ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ВЯРТАННЕ ДА ВІНЫ

ПЕНТАЛОГІЯ “ПЛАЧ ПЕРАПЁЛКІ”. КНІГА IV

I

Ён выйшаў з хлява, стаў каля ганка. Ён рабіў гэтак кожны раз, калі збіраўся ісці з двара. Але сёння Міхалка чамусьці не спяшаўся выбегчы з хаты, быццам не толькі не чуў ягоных крокаў, але і не здагадваўся, што той ужо наважыўся падацца ў сваю штодзённую вандроўку па лесе, які пачынаўся першымі соснамі адразу ж за Гапчыным плотам, цягнуўся потым напрасткі да Бесядзі, а на левы і правы бок абступаў Мамонаўку наўкруг, засцячы невялікія, акурат нядаўнія расцяробы, палеткі.

Між тым праходзіў час, а Міхалка і праўда чамусьці не выходзіў на ганак, марудзіў, і гэта выклікала ў маладзенькага лася спярша звярыную нецярплівасць, затым неспакой, які выявіўся неўзабаве ў тым, што лось, нездаволена фыркаючы, вярнуўся назад у хлеў, – усё-ткі ў душы ён недзе спадзяваўся пакуль, што гаспадар і сёння не стане здраджваць звычцы, і калі не збярэцца ў лес разам, то ўжо няйначай вынесе на ганак абавязковы ў такіх адносінах мякіш хлеба. Так было заўсёды, вось ужо колькі месяцаў, лічы, з таго моманту, як адразу пасля зімы падросшы лось адчуў сваю звярыную сутнасць, пачаў нудзіцца на загароджаным вясковым двары, шукаць шляху на волю.

У першай вандроўцы з ім быў Міхалка і чорны сабака з чужога, але зусім блізкага двара; і яна выйшла нядоўгай, тая вандроўка; яны прайшліся ўсяго да дарогі, што вяла з пасёлка паўз рум на Бесядзі; далей хадзіць не дазволіў сабака – той увесь час чамусьці забягаў напярэймы, люта кідаўся ледзь не на пысу яму і, пырскаючы слінай, гучна брахаў перад вачамі, нібыта на самай справе баяўся, каб не здарылася так, што лось больш не захоча жыць на Міхалкавым двары; дзіўна, аднак ён паслухаўся тады настырнай сабачай насцярожанасці, вярнуўся дамоў: з таго дня так і пайшло кожны раз, нягледзячы, адзін ён ці з Міхалкам; галоўнае – пайсці і вярнуцца.

Сонца, між тым, сягоння ўжо стаяла высока над лесам, і раніца ў пасёлку пасля густой расы, што ападала цяпер на зямлю, бадай, яшчэ ад учарашніх пацёмкаў, нанава пахла спеласцю ліпеньскага лета.

Дзесьці зусім блізка, дробна і настойліва, як у адчаі, стукаў па дрэве дзяцелканаплянік, і гэты кволы гук, здаецца, быў адзіны з таго, што трывожыла за- тоенасць. Пасёлак цяпер рана прачынаўся і рана аціхаў зноў, бо каторы дзень людзі касілі, а ў такую пару мала каму выпадала заставацца без занятку. У касавіцу ўсім знаходзілася справа на лузе, нават такім, як Гапчын Міхалка. Таму хлапец і не з’яўляўся на ганку, не лашчыў свайго гадаванца, каб выпусціць за вароты.

Вароты таксама стаялі глуха напятыя. Але на пералазе, што паміж тынам і правым шулам варот, былі скінуты дзве верхнія жэрдачкі, пэўна, што назнарок, і лось хутка ўбачыў іх. Ён зноў выйшаў з хлява. Але не падаўся адразу да пералазу, пастаяў яшчэ колькі часу каля ганка, цяпер ужо ўсё роўна як дзеля прыліку, і толькі тады рушыў да пералазу. Яму не трэба было разганяцца, каб пераскочыць. I ён не стаў рабіць гэтага: падышоў да пералазу, падняў над ім пярэднія ногі, і апіраючыся на заднія, умомант перанёс сваё лёгкае цела на другі бок. Пры гэтым ён яшчэ насцярожыўся, што зараз вось выскачыць з суседняга двара знаёмы сабака, будзе доўга і назойліва брахаць услед, калі наогул не пачне кідацца напярэймы. Ды дарэмна. Сабака таксама сёння быў на лузе з гаспадарамі. I толькі Гапчын галагуцкі певень, які заўсёды начаваў над ім у седале ў хляве, пляскаючы крыламі, узляцеў занепакоена на тын, сярдзіта, таму ажно давячыся, кукарэкнуў на ўвесь пусты двор, нібыта сапраўды здагадваўся, што адбываецца нешта нядобрае.

Але няхай хоць бы і певень. Лось не збіраўся бавіцца каля двара, да якога прывык ужо, як свойскі. I ён пайшоў, адразу трапіўшы на ледзь прыкметную сцежку, што імкнула адсюль па імху да стромага берага Бесядзі; мякка ступаючы доўгімі, спружыністымі нагамі, крочыў усё далей і далей ад пасёлка. Гэта была ўжо не тая бездапаможная і кволая істота, якую адбіў некалі за Верамейкамі Чубар у старога, нямоглага воўка. Цяпер гэта быў гадавалы лось, знешне вельмі падобны на свайго бацьку, застрэленага ў мінулую восень на верамейкаўскім сухадоле, побач з крыніцай, дарма што пакуль нашмат лягчэйшы і не такі дужы, зразумела, без вялікіх рагоў, але ўжо з першым грубіяністым пасынкам на гарбатай, задумлівай галаве. Карацей кажучы, звер ужо гатовы быў да самастойнага жыцця, хоць і не ведаў нават збольшага, якое яно, тое самастойнае жыццё.

Мінаючы адну за адной балацявіны, што засталіся тут, няйначай, ад колішняга рэчышча, маладзенькі лось за якое паўгадзіны нарэшце датупаў да знаёмай пясчанай стромы, адкуль адкрывалася вачам жоўта-зялёная шырыня забесядскіх лугоў; у гэтае лета ён ужо неаднойчы прыходзіў сюды ў сваіх вандроўках, як і цяпер, падоўгу стаяў над вадой, нібыта маючы ў душы намер кінуцца ўніз, каб пераплысці раку ды вярнуцца ў тую пушчу, дзе нарадзіўся і адкуль быў выгнаны вайной разам з бацькамі, усё яшчэ не адважваўся на гэтакі ўчынак і, можа, таму зноў і зноў вяртаўся сюды, на строму, зусім мала калі абмінаючы.

Уласна, ён быў адзін ва ўсім Забесяддзі, а значыць – на цэлым свеце. Але пра гэта яшчэ не ведаў. Таму яму пакуль хапала вясковага двара і тае ласкі, што меў. Ставала і тутэйшага лесу, і стромы, адкуль далёка відаць наўсцяж. I тым не менш з нейкага часу ў ім ужо вырастала незразумелая сіла, якую нельга было змагчы і якая ўсё часцей прымушала скаланацца, быццам упарта шукаючы выйсця сабе. Пра яе ён таксама пакуль мала што ведаў, дарма што гэтак надта проста сказаць пра звера. Але затое выразна адчуваў, што даймаць яна найбольш пачынала тут, на строме.

Усё-ткі – ёсць ён, інстынкт продкаў.

Сёння лось таксама адчуў у сабе гэтую неспакойную сілу, якая раптам моцна зварухнулася ў ім, і чым даўжэй ён цяпер стаяў, тым неадольней рабілася яна. Нарэшце, падпарадкоўваючыся ёй, лось зрушыў з месца – паціху, каб не сарвацца з пакручастай сцежкі, пачаў спускацца па чужых слядах к вадзе.


II

У Верамейках таксама ўжо каторы дзень касілі. Але сёлета пачалі тут касавіцу не так, як заўсёды, – хапалі спярша што было бліжэй к дому, пакідаючы далёкія лугі на потым. Затое з сухадолаў, што знаходзіліся ў шмат якіх месцах за вёскай, верамейкаўцы звезлі ў адрыны сена, лічы, за тыдзень. Здаецца, не паспявалі так хутка рабіць і пры калгасе. I гэта тады, як не ставала ў дварах мужыкоў – і з косамі, і з граблямі, і з вазамі завіхаліся бабы. У кожным разе так здавалася, бо мужыкоў у Верамейках сапраўды не пабольшала за гэты час, а тыя нямногія, што заставаліся ў вёсцы, былі нарасхват.

Сёння верамейкаўцы падаваліся касіць на заліўны луг, да Бесядзі. Хоць гэта было і не дужа далёка, усяго некалькі кіламетраў дарогі, але здавён павялося, што туды звычайна ехалі касцы не на адзін дзень, і не на два і працавалі, пакуль сена не апыналася ў стагах.

Гэты раз у дарогу выбраліся ў познюю раніцу – доўга кляпалі косы, якіх на аднаго мужыка выходзіла па некалькі, бо мала якая жанчына ўмела рабіць гэта; пасля разбіраліся са спісамі, па якіх належала дзяліць луг. Ды і ранейшай спешкі чамусьці не адчувалася, быццам людзі ўжо сапраўды здаволіліся тым, што пакасілі на сухадолах.

Зазыбавы выехалі з двара ўсёй сям’ёй – Дзяніс, Марфа, Масей. Але Марфа мелася к вечару вярнуцца ў вёску, каб не пакідаць без нагляду на ноч гаспадарку, асабліва жывёлу, таму яны пакаваліся не дужа рупліва, бралі з сабой толькі самае неабходнае, спадзеючыся, што іншае гаспадыня прынясе з дому пасля.

– Тае бяды, – сказала яна сваё звычайнае і чамусьці засмяялася, усё роўна як што мела ад гэтага сабе.

Дзяніс Яўменавіч тут жа гукнуў Кузьму Прыбыткова. Мусіць, той ужо чакаў ягонага голасу, бо адразу расчыніў вароты, вывеў за аброць у завулак запрэжанага каня.

– Ну во, – акурат вінавата сказаў стары, – думалася ўжо, што давядзецца да смерці сядзець на лаўцы, а тута сёлета…

Гаворачы так, ён, няйначай, хацеў пачуць ад Зазыбы нейкай ухвалы альбо бадзёрага спачування, на што звычайна здатныя суседзі адзін перад адным, але Дзяніс Яўменавіч ні пярэчыць, ні падтакваць не стаў, зрабіўшы выгляд, што заклапочана корпаецца на возе.

Тады Прыбыткоў пачаў клікаць з хаты нявестку.

– Хутчэй тама, а то во!.. Суседзі ўжо едуць!..

– Дык і няхай едуць, – расчыніўшы на вуліцу акно, акурат нездаволена сказала маладая кабета. – Хіба ж мы дарогі не знойдзем.

– Трэба разам, – буркліва сказаў на яе незгаворлівасць свёкар. – Ды ты вакно зачыняй! Зачыняй вакно, кажу, а то, нябось, так і пакінеш стаяць на дзень цэлы.

– Дак ужо, мусіць, і на ноч, – падышла да суседзяў па завулку Хрысціна Гаманькова, несучы на плячы граблі і белы клунак.

– Ну так, буду я начаваць на лузе, – азвалася яшчэ з хаты Кузьмова нявестка, – бытта мне тута не хапае месца.

– А як Марфа Давыдаўна? – паглядзела на суседку Хрысціна. – Насаўсім ці не?

– Дак дзе тама, – сказала Марфа, – гаспадарка ж яшчэ не звялася. Карову хоць трэба падаіць.

– Яно так, – згадзілася Хрысціна, – ды й, відаць, бабы ўсе павяртаюцца к ночы. Час не той, калі на дзяцей ды на гаспадарку забыцца.

– Даўжож…

– Але дзе ета мой Іванька? – спахапілася раптам Хрысціна. – Іван, а Іван?

– Зараз, мама! – пачуўся няспешлівы голас з двара. – Я даганю.

– Будзеш яшчэ даганяць! – нездаволена буркнула Хрысціна, але без сэрца, як дзеля парадку.

– Да ты сама вось кладзі граблі на калёсы, – сказаў ёй Зазыба.

– Ці ж я паеду? – усё роўна як здзівілася Хрысціна. – Калі ета я на луг ездзіла? Лепей і цяпера пайду. Дак граблі таксама панясу. Сваё плячо не адломіць.

– Як знаеш, – Зазыба ўсміхнуўся.

Нарэшце зачыніла за сабой дзверы ў сенцах і Кузьмова нявестка Анюта – значыць, можна ехаць.

Зазыба цмокнуў на свайго каня, торгаючы лейцамі.

– А ну-тка, бабы, і праўда сядайма! – крыкнуў тады як не маладым голасам Кузьма Прыбыткоў: ён глянуў на суседзяў гарэзлівымі вачамі і трохі выпрастаўся, нібыта растрос раптам збольшага свае гады – што значыць не за сынамі жыць.

Адзін Масей, здавалася, заставаўся абыякавым да гэтай сялянскай узрушанасці, сядзеў сабе спакойна на калёсах спіною да Кузьмовага двара ды слухаў як перамаўляліся паміж сабой суседзі ў завулку; ён памагаў бацьку цяпер ва ўсім – касіў кожнага дня на сухадолах свае палосы, з ахвотаю ехаў і сёння на далёкі луг.

Між тым па вуліцы прагрукаталі нечыя колы. Кузьма Прыбыткоў сказаў:

– Хтосьці паехаў ужо.

– Да ета бытта Іван Хахол, – падказала Зазыбава Марфа.

– То й мы рушым, – Кузьма пачаў падсцёбваць услед за Зазыбам свайго мышастага каня.

На краі вёскі, акурат супроць Кандрусевічавай хаты, дагнала іх Ганна Карпілава, цягнучы на луг ледзь не за спадніцаю двух сваіх хлопцаў.

– Дзе ж Андрэй? – спытаў Зазыба.

– Дак хіба ж яго так проста і адпусцяць, – зусім без прыкрасці, хутчэй з пахвальбой адказала Ганна. – Сілка Хрупчык нешта павёў яго назад у кузню.

– Ат, Хрупчыкі заўсёды многа спалі, – азваўся Кузьма Прыбыткоў. – Бывала й бацька яго, етага Сілкі, спіць-спіць, а тады кінецца ўслед, дак позна ўжо. Але ж настырны, сам не спяшаецца і чалавека затрымлівае.

– Ага, у кузні занятку хапае, – сказала на гэта Ганна Карпілава, але так, каб ніхто не быў вінаваты – ні Андрэй, ні Хрупчык. – Помню, Васіль Шандабыла таксама прападаў у ёй дні і ночы, нават у касавіцу – то ў таго нешта зломіцца, то ў етага. Дак у калгасе свая паласа не чакала. I без каваля пакосяць. А тута…

– Ета праўда, – згадзіўся Кузьма Прыбыткоў. – Я й сам пры калгасе ў старыя запісаўся.

– Затое цяпера ты малады! – павярнуўшыся да яго, бадай, трохі здзекліва сказала Анюта.

– Ну, малады не малады, – засмяяўся Зазыба, заступаючыся за старога Кузьму, – але ж памяняў дубец на касу. I ногі нібыта падужэлі. Хіба няпраўда, Кузьма?

– Проста расхадзіўся, – усё роўна як апраўдваючыся, сказаў Прыбыткоў.

– Нічога, дзядзька, – супакоіла яго Хрысціна Гаманькова. – Ляксейка памрэ, дак ты яшчэ, можа, на Ляксеісе жэнішся. Казалі ж, што малады некалі за ёй хадзіў.

– Успомніла што! – зноў засмяяўся на сваім возе Зазыба.

– Дак ці ж не так?

Але Кузьмовай нявестцы раптам зусім не спадабалася, як павярнулася гаворка, дарма што сама падала повад: яна нядобра глянула на Хрысціну, сказала:

– Вам абы жаніць каго… Лепей падумалі б пра што іншае. Вось, кажуць у Гончу ўчора прыязджаў з Бабінавічаў поп, дак дзяцей тама хрысціў.

– А што табе раптам за клопат? – спытала Ганна Карпілава, усё роўна як яе таксама мала цікавіла гэта. – У цябе ж, здаецца, дзяцей няма?

– Дак у братавай ёсць.

– Няйначай Анюта кумой хоча стаць, – сказала Хрысціна Гаманькова.

– Ну так, без кума таксама цяжка жыць, – засмяялася Ганна Карпілава.

– Ты во сабе знайшла, дак цяпера разумная. Але ці надоўга? Ён жа, здаецца, і так ужо адну ноч у цябе начуе, а другую немаведама дзе прападае.

– Анюта, – цыкнуў на нявестку Кузьма Прыбыткоў – не твая ета справа, дзе хто начуе і куды ходзіць.

– Ну, не мая, дак і не мая. Але дзяцей і ў нас усё роўна давядзецца хрысціць. Ад немцаў загад такі выйшаў – каго не перахрысцяць, таго забіваць будуць. Так што… Не мне плакаць пасля. Сама я – хрышчоная.

– О, госпадзі, – уздыхнула Марфа Давыдаўна. – Усе мы, Анюта, хто ў гадах, хрышчоныя. Так было раней. А вось дзеці… – Яна з журбой паглядзела на Ганчыных хлопцаў.

Гэта ўжо не навіна была ў Верамейках, што ў навакольных вёсках пачыналі хрысціць дзяцей; ведалі людзі і пра тое, што бургамістр Брындзікаў распісаў недзе чаргу для бабінавіцкага папа – каму належала везці дзяцей у царкву, а да каго Дворскі будзе сам прыязджаць. Верамейкаўцы яшчэ не ведалі, як ім выпадзе ў тым бургамістравым спісе, але паміж сабой ужо не толькі шушукаліся; словам, Анюта нічога новага цяпер не сказала; іншая справа зацятасць, якая прагучала ў яе голасе, але прычынай гэтага магла быць проста яе бяздзетнасць…

Слухаючы размову, Зазыба ўспомніў, як прыходзіў да яго нядаўна Раман Сёмачкін, які ўжо ад восені з ахвотаю насіў на сабе абавязкі старасты ў Верамейках. Стараста ў той дзень прыехаў з Бабінавіч, да таго ж на добрым падпітку, таму бадзяўся па вёсцы з канца ў канец; ну а да Зазыбы прыцёгся як да свайго намесніка – якраз было напярэдадні касавіцы. Трэба сказаць, што Раман з даўняга ўмеў піць, але, нават моцна выпіўшы, галавы не губляў, адно што многа гаварыў ды валачыўся па вёсцы; у такія хвіліны ён мог разважаць аб усім, абы толькі хто слухаў. Пра сёлетнюю касавіцу яны тады не адразу пачалі. Спярша Раман загаварыў пра хрышчэнне ў воласці, няйначай, з такім разлікам, што Зазыба стане нярэчыць. Зазыба, вядома, не стаў гэтага рабіць, наадварот, сказаў спакойна: «Што ж, богу богава». Ён і праўда не ведаў, як успрыняць навіну, тым больш што самога некалі таксама хрысцілі. Ён толькі дадаў яшчэ: «Нас жа з табой вазілі ў свой час да папа. I нічога». Ды Раман Сёмачкін не быў бы Раманам, каб не выказацца да канца: «Але ж вунь колькі не давалі хрысціць дзяцей. Лічы, у кожнай хаце нехрысці бегаюць». – «Штосьці я не чуў, каб вельмі не давалі. Проста стары поп у мястэчку памёр, а новага не знайшлі. Таму царква колькі гадоў і не працавала». – «Не працавала, ета проста сказаць. Яе забаранілі. Цяпер жа вось, пры новай уладзе, знайшоўся поп. Значыць, і тады маглі паставіць каго замест памершага». – «Гэта ўжо, Раман, дарэмшчына, – пакруціў галавой Зазыба. – Што царква пры савецкай уладзе была адцзелена ад дзяржавы, то праўда. Але каб забаранялі… Не. У другіх жа мястэчках вялася служба, і ніхто там не закрываў цэркваў. Нават я ведаю, што сёй-той з Верамеек яшчэ пазалетась вазіў малых у Забор’е. Пагалоўна. Нават тых, хто насіў піянерскія гальштукі». – «Пад пагрозай чаго не зробіш…» – «Дак і раней… З таго ж, здаецца, пачалося некалі». – «То, мусіць, чуў звон, да… Лепей спытаў бы вунь у Масея. Ён табе раскажа, як тое было некалі. А нам з табой трэба падумаць найперш, што з сенажацямі будзем рабіць – ці разам пакосім лугі ды гатовае сена падзелім на двары, ці…» – «Не, разам няварта, няхай кожны сваю паласу косіць». – «А бабы?» – «А ты не пячыся за баб, яны яшчэ хутчэй за нас, мужыкоў, са сваім управяцца. Вясной жа паказалі свае здольнасці на сяўбе». – «I ўсё-ткі, няхай бы на сходзе мужыкі рашылі». – «Без сходу ты не можаш? А ўрэшце, – засмяяўся Раман, – сход цябе, Зазыба, і ўратаваў мінулай восенню. Праўда, не сход, а праўленне, усяго некалькі чалавек». – «Колькі было, столькі і рашала. Нас пасля падтрымалі». – «Гэта тваё шчасце, што Гуфельд не стаў дакопвацца. Ды і палітыка зямельная змянілася ў немцаў цяпер не тая, што раней. Цяпер калгасы распушчаны. Як поле падзялілі, так і з лугам паступім». – «Але сход усё-ткі трэба склікаць». – «Можа, ты на сходзе станеш вучыць людзей галасаваць і за тое, хто хоча хрысціць сваіх дзяцей, ахто не?» – «А варта было б!» – «Ну-ну, Зазыба, ты з етым не жартуй, ета табе не абы-што, ета вялікая палітыка». – «Толькі невядома, хто яе выдумаў – ці такія вось, як вы з Брава-Жыватоўскім, ці немцы самі даўмеліся?»

Сход вясковы на другі дзень яны ўсё-ткі склікалі. Але верамейкаўцы згадзіліся з Раманам Сёмачкіным: сенажаць дзяліць на палосы. Урэшце, як хочаце, махнуў рукой Зазыба.

А пра тое, што пачынаюць хрысціць дзяцей па воласці, давялося сказаць Нарчуку. «Цяпер гэта лёгка рабіць, – разважыў камандзір партызанскага атрада. – Загадаў – і ўсё. Але ўмешвацца мы не станем. Не той час. Вельмі далікатная справа станавіцца цяпер паміж людзьмі і богам. Вайна прымушае людзей хапацца за ўсё. Кожны спадзяецца ўратаваць сябе, скарб. А тут клопат пра самае дарагое, пра дзяцей. Ну а што наогул да гэтай задумы… Тут стараста ваш, Дзяніс Яўменавіч, мае рацыю – палітыка».

Сказаць, дык у горкім дурнап’яне разварушанага сена, якое вазілі з сухадолаў Зазыба неяк даволі лёгка забыў пра свае размовы – і з Раманам Сёмачкіным, і з Мітрафанам Нарчуком. I вось жанкі ў незразумелым запале раптам напомнілі пра гэта.

– Калі ета прыдумаў хто, што чалавек не ў свядомым жыцці выбірае сабе веру, а тады, як нічога не цяміць, – слухаючы кабет, сказаў раптам Кузьма Прыбыткоў. – Адсюль, няйначай, і нявер’е ўсё пасля.

– Канешне, у нечым і адсюль, – падтрымаў яго Масей, – але найперш, бадай, ад таго, што ўмешваюцца ў веру.

– Як ета? – насцярожыў вушы Зазыба.

– Сам жа бачыш, новая ўлада – пад пагрозай збіраецца хрысціць, ну а ранейшая… Я слухаў як вы размаўлялі з Раманам Сёмачкіным. Ты тады не згаджаўся з ім, даказваў што ў Бабінавічах царква не працавала пры савецкай уладзе таму, што рана памёр стары поп. Можа, у вас тут сапраўды было так. Вам відней. Але бачыць давялося іншае. На маіх вачах не толькі гвалтоўна зачынялі царкоўныя брамы, а ўзрывалі, палілі храмы, скідвалі і тапталі абразы. Ды пад рогат. Чаго каштаваў праваслаўнай царкве адзін судовы працэс над патрыярхам Ціханам?..

– Працэс, – нібыта не паверыў Зазыба. – Але ж я сам чытаў паперку – можна лічыць, завяшчанне тагачаснага першасвяціцеля. Ніякай скаргі на савецкую ўладу не было там.

– Дзе ты чытаў?

– У дзеда свайго, Сяголеткі. Ён жа адзін час у Бабінавічах быў царкоўным старастам.

– Ну і што там было?

– У кожным разе, скаргаў на савецкую ўладу не было.

– Ты, бацька, дарэмна абараняеш ад мяне савецкую ўладу. Яе цяпер трэба ад іншых бараніць. Але тое, што бачыў на свае вочы, маніць на стану. Я і палавіны не сказаў табе таго, што давялося бачыць.

– Але паслухай-тка…

Усе насцярожыліся. Скрозь тарахценне колаў аднекуль далятаў гул матора. Зазыба моўчкі нацягнуў лейцы на сябе, стрымаў буланага. Спыніў свайго каня і Кузьма Прыбыткоў.

– Няйначай, машыны едуць? – утрапёна прамовіў ён.

– А божачкі!.. – залямантавала следам за ім Ганна Карпілава, хапаючы з Зазыбавага воза дзяцей.

Другія кабеты таксама пасаскоквалі з калёс, збянтэжана ўтаропіліся на мужыкоў, чакаючы ад іх нейкай пэўнасці.

– Як думаеш, Яўменавіч? – спытаў Кузьма.

– Дык… – Зазыба не знаў, што сказаць.

Сама лепей было б павярнуць коні, з’ехаць з дарогі. Ды як? Па абодва бакі дарогу абступіла балота, ці, як у Верамейках казалі, – нізкае месца, парослае альхоўнікам, па якім нават пешаму нялёгка прашыцца, а тут падводы. Праўда, далей туды, можа, за паўкіламетра, была наезджаная калясьмі вузкая прасека, але таксама наперадзе, таму мала было надзеі непрыкметна праскочыць такую адлегласць. А гул з кожным імгненнем нарастаў.

– Вось што, бабы, – сказаў нарэшце Зазыба, – бярыце дзяцей і гайда. Ды хутчэй, хутчэй!

Жанкі скоранька пахапалі з вазоў свае рэчы і, доўга не думаючы, кінуліся на правы бок ад дарогі ў альшанік. Зазыба глянуў на Кузьму Прыбыткова, той паволі, быццам баючыся рэзкіх рухаў, круціў галавой, настаўляючы ўгору то адно, то другое вуха. I сапраўды, зразумеў тут жа Зазыба, гук даходзіў на дарогу аднекуль зверху, бо чуўся ўжо чысты і роўны. Наўрад ці мог ён здавацца такім, каб прабіваўся скрозь суцэльную сцяну ельніку, што пачынаўся наперадзе, адразу за альховай балацінай.

Значыць, самалёт. А той, няйначай, ляцеў высока, недзе яшчэ па-над Бесяддзю, але быў і цяпер добра відзён адсюль. Зазыба першы агледзеў яго, паказаў рукою Масею.

– Ага, самалёт, – усё роўна як расчаравана, кіўнуў той.

Пачакалі трохі, прыкідваючы, куды ляцець будзе далей, на іх ці міма, – на вока выходзіла, што збоч; Зазыба раптам саскочыў з калёс, падышоў да буланага, паправіў на ім збрую, нібыта цяпер у гэтым быў самы непарадак. Масей тым часам не зводзіў вачэй з самалёта; той па-ранейшаму ляцеў сваім шляхам; на небе не было ні аблачынкі, і Масей падумаў: «Нямецкі, раз ляціць на віду і зусім не высока». Быў момант, што ён нават цікавасць страціўда самалёта: звычайная справа, цяпер гэта нярэдкі выпадак; здаралася, што цэлымі днямі жалезныя птахі будзілі вёску сваім гулам, пралятаючы то па адным, то групамі на рознай вышыні. Масей хацеў сказаць бацьку, што трэба клікаць з балота жанчын, якія наўрад ці далёка паспелі адбегчыся ад дарогі, і раптам ад самалёта аддзялілася маленькая кропка, пасля другая, трэцяя і сталі падаць уніз. «Бомбы», – падумаў Масей, але не прамінула нават хвіліны, як гэтыя кропкі нечакана нібыта выбухнулі ў небе: вакол іх завіхурыла незлічонае мноства бліскучых кропак, якія чым бліжэй падалі да зямлі, тым больш запавольваліся, рабіліся падобныя на шматкі паперы. «Лістоўкі», – здагадаўся нарэшце Масей, сказаў бацьку; той чамусьці вінавата глянуў на сына, прамовіў нецярпліва:

– То добра. Вы тут з Кузьмой завіце жанчын, а я пайду. Якраз пераганю вас па дарозе за Топкай гарой.

– Ладна, – сказаў Масей, падбіраючы лейцы.


III

Зазыба не стаў выбіраць дарогі. Да прасекі адтуль заставалася яшчэ далёка, хоць паўкіламетра пры іншых абставінах лічылася б за нішто. Урэшце, можна было ехаць далей, але вось жа нешта ўзрушыла яго, няйначай, усё-ткі лістоўкі, што высыпаў раптам са свайго чэрава самалёт. Да гэтага не было выпадку, каб такое рабілі немцы. Значыць, на яго думку, ляцеў савецкі самалёт, і недзе над лугам цяпер падалі на зямлю савецкія лістоўкі.

Ломячыся напрасткі праз алешнік, Зазыба прыкінуў, дзе можна будзе натрапіць на лістоўкі, куды іх адносіць ветрам – хоць і невялікі, але вецер быў сёння з поўначы; па разліках выходзіла, што хутчэй за ўсё лістоўкі можна напаткаць на Цімохавай пожні, што цягнецца ад Цяменскага возера амаль да самага лугу. Дзеля гэтага неабходна было выйсці на грэблю і адтуль ужо шыбаваць далей, паўз Шурышча, дзе стаяў узімку атрад Нарчука. Зазыба так і зрабіў. На грэблі неспадзявана пабачыў Андрэя Марухіна. Той таксама кіраваўся з касою на плячы на луг праз Цімохаву пожню.

– А вы, Дзяніс Яўменавіч, як апынуліся тут? – спытаў Андрэй. – Вы ж, здаецца, паехалі з нашымі бабамі?

– Лістоўкі самалёт скінуў, – адно сказаў Зазыба.

– Дзе?

– Па-над Бесядцзю. Я так думаю.

– Самалёт мне таксама чуваць было адсюль, – сказаў Андрэй.

– Можа, што важнае скінуў. Самалёт жа бытта наш быў.

Дзіўна, але Андрэй Марухін да Зазыбавага клопату – хутчэй здабыць лістоўку – паставіўся зусім спакойна, у кожным разе, не так, як Зазыба чакаў, калі гаварыў пра самалёт і лістоўкі; пра гэта Дзяніс Яўменавіч здагадаўся па ягоным твары, калі замест цікаўнасці ўзнікла чамусьці паблажлівая ўсмешка; яна раптам нібыта астудзіла Зазыбу, ён адвярнуўся ад прымака, хаваючы такім чынам сваю збянтэжанасць.

Сапраўды, адсюль Марухін самалёта не мог бачыць, бо дарогу, што вяла па грэблі на луг, скрозь абступалі таўшчэзныя дрэвы, найбольш елкі, засцячы неба з усіх бакоў. Зазыба вызначыў гэтую акалічнасць і акурат паспакайнеў, быццам знайшоў апраўданне і чужой абыякавасці, і сваёй збянтэжанасці. Але ў душы тым не менш адчуў пачуццё, падобнае на прыкрасць: і собіла ж наскочыць на сведку ці не дзіцячай цікаўнасці!.. Сам ён наперад цяпер не імкнуўся, спрабаваў патрапляць чужым крокам.

– А чаму вы думаеце, што гэта быў наш самалёт? – адчуўшы Зазыбаву насупленасць, спытаў праз нейкі час Марухін.

– Сам жа бачыў – лістоўкі скінуў, – жорстка адказаў Зазыба. – Немцам для такой справы самалёт не спатрэбіўся б. Яны і так цяпер могуць расклейваць тут іх, дзе захочуць.

– Гэта праўда, – кіўнуў галавой прымак. – Але мне хацелася бачыць сёння вас, Дзяніс Яўменавіч, вось па якой прычыне. Таму вас усё роўна як назнарок сюды вынесла. Скандзілаў лічыць, што я павінен назусім перайсці ў атрад.

– Ну што ж, ён камандзір, яму відней.

– Але ж як Ганне сказаць?

– Так і скажы. Ты ж мужчына, а яна цябе наняла.

– Да таго ж яна вось…

– Дарэмна. Ганне мы б памаглі скасіць ды прывезці і без цябе.

– Але ж…

– Нічога, вайна ёсць вайна. Жаночая спадніца – адно, а справа – іншае. Яны ж, скандзілаўцы, усё яшчэ каля Трусака?

– Кіламетраў за шэсць.

– Але ж ці не дужа далёка? Я гэтага не зусім разумею, што Скандзілаўскі атрад у адным канцы раёна, а Нарчукоў у другім.

– Нашы не хочуць злучацца.

– Чаму?

– Кажуць, што мясцовыя будуць замінаць.

– Але ж сумесна лягчэй дзейнічаць. Як яны не разумеюць гэтага, вайсковыя людзі?

– Тут не ў разуменні справа.

– А ў чым? Скажы!

– Прычына, як мне здаецца, у тым, што ў Нарчука і ў іншых камандзіраў яго атрада сем’і ў Крутагор’і.

– Так, пра гэта ўсе ведаюць.

– Яны там ужо як заложнікі. Немцы могуць дыктаваць праз іх сваю волю партызанам.

– Так ужо і дыктаваць?

– Ва ўсякім выпадку, магчымасць такую яны некалі скарыстаюць.

– А сярод вашых мясцовых многа?

– Камісар. Ціт Субоцін, здаецца, так. Прызнацца, я мала яшчэ каго ведаю. На сувязі з нашым атрадам тут цяпер будзе за мяне пляменніца Сідара Раўнягіна.

– Прося?

– Так.

– Знайшлі сякеру пад лаўкай! Свёкар – сувязны ў Нарчука, а Прося ў Скандзілава!

– Якраз і добра. У адным месцы будзе сыходзіцца сувязь. Лепшага і не прыдумаць.

– Ды ўжо ж…

– А вы быццам не здаволены?

– Як сказаць…

– Мне думаецца, што Скандзілаў з Нарчуком абгаварылі гэта раней. Прынамсі, з боку Сідара Раўнягіна пярэчання не было. Значыць, і з ім нехта размову меў. Ну і яшчэ – гавару я вам пра гэта. Зразумела, не па сваёй ініцыятыве. Скандзілаў загадаў каб і вы ў курсе былі.

– Але Ганне ты таксама скажы. Няхай не думае, што хаваешся ад яе. А то сам ведаеш – ці мала чаго людзі нагавораць. Ды і я віну буду адчуваць перад ёй – сам жа звёў вас. Дык цяпер нібыта і адказваць павінен.

– Не хвалюйцеся, Дзяніс Яўменавіч. Усё будзе як след. Дабро не забываецца. Ды і да хлопчыкаў я прыкіпеў.

– Але вяселле дарэмна мы не згулялі.

I Зазыба, і Андрэй Марухін, вядома, успомнілі цяпер, як збіраліся на пачатку зімы ладзіць вяселле. Аднак тады з вяселлем не выйшла. Не атрымалася і пасля.

Зіма хоць і выдалася сёлета з вялікім снегам і лютымі маразамі, але на прыроду шкодна не падзейнічала, як у той год, калі закончылася вайна з фінамі; прынамсі, сады – першае сведчанне – засталіся скрозь жывыя і цяпер ужо моцна пладаносілі. Зразумела, пасля вялікага снегу вясной было багата вады. I гэта таксама ўрэшце прыдалося, бо нікога не напалохала адсутнасць майскіх дажджоў, без якіх, звычайна лічыцца, не возьмеш добрага ўраджаю ў полі.

Між тым сеялі гэты раз зноў аднаасобна, як і ў дакалгасныя часы, акурат на тых палосах, што былі намераны ўвосень, калі дзялілі на душы жыта і ярыну. Зазыбу і цяпер больш за ўсіх давялося браць на сябе, бо Раман Сёмачкін, выбраны яшчэ ўвосень старастам, у гаспадарчыя справы стараўся не ўмешвацца, зваліўшы вясковы клопат на намесніка валаснога агранома. Сам жа ён потым часам пільнаваўся чаркі – абы станавілася вядома, што ў канчанскім ці канаплёўскім канцы нехта засыпаў солад у бочку, як яны з Брава-Жыватоўскім тут жа спяшаліся ў хату да першай кроплі; там звычайна і праседжвалі цэлыя дні, пакуль Раманава жонка не забірала свайго; Брава-Жыватоўскаму пасля рабілася сумна аднаму жлукціць самагон, і ён таксама падаваўся ў свае Падліпкі, адсыпаўся. З іншых верамейкаўскіх мужыкоў да старасты з паліцэйскім далучаўся часцей Мікіта Драніца, але кожны раз рабіў выгляд, што не мог адчапіцца ад вясковага начальства, што гэта Раман з Брава-Жыватоўскім яго змушаюць «вадзіць кампанію»; асабліва Мікіта пачаў апраўдвацца, калі пайшлі чуткі, што ў Шурышчы аб’явіліся партызаны. Трэба сказаць, Драніцава абачлівасць нават здзівіла Зазыбу. Аднойчы, яшчэ зімой, той спыніў на вуліцы Дзяніса Яўменавіча і, як заўсёды, плюскаючы бяздоннымі вачамі, сказаў ціха: «Ты б, Яўменавіч, як тэй таго, перадаў паклон і ад мяне». – «Каму ж гэта?» – зрабіў знарочысты выгляд Зазыба. «А то сам не здагадваешся? Ну, сваім, нашым, тым, што ў Шурышчы цяпера. Мая Аксюта казала…» – «Ці мала што твая Аксюта выдумаць можа», – не даў дагаварыць Зазыба. Але Драніца не спяшаўся адступацца, учапіўся кляшчом у Зазыбаў рукаў: «Ты, як тэй таго, дарэмна ета. Усе ж ведаюць, хто ў партызанах і чаго ты ходзіш у лес па начах». – «I Брава-Жыватоўскі з Раманам ведаюць?» – «Ад іх я не чуў пра ета, як тэй таго, во і нядаўна з імі ў Сілкі Хрупчыка выпіваў, дак нічога не гаварылі». – «А ты не сказаў часам?» – «Дак не маленькі, як тэй таго». – «Ну а Сілка Хрупчык? Што ён?» – спытаў Зазыба. «Дак, як тэй таго, усе ж у Верамейках ведаюць…» – «Ведаюць і маўчаць, а ты вось…» – «Дак я, як тэй таго, аднаму табе». – «Ну добра, – усміхнуўся Зазыба, – раз ты ўсё ведаеш, дык і мне скажы, што там за партызаны ў Шурышчы?» – «Крутагорскае начальства, як тэй таго. Ай не ведаеш? З самае восені ў зямлянках жывуць. Ну а ты памагаеш. Да, здаецца, і каваль Марухін таксама звязаны з партызанамі. Але еты ходзіць у другое месца, кудысьці далёка, ажно за Бялынкавічы, дарма што за каваля сябе выдае». – «Сапраўды, Мікіта, Аксюта твая многа ведае, – пакруціў галавой Зазыба. – І калі яна толькі паспявае за ўсім?..» – «Дак ад людзей жа не схаваешся. Так што, як тэй таго, перадавай тама і ад мяне паклон, калі зноў пойдзеш, нябось, нашы агульныя знаёмыя сярод іх ёсць. Напрыклад, Чубар. Бытта бачылі яго колькі разоў за Бесяддзю, у Гончы. Казалі нават, што ета ён, як тэй таго, гнаўся напрадвесні за бургамістрам Брындзікавым, помніш, стралялі на дарозе ў мястэчка?» – «Помню, Мікіта, помню, але… – Зазыба пакратаў рукамі кончык свайго носа (з ім гэта часта бывала, калі задумваўся ці хваляваўся), спытаў: – Аднак лепей было б, калі б ты сам пашукаў сваіх знаёмых. Тут справа такая. Мы і раней, у добрыя часы, не збіралі паміж сабой сяброў, цяпер тым больш няварта гэта рабіць. Так што шукай сваіх сам. Урэшце, дарога ў Шурышча нікому не заказана. Ёсць жаданне даведацца, хто там, схадзі. Ападглядваць за мной ці за Андрэем Марухіным, скажу табе… Словам, і сам ніколі не рабі гэтага, і Аксюце сваёй перадай». – «Дак, як тэй таго!..»

Тая размова не была для Зазыбы нечаканай, ён сам здагадваўся, што ад верамейкаўцаў не схаваешся. Таму яна і не выклікала ў ім вялікай занепакоенасці, хоць, шчыра кажучы, небяспекай у ягоным становішчы пагарджаць ці варта было, дарма што партызаны сапраўды знаходзіліся блізка ад вёскі. Але ж і сам Зазыба цяпер заўсёды быў напагатове. Ды і немцы з паліцаямі не часта наведваліся ў забесядскія вёскі. Ва ўсякім выпадку, з таго разу, як выбралі старасту, у Верамейках яны за ўсю зіму не паказваліся.

Аднак з другога боку размова з Драніцам навяла тады Зазыбу на думку пагаварыць з Мітрафанам Нарчуком – як яму паводзіць сябе пры гэтакім розгаласе? Камандзір атрада доўга маўчаў, быццам не знаходзіў слоў у адказ альбо не ведаў, якое прыняць рашэнне. «З тваім знаходжаннем у вёсцы, Дзяніс Яўменавіч, – нарэшце сказаў ён, – трохі больш складана, чым ты ўяўляеш сабе. Тваю ролю ў нашай справе мы ўжо цяпер высока ставім. Канечне, гэта не значыць, што пры неабходнасці не забярэм цябе з Верамеек. Але атрад пачаў расці хутка. А вось… – Нарчук паглядзеў на Зазыбу як невідушчымі вачамі, тады дакрануўся да пляча: – Словам, пацярпі. Хоць бы да пятніцы. Тады сам зразумееш. Ну а тым часам апавясці нашых таварышаў – Абабурку ў Бабінавічах, Захара Доўгаля ў Гончы, Пацюпу ў Азёрным, няхай у гэту пятніцу прыйдуць сюды. Ды абавязкова. Трэба параіцца».

Зазыба так і зрабіў. Спярша злётаў у Азёрны, а тады па кругу ў Бабінавічы, Гончу. Заглянуў у Кулігаеўку, да Сідара Раўнягіна, але па сваёй ахвоце ўжо, бо Нарчук пра Сідара яму не казаў. Проста Зазыба хацеў вызнаць у таго, ці вядома яму што пра пятніцу. Аказалася, не. Таму яны проста пагаварылі пра сёе-тое, што датычыла вясковых спраў, тым больш што для сялянскай размовы іх заўсёды хапала, і вярнуўся надвячоркам дамоў.

У пятніцу, а гэта было, здаецца, пасля вербніцы, перад самым Вялікаднем, у Верамейкі да Зазыбы прыйшоў з лесу Павел Чарнагузаў, сказаў: «Дачакаемся тут усіх, па каго ты хадзіў, а тады рушым у Кулігаеўку. Рашылі сабрацца там, у Сідара Раўнягіна». – «А дзеля чаго нас клічуць, калі не сакрэт?» – спытаў Зазыба. «Табе не сказаў Нарчук? На нараду», – адказаў Ягор. «М-да, – усміхнуўся Зазыба, – мы ўжо ад такіх слоў адвыкнуць паспелі. Нават Гуфельд і той цяпер нарад кожны месяц не збірае. Мусіць, немцам сапраўды не да таго. А пад Масквой фронт так і спыніўся?» – «Цяпер трэба ўжо гаварыць – паміж Масквой і Смаленскам. Ад Масквы вораг адступіў. Зрэшты, аб ваенна-палітычным становішчы сёння таксама будзе гаворка».

Пацюпа з Захарам Доўгалем прыйшлі ў Верамейкі амаль разам, з прамежкам літаральна ў некалькі хвілін. Затое бабінавіцкі Абабурка з’явіўся ў познюю раніцу. «Ат! – махнуў ён раззлавана рукой. – Прычапіўся падарозе з мястэчка адзін нямецкі халуй. Куды ды чаго? Ледзь адкараскаўся!» – «Але ж ты сляды хоць замёў?» – спытаў Абабурку Павел Чарнагузаў. «Здаецца, так». – «Тады хадземце, таварышы, а то мы апознімся», – сказаў партызан.

Нараду пачаў Мітрафан Нарчук. У напаўвайсковай форме, з новым рэменем цераз плячо, ён сапраўды падобны быў на камандзіра і гаварыў уладна, нават мала калі ўсміхаўся. «Вось мы і зноў сабраліся разам, – сказаў ён, – каб параіцца, як нам жыць у новых умовах. Багата каго з тых, каго мы прывыклі бачыць на даваенных нарадах, няма сёння тут па розных прычынах. Затое дадалося новага народу, якім яны таксама не менш даражылі, а калі сказаць праўду, дык, можа, і больш, беручы пад увагу незвычайныя ўмовы цяперашняй нашай дзейнасці».

У Сідаравай хаце сапраўды сышліся малазнаёмыя людзі, а то і зусім незнаёмыя, прынамсі, тых, каго ён помніў, Зазыба мог пералічыць на пальцах. Затое кінулася і нечаканасць – бліжэй да стала, за якім размясціліся камандзір атрада Мітрафан Нарчук, камісар Баранаў і начальнік штаба Касьян Бароў Дзяніс Яўменавіч раптам убачыў знаёмую постаць Сцяпана Мурача, таго настаўніка, што некалі, пры канцы мінулага лета, падвозіў да Белай Гліны. З таго часу яны не бачыліся, але гаворка, што адбылася тады паміж імі, не выходзіла ў Зазыбы з галавы, ён не адзін раз вяртаўся да яе, асабліва ў размовах з Масеем; больш таго, Дзяніс Яўменавіч прасіў нават Андрэя Марухіна, каб той адшукаў настаўніка ў Бялынкавічах. I вось цяпер Сцяпан Мурач сядзеў разам з іншымі актывістамі тут, у Сідаравай хаце, і гэтаксама, як і ўсе, слухаў Мітрафана Нарчука.

Камандзір тым часам, папраўляючы штораз рэмень на плячы, працягваў гаварыць рэчы, якія хоць не новыя былі, але тым не менш не прывычныя: «Вось ужо скора год, як ідзе вайна. Вялікая Айчынная. Вайна, якой не знала дасюль чалавецтва. Вайна супроць лютага ворага, які запаланіў нашу зямлю і цяпер спрабуе навесці на ёй так званы «новы парадак». Але ваша прысутнасць тут, дарагія таварышы, наша сумесная праца, якая пачалася нарэшце, здаецца, сур’ёзна і прадумана, гэтая вось нарада сведчыць якраз пра тое, што не толькі ўсталяваць, але нават хоць збольшага ўвесці свой «новы парадак» фашыстам не ўдаецца. I яшчэ адну важную акалічнасць хочацца адзначыць перад тым, як перайсці да канкрэтнай павесткі, – сёння ўжо можна з упэўненасцю сказаць: мы выстаялі ў крывавай барацьбе, нарэшце фронт спыніўся і цяпер стаіць ад Кольскага паўвострава да Чорнага мора. Хутка Чырвоная Армія зноў пачне наступаць. Будзем спадзявацца на вясенне-летнюю кампанію, яна ўжо, няйначай, прынясе нам канчатковае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў».

Сёй-той пасля гэтых слоў стаў пляскаць у далоні, але неяк не адразу, а адзін за адным, таму камандзіру атрада давялося нават самому колькі разоў пачынаць пляскаць і пераставаць. Дзяніса Яўменавіча такая Нарчукова падтрымка апладысментаў ажно пацешыла, і ён чамусьці тут жа прыгадаў сабе, як праходзіла колісь нарада «мужоў даверу» ў воласці; тады прысутныя таксама пляскалі ў далоні вось гэтак, акурат не ўмеючы, быццам нанава прывыкаючы, жыдка і з перапынкамі, аднак у адрозненне ад сённяшняга выпадку ў мястэчку за сталом стаяў адмысловы дырыжор, які ўвесь час, пакуль ішла нарада, не выпускаў з рук пруткага шомпала. «Адвыклі мужыкі пляскаць», – пусціў на твар несхаваную ўсмешку Зазыба, але тут жа схамянуўся, зрабіў сур’ёзны выгляд, падумаўшы, што ўсмешка зусім недарэчы. Ён крутануў галавой, акурат праганяючы вясёлае насланнё, пачаў зноў уважліва слухаць Нарчука, які сапраўды скончыў уступ і падступіўся да галоўнага: «Напэўна, карысна будзе вам, таварышы, заслухаць справаздачу камандавання атрада аб баявых дзеяннях. Гэта – першае. Другое – я ўжо збольшага накрэсліў тут, ва ўступным слове, ваенна-палітычную абстаноўку ў краіне, але здаецца, ёсць патрэба паслухаць паведамленне пра гэта больш дэталёва. I трэцяе, бадай, самае галоўнае пытанне, – аб ваенна-гаспадарчых задачах, што стаяць цяпер перад партызанамі і працоўнымі на акупіраванай тэрыторыі».

Пачаўшы з самага заснавання атрада ў жніўні сорак першага года, Мітрафан Ануфрыевіч пералічыў па паперы, колькі было знішчана за мінулы час валасных упраў і паліцэйскіх станаў, колькі пакарана здраднікаў – бургамістраў, паліцэйскіх, старастаў, колькі забіта ў сутычках саміх немцаў… Уласна кажучы, падобныя звесткі ні для каго не былі навіной, у вёсках, па абодва бакі Бесядзі, людзі звычайна ведалі, што рабілася вакол, злашча, ні немцы, ні партызаны асабліва не трымалі свае баявыя аперацыі ў сакрэце, не пакідалі ў няведанні мясцовае насельніцтва. Іншая справа, на чый баявы рахунак сапраўды запісваліся поспехі тых аперацый. Нарчук і сам зразумеў што тут штосьці трэба ўдакладніць, калі нават не растлумачыць да канца. Таму неўзабаве выпусціў з рук паперку на стол, акінуў цёмнымі вачамі запоўненую Сідараву хату, сказаў: «Вядома, страты, нанесеныя ворагу за мінулую восень і за гэтую зіму, не абмяжоўваюцца нашым пералікам. Вы ж, напэўна, усе ў курсе, што на паўночным усходзе, у Каніцка-Трускаўскіх лясах, пачаў дзейнічаць новы атрад, які ўзначальвае капітан Чырвонай Арміі Скандзілаў. Дарэчы, прадстаўнік з таго атрада і на нашай нарадзе прысутнічае, вось, – ён паказаў адразу перад сабой, у першым радзе, – таварыш Мурач. Такім чынам, сувязь з атрадам вайскоўцаў мы маем, аднак яшчэ належыць паставіць справу так, каб узгадняць усе дзеянні. Справа гэтая не надта лёгкая, хоць на першы погляд яна і можа здавацца лёгкай. Тут неабходны нейкі новы орган, які б займаўся і сувязямі паміж атрадамі, і ўзгадненнем іх дзейнасці, і зборам розных даных. Ну, такі, як, напрыклад, падпольны райком партыі. Але ж, – уздыхнуў Нарчук, – амаль увесь склад нашага падпольнага райкома загінуў летась у Машавой. Уласна кажучы, жывы застаўся адзін я. I толькі таму, што быў на заданні за межамі раёна. На сённяшні дзень камандаванне атрада мае дакладныя звесткі, што і як здарылася тады ў Машавой, як немцы выйшлі на членаў падпольнага райкома. Дарэмна яны ўсё яшчэ распускаюць чуткі, што немку ў Машавой, жонку тамашняга бургамістра, забілі райкомаўцы. Маўляў, на гэтым і папаліся. Між тым таварыш Пацюпа, які знаходзіцца тут, сярод нас, можа пацвердзіць, што нашы таварышы да забойства бургамістравай жонкі ў Машавой не маюць ніякага дачынення. Так, прычынай правалу райкома стала забойства немкі. Але толькі ўскоснай. Дакладней кажучы, з яго пачалося ўсё». – «Ну а канкрэтна, што канкрэтна вядома пра?..» – зварухнуўся на ўслоне незнаёмы Зазыбу чалавек; Нарчук кіўнуў яму галавой, перавёў позірк на Пацюпу, які сядзеў на табурэце паміж вокнамі на вуліцу; той выпрастаўся, паклаў шапку на табурэт: «Як было на самай справе? Я сапраўды магу пацвердзіць – да забойства Зімаровай жонкі ні Яфрэменка, ні Рыгайла, а тым больш Касьян Манько з Цішчанкам і Якубовічам не маюць ніякага дачынення. У забойстве дзейнічалі двое партызан са спецатрада Карханава, ну, таго, што прыходзіў да нас сюды з Масквы ўвосень. Праўда, і яны гаварылі, што выйшла ўсё знянацку, быццам несвядома, немка сама кінулася паміж імі і бургамістрам». Здаецца, Пацюпа яшчэ хацеў нешта дадаць, але Нарчук сам стаў гаварыць далей: «Свядома ці несвядома, а выпадак той меў трагічныя вынікі. Бургамістр, які ўцёк ад партызан праз акно, паклікаў з Баронькаўскага бальшака немцаў. Два члены падпольнага райкома – Яфрэменка з Рыгайлам – адразу былі схоплены і пакараны на калгасным двары ў той жа дзень. На астатніх падпольшчыкаў немцы зрабілі засаду пасля. Знайшліся людзі, якія дапамаглі фашыстам ажыццявіць задуму. Людзі праклянуць іх, тым часам як справядлівая гісторыя аддасць належнае забітым. Ніякімі паклёпамі не ўдасца зняць арэол герояў з нашых таварышаў. Доўга нам здавалася, што сакратар райкома Касьян Манько застаўся жывы – яму ў Крутагор’і сапраўды ўдалося ўцячы ад катаў. Кажуць, хтосьці з паліцэйскай аховы дапамог. Але дарэмна. Лёс аказаўся няшчадны і да яго. У Краснапольскім раёне, куды ён прыйшоў, таксама знайшоўся здраднік, выдаў яго. Там, у засценках гестапа, Касьян Касьянавіч і загінуў. Увогуле, здраднікаў у нас… Што гаварыць, ад здраднікаў мы нясём самыя адчувальныя страты. Часам думаеш: на што спадзяюцца такія людзі? Ім жа ніхто не даруе здрады – калі мы цяпер не здолеем выкрыць і адпомсціць, дык пасля, як настане канец, не пазбегнуць расплаты. Тады за іх возьмуцца следчыя прафесіяналы. I тым не менш рэчаіснасць пацвярджае: здраднікаў немцы паранейшаму знаходзяць і даволі ўмела скарыстоўваюць іх ледзь не ў кожнай сваёй акцыі, звязанай з паляваннем на савецкіх патрыётаў. Сёння няма часу аналізаваць прычыны калабарцыянізму, але на наяўнасць яго звярнуць вашу ўвагу мы палічылі патрэбным. Акупанты цяпер спрабуюць выдаць гэтую з’яву за разнавіднасць грамадзянскай вайны, якая нібыта пачалася паміж партызанамі і мясцовым насельніцтвам. Зразумела, што такім чынам яны імкнуцца выдаць жаданае за сапраўднае. Ім не ўдасца ні скарыць нас, ні пасварыць. Ім не дапамогуць ні зброя, ні правакацыі, на якія яны вялікія мастакі. Адна такая правакацыя правалілася ўжо, я маю на ўвазе банду ў Сілічах. Стварылі яе немцы, дарма што самі ж і пакаралі верхаводаў».

Слухаючы Нарчука, Зазыба ўспомніў, што некалі так вось гаварыў у Гончы Касьян Манько; тады ён нават слова гэтае ўжыў – калабарцыяністы; сэнс яго Зазыба зразумеў і той раз хутчэй па гучанні ды змесце размовы – аднак жа здраднікі, падумаў ён цяпер, як ні называй, заўсёды застаюцца здраднікамі; праўда, Манько свае развагі засноўваў тады на пачатку акупацыі, калі ўсё бачылася на будучае; цяпер, наадварот, тое, што ўяўлялася некалі як магчымае, станавілася явай. I гэта было жахліва, хоць Зазыба, з другога боку, і тады, і цяпер прымушаў сябе дадумваць сітуацыю, а значыць, і думаць трохі іначай, яно, калі можна сказаць так – глыбей і далей. Праўда, гэта зусім не сведчыла, што ў нечым ён не згаджаўся і з Манько, і з Нарчуком, не падзяляў іхняй заклапочанасці. Не. Тут было іншае – у адрозненне ад сакратара падпольнага райкома і камандзіра партызанскага атрада, якія ў сваіх разважаннях моцна трымаліся цяперашняй рэчаіснасці, Дзяніс Яўменавіч разумеў яшчэ і тое, што рэзкі падзел людзей на «сваіх» і «чужых» быў абумоўлены ў нечым мінулым, даваенным жыццём, і калі ён цягнуўся адтуль, з мінулага, то мусіў пераходзіць затым, даваць сябе адчуваць, стаўшы не менш жахлівай з’явай, таксама і ў будучым, пасляваенным жыцці. Але тое жыццё яшчэ належала адстаяць… Пра сілічоўскую банду, аб якой нагадаў цяпер Нарчук, Зазыба першы раз даведаўся ад бабінавіцкага Абабуркі. Гэта ўжо было на згоне зімы, аднак яшчэ стаялі халады, а вясковыя вуліцы туліліся пад вялікімі сумётамі, што лёгка даставалі стрэхі пабудоў. Банда дзейнічала пад выглядам партызан, рабавала насельніцтва ў навакольных вёсках. Стварыў яе мясцовы бургамістр Казлоў. Уваходзілі ў банду валасны пісар Адам Собаль, паліцэйскі Пракапенка і яшчэ некалькі чалавек, што жылі ў вёсцы, але былі прышлыя, з ліку так званых прымакоў, якія аселі пасля адступлення Чырвонай Арміі. На спажыву бандыты звычайна хадзілі ў масках, зробленых са старых панчох альбо пашытых знарок дзеля гэтага, паводзілі сябе груба і бесцырымонна, наперад ведаючы, што ніякая небяспека, а тым больш пакаранне ім не пагражаюць. Прынамсі, з боку немцаў. Хутчэй за ўсё, што і партызан яны не апасаліся, балазе зімой тыя знаходзіліся за Бесядцзю, сядзелі ў сваёй зямлянцы, мала калі выходзячы з лесу… Словам, прастору для бандыцкай дзейнасці бургамістравай шайцы хапала. I ўдзельнікі яе з кожнай ноччу рабіліся ўсё больш нахабнымі. Нарэшце перасталі ездзіць падалей ад вёскі, пачалі тузаць сваіх, сілічоўскіх. На гэтым і пагарэлі. Пасля аднаго такога «налёту» да бабінавіцкага каменданта Адольфа Гуфельда прыйшла раптам з Сілічоў кабета, паскардзілася, што ўначы ў яе забралі сынаву адзежу. «Гэта партызаны, – сказаў камендант. – Ты да іх ідзі скардзіцца. Можа, і вернуць назад». – «Дак не ж, – стаяла на сваім кабета, – ета нашы мужыкі, вясковыя, рабуюць. Аднаго сама пазнала, дарма што панчоху на морду нацягнуў». – «Каго?» – спытаў Адольф Карлавіч. «Дак, – памялася кабета, але вытрымала калючы камендантаў позірк, сказала, – вашага паліцэйскага, Пракапенку». Камендант быў уражаны зацятай сялянскай настойлівасцю, найбольш, можа, што ў яго гэтак прасілі заступніцтва, перамовіўся тут жа з другім немцам, што знаходзіўся ў пакоі, ляснуў па стале шомпалам: «Добра, старая, я зараз сам паеду да вас у воласць, аднак ведай: калі не знайду нарабаванага ў першага ж з тых, на каго ты пакажаш, літасці не чакай – буду ўласнаручна сцябаць вось гэтай штукай (паказаў шомпал) да таго часу, пакуль не выпусціш духу». Беднай жанчыне, канечне, адступаць ужо не было куды, і яна заківала галавой у знак згоды. Маўляў, цярпець дык цярпець, абы дабро дамоў вярнуць. У Сілічы з Бабінавіч ехалі цэлым атрадам на шасці санях – два немцы паперадзе і куча паліцаяў за імі, якія трымалі пры сабе старую, акурат ведзьму, і ўсё рагаталі, прадчуваючы нешта вясёлае і незвычайнае. Але старая аказалася шчаслівай – у Пракапенкавай хаце сярод гары нарабаванага барахла сапраўды была знойдзена сынава адзежа, як і гаварыла кабета; яна даказала гэта па знаёмых метках. Ад паліцаевага двара сцежка павяла да хаты валаснога пісара Адама Собаля, адтуль – да яго брата, потым да самога бургамістра Казлова. Бабінавіцкім паліцаям у той дзень хапіла ў Сілічах работы да самага змяркання – шукалі патаемныя сховы па хатах ды хлявах, цягалі адтуль сялянскае дабро, пакавалі на сані, каб везці ў мястэчка. Асабліва шмат нарабаванага знайшлі ў Адама Собаля. Давялося Гуфельду адпусціць кабету дамоў, а членаў банды арыштаваць. Больш таго, траіх бандытаў ці не на другі ж дзень камендант загадаў расстраляць. Адпусцілі з Бабінавіч толькі бургамістра Казлова. Далі магчымасць таксама збегчы аднаму з Сабалёў. Гэтая акалічнасць адразу насцярожыла людзей, значыць, немцы гуляюць у тайную гульню, бо, няйначай, самі мелі дачыненне да сілічоўскай банды, дарма што паказваюць на партызан…

Нарчук цяпер у дачыненні да банды абмежаваўся агульнымі развагамі, дадаўшы, што падобныя правакацыі немцы наладжваюць і ў іншых раёнах, аднак акалічнасць складвалася кожны раз для іх не лепшым чынам.

Нарэшце Мітрафан Ануфрыевіч наблізіўся да галоўнага, да гаспадарчай дзейнасці. «Калі зыходзіць з тых даных, якія маем у атрадзе, – сказаў ён, – то абстаноўка на фронце складваецца на нашу карысць. Вораг адступіў ад Масквы. Па-ранейшаму мужна абараняецца паўночны порт на Баранцавым моры Мурманск. Не здаецца Ленінград. На Чорным моры вось ужо многа месяцаў абараняецца Севастопаль. Як можна зразумець, расстаноўка сіл і ваенна-палітычнае становішча вызначаюцца цяпер вынікамі папярэдняга перыяду вайны. I мы з вамі, знаходзячыся ў тыле, павінны дбаць ужо не толькі пра баявую, масава-палітычную, але і гаспадарчую дзейнасць. У новых умовах яна становіцца, можа, самай галоўнай, прынамсі, вельмі надзённай задачай, у сувязі з гэтым наша ўвага павінна быць павернута да вясенняй пасяўной кампаніі. Чырвоная Армія хлеба нам сюды не прынясе. Яна прынясе вызваленне, а не хлеб. Пра хлеб мы абавязаны падумаць самі. I для Чырвонай Арміі, і для сябе. Улічваючы цяперашнюю аснашчанасць сельскагаспадарчай тэхнікай, наўрад ці варта спадзявацца, што мы ўзаром тыя плошчы, якія звычайна засяваліся ў мірныя гады. Аднак, тым не менш, нам неабходна і сёлета заняць пад збожжавыя, бульбу і тэхнічныя культуры тысячы гектараў. Справа нялёгкая. Прашу выказвацца».

Побач з Зазыбам падняўся з услона чалавек у падшытых скурай валёнках, махнуў перад сабой шапкай. «Аднак цяжкасці не толькі ў адсутнасці тэхнікі, таварыш камандзір, – сказаў ён змрочна, акурат яшчэ раздумваючы, ці правільна робіць, выступаючы. – Не будзе насення. У нас, напрыклад, у вёсцы людзі даядаюць апошняе збожжа. Вялікія былі пастаўкі немцам увосень». – «Мы пра гэта ведаем, – кіўнуў галавой Нарчук. – Але са становішча трэба выходзіць. На тэрыторыі раёна знаходзяцца тры ссыпныя пункты. Праўда, яны пад аховай у немцаў. Давядзецца браць збожжа сілай і раздаваць насельніцтву. Хацелася б ведаць, якая колькасць насеннага матэрыялу спатрэбіцца кожнай вёсцы. Неабходна ўжо сёння прыкінуць па спісах». – «А немцы? – спытаў усё той жа чалавек у падшытых скурай валёнках. – Ці не падставім мы гэтым самым пад удар сялян?» – «Вядома, – згадзіўся Нарчук, – перашкаджаць палявым работам яны ў нейкай ступені будуць. Асабліва пасля таго, як страцяць збожжа. Але давайце падумаем разам, я нездарма сказаў – у нейкай ступені. Ім жа таксама патрэбны будзе хлеб з новага ўраджаю. Пры гэтым неабходна ўлічыць, што адыходзіць з нашай зямлі сваёй ахвотай яны не збіраюцца. Так што ім таксама выгадна, каб сяляне і сёлета засявалі свае палосы, на адны дзяржаўныя гаспадаркі, у якія перайначаны былыя саўгасы, яны не стануць спадзявацца. Цяжка сёння прадбачыць, чым адкажуць на наша пачынанне і на нашу спробу захапіць збожжа на ссыпных пунктах, але на ўсе іхнія захады належыць адпаведна рэагаваць. Ва ўсякім разе, пад удар насельніцтва мы не збіраемся ставіць, будзем усімі сіламі абараняць вас. Скандзілаўцы таксама ў сваёй зоне будуць напагатове». – «А чаму самога Скандзілава няма сёння тут? – спытаў усё той жа чалавек. – Хіба не запрашалі?» – «Мы ездзілі да іх. Яны цяпер за Трусакам. Але скандзілаўцы адмовіліся прыехаць. Прыслалі вось прадстаўніка».

Гэта крыху азадачыла прысутных. Але на далейшую гаворку, здаецца, не падзейнічала. Людзям падабалася быць разам. Да таго ж адкрыта абмяркоўваць надзённыя справы.

Гаварылі ў Сідаравай хаце ажно да цёмнага. Разыходзіліся з пасёлка ўзрушаным натоўпам і ўжо за ваколіцай далей брылі па адным, кожны ў сваю вёску. Зазыба хацеў запрасіць да сябе ў Верамейкі Сцяпана Мурача, але той адмовіўся, сказаў, што ёсць справа ў раённым атрадзе.

Сапраўды, пасяўная вясной прайшла мала не па плану камандавання партызанскага атрада. Збольшага хапіла і насення, хоць адбіць у немцаў удалося толькі адзін ссыпны пункт, што знаходзіўся ў Забычанні. Але на хуткае вяртанне Чырвонай Арміі надзеі не збыліся.

Немцы выкарысталі зіму, каб забяспечыць сваім войскам новы ўдар на поўдні. Для гэтага асноўныя магутнасці ваеннай прамысловасці былі аддадзены ў распараджэнне вермахта. У маі фашысцкае камандаванне апярэдзіла наступальныя аперацыі савецкіх войск у Крыме, затым кінула свае бранявыя армады на Харкаўскі напрамак. I ўжо ў чэрвені паў Севастопаль. Затым настала чарга такіх гарадоў, як Валчанск, Купянск… Шостая армія Паўлюса рушыла на Дон, каб наблізіцца да Волгі…

У гэты час камандуючы ахоўных войск групы армій «Цэнтр» быў моцна заклапочаны становішчам у тыле вермахта.

Нягледзячы на бліскучыя поспехі на фронце, дакладваў ён у штаб сухапутных войск, абстаноўка на тэрыторыі тылу працягвала пагаршацца і цяпер настолькі абвастрылася, што загад Сталіна «стварыць у тыле нямецкай арміі невыносныя ўмовы» не далёкі ад свайго ажыццяўлення. Узяты ў палон афіцэр парашутыстаў даў такія паказанні: «У Маскве цяпер надзеі на далейшы ход вайны абапіраюцца на два пункты: а) утварэнне другога фронту ў Еўропе; б) знішчэнне немцаў на акупіраванай тэрыторыі з дапамогай партызан; з гэтай мэтай пры галоўным камандаванні Чырвонай Арміі нядаўна створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху». Словы палоннага пацвярджае той факт, што партызанская барацьба па-ранейшаму разглядаецца балыпавікамі як важны інструмент вядзення вайны. Таму па псіхалагічных і палітычных матывах, на падставе ўказання фюрэра, у нас у далейшым забараняецца ўжываць слова «партызан»… Гаворка ўвесь час павінна весціся пра звычайных бандытаў… Між тым фюрэр мае даныя, што асобныя ваеннаслужачыя вермахта, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з партызанамі, за свае паводзіны прыцягваюцца да адказнасці. Па гэтым пытанні фюрэр загадаў: 1) Калі барацьба супроць партызан не будзе весціся самымі жорсткімі метадамі, у нас праз нейкі час не будзе больш сіл, каб справіцца з гэтай заразай; войскі ў такой вайне павінны ўжываць любыя сродкі, не лічачыся ні з жанчынамі, ні з дзецьмі, абы нашы меры прывялі да поспеху; адступленне ад гэтага правіла з’яўляецца здрадай супроць нямецкага народа і супроць нямецкіх салдат на фронце, якія на сабе адчуваюць вынікі партызанскіх дзеянняў; 2) З гэтага часу ні адзін немец, які ўдзельнічае ў барацьбе з партызанамі, не можа быць прыцягнуты ні да дысцыплінарнай, ні да судовай адказнасці за свае дзеянні.

Становішча ў тыле армейскай групы «Цэнтр» грунтоўна абмяркоўвалася на нарадзе камандзіраў дывізіі ахоўных войск з начальнікам арганізацыйнага аддзела галоўнага камандавання сухапутных войск. Зразумела, было б лепей, каб гэтая актыўнасць пачалася раней, аднак доўгая спрэчка з камандаваннем армейскай групы аб вяртанні батальёнаў якія ў часе маскоўскага контрнаступлення рускіх прыдаваліся франтавым часцям, перашкаджала нам. Цяпер мы зноў зрабіліся гаспадарамі становішча. Тым больш што ўсмірэнне тэрыторыі тылу, згодна з фюрэрам, як мы зразумелі, не будзе толькі абавязкам генерал-кватэрмайстра, а ў роўнай ступені і абавязкам аператыўнага аддзела галоўнага камандавання.

З ацэнкі абстаноўкі, якую намалявалі камандзіры ахоўных дывізій, вынікае, што побач з невялікімі аперацыямі (неадкладныя акцыі) наспела неабходнасць сістэматычна праводзіць буйныя аперацыі… Пасля кожнай такой аперацыі трэба рабіць выніковыя зводкі – падлік страт праціўніка, захопленых трафеяў колькасці ўзятай жывёлы, нарэшце, падлік уласных страт. Для ўдзелу ў аперацыях ёсць неабходнасць прыцягваць палявыя і мясцовыя камендатуры. У сувязі з гэтым кожнай камендатуры належыць стварыць ударную групу (мясцовую гвардыю) з ліку жандараў і паліцэйскіх з паліцыі службы парадку. Пытанне аб паліцыі службы парадку на сённяшні дзень стаіць такім чынам: яна цалкам падпарадкоўваецца камендантам палявых або мясцовых камендатур, але вайсковым часцям дазваляецца браць падраздзяленні паліцэйскіх у камендатур на час аперацый, у такім разе ваеннае кіраўніцтва імі ажыццяўляецца камандзірамі дывізій альбо спецыяльна прызначанымі для гэтай мэты афіцэрамі (інспектарамі); ёсць сэнс на сярэднія кіраўнічыя пасады прызначыць рускіх камандзіраў, таму што цяпер дывізіям неабходна мець на ўвазе патрэбную колькасць іх.

У склад ахоўных войск на нашай тэрыторыі ўключаны таксама наступныя мясцовыя фарміраванні: а) 102-гі казацкі батальён, які мае два кавалерыйскія эскадроны, два эскадроны веласіпедыстаў, артылерыйскі ўзвод на коннай цязе, узвод супрацьтанкавых гармат; агульная колькасць батальёна – 1043 чалавекі; б) батальён «Бярэзіна», батальён «Днепр», батальён «Волга», батальён «Дзвіна»; кожны з гэтых батальёнаў складаецца з чатырох стралковых рот – разведузвод веласіпедыстаў, узвод сувязі, санкаманда, паўбатарэя і супрацьтанкавы ўзвод з чатырох гармат; колькасць кожнага батальёна – 1000 чалавек.

Для ачышчэння тэрыторыі тылу неабходна ажыццяўляць наступныя баявыя аперацыі: 1) сіламі 203-й ахоўнай дывізіі – аперацыя № 5 (паўтор у вялікіх маштабах аперацыі, што праводзілася згодна з загадам для ачышчэння ад бандытаў тэрыторыі паміж ракой Бярэзіна і дарогай Бабруйск – Мінск у межах тэрыторыі размяшчэння дывізіі – пачатак 17.8); 2) сіламі 286-й ахоўнай дывізіі – аперацыя № 9 (паўторнае шырокае прачэсванне мясцовасці на поўнач і на поўдзень ад чыгуначнай лініі Мінск – Орша – пачатак прыкладна 1.9); 3) вышэйшы начальнік СС і паліцыі запланаваў аперацыю № 36 (ачышчэнне тэрыторыі па абодва бакі Дняпра ў раёне Стары Быхаў, пачатак – прыкладна 4.9); 4) сіламі 201-й ахоўнай дывізіі будзе праведзена аперацыя № 33 (адразу за аперацыяй «Грыф» № 30), неабходна ўсмірыць раён Сянно – Бешанковічы – Чашнікі; пачатак – прыкладна 1.9); 5) сіламі 221-й ахоўнай дывізіі маем намер працягваць аперацыю «Балотная кветка», у выніку якой неабходна знішчыць партызанскія банды ў лясах паміж рэкамі Дзясна і Сож.


IV

Ужо з першых крокаў на лузе Дзянісу Яўменавічу, які ўсю дарогу ад лясной грэблі прайшоў з Андрэем Марухіным, стала вядома, што лістоўкі ўпалі на зямлю нямецкія. Ён зразумеў гэта і адразу неяк ажно ахляў. Лістоўкамі была ўсыпана ўся прастора ад ракі да Бесядзі. Яны ляжалі скрозь на траве, на лазовых кустах, на былых бачажынах, мяклі ў вадзе па старыках, якія завуцца тут дзербамі, віселі на алешніку, што рос абапал ракі. Між тым дарэмна Зазыбу здавалася тады, з дарогі на луг, што яны белыя. Напраўду выйшла – светла-сінія. Тэкст быў надрукаваны па-руску, вялікімі літарамі, без загалоўка, але палова першага радка выглядала чарнейшай.

Зазыба пакруціў у руках лістоўку, нібыта яшчэ не верачы, што не «наша», стаў учытвацца. Немцы хваліліся поспехамі сёлетняга наступлення. Пісалі пра шостую армію, якая з баямі выйшла на Дон, кіруючыся да берагоў Волгі… Часта паміналі Харкаў, Астрагожск… Прыводзілі лічбы савецкіх дывізій, якія трапілі ў акружэнне і цяпер, у пачатку ліпеня, перамолваліся ў катлах «доблеснымі германскімі войскамі». I ўсё гэта параўноўвалася з летняй кампаніяй сорак першага года.

«А што ж нашы?.. – падумаў Зазыба з тугой. – Няўжо і праўда немцы зноў бяруць верх?»

Але далей не было калі разважаць – да яго з усіх бакоў ішлі людзі, чуліся блізкія галасы, і Дзяніс Яўменавіч паспеў толькі яшчэ страпянуцца душой. Тым часам яму здавалася, што верамейкаўцы пачнуць даймаць яго пра лістоўкі, гаварыць пра тое, ці праўда гэта, што ў іх напісана, а ён не гатовы да такой размовы, ні пацвердзіць, ні абвергнуць нічога няздольны, аднак ні адзін чалавек чамусьці нават не абмовіўся пра іх, усе рабілі выгляд, што нічога асаблівага не здарылася, – ну, праляцеў самалёт, скінуў паперчыны, засмеціўшы луг, дык ці ж бедаваць цяпер, як кажуць, сабака брэша – вецер носіць. Але сам Дзяніс Яўменавіч не мог так думаць. Ды і ў стрыманасць іншых не дужа верыў, відаць, проста вяскоўцы паспелі перакінуцца словамі пра ўсё, а тады рушылі да яго. I ўсё-ткі ён быў здзіўлены, што не з лістовак яны пачалі, а з таго, як трэба мераць палосы і з якога краю ставіць віткі з калкамі.

