаць было. Пашоргаўшы нагамі перад ганкам, а тады і на ганку, Дзяніс Яўменавіч пацягнуў за клямку на сябе дзверы. У хаце былі вайсковыя людзі, і адзін з іх каршуном кінуўся на ўвайшоўшага, груба штурхнуў яго:
– Ты куды прэшся?
Але Зазыба к таму часу ўжо пераступіў парог, таму, каб выйсці з хаты, яму належала спярша развярнуцца, затым рушыць назад. У маладыя гады штосьці падобнае і салдату няцяжка зрабіць у адно імгненне; між тым Зазыбаў узрост на вялікую спрытнасць цяпер не разлічаны быў. I ён, нават не цікавячыся, хто знаходзіўся ў хаце, адпаведным чынам стаў рабіць паварот кругом, бо ўжо зразумеў, што трапіў не туды, куды хацеў. Давядзецца пашукаць начлегу ў іншым месцы, падумаў ён. З сенцаў у хату тым часам ужо бег другі салдат з аўтаматам у правай руцэ, вочы ў яго блішчэлі, як у звера, і ён гатовы быў разарваць парушальніка спакою на кавалкі, нягледзячы, што знайшліся б і іншыя спосабы пакарання, асабліва пры наяўнасці аўтамата. Адным словам, па ўсім стала зразумела, што адбылася нейкая непрадбачаная нечаканасць, за якую чамусьці давядзецца адказваць. I тут раптам пачулася за спіной у Зазыбы:
– Гэй, салдат! На месцы, кругом!
Цяжка, як кола без ветру на млыне. Дзяніс Яўменавіч зноў пачаў свой нялёгкі манеўр, нарэшце прыставіў правую нагу да левай, падняў галаву. За сталом, здаецца, ужо за вячэрай, сядзеў сівы, дакладней, не так сівы, як высахлы, генерал. Штосьці знаёмае кінулася ў абліччы яго Зазыбу, але як зусім няпраўдашняе; генерал таксама пільна ўглядаўся ў салдата, які бесцырымонна парушыў вячэру; быў ён такі стары, што нават на Зазыбу, якому сваіх гадоў хапала, каб не дужа спадзявацца на асаблівыя прыбыткі ў жыцці, падзейнічала такая акалічнасць; у голаў тут жа прыйшла думка, што гэта ўжо, няйначай, праз меру трымаць падобнага старога ў дзеючай арміі; а генерал тым часам адставіў ад сябе чарачку, сказаў цішэй, чым першы раз:
– Службы не ведаеш. Далажыся, як след.
Але з чаго пачаць Зазыбу? Чым скончыць? Хто ён такі? Да таго ж, наўрад ці хопіць у каго цярплівасці выслухаць споведзь старонняга чалавека, як і з чым ён трапіў на Проню, бо вайсковы статут, можна сказаць, ніякім чынам не распаўсюджваўся на яго. Так, эпізод ужыцці старога чалавека. I тады, акурат у млоснай бездапаможнасці, Зазыба заплюснуў вочы і, моцна высільваючыся, сягнуў зрокавай памяццю ўдалеч свайго жыцця, каб вярпуць адтуль на поверх, быццам з глыбокага калодзежа, колішнія абрысы генералавага твару, знявечанага часам. Дзіўна, аднак ён ужо адчуў у сабе ўпэўненасць, што недзе яны сустракаліся раней, і неўзабаве штосьці ўдалося, нават адпаведныя словы на першы выпадак знайшліся.
– Дзяніс Зазыба. Кулямётчык другой роты Унецкай дывізіі бацькі Шчорса.
Генерал шумна выдыхнуў з сябе паветра, адкінуўся спіной да сцяны. У хаце настала глыбокая цішыня, і ўсе нарэшце зразумелі, што нічога, што б мела дрэнныя вынікі ад цяперашняга непаразумення, не будзе.
– Значыць, і ты ваюеш? – сказаў генерал. – А я цябе, бачыш, пазнаў.
– Дык і я вас.
Генерал выйшаў з-за стала, узяў у Зазыбы вінтоўку, аддаў яе камусьці з чырвонаармейцаў, а самога Дзяніса Яўменавіча, абняўшы правай рукой за плечы, падвёў да стала, пасадзіў на самаробную драўляную канапу, што стаяла тут пры акне замест прывычнага ўслона.
– Якая справа да мяне?
– Дык… – Зазыбу чамусьці цяжка было разгаварыцца, і ён на нейкі момант замарудзіў на гэтым «дык». Але неўзабаве ўсё-ткі нібыта выняў з пад языка костку і, як яму потым заўсёды здавалася, даволі талкова расказаў генералу пра нечаканае заданне, якое атрымаў у Крутагорскім ваенкамаце; а цяпер вось шукаў начлегу ў мястэчку… Тым часам нейкі сяржант ужо рассоўваў на стале посуд, вызваляючы месца і для Зазыбавай міскі. Маленькая чарачка для другога чалавека, усё роўна як сама, таксама непрыкметна напоўнілася. Словам, усё рабілася па чарзе, але, як кажуць, чын чынам, асабліва калі браць пад увагу незвычайнасць моманту. Гэта ж толькі падумаць – праз шмат гадоў на краі яшчэ вельмі неспакойнага фронту сустрэліся раптам два чалавекі, якія ў грамадзянскую вайну пачыналі ваяваць у Шчорса: Зазыба кулямётчыкам, а генерал камандзірам так званай партызанскай кулямётнай роты! I вось колішні камроты пазнаў цяпер свайго кулямётчыка і быў невыказна рады. Ён і астатнім вайскоўцам, што знаходзіліся ў хаце, перадаў сваю радасць. I як толькі прыстойнасць была вытрымана, старыя ваякі чокнуліся чарачкамі з гарэлкай, выпілі і чамусьці доўга маўчалі, нібыта заняло ім дух. Нарэшце генерал сказаў:
– От зараз павячэраем, а тады ўжо думаць станем, што да чаго. Разначаваць няма дзе, то і заначуеш тут. Бо калі яшчэ давядзецца вось гэтак. А я ўжо і не спадзяваўся сустрэць каго-небудзь з нашай былой роты. Не здзіўляешся, што я ўсё яшчэ служу? Бадай, самы стары генерал у Чырвонай Арміі.
Зазыба не ведаў як называць генерала, прызнацца, ён нават прозвішча яго дакладна не помніў – ці то Зяленскі, ці то Зеляноўскі, а ўжо пра што больш дакладнае, дык і думаць няварта было; гэтая няпэўнасць стрымлівала яго ў размове, таму ратаваў становішча генерал сваімі пытаннямі. Больш таго, ён часам не толькі пытаўся, а і сам жа сабе адказваў. Генералава абслуга між тым наліла ў шклянкі гарбаты, сяржант пачаў прыбіраць са стала. Але генерал акурат спахапіўся раптам:
– Ці засталося ж у нас акрасы да чаю?
Сяржант не азваўся, але туг жа прынёс з сенцаў бутэльку з калівам каньяку. Генерал узяў яе, вытрас у абедзве шклянкі – і сабе, і Зазыбу – рэшткі рудога напою. Пры гэтым усміхнуўся, сказаў у працяг ранейшай размовы:
– З аднаго боку, самы стары генерал ува ўсёй агромністай арміі, але ж затое і самы танны. Дозы ўжо, бачыш, Дзяніс, таксама старэчыя – што выпіць, што з’есці, усё адно няшмат грэба. Так што на сваё давольства магу прыпісаць і цябе: усё-такі генеральскае. Нябось, не спадзяваўся, што я выйшаў у генералы?
– Каму ж тады было выходзіць, як не табе, – нарэшце гэтае «табе» вырвалася ў Зазыбы само, і ён ужо не стаў больш выбіраць, на якім звароце спыняцца; ён толькі яшчэ дадаў: – Але ж, няйначай, недзе і шанцавала ў жыцці?
– Як табе сказаць?.. Грамадзянскую прайшоў усю, да камандзіра палка адзін час даслужыўся. Праўда, пасля перавучвалі. Дзе толькі служыць не давялося. Але час нейкі быў, што ў чалавеку мелася патрэба. Бадай, ува ўсіх баявых сутычках, у якіх удзельнічала Чырвоная Армія, давялося браць удзел. Ну а пра іспанскую вайну, пра Халхін-Гол, пра фінскую… Словам, вярнуўся я з Далёкага Усходу зусім старым і нямоглым, дарма што генералам. Ведаеш, мне ў жыцці маім шчасціла аднаго разу мець справу з таварышам Сталіным, адтуль хутчэй за ўсё прозвішча маё неўміручае ў арміі, а можа, трапіла ў асобы спіс. Ужо каторы раз мне маладое наша камандаванне намякала, каб вызваляў месца. Але нехта трымае вось. Я цяпер тут у тыле франтавым. Здаецца, і адказнасці недужа багата, аднак круціцца-вярцецца даводзіцца шмат, іншы раз нават прыклад даводзіцца паказваць маладым. Ну, ды ты ж сам таксама імкнешся быць карысным айчыне. Спадзяюся, што раскажаш, як сам жыў?
– У мяне ўсё проста склалася.
– Сям’я, дзеці?
– Была і сям’я, ёсць нават недзе сын…
Генерал слухаў Зазыбу з непадробнай прыхільнасцю, нават з ахвотай, як на зацікаўленай службе; ён нічога не вымагаў не блытаў субяседніка лішнімі пытаннямі; толькі тады, як Зазыба прыгадаў пра Масеева зняволенне, пачаў удакладняць, дзе той адбываў тэрмін і па якім артыкуле, дарма што ні ён, ні Зазыба не ведалі пра некаторае адрозненне беларускага крымінальнага кодэксу і рэсэфэсээраўскага. Зразумела, што не прамінуў Дзяніс Яўменавіч сказаць і пра свае асабістыя страты ў сувязі з арыштам сына. Але, здаецца, найбольш генералу зрабілася цікава, калі гаворка пайшла пра гэту вайну, пра жыццё ў нямецка-фашысцкай акупацыі, пра партызаншчыну.
– I гэта вельмі дарэчы, – сказаў раптам генерал. – Якраз мы займаемся цяпер справай, якая непасрэдна датычыць гаго, пра што ты расказваеш. Ці не дапаможаш ты мне асабіста ў сім-тым разабрацца. Зрэшты, я затрымаю цябе не надоўга, затое экіпірую трохі іначай, на харчовае ўтрыманне пастаўлю.
– Я не супраць, але ж сакратар райкома прасіў хутчэй вяртацца дамоў.
– Ну, з райкомам мы дамовімся. Я знаёмы ў Крычаве з вашым сакратаром абкома Макаравым, так што…
– Глядзі сам… А мне цяпер усё роўна, дзе служыць, раз ужо адзін застаўся.
– Тады спаць. Заўтра рана прачынацца. Спярша ў Крычаў паедзем, адтуль у іншыя раёны. Як твой называецца?
– Крутагорскі.
Генерал паглядзеў у нейкую паперчыну, усклікнуў:
– Ну вось, і тваё Крутагор’е тут пазначана! Так што, паступаеш у маё распараджэнне, – ён паклікаў голасам кагосьці з падначаленых, загадаў: – К заўтраму для радавога Зазыбы атрымаць на складзе боты, ватоўку, таксама замяніць шапку на навейшую, ну і… так, так, аўтамат замест гэтай вінтоўкі выдаць. – I да Зазыбы: – Умееш страляць з аўтамата?
– Даводзілася…
– Тады спаць, спаць!
На вуліцы за гэты час, як яны сядзелі за сталом ды гаманілі, вячэрняя шэрань паспела змяніцца восеньскай цемраддзю, і калі неўзабаве Зазыба выйшаў з хаты справіць на дварэ малую патрэбу на ноч, дык не бачыў ужо, куды ступіць. Дапамог вартавы з ганку – падказаў, дзе што. Уначы Зазыба часта прахопліваўся, чуў, як адзін раз мяняліся вартавыя на ганку. Ноч яму здалася доўгай, хацелася дзеля пэўнасці ў разліках пачуць пеўняў, але ні адзін з іх за ўвесь начны час не пракукарэкаў у мястэчку. Значыць, іх зусім ужо не было ў Расне. Ды і ў навакольных вёсках таксама.
Учорашняя размова з генералам растрывожыла Зазыбу, і ён, лежачы на саломе, з амаль новым болем перабіраў цяпер у памяці шмат якія падзеі свайго жыцця, чамусьці звязваючы віну за іх і з Марфай Давыдаўнай, і з Масеем, нават з тым жа Чубарам, якога пакінуў некалі на беразе Бесядзі. Дзіўна, але цела Чубаравага так і не знайшлі – ні пастухі, ні выпадковыя людзі, якіх нямала шастала па Забяседдзі ў тое лета, нават наладжаныя пошукі нічога не далі. А тым часам Зазыбу вельмі хацелася, каб даваенны верамейкаўскі старшыня калгаса меў на зямлі сабе магілу. Здавалася, хоць хто мог застацца без яе, а Чубару нельга было, можна нават сказаць, несправядліва – гэта ж адно пракаціцца па зямлі і ні за што не зачапіцца!.. Разважаючы такім чынам, Дзяніс Яўменавіч імкнуўся паглядзець на чалавечы лёс не ўвогуле, а, як кажуць, у больш асабістым разуменні, і яму нават і ў голаў не прыходзіла, што ў вайну штосьці падобнае наканавана ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай. Зрэшты, Дзяніс Яўменавіч цяпер, без Марфы Давыдаўны, і сам не меў засцерагальнага стрыжня ў жыцці. Знік жа недзе ў сорак першым назаўсёды Касьян Манько. Праўда, сакратара падпольнага райкома партыі бачылі ў той жа год у брата. Але гэта і ўсё. Куды ён падзеўся пасля, ніхто не ведае і цяпер. Брат жа адно маўчыць альбо чаўпе, што забрала яшчэ тады ж чэрыкаўскае СД. З размовы з Маштаковым, якая адбылася ў Крутагор’і, Зазыба зразумеў, што той хоча і ў гэтым разабрацца, прынамсі, высветліць шмат якія абставіны, што прывялі да трагічных вынікаў у Машавой. Але цяпер гэта проста немагчыма было – той міліцыі, якую паспелі стварыць пакуль толькі ў цэнтры раёна, было мала, а аднаго пракурора на многае не хапала; вайсковая ж контрразведка займалася пакуль найбольш паліцаямі; ды і людзей, як можна было зразумець са слоў Маштакова, для міліцыі не хапала: партызанаў ці не адразу ж з атрадаў мабілізоўвалі ў армію ды накіроўвалі на фронт, лічы, у лапцях без вайсковай перападрыхтоўкі; у вёсках бабы наракалі – гоняць мужыкоў, як звычайную жывёлу, на забой. Яно так і выходзіла, як гаварылі людзі – на гэтай жа Проні ўжо было ажно некалькі спробаў зрушыць немцаў далей, на Дняпро, але дарэмна, затое кожны раз пахавальным камандам надоўга хапала работы. Многа жахаў напрыклад, наслухаліся, як хадзіла на прарыў абараняльнага рубяжа польская дывізія за Горкамі, маўляў толькі і выратавалі становішча там нашы загараджальныя атрады. Пра няшчадныя баі пад Рагачовам таксама ўжо ведалі… Словам, фронту патрэбны былі жывыя падмацаванні, таму пасылалі ўчорашніх смаленскіх, арлоўскіх, магілёўскіх партызанаў.
Цяпер Дзяніс Яўменавіч прыгадаў і пра свой апошні бой, у якім удзельнічаў у партызанах. Перад тым у атрад прыходзіла армейкая разведка. Было дамоўлена з Нарчуком, што крутагорскія партызаны сустрэнуць чырвонаармейскую часць на дарозе, якая паміж Бабінавічамі і Велай Глінай выводзіць на Печанеты ў пасожскія лясы. Немцаў ужо ў разлік, здаецца, не бралі, таму і ніякага бою не планавапі. Але немцы ўсё-такі з’явіліся. Пешыя. Партызаны ўзялі іх на прыцэл. Аднак дабівалі немцаў чырвонаармейцы, якія таксама паспелі на бою дарогу ў тарфяным балоце. Падобных баёў за два гады крутагорскія партызаны ажыццявілі мала. Больш даводзілася нападаць па начах на паліцэйскія гарнізоны. Праўда, усім запомнілася тая засада на Бесядзі, у часе якой многа стралялі, але амаль без выніку, калі не браць пад увагу параненага ў Вусаўцы камандзіра карнага атрада. Відаць, вось гэтая акалічнасць і бянтэжыла цяпер Маштакова, якому штосьці не падабалася ў справаздачы раённага атрада. Мала зроблена атрадам, а выдумана шмат: Зазыба яшчэ не ведаў, аднак Маштакоў зрабіў даследаванне, колькі ў сапраўднасці было падарвана варожых цягнікоў на чыгунцы паміж Крычавам і Суражам. Партызаны напісалі 18, але гэта аказалася вялікім перабольшаннем: усяго 2. Праўда, на невялікі атрад хапіла б і гэтых двух, тады навошта хлусіць?.. Можна ўявіць сабе, колькі і чаго напішуць у сваіх справаздачах іншыя атрады. Між іншым, ні здзіўляцца, ні абурацца не мела падставы. I гэтыя дапіскі-прыпіскі пачаліся яшчэ да вайны, у мірны час, калі савецкай уладзе спатрэбіліся працэнты, дакладней, выкананне ў працэнтах, якія даводзіліся асабліва пры стварэнні калгасаў. Ды і не толькі тады. Здавалася, што савецкая ўлада ніяк не магла абысціся без хлуслівых нулёў ды палачак. Выходзіла, што ўсе хлусілі на паперах тады, працягвалі рабіць гэта і цяпер. I калі на тое, то Маштакову належала б зацвердзіць на бюро райкома справаздачу ды адаслаць наверх. Але ж нешта грызла яго, не давала спакою. Зазыба падумаў над гэтым, рашыў, што Маштакоў, няйначай, давядзе да канца сваю задуму, таму неабходна будзе таксама прыкінуць сёе-тое наперад, канечне, маючы на ўвазе, што не проста ўсім было ў акупацыю пры наяўнасці гэткай вялікай колькасці тых, хто даў немцам згоду служыць на іх.
Зазыба пашкадаваў што прачнуўся нечага; праўда, начныя згадкі таксама карысць мелі, сёе-тое нібыта ўпершыню прыходзіла ў голаў нанава, з мацнейшай выразнасцю, але тым часам рупіла, усё роўна як трывожыла тая акалічнасць, што давядзецца сёння ўставаць рана так ці іначай. Між тым генерал спаў як сапраўдны інтэлігент – ціха, без храпу і ўсхліпаў. Зазыба зноў паспрабаваў вярнуць у памяць яго сапраўднае прозвішча. Але гэта яму і цяпер не ўдалося: занадта даўно гэта было, калі яны служылі ў Шчорса. Больш таго, Дзяніс Яўменавіч не ўспомніў калі іх развёў лёс у жыцці. Затое па-сапраўднаму дзіўна рабілася, калі разважанні даходзілі да ўчарашняй сустрэчы. Значыць, меў яшчэ ў сабе здатнасць рэагаваць на жыццёвыя праявы стары генерал. Зазыба ўжо нібыта і не чакаў, але зноў заснуў дарма што ўсяго, відаць, на паўгадзіны. I тым не менш прахапіўся ён лёгка, ажно ўразіў сваёй спрытнасцю генерала, той усміхнуўся, хоць сам ужо галіўся. Збіраліся ў дарогу хутка, і Зазыбу чамусьці здавалася, што наперадзе іх чакае звычайнае паляванне. Боты, якія ўжо стаялі ў парозе, падышлі Зазыбу як найлепш; ватоўка таксама нібыта самім выбрана; словам, на ганак яны з генералам выйшлі і сытыя, і экіпіраваныя.
– Ты займай месца на заднім седале, – сказаў генерал, і Дзяніс Яўменавіч зразумеў што ён меў на ўвазе.
Сяржант тым часам сеў на месца шафёра, адчыніў генералу правыя пярэднія дзверцы.
– Ну вось, – чамусьці з падкрэсленай здаволенасцю ажно крактануў генерал, скочыўшы на сваё сядзенне.
Не ўключаючы святла, «віліс» быццам адарваўся ад ганка, пакаціўся па вуліцы, каб выехаць з мястэчка ў напрамку да чыгункі. Здавалася, сяржант мог лічыць сябе адзіным чалавекам, які здатны быў падобным чынам арыентавацца ў восеньскай цемрадзі. Але неўзабаве Зазыба зразумеў, што хтосьці паказваў яму дарогу, ідучы зусім блізка да капота.
Нарэшце генерал палічыў патрэбным пагаварыць з Зазыбам пра справу.
– Разумееш, Дзяніс, я на цябе ў гэтай паездцы вельмі спадзяюся. Вось паслухай. Мы цяпер заняты папаўненнем асабовага складу сваёй дывізіі. Вялікія страты панеслі. Асабліва тыя арміі, што прыйшлі сюды з-пад Арла і Курска. Ды і тут ужо нямала народу палягло. Зразумела, што ў акупацыю здольныя насіць зброю амаль усе знаходзіліся ў лесе, у партызанах. Але ж нямала хто служыў немцам. Праўда, некаторыя з іх перад прыходам Чырвонай Арміі таксама падаліся ў партызанскія атрады, нават свае стваралі. Толькі хто іх стане сур’ёзна успрымаць? Адна справа зрабіць выгляд лаяльнасці, другая – узяць ды вось так, зусім проста, заплюшчыць вочы на ўсё. Таму ўзнікла праблема. Раз мы прызываем у армію партызанаў, дык чаму не выкарыстаць у цяперашніх мясарубках і былых паліцэйскіх? Да таго ж, прыйшло ўказанне са стаўкі: адшукаць усіх фашысцкіх памагатых на вызваленай тэрыторыі, іначай можам стварыць умовы для ўнутранага супраціўлення, паліцэйскія ператворацца ў свядомых бандытаў арганізаваўшы ў лясах ачагі супраціўлення савецкай уладзе, якая павінна ўрэшце аддаць належнае патрыётам і здраднікам, бо якая яна тады ўлада, дзе яе мускулы і меч. Вось гэтым я і займаюся цяпер. Справа, можна сказаць, няхітрая, асноўная работа ляжыць на аператыўніках. Ты быў у партызанах, на тваіх вачах адбываліся галоўныя падзеі ў час акупацыі. Дык да каго мне было звярнуцца, як не да цябе? Разумееш?
– Здаецца, так, – уздыхнуў Зазыба.
– Што так цяжка ўздыхаеш? – павярнуўся генерал.
– Усё б нічога, але ж мяне дома чакаюць.
– Ну, з начальствам тваім я дамоўлюся. Вось зараз заедзем у Крычаве ў абком, там і вырашым праблему.
– Я ж не член партыі.
Генерал падумаў.
– Нічога, – сказаў ён, – знойдзем каго-небудзь яшчэ, хто б вырашыў пытанне. Галоўнае, каб ты сам згодны быў.
– Я паспрабую.
– Прызнацца, іншага я і не чакаў пачуць ад цябе. Ну, а як вылавім паліцаяў, я сам адвязу цябе дамоў. Словам, паслужы яшчэ айчыне, паслужы. Узнагароду я табе абяцаю, харчам таксама збольшага забяспечу. Ды і да сына тут бліжэй будзеш, калі ён у Мінску.
А раптам Масей і сапраўды ў Мінску, акурат узрадаваўся Зазыба, хоць падобная акалічнасць не мела ўвогуле аніякага значэння. Што з таго – у Магілёве, у Мінску, у Бабруйску, у Беластоку? Важна, што не па гэты бок фронту, а па той. Значыць, яны, бацька і сын – па-ранейшаму раздзелены. Да таго ж, знаходзяцца ў так званых розных лагерах. I ўсё-ткі ж нешта страпянулася ў душы Зазыбы, калі генерал сказаў менавіта пра Мінск. Няйначай, у таго было на сталіцу нейкае спадзяванне.
У Крычаве ўжо добра развіднела, калі яны прыехалі туды. У вайну гэты горад моцна бамбілі, асабліва савецкая авіяцыя, нават на лагер з ваеннапалоннымі самалёты з чырвонымі зоркамі не шкадавалі бомбаў таму мала што стаяла непарушаным, аднак для абкома з аблвыканкомам таксама знайшлося памяшканне; тым часам неразбураныя будынкі амаль паўсюды займалі вайсковыя ўстановы Другога беларускага фронту. Генерал загадаў сяржанту спыніць «віліс» каля аднаго з іх, надоўга затрымаўся там, выйшаўшы затым на ганак з афіцэрамі, што тут жа селі ў невялічкі аўтобусік. Генерал колькі часу стаяў каля «віліса», вывучаў нейкія паперы, нарэшце склаў іх, але не ў планшэтку, раменьчык якой быў перакінуты цераз плячо, а ў правую кішэню, нават паляпаў рукой па ёй, быццам дзеля канчатковай пэўнасці. Увогуле ён быў чалавек грунтоўны, дарма што сваёй мітуснёй і несамавітасцю лёгка мог выклікаць патаемную ўсмешку ў падначаленых і паблажлівасць у вышэйстаячых людзей.
– У нас усё ў парадку? – пацікавіўся ён.
Але сяржант службу добра ведаў, сказаў:
– Так, таварыш генерал. Запраўка – поўная, кола я ўчора змяніў.
– Выдатна, выдатна.
– Масла малавата, – дадаў тым не менш сяржант, – але я гэта пакінуў на сёння. Недзе дальём. Свет не без добрых людзей.
– То, можа, тут?
– Няварта дарэмна затрымлівацца, таварыш генерал, – мякка, але няўхільна сказаў сяржант. – Я гэта зраблю ў свой час без цяжкасцяў. Мы нікога не чакаем?
– Можна ехаць.
«Віліс» нарэшце паехаў далёй па вуліцы, аднак насупроць абласных устаноў генерал зноў загадаў спыніцца.
– Не хочаш на сваё былое і цяперашняе начальства паглядзець? – павярнуўся ён да Дзяніса Яўменавіча, які даволі ўтульна сядзеў ззаду, трымаючы на каленках ужо абстраляны кімсьці аўтамат.
– Не, – не захацеў парушаць сапраўдную ўтульнасць Зазыба, ды і навошта яму было гэта, маючы цяпер за начальніка знаёмага генерала?
– Я не затрымаюся. Трэба сказаць ім пра цябе.
Зазыба ўсміхнуўся:
– Хто мяне тут ведае?
– На ўсялякі выпадак варта ўсё-ткі давесці грамадзянскім уладам, паколькі ты не ваеннаабавязаны.
Зазыба зноў застаўся ў «вілісе» ў двух з сяржантам. Аўтобусік стаяў ззаду. Гэты раз генерал выйшаў з будынка хутка, яго праводзіў на вуліцу нейкі чалавек. I яны паразмаўлялі трохі. У машыне генерал сказаў Зазыбу:
– А яны тут цябе помняць. Больш па гісторыі з сынам, калі цябе выключалі з партыі.
– Ну і што? – усё роўна як насцярожыўся Зазыба.
– Яны нічога не маюць, каб ты дапамог мне. Але Макараў прасіў, каб неяк вольным часам я прывёз цябе ў абком.
– Ат, што ўжо старое варушыць. Думаю, што справа мая партыйная за шматлікімі замкамі.
– А мне чамусьці здаецца, што пасля вайны многае будзе перагледжана.
– Даў бы ўсявышні.
Генерал ад Зазыбавай спасылкі на бога чамусьці засмяяўся, павярнуўшыся, кінуў трохі здзіўлены позірк на свайго былога кулямётчыка.
– Ты быццам не верыш?
– Я гэта пра сябе. Мяне лёс неяк пазначыў іначай, чым іншых.
– Кожнаму сваё, – паківаў галавой зверху ўніз і наадварот генерал. – Паехалі! Сёння нас чакаюць у Ершычах. Ведаеш, дзе гэта?
– Не, – сказаў сяржант.
– А ты, Дзяніс Яўменавіч?..
– На Смаленшчыне.
– Не даводзілася бываць?
– Не. Але гэта блізка ад Беларусі.
– Значыць, так, – пачаў тлумачыць генерал шафёру, – цяпер нам направа, тады на мост праз Сож, ну а пасля будзем глядзець па карце.
Крычаў стаіць на ўлобках, «віліс» доўга каціўся ад будынка абкома па схіле; у цішыні, якую не парушаў нават шум матора, генерал зноў звярнуўся да Дзяніса Яўменавіча, няйначай, з тым, што яму найперш рупіла.
– Як думаеш, стары таварыш, – углядаючыся ў пярэдняе шкло перад сабой, пачаў ён, – каго ў нас больш было – партызанаў ці нямецкіх прыхільнікаў?
– Паліцаяў ды розных здраднікаў, бадай што, больш. У сорак першым паліцэйскія гарнізоны ўзніклі ледзь не ў кожным вялікім населеным пункце. Гэта пасля мы трохі пацяснілі гарнізоны, але ж колькасць паліцаяў, здаецца, засталася ранейшай. К нам у партызаны яны пачалі перабягаць пазней, а так… Ды зрэшты нічога істотнага ў гэтым сэнсе не змянілася да самага апошняга часу. Адзінкавыя выпадкі. Прынамсі, за кошт паліцэйскіх гарнізонаў партызанскія атрады выраслі нязначна. К гэтаму часу пераважная большасць здраднікаў так альбо іначай ужо запляміла свае рукі. Так што меру вінаватасці іх цяжка будзе вызначыць нават самаму справядліваму суду, бо наўрад ці знойдзецца хто з нармальных людзей гвалтаваць сваё сумленне. Гэта праблема пяройдзе і ў будучае, калі станем мірна жыць.
– Як кажуць, зноў грамадзянская вайна.
– Выходзіць, так, таварыш генерал. У нас яна такой і была.
– Дзякуй богу, што не нам давядзецца разграбаць гэтыя сметнікі. Прызнацца, абрыдла ўжо. I таму добра, што хутка ўжо на спачын. Вось скончыцца вайна, атрымаю свой апошні ордэн і ў адстаўку. Спадзяюся нарэшце, забудуць пра мяне.
Зазыба засмяяўся.
– Гэта будзе залежыць ад таго, ці доўгая памяць у твайго цяперашняга добразычліўца.
– Падобна, што доўгая. Але ты скажы мне яшчэ вось пра што. Чаму ў вас ў Беларусі многія пабеглі да немцаў служыць?
– У гэтым не адны беларусы вінаваты. У сорак першым на нашай тэрыторыі аселі многія акружэнцы. Яны і склалі вялікі працэнт як партызанаў, так і паліцаяў. Ну і служачых таксама – ў розных управах, у камендатурах. Канечне, на беларусах таксама віна ляжыць. Табе б пагаварыць пра гэта з маім сынам. Той бы табе ўсё разлажыў па палічках. Нават не трэба было б і раздумваць моцна, што да чаго.
– Ты мне таксама нямала падказаў.
– Як мог.
– Яшчэ раз пераконваюся, што не дарэмна ўзяў цябе.
– Ну, тады я рады, што сустрэў раптам цябе, колішняга ротнага.
З работай на палях сёлета моцна спазніліся, таму сям-там яшчэ капалі бульбу. Але ж і маразы таксама дужа не даймалі – яшчэ ні разу за ўсю восень не замярзала глыбока і надоўга зямля. Хоць па дарогах і рухаліся вайсковыя калоны, аднак у лясах армейскіх часцей не відаць было: першая адзнака, што зімаваць Чырвоная Армія збіралася на рубяжы, якога дасягнула за лета. Гэта нават Зазыбу было зразумела, не кажучы пра генерала, які ўвогуле абмінаў падобныя тэмы. Ён толькі аднаго разу раздумліва сказаў, як для самога сябе:
– Здаецца, едзем за апошнім рэзервам.
– Як так?
– А так, што… Словам, пакуль нічога значнага ў гэтым балоцістым міжрэччы не прадбачыцца. Немцы моцна зачапіліся за берагі рэк. А наперадзе ж яшчэ на нашым напрамку Дняпро, Беразіна… Дзіўна толькі, што немцы абралі за абараняльныя рубяжы такія неглыбакаводныя перашкоды, як гэтая ваша Проня:
– У нас, на Бесядзі, яны таксама спрабавалі ўпарціцца. Ажно некалькі дзён біліся.
– Значыць, вам пашанцавала, што нядоўга стаяў фронт. Бо часцей здараецца, што пасля ў тых мясцінах, дзе адбываюцца ваенныя дзеянні, каменя на камені не застаецца. I гарады гінуць, і вёскі, і людзі. Я на гэта за вайну нагледзеўся.
– У нас немцы шмат вёсак папалілі. Бывала, што палілі разам з жыхарамі.
– Чым яны тлумачылі гэта?
– Партызанамі. Справа ў тым, што ў нашых прыбяседскіх лясах узялі за звычай ратавацца ад нямецкіх ахоўных дывізій і ўкраінскія, расейскія партызанскія атрады. Як іх моцна прыціснуць, так яны сюды. Таму мірнае насельніцтва і разлічвалася за чужыя справы. Ну, сказаць, што чужыя, няправільна. Але ж… чалавек з ружжом – не тое, што чалавек без ружжа. Чалавек без ружжа бяссільны перад чалавекам з ружжом. Ну а помста?.. Дык дзе яе межы? I якую форму яна павінна займець у рэшце рэшт?
– Нешта мы сёння, Дзяніс Яўменавіч, сваю гаворку часта зводзім амаль да аднаго. Прынамсі, дамарошчанай філасофіі ў ёй хоць адбаўляй.
– Хіба што. Але ж і справа ў нас наперадзе няпростая. Увогуле, чалавечыя адносіны патрабуюць разважлівага падыходу.
– Твая праўда, Зазыба. Жонка твая памерла ці таксама трапіла пад расправу?
– Пад расправу, як ты гаворыш. Я неяк раскажу. Не ўсё адразу. Ды й нялёгкая гэта справа займацца ўспамінамі аб сабе, сваім жыцці, родных і блізкіх.
– У мяне даўно нікога няма. Хоць пра гэта не трэба непакоіцца.
– Таксама невялікая радасць.
– Што радасць? Часцей гэта пусты гук.
Зазыба ўсміхнуўся:
– Як сказаць? Некалі мне таксама думалася, што ў жыцці зашмат умоўнасцей. Але як сям’ю страціў, адчуу штосьці іншае. Ва ўсякім выпадку, душа зрабілася акурат другой. Нават не да ўсяго ўспрымальнай. У кожным разе, разборлівай. А жыццё ўжо гарыць, быццам свечка, з абодвух канцоў.
Да скрыжавання на Маскоўскай шашы, калі наспела пара паварочваць направа, на Ершычы, праз Іпуць, былыя шчорсаўцы перагаварылі, здавалася, не толькі пра тое, што датычыла справы, аднак і яшчэ шмат што абмеркавалі, дакладней, шмат аб чым паразважалі. Добра ці дрэнна, а надушы ад гэтага стала ажно хораша, усё роўна, як кожны са свайго боку нечакана пераканаўся, што ў жыцці яны здатныя і на глыбокі роздум. Была і іншая акалічнасць, якая таксама нібыта скрашвала паездку, можа, не так скрашвала, як аблягчала – прысутнасць у машыне генерала, дарма што і не надта самавітага з выгляду. Затое пагоны на ягоных плячах вылучаліся, як і ва ўсіх генералаў. На дарожных пастах іх доўга не затрымлівалі, адно заглядвалі ў сярэдзіну «віліса». Зазыба тады варушыў на каленках свой аўтамат, акурат папярэджваў аб нечым цікаўных вартавых. Сяржант тым часам гаварыў мала. За ўсю дарогу, як ехалі з Крычава да Рослаўскага паваротку, Дзяніс Яўменавіч толькі і ўведаў ад яго, што ён з генералам ездзіць па дарогах вайны ўжо другі год. Затое ў вуснах яго праскочыла адзін раз і прозвішча генерала – Зеленадольскі. «Ну, канечне ж, Зеленадольскі!» – узрадаваўся Зазыба, а тады ўжо сам дадумаў што звалі ў кулямётнай роце камандзіра Пракопам, якраз так, як крутагорскага Маштакова. Цікавіцца далей пра свайго былога камандзіра Зазыба не стаў, зрэшты, для ўзаемаадносін хапала і гэтых звестак.
Мост праз Іпуць быў яшчэ разбураны, з аднаго боку ракі на другі пераязджалі і пераходзілі па пантоне, і генерал кагосьці палаяў за гэта, маўляў чым далей ад начальства, тым больш непаладкаў. Нават з гэтым жа мостам меўся час паспець. Усюдыісны генерал збіраўся ў Ершычах разабрацца са спазненнем узвядзення моста, вось толькі ўдакладніць, чыя армія займае гэтую смаленскую тэрыторыю.
Але ўмяшанне генерала Зеленадольскага не спатрэбілася. Дакладней, не так спатрэбілася, гэта няпраўда, аднак справы ў Ершычах яго адразу ж моцна ашаламілі, і ён яшчэ на вуліцы, перад раённым ваенкаматам, пачаў займацца нецасрэдна тым, дзеля чаго ехаў сюды.
Былыя паліцэйскія, якіх удалося заспець дома і ў партызанскіх лагерах (у часе мабілізацыі іх не спяшаліся распускаць), былі прывезены адусюль сюды, у Ершычы. У ваенкамаце і ў штабе дывізіі, што займала раён, цяпер чакалі аператыўную брыгаду з разведупраўлення фронту. Генералу тут жа сунулі ў рукі спісы паліцаяў ён адразу пачаў гартаць іх, штосьці адзначаць там блішчастым алоўкам. Аператыўнікі, якіх ён прывёз з сабой, згрупаваліся трохі далей, аб нечым разважалі, смяяліся, пазіраючы час ад часу ў бок генерала. Зазыба стаяў каля «віліса», моцна трымаў у руках аўтамат і быў гатовы кожнае імгненне зрэагаваць на чужую прысутнасць. Відаць, збоку ён выглядаў хвацкім ваякам, бо нічым не выдаваў сваю нядаўнюю няўпэўненасць. Раённы цэнтр, як і ўсе падобныя гарадкі, што пабылі пад нямецка-фашысцкай акупацыяй, выглядаў дужа знявечаным, да таго ж, ён і горадам, па сутнасці, не паспеў стаць, звычайная вялікая вёска, здаецца, з дзвюма праваслаўнымі цэрквамі і адным уніяцкім храмам, шчасліва захаваўшым свае сцены ў якасці склада мясцовага калгаса. Зазыбу хапала часу ўбачыць усё, аднак прысутнасць на расейскай зямлі уніяцкага храма яго на нейкі момант здзівіла, пакуль ён не ўспомніў што і тутэйшыя землі належалі колісь Беларусі, нават, здаецца, яшчэ на пачатку савецкай улады.
Нарэшце генерал дастаў з кішэні і тыя паперы, што прывёз з сабой з Крычава. Супастаўляць ён іх не стаў сказаў сваім:
– Хадземце. Я патлумачу прысутным сёе-тое, каб разумелі, чаго ад былых паліцаяў чакаюць цяпер, а вы адразу ж затым падзеліце іх на групы, пачнеце даследаванне. Ну і ўсё такое, чаго вымагае справа. Зрэшты, што я вам кажу, вопытным-перавопытным. Самі ж выпрацоўвалі сістэму.
– Што ў такім разе мне належыць рабіць? – спытаў Зазыба.
– Ісці разам з намі ды слухаць. Спадзяюся, другога клопату на гэтую хвіліну ў цябе, мой стары таварыш, няма?
– Я гатовы, – Зазыба тут жа далучыўся да аператыўнікаў – капітанаў, маёраў падпалкоўнікаў. З ніжэйшых чыноў сярод іх прысутнічаў толькі адзін, але на плячах яго ўвесь час вісела плашч-палатка, таму пагонаў нельга было ўбачыць.
У невялікай ваенкамацкай зале сядзелі мясцовыя паліцэйскія – з чупрынамі, у змешанай форме; Зазыбу нічога дзіўнага ні ў іхнім абліччы, ні ў паводзінах не кінулася ў вочы, адно што ўсе яны выглядалі неяк зніякавела, няйначай, кожны думаў што шляхі боскія сапраўды невядомыя, а раптам гэта ўжо расплата!.. Затое Зазыба вельмі здзівіўся, як пасля прамовы генерала Зеленадольскага яны зноў нібыта ажылі, ва ўсякім разе, у вачах з’явіўся інтарэс, маўляў, мы яшчэ паглядзім, як тое будзе!
Хвілін праз колькі аператыўнікі распачалі сваю частку работы, Зазыба чакаў, што генерал прымацуе яго да якой-небудзь групы, аднак той гэтага не зрабіў, узяў Дзяніса Яўменавіча з сабой.
– Тут, у раёне, яшчэ засталіся два партызанскія лагеры, – растлумачыў ён. – Паедзем туды.
Дарога з Ершычаў увесь час ішла лесам, але была падмарожана, і ехаць па ёй не складала цяжкасці. Першы лагер знаходзіўся недзе на мяжы з Беларуссю паблізу Хоцімскага раёна, таму давялося пераязджаць Бесядзь, што брала недалёка ад разбуранага моста на Іпуці свой пачатак. Зазыба ўспомніў, як расказваў пра выток Бесядзі Чубар, які выпадкова трапіў у самае вярхоўе. Зазыбу цяпер таксама закарцела глянуць на гую вёсачку Новая Бесядзь, што тулілася на ўскраі балота; якраз там і струменіла з-пад лугавога куста крыніца, паступова ператвараючыся з тонкага раўчука ў рэчку. Між тым Зазыба разумеў, што яму наўрад ці пашанцуе трапіць у гэтыя мясціны зноў. Значыць, давядзецца развітацца са сваім жаданнем назаўседы.
У партызанскім лагеры віравала жыццё, але, бадай, з залішняй свабодай, нават камандзір адсутнічаў. Сёй-той бадзяўся па лагеры п’яны. Генерал адразу адзначыў гэта, паморшчыўся, але ўстрымаўся: ні голасу ні на кога не павысіў, ні заўвагі не зрабіў. Гаварыць тут з кімсьці не было сэнсу, а тым больш вырашаць справы. Затое партызаны – і п’яныя, і цвярозыя – убачылі генерала ў царскіх пагонах. Хто гэта калі думаў, што Чырвоная Армія зноў вернецца да пагонаў? Чым была дрэннай ранейшая форма? Тыя, хто з языком, так і гаварылі: колькі мульту пайшло на пагоны!.. А золата, золата на генеральскіх пагонах!.. Камусьці вельмі захацелася пахадзіць у золаце! Дзіўна, але Зазыбу ўсё роўна як даспадобы была іхняя размова. Справа ж урэшце не ў форме. Куды важней для салдата мець вось такую ўтульную вінтоўку, якая цяпер на ім, шапку, боты…
– Прасцейшай дарогі ў другі лагер няма адсюль? – спытаў генерал.
– Дарога то ёсць, але, кажуць, проста варона лятае.
– Ну так, – усміхнуўся генерал,– а дома ніколі не бывае.
Партызаны вакол засмяяліся, няйначай, іх усцешыла такая акалічнасць, што генерал ведае іхнюю звыклую прымаўку.
– Значыць, вяртаемся на старую дарогу, – сказаў Зазыбу генерал, тады пайшоў, сеўу «віліс».
Зазыба таксама паспяшаўся следам.
Назад дарога праз лес здалася не такой доўгай, як перад тым, калі ехалі сюды. Неўзабаве «віліс» зноў пакаціўся па знаёмай дарозе раённага значэння, усё бліжэй да Мгліна. Але ў сам Мглін не было патрэбы падавацца. Задача стаяла прасцейшая – трапіць у другі ершыцкі партызанскі лагер, дарма што генерал застаўся цяжка расчараваны першым. Уласна кажучы, ён недарэмна непакоіўся. У другім лагеры амаль усё паўтарылася, хоць тут камандзір усё-ткі знайшоўся. Ён разгубіўся, убачыўшы генерала, аднак паступова прызвычаіўся да нечаканага наведніка.
– Што ж гэта вы, таварыш камандзір, – не прамінуў пачаць з дакору генерал. – Лічыце, што адваяваліся? Байцы п’юць з самае раніцы?
– Хто ім цяпер укажа, таварыш генерал! Свая воля, свая і сваволя. Да таго ж, яны тут не з аднаго атрада, сабраны з розных.
– I тым не менш распускацца ўзброеным людзям няварта дазваляць.
– Гэта мы разумеем. Але ж!.. Здавалася б, перасталі забіваць адзін аднаго, а сёння зноў надзвычайнае становішча. Брат на брата пайшоў. Партызан на паліцэйскага. Жонку застрэліў, дзяцей пабіў.
– За што?
– Старая крыўда. У калектывізацыю адзін раскулачваў, другі раскулачаным стаў. Праўда, адбываў свае кулацкія грахі адзін, без сям’і. А ў вайну аднекуль вярнуўся. Вярнуўся, падаўся ў паліцаі і ўсё ганяўся за братам, які, можа, праз тое і пайшоў у лес. Словам, паплацілася сям’я. А цяпер гэты, наш, парашыў ягоную сям’ю. Абодва сядзяць пад арыштам у Ершычах. Не давядзі гасподзь, калі падобнае стала распаўсюджвацца. Вінаватых жа шмат. Ім, вось гэтым п’яным, цяпер аднаго і не хапае, што вінаватых. Хутчэй бы грамадзянскія суды запрацавалі, а то ваенныя толькі вешаюць ды расстрэльваюць.
– Вы даўно ў камандзірах?
– Яшчэ з рэгулярнай арміі. У партызанах таксама камандаваў ротай. Цяпер вось лагер гэты даручылі. А што? Чаму вас, таварыш генерал, зацікавіла такая акалічнасць?
– Жаласны дужа!..
Камандзір-партызан, здаецца, разгубіўся.
– Дык… – пачаў ён апраўдвацца, аднак на большае яго не хапіла, відаць, проста не знайшлося слоў; да таго ж ён не зусім разумеў, што канкрэтна меў на ўвазе генерал, ушчуваючы яго.
Між тым сам генерал нават не заўважыў сваю непаслядоўнасць – хіба ж з Зазыбам яны ў «вілісе» размаўлялі не пра тое? Генерал аддаў субяседніку спіс, што знаходзіўся ў яго ў нагруднай кішэні, папрасіў зверыць з асабовым складам насельнікаў лагера. Пачуліся каманды, палагеры замітусіліся партызаны; нарэшце выстраіліся.
– Азараў?
– Я.
– Атрошчанка?
– Я.
Высветлілася, што ў лагеры яшчэ заставалася нямала партызанаў, якія падпадалі пад мабілізацыю. Да таго ж хтосьці даволі дакладна склаў спіс; справа рухалася зусім без блытаніны, і не прайшло і паўгадзіны, як камандзір лагера падышоў з дакладам да камандзіра.
– Не хапае дзесяць чалавек, – паведаміў камандзір.
– Дзе астатнія?
– Хто ў Ершычах, бо служыў у паліцыі. Там сёння сабралі такіх. Ну а некаторыя… Хутчэй за ўсё, у самавольнай адлучцы. Праўда, два вельмі ў п’яным стане. Валяюцца недзе ў зямлянцы.
– Няўжо з гэтым п’янствам нельга змагацца і ў вашых умовах? – спытаў генерал.
– Думаю, што не.
– Лічыце, што накладныя выдаткі часу?
– Выдаткі? Напэўна, так.
– I што вы параіце мне?
– А што можна раіць генералу?
– Ну, у мяне ж таксама адказнасць.
– Хутчэй заканчвайце мабілізацыю. I так гэтыя лагеры зацягнулі сваё існаванне. Ужо другі месяц пайшоў, як раён наш вызвалены ад немцаў.
– Я далажу ў штабе фронту, – паабяцаў генерал.
– Хто-хто, а я асабіста буду ўдзячны вам. Дома спраў многа.
– Словам, я далажу. Бывайце. Дык дзе гэтыя браты, што панішчылі свае сем’і? У Мгліне ці ў Ершычах?
– У Ершычах. Гэта я дакладна ведаю.
– Ну, то я далажу, – чамусьці зноў паўтарыў генерал, акурат адчуваючы ў душы нейкую віну перад гэтым камандзірам, што страціў уладу над падначаленымі; да таго ж, у лагеры ўжо заставаўся звычайны зброд, таму ніхто не парываўся на фронт – там хутчэй заб’юць, чым дзе; вось лагер і ператварыўся для многіх у звычайнае прыбежышча, дзе кожны сабе гаспадар; менавіта з яго, нават без удзелу былых паліцаяў магла выпаўзці небяспека ў выглядзе банды.
Пры ўездзе ў Ершычы ўнураны генерал спытаў Зазыбу:
– Як табе паказалася наша сённяшняя інспекцыя?
– Ты маеш на ўвазе гэтыя лагеры?
– Так.
– Звычайная маліна.
– Так ужо і маліна?
– Сама менш. Я не ведаю, навошта тут лагеры? Гэта своеасаблівыя рассаднікі, і яшчэ невядома, якая трава на іх вырасце.
– Тут ты маеш рацыю, а што наконт маліны… Звычайная з’ява – шмат хто з гэтых былых партызанаў ужо лічыць, што адваяваўся, а паколькі падзецца няма куды, па-ранейшаму адседжваецца ў лесе.
– На жаль, сапраўды па-ранейшаму. У сорак першым колькі нашых туляг бадзялася! Але яны паступова згрупавалі тых, хто меў жаданне ваяваць. Ну а цяпер… Пра фронт ты, відаць, праўду кажаш. З гэтых партызанаў мала хто мае ахвоту як хутчэй трапіць туды. Так што, таварыш генерал, карысць паездкі даволі выразная. Трэба паспяшацца тут альбо з мабілізацыяй, альбо распусціць людзей, знайшоўшы ім пэўны занятак у мірным жыцці.
– Я далажу, – усё роўна як бездапаможна прамовіў усё тое ж генерал; дзіўна, але толькі цяпер Дзяніс Яўменавіч адчуў, што той вяртаецца ў райцэнтр проста разгублены; няйначай, разгубленасць апаноўвала ім паступова, таму і не была пакуль прыкметнай; тым часам у саміх Ершычах стары чалавек зноў па-маладому заварушыўся, адразу ж кінуўся ў той будынак, дзе працавалі з паліцаямі ягоныя аператыўнікі.
– Трэба хутчэй канчаць з гэтымі, – пачуў Зазыба на вуліцы ягоны паспешлівы голас, – а то не выключана магчымасць, што неўзабаве работы дадасца.
– Тут ужо зараз усё ясна, таварыш генерал, – адказаў нейчы голас. – У трыбунал, здаецца, пакуль няма каго накіроўваць. Прынамсі, ніхто з нас на расстрэльную ролю нікога не вызначыў. Што ж датычыць…
– Ну-ну!
– Што ж датычыць астатняга, то ўжо каманду можна перадаваць далей па службе. Як кажуць, у строй боубікам.
Генерал з адказам не заспяшаўся. Нейкі час маўчаў. Тады прамовіў:
– Я вось пра што падумаў, падпалкоўнік. Навошта нам кудысьці накіроўваць іх адсюль? Маем поўнае права перадаць мясцоваму ваенкамату, а той, у сваю чаргу у дывізію. Я зараз перагавару і з ваенкаматамі, і з начальнікам штаба.
Няйначай, уладзіўшы справу, генерал нарэшце выйшаў у суправаджэнні падпалкоўніка на ганак, пацёр ад задавальнення рукі, тады ўбачыў Зазыбу.
– Ты, Дзяніс Яўменавіч, праводзіш мяне ў мясцовую турму. Хачу паглядзець на братоў-забойцаў. – I да падпалкоўніка: – Вы не чулі, падпалкоўнік, якая трагедыя адбылася тут?
Падпалкоўнік паціснуў плячамі. Адказаў:
– Не.
– Гэта цэлая гісторыя. Пачалося з таго… Словам, калі вы, падпалкоўнік, хочаце ведаць, якія і цяпер яшчэ адбываюцца драмы, хадземце са мной у ершыцкую турму.
Падпалкоўнік, бадай, дарэмна ўсміхнуўся, адмоўна пакруціў галавой:
– Думаю, што гэта чыста грамадзянская справа?
– Як іх цяпер аддзяліць адну ад адной – грамадзянскую ад ваеннай? – не згадзіўся генерал.
Падпалкоўнік прамаўчаў. Можа, таму генерал не стаў запрашаць у мясцовую турму іншых аператыўнікаў. У суправаджэнні Зазыбы ён падаўся да турмы, дзе яго чакаў начальнік раённай міліцыі.
– Прашу, таварыш генерал, – замітусіўся тлусты чалавек з чырвоным тварам у форме армейскага капітана.
– Якое ж у іх прозвішча у гэтых непрымірымых братоў, якія гэтак лёгка зводзяць рахункі за кошт сем’яў? – спытаў генерал.
– Касцюкі.
– Вось бачыш, Зазыба, нічога крыважэрнага ў прозвішчы.
– У самых жахлівых людзей бываюць дужа мілагучныя прозвішчы. Іншы раз нават не верыцца, што чалавек здольны на штосьці страшнае, – сказаў Дзяніс Яўменавіч.
Забойцы сядзелі ў розных камерах. Капітан адчыніў першую:
– Мая прысутнасць абавязковая, таварыш генерал?
– Думаю, што не. Са мной вось аўтаматчык, – кіўнуўшы галавой на Зазыбу, сказаў генерал.
– I тым не менш калі што, то я блізка буду, – паабяцаў начальнік турмы. – Адно паклічце.
Генерал пераступіў парог у камеру. За ім – Зазыба, узяўшы ў левую руку аўтамат.
Чалавек, які адзін займаў камеру, чамусьці зусім не здзівіўся прыходу генерала ў незвычайнай, лічы, царскай форме: як сядзеў на падлозе, так і застаўся сядзець. Тады генерал загадаў:
– Далажыцеся, зняволены!
Забойца ўстаў але не адразу пачаў выціскваць з сябе словы. Генерал між тым губляўся ў здагадках, хто з Касцюкоў пёрад ім – паліцай ці партызан. Нарэшце зняволены зразумеў, чаго ад яго чакае гэты генерал, пераступіў з нагі на нагу:
– Ну, Касцюк я, Арцём Захаравіч, адна тысяча восемсот дзевяноста сёмага года, быў раскулачаны, затым служыў у паліцыі. Можа, хопіць?
– Гэта ты парэзаў братаву сям’ю?
– А што мне было рабіць пасля таго, што ён са мной у жыцці зрабіў? Было самому не ўцякаць ад мяне, а то ў лес збег, а дзяцей абараняць не стаў.
– Ладна, але чаму ты рашыўся на такое?
– Дык то помста заўсёды крыві патрабуе.
– Бачу, у цябе ўсё прадумана з апраўдаўчага боку?
– Справа няхітрая. Жывём жа па Бібліі.
– Нешта я не помню, каб у Бібліі падобнае было.
– Можа, і сапраўды якраз такога няма. Затое там іншага хапае. I ўсё супроць чалавека.
– Цябе паслухаць, дык Біблія таксама чалавеканенавісная кніга.
– Што вам яшчэ ад мяне трэба? – пачаў выказваць раздражнёную нецярплівасць зняволены.
– А ты супакойся, – параіў генерал.
– Нічога, мне хутка туды, дзе для ўсіх адзін спакой настае.
– У пекла не верыш?
– Ні ў чорта, ні ў пекла.
– Але ж як было жыць з такім жахлівым цяжарам?
– Што лічыць цяжарам!.. Я ж казаў вам, што за ўсё трэба плаціць. Помста сапраўды крыві патрабуе. Думаеце, я не ведаў, што брат некалі зробіць з маёй сям’ёй тое ж самае, што і я з яго?
– Тады…
Зняволены скептычна ўсміхнуўся:
– Лёгка разважаць, генерал, а вось… Цяпер мы з братам квіты. Няхай і ён паспрабуе пажыць з лёгкай душой, калі ўжо таксама захацеў стаць забойцам. Чаму ж не пытаецеся, што прывяло нас да такога?
– Хутчэй за ўсё, што вам наперад наканавана было.
– Не, генерал. Звярынае пачуццё да мяне прыйшло нечакана. А выклікала яго савецкая ўлада. Гэта яна справакавала жорсткасць, на якую пайшоў брат у адносінах да мяне. Да калгасаў жа мы жылі як людзі.
Зазыба паклікаў начальніка турмы. Той зачыніў камеру, павёў генерала Зеленадольскага ў наступную. Браты мелі падабенства шмат у чым, асабліва нагадвалі адзін аднаго тварамі – круглымі, скуластымі, з маршчыністымі ілбамі і шырокімі падбародкамі, на якіх нарос тлушч. Цяпер ужо начальнік турмы не стаў высвятляць, дзе яму быць у часе знаходжання генерала ў камеры. Спыніўся за спіной Зазыбы, сціх. Нават каманду «ўстаць!» зняволенаму аддаваў сам генерал. Гэты Касцюк таксама далажыў пра сябе: імя яму Ціхон – ён так і вымавіў яго з націскам на апошнім складзе, нарадзіўся ў дзевяноста шостым годзе, значыць, меў на два гады болын за брата, увесь даваенны час, дакладней, трыццатыя гады прахадзіў са службовым партфелем.
– Чаму рашыўся на крывавую помсту? – акурат дзівіўся ён. – Дык тут, здаецца, ўсё ясна. Кроў за кроў. Вы лепей скажыце, таварыш генерал, ці будзе мне якая палёгка?
