Вячаслаў Сцяпанавіч Казакевіч скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

Працаваў навуковым супрацоўнікам у музеі-запаведніку А.П. Чэхава ў Меліхаве, у архіве, перакладчыкам у навукова-даследчым інстытуце.

З 1993 г. жыве ў Японіі. Працаваў выкладчыкам рускай мовы ва ўніверсітэце г. Таяма.

Першыя вершы пачаў пісаць у школьным узросце. Раннія публікацыі друкаваліся ў раённай газеце "Зара над Друццю", у газетах Беларусі. Пазней вершы друкаваліся ў часопісе "Юность" (1980).

Аўтар паэтычных зборнікаў "Праздник в провинции" (1985), "Кто назовет меня братом" (1987), "Лунат" (1998), "Ползи, улитка" (2004), "Жизнь и приключения беглеца" (2006), "Сердце-корабль" (2010), "Из вихря и луны" (2013), кніг прозы "Охота на майских жуков" (2009), "Наедине с тобою" (2009), "За мной придет Единорог". У г. Токіа на японскай мове выйшла кніга эсэ "Прославление заката" (2004). Друкаваў артыкулы і нарысы ў японскіх часопісах.

Лаўрэат прэміі імя М. Горкага за лепшую першую кнігу ("Праздник в провинции"), Міжнароднай літаратурнай прэміі "Ясная Паляна" (2015).