ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

Манаграфія "НИКОЛАЙ ЯКОВЛЕВИЧ НИКИФОРОВСКИЙ"

РЭЦЭНЗІІ

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4

Ул. Боган

ДЛЯ ПАЧАТКУ – ДОБРА

В. Бандарчык, І. Чыгрынаў. «Николай Яковлевич Никифоровский.
Очерк жизни и деятельности». Выдавецтва АН БССР, Мінск, 1960.

Нарыс В. Бандарчыка і І. Чыгрынава пра выдатнага прадстаўніка беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага, дзейнасць якога адносіцца да другой галовы XIX ст., разлічаны на масавага чытача. У ім даволі падрабязна асветлены жыццё і навуковая дзейнасць вучонага, даследчыка культуры і быту беларусаў. Разам з Я. Раманавым, Я. Карскім і іншымі дзеячамі навукі і культуры М. Нікіфароўскі імкнуўся «адкрыць душу беларуса» для другіх народаў, змагаўся за права развіцця яго нацыянальнай культуры.
Складаным і цікавым было жыццё М. Нікіфароўскага.
Сыну панамара з вялікімі цяжкасцямі ўдалося ўладкавацца ў духоўнае вучылішча ў Віцебску. Сродкаў для вучобы не было. I толькі ўніжэнні бацькі дапамаглі будучаму вучонаму і яго брату паступіць у архірэйскі хор, што значыла вучыцца «на казённыя сродкі». «За гэтыя шэсць год мне давялося перажыць тугу па вёсцы і адсутнасці бацькоў, цяжар малаўзрослага, крайне наіўнага прастачка-навічка, крыўды, лупцоўку і біццё ўсіх відаў, непамерную працу, прамую галадоўку…» – успамінаў вучоны.
Нікіфароўскі скончыў вучылішча з пахвальным лістом. Яго накіравалі на далейшую вучобу ў мясцовую духоўную семінарыю. У гэты час будучы вучоны пачаў асабліва цікавіцца бытам вёскі, рабіў першыя запісы народных песень, бытавых апавяданняў, прыказак і прымавак.
Скончыўшы семінарыю па першаму разраду, Нікіфароўскі меў права паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Але вучыцца «на свой кошт» не мог.
З 1867 г. на Віцебшчыне пачынаецца шматгадовы працоўны педагагічны шлях Мікалая Якаўлевіча. Займаючы сціплую пасаду настаўніка ён зрабіў вельмі многа для вывучання сваёй радзімы.
У нарысе разглядаюцца працы вучонага. Аўтары даволі поўна паказваюць стаўленне вучонага да матэрыялу, які ён даследаваў. Адсюль узнікае яскравае аблічча Нікіфароўскага як этнографа. Аўтары не прамінулі слушна заўважыць, што ён быў і адным з першых вучоных, якія «зразумелі велізарную каштоўнасць прыпеўкі як важнага жанра народнай творчасці».
Аўтары нарыса знайшлі форму падачы матэрыялу, патрэбнага для выданняў падобнага характару. Аднак у кнізе ёсць і недахопы. Першы раздел адарваны ад двух другіх. Да таго ж ён напісаны сухой мовай, тут мноства таўталагічных выразаў і штампаў.
Нікіфароўскі ўнёс немалы ўклад у развіццё беларускай фалькларыстыкі. Між тым працы вучонага па фальклоры аўтары характарызуюць значна скупей, чым этнаграфічная.
У цэлым нарыс цікавы. Няхай ён будзё добрым пачаткам у справе выдання літаратуры аб таленавітых вучоных з нашага народа.