– Самасуд ніколі не лічыўся ў законе. А тут… Сам разумееш.
– Разумець я разумею. Не зусім жа дурны. Але паступіў па-правядліваму.
– Нічога сабе справядлівасць!.. Дзве сям’і невядома чаму згінулі!..
– А вы б, таварыш генерал, спыталі ў брата майго…
– Я шмат пра што з ім пагаварыў. Таксама звер!
– Але ж я заўсёды быў за савецкую ўладу. А ён?
– Ніякая ўлада не мае права заплюшчваць вочы на звярыныя ўчынкі людзей.
– Дзіўна, што савецкі генерал гэтак разважае.
– Генерал разважае паводле сваіх перакананняў.
– Ці мала якія перакананні ў мяне былі. Але ж рабіць даводзілася пераважна тое, чаго патрабавалі. Сам я ў гэтым жыцці нічога не прыдумаў. Так што…
Генерал павярнуўся і выйшаў з камеры. Спытаў ужо на вуліцы ў начальніка турмы:
– Вам не здаецца, капітан, што неўзабаве месца не стане хапаць у вашай турме? I ўвогуле… З’явіцца патрэба ў новых падобных установах, дарма што пабудавалі ўжо шмат.
– Калі сапраўды спатрэбіцца, збудуем новыя, таварыш генерал. Але на ўсіх нягоднікаў месцы знойдзем.
– Так, энергіі і энтузіязму ў нас заўсёды хапала. – Генерал падаў начальніку турмы руку. – Але пакуль што да чаго, вазьміце пад апеку нашых паліцаяў.
– Я толькі не разумею, чаму з імі валэндаюцца?
– Ёсць адна акалічнасць. Вам я магу сказаць. Іх таксама збіраемся мабілізаваць у армію.
– Папаўняць нягоднікамі Чырвоную Армію?
– Загад такі выйшаў са стаўкі, каб не стварыць у тыле бандфарміраванняў, выкарыстаць былых паліцаяў і іншых фашысцкіх памагатых пры прарывах у штрафных ротах.
– Гэта разумна. Разумна.
– Вось бачыце, на ўсё ёсць тлумачэнне, – усміхнуўся генерал. – Гэтым мы якраз і займаемся. Ну, бывайце. Мы яшчэ наведаемся сюды. Калі не заўтра, то паслязаўтра. Словам, чакайце.
Капітан развёў рукамі:
– Што паробіш?..
Генерал пашукаў вачамі Зазыбу. Кіўнуў, каб той падышоў. Тады сказаў:
– Нябось, мой стары таварыш, і твой жывот падвяло?
– Цярпіма, – супакоіў Зазыба.
– Ну, цярпець можна таксама да пары да часу. Але абед ёсць абед. Тым не менш прасіцца на турэмны абед, няварта. Што ў вас сёння, капітан?
– Як і заўсёды, баланда.
– Ну вось. Значыць, давядзецца ехаць у які-небудзь полк. Можа, там на кухні сёе-тое захавалася. Зрэшты, я загляну ў штаб дывізіі. Няхай абзвоняць, хто нашу каманду прыме, бо нас трое ды яшчэ аператыўнікі.
Але клапаціўся ён дарэмна – аператыўнікі не дазволілі сабе застацца без абеду. Іх накарміў ваенком, нават спірту здабыў недзе. Генералаў шафёр таксама азваўся, пажартаваў каб чуў Дзяніс Яўменавіч:
– Прывыкай, партызан, з нашым генералам не патлусцееш, хоць ногі таксама не працягнеш. Словам, прывыкай, калі не збіраешся ўцякаць ад нас.
Перапоўнены ўражаннямі, Зазыба без дазволу начальства – генерал хадзіў недзе па штабе дывізіі – сеў на сваё месца ў «вілісе», адчуўшы раптам, што трымцяць ногі. «Трэба хутчэй дамоў у Верамейкі», – падумаў Дзяніс Яўменавіч.
II
Але ж нездарма кажуць – на сівога коськаюць, каб надзяваць хамут ды паставіць у аглоблі. Зазыба застаўся ў раёне пры генерале Зеленадольскім спярша на адзін тыдзень, пасля на другі… Дзіўна, аднак здарылася штосьці непрадбачанае – у былых шчорсаўцаў раптам супалі не толькі погляды на падзеі, якія адбываліся ў сорак трэцім; важнейшую ролю тут адыгрывала тая акалічнасць, што яны ўвогуле ўспрымалі амаль аднолькава жыццё, прынамсі, шмат якія рэчы ў ім. I Зазыба Зеленадольскаму спатрэбіўся, вядома ж, не як спецыяліст па нядаўняй акупацыі, а вось менавіта па гэтай прычыне – па роднасці душаў, па выхаванні высокай маралі першых гадоў бальшавіцкай рэвалюцыі, акурат генерал бачыў цяпер у сваім колішнім кулямётчыку нейкае апраўданне сабе. Душэўна шчыры ад прыроды, Зазыба яшчэ ўчора паверыў Зеленадольскаму, што таму патрэбна дапамога. Сёння ж, у часе паездкі, ён зразумеў сапраўдную прычыну, па якой генерал пакінуў яго пры сабе. Дзіўна, але такое раптоўнае адкрыццё нібыта зняло з Дзяніса Яўменавіча нейкі цяжар. Ды вось нечаканая стомленасць…
Абедалі яны сапраўды ў вайсковай часці, што ўжо мела свае зямлянкі для асабовага саставу, склады для боепрыпасаў і прадуктаў праўда, таксама ў зямлі; у той жа час салдаты нарыхтоўвалі падмерзлую бульбу ў сялян. Сяржант, перш чым зайсці ў сталоўку, паклапаціўся нарэшце пра масла, дазаправіў «віліс» дармавым бензінам, хоць паняцце гэтае ў арміі – дармавы – і адноснае. Ды і хто не дасць чагосьці для машыны, што возіць генерала. Зразумела, што генерала належала карміць у афіцэрскай сталовай, але дарэмна яго ўпрошвалі зайсці туды, маўляў, не і ўсё тут, падавайце абед толькі з салдацкай кухні. Між тым салдаты паабедалі ўжо, і гаспадарнікам, якія адказвалі за харчаванне ў часці, не дужа чым было частаваць высокага госця. Прынамсі, давялося падаграваць самыя звычайныя стравы.
– Скажу табе, Зазыба, я не прыхільнік новага барства. Асабліва ў арміі. А яно пачалося ў нас ці не на другі дзень рэвалюцыі. Смешна, аднак па германскай вайне помню, што нават тады паміж афіцэрам і салдатам больш дэмакратычнасці можна было назіраць, чым цяпер, калі народ і армія адзіны.
– Чаго-чаго, а лозунгі мы навучыліся выгукваць, – сказаў Зазыба, хоць генерал у адвольных размовах сваіх з ім, здаецца, ні разу не стварыў такой сітуацыі, каб субяседніку край належала гвалтаваць сябе: як кажуць, сам гаварыў – сам слухаў, сам задаваў пытанні – сам жа і адказваў на іх. Але цяпер, пачуўшы з вуснаў Зазыбы выразную падтрымку сваім разважанням, генерал падняў галаву, глянуў з-пад ілба.
– Справа не ў лозунгах, мой стары таварыш, – сказаў ён праз нейкі момант. – Справа ў сутнасці ўсяго, што задумвалася. Троцкі некалі не паспеў стаць наркомам, як заняў Архангельскае. Цэлую колішнюю сядзібу царскага вяльможы. Ды і другія наркомы ў шапкі не драмалі – па паркетах у асабняках коўзаліся ды карцінамі выдатных мастакоў гандлявалі. Гэта пасля іх пісьменнікі пачалі паказваць галоднымі, а то іншы раз і амаль босымі. Нябось, думаеш, генерал блазнуе? Тут такія перамогі на франтах, а ён пра старыя балячкі?! Не хвалюйся, за мной ужо даўно ніхто не падслухвае.
– А было?
– Павінен далажыць – лічыўся вельмі нястрыманым на язык.
Нарэшце, ён апрастаў міску з капустай, пакруціў у руцэ лыжку. Сказаў:
– Канечне ж, нашага салдата варта карміць лепей. Можна зразумець, чаму немец выглядае круглей. Многа шпігу ўжывае. Калорый, напэўна, таксама ў іхнім харчы хапае.
Былы камандзір кулямётнай роты ўсё часцей здзіўляў падобным чынам Зазыбу. Аднак наймацней ён зрабіў гэта цяпер. Цяжка сказаць чаму, аднак, сказаўшы пра калорыі ў нямецкіх харчах, генерал зусім нечакана загаварыў пра адзін выпадак; ён не стаў абцяжарваць сваю памяць залішнімі акалічнасцямі; проста, з захапленнем, якое глыбока патанала ў яго вачах, пачаў расказваць, адкрываючы новую старонку свайго жыцця.
– У Сібіры мне таксама нярэдка даводзілася абыходзіцца адной баландой. Асабліва на этапах. Да таго ж, энкавусаўцы, як і канваіры, ведалі пра маё генеральскае званне, таму многія лічылі патрэбным лішні раз паказаць адзін перад адным сваю строгасць і аб’ектыўнасць, што даходзілі толькі да здзеку. Нават у кацялок, які я ўзяў з дому, мне налівалі і меней, і нішчымней. I вось аднага разу пачынаю сёрбаць традыцыйную жыжку; але лыжкі праз дзве-тры адчуваю, што мяняецца смак, нібыта штосьці вельмі смачнае яшчэ хаваецца напаследак на дне кацялка. Каб не атрымаць расчараванне, ажно замаруджваю працаваць лыжкай. I ўсё чакаю сапраўднага цуда. Дык што ж вы думаеце? Убачыў раптам – на дне ляжыць бульбіна!.. Не кавалак мяса, не рыбіна, а звычайная бульбіна, нават у лушпінні!.. Здаецца, нічога смачнейшага я з таго часу ўжо і не каштаваў.
Вядома, пра бульбу Зазыба паслухаў генералаў успамін з цікавасцю, урэшце, каму з беларусаў не спадабаецца падобнае, але ж тое, што генерала таксама не абмінулі часы Яжова – Берыі, з’явілася больш чым нечаканасцю. Употай Дзяніс Яўменавіч ажно паглядзеў на субяседніка колькі разоў. Цяпер нарэшце зрабілася зразумелым, чаму генерал учора зацікавіўся, у якіх мясцінах адбываў пакаранне Масей. Але Зазыба не спяшаўся распытваць пра тое, што раптам вынікла ў размове. Затое і яму закарцела расказаць што-небудзь падобнае з жыццёвай практыкі. Хіба ж не было і ў яго сваёй бульбіны? Аднак дарэмна Дзяніс Яўменавіч высільваўся колькі часу. Як на тое, нічога вартага не прыходзіла на памяць. Тым больш што генерал пасунуў да сябе міску з ужалелай бульбай, у якой ажно залішне было свіной тушонкі. Няйначай, бульбу ўдасканальвалі гэтай тушонкай асобна, ужо маючы паведамленне са штаба дывізіі што на абед напрошваецца высокае начальства. Генерал таксама здагадаўся, што гэта не зусім салдацкая страва, усміхнуўся, але не стаў здзеквацца з гаспадароў якія хацелі як найлепей. Яны б і першае перарабілі, каб хапала часу. I тым не менш Зазыба нядоўга стрымліваў цікаўнасць. Яшчэ знаходзячыся ў сталоўцы, ён прамовіў з невыразнай усмешкай, якая ў гэтым выпадку выяўляла далікатнасць:
– Цябе, Пракоп, бачу, нішто не абмінула ў нашым жыцці? – Імя свайго былога камандзіра Дзяніс Яўменаніч назваў першы раз, але тут жа пашкадаваў што не вызнаў дасюль і імя па бацьку: досыць было адно спытаць у сяржанта, які ўвесь час знаходзіўся за рулём на сваім месцы з падрыхтаваным аўтаматам.
Пачуўшы не зусім пэўнае запытанне, якое можна было ўспрыняць і як своеасаблівае сцвярджэнне, генерал чамусьці, быццам ад нейкага даўняга болю, сціснуў губы, прапусціў паперад сябе Зазыбу, а тады ўжо на ганку сказаў, акурат з неахвотаю:
– Так, хапіла. Іншы раз даводзіцца прызнаць, што праз меру.
– I як жа табе ўдалося выбрацца з таго пекла?
– Сына трэба было спытаць, як адтуль выходзяць.
– Не атрымлівалася ў нас. Я вінаваты. Заўсёды спыняў яго, калі ён узбіваўся на лагерную ці турэмную тэму. Чамусьці ўспрымаў сынавы ўспаміны як знарочыстасць, нават несправядлівасць. Словам, я, як і ўсе, думаў: у краіне, якая першай стала на новы шлях, непазбежны памылкі; канечне, сын мой трапіў у лік рэпрэсаваных выпадкова, а вось што датычыць іншых…
Генерал засмяяўся:
– Напрыклад, такіх вось нягоднікаў, як я?
– Дык…
– Вайна – жахлівая справа, але ў вайне розныя часы бываюць: сорак першы год і сорак трэці. У сорак першым нас малацілі, цяпер жа мы ім жніво ладзім. Цяпер ваяваць весела, дарма што па-ранейшаму шмат людзей гіне. Ты пытаешся, як мне пашанцавала выбавіцца з пекла? Проста. Пачалася вайна. Немец к Смаленску падышоў Камандных кадраў у нас не хапала. Ну і паглядзеў хтосьці ў запісную кніжачку, а там і маё прозвішча. Прывезлі з Сібіры, загадалі фарміраваць апалчэнцкую дывізію. Сказалі: «Вядзі к Смаленску і ведай: затрымаеш на суткі, двое, на тыдзень варожыя танкі – усе твае грахі дараваны будуць. А як затрымаць, твая справа. Галоўнае, не шкадуй ні батальёнаў, ні палкоў. Нават калі два апалчэнцы ў цябе застануцца пасля выканання задання – не палохайся. Сёння трэба дачакацца падмацаванняў з Сібіры. Там фарміруюцца новыя дывізіі. Так што, ахвяры ў нас тут, пад Масквой, непазбежныя. Ва ўсякім разе, мы ад цябе нічога не ўтойваем, генерал Зеленадольскі. Ну і, вядома, віншуем з вяртаннем у строй». На другі дзень мяне зноў папярэдзілі, каб не шкадаваў людзей. Лёс іхні ўжо вырашаны. Можна сказаць, яны спісаны. Так што мяне проста падбівалі пакласці дрэнна ўзброеную апалчэнцкую дывізію пад гусеніцы нямецкіх танкаў. I я паклаў яе, вярнуўшыся ў Маскву ледзь не героем. Праўда, новай дывізіі мне ўжо не далі, але ж без работы не пакідалі. Сёння адно даручэнне, заўтра – другое. Хіба ж я калі думаў што давядзецца займацца і вось гэтым, чым цяпер займаемся з табой?
– А табе не здаецца, таварыш генерал, што ёсць пэўнае падабенства паміж апалчэнцамі сорак першага года і цяперашнімі мабілізаванымі? Прынамсі, падыход адзін і той жа да іх – моў, гаці, высцілай масты партызанамі?
– Няўжо паліцаяў шкада стала?
– Я не пра паліцаяў. Я пра сумленных партызанаў. А паліцаяў чаго шкадаваць? Кожны павінен апраўдацца перад уладай.
– Улада – рэч жорсткая. Яна не заўсёды разумее чалавека. А вось сумленне. Народ. Тут кожны павінен ведаць, што яго ніхто не пазбаўляў і не пазбавіць ад адказнасці перад імі. Ну, а што датычыць падабенства? На вайне спосабы вядомыя. Няма самалётаў няма танкаў няма артылерыі – затыкай дзіркі людзьмі ці, як ты кажаш, гаці!.. У штабах аднолькавыя адносіны ў такіх выпадках – што да патрыётаў, што да здраднікаў. I тыя, і другія – проста матэрыял, з якога можна збудаваць перашкоду. Між тым апалчэнцы сорак першага года былі і апраўдныя патрыёты і сапраўдныя камуністы. Ахвярнікі. Добраахвотнікі. Цяпер такіх людзей няма ўжо. Я не маю намеру сказаць гэтым, што цяпер людзі горшыя. Не. Але цяпер ніхто ў душы не хоча ваяваць гэтак, як у сорак першым. З энтузіязмам апалчэнцаў нават аддадзеныя савёцкай уладзе грамадзяне не імкнуцца не толькі на перадавую, аднак і ўвогуле на фронт, дзе ёсць таксама і тыл.
Зазыба раптам злавіў сябе на тым, што не ўсё ўжо ўспрымае з генералавых разважанняў проста прапускае сёе-тое міма вушэй і свядомасці. Дзіўна, але і тлумачэнне даволі хутка знайшоў. Зарупіла раптам паспрабаваць тут жа адпрасіцца дамоў у генерала. Пакуль што атрымлівалася, што ён дарэмна займаў нечае месца ў «вілісе». Але генерал нават не адразу зразумеў чаго ад яго захацеў Дзяніс Яўменавіч: спярша зірнуў на былога кулямётчыка з неўразуменнем, а тады, як моцна пакрыўджаны, адвярнуў пакутлівы твар. Бадзёры і няўрымслівы, цяпер ён здаўся Зазыбу чалавекам вартым шкадавання. Аднак Зазыба ўпарта маўчаў быццам і праўда спадзяваўся, што вось-вось пачуе хоць і змушаны, але станоўчы адказ. Тым усё і абышлося: Зазыба спадзяваўся, а генерал ужо праз хвіліну размаўляў з нейкім тутэйшым падпалкоўнікам. Аказваецца, ён зрэагаваў на Зазыбаву просьбу па-свойму, бо яшчэ праз колькі хвілін падпалкоўнік прынёс аднекуль тапаграфічную карту, расклаў яе на капоце «віліса». Разам з падпалкоўнікам генерал доўга ўглядаўся ў карту, ажно пакуль не паклікаў Дзяніса Яўменавіча.
– Хадзі-тка сюды, стары таварыш, – гукнуў ён, а як Зазыба таксама схіліўся над картай, сказаў: – Паказвай, дзе тут твае Верамейкі.
Карта верхам сваім пачыналася ад крычаўскай дарогі, што вяла на Маскву, а злева і ўнізе змяшчала тэрыторыю заходніх раёнаў Смаленшчыны і Арлоўшчыны, прынамсі, на ёй нанесены былі і Ершычы, і Ворга, і Клетня, і Мглін, і Сураж, і былая Папова Гара, і Навазыбкаў… Ад крычаўскай шашы тым часам адгаліноўвалася дарога на Клімавічы, праз якія шлях ляжаў у Прыбяседзь. Зазыба павёў вачамі ўніз па Бесядзі, убачыў амаль ужо на мяжы з Арлоўшчынай свае Верамейкі. Тое, што яны падобныя на лук з напятай стралой і што Масей адзначаў ужо колькі гадоў таму, Дзянісу Яўменавічу кінулася вачам толькі цяпер. Але ў адрозненне ад сына, бацька ўспрыняў гэтую акалічнасць зусім спакойна: кожная вёска мела на карце свае, адметныя абрысы.
– Вось, – паказаў на Верамейкі Зазыба.
– Я цябе сам адвязу туды, – супакоіў яго генерал. – Ты толькі патрывай, пачакай. Не пройдзе і тыдня, як мы паедзем да цябе ў госці. Што ж, пабудзем і ў тваёй вёсцы. – Генерал ажно свяціўся, што і тут паразумеўся з Зазыбам. Сказаў сяржанту: – Неўзабаве нам спатрэбіцца такая вось карта, паклапаціся.
Сяржант у адказ някрыўдна ўсміхнуўся, але тым не менш не абмовіўся ні словам. Тады генерал спытаў:
– Ехаць можам?
– Так точна, таварыш генерал! – Сяржант павярнуў ключ запальвання, націснуў на старцёр, таму Зазыба з генералам сядалі ў машыну ўжо ледзь не на хаду, што вельмі ўразіла падпалкоўніка, які складваў гармонікам карту.
* * *
Але праз тыдзень, як абяцаў генерал, яны не трапілі ў Забяседдзе. Спярша знаходзілася шмат справы на Смаленшчыне, загым пачалі ездзіць у раёны Арлоўскай вобласці. Вызваленай беларускай тэрыторыі, на якую распаўсюджвалася дзейнасць тылавых службаў Другога фронту, было тым часам не багата: у канцы верасня і на пачатку кастрычніка нашы войскі здолелі, можна сказаць, фарсіраваць з ходу толькі Сож з некаторымі яго прытокамі. Шклоў, Дрыбін, Чавусы, Чэрыкаў Прапойск, Рагачоў заставаліся пакуль пад акупацыяй, уваходзячы ў франтавую паласу нямецкай абароны. Між тым на далейшае наступленне Чырвонай Арміі спадзяванне ўжо прайшло. З аднаго боку, нібыта яшчэ нечага і чакалі ў акопах, але каб верылі… не, веры сапраўднай не было, дарма што ў навакольных лясах зноў паявіліся свежыя войскі. Тым часам усё часцей і часцей давалі адчуць сябе выразныя адзнакі надыходзячай зімы. Па начах, а калі і ўдзень, з неба сыпаліся халодныя белыя крупы, нават засцілалі на колькі гадзін моцна падшэрхлую зямлю. Нарэшце сталася тое, пгго і мусіла адбыцца. Здаецца, ці не на апошняй нядзелі лістапада пачалася завіруха, што працягвалася ўсю ноч. Назаўтра яна аціхла, і людзі ў мястэчку ўбачылі, як перайначылася ўсё навокал, а галоўнае, – увачавідкі настала сапраўдная зіма, якая ўжо не пакідала аніякага сумнення ў сваёй зачэпістасці і незваротнасці. З’явілася такое ўражанне, нібыта краявіды не толькі папрыгажэлі ў параўнанні з тымі, якімі былі ў познюю восень, аднак выразней акрэсліліся, звузіліся, падступіліся бліжэй да мястэчка. Як кажуць, першы снег – першая радасць. З местачковых хатаў па ўсёй Расне высыпалі на ганкі людзі, найбольш вайскоўцы; маладзейшыя цалялі адзін у аднаго так званымі снежнымі пушкамі; старэйшыя стаялі, абапёршыся на парэнчы, курылі, зрэдку перакідваючыся словам-другім: што ні кажы, а змены ў прыродзе заўсёды неслі з сабой і змены ў чалавеку, перайначваючы новай эмацыянальнасцю і псіхалагічны стан. Таму нічога дзіўнага не было ў тым, што Зазыбу сёння таксама заманулася глянуць на зімонае хараство. Ён толькі нейкі час раздумваў ці памяняць абутак, бо ўжо меў валёнкі, пра якія паклапаціўся ягоны цяперашні начальнік. Але валёнкі ўсё-ткі не стаў даставаць з рэчавага мяшка, зноў нацягнуў на ногі боты, маўляў навошта раней часу харашыцца. Накінуўшы на штечы ватоўку, ён выйшаў з хаты, кінуў позіркам на абодва бакі, а тады і наўпрост, на шырокую пойму ракі з другога берага. Зімовае паветра закружыла галаву, пахітнула ягоную лёгкую постаць. Але адбывалася гэтае замарачэнне зусім нядоўга, можа, усяго толькі адзін момант, які пры жаданні можна вымерваць звычайным імгненнем. Між тым Дзяніс Яўменавіч меў надзею, што ўбачыць на вуліцы генерала. Аднак таго не відаць было. Справа ў тым, што вось ужо каторы час яны жылі паасобку, у розных хатах, дарма што харчаваліся з аднаго і таго ж катла. Праўда, хаты таксама стаялі адна пры адной, маючы нават агульны двор: да эвакуацыі – бо мясцовых жыхароў амаль усіх выселілі падалей ад лініі фронту, у адной з іх жыў свёкар з маладой яшчэ кабетай, якую браў пасля жончынай смерці, а ў другой – нявестка з дзецьмі; дык у нявестчыну хату і перасялілі генералавы падначаленыя Зазыбу, не зважаючы, што той вельмі не хацеў гэтага. Аднак настырнасці маладых хлопцаў толькі пазайздросціць можна было. Задумалі – зрабілі, тлумачачы Зазыбава перасяленне неабходнасцю павялічыць гарнізонную службу пры генерале. Самога ж Зазыбу ўчынак маладзейшых не толькі не збянтэжыў, ён недзе і дасюль разумеў, што некалі чымсьці падобным якраз і закончыцца іхняе сумеснае жыццё з генералам у адной хаце. Проста, ён там непатрэбны быў, бо не меў іншай ролі для сябе ў генеральскім акружэнні, акрамя як субяседніка. Да таго ж, перасяляючы Дзяніса Яўменавіча, яму было зроблена пераканаўчае тлумачэнне, якое не падлягала пярэчанню: неабходна, маўляў, памагчы хлопцам па частцы каравула, ну а ўначы няварта часта парушаць генералаў сон, калі будзіць Зазыбу. Дзіўна, але стаяць на варце на ганку не склала Дзянісу Яўменавічу новага цяжару. Нават карысна было старэючым лёгкім дапасці ўначы да гаючага паветра. Сёння Зазыбу належала стаяць у каравуле ўдзень. Цяпер жа на ганку генералавай хаты службу нёс сяржант Мандрык, чалавек з беларускім прозвішчам, але, як ён казаў цалкам рускі, здаецца, з Камышына, што на Волзе. Убачыўшы Зазыбу, сяржант перагукнуў з ганка на ганак:
– Генерал загадаў рыхтаваць «віліс». Здаецца, паедзем у далёкую дарогу. У твае Верамейкі.
– Калі? – няветліва спытаў Зазыба.
– Не цяпер, зразумела, – адказаў сяржант Мандрык. – Дарогі вось установяцца, тады і рушым. Зрэшты, сам у яго спытай. Да таго ж, трэба, каб ён выпісаў канцэнтраты, ну і ўсё іншае, што належыць для сухога пайка. Будзем з сабой вазіць і сняданак, і абед, і вячэру, а то хто ведае, як там яно будзе на тваіх пагарэлішчах?
– Бульбу ж, здаецца, паспелі ўхапіць з разорын.
– Хочаш пасадзіць генерала на бульбу? Толькі гэтага яшчэ і не хапае.
Зазыба ўсміхнуўся:
– Твая праўда. Генерал наш не абжора…
– I не гурманў – падказаў Мандрык. – Але для нас гэтакая акалічнасць не зусім падыходзіць. Часам хацелася б сяго-таго з генеральскага стала. Думаеш, і другія генералы абыходзяцца амаль салдацкім харчам. Афіцэры і тыя маюць прывілеі ў гэтым сэнсе. А тут – генерал. Мне ў паездках нашых даводзілася бачыць генеральскія застоллі. У рэстаране да вайны падобнага і то не заўсёды можна было за вялікія грошы мець. Нездарма ж некалі цар Пётр, таксама вялікі апякун грэнадзёраў ды матросаў напісаў у адным са статутаў: слугам і усялякім там падавальшчыкам заставацца на час трапезы на ніжнім паверсе, каля кухні, каб не зайздросцілі гасцям і не абгаворвалі пасля абы з кім.
– А ўсё-ткі хочацца кавалкаў з генеральскага стала? – стараючыся, каб не выйшла ў крыўду, усміхнуўся Зазыба.
Сяржант ад Зазыбавых слоў тым не менш усё-ткі сумеўся; цяжка растлумачыць, якім чынам, аднак Зазыба адчуў гэта і пашкадаваў што дазволіў сабе недарэчнасць – яму і праўда неўласцівы было падобнае ў адносінах з людзьмі. Таму ён сышоў з ганка, наблізіўся да вартавога. Відаць, сяржант Мандрык таксама зразумеў Зазыбаў стан, бо першы зноў загаварыў:
– Думаеш, Дзяніс Яўменавіч, што мне сапраўды не хапае, як ты кажаш, кавалкаў з барскага стала?
– Ты даруй мне, таварыш сяржант, за недарэчную абмоўку. Гэта я, стары пень, дарэмна. Быццам таксама пазайздросціў камусьці. Ну а ты дык і зусім ні ў чым не вінаваты. Хіба ж я не бачу, як вы ўсе тут адносіцеся да свайго гаспадара?
– Як да бацькі.
– Гэта праўда. Таму даруй. Але скажы, як мне падступіцца да яго?..
– Проста як хутчэй пакажыся на вочы, калі не можаш чакаць, пакуль ён сам пакліча.
– А гэта бездараж? Як думаеш, надоўга?
– Дарогі ўсім патрэбны. Хутка пачнуць раўняць ды чысціць. Фронт без дарог – такая ж недарэчнасць, што і чалавечы арганізм без крывяносных сасудаў.
– Значыць, кажаш, як хутчэй патрапіць на вочы?
– Я не адкладваў бы надоўга. Але жарты – жартамі, а без мясной тушонкі ў дарогу няварта ехаць. Таму за табой, Дзяніс Яўменавіч, і мясная тушонка, і другія кансервы. Цяпер атаварыцца не праблема. На складзе ўсё ёсць. Асабліва кансерваванае амерыканскае сала. У такіх вось вялікіх белых бляшанках. Мне адзін раз ужо даводзілася каштаваць.
– А чаму ты мне ўсё гэта даручаеш?
– Ну, ты, Яўменавіч, найлепшы сябра яго, таксама ж…
– Разумею, разумею, сяржант. Цалкам вясковы дзядзька. Словам, сама прастата.
– Ну вось, цяпер ты ў хамут б’еш!
– Але ж, прызнай, даручэнне давалі… Сумняваюся, што спраўлюся з падобнай аперацыяй. Тут патрэбна іншая хватка.
– Каб у мяне надзеі на цябе не было, то… навошта б гарод гарадзіць.
– I ўсё-ткі без цябе мне не справіцца.
– Добра, ступай, а то мы парушаем статут каравульнай службы.
Аднак Зазыбу нібыта мала было гаворкі, таму ён колькі часу патупаў яшчэ ля ганку, робячы пры гэтым выгляд, што вагаецца ў нечым. Канечне, Дзянісу Яўменавічу не надта даспадобы прыйшлося амаль нахабнае падбухторванне маладога саслужыўца, але гэтых маладых увогуле не заўсёды зразумееш, калі яны блазнуюць. Іх толькі чын здольны ўтрымліваць на патрэбнай адлегласці і ад бесцырымоннасці. Хоць увогуле Зазыба ўсё-ткі нічога кепскага не меў ад сваіх цяперашніх саслужыўцаў, акрамя павагі. Ну ды і адносіны генерала да свайго колішняга кулямётчыка нямала чаго значылі.
Як ні хацелася Дзянісу Яўменавічу пачуць ад самога генерала пра ягонае рашэнне ехаць у Забяседдзе, але ён устрымаўся на цэлы дзень, нічым не выказаў сваю нецярплівасць. Да таго ж, ці то сапраўды бездараж утрымлівала генерала ў Расне, ці го занятку яшчэ хапала, аднак на вочы Зазыбу Пракоп Аўрамавіч (так, нарэшце і гэта акалічнасць высветлілася – па бацьку яго звалі Аўрамавіч) не трапіўся ні разу. Нават тады, як Зазыба стаяў свой час на ганку, генерал не выходзіў з хаты. I толькі ўвечары ён паклікаў Дзяніса Яўменавіча да сябе.
– Як табе зіма, Дзяніс? – спытаў генерал, паціраючы рукі – няйначай ад задаволенасці, што нарэшце настаў вечар і з паперамі на сёння скончана.
– Снегу наваліла шмат, – адказаў Зазыба.
– Галоўнае, што лёг на сухую, падмерзлую зямлю. Ды і пара ўжо зіме запанаваць.
– Але ж вось гэтак, амаль знянацку…
– Не будзем журыцца, Зазыба. Як помніцца, у пачатку кожнай зімы існавала свая адметнасць. Галоўнае, што наступальны сверб у нашых штабных генералаў прапаў. Значыць, можа, хоць да новага года будзем стаяць на месцы. Ну а для нас з табой, Дзяніс Яўменаніч, гэта азначае, што мы маем нарэшце магчымасць вальней распарадзіцца часам. Разумееш?
– Так. Але не здагадваюся, куды ты хіліш?
– На тваю карысць. Так, на тваю карысць. Паедзем у тваё Крутагор’е, а там і ў Верамейкі заглянем. Ці, можа, перадумаў ужо? Можа, хочаш пры мне даўжэй застацца?
Зазыба ўздыхнуў:
– Дзякуй за ласку, Пракоп Аўрамавіч, але ж дамоў сапраўды трэба. Ну што гэта за птушка, у якой ёсць гняздо, але пустуе?
– А як жа я? Хіба ж толькі я ў бога цяля з’еў?.
– Ну, з табой…
– Але гэта я не ў дакор, Зазыба. Проста іншы раз само выдае сябе. Зрэшты, у прыродзе так зладжана, што адны птушкі маюць гнёзды, а другія не ўмеюць іх віць. Проста, яйкі ў чужыя кладуць. Праўда, мяне гэта не датычыць. Справа ў тым, што я доўга на свеце жыву. I ўсё пагубляў на пакручастых дарогах, якія да таго ж у каўдобінах. Карацей кажучы, збірайся. Што абяцаў, тое і выканаю. Харчам я табе на першы час памагу, хацеў таксама кажух недзе раздабыць, але дарэмна. Шынель выдадуць. Словам, сёлета не прападзеш, а далей?.. Ды хто цяпер надоўга загадвае?
Відаць, генерал сам быў задаволены рашэннем выканаць перад Зазыбам абяцанне, бо ні разу ў размове не дазволіў сабе нават ценю на твары. Але ж ці знайшоўся б чалавек, які б да канца разгадаў яго сапраўднўю сутнасць, дакладней, не столькі сутнасць, гэта ўжо зашмат, колькі ўнутраны стан. Прынамсі, асабіста Дзяніс Яўменавіч за ўвесь лістапад нават блізка не спрабаваў заняць сябе падобным клопатам.
Дзіўна, але немцам таксама нібыта дасюль не хапала зімы. Супрацьлеглы бок тутэйшага фронту ў першы ж дзень страціў прывычную агрэсіўнасць, нават самалёты перасталі лятаць на тэрыторыю праціўніка. Не стралялі з таго боку і з гарматаў, дарма што слупы дыму больш выразныя сталі не толькі над хатамі ў вёсках, але і на стаянках вайсковых часцей у навакольных лясах. Дарога на Крычаў тым часам пачала дзейнічаць сапраўды хутка. На другі дзень ужо і ўявіць нельга было, што зусім нядаўна, яшчэ ўчора, штосьці замінала па ёй ездзіць.
Генерал зноў паклікаў Зазыбу. Сказаў:
– Калі ты гатовы і нічога не маеш супраць, Дзяніс Яўменавіч, то я схільны рушыць у Крутагор’е хоць сёння, хоць зараз. Машына гатова, шафёр у настроі.
– Не, супраць я нічога не маю. А ў астатнім ўжо прывык, Пракоп Аўрамавіч, да твайго рытму жыцця. Здаецца, нават паспяваю. А то ў першы дзень, як пачалі ездзіць, спалохаўся, што не здужаю. I ногі затрымцелі, і ўсярэдзіне ўзнікла нейкая млоснасць.
– Скажу шчыра, мне будзе неставаць цябе. Напэўна, я сапраўды выжываю з таго стану, калі ў адносінах з людзьмі дастаткова аднае прыстойнай аб’ектыўнасці. А можа, нарэшце дае сябе адчуць звычайная чалавечая непрыкаянасць, дарма што і людзей вакол шмат.
Здавалася, суровы генерал сапраўды меў патрэбу ў чужым суцяшэнні. Але не. Нават ад Зазыбы не стаў ён дамагацца яго. Адразу пасля гэтых разважанняў выскачыў з-за стала, паклікаў дзяжурнага афіцэра, які кожнага дня прывозіў са штаба паперы і заўсёды заставаўся ў Расне роўна столькі, колькі патрэбна было, каб дапамагчы ўвайсці ў сутнасць іх.
– З генералам Рагожскім у нас дамоўленасць, – сказаў Пракоп Аўрамавіч, – што гэты час, як мяне не будзе, справамі нашымі зоймецца палкоўнік Прыгодзіч. Такім чынам, вы таксама ўваходзіце ў падначаленне яму. Думаю, што я доўга не затрымаюся. Адвязу Зазыбу і назад. Хоць генерала Рагожскага асаблівая паспешлівасць і не задавальняе. Там штосьці не клеіцца з пераводам артылерыйскай брыгады на стык паміж нашымі войскамі і войскамі Ракасоўскага.
– Ну-у-у, гэта ўжо на сапраўдную работу падобна. А то… вазіцца з былымі паліцаямі!..
– Я, маёр, у сваім жыцці ні ад якой работы не адмаўляўся. Ну а цяпер?.. Проста, генерал на ўсялякі выпадак. Моў, не мае вопыту камандавання. Асабліва Мехліса гэта нешта дужа кранае.
– Цяпер чамусьці лічыцца, што ўжо ці не ўсе навучыліся камандаваць. Гэта ў сорак першым не ўмелі, а ў сорак трэцім шмат хто акадэміі скончыў.
Сёлетні год сапраўды нядрэнна зваявалі. Як пачалі ўзімку пад Сталінградам, так і скончылі тут, на гэтых беларускіх рэках. Гэта ж не жартачкі – расейскія вобласці вызваліць, амаль палавіну Украіны і край Беларусі. Ды адкуль прыйшлі й сюды? З сярэдняй Волгі і горнага Каўказа. Так што, наконт акадэміі яны маюць рацыю. Але няпраўда тое, што мы ў сорак першым не ўмелі камандаваць. Якраз у сорак першым альбо ў палон трапілі, альбо загінулі выдатныя генералы, якія, уласна кажучы, разбілі фашыстаў у першую чаргу пад Масквой. Тут, маёр, іншае. Цяперашні генеральскі гонар вырастае з вынікаў эканамічнага і палітычнага жыцця як у нашай краіне, так і ў Германіі. Ёсць рэчы, якія не надта хутка паддаюцца тлумачэнню. Пройдуць спярша гады, дзесяцігодцзі, пакуль мінулае стане больш менш зразумелым. Але ўжо не ўсім удзельнікам падзей давядзецца дачакацца вынікаў. Словам, тлумачыць, калі можна сказаць так, будуць чужыя людзі.
– Вялікае бачыцца на адлегласці.
– Вось-вось. – Генерал паклаў на край стала нейкую папку, паказаў дзяжурнаму афіцэру. – Я тут нічога не перакладваў. Парадак усё той жа.
– Слухаю, таварыш генерал. – Маёр забраў папку, сунуў у партфель з тоўстай скуры, з якой шыюць кавалерыйскія сёдлы.
– З палкоўнікам Прыгодзічам дамовіцеся, дзе вам зручней знаходзіцца.
– Думаю, што пры ім.
– А вы ўсё-ткі парайцеся. Мне не хацелася б дарэмна губляць вас. Ведаеце ж самі – чалавечыя капрызы страшней за ўсё ў чалавечых адносінах.
– Я зраблю акурат так, як вы раіце, таварыш генерал. Едзьце без усялякай перасцярогі.
– Не, я не тое, каб апасаўся. Проста, не люблю нечаканасцяў.
– Нешта вы сёння…
– Нічога, нічога. Лішні раз прыкінуць таксама карысна. Ну, то бывайце, маёр. Пара збірацца ў дарогу.
Дзяжурны афіцэр выйшаў. Зазыба чакаў, што яму ад генерала таксама дадатковае даручэнне будзе, але той адно прыспешыў:
– Ну, што ты стаіш? Скажы шафёру, каб выязджаў са двара. Я зараз.
Дзіўна, аднак зусім не чуллівы Зазыба раптам зразумеў, што ягоная служба ў гэтага дзікаватага генерала дала яму нямала ў сэнсе жыццёвага набытку. Прынамсі, за час яе ён нічога не страціў, дарма што ў душы імкнуўся ў свае знявечаныя вайной Верамейкі. Цяжка, быццам змушана, Дзяніс Яўменавіч павярнуўся па-вайсковаму, выйшаў. На ганку ўжо стаяў нейкі незнаёмы чырвонаармеец. Дзяжурны афіцэр тым часам нешта даводзіў сяржанту Мандрыку, які сядзеў за рулём у сваёй звычайнай позе. Убачыўшы ў кабіне аўтамат з левага боку шафёра, Дзяніс Яўменавіч успомніў пра свой – здаваць ці не? Але генерал параіў узяць зброю ў дарогу, маўляў, усё роўна ў Крутагор’і належыць вярнуць нейкую баявую адзінку, дык чаму не аўтамат, які вельмі спатрэбіцца мясцоваму ваенкамату.
Нямецкая авіяцыя сапраўды нібыта не заўважала высокага і чыстага неба, чамусьці па-ранейшаму заставалася на аэрадромах, таму ехаць было бяспечна; але ад Крычава да Клімавіч багата выпадала аб’ездаў, у выніку чаго шлях падаўжаўся. У Клімавічах нават заначаваць давялося. Больш таго, на другі дзень з самае раніцы ў генерала, як і варта было чакаць, знайшліся справы і ў гэтым раённым гарадку. Ён нават рассмяяўся, быццам такім чынам паспрабаваў загладзіць сваю віну перад Зазыбам.
Між тым у Крутагор’і ў той дзень вешалі бургамістра Барысевіча. Адбывалася пакаранне ў гарадскім скверы. Судзіў яго армейскі трыбунал, казалі, што без асабліва дэталёвага даследавання, бо для вышэйшай меры хапала і тых злачынстваў пра якія ведалі ўсе. Ну а калі дакладней гаварыць, дык галоўным сярод іх было само здрадніцтва. Прынамсі, займаючы падобную пасаду з ахвотаю ці без яе, а вінаватым станеш, бо ад бургамістра раёна патрабавалася калі не саўдзельніцтва ва ўсіх справах акупантаў, то падтрымка ўжо ў любой форме. Гэта Зазыба добра ведаў, як ведаў і асабіста Барысевіча. Зразумела таму, што Дзяніс Яўменавіч папрасіўся ў генерала на ўсял юднае відовішча. У сквер ён трапіў якраз у той момант, калі чыталі прысуд. У Крутагор’і Барысевіча не любілі, але прысутныя на пакаранні стаялі моўчкі – ні воклічаў, ні праклёнаў. Толькі адна жанчына, можа, бургамістрава родзічка, раптам самлела, пачуўшы рашэнне трыбунала, шмякнулася на ўтаптаны снег. Да яе кінуліся зблізку мясцовыя жанчыны, паднялі пад рукі і навялі за натоўп. Пакуль вайскоўцы, якія выконвалі прысуд, не сунулі неспакойную бургамістраву галаву ў пятлю, што вісела на перакладзіне над грузавой машынай з адкінутымі бартамі, Зазыба паспеў збольшага агледзецца. Дзіўна, але ў гарадскім натоўпе стаялі і дзве верамейкаўскія кабеты – Палага Хахлова і Гаўрылішыха. Палага, як кажуць, была жанчына ўсюдыісная, ёй нібыта належыла прысутнічаць на падобных відовішчах, а вось Гаўрылішыха!.. Абцяжараная дзецьмі, малацікаўная ўвогуле, яна жыла ў вёсцы без лішняй мітусні, акурат наводшыбе, дарма што сам Гаўрыла заўсёды знаходзіўся ў віры падзей, і вось яна таксама апынулася сярод гледачоў. «Трэба падысці да кабет», – узнікла ў Зазыбавай галаве думка і тут жа вылецела, бо пачалося само пакаранне. Прайшло яно без замінак. Салдаты надзелі чалавеку на галаву пятлю, пакруцілі яе на шыі для зручнасці, тады неяк раптоўна, быццам крадком, выбілі з-пад ног табурэтку. I ўсё. Нямецкі паслугач нават не таргануўся, акурат ужо быў нежывы дагэтуль. Затое зверху, быццам у адказ на тое, што адбылося, пасыпаліся снежныя крупы, ажно льга было падумаць, што гэта неба сухімі слязамі аплаквала яшчэ адну загубленую чалавечую душу…
Тым часам народ патрохі пакідаў сквер. Каб не размінуцца з верамейкаўскімі кабетамі, Зазыба заспяшаўся пераняць іх пад аркай. Гэта яму без усялякай цяжкасці ўдалося. Але кабеты не адразу пазналі яго ў вайсковай форме, узброенага аўтаматам. Нарэшце Палага Хахлова ўзрадавана ўсклікнула:
– Дзе ета цябе, Дзяніс Яуменавіч нялёгкая носіць!? Мы ў Верамейках ужо думалі, што прапаў недзе, ці, можа, пасадзілі?
– За што мяне садзіць?
– Дак хто цяпера пытае ў каго? Вунь жа Барысевіч еты папаўся недзе.
Тады заступілася за Зазыбу Гаўрылішыха:
– Ты таксама, Палага!.. Зраўняла Дзяніса з Барысевічам!
– Дак я ета так, – пачала апраўдвацца Палага. – Дзеля аднаго прыкладу. – I да Зазыбы. – Дак ты ж цяпера куды?
– Парадамоў. Ато ў мяне там парсюк…
– Дак парсюка твайго даўно ўкралі!
– Значыць, у Верамейках ужо крадуць? Што яшчэ новае ў нас?
– Гаўрыла вось аб’явіўся. I гэта яна ў ваенкамат па пісьмо прыходзіла. Таксама ў арміі. Ахвіцэр. Як ета?
– Капітан, – падказала Гаўрылішыха.
– Рады за цябе, Хадоска, – сказаў Зазыба. – А што яшчэ?
– Дак бытта ж і нічога, – паціснула плячамі Палага Хахлова.
– Як ета нічога? – запярэчыла Гаўрылішыха. – Памёр Кузьма Прыбыткоў. Вярнуўся з фронту каваль Ганны Карпілавай. На мыліцах. Левую нагу валочыць. А ты што? Сам у армію напрасіўся ці ўзялі?
– Так здарылася.
– А цяпер дамоў? – не пераставала дапытвацца Палага Хахлова.
– Ага, дамоў.
– То хадзем. Якраз недзе да цёмнага за Бесяддзю будзем.
– У мяне тут яшчэ справы. Але вы таксама не спяшайцеся. Можа, даедзем.
З-пад аркі Зазыба рушыў у ваенкамат. Няйначай туды ўжо наведаўся перад гэтым генерал, бо акрамя аўтамата нічога не давялося здаваць назад. Між тым Маштакова ў райцэнтры не было, кудысьці паехаў, таму пасля ваенкамата Дзяніс Яўменавіч падаўся шукаць генерала. Нарэшце, каля будынка дзяржбанка ён убачыў «віліс». Сяржант Мандрык сказаў:
– Ды тут твой генерал. Думаеш, сёння ў тваю вёску паедзем?
– А чаго тут чакаць? – паціснуў плячамі Зазыба.
З нейкім цывільным з банка нарэшце выйшаў генерал.
– Ну што, Зазыба?
– Аўтамат здаў, можна ехаць, таварыш генерал.
– А зараз вось і паедзем.
Генерал падаў цывільнаму руку, сеў у «віліс». Тады Зазыба папрасіў яго:
– Тут апынуліся па справах дзве нашыя кабеты, дык падумаў, ці можна будзе падвезці іх?
– Ну, калі да сябе возьмеш, – усміхнуўся генерал.
Зазыба збегаў да сквера, прывёў сваіх зямлячак.
У Забяседдзе ехалі па бялынкавіцкай дарозе, бо туды захаваўся толькі адзін мост. Снег зрабіў сваё, і слядоў вайны амаль не было відаць. Пра нядаўнія баі нагадвалі найперш падбітыя танкі ды яшчэ чырвонаармейскія магілкі. Як помніў Зазыба, раней паўз дарогу можна было бачыць на такіх жа магілках крыжы з нямецкімі надпісамі, але іх паспелі знішчыць. Такія адносіны да варожых магіл здзівілі Зазыбу – прынамсі, магілы нашых байцоў і камандзіраў ніхто не чапаў тут ні ў сорак першым, ні ў сорак другім, ні ў сорак трэцім. Нават зоркі заставаліся на слупках, хоць іх і не часта тады выкарыстоўвалі ў якасьці адзнакі.
Генерал паспрабаваў загаварыць з верамейкаўскімі кабетамі, але тыя ўсё роўна як чужаліся старога чалавека. Але ж Зазыбу Гаўрылішыха сказала:
– Каб ведалі, што ты, Яўменавіч, вернешся сёння, дак пратапілі б тваю зямлянку. А то як вы будзеце пачакаць?
– Салдату не прывыкаць, – акурат заступіўся Зазыба за ўсіх.
У Верамейкі прыехалі позна ўвечары, пры зорках, аднак убачыць новыя абрысы вёскі з яе заснежанымі зямлянкамі ўсё-ткі не дазваляла цемната. Затое ўранні Зазыбу ўразіла, што зусім не зглядвалася ў Верамейках аніякіх адзнакаў чалавечага жытла. З усяго, як кажуць, жывога толькі дымкі над рэдкімі зямлянкамі-невідзімкамі ды адзінокі рык нейчае каровы. Праўда, час яшчэ таксама не спрыяў абуджэнню вёскі, бо Дзяніс Яўменавіч прахапіўся, бадай, раней за тых, каму рупіла на дварэ свая альбо чужая справа. Гаспадыні ў разлік не ішлі. Кабетам заўсёды хапала клопату ля печаў. Іншая магла пратупаць поўны дзень.
Зямлянка Кузьмы Прыбыткова, таксама як і хата раней, была выкапана насупраць Зазыбавай, і Дзянісу Яўменавічу ажно нязвыкла было не бачыць цяпер старога гаспадара. Той ужо трапіў на вечны спачын.
Многа, ой многа стратаў панеслі за вайну Верамейкі!.. Зазыбу цяпер усё роўна як шкада было нават паліцэйскіх, таго ж Рамана Сёмачкіна, якога забілі партызаны, Брава-Жыватоўскага; Казлова чамусьці расстралялі самі немцы; да таго ж Раман Сёмачкін, калі яго схапілі ўкраінскія партызаны, узвёў паклёп яшчэ на сяго-таго ў Верамейках, мужыкоў забралі ўначы, адвезлі на край лесу і каля межавога капца пасеклі тапарамі; сярод тых мужыкоў, як лічыў Зазыба, былі і вельмі прыстойныя людзі, якія наўрад ці дазволілі сабе працаваць употай на немцаў. Напрыклад, Тарасёк… Але ж партызаны таксама дзяліліся на сваіх і чужых, гэта значыць, на мясцовых і на прышлых. Свой яшчэ мог не спяшацца, спрабаваў высветліць віну. А што да беларуса літоўцу ці ўкраінцу? Тым больш што ў варожым стане на нацыянальныя адрозненні звярталася асаблівая ўвага. Дзіўна, аднак Зазыбу раптам захацелася заплакаць!.. Але наймацней за ўсё яму стала шкада Верамеек, знявечаных і загнаных пад зямлю.
Між тым са сваёй зямлянкі выйшаў на мыліцах Карпілішын прымак Андрэй. Ці то ён ведаў ужо, што нарэшце вярнуўся Зазыба, ці проста ўгадаў здалёку па постаці, але тут жа выкінуў паперад сябе мыліцы, падцягнуўся да іх, накіроўваючыся ад зямлянкі на пратаптаную ў снезе сцежку, якой хапала цяпер на ўсю вёску. Зазыба колькі часу стаяў каля сваёй зямлянкі, чакаў, а тады раптам здагадаўся – хіба што падацца насустрач? Так яны і сустрэліся недзе насупраць былога двара Івана Хахла. Андрэй цяжка дыхаў, але чамусьці вельмі не хацеў каб Зазыба адчуў ягоную бездапаможнасць. Дзяніс Яўменавіч абхапіў за плечы каваля, ад радасці крактануў.
– Галоўнае, Андрэй, што жывы, – ледзь не шапнуў у вуха Зазыба.
– Мёртваму не пазайздросціш, – гэтак жа ціха сказаў Андрэй, – але ж і такому калеку!.. – Тады гучней: – Ты, бачу, зусім вайсковы стаў і на вайсковай машыне прыёхаў.
– Так, сустрэў нечакана ў Расне былога камроты, яшчэ з грамадзянскай вайны. У генералы выйшаў. Дык я пры ім колькі часу быў.
– У Расну як трапіў? Мне ж там нагу перабілі.
– О, гэта доўгая гісторыя. Як-небудзь раскажу. Вось паедзе мой госць, то прыходзь. Здаецца, нават у фляжцы што-кольвеч знойдзецца.
– Мая Ганна таксама сякую-такую слязу выціснула. Так што… Але цяпер у Верамейках няма чаго рабіць, Дзяніс Яўменавіч, акрамя як каросту разводзіць ды вошы. Апанавалі паразіты. Толам лечымся. Разводзім у вадзе і мажамся, а тады доўга скачам у зямлянках.
– У гады бедстваў заўсёды якая-небудзь пошасць нападае, – паківаў галавой Зазыба.
– Але ж чаму цяпер?
– У сорак другім тыфус лютаваў, цяпер – кароста. Ну а вошы…
– Іншы раз здаецца, што гэта ўжо навечна.
– Няма нічога вечнага, – усё роўна як супакоіў каваля Зазыба. – Нават чалавек яшчэ не выпрасіў ва ўсявышняга вечнасць. Але скажы вось што… Кузьму Прыбыткова вы прыстойна пахавалі?
– Так, і дошак на труну знайшлі, і адзенне ніжняе пашылі. Я сам на могілкі хадзіў, ямку глядзеў. Не, ты не турбуйся. Кузьма не павінен у крыўдзе застацца.
– Дзякаваць богу, што так…
Зазыба адчуваў, што недзе ўжо меўся выходзіць з зямлянкі генерал, таму гаварыў з Андрэем і кідаў позірк на сваё падворышча. Нарэшце той сапраўды акурат вынырнуў наповерх і, можа, нават разгубіўся, што не ўбачыў гаспадара.
– Ты мне даруй, Андрэй, але генерал мой прачнуўся. Пабягу.
– Ну, бяжы.
Генерал сказаў:
– Трэба ехаць, Дзяніс Яўменавіч.
– Але ж сняданак?.. – разгубіўся Зазыба.
– Сяржант штосьці рыхтуе там.
– У печы б запаліць, – не пераставаў непакоіцца Зазыба.
– Няварта, – не згадзіўся генерал. – Паснедаць можна і сухім харчам. Балазе, у нас яго хапае. Астатняе, што прывезлі, пакінем табе. – Ён паглядзеў на свайго былога кулямётчыка, сказаў з нейкім незразумёлым выклікам: – А ведаеш, мой стары таварыш, я нават не здагадваўся, што ў цябе тут гэтак дрэнна. Ды і няма чаго тут зімой рабіць. Не, дарэмна я цябе прывёз.
У часе сняданку размову генерал прадоўжыў, але з большай выразнасцю:
– Можа, сам перадумаеш? Паедзем у нашу Расну, а к вясне я зноў прывязу цябе. Каня ў якой-небудзь гаспадарцы выпрашу для цябе. Словам, я шкадую, што паддаўся твайму настрою. Так што падумай.
– Добра, я з вамі даеду да Крутагор’я. Мне да Маштакова патрэбна. Ён абяцаў мне бровар адцаць зіму.
– Ахвота табе вазіцца з броварам?!
– Гэта я дзеля…
– Ну так, дзеля гонару. Але да Крутагор’я мы цябе давязем. Як, сяржант?
– Месца знойдзем, таварыш генерал.
– Добра, тады я на жончыну магілу схаджу. Тут побач. Ды і сусед нядаўна памёр. Трэба глянуць.
Ужо ў часе сняданку ў Верамейках у Зазыбы пачалі раздвойвацца жаданні. У дарозе яны проста вярэдзілі душу. I ён даехаў з гэтым верадам да Крутагор’я, потым… да Расны. I вось ужо было лета сорак чацвёртага года.
III
Зазыбаў Масей таксама дажыў у Мінску да лета сорак чацвёртага года.
Ён ведаў, што Алесь Астрашаб жыў на Ніжне-Пятроўскай вуліцы. Сюды і прыйшоў Масей, дарма што да вайны, бадай, і не ведаў дзе знаходзіцца яна. Але перад тым, як шукаць Астрашабана Ніжне-Пятроўскай, Масей, зразумела, найперш заглянуў у той раён горада, дзе яны адзін час жылі з Алесем на кватэры, яшчэ ў студэнтах. Гэта – за вакзалам, па другі бок чыгункі. Падобная акалічнасць – блізкасць да вакзала – некалі мела станоўчае значэнне; у вайну ж прывакзальныя вуліцы мала калі заставаліся спакойныя, асабліва ў апошнія гады – савецкія самалёты рабілі налёты на станцыю толькі ўначы; зразумела, што не ўсе бомбы траплялі ў паравозы, вагоны, цыстэрны; да таго ж, кожная дыверсія на чыгуначнай станцыі, якую праводзілі партызаны з падпольшчыкамі, таксама не абыходзілася без аблаў у адказ, без арыштаў… Словам, жыць тут было трывожна, найгорай – небяспечна: ні адзін налёт бамбардзіроўшчыкаў не абыходзіўся без разбурэнняў; ну а паколькі пасля ўжо амаль ніхто не адбудоўваўся, таму скрозь чарнела абвугленае бярвенне.
