ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

РАЗБОЙНІКІ

Некалі з Гомеля мне прыслаў чалавек фатаграфію, на якой каля плоту сядзелі забітыя жандарамі вядомыя ў Беларусі «разбойнікі» – Савіцкі і ягоныя два таварышы: балтыйскі матрос і яшчэ хтосьці. Глянуўшы на яе, я перакінуўся ў памяці на другое відовішча. Вось гэтак жа былі сфатаграфаваны прыхінутыя да плоту ў Касцюковічах пасля мінулай вайны Пялінка з Дубінкам. Пра Савіцкага я нарэшце напісаў п’есу, пра Пялінку ж зноў успомніў толькі цяпер, працуючы над матэрыялам пачатку дваццатага стагоддзя. Вядома, у параўнанне адзін з адным яны не ідуць, Савіцкі сам па сабе жыў і дзейнічаў. Пялінка таксама, дакладней, кожны з іх меў не толькі розныя падставы заняцца разбойнымі справамі, але і ўмовы. Як можна было зразумець ужо, Савіцкі зрабіўся вядомы ў нашым краі ў дзевяцьсот пятым – дзевяцьсот сёмым гадах, меў усеагульную падтрымку ў простым народзе. Пялінка ж дзейнічаў пры савецкім ладзе, пасля вайны, значыць, з’яўляўся ворагам яго. Пра народную любоў тут гаворкі не магло ісці, бо народ быў ужо напалоханы настолькі, што выяўляць сваю прыхільнасць, калі яна і з’яўлялася, адкрыта не меў магчымасці. I яшчэ адну акалічнасць варта адзначыць – абодвух іх у народзе называлі звыклым імем – разбойнікі, дарма што розніца ў часе, я кажу, была амаль у пяцьдзясят гадоў.

Дык вось пра Пялінку. Нарадзіўся ён недзе ў нашым Забесяддзі, ці то ў Гаўрылаўцы, ці то ў Шаблях. Як і ўсе дарослыя, ваяваў. Даслужыўся да старшага лейтэнанта. I дзесьці ўжо ў канцы вайны стаў разбойнікам, вярней, сацыяльным гоем. Няйначай, што гэтае слова найбольш адпавядае сутнасці справы. У кожным разе, яно больш-менш, але даволі трапна замяняе тут рамантычную афарбоўку, якой ахутаны бываюць учынкі і дзейнасць падобных людзей.

Не ручаюся за дакладнасць, аднак пакінуць армію яму давялося выпадкова, хоць, вядома ж, па сваёй дурноце, мякка кажучы. Паехаў старшы лейтэнант Пялінка з невялікай камандай на трох «студабекерах» на далёкія склады па прадукты харчавання, адзенне і спірт для свайго палка. К таму часу ўжо выдыхаліся лютаўскія завірухі, мяло толькі па начах. Таму на прывалы машыны спыняліся ў вёсках. I той раз начлег быў у вёсцы. Але цяпер салдаты панапіваліся спірту, які везлі ў «студабекерах», можна сказаць – балявалі з мясцовымі дамамі ўсю ноч, у тым ліку, зразумела, што і камандзір, а калі схапіліся назаўтра ехаць, машыны ў дварах стаялі разрабаваныя. Ды так, што мала чаго пад тэнтамі захавалася. Усё роўна, як хтосьці сачыў за імі ў дарозе і цяпер вось нарэшце рашыўся напасці. Пошукі нарабаванага ў вёсцы нічога не далі, нават сляды былі занесены снегам. У вайсковую часць давялося вяртацца з пустымі «студабекерамі». Ну а там – адразу пад арышт. Пакуль трыбунал разглядаў справу, у Пялінкі саспела задума падацца ва ўцёкі. З ім згадзіўся пакінуць часць толькі адзін салдат, Дубінка. Астатнія падрыхтаваліся ў штрафную роту. Так і хадзілі ажно колькі гадоў па Забяседдзю яны ўдвох Пялінка і Дубінка. З аўтаматамі, у вайсковай форме, але без знакаў адрознення.