Канечне, пра лістоўкі верамейкаўцы таксама не забыліся. Загаварылі пра іх. Але пазней. Нібыта неспадзеўна ўспомніла пра іх Роза Самусёва, сказала:

– Самалёт еты… мог бы прыляцець другі раз, а то цяпера во сена будзе з паперай.

Дзіўна, але ў натоўпе нехта раптам засмяяўся з яе слоў. Тады Кузьма Прыбыткоў, седзячы на калёсах, падаў параду:

– Няхай пройдуцца людзі, хто на ногі скарэйшы, ды збяруць.

– Дак траву паклычам, – запярэчыў Сілка Хрупчык. – Ды й пакупацца сяму-таму давядзецца. Не ўсе ж яны трапілі на сухое.

– Сілка праўду кажа, – заківаў галавой Іван Хахол. – Лепей кожны пасля збярэ на сваёй паласе. А то яшчэ і падумае, можа, з паперай малако смачнейшае стане. Ды і каровы за зіму грамаці набяруцца.

– Ты жартаўнік, Іван, – сказаў на гэта Кузьма Прыбыткоў, – ад такой паперы і ад такога малака нуда адна ў чалавеку будзе.

Дзяніс Яўменавіч паглядзеў з радасцю на Кузьму, усміхнуўся куточкамі вуснаў усё роўна як толькі дзеля сябе, сказаў:

– Так і рашылі. Будзем палосы мераць, а там… Дзе наша трынога?

Іван Гаманькоў збегаў да нейчага воза, прынёс казла. Але Зазыба не адразу падаўся з ім па лузе, згледзеў спярша Масея, што стаяў з Андрэем Марухіным, падышоў.

– Ну а што ты думаеш пра гэта? – спытаў ён сына. – Нябось, прачытаў?

– Думаю, бацька, думаю, – чамусьці рэзка, нават адчужана сказаў Масей. – А думаю я пра тое, што і ў гэтым годзе вайне не настане канец.

– Мяркуючы па тым, – паківаў апушчанай галавой Андрэй Марухін, – што напісана, немцы выкарыстаюць лета для новых заваёў. Апёкшыся зімой на Маскве, яны, не інакш, выпрацавалі новыя планы. I ім, відаць, спадарожнічае там, на поўдні, поспех. Іначай не сталі б яны зараней хваліцца. Адна справа з дня ў дзень крычаць аб перамогах увогуле, у вайну штабы сапраўды многа хлусяць, іншая – цяпер, у канкрэтным выпадку…

– А які ён цяпер, канкрэтны выпадак? – з выразнай нездаволенасцю спытаў Зазыба, якая адразу ж падобнай стала на звычайную прыкрасць.

– Ды ў лістоўцы, Дзяніс Яўменавіч, скрозь канкрэтнасць, – адказаў Марухін. – Наўрад ці хлусяць немцы.

– Значыць, не хлусяць?

– Думаю, што не. Яны апярэдзілі нашых.

– Але не трэба мітынгу, – чамусьці раздражнёна, усё роўна як спрабуючы памірыць бацьку з Андрэем Марухіным, умяшаўся ў гаворку Масей.

– Дык ён, бадай, і атрымаўся, мітынг, – зусім не зважаючы на Масееву нездаволенасць, усміхнуўся Зазыба. – Ай не чуў, як твае аднавяскоўцы толькі што гаварылі? Дарэмна, часам слухай. Кожны сабе наўме, але не-не дый праўду скажа.

– Ну, нам з табой на аднавяскоўцаў, бацька, пашанцавала. Сапраўды, што ні чалавек, то з’ява.

– А і не смейся, – сказаў Зазыба.

– Я не смяюся.

– Але вось пра што я думаю, – перапыніў іх Андрэй Марухін. – Поспехі на фронце зноў ускружаць галовы фашыстам. Хутка і мы тут адчуем. Яны не захочуць мець у сваім тыле ні партызан, ні ўвогуле…

– Ды ўжо ж… – згадзіўся Дзяніс Зазыба. – Але ж з другога боку калі паглядзець, дык таксама… Ці ж яны дасюль з гэтым мірыліся?

– Цяпер не пачатак вайны, Дзяніс Яўменавіч. Цяпер іншыя ўмовы. Працягваць лягчэй, чым пачынаць.

– Не скажы, Андрэй. Мера ёсць усяму і ўсяму ёсць мяжа.

Падышоў Мікіта Драніца. Сваю неразлучную ватоўку ён трымаў на левым плячы, усё роўна як намагаўся гэтым выраўняць постаць; ватоўка яго, у гарачыню, выглядала недарэчнай, як недарэчным было і ягонае нечаканае з’яўленне; з адной кішэні ватоўкі тырчэлі складзеныя ўпоперак лістоўкі.

– Я ета, як тэй таго, – плюскаючы нахабнымі вачамі, пачаў Мікіта, але Зазыба не даў дагаварыць, спытаў, паказваючы на кішэню, з усмешкай:

– Ты гэта на раскурку столькі назбіраў ці як?

– Не, як тэй таго, – заматаў вялікай галавой Драніца, – яны непрыгодны для курыва. Ета каб газетная папера, а то дужа тлустая. Ета я, як тэй таго, Брава-Жыватоўшчыку з Раманам Сёмачкіным пакажу.

– Дзе ж яны?

– Затрымліваюцца, як тэй таго. Але перадавалі, каб мы дзялілі пакуль без іх луг.

– Давяраюць нам?

– Дак, як тэй таго, сухадолы ж дзялілі без іх. Значыць, і тута абыдземся. Невялікая страта, як тэй таго.

– Глядзі, Мікіта, – жартам, з выразнай насмешкай, сказаў Зазыба. – Будзеш адказваць, калі што.

– Ды не бойся, як тэй таго. Я ета чую, гучыць недзе. Паглядзеў у неба, а тама самалёт. Думаю, чый ета? Каб савецкі, дак не ляцеў бы адкрыта. А ета, выходзіць, нямецкі, як тэй таго. Ну і сыпануў з дзвярэй. Я нават бачыў лётчыка, як тэй таго, калі дзверы на баку адчыніліся. Але ён не толькі тут кідаў. Здаецца, і на Зінкевічавым лузе, як тэй таго, пасля сыпаў. Праляціць трохі і сыпане.

– Ці паспеў жа ты прачытаць, што ў іх?

– У-у, – махнуў рукой Драніца, – тута такое напісана, што ажно ўваччу мутна. Зноў немец папёр, як тэй таго. Цяпер наўрад ці стрымаюць яго нашы.

– Зямля наша вялікая, Мікіта, – сказаў задзірыста Зазыба, – усю не захопіш. Дзе-небудзь ды спаткнецца. Але тады ўжо назусім.

– Ты, як тэй таго, так думаеш? Ну глядзі, Зазыба, а то мая Аксюта кажа – не дай бог, як… У іх жа цяпера радасць, у немцаў.

– Ды і па табе суму не відаць.

– Дак, як тэй таго…

Дзялілі сенажаць шумна, з палёгкай і зайздрасцю адзін да аднаго – залежала гэта ад таго, каму якая выпадала паласа, ці то з асакой і кустамі, ці скрозь на прагале, з густой і пахучай травой, што была ў самай сіле, не перастаяла і не выдахнулася. З казой хадзіў Андрэй Марухін, як сапраўдны каморнік, гуляючы кавальскімі мускуламі на голых руках, з кропелькамі поту на чарнявым твары і з нейкім асаблівым запалам, які тлумачыўся хутчэй маладосцю, чым захапленнем, а можа, тым і другім разам. Зазыба ледзь паспяваў за ім са спісамі, усміхаўся з Андрэевай зварушлівасці, думаў відаць: мала цябе, хлопец, лашчыць па начах Ганна. Трэці за імі спяшаўся Іван Хахол, торкаў у зямлю надпісаныя калкі. Справа гэтая кожнаму была знаёмая, даволі накатаная ў практыцы, калі, можна сказаць так, – яшчэ з дакалгаснага мінулага, а цяпер з сухадолаў дзе Зазыба разам з Андрэем Марухіным і Іванам Хахлом таксама выконвалі ролю межавальнікаў. Астатнія верамейкаўцы адчувалі сябе вальней, прынамсі, да таго часу, пакуль даходзіла да кожнага чарга; тады гаспадар браўся за сякеру, забіваў глыбей у зямлю межавыя калкі, ставіў побач вітку. Адсюль ужо – маё.

Зазыбам, як і належыць суседзям, паласа выпала побач з Прыбытковай.

– А можа, Дзянісавіч, – засмяялася тым часам блізка каля Масея Кузьмова нявестка, – можа, і няварта, каб паміж намі мяжа была? Пакосім разам абедзве, а тады ўжо і раскінем, як трэба. – Яна ўжо разгарэлася на сонцы, дыхала жарам і маладосцю.

Кузьма паглядзеў на яе скоса, зрабіў нездаволены твар, але змоўчаў нібыта і праўда хацеў, каб не трымацца паміж суседзямі межаў.

– Гэта трэба бацьку майго спьггаць, – раздумліва і ўсмешліва прамовіў Масей.

– Дак дзе ён цяпера, той бацька, – хоць і жартам, але стаяла на сваім Анюта. – Цяпера ён доўга будзе па лузе хадзіць. А мы спытаем у маці. Марфа Давыдаўна!

Марфа Давыдаўна пачула, што яе завуць, кінула ад вазоў:

– Што тама ў вас?

– Мы во з Масеем змаўляемся, каб не дзяліцца палосамі паміж нас.

Марфа Давыдаўна ўсміхнулася, сказала:

– Змаўляцца трэба было даўней.

– Дак я ж ета для спарнейшай работы, – сумелася ад гэтых слоў Анюта. – Гуртам, кажуць, і бацьку лягчэй пабіць.

– I я пра ета, – зусім без прыкрасці зноў усміхнулася Масеева маці.

Кузьма Прыбыткоў нарэшце крактануў з іхняй размовы, вытыркнуў з зямлі касу, выцер яе травой, якую высмаргнуў пад нагамі.

– Каб паставілі ўжо віткі і ад Бесядзі, то й пачынаць можна, – сказаў ён.

Канечне, усе на лузе пакуль чакалі, калі пачаць. Таму Марфа Давыдаўна скарыстала момант, прапанавала:

– Вы б перакусілі, мужыкі, пакуль нельга касіць. Атады адразу і наваліцеся.

– I то праўда, суседка, – усміхнуўся на гэта Кузьма, паглядаючы з-пад рукі на сонца, якое краналася ўжо на другі бок неба. – Анюта, паказвай, што брала?

Але нявестка здзіўлена зірнула на свёкра, спытала:

– Дак хіба мы не будзем чакаць Дзяніса Яўменавіча?

– Каму што, – не паслухалася яе Марфа, дастала з-пад свайго воза кошык, павязаны палагном, стала на каленкі, пачала распакоўваць.

Адставаць было нядобра, не па-суседску, і Анюта таксама ўзялася за свой кошык, але ж колькі часу яшчэ рабіла выгляд, што ёй сапраўды будзе не ставаць за абедам Дзяніса Яўменавіча, быццам не Кузьма Прыбыткоў быў у яе свёкрам, а другі чалавек, той жа Зазыба.

Між тым Марфа Давыдаўна паспела першай распакаваць кошык, таму пачала разгортваць на траве, з таго боку, дзе патроху ўжо вырастаў цень, свой абрус, вышываны па краі. Да пакосу вясковыя людзі звычайна захоўваюць усё лепшае з ежы, што ёсць у гаспадарцы; гэта не парадак, калі чалавек, які з дня ў дзень махае касой, не з’есць кавалак сала, яешню, карацей – тое, што дае сілу. На далёкіх лугах дык і ўвогуле касцы раскашавалі – палілі гіа вечарах вогнішчы, варылі з адборнай мукі кулеш на бараніне. Сёння на абрусе тут таксама з’явілася нямала прысмакаў… Анюта паглядзела, як вымала Марфа Давыдаўна свае, акурат павінілася:

– А ў мяне сянні дак… не паспела.

– Ну во, – сказаў расчаравана на гэта Кузьма Прыбыткоў, – усю раніцу ад печы не адыходзіла, а палучыўся пшык! – Але ўбачыў нарэшце, што дадавала да сала Анюта, расплыўся ва ўсмешцы: – У-у, сцюдзень!..

А нявестка не стала чакаць другіх слоў – як павінілася дарэмна толькі што, так і пахвалілася:

– Знарок пакідала свіныя ногі. Раней, бывала, адразу на халадзец іх, а сёлета… Дак і тое сказаць – мужыкоў жа ў хаце было двое.

– Так, так, – заківаў галавой Кузьма Прыбыткоў, памаўчаў, праганяючы з твару нядаўнюю здаволеную бесклапотнасць, затым сказаў: – Ды і які я цяпера ядок, хоць і адзін, хоць і на аднаго Аксюта гатовіць. Во, бывала, раней, калі мы з прадольнай пілой па ўсім наваколлі хадзілі, дак тады етага, што выстаўлена тута нам, на аднаго, можа, толькі б хапіла. Дзела няпростае, паспрабуй, пацягай пілу – ці то зверху, ці то знізу, аднолькава цяжка. Але ж у той час адно жыццё было, цяпера іншае. I я маладзейшы тады быў, дак…

Нібыта спалоханая, што Кузьма цяпер надоўга разгаворыцца, Марфа Давыдаўна пачала дзяліць на кавалкі мучную яешню, падсоўваць кожнаму па краях абруса драўляныя лыжкі для кіслага малака, халадца. Перад тым як узяцца за лыжку, Кузьма Прыбыткоў перажагнаў сябе, пракашляўся, быццам даваў гэтым прыклад. Елі моўчкі, з сялянскай няспешлівасцю, не замінаючы адзін аднаму; бралі рукамі, клалі перад сабой: бліжэй паложыш – хутчэй дастанеш.

Кузьмова нявестка сядзела якраз насупраць Масея, і ён раз-поразу падымаў вочы на яе, спярша спадылба, пасля зусім назнарок. Дзіўна, але яна сёння неяк неспадзеўна разварушыла ў ім цікавасць да сябе, прымусіла думаць. Цяпер яна была спакойная, без ранейшай знарочыстасці і гуллівасці, рухі яе былі марудлівыя, вуглаватыя і прастадушныя, ні даць ні ўзяць сама сціпласць. За гэты час, як Анюта сядзела па той бок абруса, Масей паспеў разгледзець багата што – і зеленаватыя вочы пад высокімі дугамі броваў і акурат не сялянскі выраз твару з упадзінамі шчок, і нізкія нераскормленыя грудзі… Здараецца ж так, людзі нямала жывуць побач, а добра не ведаюць адзін аднаго. Вось і Масей. I ўвосень мінулую, і потым праз усю зіму пад вокнамі ў завулку, таксама ў хаце, калі стаў бываць, адно чуў яе голас, здавалася, завельмі крыклівы, а то іншы раз бачыў як яна ў кажушку хадзіла кудысьці на вёску. Але Масей ужо ведаў, што гэта Кузьмова нявестка, бралі яе гады за тры перад вайной з Віроўкі за меншага Кузьмовага сына, Івана, які цяпер на фронце… Так і жылі яны дасюль, бадай, не сказаўшы адзін аднаму слова, быццам за вялікім перавозам, куды няпроста дабірацца.

– Тата, – раптам сказала Анюта, – я вось што падумала. Ці не застацца і мне тута на ноч? Марфа Давыдаўна ўсё роўна пойдзе ў вёску, дак і нашу карову падоіць.

– Як сама знаеш, дзеўка, – абыякава адказаў свёкар.

Даўшы за пачастунак кабетам дзякуй, ён нарэшце пачаў закурваць. Масей таксама ўскочыў на ногі, пацягнуўся да Кузьмовага хромавага каптура, што нагадваў маленькі гармонік. Дзіўна, але рашэнне Анюты не ісці ў вёску, застацца тут, штосьці ўскалыхнула ў ім, усё роўна як ён чакаў гэтага, аднак не мог прызнацца сабе.

– Дак ці ж ты, Дзянісавіч, ета па-сур’ёзнаму думаеш курыць? – усміхнуўся Кузьма.

Масей прамаўчаў але ўсё ж узяў з Кузьмовых рук каптур, скруціў з буйнапарэзанага самасаду цыгарку і стаў чакаць, пакуль стары высякае з крэмня агонь. Марфа Давыдаўна з Анютай тым часам прыбіралі посуд, узяліся абтрэсваць абрус.

Хоць людзей на лузе і было багата, але галасоў не далятала. Нагрэтае паветра трымцела густым марывам, здавалася, што ад гэтага яно ажно звінела. За Бесяддзю таксама быў луг, праўда, нешырокі, і на ім, ля самай пясчанай гары, што засціла сабой далягляд, стаялі копы. Па правы бок ужо, лічы, на схоне гары, вытыркаліся за дрэвамі крайнія хаты Гончы.

– Якая раскоша, – сказаў раскурыўшы сваю самакрутку, Кузьма; памаўчаў тады зноў сказаў: – Многа я пахадзіў дзе, а вот такой прыгажосці, як у нас, здаецца, не бачыў. А ці чуў ты, Дзянісавіч, што некалі ў старыя часы Бесядзь бытта называлася іначай?

– Задунаем называлася. Пра гэта я чытаў. Але то сапраўды было ў далёкія часы. Тут жа, па нашых мясцінах, калісьці шлях па вадзе пралягаў з варагаў у грэкі. Плавалі людзі з поўначы на поўдзень, вазілі на лодках тавары, гандлявалі. А на ноч спыняліся на перавалоках, на сушы. Ну вось, на тых перавалоках і ўзнікалі прыстанішчы – так званыя бяседы. Мусіць, тады і пачалася новая назва ракі. Не так жа сабе ўздоўж яе цяпер многія вёскі завуцца то проста Бесядзь, то Новая Бесядзь, то яшчэ як-небудзь, але з тым жа коранем.

– Ну а чаму Задунай раптам?

– Гэтага я дакладна не ведаю. Толькі думаю, што жыў тут некалі, яшчэ да радзімічаў народ, які прыйшоў з-за Дуная. Нездарма ж у нас кожную трэцюю песню і зараз яшчэ спяваюць пра Дунай. Няйначай, смутак аб далёкай прарадзіме. Словам, гэта я так думаю, а як яно на самай справе было, не ведаю. I ў кнігах, якія трапляліся мне, не напісана. Ёсць толькі гэтае сведчанне, што рака наша сапраўды даўней называлася Задунаем.

– Эйш ты, аказваецца, чалавечая памяць не такая ўжо і доўгая. Адны кнігі могуць яе змацаваць.

– Бадай што…

Масей успомніў што перад смерцю Парфён Вяршкоў таксама вось гэтак пытаўся ў яго пра далёкае мінулае, няйначай, у старых людзей сапраўды абуджаецца нешта такое, што прымушае іх нібыта апомніцца, заглянуць у глыбокую замглёнасць стагоддзяў можа, прадчуванне блізкай магілы, якая назаўсёды абарве час і зробіць тутэйшае жыццё няпэўным, нават дарэмным, а можа, яшчэ што. Таму сённяшняя Кузьмова цікавасць зусім не здзівіла Масея, таму ён і адгукнуўся на яе лёгка. Але помніў Масей, што з Парфёнам яны тады не дагаварылі, той хацеў яшчэ аб чымсьці спытаць яго, клікаў у сад…

У параўнанне з Парфёнам Вяршковым Кузьма Прыбыткоў вядома, не ішоў. Парфён быў можна сказаць, чалавек асаблівы, з сапраўдных вясковых мудрацоў якім, здаецца, нічога не каштуе дайсці да сэнсу такіх рэчаў і з’яў якія наогул не багата каму даюцца. У яго была свая мадэль пазнання жыцця, свой сакрэт спасціжэння, якога хапала на ўсё, на вялікае і на малое. Кузьма такім дарам не валодаў хоць у розуме яму таксама не адмовіш, але ён заўсёды знаходзіўся ва ўладзе гэтага розуму, захопленага будзённасцю, штодзённым клопатам, што не надта ўзвышае ні само жыццё, ні чалавека ў ім. Звычайная рэч, жыве сабе хтосьці, і ўсё тут, дарма што і сам прыстойны, працавіты, і дзеці ў яго нязломкі.

Пра кнігі Кузьма цяпер праўду сказаў хоць сам іх не чытаў, адно мог вывесці на паперы каракулі. Але тое, што ён пачаў гаварыць далей, бянтэжыла Масея, здалося яму нечаканым. А ён узяў ды спытаў раптам:

– Ці ж давялося табе, Дзянісавіч, калі бачыць, дзе пачынаецца ета Бесядзь наша, дзе канчаецца?

– Толькі на карце.

– I мне таксама не давялося. I ў Гомелі быў, і за Гомелем, а то і там, дзе яна ўпадае ў Сож, а там, адкуль выцякае, не быў. А між тым чалавек адзін мне расказваў, што бачыў – з-пад куста. Ета – Чубар. Хоць што я гавару, можа, ты яго нават не ведаеш, калі ён не пабыў яшчэ ў вас. Дак еты Чубар заступіў некалі ў нас у калгасе на бацькаву пасаду старшыні. Твайго бацькі. Зараз еты Чубар у партызанах. Прыйшоў аднойчы зімой да нас, Ангота якраз выгнала самагон. Ну, мы й пасядзелі за чаркай. Гаварылі, здаецца, пра ўсё-пра тое найперш, што было, а то найбольш, што будзе. Дак Чубар нечага раптам сказаў мне: «А знаеш, кажа, быў мінулай зімнаю восенню на вытоках Бесядзі. Маленькая яна тама й квяленькая, у чалавечую руку велічынёй, але ж таксама бруіць, выходзіць, што здалёку сюды ета вада цячэ. Наваг пада льдом. I ведаеш, кажа ён, што я падумаў: ета як цяперашняя нямецкая акупацыя, здаецца, што ўсё накрыла, усё скавала, а ў нас жыццё б’ецца і змаганне шырыцца». Спярша я не зразумеў, што б ета значыла. Пасля стаў думаць. А й праўда. Нечага мне не хапае ў жыцці, можа, апошняга: на свае вочы пабачыць той куст, з якога бруіць наша рака. Дзіўна, канешне, але што зробіш? Дзівацтва наогул уласціва чалавеку, асабліва калі ў старым узросце. Маладыя етага, здаецца, не разумеюць. Але для мяне той выток цяпера – як святая крыніца. Здаецца, дастаў бы з-за печы свой цапок ды й патупаў усцяж усяе Бесядзі, нават не так важна, ці вярнуўся б пасля. Праўда, цікава, Дзянісавіч?

– Так, дзядзька Кузьма, – даўно ўсміхаючыся, сказаў Масей. – Але тады і мяне бярыце з сабой.

– У такую дарогу натоўпам не ходзяць.

Пачуўшы гэта, Масей раптам з прыкрасцю падумаў: як гэта яго не хапіла на такую простую рэч, каб сказаць штосьці іншае, адпаведнае Кузьмоваму адчуванню, бо такім людзям, як іхні сусед, зусім не ўласціва прытворная ўзнёсласць. I яшчэ адно здзівіла Масея ў гаворцы са старым. Гэта – прасветленасць, што адчувалася ў словах. Яны і раней нярэдка размаўлялі вось так, адкрываючыся адзін аднаму ў шчырасці, але тады, бадай, не было гэтай прасветленасці ні ў Кузьмовым голасе, ні ў ягоных словах.

Між тым Прыбыткоў памаўчаў, азіраючыся па баках, тады сказаў:

– Дні доўгія цяпера. Калі ета раніца была, здаецца, даўным-даўно.

Анюта, якая вымыла пад кустом посуд пасля абеду, спынілася каля мужчын і раптам спытала:

– А калі ета быў сёлета Мяфодзій?

– На тым тыдні, – сказаў свёкар, – а заўтра – Купалле.

– Дак, можа, і касіць нельга? – занепакоена паглядзела на яго Анюта. – Свята ж?

– Ета такое свята… яшчэ ад старых багоў. Так што… Усё роўна вялікі пакос настаў. Значыць, людзі будуць касіць і заўтра. Даўней заўсёды касілі, будуць і цяпера.

Нарэшце, з таго боку, дзе паміж алешын і навіслых ракіт рабіла частыя павароты Бесядзь, паказаліся вялікім натоўпам верамейкаўскія мужыкі. Рухаліся яны хутка, мала затрымліваючыся на адным месцы, – торкал і на новых межах калкі і крочылі далей. Але мералі палосы з таго боку яшчэ недзе на сярэдзіне ўяўнай вёскі. Тым не менш Кузьма Прыбыткоў пачаў распараджацца:

– Ты, Дзянісавіч, падавайся туды, бліжэй да капцоў, а як вызначаць нашы палосы, стаўляй віткі. Да каб прыкметныя, каб відаць адусюль было. Тады і пройдземся ад віткі да віткі. Ты – адтуль, я – адсюль. Да глядзі пільна, каб не збочыць, а то… Тута трэба рабіць усё, як па струнцы. Ета Анюта хоча паскідаць усё ў адно, у кучу, а мы во з Марфай, дак…

– Ну, ты на Марфу, сусед, не ківай, – з усмешкай сказала Марфа Давыдаўна, – ты сам, няйначай, засумаваў за етыя гады па межах?

– Не дужа каб, – смыкнуўшы шчакой, махнуў рукой Прыбыткоў. – Ета каб сілы хапала, а так… На ўсё свой час.

Масей узяў з Кузьмовых калёс тры доўгія бярозавыя дубцы, паслухмяна рушыў да Бесядзі. З ім была памкнулася ісці таксама Анюта, але свёкар гукнуў яе раўнівым голасам назад.

Здавалася, ці многа мінула часу, як яны надумаліся абедаць, а потым размаўлялі, аднак у прыродзе адбыліся змены, і гэта Масей адчуў хутка – знікла з паветра, адляцеўшы кудысьці, марыва, больш яно не асмужвала, не мітусілася ў вачах, і таму вакол нібыта пасвятлела, нават дрэвы, што раслі на гары за Бесяддзю, стаялі там цяпер як аточаныя з усіх бакоў. Затое раптам запахлі нясцерпна краскі ў траве; чым далей смурыжыў іх нагамі Масей, цаляючы напрасткі, тым мацней ішоў ад іх гарачы дух, ажно кружыў галаву.

Усё роўна як наперад выгадваючы, Масей падышоў да Бесядзі якраз у той момант, калі вясковыя каморнікі пачалі забіваць калкі на іх паласе; бацька, узмакрэлы ўвесь, усміхнуўся яму – маўляў, вось табе, сынку, надзел, цяпер толькі працуй; але Масей яшчэ зрабіў некалькі крокаў следам за вяскоўцамі, нібыта дзеля прыліку, тады вярнуўся, пачаў торкаць у зямлю дубцы, накручваючы на канцы пасмы з травы. Апошні дубец ён паставіў з боку Кузьмовай паласы, нацэліўся вачамі на ўзлесак, дзе засталіся вазы, і патупаў туды, увесь час дробна і насцярожана ступаючы. Кузьма таксама рушыў з таго канца лугу насустрач, але гэта замінала Масею, стары засціў сабою і так ледзь бачную адсюль вітку. Нарэшце яны сышліся абодва недзе на сярэдзіне, засмяяліся, што гэтак прыдатна выйшлі адзін аднаму насустрач. Зноў разышліся і цяпер ужо з сярэдзіны пачалі пратоптваць след у абодва канцы. Паколькі Масей павярнуў да Бесядзі, то менавіта яму давялося пракладваць і апошнюю бакавую мяжу.

Кузьма Прыбыткоў пачаў касіць ад лесу – зашоргаў літоўкай, акуратна і роўна кладучы на левы бок ад сябе густую, як мядзведжая скура, траву.

Перад тым як пачаць свой рад па паласе, Масей узяў на Кузьмовым пракосе ўжменю травы, выцер нагрэтае на сонцы палатно касы; лязо ён не стаў цяпер вастрыць, толькі адвязаў ад пупка мянташку, сунуў у кішэню. «З богам!» – зусім весела сказаў ён сабе і моцна націснуў правым плячом на кассё. Каса маланкава ўжыкнула справа налева, і ўжо праз момант Масей зразумеў, што трава сапраўды тут не перастаяла, значыць, высільвацца моцна не давядзецца, хопіць адно ўтрымліваць на руках касу.

– Ужык-ужык, ужык-ужык…

Дасюль Масей лёгка адрозніваў вакол сябе староннія гукі, нават ціхія, цяпер наадварот – чуў адно гэтае «ўжык-ужык». I чым далей адыходзіў ад свайго табара, тым больш адмяжоўваўся ад усяго ранейшага, нібыта ўпадаў у забыццё. Неўзабаве ён апярэдзіў Кузьму Прыбыткова, і калі першы раз спыніўся памянташыць касу, той быў ужо далёка ззаду.

– Ужык-ужык, ужык-ужык…

Кашуля на спіне ў Масея паступова макрэла.

– Ужык-ужык, ужык-ужык…

Але стомы ён зусім не адчуваў усё роўна як работа і праўда рабілася сама па сабе, не каштавала аніякага намагання.

Недзе на сярэдзіне паласы Масея дагнала Марфа Давыдаўна. Яна падышла да яго з граблямі ў руках, акурат збіраючыся раскідваць скошаную траву, хоць ддя гэтага яшчэ не настаў час, сказала:

– Ты б, сын, не ўлягаў так. Навошта спяшацца? Паспеем скасіць. Ды й бацька скора сваю работу скончыць. Тады разам і будзеце касіць. Ато ж…

Масей спыніўся, ласкава глянуў на маці. Пасля павёў вачамі па лузе. Ужо скрозь на палосах шчыравалі касцы – то дзяды, як Кузьма Прыбыткоў, то падлеткі, накшталт Івана Гаманькова, то кабеты, якіх на луг найбольш набілася. Але ўсе касілі, быццам змоўленыя, з аднаго канца, пачаўшы з узлесся. Стоячы на пракосе, Марфа Давыдаўна, няйначай, усё яшчэ чакала, што скажа сын. Аднак Масей зноў ласкава ўсміхнуўся ў адказ, выцер і патачыў мянташкай касу, моўчкі занёс яе з правага боку, стараючыся не прапусціць перад сабой на зямлі ні травінкі, ні муравінкі.

– Ужык-ужык, ужык-ужык…

Так ён і касіў, захоплены ўвесь работай, лічы, да самага сутоння, пакуль каля Бесядзі не падышоў да яго бацька. Дзяніс Яўменавіч спыніўся стомлены, паглядзеў прыжмуранымі вачамі на пракосы, што ляжалі з канца ў канец роўнымі шнурамі на паласе, ухвальна кіўнуў сыну.

– А я цалюткі дзень паклаў, бадай, на нішто, – сказаў, акурат адчуваючы віну за сабой. – За столькі гадоў людзі адвыклі ад палос, а тут зноў.

– I без абеду, – хутчэй сцвердзіў, чым запытаў Масей.

– Дыўжо ж…

– Ну а мы паелі тым часам.

– I добра зрабілі. Але хадзем да вазоў трэба матку дамоў адпусціць, калі яна яшчэ не пайшла. Гаспадарка ж…

– Ды не, чакае цябе, каб накарміць.

– Дарэмна. Хадзем, усё роўна пракос ужо скончыў.

Ступаючы побач з сынам па галым, акурат выскубленым лузе, Дзяніс Яўменавіч, няйначай, за працягам сваіх слоў успомніў, як доўга зарасталі тут пры калгасе пасля аднаасобнага жыцця межы. Але ён не стаў болей гаварыць Масею пра гэта. Пачаў пра нямецкія лістоўкі, пра тое, што ў іх напісана.

– Значыць, цяпер гэта да наступнай зімы, – прамовіў ён, як сцвердзіў.

– Гэта пра што ты? – павярнуўся да бацькі Масей. Але Зазыба проста не адказаў. Працягваў разважаць, быццам сам з сабой:

– Я тыя землі ведаю, мы тыя стэпы ў грамадзянскую ўздоўж і ўпоперак прайшлі і праскакалі. Ды і не адзін раз. Там абы скрануўся з месца, абы падаўся назад, нічым не спыніш, не стрымаеш. Да самай Волгі, да самага Каспія роўная дарога.

Масей нарэшце зразумеў, што трывожыла гэты раз бацьку, падтрымаў размову.

– Мяркуючы па лістоўках, – сказаў ён, – сапраўды можна падумаць, што немцы памкнулі цяпер на Волгу і на Каўказ. Якраз твой Каспій.

Дзяніс Яўменавіч уздыхнуў.

– А раптам яны сапраўды праз нас прарываюцца ў Індыю? Пісалі ж газеты!

– Якія?

– Ну, цяперашнія. Іхнія.

– Але ж ты летась не верыў у гэта?

– Дык… Вера – яна таксама…

– Вера, бацька, заўсёды застаецца верай. Але я разумею, чаму ты раптам сказаў пра Індыю. Так, немцы на пачатку вайны сапраўды гаварылі і пісалі, маўляў, вызвалім вас ад балынавіцка-жыдоўскага прыгнёту, а тады далей пойдзем. У Індыю. А гаворыш ты цяпер пра гэта, бо спрабуеш суцешыць сябе хоць чымсьці.

– Ну, я не сказаў бы зусім так.

Масей акурат не пачуў бацькі, працягваў гаварыць далей:

– Старыя байкі заўсёды здаюцца людзям паратункам. Летась шмат аб чым гаварылі – і немцы, і мы ўсе, бо летась усё было проста: Гітлер усёй сваёй сілай пёр на Маскву. Нават выгляд не надта рабіў, што менавіта ў Беларусі ды ў Падмаскоўі шукае дарогі ў Індыю. Дык вось, каб ведаў, бацька, ён і цяпер не ў Індыю праторвае дарогу, дарма што накіраваў войскі на паўднёвы ўсход. Яму патрэбна каўказская нафта, якую дасюль атрымлівала Масква, і Волга, па якой каўказская нафта дастаўлялася ў Маскву. Значыць, ім патрэбна ўсё тая ж Масква. Значыць, яны не адмовіліся захапіць яе. Але пачакаем, як будуць разгортвацца падзеі далей. Зразумела адно – немцы не хлусяць, хутчэй за ўсё, што іх танкавыя арміі сапраўды выйшлі на поўдні на аператыўны прастор. Ну а што да наступнай зімы, то таксама ці варта шукаць менавіта ў ёй суцяшэнне. Не думаю, што ты да канца паверыў, што мінулая зіма прымусіла Гітлера адступіць ад Масквы.

– Ды што ты мяне ў маёй веры ўмацоўваеш?..

– Пачакай, бацька. Дай дагаварыць. Урэшце, сам пачынаў размову. Я вось касіў, і мне было добра. Я чалавекам сябе адчуваў, пакуль улягаў тут касой. Ведаеш, чалавекам. Але дазволь мне быць чалавекам і ў поглядах, якія ты захацеў, няйначай, пачуць па дарозе сюды. Дык вось. Вядома, умовы, у якіх адбываюцца ваенныя дзеянні, заўсёды ўплывалі на іх. Некалі Батый з-за бездарожжа адступіўся ад Ноўгарада. Напалеону зіма таксама не спрыяла ў яго паходзе ў Расію.

– Дык я пра гэта і кажу. Можа, ты і праўду гаворыш, што суцяшаю сябе. Алеж…

– Трэба думаць, што Гітлер хоча ўсё вырашыць яшчэ да надыходу зімы.

– Ты ў гэта верыш?

– Я так думаю. А гэта не адно і тое ж. Калі верыць, то ў нечым і падзяляць. А я гэтага рабіць не маю права ды і не магу, бо справа ідзе не толькі пра канкрэтную ўладу, але і пра зямлю, якая мне таксама дарагая. Заваёўнікі, якія б яны ні былі і ў які б час ні прыходзілі, ніколі не разумелі чужога народа, як і гэты народ са свайго боку не разумеў іх. Новая палітыка ў такой справе таксама мала чаго дае. Народ перш за ўсё думае не пра палітыку, якую прапаноўваюць яму, а пра саміх заваёўнікаў пра тое, што яны ўварваліся ў яго межы і топчуць яго зямлю, нішчаць яго маёмасць, забіваюць яго суайчыннікаў, сярод якіх кожны чацвёрты – яго брат, яго сват, а то проста родзіч ці даўні знаёмы. У такіх выпадках народ заўсёды патрыёт, ён на нейкі час нават здольны забыць жахі, у якіх жыў дасюль. Гісторыя таму сведка. Цяпер, здаецца, ён таксама ў большасці сваёй забыў, чаго нацярпеўся ад савецкай улады. Але тут свае разлікі.

– Хіба што свае, таму паміж народам і ўладай не трэба станавіцца, сын, – яўна здаволены застаўся Дзяніс Яўменавіч. – Ты вось складна і добра гаворыш сянні, бо ведаеш многа, а чаму ніколі з мужыкамі нашымі так не пагаворыш? Усё ваюеш са мной?

– Наша вайна з табой нікога не забівае, яна нішто ў параўнанні з той, што шугае цяпер у свеце.

– Гэта праўда.

– Ну а чаму з мужыкамі не гавару, дык тут… як табе сказаць? Мужыкі нашы таксама не без розуму ў галаве, ведаюць, што да чаго. Думаеш, яны так сабе не накінуліся сёння на гэтыя лістоўкі? Думаеш, непісьменныя? Сам жа бачыў, што толькі Мікіта Драніца напакаваў лістоўкамі свае кішэні. Астатнія – ані блізка. Таму і валяюцца лістоўкі яшчэ і цяпер на лузе. Добра, калі хто неўпрыкмет перакінуў з свае паласы на чужую.

– Ну а ты? Дзе твае? Табе ж, няйначай, таксама трапляліся пад ногі?

Масей засмяяўся:

– Той, хто скідваў іх, мусіць, ведаў куды цэліць. Ведаў, што на тваёй паласе будуць марна ляжаць. Таму, здаецца, усяго адна і трапілася. Так што…

Дзяніс Яўменавіч таксама засмяяўся, ажно ляпнуў ад здавальнення па спіне сына.

Усё роўна як усцешаныя, яны нарэшце падышлі да вазоў. Кузьма Прыбыткоў сядзеў на аглоблі, курыў. Ён так і не здолеў прайсці да канца дарогі пракос. Марфа Давыдаўна з Анютай стаялі побач, аб нечым ціха размаўлялі.

Дзяніс Яўменавіч папракнуў жанчын:

– Чаму не пайшлі ў вёску? Навошта чакаеце да самага вечара?

– Дак хацелі ж пакарміць цябе, – акурат за дзвюх – за сябе і за Анюту – сказала Марфа.

Але Анюта таксама не ўтрымалася, пачала тлумачыць:

– Марухін казаў, што пойдуць з Масеем рыбу лавіць. Юшку варыць будзем.

– Якая вам юшка? Якая ўжо рыба? Зараз цёмна стане. А калі закарцела юшкі пакаштаваць, то няхай заўтра сабе ловяць, на світанку.

– Ці ж рыба ляжаць будзе да вечара? – паглядзела не як жаласна на Зазыбу Анюта.

– Нікуды не дзенецца, – адказаў той. – Толькі трэба будзе пакласці ў крапіву ды ў цень, пад кусты. Будзе ляжаць, як свежая. Ды з душком таксама не пашкодзіць. Душок – ён у галаве. Нездарма ж кажуць, што рыба тухне з галавы. А галаву можна выкінуць. Невялікая страта.

– А мне ў галаве толькі й смаку, – засмяяўся Кузьма Прыбыткоў. – Але Яўменавіч праўду кажа, ішлі б вы ўжо, бабы, дамоў. Каровы тама недзе пачынаюць мычэць.

– Дак во дачакаюся Ганну Карпілаву, разам пойдзем, – сказала Марфа Давыдаўна.

– А што Анюта? – паглядзеў на Кузьмову нявестку Зазыба.

– Дак яна хоча застацца з вамі. Даручае гаспадарку мне, – сказала Марфа Давыдаўна.

– I што яна цікавае тута знайшла раптам? – паціснуў плячамі Кузьма Прыбыткоў.

– А можа, й знайшла, – сказала насуперак Марфа Давыдаўна. – Заўтра ж Купалле, дак ці не сёння ж у ноч маладыя шчасця шукаюць, папараць-кветку…

– Дзе ўжо яно, тое маё шчасце? – усё роўна як з адчаю махнула рукой Анюта. – Дачакацца б мужа з вайны.

Гэтыя словы раптам збянтэжылі ўсіх, акурат кожнаму зрабілася няёмка, што пачалі чаўпці нешта такое, што ўсім абыходзіла і што датычыла адной Анюты.

Марфа Давыдаўна, можа, першая адчула недарэчнасць, схамянулася і сказала:

– Дак ты, Дзяніс, абедай сам тута. Ды ўжо й павячэрайце разам. Масей з Кузьмой, мусіць, таксама ўходаліся з косамі, сядайце ўсе. Анюта вам пакажа, што засталося ад абеду. Я падамся к Ганне. Адтуль і пойдзем у Верамейкі.

– Даўно б так, – падахвоціў яе Зазыба.

Анюта тут жа кінулася распакоўваць кошыкі, нібыта баялася, што яе таксама пашлюць у вёску.

Дзяніс Яўменавіч тым часам пахадзіў вакол свайго воза, акурат шукаючы чагосьці, тады сеў на аглоблю, але не на тую, дзе сутуліўся Кузьма Прыбыткоў, на другую. Масей застаўся стаяць, дарма што гулі ад напружання ногі.

Хтосьці на краі лугу, па правы бок, запаліў вогнішча, і дым ад яго, як туман, паплыў па пракосах ніжэй да Бесядзі, распадаючыся паступова на лёгкія шматкі, як бывае з аблокамі ў пагодлівы дзень.

Сёй-той з верамейкаўцаў яшчэ касіў, дабіваў пачаты пракос, якога хапала на цэлую вярсту; было чуваць, як правілі мянташкамі косы.

Хоць вакол ужо і ўзялося сутонне, але сонца толькі цяпер схавалася за гару, што ўзвышалася па той бок Бесядзі. Заходзіла яно сёння паволі, з нейкай нянавісцю залівала супакоеным святлом зямлю пад сабой. Цяпер небакрай, моцна чырванеючы, палаў увесь.

Анюта праўду казала: Масей таксама чуў, як Андрэй Марухін хваліўся ўчора, што сёння будзе рыбу лавіць на Бесядзі, каб зварыць на вогнішчы юшку, але Сілка Хрупчык, які меўся прывезці на луг браднік, падвёў каваля, не захапіў на свае калёсы рыбацкую снасць. Шкада было Ганчыных хлопчыкаў, пры якіх адбывалася тады размова і якія ўвесь дзень, пакуль дзялілі палосы, чакалі рыбалкі. Андрэй дужа перажываў гэта. Таму неўзабаве, як толькі Ганна выбралася разам з Марфай Давыдаўнай у Верамейкі, заспяшаўся да Зазыбава табара. Прывёў ён з сабой і Ганчыных хлопчыкаў.

– Дык адмяняецца рыбалка, – сказаў ён з расчараваннем, але чамусьці ўсё роўна як для аднаго Масея.

– Ты лепей пра паласу сваю падбай вунь, – буркнуў на гэта Кузьма Прыбыткоў. – Рыба ў вадзе пачакае, а вось трава…

– Ён жа дзеля людзей стараўся, – заступілася за Андрэя Анюта.

– I праўда, дзядзька Кузьма, у чым мая віна? – паціснуў плячамі Марухін.

– Ды нічыя, – казаў далей Прыбыткоў. – Але ж вось і паласа засталася нечапаная, і дзеці дарэмна рыбу чакалі.

Але расчаравання на дзіцячых тварах ніхто не бачыў, можа, хутчэй таму, што ў іхнім напаўсіроцкім жыцці такіх няспраўджаных спакусаў было шмат і яны ўжо мала верылі, што ўвогуле здараюцца ў свеце цуды. Тым не менш за Андрэевы рукі Петрык з Васільком трымаліся, як за бацькавы, здавалася, ім хапала і гэтага.

– Кабеты нашы пайшлі ўжо? – патрывожыў Андрэя Дзяніс Яўменавіч.

– Ага, пайшлі.

– То сядай з намі, вячэраць будзем.

– Ды я паспеў ухапіць ужо.

– Але вам і чарка сянні належыць, – пераводзячы позірк з Зазыбы на Марухіна, усміхнуўся Кузьма Прыбыткоў.

– Значыць, няма, калі ніхто не кліча, – жартаўліва, зусім без шкадавання падхапіў Кузьмовы словы Дзяніс Яўменавіч. – А ты, Андрэй, і праўда не саромся, сядай за вячэру ды і хлопцаў сваіх побач усаджвай.

Марухін памуляўся, але сказаў з ахвотаю, пазіраючы на Ганчыных хлопчыкаў:

– Тады б і нашы прысмакі сюды, га?

– Калі ўжо хадзіць!.. – буркнуў Кузьма Прыбыткоў. Але Ганчыны дзеці раптам заўпарціліся, не захацелі чужога, і ўсе ўгаворы дарослых сунуць ім хоць штосьці ў рукі засталіся дарэмныя. Андрэй Марухін засмяяўся з іхняй упартасці, пагладзіў кожнага па галоўцы.

– Бачыце, – як у захапленні, сказаў Марухін, – мы – гордыя.

Даўшы вяскоўцам дабранач, каваль павёў хлопчыкаў на сваю паласу, пачаў ладзіць там на ноч буданок.

Прыбытковы з Зазыбамі доўга маўчалі, пакуль Анюта не парушыла цішыню.

– Ета не гонар, ета сіроцкая непрыкаянасць, – сказала яна, уздыхаючы, – дарма што прымак во стараецца. – Анюта не сядала вячэраць з мужчынамі, акурат баючыся абдзяліць каго, затое ўвіхалася каля вазоў, то хутка вярталася да касцоў. Масею гэты раз таксама не дужа хацелася есці, бадай, з абеду яшчэ быў сыты, да таго ж адбівала смак лёгкая ламата, што паступова бралася ў целе. Але Масей яшчэ з сухадолаў ведаў – даволі будзе неўзабаве прылегчы, сцішыцца ды заснуць, як стомленасці, у тым ліку і ламаты гэтай, не стане.

Пасля вячэры і яны пачалі ладзіць начлег. Старэйшым – Кузьме і Дзянісу Яўменавічу – выпала легчы на калёсах; Анюце мужыкі скідалі на скорую руку штосьці падобнае на шалаш; ну а Масей мусіў абначыцца пад возам.

Ужо іншыя ляжалі на сваіх месцах, а Масей усё насіў з пакосаў траву, пасля накрыў яе коўдрай, якую бралі з дому, і лёг у ботах і ватоўцы. Цела яго адразу нібыта здранцвела, зрабілася нячуткім ні зверху, ні сыспаду; адчулася хораша, утульна, быццам сапраўды гэтага не хапала сёння; яму падумалася ўжо, што праз хвіліну-другую засне. Але дарэмна. Пасля нядоўгай сцішанасці, паўсоннага замарачэння ў галаве раптам пасвятлела, вярнулася ранейшая яснасць, заснавалі думкі.

Ноч выдалася цёмная і цёплая. Такія ночы нярэдкія на пачатку ліпеня, яны хутка прыходзяць і гэтак жа скора адыходзяць.

Дыхалася пад калёсамі лёгка; ды й не дзіва: скрозь ляжала прывялая трава, чаруючы рознымі пахамі. Але ўсё гэта здавалася звыклым, будзённым і зусім не перашкаджала роўна і спакойна дыхаць, злашча, што неўзабаве аднекуль ад ракі прабілася свежасць, спярша нясмелая і нетаропкая, таму ледзь чутная, затым больш адчувальная, нібыта недзе нараджаўся вецер.

У лазовых кустах, туды, пад самую Бесядзь, абудзіўся напалоханы верамейкаўцамі драч – каралевіч лугоў. Голас яго хоць і не адразу стаў смелы, аднак увачавідкі мацнеў, рабіўся прарэзлівы і скрыпучы, акурат птушка помсціла людзям уначы за сваю нядаўнюю змушаную стоенасць.

Здаецца, першы раз за лета Масей адчуў сябе такім здаволеным. Найбольш ён зразумеў гэта цяпер, апынуўшыся ў адзіноце пад бацькавым возам. Дзіўна, але ранейшая адзінота не прыносіла падобнага адчування, увесь час яму чагосьці не хапала, у душы часцей былі прыкрасць ды гарката, чым радасць. Адкуль яны браліся, Масей ведаў, бо жыў тут, у Верамейках, пакуль не сваім жыццём, займаўся не сваёй справай. Ён быў перакананы, што ягонае сапраўднае жыццё абарвалася недзе там, у Мінску, калі першы раз зачыніліся за ім дзверы турмы…

Як суцяшэнне яму прыходзіла іншы раз на памяць даўно пачутае: жыццё – гэта ўспамін. Аднак раней ён не разумеў гэтага. I толькі цяпер даў сабе рады – жыць сапраўды можна ўспамінамі, дарма што ад іх таксама не заўсёды прыходзіць радасць. Горай было ад усведамлення, што такое жыццё нічога не зычыла ў будучым, нібыта чалавек, углядаючыся ў яго, рухаўся наперад спіной, за якой зеўрала пустата…

Можна было параўнаць сябе з гэтым драчом, што не пераставаў будзіць на лузе летнюю ноч; можна было суаднесці сваё жыццё з нейчым іншым, чужым, але такім жа неўладкаваным і жорсткім, як і ягонае; можна было, нарэшце, суцешыць сябе тым, што цяпер жыццё наогул для ўсіх стала нялёгкае, нават жахлівае, бо іначай як назваць гэтую вайну, а да таго ж таксама было не меней яжоўскіх ды сталінскіх жахаў… Але нельга было адмаўляць, што сённяшні дзень прынёс нечаканую задаволенасць, усё роўна як радасць, якая ўвайшла ў яго і звонам кос, і пахамі лугу, і бляскам вачэй Анюты Прыбытковай…

Накрычаўшыся, нарэшце заціх драч.

Масей паляжаў яшчэ колькі часу са сваімі думкамі, таксама пачаў засынаць. Ён нават добра адчуваў гэта.

Хвілін праз дзесяць убачыў сон. Сніўся сельскагаспадарчы лагер у Сібіры за Марыінскам, прафесар Дзягель. Бадай, гэта быў першы такі сон з часу зняволення, а пасля і вызвалення. Але прафесар чамусьці прысніўся мёртвы, быццам Масей не ведаў яго жывога, акурат не ехаў з ім болей як дваццаць сутак у таварным цягніку з Магілёва. Прафесар Дзягель у Масеевым сне, як і ў сапраўднасці, сядзеў з адкрытымі вачамі каля сцяны прамерзлай зямлянкі, а на твары яго, як і тады, астывала ўсмешка – ніхто не падумаў бы, што чалавек ужо мёртвы… Памёр Дзягель, відаць, пад раніцу, але не на сваіх нарах; сканаў чамусьці каля сцяны, дзе ў невялікім бярвенчатым прамежку стаяла бочка з капустай, якую зняволеныя атрымалі ўвечары на ўсю грамаду, на зямлянку, але, паколькі капуста была мёрзлая, чакалі, пакуль адтае. Хто ведае, можа, прафесар, прачнуўшыся, хадзіў глядзець натую бочку і яго там заспела смерць… Убачыўшы ўранні яго і не пазнаўшы, што мёртвы, Масей нават нейкае смешнае слова кінуў, здаецца, пра чаргу, якую нібыта заняў прафесар… Але тут жа схамянуўся, падышоў і пакратаў за плячо…

Масееў сон цяпер нечакана быў перапынены – Масей раптам адчуў, што нехта пацягнуў за руку. Расплюшчыўшы вочы, убачыў над сабой чалавечую постаць. Хутчэй за ўсё, што ён адчуў яе і толькі тады расплюшчыў вочы, пазнаў Анюту. Нагнуўшыся над Масеем, яна трымала пры губах палец левай рукі, а правай цягнула Масея ўстаць.

– Хадзем, Дзянісавіч, шчасця шукаць, – ціха шаптала Анюта, – сянні ноч купальская, дак усе мусяць шукаць шчасця…

Масей адразу паддаўся ёй, акурат сапраўды чакаў, што Анюта павінна была прыйсці ды пазваць.


V

Не паспела назаўтра выбіцца з-за лесу сонца, а верамейкаўцы, што былі на пакосе і заставаліся начаваць на лузе, ужо як і не спалі.

– Лясь-лясь, тук-тук, – чулася то ў адным баку лугу, то ў другім.

На траве пад лесам, куды не сягалі яшчэ сонечныя промні, цёмным серабром ляжала раса, але ў адрозненне ад мінулых ліпеньскіх світанкаў чамусьці не дужа багатая, нібыта схапілася толькі цяпер вось, на самым золку, таму не здолела набрацца ні моцы, ні вагі ці, як бы сказаў Кузьма Прыбыткоў – не паспела вырасці. Але тым не менш была яна такая ж халодная, як і ўчарашнюю ноч, дарма што сапраўды слабейшая. Ляжала скрозь нечапаная, бо ніхто яшчэ не ступаў нагою на луг, і блішчэла пакуль толькі тым краем, дзе стаялі за Бесяддзю копы. Па той бок ракі пакошаны луг ужо цалкам знаходзіўся ва ўладзе сонца.

Кладучыся спаць учора, ні Кузьма Прыбыткоў, ні Дзяніс Зазыба не падумалі пра коней, і тыя пасвіліся недзе ўсю ноч адны. Цяпер Кузьма Прыбыткоў спахапіўся, кінуўся шукаць, але слядоў не было блізка. Гэта ўстрывожыла старога. Ледва не бядуючы, ён вярнуўся да свайго табара, нейкі час дакараў і сябе, і Зазыбу, называючы абодвух недарэкамі і пеньцюхамі. Зазыба не пярэчыў старому, але тут жа пабудзіў Масея:

– Коні, здаецца, прапалі!..

Хоць Масею сёння і не да коней было, аднак ён адразу прахапіўся, выпаўз з-пад калёс, быццам уся віна на ім ляжала.

– Як гэта прапалі? – спытаў ён, ціскаючы пальцамі цяжкія павекі.

– А так і прапалі, што ніхто ўчора не паклапаціўся, – сказаў Кузьма Прыбыткоў, – бо гаспадары нікчэмныя. Пусцілі жывёлін на волю, а назад вярнуць забылі. Цяпера во шукай, дзе яны?

– Трэба шукаць, – пацёр кончык свайго носа Зазыба. – Ты, сын, збегай на Цімохаву пожню, помніш, дзе гэта? А мы тут пабегаем.

Масей нарэшце ачомаўся, пачаў атрэпваць з адзення наліплую траву. Пасля таго, што здарылася ўначы, яму гэты пярэпалах быў, вядома, дарэчы, адпала неабходнасць паддобрывацца перад усімі, губляцца ў здагадках, ці засталася тайнай іхняя з Анютай адлучка з табара. Анюты не было відаць, мусіць, яна яшчэ спала. Гэтая акалічнасць таксама нібыта суцешыла Масея, і ён памкнуўся ўзяць з Кузьмовай рукі аброці. Але той не аддаў, тузануў да сябе, сказаўшы ўсё роўна як у злосці.

– Дзе табе аднаму? Давядзецца ісці мне таксама. Але чаму ты, Дзяніс, лічыш, што яны на Цімохавай пожні? – утаропіўся ён на Зазыбу. – Думаеш, тама трава лепей?

– Ну, лепей не лепей, – сказаў Зазыба, – а сенажаць самая блізкая там, хоць варта, канешне, пахадзіць і па ўзлеску. Магчыма, яны недзе блізка тут абначыліся, дарма што ты слядоў не знайшоў. Можа, стаяць сабе і не шманаюць.

– Добра, Масей, – згадзіўся Кузьма, – ты прабяжыся па ўзлеску, а я тым часам на пожню. Не можа быць, каб яны далёка зайшлі. Але ж таксама злыдні – што б на лузе пасвіцца, дак…

Ні на ваўкоў, ні на людзей, якія паквапіліся б на коней, здаецца, ніхто нават не падумаў, хоць здарыцца магло аднолькава і тое, і другое.

Масей кінуўся наўпрост да лесу, адразу абрасіўся ў густой халоднай траве; мокрыя штаніны прыліплі да ног, выклікаючы дрыжыкі ў целе. Аднак цягнулася гэтак нядоўга. Дастаткова было Масею вышыбаваць на ўзлесак, ступіць з дзесятак крокаў па мяккім, спружыністым імху, як макрэча адразу перастала даймаць: у лесе, пад шатамі дрэў, на якіх завісала раса, аказваецца, было зусім суха.

З другога боку паўз лес кіраваўся насустрач у шэрым армяку Сілка Хрупчык. Яшчэ здалёку Масей заўважыў, што Сілка ўсміхаецца яму, быццам ад радасці, што Масей таксама ўжо на нагах.

– Нябось, коні шукаеш? – беручы сябе за сухую руку, спытаў Сілка.

– Ды вось, за ноч сышлі некуды, – прызнаўся Масей.

– Дак вы павінны мне, – не пераставаў усміхацца Сілка. – Сянні будзеце частаваць ці калі? Ета ж я пасвіў усю ноч іх – і вашага, і Кузьмовага, і свайго.

– Дзе яны? – няверліва страпянуўся Масей.

– Дак вунь, супроць маёй паласы. Стаяць сабе, ані хны.

– Ну вось, а Кузьма на Цімохаву пожню падаўся. Трэба неяк вярнуць старога.

– Нічога з ім не стане, – ужо зарагатаў Сілка, – няхай звалочыцца. Другі раз будзе пільнаваць. А я, прызнацца, думаў, што вы ведаеце, дзе вашы коні, раз не шукалі звечара. Выходзіць, не. Дак і праўда павінны мне. Але навошта яны вам етак рана?

– Думалі, што прапалі.

– Куды яны тута прападуць? I за вушы ад такога мурагу не адарвеш. Ступай, Дзянісавіч, скажы бацьку, каб не трывожыўся. Цэлыя вашы коні. Нічога з імі не здарылася. Дый пра пачастунак таксама скажы, не забудзь.

Але Масей не здаволіўся пачутым. Схадзіў да Сілкавай паласы, паглядзеў. Коні сапраўды стаялі між дрэў на ўзлеску, няйначай, яшчэ драмалі, бо зусім не зварухнуліся на Масеевы крокі.

– Ну што? – пацвельваючыся, спытаў Сілка Хрупчык, калі Масей вярнуўся на тое месца, дзе сустрэліся. – Не паверыў мне?

– Дык…

– Але Карпілішын прымак учора гаварыў, што вы бытта збіраліся з ім рыбу лавіць пасля касьбы?

– Брадніка ж не было.

– Ета мая віна, ета я закруціўся й не ўзяў, дарма што дакляраваў. А браднік у мяне, Дзянісавіч, ёсць. Адмысловая рэч. Я й сам пашкадаваў учора, што схібіў раптам. Можа, хто паедзе сянні ў вёску, дак я накажу. Дзеці тама ведаюць, дзе ён схаваны. Дак вечарам разам і паловім. Рыбы тута ў затоках процьма, балазе, ніхто цяпера не займаецца ёю. Мужыкоў тых няма, што рыбу раней лавілі. Цяпер ёй тута вольніца.

Было відаць, што Сілку Хрупчыку даспадобы прыйшлася сустрэча з Масеем у такую рань – сапраўды, калі яшчэ трапіць выпадак. I ён не кранаўся з месца. Загароджваў сабой дарогу Масею. Пагаварыць ён любіў, зрэшты, як амаль кожны вясковы чалавек, абы сапраўды выпадала звычайная прычына ці якое здарэнне. Сухая рука яго вісела ўніз, быццам нежывая, няйначай, яна заўсёды замінала чалавеку ў рухах, а найперш не дазволіла некалі вырасці, развіцца фізічна як след, хоць мужчыны ў іх родзе былі рослыя і дужыя. Пазіраючы шэрымі вачамі на Масея, Сілка нібыта лашчыў яго, але пра рыбу нарэшце перастаў гаварыць, бо заруліла іншае. Ён дастаў з кішэні армяка ўчарашнюю лістоўку, акуратна складзеную ў чатыры столкі, патрымаў у руцэ, усё роўна як задумаўшыся, тады спытаў:

– А што ты, Дзянісавіч, думаеш пра ета? Нябось, таксама чытаў?

– Чытаў.

– Ну і што? Бальшавікі наўрад ці справяцца з немцамі?

– Чаму толькі бальшавікі? – паціснуў плячамі Масей. – Ваююць жа не адны бальшавікі.

Сілка, бадай, не чакаў, што Масей вось так адзавецца на яго словы, таму раптам збянтэжыўся, пачаў папраўляцца:

– Дак я ета… я таксама разумею, што не адны бальшавікі на фронце ваююць. Але ж… Ну так цяпер заведзена гаварыць.

– Кім гэта?

– Дак…

Масею стала шкада чалавека, што той раптам збянтэжыўся, відаць, Сілка ўсё-ткі разлічваў пачуць у адказ другія словы, можа, нават хацеў такім чынам дагадзіць нядаўняму савецкаму вязню… Выйшла ж наадварот – Масей раптам паказаў незразумелую, амаль бацькаву ўпартасць, якая нават яму нагадвала адным часам і насцярожлівую недаверлівасць, і несхаваную знарочыстасць. Гэта вось і адчуў Масей, таму прадоўжыць размову не адразу здолеў, проста не ведаў, як памяняць і тон яе, і напрамак, дакладней, як утрымацца ў ранейшым рэчышчы і як пры гэтым гаварыць. На памяць прыйшлі ўчарашнія размовы – і тая, што адбылася неўзабаве пасля прыезду на луг паміж ім, Андрэем Марухіным і бацькам, і пазнейшая, ужо на змярканні, калі Дзяніс Яўменавіч скончыў дзяліць луг і сын з бацькам ішлі на ўзлесак, дзе стаялі калёсы, разам. «А чаму ніколі з мужыкамі нашымі вось так не пагаварылі?» – спытаў тады бацька. «Сапраўды, чаму?» – падумаў цяпер Масей і неяк нядобра ўсміхнуўся сабе.

– Ведаеш, Сіланцій, – сказаў нарэшце Масей, адвёўшы позірк ад лістоўкі на сухую Сілкаву руку, – у вайне ўсяляк бывае, Асабліва ў зацяжной. Такой, як цяпер. У ёй то адзін раптам падолее на нейкі час, то другі, здаецца, сёння знаходзіцца наверсе, заўтра, наадварот, – другі. Так што адказаць пэўна на тваё пытанне – ці справяцца бальшавікі з цяперашнім нямецкім наступленнем – цяжка, можна сказаць, немагчыма. Дзеля гэтага трэба пабыць па меншай меры ў генеральным штабе Чырвонай Арміі. Што да немцаў, дык тут, здаецца, усё зразумела. Яны вунь і ўлістоўках пішуць, што робяць і куды накіроўваюцца, зноў не лічаць патрэбным утойваць свае планы. А вось чырвоныя… Словам, наперад цяжка што-небудзь напэўна сказаць. Канечне, пагроза вялікая. Але фронт жа не толькі на поўдні. Можа здарыцца, што чырвоныя ў адказ нанясуць удар у нейкім іншым месцы.

– Але ж ета калі яшчэ нанясуць? – з разважлівай няверлівасцю прамовіў Сілка, засоўваючы назад у кішэню лістоўку. – Брава-Жыватоўскі кажа, што цяпера ўсе войскі ў Сталіна сцягнуты на поўдзень, на галоўны напрамак. Але ж во нічога не атрымліваецца ў яго, дарма што… Не, Дзянісавіч, па ўсім відаць, што балылавікам ужо й праўда кранты… ну, нашым, ну, чырвоным… Дак… Брава-Жыватоўскі ж дарэмна не стане гаварыць!..

– Ну, Брава-Жыватоўскі зразумела, а ты? – сказаў Масей.

– Дак, – усё роўна як утрапёна выкаціў шэрыя вочы Сілка, – ён жа лепей ведае, недарэмна ледзь не кожнага дня ў Бабінавічы да Адольфа наведваецца. Раней дак і начаваў тама, а цяпера во зноў пасмялеў. Спіць дома.

– Усе мы тут, Сіланцій, аднолькавыя стратэгі, – зусім памяркоўна, без долі раздражнёнасці, але з пагардлівай усмешкай паківаў галавой Масей. – Што Брава-Жыватоўскі, што Мікіта Драніца… А Думаеш, камендант усё ведае, дарма што Адольфам завецца. Вось каб з самім Гітлерам Брава-Жыватоўскаму пагаварыць выпала!

– Дак…

– Той Адольф, той сапраўды сёе-тое ведае. А бабінавіцкі?.. Не думаю.

– Ну, Гітлер… канешна, Гітлер ведае, – бадай што ў захапленні калыхнуўся трохі назад Хрупчык. – Ды й Сталін… Ты тута, Дзянісавіч, рацыю маеш. Я таксама не заўсёды схільны слухаць Жыватоўшчыка. Але ж цяпера во етыя лістоўкі.

– Вядома, вялікай радасці яны людзям не прынеслі…

– Дак не тое, што вялікай, а можа, ніякай, – запярэчыў Сілка. – Я ета так. Я ета проста. Сустрэў во цябе, дай, думаю, спытаюся. Нездарма ж у савецкай турме сядзеў. Канешна, якія мы тута страцегі. Страцегія – ета тама, а тута… Ці ж багата ўчора скасілі?

– Адзін касіў.

– Ну так, бацька ж быў заняты ўвесь дзень на перамерах. Да што вам! Цяпера во возьмецеся, дак за адзін дзень усю паласу ўдвох пакладзеце. Ета мне… Дак што адной рукой… Адной рукой не накосіш. Выручае толькі жонка. Яна і косіць у мяне, і грабе. А я… так… Праўда, пры калгасе дак нічога было. На касьбу, зразумела, не пасылалі. I жонцы тады не трэба было касіць. Не, як для мяне, дак калгас па рабоце быў нядрэнны. Інвалідства маё мела вагу, ну а… жонка, дак баба… А цяпера во трэба самім касіць, бо й наняць няма каго. Казаў Марухін, што падсобіць, але ж таксама во з Дзянісам цэлы дзень учора струбіў.

– Камусьці і тое неабходна было рабіць.

– Дак я… я не супроць. Я ета так… Проста, што абяцаў прымак памагчы. А можа б, і ты, га, Дзянісавіч? Я як убачыў цябе тута, дак узрадаваўся. Дай, думаю, пра коні скажу, спытаюся. Ну, а што належыць да лістовак, дак тута можна і так сказаць: сабака брэша – вецер носіць.

– Ды не, Сіланцій, тут іначай, – пакруціў галавой Масей. – Тое, што вецер носіць, гэта праўда, а вось… што сабака брэша… На хлусню гэта не падобна.

– Дак што, значыць, усё-ткі кранты бальшавікам? – нібыта ўскочыў нанава Хрупчык.

– А я падумаў ужо, што цябе найбольш хвалюе твая паласа?

– Мяне, Дзянісавіч, хвалюе аднолькава і тое, і другое. Але трэба яшчэ з бацькам тваім пагаварыць. Па ім я заўсёды пазнаю, што да чаго… Калі, напрыклад, пачынае крычаць і хвалявацца, значыць, так яно і ёсць. Ды й справа знайшлася во – я вашы коні папасвіў, а вы мне пасобіце касіць. Хіба не так?

– Але я чуў, што бацьку згаворвала Хрысціна Гаманькова, – сказаў Масей, хоць нічога такога не чуў. – Як-ніяк – суседзі, у адным завулку жывем. А за Іванам яшчэ трэба падкошваць.

– Дак… Але ўсё роўна з Дзянісам трэба пагаварыць, будзе якая рада ці не. Ну, хоць бы наконт немцаў.

– То ступай, гавары, калі халоднай расы не баішся. А я сапраўды пабягу на Цімохаву пожню. Трэба старога Кузьму назад вярнуць, раз коні ў цябе знайшліся.

– Кажу, не забурчыць лішне кіла ў твайго Кузьмы, калі крок ці другі зробіць, – ужо без жартаў і з адчуваннем непрыязнасці сказаў Хрупчык.

Дарогі ім у адзін бок па ўзлеску выпала небагата, таму неўзабаве яны разышліся. Сілка патупаў краем лесу, чамусьці ўвесь час спыняючыся, нібыта сапраўды выгадваў як сушэй прайсці да Зазыбавай паласы, а Масей павярнуў направа, дзе за рэдкімі вялікімі дрэвамі пачынаўся сасновы падлесак. Сасняк быў яшчэ мала вышэйшы за дарослага чалавека і ні разу не працярэбліваўся свядомай рукой, таму Масею часта даводзілася згінацца, адводзіць ад сябе калючае, халоднае ад расы голле. На палянцы, парослай шурпатым лішайнікам, раптам кінуліся вачам разгоны маслякоў – маладых і крамяных, бліскучых ад расы. Масей ажно спыніўся на момант пры гэтым, але не стаў дакранацца, толькі падумаў як пашкадаваў што грэх вось так праходзіць вясковаму чалавеку міма, ухапіць бы ў шапку ці прыпол… Тым не менш Масей «запомніў» месца, хоць, вядома, рабіць і гэтага не варта было: калі яны пачалі расці ўжо, грыбы, дык не ў адным сасняку пракінуліся. Але вось падлесак кончыўся, Масей раптам апынуўся на дарозе, добра наезджанай калясьмі, здзівіўся, шкадуючы, што не ведаў яе дасюль, іначай не трэба было б шыцца скрозь малады зараснік, пасярэбраны расой. Тым часам Цімохава пожня знаходзілася ўжо недзе блізка, пра гэта Масей здагадваўся па старым сваім уяўленні, але нечаканая дарога нібыта збіла яго з панталыку. Хвілін колькі ён стаяў і пазіраў у абодва канцы, што знікалі кожны за сваім павароткам, аднак прыгадаць нешта пэўнае, што б вывела памяць на новую здагадку, не мог. Тады Масей пачаў прыкідваць, адкуль і куды магла весці дарога. Наезджана яна тут, няйначай, у апошнія гады; ведаць пра яе Масей, канечне, не мог. Але ён ведаў пра іншае, напрыклад, пра тое, як увогуле вясковыя людзі пракладваюць шляхі да сваіх паселішчаў і наадварот – акрамя зручнасці звычайна і карыслівасць сваю захоўваюць, ні адно патрэбнае месца далёка не абмінуць. Значыць, і Цімохава пожня, самае вялікае ўрочышча ў гэтым лесе, таксама ці засталася ўбаку, наўрад ці абышла яе, не зачапіла нейкім краем новая дарога. Іншая справа, дзе яна, тая пожня? Масей павагаўся яшчэ колькі часу на дарозе, пераступіў на другую абочыну яе. «А проста ж было рабіць, – усміхнуўся ён. – Варта было выйсці яшчэ на лузе на Кузьмовы сляды. Урэшце, можна было таксама абмінуць краем гэты сасняк, не лезці, акурат з завязанымі вачамі, у сярэдзіну». Падумалася разам з тым, што вельмі змянілася ўсё тут, пакуль ён столькі гадоў адсутнічаў, пераязджаў у «сталыпінскіх вагонах» з Еўропы ў Азію і назад. Таму ўжо нібыта выходзіла, што гэты лес і не яго быў…

Сонца тым часам акурат выслізнула з-за дрэў, што асланялі з другога боку дарогу, высвеціла насупраць паўзверх сасняк з маладымі макаўкамі, у якія ператварыліся нядаўнія шышкі-парасткі. Ужо даўно гаманіла навокал птаства, якога Масей чамусьці нават не чуў дасюль. Некалі ён добра адрозніваў адзін ад аднаго галасы птушак, умеў падрабляцца пад іх, але цяпер у вушах усё злівалася, гучала агульным хорам, а прабівалася сваім голасам, здаецца, адна чачотка, бо спявала недзе зусім блізка. Масей паспрабаваў цяпер уявіць сабе гэту маленькую, бы камячок, птушачку з шаравата-бурым адзеннем і малінавай шапачкай. Ды дарэмна…

I ўсё-ткі трэба было шукаць Кузьму, можа, гукаць. Але дастаткова было Масею зрабіць паўтараста крокаў, павярнуўшы налрава, як за дрэвамі адкрылася Цімохава пожня: раптам заззяла наперадзе ў прагалах, успыхнула на сярэдзіне бліскучым святлом, якое, здавалася, станавілася на дыбкі, адбіваючыся вясёлкай на высокім небе. Зразумеўшы, што гэта сапраўды тое месца, якое ён шукаў, Масей чамусьці ажно страпянуўся душой ад гэтакай нечаканасці, дарма што ўвесь час свядома ішоў сюды з лугу. Нечаканасць стала радасцю. Хутчэй за ўсё яна і прымусіла страпянуцца. Але не сама па сабе, а таксама неспадзяванай акалічнасцю. Аказваецца, усё галоўнае тут, у гэтым лесе, заставалася, як раней, нішто не перамясцілася і нікуды не падзелася. Іншая справа, што пазнаваць гэтае ўсё даводзілася нанава і нібыта ў іншым абліччы.

Цімохава пожня называлася здаўна так, але чаму, напэўна, ніхто ў Верамейках цяпер не помніў. Падобная акалічнасць гаварыла толькі пра бясконцасць жыцця, якйе віравала на берагах Бесядзі спрадвеку: штосьці яно прыносіла ў гэты свет, штосьці – уносіла зноў і так неўпрыкмет для людзёй паварочвалася вакол свайго нябачнага стрыжня і паварочвалася… Верамейкаўцы даўно ўжо не касілі пожню, лічы, з таго часу, як яна адышла да лясніцтва, што знаходзілася ў Зацішшы. Праўда, адбылося гэта не без крыку з боку верамейкаўцаў, сялянскі сход ажно колькі разоў стукаўся ў дзверы розных устаноў і ў воласці, і ў павеце, але дарэмна, пожню пакінулі за лясніцтвам. Масей нават помніў тую тузаніну сваіх аднавяскоўцаў. Бацька тады яшчэ знаходзіўся ў Чырвонай Арміі, на сходы хадзіў дзед Яўмен. I, можа, якраз таму, што Цімохава пожня была страчана для вёскі, верамейкаўцы неўзабаве пачалі другую «вайну» за сенажаць, цяпер за Зінкевічаў луг…

Дарога, як і спадзяваўся Масей, сапраўды ўсяго толькі краем узбівалася на пожню, але Кузьмы Прыбыткова на ёй не відаць было. Ні постаці, ні слядоў. Затое зусім блізка, у густой траве, з якой была пазбівана раса, стаяў маладзенькі лось. Убачыўшы яго, Масей сцяўся ўвесь, спыніўся на месцы, баючыся патрывожыць звера. Дзіўна, але яму нават захацелася, каб той яшчэ доўга не глядзеў у яго бок, каб не знайшлося аніякай прычыны зверу спалохацца ды збегчы.

Зусім не кратаючыся, Масей стаяў на дарозе і, усё роўна як спадылба, ціхутка назіраў нейкі час за ласём. Нарэшце той павярнуў галаву, убачыў чалавека.

Доўга не думаючы, Масей самахоць памкнуўся наперад, ступіў у мокрую траву. Але лось, на здзіўленне, не адскочыў, толькі яшчэ больш сцішыўся, акурат сілячыся пазнаць, хто гэтак рана з’явіўся на пожні. Масей прыветна махнуў рукой, рашыў падысці бліжэй, маючы намер неяк выклікаць у звера давер да сябе. Праўда, ён не ведаў, як гэга рабіць. Адно – хатняя жывёла, там спрадвечны клопат з ёю. А тут. Тым не менш Масей не спыняўся, пасоўваўся далей. Хутка ён адчуў, што цела ад напружання нібыта пачынала дранцвець, страчваць адчувальнасць. Такое здаралася з ім і раней, але даўно, у маленстве, калі знаходзіў на зямлі птушынае гняздо, да якога трэба было нячутна падкрасціся… Масей разумеў, што гэта вельмі рэдкая з’ява – сустрэць лася. Ласі даўно перавяліся ў Забесяддзі. Яму няўцям было, што гэты перазімаваў у Мамонаўцы, таму не баіцца людзей. А маладзенькі лось тым часам сапраўды рушыў чалавеку насустрач. Нарэшце яны – і чалавек, і ачалавечаны звер – настолькі зблізіліся, што Масей заўважыў у ягоных вачах сваю постаць. I яшчэ ён убачыў, як адбіўся раптам у гэтых вачах цэлы свет за ім – і край сенажаці, адкуль Масей рухаўся, сляды на ёй ад яго ног, і лес, што ўставаў за дарогай, і неба над лесам, якое пачынала набіраць сінечу…

– Ну што, брат, – быццам такому ж разумнаму і добраму, як сам, сказаў Масей, але, бадай, усё яшчэ ад разгубленасці, ад усведамлення бездапаможнасці, бо не ведаў, як далей паводзіць сябе перад зверам.

