Аляксей Сцяпанавіч Кучынскі скончыў Рагачоўскае гарадское вучылішча, Віцебскі настаўніцкі інстытут (1916).

1916 г. – прызваны ў армію, служыў радавым у 50-м пяхотным запасным палку.

1917 г. – служыў на Румынскім фронце яфрэйтарам 7-га інжынернага палка.

Удзельнік першай сусветнай вайны.

1917 г. – стварыў першую валасную бальшавіцкую арганізацыю ў мястэчку Соіна Мсціслаўскага павета, у якой налічвалася каля трохсот чалавек.

24.01.1918 г. – быў выбраны членам павятовага выканкама на 1-ым Мсціслаўскім павятовым з'ездзе Саветаў. На першай канферэнцыі бальшавікоў павета А. Кучынскага выбіраюць старшынёй Мсціслаўскага павяткама партыі.

1919 г. – старшыня Мсціслаўскага павяткама, затым старшыня Мсціслаўскага рэўкама, старшыня надзвычайнай камісіі па барацьбе з эпідэміямі.

Некаторы час працаваў рэдактарам павятовай газеты "Думы бедняка".

З мая 1920 г. А. Кучынскі жыў у Смаленску. Працаваў членам губкамісіі па рабоце ў вёсцы, старшынёй губупраўлення работнікаў асветы, намеснікам загадчыка агітацыйна-прапагандыскага аддзела Смаленскага губкама партыі.

1923 г. – рэдактар губернскай газеты "Рабочий путь".

1925 г. – намеснік рэдактара, рэдактар газеты "Смоленская деревня".

1927 г. – загадчык аддзела друку Смаленскага губкама ВКП(б).

1929 г. – рэдактар газеты "Рабочий".

1930 г. – намеснік рэдактара "Савецкай Беларусі".

1932 г. – слухач Інстытута чырвонай прафесуры, аспірант Беларускай Акадэміі навук.

1933 г. – намеснік упаўнаважанага па БССР наркамата цяжкай прамысловасці СССР, затым – старшыня палітаддзела Чаускай МТС.

1935 г. – загадчык аддзела ЦК КП(б)Б. Адначасова выкладаў у мінскім Камвузе.

03.04.1936–07.02.1937 гг. – в. а. рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

07.02.1937 г. – арыштаваны ў Мінску; выключаны з партыі.

28.10.1937 г. – як "член антысавецкай шпіёнскай тэрарыстычнай арганізацыі, які прымаў удзел у падрыхтоўцы тэракту над адным з кіраўнікоў дзяржавы" асуджаны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. Пахаваны ў Мінску.

4.06.1957 г. рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР "за адсутнасцю складу злачынства".


Літаратура:

  1. Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1999. — С. 116.
  2. Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдакцыйныя калегіі : Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 322.
  3. Яноўскі, А. Расстраляны лёс рэктара БДУ Аляксея Кучынскага / Алег Янкоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 10. — С. 4—14.