Мясцовае начальства, якое складала савецкую ўладу, у тым ліку і раённую, баялася Пялінкі. Звычайна ён знаходзіў кожнаму адпаведнае пакаранне. Але на забойствы ўсё-ткі не ішоў. Ахвяры толькі і здараліся тады, калі разбойнікі траплялі ў які-небудзь пераплёт, які не абыходзіўся без перастрэлкі. Простага народу Пялінка не чапаў. Гэтак жа паводзіў сябе з вясковымі людзямі і ягоны паплечнік Дубінка. Праўда, карміліся яны за кошт сялян.

Бралі таксама вясковыя магазіны, дзе часцей можна было натрапіць на гарэлку ў драўляных бочках. Тады Пялінка збіраў мужыкоў з усяе вёскі, прымушаў піць. Бывала, што пасля яго вакол таго ці іншага магазіна заставаліся ляжаць дзядзькі ўпокат, зусім п’яныя, дык добра, калі ўлетку, а зімой? Словам, хапала і смеху і грэху!

Мне давялося пабачыць Пялінку два разы. Але адзін як мімаходам. Запомнілася другая сустрэча. Была глыбокая восень. На вуліцы – хоць вока выкалі. Мы ў той час яшчэ жылі ў зямлянцы, хаты не паспелі пастроіць, ды ўвогуле пасля пажару ў сорак трэцім годзе на наступную хату ўзбіліся недзе толькі на пачатку пяцідзясятых гадоў, калі я хадзіў за восем кіламетраў у Саматэвіцкую дзесяцігодку. У тую ж восень жылі ў зямлянцы. Маці з малодшымі маімі сёстрамі і братам ужо спалі; старэйшы, што нада мной, брат якраз вучыўся на трактарыста ў Канічах. Яго не было дома. А я, запаліўшы каганец, чытаў на тапчане «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Барыса Палявога, якая выйшла ў «Раман-газеце». Мне даў яе пачытаць адзін велікаборскі кніжнік, Хведар Свірыдзёнак, які працаваў у раёне каморнікам. Ён увогуле шмат прыносіў мне з Касцюковічаў кніг, бо сваёй бібліятэкі ў вёсцы яшчэ не было. I вось я, лежачы на тапчане перад каганцом, чытаў «Аповесць пра сапраўднага чалавека». Звонку штосьці загрукала раптам. Пачуўся тупат ног. Дзверы мы не зашчапілі яшчэ на кручок, таму людзі ў зямлянку зайшлі самі. Адзін, другі, трэці. Апошні сеў на лаўку каля прыпечку, куды не даставала святло ад каганца, два другія прайшлі далей. Селі на покуце. Я не спалохаўся. Пры партызанах ды немцах даводзілася бачыць усякае. У тым ліку і людзей з аўтаматамі. Гэтыя ўдвох таксама мелі боі пры сабе аўтаматы. Каму быць, падумаў я, у хромавых ботах, у дыяганалевых галіфэ? Гімнасцёркі пад зялёнай ватоўкай не відаць было. Аўтамат з круглым дыскам ён паклаў на каленкі. Паплечнік яго мала чым адрозніваўся. Можа, адным тварам. Бо нават рухі паўтараў. Але на адной руцэ ў яго не было пальца. Здаецца, на правай.

– Што чытаеш? – спытаў мяне Пялінка; а я ўжо здагадаўся, што гэта ён.

Я паказаў кніжку.

– Цікавая? – узяў ён яе.

– Так. Пра вайну, – сказаў я.

– А яшчэ кніжкі якія ёсць у цябе? – спытаў ён.

Я дастаў з пяколка «Вайну і мір» Талстога ў цвёрдай, нібыта металічнай вокладцы.

– Дык яшчэ не рана чытаць табе?

– А я люблю, – тым не менш сказаў я.

Хацелася ўгледзець, хто сядзеў у зямлянцы ў самым ценю. Я быў падаўся наперад, але чалавек прыкрыўся левым вухам салдацкай шапкі. Наводчык, падумаў я. Між тым час ішоў. Недзе кукарэкалі першыя пеўні. Ніхто ў зямлянцы не прачынаўся, хоць я ведаў, што маці наўрад ці спіць. Нарэшце Пялінка падняўся.

– Трэба ісці, – сказаў ён, – бо воўка ногі кормяць. – Прыстояў, тады сказаў: – Што табе прынесці наступны раз?

– Цікавую кніжку.

– Што ж, можна і кніжку. Але ў цябе вось парваныя штаны? – Ён паказаў на маю дзіравую калашыну.

– Ат, – сказаў я, – іх маці не паспявае латаць!..

– Значыць, патрэбны новыя, – як пра нешта вырашанае сказаў Пялінка. – Добра, прынясу табе штаны.

Я не адмаўляўся.

Пялінка рушыў першы да дзвярэй. За ім – Дубінка, павесіўшы аўтамат на плячо. Апошні выходзіў з зямлянкі чалавек, які прасядзеў увесь час моўчкі, хаваючы свой твар. Па шапцы ж пазнаць яго немагчыма было. Мала хто з вясковых мужыкоў не насіў салдацкае шапкі.

Прызнацца, я чакаў, што Пялінка не так сабе гаварыў пра штаны. Мне вельмі патрэбны былі яны, бо ўтую восень у школу мне давялося ісці ў пафарбаваных сподніх. А ўзімку пайшлі чуткі, што Пялінку з яго паплечнікам злавілі. Дакладней, забілі, выставіўшы напаказ у раённым цэнтры. Акурат, як некалі ў Гомелі Савіцкага. Людзі раптам адкрыта загаварылі. Знайшлося шмат пакрыўджаных, нібыта Пялінка іх абрабаваў. I ўжо ніхто не называў яго ні дэзерцірам, ні разбойнікам. Толькі бандытам, услед за ўладамі.

Высветлілася таксама, як быў знішчаны Пялінка.

Аказваецца, недзе за Машавой у яго была палюбоўніца. Яе вось і ўзялі аператыўныя органы. Нарэшце, было змоўлена, што ў наступны раз, калі Пялінка са сваім паплечнікам наведаецца да яе, яна падрыхтуе лазню, а тады наладзіць у хаце пачостку. Пры гэтым нават сігналы былі абгавораны. Жанчына павінна выйсці з пярэдняй палавіны хаты ў заднюю, сказаўшы: «Забыла прынесці цыбуліну». Ну, а аператыўныя работнікі даробяць усё астатняе, – паласнуць з аўтаматаў па ейных гасцях з засады, дакладней, з падпеччаў, куды яны залезуць зараней. Уласна кажучы, па задуме і выйшла. Пялінкава палюбоўніца, сказаўшы пра цыбуліну, знікла за парогам тыльнай палавіны хаты, а тым часам з падпечча пачуліся аўтаматныя чэргі…

 

Была ў мяне сустрэча з разбойнікамі і ў другім месцы. За Друццю, у Бялыніцкім раёне. Папраўдзе, тых людзей цяпер усё-ткі не хочацца называць бандытамі, хоць сам я вялікага адрознення не бачу паміж назвамі. На пачатку пяцідзясятых гадоў я вучыўся ва ўніверсітэце, а ў тое лета знаходзіўся на практыцы ў «Магілёўскай праўдзе». Загадчыкам сельгасаддзела ў газеце быў чалавек сур’ёзны, няйначай, ён мяне недалюбліваў, бо чамусьці ганяў па камандзіроўках, да таго ж самых цяжкіх. У журналісцкай практыцы сапраўды бываюць камандзіроўкі цяжкія і лёгкія. Дык мне якраз трапляліся цяжкія. Помню, як у Быхаўскім раёне мне, быццам следчаму, давялося шукаць бочку са сметанковым маслам, якую перапрадавалі шмат якія гаспадаркі дзеля выканання даведзенага дзяржавай плана. У Бялынічы ж, пасля і ў Эсьмоны, паехаў я з іншым заданнем. Таксама трохі фельетонным.