В. Бурносаў

НАРЫС ПРА ВЫДАТНАГА ВУЧОНАГА

У культурнай спадчыне беларускага народа неўміручымі помнікамі застануцца гістарычныя, этнаграфічныя і фальклорна-моўныя даследаванні таленавітай плеяды вучоных другой паловы XIX стагоддзя – П. Шэйна, I. Насовіча, Е. Раманава, Я. Карскага, М. Нікіфароўскага, М. Федароўскага, П. Шпілеўскага і іншых.
У той час як рэакцыянеры ад навукі, рускія вялікадзяржаўныя шавіністы, з аднаго боку, і польскія нацыяналісты – з другога, са скуры лезлі, каб даказаць, што няма ніякага беларускага народа і яго культуры, перадавыя рускія і беларускія вучоныя збіралі, сістэматызавалі, абнародавалі матэрыялы пра жыццё і побыт беларусаў, пра іх погляды, думы, спадзяванні.
Каштоўная спадчына першых беларускіх этнографаў і лінгвістаў стала выключнай бібліяграфічнай рэдкасцю. Толькі ў сувязі са стагоддзем з дня нараджэння Я. Карскага былі апублікаваны матэрыялы аб яго навуковай дзейнасці, выдадзена некалькі тамоў яго фундаментальнай працы «Беларусы». З’явіліся цікавыя даследаванні М. Ларчанкі, М. Цікоцкага аб фальклорных запісах Раманава, Шэйна, Нікіфароўскага, аб журналісцкай дзейнасці Шпілеўскага.
Нядаўна ў выдавецтве Акадэміі навук БССР выйшла невялікая кніжка В.К. Бандарчыка і I.Г. Чыгрынава «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі. Нарыс жыцця і дзейнасці». У гэтым нарысе сцісла і цікава расказваецца аб Нікіфароўскім як чалавеку і вучоным. Мікалай Якаўлевіч паходзіў з простых людзей, з дзіцячых год ён пазнаў нястачы і крыўды. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі едзе настаўнічаць у адну з вёсак цяперашняга Сіроцінскага раёна. Потым лёс кідае маладога настаўніка з аднаго канца Беларусі ў другі. Ён працаваў у Свіслачы на Гродзеншчыне, у Маладзечна, пасля вярнуўся ў Віцебск. Вандруючы па роднаму краю, прыглядаючыся да жыцця яго жыхароў, Нікіфароўскі пачынае запісваць беларускія народныя песні, казкі, прыказкі. Гэтыя запісы накіроўваюцца да вядомага ўжо П. Шэйна. Пазней, пасля амаль дваціцігадовага збірання запісаў, Этнаграфічны аддзел Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пачынае выдаваць гэтыя працы пад назвай «Нарысы Віцебскай Беларусі».
Аўтары кнігі цікава расказваюць пра жыццё Нікіфароўскага, пра яго вялікі навуковы подзвіг, гарачую любоў да роднай Беларусі, даволі грунтоўна і аб’ектыўна аналізуюць працы этнографа. З гэтага аналізу відаць, што спадчына вучонага вельмі багатая і многае з яе не страціла значэння і ў наш час. Не валодаючы марксісцкім рэвалюцыйным светапоглядам, Нікіфароўскі, як сумленны вучоны, чалавек мужны і шчыры, паказваў сваімі даследаваннямі, у якой страшэннай беднасці жыве яго народ, які глыбокі класавы працэс адбываецца ў яго асяроддзі, як мяжа класавай няроўнасці падзяляе беларусаў-працоўных і беларусаў-эксплуататараў.
У кніжцы прыводзяцца цікавыя ўзоры запісаных Нікіфароўскім беларускіх песень і прыказак, загадак, назіранняў над народным побытам. Тут і даследаванні аб народных прыкметах і звычаях аб страшэннай шкодзе п’янства, нарысы, дзе ўскрываюцца сацыяльныя прычыны жабрацтва. «Нарысы простанароднага жыцця-быцця», «Дудар і музыка», «Старцы», «Бабы або жонкі», «Нячысцікі»… Толькі пералік назваў прац вучонага паказвае, які шырокі быў яго творчы дыяпазон.
Нарыс напісаны на высокім тэарэтычным і навуковым узроўні. Змястоўны гістарычны агляд этнаграфічнай навукі ў час дзейнасці Нікіфароўскага. Вывады аўтараў акрэсленыя і ясныя. «М. Нікіфароўскі, – пішуць яны, – сваімі працамі шмат зрабіў для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Яго працы ў значнай меры дапамаглі выпрацоўцы правільных поглядаў на беларускі народ, садзейнічалі абвяржэнню рознага роду антынавуковых тэорый аб яго непаўнацэннасці. Мікалай Якаўлевіч з вялікай радасцю вітаў рост культуры свайго народа, які асабліва ажывіўся пасля рэвалюцыі 1905 года». Трэба спадзявацца, што за гэтай першай «ластаўкай» з’явяцца новыя даследаванні аб навуковай спадчыне выдатных этнографаў.