А той спыніўся перад ім – стрункі, з доўгімі пярэднімі нагамі і амаль белаю поўсцю з-пад нізу, якая была мокрая ад расы, і ўжо чорная, з сярэбранымі бліскаўкамі па баках і на спіне; на гарбатай, але прыгожай галаве ў яго пачыналіся рогі, таму скура на штычковай грушы выглядала патрэсканай, лупілася. Ілядзеў ён на Масея зусім лагодна і ціхамірна, ажно не верылася, што гэтакім можа быць звер.

– Ну што, брат, – стрымліваючы рухі, зноў прамовіў Масей і зноў злавіў сябе на тым, што не разумее, як паводзіць сябе тут.

Канечне, калі б Масей здагадаўся, што лось з самае восені жыў сярод людзей, то не прымушаў бы цяпер сябе скамянела рухацца альбо гэтаксама стаяць на адным месцы, але ён гэтага не ведаў, таму ні на што пэўнае не рашаўся. Здавалася, што не знойдзецца таксама іншая сіла, якая б парушыла незвычайнае іхняе процістаянне, калі можна так сказаць, няйначай, аднолькава роўнае на даверлівасці і цярплівасці. Масей адкінуў назад галаву, падставіў твар сонечным промням. За той час, як ён ішоў па лесе, а затым стаяў тут, на пожні, ранішняя халаднаватая пранізлівасць, якую павялічвала вялікая раса, пачала страчвацца патрохі, хоць раса яшчэ і блішчэла скрозь і выглядала па-ранейшаму халоднай, але было чуваць, як знізу на ўгрэвах ужо струменіла парнасць, напаўняючы вільготнай цеплынёй паветра.

Трымаючы ўлагоджаны твар на сонцы і не расплюшчваючы нагрэтых вачэй, Масей зразумеў раптам, што вось так можна прастаяць тут доўга, нават забыцца пра ўсё, злашча, што само становішча, у якім ён агпынуўся, падышоўшы да лася, сапраўды спрыяла радаснай сцішацасці і забыццю. Затое Масееў слых стаў цяпер больш чуйным, быццам самахоць насцярожаным; зрабіўся ён такім не сам па сабе, а хутчэй таму, што Масей чакаў, што лось першы парушыць іхняе недарэчнае процістаянне, прадпрыме нешта такое, што выведзе абодвух з незвычайнага становішча. Але не. Лось па-ранейшаму не варушыўся. I калі Масей праз колькі часу зноў паглядзеў на яго, то ўбачыў у вачах адно і тое ж – і сябе, і лес, і неба над ім. Гэтыя вочы былі зусім не падобныя на вочы звера. То былі чалавечыя вочы, са смуткам і даверлівасцю, з чаканнем чагосьці такога, што было незразумела пакуль чалавеку.

Нарэшце Масей не вытрымаў гэтага позірку, ступіў бокам направа, усё роўна як даючы дарогу, якую замінаў дасюль. Толькі і цяпер лось не крануўся з месца. Тады Масей, быццам у адчаі, крута павярнуўся і, смурыжачы нагамі траву, падаўся назад па сваіх слядах. Пры гэтым ён чамусьці верыў, што лось таксама рушыць следам. Але той застаўся стаяць. Гэта Масей зразумеў адразу, як выбраўся на дарогу і не пачуў за сабой чужых крокаў. А не пачуўшы, неяк абмяк, апусціў пацяжэлыя плечы, нібыта ў нечым ашукаўся.


* * *

З лесу Масей выйшаў ціхі, з задумлівым тварам, на якім блукала, не адсвечваючыся, загадкавая ўсмешка. Неспадзяваная сустрэча на Цімохавай пожні з маладым ласём адным часам і ўзрушыла яго, і збянтэжыла. Але не той нечаканасцю, якая ўзнікла адразу, калі Масей убачыў лася; цяпер яна перайшла ў новае пачуццё, звязаняе ўжо з паводзінамі звера, з яго чалавечай даверлівасцю, што, зразумеў нарэшце Масей, – ішла ад адзіноты. Ён многа, бадай увесь час, як вяртаўся на луг, думаў пра гэта і ажно шкадаваў небараку, гатовы быў нават папракаць сябе, што пакінуў на пожні. Думаў ён і пра тое, што ўчарашні дзень, і сённяшняя ноч, а цяпер і раніца вось напоўнілі яго чымсьці такім, чаго не ставала дасюль, быццам далучылі да нечага зусім нязведанага, даўшы па-новаму адчуць непрыкаянае жыццё.

Ён падумаў нават, што нарэшце пачне пісаць, зоймецца той справай, якая не давалася яму па-сапраўднаму вось ужо колькі гадоў, лічы, з таго моманту, як прыйшлі па яго сярод ночы двое з дазволам на арышт… Той верш, які ён пачаў летась, неўзабаве пасля вяртання ў вёску, чамусьці так і не склаўся да канца, не стаў творам, дарма што радкі з яго часам і цяпер, праз многа дзён, з’яўляліся ў галаве, абпальвалі горыччу душу. Аднак далей, як за «агонь збавення» і «адчыненыя дзверы турмы», яны не падаваліся, шалёна супраціўляліся, засцячы думку. Аднаго разу, пры добрай чарцы, здаецца, яшчэ зімой, Масей нават бацьку абмовіўся пра свае творчыя цяжкасці. Але той не быў бы Зазыбам, каб не сказаў сваё: «Што ж ты скардзішся, сын! Значыць, не пра тое пішаш. Ды і дзе ты цяпер будзеш друкавацца? Не ў немцаў жа? Дык мы, здаецца, з табой да гэтага яшчэ не дайшлі, га?» – Масею здалося тады, што гэтым бацькава цікавасць да ягоных клопатаў і абмежавалася. Выйшла ж не так. Дзён праз колькі Дзяніс Яўменавіч сам нечакана загаварыў: «А што, сын, дзе ж падзелася тое, што ты напісаў дасюль? Ну, да таго, як з табой здарылася бяда?» – «Тое, што было надрукавана, па ідэі, – сказаў яму Масей, – павінна жыць сваім жыццём, незалежна ўжо цяпер ад акалічнасцей. А вось іншае… Ну, тое, што паспеў напісаць да арышту… было забрана ў мяне. Значыць, павінна недзе ляжаць у судовай справе. Хоць дзе цяпер тыя судовыя справы? Відаць, прапала ўсё – можа, затаптана ботамі, а можа, згарэла ў якім-небудзь ваенным пажары». Размова тая паміж імі была кароткая, пачалася і закончылася літаральна такімі вось словамі, ды і ўзнікла яна сапраўды нечакана, акурат як не да месца, аднак Масей чамусьці зрэдзьчасу пра яе ўсё-ткі ўспамінаў нават удзячны быў бацьку, што зняў калі не ўвесь пакутлівы пажар, то хоць частку яго. Да таго ж у той дзень здарыўся даволі рэдкі выпадак, калі яны разышліся з адчуваннем паразумеласці. Прынамсі, так здавалася Масею, бо спрэчкі на розныя тэмы, пра розныя бакі жыцця, якое датычыла сям’і, вёскі, нават вайны ў яе канкрэтных і абстрактных праявах, звычайна не выклікалі паміж іх вялікіх разыходжанняў, а тым больш не пакідалі на душы прыкрасці; але крый бог зачапіць пры гэтым, абвінаваціць у нечым савецкую ўладу!.. Зрэшты, нездарма ж нават учора Дзяніс Яўменавіч кінуў папрок сыну, маўляў, усё ваюеш са мной!.. «Якая тут вайна!.. – сумна ўсміхнуўся Масей. – Проста чалавек павінен мець права на штосьці сваё ў жыцці, зыходзячы з таго, якое яно ў яго выходзіць. А мне пакуль жывецца, як кажуць у Верамейках, ні ў сіта, ні ў рэшата…» Але сапраўды, пра што пісаць? Можа, бацька і праўда меўрацыю, гаворачы, што прычынай творчага крызісу з’яўляецца ідэйная нявызначанасць; праўда, сказаў ён тады іначай, як толькі і мог сказаць; значыць, не пра тое пішаш, сын: але ж у той час для яго, Масея, гэта было самым важным, і радкі пра «агонь збавення» з’явіліся не столькі вынікам усвядомленай неабходнасці, колькі прагай спакутаванай душы, якая хацела справядлівасці, нават адплаты; здавалася, у наяўнасці былі і глыбокае пачуццё, і жаданне выказацца, выліць на паперу гэтае пачуццё, нарэшце, задаволіць такім чынам, аднавіць зняважаную справядлівасць, аднак усё гэта не знаходзіла тым не менш сабе адпаведнага выйсця, нібыта захрасла недзе ўсярэдзіне, пачало паступова запякацца ў горычы… Няйначай, праўду кажуць, што адзенне моль з’ядае, а сэрца – горыч… I яе не так сабе пазбавіцца, гэтай горычы, дарма што бацька заўсёды даводзіць, маўляў горыч таксама ачышчае чалавека… О, як многа нагаворана людзьмі за вякі!.. I ўсё нібыта як на выбар, кожнаму – сваё: слова лечыць, слова калечыць!.. А паспрабуй разбуры цянёты, вырвіся з іх!..

Была некалі ў Масея задума напісаць гістарычную аповесць пра сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Вашчылы, якое адбывалася дзвесце гадоў таму назад тут, у былым Крычаўскім старостве, што належала тады князю Гераніму Радзівілу. Падказаў тэму прафесар Замоцін. I, можа б, Масей нават напісаў яе, бо пачаў вывучаць матэрыялы. Але ў Мінску іх было зусім мала. I гісторыкі раілі ехаць у Маскву або ў Ленінград, дзе павінна была захоўвацца судовая справа Вашчылы, якая нібыта вялася ў Кіеве, куды кіраўнік паўстання быў дастаўлены ў лютым 1744 года пасля таго, як перабег паміж Сілічамі і Латакамі польска-рускую граніцу. Арышт перашкодзіў Масею па-сапраўднаму заняцца аповесцю, а першыя накіды засталіся ў паперах. Праўда, Масей паспеў усё ж з’ездзіць у вёску, дзе жыў Вашчыла, у Мурын Бор, што за Крутагор’ем, кіламетраў за дзесяць; стаіць яна на беразе возера, якое ўтварае рэчышча Жадунькі; Масей доўга хадзіў па вёсцы, размаўляў з пажылымі дзядзькамі, наведаўся на могілкі, думаў, што там нешта захавалася ад таго часу, але дарэмна: Вашчылавых слядоў нідзе не знаходзілася, больш таго, пра самога кіраўніка паўстання ў Мурыным Бары нічога не ведалі, нават ніхто не чуў, што такі чалавек наогул некалі мог апынуцца тут. Толькі адзін стары, ужо зусім сівы чалавек, пачаў успамінаць, што сапраўды ведаў аднаго Вашчылу, печніка, але той быў не з гэтай вёскі: «О, мы пахадзілі з ім навокал, колькі печаў і грубак у хатах склалі, гаспадары, мусіць, яшчэ і цяпер недзе дзякуй кажуць. Я – цесляром, а ён мулярам. Скажу, адмысловы спецыяліст у сваім дзеле. А вось дзе ён цяпера, сказаць не магу. Ета ў маладыя гады было, калі яшчэ хадзілася лёгка, бывала, сякеру за пояс ды й нацянькі, абы толькі работа знаходзілася. А яна-ткі й была, работа, людзі то аддзяляліся, то нанова будаваліся, бо на сваёй зямлі жылі. Ну а цяпера… Дак цяпера я не ведаю, дзе Вашчыла». Масей хацеў растлумачыць старому, што ягоны знаёмы не той чалавек, сляды якога ён шукае, але чамусьці не стаў рабіць гэтага, адно ўсміхнуўся сабе, падумаў, што трэба наведацца яшчэ ў Сілічы, дзе Вашчыла быў войтам. Аднак з’ездзіць тады ў Сілічы не здолеў, ну а пасля ўжо стала зусім не да аповесці.

Заняты такімі думкамі, Масей нарэшце вышыбаваў да сваіх вазоў. Бацька касіў. Пачаў ён ад Бесядзі, каб згарнуць у адно траву з двух сярэдніх пракосаў, свайго і Масеевага. Кузьма Прыбыткоў таксама брынкаў нз сваёй паласе старой, ужо даўно злізанай, але тым не менш вострай літоўкай. Каля вазоў заставалася адна Анюта. Яна завіхалася каля вогнішча, гатавала сняданак – нешта сыходзіла парай у казанку, што вісеў над бляклым полымем пад закуранай жалезнай трывогай, пахла кропам і яшчэ нейкай зялёнай аздобай, на якую далей ужо не хапала Масеевага нюху.

Марфа Давыдаўна яшчэ не вярнулася з вёскі – балазе, рана, да таго ж на яе былі пакінуты ўчора ажно дзве гаспадаркі.

Анюта не пачула Масеевых крокаў. Яна сядзела спіною да лесу, памешвала вузкім апалонікам у казанку і штосьці зусім ціха спявала.

Дзіўна, але Масею, як толькі ўбачыў яе, раптам зрабілася ўсё роўна нібыта не па сабе, адным часам і сорамна і трывожна, хоць тое, што здарылася паміж імі ўначы, ляжала віною аднолькава на абаіх. Ды і ці віна гэта была? Ва ўсякім разе, яны не адчувалі яе за сабой ні тады, калі ішлі ўпоцемку ў лес, ні пасля, як вярталіся па самым золку ў табар. У тыя хвіліны іх поўніла, як і належыць, іншае пачуццё, дарма што кожны недзе ў душы разумеў, што пераступіў гэтым нейкую мяжу, якая не застанецца цяпер без выніку, можа, нават ускладніць не толькі іхняе асабістае жыццё, аднак і адносіны паміж суседскімі дварамі ў завулку. Але калі праўду казаць да канца, то ўжо адразу пасля нечаканай іхняй блізкасці Масей адчуў у сабе штосьці падобнае на сарамлівую вінаватасць, якая нібыта яшчэ больш спусташыла яго істоту, асабліва як раптам, ціха ўсхліпваючы, заплакала Анюта. Ён няўмела пачаў суцяшаць яе, блытаючыся ў словах, але Анюта неспадзявана сама супакоіла яго. «Дурненькі, – сказала яна, – ета я ад шчасця».

Тым не менш цяпер Масеем зноў авалодаў сарамлівы неспакой, што і ўначы. Ды таксама ненадоўга, усяго да таго моманту, як Анюта нарэшце пачула за спіной ягоную прысутнасць – адразу ўсхапілася на ногі, павярнулася ўсёй постаццю: вочы яе пад высокімі дугамі броваў былі спакойныя, з выразнай удзячнасцю, хоць, можа, трохі больш зялёныя, чым учора; а калі і праўда лічыць, што вочы – люстра душы, то і сама Анюта выглядала такой жа спакойнай, нібыта на самай справе паміж імі нічога не здарылася. Ёй можна было пазайздросціць – валодаць сабой здольны не кожны. Масей усміхнуўся, спытаў:

– Пра што спявала?

– Калі?

– Ды толькі што.

– Хіба ты чуў? Ета старая песня – пра Хведара і Дуню. Мая бабка Хадоська знала яе, таму мяне навучыла. А пяецца ў ёй пра тое, што за возерам жыў мужык Карпуня, у яго быў сын Хвядуня, а ў Хвядуні жонка Дуня. I яшчэ пра тое, як падбілі яго злыя людзі, абвінавацілі яе ў здрадзе, і зарэзаў ён Дуню…

– I собіла ж табе сёння ўзбіцца на гэту песню!

Анюта адчула Масееву збянтэжанасць, памаўчала, акурат сама зніякавелая, тады раптам засмяялася, лёгка і весела, губы яе нібыта расцвілі пры гэтым, твар зрабіўся шчаслівым, зусім дзявочым; а калі перастала смяяцца, стала адным часам старэйшая: дзявочыя губы і вочы сталай жанчыны. Прамовіла:

– Ну што ж, раз не падабаецца ета, дак слухай другую. Вось станеш касіць, і я заспяваю – «Там Масейка сена косіць, тонкі голас пераносіць…» Нябось, чуў?

– Чаму ж не? Але, здаецца, толькі гэтага і не хапала, што запець пра нас на ўвесь луг?

– Дак… Сянні ж наогул спяваюць. Купалаў дзень.

– Бачу, табе вельмі хочацца пець. Але не трэба ўспамінаць такія песні.

– Ладна, ета я так… Падумала раптам. А ты ўсё-такі ступай касіць, Масей, а я і праўда пець пра цябе следам стану, – засмяялася Анюта, акурат паказваючы гэтым сваю безразважлівасць.

Масей хацеў расказаць Анюце пра маладзенькага лася на Цімохавай пожні, але стрымаўся. Пастаяў колькі часу, быццам у нерашучасці, каля вогнішча, абвалакваючы цёплым, мутнеючым позіркам Анюту, тады страсянуў галавой, акурат зноў ад наслання. Падышоў да калёс і расшпіліў на грудзях вагоўку, якая станавілася непатрэбнай ужо.

Касу яго таксама бацька паспеў накляпаць. Уторкнутая кассём у лугавы дзірван, яна стаяла на ўчарашнім пракосе, блішчэла на сонцы, адбіваючы ад сябе зіхоткія промні, ажно сляпіла вочы.

Масей узяў і памянташыў расплюшчанае малатком лязо, затым выраўняў з двух бакоў; рабіць гэта ён умеў як і кожны селянін, дарма што час мог ужо і адвучыць, але дзедава навука, аказваецца, пакуль трымалася моцна ў ім, дарэчы, не прыйшлося Масею сёлета вучыцца таксама нанава ні араць, ні скародзіць, ні стагаваць…

Трава ўсё яшчэ была вільготная, таму падатлівая, і ад першага ўзмаху, які зрабіў Масей зухавата, з усяго пляча, з ціхім хрустам, быццам зусім не раздумваючы, каса ўгрызлася ў густую зялёную мякату, адкінуўшы яе на левы бок, на край учарашняга пракоса; Масей зноў занёс над травой касу і ўжо з меншым націскам пусціў яе на наступны паўкруг, ледва паспяваючы падцягваць левую нагу. Шоргат касы адразу падзейнічаў на яго, пачаў супакойваць.

З Гончы – і зусім неўпрыкмет – прыляцеў на луг бусел, стаў кружыць над палосамі, усыпанымі людзьмі, што адпуджвала яго; але тым не менш, звесіўшы чырвоную дзюбу, а затым і выпрастаўшы такія ж чырвоныя ногі, за кожным кругам працягваў зніжацца ды зніжацца.

Заняты работай, якая цалкам захапіла яго, адцягнула ўвагу на сябе, Масей заўважыў бусла толькі тады, як той, праляцеўшы над ім, чыркануў па зямлі сваім ценем. А бусел узяў раптам ды, як дар божы, апусціўся на іхняй паласе. Трава даставала яму да распасцёртых крылаў, таму на нейкі момант здалося, што птах завіснуў на ёй. Але вось ён падскочыў вышэй травы, склаў крылы, зноў дастаў нагамі зямлі. Толькі і цяпер, калі нібыта ўжо ўладкаваўся, дамогся для сябе зручнасці, густая трава па-ранейшаму замінала рухацца, блытала крокі, таму яму даводзілася проста прадзірацца скрозь кучму. Нарэшце бусел выбавіўся з травы на ўчарашні Масееў пракос, хутка і неяк смешна калываючыся, пакрочыў па ім насустрач касцам. Масей амаль з дзіцячай усмешкай паўзіраўся ўслед буслу, патачыў касу, зноў пачаў касіць. Бусел між тым знайшоў, што яму патрэбна было на лузе, падскочыў на сваіх доўгіх чырвонух нагах, узмахнуў крыламі, падаўся на гняздо ў Гончу. Неўзабаве адтуль пачуўся радасны клёкат. Уласна кажучы, клёкат гэты прымусіў Масея зноў пашукаць вачамі бусла на паласе, але таго ўжо не відаць было тут, і Масей зразумеў, што прылятаў ён сюды з-за Бесядзі. У Верамейках свайго бусла сёлета не было ўжо, буслянка пуставала з таго самага часу, як увосень зляцела з яе апошні раз і не вярнулася назад старая бусліха.

Як і ўчора, над лугам зноў вельмі хутка ўтварылася ліловая смуга – паветра нагрэлася, над узлобкамі замітусілася ўваччу.

Чалавечыя думкі неспадзяваныя, зрэшты, гэта часта здараецца і з учынкамі, таму Масей тут жа забыў пра буслоў, у галаву раптам прыйшло іншае, але, няйначай, як выткалася з ранейшай асновы – зноў пачаў разважаць сам з сабой пра Крычаўскае паўстанне, пра Вашчылу і яго паплечнікаў. З запісак Меера было вядома, што Івана Карпача, атамана Ветра і другіх паўстанцаў паводле Радзівілавага суда пакаралі напрадвесні таго ж 1744 года. Але ніхто не пакінуў ні вуснага, ні пісьмовага следу, куды падзеўся сам Вашчыла. Замуціў ваду, праліў нямала крыві і знік назаўсёды… Тых звестак, што ў Меера, не хапала нават для таго, каб хоць збольшага высветліць яго асобу. У народзе не засталося аб ім ні гучнага слова, ні жаласнай песні… А між тым у Забесяддзі і цяпер спяваюць песні пра Сцяпана Разіна, Багдана Хмяльніцкага, Усціна Кармелюка… А Вашчыла ж з іхняй кагорты. Дык, можа, проста не ў тым народзе з’явіўся? «Але ж прафесар Замоцін у свой час гаварыў, што кіраўнік Крычаўскага паўстання памёр недзе ў Старадубе, па дарозе з Кіева ў Мглін, куды яго везлі на разбіральніцтва ў змешаную руска-польскую камісію. Цікава, адкуль у яго былі гэтыя звесткі?»

Думаючы так, Масей непрыкметна дамахаўся касой да бацькі. Бацька таксама ўсё роўна як з ахвотаю перастаў касіць.

– Што, сын, – спытаў ён, – дарэмна мы цябе зганялі на пожню?

– Не зусім. Ведаеш, каго я там сустрэў? Лася.

– Дак… Гэта, відаць, будзе той лось, што застаўся адзін каля нашай крыніцы. Бацьку яго забілі мінулай восенню. Чалавек тут у нас адзін такі быў тады. З Раманам Сёмачкіным з арміі дэзерціраваў. Бегаў, як ашалелы. Дак ён і застрэліў дарослага лася, а гэты малым застаўся. Хіба не чуў?

– Гэта да майго прыходу было.

– Здаецца, так. Ну так. Вось ён, небарака, у Мамонаўцы і выжыў за зіму. У Гапкі Азаравай. Ну, той, што… Хоць адкуль табе ведаць? Муж яе, Раман Азараў, загінуў у фінскую. Дык вось гэты лось… Кажуць, хлапец Гапчын даглядаў яго цэлую зіму. А цяпер, няйначай, небарака, недзе сышоў з двара. Што ні кажы, а звер.

– А чаму ты кажаш – небарака?

– Дык як іначай? Застаўся ж адзін. Ну, няхай малы. Не такая бяда. З малога дарослы вырасце. Але ж адзін. Ласёў у нас дасюль ніхто не бачыў. Можа, гэтыя адны тут з’явіліся. Дык якая радасць? Так і праходзіць бабылём да самай канчыны. Ато й зусім хто-небудзь застрэліць, як і бацьку, цяпер нямала людзей са зброяй ходзіць. I ва ўсіх рукі свярбяць. Тым болыц забароны ніякай.

Кузьма Прыбыткоў, які параўняўся з Зазыбамі, таксама рашыў дапасці да размовы.

– Вы ета пра што? – спытаў ён.

– Дак… – памуляўся Дзяніс Яўменавіч. Тады Масей сказаў:

– Лася бачыў на пожні, як па вас хадзіў.

– А-а-а, – усміхнуўся Кузьма, – ета Мішкаў. Мамонаўскі. Я ета адразу сцяміў. Нават трывожыць не стаў. Паглядзеў з краю і пайшоў сабе ціха назад. Каму ж другому тута быць? Цяпера будзе хадзіць па наваколлі. Але ж на луг да нас не паказваецца. Канешне, звер, тута нічога не скажаш. Сам па сабе. Дак і ты бачыў, Масей?

– Ага.

– Але ж я падумаў… Ну, вы… дак вы маладыя, вам нічога не каштуе прайсці да канца свае пракосы, а мае ўжо ногі дрыжаць. Ці не пайсці нам паснедаць?

– I то праўда, – сказаў Дзяніс Яўменавіч. – Анюта, нябось, ужо чакае нас?

Масей паглядзеў на бацьку, тады на Кузьму Прыбыткова. Вочы ў таго былі чырвоныя, здаецца, нават нібыта не варушыліся. А сам ён выгляд меў акурат скашчавелы, нечым падобны быў на таго бусла, што нядаўна прылятаў з Гончы, мусіць, не так сабе давалася яму касьба… Праўда, што старасць – не радасць. Старыя людзі звычайна мала спяць, і Масей падумаў: можа, Кузьма нават чуў уначы, як яны з Анютай хадзілі на пагулянку ў лес?..

– Пра што я хачу спытаць, дзядзька Кузьма, – раптам нечакана для самога сябе пачаў Масей.

– Дак гавары, – падахвоціў яго Прыбыткоў.

– Вы стары чалавек, нямала пажылі на гэтым свеце…

– Дак і што?

– А яшчэ болей, бадай, пачулі.

– Ну-ну…

– Дык ці чулі вы калі-небудзь пра Вашчылу?

– Пра якога Вашчылу? – зрэнкі вачэй у старога варухнуліся, у іх з’явілася штосьці жывое, але ён яшчэ доўга глядзеў на Масея, быццам не мог даўмецца, чаго дамагаецца той.

– Ну, пра таго… Гэта даўно было. Тут у нас паўстанне некалі было. Вашчыла кіраваў у ім.

– А, ты вунь пра што, – здагадліва кіўнуў Кузьма і гэтым здзівіў Масея, які хоць і пытаўся, але, здаецца, не чакаў, што слова яго гэтак адзавецца. – Дак ета й праўда даўно было. Яшчэ бытта да майго дзеда, а можа, і больш таго. Раней жа не па кніжках помнілі, а так, з вуснаў у вусны каб. Ты мне, я табе. Дак і з етым Вашчылам. Разбойнік ён быў. Пабіў крычаўскіх жыдоў. Здаецца, ён тама, у Крычаве, найбольш і дзейнічаў. Яшчэ цяпера тамашніх кабет вашчылкамі завуць.

– Чаму вашчылкамі? Чаму кабет?

– Ну, ета я ўжо не ведаю. Сам можаш здагадацца. А от што завуць так, то да. Я тама, у Крычаве, у васкадроне колісь служыў. Полк стаяў кавалерыйскі. Таксама даўно было. Бадай, Дзяніс яшчэ тады, прабачце, у ложку мачыўся, пешкі пад стол хадзіў. Га, Дзяніс? Ета й праўда яшчэ вуу-унь калі было, як кажуць, за царом Гарохам. Дак мы, бывала, жартавалі, хлопцы ж маладыя былі, няхай што салдаты, хадзем, маўляў, да вашчылак. Але ў нас тута, у Верамейках, ніхто пра Вашчылу, бадай, і не ведае. Ага, быў такі Вашчыла. I жыдоў крычаўскіх бытта ён пабіў. А чаму раптам ты, Дзянісавіч, успомніў?

– Бо раней цікавіўся.

– Але ж, бачыш, чаго толькі мы за зіму ету з табой не перагаварылі, а пра Вашчылу ні разу. Быў такі чалавек некалі, быў. Але пра яго трэба пытацца ў Крычаве. Няйначай, тама ведаюць больш.

Дзяніс Яўменавіч дачакаўся, пакуль скончыцца размова паміж сынам і Прыбытковым, сказаў, расплываючыся ва ўсмешцы:

– А я і не ведаў, Кузьма, што ты таксама ў кавалерыі служыў.

– Дак не адзін жа ты. Але ета яшчэ задоўга да японскай. Пасля ні разу й не прызываўся. I ўсе войны прайшлі без мяне.

– Знайшоў пра што шкадаваць. Затое гэтай вось хопіць на ўсіх.

– На ўсіх то на ўсіх, але ж грыміць яна вунь дзе, а мы нібыта і ў старане. Пакуль што немцы аднымі лістоўкамі нас даймаюць.

– У вас, у верамейкаўцаў, заўсёды шыварат-навыварат.

– Чаму ета раптам у «вас»?

Але Зазыба не адказаў, давёў пачатае:

– Раз не вам, то і нікому, раз не ў вас, дак і нідзе. Ці ж мала дастаецца людзям і тут, у акупацыі?

– Хто і ведае. Але ж гора многа, а смерць адна.

– Хіба што.

Вогнішча каля вазоў ужо не гарэла. Тлела. Каля яго акрамя Анюты стаяў з вінтоўкай Хведар Пацюпа. Зазыба зразумеў, што гэта па яго.


VI

– А ты, Пацюпа, вось так на віду і ходзіш з вінтоўкай? – спытаў здзіўлена Кузьма Прыбыткоў партызана, калі яны з Зазыбам падышлі да вогнішча.

– Дык што тут дзіўнага? – паціснуў плячамі Пацюпа, акурат зняважаны.

– Дзіўнага нічога, – сказаў, усё роўна як таксама паціскаючы плячамі, Прыбыткоў, – але ж наш паліцэйскі дак…

– Што ваш паліцэйскі? – насцярожана перапыніў старога Кузьму Пацюпа.

– Дак таксама не выпускае з рук вінтоўкі. Можа, цяпера недзе тута, на лузе. Ці вы па дамоўленасці так – спярша з вінтоўкай адзін пройдзе, пасля другі? Спярша паліцэйскі, пасля партызан, няйначай, каб дарогі не скрыжаваць?

Зазыба ад Кузьмовых слоў ажно зарагатаў паглядаючы на Масея, які таксама хаваў усмешку пад ссунутымі брывамі. Пацюпа нават не адразу здолеў што сказаць, хоць па ім відаць было – Кузьма моцна падкалупнуў яго, можа, нават збянтэжыў. Але вось Пацюпа бліснуў чорнымі, як у цыгана, вачамі, у якіх, здавалася, заскакалі помслівыя агеньчыкі, прамовіў:

– Не хвалюйся, дзядзька Кузьма, ваш Жыватоўшчык, як вы яго завеце, дачакаецца свайго, не размінемся. – Прытым у голасе яго, на здзіўленне ўсім, не пачулася аніякай крыўды на старога, нібыта Прыбыткоў сапраўды дамагаўся ад яго менавіта гэтага.

Тады Кузьма яшчэ сказаў:

– Ага, забівай свой свайго, каб чужыя баяліся.

– Нешта я цябе не разумею, таварыш Прыбыткоў – ужо з прыкрасцю паморшчыўся Пацюпа. – Ці ты паліцая шкадуеш, ці…

Кузьма паглядзеў на партызана доўгім, нібы вывучаў позіркам, пашамкаў патрэсканымі губамі, але колькі часу памаўчаў нібы раздумваючы, гаварыць што-небудзь у адказ альбо не. I ўсё-ткі сказаў:

– Што тута разумець? Само зразумела. Пакуль вы будзеце ганяцца адзін за адным, то чужым вольна стане.

– Дык што, Брава-Жыватоўскі, па-твойму, свой?

– А й не чужы. Ён жа не немец.

– Затое здраднік. Гэта яшчэ горш, чым немец.

– Як паглядзець.

– I ты, Дзяніс Яўменавіч, ходзіш з такім чалавекам? – зірнуўшы на Зазыбу, паціснуў плячамі Пацюпа.

– Ну, чалавек гаворыць, як разумее, – павёў брывамі Зазыба: вядома, ён не схільны быў цалкам падзяляць Кузьмовых слоў, аднак і нападаць на старога не думаў – ад яго даводзілася чуць і не гэта.

– Ну, разумець можна адно, а гаварыць трэба як належыць, – чамусьці цішэй, чым звычайна, таму ажно злавесна сказаў Пацюпа. – А то можна і дагаварыцца.

– Ты мяне не палохай, Пацюпа, – таксама ціха, але без Пацюпавай злавеснасці сказаў Прыбыткоў. – Вінтоўкі тваёй я не баюся. Мне ета ўжо не страшна. Бойцеся вы, маладзейшыя. Вам жыць пасля. Пастраляеце вось так адзін аднаго, пасля і дзеці вашы не разбяруцца, што да чаго. А немцам ета, нябось, на руку.

– Ты за дзяцей таксама не хвалюйся. Калі самі не разбяруцца, то іншыя падкажуць.

– Ета ты мала пажыў, Пацюпа, таму так гаворыш. Варожасць паміж людзей звычайна не канчаецца з вайной. Ета як… Зрэшты, што мне табе гаварыць, раз сам не разумееш. Ета каб была мая ўлада, дак я б пазабіраў у вас етыя вінтоўкі, паламаў да выкінуў у грэблю. А то ваяваць дак вы не захацелі. I ён во бегае тута, й ты. Ваяваць трэба было тама, на фронце. Ваююць жа другія, дак…

– Ну, каму дзе ваяваць, гэта не твая справа, – ужо зусім са злосцю сказаў Пацюпа. – А дзейнічаць тут ты нам не забароніш.

– А я й не думаў рабіць етага, – не спыняўся Кузьма. – Проста к слову прыйшлося.

– Ну, тваё слова… – пакруціў галавой Пацюпа. – Няйначай, бабінавіцкі Адольф пахваліў бы. Але ад мяне пахвалы не дачакаешся. Глядзі толькі, каб яшчэ з кім не загаварыў так.

Пад яго пільным і злым позіркам, які нібыта прашываў наскрозь, Кузьма пераступіў з нагі на нагу, затым уздыхнуў:

– Як кажуць, на першай сустрэчы ды сварлівыя рэчы. Давай-тка мы, Дзянісавіч, – звярнуўся ён да Масея, – пакосім яшчэ. Ато еты Пацюпа… і рады не дасць, і снедаць пашкодзіць. Няхай-тка яны з тваім бацькам тут разбіраюць свае справы. Нябось жа да Зазыбы аднекуль прышкандыбаў?

Масей таксама ўзяўся за касу, якая ўжо была перад сняданкам уторкнута мысам у мяккі лугавы дзірван, – дзіўна, але ў часе размовы, якая пачалася раптам паміж Пацюпам і Кузьмой Прыбытковым, ён чамусьці быў на баку бацькі, які супакойваў Пацюпу, не даваў яму моцна накідвацца на суседа, акурат баяўся, што яна сціхне гэтак жа нечакана, як узнікла; але паступова Кузьмовы словы, ягоная настойлівасць прымусілі Масея зразумець: урэшце ж нехта павінен мець тут разважлівы голас, дарма што скіроўваць даводзілася яго ўсё роўна як у пустэчу.

Тым часам Зазыба з Пацюпам перакінуліся словамі, аб чымсьці ціха дамовіліся, і Зазыба сказаў сыну:

– Мяне, бачыш, клічуць. Касі адзін. I ўчора я табе не пасабіў, і сёння не вельмі каб. Але як прыйдзе з вёскі матка, няхай ужо раскідвае неўзабаве пракосы. Каня нашага я таксама вазьму. Так што…

– Надоўга ты? – спытаў Масей, усё роўна як спрабуючы выклікаць бацьку на большую даверлівасць.

– Яшчэ не ведаю. Паедзем вось у Зацішша. Словам, ты сам знаеш, што рабіць тут.

Масей кіўнуў: маўляў, добра. Тое, што па бацьку прыйшоў сёння Пацюпа, не было нечаканасцю. Але было шкада, што здарылася гэта цяпер, падчас касьбы.

У Анюты быў гатовы сняданак, і яна захвалявалася, калі мужчыны сталі разыходзіцца ад вогнішча. Гукнула наўздагон свёкру:

– Тата, а паесці?

Кузьма не павярнуўся, зрабіў выгляд, што не пачуў. Але Масей вінавата ўсміхнуўся Анюце. Ва ўсім яе абліччы была нейкая разгубленая замілаванасць, якая мела патрэбу ў абароне і ласцы. Масей адзначыў гэта, але таксама падумаў: цяпер, з сённяшняй ночы, яму ў Анюце заўсёды будзе кідацца ў вочы тое, што схавана ад іншых.

Кузьму Прыбыткова ён дагнаў ужо тады, як таму засталося ступіць апошнія дзесяць крокаў, каб уткнуць у траву касу. Дагнаў і здзівіўся, што стары не астыў яшчэ ад спрэчкі з Пацюпам. Відаць, яму моцна зацяло, бо не паспеў Масей слова сказаць, як Кузьма сам пачаў гаварыць:

– Ета яны, дурныя, не ведаюць, як чалавеку бывае страляць адзін у аднаго. Хоць што я кажу – адзін жа ў Махно служыў, сам Жыватоўшчык прызнаваўся недзе, дак, можа, прывык яшчэ тады. А Пацюпа ў энкэвэдэ быў. Калі самому не даводзілася караць, то ўжо, няйначай, нагледзеўся таксама, як іншыя ета рабілі. У нас у васкадроне, калі служыў у царскай арміі, фельфебель шашкай засек мужыка, дак пасля часта сярод ночы прахопліваўся, усё стагнаў ды жагнаўся. А выйшла зусім нечакана, ён, можа, не хацеў етага рабіць. Паслалі нас у адзін маёнтак, на Смаленшчыне, мужыкі тама супроць памешчыка бунтавалі, лес секлі. Дак нас туды й паслалі. Тама ета й здарылася. Мужык той кінуўся з сякерай на яго, а яму, фельфебелю, нічога не заставалася, як шашкай у адказ. Думаеш, за суседа слова кідаў? У газетцы нашай, раённай, пісалі, дак таксама шашкай свой вордзен зарабіў. Герой. Ну дак тады, у грамадзянскую, адно было, яно й праўда – за волю нібыта людзі адзін на аднаго ішлі, за зямлю біліся, за… чортведама яшчэ за што за якое. А цяпера? За што цяпера? Нехта за тое, каб адпомсціць савецкай уладзе ды немцам памагчы, а другі, каб таго ж немца сапраўды перамагчы. А як па мне, то няхай прападае ён пропадам, еты немец, каб за яго яшчэ кроў сваю праліваць. Гэта такія, як Пацюпа, думаюць, што ета вайна такая ў нас тута – пабралі ў рукі вінтоўкі ды й палохаюць вясковец вяскоўца. Не, вайна яшчэ і ў нас сябе пакажа, яшчэ ўбачаць яе твар, ета пакуль немцы да канца не разглядзелі, што да чаго. Можа, нават чакалі етага свайго наступлення на поўдні. Непарадку яны ў сваім тыле не дапусцяць. У кожным разе, паспрабуюць не дапусціць. Перастануць нарэшце заклікаць – парцізаны, выходзьце з лесу, кідайце зброю, усё вам даруецца… Не, вайну добра чуць, але цяжка бачыць. Яна грашамі корміцца, затое весяліцца крывёй. I часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй.


VII

Зацішша, куды паехалі Зазыба з Пацюпам, уяўляла сабой невялікі пасёлак, што ўваходзіў да вайны ў Верамейкаўскі сельсавет, але сяляне жылі там сваім калгасам. Найбольш сярод іх былі дваровыя людзі, што працавалі раней на мясцовага пана; адразу пасля рэвалюцыі яны кінуліся былі ў камуну, але ненадоўга – з камунай у іх нічога не выйшла, таму падзялілі зямлю і жылі колькі гадоў аднаасобна, пакуль не заварушыліся ў наваколлі з калгасамі.

Ад Бесядзі туды было кіламетры два, не болей, увесь час лесам, і Зазыба на Цімохавай пожні пагнаў каня наўскач; калёсы на каранях, што выпіналіся на дарогу, заляскалі, затарахцелі, дарма што сядзелі на іх два чалавекі і штосьці важылі.

З галавы ў Зазыбы не выходзіла размова, што ўзнікла на лузе паміж Пацюпам і Кузьмой Прыбытковым, ён цяпер нібыта дадумваў яе. Тады Зазыба прамаўчаў, кінуў адно слова, жадаючы прытушыць спрэчку, але голасу яго не хапіла, можа, таму, што кожны з іх успрыняў Зазыбаву спробу ўмяшацца па-свойму. Што да Кузьмы, то стары, няйначай, палічыў яе за падтрымку. А вось Пацюпа… Пацюпа, здавалася, яшчэ і цяпер сядзеў надзьмуты, нездарма ж маўчаў, хоць, з аднаго боку, размаўляць пры шуме калёс таксама не было як. Раней – калі пачалася акупацыя – Зазыба абмяркоўваў усё важнае з Парфёнам Вяршковым. Ва ўсялякім разе, Парфёнава думка заўсёды была для яго карыснай, без яе нібыта не хапала ўвогуле закончанасці ўсім думкам, бо жыццё падкідвала матэрыял для разваг часта. Іншая справа – Кузьма. Гэта быў чалавек другога складу. І думкі яго звычайна не сягалі далей сённяшняга дня, здавалася, іх хапала толькі каб следаваць за падзеямі, якія адбываліся цяпер, у гэтую хвіліну. Ды і мяняліся яны хутка, прынамсі, абы паварочвалася для гэтага новым бокам жыццё. Але адмовіць у разважлівасці Кузьме таксама нельга было, дарма што часам стары спрабаваў у размове стаць над жыццём, над тым, што ўжо зрабілася яваю. Вось і сёння гэта выявілася выразна – хто ж цяпер знойдзецца, каб прымірыць партызана Пацюпу з паліцаем Брава-Жыватоўскім?.. Не, тут ужо кожны пойдзе да канца. Хіба што Брава-Жыватоўскі раптам спахопіцца. Але ж такіх, як Брава-Жыватоўскі, знайшлося ўжо нямала: у Бабінавічах на двух немцаў ажно паўсотня паліцэйскіх, мясцовых ці прышлых, што па розных прычынах апынуліся ў тутэйшых вёсках! Дзіўна, але, разважаючы так, Зазыба раптам, нават нібыта без усялякай прычыны, ад Пацюпы з Прыбытковым перакінуўся думкамі ў грамадзянскую вайну, калі сам ваяваў, чамусьці ўспомніў свайго баявога сябрука, Даўгалёва, дарэчы, нечым падобнага на Пацюпу; такога ж смуглага і зацятага, з хуткімі, усё роўна як калючымі, вачамі – перад атакай той заўсёды крычаў: «Агнём і шашкай, а попел конскімі хвастамі падмяцём!»

Даўгалёў быў з Мокрага, гэта зусім недалёка ад Верамеек, адно перайсці на той бок Гразівец. Загінуў Даўгалёў яшчэ на пачатку вайны, недзе пад Жытомірам. Але Зазыба запомніў з таго часу, як яны хадзілі з Унечы дамоў. Цяпер цяжка сказаць, хто прыдумаў гэтае падарожжа першы, аднак выбраць прычыну ды пайсці з ёй у штаб да Шчорса, каб адпусціў з палка, дапамог ім адзін хахол, які пачуў ад кагосьці пра іхні намер. Той хахол і гаварыў пра іх са Шчорсам. Праўда, ні Зазыба, ні Даўгалёў так і не даведаліся дакладна ад яго, пра што ў іх ішла гаворка. Ды гэта і не надта цікавіла тады. Галоўнае, што яны раптам атрымалі звальненне на тры дні, маглі разлічваць на іх. Але ні да Мокрага, ні да Верамеек дайсці не ўдалося. Даўгалёў быў хлопцам, не тое што Зазыба, у якога ў Верамейках жыла сям’я. Гэтая акалічнасць якраз і стала прычынай, што затрымала іх у дарозе. Яшчэ задоўга да Мокрага пачаў Даўгалёў захаджваць у сустрэчных вёсках да знаёмых, а тыя частаваць… Так яны частаваліся ўсе тры дні, якія належалі ім, і Зазыба не мог ні адчапіцца ад Даўгалёва, каб пайсці аднаму ў Верамейкі, ні выцягнуць таго з гасцей… На трэці дзень давялося павярнуць назад, злашча што далёка ад Унечы не ўдалося адысці. Бадай, то быў самы недарэчны і ў нечым па добрым часе смешны выпадак у Зазыбавым жыцці, але ў галаву цяпер ён з’явіўся не таму. Амаль вось пра тое, аб чым спрачаліся на лузе Кузьма Прыбыткоў з Хведарам Пацюпам, гаварыў маладому і захмялеламу Зазыбу ў Душаціне адзін стары чалавек, вобліку яго Дзяніс Яўменавіч чамусьці ніколі не помніў. Праўда, не акурат пра тое. Але тым не менш – прывід грамадзянскай вайны некаторых людзей палохаў ужо… У жыцці шмат што паўтараецца, няхай хоць і недакладна.

Ці не адразу за Цімохавай пожняй пачаліся пяскі на дарозе, але буланы Зазыбаў конь колькі часу яшчэ спрабаваў бегчы з ранейшай лёгкасцю, затое ўжо збіваўся з нагі, пакрываўся потам.

Сонца свяціла з таго боку, дзе сядзеў Зазыба. Як паволі пачынаўся дзень, так хутка ўбіраўся цяпер у сілу.

Сасновы лес, што не адступаўся ад самай пожні, быў з падсочкай. Сонца паспела растапіць смалу ў бляшаных лейках, і яна моцна пахла.

– Гэта ў вас, у верамейкаўцаў, апошні луг? – у пацішэлым лесе спытаў нарэшце Пацюпа.

– За Папоўкай таксама гектараў сорак ёсць, – з ахвотай адказаў Зазыба. – Таго яшчэ не пачыналі.

– Ая вось думаю, што самому б трэба… Жонка адна там недзе спраўляецца.

– Ды ўжо ж…

– А трава сёлета добрая, можна было б накасіць.

– I няма каму памагчы?

– Дзеці малыя, а я от партызаню… – Пацюпа памаўчаў, тады зноў загаварыў: – А сын твой, што ж?

– Таксама косіць.

– Бачу, што косіць.

– Дык…

– Ён жа нібьгга сядзеў дасюль?

– Ну, калі гэта было!

– А цяпер?

– А цяпер от косіць.

– А маладзіца гэта, што каля вогнішча, нявестка твая?

– Чаму раптам нявестка?

– Маладая, прыгожая. Дык чыя яшчэ, калі не твая?

– Якраз і не мая. Гэта – Кузьмова. Меншага сына яго, што на фронце недзе.

– Бач ты! А не падобна на вясковую, быццам і праўда гарадская. Ну, я і падумаў – твайму якраз пара.

– Лёгка ў цябе, Пацюпа, усё атрымліваецца. Глянуў і адразу сцяміў. А я от з імі жыву, кожнага дня бачу абаіх, а падабраць пару з іх не даўмеўся. Вось ужо праўду кажуць – сілы няма, а ў вочы лезе.

– Ды што тут сіла! Але ладна – кінулася так у вочы. Ды і яны нешта ж адно на аднаго, нібыта свае, пазіралі. Ну я і падумаў. А ў гэтага старога сапраўды сын у Чырвонай Арміі?

– I не адзін. Старэйшы таксама ваюе, калі, канешне, жывы. Ды і пра малодшага таксама нічога невядома.

– А што ж сам ён? Плявузгае абы-што. Нібыта сыноў ужо не чакае – ні за парцізан не стаіць, ні…

– Стары чалавек, што з яго ўзяць. Цяпер калі б кожнага паслухаў, дык галава ўспухла б, бо душа ў людзей пухіры пускае. А тут яшчэ ўчора гэтыя лістоўкі. Ці ўзяў жа ты з сабой хоць адну, каб у атрадзе паказаць?

– Няўжо думаеш, што ў атрадзе дасюль не бачылі іх?

– I то праўда. А пра Кузьму дык ты не надта. Чалавек думае, што благі мір лепей за добрую бойку.

– Які мір? Хто пра гэта думае? Усё роўна перамога будзе за намі!

– Дык і Кузьма, няйначай, на гэта спадзяецца. Але ж тут, у нас… Раней ён меў клопат, каб ужыцца ў новы лад. Цяпер у яго, бачыш, іншае наўме – каб мы адзін аднаго дужа не пабілі. Ну а заўтра ці пазаўтра стане гаварыць і зусім па-другому, як я разумею, дык думкі яго не ад яго залежаць. Яны – вынік таго, што вакол робіцца. Ну а лёгкія яны цяпер не могуць быць. У вайну чалавек увогуле многа думае. Гэта ў радасці пяе ды весяліцца. А ў горы найбольш думае. I не кожны свае думкі хавае. I не кожнаму яны падабаюцца. Таму і Кузьма плявузгае, як ты кажаш.

– Ну так, ён сее, а ты падсяваеш.

– Ты, Пацюпа, чым далей, тым горай. Пры чым тут я? Ды і на Кузьму ты дарэмна злуешся. Яно ж сапраўды так – першая сварка заўсёды лепей за апошнюю.

– Ага, вас паслухаеш…

– Як ты не разумееш? Кузьма – звычайны чалавек, са сваімі выдумкамі, са сваімі забабонамі. Пра такіх кажуць: ходзіць жабраком, а есць з перцам. Так што… Ты лепей скажы мне, ці доўга фашысты тон будуць задаваць у вайне?

– Накапілі сілы, вось і задаюць.

– Нашы мужыкі кажуць, што да зімы іх цяпер не скінуць.

– Няйначай, Прыбыткоў таксама выдумляе?

– Ёсць жа і іншыя людзі ў вёсцы.

– Куды ім да яго!

– Але, бачу, моцна ён цябе даняў?

– Пабачым. Урэшце, я ддя цябе не аўтарытэт. Пагавары пра вайну з Нарчуком. Ён – камандзір, яму відней. Ды і прыяцель твой. Хоць… таксама іншы раз меле не падсяваючы.

– Вось ужо праўду гавораць, што за маўчанне хутчэй гасцінца дадуць. Дык і ты…

На выездзе з лесу стаяў партызанскі вартавы, якраз каля межавога капца, дзе разыходзіліся землі лясніцтва і калгасныя. Зазыба быў здзіўлены вартавому, але ж адным часам нібыта і ўсцешаны. Пацюпа саскочыў з калёс, схадзіў да вартавога, аб нечым параіўся.

– Ну што? – спытаў Дзяніс Яўменавіч.

– Як і было дамоўлена, – з выразнай здаволенасцю адказаў Пацюпа. – Адразу паварочвай да лясніцтва.

Будынак лясніцтва стаяў на краі пасёлка, паміж лесам і калгасным садам, які па схіле спускаўся да рэчкі. У Зацішшы таксама цякла Машоўка, яна і ўпадала тут, за паўвярсты ад лясніцтва, у Бесядзь. Але Нарчука ў будынку лясніцтва не аказалася. Партызаны, што тоўпіліся на двары, сказалі, што Мітрафан Ануфрыевіч пайшоў кудысьці на смалзавод, які знаходзіўся на другім канцы пасёлка, каля дарогі ў Кавычачы. Затое на двары з партызанамі Дзяніс Яўменавіч убачыў Радзівона Чубара. Той таксама адразу ўбачыў Зазыбу, падышоў да былога свайго намесніка па калгасу, святлей, чым звычайна, паглядзеў, затым не стрымаўся, падступіўся да буланага і, як даўняга знаёмага, з радасцю паляпаў рукой па грыве.

– У цябе гэты? – глянуў Чубар з той жа радасцю на Зазыбу.

– Хіба ж ты ўсіх нашых коней помніш? – усміхнуўся Зазыба.

– А што? Гэта калі-і-сьці было, што нібыта не помніў. А цяпер вось пазна-а-аў буланага. Як гэта яго яшчэ верамейкаўцы звалі?

– Ды так, здаецца, як і ёсць – буланым.

– Не-е-е, – засмяяўся Чубар і замахаў рукой, – гэта ты, Дзяніс Яўменавіч, сам не ведаеш! Была нейкая назва. Вось толькі забыў. Але ты, як вернешся ў Верамейкі, пацікаўся. Мне ажно карцець будзе, ці праўду я кажу. Была ўсё-ткі назва і ў гэтага, была. – Ён зноў ласкава паляпаў па карку буланага, але спытаў пра іншае: – Значыць, учора пераехалі на гэты луг касіць, да Бесядзі?

– Ага, сухадолы пакасілі. Учора падзялілі на палосы за Топкай гарой.

– Ну і як?

– Што як?

– Ну-у-у…

– Травастой багаты. Як улепшыя гады. Але касіць не надта ёсць каму.

– Канешне, мужыкоў цяпер у вёсцы мала, а ўдовы ды салдаткі…

– От і памаглі б. Высыпалі б з лесу на луг ды… Косы ж у запасе ў кожным двары ёсць.

– Ты пра гэта скажы, Дзяніс Яўменавіч, камісару. Гэта яго парафія.

– Чым лынды біць, то лепей сапраўды наняцца пожню касіць.

– Але пра лынды ты не кажы, а то незалюбяць, асабліва пры Нарчуку. Ты проста гавары – трэба памагчы верамейкаўскім бабам, ну а я як былы старшыня калгаса быццам неўпрыкмет, падтакну, пахвалю.

Зазыба пасмяяўся з Чубаравых слоў, кіўнуў галавой, што, маўляў, так ён, урэшце, і зробіць, тады супакоіўся, спытаў:

– Не ведаеш, навошта я спатрэбіўся?

– Ведаць-то я ведаю, – наморшчыў Чубар лоб, – але дачакайся камандзіра. Яму па пасадзе належыць пра гэта гаварыць. Скажу толькі, паедзем мы з табой і нас чакае далёкая дарога.

– Што значыць далёкая?

– Ну, гэта так, дзеля прыгожага слоўца. Не такая яна ўжо і далёкая. Хоць, з другога боку, таксама як паглядзець. Цяпер нават кароткія дарогі зрабіліся доўгімі, бо небяспечна на іх стала.

– Не, што б адразу пра ўсё сказаць, дык… А дзе ж камісар?

– Яго з учарашняга дня ў атрадзе няма. Падаліся кудысьці з Паўлам Чарнагузавым. Сам ведаеш, хоць атрад пакуль і не вельмі, але не кожнаму трэба знаць, хто ды куды накіроўваецца. Ты лепей раскажы, што новага ў Верамейках нашых?

– Дык… што новага? Калі кожнага дня там жывеш, дык, здаецца, і навін не ведаеш, нават калі яны і ёсць. Жывуць людзі, працуюць.

– А Брава-Жыватоўскі не надта назаляе?

– Ён жа не дурны, ведае, што партызаны блізка. Але дома, кажуць, не начуе.

– Дзіва што. А старастам – Раман Сёмачкін?

– Ён.

– Чаму ж ты не стаў?

– А навошта гэта мне?

– Трэба ж, каб свой чалавек быў.

– Дык і ён не чужы.

– Не чужы, але ж і чужы. Чорт яго ведае, што ён думае і што носіць у сабе.

– Але ж калі б я ў Верамейках старастам стаў, то першаму табе гэта не спадабалася б.

– Ну, спярша, можа б, і не спадабалася, але потым зразумеў бы.

– Не так усё проста, як здаецца. Некалі мы з Касьянам Манько доўга размаўлялі пра гэта. Ён мяне якраз агітаваў зрабіцца старастам у вёсцы. Але разумеў, што гэта няпроста. У яго тады многа планаў розных было. Хацеў усё паставіць у раёне так, каб гаспадары мы тут былі і ў акупацыю. Аднак бачыш, што на справе выйшла. I сам не ўбярогся. Думаеш, сапраўды загінуў?

– Відаць, так. Вярнуўся пасля пабегу з Крутагор’я да сябе ў вёску, і там хтосьці яго выдаў. Людзі бачылі, як яго забіралі немцы, а вось што з ім зрабілі, ніхто не ведае. I мёртвага ніхто не бачыў усё роўна як канцы ў ваду. Немцы гэта ўмеюць рабіць. Відаць, нейкі ў іх быў разлік стварыць вакол яго тайну. Вось і стварылі.

Памаўчалі, тады Зазыба спытаў:

– Ці працуе ж зараз смалзавод?

– Не, – адказаў Чубар. – Але ёсць звесткі, што немцы надумалі аднавіць работу. У Бялынкавічах пусцілі ўжо. Цяпер збіраюцца гэты пусціць. Толькі не паспеюць. Сёння яго будуць узрываць. Таму Нарчук і пайшоў туды з хлопцамі.

Зазыба падумаў, што Нарчук прыйдзе ў лясніцтва, няйначай пасля таго, як справіцца з узрывам смалзавода. Але той вярнуўся раней.

– Вось што, Дзяніс Яўменавіч, – сказаў ён, выціраючы рукой узмакрэлую галаву, – стала вядома, што за Канічамі, у Жалезніцы – гэта лес так называецца, помніш? – схавана раённая друкарня. Не ўся, аднак шрыфт і друкарскі станок там ёсць. Можа, і папера. Таму вам з Чубарам трэба ехаць туды, забраць усё, што маецца ў схованцы, і прывезці ў атрад. У Бялынкавічах вы знойдзеце мясцовага настаўніка Мурача. Ты, Зазыба, здаецца, ведаеш яго. Помніш, ён яшчэ ў Кулігаеўцы на нарадзе вясной быў?

– Так, я яго ведаю.

– Дык Мурач вам пакажа, дзе схавана друкарня.

– З ім дамоўлена?

– Так, але нават калі і не заспееце яго ў Бялынкавічах, то ўсё роўна трэба знайсці, дзе б ён ні быў. Такое вось вам заданне, таварышы, на сённяшні дзень. Ды і на заўтрашні. Словам, як паспееце. А друкарня нам цяпер вельмі патрэбна. З ёй у нас справы пойдуць весялейшыя. I вось што яшчэ, Дзяніс Яўменавіч, нам спатрэбіцца твой сын. Чалавек пісьменны. Значыць, павінен таксама заняцца справай. Спадзяюся, не стане адмаўляцца? – I, не чакаючы адказу, зноў спытаў: – Дарэчы, дзе ён цяпер?

– На лузе, сена косіць.

– Таксама па цяперашнім часе не лішні занятак для паэта, – усміхнуўся Нарчук. – Але з ім гаворка будзе пасля, калі прывязеце друкарню. Ну, збірайцеся ў дарогу, таварышы. Глядзіце там, каб усё было добра. Чубар паедзе са зброяй, а ты, Зазыба? Можа, і табе выдаць вінтоўку? Нябось, не забыў, як страляць?

– Забыць не забыў, – расплыўся Зазыба ва ўсмешцы, – але, бадай, не трэба. Абыдземся адной вінтоўкай. Як, Радзівон Антонавіч?

– Калі давяраешся мне?..

– Значыць, дамовіцеся, – сказаў Нарчук. – Едзьце.

Зазыба завярнуў каня за аброць на двары лясніцтва, вывеў на дарогу, якая тут жа схілілася пад горку, таму Дзяніс Яўменавіч з Чубарам адразу селі побач на калёсы, звесіўшы ногі. Спёка ўжо стаяла моцная, здавалася, усё нікла ад яе навокал, нават пад вербамі, якія кідалі на дарогу цені, цяжка было прадыхнуць паветра. Але за мостам, што павісаў над плацінай, за якой стаяў млын, неўзабаве пачаўся лес. Гэты лес цягнуўся адсюль ажно да Калодліва, той вёскі, што знаходзілася на палавіне шляху паміж Зацішшам і Бялынкавічамі. Да яе было кіламетраў сем, і гэтыя сем кіламетраў належала цяпер праехаць Зазыбу з Чубарам у гарачы час. Праўда, к дарозе наперадзе двойчы зусім блізка падступалася Бесядзь, але гэтая акалічнасць мала што мяняла. Зрэшты, гнаць каня таксама не мела сэнсу.

– Паспеем, – сказаў Чубар, і Дзяніс Яўменавіч адпусціў лейцы.

Кажуць, хатняя дума ў дарогу не гадзіцца. Але якраз з яе Зазыба і пачаў успомніўшы, што не схадзіў учора ўранку да старога Цітка, які па гадах сваіх ужо сапраўды, без старэчага прытворства, няздатны быў на цяжкую працу, таму праседжваў цёплыя дні на прызбе, дык гэты Ціток чагосьці хацеў ад Зазыбы, таму прысылаў у завулак да іх сваю Цітчыху, і тая прасіла Дзяніса Яўменавіча абавязкова заглянуць да іх; Зазыба паабяцаў тады, аднак ранішнія турботы, звязаныя з паездкай на луг, начыста выбілі з галавы гэты клопат, дарма што пасля, ужо на лузе, калі мералі сенажаць на палосы, зноў успомніў. Думалася, што сёння якраз і будзе час, каб наведацца ў вёску, бо на колькі тае паласы ім холіць удваіх з Масеем? Але нечаканы выклік у Зацішша перайначыў планы. I паласа засталася на аднаго Масея, і ў вёску Зазыба не паспяваў. Пра гэта вось Дзяніс Яўменавіч чамусьці ўзяў ды сказаў цяпер Чубару, нібытаўзнікла неадольная патрэба павініцца перад жывым, няхай хоць і староннім чалавекам.

– Значыць, Ціток яшчэ жывы? – перапытаў Чубар, але так, акурат узрадаваўся гэтаму.

– Жывы, – адказаў Дзяніс Яўменавіч. – А от Парфён Вяршкоў памёр.

Відаць было, што гэтая навіна ўразіла Чубара, колькі часу ён маўчаў, тады спытаў:

– Ну а Мікіта Драніца, што той?

– Усё рвецца сустрэцца з табой, але дружбу нібыта водзіць з паліцаем і старастам.

Чубар засмяяўся, сказаў:

– Якая ў яго дружба! Кідаецца чалавек, бо, мусіць, не ведае, да якога берага прыстаць. Урэшце, ён заўсёды такі быў, да начальства ліпнуў. Але, кажаш, рвецца сустрэцца? А ты звядзі нас як-небудзь.

– 1 што ты будзеш мець з гэтага?

– Проста цікава паглядзець.

– Хіба што. Ну а сам чаго не прыходзіш у вёску?

– Дык…

Зазыба павярнуў галаву, глянуў на Чубара.

– Але ты змяніўся, Радзівон, – сказаў ён праз момант з усмешкай. – I твар твой нібыта памякчэў з выгляду, і сам увесь, здаецца, перамяніўся. Я гэта прыкмеціў яшчэ там, каля лясніцтва.

– Гэта таму, што мы даўно не бачыліся, таму так і здаецца табе, Дзяніс Яўменавіч. Проста ўзрадаваўся табе. А ўрэшце, можа, ты і маеш рацыю, можа, і сапраўды змяніўся я. Не чалавек гоніць жыццё перад сабой, а час падганяе яго. Я і сам іншы раз адчуваю ў сабе штосьці новае ды ўсё роўна як баюся прызнацца. Толькі нікуды не дзенешся, прызнавацца прыходзіцца. Вось тады і пачынаеш разумець, што жыццё ў цябе дасюль было нейкае… нібыта крадзенае. Сям’і не завёў, дома свайго не маю. Вось, выходзіць, што ўсё сваё нашу з сабой. Раней неяк гэта не заўважалася, адно пёрся напралом, здавалася, усё яшчэ наперадзе. А на паверку выйшла не так. Асабліва гэта робіцца зразумелым, калі пачнеш усведамляць, што наперадзе цяпер, акрамя кулі, у цябе нічога няма. Вядома, не кожная куля твая, можа, нават яшчэ не адліта на заводзе, можа, нават і зусім не будзе адліта, але тым не менш, ужо незалежна ад гэтага, заўсёды жывеш з такім адчуваннем, што ідзеш увесь час насустрач смерці. Жыў ці не жыў, а памірай, чалавек.

– Увогуле – так, – кіўнуў Зазыба.

– А з другога боку, была б сям’я… Таксама радасці не багата меў бы. Я па сваіх бачу. I ў Нарчука сям’я ў Крутагор’і, і ў Чарнагузава, і ў Афончанкі… Ці ж ім лёгка цяпер? Планавалі вывесці іх з горада, але немцы таксама не дурні, вачэй з іх не спускаюць. Вось і жывуць усё яшчэ там, заложнікамі. А тут ваяваць трэба. I невядома, чым усё гэта скончыцца.

– Мне адзін чалавек гаварыў нядаўна, ды што нядаўна, яшчэ ўчора, што скандзілаўцы якраз таму і не хочуць злучаць байцоў у адзін атрад, кажуць, нібыта знаходжанне партызанскіх сем’яў у горадзе будзе скоўваць ініцыятыву, перашкаджаць дзейнічаць атраду.

– Ну, ці мала якую прычыну яны маюць на ўвазе? Але выключаць падобную магчымасць таксама не даводзіцца. Хоць сам я думаю іначай. Проста скандзілаўцы не хочуць страціць самастойнасць, бо з ёй звязана шмат што, а галоўнае – хочаш, ваюй па-сур’ёзнаму, а хочаш так сабе, ацірайся па лясах ды вёсках. Дарэчы, многія ў тую восень амаль гэтак і рабілі. Толькі падзеі пад Масквой прымусілі некаторых спахапіцца. Ну а Скандзілаў дык, відаць, і проста не рашаецца апынуцца ў падпарадкаванні ў Нарчука, маўляў, свой атрад стварыў, а тут, аказваецца, нібыта і ні пры чым. Яму нашы прапанавалі стаць начальнікам штаба аб’яднанага атрада. Пакуль не згадзіўся. Вось і стаім паасобку – яны ў Батаеўскіх лясах, мы тут. А ўвогуле, як мне здаецца, яшчэ не настаў час злучацца. Тут, як і ў кожнай новай справе, трэба, каб само жыццё, самі падзеі падказалі правільнае рашэнне. А вось ці будуць перашкаджаць сем’і дзейнічаць атраду?.. Увогуле, гэта на тэрыторыі тылу, як гавораць немцы, праблема з праблем. Яна будзе закранаць перш за ўсё сапраўды мясцовых. Над іхнімі сем’ямі, сваякамі заўсёды стане вісець пагроза. Думаеш, Пацюпу не боязна за сваіх дзяцей? Канечне, боязна. Лягчэй за ўсё быць у партызанах прышлым, увогуле – не тутэйшым. Я гэта адчуў, трапіўшы ўвосень у маскоўскі атрад, – ніякі пабочны цяжар нікога не ціснуў, нішто не блыталася пад нагамі, нішто не скоўвала. Ім нават боезапасы, часам харчы, скідвалі з самалёта, што прылятаў з-за лініі фронту. А наш атрад – мясцовы. У нас усё іначай: сам думай, сам дзейнічай, сам і жыві, як здолееш.

– Але ж ці ўсе разумеюць гэта?

– У нас?

– Хоць бы і ў вас. Пацюпа, бачу, ходзіць бадзёра, на ўвесь рост, не тоіцца?

– Дык хіба ж ён сутуліцца павінен, плакацца? Па вінаватаму выгляду не заўсёды ўгадваецца душа. А тым болей па бадзёраму. У яе заглянуць трэба. Тады, можа, хоць збольшага зразумееш. Вайна, Зазыба, шмат што перайначыла.

– Твая праўда, мутнай стала вада ў аблоцах.

– Ды і не чыстай. Кажаш, Пацюпа? А вось мне ён не адзін раз скардзіўся на сваю долю. А што да таго, ці да канца ён усведамляе сваё становішча?.. Дык у нашай справе да канца прадбачыць усё немагчыма. Таксама як пры пажары. Асабліва на балоце, калі торф загараецца. Нябось, сам назіраў?

– З гэтым я згодны, Радзівон. Гэта калі б пажар сам падпальваў, а так… Ты правільна кажаш. Цяпер многія за розум пачынаюць хапацца. Узяць хоць бы гэтае цяперашняе наступленне нямецкае. Пасля Масквы мужыкі былі акрыялі духам, а ўчора, пасля лістовак… зноў захісталіся.

– Не вераць, што наша армія вытрымае?

– Не тое што не вераць, а, можна сказаць, усё роўна як сумнявацца пачынаюць. У нас учора ды і сёння на лузе ўсялякія размовы адбываюцца. Ажно цікава паслухаць. Пацюпа таксама быў з Кузьмой Прыбытковым счапіўся. Пасля і мне ад Пацюпы дасталося.

– За што?

– А за тое, што маўчаў пры іхняй сварцы. Ды і Кузьма гэты, скажу табе, філосафам раптам стаў. Раней за ім гэтага не заўважалася. Ты ж помніш?

– Раней за ўсімі многага не назіралася.

– А ты ў радавых ходзіш, Радзівон?

– Ды яшчэ не было асабліва кім камандаваць. Атрад невялікі. Камандзіраў хапае. Ды і не рвуся надта. Праўда, калі вяртаўся сюды ад лініі фронту ў мінулую восень, то думаў стварыць свой атрад. Без гэтага не ўяўляў сваю дзейнасць. Але потым усё павярнулася не так. Спачатку ў спецатрад да Карханава трапіў, дарэчы, ён у сапраўднасці іншае прозвішча мае – Мядзведзеў, пасля да Нарчука прыбіўся. Ды і колькі гэтых атрадаў патрэбна тут? Даволі аднаго моцнага. А вось камендантам у Верамейкі магу прыйсці. Нашы цяпер носяцца з ідэяй стварыць у кожнай вялікай вёсцы партызанскія камендатуры, каб выгнаць адтуль бургамістраў і паліцэйскіх, аднавіць савецкую ўладу з поўным яе функцыянаваннем.

– А немцы?

– Па-першае, у іх ніхто не стане пытаць, а па-другое, будзем абараняцца.

– Лёгка сказаць.

– Не толькі ж зімаваць ды летаваць мы тут, на акупіраванай тэрыторыі, засталіся.

– Гэта так. З камендатурамі ў вёсках, бадай, правільна зробіце. Сапраўды, немцаў ды паліцаяў трэба павыганяць з вёсак, каб і блізка не смярдзела ўсялякая поскудзь, а яна ж не толькі смярдзіць, але і дзейнічае. А вось што да вялікіх ці малых партызанскіх атрадаў, якімі ім быць, тут больш складана. Я са свайго вопыту скажу. Некалі, у грамадзянскую, Шчорсаў атрад таксама лічыўся партызанскім. Праўда, тады ўмовы іншыя былі. Усё не так, як цяпер, было. Але Шчорс малыя атрады аб’ядноўваў Пасля дывізію з тых атрадаў меў. I гэта было правільна, бо правільнасць баявая практыка паказала. Прыйдзе час, і вы са скандзілаўцамі аб’яднаецеся. А там і яшчэ хто-небудзь захоча далучыцца. Ну а наконт таго, каму начальнікам быць над кім, з гэтым таксама разберацеся. Галоўнае, каб фронт утрымаўся. Ад гэтага будзе ўсё залежаць. Дарэчы, у тым ліку і паводзіны акупантаў. Пасля ж таго, што здарылася пад Масквой, сядзелі амаль усю зіму ў гарнізонах, быццам гніды прышчаміўшы.

Цяпер, няйначай, трэба чакаць і тут іхняй актыўнасці, раз на фронце поспехі намеціліся.

Кажуць, разумны таварыш – палавіна дарогі.

Здаецца, за ўвесь час, як яны ведалі адзін аднаго, а час гэты вымяраўся гадамі, Зазыба першы раз вось так мірна, з вялікай цікавасцю і спакоем размаўляў з Чубарам. Узяць хоць бы даваенныя гады, ды і пасля, пры апошняй сустрэчы, што адбылася ў Мамонаўцы, у Гапкі Азаравай, – усё неяк не ладзілася ў іх, атрымлівалася, быццам абодва адно толькі рабілі, што не згаджаліся паміж сабой, больш таго, Чубараў максімалізм нават палохаў Зазыбу. Мала паразумеліся яны таксама зімой, як Чубар прыходзіў у Верамейкі з Батаеўскіх лясоў ад Карханава-Мядзведзева. Праўда, да канца Дзяніс Яўменавіч так і не дазнаўся, чаму крутагорскія партызаны не прымалі ўдзелу ў нападзенні на Хоцімск. Цяпер быўдобры выпадак спытацца. I ён не прамінуў выкарыстаць магчымасць.

– Што я хачу спытаць у цябе, Радзівон Антонавіч, – сказаў Зазыба, – здаецца ж, нашы тады, зімой, не пайшлі з табой да Карханава?

– Не, – адказаў Чубар, – паабяцалі, што неўзабаве збяруцца і прыйдуць, але масквічы не дачакаліся іх. Раённы цэнтр давялося Карханаву браць без іх. Праўда, мясцовыя партызаны, хоцімскія, таксама дапамагалі, а вось нашы, крутагорскія, не прыйшлі. Пасля ўжо, калі я зноў апынуўся тут, у Шурышчы, Нарчук тлумачыў, што ў саміх былі нейкія неадкладныя справы тут, таму і не паспелі далучыцца да аперацыі, але наўрад ці так. Мне ад Карханава дасталося. Я і праўда паверыў Нарчуку, заспяшаўся назад, каб далажыць, што крутагорцы далі слова быць неўзабаве, а яны падвялі.

– Чаму ты не застаўся ў такім разе з Карханавым?

– Дзмітрый Мікалаевіч параіў мне быць на акупіраванай тэрыторыі. Пасля бою ў Хоцімску атрад зноў рушыў да лініі фронту, ну а мне ён сказаў, каб я далучаўся да мясцовых партызан, палічыў, што тут ад мяне карысці будзе болей. Падумаў я спярша, каб застацца з хоцімскімі таварышамі, але падаўся сюды, бліжэй да Верамеек. Хоць, канечне, сказаць лёгка, дзе ад каго карысці больш бывае – на фронце ці ў партызанах. Цяжэй зважыць тую карысць. Некалі я сустрэў далёка адсюль камісара аднаго вялікага, вайсковага. Дык той таксама агітаваў мяне вяртацца дамоў, вось гэтую вінтоўку даў за таго часу і нашу яе.

– У цябе ж і раней вінтоўка была?

– Тую я здаў як выйшаў за лінію фронту. Дык камісар той цікавыя рэчы расказваў нібыта партызаніў яшчэ ў грамадзянскую, але, мусіць, на Далёкім Усходзе, я так з яго слоў зразумеў. Казаў што нават штосьці пісаў да вайны ў Генеральны штаб аб партызанскай барацьбе на акупіраванай тэрыторыі: як яе весці, якую тактыку выбіраць. Але сутнасць усёй размовы, якую вёў са мной, заключалася ў адным – кожны ўзброены чалавек павінен забіць у гэтай вайне свайго немца, ці то баец ваюе на фронце, ці то ў партызанах. Маўляў немцам жа таксама лік ёсць. Дык вось, я свой рахунак пачаў абавязак свой нібыта ўжо выканаў можна і адпачыць. Скажу па тайне, Зазыба, нешта не падабаецца мне заставацца ў Нарчука…

– Чаму так?

– Цяжка сказаць, але абстаноўка ў ягоным атрадзе нейкая… ну, як бы табе давесці – спёртая, ці што. Паветра часам бывае такое, не прадыхнуць. Гарадскія неяк па сабе, а нам, вясковым, не заўсёды ўсё кажуць.

– Тады дрэнна.

– Але гэта толькі табе кажу. Крый бог, да Нарчуковых вушэй дойдзе.

– Не клапаціся. Праз мяне такое не здарыцца. Аднак ты вось сказаў пра свайго немца. Я ўжо не пытаюся, дзе гэта здарылася і як было. Сам на вайне быў і сам страляў. Ну а за таго, хто не паспеў, хто загінуў раней часу, можа, не стрэліўшы ні разу, на вайне падобнае скрозь бывае, хто за таго застрэліць немца?

– Значыць, аднаго мала?

Бесядзь у гэтым месцы, дзе яны ехалі, падступала ўпрытык да лесу, і дарога пайшла паўз стромы бераг, які нагадваў насыпаны вал. Такі ж вал узвышаўся і на тым баку лугу, ад Белай Гліны. Пойма ракі ляжала тут як у чашы, што мела два вузкія вытокі па рэчышчы Бесядзі. Вясной яе ўсю залівала вадой, і яна гады рабілася ў гэтым месцы падобнай на возера, якое звычайна трымалася ледзь не ўкоптаркі да самага канца разводдзя. Тут на Бесядзі быў другі рум, адсюль таксама ганялі плыты ў Сож. Цяпер траляванага лесу не было тут, нават лягары за восень і зіму паспелі парасцягваць людзі па дварах, не тое што добрае бярвенне; і толькі старая кара, скручаная на сонцы, ляжала чорнымі кучамі на беразе, нагадваючы пра колішнюю сплаўную справу, ды яшчэ стаяла воддаль сплаўная кантора, але без акон і дзвярэй, уся наросхрыст.

