Фёдар Фёдаравіч Архіпенка, лётчык, Герой Савецкага Саюза (1945).

Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1938), Адэскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў (1940), Ліпецкую вышэйшую афіцэрскую школу ВПС (1945), Ваенна-паветраную акадэмію (1951), Маскоўскі інжынерна-эканамічны інстытут (1968).

З 1938 г. – лётчык 17-га знішчальнага авіяцыйнага палка (Кіеўская асобая ваенная акруга, Украіна).

З 1941 г. – лётчык і камандзір звяна 17-га знішчальнага авіяцыйнага палка, намеснік камандзіра і камандзір авіяэскадрыллі 508-га знішчальнага авіяцыйнага палка, камандзір авіяэскадрыллі і памочнік камандзіра 129-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка па паветрана-стралковай службе. Ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Заходнім, Бранскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у абароне Ковеля, Роўна, Кіева, Харкава, Варонежа, у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе. Вызваляў Украіну, Малдавію, Польшчу, Чэхаславакію.

Увайшоў у дзясятку самых выніковых савецкіх лётчыкаў-знішчальнікаў: здзейсніў 467 баявых вылетаў, правёў больш 30 штурмовак, у 102 паветраных баях збіў асабіста 30 і ў групе – 14 самалётаў праціўніка.

У маі 1944 г. збіў Г. Баркхорна – другога па выніковасці лётчыка-аса Люфтваффе, які меў на сваім рахунку 301 паветраную перамогу.

Самалёт Ф.Ф. Архіпенкі ні разу не быў збіты ў баі.

1945 г. – за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У пасляваенны час служыў у Ваенна-паветраных сілах.

1956-1959 гг. – служыў у Чкалаўскай ваеннай авіяцыйнай школе лётчыкаў (Першае Чкалаўскай авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя К. Варашылава), дзе быў старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Ён падпісаў і ўручыў дыплом аб заканчэнні вучылішча Ю.А. Гагарыну. Восем яго вучняў сталі асамі-знішчальнікамі і Героямі Савецкага Саюза.

З 1959 г. палкоўнік у запасе.

1959-2004 гг. – працаваў у народнай гаспадарцы: у аэрапорце "Унукава", трэсце "Масабларгтэхстрой" Глаўмасаблстроя, трэсце "Массанэлектрапрам" Глаўмасбуда, ГУП "Масаблбудпрагрэс" і іншых арганізацыях г. Масквы.

Аўтар кніг успамінаў: "Запіскі лётчыка-знішчальніка" (1999), "Я пачаў вайну на "Чайцы" (2007), "На ўзлёт! Запіскі лётчыка-знішчальніка" (2013).

Узнагароджаны: ордэнам Леніна (1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1945), ордэнамі Айчыннай вайны І (1985) і ІІ (1943) ступеняў, ордэнам Чырвонай зоркі (1955), медалямі.

У в. Сычкава Бабруйcкага раёна ўсталяваны памятны знак Ф.Ф. Архіпенку.