ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

Раман "ВЯРТАННЕ ДА ВІНЫ"

РЭЦЭНЗІІ

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

Алесь Марціновіч

У КОЖНАГА СВАЯ ВІНА

Раман «Вяртанне да віны»

У тым, што Іван Гаўрылавіч мае намер і далей заглыбляцца ў лёсы людзей, якія даўно палюбіліся чытачу, пераканаў яго чацвёрты раман з верамейкаўскага цыклу «Вяртанне да віны». Гэтым разам I. Чыгрынаў прапанаваў твор часопісу «Полымя». Нават па тым, што ён з’явіўся ў друку толькі ў 1992 г., яскрава бачна, наколькі нялёгка давалася пісьменніку праца. Больш таго, публікацыя, па сутнасці, расцягнулася на цэлы год. Пачатак рамана пабачыў свет у першым нумары, завяршэнне – у дванаццатым. Значыць, заключныя раздзелы яшчэ тады, калі першыя ўжо былі надрукаваныя, пісаліся. Ды і сама назва рамана канкрэтызавалася, набыла канчатковае гучанне літаральна за некалькі месяцаў да з’яўлення твора ў друку. Першы варыянт быў «Не ўсе мы памром». Ён таксама дае падставы для шырокага роздуму, падкрэслівае, што, нягледзячы на ўсю складанасць і цяжкасць барацьбы з чужынцамі, многія застануцца ў жывых. Як з аднаго боку, так і з другога.
Разам з тым кожны, хто далучыўся да лёсу верамейкаўцаў яшчэ з рамана «Плач перапёлкі», адразу не можа не адчуць, наколькі чарговы твор гарманічна ўпісваецца ў папярэднія, як сама канцэпцыя народнага погляду на вайну набывае далейшае развіццё і тым самым падкрэсліваецца ўсеагульны характар барацьбы з фашызмам. Але I. Чыгрынаў, перш чым перайсці да сцэн, што з’яўляюцца ўвасабленнем жыцця народнага ў час выпрабаванняў, прыглядаецца да прыроды, повязь з якой у верамейкаўцаў, у першую чаргу таго ж Чубара, як ужо гаварылася, вельмі адчувальная
Ды гэтым разам паяднаўся з ёй Гапчын Міхалка. Цягнецца да хлапчука колішняе ласяня, уратаванае некалі Чубарам. Яно падрасло, трывала стала на ногі, ператварылася ў прыгожага ляснога звера, які хоць і рвецца ўжо на свабоду, але адчувае яшчэ прывязанасць да людзей: «Ён выйшаў з хлява, стаў каля ганка. Ён рабіў гэтак кожны раз, калі збіраўся ісці з двара. Але сёння Міхалка чамусьці не спяшаўся выбегчы з хаты, быццам не толькі не чуў ягоных крокаў, але і не здагадваўся, што той ужо наважыўся падацца ў сваю штодзённую вандроўку па лесе, які пачынаўся першымі соснамі адразу ж за Гапчыным плотам, цягнуўся потым напрасткі да Беседзі, а на левы і правы бок абступаў Мамонаўку наўкруг, засцячы невялікія, акурат нядаўнія расцяробы, палеткі».
Ці не праўда, у многім нязвычны пачатак для твора, у якім працяг гаворкі пра вайну. Але пра гэта адразу забываеш, калі прыгадваеш, што I. Чыгрынаў мае на вайну свой погляд, да яе ў яго ўласны падыход. Пэўная вясковая ідылічнасць і гэтым разам патрэбна Івану Гаўрылавічу, каб нагадаць, наколькі ўсё жывое наўкола працівіцца насіллю, як прывыкла яно жыць па сваіх законах. Нават нашэсце ворагаў, здаецца, няздатна парушыць гэты звыклы працэс быцця: «Дзесьці зусім блізка, дробна і настойліва, як у адчаі, стукаў па дрэве дзяцел-канаплянік, і гэты кволы гук, здаецца, быў адзіны з таго, што трывожыла затоенасць. Пасёлак цяпер рана прачынаўся і рана аціхаў зноў, бо каторы дзень людзі касілі, а ў такую пару мала каму выпадала застацца без занятку. У касавіцу ўсім знаходзілася справа на лузе, нават такім, як Гапчын Міхалка. Таму хлапец і не з’яўляўся на ганку, не лашчыў свайго гадаванца, каб выпусціць за вароты».
«Ужо каторы дзень касілі» і ў Верамейках, таксама займаліся звыклай і клопатнай справай. I як у мірны час, браліся за яе, можна сказаць, талакой. Хоць кожны і меў свой надзел, тым не менш у грамадзе яно заўсёды лацвей. Сям’я Зазыбы, напрыклад, паехала на луг разам з суседам Кузьмой Прыбытковым і яго нявесткай Анютай. Аднак і на лузе вайна не можа не нагадваць аб сабе. Тым больш, што жывуць у адным гурце не проста колішнія аднавяскоўцы, а і прадстаўнікі, па сутнасці, двух лагераў. Безумоўна, падобнае размежаванне не кранулася большасці верамейкаўцаў, але Зазыба, як увасабленне нядаўняй, даваеннай улады і, у прыватнасці, носьбіт улады цяперашняй Раман Сёмачкін, якога выбралі старастам, не могуць і цяпер, каб не выказаць асабістую пазіцыю па тых ці іншых пытаннях. Балазе, і нагода ёсць: «Гэта ўжо не навіна была ў Верамейках, што ў навакольных вёсках пачыналі хрысціць дзяцей; ведалі людзі і пра тое, што бургамістр Брындзікаў распісаў недзе чаргу для бабінавіцкага папа – каму належала везці дзяцей у царкву, а да каго Дворскі будзе сам прыязджаць». Дзяніс Яўменавіч і ў гэтым пытанні праяўляе знешні спакой. Ва ўсякім разе, не можа не здагадвацца, што пра хрышчэнне Сёмачкін напамінае нездарма, хоча даведацца наконт гэтага яго, Зазыбаву, рэакцыю, і адпаведна чакае пярэчання: «Зазыба, вядома, не стаў гэтага рабіць, наадварот, сказаў спакойна: «Што ж, богу богава». Ён і праўда не ведаў, як успрыняць навіну, тым больш, што самога некалі таксама хрысцілі. Ён толькі дадаў яшчэ: «Нас жа з табой вазілі ў свой час да папа. I нічога». На што Сёмачкін запярэчыў: «Але ж вунь колькі не давалі хрысціць дзяцей. Лічы, у кожнай хаце нехрысці бегаюць».
На першы погляд, эпізод у рамане не такі і значны. Ды гэта, як і ў самім жыцці, дзе з выпадковасцяў складваецца заканамернасць, а сам выпадак можа многае перайначыць. У мастацкім жа творы, напісаным псіхалагічна праўдзіва і ўзважана, таксама кожная дробязь працуе на адзінства аўтарскай задумы. А згодна яе павінна адбывацца і больш глыбокае стаўленне да гэтага. Лагічней было б, калі б ён пачаў пераконваць Сёмачкіна, што рэлігія – опіум народа ці гаварыць нешта накшталт гэтага. Аднак падобнага не атрымалася. I зусім не з-за адсутнасці ў Зазыбы атэістычных поглядаў, а з-за абмежаванасці яго кругагляду. А дакладней – Зазыба жыў і працягвае жыць у многім у ідылічным, рамантычным свеце. Тое, што магло б быць і па логіцы мусіла быць, ён успрымае як сапраўднае. Ён ніколькі не сумняваецца, што кожны пры савецкай улядзе, калі хацеў, мог хрысціць дзяцей. Падобнае сцвярджэнне, канечне ж, адразу выклікала адмоўную рэакцыю з боку Рамана Сёмачкіна. Тым самым спрэчка набывае шырокі кантэкст, а сам Дзяніс Яўменавіч, не заўважаючы таго (і не жадаючы гэта рабіць), аказваецца ў незайздросным становішчы. Хто-хто, але нават і недалёкі Сёмачкін, гатовы яго павучаць:
«Штосьці я не чуў, каб вельмі не давалі (хрысціць дзяцей – А. М.). Проста стары поп у мястэчку памёр, а новага не знайшлі. Таму царква колькі гадоў і не працавала». – «Не працавала, ета проста сказаць. Яе забаранілі. Цяпер жа вось, пры новай уладзе, знайшоўся поп. Значыць, і тады маглі паставіць каго замест памершага». – «Гэта ўжо, Раман, дарэмшчына, – пакруціў галавой Зазыба. – Што царква пры савецкай уладзе была аддзелена ад дзяржавы, то праўда. Але каб забаранялі… Не… У другіх жа мястэчках вялася служба, і ніхто там не закрываў цэркваў…»
Сёмачкін, разумеючы, што Зазыбу не пераканаеш у памылковасці поглядаў, толькі і кажа: «…Лепей спытаў бы вунь у Масея. Ён табе раскажа, як тое было некалі». Масей слухаў гэтую бацькаву размову з Раманам Сёмачкіным, але не ўмешваўся. Быццам разумеў, што прыйдзе яшчэ час да яе вярнуцца. А такая магчымасць надарылася акурат на касавіцы. Пасля таго як пра маючае адбыцца хрышчэнне загаварылі жанкі:
«– Калі ета прыдумаў хто, што чалавек не ў свядомым жыцці выбірае сабе веру, а тады, як нічога не цяміць, – слухаючы кабет, сказаў раптам Кузьма Прыбыткоў. – Адсюль, няйначай, і нявер’е ўсё пасля.
– Канешне, у нечым і адсюль, – падтрымаў яго Масей, – але найперш, бадай, ад таго, што ўмешваюцца ў веру.
– Як ета? – насцярожыў вушы Зазыба».
Таксама істотны момант у рамане. I таму, што бачна, наколькі верамейкаўцы блізка да сэрца ўспрымаюць усё, што адбываецца. А і па іншай прычыне: у цэнтры ўвагі ўсё часцей апынаецца Масей, той самы Масей, які доўгі час адчуваў сябе ў вёсцы чужым. I адно [ з-за таго, што быў не на адзін год разлучаны з гэтымі мясцінамі. Гняло перажытае, цяжар якога быў такім моцным, што ў параўнанні з ім шмат што іншае падавалася звычайнымі дробязямі. Цяпер жа Масей пакрысе распроствае плечы, ачышчаецца душой. Няхай ён і не вызначыў пэўна, з кім хаўрусаваць далей, як жыць, адно відавочна – староннім сузіральнікам далей яму не выпадае заставацца. Масей ператвараецца ў маральнага суддзю. Яго на падобную ролю як бы падштурхоўваюць вяскоўцы, што, безумоўна, сведчыць аб высокім аўтарытэце Зазыбы-малодшага. Нездарма і Сёмачкін Зазыбу параіў пра ўсё запытацца ў сына. Але, што таксама не выклікае сумнення, робіцца гэта невыпадкова. Няхай Сёмачкін пра гэта ўслых і не гаворыць, але недзе ў душы ён хоча мець Масея ў якасці хаўрусніка. Сам жа Масей на падобнае не ідзе. Ён па-ранейшаму застаецца нейтральным. Нейтральным, але неабыякавым. А паколькі ён неабыякавы, то і імкнецца быць як мага больш праўдзівым у ацэнцы таго, наконт чаго мае асабістае і досыць аб’ектыўнае меркаванне.
I гэтым разам Масей маўчаў да пары да часу, а калі ўжо загаварыў, то, як бы таго не хацеў, а яму не запярэчыш. Усё выверана, узважана і ўсё праўдзіва:
«– Сам жа бачыш, – новая ўлада – пад пагрозай збіраецца хрысціць, ну а ранейшая… Я слухаў, як вы размаўлялі з Раманам Сёмачкіным. Ты тады не згаджаўся з ім, даказваў, што ў Бабінавічах царква не працавала пры савецкай уладзе таму, што памёр стары поп. Можа, у вас тут сапраўды было так. Вам відней.
Але бачыць давялося іншае. На маіх вачах не толькі гвалтоўна зачынялі царкоўныя брамы, а ўзрывалі, палілі храмы, скідвалі і тапталі абразы. Ды пад рогат. Чаго каштаваў праваслаўнай царкве адзін судовы працэс над патрыярхам Ціханам?..
– Працэс, – нібыта не паверыў Зазыба. – Але ж я сам чытаў паперку, – можна лічыць, завяшчанне тагачаснага першаасвяціцеля. Ніякай скаргі на савецкую ўладу не было там».
Зазыба, якім быў, такім і застаўся. I гэтая яго адданасць сацыялістычнай ідэі, улічыўшы тагачасныя рэаліі, не можа не радаваць. Разам з тым, і ў падобнай настойлівасці ў праве на ўласны пункт гледжання, што мяжуе з настырнасцю і вядзе да дагматычнасці меркаванняў, усё болей праяўляецца абмежаванасць Дзяніса Яўменавіча. Масей, са свайго боку, імкнецца як мага тактоўней давесці да бацькі ўласныя меркаванні, і ў той жа час рашуча адмаўляе хоць малое падазрэнне, няхай і падсвядомае, у яго непрымірымасці да савецкай улады за крыўды, нанесеныя яму:
«– Ты, бацька, дарэмна абараняеш ад мяне савецкую ўладу. Яе цяпер трэба ад іншых бараніць. Але тое, што бачыў на свае вочы, маніць не стану. Я і палавіны не сказаў табе, што давялося бачыць».
Магчыма б, Масей і сказаў бы гэтую другую «палавіну» таго, што ў свой час бачыў. Балазе, рашучасці яму не займаць. Ды не да таго стала, каб высвятляць, хто ж мае рацыю: «Усе насцярожыліся. Скрозь тарахценне колаў аднекуль далятаў гул матораў». Аказалася, пралятаў самалёт, які пачаў раскідваць лістоўкі. Для Масея сумнення не заставалася – «нямецкі, раз ляціць на віду і зусім невысока». Па-свойму зрэагаваў Дзяніс Яўменавіч: «Да гэтага не было выпадку, каб такое рабілі немцы. Значыць, на яго думку, ляцеў савецкі самалёт, і недзе над лугам цяпер падалі на зямлю савецкія лістоўкі». Адпаведна і дзейнічаў далей: «Ломячыся напрасткі праз алешнік, Зазыба прыкінуў, дзе можна будзе натрапіць на лістоўкі, куды іх адносіць ветрам…»
I чарговы раз вымушаны быў расчаравацца, яшчэ да таго, як узяў лістоўкі ў рукі. Яснасць ва ўсё ўнёс Марухін, які сустрэўся яму на шляху: «Дзіўна, але Андрэй Марухін да Зазыбавага клопату – хутчэй здабыць лістоўку – паставіўся зусім спакойна, у кожным разе не так, як Зазыба чакаў, калі гаварыў пра самалёт і лістоўкі; пра гэта Дзяніс Яўменавіч здагадаўся па ягоным твары, калі замест цікаўнасці ўзнікла чамусьці паблажлівая ўсмешка; яна раптам нібыта астудзіла Зазыбу, ён адвярнуўся ад прымака, хаваючы такім чынам сваю збянтэжанасць».
Наколькі чысты Зазыба ў гэтай сваёй наіўнай, у нечым, магчыма, нават і дзіцячай веры?! I ў той жа час, здавалася б, безабаронны перад абставінамі… Але падобнага якраз і не назіраецца. Дзяніс Яўменавіч можа памыляцца, сумнявацца. Аднак гэта адбываецца да пары да часу – пакуль не ўзнікае неабходнасць на рашучы крок. На яго ён тады ідзе ўпэўнена і ў той час абдумана. Ды і гэтая цвярозая разважлівасць мае пад сабой апраўданую мэту. Зазыба не проста клапоціцца, каб выжыць, але каб выжыць і мець магчымасць змагацца з ворагам. А пакуль у адкрытую барацьбу не ўступіў, то і праяўляе разважлівасць, абачлівасць. Каб не выклікаць лішніх падазрэнняў, каб не даваць у рукі ворагам і іх прыслугачам козырную карту. Таму нават, каб падзяліць луг на дзялянкі, склікае сход. Нічога ўласнаручна прымаць не збіраецца.
Гаворачы пра асцярожнасць Зазыбы, I. Чыгрынаў у той жа час паказвае, што яна наўрад ці значыла б шмат, калі б поруч знаходзіліся людзі, якія б свайго колішняга старшыню, а затым намесніка старшыні калгаса за нешта неўзлюбілі б… У час размовы з Мікітам Драніцам – а той, як вядома, пастаянна знаходзіўся поруч ці з Брава-Жыватоўскім ці з Раманам Сёмачкіным, Дзяніс Яўменавіч даведаўся, «што ад верамейкаўцаў не схаваешся» – тыя ведалі пра яго сувязі з партызанамі. Ведалі і тым не менш маўчалі… Паважалі, шкадавалі свайго Зазыбу.
Увогуле, і ў рамане «Вяртанне да віны», як і ў папярэдніх, I. Чыгрынаў, гледзячы на вайну вачыма народа, знаходзіць абавязкова пункт гледжання аднаго з прадстаўнікоў яго, хто на дадзены момант асабліва акумулюе ў сабе мудрасць, развагу і пэўную асцярожнасць. Раней падобным філосафам выступаў Парфён Вяршкоў, цяпер гэтую ролю, згодна аўтарскай задумы, узяў на сябе Кузьма Прыбыткоў. Ды і ў Зазыбы не абыякавае стаўленне да старога. I справа зусім не ў суседстве іх двароў: «Раней – калі пачалася акупацыя – Зазыба абмяркоўваў усё важнае з Парфёнам Вяршковым. Ва ўсялякім разе Парфёнава думка заўсёды была для яго карыснай, без яе нібыта не хапала ўвогуле закончанасці ўсім думкам, бо жыццё падкідвала матэрыял для разваг часта. Іншая справа – Кузьма. Гэта быў чалавек другога складу. I думкі яго звычайна не сягалі далей сённяшняга дня, здавалася, іх хапала толькі, каб следаваць за падзеямі, якія адбываліся цяпер, у гэтую хвіліну. Ды і мяняліся яны хутка, прынамсі, абы паварочвалася для гэтага новым бокам жыццё. Але адмовіць у разважлівасці Кузьме таксама нельга было, дарма што часам стары спрабаваў у размове стаць над жыццём, над тым, што ўжо зрабілася яваю».
Менавіта Кузьма Прыбыткоў першым сур’ёзна задумаўся, што нясе вайна народу і якія вынікі будуць пасля яе, калі прагучаць апошнія пераможныя залпы. А што перамогуць немцаў, Прыбыткоў не сумняваецца. Аднак ён да ўсяго, што адбываецца, ставіцца па-філасофску. Гэта асабліва выявілася падчас яго спрэчкі з добра вядомым нам Пацюпам. Той заявіўся да верамейкаўцаў не хаваючыся, адкрыта, з вінтоўкай на плячы, чым выклікаў у Прыбыткова здзіўленне. Больш таго, старому па асацыяцыі адразу прыгадаўся Брава-Жыватоўскі, таму не прамаўчаў: «– Дак таксама не выпускае з рук вінтоўкі. Можа, цяпер недзе тута, на лузе. Ці вы па дамоўленасці так – спярша з вінтоўкай адзін пройдзе, пасля другі? Спярша паліцэйскі, пасля партызан, няйначай, каб дарогі не скрыжаваць?»
Такое параўнанне, безумоўна, не магло не закрануць за жывое Пацюпу. Ён «бліснуў чорнымі, як у цыгана, вачыма, у якіх, здавалася, заскакалі помслівыя агеньчыкі, прамовіў:
– Не хвалюйцеся, дзядзька Кузьма, ваш Жыватоўшчык, як вы яго завеце, дачакаецца свайго, не размінемся. – Пры тым у голасе яго, на здзіўленне ўсім, не пачулася аніякай крыўды да старога, нібыта Прыбыткоў сапраўды дамагаўся ад яго менавіта гэтага.
Тады Кузьма яшчэ сказаў:
– Ага, забівай свой свайго, каб чужыя баяліся.
– Нешта я цябе не разумею, таварыш Прыбыткоў, – ужо з прыкрасцю паморшчыўся Пацюпа. – Ці ты паліцая шкадуеш, ці…»
Лягчэй за ўсё прытрымлівацца пазіцыі Пацюпы і ўбачыць у Прыбыткове аднаго з тых, хто хоць адкрыта і не супрацоўнічае з немцамі, ды, у крайнім выпадку, ставіцца да з’яўлення іх спакойна, а тым самым, няхай і падсвядома, у нечым падтрымлівае іх. Але гэтага пра яго не скажаш. Проста Прыбыткоў здатны на тую развагу, якая ва ўсёй сваёй значнасці адчуваецца не адразу. На першы погляд падаецца, што чалавек у ацэнках кіруецца чымсьці прыватным, адзінкавым, забываючы, што ў суровы час не яно вызначальнае.
Сапраўды, ці многае зменіцца ад таго, як складуцца ўзаемаадносіны таго ж Пацюпы і Брава-Жыватоўскага? I так зразумела, што пры першай жа зручнай магчымасці яны гатовы звесці адзін з адным рахункі. I тут нічога не зробіш – вайна ёсць вайна, і кожны сам выбірае, да каго прымкнуць. А калі расплачвацца даводзіцца за ўчынкі, то ўжо як пашанцуе. Але ў Прыбыткова да ўсяго, што, здавалася б, ніякіх сумненняў не выклікае, паколькі і так зразумела, уласнае стаўленне: «Пастраляеце вось так адзін аднаго, пасля і дзеці вашы не разбяруцца, што да чаго. А немцам ета, нябось, на руку… Варожасць паміж людзьмі звычайна не канчаецца з вайной. Ета як… Ета каб была мая ўлада, дак і я б пазабіраў у вас етыя вінтоўкі, паламаў ды выкінуў у грэблю. А то ваяваць дак вы захацелі. I ён во бегае тута й ты. Ваяваць трэба было тама, на фронце. Ваююць жа другія, дак…»
Прыгадваю ў памяці творы пра мінулую вайну, у думках перагортваю іх старонкі, і не магу ўспомніць, каб у каго-небудзь з пісьменнікаў, няхай і самых слынных, можно было прачытаць нешта падобнае. У іх кнігах ёсць усё. I народная мужнасць, і смеласць, рашучасць, калі зброю бралі і старыя, і малыя. Часам паказаны і пэўныя сумненні наконт таго, як ваяваць, як жыць пад немцам. А вось каб нехта ўзяў ды паказаў падобнага Прыбыткова? Няма, здаецца, такога вобраза ў нашай літаратуры. I тут I. Чыгрынаў першаадкрывальнік. Першаадкрывальнік характара няпростага, па-свойму супярэчлівага, але ўзятага з самога жыцця, як бы падгледжанага ў ваеннай рэчаіснасці. Уражанне, нібыта сам пісьменнік меў магчымасць у свой час гутарыць з яго прататыпам. Але ўся справа, як мы ведаем, што не мог, бо вядома, колькі гадоў меў I. Чыгрынаў у час вайны.
Дапусцім, з падобным філосафам ён сустракаўся пасля перамогі… А калі б і сустракаўся, то наўрад ці магчыма, каб той Прыбыткоў на адлегласці часу так дакладна мог перадаць свае колішнія думкі, меркаванні, развагі. У такім разе, заканамерна, узнікае пытанне, адкуль падобная праўдзівасць і пераканаўчасць гэтага вобраза? Ды ўсё адтуль, з той прасторы, што называецца светам I. Чыгрынава, а ў ім, гэтым шматмерным свеце, хораша суседнічаюць вялікі талент і багатыя назіранні, калі з мноства іх, падгледжаных пільным вокам пісьменніка, і нараджаюцца персанажы, узятыя з самога жыцця. З поглядам, адрозным ад іншых.
Супярэчлівыя і надзіва праўдзівыя, настолькі пераканаўчыя, што пачынаеш верыць у іх сапраўднае існаванне.
Як хочаш можна назваць Кузьму Прыбыткова. I тым самым непраціўленцам, які не прымае насілле ў яго любым праяўленні… I гэткім дабрадзеем, гатовым прымірыць тых, хто ніколі хаўрусаваць не будзе… I чалавекам у нечым абмежаваным, што замкнуўся ва ўласнай скарлупіне і не хоча, ды і не здатны, ва ўсёй паўнаце ўбачыць навакольны свет, які жыве па сваіх, часам вельмі жорсткіх законах. Але ж толькі цяпер усё можна гаварыць, пісаць – у вайну былі падобныя Прыбытковы.
У рамане пачынае гучаць паняцце віны, вынесенае і ў сам загаловак твора. Не проста даецца героям I. Чыгрынава спасціжэнне гэтага паняцця. I таму, што яно ўвогуле падаецца адназначнай ацэнцы. I з-за складанасці ваенных рэалій, дзе дзейнічаюць свае законы, што найчасцей ніяк не стасуюцца з маральнымі атрыбутамі, а іх, акурат, і прытрымліваюцца тыя верамейкаўцы, каго можна назваць сапраўдным сумленнем вёскі.
Як у свой час Парфён Вяршкоў, так цяпер Кузьма Прыбыткоў усё болей хінецца да Масея. I гэта невыпадкова. Па-першае, для верамейкаўцаў Сяднёў-малодшы быў чалавек «вучоны», меў адпаведны аўтарытэт.. А па-другое, ні для кога не з’яўлялася сакрэтам яго нядаўняе мінулае. Разважлівыя мужыкі ведалі, калі верыць у савецкую ўладу той, хто ад яе меў крыўды, значыць, становішча не такое безвыходнае, як падаецца на першы погляд.
Яшчэ ў «Сваіх і чужых» Масей, як вядома, адмовіўся ад прапановы свайго сябра Алеся Астрашаба пайсці на службу да немцаў, пераехаць у Мінск, а тым самым адмовіў і саму «нацыянальную ідэю» ў яе абмежаваным, астрашабавым разуменні, убачыўшы ў дзейнасці таго не што іншае, як звычайную несумленную мітусню. Але куды больш для разумення таго, што адбывалася ў душы Масея, дае раман «Вяртанне да віны». Вобраз Масея стаў больш жыццёвым. I разам з тым складаным. Як у самім жыцці, калі герой апынуўся на свайго роду ростанях, не ведаючы, да каго прыстаць, каму даверыць лёс. Масей Зазыба па-ранейшаму знаходзіцца нібыта ў падвешаным становішчы. Ніякай пэўнасці наконт далейшага лёсу ў яго няма. Ды і цяпершчына незайздросная. Вярнуўся ў родную вёску, але, па сутнасці, чужы для яе. Адна з прычын у тым, што ён не можа цалкам адкрыцца, даверыцца аднавяскоўцам, ды і тыя не заўсёды ахвотна ідуць на кантакты, хоць і давяраюць, выключэнне хіба Парфён Вяршкоў і Кузьма Прыбыткоў.