Зазыба ўспамінаў, як верамейкаўцы прыязджалі летась сюды, на гэты рум; тады яны ездзілі ў Белую Гліну аднаўляць мост на Дзяражні, але мост быў закончаны да іх у Белай Гліне, і хтосьці з верамейкаўцаў падказаў вяртацца ў вёску па гэтай дарозе; Дзяніс Яўменавіч таксама прывёз з тае паездкі сабе добрых жэрдак на латы.

– Тпру, – спыніў Зазыба каня.

Нягледзячы на спёку, з ракі цяпер, хоць яе і засланяў ад дарогі стромы бераг і яна цякла глыбока пад ім, дыхнула летняй вадой, але нямоцна; Зазыба адчуў не халадок, а хутчэй кволую свежасць, якая праганяла духату, што ажно стукала ў скроні; упіраючыся абцасамі ботаў, Чубар спусціўся па пясчаным абрыве да ракі, размачыў у вадзе два сухары, што ляжалі ў яго брызентавай торбе, вярнуўся тым жа шляхам назад на дарогу, падаў адзін сухар Дзянісу Яўменавічу.

– Давай перакусім, а вады можна напіцца з крыніцы, – сказаў ён з хлапечай радасцю, але не сеў на калёсы, застаўся стаяць, трымаючы ў адной руцэ вінтоўку, у другой – сухар; хруснуў зубамі сухар, патрымаў у роце адкусаны кавалак, усё роўна як смакаваў ці не ведаў, што рабіць, тады хутка зжаваў і праглынуў. – Правізіяй мы з табой не запасліся ў дарогу, – усміхнуўся Чубар, – будзем пакуль на сухім пайку. Цяпер ужо, мусіць, да вечара, а там хто-небудзь пакорміць.

– Я так думаю, што і ўвогуле давядзецца нам да прыцемак пачакаць недзе каля Бялынкавіч? – глянуў на яго Зазыба.

– Можна будзе пачакаць, а можна і проста ехаць, – кіўнуў Чубар. – Дакументамі я запасся, – сказаў ён яшчэ праз нейкі момант і ў пацверджанне сваіх слоў дастаў з кішэні «талстоўкі» светла-сінюю павязку паліцэйскага.

– Думаеш, у Бялынкавічах цябе ў твар ніхто не ведае? – насмешліва смыкнуў на гэта шчакой Зазыба.

– А думаеш, усе ведаюць, што я цяпер у партызанах?

Зазыба няпэўна паціснуў плячамі. Сухар быў мяккі, няйначай, зусім нядаўна з чарана ці з печы, пах свежым хлебам, і Дзяніс Яўменавіч хутка, са смакам, з’еў яго, падумаўшы, што сам мог бы штокольвечы ўзяць у дарогу. Успомніў і ўсміхнуўся: падарожніку пост не шкодзіць, наадварот. Затым з той жа ўсмешкай разважыў – як многа чалавек напрыдумваў чаго наперад, абы суцешыць сябе… Пакуль Чубар хадзіў да ракі, а найбольш цяпер, калі стаяў насупраць, Зазыба паспеў свядома і неўпрыкмет угледзецца ў яго – сапраўды, Радзівон Антонавіч нават знешне перамяніўся за гэты год як бадзяўся далёка ці блізка ад Верамеек: твар стаў не такі поўны, як раней, хоць трэба адзначыць, што дужа тлустым ён ніколі ў яго не быў; постаць таксама страціла былую друзласць, што асабліва кідалася ў вочы пры вялікім росце – «талстоўка», з якою ён не расставаўся, выглядала раскашнаватай цяпер; вочы яго не тое што патухлі неяк, але пазбавіліся колішняй пагардлівасці ў позірку, можна сказаць, чалавек быццам памякчэў ад гэтага.

– Урэшце там пабачым, – сказаў Чубар, даеўшы сухар. – У нас цяпер дзе стаў, там і стан. Можна будзе, як ты кажаш, і пачакаць да вечара.

За румам зноў пачынаўся пясок, Чубар пра гэта ведаў, таму не захацеў садзіцца на калёсы. Шырока і вольна ступаючы па абочыне, ён хутка пакрочыў наперад, ажно Зазыбу давялося спяшацца на кані.

Цяпер мала хто ездзіў па гэтай дарозе; трава абапал была, быццам вымытая, нават без пылу.

Млявасць, што панавала ў лесе, даўно ўжо прымусіла змоўкнуць птушак. Стаяла цішыня, здавалася, яна ажно звінела.

Але нездарма кажуць, што толькі з хмары выпадае гром. Акурат скрозь немач, аднекуль даляцеў раптам чалавечы голас. Зазыба насцярожыўся, гатовы стрымаць каня. Чубар таксама пачуў гоман, спыніўся. Стала зразумела нарэшце, што чалавек недзе не размаўляў і не крычаў, а ўсё роўна бы енчыў, якраз у тым баку, куды вяла дарога, якая за румам пачала шырэць, падвойвацца, бо тут яе абступалі таўшчэзныя, з пачарнелай карой бярозы, што засталіся з ранейшай прысады, калі на гэтым месцы, замест цяперашняга лесу, было калодліўскае поле. Зазыба яшчэ помніў яго, яно толькі называлася калодліўскае, але належала пану і пры ім было засаджана лесам. Бярозамі тады пазначаны быў шлях. З таго часу гэтыя дрэвы шумелі сабе абапал старога шляху, прывабліваючы ўлетку ў сваю лістоту не толькі дробнае лясное птаства, а і вераб’ёў, што прыляталі сюды з вясковых гумнаў.

Калодліва таксама было прырэчнай вёскай. Ад Зацішша яно знаходзілася кіламетраў за сем, значыць, ужо недалёка, таму можна было падумаць, што чалавек цяпер енчыў недзе там. Але ці так? Да плачу раптам далучыўся другі голас, раззлаваны і крыклівы, нібыта другі чалавек дамагаўся чагосьці ад першага.

Людзей нашы паязджане згледзелі хутка. Іх было на дарозе трох. Адзін стаяў на выспачцы пад бярозай, два другія ў цывільным трымаліся побач, маючы пры сабе зброю, вінтоўкі.

Дзеля перасцярогі Чубар клацнуў затворам сваёй вінтоўкі, даслаў з магазіна ў патроннік зарад.

– Ты сабе, – сказаў ён Дзянісу Яўменавічу, – едзь, а я пільнавацца тым часам буду. Глядзі ва ўсім на мяне. Як буду рабіць я, так і ты. Дарэмна не паслухаўся Мітрафана, не ўзяў вінтоўку сабе. Але няхай думаюць, што яна ляжыць у цябе на возе. Рабі выгляд, што ляжыць. А я буду напагатове.

Двое з вінтоўкамі былі як заюшаныя, таму не пачулі ні тупату каня, ні шоргату колаў. Першы згледзеў Чубара з Зазыбам чалавек, што стаяў на каленях. Ён не тое каб узрадаваўся, убачыўшы іх, аднак перастаў енчыць, змоўк і, акурат забыўшыся на сваіх крыўдзіцеляў, уталопіў спакутаваныя вочы на пад’язджаючых людзей. Гэта прымусіла глянуць у іх бок і тых двух. Адзін, ніжэйшы, адразу ўскінуў вінтоўку, пісклява крыкнуў:

– Стой!

Але Чубар ужо таксама трымаў напагатове зброю. Зазыба напяўся ўвесь, глянуў на другога чалавека, рослага і чорнага з выгляду, відаць, каўказца, які зыркаў бліскучымі вачамі то на Чубара, то на яго, Зазыбу, але вінтоўку ні на аднаго не наставіў. Гэта супакоіла Зазыбу. Аднак на Чубараву параду ён не забываў – мацаў правай рукой за сабой на драбіне, быццам у яго там сапраўды ляжала зброя. Між тым маларослы зноў крыкнуў:

– Стой! Пароль давай!

– Які табе пароль? – глуха, усё роўна як ахрыпшы, сказаў з прыкрасцю Чубар. – Хіба не пазнаеш, Патоля?

Ад Чубаравых слоў, а найболын, мусіць, ад таго тону, якім былі вымаўлены яны, чалавек раптам ажно падскочыў, пасля адразу неяк ахляў, і тады Зазыба ўбачыў, што твар у яго нейкі васковы, нават скура на галаве, пакрытая рэдкімі валасамі, і тая была ў гэтай васковай жаўцізне, якая ці то пачынала лушчыцца, ці то заўсёды заставалася такой. Было відаць, што Патоля (як назваў яго Чубар) таксама пазнаў хто апынуўся перад ім. Але вінтоўку не апусціў і не адхінуў, працягваў недаверліва лыпаючы вачамі, узірацца ў Чубара. Нарэшце зноў з ранейшай непрыступнасцю сказаў:

– Ну, пазнаў ці не пазнаў а пароль гавары!

Чубар засмяяўся:

– Не ведаю, які табе пароль трэба. Мы тут пакуль без пароляў жывём.

– Хто гэта – мы?

– Ну, мы. А вы адкуль?

– Ты, Чубар, не дуры, гавары пароль, а то хто вас тут разбярэ, партызаны вы ці паліцаі? – Стаяў на сваім Патоля, але па голасе яго ўжо можна было адчуць, што ў «пароль» ён цяпер проста гуляў.

– Ты сам не дуры, Патоля, – цярпліва, але з пагрозлівасцю ў голасе сказаў Чубар, – тое ж можна сказаць і пра вас, тым больш што ў мяне падстаў для гэтага больш, чым у цябе.

– Якія ў цябе падставы, што ты вярзеш?

Паставіўшы прыкладам каля ног вінтоўку, Чубар кіўнуў галавой на чалавека, які працягваў укленчваць пад бярозай:

– Што гэта за чалавек, і што вы робіце з ім?

Патоля нарэшце зразумеў, што ніякага пароля не дачакаецца ад Чубара. Дзіўна, але гэтая акалічнасць, дакладней, не сама, а факт усведамлення яе, раптам пачала вырашаць далейшае. Патоля таксама адвёў сваю вінтоўку, крутануўся да спадарожніка, што па-ранейшаму, усё роўна як складзены, стаяў крокаў за пяць з вінтоўкай на плячы, па-блазенску, але з выразнай бездапаможнасцю ўсміхаўся невядома каму.

– А ты што глядзіш, вочы талопіш? – накінуўся Патоля на свайго спадарожніка; але той не адказваў, адно ўсміхаўся; таму Патоля зноў павярнуўся да Чубара, але гэты раз сказаў зусім мірна: – Ды вось, злавілі тут адну падлюку.

Усе перавялі позіркі на чалавека пад бярозай. Было відаць, што той, стоячы доўга на каленях, страціў багата сілы; твар яго быў потны, з доўгімі пісягамі бруду; вочы блішчэлі, і ў тым бляску месціліся адным часам і страх і самота, але самота не столькі мяккая, колькі ўжо нежывая, зацятая ў сваёй безвыходнасці. Чалавек маўчаў, нават не спрабаваў выціснуць з сябе слова. Наваліўшыся задам на лыткі босых ног, небарака, здавалася, няздольны быў адарвацца ад іх, выпрастацца.

Цяпер вось Зазыба больш пільна паглядзеў на яго і пазнаў. То быў калодліўскі штунда. Хоць Зазыба ў Калодліве часцей бываў праездам, але гэтага чалавека ведаў: хтосьці паказваў на яго ў калодліўскай краме. У вёсцы ён быў, здаецца, адзіны, хто спавядаў такую рэлігію; прыехаў аднекуль з Клетак, дзе з даўняга часу жылі баптысты.

Штунда таксама пазнаў Зазыбу. Млява, акурат цераз сілу, усміхнуўся яму, але без аніякай надзеі.

Зазыба прымусіў сябе ўспомніць, як гэта было, што ён першы раз убачыў у Калодліве штунду – ён вяртаўся з Крутагор’я, але не тым шляхам, што вёў у Верамейкі праз Белую Гліну, і з ім ехаў дамоў Парфён Вяршкоў. Здаецца, ці не Вяршкоў і паказаў тады штунду ў краме, што стаяла на ўзгорку блізка да пераезду праз Бесядзь. Але прозвішча яго той раз не называлася, таму Зазыба і не помніў. А калі хто і сказаў, то хутчэй за ўсё, што яно не ўтрымалася ў галаве.

Між тым Чубар таксама звярнуў увагу, што чалавек на каленях увесь час плюскае вачамі на Зазыбу. «Няйначай, ведаюць адзін аднаго», – падумаў Радзівон Антонавіч і з запытаннем паглядзеў на Зазыбу. Але Дзяніс Яўменавіч ніяк не зрэагаваў на гэта, здавалася, што ён нават не адчуў што Чубар нечага хоча ад яго.

– Дык кажаш – падлюку злавілі? – не то з недаверам, не то з падкрэсленай цікавасцю перавёў позірк Чубар спярша на Патолю, затым на яго спадарожніка.

Патоля маўчаў, акурат даючы магчымасць Чубару пераканацца самому, што яны сапраўды злавілі нягодніка, які заслугоўвае неадкладнага пакарання. Дзіўна, але чалавек пад бярозай таксама больш нічым не выдаваў сябе, сядзеў задам на лытках, і ўсё.

– Ну а ты, Дзяніс Яўменавіч? Што ты скажаш? Табе знаёмы гэты чалавек?

– Нібыта з Калодліва. Тамашні штунда.

– Ну і што, што з Калодліва? – зноў ускінуўся Патоля: у вачах яго ўспыхнула лютасць, але тут жа і пагасла, бо ўжо ў наступны момант Патоля сказаў з прыкрасцю: – Слухай, Чубар, ехаў бы ты сваёй дарогай, а то!.. Мы самі тут разбярэмся, што да чаго. Не ты яго злавіў, не табе і суд вяршыць! – Зазыбу ён, здавалася, зусім не браў пад увагу.

– Ну, на суд і расправу ты скоры, гэта я ведаю, – павадзіў растапыранай рукой Чубар паміж сабой і Патолем, – меў магчымасць пераканацца. Гавары, што ён натварыў, гэты чалавек?

– А ты вось паглядзі! – Патоля дастаў з кішэні штаноў скрутак папер. – Распіскі. Браў з партызан і з паліцаяў. Каго накарміў, у таго і браў. Сёння ў партызан, заўтра ў паліцаяў. А можа, у адзін дзень і ў тых, і ў другіх. I ўсе ў кубельцы складваў. Адзін кубелец меў для партызан, другі – для нямецкіх пасобнікаў.

Чубар з Патолевых слоў засмяяўся. З новай цікавасцю паглядзеў на калодліўскага баптыста.

– Але нас не правядзеш, – не зважаючы на Чубараў смех, працягваў Патоля, – у нас вочы пільныя. Нездарма ж называюць нас чэкістамі. Вось і дагледзелі, выцягнулі гэтыя паперкі з кубельцаў. Ды калі б толькі гэта? Ато ж паслухай, што ён гаворыць, вушы вянуць. Вядзём у атрад, дык таксама ўпіраецца, кажа, тут забівайце. Стаў на калені і стаіць, як ашалелы, адно енчыць.

– А навошта ён вам у атрадзе? – беручы паперкі з рук Патолі, спытаў Чубар.

– Там разбяруцца з ім!

– У які атрад?

– Ёсць атрад!

Чубар патасаваў паперкі ў руках; сапраўды, то былі распіскі, у якіх значылася, што «жыхар вёскі Калодліва Сцяпан Малюшкін» такога-та чысла і такога месяца «аказаў дапамогу харчам» такім-та… Але хто выдаў іх, гэтыя распіскі, пазнаць нельга было, бо замест прозвішчаў стаялі адны незразумелыя кручкі… Нарэшце Чубар перастаў перабіраць паперкі, падняў усмешлівыя вочы на Патолю:

– Адкуль ты ўзяў, што тут разам і партызанскія і паліцэйскія распіскі?

– Дык сам жа прызнаўся.

– Ну-тка, раскажы, Патоля, як ён прызнаўся.

– А што расказваць. Папаўся, дык няхай адказвае.

– I што, толькі ў іх, гэтых паперках, правіннасць яго?

– Хіба мала?

– Ды і небагата.

– Гэта як для каго. А для гэтага… Нездарма ж у атрад не хоча ісці. Мы яго цягнем, а ён упіраецца, кажа, зброі нельга браць у рукі, нібыта рэлігія ў яго такая. Значыць, па нашай рэлігіі можна змагацца з фашыстамі, а па яго – не? Нам вось з Гурамам можна кляшчоў карміць у лесе, а гэтаму нельга?

– Ты, Патоля, супакойся, – сказаў Чубар, усё роўна як канчаткова на сябе браў разбор справы; паглядзеў на Зазыбу: – Значыць, табе знаёмы чалавек?

– Так, гэта калодліўскі баптыст.

– А ты што маўчыш? – спытаў Чубар штунду. – Тваё прозвішча Малюшкін? Твае распіскі?

– Дак а што я? – Чалавек паварушыў плячамі, быццам хацеў, але баяўся скінуць з іх доўгі цяжар, затым усё-ткі паволі ўстаў на ногі, спярша на адну, пасля на другую; голас у яго быў хрыплы і заплаканы, рукі і цяпер яшчэ ўздрыгвалі; было відаць, ён пакуль не верыў, што небяспека мінулася. – Прыйшлі, папрасілі паесці, а тады етыя паперкі дасталі.

Чубар засмяяўся:

– А ты з іх таксама ўзяў распіску за абед?

– Дак…

– Ладна, сядай на калёсы.

Чалавек паслухаўся, сеў на калёсы. Зазыба таргануў лейцамі каня, праехаў міма Чубара з Патолем.

– Мы самі з ім разбярэмся, – сказаў Чубар Патолю.

– Хто гэта мы? – ускінуўся той.

– Ну, мы вось. Я і таварыш Зазыба.

– Ніякага Зазыбы я не ведаю. Цябе вось ведаю. Дакладней, некалі ведаў. А цяпер хто цябе зразумее? Можа, ты ў паліцыю ўступіў?

– Не плявузгай абы-што. Лепей скажы, адкуль ты ўзяўся? Што ў цябе за атрад?

– У Шамякінскім цяпер, – быццам з неахвотаю адказаў Патоля.

– Дзе ён стаіць?

– За Панькоўскай Будай.

– Адкуль ён прыйшоў?

– З-за лініі фронту.

– Дык ты ў ім?

– А то ж… Вось прыйшлі ў разведку з Гурамам. Дарэчы, грузін. Шукаем мясцовых партызан.

– Нешта ты толькі тым і займаешся, што шукаеш мясцовых партызан. I тады, увосень, шукаў і зараз.

– Тады мы, здаецца, разам з табой шукалі.

– Але ўвесь час у нейкія недарэчнасці трапляеш. Тады, у Машавой, нарабіў спраў і зараз вунь чорт ведае што надумаў! Навошта табе спатрэбіўся гэты баптыст? Ну і што, што распіскі патрабуе за абед? Маглі не даваць, а маглі і не абедаць.

– Але ж ён не толькі нас корміць!

– Корміць таго, хто ў хату прыходзіць. Не сам жа ён вас знайшоў, а вы да яго прыйшлі. Паліцэйскія таксама шастаюць.

– А што, на табе кляймо партызанскае?

– Затое паліцэйскія ў форме ходзяць.

– Дзе ходзяць, а дзе і не.

– Калі вочы не зусім бачаць, то галавой трэба думаць.

– Яно і відаць, што ты галавой моцна думаеш.

– Добра, на сёння хопіць. Трэба сваіх даганяць. Але мы яшчэ з табой, Патоля, пагаворым.

Чубар усё роўна як узрадаваны, што можна нарэшце адкараскацца ад Патолі, кінуўся даганяць Зазыбу, які паспеў ужо ад’ехаць крокаў на дзвесце. Але хутка штосьці занепакоіла Чубара, і ён вярнуўся. Патоля з грузінам стаялі на тым жа месцы паміж бярозамі. Гурам (гэтае імя Чубар запомніў адразу) нешта даводзіў свайму спадарожніку, а той у адказ махаў перад сабой дзвюма рукамі, акурат апраўдваўся ці адбіваўся такім чынам. «Эйш ты!» – усё роўна як у захапленні прамовіў сабе Чубар, але ўжо праз момант з прыкрасцю падумаў, што лёс сапраўды неяк дзіўна зводзіць яго з гэтым апантаным і маларазважлівым чалавекам, і кожны раз чамусьці вось так, пры незвычайных, а можна сказаць – пры трагічных акалічнасцях: тады, у Машавой, калі загінуў падпольны партыйны камітэт, і цяпер таксама мелася здарыцца нешта жахлівае… Чубар на момант нават уявіў, як тое жахлівае магло адбыцца, уявіў і сцепануўся ўнутры. «I ходзіць жа па зямлі такая натапыраная істота!..» Ды ўрэшце – ці адна? Да такіх натапыраных істот Чубар, урэшце, мог залічыць і сябе, прынамсі, колішняга, таму што выпадак з ваенурачом, які здарыўся мінулым летам, цяпер таксама ўсё часцей прыгадваўся Радзівону Антонавічу з прыкрасцю, якая абуджала ў душы не толькі неспакой, але і віну, дарма што паводзіны свае ў тых абставінах, свой стрэл на пясчаным лядзе ён заўсёды спрабаваў тлумачыць, нават апраўдваць хутчэй нейкім замарачэннем, якое раптам засланіла свядомасць, хоць на самай справе гэта было не так, бо рабілася ўсё тады назнарок, з патрыятычных меркаванняў, з імкненнем прадухіліць нешта нядобрае, што магло мець непажаданыя, шкодныя вынікі… Зрэшты, Патоля, мусіць, таксама чымсьці падобным кіраваўся і ў Машавой, калі забіваў жонку бургамістра, і цяпер, у Калодліве, як забраў на расправу мясцовага баптыста… Да таго ж на тое сваё забойства Чубар ужо глядзеў акурат праз далёкую замглёнасць, якая сама па сабе стварала магчымасць не дужа абвострана глядзець на паводзіны ў недарэчнай сутычцы з хворым чалавекам. А між тым Чубар пабыў яшчэ раз на тым месцы, дзе ўсё адбылося тады, дакладней, не на той самай выспе, што навісла над лугам каля Бесядзі, а насупраць, у вёсцы, якая знаходзілася па другі бок ракі. Трапіў ён у тыя мясціны ў зімовую пару, калі ўжо стала ляжаў на зямлі снег. Яны ішлі тады з Гусевым у Батаеўскія лясы, выканаўшы заданне Карханава – вывелі ў размяшчэнне часцей генерала Бялова групу камандзіраў і палітработнікаў, якія апынуліся ў акружэнні: Шпакевіч паляцеў з дакументамі за лінію фронту на самалёце, а Чубар з Гусевым рушылі наперад. Але выпала так, што накіраваліся яны адразу не да вярхоўя Бесядзі, адкуль да Батаеўскіх лясоў бліжэй; проста дарога да сярэдняга цячэння Бесядзі ў той час была бяспечней, чым дзе, пра гэта ім сказалі чырвонаармейскія разведчыкі, якія добра ведалі абстаноўку; і вось Чубар зноў пайшоў у Забесяддзе амаль тым шляхам, што і летам. Вёску, а яна называлася Шыркі, Радзівон пазнаў адразу. У ёй яны і начавалі з Гусевым. Гаспадар, яшчэ зусім малады селянін, здаецца, мала чым старэйшы ад Чубара, прыняў іх у хату без асаблівай насцярогі, якая тады скрозь панавала, нават не спытаў словам – хоць бы пра тое, хто такія ды адкуль; за вячэрай Чубар доўга размаўляў з ім і ўсё хацеў вывесці гамонку нейкім чынам на свой клопат, але не здолеў: ці лёгка прызнацца, што некалі тут, за ракой, ты забіў чалавека?.. А такое жаданне чамусьці было, Чубар не мог растлумачыць, адкуль яно ішло, чым выклікана. Можа, нават слабай надзеяй, што ваенурач пасля яго стрэлу застаўся жывы. Ва ўсякім разе, ноч у Шырках ён правёў неспакойна, часта прахопліваўся і падоўгу думаў. I ўжо ў тую бяссонніцу зразумеў, што вайна не аднаго яго зробіць вінаватым, дарма што хтосьці ўсвядоміць гэта раней, а нехта пазней.

Чубар дагнаў Зазыбу, сеў на калёсы, затым сказаў баптысту:

– А ты не мог пасцерагчыся са сваімі паперкамі!.. I навошта яны здаліся табе?

– Дак… – Чалавек ужо выглядаў спакойным, быццам не вырваўся толькі што з бяды, але сядзеў на возе адчужана і яўна не хацеў гаварыць.

– Я яму таксама пра гэта, – сказаў Зазыба, падганяючы лейцамі каня.

– А што я магу, – азваўся баптыст, – калі сянні адны прыходзяць, заўтра другія, а то і на адным дні па некалькі разоў. I кожны лічыць сваім правам спавядаць – у што верую, да каго душа ляжыць і што збіраюся рабіць. А я верую ў аднаго бога. Цяпера ў каго вінтоўка, за тым і права. Етыя таксама во…

– Знайшоў калі бога шукаць, – усміхнуўся Зазыба.

– А я не шукаю. Бог заўсёды са мной. Мне застаецца толькі ўмацоўваць сваю веру. Алюдзі перашкаджаюць.

– Незразумела толькі, хто каму перашкаджае.

– Дак етыя таксама. Прыйшлі спярша як людзі, а тады ўсхадзіліся. Пачалі палохаць. Такі ты да еткі. Нарэшце забралі з хаты, маўляў, акрамя кулі нічога я не заслугоўваю. Але я сям’ю кармлю да ўсім астатнім, хто прыходзіць, у хлебе не адмаўляю. Ну а што датычыць?.. Дак сказана нездарма, не адзіным хлебам сыты чалавек.

– Куды ж яны цябе вялі? – спытаў Чубар, усміхаючыся.

– Куды? Куды? – злуючыся, зварухнуўся на калёсах штунда. – На расстрэл вялі, але каб далей ад вёскі. Вам яны няпраўду сказалі, што ў нейкі атрад. У іх, можа, яго і няма, таго атрада. Але я далей бярозы ўжо не захацеў ісці. Рашыў што будзе, то й няхай. Добра, што вы…

– А як гэта ты дадумаўся распіскі браць за гасціннасць?

– Чаму за гасціннасць? Мне накарміць чалавека абедам няцяжка было. Ну а паперкі… Дак трэба ж таксама штосьці за душой мець, нейкае апраўданне. Зброі ж мне ў рукі нельга браць, вера такая…

– Нябось ад мабілізацыі ў армію недзе схаваўся? – не пераставаў дапякаць Чубар, і чым даўжэй гэта рабіў, тым мацней запаляўся.

– Чаму схаваўся? Я па хваробе не пайшоў.

– Але ж распіскамі збіраўся апраўдвацца не толькі перад нашымі, але і перад немцамі? Ад іх ты таксама браў?

– Немцы ў нас не часта бываюць. Ды й не пойдуць яны есці ў такую хату, як мая. Лепей на вуліцы пастаяць да паядуць. Ета не паліцаі.

– Што немцы, што паліцаі – адным мірам мазаны. Значыць, наперад разлічваў, якая ўлада верх возьме ў вайне, перад той і апраўдваўся б?

Але на гэтыя Чубаравы словы баптыст не стаў адказваць. Тады Чубар з несхаванай грэблівасцю адвярнуўся ад яго, падумаў: «Спадзяецца нягоднік патрапіць паміж сваіх і чужых».

Больш ён не чапаў калодліўскага мужыка. Неўзабаве той саскочыў з калёс, пакланіўся:

– Мне адсюль недалёка ўжо, дак я пайду. Дзякуй, добрыя людзі. Няхай беражэ вас гасподзь.

– А то паедзем разам, – паспрабаваў затрымаць яго Зазыба. – Нам усё роўна праз Калодліва ехаць.

– Не, я сам.

– Ну сам, дык сам, – адчапіўся ад яго Зазыба. Штунда тут жа адстаў ад воза, сігануў з дарогі ў сасоннік, адразу прапаў там у гушчары.

– Непрыемны чалавек, – быццам услед яму прамовіў Чубар.

– Чалавек як чалавек, – сказаў на гэта Зазыба. – Гэта мы ад людзей іншы раз лішне патрабуем, а яны проста людзі. I колькі ні збірай іх у адно, а яны кожны па сабе. Асабліва цяпер. Ну а што за чалавек быў той?

– Патоля?

– Няхай Патоля. Але бачу – знаёмы табе?

– Таксама, бачыш, чалавек. Гэта ён немку ў Машавой забіў. Я ж тады таксама ў Машавой быў.

– Дык ты, мусіць, дакладна ведаеш?

– Я пры тым не прысутнічаў. З Касьянам Шандовым у садзе знаходзіўся. Ты ж Шандова машаўскога помніш?

– Ну, садоўніка.

– Дык мы з ім заставаліся ў хатцы. А гэты Патоля яшчэ з адным партызанам пайшоў у вёску на разведку. Зрэшты, што тут расказваць! – Чубар махнуў рукой. – Пра гэта ўсе ведаюць. Але пасля таго Карханаў яго з атрада прагнаў. I вось цяпер нягоднік у нейкім новым атрадзе.

– Як мне падалося – страшны чалавек, – пакруціў галавой Зазыба.

– Так, развагі ў ім, на жаль, мала.

Было відаць, што Чубару стала нецікава гаварыць пра падзеі, пгго адбываліся мінулай восенню ў Машавой, а таму і пра Патолю. Зазыба на нейкі час застаўся адзін з думкамі. А тыя снаваліся ў ягонай галаве спярша вакол шалудзівага партызана, які, аказваецца, меў непасрэднае дачыненне да машаўской трагедыі; нядобра магла скончыцца справа ў яго і сёння, з гэтым калодліўскім штундам; але найбольш здзівіла Зазыбу, што Чубар таксама апынуўся нейкім чынам у Машавой і быў ледзь не сведкам, як забівалі бургамістраву жонку; канца размовы, якая адбывалася паміж Чубарам і Патолем пад бярозай, Зазыба не чуў, таму не ведаў, што за Панькоўскай Будай, са слоў Патолі, з’явіўся партызанскі атрад, але тое, што тут, на гэтай дарозе, шасталі ўзброеныя людзі, якія таксама называлі сябе партызанамі, прымусіла падумаць якраз пра гэта; Дзянісу Яўменавічу нават карцела спытаць Чубара, бо нездарма ж Радзівон Антонавіч абмовіўся, што ягоны знаёмы цяпер у другім атрадзе, значыць, атрад той знаходзіцца недзе ў Забесяддзі; аднак Зазыба рашыў пакуль памаўчаць, не трывожыць Чубара, таксама як і не вымагаць больш падрабязнага спавядання пра мінулагоднюю машаўскую трагедыю; рашэнне Зазыбава было выклікана хутчэй за ўсё тым, што Чубар пасля апошніх сваіх слоў нібыта зніякавеў раптам, сядзеў цяпер побач пануры, акурат прыгнечаны чымсьці; усё гэта ў Зазыбавых развагах склалася хутка – і пра Патолю, і пра партызан, і пра Чубарава нежаданне гаварыць далей, склалася і адышло разам, і ён тут жа перакінуўся ў думках на іншае, успомніўшы, што не сказаў перад ад’ездам Масею, каб той не чакаў яго, а скідваў сена ў копы; ды і начаваць на лузе сыну без яго няварта было, пра гэта таксама належала сказаць, але ў спешцы не прыйшло тады яму ў галаву.


* * *

Ехаць да Бялынкавіч заставалася яшчэ далёка, тым больш па гарачыні. Зазыба моўчкі сцёбаў раз-пораз лейцамі па сцёгнах каня, той кідаўся пасля гэтага адразу ледзь не наўскач, але хутка прыставаў, неўпрыкмет пераходзіў на лёгкі трушок, і калі зусім пераставалі тарахцець калёсы, абапал дарогі зноў можна было чуць, як вяртаўся да свайго ціхага і патаемнага жыцця лес, дарма што па-ранейшаму яшчэ пакуль смягла і нікла ўсё ў ім, – недзе ўжо рупліва стукаўся ў дрэва дзяцел, штосьці шамацела ў блізкім чарнічніку, можа, уцякалі з дарогі спалоханыя яшчаркі, гулі чмялі, а найбольш спрабавалі падаваць галасы птушкі, асабліва чамусьці вылучаўся сярод іх юрок, быццам яму меней за ўсіх перапала ад сённяшняй спёкі.

Гэтак жа моўчкі і ціха Зазыба з Чубарам неўзабаве праехалі Калодліва, здавалася, вёска стаяла без людзей, бо ніхто не толькі не выйшаў на вуліцу, а і не выглянуў з акна. Праўда, ехаць па вуліцы давялося нядоўга, усяго напачатку, пасля дарога забірала направа і зноў знікала ў лесе. За гумнамі Чубар сказаў Зазыбу з усмешкай:

– Дарэмна мы, Дзяніс Яўменавіч, адпусцілі баптыста, якраз час папрасіцца на абед. Але як думаеш, узяў бы ён з нас распіскі?

Зазыба засмяяўся:

– Мусіць, яму сёння не да іх.

– Думаеш, гэты выпадак чаму-небудзь навучыў яго?

– У кожным разе, ахвоту адбіў. Цяпер калі і будзе ў каго браць, то ўжо, няйначай, з вялікай абачлівасцю. Ну а пра абед? Дык без абеду сярод жывых людзей не застанемся. Прыедзем у Бялынкавічы, там і падсілкуемся.

– А ты добра ведаеш таго настаўніка, да якога мы едзем?

– Мурача? Ну так, гаварыў аднойчы з ім. Здаецца, чалавек нішто, бо іначай Нарчук не пасылаў бы нас да яго. Відаць, дамоўлена. А чалавек ён… сапраўдны, дарма што мне ўсяго адзін раз пагаварыць з ім давялося.

– Але я вось пра што зноў думаю, Зазыба. Ці абавязкова нам ехаць адразу ў Бялынкавічы? Можа, сапраўды спынімся спярша недзе блізка, а ты сходзіш да Мурача. А то хто ведае, што там можна напаткаць. Ва ўсякім выпадку, совацца туды, як з завязанымі вачамі, няварта.

– Ну а паліцэйская павязка твая? Не дапаможа? – усміхнуўся Зазыба.

– Ат, – махнуў Чубар рукой. – Нездарма кажуць, што чым далей у лес, тым страшней чалавеку. – Ён памаўчаў трохі, тады пачаў тлумачыць: – Канечне, справа не ў страху, хоць на яго, бадай, адны дурні не звяртаюць увагі. А вось пасцерагчыся ніколі не лішне. Адна справа сустрэць небяспеку па дарозе, другая… Словам, з гэтым таксама ўсё ясна.

– Ну што ж, можна і праўда так зрабіць, як ты гаворыш, – раз ясна, – згадзіўся Зазыба: ён і сам недзе думаў, што яны не адразу паедуць у Бялынкавічы, можа, да вечара нават пабудуць у лесе, аднак пакуль не гаварыў Чубару, бо дарогі і часу яшчэ хапала, а Радзівону Антонавічу, аказваецца, таксама гэта рупіла.

За Калодлівам зноў пачаліся пяскі, конь натужваўся ўвесь, везучы калёсы з двума седакамі ўгору. Па левы бок ад дарогі цяпер стаялі дубы, на іх было шмат зялёных жалудоў, яшчэ дробных, з шурпатымі шапачкамі; дубы раслі скрозь, засцячы шырокую пойму, пасярод якой цякла Бесядзь. Зазыба ведаў гэтыя мясціны, як і свае, бліжэйшыя да Верамеек, таму ўжо наперад прыкідваў у галаве, дзе лепей Чубару атабарыцца на той час, пакуль ён будзе хадзіць у Бялынкавічы і адтуль.

З гэтага боку ў Бесядзь упадала яшчэ адна рэчка, Зубар. Назва гэтая адразу выводзіла чалавечую думку на звера, на зубра. Але зуброў тут і блізка ніхто не бачыў, хіба, можа, у даўнія часы, а даўнія часы на тое і называюцца даўнімі, што замглёны. Маглі ж неяк захавацца ў стаянцы старажытнага чалавека ў Гончы косці маманта? Дык хто ў такім разе забараніў сюды дарогу зубрам? Між тым Зазыба не помніў каб хтосьці іначай расказваў пры ім, адкуль узяла гэтая рэчка назву…

Нарэшце ў галаве Зазыбы замацавалася думка, што прыпынак перад Бялынкавічамі лепш будзе зрабіць якраз на Зубары, можа, нават у вусці, адкуль недалёка быў мост. Зазыба сказаў пра гэта Чубару. Той кіўнуў галавой. Але не паспеў Зазыба праз якое паўгадзіны выпрагчы каня з аглобляў на паплаўцы, як на Бесядзі, трохі вышэй за вусце, пачуліся галасы. Дзяніс Яўменавіч кінуўся ў той бок, выглянуў з лазовых кустоў На бродзе праз Бесядзь перапраўляліся немцы. Трымаючы верхняе адзенне і зброю ў руках, яны пераходзілі адзін за адным на той бераг. Там ужо стаялі гарматы і дзве легкавыя аўтамашыны. Гарматы былі на коннай цязе. Гэта Зазыба адзначыў адразу. Але немцаў перабралася праз раку яшчэ небагата. Затое ланцуг, які пачынаўся адсюль з гэтага берага, усё рухаўся і рухаўся. Здавалася, што яму не будзе канца на бродзе.

Ціха, каб не рабіць шуму, Зазыба захінуў кусты, патупаў на сагнутых нагах назад.

– Што там? – зусім не асцерагаючыся, спытаў Чубар. Дзяніс Яўменавіч паднёс палец к губам, шапнуў:

– Немцы! Перапраўляюцца на той бераг.

Чубар ад здзіўлення ўскінуў бровы, але не саступіў з месца, толькі хутка азірнуўся вакол сябе.

– Адкуль яны ўзяліся? – ужо таксама шэптам спытаў ён.

– А халера іх ведае! Можа, з Бялынкавіч?

– Чаму тады не пераправіліся там? Там жа мост на Бесядзі?

– А яны, відаць, адразу сюды з чыгуначнай станцыі. Дарога ж з Белага Каменя таксама сюды ёсць.

– Значыць, нейкі манеўр. Запрагай, Дзяніс Яўменавіч. А я пакуль сам гляну.

Зазыба кінуўся па каня, якога навязаў перад гэтым за лейчыну на лужку, каля Зубара. Буланы чамусьці стаў упірацца, але Зазыба змусіў яго пайсці за сабой…

Чубара не было ажно колькі хвілін. Нарэшце ён вярнуўся, выцер рукавом лоб. Сказаў пошапкам:

– Маглі напароцца.

– Што будзем рабіць?

– Трэба камусьці вяртацца ў атрад, – разважыў Чубар. – Ідзі ты, Зазыба, а я на тваім кані паеду ў Канічы.

– Нічога не знойдзеш ты адзін там!

– Тады ты едзь, Дзяніс Яўменавіч.

– А што, гэтая справа наша не можа пачакаць?

Чубар паціснуў плячамі. Прамовіў чамусьці зусім пра іншае:

– Вось табе баптысты, вось табе і садысты.


VIII

Калі Масей нарэшце палажыў налітую вільготнаю сілай траву ў два пракосы, з Верамеек прыйшла маці. Ужо стаяла, можна сказаць, позняя раніца. Аше работы вялікай на лузе для жанчын яшчэ не было – і ўчарашняя трава, і сённяшняя выглядала амаль аднолькава, толькі ранейшая трохі прывяла зверху.

Вядома, што Марфа Давыдаўна найперш кінулася распытваць пра бацьку, аднак Масей мала што мог сказаць, толькі тое, што ведаў: прыходзіў, маўляў Пацюпа з Азёрнага, і яны паехалі кудысьці разам, здаецца, у Зацішша.

– Як заўсёды, па важнай справе!.. – акурат раззлавана, сказала на гэта маці, але тут жа і спахапілася, быццам павінілася, бо прывыкла з даўняга, што муж заўсёды карыстаўся ў людзей вось такім попытам: прыйшлі – сказалі – пайшоў, прыйшлі – паклікалі – пайшоў, прыйшлі – забралі; ёй толькі зарупіла і цяпер, ці надоўга ён знік гэты раз. А пакуль што да чаго, схадзіла да Ганны Карпілавай, дарма што вярталіся з Верамеек у адной гурме – ці то не дагаварылі па дарозе, ці то сапраўды ўзнік клопат, тады рашылася нарэшце, стала раскідваць граблямі траву па паласе, каб сохла, ператваралася ў сена.

Сонца ўжо з’ела к таму часу расу, над лугам зноў стаяла дрыготкае марыва.

Так яны і рабілі – Масей завіхаўся з касой у адным канцы лугу, ля самай Бесядзі, Марфа Давыдаўна ў другім, яшчэ пад лесам, дзе быў іхні табар.

Пасля сняданку касілася не так, як учора, нават не гэтак, як ад самага ранку, – не было тае, учарашняе, захопленасці самой работай, садніла нага, якую пашкодзіў у маленстве і якая давала аб сабе знаць нечаканым чынам, нават нельга было ўведаць, адкуль гэтая вярэдлівасць раптам бралася. Да таго ж нечага стаў сёння прыгадвацца сон, не дагледжаны ўначы; прыходзіў на памяць, тады зноў знікаў, быццам праганяў яго шоргат касы; уласна, сон гэты быў самой рэальнасцю, бо прыйшоў з сапраўднага лагернага жыцця. I цяпер Масей, дарма што ўрыўкамі, нібыта працягваў бачыць яго ў розных месцах, а ўсё далей.

З прафесарам Дзягелем Масей быў знаёмы па Мінску, той выкладаў адзін год у іх новую гісторыю, але тады, пры вольным жыцці, яны, здаецца, нават не пастаялі адзін супроць аднаго па справе, не перакінуліся зацікаўленым словам, прынамсі, Масей не помніў, каб паміж імі сапраўды ўзнікалі сур’ёзныя размовы. Сышліся яны ўжо на этапе, у цягніку, што вёз зняволеных у Марыінск. Дарога туды з Магілёва (а этап той збіралі якраз у Магілёве) заняла больш за дваццаць сутак, таму часу, зразумела, выпала шмат, тым больш што вагон пакідаць не дазвалялася; асуджаныя толькі рабілі, што спалі на нарах у «сталыпінцу» ды размаўлялі. Праходзіў прафесар па 76-м артыкуле, гэта значыць за групавую агітацыю. А 76-ы артыкул крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжваў тэрмін зняволення да дзесяці гадоў Меней не давалі. Гэтым жа цягніком у Сібір «ехалі», праўда, у розных вагонах, беларускія пісьменнікі Змітрок Астапенка, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Звонак, Уладзімір Хадыка, Масей Сяднёў Міхась Багун, рэдактар «Чырвонай змены» Іларык Дуброўскі… Словам, знаёмых у цягніку хапала. Але Масей болыл за ўсё трымаўся прафесара Дзягеля. Часам сыходзіўся паміж нараў таксама з Алесем Гронакам. Алесь быў старэйшы за Масея, ужо вядомы паэт. Аднак з ім размовы адбываліся найбольш пра паэзію, пра тое, якая яна ёсць і якой павінна быць. Гронак быў па натуры аптыміст, калі падобнае вызначэнне ўвогуле магчыма ў такой справе, палітыкі ўхіляўся, таму, напрыклад, лічыў што зняволенне іхняе нядоўга мецьме, бо павінны ж нарэшце ў Крамлі разабрацца з гэтакай недарэчнасцю, каб вярнуць людзей да ранейшай дзейнасці. Дзіўна, але такіх аптымістаў у вагоне было нямала. Таму Масея вельмі цікавілі думкі Дзягеля, хоць яны часам ажно палохалі. Прафесар лічыў (і не ўтойваў гэтага), што ў Крамлі наўрад ці зацікаўлены цяпер хто ў такім «разбіральніцтве», што ўсё робіцца Сталіным і ягонай хеўрай свядома, іначай не адбывалася б гэтая «недарэчнасць» на працягу столькіх гадоў; глядзіце, казаў прафесар, нават з намі едуць зноў у Сібір тыя, хто ўжо адзін раз адбыў вызначаны тэрмін; сапраўды, гэтых судзілі паўторна і, за малым выключэннем, усё за адно і тое ж… Значыць, хтосьці быў моцна зацікаўлены ў бясконцасці судовых працэсаў камусьці выгадна было кідаць людзей у турмы ды развозіць па лагерах… Такім чынам, хтосьці па-другому глядзеў у краіне ўвогуле на людзей – альбо як на звычайны жывы матэрыял, які пакуль што непрыдатны для грамадскага будаўніцтва, альбо проста як на танную рабочую сілу, што зрабілася патрэбнай на поўначы, у Сібіры, на Калыме і г. д. Але хутчэй за ўсё, сцвярджаў Дзягель, у краіне ажыццяўляўся «няспынны тэрор», той, за які заўсёды стаяў Троцкі і які цяпер, пасля выгнання Троцкага, ажыццяўляе пад «ленінскім прыкрыццем» Сталін… Вядома, Масею нязвыкла было слухаць гэта, няйначай, нават жахліва, але Дзягель усё роўна як хацеў паступова прывучыць маладога чалавека да падобных разважанняў, таму паўтараў свае словы зноў і зноў; тым часам іншы раз здавалася, што прафесаравы пераконанні перайшлі ўжо ў зацятую злосць, якая замінае чалавеку глядзець на людзей у краіне калі не з меншай рашучасцю, то ўжо больш абачліва, ці што… Хочаш ці не, але аптымізм Гронака, які недзе межаваў са знарочыстай неразборлівасцю, успрымаўся лягчэй, чым Дзягелева змрочнасць. I, можа, таму праз некалькі месяцаў Масей падаў у Вярхоўны Савет СССР апеляцыю на перагляд сваёй справы… Гэта здарылася ўжо ў лагеры, за Марыінскам.

У Марыінск цягнік дапяўся марозным вечарам. Іначай дзіўна было б, каб Сібір не сустрэла людзей так. Эшалон, які са звычайнага «этапа» ператварыўся паступова ў «беларускі этап», апынуўся на чыгуначнай станцыі не першы; іх, такіх эшалонаў з вязнямі з усёй краіны, ужо стаяла на рэйках каля двух дзесяткаў. У Марыінску знаходзіўся размеркавальны лагер, і новых зняволеных трымалі ў цягніках нядоўга, адно пакуль ішоў пералік. Але цягнікі ўсё падыходзілі і падыходзілі на станцыю. Ім проста не было канца, дарма што ўсе будынкі ў горадзе, прыдатныя хоць збольшага для ўтрымання людзей, былі перапоўнены; у некаторых зняволеныя нават спалі стоячы, а да бочкі, каб апрастацца, дабіраліся па галовах; на вуліцу зняволеных выпускалі толькі тады, як прывозілі страву – зусім рэдкую поліўку, якая на турэмнай мове завецца «баландой»; але ў адрозненне ад турэмнай «баланды» ў размеркавальным лагеры, у які быў ператвораны ўвесь Марыінск, поліўку, якую давалі зняволеным, і «баландой» немагчыма было назваць: проста мутная вада, адно што нядаўна кіпела ў катле. Пакуты Марыінскага лагера мала хто мог вытрымаць. З Масеевых знаёмых сканалі там некалькі чалавек, у тым ліку і Міхась Багун. «Беларускі этап» узялі на ўлік даволі хутка, прынамсі, ужо на другі дзень зняволеных загналі ў былую лесапільню. У той лесапільні стаяла яшчэ адно збудаванне, памерам, можа, дзесяць на дзесяць, якое чамусьці называлі ліцейным цэхам. Вядома, ніякага абсталявання там не было, адны сцены ды дах, затое ўнізе быў выкапаны катлаван, і ў гэты катлаван канвойныя напіхалі людзей ці не з усяго эшалона. На вуліцу з катлавана можна было трапіць па абмерзлых дашчаных усходках, па іх жа даводзілася вяртацца назад, але ўжо абдзіраючы на сабе скуру і мяса. Да таго ж амаль кожнаму цяпер, на зваротным шляху, памагалі канвойныя, цаляючы прыкладам у карак. Пераадольваць гэты шлях трэба было па тры разы на дзень – за сняданкам, абедам і вячэрай. Шкадуючы нагу, Масей прапусціў колькі «альпійскіх паходаў» па ежу, не стаў вылазіць з катлавана, аднак вельмі хутка адчуў што пачаў слабець; між тым наперадзе яшчэ чакала дарога да пастаяннага лагера, які недзе ўжо быў вызначаны «беларускаму этапу», таму Масей хутка адумаўся, перастаў прапускаць абеды. А тым часам лагернае начальства ў Марыінску ўсё яшчэ ўдакладняла нечага спісы зняволеных, тусавала і адбірала кудысьці змарнелых людзей; здавалася, канца не будзе гэтаму здзеку, як і сібірскаму марозу, што гатовы быў кожную хвіліну ператварыць жывую істоту ў мёрзлы камяк. Нарэшце спісы былі ўдакладнены, бадай што нават і нанава складзены, знявольным выдалі сухі паёк – падрабку цукруды кавалку хлеба. Усе ў катлаване зразумелі, што размеркавальнаму лагеру настае канец. Мала хто верыў, што далей будзе лягчэй, але выбрацца з катлавана хацелася. I вось на чацвёрты дзень па абедзе калона рушыла з Марыінска. Раён быў стэпавы, навакол ані дрэўца, як кажуць, каціся, куды хочаш, не затрымаешся. Канвойных вакол калоны налічвалася небагата, затое лютавалі аўчаркі, якіх недзе вырошчвалі дзеля такога прызначэння ў гадавальніках, няйначай, навучаючы на асуджаных людзях. Канвойныя таксама мала чым адрозніваліся сваёй лютасцю ад аўчарак. Па дарозе зняволеныя мала калі перагаворваліся, бераглі сілы, а для адносін адзін з адным хапала кінуць слова-другое, але ні цяжкасці, ні прысутнасць канвойных з аўчаркамі, ні боязь страціць сілы і быць прыстрэленым ці зацкаваным тымі ж аўчаркамі не адбівалі здольнасці разважаць. Тым больш самому з сабой. Масея найперш уразіла гэтае мноства аўчарак. Зразумела, што ўзнікла ў галаве пытанне – адкуль яны тут бяруцца? Але гэтая вось акалічнасць якраз і лёгка паддавалася тлумачэнню. Куды мацней займала іншае: дзе і на якой мяжы адбывалася ў асяроддзі людзей размежаванне на такіх, як Масей ці прафесар Дзягель, і такіх, як гэтыя канвойныя ці начальства ў лагеры? Па якіх чалавечых законах яно ішло і чым абумоўлівалася? Дык якраз вось на такія пытанні самастойнага адказу пакуль альбо зусім не знаходзілася, альбо ланцуг Масеевых разваг зноў і зноў сутыкаўся з тлумачэннем усяго, што адбывалася ў краіне, прафесара Дзягеля… Здагадкі ледзянілі душу не менш, чым сібірскі мароз цела, апранутае абы ў што; у такім паліто, якое было на Масею, наваг на беларускім марозе доўга не пратрымацца б. А тут!.. Да таго ж Масея ўвесь час не пакідала слабасць, якая пачалася яшчэ ў Марыінску. Тым часам першы прывал намячаўся кіламетраў праз сорак, у Арлове-Розаве. Недзе на паўдарозе туды Масей раптам адчуў сябе зусім блага, абамлеў і рухнуў пад ногі таварышам па калоне. А калі апрытомнеў, убачыў над сабой аўчарку. Тая стаяла пэрэднімі лапамі ў яго на грудзях, цяжка дыхала ў твар. Побач чуліся галасы канвойных. «Што будзем рабіць?» – «Трэба канчаць. З яго ўжо не хадок». – «I адкуль такія хлюпікі бяруцца на нашу галаву? Цяпер думай, як спісаць яго». – «Імі запоўнена ўся Сібір». – «Ды і акрамя Сібіры, здаецца». – «Але ж таксама жывая істота, бачыце, вочы расплюшчыў». – «Пашкадуй, пашкадуй, дык ён стане блытацца вось гэтак пад нагамі ўсю дарогу. Трэба канчаць». Сабака тым часам нерухома стаяў на грудзях, можа, чакаў каманды, каб учапіцца клыкамі ў горла. Тарачае дыханне яго Масей моцна адчуваў на сваім твары, але няйначай што гэтае дыханне і супакойвала яго сваім цяплом, чамусьці сапраўды зрабілася не страшна ні аўчаркі, ні канвойных, а разам, здаецца, і смерці. Вядома, Масей разумеў, што гаворка паміж канвойнымі ішла найперш пра яго смерць, але на ўсю глыбіню яе не ўсведамляў нібыта сапраўды пакуль яшчэ не верыў, што вось-вось яна настане, што пасля размовы канвойных на самай справе ўсё скончыцца на гэтай сібірскай дарозе для яго смерцю. Дзіўна, але і ўспамінаць нікога не стаў, дакладней, нішто і ніхто не ўсплыў у памяці – ні вёска, ні маці, ні бацька… Праўда, было шкадаванне, дармо што не надта выразнае, – чаму нікога са зняволеных няма побач, адны канвойныя ды сабака? Дзе прафесар Дзягель, дзе Алесь Гронак? I наогул – дзе калона, бо не чуваць нават тупату ног? «Але што будзем рабіць?» – пытаўся ўгары ўжо знаёмы Масею голас аднаго з канвойных. «Усё роўна дыхляк. Табе ж кажуць, адно замінаць будзе», – адказваў яму другі. «Гэта так, – згаджаўся першы, – але, можа, тады хто з вязняў возьмецца дапамагчы яму?» – «Якая яшчэ дапамога? Кожны сам ледва ногі валачэ!» – «Урэшце, няхай і яго валакуць, – акурат загадвае новы голас, затым крычыць: – Гэй, хто там у яго сябрам будзе? Хто возьмецца дапамагчы?» Праз нейкі момант сапраўды пачуліся крокі, Масей убачыў у галавах прафесара Дзягеля.

Той стаяў і моцна моршчыў лоб, на які была насунута цёмна-сіняя пілотка з апушчанымі на вушы абкладамі. Раней прафесар хадзіў проставалосы, ці то згубіў недзе шапку, ці, можа, зусім не меў, у кожным разе ў вагоне Масей ніколі не бачыў яго ў шапцы і цяпер чамусьці здзівіўся гэтай пілотцы, быццам у тым, што яна была на галаве ў Дзягеля, заключалася нейкая новая сутнасць. «Ну што, – сказаў прафесар, – аслабеў хлопец?» Масей памкнуўся расцяць вусны, але не здолеў, не сабраў моцы, адно вінавата ўсміхнуўся. Гэтым часам, хрустаючы снегам, падышоў яшчэ хтосьці. Масей скасіў вочы, пазнаў Іларыка Дуброўскага. Рэдактар нечага замітусіўся над ім. Тады ўсё роўна як спалохана загадаў: «Забярыце аўчарку!» Аўчарка, мусіць, была паслухмяная нават чужому голасу, абы ў ім гучаў загад, таму адразу ж плюснула, акурат у вінаватасці, чырвона-жоўтымі вачамі і скочыла ўбок з Масеевых грудзей. Прафесар Дзягель прасунуў рукі пад Масеевы плечы, прыўзняў яго, тады падхапіў пад пашкі, каб паставіць на ногі. Галава ў Масея яшчэ кружылася, і ад белага снегу, які ён убачыў нібыта ўпершыню, у вачах заскакалі чорныя плямкі. «Сам можаш ісці?» – спытаў Іларык Дуброўскі, але прафесар Дзягель не стаў чакаць, пакуль Масей збярэцца адказваць, страсянуў яго, усё роўна як спрабуючы ўшчыльніць чалавечае цела, а тады рашуча і неяк па-маладому ўзваліў жыватом сабе на спіну. Калона між тым стаяла крокаў за дваццаць, чакала. Прафесар Дзягель данёс да яе Масея, і яна зноў рушыла па дарозе. Але Масей усё яшчэ адчуваў сваю слабасць, таму не прасіўся на ногі; саромеўся, што забірае ў прафесара апошнія сілы, аднак злазіць з плячэй не спяшаўся; і прафесар нёс Масея кіламетры са тры, пакуль зусім не задыхаўся; Масей гэта нарэшце адчуў расшчапіў на шыі ў Дзягеля рукі, дакрануўся нагамі да зямлі. Пастаяць на месцы яму не далі канвойныя. Масей адразу ж пачуў за спіной нечую каманду, таму ступіў першы крок, другі… «Ну, цяпер я сам», – сказаў ён прафесару Дзягелю. Так яны і дайшлі да Арлова-Розава: Іларык Дуброўскі ўшчыльную па левы бок ад Масея, прафесар Дзягель – па правы… На прывале прафесар Дзягель прымусіў Масея з’есці два драбкі цукру, лічы, увесь іхні запас: «Гэта табе дапаможа. Да «Чырвонага аратага» засталася палавіна дарогі. Заўтра будзем на месцы». – «А чаму вы гаворыце – да «Чырвонага аратага?» – спытаў Масей. «Кажуць, што там сельскагаспадарчы лагер, туды нас вядуць». Масей не надта спадзяваўся, што два драбкі цукру вернуць яму сілы, але прафесар меў рацыю – ужо ўвечары, у вартоўні, якая стаяла ў Арлове-Розаве на беразе ракі і ў якой апынуліся на ноч зняволеныя, ён адчуў сябе лепей; шкада, што на другі раз не было ўжо ні цукру, ні хлеба, тады як да месца прызначэння заставалася яшчэ столькі, колькі ад Марыінска да Арлова-Розава. Значыць, ісці далей давядзецца галоднаму. I тым не менш Масей дайшоў. Чырвонааратайскі лагер знаходзіўся пасярод стэпу, кіламетры за тры ад вёскі; праз вароты, якія былі адчынены, канвойныя прывялі калону за калючую агароджу, спынілі. Старшы пачаў тлумачыць: «Набліжэнне за крок да варот лічыцца крокам за вароты. Вартавым на вышках загадана страляць без папярэджання». Дарэчы, тыя вароты так і заставаліся заўсёды адчыненыя, быццам назнарок, дзеля спакусы людзям і выпрабавання. Уначы іх асвятляла ахова пражэктарамі, удзень за імі таксама цікавалі з вышак тыя ж вартавыя. У лагеры меліся дзве зямлянкі: у адной ужо даўно жылі «камінтэрнаўцы» – былыя работнікі Камінтэрна, другая стаяла пустая. Сюды і пасялілі «беларусаў». Алесь Гронак і тут, калі зайшоў у прамерзлую, усю ў наледзі, зямлянку, не страціў свайго аптымізму: «Нічога, жыць можна». Масей з прафесарам Дзягелем нары выбралі побач. Нарэшце пачалося лагернае жыццё. Удзень зняволеныя хадзілі на працу – вазілі з жывёлагадоўчых фермаў гной пад вясенняе ворыва, капаліся ў парніках, рыхтуючы глебу пад расаду, секлі на рацэ Кыя лёд, даставалі з вады бярвенне, а ўночы «падслухоўвалі» на «чацвёртай кашары» стрэлы: там знішчалі «камінтэрнаўцаў». Рабілася гэта чамусьці заўсёды ноччу, а перад тым, надвечар, у хатку, што стаяла трохі наводдаль ад лагера, кожны раз прыязджаў з «цэнтральнай сядзібы» адзін і той жа энкавусавец, па прозвішчы Паўлаў. Казалі, што гэта ён кіраваў расстрэлам на «чацвёртай кашары». Але з «беларускай» зямлянкі тым часам нікога не бралі. Патроны ў лагеры пакуль выдаткоўваліся на адных «камінтэрнаўцаў». Затое «беларусаў» забіраў на могілкі голад. Прафесар Дзягель памёр у сакавіку. У Сібіры тады яшчэ стаяла зіма, і зусім нішто не паказвала, што недзе ўжо наступае вясна. Пахаваў прафесара Дзягеля Масей у тым жа рове, дзе закопвалі «камінтэрнаўцаў»; вёз нябожчыка на санках і ўсё хацеў закрыць яму вочы, але чамусьці баяўся, можа, нават таму, што не хацеў, каб знікла з твару ўсмешка, з якой памёр чалавек…

Тая ўсмешка была на ягоным твары і сёння, калі раптам убачыў Масей прафесара ў сне…


* * *

Абедалі дзве сям’і разам. Але цяпер без Дзяніса Яўменавіча. Уласна, сёння яны сумяшчалі разам абед і сняданак, які парушыў Хведар Пацюпа ўранні. Кузьма Прыбыткоў таксама прагнаў да Бесядзі свае два пракосы, а нявестка яго тым часам раскідала скошаную траву, трымаючыся падалей ад Масея. Яна выдавала сябе нейкай вельмі вінаватай; хоць не кожнаму гэта кідалася ў вочы. Праўда, Марфа Давыдаўна адразу прыкмеціла, што з Анютай сёння нешта робіцца, яна часта апускае пры сустрэчы вочы ды і паводзіць сябе іначай. Але не была б на тое жаночая інтуіцыя. «Канешне, – падумала яна, – іх штосьці адбылося з Масеем». Марфа Давыдаўна здагадалася пра гэта, аднак спярша засталася ў душы спакойная і толькі пасля, калі яны з Анютай гатавалі абед на вогнішчы, яна адчула раптам да Кузьмовай нявесткі нешта падобнае на грэблівасць: сапраўды, ці ж робіцца такое паміж суседзямі?.. «Але ж і Масей, – падумала яна зноў, – кот марцовы. Спярша да Ганны Карпілавай заляцаўся, цяпера вось да Анюты!.. Ну, да Ганны яшчэ куды ні ішло, але да замужняй?.. Няхай муж той недзе далёка, і маладой бабе хочацца, аднакжа суседзі!..» Паабуралася гэтак, тады перастала, маўляў, тае бяды!..

За абедам расказала, што робіцца ў вёсцы. Аказваецца, прыходзілі ў Верамейкі яшчэ ўдзень учора чужыя партызаны. Самі казалі, што з атрада нейкага Шамякіна. Брава-Жыватоўскі з Раманам Сёмачкіным, пачуўшы ад кагосьці пра партызан, адразу недзе схаваліся, дарэмна толькі Параска за прымака паплацілася: кабету партызаны нібыта моцна палохалі за паліцая; гразіліся, што заб’юць наступны раз, калі прымак яе немцам і далей не адмовіцца служыць… Але і да звычайных людзей наведваліся – у Міколіхі Макавеевай забралі восеньскае сала; у Гаўрыліхі – мужаў кажух; дарэмна Гаўрыліха маліла-прасіла, так і не вярнулі кабеце кажух, дарма што Гаўрыла старшынёй сельсавета быў; ну а ў Ляксейкі памянялі каня – свайго, кажуць, нейкага шалудзівага паставілі ў хлеў, а Ляксейкавага пад сядло ўзялі; словам, новыя партызаны, што прыйшлі аднекуль здалёку, ці не з-за лініі фронту, паказалі сябе такім вось чынам…

– Можа, яны і ўсе гэткія будуць, – разважыла следам за Марфай Давыдаўнай Кузьмова нявестка.

– Канешне, чужы – не свой, – згадзілася з ёю Марфа Давыдаўна.

– А свой – не чужы, – быццам у нейкую патаемную адпомсту сказаў стары Прыбыткоў, беручы лыжкай на хлеб кавалак яешні.

Жанчыны заківалі галовамі са згодаю на Кузьмовы словы.

Анюта тым часам дадала:

– Ды ў іх і змова нібыта ёсць з паліцаямі. Можа, нават з немцамі, каб адзін аднаго не чапаць. Чужых забівай, а сваіх не чапай.

Пачуўшы гэта, Масей усміхнуўся.

– Чаму ты ўсміхаешся, Дзянісавіч? – заўважыў усмешку Кузьма Прыбыткоў.

– Ды так, – адказаў Масей.

– Хіба што, – з разуменнем пагадзіўся стары. – Кабеты праўду кажуць: Нарчуковы партызаны – свае, савецкія. А етыя, што прыйшлі аднекуль…

– Дык і гэтыя ж, няйначай, савецкія? – паглядзеў на яго з запытаннем Масей.

– Ну і што? – піхаючы пальцам у рот яешню, паціснуў плячамі Прыбыткоў. – Савецкім таксама нешта належыць на зямлі. Вось і бяруць, вось і трасуць. А дзе ж ета сянні Мікіта Драніца? Нябось, злякнуўся недзе, што дружбу з Брава-Жыватоўскім завёў? Цікавы час настае, га, Дзянісавіч? Але адкуль етыя чужыя партызаны зноў узяліся? Кажаш, Давыдаўна, з атрада Шамякіна? Дзіўна, летась па Забесяддзі шасталі да позняй восені карханаўцы. Выходзіць, бальшавікі не баяцца немца, дарма што ён цяпер, здаецца, бярэ верх?

– Адно другое тлумачыць, – сказаў Масей. – Наадварот, чым мацней будзе немец наступаць на фронце, тым актыўней стануць дзейнічаць варожыя ім сілы ў яго тыле.

– Ага, тут як у памоўцы той – ты мяне ў лоб, а я цябе з хваста, – разважыў Кузьма Прыбыткоў, згаджаючыся тым самым з Масеем. – Але я вось пра што думаю, бабы, ці варта цяпер гаспадарку ў вёсцы на ноч адну пакідаць?

– Дык ці ж яна адна застаецца? – запярэчыла Марфа Давыдаўна. – Вэнь колькі народу ўчора назад адсюль вярталася. Значыць, і начавалі многія ў вёсцы.

– Ну так, – не залюбіў гэтакай заспакоенасці Кузьма Прыбыткоў, – мы тута сабе спакойна косім, а там чужыя людзі па хатах шастаюць. Брава-Жыватоўскі няхай сабе. Рамана Сёмачкіна таксама шкадаваць ці варта. Самі ведалі, на што ішлі. Хоць з другога боку – старасту ж мы самі выбіралі. Мог стаць нават бацька твой.

– Ты ўжо Дзяніса раўняеш з Раманам Сёмачкіным? – страпянулася Марфа Давыдаўна.

Але Кузьма Прыбыткоў супакоіў:

– Я не пра тое, Марфа. Я пра тое, што стараста ўсё ж не паліцай. Ну а што яшчэ яны рабілі ў Верамейках, партызаны?

– Анюта Жмэйдава таксама скардзілася, што нібыта па сала да іх прыходзілі, але кубел пусты аказаўся.

– Не такі ён у іх пусты, – акурат нездаволена ўсміхнулася Кузьмованявестка. – Схавалі недзе тое сала. Жмэйдавы не стануць на віду трымаць хоць што, калі дайжа маленькая пагроза ёсць.

– Не, мы сянні не станем начаваць на лузе, – нарэшце сказаў Кузьма Прыбыткоў. – Як думаеш, Дзянісавіч? Бачу, Андрэя Марухіна таксама не відаць ужо на паласе.

Марфа Давыдаўна глянула ў той бок, дзе была паласа Ганны Карпілавай: сапраўды, паміж пракосаў завіхалася адна Ганна.

– Час не мядзведзь, – прамовіла на гэта Анюта.

– I ты пра ета ведаеш! – незалюбіў свёкар.

– А чаму ж мне не ведаць? – ці не з зацятасцю азвалася на яго словы Анюта. – Ета мядзведзь не часта ў сваёй бярлозе з боку на бок варочаецца, а час…

Кузьма ўсмешліва паглядзеў на нявестку, затым сказаў, акурат цыкнуў:

– Ты ела б, а го!.. – Стары перавёў позірк на Масея: – Можа, і табе пасцерагчыся, Дзянісавіч, пакуль бацька не вернецца?

– А што бацька? – Масей адсунуў ад сябе міску, з якой сёрбаў кіслае малако, паклаў на кавалак хлеба лыжку.

Але Кузьма не паспеў адказаць яму. Сказала маці:

– А тое, што сусед праўду кажа. – Пры гэтым Марфа Давыдаўна глянула на Анюту, быццам тая была вінавата ў Масеевай няцямлівасці.

Дзіўна, але дасюль Масею і ў голаў не прыходзіла, што некалі паўстане такая праблема. За бацькавай спіной было спакойна гэты час жыць, здавалася так яно і будзе працягвацца вечна, балазе, сялянская праца, якая пачалас з вясною, дакладней, у якую Масей увайшоў цалкам вясной, стала нарэшц прыносіць задавальненне, аказваецца, адной гэтай працай можна было за поўніць чалавечае існаванне. Якраз вось гэтага Масей яшчэ не ведаў. У кожным разе, занятку цяпер яму хапала, ён рады быў яму, як нейкаму нечаканам збавенню. Нават пра сваё лагернае жыццё ў «Чырвоным аратаі» за вясеннія і летнія месяцы напрач забыў успамінаў, можа, недзе адным толькі краем, калі нейкія цяперашнія рэаліі альбо мінулае выклікалі асацыяцыі.

Але ні Кузьмова насцярога, ні маўчанне не ўстрывожылі яго; толькі на момант падумаў, што не выключана магчымасць, можа здарыцца і такое, аднак боязі не ўзнікла. Урэшце, ужо колькі чаго выпадала ўжыцці, што, здавалася, горшага не бывае. Хіба адна смерць. Дык і яе Масёй чамусьці ўспрымаў каторы год спакойна, дакладней, ставіўся да яе спакойна – не тое што пагарджаў, проста не задумваўся, і ўсё. Зняволенне навучыла ўсё-ткі шмат чаму. Акрамя таго, Масею іншы раз здавалася, што ён ужо аднойчы паміраў, хоць сказаць пэўна, калі і як, не мог, у тым ліку не мог назваць напэўна і той выпадак, што здарыўся на этапе ў Сібіры. Можа, проста прымаў за смерць магчымасць памерці. Таму і адказваў цяпер амаль абыякава:

– Пакуль трэба касіць, а там…

Кузьма ўсміхнуўся:

– Яно, Дзянісавіч, і праўда, з перапуду чортведама што нарабіць можна. Нават сябе насмяшыць, не тое што людзей. Помню, мы з братам натрапілі аднойчы на нейкую банду. З пілой прадольнай на заробкі тады хадзілі. А бандаў у той час, трэба сказаць, хапала. Можа, як цяпера партызанаў. Ну і напароліся ў лесе. Якраз хату аднаму мужыку памеліся зрубіць. Выбралі ўжо некалькі дрэў памецілі. Стаім і разважаем, як валіць будзем, а яны, адкуль ні вазьміся, шусь да нас з-за кустоў. Хто такія? Ну, кажам, пільшчыкі. А вот мы зараз пабачым, якія вы пільшчыкі. Адзін, мусіць, самы праворны, кідае на сук вяроўку, пятлю робіць. Бачым, нявыкруткі. Павесіць ні за што ні пра што могуць. Дак мы і ўкленчылі перад тымі бандытамі з братам, сталі прасіцца, ледва не слёзы ліць. А тыя рагочуць. Нарэшце адзін, што быў у жоўтым скураным галіфэ, няйначай, атаман, здзекліва гаворыць: цяпер бачым, што пільшчыкі. Ну, мы й лататы куды вочы глядзяць, абы нягоднікі не перадумалі. I вось той выпадак заўсёды помню, Дзянісавіч, а ў старасці нават саромецца яго стаў. Чамусьці сорамна, і ўсё тута, што таксама ўкленчваў. Так што… Ты ета праўду кажаш, трэба касіць… Перастаялая трава не надта які корм для жывёлы. Цяпера во у самым саку. Сячэш, дак ажно пырскае. Як казаў ветфельчар Кудраўцаў ты ж яго помніш, – вітаміны.

– Ага, трава набрыняла, – падхапіла з нейкім прасветленым позіркам Марфа Давыдаўна. – I сохне таксама добра. Падвернем яшчэ па разу, а тады і ў копы можна будзе скідваць.

Кузьма паклаў лыжку на край абруса ў знак таго, што з абедам можна канчаць, павёў вачамі па палосах – і па сваёй, і па Зазыбавай, сказаў:

– Але ж па кончыку, здаецца, застанецца на заўтра.

– Тае бяды, – махнула рукамі Марфа Давыдаўна.

– Ая задыхаюся, – прызнаўся Кузьма.

– Дак парыць, – бліснула вачамі нявестка.

– Ёсць адкуль вільгаці брацца, – кіўнуў свёкар. – То пагончык сустрэнеш, то тоню ў асацэ адкрыеш, а ўсё ж з іх угору ды ўгору пры гарачыні імкне. Але задыхаюся я, бадай, не ад вільгаці. Гады. Дай трава сянні нібыта паклычаная стала, не тое што ўчора. Ай няпраўда, Дзянісавіч?

Масей усміхнуўся. Кузьма ад гэтай усмешкі ягонай чамусьці пажвавеў:

– Памяні соль, каб далі хлеба. Ну, дзякуй вам, гаспадынькі. Вячэраць, дасць бог, сапраўды, можа, дома будзем.

Між тым на лузе пачуліся бязладныя галасы, усё роўна як дзеці з нечага закрычалі раптам, а людзі пачалі паказваць на лес. Высокі слуп чорнага дыму займаў там белае, акурат выцвілае, неба. Вынікаў ён як не з таго боку, дзе знаходзіліся Верамейкі. Таму ўсе, хто сядзеў цяпер каля Прыбытковага воза, падумалі, вядома, што занялася вёска. Але Кузьма неўзабаве заспакоіў:

– Ета, здаецца, у Зацішшы.

I тым не менш трывогі зусім не патушыў. Трывога – яна таксама, як нечаканы пажар.

Спяшаючыся, кабеты пачалі хуценька збіраць з абруса рэшткі абеду. Масей адышоўся крокаў на колькі ўбок, стаў там, схіліўшы галаву, быццам пажар лепей было яму слухаць, чым глядзець. Але ўвесь час таксама прыкідваў ужо, дзе гарыць. Выходзіла, сапраўды дыміла штосьці ў Зацішшы – якраз можна было ўгадаць тую малую адлегласць, якая разводзіла абедзве вёскі. Ды і не вясковыя хаты гэта гарэлі, бо дым, які моцна, штуршкамі, шугаў за лесам, зусім не падобны быў на саламяны: дарма што таксама клубіўся, але выгляд меў чорны, усё роўна як утвараўся з сасновых ці яловых карчоў.

Аднекуль з’явіўся на кані Сілка Хрупчык, падскочыў да Прыбытковага воза, закрычаў:

– Гарым! Гайда ў вёску!

Але Кузьма ступіў да Хрупчыкавага каня, тузануў за повад на аброці:

– Не палохай людзей, Сіланці! Бачыш, гарыць трохі збоч Верамеек?

Сілка крутануўся, пачаў нібыта нанава ўглядацца ў дым, што акурат выпампоўваўся з-за лесу.

– Але ж праўда, – усё роўна як здзіўлена заўсміхаўся нарэшце ён, – штосьці не падобна, што ета ў нашых Верамейках.

– Во, нарэшце і да цябе дайшло, – сказаў Кузьма Прыбыткоў. – Але ж можна і ўдакладніць, га?

– Як?

– Ты ж на кані ўжо, дак злятай. Да не ў Верамейкі гані, а ў Зацішша. Ці не смалакурня ета гарыць?

Кузьмова прапанова хоць і з’явілася для Сілкі Хрупчыка нечаканасцю, але ён не стаў пярэчыць, толькі на момант нагнуў галаву, быццам яшчэ ў нерашучасці, тады пачаў таўчы босымі пяткамі пад пахі каня, скіроўваючы яго на зацішанскую дарогу.

Масей падступіўся да Прыбыткова, спытаў:

– Што рабіць мецьме, дзядзька Кузьма?

– Дак… – Стары тузануўся неяк, пацёр рукой няголеную шчаку. – Дома нам трэба быць, вось што рабіць! У час пажару гаспадар каля сваёй хаты павінен стаяць, далёкі ён, той пажар, ці блізкі. Бачыш, вельмі моцна гарыць, га? Адну копаць у неба прэ. Няйначай, смалакурню хтосьці падпаліў.

– Калі ета Сілка аб’едзе і Зацішша, і Верамейкі, – сказала Марфа Давыдаўна. – Трэба дамоў бегчы.

– А навошта ета ехаць з Зацішша ў Верамейкі? – здзіўлена паглядзеў на яе Прыбыткоў.

– Дак…

– Пабачыць, што пажар у Зацішшы, і вернецца, – з упэўненасцю, што якраз гэтак і зробіць Сілка Хрупчык, сказаў Кузьма. – Колькі тут ехаць?

– А я, бацька, пайду ў вёску, – занепакоена сказала Анюта. – Марфа Давыдаўна як хоча, а я пайду.

Кузьма ўсё роўна як няверліва глянуў на нявестку, затым на Марфу Давыдаўну.