Дамок, дзе кватаравалі некалі рабфакаўскія хлопцы, хоць і стаяў цэлы, аднак гаспадароў немеў. Яны загінулі яшчэ ў сорак другім. Пасля ў ім жылі чужыя людзі, мужык і жонка, якім таксама не пашанцавала – абое трапілі пад бомбу на самай чугуначнай станцыі, у адзін дзень. Добра, што пра ўсё гэта знайшлося каму сказаць Масею. Аднекуль, як кот з зараснікаў выйшаў на вуліцу насцярожаны чалавек, паўзіраўся, быццам неўпрыкмет, у Масея, тады спытаў але чамусьці няверліва:
– Бяздомны?
– Як сказаць, – усміхнуўся, паціскаючы плячамі Масей.
– А то займай. Хата яшчэ моцная, з добрага дрэва. Навошта ёй пуставаць?
– А вы хто? – спытаў Масей.
– Дык… – Чалавек памаўчаў, быццам дзеля прыліку, тады рашыўся, здаволіў Масееву цікаўнасць: – Тутэйшы. Я ў сваім доме жыву. – I паказаў рукой налева. – Там, на скрыжаванні вуліц. Дык што цябе прывяло у наш раён?
– Знаёмыя ў гэтым доме некалі жылі, – не стаў удакладняць Масей.
– Ну так, Семянчукі заўсёды жыльцоў да сябе пускалі, – акурат ухваляючы, заківаў галавой дзядзька. – Затое капейка жывая не зводзілася. Ды і сам зарабляў. На чыгунцы нават немцы дорага плоцяць, дарма што немцы маглі б і прымусіць. Але ж і Семянчукі, і гэтыя, што пасля іх тут жылі, загінулі: Семянчукі дзесь у раёне Камароўкі, нават не на рынку, а пасяленцы – на станцыі.
Уласна кажучы, далей заставацца на знаёмай вуліцы Масею не мела сэнсу. Пра гаспадароў у якіх жылі яны з Астрашабам, ён ужо ведаў. Тым часам жыць у пустой хаце нават не прыходзіла яму ў голаў. Здавалася б, дзе яшчэ шукаць прытулку, як не тут, а вось жа ніколькі не заманулася, нягледзячы, што чалавек, які выйшаў да яго з садовага зарасніку, таксама хацеў гэтага. Да таго ж, меў ён па цяперашнім часе прывабную якасць – лішне не дапытваўся, адно, можа, дарэмна насцярожана адчуваў сябе. Зрэшты, Масей і насцярожанасць мог зразумець. Няйначай, дзядзька заўсёды паводзіў сябе такім чынам, калі сустракаўся з чужым чалавекам. Ну ды тае бяды. Накладныя выдаткі часу, таксама падзей, што адбываліся ледзь не ў цэлым свеце, маглі прымаць самыя розныя формы, і ніхто няздольны быў моцна ўплываць на іх. Дзіўна, але пакідаў раён індывідуальнай забудовы Масей без шкадавання. Як кажуць, акалічнасці вышэй за ўсё: на тое і вайна, каб адны ў ёй гінулі, другія страчвалі страху над галавой, трэція туляліся вось гэтак, як Масей… Між тым у Масея быў адрас Астрашаба, той даваў яго, калі прыязджаў у Верамейкі. Канечне, надзеі вялікай на той адрас Масей не ўскладваў ці мала з таго часу магло памяняцца, можа, Алесь перабраўся жыць у іншае месца; аднак пошукі не палохалі – галоўнае, што Астрашаб знаходзіўся ў Мінску, у газетах няраз даводзілася сустракаць ягонае прозвішча; і працаваў Алесь у той жа гарадской управе, хоць Масею туды не надта хацелася ісці: навошта адразу лішне ўпадаць у вочы? I ён, даўшы дзякуй чалавеку, падаўся адразу на Ніжне-Пятроўскую. У доме на той час затрымалася Алесева гаспадыня, Леакадзія, зусім маладая кабета, якая паступова дала зразумець, што яна не абы-хто свайму кватаранту, дакладней, ніякі ён не пастаялец у яе, дарма што яны жывуць пад выглядам чужых; дык гаспадыня і пацвердзіла перад госцем, што Астрашаб па-ранейшаму служыць ва ўправе, толькі цяпер кантужаны, бо таксама знаходзіўся разам з іншымі свядомымі беларусамі ў гарадскім тэатры, калі там адбыўся выбух.
– Другія загінулі, а ён застаўся жывы, – усё роўна як пахвалілася маладзіца. – Але ж рука і цяпер баліць. Я сама перавязала яе каля тэатра. Тады і пазнаёміліся. Пагаварылі трохі і сюды адразу прыйшлі. Так што, вы па дакладным адрасе з’явіліся.
Увечары вярнуўся з управы Астрашаб, узрадваўся Масею; тут жа і галоўнае было вырашана, – гаспадары пашапталіся недзе, затым зусім лёгка, быццам ім не каштавала нічога, прапанавалі прытулак у сябе са сталаваннем, балазе, у Леакадзіі быў за домам вялікі гарод, а на рынку кабета мела сваё месца; да таго ж, не бедна адчуваў сябе на службе ў немцаў і Астрашаб; словам, лішні нахлебнік ім пакуль не ў цяжар. Астрашаб так і сказаў:
– Дзе два з лыжкамі каля поўнай міскі, там і трэцяму патравы хопіць.
У той вечар за доўгі час Масей чамусьці напіўся. Уранні трашчэла галава. I ён доўга прывыкаў да ўсяго новага, што атачала цяпер яго.
Да таго, як напіцца яму, была вырашана і яшчэ адна з важных праблемаў: дзе Масею ўладкавацца на працу? Дзіўна, але Астрашаб нібыта адчуў нутром, што госць не дужа ахвочы да службы, таму ўзяўся здабыць яму дазвол на жыхарства ў горадзе без пэўнага месца працы абодва – і Астрашаб, і Масей – раптам сышліся на тым, што Масею варта спярша прыгледзецца да жыцця ў Мінску. Да таго ж, Астрашабу ўсё роўна як трывожна стала праз тое, што Масей ужо шмат гадоў не займаўся ліраратурай. Прынамсі, з усяго, што прачытаў Масей за вячэрнім сталом паміж песняў даспадобы прыйшлося адно чатырохрадкоўе. Практыка ў паэта – гэта тое, што голас ў спевака, пачаў тлумачыць Алесь, дарма што Масею ягонае выслоўе не толькі незразумелае было; яно проста здавалася няскладным, быццам чалавек гаварыў адно, а на ўвазе меў іншае; сапраўды, прычым тут у гэткім супастаўленні голас спевака і практыка ў паэта? Але Астрашаб таксама к таму часу нямала выпіў. Маглі думкі ў галаве завязацца і тут жа развязацца. Між тым цалкам аддацца творчаму жыццю было заманліва для Масея, адно ўжо таму, што адыходзіла ўбок – гэта па крайняй меры – неабходнасць уступаць у залежныя дачыненні з акупацыйнымі ўладамі, няхай што яны і называліся таксама беларускімі. Аднак жа ў Забяседдзі за апошнія гады нічога вартага, як прызнаў Астрашаб, у Масея з-пад пяра не выйшла. Так, у вершах ягоных сустракаліся прывабныя радкі, нават пачыналі віраваць цікавыя думкі, аднак суцэльнай прыгожай тканіны на паэтычных кроснах ні разу не заснавалася. Дык чым мог памагчы паэту Зазыбу зацішак у Мінску?
Як і абяцаў Астрашаб, дакументы Масею ён здабыў у гарадской управе хутка, балазе немцы акурат захапляліся аўсвайсавай паператворчасцю: лёгка выдавалі беларусам розныя даведкі, таксама як лёгка верылі і тым паперчынам, якія мелі пячатку былых савецкіх устаноў. I ў астатнім Астрашаб трымаўся ўгавору – прынамсі, недрваўся з капытоў уладкаваць у якой-небудзь установе чыноўнікам. Але тым не менш разоў колькі пачынаў з ім размову, каб сябра паспрабаваў зблізіцца з рэдакцыяй «Менскай газеты». Асабліва пачасціў свае прапаповы, калі нарэшце ў Масея завяршыліся паэтычныя высілкі прыстойнымі вершамі. Два з іх Астрашаб сам занёс у рэдакцыю, пасля пачаў заахвочваць аўтара, які пакуль адно круціў галавой, маўляў служэнне музам не любіць мітусні. Затое Масей з вялікай ахвотай амаль кожнага дня цяпер суправаджаў гаспадыню на рынак, часам нават заставаўся на гадзіну-другую за лядам замест яе, пакуль Леакадзія недзе бадзялася па сваіх гандлёвых справах. Дзіўна, але ён толькі нарэшце зразумеў што пісьменніку ніяк нельга без кірмашовай люднасці, без чалавечай гаманы. Наадварот. Тая ж цішыня, дакладней, адзінота, якую шукаў ён яшчэ не дужа даўно, не стварала творчай настраёвасці. Тут жа, на кірмашы, што ні гук, што ні слова, то нешта новае, нечаканае; асабліва шмат дадаваў выраз сялянскіх і гарадскіх твараў, дарма што большасць мела адзнаку пахмурнасці, насцярожанасці; Масей з нейкай усмешлівай цікавасцю запрыкмеціў аднаго разу, што выгляд людзей на кірмашы ва ўмовах вайны быў зусім не падобны на ранейшы – цяпер мужыкі ды бабы чымсьці нагадвалі вераб’ёў, якія з унутранай палахлівасцю тоўпіліся вакол спажыўных кучак, дзе было шмат чаго нацярушана і ўлетку і ўзімку. Варта дадаць, што і яшчэ нямала якіх падрабязнасцяў у паводзінах людзей назіралася, аднак усе яны, тыя падрабязнасці, датычылі ўжо не толькі прыдбанага, можна сказаць так, колькі богам дадзенага. Напрыклад, незнікаючай цягі да крадзяжу, якая на кірмашах заўсёды вызначалася асаблівай адметнасцю, нават рытуальнасцю; між тым ваенны час, калі ў любога смаркача ў кішэні магла апынуцца зброя – наган альбо граната, надаваў гэтай справе своеасаблівае адценне, штосьці накшталт шарму, дзе вельмі блізка межавалі, вярней, сутыкаліся ранейшая зухаватасць і цяперашняя адчайнасць, абумоўленая небяспекай. Аблавы, якія наладжвалі немцы сумесна з гарадской паліцыяй парадку, паўтараліся ледва не дзень за днём, але нават тыя злачынцы, на каго раскідваўся нерат, часцей за ўсё міналі небяспеку. Масей мала помніў каб немцам шанцавала ў гэтым. Праўда, здараліся выпадкі, калі жандары прыводзілі сюды пад канвоем ахвяры з турмаў, каб прылюдна павесіць, бо натоўп пад канец акупацыі сам па сабе ўжо не надта збіраўся на падобныя відовішчы ў гарадскіх скверах ды на плошчах; гэта ўжо не сорак першы год і не сорак другі, ды ў нечым і не сорак трэці, прынамсі, першая палова яго, тады яшчэ знаходзіліся ахвотнікі з гарадскіх абываталяў акурат дзеля забавы, накінуць пятлю на шыю прыгаворанаму падпольшчыку ці партызану. Блізкасць фронту, які з восені стаяў каля Воршы, Дуброўны, Горак, Чавусаў Чэрыкава, Рагачова, Жлобіна і далей паўз Дняпро, прымушала многіх перагледзець свае паводзіны. Эйфарыя, выключаная пераменай улады, а галоўнае – магчымасцю больш-менш існаваць па-чалавечы нават у гарадскіх умовах, не давала ўжо той задаволенасці, якая цешыла мінчукоў напачатку. Паступова свядомасць запаўняла другое пачуццё – пачуццё перасцярогі, тым больш, што ў сяго-таго з гарадскіх абываталяў была падобная патрэба: наставаў час адсякаць за сабой хвасты, замятаць сляды. Вядома, гэта не датычала тых калабарантаў якія, змагаючыся з савецкімі патрыётамі, пралівалі чужую кроў. Ім не было на што і спадзявацца далей. Таму ўсе яны, ці амаль усе, па-ранейшаму супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі – вайсковымі, палітычнымі, адміністрацыйнымі. Здаецца, да такіх належаў і Астрашаб, дарма што ўся віна яго перад уладай, якая вярталася на Беларусь, заключалася ў тым, што ён ад самага прыходу ў горад немцаў служыў ва ўправе. Гэтага было дастаткова, каб быць абвінавачаным бальшавікамі, якія не ўтойвалі сваіх намераў выказваючы іх праз усю вайну ў газетах, лістоўках… Але Астрашаб калабарантнасць сваю тлумачыў проста: ён сужыў сярод немцаў дзеля Беларусі. Нават Леакадзія, ягоная гаспадыня, жыла з ім з такім пераконаннем. Яна не хавала гэтага. Таму Масей заўважыў гэта адразу, як пасяліўся на Ніжне-Пятроўскай вуліцы. Тым часам, здавалася б, што ёй, Леакадзіі, да нацыянальнай справы? На рынку гандаль ідзе няблага, ну, то і хвала госпаду! Аднак жа не. куды рак з кляшнёй, туды і конь з капытом. Між тым наставаў час, калі зусім па-сапраўднаму неабходна было думаць пра будучае. З восені сорак трэцяга года, бадай, ужо мала хто сумняваўся, што Чырвоная Армія надоўга спынілася на паўночным усходзе, на ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі; багата хто чакаў яе прыходу ў сталіцу зімой, пасля таго, як стануць рэкі, але настаў сорак чацвёрты год, ужо лета ўвабралася ў спеласць, а фронт не рухаўся ні назад, ні наперад. Гэта акалічнасць не тое, каб бянтэжыла адных альбо цалкам супакойвала другіх – проста, людзі разумелі, што там пакуль вагаюцца шалі на высокім узроўні. Паколькі людскія настроі, розныя перамены, таксама як і амаль усё астатняе ў горадзе, адбывалася на вачах у Масея, то ён меў магчымасць аналізаваць абстаноўку даволі дакладна. Шмат пра што можна было даведацца ад Астрашаба, які пасля таго, як канчаткова вырашыў падаваццаў Еўропу, стаў яшчэ больш спакойны; яго толькі займала адно моцна – што выпадзе рабіць у эвакуацыі? Слова «эміграцыя» сярод калабарантаў пакуль не прыжывалася, хоць нямала з тых, што прыехалі за гады вайны на Беларусь з той жа Еўропы, ведалі, пгго такое эміграцыя, на ўласным вопыце. А між тым адыходзіць з немцамі ў Еўропу збіраліся многія. Нават тыя, што не надта гарнуліся да немцаў. Напрыклад, Астрашаб некалі шмат спадзяваўся на іхні прыход у Беларусь. Тады думалася, што пад шырмай чужой акупацыі ўдасца што-кольвеч зрабіць для сваёй, беларускай справы. Але пасля таго, як знік кудысьці ксёндз Гадлеўскі, які ўзначальваў праанглійскае крыло нацыянальнага руху, упэўненасць у падобнай магчымасці амаль прапала. Па-ранейшаму цалкам адцадзеныя немцам заставаліся тыя калабаранты, якія трапілі на бацькаўшчыну ў іхнім абозе, дарма што, бадай, самых зацятых к гэтаму часу пазнішчалі пры дапамозе розных пераветняў савецкія разведвальна-дыверсійныя групы. Зразумела, што за гады акупацыі з’явілася нямала ахвотнікаў папрацаваць на чужынцаў і сярод мясцовых аматараў паздзеквацца з жывога чалавека, з яго годнасці і светапогляду; дастаткова сказаць, што ў мінскіх турмах – і той, што на пляцы Волі, і той, што ў двары наркамата ўнутраных спраў, – працавалі былыя савецкія следчыя; так званыя вайсковыя нацыянальныя фарміраванні таксама складалі не толькі юнцы саюза моладзі, там хапала і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія альбо дэзерціравалі, альбо выбавіліся з нямецкага палону; ды і ўвогуле, калі браць паўней калабаранцкае асяроддзе, дык у ім можна было сустрэць такіх нягоднікаў якіх невядома чаму яшчэ трымаў свет на сабе. I ўвесь гэты сметнік баяўся расплаты, таму самым сур’ёзным чынам наважваўся следам за сваімі гаспадарамі, а то і паперадзе іх за мяжу. Масей, напрыклад, ведаў што сёй-той з ягоных знаёмых атабарыўся ў Беластоку; многія падаліся да заходніх ускраін Бацькаўшчыны з дывізіямі СС «Беларусь». На ўсялякі выпадак пакавалі чамаданы ў рэдакцыях, чакаючы і ад Масея, што і ён папросіць сабе месца ў спеццягніку. Масей адмоўчваўся, ён нават Астрашабу нічога не сказаў, калі той паімкнуўся даведацца, ці мае на мэце што-небудзь пэўнае ягоны сябра наконт далейшага свайго лёсу. Праўда, Астрашаб у дачыненні да Масея заўсёды быў далікатны. Але калі быць да канца справядлівым, то Леакадзіі ён таксама не дыктаваў сваёй волі, асабліва пасля таго, як гаспадыня аднойчы сказала, маўляў чаму трэба мітусіцца, дробны мак з-пад спадніцы сеяць – гандлявала на рынку пры саветах, не пераставала займацца тым жа, хвала госпаду, пры новай уладзе, думаю, што не пройдзе ахвота хадзіць на рынак і потым… Сам жа Масей паступова прыходзіў да высновы, што чакаць Чырвоную Армію ў Мінску яму таксама няварта. I не столькі таму, што друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі. Ніхто ж не вызваляў яго ад віны, за якую трапіў у лагер за Марыінскам. Сюды дадавалася праца ў валасным упраўленні ў Бабінавічах. У вачах улады, якая вярталася, усё гэта мела сваю шкалу вызначэння віны. Што-што, а наконт гэтага Масей не памыляўся. Іншая справа, каб яго няшчасці скончыліся трыццатымі гадамі і каб яму ўдалося пракідацца ваенны час пры бацьку ў Верамейках. Аднак лёс не захацеў паказаць літасць.
* * *
Так, Масей сапраўды паслужыў валасным пісарам у Бабінавічах. Здарылася гэта супроць яго волі. Асабліва ўвагнаў нечаканы паварот у смутак, нават у роспач старэйшага Зазыбу. Здаецца, ён так і не выпрастаўся пад сваёй ватоўкай за той год, што сын жыў у мястэчку.
З-за Топкай гары, дзе касілі верамейкаўцы апошнія дзялкі, Масей з маткай, Марфай Давыдаўнай, вярнуліся дамоў ужо ў прыцемках таго дня, калі ў Зацішшы згарэла смалакурня. Тады ў вёску начаваць з луга, здаецца, паехалі ўсе. Прынамсі, косы ды граблі везлі суседзі па завулку на возе Кузьмы Прыбыткова. Але бацьку дачакаліся позна. Марфа Давыдаўна нудзілася доўга і амаль без надзеі, што гаспадар вернецца. Ды ўсё паступова абышлося. Нават сутычка на Бесядзі, якая адбылася праз колькі дзён паміж партызанамі Нарчука і карным атрадам немцаў, што з’явіліся ў Забяседцзе аднекуль з Клінцоў, Масей з Марфай Давыдаўнай перабылі ў Верамейках. Праўда, давялося трымацца напагатове, нават калі ўбачылі ў часе страляніны Дзяніса Яўменавіча, які прыскакаў на кані ў Верамейкі праганяць з вёскі людзей, не падаліся ў лес. Стаялі на ганку, слухалі, як тахкалі марудлівыя нямецкія кулямёты па той бок ракі, як ажно захлёбваліся нецярплівыя партызанскія… Пасля сутычкі на пераездзе ў Вусаўцы, калі самалёт з Сешчы забраў параненага камандзіра атрада, карнікі пакруціліся па вёсцы па той бок Бесядзі і гэтак жа ціха, як з’явіліся, падаліся кудысьці далей. Прынамсі, у Вусаўцы яны другі раз не паказаліся, значыць, і ў Верамейкі не імкнуліся. Затое бабінавіцкі камендант Гуфельд з таямнічым фон Файтам не пабаяліся пераехаць Бесядзь. З імі ў Верамейках былі мясцовыя паліцэйскія, здаецца, чалавек дзесяць, восем нямецкіх салдатаў ды два французы, няйначай, з тым, што ахоўвалі вадакачку і чыгуначны мост у Бялынкавічах. Але Гуфельд з фон Файтам рашыліся на паездку за Бесядзь ужо ў сярэдзіне жніўня, лічы, праз паўтара тыдня пасля таго, як верамейкаўцы пахрысцілі ў мястэчку дзяцей. Хутчэй за ўсё, што бабінавіцкі камендант к таму часу меў дакладныя звесткі пра мясцовых партызанаў, якія следам за прышлым атрадам капітана Шамякіна нечакана падаліся з верхняга Забяседдзя ў чачэрскія лясы. Сапраўды, чаму тады не выкарыстаць момант? У Верамейках Гуфельдава каманда спынілася ў былой калгаснай канторы. Паколькі Брава-Жыватоўскага к таму часу ўжо не было ў жывых, яго пакаралі партызаны перад сваім адыходам яшчэ ў Азёрным, то вёску прабег з канца ў канец, а тады і ў Падліпках, нейкі чужы паліцэйскі – маўляў, збірайцеся, людзі, на пляц перад калгаснай канторай, Адольф Карлавіч з Бабінавічаў да вас прыехаў. З Зазыбавага двара туды пайшоў адзін Дзяніс Яўменавіч, балазе, яму па пасадзе належала, усё-ткі намеснік валаснога агранома. Масей з Марфай Давыдаўнай засталіся і ў той дзень на сваёй сядзібе, складвалі прывезеныя з поля снапы ў копы, бо старэйшы Зазыба чамусьці рашыў сёлета зрабіць так, хоць на гумне месца яшчэ хапала; Марфа Давыдаўна ў сваю чаргу таксама следам за ім разважыла: ну так, няхай сабе, усё ж бліжэй к дому, акурат і на самой справе падобная акалічнасць мела нейкае значэнне. Зрэшты, не ў гэтым сэнс. Важна, што каля самога дому знайшлася работа, якую маці з сынам зрабіць павінны былі. Там жа, на гародзе, Масей і пачуў крыкі на двары ў Кузьмы Прыбыткова. Маці таксама прыслухалася:
– Нешта там здарылася. Глянуў бы, сын.
Масей пераскочыў плот супроць лазні, тады па завулку патупаў да Кузьмовага двара. На двары, бліжэй да ганку, стаяў немец з вінтоўкай у руцэ, як кажуць – наперавес, здаецца, так, а пасярод двара, трымаючыся на руках і нагах, акурат Па ўроку фізкультурных практыкаванняў, пад ягоным прымусам напаўляжаў гаспадар. Немец выскаляў зубы, няйначай, дужа весела было здзеквацца над старым чалавекам. Масея немец на двары ўбачыў не адразу. А Масей тым часам ужо кіпеў увесь ад злосці. Ідучы да ганку, каля якога выскаляўся немец, ён ужо ведаў, што стане рабіць. I калі немец нарэшце звярнуў на яго ўвагу, можа, пачуўшы крокі, было позна абараняцца – Масей з усяе моцы, якую сабраў у сабе, штурхануў нягодніка ў плечы; немец спярша пахіснуўся, але не ўтрымаўся на нагах, упаў ніцма, зачапіўшыся левай нагой за ганак; вінтоўка яго пры гэтым выскачыла з рукі і адляцела ў бок. Доўга не думаючы, Масей кінуўся да вінтоўкі, падхапіў яе з зямлі і, не зводзячы вачэй з немца, які паспеў ускочыць на ногі, крыкнуў старому Прыбыткову:
– Уставай, дзядзька Кузьма!
Але ў старога Кузьмы хапіла змогі толькі на тое, каб зварухнуцца ды зусім прыпасці, быццам прыклеіцца да зямлі – рукі і ногі больш няздольныя сталі ўтрымаць цела на сабе. Было відаць, што без старонняй дапамогі небараку не падняцца ўвогуле, прынамсі, цяпер, на гэтай хвіліне. Аднак ні памагаць, ні чакаць. Масей не меў часу. Немец ужо ачомаўся, дарма што не цалкам набыў ранейшую раўнавагу. З налітым чырванню тварам ён паступова выпростваўся, няйначай, прыкідваючы ў галаве, якім чынам выйсці з неспадзяванага становішча. Зразумела, што яму патрэбна была вінтоўка, але ён адчуваў таксама, што чалавек, які гэтак раптоўна выбіў зброю з рукі ў яго, не збіраўся вяртаць яе. Таму наступнае, што павінна было занепакоіць немца, – таксама важная акалічнасць: ці стане гэты апантаны і не зусім вясковы заступнік распраўляцца з ім? Тое, што страляць у вёсцы яму было небяспечна, амаль не выклікала сумнення. Аднак ці мала прымусу, а то і гвалту можна зрабіць пры дапамозе зброі іншым чынам? Сам жа ён здолеў запалохаць старога гаспадара гэтай хаты, каб той прыняў выгляд жывёліны? Добра яшчэ, што нямоглы чалавек не ў стане быў дзейнічаць заадно з гэтым маладым. Значыць, пакуль што можна было за перавагу лічыць у магчымым адзінаборстве толькі вінтоўку, якой ён гэтак ганебна дазволіў завалодаць. Масей са свайго боку таксама прыкідваў у галаве, што рабіць далей. Дзіўна, але злосць, якая ўскіпела ў ім адразу са з’яўленнем на Кузьмовым двары пры выглядзе зняважанага суседа, ужо, здаецца, не адчувалася больш. Не выпускаючы з поля зроку немца, Масей не хацеў тым часам і пагрозлівых рухаў паказваць, каб не здалося акупанту неба з аўчынку. Але патрэбна было на штосьці рашацца. I ён нарэшце падумаў з выразнай пэўнасцю: зброю не выпускаць са сваіх рук, над немцам ніякага гвалту не рабіць, але няварта таксама і доўга трымаць яго тут на двары, бо ўсё роўна калі – цяпер ці трохі пазней, немцы на вясковым пляцы абавязкова спахопяцца, убачаць, што аднаго сярод іх не хапае. Тады пачнуць шнырыць па дварах, шукаць, і не дай бог, як заспеюць гэтае відовішча. Значыць, неабходна ўжо цяпер адважыцца на нешта такое, што адвяло б небяспеку і ад Кузьмы Прыбыткова, і ўвогуле ад суседзяў. А што калі самому адвесці немца на пляц ды здаць бабінавіцкаму каменданту? Думка гэтая нават самому Масею спярша здалася не толькі нечаканай, а і ў такой жа ступені недарэчнай. Але сапраўды, усяго на першы погляд. Калі іншыя шляхі выйсця са становішча не падыходзілі, то ў недарэчнасці штосьці выратавальнае ўсё-ткі было. Прынамсі, чалавек, які рашаўся на падобны крок, мог хоць і на нетрывалую ўдачу, аднак разлічваць. Некалі ў сорак першым годзе, вяртаючыся са зняволення, Масей самым сур’ёзным чынам спрабаваў замацаваць свае інстытуцкія веды ў нямецкай мове. Поспехі атрымаліся невялікія, але на бытавым узроўні нямецкіх слоў яму хапала, каб паразумецца з салдатам. Цяпер ён таксама рашыў скарыстаць ранейшы вопыт. Спярша склаў у галаве цэлы сказ, затым вымавіў яго:
– Нічога дрэннага я вам не зраблю.
Немец таргануўся галавой, усё роўна як ад кантузіі, тады, спяшаючыся, даў зразумець Масею, што яго суцешыла такое прызнанне.
– Гут, гут, – сказаў ён.
– Але зброі вярнудь не магу, – пачаў гаварыць далей Масей.
Немец утрапёна зірнуў на яго, не дачакаўся канца:
– Не, пан партызан, не!.. – I галавой пакруціў, маўляў, без вінтоўкі яму сапраўды ніяк нельга; пры гэтым ён, бадай што, і не здагадваўся, якая пастка падрыхтавана далей. – Вярні мне вінтоўку.
– Гэта немагчыма, – Масей дасюль трымаў зброю ў левай руцэ, цяпер перакінуў у правую, быццам гэтым самым даў зразумець немцу, твар якога з чырвонага паступова рабіўся спалатнелым, што рашэнне яго канчатковае. – Вы можаце адпомсціць нам. Яму вось і мне. – Паказаў на Кузьму Прыбыткова, які замест таго, каб аддыхвацца, пачаў стагнаць. – Таму я вас, каб ад граха падалей, павяду зараз на вёску, а там, пры вашым начальстве, вярну вінтоўку. Згода?
– Не, не! – здаецца, нарэшце да небаракі дайшоў сэнс задуманай Масеем акцыі; ён нават падаўся быў наперад, але тут жа спахапіўся, бо вінтоўка стаяла на ўзводзе яшчэ з таго, як была ў ягоных руках, таму хапала адно ўскінуць яе ды стрэліць.
Тым часам неспадзявана ажыў Кузьма Прыбыткоў.
– Што ён хоча ад цябе? – спытаў Масея.
– Каб я аддаў яму вінтоўку.
Дзіўна, але мудры Кузьма прамаўчаў на гэта. Тады Масей тонам загаду сказаў немцу:
– Пара ісці, бо вашы ўжо занепакоіліся недзе.
I яны пайшлі – паперадзе нямецкі салдат, што неасцярожна, па сваёй дурноце, трапіў у пераплёт, за ім Масей з вінтоўкай у руцэ і з адчуваннем непатрэбнасці яе; здавалася б, чалавек, які апынуўся ў пераможцах у такім паядынку, як гэты, што адбыўся на Кузьмовым двары, меў усе падставы лічыць сябе сапраўды здаволеным, але не, на душы ў Масея было цяжка, і чым даўжэй ён ішоў па вуліцы ў якасці канвойнага, тым мацнейшы станавіўся гэты цяжар; пры тым зусім не складала праблемы здагадацца, чым усё магло скончыцца, прынамсі, немцу страта зброі пагражала каштаваць хутчэй за ўсё аднае ганьбы, а вось Масею… Ужо адна тая акалічнасць, што за іхняй дзіўнай працэсіяй не ўвязваліся вясковыя разявакі, гаварыла шмат пра што. Але не забіваць жа салдата?! Некалі Масей сам хадзіў пад канвоем. I яму цяпер ад аднаго ўсведамлення, што ён таксама апынуўся ў ролі канвойнага, зрабілася ніякавата. Словам, усё адно да аднаго. Аднак недзе каля вясковай кузні, пры паваротку ў Падліпкі, трапяткая Масеева душа акурат супакоілася. Бадай, ён прывёў яе к такому стану ўнутранай воляй, якая аказалася мацнейшай. На самой справе, навошта дарэмна канчаць з сабой раней часу? З гэтым пачуццём Масей і давёў немца да вясковага пляцу. Бабінавіцкі камендант Гуфельд якраз выступаў перад прысутнымі верамейкаўцамі – рэкамендаваў ім, а дакладней, прызначаў у Верамейкі новага паліцэйскага замест Брава-Жыватоўскага. Перакладчыкам быў у яго фон Файт, што ў адрозненне ад каменданта, які прамаўляў з адкрытага легкавога аўтамабіля, стаяў на зямл і, быццам паказваў верамейкаўцам такім чынам свае блішчастыя боты, халявамі падобныя на стрэлкі цыбулі. Масей хоць і спыніўся, не ведаючы, што рабіць далей, але не адразу зразумеў, каго Іуфельд прывёз за паліцэйскага ў Верамейкі. I толькі тады, як апынуўся ў атачэнні нямецкіх салдатаў і паліцаяў якія ад збянтэжанасці ажно паразяўлялі зяпы – гэта ж трэба, нейкі дзівак абяззброіў іхняга камрада! – пачуў што цяпер у Верамейках будзе чужы чалавек у даверы валасной улады. Масею падумалася нават – ці не той гэта паліцыянт, што апавяшчаў сёння вяскоўцаў сыходзіцца на сход? Але ў наступны момант Масей падумаў яшчэ і пра тое, што падобная акалічнасць для яго асабіста не будзе мець аніякага значэння, бо яго вялі да каменданта, які таксама нарэшде расшурупіў, што ўскалыхнула на пляцы прысутных. Дзіўна, аднак у тым жа атачэнні апынуўся і ўзяты ў палон Масеем салдат. Іх прывялі да аўтамабіля, дазволілі ўмацавацца на нагах.
– Хто гэты чалавек? – маючы на ўвазе Масея, зверавата глянуў на абяззброенага салдата Гуфельд; той цягнуўся перад камендантам, моцна прыціскаючы да сцёгнаў рукі, аднак у адказ усяго толькі мычэў ды талопіў вадзяністыя вочы; тады камендант зноў выгукнуў тое ж запытанне, праўда, гэты раз паўзверх зніякавелага салдата: – Дык хто гэты чалавек?
Штосьці падобнае на верамейкаўскім пляцы ўжо адбывалася – тады затануў у калодзежы нямецкі салдат, праз якога ледва не пацярпеў вусаўскі Ціма. Цяпер верамейкаўцы таксама чакалі расправы, бо добра бачылі, як абяззбройвалі Зазыбавага Масея. Вядома, нікому з вяскоўцаў не прыходзіла ў голаў, чаму гэтак здарылася, што ў Зазыбавага сына апынулася зброя, якую ён ужыў супроць нямецкага салдата, прывёўшы таго пад канвоем сюды на пляц. А найбольш губляўся ў здагадках Дзяніс Яўменавіч, Масееў бацька, які знаходзіўся каля былой калгаснай канторы разам з іншымі вяскоўцамі. Той раз заступіцца за Ціму выйшаў з натоўпу Парфён Вяршкоў. Цянер у Верамейках падобнага чалавека не было. Да таго ж, усе спадзяваліся на Зазыбу. Гэта няйначай. Але і Дзяніс Яўменавіч стаяў недзе глыбока ў натоўпе, быццам хаваўся, баючыся адплаты за Масея. Між тым Масей заўважыў, што камендант не на жарты ўталопіўся на верамейкаўцаў, чакаючы адказу на сваё запытанне, сам перавёў позірк у той бок, дзе шапталіся між сабой аднавяскоўцы. З левага краю стаяла Анюта Прыбыткова, хоць вачэй яе ад аўтамабіля нельга было згледзець, аднак па твары можна было здагадацца, якая трывога за каханага чалавека сціскала ёй сэрца. Бліжэй да сярэдзіны кінуўся Масееву пагляду Іван Хахол, затым Сілка Хрупчык… Бацьку Масей убачыў пасля. Дзяніс Яўменавіч стаяў у роспачы, ён паказваў сыну рукой на сябе, у адчаі круціў галавой, хацеў, каб Масей штосьці зразумеў на адлегласці. Але да Масея сэнс бацькавых рухаў не даходзіў. Тым часам камендант пачынаў нервавацца; шомпалам, які трымаў у правай руцэ, спярша нецярпліва ўдарыў раз і другі па халяве бота, тады падняў неразлучны прадмет вышэй, пачаў лупцаваць сябе па левай далоні. Масей адарваў позірк ад верамейкаўцаў, перавёў бліжэй, на каменданта, дакладней, на ягоныя рукі. Відаць, Гуфельд часта займаўся падобнай практыкай, што сцябаў шомпалам па левай далоні, бо гэта нагадвала самабічаванне, а ён, тым не менш, трываў. Масеева цікаўнасць выклікала ў каменданта нешта накшталт раздражнёнасці, якая тут жа адбілася на твары; камендант адкінуў надзею дачакацца адказаў з натоўпу, спытаў Масея:
– Хто вы? Партызан?
– Я тутэйшы жыхар, – адказаў Масей па-нямецку, чым вельмі здзівіў Гуфельда, які, быццам за дакладнасцю пачутых слоў, недаверліва глянуў на фон Файта.
Фон Файт усміхнуўся, сказаў:
– Малаверагодна, што гэта партызан. Лясны бандыт не павёў бы сюды нашага салдата пад канвоем.
– Тады хто ж ён на самой справе? Дурань?
Фон Файт зноў усміхнуўся, сказаў:
– Трэба ім абодвух наладзіць допыт – і нашаму салдату, і гэтаму маладому чалавеку. У яго інтэлігенцкі выгляд.
Камендант запярэчыў:
– Але чаму ніхто не ведае яго тут? Я ж пытаўся ў тубыльцаў?
– Давайце яшчэ трохі пачакаем, – разважыў фон Файт.
Гуфельд не заўважыў, як у часе размовы да аўтамабіля наблізіўся мясцовы намеснік валаснога агранома Зазыба.
– То мой сын, – пачуў камендант ціхі, але выразны голас.
– А-а, пан Зазыба, – пазнаў ён Дзяніса Яўменавіча. – Ну дык растлумачце нам, што здарылася паміж ім і нашым салдатам?
– Я не ведаю. Дазвольце перамовіцца з сынам.
Масей не вытрымаў, сам пачаў гаварыць:
– Ваш салдат здзекваўся са старога чалавека. Таму я заступіўся, выбіў з рук вінтоўку.
Гуфельд усё роўна як не паверыў, грэбліва паглядзеў на свайго ваяку:
– Гэта праўда?
– Ён напаў на мяне знянацку.
– Свіння! Разява! – Камендант замахнуўся шомпалам на салдата, аднак не ўдарыў затое загадаў: – Пад варту яго!
– Гер камендант, – сказаў тым часам старэйшы Зазыба. – Мой сын не прычыніў ніякай шкоды вашаму салдату. Адпусціце яго.
– Вы, пан Зазыба, заўсёды насуперак. Нам рашаць, вінаваты ваш сын ці не. Ужо за адно нападзенне на салдата вермахта ён падлягае суроваму пакаранню. Вашага сына мы таксама арыштуем і забярэм з сабой.
Камендантавы словы яго падначаленымі былі ўспрыняты, як каманда, таму Масея з абяззброеным ім салдатам тут жа развялі – Масея паставілі да штакетніка з тага боку, дзе тоўпіліся верамейкаўцы, даўшы яму ў канвойныя паліцэйскага, немца ж пасадзілі ў кузаў тупарылага грузавіка. Між тым Гуфельд успомніў што не давёў да канца справу, уласна кажучы, дзеля якой прыехаў сюды са змешанай камандай; ён зноў павярнуўся да вяскоўцаў сказаў гучна, каб чуваць было ўсім:
– Мы сапраўды разбярэмся з гэтым інцыдэнтам. У вашай вёсцы, панове, адбылося штосьці неверагоднае, – сын вашага намесніка старасты па зямлі адважыўся напасці знянацку на нашага салдата. Зрэшты, вы самі бачылі, як пан Зазыба прыйшоў здавацца. Словам, вам няма чаго клапаціцца, панове сяляне, але ваш паліцэйскі Брава-Жыватоўскі ўжо амаль месяц як нідзе не паказваецца. Мы дапытвалі ягоную жонку. Таксама нічога не ведае, аднак дамоў ён гэтым часам не наведваўся. Між тым вёска не можа заставацца без паліцэйскага, дарма што іх, паліцэйскіх, належыць мець тут па дварах пяцёра ці нават шасцёра. Таму даводзіцца адно шкадаваць, што не хапае людзей. – Перавёўшы дух, камендант чамусьці ўсміхнуўся, зірнуў на фон Файта, які не змяніў свайго месца каля аўтамабіля, здаецца, нават у ранейшай паставе яшчэ заставаўся; няйначай, камендант пры гэтым хацеў штосьці сказаць фон Файту, аднак, убачыўшы на твары свайго спадарожніка акурат робленую строгасць, тут жа перадумаў, не стаў перамаўляцца; зноў загаварыў да сялян: – Дык я і кажу – мы пакінем у Верамейках для вас паліцэйскага, ён тут, з намі, гэта Казлоў. Наколькі нам вядома, пан Казлоў колісь жыў у вашай вёсцы. Старэйшыя людзі сярод вас, бадай, памятаюць?
– Так, помнім! – выгукнуў хтосьці з верамейкаўскага натоўпу.
– Ну вось, – усё роўна як сапраўды ўзрадаваўся ў сваю чаргу Гуфельд і, не турбуючыся, ці будзе паспяваць за ім перакладчык, пачаў удакладняць далей: – У нас, панове сяляне, кадравая палітыка і цяпер не змянілася, дарма што практычныя справы іншы раз падказваюць рабіць іначай. Мы па-ранейшаму ў сваёй дзейнасці з мірным насельніцтвам абапіраемся на мясцовыя кадры. Таму я яшчэ раз кажу вам – у нас сапраўды ёсць паліцэйскі для вашай вёскі, але калі вы прапануеце каго іншага, зусім са сваіх, мы пойдзем насустрач вам. Зрэшты, добраахвотнікі таксама будуць мець перавагу. Так што, падумайце. Мы пачакаем. Аднак нядоўга. Усяго хвіліну-другую, бо ў нас з панам афіцэрам, – ён кіўнуў у бок фон Файта галавой, – сёння яшчэ шмат спраў.
Гуфельд змоўк, але натоўп перад ім маўчаў. Канечне, свой чалавек з вінтоўкай у вёсцы лепей, чым чужы, толькі дзе тады Брава-Жыватоўскі? Ну няхай ён сам пайшоў на службу ў валасную паліцыю, як кажуць, чаго дамагаўся, тое і атрымаў аднак ці варта свядома падстаўляць другога пад небяспеку? Нарэшце камендант палічыў што час для роздуму выйшаў сказаў, зусім без шкадавання:
– Што ж, бачу – прапаноў не будзе. Так таму і быць. Паліцэйскім з сённяшняга дня ў Верамейках, такім чынам, прызначаецца пан Казлоў. Дзе ў нас пан Казлоў? – З групы паліцэйскіх, якая трымалася паасобку ад немцаў выйшаў Казлоў спыніўся паміж аўтамабілем і верамейкаўцамі. – Вось ён, – сказаў следам Гуфельд. – Толькі ведайце, без грамадзянскай падтрымкі ніякая служба ва ўмовах вайны немагчыма. Служба тады будзе мець плён, калі ў ёй стануць зацікаўлены ўсе. Мы спадзяемся, што пану Казлову пачнуць шчыра дапамагаць усе ў Верамейках, а злашча – стараста, пан Сёмачкін, і намеснік валаснога агранома, пан Зазыба. Хайль Гітлер! – Ускінуў камендант правую руку, узяўшы перад тым шомпал у левую.
Верамейкаўцы ў адказ штосьці загаманілі між сабой, але яўна што не ў гонар германскага фюрэра. Масей, які ўважліва праслухаў прамову бабінавіцкага каменданта, усміхнуўся з непачцівасці сваіх аднавяскоўцаў а пра самога каменданта з’едліва падумаў маўляў, ну і дэмакрат!
Зразумеўшы, што сходзішча скончана, верамейкаўцы тут жа рассыпаліся па пляцы: адны нечага яшчэ затрымліваліся каля канторы, другія заспяшаліся дамоў. Да Масея падышоў бацька:
– Што здарылася, сын? – Разгубленасць, дакладней, роспач, якую ўбачыў Масей раней, усё яшчэ не пакідала Дзяніса Яўменавіча; было відаць, як трымцелі ягоныя рукі.
– Ты не хвалюйся, бацька, – пачаў супакойваць Масей, – і маці скажы, каб не перажывала. А што здарылася?.. Ды амаль нічога. Узышоў я на Кузьмоў двор, а там гэты немец. Стаіць з вінтоўкай каля ганку і здзекуецца з гаспадара.
– Што значыць – здзекуецца?
– А тое, што прымусіў стаць па-сабачы ды каманды выконваць: устаць, легчы, устаць, легчы! Што ж паміж іх перад тым адбылося, я не ведаю, бо не заспеў. Дык хіба, тату, можна было ўстрымацца? Ну я і штурхнуў немца ў плечы. Вінтоўка выпала ў яго з рук, а я падхапіў. Але вяртаць не стаў. Пабаяўся, што недарэка застрэліць адным разам і мяне, і Кузьму.
– Ты хоць разумееш цяпер, у якую ты пастку трапіў? – з вялікай скрухай у вачах спытаў старэйшы Зазыба маладзейшага.
– Ужо было часу падумаць…
– Я нават не ведаю, як памагчы гэтай бядзе.
Масей паспрабаваў усміхнуцца:
– Ат, бацька, гэта яшчэ не самая галоўная бяда, калі немцы не кінуліся адразу расправіцца са мной. Значыць, на што-кольвеч можна разлічваць.
– А маці, што маці?
– Яна не бачыла, што адбылося. На гародзе копы складала. Анюты, суседкі, таксама дома ў той час не было.
– Дык Анюта тут.
– Так, яна тут. Бачыў. Але Кузьма там адзін. Застаўся ляжаць на двары. Добра, калі аддыхаўся.
– Нічога з ім не здарыцца, як жывы. А вось што будзе з табой?
– I са мной, дасць бог, усё абыдзецца.
– Тут на бога мала спадзявання. Я вось думаю, хіба нельга было зрабіць з гэтым немцам неяк іначай? Ну…
– Я цябе не разумею, бацька.
– Ну…
– Вось у тым жа і справа ўся, што «ну». Адно – наклікаць кару толькі на сябе, зусім іншы вынік гэтае «ну» мела б для ўсёй вёскі.
– Ды ўжо ж…
Пачуліся вайсковыя каманды. Немцы з паліцаямі кінуліся да грузавіка, пачалі пералазіць у яго цераз задні борт, ставячы перад тым боты на жалезную прыступку. Дзіўна, але чамусьці гэтая дэталь кінулася ў вочы Масею асобна.
– Вось што, сын, – быццам пасля доўгага роздуму, рашыўся Дзяніс Яўменавіч, – паеду-тка і я ў Бабінавічы. Можа, з маёй прысутнасцю тваёй справе ўдасца даць нейкага шансу. Як думаеш?
– Я гэтага не рабіў бы, – сказаў Масей.
Дзяніс Яўменавіч, страпянуўся, закруціў галавой:
– Не, сын, тут ты не маеш рацыі. Я зараз папрашу каменданта.
– А ён, у вас, бачу, дэмакрат, – акурат падначваючы бацьку, усміхнуўся Масей, амаль паўтарыўшы тыя ж словы, што і нядаўна.
Зазыба, здаецца, не зусім зразумеў сынаву насмешлівасць, да таго ж, ён ужо спяшаўся да легкавога аўтамабіля, на які патрохі насоўваўся ўсё роўна як мацерчаты верх. Камендант тым часам паспеў сесці на пярэднім месцы побач з шафёрам. На просьбу Зазыбы паехаць у мастэчка ён паставіўся спакойна, не ўзарваўся і не закрычаў, але і дазволу не спяшаўся даваць. Тады ўзяў пад локаць Зазыбу фон Файт, які пакуль заставаўся звонку аўтамабіля.
– Пан Зазыба, – сказаў ён, – мне шкада, што з вашым сынам давялося сустрэцца пры такіх неспрыяльных для яго акалічнасцях. Але вы можаце паверыць мне, што я асабіста ўжыву ўсю маю ўплывовасць, каб мясцовы паэт не панёс суровага пакарання за свой не зусім прадуманы ўчынак. Тут найперш вінаваты наш салдат, аднак, выпадак на самай справе не ардынарны. На вайсковай мове гэта гучыць адназначна – чэпэ. Але як бы ні было там, а вам няма патрэбы ехаць цяпер у воласць. Верце майму слову, пан Зазыба, я не пакіну без свайго нагляду вашага сына.
Хоць фон Файт і гаварыў па-расейску, але Гуфельд таксама зразумеў яго, заківаў няйначай, у знак згоды галавой.
Фон Файт вызваліў са свае рукі Зазыбаў локаць, адчыніў машыну і ўлез на заднюю палову яе. Сядаючы, ён даў «хайль Гітлер» верамейкаўцам, якія хоць і малым гуртам, аднак усё яшчэ тоўпіліся на пляцы, найбольш каля новага свайго паліцэйскага. Між тым Масей па-ранейшаму заставаўся стаяць пад аховай каля штакетніка. Таму льга было нават падумаць, што яго, няйначай, пакінуць у Верамейках. Аднак як толькі ў кузаве тупарылага грузавіка апынуліся ўсе нямецкія салдаты і бабінавіцкія паліцэйскія занялі на бакавых лаўках месцы, чарга настала размясціць у тым жа кузаве і Масея. Зазыба прайшоў следам за сынам да грузавіка, пасабіў залезці ў кузаў.
– Трымайся, сын, – сказаў ён. – Як бачыш, мне не дазволілі суправаджаць цябе. Так што я пакуль там табе не памочнік. Галоўнае цяпер – не губляць надзеі. Заўтра я прыбягу ў мястэчка. Знайду нейкую іншую справу ды прышкандыбаю.
– Але я цябе вельмі прашу, бацька, – ужо седзячы ў кузаве на лаўцы, сказаў Масей, – не дай заманіць у пастку сябе. Што я апынуўся ў пастцы, то не апошняя бяда. Я даўно ўжо ў пастцы знаходжуся. Спярша ў савецкай быў, цяпер вось у нямецкую трапіў. А ты свядома не лезь. I матцы скажы, каб дарэмна не хвалявалася, і дзядзьку Кузьму, і ягонай нявестцы.
– Скажу, скажу, сын. Ты прыгледзься да гэтага другога немца, ну, перакладчыка. Толькі што сам вызваўся на размову са мной. Абяцаў памагчы табе.
– Ладна, бацька, бывай.
Легкавы аўтамабіль ужо выязджаў з пляцу. Наставала чарга грузавіку.
– Бывай, сын! – крыкнуў наўздагон Зазыба, адчуўшы, як цяжэе ягонае цела і падгінаюцца ногі.
У Бабінавічах Масея заключылі ў тое ж падзямелле, дзе некалі адну ноч правёў схоплены ў лазовым кустоў і Радзівон Чубар. То быў апошні прытулак у жывога верамейкаўскага старшыні. Масею ж давялося сядзець у скляпенні даўжэй. Спярша дапытваць яго сюды прьгходзіў сам камендант Гуфельд. Тады разы са два дапытваў следчы, якога дзеля гэтага выклікал і з крутагорскай турмы. Нарэшце настала чарга фон Файта. Таямнічы немец, як яго называлі ў мястэчку і ў навакольных вёсках, прынамсі, у тых, што ўваходзілі ў Бабінавіцкую воласць, пераступіў парог падзямелля надвечар, калі пачынала ўжо шарэць. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў пра выпадак у Верамейках ён размовы не пачынаў. Няйначай, выклікаючы Масея на даверлівасць, фон Файт спярша распавёў вязню, адкуль ведае рускую мову. Выходзіла, што ён да гэтай вайны ажно некалькі гадоў працаваў у германскім пасольстве, адказваў там «за лясную справу» – ён так і сказаў: за лясную справу, бо з’яўляецца лесаў парадчыкам паадукацыі, нездарма ж нават цяпер часта ездзіць для кансультацый адсюль, з мястэчка, у Бабруйск, дзе ў акруговай управе знаходзіцца лясны адцзел; пры гэтым пашкадаваў, што партызаны, якія дзейнічаюць пераважна ў тутэйшых лясах, перашкаджаюць па-належнаму, як умеюць рабіць перш за ўсё немцы, разгарнуць працу ў акрузе па вырошчванні і доглядзе беларускіх дуброў і пушчаў. Ведаючы, што Масей быў некалі рэпрэсіраваны, фон Файт і гэта выкарыстаў у гаворцы, маўляў дзе пану Зазыбу давялося адбываць тэрмін, за што яго судзілі, якім чынам ён выбраўся з лагера. Масей не стаў выпрабоўваць чалавека, расказаў пра ўсё, што з ім здарылася, не шкадуючы пры гэтым ні савецкай улады, ні энкавусаўскія органы, наконт якіх у яго не было ніякіх ілюзій. Другія ў Масеевым становішчы схільны былі, свядома ці несвядома, рабіць, а то і рабілі падзел паміж уладай і органамі. Масей жа, наадварот, лічыў што адно аднаго вартыя, карныя органы заўсёды дзейнічаюць у краіне адпаведна патрэбам улады. Так што… Фон Файт у знак згоды паківаў галавой, гады зноў выдаў Масею сякія-такія звесткі пра сябе, напрыклад, што сябраваў з вядомым Альбрэхтам, аўтарам кнігі пра здачынствы камуністаў-бальшавікоў. Але самым цікавым, можна сказаць, неверагодным для Масея было пачуць, што колішні лесаўпарадчык адкрыта выступаў у сваім асяродцзі супраць вайны Германіі з Расіяй. За гэта і паплаціўся, гэту віну яму не забылі наверсе і тады, як вайна тым не менш пачалася. Менавіта па гэтай прычыне ён апынуўся і тут, у Бабінавічах. Словам, узыходзячая яго кар’ера раптам зламалася, і ён паляцеў тарчмаком уніз. Але думкі свае не памяняў. Былы пасольскі службовец і цяпер, калі нямецкія арміі рухаліся да Волгі, заставаўся з пераконаннем, што фюрэру няварта было ўвязвацца ў такую вайну, рускія, разам са сваімі сатэлітамі, усё роўна атрымаюць перамогу, шкада толькі, што Германія будзе ляжаць у руінах… Такім чынам, Масей за пару гадзін уведаў пра фон Файта столькі і такога, на што яшчэ сёння ўранні нават разлічваць не даводзілася. Фон Файт толькі ў адным не прызнаўся яму, што заўсёды быў супрацоўнікам армейскай разведкі, якую ўзначальваў адмірал Канарыс, чалавек, вядомы ў рэйху.
– Ну а цяпер пра галоўнае, пан Зазыба, – мякка ўсміхнуўся абверавец. – Я маю на ўвазе ваш далейшы лёс. Кажыце дзякуй, што ўсё абышлося як найлепш. Следства па верамейкаўскай справе нарэсце скончана. Салдат наш прыгавораны да адпраўкі на фронт. Вам жа, пан Зазыба, прадастаўлена права выбару. Мне даручана перагаварыць з вамі, каб схіліць вас ужо сёння далучыцца да супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. Вызвалена месца валаснога пісара тут, у Бабінавічах,таму я прапаную заняць яго. Іначай…
Масей кіўнуў галавой:
– Я ўдзячны вам, гер афіцэр. Было б неасцярожна з майго боку адмовіцца ад прапановы.
– Вельмі прыемна, пан Зазыба, што вы гэтак адразу паслухаліся.
– Не век жа мне стынуць тут, у гэтым склепе, – абвёў позіркам Масей сваю вязніцу, – яшчэ не супакоіліся грудзі ад бальшавіцкага кашлю, а тут… Дарэчы, ніколі не здагадваўся, што ў Бабінавічах таксама ёсць штосьці накшталт астрогу, нават з асобнымі камерамі.
– А вы не заўважылі адну акалічнасць, пан Зазыба?
– Якую?
– Напрыклад, такую: пры захопе гарадоў ці проста пасяленняў дзе размяшчаюцца войскі, наступаючая армія ніколі не разбурае казармаў, турмаў і адміністрацыйных будынкаў.
– Тут цывільны чалавек мусіць аддаць перавагу ваенным. Ім відней, што разбураць, што захоўваць, што аднаўляць. Вядомая справа, без турмаў, без канцылярый хоць чыёй арміі не абысціся. Але скажыце, гер афіцэр. Вы мяне адпусціце на дзень-другі ў Верамейкі?
– А навошта? Што вы там забылі, пан Зазыба?
– Ды не… Але ж і другое, гер афіцэр… Дзе мне сёння начаваць?
– Ну, кватэру мы вам падбярэм. Вось зараз наведаем каменданта, а тады… Словам, у адказ на вашу згоду супрацоўнічаць з намі мы вызваляем вас з-пад арышту. I яшчэ, пан Зазыба. Вы заслугоўваеце пахвалы за абачлівасць. Калі б, не дай бог, над нашым салдатам быў учынены гвалт, яшчэ і дасюль дыміліся б галавешкі на папялішчах у Верамейках. А колькі вінаватых знайшлося б? Га?
– Выходзіць, усе выйгралі з таго інцыдэнту, адзін я?..
– Калі вы лічыце, што асабіста вы прайгралі, то што казаць небараку Вайсману, які ўжо недзе чуе грымоты блізкага фронту? Словам, звяла нас нялёгкая – аднаго дурнога, другога гарачага.
Камендант сустрэў іх дома ледва не ў споднім. Аказваецца, ён хварэў на раматус, і цяпер дзяншчык паліваў ягоныя ногі нейкім рудым варывам. Рэзкі пах варыва разносіўся па ўсіх пакоях, дарма што дзверы былі зачынены. Фон Файт прайшоў у спальню да Гуфельда, сказаў, што яны прыйшлі з маладзейшым Зазыбам. «I як ён?» – пачуў Масей камендантаў голас. «Як і належала чакаць», – адказаў абверавец. «Ну то і добра, – пахваліў камендант. – Я зараз выйду да вас, барон». Сапраўды, доўга чакаць ён не прымусіў наведнікаў; нацягнуў боты, накінуў фрэнч і выйшаў на гнуткіх нагах у вялікую гасціную яўрэйскага дома. Следам за ім дзяншчык вынес таз з пахучым настоем, у якім камендант купаў раматусныя ногі; у кватэры запахла лекамі яшчэ мацней, але ні адзін з гасцей не даў зразумець гаспадару, што пах можа быць непрыемным.
– Значыць, барон, пан Зазыба прыняў нашу прапанову? – звяртаючыся да фон Файта, пацікавіўся па-нямецку камендант.
– Так, Адольф. Здаецца, мы паразумеліся.
