Таісія Канстанцінаўна Грамадчанка, крытык, літаратуразнаўца, дацэнт. Кандыдат філалагічных навук (1980).

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976).

1976-1992 гг. – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук БССР.

1992-2012 гг. – выкладчык, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Пазней – настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА "Гімназія № 22 г. Мінска".

З першымі артыкуламі выступіла ў рэспубліканскім перыядычным друку ў 1979 г. Даследчык творчасці пісьменнікаў 1920-1930-х гадоў і сучасных: В. Каваля, Б. Мікуліча, В. Карамазава, Л. Дайнекі, А. Асіпенкі, У. Караткевіча, У. Ягоўдзіка, І. Пташнікава і інш.

Аўтар манаграфіі "Жывая памяць народа. Нарыс творчасці Івана Чыгрынава" (1984), кніг "Перад праўдай высокай і вечнай: беларуская проза сёння" (1991), "Праблемы сучаснай беларускай крытыкі" (1996, у суаўтарстве), "Сучасны беларускі раман: дынаміка жанру" (2006), дапаможніка "Беларуская проза ХХ стагоддзя: постаці, творы, праблемы" (2009), інфармацыйна-даведачнага дапаможніка "Беларуская літаратура. Школьныя творы: Кароткі змест і аналіз" (1998, 1-е выданне; 2012, 11-е выданне). Удзельнічала ў працы над чатырохтомнай "Гісторыяй беларускай літаратуры XX стагоддзя".