Іван Несцеравіч Усаў – вучоны ў галіне педыятрыі. Доктар медыцынскіх навук (1965), прафесар (1967). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1981), заслужаны ўрач БССР (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Скончыў Бабруйскую фельчарскую школу (1940), з адзнакай Мінскі медыцынскі інстытут (1951), аспірантуру Мінскага медыцынскага інстытута (1954). Працаваў памочнікам санітарнага ўрача Ляхавіцкага райздраўаддзела Брэсцкай вобласці.

1940-1941 гг. – прызваны ў Чырвоную Армію, фельчар стралковага батальёна.

1941-1946 гг. – камандзір санітарнага ўзвода батальёна, камандзір санітарнай роты стралковага палка Заходняга, 3-га Беларускага франтоў; камандзір санітарнага ўзвода асобнага лыжнага батальёна. Старшы лейтэнант медыцынскай службы.

З 1954 г. працаваў у Мінскім медыцынскім інстытуце.

У канцы 1954 г. перайшоў у апарат Міністэрства аховы здароўя БССР.

Па сумяшчальніцтве працягваў працаваць асістэнтам на кафедры дзіцячых хвароб Мінскага медыцынскага інстытута: дацэнт (1958), прафесар (1967).

1968-1994 гг. – стварыў і ўзначаліў кафедру факультатыўнай педыатрыі з курсам прапедэўтыкі дзіцячых хвароб (з 1984 – 1-я кафедра дзіцячых хвароб), на якой да 1989 г. працаваў загадчыкам, затым прафесарам.

1968-1989 гг. – галоўны дзіцячы нефролаг Міністэрства аховы здароўя БССР.

1971-1973 гг. – дырэктар Навукова-практычнага педыятрычнага цэнтра Савецкага Чырвонага Крыжа ў Індыі.

1979-1980 гг. – кансультант Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пры Міністэрстве аховы здароўя ў Манголіі.

Старшыня Савета навуковых медыцынскіх таварыстваў Міністэрства аховы здароўя БССР (1968-1989), на працягу 26 гадоў быў старшынёй Рэспубліканскага навуковага таварыства дзіцячых урачоў. Абіраўся членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства дзіцячых урачоў, Усесаюзнай метадычнай камісіі па выкладанні педыятрыі Міністэрства аховы здароўя СССР (1991). Уваходзіў у склад рэдакцыйных калегій часопісаў "Педиатрия" і "Здравоохранение Белоруссии"; сурэдактар "Энциклопедии молодой семьи" (1987, 1990 – 4-е выданне), раздзелаў "Большой медицинской энциклопедии".

Аўтар каля 300 навуковых прац, сярод іх 5 манаграфій; 34 працы былі надрукаваны ў замежных выданнях. Аўтар кніг "Медицинские советы матери по воспитанию детей" (1964), "Спутник педиатра" (1976), "Здоровый ребенок: справочник педиатра" (1984), "Медицинская помощь детям в условиях поликлиники" (1985, у суаўтарстве), "Нефриты у детей" (1987), "Диспансеризация детей с болезнями почек в загрязненных радионуклидами районах Могилевской области" (1989) і інш.

Узнагароджаны: ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені; двума медалямі "За адвагу" (1942, 1943) і іншымі медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за комплекс прац па ахове здароўя дзяцей, зніжэнню захворваемасці і дзіцячай смяротнасці ў БССР, апублікаваных у 1969-1983 гг.