Іосіф Васільевіч Воўк-Левановіч, мовазнаўца
Скончыў Бабруйскую гімназію (1911), Петраградскі ўніверсітэт (1923).
1914 г. – добраахвотна пайшоў на фронт Першай сусветнай вайны з трэццяга курса Пецярбургскага ўніверсітэта, служыў у кавалерыйскім палку, паручык кавалерыі.
1917 г. – звольнены ў запас па стане здароўя.
1918-1920 гг. – выкладаў рускую і лацінскую мовы ў Бабруйскай прыватнай і Клецкай грамадскай гімназіях.
1920-1922 гг. – служыў у Чырвонай Арміі.
1922 г. – вярнуўся на вучобу ў Петраградскі ўніверсітэт.
1923 г. – у Мінску выкладаў беларускую мову ў польскім і яўрэйскім педтэхнікумах.
1924 г. – асістэнт на кафедры гісторыі беларускай мовы ў БДУ (з 1927 г. – дацэнт).
Адначасова з 1927 г. у Інбелкульце: навуковы сакратар Камісіі па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы.
1929-1930 гг. – працаваў у Інстытуце мовазнаўства Беларускай акадэміі навук.
1930 г. – загадваў кафедрай агульнага мовазнаўства Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Чарнышэўскага, займаўся навуковай працай па агульным мовазнаўстве і рускай мове.
1934 г. – арыштаваны. Пасля вызвалення перавёўся ў Арэнбургскі педагагічны інстытут, працаваў загадчыкам кафедры рускай мовы і літаратуры.
17.09.1937 – арыштаваны і асуджаны. Сасланы ў лагер на Поўначы. Памёр 19.08.1943. Рэабілітаваны ў 1958 г.
Галоўныя аб'екты навуковых даследаванняў: гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. Аўтар шэрагу артыкулаў па вывучэнні старажытных беларускіх пісьменных помнікаў, выдаў вучэбны дапаможнік "Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка" (1927, факсімільнае выданне ў 1994). Рукапісы іншых завершаных навуковых прац пасля арышту былі страчаны.