ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ПРАЙДЗІСВЕТ

1953

У лазні гарачыня. Трашчыць дачырвана нагрэтае каменне, а дзядзька Улас усё паддае духу, спрытна працуючы бярозавым венікам.
Раптам адчыніліся дзверы, заклубіліся воблакі халоднага паветра і знадворку даляцеў п’яны голас:
– Дазвольце памыцца?
– Заходзьце, заходзьце, калі ласка. Толькі-ж…
– Што «толькі-ж»!
– Ды не я гаспадар тут.
– Як гэта не ты?
– Я не тапіў яе, Дзяніс Паўлавіч. Самога запрасілі.
– Ага! Дык вы не хочаце, каб я памыўся! Я вам пакажу!
Моцна грукнулі дзверы, і ў лазні па-ранейшаму застаўся адзін Улас. Ён было памкнуўся вярнуць «пакрыўджанага», але, падумаўшы, махнуў рукой і пачаў шукаць запалкі, каб запаліць лямпу. А «пакрыўджаны» тым часам віхурай уляцеў у суседнюю хату. Схапіўшы ля парога палена, ён падскочыў да гаспадара, які адпачываў на ложку пасля лазні:
– Што! Шкадуеш лазні, корч стары! – Адным рыўком падняў на ногі разгубленага гаспадара і, занёсшы над галавою палена, пачаў з крыкам і лаянкай трэсці яго. Заплакалі дзеці, разгубілася жонка. Невядома, чым скончылася-б гэта, каб не ўбегла ў хату высокага росту жанчына і з плачам не пачала угаварваць:
– Апамятайся! Што ты робіш! Навошта ты піў?
Умяшалася ў справу і гаспадыня, а гаспадар, Сяргей Фёдаравіч, толькі і сказаў:
– Эх, ты, Дзяніс Паўлавіч!.. І хто цябе толькі настаўнікам ставіў?..
І сапраўды, хто яго ставіў настаўнікам? Толькі ў верасні 1949 года ён прыехаў у Вялікаборскую сямігадовую школу ў якасці выкладчыка фізкультуры. Пры знаёмстве з будучымі калегамі адрэкамендаваўся:
– Студэнт завочнага аддзялення Крычаўскага педвучылішча Дзяніс Паўлавіч Лебедзеў.
З першага-ж знаёмства новаму настаўніку не даспадобы прышоўся дружны настаўніцкі калектыў школы.
– Не пашанцавала… Але нічога! – падбадзёрваў ён сам сябе. – Бывала і горш.
І пачаў дзейнічаць. Сярод жыхароў вёскі распускаў небыліцы пра сваіх-жа калег, а ў асяроддзе настаўнікаў стараўся ўнесці разлад, і, каб перацягнуць каго-небудзь на свой бок, закідваў вудачкі то ў адзін, то ў другі бок. Але ніхто так і не трапіў яму на кручок.
Лебедзеў пераязджаў ўжо на чацвёртую кватэру. Не шанцавала яму і ў гэтым: не мог ён выпіўшы – а п’яны бываў ледзь не кожны дзень – не пабіцца з гаспадаром. А прышоўшы назаўтра са школы, знаходзіў рэчы, выкінутыя з кватэры. Аб Лебедзеве паставілі пытанне на педсавеце. Увесь калектыў стараўся дапамагчы яму. А ён і не думаў слухаць заўваг таварышаў і, калі да гэтага часу бадзяўся п’яным толькі па вёсцы, то цяпер прыходзіў ўжо ў такім выглядзе і на ўрокі. Усё гэта абумовіла зніжэнне дысцыпліны і паспяховасці па яго прадмету. Пачаліся няўдачы і ў практычнай рабоце. Дзяніс Паўлавіч зрабіўся пахмурым, шукаў, на кім сагнаць злосць. І, нарэшце, выліў свой гнеў на вучня шостага класа Пятра Казлова, збіўшы яго да сінякоў. За гэта ён атрымаў па лініі райана суровую вымову. Там рашылі, што Лебедзеў – «цяжкі і невыправімы чалавек». На гэтым і супакоіліся.
А «цяжкі і невыправімы чалавек» рабіў свае справы. Праўда, цяпер ён ужо знайшоў аднадумца – настаўніка гэтай жа школы Н. Судзілоўскага. Удваіх стала лягчэй. Вучобу ў вучылішчы зусім закінуў, а работы, якія прысылаў завочны сектар, выконвалі за яго то жонка, то хто-небудзь з настаўнікаў.
