Канстанцін Мікалаевіч Геда, жывапісец, графік. Член Саюза беларускіх мастакоў (1940). У 1900 г. разам з сям'ёй пераехаў у Магілёў.

Скончыў Магілёўскае Аляксандраўскае рэальнае вучылішча (1910), вучыўся ў прыватных малявальных класах М.Д. Берштэйна ў Санкт-Пецярбургу, скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918). Падчас вучобы ўдзельнічаў у вучнёўскіх выставах з творамі "Вуліца", "Тэатральная афіша", "Коні".

З пачаткам Першай сусветнай вайны быў на фронце ў складзе студэнцкага санітарнага атрада.

1918 – увайшоў у "Сожив" (Прафесійны саюз мастакоў-жывапісцаў Масквы).

1919 – вярнуўся ў Магілёў. Працаваў настаўнікам малявання ў сярэдняй школе.

У 1920-1930-я гг. выканаў шмат гарадскіх пейзажаў алеем і акварэллю, адлюстроўваў тыпы беларускіх сялян: "Сабор Святога Іосіфа", "Магілёў, спуск да Машакоўкі каля крыжа", "Від старога горада з моста", "Від на сінагогу", "Від са званіцы" і інш.

У 1930-я гг. супрацоўнічаў з Магілёўскім гістарычным музеем, для якога выканаў шэраг палотнаў: "Паўстанне Налівайка", "Дуэль Пушкіна", "Атака конніцы" (страчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны).

Прымаў удзел у працы над стварэннем экспазіцыі музея Гісторыі рэлігіі і атэізму (размяшчаўся ў будынку былога Іосіфаўскага сабора).

1939 – напісаў вялікую карціну "Табун коней" для Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.

1940 – працаваў над карцінай гісторыка-батальнага жанру "Першая конная".

На пачатку 1941 г. атрымаў Дзяржаўны заказ на напісанне мастацкага твора "У знатного конюха" – для юбілейнай рэспубліканскай выстаўкі, прысвечанай дваццаціпяцігоддзю Савецкай улады ў рэспубліцы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў Магілёве, распісваў храмы, пісаў іконы, пейзажы.

1944 – перабраўся з сям'ёй у Прагу, затым у Аўстрыю, дзе ўдзельнічаў у выставах і афармляў пастаноўкі для рускага тэатра.

1948 – жыў у Сан-Ісідара, Буэнас-Айрэсе (Аргенціна). Пісаў карціны з жыцця правінцыйнай Аргенціны – бытавыя сцэны і пейзажы, часта маляваў коней, змаганні гаучо. Выступаў як таленавіты партрэтыст: "Партрэт дачкі", "Партрэт пісьменніка Бародава", "Партрэт Жанчыны", "Партрэты дзяцей". Звяртаўся да руска-беларускіх тэм. Ілюстраваў кнігі гістарычнага раманіста М.Дз. Карацеева: "Ярлык Великого хана", "Карач-мурза" і "Железный хромец".

1953 – правёў вялікую персанальную выставу ў галерэі Van Riel у Буэнас-Айрэсе.

Творы мастака захоўваюцца ў Магілёўскім мастацкім музеі імя П. Масленікава, Нацыянальным мастацкім музеі, Навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны