Аркадзь Антонавіч Смоліч скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства (1916, Польшча), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

1911 г. – працаваў тапографам-таксатарам у лясным бюро Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

1916 г. – практыкаваўся на Энгельгардтаўскай даследчай станцыі ў в. Бацішчава Смаленскай губерні; участковы аграном Ігуменскага земства; земскі статыстык Мінскай земскай губернскай управы, намеснік загадчыка статыстычнага бюро.

Член Беларускай сацыялістычнай грамады (з 1910), уваходзіў у склад яе часовага Цэнтральнага камітэта (1917), быў рэдактарам газеты "Грамада". Актыўны ўдзельнік клуба "Беларуская хатка" ў Мінску. Публікаваўся ў часопісах "Раніца", "Лучынка". Удзельнік Усебеларускага з'езда ў Мінску (1917). Адзін з арганізатараў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918), аўтар праекта яе праграмы.

1917-1922 гг. – выкладае геаграфію ў навучальных установах і на розных курсах Мінска, Гродна, Вільні.

1922 г. – загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР.

1923 г. – дацэнт, першы беларускі прафесар геаграфіі (1927), загадчык кафедры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Пад кіраўніцтвам А. Смоліча створаны часопіс "Плуг" і Цэнтральнае бюро краязнаўства (1924), прымаў удзел у заснаванні часопіса "Наш край" (1925). Быў ініцыятарам правядзення Мінскай, а затым і Усебеларускай краязнаўчых канферэнцый (1924).

1925 г. – сапраўдны член і намеснік старшыні Інстытута беларускай культуры, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства. Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. З 1929 г. член Прэзідыума Акадэміі навук.

1928 г. – правадзейны член Рускага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны яго Малым залатым медалём (1930) за навуковыя працы "Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР" і "Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927-1928 гг.: папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі" (абедзве 1929).

Пачынальнік айчыннай геаграфічнай навукі. Аўтар каля 30 навуковых прац па эканоміцы і геаграфіі Беларусі, у тым ліку першага акадэмічнага падручніка "Геаграфія Беларусі" (1919).

Беспадстаўна арыштаваны 26.06.1930, сасланы на пяць гадоў у Пермскую вобласць, потым у Цюменскую. Пасля заканчэння тэрміну адміністрацыйнай высылкі (1935) жыў у Цюменскай вобласці, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканалення настаўнікаў.

Паўторна арыштаваны 17.06.1937, расстраляны ў Омскай турме 17.06.1938. Цалкам рэабілітаваны 10.06.1988.

Імем А.А. Смоліча названы вуліцы ў Мінску, у в. Бацэвічы Клічаўскага раёна. У БДУ адкрыты мемарыяльны кабінет эканамічнай геаграфіі Беларусі імя прафесара А.А. Смоліча.