Міхаіл Цімафеевіч Раманаў, генерал-маёр (1940). Адзін з кіраўнікоў гераічнай абароны Магілёва ў Вялікую Айчынную вайну (1941).

Скончыў гарадское вучылішча (1907), Чыстопальскую школу прапаршчыкаў (1915), пяхотную камандзірскую школу, курсы ўдасканалення каманднага саставу пры Акадэміі Генеральнага штаба (1941).

Працаваў рамеснікам-надомнікам па пашыве фуражак для гандляроў Сарокіных.

1915 г. – прызваны ў армію. Служыў у 4-м Каўказскім пяхотным палку (Пермская губернія), камандаваў ротай у складзе 50-га палка ў Ржэве, паручнік. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Заходнім фронце, абраны салдатамі ў палкавы камітэт.

З 1918 г. – у Чырвонай Арміі: начальнік батальённай школы, палкавой школы 3-га палка, памочнік камандзіра, камандзір (з 1920) 11-га палка. Прымаў удзел у баях з калчакаўцамі на Усходнім фронце. Удзельнічаў у баявых дзеяннях з басмачамі ў Туркестане.

Пасля Грамадзянскай вайны камандаваў 50-м стралковым палком 17-й дывізіі ў Ніжнім Ноўгарадзе.

1931-1938 гг. – камандаваў 18-м палком 6-й стралковай дывізіі ў г. Ліўны. 1938 г. – намеснік камандзіра 55-й стралковай дывізіі.

1939 г. – камандзір 185-й стралковай дывізіі.

1941 г. – камандзір 172-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў г. Сталінагорску (Тульская вобласць).

28.06.1941 – часткі 172-ой дывізіі пачалі канцэнтрыравацца ў раёне Магілёва, 30.06.1941 Раманаў са штабам прыбыў у раён Магілёва. 172-я дывізія падпарадкавана штабу 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.А. Бакуніна 13-й арміі, заняла абарону па заходнім беразе Дняпра на ўчастку ад Палыкавіч да Буйніч.

3-26 ліпеня 1941 г. – байцы 172-й стралковай дывізіі гераічна абаранялі горад. 26 ліпеня, калі магчымасці абароны города былі поўнасцю вычарпаны, Раманаў аддаў загад: у ноч з 26 на 27 ліпеня выходзіць з акружэння. У час прарыву быў цяжка паранены. Быў пакінуты для папраўкі ў в. Барсукі Магілёўскага раёна.

22.09.1941 – па даносу здрадніка быў схоплены. Спачатку ўтрымліваўся ў Лупалаўскім канцлагеры, з 19 лістапада – у канцлагеры Хаммельбург (Германія).

03.12.1941 – памёр ад наступстваў ранення, быў пахаваны на тэрыторыі лагера.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (09.08.1941) за геройскія баявыя дзеянні пры абароне Магілёва, медалём "XX гадоў РККА" (1938).

У Магілёве імем М.Ц. Раманава названа вуліца, устаноўлены бюст (2008) і мемарыяльная дошка. У канцлагеры Хаммельбург (Германія) на месцы пахавання генерал-маёра нямецкімі ўладамі ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1991). У кінафільме "Битва за Москву" (СССР, 1985) вобраз М.Ц. Раманава ўвасобіў народны артыст Расіі Б. Шчарбакоў; вобраз Раманава выкарыстаны і ў фільме "Дняпроўскі рубеж" (Беларусь, 2009).