Рувім Ісаевіч Фраерман скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча (1915), вучыўся ў Харкаўскім тэхналагічным інстытуце (1916-1918).
1918 г. – на Далёкім Усходзе вёў рэвалюцыйную работу сярод чыгуначнікаў Хабараўска, Нікалаеўска-на-Амуры, у час японскай акупацыі падтрымліваў сувязь з падпольшчыкамі, пазней рэдагаваў газету "Красный клич".
1920 г. – камісар партызанскага атрада. Прымаў удзел у Мікалаеўскім інцыдэнце.
Пасля Грамадзянскай вайны працаваў журналістам у Якуцку, Нованікалаеўску, займаў адказныя пасады ў газетах "Ленский коммунар" (1920-1921), "Советская Сибирь" (1921-1922); працаваў над стварэннем часопіса "Сибирские огни".
З 1921 г. у Маскве. Працаваў у Расійскім тэлеграфным агенцтве (у 1923 г. – карэспандэнт агенцтва ў Тыфлісе і Батумі), газеце "Беднота" (з 1926). Некаторы час вёў літаратурны гурток у Маскоўскім Палацы піянераў.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: баец 22-га палка 8-й Чырвонапрэсненскай дывізіі народнага апалчэння Масквы, ваенны карэспандэнт газеты "Защитник Отчизны" 43-й арміі Заходняга фронту. Служыў у Чырвонай Арміі да чэрвеня 1946 г.
Першыя вершы былі змешчаны ў вучнёўскім часопісе "Труд ученика" Магілёўскага рэальнага вучылішча.
Аўтар больш за 20 папулярных зборнікаў апавяданняў і аповесцей: "Васька-гиляк" (1932), "Вторая весна" (1932), "Подвиг в майскую ночь" (1944), "Дальнее плавание" (1946), "Жизнь и необыкновенные приключения капитана-лейтенанта Головнина, путешественника и мореходца" (1950), романа "Золотой Василёк" (1963). Найбольш вядомы твор – "Дикая собака динго, или Повесть о первой любви" (1939). Па аповесці пастаўлены аднайменны мастацкі фільм (1962, рэжысёр Ю. Карасік) і радыёспектакль (1971).
Апублікаваў шэраг нарысаў, публіцыстычных кніг. Паклаў пачатак даследаванням творчасці А. Гайдара сваім зборнікам артыкулаў "Жизнь и творчество А. П. Гайдара" (1951), а таксама кнігай-нарысам "Любимый писатель детей" (1964). Аўтар зборніка нарысаў і апавяданняў на маральна-этычныя тэмы "Испытание души" (1966).
Узнагароджаны баявымі медалямі.