– Што ж, вы абодва інтэлігентныя людзі. Каму, як не вам, дагаварыцца. Я гэта к таму, пан Зазыба, што ўжо наставаў час вырашаць вашу справу. Ваша згода на супрацоўніцтва з намі канчаткова зняла пабочныя акалічнасці.
– Дзякуй за давер, – чамусьці супроць свайго сапраўднага жадання сказаў Масей.
– Дзякаваць будзеце пасля. Але каб ведалі да канца ўжо. Мы прапанавалі вам супрацоўніцтва не таму, дакладней, не столькі таму, што вызвалілася месца пісара ў валасной управе. Зрэшты, пісара для такой канцылярыі, як у Бабінавічах, знайсці нават сярод тутэйшых людзей не цяжка. Паўплывала на наша рашэнне іншае. Справа ў тым, што, на думку рэйхскамісарыята «Остланд», настала пара і ў раёнах армейскага тылу, дзе абстаноўка часта бывае няпэўнай, шукаць кантакты з мясцовай інтэлігенцыяй. У рэйхскамісарыяце «Беларутэнія» падобная работа вядзецца яшчэ з сорак першага года. Ну а цяпер, калі нашы войскі падышлі да Волгі і Каўказа, настала чарга і тэрыторыі армейскага тылу. Думаю, што неўзабаве тэрыторыя армейскага тылу перамесціцца далей, а нашы раёны адыдуць да Беларусі, увойдуць у склад мясцовага рэйхскамісарыята. Спадзяюся, барон, што я правільна разумею абстаноўку?
– О так, дарагі Адольф! – фон Файт усміхнуўся, але неяк невыразна, можа, нават таму, што сядзеў воддаль ад стала, у зацемку. Масея трохі здзівілі адносіны паміж нямецкімі афіцэрамі. Ніхто з іх не выяўляў сваю вышэйшасць, адзін называў саслужыўца «баронам», другі – «Адольфам». Большай замілаванасці чалавека чалавекам, здаецца, нават уявіць немагчыма было.
– А вы, пан Зазыба, вы зразумелі, чаго мы ад вас хочам?
– Так, пан камендант.
– Тады будзем лічыць, што мы канчаткова дамовіліся. Праўда, мне яшчэ варта дадаць вось пра што. Мы, немцы, нягледзячы на ўсю нашу нардычную суровасць, вельмі даверлівыя ў дружбе, словам, ва ўсім, што датычыць адносінаў. Кажуць, што беларусы таксама не менш даверлівыя людзі. Пра вашу даверлівасць нават анекдоты расказваюць. Вы чулі, барон?
– Даводзілася, дарагі Адольф.
– Дык я і кажу, мы, немцы, вельмі даверлівыя, ад гэтага часам нават пакутуем, але мы таксама дужа не любім, калі нас падманваюць альбо абкрадваюць.
Масей адчуў што камендант чакае ад яго нейкіх дадатковых запэўніванняў але адважыўся прамаўчаць, балазе, моцна за язык ніхто не цягнуў яго, а тым часам апошнія камендантавы словы можна было расцаніць як звычайныя павучанні насцярожлівага чалавека. Няйначай, што нешта падобнае зразумеў і фон Файт, бо паспрабаваў звесці несхаваную пагрозу да звычайнага жарту.
– Трэба спадзявацца, што каньяк мы вып’ем з першага жалавання пана Зазыбы. Заўтра я зноў еду ў Бабруйск, гатовы прывезці дарагі напой адтуль, вядома, у доўг. Га, пан Зазыба?
– Я згодны, – з усмешкай сказаў Масей.
– Але ж не ўсё яшчэ вырашана, – усё роўна як спахапіўся фон Файт, звяртаючыся да каменданта. – Пан Зазыба прасіўся ў Верамейкі, але я не параіў яму падавацца туды супроць ночы. Цяпер яму трэба недзе заначаваць.
– Няхай з гэтым клопатам звернецца да бургамістра, – сказаў Гуфельд.
Нарэшце фон Файт палічыў што надышоў час спыніць візіт да каменданта, і ўстаў з крэсла, паказваючы прыклад Масею.
На вуліцы ўжо было цёмна. Ліхтар, які гарэў на местачковай плошчы, мала разганяў змрок, адно свяціўся чырвонай зоркай на слупе, нагадваючы нечым нерухомае вока ляснога звера.
Дзіўна, але і праз дзве гадзіны пасля вызвалення з-пад арышту Масей яшчэ не ведаў, радавацца гэтаму ці не. Адно, што суцяшала ў якойсьці меры, дык гэта тая акалічнасць, што больш не трэба было сціскацца ад дрыжыкаў у вязніцы. Што ні кажы, а ночы ўжо насталі халодныя, і на земляной падлозе доўга заставацца ніяк не выпадала, бо гэта пагражала здароўю. Праўда, Масею не прывыкаць было пераносіць халады ўвогуле, але нават у лагеры, там, за Марыінскам, заўсёды знаходзілася ў запасе цяплейшая адзежа. Цяпер жа ён меў на сабе адзін картовы пінжак, які мала грэў. Прынамсі, нават цяпер на вуліцы вельмі хутка пачало стынуць Масеева цела. Аднак да бургамістра не давялося ісці, бо, як на тое, з царквы выйшаў поп Дворскі, пазваў спярша фон Файта, а тады Масея, які яшчэ зусім нядаўна прыязджаў за хроснага бацьку з верамейкаўскім абозам. Да таго ж, у мястэчку ведалі, што пад арыштам у немцаў ужо каторы дзень сядзіць Зазыбаў сын, які адважыўся стаць паміж узброеным салдатам і сваім аднавяскоўцам. Міма вушэй папа Дворскага таксама не праляцеў гэты погалас. Таму ён на нейкі момант збянтэжыўся, калі ўбачыў Масея побач з фон Файтам. Але толькі на момант, бо фон Файт тут жа звярнуўся да яго:
– Добры вечар, пан Дворскі. Ці не ўзялі б вы на сябе наш клопат?
– Што мае на увазе гер афіцэр? – спыніўся царкоўны служка.
– Начлегу шукаем, пан Дворскі. Нашаму новаму пісару трэба недзе ўладкавацца на начлег. Усяго на адну ноч, бо заўтра пан Брындзікаў яму падбярэ нешта прыстойнае.
– Дык вы хочаце, гер афіцэр, каб я ўзяў сёння да сябе пана Зазыбу?
– Так, пан Дворскі.
– Што ж, месца для пана Зазыбы ў мяне сапраўды знойдзецца. I калі ёсць на тое ваша ласка, гер афіцэр, я з задавальненнем акажу вам такую паслугу. Службы сёння няма ў царкве, таму можна ісці ўжо цяпер. Як, пан Зазыба?
– Я гатовы, святы айцец.
– Ну, то хадземце. Бывайце, гер афіцэр.
– Да заўтра, пан Зазыба, – ужо наўздагон гукнуў фон Файт чамусьці аднаму Масею.
Поп Дворскі проста рады застаўся, што гэтак выйшла. На кватэры ў яго знайшліся сякія-такія прысмакі, і ён тут жа пачаў частаваць Масея, па-сапраўднаму шкадуючы яго: за арыштам, нябось, давялося галадаць? З напояў у бацюхны быў адзін самагон, але адмысловага выгану, ды і як можна іначай, абы што не панясуць жа парафіяне свайму дарадцу і духоўніку, тым болыд што і цяпер яшчэ з аддаленых вёсак везлі ў мястэчка хрысціць дзяцей.
– Вось ты паэт, Масей Дзянісавіч, – пасля чарговай чаркі перайшоў на «ты» Дворскі, – пішаш па-беларуску, размаўляеш па-беларуску. Так?
– Так, – згадзіўся Масей.
– А хіба я не беларус?
– Гэта ўжо вам належыць ведаць.
– Дык я і кажу. Чаму ж тады я па-руску гавару? Ды таму, што царкоўная служба вымагае. У праваслаўнай царкве ў нас альбо стараславянская мова ў абавязковым ужытку, альбо на горшы выпадак – цяперашняя руская. Па-беларуску ў царкве службы не адпраўляюць. Нават звычайныя казанні пра святых, таксама як і пра святы, не прамаўляюць. А мне хацелася б служыць службу ў сваёй царкве па-беларуску.
– Пахвальна, святы айцец, дужа пахвальна. То ў чым затрымка?
– У малітвах. Няма іх па-беларуску.
– У прынцыпе – яны ёсць.
– Але дзе здабыць іх?
– Прызнацца, я пра гэта надта не думаў. Асабліва ў апошнія гады. I, можа, толькі ў часе хросту тут адчуў неадпаведнасць моўную, бо святар звяртаецца да паствы не на яе мове.
– Ну, тут вы, Масей Дзянісавіч, трохі перабольшваеце. Нашы тутэйшыя людзі наўрад ці здагадваюцца нават, на якой мове размаўляюць. У нас ва ўжытку змешаная гаворка. Адзін мой знаёмы неяк жартаваў: тут, кажа, калі станеш ісці з Магілёва да Бранску, мова будзе скрозь беларуская, беларуская, павернеш назад – руская, руская… Зноў ажно да Магілёва.
– Цікавае назіранне, – усміхнуўся Масей.
– Але ж мне і праўда хацелася б мець малітвы па-беларуску. Ці не ўзяліся б вы, Масей Дзянісавіч, ператлумачыць іх? Цяпер мы часта будзем сустракацца. Калі што незразумелым пакажацца, я памагу. Што-што, а сэнс малітваў праваслаўных мне вядомы.
– На тым і сышліся, – сказаў Масей, неяк зусім іначай, чым раней, паглядзеўшы на Дворскага.
Назаўтра Масей пачаў службу ў валасной управе; тут жа, у гэтым будынку, размяшчалася і вайсковая камендатура.
Фон Файт нездарма казаў у той вечар – праз тыдзень ён прывёз з Бабруйска пад будучае Масеева жалаванне тры бутэлькі даваеннага армянскага каньяку. Масей к таму часу ўжо меў кватэру ў адным з пуставаўшых местачковых дамоў таму пачостку наладзіў у сябе. Акрамя нямецкіх афіцэраў ён запрасіў на вячэру бургамістра Брындзікава, папа Дворскага. З царквы на кватэру да Масея местачковыя кабеты прынеслі закусь. Як кажуць. з міру па нітцы. Стол атрымаўся, можна лічыць, адмысловы. Фон Файт нават два лімоны адшкадаваў на агульную патрэбу, дастаўшы іх з партфеля, што вельмі ўстрывожыла бургамістра Брындзікава, якому ўвогуле з цяжкасцю даваліся некаторыя рэчы, а тут нечаканая прыхільнасць з боку немцаў да чалавека, які зусім нядаўна яшчэ лічыўся іхнім ворагам, бо замахнуўся на салдата вермахта. Тым не менш пачосткай усе засталіся задаволеныя. Брындзікаў нават сказаў, што пасля новага года такой кампаніяй, як гэта, не даводзілася сыходзіцца ў Бабінавічах. Захмялелы поп Дворскі таксама выказаў прыемнае захапленне Масеевай гасціннасцю. Але найперш задаволены застаўся фон Файт, які на самай справе і з’явіўся завадатарам вечарыны, дарма што, як сказаў ён, не хапае ў іхнім застоллі кабет. «Так, жаночая акраса ніколі не пашкодзіць добрай кампаніі», – кінуў тым часам сваё слова камендант Гуфельд.
Праца ў валасной управе не склала вялікай цяжкасці для Масея. Папер было не багата. Ды і людзі, як местачковыя, так і вяскоўцы, не надта імкнуліся туды. Маўляў, жылі дасюль без лішніх паперак, пражывем ідалей. Але Масею даволі часта даводзілася далучацца да перакладчыцкай справы, асабліва ў адсутнасць барона фон Файта; праз месяц-другі камендант ужо, здавалася, душы не чуў у Масеі. «Як гэта мы без вас абыходзіліся раней, пан Зазыба?» – паціскаў ён у шчырым здзіўленні плячамі. Горай было, што не ўдавалася Масею наведвацца ў Верамейкі. За паўгода толькі адзін раз ён трапіў за Бесядзь, ды і то разам з Гуфельдам, які вазіў цяпер з сабой у грузавіку ледзь не цэлы ўзвод салдатаў і паліцаяў. Затое бацька, Дзяніс Зазыба, можна сказаць, часта заглядваў у мястэчка. Адзін раз нават маці, Марфа Давыдаўна, прыходзіла, бо усё бедавала дома, што Масею нясытна жывецца ў мястэчку. На базар, што прыпаў на Змітрака ў тую восень, прыязджаў Кузьма Прыбыткоў з Анютай; Кузьму таксама шкада стала Масея, і ён не застаўся ў даўгу – прывёз свайму выратавальніку авечку; Анюта ў сваю чаргу напякяа з цеста смакаты, паднесла цэлае рэшата. Словам, Масей ніколькі не адчуваў сябе забьггым. Бацька, трапляючы ў Бабінавічы, знаходзіў часу нават перакінуцца словам з сынам, але скрухі вялікай не дапускаў. Толькі першы раз, калі спаткаў сына, спытаў: «Што, іначай ніяк нельга было? – Не, бацька, альбо астрог, альбо ўправа. – Ну то трэба пакуль трымацца, як яно ёсць». Здавалася, паступова бацька нават з галавы выкінуў, чаму Масей апынуўся ў Бабінавічах сярод старастаў паліцэйскіх чыноў і немцаў. I ім абодвум ажно утульна было разам, але напярэдадні зазімкаў вярнуўся ў Забяседдзе партызанскі атрад Нарчука з Чачэрскіх лясоў Дзяніс Яўменавіч зноў перамяніўся, прыходзіў у мястэчка ўпотай і з відавочнай трывогай на душы. Хутчэй за ўсё, партызаны вінавацілі яго, папракаючы сынам. Нарэшце ў Бабінавічы наведаліся партызанскія перамоўшчыкі – Сямён Пацёмкін і Іван Дзюнізін. Сямён жыў у Кулігаеўцы, там амаль усе мелі гэта прозвішча, акрамя, здаецца, Сідара Раўнягіна; Іван Дзюнізін быў жыхаром Малога Хоцімска. Абодвух хлопцаў Масей ведаў па Мінску, калі ўсе вучыліся там. Сямён Пацёмкін таксама праходзіў па той жа справе на следстве, што і Масей, аднак тэрміну чамусьці не атрымаў яму нават дазволілі скончыць інстытут. Затое Іван Дзюнізін прасядзеў у аршанскім астрозе тры гады, з залікам следчага часу. Прыйшлі хлопцы адразу на кватэру да Масея, выставілі бутэльку; спярша гамонка вялася вакол мінскіх знаёмых, маўляў дзе той, што з тым? Прыпаміналі, кідаліся туды-сюды ў здагадках, але пра галоўнае доўга маўчалі. Тады Сямён Пацёмкін нарэшце сказаў:
– Гэта ўсё так, але мы, Дзянісавіч, прыйшлі не ў госці. Прыйшлі зваць цябе ў партызаны.
– А вы што, у партызанах? – здзівіўся Масей.
– Не, – сумеўся Сямён, – але нам даручылі, каб мы сустрэліся з табой, перагаварылі.
– I якую ж вы гарантыю даеце мне ў партызанах?
– Ну, як звычайна. Усё табе даруюць, бо ведаюць, што не па сваёй ахвоце стаў служыць немцам. Чэпэ здарылася.
– Хвала госпаду, што хоць гэта вашы партызаны разумеюць! Але што далей? Ці не будзе некалі так, як у тым анекдоце?
– Што яшчэ за анекдот? – насцярожыўся Іван Дзюнізін.
– Не турбуйся, у ім нічога няма антысавецкага, – з усмешкай супакоіў яго Масей. – Апёкшыся на малацэ, на ваду дзьмухаеш?
– Ладна, – зноў узяў на сябе размову Сямён Пацёмкін, – хопіць падначваць адзін аднаго. Давайце лепей да канца высветлім, дзеля чаго прыйшлі. Як я зразумеў Масей, цябе штосьці непакоіць? Не мог бы ты не хавацца за анекдоты?
– Але ж анекдот іншы раз бывае лепшым сродкам пры дыпламатыі.
– Думаеш, мы прыйшлі да цябе разводзіць дыпламатыю?
– Дыпламатыю – не дыпламатыю, а перагаворы, будзем так гаварыць? Дык у вашай прапанове мяне не толькі турбуе адна даволі важная акалічнасць, але і палохае. Гэта партызаны вашы цяпер гатовы гарантыю бяспекі даць, а што скажа тая ж савецкая ўлада, якую ўсе вы, у тым ліку і мой бацька, гэтак чакаеце?
– Што скажа? – усё роўна як здзівіўся Пацёмкін. – Скажа тое, што ёй скажуць Нарчук, Чарнагузаў. Ім жа відней, хто што рабіў, як паводзіў сябе.
– А ты не дапускаеш, напрыклад, наступнага? Той самы следчы, які вёў маю справу да вайны, выкліча зноў на допыт мяне ды спытае: на чым мінулы раз мы спыніліся?
Івану Дзюнізіну, які сам адбываў астрожны тэрмін, Масеева выдумка вельмі спадабалася, і ён, можа, нават не жадаючы таго, раптам зарагатаў. Сапраўды, што скажаш насуперак? Між тым Сямён Пацёмкін збянтэжана памаўчаў нейкі момант, тады крутануў галавой, акурат адганяючы ад сябе насланнё.
– Вам абы пасмяяцца, – нездаволена паўшчуваў ён. – Давайце канчаць! Ты, Масей, яшчэ не сказаў рашаючага слова, усё вакол ды каля. Што нам далажыць у атрадзе?
Масей уздыхнуў.
– Ведаеш, Сямён, мы з табой, як кажуць, у розных вагавых катэгорыях. Я не аднаго сябе маю на ўвазе. Іван таксама пакарміў вошы ў турме і ведае, якой бывае там зацірка. Таму і дзьмухае на халодную ваду, таму і не спрабуе вырваць з мяне гізунты. Бо разумее таксама, што ад савецкай улады не абароніць нават вялікае геройства. У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа.
– Ну, савецкую ўладу чапаць нам у такім разе ня варта. Гаворка ідзе канкрэтна… Пра цябе. I не трэба абагульняць. Абагульненні іншым часам толькі шкодзяць справе.
– Нічога, нашай справе не пашкодзяць, – не згадзіўся Масей. – Відаць, у мяне лёс такі – быць заўсёды вінаватым. Савецкай уладзе задаўжаў, дарма што і дасюль не ўцямлю, чаму, якім чынам; прыйшла на змену нямецкая ўлада – і ёй, аказваецца, вінаваты зрабіўся. Адну віну давялося адбываць спярша ў турме, потым у лагеры, другую – у валасной управе пры іншым рэжыме. Саветам я тым не менш застаўся павінен, бо перасуду не дачакаўся, перашкодзіла вайна, а вось як пойдуць у мяне справы ў немцаў?
– Не ўхіляйся ад канкрэтнага адказу, Масей, – трохі павышаючы голас, папярэдзіў Пацёмкін.
Масей узяў са стала бутэльку, пабоўтаў у ёй самагон.
– Давайце яшчэ па кроплі возьмем у губу, – сказаў ён і пачаў наліваць сіняватую ад чысціні вадкасць у апусцелыя шклянкі. – Што ж датычыць майго адказу, то яго не будзе. Зразумейце, я трапіў – і зусім не па сваёй ахвоце – у пастку, з якой пакуль не бачу выхаду. Лёгка пайсці адсюль у партызаны. Але ж акрамя ўсяго іншага, што прымушае сёння ўстрымлівацца ад пэўнага рашэння, ёсць яшчэ і абавязак перад бацькам, маткай… Сам – у лес, а іх ваўкам на згубу, так?
– Не хвалюйся ты за бацькоў, – паморшчыўся Сямён. – Верамейкі – не Бабінавічы. Схавацца знойдзецца дзе. Ды і партызаны цяпер не пусцяць за Бесядзь немцаў.
– Пусцяць ці не – гэта яшчэ, як кажуць грушы на вярбе. А табе не прыйшло ў галаву больш жахлівае? Дапусцім, той жа Гуфельд вырашыць узмацніць пакаранне за маю здраду акупантам? Раптам яму бацькоў маіх пакажацца мала? Дык хіба цяжка ў такім разе распаўсюдзіць гнеў на ўсе Верамейкі? Зрэшты, нават калі выбарачна?
У адказ Пацёмкін адно дакорліва паглядзеў на Масея, уздыхнуў – пэўна што ад бездапаможнасці. Потым узяў сваю шклянку, выпіў самагон. Зрабіў ён гэта моўчкі, быццам толькі што моцную атрымаў крыўду. Пры выглядзе ягонай засмучанасці Масею зрабілася шкада земляка. Але не кідацца ж праз гэта ў папіўку!
Дзіўна, але Сямёнаў настрой ніколечкі не перайшоў на ягонага спадарожніка. Іван Дзюнізін, па ўсёй вераемнасці, адчуў, што Сямёна ўжо на далейшыя перамовы не хопіць, узяўся сам даводзіць Масею.
– Вось ты кажаш пра пастку, – паставіў ён на стол шклянку. – А думаеш, што адзін ты набыў яе? Ды цяпер, калі хочаш, падобныя пасткі расстаўлены на кожнага. Канечне, твая доля… Словам, табе не пазайздросціш. Але ж не пабаяліся пайсці ў лес тыя крутагорцы, што ўзначальваюць партызанскі атрад? Сем’і ж іх пакараны праз гэта?
– Ну, калі яны, як ты кажаш, ішлі ў лес, сем’і іхнія падаліся ў эвакуацыю. Таму непасрэднай пагрозы не было. Іншая справа, што ў многіх жонкі з дзецьмі вярнуліся ў райцэнтр з паўдарогі. Але я не ўхваляю такога геройства. Проста, вашы героі-партызаны аддалі свае сем’і на згубу немцам за адсутнасцю звычайнай мужнасці. Гэта па самай вышэйшай меры. Не кожны мае ў сабе тую мужнасць, з якой можна адважыцца на рашучы ўчынак, на самаахвярнасць. Думаеце, ім хтосьці перашкаджаў вывесці сваіх жонак ды дзяцей у нейкае іншае месца?
– Ну, гэта вядома, – запярэчыў Масею Іван Дзюнізін, – што жандары ў Крутагор’і не спускалі з іх вачэй ні ўдзень, ні ўначы.
– Табе адно вядома, а мне другое, – не змоўчаў Масей. – Я па мястэчку цяпер ведаю, што заўсёды ёсць дзе-небудзь сцежка-дарожка для выхаду за ваколіцу. Абы чалавек захацеў. Ні немцы, ні паліцэйскія не ўсочаць.
– Няхай так, – згадзіўся Іван Дзюнізін, – але навошта сумнявацца?
– У чым?
– Ну, у тым, што партызанскія кіраўнікі не схілілі свае галовы перад акупантамі. Не кінуліся, каб выратаваць сем’і, складваць зброю, Так можна ўсіх аблытаць. А ты, бачыш, спярша ўхапіўся за бацькоў, моў, іх пакараюць за цябе, тады за ўсю вёску. Засталося толькі далучыць сюды Беларусь цалкам.
– Не кашчунствуй, Іван, – нахмурыўся Масей. – Відаць, ты даўно хадзіў у царкву.
– Не ўсе ж маюць такую магчымасць, як ты, – зноў ажыў Сямён Пацёмкін. – Ты раіш Івану не кашчунстваваць? Але ж сам хіба не гэтым толькі што займаўся, калі спрабаваў судзіць партызанскіх камандзіраў?
Масей пасля Сямёнавых слоў ускочыў з крэсла, пастаяў, акурат стрымліваючы сябе, сказаў амаль безразважна:
– Не хапала, каб на мяне і гэтага сабаку павесілі. Самі ж вы повад давалі для такой размовы. Каб не вы, хіба ж я стаў як вы кажаце, кашчунстваваць. Але калі па-сапраўднаму, то ніякае гэта не кашчунства. У маралі, хлопцы, свае законы. Яна не падпарадкоўваецца ні немцам, ні бальшавікам. А вайна – яна ўся амаральная. Чорная, крывавая і брудная. Што ёй нейкі паэт? Што ёй ягоны бацька, маці? Што ёй вёска? Для яе гэтага дабра хапае паўсюль. А ты, Іван, хвалюешся за Беларусь!..
– Зноў мы не пра тое, – сцепануўся Сямён Пацёмкін. – У нас, бачыце, так выходзіць – спярша адзін дае повад для чорт ведама якіх высноў потым другі. Амаль па крузе. Таму канец гэтай сустрэчы наўрад ці варта хутка чакаць. Будзем лічыць, што беларускі паэт Масей Зазыба, а цяперашні валасны пісар, нічога пэўнага не мае за душой. Адбыўся аднымі разважаннямі. Мы акурат пра гэта і даложым партызанам. Так, Масей?
– Як знаеце.
– Але нам яшчэ да змяркання дамоў трэба трапіць, – усё роўна як пашкадаваў Пацёмкін, тады спытаў свайго спадарожніка. – Як цяпер пойдзем, Іван? Праз маю Кулігаеўку ці праз твой Малы Хоцімск?
Іван засмяяўся:
– Куды конь паверне.
– Дык вы што, на кані? – здзівіўся Масей.
– На якім кані? – паморшчыўся Сямён Пацёмкін. – Гэта ў яго к слову прыйшлося. Ладна, Масей, на нас ты не крыўдуй. Мы ж таксама за твой лёс непакоімся. Што ні кажы, а нацыянальны алмаз.
– Сямён, – з усмешкай сказаў Масей, – не ўпадай у неўласцівы табе пафас! Пашкадуй і сябе, і мяне. А найперш – Івана вось.
– Чаму раптам Івана? – спахапіўся Дзюнізін.
– Гэта я таксама к слову, – апраўдаўся Масей.
Даўшы дзякуй за гасціннасць, хлопцы падаліся навыхад. Масей таксама выйшаў з імі на ганак.
– Сонца нізенька, вечар блізенька, – успомніў словы ўкраінскай песні Іван Дзюнізін; Масей з Сямёнам Пацёмкіным моўчкі згадзіліся з ім.
Над мястэчкам стаяла надвячэрняя ціша. Масей праводзіў трохі хлопцаў развітаўся, спрабуючы быць шчырым, тады падумаў што сёння яшчэ неабходна будзе наведацца ў валасное праўленне, а дакладней, у камендатуру, бо ўранні Гуфельд казаў што хтосьці павінен прыехаць з Крутагор’я, можа, пры гэтым спатрэбіцца перакладаць – фон Файт, як звычайна, знаходзіўся ў чарговай паездцы. Дзіўна, але кожны раз абверавец вяртаўся ў Бабінавічы ў добрым гуморы, акурат і сапраўды яму ягоныя ваяжы былі не ў цяжар, а ў пагулянку. З Масеем фон Файт паводзіў сябе амаль па-таварыску, прынамсі, заўсёды з паездкі прывозіў нешта, а найперш дзяліўся навінамі, якія меў ад знаёмых афіцэраў па Магілёву ці Бабруйску. Відаць, наязджаў ён іншы раз і ў Мінск, і ў Смаленск. Аднак пра гэта можна было толькі здагадвацца па тых абмоўках, якія не-не ды праскоквалі ў яго. Гуфельд тым часам трымаўся начальнікам. Па-першае, ён і тут па-ранейшаму заставаўся немцам, адчуваючы, усё роўна як па праву, сваю нардычную вышэйшасць; па-другое, яму хапала рознага клопату і ў мястэчку, і ў вёсках; асабліва пасля таго, як былі адкамандзіраваны з камендатуры салдаты ў 208-ю ахоўную дывізію, якая пасля зімовых баёў пад Масквой скарацілася да звычайнага батальёна. Няйначай, мясцовым паліцаям Гуфельд не зусім давяраў. Тым больш што былі выпадкі, калі ў асобных паліцэйскіх станах ужо выкрывалі здраду. Добра яшчэ, што вермахт цясніў Чырвоную Армію і каля Волгі, і на Каўказе. Адлегласць, якую прайшла, напрыклад, адна 9-я армія Паўлюса за гэтае лета, рабіла ўражанне, прымушала нямецкіх хаўруснікаў трымацца ранейшага выбару. Але немцам было добра вядома і тое, што партызаны не толькі нападалі на паліцэйскія станы; вялікая работа партызанскай контрразведкі вялася па распрапагандзе паліцэйскіх, кажучы на зразумелай мове, па перавярбоўцы іх. Таму аднаго недаверу не хапала для ўтрымання ахоўнікаў парадку вакол сябе. Важней было сачыць за кожным паасобку і за ўсімі разам. Толькі дзе ўзяць тых сачыльшчыкаў? Забраныя батальёны з ахоўных дывізій назад камандаванне групы армій «Цэнтр» не вяртала; тым часам ахоўныя дывізіі скардзіліся ў Берлін, што не маюць дастаткова войскаў для барацьбы з партызанамі. Нават каравульную службу вакол палявых камендатур няма каму несці. Добра яшчэ, што ў Крутагор’і з самага пачатку акупацыі размяшчалася жацдармерыя, якую ў крайнім выпадку можна было паклікаць на дапамогу. I тым не менш Іуфельду не кожны пазайздросціў бы. З нейкага часу ён пакінуты быў сам сам-насам. Фон Файт не ішоў у разлік. У таго сваіх абвераўскіх спраў хапала.
Масей з дому ў камендатуру хадзіў звычайна берагам Чарняўкі, сцежка там была тупкая, нават вялікі дождж не заўсёды ператвараў яе ў балацявіну. Гэты раз ён таксама падаўся нацянькі. Сонца заходзіла насупраць, але ўжо астылае, хоць і было напоўнена нейкай нездаровай, напухлай чырванню, таму не сляпіла, ва ўсіх адчувалася стомленая запаволенасць, толькі цені па левы бок ад рослага альхоўніку, лёгка перакідваючыся цераз Чарняўку, здавалася, скакалі адзін перад адным, рабацінелі ўваччу. Нават шпакі, якія даўно вывеліся, навучыліся моцна трымацца на трапяткім крыллі, і тыя сёння не мітусіліся па местачковых гародах, дарма што насцярожана круцілі галовамі, усё роўна як падазравалі ў чалавеку, які рухаўся паўз рэчку, небяспеку для сябе. На вершалінах дрэў, што абступалі на роўнай адлегласці царкву, ледзь не людскімі галасамі ўскрыквалі, перагукваліся галкі. Купалы на царкве ўсё яшчэ не блішчэлі, бо па-ранейшаму, як і летась, пазалетась, заставаліся без фарбы, таму крывавілі насупроць сонца даўняй іржой. Масей успомніў што яшчэ ўчора абяцаў бабінавіцкаму святару сустрэцца. Значыць, сёння край трэба зрабіць гэта. Лепш за ўсё, падумалася, заглянуць да яго ў царкву адразу пасля валасной ўправы. Справа ў тым, што Дворскі ўсё ж раздабыў недзе цэлы круг малітваў і казанняў, і Масей ужо каторы вечар перакладаў іх набеларускую мову; дзіўна, але цяжкасці ў рабоце зусім не спатыкаліся, аказалася, некалі недарэмна даводзілася слухаць лекцыі па стараславянскай мове; прынамсі, нічога хітрага, каб вельмі кідацца ў здагадках, сапраўды не было ў тэкстах. I тым не менш Дворскі нібыта не верыў гэтаму, усё напрошваўся Масею ў кансультацыю. Акрамя таго, ён увогуле часта шукаў прычыну пабыць разам з валасным пісарам, усё роўна як шукаў ва ўзаемаадносінах з ім больш трывалага грунту ў чыне свайго цяперашняга жыцця. Ні Масей, ні Дворскі не падманваліся ні наконт савецкай улады, ні наконт акупантаў, яны моцна пачувалі сябе людзьмі тутэйшымі, гэта значыць, беларусамі, дарэчы, якія ні бальшавікам, ні немцам, калі разважаць шчыра, не патрэбны былі. Маўляў, штосьці прамежкавае, – ні народ у выразным значэнні гэтага слова, ні нацыя. Карацей кажучы, ні тым, ні другім так званы беларускі нацыяналізм не падыходзіў. I калі б не палітыка, калі б не бягучы момант, з якога ўсе бакі хацелі мець выгаду, ніхто б не стаў гуляць у падобныя гульні, дарма што з цягам часу беларусы, нягледзячы на калатэчу, усё смялей вытыркаліся са сваёй нацыянальнай ідэяй. Якраз таму і Масей успрыняў святарову просьбу аб перакладзе малітваў на беларускую мову не як нейкую хімеру, а як справу патрэбную і, можа, нават богазаўгодную. Аднак вечарам сустрэцца з папом не ўдалося. Калі Масей нарэшце апынуўся ў камендатуры, там ужо сядзеў, усміхаючыся, фон Файт.
– Добры дзень, пан Зазыба, – павітаўся ён вельмі прыязна, акурат паспеў засумаваць у дарозе па сваіх бабінавіцкіх камрадах. – Бачыце, я хутка павярнуўся. Што ні кажыце, а ў нас у мястэчку хораша. Шкада толькі, што не па прызначэнні даводзіцца працаваць. Нам бы з вамі аднаму лясы даглядаць, другому вершы складаць. У Магілёве, у тамтэйшай газеце, я цікавіўся вамі ў мясцовых супрацоўнікаў. Усе ўзрадаваліся, што вы абвясціліся. Аказваецца, вы даволі прыкметны ў Беларусі паэт.
– Вы перабольшваеце, пан барон, – ажно засаромеўся Масей.
– Ну-ну, вы не чырванейце. Раз паны газетчыкі хваляць, то і мне следам за імі не грэх паўтарыць.
– Спадзяюся, у дарозе ўсё абышлося без благіх здарэнняў? – Масею чамусьці сапраўды не хацелася чуць з вуснаў абвераўца падобныя рэчы.
– О так! – усклікнуў фон Файт. – Партызаны к зіме рыхтуюцца. Перасталі паляваць на дарогах на афіцэрскія аўтамабілі. Калі б яны і надалей паводзілі сябе гэтак, то можна было б па першым снезе і нам наладзіць паляванне. Праўда, не на саміх бандытаў, а на звычайную дзічыну. Вы захапляецеся гэтай справай, пан Зазыба?
– Не.
– Дарэмна.
– Але я не магу бачыць, як і другія забіваюць братоў нашых меншых.
– Вы маеце на ўвазе – звяроў?
– Так. Сяргей Ясенін называў іх меншымі братамі.
– О, Ясенін! Я чытаў ягоныя вершы. Ён некалі прыязджаў у Германію. А тады – павесіўся. Як вы лічыце, чаму сярод паэтаў шмат самагубцаў? Ды вы сядайце, сядайце.
Масей засмяяўся з запытання свайго субяседніка, сеў на лаўку, збоч сцяны.
– Гэта не зусім дакладна сказана, пан барон. Паэтаў болын забівалі другія, напрыклад, на дуэлях, якія некалі распаўсюджаны былі ў Расіі. Самі яны не вырашалі асабісты лёс самазабойствам. Ва ўсякім выпадку, не больш, чым іншыя.
– Вам відней, – не стаў пярэчыць фон Файт. – Але вось аб чым я падумаў у дарозе, пан Зазыба. Ці не абмяжоўваем мы вашу дзейнасць, трымаючы вас тут, у мястэчку?
– Як разумець вас, пан барон?
– Звычайна. За гэты час, як вы з намі, мы ацанілі вашу лаяльнасць да немцаў, да Германіі. Але скарыстоўваць вядомага паэта на пасадзе валаснога пісара нават для немцаў залішняя раскоша. Усё-ткі ваша месца хутчэй за ўсё ў газеце ці ў нейкай іншай установе, непасрэдна звязанай з культурай. Тым больш што ў Магілёве гатовы прыняць вас. Ну а далей відаць будзе. Як вы на гэта гледзіцё?
– Прызнацца, для мяне ваша прапанова, пан барон, у неспадзеўку.
– Я разумею, пан Зазыба. Але ж ніхто вас не стане гнаць у каршэнь.
– Спадзяюся, пан барон.
– Калі на гэту прапанову будзе станоўчы адказ, я пачну ўгаворваць каменданта. Думаю, што ён не стане доўга пярэчыць. Зрэшты, пісара не цяжка будзе знайсці другога. Праўда, вы мелі поспех у Гуфельда яшчэ і праз тое, што збольшага валодаеце нашай мовай. Я ж таксама не вечны вязень тут. Але нічога. Каменданта я вазьму на сябе.
– Ён і сёння хацеў, каб я прыняў удзел у якасці перакладчыка на нейкіх перамовах. Бачыце, я прыйшоў, а яго няма.
– Паехаў паказваць нешта гасцям. Здаецца, Бесядзь. Там сярод іх аказаўся зацяты рыбак. Хтосьці з вашых, рускіх.
– Значыць, я не спатрэблюся сёння?
– Відаць, так. Хіба спяшаецеся?
– Абяцаў святару паказаць пераклады з царкоўнаславянскай мовы.
– Пан Дворскі, бачу, таксама з ідэяй чалавек?
– О так, цікавы субяседнік.
– Будзе час, то мы яшчэ пагаворым. Але над маёй прапановай думайце, пан Зазыба.
Выходзячы з валасной управы, Масей сапраўды сур’ёзна падумаў: што мне з тваёй прапановы, барон: канечне, апынуцца ў газеце – гэта, бадай, што трэба, але ў такі каламутны і зусім няпэўны час?!. Хіба мала цяперашняй пасткі? Тым больш што працуючы ў газеце, не знікнеш непрыкметна з поля зроку людскога. Там сляды – публікацыі. Лепш за ўсё, разважыў Масей нарэшце, не спяшацца. Як казаў некалі знаёмы прафесар па дарозе на катаргу, час сам чупрыны развяжа. Няйначай, што фон Файт сапраўды чакаў Масеевага рашэння. Але тым не менш ні разу не нагадаў пра мінулую размову. Маўчаў і Масей. Так і дамаўчаўся да той начы, калі ў лютым месяцы партызаны з атрада Нарчука разам са скандзілоўцамі разбілі бабінавіцкі паліцэйскі стан; камендант Іуфельд і барон фон Файт таксама атрымалі кожны па кулі. Не зачапілі партызаны чамусьці толькі бургамістра Брындзікава ды Масея, усё роўна як іх гэтым самым яшчэ пакуль адно папярэджвалі. Праўда, слова «разбілі» не падыходзіла да таго выпадку, бо ніхто не супраціўляўся: паліцаяў паднялі з ложкаў у казарме пасля добрай лазні і моцнай п’янкі, якую наладзілі па заданні Чарнагузава для іх местачковыя мужыкі, што таксама аціраліся паблізу адных і другіх. У тую снежную лютаўскую ноч пацярпелі толькі абодва немцы, бо амаль усе паліцэйскія палічылі за лепшае для сябе ўступіць у партызаны, балазе, ужо была выйграна Чырвонай Арміяй Сталінградская бітва, а на Каўказе немцы таксама не мелі поспеху. У Бабінавічах Масею, такім чынам, больш не было чаго рабіць, дакладней, не было каму сачыць за ягонай службай. Выходзіла, што з пагібеллю знаёмых немцаў ён атрымліваў для сябе свабоду. Але калі гаварыць па-шчырасці, то радасці вялікай ад таго, што партызаны знішчылі Гуфельда з фон Файтам, у душы яго не ўзнікла. Значыць, за ўвесь гэты час, які ён не па сваёй ахвоце знаходзіўся ў Бабінавічах, і помслівага пачуцця не накіпела ў ім. Урэшце, чалавек жа павінен чымсьці вызначацца? На пачатку вясны Масей вярнуўся ў прыцемках у Верамейкі. Убачыўшы яго на двары, маці ціха, каб ніхто не чуў залямантавала, акурат як тады, у сорак першым, калі Масей прыйшоў з заключэння. Дзіўна, але ў бацькі сынаў прыход дамоў не выклікаў вялікай радасці, усё роўна як Дзяніса Яўменавіча задавальняла ранейшае становішча, калі Масей знаходзіўся ў Бабінавічах. Хоць на самай справе гэта было не так. Проста старэйшы Зазыба не гатовы быў да такога павароту падзей. Адна справа, што партызаны не зачапілі Масея ў часе разгрому паліцэйскага стану; можа, проста не ўспомнілі ў начной мітусні; другая – як яны паставяцца да яго цяпер, калі ён вярнуўся дамоў і мог стаць лёгкай ахвярай любога нядобразычліўца, які захоча паказаць сваю ўладу, выдаўшы яе – ні многа, ні мала – за выяўленне справядлівасці. Першую ноч па вяртанні дамоў Масёй спаў у хаце, але ўжо на золку пачуў як тупае па паддашку бацька. Дзяніс Яўменавіч у часе сняданку растлумачыў і жонцы, і сыну, што яго на дасвецці пацягнула туды. «Ты, Масейка, перабярэшся жыць на столь, – сказаў ён, сёрбаючы з агульнай міскі засмажаную жыдкую бульбу. – Гэта я так рашыў, а ты як знаеш. Бо навошта камусьці ведаць, што ты ў Верамейках?» Марфа Давыдаўна акурат няверліва глянула на мужа, тады дакорліва паціснула плячамі. Дзяніс Яуменавіч убачыў жончыну збянтэжанасць, паспяшаўся заспакоіць абаіх: «Там жа, на столі, у нас жытнёвыя кулі, якраз вакол коміна раскладзены. Вось я развязаў іх, зрабіў сховішча. Калі яшчэ цёпла надзявацца, то вытрымаць можна да самай вясны». – «Хіба ж можна на такія пакуты пасылаць чалавека, у якога нездаровыя грудзі? – ужо на словах паспрабавала Марфа Давыдаўна абараніць сына. – Думаеш, мала яму было Сібіры?» Дзяніс Яўменавіч у адказ спярша са скрухай паглядзеў на жонку, затым, быццам шукаючы разумнай падтрымкі, перавёў позірк на сына: «Зразумейце, іначай нельга цяпер. Трэба пакуль пасцерагчыся. Урэшце, на ноч можна будзе іншы раз вяртацца ў хату. Словам, не вярэдзьце хоць вы мне душу!» Нарэшце Масей адчуў што час настае яму стаць паміж бацькам і маткай. «Бацька мае рацыю, – сказаў ён памяркоўна, адхінуўшыся на ўслоне да сцяны. – Трэба прыстасоўвацца да новых умоў жыцця». – «Я ўдзячны табе за разуменне, сынку. – Зазыба паклаў руку на плячо Масею. – Будзем спадзявацца, што гэта ненадоўга. Я ўсё тым часам зраблю, каб вымаліць у партызанаў табе… Словам, каб яны даравалі». Масей крутануў галавой, сказаў з прыкрасцю: «Я сам гатовы на суд хоць зараз ісці. Нічога дрэннага я не зрабіў людзям!..» – «Які цяпер суд? – паморшчыўся Дзяніс Яуменавіч. – Цяпер не суд бывае, а скорая расправа. Я нагледзеўся ўжона норавы і немцаў і нашых. Добра яшчэ дачакаюцца выслухаць, а то проста… адвядуць у кусты і шлёпнуць. Так што, не рвіся на суд, сын». – «Я таксама не дужа спадзяюся на справядлівы суд, але ж надакучыла вінаватым увесь час быць». – «Што ж, пацярпі». Даўшы мацеры дзякуй за сняданак, Масей вылез з-за стала, паклікаў бацьку: «Ты пакажы мне тое сховішча за комінам на паддашку». – «Паспеецца», – усё роўна як сумеўшыся, сказаў Дзяніс Яўменавіч. – «Канешне ж, паспеецца, – зачапілася за мужавы словы Марфа Давыдаўна. – Яшчэ наседзішся ў той саломе. Але ж вось і добра ўвосень зрабілі, што ўскінулі пару кулёў на столь».
Бедная маці, здаецца, ёй толькі і рупіла, што пеклавацца аб сыне.
* * *
Бяда прыйшла з таго боку, адкуль яе не чакалі. I не Масея яна закранула.
Недзе з першых майскіх дзён у Забяседдзе хлынулі ўкраінскія і расейскія партызаны, якім няўтульна стала на ранейшых базах. Нямецкія ахоўныя войскі ўзмацнілі сваю карную дзейнасць. Вакол Верамеек у адпомсту за дапамогу партызанам згарэлі Кавычачы, Зацішша, Панькоўская Буда… Адным словам, чым болей актывізаваліся партызаны, тым мацней лютавалі немцы. Тым часам пакутавала мясцовае насельніцтва. Сёння чалавек вінаваты за нешта зусім невядомае перад аднымі, заўтра, амаль за тое самае, – перад другімі. I бясконцыя паборы. Адзін раз паліцаі свінчо ловяць на выгане, другі – партызаны. Паліцаям пайка нямецкага мала, партызаны ж зусім знаходзяцца на самазабеспячэнні. А між тым засекі ў свіранах сялянскіх не бяздонныя. Добра яшчэ што хапіла чым засеяць палосы. Але горш за ўсё было насельніцтву ад падзелу партызанаў на сваіх і чужых. Тым больш што так званых чужых бадзялася па Забяседцзі болей, чым сваіх. Дык праз аднаго такога чужога і здарылася бяда ў Зазыбаў. Ці то па нейчай падказцы ў Верамейках, ці то іншым шляхам, але аднойчы, на пачатку лета, пастукаўся у дзверы да Зазыбаў зусім п’яны коннік з чырвонай стужкай на кубанцы. Дома была адна Марфа Давыдаўна. Дзяніса Яўменавіча кудысьці паслаў Нарчук. А Масей тым часам хаваўся на пясчанай выспе за Цяменскім возерам, дзе ў іх быў скіданы на лета будан. «Дзе ваш сын?» – прыстаў п’яны партызан да Марфы Давыдаўны. – «Не ведаю», – спалохалася яна. – «А хто ж тады ведае?!» – хістаўся на ганку п’яны. – «Дак і я магу сказаць так – хто ж тады ведае? Бо не жыве ён дома з мінулай восені. Як забралі немцы ў верасні месяцы, так і не адпускаюць. А ён жа тут геройства праявіў, за старога чалавека заступіўся перад немцамі». – «Чуў я пра тое геройства! Дурань на дурня натрапіў. Але ты, старая курва, не блытай мне мазгі. Кажы, дзе твой сын?» – «Навошта ён вам?» – усё смялей рабілася Марфа Давыдаўна. – «Гэта не твая справа навошта. Ён не панёс пакаранне за дружбу з немцамі». – «Дык ты, п’яная твая пыса, дзеля гэтага і прыпёрся, заліўшы гарэлкаю вочы? А ну-тка вон, бессаромнік!» – закрычала кабета. – «Ах ты, старая карга! – ускіпеў п’яны нягоднік. – Я табе пакрычу! Я вас усіх тут навучу, як савецкую ўладу любіць! А ну падавай руку!» Марфа Давыдаўна не паспела нават уцяміць, як плётка, якую трымаў партызан увесь гэты час, абвіла яе руку і неяк сама зашчапілася трохі вышэй далоні. Адчуўшы безабароннасць жанчыны, п’яны нягоднік таргануў плётку на сябе, пацягнуў Марфу Давыдаўну да каня. Слаба ўпіраючыся, яна пачала азірацца па баках. Аднак у завулку ў тую хвіліну нікога не ўбачыла. Нават Кузьма Прыбыткоў можа, самы цікаўны чалавек сярод суседзяў, і той не расчыніў акна – ці то не чуў людскіх галасоў насупраць свайго двара, ці недзе адсутнічаў балазе, яшчэ ж насілі старога ногі. Між тым партызан хоць і быў п’яны, але даволі лёгка ўскочыў у сядло; паварочваючы каня, ён дзіка ўскрыкнуў тады пачаў прыспешваць яго скуранымі запяткамі. Марфе Давыдаўне было і сорамна, і балюча. Аднак найбольш за ўсё непакоіла яе, што п’яны гвалтаўнік павалачэ яе на вясковую вуліцу. Невядома з якой прычыны, але і партызану не захацелася паказвацца верамейкаўцам з гэтай упартай, нястрыманай жанчынай, якая замест таго, каб паваліцца ў ногі, стала крычаць ды пагражаць. Няхай цяпер, старая дурніца, трохі пабегае за канём. Цяпер ёй і мужык не дапаможа. Міма могілак самадур літаральна вывалак за сабой Марфу Давыдаўну ў поле, скіраваў да глінішча каня. Пры гэтым ён гікаў ад захаплення і не пераставаў лупцаваць страмёнамі конскія пахавіны. На ахвяру сваю нягоднік не азіраўся. А тая ўжо задыхалася, сэрца яе моцна білася, спынялася. Нарэшце, не вытрымала. Марфа Давыдаўна спатыкнулася на нейчым следзе апошні раз, павалілася на зямлю ніцма вырваўшы сваім, дарма што і невялікім, цяжарам з рук свайго ката плётку…
Калі Масей увечары прыйшоў дамоў з-за Цяменскага возера, маці, ужо абмытая, ляжала на ўслоне ў покуце, а верамейкаўскія дзядзькі стругалі пад павеццю дошкі на труну. Дзяніс Яўменавіч тым часам сядзеў, скамянелы, у хаце, у яго толькі і хапіла змогі, каб абшчапіць сына ды ўткнуць галаву ў грудзі. Вось так адкрыта Масей паявіўся перад аднавяскоўцамі ўпершыню, але ніхто са знаёмых чамусьці не быў здзіўлены, убачыўшы Зазыбавага сына. Нават Нарчук, які, пачуўшы пра трагедыю ў Верамейках, таксама паспяшаўся да Зазыбы ў двор, нічога не сказаў. Відаць, усё-ткі маюць людзі рацыю, калі гавораць, што ў хаце павешанага не нагадваюць пра вяроўку. Канечне, параўнанне гэтае не мела аніякага дачынення да трагічнага выпадку з Марфай Давыдаўнай. Проста, Масей меў поўнае права на прысутнасць у часе пахавання маці. Вестка аб яе гвалтоўнай смерці настолькі збянтэжыла сына, так перавярнула ўсё ў ім, што нават сама думка аб перасцярозе не магла ўзнікнуць. I ён, здранцвела ступаючы следам за Іванам Гаманьковым па імшаным балоце, падаўся ў вёску. Марфу Давыдаўну ў Верамейках мала хто не любіў, таму народ тоўпіўся і ў завулку, і на двары, і ў хаце. Бабы плакалі. Дзядзькі тым часам займалі сябе (акрамя тых, што рабілі труну) размовамі, губляючыся ў здагадках: хто мог рашыцца на падобнае злачынства, адкуль ён з’явіўся ў Верамейках і дзе падзеўся цяпер? Сярод верамейкаўскіх мужыкоў круціўся і Павел Чарнагузаў які ўзначальваў у Нарчука разведку і контрразведку. Ён ужо меў ад камандзіра атрада заданне – перавярнуць дагары нагамі усё Забяседдзе, але адшукаць забойцу Зазыбавай жонкі. Таму Павел Ягоравіч і дападаў слыхам ледзь не да кожнага слова. Здавалася б, як мог п’яны чалавек, на кані, з чырвонай стужкай на кубанцы, лічы, чалавек-карцінка, апынуцца ў вёсцы, а потым знікнуць нікім незаўважаным? Але па ўсім выходзіла, што верамейкаўцы гаварылі праўду, прынамсі, тыя з іх, што сышліся каля Зазыбавай хаты. Насупраць, на лаўцы пад акном, сядзеў і стагнаў Кузьма Прыбыткоў шкадуючы разам і Марфу Давыдаўну, і асірацелых яе мужыкоў. Не было за што дакараць старога, аднак пачуваў ён сябе вінавата; звычайна цалюткія дні праседжваў у хаце перад акном, а тут раптам закарцела схадзіць да Цяменскага возера, дзе ў яго з вясны яшчэ, як перастала церціся рыба, сохнуў на сасне лазовы нерат. Толькі дарэмна стары турбаваўся, ніхто на нерат не паквапіўся. А вось Марфе Давыдаўне памагчы не давялося. Нават людзям сказаць штосьці пэўнае пра яе сённяшнія пакуты, як сусед, не мог. Заставалася адно здагадвацца, што адбылося тут, у завулку. Здагадвацца і перажываць…
Хавалі Марфу Давыдаўну ўсёй вёскай. Нарчук з павагі і спагады да Зазыбы прывёў у Верамейкі з лесу ледва не ўсіх вольных ад службы партызанаў. Да таго ж, мясцоваму атраду такім чынам давалася магчымасць адмежавацца ад злачынства, зробленага чалавекам з чырвонай стужкай на шапцы, які гойсаў на кані.
На хаўтуры таксама шмат сышлося людзей. Памінальны абед верамейкаўскія жанкі варылі – кожная асобную страву – у сваіх печках; пасля зносілі ўсё ў Зазыбаву хату. Дзяніс Яўменавіч трымаўся, як мог. Але як толькі пад вечар аднавяскоўцы разышліся, сказаў з моцнай хрыпатой Масею:
– Ну вось і страцілі мы сваю маці!.. Не дагледзелі… Век сабе не дарую… Але ведай, сын, новую страту я не перажыву ўжо. Хапіла гэтай. Так што… Хочаш – не хочаш, а падавацца ў лес, у партызаны, давядзецца табе. Сёння Нарчук мне не дакучаў гэтым. Аднак я па ім бачыў – не вельмі мае сябры, партызаны, давольныя табой. Дык вось, пакуль яны яшчэ гатовы дараваць і мне, і табе твае паводзіны, трэба рашацца. Да таго ж, ад сваіх знаёмых немцаў ты, здаецца, ужо назаўсёды вызваліўся, ва ўсякім выпадку, ніхто цябе гэты час, пакуль у Верамейках, не шукаў. Значыдь, можна лічыць, што з таго боку небяспека больш не пагражае.
– Гэта так, бацька, – паківаў галавой Масей. – Ад немцаў мы, бадай, сапраўды пазбавіліся, дзякуючы партызанам. Але небяспека з боку партызанаў заўсёды будзе існаваць для мяне. Можа, не столькі з боку тваіх партызанаў, колькі ўвогуле з боку савецкай улады.
– Чаго ты баішся савецкай улады? – ускінуў вочы на Масея Дзяніс Яўменавіч. – Сам жа казаў, не вінаваты! Дык, думаеш, яна не разбярэцца да канца? Няхай толькі дае гасподзь, каб хутчэй вярнулася.
– А мне дык чамусьці не хочацца, каб яна вярталася. Разумееш, не хочацца, каб і гэта затрымлівалася надаўжэй, але і тваёй недавяраю. Яна доўга помніць. Памяць у яе, на жаль, сапраўды надта доўгая і помслівая. За час свайго існавання яна ўжо даказала сёе-тое. Так што, бацька, дазволь мне самому рашаць свой лёс. Канечне, я разумею, што табе стане балюча праз гэта. Аднак у партызаны я не пайду.
Зазыба, быццам ад нечаканасці, гайдануўся на ўслоне, тады моцна зажмурыў вочы, ажно паказаліся слёзы з іх.
– Тады я не ведаю… Тады я не ведаю, як нам быць?..
– Я таксама не ведаю.
– Затое я вось што ведаю, сын. Цяпер табе самому давядзецца ратаваць сябе. Будан, нават зямлянка, калі мы яе выкапаем, не дапамогуць. Іх проста некалі адшукаюць партызаны і абвінавацяць цябе ва ўхіленні ад барацьбы з акупантамі. Я наперад ведаю, што яны стануць казаць: як немцам служыць, дык ты з усёй адцанасцю, а як савецкую уладу абараняць… Словам, сын, варта яшчэ падумаць.
– Дарэмна, бацька. Нічога тут не прыдумаеш. Але ты маеш рацыю – мне давядзецца-ткі ратавацца самому. Таму не адгаворвай мяне. Заўтра мы расстанемся.
– I куды ты збіраешся? Як ты мяркуеш ратавацца?
– Не ведаю. Аднак нездарма людзі кажуць – а раптам бог не выдасць і свіння не з’есць. Хіба ж і праўда няма ўжо для мяне на зямлі Куточка, дзе можна ўкрыцца?
Зазыба адчуў, што гаворка па сваіх выніках становіцца небяспечнай, таму паспяшаўся скончыць яе, згладзіць непрыемнае ўражанне.
– Ладна, сын, – падняўся ён з услону. – Кажуць, раніца бывае мудрэй за вечар. Думаю, што сёння ніхто не сунецца да нас, не стане паляваць на цябе. Так што будзем начаваць дома. А заўтра на свежую галаву зноў парахуемся.
У адказ Масей нічога не сказаў бацьку, аднак таксама ўстаў з услона, перайшоў на заднюю палавіну хаты. Дзвярэй да сябе ён не зачыніў таму давялося чуць увесь бацькаў клопат па гаспадарцы. Нарэшце, недзе ўжо апоўначы ў хаце ўсё сціхла. Масей заснуў. Апошні раз у бацькавай хаце снілася яму штосьці зусім не дамашняе, нават дужа далёкае ад таго, што лічылася асабістым жыццём..