Гэта аднак не значыць, што I. Чыгрынаў паказвае Масея чалавекам, які лёгка дараваў усе ранейшыя крыўды, забыў пра перажытае. Не, пра многае ён не забыўся! I забываць не збіраецца. Але Масей, жывучы сваім, асабістым, больш думае пра жыццё ўвогуле. А яго – ні для каго ні сакрэт – у нейкія пэўныя рамкі не ўціснеш і не абкрэсліш: тут добрае, а там благое. Складана ўсё, яшчэ як складана! I раман «Вяртанне да віны», у прыватнасці, і ўсе раманы з верамейкаўскага цыкла ў цэлым – пра гэтыя складанасці таксама. Пра вайну ва ўсёй яе супярэчнасці, жорсткасці, антычалавечнасці. I пра самога чалавека, які, колькі б ні жыў на свеце, як бы ні імкнуўся да справядлівасці, у сваіх дзеяннях не можа пазбегнуць ні гэтай жорсткасці, ні антычалавечнасці. Самымі лепшымі намерамі карыстаецца, пра «рай» думае і не заўважае таго, што дарога гэтая, здавалася б, брукаваная, зусім не ў рай вядзе, а ў самае што ні ёсць пекла. Для іншых рыхтуецца яно, але дастаткова зрабіць адзін неасцярожны крок і глядзіш – сам апынуўся там, куды хацеў, каб трапілі твае ворагі. Бо не так і лёгка разабрацца, дзе ж пралягае мяжа паміж дабром і злом, дзе ўсвядомленая нянавісць, а дзе звычайныя чалавечыя хістанні ў складаны і супярэчлівы момант, калі цяжка (а часам і немагчыма) разабрацца, што і да чаго.
У сувязі з гэтым вельмі цікава і пазнавальна прасачыць далейшае развіццё вобраза Радзівона Чубара, тым больш, што I. Чыгрынаў якраз такую магчымасць і дае. I больш таго, як мы неўзабаве даведаемся, ставіць апошнюю кропку, прывёўшы жыццё гэтага персанажа да завяршэння. Так сталася, што апошняя сустрэча Чубара з Зазыбам адбылася ў партызанскім атрадзе. Хоць, калі ўлічыць, што абодва ў многім прыйшлі да паразумення, аб’ядналіся на глебе барацьбы з захопнікамі, то яна лагічная. Камандзір атрада Нарчук, з якім Зазыба падтрымліваў пастаянную сувязь, даў Зазыбу і Чубару агульную задачу:
«– Вось што, Дзяніс Яўменавіч, – сказаў ён, выціраючы рукой узмакрэлую галаву, – стала вядома, што за Канічамі, у Жалезніцы – гэта лес так называецца, помніш? – схавана раённая друкарня. Можа, і папера. Таму вам з Чубарам трэба ехаць туды, забраць усё, што маецца ў схованцы, і прывезці ў атрад. У Бялынкавічах вы знойдзеце мясцовага настаўніка Мурача. Ты, Зазыба, здаецца, ведаеш яго…»
Загад ёсць загад і яго нельга не выконваць. А калі ўлічыць, што Зазыба даўно чакаў сапраўднай справы, то ці трэба здзіўляцца, як ён ахвотна пачаў збірацца ў дарогу… А ўжо калі ехалі, лепей прыгледзеўся да Чубара, заўважыў: «Але ты змяніўся, Радзівон… I твар твой нібыта памякчэў з выгляду, і сам увесь, здаецца, перамяніўся. Я гэта прыкмеціў яшчэ там, каля лясніцтва». На што Чубар адказаў: «Гэта таму, што мы даўно не бачыліся, таму так і здаецца табе, Дзяніс Яўменавіч. Проста ўзрадаваўся табе».
Нездарма кажуць – людзі, якія ў многім сыходзяцца ў сваіх поглядах, ці шмат разам працавалі, лёгка ідуць на давер. Вось і Чубар не спыніўся на гэтым адказе. Яму захацелася паспавядацца, бо апошнім часам не шмат выпадала каму давяраць сваё патаемнае. Яно ж прагучала споведдзю. Дзеля душэўнага ачышчэння. Дзеля жадання, каб нехта старонні, выслухаўшы цябе, даў хоць якую ацэнку тваім учынкам.
І. Чыгрынаў і паказвае тут Чубара чалавекам, якому хочацца адкрыцца і які сам не можа не бачыць – ён не такі ўжо, як раней. Няхай і не цалкам пакуль усведамляе сутнасць падобнай змены, але ад яе ўжо не адкараскаешся. Так часам заўважыш у валасах першую сівізну і ведаеш, што пройдзе час, як яе пабольшае. Няхай не адразу… Ды сумнення няма і быць не можа – яна ўжо ніколі не знікне. Гэтак і ў паводзінах чалавека – зваротная карэкціроўка наўрад ці магчыма, бо ён пачаў ужо жыць у якасна новым рэжыме, паступова выслабаняецца з сябе ранейшага, і колішнія маральныя нормы, якіх раней прытрымліваўся, усё болей нагадваюць путы, пазбаўленне ад якіх не тое, што абавязковае, яно несумненна пойдзе толькі на карысць. Таму і адкрываецца Чубар Дзянісу Яўменавічу:
«– А ўрэшце, можа, ты і маеш рацыю, можа, і сапраўды змяніўся. Не чалавек гоніць жыццё перад сабой, а час падганяе яго. Я і сам іншы раз адчуваю ў сябе штосьці новае ды ўсё роўна як баюся прызнацца. Толькі нікуды не дзенешся, прызнавацца прыходзіцца. Вось тады і пачынаеш разумець, што жыццё ў цябе дасюль было нейкае… нібыта крадзенае. Сям’і не завёў, дома свайго не маю. Выходзіць, што ўсё сваё нашу з сабой. Раней неяк гэта не заўважалася, адно пёрся напралом, здавалася, усё яшчэ наперадзе. А на паверку выйшла не так. Асабліва гэта робіцца зразумелым, калі пачнеш усведамляць, што наперадзе цяпер, акрамя кулі, у цябе нічога няма. Вядома, не кожная куля твая, можа, нават і зусім не будзе адліта, але тым не менш, ужо незалежна ад гэтага, заўсёды жывеш з такім адчуваннем, што ідзеш увесь час насустрач смерці. Жыў ці не жыў, а памірай, чалавек».
Папраўдзе кажучы, падобнае прызнанне крыху дзіўна чуць з вуснаў Чубара. Здавалася б, каму, а яму такая філасофія лішняя. Верамейкаўскі старшыня не прывык да сентыментальнасцяў, ды і заўсёды дзейнічаў, як правіла, рашуча. А тут… жыццё «нейкае… нібыта крадзенае», жальба, што не завёў сям’і…
Што ж адбылося з Чубарам? А адбылося тое, што і мусіла адбыцца. Калі ў мірны час яму не ставала часу як след разабрацца ва ўсіх гэтых «тонкасцях», дык цяпер, столькі перажыўшы, акурат і зразумеў неабходнасць займацца пэўным падрахункаваннем. Але аднаго жадання, як высвятляецца, мала. Бо ўхапіўшыся за нітку, раптам пачынаеш разумець, што канец яе ў руках ніяк не хоча трымацца. Выслізгвае з іх, а таму і сама нітка рвецца.
Чым больш разважае Чубар, тым няўсцешныя вынікі. Пачынаецца ўжо здавацца, што і на самай справе няма ніякага прымальнага выйсця. Калі паставіцца да ўсяго, што адбываецца, менавіта з пункту гледжання ваенных рэалій. Тады і высвятляецца, як бы ні жыў Чубар да вайны, усё адно прыйшоў бы да таго, з чым, як кажуць, і застаўся цяпер:
«– А з другога боку, была б сям’я… Таксама радасці не багата меў бы. Я па сваіх бачу. I ў Нарчука сям’я ў Крутагор’і, і ў Чарнагузава, і ў Афончанкі… Ці ж ім лёгка цяпер? Планавалі вывесці іх з горада, але немцы таксама не дурні, вачэй з іх не спускаюць. Вось і жывуць усё яшчэ там, заложнікамі. А тут ваяваць трэба. I невядома, чым усё гэта скончыцца».
I гэта гаворыць той Чубар, які б яшчэ некалькі месяцаў назад лёгка мог бы «рассекчы» гэты складаны жыццёвы вузел. Калі б была на тое воля, ён загадаў бы штурмам браць Крутагор’е. Не спыніўся, што пры гэтым магла б праліцца кроў нявінных людзей, а члены сем’яў партызан хутчэй за ўсё наўрад ці ўратаваліся б… Галоўнае б для яго было дзейнічаць, не скарыцца ворагу, а паказаць перад ім сваю сілу. Цяпер, няма сумнення, нават калі б хто і рашыўся на такі адчайны крок, то Чубар гатовы быў яго «астудзіць».
Але Чубар не толькі абачлівы ў новых учынках, Чубар і свае колішнія ўчынкі пераасэнсоўвае, ставячыся да іх па-новаму. Праўда, ва ўсёй паўнаце гэта адбудзецца крыху пазней, калі небяспека ўзнікне і над яго ўласным жыццём. Пакуль жа адбываецца пераацэнка ўнутраная, таксама такая патрэбная для самаачышчэння. Маральнага, духоўнага. I робіць гэта Чубар спакваля, як бы суадносячы тое, што рабіў сам, з тым, што робяць іншыя. Ці не таму ён не прымае Патолю (а ім воляй абставін выпала сустрэцца ў чарговы раз), што ўжо не можа не заўважаць у яго паводзінах нешта ад сваіх колішніх паводзін.
А мо таму і сустракаюцца Патоля і Чубар, што пры гэтым дзейнічае нейкая вышэйшая наканаванасць, а тым самым Радзівону Антонавічу прадстаўляецца магчымасць праз паводзіны Патолі зірнуць на самога сябе. А зрабіўшы так, паспрабаваць задумацца, а ці правільна жывеш і дзейнічаеш… Сталася так, што Чубар пры чарговай сустрэчы са сваім «двайніком», «ужо праз момант з прыкрасцю падумаў, што лёс сапраўды неяк дзіўна зводзіць яго з гэтым апантаным і маларазважлівым чалавекам, і кожны раз чамусьці вось так, пры незвычайных, а можна сказаць – пры трагічных акалічнасцях: тады, у Машавой, калі загінуў падпольны партыйны камітэт, і цяпер таксама мелася здарыцца нешта жахлівае… Чубар на момант нават уявіў, як тое жахлівае магло адбыцца, уявіў і сцепануўся ўнутры. «I ходзіць жа па зямлі такая натапыраная істота!..» Ды ўрэшце – ці адна? Да такіх натапыраных істот, Чубар, урэшце, мог залічыць і сябе, прынамсі, колішняга, таму што выпадак з ваенурачом, які здарыўся мінулым летам, цяпер таксама ўсё часцей прыгадваўся Радзівону Антонавічу з прыкрасцю, якая абуджала ў душы не толькі неспакой, але і віну, дарма што паводзіны свае ў тых абставінах, свой стрэл на пясчаным лядзе ён заўсёды спрабаваў тлумачыць, нават апраўдваць хутчэй нейкім замарачэннем, якое раптам засланіла свядомасць, хоць на самай справе гэта было не так, бо рабілася ўсё тады назнарок, з патрыятычных меркаванняў, з імкненнем прадухіліць нешта нядобрае: што магло мець непажаданыя, шкодныя вынікі…»
«Апантаны і маларазважлівы чалавек»… Чымся не ранейшы Чубар. Цяпер жа ён абураецца дзеяннямі Патолі, які гатовы пакараць чалавека толькі за тое, што той, кормячы паліцаяў ці партызан, браў у іх наконт гэтага адпаведныя даведкі. «Непрыемны чалавек», – кідае яму ўслед. Але ў гэты момант Чубар і ў думках не мог прадбачыць, што галоўнае пераасэнсаванне шмат чаго колішняга адбудзецца наперадзе. Пры тым апошняе ў жыцці. Перад гэтым жа з’явіцца і магчымасць па-свойму падрыхтавацца. Радзівон Антонавіч пачне цікаваць за немцамі, якія перапраўляюцца праз раку, загадаўшы Зазыбу вяртацца ў атрад Нарчука. А паколькі назіранне доўжылася, то ён, спрабуючы заняцца няхітрымі падлікамі – «падліку паддаваліся толькі тыя, што ўваходзілі ў ваду з левага берага», пракручваў у памяці старонкі са свайго нядаўняга мінулага. I ўсё больш пераконваўся, як шмат зла было ў ім, Чубары, ранейшым.
Для Чубара ўсведамленне памылковасці многіх яго паводзін, стаўлення да людзей, як вядома, адбылося запознена. Тым не менш, яно адбылося. I герой I. Чыгрынава таксама па-свойму вяртаецца да… віны. Але гэтае «вяртанне да віны» ў Радзівона Антонавіча ўскладняецца тым, што ён – асоба. А людзям моцным, валявым маральная пераацэнка даецца асабліва няпроста:
«У такім стане ён, вядома, не мог бачыць, як тры чалавекі ў нямецкай форме, але пры рускай гаворцы, узялі яго ды павалаклі з лазовых кустоў, быццам парсюка таго на смаленне, на пераправу».
Гэта было для Чубара самае страшнае. Страшнае нават не ў тым, што чакалі фізічныя пакуты… Хто-хто, Чубар ведаў: «Пры жорсткіх адносінах немцаў да партызан нічога суцяшальнага наперадзе ўжо не прадбачылася. Уласна, гэта быў канец, дарма, што людзі, якія захапілі яго, няйначай, недзе самі апыналіся ў такім вось становішчы. Аднак Чубар не мог стаць упоравень з імі, ён няздольны быў вось так рагатаць і выскаляцца над чалавекам, бо разумеў, што вышэйшасць, якую атрымліваеш на час, абарочваецца пасля пакутамі ўнутранымі і знешнімі праз змушанасць або вольны выбар. Дакладней, здраднікам Чубар станавіцца не збіраўся».
А калі паратунак было і ўбачыў, то ў тым, каб добраахвотна пайсці з жыцця. Нават папрасіў унтэр-афіцэра Пуплікава, які служыў немцам і які рыхтаваў яго да чарговага допыту, каб той прыстрэліў яго, на то, безумоўна, атрымаў адмоўны адказ. I той Пуплікаў даў Чубару ўвогуле правільную ацэнку: «Ты пільнуй гэту падлу, а то… Словам, бальшавік вышэйшай пробы». Каб падобнае пра яго хто-небудзь сказаў раней, у мірны час ці на самым пачатку вайны, Чубар толькі б узрадаваўся падобнай ацэнцы, а цяпер…
Паток свядомасці галоўнага героя то ўзмацняецца, то запавольвае плынь. I ў гэтым пакутлівым пераасэнсаванні Чубар усё больш ператвараецца ў звычайнага чалавека. Якому баліць, які пакутуе, які, у рэшце рэшт не можа не думаць, што дні яго, а хутчэй гадзіны, лёгка пералічыць на пальцах. А яшчэ Радзівона Антонавіча гняце адзінота. Не ў тым сэнсе, што, як правіла, утрымліваюць яго пад аховай аднаго. Адзінота ў больш шырокім плане – няма з кім па-сапраўднаму перакінуцца словам, няма каму выліць набалелае. Хаця ці прывыкаць да гэтага Чубару: «…ён і ў мірны час, уласна кажучы, быў адзінокі чалавек, дарма што жыў і працаваў у калектывах: цяпер жа адзінота была ўсё роўна як непазбежнай; значыць, думаў ён, адзінота не толькі атручвае чалавека, яна і ратуе яго, і вылечвае.
Якраз адзінота дапамагла Радзівону таксама зразумець яшчэ адно: у вайну вельмі лёгка атруціцца чалавеку яе трупным дыханнем».
I ўсё ж, нягледзячы на тое, што Чубар цудоўна разумеў – спадзявання на ўратаванне няма, ён, бадай, як і кожны чалавек у такім стане, недзе глыбока ў душы цяпліў надзею. Мала, як могуць яшчэ разгарнуцца падзеі, магчыма і ўдасца неяк абвесці немцаў, як кажуць, вакол пальца. Ды спадзяванне згасла, бы апошняя запалка на лютым і сіберным ветры, калі Гуфельд на чарговым допыце назваў усе яго анкетныя дадзеныя. Навакольны свет для Чубара пачаў рушыцца: «Кажуць, чалавека іншы раз можа выратаваць нават хлусня, але тады яна павінна быць большай за праўду. Чубар падумаў пра гэта і раптам здрыгануўся, усё роўна, як нанава вярнуўся з непрытомнасці. Усведамленне таго, што яго нарэшце канчаткова паставілі на край прорвы, захлынула душу».
Вобраз Чубара, як бачым, – вобраз трагічны. Чалавек пастаянна імкнуўся жыць сумленна і годна. Таго і ад іншых патрабаваў… А ці дасягнуў жаданага? Ці ўбачыў той чаканы бераг справядлівасці, да якога плыў? Калі б была магчымасць, ён, несумненна б, яшчэ неаднойчы падумаў над гэтымі і іншымі пытаннямі. Не мог бы не задумацца над імі, бо зусім іншы цяпер, чым быў раней. Але часу акурат і не адведзена. Немцы пасадзілі Чубара ў самалёт, каб зверху паказаў размяшчэнне атрада Мітрафана Нарчука.
Памятаеце, «здраднікам Чубар станавіцца не збіраўся». Тым не менш здраднікам яго прымушаюць стаць – робяць гэта па-садысцку мэтанакіравана. Праўда, допытаў у прамым сэнсе не было, мала білі, асноўным разлічвалі на паразуменне. Але пры гэтым праяўляўся садызм маральны, не менш страшны, чым фізічны. Пастаянна нагадвалі Чубару, напаміналі, як лёгка захаваць жыццё. I гэтым разам таксама… Пакажы, маўляў, размяшчэнне лагера – і ты свабодны…
Самыя што ні ёсць пакуты душы. Ад безвыходнасці становішча і ад той віны, якая ўсё болей дае знаць аб сабе. I цяпер ужо не нейкай абстрактнай, а сапраўднай. Калі Чубар у свой час не задумваючыся распараджаўся чужымі лёсамі, гэтаксама безразважна, як цяпер распараджаюцца яго лёсам: «…спярша расплывіста, затым з большай выразнасцю, адно пакуль не ператварыўся абвостраны ўспамін, у галаве з’явіўся адзін выпадак, які знешне нагадваў сённяшні, гэта значыць, амаль тое, што адбывалася цяпер з ім, Радзівонам Чубарам, пад павеццю, яшчэ ў сельсавецкай, а цяпер валасной двухолцы. З таго часу ўжо мінула з дзясятак гадоў. Так, з кароценькім хвосцікам…»
Радзівон вучыўся акурат у абласной партыйна-савецкай школе ў Віцебску, калі адбыліся выступленні незадаволеных калектывізацыяй: «Падняліся сяляне супроць калгасаў і ў сельсаветах Бешанковіцкага раёна, перакідваючыся на тэрыторыю Лепельскага, Талачынскага… На падаўленне паўстання з Віцебска туды былі кінуты войскі, атрады ДПУ, хапала работы міліцыі…» Па рэкамендацыі партячэйкі ў атрады па барацьбе з бунтаўшчыкамі набіралі і навучэнцаў школы – «такая рэкамендацыя была выдадзена і Радзівону Чубару, актыўнаму і зусім яшчэ маладому хлопцу, які з усім жарам душы гатовы быў змагацца з праціўнікамі савецкай улады».
І. Чыгрынаў гэтым разам не схільны асабліва заглыбляцца ў душэўны стан тагачаснага Чубара. Больш пераканаўча будзе, калі пра ўсё сказаць коратка і ясна: «Праўда, Радзівона тады трохі здзівіла, што гэтых «праціўнікаў» сярод бешанковіцкіх сялян апынулася ажно зашмат».
Чубару не да таго, каб цяпер, праз гады, пры тым у такі драматычны для асабістага жыцця момант, разбірацца, наколькі правільна дзейнічалі ўлады ў дачыненні да ўдзельнікаў паўстання. Яго куды больш хвалюе канкрэтны факт. Згадаўся гэты выпадак, як падобнасць лёсаў таго, калі ён некалі канваіраваў, і свайго асабістага, калі цяпер знаходзіцца пад вартай у немцаў: «Чалавека таго, пра якога… прыгадваў Чубар, схапілі ў Бачэйкаве. У грамадзянскую вайну ён быў дзянікінскім афіцэрам, затым настаўнічаў, а ў часе антыкалгаснага паўстання ўваходзіў у кіруючую тройку».
Запомнілася ўсё Чубару, не магло не запомніцца! «Чубар помніў вочы дзянікінскага афіцэра, а пазней – настаўніка, які вучыў сялянскіх дзяцей недзе да самай грамадзянскай вайны. У іх стаяла цяжкая туга, ад якой нават ворагу рабілася не па сабе. Ну а што арыштаваны быў ворагам для Чубара, а Чубар, у сваю чаргу, такім жа ворагам для арыштаванага, і сумнявацца не даводзілася. Дык вось ад тае цяжкай чалавечай тугі ў вачах асуджанага на смерць ворага калгаснага ладу, значыць, разам і савецкай уладзе, у маладога Чубара як не халадзела ўсярэдзіне, дарма што класавае пачуццё было выхавана ў ім яшчэ змалку».
Тады афіцэр, прозвішча якога так і не называецца, відаць, меркаваў, што нейкім чынам удасца ўратавацца, «але ён, як і Чубар цяпер, не мог разлічваць на поспех…» Пра афіцэра ў рамане болей нічога не гаворыцца. Як на той час ды і пазней абыходзіліся з ворагамі народа – і так вядома. А вось Чубару I. Чыгрынаў даў магчымасць самому вырашыць, як быць далей. Што на здраду ён не здатны – мы даўно пераканаліся. Але і чакаць, калі за невыкананне загаду паказаць размяшчэнне партызан расстраляюць, таксама не ў характары Чубара. I пісьменнік знайшоў выйсце нечаканае, але абгрунтаванае ўсёй логікай развіцця гэтага складанага характару. Калі самалёт знізіўся і тым самым была створана мажлівасць Чубару лепей арыентавацца, «трымаючыся правай рукой за поручань, які хутчэй нагадваў звычайную жалезную скабу, Радзівон падняўся з лаўкі, стаў супроць расчыненых дзвярэй, нагнуўся і паляцеў уніз…»
Зноў жа аўтар не спрабуе прасачыць, як здарылася, што Чубар менавіта так вырашыў развітацца з жыццём. Ёсць толькі адно ўдакладненне, аднак вельмі істотнае: «Дзіўна, але нават у такім становішчы, на пачатку сваёй смерці, Радзівон зноў успомніў, не, дакладней, убачыў таго бешанковіцкага паўстанца і ваенурача, якога забіў некалі на пясчанай выспе». Чубар жа, як вядома, у дачыненні да ваенурача на пачатку вайны праявіў вялікую несправядлівасць, рашыўся на самасуд. Калі ж ахоўваў дзянікінскага афіцэра, прытрымліваўся загаду (а ці быў непасрэдным выканаўцам забойства з рамана невядома)… I вось цяпер гэтыя два выпадкі пра двух ахвяр ягонай жорсткасці…
Што Чубар, адмовіўшыся выконваць загад немцаў, здзейсніў, як ужо гаварылася, подзвіг, сумнявацца не даводзіцца. Ён пайшоў з жыцця годна, так, як развітваюцца з ім натуры моцныя, валявыя. У сувязі з падобным трагічным і лагічным завяршэннем само паняцце «вяртання да віны», на чым акцэнтуе пастаянна ўвагу I. Чыгрынаў, набывае яшчэ большую значнасць. Як правільна адзначае В. Каваленка, «варта задумацца над сутнасцю характару Чубара як сацыяльна-псіхалагічнага тыпу пэўнага часу, над яго суаднесенасцю з падобнымі персанажамі ў творчасці іншых пісьменнікаў».
У той ці іншай ступені да пераасэнсавання ўласных паводзін далучаецца і Дзяніс Зазыба. Праўда, яму гэта рабіць выпадае куды меней, чым Чубару. Усё ж Дзяніс Яўменавіч жыў больш узважана і менш у паводзінах сваіх кіраваўся голай ідэяй, прытрымліваючыся якой часта лёгка дайсці да бяды. Калі ў душы яго і ўзнікае пачуццё віны, то найчасцей суадносна дзейнасці іншых. Прынамсі, гэта сустрэча Зазыбы з пакалечаным партызанамі Брава-Жыватоўскім. Хоць, здавалася б, тут няма асаблівай патрэбы абурацца. Чаго чалавек шукаў, тое і заслужыў: «На шыі і на твары ў паліцая не было жывога месца, скура быццам запяклася, а правае вока выцекла».
Але шкадаванне з’явілася не адразу. Спачатку Дзяніс Яўменавіч адчуў іншае пачуццё, а калі адчуў, то не мог не здзівіцца яму: «Зазыба колькі часу, аднак не надта, каб нема, паўзіраўся ў знявечанага аднавяскоўца; у галаву роем шуганулі думкі, пачынаючы з тае, дзе і як трапіўся верамейкаўскі паліцай партызанам, але радасці, што нарэшце Жыватоўшчык схоплены, Зазыба чамусьці не адчуваў: больш таго, стала раптам сорамна, што сёй-той з прысутных ведае, што яны з адной вёскі… Між тым, раней Зазыба нават не мог падумаць, што падобнае адчуванне магло ўзнікнуць у ім».
Праўда, да гэтага «сорамна» можна паставіцца па-рознаму, што, безумоўна, і меў на ўвазе аўтар, нешта не дагаворваючы, не расстаўляючы ўсе акцэнты.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

