Генадзь Ігнатавіч Валчок, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1968), прафесар (1992). Працаваў ва УА "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова" (1968-2011).

Скончыў Калінінградскую школу авіяцыі, Калінінградскае педагагічнае вучылішча (1954), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (1963), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1968).

Працаваў на розных пасадах у Бабруйскім райкаме КПБ, Бабруйскім райкаме ЛКСМБ, Бабруйскім райвыканкаме, Кіраўскім райкаме КПБ, камітэце партыйна-дзяржаўнага кантролю Бабруйскага, Глускага і Асіповіцкага раёнаў.

1968-2011 гг. – працаваў на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова: старшы выкладчык, загадчык, дацэнт кафедры, намеснік дэкана факультэта па выхаваўчай рабоце, прафесар кафедры гісторыі і культуры Беларусі (з 1992).

2011-2017 гг. – працаваў у грамадскіх арганізацыях: член прэзідыума гарадскога Савета ветэранаў, член Савета абласной арганізацыі ветэранаў, член Савета пярвічнай арганізацыі ветэранаў МДУ імя А.А. Куляшова, член Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры РДГА "Веды", ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.

2017-2019 гг. – прафесар кафедры гуманітарных дысцыплін Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

З 2020 г. – член Савета пярвічнай арганізацыі ветэранаў МДУ імя А.А. Куляшова.

1969-1975 гг. – член каардынацыйнага савета па гістарычных навуках Акадэміі навук БССР, член навукова-метадычнай рады Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.

Быў членам экспертнай групы гісторыка-дакументальных хронік "Памяць" гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці.

Навуковыя інтарэсы: гісторыя Беларусі навейшага часу, знешняя палітыка Беларусі (1917-2009), фарміраванне беларускай дзяржаўнасці (1917-2009), праблемы ваеннай гісторыі (1917-2009).

Аўтар больш за 100 вучэбна-метадычных і навуковых публікацый, у т.л.: "Оборонительные бои на территории Могилевской области летом 1941 года" (2005), "Партизанское движение в Могилевской области в годы Великой Отечественной войны (1941-1944)" (2004, 2008), "Внешняя политика Беларуси новейшего времени (1917-2007)" (2008), "Могилевское подполье в годы Великой Отечественной войны" (2019), "Могилевская область в годы Великой Отечественной войны (1941-1944) (2020) і інш.

Узнагароджаны медалямі. Лаўрэат Заахвочвальнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1999, 2002). Занесены ў Кнігу гонару таварыства "Веды" Беларусі.