Уранні Масей хацеў расказаць бацьку пра гэты сон, але падумаў адразу ж, што дасць прычыну для новай, падобнай на ўчарашнюю, размовы, бо ўжо не было аніякай патрэбы ў прыняцці канчатковага рашэння; заставацца яму ў Верамейках, альбо недзе паблізу, ці не. Яшчэ ўчора, у часе пахавапня маці, ён разумеў што давядзецца пакінуць бацьку тут аднаго. Увечары, пры размове з Дзянісам Яўменавічам, рашэнне гэта мацавалася, дарма што бацька скіроўваў яго ў іншы бок, а менавіта – падавацца ў партызаны. Вядома, бацьку можна было зразумець, але ў гэтым выпадку найперш разумення заслугоўваў ніхто больш, чым Масей. Ён сапраўды не сумняваўся, што з вяртаннем у Забяседдзе савецкай улады зноў пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца нават за прымусовае знаходжанне ў процілеглым лагеры. Ну а што савецкая ўлада неўзабаве вернецца сюды, сумнення ўжо не было, бо Чырвоная Армія спынілася недзе зусім блізка, каля Арла; да Забяседдзя заставаўся ёй адзін пераход, да таго ж, без вялікіх рачных перашкодаў. Якраз пра гэта вось Масей і збіраўся сказаць бацьку, калі б той усчаў уранні гамонку. Але абышлося. Паснедалі асірацелыя мужыкі моўчкі, тады Масей, таксама не сказаўшы Дзянісу Яўменавічу, рушыў на могілкі, да матчынай магілы; і там надоўга ўкленчыў. Збоку можна было падумаць, што ён гэтак моліцца, але малітвы не ішлі ў галаву, не з’яўлялася жадання ўспамінаць іх, хоць яшчэ не дужа даўно Масею і даводзілася мёць справу з імі, калі перакладаў ддя папа Дворскага на беларускую мову. Цяпер Масей ужо не ведаў ці спатрэбіцца бабінавіцкаму святару ягоная работа, але ён паспеў ператлумачыць усё-ткі нават некалькі псалмоў. Між тым Масею здавалася, што прыйшоў на могілкі незаўважаным. Таму быў здзіўлены, калі пачуў за спіной ціхі тупат чалавечых ног. «Можа, бацька», – з’явілася ў галаве думка. Але замест бацькі побач на калені апусцілася Анюта Прыбыткова, памаўчала трохі, быццам дзеля Масеевага спакою, тады пачала малітву. Голас маладой кабеты час ад часу мяняўся: то рабіўся падобным на няўрымслівы звон ручая, то на ціхае шамаценне лісця. Слухаючы яе, Масей чамусьці ажно захваляваўся. Здзіўлены, ён дачакаўся, калі Анюта сціхне, затым сказаў ёй:
– У мяне да цябе будзе просьба, Анюта…
Анюта глянула на Масея, усё роўна як спуджанай птушкай, але не стрымала сябе спытаць:
– Якая?
– Прыходзіць сюды на Раданіцу, даглядаць і яе магілу.
– Дак…
– Хочаш знаць, чаму цябе прашу?
– Ды не… Але ж…
– Я ўсё-ткі скажу. Мужчыны ў вайну зусім ненадзейнымі становяцца. Мужчыны найперш гінуць. Хоць… У нас вось першай яе забрала вайна…
– Гэта нейкае няшчасце выйшла.
– Не, Анюта. Гэта… Словам, гэта толькі здаецца, што звычайнае няшчасце. Вайна ахвяраў патрабуе. Без іх яна не можа абыходзіцца. Ну а прычыны?..
– Не хапала, каб ты аднаго сябе караў! Мой свёкар вунь таксама не знаходзіць сабе месца. Кажа, што ён у смерці Марфы Давыдаўны вінаваты, бо сышоў на той час, як з яе хтосьці здзекваўся, з двара. Так што, усе мы цяпер перад ёй вінаватыя. Але ты, Масейка, не дужа клапаціся. Пра тваю маці ніхто ў Верамейках не забудзе. Ды і Дзяніс Яўменавіч…
– Я цяпер ні ў што не веру. Пасля таго, што здарылася з маткай, я нарэшце зразумеў што ўсе людзі сапраўды смяротныя. Бацька мой таксама…
– Нешта ты…
– Не падабаюся?
– Не тое, што не падабаешся, але…
– Я гэта таму, што збіраюся пайсці з Верамеек.
– Зноў у Бабінавічы?
– Не.
– То куды?
– Яшчэ і сам не ведаю.
– Гэта ж дрэнна, Масейка! Вось і яна, твая маці, калі чуе, не ўхваляе гэтага.
– I ўсё-ткі я мушу пайсці. Не думаю, што прападу сярод людзей.
– А ў Верамейках – не людзі?
– Чаму ты так?
– Ды таму, што цябе ніхто не выдаў, пакуль ты хаваўся дома, а тады за возерам. Я нават сама ні разу не прыйшла ў будан, каб лішне не слядзіць.
– Але пра будан ведала?
– Дак хто ў Верамейках не ведаў?
– Значыць, правільна я рашыў. Доўга ўкрывацца там не ўдасца.
– А бацька? Што бацька твой пра ўсё гэта думае?
– Бацька турбуецца за сына. Бацьку здаецца, што толькі пры ім мне будзе ўтульна. Пасылае ў партызаны.
– А можа, гэта й правільна?
Масей уздыхнуў.
– Не чапай хоць ты маю душу, Анюта. Як можна адчуваць сябе бяспечна ў такіх абставінах, калі кожны лічыць сябе і пракурорам, і судцзёй, і губеранскім начальнікам?! Самае жахлівае – гэта ўсведамленне беспакаранасці. Моў, вайна ўсё спіша. Але дарэмна. Якраз пасля вайны і пачнуцца галоўныя разборкі. Уласна, яны не столькі пачнуцца, колькі працягнуцца, бо пачаліся яны адразу пасля семнаццатага года. Затым былі дваццатыя гады, за імі – трыццатыя… Словам, не хачу я зноў апынуцца ў канцлагеры ў Сібіры.
– I ўсё-ткі варта было б паслухацца бацькі. Марфа Давыдаўна таксама не параіла б табе падавацца няведама куды.
– Бачу, дарэмна я сказаў табе…
Анюта ўстала на ногі, атрэсла калені ад жвіру, рассыпанага вакол магілы; Масей тым часам застаўся на месцы.
– Ты ідзі, Анюта, і не турбуйся, – сказаў ён ціха. – А я трохі пабуду тут.
– Ладна, – згадзілася яна. – Але ты прыйшоў бы пасля да нас, пагаварыў з маім свёкрам. Ён абы чаго табе не параіць.
– Ступай, Анюта, ступай!..
Масей адвярнуўся, пачакаў, пакуль не заціхнуць лёгкія Анюціны крокі, тады і сам падняўся.
«Можа, сапраўды варта напаследак зазірнуць да Кузьмы», – падумаў ён, ужо ідучы па завулку, аднак убачыў на ганку бацьку, пакрочыў напрасткі.
– Хадзіў на магілу, – сказаў ён Дзянісу Яўменавічу.
– I што ж надумаў?
– Рашыў ісці.
– Калі?
– Сёння, бо адкладваць надалей няварта.
Дзяніс Яўменавіч моўчкі павярнуўся, падаўся ў хату. Масей узышоў на ганак, кінуў вачамі ў два канцы завулка. З вясковай вуліцы ў завулак паварочваў хроснік, Гаўрылішын Іван. Убачыўшы бацьку, хлопчык чамусьці ўсё роўна як збянтэжыўся, але не надоўга, усяго на якую хвіліну, тады падбег да Масея, узяў яго за руку.
– Ну што, хроснік? – усміхнуўся Масей.
– Я ўчора яшчэ бачыў цябе, – хлопчык таксама засвяціўся ўсмешкай. – Але збаяўся падысці.
– Чаго ж ты збаяўся?
– А так. Многа людзей было. Я дзеду Дзянісу хацеў сказаць, што бачыў таго партызана, які прыязджаў на кані да вас.
– Чаму ты думаеш, што то быў партызан?
– Дык на кані. На шапцы – чырвоная стужка, як у нашых партызанаў.
На галасы на ганак зноў выйшаў з хаты старэйшы Зазыба.
– Адкуль ён ехаў? – ухапіўся за Іванавы словы Дзяніс Яўменавіч. – У каго ён быў?
– У Сілкі Хрупчыка.
– Ты сам гэта бачыў?
– Ну, бачыў.
Дзяніс Яўменавіч ліхаманкава глянуў на сына:
– Але ж Сілка ўчора маўчаў, калі Чарнагузаў распытваў верамейкаўцаў? Схаджу-тка я да яго, пакуль што да чаго. Ты тут займіся чым-небудзь, Масейка.
– Дык мы з хроснікам!..
– Ну-ну, – заківаў галавой Зазыба, сыходзячы з ганка.
– А й праўда, Іванка, – схамянуўся Масей, – хадзем-тка ў хату, я пачастую цябе.
– Дык я ж учора частаваўся на памінках, – акурат здзівіўся хлопчык гасціннасці хроснага бацькі.
– Ну, то было ўчора, – супакоіў яго Масей. – Сёння таксама не зашкодзіць. Калі я быў малы, ну, гэткі, як ты цяпер, то вельмі любіў хадзіць і да бацькі хроснага, і да маткі, нават бабку, якая бабіла мяне, не абмінаў. Бывала, на Вялікдзень ці яшчэ на якое свята цашоткі дзянёк па гасцях хадзіў. А чым ты горшы?
– Ды я не горшы, – неяк смешна згадзіўся Масееў хросны, – але ж маці казала, каб я не дужа швэндаўся цяпер. Вунь, бабу Марфу хтосьці забіў.
– Сам жа кажаш – партызан.
– Дык… Я праўда бачыў. Ехаў, хістаючыся, ад Сілкі Хрупчыка. I стужка партызанская на шапцы. I конь партызанскі.
– Як ты зразумеў, што партызанскі?
– Дык… Стужка ж на шапцы партызанская.
– Добра, хадзем у хату.
Яны перайшлі ў хату. Масей паныкаў па кутках, але нічога смачнага для пачастунку хросніка не знайшоў. Добра, што на пяколку ў пярэдняй палавіне хаты стаяў ладны мяшэчак з гарбузовымі семкамі; не шкадуючы, насыпаў хлопчыку ва ўсе кішэні, а тады, падладжваючыся пад дзіця, пачаў распытваць:
– Дык ты бачыў толькі, як ехаў той партызан у наш завулак?
– Так. Далей пабаяўся ісці следам. Бо ён моцна ікаў.
– А тое, што ён перад тым у Сілкі Хрупчыка быў, ты сам бачыў?
– Так. Я ішоў з Падліпкаў, быў там у Сіманёнкавых. Сам жа Сіманёнак прыйшоў з палону.
– Дык ты хадзіў туды ў адведкі?
– А там многа хто быў. Раман Сёмачкін з паліцаем Казловым нават пагражалі, што цябе зловяць.
– Што, яны ведалі, што я тут, паблізу Верамеек?
– Дык, а хто гэтага не ведае? Я даўно ведаў. Гэта дзед Дзяніс не пускаў нікога да цябе на выспу, да возера. А так – усе ведалі, што ты там. Партызаны ў Шурышчы, а ты на выспе, за Цяменскім возерам. А ўчора ў Верамейкі прыходзіў лось. Ну, той, што некалі ацалеў на сухадоле, калі застрэлілі старога лася.
– Нябось, ужо дарослы?
– О, так. На галаве – вялікія рогі.
– Хутка ён скіне іх, і ты можаш знайсці ў лесе на якой-небудзь непрыкметнай сцежцы.
– А ён што, скідвае сам рогі?
– Так, абнаўляе ўвосень.
– І яны зноў вырастаюць?
– Так.
– Цікава.
Праз нейкі час прыйшоў бацька. Пахмуры і зацяты.
– Гэты Сілка ў штаны наклаў, – усё роўна як паскардзіўся ён. – Але богам клянецца, што нікога ўчора ў яго не было. Трэба Чарнагузаву сказаць, няхай ён патрасе яго.
– Ат, не звязвайся ты, бацька, – сказаў рашуча Масей. – Матцы ўжо не дапаможаш!..
– Хіба што.
Як і дамагаўся Масей, ён пакінуў Верамейкі ў той жа дзень. Праводзілі яго да Бесядзі бацька і хроснік Іван Гаўрылішыхін. Ішлі скрозь усю дарогу дружна і неяк без суму. Дзяніс Яўменавіч раптам успомніў, як бацька ягоны, Яўмен Міхайлавіч, абіраў тут борці. I ўвогуле бацька ўпершыню расказаў Масею, адкуль узяўся ў Забяседдзі іхні род. Аказваецца, некалі пачаўся ён з вялікага кахання прыгожай дзяўчыны і мясцовага пана Галінскага, у якіх нарадзіўся пазашлюбны сын, якога назвалі Іванам і аддалі чыстаму мужыку на выхаванне. Звычайная па тым часе гісторыя. Мясцовыя паны то адмаўляліся ад нечаканага сваяка, то прызнавалі. Але вялікай удзячнасці не заслужылі ў Зазыбаў.
IV
Генерал Зеленадольскі на словах не выказваў галоўнага сакрэту сваім падначаленым, аднак выглядам даваў зразумець, асабліва Дзянісу Яўменавічу, што ў іх тут, на Проні, рыхтуецца нешта. Ды і пара была для важных падзей – у чэрвені нават войны пачыналіся. Ва ўсякім выпадку, у еўрапейскіх шыротах.
Дзіўна, аднак мала хто быў гэтак рады чуткам, як Дзяніс Зазыба. Пакінуўшы надоўга Верамейкі, ён усё-ткі апраўдваў свой нечаканы ўчынак. I адной з прычынаў гэтага апраўдання стала надзея адшукаць Масея, якую ўвосень абудзіў у ім генерал Зеленадольскі. Але тады ў вуснах Пракопа Аўрамавіча прагучала яна, быццам паміж іншым, проста вынікла ў размове і засталася без усялякіх наступстваў. А між тым Другі беларускі фронт меўся наступаць на Магілёў, тады на Мінск. Пра гэта не толькі прыкідвалі ў штабах, але ўжо адкрыта гаварылі, і гэта паступова ўмацоўвала ў Дзяніса Яўменавіча надзею, што беларуская сталіца – адзінае месца, дзе найхутчэй можна будзе напаткаць сына. Прытым асаблівага спадзявання, што лёс нарэшце злітуецца над імі, не ўзнікала. «Нам бы толькі глянуць адзін на аднаго, каб пераканацца, што абодва жывыя», – цешыў сябе Зазыба. Нарэшце і ён ужо зразумеў што магло чакаць Масея з прыходам у Мінск старой улады: гэтыя восеньскія і вясновыя месяцы, якія прабыў Зазыба ў генерала Зеленадольскага, не пакідалі аніякага сумнення. Словам, жадання пабачыцца, можа, апошні раз с сынам хапала для бацькі, каб стравіць столькі часу далёка ад Верамеек, дарма што з боку гэта, няйначай, здавалася звычайнай недарэчнасцю. Прынамсі, генералава акружэнне якраз такім чынам іншы раз і схільна было глядзець на доўгую Зазыбаву затрымку ў іхняй камандзе. Бадай, адзін генерал ставіўся да ўсяго спакойна, маўляў, чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала. Да таго ж ён адчуваў, што былому кулямётчыку не дужа маркотна тут. Таму ён не рабіў нават спробы адаслаць яго дамоў.
Сёння Пракогі Аўрамавіч працаваў дома. Са штаба да яго прыехаў палкоўнік Прыгодзіч, які паступова браў некаторую частку генеральскіх спраў на сябе. Па гэтай прычыне Пракоп Аўрамавіч радзей ездзіў па навакольных раёнах, а Зазыба часцей меў магчымасць заставацца ў мястэчку. У маі месяцы ён дапамог адсеяцца на сядзібе гаспадыні, якая мела насенную бульбу, схаваўшы яе не ў пограбе, а ў звычайнай яме, выкапанай употай на гародзе. Плуг і барану знайсці ў мястэчку не складала цяжкасці, аднак за канём давялося пахадзіць, добра, што не пашкадавалі салдаты. Акрамя бульбы, на гародзе за дваром яны з гаспадыняй зрабілі грады для буракоў. Іншага чаго торкаць у зямлю не рашыліся, бо разважылі – наўрад ці ўцалее што, калі фронт затрымаецца паблізу мястэчка да жніўня. Гаспадыня жыла з дзецьмі дзесьці ў далёкай вёсцы, куды іх вывезлі ўвосень, таму пасля сяўбы падалася зноў у эвакуацыю. За гаспадара над гародам застаўся Зазыба. Пад ягоным наглядам бульба паднялася, пачала цвісці. Буракі ён таксама давёў да ладу, ва ўсякім выпадку, прарэдзіў, перасадзіў як гэта рабіла звычайна Марфа Давыдаўна. Клопат, вядома, невялікі, але ў вольныя ад паездак дні Зазыба часта прападаў на гародзе. Цяпер ён таксама праз двор пакрочыў туды. За весніцамі адразу ж патыхнула гарачым паветрам; моцна запахла бульбовым цветам, чамусьці даўкім і пранізлівым. На пудзіле, якое таксама зрабіў Зазыба, сядзела нейкая птушка, падобная на зязюлю, але нахохленая і нахабная, няйначай, што моцна расчараваная. Дзяніс Яўменавіч знарок блізка прайшоўся каля пудзіла. Птушка нырнула ўніз, села недзе ў зялёным бульбоўніку. Сядзіба была засеяна не ўся, заставаўся клін у самым канцы гарода, і Зазыбу цяпер шкада зрабілася, што не кінулі ў зямлю жменю-другую ячменю, бо зерне не надта цяжка было знайсці ў мястэчку; у тых жа вайскоўцаў, якія мелі коні, а кармілі іх не адным аўсом. Здавалася, не надта ўжо якая важная справа гэта – памагчы салдатцы, аднак Дзяніс Яўменавіч, тым не менш, у душы хваліў сябе, што задумаўся папрацаваць на гародзе. Хутчэй за ўсё тады даў адчуць сябе ў ім стары сялянскі інстынкт, які звязваў вясковага чалавека з зямлёй, не дазваляў забыць пра яе.
Няйначай, што палкоўнік Прыгодзіч прыехаў да генерала надоўга; у кожным разе, на тое, што начальства неўзабаве вызваліцца, не было надзеі. Але тым часам у Зазыбы заставаўся клопат – нядаўна ён сустрэў адну з дзявок-зямлячак з пральнай каманды, якую ён увосень канваіраваў сюды. Як і Дзяніс Яўменавіч, яна таксама была ў вайсковай форме. Назвала сябе Любкай з Гаўрылінкі. Зазыба паварушыў глуздамі, аднак не ўспомніў, чьм яна дачка ў Гаўрылінцы, вёсцы, што знаходзілася непадалёк ад Машавой. Не хаваючы радасці, што сустрэліся, землякі кінуліся ў размову. I як здараецца ў падобных выпадках, спярша слова за слова, пасля запрашаць сталі адно аднаго. Дзяўчына наадрэз адмовілася ісці ў Зазыбаву кампанію, а вось Дзяніса Яўменавіча ўгаварыла завітаць у госці.
Спёкі вялікай сёння не адчувалася, дзень нібыта прысмягнуў і пахаладнеў. Падумалася – калі яшчэ выпадзе вольны дзень? Сказаўшы вартавому на ганку, што адлучыцца на нейкі час, Зазыба, як сапраўдны кавалер, пачысціў боты, пакруціўся трохі каля люстэрка.
– Файненька, файненька, – пахваліў яго салдат, які паходзіў з заходняй часткі Беларусі, а цяпер ужо ці не другі месяц служыў у камандзе генерала Зеленадольскага; казалі, што раней ён тушыў індычак на кухні ў нейкага вялікага генерала, але дазволіў сабе нешта лішняе; можа, яго пасылалі да генерала Зеленадольскага таксама кухарам, але дарма, Пракоп Аўрамавіч абыходзіўся за сталом без індычак і печаных яблыкаў.
Зазыба выйшаў за мястэчка, збочыў з дарогі, а тады патэпаў напрасткі – спярша пустым полем, затым лесам, за якім ляскала жалеза. Урэшце, хіба мала цяпер можна пачуць у наваколлі?
Дзяўчаты з былой Зазыбавай каманды тым часам не чакалі свайго колішняга канваіра, дарма што Любка і гаварыла аб сваёй нечаканай сустрэчы ў Расне. Гэта ўжо былі не тыя людзі, якіх вёў ён з Крутагор’я. Вайсковая апратка ўсіх перайначыла; адчувалася, што форму кожная падганяла пад сябе; у паводзінах кідалася ў вочы адносная свабода, ва ўсякім разе настолькі, каб не заставацца назаўсёды вясковымі дзеўкамі; хоць з другога боку, нездарма ж на целе ў чалавека з’яўляюцца радзімыя плямы. Яны ж яму назаўсёды. I хто ведае, можа, якраз яны і кіруюць у далейшым фізічным і псіхалагічным станам жывога арганізма.
Насупраць пральні рос бярозавы гай, ён засланяў сабой яшчэ нейкія пабудовы; адтуль і чулася тое лясканне, што далятала да самага мястэчка. Пад бярозамі былі зроблены доўгія сталы, таксама з бярозавых плашак. Туды і павялі дзяўчаты Зазыбу. Іх усё болела, нарэшце, збегліся апошнія, памяняўшыся работай з другімі. Дзяніса Яўменавіча яны ўжо не называлі «дзядзечкам», звярталіся да яго часцей з прозвішчам. Але не былі б яны зямлячкамі, каб не памелі ахвоты пачаставаць старога. На адным з бярозавых сталоў неўзабаве з’явілася пляшка самагону, закусь. Яшчэ не паспытаўшы напою, дзяўчаты зашумелі, расчырванеліся, але тут жа ўспомнілі, каб сказаць начальніку пральні, адкуль увесь гэты сыр-бор. Няйначай, што норавы на пральні дазвалялі падобнае. Бачачы непадробную шчырасць сваіх зямлячак, Зазыба не стаў аднеквацца – выпіў чарку, якую налілі яму першаму.
– Як жа вы тут, дзевачкі? – нарэшце паспрабаваў Зазыба адвесці гаворку ў іншае рэчышча.
– Дак сам жа бачыш! – усё роўна як здзівілася адна з дзявок.
– Ну… – Дзяніс Яўменавіч паціснуў плячамі.
– А гэта праўда, што вы ў генерала служыце? – спытала яшчэ адна і чамусьці сумелася.
– Ладна, Валька, няхай Зазыба лепей раскажа, як ездзіў у Забяседцзе, – не захацела слухаць пра Зазыбаву службу ў генерала Любка.
– Не дужа я там пабачыў што, – сказаў Зазыба. – Ездзілі ў Верамейкі зімой. А там – зямлянкі пад снегам, рэдкія чалавечыя постаці… Часта прыходзяць пахавальныя. Вяртаюцца з фронту пакалечаныя людзі. Ну і яшчэ… У зямлянках кабеты самагон ціснуць…
– Дак мы во таксама, каб часам разгавецца, – пачулася з другога краю стала.
– Ну, не так, каб і праўда для аднаго разгавення, – запярэчыла Любка, – для справы іншы раз… Вось і зараз рыхтуемся адпраўляць дамоў адну сваю сяброўку.
– Каго ж?
– Дак Лідку во, раджаць паедзе да маці. Ды вы, Дзяніс Яўменавіч, не думайце абы што. Усё законна. Вось зараз ейны лейтэнант прыйдзе, самі пабачыце.
Зазыба пашукаў вачамі шчаслівую Лідку – тая сапраўды сядзела за сталом з жыватом.
Зноў пляшка пайшла па краі стала, самаробнага напою дзяўчаты ўжо не шкадавалі, цяпер для Зазыбы галоўнае было вытрымаць гасціннасць.
Але дзяўчатам, здаецца, найперш цяпер карцела пагаманіць, нават папляткарыць, а то і прыгадаць дзеля такога выпадку якую-небудзь жахлівую гісторыю, балазе, песня, якую яны ўжо колькі разоў заводзілі, чамусьці не давалася, ламалася ў адным і тым жа, быццам зачараваным, месцы. Як зразумеў Зазыба, ягоных зямлячак, акрамя ўсяго іншага, займаў лёс сяброўкі, якая зацяжарыла і цяпер мусіла пакідаць армію. Добра яшчэ, што ніхто з іх не сумняваўся ў жаніху. Любка так і сказала госцю: «Ен кахае Лідку, павязе сам у Вітунь, да ейнай маці». Але гэтую ўпэўненасць хтосьці з дзяўчат усё-ткі кінуўся аспрэчваць: «Ну, гэта яшчэ… як адпусцяць лейтэнанта». – «А якая тут цяжкасць. Кажуць, паперы ўжо выпраўлены». – «Гэта ўсё да першага стрэлу тут. Пачнецца заваруха, адменяць усе паездкі». – «Але ці варта наперад турбавацца табе пра гэта?» – «Канечне, можа, я і дарэмна…» – «Вось-вось, – заківала галавой Любка». – «То ты дабра пажадаеш сваёй зямлячцы, то неяк па-змяінаму пасцярожваеш». – «Так ужо і па-змяінаму?!» – «Ну, ты паслухай сама сябе. Ай пасварылася са сваім сяржантам?» – «Ну, гэтага ніхто не дачакаецца. Навошта нам сварыцца? Ён жа вам не падбярозавік!» – «Што значыць, не падбярозавік?» – «А тое, што не ўсякае месца лічыць прыдатным для кахання, ды яшчэ, каб выблядка мець!» – «Фу-фу! – замахалі рукамі дзяўчаты. – Хіба ж можна так?» – «Ну, даруйце. Я заўсёды не ведаю, на якім краі спыніцца. Вось так некалі і сарвуся ў бездань».
Усе адчулі перад Зазыбам вінаватасць за нечаканы выхад гамонкі за сталом у непрыстойнае рэчышча. Ва ўсякім выпадку, пераважная большасць дзяўчат была па-сапраўднаму пераканана, што пажылому чалавеку не абавязкова чуць падобныя спрэчкі за пачосткай, нават калі ўсе і захмялелі трохі. У нейкай ступені становішча выправіў лейтэнант, так званы Лідчын муж з Вітуня. З’явіўшыся нечакана з сяржанцкай торбай у руцэ, ён сеў паміж нявестай і Любкай, зусім без крыўляння выпіў налітую чарку самагону; закусі на стале ўжо заставалася мала, але ён знайшоў што ўзяць, пачаў хрумстаць, паводзячы позіркам бялявых, акурат выцвілых вачэй з аднаго краю стала на другі; збоку здавалася, што такім чынам лейтэнант спрабаваў здагадацца, пра што тут да яго прыходу размаўлялі. Седзячы наўскасок, не ў полі зроку лейтэнанта, Дзяніс Яўменавіч даволі хутка прыгледзеўся да яго. Нічога вайсковага не было ў ім. Звычайны эмтээсаўскі брыгадзір, якіх да вайны прысылалі ў калгасы разам з трактарамі і трактарыстамі. Ён нават торбу і цяпер яшчэ насіў як і раней, па-брыгадзірску, трымаючы яе ў руцэ за перавязаны раменьчык. Дзіўна, але дзяўчаты ў прысутнасці лейтэнанта раптам аціхлі, быццам зніякавелі. Але ж саромецца было чаго – лічы, без дай прычыны ўсё роўна як кінуты цень на чалавека, які і ў галаве не трымаў нічога дрэннага. Ды і ад каго тут залежала, пачнецца наступленне ці не?
Лейтэнант не даў угаварыць сябе выпіць другую чарку. Крутануў галавой, нават адставіў ад сябе надалей пустую. Цяжарная Лідка вылезла задам з-за стала, і яны пайшлі кудысьці. Пачалі патрохі разыходзіцца і іншыя зямлячкі. За сталом у бярозавым гаі заставаліся, як кажуць, толькі самыя выпрабаваныя. Зазыбу таксама быў час вяртацца ў мястэчка, ён ажно колькі разоў паімкнуўся вылезці з-за стала, але дзяўчаты не пускалі: пабудзь яшчэ трохі, Дзяніс Яўменавіч, ды пабудзь, а то калі цяпер давядзецца вось гэтак пасядзець?.. Звычайная з’ява ў застоллі сярод людзей, якія лішні раз імкнуцца выказаць сваю прыязнасць адзін аднаму.
Між тым аказалася, што размова з жаніхоўствам не скончылася, адно прыпынілася. I ўспомніла пра яе зноў тая ж зачыншчыца, што і колькі часу назад. Няйначай, дзяўчыне нешта зацяло, можа, цяпер ужо ад таго, што яе адразу затуркалі. Ды і самалюбства, здаецца, хапала ў ёй.
– Яна, калі не дурніца ўжо зусім, гэта наша Ліда, – сказала раптам яна амаль наўздагон закаханай пары, – то няхай без яго не едзе да маткі. А то ўжо было недзе. Вось так, як гэты лейтэнант, абцяжарыў кабету, тады да сваёй маці кудысьці раджаць паслаў. Дак і цяпера яшчэ едзе. Кажуць, ужо шукаюць. Толькі дзе тыя канцы знойдзеш?
– Кажы ясней.
– А што тут не зразумела. Яе паслаў нібыта раджаць, а за ёй кагосьці яшчэ паслаў, каб забіць.
– Ну, ты дадумаешся!
– Тут няма чаго надта думаць. Людзі ж нешта ведаюць, калі гавораць. Ды і органы нездарма за гэтую справу браліся.
– Ну, ладна, няхай хоць бы і так, але дзе гэта было?
– Недзе ж было.
– Можа, адна баба гаварыла?
– Але ж гэтыя франтавыя бабы… таксама. Ну, Лідка там, я… Дак мы пачалі круціць з нежанатымі. Таму быццам бы маем права на нешта разлічваць. А чаго чакаюць тыя дурніцы, што за жанатымі бегаюць?
– Любоў зла – палюбіш і казла,
Зазыба слухаў размову з апушчанай галавой, таму не ведаў, хто з прачак калі гаварыў. Але клопат іхні яго не бянтэжыў – скрозь жывуць людзі, адны працуюць, другія ваююць, і займае іх тое, чым жывуць. Іншая справа, што распусты таксама нямала нават на фронце, маўляў, націскай на ўсе педалі, усё спіша вайна… Акрамя таго, гэтыя дзяўчаты хацелі прыехаць з вайны з мужыкамі, добра, каб з афіцэрамі. Нават забітыя афіцэры – а гэта найчасцей здаралася – карысныя былі, бо так званыя пэпэжэ атрымлівалі часам грашовыя атэстаты.
Нарэшце за сталом, здаецца, нагаварыліся і напіліся, але добра было, што далей ужо бяседа адбывалася без лішняй запальчывасці, ніхто не абураўся і ніхто не спрабаваў назнарок удакладняць чужую думку. Зазыба стаў на ногі – здаецца, самагон не падзейнічаў моцна, хоць Дзяніс Яўменавіч і не прагнуў напіцца; час быў падавацца ў Расну, бо генерал мог ужо непакоіцца. «Усё-ткі гэта добра, што я прыйшоў да іх», – падумаў Зазыба: сапраўды, далучыцца да такога зямляцтва нечага каштавала ў незвычайных умовах. Ніхто з дзяўчат не стаў адгаворваць Дзяніса Яўменавіча, каб ён не вяртаўся да сябе ў мястэчка. Наадварот, усе дружна ўзяліся праводзіць яго да пустога, незасеянага поля, якое пачыналася адразу за бярозавым гаем. Любка паступова так развесялілася, што спытапа госця:
– Вы, Дзяніс Яўменавіч, няйначай, бабылём жывяце?
– Чаму табе гэтак здаецца? – трохі здзівіўся Зазыба.
– Дак… Не вайсковаабавязаны і прызваны, а столькі ўжо трымаецеся за свайго генерала.
– Хіба што, – згадзіўся Зазыба. – Але ў мяне сын ёсць. Цяпер недзе ў Мінску.
– Ну-у, гэта ўжо зусім іншая справа, – засмяялася Любка, – можа, нявесткай каму з нас давядзецца быць?
– А я і не супраць.
– То прыязджайце пасля вайны ў сваты!
– Кажу ж, што не супраць. Аднак на сына майго надзея малая.
– Што так?
– Доўга расказваць.
– Ну, глядзіце. А то мы ў Мінску пашукалі б вас з ім, калі горад вызваляць. Тут у нас адзін капітан з суседняй гаспадаркі быў дак гаварыў, што армія нібыта на Мінск пойдзе.
Зазыба ўсміхнуўся:
– Я вось у генерала служу, а ведаю менш, чым вы.
– Дак… Кожны ж хоча пахваліцца. Што мае, што знае. Нават калі і па чутках, з другіх рук.
На полі Зазыба адарваўся ад жаночага натоўпу, далей рушыў адзін. Трава на пустым полі вырасла хоць і густая, але невысокая. Ногі, абутыя ў боты, у такой траве не запляталіся і не блыталіся. Ступаць было мякка, Зазыба нават здзівіўся.
З бярозавага гаю ўсё яшчэ даляталі галасы знаёмых дзяўчат, якія на адлегласці чамусьці нагадвалі крыкі няўрымслівых галак.
* * *
Сярод чырвонаармейцаў у Расне таксама ўсё часцей можна было пачуць здагадкі пра хуткае наступленне. Між тым Зазыбаў генерал чамусьці зацята маўчаў не дапускаў у размовах гэтай тэмы, хоць па тым жа яго знарочыстым маўчанні льга было зразумець разважліваму чалавеку, што сапраўды штосьці рыхтуецца на тутэйшым фронце. Кажуць, чалавек з доўгім языком – знаходка для шпіёна. Але ніякія армейскія службы не прымушалі радавых і афіцэраў прыкусваць языкі, каб не выдаць тайну: колькі ж можна таптацца на гэтых балоцістых рэках?
Генерал усё часцей выязджаў з мястэчка адзін, казаў Дзянісу Яўменавічу, моў, у штаб трэба. Ну а які памочнік Зазыба ў штабе?
I вось аднаго разу Пракопу Аўрамавічу Зазыба таксама спатрэбіўся.
– Мне неабходна прысутнічаць на адным допыце. I хоць гэта, Дзяніс Яўменавіч, зусім не па тваёй частцы, аднак пабудзеш пад рукой.
– Я заўсёды гатовы, таварыш генерал.
– Ды і кіснуць дарэмна ў мястэчку доўга няварта. А то ўжо да дзяўчат недзе ўнадзіўся.
Высока ў небе кружыў нямецкі самалёт-разведчык, двухфюзеляжныя абрысы якога чамусьці заўсёды вярталі салдатам усмешкі. У Зазыбы тым часам «Фоке-Вульф» выклікаў у памяці, як улетку сорак другога года крутагорскія партызаны падбілі гэтакі ж самалёт з процітанкавага ружжа, прымусіўшы яго сесці бліжэй сешчанскага аэрадрома. Тады ён чамусьці ўнадзіўся нападаць на забяседскія вёскі адразу пасля абеду, калі выганялі на поўдзень жывёлу. А ён памеў звычай расстрэльваць вясковых кароў яшчэ на вуліцы, калі пастухі збіралі статак. Здавалася, ужо ратунку ад «рамы» не дачакацца было. Ды і каму патрэбна ў гарачыя дні мяса без солі? Забітую карову разбіралі ўсёй вёскай – і вантробы, і мяса. Па дварах стаяў цяжкі дух, на дарозе ледва паспявала высыхаць кроў. Нарэшце за «Фоке-Вульф» узяліся партызаны. На выспе паміж Зацішшам і Белай Глінай быў выкапаны круглы акоп, пасяродак якога мацавалася на звычайным калёсным коле ружжо. Стралок, такім чынам, мог рухацца кругом, лёгка трапляючы для наводкі ў самае зручнае месца. «Фоке-Вульф» даволі хутка прыкмеціў пастку. Стаў лятаць вышэй. Толькі аднаго разу не ўбярогся, падаўся бліжэй да акопа. Тут яго і напаткаў стрэл. Адзін-адзіны. Затое трапны.
Крутагорскія партызаны не бачылі выніку сваёй працы, аднак па Забяседдзю яшчэ ці не ў той жа дзень пайшоў погалас, што недзе сеў падбіты нямецкі самалёт. Зразумелая справа, што партызаны ўсіх атрадаў пачалі апрыходаваць яго на свой рахунак. Ну а ў сямі нянек – дзіця звычайна без вока;
– Дзяніс Яўменавіч, як натваю думку, – спытаў генерал, сышоўшы з ганку, – яму не прыйдзе ў галаву паганяцца за нашай машынай на дарозе?
– За мухай з абухам?
– А раптам крыві захацеў ужо?
– Сапраўды, ці ж мала што стукне ў галаву?
Гаворка адбывалася на пытаннях, але яны гучалі так з вуснаў абодвух, што не патрабавалі канкрэтнага адказу. Ды і тое сказаць, былыя шчорсаўцы за гэтыя месяцы настолькі прызвычаіліся адзін да аднаго, што іншы раз здавалася прысутным – няйначай, пажылыя людзі блазнуюць.
– Дык кажаш, за мухай з абухам? – засмяяўся генерал.
– Але ж можна і перачакаць.
– Як думаеш, сяржант, – звярнуўся генерал да шафёра, – гаручае ў яго бакі надоўга заліваецца?
– Але ўбярэцца гэты, прыляціць другі. Немцы адчуваюць, што ў нас штосьці на зямлі робіцца.
– Твая праўда, сяржант. Дзвюх смерцяў таксама не бывае. Паедзем.
«Фоке-Вульф» не стаў зніжацца над дарогай з Расны, мусіць, меў пэўнае заданне; да таго ж, на дарозе ў гэты час знаходзіліся і іншыя аўтамашыны, у тым ліку і цяжкагрузы, што перавозілі боезапасы. Так што мішэняў хапала. Чым далей ад’язджалі ад лініі фронту, чым часцей трапляліся на вочы палосы засеянай зямлі. Па палосах можна было зразумець, што ў калгасы сяляне на вызваленай тэрыторыі яшчэ не збіваліся нанава, жылі аднаасобна, маючы кожны свой надзел. Ды яны, здаецца, і не спяшалі зноў абагульняць зямлю і маёмасць. Зазыба неяк сам чуў, як ў Крычаве адзін стары дзядок прарочыў: «Вось пабачыце, Жукаў больш не дапусціць калгасаў увогуле». Невядома чаму, але людзі вельмі сладзяваліся ў сваім наіве на гэтага маршала.
Генерал амаль праз усю дарогу чамусьці хмурыўся, быццам пакутаваў, што не мае магчымасці прызнацца спадарожнікам, якой прычынай выклікана позняя сённяшняя паездка ў Крычаў. Затое ў Крычаве ўсё-ткі сказаў:
– Польскія партызаны вылавілі аднаго нашага нягодніка. Ну а паколькі сваё злачынства ён ажыццявіў тут, у Крычаве, то і на суд яго прывезлі сюды.
Сяржант вылез з «віліса», абышоў аўтамашыну, тады спытаў у генерала:
– Вы не скажаце, таварыш генерал, ці надоўга затрымаецеся?
– Бадай што гэта нікому не вядома. А што цябе хвалюе, Мандрык?
– Ды нічога, можна сказаць. Тут сёння паказваюць кіно пра лётчыкаў. Можна было б і нам з Дзянісам Яўменавічам схадзіць.
– Нічога не магу параіць, дарагія мае. Астаяць тут потым ды вачамі свяціць…
Генерал тут жа рушыў у камендатуру, якая знаходзілася па другі бок вуліцы.
Зазыба з сяржантам уладкаваліся мацней на сваіх месцах у «вілісе», супакоіліся. Па тым, што вакол камендатуры тоўпілася многа ўзброеных вайскоўцаў, льга было здагадацца, што птушка польскім партызанам трапілася значная.
– Але без нашага генерала нідзе не могуць абысціся, – пахваліўся з усмешкай сяржант.
– Ты, Мандрык, усё роўна як не ўхваляеш?
– Пара б ужо і ўгаманіцца чалавеку.
– Гэта штосьці новае ў тваіх адносінах да Пракопа Аўрамавіча?
– Гэта для цябе ён Пракоп Аўрамавіч. А для мяне – таварыш генерал. Аднак я не люблю, калі нехта лічыць, што нікому не абавязаны нічым.
– Ну, ну, супакойся, сяржант. Урэшце, можна будзе паразумецца. Што цябе турбуе ў дадзеным выпадку?
– Я ўвогуле. Служу ўжо не першы год у яго, а нават медалька не выслужыў. Гэта цябе, Зазыба, надобная праблема абыходзіць. Бо хто пэўна скажа, у арміі ты ці не. А мне, калі выжыву, медаль альбо нават ордэн спатрэбяцца дома.
– Гэтаму гору, відаць, можна памагчы. Хочаш, я намякну генералу?
– Наўрад ці дойдзе да яго!..
– I ўсё-ткі?
– Я табе не забараняю. Можна, калі на правах старога сябра-таварыша.
– Гэта ўжо як давядзецца. Апе павер мне, Мандрык, людзей я збольшага ведаю. У нашага генерала вялікае сэрца, яно часам змяшчае ў сабе самыя неверагодныя рэчы, якія многія з нас ужо выкінулі з ліку абавязковых чалавечых якасцяў…
– Псіхолаг, – скептычна паківаў галавой шафёр. – Скажы, Зазыба, а ці вялікая ў цябе адукацыя?
– У мяне пражыта вялікае жыццё, сяржант Мандрык. Дарэчы, як і ў генерала. I калі сёння не ўсё зразумела табе, маладому, дык для нас гэта, лічы, навука першай ступені. А ты кажаш, што ён не адчувае абавязку перад людзьмі.
– Добра, Зазыба, скончым на гэтым. Я не хацеў бы, каб змест нашай размовы дайшоў калі-небудзь да генерала.
– Будзь спакойны. А цяпер наконт узнагародаў. Дак вось, сяржант, я ўжо маю ордэн. За грамадзянскую вайну.
– Які?
– Тады ж адзін быў у рэспубліцы, адным і ўзнагароджвалі. Гэта цяпер, як і ў тую германскую, на грудзях у некаторых цэлыя іканастасы. А ў грамадзянскую вельмі мала хто меў ордэн.
– Дзе ж твой ордэн? Чаму не носіш?
– Закапаны ляжыць на дворышчы. Паліцаі ўсё хадзілі да мяне па яго, моў, аддай ды аддай. Але я абдурыў іх. Сказаў, што здаў у ваенкамат. Так і сышло.
– Цяпер бы табе не пашкодзіў твой ордэн.
– А я неяк прывык без яго. Ва ўсякім выпадку, на маю кар’еру ён, можна сказаць, не паўплываў.
– Дарэмна. У нас ў Камышыне таксама адзін мужык меў ордэн Чырвонага Сцяга. Дык той наадварот – мала калі вылазіў з прэзідыумаў.
* * *
Пакуль генерал Зеленадольскі быў заняты ў будынку камендатуры, неба на захадзе ажно колькі разоў памянялася: настырныя хмары то засланялі сонца, якое ўсё чырванела, перагараючы на вуголле, то вызвалялі яго на нейкую хвіліну-другую. Звычайна падобнае відовішча падказвала пагоду назаўтра. Прынамсі, нават Зазыба, які не надта захапляўся вясковай метэаралогіяй, і той зараз мог бы напрарочыць на першую чаргу дня дождж ці хоць бы пахмурнасць.
Мусіць, сяржант Мандрык надоўга ўжо наталіў сваю прагу пагаварыць, дарма што лічыўся ў генеральскай камандзе маўчуном. Цяпер ён аціхнуў, заваліўшыся трохі на бок, туды, дзе пуставала генералава месца; у яго каля генерала было шмат абавязкаў, бадай, на ім ляжала ўсё, пачынаючы ад шафёра і канчаючы ахоўнікам, не кажучы ўжо пра ад’ютанта і г. д. Відаць, генералу нечым падабалася трымаць пры сабе замест афіцэра гэтага сяржанта, які арганізоўваў вакол яго ўсё няхітрае жыццё старога, а галоўнае, не дужа патрабавальнага ў бытавым сэнсе начальніка. З’яўленне Зазыбы ў камандзе спярша было пахіснула становішча Мандрыка, але не надта – сяржант без гарачнасці, зусім спакойна, каб не паказаць нават выгляду, паступова абмежаваў памкненні вясковага чалавека. Зрабіў ён гэта ўнутраным супраціўленнем, якое, можа, аднаму Зазыбу і зразумелым стала. Дзяніс Яўменавіч адгадаў сяржантаву занепакоенасць, пачаў свядома стрымліваць сябе ў адносінах з генералам. А між тым нікому ўжо не свяціла моцна паўплываць на гэтыя адносіны.
Гавораць, што за летам лепей сачыць па тым, як растуць яблыкі ў садах. I хоць у Крычаве было багата прыватных гародаў з садкамі, аднак Зазыба толькі цяпер вось пільна прыгледзеўся да ўцалелых ад пажараў пладовых дрэў. Ураджай сёлета паспяваў багаты. Яблыкі ўжо вылучаліся на пацяжэлым суччы нават на такой адлегласці, як гэта, што аддзяляла «віліс» ад абгарэлых гарадскіх парканаў. I тым не менш яблычны Спас меўся быць яшчэ няскора. Праз два тыдні пасля Іллі яблыкі дазвалялася ўжываць усім, нават жанчынам. Зазыбава маці гэта правіла захоўвала асабліва старанна. Марфа Давыдаўна таксама. Штосьці прываблівала людзей да захавання старых прыкметаў!
Між тым Зазыба дарэмна думаў, што ягоны спадарожнік вярнуўся надоўга да сваіх думак. Хвілін праз колькі Мандрык зварухнуўся, выраўняў паставу на сядзенні.
– У мяне, Дзяніс Яўменавіч, – сказаў ён, – усё чамусьці не выходзіць з галавы ваш ордэн.
– Дык… – здзівіўся Зазыба.
– Дык я і кажу. Ляжыць ён там сабе недзе пад шулам…
– Сапраўды, пад шулам, – засмяяўся Зазыба. – Як гэта ты ўгадаў?
– Каму ж невядома такое патаемнае месца? Нашы камышынскія купцы таксама закопвалі золата пад шулам, наіўна думаючы, што грабежнікі не здагадваюцца.
– Значыць, паўсюдна людзі аднолькавыя. Але што ты, Мандрык, маеш зноў?..
– Да вашага ордэна?
– Так.
– Навошта яму іржавець у зямлі? Скажы генералу, каб знайшоў прычыну зноў з’ездзіць у Крутагор’е. Ён як захоча, а мы з табой адскочым у Верамейкі.
– Наўрад ці цяпер стане далёка выязджаць.
– А ты раз намякні, тады другі скажы.
– Падобная настойлівасць, таварыш сяржант, па тваёй частцы. Дапамажы, калі ўжо гэтак думаеш.
– Гм, дапамажы. Для такіх рэчаў патрэбна дружба, як у вас з ім.
– Але ж дружба тады доўга трымаецца паміж людзей, калі не вымагаеш ад яе выгаду.
– Ну, як знаеш, Зазыба! Я хачу, каб на тваёй гімнасцёрцы таксама блішчэў ордэн. Можа, таму, што сам пазбаўлены гэтага.
– Аднак і зацяло цябе!
– Нічога дзіўнага. Вайна канчаецца. За летні пераход вызвалім вось тваю Беларусь, возьмем Польшчу… Думаю, што немцы не захочуць мець на сваёй тэрыторыі чужыя войскі. Хутчэй што папросяць міру.
– А нашы заклікі – даб’ем звера ва ўласным логаве?
– У вайне, Дзяніс Яўменавіч, болей палітыкі, чым ўсяго іншага. Да таго ж, у нас цяпер раўнапраўныя саюзнікі. Скажуць – замірыцеся, і нічога не зробіш, паслухаешся, бо сваіх рэсурсаў ужо не хопіць доўга ваяваць.
– Ну, раз вайне хутка канец, то і ордэн мой тут нікому не патрэбны. А што датычыць цябе?.. Тут азвацца сапраўды варта. Вунь у штабнікоў па колькі ўзнагарод!
– Што ім? Яны самі сабе выпісваюць іх. А часцей – ты мне, я табе.
Паволі цямнела. Амаль увачавідкі траціліся абрысы гарадскіх дамоў. Генерал усё не паказваўся з камендатуры. Цяжка тупаючы па бруку, міма прайшла са скаткамі на плячах нейкая ўзброеная група, можа, на чыгуначны мост, карункавыя фермы якога далёка ўзвышаліся ледва не над усёй поймай ракі.
Але вось пачалі нарэшце выходзіць з камендатуры афіцэры, генералы. Пракоп Аўрамавіч пакідаў будынак, бадай, з апошніх. Таму спадарожнікам давялося яшчэ чакаць трохі. Аднак цяпер ужо без ранейшай нецярплівасці. Галоўнае, як кажуць, жывы! Гэты раз генерал не стаў замоўчваць, што адбывалася ў будынку камендатуры. Усеўся на сваім месцы ў «вілісе», хмура сказаў:
– Неверагодны выпадак. Дапытвалі савецкага лётчыка, а дакладней – здрадніка-ўласаўца, якога затрымалі ў Польшчы партызаны. Здраднікам ён стаў тут, у Крычаве: раптам узяў ды адмовіўся бамбіць аб’екты на зямлі, у тым ліку і мясцовы лагер ваеннапалонных. Больш таго, пасадзіў самалёт, здаў ворагу.
– I чым ён цяпер свой учынак тлумачыць? – страпянуўся Зазыба.
– Звычайна, як гэта здараецца ў падобных выпадках, – з выразнай цяжкасцю на душы сказаў генерал. – Спасылаецца ледзь не на ўсе высакародныя чалавечыя якасці. Зрэшты, я захапіў з сабой копію ранейшага допыту. Сёння ён быў больш стрыманы ў сваёй пахвальбе. Вазьмі, Дзяніс Яўменавіч, тут, калі верыць нягодніку, нічога не ўтоена.
Зазыба ўзяў з рук генерала паперы. Тэкст пачынаўся адразу з пытання.
«Следчы. Калі вы прыйшлі да думкі аб здрадзе?
Адказ: Я не хацеў бы, каб мае дзеянні былі кваліфікаваны такім вось чынам.
Следчы. Іначай іх назваць нельга. Вы вайсковы чалавек, бралі прысягу. Так шго, выбачайце, але тут не дом дабрачыннасці, тут – трыбунал, які мае ўсе падставы даваць дакладную кваліфікацыю. Дык калі вы прыйшлі да думкі аб здрадзе?
Адказ: Ці маю права я не адказваць на пытанне ў сувязі з нязгодай з падобнай кваліфікацыяй?
Следчы. Не, не маеце. Вы павінны адказваць на пытанні ў любым выпадку.
Адказ: Не бамбіць лагер я рашыў ужо на падлёце да горада. Але з заданнем быў нязгодны яшчэ на аэрадроме.
Следчы. Чаму?
Адказ: Вельмі проста, пан следчы. Тут, у лагеры, былі нашы людзі. Таму заданне камандавання мела супрацьчалавечую сутнасць.
Следчы. Але ж вам пры дачы задання не маглі не тлумачыць, што ў лагеры знаходзіліся ўласаўскія эмісары, вербавалі ваеннапалонных у так званую рускую вызваленчую армію.
Адказ: У той час не толькі ў Крычаве адбывалася падобнае. Вярбоўка ішла па ўсіх лагерах, у тым ліку і ў тых, што размяшчаліся на тэрыторыі Польшчы, Германіі…
Следчы. Але ж з Крычаўскага лагера добраахвотнікаў было найбольш?
Адказ: Мне цяжка цяпер меркаваць. Да таго ж, гэтая акалічнасць мяне не дужа цікавіла. Галоўнае, што я адразу зразумеў – заданне атрымаў чалавеканенавісніцкае. Таму не стаў бамбіць лагер, палічыў за лепшае пасадзіць самалёт.
Следчы. Дакладней, добраахвотна здаць ворагу баявую машыну?
Адказ: Няхай будзе так.
Следчы. Каб трапіць у ласку да фашыстаў?
Адказ: Я тады не думаў такім чынам.
Следчы. Добра, з гэтым, здаецца, усё зразумела. Расказвайце далей. Помніце, на чым мы спыніліся мінулы раз?
Адказ: Пажадана, каб вы падказалі, пан следчы. Мне няма патрэбы ратаваць сябе, таму я не дужа запамінаю, што гавару на якім следстве.
Следчы. Сёння пачніце з таго, як прымаў вас у Пскове генерал Уласаў.
Адказ: На тым прыёме нічога цікавага не адбылося. Генерал падзякаваў за мужны ўчынак, варты рускага чалавека, тады ўручыў лістоўку з маім партрэтам у лётнай форме. Лістоўка тая якраз была надрукавана напярэдадні майго прыезду ў Пскоў. Ужо раскручвалася прапагандысцкае кола. Канечне, мяне прадстаўлялі як героя. Вазілі, куды маглі. Былыя камуністычныя камісары, сакратары абкомаў і райкомаў, якія сталі на бок Уласава, глушылі ў паездках каньяк, аб’ядаліся волжскаю сёмгай, ікрой. Немцы моршчыліся ад усяго гэтага, але першыя сядалі за стол. Я разумеў, што стаў у руках уласаўцаў нажыўкай, на якую лавілі рыбку. Але мне лёс выпаў такі. Тым больш што мая спроба пакончыць з сабой яшчэ ў Крычаве не мела поспеху. Я няўмела перарэзаў на руцэ жылы, і мяне выратавалі ў нямецкім шпіталі. Другі раз на самагубства ўжо не цягнула. Не маючы асаблівай надзеі на шчаслівы канец, я ўсё-ткі прымушаў сябе жыць. Хоць дзень, хоць два. Аказваецца, паганая гэта рэч – жыццё. Ужо нават сам сабе абрыднеш, а ўсё чапляешся за яго. Так і ездзіў з уласаўскімі прапагандыстамі па вялікіх ды малых лагерах. Аднаго разу, ужо ў Польшчы, нейкаму дзіваку не спадабалася мая адкормленая морда, і ён кінуўся на мяне, каб задушыць. Зразумелая справа, ахова задушыла яго. Цяпер вы можаце задаць пытанне, ці раскайваюся я? Не, не раскайваюся. А ці лічу сябе героем? Не, ні ў якой ступені. Проста, я зрабіў у часе свайго апошняга баявога задання тое, што павінен быў зрабіць кожны прыстойны чалавек. I яшчэ, пан следчы. Я не палітык, дарма што быў укручаны ў падзеі, якія будуць мець вынікі ў гісторыі, бо няма такога дзірвана ў прыродзе, праз які не прараслі б парасткі праўды. Я зноў паўтараю – я не палітык. Але тым не менш не разумею, чаму ў Маскве баяцца, што Гітлер скарыстае на ўсходзе ўласаўскую армію? Ды калі гаварыць праўду, то ён Уласава і яго арміі баіцца больш, чым Жукаў са Сталіным. Ніколі немцы не стануць да яе з давера. Ну, можа, на захадзе асобныя часці выкарыстаюць, можа, у тыле, у барацьбе з партызанамі. Але ж на фронце? Паверце тут мне, сяго-таго я ўсё-ткі наглядзеўся. Магу сякія-такія высновы зрабіць. Іншая справа, што былы любімец Сталіна сам не супраць стаць паміж крамлёўскім фюрэрам і берлінскім.
Следчы. Добра, падпішыце пратакол. А то я не ўпэўнены, што гэтыя вашы разважанні каму-небудзь спатрэбяцца ў нас».
Зазыба дачытаў пратакол, спытаў генерала:
– Ну, гэта некалі ён так гаварыў. А сёння? Што ён сёння паўтарае?
– Амаль тое ж. За малым выключэннем. Здаецца, розніца ў рэдакцыі. Словам, чаго можна чакаць ад нягодніка? Яму няўцям нават, што заданне, якое атрымаў ад камандавання, заключалася… Трэба было знішчыць нашых патэнцыяльных ворагаў!
V
Алесь Астрашаб звычайна прыходзіў дамоў, на Ніжне-Пятроўскую, без спазнення. Па-першае, вялікім дамаседам быў Зазыбаў Масей, а па-другое, усё яшчэ не спыняўся боль ад леташняй кантузіі, які здольна была суняць адна Леакадзія сваімі прылепкамі. Недзе яна напытала ў знахароў патрэбную траву, зрабіла мазь, якая хоць і смярдзела, затое дзейнічала без падману. Прынамсі, увесь час, пакуль знаходзілася на руцэ.
На акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі тым часам людзі прымяркоўвалі свае пачуцці да скорага вяртання Чырвонай Арміі. Ужо нават некаторыя партызанскія атрады пераходзілі з усходу на захад у Налібоцкую пушччу, адкуль шмат было выхадаў на другія тэрыторыі. Новы гаўляйтэр Беларусі генерал-лейтэнант СС Готберг тым не менш паабяцаў у Берліне знішчыць партызанскія банды ў цэнтры, узяўшы іх у блакаду каля возера Палік. Туды сцягваліся ахоўныя батальёны, войскі СС, якімі камандаваў Готберг. Паступова выцясняліся партызаны і ў іншых месцах з прыфрантавой паласы.
Але самай неверагоднай, бадай, з’явілася задума Цэнтральнай беларускай рады правесці 27 – 28 чэрвеня ў Мінску Другі ўсебеларускі кангрэс. На гэтай ідэі, здаецца, сышліся ўсе калабарацыяністы. Свядомыя беларусы рыхтаваліся да кангрэса з такой заўзятасцю, што збоку сяму-таму здавалася скліканне кангрэса па меншай меры штучнай справай – маўляў, наладжваюцца ж піры і ў часе чумы!..
