Георгій Данілавіч Куляшоў – расійскі фізік-эксперыментатар. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (1955). Доктар фізіка-матэматычных навук (1969). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1963).

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі быў эвакуіраваны ў Навасібірск.

З 1955 г. – Усесаюзны навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай фізікі ў г. Сароў Горкаўскай вобласці: інжынер-фізік, начальнік групы, загадчык лабараторыі.

З 1975 г. – загадчык лабараторыі Інстытута высокіх тэмператур Расійскай акадэміі навук (цяпер Аб'яднаны інстытут высокіх тэмператур). Працаваў разам з І. В. Курчатавым, арганізатарам і кіраўніком работ па атамнай навуцы і тэхніцы ў СССР.

З 1984 г. – загадчык лабараторыі фізіка-тэхнічных праблем паскарэння зараджаных часціц.

З 1992 г. займаўся даследаваннямі ў галіне экалогіі. Пад яго кіраўніцтвам быў створаны шэраг установак для ачысткі газавых выкідаў прамысловых прадпрыемстваў на тэрыторыі Расіі і за мяжой.

Член вучонага Савета інстытута і спецыялізаваных саветаў ВАК пры Інстытуце высокіх тэмператур Акадэміі навук СССР, член секцыі навуковага Савета па касмічнай электрарадыётэхніцы і электроніцы пры Прэзідыуме Акадэміі навук СССР.

Аўтар больш за 200 навуковых работ і звыш за 60 пасведчанняў на вынаходніцтвы і патэнты. Навуковыя працы па фізіцы электронных пучкоў і паскаральнікаў зараджаных часціц. Асноўная праца "Интенсивные электронные пучки" (1984, у суаўтарстве). Адзін са стваральнікаў новага тыпу цыклічных паскаральнікаў электронаў (1959), якія выкарыстоўваліся пры адпрацоўцы ўзораў ядзернай зброі. Распрацаваў серыю рэнтгенаграфічных установак для даследавання вельмі хуткіх працэсаў, а таксама частотныя крыніцы высокага напружання для розных тэхналагічных мэт.

Лаўрэат Ленінскай прэміі за цыкл работ па спецыяльнай тэматыцы (1963).