На машынах у тыя гады журналісты яшчэ не ездзілі. Добра, калі траплялася якая паўтаратонка падарожная. А так – пешкі ды пешкі, можа, іншы раз на кані пашанцуе. У Эсьмоны я таксама рушыў на сваіх дваіх. Уранні перайшоў брод на Друці, ступіў праз паплавы ў лес, які, мне сказалі ў бялыніцкай гасцініцы, дастае тут да самае Бярэзіны. Праўда, там жа, у гасцініцы, спыталі неяк няцямліва:

– Чаму раптам у Эсьмоны?

Гэта пасля ўжо, бадай, гадоў праз дваццаць, зразумелым стала тая чалавечая няцямлівасць, калі ў адной з кніжак прачытаў, што апошняя пасляваенная антысавецкая банда была ліквідавана ў эсьмонскіх лясах якраз у той час. А пакуль што да чаго, я спяшаўся выканаць камандзіровачнае заданне для абласной газеты. Тады ўжо, здаецца, захапляліся кукурузай, вядомая справа, смяяліся паціху, а то і адкрыта з Хрушчова, шкадуючы добрыя землі, якія адводзілі пад яе, а яна тым не менш шмат дзе сягала вышэй за чалавечы рост. Грэбліва, але ў калгасах і саўгасах паступова прывыклі да незнаёмай земляробчай культуры, кармілі жывёлу, закладвалі на зіму. Мы ў сваёй вёсцы ў Забесяддзі саджалі яе і раней, аднак толькі на гародах, усяго як акрасу, і называлі пачаткі кіёўкамі, кіяхамі, можа, таму нават, што прыйшла яна да нас з Украіны. I я любіў спажываць тыя кіяхі ў васковай спеласці, быццам сапраўдны ласунак. Ва ўсякім разе, паесці ў камандзіроўцы для мяне таксама не складала праблемы. Між тым стрэчных людзей на дарогах не было. Лясную цішыню толькі і парушалі, што птушкі, якія выпырхвалі, трапечучы крыламі, з блізкіх кустоў, дзе ў той год нарасло багата ягад; чарніцы віселі на чарнічніку нават у верасні, дарма што даўно ўжо асыпалася лісце. На смак яны былі яшчэ зусім салодкія, як і месяц назад, калі паспявалі. Сам я чалавек лясны, таму лесу не баяўся, адчуваў сябе ў ім вольна, прынамсі, жахі не ўзнікалі нават ва ўяўленні.

I вось недзе ўжо на паўдарозе ў Эсьмоны ўбачыў паперад сябе веласіпед, які ляжаў упоперак каляінаў, загароджваючы далейшы шлях. Я адразу здагадаўся, што нехта знарок гэта зрабіў. Кінуў позірк направа, налева. Пад таўшчэзнай бярозай па левы бок ад дарогі сядзеў чалавек у скуранцы, з аўтаматам. Выгляд ён меў чарнявы, твар яшчэ зусім малады, дарма што няголены. Усё роўна як ляніва пазіраў чалавек на мяне з нейкай зласлівай усмешкай, аднак маўчаў і не кратаўся. Мне б, відаць, варта было б спыніцца перад ягоным веласіпедам, а я не стаў гэтага рабіць, паспрабаваў абысці па абочыне. Аднак чалавек пад бярозай зварухнуўся, затрымаў:

– Хто ты?

Усцешанасці ад нечаканай сустрэчы, вядома, ніякай. Але я не стаў вадзіць за нос яго, каб не заблытацца пасля самому:

– У камандзіроўку іду ў Эсьмоны. Ад абласной газеты.

Вочы ў чалавека ў скуранцы ўсё роўна як успыхнулі, ён тут жа ўскочыў на ногі.

– Дакументы!.. – ужо загадаў ён.

У мяне было з сабой часовае пасведчанне, і я дастаў яго.

– А-а, студэнт? – сказаў чалавек.

– Так.

– А што цябе цікавіць у Эсьмонах?

Я адказаў.

Тады чалавек падняў з дарогі веласіпед, крутануў яго ў руках, паставіўшы перадам у адваротны бок.

– Пойдзеш са мной, – сказаў ён зноў тонам загаду.

