Міхаіл Максімавіч Севярнёў, вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, дзяржаўны дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна (1978), Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1991), Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002). Доктар тэхнічных навук (1964), прафесар (1969). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў аўтатрактарны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута (1951).
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам падпольнай камсамольскай арганізацыі, затым перайшоў у партызанскі атрад.
Са жніўня 1944 г. – сяржант Чырвонай Арміі, з мінамётным разлікам дайшоў да Кёнігсберга.
З 1954 г. – працаваў у Інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР: малодшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік лабараторыі.
З 1965 г. – дырэктар Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР.
1972-1976 гг. – намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР.
1976 г. – акадэмік-сакратар Заходняга аддзялення Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна.
1992 г. – віцэ-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
1996 г. – саветнік Прэзідыума Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
2002 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
1970-1980 гг. – абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій, 40 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне надзейнасці і даўгавечнасці сельскагаспадарчых машын, энергазберажэння ў сельскай гаспадарцы.
Унёс уклад у распрацоўку земляробчай тэхнікі, тэорыі трэння і зношвання машын і механізмаў, іх працаздольнасці і даўгавечнасці.
Развіў тэорыю энергетычнай ацэнкі машын і тэхналогій сельскагаспадарчай вытворчасці. Прапанаваў метады і сродкі тэхнічнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, рэсурсазберажэння, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў вытворчых працэсах. Заснаваў дзве навуковыя школы. Распрацаваў Кодэкс вучонага.
Асноўныя працы: "Износ деталей сельскохозяйственных машин" (1972, у суаўтарстве), "Механическое обезвоживание и термическая сушка высоковлажных кормов" (1980, у суаўтарстве), "Работоспособность и сохранность сельскохозяйственной техники" (1980, у суаўтарстве), "Энергосберегающие технологии в сельскохозяйственном производстве" (1992) і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за распрацоўку тэхналогіі і жняяркі для ўборкі палеглых збожжавых (1978).
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1944), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985); медалямі, у тым ліку "За адвагу"; працоўнымі ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973, 1978), "Знак Пашаны" (1966), медалём Францыска Скарыны (2002), іншымі медалямі.