Дзмітрый Сцяпанавіч Маўчанскі – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК УКП(б) (1946).

З 1921 г. у Чырвонай Арміі.

1924-1941 гг. – старшыня Халхалецкага сельсавета; сакратар Барысаўскага райвыканкама; сакратар партарганізацыі, старшыня рабочага камітэта саўгаса "Полелюм" Барысаўскага раёна; рэдактар газеты палітаддзела Дубровенскай МТС Віцебскай вобласці і райгазеты "Колхозник Кормянщины"; першы сакратар Бельскага, Кармянскага райкамаў КП(б)Б Гомельскай вобласці.

З 1940 г. другі сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.

З 1942 г. – у арганізацыйнай групе Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

1943 г., красавік – 1944 г., красавік – сакратар Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б, кіраўнік Магілёўскага партызанскага злучэння.

1944-1945 гг. – другі сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б, Пастаўскага райкама, Маладзечанскага абкама КП(б)Б.

1938-1947 гг. – Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны: ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, баявымі медалямі; ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Імем Д.С. Маўчанскага названа вуліца ў Магілёве. У Маладзечне на доме, дзе жыў Д.С. Маўчанскі, устаноўлена мемарыяльная дошка. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна (1974).