– Няхай збегае, – кіўнула тая, – а я і за вашым сенам пакуль дагледжу.

– Што тут ужо бегаць, – нарэшце разважыў Кузьма. – Няхай застаецца ў вёсцы, раз наважылася. Ды й мы таксама будзем патрохі збірацца. Копы заўтра складзем. Ладна, дачка, ідзі.

Анюта ўскінула на воз абрус з посудам, узяла граблі. Сказала чамусьці вельмі ціха:

– Дак я тады і праўда пайду?

– Ступай, ступай, – замест свёкра падахвоціла ў дарогу яе Марфа Давыдаўна.

Не згаворваючыся, мужчыны тым часам пабралі косы, падаліся зачынаць новыя шнуры. Па дарозе Кузьма спытаў Масея:

– Каса твая добра бярэ? А то вазьмі бацькаву. Той сянні не паспеў затупіць. Дарэмна кляпаў лічы, увесь світанак.

– Не, мая таксама яшчэ рэжа, – адказаў Масей.

– То папрацуем, а то колькі глядзець на еты пажар? Вачамі ўсё адно яго не патушыш.

– Сапраўды, не патушыш! – Масей ажно засмяяўся ў душы з гэтых Кузьмовых слоў. Яны сталі раптам акурат забаронай нават азірацца назад, не тое што далей стаяць ды талопіць вочы ў той бок. Але тым часам Масей неяк зусім хутка ўспомніў як першы раз бачыў пажар. У вёсцы гэтая з’ява таксама жахлівая, як і паўсюль. Не паспееш згледзець вокам, а полымя паспявае выкаціць усю вуліцу, бо колішняе малазямелле прымушала людзей сяліцца, быццам авечак ціснуцца адна да аднае ў спёку. Верамейкі таксама будаваліся пры малазямеллі, дарма што і новых двароў таксама хапала ў вёсцы, але ставіліся яны пераважна на старых сядзібах. Гарэла тады Лукашкова хата. Стаяла яна ў тым жа завулку, што і іхняя, Зазыбава, таму пажар амаль увесь час гарэў у Масея на вачах. Было гэта ўначы, і яго, Масея, вынеслі з хаты, кінулі ў дзедавым кажуху пад грушу. Так ён і праляжаў там да ранку, няйначай забыты, бо ніхто не ўспомніў пра яго амаль усю ноч, балазе, дарослым хапала справы. Дыму на тым пажары Масей не бачыў, толькі трапяткое, ажно гарачае полымя; вакол Лукашковай сядзібы мітусіліся людзі, а на грушы, пад якой ляжаў Масей, трывожна шамацела лістота. Як цяпер разумеў Масей, дык пажар той адбыўся недзе ў познюю восень, бо на грушы, акрамя лістоты, ужо нічога не было. Не засталося і страху ад яго, адзін выразны ўспамін, ад якога, калі з нейкай прычыны раптам дападала памяць, вось гэтак, як сёння, пякло лоб, які, мусіць, вытыркаўся тады з дзедавага кажуха.

Сілка Хрупчык між тым абярнуўся хутка – з Зацішша адразу памчаў назад на луг, таму касцам неўзабаве давялося вяртацца да воза. Сапраўды, гарэла ў Зацішшы, палаў смалакурны завод, які надумалі знішчыць партызаны, каб не дастаўся немцам.

Верамейкаўцы паслухалі праўду з Сілкавых вуснаў, пачалі сцішана разыходзіцца. Толькі Іван Падзерын затрымаўся даўжэй каля Прыбытковага воза, злосна сказаў, каб чулі Масей з Кузьмой:

– Етым парцізанам таксама закарцела з агнём пагуляць!.. Цяпера будзем лучыну паліць.

Няйначай, што не адзін Падзерын гэтак падумаў пра партызанскую аперацыю ў Зацішшы, але выказаўся адкрыта толькі ён. Стары Прыбыткоў таксама маўчаў, можа, хацеў нават, каб свае адносіны да яе выказаў Масей. Але той сцяўся, нібыта робячы выгляд, што ўсё гэта, у тым ліку і вынікі, якія мецьмуць ад пажару, яго ўжо зусім не турбуюць. Нарэшце Кузьма не вытрымаў, сам азваўся:

– Бачыш, Дзянісавіч, якая яна, вайна ета. I адзін робіць, думаючы, што правільна, і другі, а ў накладзе застаецца мужык. Ета ж чаму партызаны падпалілі зацішанскую смалакурню?

– Хто ж іх ведае.

– А тут і ведаць не дужа трэба. Бо немцы збіраліся пусціць яе ў ход. Начальніка прызначылі. Пракопа Папруйчыка, ну, таго, што апальшчыкам да вайны тама быў. Дак партызаны цяпера во апярэдзілі. Кату пад хвост з дымам пусцілі. Таксама пра нешта думалі, няйначай, каб немцу каламазь не дасталася. Цяпера атрымаюць каланіцу. Ну а нам, мужыкам, дак… Еты Падзерын праўду кажа, давядзецца лучыну паліць, хоць шкіпінар таксама не карасін. Словам, ні сказаць нікому, ні параіць. Адно пазірай ды сапі ў нос. Нездарма ж немцы ў сваіх газетах пішуць, што вызваляюць народ ад бальшавікоў а бальшавікі, наадварот, сцвярджаюць, што абараняюць той жа народ ад фашыстаў. Ну, бальшавікі – ета зразумела, ад таго, што іх больш, чым іншых, а фашысты адкуль, Дзянісавіч?

– Доўга расказвянь, дзядзька. Адклядзем гэта на пазней. Яа наступнай зімы. Прыйду да вас у хату, сядзем ды і станем гаварыць.

– I то праўда, Дзянісавіч. На што ўжо нашы мужыкі гаваркія ў апошні час былі, асабліва летась, калі яшчэ немцаў не было, а цяпера вось… Бачыш, Падзерын таксама вякнуў каб не ўсе пачулі. Праўду людзі кажуць – не гуляй шапкай, бо галаве балець стане. Але ж і бацька твой недзе позніцца, бачыш. Прывык я да яго ў жыцці. З’ім неяк лягчэй бывае, калі раптам што.

– Я таксама без бацькі цяпер быццам не заўсёды ведаю, што гаварыць, – засмяяўся Масей.

– Бачыш, які ў нас твой бацька. Але я ўжо думаў летась – далучыць Брава-Жыватоўскі з бабінавіцкім камендантам яго да немцаў. А тут адкуль ні вазьміся партызаны етыя пайшлі.

– На двух зэдліках яшчэ нікому не ўдавалася доўга сядзець.

– Дак ён і не дужа сядзеў, каб на двох…

– Гэта я так. Да прыкладу. Каб паразважаць.

– Цяпера партызаны не сцерпяць, каб нехта вельмі хітры быў. Я неяк чытаў лісток іхні, дак адкрыта пагражаюць таму, хто да немцаў імкнецца. Маўляў, і мы, ета значыць партызаны, за гэрбус возьмем, і савецкая ўлада пасля здраду не даруе. А немцы таксама сваё.

– Там, па той бок фронту, няйначай, лягчэй чалавеку. А тут – лічы, грамадзянская вайна.

– Ага, абапал чырвоныя і немцы, а пасярод мы – мужыкі са сваімі заечымі душамі, не ведаем, да якога берага прыстаць. Як думаеш, Дзянісавіч, хто выйграе?

– У якім сэнсе?

– Ну, той, хто ў партызаны, дапусцім, ідзе, ці той, хто ў паліцыю падаецца, да немцаў?

– А-а, ты вось пра шго. Тут, здаецца, усё проста, дзядзька Кузьма. Нават вельмі проста. Расію яшчэ ніхто не заваёўваў надоўга. Ды і цалкам таксама. Так, па частках здаралася. Але не ўсю. Гітлеру таксама нічога не свеціць у нас. Ну год, ну два, ну тры немцы тут пратрымаюцца… Не, я нават не хачу загадваць наперад.

– Дак ты лічыш, што цяперашнія поспехі часовыя ў яго?

– Бадай што. Адсюль і адказ на тваё пытанне – хто будзе мець выйгрыш? Хутчэй за ўсё, што…

– Ні тыя, ні другія?

– Так.

– Але ж перамогуць, як ты кажаш, рускія?

– А вінаватыя будуць усе, хто тут, у акупацыі, заставаўся.

– Дак ета ж страшна, Дзянісавіч! Дак ета ж лепей цяпера хоць у етым пажары, што ў Зацішшы, згарэць!

Між тым пажар патрохі аціхаў за лесам. Слуп чорнага дыму хоць і клубіўся яшчэ, аднак памяншаўся ўвачавідкі, асядаў, быццам з вялікай неахвотаю, нахіліўся, распаўзаўся на бакі, займаючы неба шырэй і шырэй. Цяпер з таго боку ўжо дзьмуў вецер, на лузе з’явіліся новыя пахі, наймацней закіпелай смалы. Дыхаць станавілася цяжэй нават здаровымі лёгкімі. Кузьма Прыбыткоў пачаў кашляць.

Масей зайшоў ад лесу ў канец паласы, убіў касу ў сухую траву. Штосьці бразнула аб лязо. Масей прыкра паморшчыўся, быццам накалоўся на што босай нагой, прыўзняў над зямлёй касу. На паточаным мурашніку, які зрэзала каса, ляжала, бліскаючы пашкоджаным месцам, заржавелая гайка. «Ну вось, яшчэ гэтага не хапала!» – акурат ускіпеў у душы Масей, гатовы вылаяцца; паставіў кассём перад сабой касу, глянуў на свежую шчарбінку, роўную пазногцю. «Трэба ўсё-ткі ўзяць бацькаву касу», – падумаў ён. Схадзіў да воза, узяў бацькаву літоўку, вярнуўся на месца, дзе зазубрыў сваю, пачаў зноў касіць. Хутка Кузьма Прыбыткоў застаўся далёка ззаду. Але гэта ўжо чамусьці не грэла Масеева самалюбства. Чым мацней шоргаў касой па траве, тым выразней адчуваў ліпкі халадок на лапатках пад кашуляй. У вушах стаяў толькі той шум, што рабіў вакол сябе сам. Здавалася, што ў ім Масей патанаў цалкам і ніяк немагчыма было ўшчыльнуцца сюды камусьці іншаму. У адрозненне ад учарашняга, пасля абеду сёння таксама не адчувалася ў рабоце радаснай узнёсласці, як і зранку – адна зацятасць, ад якой моцна напружваліся рукі і ногі. Адбывалася на паласе, як кажуць, звычайная цяжкая работа, сэнс якой заключаўся ўсяго ў тым, каб скончыць адзін пракос ды пачаць новы. Відаць, праз гэта без асаблівай узрушанасці быў успрыняты таксама прыход на луг з Цімохавай пожні маладзенькага лася. Той выйшаў з лесу якраз у той момант, калі Масей, дапяўшы да Бесядзі, абкошваў над вадой алешыну. Перазімаваўшы і, бадай, пералетаваўшы ў Мамонаўцы, маладзенькі звер зусім не баяўся людзей, ішоў сабе праз палосы без насцярогі да Бесядзі ды падскокваў часам, палохаючыся лугавыхжаб, якія ажно шалелі на пеньчуках травы ад нечаканай, таму, можа, радаснай для іх волі. Няйначай, яго выгнаў з пожні дым, а можа, проста даймала смага, і ён ішоў да ракі напіцца, ведаючы дарогу. Але ж верамейкаўцы бачылі напаўдарослага лася ўпершыню. Здаецца, мала хто не чуў у вёсцы, што ў Мамонаўцы яшчэ ў мінулую восень на двары Гапкі Азаравай знайшло прытулак тое ласяня, што засталося адно пасля забойства старога лася на сухадоле каля крыніцы, але сустракаць небараку вось так не даводзілася. I вось гэты маладзенькі лось раптам з’явіўся на далёкім лузе за Топкай гарой.

– Глянь-глянь! – чулася над лугам здалёку, хоць людзі, трэба сказаць, і не дужа крычалі пры гэтым.

Дзіўна, але нават малыя хлапчукі, такія, як у Ганны Карпілавай, не рашаліся гнацца за ім, можа, не да канца верачы, што звер сапраўды прыручаны ўжо і што яго не надта спалохаеш, калі нават пачнеш падыходзіць бліжэй.

Абкасіўшы алешыну, Масей не стаў хапацца за наступны пракос. Хоць для яго і не было асаблівым дзівам з’яўленне маладзенькага лася, аднак і ён стаў назіраць за ім, праводзячы зрокам да Бесядзі і назад. А звер сапраўды доўга не затрымаўся каля ракі, адно напіўся ды чамусьці пакратаў штычком зямлю пад берагам, быццам хацеў пабадацца.

Тым часам на бераг ракі вычаліў пракос свой і Кузьма Прыбыткоў.

– Ну дак бачыў, Дзянісавіч, падрасло за зіму ласяня?

– Гэта мой стары знаёмы.

– Адкуль жа?

– Сёння на Цімохавай пожні бачыў, калі па коні хадзіў.

– А-а, я забыў, што ты ўжо расказваў, – зразумела кіўнуў Прыбыткоў, выціраючы травой касу. – Старая памяць. Што з яе возьмеш? Ну дак бачыш, падрасло. Цяпера выжыве, калі, вядома, не натрапіць наякога злыдня.

– Так.

– Але ж таксама трымаецца, бачыў? Як бог. Прайшоўся паміж людзей і вокам не маргнуў.

Масей у адказ усміхнуўся, таксама пахваліў маладзенькага лася:

– Прыгожы, нягоднік, нічога не скажаш!

– Чаму адразу і нягоднік?

– Гэта ў мяне бывае вышэйшай адзнакай захаплення. Прыяцель мой некалі так гаварыў. Нават свайго сына ад захаплення называў нягоднікам.

– Ну, тады што ж, тады няхай па-твойму і еты будзе нягоднікам, – згадзіўся Кузьма і засмяяўся, няйначай, адразу з усіх – лася, Масея і таго ягонага прыяцеля.

Захопленыя размовай пра лася, мужыкі не заўважылі, як ад сваёй паласы, сігаючы па раскіданай траве, рушыў да іх у суправаджэнні Гапчыных хлопчыкаў Андрэй Марухін. Учора ён абяцаў прынесці з вёскі браднік. Цяпер той браднік Андрэй трымаў на плячах. Праўда, задужа доўга чалавек хадзіў па яго, бо адсутнічаў на касавіцы, лічы, цэлага паўдня. Але і Кузьма Прыбыткоў, і Масей разумелі, што браднік – гэта так; няйначай, Марухін хадзіў кудысьці па больш важнай справе, можа, у сувязі з новымі партызанамі, што прыходзілі ўчора ў Верамейкі. Да таго ж сёння – не ўчора, альбо наадварот, – учора Андрэева абяцанне палавіць рыбы на юшку выклікала ля вогнішча, можна сказаць, усеагульнае захапленне, асабліва ў дзяцей Ганны Карпілавай, якія душы не чулі ў гэтым чужым чалавеку; сёння было не так, нават дзеці неяк стомлена глядзелі на браднік, калі Андрэй прынёс яго спярша на сваю паласу, затым – на Зазыбаву.

– Ты нашага бацькі не бачыў дзе? – спытала ў Андрэя Марфа Давыдаўна.

– Не, – адказаў той.

– Што ў вёсцы?

– Анічога.

– Так ужо й нічога?

– А што вы хацелі, Марфа Давыдаўна?

– Дак кругом вэн гарыць, а Дзяніса ўсё няма…

– Дзяніс Яўменавіч не згубіцца. Не малы.

– Бывае, што й дарослыя губляюцца. Асабліва калі во цяпера. Сам жа таксама недзе бадзяўся?

– Браднік шукаў.

– Дак ці ж так доўга браднік шукаюць? Ды й навошта ён цяпера?

– Я таксама яму кажу ета, – падтрымала гаворку Ганна Карпілава, якая прыйшла да суседзяў следам за прымаком. – Не да рыбы становіцца, не да юшкі. Таго і глядзі, што самому юшку пусцяць. А паласа тым часам някошаная стаіць.

– Паласу мы пакосім, Ганна, – сказаў на яе словы Масей.

Але тая ўсё роўна як раззлавалася раптам.

– Колькі ўжо ты будзеш касіць маю паласу! – Гэтыя словы ў яе вуснах цяпер прагучэлі неяк у два сэнсы: з аднаго боку – дакорліва, з другога – усё роўна як адчайна, маўляў, навошта табе, Масейка, у нашыя справы лезці.

Па яе тоне, а найбольш па выразу твару, на якім адбілася ці не пакута нават, Масей адчуў, што дарэмна гэтак няўдала далучыўся да размовы; стала адразу ніякавага, акурат яго падлавілі на даўнім заляцанні; тым больш што пасля Ганчыных слоў і Андрэй Марухін неяк дзіўна паглядзеў на Масея.

Але вось крактануў Кузьма Прыбыткоў, і ўсё акурат пастала на месцы – і гаворка, што прымала, бадай, ужо непажаданы паварот, і тыя, хто прымаў у ёй удзел.

– Сянні не толькі твая паласа застанецца недакошанай, Ганна. Бачыш, нашыя таксама, дарма што ўвесь час з Масеем хапаліся. Ну а што да юшкі, дак тута Ганна праўду кажа – моцна ўсхадзіліся вакол нас чужыя людзі, так і свярбяць у сяго-таго рукі. Я ета зразумеў яшчэ, як прыходзіў сюды ўранні Пацюпа. Мы, Андрэй, таму рашылі ехаць на ноч у Верамейкі. Так што, браднік твой…

– Трэба толькі Дзяніса дачакацца, – як пра штосьці застарэлае, сказала Марфа Давыдаўна і абвяла ўсіх акурат умольным позіркам.


* * *

З дзённіка баявых дзеянняў ахоўных войск групы армій «Цэнтр». 1.7.1942. 221-я ахоўная дывізія, якая сумесна з падраздзяленнямі 286-й дывізіі заканчвае правядзенне чарговай аперацыі, паведамляе аб руху буйных сіл праціўніка ў раёне на поўдзень ад Почапа. Відаць, справа ідзе аб сілах, што былі выцеснены з суседняй вобласці армейскага тылу, дзе зараз праводзяцца значныя аперацыі. 203-я ахоўная дывізія паведамляе аб пачатку аперацыі пад кодавай назвай «Майкефар» («Майскі жук»), Паўсюды баі з праціўнікам. 2.7. Камандуючы генерал і шэф едуць у Магілёў для агляду 600-га казацкага батальёна і размовы з вышэйшым начальнікам СС і паліцыі. Прысутнічае аддзел I «а» 203-й ахоўнай дывізіі. Часці мясцовай паліцыі будуць удзельнічаць у аперацыі «Майкефар» для блакіравання з поўначы. 3.7. 221-я ахоўная дывізія паведамляе аб далейшым узмацненні бандыцкай дзейнасці ў раёне на поўдзень ад Почапа. Дывізія атрымала ўказанне ўмацаваць мясцовыя апорныя пункты і перш за ўсё гарнізон у Почапе. Паступаюць паведамленні пра бандыцкую актыўнасць у раёне Краснае, на шасейнай магістралі VIII. Кіраўніцтва бандытамі знаходзіцца ў руках ваеннапалонных, якія ўцяклі з лагераў. 4.7. Без асаблівых здарэнняў. 5.7. Дзённыя паведамленні сведчаць аб далейшым абвастрэнні абстаноўкі. Нягледзячы на ўзмоцненую ахову адбываюцца нападзенні на цягнікі з забеспячэннем і на абозы. Растуць выпадкі мініравання дарог. 6.7. Камандуючы генерал на самалёце ляціць у Гомель, у 221-ю ахоўную дывізію. Генерал-маёр Ландэ, якому да гэтага часударучана камандаванне дывізіяй, зараз прызначаны яе камандзірам. Генерал-лэйтэнант Пфлюгубайль пераведзены ў рэзерв фюрэра. Аддзел I «а» паведаміў 286-й ахоўнай дывізіі, што дзвесце добра ўзброеных партызан перасеклі шашу за 23 кіламетры на паўночны захад ад Рослаўля. Відаць, гаворка ідзе аб рэштках бандытаў, знішчаных у часе аперацыі «Вальдкэтар» 2-й танкавай арміі. 7.7. Камандаванне 2-й танкавай арміі паведамляе, што вызваліць для нас 350-ы пяхотны полк і 3-ці батальён 213-га артылерыйскага палка пакуль не мае магчымасці. Камандаванне 4-й арміі паведамляе, што змушана затрымаць адпраўку 704-га каравульнага батальёна.


X

Зазыба похапкам запрог буланага, вывернуў з калёсамі на паплаўцы паміж густога зарасніку да бялынкавіцкай дарогі, але тым не менш выязджаць на яе замарудзіў. Немцы маглі апынуцца ўжо і там. У такім разе заўсёды лацвей агледзецца чалавеку вакол, нават калі і прыспешвае нейкая справа, а на апошні выпадак – хоць вухам дапасці на якую хвіліну да наваколля, паслухаць. Аднак галасы, здаецца, і праўда ўвесь час даляталі сюды па вадзе з аднаго пясчанага плёса, дзе немцы знайшлі пераправу, да таго ж знарок прыглушаныя, значыць, пераправа адбывалася скрытна, і Чубар з Зазыбам натрапілі на яе выпадкова, можа, не так выпадкова, як нечакана. Але тады можна было лічыць, што якраз выпадковасць і развяла іх з немцамі.

Чубар тым часам нячутна палез у лазовыя кусты. Зазыба памкнуўся быў штосьці сказаць наўздагон, але перадумаў, балазе, на самай справе нічога важнага не было, каб затрымліваць чалавека, ды і самому неабходна было выбірацца адсюль, таму Зазыбу сапраўды, нарэшце, нічога не засталося, як выехаць на бялынкавіцкую дарогу, пільна ўглядаючыся ў два канцы. Немцаў не было відаць. Зазыба таргануў за правую ляйчыну, ціха цмокнуў, каб панудзіць буланага, але калёсы раптам затарахцелі на каранях, давялося зноў прыцішваць каня. Ехаць з такім шумам па лясной, звілістай дарозе адразу зрабілася страшна, дарма што заставалася малаверагодным, каб немцы паспелі непрыкметна праехаць тут. Аднак жа нездарма кажуць: таго, хто асцерагаецца, і бог у дадатак беражэ. Па ўсім выходзіла, што лепей было б з’ехаць з гэтай дарогі. Зазыба падумаў і павярнуў каня, паганяючы яго праз лес да Бесядзі, паўз якую ў Калодліва вяла яшчэ адна дарога, хоць і не такая шырокая ды торная. Праўда, недзе тут была яшчэ і трэцяя дарога, але каб даехаць па ёй да таго ж Зацішша, дзе Зазыба спадзяваўся напаткаць партызан, то давялося б праехаць ажно некалькі вёсак, прынамсі, дзвюх ужо ніяк не мінаваць – Панькоўскую Буду, а затым Кавычачы, дакладней, трэцюю частку іх, усё таго ж Мялька. Адна справа – хутчэй трапіць да партызан, другая – мазоліць сабою людзям вочы. Таму зразумела, што нетаропкі Зазыба з усіх трох дарог выбраў у думках другую, яна пры цяперашніх умовах здалася зручнейшай. Толькі як адсюль, з вусця Зубара, узбіцца на яе? «Ат, было не было!» – махнуў Зазыба рукой. Конь спярша лёгка сышоў з бялынкавіцкай дарогі, а далей не стаў слухацца вазака, сам пачаў выглядаць прагаліны паміж дрэў, якіх акурат хапала, каб не зачапіцца калясьмі; колы з ціхім хрустам зашуршэлі па сухім моху, але і праўда нягучна, прынамсі, таго шуму, які цяпер рабілі і конь сваімі капытамі, і колы, не хапала, каб вельмі парушыць зацятую цішыню, што ўсё яшчэ стаяла ў лесе; Зазыба нават падумаў, што гэта на руку, бо не трэба залішне высільвацца ды прыслухоўвацца. Разам з тым самастойнасць каня давала магчымасць не толькі арыентавацца на мясцовасці – ужываючы геаграфічную тэрміналогію, аднак і падумаць над акалічнасцямі, што раптам прымусілі Дзяніса Яўменавіча вяртацца назад, а Радзівона Чубара застацца ў вусці аднаго з прытокаў Бесядзі. Зазыбу патрэбна было заспець партызан у Зацішшы. Гэта найперш. Але магло стацца, што іх там ужо не было. Значыць, шукаць іх у такім разе патрэбна будзе ў іншым месцы, добра, калі б у тым жа Шурышчы. Таму Зазыба адразу ж пачаў прыкідваць у галаве, куды кіравацца. I пакуль ён безвынікова разважаў, буланы вывез яго к Бесядзі. Дарога тут была ледзь прыкметная, сёлета па ёй, бадай, ніхто не ездзіў; ішла яна паміж глыбокай поймай ракі і сасновым лесам, тулялася сярод дрэў.

А між тым трывога ў душы вырастала. Асабліва моцна адчуў яе Дзяніс Яўменавіч, калі ўспомніў пра сваіх на лузе. Канечне, сказаць пэўна, у які бок пасля пераправы рушаць немцы – на Кубракоўку ці на Белую Гліну, вызначыць нельга было, але Дзянісу Яўменавічу тым не менш чамусьці здавалася, што хутчэй за ўсё іх трэба чакаць ніжэй па Бесядзі, значыць, ужо сёння яны могуць дасягнуць Гончы, адкуль верамейкаўскі луг як на далоні.

1 ўвогуле – уведаць бы намеры немцаў?.. Толькі цяпер, на гэтай глухой дарозе, Зазыба здолеў уявіць учынак Радзівона Чубара, які застаўся пільнаваць нямецкую пераправу. Але як стане паводзіць сябе Чубар у далейшым, калі немцы пераправяцца на другі бераг Бесядзі, угадаць адсюль наўрад ці магчыма было. Тым не менш Дзянісу Яўменавічу чамусьці думалася, што к вечару недзе Чубар таксама вернецца ў атрад, бо не кожны адважыцца пайсці следам за немцамі адкрыта ды яшчэ з вінтоўкай. Разважаючы так, Зазыба падумаў і пра тое, што гэта добра, што Мітрафан Нарчук звёў іх сёння ў Зацішшы, знайшоў на двух тое заданне. I хоць па дарозе здарылася перашкода, аднак галоўнае адбылося – пасля доўгага расстання яны паспелі ў гэтай дарозе адным часам і паразумецца і знайсці паміж сабой, бадай, большае, чаго не хапала ім у даваенным жыцці, якраз даверлівасці, якая ў складаных умовах край патрэбна. Пра гэта Зазыба пачынаў ужо думаць, як яны ехалі ў Бялынкавічы, каб адтуль, забраўшы настаўніка Мурача, рушыць у Канічы. Аднак тады такое адчуванне яшчэ мала чаго дадавала ў іхнія адносіны, акрамя, можа, звычайнай здаволенасці, што нарэшцткі настала магчымасць слухаць адзін аднаго без зласлівай раздражнёнасці, якая раней магла тлумачыцца альбо не супадзеннем поглядаў, альбо проста неаднакавасцю характараў; цяпер прыходзіла новае ўсведамленне: вайна сапраўды многа што перайначыла.

Між тым не ўсё яны паспелі перагаварыць да Зубара. Гэта Зазыба адчуваў асабліва зараз. I чым выразней адчуваў, тым мацней хацеў далейшага паяднання; такая патрэба станавілася нібыта новым адчуваннем, якое вымагала здаволенасці. Дзяніс Яўменавіч гатовы быў нават прызнаць, што з даваеннага жыцця ён застаўся нечым вінаваты Чубару, акурат знарок не хацеў разумець яго тады, а ўжо няйначай што не ўлічваў маладога ўзросту, нявопытнасці, максімалізму і гэтак далей. Словам, з сённяшняга дня нібыта адкрывалася новая паласа ў жыцці.

Буланы, якога паганяў Дзяніс Яўменавіч аднымі лейцамі, ужо ляніўся, прынамсі, ніяк не мог набраць хуткасць. Ды і сама дарога, вузкая, ледзь пазначаная, замінала рухацца: як толькі буланы пачынаў разганяцца, аглоблі чапляліся за кусты, што ўвесь час навісалі над каляінамі, альбо колы наязджалі на леташнюю ці пазалеташнюю заваль. Трапілася і яшчэ адна перашкода, але яна якраз і вывела Зазыбу зноў на бялынкавіцкую дарогу недалёка ад Калодліва, лічы, ужо каля крайніх двароў, – то была звычайная ямка, выкапаная ўпоперак каляін, якую нельга было аб’ехаць, бо абапал блізка тоўпіліся дрэвы. Таму нічога не заставалася, як павярнуць каня ў лес.

Няйначай, малыя і вялікія нязручнасці гэтыя шмат забралі часу, бо калі нарэшце зноў паказалася бялынкавіцкая дарога, сонца стаяла ўжо недзе над Верамейкамі…

Дзіўна, але Дзяніс Яўменавіч толькі цяпер адчуў пах таго дыму, што ўжо каторую гадзіну распаўзаўся ад зацішанскай смалакурні па ўсім Забесяддзі задумлівымі хвалямі. Але ж не было відаць і чорнага воблака, што перад тым сягала пад неба. Таму Зазыбу падумалася: мусіць, недзе загарэўся ад сённяшняй спёкі лес. Ці ж хто вытрымае яе? Нават у голаў не стукнула, што гэта згарэла ў Зацішшы смалакурня.

Згадаўшы зноў пра немцаў, якія ўпотай перапраўляліся на Бесядзі, – а ўжо, няйначай, і пераправіліся, – Дзяніс Яўменавіч усё роўна як нанава стаў перажываць усё спачатку: і боязь ехаць вось так адкрыта па гэтай дарозе, і сваю трывогу за Масея і жонку; пра Чубара ён тым не менш чамусьці не ўспомніў; затое за апошнім павароткам дарогі, дзе канчаўся лес, раптам яму заманулася, што нехта паклікаў адтуль.


XI

Чубару не першы раз даводзілася назіраць за немцамі з такой вось хованкі. Пачалося з таго жыта, у якім Радзівон хаваў летась загінуўшага чырвонаармейца. Пасля і яшчэ шмат калі выпадала вось гэтак таіцца альбо ў кустах, альбо за плотам, асабліва тады, як выводзілі з Гусевым акружэнцаў за лінію фронту. Дакладней сказаць, вытрымцы ён навучыўся-ткі, нават у блізкай прысутнасці немцаў ці паліцаяў не адразу хапаўся клацаць затворам, тым больш што затвор у ягонай вінтоўцы даўно знаходзіўся на ахоўніку, даволі было адвярнуць рукаятку. Уласна, Чубар і цяпер гэтак зрабіў, няхутка і лёгка, акурат самахоць, тады лёг на белы мучністы пясок; з ракі тут нельга было ўбачыць яго, можа, толькі з высокай стромы, якая ўзвышалася на правым беразе Бесядзі. Аднак адтуль небяспекі таксама не магло быць, бо немцы перапраўляліся трохі вышэй таго месца, дзе Зубар злучаўся з Бесяддзю, і строма заставалася ў баку ад пераправы. Тым часам самому Чубару адсюль, з лазовай схованкі, назіраць было зручна. Немцы ўсё яшчэ рухаліся ўпоперак ракі, адзін за адным, грымаючы зброю і адзенне над галавою ў руках. Іх бы Чубару пачаць лічыць. Але рабіць гэта было цяжка. Нават няцяжка. Дарэмна. Падліку падцаваліся толькі тыя, што ўваходзілі ў ваду з левага берага. Шмаг немцаў паспела пераправіцца ўжо, іх немагчыма было лічыць увогуле ў натоўпе. Аднак ні артылерыі, ні бронемашын там не было таксама – кудысьці зніклі, відаць, немцы спяшаліся. Але чаму яны выбралі для пераправы гэты брод? «Можа, у іх карты гэткія падрабязныя, – падумаў Чубар, – а можа, праваднік вядзе з нашых?» Нездарма кажуць, што самы незразумелы для чалавека чалавек – гэта ён сам. У кожным разе, Чубар цяпер таксама быў не той, што ў пачатку вайны, а злашча – як старшынстваваў у Верамейках пасля Зазыбы. Але што прыкметна, мяняцца ён стаў якраз з мінулай восені, можа, нават яшчэ ў нечым і раней, гэта Чубар мог сказаць пэўна. Пачалося, здаецца, з таго, што ў душы падчас вялікага хвалявання пачало ўзнікаць даволі дзіўнае адчуванне, нават хутчэй не так самаадчуванне, як штосьці акурат жывое, і гэтае жывое нібыта бралася раптам шкрабаць па сэрцы. I тады адбывалася неспадзяванае перайначанне – што зусім нядаўна было напоўнена сэнсам, раптам пазбаўлялася яго, што ўчора яшчэ мела нейкае значэнне, сёння рабілася дарэмным, а то і нікчэмным. Спярша Чубар насцярожваўся, супраціўляўся гэтаму, аднак паступова пачаў разумець, што ёсць рэчы, у тым ліку, няйначай, і гэтае новае адчуванне, якія маюць не толькі сваю прычыну, а і сваё апраўданне. Не так жа сабе восенню ўсё часцей і часцей стаў з’яўляцца ў сне мінулагодні ваенурач, якога застрэліў на пясчанай выспе ў Расіі. Нейкі час сны бянтэжылі, ажно пакуль не прывык да іх, дакладней, пакуль не палічыў непазбежнасцю, з якой давядзецца жыць. А тут яшчэ гісторыя з немцам, што працаваў камендантам на бялынкавіцкім спіртзаводзе… Гісторыя – гэта к слову. Але Чубар не запэцкаў тады рукі крывёй, балазе, ахвотнікаў расквітацца з немцам і без яго хапіла. Напрыклад, Нарчук першы выхапіў наган з брызентавай кабуры… Чубар стаяў і глядзеў, як са скроні, чамусьці зусім нястрашна, пырснула кроў… Адбылося гэта ў красавіку, калі сышоў снег, і партызаны маленькай гурмой па тупкай зямлі, на якой не відаць было слядоў, падаліся, як тыя ваўкі-пераяркі, на свой першы промысел. Зіму ўсю яны, лічы, перасядзелі ў зямлянцы, у вёскі наведваліся толькі ў завейныя ночы, каб выведаць што-кольвеч пра немцаў ды папоўніць запасы харчу, якога заўсёды не хапала, дарма што забеспячэннем атрада займаўся не адзін Зазыба. Таму вясну ў Нарчуковым атрадзе сустрэлі з энтузіязмам, калі можна так сказаць, хоць атрад за зіму колькасна і не вырас. Але ў Бялынкавічах ім пашанцавала. Хтосьці падказаў, што на спіртзавод прыехаў з Бабруйска немец, які стаў адным часам і камендантам і галоўным спецыялістам прадпрыемства, і што гэты немец у чыне лейтэнанта паспеў займець у мястэчку палюбоўніцу з былых жонак чырвоных камандзіраў. Партызаны якраз і заспелі яго ў той кабеты. Палюбоўніцы яны не зачапілі, але немца забралі з сабой. Забівалі яго зусім недалёка ад гэтага вусця, дзе цяпер ляжаў Чубар, толькі па той бок бялынкавіцкай дарогі. Немец увесь час кідаўся штосьці растлумачыць забойцам, часта паўтараў – камуніст, сацыял-дэмакрат, аднак ніхто з партызан не валодаў нямецкай мовай, таму ягоныя спробы давесці нешта не мелі ніякага поспеху, а калі папраўдзе, то і не маглі яны мець яго – вельмі ж хацелася партызанам нарэшце запісаць на свой небагаты рахунак яшчэ адну ахвяру!.. Дзіўна, але твар таго нямецкага афіцэра ў сне таксама нібыта насоўваўся на твар ваенурача, і Чубар дасюль не мог даўмецца, чаму гэта паўтаралася. I ўвогуле ён не мог зразумець як след, што з ім рабілася цяпер, злашча, што і жыў ён, і дзейнічаў самым звычайным чынам, гэта значыць, як і заўсёды, дарма што ў ваенных умовах, моцна ўскладнёных варожай акупацыяй.

А самае непрыемнае было ў цяперашнім жыцці ў тым, што не дужа лёгка, а то і немагчыма было пераводзіць злосць у радасць. Чалавеку нельга хадзіць увесьчас са злосцю ў душы. Чалавек тады сохне і дранцвее, ператвараючыся ў небяспечную істоту. Лютасць павінна хоць бы вагацца на шалях, каб не заўсёды браць верх над радасцю.

Цяперашнія Чубаравы разважанні таксама былі на мяжы злосці і радасці, але першая давала адчуваць сябе тым не менш мацней. Ды іначай яно, бадай, і не магло быць.

Немцы між тым усё рухаліся тонкім ланцугом па вадзе. Тупалі марудна, як назнарок, і Чубар не мог прымусіць сябе лічыць іх, знаходзячы кожны раз прычыну для гэтага…

Пры ўсім пры тым Чубар думаў, што залёг у бяспечным месцы. Але не. Раптам штосьці варухнулася ззаду ў кустах. Ён гэта пачуў добра. Нават прыкінуў – няйначай, Зазыба вярнуўся нечага… Але азірнуцца ўжо не паспеў. Моцны ўдар патрапіў яму па патыліцы. Бліснулі іскры ўваччу. Затым стала балюча і цёмна.

У такім стане ён, вядома, не мог бачыць, яктры чалавекі ў нямецкай форме, але пры рускай гаворцы, узялі яго ды павалаклі з лазовых кустоў, быццам парсюка таго на смаленне, на пераправу.

* * *

За Калодлівам Зазыба пагнаў каня не шкадуючы: торгаў раз-пораз лейцамі, нокаў-цмокаў, але буланы і цяпер варушыўся не дужа; да таго ж сёння ў яго чамусьці заёкала селязёнка.

На палянах у Панкоўскім лесе, усё роўна як іуман пасля цёплага дажджу, плаваў сівы дым, на зямлі лапінамі ляжала сажа. Цяпер Зазыба ўжо мог думаць, што чад, няйначай, утварыўся ад пажару на зацішанскай смалакурні. Але навошта спалілі яе? Дзяніс Яўменавіч з’едліва ўсміхнуўся, маўляў, забілі зайца – не забілі, а шуму многа нарабілі!.. Тым часам, акрамя партызан, паліць смалзавод тут не было каму, бо немцы якраз прымушалі як хутчэй аднавіць на ім работу. Зазыба мог меркаваць наперад, што ў навакольных вёсках, якія карысталіся паслугамі смалзавода, не даспадобы будзе такая ініцыятыва, незалежна ад каго яна зыходзіла – без шкіпінару ды дзёгцю якое жыццё селяніну? Зіма сёлетняя, напрыклад, паказала, што лучына – далёка не самы лепшы сродак для асвятлення хаты. I ўвогуле ў акупацыі вельмі моцна пацвердзілася старадаўняя ісціна, што сапраўды чалавеку нельга заракацца ні ад турмы, ні ад сумы. Разбурыць, аказваецца, няцяжка, але як на разбураным жыць? Сорам казаць, але Дзянісу Яўменавічу самому давялося ўзімку вазіць колькі разоў сала ды яйкі ў Крутагор’е. Праўда, не соль ды мыла былі галоўным у тых паездках. Зазыбу даручылі ў Нарчуковым атрадзе наведвацца ў партызанскія сем’і, якія вярнуліся яшчэ ўлетку з няўдалай эвакуацыі і жылі цяпер у горадзе. Таму Дзяніс Яўменавіч вазіў нямала чаго і ў райцэнтр, таксама як і прывозіў адтуль у вёску, балазе выменяць сялянскія прадукты на патрэбныя нямецкія рэчы можна было лёгка, а важна – не надта дорага. Словам, у гаспадарцы цяпер, як ніколі, усё прыдавалася. Зазыба часта ўспамінаў бабінавіцкага краўца Шарэйку, які нават не апраўдваўся ў мінулае лета за нямецкае шытво на стале. Мікіта Драніца, які таксама выпрасіў у Брава-Жыватоўскага пропуск у Крутагор’е, хваліўся пасля ў Верамейках: «А што немцы? Ды ім толькі пакажы: за два яйкі – іголка для ручной работы, за пяць – для машынкі. У іх етых іголак колькі хочаш. Ды й другога барахла хапае, таксама солі, запалак… Як у тых местачковых яўрэяў раней. На абмен магазін адкрылі. З рук салдаты гандлююць – гер, гер, а тады ў кішэню сабе цап». Ды што Мікіта? Усе вёскі ўцягваліся ў новае жыццё, якое звалася цяпер «новым парадкам», хоць парадку якраз і не хапала. Проста не назіралася яго. Нават па гэтым смалзаводзе відаць!.. Як ні круці, а пацвярджалася ісціна: не наглытаўшыся дыму, ля вогнішча не сагрэешся…

Зазыба даўно разумеў што ягоныя думкі, разважанні аб жыцці, аб часе, уладзе і так далей заўсёды выпрабоўваліся на разрыў, аднак цяпер да ўсяго яшчэ і абараняць іх часцей за ўсё патрэбна.

Хоць Дзяніс Яўменавіч і часта ездзіў у мястэчка і горад, аднак да немцаў усё-ткі па-сапраўднаму прыгледзецца не здолеў. Што ж да партызан?.. Тут іншае. Тут, як кажуць, свае людзі, якіх ведаў раней. Але ж узаемаадносіны былога крутагорскага начальства, якое з прыходам немцаў пайшло ў партызаны са сваімі сем’ямі, дзівілі.

Сёння Зазыба таксама нездарма спрабаваў высветліць у Чубара, ці ўплывае на дзейнасць раённага атрада гэтая акалічнасць, усё-ткі – жонкі і дзеці некаторых партызан жывуць у варожым стане, а самі яны тут, у лесе? Канечне, Зазыба і сам ведаў, што ўплывае і што гэтая праблема больш значная, чым можа здавацца, але ён не хітрыў з Чубарам; гэткім чынам яшчэ раз карцела пераканацца, наколькі ўсведамляюць яе іншыя і як наогул падобнае заложніцтва стане адбівацца не толькі на далейшых справах, а і на самім жыцці, бо ўжо рабілася зразумела, што лёс датычыў не адных крутагорскіх кабет ды дзяцей – усяго народа, які падпаў пад акупацыю. Пры такім заложніцтвс ахвяры могуць быць незлічоныя. Але цяпер не гэта, дакладней, не адно гэта займала Дзяніса Яўменавіча. Дарэчы, як і ўранні, калі ехаў на адным возе з былым верамейкаўскім старшынёй. А і тое, што непасрэдна датычыла паводзін людзей. Напрыклад, не хацелася тлумачыць толькі страхам перад расплатай за мужава знаходжанне ў Чырвонай Арміі палюбоўныя адносіны бялынкавіцкай кабеты з нямецкім інтэндантам. Ці ж адным страхам за мужава знаходжанне ў партызанах можна было апраўдаць, што адна з жанок стала прымаць у сябе ў Крутагор’і па вечарах ледзь не па чарзе нямецкіх салдат… Ды і само знаходжанне партызанскіх сем’яў у раённым цэнтры не падцавалася цалкам абгрунтаванню – як бы ні сачылі за імі паліцаі ды немцы, а вывесці кабет з дзецьмі адтуль магчымасць заўсёды знайшлася б. Значыць, такое становішча задавальняла пакуль і тых, і другіх. Да таго ж людзей не прымусіш маўчаць. Хадзілі чуткі, што ў Нарчука нібыта мелася нейкая дамоўленасць на гэты конт з начальнікам паліцыі Рослаўцавым, які змяніў Жмэйду: маўляў, вы нашых сваякоў, што жывуць у вёсках, не чапайце, а мы ў адказ вашых тут не закранем… Праўды і домыслаў хапала. Таму іншы раз надзвычай цяжка было вылушчыць з іх сапраўднае зерне тае ж праўды.

У тым, што падобныя развагі цяпер вывелі Дзяніса Яўменавіча на не надта, скажам проста, лёгкія рэчы, былі і свая заканамернасць, і свая паслядоўнасць. А тут яшчэ гэты пажар на смалакурні, гэты чад!..

Відаць, думкі, змрачнейшыя адна за адну, снаваліся нават самі па сабе аж да канца дарогі, але раптам абарваліся: Зазыба страпянуўся – чуліся стрэлы; спярша адзін, затым другі, а праз якую чвэртку хвіліны пасыпаліся гарохам, усё разам ды разам, мала калі перашчукаючы. Узніклі стрэлы з правага боку, акурат як пад’ехаць Зазыбу да былога панскага маёнтка, з якога і праўда мала чаго засталося – найбольш гаспадарчыя мураванкі ды цагляныя падмуркі. Адсюль ужо лёгка было адгадаць, што стрэлы даляталі не з Зацішша. Былі яны далёкія, прыглушаныя лесам. Значыць, разлягаліся сюды аднекуль з Гончы, можа, далей. Зноў страпянулася бацькава душа.


XII

Касцоў на верамейкаўскім лузе стрэлы гэтыя таксама заспелі знянацку.

Масей ішоў да Прыбытковага воза. Яму рупіла іншае.

Што Ганну Карпілаву дарэмна ён вывеў з раўнавагі, гэта ён усведамляў. Як кажуць, няхітрая справа. Але ён не зусім разумеў яе ўзрушэнне. Калі яна загаварыла раптам на высокім голасе, ён адчуў спіной, як насцярожыліся стары Кузьма, маці, а найбольш Андрэй Марухін, які, канечне ж, вінаваты быў, што бегаў недзе і мала касіў на сваёй паласе. Але ў Ганчынай узлаванасці Масей улавіў разам з тым непрыязнасць, быццам і яго віна была тут. А можа, у яе штосьці засталося на яго з восені? Ад той сувязі, што ўзніюта і хутка скончылася паміж імі? Шляхоў для тлумачэння Ганчынай нястрыманасці знайшлося б і далей нямала. Але Масей нарэшце спыніўся на адным – такім вось чынам кабета, няйначай, хацела ў прысутнасці чалавека, з якім цяпер жыла, правесці размежаванне паміж былым палюбоўнікам і сабой.

З прыкрасцю, што ўсё не пакідала яго, Масей азірнуўся назад: маці з Кузьмой Прыбытковым усё яшчэ заставаліся на месцы, ускрай сваіх палос, аб нечым гаварылі, а Ганна Карпілава з прымаком стаяла ўжо на сваёй пожні, што вылучалася на лузе паміж іншых, як хахол на казацкай галаве: сапраўды, суседзі, нават тыя, дзе не было ў дварах мужчын, паспелі калі не скрозь пакласці траву, то частку, а Ганчына ўсё яшчэ цягнулася стаячай травой ад лесу да Бесядзі. «Трэба ўсё-ткі памагчы заўтра Андрэю, – усміхнуўся, акурат з нейкай зацятасню Масей, тады перадумаў нанова: – Урэшце, бацька паможа». Выйшаўшы ў думках на бацьку, Масей з дакорам падумаў што маці дарэмна хоча дачакацца таго з якойсьці незразумелай паездкі, тым больш – Кузьма Прыбыткоў, адпусціўшы нявестку ў вёску, здаецца, таксама ўжо нудзіўся па дому. Значыць, абкосіны сапраўды давядзецца спраўляць заўтра.

У адсутнасць бацькі Масей разважаў ужо як гаспадар.

На ўзмежку Масей смаргануў злетаваную сушаніцу: каробачкі яе трывожна зазвінелі, ажно здалося, што гэта яны так на ўвесь луг, і ён на момант супыніўся, спрабуючы суцішыць іх. А тыя пашумелі ды самі і перасталі. Аднак Масей усё роўна як з неўразуменнем пастаяў яшчэ на месцы, тады здзіўлена ўсміхнуўся, падчапіў касой расліну, зрэзаў і зусім без жалю выкінуў на галы прамежак. Дзіўна, але і трывожны звон сушаніцы, і нечаканая, амаль несвядомая расправа над ссохлай раслінай прынеслі Масею ледзь не палёгку ў душу, звёўшы найперш за ўсё ўнутраную ніякаватасць да самага простага: у чалавека заўсёды ёсць што-небудзь на сумленні, бо грэх і жыццё – брат і сястра. Канечне, гэта занадта сказана. I тым не меней Масей не стаў пераконваць сябе ў адваротным, а злашча – яшчэ каго.

Неба над лесам паступова ачышчалася і ачышчалася ад смалакурнага дыму, можна сказаць, ён ужо амаль не засціў небакраю з таго боку, і толькі ўедлівы пах угарнасці стаяў яшчэ зусім блізка, патыхаў адтуль, не даваўся кволым павевам ветру з-за Бесядзі, які ўсчынаўся недзе на строме, употай шалясцеў над лугам, кожны раз заціхаючы на ўзлеску.

Сонца перамясцілася цалкам на той бок Бесядзі, стаяла паміж Папоўкай і Дзербай і ўсё яшчэ горача праменілася. Але дзень хваляць пасля таго, як сонца зойдзе.

Масей усміхнуўся. У Сібіры ён доўга не мог прывыкнуць, як там прачыналася ўранні сонца і заходзіла ўвечары. Чамусьці кожны раз, пакуль ён там быў асабліва калі сядзеў у лагеры ў Марыінскім, яму здавалася, што з’яўлялася яно на небе не там, дзе належыць, быццам усход памяняўся месцамі ці наадварот. Што значыць не свая зямля! Адзін час яму нават думалася, што гэты занятак – вяртаць сонца на яго месца – ператворыцца са штодзённай зацятай забавы ў асаблівую пакуту, якая будзе павялічваць астатнія, што выпалі на долю. Аднак амаль на ўсё бывае «аднак». Паступова Масей прызвычаіўся, не прывык, а прызвычаіўся да сонечных усходаў і заходаў у Сібіры, акурат да цеснай вопраткі ці мулкіх ботаў. Таму ў Беларусі давялося зноў прывыкаць да ранейшага сонцазвароту. I ўсё-ткі канчатковы працэс адаптацыі адбыўся толькі тут, як Масей апынуўся ў Верамейках: усё стала знаёмым – і Вялікая Мядзведзіца над пуняй, і сонца пры вячэрнім схіле над Замасточчам, і ранні світанак над Ілінішчам. У Забесяддзі колькі ні стой, дзе ні хадзі, нават як ні пераскоквай цераз галаву, а Захад будзе для яго на захадзе. Усход на ўсходзе. Масей любіў сваё Забесядцзе з яго рэзка кантынентальным кліматам, з вялікімі маразамі ўзімку і гарачымі днямі ўлетку; тым больш што гэта было, бадай, адзінае месца амаль на самай сярэдзіне Еўропы, адкуль можна назіраць паўночнае ззянне. Гэтай зімой верамейкаўцы таксама глядзелі яго, хоць некаторыя і ўспрынялі прыродную з’яву як нядобры знак.

У вайну ўвогуле шмат якія адзнакі прыроды ва ўяўленні людзей мянялі сваю сутнасць, прынамсі, са звычайных і лёгка растлумачальных рабіліся ледва не лёсаноснымі. Народ зноў станавіўся вельмі забабонным, бо верай у розныя прымхі, забабоны людзі не толькі спрабавалі адгадаць свой лёс, сваю будучыню, а і супакойвалі сябе, шукалі надзею для выратавання. Нездарма кажуць, што жыццё падобнае на балотную ваду – адно ўзмуці яе, не скора астоіцца…

Недзе Масей чытаў, што думка нагадвае неспакойную лісу, якая, колькі ні ганяй і ні палохай яе, заўсёды ўратавальны ход прарые сабе.

Тым не менш Масей не апёкся аб свае думкі і не пашкадаваў пра іх. Наадварот, нібыта нанава ўпэўніўся ў нечым. Напрыклад, у той жа любові да краю. I яшчэ – Масей раптам зразумеў, што дзякуючы так званай малой радзіме, дзякуючы Бесядзі, Верамейкам і гэтаму лугу за Топкай Гарой, дзякуючы маладому ласю і, можа, ужо трохі Анюце Прыбытковай, далучыўся да нечага такога, што незваротна і свята, што на звычайнай мове завецца проста паўнатой жыцця. Яму было адным часам і самотна, і хораша, як пры вялікім адкрыцці, можа, нават пры даўжэзным, трагічным зыходзе. А ён і праўда недалёка быў, той зыход. Пройдзе потым шмат гадоў, Масей вернецца сюды зноў. Але тады ягонае Забесяддзе будзе ўжо бязлюднае, у вялікай хваробе, якую ва ўсім свеце назавуць Чарнобылем!..

Масей нарэшце спыніўся на краі сенажаці, спыніўся мянташыць касу, каб занесці над гарачай травой. I ў гэты момант па нейкай утрапёнай цішыні зразумеў, што на лузе зноў адбываецца штосьці незвычайнае. Затрымаўшы ў руцэ мянташку, павёў позіркам спярша па палосах, затым сігануў позіркам далей, за раку. На гары, паміж Гончай і пасёлкам, стаялі коннікі. Зразумелая справа, што Масею адразу кінулася ў галаву – адкуль? І яшчэ – партызаны ці немцы? Масей павёў вачамі далей. З Гончы на мост выпаўзала цэлая калона. Першай у калоне рухалася аўтамашына, за ёй ехалі падводы, у прамежках тупалі людзі, за імі – гарматы. Сапраўды, пазнай іх адсюль – хто? Масей зноў паглядзеў на гару, дзе гойсалі коннікі. Няйначай, яны таксама дзівіліся адтуль, хто гэта здранцвеў пры выглядзе іх на зарэчным лузе.

Між тым цішыня сярод верамейкаўцаў і праўда стаяла як здранцвелая. Але вось адзін коннік, выехаўшы трохі наперад, падняў на ўзровень галавы карабін (коннік, то і карабін), прыцэліўся кудысьці ў левы бок перад сабой і стрэліў. Гук ад стрэлу пераляцеў цераз Бесядзь, але не разлёгся далесу, таму, здавалася, не выклікаў пачуцця небяспекі. Затое куля пачала раптам свідраваць паветра, наводзячы пранізлівым, акурат жывым віскам жах. Але нездарма кажуць: куля, якую чуеш, не твая. «Немцы, немцы!» – закрычалі на лузе. Услед за гэтымі крыкамі Масей таксама нарэшце здагадаўся – сапраўды немцы. Тут жа Масей убачыў і чалавека, па якім ужо ўроссып стралялі з гары: той шыбаваў па лузе ад пераезда, што знаходзіўся супроць моста, па якім усё яшчэ рухалася калона. Кулі вішчэлі роем, а чалавек усё бег і бег; было відаць, што ён забіраў улева, туды, дзе паміж Дзербай і Бесяддзю раслі ў балацявіне ракітавыя кусты. Пэўна, што там ддя яго быў паратунак. Але не. За якую сотню крокаў ад той балацявіны чалавек раптам першы раз спатыкнуўся, тады другі… Адсюль, дзе стаяў Масей, упаўшага нарэшце ўцекача не было відаць, аднак з гары немцам, няйначай, усё на лузё бачылася як на далоні, бо страляць яны не пераставалі.

Дзіўна, але ўтарапелыя верамейкаўцы, якія ўжо зразумелі, што да чаго, кідацца ў лес не хапаліся, стаялі на сваіх палосах і назіралі за тым, што адбывалася ў іх на віду. Можа, і ім пакуль, як і Масею, здавалася, што рабілася ўсё – і на тым баку Бесядзі, і тут, на лузе, моцна запаволена, таму выглядала, як штосьці штучнае, прынамсі, ні страху, ні разгубленасці. I раптам у кагосьці з верамейкаўцаў вырвалася: «Уцякайма, а то пастраляюць!» Лічы, у адно імгненне пасля гэтага луг проста ўзбурыўся галасамі. Людзі замітусіліся, а яшчэ праз момант сыпанулі к лесу.

Усхваляваная Марфа Давыдаўна падскочыла да сына, пазвала:

– Хадзем, сынок, адсюль, бяжым у дес, а то й праўда застрэляць!..

З другога канца сенажаці, ад Бесядзі, ужо шкандыбаў сюды з касою Кузьма Прыбыткоў.

– Во, – усё роўна як усклікнуў ён, калі нарэшце падбег, – і ў нас вайна праўдашняя пачалася!

– Па кім яны?

– Га, – павярнуўся да Масея стары, – дак хіба ж хто ведае?

Немцы раптам перасталі страляць, можа, ад здзіўлення, што гэтак устрывожыліся на лузе сяляне. Але праз момант зноў пачалі страляць. Кулі цяпер чуліся ў другім баку – лявей, недзе ў канаплёўскім канцы лугу.

Следам за маці Масей таксама кінуўся наўцёкі, балазе, лес недалёка быў. На краі яго, як схавацца за дрэвамі, Масей азірнуўся, утарапеў: замест таго каб ратавацца ў лесе, Кузьма Прыбыткоў лавіў на лузе напалоханага каня.

Хтосьці загаласіў у лесе, нехта стаў зваць. «Забілі, забілі!» – чулася скрозь дрэвы, але каго забілі і ўвогуле, ці забілі, ніхто не ведаў. Тым больш што спалоханага не перакрычыш.

Але вось за ракой прагучалі апошнія стрэлы. Змоўклі здзічэлыя кулі.

Кажуць, ва ўсякай бядзе хоць нехта, але павінен быць вінаваты.


XIII

Зазыба ўехаў у Зацішша яшчэ пад гукі стрэлаў. Але партызан у пасёлку не заспеў.

Каля хаты мясцовага паліцэйскага стаялі натоўпам бабы. Зазыба спыніў каня, падышоў. У кругу зацішанскіх кабет ляжаў застрэлены сын паліцая. Куля вырвала навылёт яго правую скроню, але рана ўжо не крывавіла. На мураве кроў загусла, стала моцна чарнець. На твар мерцвяка наляталі мухі.

Ніхто не плакаў. Вакол забітага стаялі адны чужыя. Гэта Зазыба заўважыў адразу, як падышоў. Але ў натоўпе знаёмых жанчын было шмат. Дзяніс Яўменавіч тут жа згледзеў старую Лукашыху, Арыну Дыскіну, Марылю Вусніч, Кацярыну Кудраўцаву… Уласна кажучы, мала каго з зацішанскіх кабет ён цяпер не назваў бы, можа, калі маладзейшых ды тых, што прыпыніліся ў пасёлку з мінулага лета, з часу эвакуацыі. Твары ў кабет былі змрочныя – у якой назнарок, а то часцей поўныя сапраўднага жалю, і толькі дзеці, здавалася, яшчэ не разумелі, што ў пасёлак такім вось чынам прыйшла першая ахвяра вайны, – бегалі вакол, нават смяяліся…

Адсюль, ад паліцаевай хаты, відаць было згарэлую смалакурню. Жалезны кацёл яшчэ выдыхаў з сярэдзіны сваёй дым, які, аднак, цяпер не шугаў угору, адразу ападаў, нібыта абліты вадой, на зямлю і тады ўжо распаўзаўся вакол, кучоміўся, чапляючыся за што льга; кацёл стаяў не толькі гарачы яшчэ, але і да чырвані распалены, адтуль ажно сюды, на вуліцу, патыхала. I тым не менш дыму ў пасёлку было меней, чым у лесе.

– Хто яго? – спытаў Зазыба пра мёртвага хлопца.

– Дак… – хацела сказаць штосьці ў адказ Арына Дыскіна, але з натоўпу пачуўся другі голас:

– Дак хто ж? Парцізаны!..

Тады Зазыба яшчэ спытаў:

– Чые? – Аднак і сам здзівіўся такому свайму запытанню.

Але дарэмна.

– Дак хто ж іх цяпера ведае? – буркліва адказаў той жа голас. – У нас жа ў пасёлку сваіх няма. Гавораць, што крутагорскія. Некаторыя людзі пазналі, дарма што морды адварочваюць.

Дзіўна, але Дзянісу Яўменавічу чамусьці ажно не хацелася, каб паліцаевага сына забілі Нарчуковы партызаны, тым больш што ў Забесяддзе, як казаў Чубар, прыйшоў новы партызанскі атрад. Пры гэтым Зазыбу і ў голаў не прыходзіла спытаць зараз, што ўвогуле адбылося ўпасёлку. Ды і за што забілі паліцаевага сына, лічы, яшчэ дзіця? Няўжо толькі за тое, што быў сынам паліцая? Падобнае ўжо здаралася, у тым ліку і ў грамадзянскую вайну, што сына каралі за бацьку, а бацьку за сына, асабліва пасля, у часе раскулачвання, але Дзяніс Яўменавіч ніколі – ні раней, ні пазней – не хваліў у душы савецкую ўладу за гэта. Урэшце, самога ж пазбавілі старшынёўства ў калгасе праз Масея…

Зазыбу належала цяпер спытаць у зацішанскіх кабет і яшчэ пра адно: у які бок з пасёлка падаліся партызаны? Справа, дзеля якой ён перапыніў паездку ў Жалезніцу, з-за якой вярнуўся, не цярпела затрымкі. Але спытаў пра іншае:

– Дзе ж Косця?

Гэта мясцовага паліцая так звалі.

– Дак уцёк жа, – буркнула ўсё гая ж старая.

– Ну а Матруна? – паглядзеў на яе паўз галовы Зазыба, спрабуючы пазнаць, хто гэта.

– Матруна падхапіла дачок ды таксама наўцёкі. Цяпера во чакаем, калі вернецца. Абмываць жа хлапца трэба ды на могілкі несці. Хаваць трэба, раз забілі. Ды й паплакаць над нябожчыкам час ужо.

Тады Зазыба нарэшце спытаў, бадай, пра галоўнае:

– За што яго забілі?

– А ў нас не пыталіся! – усё роўна як запальчыва сказала Кацярына Кудраўцава, якая трымала на руках малое дзіця.

Зазыба з дакорам глянуў на яе, паціснуў плячамі:

– Як гэта, забілі чалавека, і ніхто не бачыў, за што?

Тады падняла сваю проставалосую галаву старая Лукашыха, неяк зверавата бліснула вачамі на былога старшыню:

– Чаму ета не ведаем? За паперкі забілі, якія ён клеіў на сценах.

Зазыба спытаў:

– За тыя, што ўчора самалёт раскідваў?

– Дак хто ж яго знае!.. Але я бытта чула на свае вушы, як крычаў крутагорскі Чарнагуз на Косцевага хлопца – мы табе пакажам, пісака, мы цябе зараз да сценкі самога прыклеім заместа етай лістоўкі! Ну во і прыклеілі!.. Я ета думала, што яны адно пагражаюць мальцу. Ці мала якія свавольствы ў етакім узросце могуць быць у несмысля, а тута раптам чую – бах, бах, ажно два разы.

– Ага, стралялі, здаецца, два разы, – пацвердзіла Лукашысіны словы Арына Дыскіна.

– Адзірка ў галаве дак і праўда адна…

– Дак…

Цяпер усе ўжо гаварылі як з ахвотай.

Між тым Дзянісу Яўменавічу карцела ўвесь час спытаць у каго і пра тое, куды падаліся партызаны. Але і на гэтае пытанне адказала Лукашыха.

– Мы не дужа глядзелі за імі, – сказала яна. – Пажару во нарабілі, бадай на ўсё наваколле, можа, нават за Бесядзь пайшоў, а самі цяпера…

– Па кавычанскай дарозе пайшлі, – падказала Кацярына Кудраўцава. – Ды не сумнявайцеся, Зазыба, гэта нашы былі, крутагорскія.

– Я не сумняваюся, – чамусьці акурат ні з таго ні з гэтага заспяшаўся Дзяніс Яўменавіч… – Адзе ж вашы мужыкі?

– Бытта сам не ведаеш? – зноў азвалася тая бурклівая старая, якую Зазыба ўсё яшчэ ўгадаць не мог. – Маладых па набілізацыі пабралі, а старыя шушунікі дак такія во, як і мы. Дак етыя таксама, няйначай, пахаваліся: маўляў, і вочы нічога не бачылі, і вушы не чулі. А з маладых быў адзін еты рослы падлетак, дак і яго забілі. Ты б ета, Зазыба, заявіўдзе, няхай бы пакаралі за ета каго трэба, а то ж дзе ета відаць, каб дзяцей забівалі? Якая яшчэ віна ў такога? У етых жа парцізан нябось таксама дзесьці начальства ёсць? Дак… А можа, хіба ўжо без руськага начальства? Дак…

Астатнія кабеты, якія нарэшце разарвалі свой круг ды абступілі адзінага на ўсю вуліцу мужчыну, заківалі галовамі: маўляў, старая праўду кажа – дзе цяпер шукаць той абароны, таго паратунку? Іледзячы на іх, Зазыба падумаў раптам: выходзіць пакуль, што немцы з паліцаямі самі па сабе, партызаны – таксама нібыта не свае, крутагорскія…

Як чалавек Зазыба быў з мудрэйшых, гэта наўрад ці стаў бы хто аспрэчваць, але і ён яшчэ няздольны быў угадаць наперадзе таго крывавага замарачэння, якое праз год, паўтара звядзе са свету вялікую частку ягонага народа… Для многіх аказалася, што забіць чалавека – няцяжка!.. У жыцці багата што паўтараецца, дарма што адна і тая ж з’ява завецца па-рознаму. Можа, якраз па гэтай прычыне Зазыбу раптам заманулася, шго на яго памяці ўжо адбывалася нешта падобнае – і кроў на траве, і рана шматкутная, акурат пакалечаная зорка…

Але Дзяніс Яўменавіч ведаў тым часам: людзі памыляюцца, думаючы, што чалавек не можа памерці абы-калі, ён памірае тады, калі настае яго час… Ну а гэты падлетак, паліцаеў сын? Хто яму наканаваў такую смерць? Дзе той суддзя, што займеў права забраць ягонае жыццё?

Жанчыны глядзелі на Зазыбу, маўчалі, бадай, чакаючы, што скажа ён. Вядома, ён пагаворыць з Нарчуком, скажа камандзіру партызанскага атрада, што гэта апошняя справа – ваяваць з дзецьмі, дарэчы, як і з дапамогаю дзяцей. Можна здагадацца таксама ўжо наперад, з чаго пачне Нарчук… У жыцці ўсё можна апраўдаць на словах. Але сумнявацца заўсёды лягчэй, чым верыць… Ды і праўду не заўсёды робяць шабляй… Пра гэта Зазыба даўно ведаў хоць сам і моцна некалі памахаў ёю…

Усё роўна як назнарок парушаючы маўклівасць дарослых, спярша захныкала, потым заплакала малое дзіця Кацярыны Кудраўцавай. Нехта з жанок падказаў маці:

– Ты пакармі яе.

– Ага, пакармі, – заківалі галовамі другія жанчыны, нібыта здаволеныя, што хоць у адной з іх знайшоўся іншы занятак.

– Нічога, патрывае, – тым не менш сказала ветэрынарыха, але хутка перадумала – выйшла з натоўпу.

Зазыба таксама акурат выпіхнуўся з жывога кола. Сказаў:

– Вы тут глядзіце, бабы, а мне няма калі, ехаць трэба.

– Дак…

– А што ж нам рабіць з етым дзіцём забітым?

– Ну праўда, не пакідаць жа яго тута аднаго?..

Зазыба пастаяў, усё роўна як шукаючы ў думках адказу на гэтае пытанне, але сказаў зусім пра іншае:

– Я хацеў папярэдзіць вас, бабы, – немцаў нядаўна бачыў у лесе за Калодлівам.

Натоўп страпянуўся. Аднак утарапенне не доўга трымала людзей.

– Дак чаму ж ты маўчаў? – пляснула ў далоні старая Лукашыха.

– Ага, чаму?

– Дак чаму?.. – узбурыліся жанчыны.

– Бо не ведаю і цяпер, куды яны едуць, – без усялякае віны сказаў Зазыба. – Перапраўляліся на той бок Бесядзі.

– Дзе?

– Ну там, дзе Зубар упадае ў Бесядзь.

– Хвала богу, не да нас!.. – здавалася, за ўсіх разважыла ўсё тая ж Лукашыха.

Але гэта нікога не супакоіла. Пачалі акурат пытацца:

– Адкуль табе ведама?

– Дак…

– Маглі туды пераехаць, а хто ім забароніць вярнуцца?

Сказала сваё слова Арына Дыскіна, але яўна спрабуючы напалохаць:

– Ну вось, спярша партызаны пастралялі ды папалілі тут, цяпер немцы захочуць здзекавацца.

Тады зноў ажыла старая з бурклівым голасам.

– Арына праўду кажа, – нецярпліва азвалася яна і тут жа сказала, што ёй рупіла: – Але што ж будзем рабіць з етым забітым хлопцам?

Паліцаеў сын тым часам патрохі ўжо чарнеў тварам, аднак выгляд усё яшчэ меў жывога чалавека; калі б не рана на скроні ды мухі, то можна было падумаць, што гэта ён употай ляжыць у натоўпе, слухае вакол сябе самую цікавую ў ягоным жыцці гамонку…

Ніхто не стаў адказваць старой, можа, таму, што страх заўсёды мацней за надзею. Зазыба палічыў што яму сапраўды ўжо няма чаго рабіць тут, пайшоў да калёс. Тады азірнуўся, быццам адчуў віну за сабой. Ды і як іначай – паявіўся ў пасёлку пасля партызан адзін мужчына і той кудысьці спяшаецца, не даўшы рады кабетам?

Было відаць ужо, што ніхто не хацеў заставацца далей каля нябожчыка, а тым больш – браць без бацькоў на сябе клопат па пахаванні: бабы таксама крануліся разыходзіцца па дарогах. Зазыба бачыў што толькі адна постаць даўжэй пастаяла на месцы. Але і яна неўзабаве зварухнулася, паглядзела на, Зазыбу. Дзяніс Яўменавіч пазнаў яе. То была Ганна Піханава. Да вайны яна працавала ў райземаддзеле аграномам. Часам наведвалася па рабоце і ў Верамейкі. Праўда, тады старшынёй у калгасе працаваў ужо Чубар. Тым не менш Зазыбу, як загадчыку гаспадаркі, таксама ўжо хапала спраў якія зводзілі іх. Але ў мінулую восень раённая аграномка нейкі час жыла ў Зацішшы. Калі да Крутагор’я падыходзілі немцы, яна таксама кінулася ў бежанства, паклаўшы на багажнік веласіпеда ўвесь свой скарб. З далёкім бежанствам у яе не выйшла: абоз, з якім яна накіроўвалася ў Расію, немцы не прапусцілі далей Старадуба. Вяртацца ў Крутагор’е Ганна Іванаўна не рашылася адразу, таму ўгаворвала сяброўку, інжынера лясной гаспадаркі Марфу Зяленскую, падацца ў забесядскія лясы. Так яны і апынуліся ў Зацішшы. А неўзабаве начальнік разведкі партызанскага атрада Павел Чарнагузаў угаварыў іх вярнуцца ў Крутагор’е. Ну а ўжо зімой у былы райцэнтр ёй вазіў даручэнне ад Нарчука Дзяніс Яўменавіч.

– Дзень добры, таварыш Зазыба, – павіталася дзяўчына яшчэ на адлегласці.

– Што вы тут робіце? – таксама даўшы «дзень добры», спытаў Зазыба.

– Я вось… Ну, словам, не паспела. Але мне край трэба ў атрад!

– Трэба… – Дзяніс Яўменавіч усміхнуўся. – Мне таксама патрэбна. А дзе ж іх цяпер шукаць, тых партызан нашых?

Паварочваючы каня на дарогу, Зазыба памаўчаў нейкі час. Тады Ганна Піханава сказала:

– Можа, зробім так, Дзяніс Яўменавіч: я збегаю ў Кавычачы, раз зацішанцы кажуць, што партызаны туды падаліся, а вы – у лагер? Уласна кажучы, у мяне галоўнае ў данясенні – таксама немцы, якія з’явіліся ў раёне. Нашы, крутагорскія, ужо сталі баяцца адкрыта высоўвацца з горада, а гэтыя… Гэта асобая каманда эсэс.

– Колькі іх? – спытаў Зазыба.

– Па звестках – дзве роты. Палавіна – немцы, палавіна – рускія. Камандзіры таксама два: адзін немец, другі рускі.

– Адкуль яны?

– Па нашых звестках – з раёна Почапа. Там яны ўдзельнічалі ў карнай аперацыі. Палілі вёскі, людзей.

Сказаўшы гэта, Ганна змоўкла. Зазыба зразумеў яе маўчанне па-свойму – нешта збянтэжыла дзяўчыну.

– Знаеш што, дзеўка, – усё роўна як выручаючы яе ў нечым, пачаў Зазыба, – паедзем разам у лагер, няйначай, яны там. Ды і стралялі ж у тым баку.

– Так, стралялі недзе на Бесядзі, – кіўнула Ганна Піханава.

– Маглі яны, – больш вызначана сказаў Дзяніс Яўменавіч. – Ды й немцы маглі паспець туды, пакуль я ехаў сюды ды блытаўся паміж Бялынкавічамі і Калодлівам. Сядай, паедзем. – Другі раз назваўшы Ганну на «ты», Зазыба ўжо зусім лёгка паказаў на калёсы.

Гэты пераход на свойскія адносіны, бадай, найболын падзейнічаў, бо Ганна адразу акурат павесялела, скочыла на калёсы. Буланы хоць і быў моцна заезджаны, ажно не паспяваў прасыхаць, аднак цяпер нават не кінуў касога позірку на вазака, крануў з месца; калёсы, нібыта самі, з’ехалі па травяністым схіле на пясчаную дарогу, якая неўзабаве, перад былым панскім садам, што адышоў пасля да лясніцтва, разыходзілася на два бакі; на левым павароце, як нашым паязджанам апынуцца каля лясніцтва, стаяў знаёмы ляснічы па прозвішчы Кучароў. Уранні ў лясніцтве Зазыба не бачыў Кучарова. Прынамсі, тады ён не трапіў на вочы яму. Паставілі ляснічым у Зацішшы яго немцы. Але ж і да вайны ён працаваў тут на гэтай пасадзе. З аднаго боку – спецыяліст. З другога… Якраз вось гэтае «з другога», можна сказаць, і стала прычынай, што новыя ўлады нанава даверылі пасаду чалавеку, які паслужыў ужо балынавікам. Справа ў тым, што брат яго быў паліцаем у Панькоўскай Будзе. Дзіўна, але партызанам ён таксама падышоў нечым. Зазыба хацеў паздароўкацца з ляснічым, але той чамусьці адвярнуўся, зрабіў выгляд, што яму край нешта прыспела ў гэты момант паглядзець у садзе. Зазыба з прыкрасцю ўсміхнуўся: «Ат, няхай сабе, дзяцей з ім мне не хрысціць!..»

Вялікая гэта рэч – жыццё! I канечне ж, гэтатаму, што надвое мысліць…

У Шурышча – вялікую выспу, што знаходзілася ў яловым лесе каля Цяменскага возера, – можна было трапіць з Зацішша праз луг, але Зазыба ведаў туды і другі шлях. То была нават не дарога ў звычайным сэнсе, хутчэй – доўгая межавая прасека. Але пнёў на ёй, здаецца, Зазыба не помніў. Таксама як ніколі і не зарастала яна, усё роўна як не асыпалася на яе пад восень лясное семя. Таму Зазыба і павярнуў адразу з Зацішша на гэтую прасеку. Але ў Шурышчы партызан не было.

Хоня Сыркін, бабінавіцкі яўрэй, які з двума сынамі малоў у партызанскім лагеры на жорнах грэчку, пазнаў Зазыбу і доўга з недаверам пазіраў на Ганну Піханаву, хоць мог бы і яе ўспомніць, дарма што да сельскай гаспадаркі ў мястэчку мала меў дачынення: у вясковай мясцовасці людзі звычайна адразу і надоўга запамінаюць адзін аднаго, абы толькі сустрэцца.

– Мы тута адны, – нібыта апраўдваючыся ў нечым, казаў Хоня Зазыбу, чамусьці часта плюскаючы чырвона-чорнымі вачамі. – А вось куды нашы пайшлі?.. Дык Мітрафан Ануфрыевіч яшчэ ўчора казаў што будуць паліць у Зацішшы смалзавод.

– Смалакурню яны спалілі, – пачухаў патыліцу Зазыба.

– А мы тут во і за ахову, і за млынароў. На бліны мелем.

– Даўно ты ў атрадзе?

– Ды не. Але страшна ў мястэчку стала жыць. Хоць яўрэяў там паболела. Чужыя аднекуль прыехалі. Таксама з бежанцаў. Дык мы тут во і мелем. Праўда, хлопцы? – паглядзеў ён на сваіх падлеткаў тым самым звяртаючы на іх Зазыбаву ўвагу.

Хлопчыкі, здавалася, мала слухалі гамонку дарослых.