Газеты як у сталіцы, так і ў правінцыі змяшчалі артыкулы пра незвычайную падзею, якая мелася неўзабаве адбыцца, нагадвалі першы кангрэс, што праходзіў у 1918 годзе, пра тры яго ўстаўныя граматы. Большасць з тых далёкіх спраў былі цяпер навіной. Але ўжо ніхто ні з кім не лічыўся. Тым больш што фронт яшчэ стаяў на месцы. Здавалася, гістарычны лёс злітуецца над Беларуссю хоць у гэтым – не стане шкодзіць у правядзенні чарговай хімеры.
Між тым былі сярод тылавых беларусаў і такія, каму не падабалася, што кангрэс паспешліва збіраецца пад нямецкім штандарам. Не складала таямніцы, што прэзідэнт БЦР Астроўскі ледзь не кожнае пытанне, якое датычыла кангрэса, узгадняў з генеральным камісарам. А ў яго адсутнасць – з кіраўніком палітычнага аддзела камісарыята Фішэрам. Але іхняя незадаволенасць звычайна канчалася аднымі ціхімі нараканнямі, прынамсі, зусім не выплёсквалася ні на старонкі газет, ні на сходы па вылучэнні дэлегатаў. Вось ужо праўда – хто плоціць, той і заказвае музыку.
Алесь Астрашаб таксама належаў да гэтых, апошніх калабарантаў. Тым больш што сур’ёзнай апазіцыі гітлераўскім прыхільнікам ён даўно ўжо не бачыў.
Павячэраўшы, Алесь даў руку для лячэння Леакадзіі. Тая паклалана яе мазь. Тады Алесь паклікаў Масея з задняе часткі хаты. Балазе, што той чакаў ужо гэтага. Сёння Масей хадзіў у «Менскую газэту», наслухаўся там розных жахаў асабліва ад уражлівых кабетаў-паэтак. Наталку Арсенневу ён не любіў, прынамсі, заўсёды пазбягаў ейнай кампаніі. Але ж у рэдакцыі працавалі і прыемныя яму людзі, напрыклад жонка паэта, які цяпер знаходзіўся ў Маскве. Ды і не адна яна. Але растрывожылі Масееву душу яны ўсе разам. Аказваецца, здараецца так, што можна выбіць чалавека з каляіны зусім проста, акурат мімаходзь. I тады даволі бывае, каб напрач забыць крыўду, аднаго наступнага імгнення. Справа ў тым, што Масею ў «Менскай газэце» нібыта адмовілі ў даверы. А ўсё таму, што яшчэ не згаджаўся на ўгаворы падавацца ў эміграцыю, хоць у душы ўжо недзе цалкам псіхалагічна падрыхтаваў сябе не адставаць ад іншых. Як кажуць, хочаш – не хочаш, а зыход многіх беларусаў з этнічнай радзімы непазбежны: альбо Сібір, альбо Еўропа, можа, нават Лацінская Амерыка. Бадай, гэта будзе першы вялікі зыход. Алесю Масей сказаў:
– Кроку не даюць зрабіць твае таварышы, каб не нагадаць пра эвакуацыю. Вось і сёння ў рэдакцыі…
Алесь не выслухаў, незадаволена паціснуў плячамі:
– Гэта твая асабістая справа, Масей. Я ўжо казаў табе. Свае праблемы вырашай сам, калі можна. Але нам з табой давядзецца ехаць у камандзіроўку.
– Куды і па якой справе?
– Па справах кангрэса. Ну, угаварылі мяне супрацоўнікі Цэнтральнай рады. Каюся. Я і цябе знарок умяшаў у гэта. Так што, даруй.
– Калі ж мы едзем і куды канкрэтна? – спытаў незадаволена Масей.
– Спярша ў Стаўбцы. Да Ясюка. Пасля ў Баранавічы, у Слуцк…
– Дык гэта будзе штосьці накшталт ваяжу?
– Думай, як хочаш. Але я не хацеў бы, каб ты адмаўляўся. Кінеш паперадзе, знойдзеш ззаду. Можаш паверыць мне, адных вершаў для даверу не хопіць.
– Не ведаю, як табе, Алесь Данілавіч, а мне дык дужа абрыдла ганяцца за даверам. То адны патрабуюць адданасці, то другія. А ты ўсё той жа. I мяняцца няма ахвоты, дарэчы, як і падстаў. Ну ды ладна. Я сапраўды не маю намеру адмаўляцца ад паездкі. Па-першае, з-за ўдзячнасці табе. Па-другое, чаму не стаць сведкам гісторыі, якая ствараецца, лічы, пры табе.
– Так, нашай гісторыі аб’ектыўных сведчанняў не хапае. Не ведаю нават, ці здолеем мы, беларусы, калі-небудзь напісаць яе.
– Але ж ты мне адкажы вось на якое пытанне, Алесь. Супроць кангрэсу я нічога не маю. Але чаму не правялі яго раней? Быў жа час.
– Мне цяжка сказаць табе нешта пэўнае. Аднак сваё меркаванне маю. Хутчэй за ўсё цэнтральная рада лічыла дасюль, што адданасць немцам можна паказваць і на іншых прыкладах.
– Штосьці я зусім не здагадваюся, – паглядзеў з неўразуменнем на сябрука Масей.
Астрашаб памаўчаў, але з нейкай цяжкасцю, усё роўна як з унутраным супраціўленнем.
– Значыць, я не ясна выказваюся. У Астроўскага з кангрэсам, няйначай, звязана цяпер якраз вось гэта – пацвердзіць перад тварам усёй нацыі сваю адданасць Гітлеру, Германіі. На кангрэсе будзе магчымасць афіцыйна выказаць тое, што не зусім атрымала пацверджанне за час акупацыі. Ды і немцы чагосьці яшчэ чакаюць ад беларусаў.
– Навошта ім цяпер наша Беларусь, калі даводзіцца думаць, як увогуле адсюль уцячы?
– Значыць, ёсць пэўны сэнс.
– Добра. Гэту версію ў нейкай ступені можна прыняць. Хоць з другога боку – наўрад ці такі просты наш цяперашні прэзідэнт.
– Але і складанага ў ім нічога няма. Звычайны палітычны інтрыган.
– Ну а яшчэ? Што яшчэ стаіць за скліканнем кангрэсу ў падобнай спешцы?
– Тут дзейнічаюць процілеглыя сілы. Яны неарганізаваныя, аднак даволі моцныя і настойлівыя. Ім важна, каб яшчэ пры іхнім жыцці быў апраўданы калабарацыянізм. Бо цяперашнія гульні з немцамі – не тое, што падобныя гульні ў васемнаццатым годзе. Цяпер за калабарацыянізм шмат крыві заплочана. Карацей кажучы, нам важна пацвердзіць, няхай нават у самы апошні момант, перад эміграцыяй, вернасць рашэнням першага кангрэсу і тром ўстаўным граматам, што былі прыняты тады. Дарэчы, гэтае пытанне ўскосна ўнесена ў парадак дня кангрэсу. Я маю з сабой парадак дня. Хочаш зірнуць?
– Буду ўдзячны.
Астрашаб прынёс з гасцінай надрукаваны на машынапісцы аркуш паперы, працягнуў Масею. Той спярша глянуў на тэкст, быццам хацеў пераканацца, ці зразумее яго, тады пачаў чытаць, выказваючы свае каментарыі:
«Першае. Справаздача прэзідэнта БЦР. Ну гэта зразумела. Без справаздачы нават цяпер не абысціся. Другое. Дыскусія па справаздачы прэзідэнта БЦР. I гэта патрэбна. Так заведзена. Такая практыка. Ну, далей тут звычайная руціна. Мандатная камісія. Камісія па выпрацоўцы рэзалюцыі. А вось пятае. Даклад Шкілёнка «Аб адмене савецка-польскіх трактатаў, якія датычаць Беларусі».
– Гэта ўжо ўнесена па нашай ініцыятыве, – пахваліўся Астрашаб. – Будуць таксама выступленні па замежнай палітыцы. Не ведаю пакуль каму, аднак зроблена даручэнне выступіць з дакладам аб пераемнасці рашэнняў двох кангрэсаў. Дакладней, аб нашай нязменнай адданасці рашэнням Першага ўсебеларускага кангрэсу.
– Дык што тады нам загадана рабіць у часе паездкі? Кангрэс жа, бачу, падрыхтаваны. Усё распісана?
– Немцы любяць парадак. I ад другіх яго патрабуюць. Нам з табой, па задуме арганізатараў кангрэсу, неабходна будзе праверыць наяўнасць у дэлегатаў напісаных выступленняў, у тым ліку і памеры ўстанавіць, не болей пяці-сямі хвілін, ну і папрысутнічаць на сходах, дзе позняцца выбіраць дэлегатаў. Галоўнае, жорсткія інструкцыі. Сёння мне з гэтай прычыны давялося гаварыць з супрацоўнікам Готберга.
– І ўсё-ткі, чаму для такой місіі выбраны ты?
– Бо не кожнага з даверам прымуць на месцах. А я, не хвалячыся, меў дасюль свой погляд на шмат якія нацыянальныя праблемы.
– Так, я з гэтым магу згадзіцца. Але ж і ты сёлета ўжо не той, якім некалі на пачатку вайны прыязджаў у Верамейкі.
– Акалічнасці прымусілі памяняць сякія-такія арыенціры. За гэтыя гады мы шмат страцілі каштоўных кадраў, што сапраўды былі прасякнуты нацыянальным духам. Між тым новыя растуць марудна. Аказваецца, чалавеку лягчэй стаць карнікам, чым сведамым барацьбітом за народную справу. Але ж у нас, Масей, будзе часу яшчэ і ў паездцы на падобныя размовы.
– Тады – апошняе на сёння.
– Што?
– Збольшага. Хто ўжо выбраны дэлегатамі на кангрэс?
– Наколькі я ведаю, генерал-маёр Езавітаў кампазітар Шчаглоў, паэт Случанін, паэтка Арсеннева, яе муж падпалкоўнік Кушаль.
– Яго нарэшце зрабілі камандуючым краёвай абароны?
– Здаецца, так, мяркуючы па цяперашняй яго пасадзе.
– Але ж як гэта ён дапусціў, каб у ягонай вёсцы, здаецца, у валожынскіх Дорах, карнікі спалілі ў царкве жывых людзей? Я разумею, што землякоў можна любіць альбо ненавідзець. Аднак не заступіцца за іх? – шчыра абурыўся Масей.
Між тым Астрашабу Масеева абурэнне ўсё роўна як не даспадобы прыйшлося. Хоць ён і не стаў пярэчыць альбо апраўдваць Кушаля, але тут жа паспяшаўся працягнуць размову пра іншых дэлегатаў кангрэса.
– Магу яшчэ дадаць, – сказаў ён. – Некаторыя дэлегаты з месцаў таксама вядомы ўжо. Сярод іх такія дзеячы, як доктар Малецкі з Вілейскай акругі, Касяк з Глыбоцкай, той жа Ясюк, да якога мы заўтра ў Стаўбцы найперш рушым.
– I ўсё-ткі дзіўна трохі. Асцярожныя людзі на чамаданах сядзяць, а мы з табой у службовую камандзіроўку збіраемся. А што, калі раптам за Воршай загрукочуць гарматы ў гэты час?
Астрашаб пачухаў патыліцу, пасля чамусьці засмяяўся з Масеевай насцярогі.
* * *
З Мінску Масей з Астрашабам на другі дзень выбраліся позна: дарэмна Алесь спадзяваўся, што для зручнасці ў камандзіроўку дадуць нейкі транспарт. Так, учора ў БЦР абяцалі аўтамабіль, а сёння… Нават самы гарачы і крыўдлівы чалавек у такіх выпадках паступова пачынае рабіць выгляд, што не такі ўжо ён недарэка, каб не зразумець становішча. Цяжкасці ёсць цяжкасці. Але ж адсутнасць транспарту ўскладняла паездку, прынамсі, мала заставалася спадзявання, што ва ўсе заходнія акругі ўдасца патрапіць.
Між тым па чыгунцы ва ўсіх напрамках з пасажырскай станцыі яшчэ зрэдку хадзілі цягнікі. На Брэст праз Стаўбцы і Баранавічы таксама зрэдку хадзілі. Праўда, цяпер па рэйках часцей рухаліся вайсковыя эшалоны. Але ў той дзень у Мінску хтосьці дазволіў скласці ў адно некалькі бельгійскіх вагонаў, прыстасаваных да шырэйшых каляінаў. На тым цягніку знайшлося месца і для Астрашаба з Масеем.
Сядзелі яны ў купэ ўдвох, няйначай чыгуначнікі ў вагоне атрымалі пэўнае ўказанне, каб дарэмна не трывожылі гэтых пасажыраў.
Некалі здавалася, што ў Масея на ўсё жыццё прападзе ахвота ездзіць па чыгунцы, аднак цяпер ранейшага адчування не было – усё-ткі сам сабе гаспадар, і не смярдзіць у вагоне.., і не заглядвае ў расчыненыя дзверы вагона п’яная морда канвойнага…
У Негарэлым, на былой граніцы, цягнік доўга стаяў. Па пероне паўз вагоны бегалі людзі, насілі на сабе вялікія скрыні. Мясцовыя кабеты гандлявалі пад вокнамі самаробным сырам, яйкамі… На гародах ужо моцна кусцілася цыбуля, зацвітаў кроп… Прыхінуўшыся задамі да паркану, на мясцовую мітусню ляніва пазіралі ўзброеныя аўтаматамі немцы.
Вагон быў не цалкам запоўнены пасажырамі. Няйначай, не кожнага пускалі ў яго. Прынамсі, па калідоры зусім не складала цяжкасці прайсці з канца ў канец. Гэтым цяпер карыстаўся нейкі падазроны тып. Спярша прашнураваў колькі разоў ад уваходу да выхаду, тады спыніўся ў праёме дзвярэй напшюву пустога купэ.
– Кажуць, немцы мініруюць дом урада? – хутчэй сказаў, чым спытаў ён.
Астрашаб ад нечаканасці таргануўся, аднак вытрымаў нахабны позірк.
– Нам гэта невядома.
– Значыць, скора цю-цю? – не сунімаўся незнаёмы.
– Спытай пра гэта ў немцаў! – адмахваўся ад яго Астрашаб.
Тады ўмяшаўся Масей.
– Пачакай, пачакай, а ты хто такі? – пагрозліва спытаў ён.
Нахабніка ягоны тон не збянтэжыў. Ён па-ранейшаму загароджваў праём дзвярэй.
Здавалася, што Астрашаб закіпеў ужо, губляючы стрыманасць:
– Не бачыш? Правакатар!
Ці то Астрашаб угадаў, ці то з якой іншай прычыны, але настырны чалавек раптам прыцішыў голас, сказаў:
– А што, калі я партызан? – I выняў з кішэні польскага вайсковага фрэнча італьянскую гранату.
– Ну а калі партызан, то павінен бачыць вунь тых нямецкіх аўтаматчыкаў, – паказаў у акно Масей.
– Хіба паклічаце? – не пакідаў сваёй небяспечнай гульні недарэка. – Дык не паспееце. Я не стану марудзіць, каб узарваць гэту рэч. – I зноў паказаў гранату.
– Слухай, пакінуў бы ты нас, – нарэшце канчаткова не сцярпеў Астрашаб, – мы цябе, ведаеш, не клікалі ў сваю кампанію, а баяцца не баімся. Возьмем вось зараз ды накастыляем па шыі. Забудзеш і пра сваю гранату. I ўвогуле.
– Ага, так я і спалохаўся!
– Ну што ж, тады стой.
Але не. Як толькі крануўся цягнік з Негарэлага, адразу знік і дзівакаваты, гэта па меншай меры, пасажыр.
– Колькі іх, гэтакіх хворых цяпер бадзяецца, – нібыта наўздагон пашкадаваў Астрашаб.
– Думаеш, з глузду з’ехаў? – акурат у разгубленасці паглядзеў на сябра Масей.
– А хіба не так?
За акном мяняліся прыгожыя краявіды. Дзіўна, але сёння яны чамусьці выклікалі журбу. У дарозе гэта частая з’ява, што раптам, акурат без дай прычыны, чалавечую душу агортвае падобнае пачуццё. Аднак прычына заўсёды знаходзіцца. Ва ўсякім выпадку, Масей сваю журбу разумеў, нават здольны быў растлумачыць. Тым часам у ягонага сябра настрой заставаўся роўны, быццам яму нічога не каштавала жыць у амаль безнадзейных умовах.
– Можа, паедзем міма Стаўбцоў, адразу на Баранавічы? – прапанаваў Масей.
– Не, – пакруціў галавой Астрашаб, – так няварта рабіць. Мяне знарок папярэджвалі, каб наведаўся найперш у Стаўбцы.
– Хто, бэцээраўцы?
– Хіба не ўсё роўна? Немцы. Гэты Ясюк – іхні чалавек.
– Раскажы тады мне што-кольвеч пра яго.
– Я ж не заглядваў у яго дасье. Хіба што збольшага.
– Давай.
– Але наперад перапрашаю, калі што-небудзь наблытаю. Для мяне гэтыя мясцовыя лідэры ніколі не ўяўлялі цікавасці. Імі было каму займацца – высоўваць, тусаваць, перамяшчаць, прызначаць. Аднак калі чалавек рашаецца быць навідавоку, то дарэмна спрабуе ўтаіць свае справы. Немцы яго завербавалі для рабогы ў нас яшчэ ў саракавым годзе ў Варшаве. Тады падбіралі праваднікоў у будучыя мабільныя каманды, якія мы цяпер ведаем, як айнзацт-групы «А», «Б». Ну а Ясюк, як на тое, валодае рускай, украінскай, польскай, нямецкай, французскай, англійскай мовамі. Да нас ён сюды прыбыў з групай Сікса, стаў мэрам Клецка. Цяпер атрымаў такую ж пасаду ў Стаўбцах.
– Але тым не менш не дужа каб узняўся па службовай лесвіцы?
– Цяпер Астроўскі на яго разлічвае.
– Што ўжо зараз разлічваць?
– А ў эміграцыі, думаеш, не патрэбныя будуць падобныя тыпы?
– Няўжо пан прэзідэнт настолькі наперад глядзіць?
– На тое ён прафесіянал. Часу хапала, каб навучыцца хоць гэтаму. Дарэчы, прафесіяналамі былі Акінчыц, Іваноўскі. Шкада, што не пазбегнулі бальшавіцкага тэрору. Можна ўявіць сабе, якое паляванне з прыходам Чырвонай Арміі пачнецца за тымі нашымі калегамі, што здолеюць пакінуць межы Беларусі. Выжлы таварыша Панамарэнкі перавернуць тут усё з ног дагары.
– У гэтым я не сумняваюся, – згадзіўся Масей. – Але скажы яшча – чым займалася група Сікса? Дзе яна цяпер?
– Адкуль у цябе раптам цікавасць да яе?
– У нас у мястэчку барон адзін служыў. Фон Файт. Лесаўпарадчык. Дык той згадваў нейкага Сікса. Таксама нібыта лесаўпарадчык.
– Відаць, абодва яны такія лесаўпарадчыкі, як мы дрывасекі. Перадавая каманда Сікса спецыялізавалася на знішчэнні польскага і яўрэйскага насельніцтва. Вось Ясюк і дапамагаў Сіксу ў гэтым. Служыў у камандзе, пакуль хапала работы. Ва ўсякім выпадку, вядома, што ў сорак другім годзе ён таксама ўдзельнічаў у некаторых акцыях. Напрыклад, складаў спісы ў часе ліквідацыі польскай інтэлігенцыі ў Нясвіжы. Накіраваў жыдоў у Калдычаўскі лагер. Словам, паслужны спіс ў гэтага калабаранта вялікі. А між тым недзе ж таксама схаваецца пад агульнай і даволі прыстойнай шыльдай.
– Але, бачу, ты самым сур’ёзным чынам асуджаеш яго?
– І не толькі яго. Справа ў тым, што барацьба з Масквой, з бальшавікамі для мяне – гэта адно, а вайна супроць палякаў ды жыдоў на нашай тэрыторыі зусім іншае. З цэлымі народамі зводзіць рахункі нельга, бо падставіш некалі пад удар свой.
– Ну а прэзідэнт Астроўскі? Таксама пранямецкай арыентацыі?
– А хіба ж я Астроўскага ўхваляю ці яго непасрэдных паплечнікаў? Але ж нам пакуль па дарозе. Узяць хоць бы кангрэс. Справа агульная. Толькі Астроўскі пры гэтым працуе на немцаў, а я на гісторыю. Некалі ж нашчадкі ў рэшце рэшт павінны знайсці апраўданне і нашым учынкам, і нашым памкненням.
– Хутчэй за ўсё, – згадзіўся Масей, – што сапраўды так яно і будзе. Але ж столькі пакутаў!..
– Пакутніцкая нацыя, пакутніцкая яе гісторыя!.. Але вось ужо і Стаўбуны. Нябось, спадар Ясюк, можа, нават і не здагадваецца, што да яго візіцёры едуць?
– Візіцёры-рэвізоры, – пазяхнуў Масей.
– Што ты, што ты! Пра рэвізораў нават не напамінай тут!
– Ну, тады хто мы? Агенты прэзідэнта Астроўскага?
– Неяк жа вызначымся. Варта паглядзець, як да нашага прыезду паставіцца спадар Ясюк. Бо калі быць шчырым, то наша місія збоку можа здавацца недарэчнай. Хіба што-небудзь значаць тыя дробязі, з якімі мы едзем, для гістарычнай падзеі, якою стане кангрэс?
Масей падняўся са свайго месца, выйшаў у калідор і ўжо адтуль прадоўжыў:
– Мне, напрыклад, і да гэтага часу незразумела, чаму выбар для інспектарскай місіі выпаў на цябе, чалавека, які не дужа якшаўся з бэцээраўцамі? Сам падумай.
– Думаю, думаю, Масей! I ні да чаго не дадумваюся, як да таго ж самага. Але не выключаю таксама магчымасці, што прэзідэнт памеў ахвоту прыгледзецца ў апошні час да мяне. Па-першае, на кангрэсе ўзнікне пытанне аб выбарах, па-другое, яму патрэбны новыя сатэліты, каб не дапусціць расколу. За мяжой знаходзіць іх будзе цяжэй, чым тут, на Бацькаўшчыне.
Невядома, якім чынам, але стаўбцоўскі бургамістр меў звесткі аб прыездзе эмісараў з Мінску. На станцыі ў Стаўбцах стаяла ягоная пралётка, у якую быў запрэжаны гняды конь, здольны ўзяць з месца чатырох вазакоў. Тут жа знаходзіўся і сам Ясюк з трыма паліцаямі, апранутымі ў новую, яшчэ не пацёртую форму. Як толькі Астрашаб з Масеем сышлі на перон, спадар бургамістар рушыў у суправаджэнні аховы да іх.
– Спадар Алесь Астрашаб? – спытаў ён, торкаючыся двума пальцамі пад брылёк капелюша.
– Так, – кіўнуў Астрашаб.
– Рады бачыць вас на беразе Нёмана. – Ясюк зноў узяў пад брылёк. – Бургамістр Ясюк.
– А гэта, – паказаў Астрашаб на Масея, – вядомы беларускі паэт Масей Зазыба.
– Чытаў чытаў. То хадземце, я прыехаў па вас. Спадзяюся, валізы вашы не цяжкія?
– О не, не клапаціцеся, спадар бургамістр, – супакоіў Ясюка Астрашаб. – Мы самі.
– Усё маё – са мной, здаецца, гэтак гаварылі ў старажытнасці?
– Так.
– А што наш паэт?
Бургамістраў зварот да Масея прагучаў нечакана. Думалася, што ягоная дапамога ў размове ўвогуле пакуль не спатрэбіцца. Але ж нездарма Ясюк не толькі валодаў рознымі мовамі; ён меў таксама неблагую адукацыю, якой хапала для разумнай выкшталцонасці, у тым ліку і да падобных сустрэч.
Замест Масея бургамістру адказаў Астрашаб:
– Вось, напрасіўся ў паездку. Кажа, даўно бачыў Нёман.
– То мы яго пакажам вам. Шкада, што не той час, а то б і юшку зварылі. Дарэчы, спадары, вам давядзецца сёння застацца ў нас. Да заўтрашняга дня цягніка на Баранавічы не прадбачыцца. Так што…
– А ў вас няма магчымасці ўладкаваць нас на вайсковы цягнік? – спытаў Астрашаб.
– Цяпер гэта немагчыма.
– Што ж, застанемся начаваць у Стаўбцах, калі будзе на тое вашая ласка, спадар Ясюк. А на заўтра надзея нейкая ёсць?
– Трэба спадзявацца. Хоць хто гэта цяпер спадзяецца на чыгуначны транспарт?
– З машынай нічога не выйшла.
– Гэта я зразумеў яшчэ тады, як мяне папрасілі сустрэць вас на станцыі.
– Дзякуем за турботы. Але дзеля вялікай справы…
– Так, так, спадар Астрашаб. Другі ўсебеларускі кангрэс увойдзе ў гісторыю, як падзея, якую мала з чым можна будзе параўнаць у будучым. А вось і наш транспарт, – спыніўся бургамістр каля пралёткі. – Спрадвечны і безадказны.
За кучара наперадзе сеў паліцэйскі. Масею Ясюк паказаў месца злева. Тады ўладкаваў Астрашаба і сам уціснуўся побач. Спытаў:
– Вам зручна, спадары?
– О так! – здаволена заківаў галавой Астрашаб. – Ва ўправу! – скамандаваў спадар Ясюк паліцэйскаму.
Па дарозе ва ўправу Масей дастаў з напакаванага партфеля «Менскую газэту», аддаў бургамістру.
– Спадзяюся, найноўшая? – спытаў той.
– Так, спадар Ясюк.
– Што ж, пачытаем.
Між тым у двары ўправы стаяў чыйсьці «Мерседэс-бэнц», за рулём якога сядзеў немец-шафёр. Другіх немцаў не было відаць. Але да бургамістра падскочыў нейкі служачы ўправы, сказаў:
– Штандартэнфюрэр Сікс вас чакае.
– Даўно? – заспяшаўся з пралёткі Ясюк.
– Ды ўжо збіраліся пасылаць на чыгуначную станцыю па вас.
– Добра, Найдзюк. Ты пабудзь тут з нашымі гасцямі, а я зараз.
Бургамістр так спяшаўся, што нават не спахапіўся слова сказаць прыезджым.
– Ну вось, – усміхнуўся Масей, – адразу відна, хто да каго ласку мае.
– Не зважай. Усё-ткі гэты Сікс, можна сказаць, за хроснага бацьку Ясюку.
– Альбо злы геній, – дадаў Масей.
Прыезджыя злезлі з пралёткі, пачалі кружыць па двары. А час, між тым, ішоў. Здавалася, на іх усе забылі, бо нават Найдзюк – так назваў служачага ўправы бургамістр, – і той кудысьці знік, дарма што атрымаў заданне дагадзіць гасцям.
Нарэшце перамовы ва ўправе скончыліся. На ганку спярша з’явіўся Ясюк. За ім выйшаў штандартэнфюрэр Сікс. Бургамістр давёў яго да «Мерседэс- бэнца», казырнуў.
– Хайль Гітлер! – ускінуў руку немец.
У абодвух – у Ясюка і ў штандартэнфюрэра – твары былі пахмурыя, штосьці прыгнятала іх.
Аўтамабіль зрушыў з месца, выехаў за вароты.
– Хадземце ў будынак, – запрасіў гасцей бургамістр.
У сваім кабінеце ён сказаў, акурат супакойваючы камандзіровачных:
– Збольшага я ведаю, з якой мэтай вы, спадар Астрашаб, прыехалі. Я прадстаўлю ўсе дадзеныя, у тым ліку і праект майго выступлення на кангрэсе. Толькі хацелася б ведаць наперад, ці будзе дазволена мне прапанова?
– Наколькі я ў курсе, нягледзячы на ўсю строгасць па захаванні рэгламенту, любая карысная ініцыятыва будзе падтрымана. Што вы хацелі б?
– На кангрэсе варта адкрыта паставіць пытанне аб разрыве з Масквой. Няхай бы хто-небудзь з дасведчаных у гісторыі выступіў з дакладам.
– Я ваша жаданне вазьму на прыкмету, – кіўнуў галавой Астрашаб. – Дарэчы, калі я дакладна дасведчаны, то вам на кангрэсе будзе дадзена слова пры абмеркаванні даклада прэзідэнта. Так што з гэтай прапановай будзеце мець магчымасць выступіць самі.
– Добра, я дадам яе ў сваё выступленне.
– Але глядзіце, каб не перабраць часу.
Ясюк паабяцаў.
Колькі часу сядзелі моўчкі. На бургамістраў твар паступова зноў найшла пахмурасць.
– Што вас трывожыць, спадар Ясюк? – паспачуваў бургамістру Астрашаб.
– Ды так… Хоць чаму трэба скрываць? Штандартэнфюрэр Сікс сказаў, што на фронце апошнія дні пачасціліся спробы разведвальных баёў з боку рускіх. А гэта звычайна робіцца напярэдадні вялікіх падзей. Ды і палонныя, якія трапляюць да немцаў, сведчаць аб маючым пачацца наступленні. Баюся, што мы не паспеем дачакацца кангрэсу, калі не перанесці яго на бліжэйшы час.
– I ўсё-ткі варта спадзявацца на лепшае, – суцешыў бургамістра Астрашаб.
– Ну, лепшае таксама ёсць. На фюрэра ў ягоным бункеры быў зроблены замах. Нейкі падпалкоўнік, начальнік штаба тылавых войск, пранёс на нараду ўзрыўное прыстасаванне. Выбух адбыўся. Аднак фюрэр не пацярпеў. Абышлося невялікай кантузіяй. Цяпер у вермахце праходзяць арышты. У путчы замешаны многія генералы. Так што, рускія паўсюды імкнуцца да рэваншу.
– Думаеце, без іх не абышлося?
– У Масквы рукі доўгія. Але пара паабедаць, дарма што позна. Запрашаю вас. Заадно і паабедаем, і павячэраем.
* * *
Стол у бургамістра Ясюка быў накрыты ў садку і меў багаты выгляд. Але гасцей з Мінску ўразіў набор напояў. Здавалася, некаторыя з іх трапілі сюды са старасвеччыны. Нават руская мядуха была зварана па даўнім рэцэпце, пра што гаспадар не прамінуў сказаць, маўляў, з шаснаццаці кілаграмаў мёду паўпуда чыстага прадукта.
– Гэта ў нас тут, у паліцыі, служаць два казакі, дык яны мядуху вараць, балазе, мёду не складае цяжкасці здабываць.
Пах мёду адразу ж наклікаў да стала блізкіх пчол. Яны лезлі ў шклянкі, поўзалі, як мухі, па стравах, блыталіся ў валасах. Але ні Астрашаб, ні Масей не прасіліся ў хату, акурат баяліся страціць што-небудзь з таго, што стаяла і ляжала на стале перад імі. Між тым гаворка ішла вялая і зусім не цікавая. Ясюк, здавалася, увесь час думаў пра штосьці сваё, больш надзейнае для яго, чым усебеларускі кангрэс. Ну а госці яму не надта заміналі. Пад канец пачосткі ён усё-ткі выказаў свой патаемны клопат. Аказвасцца, чалавека хвалявала пытанне, якое трывожыла, бадай, усіх калабарантаў: ці будзе наладжана, калі што якое, арганізаваная эвакуацыя за межы Беларусі? Зрэшты, гэтае пытанне таксама ў нейкай прыймальнай форме магчыма абмеркаваць на кангрэсе. Было падобна, што Сікс, штандартэнфюрэр СС, расказаў стаўбцоўскаму бургамістру не толькі пра путч ў сталіцы рэйха ды разведвальныя баі Чырвонай Арміі ўсцяж усходняга фронту. Служба ў адной айнзацткамандзе, няйначай, да чагосьці абавязвала адзін перад адным гэтых людзей, дарма што і рознай нацыянальнасці.
Начавалі Астрашаб з Масеем у паліцэйскай казарме, дзе да трыццаць дзевятага года стаялі польскія ўланы; паліцаі, вясковыя мацакі, пасля тлустай вячэры, на якую прывезлі аднекуль гадавалую свінню, моцна храплі на ложках, таму ўражлівы Астрашаб ажно колькі разоў на начы выходзіў на свежае паветра; Масей тым часам пасля мядухі спаў, як пяньку прадаўшы.
Уласна кажучы, мінскія візіцёры за ўчарашні дзень амаль нічога не зрабілі ў Стаўбцах, адно падрыхтавалі мясцовага бургамістра да мэты свайго прыезду, але ўранні прачнуліся з такім адчуваннем, што нічога большага ад іх ужо і не патрабуецца, вось толькі Астрашаб гляне яшчэ на новы варыянт выступлення, куды павінны былі трапіць Ясюковы прапановы. А калі гаварыць выразней, то спадзяванні спадара прэзідэнта Астроўскага на стаўбцоўскага мэра не расчароўвалі. Адданы ганчак вырас за гэтыя гады ў правінцыі. Ім можна будзе замяніць хоць каго са старых змагароў з маскоўскай экспансіяй. Да таго ж, мяркуючы па Ясюку, па яго гатоўнасці ўдзельнічаць у любой акцыі, праверка яго нават з мэтай дапамогі выглядала лішняй.
Паснедалі хлопцы разам з паліцаямі ў казарме, у невялікай сталоўцы пры ёй, і, не чакаючы, пакуль хто-небудзь прыйдзе па іх, падаліся самі ва ўправу. Ясюка там пакуль не было. Давялося чакаць, седзячы на бакавых лаўках на ганку. Нарэшце прыехаў на пралётцы і ён. Але без паліцэйскага суправаджэння, з нейкім местачковым дзецюком. Выглядаў Ясюк усхваляваным, нават не папытаўся, як госці пераначавалі.
– Здарылася, спадары, тое, чаго і варта было чакаць, – як вялікую тайну паведаміў ціха бургамістр. – Рускія атакуюць нашых саюзнікаў на ўсіх трох беларускіх франтах.
Цяжка, акурат чагосьці асцерагаючыся, Астрашаб працяў яго позіркам, спытаў:
– Калі гэта пачалося?
– Учора.
– Нямецкая абарона трымаецца?
– Мы тут пакуль не маем дакладных звестак. Але вядома, што гэта не лакальная аперацыя. У сувязі з гэтым мне вось што прыйшло ў галаву, спадары.
– Кажыце.
– Вам няварта ехаць далей. Кангрэс пэўна што не адбудзецца ў такіх умовах. Таму падумайце і вяртайцеся ў Мінск, пакуль яшчэ магчыма.
Астрашаб перавёў позірк на свайго спадарожніка:
– Ну як, Масей?
– Спадар бургамістр мае рацыю.
– Але гэта дакладна, што рускія пачалі наступаць? Значыць, сапраўды нямецкая абарона ў Беларусі прарвана?
– Такой інфармацыі ў мяне няма. Але што пачалі наступаць, гэта афіцыйна. Позна ўвечары ўчора прыязджаў з Нясвіжа яшчэ раз штандартэнфюрэр Сікс. Знарок, каб паставіць мяне ў вядомасць.
– З Мінскам адсюль звязацца ёсць магчымасць? – пацікавіўся Астрашаб.
– Не. Апошнія дні ўсю нашу сувязь перавялі на сябе ваенныя. Цяпер да іх не падступіцца. Прынамсі, я не маю на сёння нават перспектывы прадставіць вам падобную магчымасць. Авось што датычыць транспарту, то тут лягчэй. Чыгунка ў разлік не ідзе. Наўрад ці будзе сёння цягнік з нашага боку на Мінск. Трэба прасіцца да штандартэнфюрэра. Яго выклікае ў Барысаў генеральны камісар Готберг, які кіруе аперацыяй па знішчэнні партызанаў у цэнтры Беларусі. Зразумела, што пан Сікс паедзе туды праз Мінск. Ну а мне гаварыць са штандартэнфюрэрам лягчэй. Так што, думайце, спадары. Двох чалавек падкінуць да сталіцы не складзе цяжкасці.
Бургамістр павёў цывільнага дзецюка ва ўправу. Астрашаб з Масеем засталіся на ганку. На душы ў кожнага было брыдка. З’явілася ўражанне, быццам іх знарок пераняў хтосьці на стартавай дарожцы, не пускае далей працягваць бег.
– Ну, што мусім рабіць, Масей? – чамусьці заплюшчыў левае вока Астрашаб, акурат на адно яму лягчэй было глядзець.
– Ты мяне падбіў на гэту паездку, ты і вырашай, – глуха адказаў Масей. – Але я адцаў бы належнае мясцоваму бургамістру. Паездка наша цяпер стане выглядаць звычайнай хімерай, як і кангрэс, у сваю чаргу.
– Не спяшайся гаварынь гоп, пакуль не пераскочыў.
– Дарэмна ты не згаджаешся, Алесь.
– Адкуль ты ўзяў што не згаджаюся? Я хачу пераканацца лішні раз, што іншага выйсця ў нас няма.
– Выйсце заўсёды можна знайсці. Хіба ж дрэнна цяпер апынуцца, напрыклад, падалей дзе-небудзь?
– Не, – закруціў галавой Астрашаб. – Як бы не скончылася гэта наша камандзіроўка, а справаздачу мы павінны трымаць. Ды і Леакадзія… Сорам нам будзе падарожнічаць, калі мы…
Апошні доказ Астрашаба прымусіў Масея пашкадаваць аб сваёй паспешлівасці, хоць, папраўдзе кажучы, нічога непрыстойнага ён не дазволіў сабе супроць сваёй мінскай гаспадыні. Проста, Астрашаб неяк ставіў пытанні так, што адназначна на іх далей адказваць немагчыма рабілася. Таму і атрымалася, што Масей нібыта вінаваты апынуўся перад Леакадзіяй.
Між тым Астрашаб нават не здагадваўся пра Масеева адчуванне, Пярэчачы сябру, ён на нешта падобнае і разлічваў гатовы быў пачуць. Інстынкт самазахавання заўсёды выклікае супрацьлеглыя памкненні нават у людзей, якія, здавалася б, падзяляюць адны і тыя ж думкі, праблемы, нават жывуць аднолькавымі інтарэсамі. Тым часам пачутае ад Ясюка пра вялікае наступленне рускіх на віцебскім, аршанскім, чавуска-магілёўскім, рагачоўскім і палескім напрамках збянтэжыла не на жарты; чым далей, тым мацней пачутае пазбаўляла здольнасці без тлуму ў галаве разважаць. Яму патрэбны быў субяседнік, каб праверыць свае думкі. Але схамянуўшыся раз, Масей не хацеў ужо адказваць нават на тыя відавочныя пытанні, якія датычылі непасрэдна.
Нарэшце Астрашаб перастаў кідацца з адной супрацьлегласці ў другую, унутрана згадзіўся з Ясюковай падказкай, у якой быў найпросты выхад з цяжкай сітуацыі. Сапраўды, чаму не скарыстаць зручны момант і не вярнуцца ў Мінск – ніхто не асудзіць і ніхто не кіне каменем услед. Гэта ж калі б яны з Масеем кінуліся адсюль наўцекі, а то ж паадварот!..
Да бургамістра зноў нехта прыйшоў з мясцовых. Прыход яго, бадай, быў абумоўлены зараней, бо чалавек у самаробным гарнітуры на польскі крой не стаў чакаць чаргі, каб трапіць ва ўправу, проста патупаў ялавымі ботамі па маснічынах на ганку, пераступіў парог і знік у сенечных прыцемках. Няйначай, тутэйшы абываталь яшчэ не ведае пра тое, што адбываецца на фронце, – падумаў Масей. – Можа здарыцца, што заўтра сілай сюды нікога не зацягнеш. I хутчэй за ўсё, што так яно і будзе. – Падумаў і ўсміхнуўся, тады паглядзеў з гэтай жа ўсмешкай на Астрашаба; але той не звярнуў увагі, што нехта толькі зайшоў міма іх ва ўправу. Астрашаб сказаў:
– Трэба вяртацца, Масей. Далейшая камандзіроўка не мае сэнсу. Да таго ж спадар Ясюк мае рацыю ў галоўным – што адбудзецца з нашай спробай правесці Другі ўсебеларускі кангрэс? Вось ужо хтосьці трапна выказаўся – на каго бог, на таго і людзі.
– Бог тут вядома, ні пры чым, – са скрухай паківаў галавой Масей. – А вось людзі… Геапалітычнае становішча нашай Бацькаўшчыны такое, што на нешта зусім самастойнае і разлічваць не даводзіцца. Бяда наша яшчэ і ў тым, што ніхто не спрабаваў глыбока капнуць нашу гісторыю, звесці асобныя падзеі ў дзяржаўную канцэпцыю. Дасюль нас адно разрывалі на кавалкі, абгрунтоўваючы гэта кожны па-свойму, баяліся, каб мы, крый бог, не надумаліся аб’яднацца па-сапраўднаму. Дакладней, нашай гісторыяй пакуль займаліся чужыя гісторыкі. Нядаўна паспрабавалі былі нашы ўзяцца за яе, дык дзе апынуліся? Доўнар-Запольскі, Смоліч… Святыя пакутнікі!.. Мне ў маіх астрожных вандроўках давялося паездзіць з прафесарам Дзягелем. Той падрыхтаваны быў да падобных разважанняў. Шкада, не вытрымаў чалавек, памёр у лагеры за Марыінскам.
– Я ўсё хацеў цябе спытаць, Масей, – сказаў Астрашаб. – Ці даводзілася табе сустракаць там чалавека з прозвішчам Сінюха?
Масей падумаў.
– Можа, і даводзілася, – уздыхнуў ён. – Але ж туды столькі народу з усіх рэспублік звезена!.. Сінюха, Сінюха… А хто ён табе?
– Муж маёй стрыечнай цёткі.
– А што, нават цёткі стрыечныя бываюць?
Астрашаб паціснуў плячыма:
– Так мне сказалі, калі прасілі папытацца.
– Не, Алесь, блізка каля мяне ніякага Сінюхі не было.
– Што ж, я так і перакажу цётцы. А то ўсё не да яе просьбы было.
З управы адзін за адным пачалі выходзіць наведнікі. Пад канец з’явіўся бургамістр. I адразу спытаў Астрашаба:
– На чым спыніліся?
– Дык…
– Добра, мне тут патрэбна адлучыцца. Але скажу – калі вырашыце, спадары, вяртацца ў Мінск, прыходзьце сюды а дванаццатай гадзіне. Штандартэнфюрэр у дарогу рушыць якраз у гэты час. У яго «Мерседэс-бэнц» і грузавік з салдатамі суправаджэння. Ну а я ўжо вазьму на сябе клопат уладкаваць вас, спадары, да Мінску. Згода?
– Была б тэлефонная сувязь, не было б праблемы.
– А калі так, то нічога іншага прапанаваць не магу. Але ж успомніў. Учора, спадары, я абяцаў вам паказаць Нёман.
– Было такое, – усміхнуўся Масей.
– Дык вось, каб не выйшла, што па п’янцы. Зараз я паклічу чалавека, і ён павозіць вас, дзе захочаце. Адно што праз мост немцы наўрад ці прапусцяць вас. Але паверце, спадары, мне не выпадае з вамі. Я ўсё зрабіўбы якслед, аднак не выпадае. Са мной бы і на мост пусцілі. З таго боку цікава глядзець на наша паселішча.
На голас бургамістра на двор управы заглянуў паліцэйскі. Здаецца, той, што вёз іх учора са станцыі. Пачуўшы, што ад яго хочуць, ён тут жа адвязаў лейцы ад пярэдняй рэйкі, паказаў рукой мінскім гасцям, маўляў, сядайце. Астрашаб, а тады і Масей залезлі ў пралётку. Кучар-паліцэйскі развярнуў на двары каня, выехаў на вуліцу. Гарадок, дакладней, мястэчка жыло сваім ранішнім жыццём. Людзей на вуліцы было мала.
– Куды, панове-спадары? – спытаў кучар.
Масей рашыў вызваліць Астрашаба ад гэтага клопату, балазе, ніхто з іх не ведаў нават збольшага мястэчка, якое было далучана да ўсёй Беларусі ў часе германа-польска-савецкай вайны. Таму кучару і адказаў:
– Мы цалкам спадзяемся на вас, пан паліцэйскі.
– Тады выедзем спярша на шашу.
– Выедзем на шашу. Галоўнае, каб да дванаццаці гадзін трапіць ва ўправу.
– Я ведаю, я ведаю, панове-спадары. Але са смаленскага боку, здаецца, фронт прарваны?
– Мы таксама чулі пра гэта. Аднак…
Масей чакаў, што шашу яны ўбачаць перапоўненай войскамі. Толькі не. Шаша таксама выглядала пустой. Затое пры ўездзе на мост цераз Нёман сачылі за небам нямецкія зеніткі. Кучар памкнуўся быў наблізіцца да Нёмана з правага боку, таму павёз гасцей на прырэчную вуліцу. Пакруціўшыся там, неўзабаве пераканаўся, што ягоныя спробы дарэмныя.
Між тым час скарачаўся. Да дванаццаці было не так ужо і шмат. Астрашаб адчуў гэта, занепакоена сказаў:
– Ці не лепей будзе вярнуцца?
– Я за часам гляджу, – адказаў кучар-паліцэйскі.
Тады Астрашаб зноў сказаў:
– Запас бяды не чыніць.
– Ну, як знаеце, панове-спадары, – здаўся паліцэйскі.
Відаць, у штандартэнфюрэра Сікса былі нейкія патаемныя справы са стаўбцоўскім бургамістрам, бо яны кожны раз стараліся пабыць адзін на адзін. Так і цяпер. Машыны – і «Мерседэс-бэнц», і грузавік – стаялі на вуліцы. Уздоўж бакавых бартоў у кузаве грузавіка сядзелі салдаты. Змрочныя, насцярожаныя. Яны мелі пры сабе добрую зброю – у кожнага пад пахай аўтамат. Дзве аўчаркі займалі месца ўшчыльную да кабіны, таму заўважыць іх знізу цяжка было нават чалавеку з высокім ростам. Сёй-той з салдатаў драмаў, бо вочы трымаў заплюшчанымі. Ды і няхітрая гэта справа – задрамаць уранні, пасля нядаўняга начнога сну, на сонечным угрэве. «Мерседэс-бэнц» стаяў тым часам зачынены, але на пярэднім сядзенні, за рулём, цярпліва чакаў начальства шафёр; нехта ўжо займаў месца і глыбей, на заднім сядзенні.
– Ну што, будзем чакаць тут? – спытаў Масей.
– Раз не клічуць, то трэба пачакаць, – разважыў Астрашаб.
– Але мне ў падобных выпадках заўсёды ніякавата бывае ацірацца каля ўзброеных людзей, – засмяяўся Масей. – Бо наўрад ці кіруе што чалавекам з незадаволеным тварам.
– Набярыся цярплівасці, Масей. Не ведаю, як табе, а мне чамусьці ўвогуле сёння не па сабе. Хоць ты вазьмі ды адмоўся ехаць.
– Што ўжо тут шарахацца? – Масей і праўда гэтак думаў.
– Кажаш, назад броду няма?
– Выходзіць, няма.
Нарэшце з управы паказалася начальства – штандартэнфюрэр Сікс, яшчэ адзін афіцэр у эсэсаўскай форме і бургамістр Ясюк. Штандартэнфюрэр зусім бесцырымонна, як нейкіх падазроных асоб, агледзеў мінскіх прыезджых, сказаў:
– Пан бургамістр просіць мяне аказаць вам паслугу – падкінуць да Мінска. Гэта пахвальна, што вы бліжэй да небяспекі імкнецеся. Будзем разам адбіваць бальшавіцкі наступ. – I тут жа пачаў распараджацца: – Вы, пан Астрашаб, паедзеце са мной у легкавым аўтамабілі. Напарніку вашаму, спадзяюся, знойдзецца месца ў кузаве грузавіка разам з салдатамі. Пярэчання няма?
– Няма, – адказаў Масей.
– Тады размяшчаемся.
Астрашаб неяк журботна паглядзеў на свайго сябра, палез у «Мерседэс-бэнц». Афіцэр, які выйшаў з управы, заняў месца ў кабіне грузавіка. Штандартэнфюрэр ускінуў руку ў фашысцкім прывітанні і, не чакаючы адпаведнага ўшанавання фюрэра з боку Ясюка, зачыніўся ў аўтамабілі. Апошні займаў сваё месца ў грузавіку Масей. Ніякага там месца, вядома, не было, але нямецкія салдаты пацясніліся на лаўцы, і ён утачыўся паміж іх, паставіўшы на Каленкі свой партфель, які тут жа абнюхала адна з аўчарак. Унтэр-афіцэр, што сядзеў па другі борт, усміхнуўся пры гэтым з палёгкай, быццам нечага баяўся. Між тым бургамістр Ясюк не паспеў сказаць Астрашабу, што яму карцела, таму падступіўся да грузавіка, адцягнуў на сябе ўвагу Масея.
– Спадар Зазыба, – амаль прашаптаў ён, задраўшы галаву тварам угору, – давядзіце там, у Мінску, што мы на месцах чакаем пацвярджэння, ці будзе кангрэс увогуле цяпер праводзіцца.
– Цяжка сказаць, але неспакой ваш будзе даведзены ў канцылярыю прэзідэнта. Мяне таксама хвалюе гэта пытанне.
– То я спадзявацца буду. Ды і не толькі я.
– Шкада вось, што з нашай камандзіроўкай гэтак атрымалася.
– Цяпер ажыццявіць яе проста немагчыма, – супакоіў Ясюк.
«Мерседэс-бэнц» крануўся з месца. За ім зарохкаў грузавік. Масей азірнуўся. Бургамістр Стаўбцоў, ці як іх называў Астрашаб – Стаўбуноў, не спяшаўся ва ўправу, усё яшчэ стаяў у нейкай нерашучасці на абочыне вуліцы. Гледзячы на яго, Масей успомніў, што па дарозе сюды ў цягніку пачуў аб ім ад Астрашаба. Ні даць, ні ўзяць – закаранелы нягоднік. А вось жа здолеў падаць сябе з самага найлепшага боку!.. Прынамсі, ад’язджаў Масей са Стаўбцоў з адчуваннем унутранай удзячнасці бургамістру, якога збіраўся наблізіць да сябе прэзідэнт Астроўскі.
Сёлета паўз дарог шмат адцвіло арабінаў, у прысадах яны ўжо чырванелі памалу; у народзе звычайна ўспрымаюць такую з’яву, як прыкмету: значыць, наступная зіма будзе халодная і снежная; але птушкам няма чаго бедаваць, корму хопіць. Абапал Брэсцкай шашы таксама ўжо ледзь не шугала полымя арабінаў. «Цікава, – падумаў Масей, – ці спрабуюць іх тут абіраць хоць збольшага?» Тым часам прыгажосць ажно ірвада на кавалкі душу Масею. Нават прыйшло ў галаву: адно ўжо гэтае далучэнне да яе апраўдае іхнюю паездку, бо калі яшчэ давядзецца пабачыць штосьці падобнае?
Нізка над шашой, быццам знарок прагінаючы яе, прамільгнулі насустрач аўтамашынам два самалёты з крыжамі. Цені каўзануліся па бруку, зламаліся на ўзгорку, які толькі што прамінулі аўтамашыны, а тады акурат раскрышыліся за паваротам над сялянскімі хутарамі. З’яўленне самалётаў над шашой прымусіла Масея ажно сцяцца ад нечаканасці. Затое немцы ў грузавіку прыйшлі ў поўнае захапленне. Нават аўчаркі і тыя па-свойму зрэагавалі на шум угары.
Хутароў абапал шашы было шмат. Гэта сведчыла найперш, што тут яшчэ не праводзілася калектывізацыя. Хоць цяпер і ва ўсходняй Беларусі палеткі выглядалі іначай.
Між тым машыны прамінулі Койданава. Здавалася, нішто не пашкодзіць гэтак хутка рухацца і далей. Але раптам пад «Мерседэс-бэнцам» адбыўся моцны выбух. Грузавік таргануўся на месцы, спыніўся; салдаты, якія ехалі разам з Масеем у кузаве, кінуліся цераз барты на брук, заспяшаліся заняць абарону абапал. Над тым месцам, дзе адбыўся выбух, стаяў непраглядны дым. Ён пакуль засціў усё наперадзе, і Масею, які нібыта прырос да лаўкі, немагчыма было ўбачыць, што здарылася з легкавым аўтамабілем. Але ён ужо разумеў, што адбылося нешта жахлівае. Таму найперш падумаў пра Алеся.
Нарэшце дым ад стрыманага ветру патрохі змясціўся на левую абочыну, дазволіў глянуць на вынікі дыверсіі: «Мерседэс-бэнц» быў раскурочаны, вакол яго валяліся трупы, у тым ліку і труп Астрашаба. Хапаючыся дрыжачымі рукамі за борт грузавіка, Масей саскочыў на брук, наблізіўся да месца выбуху. Афіцэр, што ехаў у кабіне грузавіка, сказаў:
– Усе загінулі. Ваш камерад таксама.
Масей у роспачы засланіў даланёй вочы. I тут жа адчуў слёзы.
VI
Даўно ўжо было лета, хоць па народным календары яно пачыналася толькі 22 чэрвеня. На Кірылу. Казалі заўсёды: у гэты дзень канец вясны, пачатак лета. А пасля мая прайшлі Алена з Кастусём, калі кідаюць у зямлю грэчку, Хадосся, пасля якой высыпае жыта, затым Ярома, тады Сёмуха, гэта ўжо пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня, ну і Стратыліт, багаты на чорных гракоў…
У Расне сёлета ніхто гэтых адзнакаў не прытрымліваўся. Па-першае, як згарэла напалову мястэчка ў сорак першым годзе, людзей у ім паменела, а затым гэты фронт. Таму на зіму мала хто з местачкоўцаў застаўся тут, асабліва ў мінулую восень, калі змушалі людзей знарок эвакуіравацца падалей ад Проні.
Левы бераг Проні, здавалася, ажно кіпеў ад аўтамашынаў, артылерыі і людзей. Іншы раз думалася, куды гэткая процьма дзяваецца, але ўсяму недзе знаходзілася месца, нехта наводзіў парадак, і тады зноў на дарозе на чыгуначную станцыю Ходасы аднаўляўся нічуць не меншы
Мы ўжо казалі, што генерал Зеленадольскі ўсё часцей заставаўся дома, да яго прыязджаў са штаба палкоўнік Прыгодзіч, з якім, відаць, хапала работы на цэлы дзень. Зразумела, што Зазыба з сяржантам-шафёрам у гэты час білі лынды, дарма што Дзяніс Яўменавіч ніколі не адмаўляўся стаяць на ганку ў якасці вартавога. Шафёр і гэтага не хацеў рабіць. Сытна паабедаўшы, ён зашываўся ў які-небудзь зацішак, гучна псаваў паветра, каб усе чулі, і паляпваў далоняй па сваім разбалелым жываце. Пры тым у такія хвіліны любіў расказваць цікаўным (а яны заўсёды знаходзіліся), што ў іх у Камышыне быў чалавек, які мог вывесці мелодыю «Божа цара беражы». Але небараку не пашанцавала – хтосьці даў яму пяцёрак, каб гэткім чынам зрабіў штосьці падобнае і з Інтэрнацыяналам. Цяжка сказаць, ці вывучыў ён новы ўрок недзе ў лагеры, але тэрміну яму не пашкадавалі на дзівацкія практыкаванні. Зазыба ж проста пакутваў ад няма чаго рабіць. Здаецца, і не збіраўся ісці яшчэ раз да сваіх прачак, а вось жа не вытрымаў – будучы падоўгу вольным, схадзіў туды ажно два разы. Лейтэнант усё-ткі павёз раджаць сваю Лідку да маці ў Вітунь. Зазыба быў некалі ў Вітунь. Вёска стаіць над самай Бесяддзю. Помніцца, як ён здзівіўся тады: над рэчкай, а тут яе іначай назваць цяжка было, вісеў масток, які вельмі хістаўся пад нагамі людзей, што праходзілі з аднаго берага на другі. Чаго-небудзь іншага Дзяніс
Яўменавіч у Вітуні не заўважыў дакладней, не запомніў, хоць нават да нейкага чалавека заходзіў. Дзіўна, здаецца, невялікая гэта справа, што нехта павёз цяжарную кабету дамоў, аднак сярод жанчын-прачак падобная акалічнасць выклікала акурат гонар. Парадаваўся і Зазыба разам з імі. Прачкі не змянілі сваю гасціннасць, частавалі Зазыбу кожны раз, як ён паяўляўся там. Штосьці ім падабалася і ў ім самім, і ў тым, што ён прывёў іх у гэту прыфрантавую пральню. Ды і тое сказаць, ціха, мірна, жаніхоў колькі хочаш, і пакуль не страляюць. У адрозненне ад іншых, вядома, мужчын, кабеты ў наступленне не ірваліся.
Гэтыя два разы да Зазыбы выходзіў таксама начальнік пральні. Яны і ў бярозавым гаі побач сядалі. Начальнік пральні быў амаль аднолькавага ўзросту з Зазыбам – як пайшоў па мабілізацыі апошняга года, які прызываўся на пачатку вайны, Так і застаўся ў арміі. Прынамсі, Зазыбавы некалькі гадоў, якія перавышалі ўзрост начальніка пральні, нічым не перашкаджалі ім адчуваць адзінадушша. Такім чынам, і гэтая акалічнасць падахвочвала Дзяніса Яўменавіча наведвацца да зямлячак.
