Якаў Іванавіч Драйчук, генерал-маёр авіацыі СССР (1946). Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Скончыў Прапойскае вышэйша-пачатковае вучылішча (1917), вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1931-1932), скончыў вячэрнюю партыйную школу, Смаленскія курсы па падрыхтоўцы партыйна-палітычных супрацоўнікаў Ваенна-паветраных сіл, Севастопальскую першую лётную школу (1935).

З 1920 г. – у Чырвонай Арміі. Удзельнік Грамадзянскай вайны, прымаў удзел у барацьбе з бандытызмам на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей, у прадатрадзе і вайсках Частак Асаблівага Прызначэння.

З 1924 г. – рабкор газеты "Новая деревня"; інструктар Гомельскага губіспалкома, сакратар Увараўскага і Ушацкага райкамаў партыі, загадчык агітмасавага аддзела ЦК кампартыі БССР.

З 1932 г. служыў у авіяцыі: інструктар палітычнага аддзела Віцебскай авіяцыйнай брыгады (з 1933), ваенны камісар эскадрыллі Бранскай знішчальнай (з 1934) і Алеўф'еўскай цяжка-бамбардзіровачнай авіябрыгад, камісар 40-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка Шаталава (Латвія), начальнік авіяцыйнага аддзела Палітупраўлення Прыбалтыйскай ваеннай акругі (з 1941).

З чэрвеня 1941 г. – ваяваў на Паўночна-Заходнім, 1-ым Беларускім франтах, працаваў у наземных войсках, часцях Ваена-паветраных сіл. Удзельнік вызвалення Украіны і Польшчы.

1942-1944 гг. – начальнік палітаддзела 6-й паветранай арміі. Пісаў артыкулы для газеты "Сталинский сокол".

03.11.1944 – накіраваны ў Народнае Войска Польскае: начальнік палітаддзела Ваена-паветраных сіл Войска Польскага, намеснік камандуючага Ваена-паветраных сіл Польшчы. Генерал брыгады Народнага Войска Польскага (1945).

1947-1951 гг. – служыў на Далёкім Усходзе намеснікам па палітычнай частцы камандуючага 54-й Паветранай Арміі.

З 1952 г. у адстаўцы.

У 1967 г. за кошт асабістых зберажэнняў (больш за 17 тыс. руб.) пабудаваў і ўкамплектаваў бібліятэку на радзіме ў в. Ржаўка Слаўгарадскага раёна. На момант адкрыцця бібліятэка мела больш за 20 тыс. тамоў, з іх 18 тысяч – дар Я.І. Драйчука. Асаблівую каштоўнасць прадстаўлялі 1 530 кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў і паэтаў, палкаводцаў і ваеначальнікаў, касманаўтаў, работнікаў культуры і мастацтва СССР. У цяперашні час Ржаўская бібліятэка – сучасная ўстанова культуры аграгарадка, дзе створаны мемарыяльны куток Я.І. Драйчука. На інфармацыйным сайце Слаўгарадскай цэнтральнай бібліятэкі размешчаны інфармацыйны рэсурс "Знаёмцеся, Ржаўская бібліятэка-філіял".

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944, 1945), Чырвонай Зоркі (1945), Айчыннай вайны II ступені (1942) і І ступені (1944), медалямі; узнагародамі Польшчы: Афіцэрскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (1945), ордэнам "Крыж Грунвальда" III класа (1945), Залатым Крыжам Заслугі (1946), медалямі; медалём Карэйскай Народнай Рэспублікі "За вызваленне Карэі".

Імя Я.І. Драйчука занесена ў кнігу Народнай Славы Слаўгарадскага раёна.