– Мелем, – паўтарыў Хоня. – Нездарма ж кажуць: калі клічуць асла на вяселле, то знай – альбо вады не хапае, альбо дроў. Мае во мальцы не хочуць жорны круціць. За зброю таксама ўпотай хапаюцца. А я кажу… Ды што я кажу, каму гэта цікава? Калі з яўрэя паздзеквацца, як не цяпер?

Штосьці непрыемнае падалося Дзянісу Яўменавічу ў гэтых словах, хлуслівае, таму перайшоў у гаворцы на іншае, каб не пакрыўдзіць дарэмна чалавека:

– А хто страляў?

– Здаецца, немцы, – ужо зусім без знарочыстай прыніжанасці адказаў Сыркін. – Хлопцы мае бегалі на луг, я пасылаў іх, каб паглядзелі, дык з Топкай гары было відаць, што немцы стралялі з-за Бесядзі па нейкім чалавеку. Бадай, забілі.

Зазыба павярнуўся да сваёй спадарожніцы:

– Ну, што будзем рабіць, Ганна Іванаўна?

– Дык… Ноч жа, глядзіце!..

– Можа, паедзем са мной у Верамейкі?

– Не, лепей я застануся тут. Мне супроць ночы няма як бегаць.

– А хто такая? – раптам занепакоіўся яўрэй. – Я павінен ведаць, каго пускаю ў зямлянку.

– Не хвалюйся, – супакоіў Зазыба. – Да камандзіра прыйшла. Свой чалавек.

– Што ж, раз ты гаворыш, – паціснуў плячамі Сыркін, – няхай застаецца. Аднак…

Піханава ўскінула галаву:

– Толькі ў мяне да вас справа, таварыш Зазыба.

Ля калёс, калі яны ўдваіх адышліся ад жорнаў сувязная сказала Дзянісу Яўменавічу:

– Цяпер усё можа быць. Таму хоць з вамі трэба дамовіцца канчаткова. А вы раскажаце потым, як убачыце партызан. Вы ж так ці іначай, а ўбачыце.

– Буду ж рупіцца.

– Тады вось. Пра асобую каманду эсэс вы ведаеце. А вось яшчэ што. Пра гэта Чарнагузаў даўно прасіў даведацца.

– Ну-ну.

– Пра камсамольцаў ён прасіў дапытацца, якіх сабраў вакол сябе Віннікаў. Чарнагузаў нейкі час трымаў з імі сувязь.

– Гэта ж які Віннікаў? Адзін Віннікаў служыў у міліцыі?

– Бацька. Дык гэты Віннікаў скалаціў у горадзе групу, пачалі збіраць зброю, сачыць за немцамі. Але іх выдаў Лабыка. Пайшоў і заявіў у камендатуру. Хлопцаў ужо збіраліся ўзяць. Толькі яны самі апярэдзілі. Нехта падказаў ім, што пагражае. Словам, давялося ўцякаць. Пайшлі яны глыбокай восенню к лініі фронту. Там недзе і загінулі. Пра гэта вось і скажыце ў атрадзе, калі я не здолею. Ну, бывайце, Дзяніс Яўменавіч. А што гэты яўрэй? Ваш знаёмы?

– Так, з Бабінавіч. Ты не хвалюйся. У кожным разе я заўтра тут буду.

Дзяніс Яўменавіч думаў, што заспее сваіх на лузе. Але там ужо верамейкаўцаў не было. «Каго ж забілі?» – успомніў ён Хоневы словы.

Раптам зазнібела сэрца.

Сонца ўжо садзілася за гару па той бок ракі. Заходзіла чыста, на добрае надвор’е.


XIV

З дзённіка баявых дзеянняў ахоўных войск групы армій «Цэнтр». 8.7. Камендант Смаленска атрымаў загад аб ачышчэнні раёна на поўнач і паўночны захад ад Смаленска і правядзенні буйной аперацыі «Нордполь-1 і 2» («Паўночны полюс-1 і 2»), 9.7. 203-я ахоўная дывізія дакладвае аб працягванні аперацыі «Майскі жук». Камандуючы аперацыяй палкоўнік фон Зэйдліц-Курцбах – камандзір 608-га ахоўнага палка забіты ў час аперацыі… 10.7. Адцадзены загад аб правядзенні аперацыі «Адлер» («Арол») для ачышчэння Клічаўскага раёна. Камандуючы аперацыяй – камандзір 286-й ахоўнай дывізіі. Часці: тры групы-палкі 203-й і 286-й ахоўных дывізій і вышэйшага начальніка СС і паліцыі. 11.7. Без асаблівых змен.

XV

Чубар прачынаўся ўначы ўжо каторы раз. Але дасюль заўсёды сам. Цяпер жа, амаль пад ранне, сон яго быў перабіты кімсьці яшчэ, хто таксама апынуўся ў гэтым царкоўным сутарэнні з маленькімі квадратнымі кратамі пад столлю.

Было чуваць – чалавек усё роўна як плакаў. Але глуха і невыразна, нават хто – мужчына ці жанчына, нейкі час не ўдавалася адгадаць. Нарэшце плач спыніўся, Чубар чамусьці падумаў, што ў склеп з ім трапіў мужчына. Хутка той пачаў кашляць, аднак таксама глуха, усё роўна як чалавек не хацеў, каб хто чуў яго. А паколькі сутарэнне было вялікае, метраў на дзесяць у даўжыню (гэта Чубар ухапіў вачамі яшчэ ўчора, калі яго кінулі сюды), то прысутнасць другой жывой істоты здавалася далёкай. Між тым світанак ужо наступаў.

Чубару моцна рупіла – хто ж патрапіў у такое становішча, як і ён? Хоць, з другога боку, што значыць «у такое становішча»? Пэўна пакуль можна было сказаць, што яны тут, у гэтым склепе, абодва вязні. Чалавек паварушыўся ў сваім кутку, тады зноў пачаў хліпаць. Нарэшце Чубару падалося, што той моліцца. Вось і выразныя словы: «Госпадзі Ісусе Хрысце, дзеля малітвы твае маці і ўсіх святых зжалься нада мной. Хвала табе, божа наш, хвала табе. Святы божа, святы моцны, святы несмяротны, зжалься нада мной. Амін. Найсвяцейшая тройца, зжалься нада мной. Госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй…» Гэтае «госпадзі, памілуй» чалавек паўтараў шмат разоў, ажно падумаць льга было, што камусьці зацяло, як на патэфоннай кружэлцы. Праз нейкі момант зноў пачалася малітва ў трывожных уздыханнях: «Слава айцу і сыну і святому духу, і цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін». Пакуль небарака плакаў і ўздыхаў, Чубару таксама трывожна рабілася. I не таму, што павінна было гэтак падзейнічаць. Чубар набожнасцю не вызначаўся нават у дзяцінстве, калі яна прыходзіць да чалавека разам са страхам. З богам ён расквітаўся даўно, яшчэ ў каморніцкай школе, дзе была моцная камсамольская ячэйка. Супакоіла Чубара цяпер іншае: раптам ён зразумеў, што новы вязень толькі яшчэ пачынае прывыкаць да гэтага сутарэнйя, да цемры. Можа, нават пакуль не біты, не мардаваны. Як кажуць, не дужа вялікая ўцеха, а тым часам для Чубара такая акалічнасць чамусьці мела сэнс, хоць, варта таксама сказаць, растлумачыць яго ён не здольны быў. Але як чалавек трапіў сюды? Чубар не чуў, каб адчыняліся дзверы ці грукаў хто блізка, злашча, што спаў амаль похапкам.

Тады Радзівон сам паварушыўся ў сваім кутку, нібыта даючы гэтым зразумець новаму вязню, што ў склепе яшчэ ёсць жывая душа. Моцна працяло бок і патыліцу. Раны зноў засмылелі, аднак сцішана, акурат пасля гаючых лекаў. Ды і блізкая прысутнасць другога чалавека адцягвала ўвагу ад іх.

На памяць зноў прыйшоў учарашні дзень.

Свядомасць да Чубара вярнулася на другім баку Бесядзі. Ён ляжаў тады на пяску са страшным болем у галаве, увесь мокры. Над ім, нібыта чэрці ў пекле, крыўляліся і рагаталі людзі ў чырвонаармейскай форме. Чубару ўзрадавацца б – свае! Але ж на пераправе ён бачыў салдат і ў нямецкім адзенні. Ды і адкуль тут узяцца «сваім»? За многа кіламетраў ад фронту? Праўда, зімой Чубару давялося бачыць чырвонаармейскія часці ў прыфрантавым тыле. Але то было далей туды, паміж Іпуццю і Дзясной. Тым часам Забесяддзе яшчэ мінулай восенню апынулася ў глыбокім тыле. Цяпер і таго горай – фронт адыходзіў за Курск, Арол… Немцы адкрыта гаварылі, што імкнуцца на Волгу і Каўказ… Значыць, пра «сваіх» у Забесядцзі і гаворкі не магло быць. Тым не менш над Чубарам цяпер рагаталі людзі ў чырвонаармейскім адзенні, выкрыкваючы ў нейкім экстазе рускія словы. Чубар хацеў павярнуць на пяску з боку на бок галаву, каб хоць збольшага зразумець, што робіцца вакол яго. Дзе там!.. Не павярнуць шыі!.. Тады Чубар абапёрся на локаць правай рукі, паспрабаваў прыўзняцца. Гэтае намаганне аказалася недарэмным. Але ў той самы момант, як убачыў у прамежках паміж чалавечымі постацямі дзве грузавыя аўтамашыны з тупымі радыятарамі, а трохі збоч – гарматы, што стаялі ў яміне пад дубамі на невялікай адлегласці ад ракі, хтосьці з усёй сілы грукнуў яму па рэбрах з левага боку. Ад гэткага ўдару Чубар на момант сцяўся, здаецца, ажно заплакаў у душы, аднак паспеў-ткі ўгледзець і той бот – на тоўстай, акурат гумовай падэшве, з кароткай халявай. Дзіўна, але за гэты момант паспеў ён падумаць таксама і вось пра што: наўрад ці ацалеюць цяпер рэбры… Менавіта падумаць, бо паварушыцца яшчэ раз ён ужо не ў стане быў, адно дазволіў сабе выпрастаць правую руку, каб шчыльней прыліпнуць спіной да пяску. Бот, што ўсё роўна як прабіў яго наскрозь, тым часам ужо стаяў з другім такім жа. Падобныя боты Чубару даводзілася бачыць на забітых немцах. Але ж і іншыя галузнікі, што тоўпіліся вакол яго, адзетыя былі гэтак жа: чырвонаармейская гімнасцёрка, няпоўныя галіфэ і… нямецкія боты. Чубара больш ніхто не чапаў. Паводзінамі людзі гэтыя нагадвалі дзікуноў, якія толькі што выцягнулі з ракі вялікую рыбіну, а тая задыхалася, хаўкаючы жабрамі.

Між тым у рыбы няма слёз, яна не плача, дарма што заўсёды знаходзіцца ў вадзе…

Чубар ужо не сумняваўся – ён у палоне. I ўзялі яго ў палон на тым беразе Бесядзі нейкія людзі ў чырвонаармейскім адзенні і ў нямецкіх ботах; неўпрыкмет падкраліся і ўдарылі па патыліцы, няйначай прыкладам вінтоўкі. Усё гэта цяпер можна было асэнсаваць, яшчэ раз моцна жахнуцца; Чубар гэтак і зрабіў, а ўсвядоміўшы, рашыў не падманваць сябе: і ранейшы ўдар па патыліцы, і цяперашні ботам па рэбрах толькі пачатак… Пры жорсткіх адносінах немцаў да партызан нічога суцяшальнага наперадзе ўжо не прадбачылася. Уласна, гэта быў канец, дарма што людзі, якія захапілі яго, няйначай, недзе самі апыналіся ў такім вось становішчы. Аднак Чубар не мог стаць упоравень з імі, ён няздольны быў вось так рагатаць і выскаляцца над чалавекам, бо разумеў што вышэйшасць, якую атрымліваеш на час, абарочваецца пасля пакутамі ўнутранымі і знешнімі праз змушанасць або вольны выбар. Дакладней, здраднікам Чубар станавіцца не збіраўся.

Менавіта адсюль да яго вельмі хутка прыйшло разуменне безвыходнасці. З’явілася такое адчуванне, нібыта жьтццё яго ўжо ўсё прамінулася, што ўсё, што яму наканавана было на гэтым свеце, скончылася. Дакладней, канчалася ў маючых быць пакутах, у стане бездапаможнасці, якая суправаджалася вялікай самотай і пякучым болем. Гэтыя людзі ўмелі біць, акурат між іншым, мімаходам, прынамсі, ведалі, куды трапляць прыкладам ці ботам. Думаецца, што кулакамі яны таксама не горш працавалі. I самае жахлівае тое, што яны, бадай, не ўяўлялі сабе, на чым спыніцца і ў радасці сваёй, што нарэшце злавілі партызана (а ў гэтым яны не сумняваліся), і ў злараднасці – маўляў, паглядзім, як ты будзеш выкручвацца, які шлях выбераш?

Між тым Чубар недарэмна думаў, што тут не адны рускія добраахвотнікі – павінны быць і немцы. Так і выйшла. Праз нейкі час да шумнага натоўпу, дзе ляжаў Чубар, падышоў чалавек цалкам у чужой форме. Чубар не чуў што той сказаў і на якой мове, аднак можна было меркаваць, што ўсе яго зразумелі, бо пачалі тут жа, бы з падцятымі хвастамі, разыходзіцца, і толькі двое засталіся на месцы. Адзін сказаў, піхаючы вінтоўкай Чубара: «Раз папаўся, сука, то вядзі сябе як след – альбо памірай чалавекам, альбо пераходзь на наш бок». – «Дзе гэты ваш бок?» – набраўся смеласці спытаць Чубар. Але добраахвотнік незалюбіў. «Выёся? – з’едліва ўсміхнуўся ён. – Н-ну, выё-шся, пакуль час ёсць. Скора мы цябе, як вепрука, падсмалім. У-уставай!» Чубар сеў але на ногі стаць не здолеў: закружылася галава, у вачах з’явіліся чорныя мятлушкі, у грудзях спёрла. Як ні спрабаваў Чубар удыхнуць паветра глыбей, не мог рассунуць лёгкімі разбітыя рэбры. «Ну, ну, уставай, падла», – зноў так жа з’едліва, але, здавалася, без асаблівай злосці, загадаў той жа голас. Другі добраахвотнік, што дасюль маўчаў, але ўсміхаўся, нібыта пазайздросціў напарніку: «Хіба не бачыш? Яму не да таго! – Аднак тут жа і сам скамандаваў: – А ну-тка ўставай! На допыт завуць. Гер маёр ужо даўно чакае». I сапраўды, афіцэр у нямецкай форме ўсё яшчэ стаяў побач. Аднак Чубар і пасля гэтых слоў працягваў сядзець, нават моцна не зварухнуўся, каб неяк стаць. Тады гэты, другі добраахвотнік, раптам паддзеў яго ззаду рукамі пад пахі, пачаў выпростваць Чубара, моцна ўпіраючыся нагамі ў пясок. Перасільваючы боль, Чубар паддаўся намаганню, устаў. Адчуванне ў яго было кепскае, адольвала неймаверная слабасць, быццам пасля доўгага катавання, якое выпетрала яго, забрала ўсю ўнутраную моц. Праз гэта нават жахліва стала – мала ж на што хапіла яго!.. I тым не менш, калі добраахвотнік адпусціў Радзівона, ён утрымаўся на нагах, затым зрабіў крок наперад і, грабаючы мокрымі мысамі ботаў пясок, патупаў да дубоў, што карэніліся ў вялікай круглявай яміне з пляскатым дном. Такім чынам, яго не вялі і не падпіхвалі. Ён сам рухаўся, хістка перастаўляючы ногі, таксама як і сам выбіраў шлях. Аднак няйначай кіраваўся ў патрэбным напрамку, бо тыя, хто яго суправаджаў, ішлі следам, нават не абапал, а за спіной, і ніяк не папраўлялі. Радзівон мала на што звяртаў увагу ў варожым стане; сапраўды давала аб сабе знаць абыякавасць, якая з’явілася ледзь не ў той момант, калі расплюшчыў вочы, і якую пасля ўжо, у наступныя хвіліны, ён ці не свядома захоўваў у сабе, падумаўшы, што прыйшоў час развітацца з жыццём. Чубар быў упэўнены, што яго і праўда вядуць кудысьці на допыт. Але допыту, якім той звычайна бывае, не адбылося. Як толькі Чубар дапяў да дуба і павярнуўся пад ім тварам да сваіх канвойных, аднекуль падышоўдругі немец. Адзін з канвойных крутануўся да яго, адрапартаваў: «Гер маёр, перад вамі бандыт-партызан. Разам са мной у затрыманні ўдзельнічалі радавыя другой роты асобай каманды Юркавец і Тупікаў. Дакладвае унтэр-афіцэр Пуплікаў». Змешваючы нямецкія словы з рускімі, маёр заківаў галавой: «Гут, гут, унтэр-афіцэр. Будзеце прызначаны да ўзнагароды. Камандаванне не пакіне вашы заслугі без увагі». Пахваліўшы падначаленых, ён змераў зачэпістым позіркам злоўленага партызана, спрабуючы заглянуць у вочы, але Чубар не даўся, апусціў галаву. Тады немец грэбліва пляснуў яго рукой па шчацэ, але не моцна, усё роўна як шкадуючы – ці то сваёй рукі, ці то партызана. Дзіўна, аднак Чубара гэта зусім не збянтэжыла. Прывычней было б чуць тут крыкі, пагрозы. I не таму прывычней, што Чубар некалі ўжо зведаў штосьці падобнае, не, хутчэй па ўяўленні, па расказах, як адносяцца акупанты да партызан, калі бяруць у палон. Да таго ж Радзівон ужо цяпер ведаў, што нанава перайсці Бесядзь яму не давядзецца… Спадзявацца ж, што партызаны вызваляць, таксама не было ніякай падставы. Прынамсі, ад сваіх ён такой дапамогі не чакаў. Вымольваць жыццё здрадніцтвам? На гэта Чубар пайсці не мог, дарма што ведаў: многія цяпер шукалі сабе паратунку розным шляхам. Няйначай, што і гэтыя канвойныя думаюць, што іх зберажэ лёс.

Нарэшце немец загаварыў. Але таксама без прымусу, акурат гуляючы:

– Ну, што вы нам скажаце? З якога атрада, дзе стаяць вашы, партызаны?

Чубар маўчаў.

Тым часам к дубу падышлі яшчэ немцы, можа, гэтая акалічнасць стала прычынай, што афіцэр раптам павысіў голас:

– Які ваш атрад? Хто камандзір? Дзе ён знаходзіцца?

Да таго ж гэты раз ён гаварыў па-нямецку, бо побач стаяў перакладчык, і сэнс запытання, такім чынам, Чубар зразумеў з другога голасу, а гэта нібыта зменшыла пагрозу. Немцы пачакалі, што Чубар скажа ім, тады аб нечым загаварылі між сабой. Маёр зноў спытаў а перакладчык давёў сэнс:

– Вы хоць ведаеце, што для лясных бандытаў у нас палоннага рэжыму няма?

Чубар расклеіў перасохлыя вусны, выціснуў з сябе:

– Ведаю.

– Значыць, пан партызан хоча сыграць ролю героя? – маёр павярнуў галаву да унтэр-афіцэра Пуплікава, глянуў на яго амаль невідушчымі вачамі, у якіх пачынала віраваць злосць, загадаў: – Звязаць яго і не спускаць вачэй! Вы адказваеце за бандыта. Спадзяюся, па дарозе падрыхтуеце яго да наступнага допыту. Скажыце яму яшчэ раз – нам патрэбны звесткі пра мясцовых партызан. Як бачыце, з вас, унтэр-афіцэр, спрос за гэтага чалавека асобны.

Маёр дачакаўся, пакуль перакладчык перадасць апошняе слова, затым дапытліва зірнуў на Чубара, але ад далейшай размовы тым не менш адмовіўся. У суправаджэнні цэлай світы ён рушыў направа ад дуба, і Чубар доўга яшчэ бачыў ягоную вузкую спіну, балазе, што галаву ў той бок Радзівону не трэба было паварочваць. Больш Чубара не чапалі.

Тым часам пачуліся каманды. Рускія і немцы пачалі разбірацца па падраздзяленнях.

Канвойныя скруцілі Чубара лейцамі па руках і нагах, мігам ускінулі на нейкія мяшкі на возе, хутчэй за ўсё – з хатнім начыннем; за кучара на гэтай падводзе быў вясковец з насупленымі белымі брывамі, якія, здавалася, ніколі не рухаліся на твары.

Чубар думаў, што яго павязуць кудысьці асобна, каб адразу ж пасадзіць у скляпенне ці ў якое іншае збудаванне, дзе можна будзе трымаць пад вартай, але не – калёсы, на якія яго ўскінулі, крануліся з месца ў агульным абозе і не выязджалі з калоны. Лежачы на калёсах ды яшчэ тварам угору, нельга было вызначыць, куды накіроўвалася ад Бесядзі каманда. Аднак неўзабаве Чубар пачуў, як нехта блізка назваў вёску – Кубракоўка. «Значыць, немцы пабаяліся ехаць лесам», – сцяміў Радзівон і тут жа падумаў пра іншае: яму дасюль чамусьці здавалася, што вёска гэтая знаходзілася вышэй таго месца, дзе ўпадаў Зубар у Бесядзь. Праўда, ён ніколі ў Кубракоўцы не быў, заўсёды здаралася трапляць міма, бо з Бялынкавіч балынак у Крутагор’е ляжаў трохі ўбаку.

У Кубракоўцы калона не спынілася, дарма што крыку, енку хапіла, а найбольш свінога віску ды кыркання курэй…

У Кубракоўцы на воз да Чубара падсеў унтэр-афіцэр Пуплікаў – няйначай для постраху піхнуў свайго зняволенага, пасля чамусьці засмяяўся. Прызнацца, Радзівона трохі дзівіла, што той не адразу кінуўся выконваць загад начальства – рыхтаваць да наступнага допыту ўзятага ў палон партызана. Хоць што значыць – да наступнага? Чубар зусім не падманваўся, тады, пад дубам ля Бесядзі, адбылося штосьці накшталт пачатковай рэпетыцыі. Да сапраўднага допыту належала рыхтавацца. Але дзе той пачнецца? На чарговым прывале ці недзе ў іншым месцы, куды яго павязуць? Пакуль Чубар разумеў адно – гэты рускі унтэр-афіцэр сапраўды павінен быў згодна з загадам нямецкага маёра падрыхтаваць яго да будучага здзеку. А што здзеку на допыце пры цяперашнім Чубаравым настроі пазбегнуць не ўдасца, можна было не сумнявацца. На шчасце ці, можа, якраз на бяду, Радзівон многа чаго цяпер разумеў, шмат пра што здагадваўся. Аднак не меў ні розуму, ні мудрасці, як суцешыць сябе, дарма што і роспачы пакуль не адчуваў: рашыўшы адзін раз, што з ягонага становішча дастойнага выйсця няма, на другі ён ужо не разлічваў. Ды і ворагі нібыта патакалі яму ў гэтым, ва ўсякім выпадку, не спяшаліся давесці справу да развязкі.

Нарэшце унтэр-афіцэр Пуплікаў сказаў нязлосна:

– Ну, падумаў над прапановай гер маёра?

Чубар спярша рашыў і цяпер маўчаць, але хутка перадумаў, можа, у адказ нават на спасцярожлівасць гэтага чалавека, якую можна было ўспрыняць і як своеасаблівую памяркоўнасць, калі не спагадлівасць. Канечне, веры мала было, але ж…

– Пра што мне трэба было падумаць? – быццам з неўразуменнем спытаў Чубар, не жадаючы выдаць сваю знарочыстасць, нават непрыязнасць.

Відаць, падобныя размовы для Пуплікава не новыя былі, бо ён тут жа выказаў сваю недаверлівасць да Чубаравага неўразумення:

– Не трэба прытварацца. Маёр жа, здаецца, правільна паставіў перад табой пытанне? Ну а мне да таго ж хочацца ведаць, хто ты, адкуль, як прозвішча і гэтак далей.

– Дык… – Чубар хацеў пачаць слоўную гулянку з унтэр-афіцэрам, але раптам штосьці перахапіла ў горле, акурат здушылі слёзы; добра, што добраахвотнік не прыспешваў.

Памаўчалі колькі часу. Але не доўга. Унтэр-афіцэр нерухома пасядзеў на возе, звесіўшы ногі праз бакавую гнушку, тады паляпаў рукой па мяшках.

– Ды ты, бачу, ужо нарабаваў па вёсках, – сказаў ён кучару.

– А чаму не ўзяць, калі валяецца? – усё роўна як раздражнена адказаў той.

– Што валяецца, а што і не, – Пуплікаў зноў паляпаў рукой па мяшку. – Праўда, партызан?

– Не ведаю, – сказаў Чубар.

– Ну а хто ты – ведаеш?

Чубар сашчапіў зубы.

– Значыць, не хочаш рассакрэчваць сябе? Што ж, твая гасподня воля на гэта. Мы, рускія, падобныя адзін на аднаго – спярша запіраемся, ні ў чым не прызнаёмся, каб, крый бог, дрэнна не падумалі аб нас, пасля, як паспрабуем шампалоў на спіне ці калодак на яйцах, адразу лапкі ўгору, маўляў, не вынес катавання. Думаеш, я не ўпарціўся? Але ў мяне трохі іншае становішча было, чым у цябе. Я – ваеннапалонны. Я – з арміі. А ты – партызан. Па-іхняму – бандыт. Па загаду фюрэра цябе навату палон нельга браць. Цябе вешаць трэба адразу. Я гэта к таму, што… Словам, сам чуў – гер маёр даручыў перад допытам пагаварыць мне з табой, падрыхтаваць.

– Я так разумею, што ў пекла?

– Гэта твая справа, як разумець. Патрэбны дадзеныя пра мясцовых партызан, і ты дасі іх. Ну а тады ўжо можна будзе падумаць і пра тваё будучае.

– А ўсё-ткі?.. Сярэбранікі і мне можна будзе атрымаць?

– Ты думаеш, мы ўсе тут добраахвотнікі? Не, нас таксама і голадам марылі, і на допыт вадзілі. I вось пайшлі новаму парадку служыць. Затое на нешта можам разлічваць. Ну а наконт сярэбранікаў…

– Так, сёння нібыта што і свеціць, а заўтра, глядзіш, у цемру трапіш. Хіба вы сапраўды спадзяецеся, што немцы назаўсёды ў нас?

– А хіба ты не ведаеш, што яны зноў наступаюць?

– Чытаў лістоўку.

– Значыць, павінен разумець, што да чаго. Што не ўдалося ў мінулым годзе, дакончаць сёлета.

– Гэта яшчэ бабка надвае варажыла. А як наступленне і цяпер праваліцца?

– Не павінна. Пад Масквой навучыліся.

– I ўсё-ткі, на што вы спадзяецеся?

– На тое, што, разбіўшы балыпавікоў, немцы нам аддадуць уладу ў Расіі. Канечне, штосьці і сабе возьмуць, не без таго, ну маёнткі некаторыя, заводы, астатнім мы станем валодаць.

– Ну, а ўлада якая будзе?

– Наша, руская.

– Значыць, ні савецкая, ні нямецкая?

– Можна сказаць і так. Думаеш, мы служым новаму парадку і ні аб чым больш не думаем? А партызаны ўсе за бальшавікоў, за савецкую ўладу?

– А як жа іначай?

– Шастаючы па лясах, вы нічога не ведаеце. Ужо нават генерал Жукаў і той абяцае распусціць калгасы. А генерал Уласаў здаўся немцам.

– Ну, калгасы – яшяэ не ўся савецкая ўлада. А пра генерала Уласава… Не чуў пра такога генерала…

– Без калгасаў балынавікі не змогуць. Ды ладна, мы гэта дарэмна такую дыскусію зацеялі. Давай лепей пра цябе. Я шчыра кажу – калі дасі немцам каштоўныя дадзеныя пра партызан, то можна будзе выдаць цябе за перабежчыка, які свядома пакінуў банду ў лесе. Так што думай, таварыш партызан. Але калі што не так, то я ўжо казаў табе там, на беразе ракі: альбо памірай чалавекам, альбо…

– Чаму ж сам не выбраў смерці?

– Я выбраў іншае. Цяпер твая чарга.

– Ладна, дзякуй на добрым слове. Я таксама выберу сваё. Ты лепей скажы – дапамагчы мне хочаш?

– У чым?

– У выбары свайго шляху.

– Кажы ясней!

– Ці не мог бы прыстрэліць мяне?

– Вось так, на возе? А за што?

– За пабег.

– Як жа ты пабяжыш, калі звязаны?

– То развяжы.

– Многа ты захацеў. Было там, за ракой, не спаць.

Уласна кажучы, гаворка з Чубарам для унтэр-афіцэра Пуплікава скончылася нічым. Ён гэта зразумеў і саскочыў з воза, сказаўшы камусьці:

– Ты пільнуй гэту падлу, а то… Словам, бальшавік вышэйшай пробы.

Было чуваць, як побач з калёсамі затупалі другія ногі.

Калона ўжо рухалася балыпаком. Як можна было меркаваць па часе, патрачаным у дарозе ад Кубракоўкі, карнікі набліжаліся ўжо недзе да Гончы.

Другі канвойны не прыставаў да Чубара. Толькі спытаў адзін раз:

– Ну што, дагаварыліся?

Цяжка сказаць чаму, але Радзівон не стаў адказваць, бо ўнутранага супраціўлення пры гэтым не адчуваў. Няйначай, што пасля размовы з Пуплікавым пачынаць яшчэ адну не мела сэнсу, бо чапляцца абы за што Чубар не хацеў, таму як подласць не бывае абмежаванай – яна праглынае ўсяго. Але якраз цяпер у Чубаравай памяці ўсплыла яшчэ адна мудрасць, якую ён пачуў некалі ад Карханава: эгаізм любога грамадства складаецца, акрамя ўсяго іншага, з таго, што яно захоўвае ў сваім памінальным спісе толькі тых, хто заслужыў удзячнасць альбо наадварот. Тады Чубар не надаў гэтай мудрасці асаблівага значэння. Ды і гаварылася яна зусім у іншай сітуацыі. Затое цяпер, здаецца, засвяцілася ўсёй поўняй. I ўвогуле – што яму было раней да ўдзячнасці ці няўдзячнасці? Была партыя, і быў ён у ёй. Існавала дысцыпліна. Дзейнічаў не толькі напрамак думак, аднак і выбару. I ў рэчышчы гэтага напрамку належала жыць, працаваць.

Між тым маўчанне – гэта таксама адказ, часам нават больш жорсткі і не двухзначны, чым самыя праўдзівыя, рашучыя словы.

Дзіўна, але пакінуты сам-насам, а найбольш закалыханы на мяккіх мяшках няроўнай дарогі, Чубар раптам заснуў. Прытым ён сам чуў, што засынае – то праваліцца ў забыццё, то зноў вернецца. Але сон авалодваў усё мацней і мацней. Нарэшце змог. I тым не менш спаў Чубар нядоўга. Прачнуўся ад стрэлаў. Хацеў прыўзняцца на возе – дарэмна: цяпер болем працяло ўжо ўсю верхнюю частку цела, нават у вачах зрабілася цёмна і моцна ўдарыла ў напечаную сонцам галаву. Радзівон адчуў сябе зусім бездапаможным, здавалася, раней было куды лепей. Аднак, чуючы стрэлы на гары, якія не ўшчукалі, а наадварот памнажаліся, ён усё ж прымусіў сябе павярнуцца на правы бок: аказваецца, нямецкая калона ўз’язджала па мосце на гару, што за Гончай; якраз на віду быў па той бок Бесядзі верамейкаўскі луг, на ім людзі. На ладнай адлегласці нікога ўгадаць яму не ўдалося, аднак душа адразу зайшлася, да таго ж Чубару здалося, што немцы страляюць па вяскоўцах. I ён жахнуўся: чаму людзі не разбягаюцца, не ратуюцца? «Ну што ж вы?..» – крыкнуў немым нутром Радзівон на сваіх аднавяскоўцаў і ў гэты момант убачыў, як ад Бесядзі праз луг бег нейкі чалавек. Значыць, немцы стралялі па ім. Было відаць, што імкнуўся ўцякач да ракітавых кустоў, якія засцілі сабой невялічкую дзербу; ад той дзербы ўжо не надта многа было да лесу.

Але вось чалавек упаў. Чубар заплюшчыў вочы – няйначай, куля дагнала небараку. Дапамагала гэтак падумаць і тая акалічнасць, што на гары раптам перасталі страляць. Моцна шкадуючы незнаёмага ўцекача, Чубар праз нейкі момант зноў паглядзеў у той бок. I як на тое, чалавек каля дзербы зварухнуўся, але не ўскочыў на ногі, а хутка папоўз наперад, цярэбячы ў траве сцежку. Тады на гары зноў пачалі страляць – то кучна, то па адным. Нарэшце заварушыліся і верамейкаўцы, сыпанулі к лесу.

Калона не спыняла руху, дарма што відовішча магло захапіць хоць каго. Калёсы, на якіх везлі Чубара, таксама без затрымкі пераехалі мост. Далей дарога ішла ўгару, аднак абапал яе пачыналіся стромыя абочыны, якія закрывалі сабой бачнасць. Таму неўзабаве прапаў з вачэй спярша амаль апусцелы ўжо верамейкаўскі луг, затым і наогул усё вакол, акрамя неба, што ледва не ўшчыльную ляжала на абочынах, утвараючы глухі праезд. Між тым карнікі ўсё яшчэ стралялі на гары. I па тым, што стрэлы не ўшчукалі, можна было меркаваць, што чалавек, на якога вялося паляванне, пакуль жывы.

Калёсы з Чубарам тым часам выехалі паўз могілкі на ўзгорак. Стала відаць, што галава калоны паварочвала адсюль на Бабінавічы. Вызначыўшы гэта, Чубар чамусьці ажно ўздыхнуў з палёгкай. А яшчэ праз нейкі момант пачуў, што настала цішыня – ні стрэлаў, ні ўзбураных галасоў. Але ў Чубаравай душы спакою не з’явілася. Наадварот, Радзівона раптам агарнула такая самота, якой ён не адчуваў яшчэ сёння, нават і ў тыя хвіліны, калі зразумеў на беразе Бесядзі, што трапіў у палон. Прычынай яе хутчэй за ўсё было ўбачанае тут: і бязлітасныя стрэлы на гары, і ўцёкі ад іх нейкага чалавека, і бездапаможныя верамейкаўцы, што, быццам патрывожаныя птушкі, ратаваліся ад стрэлаў… Але ж там была воля!.. Бадай, усведамленне яе, дакладней, разуменне недаступнасці яе для яго, цяпер узмацніла прыгнечанае адчуванне. Уласна кажучы, штосьці падобнае – уцёкі і стрэлы, якія давялося толькі што назіраць, магло здарыцца і з ім, калі б Чубар меў магчымасць памкнуцца да волі.

Дзіўна, але пра сёе-тое з гэтага думаў цяпер не адзін Чубар. Раптам у галавах крактануў і заварушыўся кучар, якога дасюль чамусьці ніхто не браў пад увагу; Чубар ад цяперашняй прысутнасці таго ажно сцяўся, быццам чакаў што побач апынецца яшчэ хтосьці. Але вось кучар загаварыў – глуха, як у рукаў.

– Ну вот, – сказаў кучар, – цяпер сам пабачыў, як яно бывае. На чалавека ідзе паляванне, бы на ваўка. Нябось, і праўда забілі таго небараку, а ты сам прасіўся.

– Дык і што? – з нечаканаю ахвотай адгукнуўся Чубар. – Чым ляжаць вось тут, на тваім возе, ды слухаць…

– Пакуль на возе ляжыш, то жывы.

Сказаўшы так, кучар на нейкі час замоўк. Тады зноў крактануў. Аднак цяпер гэтым і абышоўся. Затое ўжо нібыта цягнула за язык Чубара:

– Ці то шкадуеш мяне, ці то ворагам маім памагаеш?

– А я сам па сабе. Мяне вось мабілізавалі ў абоз. Дак я і сапраўды ў такім разе ні іхні, ні ваш.

– Але вязеш іх? Значыць…

– Яшчэ нічога не значыць. Але таксама бачу – доўга памірае чалавек… Яно і звер… Але ж чалавек… Так што дарэйна сам просішся.

– Гэта ўжо мая справа, – сурова сказаў Чубар, але не стаў злавацца, бо не дужа хапала на гэта тае сілы. Між тым кучар імкнуўся давесці сваё.

– Я к таму, – нібыта апраўдваючыся, пачаў ён, – што ведаю цябе.

– Не кажы абы-што! – агрызнуўся Чубар. – Адкуль табе ведаць мяне?

На кучара павышаны Чубараў голас, здавалася, не падзейнічаў. Але гаварыў ён па-ранейшаму, як павучаў:

– Ды ўжо не схаваешся, раз трапіў. Будуць вазіць па вёсках, паказваць людзям, хто-небудзь ды й пазнае. Так што…

– Усё-ткі, адкуль ведаеш?

– Ну, ведаю.

– Даўно з імі ездзіш?

– А цяпер, як у старыя шальваркі, загадаюць – едзеш. У немцаў, бачыш, сваіх коней не хапае. А тут яшчэ гэтыя… Здаецца ж, свае, рускія, а таксама, выходзіць, як немцы. Ну а коні?.. Дык гэта яшчэ няблага, што бяруць з гаспадаром, а то б пішы – прапала.

– Што вязеш?

– Ды так, абы-што.

– Відаць, мужыкоў па вёсках рабуеце?

– Дак… усяму сваё. А каму тым часам дак нічога ўжо і не патрэбна.

– Дак ты падбіраеш?

– А нас тут, у абозе, шмат.

– Развязаў бы мяне? Га?

– А ты яшчэ крыкні, каб усе чулі! Навошта і мяне пад расстрэл падводзіць? Думаеш, даруюць? Нездарма ж вока з цябе не спускаюць.

– Сочаць?

– Раз папаўся, то… Цярпі. I мяне не стаўляй у нязручнае становішча.

– Ну, ладна, забудзем пра гэта. Але адкуль мяне ведаеш?

– У раёне мне паказвалі адзін раз. Да вайны, зразумелая справа. Вунь, кажуць, новы старшыня верамейкаўскага калгаса. То з таго і помню. А цяпер каля Бесядзі, бачу, вяжуць ды ка мне на воз кладуць.

– Адкуль жа сам?

– Гэта няважна. Табе ўсё роўна, бо ты ўжо не сведка ў маёй справе.

– Ну, не сведка, дык і не сведка, – ці то незалюбіў, ці то згадзіўся Чубар і перастаў пытаць. Бадай што кучару таксама не выпадала больш гаварыць з ім.

З палавіны дарогі з Гончы ў Бабінавічы яны ўжо маўчалі.

Чубар думаў, што па прыездзе ў мястэчка з ім зноў пачнуць знясільваючыя размовы, у якіх будуць палохаць сапраўдным допытам, маўляў, гэта мы пакуль так сабе, спадзеючыся, што знойдзем у адказ зразуменне, гэта яшчэ кветачкі, а ўжо затым, калі не знойдзем паразумення… Здаецца, без катавання, але ўжо адны такія літасцівыя размовы выпетрывалі душу і знясільвалі. Толькі дарэмна была Чубарава насцярога. Увечары ніхто не стаў займацца ім. Прывезлі ў мястэчка, развязалі ды кінулі, быццам жывёліну, у гэтае вось сутарэнне. Усю ноч ён знаходзіўся тут адзін. А пад ранне ў склепе апынуўся хтосьці яшчэ.

Нарэшце малітвы і ўсхліпванні заціхлі. Але ў адзіноце, без насцярогі. Можна было падумаць, што чалавек усё яшчэ не здагадваўся, што побач з ім знаходзіцца другі зняволены. Праўда, Чубару чамусьці пры гэтым таксама не хацелася выдаваць сваю прысутнасць. I не дзеля гулянкі ці якой выгоды. Проста не з’яўлялася такога жадання, і ўсё. Думкі, як тыя грувасткія аблокі, зноў пачалі запаўняць галаву. Зрэшты, яны кожны раз вось гэтак выплывалі аднекуль, як толькі ён прачынаўся і ўсведамляў дзе знаходзіцца, тады адплывалі ў іншую далячынь. Аднак цяпер яны адрозніваліся ад ранейшых, што прыходзілі сёння ўначы, нейкай сваёй фізічнай цяжкасцю. I, можа, таму Чубару не ўдавалася ўжо засяродзіцца на нечым пэўным.

На дварэ тым часам наставала раніца – пад столлю ў сутарэнні пачынала святлець праз акенца ў кратах. Дзіўна, але Чубар нібыта чакаў гэтых хвілін. Раптам яму зрабілася падуладным лавіць зрокам, як паступова, аднак імгненне за імгненнем асядала святло зверху, разбураючы цемру ў сутарэнні. Аказваецца, на ўсё патрэбны пэўны час і адпаведнае месца. Ва ўсякім разе, раней Чубар не ведаў што нават святло можна дзяліць на такія вось кароткія штуршкі, якія здольны не толькі дзяліцца, а і рухацца. Працуючы ўвесь час, як кажуць, пад адкрытым небам, ён успрымаў змены святла і цемры, дня і ночы, нарэшце, лета і восені, зімы і вясны, як дадзеныя, што дзейнічаюць механічна, дарма што іншы раз альбо апярэджваюць самі сябе, альбо спазняюцца.

I ўсё-ткі Чубар і цяпер надоўга зачапіўся за адну думку, якая ўсё тым жа воблакам выплыла аднекуль з-за небакраю памяці.

Прыгадалася раптам, як ён прыйшоў назусім у атрад Нарчука. Было гэта яшчэ зімой, калі Мядзведзеў рашыў адвесці сваіх партызан зноў на Арлоўшчыну, каб недзе там перайсці лінію фронту. Чубар не ведаў, якія прычыны былі на гэта, дарма што к таму часу ўжо захоплены быў уначы Хоцімск. Крутагорскія партызаны тады не прымалі ўдзел у нападзенні на прыгранічны раённы цэнтр: здаецца, і слова пэўнае далі Чубару, аднак у Батаеўскія лясы не прыйшлі. Гэтая акалічнасць чамусьці моцна падзейнічала на Чубара. Можа, нават зрабілася галоўнай прычынай, якая змусіла яго вярнуцца ў Забесяддзе. У кожным разе, у часе размовы з Карханавым-Мядзведзевым, які вельмі хацеў мець у сваім спецатрадзе Чубара, Радзівон раптам акурат сумеўся, дакладней, не так сумеўся, як проста задумаўся. Аказалася, гэтага хапіла, каб камандзір атрада таксама нешта зразумеў. «Ладна, рашай, як сам знаеш, Радзівон, – сказаў Карханаў, – бачу, у цябе другія планы». Вывеў Чубара з Батаеўскіх лясоў к Трусаку Шпакевіч, абодва пагаварылі трохі – Шпакевічу таксама хацелася трапіць на сваё Палессе… Тым часам Чубару можна было атайбавацца ў раёне ў атрадзе Скандзілава, што ўжо стаяў недалёка ад Трусака. Аднак ён мала каго ў тым атрадзе ведаў, можа, аднаго Ціта Субоціна. Таму і прыйшоў сюды, у атрад Нарчука, да якога некалі быў прыпісаны і які ўмяшчаўся пакуль у адной невялікай зямлянцы. Трэба сказаць, што Чубар з першага дня ў атрадзе Нарчука даў зразумець, што ён не так сабе з’явіўся, а тым больш не збіраецца адседжвацца ў лесе, у іхняй зямлянцы, бо мае канкрэтнае даручэнне Цэнтра. Што такое Цэнтр, ніхто дакладна тады не ўяўляў сабе. Але за гады савецкай улады ўсе прывыклі, што Цэнтр павінен быць. I падразумявалася пад ім заўсёды Масква, прынамсі, штосьці ў Маскве. Адсюль і простая логіка: паколькі спецатрад Карханава ішоў сюды, у Забесяддзе, з сталіцы, то і камандзір яго меў самае непасрэднае дачыненне да Цэнтра. Цяпер, ва ўмовах нямецкай акупацыі, слова гэтае вымаўлялася нават больш значна, усё роўна як нанава, з новым значэннем. У кожным разе, не так, як у мірны час; але на ім можна было цяпер адным часам і спекуляваць, і больш сур’ёзна любую неабходную справу рабіць. Неба – высока, Масква – далёка, акурат як за сямю замкамі. Маючы намер актывізаваць дзейнасць крутагорскіх партызан, Чубар якраз і пачаў выкарыстоўваць магічнасць гэтага слова – Цэнтр, таксама сваю былую прыналежнасць да маскоўскага спецатрада, кажучы простай мовай, займацца звычайнымі інтрыгамі: напрыклад, час ад часу адлучацца з атрада, робячы выгляд, што падаецца на сувязь з нейкімі людзьмі, якія знаходзяцца на акупіраванай тэрыторыі з мэтай каардынацыі баявых дзеянняў усяго народнага супраціўлення і г. д. I тым не менш страху на крутагорскіх партызан не нагнаў. Тыя як заселі ў зямлянцы ў Шурышчы, куды перавялі іх з Цыкуноў Зазыба з Абабуркам, так заставаліся ў ёй, лічы, да самага шарана. Харчам іх забяспечвалі часцей такія сувязныя, як Дзяніс Яўменавіч з Верамеек, Захар Доўгаль з Гончы, Абабурка з Бабінавіч. У чым-чым, а ў добраахвотных памочніках недахопаў не было. Былі сувязныя ў партызан і ў Крутагор’і. Тая ж Ганна Піханава. Гаварылі, што Чарнагузаў праз кагосьці там быў звязаны нават з начальнікам паліцыі Рослаўцавым. Да самога ж Чубара ў атрадзе паставіліся насцярожана, аднак трывалі і яго неўтаймаванасць, і яго дзікаватыя паходы ў невядомасць – а раптам сапраўды чалавек мае на ўсё гэта паўнамоцтвы?..

Уласна кажучы, насцярожанасць гэтая не прайшла цалкам нават цяпер, калі ў Чубаравых «інтрыгах» не было патрэбы, бо мясцовых партызан пачалі ўжо ўспрымаць як рэальную сілу. Прынамсі, у Забесялдзі. Праўда, сіла гэтая выклікала ў адказ небяспеку для насельніцтва. З’яўленне партызан у тым альбо іншым месцы амаль заўсёды мела адпаведную рэакцыю з боку немцаў – карнікі абавязкова наведваліся туды, дзе пабывалі «бандыты», шукалі вінаватых, заносячы ў гэты даволі адвольны спіс кожнага, на каго падзе хоць якое падазрэнне. Так што дзейнасць партызан магла не толькі радаваць людзей, а і палохаць. Нездарма ж кажуць: спаць пад адной коўдрай – гэта яшчэ не значыць глядзець адны і тыя ж сны… Акрамя таго, тым жа сялянам даводзілася трываць усялякія інквізіцыі як з аднаго, так і з другога боку. Перад вайной у Верамейках паказвалі кінафільм «Чапаеў». Дык там вяскоўцы скардзіліся легендарнаму начдыву: маўляў, што ж выходзіць, Васіль Іванавіч, белыя – рабуюць, чырвоныя, даруйце, таксама?.. Куды падзецца мужыку? Штосьці падобнае назіралася цяпер. Прыклад таго ж кучара, які размаўляў з Чубарам у дарозе, як найлепш пацвярджаў гэта: хапай, што на вочы трапіць!.. Партызаны таксама ажыццяўлялі рэквізіцыі – спярша, вядома, бралі для сябе, пасля ўжо для брата, для цешчы і свата… Асабліва ў тых вёсках, што размяшчаліся ў так званай нейтральнай паласе, дарэчы, вельмі ўмоўнай, але ж сапраўды паміж нямецка-паліцэйскімі станамі ў населеных пунктах і партызанскімі стаянкамі ў лясах…

У думках Чубару лягчэй было пераходзіць з адной крайнасці ў другую, чым старацца разважаць так, каб адна падзея вынікала з другой, адзін учынак абумоўліваўся другім; аднак ён трывала ведаў, што ва ўсякай бядзе павінен быць вінаваты і што кожны потым вяртаецца да віны сваёй.

Дзіўна, але сёння Радзівон Антонавіч мог прызнацца сабе, ды і не толькі сабе: сумнявацца таксама нялёгкая справа, прынамсі, пасля вялікай веры ў штосьці пэўнае; усведамленне гэтага прыйшло да Чубара, няйначай, з адзіноты; ён і ў мірны час, уласна кажучы, быў адзінокі чалавек, дарма што жыў і працаваў у калектывах: цяпер жа адзінота была ўсё роўна як непазбежнай; значыць, думаў ён, адзінота не толькі атручвае чалавека, яна і ратуе яго, і вылечвае.

Якраз адзінота дапамагла Радзівону таксама зразумець яшчэ адно: у вайну вельмі лёгка атруціцца чалавеку яе трупным дыханнем.

За час свайго мінулагодняга і сёлетняга бадзяння Чубар сапраўды шмат перадумаў, багата што адкінуў прэч, нават выкінуў са сваёй памяці і не хацеў ужо вяртацца назад, але праўду кажуць людзі – чалавек ніколі не забывае дзяцінства…

Раней ён, напрыклад, ніколі не бачыў у сне маці. Яна не снілася яму… Увосень мінулага года яна раптам з’явілася ў сне – з заплюшчанымі вачамі, уся ў гарадскім, хоць бачыць яе ў такім адзенні жывой, здаецца, яму не даводзілася. Маці аб нечым гаварыла з ім, аднак назаўтра Чубар не мог успомніць і слова з тае размовы… Пасля Радзівон стаў бачыць яе ў снах часцей. I ўсё пытаўся: чаму пакінула аднаго на гэтым свеце? Маці таксама штосьці гаварыла яму ў адказ, але зноў усё роўна як нема, бо да раніцы забывалася. Бацька Чубару не сніўся зусім. Можа, таму, што Радзівон к гэтаму часу страціў нават воблік гаго са сваёй зрокавай памяці, не мог прыгадаць з выразнасцю, як бацька выглядаў, што насіў, як гаварыў…

I яшчэ было адно, што дзівіла: сіратой Чубар адчуваў сябе толькі ў маленстве, калі многа парабкаваў, ды цяпер вось. У сталым узросце адчуванне сіроцтва мінулася, можа, праз тую захопленасць грамадскім жыццём, якая прыйшла ў каморніцкай школе. Менавіта ж адтуль лёс, лічы, малога яшчэ хлапца лёг на рэйкі, якія прывялі яго ў Забесядцзе.

Сёння Чубару нішто не снілася. Ён і рады быў гэтаму адным часам і не рады. Але ж і спаў ён нямнога. Можна сказаць, адно кавалачкамі прыхопліваў таго сну.

Чалавек, якога немцы падсадзілі да яго ў склеп, ужо, няйначай, спаў, бо храпеў і варочаўся, дарма што справа ішла да раніцы. Кажуць, чужы сон памагае заснуць другому. Гэты блізкі сон неўзабаве падзейнічаў і на Чубара. А калі Радзівон зусім пры святле зноў прачнуўся, таго чалавека, які расхваляваў яго і памог заснуць яшчэ раз, ужо не было побач – як з’явіўся нячутна ў царкоўным сутарэнні, так і знік. Можна было падумаць, што начаваў з ім нейкі пярэварацень. Але ж Чубар на свае вушы чуў, што хтосьці маліўся, уздыхаў і варочаўся, тады спаў і храпеў. Пабочная патаемнасць не так сабе!.. Няйначай, немцы падсаджвалі ў сутарэнне свайго далавека.

Напраўду яно якраз так і выйшла. Чубар пераканаўся ў гэтым адразу, як яго прывялі ўранні на допыт у валасную ўправу, дзе ўжо сядзеў маёр з асобай каманды СС, былі ва ўправе таксама камендант Гуфельд і бургамістр Брындзікаў. Немцы нейкі час размаўлялі, кудысьці пасылалі бургамістра, а Чубар стаяў пры канвойным, насцярожана слухаў чужую мову, якая трывожыла сваёй няроўнасцю і ўсё роўна як картавасцю. Нарэшце маёр успомніў пра партызана.

– Што вы нам сёння скажаце, пан Чубар? – зусім без звераватасці спытаў ён.

Невядома чаму, але Чубар з гэтай знарочыстай памяркоўнасці ўсміхнуўся.

Ён разумеў, што доўга маўчаць гэты раз яму не дадуць. Тым больш што зага- варыў і Гуфельд.

– Дарэмна вы гуляеце ў хованкі, пан партызан, – з’едліва сказаў ён, беручы са стала аркуш паперы. – У нас тут дакладныя звесткі пра вас. Чубар Радзівон Антонавіч, былы старшыня калгаса «Іскра», член камуністычнай партыі, партызан мясцовага атрада. Ад вас, як бачыце, патрабуецца адна фармальнасць: сказаць, дзе стаіць цяпер атрад Нарчука, колькі бандытаў у ім, якая зброя?

Бургамістр Брындзікаў тым часам стаяў паміж немцамі, ківаў, як заведзены, галавой, маўляў, ты гэта, Чубар, сапраўды дарэмна!..

Кажуць, чалавека іншы раз можа выратаваць нават хлусня, але тады яна павінна быць большай за праўду. Чубар падумаў пра гэта і раптам здрыгануўся, усё роўна як нанава вярнуўся з непрытомнасці. Усведамленне таго, што яго нарэшце канчаткова паставілі на край прорвы, захалынула душу.

XVI

Зазыба дарэмна ганяўся за атрадам. Ужо настала ноч, а ён так і не даведаўся, дзе знаходзіліся крутагорскія партызаны, хоць паспеў наведацца і ў Кавычачы, і ў Вараноўку, і ў Гутку. Затое ў Верамейках ужо таксама ведалі, што ў наваколлі з’явіліся нейкія партызаны. Праўда, згадвалі пра гэта нібы паміж іншым, а то ўсё бедавалі аб спаленай сваімі партызанамі зацішанскай смалакурні ды забітым паліцаевым сыне: з’яўленне па той бок Бесядзі карнага атрада таксама згадвалася найбольш з тым, што на лузе быў падстрэлены немцамі старэйшы Пахамкоў сын з Кавычач. Дарэчы, прывёз яго ў Верамейкі Дзяніс Зазыба – наехаў на хлопца па дарозе з Шурышча, недалёка ад Цімохавай пожні. Сядзеў небарака з прастрэленай нагой пад таўшчэзнай сасной, няйначай, чакаў, пакуль хто-небудзь забярэ: сілы хапіла толькі на тое, каб дапяцца сюды ад дзербы. Хлопец сам сказаў Зазыбу, хто ён і адкуль. Тады Дзяніс Яўменавіч пасадзіў параненага на воз, прывёз у Верамейкі. А з Верамеек ужо ў Кавычачы, балазе, што якраз у Кавычачах у Зазыбы найперш была справа: туды ж падаліся партызаны з Зацішша. Стары Пахамок спярша разгубіўся, убачыўшы параненага сына, але адразу ж і накінуўся на яго, маўляў навошта табе здалася тая Гонча, сваіх дзевак у вёсцы мала? Аказваецца, той заляцаўся ў Гончы да нейкай дзеўкі, а гэты раз натрапіў на немцаў… Зазыба, вядома, спытаў у Пахамка пра партызан. «Былі, былі, – заківаў галавой Пахамок. – Але пайшлі, ведаеш, пайшлі кудысь». Тады Дзяніс Яўменавіч аб’ехаў другія вёскі. Але, як кажуць, таксама ні гуку, ні следу ад партызанаў. «Былі, былі, а як жа, былі, але пайшлі», – казалі паўсюды мужыкі. Уся надзея, такім чынам, была на Ганну Піханаву, якая заставалася на ноч у Шурышчы. Уласна кажучы, так яно і выйшла. I ўжо Нарчук пасылаў уранні па Зазыбу з Шурышча. Спярша Мітрафан Ануфрыевіч хацеў каб Дзяніс Яўменавіч з’ездзіў у Бабінавічы, каб паглядзеў там на свае вочы, што да чаго. Аднак Павел Чарнагузаў пераканаў камандзіра, што найперш трэба наладзіць сувязь з новым партызанскім атрадам. «Сваімі сіламі не толькі немагчыма затрымаць эсэсаўскую каманду, але і падужацца як след», – даводзіў Павел Ягоравіч. У выніку ў Бабінавічы да Абабуркі пайшоў хтосьці іншы: да Скандзілава ў Трусак таксама быў накіраваны сувязны. Зазыбу ж выпала ехаць ў Панькоўскую Буду, дзе хутчэй за ўсё можна было знайсці прышлых партызан. Да Зацішша Зазыба ехаў хутка, але нездарма кажуць – з чужога каня злезеш нават на грэблі; так яно і выйшла: за былым панскім маёнткам партызанскі конь раптам пачаў прыставаць; спяшаючыся, Зазыба падганяў яго лейцамі, гучна «нокаў», бадай, на ўвесь лес, ды мала чым памагаў справе; нарэшце выбіліся з сіл і конь, і вазак; Зазыба хацеў выпрагчы каня, каб папасвіўся трохі, ужо вызваліў дугу з левага гужа, аднак штосьці заляскала на бялынкавіцкай дарозе, і ён, з трывогай паслухаўшы, адмовіўся ад свае задумы – заціснуў нанова клешчы, ускочыў на калёсы і зноў «занокаў», мала на што спадзеючыся.

Дзіўна, але ў сённяшняй мітусні, ды і ва ўчарашняй, пад канец дня і ўвечары Дзяніс Яўменавіч, здаецца, ні разу не ўспомніў пра Чубара. Да таго ж у Шурышчы пра Радзівона таксама ніхто не абмовіўся словам, усё роўна як такі партызан зусім не лічыўся ў атрадзе, можа, таму Дзяніс Яўменавіч і дасюль быў спакойны за яго, не так спакойны, як не заклапочаны, каб не сказаць абыякавы, няйначай, чалавек недзе заняты, раз няма ў атрадзе. Нікога ж не хвалюе яго адсутнасць. Але цяпер гэты шум на бялынкавіцкай дарозе быццам штуршком вярнуў Зазыбу да ўчарашняй паездкі з Чубарам. Стала трывожна на душы, з’явілася дакорлівае пачуццё – гэта ж трэба, нават пацікавіцца ў партызан не паспрабаваў!..

Раззлаваны на самога сябе, Дзяніс Яўменавіч не мог супакоіцца ўжо да самай Панькоўскай Буды. У гэтай вёсцы ў яго быў знаёмы мужык, дарэчы, як і амаль у кожнай, што далёка ці блізка знаходзіліся ад Верамеек, нездарма ж столькі гадоў пражыта было на свеце. Мужыка звалі Іванам, па прозвішчы Партноў. Раней той працаваў на самой Будзе, але яшчэ перад вайной вытворчасць па нейкай прычыне была спынена, і Партноў перайшоў у кал гас. Зазыба з пазамінулага года яго не бачыў, аднак быў упэўнены, што можа заспець чалавека ў вёсцы: кульгавых на вайну не бяруць. Іванаў двор збудаваны быў акурат пасярэдзіне Панькоўскай Буды, але па загараддзю туды можна было трапіць і адразу, як выехаць з лесу, адшукаўшы коўраткі, якія гаспадар зрабіў на свой двор з глухога боку. Зазыба так і паехаў. Толькі адчыняць коўраткі не давялося. На двары ўжо стаялі другія калёсы, праўда, распрэжаныя, без каня, але на іх пад плашч-палаткай ляжаў мёртвы чалавек. З гэтага боку, адкуль пад’ехаў Зазыба, тырчэлі босыя ногі, чорныя, усё роўна як моцна пабітыя, а найперш сведчылі, што належалі яны сапраўды нежывому чалавеку, альбо памершаму, альбо забітаму. Акрамя калёс ды нябожчыка на іх, на двары нікога не было, нават каня, на якім, няйначай, прывезлі аднекуль гэтага чалавека, таксама Зазыба не бачыў. Зразумела, што колькі часу, але зусім нядоўга, Дзяніс Яўменавіч утрапёна падзівіўся з таго, што раптам убачыў тады нібыта ачомаўся, пачаў прывязваць лейцамі каня да коўратак, увесь час адчуваючы ў сабе здранцвелую зніякавеласць, якая, вядома ж, не дадавала рашучасці, дарма што Зазыба не сумняваўся, што трапіў туды, куды ехаў. Нарэшце, ён акурат перамог сябе, падаўся па двары, да ганка. Дзверы ў сенцы былі расчынены, таму Зазыба далей ганка не пайшоў – хапіла гукнуць у прыцемак, што поўніў сенцы. Голас адразу быў пачуты ў хаце, дзверы адтуль амаль у той жа момант грукнулі, па дошках мокрай падлогі затупалі цяжкія, але ўсё роўна як няўпэўненыя ногі. Па гэтым ужо Зазыба зразумеў, што ішоў хтосьці незнаёмы, прынамсі, не кульгавы гаспадар. I сапраўды, на ганак выйшаў з сенцаў не Іван Партноў а нейкі чалавек з вінтоўкай у правай руцэ. Вочы ў яго былі неспакойныя; адразу саскочылі з Зазыбы, забегалі па двары, акурат спрабуючы ахапіць позіркам больш таго, што знаходзілася цяпер на ім.

– Хто такі? – груба спытаў ён Зазыбу і малым пальцам левай рукі тыцнуў сабе ў вуха.

Канечне, такое запытанне, няхай нават грубае, не з’явілася нечаканым для Дзяніса Яўменавіча, няйначай, чалавек якраз з гэтага і павінен быў пачаць, аднак адказаць на яго чамусьці зрабілася для Зазыбы няпроста, можа, ад унутранага супраціўлення, што было абумоўлена адсутнасцю на ганку гаспадара; да таго ж нябожчык, які ляжаў ззаду на калёсах, не пераставаў бянтэжыць Зазыбу, дакладней, усё роўна як знарок не даваў забыць аб сабе. Чалавек між тым зноў уталопіўся вачамі ў Дзяніса Яўменавіча, але ўжо з выразнай нецярплівасцю. Тады Зазыба з несхаванаю неахвотай нарэшце расклеіў свае шчыльна сцятыя губы, сказаў амаль гэтак жа нелюдзіма:

– Мне гаспадара.

– Ахто тут гаспадар сёння? – быццам сапраўды няўцям, здзівіўся чалавек.

– Дык… – Дзяніс Яўменавіч хацеў узысці яшчэ на прыступку, стаць упоравень, каб не даць глядзець на сябе ў цемя, але чалавек таксама нібыта адчуў Зазыбава жаданне, памкнуўся наперад, заступіў дарогу.

– Дык хто тут гаспадар?

– Як хто? – Дзяніс Яўменавіч паціснуў плячамі, адчуваючы, што пачынае злавацца.

– Ну так! – Усё роўна як неўпапад, але ўжо зусім зверавата сказаў чалавек.

Зазыба азірнуўся – няўжо на калёсах пад плашч-палаткай ляжыць Іван?

Дзіўна, але гэтая думка працяла яго першы раз, як апынуўся на двары, дасюль чамусьці не звязвалася адно з адным, нават у голаў не прыходзіла, што нябожчык і гаспадар могуць трапіць у аднолькавае становішча, хоць на самай справе якраз пра гэта ў самым пачатку і павінна была з’явіцца думка, прынамсі, да таго часу, пакуль не ўбачыў узброенага чалавека, які цяпер нібыта навісаў на ім, стоячы на верхняй прыступцы ганка.

У гэты момант ягонага роздуму зноў грукнулі дзверы ў сенцах – нехта выходзіў з хаты. Але цяпер у Зазыбы чамусьці ўжо не было спадзявання, што ідзе гаспадар. На ганку апынуўся другі чалавек з вінтоўкай. Быў ён маладзейшы за таго, што гэтак насядаў на Зазыбу; але ў гэтага, тым не менш, была барада. I выгляд у яго быў не такі змрочны, як у першага.

– Што тут у нас? – спытаў ён, усё роўна як у абодвух.

– Ды вось… гаспадара хоча.

– Так, я прыехаў да гаспадара, – пацвердзіў Зазыба.

– Гаспадара зараз няма, – сказаў чалавек з барадой, – так што… А вы хто?

– Ну, Іванаўзнаёмы…

– Давядзецца вам пачакаць яго.

Спакойны тон і добразычлівая памяркоўнасць супакоілі Зазыбу. I Дзяніс Яўменавіч тут жа падумаў – значыць, гэта не гаспадар ляжыць пад плашч-палаткай, раз адсутнічае недзе, бо навошта тады было гаварыць, што давядзецца яго пачакаць. Чалавек з барадой тым часам сказаў:

– Вы б зайшлі ў хату.

Пасля гэтага і той зварухнуўся, што выйшаў на ганак першы, але грубага тону да Зазыбы не змяніў:

– Давай, праходзь! А то хто ведае – для гаспадара ты, можа, і праўда друг-таварыш, а для нас…

Цяпер Зазыба ўжо мог пэўна здагадацца, што размаўлялі з ім партызаны, якія займалі Іванаву хату; на калёсах, няйначай, таксама ляжаў забіты партызан; але боязь памыліцца, натрапіць на каго-небудзь іншага, непажаданага, напрыклад, на тых жа паліцаяў, якія ў вёсках не заўсёды мелі форму, а то і проста на бандытаў што часам выдавалі сябе калі за партызан, калі за паліцаяў, стрымлівала яго прызнацца, з чым прыехаў сюды, у Панькоўскую Буду. Тым больш няварта было спяшацца з гэтым цяпер, калі недзе павінен быў хутка вярнуцца дамоў Іван Партноў. Таму моцна не задумваючыся, хто перад ім – партызаны ці паліцаі, Дзяніс Яўменавіч нагнуў галаву наперад, каб не грукнуцца лобам аб верхні вушак, асцярожна пераступіў парог і ў прыцемку намацаў клямку на дзвярах у хату. Насуперак таму, чаго найперш можна было чакаць, ніхто з ганка не крануўся следам за ім, не стаў суправаджаць, але ў хаце за сталом сядзеў трэці чалавек; гэты таксама меў зброю пры сабе, і таксама вінтоўку, якая прыторкнута была праваруч да сцяны, ужо амаль на куце; сашчэпленыя рукі яго нерухома ляжалі на зялёнай цыраце, якой быў засланы стол, і ён, бадай, невідушча, але зацята талопіў вочы на іх, нават не падняў галавы, каб паглядзець, хто зайшоў у хату. Тады Зазыба крактануў, выдаючы сваю прысутнасць, аднак і пасля гэтага той не зварухнуўся, а калі нарэшце праз якую хвіліну адарваў позірк ды глянуў на ўвайшоўшага, Дзянісу Яўменавічу стала зразумела, што чалавек п’яны. Сцяміўшы гэта па мутных вачах, Зазыба падумаў, што і той чалавек, які калупаў на ганку пальцам у вусе, няйначай, таксама п’яны, дарма што здагадацца пра гэта было цяжка, проста стаялі яны адзін перад адным тады не ўпоравень, Дзяніс Яўменавіч ніжэй, а той вышэй, ды і ў голаў Зазыбу чамусьці не прыйшло такое. Цяпер жа гэта было больш чым відавочна. Зазыбу ад такога зразумення адразу зрабілася непрыемна. «Набярэшся цяпер з п’янымі клопату», – акурат жахнуўся ён у скрусе, але пакуль чалавек маўчаў, было часу падумаць таксама: здаецца ж, трэці сярод іх, з барадой, усё-ткі цвярозы!.. Пастаяўшы ў няверлівасці колькі часу пад цяжкім позіркам у парозе і не дачакаўшыся размовы, Зазыба рашыў знайсці сабе ў хаце іншае месца – ступіў колькі крокаў да ўслона, што стаяў паўз вокны на двор, сеў там, паклаўшы пад руку сабе зняты толькі цяпер з галавы картуз. Было такое ўражанне, што чалавек за сталом сядзеў, страціўшы мову, бо Дзяніс Яўменавіч і цяпер, бадай, мала спадзяваўся, што той працярэбіцца думкай праз п’яны тлум. Але ж сказана было ісці ў хату, каб чакаць тут гаспадара. Так што – не свая воля. Зрэшты, досыць ужо нават таго, што незнаёмыя людзі болыц не чэпяцца. Гэта Зазыбу здавальняла пакуль. Адно было нязручна – чалавек усё яшчэ не зводзіў з яго свайго цяжкага пагляду, можа, не зусім выразна бачыў, хто зайшоў у хату, а затым самачынна прымасціўся на ўслоне. Але дарэмна Зазыба ўсё роўна як суцяшаў сябе. Чалавек за сталом нарэшце таксама пачаў з таго самага, што і яго хаўруснікі.

– Хто такі і чаго трэба?

– Мне сказалі, што магу пачакаць гаспадара.

– Хто гэта сказаў?

– Ну, вашы…

– А хто?

Першыя словы, якія былі вымаўлены, варочаліся ў ягоным роце з цяжкасцю, замаруджана, акурат знарок ён іх расцягваў ддя большай важкасці альбо нават постраху, але затым гаворка пачала набываць звычайную роўнасць, ужо на апошнім запытанні мала адчувалася, што чалавек п’яны.

– Я прыехаў, – сказаў дзеля парадку, але быццам з неахвотай Зазыба.

– Адкуль? – не пераставаў пытацца п’яны, якому, няйначай, ажно радасна было, што мог у такім стане весці, можна сказаць, допыт.

– З суседняй вёскі, – адказаў Зазыба.

Гаворка была такая, нібыта абодва яны ішлі пры гэтым па клявай кладцы над рэчкай і вельмі баяліся зваліцца ў ваду.

– З якой?

Зазыбу нарэшце абрыдла гэтая гулянка ў пытанні-адказы, і ён сказаў:

– З Гумніцкай.

– А-а-а, – сказаў чалавек і ўсё роўна як здаволены схіліў над сталом галаву: здавалася, што цікавасць да размовы нарэшце прапала ў яго ўжо зусім, аднак не. – А мы вось тут, бачыш, – пачаў ён акурат скардзіцца, – на засаду напароліся. Пецьку паліцаі ў Барэйках забілі. Каля першых двароў. Ведаеш, дзе Барэйкі?

– Чамужне?

– Дык вось забілі Пецьку. Каля першых двароў. З засады. Толькі мы ўехалі на конях у вёску, а яны… Словам, забілі Пецьку. Але мы іх пераловім. I яйцы паадразаем. Кажуць, адзін з тых паліцаяў, што страляў першы, сёння вяселле гуляе, дык нашы пайшлі туды. Зловяць і жанілку адрэжуць, выхаласцяць, няхай тады пахваліцца. Я так і сказаў хлопцам: не забівайце яго, проста, хрэн на самым вяселлі адрэжце і нявесце ў насоўцы падарыце.

Як кажуць, адным часам і грэх і смех, а тут яшчэ і жах, але Дзяніс Яўменавіч ніяк не азваўся, сядзеў унураны, маўчаў. Тады і партызан (цяпер ужо гэта пэўна было, што партызан) страціў цікавасць гаварыць.

Нарэшце пачуліся новыя галасы на двары. Зазыба глянуў збоку праз акно, убачыў Партнова. Той ставіў рыдлёўку да плота і з кімсьці размаўляў, але таго, другога, з акна не было відаць. Затое па голасе можна было пазнаць, што зна- ходзіўся чалавек недзе за коўратамі, там, дзе стаяў нявыпражаны з аглобляў Зазыбаў конь. «Людзі вакол чужыя, – праскочыла ў галаве думка, – хоць бы часам не паквапіліся». Але падумалася пра гэта без трывогі, бо са з’яўленнем гаспадара, бадай, ужо можна было адчуць сябе іначай, чым з незнаёмымі людзьмі, ва ўсякім разе, не вельмі турбавацца хоць пра таго ж каня. Прынамсі, так хацелася верыць. Ну а што дзядзькі п’яныя, дык таксама… Таварыш на возе ляжыць забіты.

Зазыба ўжо адарваўся ад услона, каб выйсці ў двор, але ўбачыў, што Партноў сам чыкільдыкаў да ганка. Зазыбу ён пазнаў адразу, яшчэ з сенцаў, калі толькі расчыніў у хату дзверы.

– От каго ўжо не чакаў! – усклікнуў ён, становячыся здаровай нагой на парог. – Дак ета твой конь за дваром стаіць? Здароў, здароў Яўменавіч!

Яны ўзяліся, паціснулі адзін аднаму рукі. Гаспадар яшчэ з няўтойнай радасцю сказаў:

– Дак пагаворым… А я от…

Скончыць яму перашкодзіў п’яны партызан, які адкінуўся спіной да сцяны, спытаў:

– Магілу выкапалі?

– Дак… справа няхітрая, – ад нечага смыкнуў шчакой Партноў. – Можна запрагаць ды везці нябожчыка.

– Не твая справа. Начальства ведае, што і калі рабіць. Скора прыедзе.

– Але неяк не па-чалавечы, – ці то запярэчыў, ці то проста сказаў Партноў – Труны не зрабілі.

– Дзе тых трунаў цяпер на ўсіх набрацца.

– Дак ці ж ета цяжка?

– Ну, цяжка не цяжка!.. Салдат жа. Вунь у плашч-палатку загорнем, і ўсё. Хіба першы раз?

Партноў паціснуў плячамі. Зноў смыкнуў той жа шчакой.

– Як знаеце. – I растлумачыў Зазыбу: – Я ета магілу для забітага памагаў капаць. Але што ў цябе?

– Словам перакінуцца прыехаў

Зазыбаў адказ, відаць, насцярожыў чымсьці партызана, бо той зноўускінуўся, паказваючы на Дзяніса Яўменавіча.

– Дарэчы, а хто гэта? Адкуль ён?

– Чалавек. Свой.

– Што значыць свой?

– Ну, можа, паважней нават, чым ты.

– Але нешта ён дужа патаемны, гэты твой госць.

– У кожнага свая справа.

– Цяпер няма сваіх спраў – ужо зусім як цвярозы незалюбіў партызан, – кожная свая справа ды каго-небудзь другога датычыць.

Аднак гаспадар не настроены быў слухаць чужыя павучанні, сказаў Зазыбу:

– Хадзем-тка мы, Дзяніс Яўменавіч, каня твайго ў лепшае месца паставім, а то й папасвіць можам. Ай не маеш часу?

– Нават не ведаю, як сказаць.

– Ну дак хадзем.

Іванава незалежнасць, якая адчувалася і ў паводзінах, і ў гаворцы, тым не менш неяк насцярожвала Зазыбу, за кожнае слова чамусьці даводзілася непакоіцца. У сенцах, калі яны выйшлі з хаты, якраз пра гэта і сказаў ён. Але Іван адно махнуў рукой:

– Ат, кожнае гаўно не ўлашчыш.

На двары зноў нікога не было.

Іван адчыніў на задворак коўраткі, прапусціў наперад Зазыбу:

– Дык што ў цябе, Дзяніс?

– Партызаны патрэбны.

– Дак от жа яны.

– Ну, мне…

– Цвярозы хто?

– Во-во!

– У вёсцы цяпер толькі етыя трое, што ў мяне. А так… усе, здаецца, у лесе. Кажуць, нядрэнны хлопец быў, а от жа… Кажуць, паліцай арцюхоўскі застрэліў з-за плота. Дак мае от і заліваюць з учарашняга гора. Балазе, самагонку недзе знайшлі. Як прывезлі небараку сюды, так і пачалі пытацца на вёсцы – у каго самагон?

– А я ўжо думаў што крута мне давядзецца з п’янымі. Чакаў цябе, чакаў, але добра, што хутка справіўся.

– Дак… Не адзін. Дак навошта табе партызаны?

– Па-першае, адкуль яны з’явіліся ў вас?

– Як я зразумеў, дак, здаецца, з-за фронту. Але дзе ён цяпера, той фронт? Вунь лістоўку вецер аднекуль прынёс з вашага боку, дак немцы ачухаліся пасля зімы, зноў наступаюць. Няйначай, усё-ткі хочуць Маскву ўзяць, злашча, што з другога боку, аднекуль з поўдня. Мае таксама сянні пра ета разважалі. Аказваецца, страшная сіла, етыя немцы.

– Але ты дакладна ведаеш, што твае партызаны з-за лініі фронту?

– Ну, гавораць жа самі.

– А хто ў іх камандзір?

– Нейкі капітан. З энкэвэдэ. Ці то Кажамякін, ці то Шамякін. Дак етыя табе патрэбны?

– Мне хоць якія, але гэтыя, бадай. Так, відаць, гэтыя.