Іншы раз Зазыба сустракаў у мястэчку альбо паблізу яго знаёмых, нават аднавяскоўцаў. У сорак трэцім, калі дакаціўся з Курскай дугі фронт на Бесядзь, падмяталі ў армію не толькі так званых дарослых. Пад мабілізацыю падпалі таксама маладыя хлопцы: дваццаць другі год нараджэння, дваццаць трэці, дваццаць чацвёрты, дваццаць пяты, дваццаць шосты… Гэтых, апошніх, усё-ткі спрабавалі навучыць чамусьці, што прыдасца ў баі. Верамейкаўцы трапілі ў Бранск, там дзейнічаў вучэбны полк. Дык іх Дзяніс Яўменавіч і сустрэў на прывале, каля дарогі на Будзіна, што стаяла ўжо на самой Проні. Першае, што хлопцы папрасілі, гэта паесці, маўляў ці няма чаго паесці. Ва ўчэбным палку кармілі зусім абы-чым, у часе паездкі таксама не давалі раскашаваць, ва ўсякім разе, паёк нават блізка не дасягаў акопнага, дзе заўсёды знаходзіліся нейкія прываркі альбо лішняя порцыя, што заставалася ад забітых і параненых. У Зазыбы знайшлося, чым падмацаваць маладых аднавяскоўцаў – была ў запасе і тушонка, адшкадавалі ў генералавай камандзе некалькі буханак хлеба… Можна было што-кольвеч зварыць, але прывал у хлопцаў выдаўся кароткі, і яны здаволіліся сухім харчам. Зазыба нават здзівіўся, што за два гады вайны столькі падрасло моладзі ў Верамейках – Хведзька Бычыхін, Яшка Лазарэнка, Іван Брылеў, Хведзька Парфенаў… 1 так па ўсёй вёсцы, калі не з двара ў двор, то ўжо праз два двары дакладна. Некаторыя запісаліся добраахвотнікамі, асабліва рослыя, дадаўшы да сапраўднага ўзросту гады два. З адным з такіх Зазыба перакінуўся словам, маўляў, што цябе змусіла? Гэта ж не сорак першы год, калі ад падобных добраахвотнікаў у ваенкаматах не было адбою. Затое тады была рамантыка, быў настрой разбіць ворага яшчэ блізка ад граніцы. Цяпер жа вайна паказала свой зусім не рамантычны твар, застаўся адзін настрой здабыць перамогу. Іначай не будзе жыцця. Таму людзі, нягледзячы ні на што, ішлі к перамозе праз бруд і кроў, іншы раз пэўна што дарэмную. Дык Хведзька Гаўрылішын адказаў проста, зусім без хітрасці: ішлі другія, пайшоў і я, балазе, у ваенкамаце прапусцілі без прыдзірак. Зразумела, што тлумачэнне яго выклікала ў хлопцаў удакладненне, якое зводзілася к таму, што ў медыцынскай камісіі ў ваенкамаце засядалі адны жанчыны, а ім абы адростак вялікі быў. Усе дружна пасмяяліся з гэтага, а Зазыба шчыра пашкадаваў сына былога старшыні сельскага савета. Больш таго, ён меў перакананне, што ўвогуле ніхто з іх не вернецца дадому, добра калі калекам. Прынамсі, зімовае наступленне 121-га корпуса на Быхаў, каб дапамагчы 3-й арміі ўзяць Рагачоў, яшчэ раз даказала – чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала. Аз чаго яе, тую кроў браць, як не з людзей. Пад Рагачовам, у 120-й дывізіі, палегла шмат неспрактыкаваных мужыкоў сярод якіх у мясарубку трапілі дзядзькі і з Крутагорскага раёна. Таму малаверагодна было, што тут, на Проні пад Чавусамі лёс пашкадуе людзей, ужо апранутых к лету ў вайсковую форму і ўзброеных. I тым не менш гэтыя людзі будуць працягваць сваё існаванне. Не ўсе ж яны загінуць. Зазыба дачакаўся канца прывалу навабранцаў, доўга стаяў на дарозе, махаў услед рукой. Дзіўна, але нечым ён задаволены застаўся, што ніхто з верамейкаўскіх хлопцаў не спытаў, чаму ён тут, можна сказаць, у франтавой паласе? Чаму не ў Верамейках? Калі сам сабе ён хоць збольшага мог растлумачыць сваё знаходжанне ў арміі, то нікому з верамейкаўцаў няздольны быў. Сапраўды, а чаму? Ужо цяпер Дзяніс Яўменавіч адчуваў, што ніякія тлумачэнні не мелі пад сабой сапраўднага грунту. Можа, акрамя таго, што гэтым самым ён хаваўся у генералавай камандзе ад той пустэчы, якая ўтварылася ў душы пасля смерці Марфы Давыдаўны і знікнення Масея. Але ж час лечыць самыя цяжкія раны. Дзяніс Яўменавіч таксама недзе адчуваў, што выздараўлівае. Заставалася адна надзея – дасягнуць Мінска і там адшукаць Масея, а ўжо затым што будзе. Тым часам вельмі карцела хоць адным вокам, нават краем яго, глянуць на Верамейкі, што там цяпер робіцца. Прызнацца, ён нават ва ўяўленні не мог убачыць нічога. Яго чамусьці найбольш хвалявала, ці засеяны сёлета верамейкаўскія палі. Урэшце, у зямлянках можна пражыць і год і два. А вось без харчу. Праўда, бульбу сяляне паспелі ўхапіць з зямлі перад маразамі, жытнёвыя і ячменныя снапы таксама аббівалі пранікамі, значыць, збожжавых на насенне хоць збольшага, але назапашана. Але як верамейкаўцы сёлета паставіліся да калгаса, дарма што некалі маёмасць раздавалі да прыходу Чырвонай Арміі. Пажыўшы аднаасобна, можна прызвычаіцца да іншага жыцця. Аднак камуністы навучыліся ўжо ствараць так званыя калектыўныя гаспадаркі з добраахвотным уваходам у іх… Таму наўрад ці валэндаліся і гэты раз з сялянамі, дарма што і спадзяваліся на генерала Жукава.
I яшчэ адных знаёмых сустрэў Дзяніс Яўменавіч. Аднак ужо ў мястэчку. Настаўніка Мурача і яшчэ аднаго дзецюка, якога ён мала ведаў, але запомніў на ўсё жыццё. Супроць Мурача спадарожнік ягоны выглядаў веліканам. Чорны, аднак без кучаравых кудлаў. Зазыба глянуў на ягоныя рукі. Тыя таксама былі чорныя ад шчэці. Між тым скура ў чалавека на руках не адрознівалася ад той, што зарасла валасяным покрывам.
Зазыба ўзрадаваўся Мурачу. А вось спадарожніку яго – не. Паміж Дзянісам Яўменавічам і настаўнікам Мурачам, зразумелая справа, узнікла размова.
– Вось каго ўжо не чакаў сустрэць тут! – усклікнуў Мурач.
– Ды й я не дужа каб… Ці даўно ж з дому?
– А ўжо каторы месяц. Лічы, з таго часу, як атрад наш з рэгулярнай арміяй злучыўся.
– Ты мне скажы, Сцяпан Канстанцінавіч, здаецца, так цябе, дык ты скажы. У вас Казлоў такі быў? Ці то з Сілічоў, ці то з Відуец. Ён сапраўды загінуў?
– Так, у блакаду сорак другога – сорак трэцяга года. Ён жа ў нас камісарам з першага дня з’яўляўся. А што?
– Мяне Маштакоў прасіў дадзеныя сабраць. Ды ўжо, відаць, непатрэбны яны. Даўно гэта было, што ён прасіў. А пра Манько ты нічога не чуў?
– Рознае гаварылі. Але дакладна нічога невядома.
– I куды ж вы цяпер?
– Да тут недалёка. Трубу загадана прынесці. Дык яму гэта не ношка, а чаму мяне, лядашчага, паслалі? Дарэчы, пазнаёмся, – нарэшце спахапіўся Мурач, паказваючы на свайго спадарожніка.
Але Зазыба рукі таму не падаў. Буркнуў:
– Ведаю я яго.
Чалавек таксама не паімкнуўся да шчырасці. Штосьці прамармытаў, як сам сабе.
– Ён з Астраўка, – быццам жадаючы звесці людзей аднаго з другім, удакладніў Мурач.
– Ды ведаю я! – ужо нервова прамовіў Зазыба.
– Бачу, сапраўды вы даўнія знаёмыя, – расчаравана сказаў Мурач. – То раскажы пра сябе. Здаецца ж, не ў твае гады тут бадзяцца?
Зазыба засмяяўся:
– Гэта ты акурат сказаў. Але выйшла так. Накіравалі з раёна сюды часова, а сам жа ведаеш – няма нічога больш працяглага, чым часова. Служу тут у адной камандзе.
– А ў Верамейках? У Верамейках даўно быў?
– Мінулым снежнем.
– Хтосьці казаў мне, што і вы пагарэлі?
– Ага, пагарэлі.
– То мы недалёка стаім тут, можа б, калі наведаўся?
– Кажуць жа, хутка наступаць будзем?
– Дык гэта ж не вялікая перашкода!
– Ладна, я неяк пашукаю вас. Гэта ж ваш Скандзілаў таксама загінуў?
– Гарачы быў. А ўвогуле, кожнаму свая куля адліта. Нашых многа загінула і пад Гарбавічамі, і ў блакаду, і тады, як хадзілі на Забор’е. Планавалі ж аперацыі клятнянцы, а выконваць іх пасылалі нас. Ды ўсё на ўмацаваныя нямецка-паліцэйскія станы. Так што… Ну ды ладна, вось прыйдзеш да нас, мы яшчэ пагаворым.
– Што школы? – раптам спытаў Зазыба. – Працуюць?
– Там цяпер бабскае царства. Усім запраўляюць жанчыны. Але школы працуюць. Дзе ў зямлянках, дзе ў стайнях. Словам, разумнае і вечнае па-ранейшаму сеюць.
– Школа без мужчыны, – сказаў Зазыба, – што двор без гаспадара.
– Твая праўда, Зазыба.
Мурач падаў на развітанне руку Дзянісу Яўменавічу. Сказаў:
– То мы пойдзем.
Але спадарожнік яго не рашыўся развітацца за руку.
Сапраўды, гэты чалавек быў з Астраўка, невялікага пасёлка, што прыляпіўся некалькімі дварамі да сухога берага Печанежы, Звалі яго ў пасёлку з-за выгляду цыганом. Казалі, што сілы ён быў неверагоднай. Ды і звонку яна выдавала сябе сама. Але ў Зазыбы з ім адбылася адна сустрэча, якая адвярнула яго ад гэтага чалавека, якім шмат хто захапляўся не толькі ў Астраўку, у навакольных вёсках таксама.
Зазыба ў той дзень ішоў з Бабінавіч. Мароз быў нямоцны, але даўно ўжо ляжаў снег; у паветры стаяла золкасць, якая часам даймае чалавека горш за мароз. I вось на дарозе з Астраўка ў Зялёнкавічы, так званы прыгарад Бабінавічаў, Дзяніс Яўменавіч убачыў двох чалавек, якія ішлі адзін за адным. Гэтага велікана пазнаць было не цяжка. На сабе ён меў вялізны кажух з чорных аўчын, а ў руках трымаў скручаную ў колца доўгую пугу, завязаную на канцы вузлом. Выгляд у яго быў зусім непрыступны, усё роўна як ён трымаўся напагатове разарваць на кавалачкі кожнага, хто заступіць дарогу. Шапкі на галаве велікан не меў. Праставалосы быў таксама і другі чалавек. I таксама зарослы чорнай шчэццю, з кучаравымі кудламі на галаве. Але ў той час, як велікан ступаў па снезе ў валёнках, гэты ішоў босы. Пры гэтым рытм у хадзе задаваў велікан, час ад часу лупцуючы сваю ахвяру пугай. Цяжка сказаць, наколькі змякчаў ягоныя ўдары кажушок на небараку, але можна было ўявіць, што адчуваў чалавек, ступаючы босымі нагамі па снезе, калі ўвогуле яшчэ здольны быў на нешта падобнае. Зазыба прыгледзеўся да драбнейшага дзецюка. Ім аказаўся вядомы ў наваколлі яўрэй, які да вайны працаваў у спажывецкай кааперацыі ў якасці каравачніка. Са сваёй скрыняй ён едзіў па вёсках, збіраў так званую ўторсыравіну, звычайнае рыззё, якое ніхто не выкідваў, чакаючы каравачніка. Зразумела, што такога чалавека ведалі ў вёсках мала, ці не ўсе. Зазыба таксама доўга не раскідваўся ў здагадках – канечне ж, Хаім-каравачнік. Але адкуль цыган яго гоніць? Тое, што ў мястэчка, не выклікала сумнення. Але вось так, босага, пры дапамозе пугі, з якой пасуць статак? Значыць, трэба накапіць у сабе на чалавека шмат злосці, альбо мець каменнае сэрца. Дзяніс Яўменавіч не стаў праходзіць міма дзіўнай працэсіі. Нягледзячы на рашучы выгляд паганятага, ён перагарадзіў абодвум дарогу, спытаў у таго:
– Адкуль ты яго?
– А табе што за справа? – буркнуў велікан.
– Дык… – Зазыба хоць і сумеўся, аднак з дарогі не саступіў.
Няйначай, велікан адчуў упартасць былога верамейкаўскага старшыні, сын якога служыў цяпер валасным пісарам, меў добрыя сувязі з местачковымі немцамі. Таму з ім абы-як абысціся, можа, нават небяспечна было. I ён стрымаўся, не стаў сцябаць пугай яўрэя. Тым часам Зазыба узяу сябе ў рукі. Дагаварыў тое, што прыпыніў ад раптоўнай зніякавеласці.
– Чалавека вось гэтак жа нельга!.. – паказваў ён на Хаіма-каравачніка.
– Цяпер жыд не чалавек. Цяпер з жыдоўскай скуры бубны робяць, кашалькі і розную іншую драбязу. Дакладней, тое, што ён, гэты ваш Хаім, некалі вазіў па вёсках у сваёй скрыні, абдурваючы баб. У некаторых вёсках нават кучаравыя жыдзёнкі бегаюць. Хіба ж не яго работа?
– Можа, яго, а можа, і не, – усё роўна як згадзіўся Дзяніс Яўменавіч. – Але куды ты гоніш яго, босага?
– У паліцыю, – адказаў цыганаваты мужык. – Я хацеў, каб мірна ўсё паміж нас адбылося. А ён упарціцца.
– А што ты хочаш ад яго?
– Каб заплаціў. Нездарма ж я столькі высочваў яго.
– Дык у чым затрымка? Узяў бы вось кажух.
– У мяне свой нягоршы. Няхай дастае залатоўкі.
– Дзе ў мяне тыя залатоўкі? – акурат заенчыў яўрэй. – Залатовак пры савецкай уладзе ўсе баяліся. Дык навошта мне іх было запасіць?
– Бо ты – жыд. А вашы без гэтага не могуць. Іх кожнага патрасі за ногі, золата пасыплецца і з вушэй, і з рота, і з ноздраў, не кажучы пра патаемныя кішэні.
– Ну а калі ў яго і праўда няма залатовак? – паціснуў плячыма Зазыба.
– Няхай у каго-небудзь перахопіць, а мне заплоціць. Нездарма ж я высочваў яго.
– Хто цяпер дасць? – зноў плаксіва сказаў Хаім, але па-ранейшаму цярпліва стаяў босы на снезе.
– Ну, гэта ўжо твой клопат! – адрэзаў ягоны паганяты.
Было зразумела, што і ён, і яўрэй Хаім працягвалі ў прысутнасці Зазыбы даўнюю размову, і кожны па-ранейшаму стаяў на сваім канцы. Зазыбава ўшчуванне чорнаму велікану ніякай карысці не давала. Адно што адтэрміноўвала момант, калі яўрэй мог трапіць у бабінавіцкую паліцыю. Тады Зазыба рашыўся на апошняе:
– А калі я табе заплачу за яго?
– Ты? – здзівіўся астравецкі дзяцюк. – А навошта гэта табе?
– Жывы ж чалавек, – развёў рукамі Дзяніс Яўменавіч. – Трэба памагчы. Пра гэта яшчэ ў Бібліі сказана.
– Ну-у-у, калі гэта было! – паганяты цяжка падумаў і зусім нечакана спытаў: – А ты не хлусіш, што можаш заплаціць за яго!
– Справа няхітрая, – адказаў Зазыба. – Жывем жа сярод людзей. Пахаджу з шапкай з двара ў двор.
– Калі гэта ў верамейкаўцаў было золата? – засумняваўся паганяты. – Яго ў вашых вытраслі яшчэ ў дваццатыя гады.
– Ну, хто аддаў, а хто і затрымаў, – разважыў Дзяніс Яўменавіч.
– I ты затрымаў? – усё роўна як не паверыў цыганісты чалавек.
– Ну, не я асабіста, але жонка сёе-тое прыхавала.
Астравецкі вымагальнік пачухаў праставалосую галаву, нечакана прапанаваў:
– Тады пойдзем зараз жа ў Верамейкі.
– А ён? – паказаў на Хаіма Зазыба.
– Дык і ён з намі.
– Босы?
– А яму ўжо, здаецца, усё роўна. Цяпер будзе бязногі.
– Па тваёй літасці?
– Было не ўпарціцца.
Тым часам Зазыба рашыў па-свойму зрабіць.
– Навошта нам цяпер жа падавацца ў Верамейкі? – разважыў ён. – Я табе сам прынясу, што належыць. Колькі ты патрабаваў ад яго?
– Пятнаццаць залатых. Царскіх.
– Ну-у-у, гэта яшчэ па-боску.
– Дык ці ж я звер які?
Зазыба не стаў пярэчыць. Працягваў выкладаць свой план далей.
– Дык пятнаццаць залатых я табе здабуду і прынясу днямі ў Астравок. Ты толькі дома будзь. А Хоня тым часам няхай бяжыць адсюль у Вусаўку. Там, у першай хаце, мой добры знаёмы жыве. Чуеш, Хоня?
– Чую.
– То не стой. Бяжы зараз жа.
Астравецкі мужык, здавалася, мала што разумеў, куды хіліў справу Зазыба. Ён верыў і не верыў, што Дзяніс Яўменавіч добраахвотна прынясе выкуп. Але гнаць яўрэя ў мястэчка таксама ўжо не рашаўся. Хто ведае, ці атрымае ён узнагароду ў паліцыі за злоўленага каравачніка, ці не. Была і яшчэ адна прычына для наступіўшай нерашучасці. Нечаканае з’яўленне на дарозе верамейкаўскага ўплывовага чалавека адразу насцярожыла – у цябе ў руцэ пуга, а ў яго, можа, прыхаваны ў кішэні рэвальвер. Да таго ж, ісці за Бесядзь не складала прыемнасці. Каго толькі не сустрэнеш там? Асабліва, калі гэты ж Зазыба раскажа, як ён гнаў у мястэчка знаёмага жыда. Таму ён таксама рашыў прыняць Зазыбаву прапанову.
– Добра, – сказаў ён, стрымліваючы сэрца, – няхай гэты жыд ідзе сабе, куды хоча. Але калі ты, Зазыба, падманеш мяне і не прынясеш выкуп, я зноў высачу яго. Я запомніў пах яго. Смярдзіць вакол сябе на сто метраў.
Хоня не прымусіў сябе ўгаворваць, кінуўся з усіх ног на вусаўскую дарогу. Бег ён шпарка, акурат у абутку, нават незразумела было, як вытрымлівалі ўсё гэта ягоныя ногі…
Зазыба, між тым, не спяшаўся разыходзіцца з чорным чалавекам. I не таму, што з ім цікава было. Наадварот, ад яго патыхала звычайным быддам. Але ў Дзяніса Яўменавіча мелася задача – затрымаць велікана на дарозе, каб ён не апамятаўся і не рынуўся следам за яўрэем Хаімам. Тым больш што ён чуў, як гаварыў Зазыба, каб Хаім пагрукаўся ў першую хату ў Вусаўцы, да ягонага знаёмага.
Да Вусаўкі адтуль было недалёка. Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як Хаім знік з дарогі. Значыць, знаходзіўся ўжо недзе ўхаце. Тады і Зазыба рушыў далей па вусаўскай дарозе. Разгублены астравецкі вымагальнік застаўся стаяць на тым жа месцы. Ён вельмі лаяў і праклінаў Дзяніса Яўменавіча, але ўкусіць не меў магчымасці. Дужа ж ўпэўнена паводзіў сябе верамейкаўскі ардэнаносец, хоць праз адно ўжо яму не хвост падымаць, а гніды прышчаміўшы хадзіпь.
– Ну ладна, вы яшчэ мяне запомніце! – пагразіў ён у той бок, дзе зніклі нядаўнія яго субяседнікі.
Хаім так і зрабіў, як параіў яму Зазыба. Калі Дзяніс Яўменавіч прыйшоў у Вусаўцы ў хату свайго знаёмага, Хаім трымаў ногі ў карыце з вадой. Гаспадар быў чалавек вопытны, паляўнічы, няраз абмарожваў то шчокі, то ногі, таму адразу прымусіў Хаіма апусціць ногі ў халодную ваду. Наперадзе небараку чакалі самаробная мазь, зробленая на барсуковым сале, і гарачае чарано. Але спадзявання, што ногі ўцалеюць, ні ў кога не было. Ды зрэшты пра гэта і не гаварылі. Але дужа здзівіў усіх у хаце Хаім. Ён пакорпаўся ў сваіх швах на адзенні, дастаў манету ў пятнаццаць царскіх рублёў і падаў Зазыбу.
– Гэта табе, калі раптам надумаешся плаціць таму нягодніку.
– А чаму ж сам не аддаў? – спытаў Зазыба.
– Бо ён пра мяне нядобра гаварыў, – адказаў Хаім. – I пра ўсіх яўрэяў.
– Ну вось, а цягіер застанешся без ног, – пахітаў галавой Зызыба.
– Мыліцы зраблю. Галоўнае, што застаўся жывы. Вернуцца нашы, буду зноў ездзіць на кані. – I ўсміхнуўся. – Дык навошта мне ногі?
– Н-у-у, калі так…
Бадай, гэта быў самы дзіўны чалавек з тых, хто сустракаўся на зазыбавым жыццёвым шляху!
Зразумелая справа, што ніякіх залатых рублёвак Зазыба ў Астравок не насіў. Ён увогуле больш не бачыў цыганападобнага мужыка. I толькі тут, у Расне, раптам сустрэў. Здавалася б, зямляцкія пачуцці павінны былі растапіць. Зазыбава сэрца. Але не. Ён не дараваў яму Хаімава калецтва, бо сапраўды партызанскі доктар адрэзаў ступні ног бабінавіцкаму каравачніку. Аднак Мурачу Дзяніс Яўменавіч не стаў гаварыць пра гэта.
VII
Алеся Астрашаба і трох забітых немцаў на шашы паміж Койданавам і Мінскам прывезлі ў Мінск у той жа дзень. Уласна кажучы, з гэтым нават праблемы ніякай не было. Пашкуматаныя кавалкі чалавечых целаў паклалі на вайсковыя палаткі, ускінулі ў кузаў грузавіка, у якім ехалі следам за «Мерседэс-бэнцам» салдаты з Масеем. Менш за ўсіх знявечаны застаўся труп Астрашаба. Масей нават недзе здаволены быў, што не трэба было важдацца з крывавай масай. Але хаваць на вайсковых могілках у Мінску разам з немцамі Алеся таксама не дазволілі. Немцы проста адмовілі беларусам наладзіць агульнае пахаванне. Нават час для Масеевага сябра быў перанесены на пазней. Пры гэтым, будучы здаволены ў душы, што якраз гэтак атрымлівалася, ён моцна здзіўлены быў, што ніхто з Беларускай цэнтральнай рады не стаў дапамагаць Масею ў пахаванні, чаго нельга было сказаць пра гарадскую ўправу, дзе працаваў Астрашаб. Якраз там Масею і параілі адмовіцца ад настойлівасці наладзіць агульнае пахаванне. Нехта нават сказаў – гэта яшчэ невядома, што прынясеш Алесю, калі пакладзеш побач з немцамі: вечную радасць ці вечны смутак. Масей пасля гэтага паразважаў моцна, параіўся з Леакадзіяй, а тады забраў труну з целам свайго сябра з гарадскога морга, каб перавезці на Ніжне-Пятроўскую вуліцу. Леакадзія як села, скамянелая, каля труны, так і прасядзела амаль нерухома. Але не плакала, быццам, нарэшце, ўсцешылася, што Алесю ўжо не трэба будзе ехаць ад яе, акрамя як у вечнасць, якой нікому не мінаваць. Яна была жанчына хоць і не надта набожная, але ў рай і пекла верыла. Таму ўсе думкі яе цяпер былі скіраваны на адно – няхай бы ўсявышні пачуў яе малітву і даў месца Алесю ў раю. Пахаваннем займаўся Масей. Аднак і людзі на Ніжне-Пятроўскай вуліцы аказаліся дружныя. На двары ў Леакадзіі, пакуль у хаце стаяла труна, пабывала шмат народу. Знайшліся ахвотнікі выносіць труну, несці вянкі і кветкі. Кветак не шкадавалі, бо ў агародах яны цвілі ў кожнага. Як і належыць у такім выпадку, суседзі варылі ў сваіх печах памінальны абед.
Між тым падыходзіў час, калі нябожчыка належала везці на могілкі. Чакалі толькі грузавік, каб паставіць на яго труну, ды яшчэ каго-небудзь з вышэйшага начальства гарадской управы, хутчэй за ўсё намесніка бургамістра Дземідзецкага-Дземідовіча, колішняга ад’ютанта Пілсудскага. Але хіба ж бывае калі, каб д’ябал не паспрабаваў наблытаць што-небудзь на пахаванні чалавека. Раптам у хату, дзе стаяла труна, зайшоў нямецкі унтэр-афіцэр і прапанаваў ад імя Села, кіраўніка палітычнага адцзела СД, таксама пахаваць Астрашаба разам з тымі, з кім ён загінуў ад выбуху міны. Аказваецца, у самую апошнюю хвіліну недзе было вырашана адвезці цела забітага штандартэнфюрэра Сікса ў Берлін і там з імперскім ушанаваннем адцаць зямлі побач з самымі выдатнымі дзеячамі нацыянал-сацыялістычнай партыі. Аб гэтым у сталіцы рэйха хадайнічалі сябры Сікса, а найперш – жонка. Словам, на могілках былі выкапаны тры ямы. У адну з іх цяпер не знаходзілася каго класці. Зразумела, што ўспомнілі пра Астрашаба. А чаму б і не пахаваць двух непрыкметных немцаў (аднаго афіцэра, другога – унтэр-афіцэра) разам са шчырым беларусам, тым больш што спроба зрабіць гэтак прадпрымалася з боку саюзнікаў. Хтосьці ва ўпраўленні СД нават пажартаваў, маўляў разам злоўлены – разам павешаны. Канечне, гаварыць гэтак пра зладзеяў справяддіва. Але ж пра салдатаў… Масей перамовіўся з унтэр-афіцэрам, зразумеў сутнасць ягонай прапановы, тады сказаў Леакадзіі. Дзіўна, аднак не дужа вопытная ў падобных справах жанчына не спакусілася запозненай нямецкай ласкай і наадрэз адмовілася мяняць месца пахавання. «Хопіць, – сказала яна Масею, – ён і без таго залішне многа служыў ім. Служыў, а сам пакутваў ад таго».
Думаецца, што Леакадзія найлепш ведала Алеся Астрашаба. I толькі пасля ўжо Масей.
Нарэшце на Ніжне-Пятроўскай вуліцы, супроць дома, дзе сабраліся праводзіць у апошні шлях нябожчыка, спыніўся легкавы аўтамабіль. За ім, не больш як праз хвіліну, загурчэў пад вокнамі грузавік. Немцы ўсё-ткі не пакінулі без увагі супрацоўніка гарадской управы, бо ў кузаве грузавіка разам з цывільнымі сядзела чацвёра салдатаў, відаць, накіраваныя на дапамогу жыхарам вуліцы. З легкавушкі сапраўды вылез намеснік бургамістра Дземідзецкі-Дземідовіч. Важна, як і належыць вялікаму чыну, ён прайшоў праз двор у хату, спыніўся ў нагах нябожчыка. Твар у яго быў непранікальны, акурат намеснік бургамістра ўвесь час насіў на ім маску. У яго быў вялікі паслужны спіс на карысць немцаў, бо пачаў адкрыта служыць яшчэ ў саракавым годзе, калі, вядома, не раней. У Мінск у сорак першым ён таксама трапіў сярод першых, у ліку тых пяцідзесяці беларусаў якія прыехалі на радзіму проста з Берліна на розныя пасады, якія зараней падрыхтавалі ім немцы. Паходзіў «ДД», так іншы раз за вочы называлі Дземідзецкага-Дземідовіча, з Пухаўшчыны, з вёскі Хідра, дзе ў яго бацькі некалі быў маёнтак. Трэба сказаць, што ён адразу ж з’ездзіў туды з Мінска, але абжываць нанава не рашыўся, бо працы ў маёнтку знайшлося б на гады. I гэта гады, калі ўвесь час у ім самім жыло адчуванне нестабільнасці і нетрываласці, дакладней, часовасці, дарма што ў пачатку вайны здавалася ўжо, што з бальшавікамі нарэшце пакончана. Хутчэй за ўсё, што хопіць аднаго-двух дадатковых намаганняў і вермахт даб’е на Волзе і на Каўказе савецкія арміі, а тыя войскі, што абаранялі Ленінград і Маскву, самі здадуцца на літасць пераможцаў. Аднак калі гаварыць шчыра, то Дземідзецкі-Дземідовіч таксама падмануўся. Сёння баі ўжо ішлі на ўсёй тысячы кіламетраў беларускай зямлі на межах яе з Расіяй і Украінай. Праўда, арміі групы «Цэнтр» моцна абараняліся, і на многіх участках агульнага фронту іншы дзень Чырвонай Арміі ўдавалася прайсці тры-пяць кіламетраў Але, як кажуць, сіла салому ломіць. Немцы не чакалі такога наступлення ў Беларусі, таму не мелі дастаткова рэзерваў. У выніку гэтага супраціўленне савецкім арміям трох беларускіх франтоў паступова слабела. I ўжо на трэці дзень савецкага наступлення дасведчаныя людзі ў Мінску не сумняваліся, што нямецкай акупацыі ў Беларусі надыходзіць канец. Ні Дняпро, ні Беразіна, ні Нёман не затрымаюць бальшавікоў.
Пастаяўшы колькі часу каля нябожчыка Астрашаба, Дземідзецкі-Дземідовіч распарадзіўся выносіць труну. Хтосьці сказаў пра гэта немцам, якія тоўпіліся каля машыны на вуліцы, але мясцовыя дзядзькі не дазволілі ім дакрануцца да труны, самі ўзялі яе на рукі і вынеслі ў двор, паставіўшы там на дзве табурэткі. Такі звычай. Немцы, відаць, зразумелі, што беларусы хочуць самі зрабіць усё на пахаванні, таму больш не імкнуліся дапамагаць. Але ім быў аддадзены загад зрабіць на магіле Астрашаба салют, і яны зноў цярпліва чакалі на вуліцы, каб ехаць на могілкі.
Дземідзецкі-Дземідовіч сеў у машыну, да яго тут жа далучыўся шафёр. Акрамя іх у машыне больш людзей не было, аднак намеснік бургамістра нікога не запрасіў, дарма што жадаючых паехаць на могілкі знаходзілася шмат. Нават Масею Дземідзецкі-Дземідовіч не прапанаваў месца.
Мужыкі паднялі з табурэтак труну, вынеслі яе на плячах на вуліцу, каб метраў дзвесце пранесці ўслед за грузавіком.
Масей з Леакадзіяй ехалі на бакавой лаўцы ў грузавіку, побач з труной Астрашаба. Леакадзія і цяпер не плакала, здавалася, усё ў ёй высахла і не было слёз. Масей і тут, на могілках, узяў на сябе права распараджацца. Аказваецца, няхітрая гэта справа пахаваць чалавека.
Ад імя гарадской управы над магілай гаварыў Дземідзецкі-Дземідовіч. У яго атрымалася звычайная прамова: маўляў, Алесь Данілавіч Астрашаб быў свядомы працаўнік на ніве беларускай гісторыі, шмат зрабіў для нацыянальнай культуры горада, але варожая рука дастала і яго, як і многіх іншых нашых змагароў. Вядома, што пры гэтым нагадаў пра Іваноўскага, Акінчыца, Казлоўскага… Нават Кубэ чамусьці дадаў да мартыралога. Але прамову ўсё-ткі закончыў бадзёра, нагадаўшы прысутным, што неўзабаве адбудзецца Другі ўсебеларускі кангрэс, які на ўсе часы замацуе ў нас беларускую ідэю – дзяржаўную і нацыянальную.
Масею таксама карцела слова-другое прамовіць над труной даўняга сябра, які апошні час быў для яго апорай і надзеяй. Але стрымлівала яго даволі дзіўная акалічнасць – чамусьці не падабаўся яму натоўп, што сабраўся вакол магілы. Выходзіла, што і твары ў прысутных нейкія падазроныя, і паводзяць яны сябе не так, як трэба… Словам, прычынаў набіралася нямала. Дык навошта тады высільвацца? Тым больш што Алесь, няйначай, даруе на тым свеце яго цяперашнюю стрыманасць.
За намеснікам бургамістра больш ніхто не папрасіў слова. і Масей даў каманду забіваць вечка. I тут раптам залямантавала Леакадзія. Яе акурат прарвала. Яна ўпала на грудзі мёртваму Алесю, пачала штосьці выкрыкваць неразборлівае. Каб не чуць жаночага енку, Масей адступіў ад магілы крокаў на пяць, застыў там у здранцвенні. Далейшае пахаванне адбывалася ўжо без яго. Хтосьці адарваў ад нябожчыка Леакадзію, адвёў яе ад ямы, каб яна не палезла туды. Пахавальная каманда ў адно імгненне прыбіла да труны цвікамі вечка, пачала апускаць на вяроўках груну ў яму. Грымнулі стрэлы салюта. Яны прагучалі тут так недарэчы, што Масей, вярнуўшыся зноў, калі можна так сказаць, у жывы стан, здрыгануўся ўвесь, быццам хтосьці кінуў яму за каўнер жабу-рапуху.
VIII
Уласна кажучы, баі на межах так званага «пятага беларускага балкона» завязаліся 22 чэрвеня, у трэцюю гадавіну пачатку вайны. Але ўсе чатыры савецкія франты (тры беларускія і адзін прыбалтыйскі) зрушылі з рубяжоў, на якіх прастаялі ледва не па году, толькі на другі дзень, 23 чэрвеня. Перад тым паміж Раснай і Проняй на вастрыё прарыву быў выстаўлены 121-ы корпус, які зімой ужо наступаў на Быхаў дапамагаючы 3-й арміі заняць новы плаццарм. Войскі корпуса былі абстраляны, вызначаліся рухомасцю: у ходзе аперацыі «Баграціён» яны мелі задачу з другога эшалона 49-й арміі ўвайсці ў прарыў і далей рухацца на Магілёў.
Уранні ў раёне Расны над Проняй стаяў туман. Зразумела, што ён стрымліваў пачатак аперацыі, нават не дазваляў правесці артылерыйскую падрыхтоўку. Але нічога вечнага на гэтай зямлі не бывае. Усё роўна як назнарок, туман раптам падняўся над зямлёй. Па той бок ракі адкрыўся абараняльны рубеж немцаў. Пасля моцнай артылерыйскай апрацоўкі пярэдняга краю войскі 49-й арміі паспрабавалі фарсіраваць Проню. Немцы вярнуліся ў свае траншэі. Пачалі адбіваць атакі. Аднак надоўга стрымаць засядзелых у акопах чырвона-армейцаў не маглі. Асобныя савецкія падраздзяленні ўжо ламалі «балкон», выбіваючы дракону зубы. Нарэшце, немцы пад націскам праціўніка пакінулі першы эшалон абароны, пачалі адыходзіць. I тым не менш к вечару 23 чэрвеня вялікіх вынікаў не было. Дывізіі 49-й арміі здолелі прасунуцца па нямецкай эшаланіраванай абароне толькі на пяць-сем кіламетраў. А наперадзе яшчэ знаходзіліся рэкі Раста, Дняпро… Тым часам у Магілёве вызваліцелі павінны быў падняць сцяг над ратушай 28 чэрвеня. Камандаванне фронту, падводзячы вынікі першага дня наступлення, забіла трывогу. Была небяспека з боку чавускай групіроўкі ворага. Тады і саспела рашэнне ўвесці ў дзеянне дывізіі 121-га корпуса. Першай фарсіравала Расту дывізія генерала Кірылава. За ёй месца кравапралітных баёў дасягнула 238-я дывізія. А Чавусы 25 чэрвеня ўзяла 330-я дывізія. Але заставаўся яшчэ самы цяжкі ўчастак, які павінен быў адолець 121-ы корпус: ад Расты да Дняпра. Тут настала самае сапраўднае выпрабаванне для войск корпуса. I тым не менш да раніцы 27 чэрвеня 383-я і 139-я дывізіі ўступілі ў прадмесце Магілёва, у Лупалава.
Затрымлівацца на левым баку Дняпра было небяспечна, бо існавала магчымасць завязнуць у шырокай пойме гэтай ракі. Да таго ж, наступальны парыў войск меў у сабе яшчэ столькі чалавечай энергіі, што стрымліваць яго дзеля падрыхтоўкі наступлення на абласны цэнтр не мела вялікага сэнсу. Прынамсі, камандаванню 121-га корпуса вельмі хацелася ўварвацца ў Магілёў на плячах адступаючага праціўніка. Таму пераправа цераз Дняпро пачалася адразу ж, як толькі палкі 238-й і 139-й дывізій дасягнулі ракі. Нашы салдаты плылі на другі бераг на бочках, на варотах, на бярвеннях, на рыбацкіх лодках і проста так. Пры гэтым мелі з сабой палкавую і батальённую артылерыю, якую не выкарысталі на левым беразе. Да дванаццаці гадзін асобныя падраздзяленні пачалі акопвацца на віду ў немцаў, якія моцным агнём спрабавалі скінуць наступаўшых назад у ваду. Для падтрымкі атакуючых камандаванне 121-га корпуса выставіла танкі і гарматы паўз Дняпра на прамую наводку. Накіравана была сюды і 144-я армейская гарматная брыгада, у задачу якой уваходзіла ў любую хвіліну пакінуць закрытыя пазіцыі, каб стаць таксама на прамую наводку. Пад такім агнявым прыкрыццём падраздзяленні дзвюх дывізій па пойме Дняпра падышлі пад муры Магілёва. Немцы білі па левым беразе ракі з усіх відаў зброі. У 17 гадзін нашы пяхота і супроць танкавая артылерыя занялі зыходнае становішча для штурму горада. Але штурм не адразу удаўся. Былі захоплены толькі крайнія дамы. У цэнтр Магілёва немцы наступаўшых не пусцілі. Давялося паўтараць атакі адну за адной. I толькі ўранні 28 чэрвеня нарад быў ачышчаны ад фашысцкіх акупантаў. У палон трапіла звыш трох тысяч нямецкіх салдатаў і афіцэраў. Быў захоплены штаб 12-й пяхотнай дывізіі на чале з генералам Бамлерам і камендантам Магілёўскага умацавальнага раёна генералам Эрмансдорфам.
Кожны ведае, што пералік лічбаў і фактаў у рамане не на карысць яго мастацкай форме. Але ж падрабязнасці так хутка сціраюцца ў памяці!..
* * *
Вядомая справа, што такі няўрымслівы чалавек, як генерал Зеленадольскі, не мог заставацца ў Расне, якая нарэшце апынулася ў тыле наступаючых войск. Ужо на трэці дзень аперацыі «Баграціён» ён пачаў хвалявацца, ездзіць у штаб фронту, а 24 чэрвеня абвясціў сваім падначаленым, што настаў нарэшце час і ім рушыць бліжэй да галоўных падзей у гэтай вайне. У яго нічога не было другараднага. Ім усё ўспрымалася як галоўнае. Здавалася, былі ўжо Маскоўская бітва, Сталінградская, Курска-Арлоўская, але цяпер ён лічыў за галоўную беларускую аперацыю. I хоць сам ён войскамі даўно ўжо не камандаваў, аднак лічыў, што без ягонага хоць ускоснага ўдзелу ў падзеях немагчыма.
Як і заўсёды, генеральскі «віліс» быў гатовы ўдарогу хоць зараз. Але цяперашняя паездка адрознівалася ад ранейшых. Гэты раз належала пераязджаць кудысьці ў іншае месца з усёй гаспадаркай. Зразумела, што ў «віліс» яна не памяшчалася, таму ўвесь дзень 24 чэрвеня генералава каманда чакала «студабекера». Амерыканскі грузавік прыехаў у мястэчка толькі пад самы вечар. Але да цёмнага ўся генеральская гаспадарка, таксама як і рэчы астатніх членаў каманды, былі складзены ў кузаве «студабекера», а той-сёй з чырвонаармейцаў уклаліся спаць на свежым паветры ў кузаве. Пакідалі Расну на другі дзень рана. Генерал меркаваў што прыпынак давядзецца шукаць недзе пад Чавусамі. Але Чавусы былі заняты савецкімі войскамі 25 чэрвеня, якраз у той дзень, калі «віліс» генерала Зеленадольскага паварочваў з Расны на Чэрыкава-Чавускую дарогу, што вяла да Магілёва. Генерал пра гэта яшчэ не ведаў таму прыкідваў па карце, дзе лепей будзе атайбавацца. Так нічога і не прыдумаўшы, ён пакінуў вырашэнне пытання на волю лёсу. Урэшце, недзе ўжо паблізу першага эшалона наступаючых войск павінен знаходзіцца камандарм 49-й генерал-лейтэнант Грышын. На яго і адклаў надзею Пракоп Аўрамавіч. Грышын абавязкова што-небудзь параіць. Ды яшчэ і рады будзе мець пры сабе лішняга генерала. Але чорт і тут перабег дарогу генералу Зеленадольскаму. Перад тым як выехаць на Магілёўскую шашу, аўтамашыны ягонай каманды перагнаў нейкі картэж з начальствам і спыніўся проста на дарозе. Да «віліса» генерала Зеленадольскага падскочыў незнаёмы палкоўнік, аддаў чэсць і далікатна спытаў:
– Генерал Зеленадольскі?
– Так, – адказаў Пракоп Аўрамавіч.
– Вас кліча член ваеннага савета.
Генерал Зеленадольскі вылез з «віліса», пашыбаваў следам за палкоўнікам, спрабуючы здагадацца наперад, якога рангу член ваеннага савета спыніў свой імклівы картэж дзеля такога выпадку. Аказваецца, патурбаваў Пракопа Аўрамавіча член ваеннага савета Другога беларускага фронту Мехліс, даўні любімец Сталіна. Страшней чорта ўжо і не патрэбна было!..
– Генерал Зеленадольскі? – спытаў Мехліс, быццам ніколі не бачыў Пракопа Аўрамавіча.
– Так точна, таварыш член ваеннага савета, – падабраўся ўсім хударлявым целам Пракоп Аўрамавіч.
– Што вы тут робіце? – усё яшчэ спакойна дапытваўся Мехліс.
– Пераязджаем бліжэй да фронту, таварыш член ваеннага савета.
– А хто вам дазволіў рабіць гэта? – Было відаць, як закіпалі нарэшце чорныя вочы любімца Сталіна. – Генерал Захараў?
Пракоп Аўрамавіч маўчаў.
– Генерал Багалюбаў?
– Не, таварыш член ваеннага савета.
– Тады хто? – ужо ледва стрымліваўся Мехліс.
– Я званіў камандарму Грышыну, таварыш член ваеннага савета.
Нарэшце Мехліса прарвала і ён проста закрычаў на генерала Зеленадольскага:
– Твой Грышын такая ж задніца, як і ты сам! А цяпер слухай маю каманду – заварочвай свае машыны назад і сядзі у Расне да асобнага распараджэння! Знайшоўся мне паслядоўнік Чапаева! У бой, бачыце, ірвецца! Там і без цябе хапае генералаў!
Пракопу Аўрамавічу зрабілася крыўдна, што Мехліс не лічыў патрэбным стрымліваць сябе. Але страху ён не спазнаў. Больш таго, з’явілася адчуванне ў душы, што яму з кожным імгненнем становіцца смешна і ад Мехлісавага крыку і ад яго лупатых яўрэйскіх вачэй. Канечне, пярэчыць члену ваеннага савета фронту ён не рашыўся, аднак насуперак усяму ўдакладніў:
– Я не чапаевец, таварыш член ваеннага савета, я – шчорсавец, а потым будзёнавец.
– А чым лепей твой Шчорс? Ды і Будзённы? Такія ж анархісты, як і ты.
Генерал Зеленадольскі адчуў, што далейшая гаворка з Мехлісам можа далёка завесці, таму паднёс руку да фуражкі, спытаў:
– Дазвольце выконваць загад, гаварыш член ваеннага савета?
– Словам, каб я цябе і блізка не бачыў каля перадавой, – зноў прыгразіў Мехліс. – А калі няма чаго рабіць, то наведвайся часцей у штаб фронту. Там леташніх папераў сабралася бага-а-та. Перакладвай з аднае папкі ў другую. А можа, некалі спатрэбяцца.
Пракоп Аўрамавіч вярнуўся да свайго «віліса», растлумачыў падначаленым, на каго яны наскочылі тут і што з таго выйшла. У Расну каманда вярталася з вялікай неахвотай.
І ўсё-ткі генералу Зеленадольскаму не давялося доўга прабыць у Расне. Можна сказаць, усяго нейкія гадзіны. У той дзень, як Мехліс забараніў Пракопу Аўрамавічу перамясціцца бліжэй да гарачых падзей, у штаб фронту прыйшла вестка аб гібелі камандзіра дывізіі генерал-маёра Лазарэнкі. Іван Сідаравіч быў сябрам Пракопа Аўрамавіча яшчэ з васемнаццатага года. Як і генерал-маёр Зеленадольскі, Лазарэнка да вайны (а служыў ён у Чырвонай Арміі з 1917 года) вырас толькі да першага генеральскага чыну, які яму прысвоілі за ўдзел у савецка-фінскай вайне; у сорак чацвёртым годзе ён хадзіў у тым жа чыне, што і ў саракавым. З прасоўваннем па службе ў яго атрымлівалася, як і ў Пракопа Зеленадольскага. Праўда, Пракоп Аўрамавіч за гэты час паспытаў таксама лагернага жыцця. Але Лазарэнка лічыўся добрым камандзірам, таму шмат каму незразумелым быў яго вайсковы лёс.
Нягледзячы на забарону Мехліса, смерць старога таварыша давала магчымасць генералу Зеленадольскаму звярнуцца да каго-небудзь з высокапастаўленых вайсковых начальнікаў за дазволам паехаць на пахаванне. Як на тое, у штабе трапіўся генерал Багалюбаў. Пракоп Аўрамавіч расказаў начальніку штаба, якая ў яго патрэба. «Хто ж стане пярэчыць у такой справе?» – адразу зразумеў генерала Зеленадольскага Багалюбаў. Тады Пракоп Аўрамавіч далажыў аб сваёй размове з членам ваеннага савета Мехлісам. «Лютуе Леў Захаравіч, – пакруціў галавой начальнік штаба фронту. – Вельмі хоча ў напалеонаўскія маршалы трапіць. Але я бяру наперад тваю віну на сябе, Пракоп Аўрамавіч. Едзь у тыя Халмы, дзе адбылася трагедыя. Гэта недзе не дужа далёка ад Чавусаў. Я асабіста даручаю вам заняцца пахаваннем генерала Лазарэнкі. Свае прапановы дашліце як хутчэй».
Пакуль генерал Зеленадольскі дабіраўся да Халмоў ён збольшага ўжо ведаў што здарылася там з ягоным сябрам.
Дывізія Лазарэнкі пераправілася цераз Проню амаль без мастоў і падручных сродкаў. Проста ў некаторых месцах ракі было выслана каменнем дно. Пад вадой аказаліся звычайныя брукаванкі. Па іх і рушылі на прарыў палкі дывізіі. Першая лінія нямецкай абароны была змята амаль адразу.
Ад Проні да другой тутэйшай ракі Басі пятнаццаць кіламетраў. Здавалася, немцы ўжо не стануць чапляцца за новы водны рубеж. Аднак спадзяванні нашага камандавання аказаліся дарэмнымі. Немцы здолелі за адзін дзень наладзіць супраць нашых войскаў ажно сем контратак. Дзе-нідзе ім удалося пацясніць некаторыя часці дывізіі, не пусціць іх за раку Бася. Тады Лазарэнка прыняў неардынарнае рашэнне. Прыкрыўшыся справа адным палком і супроць танкавай артылерыяй, рушыў з асноўнымі сіламі дывізіі на ўмацаваны рубеж, які ў немцаў меў кодавую назву «Усходняя Прусія», каб адным часам фарсіраваць і Расту.
«Віліс» Івана Сідаравіча Лазарэнкі ў першыя дні наступлення ўздымаў пыл шмат на якіх дарогах. Нейкая прычына прывяла яго і ў вёску Халмы. Яна яшчэ дагарала, калі генералаў «віліс» апынуўся на вуліцы вёскі. Людзі беглі з лесу тушыць свае хаты. З’яўленне савецкага генерала ў іхняй вёсцы зрабілася сапраўднай нечаканасцю. Вяскоўцы абступілі «віліс», штосьці крычалі, камусьці пагражалі… Тым часам генерал надумаў ехаць далей, дарма што ад’ютант упарта адгаворваў яго, бо з вёскі толькі што выйшлі немцы. Аднак генерал не хоча слухаць. «Віліс» зноў імчыць па палявой дарозе. I тут з лесу выпаўзаюць, усё роўна як напярэймы, варожыя танкі. Іх пяць. За імі бягуць аўтаматчыкі.
– Тут, каля вёскі Драчкова, недзе назіральны пункт аднаго з нашых батальёнаў! – крычыць ад’ютант.
– Давай туды, – загадвае шафёру генерал.
Камандзір батальёна дакладвае Івану Сідаравічу, якімі сіламі валодае. Мала, вельмі мала для пяці танкаў і каля ўзвода аўтаматчыкаў.
– Вось што, – гаворыць генерал ад’ютанту, – я застануся тут з капітанам, а ты хуценька вяртайся ў Халмы і накіроўвай сюды, што трапіцца, асабліва супроць танкавую артылерыю. Ну, хоць бы адну-дзве пушкі.
Ад’ютант шыбануў на «вілісе» выконваць заданне, а генерал Лазарэнка прыліпае да стэрэатрубы. Праз акуляры відаць, што першая атака нямецкіх танкаў адбіта. Танкаў перад назіральным пунктам няма – ні падбітых, ні спраўных, але аўтаматчыкаў якія прымалі ўдзел у атацы, засталося ляжаць на полі нямала. Між тым дзень дагараў. Іван Сідаравіч стомлена расшпіліў каўнер гімнасцёркі, выцер бруднай насоўкай спацелы лоб, а тады і сівыя валасы. «Здаецца, на сёння ўсё, – гаворыць ён камандзіру батальёна. Няхай бы ваша праўда была», – акурат узрадаваўся капітан. I тут жа хтосьці крыкнуў: «Зноў танкі!» Генерал глянуў у стэрэатрубу – сапраўды, перад батальёнам аднекуль яшчэ з’явіліся нямецкія танкі ў суправаджэнні аўтаматчыкаў Камандзір батальёна пайшоў на батарэю, рашыўшы, што на назіральным пункце даволі будзе генерала. Між тым батарэя стрэліла па танках колькі разоў змоўкла. Не было снарадаў. Чырвонаармейцы адчулі гэта, пачалі хавацца за драчкоўскія хаты. Агонь па ворагу адразу аслабнуў. У акуляры генералу відаць, што на батарэі каля адной гарматы паранены артылерыст спрабуе даслаць у патроннік снарад. Але ў яго не хапае ўжо сілы. Тады Іван Сідаравіч сам спяшаецца на батарэю. Зараджае гармату. Пачынае страляць. Першы снарад кладзецца перад танкам. Другі – за ім. Затое трэці трапляе ў цэль. Генерал зноў зараджае гармату. Працягвае страляць. Пры гэтым зусім не адчувае, што па твары разам з потам цячэ кроў Нарэшце з Халмоў ад’ютант прыводзіць савецкія танкі са стралкамі. Генерал штосьці хоча сказаць яму, паварочваецца тварам. I тут раптам побач разрываецца нямецкая міна. Іван Сідаравіч падае на лафет гарматы…
Пакуль не прыехаў у Халмы генерал Зеленадольскі, ніякіх распараджэнняў аб пахаванні Лазарэнкі не было. Ён усё яшчэ ляжаў у вясковай хаце, загорнуты ў плашч-палатку. Пра труну ніхто не клапаціўся. Пракоп Аўрамавіч пазваніў у штаб фронту, папрасіў да тэлефона генерала Багалюбава. Той адразу прыняў прапановы Зеленадольскага. Так, Лазарэнку варта пахаваць у Магілёве, а пакуль горад яшчэ не ўзяты, цела генерала трэба паставіць недзе ў халоднае месца. Варта таксама абвясціць гэтае рашэнне камандавання фронтам у палках дывізіі, каб хутчэй фарсіравалі Дняпро і займалі Магілёў. У ноч з 27 чэрвеня на 28-га дывізія выканала задачу.
– Ну што ж, Дзяніс Яўменавіч, – сказаў генерал Зеленадольскі Зазыбу, – вось і знайшлася для вас справа. Думаю, што Мехліс не стане перашкаджаць.
Найперш неабходна было паклапаціцца пра труну, а тады здабыць недзе лёду. Усё гэта лягло на Зазыбу. Труну не складала цяжкасці зрабіць. Затое па лёд давялося ехаць ажно ў Лупалава, дзе яго нарыхтоўвалі зімой тыя ж немцы для мясакамбіната.
Пракоп Аўрамавіч прыйшоў паглядзець на свайго сябра чамусьці толькі тады, калі цела паклалі ў труну. Твар мёртвага генерала ўжо моцна крануў тлен. Дзіўна, аднак Пракопу Аўрамавічу, калі ён глядзеў на нябожчыка, здавалася, што гэта ён бачыць у труне самаго сябе, такога ж старога і ўжо, можна сказаць, нямоглага.
У Магілёў Лазарэнку прывезлі праз два дні пасля вызвалення горада, калі яшчэ паблізу знаходзіліся асобныя часці ягонай дывізіі. Для пахавання выбралі сквер пасярод горада. Многа гаварылі прамоў яшчэ больш і стралялі ўгору, а салдаты не хавалі сваіх слёзаў.
Пакуль знаходзіліся ў абласным цэнтры, Зазыба паспеў пахадзіць сярод руін, у якія перятварыліся гарадскія дамы. Але ўжо супроць драматычнага тэатра нейкі ўвішны яўрэй гандляваў газіраванай вадой, дарма што спажыўцамі былі пакуль адны салдаты, якія спрабавалі напіцца задарма. Гандляр з гэтае прычыны не сварыўся, здаецца, задавольваў усіх. Між тым Зазыбу заманулася было пашукаць будынак, дзе працавала пры немцах мясцовая газета. Уласна кажучы, то быў проста укладыш на рускай мове ў нямецкай газеце. Справа ў тым, што там працаваў Масей, прынамсі, друкаваў вершы, і калі хто-небудзь застаўся ў рэдакцыі ці друкарні, то мог расказаць што-кольвеч пра сына. Але наўрад ці захаваўся той будынак, абрынуўся разам з іншымі.
На гарадскім вале, каля парку, тоўпіліся пасмялелыя гараджане. Як зразумеў Зазыба, усіх прыводзіў у захапленне подзвіг савецкіх байцоў і афіцэраў, якія адолелі такі стромы бераг. На ратушы тым часам калыхаўся на ціхім ветры чырвоны сцяг. Сцены ратушы і боку Дняпра скрозь былі здратаваны снарадамі. Здавалася, там не знайшлося б некранутай цагліны.
На рагу былога губернатарскага дома, які міны і снарады таксама ператварылі ў руіны, да Зазыбы падышоў палкоўнік Прыгодзіч. Дзяніс Яўменавіч бачыў яго на пахаванні ў гарадскім скверы, ён не дужа ўмешваўся ў дзеянні людзей, што займаліся пахавальнай справай, але усё-ткі непрыкметна, як падначалены генерала Зеленадольскага, папраўляў то аднаго афіцэра, то другога. Цяпер палкоўнік Прыгодзіч выглядаў стомлена, нават змучана; вакол вачэй у яго выдаваліся чорныя кругі; вочы блішчэлі, але не з прычыны нейкай узрушанасці, хутчэй ад той жа стомы, што валодала гэтым чалавекам. Палкоўнік сеў на падмурак губернатарскага дома, пляснуў рукой па цаглінах, паказваючы Зазыбу месца побач з сабой.
– Ну што, стары? – ці то спытаў ці то проста сказаў Прыгодзіч, а тады ўсё ж удакладніў: – Патрохі вызваляем сваю Беларусь?
Жадаючы падбадзёрыць палкоўніка, Дзяніс Яўменавіча тут жа па-добраму і зусім па-вясковаму ўсміхнуўся:
– Ды ўжо ж… Цяпер ужо не багата засталося, каб выйсці на граніцу. А як вы думаеце, таварыш палкоўнік, далей мы наступаць будзем?