І. Корзун

БУЙНЕЙШЫ БЕЛАРУСКІ ЭТНОГРАФ

У мінулым годзе шырокія колы беларускай грамадскасці адзначылі 115-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе з дня смерці аднаго з вядомых і нястомных даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў М.Я. Нікіфароўскага.
Добрую справу зрабіла выдавецтва АН БССР, калі выпусціла ў свет даследаванне пра гэтага таленавітага беларускага этнографа і фалькларыста –кніжку В.К. Бандарчыка і I.Г. Чыгрынава.
Кніжка пра М. Нікіфароўскага складаецца з трох невялікіх раздзелаў. У першым раздзеле аўтары нарыса даюць сціслую характарыстыку таго перыяду Расіі, у які жыў і працаваў Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1845–1910 гг.).
Другі раздзел з’яўляецца ў асноўным біяграфічным. У ім аўтары расказваюць пра цяжкі і складаны жыццёвы шлях вучонага.
Будучы этнограф і фалькларыст правёў свае дзіцячыя гады ў самай гушчы народа. Выхадзец з беднай сям’і, М. Нікіфароўскі рана зазнаў нястачу і голад. Цаною многіх намаганняў родных і блізкіх здольнаму юнаку ўдалося ўсё ж такі скончыць у г. Віцебску ў 1861 годзе духоўнае вучылішча, а затым і семінарыю.
Аўтарам кніжкі добра ўдалося расказаць пра творчы шлях Мікалая Якаўлевіча, намаляваць воблік сапраўднага дзеяча культуры. Чытач пазнаёміцца таксама і з тымі абставінамі і акалічнасцямі, якія прымусілі Нікіфароўскага не ісці на працу па духоўнай лініі, хоць ён і скончыў Віцебскую духоўную семінарыю ў ліку лепшых вучняў.
М. Нікіфароўскі пачаў самастойны працоўны шлях спачатку ў народным вучылішчы вёскі Лоўжа (зараз Сіроцінскі раён Віцебскай вобласці), а затым яго пераводзяць, правільней сказаць – ён праходзіць па конкурсу на педагагічную работу ў Віцебск. Дзе б ні працаваў здольны і чулы педагог, ён ніколі не парываў сувязі са сваім народам. Увесь свой вольны ад прафесійнай работы час Мікалай Якаўлевіч прысвячаў дэталёваму вывучэнню народнага быту, вусна-паэтычнай творчасці.
Да 1891 года М.Я. Нікіфароўскі многа працаваў у якасці аднаго з актыўных карэспандэнтаў П. Шэйна. Сярод іншых карэспандэнтаў, як аб гэтым пісаў сам П. Шэйн, Нікіфароўскі вылучаўся вялікай працавітасцю і здольнасцямі.
Калі М. Нікіфароўскі стаў пры актыўнай падтрымцы этнаграфічнага аддзела Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі на самастойны навуковы шлях, ён прыступіў да выпуску сваіх нарысаў аб жыцці жыхароў Віцебшчыны.
Вядомы вучоны падтрымліваў заўсёды цесныя сувязі з Я. Карскім, Раманавым, Доўнарам-Запольскім і іншымі вучонымі. За шматлікія працы па этнаграфіі і фальклору Беларусі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі прысудзіла М. Нікіфароўскаму ў 1893 годзе сярэбраны медаль.
У апошнім раздзеле В. Бандарчык і I. Чыгрынаў даюць кароткі, але змястоўны аналіз вядомых прац Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага: «Нарысы прастанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Прастанародныя прыкметы і прымхі, забабонныя абрады і звычаі, легендарныя сказанні аб асобах і месцах» (1897), «Паўпрыказкі і паўпагаворкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1911–1913) і «Беларускія песні-частушкі» (1911). Зазначым, што апошні зборнік змяшчае 2 356 частушак. Усяго пры жыцці даследчыка выдадзена каля 20 яго работ па этнаграфіі, фальклору і гісторыі Віцебскай губерні.
Аўтары нарыса правільна адзначаюць і тое, што М.Я. Нікіфароўскі па сваіх грамадска-палітычных поглядах не ўзняўся да навуковага разумення сацыяльна-гістарычных законаў развіцця чалавечага грамадства, «аднак у яго працах атрымалі сваё адлюстраванне ўсе самыя важныя працэсы развіцця беларускай вёскі ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя».
Кніжка не пазбаўлена некаторых недахопаў, але мы ўпэўнены, што яна будзе прачытана з цікавасцю тымі, хто займаецца гісторыяй, этнаграфіяй, вуснай народнай творчасцю беларускага народа.