– Дак пабачыш сянні на могілках. Я пакажу табе камандзіра. У хворме ходзіць. Ета я ім параіў забітага пахаваць на нашых могілках. А то не хацелі, маўляў трэба ў патаемным месцы, а то выкапаюць паліцаі ці немцы ды паздзекуюцца з цела. Але ўсё-ткі са мной пагадзіўся. У сухой зямлі ляжаць – не ў балоце.

У Зазыбы бракавала часу – як таго вымагалі абставіны. Нарчук прасіў хутчэй вярнуцца ў атрад. Тым часам пахаванне тут магло адбыцца не раней, як па абедзе. Ва ўсякім разе, як помніў Дзяніс Яўменавіч, у вёсцы мала калі хавалі нябожчыкаў у першай палове дня. Вядома, партызанам неабавязкова захоўваць сялянскія традыцыі, але мала чым верагодна: вёска заўсёды накладае свой адбітак – ці то звычаем, ці то яшчэ чым.

Зазыба сказаў:

– Але ж у мяне часу мала. Ты не ведаеш, дзе штаб у іх?

– Не, – крутануў галавой Партноў. – А табе і праўда карціць як хутчэй?

– Ведаеш, па той бок Бесядзі аб’явіўся карны атрад. Ці не будуць немцы перапраўляцца сюды, на наш бок.

– А-а, ета і праўда дзела. – Іван задумаўся. – А можа, етым сказаць, дарма што выпіўшыя?

– Які з іх толк?

Але Партноў крутануўся на здаровай назе, заспяшаўся ў хату. Следам за ім адтуль выйшаў партызан:

– Дзе твае немцы?

– Яны як мае, так і твае, – незалюбіў Зазыба.

– Гэта мы яшчэ пабачым! – груба сказаў партызан. – Дык дзе яны?

– Там, – няпэўна махнуў рукой Зазыба, каб адчапіўся.

– У страха вочы вялікія, вось што я табе скажу.

– Можа, і праўда вялікія. Але мне трэба да вашага камандзіра.

– Вось прыедзе на Пецькава пахаванне, ну і пабачыш, калі трэба.

Тады ўмяшаўся ў гаворку Партноў:

– Ты, Паўтаракін, дарэмна ета. Зазыба не стане хлусідь ды паніку падымаць.

– А ну вас, – махнуў рукой партызан, – як знаеце, так і рабіце. Мне пахаваннем трэба займацца. Такі загад. Чалавек жа недарэмна забіты. – Павярнуўся на ганку і зноў падаўся ў хату.

Партноў пачухаў патыліцу:

– Тут ёсць сярод іх талковы. З барадой. Не бачыў?

– Бачыў.

– Можа, таго знайсці? Ды ён і не дужа п’яны. Але ладна, Дзяніс, вышэй пупа не падскочыш і далей свайго ценю не пабяжыш. Мне хтосьці казаў што сын твой нарэшце вярнуўся дамоў?

– Ага, вярнуўся. Жыве цяпер з намі.

– А як ета тваю жонку завуць?

– Марфай.

– От бачыш, стаў забываць. А мая сянні пайшла ў Каменку. Ты ж ведаеш Каменку? Дак пайшла. Вярнуўся там адзін чалавек з палону. Кажа, па хваробе адпусцілі. Дак захацела спытаць у яго пра брата свайго, Ігната. Разам па мабілізацыі пайшлі. Дак, кажаш, жыць можна і пры новай уладзе?

Зазыба, канечне, гэтага не гаварыў, але не стаў папраўляць даўняга прыяцеля, толькі ўсміхнуўся ды сказаў шматзначна:

– Цяпер жа яно часам і не надта зразумела, у каго яна і якая.

Іван Партноў з яго слоў ажно зарагатаў:

– Ета праўда: як партызаны ў вёсцы, то, здаецца, іхняя, старая, а потым паліцаі з немцамі пануюць. Праўда, немцы дак і не дужа часта бываюць тут, дарма што бальшак з Бялынкавіч на Баронькі не дужа далёкі, затое паліцаі… Етыя, бывае, не вылязаюць з нашай Буды. То на нашым пасёлку ў каго-небудзь самагонку глушаць, то на тым. Кучароў з Дзяржыння частуе, дак… Але неяк хутка ён пярэваратнем зрабіўся. Яшчэ ўчора ў партыі быў, а сянні ў паліцаях, немцам служыць. Вось і ўчора мне цераз аднаго тут перадаваў, каб не дужа з партызанамі етымі валэндаўся. А я што – прывезлі на двор забітага, от і клопат. Дак, кажаш, сын вярнуўся ўсё-ткі. Як жа ён там?

– Жыве, па гаспадарцы памагае. Цяпер сена косім.

– Я не пра ета. Ну, як там, у турме?

– Турма – не бацькаў дом.

– Але ж во неяк выбавіўся? Пашанцавала ці тэрмін выйшаў?

– Здаецца, і тое, і гэта, – не стаў прызнавацца Зазыба. – Галоўнае, жыве цяпер з намі.

– У Гаўрылінцы ж таксама летась адзін уцёк з савецкай турмы. Дак той рас- казвае – ой-яй-ёй! Такі жах, што ажно не верыцца. Мы сабс тут жывём і не знаем, што Берыя са Сталіным ледва не ўсю краіну ў Сібір ды на Поўнач перасяліў. Значыць, твой не расказвае?

– Ну так… гаварыў… але… дзе тая праўда? Людзей многа – адзін тое бачыў, другі гэта, так што…

– Значыць, твой не расказвае?

– А я не дужа й пытаюся. Цяпер і без гэтага жахаў хапае.

– I то праўда. Дак, кажаш, немцы па той бок Бесядзі. Не крутагорскія?

– Здаецца, не, карнікі. Я іх бачыў, калі перапраўляліся ўчора каля Кубракоўкі.

– А што ты маеш да етых партызан?

– Не я, а нашы партызаны. Нарчук з Чарнагузавым.

– Ты ім памагаеш?

– Дак…

– А-а-а… – з разуменнем паківаў галавой Іван.

З таго боку двара, ужо недзе насупраць Іванавай хаты, пачуліся галасы. Хтосьці моцна смяяўся ў натоўпе, а то ўсё гаварылі ўзбуджана, перабіваючы адзін аднаго. Нарэшце адчынілася фортка паміж варотамі і сцяной хаты, двор пачаў напаўняцца партызанамі.

Сярод іх Зазыба ўбачыў і тых двух, што аціраліся тут раней – барадатага і таго, што першы размаўляў з ім на ганку, калупаючы пальцам у вусе. Смешна, але ён і цяпер рабіў тое самае, усё роўна як яму свярбела ці было поўна серы, якую цяжка даставаць.

Барадаты падышоўда коўратак, заякімі стаялі Зазыба з Іванам Партновым, кіўнуў Івану:

– Загадана – запрагаць!

– Запрагаць, дак запрагаць, – чамусьці падміргнуў Партноў Дзянісу Яўменавічу.

Партызаны тым часам не пераставалі гаманіць і на двары, але ўжо ніхто не смяяўся, відаць, стрымлівала блізкасць забітага. Зазыбу добра было чуваць, пра што ішла размова, дарма што паасобку, як кажуць, у кожнай кампаніі свая. Тым не менш Дзяніс Яўменавіч здолеў улавіць галоўнае. За выключэннем, можа, гэтых двух, што заставаліся ў вёсцы, усе астатнія сапраўды хадзілі ці то ў Арцюхі, ці то ў Кісялі, ці то ў Манастырок лавіць таго паліцая, што застрэліў з-за плота ў Барэйках ляжаўшага цяпер на калёсах пад плашч-палаткай партызана. П’яны Паўтаракін – Зазыба запомніў, як называў яго ў хаце Іван Партноў, – аказваецца, не так сабе пагражаў: учарашняга забойцу партызаны і праўда «накрылі» на вяселлі і не толькі зрабілі на вачах у нявесты кастрацыю, а і больш таго… I вось цяпер яны ўспаміналі пра гэта, як пра звычайную забаву… Не тое каб шкадуючы паліцэйскага, але Зазыба ажно жахнуўся, чуючы партызанскую пахвальбу, дарма што на грамадзянскай вайне таксама нагледзеўся рознага паскудства… У недавярстве тады амаль аднолькава спаборнічалі як белыя, так і чырвоныя… Але тое, што пачуў ён цяпер, здаецца, пераўзыходзіла сваім цынізмам усё іншае…

Іван Партноў тым часам вывеў з хлява мышастага каня, стаў запрагаць, разганяючы па баках партызан, якія тоўпіліся пасярод двара. Хтосьці падышоў да калёс, нацягнуў на ногі забітаму плашч-палатку, адкрыўшы галаву. Зазыба глянуў туды, акурат жадаючы схапіць зрокам абрысы твару, але ўбачыў толькі распухлыя шчокі, ацеслы нос, дакладней, твар у чалавека ўжо быў знявечаны смерцю, адны валасы на галаве засталіся, як і раней, чорнымі, іх зусім не зачапіў тлен, нездарма кажуць, што валасы ў мёртвага чалавека ніколі не мяняюцца колерам і нават у магіле нейкі час працягваюць расці.

Многа на сваім жыцці бачыў Зазыба чалавечых смерцяў, – і на вайне, і так, жывучы ў вёсцы. Прызнацца, ён і не баяўся нябожчыкаў, мог без страху ў душы глядзець на іх; але ўсё-ткі найбольш уразіла яго адна смерць, смерць ягонай маці: раней ён і ўявіць не мог сабе, што памёршы чалавек можа ляжаць у труне, быццам у сне – нават з усмешкай і ўсё роўна як са здаровым колерам твару. А маці так і ляжала, нібы жывая, ажно боязна было апускаць яе ў магілу, засыпаць зямлёй.

Іледзячы цяпер на забітага партызана, Дзянісу Яўменавічу чамусьці якраз гэта і прыйшло на памяць, няйначай, падзейнічаў на яго выгляд нябожчыка. Да таго ж параўнанні, таксама як і ўспаміны, рэдка калі залежаць ад чалавека, вярней, не заўсёды ва ўладзе яго.

Нарэшце конь быў запрэжаны, але Іван Партноў не адразу стаў выязджаць на вуліцу: расчыніўшы на дзве палавіны вароты, ён тут жа вярнуўся да Зазыбы.

– Дак… ты ж таксама, Яўменавіч, на могілкі разам ідзі, раз трэба. Можаш і на кані. А можаш і тут пакінуць яго. Я от зараз вызвалю двор, а ты ўедзеш. Словам, глядзі сам.

Зазыба паслухаўся Івана, і калі той вывез забітага на вуліцу, заняў сваёй фурманкай вызваленае месца на двары.

На могілкі народу сышлося шмат – і партызанаў, і вясковых. Бабы стаялі пад бярозамі, плакалі па хлопцу, быццам па сваім. Партноў паказаў Дзянісу Яўменавічу камандзіра атрада, які прыскакаў на чале кавалькады на танканогім, быццам вытачаным, высокім кані пад жоўтым рыпучым сядлом. Надзеты ён быў у вайсковае – у дыяганалевае сіняе галіфэ і ў такую ж дыяганалевую, але цёмна-зялёную гімнасцёрку, падпяразаную тоўстым рэменем са спражкай, пасярод якой блішчэла начышчаная меддзю пяцікутная зорка; на пятліцах гімнасцёркі знакі адрознення былі агульнавайсковыя – на кожнай па адной цёмна-вішнёвай шпале. Сам ён быў невысокага росту; вялікі палец правай рукі трымаў трохі воддаль ад спражкі пад рамянём; рухаўся імкліва, але неяк бокам, усё роўна як увесь час адчуваў на сваім шляху нябачную перашкоду, якую патрэбна было пераадольваць; на твары яго, бадай, зусім простым, які ў натоўпе не заўсёды можна адразу адрозніць альбо надоўга запомніць, здавалася, не было ніякага пачуцця, быццам камандзір сапраўды знаходзіўся не на пахаванні свайго партызана, а так – збочыў з дарогі выпадкова на могілкі, каб даведацца, дзеля чаго тут сабраўся народ. I над магілай гаварыў не ён. Развітальнае слова сказаў другі чалавек; гаварыў ён нядоўга, але не прамінуў паведаміць мясцовым жыхарам, што ўжо забойца панёс пакаранне, дадаўшы, што прыйдзе той час, калі і іншыя здраднікі і іх гаспадары знойдуць сабе няслаўны канец на савецкай зямлі. Словам, усё было зроблена і сказана, як на вайне. Але Зазыбу, таксама як і Івану Партнову, не спадабалася, што чалавека клалі ў зямлю без труны. Нават камякі зямлі, якія мякка і амаль нягучна шлёпаліся, падаючы ў яму на плашч-палатку, здаецца, не выклікалі жалобнага пачуцця, якое ўзнікае тады, калі трапляюць на драўлянае вечка труны. Нарэшце, калі, збіваючы лістоту на бярозах, прагучэлі апошнія стрэлы з вінтовак, а вясковыя кабеты зноў заплакалі галасамі, тады Зазыба стаў прабірацца між людзей да камандзіра. Той хацеў накіраваць яго да кагосьці іншага, няйначай, таксама з камандзірскім званнем, але Зазыба крутануў галавой і амаль сілаю прымусіў выслухаць сябе.

– А чаму ваш камандзір не прыехаў? Дарэчы, як яго прозвішча?

– Нарчук.

– Сапраўднае?

– Так. У нас іначай нельга, бо мы ўсе тут адзін аднаго ведаем, таму няма ніякай патрэбы гуляць у мянушкі.

– Не мянушкі, а клічкі, – паправіў капітан. – Дык чаму сам ён не прыехаў?

– Ну, трэба ж за немцамі сачыць. Распараджэнні аддаць. План прыдумаць, як не пусціць карны атрад на гэты бок Бесядзі.

– Ён у вас, як відаць, стратэг. Але мы на маршы. Мы – спецатрад і рухаемся ў Чачэрскія лясы. А тут проста затрымаліся на дзень-два пасля вялікага пераходу. Так што, немцы вашы нам не страшны. Мы сёння тут, а заўтра адзін чорт будзе ведаць, дзе…

– Нашы прасілі, каб вы прыехалі, а то…

Аднак камандзір спецатрада, здаецца, ужо зразумеў, што адчапіцца ад Зазыбы проста так не ўдасца, таму перапыніў:

– Нікуды я не паеду. Ды і чаму я павінен верыць, што гэта не правакацыя? Можа, у лавушку хочаце заманіць! Словам, калі вашым таварышам патрэбны мы, то няхай сюды прыязджаюць. Тут і абгаворым.

Зазыба ў разгубленасці пераступіў з нагі на нагу, хацеў зноў пачаць пераконваць камандзіра спецатрада, цяжка перажываючы, што той не паддаваўся на ўгаворы, але дарэмна; сказаўшы апошнія словы, капітан крута павярнуўся і, ледва не подбегам, рушыў да свайго каня, якога трымаў на краі могілак партызан, – чамусьці ў чорнай кубанцы, дарма што было самае лета і ўжо стаяла на дварэ паўдзённая спёка. Бачачы Зазыбаву няўдачу, нават разгубленасць, да яго падышоў Іван Партноў:

– Ну як, Яўменавіч?

– Аніяк, – ужо не хаваючы злосці, адказаў Зазыба. – Ці то мяне за дурня прымае, ці то сам…

– Ціхаты, – азірнуўся Іван Партноў, баючыся, што пачуюць другія партызаны, якія яшчэ тоўпіліся каля магілы.

Зазыба пасля гэтага і сам нібыта насцярожыўся, глянуў туды.

– Але мне хутчэй трэба ехаць, – сказаў ён змрочна, кратаючы пальцам кончык свайго носа.

– Дамоў? – спытаў Партноў.

– Так.

Іван забраў сваю рыдлёўку, што стаяла, уторкнутая ў дзірван каля магілы, і яны падаліся к дарозе, што вяла ў вёску. Партноў бачыў, што Зазыба сапраўды збянтэжаны, таму не чапляўся з размовай, і яны ў добрай хадзе вельмі хутка апынуліся каля Іванавага двара.

– Можа, паабедаем, га? – спытаў Іван, але Зазыба адмоўна крутануў галавой, не стаў заходзіць у хату; тады гаспадар хуценька вынес яму акраец хлеба, ухапіў на гародзе агуркоў, а ў дадатак яшчэ і жменю салодкага гароху. – Ты ж глядзі, асцярожна, Дзяніс, – ужо ледва не наўздагон крыкнуў Партноў, а потым доўга стаяў каля коўратак, шкадуючы, што стары таварыш паехаў усё роўна як у крыўдзе, ва ўсякім разе, нездаволены і раззлаваны сустрэчай з камандзірам спецатрада.

Дзяніс Яўменавіч таксама праклінаў сваю сённяшнюю паездку ў Панькоўскую Буду; атрымалася яна дарэмнай, больш таго, расчаравала, можа, у самым галоўным: у спадзяванні на паразуменне людзей ва ўмовах варожай акупацыі, а найперш уразіла амбітнасць, калі гаварыць нават самай далікатнай мовай, тых, каго засылалі сюды з-за лініі фронту па розных вайсковых і невайсковых ведамствах. Відаць, у сувязі з гэтым прыйшла на памяць і мінулагодняя крывавая трагедыя ў Машавой…


XVII

Дзіўна, але допыт на гэтым спыніўся. Камандзір карнага атрада раптам страціў да Чубара ўсякі інтарэс, быццам сапраўды забыў пра свае пагрозы, аддаўшыся цалкам размове з мясцовым немцам у цывільным. Нават камендант Гуфельд усё роўна як застаўся пры гэтым убаку. Маёр і ягоны субяседнік часам перапынялі гаворку гучным смехам, які пераходзіў у рогат. А Чубар усё стаяў па гэты бок гіерагародкі з вытачанымі балясінамі, што падзяляла валасную кантору на дзве часткі – адну для наведвальнікаў, другую для бургамістра з пісарам, – і патрохі супакойваўся, акурат нанава рабіўся да ўсяго абыякавым. Дарэчы, гэтак жа выглядала памяшканне і тады, калі размяшчаўся ў ім сельскі Савет.

Праўда, быў тут і яшчэ адзін пакой, але знаходзіўся ён заўсёды на становішчы, можна сказаць, святая святых, дзе стаяў сейф, а побач стол, за які дапускаліся толькі давераныя асобы, каб выпіпь бутэльку ці папляткарыць пра местачковыя справы. Немцы ў той пакой у прысутнасці Чубара не заходзілі – і допыт вялі, і размаўлялі паміж сабой увесь час тут, за перагародкай, няйначай, што не баяліся ўжо, шго злоўлены партызан зразумее іх; загое бургамістр Брындзікаў адчуваў сябе акурат не ў сваёй талерцы: то выбягаў наогул па нейкай патрэбе з валасной канторы, то хутка вяргаўся, заскокваў заклапочана ў задні пакой, але і там доўга не затрымліваўся; Чубару не хацелася глядзець на бургамістра, бо ў такім разе ў Радзівонавых вачах былы старшыня местачковай спажывецкай кааперацыі мог бы шмат убачыць пра сябе.

Тым часам варта падкрэсліць, што Брындзікаў таксама нядужа таропіўся на старога знаёмца – зразумела, да сяброўскіх адносін у іх ніколі нс даходзіла, але пры сустрэчах не цураліся адзін аднаго, здаецца, раз ці, можа, нават два здаралася ім выпіваць на раённай маёўцы ў Кручкоўскім гаі. Што значыць жыццё з яго зменлівасцю і парадоксамі – паклікаць бы тады цыганку ды раскінуць карты на тым жа святочным абрусе на зялёнай траве паміж соснаў ды спытаць, што каму выпадзе ўжо ў недалёкай будучыні?!

Назіраючы бургамістраву мітусню, вярней, больш адчуваючы яе, чым назіраючы, Чубар раптам пачуццёва зразумеў, што ўсярэдзіне ў яго пачынае ўзнікаць штосьці падобнае на злараднасць, менавіта, на злараднасць, а не на зайздрасць, дарма што пагроза чакала якраз ягонае жыццё, а не гэтага Брындзікава. Прынамсі, цяпер, бо Чубар быў перакананы, што здрадніцтва не толькі асуджалася ў рэшце рэшт, аднак і каралася. Рана ці позна, а ўсяму бывае прысуд – маральны, крымінальны, палітычны… Праўда, не кожнага дасягае караючая рука. У жыцці здараецца, што звычайны нягоднік пры спрыяльных умовах можа не толькі захаваць сябе ў грамадстве, якому нанёс маральныя ці матэрыяльныя страты і якое яго шукае, але нават вылезці наверх таго ж грамадства… Няпоўныя дваццаць гадоў, што прамінулі пасля грамадзянскай вайны, шмат што ў гэтым сэнсе паказалі.

Уласна кажучы, у нейкай ступені грамадзянская вайна працягвалася і цяпер, пераходзячы ў гэту. Канечне, сяму-таму з цяперашніх здраднікаў таксама ўдасца схавацца ад пакарання пасля гэтай вайны, зямля вялікая, ёсць куды падацца і з нячыстым сумленнем, і з крывавымі рукамі, толькі што з таго, – калі не сама пагроза, то прывід яе будзе такога чалавека заўсёды суправаджаць.

Але самае дрэннае ва ўсім гэтым будзе заключацца ў тым, што страх і нянавісць так альбо іначай пяройдуць да дзяцей, потым да ўнукаў, якія таксама стануць насіць іх патаемна ў душы… Адно няўцям заставалася цяпер Чубару – чаму немцы пасадзілі ўначы да яго ў царкоўнае скляпенне нейкага віжака? Бо апазнаць яго мог зусім проста гэты ж Брындзікаў?

Нарэшце немцы пагаварылі, маёр ад задавальнення ажно паляпаў цывільнага па плячы, тады звярнуў увагу на арыштаванага, дакладней, захопленага ў палон са зброяй у руках.

– Мы тут, пан партызан, надумалі адзін ваяж ажыццявіць, – сказаў ён з усмешкай. – Паляціш з намі. Ацяпер – вэк. – Апошняе датычыла найбольш вартавога, што стаяў увесь час за спіной Чубара. Вартавы паклаў на плячо Чубару руку, вывеў у двор валаснога праўлення, дзе па правы бок пад павеццю стаяла двухколка без каня. Чубар сеў туды пасля таго, як вартавы паказаў пад павець пальцам. Паколькі немцы не спяшаліся квітацца з ім, Чубар па гэтым ужо мог меркаваць, што цягнуць нездарма, няйначай, збіраюцца ўцягнуць яго ў нейкую авантуру. Ну а калі і не ў авантуру, то выкарыстаць з выгадай для сябе.

Валасны двор не меў вакол сябе высокай шчыльнай агароджы, акрамя гэтай павеці, з левага боку стаяў звычайны паркан з жэрдак, пакладзеных паміж калкоў на бярозавую гужбу, і Чубару з-пад павеці былі відаць сялянскія гароды паўз рэчку, што цякла праз мястэчка аднекуль з-за Равенска, і далей – Цыкуны, змешаны лес, дзе ў мінулую восень да самага снегу хаваліся крутагорскія партызаны. Чубар прыйшоў у атрад пазней, ужо ў Шурышча, пасля таго як мядзведзеўцы ўначы выбілі з Хоцімска нямецка-паліцэйскі гарнізон і нейкі час трымалі пад сваёй уладай раённы цэнтр. Цяпер Чубару ў ягоным становішчы па часе было пашкадаваць, што не пайшоў тады разам з мядзведзеўцамі за лінію фронту. Але свой палон ён успрымаў, як звычайную выпадковасць. Відаць, так наканавана было і ў жыцці, і тым не менш Чубар не з’яўляўся фаталістам, хоць непазбежнасць не адмаўляў. Усё-ткі гэтым светам, бадай, хтосьці кіруе. Падумаўшы так, ён чамусьці горка ўсміхнуўся, дарма што не здолеў бы растлумачыць чаму – менавіта хутчэй за ўсё зноў жа праз сваё незайздроснае цяперашняе становішча.

Прыстаўлены да яго немец нічым не чапаў яго, стаяў сабе крокі за тры ад двухколкі, у якой сядзеў партызан, і думаў нейкую сваю нямецкую думу. Уцячы адсюль Чубару нельга было – вартавы ўзброены вінтоўкай, да таго ж, няйначай, трымае сябе ўнутрана напагатове. Вядома, калі б не гэта вінтоўка, якую ён паклаў руляй на сагнутую ў локці левую руку, можна было б падужацца, балазе, немец трапіўся, варта сказаць, нягеглы ў параўнанні з Чубарам, які цягнуў на двух такіх. Задумлівая сцішанасць вартавога па ўсёй верагоднасці была, бадай, сапраўды знешняй, паспрабуй толькі падазрона зварухнуцца, як тут жа наскочыш на плоскі штых, які немец паспее павярнуць да цябе.

Праз нейкі момант Чубар нават перастаў думаць пра ўцёкі, справа гэта пэўна не мела б поспеху, тым больш што напароцца на штых ніколі не позна. Да таго ж іншы раз чалавек хоць і несвядома, аднак усё-ткі знарок марудзіць з небяспечнымі ўчынкамі, акурат і на самай справе спадзяецца альбо адтэрмінаваць нешта жахлівае, альбо пусціць справу на волю лёсу, маўляў, няхай будзе, як выйдзе. Дзіўна, але і свая сцішанасць на ранішнім сонечным угрэве нечакана прывяла яго арганізм у дрымотны стан, злашча што зноў раптам адгукнуўся ў патыліцы, а затым і ва ўсёй галаве начны боль, яму і ўдзень моцна балела знявечанае вінтовачным прыкладам месца, аднак уначы, бадай, найбольш, асабліва калі даводзілася варушыцца; між тым па дарозе сюды з царкоўнага скляпення той боль чамусьці заціх, акурат у чаканні новага (а Чубар не сумняваўся, што сёння будзе новы допыт, пры якім наўрад ці абыдзецца без катавання); там, у канторы, калі адбываўся допыт, які, праўда, хутчэй нагадваў своеасаблівы флірт, чым сапраўдны допыт, болю таксама не адчувалася; і вось цяпер ён адгукнуўся. Але думаць не замінаў дарма што і скрозь дрымоту, можа, не так думаць, як успамінаць падзеі, у якіх некалі сам прымаў удзел.

Напрыклад, спярша расплывіста, затым з большай выразнасцю, ажно пакуль не ператварыўся ў абвостраны ўспамін, у галаве з’явіўся адзін выпадак, які знешне нагадваў сённяшні, гэта значыць, амаль тое, што адбывалася цяпер з ім, Радзівонам Чубарам, пад павеццю, яшчэ ў сельсавецкай, а цяпер валасной двухколцы. З таго часу ўжо мінула з дзесятак гадоў. Так, з кароценькім хвосцікам. Але пра хвосцік гэта паміж іншым. Галоўнае, што помнілася пра той выпадак, бы сёння. Чалавек тады акурат вось гэтак сядзеў пад павеццю, але не на двухколцы, а на сялянскіх драбінах, і ён, Чубар, стаяў, як гэты немец, на варце з вінтоўкай пры назе і наганам у вялікай скураной кабуры. Было гэта ў час Бешанковіцкага паўстання.

У той год па ўсёй краіне пракаціліся антыкалгасныя бунты. Падняліся сяляне супроць калгасаў і ў сельсаветах Бешанковіцкага раёна, перакідваючыся на тэрыторыю Лепельскага, Талачынскага… На падаўленне паўстання з Віцебска туды былі кінуты войскі, атрады ДПУ, хапала работы міліцыі… Зразумела, што, як і па ўсёй краіне, Бешанковіцкае паўстанне было задушана, пра яго мала калі ў даваенныя гады ўспаміналі, тым больш што на падобныя тэмы тады наогул не кожны адважваўся гаварыць. Але ж усё, з чым чалавек сутыкаўся ў жыцці, што рабіў ці быў сведкам, заставалася з ім назаўсёды, калі, вядома, здольна была ўтрымліваць памяць. Чубар на памяць сваю пакуль не скардзіўся.

Калектывізацыя стаяла яшчэ не толькі ў памяці, а і ўваччу. Прыняў ён удзел у ёй яшчэ ў каморніцкай школе, але падчас Бешанковіцкага паўстання вучыўся ў Віцебску, у абласной партыйна-савецкай школе. З гэтай школы на падаўленне сялянскага выступлення таксама набіралі камуністаў. Гэта проста сказаць «набіралі». У атрад залічалі толькі па рэкамендацыі партячэйкі. Такая рэкамендацыя была выдадзена і Радзівону Чубару, актыўнаму і зусім яшчэ маладому хлопцу, які з усім жарам душы гатовы быў змагацца з праціўнікамі савецкай улады. Праўда, Радзівона тады трохі здзівіла, што гэтых «праціўнікаў» сярод бешанковіцкіх сялян апынулася ажно зашмат. Без крывавых сутычак не абышлося. Нямала было арыштавана мужыкоў, расстраляна, як кажуць, на скорую руку, а найболын вывезена ў Сібір, на Поўнач, дзе толькі ставала калючага дроту ды назіральных вышак.

Чалавека таго, пра якога цяпер прыгадаў Чубар, схапілі ў Бачэйкаве. У грамадзянскую вайну ён быў дзянікінскім афіцэрам, затым настаўнічаў, а ў часе антыкалгаснага паўстання ўваходзіў у кіруючую тройку. Як ён тлумачыў на допыце – настаўнік не можа заставацца ў баку ад народнай справы. I яго тады вось гэтак жа, як цяпер і Чубара, вывелі пасля допыту ў двор, пасадзілі на драбіны і прыставілі ўзброенага слухача партыйна-савецкай школы ў якасці вартавога, якому б не знасіць галавы, калі б адзін з кіраўнікоў паўстання раптам уцёк.

Кажуць, чаканне смерці горай за самае смерць.

Чубар помніў вочы дзянікінскага афіцэра, а пазней – настаўніка, які вучыў сялянскіх дзяцей недзе да самай грамадзянскай вайны. У іх стаяла цяжкая туга, ад якой нават ворагу рабілася не па сабе. Ну а што арыштаваны быў ворагам для Чубара, а Чубар, у сваю чаргу, такім жа ворагам для арыштаванага, і сумнявацца не даводзілася. Дык вось ад тае цяжкой чалавечай тугі ў вачах асуджанага на смерць ворага калгаснага ладу, значыць, разам і савецкай улады, у маладога Чубара як не халадзела ўсярэдзіне, дарма што класавае пачуццё было выхавана ў ім яшчэ змалку. Відаць, дзянікінскі афіцэр таксама думаў тады аб збаўленні, можа, таксама ў душы песціў надзею вырвацца з-пад варты на волю. Але ён, як і Чубар цяпер, не мог разлічваць на поспех…

Сонца тым часам паступова ўбіралася ў сталую раніцу, цені на гародах панад рэчкай увачавідкі скарачаліся, рабілася горача. Сёння зноў як і ўчора, дзень абяцаўдобрае надвор’е, якраз для сенакосу. Падумаўшы пра гэта, Чубар успомніў Зазыбу. Учора яго адарвалі ад касьбы… Ды і другіх верамейкаўцаў немцы прагналі стрэламі з луга… Але ці паспеў Зазыба трапіць учора ў атрад? Канечне, сілы ў партызан не тыя, каб мерацца з немцамі. Чубар карнікаў не лічыў, аднак іх было нямала, бадай, да дзвюх рот з артылерыяй і браневікамі. Іншая справа, што Нарчук таксама можа ўзмацніць свой атрад – найперш звязацца са скандзілаўцамі, потым пашукаць і той атрад, што з’явіўся, па словах Патолі, з-за лініі фронту. Да такога дадумацца, бадай, няцяжка было, дарма што вопыту баявых дзеянняў у партызан пакуль аніякага. Адно наскочыць уначы на малалікі паліцэйскі стан у вёсцы, зрабіць засаду на аднаго, няхай нават двух немцаў, альбо выцягнуць з-за печы якога-небудзь інтэнданта, што прыйшоў без зброі да фрау, як гэта здарылася ў Бялынкавічах. Зусім другое сутыкнуцца лоб у лоб з эсэсаўскай камандай, дарма што палову яе складалі былыя чырвонаармейцы.

Эх, стратэгія, стратэгія, ваенная навука!..

Мінулай восенню Чубар вяртаўся ў Забесяддзе арганізаваць свой партызанскі атрад. Уласна кажучы, пасля сустрэчы ў лесе непадалёку ад Шыраеўкі з групай акружэнцаў, якія выносілі з акупіраванага тылу палкавога камісара, ён і паводзіў сябе, як будучы камандзір партызанскага атрада, але пасля сустрэчы з Зазыбам у Мамонаўцы даведаўся, што такі атрад у раёне створаны яшчэ перад адступленнем адсюль Чырвонай Арміі. Гэтая акалічнасць змусіла яго зменшыць і актыўнасць – калі сапраўды ёсць атрад пры падпольным райкоме партыі, дык лепей пачакаць, пакуль атрад нарэшце вернецца ў раён з задання, а тады ўжо дзейнічаць, зыходзячы з новых патрэб, але адмовіцца ад думкі, якая не толькі глыбока запала ў душу, а і вынашана была за час доўгага блукання да лініі фронту, пасля назад, у Забесяддзе, ужо нялёгка было; цалкам астудзіла ягоны арганізатарскі запал знаходжанне ў спецатрадзе Мядзведзева: аказалася, што карысць у барацьбе супроць акупантаў можна з поспехам прыносіць будучы радавым партызанам, уласна, так яно і сталася, бо Чубара ў атрадзе выкарыстоўвалі ў самых адказных заданнях, якія хоць і не кожны раз звязаны былі з баявой дзейнасцю, але важнасць іх не меншай была для агульнай справы. Зноў камандзірскі сверб з’явіўся ў Чубара, калі ён адстаў ад мядзведзеўцаў і прыйшоў да крутагорцаў у Шурышча. Нават не жаданне камандаваць кіравала ім тады, не; хутчэй за ўсё то было імкненне абудзіць актыўнасць сярод мясцовых партызан, якія амаль не ўсю зіму праспалі ў зямлянцы, абклаўшы данінай вакольныя вёскі.

Смешна цяпер успомніць, але Чубар тады выдаваў сябе ледзь не за прадстаўніка Цэнтра, дзеля чаго часта адлучаўся з Шурышча, прыносячы праз дзень-два дзіўныя распараджэнні. Аднак і гэта на мясцовых партызан не дзейнічала. Здаецца, з усіх перажываў за бяздзейнасць атрада толькі камісар Баранаў, які таксама, як і Чубар, настойліва патрабаваў ад Мітрафана Нарчука адчувальных акцый.

Чубару мала было бачна, што з-пад павеці праз нізкі паркан – усяго гэтыя гароды ды асмужаны ўжо, нягледзячы на раніцу, недалёкі лес. У гэтым прасцягу стаяла яшчэ нейкая пабудова, мусіць, адрына, бо абапал яе, на роўнай адлегласці, вытыркаліся капелюшамі два стажкі сена. Паўзлес ішла дарога на Папаратню, і па ёй за гэты час, як глядзеў туды Чубар, праехаў мужык верхі на кані; конь неяк ускокваў адразу на чатыры нагі, акурат намагаючыся скінуць седака. Дзіўна, але нават у такую невясёлую хвіліну, ды яшчэ ой якую невясёлую, гэта выклікала ў Радзівона ўсмешку ці, можа, нешта падобнае на яе – самому ж нявідна.

Як кажуць, свету цяпер хоць і мала было насупраць Чубара, аднак і таго хапала, каб убачыць і адчуць яго хараство. У безвыходным становішчы чалавек асабліва ўспрымае яго з сумам, канечне, бездапаможнасцю і бясконцым жалем. Думаецца, і гэта вельмі няпоўны пералік вызначэнняў, пачуцці чалавечыя багацейшыя за словы. А прыгажосць, хараство сапраўды не радавалі – бянтэжылі; цяпер, у становішчы асуджанага, нават працяглы час, які ў самым лепшым выпадку мог падараваць Чубару лёс, здаваўся, вярней, успрымаўся імгненнем. I гэта Чубар усведамляў даволі рэальна, з відавочнай выразнасцю. Але апошні дзень дазволіў яму далучыцца да яшчэ большага хараства, яшчэ большай прыгажосці.

Чым даўжэй немцы трымалі палоннага пад павеццю валасной управы, тым яскравей станавілася, што ў іх разам з гэтым з’явілася нейкая мэта, нешта яшчэ патрэбна было ім ад яго.

Між тым над мястэчкам раптам два разы праляцеў самалёт. Чубару замінала бачыць яго стрэшка павеці, але няцяжка было вызначыць нават безвач, што пасля другога палёту над мястэчкам той сеў недзе за былым панскім, а затым калгасным садам, які цяпер невядома каму належаў; менавіта ў тым баку доўга чмыхаў матор, пакуль зусім не заціх.

Немец, што стаяў на варце каля павеці, мусіць, згледзеў самалёт у небе яшчэ першы раз, бо чамусьці ўсміхнуўся Чубару, заківаў галавой: «Гут, гут»[1], усё роўна як дасюль сапраўды чакаў з’яўленне яго. Але найбольш зацікаўлены былі ў прылёце самалёта, як высветлілася потым, афіцэры. Гэта яны выклікалі яго сюды з аэрадрома ў Сешчы. Бадай, яшчэ не паспеў недзе астыць матор, як у валасным упраўленні пачуўся рух – загрукалі дзверы, затупалі ногі, а на ганку, што выходзіў у двор, з’явіўся бургамістр Брындзікаў.

Раней Чубар не ведаў, што старшыня спажыўсаюза валодае чужой мовай, але тут ён сказаў штосьці па-нямецку вартавому, той зварухнуўся, прыставіў к назе вінтоўку, выструніўшыся раптам, а калі бургамістр вярнуўся ў будынак, зноў паклаў на левую руку вінтоўку, пачаў прыспешваць Чубара: «Аўштэйн, аўштэйн! Шнэлер, шнэлер!»[2] Чубар намацаў правай нагой аглоблю, надзіва лёгка саскочыў з двухколкі. Немец тут жа паказаў яму рукой на ганак, загадаў: «Форвэрц!»  Нібыта адчуваючы на адлегласці за спіной вастрыё штыха, Чубар ступіў на ганак і праз дзверы, якія пакінуў расчыненымі Брындзікаў, зайшоў і спыніўся ў сенцах, губляючыся ў здагадках, куды кіравацца далей. Але канвойны немец ведаў, дзе ім належала быць. Ён загарадзіў вінтоўкай дзверы ў валасную кантору, зноў скамандаваў: «Форвэрц!», няйначай, упэўнены, што сэнс гэтага нямецкага слова вядомы ўсяму свету.

Праз сенцы яны выйшлі на другі ганак, на местачковую вуліцу. Тут стаяў грузавік, у закрытым кузаве якога сядзелі немцы і рускія добраахвотнікі. Чубару таксама загадалі лезці ў кузаў. Побач з ім на бакавой лаўцы размясціўся і немец-канвойны, хоць у кузаве і без таго хапала ўзброеных салдат. Сярод добраахвотнікаў, якіх пазней пачалі называць то «ронаўцамі», то «ўласаўцамі», то «народнікамі», нікога тут не было, што ўчора мелі справу з Чубарам. Бадай, ніхто яго не бачыў дасюль, таму і цікавасці асабліва не выклікаў. Але грузавік крануўся з месца толькі пасля таго, як наперад выехаў бранявік, а за ім чорны легкавы аўтамабіль з афіцэрамі.

Самалёт сапраўды сядзеў на роўным полі за местачковым садам. Чубар убачыў яго пасля таго, як апынуўся на зямлі, але да таго часу зусім не здагадваўся, што вязуць сюды. Яму здавалася, што машыны накіроўваюцца за мястэчка, каб недзе падалей ад людскога вока расстраляць яго. Тады ён ужо канчаткова развітаўся з гэтым светам, а паколькі выбар быў зроблены яшчэ ўчора і пра смерць думалася, бадай, увесь час, лічы, з самага таго моманту, калі ачуняў на правым беразе Бесядзі, то і цяпер знясільваючага, брыдкага жаху, што адбірае моц у чалавека, пазбаўляе жыцця па сутнасці яшчэ да моманту самой смерці, па-ранейшаму не было ў ім. Але цяпер зноў нешта мянялася.

У самалёце яшчэ хапала месца. Занятая была толькі правая бакавая лаўка. Чубара пасадзілі на левую. Побач апусціўся канвойны. Але матор лётчыкі запусцілі не адразу. Маёр нешта сказаў цывільнаму. Той пачаў тлумачыць Чубару. Уласна кажучы, гэта было не тлумачэнне. Загад. I гучаў ён зусім проста, калі ў пераказе: вось зараз мы зробім на самалёце аблёт той тэрыторыі, што размешчана за Бесяддзю. Там суцэльныя лясы. Але гэта ўжо наша праблема. Для вас галоўнае – паказаць з самалёта размяшчэнне партызанскага атрада Нарчука. Спадзяюся, вы пазнаеце зверху?

Чубар выслухаў цывільнага, перавёў позірк на камандзіра карнага атрада. Маёр моўчкі кіўнуў – так, так. А цывільны пасля гэтага дадаў:

– Ад таго, якую паслугу вы акажаце нямецкаму камандаванню, будзе залежаць ваша жыццё. Такім чынам, ваш лёс у вашых руках. Думайце, пакуль ёсць час.

Усё роўна як ратуючыся, каб не адказваць, Чубар азірнуўся, глянуў у круглае акенца. На носе самалёта тым часам ужо рабіў першыя абароты прапелер.

Самалёт зрабіў цераз правае крыло разварот, зямля пад ім нібыта перакулілася, але праз момант нанова выраўнялася – здаецца, лётчыкі бралі курс яму рукой на ганак, загадаў: «Форвэрц!»  Нібыта адчуваючы на адлегласці за спіной вастрыё штыха, Чубар ступіў на ганак і праз дзверы, якія пакінуў расчыненымі Брындзікаў, зайшоў і спыніўся ў сенцах, губляючыся ў здагадках, куды кіравацца далей. Але канвойны немец ведаў, дзе ім належала быць. Ён загарадзіў вінтоўкай дзверы ў валасную кантору, зноў скамандаваў: «Форвэрц!»[3], няйначай, упэўнены, што сэнс гэтага нямецкага слова вядомы ўсяму свету.

Праз сенцы яны выйшлі на другі ганак, на местачковую вуліцу. Тут стаяў грузавік, у закрытым кузаве якога сядзелі немцы і рускія добраахвотнікі. Чубару таксама загадалі лезці ў кузаў. Побач з ім на бакавой лаўцы размясціўся і немец-канвойны, хоць у кузаве і без таго хапала ўзброеных салдат. Сярод добраахвотнікаў, якіх пазней пачалі называць то «ронаўцамі», то «ўласаўцамі», то «народнікамі», нікога тут не было, што ўчора мелі справу з Чубарам. Бадай, ніхто яго не бачыў дасюль, таму і цікавасці асабліва не выклікаў. Але грузавік крануўся з месца толькі пасля таго, як наперад выехаў бранявік, а за ім чорны легкавы аўтамабіль з афіцэрамі.

Самалёт сапраўды сядзеў на роўным полі за местачковым садам. Чубар убачыў яго пасля таго, як апынуўся на зямлі, але да таго часу зусім не здагадваўся, што вязуць сюды. Яму здавалася, што машыны накіроўваюцца за мястэчка, каб недзе падалей ад людскога вока расстраляць яго. Тады ён ужо канчаткова развітаўся з гэтым светам, а паколькі выбар быў зроблены яшчэ ўчора і пра смерць думалася, бадай, увесь час, лічы, з самага таго моманту, калі ачуняў на правым беразе Бесядзі, то і цяпер знясільваючага, брыдкага жаху, што адбірае моц у чалавека, пазбаўляе жыцця па сутнасці яшчэ да моманту самой смерці, па-ранейшаму не было ў ім. Але цяпер зноў нешта мянялася.

У самалёце яшчэ хапала месца. Занятая была толькі правая бакавая лаўка. Чубара пасадзілі на левую. Побач апусціўся канвойны. Але матор лётчыкі запусцілі не адразу. Маёр нешта сказаў цывільнаму. Той пачаў тлумачыць Чубару. Уласна кажучы, гэта было не тлумачэнне. Загад. I гучаў ён зусім проста, калі ў пераказе: вось зараз мы зробім на самалёце аблёт той тэрыторыі, што размешчана за Бесяддзю. Там суцэльныя лясы. Але гэта ўжо наша праблема. Для вас галоўнае – паказаць з самалёта размяшчэнне партызанскага атрада Нарчука. Спадзяюся, вы пазнаеце зверху?

Чубар выслухаў цывільнага, перавёў позірк на камандзіра карнага атрада. Маёр моўчкі кіўнуў – так, так. А цывільны пасля гэтага дадаў:

– Ад таго, якую паслугу вы акажаце нямецкаму камандаванню, будзе залежаць ваша жыццё. Такім чынам, ваш лёс у вашых руках. Думайце, пакуль ёсць час.

Усё роўна як ратуючыся, каб не адказваць, Чубар азірнуўся, глянуў у круглае акенца. На носе самалёта тым часам ужо рабіў першыя абароты прапелер.

Самалёт зрабіў цераз правае крыло разварот, зямля пад ім нібыта перакулілася, але праз момант нанова выраўнялася – здаецца, лётчыкі бралі курс паўз дарогу на Кісялёўку, потым на Малы Хоцімск, каб зайсці на Забесяддзе недзе над Віроўкай ці Азёрным. Чубар мясцовасць вакол Верамеек ведаў няблага – і свой калгас быў немалы, у яго ўваходзілі некалькі вёсак, але ж і ў другія населеныя пункты, пакуль працаваў старшынёй у «Іскры», наведвацца паспяваў, балазе, сямейныя справы дома яго не трымалі, мог распараджацца вольным часам як хацеў, ды і справы заўсёды знаходзіліся, калі не ў адной гаспадарцы, дык у другой. Да таго ж гасцяваліся адзін у аднаго старшыні бліжэйшых калгасаў нярэдка, асабліва ў час раённых нарад альбо нейкіх куставых семінараў. Так што ведання мясцовасці Чубару сапраўды было не пазычаць. Іншая справа – як пазнаваць зверху тое, што бачыў дасюль толькі ўпоравень, – на самалёце Чубар ляцеў тут упершыню.

А самалёт нібыта слізгаў над зямлёй. Унізе лёгка прасочваліся не толькі абрысы пабудоў, але нават гаршкі на платах. Нібыта наскрозь прасвечваліся да самых каранёў гаі. Каля аднаго двара ў Кісялёўцы пасвілася на прывязі каза, дык і вяроўку Чубар прыкмеціў. I гэта выклікала ў яго ўсмешку, але тым жа часам і насцярожыла: аказваецца, зверху зусім няцяжка высачыць не толькі цэлы партызанскі атрад, а і аднаго чалавека, таксама звера, словам, не надта проста схавацца ад самапёта, які ляціць нізка над зямлёй. «Маёр гэты, – падумаў Чубар, – відаць, вопытны чалавек, нездарма задумаў такую справу. Але няхай».

За Малым Хоцімскам самалёт сапраўды лёг на левае крыло, стаў паварочваць якраз туды, як і думаў Чубар. А вось і Віроўка. Затым – Мокрае, Ягораўка, Жаркі, Машавая… А яшчэ праз нейкі час паказаліся Белы Камень, Бялынкавічы. Над Бесядцзю па загаду камандзіра карнага атрада адзін з лётчыкаў расчыніў дзверы. У сярэдзіну самалёта ўварваўся вецер, закружыўся, але тут жа неяк і аціх, нібыта расчараваны, што нікога не здолеў скрануць з месца.

– Ну! – ні то падахвоціў, ні то загадаў па-руску маёр.

Чубар пасунуўся на лаўцы да дзвярэй, узяўся за поручань і, падстаўляючы сябе моцнаму ветру, які схапіўся рваць-шкуматаць адзенне на ім, глянуў на зялёнае разводдзе лясоў, паміж якіх блішчэлі цёмна-сінія люстэркі азёр. Раптам высветлілася для яго, што іх на гэтай зямлі шмат. Толькі паміж Зацішшам, Верамейкамі і Мамонаўкай ажно чатыры. Але гэта ён добра ведае, не раз здаралася бываць каля іх.

Словам, уся прыгажосць, усё хараство забесядскага краю, дзе Чубар пражыў апошнія гады, па-сапраўднаму адкрыліся яму толькі цяпер, з вышыні гэтага палёту. Больш таго, ён нават не здагадваўся, што знаёмую мясцовасць, знаёмыя краявіды можна пабачыць, а найлепш – адчуць іначай, зусім па-іншаму… Пабачыць, адчуць і ўсё роўна як задыхнуцца ад захапляючага ўтрапення, калі да месца гэтакі выраз… А найперш – ад усведамлення сваёй прыналежнасці да ўсяго гэтага, ад сваёй прычыннасці, як чалавека і, можна сказаць, ужо тутэйшага жыхара, дарма што раней Чубар чамусьці не прылічаў сябе да мясцовых людзей, можа, таму, што ўсё жыццё па сутнасці вандраваў з аднаго месца ў другое… Так склалася ў яго гэтае жыццё… Ды нездарма кажуць: лепей позна, чым ніколі…

Самалёт тым часам ужо ляцеў над Шурышчам… Трохі збоч, бліжэй да верамейкаўскага лугу за Топкай Гарой… Але Чубар не глядзеў у той бок, акурат не хочучы нават такім чынам скіраваць увагу на Шурышча тых, хто прымушаў яго цяпер выдаць партызанскі атрад… Трымаючыся правай рукой за поручань, які хутчэй нагадваў звычайную жалезную скабу, Радзівон падняўся з лаўкі, стаў супроць расчыненых дзвярэй, нагнуўся і паляцеў уніз… Дзіўна, але нават у такім становішчы, на пачатку сваёй смерці, Радзівон зноў усломніў, не, дакладней, убачыў таго бешанковіцкага паўстанцу і ваенурача, якога ён забіў некалі на пясчанай выспе.


XVIII

Зазыба вярнуўся ў Шурышча з Панькоўскай Буды пасля позняга абеду, калі сонца ўжо стаяла недзе над Цяменскім возерам. Тут, у партызанскім лагеры, яно толькі зрэдку прасвечвалася скрозь шаты вялікіх дрэў, што засцілі зверху зямлянку, збудаваную яшчэ на пачатку мінулай зімы, і два даўжэзныя шалашы, пакрытыя яловай карой. У гэтай зямлянцы, уласна, крутагорскія партызаны і перазімавалі лершы год, балазе, людзей у атрадзе было зусім мала, а шалашы ставілі ўжо сёлетняй вясной, як пачалі прыходзіць у партызаны новыя народныя мсціўцы. Праўда, тэрмін гэты зрабіўся вядомы пазней, Дзяніс Яўменавіч упершыню пачуў яго, здаецца, толькі ўлетку ды і то не ў атрадзе, бо дасюль ва ўжытку былі дзве назвы: бандыт – партызан, партызан – бандыт. Усё залежала ад таго, хто гаварыў. Тым часам немцаў называлі немцамі, ну, часам, фашыстамі. Але была распаўсюджана і яшчэ адна назва – бобікі. Так звалі паліцаяў, дарма што мала хто адважваўся гаварыць ім гэтак у вочы. Вясковы народ увогуле здатны даваць розныя мянушкі, а тут яго яшчэ і падахвочвалі. Такім чынам, новая назва партызан не толькі дапаўняла сэнс гэтаму незразумеламу для мясцовага чалавека слову, аднак і нібыта надавала высакароднасці яму; народныя заступнікі заўсёды карысталіся пашанай; улады ж іх называлі не іначай, як разбойнікамі, бандытамі… Але ўсё гэта так, як кажуць, паміж іншым.

Паколькі Дзяніс Яўменавіч апынуўся ў атрадзе раней, чым другія сувязныя, Мітрафан Нарчук рашыў пачакаць, што стане рабіць пасля яго паведамлення аб карнай камандзе Скандзілаў. Ехаць у Панькоўскую Буду таксама не было сэнсу – фанабэрыстае стаўленне камандзіра спецатрада да ягонага запрашэння сюды, у раённы атрад, спярша абурыла Мітрафана Ануфрыевіча, затым выклікала ў душы штосьці падобнае на помслівую грэблівасць, якая неўзабаве і зусім адбіла ахвоту звязвацца з прышлымі, каб не сказаць – чужымі партызанамі. Ды бяда была ў тым, што сваімі сіламі ён не мог заступіць дарогу ў Забесяддзе карнікам. Таму ўвесь час даводзілася думаць, як усё-ткі аб’яднаць наяўныя паблізу партызанскія атрады. Але Нарчук ведаў пра гэта можна было меркаваць, бадай, дакладна, што акрамя атрада Скандзілава, які размяшчаўся ў Бабаеўскіх лясах, ды гэтага спецатрада, што з’явіўся раптам з-за лініі фронту, у Забесяддзі ніякіх партызан цяпер няма. На маскоўскіх партызан тым часам надзеі няварта было ўскладаць. Такі вывад зрабіў сам Мітрафан Ануфрыевіч. Зазыба на яго не наводзіў. Той толькі пераказаў яму сваю размову з камандзірам спецатрада, а ўжо Нарчук сам разважаў далей.

Між тым знаходзіцца без справы ў Шурышчы Зазыбу не хацелася, і ён папрасіўся ў Нарчука адскочыць налуг за Топкай гарой. Чамусьці думалася, што верамейкаўцы сёння таксама паехалі ўсёй вёскай. Прынамсі, Кузьма Прыбыткоў з Масеем сапраўды збіраліся дакошваць палосы, дарма што ўчора і яны разам з іншымі ўцякалі з лугу пад свідруючы віск нямецкіх куляў. Але ж надвор’е не заказваюць. Не ўхопіш сёння на лузе ношку травы карове, заўтра будзе позна. Да таго ж цяпер, пры аднаасобным жыцці, належала карміць селяніну не толькі карову, але і каня, іншую жыўнасць, ад якой за калгасам былі пазбавіліся. Так што сенам на зіму неабходна было запасацца ўдосталь, каб не пабірацца потым па дварах у навакольных вёсках. Адна справа жабраваць сярод багатых людзей, іншая – прасіць у такіх жа, як сам. Таму, трэба думаць, мала хто з вяскоўцаў пабаіцца ўчарашніх куляў, злашча што і сёння штосьці падобнае магло паўтарыцца. Праўда, Зазыбу чамусьці здавалася, што немцы не маюць намеру ў хуткім часе перапраўляцца зноў на гэты бок Бесядзі. Тады навошта было пакідаць Забесядцзе ўчора? З Бялынкавіч альбо з таго ж Белага Каменя дарогі сюды нават карацейшыя. Што ж датычыць лесу, дык ён тут скрозь, адно апыніся за ракой, як не ўбачыш ні канца, ні краю. Абмінаючы вёскі, па ім можна прайсці ажно да самай Клетні. Гэта толькі звычайная назва – лес, а то ў народзе часцей кажуць – лясы. Забесядскія лясы, Клятнянскія лясы, потым Бранскія… А па той бок Бесядзі – бліжэй за ўсё Чачэрскія і так далей, да самых Палескіх балот… Тым не менш немцы не сталі доўга затрымлівацца ў Бабінавічах. Аднак лепей па парадку.

Верамейкаўцы і праўда сёння дакошвалі свой луг за Топкай гарой. Дакладней, хто як – адны ўжо скідвалі сена ў копы, другія сапраўды яшчэ налягалі на косы; Масей таксама паспеў управіцца са сваёй пожняй, памагаў цяпер касіць Кузьму Прыбыткову. Дзяніс Яўменавіч прайшоў міма паласы Ганны Карпілавай. Андрэя Марухіна там не было, значыць, падумаў Зазыба, гэта яго накіраваў Нарчук у Трусак, каб звязацца з атрадам Скандзілава. Ганна ўбачыла Зазыбу, нахмурылася – Дзяніс Яўменавіч адчуў у яе маўчанні папрок, хоць зусім не вінаваты быў, што паласа Ганчына стаяла яшчэ, лічы, непачатая. «Трэба папрасіць Масея, – зноў падумаў Дзяніс Яўменавіч, – няхай пакладзе і яе пожню, раз ужо гэтак набіў руку ў сёлетнюю касавіцу. На адзін дзень пазней, на адзін – раней, што з таго? Канечне, сена траціць ад спазнення калорыі, як гавораць вучоныя аграномы, але дзе ў мужыка не прападала!.. Праз гэтую вайну і чалавеку няцяжка згінуць!.. У адным суцяшэнне – не ўсім людзям наканаваны аднолькавы лёс, значыць, і не ўсе памруць…»

Учора на іхніх палосах стаяла смачная трава, сёння – скрозь сена; Марфа Давыдаўна сваё ўжо раскідала граблямі і цяпер падварушвала, каб яшчэ пры гарачым сонцы пачаць ставіць копы; тым часам на паласе Кузьмы Прыбыткова стаячай травы яшчэ хапала на цэлы пракос, і Масей са старым, дабіваючы яго, рухаліся з косамі адзін аднаму насустрач; Кузьмова нявестка таксама завіхалася з граблямі на сваёй паласе, але ўсё роўна як у нерашучасці, чакаючы, пакуль мужчыны скосяць і гэтую апошнюю жывую нітку травы.

Калёсы без коней таксама стаялі на ўчарашнім месцы, але Дзяніс Яўменавіч не думаў затрымлівацца на ўзлеску, прайшоў адразу на сярэдзіну сваёй паласы, дзе знаходзілася Марфа Давыдаўна. Няйначай, тая прыкмеціла мужа яшчэ здалёку, таму нават не падняла галавы, дарма што сказала нібыта ўзрадавана:

– Ну во, і гаспадар нарэшце на двор з’явіўся.

– Так, з’явіўся, – усміхнуўся Зазыба.

– Дак памагай.

– Дзе тут памагаць ужо… Самі нядрэнна спраўляецеся. А вось Ганне Карпілавай…

– Ты ўсё пра Ганну!

– Не зімаваць жа ёй тут, на лузе.

– Дак…

– Трэба падказаць Масею.

– Дак… Няхай бы самі дамаўляліся.

– I я таксама пасаблю. Касу маю ўзялі з дому?

– А я й не помню.

Дзяніс Яўменавіч рушыўда Кузьмы Прыбыткова. Сказаў, акурат вылаяўся, усміхаючыся, што гэтак доўга адсутнічаў:

– А вы тут, гляджу…

– Дак… – Стары перастаў махаць, паставіў пяткай перад сабой касу. – А дзе ета цябе і сянні насіла?

– Чорт работу знаходзіць…

– Трэба меней каля балота бадзяцца.

– Ці ж цяпер толькі тыя чэрці, што ў балоце?

– Ды ўжо ж… Што новае на свеце?

– Немцы недзе ў Бабінавічах.

– Дак гэта яны ўчора тута стралялі?

– Яны.

– Дак багата… З імі вам адным не справіцца. Дзяніс Яўменавіч, усё роўна як здзіўлены, пастаяў насупраць Кузьмы, тады кіўнуў галавой, маўляў, так, не справіцца. Але сказаў іншае:

– Ганне Карпілавай трэба памагчы…

– Дак учора мы намякнулі ёй пра ета… дак закрычала, маўляў, ёсць каму пожні касіць!..

– Ну, учора адно было, сёння – другое.

– Дак… А дзе ж прымак? Можа, ужо сабакам сена косіць?

– Заняты.

– Ну, тута справа такая – альбо ў прымах сядзі, альбо ў партызанах хадзі.

Зазыба нахмурыўся, нічога не сказаў. Тады зноў пачаў:

– Трэба кабеце памагчы.

– Дак а ці я проці?

– А я і не кажу, што ты проці! Але ці ўзялі маю касу з дому?

– Здаецца, Масей клаў на воз. Спытай яго, ато й сам схадзі паглядзі.

Чапляючыся ботамі за сена, Дзяніс Яўменавіч падаўся ў другі канец Кузьмовай паласы. Масей рухаўся з касой ад Бесяддзі.

– Ты б пабыў ужо дома, – сказаў ён бацьку, – а то…

– Я гляджу, вы хутка справіліся, – быццам не пачуўшы сына, усміхнуўся Зазыба. – А вось Ганне трэба памагчы. Ты касу маю прывёз?

– На калёсах.

– То пойдзем, сын, паможам Ганне.

– А як яна не захоча, каб мы памагалі?

– Ну, гэта яе справа, але на Андрэя гіакуль мала надзеі.

– Што так?

– Ну, заняты…

– Ах, я і забыў, што ў вас з ім партызанскія тайны.

– Ты таксама, як Кузьма…

Масей сгіыніўся, пачаў мянташыць касу.

– Дык што Кузьма?

– А нібыта зайздросціць таму ж Андрэю.

– Адкуль гэта ты ўзяў?

– Узяў вот, і ўсё!..

– Ладна, бацька, – усміхнуўся Масей, – бяры сваю касу, ідзі наймайся ў Ганны. А я даганю гэты шнур, таксама прыйду.

Так яны і працавалі да канца дня – Масей дапамог Кузьме Прыбыткову пакласці на ягонай паласе апошні пракос, тады следам за бацькам падаўся касіць Ганне Карпілавай. Ганна не пярэчыла, бо разумела, што Зазыбавы мужыкі ўзяліся дапамагаць не таму, што на сваёй паласе няма чаго рабіць – Марфа Давыдаўна адна зграбала сена ў копы; Ганна нарэшце зразумела, што Андрэя і сёння не будзе; учора ён амаль не касіў, прабегаў, лічы, увесь дзень, а цяпер і зусім недзе прапаў; праўда, яна і да Зазыбы не кінулася распытваць пра Андрэя, злашча што Дзяніс Яўменавіч сам толькі здагадваўся, куды мог падацца той; і ўсё-ткі скасіць Ганчыну паласу не паспелі; начаваць паехалі дамоў, у Верамейкі.

Дзень для Зазыбы выдаўся доўгі, як сама вечнасць. Ён ужо нават, здаецца, не помніў, дзе і калі пачынаў яго. Але перад тым, як абначыцца ў Верамейках, яшчэ раз успомніў пра Чубара. Сапраўды, дзе ж Радзівон? I ўдзень у Шурышчы Чубара не было, іначай бы трапіўся на вочы…


* * *

Тым часам ад Скандзілава з Батаеўскіх лясоў чалавека не было. Але і немцы, здавалася, не збіраліся выступаць з Бабінавіч. Рабілі аблёты Забесяддзя на самалёце, да нечага прыглядваліся, нешта вывучалі, аднак ні на адной з дарог, якія вялі з мястэчка да ракі, карнікі не паяўляліся. Што-што, а дарогі тыя Нарчук найперш узяў пад нагляд. Калі б нават самае нешматлікае падраздзяленне немцаў паспрабавала прайсці ці праехаць па іх, у Шурышчы стала б вядома адразу. Можа, якраз вось гэтая акалічнасць, што немцы заставаліся ў мястэчку, і стала прычынай, што Мітрафан Ануфрыевіч і на другі дзень пасля паездкі Дзяніса Зазыбы не спяшаўся падавацца ў Панькоўскую Буду. Ён разумеў, канечне, што справа з арганізацыяй супраціўлення павінна ажыццяўляцца не так, як цяпер, але што зробіш – кожны сабе гаспадар. Некалі, на пачатку партызанскай дзейнасці, яму здавалася, што раённы атрад, створаны мясцовымі савецка-партыйнымі ўладамі сумесна з армейскімі органамі, стане галоўным, калі можна так сказаць, арганізуючым, вакол якога будуць групавацца іншыя падобныя ўтварэнні, аднак нічога такога не атрымалася. Скандзілаўцы імкнуліся ўвесь час дзейнічаць самастойна, можа, не так самастойна, як з пэўнай аддаленасцю, праўда, гэта не дужа засмучала камандзіра раённага атрада, урэшце, самае галоўнае цяпер – дзейнічаць, а не адседжвацца, і так зашмат часу дарэмна патрачана за зіму; затое паводзіны прышлых партызан, дакладней, тых, што з’яўляліся ў Забесяддзі з-за лініі фронту, выклікалі занепакоенасць: задужа выразным было імкненне іх падмяць пад сябе мясцовых партызан, прынамсі, калі і не падмяць, то хоць паказаць сябе; разам з тым такія атрады доўга і не затрымліваліся ў мясцовых лясах; гэты атрад, што цяпер у Забесяддзі, па словах Зазыбы, таксама збіраецца падавацца далей… I тым не менш Нарчук разумеў, што ўхіляцца ад бою з карнікамі ніхто не меў права, незалежна ад таго, у каго якія планы.

Нарэшце на трэці дзень з Трусака вярнуўся Андрэй Марухін. Сказаў Нарчуку, што скандзілаўцы падаліся ў Клятнянскія лясы, да Яроміна. Хто той Яромін, Андрэй не ведаў, аднак чакаць дапамогі ад скандзілаўцаў ужо не раіў. Усё вырашала цяпер – ці адважацца немцы рухацца за раку? I калі?

Між тым некаторыя з партызан раілі камандзіру не станавіцца на дарозе ў карнікаў, прапусціць іх, маўляў, ніхто ж не ведае, дзеля чаго яны ўвогуле з’явіліся тут. Былі і другія падказкі: чаму б не напалохаць немцаў, адна справа, што сіл не хапае, але ж і немцы не ведаюць дакладна, што ў нас у наяўнасці, таму нават нашым малалікім атрадам трэба выйсці да броду на Бесядзі; адна справа пайсці ў наступ на адкрытай мясцовасці, зусім іншае, калі іх сустрэць агнём з лесу. Ёсць два ручныя кулямёты, нават адзін нямецкі аўтамат, які дастаўся партызанам яшчэ ўвосень, калі напалі на грузавую машыну на бабінавіцкай дарозе; тады яны забілі двух паліцэйскіх, адзін з якіх быў узброены нямецкім аўтаматам; у астатніх партызан – вінтоўкі: на адлегласці імі яшчэ зручней даставаць праціўніка… «Уласна кажучы, – думаў Ёіарчук, – атраду нічога не застанецца ўрэшце, як выйсці сапраўды к броду на Бесядзі; да таго ж, нават аб’яднанымі сіламі лепш за ўсё пераймаць карнікаў ля ракі», – словам, чым даўжэй Мітрафан Ануфрыевіч разважаў над праблемай, якая не толькі нечакана паўстала перад атрадам, аднак і ўскладнялася з кожным днём, тым мацней пераконваўся, што гэты раз размінуцца з немцамі не ўдасца; давядзецца прымаць канкрэтнае рашэнне.

Мітрафан Ануфрыевіч паступова ўпэўніўся ў гэтым, тады адкрыта сказаў пра сваё рашэнне Паўлу Чарнагузаву, камісару Баранаву… Пярэчанняў не было. Але з’явілася думка параіцца з усімі партызанамі, бо рана ці позна, аднак давядзецца ставіць задачу перад атрадам, дык лепей быць гатовымі да бою зараней. Таму, калі з мястэчка прыйшло паведамленне ад Абабуркі, што карны атрад збіраецца нарэшце выступіць, псіхалагічна партызаны ўжо былі падрыхтаваныя да гэтага. Але праз таго ж сувязнога ад Абабуркі паступіла таксама паведамленне, што сярод карнікаў местачкоўцы бачылі… Чубара!.. Нарчук тут жа выклікаў у Шурышча Зазыбу. Дзяніс Яўменавіч ад нечаканасці няверліва глянуў на камандзіра атрада: не можа таго быць!.. Зноў, але цяпер падрабязна ўжо, давялося расказваць, дзе і як яны разлучыліся ў час нядаўняй паездкі. Дзіўна, аднак у атрадзе нібыта ўпершыню задумаліся – ну так, дзе ж гэта Чубар?..

Разгубленыя Зазыба з Нарчуком колькічасу сядзелі, разважалі… Аднак далей вось гэтага ў сваіх разважаннях не пайшлі: ці здольны Чубар навесці немцаў на сваіх? Зазыба замахаў рукой, каторы ўжо раз гаварыў – не. Між тым неабходна было спяшацца.

Мастоў на Бесядзі далёка тут не было, людзі хадзілі і ездзілі цераз брады. Насупраць Верамеек бьша раней плаціна каля вусаўскага млына. Але яна ў мінулым годзе ажно некалькі разоў бралася гарэць. Так што немцам, калі яны сапраўды наважыліся з Бабінавіч у Забесяддзе, таксама дарога сюды толькі цераз брады. А іх налічвалася па рацэ ажно некалькі, бадай, насупраць кожнай вёскі. Таму партызанам належала пільнавацца цяпер перапраў і каля Гончы, і каля Вусаўкі, і каля Мамонаўкі, і каля Малога Хоцімску…

Тым часам было падобна на тое, што немцы ўсёй калонай кіраваліся к Вусаўцы. На нейкі час яны затрымаліся ў Зялёнкавічах, гэта дазволіла партызанскім назіральнікам дакладна вызначыць, да якога броду атраду патрэбна спяшацца на засаду.

К Бесядзі выйшлі акурат разам – Нарчук са сваімі партызанамі стаяў ужо каля дубоў, што абступалі верамейкаўскую дарогу, па-над самай ракой, калі па крутым схіле ў катлавіну ў Вусаўцы пачала спускацца і нямецкая калона. Мітрафан Ануфрыевіч схапіўся за бінокль, навёў акулярамі спярша на прагарэлую вусаўскую плаціну, затым на брод, што знаходзіўся лявей ад яе. Калона толькі падступалася да пясчанай водмелі. Першы ў калоне рухаўся бранявік. За ім – некалькі грузавікоў накрытых тэнтамі. Пешых і конных з артылерыяй пакуль не відно было за гарой, але па тым ужо, што апынулася ў полі зроку бінокля, можна было меркаваць, што варожая сіла ў Забесяддзе накіроўваецца вялікая. Нарчук ажно прысвіснуў хвіліны праз тры, калі з-за гары на вясковую вуліцу ўступіла нарэшце і асноўная частка калоны. Праз шкельцы добра відаць было ўсё: і як карнікі размаўлялі між сабой, і як смяяліся, якую мелі зброю; але дзіўна было бачыць сярод немцаў людзей у савецкай вайсковай форме; якраз гэтыя выглядалі ў калоне найболын зваруіштівымі і вялікімі… Механізаваная частка калоны спынілася каля вады яшчэ да таго, як Нарчук адняў ад вачэй бінокль, паглядзеў на сваіх. «Ну што?» – спытаў трохі насмешлівы ягоны позірк. «Ат, – махнуўрукой камісар Баранаў, – трэба хоць напалохаць. Паратунак на нашым баку». Ён паказаў назад, на лес. Камандзір кіўнуў, але насмешлівага выгляду не змяніў. Пастаяў трохі, тады зноў прамовіў, але ўжо ўсё роўна як уваходзячы ў азарт: «Выйдзе ў нас сёння няйначай, як у той прыказцы – забілі зайца, не забілі, а груку многа нарабілі». – «Але ж некалі трэба адважыцца», – сказаў камісар. «Ды ўжо ж», – уздыхнуў хтосьці за спіной у Мітрафана Ануфрыевіча.

Камісар убачыў Зазыбу, кіўнуў галавой, каб той падышоў. Дзяніс Яўменавіч праціснуўся праз натоўп, стаў побач. Баранаў сказаў: «Ты, Дзяніс Яўменавіч, бяры хоць чыйго тут каня, скачы ў вёску, няхай людзі ўцякаюць у лес, а мы пачнем бой». Зазыба доўгім, акурат няверлівым позіркам паглядзеў на камандзіра. Той кіўнуў у знак згоды з камісарам, але не адвярнуўся, зняў з шыі бінокль, падаўДзянісу Яўменавічу: «Глянь».

Зазыба паднёс к вачам бінокль. Учора яму зацяло пра Чубара, таму цяпер адразу пачаў шукаць Радзівона сярод карнікаў. Аднак за Чубараву постаць Зазыба ні разу не зачапіўся. «Значыць, – падумаў ён, – пра Радзівона альбо плёткі пускаюць, альбо…» Але пра гэта вось апошняе, якое пачыналася з таго ж «альбо», усё роўна як не хацелася дадумвацца… Зазыба нарэшце перастаў глядзець у бінокль, аддаў Нарчуку.

– Ну што? – спытаў той.

– Баюся, шго ты сасваёй прыказкай сёння… I тым не менш трэба альбо тут, сярод гэтых дубоў, выбіраць месца засады, альбо падысці зусім да ракі.

– Я таксама пра гэта думаю. Але як пусціш іх на дарогу сюды, то ўжо не затрымаеш.

– Яно так, – кіўнуў Зазыба.

– Ну а?..

Зазыба не стаў чакаць, пакуль камандзір скажа пра Чубара, адмоўна крутануў галавой:

– Магу паручыцца – няма яго сярод іх.

– Ну, няма, дык і няма, – лёгка згадзіўся Нарчук. – Я і сам не бачыў. Камісар мае рацыю, ты, Дзяніс Яўменавіч, сапраўды паспяшайся ў вёску, ды і на пасёлках таксама трэба людзей папярэдзіць. Няхай хаваюцца ў лесе. Ці мала што!..

Паміж двух дубоў па левы бок дарогі стаялі два кані. Аднаго Зазыба ведаў – Нарчукоў. Другі Дзянісу Яўменавічу быў незнаёмы, але і гэты быў пад сядлом. Зазыба імкліва крутануўся да дубоў, ступіў нагою ў стрэмя і лёгка перанёс цела ў сядло. Ён і ў часе свайго старшынства ў калгасе часта ездзіў верхам, але кавалерыйскі спрыт заставаўся яшчэ з грамадзянскай вайны. Конь адразу адчуў на сабе ўладнага седака, вынес яго з-пад дубоў на дарогу.

Першыя стрэлы каля вусаўскага броду Зазыба пачуў ужо амаль у Верамейках – заставалася ў Замасточчы прамінуць грэблю, каб трапіць па ёй у Падліпкі. Тым часам страляніна з кожнай хвілінай часцела. Насупраць Меляшонкавага двара стаялі гуртам кабеты. Для іх страляніна за лесам была нечаканай, таму яны пакуль яшчэ толькі трывожна прыслухоўваліся да яе, прыкідваючы, дзе гэта. Са з’яўленнем Зазыбы, вядома, канчалася іхняе няведанне. Але як толькі стала зразумела, што трэба забіраць дзяцей ўцякаць з вёскі, жанчыны пачалі ціха наракаць паміж сабой, навошта было, маўляў, чапаць немцаў: «Ну, едуць, дак і праедуць!.. Хіба ета першы раз?.. А цяпера во!..»

Зазыба тым часам ужо гнаў каня далей, узбураючы ўсю вёску.



[1] Добра, добра (ням.).

[2] Устаць, устаць! Хутчэй, хутчэй! (ням.).

[3] Наперад! (ням.).

XIX

З дзённіка баявых дзеянняў ахоўных войск групы армій «Цэнтр». 13.7. Паказанні палонных пацвярджаюць яшчэ раз дадзеныя аб добра арганізаванай бандыцкай разведвальнай сетцы… 14.7. Камандаванне групы армій аддало загад аб стварэнні з вопытнага злучэння «Граўкопф» зондаркаманды ддя асобага прызначэння… Начальнік штаба на самалёце вылецеў у Гомель, у 221-ю ахоўную дывізію, і ў Новазыбкаў для абмеркавання абстаноўкі. 221-я дывізія паведамляе аб далейшых моцных сутыкненнях з бандамі ў раёне Почапа. 221-й ахоўнай дывізіі загадана стварыць усходні батальён «Дзвіна». Камандзір асобай замежнай руска-нямецкай каманды СС маёр Дарніц паранены ў баі з партызанамі на р. Бесядзь у вёсцы Вусаўка (Прудок). 15.7. Паступіла паведамленне аб тым, што накіраваны ў разведку казацкі эскадрон на поўдзень ад Бялынічаў акружаны партызанамі. На выручку накіравана паліцэйская рота з Магілёва. 203-я дывізія дакладвае, што партызаны забілі каменданта Мар’інай Горкі. 286-я дывізія паведамляе пра аперацыю супроць партызан, якую праводзіў 61-ы ахоўны полк у раёне на поўнач ад Оршы… Удалося акружыць праціўніка, аднак камандзір палка спыніў аперацыю, бо нібыта авалоданне лесам на поўдзень ад дарогі Орша – Віцебск было немагчымае з-за вялікай плошчы балот… 16.7. Паступілі аператыўныя загады 286-й ахоўнай дывізіі на аперацыю «Адлер» («Арол») і каменданта Смаленска на аперацыю «Нордполь-1» («Паўночны полюс-1»), 18.7. Дарога паміж шасейнай магістраллю VII і Магілёвам у сувязі з пастаянным мініраваннем часова закрыта. Каля Баравухі партызанамі падбіты Ю-52, які зрабіў вымушаную пасадку. Экіпажу ўдалося прабіцца да сваіх. 20.7. Паступіла тэлеграма ад вышэйшага начальніка СС і паліцыі з загадам высякаць лясныя палосы каля аднаго кіламетра па абодва бакі чыгуначных ліній. 22.7. З лагера ваеннапалонных Асінторф (торфзавод) збегла 39 ваеннапалонных. 23.7. У аперацыі «Арол» галоўны ўдар праціўнік накіроўвае супраць рускага батальёна «Днепр».