Дзмітрый Бугаёў

РЭКВІЕМ ІВАНА ЧЫГРЫНАВА

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў вельмі плённа працаваў у літаратуры 35 гадоў. Ён вызначаўся глыбокім разуменнем часу і чалавека, рознабаковасцю творчых інтарэсаў і жанравых схільнасцяў. Мастацкая проза ад кароткага апавядання да рамана з эпапейным замахам, драматычныя творы ад сцэнічнага абразка да п’ес у выглядзе звыклай драмы і нязвыклага трагічнага гратэску, публіцыстыка ад дзённікавых занатовак і падарожных нататак да палымянага выступлення супраць чыноўніцкай абыякавасці ў дачыненні да ахвяр чарнобыльскай катастрофы, літаратурная крытыка ад невялікага настраёвага эсэ да грунтоўнага, канцэптуальна заглыбленага артыкула з шырокім ахопам мастацкіх – усё гэта так ці іначай было падуладна пісьменніку, склала яго важкі творчы набытак, істотны для ўсёй беларускай літаратуры і ў яе барацьбе за праўду і чалавечнасць, і ў яе руху да эстэтычнай дасканаласці.
Але галоўнай падзеяй для чалавечага і пісьменніцкага лёсу Чыгрынава стала, як ён сам казаў, Айчынная вайна, сустрэтая ім ва ўражлівым дзіцячым узросце. Менавіта з глыбінным адлюстраваннем жыцця, подзвігу і трагедыі народа ў гэтыя вогненныя гады звязаны самыя значныя чыгрынаўскія дасягненні ў літаратуры. Гэта і цэлы шэраг апавяданняў (сярод іх – класічнае ва ўсіх адносінах «Iшоў на вайну чалавек» 1973), і цыкл раманаў «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужыя» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996).
Першыя тры раманы цыкла ўжо грунтоўна прааналізаваны. Пра іх шмат пісалі многія даследчыкі, у тым ліку і я, грэшны. Намнога менш пісалася пра «Вяртанне да віны». А пасмяротна апублікаваны ў першым нумары «Полымя» за 1996 г. раман «Не ўсе мы згінем» яшчэ зусім не аналізаваўся. Гэтым двум творам, паказу таго новага, што яны ўносяць у чыгрынаўскую эпапею пра народ у віхуры вогненнага часу, і прысвячаецца артыкул.