– Хіба ж забыў? Даб’ем лютага звера ў яго ўласным логаве. Значыць, ідзем пакуль па крайняй меры да Бярэзіны. А там…
– Я разумею, падобныя справы не ў Магілёве вырашаюць.
– I не ў адной Маскве.
– Та-ак, – раздумліва сказаў Дзяніс Яўменавіч, – палітыка сапраўды робіцца не ў адной Маскве. Але ж амерыканцам і англічанам лягчэй дамовіцца з немцамі?
– Цяпер і ім гэта няпроста зрабіць. Яны ўжо ваююць не толькі ў Афрыцы, аднак і ў Еўропе.
– Усё-ткі рашыліся?
– Падзеі падказалі спосаб дзеяння. Калі б не нашы поспехі на франтах…
– Гэтая разумею, таварыш палкоўнік. Але нашы сёння ўжо недзе падыходзяць да Бярэзіны?
– Верна. Дзіўна, але немцы чамусьці не аказваюць там вялікага супраціўлення.
– Выдахліся.
– Хутчэй, што так.
– Куды ж ты цяпер, Дзяніс Яўменавіч?
– Мне ў Мінск край трэба.
Дзянісу Яўменавічу карцела нават сказаць земляку, якая справа яго цягне туды, але ён стрымаўся, толькі зноў прамовіў:
– Так, мне б яшчэ ў Мінск трапіць.
Палкоўнік Прыгодзіч усё роўна як здзіўлена глянуў на яго, пажадаў:
– То шчаслівай дарогі.
– Ды ўжо ж… – зноў зусім па-вясковаму азваўся Зазыба.
IX
На могілках да Масея падышоў кампазітар Шчаглоў. З ім яшчэ быў чалавек. Але Шчаглоў не спяшаўся называць таго Масею. Можа, таму, што і самі яны дасюль не дужа знаёмыя былі. Да вайны студэнту Масею Зазыбу яшчэ не зусім даступна было асяроддзе, у якім плаваў ужо вядомы тады кампазітар.
Ну а цяпер, пасля вяртання ў Мінск у сорак трэцім годзе, Масей сам не спяшаўся шукаць сабе сяброў-таварышаў. Для размоў яму хапала Алеся Астрашаба. Да таго ж ён, акрамя рэдакцыі «Беларускай газэты», часам заходзіў і ў часопісы. Алесь Астрашаб паспрабаваў ўгаварыць Масея пайсці на працу ў якую-небудзь культурніцкую ўстанову і, атрымаўшы адказ ледзь не з першага спаткання, у далейшым адмовіўся ад сваіх дамаганняў. Пісьменнік – гэта ўжо сам па сабе работнік, падумаў ён. Зрэшты, Леакадзія таксама чамусьці не ўзяла Алесеў бок. Спярша ёй падабалася, што новы яе жылец з вялікай ахвотай ходзіць з ёй на Камароўку, а тады ўсё-ткі і яна недзе зразумела, што паэт сапраўды сам па сабе работнік. I ніколі нават не намякала, што Масей жыве, уласна, звычайным нахлебнікам. Дакладней кажучы, Масею асаблівай патрэбы пашыраць кола сваіх знаёмых не мела ніякага сэнсу. Яму і таго хапіла, каб нанава навучыць сябе пісаць вершы. За гэты ж час паспрабаваў ён адшукаць таксама падрыхтаваныя матэрыялы па паўстанні Вашчылы на Крычаўшчыне. Але дарэмна. Ледзь не ўсе архівы НКУС былі вывезены з Мінску, можа, нават з Беларусі. А пры арышце яны трапілі якраз туды. У гэтым Масей быў упэўнены, бо для яго выключэнне энкавусаўцы наўрад ці зрабілі. Сістэма ў іх была адпрацавана ў дасканаласці. I зусім мала калі давала збоі.
Між тым Шчаглову Масей, можна сказаць, ніяк не ўзрадаваўся. Дасюль не сустракаліся блізка, то навошта цяпер? Але спачуванне ад яго з прычыны гібелі Астрашаба прыняў. Нават шчыра паціснуў руку. Затым цярпліва выслухаў пахвальбу на адрас нябожчыка. Са спачуваннямі ўвогуле падыходзілі часта. Таму Масей трымаўся з неабходнай годнасцю, быццам адзіны сябра загінуўшага. Шчаглоў, акрамя спачування, памеў таксама ахвоту перакінуцца словам. Ды і клопат у яго быў – пазнаёміць Масея з чалавекам, які знаходзіўся пры ім і цяпер чакаў моўчкі сваёй чаргі ўмяшацца ў гаворку.
– Даўно я меў патрэбу пазнаёміцца з вамі, спадар Зазыба, – нарэшце перайшоў ад спачування Шчаглоў. – Але ўсё неяк… Ды і вы чамусьці хаваліся ўвесь час ад нас.
Каб заставацца і надалей далікатным (гэтага патрабавалі абставіны), Масей дзеля прыліку ўсміхнуўся, сказаў:
– Проста, нашы шляхі пакуль разыходзіліся.
– Няхай будзе так, – згадзіўся, усміхаючыся, кампазітар, – калі ўжо вам хочацца. Але што ў нашай правінцыі? Вы ж, здаецца, ездзілі па заданні прэзідэнта ў заходнія акругі?
– З паездкі нашай, можна лічыць, нічога не атрымалася, – прызнаўся Масей. – Аўтамабіля нам не далі, так што… На цягніках цяпер не наездзішся. Яны проста не ходзяць, а немцы ў свае вайсковыя нас не пускаюць.
– Мда, немцы… Кругом немцы ды немцы… Вы даўно ў тэатры былі?
– Можна сказаць, да вайны.
– I не сорамна вам? Добра, калі немцы затрымаюць бальшавікоў, то майце на прыкмеце, што я вас ужо сёння запрашаю на прэм’еру аперэты «З выраю». Якраз заканчваю. Праўда, лібрэтыстка мая, Наталка Арсеннева, не зусім паспявае даваць вершаваны матэрыял, але ж неўзабаве мы ўсё-ткі скончым свой твор.
– Буду рады прысутнічаць на прэм’еры. Толькі скажыце шчыра – вы спадзяецеся, што немцы з Беларусі не адыдуць?
– Мяркуючы па тым, як марудна наступаюць савецкія войскі, такая магчымасць не выключана. Іншая справа, што немцы не чакалі менавіта ў нас галоўнага ўдару.
– Вы, бачу, спадар Шчаглоў, не толькі музыкант, але ж і ў вайсковай справе дасведчаны.
– Гэта ўжо вынік звычайнай цікаўнасці. Думаеце, і мне абыякава, што адбываецца на фронце. Ад гэтага залежыць не толькі лёс маёй прэм’еры, аднак і штосьці зусім большае – жыццё. Хіба вас не палохае вяртанне савецкай улады?
– Як вам сказаць, спадар Шчаглоў? Мне не прывыкаць да савецкіх канцлагераў – яўна пакрывіў душой Масей.
Дзіўна, але гэты Масееў адказ чамусьці збянтэжыў Шчаглова. Сумеўшыся, ён колькі часу маўчаў, быццам на штосьці рашаўся, можа, нават паўшчуваць маладога паэта, аднак не стаў гэтага рабіць, спытаў пра тое, што ўжо каторы дзень было на вуснах ўсіх:
– I ўсё-ткі нягледзячы на вашу няўдалую паездку па заданні прэзідэнта ў правінцыю, як на вашу думку, – Другі ўсебеларускі кангрэс адбудзецца?
– Наконт правінцыі я сапраўды нічога пэўнага не магу сказаць, але ж вы самі ведаеце, спадар Шчаглоў, што ў Мінску з гэтай ідэяй не расстаюцца. Здаецца, адкрываць кангрэс збіраюцца 27 чэрвеня. Канечне, трохі дзіўна. Кажуць, што ў Барысаве ўжо чуваць савецкія гарматы?
– Ну, Барысаў не трэба браць за прыклад. Там генеральны камісар усё яшчэ дабівае партызанскія банды, якія хаваюцца па балотах. Самая ж вялікая блакада за увесь час. А галоўнае – паспяховая. Дарэмна савецкае камандаванне разлічвала на партызанаў у часе свайго наступлення.
Масей зноў усміхнуўся:
– Пры такой зацікаўленасці вайсковымі справамі, спадар Шчаглоў наўрад ці ўдасца вам хутка скончыць аперэту.
Шчаглову ад Масеевай заўвагі цяпер ужо сапраўды зрабілася ўсё роўна як зусім не па сабе і ён тут жа паспяшаўся нарэшце пазнаёміць яго са сваім спадарожнікам.
Гэта спадар Адамчук, – паказаў ён на чалавека ў капелюшы. – Член Цэнтральнага камітэту незалежніцкай партыі.
Член ЦК пры гэтай рэкамендацыі падаў Масею руку, страсянуў яе, акурат наперад ведаючы, што робіць гэта недарэмна, бо шукае ў асобе растучага паэта прыязнасці. А кампазітар Шчаглоў дадаў:
– Спадар Адамчук памеў раптам жаданне пазнаёміцца з вамі.
– Так, так, спадар Зазыба, – паспешліва пацвердзіў і тыя словы член ЦК. – Нам бы хацелася паслухаць вас. Дакладней, даведацца ад вас пра абставіны з падрыхтоўкай кангрэсу ў акругах.
– Але ж хіба вы не зразумелі? – паціснуў плячамі Масей. – Камандзіроўка наша сарвалася. Здаецца, я тлумачыў таксама чаму? Хоць, зрэшты, пра Стаўбцы і кампетэнтнага мэра спадара Ясюка ў мяне склалася даволі пэўнае ўяўленне.
– Ну, стаўбцоўскі бургамістр нам даўно вядомы, – пагардліва сказаў Адамчук. – Гэта вельмі па-нямецку настроены чалавек.
– А вы, спадар Адамчук? – акурат з выклікам паглядзеў на члена ЦК Масей. – Хіба вы супроць немцаў?
– Вось пра гэта нам бы і хацелася паразумецца з вамі, – зусім не сумеўся Адамчук.
– Каму гэта вам?
– Сёння ў нас сходка адной з арганізацыяў партыі. І я ўпаўнаважаны запрасіць вас на яе.
– Але ж сёння, самі ведаеце, спадар, не выпадае. Зараз трэба ісці адсюль на хаўтуры. Без мяне там наўрад ці абыдуцца.
– Да вечара ж яшчэ далёка, – не хацеў адступацца член ЦК.
– Ну, да вечара сапраўды можна вызваліцца ад пахавання, – нарэшце падтрымаў Адамчука кампазітар Шчаглоў. – Згаджайцеся, спадар Зазыба.
– Вы так лічыце? – спытаў яго Масей.
– Прынамсі, гэта не лішне будзе для вас пабыць сярод сяброў незалежніцкай партыі. А раптам самому захочацца займець у ёй членства?
Масей не стаў больш пярэчыць. Падумаў трохі, тады прапанаваў:
– А чаму б і вам, спадары, не пайсці разам са мной на памінальны абед?
– О не, – замахаў рукамі Шчаглоў, – мне ніяк не выпадае. А вось спадару Адамчуку я раіў бы не адмаўляцца.
Відаць, да гэтага моманту і член ЦК незалежніцкай партыі не меў у галаве патрапіць на памінкі, таму твар яго спахмурнеў, але адмовіцца пайсці разам з Масеем ён не рашыўся. I ўсё па той жа прычыне – зацягнуць Масея на сходку сваёй партыі.
– А ведаеце, спадар Шчаглоў, – сказаў ён кампазітару, – я так і зраблю, як вы раіце.
– Тады хадземце, – паклікаў Масей Адамчука, выглядваючы ў натоўпе Леакадзію.
Прызнацца, Масей не хваляваўся за хаўтуры. З нейкага часу ён ужо зразумеў, што ва ўсякай справе вельмі важна даць волю людзям, якія зацікаўлены ў ёй. Цяпер ён нават упэўнены быў што пакуль будзе дабірацца пешкі дамоў на Ніжне-Пятроўскую вуліцу, там усё будзе падрыхтавана – і сталы на двор вынесены, бо ў хапе мала змяшчалася людзей, і стравы ад суседзяў прынесены, і самагон разліты ў прыстойны посуд… Затрымка застанецца толькі за першым словам. А яго. як разумеў Масей, стануць чакаць ад яго. Таму патрэбна было усё-ткі прыспешваць і сябе, і Леакадзію, якая ўсё яшчэ не адыходзіла ад Алесевай магілы. Масей папрасіў незнаемых кабетаў каб тыя прывялі яе. Яна не заўпарцілася. Падышла да Масея. Тэй узяў яе пад руку, і яны рушылі на сваю Ніжне-Пятроўскую вуліцу.
Дзіўна, але Дземідзецкі-Дземідовіч таксама прыехаў на хаўтуры. Ён і тут сказаў прачулае слова. Пасля паклікаў да сябе Масея, спытаў, што ён думае рабіць далей? Тое, што немцы больш не затрымаюцца ў Беларусі, ён і сказаў Масею без усялякіх акалічнасцяў. А вось заставацца вядомаму паэту на расправу бальшавікам няварта. I гэта ён сказаў адкрыта. Але Масей зрабіў выгляд, што падобная размова для яго нечаканая ці, ва ўсякім выпадку, цікавая. Дземідзецкі-Дземідовіч здзіўлена паглядзеў на Масея, усё роўна як на не свядомага беларуса, штосьці буркнуў напаследак і вылез з-за стала. Як па правілах добрых адносінаў то Масею належала б праводзіць намесніка бургамістра да машыны, аднак у кагосьці з прысутных паявілася раптам нейкая гаспадарчая справа да Масея, і ён папрасіў аказаць пашану Дземідзецкаму-Дземідовічу Адамчука, як самага блізкага сёння тут чалавека да гарадскога начальства. Член ЦК незалежнай партыі хуценька пракаўтнуў кавалак закусі, усхапіўся з лаўкі. Масей паглядзеў яму ўслед, падумаў – дарэчы было б, каб намеснік бургамістра ўзяў з сабой у машыну і гэтага чалавека. Але Адамчук неўзабаве вярнуўся ў застолле, зрабіўшы перад усімі выгляд, што толькі што зрабіў вялікую справу. Цяпер Масей ужо канчаткова зразумеў, што яму не адкараскацца ад члена ЦК незалежніцкай партыі.
Дзіўна, але ніхто з прысутных у застоллі ні словам дрэнна не абмовіўся пра нябожчыка, дарма што сярод іх знаходзіліся і тыя, што лаяльна ставіліся да савецкай улады, і тыя, каму не хацелася, каб яна вярталася. Аказваецца, Алесь, пакуль жыў на Ніжне-Пятроўскай вуліцы, шмат зрабіў для тутэйшых жыхароў – адным дапамог атрымаць ліцэнзію на нейкую дзейнасць, другім выправіў ільготныя дакументы, трэціх проста выратаваўад немінучага арышту… Словам, падобныя заслугі сапраўды былі за ім. Ну а для суседзяў гэтага звычайна дастаткова для павагі. Між тым трэба сказаць, што Масей нават не здагадваўся аб Алесевай дабрачыннасці. І толькі цяпер за жалобным сталом адчуў добрыя адносіны суседзяў да свайго сябра.
Памінальны абед выйшаў багаты. Масею нават няўцям было, адкуль што бралася. Асабліва ракою цурчэў самагон, які таксама невядома было адкуль прыносілі. Людзі пілі і закусвалі прагна, месцы за сталамі вызваляліся часта, але пустымі заставаліся нядоўга – падыходзілі новыя аматары пачаставацца на свежым паветры.
Нарэшце стомленая Леакадзія ўстала з-за стала, пайшла ў хату, сказаўшы:
– А вы, госцейкі, не спяшайцеся разыходзіцца.
Масей таксама следам зайшоў у хату.
– Мне тут давядзецца схадзіць у адно месца, – сказаў ён гаспадыні.
– Толькі ты ж, Масей Дзянісавіч, не пакідай мяне, – папрасіла яна і заплакала.
Масей выйшаў на ганак, махнуў рукой Адамчуку.
– Уласна кажучы, – паведаміў ён, – мы можам ісці. Тут ужо і без нас усё адбудзецца.
* * *
Нарада сяброў Беларускай незалежніцкай партыі пачалася раней, чым туды прыйшлі Масей Зазыба з Адамчуком. У пакоі, дзе яна адбывалася, стаяў прыцемак. Цяпер беларускія актывісты ўсё часцей гэтак рабілі, каб не засвечваць свае твары, дарма што іншы раз і ведалі адзін аднаго. Адамчук правёў Масея бліжэй да стала, за якім сядзелі члены ЦК, папрасіў кагосьці пасунуцца ўлева на адно месца, пасадзіў госця і сам сеў побач. Гаварыў Міхась Зуй, начальнік Шаркаўшчынскага павета, адзін з актыўных сяброў БНП.
– Да нас у Шаркаўшчыну з гэтай прычыны прыязджаў інжынер Іван Гінько. Ад імя ЦК незалежніцкай партыі ён загадаў мне падшукаць сем дэлегатаў на маючы адбыцца кангрэс. Згодна з яго загадам я падабраў дэлегатаў, па адным ад усіх слаёў насельніцтва, а менавіта: ад адміністрацыі, паліцыі, настаўніцтва, самааховы, сямейнага прафсаюзу і саюзу беларускай моладзі. Я ўпэўнены, што вылучаныя дэлегаты не падвядуць асабіста мяне, а гэтакім чынам і нашу партыю.
Начальнік Шаркаўшчынскага павета, па ўсёй верагоднасці, сказаў усё, змоўк і трохі прытворна пакашляў. Тады з залы пачуўся голас:
– Скажыце, спадар, чаму вы прызначалі дэлегатаў, а не выбралі на сходзе?
– Такое было распараджэнне спадара Гінько. Ён загадаў мне падбіраць дэлегатаў пад вялікім сакрэтам.
– Я потым растлумачу шаноўным спадарам пра гэта, – азваўся з-за стала інжынер Гінько. – Але ж спадар Адамчук, здаецца, прыйшоў на нашу сходку з паэтам Зазыбам?
– Так, – адказаў Адамчук. – Спадар Зазыба зрабіў нам такую ласку.
– То варта паслухаць найперш яго, калі будзе на тое ваша воля? Ён ездзіў у камандзіроўку са спадаром Астрашабам у заходнія акругі і цяпер дасведчаны аб тым, што там робіцца і як рыхтуюцца да кангрэсу.
Ніхто не запярэчыў. Адамчук піхнуў Масея кулаком пад бок, маўляў, давай.
Масей устаў з крэсла і расказаў сябрам незалежніцкай партыі, чым скончылася камандзіроўка і дзе яны з Астрашабам паспелі пабыць.
Будучыя дэлегаты кангрэса выслухалі Зазыбу, але ні адзін з іх не падаў і слова. Толькі Гінько пасля некаторага маўчання расчаравана сказаў:
Значыць, мы дарэмна рабілі захады, каб пераняць спадара Зазыбу.
– То я пайду тады? – сказаў Масей.
– Ну, чаму ж так? – паблажліва прамовіў Гінько. – Можаце застацца з намі. Гісторыя павінна ведаць сваіх герояў. А вы тым часам валодаеце пяром. Спадзяемся, настане час, калі мы таксама спатрэбімся гісторыі?
У зале пачаўся шумок, але тут жа сціх, бо той жа Іван Гінько пачаў тлумачыць, чаму патаемна вылучалі па партыйных спісах у акругах дэлегатаў. Па-першае, у сувязі з пагрозай варожай сілы – не выключана магчымасць, што савецкія дыверсанты выкарыстаюць і на гэты раз прыдатны момант. Па-другое, невядома, як самі немцы павядуць сябе, калі кангрэс пойдзе не так, як ім трэба. Мы, маўляў, яшчэ і да гэтага часу не давяраем Радаславу Астроўскаму, штосьці ён галоўнае прыхаваў, дарма што ў дакладзе, які сёй-той з нас чытаў, усё выкладзена адносна правільна, за малым выключэннем, вядома.
– Але тым не менш вось наш план на ўсякі выпадак, – прадоўжыў Гінько. – Ёсць падазрэнне, што прэзідэнт Астроўскі сёе-тое трымае пры сабе. Не выключана магчымасці, што гэтым кангрэсам, напярэдадні адыходу нямецкага войска з Беларусі, маецца намер сярод прыхільнікаў прэзідэнта зацвердзіць саюз супрацоўніцтва з гітлераўскай Германіяй, а гэтым спляміць беларускі народ перад светам. Да гэтага ганебнага чыну наша незалежніцкая партыя павінна не дапусціць і легчы трупамі за гонар Бацькаўшчыны. Карацей кажучы, нам неабходна ўжо сёння рыхтавацца да зрыву кангрэсу.
У зале, здаецца, яшчэ мацней пацішэла. Няйначай, для большасці прысутных падобны паваротак у маючых адбыцца падзеях стаў такой нечаканасцю, якая межавала з несхаванай недарэчнасцю. Масея гэта таксама ўразіла, і толькі цяпер яму зрабіліся зразумелымі збольшага выказванні Алеся Астрашаба пра сілы, якія не цалкам пагаджаюцца з бэцээраўцамі і арганізатарамі кангрэса. Масей нават падумаў – ці не ўваходзіў Астрашаб у незалежніцкую партыю? Але наўрад ці. Бо за столькі часу сумеснага жыцця ўтаіць штосьці падобнае адзін ад аднаго проста немагчыма было. Хутчэй за ўсё, што гэтым жылі многія з так званых беларускіх нацыяналістаў.
Нарэшце хтосьці парушыў цішыню ў зале і ўсё роўна як пачаў разважаць уголас:
– Добра, дапусцім, мы прымем тут гэты план. Але зноў жа – я таксама кажу гэта без катэгарычнасці. Дык вось, дапусцім, мы сапраўды рашымся на зрыў кангрэсу. Але ж пакуль мы пачулі тут толькі прапанову. Самога плана няма. Ці, можа, я памыляюся?
– Не, вы не памыляецеся, спадар Міхась Рагуля, – адказаў Гінько. – Дзеля гэтага мы тут і сышліся сёння, каб нешта вырабіць з гліны. Паўтараю, хоць я і назваў наш намер планам, аднак гэта пакуль усяго толькі прапанова. Пакуль няма пярэчанняў дазвольце сказаць яшчэ, але гэта ўжо накід да плана. Нашы сябры павінны заняць месцы па ўсёй зале кангрэсу і спакойна сядзець, пакуль прэзідэнт не ўзыдзе на трыбуну. А калі стане гаварыць, мы ўсе па маім знаку зрываемся з месцаў, пачынаем крычаць-пратэставаць. I да таго не ўтаймоўваемся, пакуль спадар Астроўскі не пакіне трыбуну.
– А далей? Што далей? – спытаў нехта з залы.
– I далей тое ж самае. Абструкцыя кожнаму выступоўцу, пакуль у прэзідыуме не зразумеюць, што кангрэс не адбудзецца ў падобных абставінах.
Нарэшце падаў голас Адамчук:
– Гэта найбольш правільны падыход да цяперашняга кангрэсу. Лічу, што з планам спадара Гінько варта згадзіцца.
– А што іншыя думаюць? – спытаў Гінько.
– Згадзіцца! Ухваліць! – пачуліся галасы.
Але падняўся начальнік Шаркаўшчынскага павета, усё той жа Міхась Зуй.
– Прысутныя, – сказаў ён, – здаецца, згаджаюцца з планам Цэнтральнага камітэта партыі. Тады дазвольце і мне ўнесці сваю лепту ў абмяркоўваемае пытанне. Яно, скажу вам, няпростае. Адно пакрычаць у зале, другое даць пасля справаздачу перад гісторыяй. Дык вось, сябры, ад часу Першага ўсебеларускага кангрэсу і абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі актам 25-га сакавіка прайшло чвэрць стагоддзя. Бальшавіцкая Масква брутальнай мілітарнай сілай знявечыла волю народа… накінула беларускаму народу сурагат БССР і цынічнай маной дурманіць свет, што мы самі добраахвотна прынялі форму сваёй дзяржавы… I вось сягоння ёсць нагода афіцыйна заявіць свету аб сваёй цяжкай крыўдзе на ўсіх акупантаў і аб сваёй непахіснай волі быць свабоднымі і незалежнымі. Дзеля гэтага лічу няправільным зрываць кангрэс за падазрэнне да прэзідэнта БЦР. Я падаю другі план дзейнасці сябрам БНП: заняць месцы ў зале кангрэсу і пільна ўслухоўвацца ў кожнае слова спадара Астроўскага. Калі ён скажа хоць адзін выраз, які скампраметуе наш народ, тады мы ўжо сапраўды ўскокваем з месцаў крычым і тулаем. Словам, толькі ў такім разе зрываем кангрэс.
– Што ж, можна і так, – згадзіўся Гінько, нават не паспрабаваўшы адстойваць ранейшы план.
* * *
Назаўтра, 27 чэрвеня, Масей прыйшоў са сваёй Ніжне-Пятроўскай вуліцы да будынка гарадскога тэатра, дзе меўся адбыцца Другі ўсебеларускі кангрэс, прыйшоў даволі рана. Справа ў тым, што ў рэгламенце кангрэса адсутнічаў дакладны час пачатку работы кангрэса. Быў прыгожы ранак, без ветру, сонца паспела ўжо высвеціць у цэнтры горада вуліцы, і толькі цені ад высокіх дамоў яшчэ засцілі дзе-нідзе брук. Між тым народ усё сыходзіўся да будынка тэатра ды сыходзіўся. Некаторыя, акурат са смехам, прыгадвалі мінулагодні выбух тут, але гучала гэта зусім як намёк на пагрозу. Затое пераважная большасць тых, хто збіраўся каля будынка тэатра, мелі выгляд сур’ёзных асобаў якія з’явіліся дзеля важнай справы. Будынак знадворку ахоўвалі немцы. Яны з яўным неўразуменнем пазіралі на беларусаў, выразна дзівячыся, што яны наладзілі ў такі час штосьці накшталт шоу. Па вуліцы паўз сквер рухаліся тупарылыя грузавікі з вясёлымі салдатамі вермахта.
Яны адкрыта выгуквалі, як штосьці вельмі запаветнае, на сваёй мове: «Нах хаўзэн!» Было відаць, што немцам ужо абрыдла вайна. Прынамсі, радасці сваёй, што адступаюць з Беларусі, яны не хавалі. I таму дужа бянтэжылі не толькі дэлегатаў кангрэса, але і сяго-таго з абываталяў, якія шнырылі паміж іх. Сярод прысутных каля тэатра нямала было нямецкіх афіцэраў, але тыя нібыта не чулі, што крычалі з аўтамашынаў салдаты. Словам, пачыналася класічнае адступленне акупантаў з тэрыторыі, якую ўжо ніхто не хацеў абараняць. I калі сёння яшчэ не адчувалася бегства, то можна было ўявіць, што настане заўтра.
Нейкі час Масей Зазыба стаяў у натоўпе адзін, але гадзіны а паўвосьмай паказаўся кампазітар Шчаглоў, з ім некалькі знаёмых газетчыкаў, у тым ліку паэтка Арсеннева і паэт Случанін. Як і Шчаглоў, гэтыя двое мелі дэлегацкія пасведчанні. Сам жа Масей атрымаў толькі запрашэнне. Уласна кажучы, ён і прыйшоў сюды трохі зараней, бо мог не заспець для сябе месца: толькі на адных дэлегатаў, якіх прыехала 1039 чалавек, у тэатры мелася добра калі 600 крэслаў. Масею гэта не ўкладвалася ў галаве. Няўжо і тут знарочыстае перабольшанне? Аказваецца, савецкія традыцыі не зніклі ў гэтым асяроддзі!
Шчаглоў, чамусьці становячыся на дыбкі, акурат жадаючы здавацца вышэйшым, спытаў Масея з таемнасцю:
– Не расчаравалі вас ужо незалежанцы?
– Ды не, – усміхнуўся Масей.
– Але яны задужа на сябе бяруць, га?
– Хіба што.
– Наколькі я ведаю, усё адбудзецца без эксцэсаў. Дарэчы, не маеце ахвоты зараней глянуць на даклад прэзідэнта?
– Цікава было б.
Шчаглоў паклікаў нейкага чалавека з тоўстым партфелем, пстрыкнуў пальцамі правай рукі. Уладальнік партфеля тут жа дастаў стосік паперак, падаў кампазітару.
– Што гэта ў вас? – раптам убачыла ў руках Шчаглова даклад прэзідэнта Наталя Арсеннева. – Можа, што цікавае?
– Не думаю, – адказаў спакойна кампазітар. – Спадар Зазыба напісаў паэму. Даваў чытаць. То я заўвагі свае зрабіў.
– Віншую вас, Масей Дзянісавіч, нарэшце і вы адважыліся на вялікую форму. Пра што ж, калі не сакрэт, новы твор?
– На гістарычную тэму.
– Гэта добра. У нас яна зусім не распрацаваная. Адзін спадар Лявон вось напісаў пра Рагнеду. То я ўхваляю вас, Масей Дзянісавіч. Праўда, цяпер нібыта ўжо і не да паэзіі. Але ж палітыкай, бачыце, беларусы яшчэ займаюцца. Ды якой палітыкай!
Масей далікатна пакланіўся за пахвалу паэтцы Арсенневай, адышоў крокаў на пяць ад знаёмай купкі, пачаў гартаць даклад, звяртаючы ўвагу найперш на загалоўкі раздзелаў: «Мэты II ўсебеларускага кангрэсу», «Палажэнне беларусаў пасля I ўсебеларускага кангрэсу», «Утварэнне Беларускай цэнтральнай рады і прынцыпы народнага прадстаўніцтва», «Абарона краю і ўтварэнне беларускай збройнай сілы», «Дзейнасць БЦР у галінах: а) школьніцтва і адукацыі, б) сацыяльных мерапрыемстваў, в) навукі, культуры і права, г) заключныя высновы». Масей найперш адгарнуў падраздзел «Навука, культура і права». «За справаздачны перыяд, – выкладаў прэзідэнт, – аддзеламі культуры БЦР і Беларускім культурным згуртаваннем праведзена вялікая праца: адноўлена праца Менскага беларускага тэатру, ідзе падрыхтоўка да адчынення акруговых прафесійных тэатраў у Баранавічах, Навагрудку і Слуцку». Масей прачытаў гэта і ўсміхнуўся па адрасе тых, хто пісаў у даклад прэзідэнта такім чынам падраздзел: няйначай, хлопцы з глузду з’ехалі, плануючы цяпер адчыняць акруговыя тэатры!.. Тут ужо край трэба ратавацца ад савецкай улады, а яны!.. Але што там далей? Масей прабег вачамі па некаторых абзацах падраздзелу, якія здаліся яму такімі ж дзіўнымі, як звесткі пра тэатры, тады зачапіўся за прозвішчы знаёмых паэтаў кампазітараў вучоных. «Беларускімі кампазітарамі напісана і ўлучана ў рэпертуар звыш 60-ці новых музычных твораў сярод іх балет «У лясным гушчары» А. Туранкова. Заканчваюцца: кампазітарам М. Шчагловым беларуская аперэта «З выраю» (лібрэта Н. Арсенневай), кампазітарам М. Равенскім – аперэта «Залёты» (па лібрэта Д. Марцінкевіча), кампазітарам М. Івановым – дзіцячая опера «Мухамор», кампазітарам Р. Самохіным – новая сімфанічная паэма і г. д. Напісана гісторыя беларускай музыкі і цэлы рад іншых працаў. Здадзены ў друк «Зборнік дзіцячых беларускіх песняў і гульняў», «Зборнік беларускіх патрыятычных песняў» і інш. Беларускімі пісьменнікамі і паэтамі напісана за гэты час шмат новых апавяданняў навэлаў, паэмаў вершаў а таксама зроблена шмат перакладаў твораў сусветных мастакоў слова. Выдадзены зборнікі вершаў Н. Арсенневай «Сягоння», Тодара Лебяды «Песні выгнання», слуцкіх паэтаў – «Песняры Случчыны», паэма «Рагнеда» Л. Случаніна. Адноўлена выданне зачыненага бальшавікамі літмастацкага часопіса «Узвышша». Навуковым адцзелам БЦР таксама прароблена вялікая праца».
Далей Масею не дало чытаць зварушэнне паміж натоўпу. Да будынка тэатра маршыравала школа Беларускай краявой абароны. Кадэты школы тут жа змянялі вакол тэатра немцаў. Афіцэрскі звяз заняў «ганаровы пачот» каля ўваходу ў будынак, побач размясціўся гарадскі аркестр. Стала зразумела, што вось-вось з’явіцца начальства. Можа, спярша нават прэзідэнт. Так яно і выйшла. Каля 8-й гадзіны да тэатра пад’ехаў легкавы аўтамабіль, ці як яго называлі – самаход. З машыны вылез Радаслаў Астроўскі, тады ахова. З будынка генеральнага камісарыята падышлі кіраўнік палітычнага аддзела камісарыята Фішэр, кіраўнік палітычнага аддзела СД Сеп і перакладчык генеральнага камісара Сівіца. Готберга сярод гасцей не было. Той усё яшчэ змагаўся з партызанамі ў тыле групы армій «Цэнтр», усё шчыльней прыціскаючы іх да азёраў Бярэзінскага запаведніка. Следам за прэзідэнтам пад’ехаў на такім жа самаходзе начальнік горада Комар. Капітан афіцэрскага звязу, што стаяў каля ўваходу ў тэатр, здаў рапарт Астроўскаму. Той прыняў яго, узяўшы двума пальцамі пад брылёк капелюша, падаўся ў будынак. За ім павалілі туды дэлегаты і госці. Але паколькі кадэты з афіцэрскай школы звяралі з дакументамі пасведчанні і запрашэнні, усе станавіліся ў ланцуг і ў залу заходзілі адзін за адным. Масей таксама трапіў туды сярод першых. Заняў месца недзе ў дваццатым радзе, але неўзабаве яго папрасілі вызваліць месца для дэлегатаў, і ён прайшоў на балкон.
Старшынёй кангрэса выбралі прафесара Кіпеля. Месцы побач з ім занялі кіруючыя супрацоўнікі БЦР, ветэраны Першага ўсебеларускага кангрэса, сярод якіх быў і генерал Езавітаў. Спадар Кіпель далажыў кангрэсу, колькі дэлегатаў здолела аказацца ў Мінску. Сапраўды, з яго слоў выходзіла, што 1039 чалавек, хоць у зале не змяшчалася такая колькасць дэлегатаў а тым больш, калі ўлічыць і гасцей. Але паколькі наперадзе яшчэ чакаўся даклад мандатнай камісіі, то ніхто не стаў прыдзірацца да старшыні кангрэса. Немцаў таксама запрасілі ў прэзідыум, але тыя засталіся сядзець у ложы. Нарэшце спадар Кіпель прадставіў слова для справаздачы прэзідэнту Астроўскаму. (Дарэчы, немцы яму, здаецца, прапаноўвалі ў сорак першым годзе стаць бургамістрам Масквы.) Аратар ён быў спрактыкаваны, таму прымусіў слухаць сябе з першых жа слоў. Масей слухаў прэзідэнта і пільна сачыў за разыходжаннямі ў тэкстах. Іх амаль не было. Спакойна паводзілі сябе і члены незалежніцкай партыі. Значыць, прэзідэнт пакуль ні ў чым не разыходзіўся з імі. Нарэшце даклад быў прачытаны. Пад гучныя воплескі Астроўскі вяртаўся на сваё месца ў прэзідыум. Пачалося абмеркаванне справаздачы. Сапраўды першаму слова далі бургамістру Стаўбцоў Ясюку. Але спадар Кіпель паспеў папярэдзіць дэлегатаў што кангрэс вырашана правесці ў адзін дзень. Тым больш што на чыгуначнай станцыі ўжо падрыхтаваны камфартабельны цягнік для ад’езду самых выдатных дзеячаў нацыянальнага руху і тэрыторыі Беларусі. Жадаючым дэлегатам таксама будуць вылучаны месцы ў цягніку. Па прапанове Ясюка пасля абеду з рэфератам «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненні маскоўскага голасу ў беларускіх справах» выступіў Аўген Калубовіч. Для абмеркавання рэферата Калубовіча першы на трыбуну ўзышоў старшыня горада Мінска А. Комар. Пасля выступлення спадара Л. Случаніна старшыня кангрэса вярнуўся да дэлегатаў з наступнымі словамі: «Спадары, прапаную ў выступленнях прытрымлівацца пастаўленай тэмы. Адміністрацыйных пытанняў у нас многа. На кангрэсе ўсіх іх абгаварыць не зможам».
Жадаючых выступіць больш не знайшлося. Таму прыступілі да прыняцця рэзалюцыі. Вось яна: «Другі ўсебеларускі кангрэс», сабраўшыся ў Мінску пасля Першага усебеларускага кангрэсу, аднагалосна пастанавіў:
Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага усебеларускага кангрэсу 1917 г., на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 г. урачыстай 3-й устаўной граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай ва ўсіх яе формах.
Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.
Паведаміць усе урады і народы свету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы, а ўсе, твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады, – не маюць ніякіх праўных кампетэнцыяў, бо невызнаюцца беларускім народам.
Таму ўсе ўмовы, ці аднабаковыя пастановы ўрадаў: СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і беларускага народу і якія былі зроблены раней, або будуць зроблены ў будучыні, – Другі ўсебеларускі кангрэс абвяшчае нямаючымі ніякай праўнай сілы; як не будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаў і народаў.
Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу і ягонага краю з’яўляецца сягоння Беларуская цэнтральная рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале». (Бурная авацыя.)
I ўсё-такі немцы ўмяшаліся ў ход кангрэса. У першым перапынку да старшыні Кіпеля падышоў перакладчык генеральнага сакратара Сівіца і з гневам спытаў: «Чаму дасюль яшчэ не паслана прывітальная тэлеграма фюрэру?» Кіпель паглядзеў на Астроўскага, які таксама чуў гнеў генеральскага пісара. «Зараз я накідаю тэкст, – усё роўна як спалохаўся прэзідэнт. – Але ж ад фюрэра таксама не было прывітання?» – «Пра гэта вы не клапаціцеся». Астроўскі тут жа напісаў: «Прывітальная тэлеграма Гітлеру ад II усебеларускага кангрэсу. 27 чэрвеня 1944 года ў Мінску. Кангрэс даручыў мне паслаць Вам, фюрэр, прывітанне і запэўніць Вас, што беларускі народ будзе нязломна змагацца супроць бальшавізму. Няхай жыве перамога. Астроўскі». Ад Гітлера дэлегаты кангрэсу прывітання не дачакаліся. Затое Готберг павіншаваў такім чынам: «…Веру, што беларускі народ рашуча разам з нямецкім народам будзе змагацца супроць бальшавіцкай пагрозы за вызваленне Еўропы і што ён узмоцніць і аддасць для гэтай мэты ўсе свае сілы. Тады гэтая цяжкая бітва прынясе перамогу, якая беларускаму народу прынясе шчаслівае будучае».
У многіх дэлегатаў і гасцей складвалася ўражанне, што ў тэатры адбываўся запознены вадэвіль, дарма што на самай справе абстаноўка ў Беларусі была ўжо зусім трагічнай. Але ўсе адчувалі сябе, акурат заварожаныя смеласцю слоў і пастаноў.
Рэзалюцыя была пастаўлена на галасаванне і аднагалосна прынята. Каля чатырох гадзін быў абвешчаны перапынак на 15 хвілінаў.
* * *
Ад’язджалі знакамітыя нацыянальныя дзеячы з Мінска на другі дзень. Зразумела, што на цягнік не ўсім давялося атрымаць месца. Большасць скарыстоўвала аўтамашыны, конныя павозкі. Сёй-той 27 чэрвеня рушыў з паклажаю за спіной яшчэ з вечара. Але гэтыя ўсё часцей заставаліся ў вёсках. Не ў сваіх. У чужых, выдаючы сябе за выпадковых усходніх бежанцаў якіх выселілі з прыфрантавой паласы немцы.
Масею знайшлося месца ў цягніку. Здаецца, моцна паспрыяў гэтаму кампазітар Шчаглоў, які ўпрыкмет і неўпрыкмет ужо па-сапраўднаму апекаваўся над таленавітым паэтам.
Леакадзія не затрымлівала Масея. Яна толькі шмат плакала, што губляе на адным тыдні другога блізкага ёй чалавека.
У купэ колькі часу Масей ехаў адзін. Але недзе за Маладзечнам расчыніліся дзверы, зайшла маладая кабета.
– Мне сказалі, – растлумачыла яна, – што магу ехаць з вамі.
Масею спадабалася кабета. Ён не стаў адмаўляць ёй, бо не ведаў, хто ў цягніку чым распараджаўся.
– Калі ласка, – сказаў ён, паказваючы на паліцу насупроць.
Дзіўна, але Масею чамусьці здавалася, што апынуўся ён ў гэтым цягніку выпадкова і хутка пакіне яго. Ад гэтага на душы пакуль не адчувалася нават развітальнай журбы з радзімай. Як штосьці далёкае-далёкае, амаль несапраўднае, вярнула памяць яму Верамейкі, матчыну магілу і няўрымслівага бацьку з яго непраходзячай наіўнасцю. Трагічны лёс трагічнай сям’і!.. I хіба не ягоная віна ў гэтым?..
X
Па характары баявых дзеянняў аперацыя савецкіх войскаў у Беларусі была падзелена на два этапы. Першы этап заканчваўся амаль адразу пасля ўзяцця сталіцы рэспублікі горада Мінска. Гэта адбылося 3 ліпеня 1944 года. Але перад тым завяршыліся Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская і Палеская аперацыі, з якіх і складалася, уласна кажучы, беларуская аперацыя. Такім чынам, 28 чэрвеня быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Магілёў. 27 чэрвеня шэсць варожых дывізій трапілі ў акружэнне ў раёне Бабруйска, і к 29 чэрвеня войскі Першага беларускага фронту выйшлі на лінію Свіслач – Асіповічы – Старыя Дарогі. Тым часам войскі генерала Чарняхоўскага занялі 1 ліпеня горад Барысаў што на шашы Масква – Варшава. У выніку Полацкай аперацыі быў вызвалены старажытны Полацк, а перад тым – Лепель. Наперадзе чакалі вызвалення Маладзечна, Нясвіж…
Генерал Зеленадольскі прывёз сваю каманду ў Мінск на другі дзень пасля вызвалення. Яго падначаленыя тут жа знайшлі дзве хаты на Лодачнай вуліцы, адну – для генерала, другую – для сябе. Вуліца гэта знаходзілася, лічы, у цэнтры горада, дарма што амаль уся была драўляная, нават без багатых дамоў. Дакладней, выгляд мела зусім вясковы, нават дзе-нідзе хаты мелі саламяныя стрэхі. Але тут жылі таксама сем’і. Іх ніхто не прасіў вызваляць памяшканні. Аднак і ў адной хаце, і ў другой знайшліся свядомыя людзі, якія адразу ж перайшлі перабыць неігкі час, пакуль будуць у іх на пастоі салдаты, у часова прыстасаваныя для жытла збудаванні – хто ў лазню, хто проста ў пограб. Генерал Зеленадольскі быў запратэставаў, пачаў даваць сваім падначаленым наганяй, аднаксамі гаспадары супакоілі яго, давёўшы нейкім чынам, што ім не горш будзе пажыць трохі ў часовых прыстасаваннях. Словам, у Мінску Пракоп Аўрамавіч меў даволі добрыя ўмовы для сваёй работы. На другі ж дзень сюды прыехаў палкоўнік Прыгодзіч, на стале ў генерала зноў з’явілася цэлая гара папак з выходзячымі і ўваходзячымі паперкамі. Іншы раз Дзянісу Зазыбу здавалася, што яго стары таварыш сам шукае сабе работу. Але паступова пераканаўся, што гэта не зусім так. Ягоны генерал займаўся якраз тымі справамі, за якія не кожны хапаецца. У Мінску ён адразу ж узначаліў групу па расследаванні расстрэлу італьянцаў у парку Чэлюскінцаў. Прыязджаў адтуль і доўга мыўся на кладках каля Свіслачы, што цякла за гародамі. З ім у парк Чэлюскінцаў кожны раз ездзіў і Дзяніс Яўменавіч. Вядома, не ддя яго была такая справа, але ж генерал… Між тым Зазыба дужа нудзіўся, што за столькі часу знаходжання ў Мінску ён нават не паспрабаваў пашукаць Масея. Генерал Зеленадольскі таксама быццам забыў чым дасюль прывабліваў былога кулямётчыка. Маўчаў як тая рыбіна на кладках за гародам, калі яе вылоўліваў шафёр на сняданак. Але вось былі раскапаны і закапаны ямы, дзе ляжалі яшчэ амаль некранутыя тленам італьянцы, і генерал Зеленадольскі паклікаў пасля вячэры Зазыбуда сябе.
– Я перапрашаю, – павініўся ён, – але ж табе няймецца адшукаць сына. Дык вось, Дзяніс Яўменавіч, пакуль ты нудзіўся каля мяне, я сёе-тое паспеў, як кажуць, разведаць. Тут 27 чысла беларускія нацыяналісты наладжвалі шабаш. А назаўтра шмат хто з іх падаўся на спецыяльным цягніку ў эвакуацыю. Па нашых дадзеных, твой сын таксама вырашыў падзяліць лёс самых заклятых ворагаў савецкай улады. Многія з удзельнікаў таго кангрэсу трапілі ўжо ў рукі смершаўцаў. Але мушу таксама сказаць табе і пра тое, што сын твой на кангрэсе прысутнічаў не ў якасці дэлегата, а госцем.
– Што дэлегат, што госць! – з выразам плаксівасці паморшчыўся Зазыба. – А гэта ўжо дакладна, што Масей паехаў?
– Пра гэта мне дасведчаныя людзі гаварылі. Паехаў разам з іншымі здраднікамі.
Дзіўна, але апошняе слова прагучала для Зазыбы, як нешта крыўднае, нават абразлівае. У чым-у чым, але ён быў упэўнены, што да Масея гэтае вызначэнне не мела ніякага дачынення. Проста, менавіта такім чынам склаліся для яго жыццёвыя абставіны. Пачатак іх знаходзіўся ў трыццатых гадах, у нечаканым арышце, нездарма ж адпусцілі на перасуд; цяпер жа яго несла ў брудным рэчышчы імклівае цячэнне, і ён ужо няздольны быў выплысці на бераг. Падумаўшы гэтак пра сына, Дзяніс Яўменавіч пачаў разважаць шырэй – няйначай, што ёсць там і другія людзі, якія не па сваёй ахвоце падаліся на чужбіну. Проста, з гэтай вайной адбываецца штосьці накшталт зыходу з радзімы вялікай часткі народу… Бо ўвогуле народ ніколі не бывае вінаваты. Толькі асобныя людзі.
– Значыць, дарэмна я спяшаўся сюды?
– Выходзіць, так. Але ж я найпершы падбухторваў цябе.
– Мне з табой добра было. А то б не ведаў, як зіму аднаму перабыць. Счарнеў бы там душой і не менш. Значыць, ты не раіш заняцца мне асабіста пошукамі сына?
– Я гэтага не сказаў, Дзяніс Яўменавіч. Недзе ж ён жыў тут, пакуль не паехаў. Пашукай адрас, пагавары з людзьмі. Можа, хто-небудзь ведае іншае.
– Тады дайце мне звальняючую.
– Скажы капітану Ціхаміраву, каб выпісаў. На колькі табе дзён?
– Ну, гэтага я не ведаю. Начаваць жа ўсё роўна давядзецца прыходзіць сюды, на Лодачную.
– Як знаеш. Але для ачысткі сумлення пашвэндайся па горадзе,
Першы дзень Зазыба патраціў на высвятленне адрасу, дзе жыў Масей. Нечакана ён знайшоўся ў рэдакцыі «Беларускай газэты», у ведамасці на атрыманне ганарару за друкаваныя вершы. На Ніжне-Пятроўскую вуліцу Дзяніс Яўменавіч накіраваўся ўжо на другі дзень. Леакадзія была дома, дарма што Камароўскі рынак па-ранейшаму працаваў. Пасля ад’езду Масея яна ўвачавідкі зніякавела, здавалася, нават смерць Алеся Астрашаба гэтак моцна не падзейнічала на яе, як ад’езд другога яе жыльца. Таму нават на рынак ёй не хацелася падавацца без яго. Зрэшты, навошта лішні клопат, калі няма каго ўтрымліваць больш?
З’яўленне пажылога салдата на яе двары здзівіла жанчыну. Стоячы пасярод хаты, яна глядзела праз акно на яго, прыкідвала ў галаве, хто б гэта быў і чаму прыйшоў на яе двор, але выходзіць на ганак не спяшалася. Урэшце, сам пра ўсё скажа, раз ужо прыйшоў. Пра тое ж, што гэта Масееў бацька, ёй і няўцям было. Самае большае, на што хапала яе фантазіі, заключалася ў звычайным уяўленні – няйначай, салдат шукае кватэру альбо сабе аднаму, альбо на ўсю каманду. Цяпер увесь Мінск быў запоўнены савецкімі салдатамі, якія затрымліваліся ў горадзе. Што ж, падумала Леакадзія, пушчу і я да сябе чалавека, дарма што ўжо амаль старэнькага. І тут жа выйшла на ганак.
– Што вам трэба? – спытала яна Масеевага бацьку.
Зазыба ад хвалявання закашляўся, тады сказаў:
– У мяне да вас далікатная справа, дарагая пані.
– То кажыце. Вы хочаце на пастой?
– Не, з гэтым у мяне ўсё ў парадку. А вось мне казалі людзі, што ў вас дасюль кватэраваў сын мой.
– Масей?
– Так.
– Вам праўду сказалі. Дык вы яго бацька?
– Так.
– Вось ужо не чакала дык не чакала, – акурат павесялела жанчына. – То вы заходзьце ў хату.
Зазыба паслухаўся Леакадзіі, падаўся следам за ёй у хату. Адчувалася, што гаспадыня некалі трапілася Алесю руплівая, чыстая. Праўда, сцены занадта завешаны рознымі вышыванымі ручнікамі, сярод якіх былі проста безгустоўныя. Але прыгледзеўшыся да вышыванак, можна было зразумець, што яны – не вынік адных рук. Няйначай, гаспадыня скуплівала іх. І таму Дзянісу Яўменавічу трохі дзіўна зрабілася, што сын яго, відаць, таксама трываў гэтую неразборлівасць.
Зазыба спытаў:
– Вы не ведаеце, дзе ён цяпер?
– Думаю, што недзе ўжо ў Польшчы. Але бачыць бог, я не хацела, каб ён ехаў. Да апошняга часу ён і сам не выказваў падобнай думкі. А тут раптам узяў ды сабраўся. Я не рашылася праводзіць яго, аднак ведаю, што паехаў ён у эвакуацыю на добрым цягніку. I на кангрэсе ён быў. Вы чулі пра беларускі кангрэс?
– Чуў.
– Дык ён быў там. Я ўсё баялася, што савецкія дыверсанты ўзарвуць тэатр, але ўсё якраз абышлося. Начаваць ён прыходзіў сюды, а ўранні па яго прыехалі на параконцы, каб адвезці на вакзал. Гэта ўсё, аб чым я магу расказаць вам. Бачыце, зусім не багата. Але тое, што яго няма ў Мінску, гэта бясспрэчна.
– Значыць, няварта і шукаць?
– Іначай бы ён вярнуўся ўжо дамоў.
Зазыба пахадзіў з аднае палавіны хаты ў другую, быццам узважваючы, пра што яшчэ варта даведацца ў гэтай жанчыны, аднак думкі ў галаве чамусьці блыталіся, няйначай, з тае прычыны, што добра ўжо разумеў, што страціў Масея назаўсёды. Цяпер сыну застанецца адно мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры. I ўсё-ткі знайшоў пра што спытаць:
– Як жа яму тут жылося?
– Спадзяюся, што нядрэнна. На службу ён не хадзіў. Многа пісаў. I мне дапамагаў па гаспадарцы. Асабліва на рынак са мной любіў хадзіць. Словам; душы я ў ім не чула, дарма што жыла з другім. Можа, ён і праўда дарэмна паехаў з тым кодлам? Можа б, усё абышлося?
– Ведаеце, – сказаў на гэта Зазыба, – я сам думаю і так, і гэтак. Нешта ж стала прычынай ягонага рашэння?
– Ат, можа, агульнаму настрою паддаўся?
– То чаму тады вы яго не ўтрымалі?
– Ну, не стала адгаворваці, што цяпер скажаш?
Зазыба ўспомніў генерала Зеленадольскага. Аказваецца, той меў рацыю, калі гаварыў пра Масея. Але Дзяніс Яўменавіч не шкадаваў, што прыйшоў сюды. Цяпер ён хоць ведаў, што ў Мінску ягонаму сыну не давялося выносіць вялікіх выпрабаванняў.
На Лодачнай вуліцы Зазыбу чакаў генерал Зеленадольскі.
– I што ты выхадзіў, мой стары таварыш?
– Гаспадыня, у якой ён жыў апошні час, пацвердзіла вашы словы. Сапраўды, сын мой паехаў разам з немцамі.
– Спачуваю табе, Дзяніс Яўменавіч, але болей памагчы не маю чым.
– I на тым дзякуй, Пракоп Аўрамавіч. Сам я ў Еўропу не збіраюся падавацца. Адпусці мяне дамоў, таварыш генерал?
– Мне не зусім добра будзе без цябе, Зазыба, але затрымліваць цябе больш не стану. Вяртайся дамоў. Хочаш, каня з павозкай выхлапачу для цябе? Прыедзеш, як сапраўдны гаспадар.
– Не, я ўжо без гэтага. Бо наўрад ці ўсцерагу па дарозе і каня, і павозку.
– Але ж ёсць у мяне і іншая прапанова. У Мінску збіраецца мясцовае начальства наладзіць парад партызанскіх брыгад і атрадаў Як ты? Не хочаш прыняць удзел, пакуль ехаць дамоў?
– Гэта яны правільна рашылі, – узрадаваўся Зазыба. – Сапраўды, чаму б і мне не паглядзець на такое відовішча?
– Але ж я меў на ўвазе, каб ты таксама прыняў удзел у парадзе. Хіба ты не партызан?
– Дзе я там месца сабе знайду?
– Ну, гэта ўжо мой клопат. Ад цябе патрэбна толькі згода.
– Дык хто ж ад такога адмовіцца?
– Тады едзем на месца збору партызанаў.
– А што мне рабіць з аўтаматам?
– Хіба ж без зброі станавіцца ў строй?
– I то праўда.
Парад рыхтаваўся ў розных мясцінах Мінска, у тым ліку і ў парку Чэлюскінцаў. Тут партызаны і жылі ў палатках, тут і маршыравалі. Зазыбу дадалі да аддзялення «народных мсціўцаў» Першай мінскай брыгады. Камандзірам у ёй быў апошні час Джагараў артылерыйскі афіцэр і партызан з сорак першага года. Ён і прывёў Зазыбу ў аддзяленне, дзе якраз не хапала аднаго чалавека. Але Зазыба прабыў сярод будучых удзельнікаў партызанскага параду ўсяго два дні. Справа ў тым, што ў лагерах у партызанаў пачаўся панос. Таму на трэці дзень Зазыба ўжо зноў апынуўся на Лодачнай вуліцы. Усе знаёмыя, убачыўшы яго, раптам ахнулі. Чалавеку, лічы, пашанцавала прыняць удзел у незвычайным парадзе, а ён збег. Тым часам генерал Зеленадольскі падумаў іначай. Значыць, Зазыбу ўжо не па сіле аказаліся бясконцыя маршыроўкі. Але ён зрабіў выгляд, што зусім не здзіўлены нечаканаму вяртанню Дзяніса Яўменавіча. Проста ўсміхнуўся і паздароўкаўся, нават не патрабуючы тлумачэння. Аднак калі Зазыба сам расказаў яму, чаму збег з парку Чэлюскінцаў той раптам доўга смяяўся. Тады сказаў:
– Мне ў Магілёве нямецкі палкоўнік расказваў штосьці падобнае. Праўда, ён сам вельмі смяяўся з гэтага. Аказваецца, у яго страўнік сапсуўся, штосьці не тое з’еў. Зразумела, таксама вакол зямлянкі ўсё за… I вось калі апростваўся ў чарговы раз, на яго і накінуўся наш салдат. Узяў у палон. Але няхай яго, немца!.. Што цяпер будзе з парадам, калі сярод будучых удзельнікаў яго цэлая эпідэмія? Ды ты не журыся, Зазыба, парад можна проста паглядзець на плошчы. Аднак пакуль што да чаго, рыхтуйся ехаць дамоў. Да Крычава будзе спадарожная машына, а там ужо сам глядзі. Мне праз тыдзень трэба быць у Беластоку. Дасць бог, і ў Берлін пакрысе дапнуся, га?
Партызанскі парад на Савецкай вуліцы перад Домам урада Дзяніс Яўменавіч сапраўды пабачыў стоячы недалёка ад трыбуны, дзе знаходзіліся Чарняхоўскі, Панамарэнка… I доўга смяяўся з таго, як паперадзе параду цокаў па бруку капытамі казёл. Але партызаны ішлі ў калоне няспешна і тупка, усё роўна як і не было ў лагеры на Ляхаўцы нядаўняй хваробы.