XX

Немцы дакладна адзначалі ў дакументах як свае перамогі, так і страты. Іншая ўжо справа, як падавалася гэта. Але ў дзённіку баявых дзеянняў ахоўных войск таксама дакладна было засведчана, што «ў баі з партызанамі на р. Бесядзь» паранены камандзір руска-нямецкай каманды СС, той самы маёр, які дапытваў Чубара, а потым вазіў на самалёце над Забесяддзем. Канечне, бою вялікага той раз на Бесядзі не адбылося. Аднак маёр Дарніц усё-ткі быў падстрэлены, з усяго карнага атрада адзін камандзір. Па яго тут жа прыляцеў з Бабінавіч самалёт, забраў і кудысьці павёз.

Зазыба тады не адразу вярнуўся да месца засады партызан – грэба ж было праімчаць на кані Верамейкі ва ўсе канцы, каб падняць людзей, затым паспяшацца ў Мамонаўку, у Кулігаеўку… Ну а пасля, вядома, падаць голас і ў Гутцы, і ў Варопаўцы, і ў Кавычычах. Паўсюды ж людзі! Словам, страляніна на Бесядзі як усчалася без Дзяніса Яўменавіча, так і скончылася. Пасля ўжо Нарчук расказаў Зазыбу: партызаны падкраліся да ракі непрыкметна, спыніліся крокаў за дзвесце ад броду. У весну ў тым месцы звычайна ўтвараюцца глыбокія вымоіны, акурат дзюны на беразе мора, – чым не гатовыя траншэі для вайны? У іх і заселі партызаны, маючы за спінамі лес для адыходу, а спераду каржакаватыя вербы для абароны ад куляў. З засады правы бок Бесядзі выглядаў як на далоні: вёска стаяла на стромым беразе, уздоўж ракі, дарога з Бабінавіч спускалася крута, але катлавіна з адкрытым прырэчным бокам была вялікая. Механізаваная галава калоны тым часам ужо стаяла ля краю вады, хоць з гары ўсё яшчэ спускаліся іншыя падраздзяленні эсэсаўскай каманды, збочвалі здарогі, запаўняючы такім чынам катлавіну. Можна было падумаць, што карнікі збіраліся стаяць там лагерам. Прынамсі, Нарчуку ў бінокль было відаць, як некаторыя салдаты – і немцы, і рускія – разбягаліся па вусаўскіх дварах, шнарылі па падворках і хлявах, хапаючы, што трапляла пад рукі – дзіва што, звычайныя рабункі акупантаў Ды не так. Каля пераправы раптам у суправаджэнні двух немцаў паявіўся нейкі мясцовы мужык з доўгім боўталам у руцэ, усё роўна як ішоў лавіць рыбу, скінуў штаны і пачаў мераць ад таго да гэтага берага раку. Немцы стаялі на мокрым пяску, штосьці падказвалі яму, тыцкаючы рукамі то ў адзін, то ў другі бок. Адбывалася гэтае сноўданне амаль паўгадзіны. Але вось мужык вылез з вады, схапіў свае штаны, якія перад тым павесіў на корань, што вытыркаўся з высокага схілу, стаў нацягваць на мокры зад. Немцы на тым беразе заварушыліся. Нарэшце пярэдні грузавік зрушыўся з месца, уехаўу ваду і нібыта пагглыў па Бесядзі. Здавалася, ён так і пераедзе свабодна на гэты бок ракі, але ж нездарма кажуць – чужая рака як нерат: метраў за дваццаць ад берага грузавік раптам зачмыхаў пускаючы дым над вадой, спыніўся. Было відаць, як шафёр у кабіне нейкі час спрабаваў яго раскатаць, націскаючы на газ і пераключаючы хуткасці, аднак дарэмна, добра, калі грузавік толькі торгаўся. Тады з кузава з-пад тэнту пачалі саскокваць салдаты, не разумеючы і не скідаючы з сябе адзення. Тым часам наступны грузавік таксама ўжо знаходзіўся ў рацэ, патрохі набліжаўся да першага. Нарэшце салдаты выпіхнулі грузавік з каўдобіны, у якую трапілі колы, лічы, на руках панеслі з вады на сухое. I ў гэты момант Мітрафан Ануфрыевіч махнуў партызанам рукой. Першы ўдарыў па машынах кулямёт, за якім ляжалі Павел Чарнагузаў і Андрэй Марухін, дарма што кулямётчыкам у атрадзе быў акружэнец Дзям’ян Кажанаў але той захварэў і цяпер заставаўся ў партызанскім лагеры ў Шурышчы. За кулямётам пасыпаліся вінтовачныя стрэлы. Але на тым беразе Бесядзі ўсё роўна як не чакалі засады. Тыя немцы, што выпіхвалі грузавік з каўдобіны ад гэтай нечаканасці папрысядалі ў вадзе, круцячы галовамі паміж стрэламі і сваім бокам, дзе знаходзілася іхняе ка- мандаванне. З другога грузавіка ніхто не выскокваў але ён таксама спыніўся. Як і бывае ў такіх выпадках, якія наступаюць пасля бяспечнасці, у катлавапе раптам запанавала збянтэжанасць, нават не было відаць асаблівага зварушэння. Стралялі пакуль адны партызаны. Але паколькі яны мецілі па грузавіках і па тых, хто апынуўся ў вадзе, у катлаване ачомаліся даволі хутка. Няйначай, там раздаліся каманды, бо ўжо праз нейкі момант пачуліся стрэлы і з таго боку. Стралялі з вінтовак. Канечне, палілі немцы наўгад, не бачачы праціўніка, але кулі тым не менш ціўкаліякраз там, дзе размяшчалася партызанская засада. Колькі хвілін працягвалася звычайная перастрэлка. Праўда, партызаны бачылі перад сабой праціўніка, нават паасобку. Немцы ж рабілі гэта сапраўды невідушча, па гуку. Але неўзабаве з іхняга боку паляцелі міны. Дарэчы, за імі можна было сачыць, пакуль яны пераляталі з аднаго берага на другі. Шчасце, што ўсе яны пакуль падалі і разрываліся на самым узлеску, абмінаючы веснавыя вымоіны паміж вербаў, дзе заляглі партызаны. Здавалася, гэтакае няведанне будзе працягвацца ўвесь час. Аднак паступова адлегласць пачала скарачацца, і вось нарэшце першая міна выбухнула пасярод партызанскай засады. Спярша абрынулася на зямлю адна верба, затым другая… Партызаны ўціснуліся ў белы пясок, перасталі страляць. Мітрафан Ануфрыевіч хоць і ляжаў у яміне, якая магла засланяць ад куль, але разумеў, што ад мін гэта не абарона, між тым сёй-той з партызан перабягаў ужо з аднаго месца ў другое. Неабходна было выводзіць людзей з небяспечнай зоны. Аднак з камандай ён марудзіў. I ажно датаго моманту, калі яна стала не патрэбнай. Перабягаючы з аднаго месца ў другое, партызаны неяк зусім непрыкметна самі пакінулі небяспечную зону, і камандзіру давялося адыходзіць апошняму. Зусім не змаўляючыся, сышліся пад тыя ж дубы на беразе Бесядзі, адкуль ішлі на засаду. Усе былі ўзбуджаныя, здавалася, не знаходзілі сабе месца, але ніхто не пацярпеў. Немцы тым часам не пераставалі абстрэльваць левы бераг да самага лесу.

– Ну што, пачакаем іх цяпер тут? – не з меншым узбуджэннем, чым іншыя, спытаў партызан Нарчук: першая сутычка з ворагам усё роўна як абнадзейвала, што і далей гэтак лёгка будзе ўцякаць ад небяспекі ў лесе.

– Пачакаем, пачакаем, – загаварылі ў адказ партызаны, аднак захаплення вялікага на тварах ні ў кога не было.

I тым не менш Нарчук аддаў загад распалажыцца абапал дарогі, што вяла ў Верамейкі. Партызаны заляглі, сцішыліся. Вусаўскі катлаван і адсюль добра прагледжваўся ў бінокль, але што рабілася на Бесядзі, не было бачна. Праз хвілін колькі спыніўся мінамётны абстрэл. Ужо не стралялі адтуль і з вінтовак. Аднак карнікі па-ранейшаму знаходзіліся ў Вусаўцы. У кожным разе, у бінокль Нарчуку было відаць, што ўсё там заставалася на ранейшым месцы і, бадай, у тым жа стане. Да таго ж не надта лёгка можна было распаўсюдзіцца з катлавана. Адна справа ўвайсці ў яго, зусім іншая павярнуць і выйсці. А тым больш, калі і мэты такой не ставіць. Як хто, а Нарчук чамусьці не верыў, што немцы адмовяцца ад пераправы на гэты бок. I тым не менш у варожым стане адбылося замяшанне. Як пасля высветлілася, адна з куль патрапіла ў камандзіра карнага атрада. Хутка па яго прыляцеў самалёт з Бабінавіч, забраў і паляцеў у Сешчу, на ваенны аэрадром за смаленскай Воргай, каб пакласці ў шпіталь. Але пра гэта стала вядома потым. Цяпер жа партызанам было відаць, як садзіўся за вёскай самалёт, як затым узлятаў, а немцы ўсё заставаліся ў Вусаўцы. Тым часам чакаць – не даганяць, дарма што іншы раз кажуць, што гэта амаль адно і тое ж. У гэты дзень карнікі не адважыліся пераадолець Бесядзь, не зрушылі з месца і тады, як праз гадзіну наляцелі на Забесяддзе самалёты і пачалі бамбіць верамейкаўскі бераг ад ракі да лесу.


* * *

Тым не менш партызаны заставаліся каля верамейкаўскай дарогі да самага вечара. Тут іх і знайшоў Дзяніс Зазыба, які вярнуўся пасля аб’езду навакольных вёсак.

– Можа, яшчэ й дарэмна людзей успалашылі, – сказаў камандзір атрада Дзянісу Яўменавічу. – Бачыш, немчура прыціхла. Панюхала трохі ды й стаіць амаль цэлага паўдня ў Вусаўцы.

– Думаеш, супакояцца?

– Можа, да заўтрага, – няўцям паціснуў плячамі Нарчук. – Але штосьці не падобна. Нешта большае мы сёння парушылі.

Мітрафан Ануфрыевіч меў рацыю. Ужо ў цемры з Вусаўкі вярнулася разведка – аказваецца, удзень партызаны падстрэлілі камандзіра эсэсаўскай каманды, і цяпер немцы пакідалі вёску. Партызанскаму атраду заставацца каля Бесядзі таксама не было сэнсу. Ва ўсякім разе, не вісець жа ластаўчыным гняздом тут над ворагам. Да таго ж не надта верылася, што немцы паварочвалі назад у Бабінавічы дзеля нейкага часовага манеўра. Страта камандзіра, няйначай, падзейнічала на іх. Таму пасля разваг партызаны недзе апоўначы вырашылі зняцца з засады. Нарчук павёў атрад у лагер. Зазыба, аддаўшы каня партызанам, падаўся дамоў у Верамейкі пешкі.

– Я па цябе прышлю, калі што, – сказаў яму наўздагон, акурат суцяшаючы, Мітрафан Ануфрыевіч. На другі і на трэці дзень у Верамейкі даходзілі чуткі, што карнікі яшчэ стаяць у мястэчку. Потым стала вядома, што ўся змешаная каманда СС нарэшце выступіла кудысьці за Камароўшчыну, дзе канчалася Беларусь і пачыналіся заходнія землі Арлоўшчыны. Людзі ў Забесяддзі ўздыхнулі ад гэтага з палёгкай, сталі зноў уваходзіць у звыклую каляіну сялянскага жыцця – найперш трэба было падганяць перад жнівом летнія работы, якія яшчэ заставаліся ў ліпені месяцы, а тады ўспомнілі раптам, што трэба рыхтавацца да паездкі ў Бабінавічы хрысціць дзяцей: і тых, што нарадзіліся ўжо ў вайну, і тых, што бегалі ў вёсцы нехрышчоныя ад савецкай улады.


XXI

Змаўляцца з бабінавіцкім папом Дворскім – калі везці дзяцей у мястэчка – верамейкаўскія кабеты хадзілі ажно колькі разоў. Спярша бацюшка быў у нейкім ад’ездзе, здаецца, хрысціў у Малым Хоцімску; пасля, якраз на Сымона і Юду, прымаў гасцей у сваім доме і нават не выйшаў да верамейкаўскіх кабет; на Кузьму і Дзям’яна хадакі з Верамеек таксама былі ў мястэчку, тады і змовіліся – на дзень Марыі Магдаліны, гэта на чацвёртае жніўня, калі ўжо з зяблівам скончана, а жніво яшчэ толькі пачынаецца.

Звычайна гэтай парой у іншыя гады ў Забесяддзі стаялі над зямлёй хмары, ішлі пераходныя дажджы, засцячы ад вачэй і поле і лес. Нездарма ў народзе кажуць: «Магдалена – вады па калена». Аднак сёлета было не так – ужо ад Іллі за адны суткі неба ачысцілася, стала падвышаным. Цыклон, які панаваў амаль над усёй Беларуссю, пайшоў далей, на ўсход.

Верамейкаўскія салдаткі ды і іншыя кабеты, у якіх былі малыя дзеці, шукалі хросных бацькоў. Дзяніс Зазыба з Андрэем Марухіным рашылі не ехаць у Бабінавічы – ці мала што магло здарыцца, калі ў Верамейках ведалі, што яны звязаны з паргызанамі, дык нішто не выключала, што ў воласці таксама маглі знаць пра гэта. Затое Масей даў згоду стаць хросным дзяцей у Ганны Карпілавай і былой старшыніхі Гаўрыліхі. Былі, вядома, і другія спробы наняць яго, аднак на сямейным савеце ў Зазыбаў вырашылі, што хопіць Масею і гэтых – у Ганны двое хлапчукоў ды ў Гаўрыліхі ажно чацвёра дзяцей, якіх належала хрысціць, бо іншыя двое хлопцаў – Хведзька і Мікола – лічылі ўжо сябе для такой справы пераросткамі.

Выехалі ў мястэчка ў познюю раніцу. Сабраўся на вёсцы цэлы абоз. Здаецца, нават на кірмаш у добрыя часы з Верамеек столькі народу не зрушвала. Праўда, раней падобныя выезды з вёскі і не надта бачны былі: звычайна канаплёўцы за раку выбіраліся сваім шляхам, гэта значыць, праз Халазонава кацішча і далей да руму; канечне, ехалі сваёй дарогай – паўз Гогалеву ніву, а тады скіравалі да вусаўскай плаціны, дарма што можна было карыстацца бродам; з Падліпак таксама свае дарогі былі, тут, як кажуць, абы толькі карацей. А скарачаць іх заўсёды была патрэба. Тым часам сёння ўсё складвалаея іначай. Паколькі верамейкаўскія кабеты, што хадзілі змаўляцца ў мястэчка, выступал і там за ўсю вёску, то і ехаць цяпер на хрышчэнне належала разам. Прынамсі, да гэтага ўжо ўчора схілілася большасць вяскоўцаў, уцягнутых у справу. Ды і тое сказаць – хто не меў дачынення да яе? Калі не сваё дзіця, то кум ці кума. У Масея было дзве кумы – на Гаўрылішыных дзяцей Анюта Прыбыткова, на Ганчыных – Таццяна Несцерава, яшчэ сама як дзіця. Але стаць хросным бацькам ці хроснай маці здаўна было ў пашане. Лічылася, што ў такім разе старонні чалавек станавіўся на ўсё жыццё хросніку калі не сапраўдным бацькам, то ўжо зусім не чужым чалавекам. Таксама і маці. Ну а кум з кумой… Пра іх у Забесядцзі хадзіў жарт: панеслі Іван ды Ганна хрысціць у царкву малога, а дарога была праз лес, от і гаворыць кума да кума: «Ты, кум, не баішся? Вунь хтосьці на дарозе стаіць!..» Збочылі ў бярозавы зараснік, каб схавацца, а як выйшлі зноў на дарогу праз колькі часу, то ўжо без дзіця на руках; спахапіліся толькі ў царкве, што забылі малога… Гэты жарт не прамінуў расказаць учора і Мікіта Драніца, калі ўбачыў Масея на вясковай вуліцы. Абодва, як водзіцца, пасмяяліся, тым больш што Мікіта Драніца таксама меўся ў кагосьці быць за хроснага бацьку. «Ты бліжэй да мяне трымайся, – казаў ён Масею з выглядам чалавека, які шмат пра што ведаў. – Я етай справай не першы раз займаюся. Пасля пачостка будзе, як тэй таго, дак…» Цяпер Мікіта ехаў недзе спераду.

Малыя з Гаўрыліхай сядзелі на калёсах, дарослыя ішлі побач – Ганна Карпілава, Масей, Анюта Прыбыткова і Таццяна Несцерава. I ўсе адчувалі сябе ўжо больш, чым суседзі, дарма што Ганна Карпілава хрысціла чужых дзяцей і раней, напрыклад, у мінулую восень з Іванам Хахлом дачку Сахвеі Меляшонкавай. Але тады, здаецца, гэтай справе такога значэння не надавалася – звычайная рэч. Цяпер жа адбывалася штосьці падобнае на свята, можа, таму, што ехалі ў царкву цэлай вёскай, ва ўсякім разе, сярод верамейкаўцаў сёння адным часам назіралася і ўзварушэнне, якое ўвогуле непазбежна пры зборах у вялікую дарогу, тым больш ужо ў самой дарозе, і захапленне, альбо нешта падобнае на яго. Прынамсі, здавалася, што ніхто з Масеевых аднавяскоўцаў і думаць не думаў пра тое, што ехаць у Бабінавічы даводзілася амаль пад прымусам. Як кажуць, што богу пажадана, то людзям на карысць. Дык пры чым тут пагроза? Асабліва калі яна недзе далёка: вось ужо праўда – смерць не блізка, значыць не страшна, а як блізка падыдзе, не пазбегнеш. Ну а што датычыць самога Масея, то браўся ён хрысціць дзяцей з адчуваннем чагосьці дужа новага ў сваім жыцці, быццам гэтым самым ён браў на сябе дадатковы абавязак – сапраўды, жыў адзін і клопат меў толькі аб сабе, не лічачы маці з бацькам, а тут раптам чужы клопат, і ўспрымаўся ён не так, як звычайная падтрымка чалавека, работа ці спагада; не, у гэтым было штосьці глыбейшае, можна сказаць, жывейшае, што ўжо само па сабе выводзіла чалавека на новую ступень існавання. Вядома, падобныя адчуванні можна было звесці зноў да таго ж дадатковага абавязку, аднак аднаго гэтага для вызначэння яго цяперашняга стану не хапала. Проста можна было згадзіцца, разважаючы далей, што праз сённяшні дзень, праз гэту паездку, ён нанова моцна звязваўся і з Верамейкамі, і з яе насельнікамі, і наогул з усёй тутэйшай зямлёй.


XXII

З дзённіка баявых дзеянняў ахоўных войск групы армій «Цэнтр». 24.7. Нарада паходу аперацыі «Арол». Кальцо акружэння планамерна сціскаецца, праціўнік сістэматычна пацясняецца ў сярэдзіну катла. Камандзір дывізіі дакладвае, што часці падтрымліваюць сувязь адна з адной. У той час як на поўдні кальца праціўнік аказвае моцнае супраціўленне, на астатніх участках катла адбываюцца сутычкі толькі з баявымі аховамі і баявымі дазорамі. Паступіла паведамленне, што буйныя бандыцкія групы набліжаюцца да торфазавода «Асінторф» і іх разведка паявілася ўжо на торфапрадпрыемстве. Згодна з паведамленнем каменданта Смаленска, 237-ы ахоўны батальён на чыгунцы Смаленск – Віцебск арыштаваў двух партызан, што належаць маршаваму батальёну, які сфарміраваны пад Масквой і праз Асташкаў-Тарапец па лініі фронту перайшоў на тэрыторыю аператыўнага тылу. Аддзел № 1 «в» групы армій паведамляе, што 2-я танкавая армія па-ранейшаму не вяртае ў тыл ні 701-ы ахоўны батальён, ні 1-ю роту 432-га латышскага батальёна. Камандаванне 9-й арміі таксама пярэчыць супроць вяртання 222-га і 738-га ахоўных батальёнаў. 25.7. Павелічэнне тыражу і колькасці мясцовых газет на тэрыторыі тылу выклікае неабходнасць прызначэння цэнзара… 26.7. Аперацыя «Арол»: з баямі заняты Клічаў; праціўнік у катле адыходзіць на поўнач. Камандаванне армейскай групы паведамляе, што адказнасць за барацьбу супроць партызан на тэрыторыі Беларусі ўскладзена на рэйхсфюрэра СС. Мерапрыемствы па блакіраванні на граніцы праводзяць вермахт і пагранічная ахова. 28.7. Тэлефонная размова першага аддзела з аператыўным аддзелам 221-й ахоўнай дывізіі з прычыны прасочвання ў Чачэрскія лясы партызанскіх груп з-за лініі фронту. Не выключана магчымасць аперацыі на поўнач ад Чачэрска… 29.7. Паліцэйскі полк «Цэнтр» унёс прапанову аб правядзенні аперацыі «Паўночны полюс-ІІІ» адразу ж за аперацыяй «Паўночны полюс-І». Аперацыя «Паўночны полюс-ІІІ» адразу ж за аперацыяй «Паўночны полюс-І». Аперацыя «Паўночны полюс-ІІ» у гэты час праводзіцца падраздзяленнямі 2-й танкавай дывізіі. Паступіла паведамленне аб планамерным разгортванні аперацыі «Арол». Спробы прарыву праціўніка з катла адбіты. 30.7. …Транспартная камендатура Мінска пастаянна патрабуе выдзялення канвойных і суправаджальных каманд. 31.7. Дыверсіі на чыгуначных лініях групы армій «Цэнтр» зноў узраслі… Выдадзены загад аб змене ўсіх савецкіх (рускіх і беларускіх) назваў на нямецкія. 1.8. Новы камандуючы 2-м ахоўным палком, палкоўнік Грау, з’явіўся да камандуючага генерала. Да камандуючага генерала з’явіўся таксама камандзір першага французскага батальёна 633-га пяхотнага палка маёр Лацроікс. Ноччу з 31.7. на 1.8. ажыццёўлена аперацыя «Паўночны полюс-III» затрыццаць кіламетраў ад Смаленска. 2.8. Аперацыя «Арол»: кальцо акружэння працягвае сціскацца… Усё мужчынскае насельніцтва на дарогах і ў вёсках арыштоўваецца… Можна разлічваць, што баявы батальён «Волга» больш не вернецца ў вопытнае злучэнне «Граўкопф», застанецца пры камандуючым. 3.8. Наведанне камандуючым генералам і начальнікам штаба 201-й ахоўнай дывізіі з мэтай абмеркавання на месцы надзвычай напружанага становішча, якое склалася ў Полацкім раёне. Камандзір дывізіі сказаў, што ўсе намаганні, накіраваныя на барацьбу супроць партызан, застануцца дарэмныя да таго часу, пакуль не будзе спынены праход падмацаванняў праз «акно» ў лініі фронту на ўчастку 59-га армейскага корпуса. 4.8. Ноччу з 3.8. на 4.8. партызанская банда, узброеная цяжкой пяхотнай зброяй і артылерыяй, ажыццявіла нападзенне на чыгуначны мост праз Дрысу. Працягваюцца карныя акцыі супроць бандытаў і мірнага насельніцтва ў тых пунктах, дзе адбываюцца нашы баявыя аперацыі. Зноў выяўлена яўрэйскае насельніцтва, якое захавалася пры дапамозе мясцовага насельніцтва на тэрыторыі тышу: гэты раз карную аперацыю супроць яўрэяў намечана правесці сіламі мясцовай камендатуры ў Бабінавічах, туды звозіцца яўрэйскае насельніцтва з інптых месц.


XXIII

Зазыба ўжо думаў, што сёння на ўвесь дзень застанецца ў вёсцы, таму дачакаецца, вядома, і вяртання з Бабінавіч хрышчонага абозу. Тым часам ён нават работу прыдумаў сабе. Хоць што яе прыдумваць? Каля хаты ў гаспадарцы яе заўсёды хапае. Але Марфа ўжо каторы раз прасіла паправіць у агародзе расадніцу – кожную вясну гаспадыня сама спраўлялася там, мяняючы збуцвелыя дошкі, аднак цяпер, відаць, сапраўды была неабходнасць прыкласці да расадніцы мужчынскія рукі, нездарма ж Марфа Давыдаўна ажно раззлавалася – цябе, маўляў не дапрасіцца!.. I тым не менш перш чым ісці на гарод з сякерай ды рыдлёўкай, Дзяніс Яўменавіч заскочыў па завулку ў сваю лазню – учора мыліся, і там заставаўся непарадак, трэба было хаця збольшага прыбрацца. Так ён і зрабіў. Ды на гарод падацца ўсё роўна не давялося. Раптам па завулку праскакаў коннік, пастукаўся ў Зазыбавы весніцы. Дзяніс Яўменавіч адчыніў. То быў знаёмы партызан з атрада Нарчука, злашча што прозвішча Зазыба не помніў.

– Конь у вас ёсць? – спытаў партызан.

– Ёсць, – адказаў Зазыба, – як жа без каня ў гаспадарцы? А навошта?

Партызан не адказаў. Спытаў яшчэ:

– А сядло?

– I сядло знойдзецца, дарма што даўно не ездзіў верхам.

– То сядлайце. Мітрафан Ануфрыевіч кліча.

– Куды гэта?

– Паедзеце за мной, тады і пабачыце.

– Што за сакрэтнасць?

– Ніякай сакрэтнасці, – усё роўна як вінавата сказаў вершнік. – Атрад цяпер у Азёрным.

– I то радасць, а то я ўжо думаў…

Зазыба не дагаварыў, ён тут жа ўспомніў што на іхнім кані толькі што павезлі ў мястэчка хрысціць дзяцей. Сказаў партызану:

– Конь-то ёсць, аднак… У рабоце сёння.

– Вазьміце з работы.

– Не, гэта не такая работа, адтуль яго не забярэш.

– Ну, тады… – партызан задумаўся.

У гэты момант на ганак у двор, як заўсёды ў такіх выпадках, выйшла з сенцаў Марфа Давыдаўна.

– Што тама яшчэ? – аклікнула яна мужа.

– Ды вось, чалавек па мяне, – чамусьці ўсміхаючыся, павярнуўся да яе Дзяніс Яўменавіч.

– Дак заві ў хату.

– Не, тут спешная еправа.

Але Марфа Давыдаўна акурат як не паверыла, падышла да весніц.

– Дак што тута за спешная справа, што нават у хату няма як? – насуплена пазіраючы на партызана, сказала яна.

Тады і Зазыба нібыта спахапіўся.

– Ай і праўда, – сказаў ён партызану, – можа б, зайшоў?

– Малачка б дала, – палагаднела Марфа.

– Малачка… малачка можна і тут папіць, калі вынесеце, – усміхнуўся партызан. – Аднак я не за гэтым.

Марфа Давыдаўна зразумела, што яна тут як бы лішняя, але яшчэ трохі патапталася каля мужыкоў тады вярнулася ў сенцы.

Партызан сказаў:

– Дык што будзем рабіць без каня?

Зазыба развёў рукамі, але зусім без блазенства, нават са скрухай.

– Можа, папросіце каня ў каго з суседзяў? – падказаў партызан.

– Дык… – Зазыба пацёр пальцамі кончык носа. – Нават цяжка прыдумаць, у каго. Здаецца, усе паехалі ў Бабінавічы.

– Гэта чаму?

– Дык… – Зазыбу пэўна што не хацелася гаварыць, што верамейкаўцы падаліся сёння ўсёй вёскай у мястэчка хрысціць дзяцей, таму ён ажно замуляўся, прыкідваючы тым часам, у каго б сапраўды мог застацца ў двары конь.

Між тым з сенцаў зноў выйшла Марфа Давыдаўна, несучы аберуч гладыш і чысты ручнік на плячы; на гладышы стаяў карэц. Партызан адразу ўхапіўся за карэц, падставіў пад струмень малака, што пацякло з нахіленага гаспадыняй гладыша. Піў ён доўга, смакуючы, ажно колькі разоў падстаўляючы карэц, пасля гэтак жа доўга, усё роўна як напаказ выціраў ручніком ніжнюю частку твара, дарма што скроні і лоб таксама блішчэлі, узмакрэлыя ад сонца і хуткай язды на кані. Зазыбу якраз хапіла гэтага часу, каб рашыцца на далейшую размову.

– Я, канечне, папытаю ў вёсцы, хто мог бы пазычыць каня, – сказаў Дзяніс Яўменавіч, – але гэта… словам, за час, які патрацім на пошук, можна дабегчы да таго Азёрнага.

Партызан кінуў дзякуй гаспадыні, усміхнуўся з Зазыбавых слоў:

– Я – на кані. А вы будзеце следам бегчы.

– Ну што ж…

– Тады рушым.

Марфа Давыдаўна па старой звычцы спыталася ў Зазыбы:

– Куды ж ета?

– У Азёрны.

– Калі назад?

Зазыба паціснуў плячамі. Тады Марфа Давыдаўна спытала ў партызана:

– Калі вы яго адпусціце?

– Нарчук ведае. Ды, можа, сам бог Саваох.

Дзіўна, але гэта ўсё роўна як раззлавала Марфу Давыдаўну.

– Нешта вы дужа на бога спасылацца сталі?

– Пад богам ходзім, – усміхнуўся партызан.

Зазыба не стаў заходзіць у хату – сапраўды, што там?

Каб не мазоліць вяскоўцам воч, Дзяніс Яўменавіч не стаўтаксама выбіраць дарогу праз вёску, тым больш не адна яго воля была ў гэтым; выйшаўшы за весніцы, Зазыба павярнуу у завулку да могілак, адкуль вяла сцежка паўз вёску. Колькі часу яны рухаліся так – партызан на кані, Зазыба – пешкі. Але за могілкамі партызан запыніў каня, саскочыў з сядла.

– Сядайце, – сказаў ён.

Зазыба не даў сябе далей упрошваць, паставіў левую нагу ў пустое стрэмя і лёгка ўскочыў на каня. Думаў мала, усё глядзеў быццам зачараваны, на палеткі – ад Верамеек да Мамонаўкі і Кулігаеўкі, а тады проста да Азёрнага, мінаючы Зарэчча, што на беразе Бесядзі супроць Малога Хоцімска. Найбольш урадзіла сёлета жыта, яно жаўцела ўжо, гатовае класціся пад серп ці конную жатку, але стаяла пакуль, трымаючы ў каласах набухлае зерне. Каму яно дастанецца гэты раз? Добра, калі людзям, што сеялі!..

У Азёрным было людна. Але не за лік тутэйшых мужыкоў ды баб. Больш кідаліся ў вочы чужыя, няйначай, партызаны. Зазыба шмат каго ведаў у атрадзе, аднак новых байцоў за гэты час таксама паболела. Можа, з тае прычыны, што і Дзяніса Яўменавіча многія з партызан не адзін раз сустракалі ў Шурышчы, то і здзіўленне, здаецца, мала хто выказаў, убачыўшы яго на чужым кані.

Пасёлак Азёрны знаходзіўся, лічы ўжо, на самай мяжы з Расіяй; недзе за паўвярсты пачыналіся абшары сапраўды рускія – і па старым часе, і па цяперашнім; тут была даўняя граніца, якая не зруйнавалася з памяці нават у савецкі час. Ну, што раней гэтай мяжы, можна сказаць, людзі пільнаваліся, зразумела: граніцы заўсёды падзялялі на сваіх і чужых нават сваякоў; але ж у савецкі час дзяржава, якая засяродзіла ўсю сілу ў інтэрнацыянальнай Маскве, імкнулася калі не знішчыць, дык ужо згладзіць у свядомасці людзей такое паняцце, як граніца ў сярэдзіне дзяржавы, гэта значыць пасярод Савецкага Саюза; і толькі, бадай, амаль умоўны адміністрацыйны падзел, з яго мясцовымі, раённымі і абласнымі цэнтрамі, захоўваў адносна пэўнае ўяўленне калі не аб сапраўдным паграніччы, то хоць аб нейкім дзяржаўна-тэрытарыяльным сумежжы. I тым не менш граніца тут паміж Расіяй і Беларуссю была, дарма што, як кажуць, зусім празрыстая. З гэтага ж Азёрнага вока сягала ледзь не да самага Забор’я – ні лесу, ні пералеску добрага, нават дзіўна, чаму партызаны спыніліся, лічы, сярод поля.

Штабныя ў пасёлку стаялі ў хаце Хведара Пацюпы. Гэта Зазыба адразу зразумеў яшчэ як апынуўся ля коўрат, балазе, само паселішча вырасла пакуль невялікае, таму і вуліца цягнулася не за край, льга было нават ад коўрат палічыць на ёй з канца ў канец двары, можа, акрамя як у тых рукавах, што браліся колькі разоў і ўправа, і ўлева, акурат нарасці на дрэве. Дык хата Хведара Пацюпы якраз стаяла пасярэдзіне пасёлка і выпірала трохі на вуліцу; уласна кажучы, гэта была хата ягонага бацькі, Хведар сваёй не будаваў, бо, здаецца, ужо даўно адбіўся ад вясковага жыцця, а загнала яго сюды зноў вайна.

Цяпер каля Пацюпавай хаты найбольш тоўпілася партызанскага люду, усё роўна як нечага чакалі там альбо дзівіліся з нечага. Яно і праўда, як праз хвіліну-другую высветлілася, дзівіліся. Пад’ехаўшы да натоўпу, Зазыба і сам нямала здзівіўся. Але яго здзіўленне было ўжо нечаканай збянтэжанасцю: пад плотам, звязаны па руках і нагах вяроўкамі, сядзеў збіты на восеньскі яблык, Брава- Жыватоўскі. На шыі і на твары ў паліцая не было жывога месца, скура быццам запяклася, а правае вока выцекла… Зазыба колькі часу, аднак не надта каб, нема паўзіраўся ў знявечанага аднавяскоўца; у галаву роем шуганулі думкі, пачынаючы з тае, дзе і як трапіўся верамейкаўскі паліцай партызанам, але радасці, што нарэшце Жыватоўшчык схоплены, Зазыба чамусьці не адчуў; больш таго, стала раптам сорамна, што сёй-той з прысутных ведае, што яны з адной вёскі… Між тым раней Зазыба нават не мог падумаць, што падобнае адчуванне магло ўзнікнуць у ім. Але ратавала Дзяніса Яўменавіча, што Брава-Жыватоўскі не падымаў галавы, сядзеў унураны і толькі час ад часу хрыпеў няйначай, ад болю ўсярэдзіне. Зазыба злез з каня, аддаў повад партызану, з якім прыехаў, і моўчкі, з нейкаю незнаёмай дагэтуль цяжкасцю патупаў да ганка.

Нарчук у хаце быў не адзін. З ім тут знаходзіліся Сцяпан Баранаў і Павел Чарнагузаў.

– Ты прыехаў, Дзяніс Яўменавіч, – не то спытаў, не то проста засведчыў камандзір атрада.

Зазыба сеў на ўслон спіной да сцяны, хацеў штосьці сказаць на камандзіравы словы, але той апярэдзіў:

– Бачыў свайго паліцая?

– Бачыў.

– Ён думаў, што доўга будзе хадзіць з яйцамі.

Зазыбу яшчэ цяжка было адысці ад збянтэжанасці, ад таго, што ўбачыў на вуліцы, таму ён цяпер нічога выразнага не вымавіў: нешта перашкаджала яму пераламіць сябе, і ён не ведаў чаму. Відаць, і Нарчук ужо таксама здагадаўся пра гэта, бо сказаў раптам, быццам дакараючы:

– Няма чаго шкадаваць, – ведаў, на што ішоў! Але я не за гэтым цябе паклікаў. У нас бяда большая. За падстрэленага ў Вусаўцы немца ў горадзе арыштавалі партызанскія сем’і. Вось мы сядзім тут і думаем.

Зазыба ўсё роўна як няверліва глянуў на камандзіра, тады перавёў позірк на камісара. Той кіўнуў галавой.

– А ты бядуеш пра паліцая, – дадаў Нарчук, акурат наўздагон.

– Супакойся, Мітрафан Ануфрыевіч. – Павел Чарнагузаў паклаў на плячо камандзіру закарэлую руку – вочы ў яго былі чырвоныя ці то ад кароткага сну, ці то ад гарэлкі, але ў кожным разе поўныя невымернай тугі.

Зазыба помніў ягоную сям’ю, заязджаў да Чарнагузава, калі быў па заданні партызан у Крутагор’і мінулай восенню, і жонку, і, здаецца, двух хлопчыкаў. Нарчуковых Дзяніс Яўменавіч нікога не бачыў. Ну, а Баранаў сваіх, казалі, паспеў вывезці з Крутагор’я, цяпер жылі недзе ў эвакуацыі. Але ж не адных гэтых вярнуліся летась сем’і ў горад – былі там жонка і дзеці Данілы Афончанкі, таксама Дарашэнкі… Канечне, можна было нарэшце зразумець сённяшні стан партызанскіх камандзіраў, як кажуць, не давядзі бог… Тым часам Зазыба не хацеў штучнасці ці хоць бы якой знарочыстасці ў адносінах, бо што б ні сказаў у гэты момант, усё гучала б не так, як трэба; чалавеку ўвогуле не заўсёды трапляе адразу знайсці адпаведны тон у звычайнай сітуацыі, дык што тады казаць пра цяперашнюю. Таму Дзяніс Яўменавіч прапусціў міма і апошнія словы Нарчука. Аднак спытаў:

– Калі гэта здарылася?

– На другі дзень пасля вусаўскай аперацыі, – адказаў Зазыбу Сцяпан Баранаў – камісар, няйначай, павінен быў адчуваць сябе паміж камандзірам і начальнікам разведкі ніякавата, што яму пашанцавала з сям’ёй, аднак з выгляду гэтага не паказваў; да таго ж стаяў каля стала такім чынам, што прыцемак, які яшчэ не ўвесь быў высвечаны сонечным святлом у хаце, калі не зацяняў цалкам ягонага твару, то размываў выразнасць рысаў на ім.

– Дык гэта ўжо нямала часу прайшло, – нарэшце зноў азваўся Зазыба, пасля дадаў: – А мы і не чулі. – Гэтым вясковым «мы», зразумела, было сказана не толькі пра сябе.

Баранаў кіўнуў.

Нарчук тым часам заварушыўся за сталом, усё роўна як уладкоўваючыся зручней.

– Вось і не вер цяпер снам! – усклікнуў ён у адчаі. – У тую восень мне сон быў, нібыта жор сам сябе, сваё мяса еў. Выходзіць, што праўда!..

– Ты як скажаш!.. – уздыхнуў Павел Чарнагузаў.

– Як жа гэта здарылася?.. – паспрабаваў удакладніць Зазыба.

– А так і здарылася, што ўсіх нашых у адну ноч пабралі, – адказаў Павел Чарнагузаў.

– Цяпер немцы патрабуюць, каб мы з’явіліся ў райцэнтр, здаліся ім, а то паб’юць сем’і, – сказаў Нарчук. – Дык мы таксама вось пра што думаем, Дзяніс Яўменавіч.

– Ну-ну…

– Ці не ўдасца абмяняць нашых на каго-небудзь? На паліцаяў, напрыклад. Адзін ужо ёсць. Можна яшчэ сяго-таго злавіць.

– Патрэбны ім паліцаі! – паморшчыўся Павел Чарнагузаў. – Вось каб маёра таго не падстрэлілі, а ўзялі ў палон!

– З абменам нічога не выйдзе, – пацвердзіў Сцяпан Баранаў. – I ўвогуле, гэта не тая ідэя. Яна не дасць жаданага выніку. Гэта ідэя-фікс.

– А якая тады твая? – нездаволена глянуў на яго Нарчук.

– Каб жа я ведаў! – прызнаўся Баранаў. – Але гэта… Тут для іх стаўка вышэй за аднаго немца, нават за маёра-карніка. Ім выдаўся выпадак абезгаловіць цэлы партызанскі атрад. Як кажуць, гульня вартая свечак.

– А як па мне, то варта было даўно паклапаціцца пра вашыя сем’і, – са скрухай сказаў Зазыба.

– Сам жа ездзіў у Крутагор’е, – паціснуў плячамі Нарчук, – бачыў, што яны ўвесь час там пад наглядам.

– I ўсё-ткі, – сказаў Зазыба.

– Ну вось, ад каго не чакаў пачуць гэта, дык ад цябе! – з дакорам адгукнуўся Нарчук.

– Дзяніс Яўменавіч праўду кажа, – стаў за Зазыбу Баранаў.

– Ну так, табе лёгка гаварыць, – незалюбіў Чарнагузаў, – тваіх няма там!

– Вашы цяпер – гэта, лічы, і мае, – мякка, але ўпарта прамовіў Баранаў.

Нарчук тым часам адарваўся ад стала, павысіў голас:

– Не хапала, каб мы пасварыліся тут!

– А што, я няпраўду сказаў? – усё роўна як узбурыўся Чарнагузаў.

Хто яе цяпер ведае, гэту праўду!..

Чарнявы ад прыроды Мітрафан Ануфрыевіч выглядаў яшчэ чарнейшым і моцна спакутаваным; вочы яго праваліліся, быццам у яміны, блішчэлі здаўнелымі, акурат атрапінавымі слязамі. То ўжо быў зусім не той Нарчук, якога бачыў Зазыба апошні раз, перад засадай на Бесядзь. Дзіўна, але якраз гэтай перамены Дзяніс Яўменавіч не заўважыў адразу, як зайшоў у Пацюпаву хату. «Ну так, яму нялёгка цяпер, – паспачуваў Зазыба, – аднак жа… Некалі штосьці падобнае павінна было здарыцца».

Здаецца, Дзяніс Яўменавіч нарэшце вызваліўся ад таго цяжкага ўражання, якое зрабіла на яго нечаканая сустрэча, – гэта толькі сказаць – сустрэча, – з Брава-Жыватоўскім, асабліва паліцаеў выгляд, – і цяпер ён паступова пачынаў яскрава ўсведамляць становішча кіраўнікоў партызанскага атрада: яно было проста жахлівае, калі не горш; але даць нейкае рады сваім пабрацімам няздольны быў; разам з тым да яго прыходзіла таксама разуменне, што не толькі ад роспачы запрасілі яго сюды, хоць у небяспечным становішчы тапельцы звычайна хапаюцца і за саломінку.

Тое, што здарылася ў Крутагор’і з сем’ямі партызан, пагражала таксама трагедыяй і для атрада, магло моцна адбіцца на далейшым лёсе той справы, якую распачалі ў раёне. Пасля гібелі раённага падпольнага камітэта ўся надзея на барацьбу з акупантамі ўскладалася Дзянісам Яўменавічам спярша на групу Нарчука, пасля на цяперашні атрад. Між тым чамусьці дужа выразна прыйшла на памяць размова з Чубарам, які адчуваў, нават прадбачыў штосьці падобнае, дарма што да канца не гаварыў пра гэта.

Дзе Чубар?

Хадзілі розныя чуткі пра яго. Але ніхто дакладна нічога не ведаў. Радзівон быццам абсек за сабою канцы. Гаварылі, што хтосьці бачыў яго ў мястэчку сярод немцаў, аднак то былі толькі чуткі. Нічога пэўнага.

Пакуль у Пацюпавай хаце панавала маўчанне, Зазыба паспеў сягнуць думкамі і туды, і сюды, але душа яго засталася ўсё адно як на раздарожжы. Ён з цяжкасцю прымушаў сябе разабрацца ў сітуацыі і чым больш намагаўся рабіць гэта, тым больш апынаўся ў роспачы. Яму было проста шкада і Нарчука, і Паўла Чарнагузава, ды і ўсіх крутагорскіх, якія трапілі ў аднолькавае становішча.

Між тым гаворка ў хаце праз якую хвіліну зноў аднавілася.

– Словам, трэба думаць і, хоць… – Нарчук не дагаварыў. Успомніў: – Колішні сон мой, здаецца, спраўджваецца…

– Кінь ты пра сон, – са злосцю сказаў на гэта Чарнагузаў.

– Сапраўды, сон, можа, тут і ні пры чым, – згадзіўся Нарчук, – але справы нашы дрэнь, дарагія таварышы. Самае жахлівае, што вызваліць сем’і мы не здольны цяпер. Там вялікі гарнізон. У лоб не возьмеш. А так…

Баранаў выйшаў на светлую палавіну хаты, пратупаў да печы, тады назад. Бадай, толькі ён здольны быў больш-менш спакойна разважаць, аднак таксама наўрад ці меў што карыснае падказаць, асабліва пры відавочнай знерваванасці сваіх таварышаў. Тым больш што да з’яўлення Зазыбы амаль усе варыянты збаўлення сем’яў з жахлівага становішча былі ўжо не адзін раз абмеркаваны. Але Баранаў усё яшчэ лічыў патрэбным шукаць выйсця, можа, нават не так шукаць, як не маўчаць, бо гэта магло ўспрымацца за звычайную адмежаванасць, нездарма ж Павел Чарнагузаў нават у прысутнасці Зазыбы сгірабаваў ускінуцца, можна сказаць, невядома за што на яго, быццам і праўда чалавек займеў перад ім віну тым, што паспеў сабраць сваіх у эвакуацыю раней.

Змераўшы колькі разоў падлогу ад печы да стала, за якім сядзелі Нарчук з Чарнагузавым, Баранаў раптам выказаў якраз тое, пра што думалі, няйначай, і іншыя, аднак гаварыць не адважваліся.

– Я маю ў запасе яшчэ адзін ход, – сказаў ён, – хоць, можа, гэта пакажацца вельмі незвычайным. Але такі ход можа спрацаваць і даць вынік. Я маю на ўвазе Рослаўцава. Трэба наладзіць з ім сувязь.

– Ты верыш Рослаўцаву? – зверавата глянуў на камісара сваімі чырвонымі вачамі Чарнагузаў. – Думаеш, ён зразумее нас і пойдзе насустрач?

– Калі ўсё прадумаць як след… – Баранаў паціснуў плячамі: ён пэўна што хацеў даць магчымасць паразважаць над сваёй прапановай астатнім; але ўсе насцярожана чакалі; тады камісар пачаў смялей: – Тут важна адразу высветліць, за што яго падчапіць. Напрыклад, ёсць жа ў яго родзічы і не ўсе яны жывуць у Крутагор’і. Урэшце, можна папаляваць за жонкай, дзецьмі… Раз яны на такое пайшлі, каб заложнікаў браць, то і мы маем поўную падставу.

– Значыць, шантаж?

– А называй гэта як хочаш, Мітрафан Ануфрыевіч! – адказаў Баранаў. – Што абмен, што шантаж, абы справа выгарала.

– Я не супраць, каб усё выкарыстаць, – стомлена сказаў Нарчук, – але таксама мала шанцу.

– А я б паспрабаваў – павярнуўся да Нарчука Павел Чарнагузаў. – Ва ўсякім разе, адмаўляцца няварта. Дзе мы набярэм паліцаяў на абмен? Ды і не стануць немцы доўга чакаць.

– Не, ім патрэбны мы з табой, Павел Ягоравіч, – пакруціў галавой Нарчук. – Паліцаі для іх такое ж смецце, як і ўсё іншае тут у нас. Я думаю, што і з Рослаўцавым… Словам, не стануць яны нават з-за начальніка раённай паліцыі справу з намі мець. Трэба звязацца са Скандзілавым. Можа, разам можна будзе напасці ўначы на турму. Неяк жа прасочымся ў горад, а там – бог бацька.

– Вось ужо не думаў, што ўсё так выйдзе, – уздыхнуў Чарнагузаў. – Праўда, у душы заўсёды чакаў што дабром не скончыцца. Значыць, у іх увесь час была свая тактыка. Пакуль мы не дужа актыўна дзейнічалі, яны і сем’і нашы не чапалі. А як атрад пачаў разрастацца ды ваяваць, адразу прад’явілі рахунак. А тут яшчэ трапіўся гэты немец на вусаўскім пераездзе!..

– Барацьба, – сказаў задуменна Нарчук. – Ды і чаго мы ўрэшце чакаем? Адно цешылі сябе!..

– Не ведаю, як вы, а я б дзейнічаў – азваўся Баранаў.

– Дзейнічаў дзейнічаў!.. – незалюбіў Нарчук. – Хто ж табе перашкаджае дзейнічаць? Улез бы ў нашы скуры, тады б!..

– А то я!..

Гаворка ўвесь час ішла цяжка, з надрывам, дарма што ўся яна складалася з разважанняў якія скіроўваліся на адно і тое ж, і ўсе былі заклапочаны аднолькава, але Зазыбу ўвесь час здавалася, што паміж прысутнымі ў хаце не хапала яшчэ кагосьці, можа, нават проста чужога чалавека, які б стаў вышэй над усімі; сам ён чамусьці сёння па-ранейшаму не ў стане быў падказаць людзям што-кольвеч пэўнае, хоць ужо і ўвайшоў цалкам у сутнасць справы. Зазыба зноў нібы засведчыў перад сабой у думках, што сапраўды гэтым людзям не пазайздросціш, тым больш – сваё гора і самому ж належыць агораць яго!.. Вайна, такім чынам, паказвала свой новы выскал, крывадушны і бязлітасны!.. Прыйшла раптам на памяць нядаўняя гаворка каля ранішняга вогнішча паміж Кузьмом Прыбытковым і Хведарам Пацюпам, калі той прыходзіў на луг па яго. Тады Кузьма нібыта прадбачыў штосьці падобнае, дарма што справа не датычыла таго, пра што ішла размова цяпер тут, у Пацюпавай хаце. Успомніў ён чамусьці і забітага паліцаевага сына ў Зацішшы. Тады, здаецца, Зазыба збіраўся нават пагаварыць з Нарчуком, бо мала разумеў чаму партызаны застрэлілі хлопца. Аднак сёння гэта ўжо не мела ніякага сэнсу. У кожным разе, не было надзеі, што ў такім стане людзі зразумеюць яго. Таму ён так і сядзеў адзінока, акурат безудзельны і абыякавы. А між тым, можа, як ніхто тут, ён разумеў, што мала было надзеі на выратаванне партызанскіх сем’яў. Ні адзін з варыянтаў вызвален ня заложнікаў не абяцаў поспеху. Яшчэ па грамадзянскай вайне Дзяніс Яўменавіч добра ведаў што абмен звычайна, як задумваўся, не ажыццяўляўся: то адзін бок нешта не захоўваў то другі да канца не прытрымліваўся абумоўленых правіл, а ў выніку – лішняя страляніна, дарэмныя ахвяры. Да таго ж Зазыба не верыў таксама, што Рослаўцаў стане дапамагаць партызанам у такой відавочнай справе.

Між тым Дзяніс Яўменавіч здагадваўся, што не на гэту параду паклікалі яго з Верамеек, Так яно і выйшла, але пасля ўжо, як у хату зайшоў Пацюпа. Разгарачаны, ён напіўся нагбом з вядра вады, аддыхаўся, выцер тыльным бокам рукі ўзмакрэлы лоб.

– Ну і гарачыня сёння! – сказаў тады ўбачыў Зазыбу: – I ты тут? Саўчук ўсё-ткі недзе заспеў цябе. Ну ды і я расказаў яму добра, дзе цябе шукаць.

Хутчэй за ўсё, што з’яўленне Пацюпы прыйшлося якраз дарэчы.

– Як з’ездзіў? – паглядзеў на яго Нарчук. Няйначай, з ягонай паездкай была нейкая таямніца, бо Пацюпа запытальна паглядзеў у адказ на камандзіра, затым акурат неўзнарок перавёў позірк на Зазыбу.

– Гавары, што тут ужо, – махнуў рукой Нарчук.

– Нявестка гатова ісці хоць зараз, – адказаў Пацюпа.

– А сам Раўнягін? Што Сідар пра гэта думае?

– Дык… – развёў рукамі Пацюпа. – Але не пярэчыў каб нявестка пайшла ўрайцэнтр.

– То і добра, – здаволена сказаў Нарчук і паглядзеў на Зазыбу. – Мы вось дзеля чаго пазвалі цябе сюды, Дзяніс Яўменавіч: не выключана, што атрад адсюль перабярэцца ў другое месца. У Чачэрскія лясы. Таму дадзім табе сувязь. Ты ў Сілічах Лукаша Пытаенку ведаеш?

– Здаецца, не, – паціснуў плячамі Зазыба.

– Ну, гэта і не так важна. Галоўнае – запомні, што пра нас ад яго неўзабаве пачуеш. А кал і раптам самому спатрэбіцца знайсці нас, то таксама да яго звернешся. Двор яго насупраць былой царквы. Так што…

– А не мог бы я памагчы чым у вашай бядзе? – спытаў Зазыба. – Я вось слухаю…

– Не ведаю, пакуль не ведаю.

Дзяніс Яўменавіч зразумеў, што заставацца далей у Пацюпавай хаце яму ўжо не было сэнсу, таму падняўся з услона. Затрымаўся на момант, тады ступіў да Нарчука, паклаў яму руку на плячо.

– Трымайся, Мітрафан, – сказаў ён. – I ты, Павел Ягоравіч. Ды і ўсе. Трэба спадзявацца – неяк абыдзецца.

Нарчук у адчаі пахітаў галавой:

– Адно што спадзявацца. Але нават самаму лютаму ворагу такога не пажадаеш!.. У мяне ўжо на целе сыпка выступіла!..

Праводзіць Зазыбу вызваўся Сцяпан Баранаў. Уласна, ён нічога не абяцаў, проста выйшаў з Дзянісам Яўменавічам на ганак, пайшоў па вуліцы поплеч.

Брава-Жыватоўскага ўжо не было каля плота – няйначай, партызаны кудысьці схавалі паліцая, каб з вачэй далей. Але для Зазыбы гэта было і дарэчы, бо другі раз не хацелася бачыць знявечанага аднавяскоўца, хоць Дзяніс Яўменавіч разам з тым разумеў, што пасля, як прыйдзецца жыць, можа, давядзецца нават пашкадаваць, што не перакінуўся цяпер словам. Таксама віна…

– Бачыце, Дзяніс Яўменавіч, у які пераплёт мы трапілі?.. – сказаў праз нейкі момант Баранаў.

– Ды ўжо ж…

– Нават баюся што і думаць, чым усё гэта можа скончыцца.

– Самае лепшае было б адбіць сем’і.

– А як гэта зробіш? Ды ладна, гэта ўжо не ваш клопат.

I ўсё-ткі Зазыба спытаў і пра Брава-Жыватоўскага:

– Дзе вы яго ўзялі?

– Перастрэлі па дарозе ў Бабінавічы. Відаць, ішоў з Верамеек. Прыцемкам. Праўда, дужа адбіваўся, але стрэліць не паспеў. Хацелі прывезці да вас у Верамейкі, каб прынародна судзіць за супольнасць з акупантамі, а тут гэта бяда. Ды вы не клапаціцеся, Дзяніс Яўменавіч, пра яго. Што зарабіў – тое і атрымае.

За коўратамі ў канцы пасёлка Баранаў яшчэ спытаў:

– Як жа ваш сын, што ён думае? Я гэта таму, што сустракаўся з ім некалі. Тады я ў Магілёве вучыўся, а ён у Мінску. Студэнтамі яшчэ былі.

– Яму таксама нялёгка.

– Цяпер усім цяжка, Дзяніс Яўменавіч, вайна. Чулі, немец зноў ачухаўся, папёр на поўдні?

– Чытаў лістоўку.

Зазыба падаў камісару руку, выйшаў да сцежкі пасярод высокага жыта і пакрочыў па тупкай, яшчэ трохі вільготнай ад колішніх дажджоў сцежцы.

Баранаў пасля гэтага доўга стаяў ля коўрат, пазіраў услед Дзянісу Яўменавічу, а тады павярнуў на вуліцу. Яму таксама было нялёгка, можа, горай, чым каму. Таму ісці назад, у Пацюпаву хату, яму не хацелася. Ён мог нават растлумачыць чаму, але, бадай, толькі сабе, другім не стаў бы цяпер гаварыць.

Тым часам Зазыбу таксама адольвалі згрызотныя думкі. Яшчэ ў мінулую восень Дзяніс Яўменавіч не чакаў што партызанская барацьба стане набываць такія жудасныя формы. Значыць, мала хто з яе выйдзе без гора і слёз. Да таго ж не быў бы Зазыба таксама бацькам, каб не ўспомніў пры гзтым сам пра Масея, на долю якога пакуты наогул чамусьці выпалі не з таго боку. Сёлетняй зімой Зазыба ўсё ж даў сябе ўгаварыць выслухаць сына пра ўсё, што з ім здарылася, пра суды, турмы і лагеры і цяпер шмат чаго ведаў з таго, аб чым страшна было нават падумаць, не тое што сказаць каму… Але ж нездарма кажуць – кажух з-за вошай не кідаюць!.. Цяпер трэба было думаць, як бараніцца ад чужога нашэсця, як ратаваць краіну.


XXIV

З канаплёўскага канца Верамеек дарога ў Бабінавічы спярша вяла праз Халахонава хацішча. Іэта адна назва, што хацішча. Месца тое, дзе некалі жыў Халахол, пра якога ў Верамейках ужо нічога не ведалі, дзічэла цяпер недзе ў лесе, але мясцовасць вакол усё яшчэ называлася так. Была тут некалі і рэчка, што цякла з верамейкаўскага возера. Толькі і ад яе дасюль засталіся ўсяго дзве сажалкі, дарогу паміж якіх часта гацілі, утвараючы грэблю, якой хапала звычайна да вялікіх дажджоў. Таму без перашкоды праехаць сёння пашанцавала толькі першым вазам. Пад колы наступных верамейкаўцам зноў давялося насіць алешнік, балазе без сякеры ў вялікую дарогу тутэйшыя людзі ніколі з вёскі не выбіраліся. Затрымка на Халахонавым хацішчы выйшла хоць і нядоўгай, аднак пасля грэблі, каб паспець да прызначанага часу ў мястэчка, шкадаваць коні ўжо не было як. I тым не менш у Бабінавічы верамейкаўцы патрохі спазняліся. На Бесядзі каля рума зноўдавялося стаяць – раптам абоз перастрэлі нейкія ўзброеныя людзі. Іх было двое. Пачалі прыставаць да вяскоўцаў – маўляў куды ды адкуль? А хтосьці ўзяў ды прызнаўся – едзем усёй вёскай хрысціць дзяцей. Здавалася б, што асаблівага? Але ж не – маўляў заварочвайце коні назад! Ну і пайшло-паехала. Першыя ўзбурыліся верамейкаўскія кабеты, тады пачалі патрохі высоўвацца наперад мужыкі. Усчалася ледзь не бойка. Над румам павіс бязладны крык і лямант. Збоку, няйначай, магло здавацца, што чужынцы не вытрымаюць, пачнуць страляць. Аднак да гэтага не дайшло. Незнаёмыя адступілі, амаль з жахам пазіраючы на ўзбураных верамейкаўцаў

Масею не давялося прыняць удзелу ў патасоўцы, бо не з’явілася ў гэтым патрэбы, але ён нечакана здзіўлены быў гэтакай рашучасцю сваіх аднавяскоўцаў. Аказваецца, калі людзі разам ды заадно, то і ўзброеная перашкода ні па чым. Нават Мікіта Драніца, які пачакаў на другім баку Бесядзі Масееў воз, і той быў у захапленні – во бабы, як тэй таго, дак бабы!

– Ды ўжо ж, – чамусьці няпэўна, але з выразнай насмешкай сказала яму на гэта Гаўрыліха, што ўсю дарогу, нават на грэблі, не выпускала з рук лейцаў.

Затое Ганна Карпілава гучна засмяялася з Мікітавых слоў:

– Дак што ж нам рабіць, Аляксеевіч, калі мужыкі?..

– А што мужыкі? Што мужыкі? – зачасціў Драніца.

– Сам жа, нябось, пад калёсы схаваўся?

Мікіта, відаць, не чакаў, што такім чынам трапіць на язык бабам, таму пачаў пераводзіць размову на іншае, няйначай, ведаючы, што сапраўды лепшы метад абароны – нападзенне.

– Ета ж ты вінавата, Ганна, што етыя бадзягі прычапіліся да нас.

– Чаму ета? – адразу натапырылася жанчына.

– Дак, як тэй таго… – Пэўна, шукаючы падтрымкі, Драніца кінуў позірк на Масея.

– Ну-ну!

– Сама ж не дурніца, – адважыўся сказаць Драніца. – Няйначай, ета нейкія сябры-таварышы твайго Андрэя? Во калі б і прымак твой, як тэй таго, паехаў з намі, дак і етыя не чапіліся б.

– Калі б ды каб, як тэй таго!.. – перадражніла Ганна. – Дак Андрэю ж няма калі ездзіць. Ды і не яго ета дзеці. Цяпера во Дзянісавіч у іх за бацьку будзе. А што? Хросны часам бывае лепей нават за свайго, роднага!

Мікіта зноў зірнуў на Масея, падміргнуў яму, а тады засмяяўся:

– Дурня знайшла, як тэй таго. Як даваць, дак!..

Гаворцы, якая пачалася за Бесяддзю паміж Мікітам Драніцай і канчанскімі кабетамі, ужо няцяжка было пераскочыць на варожасць, Масей гэта адчуў, як Ганна Карпілава пачала налівацца злой чырванню, таму сказаў дакорліва:

– Навошта так, Мікіта Аляксеевіч?

Гаўрыліха таксама падхапіла Масееву строгасць:

– Пабойся бога, Мікіта, дзеці ж на возе!

– А яму, етаму Мікіту!.. – грэбліва адвярнулася Ганна. Мікіта нарэшце зразумеў, што і цяпер не ў тое рэчышча трапіў, лепей бы маўчаць увогуле, бо сёння, бадай, хоць якая дурнота між людзей непройдзе, што ні кажы, ада царквы едуць; але паколькі помслівая настырнасць няскора міналася ў чалавека, ён і тут адказаў з фанабэрыстасцю вясковага недарэкі:

– Я не да яе прыйшоў, як тэй таго!

– Да каго б ні прыйшоў, – сказала на гэта Гаўрыліха, – аднак няварта забываць, што і на воўка здараецца памоўка.

Тады Мікіта, распасціраючы рукі, дурасліва кінуўся да маладзейшых, да Анюты Прыбытковай і Тані Несцеравай:

– Во, мае любачкі, во, мае дзевачкі!

Тыя не сталі разбягацца, адно пырснулі смехам; Мікіта ўсё роўна як пратачыўся паміж іх, абхапіў абедзвюх рукамі і нібыта павіс на плячах.

– О, што гэта вы такое робіце, дзядзька Мікіта? – усклікнула Таццяна Несцерава, спрабуючы адкараскацца ад яго.

Анюта была дужэйшая, таму цярпела Мікітаў цяжар, але ўсё роўна як вінавата бліскала вачамі спадылба на Масея.

Мікіта трохі паблазнаваў такім чынам, затым супакоіўся, выпусціўшы з абдымкаў дзявок. Дзіўна, але Масею чамусьці ажно непрыемна зрабілася, што Драніца гэтак блізка і нахабна падступаўся да Анюты Прыбытковай. Але ўмешвацца больш не стаў адно нахмурыўся, адстаў трохі ад воза. Тут да яго адразу падбег Гаўрылішын сярэдні хлопчык, якога маці звала Іванкам, а за ёй і ўсе астатнія ў вёсцы. Хлопчык даверліва падаў Масею руку. Яны сябравалі ў гэтае лета – Іванка і Масей. Здаецца, дзе толькі не пабывалі разам. I ў лесе, і ў полі. Сямігадовы Іванка ўжо скончыў да вайны клас, умеў чытаць, а найбольш – пытацца, хоць таксама даваў калі можна сказаць так, кансультацыі па грыбах, ягадах; ведаў здаецца, ці не ўсё пра птушак, лёгка расшукваў гнёзды; словам, быў хлопчык цалкам вясковы, з душой чулай і ўражлівай. Масей шкадаваў, што верамейкаўскія дзеці за ваенны час адстануць ад школы, бо ддя Верамеек так і не знайшлі ў воласці настаўнікаў, таму нават адзін час сам хацеў узяцца вучыць, але яго адгаварылі ў сям’і. Затое гэты Гаўрылішын хлопчык заўсёды мог задаволіць ад яго сваю цікаўнасць ва ўсім.

Між тым абстаноўка каля воза, на якім ехала Гаўрыліха, паступова набывала ранейшую супакоенасць, як гэта і належыць сярод суседзяў, нягледзячы, што Мікіта Драніца ўсё яшчэ не адставаў ад іх. Пазіраючы на Масея з Гаўрылішыным хлопчыкам, усе неяк падабрэлі адразу, нават Ганна Карпілава не пашкадавала ўсмешкі, дарма што свае дзеці сядзелі на возе.

Кажуць, да бога дарога лёгкая. Аднак, калі на праўду, дык таксама колькі чаго на гэтай дарозе!

За другім лесам, які пачаўся за паўвярсты ад Бесядзі, верамейкаўскаму хроснаму абозу трэба было паварочваць направа, каб выехаць на гасцінец, што ўжо проста кіраваў адтуль да мястэчка. Але тыя, што ехалі наперадзе абозу, выбралі цішэйшую дарогу – паўз дуброву, тады паўз местачковы сад. Ну а раз паехалі па ёй першыя падводы, то ўжо наступныя пацягнуліся за імі самі па сабе. Раней гаварылі: цішэй едзеш – далей будзеш. Але тады гэта гучала ў сэнсе – марудней, павольней. Цяпер слова «цішэй» набывала і іншае, можа, найпершае значэнне. Таму «цішэйшая дарога» і прывабіла верамейкаўцаў, а не гасцінец, на якім самога д’ябла можна сустрэць. А цяпер – тым больш. Дык навошта гэта чалавеку, які наважыўся з самім богам сустрэцца?

За садам ужо відаць стала мястэчка з яго бляшанымі дахамі і белакаменнай царквой, няхай што і без пазалоты на купалах. Але выгляд яе тым не менш зрабіў моцнае ўражанне на верамейкаўцаў. Паязджане заціхлі, нібыта ва ўтрапенні, і потым ажно нямала часу прайшло, пакуль зноў загаманілі, быццам сапраўды прамінулі страшнае месца; нават дзеці і тыя пачалі саскокваць з вазоў; надзетыя па-святочнаму, хто ў што, але дзеля сённяшняга дня хлапчукі і дзяўчаткі ўсё роўна як спяшаліся пахваліцца ды паказаць сябе не толькі дарослым, але ўсяму беламу свету.

Дзіўна, але Масею ў гэтыя хвіліны здавалася, што з Верамеек дарога сапраўды пралягае к богу, а ён вядзе туды за руку малога чалавечка, пад вышэйшай апекай якому, магчыма, пашанцуе выжыць у бязлітаснай вайне, каб пасля паглядзець на яе вачамі, удумлівымі і пільнымі.

А ў Бабінавічах тым часам мясцовыя паліцаі пад камандаю Гуфельда расстрэльвалі яўрэяў. Кроў мяшалася з вадой і цякла па рэчцы Чарняўцы насустрач верамейкаўскаму хроснаму абозу. Ад яе на лузе шалелі каровы…


XXV

З дзённіка баявых дзеянняў ахоўных войск групы армій «Цэнтр». 5.8. Камандуючы генерал вылецеў у 286-ю ахоўную дывізію. Аперацыя «Арол», як мяркуюць, будзе закончана раніцай. 8.8. (Клічаўскі раён). Генерал загадаў адразу ж за аперацыяй «Арол» пачаць новую буйную аперацыю ў раёне Смаленск – Віцебск – Орша. Філіял галоўнага камандавання вермахта, генеральная кватэра паведамляюць аб ясабходнасці падрыхтоўкі да перадыслакацыі на тэрыторыю армейскага тылу 4-х матарызатаных і 10-ці танкавых дывізій. 8.8. Паведамленне венгерскай акупацыйнай групы-каманды: партызанская банда колькасцю ў тысячу чалавек пасля бою каля Сямёнаўкі, на чыгуначнай лініі Навазыбкаў – Ноўгарад – Северск, накіравалася на тэрыторыю тыла армейскай групы «Поўдзень»… У Крутагор’і (раённы цэнтр) былі ўзяты ў якасці заложнікаў сем’і мясцовых партызан з банды Нарчука, якая дзейнічала на тэрыторыі раёна. Партызанскім кіраўнікам было прапанавана з’явіцца ў ваенную камендатуру з павіннай, аднак яны спалохаліся адказнасці. Заложнікі расстраляны… 11.8. Без асаблівых падзей. 12.8. Камандуючы генерал і начальнік аператыўнага аддзела вылецелі ў 1-шы батальён 638-га французскага пяхотнага палка на нараду аб выкарыстанні французаў для аховы сплаву па Бярэзіне… 1.9. У выніку дыверсій на чыгуначнай лініі на поўдзень ад Полацка затрымліваецца адпраўка 406-га пяхотнага палка на аперацыю № 33.5.9. Начальнік штаба адбыў для даклада галоўнакамандуючаму групай армій «Цэнтр». Прычынай паслужылі дыверсіі на вялікіх чыгуначных магістралях… 11.9. Па распараджэнні групы армій на запытанне галоўнага камандавання выкладзены пункт гледжання на падрыў моста праз раку Начу. Пункт гледжання гл. удадатку № 80.22.9. Бандыцкая дзейнасць на усёй тэрыторыі тылу ўзрастае ў жахлівых памерах. Дывізіям дадзены адпаведныя ўказанні. 23.9. Начальнік аператыўнага аддзела падпалкоўнік ад’язджае ў адпачынак. 26.9. Камандаванне ваенна-паветраных сіл «Усход» паведаміла, што паводле загада рэйхсмаршала часці 1-га егерскага парашутнага палка, якія раскватараваны на тэрыторыі тылу, павінны прымаць удзел у ахове чыгунак… Паступіў загад галоўнага камандавання групы армій «Цэнтр» аб падпарадкатанні рускіх батальёнаў ва ўсіх адносінах ахоўным дывізіям. Прычынай для выдання падобнага загаду з’явіўся бунт у батальёне «Бярэзіна». 3.10. Падпалкоўнік генеральнага штаба Хофман накіраваны для кантроля дарогі па абодва бакі Клясціц, афіцэр артылерыі пры штабе падпалкоўнік Райхельм з такім жа заданнем камандзіраваны ў Асіповічы, начальнік адцзела 1 «Д» капітан Фёрстэр накіраваны з аналагічным заданнем на чыгуначную лінію Рагачоў – Магілёў. 221-я ахоўная дывізія паведамляе аб арышце пяці савецкіх парашутыстаў на паўднёвы захад ад Гомеля. 18.10. У галоўную кватэру корпуса прыбыў новы камендант Смаленска генерал-маёр Пёль. 19.10. Ад галоўнага камандавання групы армій паступіў загад аб тым, каб па загаду фюрэра ва ўсіх буйных гарадах пачалі ствараць часці баявой гатоўнасці, у якія трэба ўключаць усіх раскватараваньгх ваеннаслужачых вермахта і ваенна-паветраных сіл і ў выпадку неабходнасці выкарыстоўваць для абароны гарадоў. 25.10. Генерал-маёр Гартман, камандзір 390-й дывізіі па будаўніцтву палявых умацаванняў, прызначаны начальнікам гарнізона Магілёва. 28.10. У загадзе па корпусу яшчэ раз нагадваецца, што ў перыяд з 1 па 7.11. неабходна разлічваць на ўмацаванне бандыцкай дзейнасці, таму што савецкае камандаванне абвясціла заклік адзначыць такім чынам 25-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 18.00 хвалевыя налёты рускай авіяцыі на Смаленск. Звыш 150 бомбаў скінуты пераважна на паўночны раён. 4.11. Нарада ў начальніка генеральнага штаба з начальнікамі аператыўных аддзелаў ахоўных дывізій. Абмеркатаны пытанні: бандыцкая абстаноўка на тэрыторыі армейскай групы; ахова чыгунак; аперацыі супроць партызан; рускія батальёны; мабілізацыя на працу ў Германію; работа разведаддзелаў; узаемадзеянне з гаспадарчымі ўстановамі. 9.1 і. 1-я пяхотная брыгада СС дакладвае, што ў раёне Чэрвеня знаходзяцца вялікія запасы збожжа і жьгвёлы – неабходна арганізаваць тэрміновую вывазку. 17.11. Транспартная камендатура Мінска паведамляе пра наступнае. Цягнік Мінск – Полацк быў абстраляны бандай, узброенай цяжкой зброяй. У часе бою перабіта ахова. 25.11. Снег. Завіруха… 1.12. Напружаная абстаноўка на ўчастку фронту пад Белай. 2.12. Прыбыў палкоўнік Карэці, накіраваны камандаваннем сухапутных войск на пасаду камандзіра 700-га рускага батальёна асобага прызначэння. Начальнікам нямецкай каманды ва ўсходнім батальёне «Прыпяць» прызначаны капітан запаснога палка «Цэнтр» Хольфельд. 6.12. Паступіў загад армейскай групы, што з 7.12. ахову дарогі Смаленск – Віцебск да лініі размежавання 9-й арміі прымае на сябе група Шэвалеры. 7.12. Меры па мабілізацыі насельніцтва для работы ў Германіі набываюць усё большую жорсткасць. Людзі ад мабілізацыйных кампаній уцякаюць у лясы. Пісьмы тых, хто працуе ў Германіі, аб дрэнных адносінах і дрэнным харчаванні, адпуджваюць моладзь, таксама дарослых ад паездкі ў Германію. 8.12. У сувязі з частковым адыходам нашых войск група армій аддала загад аб новай граніцы паміж тылам і 4-й арміяй. Раёны Ершачы, Рослаў і Стадолічы адыходзяць да 4-й арміі. 9.12. Група армій паведаміла, што Лёзненскі раён 11.12. будзе ўключаны ў тыл армейскай групы «Цэнтр». 10.12. Паступіў загад фюрэра аб нарыхтоўцы запасаў ддя ўсіх апорных пунктаў. 17.12. У Смаленску ў камандуючага генерала адбылася кансультатыўная нарада аб становішчы на франтах. Германскія войскі спыніліся на Волзе ў раёне Сталінграда. З пераменным поспехам ідуць баі на Каўказе. У паласе групы армій «Цэнтр» таксама без перамен. Стабілізавалася абстаноўка пад Ленінградам. 286-я ахоўная дывізія паведамляе, што абоз 633-га ўсходняга батальёна, які накіроўваўся з Магілёва ў Бярэзіна, бясследна знік па дарозе. Камандзір 700-га ўсходняга батальёна асобага прызначэння асабіста выехаў у Бярэзіна. Адцадзены загад аб прысваенні часцям 201-й і 286-й ахоўных дывізій наймення дывізіі «Рьгхтэр». 20.12. З дывізіі «Рыхтэр» паступіла паведамленне аб правядзенні аперацый «Вальдвінтэр» («Цёмны лес»). 600-ты казацкі батальён і 2-гі грэнадзёрскі полк перакідваюцца ў раён баявых дзеянняў чыгуначным транспартам. Усе астатнія часці – пешьгм парадкам. 21.12. З камандаваннем ваенна-паветраных сіл «Усход» ажыццёўлены перамовы аб паветранай ладтрымцы дывізіі «Рыхтэр». 24.12. Паведамленне камандзіра 700-га ўсходняга батальёна аб абвастрэнні абстаноўкі ў раёне Бярэзіна – Чэрвень. 27.12. Дывізія «Рыхтэр» сутыкнулася з моцным супраціўленнем праціўніка, асабліва на цэнтральным участку. 28.12. Зачытаны новы загад фюрэра аб бязлітаснай барацьбе супроць бандыцкіх фарміраванняў у тыле ўсіх груп армій. 30.12. Зноў абвастрылася абстаноўка ў раёне 221-й ахоўнай дывізіі. З поўдня спрабуюць пранікнуць паміж Іпуццю і Бесяддзю вялікія партызанскія сілы. 31.12. Адбылася нарада генерала фон Шэнкендорфа з фельдмаршалам. Фельдмаршал павіншаваў ахоўныя войскі з Новым годам. Над армейскім тылам стаяць халады. Завеі. Мы зноў зімуем у большасці сваёй у Беларусі ў абдымках лютых марозаў і варожых настрояў.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”