І
Храналогію адлюстраваных падзей, як гэта звычайна рабілі і іншыя нашы раманісты, напрыклад, Міхась Лынькоў у «Векапомных днях», Чыгрынаў давёў да лета 1944 г. Між тым пісьменнік збіраўся вывесці сваіх герояў і ў пасляваенны час, выйсці з імі, у прыватнасці, ажно на Чарнобыль і III кангрэс беларусаў, які абываўся ў Мінску ў ліпені 1998 г. I толькі пасля завяршэння пятага рамана празаік, відаць, адчуўшы, што ягонае жыццё ўжо канчаецца, адмовіўся ад гэтага намеру. Літаральна за два тыдні да смерці, якая напаткала яго 5 студзеня 1996 г., ён казаў, што трэба было б напісаць і шосты раман, але сілы на гэта ўжо няма. I таму працягу не будзе.
Усе пяць чыгрынаўскіх кніг пра верамейкаўцаў аб’яднаны адзінствам месца асноўнага дзеяння, галоўных герояў і, вядома, пэўным аўтарскім поглядам на вайну і даваенныя падзеі. I ўсё ж гэты погляд з цягам часу ўдакладняўся. Звязана гэта з грамадскімі пераменамі, а калі казаць канкрэтна, дык з тым, што ў час працы над двума апошнімі раманамі пісьменніку ўжо не трэба было аглядвацца на цэнзурныя забароны, з-за якіх ён раней не пра ўсё мог сказаць з даступнай яму мерай праўдзівасці. Але забароны адпалі, і празаік з большай раскаванасцю загаварыў пра многае. У раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» ён пісаў пра тое, што ў гады барацьбы з нямецкім фашызмам вайна на Беларусі ў нечым нагадвала вайну грамадзянскую, бо нашы людзі змагаліся не толькі супраць гітлераўцаў, але і сваіх, якія сталі чужымі, бо так ці іначай супрацоўнічалі з акупантамі. Дарэчы, здраднікаў, якіх на еўрапейскі манер называюць яшчэ калабарантамі, было, насуперак сцвярджэнням афіцыйнай савецкай прапаганды, вельмі шмат, бадай, больш, чым партызанаў. Гэты факт у апошнім рамане пісьменнік канстатуе вуснамі Дзяніса Зазыбы, які тлумачыць: «У сорак першым паліцэйскія гарнізоны ўзніклі ледзь не ў кожным вялікім населеным пункце. Гэта пасля мы трохі пацяснілі гарнізоны, але ж колькасць паліцаяў, здаецца, засталася ранейшай. К нам у партызаны яны сталі перабягаць пазней, а так… Ды зрэшты нічога істотнага не змянілася да самага апошняга часу. Адзінкавыя выпадкі. Прынамсі, за кошт паліцэйскіх гарнізонаў партызанскія атрады выраслі нязначна».
Яскравым прыкладам таго, як свае знішчалі сваіх, з’яўляецца пададзеная ў гэтым жа рамане прытчавая па сутнасці гісторыя Арцёма і Ціхона Касцюкоў. Яны – родныя браты, смяртэльная варожасць паміж якімі ўзнікла яшчэ з часоў калектывізацыі. Тады старэйшы Ціхон раскулачыў Арцёма. Той у вайну вярнуўся з высылкі ў родныя мясціны і жорстка адпомсціў брату. Стаўшы паліцаем, ён расстраляў яго жонку і дзяцей. Ціхон падаўся ў партызаны і, вядома, разлічыўся з Арцёмам, але зноў жа знішчыў не яго самога, а ягоную сям’ю. Вось такая была кроўная помста па-беларуску, выкліканая людскім азвярэннем, віна за якое ўскладваецца героямі на савецкую ўладу.
«Звярынае пачуццё прыйшло да мяне нечакана. А выклікала яго савецкая ўлада. Гэта яна справакавала жорсткасць, на якую пайшоў брат у адносінах да мяне. Да калгасаў жа мы жылі як людзі», – пераканана заяўляе малодшы Касцюк. I ягоныя разважанні, якія яшчэ не так даўно не прапусціў бы ніякі наш цэнзар, не ўспрымаюцца як дэмагогія, бо нялюдскасць і жорсткасць сапраўды нараджаюць толькі жорсткасць у адказ. Яе праявы ў апошніх раманах Чыгрынава самыя разнастайныя.
Жорстка ваююць фашысты, якія бяруць заложнікаў з ліку мірных жыхароў і спальваюць цэлыя вёскі разам з людзьмі. Пра гэта наша літаратура аб вайне пісала заўсёды. Але яна звычайна замоўчвала, што не самым высакародным чынам нярэдка вялі сябе і партызаны. Чыгрынаў жа ў апошніх творах паказвае і гэты бок справы. У яго і народныя мсціўцы займаюцца паборамі, не толькі вымушанымі, для сваіх патрэбаў, але і «для брата, для цешчы і свата». Гэта з «Вяртання да віны». У рамане «Не ўсе мы згінем» тэма бясконцых пабораў узнікае зноў. Там жа згадваецца, што крутагорскія партызаны змагаюцца не столькі з гітлераўцамі, колькі з паліцаямі. Такім чынам, зноў фактычна свае б’юць сваіх, а ў выніку нясе страты наш жа народ, аслабляецца патэнцыял нацыі.
А яшчэ ў гэтым жа рамане засведчана, што на Беларусі без разбору чынілі расправы і ўкраінскія партызаны. Паявіўшыся ў Верамейках, яны па паклёпніцкім нагаворы схопленага імі старасты Рамана Сёмачкіна «мужыкоў забралі ўначы, адвезлі на край лесу і каля межавога капца пасеклі тапарамі; сярод тых мужыкоў, як лічыў Зазыба, былі і вельмі прыстойныя людзі, якія наўрад ці дазволілі сабе працаваць употай на немцаў. Напрыклад, Тарасёк… Але ж партызаны таксама дзяліліся на сваіх і чужых, гэта значыць, на мясцовых і на прышлых. Свой яшчэ мог не спяшацца, спрабаваў высветліць віну. А што да беларуса літоўцу ці ўкраінцу?» Менавіта партызан з прышлых, «зусім п’яны коннік з чырвонай стужкай на кубанцы», забівае і Зазыбаву Марфу. Так ён вучыў няшчасных беларусаў «савецкую ўладу любіць».
Не робіць партызанам гонару і жорсткасць іхняй расправы з Брава-Жыватоўскім, якога не проста забіваюць, а, нібыта дзеля пацехі, кастрыруюць. Тое ж робяць і яшчэ з адным паліцаем ужо на ягоным вяселлі, а потым успамінаюць пра ўсё гэта як пра дасціпную забаву.
Такая нялюдская расправа патыхае садызмам, знарочыстым здзекам, няхай сабе і з ворагаў. Нездарма ж Зазыба, пачуўшы пахвальбу з гэтай нагоды, проста жахаецца, хоць яшчэ ў грамадзянскую вайну «наглядзеўся рознага паскудства… У недавярстве тады амаль аднолькава спаборнічалі як белыя, так і чырвоныя… Але тое, што пачуў ён цяпер, здаецца, пераўзыходзіла сваім цынізмам усё іншае».
Такі страшны воблік вайны наша літаратура падавала не часта. А Чыгрынаў пісаў у сваіх апошніх раманах і пра расправу з дзецьмі за грахі бацькоў, згадваючы, напрыклад, забойства зноў жа партызанамі «паліцаевага сына, лічы, яшчэ дзіця», вінаватага толькі ў тым, што бацька ўцёк.
Зазыбу гэта зноў нагадала грамадзянскую вайну, калі таксама «сына каралі за бацьку, а бацьку за сына, асабліва пасля, у час раскулачвання». «Але Дзяніс Яўменавіч, – працягвае пісьменнік, – ніколі – ні раней, ні пазней – не хваліў у душы савецкую ўладу за гэта». I наогул ён у адпаведнасці з гуманістычнай традыцыяй, якая вельмі часта парушалася ў савецкай літаратуры, лічыць, што «ваяваць з дзецьмі, дарэчы, як і з дапамогаю дзяцей», недапушчальна. Для нармальнага грамадства. Але як можна назваць нармальнымі тых, хто пасылаў авіяцыю бамбіць лагер нашых ваеннапалонных у Крычаве? Чыгрынаў у рамане «Не ўсе мы згінем» напісаў і пра гэта: «Нават на лагер ваеннапалонных самалёты з чырвонымі зоркамі  не шкадавалі бомбаў».
Гаворыць празаік і пра тое, як у 1941 г. дрэнна ўзброеных апалчэнцаў клалі «пад гусеніцы нямецкіх танкаў», каб хоць такім жахлівым спосабам затрымаць, няхай і на вельмі кароткі час, фашысцкую армаду. А яшчэ згадвае, як ужо ў пераможным сорак трэцім кідалі ў мясарубку на Проні і былых паліцаяў, і ўчарашніх партызанаў. Зноў затыкалі «дзіркі людзьмі».
«У штабах аднолькавыя адносіны ў такіх выпадках што да патрыётаў, што да здраднікаў. I тыя, і другія – проста матэрыял, з якога можна збудаваць перашкоду», – тлумачыць адзін з герояў апошняга рамана.
Гэта генерал Зеленадольскі. Ён упершыню паяўляецца ў рамане «Не ўсе мы згінем». Чалавек ён рашучы, справядлівы і разумны, таму ў свой час і быў рэпрэсаваны. I толькі ў пачатку вайны, калі не хапала камандных кадраў, яго выпусцілі са зняволення і зноў вярнулі ў армейскія шэрагі. Зеленадольскі – дэмакрат па перакананнях. Ён надзелены праніклівым позіркам і здольнасцю востра рэагаваць на несправядлівасць. Гэта дало пісьменніку яшчэ адну магчымасць сказаць пра тое, што раней у нас замоўчвалася. Напрыклад, пра савецкае барства. Яно існавала ўжо з першых паслярэвалюцыйных гадоў. «Троцкі некалі не паспеў стаць наркамам, як заняў Архангельскае. Цэлую колішнюю сядзібу царскага вяльможы. Ды і другія наркомы ў шапкі не драмалі – па паркетах у асабняках коўзаліся ды карцінамі выдатных мастакоў гандлявалі. Гэта пасля іх пісьменнікі пачалі паказваць галоднымі, а то іншы раз і амаль босымі», – зазначае Зеленадольскі, а потым яшчэ дадае, што тое барства не знікла ў некаторых і ў суровыя ваенныя гады, калі таксама практыкаваліся шчодрыя генеральскія застоллі: «У рэстаране да вайны падобнага і то не заўсёды можна было за вялікія грошы мець».
Такія штрыхі істотныя не толькі для разумення ўсёй стракатасці ваеннай рэчаіснасці, але і як сведчанне таго, наколькі больш гнуткай, свабоднай і раскаванай стала пісьменніцкая думка, калі яна вызвалілася ад цэнзурнага ўціску.