У тым месцы пачыналася імшаная балацявіна, да якой падступалася маладая пасадка сасны. А ў такіх выпадках звычайна паміж ёй расце й бярэзнік, апаясваючы балацявіну. Вось гэтым бярэзнікам мы і пайшлі. Спярша я, акурат пад канвоем. Але не доўга, бо я не ведаў дарогі. Таму чалавек з веласіпедам і аўтаматам неўзабаве моўчкі выйшаў наперад, павёў мяне за сабой. Дзіўна, аднак хвалявання я не адчуваў, дарма што здагадваўся, з кім звёў мяне лёс. Урэшце, студэнт – гэта яшчэ не пастаянны супрацоўнік рэдакцыі, як кажуць, са студэнта ўзяткі гладкі. Хоць храбрыцца таксама не выпадала. I толькі цяпер я нарэшце зразумеў, чаму ў гасцініцы на мяне талопілі вочы, калі даведаліся, куды накіроўваюся. Ды што цяпер зробіш – чаму быць, таго не мінаваць!

Нарэшце мы падышлі да зямлянкі на выспе. Мой праважаты, а дакладней – канвойны, прыхінуў да бярозы веласіпед, загадаў мне пачакаць, а сам знік у зямлянцы. Не прамінула і хвіліны, як ён зноў паявіўся на паверхні.

– Ідзі, – паказаў мне на ўваход у зямлянку.

Я ўвайшоў. Ваконца ў зямлянцы было адно, таму гарэла на стале газавая лямпа. За сталом сядзеў другі чалавек у скуранцы. Пры ім ляжаў аўтамат з ражком, фуражка з сінім аколышам. Чалавек глядзеў на мяне з непадробнай цікавасцю, але зусім не жорстка, здаецца, нават з усмешкай. Спытаў:

– Дык ты з газеты?

– Так. Студэнт, на практыцы ў Магілёве.

– А вучышся ў Мінску?

– Так.

– Есці хочаш?

– Не, – сказаў я, хоць калі і які студэнт адмаўляўся ад жратвы.

Няйначай, чалавек не паверыў мне, усміхнуўся.

– Ты не саромся, – сказаў ён. – У нас кансервы ёсць і хлеба хапае.

– Не, – сказаў я зноў. – Не трэба.

– А чаму вас вучаць там на аддзяленні журналістыкі?

– Ну, прыкладна таму ж, што і на філфаку. Нават стараславянскай мове. Праўда, чытаюць гісторыю журналістыкі, выкладаюць стылістыку…

– Цікава?

– Так.

– А мне вось не давялося давучыцца. Пішаш вершы?

– Так.

– То чытай.

I я напружыўся, пачаў прыгадваць, што помню.

– Чытай, чытай, – падахвоціў ён.

Вершы мае па тым часе былі казённыя. Пра будаўніцтва электрастанцыі на Бесядзі, пра высокія калгасныя ўраджаі. Дзіўна, але ён слухаў, можа, яго зачароўвалі рыфмы, а яшчэ тое, што перад ім стаяў чалавек, здольны зводзіць іх у адно. Між тым, быў у мяне тады адзін верш пра каханне. Я прачытаў таксама і яго. Ён пахваліў, сказаў, што гэта вечная тэма.

– Ну а высокія ўраджаі!.. – паморшчыўся ён. – Ладна, я цябе адпускаю. Калі зноў будзеш у нашых краях, то заходзь. Будзем рады.

Здавалася б, нічога асаблівага не адбылося. Але пасля таго, як выйшаў з зямлянкі, адчуў раптам, што ў мяне падкошваюцца ногі… Відаць, гэтыя двое якраз і былі з тае «банды», якую зліквідавалі органы дзяржаўнай бяспекі ў Беларусі апошняй.

Але чаму прыйшло ў галаву пісаць тут пра сацыяльных герояў? Па-першае, відаць, таму, што настала магчымасць цяпер больш-менш аб’ектыўна асвятляць падобныя рэчы, а па-другое, можа, таму, што ў літаратуры, мастацтве таксама дзейнічаюць разбойнікі, праўда, ужо зусім без высакароднасці, якая была ўласціва ўвогуле той катэгорыі людзей. Але пра гэта другі раз.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”