Ф. Янкоўскі

НАСТАЎНІК, ЭТНОГРАФ, ФАЛЬКЛАРЫСТ

Нядаўна ў выдавецтве Акадэміі навук БССР выйшла з друку кніжка Васіля Бандарчыка і Івана Чыгрынава «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі. Нарыс жыцця і дзейнасці».
Мікалай Нікіфароўскі (1845–1910) 43 гады настаўнічаў і ўсе гэтыя гады плённа працаваў на ніве роднай этнаграфіі і фалькларыстыкі. Аўтары расказваюнь пра жыццёвы шлях і навуковую дзейнасць М. Нікіфароўскага, коратка знаёмяць з гісторыяй этнаграфічнага вывучэння Беларусі, паведамляюць пра дзейнасць этнографаў і фалькларыстаў Чачота, Зянькевіча, Шпілеўскага, Насовіча, Рубяроўскага. Крачкоўскага, Стаўровіча, Шэйна, Раманава, Федароўскага, Сержпутоўскага. Сербава, Карскага.
Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі – беларус з Віцебшчыны. Там ён атрымаў адукацыю. З 1867 г. пачаў працаваць у школе вёскі Лоўжа Сіроцінскага раёна, потым выкладаў у Віцебску (1871–1877), у Свіслацкай настаўніцкай семінарыі на Гродзеншчыне (1877–1900), у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1900–1902) і зноў у Віцебску (1902).
М. Нікіфароўскі напісаў і падрыхтаваў да друку каля 20 навуковых даследаванняў і апісанняў па этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі, галоўным чынам яе паўночна-ўсходняй часткі – роднай Віцебшчыны. Асаблівую навуковую каштоўнасць маюць яго працы па этнаграфіі і фальклору: «Нарыс прастанароднага жыцця-побыту на Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Нарыс Віцебскай Беларусі» (1892–1899), «Прастанародныя загадкі» (1898). «Беларускія песні-прыпеўкі» (1911) і інш. Матэрыялы і факты для сваіх прац М. Нікіфароўскі збіраў сам.
На ніве роднай культуры ён меў выдатных настаўнікаў і паплечнікаў, з якімі трымаў самую цесную сувязь. Цэлых дваццаць год (1871–1891) самааддана працаваў як карэспандэнт вядомага збіральніка народна-паэтычнай творчасці Паўла Шэйна. Вёў ажыўленую перапіску з выдатнымі вучонымі-беларусамі Янчуком, Карскім, Раманавым. Доўнар-Запольскім і другімі. Шматлікія навуковыя таварыствы выбралі М. Нікіфароўскага правадзейным членам, а праслаўленае навуковае «Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі» прысудзіла яму за этнаграфічныя працы сярэбраны медаль і прэміравала.
Аўтары справядліва сцвярджаюць, што М.Я. Нікіфароўскі «належыць да той пляяды беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая выклікана да актыўнай дзейнасці ростам нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа… у другой палавіне XIX стагоддзя».
Яго шматлікія працы па этнаграфіі, фальклору, гісторыі Беларусі, слоўнікі жывой народнай мовы – багатая крыніца для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, Беларусі. Слаўны сын свайго народа, Нікіфароўскі ўмеў чытаць і старанна чытаў «разгорнутую кніжку жыцця».
Кніга В. Бандарчыка і I. Чыгрынава напісана ў даступнай, папулярнай форме. Значэнне і каштоўнаспь яе – бясспрэчныя. Яна раскрывае цікавую старонку з гісторыі айчыннай этнаграфіі і фалькларыстыкі.
Значнае месца адведзена ў ёй разгляду складанага і цяжкага шляху М. Нікіфароўскага-педагога. Гэта дапаможа настаўніку даведацца пра школу мінуўшчыны, пра школу часоў царскага самадзяржаўя. А самаадданае служэнне настаўніка М. Нікіфароўскага роднаму народу, яго культуры і гісторыі будзе выдатным прыкладам для нашага сучасніка.
Было б вельмі добра, каб нашы выдавецтвы паклапаціліся наконт выдання нарысаў і манаграфій аб жыцці і дзейнасці выдатных людзей навукі I. Насовіча, Я. Карскага, Е. Раманава. А. Сержпутоўскага і | другіх.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”