ІІ
Па-новаму паказаны ў апошніх творах Івана Чыгрынава і так званыя нацыяналісты, прыхільнікі беларускай ідэі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі. Ранейшая наша літаратура адназначна падавала іх як карыслівых здраднікаў беларускага народа, подлых акупанцкіх прыслужнікаў. У Чыгрынава таксама ёсць персанаж, захоплены беларускай нацыянальнай ідэяй. Гэта Алесь Астрашаб, дружбак рэпрэсаванага пры бальшавіках Зазыбавага сына Масея. Ён паявіўся ў канцы рамана «Свае і чужыя». Служыць Алесь пры гітлераўцах у Мінскай гарадской управе, мяркуючы, што і гэтая служба можа быць выкарыстана для адраджэння беларускай культуры, а потым і дзяржаўнасці. «Нам больш не пагражае ні русіфікацыя, ні паланізацыя. I пакуль немцы б’юцца з бальшавікамі, мы маем час і магчымасць нарэшце пачаць выхоўваць свой народ у нацыянальным духу», – заяўляе Астрашаб, які прыехаў у Верамейкі з намерам далучыць і Масея да беларускай справы. Масей адмаўляецца, бо глядзіць на ўсё гэта як на чарговую хімеру, выкліканую «правінцыяльным снабізмам», і падазроную валтузню, якая «нядобра пахне».
Гэткая цалкам адмоўная ацэнка Астрашабавай дзейнасці, па сутнасці, пераглядаецца пісьменнікам у рамане «Не ўсе мы згінем». Ва ўсякім разе, тут ужо не ставіцца пад сумненне шчырасць Алеся, які «калабарантнасць сваю тлумачыў проста: ён служыў сярод немцаў дзеля Беларусі», а ягоная смерць ад выбуху міны ўспрымаецца тым жа Масеем не толькі з жалем, але і «як нешта жахлівае». Разам з тым яна па-свойму і сімвалічная, бо выразна высвечвае крах тых ілюзій, якімі жыў Астрашаб, прывіднасці яго намаганняў нешта зрабіць для беларускай справы ў часы ваеннага ліхалецця.
Напісаў Чыгрынаў у апошнім рамане і пра ІІ усебеларускі кангрэс, праведзены ў Мінску ў канцы чэрвеня 1944 г. Генерал Зеленадольскі гаворыць пра яго як пра шабаш, наладжаны здраднікамі. Але такую атэстацыю не прымае Дзяніс Зазыба. Ён ведае, што ў тым кангрэсе прымаў удзел, праўда, у якасці госця, а не дэлегата, і ягоны Масей, які насуперак свайму ранейшаму намеру да беларускай справы ўсё ж далучыўся і якога бацька тым не менш не лічыць здраднікам. «Апошняе слова прагучала для Зазыбы, як нешта крыўднае, нават абразлівае. У чым-у чым, але ён быў упэўнены, што да Масея гэтае вызначэнне не мела ніякага дачынення. Проста, менавіта такім чынам склаліся для яго жыццёвыя абставіны. Пачатак іх знаходзіўся ў трыццатых гадах, у нечаканым арышце». Дарэчы, па цывілізаваных мерках, арышце зусім несправядлівым. Гэта ўжо роздум старэйшага Зазыбы ў сувязі з тым, што ягоны сын, ратуючыся ад бальшавікоў, падаўся ў эміграцыю. Яна разглядаецца як з’ява трагічная, зыход «з радзімы вялікай часткі народу». I ў тым людскім мностве, слушна мяркуе Зазыба, невінаватым, па сутнасці, быў не адзін Масей.
I ён, як і мноства іншых, «супрацоўнічаў» з акупацыйным рэжымам – «друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі», быў пісарам у валасным упраўленні ў Бабінавічах, не пайшоў у партызаны, хоць яго клікалі туды, а яшчэ па прапанове папа Дворскага (персанаж не вымышлены, такі поп існаваў у сапраўднасці, пасля вайны мусіў стаць шаўцом, аднойчы і Чыгрынаву пашыў добрыя боты) перакладаў на беларускую мову «цэлы круг малітваў і казанняў», прычым разглядаў гэтую працу ўжо «не як нейкую хімеру, а як справу патрэбную і, можа, нават, богазаўгодную».
А размовы, якія былі ў яго з тым папом! Па бальшавіцкіх мерках суцэльны крымінал: «Ні Масей, ні Дворскі не падманваліся ні наконт савецкай улады, ні наконт акупантаў, яны моцна пачувалі сябе людзьмі тутэйшымі, гэта значыць, беларусамі, дарэчы, якія ні бальшавікам, ні немцам, калі разважаць шчыра, не патрэбны былі. Маўляў, штосьці прамежкавае – ні народ у выразным значэнні гэтага слова, ні нацыя. Карацей кажучы, ні тым, ні другім так званы беларускі нацыяналізм не падыходзіў. I калі б не палітыка, калі б не бягучы момант, з якога ўсе бакі хацелі мець выгаду, ніхто б не стаў гуляць у падобныя гульні, дарма што з цягам часу беларусы, нягледзячы на калатэчу, усё смялей вытыркаліся са сваёй нацыянальнай ідэяй». Вытыркаліся, вядома, людзі тыпу Алеся Астрашаба і самога Масея. А тое, што гэтую ідэю не ўдалося ажыццявіць, не ад іх, не ад беларусаў увогуле, залежала.
Такіх разважанняў проста не магло быць у раманах, выдадзеных да адмены цэнзурных забарон. Зрэшты, у нас і цяпер нацыяналізм нярэдка разглядаецца як крымінал ці, ва ўсякім разе, як адмоўнае паняцце, «хаця на Захадзе гэта тое самае, што патрыятызм, – слушна падкрэслівае выдатны беларускі вучоны, пляменнік нашага літаратурнага класіка Радзім Гарэцкі. – Якія беларусы нацыяналісты – гэта проста смешна… У нас не толькі няма пачуцця перавагі над іншымі, а хутчэй комплекс непаўнацэннасці ў параўнанні з іншымі народамі».
Раней Чыгрынаў не гаварыў і пра тое, што пісаў свайго Масея Зазыбу з вядомага эмігранцкага паэта Масея Сяднёва, якога памятаў з ваенных гадоў, потым сустракаўся з ім, калі паэт, праз паўстагоддзя вымушанага расстання, наведаў Беларусь.
Але толькі ў апошніх раманах Чыгрынава асноўныя вехі сяднёўскай біяграфіі ваеннай пары сталі праглядвацца ў вобразе Масея Зазыбы выразна. А ў «Вяртанні да віны» нават згадваецца сяброўства Гаўрылішынага Іванкі (гэта Чыгрынаў у дзяцінстве) з Масеем Зазыбам (у сапраўднасці з Сяднёвым): «Хлопчык даверліва падаў Масею руку. Яны сябравалі ў гэтае лета – Іванка і Масей. Здаецца, дзе толькі не пабывалі разам. I ў лесе, і ў полі. Сямігадовы Іванка ўжо скончыў да вайны клас, умеў чытаць, а найбольш – пытацца, хоць таксама даваў, калі можна сказаць так, кансультацыі па грыбах, ягадах».
У ранейшых раманах Масей Зазыба асцерагаўся расказваць пра свае лагерныя пакуты, належнае адлюстраванне якіх зноў жа пачалося толькі з рамана «Вяртанне да віны».
Масей Сяднёў чытаў чыгрынаўскія творы, цаніў у раманах пісьменніка іх псіхалагізм, філасафічнасць, а пра апавяданні і ўвогуле пісаў з захапленнем: «У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў іх наша, нацыянальнае – філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа».
У гэтым творы сталінскія рэпрэсіі ўжо не разглядаюцца як нешта выпадковае, не звязанае з самой сутнасцю таталітарнай сістэмы, ледзь не стыхійнае бедства. «Савецкая ўлада ў тваёй бядзе не вінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж… не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недагледзелі», – пераконваў, яўна з аглядкай на цэнзуру і насуперак праўдзе, Дзяніс Зазыба свайго сына ў рамане «Апраўданне крыві». А ў «Вяртанні да віны» рэпрэсаваны прафесар Дзягель, гісторык па спецыяльнасці, без усякіх агаворак і эківокаў тлумачыць: «Усё робіцца Сталіным і ягонай хеўрай свядома, іначай не адбывалася б гэтая «недарэчнасць» на працягу столькіх гадоў… у краіне ажыццяўляўся «няспынны тэрор», той, за які заўсёды стаяў Троцкі і які цяпер, пасля выгнання Троцкага, ажыццяўляў «пад ленінскім прыкрыццем» Сталін».
Пісьменнік падкрэслівае і масавасць тэрору, яго выключную жорсткасць. У Марыінску, куды трапіў беспадстаўна асуджаны Масей, «знаходзіўся размеркавальны лагер, і новых зняволеных трымалі ў цягніках нядоўга, адно пакуль ішоў пералік. Але цягнікі ўсё падыходзілі і падыходзілі на станцыю. Ім проста не было канца, дарма, што ўсе будынкі ў горадзе, прыдатныя хоць збольшага для ўтрымання людзей, былі перапоўнены; у некаторых зняволеныя нават спалі стоячы, а да бочкі, каб апрастацца, дабіраліся па галовах». І яшчэ: «Канвойных вакол калоны налічвалася небагата, затое лютавалі аўчаркі, якіх недзе вырошчвалі дзеля такога прызначэння ў гадавальніках, няйначай, навучаючы на асуджаных людзях. Канвойныя таксама мала чым адрозніваліся ад аўчарак».
Чалавек, які сутыкнуўся з усімі гэтымі жахамі, ужо не можа не думаць пра «зняважаную справядлівасць» і пра тое, як шмат народ «нацярпеўся ад савецкай улады». I Масей пра ўсё гэта думае, але гэта адлюстравана толькі ў двух апошніх раманах. У рамане «Не ўсе мы згінем» ён не прымае разлічаныя на наіўных дзівакоў запэўніванні, што ў здзеку з людзей вінаватымі былі толькі карныя органы, бо разумее, што яны «заўсёды дзейнічаюць у краіне адпаведна патрэбам улады». Там жа падаюцца і наступныя Масеевы развагі: «У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа». «Яна доўга помніць. Памяць у яе, на жаль, сапраўды надта доўгая і помслівая».
Масей быў перакананы (і ў гэтым ён ніколькі не памыляўся), што пасля перамогі над нямецкім фашызмам, за якую народу прыйшлося заплаціць неймаверна цяжкую цану, у нас «зноў пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца». Яму ж самому сібірскі лагер быў зноў гарантаваны. Таму сумленны і таленавіты хлопец, які не зрабіў нічога кепскага людзям і па агульначалавечых мерках не меў за сабою віны, але, як сам казаў, пабыў і ў савецкай, і ў нямецкай пастцы, – гэты хлопец рашаецца на эміграцыю. Выбраны ім шлях сапраўды крыжовы, бо ў віхуры вайны, якая тады яшчэ працягвалася, ён быў непрадказальны і поўны невядомасці. Але наша шматпакутная гісторыя прапаноўвала яго многім. I самыя моцныя з іх, у тым ліку жыццёвы прататып Масея Зазыбы Сяднёў, не згубіліся ў вялікім чужым свеце, а здолелі і там працаваць на карысць Бацькаўшчыны, якую яны заўсёды насілі ў сваім сэрцы.
Не забывае сваіх Верамеек і Масей Зазыба. У рамане «Вяртанне да віны» ёсць лаканічная згадка, што праз шмат гадоў «Масей вернецца сюды зноў. Але тады ягонае Забесяддзе будзе ўжо бязлюднае, у вялікай хваробе, якую ва ўсім свеце назавуць Чарнобылем…»
У 1944 г. гэтую страшную бяду ніхто прадбачыць, вядома, не мог. А горыч вымушанага расстання з Радзімай была моцнай. Дзянісу Зазыбу, які адчуваў, што траціць сына назаўсёды, здавалася нават, што той будзе толькі «мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры».
Такія Зазыбавы думкі з рамана «Не ўсе мы згінем» паказваюць, што Дзяніс Яўменавіч ніяк не здагадваўся, што ягонаму Масею выпадзе не самы горшы, а ў нечым яшчэ і шчаслівы лёс, і яўна недаацэньваў здольнасць нашай тагачаснай таталітарнай сістэмы здзекавацца з чалавека, люта распінаць яго і ўрэшце ператвараць у лагерны пыл. Але і пры ўсім тым старэйшы Зазыба цяпер куды больш рэалістычна глядзіць на некаторыя рэчы. Ён перастае наракаць, што сын «незаконна», «не па чыстай» вярнуўся са зняволення (яго адпусціў канвойны) і тым самым кідае цень на «заслужанага бацьку». Пракурорскі тон у дачыненні да вымучанага лагернай жорсткасцю хлопца паступова змяняецца на натуральную чалавечую спагаду да яго.
Не менш істотна, што Дзяніс Яўменавіч вызваляецца ад свайго фальшу і, зразумела, вымушанага хваласпеву савецкай уладзе і яе непагрэшнасці ва ўсім. А гэта значыць, што знікае той налёт саўковасці, які раней у Зазыбы ўсё ж адчуваўся, хоць і не быў такім моцным, як у Чубара і іншых зусім «правільных», цалкам артадаксальных партыйцаў.