– Не магу, не разумею…
І сапраўды ён не мог. А «добрыя душы» ніколі не цікавіліся, адкуль вынікае гэтае «не магу». Напэўна, і не даведаўся-б ніхто, каб не ўрач Машаўскага ветучастка тав. Канашэнка, які пры сустрэчы здзівіўся:
– Ого, Лебедзеў, ты ўжо настаўнік! А яшчэ не так даўно прызнаваўся, што скончыў толькі шэсць класаў.
Высветлілася, што дэмабілізаваўшыся з арміі, Лебедзеў пазнаёміўся з нейкай Лебедзевай Яўгеніяй, якая праз сваю сваячніцу, настаўніцу Баронькаўскай сярэдняй школы, дапамагла яму вывудзіць у дырэктара Баронькаўскай школы тав. Сазонава даведку аб сканчэнні дзевяці класаў. Гэтая даведка дала Лебедзеву магчымасць паступіць у педвучылішча, а Касцюковіцкі райана тут-жа накіраваў яго на работу ў Вялікаборскую школу.
Чатыры гады настаўнічаў Лебедзеў у Вялікім Бары. Змяніў каля паўтара дзясятка кватэр, пабіўшыся ледзь не з кожным гаспадаром. І нікога гэта не трывожыла. Нічога не зрабілі і камсамольская арганізацыя, членам якой ён з’яўляўся, і райком камсамола, якія добра ведалі аб учынках гора-выхавацеля Лебедзева.
Толькі пасля таго, як Лебедзеў зноў пабіў вучня 5-га класа В. Фядосенку, сваю цёшчу і гаспадара кватэры Хомчанку Ц.М., у Касцюковічах не на жарт устрывожыліся. Для расследавання сюды выехаў інспектар райана т. Кірпічэнка.
А праз некаторы час у школу прышла выпіска з загада № 68 па Касцюковіцкаму райана ад 6 красавіка 1953 года: «Выкладчыка фізкультуры Вялікаборскай сямігадовай школы Лебедзева Д.П., не забяспечыўшага работу ў школе і скампраметаваўшага сябе амаральнымі паводзінамі сярод насельніцтва і вучняў, вызваліць ад займаемай пасады».
І забіяка стаў на другі ганебны шлях.
Дзяржаўныя экзамены ў вучылішчы ў 1952 годзе яму не ўдалося «выцягнуць», а ў 1953 г. ён і зусім не паехаў іх здаваць. Жыў на жончыны грошы і шукаў поваду адпомсціць дырэктару школы. А поваду не было. Тады ён пачаў пісаць у рэдакцыі газет. І з «Правды», і з «Комсомольской правды» прыязджалі камісіі правяраць работу дырэктара школы, а факты, напісаныя ў пісьмах, не падцвярджаліся…
На некаторы час Лебедзеў замоўк, але поўнасцю не адмовіўся ад сваёй зацеі і час ад часу ў Касцюковічы прыходзілі на разгаванне пісьмы з рэдакцый.
У ліпені 1953 года ў Вялікі Бор прыехаў на канікулы студэнт аддзялення журналістыкі БДУ імя В.І. Леніна. Лебедзеў пачаў угаварваць яго напісаць у рэдакцыю «Комсомольской правды» паклёпніцкі артыкул аб дырэктару школы. Атрымаўшы рашучы адказ, ён сам напісаў ад яго імя ў «Комсомольскую правду». Высланая камісія зноў не ўстанавіла фактаў, аб якіх пісалася ў пісьме.
Як не дзіўна, але замест таго, каб пакараць паклёпніка, у Касцюковіцкім райана знайшліся «добрыя дзядзькі» і накіравалі сёлета Лебедзева працаваць у Машаўскую сямігадовую школу. Работнікі раённага аддзела народнай асветы праявілі незвычайную чуласць да паклёпніка і п’яніцы і не падумалі аб тым, якую шкоду наносіць выхаванню дзяцей гэты маральна разлажыўшыйся чалавек.

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”