III
Ёсць у двух апошніх раманах перамены і ў поглядзе на калгасы. Раней пісьменнік мусіў трохі прыхарошваць калгаснае жыццё. Рабілася гэта пераважна праз выказванні асобных персанажаў, а не праз канкрэтныя дэталі, якія, як мімаходная згадка пра хату Ганны Карпілавай, што «палохала сваімі пустымі кутамі і голымі сценамі», супрацьстаялі такому прыхарошванню. I яно зусім знікае ў раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем». Больш таго. У «Вяртанні да віны» ідзе размова і пра ўзброенае супраціўленне сялян калектывізацыі. Тут упамінаецца Бешанковіцкае антыкалгаснае паўстанне, пасля падаўлення якога «нямала было арыштавана мужыкоў, расстраляна, як кажуць, на скорую руку, а найбольш вывезена ў Сібір, на Поўнач, дзе толькі ставала калючага дроту ды назіральных вышак».
Вельмі непераканальна выглядала ў тым жа «Плачы перапёлкі» далёкае ад рэальнага стану рэчаў падкрэсліванне вялікай сялянскай адданасці калгаснаму ладу, з-за якой верамейкаўцы і пры нямецкіх фашыстах нібыта не хацелі распускаць калгас і толькі бралі агульную маёмасць на захоўванне да вяртання бальшавікоў. У рамане «Не ўсе мы згінем», цяпер у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, верамейкаўцы ўжо суцяшаюць сябе спадзяваннем, што пасля вайны калгасаў увогуле не будзе, і не спяшаюцца зноў «абагульняць зямлю і маёмасць».
Дзяніс Зазыба, хоць ён раней («Плач перапёлкі») быццам бачыў у калгасе ўвасабленне сваёй мары, успрымае аднаасобніцкія схільнасці землякоў з натуральным спакоем разумнага селяніна.

IV
І ўсё ж вобраз старога Зазыбы ў апошніх раманах яўна драматызуецца і ўрэшце становіцца, бадай што, трагедыйным: чалавек, які з адкрытай душой змагаўся за новы лад, прымаў актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе за яго ўсталяванне, з цягам часу пачынае ўсведамляць, што з дапамогай насілля нельга вырашыць жыццёвыя праблемы. «Праўду не заўсёды робяць шабляй», – так фармулюе для сябе гэтую ісціну Зазыба, які і сам у канчатковым выніку апынуўся, па сутнасці, ля разбітага карыта – у спаленай вёсцы, без жонкі, забітай партызанамі, і сына, які хоць і застаўся жывы, але мусіць уцякаць з радзімы, назаўсёды пакідаючы адзінокага бацьку. I гэта была трагедыя не толькі Зазыбы, але ў пэўным сэнсе і ўсёй Беларусі, якая за гады вайны страціла многіх сваіх дзяцей.
Натуральна, што ў такім завяршэнні лёсу галоўнага героя бачыцца ўскладненне чыгрынаўскага погляду на вайну, у паказе якой цяпер таксама на поўную сілу загучалі трагічныя ноты. Вядома, пісьменнік, у адрозненне ад многіх сваіх папярэднікаў, і раней не націскаў толькі на яе гераічнасць, а імкнуўся, як сам казаў, адлюстраваць драматызм вайны «ў яе звычайным, будзённым цячэнні». Але ў апошніх раманах увага мастака ўсё больш засяроджвалася на вайне як трагічным «замарачэнні», якое аплочваецца вялікай народнай крывёю. Гэта блізкія і самому аўтару думкі Зазыбы з рамана «Вяртанне да віны», сама назва якога добра выяўляе зрухі ў чыгрынаўскім бачанні ваеннага часу. Пісьменнік так тлумачыў гэтую назву: «У вайну было вельмі многа вінаватых. Нават тыя вінаваты, хто віноўнымі сябе не лічаць. Пралітая кроў – гэта ўжо віна, а тады колькі яе пралілі, людской крыві… Xіба можна гэта апраўдаць?» Такое выказванне было ўжо ў пэўнай меры і палемікай пісьменніка з самім сабою, ягонай спробай надаць адваротны сэнс назве свайго рамана (другога па ліку) «Апраўданне крыві».
Цяпер празаік сцвярджаў, што сапраўдныя віноўнікі вайны – гэта тыя, хто крывадушнай палітыкай заігрывання з Гітлерам і дзікімі рэпрэсіямі ўнутры краіны справакавалі агрэсію нямецкіх фашыстаў, а потым перакладвалі сваю віну перад народам на ягоныя ж плечы, абвінаваціўшы, як сказана ў «Вяртанні да віны», усіх, «хто тут, у акупацыі, заставаўся».
Словам, вайна ў разуменні Чыгрынава, выяўленым у яго апошніх раманах, гэта перш за ўсё вялікая бяда, народная трагедыя, асабліва адчувальная на Беларусі, дае было наканавана загінуць «ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай». Перабольшанне? Можа і так, але невялікае, бо ў цэлым па рэспубліцы загінуў кожны трэці, а ў некаторых раёнах, напрыклад, на Віцебшчыне – і кожны другі. Кажуць, што спіс ахвяраў Беларусі ў Айчынную вайну, надрукаваны на машынцы, расцягнецца ажно на 60 кіламетраў.
Адсюль, ад гэтага рэальнага трагізму, ідзе і чыгрынаўскае настойлівае паўтарэнне: вайна «грашамі корміцца, затое весяліцца крывёй. I часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй». «У вайну вельмі лёгка атруціцца чалавеку яе трупным дыханнем». «А вайна – яна ўся амаральная. Чорная, крывавая, брудная». «Людзі, нягледзячы ні на што, ішлі к перамозе праз бруд і кроў». «Чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала».
На трагедыйнае завяршэнне лёсу Зазыбы, ягонай сям’і і многіх верамейкаўцаў, завяршэнне, якое нясе ў сабе водсвет гэтай вялікай крыві і шматлікіх рэальных ахвяраў, моцна ўплывала і чыгрынаўскае адчуванне агульнага трагізму нашай гісторыі, з-за якога не толькі апошняя, але і многія іншыя войны канчаліся для беларусаў адно велізарнымі стратамі ды разарэннем.
«Куды толькі не хадзілі беларусы паходамі, многім дапамагалі ваяваць, наводзіць парадак, таленты свае аддавалі іншым народам, кадры ім пастаўлялі, словам, былі донарамі. А пра сябе як паклапаціліся? Які ў сябе парадак навялі?.. Дык вось, дзе мы толькі не былі, чаго не рабілі, а ўсё не для сябе, не для сваёй Бацькаўшчыны… Як быццам нейкае пракляцце над намі», – з горыччу разважаў пісьменнік ужо ў 1994 г. Праўда, ён пры гэтым падкрэсліваў, што «гістарычныя карані ў нас ёсць. Яшчэ жывыя і моцныя карані». Яны дазволяць развіць «і нацыянальную дзяржаўнасць». Аднак жа на хуткі поспех у гэтай справе Чыгрынаў не спадзяваўся, бо бачыў, што «цяпер нам вельмі не хапае добрых палітыкаў, такіх, якія б думалі пра будучыню нацыі і карысталіся шырокай падтрымкай народа».
Гэткае разуменне ў пісьменніка, які нашу гісторыю ведаў выдатна, куды лепш за многіх прафесійных гісторыкаў, узнікла, сфармавалася даўно і таксама схіляла яго да ўзмацнення трагізму ў апошніх раманах, на мастацкую канцэпцыю якіх ужо не ўплывалі ранейшыя абмежаванні.
Істотнай з’яўляецца і тая акалічнасць, што сучасная эпапея, як слушна пісаў Алесь Адамовіч яшчэ ў 70-я гг., не можа быць ураўнаважана-спакойнай. Яна патрабуе «большай вастрыні і пачуццяў, і думак, і трагізму». Ды ўжо лёсы Грыгорыя Мелехава ў «Ціхім Доне» і Васіля Дзятла ў «Палескай хроніцы» невыпадкова атрымалі трагічнае завяршэнне. Гэта дыктавала бурлівая рэчаіснасць XX ст., якую добра адчуваў і Чыгрынаў. Асабліва турбавалі яго наступствы Чарнобыля, які паставіў вялікі пытальнік над самой будучыняй нашага народа. Так што ўсё сыходзілася ў адным рэчышчы, працавала на ўзмацненне трагізму ў апошніх чыгрынаўскіх раманах, якія, як мы ўжо згадвалі, пісьменнік Чарнобылем і збіраўся закончыць, але з-за невылечнай хваробы не дацягнуў падзейны ланцуг да лагічнага завяршэння.
У апошніх раманах пісьменнік мусіў усё ж прыспешваць падзейны тэмп, каб давесці храналогію дзеяння да вызвалення Беларусі. Такім чынам, на раманы «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» прыпадае ўжо два з паловай гады ваеннага часу. Дыспрапорцыя яўная. Адсюль вынікала і пэўная аблегчанасць пісьма, асабліва прыкметная ў апошнім творы. Ён у значнай меры ўспрымаецца як раман-эпілог, у якім знаходзяць сваё завяршэнне, нярэдка бегла-інфармацыйнае (такое адчуванне, што творца спяшаўся давесці твор да канца), галоўныя сюжэтныя лініі і лёсы герояў. Так што страты ёсць. Яны прыкметныя нават у абмалёўцы Дзяніса Зазыбы. Пры ўсім тым новым і надзвычай важным для мастацкай канцэпцыі чыгрынаўскай эпапеі, што паяўляецца ў стаўленні Зазыбы да жыцця і людзей, ён, Дзяніс Яўменавіч, цяпер, здаецца, у нечым і драбнее, бо становіцца персанажам, неабходным найперш для сюжэтнага руху, з’яднання розных падзейных асяроддзяў (раней гэтая роля належала пераважна Чубару). Словам, Зазыба ў рамане «Не ўсе мы згінем» перастае быць ключавой фігурай у свеце верамейкаўцаў, з якім траціць амаль усе свае ўстойлівыя сувязі.
Зрэшты, і гэтаму свету, які ў віхуры ваеннага разарэння выглядаў найбольш устойлівым і трывалым, вайна нанесла вялікія страты, праз якія таксама высвечваецца трагізм і яе самой, і жыцця ўвогуле. У Чыгрынава яно абарвалася дачасна, калі мастак яшчэ далёка не вычарпаў свой вялікі творчы патэнцыял.

***
Усё, за што браўся Іван Чыгрынаў, ён рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. I таму ягоная творчасць заняла трывалае месца ў беларускай літаратуры, узбагаціла яе здабыткамі, якія маюць доўгатэрміновае значэнне, будуць служыць многім пакаленням.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”